Папярэдняя старонка: Мемуары

Кушаль Ф. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі 


Аўтар: Кушаль Ф.,
Дадана: 26-03-2012,
Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд, 1998 Т. 5 Сш. 1; 1997 Т.4 Сш. 1-2; 1995 Т.2 Сш. 1; 1995 Т.2 Сш. 1.



Немцы ахвотна згадзіліся на адчыненьне афіцэрскага курсу: ім было цікава бачыць, ці патрапляць беларусы арганізавацца самі i ці знойдзецца ў ix належная колькасьць афіцэраў. На першы курс было вырашана паклікаць 100 афіцэраў. Яшчэ перад першым жніўнем афіцэры пачалі прыбываць на курс, i ў дзень адчыненьня курсу ix было ўжо больш як сто.

Курс адчынілі вельмі ўрачыста. Заля была ўпрыгожаная дзяржаўнымі сьцягамі i эмблемамі беларускімі i нямецкімі. Быў апрацаваны цэлы цырыманіял адчыненьня. Афіцэраў выстраілі роўнымі шэрагамі. На ўрачыстасьць прыбылі: Генэральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ з сьвітаю, Камандуючы войскамі Менскае акругі з штабам, найвышэйшыя прадстаўнікі нямецкае паліцыі i CC, i выдатнейшыя прадстаўнікі беларускага грамадзства. Я здаў рапарт д-ру Ермачэнку як Галоўнаму Каманданту БСА. Генэральнаму Камісару Беларусі здаў рапарт нямецкі капітан Кумэр, апякун афіцэрскага курсу зь нямецкага боку. Першы сказаў доўгую прамову д-р Ермачэнка, пасьля яго яшчэ даўжэйшую сказаў Галоўны Камісар Беларусі Кубэ. У сваёй прамове Кубэ называў нашых афіцэраў сваімі сябрамі i абяцаў ім будучыню ў беларускім войску, якое, безумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганізуецца. Пасьля прамовы Кубэ, д-р Ермачэнка ўзьнёс Беларускі Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй i партрэтам Гітлера i гэтым курс уважаўся адчыненым. Кубэ прайшоў уздоўж фронту афіцэраў, пры чым азнаёміўся з афіцэрамі. Склад афіцэраў пад поглядам веку быў вельмі розны, найстарэйшы афіцэр меў 68 год, а наймалодшы 20. Гэтаму Кубэ асабліва дзівіўся, ацэньваючы патрыятызм беларусаў, дзе дзед i ўнук разам пайшлі ў шэрагі войска. Настрой сярод афіцэраў i гасьцей быў незвычайна ўрачысты. Урачыстасьць закончылася супольным абедам. Пры абедзе афіцэры прамаўлялі, пры гэтым асабліва падкрэсьлівалі сваю адданасьць справе. «Няхай жыве Незалежная Беларусь» — бесьперапынку гучэла на залі.

Немцы прыглядаліся ўсяму гэтаму шырока адчыненымі вачыма, яны першы раз пабачылі беларусаў, якія выйшлі з масы. Для ix было неспадзеўкай, што так дружна становяцца да службы i так патрыятычна настроеныя людзі, якія па выгляду нагадвалі сялян, i якіх мы называлі афіцэрамі.

Калі курс пачаў навуку, то немцы таксама не пакідалі яго без увагі. То той, то другі прадстаўнік нямецкае ўлады зьяўляліся на выклады, цікава прыслухоўваючыся i прыглядаючыся да курсантаў. Курсанты з адданасьцю займаліся навукай. Асабліва цікава выглядалі практычныя заняткі. Адбываліся далёкія маршы за горад, i сівавалосыя бацькі, а не адзін ужо i дзед, стараліся ўдала крочыць побач з маладымі выспартаванымі былымі падхаронжымі польскае арміі i савецкімі лейтэнантамі. Беларускія жаўнерскія песьні разьлягаліся на вуліцах Менска. Кожную раніцу i кожны вечар курсанты з патрыятычным уздымам пяялі на супольнай зборцы песню «Беларусь — наша Маці Краіна!»

Здавалася, што ўсё будзе як найлепей, усе верылі ў абяцанкі немцаў.

Зараз пасьля выхаду загаду аб арганізацыі БСА Ермачэнка пачаў арганізоўваць Штаб. На шэфа Штабу быў пакліканы падпалкоўнік генэральнага штабу царскае арміі Язэп Гуцько. Падпалкоўнік Гуцько прыбыў у Менск i ўступіў у выкананьне абавязкаў шэфа Штабу.

Незадоўга пасьля адчыненьня першага афіцэрскага курсу пачалі тварыцца дзіўныя i да сяньняшняга дня для мяне незразумелыя рэчы. Ня ведаю, можа хуткае набраньне поўнага афіцэрскага курсу i непахісная пастава, энтузіязм ягоных слухачоў у часе ўрачыстасьці — гаварыліся вельмі сьмелыя i гарачыя прамовы — так напалохалі прадстаўнікоў нямецкай улады, ці можа зусім іншыя прычыны ўваходзілі тут у ігру, але факт: некалькі дзён пасьля гэтага, так важнага для нас здарэньня, групэнфюрэр Цэнэр, які выдаў загад аб арганізацыі Самааховы, быў адкліканы зь Менску на іншае становішча. Гэты факт на ўсё беларускае грамадзянства, a асабліва афіцэрскі курс зрабіў як найгоршае ўражаньне. Усьлед за Цэнэрам выехаў i галоўны камандант БСА доктар Ермачэнка — на месячны водпуск дахаты, у Прагу. Як свайго заступніка ў справах БСА д-р Ермачэнка пакінуў Юльяна Саковіча, чалавека вельмі энэргічнага, але не папулярнага ані ў беларусоў, ані ў немцаў. На колькі Саковіч быў непапулярны ў немцаў сьведчыць той факт, што кіраўнік палітычнага аддзелу Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Юрда забараніў Саковічу выступаць перад нямецкімі ўладамі ў справах БСА10.

Такім чынам, у часе, калі трэба было праявіць найбольшую дзейнасьць у справе БСА, яно засталося без галавы. На афіцэрскім курсе дух вельмі ўпаў. Праз тры тыдні школеньня курс быў закончаны, але зачыненьне яго адбылося ў вельмі благім настроі. У працягу ўсяго гэтага часу зброі яшчэ не было, i нічога не было зробленае ў справе арганізацыі БСА.

Ня гледзячы на гэта, 1-га верасьня быў адчынены другі месячны афіцэрскі курс пры ўдзеле 120 кандыдатаў. Курсанты, якія прыбылі на курс з розных куткоў Беларуci, расказвалі аб энтузіязьме, які запанаваў быў пры першай вестцы аб арганізацыі БСА, i як гэты энтузіязм пачынае цяпер паволі стынуць.

Групэнфюрэра Цэнэра замяніў штандартэнфюрэр Шымана. З штабу Шыманы пачалі выходзіць новыя загады, i кожны загад што разу больш абніжаў вартасьць першага. Назоў Галоўнага Каманданта БСА ў д-ра Ермачэнкі быў адабраны, гэтак сама яму было забаронена мець Штаб БСА. Даведаўшыся аб гэтым, палкоўнік Ген. Штабу Гуцько, як толькі вярнуўся з водпуску Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар i паехаў дахаты ў Наваградак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БСА ужываць афіцэрскіх рангаў. Камандзіры адзінак БСА маглі ўжываць толькі назовы сваіх функцый, прыкладам: камандзір зьвязу, камандзір роты i г.д. На афіцэрскім курсе пачаліся ўсялякія гутаркі аб безнадзейнасьці палажэньня. Да упадку настрою на курсе прычынялася яшчэ i тое, што курсанты былі ў сваіх вопратках, некаторыя вельмі лёгка адзетыя, а тым часам быў верасень, падалі халодныя дажджы, а заняткі вяліся нармальна.

Шмат каштавала энэргіі i спрыту, каб утрымаць курс. Адзін раз прыехаў на курс з Остміністэрства нейкі высокі ўрадавец, які, паглядзеўшы на афіцэраў, быў захоплены іхняй паставай, дзівіўся кепскім варункам жыцьця i навукі, абяцаў дапамагчы, але як паехаў, так i паехаў.

Пасьля заканчэньня другога афіцэрскага курсу быў пакліканы трэці курс. Настрой у масах ужо так упаў, што на трэці курс ледзьве ўдалося сабраць 40 чалавек, ды i тыя прыехалі з перакананьнем, што зброі няма, баёвы настрой народу не скарыстаны i нічога з БСА ня будзе. Роля мая, як камандзіра афіцэрскіх курсаў, была вельмі непрыемная. На ўсіх трох курсах увесь час трэба было ствараць настрой. Трэба было пераконваць курсантаў у неабходнасьці вучыцца, у тым, што БСА будзе, што немцы урэшце зброю дадуць i т.п. Прыблізна ў палавіне лістапада трэці курс быў закончаны.

Пасьля заканчэньня першага афіцэрскага курсу, калі выйшлі першыя перашколеныя афіцэры, яны былі выкарыстаныя ў акругах для перашколеньня падафіцэраў. У Баранавічах i Наваградку першай былі адчыненыя падафіцэрскія курсы, а пазьней у акругах Вялейскай i Глыбоцкай. У гэтых акругох адбылося па некалькі курсаў, такім чынам, было перашколена некалькі тысяч падафіцэраў.

Тут я хачу даць агульную характарыстыку афіцэраў, якія прайшлі праз афіцэрскія курсы. Агулам было перашколена каля 260 чалавек, i гэтыя афіцэры сталіся кадрай для ўсіх беларускіх вайсковых арганізацыяў у пазьнейшым часе. Як я ўжо вышэй успомніў, на першым афіцэрскім курсе найстарэйшы афіцэр меў 68 гадоў, а наймалодшы 20. З прапагандовага гледзішча гэта мела свае значэньне, але з пункту гледжаньня вайсковага, для вайсковага спэцыялістага, гэты факт ня быў аргумэнтам, пераконваючым у высокай спэцыяльнай якасьці афіцэраў. Увесь наш афіцэрскі корпус складаўся або з старых афіцэраў, пераважна прапаршчыкаў запасу царскай арміі, якія, як ведама, у часе свае маладосьці ня мелі належнай афіцэрскай падрыхтоўкі, а да таго 25 год былі адарваныя ад арміі i працавалі пераважна на зямлі, так што ня толькі не засталося ў ix ніякай вайсковай веды, але i вонкавы выгляд ix хутчэй нагадваў сялян, чымся афіцэраў, або лейтэнантаў савецкае арміі ці маладых падхаронжых польскае арміі. Апошнія мелі шмат запалу i ахвоты, але ня мелі ані адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкі, ані практычнага дазнаньня. Так што афіцэрскі наш корпус фахова прадстаўляўся вельмі слаба. Ясна, што трохтыднёвы або месячны курс перашкаленьня мог ім даць вельмі мала, тым больш, што не было ніякай кадры для перашкаленьня курсантаў. На першым курсе кадраю быў толькі я адзін i яшчэ адзін нямецкі капітан, які выкладаў тактыку i перакручваў афіцэраў на нямецкі строй. Так што я быў i камандзірам курсаў, i выкладчыкам, i інструктарам, i ўсім іншым. Ужо на другі i на трэці курс была падабраная мною кадра з курсантаў першага курсу, хаця i досыць слабая.

Ня гледзячы на гэта, на курсах прароблена была велізарная работа.

1) Афіцэры пазнаёміліся з апошняй сучаснай вайсковай тэхнікай i арганізацыяй.

2) Былі ўстаноўленыя беларускія каманды i формы ўнутранага жыцьця ў беларускім войску.

3) Быў выпрацаваны вайсковы статут, які стаўся падставай для вышкаленьня ўсіх беларускіх арганізацыяў, якія мелі хоць трохі вайсковы характар.

4) Была праведзеная велізарная нацыянальна выхаваўчая праца, шмат афіцэраў упершыню пазнаёміліся тут з беларускай літаратурай i гісторыяй, у афіцэраў была ўлітая вера ў магчымасьць тварэньня свае собскае збройнае сілы.

5) Запачаткавалася беларуская вайсковая традыцыя. З гэтых курсаў выйшлі афіцэрскія кадры для ўсіх вайсковых беларускіх фармацыяў.

У гэтым самым часе ў акругох было перашколена па два, a ў некаторых i больш падафіцэрскіх курсаў. Такім чынам, кадра была прыгатаваная: былі прыгатаваныя гэтаксама i матэрыяльныя сродкі, каб можна было набіраць добраахвотнікаў у БСА (такіх было вельмі шмат), a зброі не было. На зьезьдзе прадстаўнікоў беларускага грамадзянства ў пачатку лістапада 1942 года11, калі абмяркоўвалася справа БСА, выступіў з прамовай прадстаўнік Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Вэбэр. Доктар Вэбэр запэўніў з поўным аўтарытарызмам, што зброя для БСА будзе, што паводле зьвестак, якія ён мае, транспарт зброі для БСА ужо выйшаў з Бэрліну i знаходзіцца ў дарозе. Разумеецца, што зьезд гэтаму паверыў.

Яшчэ ў верасьні, калі ад д-ра Ермачэнкі адабралі тытул Галоўнага Каманданта БСА, яму было дазволена мець пры сабе вайсковага рэфэрэнта, які б вёў справы БСА, а таксама рэфэрэнтаў пры кіраўніках Самапомачы ў акругох i пры павятовых кіраўніках Самапомачы. Такім чынам, камандная сетка для БСА як бы існавала, але зь вельмі абмежаванымі кампэтэнцыямі. Роля рэфэрэнтаў зводзілася адно да ролi вербавальнікаў, пры чым падпарадкаваныя яны былі, апрача старшыні Самапомачы, яшчэ i акруговым начальнікам паліцыі — немцам. Калі скончылася перашколеньне афіцэраў, д-р Ермачэнка паклікаў мяне на становішча вайсковага рэфэрэнта пры сабе i для адрозьненьня майго становішча ад іншых вайсковых рэфэрэнтаў назваў мяне Галоўным Вайсковым Рэфэрэнтам БСА.

Паміма запэўненьня д-ра Вэбэра, зброя не прыбывала. Але, відаць, нямецкія вышэйшыя паліцыйныя ўлады аддалі загад па сваёй лініі, бо акруговыя начальнікі нямецкае паліцыі пачалі на месцах, карыстаючыся вайсковымі рэфэрэнтамі, арганізоўваць аддзелы БСА. У некаторых акругох былі арганізаваныя цэлыя батальёны, якія вельмі добра змагаліся з партызанамі i, як жаўнеры, так i камандзіры, выказалі сябе з найлепшага боку. Прыкладам: Заслаўскі батальён Менскай акругі, Быценьскі батальён Слонімскай акругі, Шаркаўскі батальён Глыбоцкай акругі i шмат іншых. Усяго было арганізавана каля 20 батальёнаў i некалькі меншых адзінак. Як я ўжо ўспомніў, вайсковыя рэфэрэнты гралі тут ролю прапагандыстых i вэрбавальнікаў i ніякага ўплыву ані на арганізацыйны, ані на апэрацыйны бок ня мелі, хоць фактычна БСА трымалася толькі на ix. Афіцэры i падафіцэры былі выключна беларусамі. Усе камандзіры i стральцы хадзілі ў сваёй вопратцы, часта ў лапцёх, былі вельмі дрэнна ўзброеныя, аднак змагаліся з партызанамі вельмі добра.

Усе вайсковыя рэфэрэнты трымалі ca мною як з Галоўным Рэфэрэнтам цесную сувязь, з усімі недахопамі зьвярталіся да мяне. Асабліва балючай справай усьцяж была справа зброі. Наколькі моцным было жаданьне ў БСА ўзброіцца хоць бы собскім коштам сьведчыць той факт, што Рудзенскі батальён Менскай акругі ўзброіўся ўвесь дзякуючы таму, што жаўнеры гэтага батальёну купілі ў сялян некалькі бараноў i выменялі ix у немцаў на зброю. Шмат зброі было адбіта ў партызанаў, але ўсяго гэтага не хапала, каб узброіць Самаахову, якая што разу расла. Наагул, зброі i яшчэ раз зброі патрабавала БСА.

Як Галоўны Вайсковы Рэфэрэнт я аддаваў рознага роду распараджэньні i загады акруговым рэфэрэнтам. У маім рэфэраце, як начальніка канцылярыі, працаваў палкоўнік царскае арміі Вітаўт Мірскі. Чалавек гэта быў вельмі спраўны, працавіты i адданы беларускай справе. Ягоная функцыя была фактычна функцыяй начальніка штабу. Апошні загад Галоўнага рэфэрату БСА быў аб утварэньні пры павятовых аддзелах Самапомачы аддзелаў вайсковага папаўненьня. Пры гэтым былі разасланыя інструкцыі. Ідэяй маёй было запачаткаваць павятовыя аддзелы вайсковага папаўненьня.

Усе загады, якія выходзілі з галоўнага вайсковага рэфэрату, праходзілі праз рукі немцаў. Незадоўга пасьля гэтага загаду, прыблізна ў пачатку мая 1943 году, выйшаў загад начальніка ўсяе паліцыі на Беларусі палкоўніка Клепша аб ліквідацыі вайсковых рэфэратаў БСА i аб пераходзе адзінак БСА у склад беларускае паліцыі12.

Пасьля выхаду гэтага загаду ўсё БСА пачало ліквідавацца. У некаторых акругах яно было зьліквідавана вельмі груба. Так, напрыклад, у Менскай акрузе з БСА былі выбраныя найлепшыя людзі i сілком улітыя ў рады паліцыі, рэшта была прымусова вывезеная на працу ў Нямеччыну. У Слонімскай акрузе БСА катэгарычна адмовілася ўступаць у рады паліцыі. Начальнік нямецкае паліцыі прыракаў матэрыяльныя выгады, як абмундзіраваньне, нямецкі паёк i розныя т.п. рэчы. Ня гледзячы на гэта, Самаахоўцы ўпарта адмаўляліся. Адзетыя ў самадзелкі i абутыя ў лапці, яны хацелі, аднак, толькі служыць у БСА. Тады немцы ўжылі хітрасьці. Згадзіліся, каб Самаахова засталася нібы далей Самааховай, але каб прыняла нямецкае абмундзіраваньне i паёк. З гэтым Самаахоўцы пагадзіліся, але з таго моманту яны фактычна перасталі быць Самааховай. У Глыбоцкай акрузе Самаахова захавалася аж да часу бальшавіцкага наступу ў чэрвені 1944 г.

Юрыдычна БСА перастала існаваць ад мая 1943 году, ад часу выхаду загаду палкоўніка Клепша аб яе ліквідацыі, але фактычна існавала далей. Не разгарнулася яна ў магутны беларускі вайсковы рух, як гэта спадзяваліся беларусы на пачатку ейнае арганізацыі, не з нашае беларускае віны. Усё ж была зробленая велізарная вайсковая работа, якая замыкаецца на наступным:

1) Праведзеная была велізарная прапагандовая праца, шырокія масы пачалі жадаць мець свае войска.

2) Запачаткаваліся беларускія вайсковыя традыцыі.

3) Беларусы пачалі верыць у сваю собскую збройную сілу, якую могуць тварыць сваімі собскімі сіламі i пры помачы якой яны могуць вызваліцца ад ўсякіх насільнікаў. Беларуская Самаахова прыгатавала грунт для Беларускай Краёвай Абароны.

На заканчэньне хачу дадаць яшчэ сьпісак акруговых старшынь Самапомачы i акруговых рэфэрэнтаў БСА, якія палажылі шмат працы ў справе яе арганізацыі.

Акруга Менск — старшыня Самапомачы сьпярша Саковіч Юльян, пазьней Маракоў, акруговы рэфэрэнт БСА палкоўнік Мірскі Вітаўт i ён жа кіраўнік канцэлярыі Галоўнага рэфэрату.

Акруга Слуцак — старшыня Самапомачы сьпярша Ліхадзіеўскі, пазьней Хіхлуша, акруговы рэфэрэнт БСА — Казлоўскі Уладыслаў.

Акруга Баранавічы — старшыня Самапомачы сьпярша др. Вайтэнка, пазьней судзьдзя Тулейка, акруговы рэфэрэнт БСА — Русак Уладзімер.

Акруга Слонім — старшыня Самапомачы сьпярша Зыбайла Рыгор, пазьней др. Гэньюш Ян, яшчэ пазьней Васіленя Аляксей, рэфэрэнт БСА Дакіневіч Язэп.

Акруга Ліда — старшыня Самапомачы Клімовіч Кастусь, рэфэрэнт БСА — Касацкі Петра.

Акруга Вялейка — старшыня Самапомачы Касяк Кастусь, рэфэрэнт БСА — Калодка Аляксандар.

Акруга Глыбокае — старшыня Самапомачы сьпярша Пнко, пазьней Мядзейка, рэфэрэнт БСА — Лазараў Сымон.

Акруга Наваградак — старшыня Самапомачы Якуцэвіч Павал, рэфэрэнт БСА г— Рагуля Барыс.

Акруга Ганцавічы — старшыня Самапомачы — Сокал-Кутылоўскі Антон, вайсковых рэфэрэнтаў было некалькі, якія часта зьмяняліся адзін за другім.

Апрача вышэй пералічаных прозьвішчаў вялікую заслугу ў арганізацыі БСА мелі гэтаксама і павятовыя старшыні Самапомачы, а таксама i камандзіры паасобных батальёнаў.

Усе самаахоўцы, як афіцэры, так i падафіцэры i стральцы, добраахвотна прыйшлі служыць у БСА i гэтым яны пераканалі ўсіх у сваім патрыятызме i ахвярнасьці ў службе Бацькаўшчыне. Шмат зь ix аддалі жыцьцё ў змаганьні з бандытызмам i сталіся героямі беларускага народу.

Слава ix сьветлай памяці!

Арганізацыя Беларускіх Паліцэйскіх Батальёнаў

49 батальён

У жніўні месяцы 1942 году нямецкія паліцыйныя ўлады ў Менску распачалі арганізацыю беларускага паліцыйнага батальёну, якому далі чарговы нумар чыгуначных батальёнаў 49. У гэтым часе ўжо была зарганізаваная сетка ўладаў Б.С.А., на чале якой, як галоўны камандант, стаяў доктар Ермачэнка. Але немцы не хацелі карыстацца якой-колечы дапамогай беларусаў i ўзяліся за арганізацыю батальёна толькі самі. Заданьне гэтае яны разьвязалі проста. Нямецкі начальнік на Беларусі даў загад нямецкім акруговым начальнікам паліцыі, каб тыя набралі з гары ўстаноўленую колькасьць маладых беларусаў i пераслалі ix у Астрашыцкі Гарадок, які быў вызначаны мейсцам фармаваньня батальёну. Акруговыя начальнікі паліцыі выканалі загад як найсумленьней. Прымусова нахапалі маладых хлапцоў i пад канвоем выслалі ў вызначанае мейсца.

Такім чынам, у кашары ў Астрашыцкім Гарадку нагналі 2.000 чалавек. Але там не было ні аднаго беларускага камандзіра. Уся камандная абсада ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны складалася зь немцаў. Немцы не разумелі ані слова па-беларуску, а беларусы ані слова па-нямецку. Кашары не былі адпаведна падрыхтаваныя да закватэраваньня людзей, кухні ня ўсе былі здатныя да ўжытку.

Мінула крыху часу i пабачылі немцы, што яны не дадуць сабе рады з неарганізаваным натоўпам людзей дзеля галоўным чынам незнаёмасьці іхняе мовы. Бо хоць крычалі на людзей колькі маглі, a людзі не разумелi, чаго яны хочуць. У канцы канцоў немцы пачалі людзей біць. Як рэакцыя на гэта — пачалася дэзэрцыя.

Астрашыцкі Гарадок — гэта невялічкае мястэчка Менскай акругі, пабудаванае сярод лясоў, у якіх было шмат партызанаў. У батальёне было толькі 50 вінтовак, зь якімі людзі не маглі абыходзіцца. Аб гэтым даведаліся партызаны, i адной начы напалі на батальён. Як жаўнеры-беларусы, так i камандзіры-немцы разьбегліся, хто куды мог. На наступны дзень аднак батальён пачаў зьбірацца назад ізноў. Але зь беларусаў у кашары з 2.000 чалавек вярнулася ня больш 800. Каб не паўтарыўся напад, немцы перавялі батальён у Менск. У Менску немцы ўжылі ўсе магчымыя сродкі, каб ня было дэзэрцыі, але толькі чыста паліцыйнага характару. Дарма, што ўсё гэта, дэзэрцыя паўтаралася. Немцы прыйшлі да перакананьня, што трэба зьвярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

У гэтым часе, калі адбываліся вышэй апісаныя сумныя падзеі, у Менску праходзіў 2-гі афіцэрскі курс БСА. Як я ўжо ўспомніў у 2-й частцы гэтых успамінаў, да курсу быў прыстаўлены нямецкі капітан Кумэр. Нямецкі начальнік паліцыі на Беларусі i ўпаўнаважыў капітана Кумэра, каб той зьвярнуўся да мяне з просьбай параіць, якім спосабам можна спыніць дэзэрцыю ў батальёне. Я параіў капітану Кумэру, што адзіны спосаб спыніць дэзэрцыю, гэта прызначэньне ў батальёне камандзіраў-беларусаў, пачынаючы ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны.

На наступны дзень капітан Кумэр сказаў мне, што камандзір паліцыі згадзіўся, каб камандзіры ротаў i зьвязаў былі ў батальёне беларусы i папрасіў мяне, каб я даў на гэтае становішча кандыдатаў. Дзеля таго, што ў мяне не было пад рукою вольных афіцэраў, я i зьвярнуўся да курсантаў з прапановай пайсьці на камандныя становішчы ў 49 батальён. Выпадкі, якія адбываліся ў 49-ым батальёне даходзілі да ведама курсантаў, так што згадзіліся ісьці ў батальён толькі 4 афіцэры.

Капітан Кумэр зараз жа павёў гэтых афіцэраў у штаб батальёну i прадставіў камандзіру. Той вельмі ўсьцешыўся імі i вызначыў ix камандзірамі ротаў. Пасьля прыблізна тыдня часу гэтыя чатыры афіцэры зьявіліся ў мяне i паведамілі, што камандзір батальёну загадаў ім замэльдавацца ў мяне дзеля таго, што яны яму непатрэбныя. Я быў вельмі зьдзіўлены гэтым фактам i запытаўся капітана Кумэра, чаму камандзір батальёну адаслаў гэтых афіцэраў назад. Капітан Кумэр адказаў, што дзяржаўны Камісарыят у Рызе прыслаў на пасаду каманднага складу чужа-нацыянальных паліцыйных батальёнаў эстонскіх афіцэраў, i што 49-ты беларускі паліцыйны батальён гэтым сама абсаджаны эстонскімі афіцэрамі, якія знаюць расейскую мову.

Немцам здавалася, што калі камандзіры патрапяць разгаварыцца з падуладнымі — то справа заладжаная. Аднак, выйшла іначай. Эстонцы, якія гаварылі да стральцоў беларусаў па-расейску, гэтак сама былi для ix чужымі, як i немцы. Дэзэрцыя працягвалася.

У міжчасьсе распачаўся трэці беларускі афіцэрскі курс. Да гэтага курсу былі прыдзеленыя з мэтай перашколеньня i эстонскія афіцэры з 49-га батальёну. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полi. З гэтымі афіцэрамі я блізка пазнаўся. Яны мне гаварылі, што ніяк ня могуць знайсьці зь беларускімі жаўнерамі «общаго языка». Камандзірам батальёну быў падпалкоўнік, апрача яго ў батальёне было некалькі капітанаў i некалькі лейтэнантаў, разам дзесяць чалавек.

Мінула яшчэ тыдні тры, i склад стральцоў у батальёне зьменшыўся да 200 чалавек. Немцы пераканаліся, што эстонцы нічога не памаглі. Тады начальнік нямецкае паліцыі на Беларусі палкоўнік Клепш зьвярнуўся да доктара Ермачэнкі з прапановай, каб у батальён прызначыць зь беларускага боку афіцэра, які б апекаваўся батальёнам, вёў узгадавальную працу ў батальёне i быў лучнікам паміж батальёнам i беларускім грамадзтвам. Апрача таго, палкоўнік Клепш прасіў, каб галоўны рэфэрат БСА папоўніў батальён стральцамі. Доктар Ермачэнка даручыў залагодзіць гэтую справу мне як галоўнаму рэфэрэнту БСА.

На новае становішча згадзіўся пайсьці i паручнік Дзядовіч, курсант другога афіцэрскага курсу. Апрача таго, на ахвотніка пайшлі туды яшчэ два афіцэры. Я распачаў набор новых кандыдатаў у батальён пры помачы акруговых рэфэрэнтаў БСА. Працэдура адбывалася такім парадкам. Акруговыя начальнікі прысылалі партыямі ахвотнікаў у галоўны рэфэрат БСА ў Менск. Я ix прыймаў, пры гэтым праводзіў зь імі высьвятляльныя гутаркі на тэму, чаму яны павінны сумленна выконваць свае абавязкі ў батальёне, а пасьля перадаваў Дзядовічу. Дзядовіч прывозіў ix у батальён i далей ужо імі там апекаваўся. Такім чынам дэзэрцыя зусім спынілася. Эстонскія афіцэры пачалі адзін за адным з батальёну зьнікаць: застаўся толькі адзін эстонец — капітан Цэмэль, i то толькі таму, што нарадзіўся недалёка Менску i ўважаў сябе напалову беларусам. Стан батальёну быў даведзены да 500 чалавек, якія выконвалі вартаўнічую службу ў Менску i ваколіцы. Часамі батальён выяжджаў i на партызанаў, дзе паказаў сябе як баявы батальён з найлепшага боку.

Ня можна тут ня ўспомніць аб адным цікавым факце, які сьведчыць, як немцы адносіліся да прадстаўнікоў іншых нацыяў. Калі Дзядовіч прыступіў да выкананьня сваёй вышэй апісанай функцыі, ён быў перакананы, што атрымае адпаведна высокае i слушна яму належнае штатнае мейсца. Гэтаксама думалі др. Ермачэнка i я. Але мінуў месяц, а Дзядовіч з батальёну ніякае ўзнагароды не атрымаў. Toe самае i на другі месяц. На трэці доктар Ермачэнка паехаў да палкоўніка Клепша, каб высьветліць гэтую справу. Палкоўнік Клепш выдаў загад аб залічэньні Дзядовіча на штат фэльдфэбэля ў 49-ты батальён.

Калі Дзядовіч атрымаў гэты загад, ён вельмі абурыўся дэградацыі сваёй да ступені фэльдфэбэля i падаў мне рапарт, што ён на гэта не згаджаецца i просіць, каб яго звольнілі. Дзеля таго, што ані я, ані доктар Ермачэнка не маглі нічога зрабіць, каб загад Клепша адмяніць, давялося Дзадовіча звольніць ад выкананьня ягоных абавязкаў. Алека над батальёнам перайшла тады на каштана Цэмэля, напалову беларуса, напалову эстонца, які, трэба сказаць, вельмі сумленна выконваў яе аж да часу эвакуацыі зь Менску.

48 батальён

У другой палове 1943 году нямецкія паліцэйскія ўлады пастанавілі зарганізаваць яшчэ тры беларускія паліцэйскія адзінкі: 48 батальён у Слоніме, 60 батальён у Баранавічах i 36 полк ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Да рэалізацыі яны прыступілі, узяўшы пад увагу свае дазнаньні з арганізацыяй 49-га батальёну, вельмі хітра. Клясычным прыкладам нямецкіх дачыненьняў да беларускае вайсковае справы былі падзеі ў Слоніме.

У Слоніме ў гэтым часе вайсковым акруговым рэфэрэнтам быў Язэп Дакіневіч, чалавек вельмі энэргічны, які меў уплыў на мясцовае жыхарства. Вось гэтага Дакіневіча i пастанавілі немцы спрытна выкарыстаць для набраньня ў батальён людзей. Акруговы камісар Слонімскай акругі супольна з нямецкім акруговым начальнікам паліцыі папрасілі аднаго дня ў жніўні 1943 году да сябе спадара Дакіневіча i слонімскага павятовага старшыню спадара Цітовіча, i абвясьцілі ім, што нямецкія ўлады дазваляюць на арганізацыю беларускага войска, i што ў Слоніме мае быць створаны першы батальён, камандзірам якога будзе якраз Дакіневіч. Немцы гаварылі вельмі аўтарытэтна, зьвярталіся да пачуцьця беларускага патрыятызму i ўспаміналі аб новай Эўропе i г.д. Канчаючы гутарку, яны выразілі надзею, што як Дакіневіч, так i ён, Цітовіч, прыкладуць усе стараньні, каб арганізацыя новага батальёну выйшла як найлепей.

Дакіневіч i Цітовіч прынялі ўсё гэта вельмі паважна, цалкам паверыўшы таму, што гаварылі ім высокія прадстаўнікі нямецкай улады. Зараз жа, з ўсім запалам, яны прыступілі да працы. Былі надрукаваныя лістоўкі для ахвотнікаў. У гэтых лістоўках-пакліканьнях прыводзіліся словы, якія хваталі за сэрца кожнага беларуса, як: «Вы паклікаецеся для абароны сваёй Бацькаўшчыны!». Калі гэтыя пакліканьні былі разасланыя па вёсках i ўручаныя прызыўнікам, народ масава рынуў у Слонім.

Дакіневіч прыймаў ахвотнікаў, гаварыў да ix гарачыя прамовы i нястомна заладжваў усе справы па арганізацыі батальёну. Праз некалькі дзён у батальён прыбыло каля 5.000 чалавек, у разоў пяць больш, чымся было наогул патрэбна. Немцы вельмі дзівіліся такому зьявішчу, хвалілі Дакіневіча, i пакрысе пачалі самі брацца за людзей. Лекарская камісія правяла ix вострую кваліфікацыю, шмат звольніла, нарэшце ў батальён было адабрана каля тысячы чалавек, а рэшту адаслалі ў 36 беларускі паліцэйскі полк, які арганізаваўся ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Калі Дакіневіч зарганізаваў батальён, прыбыў камандзір батальёну маёр-немец, а зь ім разам i ўся абсада батальёну — таксама немцы. Дакіневіч застаўся пры батальёне, у ролі як бы прапагандыстага. Немцы праўда, вельмі лічыліся з Дакіневічам, нават называлі яго камандзірам батальёну, бо ведалі, — калі адыйдзець з батальёну Дакіневіч, то i ўвесь батальён разьляціцца, але гэта справы не зьмяняла.

У кастрычніку 1943 году я прыяжджаў на інспэкцыю гэтага батальёну. Батальён прадстаўляўся вельмі добра, быў баёва настроены, выпадкі дэзэрцыі былі вельмі рэдкія. Адно жаданьне, якое мелі жаўнеры — гэта каб камандзіры ў ix былі беларусы. На жаль, гэта залежала не ад нас.

Неўзабаве батальён пачаў хадзіць на акцыю супроць партызанаў. Пад поглядам баёвым ён таксама паказаў сябе з найлепшага боку. I вось у меру таго, як батальён станавіўся што раз мацнейшым, значэньне Дакіневіча ў батальёне немцамі памяншалася. Нарэшце ў сакавіку 1944 году Дакіневіч быў пакліканы на становішча акруговага начальніка БКА. Заняты цалкам новаю працаю, ён амаль зусім адыйшоў ад батальёну. Немцы пачуліся поўнымі панамі становішча. Але заставаліся яны не доўга. З адыходам Дакіневіча спыніўся беларускі ўплыў на жаўнераў. Дух іхны ўпаў, i батальён пачаў распадацца. Прычынай гэтага было i тое, што нямецкае камандваньне батальёнам было вельмі недалужнае.

Мінула крыху часу, i батальён разьбілі партызаны, а недабіткі ягоныя разьдзялілі па іншых паліцыйных частках.

60 батальён

Прыблізна гэткім самым спосабам быў арганізаваны i 60 беларускі паліцыйны батальён у Баранавічах. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у гэтым батальёне спадар Васілевіч, настаўнік па прафэсіі, былы падхаронжы польскай арміі. Дзякуючы выхаваўчай працы Васілевіча, 60 батальён існаваў аж да эвакуацыі зь Беларусі. Наколькі была ў гэтым батальёне высокая нацыянальная сьведамасьць, сьведчыць той факт, што калі я прыехаў на інспэкцыю гэтага батальёну, то стральцы, якія атрымалі вельмі прыгожае нямецкае абмундзіраваньне, катэгарычна прасілі мяне, каб я ўжыў свайго уплыву на немцаў, каб немцы дазволілі нашыць на левым рукаве бела-чырвона-белы сьцяжок. «Мы хочам вонкава выглядаць на беларускіх жаўнераў», — гаварылі мне стральцы.

Немцы доўга ўпіраліся, але нарэшце ўступілі, i жаўнеры з трыумфам насілі сваю нацыянальную беларускую адзнаку. У часе адыходу з Бацькаўшчыны батальён перанёс усе цяжкасьці, зьвязаныя з адступленьнем войска. На тэрыторыі Нямеччыны батальён быў уліты ў брыгаду Зіглінга.

36 Беларускі Паліцыйны Полк

Адначасова з арганізацыяй 48 i 60 батальёну, немцы пачалі арганізоўваць i 36 Беларускі Паліцыйны Полк. Мейсцам арганізацыі была сьпярша мясцовасьць Урэчча Слуцкае акругі.

Полк гэты быў зарганізаваны з надвышкаў 48 i 60 батальёнаў. Людзі, якія туды перасылаліся, былі шчыра ўпэўнены ў тым, што ідуць служыць Бацькаўшчыне. Як пры наборы ў 48 i 60 батальёны, яны трымаліся вельмі добра. Шмат у гэтым палку было людзей з Слуцкае акругі.

Пазьней 36 полк быў пераведзены ў Валожын Вялейскай акругі. Валожын знаходзіўся пры самай Налібоцкай пушчы, так што полк бесьперапынку вёў змаганьне з партызанамі. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у палку капітан Барашкевіч. Капітан Барашкевіч праводзіў таксама набор для папаўненьня палку i быў ягоным маральным правадыром.

У часе эвакуацыі зь Беларусі полк браў удзел у баёх з бальшавікамі, пры гэтым загінуў сьмерцю героя сам капітан Барашкевіч. Недабіткі палку былі ўжо на тэрыторыі Нямеччыны ўключаныя ў склад брыгады Зіглінга.

Арганізацыя 13-га Беларускага Батальёну

Аднойчы ў сьнежні 1942 году зьявіўся ў мяне ў вайсковым рэфэраце кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску гаўптштурмфюрэр Шлегель ды сказаў наступнае: «Я хацеў бы, каб пры СД у Менску быў зарганізаваны беларускі вайсковы аддзел у сіле батальёну, які б пасьля вышкаленьня нёс ахоўную службу ў Менску i апрача таго мог быць ужыты для змаганьня з партызаншчынай. Ці Вы не маглі б узяць на сябе арганізацыю гэтага батальёну?» Я адказаў на гэта Шлегелю, што падумаю й заўтра дам яму адказ.

Магчымасьці арганізацыі батальёну ў мяне былі дзеля таго, што ў маім распараджэньні мелася сетка вайсковых рэфэрэнтаў па ўсёй Беларусі, якія маглі выканаць мой загад. Але, каб зрабіць гэта не самому, a ў паразуменьні з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва, я параіўся ў заступніка старшыні Самапомачы д-а Валькевіча, старшыні Менскага акруговага кіраўніцтва Самапомачы Юльяна Саковіча й іншых. Было пастаноўлена пісьмова прадставіць Шлегелю варункі, на якіх мае арганізоўвацца беларускі батальён. Гэтыя варункі былі апрацаваныя мною й прадстаўленыя супольна з Саковічам Шлегелю.

КАМЭНТАРЫ

[1] Дапаможная паліцыя — маецца на ўвазе паліцыя парадку, якая фармавалася зь мясцовага насельніцтва, савецкіх ваеннапалонных i перамешчаных асобаў зь іншых краін. Падпарадкоўвалася начальніку паліцыі парадку Беларусі, які ў сваю чаргу быў падначалены вышэйшаму начальніку CC i паліцыі Расеі — «Цэнтр». Складалася з паліцэйскіх участкаў (200-300 чалавек на раён) i паліцэйскіх ахоўных (Schutzmannschaft) батальёнаў. У адносінах да мясцовага насельніцтва карысталася ўсімі правамі нямецкай паліцыі. Адносіны зь немцамі рэгуляваліся асобнымі абмежаваньнямі: супрацоўнікі ахоўнай паліцыі ня мелі права арыштоўваць немцаў, ці праводзіць у ix ператрус. Такія дзеяньні былі магчымыя толькі ў прысутнасьці нямецкіх чыноўнікаў.

[2] Тумаш Вітаўт, нарадзіўся 20 сьнежня 1910 г., доктар мэдыцыны. У ліпені-кастрычніку 1941 г. выконваў абавязкі бурміста (старшыні) горада Менска. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША. Гісторык (псэўданім Сымон Брага), вядомы скарыназнаўца, аўтар грунтоўнага бібліяграфічнага даведніка «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны» i многіх дасьледаваньняў.

[3] Касмовіч Дзьмітры, нарадзіўся 21.09.1909 г. у Нясьвіжы, памёр 23.04.1991 г. у Штутгардзе.

[4] Пугачоў Міхась (1904—?), старшы лейтэнант Чырвонай Арміі. Служыў у паліцыі ў г. Менску. Быў начальнікам страявой часткі паліцэйскай школы. У сакавіку-чэрвені 1944 г. — начальнік Менскай акругі БКА. Пастановай прэзыдэнта БЦР Р.Астроўскага ад 5 красавіка 1944 г. атрымаў ранг капітана. Пасьля вайны жыў на эміграцыі.

[5] Паліцыя парадку (Ordnungdientst) складалася зь мясцовай дапаможнай паліцыі i нямецкай жандармэрыі. У ліпені 1941 г. у Менску з савецкіх ваеннапалонных украінцаў быў створаны паліцэйскі батальён службы парадку колькасцю 910 чалавек, які выконваў у асноўным ахоўныя функцыі. На 1 кастрычніка 1941 г. менская гарадзкая паліцыя пад нямецкім камандваньнем налічвала 382 чалавекі, якія былі размеркаваныя па пяці паліцэйскіх участках. У акругах ствараліся гарадзкія i валасныя паліцэйскія ўчасткі. У кожным раёне — жандарскія пасты, узмоцненыя паліцэйскімі аховы, i ад 3 да 5 паліцэйскіх пастоў, якімі камандаваў начальнік раённай паліцыі. На тэрыторыі Генэральнай Акругі Беларусь было створана 10 жандарскіх акругаў, падзеленых на тры галоўныя каманды жандармэрый: Менск, Баранавічы, Вілейка.

На 10 красавіка 1943 г. у Беларусі налічвалася 55 жандарскіх пастоў, узмоцненых мясцовымі паліцэйскімі, i 72 паліцэйскія пасты пад нямецкім кіраўніцтвам. Агульная колькасьць мясцовых паліцэйскіх складала на гэты час 6580 чалавек. Кіраваў службай парадку Беларусі палкоўнік паліцыі Клепш. Гарадзкія i сельскія паліцэйскія насілі былую форму CC i белыя нарукаўныя павязкі (адменены ў 1942 г.). Украінскія i беларускія батальёны мелі зьмененую латыскую, а з 1943 г. — старую нямецкую паліцэйскую форму зялёнага колеру.

[6] Саковіч Юльян (?—1943), начальнік Менскай паліцыі, працаваў у БСА. Забіты партызанамі ў Лідзкай акрузе.

[7] Патрабаваньні аб стварэньні нейкай бачнасьці беларускай дзяржаўнасьці, беларускай паліцыі, беларускага войска, абяцаньняў нямецкіх уладаў наконт будучыні Беларусі паступалі ад калябарантаў ужо з восені 1941 г. Асаблівыя надзеі яны ўскладалі на візыт у Беларусь рэйхсміністра Усходніх земляў А.Розэнбэрга (Гл. Нёман, 1994, 4. С.176-178).

[8] Ермачэнка Іван (1.5.1994 — 25.2.1970). Нарадзіўся ў в. Капчаўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, затым афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, атрымаў чын палкоўніка. Быў ад’ютантам генэрала Урангеля. З 1920 г. консул ураду БНР у Канстантынопалі. З 1922 г. у Празе. У 1929 г. атрымаў мэдычную адукацыю, працаваў лекарам, займаўся палітычнай дзейнасьцю. З 1938 г. прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША.

[9] Зьезд акруговых кіраўнікоў БНС адбыўся 7 ліпеня 1942 г. у Баранавічах. Прысутнічала больш за 200 прадстаўнікоў Баранавіцкай, Лідзкай, Слонімскай, Ганцавіцкай i Наваградзкай акругаў. Выступаючы на зьезьдзе, гаўляйтар Вільгэльм Кубэ адзначыў, што «настаў час, калі на беларускіх землях беларускі народ сам павінен наладжваць сваё жыцьцё…». Пасьля гэтага, 12 ліпеня 1941 г. нямецкія ўлады далі дазвол на стварэньне БСА. А 14-16 ліпеня ў г. Менску ўжо адбыўся зьезд акруговых кіраўнікоў БНС, на якім абмяркоўваліся пытаньні арганізацыі БСА.

[10] 24 жніўня 1942 г. Юльян Саковіч зьвярнуўся ў Генэральны Камісарыят па дазвол на падрыхтоўку пячаткі для БСА i ўжо праз чатыры дні атрымаў ляканічны адказ за подпісам начальніка палітычнага аддзелу доктара Юрды: «Прыгатаваньне пячаткі для каманданта Беларускай Самааховы забараняецца. Я маю повад ясна паказаць Вам на тое, што пасады «Галоўны камандант Беларускай Самааховы» німа. У адносінах набору добраахвотнікаў у БСА Галоўнаму Кіраўніцтву ў БНС даручана, каб галоўнае камандваньне ў фармаваньні адзінак БСА кіравалася ўказаньнямі палітычных устаноў. Асобнае камандваньне пры гэтым не прадугледжана. Па даручэньню — Юрда».

[11] Зьезд БНС адбыўся 1 лістапада 1942 г. Ён быў прысьвечаны першай гадавіне БНС. На зьездзе канстатавалася, што БНС перарасла рамкі дзейнасьці, прадугледжанай статутам, гучалі прапановы аб пераглядзе статута БНС, аб дазволе займацца палітычнай дзейнасьцю (гл. Нёман, 1994. 4. С.182).

[12] На нарадзе ў Генэральным Камісарыяце ў красавіку 1943 г. палкоўнік Клепш наступным чынам тлумачыў неабходнасьць роспуску БСА: «Спроба стварыць самаахову зь беларусаў-добраахвотнікаў, каб яны незалежна ад сваёй працы ў выпадку неабходнасьці несьлі ўзброеную службу, правалілася па некалькіх прычынах. Па-першае, ня гледзячы на мноства спроб, немагчыма было атрымаць ад Вэрмахта неабходнай колькасьці трафэйнай зброі. Па-другое, бяззбройныя абаронцы i ix сем’i пастаянна падвяргаліся нападам i тэрору з боку банд, як толькі апошнія даведваліся аб стварэньні самааховы. Па-трэцяе, гэтыя людзі, за рэдкім выключэньнем, аказаліся ненадзейнымі, паколькі лёгка паддаваліся варожай прапагандзе i сымпатызавалі праціўніку. Мелі месца выпадкі, калі колькасна буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі i аўтаматычнай зброяй, пераходзілі на бок бандытаў. Да таго ж праведзеная Беларускай самапомаччу мабілізацыя людзей у Беларускую самаахову была зьдзейсненая ня згодна з адпаведнымі ўмовамі i, у рэшце рэшт, была даручана жандармэрыі».

Аляксей Ліцьвін


Варункi былi наступныя:

1) Камандзiр батальёну i ўсе нiжэйшыя камандзiры – беларусы. 2) Каманднай i службовай мовай у батальёне – беларуская. 3) Кандыдатаў на камандзiраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы. 4) Маральную апеку над батальёнам i прапаганду маюць беларусы. 5) Узбраеньне, абмундзiраваньне i выжывеньне нямецкае, паводле нямецкiх вайсковых нормаў. 6) Адзнакi на мундзiрах павiны быць аднак беларускiя, на шапках Пагонi, а бел-чырвона-белыя сьцяжкi на левым рукаве. 7) Батальён можа быць ужыты толькi на Беларусi й толькi супроць ворагаў беларускага народу бальшавiцкiх партызанаў.

Калi Шлегель прачытаў гэтыя варункi, ён сказаў, што на ўсё згаджаецца, апрача таго толькi, што камандзiр батальёну павiнен быць беларус. Усе iншыя камандзiры, сказаў ён, будуць беларусы, але камандзiр батальёну павiнен быць немец. Калi я i Саковiч адказалi, што мы згаджаемся на гэтую зьмену, калi iнакш ня можна, то Шлегель сказаў: “Калi так, дык я ў вашай прысутнасьцi падпiсваюся пад вашымi варункамi”. “А цяпер, падпiсаўшы паперу, зьвярнуўся ён да мяне, – жадаю вам удачы ў арганiзацыi новага беларускага батальёну”.

На наступны дзень я выехаў у вакругi, каб на месцы паразумецца з акруговымi рэфэрэнтамi БСА i кiраўнiкамi Самапомачы. Як тыя, так i другiя пайшлi мне цалкам на руку. Запэў-нiўшы пэўную колькасьць добраахвотнiкаў з кожнае акругi, я вярнуўся ў Менск i пачаў чакаць iхнага прыбыцьця.

У пачатку лютага 1943 г. добраахвотнiкi пачалi прыбываць. Немцы далi мне сапраўды быццам цалкам свабодную руку ў арганiзацыi батальёну. Iз афiцэраў прыбылi ў батальён падлейтэнант Мазур, падлейтэнант Орсiч, лейтэнанты Мялешка, Дрозд, Мохарт, Калька, Бандык i пазьней Iванiцкi. Камандзiрамi ротаў былi вызначаныя Мазур i Орсiч. У першай палове сакавiка батальён быў гатовы. Складаўся ён з дзьвюх ротаў па 200 чалавек у кожнай. Калi батальён быў зааргнiзаваны, прапагандыстам прызначылi на маю прапанову лейтэнанта Чабатарэвiча.

Батальён гэты быў добра абмундзiраваны й знаходзiўся на ваенным харчаваньнi. Справа ўзгадаваньня жаўнераў была пастаўленая вельмi высока. Усё беларускае грамадзянства зьвяртала на батальён вялiкую ўвагу, для батальёну ладзiлiся тэатральныя паказы, вечарыны й iншае. Саюз моладзi з свайго боку даваў для жаўнераў аматарскiя паказы. Адным словам, гэта быў узорны вайсковы аддзел – улюбёнец беларускага грамадзянства.

У маi 1943 году батальён пайшоў у вакцыю супроць парты-занаў. У вакцыi як камандзiры, так i стральцы паказалi сябе з найлепшага боку. Пасьля колькiтыднёвай акцыi батальён вярнуўся ў Менск. Камандзiр батальёну немец i iншыя немцы вельмi хвалiлi нашых стральцоў i камандзiраў. У часе акцыi былi ахвяры сярод сральцоў i падафiцэраў. Гэтыя ахвяры вельмi ўрачыста былi пахаваныя ў Менску пры ўдзеле беларускага грамадзянства й немцаў. Адным словам, батальён цалкам здаў эгзамен i мы спадзявалiся, што атрымаем дазвол на арганiзацыю далейшых беларускiх батальёнаў.

У гэтым самым часе, калi здавалася, што ўсё на як найлепшай дарозе, пачалi здарацца канфлiкты памiж камандзiрам батальёну – немцам i нашымi афiцэрамi. Я, як апякун гэтага батальёну, мусiў выступаць пры кожным канфлiкце як пасярэднiк памiж камандзiрам батальёну й нашымi афiцэрамi.

Прычыны для канфлiкту галоўным чынам былi дзьве: адна тая, што немцы папрыдзялялi да ротаў сваiх падафiцэраў, якiя называлiся шэфамi ротаў i iнструктарамi. Вось гэтыя шэфы ротаў i пачалi ўваходзiць у кампэтэнцыi камандзiраў ротаў i зьвязаў. Нашыя афiцэры не хацелi зрачыся сваiх правоў i прывiлеяў камандзiраў на карысьць нямецкiх падафiцэраў. Iзноў нямецкiя падафiцэры пры кожным асаджэньнi iх, у выпадку, калi яны мяшалiся ў правы нашых камандзiраў, жалiлiся камандзiру батальёну. Немец, камандзiр батальёну, заўсёды прымаў бок сваiх нямецкiх падафiцэраў i нападаў на афiцэраў беларусаў, хоць бы яны мелi стопрацэнтовую рацыю. Нашыя афiцэры ў такiм выпадку адклiкалiся да мяне.

Другая прычына канфлiкту была тая, што на ўсiх гаспадарскiх функцыях у батальёне стаялi нямецкiя падафiцэры, якiя абкрадалi нашых жаўнераў. Я асабiста сцьвердзiў некалькi раз крадзеж нямецкiмi падафiцэрамi харчоў, аб чым дакладваў нямецкiм вышэйшым уладам. З гэтай прычыны камандзiр батальёну меў частыя няпрыемнасьцi й канфлiкт гэты памiж iм i намi што раз больш паглыбляўся. Найбольш няўступлiвым быў камандзiр 2-гой роты падлейтэнант Мазур, шчыры беларус, чалавек вельмi амбiтны i iмпульсыйны.

Камандзiр батальёну прасiў мяне, каб я адклiкаў Мазура й даў на ягонае мейсца iншага афiцэра. Аднак я просьбы ягонай здаволiць ня мог iз прынцыпу. Праз некаторы час каман-дзiр батальёну паведамiў мне, што Мазур высылаецца ў афiцэрскую школу ў Бэрлiн на перашкаленьне. Такi зварот у дачыненьнi да Мазура мяне вельмi зьдзiвiў, аднак я гэтаму паверыў. Хутка Мазур “быў высланы ў Бэрлiн”. Перад ад’ездам ён пайшоў у СД па дакумэнты: i як увайшоў у будынак СД, так з таго моманту нiхто яго больш ня бачыў. Тыднi прыблiзна праз два пасьля гэтага выпадку камандзiр батальёну паведамiў афiцэрам батальёну, што Мазур быў забiты ў часе бамбардаваньня Потсдаму, дзе знаходзiлася ягоная школа, але, як вядома, Потсдам нiколi ня быў бамбардаваны, i сьмерць Мазура засталася загадкай.

Усё лета 1943 году батальён прымаў удзел у вакцыях. Былi ахвяры ў людзях, але батальён стаўся нязвычайна баёвай адзiн-кай. У восенi таго году яго папоўнiла рота, якая была створаная пры СД у Вялейцы пад камандаваньнем камандзiра гэтае роты лейтэнанта Качана Аркадзiя. Апрача таго, з Глыбоцкае акругi прыбыло каля 150 чалавек на чале з лейтэнантам Якубёнкам. Гэтай жа восеняй батальён быў пераведзяны з Менску ў Вялейку. Тут батальён яшчэ папоўнiўся аддзеламi, якiя былi зарганiзаваныя пры iншых СД на Беларусi. Такiм чынам у Вялейцы батальён разгарнуўся ў вялiкую адзiнку ў складзе каля тысячы чалавек. Афiцэрскi склад батальёну быў наступны: надлейтэнант Орсiч, лейтэнанты Мялешка, Бандык, Дрозд, Калька, Iванiцкi, Качан, Якубёнак, Бобка, Мохарт, Сасукевiч, Кушнеровiч, Клiнцэвiч. У Вялейцы батальён атрымаў нумар 13 i афiцыйна называўся 13-ты Беларускi Палiцыйны Батальён пры СД. Беларусы звычайна называлi яго батальёнам СС. Пасьля кароткага збiраньня батальёну ў вадну цэласьць, невялiкiя часткi батальёну, звычайна ня больш зьвязу, былi паразсыпаныя па акруговых СД, дзе несьлi ахоўную службу. Большая частка батальёну засталася ў Вялейцы й усьцяж прымала ўдзел у супроцьпартызанскiх акцыях. Гэтак сама бралi ўдзел у супроцьпартызанскiх акцыях i зьвязы, якiя знаходзiлiся пры акруговых СД. Камандзiрам аднаго зьвязу, выдзеленага iз 13-га батальёну, быў лейтэнант Мялешка, якi выконваў службу ў Лiдзе. Вось гэты самы лейтэнант Мялешка, вельмi вартасны афiцэр, згiнуў сьмерцяй героя пры вельмi цiкавых абставiнах.

У студзенi 1944 году акруговы начальнiк нямецкае палiцыi ў Лiдзе хацеў правесьцi акцыю супроць партызанаў. З гэтай мэтай ён папоўнiў зьвяз, якiм камандаваў Мялешка, рознай зьберанiнай, як ОТ, палiцыя, урадаўцы з гэбiтскамiсарыяту й iнш. Сабралася досыць вялiкая група людзей, якой i меў камандаваць у часе акцыi Мялешка. Кiляметраў прыблiзна за дзесяць ад Лiды стаяла нямецкая рота, якая сама мела ўзяць удзел у акцыi. Нямецкi камандзiр абудвух аддзелаў не паведамiў дакладна камандзiру роты, калi i зь якога кiрунку прыбу-дзе аддзел iз Лiды, каб злучыцца з ротай для супольнай акцыi. Затое той атрымаў ад ранiцы паведамленьне ад свае варты, што да вёскi наблiжаецца падазроны аддзел. Камандзiр роты выйшаў на скрай вёскi й пачаў праз бiнокль наглядаць падозраны аддзел. Калi ён пiльна прыгледзiўся, дык пабачыў узброеных людзей у розных вопратках. ОТ насiла вопраткi, калёрам падобныя да польскага вайсковага абмундзiраваньня, а дзеля таго, што ў Лiдчыне было шмат польскiх партызанаў, то ня дзiва, што камандзiр роты палiчыў незнаёмы аддзел за польскiх партызанаў i, падпусьцiўшы на адпаведную адлегласьць, скамандваў роце адкрыць агонь. На чале аддзелу адважна крочыў лейтэнант Мялешка, i ён жа першы быў цяжка паранены. Жаўнер, якi пасьпяшаўся на помач свайму улюбёнаму камандзiру, быў забiты. Непаразуменьне хутка высьвятлiлася, але Мялешка тут жа памёр. Такiм недарэчным чынам згiнуў наш адважны, малады афiцэр, якi падаваў найлепшыя надзеi.

Большасьць батальёну знаходзiлася стала ў Вялейцы. Тут ён вельмi часта прымаў удзел у супроцьпартызанскiх акцыях. Аднак камандзiр батальёну, немец, вельмi тэндэнцыйна ставiўся да нашых афiцэраў. Значэньня беларускiх афiцэраў ён увесь час стараўся зьвесьцi да нуля, супроцьстаўляючы iм нямецкiх падафiцэраў. Гэткiя адносiны давялi да адкрытага бунту нашых афiцэраў пры наступных абставiнах.

Начальнiк Вялейскага СД обэрштурмфюрэр Гравэ наехаў на мiну i быў забiты. На пахаваньне Гравэ прыгатавалася iсьцi й рота беларускага батальёну. Камандзiр гэтае роты лейтэнант Бандык выстраiў яе i, калi прыйшоў да роты камандзiр батальёну, здаў таму рапарт. Але камандзiр батальёну загадаў Бандыку ўступiць у строй, а камандаваньне ротай перадаў падафiцэру немцу. Бандык у строй не ўступiў. Бачучы гэта, камандзiры зьвязаў лейтэнанты гэтаксама выступiлi iз строю й далучылiся да Бандыка. Ротай камандаваў нямецкi падафiцэр, а нашыя афiцэры на пахаваньнi былi прысутныя асобнай групай, прыватна. Гэты ўчынак Бандыка й ягоных афiцэраў камандзiр батальёну палiчыў за адкрыты бунт, прыгразiў iм палявым судом i напiсаў адпаведны рапарт начальнiку СД Беларусi ў Менску.

На другi дзень пасьля гэтага iнцыдэнту я прыехаў у Вялейку на iнспэкцыю батальёнаў БКА. Лейтэнант Бандык зьявiў-ся да мяне iз сваiмi афiцэрамi й расказаў аб iнцыдэнце. Я неадкладна напiсаў адпаведны рапарт Прэзыдэнту БЦР i прасiў Прэзыдэнта зьвярнуцца па гэтай справе да начальнiка СД. Прэзыдэнт iнтэрвэньяваў i ў рэшце рэштаў нашым афiцэрам была прызнаная слушнасьць. Камандзiр батальёну сказаў Бандыку, што ён пагарачыўся, але адносiны памiж iмi яшчэ пагоршылiся.

У гэтым самым часе адзiн зьвяз 13-га батальёну стаяў у Глыбокiм. Камандзiрам гэтага зьвязу быў надлейтэнант Орсiч, адзiн з найвыдатнейшых афiцэраў батальёну. Орсiч меў ня толькi выдатныя камандзiрскiя здольнасьцi, але й быў чалавекам уплывовым, духовым правадыром афiцэраў i стральцоў батальёну. Ягоны зьвяз праводзiў вучэбнае вострае страляньне зь мiнамёту. Адна мiна ўзарвалася ў мiнамёце, так што ўсе людзi, якiя знаходзiлiся блiзка, былi цяжка параненыя. Быў цяжка паранены i надлейтэнант Орсiч. Асколак прабiў яму лёгкiя навылёт. Калi я наведаў яго ў лязарэце, стан ягоны быў амаль безнадзейны, хаця ў гэты мамэнт, па чутках, ён паправiў-ся i знаходзiцца ў лязарэце ў Баварыi на вылячэньнi.

У канцы чэрвеня 1944 г. распачалася эвакуацыя з Беларусi. 13-ты батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкiм войскам. Па дарозе далучалiся да яго часткi, якiя былi ад батальёну аддзеленыя. Адносiны памiж камандзiрам батальёну немцам i нашымi афiцэрамi што раз горшалi i зрабiлiся нарэшце немагчымымi. Нямецкiя афiцэры былi поўнымi панамi палажэньня ў ротах. Гэты стан давёў да распачлiвага кроку нашых афiцэраў. У Аўгустове на пастою лейтэнант Бандык заалярмаваў сваю роту. Да роты далучылiся афiцэры Iванiцкi, Дрозд i Мохарт i пад камандай Бандыка адлучылiся ад батальёну й пайшлi ў лес. Такiм чынам 150 стральцоў i 4-х афiцэраў ад батальёну адпала. Пасьля гэтага факту камандзiр батальёну сабраў рэшту афiцэраў i накiраваў iх у РОА. Лейтэнанты Сасукевiч, Кушнеровiч i Клiнцэвiч замест РОА прыехалi ў Бэрлiн у БЦР, дзе й былi прыдзеляныя да 1-га Кадравага Беларускага Батальёну.

Афiцэры, якiя пакiнулi батальён у Аўгустове, ня мелi намеру здрадзiць. Да гэтага распачлiвага кроку яны былi вымушаныя толькi неадпаведнымi адносiнамi да iх немцаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што два афiцэры, лейтэнант Дрозд i Мохарт, пакiнуўшы батальён, далучылiся да калёны ўцекачоў i разам з калёнай адступiлi ў Нямеччыну. Калi даведаўся аб гэтым камандзiр батальёну, то паслаў патруль, зложаны з немцаў, каб арыштаваць Дразда й Мохарта. Патруль прыбыў у калёну, забраў лейтэнанта Дразда й Мохарта, i, адвёўшы iх ад калёны, на вачох бежанцоў, абодвух застрэлiў. Кажуць, што быццам лейтэнант Мохарт быў толькi паранены й уцёк. Цi гэта праўда, ня ведама.

Калi лейтэнант Сасукевiч i iншыя прыбылi ў БЦР i расказалi аб гэтых падзеях, я неадкладна паехаў на месца пастою батальёну, каб праверыць усё на мейсцы. Было гэта ў кастрычнiку 1944 г. Частка батальёну стаяла ў мясцовасьцi Альбрэтс-дорф каля Брандбэргу. Гэта была толькi адна рота. Камандзiр гэтае роты гаўптштурмфюрэр немец вельмi ўсцешыўся з майго прыезду, бо трэба было падняць настрой у людзей, якi быў вельмi ўпаў. У гутарцы са мною камандзiр батальёну на мае запытаньнi, чаму гэтак здарылася, што нашых афiцэраў няма ў батальёне, даў вельмi неясны адказ. Ён абвiнавацiў нашых афiцэраў у тым, што яны не хацелi падпарадкавацца нямецкiм падафiцэрам. Камандзiр батальёну загадаў сабраць усiх людзей, каб я мог зь iмi гаварыць. Калi я пачаў гаварыць зь людзьмi, то сьцьвердзiў сапраўды благi настрой у iх. Першае, на што мне жалiлiся стральцы, гэта на адсутнасьць пры iх сваiх афiцэраў. “Мы жадаем, казалi мне стральцы, каб БЦР прылажыла ўсiх стараньняў, каб нашыя афiцэры вярнулiся да нас”.

У гэтым часе ў батальёне было яшчэ каля 600 чалавек, але людзi былi падзеленыя на адзiнкi й раскiнутыя па ўсёй Нямеччыне: 1 рота ў Лебрэхсдорфе – 85 чалавек; 1 рота ў Нiхачове – 89 чалавек; 2 роты ў Лесляў – 260 чалавек; 1 рота ў Трыесьце – 112 чалавек; 1 зьвяз у Бэрлiне – 21 чалавек.

Арганiзацыя Чыгуначнага Беларускага Батальёну

У канцы верасня 1942 г. дырэкцыя чыгункi ў Менску зьвярнулася праз Гэнэральны Камiсарыят Беларусi да доктара Ярмачэнкi, як да галоўнага Каманданта БСА з запытаньнем цi мог бы ён зарганiзаваць беларускi батальён для аховы чыгункi. Варункi, якiя дырэкцыя паставiла для батальёну, былi, з беларускага пункту гледзiшча, вельмi дагодныя. Як камандзiр батальёну, так i ўсе камандзiры мелiся быць беларусы, каманды беларускiя й iншае. Доктар Ярмачэнка згадзiўся зарганiзаваць батальён.

Згадзiўшыся зарганiзаваць чыгуначны батальён, ён пачаў раiцца са мной, як канкрэтна прыступiць да рэалiзацыi прынятага на сябе абавязку. У гэтым часе зарганiзаваць батальён было не цяжка, дзеля таго, што iснавала сетка для паклiканьня БСА, былi перашколеныя два афiцэрскiя й падафiцэрскiя курсы, так што кадра была гатовая, а дзеля таго, што для БСА ячшэ ня было зброi, то набор кадры й людзей не прадстаўляў цяжкасьцi. На камандзiра батальёну д-р Ярмачэнка пачаў прасiць мяне, пераконваючы прыняць на сябе гэтую функцыю з адначасовым выконваньнем абавязкаў галоўнага рэфэрэнта, прынаймся на час арганiзацыi. Я на гэта згадзiўся.

Аднэй нядзелi д-р Ярмачэнка запрасiў мяне да сябе на прыватную кватэру. Калi я прыйшоў туды, там знаходзiлiся ўжо два прадстаўнiкi з аховы чыгункi на Беларусi. Адзiн зь iх па прозьвiшчу Штрымкэ, прадставiўся мне, як камандзiр чыгуначнай аховы. Ярмачэнка прадставiў мяне, як камандзiра чыгуначнага беларускага батальёну. Мэтай нашага сходу было абгаварыць ужо самую тэхнiку арганiзацыi батальёну. Пры гэтай гутарцы немцы былi вельмi ўступлiвымi. Усе варункi, якiя мы iм паставiлi, яны прынялi, так што д-р Ярмачэнка й я, будучы вельмi задаволенымi вынiкам размоваў, пастанавiлi на наступны дзень выехаць у акругi, каб на месцы даць указаньнi акруговым вайсковым рэфэрэнтам аб вярбоўцы дабраахвотнiкаў у чыгуначны батальён. Па дарозе мы затрымоўвалiся ў тых мясцовасьцях, у якiх мелi быць закватэраваныя аддзелы батальёну i аглядалi прыгатаваныя немцамi казармы.

Пры перамовах iз Штрымкэ было ўстаноўленае наступнае: разьмяшчэньне батальёну: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўп-цах, 1 рота ў Баранавiчах, 1 рота ў Лiдзе i 1 рота ў Крулеўшчыне, Глыбоцкае акругi. Апрача таго, у Менску мелася быць арганiзаваная падафiцэрская школа для прыгатаўленьня падафiцэраў чыгуначнай аховы. Разам патрэбна было набрацца 800 чалавек. Кожная зарганiзаваная рота павiнна была прайсьцi 4-х тыднёвае перашкаленьне, пасьля чаго магла ўжывацца да службы на чыгунцы.

Не задоўга пасьля нашага звароту з аб’езду пачалi прыбываць ахвотнiкi. Першая партыя прыбыла ў Менск са Слонiмшчыны, дзе й пачалася арганiзоўвацца першая рота. Камандзiрам роты ў Менску быў вызначаны лейтэнант Чайкоўскi Дзiмiтры. Чайкоўскi выказаў у арганiзацыi роты шмат энэргii й iнiцыятывы, ягоная рота ў пачатку сьнежня 1942 году пры-ступiла да нармальнага вышкаленьня. У сьлед за Менскай ротай пачала арганiзоўвацца рота ў Баранавiчах. Камандзiрам роты ў Баранавiчах быў вызначаны лейтэнант Барбарыч. Наагул, арганiзацыя чыгуначнага батальёну пайшла вельмi спраў-на.

Калi аб гэтым пераканалiся немцы, то адносiны iх да нас грунтоўна зьмянiлiся. Iхная першапачатковая ўступлiвасьць зьмянiлася на неўступлiвасьць. Першае, што яны нам аб’явiлi, гэта тое, што чыгуначная дырэкцыя не згадзiлася, каб камандзiрам батальёну быў беларус i што камандзiр батальёну бу-дзе вызначаны Штрымкэ, а зь беларускага боку iм патрэбны толькi афiцэр для сувязi. Д-р Ярмачэнка на гэта згадзiўся. Афiцэрам для сувязi быў вызначаны Мiкула Вiталь. Над самiм д-рам Ярмачэнкам яны сыгралi проста злосную шутку.

На самым пачатку арганiзацыi Менскай роты, яны да-зволiлi Ярмачэнцы ўзяць дзесяць абмундыраваных людзей для сваёй асабiстай аховы. Людзi былi ўзятыя. Узбраеньне яны атрымалi з запасаў БСА, так што пры ўваходзе ў Галоўнае кiраўнiцтва самапомачы, стаяў узброены жаўнер. Калi прыхо-дзiў iнтарэсант, то ён накiроўваўся вартаўнiком на вартоўню, дзе мусiў атрымаць пропуск на права ўваходу ў якую-небудзь канцылярыю. Але ня доўга давялося Ярмачэнку цешыцца вайсковай аховай. Прыблiзна ў тым самым часе, калi немцам стаў-ся непатрэбным камандзiр батальёну беларус, Штрымкэ заявiў д-ру Ярмачэнку, што ён мусiць забраць ад аховы абмундзiраваньне, бо няможна праўна апраўдаць ягоную выдачу. Ярмачэнка мусiў на гэтае згадзiцца, але жаўнеры не згадзiлiся трымаць пры iм ахову без абмундзiраваньня i пайшлi ў роту. Ярмачэнка застаўся без аховы.

У студзенi 1943 году зарганiзавалася рота ў Лiдзе. Камандзiрам гэтай роты быў вызначаны лейтэнант Сажыч Язэп.

Тым часам Менская рота скончыла свой курс перашколеньня й была разьдзеляная групамi на асобныя станцыi для аховы чыгункi. Групы гэтыя былi больш-менш у сiле аднаго зьвязку, якiя знаходзiлiся на вузлавых станцыях i неслi ахову на пэўных чыгуначных адрэзках. Такiм чынам, адна група была адпраўленая ў Полацак пад камандай лейтэнанта Маслава, адна група ў Унечу пад Арлом i адна група засталася ў Менску. На мейсца выбыўшых людзей у Менскую роту пачалi набiрацца новыя кандыдаты.

Баранавiцкая рота мела вялiкiя цяжкасьцi матар’яльнага характару. Галоўным недахопам была нестача абутку. У часе майго пабыту ў Баранавiчах камандзiр роты лейтэнант Барбарыч жалiўся мне, што 50% людзей ня ходзяць на практычныя заняткi, бо мусяць босыя сядзець у казарме. Але напалову зь бядой i гэтая рота скончыла курс перашколеньня й была разьдзеляная групамi й накiраваная на Палесьсе. Адна моцная група знаходзiлася ў Калiнкавiчах i вяла бязупыннае змаганьне з партызанамi, якiя знаходзiлiся ў палескiх лясах. Апошняй ротай, якая скончыла перашколеньня, была рота Лiдзкая, якая гэтак сама была разьдзеляная групамi на паасобныя адрэзкi чыгунак.

Да вясны 1943 году было набрана ў батальёны разам з тымi, што былi перашколеныя i нясьлi службу на чыгунках iз новабранымi ў Баранавiчах i Менску – каля 1000 чалавек. Усе чыгункi на Беларусi ад Арла да Берасьця й ад Полацку да Калiнкавiч ахоўвалася беларусамi. Людзi вельмi сумленна, нават ахвярна выконвалi свае абавязкi, верачы, што яны служаць сваёй Бацькаўшчыне. Шмат зь iх аддалi свае жыццё, стоячы на пастох у часе бамбардаваньняў i ў змаганьнi з партызанамi. У гэтым самым часе немцы пачалi выцiскаць нашых афiцэраў з камандных становiшчаў i замяняць iх сваiмi падафiцэрамi. Усе мае й д-ра Ярмачэнкi iнтэрвэнцыi ў гэтым кiрунку ня мелi нiякага вынiку. Прадстаўнiкi нямецкiх чыгуначных палiцыйных уладаў згадзiлiся з намi ў гутарцы, аднак пасьлядоўна рабiлi сваю працу. Афiцэры з большай амбiцыяй самi выходзiлi са службы. Такiм чынам, былi выцiснутыя са службы Барбарыч, Чайкоўскi, Сажыч i iнш., а Мiкула, пабачыўшы нямецкую палiтыку адносна нашых камандзiраў, кiнуў сваё становiшча афiцэра для сувязi i паехаў у Несьвiж на настаўнiка нямецкае мовы ў настаўнiцкую семiнарыю. Месца ягонае заняў Чайкоўскi, але таксама ня доўга на iм застаўся.

“Беларусы зрабiлi сваю справу, беларусы могуць адыйсьцi”.

Пасьля вялiкiх цяжкасьцяў мне ўдалося пераканаць Штрымкэ аб неабходнасьцi пакiнуць пры батальёне хоць аднаго беларускага афiцэра, як прапагандыстага. На гэтае становiшча, не без адпору, згадзiўся Сажыч Язэп. Атрымаў ён тытул кампанiфюрэра i на гэтым становiшчы заставаўся аж да эвакуацыi Беларусi. Мейсцам ягонага ўрадаваньня былi Баранавiчы.

Адносiны немцаў да людзей былi вельмi благiя. Нямецкiя падафiцэры бiлi iх, акрадалi iхны паёк i т.п. Дзякуючы такiм адносiнам, шмат падафiцэраў звольнiлiся лягальна, а некаторыя, разжаленыя, дэзэртыравалi з батальёну. Мiма ўсяго, дзякуючы працы Сажыча, батальён захаваўся й сумленна выконваў свае абавязкi датуль, покуль не адыйшоў апошннi нямецкi цягнiк зь Беларусi.

Пасьля эвакуацыi з Беларусi, батальён быў эвакуаваны ў Надрэнiю. Тут людзi батальёну былi ўжытыя, як працоўная сiла на чыгунках Надрэнii. Частка трапiла i ў брыгаду Зiглiнга. Ужо ў жнiўнi 1944 году, даведаўшыся аб лёсе чыгуначнага батальёну, БЦР i я пачалi рабiць стараньнi каб выратаваць адтуль людзей. Удалося выцягнуць толькi аднаго Сажыча. Лёс рэшты людзей нам невядомы.

Беларуская Краёвая Абарона (БКА)

Калi аканчальна ўканстытуавалася Беларуская Цэнтральная Рада, то на першым яе паседжаньнi 22.1.1944 году Прэзiдэнт Рады прафесар Астроўскi ў сваёй дэклярацыi мiж iншым сказаў, што галоўным заданьнем БЦР будзе арганiзацыя ўсiх беларускiх сiл для барацьбы з бальшавiцкай партызаншчынай i, наагул, з бальшавiзмам. Ясна, што змаганьне з партызаншчынай у першую чаргу павiнна было быць збройнае.

У той час на Беларусi беларускай збройнай сiлай была палiцыя, якая налiчвала каля 20 000 чалавек i цалкам знаходзiлася ў распараджэньнi нямецкiх палiцэйскiх уладаў. Апрача таго, iснавала яшчэ некалькi батальёнаў самааховы, якiя знаходзiлiся ў стане лiквiдацыi iх немцамi. Так што, каб збройна змагацца, трэба было ў першую чаргу стварыць нейкую збройную сiлу. БЦР тады i пастанавiла прыступiць да арганiзацыi беларускай збройнай сiлы пад назовам Беларускай Краёвай Абароны.

Гэнэральны камiсар Беларусi i камандзiр войск СС i палiцыi на Беларусi гэнэрал – лейтэнант палiцыi i СС групэнфюрэр фон Готбэрг, якi фактычна паклiкаў да жыцця БЦР, ахвотна на гэта згадзiўся. Сьпярша сярод БЦР i сярод нямецкiх дзейнiкаў вялiся дыскусыi, цi БКА арганiзоўваць дарогай дабраахвотнiцкага зацягу, цi дарогай мабiлiзацыi. У рэшце рэштаў было пастаноўлена арганiзоўваць БКА дарогай прымусовай мабiлiзацыi.

Правядзеньне мабiлiзацыi на Беларусi прадстаўнiцтвам беларускага народу, якiм тады з’яўлялася БЦР, было надзвычайна важнай справай. Гэта быў першы факт у гiсторыi Беларусi, калi беларускi народ паклiкаўся ў беларускае войска беларускiмi ўладамi. Трэба было сьпярша правесьцi разьведку, намацаць грунт на мяйсцох, даведацца, як на гэта будуць заглядацца шырэйшыя беларускiя кругi. З гэтай мэтай Прэзыдэнт БЦР i пастанавiў зрабiць падарожжа па Беларусi.

Яшчэ ў сьнежнi 1943 году, калi прафесар Астроўскi прыняў на сябе абавязкi Прэзыдэнта БЦР i пачаў дабiраць сяброў у склад рады, то запрапанаваў i мне ўвайсьцi ў склад сяброў рады з тым, што калi пачнецца арганiзацыя беларускага войска ў якой-небудзь форме, то я буду стаяць на чале гэтага войска. Я на гэта згадзiўся, так што быў уважаны Прэзыдэнтам БЦР за кандыдата на камандзiра будучага беларускага войска. Калi Прэзыдэнт выбiраўся ў аб’езд Беларусi, з мэтай атрыманьня дадзеных аб мажлiвасьцi мабiлiзацыi на Беларусi, то забраў з сабою i мяне. Такiм чынам, у пачатку лютага 1944 году Прэзыдэнт Астроўскi, я, Нэронскi, як сакратар Прэзыдэнта i прадстаўнiк штабу Готбэрга капiтан Куммэр Эмiль, немец, якi знаў добра расейскую мову, выправiлiся ў падарожжа.

Першай мэтай нашага падарожжа была Слуцкая акруга. Калi мы прыбылi ў Слуцак, то гэбiтскамiсар Слуцку, папярэдня паведамлены немцамi аб нашым прыезьдзе, вельмi ветлiва прыняў нас. Прэзыдэнт папрасiў гэбiтскамiсара, каб той склiкаў на першы дзень нашага побыту ў Слуцку начальнiкаў раёнаў, якiя былi ўсе беларусамi, а на другi дзень – агульны сход беларускага насельнiцтва акругi.

На сабраньнi начальнiкаў раёнаў, калi Прэзыдэнт прадставiў справу мабiлiзацыi, усе начальнiкi, апрача Капыльскага, якi рабiў засьцярогi адносна мажлiвасьцi правядзеньня мабiлiзацыi з погляду на моцную партызаншчыну ў ягоным раёне, запэўнiлi Прэзыдэнта, што гэтая справа зусiм магчымая i што насельнiцтва ахвотна пойдзе на заклiк Прэзыдэнта ў беларускае войска.

На наступны дзень адбыўся сход насельнiцтва. Народу прыбыло вельмi шмат. Шмат было людзей iз вёсак. Вялiкая заля кiна не магла зьмясьцiць усiх удзельнiкаў сходу, народ запоўнiў ня толькi ўсе карыдоры, але шмат было прымушана стаяць на вулiцы. Прэзыдэнт быў прывiтаны бурнымi авацыямi. У Случчыне Астроўскi быў асаблiва папулярны, як сам Случчанiн. Прамова Прэзыдэнта зрабiла на ўсiх вялiкае ўражаньне. Арганiзацыю беларускага войска ўсе вельмi вiталi. Паасобныя прамоўцы iз удзельнiкаў запэўнiлi Прэзыдэнта, што на ягоны заклiк уся Случчына стане як адзiн чалавек. Уражаньне ад Слуцку засталося як найлепшае. З гэтым добрым уражаньнем выехалi мы ў Баранавiчы.

На прыезд Прэзыдэнта Баранавiчы прыгатовiлiся па сьвяточнаму. Пры ўезьдзе ў горад Прэзыдэнта спаткалi ганаровая рота, складзеная з беларускае палiцыi, Старшыня гораду Русак Аляксандар i шмат народу з хлебам i соляй. Гэбiтскамiсар прыняў нас вельмi гасьцiнна. Тут, як i ў Слуцку, сьпярша адбыўся сход раённых начальнiкаў, пасьля – беларускага насельнiцтва. I тут, гэтак сама было пастаноўлена праводзiць мабiлiзацыю i тварыць беларускае войска.

З Баранавiч мы паехалi ў Слонiм. У Слонiме гэтак сама спаткалi нас урачыста, адбылiся гэткiя самыя сходы i гэтак сама было пастаноўлена праводзiць мабiлiзацыю i арганiзоўваць беларускае войска. Тут трэба адзначыць, што слонiмская акруга асаблiва вiтала арганiзацыю БКА, бо мела за сабой прыгожую традыцыю змаганьня з партызаншчынай за часы iснаваньня самааховы.

Пасьля аб’езду слонiмскае акругi мы вярнулiся ў Менск. Цяпер можна было прыступiць да працы з пэўнасьцю, што мабiлiзацыя безумоўна ўдасца.

А праца чакала нас вельмi вялiкая. Каб правесьцi мабiлiзацыю, трэба было арганiзаваць штаб БКА, якi б падрыхтоўваў плян мабiлiзацыi, трэба было арганiзоўваць адмiнiстрацыйную i вайскова-адмiнiстрацыйную ўладу на ўсiм абшары Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусi, каб можна было правесьцi мабiлiзацыю.

Прэзыдэнт БЦР неадкладна пачаў дабiраць кандыдатаў на намесьнiкау ў акругах. Я пачаў арганiзоўваць штаб i дабiраць кандыдатаў на акруговых вайсковых начальнiкаў БКА.

Адносна штабу, то ў самым пачатку пачалася памiж БЦР i адпаведнымi нямецкiмi ўладамi разнагалосiца. Немцы ўважалi, што абавязкам БЦР з’яўляецца толькi правесьцi мабiлiзацыю, а кiраваньне змабiлiзаванымi людзьмi належыць да iх. З гэтым не згаджалася БЦР, уважаючы, што пасьля мабiлiзацыi ў кiраваньнi БКА павiнна браць удзел i БЦР пры дапамозе свайго собскага штабу. Па доўгiх перамовах памiж прадстаўнiком Готбэрга доктарам i гаўптштурмфюрэрам Маркусам, якi з’яўляўся палiтычным рэфэрэнтам Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусi з аднаго боку i Прэзыдэнтам БЦР – з другога, было пастаноўлена, што пры БЦР будзе ўтвораны аддзел БКА, якi прыгатуе мабiлiзацыю, правядзе яе i будзе супрацоўнiчаць iз штабам Готбэрга ў справах прапаганды, гаспадарчых, санiтарных i вайсковай падрыхтоўкi. Уся аперацыйная справа належыць толькi да нямецкага штабу Готбэрга. Пры гэтых перамовах ужо ясна выявiлася, што немцы зусiм ня мелi намеру дазволiць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сiлу, iм патрэбны былi толькi людзi, якiх беларусы павiнны iм даць, а кiраваць людзьмi мелiся яны самi без нашай помачы.

З гэтым жа самым Маркусам было дагаворана, што Готбэрг прыймае на сябе абавязак усё БКА належна ўзброiць, а што справу абмундзiраваньня БЦР прыймае на сябе.

Прэзыдэнт Астроўскi прыняў на сябе абавязак абмундзiраваньня БКА, дзеля таго, што ўважаў, што супраць партызанскiх бандаў можна змагацца толькi партызанскiм спосабам. Гэта значыць, што аддзелы БКА добра ўзброеныя тварылi бы, як ён называў iх, “белыя банды”. Гэтыя “белыя банды”, якiя складалiся б iз мясцовага насельнiцтва i якiя зналi б добра родныя пушчы, проста хадзiлi бы ў лес як партызанскiя банды i нiшчылi бы чырвоных партызанаў. Немцам сьпярша гэтая думка спадабалася, аднак пасьля яны ад яе адыйшлi, за выняткам толькi таго, што БЦР павiнна БКА апрануць.

Прыблiзна ў другой палове лютага 1944 году ўсе пытаньнi адносна БКА памiж штабам Готбэрга i БЦР былi ўзгодненыя. Я прыступiў да арганiзацыi штабу, цi як немцы жадалi, аддзелу БКА пры БЦР. Справа гэтая была незвычайна цяжкая.

Я з самага пачатку зьвярнуў увагу Прэзыдэнта i ўсяе Рады на тое, што мы будзем мець вялiкiя цяжкасьцi з прычыны слабасьцi беларускага афiцэрскага корпусу, бо з арганiзацыi Самааховы я знаў амаль кожнага афiцэра-беларуса асабiста. Кадравых афiцэраў у нас ня было амаль зусiм. Адзiны афiцэр штабовы з вышэйшай вайсковай асветай, гэта быў падпалкоўнiк гэнэральнага штабу царскай армii Гуцька Язэп, але той, спасылаючыся на слабасьць свайго здароўя, адмовiўся прыняць на сябе якую-колечы працу ў БКА.

Для прыгатаўленьня пляну мабiлiзацыi ў тым маштабе, у якiм праектавала БЦР, патрэбна было прынаймi некалькi афiцэраў-спэцыялiстых у гэтай справе, у нас жа ня было нiводнага. Увесь цяжар працы i адказнасьць спалi на мяне. Трэба было аднак дзейнiчаць. Я пачаў арганiзоўваць штаб. Першы службовы мой тытул быў Начальнiк Штабу БКА. На свайго заступнiка я паклiкаў падпаручнiка польскае армii Мiкулу Вiталя. Гэта быў кадравы афiцэр польскае армii. Ён скончыў польскi кадэцкi корпус i артылерыйскую ваенную школу. Быў гэта чалавек адданы беларускай справе, вайскова добра прыгатаваны, вельмi працавiты, але малады, з малым жыцьцёвым i вайсковым пазнаньнем i нiколi не працаваўшы ў штабе. На кiраўнiка агульнай канцылярыi штабу быў паклiканы Васiленя Аляксей, вельмi добры тэхнiчны кiраўнiк канцылярыi. На рэфэрэнта пэрсанальнага аддзелу Раманчук Сымон, на начальнiка санiтарнай часьцi БКА доктар Пражога, пазьней Багдановiч Глеб. На кiраўнiка прапаганднага аддзелу Гуцька Уладзiмер. На гаспадарчыя функцыi былi паклiканыя Плескачэўскi, Скуратовiч Ян i Касьпяровiч.

Вось i ўвесь склад штабу. Нiводнага чалавека апрача кiраўнiка санiтарнай часьцi, ня было спэцыялiстага ў прынятай на сябе функцыi. З гэтым штабам я прыступiў сьпярша да прыгатаўлення мабiлiзацыi, а пасьля да кiравання БКА. Мiж iншым, мушу сказаць, што БЦР нiяк не магло пагадзiцца з накiнутым немцамi назовам “аддзел БКА”, а дзеля таго, што на назоў “штаб” немцы не хацелi згадзiцца, то БЦР вырашыла наш штаб называць “Галоўным Кiраўнiцтвам БКА”.

У прыгатаўленьнi пляну мабiлiзацыi прыймалi ўдзел апрача штабу i радныя БЦР. Праектаў, якiя паступалi ў Галоўнае кiраўнiцтва БКА, было шмат, але ўсё ж аканчальны плян апрацоўвалi я з Мiкулай. Плян быў апрацаваны вельмi падрабязна, з мiнутовым падзелам дзейнасьцi намесьнiкаў БЦР, акруговых начальнiкаў, павятовых начальнiкаў i камандзiраў батальёнаў i рот.

Другой вельмi важнай справай была абсада ў вокругах намесьнiкаў i акруговых начальнiкаў. Прэзыдэнтам былi вызначаныя на намесьнiкаў наступныя асобы: Менская акруга – iнжынер Жук, а дзеля часовай ягонай адсутнасьцi да выкананьня абавязкаў намесьнiка прыступiў Будзiловiч; Слуцкая акруга – Гiнько, Баранавiцкая акруга – др. фiл. Станкевiч Станiслаў, Слонiмская акруга – Аўдзей, Наваградзкая акруга – Рагуля Барыс, Вялейская акруга – др. мэд. Малецкi i Глыбоцкая акруга – iнжынэр Касяк Iван, у Лiдзкую акругу i Ганцавiцкую намесьнiкi не вызначалiся дзеля таго, што гэтыя акругi былi вылучаныя з мабiлiзацыi. Акруговымi начальнiкамi БКА былi вызначаныя: Менскай – капiтан Пугачоў, кадравы ваенны савецкай армii, якi добра знаўся на вайсковай справе i быў вельмi энэргiчным.

Слуцкае акругi – падлейтэнант Шнэк Сьцяпан – кадравы афiцэр савецкай армii (апошнiх некалькi год у армii не служыў), чалавек вельмi разважны, на вайсковай справе добра знаўся.

Баранавiцкае акругi – лейтэнант Русак Уладзiмер, падхарунжы польскае армii, вайскова падрыхтаваны слаба, вызначаны на гэтае становiшча намеснiкам акругi з прычыны адсутнасьцi iншага кандыдата.

Слонiмскае акругi – Дакiневiч Язэп, падхарунжы польскай армii, вайскова падрыхтаваны слаба, але знаны ў Слонiмшчыне з працы па арганiзацыi Самааховы.

Наваградзкае акругi – Рагуля Барыс, вайскова падрыхтаваны слаба, але адданы беларускай справе, вельмi энэргiчны i знаны ў Наваградчыне як змагар за беларускую справу.

Вялейскае акругi – Бабiч, падхарунжы польскай армii, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, энэргiчны.

Глыбоцкае акругi – Зыбайла Рыгор, падхарунжы польскай армii, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, знаны беларускаму грамадзтву, як змагар за беларускую справу.

Як вiдаць з гэтага сьпiсу, вайсковымi начальнiкамi акругоў былi людзi маладыя, вайскова слаба падрыхтаваныя, за выняткам капiтана Пугачова, якi да 1941 г. служыў у савецкай армii, бяз жыцьцёвага дазнаньня. Iншых кандыдатаў у нас ня было. Былi, праўда, яшчэ прапаршчыкi запасу царскае армii, але гэта былi людзi старыя векам, вайскова зусiм бязвартасныя i ў бальшынi чужыя беларускай справе. Ясна, што выбар наш мусiў затрымацца на людзях маладых, iдэёвых змагарох за беларускую справу i вайскова ўсё ж такi так-гэтак падрыхтаваных.

Галоўны цяжар па падрыхтоўцы мабiлiзацыi i ейным правядзеньнi ўскладаўся на намесьнiкаў. Па мысьлi першай iнструкцыi, мабiлiзацыйныя намесьнiкi, супольна з акруговымi начальнiкамi i з павятовымi начальнiкамi, павiнны былi на мяйсцох выбраць камандзiраў батальёнаў. У кожным павеце праектаваўся адзiн батальён у сiле 600 чалавек, значыцца яшчэ перад мабiлiзацыяй павiнны былi быць паклiканыя камандзiры батальёнаў, якiя супольна з павятовымi начальнiкамi i мусiлi прыгатаваць усё да мабiлiзацыi ў павеце.

У мiжчасьсi, калi Галоўнае Кiраўнiцтва БКА i Прэзыдэнт БЦР выконвалi вышэй апiсаную працу, выйшаў загад Готбэрга аб арганiзацыi БКА Для адчытаньня гэтага загаду адбыўся сход у габiнэце Прэзыдэнта ў канцы лютага 1944 году. На сходзе з беларускага боку былi прысутныя: Прэзыдэнт БЦР, Першы Вiцэпрэзыдэнт, ад Галоўнага Кiраўнiцтва БКА я i Мiкула, а з боку нямецкага прысутнiчалi начальнiк штабу Готбэрга падпалкоўнiк Кляйнц iз сваiм ад’ютантам, кiраўнiк чужа-нацыянальнай палiцыi на Беларусi падпалкоўнiк Каўфман з ад’ютантам, кiраўнiк палiтычнага аддзелу пры СД у Менску штурмбанфюрэр Сэп, нямецкiя акруговыя начальнiкi палiцыi, акруговыя начальнiкi БКА i намесьнiкi. На гэтым сабраньнi ад’ютант начальнiка штабу Готбэрга прачытаў загад Готбэрга аб арганiзацыi БКА. Зьмест гэтага загаду наступны:

Пасьля прачытаньня загаду адбылася дыскусыя на тэму тэхнiкi правядзеньня мабiлiзацыi. Была вырашана дата мабiлiзацыi 10-га сакавiка 1944 г.

Як вiдаць iз загаду Готбэрга, роля Галоўнага Кiраўнiцтва БКА пры БЦР была вельмi малая, не гледзячы на тое, што ўся адказнасьць за мабiлiзацыю спадала на гэтае кiраўнiцтва.

У сувязi з тым, што нашыя афiцэрскiя i падафiцэрскiя кадры былi слабыя, БЦР вырашыла, а немцы цалкам на гэта згадзiлiся, правесьцi перашкаленьне афiцэраў i падафiцэраў. З гэтай мэтай у Менску адчынiўся месячны курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў, разьлiчаны на 50 афiцэраў i 150 падафiцэраў. Курсы мелiся праводзiцца адзiн за адным так доў-га, пакуль усе афiцэры i падафiцэры ня будуць перашколеныя. Пасьля гэтых курсаў плянавалася адчыненьне афiцэрскай школы з 6-месячным курсам для новых кандыдатаў на афiцэраў. У пляне мабiлiзацыi было прадугледжана ў першых днях мабiлiзацыi прыслаць у Менск на курс афiцэраў i падафiцэраў.

Камандзiрам курсу з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готбэрга капiтан Шнайдэр. Трэба было вызначыць камандзiра курсу з нашага боку. Пасьля разгляду кандыдатаў Прэзыдэнт i я згадзiлiся вызначыць на гэтае становiшча маёра савецкае армii Бедрыцкага. З гэтай мэтай Прэзыдэнт выклiкаў Бедрыцкага з Баранавiч у Менск. Прэзыдэнт i я расцэньвалi становiшча камандзiра, сьпярша афiцэрскiх i падафiцэрскiх курсаў перашкаленьня, а пасьля афiцэрскай школы, як адно з вельмi адказных становiшчаў у БКА. Гутарка з Бедрыцкiм адбывалася ў габiнэце Прэзыдэнта. Калi Прэзыдэнт запрапанаваў Бедрыцкаму становiшча камандзiра курсаў, то Бедрыцкi катэгарычна адмовiўся, матывуючы сваю адмову сваёй хвараблiвасьцяй. Пры гэтым ён лiтаральна плакаў i гаварыў, што ён так кепска чуецца, што пэўна яшчэ ў гэтым годзе памрэ. Наагул, ён зрабiў на нас уражаньне нейкага духовага i фiзычнага ўбоства.

Пасьля адмовы Бедрыцкага, адзiным кандыдатам застаўся ў нас Чабатарэвiч Вiктар, якi на маю прапанову ахвотна зга-дзiўся. Справядлiвасьць, аднак, вымагае падкрэсьлiць, што Чабатарэвiч вельмi энэргiчна ўзяўся за працу, як у часе прыгатаў-леньня, так i шкаленьня курсу. Ён выказаў шмат волi i энэргii, i здавалася, што зь яго вырабiцца добры камандзiр. Далейшыя падзеi змусiлi, аднак, горка ў Чабатарэвiчу расчаравацца.

У акругах у гэтым самым часе праца па прыгатаўленьню мабiлiзацыi iшла поўным ходам. Намесьнiкi i акруговыя начальнiкi БКА i паветавыя начальнiкi ўвайшлi ў курс спраў, разумелi важнасьць справы i рабiлi ўсё, што ад iх залежыла. Гэбiтскамiсары i нямецкiя начальнiкi палiцыi, атрымаўшы загады ад Гэнэральнага Камiсару Беларусi, працы ня толькi не перашкаджалi, а наадварот памагалi. Набiраўся загад Прэзыдэнта аб мабiлiзацыi. Дзеля тайнасьцi справы набор рабiў Най-дзюк Язэп. Тэрмiн мабiлiзацыi трымаўся ў таямнiцы. Утаямнiчаныя зь бiцьцём сэрца чакалi 10-га сакавiка.

Нарэшце найдыйшоў дзень дзесятага сакавiка 1944 году. Ужо дзевятага сакавiка пад вечар у большай частцы Беларусi былi расклеяныя абвешчаньнi Прэзыдэнта БЦР аб мабiлiзацыi ў БКА. Дзесятага па паўднi прыйшлi ў БЦР першыя весткi аб ходзе мабiлiзацыi. Весткi гэтыя былi вельмi добрыя. Народ масава пайшоў да прыймовых камiсыяў. На колькi народ здаў эгзамен сваёй нацыянальнай i грамадзкай сьведамасьцi, сьведчыць беларускае насельнiцтва тых раёнаў, якiя цалкам былi апанаваныя партызанамi. Улада а нi нямецкая, а нi беларуская туды не сягалi. Прызыўныя гадавiкi маглi зусiм безкарна да прыймовых камiсыяў не з’явiцца, аднак усе з’явiлiся.

Абвешчэньне мабiлiзацыi зрабiла на партызанаў вялiкае ўражаньне. Не прадугледжваючы падобнай рэчы, партызаны ня мелi аднэй лiнii адносiнаў да прызыўнiкоў, якiя выконвалi загад Прэзыдэнта. Дзеля гэтага захоўвалiся яны ў кожнай частцы Беларусi па-рознаму. Так, напрыклад, у некаторых мяйсцох яны павыстаўлялi на дарогах пасты, якiя не прапушчалi прызыўнiкоў да прыймовых камiсыяў, у iншых наадварот, раiлi прызыўнiкам iсьцi i браць зброю ў рукi, каб пасьля павярнуць яе супроць немцаў. З раёнаў у якiх партызаны патварылi кардоны, не прапушчаючы прызыўнiкоў, апошнiя пракралiся праз гэтыя кардоны праз лясы, каб з’явiцца перад прыймовай камiсыяй. Адзiнаццатага сакавiка я наведаў прыймовую камiсiю Менскага раёну. Вялiкая плошча каля будынку, у якiм працавала камiсыя, была застаўлена вазамi, на якiх прызыўнiкi чакалi сваёй чаргi. Настрой у людзей быў сьвяточны, усе спа-дзявалiся, што сапраўды створыцца беларуская збройная сiла, якая адваюе лепшае мейсца ў сьвеце для беларускага народу.

У часе мабiлiзацыi начальнiк Менскай акругi далажыў мне, што часьць людзей, прызнаных здольнымi да вайсковай службы, немцы забiраюць i аддаюць у распараджэньне “ОТ”. Гэтую вестку я зараз жа падаў да ведама Прэзыдэнту. Прэзыдэнт вельмi абурыўся гэтаму факту i неадкладна паехаў у Гэнэральны Камiсарыят, каб злажыць пратэст супроць гэтага бяспраўя. Др. Маркус матываваў Прэзыдэнту свой учынак тым, што для немцаў была патрэбна рабочая сiла для паправы дарог на Беларусi. Прэзыдэнт тады падаў думку каб зрабiць гэта не нарушаючы папярэднiя ўмовы адносна БКА, творачы сапёрныя батальёны. Немцы падхапiлi гэтую думку i такiм чынам паўстала iдэя арганiзацыi сапёрных батальёнаў. Пры ўмове аб арганiзацыi сапёрных батальёнаў з др. Маркусам было пастаноўлена арганiзаваць 12 такiх батальёнаў. Батальёны гэтыя мелi знаходзiцца паўтары месяцы ў распараджэньнi армii, пасьля чаго мелi ўвайсцi ў склад БКА. Пры гэтым сапёрныя батальёны павiнны былi быць абмундзiраваныя i ўзброеныя армiяй.

Пачатак мабiлiзацыi быў надзвычайна добры, каб не нашыя апякуны – немцы. Гэнэральны Камiсар Беларусi аддаў загад па нямецкай лiнii, што ў выпадку неабходнай патрэбы могуць быць звольненыя ад мабiлiзацыi незамянiмыя спэцыялiстыя ў прадпрыемствах вайсковага значэньня. Пры гэтым у такiх выпадках мелi рэклямаваць адпаведныя кiраўнiкi прадпрыемстваў, а звальняць меў права Гэбiтскамiсар. Дзеля таго, што ў часе вайны ўсё можна было падцягнуць пад вайсковае прадпрыемства, то загад гэты адчынiў дзьверы для злоўжываньняў. Чалавек, якi даглядаў сьвiней цi курэй якога-колечы нямецкага ўрадоўца, аказаўся незамянiмым спэцам. Працаўнiк на земляных работах, якi падарыў свайму начальнiку-немцу кусок сланiны, гэтак сама рэклямаваўся як незамянiмы спэц. Так што, у рэшце рэштаў амаль палова змабiлiзаваных была рэклямаваная i звальнялася. Шмат нэрваў каштавала БЦР пакуль гэтыя злоўжываньнi трохi спынiлiся.

Мабiлiзацыя цягнулася значна даўжэй, чым было праду-гледжана мабiлiзацыйным плянам. Прычынай гэтага было малое дазнаньне прыймовых камiсыяў i перашкоды з боку партызанаў i нямецкiх уладаў. У вынiку пачалi арганiзавацца 39 батальёнаў пяхоты, а таксама i сапёрныя батальёны, у якiя людзi iшлi вельмi неахвотна. У некаторых мяйсцох людзi, пры-званыя ў сапёрныя батальёны разьбягалiся, як, напрыклад, у Нясьвiжы i Клецку. У пяхотныя ж батальёны людзi iшлi вельмi ахвотна, хочучы непасрэдна змагацца з бальшавiцкiмi партызанамi, чаго не давалi iм сапёрныя батальёны.

Найслабейшым пунктам БКА была слабасьць афiцэрскага складу. Як у арганiзацыi Самааховы, так i тут гэтая справа з самага пачатку пачала даваць благiя вынiкi. Трэба, аднак, прызнацца, што ў беларускiх умовах арганiзацыя вайсковых адзiнак напаткала б на шмат цяжкасьцяў навет i пры вельмi добрых афiцэрах. У нас ня было а нi вайсковых структураў, а нi штатаў, а нi праграмаў шкаленьня, а нi вайсковых традыцыяў, так што кожны камандзiр павiнен быў выявiць вялiкi вайсковы вопыт, гэтага вопыту не хапала нашым камандзiрам. Штаб БКА нахутка апрацоўваў усё неабходнае да арганiзацыi i вайсковай падрыхтоўкi, аднак, гэта ня было тое, што мелi армii суседнiх дзяржаваў. Некаторыя сябры прэзыдыуму БЦР старалiся дашукацца вiны за недахопы ў батальёнах, у штабе БКА. Так, напрыклад, Родзька Усевалад закiдаў штабу, што штаб складаецца з вельмi маладых афiцэраў i выглядае непаважна. Я асабiста цалкам з iм згаджаўся i прасiў сяброў прэзыдыуму, каб далi мне больш паважных кандыдатаў на штабныя становiшчы, аднак, нiхто мне такога кандыдата паказаць ня мог. Увага затрымоўвалася на адзiным кандыдаце на штабную працу – гэта на падпалкоўнiку царскай армii Гуцьку Язэпу. Прэзыдэнт напiсаў пiсьмо да Гуцькi, запрашаючы яго на начальнiка штабу БКА. Гуцька свой прыезд у Менск адцягваў i прыбыў толькi ў пачатку траўня 1944 году разам з Якуцэвiчам Паўлам. Пры першай гутарцы з Прэзыдэнтам падпалкоўнiк Гуцька зга-дзiўся прыняць становiшча начальнiка штабу i на другi дзень зьявiўся да мяне, просячы, каб я даў яму акты для азнаямленьня. Прагледзеўшы акты, Гуцька пайшоў да Прэзыдэнта i катэгарычна адмовiўся ад працы ў БКА. У гутарцы са мною ён сказаў, што калi апэрацыйная частка штабу належыць не да штабу БКА, а да нямецкага штабу, то ён уважае, што гэты штаб ня ёсьць штабам у поўным значэньнi i дзеля гэтага ён працаваць у такiм штабе ня хоча. Гэткiм чынам, адзiная надзея на наданьне штабу “паважнага выгляду” скончылася няўдачай. У штабе застаўся працаваць Якуцэвiч, якому Прэзыдэнт надаў рангу маёра. Якуцэвiч абняў становiшча iнспектара БКА.

Зброю для БКА узялiся даць нямецкiя ўлады, якiя абяцалi на пачатак па сто вiнтовак на кожны батальён. Фактычна, пад канец мабiлiзацыi на кожны батальён было прыдзелена па сто iтальянскiх вiнтоўкаў. Вiнтоўкi гэтыя былi, аднак, такой марнай якасьцi, што мы сьпярша прынялi iх за вучэбныя.

Прайшло прыблiзна з месяц часу. Мабiлiзацыя даўно скончылася. Людзi праходзiлi ў батальёнах вайсковую падрыхтоўку iз гэтымi ж iтальянскiмi вiнтоўкамi. Адна вiнтоўка прыпадала прыблiзна на 6 -7 чалавек. Амунiцыi было вельмi мала. Даведалiся аб гэтым партызаны i пачалi нападаць на батальёны. Людзi ў батальёнах звычайна прыймалi бой, аднак мусiлi ўступаць перавазе зброi ў ворага. Два батальёны ў Глыбоцкай акрузе былi разьбiтыя зусiм, людзi былi ўзятыя ў палон, рэшта разьбеглася. Гэтыя факты вельмi адмоўна адбiвалiся на маральным стане ў батальёнах. БЦР iз свайго боку рабiла нацiск на штаб гэн. Готбэрга, каб хутчэй давалi зброю. Акруговыя начальнiкi БКА прысылалi ў штаб БКА мэльдункi, у якiх справу прадстаўлялi ў што раз чарнейшых колерах. Прэзыдыум БЦР вырашыў склiкаць з’езд начальнiкаў акругоў, каб супольна з БЦР знайсьцi меры для паправы справы.

З’езд адбыўся ў канцы красавiка 1944 году. Заслухаўшы даклады з мейсцаў, некаторыя ўдзельнiкi з’езду паставiлi прапанову аб лiквiдацыi БКА. Пасьля дыскусыi, аднак было пастаноўлена БКА не лiквiдаваць, а зьменшыць згодна колькасьцi зброi, гэта значыць на тры чвэрцi. Гэн. Готбэрг пажадаў прыняць увесь з’езд у сваiм службовым памяшканьнi. Прыняў ён яго вельмi суха. Сьпярша прачытаў натацыю, што беларусы вельмi гарачыя i жадаюць рэчаў немагчымых i не ўлiчваюць ваенных абставiнаў, а пасьля сказаў, што транспарт зброi для БКА быў у дарозе, але разьбiты ворагам i што на зброю цяпер прыйдзёцца пачакаць даўжэйшы час. Аб рэдукцыi БКА гэн. Готбэрг не хацеў навет i слухаць. Аднак гутарка на з’ездзе аб лiквiдацыi або рэдукцыi БКА зрабiла на немцаў пэўнае ўражаньне: зброя пачала прыбываць. Пры гэтым прыбывала зброя розных сыстэмаў, як вiнтоўкi францускiя, галяндзкiя, расейскiя, польскiя i iнш. Цяжкiя кулямёты былi ў бальшынi польскiя. Можна цяпер уявiць, якiя цяжкасьцi мелi камандзiры батальёнаў, маючы столькi сыстэмаў зброi, з вайсковай падрыхтоўкай, разьдзелам амунiцыi. Наагул, да самага бальшавiцкага наступу, БКА фактычна ўзброена не была.

Справа з абмундзiраваньнем прадстаўлялася яшчэ горш. Прэзыдэнт БЦР Астроўскi гэтай справы не даацэньваў. Ён усьцяж лятуцеў аб “белых бандах” i таму яшчэ пры ўступных перамовах згадзiўся абмундзiраваньне ўзяць на сябе. У чым людзi прыйшлi ў час мабiлiзацыi, у тым i засталiся. БЦР ня мела нiякiх магчымасьцяў абмундзiраваць БКА. Калi я, бачачы ў батальёнах абадранцаў, пачаў зьвяртацца да начальнiка штабу гэн. Готбэрга i прасiць аб прыдзеле абмундзiраваньня, то заўсёды атрымоўваў адказ: “Ваш Прэзыдэнт узяў на сябе абмундзiраваць БКА, няхай ён гэта выконвае, мы свой абавязак у справе зброi выканалi”.

Як я ужо вышэй успомнiў, для прыгатаўленьня добра квалiфiкаваных кадраў у Менску быў адчынены месячны курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў. Першы курс распачаў-ся ў сярэдзiне сакавiка 1944 году. На курс прыбыло 50 афiцэраў i каля 200 падафiцэраў. У сувязi з тым, што наблiжалася 25 Сакавiка, гадавiна абвяшчэньня незалежнасьцi Беларускай Народнай Рэспублiкi, БЦР пастанавiла ў гэты дзень правесьцi прысягу БКА. Быў апрацаваны тэкст прысягi, разасланыя загады начальнiкам акругоў, каб прысягу правесьцi ў як найбольш урачыстых абставiнах. У Менску мела быць урачыста праведзена прысяга курсу перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў. Прысяга гэтая вельмi ўрачыста, у прысутнасьцi Прэзыдэнта БЦР, гэн. Готбэрга, прадстаўнiкоў армii i ўладаў цывiльных i вялiзарнага натоўпу менскага жыхарства, была праве-дзена на катэдральнай плошчы. Пасьля прысягi адбыўся парад. Курсанты прадстаўлялiся вельмi добра. Была праведзена прысяга i ў iншых батальёнах, аднак не ва ўсiх, дзеля таго, што некаторыя батальёны яшчэ знаходзiлiся ў стадыi арганiзацыi.

Першы курс скончыўся ў палове красавiка. Пры заканчэньнi быў праведзены эгзамен у прысутнасьцi гэн. Готбэрга. Беларускi штаб БЦР прадстаўляў толькi я. Прэзыдэнт, будучы нездаволены iз спосабу ўзбраеньня БКА немцамi, на эгзамен не прыбыў. На заканчэньне эгзамэну гэн. Готбэрг сказаў да курсу прамову, у якой паклаў спэцыяльны нацiск на тое, што не гледзячы на ўсе цяжкасьцi, БКА будзе ўзброена, i адыграе гiстарычную ролю ў змаганьнi з бальшавiзмам.

Пасьля заканчэньня першага курсу быў адчынены другi курс у канцы красавiка 1944 году. Галоўным заданьнем у прыгатаўленьнi кадраў было, аднак, адчыненьне афiцэрскай школы для моладзi, якая яшчэ не была ў войску. Атрымаўшы згоду гэн. Готбэрга, БЦР правяла адпаведную прапаганду i роўналежна з трэцiм афiцэрскiм курсам у другой палове чэрвеня 1944 году з’ехалася 280 кандыдатаў у афiцэрскую школу. Былi гэта маладыя хлапцы, у бальшынi iз скончанай сярэдняй асьветай. Курс навукi прадугледжваўся 6-месячны, пасьля чаго маладым кандыдатам мела быць наданая першая афiцэрская ранга. Маладыя кандыдаты зь вялiкай верай i запалам узялiся за навуку. Нажаль, ня было суджана гэтым маладым беларускiм патрыётам атрымаць афiцэрскiя рангi беларускага войска. 28-га чэрвеня бальшавiцкая армiя пачала наблiжацца да Менску. Менск хутка эвакуiраваўся. Афiцэрская школа пешым маршам 29-га чэрвеня накiравалася на Вiльню. Ужо ў часе маршу маладыя хлапцы, ня прывыкшыя да фарсiраванага маршу, пачалi адставаць. У Вiльнi трапiлi яны пад бамбардаваньне, пры гэтым 6 вучняў было забiтых i некалькi параненых. У Вiльнi афiцэрская школа заладавалася ў цягнiк i пасьля доўгага падарожжа ў канцы лiпеня была прыдзеленая да гэтак званай брыгады Зiглiнга. Зiглiнг, гэты злы дух беларускай вайсковасьцi пры немцах, падзялiў школу на паасобныя пададдзелы i такiм чынам школа была зьлiквiдаваная.

Пры самым пачатку арганiзацыi БКА немцы старалiся як найбольш абмежаваць кампэтэнцыi беларускага штабу. Ужо тое, што пры беларускiм штабе ня было апэрацыйнага аддзелу, зводзiла ягоную ролю на другараднае мейсца. Паводле нямецкага пляну, заданьнем беларускага штабу, апрача правя-дзеньня мабiлiзацыi, была праца прапагандовая. З гэтым по-глядам беларускi штаб бязупынна змагаўся. У рэште рэштаў беларускi штаб складаўся з наступных аддзелаў:

Свабода руху беларускага штабу была вельмi зьвязаная. Беларускi штаб ня меў у сваiм распараджэньнi нiякiх сродкаў лучнасьцi. Калi штаб высылаў у акругi пасланцоў, то прапускi для пасланцоў трэба было атрымоўваць з нямецкага штабу, пры гэтым трэба было ўматываваць неабходнасьць пасылкi пасланцоў, а нямецкi штаб мог прапускi даць, а мог i ня даць, што часта здаралася.Я загадам Прэзыдэнта БЦР быў назначаны начальнiкам беларускага штабу. Маiм заданьнем было прыгатаваць i правесьцi мабiлiзацыю. Калi мабiлiзацыя была скончаная, Прэзыдэнт БЦР сваiм дэкрэтам вызначыў мяне камандзiрам БКА. Ува ўсiх справах БКА начальнiк штабу гэн. Готбэрга зьвязваўся беспасрэдна са мной. Я часта ў гэтым выпадку пасылаў да начальнiка штабу майго заступнiка – маёра Мiкулу. У другой палове чэрвеня 1944 году загадам гэн. Готбэрга быў вызначаны нямецкi штаб лучнасьцi, у складзе аднаго маёра, двух капiтанаў i 4-х падафiцэраў. Вызначаны штаб атрымаў памешканьне для працы ў будынку беларускага штабу. Заданьнем штабу лучнасьцi было ня толькi тэхнiчна ўтрымоўваць лучнасьць памiж беларускiм штабам i штабам гэн. Готбэрга, але i ўнiкаць ва ўсе патрэбы БКА i палягчаць цяжкасьцi беларускага штабу адносна матар’яльных патрэбаў БКА. Як выглядала бы ў практыцы супрацоўнiцтва са штабам лучнасьцi сказаць цяжка, дзеля таго, што штаб гэты яшчэ не пасьпеў увайсьцi ў курс сваiх абавязкаў, як падзеi на ўсходнiм фронце прымусiлi ўсё адвярнуцца ўверх дном.

Прыблiзна ў канцы красавiка 1944 году БКА прыняло выразна акрэсьленае аблiчча. Было арганiзавана 39 батальёнаў пяхоты i 6 батальёнаў сапёрных. У кожным раёне быў адзiн батальён пяхоты. Сапёрныя батальёны былi раскватэраваныя наступна: адзiн батальён у Барысаве, два батальёны ў Менску, два батальёны ў Слуцку i адзiн батальён у Баранавiчах. Яшчэ трэба было арганiзаваць пяць батальёнаў сапёрных, але гэта не ўдалося выканаць, дзякуючы ад’емным адносiнам людзей да гэтых батальёнаў.

Зараз пасьля заканчэньня мабiлiзацыi, я распачаў праводзiць iнспэкцыю ў батальёнах. Нямецкi штаб ставiўся да маiх iнспэкцыйных падарожжаў вельмi прыхiльна, справе гэтай дапамагаў. У тых батальёнах, у якiх прысяга ня была праведзеная 25-га Сакавiка, яна складалася ў часе маiх iнспэкцыяў у маёй прысутнасьцi. У гэтым выпадку немцы выразна iмкнулiся выкарыстаць мяне, як прапагандзiстага. Батальёны выстрайвалiся на мой прыезд, я прыймаў рапарт камандзiраў батальёнаў, праводзiў перагляд i абавязкова мусiў закончыць цырымонiю прапагандовай прамовай. Нямецкi прадстаўнiк звычайна трымаўся набаку. У некаторых выпадках мая роля прапагандзiстага i роля немцаў, пад поглядам аперацыйным занадта падкрэсьлiвалася. Так напрыклад, у Слуцку пасьля маёй прамовы да сапёрнага батальёну i пасьля прысягi, камандзiр сапёрнага нямецкага палка зараз жа аддаў батальёнам загады апэрацыйнага характару. Гэткiм чынам, роля мая, як камандуючага БКА была вельмi няпрыемная, тым больш, што а нi жаўнеры Б.К.А, а нi беларускае грамадзянства не разумела фактычнага майго палажэньня.

У часе маiх iнспэкцыйных аб’ездаў, я сьцвердзiў нязвычайную ахвярнасьць i адданасьць справе беларускiх жаўнераў. Ня гледзячы на тое, што жаўнеры БКА ня былi абмундзiраваныя, а былi апранутыя вельмi марна ў свае самадзелкi, у бальшынi босыя, яны вялi нармальныя вайсковыя заняткi, выконвалi вартавую службу i хадзiлi на партызанаў. У Капылi, Слуцкай акругi, у дажджлiвы i вельмi халодны дзень я засьпеў жаўнераў БКА на пастох. Яны былi босыя, стаялi вышэй косткаў у халодным балоце па некалькi гадзiн бяз змены. Ня гледзячы на такiя ўмовы, жаўнеры БКА вельмi сумленна выконвалi свае абавязкi. Да канца траўню 1945 году былi абмундзiраваныя цалкам толькi сапёрныя батальёны, але зброi яны так i не пабачылi.

Як толькi батальёны сяк-так былi ўзброеныя, яны пачалi весьцi змаганьне з партызанамi. Змаганьне гэтае выглядала так, што моцныя аддзелы БКА абходзiлi свае раёны, заганяючы партызанскiя банды ў глыб лясоў i гэтым даючы мажлiвасьць сялянам свабодна апрацоўваць сваю зямлю.

У другой палове траўня нямецкi штаб прыйшоў да перакананьня, што батальёны БКА можна ўжываць у апэрацыях супраць партызанаў. Першы выбар паў на 15 батальён Гара-дзiшчанскага раёну, якi стаяў у вёсцы Вольная. Нямецкi штаб, якi засьцярог сабе права апэрацыйна ўжываць батальёны, навет не паведамiў у беларускi штаб аб сваiм намеры, а выдаў загад Гэбiтспалiцайкамэнданту Баранавiцкае акругi, што 15 батальён належыць неадкладна заладаваць на цягнiк у Баранавiчах i адправiць у Менск з мэтай абмундзiраваньня i пераўзбраеньня. Гэбiтспалiцайкамандант знайшоўся ў цяжкiм становiшчы. Ён ведаў, як захоўвалiся жаўнеры БКА пры арганiзацыi сапёрных батальёнаў, калi людзi, каб не трапiць у сапёрныя батальёны, разьбягалiся. Гэбiтспалiцайкамандант ня быў пэўны 15-га батальёну, якi мог таксама разьбегчыся, даведаўшыся аб вывазе яго ў Менск немцамi. Гэбiтспалiцайкамандант зьвярнуўся тады з запытаньнем да намесьнiка БЦР у Баранавiчах д-ра Станiслава Станкевiча, цi яму вядома аб загадзе адносна 15-га батальёну. У гэты самы мамэнт я, будучы ў Баранавiчах, знаходзiўся якраз у д-ра Станкевiча. Нi мне, нi д-ру Станкевiчу нiчога не было вядома аб гэтым загадзе. Гэбiтспалiцайкамандант зараз жа прыбыў да нас, паiнфармаваў аб атры-маным з Менску загадзе i прасiў нас, каб мы згадзiлiся паехаць супольна з iм у Вольную i пераканаць батальён аб неабходнасьцi выкананьня загаду. На наступны дзень мы з iм паехалi. У Вольнай ужо ведалi аб нашым прыездзе. Прыгатавалi трыбуну, з якой мы мелiся прамаўляць. Пасьля перагляду батальёну прамаўлялi да яго я i др. Станкевiч. Пасьля гэтага пад’ехалi самаходы, у якiя батальён бяз слова заладаваўся да ад’езду. У Менску 15 батальён быў абмундзiраваны, пераўзброены i рэарганiзаваны. Камандзiрам гэтага батальёну быў былы падхарунжы польскай армii Мануей, мне асабiста мала знаны як камандзiр. Каб мець пэўнасьць добрага камандаваньня батальёнам у часе акцыi быў вызначаны падлейтэнант Родзька Усевалад спэцыяльна-упаўнаважаным ад беларускага штабу пры батальёне. Батальён быў прыдзелены да апэрацыйнай групы, якая пад камандаваньнем гэн. Готбэрга праводзiла ачышчэньне мясцовасьцi ад партызанаў у раёне Лепеля i Барысава. У часе акцыi батальён павыказаў вялiкую баявую вартасьць. Пасьля акцыi падлейтэнант Родзька, якi быў фактычным камандзiрам у часе акцыi, атрымаў Жалезны Крыж, другiя камандзiры i шмат падафiцэраў i стральцоў атрымалi баявую ўзнагароду для ўсходнiх народаў.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю 34-ы батальён са Стоўпцаў, якi атрымаў сьцяг з рук Прэзыдэнта БЦР i прыймаючы ягонае iмя. Нямецкi штаб i ў гэтым выпадку па-ступiў так, як i з 15-тым батальёнам, гэта значыць не паведамiўшы беларускi штаб выслаў загад Гэбiтскпалiцайкаманданта. I ў гэтым выпадку а нi я, а нi др. Станкевiч паведамлёныя не былi. Калi Гэбiтспалiцайкамандант прыбыў у Стоўпцы, каб заладаваць батальён у чыгуначны транспарт, то жаўнеры батальёну, якiя ня бачылi прадстаўнiка беларускага камандаваньня разьбеглiся. Нямецкi штаб у Менску, даведаўшыся аб гэтым факце, заявiў прэтэнзiю да беларускага штабу. Але тут умяшаўся ў справу Прэзыдэнт БЦР, якi катэгарычна заявiў прадстаўнiку гэн. Готбэрга, што нi адзiн аддзел БКА ня можа быць узяты бяз папярэдняга паведамленьня беларускага штабу. Справу ў 34 батальёне мусiў вырышаць маёр Мiкула, якi як мой заступнiк паехаў у Стоўпцы i выправiў батальён на акцыю.

Ня гледзячы на марны прыадзевак, на марнае ўзбраеньне, на адсутнасьць добра квалiфiкаваных камандзiраў i iншыя недахопы БКА, што раз мацней станавiлася на ногi, што раз больш давала адпор партызанскiм бандам i бяз сумнiву сталася б крынiцай кадраў для будучай беларускай армii, каб не падзеi на беларускiм фронце ў другой палове чэрвеня i наступных месяцаў 1944 году, падзеi, якiя вырашылi лёс ня толькi БКА, але i ўсяе Беларусi.

22-га чэрвеня 1944 году чырвоная армiя перайшла ў наступ на ўсiм беларускiм фронце. Як цывiльныя нямецкiя ўлады перад БЦР, так i нямецкi штаб перад беларускiм штабам посьпехi чырвонай армii на фронце старанна хавалi. У гэтым часе БЦР была занятая прыгатаўленьнем 2-га Беларускага Кангрэсу. 27-га чырвеня 1944 году ў Менскiм гарадзкiм тэатры пад аховай беларускай афiцэрскай школы быў адчынены 2-гi Усебеларускi Кангрэс. У гэты ж самы дзень нямецкiя ўлады атрымалi загад аб эвакуацыi Менску. Пад вечар 27-га чэрвеня начальнiк нямецкага штабу палкоўнiк Родэ папрасiў мяне ў штаб i сказаў такую рэч: “Па аўтастрадзе Барысаў – Менск цягнуцца цэлыя масы дэзэртыраў з нямецкай армii, палявая жандармэрыя ня можа зь iмi даць рады, трэба, каб вы далi батальён БКА, якi абыйме палiцыйную службу на гэтай аўтастрадзе i пад камандай начальнiка палявой жандармерыi будзе дапамагаць у затрымваньнi гэтае масы”. У маiм распараджэньнi былi два батальёны БКА, якiя знаходзiлiся ў беспасрэднай блiзкасьцi да гэтай аўтастрады: батальён у Рудзенску i батальён у Менску, але батальёны гэтыя ня былi абмундзiраваныя. Гэта быў першы выпадак, калi начальнiк нямецкага штабу папрасiў у мяне батальён для ягонага апэрацыйнага ўжыцьця. Аднак, здаволiць ягоную просьбу я ня мог, бо неабмундзiраваных жаўнераў ужыць у такой акцыi было немагчыма.

28-га чэрвеня Гэнэральны Камiсарыят Беларусi афiцыйна паведамiў Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыi Менску. Для БЦР быў прызначаны Кэнiгсбэрг.

Нямецкi штаб не паведамiў беларускi штаб аб эвакуацыi Менску. Iз штабу лучнасьцi ўжо 27-га чэрвеня нiхто да працы не зьявiўся. Штаб лучнасьцi загiнуў, па сяньняшнi дзень для мяне няведама куды. Калi я даведаўся ад Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыi Менску, я з маёрам Мiкулам неадкладна адправiлiся да начальнiка нямецкага штабу, каб узгоднiць зь iм эвакуацыю БКА. Начальнiк штабу ясна i катэгарычна адказаў нам: “Вы ня маеце чаго клапацiцца аб эвакуацыi БКА. Гэн. Готбэрг ужо аддаў загад, каб БКА адступала на захад супольна зь нямецкай палiцыяй пад камандай Гэбiтспалiцайкамандантаў. Як далёка яны будуць адступаць, сёньня я прадугледзiць не магу”. А нi тэлефону, а нi тэлеграфу, а нi радыё я ня меў, навет, паслаць ганцоў мог толькi праз нямецкi штаб, бо наш штаб ня мог сам навет выпiсаць дакумэнтаў да падарожжа. Дый выслаць ганцоў было бязсэнсоўна, бо падзеi разгортвалiся так хутка, а на чыгунцы панаваў такi хаос, што сумлiўна, цi маглi б ганцы асягнуць батальёны. Урэшце, загады мае, якiя я мог бы выслаць, не маглi быць супярэчнымi з загадамi гэн. Готбэрга, бо гэта выклiкала б яшчэ большы хаос.

Аб палажэньнi я далажыў Прэзыдэнту БЦР. Прэзыдэнт вырашыў, што штаб БКА мае ехаць з БЦР у Кэнiгсбэрг. Я меў выязджаць iз Менску з транспартам БЦР, з тым, што калi транспарт асягне Лiду, я з iншымi сябрамi БЦР застаемся ў Лiдзе, дзе ў гэтым часе ўжо будзе знаходзiцца Прэзыдэнт з гэн. Готбэргам. Далейшыя загады я меў атрымаць у Лiдзе. Прэзыдэнт у таварысьцве Нэронскага i сваiх ад’ютантаў Радзевiча й Пласкачэўскага самаходам паехалi ў Вiльню, адкуль меўся ехаць у Лiду, куды, па вестках, якiя ён атрымаў, меўся эвакуавацца штаб гэн. Готбэрга. У выпадку, калi б Прэзыдэнта ня было б у Лiдзе, я мусiў бы ехаць у Кэнiгсбэрг, дзе мела сабрацца ўся БЦР. Транспарт БЦР асягнуў Лiду 2-га лiпеня. Першы Вiцэ-Прэзыдэнт Шкелёнак i я тэлеграфiчна зьвязалiся са станцыi з горадам, але а нi штабу Готбэрга, а нi Прэзыдэнта там ня было. Нiчога не заставалася, як ехаць у Кэнiгсбэрг.

28-га чырвеня 1944 году нямецкi фронт развалiўся. Бальшавiцкiя танкавыя часьцi iшлi на захад. Нямецкай палiцыi было не да БКА – яна кiдала ўсё i ратавала сваю скуру. Шмат дзе нямецкiя каманданты, каб пазбыцца клопату, аб’явiлi батальёнам, што яны дэмабiлiзуюцца i могуць разыходзiцца дахаты, з чаго жаўнеры i скарысталi. Iншыя батальёны былi абкружаныя i разам з немцамi ўзятыя ў палон. Некаторыя батальёны адступалi ў поўным парадку, бяручы ўдзел у баёх.

5-га лiпеня БЦР прыехала ў Кэнiгсбэрг. Пасьля колькiх дзён чаканьня Прэзыдэнта, я зь некалькiмi афiцэрамi паехаў на фронт. На фроньце я хацеў арганiзаваць зборныя пункты, на якiх афiцэры зьбiралi б БКА у групы i накiроўвалi б у Лодзь, дзе ў глыбокiм тыле можна было б пераарганiзоўваць iх у баёвыя адзiнкi. Першы пункт, у якi мы прыбылi, быў Беласток. Праз Беласток праходзiла маса нямецкага войска, якое адступала ў непарадку з фронту. Гэтак званае “Frontstelle” у Беластоку паведамiла мяне, што па звестках, якiя ў iх маюцца, чужа-нацыянальныя вайсковыя адзiнкi накiроўвалiся ў Кузьнiцу каля Гораднi, дзе яны зьбiралiся й пераарганiзоўвалiся. Але ў Кузьнiцу ўжо ня можна было даехаць. Тады “Frontstelle” паслала нас у Ломжу, куды з Кузьнiцы павiнны былi накiравацца чужа-нацыянальныя вайсковыя адзiнкi. Пакiнуўшы двух афiцэраў у Беластоку для арганiзацыi зборнага пункту, я з рэштай афiцэраў паехалi ў Ломжу. У Ломжы я знайшоў частку штабу гэн. Готбэрга. Там мне параiлi ехаць у штаб гэн. Готбэрга, якi знаходзiўся ў Плоцку. У Ломжы я таксама пакiнуў двух афiцэраў для арганiзацыi зборнага пункту, а сам паехаў у Плоцк.

У Плоцку я сапраўды знайшоў штаб Готбэрга i афiцэрскую школу, якая знаходзiлася ў чыгуначным транспарце. Начальнiк штабу цi сапраўды не арыентаваўся ў становiшчы, цi не хацеў мне нiчога гаварыць з погляду на вайсковую таямнiцу, але факт той, што нiякiх вестак аб БКА ён мне даць ня мог. Мой плян аб канцэнтрацыi БКА у Лодзi ён пахвалiў i абяцаў пераслаць туды i афiцэрскую школу. У гэтым жа штабе я даведаўся аб арганiзацыi гэтак званага “Sperrbrigade” Зiглiнга. Гэтая “Sperrbrigade” паводле словаў арганiзоўвалася з нямецкае i чужа-нацыянальнае палiцыi, якая знаходзiлася на Беларусi. Аб улучэньнi ў гэтую брыгаду БКА i афiцэрскае школы, як запэўнiў мяне начальнiк штабу, не магло быць навет i мовы. Наадварот, начальнiк штабу абяцаў мне загад сваiм часткам, каб БКА накiроўвалi ў Лодзь.

Тымчасам, сталася iначай. Як толькi я выехаў з Плоцку, афiцэрская школа была адразу ж накiраваная да брыгады Зiлiнга. Гэтак сама i iншыя адзiнкi БКА былi накiраваныя да гэтае брыгады. Злачынная брыгада i была канчальнай магiлай БКА.

Сапёрныя батальёны БКА, якiя знаходзiлiся пад камандай армii, эвакуавалiся ўсе шэсьць у Бедруск пад Пазнанем. Там яны былi рэарганiзаваныя ў два гэтак званых “Baubataillon” i былi па-за ведаю БЦР далучаны да складу нямецкае армii. Гэтыя батальёны iснавалi аж да канца вайны.

Дадатак

Вышэйшы СС i Палiцэйфюрэр
Цэнтральнай Расii i Беларусi

МП 23.II.1944

Толькi для службовага карыстання

Адносна: Утварэння Беларускай Краёвай Абароны

1. На прапанову Прэзiдэнта БЦР ад 18.II.44 загадваю ўтварэнне БКА для барацьбы супраць бальшавiзму.

2. Утварэнне БКА праводзiць паступова крок за крокам па ўсiх Акругах Генеральнага Абшару Беларусi за выняткам акругi СС i Палiцэйфюрэра Прыпяцi i Акругi Лiда. Ва ўжо ўтво-раных цi меркаваных абаронных вёсках мабiлiзацыя не праводзiцца. Далей выключаюцца ад мабiлiзацыi:

у Менскай акрузе – раёны Узда i Iвянец;

у Вялейскай акрузе – раёны Валожын i Мядзел;

у Глыбоцкай – раён Браслаў;

у Слонiмскай акрузе – Казлоўшчына i знаходзячаяся на ўсход ад Шчары частка Дзярэчынскага раёну;

у Наваградскай акрузе – знаходзячаяся на захад ад Маў-чадзi частка Дзятлаўскага раёну.

3. БЦР праводзiць праз сваiх акруговых намеснiкаў най-самперш мабiлiзацыю ўсiх былых афiцэраў ва ўзросце да 57 гадоў i былых падафiцэраў ва ўзросце да 55 гадоў, якiя не знаходзяцца на кiруючых становiшчах, цi не працуюць як спэцыялiстыя ў нямецкiх установах.

Аб вызваленнi ад службы вырашае Акруговы Камiсар у паразуменнi з акруговым камэндантам палiцыi.

4. Для набору мабiлiзаваных афiцэраў i падафiцэраў у кожнай акрузе ўводзяцца прыймовыя камiсii ў складзе :

а) намеснiка БЦР – як старшынi;

б) вызначанага Прэзiдэнтам БЦР афiцэра (акруговага афiцэра);

в) аднаго павятовага старшынi гэтай акругi або старшынi Акруговага гораду;

д) двух лекараў.

5. Намеснiк цераз Акруговага Камэнданта палiцыi падае фюрэру СС i Палiцыi i БЦР колькасьць мабiлiзаваных афiцэраў i падафiцэраў. БЦР паведамляе Акруговым Камэндантам Палiцыi цераз намеснiкаў, колькi афiцэраў i падафiцэраў i дзе затрымаць дзеля вышкалу радавых i колькi накiраваць неадкладна дзеля вышкалу ў Менск.

6. Намеснiк са згодаю акруговага камэнданта Палiцыi пры-дзяляе затрыманых у акрузе афiцэраў i падафцiэраў павятовым прыймовым камiсiям, вызначаючы адначасова павятовага афiцэра.

7. Афiцэры i падафiцэры, прызначаныя для праводжання мабiлiзацыi, праходзяць спецыяльны iнструктаж у акруговым цэнтры пад кiраўнiцтвам намеснiка.

8. Падрыхтоўку да мабiлiзацыi праводзiць намеснiк цераз павятовых старшыняў.

Мабiлiзацыя пачынаецца ў 3 днi пасьля заканчэння iнструктажу афiцэраў i падафiцэраў i абымае годнiкi 1908 да 1917 i 1921 да 1924. [Годнiкi 1925, 1926, 1927 мабiлiзуюцца ў СБМ. Дата мабiлiзацыi апошнiх 3-х гадавiкоў будзе пададзена пасьля]*

* Гэтыя два сказы ў арыгiнале перакрэсленыя. – Рэд.

9. Для мабiлiзацыi радавых творацца ў паветах прыймовыя камiсii ў складзе:

а) павятовага старшынi, як старшынi камiсii,

б) павятовага афiцэра (пункт 6);

в) аднаго iншага афiцэра;

г) двух лекараў.

10. З кожнага раёну, паводле выдадзеных БЦР iнструкцыяў, будзе паклiкана каля 500 чалавек, аб якiх начальнiк раёну складае спiс з кароткай апiнiяй аб палiтычнай надзейнасцi кожнай асобы.

11. Вышкаленне радавых пачаць зараз-жа ў раённым цэнтры пад адказным кiраўнiцтвам камандзiра афiцэра i Акруговага афiцэра. Вышкаленне знаходзiцца пад наглядам Акруговага Камэнданта палiцыi.

12. Пасланыя ў Менск афiцэры i падафiцэры павiнны пра-йсцi трохтыднёвыя курсы вышкалу, лiк курсантаў не павiнен перавышаць 50 афiцэраў i 250 падафiцэраў. Раскватараванне мае быць у паўночных казармах. Вайсковы i тэхна-зброявы вышкал праводзiць СС – Палiцэйфюрэр Беларусi, палiтычны вышкал – БЦР у паразуменнi з капiтанам “шуцпалiцыi” Кумэрам. Як афiцэр вышкалу прадстаўляецца ў распараджэнне СС i Палiцэйфюрэр Беларусi капiтан шуцпалiцыi Швайдэр, Нахкаманда СС – Палiцай, Рэгiмэнт2.

13. Скiраваныя ў Менск афiцэры i падафiцэры атрымлiваюць дакумэнты на выезд ад намеснiка Акруговага Камэнданта палiцыi, перад ад’ездам яны павiнны прайсцi санапрацоўку. Iх суправаджае нямецкi праваднiк. Пасля заканчэння першага курсу склiкаецца другi курс i г.д., пакуль усе афiцэры i падафiцэры не пройдуць вышкалу.

14. Удзельнiкi курсаў атрымлiваюць зброю ад аддзелу 1 Bad. Вышэйшага СС i Палiцэйфюрэра Цэнтральнай Расii i Беларусi, сцягнутыя ў раённыя цэнтры радавыя праз Акруговага Камэнданта палiцыi ў паразуменнi з аддзелам 1 b.

15. Па сканчэннi вышкалу афiцэры i падафiцэры размяркоўваюцца па раёнах i прымаюць ад павятовага афiцэра ўтвораныя аддзелы. Пасля вышкалу, раней прызначаны павятовы афiцэр прымае ўзноў свой аддзел.

16. Удзельнiкаў курсаў прымае СС i Палiцэйфюрэр Беларусi на час курсаў на ваеннае харчаванне. Харчаванне аддзелаў праводзiць начальнiк раёну ў паразуменнi з Акруговым Камэндантам.

17. Афiцэры i падафiцэры застаюцца ў цывiльнай вопратцы, але дзеля адзнакi атрымлiваюць запраектаваныя Цэнтральнай Радай пагоны.

18. СС i Палiцэйфюрэр Беларусi да дня 29.II.44 падае плян вышкалу ў паразуменнi з БЦР на працягу 3-х тыдняў.

Падпiсаў
Курт фон Готбэрг,
СС Групэнфюрэр i Гэнэраль-лейтэнант Палiцыi

Копiя загада знаходзiцца ў Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь (НАРБ), ф. 382, воп.1, спр.8, арк.3-4. Дакумент выявiў i прадставiў Аляксей Лiцвiн


Спэцыяльны ўпаўнаважаны

Калi нямецкая армiя ачысцiла ў 1941 г. Беларусь ад савецкай улады, беларускi народ паверыў, што надыйшло сапраўднае ягонае вызваленьне ад зьненавiджанага савецкага ладу. Ня хочучы толькi карыстаць з вызваленьня здабытага ахвярнасьцю нямецкага жаўнера, беларусы жадалi самi ўзяць дзейны ўдзел у змаганьнi з бальшавiзмам i са свайго боку гэтак сама гатовыя былi несьцi крывавыя ахвяры. Аб гэтым сьведчаць бязупынныя стараньнi прадстаўнiкоў беларускага грамадзянства перад нямецкiмi ўладамi аб дазволе на арганiзацыю беларускага войска, а гэтак сама й ахвярнасьць беларусаў, якiя добраахвотна ўступiлi ў рады палiцыi й самаахвярна аддалi сваё жыцьцё ў змаганьнi з бальшавiцкай партызаншчынай.

Адмоўнае нямецкае становiшча ў гэтай справе, асаблiва дазнаньнi з беларускай самааховай, прычынiлiся да таго, што шырокiя беларускiя масы што раз больш разчароўвалiся ў немцах. Вынiкам гэтага разчараваньня было ў першую чаргу тое, што беларусы пачалi пакiдаць рады палiцыi. Тымчасам бальшавiцкая прапаганда стала выкарыстоўваць нямецкiя памылкi, гаворачы людзям аб нямецкай няшчырасьцi, ашуканстве i г.д. Нiчога дзiўнага, што больш лёгкадумныя й менш сьведамыя беларусы пачалi пераходзiць з палiцыi да партызанаў.

Дазнаньнi з арганiзацыяй 49, 48 i iнш. Беларускiх Палiцыйных Батальёнаў пераканалi нямецкiя вышэйшыя палiцыйныя ўлады ў тым, што калi пры беларускiх арганiзацыях знаходзяцца прадстаўнiкi беларускай iнтэлiгенцыi, а асаблiва беларускiя камандзiры, то там ня толькi няма дэзэрцыi, але наадварот беларусы ахвотна прыходзяць i ўмеюць сумленна служыць, бiцца з партызанамi, а ў разе патрэбы памiраюць як героi.

Выходзячы iз гэтага абгрунтаваньня, нямецкiя вырашальныя дзейнiкi ў Менску пастанавiлi паклiкаць беларуса на становiшча, як яны называлi, гаўптбэтроера, якi б для вока быў нiбы начальнiкам усей беларускай палiцыi, а фактычна прапагандыстым. На гэтае становiшча немцы ўгледзелi мяне, дзеля таго, што яны мяне добра зналi, як галоўнага рэфэрэнта БСА, акурат у гэтым часе зьлiквiдаванага.

Першы чалавек, якi запрапанаваў мне гэтае становiшча, быў кiраўнiк палiтычнага аддзелу Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусii Лянгер, пасьля запрапанаваў мне гэтае становiшча й кiраўнiк палiтычнага аддзелу СД у Менску Шлегель. Абодва яны абяцалi мне вялiкiя магчымасьцi працы.

З папярэдняй сваёй працы я ўжо добра знаў немцаў: шчыра кажучы, абяцанкам iхнiм ня верыў, мiма гэтага параiўшыся зь беларускiмi дзячамi, я прыняў новае становiшча з наступных мяркаваньняў: усей беларускай палiцыi на Беларусi было дваццаць тысяч чалавек, прычым усе яны былi вайскова добра падрыхтаваныя й узброеныя, а бальшыня зь iх былi выпрабаваныя ў баёх супроць партызанаў. Мець безпасярэднi ўплыў на гэтых людзей (каля дзвюх дывiзiяў войска), мець зь iмi сутычнасьць было справай вельмi важнай.

Калi я даў згоду прыняць становiшча гаўптбэтроера, то па пэўным часе выйшаў загад Камандзiра войск СС, начальнiка палiцыi Беларусi й Сярэдняй Расеi й Гэнэральнага камiсара Беларусi Групэнсфюрэра Годбэрга ў справе арганiзацыi камандаваньня й прапаганды сярод палiцыi на Беларусi й Сярэдняй Расеi. У гэтым загадзе Готбэрг паклiкаў мяне, як спэцыяльна ўпаўнаважанага ў справах чужа–нацыянальнай палiцыi на Беларусi й сярэдняй Расеi за выняткам лiтоўцаў i латышоў. Па гэтаму загаду я зьяўляўся асобай, якой даручалася апека над усёй палiцыяй, што складалася з беларусаў, украiнцаў i расейцаў на абшары Беларусi й сярэдняй Расеi. Апека гэтая павiнна была выяўляцца ў арганiзацыi матар’яльнага палажэньня палiцыянтаў i прапаганды. Я павiнен быў наладзiць апеку ў такi спосаб, каб кожны палiцыянт сапраўды адчуваў гэтую апеку. Пры гэтым Готбэрг ускладаў на мяне абавязак выдаваць палiцыйны беларускi часапiс пад маёй асабiстай рэдакцыяй i маёй адказнасьцю за зьмест.

Прапанову абняць гэтае становiшча Лянгер i Шлегель зрабiлi мне яшчэ ў чэрвенi 1943 г,, але покуль гэтая справа канчальна аформiлася, мiнула два месяцы, так што да выкананьня абавязкаў, узложаных на мяне Готбэргам, я прыступiў ужо ў жнiўнi 1943 г. Загад Готбэрга даваў мне вялiзарныя магчымасьцi працы й трэба аддаць справядлiвасьць, што ўсiмi палiцыйнымi чынамi я быў вельмi рэспэктаваны.

Начальнiк палiтычнага аддзелу пры СД прэдставiў мяне камандзiру чужа–нацыянальнай палiцыi падпалкоўнiку Каўфману, зь якiм я меўся супольна працаваць. Перш за ўсё мной быў складзены плян арганiзацыi апекi згодна з загадам Готбэрга. Плян гэты быў апрацаваны наступна: на чале ўсяго бэтроюнгу стаяў я iз сваiм штабам, якi складаўся з сакратара, перакладчыка, машынiсткi, кiраўнiка асьветы й пэрсаналу рэдакцыi часапiсу. У кожнай адмiнiстрацыйнай акрузе павiнен быў знаходзiцца акруговы апякун (гэбiцбэтрояр) iз сваiм невялiкiм штабам у кожным раёне i пры кожным палiцыйным аддзеле, апякун, якi падлягаў акруговаму бэтроеру. Кандыдатаў на бэтроераў павiнен быў знайсьцi я. Усе бэтрояры былi адказнымi перада мной за працу на сваiх становiшчах. Я маю права й абавязак кантраляваць працу бэтрояраў i ставiць прапановы на звальненьне, пераводы i г.д. Праэкт гэты быў нямецкiмi ўладамi прыняты. Хутка штаб Готбэрга выдаў загад да ўсёй палiцыi на Беларусi аб увядзеньнi бэтроюнгу ў жыцьцё.

З пачатку верасьня 1943 г. падпалкоўнiк Каўфман запрапанаваў мне зь iм зрабiць iнспэкцыйнае падарожжа па Беларусi з мэтаю скантраляваньня арганiзацыi бэтроюнгу на мясцох. Забясьпечыўшы адпаведную колькасьць машын i моцную ахову з кулямётамi, Каўфман з цэлым сваiм штабам i я выехалi на iнспэкцыю. Падарожжа было вельмi небясьпечнае з погляду на партызаншчыну, мiма таго мы аб’ехалi ўсю Беларусь за выняткам Глыбоцкае акругi. Загад аб арганiзацыi дайшоў тым часам да ўсiх акругаў i акруговыя начальнiкi палiцыi, даведаўшыся аб нашым iнспэкцыйным падарожжы, старалiся як найхутчэй арганiзаваць апеку на мяйсцох. У большасьцi выпадкаў мы знаходзiм ужо ўсё заарганiзаванае, пры гэтым я сьцвердзiў зьдзiўляючае незразуменьне сэнсу загаду нямецкiмi палiцыйнымi вырашальнымi дзейнiкамi.

Анi сам Каўфман, анi акруговыя начальнiкi палiцыi немцы зусiм не ар’ентавалiся ў нацыянальных дачыненьнях на Беларусi. Яны заглядалiся на справу так, як яе насьвятлялi iм людзi, пад уплывам якiх яны знаходзiлiся. У Заходняй Беларусi яны знаходзiлiся ў бальшынi пад уплывам польскiм. Палякi працавалi пры акруговых начальнiках палiцыi пераважна як перакладчыкi, але былi палякi гэтак сама й начальнiкамi палiцыi. Усе яны, амаль, ведалi нямецкую мову й дзеля гэтага мелi большы ўплыў чымся беларусы. У ўсходняй частцы Беларусi былi вялiкiя расейскiя ўплывы, так што немцы, якiя прыйшлi адмiнiстраваць Беларусь, ня мелi нiводнага паняцьця аб ей. У найлепшым выпадку яны ставiлiся да беларускага нацыянальнага пытаньня абыякава.

Мы засталi, як я ўжо сказаў, бэтроюнг зарганiзаваны, але як. Акруговыя начальнiкi палiцыi павыбiралi на гэтае становiшча палiцыянтаў, якiя iм найбольш падабалiся, гэта значыцца людзей, якiя iм былi найбольш паслухмяныя, найлепш выконвалi службовыя абавязкi й старалiся прыпадабацца немцам. Дзеля гэтага на бэтрояраў трапiлi шмат дзе палякi, расейцы й беларусы нацыянальна мала сьведамыя. Калi я сьцьвердзiў гэты факт, то пераканаў Каўфмана аб неабходнасьцi зьбiраць усiх бэтрояраў данае акругi ў адно месца, дзе я асабiста мог бы iм даваць iнструкцыi аб iхняй працы. Каўфман згадзiўся на гэта i перад нашым прыездам у акругу давалiся радыёграмы начальнiкам акруговай палiцыi аб зборцы ўсiх бэтрояраў у вадно месца.

Як гэтая справа прадстаўлялася на мясцох, можа сьведчыць прыклад Ганцэвiцкае акругi, дзе на сем бэтрояраў быў толькi адзiн беларус, адзiн расеец, а рэшта — палякi.

Калі я сказаў Каўфману, што гэта абсалютна няправiльна й можа даць адваротныя вынiкi, Каўфман сам пачаў вытыкаць акруговым начальнiкам гэткую iхнюю працу. Акруговыя начальнiкi палiцыi хутка раскусiлi мой слабы бок i адказвалi: “Дык няхай Кушаль дае нам сваiх кандыдатаў”.

У часе аб’езду ўсюды, дзе мы толькi затрымоўвалiся, я заўсёды ўваходзiў у сутычнасьць з мясцовымi беларускiмi грамадзкiмi прадстаўнiкамi, як iз старшынямi самапомачы, начальнiкамi раёнаў, старшынямi гарадоў, школьнымi iнспэктарамi i iншымi i прасiў iх аб помачы ў набраньнi мне кандыдатаў на бэтрояраў. Звычайна мне прадстаўлялi цэлыя спiскi кандыдатаў, але нi адзiн зь iх на мой заклiк не прыходзiў. Прычынай гэтага зьявiшча было тое, што нашая iнтэлiгенцыя заўсёды ставiлася няпрыхiльна да палiцыi наагул, а асаблiва да гэтак званай “чорнай палiцыi”, гэта значыць да арганiзаванай немцамi i апранутай у чорныя мундзіры, дзеля таго, што палiцыя гэтая была вельмi скампраметаваная ў вачох беларускага грамадзянства. Апрача таго, немагчымыя адносiны немцаў да мясцовага насельнiцтва адстрашвалі нашую iнтэлiгенцыю ад супрацоўнiцтва зь iмi. Адзiны чалавек, якi згадзiўся пайсьцi на гэтую цяжкую й адказную працу, быў школьны iнспэктар i кiраўнiк самапомачы Ганцэвiцкай акругi Антон Сокал–Кутылоўскi.

У сiлу неабходнасьцi я мусiў выбiраць бэтрояраў зь лiку палiцыянтаў. У шмат выпадках мне ўдалося вышукаць вельмi сьведамых беларусаў, якiя пасьля сканчэньня курсу былi зусiм добрымi беларускiмi прапагандыстымi. Шмат лепш можна было б паставiць справу апекi, каб я знайшоў большае падтрыманьне ў нашай iнтэлiгенцыi.

Нашае падарожжа мела ня толькi характар iнспэкцыйны, але гэтак сама й прапагандовы. Усюды, дзе мы толькi прыязджалi, Каўфман загадваў зьбiраць усiх палiцыянтаў. Калi палiцыянты былi выстраеныя, то Каўфман, адабраўшы рапарт ад камандзiра, звычайна гаварыў праз перакладчыка мiж iншым наступнае: “У маiм штабе знаходзiцца беларускi афiцэр капiтан Кушаль, ён зараз будзе да вас гаварыць, выслухайце яго ўважна”. Пасьля гэтага я гаварыў да людзей прамову. Мая прамова звычайна рабiла на палiцыянтаў вялiкае ўражаньне. Палiцыянты нiколi ня чулi перад гэтым, каб да iх гаварыў хто небудзь па–беларуску й пры гэтым на такую тэму, на якую я да iх гаварыў. Звычайна гаварылi да iх адны немцы i то праз перакладчыкаў, якiя перадавалi iм нямецкiя словы, што датычылi выключна службы, або па–польску, або па–расейску.

Тут яны сустрэлiся зь нечым небывалым. Афiцэр–беларус у нямецкiм мундзiры ня толькi гаварыў да iх па–беларуску, але называў iх беларускiмi жаўнерамi i ўспамiнаў аб Незалежнасьцi Беларусi. Гэта мела вялiкае прапагандовае значэньне. Мушу прызнацца, што я й сам хваляваўся, асаблiва калi прамаўляў да цэлых батальёнаў. У Урэччы быў выстраены перада мной цэлы 36 беларускi палiцыйны полк. “Жыве Беларусь!” — пачынаў i канчаў я свае прамовы, і моцнае “Жыве!” вылятала з грудзей беларускiх палiцыянтаў, якiя па праўдзе былi першымi беларускiмi жаўнерамi.

Вельмi цiкавае палажэньне было ў Лiдзе. Яшчэ перад зборкай палiцыянтаў начальнiк акруговай палiцыi ў Лiдзе прасiў мяне, каб я гаварыў так, каб не паглыбiць польска–беларускi антаганiзм, якi там iснаваў. Калi палiцыянты былi выстраеныя, то я перш за ўсё сказаў, каб беларусы паднялi ўверх рукi. Калi беларусы паднялi нясьмела рукi, то аказалася, што iх было ня больш 20%, рэшта былi палякi i трохi расейцаў. Разумеецца, што прамова мая тут не магла быць такой, як заўсёды. Былi мы гэтак сама й ў украiнскiх батальёнах, дзе я таксама мусiў прамаўляць.

Вярнуўшыся ў Менск, я меў поўнае ўяўленьне аб бэтроюнгу сярод беларускае палiцыi. Быў ён, бязумоўна, нездавальняючы. Каб яго паправiць, даць яму ўказаньнi, выясьнiць ягоныя заданьнi, я запрапанаваў Каўфману адчынiць двутыднёвыя курсы для акруговых бэтрояраў, пасьля чаго акруговыя бэтрояры правядуць такiя курсы для нiжэйшых бэтрояраў у сваiх акругах. Каўфман на гэта згадзiўся. Гэта было ўжо ў канцы кастрычнiка 1943 г. Я прыступiў да апрацаваньня праграмы курсаў i да выданьня палiцэйскага часапiсу, якi я назваў “Беларус на Варце”. Першы нумар “Беларус на Варце” выйшаў у пачатку сьнежня 1943 г. Нумар аказаўся вельмi ўдалы. У лiку 2500 экзэмпляраў ён разыйшоўся па ўсёй Беларусi. Далейшыя нумары часапiсу “Беларус на Варце” выходзiлi перыядычна ў меру падбору матар’ялу. Ад сьнежня 1943 г. да мая 1944 г. выйшла 10 нумароў, з таго дзевяць пад маёй рэдакцыяй i адзiн пад рэдакцыяй Гуцькi Уладзiмера. “Беларус на Варце” распаўсюджваўся пры дапамозе нямецкай палiцыйнай сеткi, дзеля гэтага даходзiў ува ўсе куткi Беларусi, туды, дзе нiякае iншае беларускае друкаванае слова не даходзiла. “Беларус на Варце” быў вельмi папулярны сярод беларускага грамадзянства, як на вёсцы, так і ў горадзе.

У першай палове студзеня 1944 г. распачаўся ў Менску двутыднёвы курс для бэтрояраў. На курс прыбыло па аднаму бэтрояру з кожнай акругi, як акруговыя бэтрояры, i па аднаму з кожнага палiцыйнага аддзелу. Разам прыбыло 18 слухачоў. Нягледзячы на ўсе папраўкi на мясцох, усё ж такi на курс прыбыло двух расейцаў i адзiн паляк, рэшта беларусы. Пасьля заканчэньня гэтага курсу курсанты, вярнуўшыся ў свае акругi, правялi гэткiя ж курсы ў акругах, так што пад вясну 1944 г. цэлы бэтроюнг на Беларусi быў перашколены. Праца пачала вельмi карысна разгортвацца. Палiцыянты пачалi пiсаць зь мейсцаў у “Беларус на Варце”. Я быў у лучнасьцi з усёй беларускай палiцыяй i проста ня мог адзiн даць рады з карэспандэнцыяй, якую атрымлiваў з мейсцаў. Тут гэтак сама выявiлася паэтычная беларуская душа, 80% карэспандэнцыi пiсанай радавымi палiцыянтамi, пiсалася вершам. Нягледзячы на цяжкасьцi й абмежаваньнi, якiя я меў ад немцаў, усё ж такi з гэтай працай я меў вялiкае маральнае задаволеньне.

У лютым 1944 г. Прэзiдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады паклiкаў мяне на становiшча Камандуючага Беларускай Краёвай Абаронай. Я прыняў гэтае становiшча й сьпярша, покуль было магчыма, выконваў гэтыя дзьве функцыi адначасова, але ўжо ў маi 1944 г. я цалкам адыйшоў ад працы сьпецыяльна ўпаўнаважанага ў справах беларускае палiцыi, аддаючыся працы ў БКА. Рэдактарства “Беларус на Варце” пераняў тады Гуцька Уладзiмер.

Нацыянальная сьведамасьць палiцыянтаў, дзякуючы працы бэтроюнгу, была вельмi высокая. Палiцыянты пачалi сапраўды ўважаць сябе за беларускiх жаўнераў i зусiм iначай ацэньваць свае абавязкi i адносiны да немцаў.

Калi пачалося нямецкае адступленьне з Беларусi ў чэрвенi 1944 г., то, нягледзючы на тое, што ў шмат выпадках немцы кiнулi нашу палiцыю на ласку лёсу, як палiцэйскiя батальёны, гэтак i палiцыя раённая ў поўным парадку адступiла на Захад, часта ставячы наступаючым бальшавiкам зацяты адпор. Толькi ў раёне Гораднi Годберг пачаў арганізоўваць беларускую палiцыю ў рэгулярныя баявыя адзiнкi i кiдаць iх у бой пад камандай нямецкiх афiцэраў. Так, напрыклад, прарыў у раёне Аўгустова быў затрыманы выключна беларускай палiцыяй. Шмат палiцыянтаў загiнула там гераiчнай сьмерцю, верачы, што яны змагаюцца за Беларусь.

Пазьней, прыблiзна ў жнiўнi 1944 г., Годбэрг загадаў Обэрштурмбанфюрэру Зiглiнгу сьцягнуць усю беларускую палiцыю й нямецкую жандармэрыю ў раён Лангры i арганiзаваць гэтак званую “шпэрбрыгаду” Зiглiнга. Пазьней гэтая брыгада была папоўненая яшчэ ўкраiнцамi й расейцамi i была названая 30 расейскай дывiзiяй СС. Гэта дывiзiя была перасунутая з раёну Лангры сьпярша ў раён Цiханава, а пазьней у раён Дойчэляў ува ўсходняй Прусii.

У канцы жнiўня 1944 г. я паслаў у штаб Зiглiнга 16 беларускiх афiцэраў з тым, што яны будуць магчы абняць камандныя становiшчы ў тых аддзелах, дзе бальшыня беларусаў. Зiглiнг, аднак, нашых афiцэраў ня прыняў, гаворачы iм, што ў ягонай дывiзii няма месца на нацыянальны падзел. Тады я прыбыў асабiста ў штаб Зiглiнга. Апошняга я не застаў, але справу прадставiў начальнiку штабу, просячы Зiглiнга, каб ён выдзелiў беларусаў у асобныя палкi зь беларускай каманднай абсадай. Шэф Штабу перадаў мне, што аб гэтым ня можа нават быць i гутаркi. “Мы творым адзiн моцны кулак i дзяленьне па нацыянальнасьцях можа яго толькi аслабiць”, — сказаў ён. Стан дывiзii быў 11600 чалавек, у тым лiку 7000 беларусаў.

Пазьней гэтая дывiзыя была перакiнутая ў Францыю. Тут, дзякуючы неадпаведнаму падыходу да нацыянальнага пытаньня i дзякуючы адсутнасьцi сваiх камандзiраў, дывiзыя распалася.

Аб нацыянальнай сьведамасьцi беларускiх палiцыянтаў сьведчыць вялiкая колькасьць iхнiх лiстоў у Беларускую Цэнтральную Раду ў Бэрлiне, у якiх яны дамагаюцца перавесьцi iх у беларускае войска. Той факт, што беларуская палiцыя была змарнаваная для беларускай справы, вiноўнымi зьяўляюцца не беларусы, а толькi выключна немцы, якiя ня ведалi беларуса, няўмелi да яго падыйсьцi, а беларусам не давалi нiякай магчымасьцi мець на iх свой уплыў, асаблiва ў такiя рашаючыя часы, як ад чэрвеня 1944 г.

Беларускае войска на эмiграцыi

У канцы чэрвеня 1944 г. бальшавiцкая армiя прарвала нямецкi фронт на Беларусi i хутка пачала займаць Беларусь. Усё сьведамае беларускае грамадзянства, як з усходняй часткi краю, так i з заходняй, масава пачало ўцякаць на Захад. Такiм чынам, прыблiзна да паловы лiпеня 1944 г. на тэрыторыi Нямеччыны знайшлося шмат як беларускай iнтэлiгенцыi, так i сялян i работнiкаў. Гэтыя масы беларусаў апынулiся ў вельмi благiх умовах. Нямецкiя вайсковыя ўлады затрымоўвалi гэтых уцекачоў ва усходняй Прусii, зачынiлi ў iмправiзаваныя лягеры i выкарыстоўвалi як рабочую сiлу пры пабудове вайсковых умацаваньняў. Частка ўцекачоў, а асаблiва сялян з собскiмi коньмi й вазамi, заставалiся на працу ў вясковых гаспадарках, дзе мусiлi iз сваiмi коньмi працаваць толькi на марнае выжыўленьне. Беларусы вайсковыя, як БКА, Самаахова, палiцыя i iнш. сiлаю прыдзялiлiся да брыгады Зiглiнга. Знайшлася на тэрыторыi Нямеччыны i БЦР са сваiм выканаўчым апаратам. Прыблiзна каля паловы лiпеня 1944 г. сябры Рады на чале з Прэзiдэнтам Астроўскiм сабралiся ў Бэрлiне. Тут Рада была падпарадкаваная Мiнiстэрству ўсходнiх абшараў.

Першаю справаю, якая, на думку БЦР, уважалася за найважнейшую, была арганiзацыя беларускага войска. БКА, якая на Беларусi, як нiяк, станавiла паважную вайсковую сiлу, перастала iснаваць. Брыгада Зiглiнга ў нiякiм выпадку не магла разглядацца як беларускае войска, дзеля таго, што туды заганялiся й iншыя нацыянальнасьцi i, апрача таго, Зiглiнг (думаю, што гэта была ня толькi ягоная думка) не хацеў прызнаваць нiякiх нацыянальнасьцяў. Калi я паслаў у ягонае распараджэньне 16 афiцэраў БКА з тым, каб яны былi камандзiрамi беларусаў у ягонай брыгадзе, то Зiглiнг iх проста ня прыняў. Ён заявiў iм, што ў ягонай брыгадзе падзелу на нацыянальнасьцi няма, брыгада ў цэласьцi зьяўляецца нямецкай збройнай сiлай i яны мусяць камандаваць адзiнкамi незалежна ад iх нацыянальнасьцi. Бальшыня афiцэраў на гэтыя варункi не згадзiлася i ў брыгадзе не засталася.

Першая думка БЦР аб рэстаўрацыi БКА на эмiграцыi сталася немагчымай да рэалiзацыi. Таму было пастаноўлена дамагацца ад нямецкiх уладаў дазволу на арганiзацыю беларускага легiёну. Магчымасьць арганiзацыi такога легiёну была поўная. Як першы пачатак легiёну бралася пад ўвагу тое беларускае войска, якое знайшлося на тэрыторыi Нямеччыны (сапёрныя батальёны БКА, 13–ы беларускi палiцыйны батальён, рэшткi батальёнаў БКА, якiя знайшлiся ў брыгадзе Зiглiнга i iнш.). Можна было разьлiчаць разам на якiх–небудзь 10 000 чалавек вайсковых, у тым лiку i афiцэрская школа. Апрача таго, у войска вельмi ахвотна пайшлi б уцекачы з Беларусi, усходнiя работнiкi беларусы i iнш. Калi б немцы далi магчымасьць сабраць усiх гэтых людзей, то можна б было разьлiчаць на тры дывiзii войска. Беручы ўсё гэта на ўвагу, Прэзiдэнт БЦР выступiў перад немцамi з хадатайнiцтвам аб дазволе на арганiзацыю Беларускага легiёну.

Гэтак званае “беларускае ляйтштэльле” пры Мiнiстэрстве ўсходнiх абшараў праект арганiзацыi беларускага легiёну спаткала вельмi прыхiльна. Кiраўнiк “Ляйтштэльле” др. Люббэ са свайго боку рабiў усё, што мог, каб легiён паўстаў. Першаю вайсковаю ўладаю, да якой Прэзiдэнт зьвярнуўся, складаючы спецыяльны мэмарыял, быў штаб “Фрэмдфолькiшэфрайвіллігфэрбэндэ”, на чале якога стаяў гэнэрал Кiстрын. Мэмарыял быў зложаны прыблiзна ў палове лiпеня 1944 г. Праз якiя тры тыднi Прэзiдэнт атрымаў адказ ад гэнэрала Кiстрына, у якiм ён паведамiў, што мэмарыял атрыманы i што ў хуткiм часе ён запросiць Прэзiдэнта для абмеркаваньня тэхнiчнага боку арганiзацыi легiёну. Я ня буду пералiчваць тут, колькi разоў я наведаў штаб гэн. Кiстрына, каб прыпомнiць яму справу арганiзацыi беларускага легiёну.

Тымчасам, беларускае грамадзянства даведалася аб тым, што БЦР знаходзiцца ў Бэрлiне, i вайсковыя беларусы, асаблiва афiцэры, пачалi зьяўляцца да мяне, сьцвярджаючы ахвоту ўступiць у беларускi легiён. Я знайшоўся ў клапатлiвым палажэньнi. Я верыў абяцанкам Мiнiстэрства ўсходнiх абшараў i штабу гэнэрала Кiстрына, што справа беларускага легiёну будзе разьвязана пазытыўна й хутка, i таму трымаў у надзеi й вайсковых беларусаў, просячы iх аб перачаканьнi нядоўгага часу, пакуль выйдзе загад нямецкiх уладаў. Яны мне верылi й чакалi, знаходзячыся ў вельмi благiх матар’яльных абставiнах.

Час праходзiў вельмi хутка. Кiраўнiцтва вайсковымi справамi пры БЦР Прэзiдэнт даручыў Канстанцiну Езавiтаву. Наступiла гэта ў жнiўнi 1944 г. Езавiтаў энэргiчна ўзяўся за працу. І Прэзiдэнт, i Вiцэ–прэзiдэнт, i Езавiтаў бязконца абiвалi парогi розных нямецкiх чыноў, а справа легiёну стаяла на мёртвым пункце.

БКА ня было ўрадава немцамi разьвязанае i я далей уважаўся афiцыяльна за камандуючага БКА. У гэткiм характары я й выступаў перад нямецкiмi ўладамi. У пачатку верасьня 1944 г. я iз сваiм ад’ютантам зьявiўся ў Вайсковай Камандатуры Бэрлiна i запатрабаваў прыдзелу кватэраў для БКА. Запатрабаваньне сваё я матываваў тым, што шмат жаўнераў БКА прыбывае й са шпiталяў у штаб БКА i для iх няма кватэраў. Камандатура прыдзялiла нам тады школьны будынак пры Лiхэнэрштрасэ 50, з поўным уладжаньнем за кватэраваньня трохсот чалавек. З гэтага моманту вайсковыя беларусы й пачынаюць канцэнтравацца на Лiхэнэрштрасэ 50.

Адцягваньне выдачы загаду немцамi аб арганiзацыi легiёну непакоiла сябраў БЦР. На адным паседжаньнi Прэзыдыюму Рады выступiў Езавiтаў з праектам, каб прыступiць да арганiзацыi першай вайсковай адзiнкi, не чакаючы на дазвол немцаў. Свой праект ён матываваў наступна: афiцыяльна iснуе БКА, кватэра ёсьць, выжыўленьне можа быць тымчасова арганiзаванае па харчовых картках, гэтак сама жаўнеры могуць тымчасова быць у собскiх вопратках, так што пад фiрмай БКА можна паклiкаць людзей i прыступiць да арганiзацыi першага школьнага батальёну БКА.

Я асабiста не згаджаўся з праектам Езавiтава. Знаючы добра немцаў, я ведаў, што яны з дакананым фактам могуць ня лiчыцца i што загад аб арганiзацыi легiёну можа прыйсьцi вельмi няскора, або наагул ня прыйсьцi, тымчасам склiкаючы людзей, мы бярэм на сябе адказнасьць за iх. БЦР нiякiх матарыяльных сродкаў ня мае апрача грошай, з якiх мусiла адчытвацца перад Мiнiстэрствам усходнiх абшараў, якое магло выдаткi на школьны батальён ня прызнаць. Наагул, арганiзацыя войска бяз нiякай падставы праўнай i бяз базы матарыяльнай выглядала, па–мойму, непаважна.

Праект Езавiтава, аднак, Прэзiдэнту спадабаўся й было пастаноўлена арганiзаваць школьны батальён пад фiрмай БКА ў Бэрлiне. На гэтую мэту было асыгнавана 12 000 нямецкiх марак. Наколькi я прыпамiнаю, пастанова гэтая была прынятая 13 верасьня 1944 г.

З гэтага мамэнту Езавiтаў, арганiзаваўшы сабе адпаведна моцную канцалярыю, пачаў паклiкаць людзей у беларускае войска.

Людзi пачалi зьяўляцца. Адзiн iз старэйшых афiцэраў, якi першы прыбыў у батальён быў капiтан Пётра Касацкi, ён i быў вызначаны на камандзiра батальёну.

Згодна з першым праектам батальён павiнен быў складацца: 1) з афiцэрскага курсу, на якiм павiнны былi дасканалiцца афiцэры, 2) падафiцэрскага курсу для дасканаленьня падафiцэраў, 3) афiцэрскае школы, у якой павiнны былi вучыцца на афiцэраў маладыя людзi, што ня мелi нiякай афiцэрскай школы, 4) падафiцэрскае школы, для кандыдатаў на падафiцэраў, што ня мелi падафiцэрскае школы i 5) гаспадарскае роты. Дзеля таго, што батальён гэты арганiзоўваўся, як батальён БКА, то ён быў у маiм падчыненьнi.

Батальён пачаў арганiзоўвацца ў пачатку верасьня 1944 г. i паводле думкi Езавiтава й некаторых сябраў Рады, афармленьне яго перад нямецкiмi ўладамi павiнна было мець месца не пазьней, як праз два тыднi. Тымчасам прыйшоў i сьнежань 1944 г. i нягледзячы на ўсе стараньнi Рады аб дазволе на арганiзацыю легiёну, а праз гэта й уключэньне батальёну ў гэты легiён, засталося бяз вынiку. У батальён прыбыло каля 300 чалавек, у тым лiку 50 афiцэраў. Кватэры былi адносна добрыя, харчаваньне па харчовых картках гэтак сама магчымае, але з вопраткай справа прадстаўлялася катастрафальна: людзi прыбылi ў летнiх вопратках. У лiстападзе ўжо было вельмi холадна. Людзi прастуджвалiся, а нямецкiя вайсковыя ўлады ўсьцяж абяцалi, але нiчога не рабiлi. У батальёне пачаўся разлад. Людзям трэба было ўсьцяж абяцаць, што не сягоньня так заўтра выйдзе загад аб арганiзацыi легiёну i што яны атрымаюць вопратку й зброю. Людзi верылi й чакалi.

Вышкаленьне гэтак сама праводзiлася. Была арганiзаваная афiцэрская школа, якая пад камандай маёра Барыса Рагулi нягледзячы на адсутнасць зброi й вопраткi праходзiла праграму афiцэрскай школы. Гэтак сама была арганiзаваная й школiлася падафiцэрская школа. Праходзiў перашколенне й курс афiцэрскi. Час iшоў. Халады большалi й трэба было з боку так камандзiраў, як i падуладных жалезнай волi й самаахвярнасцi, каб у такiх умовах утрымоўваць дысцыплiну й школiцца.

Прыблiзна ў палове сьнежня 1944 г. штаб “Фрэмдфолькiшэфрайвiллiгфэрбэндэ” адмовiўся ўзяць пад сваю апеку беларускi легiён i справу перадаў “СС Гаўптамту”. Апошнi згадзiўся арганiзаваць беларускi легiён пад сваёй камандай. З гэтага моманту беларускiя вайсковыя справы перайшлi да “СС Гаўптамту”. У “СС Гаўптамт” была арганiзаваная беларуская „ляйтштэльле“, якая й занялася беларускай вайсковай справай. “СС Гаўптамт” згадзiўся арганiзаваць беларускую дывiзiю. Гэты факт быў iмпульсам для вайсковага кiраўнiцтва падвоiць энэргiю. Пiшучыя машынкi дзень i ноч трашчэлi бяз упынку. Шафы што раз больш напаўнялiся паперай, а справа й далей стаяла на мёртвым пункце.

Прэзiдэнт i вайсковае кiраўнiцтва дамаўлялiся з „СС гаўптамтам“ адносна варункаў, на якiх мелася арганiзавацца беларуская дывiзiя. Урэшце дамовiлiся, што камандзiрам дывiзыi будзе немец, штаб дывiзыi мяшаны, гэта значыць, што побач з кiраўнiкамi аддзелу штабу немцаў маюць быць i беларусы. Камандзiры палкоў i ўсе нiжэйшыя камандзiры мелiся быць беларусы. Пры кожнай адзiнцы мелiся быць аднак нямецкiя афiцэры, як афiцэры сувязi. Каманды зацьвярджалiся беларускiя. Назоў дывiзыяў (дывiзыi) меўся быць наступны: СС дывiзiя “Беларусь”. Дывiзыя мелася быць ужытая толькi на ўсходнiм фронце. Было яшчэ i шмат iншых пунктаў меньшага значэньня. Цяпер “СС Гаўптамт” падшукваў адпаведнага кандыдата на камандзiра дывiзii.

8 студзеня 1945 г. зьявiўся ў БЦР СС Обэрштурмбанфюрэр Зiглiнг, якi заявiў, што ён СС Райхмiнiстрам Гiмлерам вызначаны на камандзiра СС дывiзыi “Беларусь” i што прыбыў ён сюды, каб пазнаёмiцца з Прэзiдэнтам БЦР i абгаварыць з вайсковым беларускiм кiраўнiцтвам справу арганiзацыi гэтае дывiзыi.

Дзеля таго, што Зiглiнг адыграў вельмi вялiкую й ад’емную ролю ў арганiзацыi беларускага войска ў Нямеччыне, я хачу коратка затрымацца на ягонай асобе.

Зiглiнг належаў да войск СС. На мяне рабiў ён уражанне чалавека маладога, недасьведчанага й няўстрыманага. Выплыў ён наверх толькi дзякуючы пратэкцыі. Кажуць, што нейкая блiжэйшая сувязь, цi сваяцтва лучыла яго з Гiмлерам. Як я ўжо ўспамiнаў тут, ён быў вызначаны за камандзiра гэтак званай шпэрбрыгады, якая арганiзоўвалася ў раёне Ломжы, у лiпенi 1944 г. зь недабiткаў нямецкай жандармерыi, якая акупавала Беларусь, з розных iншых нацыянальнасьцяў, якiя служылi на Беларусi як дапаможная палiцыя. Было туды ўключана й трохi БКА, i беларускае самааховы. Паводле слоў беларускiх афiцэраў, якiя безпасрэдна сутыкалiся з гэтай брыгадай, было там разам 11 000 чалавек, з чаго 7 тысяч было беларусаў. Пазьней брыгада гэтая атрымала назоў 30–й расейскай СС дывiзыi. Афiцэрскi склад гэтай дывiзii быў вельмi разнастайны. Былi там афiцэры нямецкай жандармерыi, афiцэры дапаможнай iншаземнай палiцыi й трохi афiцэраў БКА. Зiглiнг, не прызнаючы нацыянальнага прынцыпу ў арганiзацыi дывiзii, i як немец трымаўся расыстаўскае тэорыi, усiх афiцэраў i падафiцэраў ня немцаў запхнуў на другарадныя становiшчы, да камандзiра рот уключна i вышэй паставiў немцаў. Гэтыя немцы ня ведалi псыхалёгii сваiх падуладных i апрача таго, ня былi афiцэрамi баявымi, так што зь месца наставiлi да сябе жаўнераў ня немцаў варожа. Гэтыя нямецкiя афiцэры, як сапраўдныя палiцыянты, думалi ўтрымлiваць дысцыплiну ў сваiх пададзелах пры помачы караў. Увесь гаспадарчы апарат дывiзii быў абсаджаны выключна немцамi, якiя бязьлiтасна абкрадалi жаўнераў ня немцаў. Усё гэта разам выклiкала вельмi благi настрой жаўнераў дывiзыi. Але мiма ўсяго, усе ня немцы пакiнулi сваю бацькаўшчыну, уцякаючы перад бальшавiкамi й былi ворагамi бальшавiкоў. Усе яны хацелi бiцца з бальшавiкамi, i незважаючы на ўсе недахопы дывiзii, з бальшавiкамi бiлiся б. Але, цi з собскай iнiцыятывы Зiглiнга, цi з вышэйшага загаду, сталася iначай.

У верасьнi 1944 г. дывiзiя была адпраўлена ў Францыю на заходнi фронт. Беларусы, якiя хацелi бiцца з бальшавiкамi, каб магчы вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, гналiся немцамi ў бой з англа–амерыканамi. Анi да Амэрыкi, анi да Англii беларусы ня мелi нiякiх прэтэнсыяў i бiцца зь iмi не хацелi. Яшчэ далёка ад фронту на францускай тэрыторыi больш сьведамыя беларускiя жаўнеры пачалi лучыцца ў невялiчкiя групы, навязваць сувязь з францускiмi гэтак званымi “тэрарыстамi” i пераходзiць да iх, а калi дывiзiя заняла адрэзак фронту, то адзiн батальён, зладжаны з беларусаў, цалкам перайшоў на амэрыканскi бок. Гэты факт пераканаў немцаў аб небясьпецы трыманьня дывiзii ў Францыi й яны, зьняўшы дывiзiю з фронту, арыштавалi частку афiцэраў i растралялi iх. З рэшты афiцэраў i жаўнераў былi створаныя гэтак званыя „Шанцрэгiмэнты“ i пасланыя ў Заходнюю Нямеччыну на працу пры будове палявых умацненняў. Немцаў, якiя належалi да дывiзii, i частку iншых нацыянальнасьцяў, якiя яшчэ засталiся пры дывiзii, адвялi ў раён Вайдэна i разкватэравалi па вёсках, Штаб дывiзii памясьцiўся ў Гiршаў. Калi восяньню 1944 г. зрабiлася йзноў актуальнай справа Уласава, то Зiглiнг па загаду Гiтлера ўсiх iншанацыянальных вайсковых, якiя знаходзiлiся яшчэ пры дывiзii, адаслаў у аддзелы Уласава. Такiм чынам, Зiглiнг застаўся безпрацоўным.

Вось гэты самы Зiглiнг зьявiўся 8–га студзеня 1945 г. у БЦР як камандзiр дывiзii „Беларусь“.

Вызначэньне Зiглiнга камандзiрам беларускае дывiзii зрабiла на беларусаў, як вайсковых, так i цывiльных, як найгоршае ўражанне. Прэзiдэнт БЦР звярнуў увагу „СС Гаўптамт“ аб непапулярнасцi Зiглiнга як камандзiра беларускае дывiзii, але „СС Гаўптамт“ не зьвярнуў на гэта нiякае ўвагi. 8–га студзеня Зiглiнг вёў гутарку толькi зь Езавiтавым як кiраўнiком вайсковых спраў, заявiўшы, што ён яшчэ раз прыедзе, каб пазнаёмiцца з Прэзiдэнтам.

У другой палове студзеня 1945 г. Зiглiнг прыслаў у школьны батальён у Берлiн „Штумбанфюрэра“ (маёра) Генiгфэльда, якi, прыбыўшы ў батальён, як у падуладны яму аддзел, выбраў наймаладзейшых i найлепшых афiцэраў i падафiцэраў, паглядзеў на стральцоў i заявiў, што хутка яны паедуць на месца арганiзацыi дывiзii. На афiцэраў i падафiцэраў гэты факт зрабiў як найгоршае ўражаньне. Яны выразна вычулi, што беларускае вайсковае кiраўнiцтва зыходзiць на другi плян.

Неўзабаве прыехаў у Бэрлiн другi раз Зiглiнг. Гэтым разам ён прыбыў на прыватнае памяшканьне Прэзiдэнта БЦР. У гутарцы з Прэзiдэнтам ён быў вельмi ўступлiвым. Прэзiдэнт улажыў на пiсьме ўмовы, на якiх мае быць арганiзаваная дывiзiя. Адносна ўмоваў Зiглiнг меў вельмi незначныя засьцярогi. Ён абяцаў Прэзiдэнту афiцэрскую й падафiцэрскую школы, якiя iснавалi ў школьным батальёне ў Бэрлiне, захаваць на месцы арганiзацыi дывiзii. Адным словам, Прэзiдэнт i Зiглiнг дайшлi да поўнае згоды. Мiж iншым, гэныя ўмовы былi цалкам апрабаваныя й „СС Гаўптамтам“.

У канцы студзеня 1945 г. афiцэрскiя i падафiцэрскiя школы, афiцэры, якiх выбраў Гэнiгфэльд, i частка стральцоў выехалi з Бэрлiна на месца арганiзацыi дывiзii. Афiцэрам для сувязi памiж Зiглiнгам i жаўнерамi беларускiмi быў вызначаны вайсковым кiраўнiцтвам маёр Рагуля Барыс. Пад ягонай камандай транспарт i выехаў з Бэрлiна.

У школьным батальёне ў Бэрлiне засталiся старэйшыя векам афiцэры й трохi стральцоў. Бальшыня з гэтых людзей былi не прыдатныя да вайсковай службы. Тут я мушу выясьнiць, якiм чынам у школьным батальёне знайшлiся людзi, не прыдатныя да вайсковай справы.

Вайсковае кiраўнiцтва хацела выказацца прадуктыўнай працай перад БЦР i „СС Гаўптамтам“. З гэтай мэтай яно паклiкала людзей, ня лiчачыся нi зь векам, нi з станам здароўя. Асаблiва было шмат людзей старых i хворых сярод афiцэраў. Гэтых афiцэраў не хацеў прыняць Зiглiнг, гэтак сама не хацеў iх мець i „СС Гаўптамт“, так што, пасьля ад’езду першай партыi з Бэрлiна, зпасярод застаўшыхся афiцэраў былi выбраны людзi, якiя надавалiся на вярбоўшчыкаў, а рэшта ў лiку 18–цi чалавек былi з войска звольненыя.

Пасьля выезду транспарту школьнага батальёну з Бэрлiна, даўжэйшы час ня было аб iм нiякiх вестак. Ня было нават ведама дакладна месца, куды яны выехалi. Прыблiзна пасьля трох тыдняў першыя весткi прывезлi стральцы, якiя былi звольненыя iз дывiзii лекарскай камiсыяй. Стральцы гэтыя расказалi, што Зiглiнг афiцэрскую школу абнiзiў да падафiцэрскай, а падафiцэрскую школу падзялiў на розныя гаспадарчыя функцыi ў дывiзii. Афiцэраў беларусаў выдзялiў у асобную групу дзеля перавышкалення. Камандную абсаду ў афiцэрскай школе здэградаванай на падафiцэрскую, зрабiў толькi з немцаў. Скора прыехаў у Бэрлiн i маёр Рагуля, якi гэтыя весткi цалкам пацвердзiў. Гэты факт не датрымання ўмоваў Зiглiнгам абурыў усю БЦР. Але гэтае абурэнне нiякага вынiку ня мела. Раз намечаны плян немцамi кансэквэнтна праводзiўся ў жыццё. Роля вайсковага кiраўнiцтва пры БЦР абмежавалася толькi для вярбоўкi людзей у дывiзiю Зiглiнга й то пад дакладнай кантроляй „СС Гаўптамту“. Такiм чынам, кiраўнiк вайсковых справаў, якi выабражаў сябе ваенным мiнiстрам i гэнеральным iнспэктарам беларускiх узброеных сiлаў, быў менш чымся кiраўнiк вярбунковага бюро. У пачатку сакавiка 1945 г. былi разасланыя вярбоўнiкi i ў лягеры ўсходнiх работнiкаў для вярбоўкi беларусаў у войска. Аднак вынiкi гэтай вярбоўкi былi вельмi нязначныя. Прычынай гэтага было, у першую чаргу, агульнае ваеннае палажэньне Нямеччыны ў гэтым часе, недавер да немцаў з прычыны iхняй папярэдняй палiтыкi адносна беларускiх спраў, i асобы Зiглiнга, як камандзiра дывiзii.

Пасьля адпраўкi першае партыi людзей i школьнага батальёну ў дывiзiю, было адпраўлена туды яшчэ некалькi партыяў значна меншых. Школьны батальён iснаваў да паловы красавiка 1945 г. На нямецкае харчаванне ён быў узяты ў канцы лютага 1945 г. Афiцыйна батальён пачаў сваё iснаваньне ад 13–га верасня 1944 г., так што больш як 5 месяцоў прайшлi, покуль немцы ўзялi яго на сваё харчаваньне, а абмундзiраваны i ўзброены ён ня быў i да канца свайго iснаваньня.

Жаўнеры школьнага батальёну БКА ў Бэрлiне выказалi за час iснаваньня батальёну нязвычайную цярплiвасць i ахвярнасць адносна сваiх жаўнерскiх абавязкаў. Будучы вельмi блага апранутымi (большасць у летнiх i марных вопратках, асаблiва хлопцы з Саюзу Беларускае Моладзi), вельмi блага аджыўляючыся, зусiм не ўзброеныя, ператрывалi яны вострую зiму 1945 г. i сумленна выконвалi вымаганыя ад iх абавязкi. Яны верылi, што ў рэшце рэштаў беларускае вайсковае права прыйме iншы, лепшы зварот. Гэтак аднак не здарылася i ў гэтым няма вiны анi БЦР, анi вайсковага беларускага кiраўнiцтва.

Яшчэ у лютым 1945 г. я хацеў выехаць у дывiзiю, каб быць у курсе ўсiх спраў, якiя там дзеюцца i мець на iх свой уплыў. Прэзыдэнт цалкам падтрымлiваў маю думку й напiсаў пiсьмо у “СС Гаўптамт”, у якiм прасiў аб адпаведныя для мяне на выезд дакуманты. Але на вялiкае нашае зьдзiўленьне, “СС Гаўптамт” катэгарычна адмовiўся выпiсваць дакуманты i спрацiвiўся майму выезду ў дывiзiю. Прэзыдэнт вельмi абурыўся гэтаму i заявiў, што ён гэты факт разглядае як справу прынцыповага значэньня. Прэзыдэнт даручыў 1–му Вiцэ–прэзыдэнту Шкялёнку iнтэрвэнцыю ў гэтай справе ў Мiнiстэрстве ўсходнiх абшараў.

Вiцэ–прэзыдэнт Шкялёнак i кiраўнiк вайсковых спраў Езавiтаў былi ў гэтай справе ў д–ра Люббэ. Др. Люббэ падзялiў погляд “СС Гаўптамту” i, такiм чынам, дарога ў дывiзiю для мяне была зачыненая.

Тымчасам выпадкi на фронтах разгортвалiся так, што катастрофа Нямеччыны наблiжалася шпаркiм крокам. Гэтая акалiчнасьць змусiла мяне ужыць хiтрасьцi, каб за ўсялякую цану дастацца ў дывiзiю й у крытычны мамэнт быць пры сваiх людзях. Я запрапанаваў „СС Гаўптамту“ сваю ўслугу на вярбоўку людзей у дывiзiю, на што „СС Гаўптамт“ згадзiўся i выпiсаў для мяне дакуманты на выезд ў паўднёва–заходнюю Нямеччыну. Езавiтаў гэтак сама мне запрапанаваў, каб я, па выкананьнi свайго заданьня па вярбоўцы людзей, паехаў у дывiзiю i ад ймя вайсковага кiраўнiцтва выпiсаў мне дакументы, як спецыяльна–упаўнаважанаму ад БЦР пры дывiзii. Справа гэтая была ў даны момант вельмi актуальнай дзеля таго, што маёр Рагуля, як гастырлiвая муха, бязупынна гудзеў у вушы Зiглiнга аб не выкананьнi iм прынятых на сябе ўмоваў адносна арганiзацыi дывiзii “Беларусь”, быў высланы на афiцэрскi курс для перашкаленьня.

3–га красавiка 1945 г. я прыбыў у дывiзiю. Зiглiнг можа й шчыра прывiтаў мой прыезд з задавальненьнем. У гэты момант як раз вялася рэарганiзацыя дывiзii. Рэарганiзацыя гэтая складалася з наступнага.

Немцы арганiзоўвалi новую СС дывiзiю, якую называлi “СС дывiзiя Нiбелунгаў”. Дывiзiю „Нiбелунгаў“ яны арганiзоўвалi зь нямецкае, якую прымусова забiралi з пакiданых iхняй армiяй абшараў. Большасьць нямецкiх афiцэраў i падафiцэраў яны забралi сюды з дывiзii “Беларусь”, як кадраў для дывiзii “Нiбелунгаў”, дзеля гэтага ў дывiзii “Беларусь” не хапала нямецкага каманднага складу. У сiлу неабходнасьцi немцы былi прымушаны немцаў камандзiраў замянiць беларускiмi камандзiрамi. У сувязi з гэтым яны ўсiх беларусаў выдзялiлi ў васобныя тры батальёны, у якiх пачынаючы ад камандзiра батальёну ўнiз былi вызначаныя беларусы. Камандзiрам цэласнасьцi быў вызначаны немец штурмбанфюрэр (маёр) Гэнiгфэльд. У дывiзii “Нiбелунгаў” не хапала зброi i iнш. Дзеля гэтага немцы адабралi ад беларускiх жаўнераў зброю, прылады i начыньне, пакiдаючы на двух жаўнераў адзiн кацялок. Месцам арганiзацыi беларускiх батальёнаў была вызначаная ваколiца Вайнэргамэр. У гутарцы са мной Зiглiнг прадставiў справу рэарганiзацыi дывiзii “Беларусь” зусiм у iншым сьвятле, так што зь ягоных слоў рэарганiзацыя рабiлася на нашу карысьць. Зiглiнг запрапанаваў мне, каб неадкладна паехаў з Гэнiгфэльдам, якi ў гэты час быў у штабе дывiзii, у Вайнэргамэр i там супольна зь iм арганiзаваў тры беларускiя батальёны.

Калi я прыехаў у Вайнэргамэр, то на месцы засьпеў яшчэ афiцэрскi курс перашкаленьня. Школы афiцэрскай, здэградаванай Зiглiнгам на падафiцэрскую, ужо ня было. Яна была зьлiквiдаваная. Такiм чынам Зiглiнг зьнiшчыў i другую беларускую афiцэрскую школу. У штабе Гэнiгфэльда я, на маю радасьць, засьпеў капiтана Орсiча, якi паiнфармаваў мяне аб фактычным стане рэчаў, якiя прадстаўлялiся вельмi дрэнна. Яшчэ ў першы дзень майго пабыту пры штабе Гэнiгфэльда я зрабiў сабраньне часткi афiцэраў найпэўнейшых зь беларускага пункту гледжаньня. Афiцэры як адзiн заявiлi мне, што ў сувязi з раззбраеньнем беларусаў i выдзяленьнем iх у асобныя групы ходзяць чуткi, што будуць яны выкарыстаныя толькi як працоўная сiла пры будове абаронных умацаваньняў, што беларускiя батальёны ня будуць вайсковымi адзiнкамi, а проста працоўнымi аддзеламi, што гэта рэарганiзацыя ёсьць нiшто iншае, як проста лiквiдацыя беларускае дывiзii. На гэта паказваў i той факт, што пры беларускiх батальёнах застаюцца ўзброеныя аддзелы немцаў у сiле да 50 чалавек, якiя падлягаюць безпасярэдна афiцэрам немцам, што прыдзяляюцца да беларускiх батальёнаў як афiцэры лучнасцi памiж камандзiрам батальёну i Гэнiгфэльдам. Значыцца панам палажэння ў беларускiм батальёне будзе афiцэр немец, якi, кiруючыся на ўзброенай адзiнцы, можа з абязброяным батальёнам зрабiць што ён захоча. У сувязi з гэтым настрой сярод афiцэраў, падафiцэраў i стральцоў вытварыўся вельмi благi. Як афiцэры, так падафiцэры й стральцы, хочуць разбегчыся. Людзi менш стрыманыя ўжо дэзэртыруюць. На iхныя разважаньнi я ня меў супроць нiякага аргумэнту. Выглядала, што сапраўды беларускiя абязброеныя батальёны будуць замененыя ў працоўныя аддзелы. Я выйшаў iз таго гледзiшча, што катастрофа Нямеччыны хутка наблiжаецца i, што пры найгоршым становiшчы, у якое паставiлi б нас немцы, мы мусiм быць арганiзаванымi. Супраць Ангельшчыны й Амерыкi мы нiколi ня будзем ваяваць, бо беларусы ня маюць да гэтых народаў нiякiх прэтэнзiяў. Немцы не датрымалi ўмовы адносна ўжыцьця нас на усходнiм фронце й дзеля гэтага мы маем разьвязаныя рукi. Мы мусiм ужыць усiх сiлаў, каб усе мы, вайсковыя беларусы, трымалiся разам хоць бы нават як працоўныя аддзелы й пры першай магчымасьцi арганiзавана перайшлi на Англа–Амэрыканскi бок. Гэтыя разважаньнi пераканалi афiцэраў i мы разышлiся, вырашыўшы трымацца арганiзавана за ўсялякую цану.

На наступны дзень я правёў гутарку з усiмi афiцэрамi, якiя былi ў Вайергамэры, з падафiцэрамi i стральцамi пададдзелаў. Не магу тут не адзначыць вельмi добрую паставу эскадрону, якiм камандаваў ротмiстр Айбнэр, немец. Нягледзячы на тое, што Айбнэр быў немцам, аднак беларуская нацыянальная сьведамасьць ягоных жаўнераў была вельмi высокая, гэтак сама эскадрон добра прадстаўляўся пад поглядам баёвасьцi, як i дысцыплiны.

Аб вышэй апiсаным палажэньнi ў дывiзii “Беларусь” нiчога ня ведала беларускае войскавае кiраўнiцтва пры БЦР, анi сама БЦР. Таму я быў прымушаны неадкладна выехаць у Бэрлiн, каб аб усiм паiнфармаваць.

Прыблiзна каля 10–га красавiка я вярнуўся з Бэрлiну ў дывiзiю. Гэнiгфэльд iшоў мне вельмi на руку i ва ўсiм са мною раiўся. Камандiрамi батальёну былi вызначаныя:

1–м маёр Сокал–Кутылоўскi, 2–м капiтан Чайкоўскi й 3–м капiтан Тамiла. Дух сярод жаўнераў падняўся. Батальёны, хоць i бяз зброi, пачалi праходзiць вайсковую падрыхтоўку.

У часе рэарганiзацыi дывiзii Зiглiнг выбраў найлепшых афiцэраў, падафiцэраў i стральцоў i арганiзаваў зь iх асобны аддзел, гэтак званы Ягдкамандэ, куды былi забраныя капiтан Зыбайла Рыгор, падлейтэнант Трусаў i iнш. У склад Ягдкамандэ ўвайшоў i эскадрон Айбнэра. Ягдкамандэ быў прыдзеляны да дывiзii “Нiбелунгi”, месца пастою яго для мяне ня было ведамым, яно было заканспiраванае, так што я ня меў з Ягдкамандэ нiякай лучнасьцi. Камандзiрам Ягдкамандэ быў немец. Пазьней я даведаўся ад стральцоў, якiя ўцякалi з Ягдкамандэ, што пры наступленьнi амэрыканцаў Ягдкамандэ была кiнутая немцамi ў абароне аднае мясцовасьцi. Аднак iдэя не вясьцi бою з амэрыканцамi ўжо была так пашыраная сярод жаўнераў, што пры сутычцы з амэрыканцамi частка жаўнераў паддалася iм бяз бою, а частка разьбеглася. Тады немцы сабралi ўсiх афiцэраў–беларусаў i вывязьлi ня ведама куды.

15–га красавiка 1945 г. Гэнiгфэльд атрымаў загад перавесьцi беларускiя батальёны ў раён Вальдмюнхэн. У часе прыгатаўленьня да маршу прыбыў у Вайергамэр палкоўнiк Шувалаў, як кiраўнiк вайсковых справаў пры БЦР. Вальдмюнхэн знаходзiцца каля 60–цi км на паўднёвы ўсход ад Вайергамэру. Марш трываў двое сутак i адбыўся ў поўным парадку. Батальёны атрымалi новае месца пастою ў вёсцы Нэпамук у Судэтах. Дзеля таго, што Нэпамук вельмi малая вёска, то батальёны закватэравалiся ў лесе пад адкрытым небам. У гэты самы час прыйшлi халады, выпаў сьнег, людзi, што ня мелi палатак), вельмi мерзлi.

Тым часам фронт iшоў у сьлед за iмi. 21–га красавiка 1945 г. Гэнiгфэльд атрымаў загад перавесьцi батальён у мясцовасьць Пассаў, дзе будзе атрыманае далейшае накiраваньне. Для мяне сталася ясным, што немцы хочуць перакiнуць нашыя батальёны ў Тырольскiя горы, дзе немцы мелiся баранiцца да канца. Для нас, беларусаў, ня было нiякага iнтарэсу загiнуць разам з войскам СС у безнадзейнай барацьбе з Англа–Амэрыканцамi. Трэба было нешта прадпрыняць для ратаваньня нашых жаўнераў. Але пакуль што нiчога ня можна было зрабiць, бо пры кожным батальёне быў аддзел узброеных немцаў, апрача таго недалёка ад нас знаходзiлася СС дывiзiя Нiбелунгаў, таксама моцна ўзброеная. Трэба было падпарадкавацца загаду. Вызначаны загадам маршрут праз Кам у апошнi мамэнт быў зьменяны дзеля таго, што Кам быў ужо заняты амэрыканцамi. Сталася ясным, што да Пассаў мы не дамаршаруем. Я, параiўшыся з палкоўнiкам Шувалавым, аддаў загад камандзiру батальёну, каб яны пад рознымi пратэкстамi адцягвалi час вымаршу й каб машэравалi, як найпавальней. Згодна распарадку Гэнiгфэльда трэцi батальён вымашэраваў 22–га красавiка ўвечары, другi й першы батальён вымашэравалi 23–га красавiка пад ранiцу. Палкоўнiк Шувалаў меў у сваiм распараджэннi самаход Прэзыдэнта, якiм i выехаў 23–га красавiка ранiцай. У сьлед за Шувалавым выехаў самаходам i Гэнiгфэльд. Я меў у сваiм распараджэньнi параконную брычку i выехаў ёй з Ненамук пасьля адмаршу батальёнаў. Праз цэлы час маршу я знаходзiўся пры сваiх батальёнах.

Ужо ў часе маршу пачалi даходзiць да нас весткi аб пагрозьлiвым палажэньнi на фронце. Па осi нашага маршу машыравалi ў безпарадку нямецкiя аддзелы i аддзелы РОА . 25–га красавiка трэцi батальён асягнуў мясцовасць Эйзэнштайндорф. Я знаходзiўся пры трэцiм батальёне. У Эйзэнштайндорф батальён зрабiў даўжэйшы адпачынак. Чатыры км ад Эйзэнштайндорф знаходзiўся Эйзэнштайнмаркт. Там было поўна нямецкiх дэзэртыраў, якiя расказвалi аб поўным разьбiцьцю фронту амэрыканцамi.

У Эйзэнштайндорф я аканчальна пераканаўся, што далейшы марш будзе бязмэтным. Тымчасам афiцэр для сувязi трэцяга i другога батальёну, якi знаходзiўся для таварыства пры афiцэры трэцяга батальёну, настойлiва патрабавалi машыраваць далей. Супроцьставiцца iм было цяжка, дзеля таго, што пры iх знаходзiўся ўзброены аддзел немцаў. Апрача таго ў ваколiцы было шмат войскаў СС, якiя ў кожную часiну, у выпадку застасаваньня якога колечы гвалту з нашага боку адносна немцаў маглi прыйсьцi iм на дапамогу.

У момант майго разважаньня, як выйсьцi з палажэньня, мае афiцэры далажылi, што ў Шпiбэргу, якi знаходзiўся каля двух кiлёмэтраў ад нас, знаходзiцца штаб гэнэрала Мальцава, камандзiра дывiзii РОА. Я пастанавiў перагаварыць з гэнэралам Мальцавым i зараз жа ў таварыстве камандзiра трэцяга батальёну капiтана Тамiлы i майго ад’ютанта надлейтэнанта Сасукевiча выправiўся ў штаб гэнэрала Мальцава.

Будынак штабу гэнэрала Мальцава быў абстаўлены вартаўнiкамi, узброенымi ў аўтаматы. Даступ у штаб быў вельмi цяжкiм, аднак, даведаўшыся аб маiм прыбыцьцi да яго, Мальцаў прыняў нас неадкладна. Ён быў вельмi ветлiвы i гутарка мая зь iм адбылася ў прысутнасцi ня толькi двух маiх афiцэраў, але i афiцэраў штабу Мальцава. Я прадставiўся яму, як камандзiр беларускае дывiзii.

Перадусiм я папрасiў гэнэрала Мальцава, каб ён паiнфармаваў мяне аб палажэньнi на фронце. Гэнэрал Мальцаў сказаў мне, што мясцовасьць Цьвiзэль, якая ляжыць на маiм маршруце, а таксама й на маршруце дывiзii гэнэрала Мальцава, занятая амэрыканцамi, i што агульнае палажэньне фронту безнадзейнае. Дзеля гэтага, казаў гэнэрал Мальцаў, ня толькi далейшы марш, але й далейшае трыманьне зь немцамi зьяўляецца бязмэтным. Калi я запытаўся гэнэрала Мальцава, што ён думае рабiць ў сувязi з такiм палажэньнем, гэнэрал Мальцаў мне адказаў, што ён ужо знаходзiцца (праз сваiх упаўнаважаных) у сувязi iз штабам амэрыканскага корпусу, якiя вядуць перамовы аб пераходзе ягонае дывiзii на амэрыканскi бок i што гэтыя ўпаўнаважаныя прыгатаўляюць спатканьне яго з камандзiрам амэрыканскага корпусу. На гэтым спатканьнi ён асабiста абмяркуе варункi ганаровай капiтуляцыi дывiзii на карысьць амэрыканцаў. Я яму адказаў, што я цалкам падзяляю ягоную думку аб пераходзе на амэрыканскi бок i дзеля таго, што ў нас у гэты момант аднолькавыя думкi ў справе стварыўшагася палажэньня, у якiм знаходзяцца нашыя дывiзii, то будзе мэтазгодным, калi мы супольна будзем пераходзiць нямецкi фронт. Тут я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву свае варункi, на падставе якiх мы будзем супольна дзеiць. Варункi гэтыя былi наступныя:

1. Супольны пераход нямецкага фронту нашымi дывiзiямi, пры гэтым на выпадак калi б немцы ставiлi супрацiў, то пераламаць яго супольнымi сiламi.

2. Супольная абарона ад войск СС да часу пераходу нашых дывiзiяў на амэрыканскi бок.

3. Пасьля пераходу нашых дывiзiяў на амэрыканскi бок, нашыя дывiзii робяцца самастойнымi.

Гэнэрал Мальцаў згадзiўся на пастаўленыя мною варункi, запрапанаваўшы мне, каб ягоны штаб пры маiм удзеле апрацаваў апэрацыйны плян на першы й другi выпадак, на што я згадзiўся. Пасьля гэтага я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву, каб ён вёў перамовы з амэрыканцамi i ад iмя беларускае дывiзii.

Гэнэрал Мальцаў ахвотна згадзiўся задаволiць маю просьбу. Ён пачаў пераконваць мяне, што беларусы й рускiя гэта адно й тое самае. Я адказаў на ягоныя доказы, што я толькi жаўнер i на палiтычных справах не знаюся i зьвяртаюся да яго гэтак сама, толькi як да жаўнера. Гэнэрал Мальцаў падзялiў маю думку й сказаў што ад гэтага моманту я магу ва ўсялякiм выпадку разьлiчваць на ягоную дапамогу. На гэтым нашая гутарка закончылася.

Калi я вярнуўся на месца свайго пастою, то трэцi батальён па загаду афiцэра сувязi быў ужо гатовы да далейшага вымаршу. Я папрасiў да сябе абодвух афiцэраў сувязi i запытаўся афiцэра сувязi пры другiм батальёне, цi ведае ён, дзе знаходзiцца ягоны батальён. На гэтае запытаньне ён ня мог даць мне задавальняючага адказу. Тады я сказаў абодвум афiцэрам сувязi, што дзеля таго, што ня ведама дакладна дзе знаходзяцца першы й другi батальёны, трэцi батальён ня рушыцца i датуль, пакуль не далучацца да яго першы й другi батальёны. Я даў загад камандзiру трэцяга батальёну разкватэраваць батальён на месцы, бо далейшы марш наступiць толькi на мой загад. Афiцэры сувязi зрабiлi вялiкiя вочы ад зьдзiўленьня й, папярэдзiўшы мяне, што за наступствы маiх загадаў буду адказваць толькi я, з абражанымi мiнамi пайшлi на сваю кватэру.

У гэты момант я пачуўся сапраўдным камандзiрам беларускае дывiзii.

Дзеля таго, што палажэньне было яшчэ ня зусiм яснае, я не хацеў часова сьцягваць усю дывiзiю ў Эйзэнштайн i выслаў камандзiрам 1–га i 2–га батальёнаў загад наступнага зьместу:

“Із сваiмi Батальёнамi застацца на месцы закватаравання i чакаць на далейшыя загады. Прыслаць дакладнае месца свайго кватаравання. Я знаходжуся пры 3–м батальёне у вёсцы Эйзэнштайн. Трымаць з намi злучнасьць. Выслаць разведку на бакi ад шашы i разьведаць мажлiвасьць кватараваньня воддаль ад шашы.

Калi б гэты загад застаў Вас у маршы, то закватаравацца ў блiжэйшых вёсках. Навязаць са мной лучнасьць i чакаць загадаў.

Вёска Вiзэнштайн.

25.04.1945 г. Кушаль

Падпалкоўнiк”

Калi вярнулiся пасланцы, якiя даручылi гэты загад камандзiрам батальёнаў, то аказалася, што 1–шы батальён знаходзiўся ў вёсцы 35 км ад Эйзэнштайн Дорф, а другi батальён у вёсцы Быстрыца за 30 км. Гэтакiя адлегласьцi ад 3–га батальёну былi завялiкiя i я 26–га мая * выслаў камандзiрам 1–га й 2–га батальёнаў другi загад наступнага зьместу:

“Батальёны неадкладна машэруюць у Эйзэнштайн Дорф. Машыраваць так, каб Эйзэнштайн Дорф асягнуць не пазьней 15 гадзiн сёньнешняга дня. Да Эйзэнштайн Дорф давесьцi поўныя станы батальёнаў. Тут ужо прынятае рашэньне адносна далейшага лёсу нашае дывiзii.

Эйзэнштайн Дорф 26.04.1945 г. гадз.3.30. Кушаль”

На гэты загад 2–гi батальён прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф у гэты ж дзень увечары, 1–шы батальён не прымашыраваў i камандзiр батальёну прыслаў мэльдунак наступнага зьместу:

“Ваш загад я атрымаў у 12.50 26–га красавiка. Вырушыць у Эйзэнштайн мой батальён не можа, бо не мае абозу. Немцы забралi тры лепшыя фурманкi з харчовымi запасамi i, пакiнуўшы нас, паехалi кудысьцi. Батальён без фурманак i харчаваньня ня можа зрабiць 35–цi км. Да гэтага маем да 15–цi чалавек хворых, якiх кiнуць нельга. Мы стаiм у лесе за адзiн км ад вёскi Лоўгым. Калi ўдасца вырушыць, то толькi ўначы. Аднак гэта яшчэ не канчаткова вырашана.

13. 26.04.1945 г.

К–р 1–га б–ну маёр Сокал–Кутылоўскi”

У адказ на гэты мэльдунак я выслаў камандзiру 1–га батальёну загад наступнага зьместу:

“Ваш мэльдунак атрымаў. Я ўвайшоў ў паразуменьне з РОА з гэн. Мальцавым, якi вядзе перамовы iз штабам амэрыканскай армii аб пераходзе РОА на iхнi бок. Наша дывiзiя пераходзiць на амэрыканскi бок на тых самых ганаровых умовах, як i дывiзiя РОА. Далейшае трыманьне Вашага батальёну ў вёсцы Лоўгым можа быць для вас згубным, тым больш, што Чэхiя падлягае сфэры савецкiх уплываў i будзе акупавацца савецкай армiяй. Вы павiнны неадкладна далучыцца да 2–га i 3–га батальёнаў, якiя знаходзяцца у мясцовасцi Эйзэнштайн Дорф. Для перавозкi маёмасцi батальёну фурманкi трэба рэквiраваць.

Камандзiры 2–га i 3–га батальёнаў сваiх абозаў немцам не аддалi, ужываючы сiлу.

Загад гэты павiнен Вамi без засьцярогi быць выкананы.

Эйзэнштайн Дорф 27.04.1945 Кушаль

Падпалкоўнiк

Камандзiр 1–га белнацпалка.

П.С. Харчаваньне зарэквiзаваць на месцы на два днi.”

Пасьля гэтага загаду 1–шы батальён 28.04.1945 г. прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф. Такiм чынам разлеглую вёску Эйзэнштайн Дорф i прылежныя ваколiцы акупавала беларуская дывiзiя, якая ня мела над сабой нiякай iншай улады, апрача свайго камандзiра дывiзii.

На сходзе афiцэраў я высьвятлiў афiцэрам нашае палажэньне, прычыны, якiя прымусiлi мяне ўвайсьцi ў паразуменьне з гэн. Мальцавым i паведамiў аб нашых плянах на прышлае. Гэтак сама я правёў перагляд i гутаркi ў батальёнах. Так афiцэры, як падафiцэры i стральцы былi ў паднятым настроi i вельмi цешылiся, што нарэшце вызвалiлiся з–пад апекi немцаў, як яны ў насьмешку называлi iх “караблёў”. Адно ўсiх вельмi непакоiла, гэта адсутнасьць зброi. Але лёс быў да нас трохi ласкавы i ў гэтай справе. Нашыя афiцэры выведалi, што на чыгуначнай станцыi знаходзiцца транспарт зброi. Я зараз жа паслаў роту забраць зброю з транспарту. Пакуль немцы агледзiлiся, нашыя жаўнеры пасьпелi забраць 80 вiнтовак, некалькi ручных кулямётаў i трохi амунiцыi. Гэты факт пазволiў нам сьмялей трымацца з немцамi.

Тым часам немцы ня спалi. З першага батальёну немцы, забраўшы зброю з харчамi, уцяклi з самага пачатку. З другога батальёну гэтак сама, па няўдалай спробе забраць абоз з харчамi, скора адыйшлi. Найдаўжэй трымалiся немцы пры 3–м батальёне. Афiцэр сувязi бачучы, што абоз з харчамi яму забраць не ўдаецца, дзякуючы энэргiчнай паставе камандзiра батальёну, зьвярнуўся з просьбай да камандзiра батальёну, каб ён выдаў немцам на дарогу “маршфэрфлегунг”. Па задаволеньнi ягонае просьбы немцы спакойна адыйшлi, але па дарозе пажалавалiся моцна ўзброенаму аддзелу СС, якi стаяў у Эйзэнштайн Маркт. Гэты аддзел СС i ўплянаваў напасьцi на нас i зьнiшчыць, як здраднiкаў. Я, даведаўшыся аб гэтым, прыбыў у штаб гэнэрала Мальцава. Начальнiк штабу палкоўнiк Ванюшын апрацаваў са мной плян абароны, бо i iм пагражаў аддзел СС i мы гатовыя былi прыняць бой. Аднак абыйшлося бяз гэтага. Справа скончылася на СС–скiх пагрозах.

Для павялiчэньня афiцэрскага стану дывiзii неабходным было правесьцi наданьне афiцэрскiх рангаў, дзеля гэтага я ад iмя Прэзыдэнта надаў рангi лейтэнантаў усiм падафiцэрам, якiя камандавалi зьвязамi. Гэтак сама былi павышаныя на адзiн ступень усе падафiцэры ў дывiзii. Вычувалася, што перад намi стаiць неякае важнае дзеяньне. Дывiзiя да гэтага рыхтавалася.

29–га красавiка гэн. Мальцаў запрасiў у свой штаб мяне з камандзiрамi батальёнаў i ротаў. Калi мы прыйшлi, то ўжо былi сабраныя камандзiры пададдзелаў дывiзii Мальцава. Нашая група афiцэраў, якiя занялi месца на салi, рэзка выдзялялiся ад афiцэраў РОА, з сваiмi беларускiмi адзнакамi. Калi прыбыў гэн. Мальцаў, то, аглядаючы з цiкавасьцю беларускiя адзнакi, з iронiяй сказаў: “Вот вам и Сан–Франциско, вот представители иной национальности”.

На гэтым сходзе гэн. Мальцаў абвесьцiў нам, што ён асабiста быў у штабе амэрыканскага корпусу й асабiста дамовiўся адносна варункаў пераходу ягонае дывiзii й дывiзii беларускай на амэрыканскi бок i што варункi гэтыя вельмi карысныя для нас, што камандзiр амэрыканскага корпусу абяцаў узяць нас у амэрыканскую армiю, як дапаможнае войска пры акупацыi Нямеччыны. Праўдападобна, гаварыў далей Мальцаў, на самым пачатку амэрыканцы пасадзяць нас у лягер, як ваенна–палонных, але гэта будзе трываць нядоўга. Урэшце рэштаў, закончыў сваю прамову гэн.Мальцаў, што б нас там не чакала, то нам зь немцамi заставацца няма нiякага сэнсу, пераход выканаем заўтра 30–га красавiка а паўднi ў мясцовасьцi Цьвiгэль. Тут начальнiк штабу адчытаў загад апэрацыйнага характару, зьвязаны зь пераходам. Гадзiнаю вымаршу вызначаная была 5–я з раньня. Дзеля таго, што наша дывiзiя кватэравала на лiнii маршу, то павiнна была, згодна загаду, а 5–й ранiцы быць выстраянай пры шашы i чакаць на марш дывiзii РОА, у якую ўключыцца ў вызначанае ёй месца.

30–га красавiка 1945 г. беларуская дывiзiя выстраiлася ўздоўж вулiцы Эйзэнштайн Дорф. На правым флангу кожнага батальёну разьвявалiся бел–чырвона–белыя сьцягi. Усе жаўнеры мелi вельмi добрыя постацi й выглядалi сьвяточна. Усе ўзброеныя жаўнеры былi выдзеляныя ў асобны аддзел, якi гатовы быў кожную часiну ўступiць у бой.

“Жыве Беларусь!” голасна разлягалася ў вакалiчных горах. Гэты мамэнт быў сапраўднай узнагародай за 4–х гадовую працу ў беларускай вайсковай справе ня толькi для мяне, але й для кожнага беларускага жаўнера тут прысутнага. Гэта быў канцовы вынiк працы ўсiх беларусаў, якiя самааддана працавалi пры арганiзацыi беларускага войска ў вельмi цяжкiх умовах пры нямецкай акупацыi на Беларусi, а пасьля ў Нямеччыне. Лiк дывiзii ў гэты дзень быў наступны:

1. Афiцэраў – 50

2. Падафiцэраў – 132

3. Стральцоў – 912

Разам 1094

4. Каней – 50

5. Вазоў – 16

6. Кухняў – 6.

Хутка паказалася калёна дывiзii гэнэрала Мальцава. У першай тройцы машыраваў сам гэн. Мальцаў iз сваiм начальнiкам штабу й 1–м афiцэрам штабу, за iмi йшлi ў тройках рэшта афiцэраў штабу. Усе яны былi ўзброеныя ў аўтаматы зь вялiкай колькасьцю амунiцыi. Далей машыравалi ўзброеныя пададдзелы адзiн за другiм. Выгляд нашае дывiзii гэнэралу Мальцаву вельмi спадабаўся. Нашая дывiзiя ўключылася ў калёну й мы з разгорнутымi беларускiмi сьцягамi, якiя разьвявалiся над калёнай дывiзii, бадзёра памашыравалi.

Пасьля прыблiзна 10–цi кiламетровага маршу калёну пачаў мiнаць самаход, у якiм сядзеў нямецкi гэнэрал Ашэнбрэнэр, афiцэр сувязi пры гэн.Мальцаве. Выехаўшы на чало калёны, гэн. Ашэнбрэнэр затрымаў марш i распачаў гутарку з гэн.Мальцавым. Скончыўшы гутарку, гэн. Мальцаў павярнуўся i памашыраваў назад, за iм пайшла назад уся калёна. Гэта мяне вельмi зьдзiвiла й я са сваiм начальнiкам штабу капiтанам Орсiчам дагнаў гэнэрала Мальцава i запытаўся яго, што значыць гэты паварот назад. Гэнэрал Мальцаў выясьнiў мне, што гэн.Ашэнбрэнэр паведамiў яму аб тым, што да яго ёсьць радыёграма ад гэн.Уласава, якi просiць яго ўстрымаць пераход на амэрыканскi бок, пакуль ён не атрымае ад гэн. Уласава новыя указаньнi. У сувязi з гэтым ён змушаны пераход устрымаць, выслаць свайго начальнiка штаба да Уласава i толькi пасьля павароту начальнiка штабу зробiць так, як загадвае гэн. Уласаў. Да часу, пакуль вернецца начальнiк штабу, выясьняў гэн.Мальцаў мы пачакаем у вёсцы 10 км адгэтуль. (Тут ён назваў вёску, назву якой я не памятаю.) З гэтай пастановы гэн. Мальцава я быў вельмi не задаволены, тым больш, што капiтан Орсiч знаў гэтыя ваколiцы й гаварыў, што гэтая вёска знаходзiцца ў горах i што зь яе няма нават iншага выхаду апрача тэй дарогi, па якой мы будзем машыраваць. Калi гэтую дарогу перарэзаць, то мы ўсе знойдземся ў пастцы. Адразу прыйшла нам у галаву думка, што тут можа мець месца хiтрасьць немцаў, каб звабiць нас у гэтую вёску, а пасьля абязброiць усе дывiзii i, такiм чынам, не дапусьцiць нашага пераходу на амэрыканскi бок.

Сьпярша прыйшла нам думка пакiнуць дывiзiю Мальцава й перайсьцi фронт толькi iз сваiмi сiламi, аднак, дзеля малой колькасьцi зброi было б гэта занадта рызыкоўна. Выхаду ня было, мы мусiлi трымацца дывiзii Мальцава. Пасьля прыблiзна двугадзiннага маршу ў адфронтавым накiрунку дывiзiя затрымалася. Калi мы прыйшлi да гэн. Мальцава, то там былi ўжо ўсе камандзiры палкоў. Ад’ютант Мальцава чытаў голасна пiсьмо ў нямецкай мове, толькi што атрыманае са штабу амэрыканскае дывiзii. Пiсьмо гэта прывёз спэцыяльны пасланец на матацыклю. Зьмест яго быў наступны: “Сягоньня на паўднi мая цяжкая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Пад яе прыкрыцьцем вашыя дывiзii даканаюць пераходу на амэрыканскi бок на лiнii Эйзэнштайн–Цьвiзэль. Нямецкiя часткi, якiя займаюць фронт на гэтай лiнii вашых дывiзiяў, павiнны быць разбiтыя. У выпадку патрэбы, мае часткi дапамогуць вам у разьбiцьцi немцаў. Гэтак сама будзе дзейнiчаць маё лётнiцтва. Пры яго паяўленьнi вывясьце белыя сьцягi. Пасьля пераходу дывiзii на наш бок, адносiны да вас будуць як да ваенна–палонных згодна Жэнэўскай канвэнцыi”. Падпiсаў камандзiр дывiзii.

Прачытаўшы гэтае пiсьмо, гэн. Мальцаў ня ведаў што рабiць. З аднаго боку загад гэн.Уласава, з другога боку гэтае пiсьмо. Камандзiры палкоў усе былi тэй думкi, што належыць застасавацца да пiсьма камандзiра амэрыканскай дывiзii, бо калi мы будзем далей машэраваць ад фронту, то амэрыканцы могуць палiчыць гэта за здраду ўмове, якую гэн.Мальцаў заключыў зь iмi i пры дапамозе свайго лётнiцтва нас могуць разьбiць. Гэты аргумэнт пераканаў гэн.Мальцава й дывiзii йзноў накiравалi свой марш у накiрунку Цьвiзэля.

Марш быў вельмi павольны, дзеля таго, што ўся дарога была замiнiраваная й забудаваная супрацьтанкавымi перашкодамi. На чале машыравалi сапёры, якiя ўсе перашкоды нiшчылi. Нямецкiя пазыцыi аддзялялiся ад амэрыканскiх ракою Рэген. Найбольш небяспечным пунктам быў мост праз гэтую раку.

Наша дывiзiя, якая да гэтага часу машыравала за дывiзiяй гэн.Мальцава, за некалькi кiлёмэтраў ад мосту атрымала загад ад г.Мальцава выйсьцi наперад, абняць ахову гэтага маста й ахоўваць яго да таго часу, пакуль не пройдуць праз яго абедзьве дывiзii з абозамi, пасьля чаго машыраваць за абозам, як тыльная ахова. Дзеля таго, што фактычная небясьпека была на гэтым масьце i за мастом i дзеля таго, што большае праўдападабенства нападу немцаў на дывiзii было ззаду, ясна, што на першы ўдар была выстаўленая беларуская дывiзiя. Рака Рэген няшырокая, але як горная мае вельмi шырокае карыта. Мост быў падмiнаваны, i калi б яго ўзарваць, то пераход праз раку быў бы немагчымы.

Нашыя жаўнеры хутка занялi мост i разброiлi немцаў, якiя знаходзiлiся блiзка мосту. Ахова была вельмi дэнэрвуючая, дзеля таго, што дывiзiя мела вялiчэзны абоз ня толькi з ваенным матар’ялам, а i з сем’ямi i маёмасьцяй афiцэраў РОА. Абоз быў везены на быках i дзеля гэтага пасоўваўся вельмi паволi. Аднак усё скончылася шчасьлiва. Нямецкiя часткi СС, якiх тут было досыць шмат, не адважылiся на нас напасьцi. Мажлiва, што тут адыграла ролю амэрыканская артылерыя, якая фактычна ад поўдня абстрэльвала iхныя пазыцыi.

Вечарам гэтага ж дня мы пабачылi Цьвiзэль, а на яго ўскраi амэрыканскiя танкi iз скiраванымi на нас гарматамi й кулямётамi. У Цьвiзэлi разброiлi нас амэрыканцы й закватаравалi ў будынках аднае фабрыкi.

На наступны дзень зраньня зьявiўся ў мяне амэрыканскi афiцэр, якi папрасiў мяне ў штаб. У штабе я атрымаў загад ад камандзiра амэрыканскай дывiзii пастроiць сваю дывiзiю асобна ад дывiзii гэн.Мальцава й чакаць на далейшыя загады. Дывiзiя выстраiлася, як у Эйзэнштайне ў дзень пераходу фронту. На правым флянгу кожнага батальёну разьвяваўся беларускi нацыянальны сьцяг, ува ўсiх быў сьвяточны настрой, усе чакалi ад амэрыканцаў нечага новага й цiкавага. Той факт, што нашую дывiзiю амэрыканцы аддзялiлi ад РОА, вельмi мяне цешыў. Гэта было доказам, што беларусаў амэрыканцы разглядалi як асобную ад расейцаў нацыю.

Па нядоўгiм чаканьнi прыбыў амэрыканскi вышэйшы афiцэр з перакладчыкам. Пастава дывiзii яму вельмi спадабалася. Пахвалiўшы дывiзiю, ён сказаў, што зараз прыбудуць самаходы, якiя завязуць людзей у лягер. Абоз, конi й iншы матарыял застаюцца на месцы. Праз хвiлiн 15 самаходы фактычна прыехалi, мы ўсе на iх паладавалiся й паехалi. Ад’ехаўшы якiх–небудзь кiлёмэтраў 60 ад Цьвiзэля, мы прыехалi ў мясцовасьць Кам. За горадам на чыстым полi, па калены ў балоце, за калючым дротам, стаяў вялiкi натоўп ваеннапалонных немцаў i прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасьцяў, якiя супрацоўнiчалi зь немцамi. Тут самаходы затрымалiся, нас выладавалi i загналi за гэты дрот.

З гэтым мамэнтам закончылася беларуская вайсковая эпапэя ў Нямеччыне.

Напiсаў Кушаль

Палкоўнiк.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX