Папярэдняя старонка: Мемуары

Кушаль Ф. Дарога да Катынскага лесу 


Аўтар: Кушаль Ф.,
Дадана: 13-03-2012,
Крыніца: Спадчына №3-2000. С. 142-170.



Архіў Найноўшае Гісторыі пры грамадзкім аб'яднаньні "Дыярыюш" прапануе чытачам "Спадчыны" яшчэ адзін помнік з сваіх збораў. Гэта ўспаміны Францішка Кушаля, тады афіцэра польскай арміі, пра падзеі 1939-1940 гг.: напад Нямеччыны й СССР на Польшчу, савецкі палон і лягеры для ваеннапалонных. Кароткі абрыс таго шляху, які прывёў тысячы палякаў, беларусаў, украінцаў да безымянных равоў - у Катынскім лесе, пад Цьверам ці Харкавам альбо ў Курапацкім гаі.

Уласнаручны тэкст успамінаў на сарака шасьці шчыльна сьпісаных жоўтых аркушах паходзіць са збораў БІНІМ і быў перададзены Архіву спадаром Лявонам Юрэвічам, беларускім гісторыкам і літаратуразнаўцам, які жыве ў Амэрыцы, праз рэдакцыю "Беларускага гістарычнага агляду". Тэкст гэты, напісаны па-польску, ніколі не публікаваўся й нават не ўвайшоў кнігу Кушаля "Спробы стварэньня беларускага войка".

Асоба Францішка Кушаля (1895-1968), напэўна, добра знаёмая чытачу, які цікавіцца беларускай гісторыяй. Амаль усё жыцьцё прысьвяціў ен рэалізацыі сваёй галоўнай мэты - стварэньню ўласна беларускага войска. Але пры гэтым ёсьць ён адной з найбольш супярэчлівых і малазразуметых беларускіх постацяў XX стагодзьдзя. (Нагадаем, што Кушаль - муж паэткі Натальлі Арсеньневай.)

Прапануючы ўспаміны, мы нежадаем далучыцца да спробаў ацаніць ягоную дзейнасьць ці патлумачыць ягоныя ўчынкі. Адпаведна прынцыпам Архіву мы падаем факты ці даем слова людзям, якія спрычыніліся да гісторыі. Абраз рэчаіснасьці, які паўстае з гэтых старонак, можа быць змрочны й суб'ектыўны, але гэта каштоўнае сьведчаньне відавочца пра падзеі, якія й сёньня застаюцца ў ценю ідэалягічных мітаў ды тэндэнцыйных трактовак.

Вацлаў АРЭШКА


ДАРОГА ДА КАТЫНСКАГА ЛЕСУ

Францішак КУШАЛЬ

Трохі з асабістых успамінаў і перажываньняў

Катынская трагедыя моцна ўразіла ўвесь цывілізаваны сьвет. Не было; здаецца, чалавека ў Эўропе, які б не здрыгануўся перад абліччам гэтага новага сьведчаньня бяспрыкладнага бальшавіцкага зьверства, які не зразумеў бы ўрэшце, што дзеля дасягненьня сваіх чорных мэтаў бальшавікі ня лічацца а ні з агульнапрынятай этыкай, а ні з годнасьцю, увогуле ні з чым, што робіць магчымым суіснаваньне цывілізаваных народаў.

Як жа дайшло да тае трагедыі? Магчыма, на гэта пральюць крыху сьвятла ўспаміны чалавека, які сам прайшоў цяжкую дарогу амаль да самага Катынскага лесу.

У Львове

Пасьля разгрому немцамі на паўночным фронце польскіх адзінак, якія адчайна бараніліся, польскія афіцэры і жаўнеры, ацалелыя ў тым няроўным змаганьні, не хацелі ўсё ж прызнаць сябе за пераможаных. Разьбітыя, яны імкнуліся да яшчэ існуючых агменьчыкаў абароны, каб змагацца далей. Разам з такой групкай афіцэраў я трапіў прыблізна ў сярэдзіне верасьня 1939 году да Львову, які мужна абараняўся ад нямецкага націску. Камандзерам Львоўскага корпусу быў на той час генэрал Лянгэр, камандзерам абароны Львова - генэрал Францішак Сікорскі, блізкі сваяк генэрала Ўладыслава Сікорскага, пазьнейшага прэм'ера Польскага эміграцыйнага ўраду.

У Львове, падобна як бальшыня маіх калегаў, якім жаўнерскі гонар не дазваляў зь лёгкім сэрцам паддацца лёсу, і я ўступіў у г. зв. Корпус абароны Львова (на чале якога стаяў генэрал Янушайціс), які ўдзельнічаў у абароне гэтага прыгожага места.

Настрой у горадзе быў невясёлы, амаль роспачны. Баі ішлі ў прадмесьцях. Штохвіліну можна было чакаць, што абаронцы ня вытрымаюць магутнага націску нямецкай арміі й места паддасца ворагу. А тут яшчэ, у дадатак да ўсяго, пэўным сонечным восеньскім ранкам, як пярун зь яснага неба, на змучаных няроўнаю бітваю абаронцаў абрынулася навіна, што чырвоная армія перайшла мяжу й набліжаецца да муроў Львова. Спачатку той ці іншы з нас падумаў: "канец!", але пазьней, можа з таго, што ніхто з нас ня ведаў дакладна, зь якой, уласна, мэтаю бальшавікі перайшлі тую мяжу, а жыдоўска-бальшавіцкая прапаганда распачала ўжо сваю працу, - некаторыя, больш легкаверныя людзі, пачалі сапраўды верыць у тое, што бальшавікі ідуць толькі "на дапамогу" рэшткам польскага войска, альбо і ў іншыя, яшчэ менш верагодныя байкі.

Камандаваньне Львоўскага корпусу знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. З аднаго боку - жаўнерскі абавязак вымагаў ад яго збройнага выступленьня супраць няпрошаных бальшавіцкіх "памочнікаў", а зь іншага боку - кожнаму было зразумела, што абараняцца на два франты немагчыма. Заставалася адно - капітуляцыя. Але на чыю карысьць? Лёс распарадзіўся, каб генэрал Лянгэр, які, зусім ня ведаючы бальшавікоў, меркаваў, што заўсёды лепей капітуляваць на карысьць таго, з кім ня вядзеш вайны, - схіліўся на бок бальшавікоў.

Першы крок па доўгай і цяжкай дарозе да Катынскага лесу быў зроблены.

Ганаровая капітуляцыя

Для ўсталяваньня ўмоваў капітуляцыі штаб польскага корпусу выслаў дэлегацыю ў штаб чырвонай арміі. На чале той апошняй, дакладней кажучы, на чале той часткі, якая займала паўднёва-заходнюю Польшчу, стаяў Цімашэнка, пазьнейшы маршал Савецкага Саюзу і камісар абароны. Разам з прызначанаю Цімашэнкам савецкай дэлегацыяй польскія прадстаўнікі даверліва ўсталявалі ўмовы капітуляцыі, аформіўшы іх у форме пратаколу. 3 савецкага боку пратакол быў уласнаручна падпісаны Цімашэнкам, з польскага - генэралам Лянгэрам.

Варункі капітуляцыі, на якія нібы згаджаліся бальшавікі, зусім не зьбіраючыся іх трымаць (што нам, выхаваным на агульнапрынятых прынцыпах заходніх рыцарскіх традыцыяў, нават да галавы б не прыйшло), былі наступныя: увесь Львоўскі гарнізон, як і ўсе іншыя вайсковыя адзінкі ў сфэры ўплыву Львоўскага корпусу, - павінны скласьці зброю і бяз бою здацца чырвонай арміі.

Чырвоная армія абавязвалася са свайго боку, адразу, па нашым раззбраеньні, адпусьціць дадому ўсіх шараговых і падафіцэраў. Стан афіцэрскі пакуль меў быць затрыманы й перавезены да штабу чырвонай арміі ў Тарнопалі, дзе кожны з афіцэраў павінен быў атрымаць належны дакумэнт і таксама адпраўлены дадому. Подпіс Цімашэнкі мусіў гарантаваць абяцанае звальненьне.

Шчыра кажучы, ніхто з нас ані на хвілінку нават не дапускаў думкі, што замест вольнасьці чакае нас падчас доўгіх пакутаў агульная труна ў Катынскім лесе, аднак сэрца кожнага сьціскалася ад нейкае нявымоўнае трывогі.

Трывога

Але на роздум ужо не было часу... 22 верасьня вайсковыя ўлады перадалі нам умовы капітуляцыі. Некаторыя камандзеры, аднак, досыць цьвяроза глядзелі на вартасьць бальшавіцкіх гарантыяў. Генэрал Янушайціс, напрыклад, паведамляючы тыя ўмовы на сходзе сваіх афіцэраў, сказаў проста: "Рабіце, як падказвае вашае жаўнерскае сумленьне, але я бальшавікам ня веру".

Шчыра кажучы, у глыбіні душы ня верыла ім і большасьць з нас, але што магло б ужо зьмяніцца ў нашым наканаваньні? Нічога...

Трывога ўзмацнялася. Пэўным, прыгожым, празрыстым верасьнёвым поўднем перад будынкам штабу Львоўскага корпусу сабралася каля тысячы афіцэраў...

Доўга прыйшлося нам чакаць чырвоных дэлегатаў, так доўга, што міжволі ўсе пачалі неяк шкадаваць таго, што здарылася. Грамада гула, як пчолы ў патрывожаным вульлі, а восеньскае сонца запальвала бледныя іскры на мэталёвых частках зброі, якая праз хвіліну мелася быць адданаю таму, каго гадамі звыклі мы ўважаць за небясьпечнага непрыяцеля. Глухі жаль агарнуў сэрца...

Польская моладзь, пераважна студэнты, змабілізаваныя ў войска, яшчэ больш распалялі агульны непакой, упікаючы нас за капітуляцыю перад бальшавікамі і заклікаючы падняць супраць іх зброю, пакуль яшчэ ў нас яе не адабралі.

Але кожны з нас апроч зброі меў у руцэ і ўлётку, з загадам генэрала Лянгэра пра капітуляцыю перад бальшавікамі, які прадпісваў нам падпарадкоўвацца ўсім параграфам дамовы...

"Адказнасьць за тое перад Богам і гісторыяй я бяру на сябе", - сканчаў свой загад генэрал Лянгэр.

I зброя не была паднятая, хоць невялікая групка маладых афіцэраў і крычала пад вокнамі штабу: "Ганьба тым, хто прадаў Польшчу бальшавікам. Здрада!"

Грукат бальшавіцкіх танкаў перакрыў іхныя маладыя, поўныя жалю і абурэньня галасы...

Госьці на танках

Агульная ўвага зьвярнулася да танкаў. Кожны чакаў, што з тых сталёвых грамадзінаў выйдуць да нас узброеныя "джэнтльмэны", якія спакойна і паважна прывітаюць нас, тых, хто аддаўся пад іхную апеку, на падставе ўзаемных дамоваў.

Але ж якім было нашае расчараваньне, калі з расхістаных танкаў пачалі вылазіць з брыдкаю лаянкаю брудныя, завэдзганыя "чырвоныя ваякі". Выгляд іх вульгарных, напаўмангольскіх, нямытых і няголеных твараў пад бальшавіцкімі шлемамі з крываваю зоркай над ілбом - працяў дзіўным страхам нашыя сэрцы. Скіраваўшы свае штыкі ў бок трупы афіцэраў, якія зь нямым зьдзіўленьнем глядзелі на сваіх новых "апекуноў", чырвоныя зарычэлі хрыпатымі галасамі: "Бросай оружые, рукі вверх!" - і пачалі атачаць нас цесным колам, заходзячы з усіх бакоў...

Так адбылося нашае першае знаёмства зь "непераможнаю чырвонаю..."

Сьціснуўшы зубы, з роспаччу ў вачох, пачалі мы кідаць зброю ды адыходзіць зь недарэчна паднятымі дагары рукамі на месца, указанае нам штыкамі сталінскіх ваякаў.

Пабачыўшы, што нашая зброя перайшла ў рукі чырвонаармейцаў, як з-пад зямлі зьявіліся пры нас чарнявыя мясцовыя жыхары з карабінамі ў руках і вялізнымі чырвонымі кукардамі на грудзях.

А вуліцы Львова запоўніліся тым часам жаўнерскімі постацямі, паміж якімі тут і там, як змрочныя прывіды, выдзяляліся контуры савецкіх танкаў. Гэта былі польскія жаўнеры, якія згодна загаду генэрала Лянгэра сышлі з абарончых пазыцыяў і склалі зброю бальшавікам.

Хваля тая расла ды расла, плыла й плыла і пацягнула за сабою нарэшце й нас. Паплылі й мы.

Адлучэньне "чыстых" ад "нячыстых"

Пры выхадзе з вуліцы Лычакоўскай стаяў шчыльны ланцуг чырвоных. Ён вылушчваў з жаўнерскае масы афіцэраў... Шмат хто з нас, вядома, мог сарваць зь сябе афіцэрскія адзнакі і зьліцца з шэрым морам польскіх жаўнераў (некаторыя зь іх нават раілі нам так зрабіць), але ніхто з нас не адважыўся на такое сьвятатацтва: жаўнерскі гонар быў у нас мацнейшы за страх... Сьмешны, непатрэбны ў дачыненьні да азіяцкіх адносінаў баляст тае этыкі, паводле якое доўгі час выхоўваліся польскія пакаленьні!

Купка адпоўленых бальшавікамі афіцэраў усё павялічвалася, а жаўнерская маса таксама ўсё плыла й плыла перад ёю. Палітрукі аж ахрыплі, спрабуючы выклікаць сярод польскіх жаўнераў маніфэстацыі на карысьць чырвонай арміі. "Да здравствуют трудяшчіеся Польшы!", "Долой імперіалістіческую войну!", "По домам товарішчі!", - грымелі яны. Але дарэмныя былі іхнія высілкі - бальшавіцкія лёзунгі не знайшлі падтрымкі ў жаўнерскае масы. Моўчкі і паважна, схіліўшы галовы да долу, плылі рэшткі польскага войска вуліцамі Львова, раззалочанымі восеньскім сонцам.

Дамова пачынае "выконвацца"

Надвячоркам жаўнерская маса пачала радчэць. Празь нядоўгі час на бруку засталася толькі групка афіцэраў. Пра настрой тае групкі лепей не ўспамінаць. Відавочна заўважылі гэта і хітрыя бальшавіцкія камандзеры.

Да сабраўшыхся наблізіўся ўжо ня брудны чырвоны жаўнер, але адносна ахайны тып, здаецца ў чыне савецкага маёра, і паведаміў нам, што, улічваючы ваенны час, самаходаў, абяцаных у капітуляцыйнай дамове, савецкае камандаваньне прадаставіць нам ня можа, а таму "няхай панове афіцэры прабачаць", але "ў той жа час, мусіце зразумець" - павінны ўсе пехатою прайсьці дарогу да штабу ў Тарнопаль. Пабачыўшы нашыя кіслыя міны, маёр запэўніў [няглёдзячы на адсутнасьць самаходаў], што дамова будзе цалкам выкананая, усе атрымаюць абяцаныя дакумэнты і будуць вызваленыя. "Панове афіцэры" могуць быць за гэта цалкам спакойныя...

Так цяжка было ў нас на душы, што проста, як дзецям, хацелася верыць словам таго савецкага прадстаўніка. I мы верылі...

Марш, марш...

Ужо ў лепшым настроі, у кампаніі "суцяшыцеля" - маёра, стварылі мы маршавую калёну і, па-ранейшаму, аточаныя ўзброеным аж да зубоў манголападобным канвоем, пакрочылі на ўсход.

Але ўжо наступным ранкам, разам з нашым правадыром, маёрам, адляцеў і наш настрой. Во месца ветлівага маёра заняў жыд-камісар, першы "энкавэдыста, якога мы ўбачылі і спазналі... Ён "заапекаваўся" намі ўжо на даўжэйшы час...

Зразумела, што ані на другі, ані на трэці дзень самаходаў нам ніхто не даў, і мусілі адбыць мы нашую невясёлую прагулку пехатою да чыгуначнае станцыі Красьнікі, дзе нас пагрузілі ў вагоны.

Так ня вытрыманы быў першы разьдзел капітуляцыйнае дамовы, незалежна ад "аўтарытэту" самога Цімашэнкі, які яе падпісаў.

Аднак у Тарнопаль мы прыехалі, не самаходамі, праўда, а цягніком, але ніхто ўжо не зважаў на такія дробязі.

Мы павесялелі й пачалі йзноў верыць, што, хто ведае, можа й сапраўды ўсё яшчэ абернецца на лепшае.

Чакаць!

На вакзале ў Тарнопалі спаткаў нас вялікі тлум, людзі аднекуль даведаліся, што прыбыў транспарт польскіх афіцэраў, і прыйшлі прадэманстраваць нам сваю сымпатыю, вітаючы нас воклічамі й прыносячы да вагонаў ежу й тытунь. Нашыя "апекуны" трапілі ў цяжкае становішча.

Настрой натоўпу быў такі, што людзі цалкам ігнаравалі крыкі чырвонаармейцаў, а страляць неяк не выпадала. Выйсьце з прыкрай сытуацыі было знойдзена простае: наш лакаматыў пранізьліва сьвіснуў, цягнік рушыў зь месца... і гонар бальшавіцкага эскорту быў уратаваны. Паехалі мы ў кірунку Станіславава, але цягнік затрымаўся, не даехаўшы да места, на маленькай забытай станцыі. Тут, у полі, правялі мы некалькі дзён. Штогадзіну далучаліся да нас новыя транспарты з афіцэрамі... Чым болей іх прыбывала, тым большая трывога йзноў агортвала нас... Праўда, наш камісар супакойваў нас, запэўняючы: "Ві, безумоўна, будзеце візваленыя, адно па тэхнічных прычынах вызваленьне гэтае адцягнецца, магчыма, на пару дзён", - але толькі нямногія яшчэ верылі ягоным словам. Прадчуваньні нашыя спраўджваліся...

На трэці дзень прыехаў да нас з Тарнопалю асабісты ад'ютант генэрала Лянгэра і паведаміў нам, што Цімашэнка "не адважваецца" выканаць пастановы капітуляцыйнае дамовы без ухвалы Варашылава. Каб паскорыць тую ўхвалу, Цімашэнка прапанаваў нават генэралу Лянгэру самому ляцець самалётам да Масквы і асабіста паразумецца з Варашылавым. А мы павінны цярпліва чакаць вяртаньня генэрала з Масквы. "Няма ніякіх падставаў сумнявацца ў вызваленьні, - казаў нам ад'ютант. - Бальшавікі ня дзеці, і подпіс Цімашэнкі мае сваю вагу". "А ў выпадку неўхваленьня тае дамовы, - дадаў ад'ютант генэрала Лянгэра яшчэ, - "генэрал Лянгэр па вяртаньні з Масквы далучыцца да сваіх афіцэраў і падзеліць іхны лёс ва ўсім".

Пачалі мы чакаць... але ані ўхвалы Варашылава, ані генэрала Лянгэра не дачакаліся ніколі...

Ці генэрал сапраўды паляцеў да Масквы, ці быў проста арыштаваны НКВД, і які лёс яго напаткаў, ніхто з нас не даведаўся ні тады, ні пазьней...

Але чакалі мы генэрала Лянгэра (прынамсі, думалі, што яго) на нашай, забытай Богам і людзьмі станцыі вельмі, вельмі доўга...

Нарэшце адным імглістым восеньскім ранкам зьявіўся да нас наш НКВД-ыста і паведаміў нам, што ў Тарнопалі вызваліць нас ня могуць, вызваленыя мы будзем толькі ў Валочыску, дзе нібыта знаходзіцца спэцыяльная камісія для падзелу і вызваленьня ваеннапалонных.

Не чакаючы ўжо цяпер на якія-небудзь сродкі перамяшчэньня, на пяхоту, пакрочылі мы, угразаючы ў тлустым падольскім балоце, да Валочыску. Тарнопаль сустракаў і вітаў нас шчыра і горача, як і ў першы раз. Брудныя, схуднелыя, галодныя (на працягу ўсяго часу "чаканьня" бальшавікі не дапі нам нават малога кавалачка хлеба), паволі цягнуліся мы вуліцамі горада, падганяныя штыкамі нашых канваіраў. Людзі спрабавалі наблізіцца да нас, падаць нам есьці, падтрымаць наш дух... Канвой адганяў іх... Яны йзноў цягнуліся да нас... I так - аж далёка на прадмесьці...

На "райскай" тэрыторыі

4 кастрычніка прыбылі мы ў Валочыск, празь які праходзіла польска-савецкая мяжа і падзяляла горад на дзьве часткі - польскую і савецкую, прайшлі мы тую мяжу і апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Той, апошні, сустрэў нас ня толькі не як сыноў, але нават і не як пасынкаў.

Калі існуе на сьвеце пекла - сумняваюся, ці можа яно быць горшым ад таго, што напаткала нас ля дзьвярэй савецкага "раю". Прагнаўшы нас праз Валочыск (усяго блізу 10.000 чалавек), бальшавікі замкнулі нас у двох хлявах на тэрыторыі аднаго, аддаленага ад места на 3 км совхоза (савецкая гаспадарка). Апынуліся мы ў найжахлівейшых варунках, якія цывілізаваны чалавек ня ў стане сабе нават уявіць. Цяснота, цемра, задуха, брак вады былі бадай што малою часткай нашых пакутаў. Сядзець альбо ляжаць, калі гэта каму-небудзь удавалася, прыходзілася проста на гноі, увайсьці альбо выйсьці з хлява можна было толькі аднойчы, літаральна ступаючы па людзкіх целах. Пра якое-небудзь харчаваньне ўвогуле не было й мовы, не было нават ані студні, ані ракі паблізу, каб спатоліць страшэнную смагу змучаных, згаладалых людзей. А было тых людзей тут аж 10.000, жаўнераў усіх узроўняў, ад шараговых да палкоўнікаў улучна! Голад, смага й бруд узялі іх у абарот, спараджаючы бяздонную роспач, нават у сэрцах найвытрывалых. Некаторыя паддаліся той роспачы ўжо ў першую страшную ноч, павесіўшыся на бэльках праклятага хлява. Зрэшты, і іншыя былі ў такім стане, што чакалі сьмерці, як збаўленьня.

Памятаю, што нам, афіцэрам, здавалася вельмі дзіўным,

як аказалася побач з намі гэтулькі стральцоў, якіх бальшавікі мусілі адразу адпусьціць дадому і да якіх палітрукі зьвярталіся на вуліцах Львова са сваім: "Домой, товарішчі, домой!"

Таямніца прасьвятлілася хутка. Бальшавікі ашукалі, як аказалася, ня толькі нас, "буржуяў", "абшарнікаў", "фашыстаў", як яны нас называлі, але й звычайных жаўнераў - сыноў пралетарыяту. Ужо назаўтра, пасьля свайго прапагандысцкага выступу, палітрукі цалкам забыліся на звальненьне дадому жаўнераў і, наадварот, зьбіраючы іх у большыя купы, - накіроўвалі ў Валочыск, у нашае пекла.

Едзем далей

Мучыліся тут мы некалькі дзён. Калі, здаецца, не было ўжо моцы болей трываць, энкавэдысты адамкнулі хлявы, загрузілі нас у быдлячыя вагоны, якія, дарэчы кажучы, падаліся нам пасьля нашага пякельнага валочыскага палону сапраўдным раем, і павезьлі далей на ўсход.

Пачынаючы з Валочыску, апеку над намі ўжо цалкам узяло НКВД. Усю дарогу, напэўна баючыся якога-небудзь прадыктаванага роспаччу выбуху з нашага боку, "апекуны" нашыя стараліся пастаянна ўтрымліваць нас у стане няпэўнасьці ды слабой надзеі на добрае заканчэньне нашых пакутаў. Усю дарогу, нібы нехаця, нібы ў таямніцы, прызнаваліся яны нам, што нас, аднак жа, хутка вызваляць, што вязуць нас на ўсход толькі дзеля нейкіх там цьмяных фармальнасьцяў, што мы зусім не патрэбныя Савецкаму Саюзу, і таму няма рацыі трымаць нас долей пад вартай і г.д. і г.д. Найцікавейшым жа было тое, што большасьць з нас верыла той бяспрыкладнай бальшавіцкай хлусьні, бо ў галаве не ўкладалася тое, што дамова, падпісаная "самім Цімашэнкам", можа раней ці пазьней быць нявыкананая. Сапраўды, наіўнасьць і недасьведчанасьць эўрапейскай інтэлігенцыі ў справе бальшавіцкіх спосабаў і мэтадаў дзеяньня ў дачыненьні да несавецкіх людзей былі ў 1939 годзе папросту вартыя зьдзіўленьня й жалю!

"Рай" у паездцы

Ехалі мы больш як тыдзень. 3 кожным днём, з кожным праеханым кілямэтрам штораз выразьней, штораз яскравей адкрывалася нам шэрая бальшавіцкая рэчаіснасьць. Ясна, што праз напаўзабітыя шчыліны ў вакенцах таварнага цягніка мы не маглі зашмат пабачыць, але й тое, што паволі праплывала перад нашымі вачыма - параскіданыя саламяныя стрэхі вёсак, папялішчы "кулацкіх" двароў, бруд і неахайнасьць на вакзалах, шэрыя, прыбітыя постаці савецкіх грамадзянаў, - усё само па сабе складала невясёлы, пануры вобраз савецкага "раю". А трэба мець на ўвазе, што ехалі мы праз Украіну - "сонечную жытніцу" Савецкага Саюзу! Нарэшце цягнік затрымаўся на нейкай станцыі і далей не ад'ехаў. Мы зразумелі, што знаходзімся на месцы.

Гэта было невялікае, немагчыма бруднае места Старабельск, забудаванае драўлянымі дамкамі, поўнае небрукаваных вулак, з рынкам, аздобленым лужынамі, якія ніколі не высыхалі, дзе ў старыя, добрыя часіны плюхаліся тоўстыя падсьвінкі (у савецкія часы яны ўсе, відаць, па-расейску кажучы, "в люді вышлі").

Пералічылі нас. Аказалася, што ўсяго нас прыбыло ў Старабельск блізу 2000 афіцэраў, у тым ліку - пяць генэралаў. Ад чыгуначнага вакзалу да лягеру - добры кавалак дарогі - ішлі мы пехатою, літаральна па калена ў густым чорным украінскім балоце. Але доўгае падарожжа цягніком, у немагчымым брудзе і цеснаце так змучыла ўсіх нас, што пэрспэктыва адпачынку пад якім-небудзь дахам (можа нават і ў цяпле?!) падмацоўвала нават слабейшых і прымушала нас да жвавага таптаньня нагамі ліпкага балота. А тут яшчэ і энкавэдысты дадавалі нам тэмпу, то тут, то там спрытна кідаючы слоўцы пра блізкі адпачынак, цёплы суп і хуткае вызваленьне.

Праз пару гадзінаў мы былі ў лягеры.

Тут спаткалі мы яшчэ большую колькасьць польскіх афіцэраў і салдатаў, якія прыбылі на месца раней за нас. Разьмясьцілася ўся гэтая грамада ў будынку былое царквы. Гэта былі голыя, халодныя муры. Ані нараў, ані лаваў, - нічога гэтага не было і сьледу і нават быць не магло, бо ўся царква так шчыльна была запоўненая палоннымі, што нават і мовы не магло йсьці пра якое-небудзь яшчэ мэбляваньне. Неўзабаве ногі нашыя ступілі на каменныя пліты падлогі, пакрытыя густым і ліпкім балотам. У гэтае балота паклаліся мы спаць, шчасьлівыя з таго, што нарэшце маем, дзе выцягнуцца. Зразу мела, што пра такія "буржуазныя забабоны", як мыцьцё ці распрананьне, не было й гаворкі праз увесь час нашае вандроўкі.

Санаторы "абальшавічваньня"

Была ўжо позьняя восень. Штодня рабілася халадней... Усё часьцей падаў сьнег. У царкоўных мурох ледзьве зьмясьцілася частка людзей. Для астатніх былі разьбітыя намёты. Тыя, што трапілі ў намёты, пакутавалі яшчэ горш за нас, што кватаравалі ў царкве. У намётах было брудней і халадней, цясьней, чым у нас. Абурэньне на бальшавікоў і нянавісьць да энкавэдыстаў вырасьлі да такіх памераў, што ўсялякія спробы бальшавіцкіх прапагандыстаў у кірунку абуджэньня так званай "клясавай нянавісьці" сярод жаўнерскае масы ня мелі ніякага посьпеху. Як ні цкавалі яны нашых стральцоў супраць афіцэраў - "абшарнікаў", - уся іхная праца йшла марна.

Нават болей. Бальшавіцкае цкаваньне мела амаль заўсёды адваротны і ўвогуле непажаданы для энкавэдыстаў вынік, хаця сярод жаўнераў і было шмат людзей, якія здаўна былі пад уплывам бальшавіцкае прапаганды. Былі сярод іх нават закансьпіраваныя партыйныя камуністы. I дзіўная рэч! Нават зь іх пасьля двух тыдняў "як рукой зьняло" даўнейшыя сымпатыі да бальшавізму. Яны, проста цудам, вылечыліся ад тае паскуднае хваробы. Зрэшты, ці магла мець уплыў якая-небудзь увогуле прапаганда перад тварам тае жудаснае рэчаіснасьці, якую пабачылі мы на ўласныя вочы ў так хваленым савецкім раі!

"Шчасьлівае, радаснае жыцьцё", якое напаткала нас у сэрцы Саветаў, было для тых наіўных фантастаў сапраўды найлепшай антыбальшавіцкаю прапагандаю. Бальшавікі, аднак, таго не разумелі... Усё, што напаўняла нашае сэрца агідай і страхам, было для іх звыклай штодзённасьцю, чымсьці такім, да чаго яны здаўна прызвычаіліся. Нічога дзіўнага, што іх агарнула роспач, калі яны ўбачылі, што жаўнеры й ня думаюць біць сваіх афіцэраў, а ставяцца да іх па-ранейшаму з шанаваньнем і нават дапамагаюць ім чым толькі могуць.

Гіранічная ўсьмешка і ціхая, але сакавітая салдацкая лаянка была адзіным адказам нашых стральцоў на ўсе падбухторваньні й намовы энкавэдыстаў. Увогуле, польскія жаўнеры - сыны рабочых і сялянаў былі непараўнальна вышэй культуральна, чым, здавалася б, такія ж самыя сыны бальшавіцкіх масаў, і ўвесь час няволі трымаліся з годнасьцю, што мушу адмыслова тут зазначыць.

Кармілі нас таксама вельмі кепска. Кухняў было мала, работа ў кухнях была арганізаваная дрэнна. Трэба было некалькі гадзінаў запар у дождж і сьнег, па калена ў балоце трэсьціся ў калейцы, каб атрымаць лыжку пустое поліўкі. Падзелу паміж афіцэрамі і стральцамі не было. Усе елі з аднаго катла, і ўсе аднолькава цярпліва зносілі свой цяжкі лёс.

Яны хлусілі, а мы - верылі

А бальшавікі надалей хлусілі нам, і, хоць гучыць гэта непраўдападобна, - большасьць палонных таксама надалей верылі ім з проста дзіцячаю даверлівасьцю.

Наш лягер, як я ўжо казаў, месьціўся ў мурох былога праваслаўнага кляштару. Муры былі высокія, сярэднявечныя, але нашыя пільныя вартавыя ня верылі нават ім. На адлегласьці прыблізна дзесяці мэтраў ад кляштарных муроў бальшавікі паставілі другі, яшчэ вышэйшы "мур" - густую сетку з калючага дроту зь вежамі, абсталяванымі кулямётамі. А ў выпадку, калі б падвялі й муры, і драты, і кулямёты - бальшавікі мелі для нас яшчэ адну неспадзяванку: у паласе, замкнутай паміж кляштарным мурам і калючымі засекамі, дзень і ноч гойсалі вялізарныя сабакі, спэцыяльна дрэсыраваныя для паляваньня на людзей...

I так добра пільнуючы нас, нашыя каты яшчэ мелі нахабства лгаць нам у вочы, запэўніваючы, што мы ім зусім не патрэбныя, што нас хутка адпусьцяць дадому. "Да что вы? - штодня казалі яны нам. - Что вы, зачем вы нам? Вось адпачнеце (!) у нас трошкі, пажывеце сабе, а там і дадому паедзеце, усе паедзеце, а як жа! А хто захоча застацца - атрымае працу, стане стаханаўцам. Так, пабачыце самі, як у нас людзі жывуць! Ня так, як у вас, у капіталістаў!"

I дзіўная рэч - мы ўсё яшчэ верылі ім... Верылі мы, вядома, не ў савецкі "рай", але ў нашае вызваленьне, бо як жа? Сам Цімашэнка падпісаў!

"Вызваленьне" пачынаецца

Тым часам, прыкладна на трэцім тыдні нашага знаходжаньня ў лягеры, бальшавікі пачалі вывозіць шараговых.

Бальшавіцкія прапагандысты запэўнівалі нас, што гэта пачатак агульнай сыстэматычнай акцыі звальненьня, і сьцьвярджалі, што жаўнеры звальняюцца проста дадому. I жаўнеры, і мы шчыра верылі тым словам... Радасьць была вялікая... Толькі значна пазьней мы даведаліся, што ніхто і ня думаў вызваляць жаўнераў і адпраўляць іх дадому - большасьць была адпраўленая на цяжкую працу ў рудныя шахты Крывога Рогу ці іншых мясцовасьцяў. Вываз жаўнераў адбываўся "стаханаўскімі" тэмпамі, і праз тыдзень у халодных мурох Старабельскага кляштару засталіся толькі афіцэры.

Месца цяпер стала болей... Мы, як гаворыцца, аджылі й целам І духам... Бо пасьля жаўнераў - чарга ехаць дадому чакала на нас...

Міналі дні, але ніхто ня дбаў пра нас, гаворка пра вызваленьне зусім сьціхла.

Наадварот, пэўным халодным лістападаўскім днём у лягер прыбыла новая партыя палонных афіцэраў, праз тыдзень - яшчэ адна... I неўзабаве наш лягер зноў напоўніўся тлумам змардаваных, абдзёртых постацяў.

Улады нанова перапісалі нас (гэта рабілася, дарэчы, амаль кожны другі дзень), пералічылі - і мы даведаліся, што ўсяго афіцэраў у Старабельску - 4000 асобаў.

Тым часам "самі сабе прыслугоўваем"

Намёты зьніклі, але царква й іншыя будынкі каля кляштару былі так запоўненыя людзьмі, што літаральна не было дзе пальца ўсадзіць. Пачалі мы майстраваць сабе ў царкве і пакоях такія-сякія нары, але на калідоры людзі і далей спалі на голай, пакрытай цыратай, падлозе адзін ля аднаго... Сеньнікаў мы ня мелі, бялізны нам таксама не давалі. У лазьню, праўда, хадзілі, але за раз ня болей як 30 асобаў, так што сваёй чаргі трэба было чакаць месяцамі. Усе спалі ў вопратцы, і ў хуткім часе зьявілася ў нас мноства вошай. Заўсёды можна было ўбачыць такую карціну: купка худых, пасінелых ад холаду людзей сядзіць у куце і зацята б'е вошы ў сваіх лахманах.

Камэндатура лягеру на самым пачатку абвесьціла, што афіцэры павінны самі абслугоўваць лягер, таму мы падзяліліся на "дружыны спэцыялістаў". Адны абслугоўвалі кухні - гатавалі ежу, мылі катлы, абіралі бульбу. Другія атрымалі пасаду прыбіральшчыкаў, іншыя - дрывасекаў, яшчэ іншыя - асэнізатараў. Рэшта - не занятыя ў лягеры хадзілі пад моцным наглядам энкавэдыстаў на чыгуначную станцыю разгружаць вагоны з дрэвам і вугалем. Тым часам зіма ўсё мацней заціскала вакол нас сваё марознае кола... Умовы жыцьця ў лягеры яшчэ больш пагоршыліся. Нарэшце нашыя гаспадары пастанавілі распачаць будаўніцтва баракаў. Зразумела, што будавалі іх мы самі. Холад і надзея атрымаць сапраўдны дах над галавой падганялі нас, таму працавалі мы жвава, і пад канец сьнежня баракі былі ўжо гатовыя. На Сільвестра кожны з нас мог расьцягнуцца зь невымоўнаю раскошай на нарах, вузкіх і нязручных, але сапраўдных нарах, якія так па-свойску пахлі мокрым дрэвам і густой жывіцай.

I зноў абяцанкі-цацанкі

А бальшавікі ўсё хлусілі й хлусілі... У кастрычніку яны запэўнівалі нас, што Божае Нараджэньне будзем сьвяткаваць дома, "зь дзеткамі"... Надышлі Каляды - дата вызваленьня перасунулася на студзень і г.д., без канца. I мы, ашуканыя ўжо гэтулькі разоў, верылі кожнай новай пагалосцы, і нашыя сэрцы зноў пачыналі біцца ў салодкай трывозе... Дом! Айчына!

Магічныя словы... Чыё ж сэрца не заб'ецца мацней на само іхнае гучаньне?

Але мінаў месяц, другі, трэці... Мы ацьверазелі... А мінула паўгода - пераканаліся з роспаччу, што абяцанкі вызваліць нас, прызначэньне датаў вызваленьня і т.д., - ёсьць ні чым іншым, як звычайнай, шэрай, штоДзённай бапьшавіцкай хлусьнёй, іхнай сістэмай, і што хлусяць яны для таго, каб трымаць нас у змане, каб адцягваць нашую ўвагу ад разважаньняў над іхнымі зладзейскімі плянамі, а можа проста для таго, што згодна сваёй подлай натуры не маглі яны не хлусіць на кожным кроку, патрэбна тое было ці не.

Спрабуюць нас "выхоўваць"

Нашыя бальшавіцкія апекуны не шкадавалі нават высілкаў, "выхоўваючы" нас паводле сваёй праграмы. З гэтай мэтаю ў кожны барак быў прызначаны адзін энкавэдыст у ролі "выхавальніка". Гэтыя "выхавальнікі" прыходзілі ўвечары да нас і праводзілі "выхаваўчыя" гутаркі.

Неабходна сказаць пару словаў і пра самых "выхаванцаў" Старабельскага лягеру, пра палонных афіцэраў. Прафэсійных афіцэраў было сярод нас вельмі мала, большасьць маіх таварышаў па нядолі былі афіцэры рэзэрву. Таму што кожны, фізычна здаровы польскі грамадзянін, які меў за сабою сярэднюю ці вышэйшую школу, - мусіў стаць афіцэрам рэзэрву. У нашым лягеры сабралася фактычна самая інтэлігенцыя: інжынэры, лекары, настаўнікі, адвакаты і г.д.

Безумоўна, што афіцэры, і прафэсійныя і з рэзэрву, адносна інтэлекту былі непараўнальна вышэй за найлепшых бальшавіцкіх прапагандыстаў. Кожнага разу, калі такі самаўпэўнены прамоўца пачынаў з намі гутаркі і, распалены ўласным "красамоўствам", намагаўся падмацаваць свае аргумэнты цытатамі з працаў Маркса - Энгельса - Леніна - Сталіна, некаторыя з нашых афіцэраў зь месца зьбівалі яго моцнымі контрцытатамі, бо, як людзі культурныя, яны ня горш, а нават нашмат лепей ведалі й разумелі й Маркса, і Энгельса, ды іншых тэарэтыкаў камуністычнага "раю". Гэты факт цалкам зьбіваў з панталыку нашых энкавэдыстаў, і амаль кожны іхны выступ перад нашым форумам сканчаўся ганебнай паразай бальшавіцкае прапаганды. "Хітрыя паночкі", - іншых словаў у сваю абарону "выхавальнікі" звычайна не знаходзілі, і неадольная прорва паміж імі і намі ўсё расла. Бальшавікі самі адчувалі сваю ніжэйшасьць адносна нас і, як людзі з псыхалёгіяй барбарынцаў, не маглі гэтага нам дараваць, абзываючы "панкамі", "абшарнікамі" і г.д. А мы так-сама не маглі дараваць ім іхнае хлусьні, гвалтаў, дзікунства і страшэннага браку культуры... А ў лягеры нашым на кожным кроку сутыкаліся мы з прыкладамі гэтага браку, што бязьмерна ўражвала нас - людзей з захаду.

Наш сабачка

Вось адзін з такіх прыкладаў.

У нашым лягеры было шмат нічыйных сабакаў... Яны круціліся пры кухнях, грэбаліся на сьметніках, грызьліся з-за костак і аб'едкаў пад вокнамі нашых баракаў... Сваім Чулым сабачым сэрцам тыя стварэньні неяк адчулі ў нас "свойскія", такія ж пакрыўджаныя лёсам, душы і ліпнулі да нас, як смала.

Адзін з такіх сабакаў, неяк асабліва мілы, стаў улюбёнцам усяго лягеру. Аднойчы марозным зімовым днём гэты сабачка, лежачы на вытаптанай намі сьцежцы да баракаў, дрыжэў ад холаду і выглядаў каго-небудзь з нас, каб радасна кінуцца пад ногі, круціць хвастом, паказваючы сваю сабачую прыязнасьць. Акурат у гэты час сьцежкай праходзіў адзін з нашых "выхавальнікаў" - прапагандыстаў, ён сьпяшаўся да баракаў на чарговую "размову" з афіцзрамі. Сабачка прыветна замахаў хвастом і яму, але адказам на прывітаньне быў дзікі ўдар бальшавіцкага бота. Сабачка перавярнуўся некалькі разоў і пранізьліва заенчыў. З баракаў павыскоквалі афіцэры, паднялі небараку, аднесьлі ў памяшканьне. Знайшоўся вэтэрынар. Аказалася, што наш бальшавіцкі "культуртрэгер" зламаў сабаку ключыцу. У весь барак, абураны новым прыкладам савецкае "культуры", апекаваўся сабачкам. Пераламаная костка была ўпраўленая і забінтаваная. Сабака енчыў і скуголіў ад болю, а мы па чарзе насілі яго на руках, грэлі, лашчыпі. Цягнулася гэта дзень і ноч, і хоць у бараку было колькі сотняў людзей рознага характеру - ніхто ані разу не запратэставаў, не прапанаваў вынесьці яго на двор. Наадварот, нашая нянавісьць да чырвоных катаў была да такой ступені распаленая гэтым прыкладам бессзнсоўнае бальшавіцкае жорсткасьці, што мы лічылі за гонар насіць і туліць яе ахвяру, хоць і была яна звычайным бяздомным сабакам...

Такая чуласьць адносна жывёліны была незразумелай для бальшавікоў. Яны хацелі забраць сабаку й застрэліць яго, але сустрэлі такі рашучы і грозны супраціў з нашага боку, што мусілі адмовіцца ад свайго намеру...

Сабака хварэў каля двох месяцаў і так прывязаўся да нас, што не падпускаў бліжэй за два крокі ніводнага бальшавіка, ствараючы нашым энкавэдыстам немалы клопат...

Прыбіральні ў грабніцах і нябожчыкі пад сьметнікамі

А вось яшчэ адзін прыклад.

На тэрыторыі нашага лягеру знаходзіліся дзьве царквы: адна некалі была саборам, другая - звычайная кляштарная царква. Падчас правядзеньня бязбожніцкіх акцыяў, бальшавікі зрабілі з сабору сьвіран, а царква стаяла пустая, там складалі розны хлам, пакуль, нарэшце, мы не знайшлі тут прытулак.

Пры саборы былі могілкі. Колісь на могілках хавалі манахаў і багатых вернікаў - кляштарных дабрачынцаў. Трэба разумець, бязбожніцкая акцыя не абмінула й могілкі.

Пільныя "бязбожнікі" павыварочвалі крыжы, помнікі, патапталі магілы... А калі ў кляштары пасялілі палонных і паўстала праблема пабудовы прыбіральняў, бальшавікі пасьпяшаліся выкарыстаць для гэтае мэты старыя, прасторныя фамільныя скляпы.

Доўга не разважаючы, кіраўнікі лягеру павыкідалі труны з касьцямі нябожчыкаў, што засталіся, перарабілі адпаведна патрэбе, і прымітыўныя прыбіральні былі гатовыя. Хочаш ня хочаш, але мы мусілі карыстацца імі.

Альбо яшчэ:

Аднойчы нашыя камісары прывялі нас за царкву і загадалі капаць яму для сьмецьця і памыяў. Выкапалі мы ўжо досыць глыбокую яму і раптам зачапілі рыдлёўкамі труп. Гэта была, мяркуючы па рэштках убраньня, манашка, відаць, расстраляная бальшавікамі, бо ляжала яна без труны, скурчаная... Паведамілі пра знаходку ў камэндатуру лягеру. Прыйшоў энкавэдыст, агледзеў яму й труп, упэўніўся, што яма досыць глыбокая, і загадаў закапаць труп манашкі глыбей на дне ямы. Афіцэры спрабавалі пратэставаць, кажучы, што нябожчыца была ўсё ж такі чалавекам, што выліваньне памыяў і кіданьне рознага паскудзтва на чыю-небудзь магілу ёсьць святатацтвам. Але прадстаўнік савецкай ўлады змрочна сказаў: "Што за лухту несяцё, ці не ўсё роўна, дзе гэтая падліна будзе ляжаць?" I нябожчыца была закапаная на дне сьметніку.

Гэтыя й таму падобныя здарэньні дасканала характарызавалі самую істоту бальшавізму і выклікалі сярод палонных агіду і нянавісьць.

Сёньня, згадваючы тую нянавісьць, што, як чорная хмара, з дня на дзень расла паміж намі - палоннымі й нашымі "гаспадарамі" - бальшавікамі, аб чым яны добра ведалі, я разумею, чаму яны ня мелі адвагі выслаць нас на іншую дарогу, апроч толькі дарогі да Катынскага лесу.

Але такая разьвязка лёсу тысячаў палонных нават ня сьнілася нам ані ў той час, ані пазьней, ані нават ужо на шляху да катынскае магілы. Не прыжыліся мы яшчэ на бальшавіцкай глебе...

Духавенства ў лягеры

А зараз варта апісаць хоць увогуле, калі можна так сказаць, нашае духоўнае жыцьцё ў лягеры напярэдадні дарогі да Катынскага лесу, а таксама і ў той час, калі першыя шэрагі нашых таварышаў пачалі ўжо тым шляхам свой сьмяротны марш.

Сярод палонных было шмат ксяндзоў і некалькі праваслаўных сьвятароў, узятых у няволю як вайсковых капэлянаў. Нашае духавенства ад пачатку сабрала вакол сябе вернікаў і мела намер адпраўляць зь імі агульныя набажэнствы. Даведаўшыся пра тое, бальшавікі забаранілі палонным усялякія "публічныя" рэлігійныя выступы, пагражаючы непаслухмяным ксяндзам суровымі карамі. Але дарэмна, у бараках усё роўна адбываліся патаемныя супольныя маленьні, а каб які з прадстаўнікоў "улады" выпадкам ня трапіў на такое набажэнства і не злавіў вернікаў на гарачым учынку, пры дзьвярах выстаўлялі спэцыяльную варту.

Удзень - піша, уночы - хапае

Зь першых дзён нашага побыту ў лягеры камэндатура пачала рабіць бясконцыя сьпісы і перапісваць нашыя жыцьцярысы... Амаль штодня выклікалі то аднаго, то другога да канцылярыі, дзе гадзінамі распытвалі пра найдрабнейшыя факты нашага жыцьця. Абавязковым пытаньнем было: што кожны з нас хацеў бы, каб зь ім зрабілі бальшавікі? Амаль усе адказвалі, што хацелі б, каб бальшавіцкія ўлады передалі пад апеку якой-небудзь нэйтральнае дзяржавы. Уяўляю сабе, як зларадна сьмяяліся з нас бальшавікі, уважліва ўпісваючы нашыя пажаданьні ў свае бясконцыя паперкі!

Чорная хмара вісела над намі ўвесь час нашага знаходжаньня ў лягеры. Таямнічыя зьнікненьні то аднаго, то другога з нас... Як мы даведаліся, іх забіралі ўначы і вывозілі зь лягеру ў невядомым накірунку. Якой сыстэмай кіраваліся бальшавікі, выбіраючы ахвяраў, - было вельмі цяжка зарыентавацца, бо энкавэдысты бралі людзей рознага рангу, рознага ўзросту і рознага паходжаньня. На гэтую тэму віравалі сярод нас размаітыя чуткі і здагадкі.

Пазьней, калі такі самы лёс напаткаў і мяне, - даведаўся я, што афіцэраў вывозілі да вязьніцы, дзе НКВД спрабавала выцягнуць зь іх розныя зьвесткі, якія яго зь нейкіх прычынаў асабліва цікавілі.

"Вызваленьне" пачьінаецца

Такім чынам ішло нашае шэрае жыцьцё пад пільным вокам нашых "выхавальнікаў". Мы амаль нічога ня ведалі пра тое, што робіцца на сьвеце, а няўлоўная атмасфэра пагрозы чорным атрутным дымам зацягнула сэрцы і душы ўсіх вымушаных жыхароў лягеру, не зважаючы на хлусьню і абяцанкі ўладаў, іхныя няшчырыя суцяшэньні. А тут, неяк на пачатку сакавіка 1940 году, да нас дайшла зьвестка - няпэўная, але такая радасная: нас сапраўды мусяць адпусьціць дадому... Як казалі, з гэтаю мэтай прыбыла спэцыяльная камісія НКВД, якая займалася ліквідацыяй лягеру. На ўласные вочы мы бачылі тых энкавэдыстаў, заехаўшых самаходамі пад будынак камэндатуры, і ад гэтага радасная трывога агарнула ўсіх нас.

Новая таямнічая камісія зь месца распачала стварэньне новых, хіба ўжо сотых сьпісаў палонных. Тыя апошнія сьпісы, як нас запэўнівалі нашыя ўлады, мусілі быць сьпісамі "для вызваленьня зь няволі". Паверылі мы ... і, здаецца, ніхто і ніколі з такім запалам не вылічваў сваіх дзядоў і прадзедаў, дзядзькоў і цётак (патрэбных, відаць, энкавэдыстам для хутчэйшага вызваленьня нас зь лягеру), як мы тое рабілі тымі назаўжды памятнымі сакавіцкімі днямі 1940 году.

Праца камісіі прасоўвалася наперад сапраўды надзіва хутка. Ужо за пару дзён першая група кандыдатаў "на вызваленьне", якая складалася прыблізна з сотні афіцэраў, была перапісаная і прыгатаваная да ад'езду. "Шчасьліўцы" былі проста непрытомныя ад радэсьці. А мы, тыя хто яшчэ заставаліся ў праклятых кляштарных сьценах, шчыра ім зайздросьцілі. Усё ж яны ехалі дадому, да сваіх, усё ж яны пакаштуюць нарэшце свабоды! Мы віншавалі нашых шчасьлівых калегаў, паціскалі ім рукі, абавязвалі рознымі справамі і ўсоўвалі ў кішэні незьлічоныя лісты да сем'яў...

I вось - пасьля дэталёвае рэвізіі - першая лертыя палонных выстраілася ў маршавую калёну, пад моцнай аховай энкавэдыстаў, і вырушыла за межы лягеру. Аніводны зь іх ніколі ўжо ня ўбачыў ані айчыны, ані сваіх. Але тады мы гэтага яшчэ ня ведалі і з уздымам чакалі сваёй чаргі. Назаўтра была выкліканая наступная партыя афіцэраў, якая зноў складалася са ста асобаў. Пры такіх жа самых акалічнасьцях энкавэдысты выправілі на "свабоду" і іх.

"Аптымісты" і "пэсымісты"

Такія штодзённыя "вызваленьні дадому" цягнуліся ўвесь сакавік і красавік. Кожны, хто трапляў нарэшце да такое партыі, вельмі цешыўся, тым больш што й нашыя "выхавальнікі", і канваіры, і вартаўнікі з усьмешкаю, нібыта патаемна, бясконца нашэптвалі нам з усіх бакоў: "на волю едзеце" або: "дадому едзеце", даводзячы нас тымі словамі да радаснага ўзбуджэньня, якое межавала з шаленствам.

Праўда, былі сярод нас і такія людзі, якія глядзелі на рэчы больш цьвяроза, сьцьвярджаючы, што нас увогуле не вызваляюць, а проста перавозяць у іншы лягер альбо ў Сібір на працу. Але мы такіх калегаў называлі "пэсымістамі" і адбіваліся моцнымі аргумэнтамі: "Чаму тады энкавэдысты кажуць, што нас вызваляюць? Мы ж і так у іхных руках, яны могуць рабіць з намі ўсё, што захочуць. Які сэнс так паступаць?" На такія аргумэнты навет "пэсымісты" не знаходзілі адказу, і мы - "аптымісты" - бралі верх.

Аднак, як выявілася значна пазьней, нават чарнейшыя з нашых пэсымістаў былі яшчэ наіўнымі аптымістамі ў сваіх разважаньнях пра наш лёс і ўчынкі НКВД - той жахлівай, нялюдзкай арганізацыі - альфы і амэгі ўсяго Савецкага Саюзу!

"Вызваляемся"

У канцы красавіка нарэшце падышла мая чарга "вызваляцца". Наша партыя налічвала 60 асобаў.

Аж да самай брамы лягеру, пастроеныя ўздоўж сьцежкі, нібы "ганаровая варта", бальшавікі шэптам паўтаралі нам, што едзем дадому, усьміхаліся нам, жадалі ўсяго найлепшага - сапраўдная ідылія!

Але, як толькі лягерная брама зачынілася за намі і ўсялякая сувязь паміж намі і ўжо нешматлікімі, праўда, калегамі зь лягеру перарвалася, - паводзіны канваіраў адразу ўражваюча перамяніліся. Зь нямым зьдзіўленьнем убачылі мы, як моцны эскорт энкавэдыстаў літаральна ашчэрыўся на нас сьцяной штыкоў і пачаў грузіць нашую групу на самаходы, піхаючыся ды лаючыся ў наш адрас самымі бруднымі словам!. Самаходы адвезьлі нас на чыгуначную станцыю, дзе такім жа самым чынам пагрузілі нас у шчыльна закратаваныя арыштанцкія вагоны, наглуха замкнуўшы ўсе дзьверы.

Такая нечаканая зьмена ў паводзінах энкавэдыстаў была вядром халоднае вады на нашыя распаленыя галовы. Бадай што ўсе працьверазелі й задумаліся. Пэрспэктыва дому йзноў пачала зацягвацца лёгкай імглой. Нават найвялікшыя аптымісты мусілі прызнаць, што паводзіны энкавэдыстаў у дачыненьні да нас неяк не падобныя на вызваленьне, а, хутчэй, наадварот. Але навошта яны хлусілі?

Зноў "перасадка" - апошні прыпынак

Пасьля трох дзён язды транспарт наш затрымаўся на малой станцыі ў смаленскай акрузе. Тут нас ізноў пасадзілі на грузавыя самаходы і пад узмоцненым яшчэ канвоем павезьлі да новага лягеру, так званага Юхноўскага, дзе разьмясьцілі ў мясцовасьці "Паўлішчаў Бор".

У Паўлішчавым Бары - некалі, відаць, вялікім маёнтку, - быў вельмі ладны палац і шмат гаспадарчых пабудоваў. У тых будынках нас раскватаравалі. Палац жа быў домам адпачынку для энкавэдыстаў. Ня вельмі прыемнае суседзтва для нас, яшчэ раз ашуканых вязьняў НКВД!

У Паўлішчавым Бары знайшлі мы невялікую групу афіцэраў, прывезеных з Казельску, дзе быў другі лягер для польскіх палонных афіцэраў. Трохі пазьней дапучылася да нас партыя афіцэраў з трэцяга лягеру - Асташкава, Калінінскай акругі.

З аповедаў новапрыбыўшых мы даведаліся, што ў Казельскім лягеры знаходзілася 5000 палонных афіцэраў, а ў Асташкаве - 3000. Жыцьцё ў тых лягерох было падобнае на нашае ў Старабельску. Як і нам, энкавэдысты ўвесь час хлусілі палонным, што яны будуць вызваленыя, і таксама вывозілі партыямі ў невядомым накірунку, запэўніваючы, што вязуць дадому.

Куды ж вывезла НКВД нашых таварышаў? Дзе яны зараз? Гэтае пытаньне займала ўсе нашыя думкі. Цэлымі гадзінамі, сабраўшыся ў кола, ламалі мы сабе галовы, але, папраўдзе, нікому з нас не прыйшла думка, што Паўлішчаў Бор - дом адпачынку энкавэдыстаў - і ёсьць тым апошнім прыпынкам перад станцыяй, зь якой ужо няма вяртаньня - перад Катыньню, і што сядзім мы тут толькі дзеля таго, што з нашымі калегамі з папярэдняй партыі нават стаханаўцы-энкавэдысты яшчэ не далі рады пакончыць...

Толькі да аднаго перакананьня прыйшлі мы: што ва ўсіх трох лягерох, і ў Старабельску, і ў Асташкаве, і ў Казельску, - энкавэдысты хлусілі нам ня дзякуючы сваёй несьвядомасьці й невыпадкова, а што хлусьня іхная была загадзя й зьверху створанаю сыстэмай.

Наступнае "вызваленьне" - этап дарогаю да апошняга

На сьвеце панавала чароўная вясна. Яскрава сьвяціла і добра грэла сонца. Паўлішчаў Бор соладка пахнуў маладой жывіцай і вясеньнімі зёлкамі... Але трывога за будучыню не давала нам цешыцца з тых чараў, тым больш што пачалося таямнічае зьнікненьне адзіночных афіцэраў.

17 траўня неспадзявана быў забраны і я і ў атачэньні моцна ўзброеных энкавэдыстаў адвезены ў Маскву ў "славутую" вязьніцу на Лубянцы... З таго часу страціў я з поля зроку маіх таварышаў па нядолі, і які лёс іх напаткаў - даведаўся толькі ў 1943 годзе, прачытаўшы, уражаны, у прэсе, пра знаходку Катынскага пабоішча.

Так Цімашэнка выканаў падпісаную ім дамову - ахвяры бяспрыкладнага бальшавіцкага зьверства былі сапраўды адпушчаныя энкавэдыстамі "дадому", - да таго дому, дзе ўсе спаткаемся калі-небудзь і дзе няма ані гвалту, ані хлусьні, ані трывогі...

На Лубянцы

На Лубянцы, хоць гэта падаецца дзіўным, сядзела шмат польскіх палонных афіцэраў, зьвезеных энкавэдыстамі з розных лягероў невядома для чаго. Так, напрыклад, трапіў я ў адну камэру з генэралам Уладыславам Андэрсам. Генэрал Андэрс быў цяжка паранены падчас баёў зь немцамі і ў момант капітуляцыі Львова знаходзіўся ў адным з мясцовых шпіталяў. Не зважаючы на цяжкае раненьне, бальшавікі забралі генэрала са шпіталю і пераправілі ў Маскву, дзе спачатку трымалі ў Бутырках, а пазьней на Лубянцы. Генэрал мог рухацца толькі на мыліцах. Такія зьдзекі фізычныя й маральныя прыйшлося вынесьці польскім афіцэрам у савецкіх вязьніцах і ня толькі ад сьледчых, але і ад "суседзяў" па камеры, савецкіх грамадзянаў. Генэрал Андэрс выцерпеў ад іх бадай найбольш.

Як кот з мышшу

Энкавэдысты рабілі з лубянскімі вязьнямі - польскімі афіцэрамі - розныя экспэрымэнты. Спрабавалі браць іх "і просьбай і грозьбай", і страхам, і "на вытрываласьць". Часта спалучалі розныя спосабы, напрыкпад, некаторых, нібы адпускалі зь вязьніцы, а потым шпегавалі, куды яны ходзяць, з кім сустракаюцца, з кім падтрымліваюць знаёмства, каб пазьней неспадзявана арыштаваць ізноў, але ўжо са "здабычаю" - адным словам, бавіліся зь імі, як кот з мышшу... Але часам здаралася, што мышка была спрытнейшаю за ката і ёй удавалася ня толькі вызваліцца зь няволі ды ўратавацца ад сьмерці, але і ашукаць сваіх катаў, уцёкшы за межы Савецкага Саюзу.

Няма сумневу, што ўсе тыя "мышкі", як і ўсе ўвогуле афіцэры, што сядзелі ў савецкіх вязьніцах, раней ці пазьней знайшліся б у брацкай Катынскай магіле, але, на шчасьце, пачалася вайна паміж немцамі й Савецкім Саюзам, і бальшавікі былі вымушаныя перад абліччам грознага непрыяцеля перапыніць сваю дзікую забаву зь безабароннымі. Гэтая вайна ўратавала тады рэшткі польскіх палонных афіцэраў ад няволі й непазьбежнай сьмерці. Генэрал Сікорскі, які заключыў саюз з савецкім урадам у першыя тыдні вайны, дамогся гэтага. Але якім жа тое было гонарам ці якой прыемнасьцю - ствараць польскія вайсковыя кадры ў Савецкім Саюзе, станавіцца ў абарону сваіх катаў, брудных забойцаў тысячаў сваіх таварышаў?

Няхай жа сьпяць спакойна ахвяры ўсёвынішчаючае камуністычнае хвалі ў сасновых пералесках Катыні...

Усе каты шэрыя

Як я ўжо згадваў, большасьць афіцэраў у бальшавіцкай няволі былі афіцэрамі рэзэрву, якія надзелі мундуры, толькі дзякуючы вайне, фактычна прымусова. Былі сярод іх людзі розных прафэсіяў, рознага паходжаньня, розных нацыянальнасьцяў і рознага сьветапогляду. Аднак у вачох бальшавікоў розьніцы паміж імі не было ніякай, і нішто не магло зьмяніць іхнага лёсу. Часта які-небудзь маладзенькі падхарунжы рэзэрву, вясковы настаўнік, сын селяніна ці рабочага, спрабаваў пратэставаць супраць мянушкі "абшарнік" і "капіталіст", як усіх нас называлі бальшавікі,. - адказ быў адзін: "Усе вы думаеце аднолькава"...

У гэтых словах зазначаўся акурат увесь падыход да заходнеэўрапейскай інтэлігенцыі. Але ня толькі інтэлігент, а наогул кожны эўрапеец [...], - быў і ёсьць на разуменьне бальшавіка ворагам і мусіць быць тым ці іншым спосабам зьнішчаны.

Хлусьня, паўсюль хлусьня

Бальшавіцкія ж мэтады дзейнасьці ў дачыненьні да людзей (усё адно ці сваіх, ці чужых грамадзянаў), грунтуюцца выключна на хлусьні. Можна сьмела сказаць, што ў Савецкім Саюзе лгуць усе, пачынаючы са Сталіна і сканчаючы любым савецкім шараговым, прычым хлусьня гэтая ўкладаецца ў добра абдуманую, хітрую, складаную сыстэму. Хлусьня й тэрор - гэта спосабы, пры дапамозе якіх бальшавікі трымалі ў страху шматмільённы народ Савецкага Саюзу. Хлусьня - гэта спосаб, пры дапамозе якога яны ашукваюць сьляпых, па-дзіцячы наіўных жыхароў Эўропы...

Хлусьня, паўсюль хлусьня... Яна ўласна й спрычынілася да таго, што тысячы польскіх палонных афіцэраў былі звабленыя лжываю дамовай Цімашэнкі ў бальшавіцкі палон. Праз этапы пакутаў, лягероў і турмаў, нарэшце, прыйшлі яны на бераг агульнае Катынскае магілы.

Лёс ахвяраў Катыні мусіць стаць злавеснаю перасьцярогай для ўсёй цывілізаванай Эўропы. Нечуванае ў гісторыі чалавецтва злачынства, пахаваньне нябожчыкаў на сьметніках, таптаньне магілаў [...] - вось тое, што нясе з сабою бальшавіцкая перамога!

Пераклад з польскае мовы Ларысы АНДРОСІК.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX