РОДНЫ КРАЙ 1934-22: Рэфэрат аб Менску
І. Камунальная гаспадарка
Грамадзянін М. Клім - айчым Ф. Аляхновіча два месяцы назад прыбыў з Менску да Вільні. Як колькігадовы жыхар савецкага Менску ён шмат чаго цікавага ведае пра сталіцу Савецкае Беларусі. 5-га гэтага кастрычніка ў памешканьні Беларускага Інстытуту Гаспадаркі i Культуры ў Вільні гр. Клім прачытаў рэфэрат аб Менску i яго цяперашняй гарадзкой гаспадарцы.
Гарадзкая Менская Рада (горсовет) загадвае гаспадаркаю ня толькі самога гораду Менску, але і землям ў 10 верставым радыюсе вакол гораду.
Менск налічвае цяпер 130.000 жыхароў, Адчуваецца, як сказалі-б панашаму, недахоп кватэраў, а па бальшавіцку - недахоп жилплошади, г.зн, плошчы для памяшканьняў.
Менскія жыхары пражываюць у пакоях, а не ў кватэрах: на кожную асобу вызначана ўсяго па 2 квадратныя сажні плошчы падлогі. Сам аўтар рэфэрату меў пакой з плошчаю падлогі ў 5,2 кв. сажняў на сябе i на жонку i яго улады выселілі ў меншае памяшканьне, дакучаючы перад гэтым рознымі спосабамі: то пасялялі ў яго ашчэ аднаго жыхара, то загадвалі перагарадзіць памяшканьне, аж пакуль ня змусілі высяліцца ў меншае.
Навуковыя работнікі (прафэсура) дастаюць дадатковыя 2 квадратныя сажні плошчы памешканьня.
Гарадзкія будынкі вартасьцю больш, як 10 тысяч рублёў знацыяналізованы i змуніцыналізованы, г. зн, належаць да дзяржавы (большые будынкі) i да гораду.
Дамы вартасьцю да 10 тысяч рублёў пакінуты ix уласнікам разам з гародчыкамі пры ix.
Гарадзкая зямля, як у самым горадзе, так i ў 10 верставой зоне за горадам здаецца ў арэнду жыхаром з тэндэнцыяй здаваць яе цэлым установам з мэтаю калектыўнага карыстаньня. Але паміж самымі нават дробнымі арандатарамі саду пры якім-небудзь доме заўсёды выходзілі непаразуменьні пры падзеле прадуктаў. Дробнымі дзялянкамі асобныя сем'і ахватней бяруць гарадзкія землі ў арэнду i гэты спосаб карыстаньня найчасьцей праўляецца. Памяшканьнямі i землямі загадваюць г.зв. "жакты", ix у Менску 27, па ліку раёнаў. Спробы падзелу зямельнае прадукцыі паводле ліку "трудаднёў", патрачаных на апрацоўку зямлі кожным асобным арандатарам, таксама не давялі да ладу і, як правіла, землі арандуюцца acoбнымi дзялянкамі (вучасткамі).
Горад за час войнаў модна пацярпеў i бальшавіком прышлося падумаць аб рамонце дамоў, якога ніхто не рабіў за ваенна-рэвалюцыйны час,
Перад першаю "пяцілеткаю" у эпоху г зв. НЭПу (1923-1927 гг.) бальшавікі спрытна ашукалі былых домаўласьнікаў, нібы вяртаючы ім дамы, калі ўласьнікі гэтыя начнуць ix рамантаваць. На рэмонт выдаваліся нават пазыкі ўласьнікам з заложанага Камунальнага Банку. Пазыкі былі ад 2 да 4 тысяч рублёў. У часе НЭПу жыцьцё ў горадзе ажыло, пачалі будавацца прыватныя дамы на 2 кватэры на пазыкі з таго-ж Камунальнага Банку. Дзеля таго, што ў вёсках пакідалі "кулаком" (заможнейшым сялянам) усяго 10 дзесяцін зямлі, рэшту яе адбіраючы ад ix, заўважаўся ў часе НЭПу вялікі наплыў у горад вясковага насяленьня: кулакі кідалі гаспадаркі i будавалі ў горадзе дамкі.
Скончылася ўсё гэта, як ведама, "разгромам спэкулянтаў" пасьля НЭПу, "кулакі" i ўласьнікі дробнага гандлю ссылаліся ў Сыбір ды на Салоўкі. Дамы ізноў былі знацыяналізаваны i змуніцыпалізаваны.
Пачалася ўрадовая будова г.зв. стандартных дамоў (з дзерава) для студэнства i наагул для вучнёўскае моладзі i будова іншых вялікіх будынкаў для розных урадавых установаў.
Гэтак у 1925 годзе пабудаваны быў унівэрсытэцкі гарадок каля вакзалу б. Лібава-Роменскае чугункі. Пастаўлены вялізарны "Дом Ураду" для ўсіх камісарыятаў ў 1930 годзе. Будынак гэты мае 9 паверхаў, плошча падлогі ў ім 200.000 кв. мэтраў. Пабудована клініка на Камароўцы, лазьня (3-я ў горадзе) на Ляхаўцы. Недахоп лазьняў адчуваецца вельмі востра, таксама, як i недахоп мыла, замест якога ўжываецца г.зв. "мыльная пласта".
Замест даўнейшае конкі па горадзе ходзіць электрычны трамвай, але функцыянаваньне яго даволі часта затрымліваецца з прычыны недахопу электрычнага току,
1932 году асьветлены электрычнасьцю акраіны гораду. Але электрычнасьць гэтая сьвеціць цьмяна i разы 8-4 завечар гасьне. У цэнтры, дзе разьмяшчаюцца розныя ўрадавыя ўстановы ды жывуць савецкія саноўнікі электрычнасьць ня гасьне. Як прычыну няспраўнасьцей улады заўсёды называюць "шкоднікаў". Два інжынэры былі расстраляныя, а сямёх павысылалі за шкодніцтва.
Быў, напр. выпадак, што ў часе важнае апэрацыі, робленай вядомым хірургам д-рам Шапірай, раптам пагасла электрычнасьць доктар памёр ад разрыву сэрца, а пацыент таксама загінуў. Спэцыяльнасьць д-ра Шапіры так моцна бралася пад у вагу бальшавікамі, што яму пазволена было мець сваю бальніцу.
На пытаньні сабраных гр. Клім даў таксама цікавыя адказы.
Нехта пытаецца, ці праўда, што пабудованы ў Менску Дом Селяніна.
- Будаваўся гэткі дом, - пачуўся адказ, - але вы думаеце, што калі ён называўся домам селяніна, дык там быў які-небудзь селянін? Цяпер у гэтым доме цэнтральны камітэт Камуністычнае Партыі.
Архірэйскі i Юбілейны дамы разбудованы i цяпер там будынак Чырвонае арміі.
Будынак Жаноцкага манастыра па Прэабражэнскай вуліцы заняты Саюзам Коопэрацыі.
У былой Сынагозе - Жыдоўскі Тэатар.
У Чырвоным касьцёле на Захараўскай вуліцы, збудаваным калісь коштам абшарніка Вайніловіча, месьціцца цяпер Польскі Тэатр.
Каталіцкі Катэдральны Касьцёл існуе, бо недалёка ад яго месьціцца польскі консулят, дзе даволі шмат служачых-каталікоў, якія ходзяць маліцца ў гэты касьцёл.
Праваслаўны Катэдральйы Сабор абернены бальшавікамі, пасьля разбудоўкі яго, у элеватар (вялікі магазын збожжа, якое звозіцца сюды з калгасаў i совгасаў кожны год 1-га кастрычніка).
Разбудованы б. завод Янсона, які завецца цяпер заводам імя Ворошылова.
Пабудована бальшавікамі ў Менску вялікая галянтарэйная фабрыка.
Кожны савецкі грамадзянін 5 дзён працуе, а ў шосты (выхадны) дзень адпачывае, што адбываецца вельмі "ўмоўна", бо заўсёды знойдуцца якія-небудзь "ударныя" работы, як расчыстка сьнегу ў часе зімовых завеяў, зборы з палёў летам i інш. Існуе агульная "трудавая" павіннасьць, ад якой не звальняецца нават i студэнская моладзь.
Студэнты прымаюцца ў ВУЗы (вышэйшыя школы) паводле г.зв. "кантрактацыі". Студэнт павінен падпісаць пэўны кантракт, паступаючы ў той ці іншы ВУЗ (парасейску "ВЫСШЕЕ УЧЕБНОЕ ЗАВЕДЕНИЕ") i мусіць выпаўняць усё, чаго зажадае ад яго ўлада, згодна з падпісаным кантрактам. I ня дзіва, што летам у часе палявых збораў студэнская моладзь масамі скіроўваецца на палявыя работы ў ударным парадку,
Грамадзянін Клім дэкляраваў мець яшчэ некалькі гутарак аб жыцьці ў Менску.
Сабраныя шчыра дзякавалі г-ну Кліму за яго рэфэрат i засыпалі яго пытаньнямі рознага роду, хоць гэтым разам ён прасіў абмежавацца толькі аднэю камунальнаю гаспадаркаю Менску.
Слухач.
РОДНЫ КРАЙ 1934-23: 2-гі рэфэрат аб Менску
II. Бытавыя варункі
У пятніцу 12-га кастрычніка г. г. грам. Клім меў 2-гі свой рэфэрат на гэткую тэму ў Бел, інстытуце Гаспадаркі i Культуры.
Грам. Клік чалавек немалады, гадоў за 65, усё сваё жыцьцё правёўшы ў працы, быў i ў Менску працаўніком (бугальтарам) Мэліёрацыйнага трэсту, зарабляючы па 3 руб. 70 кап. у дзень: да гэтага яшчэ даходзіла невялічкая "эмэрытура" г-на Кліма.
Як-жа можа жыць падобны працаўнік у псэўда-соцыялістычнай дзяржаве?
Паводле словаў г на Кліма, выказваных бяз ніякае тэндэнцыі, проста так палюдзку маляваўшых тое, што ён сам перажываў, - вялікая бяда для савецкага грамадзяніна ў халодную пару - гэта справа апалу. Жыхары Менску, як работнікі так i вураднікі, студэнты i іншыя, проста бяз коняў, на сабе цягалі дровы, скуль было можна ў эпоху ваеннага камунізму. А калі надыйшоў НЭП, дык палепшылася i справа апалу. Дровы i нават вугаль дастаўляўся ў Менск прыватнікамі-спэкулянтамі. Перад тым, дык зусім былі парасьцягваны дзеравянныя платы вакол сядзібаў i ўжыты на апал.
Ня лепш выглядала i справа асьвятленьня. У пэрыяд 1921-1923 г. г. зусім ня было ў горадзе газы. Пры НЭПе яна зьявілася таксама; людзі рабілі запасы газы, налівалі цэлыя бочкі i ванны, у каго яны былі. Пасьля НЭПу усё гэта канфіскавалася. Ня маючы газы, жыхары прыдумвалі розныя прымітыўныя спосабы асьвятленьня сваіх памяшканьняў. У 1927- 1928 г. г. цана літра газы была 30 кап. на картачкі, цяпер больш як рубель за літр. Цяпер газу дастаць цяжка, савецкі транспарт зруйнаваны страшэнна. Раней газа выдавалася па 2 літры на чалавека, цяпер толькі 1 літр на аснаўнога работніка. Асноўным работнікам завецца той член сям'і, які сам беспасярэдня зарабляе, а тыя, хто знаходзіцца на яго ўтрыманьні, пабальшавіцку завуцца "иждивенцамі". Купіць газу выпадкова "з-пад палы", г. зн. у нелегальным прыватным гандлі можна часам, але цана тут яе - 5 рублёў за літр.
Цікавы парадокс: бальшавікі хваляцца тым, што яны скасавалі клясы. Калі гаварыць аб старых дарэвалюцыйных соцыяльных клясах, дык гэта ў пэўнай меры так. Але-ж бальшавікі вытварылі нешта вельмі падобнае.
У сэнсе распадзелу харчоў, апалу, сьвятла, вопраткі, абутку i іншых рэчаў першае патрэбы, савецкія жыхары дзеляцца на дзьве катэгорыі: 1-ю i 2-ю, Кожная з гэтых катэгорыяў, у сваю чаргу, дзеліцца на 3 сьпісы i гэткім спосабам вытварана аж 6 групаў жыхароў, нібы б соцыяльных клясаў новага рэжыму. Да 1-е катэгорыі жыхароў належаць работнікі цяжкае фізычнае працы i навуковыя працаўнікі. Сярод гэтае першае катэгорыі ёсьць яшчэ i партыйная вяршынка: вылучэнцы, ударнікі, камісары. Яны маюць той прывілей, што бяз картачак атрымліваюць прадукты ў г. зв. "закрытых распределителях", куды звычайны сьмяротны доступу ня мае.
Харчуюцца жыхары ў савецкіх сталоўках, якія ёсьць пры кожнай установе Установа робіць контракт з тым ці іншым калхозам або совхозам на дастаўку харчоў для яе сталоўкі. Да 1926 году сталоўкі значэньня ня мелі, жыхары харчаваліся сяк-так дома, бо хлеба тады давалі яшчэ па кілёграму на чалавека, цяпер-жа ад 150 да 800 грамаў на аснаўнога работніка, у залежнасьці ад таго, да якое групы работнік гэты належыць. На "иждивенцев" ня выдаюць нічога.
Цікавы контраст цэнаў, якія мояжна падзялiць аж на чатыры групы. У той час, як хлеб, напр., у Торгсине (торговля с иностранцами) купіць можна за 10 капеек кілё, у коопэратывах ён каштув 50 кап. кілё, у дзяржаўным гандлі (госторг) 1 руб. 50 кап. кілё, у прыватным гандлі 3-4 рублі кілё. Гэткім чынам істнуе: Торгсин, коопэрацыя, дзяржаўны гандаль і спэкуляцыя, або гандаль прыватны, які строга прасьледуецца. У Торгсине купляць тавары можна толькі за золата або за чужаземную цьвёрдую валюту. Кілё цукру, напр,, каштуе ў Торгсине 50 капеек, у коопэрацыі 5 рублёў, у дзяржаўным гандлі 15 рублёў.
Утрыманьне ня толькі каровы, а нават i курыцы зрабілася для жыхара немагчымым, бо старая бульба ў чэрвені 1934 г. каштавала 15-20 руб. пуд, ячмень 65-70 руб. пуд.
Апал цяпер таксама дарагі: 60 - 45 руб, воз.
Які паёк нават жыхара 1-й катэгорыі, навуковага працаўніка, інжынера, які выкладае ў ВУЗе можна бачыць з гэткага прыкладу: на месяц чэрвень сёлетняга году інжынер атрымаў: паўтара кілё цукру, 1 кілё круп, 1 кілё макаронаў i 1 кілё селядцоў, пакоопарацынай цане. А сям'я ў інжынера - 6 душ. Жыхары 2-е катэгорыі нічога, падобнага да гэтага скромнага пайка, не атрымліваюць. Селядзец у Менску лічыцца вялiкім ласункам.
Стаўкі навуковых працаўнікоў (прафэсуры) ад 450 да 800 рублёў. Пайкі выдаюцца не дарма,а за плату.
Усякія сабраньні жыхароў больш як 5 асобаў строга забаронены. На ix трэба прасіць дазволу ў ГПУ. Калі адзін, напр., прафэсар, сьвяткуючы імяніны свае жонкі, заявіў дамоваму сторажу, што ў яго будуць госьці, дык той спытаўся, колькі будзе чалавек? Пачуўшы адказ, што можа быць чалавек 15-20, стораж казаў прасіць дазволу, бо ён мусіць заявіць міліцыі. Калі прафэсар прасіў дазволу, дык ГПУ патрэбавала ад яго паіменны сьпіс гасьцей і, пераглядзеўшы гэты сьпіс, проста заявіла, што сабраньне можа адбыцца, бо сярод гасьцей ГПУ мае сваіх 3 чалавекі.
На пытаньні прысутных г-н Клім даў гэткія адказы аб справе харчаваньня ў Менску:
Мясны абед на заводах каштуе 1 рубель з капейкамі, у сталоўках пры ўрадавых установах 1 р. 20 к. - 1 руб. 50 кап. Абед гэткі складаецца з баршчу ці супу i аднае лыжкі кашы. Два разы ў тыдзень бывае мяса: порцыя велічынёю ня большая за скрыначку ад сернікаў. Для навуковых працаўнікоў у іхных сталоўках абеды крыху лепшыя, мясныя, па цане 2-3 руб.
Студэнт дастае 300 грамаў хлеба ў дзень. У студэнцкіх сталоўках на абед даюць таксама суп i кашу на маргарыне.
Абед для чужаземцаў у Эўропэйскай гасьцініцы каштуе 5-10 рублёў. Чужаземцам даюць нават булкі, якіх савецкі жыхар ніколі i ня бачыць.
Як-жа адбываецца сякі-такі прыватны гандаль прадуктамі?
Трэба сказаць, што індывідуальны гаспадар, г. зв. "единоличник" мае права прадаць у горадзе лішку свае прадукцыі, калі дастане пасьведчаньне, што ён усе свае падатковыя павіннасьці споўніў.
Савецкая коопэрацыя правальваецца. На 1932 г. напр., Цэрабкоп (цэнтральная работніцкая коопэрацыя) у Менску даў дэфіцыт у 2 мільёны рублёў.
На пытаньне. ці можна ў Менску паправіць боты, калі яны паднасіліся, пачуўся адказ, што падбіць падноскі ў ботах (гумовыя) каштуе 25 руб.
Боты каштуюць 8-10 рублёў у Торгсине i 50-70 рублёў у дзяржаўным гандлі.
Абутак i вопратка таксама выдаецца па картачках...
С.
РОДНЫ КРАЙ 1934-24: 3-ці рэфэрат аб Менску
III. Народная асьвета
У пятніцу 19 гэтага кастрычніка грам. Клім расказваў аб народнай асьвеце ў БССР.
Наагул асьвета ў Саведкім Саюзе перажывае гэткія самыя экспэрымэнты, як i іншыя галіны жыцця.
Спачатку існавалі 3-годкі i 5-годкі (ніжэйшыя школы). Пасьля гэтых школаў прайшоўшы агульна-адукацыйныя (сярэднія) курсы, вучань мог паступаць у ВУЗы i ВТУЗы (высшие учебные заведения и высшие технические учебные заведения). Цяпер бальшавікі імкнуцца пазакладаць 9-годкі (сярэднія школы), з якіх па конкурсовых экзаменах можна паступаць у ВУЗы i ВТУЗы.
Дзеля таго, што пры паступаньні ў вышэйшыя школы бярэцца пад увагу содыяльнае паходжаньне будучага студэнта, маладыя людзі стараюцца абходзіць гэты парадак, калі паходжаньне ix бацькоў было непрацоўным. Вучань, пасьля сярэдняе школы ідзе ў які-небудзь калхоз або совхоз i адбывае там работніцкі стаж у працягу якога-небудзь году ці больш, а пасьля ўжо дэлегуецца ў ВУЗ ці ВТУЗ, як сябра таго ці іншага прафэсіянальнага саюзу.
Аднак ён заўсёды можа быць выкрыты сваімі калегамі-студэнтамі ў ВУЗу цераз сьцен-газэту i вычышчаны з ВУЗу, калі, напрыклад, бацька яго быў духоўнікам, заможнікам, абшарнікам i г. д.
Сьден-газэты - гэта органы даносаў, робленых публічна самымі студэнтамі адзін на аднаго.
Ня гледзячы на розныя дробныя прывілеі, моладзь апошнім часам ня хоча паступаць у вышэйшыя школы таму кожны студэнт за канікулярны час павінен завербаваць яшчэ двух маладых людзей у тую вышэйшую школу ў якой ён вучыцца.
Студэнты прымаюцца па кантракце, якім абавязваюцца служыць пасьля скончаньня вышэйшае асьветы ў Беларусі i наагул выпаўняць усе загады.
Навука ўва ўсіх савецкіх школах бясплатная, ні за навуку, ні за падручнікі i розныя навуковыя прылады плаціць ня прыходзіцца.
Кошты навукі пакрываюцца з падатку свайго роду на гэтую мэту, які завецца зборам на культурнае будаўніцтва, сьцягваным з усяго жыхарства.
У школах істнуюць камітэты вучняў i камітэты бацькоў усюды.
Студэнт атрымлівае стыпэндыю 60-100 руб. у месяц, на якія ён i павінен жыць. Абеды ў студэнцкіх сталоўках каштуюць ад 45-50 кап. да 1 рубля.
Ёсьць пры выш. школах інтэрнаты, дзе жывуць разам як студенты, так i студэнткі. Гэткі парадак вядзе часта да вельмі неморальных рэзультатаў. Калі ад сужыцьця пары маладых людзей здараецца патомства, дык маці нованароджанага легка можа высудзіць (цераз мэдыцынскую нават экспэртызу айцоўства) належныя на дзіця алімэнты, але маладыя хлопцы ўхіляюцца ад гэтага тым, што мяняюць прозьвішчы (гэта ў саветах вельмі лёгка) i ўцякаюць у іншую мясцовасьць, дзе ix вельмі i вельмі трудна знайсьці.
Раней адміністравалі ў школах загадчыкі, а цяпер заўважваецца поўны паварот да старых назоваў: школамі кіруюць рэктары, дырэктары, ёсьць і ix інспэктары, як i даўней. Начальнік гэткі - сам адзінаасабова рашае справы адміністраваньня школаю.
Пераважаюць сярод студэнтаў беларусы. Усіх студэнтаў у Менску больш як 3 000.
Расейскіх сярэдніх школ у Менску ёсьць толькі 4. Апрача беларускага, ёсьць жыдоўскі i польскі пэдагогічныя інстытуты (пэдтэхнікумы).
Факультэты ў унівэрсытэце завуцца інстытутамі. Ніякіх экзаменаў пры скончаньні курсу ўсіх школаў раней ня было, а вучню або студэнту проста выдавалася пасьведчаньее, што ён праслухаў курс тае ці іншае школы. Цяпер i ў гэтым сэнсе вярнуліся да старога парадку: канчаючы школу, вучань ці студэнт павінен здаваць экзамен.
Школьная сетка наагул даволі густая, аднак не разьвінута яшчэ да поўнае меры, як гэта відаць з заяваў офіцыяльных прадстаўнікоў савецкае асьветы ў БССР. У кожным мястэчку ці большым сяле ўлады стараюцца залажыць сярэднія школы 9-годкі.
Для камуністаў, ударнікаў i чырвоных партызанаў існуе РАБФАК (работніцкі факультэт), які зьяўляецца сярэдняю школаю. З Рабфаку яны ідуць у КАМВУЗ (камуністычны унівэрсытэт), праходзячы там палітграмату ў пашыраным разьмеры.
Ня гледзячы на тое, што ўжо даўно, яшчэ ў часе кіраваньня асьветнымі справамі народным камісарам Баліцкім (сасланым на Салоўкі), ўлады хваліліся поўным выкараненьнем няпісьменнасьці, ёсьць яшчэ шмат анальфабэтаў у веку 45 i болей гадоў.
Палажэньне пэдагогаў ува ўсіх школах вельмі цяжкае; пэнсіі ня выплачваюцца ім па паўгода.
Прафэсіянальная, тэхнічная асьвета пераважае ў саветах.
Газэты цяпер дарма не раскідаюцца бальшавікамі. Гэткая "Зьвязда", напрыклад, выходзіць у ліку 30-40 тысяч экзэмпляраў i яе трэба набываць за грошы. Праўда, што падпіска на яе выглядае на прымусовую. Расейская газэта "Рабочий" мае тыраж у 50 тысяч экзэмпляраў,
У школы ўводзіцца выкладаньне гісторыі i географіі. Раней гэтыя прадметы зусім не выкладаліся.
С.
РОДНЫ КРАЙ 1934-25: 4-ты рэфэрат аб Менску
IV. Земляробства ў БССР
1-га кастрычніка г. г, гр-н Клім меў гутарку аб земляробстве ў Беларускай Савецкай Рэспубліцы.
Як ведама, бальшавікі правялі экспропрыяцыю, ці вярней нацыяналізацыю ўсяе зямлі на абшары былое Рассі, г. зн., што ўся зямля перайшла на ўласнасьць савецкае дзяржавы.
Спачатку ішоў, пачаты яшчэ ў керэншчыне самым сялянствам, стыхійны падзел бліжэйшых двароў. Калі сяляне ў суседнім двары мелі пры старых парадках, напр., права пасьбішча, ці г. зв, сэрвітуты, дык у рэвалюцыю яны лічылі, што зямля, на якой пасьвілі сваю жывёлу, бязyмoўнa павінна належаць да ix, i наагул захаплялі сенакосы, ці якія іншыя кускі, выгаднейшыя для карыстаньня.
Ясна, што на захопленыя, ці наагул на быўшыя ў карыстаньні сялян землі ня было ніякіх дакумэнтаў. I бальшавікі мелі шмат клопату, калі прыступілі да рэгуляцыі землекарыстаньня цераз зямельныя камісіі на мясцох, Прышлося адкрываць кароткасрочныя курсы для каморнікаў (землямераў), якія нанова абмервалі землі паасобных землекарыстальнікаў. Старыя межавыя знакі былі сялянствам рупліва пакасованы і зямельным камісіям не заставалася нічога больш, як дашуквацца старых межаў шляхам паказаньняў сьведкаў.
Анархія землекарыстаньня ішла ад 1917 да 1923 году.
Апрача зямельных камісіяў былі ўстаноўлены спэцыяльныя суды. У гэтых інстытуцыях была гэткая навала справаў, што яны не маглі даць ім ніякае рады.
Земляробства істнавала да 1922 году не паводле якога-небудзь закону, а паводле інструкцыяў ды цыркуляраў Народнага Камісарыяту Земляробства.
Трэба зазначыць, што ў часе зямельнае анархіі ішло таксама i стыхійнае ніштажэньне лясоў сялянствам. Была проста рабунковая лясная гаспадарка, ніхто аб засяваньні лясоў ня думаў
У 1926 годзе выйшаў нарэшце зямельны закон. Пачалася хутарызацыя, трываўшая да 1926-1927 году. Затым надыйшла першая пяцілетка i з ёю колектывізацыя.
Хоць падаткі на хутаран накладаліся вельмі высокія, ішло абцінаньне хутарных гаспадарак з зямлі, у якіх яе было часам да 50 дзесяцін, але ў нядоўгі пэрыяд НЭПу усіх прадуктаў было на рынку даволі.
Перад колектывізацыяй больш спрытныя дробныя земляўласьнікі кінуліся на хітрасьць пачалі злучацца з сваякамі i наагул чэснымі суседзямі ў арцелі, каб прыдаць землякарыстаньню колектыўны выгляд. Ясна, што ўсё гэта было толькі на паперы i пастарому кожны гаспадарыў на сваім курку. Улады гэта зараз-жа зразумелі i арцелям быў паложаны канец.
З двароў пароблены цяпер совхозы (советскіе хозяйства), а з сялянскіх, вясковых земляў - колхозы.
Совхозы зьведзены былі ў трэсты, як напр.: сьвіна-трэст, конскі трэст, малочны трест i інш. Дзіўна, што гэткія буйныя гаспадаркі вяліся з дэфіцытам i з Масквы ішлі асыгнаваньні ў паўмільёна i мільён на падтрыманьне розных земляробскіх трэстаў. Дабро совхозаў моцна раскрадалася i нарэшце 8 жніўнл 1932 году выйшаў драконаўскі закон, які грозіць караю сьмерці за кражу ў совхозе або ў колхозе. Лагоднейшаю караю за гэта лічыцца ссылка ў канцэнтрацыйныя лягеры на 10 гадоў.
Уся бальшавіцкая земляробская сыстэма палягае на г. зв. подстегиваніи колхозьнікаў, г. зн. былых сялян.
Як-жа жывуць людзі ў гэтых совхозах ды колхозах?
У совхозах (казённых дварох) жывецца работнікам (былым панским парабком) лепш у параўнаньні з колхозьнікамі. Совхоз мае грамадзкае харчаваньне - агульную сталоўку для ўсіх работнікаў, як i ў гарадох.
У колхозах сяляне жывуць яшчэ па сваіх хатах, харчуюцца самі тымі прадуктамі, якія выдаюцца кожнаму з іх, пасьля пагашэньня ўсіх павіннасьцяў. Бяда пануе тут страшэнная. Сала лічыцца нявіданаю роскашай.
Істнуюць яшчэ i гаспадаркі індывідуальныя, г. зв. гаспадаркі единоличников, якіх улада стараецца дабіць непамернымі падаткамі: ад гэктара яны мусяць плаціць 4 пуды збожжа, 25 пудоў бульбы, 200-250 літраў малака ад кожнае каровы ў год (1933). На гэтым падатковы цяжар не канчаецца, бо кожны жыхар БССР плаціць яшчэ: страхавы збор, насенны фонд, кульзбор.
Бальшавікі імкнуцца за другую пяцілетку сколектывізаваць земляробства на ўсе 100% і правясьці ў жыцьцё грамадзкае харчаваньне нават i ў колхозах. На гэтыя мэты выпушчана ўнутраная пазыка на 1934 год у разьмеры трох з палавінаю мільярдаў рублёў (1 мільярд-1000 мільёнаў).
Офіцыяльна ў Беларусі колектывізацыя праведзена на 56%, але ў запраўднасьці куды менш.
Ці ёсьць якія заработкі для сялян, апрача земляробства?
Ёсьць работы на лесазагатоўках i пры будаваньні ды папраўляньні дарог, дзе плаціцца 26 руб. за дзень працы з канём, але на рукі выдаюць толькі 3 руб., рэшта пералічваецца на колхоз, дзе вядзедзкцца г. зв. строгі учет i рэгулулюцца рахункі кожнага паасобнага колхозьніка.
Як-жа праводзілася гэтая колектывізадыя? - спытаўся нехта з прысутных.
Прыяжджала ў вёску камісія, выймала з кішанёў рэвальвэры, клала ix на стол i пыталася ў сабраных сялян: "Хто проці колектывізадыі?" - пачуўся на гэта адказ.
Ясна, што колектывізацыя ў гэткіх варунках выглядала дабравольнай i прымалася аднагалосна,
Грам. Клім сам асабіста быў у дзьвёх камісіях, якія выяжджалі наводзіць парадкі ў два совхозы. Адзін раз было гэта якраз у двары, належаўшым да рэвалюцыі да пана Ельскага. Старыя парабкі адважна хвалілі гэтага пана перад камісіяй, жалячыся на цяперашні свой лёс.
Даўней, - кажуць, - лепей было: сям'я пабольшала, ці няшчасьце якое здарылася, ардынацыі не хапае - ідзеш да пана, а ён i павялічыць ардынарыю. А цяпер, дык невядома да каго зьвяртацца.
- О, каб наш пан вярнуўся, - дадае іншы дзядзька, - дык мы-ж ня ведалі-б дзе й пасадзіць яго, як яму дагадзіць. -
Відаць несалодкае жыцьцё совхозьнікаў, калі яны ўздыхаюць па панскіх часох?
Цяпер яны працуюць, як i даўней, устаноўлены строгі нагляд за нормаю працы, аплата працы мужчын i жанчын няроўная.
Земляробства ўва ўсім СССР пад страшэннаю прынукаю i дзеля гэтага маса зямлі ляжыць адлогам. Совхозы часта гараць, улады шукаюць "шкоднікаў" тэрор ня літуецца ні над кім.
Машыннае абрабляньне зямлі правясьці немагчыма, бо на ўвесь СССР ёсьць толькі каля 200 тысяч трактараў.
Як совхозьнікі, так i колхозьнікі апранаюцца ў крамныя вырабы, бо хатні выраб матар'ялаў для вопраткі перастаў існаваць.
Пра колектывізацыю ходзіць сярод савецкіх жыхароў цікавы анэкдот:
"Усерасейскі стараста" Калінін прыходзіць аднаго разу да Сталіна i жаліцца яму:
- Бяда, браце, блашчыцы даймаюць зусім. -
- Чудак, - адказвае Сталін, - а ты абвясьці колектывізацыю, дык зараз-жа ўсе разьбягуцца. -
I селянін, як тая блашчыцца, разьбягаецца з вёскі, прэцца ў гарады, пабольшваючы гэтым лік падонкаў пролетарыяту.
С.