Вярнуцца: Мемуары

Палягошка Пётра. Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай i з пабудовы Беламорскага каналу


Аўтар: Палягошка Пётра,
Дадана: 29-10-2016,
Крыніца: Палягошка Пётра. Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай i з пабудовы Беламорскага каналу // Спадчына №6-1996. С. 228-260.



У кастрычніку 1961 г. на беларускіх праваслаўных кладах у амэрыканскім горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, зьявілася новая магіла, Скончылася зямная дарога прыхаджаніна мясцовай царквы сьвятой Еўфрасіньні Полацкай Петры Палягошкі. Пра гэтага чалавека вядома няйшат. З 1917 па 1944 гг. ён жыў ва Ўсходняй Беларусі i напоўніцу пакаштаваў радасьцяў савецкага раю. У 1968 г. у Нью-Ёрку вышла кніга Палягошкі "Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай i з пабудовы Беламорскага каналу", фрагмэнт якой прапануецца ўвазе чытачоў "Спадчыны ".
(Peter Palahoshka. Recollections of Life undcr the Soviet Regime and the Construction of the Byelamorski Canal // Published by Parish Committee of The Byelorussian Orthodox Church of St.Eufrosynia, South River, N.J.)

ПРАДМОВА АЎТАРА

Мне зь невялікай колькасьцяй людзей удалося, хаця скалечаным, але яшчэ жывым, выбрацца з катаргі, гдзе будаваўся Беламорска-Балтыцкі канал імя Сталіна. Там сотні тысяч людзей: беларусаў, украінцаў, казакаў, расейцаў i іншых нацыянальнасьцяў, сваймі касьцямі i крывёй сцэмэнтавалі пабудову гэтага каналу.

Цывілізаванаму сьвету яшчэ невядома як будаваўся Беламорскі канал i падобныя яму пабудовы, як то: Байкала-Амурская магістраля, Беразьнякоўскі хімічны камбінат, пабудова жыдоўскай "рэспублікі" Біра-Біджан, магістралі Масква-Менск i шмат іншых пабудоў, фабрык i заводаў усесаюзнага значэньня.

Людзі, ня быўшыя ў савецкім "раю", можа мне не паверуць, таму я раджу слухаць i іншых людзей, якія засталіся жывымі пасьля пабудовы гэтых каналоў i аднесьціся да гэтага паважна.

Я i людзі, якія пражылі там 27 год з поўнай сьвядомасьцяй кажуць тут жахлівую праўду, што робіцца за жалезным занавесам i што чакае народ у цэлым i кожнага паасобку там, дзе край апануюць камуністыя.

Гэта праўда няхай будзе перасьцярогай для людзей, яшчэ веручых хлусьлівай камуністычнай прапагандзе, каб не папасьціся у крывавыя кіпцюры ГПУ i ня быць абрабаванымі i бяспраўнымі нявольнікамі, якімі сталіся народы, падпарадкаваныя крамлёўскім злачынцам.

Перад усім хачу кароценька затрымацца над тьім, як выглядаюць савецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Савецкія канцлягеры не падобныя да турмы, гдзе звычайна трымаліся злачынцы, а ёсьць копіяй савецкай дзяржавы i камуністычнай дыктатуры. У канцэнтрацыйных лягерох тая самая палітыка, як i на "волі"- перапрацоўка людзей у безгалосую i бяспраўную працоўную жывёлу. Там ёсьць асабовые турмы, так званыя ізалятары, суды-тройкі, сьледчыя, шпіёны, свая газэта "ПЕРАКОЎКА", стаханаўшчына, сацыялістычнае спаборніцтва i на кожным пункце абавязкова палітычны выхаваўца. Розьніца ад жыцьця на "волі" тая, што ў канцэнтрацыйных лягерох людзі трымаюцца за калючым дротам. Па рагох абгародкі стаяць вежы, на якіх стаяць "вохраўцы" i без папярэджаньня вязьня страляюць у яго, калі падыходзіць да дроту. Калі вязьні выводзяцца на работу, то ззаду за імі ідуць "вохраўцы", трымаючы зброю на пагатоўі. На "волі" людзей на работу ня выводзяць, а яны самі бягуць без агляду, каб не спазьніцца на 10 хвілін, памятаючы закон аб прагулах, спазьненьнях i прымацаваньні да працы, каб ня трапіць у канц-лягеры за дрот. Калі на "волі" за імі ззаду ня ходзяць узброеныя "вохраўцы", дык за кожным сочыць абавязкова шпіён НКВД, як: на фабрыках - спэц. часткі, у войску - асабовыя аддзелы, у калгасах - камячэйкі i камсамольцы. Усе яны падпарадкаваныя НКВД.

Пачынаючы пісаць кароткія ўспаміны аб перажытым, муках i зьдзеках, якія перажываў народ на пабудове Беламорскага каналу, кароценька затрымаюся над паступовым разьвіцьцём савецкай улады i камуністычнай дыктатуры, над тымі мэтадамі i шляхамі, якімі камуністыя, на чале з Ленінам i Сталінам, канчаткова абманулі i прыдушылі паняволеныя імі народы i прымусілі ix будаваць каналы i іншыя будовы, прысвойваючы ім імя Сталіна, Кагановіча i ім падобных.

Дакладна пазнаюць палітыку i мэтады камунізму тыя, хто пабываў у савецкіх канцлягерох хаця год ці два, i гэта даець больш ведаў аб камунізьме, як вывучэньне тэорыяў Маркса- Леніна-Сталіна. Ад тых, каму хаця скалечаным альбо інвалідам удалося вырвацца з камуністычных лягероў, часта можна пачуць, што яны практычна скончылі вышэйшую школу камунізму. Мне таксама давялося скончыць такую школу ў канцлягерох на будове Беламорскага каналу імя Сталіна.

Я не поет i не пісьменьнік, але хачу так, як умею, пераказаць тое, што давялося мне перажыць i бачыць у камуністычным "раю" на працягу 27 год. Пісаць мне аб гэтым вельмі цяжка i адначасна лёгка. цяжка таму, што, успамінаючы трагічную i цяжкую долю народу падуладнага Крамлю, тыя бесчалавечныя мукі i зьдзекі над народам, i, уяўляючы сабе тое, што перажывае там цяпер народ i застаўшыеся родныя, мае надарваныя нэрвы не даюць супакою i ня ведаю, ці ўдасца мне знайсьці словы, каб перадаць хаця частку перажытага лёгка пісаць таму, што мне ня трэба складаць пляну майго апавяданьня, ня трэба выдумляць i шукаць мейсца, дзе адбываліся тыя альбо іншыя падзеі, ня трэба шукаць i вымышляць герояў i г.д. Усе мне добра памятаецца, як мейсцы падзеяў, так i героі, пачынаючы ад садыстых гэпэўшнікаў i канчаючы вымучаным i прыдушаным народам. Гэта не забудзецца да самай магілы. Падзеі, аб якіх пішу, падзяляюцца на з пэрыяды:

1. ВАЙСКОВЫ КАМУНІЗМ,

2. Н. Э. П.- Новая эканамічная палітыка 1921-1928 гг.,

3. С.Т.Э.П.- Сталінская эпоха ад 1929 г. да часу яго сьмерці.

ПАДРЫХТОЎКА ДА АРГАНІЗАЦЫІ КАЛГАСАЎ

I вось прышоў канец НЭПу. Зь вялікай надзеяй спаткала насельніцтва абвяшчэньне НЭПу, але зь яшчэ большым сумам баялася калектывізацыі, на арганізацыю якой ужо пераключылася камуністычная партыя. На ўсіх мітынгах i сходах сталінскія агітпропы (агітацыйныя прапагандыстыя) хвалілі (10KB) Пётра Палягошка. "мудрую" сталінскую палітыку i будучае райскае жыцьцё ў калгасах. Па вёсках сталі праводзіцца сходы, на якіх камуністыя да няпрытомнасьці хвалілі калгасны лад. Але жадаючых дабраахвотна пераходзіць на калгаснае жыцьцё ня было, бо селяніну цяжка было аддаць сваю зямельку, якую ён атрымаў ад бацькі, а яшчэ горш было цяжка аддаць апошнюю кароўку ці коніка, зрабіцца парабкам i працаваць на чужую камуну. Сяляне сумавалі. Дзе-б ні спаткаліся адзін з адным, толькі i гутарылі аб жахлівасьці i страху аддаць усё свае дабро i жывёлу у калгас. За заганяньне у калгасы шчыра ўзяліся камсамольцы, якія па заданьню партыі мусілі дапамагаць, а гдзе трэба, то i ўзначальваць барацьбу за арганізацыю калгасаў.

У нашай вёсцы, як на няшчасьце, была настаўніца камсамолка, якая i ўзяла на сябе ініцыятыву збудаваць калгас. Але сяляне баяліся яе, глядзелі на яе, як на кару, прысланую чортам. Так можна было чуць ад сялян, размаўляючых паміж сабою. Гэта "чортава кара" склікала сходы, але вынікі былі адмоўныя. На сходы людзі стараліся не хадзіць. Адзін раз гэтая камсамолка зьвярнулася да мяне, просячы дапамагчы арганізаваць калгас, i ў канцы размовы падкрэсьліла, што камсамольская ячэйка пераканана, што я карыстаюся ў сялян аўтарытэтам, да мяне сяляне прыслухоўваюцца i мне павераць, а таму я мушу выступіць на сходзе i сказаць прамову, а яшчэ лепш будзе, калі я першым уступлю у калгас i пасьля буду узначальваць гэты рух. На гэта я адказаў, што узначальваць калгас не магу з тае прычыны, што я працу маю апрача калгасу, па-другое, я не зьяўляюся кіраўніком на гаспадарцы. Фактычны гаспадар ёсьць мой бацька, гаспадарка ягоная i яго добрая воля ісьці у калгас альбо не, а я толькі жыву у ягонай хаце, бо іншай кватэры ня маю. У далейшай гутарцы з тэй самай асобай я выказаў свой пагляд на немэтазгоднасьць адразу праводзіць калектывізацыю поўнасьцю на усе сто працэнтаў; лепш было-б стварыць узорныя калгасы, i калі-б сялянства убачыла, што там сапраўды добра жывецца, дык само-б дабраахвотна аб'ядналася у калгасы, i Вам ня трэба было-б кожны дзень праводзіць сходы. На гэтым мы разьвіталіся, i адыходзячы яна мне сказала: "Заўтра будзе скліканы сход, i я спадзяюся, што вы мне дапаможэце". На другі дзень быў скліканы сход, на які прыехаў i прадстаўнік райкому, але мне не давялося быць на сходзе з тае прычыны, што захварэў мой бацька i я павёз яго да дохтара. Прыехаўшы дамоу, я даведаўся, што сход не адбыўся, бо мала хто прышоў, i прадстаўнік райкому паехаў назад вельмі незадаволены. За мной два разы прысылалі.

ПЕРШЫ АРЫШТ

Мая размова з камсамолкай-настаўніцай стала вядомая ў ГПУ, бязумоўна, праз тую самую камсамолку. На трэці дзень прыехаўшымі агэнтамі ГПУ ў мяне быў зроблены вобыск - усе рэчы, вопратка, кнігі былі прагледжаны, не забыліся паглядзець у печ, над печ, нават i сабачую будку ня мінулі. Пасьля вобыску мяне арыштавалі i адвезьлі ў раённае ГПУ ды пасадзілі ў турму, якая была прыстасавана ў драўляным будынку. Вокны былі заслоненыя тоўстымі жалезнымі кратамі. Камэра, у якую я быў закінуты, была невялікая. Там знаходзілася ўжо 30 чалавек, i кожную ноч дабаўлялася па 5-10 чалавек. Праз тры дні ў камэры стала ўжо больш 50 чалавек. Суседнія камэры былі так сама перапоўненыя. Людзі ляжалі на юрцах (нары для спаньня), пад юрцамі, на падлозе, i каму ня было месца дзе прылегчы, тыя стаялі каля сьценаў. Уначы спаць было немагчыма, бо верныя дапаможнікі ГПУ - плюсквы i вошы тэрарызавалі ўсю камэру. Людзі, якія знаходзіліся ў камэры, у большасьці мне былі асабіста вядомыя. Я даведаўся сколькі людзей сядзела ў суседніх камэрах i хто там сядзеў. Аб гэтым было чуваць вечарам, у часе спраўджаньня, калі дзяжурныя міліцыянэры перадавалі наступным варту i ўсіх арыштаваных пераклікалі па прозьвішчах. Я пераканаўся, што тут сабраныя па некалькі "прадстаўнікоў" ад кожнай вёскі, гдзе сялянства адмоўна ставілася да калектывізацыі. Сярод арыштаваных у нашай камэры быў селянін з суседняга хутара - стары, гадоў 65, які яшчэ ў часы царской улады езьдзіў на працу ў Амэрыку, прабыў там 5 гадоў і, вярнуўшыся дамоў, купіў сабе 20 дзесяцінаў зямлі, пабудаваў i абсталяваў хутар, i гаспадарка ягоная ў часы НЭПу была ўлічана як узорная i культурная. Гэты стары ў камэры любіў апавядаць пра парадкі i жыцьцё ў Амэрыцы. Камэра ўважна слухала, i яму задавалі розныя пытаньні. Тады адзін селянін, што сядзеў у кутку пад юрцамі, неспадзявана запытыў: "А ці ёсьць у Амэрыцы калгасы?" "Не,- адказаў стары, - там ня было калгасаў i ніколі ня будзе, бо народ амэрыканскі жыве вольна, кожны чалавек ёсьць гаспадар свайго становішча". Седзеўшы побач са мною на юрцах сусед, ужо пабываўшы ў кіпцюрох ГПУ яшчэ да гэтага арышту, ціха спытаў мяне: "Навошта ён тут хваліць Амэрыку; тут сярод нас ёсьць напэўна шпіён ГПУ (сакрэтны інфарматар), i яму за гэта не паздаровіцца." Я з гэтай ягонай засьцярогай згадзіўся i стараўся размову схіліць на іншую тэму, але стары амэрыканец (так звалі яго ў камэры) працягваў гутарку пра Амэрыку i жыцьцё народу там. Каб спыніць гэту размову, я падышоў да гэтага старога, падаў яму капшук з махоркай i ціха на вуха сказаў: "Кінь хваліць Амэрыку, а то будзе табе дрэнна". Наш амэрыканец здагадаўся, у чым справа, i пачаў гутарку на іншую тэму. Засьцярога мая поўнасьцю спраўдзілася. Увечары былі пакліканыя на допыт дзьве асобы, у камэру вярнуўся адзін, а другі, як мы лічылі, напэўна, быў звольнены. На другі дзень быў пакліканы i вядомы наш "амэрыканец", якога гадзіны праз дзьве ці тры прывялі назад у камэру; ён быў сумны i, нікому нічога не кажучы, апусьціўся на юрцы. Увечары адзін вязень стаў прасіць старога амэрыканца расказаць яшчэ што-небудзь пра Амэрыку, але у адказ той сказаў: ''Я ужо забыўся, што бачыў у Амэрыцы. Калі так хочацца, то паедзь сам, паглядзі i будзеш ведаць". Людзі моўчкі пераглянуліся паміж сабой i больш старога не турбавалі, бо што было на допыце i як яму заткнулі рот, ён нікому нічога не сказаў.

На чацьверты дзень пачаліся больш інтэнсіўныя допыты. Міліцыянэры забіралі з камэры па два-тры чалавекі i некаторых з ix прыводзілі назад у камэру, але ніхто з тых, што вярнуліся, не сказаў ніводнага слова, за што арыштаваны i што ў яго пыталі. Мы гэта разумелі, i кожны чакаў з жахам свае чаргі.

ДОПЫТ У СЬЛЕДЧАГА Г.П.У.

На шосты дзень першы быў пакліканы я. Міліцыянэр пры выхадзе на двор дастаў з кабуры наган, узьвёў курак i сказаў: "Ідзі наперад i назад не аглядайся." Забараніў ісьці тратуарам, а гнаў мяне пасярод вуліцы i, дайшоўшы да памяшканьня ГПУ, крыкнуў: "Вярні ў права". Праз хвіліну я апынуўся ў габінэце сьледчага. За сталом сядзеў рыжы тьш з шырокім пляСкатым носам, на каўняры былі шырокія чырвоныя пятліцы з прымацаванымі да ix "шпаламі". Гэта быў сам упаўнаважаны раённага ГПУ. Ён сіплым прыдушаным басам сказаў міліцыянэру выйсьці, i апошні, павярнуўшыся па вайсковаму, выйшаў за дзьверы. Мы засталіся ўдвух. Хвіліны тры, а можа i болей, гэты ГПУшнік глядзеў на мяне чырвонымі вачыма. Мне здавалася, што супроць мяне сядзіць не чалавек, а нейкая дзікая страшная зьвярына, якой палохаюцца ня толькі людзі, але i жывёла. Памаўчаўшы яшчэ з хвіліну, зьмерыўшы яшчэ раз вачыма мяне 3 ног да галавы, гэтая рыжая асоба паказала рукою на стаячае супроць яго крэсла i сказала: "Сядай." Я падыйшоў да стала, апусьціўся на крэсла, i на думку набегла пытаньне: "А колькі гадоў давядзецца сядзець?" На стале ў сьледчага ляжала анкета на двух аркушах, уся запоўненая пытаньнямі. Пачалося запаўняньне анкеты з прозьвішча, імя, веку, сямейнага стану, як зваць жонку, век яе, дзявочае прозьвішча, імёны дзяцей, век ix, скуль паходзіць жонка, хто яе бацькі, чым займаліся да рэвалюцыі, пасьля рэвалюцыі i г. д. На ўсе яго пытаньні я адказваў коратка, але, зпісваючы ў анкету мае адказы, сьледчы часта выцягваў са стала шуфляду i туды заглядаў. Я разумеў, што ўсе дадзеныя аба мне i маіх родных ужо сабраныя празь інфарматараў. Ён, заглядаўшы ў шуфляду, пастаянна сьцьвярджаў праўдзівасьць маіх адказаў. Пры запаўняньні адказаў аб маім маёмасным становішчы ў нас паўсталі спрэчкі. Сьледчы хацеў у анкеце паказаць, што фактычным гаспадаром маёмасьці зьяўляюся толькі я, чаму я запярэчыў i сказаў, што фактычным гаспадаром зьяўляецца мой бацька, а я працую не на гаспадарцы, а ня маючы сваей кватэры толькі жыву ў бацькавай хаце, я паказаў яму быўшы пры мне "акладны ліст" на выплату сельска-гаспадарчага падатку i страхоўкі на імя бацькі. Гэта патрэбна мне было давесьці, каб зьменшыць націск на мяне на абавязковы ўступ у калгас, бо я прадбачаў, што ў канцы допыту гэты націск будзе роблены. Запісваючы ў анкету маёмаснае становішча нашай сям'i, сьледчы затрымаўся на колькасьці паказанай быўшай у бацькі зямлі. Кал i я падаў лічбу зямлі 5 га, то сьледчы паглядзеў ізноў у шуфляду стала, чмыхнуў носам i працяжна прамовіў: "Та-а-к.У бацькі толькі 5 га. А чаму ў дзеда твайго было 10 га?" На гэта я адказаў, што ў дзеда майго ніколі 10 га ня было; у яго было толькі 5 га, а таму што дзед служыў у абшарніка лясьніком, дык карыстаўся ад яго яшчэ 5 га, як службовым надзелам. Гэта была ягоная заработная плата, а ня ўласнасьць. Пералічыўшы сельска-гаспадарчы інвэнтар, сьледчы, панюхаўшы яшчэ раз у стол, закрычаў: "Чаму ты хаваеш малатарню?" Я яму заўважыў, што драўляная малатарня, саматужнага вырабу, належыць тром гаспадаркам, i на рахунак бацькі можна аднесьці толькі ейную адну трэцюю частку. З гэтым ён не згадзіўся, кажучы, што калi малатарня стаіць у гумне бацькі, дык належыць яму. Спрачацца з гэтай рыжай бэстыяй было небясьпечна, бо ён пачаў лышыць сваімі чырвонымі вачыма, закалаціліся ў яго рукі i ён выцягнуў з шуфляды стала наган i палажыў яго на стол. Успомніць усе пытаньні, на якія я даваў адказы да канца запаўненьня анкеты, цяпер цяжка. Памятаю толькі, што ён пытаўся, дзе жывуць браты, што яны робяць, дзе жывуць сёстры, за кім замужам, ці ёсьць хто з родных альбо знаёмых за граніцай i г. п.

Скончыўшы запаўняць анкету, сьледчы прыступіў да до­пыту. Першае пытаньне было: "Чаму вы не ў калгасе?" Мяне зьдзівіла, што сьледчы панізіў тон i зьвярнууся да мяне на "Вы". Я адказаў, што працую не на сельскай гаспадарцы, гаспадарка належыць бацьку i яго добрая воля аддаваць гаспадарку у калгас ці не. Пасьля гэтага сьледчы паставіў другое пытаньне: "А чаму бацька не ў калгасе?" Я адказаў, што у вёсцы, дзе я жыву, яшчэ калгасу няма i, магчыма, калі будзе калгас, бацька i згодзіцца быць калгаснікам. "А чаму у вашай вёсцы няма калгасу?" - задаў мне трэцяе пытаньне. На мой адказ, што гэта мне невядома, сьледчы, махаючы рукамі, пачаў крычэць: "У вашэй вёсцы няма дагэтуль калгасу толькі таму, што там жывіцё вы; на вас людзі глядзяць, а вы ня хочаце разумець таго, што камуністычная партыя i тав. Сталін дамагаюцца стварыць калгасную форму землекарыстаньня. Гэта нам дапаможа хутчэй пабудаваць сацыялізм, а там i да камунізму будзе недалёка. Вам трэба добра запамятаць, што ўсякія перашкоды гэтаму будуць зьнішчаны. Мне, як упаўнаважанаму ГПУ добра вядома Ваша праца i шкодная дзейнасць. Я маўчаў. Далей ён стаў мне паўтараць тыя самыя заўвагі, якія мне рабіла настаўніца-камсамолка, патрабуючы ад мяне дапамагчы ёй збудаваць калгас. Тады я канчаткова пераканаўся, што арышт мой i дадзеныя аба мне весткі, гэта справа працы настаўніцы. Тут-жа было ўзята ад мяне пісьмовае забавязаньне нікому не казаць аб тым, за што я быў арыштаваны i што пыталіся на допыце. Пасьля гэтага, па званку ўпаўнаважанага, увайшоў той самы міліцыянэр i адвёў мяне назад у камэру. Я так сама маўчаў i нікому нічога аб допытах не сказаў, будучы ўпэўнены, што сярод арыштаваных, бязумоўна, ёсьць інфарматар ГПУ. А 12-й гадзіне ўночы я быў пакліканы зноў на допыт, але прыймаў ня той упаўнаважаны, які дапытваў, а нейкі малады хлапчук гадоў 20, у цывільным пальце. Ён мне сказаў: "Пакульшто Вас рашылі звольніць з пад арышту, i будзем спадзявацца, што Вы дапаможаце настаўніцы зарганізаваць у вёсцы калгас". Ад мяне была ўзятая падпіска аб непакіданьні месца жыхарства бяз ведама ГПУ. У камэру я больш не вяртаўся, а выйшаў на вуліцу. Цёмная ноч. Ісьці 8 кілёмэтраў да сваей вёскі ды яшчэ праз лес не хацелася, а тым больш не хацелася ісьці i прасіцца ў каго-небудзь пераначаваць. Мяне ў гэтым мястэчку ўсе добра ведалі, i кожны з прыемнасьцю пусьціў-бы пераначаваць. Але стала сумна i сорамна за сябе. Думаю - усе ведаюць, што я арыштаваны, i да каго-б ні зайсьці начаваць,будуць пытацца: за што быў арыштаваны, што пыталіся, i мне прыдзецца хлусіць i выдумляць нешта іншае, бо праўду сказаць я не магу, мне забаранілі i ўзялі пісьмовае забавязаньне нікому не казаць пра тое, што пыталіся i за што быў арыштаваны. У думцы паўстала дакорлівае пытаньне: навошта я даў падпіску не казаць людзям праўду? Побач з гэтым паўстае адказ: калі-б не даў гэтага забавязаньня, дык бы цяпер не стаяў на вуліцы, а сядзеў-бы ў камэры ды падкармліваў сваей крывёю "чырвоную гвардыю" - плюскваў. Такім чынам, ня гледзячы на цёмную ноч, я пайшоў у вёску, да дому. Прышоўшы дамоў, я не стаў хлусіць жонцы ці бацьку, лічыў патрэбным сказаць праўду, i тут узьнікла неабходнасць папярэдзіць ix нікому не казаць праўды, бо гэта было-б небясьпечна для мяне, тым больш, што вёска была абстаўленая інфарматарамі, а галоўная з ix, як вядома мне, была камсамолка-настаўніца. У гэты час сказаць усё жонцы i бацьку я не мог, бо прачнулася большая 5-ці гадовая дачка, забралася да мяне на рукі i стала весьці свой допыт. На пытаньне яе: "Папа, за што цябе арыштавалі?" я адказаў, што гэта няпраўда, я ня быў арыштаваны, а хадзіў у лес на работу. "А чаго мама плакала, а чаго дзед казаў, што хоча лепш памёрці, каб не папасьці на прыгон". I тут з больлю на сэрцы прышлося хлусіць. Каб заспакоіць дзіцё, я тлумачыў, што мама проста плакаць хацела, дык i плакала, а дзед многа жыў i памерці хоча. I так заспакоіўшы дзяцей, я прылёг аддыхнуць, не сказаўшы поўнасьцю ўсяго таго, што ca мной адбылося. Ня гледзячы на тое, што я быў змучаны, некалькі начэй я не спаў, ня мог заснуць. Галава набівалася чорнымі думкамі, станавілася жудасна i сумна, да чаго дойдзе народ, калі ўлада забараняе казаць праўду. Усюды хлусяць камуністыя самі i ўсіх людзей так сама застаўляюць хлусіць. Мне страшна было выйсьці на вуліцу i спаткацца з суседам, бо кожнаму трэба будзе хлусіць, а сказаць праўду нельга. Вось вам i старонка "дзе так вольна дыша чалавек" - падумаў я, але сказаць гэтага нікому несказаў.

Дапамагаць камсамолцы-настаўніцы зарганізаваць у вёсцы калгас, як патрабаваў ад мяне ўпаўнаважаны ГПУ, я не зьбіраўся i ня мог. Пасьля майго арышту i таго, што я даведаўся, мне лягчэй было паглядзець на любую праціўную жывёліну, чым на гэтую настаўніцу. Выступаць на сходзе i агітаваць за калгаснае "шчасьце" я ня мог, бо ведаў, што за гэта сяляне будуць праклінаць ня толькі мяне, але ні ў чым не вінаватых i дзяцей маіх. Я бачыў, што вёска сумавала i з жахам чакала новых падзеяў, тым больш, што дзейнасць камбедаў (камітэтаў беднаты) i вясковага актыву стала ажыўляцца. Сярод актывістых больш за іншых выдзяляўся Янка Сапляк. Праўдзівае прозьвішча яго было іншае, але Сапляком яго ўся вёска звала толькі таму, што пад носам у яго заўсёды было мокра. Вясковыя актывістыя сталі распаўсюджаваць чуткі аб надыходзячай новай рэпрэсіі - раскулачваньні i высылках. Хутка я спаткаў аднаго знаёмага з суседняй вёскі, які сядзеў у аднэй са мной камэры, але допыт ягоны адбыўся пасьля звальненьня мяне. Мы з ім добра зналі адзін другога i даверліва гутарылі пра допыты ў ГПУ. Аб сваім допыце ён расказаў мне наступнае: яго дапытвалі на другі дзень пасьля майго звальненьня. Анкета запаўнялася гэтаксама, як i мая. Нежаданьне людзей "дабраахвотна" ўступаць у калгас адносілі таксама на ягоны рахунак, а самае галоўнае - дамагаліся даць яму "пасаду" сакрэтнага інфарматара (осведомителя). Калі ён стаў адмаўляцца, спасылаючыся на сваю малапісьменасьць, яны запэўнілі яго, што гэта ня так важна, як ты ні напішаш, мы прачытаем i разьбяром. Убачыўшы, што гэтым абараніцца трудна, ён пачаў скардзіцца, што пасьля перанесенай хваробы ён стаў кепска чуць, i гэта дапамагло яму пазбавіцца гэтакай "ганаровай пасады". У канцы размовы ён раіў мне сьцерагчыся людзей, якія вольна ці нявольна пабывалі ў ГПУ, бо ён ведае дзьве асобы, якія, будучы запалоханымі, згадзіліся быць інфарматарамі, такіх, бязумоўна, было многа. Падпіска "заткні рот" (так называў ён гэты дакумэнт) ад яго таксама была ўзятая.

Адчуваючы, што пасіўныя мае адносіны i невыкананьне наказу ў часе допыту ў ГПУ дапамагчы настаўніцы збудаваць калгас будуць расцэненыя ГПУ як "кантррэвалюцыйная дзейнасьць" з майго боку, i гэта можа дрэнна скончыцца для мяне, я пачаў шукаць выхаду з гэтага становішча. Параіўшыся з бацькам, мы вырашылі прасіць лесавода, з якім я працаваў, паслаць мяне, хоць часова,; на працу ў далейшае месца, каб толькі ня быць дома i ня бачыць, што тут робіцца. Калі я зьвярнуўся да лесавода з гэтай просьбай, ён, не разумеючы ў чым справа, пачаў з мяне сьмяяцца, кажучы: "Няўжо табе дрэнна дома жыць i блізка працаваць?" Ведаючы яго, як разумнага чалавека, які часта пры гутарках падзяляў мае пагляды i глядзеў на мерапрыемствы савецкай улады як на згубу i няшчасьце для народу, я сказаў яму ўсю праўду, чаму мне патрэбна ня быць дома. Не задумваючыся доўга, ён мне запрапанаваў у аднэй крайняй дачы на адлегласьці 15 клм. ад дому зрабіць пашырэньне кварталь­ных лініяў i ў адным квартале зрабіць выбарчую рубку лесу, запэўніўшы, што работы там хопіць да вясны, а тым часам можа гэтае ліха заспакоіцца. На другі дзень я выехаў туды на працу i дамоў прыяжджаў толькі адзін раз у тыдзень наведаць сям'ю.

РАСКУЛАЧВАНЬНЕ I ВЫСЫЛКІ

Набліжаліся жахлівыя падзеі. Камуністыя, як галоднае зьвяр'ё, рыхтаваліся праглушыць i зьнішчыць больш сьвядомую частку сялянства, якую яны залічылі ў катэгорыю "кулацкага элемэнту". Я сачыў за падзеямі i прасіў бацьку паведамляць мяне аб усім, што будзе адбывацца ў вёсцы. Скора ад бацькі я атрымаў вестку, што ў нашай вёсцы арыштаваныя ў начы двое сялян i вывезеныя ў напрамку Менску. Сем'ям ix прапанована падрыхтавацца ў дарогу i дазволена ўзяць з сабою мінімальную колькасьць адзеньня, з харчоў - некалькі пудоў хлеба i частку сухароў, а каб, астаючыся яшчэ дома, сям'я не "разбазарвала" маемасьці, як вартаўнікі, былі прыстаўленыя вясковыя актывістыя пад наглядам вядомай камсамолкі-настаўніцы. Сялянства хадзіла перапалоханае. Працуючыя пры мне ў лесе сяляне ня выйшлі на працу. Здавалася, нейкая чорная хмара накрыла сьвет. Я паехаў да дому. Бацька хадзіў сумны i казаў: "Прышоў канец. Народ хацеў згубы, дык паверыў гэтым зладзеям, а гэтыя дурні актывістыя думаюць, што ім усё гэта застанецца. Ix таксама раскулачаць i забяруць у калгас усё. Розьніца толькі тая, што адных вывязуць у Сыбір i там яны будуць гібець i галадаць, а гэтыя дурні, аддаўшы ўсё сваё ў калгас, будуць так­сама дарма працаваць галодныя i рады будуць, калі ім дадуць кавалак хлеба. Жонка таксама сумавала. Яна шкадавала cyceдак-жанчын, з якімі дзяліла радасьць i гора, i наагул ня было амаль ніводнай хаты, гдзе-б не аплаквалі гэтых няшчасных "кулакоў". На другі дзень ноччу прыехалі забіраць сем'i i раскулачваць гаспадаркі. (Гэта значыць - усё абрабаваць i ліквідаваць гаспадарку.) Гэты рабунак узначальваў прыехаўшы з райкому камуністы, якому дапамагала камсамолка-настаўніца i падрыхтаваны да гэтага вясковы актыў. Сем'і былі пасаджаныя на вазы. Толькі старэнькая жанчына, жонка ужо арыштаванага i вывезенага суседа, была зусім хворая, упала у няпрытомнасьць, i на падводу яе трэба было выносіць на насілках. Вазоў бракавала, i таму прыехаўшы з райкому камуністы вывозіць гэту жанчыну ня стаў, кажучы: "Няхай падыхае тут, ад яе ужо кулацкага прыплоду ня будзе". Чытач можа ўявіць сабе жудасны абраз, калі дзеці разьвітваліся з бездапаможнай маткай, ня ведаючы, куды дзелі арыштаванага тры дні таму назад бацьку. Прадстаўнік райкому, насупіўшыся, паглядаў з падылба i важна пакрыкваў: "Хутчэй, давай". На вуліцы стаяў натоўп жанчын, якія голасна плакалі, i ў кожнага чалавека, як кажуць, з жалезнымі нэрвамі, ад болю сьціскалася сэрца i халадзела кроў у жылах. Па камандзе: "Паехалі" абоз крануўся, i плачучыя сем'i паехалі. Так плакалі сяляне, плакала вёска i плакала ўся Беларусь, топячы ў сьлязох сваю волю. Зараз-жа пачалася ліквідацыя маёмасьці. З суседняй вёскі, дзе ўжо быў закладзены калгас, прыехалі хурманкі, i пачаўся рабунак. Забіралася збожжа, кармы для жывёлы, коні, каровы i г. д. Камсамольцы пачалі паляваньне на курэй. Вульлі з пчоламі ўскідаліся на сані i адвозіліся ў бліжэйшы саўгас (савецкая гаспадарка). Так гінулі сялянскія гаспадаркі, так гінулі сяляне.

Каб людзям зразумела было, што гэта былі за "кулакі", я пастараюся кароценька апісаць гэтыя гаспадаркі, паказаць, якая маёмасьць бьша ў гэтых гаспадарках i тыя абставіны, якія, па маёй думцы, былі галоўнай прычынай для іхняй ліквідацыі.

Першы гаспадар - недалёкі мой сусед, чалавек у веку больш 65 гадоў, няпісьменны. У гаспадарцы меў 20 га зямлі, разам ворнай i сенажаці. Старэйшага сына ён аддзяліў, даўшы яму частку зямлі i іншай маёмасьці. Такім парадкам, у яго было ня больш 15 гектараў. Ён любіў пчолы i лес. Часта ў сьвяточныя дні ён хадзіў на паляваньне. Зямля ягоная была пясчаная, мала ўраджайная, таму вельмі многа працы трэба было аддаваць на яе апрацоўку i ўгнаеньне. Сям'я складалася з 6 душ: два дарослых сыны, дзьве дачкі i двое старых. Маючы мала карысьці ад гэтай гаспадаркі, стары ўсё-ж такі стараўся трымаць у добрым стане двух коней i іншую жывёлу. Маладыя дзеці, будучы ўжо дарослымі, хацелі як прыгажэй апрануцца, у чым стары не адмаўляў ім, за тое сам заўсёды хадзіў у лапцёх, я ніколі ня бачыў яго ў ботах. Сам ён быў вельмі працавіты, любіў гаспадарку, часта адмаўляў сабе ў чым-небудзь, а за рахунак гэтага падтрымліваў гаспадарку. Вельмі ня любіў ён камбедаўцаў (сяброў камітэту беднаты) i вясковых актывістых. Ён зь ix сьмяяўся, кажучы: "Калi будзеце малоць языкамі, а не будзеце працаваць, дык будзеце камбеднічаць увесь свой век". Гэта ён ім казаў у вочы i пры іншых людзях. Магчыма, гэта i было галоўнай прычынай ягонай гібелі. Як даведаліся потым, ён быў высланы ў Комі-Пермяцкую вобласць i там з голаду загінуў сам i ягоная сям'я.

Другі раскулачаны i высланы быў селянін такога самага веку. Ен меў сям'ю 5 душ, у гаспадарцы было 10 гэкт. зямлі, 1 конь, 2 каровы i іншая дробная жывёла. Гэты селянін, у процілежнасьць першаму, быў добра пісьменны, апранаўся больш прыгожа. Ён адзначаўся ад іншых сваёй рэлігійнасьцю, кожную нядзелю лічыў абавязкам бываць у царкве і, будучы паважаны народам, некалькі разоў выбіраўся старшынёй царкоўнай рады. Камуністыя ў тыя часы вялі свой ваяўнічы наступ на царкву i рэлігію. За царкву трэба было плаціць арэнду, i на права Богаслужэньня патрэбен быў дазвол ад савецкай пракуратуры. Ён усё гэта рабіў, як: зьбіраў сродкі на выплату арэнды за царкву, езьдзіў у пракуратуру i дамагаўся дазволу адпраўляць Богаслужэньні ў царкве. Гэта апошняе, напэўна, i было пры­чынай яго высылкі i раскулачваньня. Вось якія былі "кулакі" i завошта яны гінулі.

ПАЧАТАК КАЛГАСУ

Пасьля гэтых вывазаў справа з арганізацыяй калгасу пайшла лягчэй. Сяляне, пасьяя гэтакіх падзеяў, былi запалоханыя. Для будучага калгасу звольнілася дзьве хаты з іншымі будынкамі высланых гаспадароў. Чалавек 3-4 актывістых запісаліся ў калгас i тут-жа атрымалі частку маёмасьці па раскулачаных, на пачатак заснаваньня калгасу. Пасьля гэтага прыехаўшы на сходку прадстаўнік райкому, сагнаўшы ў школу народ, доўга ня гутарыў. Пытаньне аб арганізацыі калгасу ён паставіў на галасаваньне. "Хто супраць калгасу, падымеце рукі", закрычэў ён зычным голасам. Сяляне сядзелі, як прыдушаныя. Ніхто не адважыўся сказаць ні аднаго слова, бо ўсе разумелі, што ўзьняць руку супраць калгасу - гэта значыла паехаць у Сыбір за высланымі ўчора суседзямі. "Ага, апамяталіся", забурчэў сабе пад нос прадстаўнік райкому i, зьвярнуўшыся да сакратара сходу, сказаў: "Запішэце, што сход аднагалосна пастанавіў пабудаваць калгас, бо супраць няма ні аднаго чалавека". Сяляне моўчкі разышліся. Але існаваў яшчэ такі парадак, што кожны селянін павінен быў падаць заяву аб "добраахвотным" уваходзе ў калгас, i тады забіралася ўся маёмасьць, пачынаючы ад каня i канчаючы дробнай жывёлай. Збожжа, бульба гэтак сама забіралася на складку насеннага фонду. Такая была "дабраахвотнасьць" пры арганізацыі калгасаў.

Мой бацька на сходы не хадзіў, i, калi я яму сказаў, як адбывалася сходка i якая запісалася пастанова, ён сказаў: "Памятаю першы прыгон (крепостное право), але гэты будзе горшы". Я яму заўважыў, што быў адзін прыгон, а цяпер дачакаліся да другога, i розьніцы між імі няма. "У тым-то i справа, што розьніца ёсьць вялікая, сказаў бацька i пачаў тлумачыць, у чым ёсьць вялікая розьніца. Першы прыгон быў не такі страшны, як яго малююць камуністыя. Праўдаю ёсьць, што сяляне залежнымі былі ад абшарніка, да якога яны былі прымацаваны, але кожны селянін меў сваю ўласную гаспадарку; уся сям'я працавала на сваёй гаспадарцы, для сваей карысьці; ад сям'i альбо ад двара, толькі адзін чалавек мусіў у тыдзень два-тры дні хадзіць на працу да пана. Калі ў селяніна здаралася няшчасьце, як напр.: згарэла хата альбо згінула карова, то ён зьвяртаўся да свайго пана, i той мусіў даць дапамогу лесам на хату альбо карову. I ў выпадках нястачы хлеба ён таксама атрымоўваў хлеб, бульбу i інш. Гэты прыгон, за які сёньня так галасавалі "аднагалосна", будзе, бязумоўна, горшы ад першага прыгону. Такога прыгону яшчэ гісторыя ня ведае, i нідзе на сьвеце няма такога месца, дзе-б існавала такое бяспраўе i зьдзек над народам. Ад цябе забяруць усё: зямлю, жывёлу, будынкі, хлеб, i кожны дзень усёй сям'ёй, ад малога да вялікага, мусіш па званку бегчы на працу, бо калі спозьнісься, дык гэты пан-камуністы цябе не пашкадуе, а загоне туды, дзе "Макар цяляты пасе". Цяжка ўздыхнуўшы, стары палез на печ. Мы з жонкай маўчалі. Пасядзеўшы трохі на печы, стары сказаў: "Ах як добра было-б памерці яшчэ ў сваёй хаце, а то чаго добрага яшчэ вывязуць туды, куды павезьлі суседзяў, i там ад голаду i холаду загінеш". Мы разумелі, што пераканаць бацьку падпісаць заяву аб "дабраахвотным" уступе ў калгас было немагчыма i пытаньня аб гэтым не падымалі, бо ён быў вельмі ўсхваляваны i гатоў быў расплакацца.

ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПАДАТАК

Я паехаў назад на працу i праз два тыдні дамоў не паказваўся. Скора прыехаў да мяне бацька i сказаў, што гаспадарку нашу сельсавет аблажыў індывідуальным падаткам. Гэтакім падаткам абкладаліся гаспадаркі, якія не хацелі "дабраахвотна" ўступаць у калгасы. Індывідуальны падатак быў у такой вялікай суме, што калі-б прадаць усю гаспадарку, дык гэтым нельга было-б пакрыць накладзенага падатку. Звычайна сельсаветы рабілі зараз-жа вопісь маёмасьці гэтай гаспадаркі і, калі ў вызначаны кароткі тэрмін гаспадар ня змог аплаціць, прадавалася маёмасьць, а сам ён быў кандыдатам на высылку. "Які далі тэрмін для аплаты індывідуальнага падатку?"- спытаў я. "Здаецца, 4 ці 5 дзён,- адказаў бацька.- Ды што гэты тэрмін, калі ўсё роўна выплаціць гэтакую суму мы ня зможам, а калі i выплацім, дык зараз-жа дадуць другі індывідуальны падатак, яшчэ большы, i ўсё-роўна задушаць". "А ці зрабілі вопісь маёмасьці?"-запытаў я. "Не,- адказаў бацька.- Затым я i прыехаў параіцца з табой, як ратавацца". Я выказаў думку, што добра было-б, пакуль не зроблена вопісь майна, больш каштоўныя рэчы i хлеб аддаць каму-небудзь з добрых людзей. Бацька сказаў, што гэтак думае i ён, i казаў ужо аб гэтым аднаму добраму чалавеку, які абяцаў уночы прыехаць i забраць што-небудзь з каштоўных сялянскіх рэчаў. Зрабіць гэта можна было толькі глыбокай ночай, каб не заўважыў ніхто з вясковага актыву. Мы паехалі дамоў i падрыхтавалі рэчы, якія лічылі патрэбным ня трымаць дома, як: вэлёсыпэд, швэйную машыну, гадзіньнік, лепшую вопратку i насыпалі ў мяшкі збожжа, бо на гэтыя рэчы вельмі накідаліся камуністыя i іхныя памочнікі. Кожны стараўся набыць сабе гэтыя рэчы i надзець лепшую вопратку. А 12-й гадзіне ўначы прыехаў наш добры прыяцель на двух падводах, а з ім яшчэ два надзейныя хлапцы. "Ну, прыехалі раскулачваць", - сказаў ён, увашоўшы ў хату. "Так, хлопцы, забярэце ўсё лепшае і, крый Божа, што з намі здарыцца, скарыстайце вы, толькі не папала-б у рукі азьвярэлым камуністым",- сказаў бацька. Хутка ўсё больш каштоўнае было наладавана на адну хурманку. На другую хурманку паклалі пудоў 20 збожжа. Бацька прасіў яшчэ забраць адну карову i адну сьвіньню. Карову яны забралі, а свіньню забраць было не магчыма, баяліся, што яна стане квічэць i могуць пачуць вясковыя актывістыя. Так засталіся пакуль што "раскулачаныя", чакаючы вопісі маёмасьці. Я паехаў на працу i чакаў далейшых падзеяў. Скора бацька паведаміў, што вопісь маёмасьці ня была, а можа i ня будзе, бо яму адзін з вясковых камбедаўцаў казаў, быццам абкладаньне нашай гаспадаркі індывідуальным падаткам адклікана. Скора жонка прыслала за мною чалавека i пісала, што бацька цяжка захварэў, просіць хутка прыехаць. Даручыўшы лясьніку кіраваць працай, я разам з прысланым па мяне чалавекам паехаў дамоў. Бацька ляжаў хворы. Калі я падышоў да яго, дык ён мне ціха сказаў: "Ну, дзякуй Богу, мукі мае канчаюцца; я перажыў адзін прыгон, а гэтага савецкага прыгону перажываць ня буду. Бараніся i ратуйся ды сьцеражы дзяцей, - яны яшчэ малыя". Я стаў прасіць быўшага ў хаце пляменьніка хутка запрэгчы каня i ехаць па дохтара. Бацька стаў прасіць не пасылаць па дохтара, бо яму хочацца памерці, каб ня бачыць зьдзекаў над народам i над сабой. З гэтай ягонай просьбай мы ня лічыліся. Праз тры гадзіны прыехаў стары фэльшар, добры сябра бацькі (дохтара дома ня было). "Ну, браток, лячыў ты мяне, дапамагаў мне, дзякуй, што прыехаў, але ня турбуйся, больш не лячы. Я ня хочу жыць. Шкада толькі маленькіх унукаў, няхай жывуць i мучацца, бо дабра яны ня ўбачаць". Стары фэльшар, агледзеўшы бацьку, сказаў мне, што у яго вострае запаленьне лёгкіх i стан ягоны безнадзейны. Напісаў рэцэпт i паехаў. Вечарам бацьку стала горш i я паклікаў суседа. Бацька быў яшчэ ў прытомнасьці, прасіў прывезьці сьвятара, каб спавядацца i пахаваць яго як праваслаўнага чалавека. Я пайшоў i стаў рыхтавацца запрагаць каня, каб ехаць па сьвятара, але вышаўшы з хаты сусед сказаў: "Ня трэба". Старога ня стала. Выконваючы ягоную волю, быў запрошаны сьвятар, хаця я ведаў, што за гэта прыдзецца мець няпрыемнасць. Так i здарылася. Спаткаўшы мяне, заступнік дырэктара па палітычнай часьці спытаў мяне: "Ну что, похоронили отца?" "Так",- адказаў я. "И, конечно, з попом?"- спытаўся ён. "Гэта мая справа,- адказаў я i дадаў:- Я ніколі ў вас пытацца ня стану, з кім вы будзеце хаваць свайго бацьку, з чортом ці д'яблам." Хацелася ўхапіць са стала чарнільніцу i разьбіць гэты бычыны лоб. Убачыўшы, што я моцна ўсхваляваўся, ён, апусьціўшы вочы, сказаў: "Ой, які вы сярдзіты i не разумееце маіх жартоў". Не сьцярпеўшы, далей я яму павышаным тонам адказаў: "Ад вашых жартоў народ плача, а вы гэтага не разумееце", i пайшоў ад яго.

ДАЛЕЙШАЯ "ПАБУДОВА" КАЛГАСУ

Калгас у нашай вёсцы будаваўся. Амаль палавіна ўсіх сялян ужо пайшла "дабраахвотна" ў калгас. У парожныя будынкі высланых "кулакоў" зводзілася жывёла: коні, каровы i іншае. Ад сялян вывозілася збожжа на засыпку насенных фондаў. Жанчыны плакалі. У вёсцы панаваў гвалт i жах. Так будавалася калектывізацыя i "пабеданосным" сацыялізмам была ахоплена вёска. Пасьля сьмерці бацькі гаспадарка перайшла ў мае карыстаньне. Казаць далей, што гаспадарка не мая, а бацькава, нельга было. Заставалася адно: падаць заяву аб "дабраахвотным" уступленьні ў калгас, аддаць усё i ісьці кожны дзень адбываць прыгонную працу. Ісьці ў калгас я баяўся ня меней таго, як баяўся мой памёршы бацька. Трэба было шукаць выхаду, як пазбавіцца ад гаспадаркі, якую так любілі мой дзед i бацька. Але як? Я вырашыў заклікаць да сябе старшыню калгасу, ведаючы, што ён любіць выпіць добрую чарку i ніколі не адмаўляецца ад гэтага. Старшыня калгасу ня прымусіў доўга чакаць i вечарам быў у мяне ў хаце. Для прыняцьця гэтай "важнай" асобы я дабыў літар моцнага самагону, i, лыкнуўшы шклянку яго, гэта "важная" асоба загаварыла. "Бацькі твайго ужо няма, цяпер ня будзе перашкоды для ўваходу у калгас." Даўшы яму яшчэ больш выпіць, я стаў прасіць яго прыняць гаспадарку у калгас, бо мне трэба працаваць у лесе, а не на гаспадарцы. Ён не адмаўляўся забраць гаспадарку, але пераконваў мяне кінуць працу ў лесе i перайсьці на працу ў калгас, дзе я буду патрэбен яму як рахункавод, бо сам ён малапісьменны, а рахункавода няма. Каб пераканаць мяне у гэтым, ён мне стаў даводзіць, што працаваць у лесе няма ніякага сэнсу з тае прычыны, што, па яго думцы, начальства мяне ня любіць i перакінула на працу за 15 кіл. ад дому. (Ён ня ведаў таго, што я сам прасіўся перавесьці мяне на працу далей ад дому.) Нарэшце, прыняўшы трэцюю дозу самагону, ён разьмякчэў i сказаў: "Добра. Падавай мне цяпер заяву аб дабраахвотным уступе ў калгас. Заўтра прыедзем абагуліваць (забіраць) маёмасьць, а калі ня хочаш працаваць са мной, працуй сабе там, дзе працуеш. Я сабе рахункавода як-небудзь знайду. Я тут жа напісаў i аддаў яму заяву, i ён стаў зьбірацца выходзіць з хаты, але, падняўшыся з крэсла, запытаў мяне: "А што ў цябе ёсьць абагуліваць?" Я яму адказаў, што маюцца ў гаспадарцы ўсе сельска-гаспадарчыя прылады: плугі, бароны, калёсы, кабыла з жарабём i адна карова. "А дзе другая?"- запытаў ён. Я адказаў, што зьбегла невядома куды. Ён зразумеў, што значыцца "зьбегла", і, апусьціўшыся назад на крэсла, стаў мне казаць: "Ня ведаю, што будзе з гэтага. Да пачатку калектывізацыі ў нашай вёсцы было 130 кароў, а як пачалі будаваць калгас, дык большая частка кароў i коней паразьбеглася, i засталося ня больш 50 кароў i мала засталося коняй. Вось што нарабіла калектывізацыя." Сказаўшы гэтыя словы, ён пайшоў з хаты. Я пачаў зьбірацца, каб на другі дзень рана паехаць на працу, а жонцы раіў, не хвалюючыся, аддаць усё, што яны знойдуць патрэбным забраць у калгас.

ВЫНІКІ КАЛЕКТЫВІЗАЦЫІ

Калектывізацыя, гэта была трагічная згуба i развал сельскай гаспадаркі. Жывёла за бясцэнак прадавалася мясьнікам i ў многіх выпадках забівалася самім сялянствам. Ня было нічога дзіўнага, калі да канца калектывізацыі пагалоўе скаціны зьменшылася на 50-60 %, але затое ў пачатку 1932 году партыя i ўрад БССР рапартавалі "вялікаму, мудраму, геніяльнейшаму" Сталіну, што, выконваючы ягоныя "мудрыя" ўказаньні, калектывізацыя ў БССР праведзена на 99 % i што пад яго кіраўніцтвам "клясавы вораг" разьбіты.

Зіма 1929-30 г. народам названая страшэннай i крывавай зімой па таей нябывалай жорсткасьці, зь якой камуністыя рабілі зьвярыную расправу з народам, пераважна зь сялянствам. У гэту зіму мільёны вольных сялян былі загнаныя ў калгасы i сталі безгалоснымі i бяспраўнымі нявольнікамі. Яны страцілі права мець сваю зямлю, скаціну i наагул маёмасьць. Праўдзіва кажучы, у гэту зіму адбыўся нябывалы ў гісторыі чалавецтва рабунак, арганізаваны камуністычнай партыяй. Сотні тысяч сялян, моцных не сваей заможнасьцю, а сваей маральнай сілай, былі закінутыя ў турмы i падвалы ГПУ, а пасьля - адныя расстраляныя, i імі напоўненыя засакрэчаныя брацкія магілы, а іншыя - скончылі жыцьцё на будове Беламорскага каналу, у Калыме, Варкуце i шмат іншых мяйсцовасьцях, дзе знаходзяцца канцэнтрацыйныя лягеры. Сем'і ix выкідаліся на вуліцу альбо высылаліся на поўнач ці ў Сыбір так сама на пагібель.

Дакладная колькасьць, рэпрэсаваных i загубленых сялян па ўсяму СССР у часе калектывізацыі вядомыя толькі крамлёўскім злачынцам ды НКВД. Гэтыя лічбы камуністычнага тэрору на 1933 г. былі паміж 15-20 міліёнаў чалавек, у тым ліку ў Беларусі звыш 1.500.000.

Правесьці гэту пякельную бесчалавечна жорсткую работу мясцовыя камуністыя i ГПУ, бязумоўна, не змаглі-б, бо з боку сялян у некаторых мясцовасьцях быў моцны адпор. Таму ў вёскі было паслана ў дапамогу для правядзеньня калектывізацыі 25.000 мабілізаваных камуністых i ў дадатак яшчэ ЧОН (камуністычныя "части особого назначения"), так званыя - карныя аддзелы. Гэтыя зьверствы надумана рабілі людзі з маскоўскага Крамля, якія хочуць "ашчасьлівіць" сьвет, абяцаючы народам рай на зямлі.Сталіну было вельмі прыемна атрымоўваць тысячы рапортаў аб праведзенай у такі кароткі тэрмін калектывізацыі. Гэта быў ягоны намер і мэта, але яго адзічэлыя вушы чулі, як стагнаў i плакаў народ пад тэрорам "дабраахвотнай" калектывізацыі. Ён разумеў, што партыя давала яму вельмі многа падхалімства, называючы "бацькам", ды яшчэ "мудрэйшым з усіх мудрых". Ён са свомай яму хітрасьцяй i подступам вонкава стараўся паказаць, што ён усё-ж такі "любіць i шкадуе" народ, як i належьщь бацьку. Нечакана у газэтах зьяўляецца артыкул Сталіна пад назовам

"ГАЛАВАКРУЖЭНЬНЕ АД ПОСЬПЕХАЎ"

Гэты артыкул згуляў вялікую правакацыйную ролю, каб выявіць людзей, якія больш рашуча i сьмела ставіліся супроць калектывізацыі i зь ix стварыць вялікія кадры дармовай паднявольнай працоўнай сілы, якая патрэбна яму была для асваеньня паўночных абшараў i для пабудовы вялікіх будоўляў агульна дзяржаўнага значэньня. Асабліва патрэбна была такая працоўная сіла для пабудовы запраэктаванага Беламорска-Балтыцкага каналу, якому яшчэ да пачатку будовы наданы назоў "Канал імя Сталіна".

У сваім "гістарычным" артыкуле - "Галавакружэньне ад посьпехаў" (камуністыя завуць усе прамовы i артыкулы Сталіна гістарычнымі), Сталін крытыкаваў дзейнасьць некаторых райкомаў, якія прымусова заганялі сялянства ў калгасы i зазначыў, што калгаснае будаўніцтва павінна праходзіць па прынцыпу дабраахвотнасьці i што насельніцтва, не жадаючае аб'яднацца ў калгасы, можа заставацца па-за калгасамі i весьці аднаасабовую гаспадарку.

Сяляне, атрымаўшы газэту з гэтым артыкулам, бегалі адзін да другога, i многія, ня ведаючы яшчэ на што здольны "бацька", паверыўшы гэтаму артыкулу, сталі падаваць кіраўніцтву калгасаў заявы аб выхадзе з калгасаў, патрабуючы звароту сваёй маёмасьці. У сёлах i вёсках ізноў падняўся гвалт i рух. Жанчыны ўрываліся ў стайні i хлявы, забіралі сваіх коней. Сяляне з мяшкамі абступалі калгасныя сьвірны, дамагаючыся звароту збожжа. Калгасны актыў i адміністрацыя станоўча не дапушчалі сялян да хлебных складоў, i пачыналіся сваркі i бойкі. У многіх выпадках актывістых разганялі палкамі i разьбіралі збожжа. На працягу некалькіх дзён у многіх калгасах засталося ня больш 50 % сялянства, а ў іншых калгасах усе разьбегліся, забраўшы сваю маёмасьць. Для заспакаеньня народу i ўмацаваньня дасягнутых посьпехаў у справе калектывізацыі Сталін зноў даручае нядрэмлючаму воку камуністычнай дыктатуры ГПУ навесьці парадкі i вінаватых пакараць. Адным словам, пры дапамозе свайго артыкулу Сталін пад'ехаў да народу з другога боку. ГПУ пачало сваю крывавую працу. Толькі тады народ зразумеў, на якія подласьці здольны "бацька" Сталін, i што бяда таму, хто паверыў ягонаму правакацыйнаму артыкулу. Але было ўжо позна. Бізун i наган пачаў працаваць.

ДРУГІ АРЫШТ

Я асабіста i ня думаў аб звароце з калгасу маёмасьці i быў задаволены тым, што збыў гаспадарку i разьвязаў сабе рукі. Я прадбачыў, што вынікі пасьля гэтага будуць сумныя і, каб быць ад гэтага далей, пайшоў з дому ў лес на працу. Дамоў я зьвярнуўся праз тыдзень позна вечарам. Гэта было 3 красавіка 1932 г. Дата гэта мне добра памятаецца, i яна не забудзецца i на тым сьвеце. Дома жонка i дзеці яшчэ ня спалі i чакалі на мой прыход. Разам з імі чакала i сястра жонкі, якая жыла ў другім раёне i прыехала наведаць нас i паслухаць, што тут робіцца. між іншым, яна казала, што тут у нас калгасы разьбягаюцца больш спакойна, як у іхным раёне. Там ёсьць выпадкі забойстваў камуністых i вясковых актывістых. Прайшоўшы кілёмэтраў з 20, я адчуваў сябе вельмі змораным. Мне хацелася аддыхнуць, i я, абяцаючы пагутарыць аб усім заўтра, лёг адпачываць. Але ня доўга прышлося адпачыць. А першай гадзіне ўначы пачуўся грукат у дзьверы. На запытаньне: "Хто стукае?"- быў чуваць голас сябры сельсавету, які прасіў адчыніць дзьверы, бо ў яго ёсьць да мяне паважная i неадкладная справа. Я адчыніў. У хату ўвайшлі: начальнік міліцыі, з ім камсамолец-настаўнік з суседняй вёскі, сябра сельсавету i вядомы вясковы актывісты Сапляк, якога баялася ўся вёска, бо ведалі, што ён працуе для ГПУ, як інфарматар. Убачыўшы гэтых "гасьцей", жонка i дзеці пачалі плакаць. Начальнік міліцыі спакойным тонам стаў супакоіваць, кажучы, што нічога страшнага няма i што ён зайшоў толькі папрасіць мяне на гадзіну ў сельсавет па вайсковай справе. Зьвярнуўшыся да дзяцей, ён яшчэ раз сказаў: "Ня плачце, бацька ваш зараз вернецца". Я разумеў, чым пахне гэтае "зараз". Разьвітаўшыся з сям'ей, бо верыць гэтаму чалавеку я ня мог, бо быў перакананы, што усё пабудавана толькі на хлусьні, а калі жонка падала мне торбу з хлебам, то гэты нахабны нягоднік яшчэ раз прасіў не турбавацца, запэўняючы, што я хутка буду дома. Да сельсавету было тры кілёмэтры. Па дарозе начальнік міліцыі, зьвярнуўшыся да камсамольца-настаўніка, запытаў: "Дзе жыве грамадзянін Адам," бо яму трэба да яго так сама зайсьці. Гэтага чалавека я добра ведаў. Ён быў разумны селянін гадоў з 65 i добра разьбіраўся ў сучасных падзеях. Ён быў чалавекам бедным, сваёй гаспадаркі ня меў, раней служыў касьцельным вартаўніком, адным словам, па сацыяльнаму становішчу быў поўным пралетарам, i толькі ў часы НЭПу яму, як безьзямельнаму i маючаму вялікую сям'ю, давялося атрымаць 5 га зямлі ад былога маёнтку. "Што, яго так сама выклікаюць па вайсковых справах?"- запытаў я начальніка міліцыі. Устрымаўшыся, ён мне адказаў: "Невядома, можа i так." Не задаволіўшыся гэтым адказам, я сказаў, што гэты чалавек ніколі ў войску ня служыў i паякой вайсковай справе ён можа быць патрэбен у сельсавеце. "Там будзе відаць,"-злосна адказаў міліцыянэр, i больш я ня стаў нічога пытаць. Тым часам мы падыходзілі да хаты гэтага чалавека. Хата стаяла каля лесу, i з надворку будынкаў быў толькі адзін невялікі хлеў, дзе стаялі конь i карова. Карова, пачуўшы топат людзей, замычала ў хлеве, а калі мы ўваходзілі ў двор, абгароджаны дзераўляным плотам, раптам з пад ганку выскачыў невялікі сабака і, голасна брэшучы, кінуўся пад ногі начальніка міліцыі, які, адхінуўшыся назад, выцягнуў з кабуры наган. У дапамогу яму падбег камсамолец-настаўнік i нагой ударыў чуйнага сабаку. Ён з піскам адкаціўся назад. У хаце пачуўся голас старога: "Каго тут чэрці ў начы прыгналі?"- i хутка адчыніліся дзьверы хаты. Усхваляваны i спужаны, сабака кінуўся гаспадару над ногі, але ён, убачыўшы начальніка міліцыі, закрычэў на сабаку i голасна сказаў: "Што ты сваіх не пазнаў?" У хаце запалілі лямпу, папрачыналіся дзеці i жонка, усе перапалоханыя сядзелі на ложку. Жонка, зразумеўшы ў чым справа, пачынала плакаць. Начальнік міліцыі загадаў старому апранацца, кажучы, што яго на гадзінку выклікаюць у сельсавет па важнай i тэрміновай справе. Надзяючы на ногі боты, стары загаварыў: "Знаю вашу гадзіцку i знаю вашыя важныя i тэрміновыя справы." Апранаючы кажух, ён зьвярнуўся да жонкі, папрасіў палажыць яму на дарогу у торбачку хлеба. "Навошта хлеб?"- запярэчыў міліцыянэр i дадаў, што да сельсавету застаўся адзін кілёмэтр, а да раніцы ён вернецца дамоў да бабы на гарачыя бліны. "Не,- сказаў стары, зьвярнуўшыся да старой жонкі,- мне тваіх блінаў больш ня бачыць. Гэтая гадзіна будзе гадамі, а можа i да канца жыцьця." Ён пачаў разьвітвацца з дзяцьмі. У хаце падняўся плач i гвалт. Настаўнік-камсамолец стаяў каля печы i, разявіўшы рот, лыпаў вачыма. Начальнік міліцыі падганяў хутчэй пайсьці з хаты і, стоячы каля стала, як папугай цьвердзіў: "Давай, давай." Старая, падыйшоўшы да печы, каб узяць i даць у дарогу старому рукавіцы, якія на печы сушыліся, прамовіла да стаячага настаўніка: "Дзяцей вучыць табе няма часу, валочышся па начох, як сабака, ды людзей душыш." Настаўнік адыйшоў ад яе да napory i стаяў ціха, не знайшоўшы ніводнага слова для адказу. Так мы выйшлі з хаты. Далёка было чуваць, як плакала сям'я старога. Я ішоў побач з Адамам. Выбраўшы адпаведную хвіліну, калі адсталі ад нас трохі саправаджаючыя нас асобы, стары ціха спытаў мяне: "Вас так сама просяць на гадзінку па важных справах?" "Так",- адказаў я. Ноч падыходзіла да канца. Калі мы праходзілі праз вёску, дзе знаходзіўся сельсавет, у многіх сялян былі ўжо вагні ў хатах. У сельсавеце таксама было асьветлена. Каля дзьвярэй стаялі два міліцыянэры з вінтоўкамі. Як толькі мы падыйшлі да ix, начальнік міліцыі сказаў: "Вось вам яшчэ два ўпартыя." Нас увялі ў канцэлярыю сельсавету. Там ужо было такіх самых пакліканых па "важных справах" больш як 30 чалавек. Нам прышлося там прабыць да раніцы толькі таму, што ня ўсе людзі былі сабраныя, якім выпала у гэтую ноч разьвітацца з сем'ямі. Пасьля нашага прыходу яшчэ было прыведзена больш 10 чалавек. Тут быў упаўнаважаны ГПУ, юркі брунэт 3 вялікім носам, чалавек 10 ГПУшнікаў у малінавых шапках i чалавек 15 міліцыянэраў. Праверыўшы, ці ўсе патрэбныя людзі арыштаваныя, нас, сабраных разам чалавек 45-50, выгналі на двор, абступілі ГПУшнікі i міліцыя i па камандзе: "трымаць зброю на пагатове", як бараноў на бойню, пагналі у раённы цэнтар. Турма там была перапоўненая. Большасьць людзей у камэры стаяла, i, каб адпачыць, стаячыя мяняліся з сядзячымі месцамі, бо ад доўгай стаянкі ацякалі ногі. Карміць арыштаваных ГПУ i ня думала. Арыштаваныя былі сяляне мясцовага раёну, i ў вызначаныя дні прымаліся перадачы. Кожнаму прыносілі з дому можа апошні кавалак хлеба. Хурма знаходзілася каля царквы. Яна была абсталявана у былых царкоўных будынках, бо у часы царскае улады у гэтым мястэчку ніякай хурмы ня было. Людзі сядзелі, ня ведаючы, за што арыштаваныя. На допыт нікога ня бралі. Агульна праўдападобна лічылі, што арышты адбыліся у сувязі з пачаўшымся распадам калгасаў, які быў справакаваны "гістарычным" артыкулам Сталіна "Галавакружэньне ад посьпехау". Надыходзіла вялікае сьвята праваслаўнага народу - Вялікдзень. У Вялікую Пятніцу пры вынасе плашчаніцы чуваць было, як сьпявалі: "Благаобразны Іосіф з древа сьнем i г. д." Нехта з арышта­ваных у суседняй камэры голасна сказау: "Расьпялі Хрыста, а цяпер расьпінаюць народ, які верыць у Ягоную навуку." Пачуўшы гэта, дзяжурны на карыдоры ГПУшнік сярдзіта закрычэў: "Хто там прапагандай займаецца?"- i хутка адчыніў камэру. У камэры стала ціха. На запытаньне яго, хто тут займаецца прапагандай, адказу не атрымаў i, вылаяўшыся, зачыніў камэру. У суботу мы атрымалі перадачы, хто змог, прыслаў кавалак белага хлеба i што-небудзь з іншых прадуктаў. Кожная сям'я старалася падаць хоць адно яйцо, але яйкі ня былі афарбаваныя, а белыя, І, як пасьля даведаліся, афарбаваныя яйкі перадаваць арыштаваным было забаронена. Мне перадачу падала сястра жонік, якая жыла ў гэтым мястэчку, хаця ведала, што перадаваць "палітычнаму злачынцу" для яе было небясьпечна. Сама жонка перадачу не магла прынесьці за 10 клм., бо была хворая, ды к таму-нельга было пакінуць трое малых дзяцей. У суботу вечарам ніхто з вязьняў спаць не лажыўся. Усе чакалі поўначы, каб пачуць сьпевы ў часе Крэснага Ходу каля царквы, бо званоў ужо пачуць нельга было - ГПУ забараніла званіць. Як толькі пачуліся сьпевы: "Васкрасеньне Тваё, Хрысьце Спасе"- вязьні ў камэрах пачалі ціха хрыстосвацца, іншыя плакалі. Нечакана з тэй самай суседняй камэры пачуўся зычны голас: "Хрыстос Уваскрос!" На карыдоры ізноў закрычэў дзяжурны ГПУшнік: "Гэта ізноў мусіць тая морда крычэць. Пачакай, будзеш помніць, як бунтаваць народ." Мы разгавеліся тым, каму што было пададзена, а з тымі, якія перадачы не атрымалі падзяліліся.

Праходзілі сьвяты. Народ сядзеў у камэрах, сумна чакаючы вынікаў, i толькі празь месяц пачаліся допыты. Як дапытваліся людзі i ў чым ix абвінавачвалі - даведацца было цяжка, бо калі хто зьвяртаўся з допыту, то быў сумны, маўчаў i гутарыць аб адбыўшымся допыце не хацеў. Толькі пасьля допыту мяне я пераканаўся, што гэта праводзіцца чарговая кампанія па ўмацаваньню калгаснага будаўніцтва. Мяне павялі на допыт звычайна па ўсім правілам існуючага ў ГПУ парадку: ззаду міліцыянэр, у правай руцэ - наган, назад не аглядайся i г. д. Іншыя, бязумоўна, вадзіліся таксама. Прышоўшы да дзьвярэй ГПУ, міліцыянэр пастукаў у дзьверы i на покліч: "давай сюды," увёў мяне ў кабінэт сьледчага, а сам хутка выйшаў. За сталом сядзеў у вайсковай форме ГПУшнік з чырвонымі пятліцамі на каўняры. Гэта асоба была гадоў 25-30, брунэт, валасы трохі кучаравыя, вялікі крываваты нос, ніжняя губа адвіслая. Запрапанаваў мне сесьці на крэсла і, не пачынаючы размовы, падняў са стала пач­ку цыгарак i прапанаваў закурыць. Ад цыгаркі я адмовіўся, сказаўшы, што цыгарак я не ужываю, а куру толькі махорку i маю сваю, якую падалі мне дзеці. "Так вот, - пачаў сьледчы, - я вас паклікаў, каб прад'явіць вам абвінавачаньне i пачуць, што вы на гэта скажэце." Я маўчаў i чакаў далейшага пытаньня. Далей сьледчы прадаўжаў: "Вы абвінавачаны ў агітацыі супроць мерапрыемстваў савецкай улады. Ці прызнаеце сябе вінаватым у гэтым?" Я не згадзіўся з пастаўленым пытаньнем i сказаў сьледчаму, што пастаўленае пытаньне мне не зразумела, бо не падпіраецца фактамі, i прасіў яго ставіць пытаньне канкрэтна, бо мне, як абвінавачанаму, патрэбна ведаць, дзе я агітаваў, дзе выступаў з прамовай супроць мерапрыемстваў савецкай улады, каму што казаў i г. д.

Сьледчаму мая заўвага вельмі не спадабалася. Ён, стукнуўшы кулаком па стале, закрычэў: "Што ты мяне, савецкага сьледчага, ды яшчэ сьледчага ГПУ, будзеш вучыць, як ставіць пытаньне i весьці сьледства? Я яшчэ раз пытаю - прызнаеш сябе вінаватым ці не ў агітацыі супраць мерапрыемстваў савецкай улады i камуністычнай партыі?" Я яму яшчэ раз адказаў, што на гэткае пытаньне адказываць ня буду, адкажу тады, калі пытаньне будзе пастаўлена больш выразна i канкрэтна, спасылаючыся на факты. Сьледчы больш пытаць у мяне ня стаў. На гэтым сьледства i скончылася. Ён усхвалявана падсунуў мне падпісаць паперу. Гэта было забавязаньне нікому нічога не гаварыць, пра што пыталіся мяне на допыце. Гэтага забавязаньня я не падпісаў, сказаўшы сьледчаму, што мне расказываць няма чаго, бо вы у мяне нічога ня пыталіся, а за што я арыштаваны, так сама ня ведаю. Пакліканы міліцыянэр адвёў мяне назад у камэру. Прыбіральні ў турме ня было, а нас па 10 чалавек выводзілі у школьную прыбіральню, якая знаходзілася недалёка ад турмы. Аднаго дня, пайшоўшы у прыбіральню, мы знайшлі у сярэдзіне падаткнутую пад стрэху запіску, нікім не падпісаную, з якой даведаліся, што у вёскі, адкуль ёсьць арыштаваныя людзі, езьдзяць ГПУшнікі i з актывістамі сакрэтна вядуць парады. Пасьля гэтага мы зразумелі, што допыты, якія адбываюцца тут, нічога ня вартыя i што лёс наш вырашаецца на вёсцы пры дапамозе актывістых. Звольненых пасьля допыту было вельмі мала. Трэба было думаць, што звольненыя людзі далі забавязаньне весьці актыўную барацьбу за калектывізацыю i зрабіліся інфарматарамі ГПУ. Праз два тыдні пад вялікім канвоем нас павялі на чыгуначную станцыю. У гэты дзень праходзіў цягнік з турэмнымі вагонамі. Гэта было раніцай яшчэ да ўсходу сонца. Ня гледзячы на такі раньні час людзі даведаліся аб нашай адпраўцы. Усьлед ішлі жанчыны i дзеці, несьлі: хто кошычак, а хто торбачку з хлебам. Суправаджаючыя нас вартаўнікі няслі вінтоўкі з прымацаванымі штыхамі на пагатове. Начальнік канвою ехаў конна і, выняўшы шаблю, разганяў плачучых жанчын i дзяцей. З маёй сям'i нікога ня было. Яна жыла за 10 клм. ад раённага цэнтру i ня ведала, калі будзе адпраўка. Аднак мяне пабачыла знаёмая жанчына, прыйшла ўсьлед на станцыю i ўпрасіла начальніка канвою перадаць мне кошык з хлебам i з далёку сказала, што жонка i дзеці здаровыя. Неўзабаве прыйшоў цягнік. Нас увагналі ў "спецвагон", у якім ужо было шмат такіх, як i мы, "падарожных", i пад плач жанчын i дзяцей мы паехалі. Праз паўтары-дзьве гадзіны мы прыехалі ў сталіцу Беларусі - Менск. Там нас спаткаў спецканвой у малінавых шапках i, выклікаючы па адным з вагону, нас выводзілі праз асобны выхад каля станцыі i садзілі у сталінскія "чорныя вораны". ("Сталінскімі воранамі" завуць адмысловыя закрытыя машыны, ахварбаваныя у чорны колер, на якіх. перавозяцца вязьні.) Машыны на вуліцы каля ГПУ не затрымліваліся, а заяжджалі у двор ГПУ, i там вязьні злазілі з машыны. Прышлося стаяць на дварэ больш гадзіны, пакуль не пазвозілі з цягніка ўсіх людзей. Нас усіх загналі у падвал пад будынак ГПУ. Гэта бьша кутняя камэра, у якую сьвятло прабівалася праз вузкую шчыліну з вуліцы. Сярод быўшых там людзей сядзеў адзін у польскай вайсковай форме, гэта быў перабежчык з польскага войска, які лічыў, што, перайшоўшы у краіну чырвонага сацыялізму, ён будзе жыць прыпяваючы. Гэты жаўнер нэрвова хадзіў па камэры i ціха пад нос сабе бурчэў i шаптаў, а калі прыносілі ''баланду" (турэмную ежу), ён накідаўся на яе i еў з такой прагнасьцю, як быццам некалькі дзён быў ня еўшы (можа так i было). Потым ён садзіўся ў куток i кратаў губамі, відаць, штось гутарыў сам сабе. Паглядзеўшы на гэтага жаўнера, вытваралася уражаньне, што ён псыхічна хворы. Туг-жа сядзеў яшчэ адзін чалавек, на выгляд здаровы, поўны, твар трохі прыпэцканы, рукі брудныя, у замазаным рабочым камбінэзоне. Для дасьведчанага вока было зразумелым., што гэта не рабочы, а сам сапраўдны ГПУшнік, пераапрануты ў рабочую вопратку, і, як відаць, ён там сядзеў i сачыў за польскім жаўнерам. Увечары нас сталi перавозіць у чорных воранах у сталічную турму. Пры ўваходзе ў турэмны двар нас заганялі ў прыёмны пакой, а адтуль па адным выводзілі ў вартаўнічы пакой i там рабіліся вобыскі. Разьдзявалі да ніжняй бялізны, перамацвалі ўсё i кавалак хлеба, які падала мне знаёмая жанчына, паламалі на часткі. Пасьля гэтага нас пераводзілі ў турму i закідалі ў розныя камэры. З тымі людзьмі, з якімі я сядзеў у раёне, я быў разлучаны, а трапіў на трэйці наверх, у камэру нумар 76. Там было больш 60 чалавек, пераважна сяляне, 4 сьвятары i чалавек каля 20 інтэлігэнтаў. Кожную ноч у камэру закідалі ўсё новых людзей, да якіх кучкай зьбіраліся вязьні i стараліся даведацца, што робіцца на волі. Новапрыбылыя былі негутарлівыя, дзіка аглядаліся ў бакі i баяліся многа гутарыць. Аднак мы ўсё-ж такі даведаліся ад гэтых людзей, што арышты на волі прадаўжаюцца. Аднэй ночы ў нашу камэру быў закінуты былы адвакат - "прысяжны павераны". Да яго, як адваката, зьвярталіся вязьні за рознымі парадамі, думаючы, што існуе нейкае права i закон. Аднак, даведаўшыся ад многіх, што яны арыштаваныя i ня ведаюць за што, ён казаў, што ніякага права цяпер няма, бараніць вязьня, арыштаванага ГПУ, адвакатам забаронена, што суду ў ГПУ ніякага няма, а ёсьць нейкія тройкі ГПУ, якія робяць прысуды завочна, ня лічучы патрэбным запытаць хоць адно слова ў чалавека, якога пасылаюць на катаргу або караюць сьмерцяй. Ён разважаў, што цяпер расстрэлы, магчыма, зьменшацца, бо патрэбна рабочая сіла для пабудовы запраэктаванага Беламорска-Балтыцкага каналу імя Сталіна i што кіруючая праца пабудовы гэтага каналу, праўдападобна, узложана ГПУ на УСЛОН. Што такое ГПУ ўсе добра ведалі, а што за ўстанова УСЛОН - для вязьняў было невядома. Сталі пытацца, што тэта за новая ўстанова i адкуль яна ўзялася? Адвакат растлумачыў, што УСЛОН - гэта скарочаная савецкая назва, а поўны назоў будзе такі: "Управление Соловецких Лагерей Особого Назначения" i што гэта ўстанова ня новая. Яна існуе амаль ад пачатку прыходу да ўлады камуністычнай партыі. Аб тым, што робіць гэтая ўстанова, ён ня стаў казаць, спасылаючыся на тое, што сьвет некалі даведаецца, што там робіцца. Ня гледзячы на гэтыя размовы, людзей не пакідала думка, што ўсё-ж такі нейкае права i хоць трохі праўды засталося ў савецкай улады i кожны спадзяваўся, што тут пачнуцца больш грунтоўныя допыты i далей кожнаму сьнілася воля, родная хата i дзеці. Гэтакай думкі быў i я; хацелася верыць i думаць, што тут усё-ж такі запытаюць даць якое-небудзь тлумачэньне адносна свайго абвінавачаньня, бо сьледства, якое адбылося ў раёне, нічым ня было абгрунтавана. Вядомага ката i садыстага Дзяржынскага ўжо ня было. ГПУ ўзначальваў ягоны вучань i заступнік Ягода. У той час голад ужо добра адчуваўся. Нас у турме кармілі адпадкамі і сапсаванымі прадуктамі. Штодзённа давалі тухлую кіслую капусту, у якую, як прыправа, кідаліся галовы рыбы i лупіны ад бульбы. Пачыналіся хваробы на аснове голаду i дрэннай ежы. З "ласкі" Ягоды дазволена было вязьням раз у тыдзень прыймаць перадачы прадуктамі i бялізнай, бо ў гэтым адчувалася вялікая патрэба. Вошы, плюсквы i скікуны давалі моцна адчуваць, што ў краіне ідзець "шпаркімі тэмпамі пабудова сацыялізму". Дзень для прыйма перадачаў быў вызначаны - серада. У гэты дзень, яшчэ з ранку, з трэцяга паверху турмы відаць была, стаячая супраць турэмнай брамы, тысячная чарга жанчын з кошыкамі i торбачкамі. Вартаўнікі ГПУ, якія прыймалі ад жанчын перадачы, адчувалі сябе вельмі добра; лепшыя прадукты, пераважна мяса i тлушчы, дзяліліся папалам, а то i зусім вязьням не траплялі. Гэтыя рабункі з боку вартаўнічых ГПУ сталі вядомыя ўсяму грамадзтву, i гэта прымусіла кіраўніцтва ГПУ выдаць новы загад аб парадку перадачы прадуктаў, а пайменна: кожная асоба, якая надавала перадачу, мусіла прыкладаць запіску i пералічыць там усё тое, што падавалася, а ў дадатак да гэтага дазволена было напісаць два словы: "Дома здаровыя". Атрымаўшы перадачу, вязень мусіў напісаць, што ўсё ім атрымана, i мог дадаць адно слова: "Здароў". Гэтая зьмена парадку перадачаў вельмі не спадабалася вартаўнікам, i яны, спраўджаючы перадачы, сталі псаваць прадукты, напрыклад: калі перадавалася каўбаса або сала, яны ў лепшым выпадку рэзаліся нажом на дробныя кавалкі, а ў горшым выпадку проста ламаліся i разрываліся бруднымі рукамі. Зразумелая рэч, што кожная сям'я, жонка або дзеці, можа апошняе ці за апошнія грошы здабытае харчаваньне стараліся перадаць бацьку, мужу або брату. Але i тут ставіліся перашкоды. ГПУ сурова забараніла вязьням глядзець праз краты вокнаў на двор, i калі хто-небудзь неасьцярожна падыходзіў да вакна i праз краты быў заўважаны вартаўніком, стаячым на вежы, то ў камэру зараз-жа прыбягалі ГПУшнікі i шукалі асобу, якая падыходзіла да вакна. Калi ўдавалася ім знайсьці "вінаватага", то ён забіраўся ў карцэр i там мусіў стаяць па калені ў вадзе суткі, а то i болей, бо сесьці ня было на чым. Не заўсёды ім удавалася знайсьці вінаватага. Камэра звычайна не выдавала гэтых "злачынцаў". Тады на камэру накладалася "кара" i ў камэру, на працягу аднаго.або двух дзён, не давалася сталінская баланда (ежа), а галоўнае-для ўсіх людзей гэтакай штрафной камэры, якая адмовілася выдаць злачынцу, не прымаліся ад родных перадачы i не адна жонка або сястра, прынёсшы за 50- 70 клм. кавалак хлеба, вярталася да дому, плачучы, з тым-жа кавалкам хлеба. Убачыўшы, што i гэтыя мэтады не даюць патрэбных вынікаў, кіраўніцтва ГПУ дало загад варце, што у выпадку, калі заўважаць падыходзячага да кратаў вязьня, без усякага папярэджаньня яны павінны страляць. Турэмная варта вельмі шчыра выконвала гэты загад, i на працягу двух дзён некалькі чалавек было забіта праз краты. Вельмі небясьпечна было падыходзіць да ваконных кратаў у пару, калі іншыя камэры выганяліся на двор на праходку. Тады станавіліся супроць вакон турмы вартаўнікі i трымалі вінтоўкі на пагатоўі. У гэты час кожнаму хоць з-за вугла вакна хацелася глянуць на ходзячых па дварэ людзей. Многія бачылі сваіх жонак або іншых сваякоў, якіх яны заставілі яшчэ дома. Арышты мужа, а пасьля жонкі - былі звычайнаю зьявай, бо ў многіх выпадках мужа i жонку абвінавачвалі за арганізацыю паўстаньня ў складзе толькі ix двух асобаў альбо за змову супроць Сталіна i г. п. Як ні сумна i дзіўна, але многа жонак i мужоў за змову між сабою паехалі будаваць каналы.

Арыштаваныя з ліку жыхароў гораду часта паклікаліся для допытаў, але прывезеныя з раёнаў людзі сядзелі i чакалі невядома чаго. На допыты ў той час выклікалі ў большасьці выпадкаў днём, але жах i сум ахопліваў усю турму, калі з камэраў пачыналі выводзіць пасьля поўначы. Гэтыя людзі больш ніколі назад не вярталіся i ніколі ня вернуцца. У большасьці выпадкаў гэтыя людзі бараніліся, крычэлі, прасілі ратунку, але ўсё гэта было дарэмным.

Аднэй ночы з суседняй камэры забіралі дваіх, чуваць было, як ix выклікалі, але яны адмовіліся выходзіць. Распачалася барацьба, крыкі нешчасьлівых ахвяраў разбудзілі ўсю турму. Яны бараніліся i крычэлі толькі ў камэры, а як толькі ix выцягнулі на калідор - крык супыняўся, толькі чуваць былі цяжкія крокі катаў, якія несьлі або цягнулі сваю ахвяру. Каб унікнуць крыку каля камэры, на калідоры стаяў "спэц" з прыгатаванымі прыладамі. Як толькі ахвяра выцягвалася з камэры, ёй затыкаўся рот. У такія сумныя ночы ніхто ня спаў i станавілася такая цішыня, быццам усё вымірала, а гэткія сумныя зьявішчы сталі адбывацца часьцей. Усякія думкі і мары аб звальненьні зьнікалі. Людзі сталі завідаваць тым, каго выклікаюць удзень, а не ўначы. Удзень сталі выклікаць таксама шмат каго.

ПРЫСУД

Дачакаўся i я сваёй чаргі. Адчынілася камэра, i выклікалі траіх: мяне, аднаго сьвятара i яшчэ аднаго селяніна з суседняга раёну, з рэчамі. Мы выйшлі. На калідоры стаяла шмат людзей. Выклікалі i выводзілі i зь іншых камэраў усіх, таксама з рэчамі. З трэцяга наверху было выклікана больш сотні чалавек. Усіх павялі ўніз на двор да канторы турмы. Падыходзячы да канторы, думалася, а вось можа на волю. Але гэта думка зьнікла пры ўспаміне аб тым, што тыя людзі радаваліся, каго выклікалі не уначы, а ўдзенъ. Сталі выклікаць па адным у кантору турмы. Пакліканы першым чалавек выйшаў i сказаў: "Тры"; другі выйшаў i кажа: "Дзесяць"; трэці: "Сем" i г. д. Паклікалі i мяне. За сталом сядзеў ГПУшнік, перад ім была куча папераў, пісаных на машынцы пад капірку. "Як цябе зваць?" - спытаўся ён. Я назваў сваё прозьвішча. "Ты маеш пяцёрку", - самазадаволена заявіў ён i працягнуў мне паперку падпісаць аб тым, што прысуд ГПУ мне абвешчаны. Я прачытаў тэкст гэтага прысуду i падам яго зьмест: "Гражданин (маё прозьвішча i імя) при П.П. ОГПУ по БВО по ст. 72 БССР УК осужден к заклю­чению в концлагерь на 5 лет." У канцы быў неразборчывы ПОДПІС сакратара ГПУ. Я падпісаў, выйшаў i так, як i іншыя, каротка сказаў: "Пяцёрка".

У тую самую камэру я не вярнуўся, бо ўсіх засуджаных зганялі ў адну вялікую перасыльную камэру, якая была на першым паверсе турмы. Набралася там больш за 300 чалавек. Калі будзе адпраўка i куды павязуць, ніхто ня ведаў. Увечары, падчас спраўджваньня, я зьвярнуўся да прысутнага на спраўджаньні каманданта ГПУ з просьбай дазволіць мне пабачыць жонку i дзяцей i што мне патрэбна што-небудзь з цёплай вопраткі. На гэта ён мне адказаў, што цёплая вопратка будзе выдадзена там, на месцы, i аб гэтым турбавацца ня трэба, а адносна дазволу пабачыцца з сям'ёю ён абяцаў пагутарыць у ГПУ i скажа мне аб гэтым заўтра. На другі дзень увечары, падчас спраўджаньня, ізноў прыйшоў камандант i, калі я запытаўся, як стаіць справа адносна дазволу пабачыцца з сям'ёю, ён мне сказаў, што жонка таксама падала просьбу аб дазволе пабачыцца i, магчыма, гэта будзе дазволена. Адначасна я ў яго запытаўуся, дзе будзе тое месца, куды нас завязуць i дадуць цёплую вопратку. Адказ быў, што яму нічога невядома.

Пачыналася падрыхтоўка для адпраўкі этапу; многіх выклікалі на "свидание". Назад людзі вярталіся з мяшкамі i скрынкамі, напоўненымі пераважна сухарамі з чорнага хлеба i іншымі рэчамі. Адны ўсхваляваныя, разьвітаўшыся з роднымі, плакалі, а іншыя лаяліся, пракліналі ня толькі свой лес i ўладу, але i дзень сваіх народзінаў.

РАЗЬВІТАНЬНЕ З РОДНЫМІ

Праз два дні i я быў пакліканы на "свидание". Мяне прывялі ў пакой, дзе адбываліся сустрэчы. Гэта быў вялікі пакой, перагароджаны на дзьве часткі драцяной сеткай. З аднаго боку заганяліся вязьні, а з другога - былі ix родныя, атрымаўшыя дазвол на сустрэчу. Каля дроту з аднаго i з другога боку стаялі ГПУшнікі, якія мусілі чуць размову, а размаўляць можна было толькі голасна праз дрот. Людзей ужо, як з аднаго боку дроту, так i 3 другога, было шмат. Сярод людзей я ўбачыў i сваю плакаўшую жонку, каля якой стаял i дзьве большыя дзяўчынкі: 6-ці i 4-х гадоў, а хлопчыка паўтара году яна трымала на руках. 3 ёй былі брат i сястра ейныя i мой брат. У пакоі ўзьняўся плач i крыкі жанчын i дзяцей. Калi дазвалялася толькі голасна гаварыць праз дрот, дык тут трэба было моцна крычаць, бо за плачам i крыкамі пачуць што-небудзь было трудна. Я папрасіў падаць мне хлопчыка на рукі, i стаячы вартаўнік дазволіў. Праз адчыненае драцяное вакно мне падалі сына, які, абхапіўшы маю шыю ручкамі, моцна плакаў. Мне сказала жонка, што ўсё дазволенае i магчымае паложана ў куфэрак, а калі што яшчэ патрэбна будзе, пастараецца даслаць пасылкай. Сястра жонкі сказала мне, што дзяцей хоча забраць да сябе, што посьле i зрабіла. Брат жонкі i мой брат, разьвітваючыся ca мною, перадалі мне ў руку, каб не заўважыў вартавы, па аднэй 50-ці рублёвай паперцы. Я ix прасіў дапамагаць дзецям, i гэта яны да канца выконывалі, пакуль ня сталі самі такімі "самымі ахвярамі, як i я.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX