Вярнуцца: Мемуары

Паўвеку. Вайна


Аўтар: Путрамант Ежы,
Дадана: 22-11-2020,
Крыніца: Лідскі Летапісец 2014. № 3(67); 2014. № 4(68); 2015. № 1(69); 2015. № 2(70); 2015. № 3(71); 2015. № 4(72); 2016. № 1(73); 2016. № 2(74); 2016. № 3(75); 2016. № 4(76); 2017. № 1(77) ; 2017. 2(78).; 2017. № 3(79). С. 69-76.; 2017. № 4(80). С. 49-53.; 2018. № 1(81). С. 59 - 64.; 2018. № 2(82). С. 62-68.; 2018. № 3(83). С. 61-64.; 2018. № 4(84). С. 64-68.; 2019. № 1(85). С. 61-64.; 2019. № 2(86). С. 62-68.; 2019. № 3(87). С. 63-68.; 2020. 4(88). С. 77-84.



Пераклад з польскай Станіслава Судніка паводле Jerzy Putrament. "POL WIEKU. Wojna." (Том 2 тэтралогіі), Czytelnik, Warszаwa, 1962.


Банева канчаецца

Вільня ў апошні раз

Банева ў апошні раз

"Аблана" ў Вілейцы

Выезд у Львоў

Клуб на Каперніка

"Цэ гірш!"

Асобы

Моўныя праблемы

Вывазкі

Падзенне Парыжа

Скачок на поўдзень

Канец лета

Візіты з Масквы

"Новыя гарызонты"

Прыём у прафсуполку

Кіеў

"Рэчаіснасць"

Пераклады

Бой, Барталь, Барэйша

Знакі на небе

Апошні вечар

Званок, фіялетавыя хмаркі

Першыя ахвяры

Паніка

... Кірунак на Перамышляны ...

Святаянская ноч і ранак

Злочаў

Цярнопаль

Жмерынка

Уваход у Кіеў

Кіеў 3 ліпеня

Дарога ў Уфу

Дарога ў Маскву

Масква, першая раніца

Два каментары

Першае ўражанне

"Новыя гарызонты"

Прушынскі

Эпізоды з карыфеямі

Маскоўскія ночы

Фелікс Кон

Тыя, хто сапраўды...

На фронце што раз горай

Найгоршая ноч

Горкі Горкі

На Волзе

Казань, Ахматава

Скачок у Саратаў

Радыё-мітынг

Прафесар - падпаручнік

Вяртанне і падарожжа

Дэзертыр

Дзіўны пасажыр і штурм у Пензе

Саратаў

Соя і Грош

Новыя "Новыя гарызонты"

Дыктатар псеўданімаў

Цяжкія часы

Порткі

Вясна, лета, восень

Рэха Сталінграда

Цяжкая і радасная зіма

Канец Куйбышава

Зноў Масква

Ёсць рашэнне...

Шасцёра ў аўтамабілі

Прыезд у Сельцы

Тры катэгорыі

Агітацыя і прапаганда

Трэцяя катэгорыя

Орлікі

Першыя прызначэнні

Белаомут

Гэтыя старшыя ...

Травеньская ноч

Школа падхарунжых

Надзвычайныя здарэнні

Вучэнні і канец

Дарога на захад

Вязьма, Смаленск

Пасля бітвы

Другі танкавы полк

Барвіха і Хвістак

Харкаў, Кіеў, Жытомір

Роўна

Макс

ТАП

Вуліца Белая

Вялікдзень і Крамянец

Партызанскі штаб

Няхай жыве вялікі правадыр

Далёкі налёт

Гісторыя робіць скачок

Валынь, лета

У Дрожджы ў цені дзяўчат

На "кукурузніку"

Першае вяртанне

Дарога ў Вільню

Другое вяртанне

Пераклічка палеглых

Тыя самыя колеры

Найбольш рэакцыйная

Сентыментальная гісторыя

Кафка і чаравікі

Дзяўчына з тварам, як маліна

Не ўсе былі такія

20 ліпеня, налёт

Масква, Барэйша

Холм і Люблін

Першыя ўражанні

"Рэчпаспаліта"

Радзівілаўская, 9

Літаратары

Першы з'езд і "Станьчык"

Выпадак у Красным Ставе

"Адраджэнне"

Майданак

Працэс

Прыгавор

Экзекуцыя

Паўстанне

Дым над гарызонтам

Манашка

Скарб і грушкі

Вернярычная гісторыя

Дорак

Партыя

Люблінскія парэшткі

Зімовае падарожжа

Таямнічы візіт

Канец Любліна

Варшава ў лютым

"Газета польская"

Трэск за акном

Вясна

Канец вайны

Казік вязе. Вісла

Смех і бура


Банева канчаецца

Сарваўся на ногі. Маці яшчэ раз паведаміла радыёнавіны. Пабег да прыёмніка.

Мы слухалі Маскву і Менск вельмі часта, у перыяд іспанскай вайны штодзённа. Цяпер галоснік (гучнагаварыцель) быў поўны вайсковых песень. Неўзабаве пачаліся камюніке. Сумненння не было. Заміж немцаў прыйдзе сюды Чырвоная Армія!

Не цяжка сабе ўявіць маю радасць. Не трэба гнаць на ровары па бездаражы Налібоцкай пушчы, па найдакладней невядомых мне ваколіцах недзе за Іўем. Не трэба апасацца сустрэчы - з паліцыяй, мужыкамі, войскам, нарэшце, з тым бокам. Уяўляў сабе, што на мяжы пры далейшым набліжэнні немцаў акажуцца натоўпы. Гэта значыць будзе з тога боку някепскі прасеў. Што я меў сказаць? Сын палкоўніка, што яшчэ горш, вайсковага асадніка..., што камуніст па перакананні? Там на мяжы ўсе акажуцца камуністамі...

Але і акрамя тых вузка асабістых і неадкладных спраў былі прычыны больш агульныя. Некалькі гадоў назад я стаў перакананым прыхільнікам аднаго ладу, праціўнікам іншага. Пагражала мне, што я з чужога мне ладу, у якім жыў, патраплю ў ненавісны. І заміж гэтага ў апошнюю хвілю і я, і ўсе мае перанесліся ў той лад, мною абраны!

Я вырашыў адразу нешта зрабіць. Блыталіся мне па галаве рэмінісцэнцыі з літаратуры часоў грамадзянскай вайны. Людзі маіх перакананняў павінны нешта рабіць. Трэба ствараць органы ўлады! Паехаў у Дакудава.

Амаль нічога не памятаю з таго выезду. Нічога, зрэшты, не адбылося. Памятаю толькі вельмі агульныя вобразы і станы маёй душы. Дакудава было нейкае пустое. Янкялевічы прынялі мяне перапужанымі і няўпэўненымі. Нібы цешыліся, што Чырвоная Армія, але толькі ў маёй прысутнасці. Пачаў іх дапытваць, хто тут камуніст. Датуль з канспірацыйных повадаў ніколі нікога пра тое не пытаўся. Рубін нешта буркнуў - напэўна Бондар або Слесар. Пайшлі да іх, але размова не клеілася. Бондар ці Слесар глядзеў на мяне неяк дзіўна, нічога не гаварыў, я зрэшты таксама хадзіў кругамі.

Потым былі ў гміне. Бадай ужо год, як бацька не "вайтаваў". Вялікі драўляны гмах быў пусты: улады ўцяклі. Уцяклі таксама паліцыянты.

Тут Рубін намагаўся мяне разыграць, гаварыў нешта кшталту: бяры ўладу! Але тая стрыманасць Бондара нарэшце пачала да мяне даходзіць. Я сеў на ровар, вярнуўся ў Банева.

Бо здаў сабе справу з асаблівасці свайго становішча ў новай палітычнай сітуацыі. Што з таго, што некалькі гадоў быў "перакананы"? Тут, у Дакудаве перакананне было спрэчным, бясспрэчным было іншае: сын палкоўніка, асадніка, да нядаўняга часу - войта. Каб такі хапаў уладу? Зноў трохі рэменісцэнцый з Шолахава ці Фадзеева.

У ніякім разе нельга мне тут праяўляць актыўнасць.

Спрэчнасць паміж поглядамі і сямейнай сітуацыяй, якая абцяжарвала мяне ад "мутацыі", гэта значыць блізка каля васьмі гадоў, не знікла, а толькі павярнулася і нават завастрылася.

Дзіўны і прыкры час у Баневе. Нібы нармальна рухаюцца асеннія гаспадарчыя справы, пазрывалі апошнія яблыкі, маці соліць і марынуе рыжыкі, марынуе і сушыць баравікі, ужо ёсць зялёнкі. Ірэна ходзіць з Евай, трохі завіхаецца па хаце. Старшая сястра цягне гаспадарку, малодшая чакае на выезд у Ліду ў гімназію. Але ўсё гэта на фоне менавіта чакання, не пазбаўленага неспакою. Якія яны будуць? Што нас ад іх чакае?

На працягу некалькіх дзён я круціўся па дарогах, пакуль не ўбачыў першых салдатаў. Былі яны ў бурых плашчах, невысокія, вельмі свойскія. Потым некалькі зайшло на дзядзінец прасіць вады. Маці з імі загаварыла. Былі вельмі стрыманыя, можа ўжо ведалі, хто мы?

У той дурной, невыноснай сітуацыі адчуваў адно: Банева заканчваецца. Гэтае сямейнае гняздо, пабудаванае дзесяць гадоў таму назад, нетыповае, а перш за ўсё кулацкае, не магло перажыць гэтага ўстрэсвання. Мы жылі тут, дзякуючы бацькавай пенсіі, але перш за ўсё, каб тыя пару гектараў упарадкаваць, тыя лугі скасіць, бульбу выкапаць, патрэбна наёмная сіла. Хочаш - не хочаш, каб тут застацца, мусіш шукаць за чалавекам чалавека. А пра тое нельга і падумаць ...

З другога боку той пакой "абжыты" мной, з шуфлядамі паперак, шафай кніжак, тлумам успамінаў, той дом, поўны ўтульных закаморкаў, дзядзінец, які на нашых вачах перастаў быць загайнікам, а стаў садам, агародам, амаль паркам... Тая ўся дзялка, тыя Міранды, Цясніна Вужоў з прыгожымі рыжыкамі па баках...

Пішу гэта ўсё праз дваццаць гадоў, а ўсё яшчэ пры ўспамінах тамтэйшых бярозак і верасоў робіцца мне смутна.

Дваякасць нашай сітуацыі адчувалі ўсе вакол, суседзі-асаднікі і дакудаўчане. Першыя не без з'едлівасці: маеце, дачакаліся, другія таксама з ноткамі сатысфакцыі на тэму, што нашая выключная "таварысцкая" сітуацыя атрымоўвае ў лоб.

Дадамо, што гэта былі паўтаны. Толькі нашая сямейная чуйнасць у тым пункце папіхала нас да такой інтэрпрэтацыі іхніх мінаў і недагаворак. Усе між тым паводзілі сябе з надзвычайным тактам.

Вільня ў апошні раз

Я паехаў у Ліду. Адразу на шашы сутыкнуўся па-сапраўднаму з Чырвонай Арміяй. У сябе мы былі ў запечку, праходзілі там дробныя патрулі. Тут калоны войска, лагеры, аўтамабілі, гарматы. Першы раз бачыў тлум танкаў. Усё вельмі здысцыплінавана, вопратка сціплая, але прыстойная, толькі ў афіцэраў кідаліся ў вочы жоўтыя навюткія папругі, планшэты, кабуры для рэвальвераў.

У Лідзе я шукаў знаёмых з таго ардалеўскага штрайку. Нарэшце, спаткаў таго, які ў "Рэчаіснасці" называецца Кушаль. У той час ён быў, здаецца, старшынём гарадскога выканаўчага камітэта. Прыняў мяне запыханы, сказаў пару слоў, дыпламатычна ніякіх. Я быў злы на яго за тую стрыманасць. Я не бачыў вялікай праблемы, якая якраз паўстававала перад усімі камуністамі тых зямель, без уліку іх грамадскага паходжання. Мае сямейныя повязі былі яшчэ горшыя!

Справа ў тым, што ў 1938 годзе разам з КПП былі распушчаны КПЗБ і КПЗУ. Іхнія даўнія члены, якім удалося пазбегнуць, канешне, нярэдкіх правакацый, правалаў, Бярозы, вязніцы, цяпер звярталіся да савецкіх уладаў, гатовыя да працы. Прымаў іх усеагульны недавер. У выніку празмернага абагульнення выпадкаў правакацый, кожны, хто прызнаваўся ў прыналежнасці да КПП, аўтаматычна станавіўся падазроным. Кушаль (ці Кісель, як здаецца ён называўся сапраўды) мусіў гэта ў той час адчуваць з нарастаўшай сілай.

У суме я зразумеў адно: трэба ў Вільню, спаткацца са сваімі, разгледзецца, нарэшце дзейнічаць. Якраз адходзілі першыя цягнікі, таварныя. Ніто на платформе, ніто ў перапоўненым вагоне я даехаў да Вільні.

Тут панаваў нечуваны бардзель. Горад заліты быў дзвюмя хвалямі - бежанцаў і Чырвонай Арміі. Бежанцы апанавалі тратуары, кавярні, лесвічныя клеткі. Пераважна ў вятроўках, з заплечнікамі, жанчыны ў портках, з хустачкамі, завязанымі пад барадой, хадзілі натоўпамі з аднаго месца да другога, падганятыя павевамі пагалосак, што тут нешта даюць, што там можна ўрваць. Праезды заняла Чырвоная Армія, гэта значыць калоны аўтамабіляў, гармат з трактарамі, здвоеных і зчацвяроных кулямётаў на грузавіках.

На момант майго прыезду з'явіліся ўжо першыя цывільныя. Найактыўнейшым у "нашым" рэсурсе быў нейкі Клімаў, дэлегаваны для арганізацыі школьніцтва. На пытанне, дзе можна спаткаць "нашых", гучаў адказ: у аблана, у Клімава.

Канешне, застаў там вялікую групку; Генрыка, Казіка, нашых настаўніц - Ганначку і Лільку, Данка Скаржынскага, Кекштаса-Адамовіча. Там таксама натрапіў на першых "чырвоных" варшавякаў.

Паміж іншымі - на Ірэну Вішнеўскую. Хто яе сёння памятае? Апошняя жонка Францішка Парэскага, невысокая плацінавая бландынка, зеленавокая, з вельмі прыгожым тварам. Неяк так склалася, што мы цэлы дзень блыталіся па горадзе разам.

Гэты горад! Гэты прыгожы, сонны, знаёмы горад! Усё дагары нагамі! У рэстаранах нічога. У цукерні Рудніцкага вялікі цымус: збожавая кава і тарцінкі з чорнага хлеба з сырам. Гатэлі перапоўненыя.

Па горадзе ішлі магутныя хвалі плётак. Гаварылі, што саветы адходзяць, што аддаюць Вільню: Германіі, Літве, Бог ведае, каму яшчэ. Я смяяўся: як гэта, каб народная ўлада аддавала горад буржуям? Смяяцца прыходзілася без цяжкасці: плёткі ствараліся пякельна дурнавата.

"Аблана" зрабіла нараду настаўнікаў. Памятаю вялікую тэатральную залу, поўную. Як свежа прыцягнутыя працаўнікі "аблана", мы стваралі там масавасць. У ходзе дыскусіі я выступіў таксама, востра ацэньваючы фашыстоўскія тэндэнцыі санацыі.

Пасля нарады падышоў да мяне Клімаў. Быў гэта першы бальшавік, першы з герояў Шолахава, з якім я меў дачыненні. Высокі, каратканосы, у акулярах, з валасамі, зачэсанымі назад. Разгаварыўся са мой і раптам паведаміў: праз гадзіну я маю ехаць у Беласток.

Чаму, для чаго? Там даведаюся. З'явіўся аўтамабіль, быў нехта яшчэ, але не памятаю, хто. Я першы раз у жыцці так далёка ехаў аўтамабілем. Было гэта не латва: дарогі былі забіты войскам. Тут цяпер былі відны расцягнутыя на дзесяткі кіламетраў матарызаваныя калоны, танкі, гарматы, амаль зусім нашыя фурманкі.

У Беластоку мы заехалі ў прыгожы палац, яшчэ памаляваны ў абстрактныя плямы. Быў там вялікі рух. Мы чакалі доўга, амаль цэлую ноч, пераспаную на крэсле. Потым з нашай кампаніі некага затрымалі, мне і яшчэ аднаму сказалі вяртацца. Мы ўжо ведалі, у чым справа: у Беластоку адбывалася нарада прадстаўнікоў Заходняй Беларусі. Было дзіўна, чаму не ў Вільні?

Вяртаюся, даведваюся, што плёткі былі слушныя: Вільню аддалі сметанаўскай Літве. Трэба было бачыць, як вокамгненна змяніліся паводзіны шэрагу людзей, як з пакорных і ўсмешлівых сталі зласлівымі і затоенымі! Для мяне ўдар быў вельмі цяжкім. Ні за якія скарбы я не хацеў вяртацца ў буржуазную дзяржаву. Усе нашыя працаўнікі "аблана" таксама вырашылі эвакуявацца з Вільні.

Апошняя ноч. Ледзве знайшоў пакой у яўрэйскім гатэліку каля Вастрабрамскай. Мармуровая пліта ўмывальніка, парцалянавы (фарфоравы) збанок пад ваду, камфорт стогадовай даўніны.

Перад вакзалам таўкатня. Савецкія войскі адступаюць. Адначасова ўразлівы натоўп бежанцаў. Едзем групай, Вішнеўская - у Львоў, дзе, падобна на тое, з'явіўся Парэцкі. Яшчэ пару чалавек з далёкай групавой перыферыі. Тлум на пероне. З тым вобразам Вільні, узбударажанай, але яшчэ Вільні, выязджаю.

Банева ў апошні раз

У Мінойтах ноч. Вішнеўская і рэшта кампаніі махаюць мне рукамі. Цягнік рушыць, караван яскравых акон. Тут цёмна. Яшчэ марш цераз лес, цераз Пескі, "нямецкай шашой". Я мог бы тут ісці з завязанымі вачыма.

Банева мяне спатыкае неспакоем яшчэ ўзмоцненым. Аказваецца, што бацьку арыштавалі. Быў у лесе, па дарозе ішоў нейкі аддзельчык. Спыталі, хто ён. хапіла звання, хапіла асадніцтва. Здаецца. што нехта тых салдатаў нацкаваў: пашукайце, там такі палкоўнік.

Суседзі адразу данеслі: салдаты павялі некуды палкоўніка. Ірэна з Маняй рушылі на ратунак. Было ўжо позна, у паўзмроку паехалі раварамі ў кірунку Мінойтаў. Усюды было поўна жаўнераў. Затрымалі іх каля шашы. Следу бацькі не знайшлі. Не было рады, вярнуліся.

Былі ўжо каля дзялкі, калі ў цемры ўзнікла чорная постаць. Нават перапужаліся. Гэта быў бацька.

Аказалася, давялі яго аж пад Беліцу, гэта значыць некалькі дзесяткаў кіламетраў на поўдзень. У Беліцы ўбачылі, што ён арыштаваны. Выскачылі яго знаёмыя, мужыкі, яўрэі, пачалі тлумачыць, што такі добры чалавек. Яго адпусцілі.

Не гледзячы на гэта неспакой застаўся. Кружылі чуткі, што ўсе асаднікі будуць выселены. Былі так-сама спробы заспакаення. Кожнае слоўца, якое пярэчыла тым чуткам, паўтаралі ў Баневе, як пацеры.

Восень стала глыбокай, разлезлай. Уся сям'я, закрытая ў доме, перапоўнена неспакоем. Да мяне, як галоўнага "бальшавіка", скіроўваліся прэтэнзіі, не выказваныя, адчувальныя толькі, за той увесь неспакой.

Я ведаў адно: павінен адтуль выехаць. Уся абаяльнасць Банева зрабілася ў той сітуацыі анахранізмам. Трэба нешта рабіць! Тут ніякай работы не было.

З газет даведаўся, што ў Вільню ўвайшлі сметанаўцы. Не вядома было, дзе размясцілася "аблана". Не вытрымаў нарэшце, зноў рушыў "у свет".

З тога выезду не памятаю нічога. А між іншым гэта быў апошні раз, калі я бачыў Банева. Вялікія пачуцці, пасля якіх у памяці не засталося ані фатаграфіі тога апошняга віду.

Пагалоскі гаварылі, што "вобласць" з Вільні перанеслі недзе ў Маладзечна. Сеў на цягнік. У Маладзечне "вобласці" не знайшоў. Паехаў у Глыбокае. Не спадзяваўся, што тут будзе сталіца акругі, ведаў толькі, што там Ганка Згерская.

Сама назва "Глыбокае"! Гэта была найглыбейшая правінцыя, блізка ад вяршыні Віленскага паўвострава. Малое мястэчка на невялікіх пагорках, вялікія таполі, пасяродку вялікае, зграбнае возера. Нейкі шматок таго дзіўнага пейзажу яшчэ цэлага ў маёй памяці: чорнае асенняе возера, і з усіх бакоў над ім чорныя, драўляныя домікі.

Ганку знайшоў лёгка. Пасля заканчэння ўнівера атрымала тут працу як паланістка. Жыла недалёка ад возера. Усё мястэчка, зрэшты, было недалёка ад таго возера. Увесь дзень патрацілі на гаворку, на прыпамін сабе васьмі гадоў знаёмства. Было трохі страшна: ужо восем гадоў! Як звыкла, закідвала мне, што я неўраўнаважаны, несур'ёзны, гавару, Бог ведае што, ніколі нельга мне давяраць. Тое апошняе было лёгкім перабольшваннем, рэшта, што ж, нажаль...

Вечарам паехаў назад. Ганка гаварыла, што "аблана" ў Вілейцы. У той старой, павятовай. Здаецца, дала нават адрас Генрыка.

"Аблана" ў Вілейцы

Вілейка была з раніцы. Мабыць яшчэ больш, чым Глыбокае пахла "тутэйшасцю". Велізарная вуліца з драўлянымі дамамі, якія часта выходзілі на вуліцу шырокай сцяной. Па-просту некалькі Дакудавых, пастаўленых адно пры другім. З тым, што тут яшчэ смутней, бо без дрэў.

У "цэнтры" царква і касцёл. Апошні мураваны. Пра царкву не гавару. Нават яўрэйскія крамкі - амаль усе.

Ішоў з клункам у руках па страшнай вуліцы. Лужыны ад дома да дома. Белыя фіранкі на вокнах. Высокія брамы, такія ж платы.

Пасля некалькіх няўдач знайшоў нарэшце і "аблана", і нашых. Быў перадусім Генрык, быў Казік, Кекштас-Адамовіч, здаецца, яшчэ пару. Прынялі мяне досыць радасна: усе пачуваліся чужымі, і кожны "адтуль" трохі раз'ясняў пейзаж.

Ах, той пейзаж! Ліда тут здавалася Варшавай! Тыя страшныя, чорныя дамы, чорныя платы, слупы, брамы! Якраз пачаліся дажджы, пра якія маліліся ў верасні. Чорныя платы і лужыны.

Весткі былі наогул нецікававыя. Як аказалася, у Вільні арыштавалі Данка Скаржынскага. Родны брат Казіка, вельмі актыўны моладзевы дзеяч - малодшы на некалькі гадоў за нас, аднак працаваў ва ўніверсітэце, калі ўсе былі ўжо магістрамі, ён быў правадыром як бы другой генерацыі групы. У астатні год у Вільні пачалі выдаваць мясцовую мутацыю "Работніка". Данак яе рэдагаваў. Якраз гэта сталася перадумовай арышту.

Аднак не здавалася гэта важным. Спрабавалі ўмяшацца. Лічылі гэта непаразуменнем, што яго праз колькі дзён выпусцяць. Нічога з гэтага не выйшла. Хлопец згінуў без следу. Можа ў час эвакуацыі ў 1941 годзе, а можа калі ў іншы час.

Ужо пасля майго выезду з Вілейкі цяжкія выпрабаванні чакалі Кекштаса. Як літовец ён быў прымацаваны ў якасці інспектара асветы да Ашмян, таму што там было трохі літоўскіх вёсак. Мясцовы кааператыў атрымаў перад святамі вялікую партыю паркалю. Але "ўлады" не пусцілі яго на рынак, раскупіўшы ўсё самі. Кекштас падняў гвалт. У выніку яго хуценька заарыштавалі па абы якой прычыне. Пра далейшыя яго лёсы я пісаў раней.

Той факт нас узрушыў. Быў гэта першы доказ існавання яскравай несправядлівасці ў новым ладзе. Тут не магло быць непаразумення, як з Данкам. Праўдападобна, гэта якраз і згубіла Кекштаса. Быў лішне прынцыпіяльны, лішне абураны, каб дзейнічаць талкова. Пэўна, загучна абураўся. Даў зачэпку малой правінцыйнай кліцы, смяртэльна ўражанай, што была злоўлена на гарачым учынку, і таму д'ябальскі небяспечнай.

Не хацеў верыць, калі мне гэта апавядалі. На столькі гэта не адпавядала таму, што мы чыталі.

Наогул было нялёгкім тое прыціранне дзвюх рэчаіснасцяў: той з кніжак і гэтай штодзённай. Мы сядзелі ў "аблана", гэта значыць у некалькіх драўляных хатах. Нічога не памятаю з нашай работы. Генрык, здаецца, укладаў нейкія метадалагічныя праекты. Казік ездзіў на інспекцыі. Я нікуды не ездзіў. Сустракаліся тры разы на дзень пры сілкаванні. Вечарамі страшная нуда.

У Вілейцы было яшчэ трохі бежанцаў. М. ін. сустрэлі тут вядомую перад вайной у Лодзі пару скульптараў: Уладзіслава Страмінскага і яго жонку Катажыну Кобру. Выдавалі яны нейкае авангарднае мастацкае выданне АР, што, здаецца, абазначала "Авангард рэвалюцыі" ці нешта ў гэтым родзе. Страмінскі быў калекам. Не гледзячы на гэта, яны былі сціплыя, гарушчыя, вельмі мілыя.

Набліжалася 7 лістапада, першае ў новых умовах. Я тлумачыў Клімаву, якія гэта выдатныя мастакі. Асабліва падкрэсліваў іхнюю фармальную рэвалюцыйнасць. Здаецца, дастаткова яго пераканаў. Калі наблізілася гадавіна рэвалюцыі. Клімаў выклікаў Страмінскага і даручыў яму аздабленне Вілейкі.

Страмінскі з запалам згадзіўся. Назаўтра прынёс праект. Быў ён у сваім родзе геніяльны. Цэнтральную плошчу Вілейкі, небрукаваную гразкую прастору ў выглядзе неправільнага трохкутніка, акружаную тымі самымі счарнелымі дамкамі, ён прапанаваў заставіць некалькімі дзесяткамі 6-8 мятровых шчытоў авангарднай формы, абцягнутымі чырвоным палатном.

Разумееце галоўную думку? Вельмі простая: схаваць тыя дамкі, тую гразь, тэлеграфныя слупы. Уцячы ад іх, схавацца паміж тых чырвоных матылёў...

Клімаў доўга аглядаў эскіз. Мне вельмі падабалася, усім нашым - таксама. Нават Клімаў вагаўся: тады яшчэ дастаткова жывыя былі традыцыі Меерхольда і "рэвалюцыйнага мастацтва".

Вырашыла аднак проза: праект Страмінскага быў за дарагі. У канцы зарэзалі 95 працэнтаў праекту, пакідаючы некалькі шчытоў. Не засланіла гэта драўлянай беднасці, але захавала штосьсі з адважных уяўленняў Страмінскага.

На ўрачыстым паседжанні Генрык зачытаў даклад. Гаварыў слаба, заікаўся. Аж страх: апошні раз яго чуў...

Выезд у Львоў

У той час адбылося нешта новае і са мной. Нашыя супольныя ўцёкі з Вільні не былі пагадненнем з Ірэнай, былі толькі перамір'ем. Я быў ужо пару тыдняў у Вілейцы, калі атрымаў ад яе ліст з Банева.

Быў той ліст вельмі роспачны. Восень, няпэўная, цяжкая атмасфера вакол Банева, натуральныя кепскія стасункі з маці. У суме Ірэна ўгаворвала мяне забраць яе адтуль, ахвяруючы поўным забыццём гісторыі з лета. Зрабілася мне яе шкада. З другога боку я жыў пад моцным уражаннем ад зеленавокай Вішнеўскай. Нарэшце я выслаў ліст, якім выклікаў Ірэну з Евай у Вілейку.

Прыехалі яны вельмі хутка. Некалькі тыдняў мы жылі ва ўласным пакойчыку, адгароджаным фанерай ад астатняй хаты. Было цесна і галаднавата. Не без задавальненне расказаў Ірэне пра зеленавокую. Пісаў лісты ў Львоў. Адказу не было.

Не ўтрымаўся, выбраўся сам. Гэта значыць, не толькі з той нагоды. У Вілейцы я пачуваўся вельмі згубленым. У "аблана" для мяне ніякай работы не было. Без літаратурнага асяроддзя не быў здольны зляпіць двух слоў. А тут якраз прыйшла першая вестка, што менавіта там сабралася найболей польскіх пісьменнікаў, галоўным чынам з Варшавы.

Доўгае падарожжа цераз Палессе. У Львове вялікі рух. У гэты раз яшчэ мацней, чым у першую бытнасць, адчуў перавагу Львова над Вільняй у катэгорыі "вялікага горада". Патрапіў у якраз узнікалы клуб літаратараў на Каперніка. Цэлы графскі палац новыя ўлады ахвяравалі пісьменнікам. Сам выгляд тых апартаментаў ужо быў сатысфакцыяй. Салоны, салонікі, клідоры, зусім прыстойная сталоўка. Натоўпы людзей.

Спаткаў, канешне, шмат знаёмых. М. ін. Пастарнака, які ў той час рабіў нешта ў родзе гонару дому: і львовец і камуніст. Прыняў мяне вельмі добра. Ці пераехалі сюды? Так, канешне!

Спаткаў і Вішнеўскую. На жаль, муж яе знайшоўся, здавалася, была тым вельмі задаволена. Наогул не мог яе пазнаць, такая стала сухая, пагардлівая. Нават яе прыгожы тварык набраўся нейкай зусім велічнай строгасці. Я хутка зразумеў, што віленскі эпізод быў выпадковасцю. Неяк не вельмі я тым праняўся. Сухасць, як аказалася была больш для яе тыповая, чым віленская сардэчнасць.

Вырашыў: пераязджаю сюды, але з Ірэнай. Недзе за горадам знайшоў пакой. Даў задатак. Яшчэ раз цераз Палессе. У Вілейцы Ірэна шчаслівая, рэшта таварышаў паволі ўцягваецца ў тую нялёгкую працу. Прынялі маё рашэнне з ухвалай. Клімаў таксама не быў супраць.

Клуб на Каперніка

Львоў пачаўся ад той страшнай хаты ў прадмесці. Стаялі тут розныя развалюхі, будаваліся пенсіянеры, поўна было нечага ў родзе садовых дзялак. Мы пасяліліся ў доме, пабудаваным былым паліцыянтам. Быў гэта невялікі будынак з цэглы, аднапавярховы, прысадзісты. Уваходзілі адразу ў кухню, з кухні ў вялікі пакой, запоўнены велізарным ложкам і такой жа шафай. Пасля Вілейкі падалося мне гэта халерным люксам.

Адразу, ужо праз пару дзён я адчуў, што тут не вытрымаю. Мы ані хвілі не былі самі па сабе. Паліцыянт з нейкай плямянніцай сядзелі ў кухні. Да "сябе" мы хадзілі цераз тую кухню. Сядзелі, елі, спалі. Жудасць - нельга кроку зрабіць, каб цябе не аглядалі.

Словам, з першага дня мы пачалі шукаць іншы пакой. Нарэшце знайшлі, у канцы вуліцы Патоцкага, пад нумарам бадай што 87.

Была гэта прыстойная вуліца, забудаваная "навачаснымі" старымі камяніцамі. У "нашым" доме мы атрымалі вялікі пакой з відам на пафалдаваныя пад-львоўскія палі. З аднаго боку вялікая купа высокіх таполяў і нейкія масіўныя будынкі. Здаецца, гэта быў уніяцкі кляштар. Над дрэвамі заўсёды чароды галак.

Гаспадыня нашая была жонкай афіцэра, які ўцёк за мяжу, што яна старанна спрабавала хаваць. Стасункі з ёю склаліся вельмі зносныя. Зрэшты, на пачатку я прыходзіў у пакой толькі на ноч: цэлы дзень сядзеў у клубе пісьменнікаў.

Першы раз у жыцці я так блізка сутыкнуўся з велізарным зграмаджэннем пісаўшых людзей. У той час было ў Львове. мабыць, каля двухсот польскіх пісьменнікаў. Сярод іх Бой-Жаленскі, з якім уласна тады пазнаёміўся. Уладзіслаў Бранеўскі, Ванда Васілеўская, Бруна Вінавер, Юліян Пшыбась, Яструн, Важык, Эльжбета Шамплінская, Уладзімір Слабаднюк, куча людзей ужо нежывых, на палову забытых, як Войцех Скуза ці Эміль Дзедзіц, Рафал Лен ці Баляслаў Пях.

Было шмат украінцаў - мабыць, каля сотні. Так-сама яўрэяў - можа шэсцьдзесят. Быў нават адзін венгр, Ковацс, бландзін з абвіслым носам, у акулярах, які вечна гаварыў нешта незразумелае трасянкай польска-украінска-нямецка-расійскаю. Было пару немцаў ці аўстрыякаў. Схаваліся ў Варшаве пасля аншлюсу, уцяклі сюды пасля верасня. Сумныя, маўклівыя, буйнаносыя. Я не ведаў нямецкай, не меў з імі ніякага кантакту.

У асобных нацыянальных групах былі розныя палітычныя настроі. У палякаў пераважалі розныя адценкі "перачакання", гэта значыць чакання будучы менш або больш "уцягнутым" у тагачасную польскую рэчаіснасць. Былі, канешне, такія, якія наогул нічога не прызнавалі. Такія па-просту не аб'яўляліся на Каперніка.

Была таксама паказальная група актывістаў. Гэта Пастарнак з неадлучным Лецам, згаданы ўжо Рафал Лен з Лодзі ці Баляслаў Пях з групы "Прадмесце", Аляксандр Дан ці Эміль Шырар, Люцыян Шэнвальд ці даўні мой знаёмы Давід Гопэнштанд, паланіст, Францішак Парэцкі, Важык, які паступова актывізаваўся, пары "вясковых" пісьменнікаў, як Эміль Дзедзіц. Канешне, Васілеўская, Бранеўскі, Шамплінская, тры зоркі няроўнай велічыні, але якіх на пачатку пры ўсялякай нагодзе вылучалі ў прэзідыюмы.

Новая сітуацыя прынесла шмат зменаў на палітычнай мапе польскіх літаратараў. Пару даўніх левых здзейснілі цяпер рашучыя павароты. Такі чырвоны пяць гадоў назад Ян Кот зрабіўся цяпер раптам заядлым католікам. Якраз ажаніўся з прыгожай, чарнавокай паннай Штайнгаўс, дачкой вядомага матэматыка і бадай што не заглядваў нават у клуб. Трагічная гісторыя з пераходам мяжы чакала Мар'яна Чухноўскага. Той, які мог бы стаць адным з правадыроў львоўскай літаратурнай левіцы, сядзеў цяпер у вязніцы, пра што чуткі дабраліся да нас праз пару месяцаў. Найчырванейшы з кракавякаў, Адам Палеўка пасля некалькітыднёвых выступаў на мітынгах раптам знік з Львова, пракраўся цераз мяжу назад.

У суме ў палякаў левіца не была вельмі шматлікай. Большасць з сяброў клуба была ў сітуацыі вычэквання.

Падобна было і з украінцамі. Па сутнасці камуністаў сярод іх было пяцёра. Што праўда, кожны іх быў асоба. Такі Стэфан Тудар, празаік і паэт, выдатны таварыш, памяркоўны і спакойны дзеяч. Альбо Яраслаў Галан, моцны нізкі бландзін, з заўсёды спадаўшай на вочы пасмай валасоў, трохі касавуры, пісьменнік і драматург, жыццёвы няўдачнік, вялікі бабнік і вельмі сімпатычны чалавек, з якім лёс сутыкнуў мяне бліжэй праз пару гадоў, альбо Аляксандр Гаўрылюк, пачварна брыдкі і высакародны чалавек. сапраўдны камуніст, вязень Бярозы, які засведчыў добрыя адносіны да польскіх пісьменнікаў у гэтую неспрыяльную восень больш, чым хто-небудзь іншы. З той пяцёркі выжылі толькі Пётр Казланюк і Стэфан Кондра.

Астатнія былі больш або менш нацыяналісты, больш або менш замаскаваныя. У першы перыяд савецкая ўлада даволі свядома ішла на іх прытуленне. Яшчэ не мела досведу барацьбы з нямецкімі дыверсантамі на тых землях, зрэшты слушна спрабавала сяго-таго прыгарнуць, даць шанец новай дарогі кожнаму.

Карысталіся тым шанцам розныя людзі. Не гледзячы на тое, што я паўтараў сабе слоган пра барацьбу перш за ўсё з уласным нацыяналізмам, не мог адагнаць непрыязнь да некаторых падлізаў, якія ўдавалі ў вочы шалёную рэвалюцыйнасць, а за вочы...

Найбольш цеснай палітычнай групай былі яўрэйскія пісьменнікі. Тут усяўладна кіравала левіца, і спрэчкі датычылі толькі таго - хто быў больш левы, Ашандорф ці Бамзэ. Гэтыя двое былі найактыўнейшыя. Была таксама група старэйшых: такі нп. Кацызне ці Рахеля Корн. Быў малы Шудрых, з вечна хворым на кан'юктывіт. Была цэлая куча іншых незнаёмых, пра вартасць якіх можна было меркаваць толькі на падставе таго, што адзін з іх гаварыў пра астатніх.

Не гледзячы на такую выразную розніцу моўную і палітычную ўсе тры групы жылі паміж сабой цалкам добра. Можа, прынамсі, хіба толькі ўкраінцы трымаліся трохі збоку.

Першым кіраўніком львоўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў быў пісьменнік з Кіева, Пятро Панч, вельмі элегантны, сівы, вельмі стройны. Шапталіся пра яго, што былы царскі афіцэр.

Клуб праводзіў ажыўленую дзейнасць, сказаў бы гаспадарчую. Трымаў, напрыклад, сталоўку і так зв. консум (спажывецкую краму). Зважаючы на тое, што ў той час з забеспячэннем у Львове было цяжка, ужо сам той факт прыцягваў людзей на Каперніка.

Было там, акрамя ўсяго, прыемна. Быў шахматны пакой, у якім Бруна Вінавер дзень у дзень гуляў у шахматы з маладым ні то спарцменам, ні то паэтам, які пазней здабыў сабе вядомасць як Юзаф Пруткоўскі. Гуляў жудасна. Вінавер даваў яму заўсёды каралеву або туру фору - і не гледзячы на гэта выйграваў. І не гледзячы на гэта гуляў зноў і зноў. За палацам было поле для валейболу, тут я гуляў з тым жа Пруткоўскім. На паверх ніжэй была сталоўка. На паверх вышэй - бібліятэка. Яшчэ вышэй жылі ўладальнікі палаца, здаецца, графы Бельскія. Мы бачылі часам нейкія белыя сілуэты, што пасоўваліся каля сцен.

"Цэ гірш!"

У адзін прыгожы дзень, як пярун з яснага неба, трэснула ў нас вестка: замена грошай. Уласна не замена, па-просту адмена хаджэння злотых. Гэта значна абвастрыла нарастаўшы ад даўна крызіс нашай хатняй гаспадаркі.

Справа ў тым, што я нідзе не зарабляў. Была газета на польскай мове "Чырвоны штандар", але яе абселі кадры варшаўска-львоўскія. Сакратаром рэдакцыі быў там Віктар Грош. Я памятаў яго па знакамітым артыкуле ў "Сігналах". Не меў ён ніякай магчымасці дапамагчы. Не працавала ні адно выдавецтва. Па-просту не было дзе зарабляць.

Мы проста галадалі. Еву ўдалося ўладкаваць у дзіцячы садок. Бывалі дні, калі ўсёй спажывай нашай была талерка нішчымнай капусты і луста дрэннага хлеба, якія падсоўвала нам пані Квяткоўская, таксама з нашага дома.

Хадзіў, шукаў працы. У той час новая арганізацыя гандлю кніжкамі прымала старыя кнігарні. Стварылі пару брыгад, занятых беглым рэцэнзаваннем астаткаў. Патрапіў у адну такую. Была гэта праца досыць прыемная: праглядалі кніжкі, дрэнныя адкідалі адразу, некаторыя па-просту чыталі. Пры аказіі папоўніў свае веды Цвейгаў, Людвіга, Мана.

Пераходзілі ад адной крамы да другой. Я адразу кідаўся ў вочы: адзіны, з кім новыя дырэктары маглі паразумецца, бо размаўляў па-расейску. Кожны з іх па чарзе ўглядаўся ў мяне, цёр падбародак, медытаваў, нарэшце пытаўся, ці не пайшоў бы я на сталую працу ў краме. Канешне, я пагаджаўся з радасцю. Чарговы дырэктар пачынаў даследванне ад сацыяльнага паходжання.

Гаварыў: бацька польскі афіцэр.

Кожны адказваў аднолькава:

- Цэ гірш

Абазначала яно - "гэта горш". Размова спынялася.

Сітуацыя станавілася драматычнай. На працягу добрых некалькіх тыдняў у доме трывала поўная засуха. Потым з'явіўся ў Львове аддзел Выдавецтва нацыянальных меншасцяў. Патрапіў туды не без страху, што і тут спытаюць пра паходжанне. На шчасце, даючы мне пераклад, анкеты не папрасілі.

Па сутнасці тыя анкетныя штукі былі вырашальнымі для маёй літаратурнай прафесіі. Калі б я атрымаў нейкую сталую працу, то, напэўна, не аказаўся б здольным на той выбух энергіі, неабходны, каб пераступіць літаратурны "парог".

А так гнаны бічам недастачы, кінуўся галопам у пераклад. Атрымаў "Чапаева" Фурманава. Я быў упэўнены, што пры маім веданні расейскай мовы будзе гэта ўдачна. Але аказалася, што я ведаю тую мову аж залішне добра. Па-просту не адчуваў русізмаў: дастаткова будзе ўзяць пераклад у рукі, каб пераканацца, што рэдактарская праца не ўсе мае агрэхі прыбрала.

Але гэта была дробязь. Прынёс нарэшце дадому першы свой літаратурны ганарар. Быў шчаслівы, нарэшце пачынаю ўтрымоўваць сваю сям'ю.

У той час Ірэна таксама атрымала працу, у бібліятэцы. Дома сітуацыя паправілася. Адначасова я пачаў весці першую сваю грамадскую справу: арганізацыю аўтарскіх вечароў.

Была гэта, у прынцыпе, вялікая палітычная работа. У Львове пры кожнай аказіі ўстановы і прадпрыемствы рабілі розныя ўрачыстыя паседжанні. Неадменным элементам такіх паседжанняў былі выступленні паэтаў. Звярталіся да нас, каб прыслалі туды ці туды пару паэтаў. Я арганізоўваў такія суполкі, і сам часта хадзіў па прадпрыемствах.

Была гэта для мяне незвычайна каштоўная школа. Людзі прыходзілі напалову дабраахвотна, напалову таму, што не хацелі пярэчыць уладам. Хутка перасталі рэагаваць на афіцыйныя прамовы: так яны былі адна на другую падобныя. Потым выступалі паэты. Іхнія вершы таксама не вельмі захаплялі слухачоў. Або былі шаблонныя, або прэтэнзіяцыйна "цяжкія", "незразумелыя".

Я сядзеў і слухаў паэтаў і залу. Вельмі лёгка было пачуць, якое месца ў вершы "забірае": тады ў зале станавілася вельмі ціха. Брала мяне зайздрасць: чаму на мае вершы зала рэагуе звычайна, г. зн. блякла? Сабраўся на пару вершаў, накіраваных перш за ўсё на таго слухача, не чытача. У адным гаварыў пра дробныя балячкі Львова, пра тое, на што наракалі ў трамваях, пра недахоп дробных грошай, пра скаргі на тавары ў крамах. Другі быў прысвечаны вайне і незвычайна антыгітлераўскі.

Абодва выканалі заданне.

Ведаў: публіка абыякавая аж да другога ці трэцяга слупка. Потым настае высакародная, акустычная цішыня. Потым пляскаюць сапраўды, з пераканання.

Вершы былі няроўныя, мелі жудасна слабыя месцы. Але мелі тыя пару акцэнтаў. Забаўны лёс першага. Дазвалялі мне яго чытаць, колькі захачу, не дазвалялі друкаваць. Бо я ў ім сцвярджаў, што "дробных няма" альбо, што "гарох у крамах лічаць".

Калі ўжо я адкрыў таямніцу трапляння да выпадковага "масавага" слухача, пачаў рабіць сваю маленькую палітыку. Так, менавіта, складаць паэтычныя "брыгады", каб знаходзіліся ў іх прадстаўнікі розных паэтычных адценняў ад найкласічных да чыстага авангарду.

Ішло тут пра дражненне ўласных амбіцый паасобных паэтаў. Найбольш камерны паэт, пачуўшы, як прымаюць яго менш экслюзіўнага калегу, таксама можа зажадаць хуткага поспеху, кантакту з залай, не можа застацца да яе цалкам не чулы...

Думаю, што ў той тактыцы ёсць нейкае зерне слушнасці. Прачытайце вершы Пшыбася з тых часоў. Яны інакшыя, больш даступныя. Можа ў нейкай ступені гэта вынікае з тых вечароў.

Асобы

Вечары тыя здабылі для мяне пэўны розгалас і ў Клубе пісьменнікаў. Забаўна, што крокам на той дарозе была вестка, што ... я памёр.

Перад вайной ведала мяне па-за Вільняй некалькі авангардных паэтаў. І вось недзе восенню 39 года радыё Тулузы, а потым і Лондана сярод ахвяр Верасня пачалі называць і "маладога паэта Путраманта, які загінуў у час ваенных дзеянняў". Канешне, калі я з'явіўся ў Львове, сам той факт скіраваў на мяне трохі ўвагі "асяродка".

Я доўга не ведаў, адкуль узялася тая пагалоска. Толькі пазней аказалася, што пасля майго выступу на мітынгу ў віленскім тэатры адзін з культурных дзеячоў Вільні абвясціў на мяне вырак: "Путрамант памёр для польскай культуры". Нейкай акольнай дарогай фраза трапіла за мяжу, там яе цалкам перакруцілі.

Цяпер з нагоды аўтарскіх выступаў я пачынаў мець дачыненне з усімі літаратурнымі аўтарытэтамі Львова. Канешне, з Васілеўскай, якую ведаў з Вільні. Тая, аднак, на спатканні прыходзіла рэдка. Яна адразу заняла ў Львове выключнае месца.

Тры яе аповесці былі выдадзены перад вайной у Маскве. Чытаў іх Сталін, якому вельмі спадабаліся. Калі аказалася, што Васілеўская апынулася на "гэтым" баку, атачылі яе адразу вельмі цёплай апекай. Была, мабыць, першай, якую запрасілі ў Маскву. У сакавіцкіх выбарах стала дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Але яе ўдзел у працы клубу быў невялікі. Былі гэта рамкі зацесныя для яе асобы.

Дзіўная, драматычная прыгода спаткала восенню 39 года Бранеўскага. Я пазнаёміўся з ім толькі ў Львове. Ён ужо меў пару знакамітых вершаў павераснёвых, якія шырока цытаваў. Знайшліся такія, якія дашукаліся ў іх нацыяналізму.

Аднаго вечара Пастарнак падгаварыў мяне пайсці з ім выпіць. Не прыцягнула мяне гэта, вярнуўся з Іркай дадому. На наступны дзень аказалася, што на той выпіўцы дайшло да нейкага наўмысна справакаванага скандалу, пасля чаго адбыўся шэраг арыштаў, у тым ліку ... Бранеўскага. Доўгі час асяродак быў фармальна стэрарызаваны той весткаю, Бранеўскі выйшаў з вязніцы толькі ў ліпені 1941 года. Адразу выехаў у Палестыну.

Вялікай канкурэнткай Васілеўскай здавалася сама сабе Эльжбета Шамплінская. Ведаў яе па дасканалых лірычных вершах, друкаваных за пару гадоў перад вайной у варшаўскай прэсе. Цяпер пазнаёміўся асабіста.

Была гэта прыгожая, няпоўных трыццаці гадоў кабета, з цёмна русымі валасамі і алавяна-блакітнымі вачыма. Мела несумненна вялікі талент. Мела яшчэ зусім жудасны характар.

Па-просту "прысвойвала" сабе людзей. Тых, каго любіла, уцягвала ў сваё ўнутранае жыццё, прымушала глядзець на іншых з яе і толькі яе пункту гледжання. Тых, каго не любіла, ненавідзела, прыпісваючы ім (шчыра пераканана) найгоршыя ўчынкі і намеры. Любіла нямногіх. Кожную адрозную думку тых, каго любіла - лічыла за здраду. Не любіла многіх. Перадусім Васілеўскую, якой закідвала яе ППС-кае мінулае. Цяжкім, асабістым ударам для яе быў кожны поспех "той". На выбарах вылучылі яе кандыдатуру ў абласны савет. Паколькі "тая" была ў "Вярхоўным", сам факт выбару лічыла за паразу.

А між тым мела нейкую дзіўную прыцягвальную моц. Увесь львоўскі перыяд я круціўся на яе арбіце, бунтуючы часам супраць той яе выключнасці, але не ўмеючы і, зрэшты, не хочучы парваць канчткова.

Другім вялікім ворагам Шамплінскай быў у той час Барэйша. І з ім я пазнаёміўся толькі ў Львове. Постаць незвычайная, пісаў ужо, зрэшты, пра яго неаднаразова.

Барэйша праз блізка паўтары гады ў Львове няспынна падрастаў. На пачатку выратаваў "Асалінь" ("Ossolineum", Нацыянальны цэнтр імя Асалінскіх), як навуковую пляцоўку і быў названы яе кіраўніком. Але - як заўсёды ў яго - ягоная роля моцна не адпавядала яго фармальнай функцыі, г.зн. заўсёды была значна, значна большай.

Восенню саракавога года ён арганізаваў на вялікім узроўні шырока задуманыя міцкевічаўскія ўрачыстасці. Нагода была не абы якая: 85-годдзе смерці. Мабыць, не перабольшу, што шуму вакол той даты было больш, чым праз пятнаццаць гадоў, у стагоддзе смерці.

Ясная была мэта імпрэзы: падкрэсліць польскі момант. Была гэта першая - ад Верасня - дэманстрацыя адзінства польскай левіцы і польскай культуры наогул у савецкіх умовах. Памятаю ўрачысты сход у зале Вялікага тэатра. Між іншым былі рэфераты Боя-Зяленскага і прафесара Дзмітрыя Благоя з Масквы. Былі мастацкія чытанні. У першых радах сядзелі саноўнікі. Па калідорах блытаўся растрапаны Барэйша.

Уражвальна, які быў неахайны! Заўсёды поўна перхаці на вопратцы, не даголены, з папяросай, прыклеенай да ніжняй губы. Валасы ў беспарадку. Рука ў кішэні. Думаю, што па меры падрастання Барэйшы тое, што было спачатку, канешне, толькі нядбальствам з яго боку, пачало станавіцца позай. Падкрэслівала гэта, што ён не дбае пра пашану, што свой хлопец, душа-чалавек.

Вырастаў няспынна. Што раз у асяродку расходзіліся чуткі пра яго чарговую задуму. Бо яго сіла была ў задумах. Выбіраў заўсёды нешта такое, што па-за сваім непасрэдным значэннем набірала палітычнай вагі. Пасля "Асаліня", напрыклад, і 85-годдзя смерці Міцкевіча ўзяўся за польскія падручнікі.

Моўныя праблемы

І гэтая справа мела вялікае палітычнае значэнне: польскае. У той перыяд у Львове і тамашніх землях польская справа набірала незвычайна далікатныя акцэнты і сама праз сябе, і праз сваю непарыўную сувязь са справай украінскай.

Як я пісаў, у першыя месяцы пасля Верасня савецкія ўлады стараліся даць як найшырэйшыя шанцы "роўнага старту" ўкраінцам Заходняй Украіны, нават калі тыя да таго былі звязаны з нацыяналізмам. Была гэта слушная і адзіная палітыка, іншай ні адзін разумны ўрад у падобнай сітуацыі не праводзіць. Толькі што залежала яна ў вялікай меры ад тых, хто праводзіў яе ў жыццё.

Былі яны розныя, разумнейшыя і дурнейшыя, зразумела. Але праз нейкі час пачала мяне дзівіць колькасць тых другіх. Занадта часта сустракалася глупства такое відавочнае, што мусіў для ўласнага ўжытку стварыць цэлую тэорыю.

Я разважаў: як фармавалі тыя кадры, якія сюды прыбылі? Канешне, улады жадалі ад канкрэтных абласцей найлепшых. Але які гаспадар ахвотна аддасць добрага працаўніка? Хіба анёл.

Фактам ёсць, што анёлаў было не шмат. Бліжняя будучыня паказала, што на найвышэйшых заходне-ўкраінскіх пасадах аказаліся часам людзі вельмі сярэдняга калібру. Такі, напрыклад, першы сакратар Львоўскай вобласці, Грышчук, пасля выбуху вайны прызначаны камісарам адной з армій, пасля яе паразы схаваўся на вёсцы ў нейкай удавы і ўсю вайну перасядзеў як "прымак", не навязваючы нават кантакту з партызанамі. Пасля вайны выключылі яго з партыі, распіўся, працаваў "заўхозам" у Кіеве.

Таму час ад часу ў Львове адбываліся анекдатычныя гісторыі. У першых нумарах "Чырвонага штандару" не сустрэнеш слова "жыд". Прызналі яго абразлівым і на працягу некалькіх тыдняў гаварылі яго замяняць, як казалі больш мілагучным "яўрэй". Марна тлумачылі не ведаўшым польскай мовы таварышам, што па-польску якраз "яўрэй" гучыць пагардліва.

Я сам спатыкаўся з госцем, які выступіў з тэорыяй буржуазнага, а можа і наогул феадальнага характару польскай мовы з нагоды трох слоў: "пан", "жыд" і "мужык" ("хлоп"). Нейкі час заміж "хлоп" пісалі "ўласцянін" ("селянін"). У адной з першых версій падручнікаў нейкі ёлупень з адпаведнага міністэрства ўпёрся, каб у польскіх падручніках геаграфіі ўжывалі заміж "Медзіялан" і "бягун" словы "Мілан" і "полюс". Чаму менавіта тыя два. Зразумейце рацыю ёлупня!

Цалкам анекдатычным можа падацца некаму загаловак перадавіцы польскай газеты "Савецкі голас", якая выходзіла ў Кіеве. Быў гэта пераклад перадавіцы з расійскай газеты, які гучаў "Искоренить охвостье польских помещиков". Па-польску гэта пераклалі: "Выкарчаваць падхвосце польскіх паноў".

Канешне тыя лінгвістычныя хухры-мухры хавалі праблему болей важную: неўладкаваныя адносіны да ўсёй польскай праблемы. Савецкія ўлады ў Верасні не спадзяваліся напэўна, што ў Вільні, а асабліва ў Львове акажацца такая хваля польскай творчай інтэлігенцыі, камуністычных палітычных дзеячаў, наогул бежанцаў. Усведамленне такога стану рэчаў і яго наступствы паволі даходзіла да Масквы. Зрэшты, былі гэта гады 39/40, вельмі блізкія да жудасных гадоў 36, 37, 38. Дзяржаўны і партыйны апарат быў у вялікай меры абноўлены. Гэта значыць, новыя ў львінай долі былі без досведу. Не мелі разумення пра ўсю далікатнасць праблем, якія паўсталі перад імі ў Львове. Іхні тагачасны досвед быў перадусім гаспадарчы, вельмі абмежаваны і прамалінейны.

Вывазкі

Зрэшты, не толькі адсутнасць досведу, але і вельмі своеасаблівая палітыка, якая выходзіла ўласна з 36-38 гадоў. У лютым, а можа ў красавіку таго года Львоў перажыў першую хвалю вывазак. Былі гэта некалькі жудасных дзён. Львоўская эліта і мяшчане ў значным працэнце былі вывезены. Шмат было выпадковасцяў у іхнім падборы, але прынамсі агульны прынцып быў ясны.

Аднак з варшаўскімі бежанцамі рабіліся рэчы цалкам непрадказальныя. Шмат левых дзеячоў трапіла ў транспарты па-просту праз непаразуменне. Шмат хавалася ў перыяд вывазак, начавала ў знаёмых. Людзі бегалі да нас, у Саюз літаратараў. Часам ўдавалася мабілізаваць таго ці гэтага, пра што званілі ў абкам. Часам выцягвалі вывозімых у апошнюю хвіліну ўжо з цягніка. Шмат зрабіла Васілеўская, са словам якой улады вельмі лічыліся.

Я не верыў пагалоскам, ад якіх гуў горад. Гэта значыць, канешне, ведаў, што людзей вывозяць. Але цвёрда ўпіраўся, што датычыць гэта толькі людзей класава чужых. Гаварыў сам сабе: цяжка, у такой далікатнай сітуацыі лепей, каб яны былі наводдаль ад мяжы.

Тут жа перад вывазкамі, прыціснуты адсутнасцю працы, з некалькімі знаёмымі хацеў нават перабрацца дабраахвотна куды-небудзь углыб Саюза. Якраз вербавалі ахвотнікаў у Данбас, Днепрапятроўск, нават у Сярэднюю Азію. Не паехаў толькі таму, што атрымаў таго "Чапаева".

У час вывазак я амаль не баяўся, што і мяне забяруць. Па-першае, не верыў у балаган. Па-другое, не абцяжарвала мяне "кепскае" месца нараджэння. У пашпарце "стаяла" - "Мінск (БССР)". Па-трэцяе, быў "актывістам", працягваў тыя аўтарскія вечары...

Сапраўды мяне не чапалі. Але калі напісаў у Банева, адказу не атрымаў. На працягу некалькіх месяцаў, пасля выезду адтуль Ірэны, што адбыўся ў атмасферы, поўнай ўзаемных абразаў, мы не перапісваліся. Толькі цяпер, пасля лютага...

Напісаў гарбатай цётцы ў Менск. Адтуль прыйшоў ліст: усіх вывезлі. І адрас: недзе Навасібірская вобласць.

Мы пасылалі ім пасылкі. Трапілі яны ў так зв. "Хімлясгас", ці ў арганізацыю, якая збірала жывіцу ў тайзе. На пачатку было ім вельмі цяжка, паступова неяк упарадкаваліся. Бацька і сёстры працавалі ў лесе. Маня стала нават майстрам па зборы жывіцы. Мелі агародзік, жылі ў драўлянай хаце, нават купілі карову. Толькі што праца была вельмі цяжкай, ну і ніякіх мажлівасцяў для навукі. Да найбліжэйшага гарадка 20 кіламетраў.

З Банева вывезлі амаль усіх асаднікаў. Пару засталося. Дадамо адразу: якраз гэтыя загінулі. Падчас акупацыі ў той ваколіцы дзейнічала некалікі розных партызанскіх атрадаў, якія знішчалі адзін аднаго. Ну і немцы, перш за ўсё...

Падзенне Парыжа

Вясна 40 года прынесла раптоўнае ажыўленне вайны. Кожныя пару тыдняў выбухала чаргова сенсацыя. У сакавіку фіны прапанавалі перамовы. У красавіку выбухнуў напад на Данію і Нарвегію. Некаторы час мы падманвалі сябе спадзяваннямі, што прынамсі цяпер Англія і Францыя пакажуць, што могуць.

Я вельмі верыў у гэтыя краіны: перш за ўсё вырас пасля Першай вайны і ў арэоле славы яе пераможцаў. Паводзіны гэтых дзяржаў у 38 і 39 годзе былі для мяне незразумелыя. Яшчэ больш дзіўныя былі іхнія пагрозы ў адрас СССР падчас фінска-савецкай вайны - пры поўнай бяздзейнасць супроць Германіі.

Але цяпер, думаў я сабе, цяпер яны мусяць паказаць тым немцам! Можа тры дні шалі вайны - здавалася - вагаліся. Потым з усёй сілай зноў пераважылі на карысць Германіі.

У траўні грымнула новая бітва. Гэта быў жудасны месяц. Я дасканала ведаў ход вайны 1914-1918 гадоў на Заходнім фронце. Цяпер паўтараліся тыя самыя мясцовасці: Льеж - паў ужо ў першы дзень, Бапом, Перон - тады баі за іх цягнуліся тыднямі, цяпер у першы дзень... Ам'ен - тады немцы так і не дайшлі да гэтага горада, цяпер - у першы дзень.

Гэта, мабыць, было найгоршае: параўнанне Першай і Другой вайны, так моцна было гэта на карысць Германіі. Горад быў спаралізаваны тымі навінамі. У нашым літарацкім асяроддзі абедзве польскія групы - і "лонданская", і левая рэагавалі аднолькава: прыгнечаннем. Толькі частка ўкраінцаў цешылася, сакрэтна, але безумоўна.

Савецкая прэса рэагавала стрымана, амаль без каментароў. Але ўлады былі да тога пункта вельмі ўважлівыя. Нейкага дня забег да мяне адзін пісьменнік-яўрэй, стараваты ўжо чалавек, з якім я быў у адной мастацкай брыгадзе, якога аднак не абцяжарваў бацька-афіцэр, і таму яго прынялі на сталую працу.

Моцна растрапаны, распавёў дзіўную гісторыю. Кнігарня ў вітрынным акне вывесіла карту Францыі. Што дзень адзначалі сцяжкамі чарговае паведамленне з фронту. Усё ішло добра ажно да Парыжа. Але, калі Парыж паў, майго суразмоўцу арыштавалі па абвінавачванні ў прагітлераўскай прапагандзе.

Бо ў Парыж уваткнуў сцяжок са свастыкай! Так яму даслоўна сказалі. Спяшаючыся тлумачыў, адпусцілі яго. Я параіў, каб паразмаўляў з Дасьняком. Здаецца, той ужо быў у Львове, замяніўшы Панча.

Дасьняк быў зусім іншым тыпам, чым яго папярэднік. Той - бясспрэчны інтэлігент, гэты самавук. Адкрыты, адданы справе, зычлівы да людзей. Я вельмі хутка завёў з ім блізкае знаёмства: меў ён просты, харошы і шчыры характар. Мы вялі доўгія размовы. Ён быў здзіўлены рознымі аспектамі буржуазнай культуры, з якой сутыкнуўся першы раз у жыцці. Мы лёгка даходзілі да паразумення. Дапамог многім людзям. Вельмі шкада, што не было яго ў Львове праз год: выехаў на адпачынак.

Адно толькі ў стасунках з ім мяне здзівіла. Я запрапанаваў яму нейкую арганізацыйную задуму, добрую саму па сабе і канкрэтную, не памятаю якую. Справа ішла пра актывізацыю асяродка. Запратэставаў, амаль не загневаўся.

- Ніколі ў жыцці! - усклікнуў. - Гэта б значыла для ўсіх, што асяродак неактыўны!

Я быў страшна здзіўлены, што ён якраз, такі парадачны, не дурны. Што і для яго бачнасць такая важная...

Скачок на поўдзень

Вясна была прыгожая, ранняя і рашучая. Выскачылі ў Брухавіцы, маляўнічае паселішча сярод лясоў. Там паказвалі найбольшую мясцовую знакамітасць: вілу Зарэмбаў, тых ад Гаргонавай. У траўні арганізавалі футбольны матч: пісьменнікі супраць Польскага тэатра. Судзіў Бой-Зяленскі. У нас на варотах гуляў Станіслаў Васілеўскі. Я гуляў у абароне, потым насуперак пасіўнасці рэшты каманды пайшоў у атаку. Тут рэй вадзіў Пруткоўскі. Акцёры ціснулі нас моцна, але Пруткоўскі потым перастаў аддаваць мяч сваім суседзям - партачам, пачаў гуляць сам. Забіў 4 галы і ўсё выцягнуў на нічыю. Праз пару дзён пасля матча адзін з акцёраў памёр: змучыўся і атрымаў інфаркт сэрца.

Летам Саюз прэміяваў чатырох пісьменнікаў паездкай у Крым. Паехалі Пятро Карманскі і Яраслаў Галан ад украінцаў, а таксама Аляксандр Дан і я ад палякаў.

Я быў незвычайна ўзнёслы: першы раз Савецкі Саюз, той сапраўдны, першы раз Поўдзень!

Кіеў мяне пакарыў адразу. Крашчацік, парк над Дняпром. Было жудасна горача. Дурманна пахлі ліпы.

Я быў вельмі здзіўлены выглядам крамаў. Як бы час затрымаўся: вітрыны нагадвалі Першую вайну - горай, што за вітрынамі было пуста. Калі пераселі на цягнік да Днепрапятроўска - тут аказалася яшчэ горай. Канешне нічога не знайшоў з таго, што памятаў з Кацярынаслава. Горад быў новы. Рухлівыя, шырокія, алеі з трамваямі пасярод, якія ўзбіраліся на пагоркі. Над Дняпром парк са свежа насаджаных дрэваў, ледзь вышэйшых за чалавека. У рэстаранах ячменная каша. Галодны залез у цягнік.

Ноч гарачая. Ляжым на гарачых полках. Ранні досвітак, цягнік стаіць. Выбягаем: стэп, як вокам сягнуць. Смакавіты пах палыну і марской вады. І найважнейшае: назва станцыі поўная ўсходніх чараў: Джанкой.

Кактабель аказаўся прыгожым, невялікім паселішчам. У садзіках, дзе раслі кволыя, невысокія абрыкосавыя дрэўцы і трохі вінаградных кустоў, стаялі аднапавярховыя домікі. Мы трапілі ў дом адпачынку ленінградскіх пісьменнікаў. Атрымалі дасканалы пакой. Кармілі нас так, як я ніколі да таго не еў. Асабліва мне падабаліся стравы абедзенныя, розныя марскія рыбы і смажаныя кабачкі.

Быў гэта выдатны месяц. Мора за дзесяць метраў. Мора, але якое. Цудоўнае, цёплае мора, вада якога падкідала і калыхала, халадзіла і грэла адначасова. Вечарамі мы плавалі толькі, каб глядзець на ўласныя рукі: кожны іхні рух нараджаў гірлянды залаціста-блакітных іскраў, мора фасфаравала. За пару кіламетраў адгэтуль пачыналіся горы. Бачыў іх з акна: фіялкавыя, стромыя абрывы. Мы хадзілі і туды. Паміж двума выступамі скал дзесяцімятровы пляж з вялікіх акруглых камянёў, шэрых, калі сухія, мармурова-чорных, калі залівала іх лянівая хваля. Можна было тут загараць, як у кабіне: скалы закрывалі ад усяго свету.

З пісьменнікаў, якіх мы засталі ў Кактабелі, звярнула маю ўвагу адна: невысокая, шэравалосая, з задраным носам паэтка, маладая яшчэ і невядомая (на той час), нейкая Вольга Бяргольц.

За тое мы сталіся невялікай сенсацыяй: першыя адтуль. Адразу ў першы дзень пару мясцовых маладых паэтаў з Вольгай Бяргольц на чале запрасілі мяне на вячэрнюю размову. Пілі галоўным чынам мясцовае віно. Я першы раз быў у краі, дзе робіцца віно. Піў яго з асаблівым запалам - таксама такім спосабам аддаючы даніну экзотыцы: мясцовае віно! Па праўдзе сказаўшы падалося яно мне нясмачным. Але ўсе яго захвалілі. Піў без цяжкасці, але і без прыемнасці.

Праз пару гадзін піцця, спеву, смеху і хаатычнай размовы вярнуўся ў свой пакой. Усё ішло неяк так, пакуль не лёг. Нічога такога агіднага ў жыцці не перажываў: увесь пакой з ложкам на чале раскалыхаўся раптоўна перада мной. Дальбог, думаў, што гэта пустыя словы гэтае калыханне пасля перапою - аж да таго разу. Ледзьве жывы я блукаў па пакоі, баючыся легчы: так мяне калыхала.

Мабыць таму вечару ўдзячны я нелюбові да віна наогул і да маладога кіславатага віна ў асаблівасці. Але гэта не віна віна! Праз пару дзён адна з удзельніц вечара, ленінградская адвакатка Зіна Юшкевіч, прызналася мне, што гэта была змова. Да майго віна дабавілі гарэлкі! А я, фраер, не разабраўся. Першы раз піў маладое віно...

І Зіна і Вольга Бяргольц мелі нешта ў вачах, нешта такое дзіўнае, неспаконае. Толькі перад ад'ездам Зіна разгаварылася больш шырока: трыццаць сёмы год. Абедзве ацалелі, хоць у блізкім суседстве былі ахвяры. Таму пілі абедзве болей, чым трэба, перапынялі размовы, адводзілі пагляд.

Толькі цяпер пачынаю здаваць сабе справу з памераў катастрофы тых гадоў. Яшчэ ў Львове атрымаў ад цёткі з Менска ліст, з якога вынікала, што няшчасце выцяла і ў дзядзьку Міхала з Петрыкава, і ў яго дачку, сяброўку майго дзяцінства, Галіну.

Канешне, я не ўмеў сабе таго ўсяго вытлумачыць. Ведаў адно: тое, што буржуазная прэса распісвала, не адпавядае праўдзе. Але ўжо ведаў таксама, што маё тагачаснае становішча, таксама ёй не адпавядае, таксама далёкае ад рэчаіснасці.

Канец лета

Я стараўся пра тое не думаць. Мы сядзелі на пляжы альбо блукалі, шукаючы ружовых каменчыкаў, па-расейску званых "сердалікамі", якімі слынны Кактабель. Ужо даспявалі абрыкосы: таксама першы раз у жыцці рваў іх з дрэваў. З Зінай хадзілі на далёкія, закрытыя пляжы, ляжалі на сваіх чорных акруглых камянях, углядаліся ў лазурнае, бляклае ад гарачыні неба, слухалі цыкад.

Зіна мела дасканалы склад цела, была загарэлая на чорна, мілая, простая. Загар і дасканаласць фігуры былі галоўным прадметам яе гонару. Распавядала мне гісторыйку з Ялты, якая адбылася пару гадоў назад. Стаяла там некалі бронзавая скульптура танцоркі, цалкам голая. У перыяд нарастання ханжаства знялі яе якраз за тое, што голая. Аднойчы велікаватае таварыства пасля такой сабе выпіўкі пайшло на шпацыр пры месяцы. Быў сярод іх адзін пісьменнік, якога спецыяльна спойвалі, каб пазней "разыграць", гаворачы па-расейску.

Сказалі яму, што танцорка вярнулася на сваё месца. Не верыў, пайшоў на заклад. Зіна непрыкметна пакінула астатніх, пабегла, распранулася, залезла на цокаль, прыняла адпаведную позу. Прывялі пісьменніка, лішне блізка аднак не пускаючы. Упаў у такое вялікае захапленне, што Зіна не вытрымала і прыязна памахала яму рукой.

Назаўтра апавядаў знаёмым:

- Але ж я ўчора заліў! Клянуся, што бачыў на месцы танцорку. Яшчэ мне памахала рукой!

Месяц прамінуў, як з пугі асыпаўся. Пісаў што дзень апавяданні, м. ін. "Гэты і той канец моста". Як звыкла са мной, было гэта нешта пачутае. Адзін апавядаў, як прабіваўся з дывізіяй аж недзе з-пад Ломжы, лічачы, што за Бугам аддыхаюцца. А тут ужо чакалі немцы. Іншы ў іншым месцы апавядаў, як падрываў мост пад носам немцаў. Дастаткова было тыя два матывы сумясціць...

Вярталіся на караблі. З Феадосіі цераз Ялту на Адэсу. Канешне, не было кают. Мы ехалі як грузавыя пасажыры. Спалі наверсе, пад выратавальнымі лодкамі.

Было цёпла, трохі гайдала, зоркі зазіралі ў вочы.

У Ялце выходзім на бераг. Уразіла мяне махіна той скалістай гары, якая засланяла горад ад поўначы. Пальмы на ўзбярэжжы. Натоўпы шпацыроўцаў. Пачуваўся тут чужым, хацеў у Кактабель..

Адэса была вымецена ад прадуктаў, як Днепрапятроўск. Людзі апавядалі, што гэта фінская вайна, бо перад тым усяго было па горла. Мы хадзілі па шырокіх алеях. Горад здаваўся пустым і досыць мёртвым. Я іначай сабе ўяўляў яго з падручнікаў.

Яшчэ перасадка ў Жмерынцы. Вось і па леце.

Візіты з Масквы

Восень - гэта была праца. У Львове пачынаўся рух. Недзе яшчэ перад летам прыехала Гелена Усіевіч.

А яшчэ перад ёю прыязджала шмат іншых пісьменнікаў - кіеўскіх і маскоўскіх. Я быў занадта шэры, каб мець з імі асобныя размовы. Пару, аднак, урэзалася мне ў памяць.

Напрыклад, Аляксей Талстой. Я незвычайна высока цаніў яго "Блуканні па пакутах" і першыя дзве часткі "Пятра Першага". Калі ён прыехаў, я з высунутым языком пабег на спатканне з ім. Мой запал хутка згас. Талстой паводзіў сябе як вялікі саноўнік. Быў стары, тоўсты, з некалькімі падбародкамі. Побач сядзела манументальна прыгожая маладзенькая жонка. Гаварыў няшмат - і таксама было ўражанне, што таму, што надта высока сябе цэніць. Сустрэча не прынесла мне ані кроплі натхнення ці мудрасці. Хіба толькі, што бачыў пацверджанне на ўласныя вочы, якія моцныя перажыткі людскіх позаў і манераў...

Пасля фінскай вайны быў у нас Паўленка. О, гэта зусім нешта іншае. Быў просты, зычлівы, прыемны. Апавядаў пра пра геройства савецкага салдата. М. ін. такая гісторыя: бамбардзіроўшчык вяртаецца на базу з бомбамі. Псуецца ў яго шасі, адна лыжа. Пры пасадцы пагражае выбух. З-за гэтага адзін з экіпажа вылазіць на крыло, чапляецца за нешта там і ўласным целам служыць лыжай. Забіраюць яго ў шпіталі: увесь паламаны. Паўленка заклікае нас да апавяння герояў сучаснасці.

- Такія ёсць! Такіх стварайце ў вашых аповесцях і драмах!

Доўга не ведаў, што мне ў тым закліку не падабаецца. Потым прыйшоў да высновы, што парада Паўленкі быля няслушнай. Такі вычын у білетрыстычнай умоўнасці будзе будзіць недавер, раздражненне, будзе гучаць фальшыва. Адзін шанец падачы такога матыву - гэта умоўнасць сувенірнага аўтэнтызму.

Вельмі цікавую сустрэчу з намі меў Канстанцін Транёў, аўтар твора "Любоў Яравая". Таксама быў мілы просты, сардэчны. Гаварыў нам рэчы досыць далёкія ад банальнасцяў, якімі шпігавалі свае прамовы розныя іншыя. Напрыклад, перасцерагаў ад схематызму і шаблоннасці!

Падаў знакамітую ілюстрацыю прымітыўнай памылкі культурнай палітыкі, такой частай у іх тады і ў нас пазней, г.зн., спробы "залатвеня" пры дапамозе літаратуры розных надзённых практычных гаспадарчых і палітычных спраў.

- У годзе 37, бадай што, - распавядаў, - у нашых калгасах было кепска з гадоўляй птушкі. І вось секцыя драматургаў склікала канферэнцыю, на якой заклікала нас, каб мы чым найхутчэй пісалі п'есы на тэму гадоўлі птушкі!

Шмат разоў пазней я цытаваў той прыклад. Заўсёды зала рэагавала так зв. "ажыўленнем". Трапіць у сутнасць праблемы, давесці да абсурду не так зноў рэдкія пажаданні розных адміністратараў, якія самі сабе здаюцца вялікімі палітыкамі...

"Новыя гарызонты"

Але пачнём ад Усіевіч. Яна - дачка Фелікса Кона, апошняга з Вялікага Пралетарыяту. У старых выданнях "Гісторыі грамадзянскай вайны" можаце знайсці фатаграфію групы расійскіх эмігрантаў, якія са Швейцарыі цераз Германію ў славуты "запламбаваным вагоне" прабіраліся ў Расію. Ідуць грамадкай па вуліцы Стакгольма. На перадзе жвава крочыць Ленін. А каля яго худая, высокая дзяўчына ў кажушку. Гэта якраз Усіевіч. Яе муж кіраваў бальшавіцкімі войскамі падчас кастрычніцкіх баёў у Маскве. Яна сама таксама брала ўдзел у вайне, у т.л. на Ўрале. Потым працавала літаратурным крытыкам.

Таксама і ў той якасці прыехала яна ў Львоў. Было гэта першае сур'ёзнае "абследванне" тутэйшага польскага літаратурнага асяроддзя. Праводзіла шмат размоў. Летам вясновыя праекты перажывалі розную стадыю рэалізацыі. Восенню грымнула: будзе выходзіць польскі літаратурны штомесячнік - "Новыя гарызонты".

Цікавы быў склад рэдакцыйнага калектыву. Галоўным рэдактарам стала Васілеўская. Усіевіч была яе намеснікам. Акрамя таго працавалі: Караль Курылюк, Шымон Натансон з "Папулярнага штодзённіка" і Зофія Дзяржынская. Да калегіі апрача таго належалі Яніна Бранеўская, Бой-Зяленскі, і Юльян Пшыбась.

Рэдакцыя мела два аддзелы: маскоўскі і львоўскі. Тут рэй вадзіў Курылюк. Мабыць, гэта было ў адным з пакояў на Каперніка, у клубе пісьменнікаў. Канешне, я адразу пабег з вершамі. Меў тады цыкл вершаў пра вайну на Захадзе. Дэкламаваў іх дзясяткі разоў і ведаў дасканала, што з таго лепшае, што горшае.

Вершы прынялі добра. Паколькі яны былі бліжэйшыя па стылю Бранеўскаму, чым авангарду, кіраўнік аддзелу паэзіі Пшыбась выказаўся пра іх з прызнаннем. Дамогся ад мяне пару паправак, выкінуў усю сярэдзіну, зрабіў яшчэ пэўныя аперацыі. Не падавалася мне гэта слушным, але, стэрарызаваны магчымасцю адкідвання, пайшоў на гэта ўсё.

Быў гэта мой першы літаратурны поспех, адразу толькі ў рэдакцыі. Папрасілі наступных рэчаў. Даў апавяданне "Гэты і той канец моста". І гэта прынялі вельмі добра.

Не маеце ўяўлення, як гэта прыемна пачувацца "таленавітым". Гэта значыць, такім, які падаў толькі малыя спробы, але дазваляе спадзявацца ад сябе нечага большага. Пэўным чынам гэта мілей, чым этап дасягненняў. Цяпер ад цябе спадзяюцца ўсяго, з педагагічных поглядаў - як табе здаецца - выказваюцца стрымана, каб не перахваліць. Ходзіш і ва ўсіх паглядах чытаеш здзіўленне, зычлівасць, часам зайздрасць. Найчасцей гэта ілюзія, але якая патрэбная для здароўя, асабліва - для працы!

Уласна восень 40 і першая палова наступнага года - гэта былі для мяне часы найбольш рэгулярнай, найбольш прадукцыйнай літаратурнай працы. Вырашальную ролю ў тым адыгралі "Новыя гарызонты" і прыём, які мне аказалі ў рэдакцыі.

Прыём у прафсуполку

У Саюзе пісьменнікаў рабіліся розныя рэчы, больш і менш прыемныя. Амаль адначасова з "Новымі гарызонтамі" паўстала новае выданне, штоквартальнік, які выдаваўся цалкам у Львове. Прасоўвала яго Шамплінская, якая адразу першае выданне прыняла вельмі неахвотна. Яна мела падтрымку мясцовых уладаў і праз пару месяцаў пасля першага нумара "Новых гарызонтаў" выдала першы нумар свайго "Літаратурнага альманаха". Я даў туды адзін верш, які змясцілі. Акрамя таго Гаўрылюк апублікаваў у польскім перакладзе свае ўспаміны з Бярозы, першы і наймацнейшы дакумент пра тое месца ганьбы польскага фашызму.

На Каперніка адбываліся, канешне, сходы, урачыстыя паседжанні, дыскусіі. Мабыць, восенню зрабілі прыём львоўскіх літаратараў у склад сяброў прафесійнага саюза працаўнікоў паліграфічнай прамысловасці. Адбывалася гэта публічна. Прыйманы апавядаў біяграфію. Задавалі пытанні, словам, было ўрачыста і ніякавата.

Усё ішло досыць складна аж да мяне. Пасля біяграфіі два таварышы, палякі, падалі ацэнку майго жыцця і паставілілі пэўныя патрабаванні. Адзін хацеў, каб "адрэзаў" і асудзіў бацьку, другі, каб крытычна ацаніў Генрыка, асабліва на працэсе. Я быў страшна змяшаны. Абодва таварышы былі старымі партыйнымі дзеячамі, я адчуваў да іх вялікую павагу, ад іх м. ін. адчуў тое, што называецца партыйнай пазіцыяй.

Але тых жаданняў я выканаць не мог. Не мог асудзіць бацьку. Такі акт меў бы як адзіны практычны вынік - мілае ўнутранае пачуццё, што зрабіў подласць. Я не быў лішне прывязаны да бацькі, наадварот, пасля вяртання яго з няволі ён шматразова паказваў сваю да мяне непрыязнь. Ведаў, аднак, што ён парадачны чалавек, свінстваў людзям не рабіў, асабліва ад яго залежным. Што быў афіцэрам - гэта быў факт аб'ектыўны, якога па сутнасці я не мог і не хацеў папраўляць.

На тое пажаданне адказаў ўласна так, беручы з большага: гэта мой бацька, нічога з тым не зрабіць.

Яшчэ цяжэй мне было пагадзіцца з другім жаданнем. Прэтэнзіі да Генрыка з боку пэўных левых і партыйных колаў, асабліва ў Варшаве, выцякалі з неразумення імі спецыфікі віленскага працэсу. Гэта не быў звыклы працэс аб прыналежнасці - бо ніякіх довадаў прыналежнасці пракуратура не здабыла. У тых умовах дэкларацыйнае прызнанне аб прыналежнасці да камуністаў было б шаленствам і паслугай для ўладаў. "Колы" так далёка не ішлі. Лічылі аднак, што Генрык на працэсе залішне шмат энергіі ўклаў ў падкрэсліванне сваіх уяўных адрозненняў у адносінах да партыі.

Мы ўсе вельмі цяжка перажывалі абарону Генрыка. Ён меў цяжкую ролю і кепскі дзень. Канешне ён лішне лёгка ўпадаў у аратарскі запал, які суд перапыняў непрыемным спосабам. Але ад спачування да чалавека, якому з цяжкасцю даецца каркаломная абарона ў судзе - да асуджэння яго за ўяўныя палітычныя памылкі - дарога далёкая. Цяпер знайшліся такія "справядліўцы", якія хацелі, каб я яе прайшоў.

Канешне, я таго не зрабіў. Адказваў, што завельмі ўдзячны Генрыку, каб мог пайсці на такі крок. Што не бачу ў яго пазіцыі нічога такога, што б заслужвала на такое асуджэнне. Абодва таварышы не былі схільныя пагадзіцца з маёй адмовай. Не ведаю, як бы скончылася, каб не Гаўрылюк. Узяў слова, прызнаў рацыю маіх пярэчанняў. Яго аўтарытэт быў занадта вялікі, далі спакой.

Пішу пра тое - бо гэта асклепак нораваў той эпохі. Доўга можна было б пісаць пра ментальнасць людзей з катэгорыі тых двух Катонаў. У іх пазіцыі ўдалося б выкрыць розныя рэчы ад глыбокай веры, што дамагаюцца слушных крокаў аж да турботы, каб іхняя непахіснасць, прынцыпіяльнасць і да т.п. якасці былі як мага больш шырока заўважаны. Найбольш у тым было прыкрае тое, што пры ўяўным клопаце пра палітычнае дабро ад чалавека вымагалася самапрыніжэнне. Я глыбока перакананы, што нічога трывалага не збудуецца ў душы чалавека, якога прымушаюць прыніжаць сябе самога.

Тая прыкрая зачэпка мела аднак далейшы працяг. Не гледзячы на тое, што я не паддаўся іхняму націску, не адзін з аргументаў абодвух "палітыкаў" застаўся мне ў галаве, неяк атаясаміўся з палітычнай рацыяй. Калі я з ёю не згаджаўся, то мусіў лічыцца. Калі неўзабаве я ўзяўся за аповесць, падсвядома Генрык адсунуўся ў ёй на больш дальні план, не стаў у ёй сапраўдным героем, за што маюць сёння да мяне слушныя прэтэнзіі розныя старэйшыя прыяцелі.

Праз нейкі час пэўная колькасць літаратараў з Клуба на Каперніка была прынятая ў склад Саюза савецкіх пісьменнікаў.

Кіеў

У той час я пару разоў выязджаў. Раз - гэта было мабыць у сакавіку - Барэйша паслаў мяне ў Крамянец па рукапісы Славацкага, якія былі туды высланы перад вайной, у сувязі бадай што з дзевяностагоддзем смерці. Цяпер справа ішла пра перадачу іх цэнтру Асалінскіх.

Я быў па-просту аслеплены тым горадам. Які незвычайны пераход - ад досыць звычайнага вакзала у тую вялікую цясніну паміж стромымі, высокімі пагоркамі! Незвычайнасць пейзажу ўзмацняла незвычайнасць архітэктуры. Надзвычай прыгожыя барочныя кляштары і касцёлы, цудоўныя мяшчанскія дамы на рынку, старыя дрэвы, звыклыя хаты. А яшчэ незвычайнасць этнаграфічная: украінцы, сапраўдныя, не галіцкія, іхнія строі, іхняя мова, мажныя дзяўчаты, дабрадушныя мужыкі. Ішоў і перажываў. Думаў пра Славацкага. З усіх яго твораў неадчэпна лезла мне ў галаву "Залаты чэрап", нешта, што толькі Крамянец, той жыўцом захаваны абломак сямнаццатага стагоддзя, дазваляў ацаніць ва ўсёй паўнаце. Жыўцом - гэта значыць не толькі ў касцёлах і замках, але і ў дамах, і ў хатах, і ў мужыках...

Місія скончылася фіяскам. Нават не знайшоў тых, хто ведаў нешта пра паперы. Пераначаваў у кляштары, у якім зрабілі ліцэй. Назаўтра вярнуўся.

Другі раз паехаў у горы, за Каламыю. Падгаварыў мяне Галан, які недзе адтуль паходзіў і ехаў па рэпартаж. Таксама была ранняя вясна, снег, сонца, з дахаў капала, былі нейкія пагоркі ў садах, у даліне доўгая вёска, пілі гарэлку, на санках мяне адвезлі назад. У Каламыі я зайшоў на вуліцу, на якой мы жылі амаль дваццаць гадоў таму назад. У дом Зарэмбаў не зайходзіў. Без асаблівых узрушэнняў рушыў далей. Алея Свабоды, так называлася тая шумная вулачка. Трэці выезд быў у студзені 1941 года. У Кіеве адзін з галоўных тамтэйшых паэтаў, Паўло Тычына, адзначаў 50-годдзе. З Львова выехала вялікая дэлегацыя. Узялі і мяне.

Я не пазнаў горада. Крамы былі завалены прадуктамі. Не гледзячы на мароз, бабы прадавалі на вуліцах гарачыя піражкі. Размясцілі нас у старасвецкім, але выгадным гатэлі на адной з бакавых вуліц ад Крашчаціка. У час акупацыі размяшчаўся там важны нямецкі штаб, і гатэль з ім разам узляцеў у паветра.

Наогул, прымалі нас вельмі пышна і сардэчна. Памятаю нейкую ўрачыстасць у оперы. Было поўна прыгожых жанчын і старэйшых паноў. Не гледзячы на тое, што я нікога не ведаў, не адчуваў сябе хоць крыху чужым. Мова дазваляла мне завязваць бліскавічныя размовы і знаёмствы. А ў дадатак я цэлы час меў уражанне, як бы ўсё тое добра ведаў, тыя вуліцы, тыя крамы, тыя строі, тыя выразы твараў. Было ў тым нешта з Петрыкава і Кацярынаслава.

Жанчыны былі дародныя. У аксамітных, часта зялёных сукнях, са старасвецкімі завушніцамі ў вушах кружылі ў фае і па калідорах оперы, узяўшыся пад рукі і амаль без мужчын. Не размалёваныя, пахлі маскоўскімі духамі "Крэмль" і "Чырвоны мак", падкуплялі сваёй прастатой і абаяльнасцю.

Іначай вялікія дамы. Былі тут і такія, пераважна жонкі выбітных пісьменнікаў і дзеячоў культурнага фронту. Выдатна апранутыя, манументальна ўзнёслыя. Напрыклад, рубенсаўская бландынка Ніна Бажан. Або жонка дырэктара выдавецтва "Савецкі пісьменнік" Разумоўскага, грачанка па паходжанні, невысокая, чорная, з правільнымі рысамі, прыгажэйшая за ўсіх грачанак, якіх пазней бачыў у Афінах і Салоніках. Той Разумоўскі наогул мусіў быць спецыялістам па прыгожых жонках. Бо першая з названых таксама калісьці пачынала з яго.

Яе цяперашні муж, выбітны ўкраінскі паэт Мікола Бажан прымаў нас асабліва гасцінна. Належаў да "вялікай чацвёркі" кіеўскай паэзіі. Я перакладаў пазней нейкія яго вершы. Вельмі мне падабаліся. Ён быў просты ў вершах і ў жыцці, носа не задзіраў, не гледзячы на ўшанаванні, львоўскіх пісьменнікаў прымаў зычліва і з павагай.

Другі з "чацвёркі", найстарэйшы ў ёй, Максім Рыльскі, вядомы быў нам перш за ўсё як перакладчык "Пана Тадэвуша". І ён быў даступны, звычайны, польскай паэзіяй асабліва зацікаўлены.

Тычына трымаўся хутчэй на ўзбочыне. У заблытанай гісторыі ўкраінскай паэзіі выпала яму няўдзячная роля паэта-здуменніка. Пачынаў ён калісьці каля 1914 года ад варыяцый на сімвалічныя тэмы. І яго вершы я перакладаў. Было не лёгка з сімвалізмам у мове, якая ў сваёй літаратурнай, не народнай, версіі мела адносна кароткую гісторыю. Праз некаторы час успаміналі Тычыну яго пачаткі. Наш візіт даводзіў, што яго сітуацыя змянілася грунтоўна. Але кантакты з юбілярам былі не лёгкія. Тычына ўмудраўся ўвесь час знаходзіцца ў недаступных рэгіёнах паэтычнага натхнення, глядзеў на суразмоўцу, усміхаўся і вяшчаў нейкія фразы на дэманстрацыйна правільнай украінскай мове.

Я пачаў вучыць і гэтую мову. Мне шалёна падабабалася ўкраінская мова з ваколіц Кіева. Так сабе - з ваколіц Львова. Тычына размаўляў яшчэ на нейкай іншай, трэцяй мове. Можа, гэта было і вельмі добра.

Чацвёрты з "чацвёркі" - гэта быў Уладзімір Сасюра, аўтар агітацыйных вершаў, далёкіх ад эмпірызмаў Тычыны. Перакладаў яго вельмі шмат наш Лявон Пастарнак.

Канешне, былі і іншыя. Быў перш за ўсё Карняйчук. Ён быў ужо пару разоў у Львове. У той час яго літаратурная пазіцыя была цалкам усталяваная. Найлепшыя свае творы "Платон Крэчат", "Затапленне эскадры" і іншыя, меў ужо за сабой. Прынеслі яны яму велізарную папулярнасць у краіне тысячы тэатраў. Потым прыйшлі палітычныя поспехі. Уласна ён быў старшынём Украінскага саюза літаратараў, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, выбітным дзеячам кіеўскіх інстанцый. А гадоў меў раптам трыццаць пяць. У тым узросце ў нас працягваюць "хадзіць" у "маладых пісьменніках".

Быў ён вельмі малады, прыстойны, чарнавокі. Нельга сказаць, ушанаванні не пакінулі без уплыву яго лад быцця. Прымаў бліскавічныя рашэнні, якія прапіхваў цераз чыноўнікаў. З пісьменнікамі паводзіў сябе зусім іначай, сардэчна і ўнікліва.

Наогул, што найбольш уразіла мяне ў Кіеве - як перад тым у Кактабелі - гэта былі адносіны да пісьменнікаў не толькі з "абслугоўваўшай" іх галіны, але перш за ўсё людзей "з вуліцы". У Польшчы прафесія пісьменніка мела ў сабе нешта няёмкае. Пісьменнікі стварылі сабе свой невялічкі свет, у якім круціліся тым больш ахвотна і выключна, бо ўсякая вылазка за яго межы пагражала сутыкненнем з іранічнай рэакцыяй менавіта на прафесію пісьменніка. Канешне, і ў нас было некалькі папулярных і пару любімых і нават шанаваных. Але шаноўныя людзі - не прафесія. Прафесіяй, калі і не пагарджалі, то з-за ветлівасці.

Тут жа якраз прафесія давала адразу незвычайныя форы. "Вы пісьменнік?" - дзівіўся суразмоўца і адразу змяняў свае адносіны да цябе нават не пытаючыся пра прозвішча. Так ў Іспаніі ўспрымаюць кожнага тарэадора, а на Павісліі і на Волі кожнага баксёра.

Вынікала гэта з многіх прычын. Найвідавочнейшай была фінансавая: пісьменнікі зараблялі на шмат болей, чым усе іншыя прафесіі, можа акрамя навукоўцаў. Але таксама і нешта большае. "Інжынеры людскіх душ" - гэты лозунг ведаў кожны і з ім згаджаўся. Велізарная колькасць чытачоў, вельмі гарачыя адносіны да прачытанай рэчы, гарачы - гэта значыць канкрэтны, жыццёвы, як для дапамогі ў жыцці, да парады, навукі. Гэта былі з'явы цалкам для нас новыя, цікавыя, пасіянарныя.

Як усялякія з'явы, мелі яны па-першае: два бакі, пазітыўны і негатыўны, па-другое: развіваліся. Адваротным бокам тых адносінаў да літаратуры была яе небывалая адказнасць перад чытачамі. Уласна пачыналі дзейнічаць чыннікі, якія з таго бясспрэчнага факту выводзілі высновы ў агульным забойчыя для літаратуры: з аднаго боку тапіць у ёй усё, што магло не быць "выхаваўчым", з другога забараняць пісьменнікам тое, што ёсць для іх галоўнай сілай, а зрэшты і рацыяй існавання: індывідуальнае бачанне свету.

Якраз у той час я прачытаў у "Літаратурнай газеце" адзін погляд, які мяне ўзрушыў мацней, чым што іншае, на тэму "памылак і скажэнняў" у культуры. Была мова пра апавяданне, у якім камсамолец упіўся і здрадзіў жонцы. Крытык запытвае з пафасам: дзе ў нас, у Савецкім Саюзе, аўтар знайшоў такую сям'ю?

Той клопат пра "выхаваўчасць", вузка і тупа зразуметы, як бачым, вядзе напрасткі да поўнай хлусні. Што не значыць, каб я быў супраць выхаваўчай функцыі літаратуры. Я толькі супраць прымусовай выхаваўчасці.

Але ў той час пераважалі ўва мне ўражанні, якія межавалі з захапленнем: у той краіне прафесія, якую я выбраў, канешне, патрэбная і любімая. Гэта вельмі дапамагае, такое ўсведамленне.

Яшчэ сцэнка з таго студзеньскага Кіева. Мароз. крутыя, абледзянелыя вуліцы. Я жвава крочу пад гору на нейкае прадстаўленне. Перада мной высокая старая жанчына. Мінаю яе, калі мяне затрымоўвае. Ці не дапамагу ёй узысці на гару?

Бяру яе пад руку, валаку. Яна дзіўна ўбраная. Нейкая апранаха, якая некалі была элегантным футрам з каўнерам, пэўна, з куніцы, але цалкам аблезлым. На галаве плюшавы чапец, таксама павыціраны на кожнай складцы. Моцна старая, мабыць, за семдзесят гадоў. Размаўляе па-расейску іначай, "дарэвалюцыйна": не ўжывае вулічных аваротаў, якія ўжо прабраліся ў літаратурную мову, ужывае іншыя, вядомыя мне толькі з кніжак. Падаецца асклепкам разбітай дваццаць тры гады таму назад эпохі - і напэўна ім ёсць.

Калі ўсцягнуў яе на гару, моцна мне падзякавала... і папрасіла дзесяць рублёў.

Калі аглядаю розных людзей з асяроддзя "перачэкваўшых", але яшчэ досыць жвавых, прыпамінаецца мне тая старая ў чэпцы. Напэўна, і ў яе жыцці былі эпохі лічэння дзён, "калі гэта ўсё скончыцца", слухання плётак, пушчання анекдотаў, дробнага гандлю, гарбення па касцёлах. Што праўда, мы ім даём больш, чым тыя дзесяць рублёў.

"Рэчаіснасць"

Угодкі рэвалюцыі. Можа гэта было пасля вяртання з Кіева? У 1942 годзе прыпадала яе чвэрць стагоддзя. На Каперніка адбыўся сход, на якім пісьменнікі прымалі абавязальніцтвы. Устаў і я: абавязаўся да таго часу закончыць аповесць.

А ведаеце, што мне гэта дапамагло? У хвіліны неадкладных клопатаў прыходзілі мне на думку твары прысутных і мае словы. Крывіўся і з цяжкасцю паварочваў карк.

Цяпер, на пачатку 41 года, я меў ужо ў выдавецтве малы зборнічак з апавяданнямі, які называўся "Вераснёвыя аповесці". Апрача "Гэтага і таго берага моста" былі там яшчэ два іншыя апавяданні, вельмі слабыя, адно - падслуханая нечая аповесць, другое занадта ўжо вымудраваная, выдуманая, з прэтэнзіямі.

Цяпер я сеў за аповесць. Круцілася яна мне здаўна ў галаве. Адразу пасля верасня я пачаў пісаць ваенную аповесць. Зрабіў з трыццаць старонак і кінуў.

Узяўся за віленскую гісторыю. Назва прыйшла мне вельмі хутка: "Рэчаіснасць". Быў у гэтым падтэкст - тое, што я апісваю, здарылася сапраўды. І сапраўды справа ішла пра пераказ тых часоў, тых спраў, якія былі ўва мне яшчэ вельмі жывыя - хоць так ужо далёкія і незваротныя. Быў у тым адзін вельмі важны момант: я пісаў пра справы, пра якія дагэтуль нельга было пісаць. Была ў мяне ўстаноўка "разлічыцца", хацеў пяром заплаціць людзям, якія нам столькі надакучалі ў тыя гады, якія забілі Шуса, упакоўвалі кучы іншых у вязніцы.

Справа Шуса стала галоўнай справай аповесці не толькі таму. Быў гэта найбольш драматычны і закончаны сюжэт з усіх. Ён арганізаваў мноства ўспамінаў, надаваў ім форму.

Віленскія сябры часта абвінавачвалі мяне ў недакладнасці. Маюць рацыю. Толькі ж тэмай кніжкі не ёсць гісторыя групы Дамбінскага, гісторыя ёсць толькі фонам. У аповесці няма цэлага шэрагу найлепшых людзей з групы, Мухі Жаромскай, абоіх Дзявіцкіх, Штахельскага. Па-просту не знайшоў для іх амплуа ў драме, якую паказваў. А гісторыі я не паказваў ні тады, ні цяпер, у гэтых успамінах.

Ірэна брала Еву, вяла ў дзіцячы садок, сама ішла ў бібліятэку. У суседнім пакоі пані Квяткоўская выпраўляла дачку ў школу, ішла ў горад. Рабілася ціха. Я выцягваў лісткі паперы, горбіўся над сталом.

Дзве рэчы ўдаліся мне выдатна ўжо ад пачатку. Па-першае зрабіў план ці сцэнар. Матэрыял я разбіў на 12 раздзелаў. У кожным раздзеле была нейкая галоўная справа. Дзяліў іх на часткі. У кожнай быў нейкі эпізод. Удалося мне гэта лёгка - бо перш за ўсё цэлае меў у галаве адразу. А дакладней не ў галаве, ва ўсім целе. Гэта быў кавалак майго жыцця, вельмі яшчэ свежы, гарачы, з усімі ўражаннямі прэтэнзіямі, крыўдамі відавочнымі і ўяўнымі. Я не ўмеў яшчэ (ды і цяпер не вельмі ўмею) аддзяліць уласныя перажыванні ад героя аповесці.

Другое, што ўдавалася - гэта дзённая норма. Сказаў сам сабе: два лісцікі з абодвух бакоў - штодзённа. Папера была нелінеяваная, адтуль лёгкасць падману, дастаткова было пісаць вялікімі літарамі. Наадварот я пісаў што раз меншымі, каб не рабіць сабе штучных палёгак. Два лісцікі, велічынёй у палову стандартнай старонкі, давалі 6-7 старонак машынапісу. Ніколі потым не ўмеў з сябе столькі выціснуць.

Вельмі шмат курыў. Папяросы і самотнасць дазвалялі сабрацца. Паволі паўзлі ніткі ўспамінаў. Найцяжэйшай была першая старонка. Потым выцягнутыя за вушы з успамінаў постаці пачыналі неяк рухацца самі. Паволі і нясмела па-над успамінамі крышталізавалася літаратурная выдумка. Хвілямі я ўпадаў у пэўны запал, дэтальна прадуманыя сцэны беглі жвавелі, разрасталіся - асабліва дыялогі. Тады таксама было нядобра; у пэўную хвілю неспасціжна сюжэт збочваў убок, непатрэбна разрастаўся, запаўняў малаважнымі словамі і вобразамі цэлыя старонкі. Я не ўмеў у час з тым справіцца. Гэта моцна адбілася на мёй першай аповесці, а на наступных яшчэ больш.

Каля першай заканчваў норму. Праз увесь час пісання (г.зн. няпоўныя 4 месяцы) я быў нялюдска правільны. Прапускаў толькі нядзелі. На працягу таго ўсяго часу можа яшчэ адзін ці два дні. Таксама няшмат разоў зрабіў больш, чым норму.

Уставаў, пацягваўся. Адразу рушаў у клуб, там я абедаў. Звычайна ішоў у добрым гуморы: норма зроблена. Але звычайна ўжо ў палове дарогі аднекуль выплывала хмарка. Праз пару мінут я ўжо не ведаў, у чым справа, па-просту быў прыгнечаны. Потым выбухала ўсведамленне: той і той момант нічога не варты. Злы, ужо маючы сябе за нішто, паварочваў з вуліцы На Байках на Сапегі, паварочваў на Каперніка, уваходзіў у клуб. Там грамада пастаянных бывальцаў, балбатня, пару спраў для залатвення ў сувязі са спатканнямі. Паволі забывалася, у чым там справа.

Але наогул аповесць прымалі добра. Курылюк арганізаваў мне перадрук на машынцы, састыкаваў з маладым чалавекам з інтэлектуальным тварам, які цяпер гэтым займаўся. Ён патрапіў дэшыфраваць найгоршыя выкрунтасы майго хімічнага алоўка. Называўся ён Адам Астроўскі. Першыя раздзелы я занёс у "Новыя гарызонты". Іх прачыталі і вызначылі да друку. Таму напады злых думак пра кніжку я меў рэдка, і трывалі яны нядоўга.

Пераклады

У першых некалькіх нумарах выдання я змясціў некалькі вершаў і адно апавяданне. Гэтага было дастаткова, каб здабыць трохі мясцовага розгаласу. Пры кожнай аказіі тэлефанавалі да мяне розныя карэспандэнты з Кіева, з Масквы, прасілі пару слоў на тэму таго ці іншага здарэння. Спачатку я стараўся спадобіцца на нешта арыгінальнае. Бачачы аднак, што ў газеце застаецца з таго дзве-тры фразы, якія мажліва нічым не адрозніваліся ад іншых "выказванняў", супакоіўся, і сам ужо пісаў тыя стандартныя фразы.

Нашая матэрыяльная сітуацыя моцна паправілася. Яшчэ перад "Рэчаіснасцю" я атрымаў новы пераклад. У той час я моцна сябраваў з Баляславам Пяхам-Зандбергам. Быў гэта хлопец у маім веку, невысокі, лысаваты, з выпуклымі вачыма, задзёртым носам і тоўстымі выпуклымі губамі. Паходзіў ён з Варшавы. Належаў да групы "Прадмесце" і нават выдаў нейкую кніжачку.

Жонка яго была дачкой мельніка з Келячызны. Маладая, прыгожая, з велізарным румянцам. Некалькі месяцаў таму назад здарылася з ёй страшная гісторыя.

Яна мела брата. Вясной 40 года ў Львове гасціла нямецкая рэпатрацыйная місія, якая арганізоўвала выезд у Рэйх немцаў з Валыні і Букавіны, а таксама тых бежанцаў, якія выказалі жаданне вярнуцца на той бок.

Былі такія. Таму што адначасова ў Генеральным губернатарстве нейкі час дзейнічала падобная савецкая місія, цераз Сан у абодва кірункі курсавалі цягнікі, якія перавозілі рэпатрыянтаў.

Адтуль сумны жарт. У Перамышлі на Сане разміналіся два цягнікі. Адзін з яўрэямі едзе з захаду на ўсход, другі - з усходу на захад. У абоіх у вагонах тырчаць у вокнах ездакі, глядзяць адзін на другога і пагардліва стукаюць у лоб.

Хто з тых стукаўшых меў рацыю, мы даведаліся вельмі хутка. Брат жонкі Пяха якраз апавясціў пра вяртанне. Я не мог зразумець, чаму ён ідзе на такое шаленства. Пяхі разважалі: сям'я, млын... Немцы такія ж людзі, з той іх жорсткасцю, гэта напэўна перабольшванне...

Першы яго ліст быў нават радасны. Пару пазнейшых поўныя недаўмення. А потым вестка, што павесіўся. Гэта была толькі восень 1940 года!

Для перакладу я атрымаў "Разгром" Фадзеева. Прапанаваў Пяху супрацу, баючыся за свае русізмы. Быў ужо адзін пераклад, зроблены ў палове трыццатых гадоў у Менску. Жудасны! Мы працавалі такім чынам: лад. Супольна перакручвалі фразу, каб не толькі была па-польску, але і "іначай".

У той час перакладалі наогул вельмі шмат, напрыклад, Маякоўскага. Часам не толькі з погляду на памылкі перакладу, але і на заганы перакладчыка. Так, напрыклад, вырашылі нанава перакласці "Левы марш" толькі таму, што ў першы раз яго перакладаў гнілы буржуазны ліберал Слонімскі. Узяўся за той пераклад адзін з найвыбітнейшых марксістаў, Важык. Яго задача палягала не толькі ў тым, каб дакладна, але і каб іначай, і нават, каб іначай любой цаной. Атрымалася, ясная справа, кепска.

Некаторыя перакладчыкі мелі шмат клопатаў з расейскай мовай. У Пшыбыся, здаецца, знойдзем пасаж: "Што я, папугай, з Індыі?" У арыгінале ёсць: "Что я, попугай, индейка?" - што без ценю сумнення абазначае звыклую індычку. Нябожчык Парэцкі, які ў ёй меў велізарныя пазнанні, мучыўся са словам "дерьмо". Я дарэмна заклінаў, што даслоўна гэта значыць "лайно". Пераклаў асцярожна як "смецце".

Гэта таксама стыль эпохі. Цяпер бы без г... не абышлося б, хоць па-расейску г... гэта таксама г..., а ніякае там не "дерьмо".

Я пераклаў таксама пару вершыкаў Маякоўскага. Гэта цудоўны занятак. Кожны паэтычны пераклад мае ў сабе нешта з разгадвання крыжаванак, але той Маякоўскі! Я выдушыў з сябе "Празасядаўшыхся" з некалькімі яскравымі дзіркамі. Сама назва ўжо ўласна не перакладная.

З Пяхам і яго знаёмымі мы гулялі ў брыдж. Жыццё неяк унармавалася, рэгулярная праца з раніцы, рэгулярная грамадская праца пасля абеду, вечарамі ў знаёмых, зрэдку ў кіно, часам у тэатры, дзе вялі рэй два выдатныя акцёры: Краснавецкі і чароўная Зарэмбінская.

Бой, Барталь, Барэйша

Навесну 1941 года ў львоўскім асяроддзі адбылося пару чарговых здарэнняў. Забаўную, дробную сцэнку перажыў я з Боем-Зяленскім. Сустракаўся з ім рэдка: ён выкладаў ва ўніверсітэце французскую літаратуру, пісаў тэатральныя рэцэнзіі ў "Гарызонты", у Саюз прыходзіў рэдка.

Але быў актыўны. У цэлым, не "перачэкваў", як некаторыя яго калегі з універсітэта і пісьменнікаў.

Не перачэкваў таксама іншы выбітны дзеяч і вучоны, Казімір Барталь. Распавядаюць пра яго такую гісторыйку.

Ва ўніверсітэцкім асяродку адбываўся сход, на якім мусілі вылучыць кандыдата - ці то ў Вярхоўны Савет, ці абласны, ці ўніверсітэцкі, не памятаю. Вылучылі кагосьці з кіраўніцтва. Хто "за"? Усе. Хто "супраць"? Адзін Барталь. Збянтэжанасць. Пытаюцца, чаму?

- Усё жыццё галасаваў супраць эндэкаў і на старасць не буду мяняць пазіцыю!

Пэўнага дня, недзе каля 1 траўня, выклікалі мяне знянацку ў "аблвыканкам". Не моцна ведаў, для чаго. Аказалася, што да старшыні. Тут мне трохі палягчала. У прыёмнай застаю Боя-Зяленскага. Пытаецца мяне, у чым справа? Атрымаў такое самае запрашэнне і непакоіцца. Спрабую падтрымаць яго дух.

Выклікаюць яго. Знікае і з'яўляецца праз некалькі хвілін. Аказваецца яго прэміявалі за ўзорную працу ва ўніверсітэце. Выдыхнуў з палёгкай. Гаворыць мне паўголасам:

- Што за краіна! Ніколі не вядома, для чаго цябе выклікаюць. Раз прэмія, раз пашпарт з параграфам!

Такія пашпарты пагражалі некаторым катэгорыям бежанцаў. Яны не маглі прапісацца ў буйных гарадах.

Бою, канешне, гэта ніколі не пагражала. Быў цяпер у гуморы, таму не мог без гумару пайсці.

З тога Першага Траўня памятаю дробны малюнак. Ужо сказаны прамовы, ужо вось-вось парад. Доўгія калоны пяхоты стаяць "вольна" на вуліцы. Дакурваюць папяросы. Над іхнімі галовамі аблокі сівага дыму, сапраўдныя аблокі. Вольна ўзносяцца ў яснае, вясенняе неба.

Найвялікшую сенсацыю ўчыніў у той час Барэйша. Як я ўжо пісаў, заўсёды яго фактычная роля была большая, чым займаная ім пасада. І раптам тая роля лопнула.

Менавіта лопнула. Пэўнага дня па Львове прабегла вестка: Барэйша скончыўся. Людзі пераставалі з ім лічыцца з дня ў дзень усё больш. Шамплінска помсліва трыумфавала.

Дзіўна было, бо перш за ўсё фармальна нічога не змянілася. Як кіраваў тым Цэнтрам Асалінскіх, так і кіраваў. Не страціў ні адной сваёй функцыі. А лічыцца з ім пераставалі, як казаў, усё больш з дня у дзень.

Не ведаю, што было таму прычынай. Распавядалі, што нарабіў нейкіх шаленстваў у Кіеве. Ён меў свае спосабы, якія часам вынікалі ў авантуры. Умеў і любіў "рабіць уражанне". Да сталых яго прыёмаў належала тэлефанаванне падчас размовы да розных высокапастаўленых асобаў. Калі толькі мог, называў тых асобаў на "ты", па імені, любой цаной падкрэсліваў, што ён з імі за панібрата. Тэлефанаваў і паглядаў на суразмоўцу, якое гэта робіць на яго ўражанне. Звычайна рабіла вялікае.

Тым разам, як здаецца, трохі перастараўся. Паехаў у Кіеў па справе бадай што падручнікаў. Падобна, што з прыёмнай тагачаснага І сакратара ЦК украінскай партыі, таварыша Хрушчова тэлефанаваў у розныя ўстановы, гаворачы прыблізна:

- Дзень добры, таварыш такі і такі! Гэта гаворыць Ежы Барэйша. Я зараз у Мікіты Сяргеевіча. Мяркуем, што ў справе падручнікаў трэба зрабіць тое і тое...

Той нумар шмат мог што зрабіць. Не ведаю, ці гэта праўда. Але гэта так маляўніча, не магу нічога апроч як ахвотна паўтарыць...

Знакі на небе

Такія былі забавы, канфлікты ў тыя часы... . Але рэшта свету не дала нам на доўга пра сябе забыцца.

Вясна таго года была цёплая. Львоў зялёны, надзвычай прыгожы. Аднаго дня пайшоў з Евай на нейкія зялёныя пагоркі каля дому. Яна мела тры з паловай гады. Бегала, зрывала малыя, белыя, не вядомыя ў нас маргарыткі, распытвала пра ўсё, першы раз я з ёю размаўляў, першы раз трохі пачуў сябе бацькам.

На свеце грымела вайна. Зімой усе былі прыкаваны да картаў Албаніі і Грэцыі: ганебны напад Мусаліні спатыкнуўся ў Эпірскіх гарах, грэкі перайшлі ў контрнаступленне, з захапленнем мы чыталі пра Корчу, здабытую ўжо на албанскай тэрыторыі.

Потым красавік і знішчальны пярун нямецкага ўдару на Югаславію і Грэцыю. Зноў усё лопнула перад гітлераўцамі. Англійскія войскі чапляюцца за Алімп, потым рассыпаліся. Югаславія зламалася за пару дзён. Цяпер падае Грэцыя.

Травень - і дэсант на Крыце. Тут зноў яскравая параза англічан. Нават на моры не патрафілі затрымаць немцаў. Таксама ў Паўночнай Афрыцы пасля асенніх перамог Уаўэла даходзіць да новай паразы.

Што раз часцейшыя апасенні, што і на нас! Восенню былі нейкія перамовы ў Берліне. Ездзіў туды Молатаў, потым апублікавалі камюніке, у якім усё гучала няясна, але спакойна.

А цяпер англійскае радыё раз-пораз падае ўмовы нямецкага ўдару на Савецкі Саюз. Я не слухаў радыё, паўтаралі мне тыя весткі прыяцелі на чале з Пяхам. Я пагардліва смяяўся: гэта было шаленства!

Мая ўпэўненасць грунтуецца на трох элементах. Па-першае, прымаю даслоўна паведамленні савецкага ўраду. Не маю яшчэ дастаткова практыкі, каб, як гаворыцца, "чытаць паміж радкоў". Па-другое, здаровы розум мне падказвае: гэта канешне было б шаленствам нападаць на Савецкі Саюз, не ўправіўшыся да канца з Заходняй Еўропай. Па-трэцяе, як мне не хочацца той вайны. Прынамсі цяпер!

Канешне, жадаю Гітлеру, як найгорай. Ведаю, што да сутыкнення мусіць дайсці. Але не цяпер, праз год... Альбо калі б напаў на Англію і там уграз. Год таму назад, падчас французскай кампаніі, я трохі разлічваў на савецкі ўдар. Але французы лопнулі надта хутка...

Ідзе лета. Заканчваю аповесць. На лета згаварыўся з Ірэнай у Гагры. Падобна, што ўсё цудоўна...

Вельмі фарсаваў "Рэчаіснасць". У суботу, 21 чэрвеня закончыў перадапошні яе раздзел. Калі законваў дзевяты ці дзясяты раздзел, перажываў пад'ём: 3/4, 5/6 працы зроблена. А цяпер нічога. Не мог нават ацаніць, ці быў добры.

Тое, што цяпер пішу, гэта не ўспаміны праз дваццаць гадоў. Гэта ўспаміны праз дваццаць дзён, запісаныя на гарача ў Уфе. Захаваліся, толькі трохі апрацаваліся, там-сям скарочаныя, там-сям расшыраныя.

Я быў цалкам вычарпаны. Не мог нават радавацца. Застаўся яшчэ толькі адзін, маленькі раздзел. Падлічыў, што закончу аповесць 24-25 чэрвеня.

Мне дакучалі зубы. Патрабавалася лячэнне.

Як звычайна пасля аповесці я пайшоў у клуб на абед. У клубе розныя дробязі. Дасьняк выехаў у адпачынак, здаецца, у Крым. Шамплінска таксама некуды выехала, здалеўшы перад тым нарабіць жартаў з "Альманахам".

У суботу пасля паўдня меўся адбыцца ў клубе вечар у гонар Клары Цэткін. У той год угодкам удзялілі шмат увагі. Калі б я быў больш дасведчаны, зрабіў бы з гэтага пару вывадаў.

Былі і іншыя знакавыя факты. Сталін замяніў Молатава на пасадзе прэм'ера. Адбылося гэта 6 траўня 1941 года. Шмат гэта гаварыла пра сітуацыю. А яшчэ больш яскравым, маляўнічым быў дробны сам па сабе факт. З Берліна цераз Маскву вяртаўся японскі міністр замежных спраў. Ён падпісаў у Маскве пакт пра ненапад. Калі ад'язджаў, Сталін прыйшоў на вакзал, каб развітацца з ім асабіста.

Не прыпамінаю сабе з тых часоў другога падобнага выпадку! Павеяла нечым дзіўным. Пра што мусілі тады размаўляць? Да чаго дагаварыцца? На гэта імы ўсе звярнулі ўвагу.

І яшчэ адна загадка: Гес. Яго ўцёкі ў Англію былі нечым такім нязвыклым, як з'яўленне прывіда, былі сапраўды адным са знакаў на небе, які прадказваў нейкае стыхійнае бедства, навадненне ці землятрус.

Але я прачытаў чарговае паведамленне ТАСС, ужо не памятаю з якой аказіі, і махнуў рукой на ўсякія шэпты.

Апошні вечар

Ужо з тыдзень англійскае радыё перадавала чуткі пра нямецкі ўдар. Былі дакладныя даты: 16 чэрвеня, 30 чэрвеня. Мы - не "лонданцы" - рушалі плячамі. Была гэта нагода для жартаў.

Прыйшоў у клуб, чытаў газеты, трохі гуляў у валейбол. У рэдакцыі "Гарызонтаў" абураліся - чаму дагэтуль няма ганарараў за 5 нумар. Аддаў перапісваць ХІ раздзел "Рэчаіснасці". Віншавалі. У сераду закончу...

Пасля абеду прыйшоў Лец. Гуга Гуперт, які як раз знаходзіўся ў Львове, даў нам паштоўку. Напісалі некалькі вострых слоў Шамплінскай па справе "Альманаха". Паклаў паштоўку на шафу. У панядзелак вышлю...

Паволі збіраліся людзі на вечар у гонар Клары Цэткін. Сенсацыя: прыйшлі тры палякі з брыгады Дамброўскага. Ім удалося выбрацца з французскага канцэнтрацыйнага лагера ў Сахары. Мы кінуліся да іх. Моцна загарэлыя хлопцы. На нашыя распытванні адказвалі паўсловамі, усміхаліся, трохі бянтэжыліся нашым запалам, трохі як бы стомленыя.

На вечары, пасля нуднага рэферату, які ніхто не слухаў, выступіў Гуперт. Яго выступ выклікаў сенсацыю. Кінуў між іншым такое прадказанне:

- Недалёкі ўжо час, калі парэшткі Клары Цэткін спачынуць назаўсёды ў чырвоным Берліне.

На калідоры сабраліся людзі, якія размаўлялі паміж сабой па-нямецку. Мы хацелі дакладнага перакладу. Слухалі тыя словы, і дваякія пачуцці клаліся ў душы: радасці і страху. Унутраны сэнс іх, зрэшты, быў адзін: мурашкі па спіне. Потым Крэчмар дэкламаваў "Оду да маладосці" і мой "Захад". Пэўна тое спалучэнне стварыла эфект, што мой падаўся слабюткім. Пашлі з Іркай дадому.

Цёплая, летняя ноч без хмаркі. Дрэвы маюць вялікія, але яшчэ далікатныя лісткі. Вулічныя ліхтары тонуць у іх багацці. Размаўляем з Іркай пра лета, пра Крым. Ці павінна яна пакінуць працу? На наступны дзень я мусіў сядзець з Евай дома. Думаў, ці не закончыць аповесць. Зрэшты, маю час, пару дзён, глупства.

Заснуў адразу.

Званок, фіялетавыя хмаркі

Званок. Аўтаматычна зрываюся з ложка. Вітальня яшчэ поўная таго віску. Фіялетавае дасвецце. Дробныя, лёгкія хмаркі. Зноў званок. Доўга шукаю абутак, хапаю плашч. Званок. Што гэта? Вывазкі? Пані Ніна павінна паміраць са страху. Званок.

Адчыняю дзверы. Нікога! Толькі ў дзвярах насупраць раскудлачаная галава іншага, знянацку разбуджанага жыльца. Аказваецца, што ўнізе нехта званіў да ўсіх кватэр па-парадку. Збягаю. Унізе нехта кажа:

- Насупраць!

Паварочваецца да мяне і тлумачыць:

- Гэта нейкая "саветка". Пытаецца, ці тут жыве нейкі госць з энкавэдэ.

Ва ўсіх дзвярах па нейкай кабеце ў негліжэ. Занепакоеныя позіркі, шэпты. Выглядваю на паўцёмную вуліцу. Да дому насупраць бяжыць цёмная постаць, дападае, пачынае біць у дзверы і амаль не чакаючы - у акно. Трэск. Лопаецца шыба. Паспешная размова па-расейску.

Што гэта? Гэтыя званкі, асабліва тая шыба? Выходжу на вуліцу. Ціхае, цёплае дасвецце. Вуліца пустая, "саветка" ўжо пабегла, і ўсё супакоілася.

Вяртаюся да сябе. Ірка нешта бурчыць пра фальшывую трывогу. І ў тую ж хвілю далёкія самалёты.

Цягнуць высока, ледзве чутно. Раптам тры моцныя стрэлы недзе тут побач. Кулямёт, недалёка. Зноў гарматы. Выглядаю цераз акно. Фіялетавыя воблачкі на небе. Разгараецца ўсход. Высокія таполі каля семінарыі ці кляштара. І ў небе чорныя, густыя хмаркі выбухаў.

Апранаемся паспешна, не ведаючы, што рабіць. Супакойваем адно аднаго: можа манеўры? Ева спіць.

Зноў збягаю на вуліцу. Спакой. Усход набрыньвае яснасцю. Недзе злева спяшаецца вайсковец, зашпільваючы пас. Нейкі цывільны "савет" стаіць і ўзіраецца. Пытаюся ў яго:

- Што такое?

- Не маю паняцця.

- Манёўры.

- Напэўна.

Усміхаецца са стрыманым неспакоем. Падходзіць да вайскоўца і вяртаецца з бязрадаснай усмешкай. Той "нічога не ведае".

Ускокваю ў дом. Ірка бурчыць, каб не швэндаўся. Сам не маю на гэта ахвоты. У той атмасферы няпэўнасці каля дома падаецца мне найбяспечней. Але не магу ўседзець у той поўнай невядомасці. Да Парэцкіх недалёка.

Высокая буйная трава. Раса. Брэша сабака. Вуліца Лістапада пустая і ціхая. Нехта падмятае тратуар. Вазок з малаком едзе ў горад.

У Парэцкіх спяць. Брама замкнёная. Кідаю ў акно груды і жвір. Не адказваюць. Мне не хочацца аддаляцца ад дому. Не магу вяртацца дадому, не паразмаўляўшы з кім-небудзь са сваіх. Іду да Тудора.

Тудор замяшчае адсутнага Дзесьняка. Далёка да яго. Рэдкія мінакі. Некалькі лётчыкаў дашпільваюць гузікі, вочы напружаныя, неспакойныя. Аўтамабіль выскачыў з-за павароту і імчыць бясшумна па мокрым, гладкім бруку.

Тудор таксама спіць.

- Гэта я, Путрамант, - крычу праз дзверы.

Тудор нацягвае порткі, упускае ў пакой. Жонка яго сарамліва нацягвае коўдру, гукае да мужа, каб прыкрыў ёй бялізну. Фікус улазіць мне пад руку. Не ведаю, з чаго пачаць. Усё тут вельмі мірнае. Тудор усміхаецца.

- Што гэта было? - пытаю.

Усмешка, рух плячыма. Нейкая нямецкая правакацыя. Можа выведка нямецкіх самалётаў. Ва ўсякім разе бомбаў тут не кідалі. Гэта толькі артылерыя.

- Што рабіць? - зноў пытаю.

- Пачакаем.

- Трэба было б падумаць. А калі гэта вайна?

- Ну і што? Калі вайна, будзем на пазіцыях.

- Але, аднак старэйшыя пісьменнікі, сем'і...

Тудор маўчыць, усміхаецца, нарэшце адказвае.

- Па-першае, не вядома, ці вайна. А як ужо нават вайна, для чаго адразу думаць пра эвакуацыю? А раптам немцы будуць адступаць?

Перапрашаюся за ранні візіт. Выходжу. Ужо сонца. На Лістапада рух - матацыклы, аўтамабілі, спяшаюцца, рычаць. Лётчыкі амаль бягуць. І яшчэ заўсёдныя дворнікі падмятаюць вуліцы.

Парэцкія спяць. Іду дадому. Трава, раса, пясок, пралажу пад галінамі яблыні. І зноў усё выглядае на падманную трывогу. Супакойваю паню Ніну, Ірку.

Зараз налёт. Цяпер няма сумнення. Цяжкія ўздрыгванні зямлі ад бомб. Страляніна.

Ах, як гэта жудасна! Усведамленне, што гэта гістарычны ранак. Пачатак новай, напэўна вялікай, але, відаць, цяжкай, жудаснай эпохі.

Парэцкія нарэшце не спяць

- За нішто на свеце без харчоў адсюль не пайду! - патэтычна запэўнівае Вішнеўская, маючы дрэнныя ўспаміны з вераснёвых уцёкаў у Вільню. Парэцкі ёй падтаквае. Маюць ісці ў Вярфлёў.

Два разы спрабую пайсці ў горад, на выведы. Даходжу да трамвайнага прыпынка. Трамваяў ужо няма. Вяртаюся. Не магу адважыцца, каб адысціся ад дому. Горад рассыпаўся на дзясяткі і сотні ваколіц. Цэнтр становіцца аддаленай мэтай цэлага падарожжа.

Нарэшце рушаю наўгад. Найперш да Галіны Горскай. Сядзіць там толькі стары Горскі. Жонка і ўсе - у чэргах. Горскі знерваваны. Пакідаю яму пачак папяросаў.

У клуб нас не хочуць пускаць. Кур'ер Івась - мілы звычайна хлопец - набывае нейкую новую танальнасць, становіцца нахабным. Аблаяў яго, тады адчыняе браму.

У клубе нарэшце свае - Пастэрнак з жонкай, Гінчанка, моцна перапужаная. Потым прыходзіць Парэцкі, Гаўрылюк з жонкай. Робіцца тлумна. Хаджу па пакоях, у якіх мне так добра "жылося" гэтыя паўтара года. Зрэшты, ёсць яшчэ ў сэрцы нейкая рэштка надзеі.

Першыя ахвяры

Радыё перадае маршы і песні. Яшчэ разгон мірных часоў. Слухаю тое з падвойным пачуццем. Так чакаў гэтай вайны, пісаў вершыкі "расплаты" з Гітлерам, а аднак цяпер пераследуе мяне вельмі сціплая, хоць упартая надзея: а можа гэта нейкае непаразуменне. Болей, а можа там неяк дамовяцца і ўратуюць мір. Адганяю і таплю тыя настроі - з цяжкасцю.

Паведамленне: прамаўляе Молатаў. Збягаемся ўсе. Гаўрылюк з жонкай сядзіць каля радыёпрыёмніка. Пастарнак сціскае вузкія губы. У дзвярах Тарнаўскі, малады ўкраінскі пісьменнік, меў цягу да нас, цяпер усміхаецца неяк нялоўка, відаць, што не ведае, дзе мае быць, з кім пайсці далей.

Молатаў заікаецца. Не ведаю, што гэта ў яго ад даўна. Дадае гэта напружанасці, падкрэслівае нязвыкласць сітуацыі. Толькі апошнія тры фразы мовіць цвёрда і выразна: "Наша справа правая, вораг будзе разбіты, перамога будзе нашая!"

Убягае Васілеўская. Аказваецца, усе члены партыі мабілізаваны. Ванда ходзіць у вайсковай шапцы з чырвоным аколышам, з карабінам. Вельмі тым ганарыцца. Гаворыць некалькі словаў пра тое, што ўсё ідзе добра.

У клубе безначалле. Тудор прыйшоў і засеў у кабінеце Дзесьняка. Гаўрылюк пайшоў пісаць нейкую адозву. Убягае карэспандэнт адной з франтавых газет, просіць "выказванне".

Пішам яго на калене ўсёй грамадой. Карэспандэнт талковы, энергічны і спакойны разам.

Людзі рушаць на абед, Гаўрылюк, Тудор, нехта яшчэ. У нядзелю сталоўка клуба не працуе. Ідуць недзе ў горад. Клічуць мяне. Дзякую, мушу дадому.

Ірка крычыць: чаму так доўга? Ева вельмі вясёлая.

Налёт. Збягаем на ніз, каля піўніцы. Дом пры ўсім парадзе ў два паверхі схованка вельмі сумніўная. Людзі гуртуюцца адзін каля другога. Нехта выглядвае праз дзверы, углядаецца на неба.

- Нашы! - мовіць супакойвальна.

Учора яшчэ ніколі б так не сказаў!

На вуліцах што раз больш аўтамабіляў: з рэчамі. Пад вечар іду ў горад. Грузавікі, нейкія канапы, клункі, чамаданы, бабы. Каля Сапегі сустракае мяне Курылюк, усміхаецца інстынктыўна на від знаёмага і адразу хмурыцца:

- Ёсць ужо першыя ахвяры.

- Хто?

- Тудор і Гаўрылюк!

Не магчыма! Не магу апрытомнець! Тыя два прозвішчы! Найлепшыя людзі. Яшчэ гадзіну назад, яшчэ пару гадзін назад...

Якраз тыя гадзіну таму назад клікалі мяне з сабой на абед. Былі недалёка ад клуба, ішлі сярэдзінай вуліцы ўсёй групай. Налёт. Самалёт ішоў высока, але над імі. Вендэ (Ян Караль) з жонкай скочылі ў найбліжэйшую браму. Францішак Парэцкі пабег за імі. Зеленавокая Вішнеўская пагардліва крыкнула яму ўслед:

- Франак!

Я як бы бачыў тыя яе сціснутыя губы, зморшчаныя бровы!

Франак спыніўся, павярнуўся, паслушна пабег да групы, якая ішла сярэдзінай вуліцы.

Бомба ўпала ў тое месца. З групы ніхто не ўцалеў. Акрамя Тудора, Гаўрылюка і Парэцкага, усе з жонкамі, загінула таксама польская пісьменніца для дзяцей Зофія Харшэўская, выдатны чалавек і таварыш...

Цяпер саюз цалкам спаралізаваны. Тая сляпая бомба, калі б была кіраваная, не магла б выцяць больш балюча па нашым малым асяродку!

Іду ў клуб. Кондра сядзіць у пакоі Дзесьняка. Гэты ўжо нічога не зможа залатвіць. У мясцовых уладаў ніхто яго не ведае. Пільпель, смешны маладзён, чорны, насаты Пільпель спрабуе яшчэ нешта рабіць, пакрыквае, падганяе Івася, які ўжо не хавае сваіх гітлераўскіх сімпатый.

Кондра зусім разбіты, нават даслоўна: упаў, баліць у яго калена. Праводжу яго дадому. Налёт, хаваемся ў нейкую браму.

Ноч. Не магу заснуць. Спадзяваемся на Бог ведае якія налёты. Рэфлектары лазяць над намі, абмацваюць неба. Страляніна. Два разы сцягваю Ірку з дзіцем ўніз. Бягом у піўніцу. Чаго? Ірка злая, не хоча больш уцякаць.

Зноў ранак, чысты, ясны. У горадзе рух. Ідучы ў клуб сустракаю Адольфа Рудніцкага. Прыйшоў пехатой з Янава. Задаволены пазіцыямі арміі.

- Удала мяняюць аддзелы, а гэта найважнейшае!

Не гледзячы на гэта, хоча ўцякаць. Ад учора пачуваюся, як у пастцы. Ведаю, што немцы сюды дойдуць. Пра планавую эвакуацыю нельга марыць. Таму прапанова Рудніцкага мне вельмі на руку. Дамаўляемся, "трымаем кантакт".

У клубе разносяць чуткі пра савецкае наступленне: гаварылі, што занятыя Жэшаў і Люблін, баі пад Варшавай, выразнае глупства.

Пасля паўдня прыходзіць да нас Рудніцкі. Ева гуляе на падворку. Сонца, ужо зацвярдзелая шчаціна травы. Ляжу на зямлі, хаваю галаву ў цень. Рудніцкі:

- І ведаеш, Ежы, трэба ўжо збірацца. І не забудзь: шкарпэткі, змена бялізны і нешта з яды, фляжка... І ўжо, ведаеш..., - голас яго дрыжыць.

Я спакайнейшы, не ведаю чаму, можа тыя плёткі пра Жэшаў. Я ігнарую яго наляганні:

- Добра, добра, няма куды спяшацца....

Размова з Ірэнай. Калі будзе раптоўная небяспека, я выходжу адзін, яна застаецца ў Львове, у сваёй сяброўкі Марысі. Трэба ёй паведаміць.

Гэта пякельна далёка, цераз увесь горад на Замарстынаве. Трамваі не ходзяць. На Казіміроўскай вельмі моцны, незразумелы рух: машыны, машыны, матацыклы, танкеткі, жаўнеры, цывільныя. Прайсці цераз вуліцу нельга. Каля клуба на Абаронцаў Львова велізарная яма, тут упала бомба, якая тых...

Іду з пачуццем: абы да таго дома, да таго рогу, абы цераз той парк. Баюся налёту, што спыніць і не пусціць мяне ні туды, ні сюды.

Заходжу ў крамы - то тут, то там яшчэ нешта ёсць. Купляю сыру, нейкія кансервы, на вуліцы лаўлю некалькі булак, папяросы.

Марысі няма. Пакідаю ёй цыдулку.

Гарачыня. Вяртаюся.

Няма налёту.

Доўгая, нудная дарога. Мне баляць ногі.

Вечарам ізноў іду ў клуб. Кондра "кіруе". Прыходзька, сакратар абкаму па справах прапаганды сказаў яму напісаць некралог на Тудора і Гаўрылюка. Кондра піша... Змушае мяне таксама да пісання. Гэта жудасна. Нервы напятыя, і словы трэба з сябе выдушваць найвялікшым намаганнем. Прыходзька абяцаў а 8-ай прыйсці ў клуб.

Рух на вуліцы. Цяжкая мітусня танкаў. Па Каперніка цягнуцца запыленыя, змучаныя аддзелы, артылерыя, аўтамабілі. Куды? Няўжо ўжо адступаюць?

Пішу некралог. Уваходзіць бледны маладзён, нарачоны дачкі Тудора. Падходзіць да мяне і заклапочаным, але талковым тонам канфедыцыяльна:

- Не ведаеце, дзе Тудор і яго жонка? Галіна са мной, непакоіцца, нанач не вярнуліся...

Здзіўлены, сячэ:

- Як гэта, не ведаеце?

Я не паспеў апомніцца, як за дзвярыма плач: Галіне ўсё расказаў Івась. Была гэта ладная, прыгожая дзяўчына, тая дачка Тудора. Нейкая моцная і чыстая. Цяпер як дзіця. Слёзы. Кондра пры бюро Дзесняка, сканфужаны.

У клубе за дзясятак яўрэйскіх пісьменнікаў. Абступілі мяне з прэтэнзіямі і нараканнямі.

- Энкавэдэ выязджае...

- Міліцыя выязджае...

- Войска адступае...

- Што будзе з намі?

Я ўскокваю, крычу:

- Гэта панікёрскія плёткі!

Шнапер іранічна ўсміхаецца. Карнова ківае галавой.

- Зрэшты, а восьмай будзе тут Прыходзька.

А восьмай налёт. Спускаемся ў піўніцу.

Трывога трывае коратка. Выходзім з Рудніцкім у "Чырвоны штандар" па інфармацыю.

Унізе цэркаўка з левага боку, разбіта ў верасні. Бомба трапіла ў яе другі раз! За ёй танк, бездапаможна прыткнуўся пры тратуары.

За паваротам натыкаемся на групу спяшаўшыхся людзей. Я бачыў іх у рэдакцыі "Чырвонага штандара". Прозвішчаў не ведаю. Не прыпыняючыся кідаюць нам:

- Кірунак на Перамышляны. Неадкладна выходзьце!

Паніка

Была гэта першая хваля панікі, якая прабегла цераз Львоў вечарам у панядзелак 23 чэрвеня.

Ужо нас мінулі. Рудніцкі хоча іх пра нешта спытаць, іх ужо няма.

Рудніцкі ўзбуджаны:

- А я што казаў? Ежы, Ежы! Выходзім апошнія! Ужо нікога няма! Ежы, Ежы!

Паўбегам узбіраюся па Каперніка. У клубе засталося яшчэ пару яўрэйскіх пісьменнікаў. Паўтараю: кірунак на Перамышляны...

Выходжу, бягуць за мной распачлівыя пытанні. Як тамтыя з нізу, са "Штандара", знікаю без слова. Бо і што магу сказаць?

Аўтамабілі перад міліцыяй. Пакуюць клункі і бабаў. Чорныя шматкі папераў. Кружацца ў паветры, сыплюцца, павольна, без эмоцый. Паляць архівы.

З Рудніцкім: а дзяватай пункт тут, пад гэтым гадзіннікам.

Пудам лячу па Патоцкага.

Налёт. Ужо каля дому. Хаваюся, потым бягу далей, не зважаючы на зяніткі.

Унізе каля дома Ірка з Марысяй. Убягаю ў дом.

Марыся атрымала маю цыдулку, забірае Ірку з Евай. Падганяе мяне. Ірка загортвае кашулю і яшчэ нешта ў такое пакрывала на ложка, дае кавал хлеба, грошы:

- І так тут не патрэбныя...

Апранае на мяне плашч. Выбухае плачам. Марыся падганяе. Цалую Еву. Тая смяецца.

Пані Ніна. Іруся.

Збягаю на ніз.

Ужо цямнее.

Бягу, не аглядваюся. На гадзінніку без пяці дзевяць. пару хвілін стаю засопшыся. Аўтамабілі, аўтамабілі, бабы з клункамі на вярхах. Блакітныя фуражкі энкэвэдзістаў. Спаленыя паперы. Халерна падштурхоўвае такі від. Ногі самі пачынаюць падрыгваць для далейшага бегу.

Нібы недалёка вакзал. Ані хвіліну пра яго не думаю. За блізка тут немцы, за шмат начытаўся пра налёты на вакзалы і цягнікі.

Рудніцкага няма. Дзевяць. Дзве па дзявятай. Не чакаю даўжэй, іду, яшчэ аглядваюся, а раптам пакажацца з завулка.

Да сёння шкадую, што тых пару, тых колькі хвілін не застаўся. Рудніцкі - праз пяць гадоў - распавядаў, што падвёў яго нейкі аўтамабіль, якім ён ехаў на спатканне, што быў дзесяць ці пятнаццаць хвілін па дзявятай. Не застаў мяне... і не адважыўся на ўцёкі ў адзіночку. Зацягнуў бы я яго за тыя некалькі дзён у Кіеў. Збярог бы яму тыя страшныя чатыры гады! Дзесяць хвілін - і чатыры гады!

Я меў сваю рацыю, пазбягаючы чыгункі. Цягнікі хадзілі, але вымагалі не мала нерваў. Цягнік Слабодніка па дарозе разбамбілі і спалілі. Застаўся ў яго пасля таго нярвовы шок на гук самалётнага матора. Сям'я Прыходзькі загінула ў разбомленым цягніку. Найжорсткія паслугі цягнікі аказалі шмат каму.

Шымон Натансон, партыйны дзеяч, супрацоўнік "Папулярнага штодзённіка" і намеснік Курылюка ў "Новых гарызонтах", патрапіў на цягнік, які хутка і безбалезна давёз яго да Кіева. А там быў толькі трэці дзень вайны. Былі толькі першыя бежанцы. Мясцовыя ўлады не мелі паняцця, што робіцца на фронце, гэта значыць тыя мясцовыя ўлады, да якіх трапіў Натансон.

Сказалі яму: кожны ў сваім акопе! Натансон страшна тым праняўся. Кіеў быў такі спакойны! Праклінаючы сам сябе за тое, што панікёр, сеў у цягнік і яшчэ здалеў вярнуцца ў Львоў!

Блытаўся па Львове, нікому не патрэбны, аж да апошняй хвілі. Тыя, хто меў аўтамабілі, у тую апошнюю хвілю здалелі знікнуць. Натансон выйшаў другі раз, ужо пешкі. Загінуў па дарозе. З тых, хто выходзіў у той жа час, амаль ніхто ўжо не дайшоў.

Гэта вельмі смутная справа, гэтая эвакуацыя Львова. Няўдачна склалася, што Дзясьняк быў недзе ў Крыме. Той мог бы нешта заарганізаваць. Тудор, Гаўрылюк - маглі меней, але і яны зніклі, загінулі. Хапіла б пару грузавікоў, каб забраць некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, вучоных, дзеячоў, якія былі ў найбольшай небяспецы. Не знайшлося аднак нікога, хто вырваў бы тыя некалькі грузавікоў.

З некалькімі чалавекамі размаўляў пра тое. Крычалі, што я панікёр! Казалі пра Жэшаў і Люблін, быццам бы вызваленыя. Пакінуў іх у спакоі. Думаў ужо толькі пра сябе самога.

... Кірунак на Перамышляны ...

Думаў таксама пра адсутнага Рудніцкага. Хацеў бы быць з ім разам. Дваіх заўжды шпарчэй.

Разбіты танк, пусты клуб, развалены пасаж Мікалаша. Каля Лычакоўскай успамінаю пра Пяха. Зварочваю, заскакваю да яго. Пяха няма дома. Перабраўся да сястры, адрасу якой я не ведаю.

Бягу далей. Зноў нечы лёс так блізка ад майго. Той драбніцы забракла, каб забраць яго з сабой, уратаваць.

Даведаўся пазней: у той жа дзень, калі прыйшлі немцы, дазорац-АУНавец выдаў Пяха. Пацягнулі яго ў паліцыю. Жонка падняла крык, хапала яго за полы, калі яе адпіхнулі, устала і пабегла за ім. То яе таксама ўзялі. Абое загінулі ці не ў той жа дзень, былі расстраляны.

Іду адзін. На Лычакоўскай рух. Аўтамабілі адзін за другім. На тратурах разявякі. У тлуме ішоўшых знаёмы твар. Бомза. Ідзе за мной і цэлы час жаліцца. Што не варта ўцякаць, што лепей вярнуцца. Што і так гэта нічым не дапаможа. Падганяю яго, крычу.

Налёт. Ужо амаль за горадам

Спрабуем узлезці на нейкую машыну. Безвынікова. Раззявякі пачынаюць нешта гарлапаніць. За горадам аддзелы мілцыі ў калонах па чатыры, але фронтам да горада. Здаецца, пасля першага павеву панікі выйшлі з горада, а цяпер рыхтуюцца да вяртання.

Ідём краем дарогі. Побач патокі машын. Групкі пешых з заплечнікамі. Што раз новыя кампаніі ствараюцца і разлучаюцца.

Цямнее. Горада ўжо няма. Нейкія абрывы, дрэвы, вельмі прыгожая ваколіца. Бомза пастаянна стогне, але ідзе. Пачынаю адчуваць стому. Спрабую загаворваць да шафёраў - аніякай мовы. Горад цісне на мяне. Столькі прайшлі, а як адвернешся - фабрычныя коміны на фоне заходняга неба. Абы як найдалей адтуль!

Горка. Затор на шашы. Нейкі аўтамабіль прытарможвае. Ускокваю на падножку, нахіляюся да шафёра, прашу, пераконваю, прапаную грошы. Не хоча слухаць. Паказваю пасведчанне Саюза пісьменнікаў. Так далёка яго цікаўнасць да літаратуры не сягае. Хоча, каб злез. Але машыны не прыпыняе, шкада яму часу.

Еду на падножцы. Крычу Бомзу, каб лавіў наступнага. Той махнуў, абыякавы, рукой. Ужо яго не бачу.

Сярод крыку пасажыраў узлажу на дах кабіны. Грузавік напханы рэчамі. Толькі сем чалавек, астатняе клункі.

Што за палёгка: тыя дрэвы, якія павольна ішлі насутрач, зараз бягуць узад. Мінаем пешцаў, і цяпер я з цяжкасцю ўстрымваюся ад воклічаў: не, не можна!

Намагаюся загаварыць з пасажырамі. Бурчаць нешта пад нос або маўчаць. Маё нахабства не забыта. Я не "прыняты". Калі пасоўваюся, з даху злажу ў кузаў, нейкая баба верашчыць:

- Куда, куда, здесь посуда!

Прыткнуўся ў ражку, ногі звісаюць вонкі. Нейкая прыгожая мясціна. Вінаграднікі, горы дрэвы. Ужо вечар. Пры дарозе падраздзелы жаўнераў на баявых пазіцыях, замаскаваныя. Нейкая вялікая калона моладзі - па чатыры, са спевамі ідзе ў кірунку Львова.

Мінаем іх, у воблаку пылу ўштурхоўваемся ў Віннікі. Тут затор, крыкі, праклёны. Нейкі высокі вайсковы чын правярае машыны, большасць затрымлівае. Нас прапускае. Аказваецца, што гэта машына "облисполкома".

Вырываемся цяпер хутчэй, хоць ужо цёмна. На лева нейкія далёкія ні то зарыва, ні то пробліскі. На лева, значыць на поўнач. Адкуль нам ведаць, што там адбываецца адна з найбольшых танкавых бітваў той вайны.

Цуг машын цяпер радзейшы. Пешых амаль не відно.

Кожны кіламетр - як бы падараваны. Калі нарэшце шафёр спыняе машыну і хоча, каб я злез - не пратэстую. Выйграў кіламетраў з дваццаць. Добра і гэта.

Іду, адразу досыць хутка. Змрок і пыл. Жыта пры дарозе. Страшна хочацца піць

Потым адчуваю першы прыліў стомы. Але змушаю сябе да руху. Зарыва злева не знікла. Хвілямі чую вельмі далёкую кананаду. Гавару сам сабе: затрымлівацца нельга. Паніка вынікла не без поваду. Па дарозе гаварылі пра Злочаў і нават Цярнопаль, што там немцы. Трэба выскачыць з таго мяшка.

Пастанавіў ісці цэлую ноч, а на досвітку сысці з шашы і рухацца лясамі. Ведаю адно: ані хвіліны ў гітлераўцаў.

Пахне гарэлым. Пры дарозе стаіць легкавы аўтамабіль. Падыходжу - нікога. Спалены.

Ноч. Ледзве бачная яснасць на поўначы. Дарэчы, гэта ноч Святаянская!

Машыны. Вёска. Пры адной з машын нейкая гаворка. Гарыць агонь - спакойны, хатні, толькі што ў незвычайным месцы: недзе, дзе колы вырастаюць! Хачу ўразуміць іх: што распалілі агонь, які можа прывабіць самалёты. У той момант гаворка становіцца крыкам. Агонь вырастае, нехта махае радном. Загарэлася шасі грузавіка. Крык жанчын і дзяцей. Агонь дабраўся да бака з бензінам, раптам выбухае!

У тую ноч уся дарога была як бы размечаная такімі спаленымі аўтамабілямі, асабліва легкавымі. Не ведаю, што з імі рабілася. Нехта кажа, што пазабывалі пра ваду ў радыятарах. Думаю, што хутчэй тыя радыятары ім папрабівалі..

Мінаю пажар, іду цераз цёмную вёску. Ледзве відны белыя сцены "мазанак". І толькі. калі падыдзеш тар у твар, убачыш постаці маўклівых мужыкоў. Стаяць каля плоту, глядзяць на шашу і думаюць: зноў нясе ... .

Святаянская ноч і ранак

Прычапіўся да мяне нейкі тып з Уладзіміра. Чуючы маю расейскую мову, прыняў мяне за "савета" і думаў, што са мной бдзе яму лягчэй. Вёў ровар і размовы. Ужо праз дзесяць хвілін меў яго дастаткова: гэта быў нейкі камбінатар.

Ноч. Шаша. Ад гарызонту да гарызонту бліскаюць агні грузавікоў, якія на хвілю запальваюць фары. Калі б тут былі немцы, маглі б усё перастраляць: шаша абазначана тымі пробліскамі, як вуліца бойкага горада.

Але немцы занятыя за некалькі дзясяткаў кіламетраў на поўнач, на галоўнай кіеўскай шашы, дзе зараз шалее магутная танкавая баталія.

Запах красаваўшага збожжа і пылу. Самотныя бярозы пры дарозе.

Вельмі цёмна. Мне хочацца спаць. Несвядома зварочваю з дарогі і сунуся ў жыта. Уладзімірац кліча мяне, потым рушыць далей.

Мяжа вузкая і няроўная. Кладуся, захінаюся плашчом, скрутак кладу пад галаву. Заснуць не магу. Шаша пастаянна бурчыць ад машын. Адрыўкі размоў. Цвёрда, холадна. Ляжу з нейкую гадзіну. Гляджу на зоркі. Потым устаю, іду далей.

Кіламетр за кіламетрам. Цёмныя вёскі з прытаіўшыміся ля плоцікаў мужыкамі.

Даліны, узгоркі, дарога падымаецца і апускаецца. Пачынае развідняцца.

Нейкая вялікая вёска. Спераду, направа ўзгорак. Самотны і далёкі.

Доўга іду да яго. Не рухаецца, як бы прыклеены да гарызонту. Даганяю групку жаўнераў. Потым яшчэ некалькі. Потым цэлы аддзел, без зброі, змучаных да рэшты, маўклівых.

Пры дарозе нейкі ручаёк. Жаўнеры здымаюць боты, ідуць па вадзе. Сядаю, мачу ногі.

Нарэшце мінаю той узгорак. За ім новы, даўжэйшы. Гэта падольскі парог, іначай Мёдаборы.

Світанне паўзе з поўначы на ўсход, набірае фіялетавыя адценні. Хутка дзень, трэба будзе зварочваць з гэтай шашы, яшчэ да таго ўзгорка.

Людзі становяцца бачнымі. Шаша. Фурманкі. Вёска. Дзве хаты каля дарогі, рэшта далей, каля ўзгорка. Нейкі жаўнер п'е малако. Адкуль? Паказвае на вёску.

Зварочваю, апанаваны раптоўным голадам. Мужык мяне праводзіць. У чыстай, пустой хаце п'ю малако, шклянка за шклянкай, частую папяросамі гаспадароў, дыпламатычна ні пра што не пытаўшых, плачу, выходжу.

Выдатны, чысты ранак. Раптоўнае вуркатанне самалёта. Бачу яго тут жа над шашой, невысокі, невялікі.

Адразу бах, бах! А, дакладней - гром, гром! - такія звоны, як бы ў кузні гіганцкі срэбны молат.

Дым. Недзе над шашой.

У вёсцы крык. Нейкая фурманка зварочвае з шашы, пудам улятае паміж хатамі, выскаквае з хаты кабета з дзіцем і мужчына, кабета раве, як бы яе рэзалі, бяжыць, падае пад плот і не перастае верашчэць. Самалёт яшчэ кідае некалькі бомб, потым раптам трэск стрэлаў з кулямёта, мерных, рэгулярных, не надта хуткіх.

Я пісаў "Гэты і той бераг моста" не бачыўшы вайны, апісваў налёты на шашу "ў сляпую". Цяпер правяраю: згаджаюся.

Досыць хутка (але не бягом) паварочваю, іду пад гару, паміж кустамі. Самалёт ужо паляцеў. Пагорак прыгожы, досыць круты, засаджаны рэдкімі, але магутнымі дубамі, грабамі, асінамі. Ніжэй джунглі кустоў. Поўна кветак. Шукаю палянку, каб заснуць. Днём па шашы, брр...

Кладуся на сонцы. Холадна, не магу заснуць. Раса. Унізе вёска. Ногі нацёртыя. Пераглядаю кішэні. Знішчаю ўсякія паперкі, за выключэннем пасведчання асобы і пасведчання Саюза пісьменнікаў. Кананада на поўначы расце.

Праходзіць нейкі мужык. Пачынае размову, поўную недагаворак. Мае сына ў турме. Я не падтрымліваю размовы. Адходзіць.

Яшчэ нейкі самалёт. Я нарэшце не вытрымліваю, рушу.

Найпрыгажэйшы чэрвеньскі дзень. Адчуваецца такім далёкім ад учарашняга дня, ад Львова, ад Ірэны і Евы. Ужо ў тым журба. І нейкая бяздумнасць, безтурботнасць. Я адарваны ад усяго. Нават, калі думаю сабе, што ў Злочаве могуць быць немцы, не адчуваю страху. Неяк спраўлюся. Усё становіцца нейкім нерэальным.

Сцежка вядзе ўніз. Мінаю незлічоныя завулкі, рачулкі, падворкі. Сустракаю нейкага маладога яўрэя. Таму я зноў падаюся аднадумцам. Паведамляе з неспакоем: мужыкі пачынаюць наравіцца. У млыне, дзе ён працуе, разбілі склады, выцягнулі некалькі там мяшкоў мукі. Што ў Львове?

Выходжу на палі. Далёка разбомбленая вёска. Іду хутка, абы да наступнага ўзгорка. У рове, поўным вады, ляжыць маска газаахоўніка. Мне робіцца не па сабе на від такога марнавання вайсковай маёмасці. падымаю тую маску.

На шашы рух. Аддаю маску першаму вайскоўцу. Глядзіць на мяне падазрона: ці не вар'ят?

Аўтамабілі з Львова на Злочаў, з бабамі і клункамі. І такія ж самусенькія, з бабамі і клункамі - са Злочыва на Львоў. Дзіўна, што гэта значыць? Распытваю пра Злочыў. Большасць маўчыць, іншыя кажуць, што наш. Але чаму тады тыя бабы адтуль?

Палявы аэрадром, толькі што разбомблены. Але слядоў не відаць. Прыспешваю крок. Зварочваю з шашы. Прыгожая, узгорыстая ваколіца. Раптам аглядваюся.

Самалёт тут над жытам, на вышыні майго твару. "Каціны палёт". Падкраўся незаўважна. Што за цудоўны від. Тым больш, што гэта наш!

Узлажу на пагорак, увесь у густых кустах. Доўга ляжу пры крынічцы, п'ю ваду, нюхаю нейкую фантастычную, дзікую і прыгожую кветку.

Вельмі доўга цягнецца гэты дзень. Я зусім адзін. Як бы не было вайны і ўцёкаў, а толькі нейкая маёўка ці вяртанне ў Банева новай дарогай.

Злочаў

Сонца павярнула на захад, да Львова, калі я вярнуўся на шашу. Матацыклісты. За дрэвамі замаскаваныя пасты, правяраюць мае дакументы. Я змучаны, прашу фурманаў падвезці. Нарэшце адзін мяне бярэ - за 20 рублёў. На возе дзесяць чалавек, пераважна "саветы".

Трасе страшна. Змучыла тое сядзенне, але адпачылі ногі.

Прыгожы летні дзень. Перадвячэрняе неба без хмаркі. І толькі адзін, тонкі, роўненькі слуп чорнага дыму, як бы нехта правёў рысу па тым зеленаватым небе тоўстым, чорным алоўкам.

Гэта ўжо Злочаў. Гэта гарыць на вакзале разбамбаваны цягнік. Быў тут аднак дэсант, як кажуць на возе. Пры дарозе рэшткі самалёта - нашага.

Пры ўездзе правяраюць дакументы. Ратуе мяне маё месца нараджэння - Менск. Пускаюць у горад.

Вуліцы забітыя: войска, аўтамабілі. У піўной яшчэ можна дастаць нешта з яды: булку, сала, піва. Прадаюць нават піражкі!

У горадзе аблава. Жаўнеры ў касках акружаюць нейкі дом. Вакзал гарыць, спакойна, мірна, ніхто на яго не звяртае ўвагі.

Выходжу з горада. Шаша маляўніча ўздымаецца і ападае. Пасля шасці кіламетраў ногі зноў бунтуюцца.

Вёска. Тры грузавікі з бабамі і клункамі. Жонкі вайскоўцаў. Сядаюцца. Кіруе той аперацыяй нейкі сяржант. Стаю і гляджу ўпрошвальна на яго. Не звяртае ўвагі.

Бабы сварацца. Кожная мае пяцёра дзяцей і дзесяць клункаў. Адна не хоча каля другой сядзець. Пералазяць з машыны на машыну. Сяржант не можа з імі справіцца, гэта жонкі яго начальнікаў. Адна, як вынікае з іх самахвальства - жонка камандзіра, другая - камісара. Рэшта жанчын толькі ўздыхае, чакаючы, пакуль тое скончыцца.

Гляджу на сяржанта. Мой погляд пачынае быць яму ў цягасць. Раз і другі акідвае мяне нецярплівым позіркам. Спрабую неяк "дамовіцца". Дапамагаю камісаршы перацягнуць яе клункі ў іншую машыну, абы не з "той". Цягну галіну і ўтыкаю каля кабіны: "маскаванне". І пастаянна гляджу на сяржанта.

Нарэшце з адкрытым пісьменніцкім пасведчаннем падходжу да яго. Але ўжо мая "аблога" маральна зрабіла сваё. Нават не глянуў:

- Туды!

Гэта значыць трэцяя машына, санітарка, але папсаваная. Улажу ў будку. Два жаўнеры, нейкая бабка з дзіцем і дзяўчына, "тутэйшая", служанка некага з афіцэраў. Машына трасе, як ліха. Едзем хутка. Жаўнер з карабінам сядзіць ззаду, глядзіць "тэарэтычна" на шашу. Тым актыўнейшы той пры дзяўчыне. Вартаўнік злуецца, дае мне карабін і таксама перасоўваецца да дзяўчыны.

Цёмна, спыняемся. На шашы велізарная калона людзей.

Трэці жаўнер вылазіць з кабіны, кажа мне туды лезці. Выдатна. Рушым зноў. Мякка не трасе. Паспаў бы, але дзверцы не зачыняюцца, мушу іх трымаць. Упадаю ў дрымоту і што хвіліну прачынаюся са страху, што выпаду.

І вось мінулі сорак кіламетраў, суткі напружанага маршу - за пару гадзін. Ноч. Цярнопаль.

Цярнопаль

Ноч, амаль дасвецце. Машына высаджвае мяне ў цэнтры. Шукаю рэдакцыю "Бальшавіцкай праўды", акружной газеты, якая рэдагавалася на польскай мове Дружбацкім. Гэта савецкі паляк. Малады, высокі і худы, вельмі парадачны, не дурны. Сустракаў яго ў Львове, дзе ён звяртаўся да мяне па матэрыялы.

Іду цёмнай вуліцай. Што крок, патрулі. Правяраюць дакументы. Пытаюся пра "Бальшавіцкую праўду", і гэта дапамагае.

У рэдакцыі нікога няма. Дзяжурная дазваляе пагасціць. Пару гадзін сну.

Дружбацкі:

- Ну што ж? Значыць, заставайся. Хоць чаго было выходзіць? У Львове ўсё ў парадку.

Гэта хутчэй у Цярнопалі пэўны парадак. Цэлы дзень сяджу за сталом. Перакладаю нудны, як флякі з алеем артыкул Вольгі Кабылянскай, прысвечаны вайне. Пішу таксама верш на тую ж тэму.

Тут ёсць пару прыемных хлопцаў. Нейкі Гаўронскі, яшчэ двое. Ем добры абед. Пачынаю думаць, а можа Дружбацкі рэальна мае рацыю? Можа вярнуцца?

Адпужвае мяне адна акалічнасць: успаміны львоўскага бязладдзя. Там ніхто намі не цікавіўся, нікому мы не былі патрэбныя. Гэтыя больш пачцівыя можа адчувалі збянтэжанасць, што не могуць нас эвакуяваць. Іншыя мелі па-просту большыя клопаты.

Тут нарэшце я на нешта прыдаўся - паводле сваіх магчымасцяў змагаюся пяром супраць Гітлера, хоць бы, як на першы раз, то незвычайна трапна...

Налёт. Шалёная кананада: артылерыя адганяе самалёты. Пару застрэленых. Д'ябальскі не хачу вяртацца таксама і з той прычыны...

На працягу дня яшчэ пару налётаў. Абарона выдатная. Тут размяшчаецца штаб нейкай вялікай часткі: пазней даведваюся, аж Паўднёва-заходняга фронту!

Першыя зводкі. Невыразныя: бітва пад Менскам і Луцкам. Але нашыя хлопцы тлумачаць гэта ўсё вельмі лёгка. Не бачылі яшчэ ні сапраўднага налёту, ані панікі. Сплю ў рэдакцыі.

Назаўтра рана з'явіўся з жонкай бледны, запылены Пастарнак. Той бачыць, што панікі няма, рэагуе вельмі бурна:

- Не кажыце мне, таварыш, я ведаю, гэта цяжкая памылка! Не павінен быў з Львова...

Пастарнакі выйшлі ў той жа вечар, што і я, толькі што затрымліся ў дарозе. Былі з імі такія, хто вярнуўся ў Львоў. Ужо іх не ўбачым: пераважна пагінулі пры другіх уцёках.

Жывём у нейкага кузіна Пастарнака, лекара, які пакінуў сваё памяшканне. Цэлы дзень сядзім у рэдакцыі. На вуліцах войска, танкі, запыленыя шапкі і твары. Налёты цераз кожныя пару гадзін. Пачынае іграць артылерыя. Перасоўваюся пад сцену. Дом аднапавярховы, але стары, муры тоўстыя. Перакладаю артыкулы.

Гаўронскі і іншыя крычаць: зараз іх разаб'ём. Непрыемны гэты аптымізм, як той з Жэшавам і Люблінам. Не паддаюся сумненню, што прынамсі ў першай фазе вайны перавага немцаў будзе ліквідавана. Уся справа ў тым, дзе іх затрымаюць. Зводкі гавораць пра Барысаў і Бабруйск. Гэта вельмі кепска! Бо таемна марыў пра старую мяжу, дзе, здаецца, былі збудаваныя вельмі моцныя лініі абароны. Тыя Барысавы сведчаць, што і гэтая лінія ўжо пяройдзена.

Таму размовы пра вяртанне ў Львоў так нярвуюць. Ведаю з таго першага дня, што нельга разлічваць на нечую дапамогу зверху ў раптоўных выпадках...

Шмат знаёмых. Плонскі, Грош і Браўн (з Кіева, спецыяліст па "тылу"). Яны ў "палітупраўленні". У мундзірах, са зброяй. Выклікаюць маю жывую зайздрасць. Просім, каб і нас узялі ў войска. Абяцаюць нехаця. Канешне не зробяць нічога.

Бомза ў мундзіры! Вярнуўся тады ў Львоў. Назаўтра ваенкамат яго мабілізаваў, пашмарт адабраў, даў мундзір. Выйшлі з аддзелам. Пад Злочавым усіх "заходнікаў" распусцілі на ўсе чатыры вятры. І вось ён тут - у мундзіры, але без пашпарта! Іцак Фэфер, яўрэйскі пісар з Кіева, абяцае яму дапамогу.

Я прыйшоў у Цярнопаль у сераду. У нядзелю ўбачыў чорныя, спаленыя паперкі ў паветры. Прыйшоў Прыходзька, састарэлы і няшчасны. Яго жонка і дачка загінулі ў транспарце, спаленым у Злочаве. Прапануе нам выезд вечарам у Кіеў.

Але вечарам не з'явіўся. Тэлефануе, што не вядома, калі той цягнік. Ведаю ўжо, што гэта значыць: разлічвай на сябе самога.

Назаўтра, на світанні 30 чэрвеня, выходзім утраіх з лекарскага дома.

Жмерынка

Шаша і грузавікі. Адзін нас падвозіць некалькі кіламетраў. Палявы аэрадром, вялікі і акуратны. Пару спаленых самалётаў - з боку, шмат непашкоджаных знішчальнікаў. У паветры патрулюе дзяжурнае звяно. Былі гэта яшчэ тыя смешныя куртатыя "ястрабкі", якіх столькі знішчылі на пачатку вайны.

Шмат войска на дарогах. Сонца, гарачыня. Пры дарозе стары мужык з вядром малака. Від вайны пэўна ўсё яму памяшаў у галаве. П'ём па некалькі шклянак, гатовы плаціць дзесяткі рублёў. Хоча дваццаць капеек.

Група людзей будуе дарогу.

Падвалачышка. Доўгая вёска. На вакзале платформа з цюкамі. Налезла туды шмат баб. Пытаемся пра цягнік.

- А сядайце. Можа пойдзе. Калі? Не вядома.

Як фраеры ідзём у міліцыю па дазвол.

- Ніякіх прапускоў цераз былую граніцу.

Знерваваныя сядаем у цяні касцёліка. Шмат бежанцаў. Пазнаю такога худога, чорнага з рухавымі вачыма і тварам. Гавораць, што гэта брат Барэйшы. Недзе паблізу мусіць таксама быць Слабоднік: у раённай газеце знайходзім яго вершык.

Бежанцы гавораць, што цераз граніцу перайсці нельга, што патройная лінія пастоў, рака, марна гаварыць.

Каля паўдня мне гэта надакучыла. Ідзём пяшком.

Даліна ракі. Збруч балоцістая і вузкая. Мост. На мосце памежнік.

Іду, падрыхтаваўшы доўгую прамову, што пісьменнік і г.д.... Акурат самалёт, вельмі высока. Памежнік застумае мне дарогу, касавурыцца ў неба. Не маю вялікай надзеі, сказалі ж: ніякіх прапускоў.

Памежнік аддае мне дакументы без слова. Пераходжу, сам сабе не верачы. Адразу за мной - Пастарнакі. Канешне, "ніякіх прапускоў".

Здаецца, патрапілі якраз на момант скасавання тых абмежаванняў...

Валачышка. Цягніка няма. Чакаем у скверыку перад вакзалам. Вечарам узлазім на нейкую платформу. Цёмна. Пачынаецца лёгкі дожджык. Ноччу рушым, пякельна галодныя: нічога з яды.

На кожным прыпынку цягнік чакае гадзінамі. Дождж лье. Мерзнем, змоклі да ніткі. Цёмна. Чорны будынак вакзала. У гары, вельмі высока, знаёмае выццё нямецкага самалёта. Здаецца, што гэта нас шукае, круціцца, ціхне, паварочвае. Нарэшце адлятае.

На платформе людзей што раз меней. Усе параспаўзліся па вагонах. Сядзі ўтраіх, прытуленыя, пакрытыя маім пакрывалам і прамоклымі газетамі. Нарэшце і мы спрабуем шчасця. Нас пускаюць у таварны вагон. Месца акурат толькі, каб стаць. Едзем у "водары" мокрай вопраткі і ног. Вельмі холадна.

Досвітак. Спыняемся каля Пласкірава. На гарызонце перад намі бліскі, пасля доўгай хвіліны гукі. Трывае гэта з гадзіну. Налёт.

Ранак. Едзем. Каля рэек вырвы ад выбухаў. У вагонах едуць рэзервісты, прызваныя ў франтавыя палкі. Пакуль даехалі, палкі былі разбітыя. Сказалі ім спыніцца ў Пласкіраве ў каменданта. Але ім не хочацца.

- Дзе гэты цягнік, там і мы, - кажуць. - Чаму павінны спяшацца.

Жмерынка. Голад выпіхвае нас з цягніка: суткі нічога не елі. Рэйкі, рэйкі. Велізарная станцыя. На кожным кроку кучы бруду. Міліцыянт. Пытаемся:

- Дзе тут можна нешта з'есці?

- Нічога няма.

- Рэстаран? Можа на вакзале? Можа ў горадзе?

- Нічога няма.

Голад даймаў. Зырылі на кожнага з акрайцам хлеба. Яшчэ хвіля і пачнём жабраваць.

Вакзал далёка. Ідзём нарэшце, па дарозе два разы зварочваем на свіст лакаматыва, перапужаныя, што цягнік адыдзе. Нарэшце на вакзале.

Што за сцерва той міліцыянт! У буфеце салодкі пірог з сырам, трускалкі, кількі, селядцы, смажаная вантроба, абед з хлебам і мясам.

Вяртаемся да цягніка з пірагом. Потым ідзём у горад і вяртаемся з папяросамі. Смешная, малая мясціна. Год таму правялі тут жахліва нудныя суткі. З ядой тады было горай.

Сядзім у "нашым" цягніку. Свіст. Уязджае доўгі, стовагонавы таварны цягнік. Стае. З усіх акон вылазяць дзіцячыя азадкі - вагоны перапоўненыя, і маці не могуць іначай задаволіць патрэб сваіх пацех.

Гэта цягнік з Чарнавіц. Гэтыя выехалі "з выгодамі". Поўна лам'я. Палова аднаго вагона занята клеткамі з жывымі гусямі.

Лічачы, што гэты цягнік пойдзе першым, спрабуем туды перабрацца. Знайшлі тамбур, яшчэ не забіты, сядаем.

Збоку вайсковы цягнік. Платформы з гарматамі, аўтамабілямі, танкамі. Што пару вагонаў - пачварны зенітны кулямёт. Размаўляем, жартуем, ужо наетыя і ўсцешаныя перспектывай хутка дабрацца да Кіева.

Раптам усё ціхне. Нехта пачынае ўцякаць. Сірэны. Семдзесят жмерынскіх лакаматываў пачынаюць рычэць. Гэты рык найгоршы. Уцякаем цераз рэйкі, сыплемся з высокага насыпу. Сядаем, заслоненыя раптам ажно кустом глогу.

Трывога не страшная. Нават не страляюць.

Але потым за кожным разам, калі салдат на платформе падыме ўверх рулю кулямёта - мімавольна робіцца крок у кірунку дрэваў, абы далей ад таго цягніка.

Змярканне. Прыходзіць нейкі смаркач у блакітнай шапцы - начальнік цягніка - і кажа нам выбірацца з тамбура. Адходзім і адразу вяртаемся.

Нажаль, адразу вяртаецца і начальнік. Зноў нас выганяе. Сабралася такіх з дваццаць, галоўным чынам з Львова. Ідзём за ім, просім доўга і прыніжана.

- У тамбуры нельга!

- Так, але вагоны перапоўнены.

- Не. Не і не.

Ён не раздражняецца. У грунце рэчаў мы імпануем яму, паказваючы мяжу яго ўлады. Ідзём за ім, паказваем пасведчанні, смяёмся з яго дрэнных жартаў.

Спрабуем купіць яго Карнейчуком.

- А гэта хто?

- Старшыня Саюза пісьменнікаў Украіны.

Нічога яму гэта не гаворыць, дзіўна. Чым найхутчэй дадаём:

- Таксама намеснік старшыні Савета Народных Камісараў...

Ужо запозна, агеньчык зацікаўлення маёй асобай, і так ледзве тлеўшы, знікае. Пагаджаецца пусціць Пастарначыху: жанчына. З гвалтам і крыкам уціскаем яе да забітага немаўлятамі вагона. Пастарнак улазіць за ёй. Начальнік кідаецца на яго: мужчына! Пастарнак доўга яму тлумачыць: муж.

Са мной няўмольны. Максімум уступак: каб прынёс "спраўку" ад каменданта станцыі. У тагачасных абставінах на гэта такі ж шанец, як і ў жадання злавіць жарптушку.

Цягнік у кожную хвілю можа пайсці. Вакзал за два кіламетры. Іду, адчужаны, і так не выйсце - тут начаваць.

Па дарозе затрымліваюць мяне праз кожныя два крокі. Нарэшце сам выцягваю пашпарт і паказваю першым. Так выходзіць хутчэй. Бо, пакуль запытаюць, доўга, недаверліва глядзяць і затрымліваюць, калі я ўжо іх мінаю.

Вакзал велізарны. Цёмна. Унутры поўна людзей. Нікога не відаць, і кожны крок - гэта тры здарэнні.

Хаджу і пытаюся: дзе камендант вакзала, дзе камендант...

Кожны другі нешта мармыча, кожны пяты адсылае некуды яшчэ. Нехта гаворыць, што ў горадзе, каля вакзалаю. Ноч. Цёмна. Знайходжу ўказаны дом - адтуль пасылаюць на вакзал.

Роспач. Нічога не відаць. Дзяжурная руху, якая год таму так бліскуча арганізавала "пасадку" - пасылае мяне ў тунэль. Два разы схадзіў - ніхто нічога пра каменданта не ведае.

Трэці раз лезу ў яму. Ужо хутчэй з прынцыпу: дзве гадзіны тут швэндаюся, цягнік ужо пэўна пайшоў. Але я ўсяроўна не маю нічога лепшага да работы.

Тунэль доўгі, блакітнаваты агенчык недзе далёка. На падлозе спяць салдаты са змучанымі тварамі. Праходжу, з другога боку ступенькі ўверх, зноў у цемнаце. З той цемнаты крык:

- Хто ідзе?

- Да каменданта.

- Калі прыехалі?

- А дванаццатай.

- А дванаццатай? І толькі цяпер аб'явіліся? Дзе вашае пачуццё абавязку? У тых пятнаццацігадовых дзяўчат з парашутамі...

Слухаю доўгі час, не разумеючы, за што на мяне крычыць. Нарэшце перапыняю:

- Я пісьменнік ...

Голас змаўкае. Потым прабачаецца. Узыходжу наверх.

Маленькі пакоік. І тым большы малады велікан, светлавалосы, блакітнавокі, з вялікім прамым носам, напэўна лейтэнант. Глядзіць на мяне, выглядае, што не разумее, што я гавару. Гаворыць дзве хвіліны і за гэты час атрымоўвае тры тэлефанаванні і пару візітаў салдат. Кідае ў слухаўку: "Так, ад'едзеце праз пятнаццаць хвілін, высылаю лакаматыў", альбо: "Падрыхтаваць тысячу салдацкіх порцый на другую ноль-ноль", альбо: "Сігналізуюць, што ў Вінніцы, але там налёт".

Салдатаў бліскавічна адсылае ў цягнікі, пачакальню, горад, куды належыць. Гляжу на яго захоплены, з гонарам, збянтэжаны: што з такой дробяззю...

Мужчына працуе, як машына. Хоць не вельмі вялікая, адчуваецца ў яго стомленасць. Напэўна ўжо пару дзён сядзіць так у тым д'ябальскім млыне.

Ужо без слоў, падсоўваю свае паперы. Глядзіць на мяне, не на паперы, бярэ нейкую картку, піша, ставіць пячатку, без слова мне аддае.

Не верачы ўласнаму шчасцю выскакваю з вакзала. Цёмна. Жудасная блытаніна рэек, стрэлак, семафорных пераходаў. Што хвілю пытаюцца дакументы, якіх нельга разгледзець, бо забаронена паліць святло.

Адчуваю трыумф, як той рыцар з казкі, якому грозны ўладар загадаў прынесці чарадзейную жар-птушку, аддаючы ўзамен руку дачкі і паўкаралеўства - месца ў цягніку. І гэтая птушка, дзякуючы таму зычліваму велікану, трапеча ў маёй далоні папяровым шэлестам.

Цягнік стаіць! Бягу ўздоўж вагонаў, крычу: "Начальнік, начальнік!" Раптам голас:

- Я начальнік, Чаго крычыце?

Задыханы, паказваю паперку. Глядзіць на мяне, як на вар'ята. Гэта не той. Той смаркач недзе знік. А гэты аддае мне абыякава чарадзейную птушку і гаворыць:

- Добра, паедзеце. Але не ў тым цягніку.

- Чаму?

- Перапоўнены.

- У тамбуры...

- Нельга.

Паварочваецца і адходзіць. Паварочваюся і адходжу, раз'юшаны. Лопнула ўва мне адна са струн душы: павага да законнасці.

Знайходжу першы тамбур. Сядзіць там пяцёра дзяўчат з вёскі. Мейсца няма. Сядаю на ступенькі. Парэнчаў няма, трэба абапірацца на сцяну вагона. Дзяўчаты не пратэстуюць, сонна абменьваюцца паміж сабою некалькімі абыякавымі фразамі, асветленымі цудоўным наддняпроўскім "л".

Уваход у Кіеў

Ноччу цягнік рушыць. І ўжо ніхто аж да Кіева не спытае мяне пра права на той цягнік. Сяджу, значыць маю права...

Ноч цёплая. І зноў мучыць мяне кашмар. Што хвілю засынаю, не маючы за што схапіцца рукамі. Цягнік імчыць. Адрыўкі сноў прыходзяць да мяне і блытаюцца з фрагментамі начных, паўбачных пейзажаў. За мной зрэдку сонна мармычуць дзяўчаты.

Засынаю - і прачынаюся ўражаны, што лячу ў пустату. Не падаю. Святло застае нас пад Фаставам. Прачынаюся на станцыі. Відно. Вагон наш стаіць каля бабы, што сядзіць на стосе клункаў. Другая сядзіць побач на меншым. Размаўляюць талкова, хоць з драбком неспакою:

- А мае ночвы засталіся. Такія добрыя, яшчэ амаль новыя...

Як бы з Пушкіна...

На пероне прадаюць піражкі. Прыношу цэлую кучу, частую дзяўчат. Едуць дадому, пад Канеў. Працавалі на шашы пад Злочавам. Вайна, налёт, дырэкцыя знікла, не выплаціўшы належнага, едуць, як Пан Бог дасць...

Цяпер цягнік валачэцца. Прыстанак "Пост Валынскі". Тут мусіў быць налёт: разгромлены баракі. З-за гэтага што хвілю спыняемся. Мне не церпіцца: а шостай Саюз пісьменнікаў заканчвае нараду, а так бы хацеў нарэшце знайсці апору, нешта рабіць, на нешта прыдасца...

Нарэшце рызыкую, злажу з цягніка. Тут ужо драўлянае прадмесце. Дрэвы, агародзікі, малыя домікі. Дождж. Людзей не шмат, але кожны напатканы неяк дзіўна на мяне аглядваецца. Пачынаю здаваць сабе справу, што выглядаю дзіўна: у вясёнцы, але з голай галавой. Пад пахай скрутак.

Паварочваю ў першую брукаваную вуліцу. Каля малога доміка стаіць ветлівы і мілы дзядок, такі з кніжак для дзяцей. Глядзіць на мяне аслупянелы, але ні пра што не пытаецца. Мінаю яго і адчуваю, як у ім змагаюцца страх і жаданне спытаць пра дакументы: паварочвае за мной твар, як сланечнік. Робіцца мне яго шкада, чаму ён павінен мець папрокі сумлення

- Пэўна хочаце паглядзець мае дакументы? - кажу да яго. - Калі ласка.

Дзядок абрадаваўся, але і змяшаўся. Хапае мой пашпарт, бачыць на вокладцы тыповы штэмпель дзяржаўнага герба, разліты нечытэльнай чорнай плямай і з радасцю, што гэты ветлівы чалавек - не дыверсант:

- Не, не, дзякую, ужо не трэба. Я ведаю. Ёсць гэтая пячатка, значыць добры пашпарт. Нямецкія без пячаткі.

Пакідаю яго, не адважваючыся бурыць яго ілюзій. Вельмі шчаслівы.

Групка васьмігадовых дзяўчынак на мой выгляд перапыняе гульню ў класы і глядзіць у маўчанні на мой плашч і голую галаву. Потым усе рушаць за мной.

Задзесяцігадовыя падлеткі пераходзяць на мой бок вуліцы, становяцца на дарозе і грозна глядзяць. Выцягваю дакументы. Праглядаюць, трохі канфузяцца, нарэшце ідуць, перапрашаючы за падазрэнне. Размаўляем пра тое, пра сёе. Міліцыянт бачыць гэтую кампанію і падходзіць да нас. Зноў аглядае дакументы, кажа стаяць, тэлефануе ва ўчастак. Хлопцы набіраюцца важнасці, пачынаюць адганяць дзяўчынак, глядзяць на мяне з-пад ілба: гэй, нешта тут павінна быць...

У міліцэйскім участку зноў дакументы. Кажу: патэлефануйце ў Саюз пісьменнікаў.

- Добра, - адказваюць. - Вы тут сабе пачакайце.

Сяджу злы, гляджу цераз акно: натоўп падшпаркаў ля дзвярэй не расходзіцца. Пачуваюся нудна і нашча.

Нарэшце міліцыянт аддае мне дакументы.

- Праверылі?

- А мы і так ведалі.

- То для чаго мяне трымалі?

- Каб зявакі разышліся. Ідзіце і не рабіце зборышчаў.

Кіеў 3 ліпеня

У клубе пісьменнікаў ужо паўзмрок. Зноў дакументы. Але пасля студзеньскага візіту ўжо мяне тут ведаюць. Бажан кажа, што пераначую ў "салоне", а пакуль, каб паабедаў у рэстаране.

Ах гэты растаранчык! Гэтая калекцыя налівак асабліва! Выпіў 100 грамаў шафранаўкі, у галаве ў мяне пачало кружыцца, пачуўся супакоеным, знармалізаваным: нарэшце канец уцёкам, нешта сталае пад нагамі. Нарэшце нешта рабіць...

Пайшоў у сакратарыят. Паўзмрок, святла запальваць не дазволена. Круцяцца людзі, твараў іх не бачу, гавораць, шэпчуць, аглядаюцца па баках.

Санлівасць мяне агарнула. Далятаюць толькі абрыўкі слоў: "для мяне два месцы", "для мяне тры", "канешне ў першым цягніку, не забудзьце..."

Што за д'ябал? Пасля першай хвалі здзіўлення адчуваю, як мне па душы пачынаюць поўзаць першыя мурашкі неспакою. Няўжо ўжо і тут?

Але калі спрабую запытаць, у чым справа - усе разлятаюцца, як пух: а нічога, нічога!

Сплю цудоўна, на крэслах. Гэта ж не тамбур.

Назаўтра найпрыгожы сонечны ранак 3 ліпеня. А пятай з раніцы выступаў Сталін. Горад узрушаны - маюць перадаваць зноў.

Іду да цырульніка. Дабрадушны, поўны дзядок. Забаўляе мяне размовай: "Як падстрыгчы бачкі? Адкуль прыехалі?"

Сяджу з намыленымі шчокамі і слухаю Сталіна. Дзверы адчыняюцца, тупат жаўнерскіх крокаў, патруль маладых людзей з карабінамі. Тупат ціхне за маім крэслам. Камандзір, напэўна студэнт:

- Грамадзянін, дакументы!

З уздыхам выцягваю цэлы пачак. Праверыўшы камандзір прабачаецца, і ўвесь аддзел спружыніста адходзіць. Дзядок, як бы нічога ніякага, заканчвае галенне. Спрытнюга! Калі здалеў іх выклікаць?

Дастаткова мне таго. Пакідаю плашч у Саюзе, купляю за тры рублі саламяны брыль, надзяваю. У імгненне вока станаўлюся адным з трох мільёнаў "мясцовых". Гэта сапраўдная шапка-нявідка. Больш мяне ніхто нідзе пра дакументы не спытаў.

Горад прыгожы. Ліпы ўжо цвітуць. Няма леташняга пылу. Ну і завалены таварамі, на вуліцах поўна прадаўцоў булак, піражкоў, трускалак.

Налёт, але ніхто не звяртае на яго ўвагі.

Заходжу да Барэйшы, якога вайна застала ў Кіеве. Жыве ў "Кантыненталі". Ляжыць голы з абвіслым жыватом і чытае кніжку. Пакрыўджаны на розныя рэчы. У тым ліку на Пруткоўскага, які насылае на яго бабаў з патрабаваннем грошай, немаведама за што.

Прыходзіць Галан, які быў у Кактэбелі. Дзясняк таксама ў Кіеве. Ведаюць ужо пра Тудора, Гаўрылюка і іншых.

Вечарам сустракаемся на абедзе ў пісьменнікаў. Васілеўская, Дзясняк, Барэйша, Пастарнак. Галан, Слабоднік, Карнова. Якраз плануем нейкую супольную імпрэзу, каб нарэшце "нешта" рабіць, калі з'яўляецца працаўніца з сакратарыяту і чытае нашыя прозвішчы. Кажа быць праз паўгадзіны каля дома пісьменнікаў. Адтуль адыдзе машына на вакзал: эвакуацыя.

Барэйша пратэстуе: не паеду! Галан таксама. Пастарнак - таксама. Але на першае слова Дзясняка, які "камандуе" выездам, апазіцыя сціхае, усе, апрача Барэйшы, кідаюцца пакаваць манаткі.

Вялікае зборышча каля грузавіка. Чакаем, каб вярнуўся назад. Далёкі налёцік, зеніткі. Рушым. Зноў дождж. Пачынаю нудзіць нейкую песеньку, каб забавіць пяцігадовую дачку Ганчарэнкі, але Гофштайн, які сядзіць збоку, суха прызывае мяне да парадку.

Дождж, залева, мокнем да ніткі. На вакзале зусім цёмна. Перуны. Адвык, падаюцца мне зеніткамі. Позна, пасля паўночы, цягнік нарэшце рушыць.

Дарога ў Уфу

Ранак. Зноў Фастаў. Едзем акольнай дарогай, цераз Крамянчуг. Пэўна, масты на Дняпры забітыя. Вайсковыя цягнікі. Кабеты неспакойна пазіраюць у неба. Доўгая стаянка.

Нарэшце рушым на паўднёвы ўсход. Цягнік ідзе павольна, часта спыняецца ў полі. Частыя вайсковыя цягнікі: вагон, трыццаць платформ з грузавікамі, гарматамі, танкамі, пару "цяплушак" з салдатамі, зенітныя кулямёты.

Паварочваем на ўсход - адтуль што хвілю нас мінаюць. Салдаты маладыя, усмешліва махаюць нам рукамі. Стаю каля акна: палі амаль даспелай пшаніцы, вёскі з садамі, рэчкі ў абдымках вольхаў. Прыгожы край, Украіна. Зразумеў гэта цалкам ужо праз пару дзён.

Вечарам мінаем Днепр. Палтава ноччу. У поўдзень даязджаем да Харкава. Вялікі фабрычны горад. Вакол велізарныя плантацыі яблынь, канца ім не відаць.

Рушым далей. У Капянску хоча выйсці адна мілая, хоць брыдкая дзяўчына, студэнтка фізкультуры. Але цягнік не спыняецца. Мінаем горад на хуткасці. Дзяўчына скача, падае, кідаем за ёй яе клункі. Нічога, устае...

Наступны дзень. Уязджаем у задонскія стэпы. Вялікая станцыя Паворына. Бягу ў горад, каб што здабыць паесці.

Шырокая небрукаваная вуліца. Старыя, драўляныя, пакрыўленыя дамкі. Пыл, гарачыня, пустэча. Ані дрэўца! Які кантраст з Украінай.

Стэпы і стэпы. Вечар, блакітна-зялёныя агні семафораў, цягнік імчыць, адразу выскаквае чырвонае. Рцішчава, велізарная станцыя - ужо асветленая! Дабраліся да краю, дзе няма зацямнення. Глыбокі тыл.

Кепска з ядою. На станцыях трэба доўга чакаць, каб што дастаць. Пачынаем купляць крабаў у кансервах - адзінае, чаго поўна ўсюды. Пенза, пыл. За ёй зноў тут і там лясы. Падарожжа працягваецца, і няма яму канца. Падобна, што едзем у Куйбышаў.

Набліжаемся да Волгі. Пад Сызранню доўга чакалі на ўезд. Поле, месяц. Вылажу з цягніка, кладуся на траве, гляджу на зоркі. Санлівасць. Ноч цёплая. Пачынаю драмаць. Крык, зрываюся, імчуся да цягніка.

Доўга стаім на кожным паўстанку - столькі вайсковых цягнікоў імчыць нам насустрач. Чакаем Волгі. Не вытрымліваю, нарэшце засынаю. Хутка будзяць: "Волга!" Падымаю галаву, разагрэтая да белізны вада, сонца, вочы баляць, засынаю.

Усе пачынаюць упакоўвацца - аж тут вестка: Куйбышаў нас не прымае. Мінаем на хуткасці вялікі горад. Станцыя Кінель - адгэтуль шмат назваў, вядомых мне з "Чапаева".

Лясы і вёскі, без адзінага дрэўца. Шэрыя кучкі дамоў. З'явіліся першыя пагоркі. Нейкая рэчка прыблыталася да чыгункі і доўга круціцца пад нагамі, уся ў вербах і лазе.

З раніцы Уфа. З'явілася новая, большая рака - Белая. Горад на абрывістым беразе маляўніча размешчаны, хоць перш за ўсё домікі драўляныя.

Абходжу горад. Уціснуты ў вузкую паўвыспу з трох з паловай бакоў аточаны рэкамі. Цудоўныя віды: абрыў, унізе рака, а далей, як вокам сягнуць, цёмна-гранатовыя лясы.

Вуліцы, як на шахматнай дошцы, прамыя і доўгія. Драўляныя дамкі на прадмесці такія старыя і малыя, што трамваі пры іх здаюцца дзікім анахранізмам. Потым то адзін, то другі мураваны дом. Потым цэнтр - вялікі гмах "Башсаюзу", "Саўнаркаму", тэатр, сквер.

Шмат розных паркаў, выдатна размешчаных, на жаль, псуюць іх пачварныя статуі з гіпсу, велізарныя партрэты членаў Палітбюро і стэнды з фатаграфіямі герояў працы.

Ідуць перамовы: мясцовыя ўлады хочуць нас пхаць далей. Прыбыў сюды ўжо першы транспарт украінскіх пісьменнікаў, лічаць, што мы можам хутчэй быць у нейкім іншым месцы. Нарэшце пакідаюць і нас. Размясціліся ў клубе чыгуначнікаў, спім на падлозе.

У будцы прадае квас нейкая стараватая яўрэйка. Пачула нас і загаварыла ламанай жудаснай пальшчызнай. Аказваецца, толькі ў 39 годзе прыехала сюды з Вільні і ўжо амаль забыла мову.

У нядзелю забава ў гарадскім парку. Вялікая алея, асветленая ліхтарамі. Ходзяць тут хлопцы і дзяўчаты, займаюцца вельмі нявінным фліртам. Недзе танчаць, але там вялікая цесната. Яшчэ недзе гушканка. У цёмных алеях спацыруюць пары ўжо падабраныя. Асобна веранда: тут паважна і сур'ёзна змагаюцца мясцовыя шахматысты.

На рынку вазы з нечым у выглядзе сечкі. Аказваецца, што гэта "самасад", дамашняя махорка. Праз пару месяцаў як будзе мне яе бракаваць! Цяпер праходжу міма не без пагарды.

Гразь тут нязвыклая. Слабы дожджык змяняе зямлю ў ліпкую, гліністую мазь. "Палац культуры", у якім мы жывём, вельмі прыгожы, толькі што туалеты не працуюць. Арганізавалі буфет. Я нават ложка дастаў, хоць бе сянніка.

А так усю нашую энергію занялі дзве справы, якія былі паміж сабой у стане ідэальнага дыялектычнага ўзаемавыключэння: застацца ў Уфе ці "прапісацца" (зарэгістравацца) і выезд з Уфы.

Справа ў тым, што нас хочуць выслаць у раёны. Не скажу, меў бы нават ахвоту пабачыць нейкую тутэйшую Ліду і ў ёй пажыць. Але ўсе навокал лічаць гэта за найбольшае з няшчасцяў. Таму перажываю разам з іншымі штодзённыя мукі: высылаюць далей, ці не.

Мясцовы Саюз пісьменнікаў выразна нас ігнаруе. Мы не здзіўляемся: наехала сюды столькі кіеўскіх "ардэнаносцаў", што няма часу на нейкіх там са звычайнага абласнога горада. Таму нічым нам не дапамагае ў справе "прапіскі". Звальвае гэта на саўнаркам, які таксама не хоча займацца.

Я ўжо пагадзіўся з выездам у раён, калі Галан зрабіў уражвальнае адкрыццё. Знайшоў нейкую халупку, дамовіўся з гаспадыняй - і ўжо яго зарэгістравалі! Аказваецца, не трэба ніякага дазволу, дастаткова знайсці пакой.

Іду ў Саюз пісьменнікаў. Сядзіць там стараватая жанчына, худая, даўганосая, з бляклымі вачыма. Аказваецца полька і нават завецца Ванда. Ідзём з ёй у "жылкіраванне", атрымоўваю ордэр і ўсяляюся.

Жыла яна ў драўляным доміку недалёка ад абрывістага берага Белай. З дому называлася Ясінскай. Недзе ў 1915 годзе выехала з Варшавы падчас першай вайны, выйшла тут замуж, аўдавела. Радая, што напаткала земляка, цэлы час гаварыла. Дэкламавала вершыкі, спявала песенькі. Балбес, не запісаў нічога, а гэта ж былі скарбы варшаўскага фальклору.

Што хвілю выгуквала: "Святы Яцак з пірагамі", - і клалася ад смеху. Не ведаю, што ў тым поклічы выклікала ў яе ўраганны смех.

Адразу ўзрушаны, я досыць хутка страціў цярпенне. Пра ніякую працу не магло тут быць і мовы. З раніцы выбягаў з дому як найраней. Блытаўся па горадзе, пастаянна думаючы: што далей?

Вайна ішла, тут яшчэ амаль нячутная. Трэба было нешта рабіць. Вывучыў адно: трэба самому ведаць, што рабіць. У той момант не было ў вялікай Краіне Саветаў ні адной інстанцыі, якая магла б паклапаціцца пра як мага больш карыснае выкарыстанне польскага пісьменніка ў жудаснай вайне, якая якраз разгаралася.

Што далей - вырашыў тое выпадак. На другі дзень пасля прыезду мы паслалі Усіевіч дэпешу, просячы ганарары з бягучых нумароў "Новых гарызонтаў". Грошы прыйшлі бліскавічна. Разахвочаны дэпешаваў паўторна, скардзячыся, што башкіры хочуць выслаць нас у раёны. І зноў прыйшла дэпеша ў Саюз пісьменнікаў Башкірыі, каб нас пакінулі ў Уфе. Але гэта якраз моцна раззлавала башкіраў: што Масква ўмешваецца ў іхнія справы. За малым нас не выслалі менавіта за гэта.

Не моцна верачы, каб нешта з таго выйшла, даў трэцюю дэпешу: каб нас выклікаць у Маскву, на працу. Якраз закончыў рэгістрацыю ў ваенкамаце, як убег Галан:

- Ідзі хутчэй у Саюз, маеш дэпешу!

Была ад Усіевіч. Гучала няясна: "У вашай справе робяцца старанні. Чакайце на выклік абкама". Я быў блізкі да шчасця, калі аказалася, што Слабоднік і Пастарнак атрымалі таксама дэпешы - і ад самога Фадзеева, які папросту выклікае іх у Маскву.

Страшна ўражаны, чаму тых так, а мяне гэтак, праявіў дзікую актыўнасць. У абкаме ведалі пра дэпешы і звярнулі ўвагу на розніцу зместу, але адзін сакратар перадае тую справу іншаму, якога ўдаецца пераканаць. Ідзём у палітаддзел чыгункі. Тут прынялі нас вельмі добра, бліскавічна залатвілі білеты, далі паёк на цягнік - толькі ехаць.

Не вядома чаго, зайшлі аднак яшчэ раз у Саюз пісьменнікаў. Тут спрабавалі ўсё сапсаваць, уталкоўваючы мне, што я не маю фармальнага выкліку, што не маю права... Панч таксама адгаворвае - што высадзяць на якой-небудзь маленькай станцыі, бо ў Маскву нікога не пускаюць... Словам надалі мне на ўсю дарогу моцнага страху, дрыжаў на від кожнага мундзіра.

Дадам, што абодва бакі мелі рацыю. Фактычна я, бо аж да Масквы ніхто мяне нідзе пра выклік не запытаў. Фармальна - яны, бо сапраўды ніхто мяне ў Маскву не выклікаў...

Здаецца справа была так: Усіевіч накруціла Фадзеева, каб тых палякаў адправіць. Але аж трох за шмат. Фадзееў праглядае прозвішчы. Вядома, што ў палякаў з тымі пісьменнікамі... Пастарнак, Слабоднік - гучыць гэта па-польску, славянску і па-народнаму. Путрамант жа... нейкая ў тым чужаніца, ці не што нямецкае?

Словам, паехаў у Маскву на дурніцу.

Дарога ў Маскву

Ехалі ўпецярых: абедзве пані таксама ўперліся.

Першыя суткі правялі ў дасканалых настроях: у Маскву, нарэшце да работы! Пра вайну нічога пэўнага. Фронт недзе пад Смаленскам.

Выехалі 21 ліпеня. 22 былі ў Куйбышаве. Тут першыя весткі: на Маскву быў налёт! Не скажу, падзейнічала гэта на некаторых выключна ахалоджвальна.

Адтуль, што станцыя, то новыя дэталі. "Праўда" з камюніке пра налёт. Уязджаем назад у зацямненне. Зрэшты, за дзесяць дзён цемната, здаецца, зрабіла дальшы крок на ўсход.

Пачынаем сустракаць транспарты бежанцаў з Масквы. Акадэмія навук, нейкія павозкі, звыклыя бабы. Распавядаюць. У наступную ноч зноў бамбілі Маскву, яшчэ мацней. "Тут разбіта, там згарэла..." Падобна, асабліва пацярпеў Арбат.

Слабоднік аж схуднеў ад тых чутак. Жанчыны трымаліся лепей. А я быў пэўны, што Маскву даўно бамбілі, але пра гэта не пісалі ў газетах. Можа таму тыя весткі на мяне не дзейнічалі. Быў да гэтага падрыхтаваны выязджаючы.

За Куйбышавым паварочваем на паўночны ўсход. Інза, Рузаеўская, Мардоўская АССР. Лясы. Да цягніка ходзяць жанчыны і дзеці з ягадамі. Але з ядою горш. На паўстанку хлопец з трыма яйкамі. Не прадае, мяняе - і то толькі на хлеб. Я здзіўлены, у маўчанні разбіраю розныя гіпотэзы - адкуль тая адсутнасць хлеба на вёсцы.

Камары, лясы, падмоклыя, невялікія лугі, зноў лясы. Едзем досыць хутка. "Праўда" спазняецца ўжо толькі на тры, на два дні. Апошнія суткі найхутчэйшыя. Рака Ака, палі і сады. Вёскі ў яблынях, як на Украіне. Вечар. У Разані пусты вакзал. Выбягаю на прывакзальную плошчу. Абадраныя камянічкі, вытаптаныя скверы, мноства жаўнераў, і "нічога няма".

Ноч прыходзіць пад Каломнай. Вагон грукоча на стрэлках - тут ужо вялікі маскоўскі вузел. Падобна, на Маскву налёт.

Выглядваю праз акно ў тамбуры. Далёкія бляскі. Танюткія рэфлектары павольна лазяць па небе. Вячэрняя зара вандруе цераз поўнач на ўсход. У зяніце распырскваюцца знаёмыя чырвоныя іскаркі. Рэйкі цёмныя, толькі сямтам нізка над зямлёю блакітныя, зацененыя агенчыкі.

Масква, першая раніца

Цягнік імчыць. Але прыязджаем толькі на світанні. Трывога працягваецца. Нас выправаджваюць на перон. Яшчэ там і сям рэфлектары на фоне яснеўшага неба. Нейкая цёмная кучка ў тым небе. Загароджвальны аэрастат. У Кіеве я таксама бачыў адзін такі.

Сыходзім у метро. Вузкая сцежка ў прасторным, шырокім тунелі: па абодва бакі ляжаць людзі. Спяць адзін пры адным, душна, тыя раскінутыя рукі, падкурчаныя ногі, адкрытыя раты і шкляныя вочы... Уражвае гэты натоўп спячых людзей, столькі ў ім нежывога. Доўга ідзём, выходзім на перон станцыі метро, усюды тое самае. Знайходзім кавалак вольнай падлогі, кладзёмся. Жудасна горача.

Толькі па пятай гадзіне адбой трывогі. Выходзім.

Захапляльна прыгожы, свежы ранак. Сонца яшчэ не ўзышло. Камсамольская плошча вялікая і чыстая. Высокія дамы. Уражанне вялікага горада.

Штурмуем першы трамвай. Слабоднік уцягвае за сабой жудасна цяжкі чамадан. Едзем да Усіевіч. Трохі баімся. Пятая раніцы, з такім натоўпам...

Адразу за плошчай заканчваецца Масква вялікагарадская. Уязджаем у вузкія вулачкі двухпавярховых камянічак і аднапавярховых драўляных домікаў. Трамвай у тым атачэнні падаецца перабольшваннем, як у Уфе. Але потым ізноў выплываем на "шырокія воды". Вялікія дамы, нейкі тэатр. Плошча. Праз хвілю бачым у праёме папярочнай вуліцы нешта, што ўзрушвае, што ведаем з тысяч малюнкаў: чырвоная цагляная вежа, Крэмль.

Нідзе не паварочваем. Вялікі, прыгожы мост цераз невялікую, але ўрэгуляваную раку. Адразу за ім шэрая, вуглаватая глыба "Дома Ураду". Тут жыве Усіевіч.

Некалькі брам. Трынаццаць паверхаў. Ідзём на разведку, пакінуўшы Слабодніка з рэчамі і жанчынамі.

Усіевіч жыве на першым паверсе. Але хворая, толькі што легла пасля трывогі. Не ўтрымліваюся ад дурнога жарту і кажу Слабодніку, што Усіевіч жыве на адзінаццатым паверсе, а ліфт не працуе. Слабоднік з глухім енкам тарабаніць свой чамадан на плячах. Рушым. Заводжу ўсіх у дом. Калі Слабоднік арыентуецца, што не мусіць лезці на адзінаццаты паверх, чамадан у яго сам падае на падлогу. Роспач: меліся быць ціхімі, каб не будзіць Усіевіч...

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць жанчына, старэйшая за Усіевіч са Львова на дзесяць гадоў. Бачыць нас цэлаю грамадою, заломвае рукі:

- Ну і што нам з вамі рабіць?

Два каментары

Тут заканчваюцца нататкі, робленыя "на гарача" ў 1941 годзе. З іх дасканала відаць, што тыя гістарычныя часы я аглядаў з пазіцыі вельмі асаблівай: чалавека, які ўцякае. У Львове разам з выбухам вайны я перажыў моцны стрэс: нікому не быў патрэбны. Не адразу зразумеў, што збегліся там прычыны, сказаў бы, нетыповыя: слабае мясцовае кіраўніцтва плюс адсутнасць Дзесняка і раптоўная смерць Тудора і Гаўрылюка. Ведаў адно: у немцаў не застануся ні за якія скарбы. Таму, калі пачуў, што на фронце нешта трашчыць, не аглядваўся ўжо ні на кога, разлічваў на ўласныя ногі.

Дзіўная была дваістасць маіх уражанняў ад перамеранага амаль Савецкага Саюза. Сам факт, што я ўцякаў, акрэсліваў асяроддзе, з якім я меў дачыненне. Жудасныя бабы, з клункамі і посудам, чыноўнікі, людзі, як я, з уражаннямі першых дзён вайны. Асяроддзе нецікавае, якое часам нават адпіхвала.

Вельмі лёгка было абагуліць тое, што бачыў падчас уцёкаў, на ўвесь Савецкі Саюз. Людзі незычлівыя звычайна так і рабілі - напр. усялякага роду андарсаўцы. Таму такой нечаканасцю для іх была параза немцаў пад Масквой і ўвесь далейшы ход вайны. На падставе ўласнага досведу перш за ўсё набраліся пераканання, што "гэта ўсё" павінна разваліцца за пару тыдняў.

Часта так было і з людзьмі аж занадта зычлівымі. Круцячыся толькі ў такім эвакуацыйна-чыноўніцкім асяроддзі і яны надзвычай хутка абагульнялі свой нерадасны досвед. Некаторыя ламаліся. Іншыя набіраліся крыўды або цынізму адносна ўласных перакананняў і працы, якую яны рабілі.

Мушу прызнацца, са мной бывала падобнае. Першыя ўцёкі паказалі мне Савецкі Саюз з боку перш за ўсё кухонных сходаў.

Але хвілямі сутыкаўся таксама з іншым светам. Той высакародны дзяжурны лейтэнант у Жмерынцы. Салдаты з транспартаў, якія ішлі на фронт: светлыя і дабразычлівыя, маладыя, нейкія чыстыя і простыя. Дзяўчаты, з якімі ехаў да Кіева. Няцяжка падагуліць: тое прыкрае - гэта былі праявы (скажам афіцыйна "перажыткі") найжудаснага мяшчанства. Найжудаснага, бо спароджанага на фоне недахопу розных тагачасных даброт, што ў адпаведных умовах спарадзіла ў душах людзей слабых і заражаных тымі "дэфіцытнымі" дабротамі непераможнае (у слабых і паскудных людзей) жаданне пакарыстацца з тых даброт у першых шэрагах. Паўставала з'ява "блату". Як грозна навучыў нас прыклад Адамовіча. Каб з ім змагацца, трэба было мець моцную апору, галоўнае на версе. Іначай, ба... .

Але адначасова бачыў высакародны народ, просты, цярплівы, вытрыманы, у натуры сваёй добры і зычлівы. Бачыў там і сям дасканалых кіраўнікоў. Пазней сустракаўся з імі часцей. Дастаткова часта, каб пазбегнуць абагульнення: масы добрыя, правадыры нікчэмныя.

Праблема "культу асобы" і ўсіх параджэнняў, з яго выніклых, з прыроды рэчаў яшчэ больш абцяжарыла правільную ацэнку рэчаіснасці, асабліва той ценевай. Перш за ўсё патрабавалася ў той час ад чалавека ў маім становішчы глабальнай, цэльнай ацэнкі таго ўсяго, што савецкае, разам з 37 годам. Былі такія, якія вымагалі нават не разам з 37 годам, а з тым годам "на чале". Калі сёння нехта кажа, што не прымаў тых страшных "чыстак", то альбо лжэ, альбо хаваў тое сваё пярэчанне, хаваў вельмі глыбока, на самым дне сваёй душы, нікому не давяраючы, нават найбліжэйшым.

Няпраўдай было б таксама адмаўленне велізарнай ролі, якую Сталін адыгрываў тады ў свядомасці людзей. Той ранак у Кіеве, яго прамова, рэакцыя на яе ўсіх слухачоў надзвычай яскрава стаяць мне ў вачах, каб не мець у тым найменшага сумненння.

Сталін выступаў рэдка, гаварыў коратка. У кожнай прамове стараўся даць адну-дзве фразы, лёгкія для запамінання. Людзі іх хапалі, паўтаралі, стараліся на іх абаперці сваю надзею. Думаю, што гэтую складаную і дваістую ролю Сталіна ў гэты час досыць добра апісаў Твардоўскі.

Ідучы з хваляй адступлення, я вельмі мала меў дачынення з тым, што ў Савецкім Саюзе было найлепшае, што мела вырашальнае значэнне для яго перамогі. Таму перш за ўсё, што нідзе не працаваў, не ўваходзіў - акрамя пары дзён у Цярнопалі - у ніякі калектыў, не меў ніякай работы.

Як сабе прыпамінаю, я правёў той першы месяц вайны ў дзіўным настроі. Усё вакол падавалася мне нейкім нерэальным. Я быў вясёлым, спяваў, удаваліся мне жарты. Страшная вайна выкінула мяне з усталяванага жыццёвага ўкладу. Я адказваў толькі за сябе. напэўна гэта парадзіла ўва мне сваеасаблівую бестурботнасць, вельмі, зрэшты, няўмесную ў тых акалічнасцях.

Гэта адзін каментар. Другі вельмі канкрэтны. Вяртаюся ў часы амаль гістарычныя, большасць герояў сучаснасці часта жыве ў дасканалых умовах. Я да таго часу ўсіх называў па прозвішчах. Адсюль некаторыя пяройдуць на псеўданімы: хачу прамаўчаць прозвішчы герояў, але не іх учынкі. Стараюся сапраўды апавядаць пра сябе з максімальнай шчырасцю, пазбягаючы галоўным чынам пахвальбы ў свой уласны адрас, але не маю права вымагаць гэтага ад іншых, хоць бы таму, што адносна сябе самога заўсёды чалавеку лягчэй быць паблажлівым, асабліва ў крытычныя хвілі.

Не дзівіцеся таму, калі знянацку з'явіцца нейкая постаць з незнаёмым прозвішчам, перадгісторыі якой падаваць ужо не буду; значыць гэта, што на сцэну выйшаў нейкі мой даўні знаёмы, пра якога перад тым гаварыў па імені, аднак чыю далейшую дзейнасць трэба было б узгадняць з гісторыяй або, прынамсі, з яе лепшымі знаўцамі.

Першае ўражанне

Роспачлівая рэакцыя Усіевіч на наш выгляд выцяла мяне, як абухам. Ехалі сюды, перакананыя, што мы патрэбныя, што нарэшце ў той завірусе на нешта прыдамося. А тут ...

Затым аднак высветлілася, што Усіевіч да рэшты вычарпана. Адтуль яе першая ацэнка нашай прыдатнасці хутчэй смутная. Потым настрой трохі папраўляецца, лічы, што ва ўсіх.

Усіевіч пачынае тэлефанаваць. Пасля паўгадзіны выкрыквання ў слухаўку: "Прыехалі палякі... колькі? Трое. Што за многа? Але, каб вы ўбачылі, што гэта за хлопцы!" - усё, здаецца, праяснілася. Ідзём у Саюз пісьменнікаў.

Ідзём цераз Маскву. Цяпер бачу яе зблізку. Уражвальная мешаніна трох элементаў.

Найперш - бо з такога выходзім - гіганты амаль у кубічным стылі, у родзе "Дома Ураду". Шэрая, цёмная маса карпусоў. Кінатэатр - таксама такі шасцісцен. Мост цераз раку Маскву. Дакладна на другім беразе, насупраць "урадоўца" - рыштаванні. Тут мае паўстаць Палац саветаў з гіганцкай статуяй Леніна на вяршыні.

Дадамо адразу: не паўстаў, раздумаліся. Атачэнне вельмі звычайнае: цагляныя, некалькіпавярховыя камянічкі, памаляваныя на жоўта.

Гэтага "амаль кубізму" ў Маскве не шмат. Дзе-нідзе два дамы паводле Ле Карбус'е. Брыдкія. Ці з ранняй яго эпохі, ці атачэнне не дапасавана, досыць, што ўсе гэтыя помнікі (бо яшчэ не артэфакты) кубізму ці канструктывізму дзіўна не пераконваюць. Амаль разумею, чаму пакінулі тыя старыя квадраты і ўзяліся за наступнае перабольшванне: псеўдаампір вуліцы Горкага. Чаму псеўдаампір? Бо шмат сапраўднага. Гэта найпрыгажэйшая частка сучаснай Масквы. Блукаеш завулкамі, поўнымі старых драўляных дамкоў і вельмі старых правінцыйных камянічак, як раптам краты і праз трыццаць метраў у глыбіні ампіравы палацык, двухпавярховы пасярэдзіне, з дзвумя аднапавярховымі афіцынамі, якія выцягваюцца аж да вуліцы.

Якраз у такім палацыку ці хутчэй дворыку размяшчаўся Саюз савецкіх пісьменнікаў, яго даўнія ўладальнікі называліся графы Салагубавы. Гэта гэты дом стаўся першаўзорам палаца Растовых з "Вайны і міру". Побач другі графскі будынак, але без стылю: даўні дом Алсуф'евых, у якім размяшчалася масонская ложа. Цяпер тут Клуб пісьменнікаў, зала збораў, бібліятэка, сталоўка.

Некаторыя з тых маскоўскіх "юрыдык", будаваных дваранамі пасля маскоўскага пажару, досыць запушчаныя. Гэты літарацкі будынак утрымоўваецца добра. Толькі пасярод велізарнай клумбы, поўнай пахучага тытуню і матыёлі, жаўцее насып супрацьбомбавага рова.

Залагоджваем уступныя фармальнасці. Дамаўляемся на прыём да Фадзеева. У клубе ямо дасканалы абед. Дзённы налёт. Некаторыя яшчэ мацней змрачнеюць. Але налёт не грозны.

Размяшчаюць нас у гатэлі "Масква". Самы цэнтр горада. І тут сутыкаюцца два стылі: ампір блізкага Манежа з аздобамі, але яшчэ без перабольш анняў "Масквы" ці гмаха Савета народных камісараў насупраць.

Тыя два шматпавярховыя гмахі ствараюць ансамбль, які мне падаецца прыналежным да вельмі вялікага горада. Але і ўсё атачэнне, такое рознае, бо і ампір Манежа ці Вялікага тэатра, і страшная дэкадэнцыя гатэля "Метраполь", і псеўдастарарускі стыль Музея рэвалюцыі і нарэшце цудоўны комплекс Крамля - неяк вельмі між сабой дапасаваныя. У цэлым пачуваюся тут добра, па-свойску, як дома.

Атрымоўваю пакой, цалкам прыстойны, без ванны, але з душам. Гатэль добра дагледжаны і някепска функцыянуе. Велізарны рэстаран. Наверсе - кавярня, унізе - кафетэрый, ці бар з самаабслугоўваннем. Цэны зносныя. Зрэшты, грошы я маю. Гэта не толькі гатэль. Цэлы горад поўны прадуктаў. Ніякіх чэргаў. У кіёсках папяросы, якіх выкурыў нечуваную колькасць. Марозіва. На пачатку Горкага "Кактэйль - бар". Зайшлі туды аднаго дня. Падаюць розныя смачныя напоі. Людзей няшмат.

Да Усіевіч адсюль два крокі, абодва каля Крамля. Хаджу па некалькі разоў на дзень, гляджу на муры. Не скажу, каб дзівіўся. Выдаецца ён мне старым знаёмым, да якога па-просту вярнуўся. Ёсць зрэшты вельмі свойскі: бедны скверык перад мурамі. Вежы дзіўныя, кожная інакшая, але цэльнасць іх прымаю да сваёй свядомасці без здзіўлення, якое стварае чужасць. Васіль Блажэнны, пра які столькі апавядала маці. Яна была ў Маскве трыццаць гадоў таму назад. Пасля дакладнага апісання Крамля пераходзіла на МХАТ. Была тады на "Сіняй птушцы" Метарлінка. Дзясяткі разоў па маёй просьбе распавядала мне пра тое прадстаўленне.

Пэўна гэта яе вачыма гляджу я цяпер на гэты горад, такі іншы ад таго, які бачыла яна, і такі мне знаёмы...

Спякотны паполудзень. Рух на вуліцах. Міліцыянты махаюць рукамі на скрыжаваннях. Падумаў бы, што ніякай вайны няма. Не падумаеш - бо ўвесь цэнтр перамаляваны. На Манежнай плошчы выраслі велізарныя квадраты і трохкутнікі, якія маюць імітаваць дамы. Мнеж, гатэль "Масква", Крэмль - усё ў абстрактных геаметрычных фігурах і плямах. На Чырвонай плошчы аглядаем маўзалей Леніна. Закрыты.

Хадзім па вулачках цэнтра. Уражвае велізарная колькасць вітрын, за якімі цесна адно пры другім павырасталі бюро. Увесь гмах (зрэшты вельмі брыдкі) даўняга ГУМ-а ці цэдэгу [1] на Чырвонай плошчы свеціцца такімі амаль згаслымі вокнамі. Гэта заміж купецкіх крамаў пароблены ўстановы. Адтуль пасля паўдня вывальваюцца натоўпы, запаўняюць вуліцы, усмоктваюцца ў падзямелле метро.

Канешне, метро тое мы адразу агледзелі. Канешне, выдатна. Ездзілі ім туды і назад па ўсіх трох лініях, якія тады функцыявалі. Адна са станцый (ці не Чырвоныя вароты?) не працавала. Шапталі, што на выпадак налёту хаваюцца там тыя, з Крамля. Метро, зрэшты, выдатна падходзіла пад схованку. Некаторыя станцыі на некалькі дзесяткаў метраў пад зямлёй.

"Новыя гарызонты"

Усіх нас, улучна з жонкай Слабодніка, заангажавалі нарэшце да рэдакцыі "Новых гарызонтаў". Была яна ў той час вельмі пустая. Уся львоўская суполка засталася ў Львове, за выключэннем Ванды, якая была ў Кіеве, цяпер ужо на лініі фронту.

Акрамя Усіевіч на месцы аказалася толькі "загрэд", ці кіраўнік сакратарыяту, нейкая Карастылёва, зрусіфікаваная полька, ужо аўдавелая, з сынам падлеткам.

Рэдакцыя размяшчалася пры "Гослитиздате" на Вялікім Чаркаскім завулку, блізка ад плошчы Дзяржынскага. Увесь завулак - даўней гэта былі крамы і гандлёвыя дамы, цяпер установы.

Мы размяшчаліся ў некалькіх старых пакойчыках. Я стаў кіраўніком, здаецца, аддзела прозы. Паняцця не меў, што трэба рабіць. Выбух вайны запазніў выхад і так ужо спозненага травеньскага нумара. Спешна далучылі пару адозваў і выдалі як нумар 5-6.

Якраз выйшлі першыя асобнікі. З прыемнасцю знайшоў там першыя тры раздзелы "Рэчаіснасці".

Але ў грунце рэчаў уся канцэпцыя выдання была перавернута вайной. Яно было разлічана на польскую інтэлегенцыю Львова, Вільні, Беластока. Усё гэта ўжо было пад немцамі.

Спачатку, у сілу безуладдзя, спрабавалі толькі пераставіць выданне на ваенныя рэйкі. Я шукаў прозу. Увесь запас аказаўся састарэлым, улучна з "Рэчаіснасцю". Звыш усеарганізаванасці была рэчаіснасць ваенная. Здавалася амаль блюзнерствам пісаць пра студэнцкія гісторыі, хоць бы і трагічныя, на фоне вялікага пажару, які пачынаў ужо заглядваць у вокны Масквы.

Хто з польскіх пісьменнікаў аказаўся па гэты бок лініі фронту? Важык быў у Крыме ці ў Гаграх. Мы не мелі з ім кантакту. Шамплінская ўцякла з мужам і дзіцем на матацыкле. Была цяпер недзе пад Растовам. Але і пра тое мы не ведалі. З Вільні ўцёк Мікулка. Быў над Волгай. Але па-першая не займаўся прозай, па-другое, і пра яго ніякіх вестак яшчэ не было.

Я застаўся адзін. Цяжкая рада, пачаў шукаць чаго-небудзь з прозы расейскай. Але і гэта мусіла быць пра вайну, а тыя ваенныя пачаткі проза праходзіла больш цяжка і павольна, чым паэзія.

У роспачы сабраўся сам за апавяданне. Меў вераснёвую навэлу "Гэты і той бераг моста". Я не бачыў верасня, навэла была злепкам дзвюх пачутых аповесцяў, але трымалася разам. Цяпер трохі бачыў гэтай вайны. А ішло ў мяне значна горш. Па-просту таму, што нельга было ўчапіцца за нейкую аптымістычную хоць бы дэтальку, не ўпадаючы адразу ў яскравы канфлікт з уласнымі перажываннямі месяц назад. А іначай, што за сэнс было б тады пісаць!

У выніку вымучыў жудаснае апавяданне, якое не толькі нідзе не змясціў, але і не прачытаў паўторна.

Святая наіўнасць! Так добра, што ў другі раз не хапіла мне слоў. Адказала за мяне гісторыя. Дастаткова было мне паўтарыць тую размову праз восем гадоў у Парыжы тагачаснаму паслу Народнай Польшчы ў Амстардаме Ксаверыю Прушынскаму. Тады ў сваю чаргу і ён не знайшоў, што сказаць...

Дадамо, што Прушынскі вельмі шукаў кантактаў з усёй нашай групай і тады, і асабліва ў Куйбышаве. Толькі што напэўна лепей распазнаў асяроддзе і галоўны націск скіраваў на жанчын - Бранеўскую і Усіевіч. Гэтай апошняй прысвяціў адно з чатырох эсэ, выдатна напісаны, хоць і не найтрапнейшых. Супрацьпаставіў у іх "адыходзячы" тып міжнароднага рэвалюцыянера, г.зн. уласна Усіевіч і ... Эрэнбурга - тыпам "надыходзячым", якія рэпрэзентавалі вялікарускі нацыяналізм, г. зн. графу Ігнаццеву і Аляксею Талстому.

І першая палова тэзы не трапная, бо такі Эрэнбург значыць сёння больш, чым калі-небудзь - і другая - тым больш. "Надыходзячыя" тыпы фармаваліся ў цалкам іншай плоскасці, на іншых супрацьпастаўленнях.

Прушынскі

Праз пару тыдняў пасля нашага прыезду Усіевіч паказала мне дэпешу. Крыкнула з радасцю: "Грэгары!". Першы з віленцаў, які знайшоўся. Быў у нейкім свінасаўгасе над Волгай. Усіевіч пыталася, ці прыдасца? Закрычаў, што як найхутчэй.

Прыехаў праз пару дзён. Прывітаў яго шчаслівы - асклепак далёкай Вільні, ужо далёкай маладосці. Грэгары адказваў на маю шматслоўнасць звыклай сваёй стрыманасцю. Пасяліўся са мной, у тым самым пакоі. Адразу ўзяўся за работу.

З яго аповесці выглядала, што ў Вільні ўсё адбывалася значна горай, чым у Львове. Немцы прыйшлі туды бадай што на другі дзень. Ён уцёк у першы дзень роварам. Шчасліва пазбягаў галоўных дарог, бо напэўна засеў бы. І так праз пару дзён быў на палову ў "катле".

Ён не ведаў, ці хто яшчэ выбраўся з Вільні. Пра маіх віленскіх знаёмых таксама ведаў не шмат. Генрык працаваў дырэктарам сярэдняй школы недзе на паўночным Палессі. Тэарэтычна мог адтуль выбрацца.

Прыехала ў Маскву Яніна Бранеўская. Выбух вайны застаў яе ў Менску. Апавядала пра жудасную бамбёжку горада адразу ў першы дзень. Ёй удалося эвакуявацца. Ведала толькі, што і Максім Танк выбраўся.

Ужо было пасля падпісання ўмовы Сікорскі - Сталін і пасля амністыі. Аднаго дня, бадай у той жа "Маскве" сустрэў... Бранеўскага. не гаварыў пра тое, што прайшоў. Толькі пасля пары кілішкаў дэкламаваў свой некалькістрофавы верш па-расейску, які пачынаўся так:

Человек это звучит гордо,

так говаривал Максим...

Далей рыфмавалася нешта кшталту "материи - Берии".

Бранеўская сустракалася з ім часцей. Потым пачала фармавацца армія Андэрса, і ён выехаў.

У той жа "Маскве", у яе велізарнай рэстараннай зале мы сутыкнуліся са свежа прыбылым з Лондана аташэ па культуры амбасады Сікорскага. Быў гэта прыгожы, малады чалавек, трохі падобны да Станіслава Пентака. Гаварыў, што мы знаёмыя з Вільні, але я яго адтуль не памятаў. Называўся Ксаверы Прушынскі.

Мы вячэралі ўтраіх з Грэгарам. Гаварылі доўга і на агульныя тэмы, не вельмі "вывучыўшы тэрыторыю". Аж раптам Прушынскі:

- Мы тут сабе гады-гады, а я так гляджу на вас і думаю: сяджу вось за адным сталом з будучым прэзідэнтам і прэм'ерам камуністычнай Польшчы!

Зрабілася мне прыемна і дурнавата. Прыемна, што ён бачыць тую Чырвоную Польшчу, якой я хацеў. Дурнавата - што гэта камплімент...

Не знайшоўшы лепшай рэплікі, я сказаў:

- Калі вашае прароцтва збудзецца, можаце быць пэўныя, што мы ў сваю чаргу выканаем усе вашыя пажаданні.

- О, дзякуй! - адказаў досыць холадна Прушынскі. - Калі тое збудзецца, то я ўжо загадзя ведаю, пра што вас папрашу...

- А менавіта?

- Пра замежны пашпарт...

Святая наіўнасць! Так добра, што ў другі раз не хапіла мне слоў. Адказала за мяне гісторыя. Дастаткова было мне паўтарыць тую размову праз восем гадоў у Парыжы тагачаснаму паслу Народнай Польшчы ў Амстардаме Ксаверыю Прушынскаму. Тады ў сваю чаргу і ён не знайшоў, што сказаць...

Дадамо, што Прушынскі вельмі шукаў кантактаў з усёй нашай групай і тады, і асабліва ў Куйбышаве. Толькі што напэўна лепей распазнаў асяроддзе і галоўны націск скіраваў на жанчын - Бранеўскую і Усіевіч. Гэтай апошняй прысвяціў адно з чатырох эсэ, выдатна напісаны, хоць і не найтрапнейшых. Супрацьпаставіў у іх "адыходзячы" тып міжнароднага рэвалюцыянера, г.зн. уласна Усіевіч і ... Эрэнбурга - тыпам "надыходзячым", якія рэпрэзентавалі вялікарускі нацыяналізм, г. зн. графу Ігнаццеву і Аляксею Талстому.

І першая палова тэзы не трапная, бо такі Эрэнбург значыць сёння больш, чым калі-небудзь - і другая - тым больш. "Надыходзячыя" тыпы фармаваліся ў цалкам іншай плоскасці, на іншых супраць-пастаўленнях.

Эпізоды з карыфеямі

Эрэнбурга я якраз ведаў. Чытаў яго перад тым, хоць без захаплення. Гэта Юзік Маслінскі меў на стале "Трынаццаць люлек". Гэта ён разам са Шрэдарам яшчэ ў гімназіі, здаецца, праходзіў праз "Юлія Юраніта". Першае мяне нудзіла, другое пададавалася наследваннем па Анатолю Франсу. І ўжо з агідай чытаў "Каханне Ёанны Нэй".

Але пару месяцаў таму назад адзін з "тоўстых часопісаў", г.зн. месячнікаў тыпу "Творчасці", надрукаваў "Падзенне Парыжа". Я быў захоплены. Падавалася мне, што гэта нечувана цікава і трапна. Як быццам бы бачыў Францыю. Праз сем гадоў ўбачыў яе натуральна. Мушу сцвердзіць, што не абвергла яна Эрэнбурга.

Быў напэўна жнівень, гарачы і пыльны. Весткі з фронту нядобрыя. У "Парку культуры і адпачынку" арганізавана аўтарская сустрэча. Запрасілі і нас. З савецкага боку былі аж два карыфеі. Выходзілі на сцэну такой "ракавіны". На лаўках пару соцень слухачоў. Я крычаў ім па-польску свежа напісаны верш. у якім заклікаў Варшаву да паўстання. Адыграў ён дзіўную ролю праз тры гады. Слухачы пляскалі. З ветлівасці, гэта адчувалася. Зрэшты, што дзіўнага, мова...

Прадставілі мяне Эрэнбургу. Малы, нярвовы. нахмураны. Спрабаваў яго падкупіць нейкім кампліментам. Нешта няветліва буркнуў. Чытаю цяпер яго знакамітыя дзённікі. Столькі сэрца ўкладае ў пісанне пра сваіх памерлых знаёмых, што яму канешне не хапае ўжо звычайнай далікатнасці для жывых незнаёмых.

Другі карыфей - гэта быў Лявонаў. Ад паловы трыццатых гадоў падаваўся мне адным з узорных празаікаў. Захапляўся, напрыклад, яго "Дарогай на акеан". Асаблівыя ўзрушэнні будзілі ўва мне досыць частыя ў яго постаці інтэлігентаў, і нават людзі з кепскім сацыяльным паходжаннем, якія шчыра пераходзяць на бок рэвалюцыі, не гледзячы на тое, што дагматыкі і сектанты, у дадатак, зрэшты, замаскаваныя шпіёны і дыверсанты намагаюцца іх знішчыць. Пэўна я пачуваўся трохі ў падобнай сітуацыі.

Лявонаў быў невысокі, моцны, дзіўна малады, з акруглым вясковым тварам. Абмяняліся некалькімі словамі, ветлівымі і нязначнымі.

Да Фадзеева хадзілі афіцыйна. І той быў незвычайна малады, як на класіка. Малады, высокі, прыстойны, з чыстымі вачыма і прывабнай усмешкай. Вырашаў нам адным тэлефонам розныя справы, якія вымагалі без яго цэлых тыдняў напружанай бегатні. Часам быў няўлоўны. Гаворачы пра гэта сакратаркі падміргвалі. Значыла гэта: п'е...

Для мяне гэта быў аўтар адной з найлепшых савецкіх аповесцяў "Разгрому", якую я перакладаў з нежывым ужо Пяхам. Самае дзіўнае - гэта яго біяграфія. Такая знакамітая кніжка напісана ва ўзросце дваццаці з нечым гадоў. І потым прайшло дваццаць гадоў, і нічога закончанага...

Зрэшты, і пазней нічога лепшага не напісаў. На "Маладой гвардыі" ляжыць груз вымушанага манументалізму. А гэтага не зрушыць і геній.

Думаю, што з'ела яго арганізацыйная праца хутчэй, чым гарэлка, якая была больш вынікам, чым прычынай. Адразу групавая барацьба, потым значна цяжэйшая праца генеральнага сакратара Саюза савецкіх пісьменнікаў у 36-39 гадах.

Я гэтага тады не разумеў. Глядзеў на маладзенькага гіганта з захапленнем, над яго заганай уздыхаў. Канешне, крошкі крыўды ўжо не засталося ад той палавінчатай дэпешы. Сам Фадзееў, калі нас убачыў, таксама ўжо слоўкам не ўспомніў, што прыехалі без запрашэння...

Недзе ў пераходзе, у цёмным калідоры Саюза, прадставілі мяне высокаму, прыстойнаму мужчыну. Якраз голасна смяяўся. Бліскалі здаровыя, белыя зубы. Меў дзіўны твар, моцна загарэлы, нешта ў тым твары з выгляду негрыцянскага караля. Гэта быў той прыяцель Маякоўскага, пра якога гаварылі па кутках, што ёсць сёння найлепшым расейскім паэтам. Словам гэта быў Барыс Пастарнак.

Смяяўся, паціснуў руку, знік. Гэта здаецца Усіевіч мяне яму прадставіла. Я зноў быў здзіўлены: яго натура так непадобная да вершаў, насычаных акампанементам паглыбленаму бачанню свету:

я знаю, ты не з вясталак,

убегла з крэслам,

як з паліцы жыццё маё дастала

і пыл абтрэсла...

І яшчэ адна сустрэча, ужо не з карыфеем. Усіевіч належала да рэдакцыйнай калегіі месячніка "Літаратурны крытык". Гэтае выданне змясціла два апавяданні пісьменніка Андрэя Платонава, каб запратэставаць супраць крытыкі яго, якая праводзілася ў выданнях ужо вузка літаратурных.

Я прачытаў тыя апавяданні. Былі яны вельмі цікавыя, прадвяшчалі вялікі талент. Асабліва адно, пра дзяўчыну, якая чакала на прыезд каханага, выключна выдатнае.

Платонава секлі за не досыць высокую "адданасць". Быў ужо цалкам раскручаны. Пазнаёміўся з ім у Усіевіч: малады яшчэ, але зацюканы чалавек, здаецца, сухотнік. Памёр праз пару гадоў.

Маскоўскія ночы

Лета станавілася што раз горшае. Дзень у дзень над горадам бясхмарнае неба. З раніцы кідаліся да штодзённікаў: зводка!

Былі вельмі нядобрыя. Хутка мы навучыліся іх расшыфроўваць. Адносна найлепшымі былі тыя найкарацейшыя: на працягу дня такога і такога нашы войскі вялі баі на ўсіх франтах. Горш было, калі пачыналі называць кірунак. Нейкі час трываў Пскоўскі кірунак. А потым выскачыў Порхаўскі. Кінуліся да атласаў. Порхаў - нейкая дзірка, далёка на ўсход ад Пскова.

Таксама прыметнікі былі важныя. "Вялі баі" - кепска. "Зацятыя баі" - горай. "Цяжкія" - яшчэ горай. Потым ужо было толькі "з пераважнымі сіламі непрыяцеля" і - "пакінулі".

Дзень у рэдакцыі пачынаўся з вывучэння карт. З імі было не лёгка, на тым грунце вынікла цэлая гісторыя, запісаная мной сяк-так (апавяданне пад назвай "Атлас" з тома "13 з Вясёлка"). Чакалі з дня на дзень нейкага пералому. Бо нечаканасць ужо мусіла знікнуць. Але немцы перлі наперад. Часам прыязджалі з фронту людзі. Мы іх распытвалі. Але яны былі вельмі стрыманымі. Думалі: вайсковая таямніца. Сёння думаю, што па-просту не хацелі нас карміць усёй порцыяй тагачаснай, горкай праўды.

Паўтаралі найчасцей аптымістычныя дэталі. Напрыклад пра "кацюшы". Недзе на пачатку жніўня, здаецца, у камюніке з'явілася нарэшце нешта лепшае: разбіты некалькі нямецкіх дывізій пад Ельняй. Надзеі ажылі: што нарэшце нашы перойдуць у контрнаступленне. Але якраз пасля паўдня немцы прарваліся ў тылы войскаў, якія баранілі Кіеў. Разгаралася цяжкая бітва пад Прылукамі, у якой столькі палегла з камандуючым фронтам генералам Кірпаносам на чале. Ельня аказалася толькі эпізодам.

Работы ў рэдакцыі было не шмат. Ішлі ў Саюз пісьменнікаў на абед. Наступаў вечар, некаторыя станавіліся вельмі нярвовымі: надыходзіла пара налётаў.

Былі яны цяпер ноч у ноч. Фронт наблізіўся, ночы падаўжэлі. Вечарам, калі пазней, калі раней ажывалі рэпрадуктары ў цёмных вуліцах, урачысты, злёгку пануры голас гаварыў на ўсю Маскву: "Грамадзяне, паветраная трывога!"

Прачыналіся з Грэгарам, нацягвалі порткі, ішлі ўніз. Гатэль налічваў паверхаў з пятнаццаць, трэбала, каб была выключная няўдача, каб нешта дастала ўнізе. Але не бракавала нярвовых, якія чулі шум вентылятараў, і ў ім дашукваліся гуку нямецкіх самалётаў.

Бывала яшчэ дзіўней. Старая гаспадыня Усіевіч, напрыклад, чуючы жудасныя словы: "Грамадзяне, паветраная трывога!" - была перакананая, што Гітлер асабіста кідае гэтыя пагрозы жыхарам.

На даху "Масквы" стаялі зеніткі. Адразу пачыналі лупіць магутнымі ямбамі. Унізе гэта чулася як лёгкае пастукванне. Часам даходзіла пару мацнейшых гукаў, ад якіх усё дрыжала. Якой жа палёгкай была чарговая абвестка рэпрадуктараў: "Пагроза паветранага нападу мінула, адбой".

Пэўнага дня мы засядзеліся ў Усіевіч. Трывога! Сышлі на паверх ніжэй, г. зн. у сутарэнні. Ледзве селі ў куце, як нехта з'явіўся: трэба дабраахвотніка наверх, на дах.

Не разумна было не адазвацца. Пайшлі. З ліфта вылазім на бляшаны, лёгка пахілы дах. Што за цудоўная ноч!

Я ўжо пісаў пра яе. Не маю таго пад рукой, але можа гэта і лепей. Коратка паўтару тое, што перажыў у той момант.

Страх і захапленне, перамешаныя паміж сабой у пераменнай прапорцыі. На пачатку болей страху, пазней таксама пару хваль яго прыплыву.

Уся ноч абрамавана частаколам хісткіх, белых слупоў святла. Гэта толькі ўступ. Далёка на захадзе пачынаюць пырскаць чырвоныя зоркі, якія хутка гаснуць. Страх: яны абвяшчаюць набліжэнне гулкіх смерцяў.

Зорак более. Потым чэргі: чырвоныя, зялёныя. Так, як бы крэскі, выцягнутыя ў прамую лінію, якая выгінаецца, нарэшце тоне ў цёмнай сіняве ночы. Гэта трасуючыя чэргі кулямётаў. Уражвальнае ў іх адно: збліжаюцца павольна, над табой мігаюць бліскавічна, як бы вырваліся з багністай, развесістай ночы - і ўжо зноў у ёй гразнуць, павольна, потым гаснуць.

Нарастае светлавая феерыя, перараджаецца ў жудасную какафонію. Усё вакол пачынае стукаць і грукаць: у справу пайшлі хуткастрэльныя, ямбічныя зяніткі з усіх суседніх дахаў.

У рэдкія секунды цішы зверху, ужо цяпер над табой, далятае агіднае, двухтанальнае паенкванне нямецкага бамбавоза. Зноўку страх.

Стаю каля коміна, на лёгка пахілым даху. Трымаюся за той комін, як бы гэта магло мне нечым дапамагчы. Па блясе барабаніць нешта лёгкае і густое, як бы свавольнікі кідаюць па ёй камянямі. Неяк не разумею, што гэта, мабыць, найгразнейшае, асколкі зенітных снарадаў, якія цяпер сыплюцца зверху без перапынку.

Шум і святло страцілі сувязь паміж сабою, стракатанне і ямбы - гэта адно, трасавальныя чэргі і чырвоныя зорачкі - нешта цалкам іншае. Усё разам нарастае. Дзіўна, што страх ужо не расце, як бы скурчыўся.

Наймацнейшы яго прыліў перажываў, калі над намі бліснуў раптам маленькі, белы месяц, не гасне, плыве павольна, аточаны воблачкамі выбухаў. Гэта "свечка", скінутая з парашутам. Яе трупнае святло агаляе суседнія дахі. Цяпер пачуваю сябе цалкам бездапаможным супраць чорнага неба. Затое ўсе кулямёты ўчапіліся ў той месяц. І раптам ён распалавіньваецца, падае, гасне.

Страх мае сваю пэўную крытычную тэмпературу, пасля якой пра яго забываешся. Я захоплены боем, упадаю ў эйфарыю.

На суседнім даху і на маім, але далей, сыпнула нешта радзейшае але цяжэйшае. Нейкія белыя бліскі. Крычаць мае таварышы, нябачныя ў цемнаце. Запальныя бомбы, перш чым паспелі выбухнуць, ляцяць на землю, на дзядзінец, дзе іх дабіваюць іншыя.

Потым агіднае выццё. Праз пару дамоў рудаваты сполах, гук, пятнаццаць паверхаў пада мной захісталіся, як бы сядзеў на вутлай бярозцы.

Гэта апагей. Цяпер усё адступае, ціхне выццё над галавой, гаснуць чэргі, моўкнуць ямбы. Бой перасоўваецца на ўсход. Там, на гарызонце, светлавыя феномены: рудыя пробліскі, адзін за другім, можа з тузін. Потым яшчэ святло. Потым становіцца крывавым. Начны гарызонт распухаў, як язва - пачаўся пажар.

Сяджу на даху. Рудое святло пажару паволі гасне. За ім выплывае зеленаватае святло дасвецця. Чакаю яго і ўяўляюцца мне ўспаміны з "Вія" Гогаля, адной з найстрашнейшых аповесцяў дзяцінства. Хвіліна цішыні. І раптам з блізкага Крамля далятае меладычны звон курантаў. Як крык пеўня, які звястуе заранку, адступленне кашмараў.

Фелікс Кон

Немцы спецыяльна стараліся нанесці шкоду цэнтру. Не ўдалося ім гэта. Ані адзін з гістарычных помнікаў Масквы не пацярпеў. Але траплялі ў блізкіх суседзяў. На мосце каля "Дома ўраду" адным ранкам са здзіўленнем мы ўбачылі круглую дзірку. Здаецца, бомба прабіла яго і ўпала ў раку. Наступным ранкам на тым мосце была толькі пляма новага асфальту. Згарэў адзін дом недзе насупраць Ленінскай бібліятэкі. Сцены засталіся, вокны заклалі цэглаю. Было амаль не пазнаць. Аднойчы ідучы ў Саюз са здзіўленнем убачылі на зямлі два або тры чорныя, адпаліраваныя камені, бюст Ціміраззева, вывернуты выбухам. А наступным днём ён зноў стаяў сабе на цокалі, трохі падрапаны.

Але на фронце рабілася кепска. У горадзе ішла планавая эвакуацыя. У гэтых абставінах я сустрэўся з Феліксам Конам, апошнім з Вялікага Пралетарыяту і тройкі Беластоцкага ўраду.

Мы былі ў Усіевіч, калі ён неспадзявана ўвайшоў туды. Высокі, шчуплы, цалкам сівы, трохі а ля Прус, бо ў акулярах і з бародкай. Гаварыў выдатнай пальшчызнай, лепшай. чым дачка, якая не ўбераглася ад нейкіх "красовых" акцэнтаў. Быў вельмі вясёлы. гаваркі, расказваў анекдоты на тэму курэння тытуню.

Праз дзень ці два мы ехалі на рачны вакзал у Хімках. Эвакуявалі розных заслужаных ветэранаў. Фелікс Кон падаўся мне раптам пастарэлым на дзесяць гадоў. Усіевіч была вельмі неспакойная.

Аказалася. што на тым вакзале ён спаткаў чалавека, якога не бачыў звыш дваццаці двух гадоў. А пазнаёміліся яны пры драматычных акалічнасцях: абодва арганізоўвалі эвакуацыю Кіева перад Дзянікіным у 1919 годзе.

Гэтае спатканне размовы, успаміны плюс панурая рэчаіснасць узрушылі старога бальшавіка. Карабель вечарам рушыў. Не выплыў яшчэ з абшараў Вялікай Масквы, калі сардэчны прыступ паразіў Фелікса Кона.

Яго жонка выгрузіла цела на першай прыстані. Дастала грузавік, каб прывезці яго ў Маскву. Але быў налёт, наймацнейшы якраз на прадмесцях. Знялі цела, паклалі ў прыдарожны роў. Цэлую ноч ляжала каля яго, чакаючы канца налёту.

Праз пару дзён у Саюзе пісьменнікаў адбылася грамадзянская паніхіда ("цывільная жалобная імша"). Афіцыйна гаварылі пра заслугі няблжчыка. А потым на трыбуну выскачыла Усіевіч, худая, сівая. Высокім голасам, амаль крыкам, кідала рваныя фразы пра тое, што цяпер толькі адно: біць немца.

Потым паехалі на могілкі. Першы раз бачыў цырымонію з крэматорыем. Белы аднапавярховы будынак, аточаны туямі. Труна на невялікім узвышэнні. Арган, як у ксцёле. Жалобная музыка. Потым абрываецца, заміж яе парывістая, здаецца амаль танцавальная мелодыя "Інтэрнацыяналу".

Гэта добра, гэта пераход ад жалобы да барацьбы. Але адначасова нейкія дзіўныя механічныя гукі - цік, цік, цік... Гляджу, аж труна павольненька западае пад зямлю. Хвіля - і знікае, з двух бакоў выхіляюцца нейкія як бы дзверцы і засланяюць адтуліну.

Узрушаны, поўны неўсвядомленых да канца страхаў, вярнуўся ў горад. Не ўмею абходзіцца са смерцю. У той вобласці з касцёлам ніколі не зраўняцца.

Тыя, хто сапраўды...

Ішла восень. Весткі з фронту што раз горшыя. Пасля доўгіх баёў узяты Кіеў, ахоплены ад Гомеля і Краменчуга. Немцы прарваліся пад Ленінград. Вельмі кепска было ўсюды. Толькі на дарозе да Масквы немцы як бы тапталіся. Пэўна адчувалі яшчэ няўдачу пад Ельняй. А таксама галоўныя намаганні накіроўвалі ў той час на поўнач і асабліва на поўдзень. Таксама з налётамі ў верасні, напрыклад, зрабілася лягчэй.

У рэдакцыі мы мелі пару візітаў. Прыйшоў нейкі сівенькі таварыш у акулярах з маладой, чарнавалосай жонкай. Прозвішча яго мне нічога не гаварыла: нейкі Юльян Брун. Галан, які прыехаў "у міжчассі" з Уфы, пасяліўся таксама ў "Маскве" і, не вядома ўласна для чаго, круціўся пры "Новых гарызонтах", аж за галаву схапіўся:

- Але, Брун, Брановіч. Яго кніжкі пра Жаромскага не чытаў?

Не чытаў. Даведаўся, што гэта адзін з найвыбітнейшых марксістскіх публіцыстаў і літаратурных крытыкаў.

Быў вельмі мілы. Прыехаў эвакуацыйным цягніком савецкай амбасады, якая пакідала вішысцкую Францыю. Удалося яму патрапіць на той цягнік, іначай аказаўся б у канцэнтрацыйных лагерах у Алжыры, куды трапіла ў т.л. шмат дамброўшчыкаў. Распавядаў разам з жонкай пра Францыю. Ціснулі на іх: што з ёй сталася год назад? Моцна ў яе ўлюбёныя, гаварылі пра "drole de guerre". Першы раз тады я пачуў тое слова. У суме перакрывалася гэта з "Падзеннем Парыжа".

Выдалі першы, ваенны нумар, танчэйшы за папярэднія хіба на палову, але і так зроблены намі з найвялікшай цяжкасцю. Пэўна, гэта сталася прычынаю, што заглянула да нас яшчэ пару чалавек. Бо перш за ўсё наша жменька не вычэрпвала асяродка "чырвоных" палякаў у Маскве. Прывітаўся з намі адзін, даўжэй размаўляў з Усіевіч. Потым сказалі мне яго прозвішча: Лямпэ, Альфрэд. І яно мне нічога не гаварыла. З атэстацыі пані Гелены вынес толькі, што постаць выбітная.

Мы ведалі, што тут знаходзіцца яшчэ значная група палітычных дзеячаў, старых нелегалаў. Лямпэ прыехаў недзе з Паволжжа, прыцягнуты якраз імі. Толькі недзе праз год сутыкнуўся з ім на даўжэй.

А ў гатэлі спаткаў дзяўчыну, маладую, невысокую, кволую. Пару разоў елі разам. Мела імя Сабіна. Канешне, я ні пра што не пытаўся, але з паўсловаў даведаўся, што ляціць у Польшчу, што з парашутам.

У кастрычніку знікла. Не сустракаў яе больш, паняцця не маю, што з ёю сталася, не ведаю ні яе прозвішча, ані нават псеўданіма. Было гэта мімалётнае судакрананне з іншым светам, які быў вакол нас, дзейнічаў, змагаўся ўжо тады, калі мы яшчэ "гулялі ў літаратуру".

Іншыя змагаліся цалкам непасрэдна. У той час заскочыла ў Маскву наш намінальны шэф: Ванда. Была з Карнейчуком. Прыехалі на пару дзён, апавядалі кучу франтавых гісторый. На поўдні баі дайшлі да Харкава. Было вельмі кепска. Адступленне з Кіева было пеклам, паміж іншымі згінуў без следу Дзясняк. Вярнуўся потым праз пару месяцаў, барадаты, у цывільнай вопратцы. Наступнай вясной зноў палез у цэнтр агню, у памятным вясеннім наступленні на Харкаў, якое закончылася вялікім разгромам, і ўжо не вярнуўся.

Ванда з Карнейчуком таксама за малым не згінулі. На колькі добра памятаю, высадзіліся на "кукурузніку" на нейкім сваім тылавым аэрадроме. Аж тут да іх бягуць. Глядзяць - а гэта немцы. Лётчык даў газу, сарваўся ў паветра. Немцы палілі з усяго, з чаго можна, не патрапілі.

Не напужала гэта іх, былі ў нейкім прыўзнятым настроі. Ванда пастаянна напявала старую, казацкую песеньку, якой навучыў яе Шолахаў. Выдатна. Рэфрэн:

Шкода толькі волюшку

на шырокім полюшку

сонейка на небе ды любові на зямлі.

На фронце што раз горай

Восень. У "Дзяржлітвыдаце" ўсё што раз больш сурова. Ноччу дзяжурым. Аднаго дня прыходзіць мая чарга. Якраз налёт. Блукаю па пакоях, выглядваю ў акно. Пачуваюся не ў сваёй талерцы. Неспадзявана знайходжу выйсце: пачынаю складаць верш.

Выйшла толькі адна страфа:

Масква і ноч.

Бліскі чырвоныя і белыя.

Міргае гарызонт

тысячамі слепячых павек.

Палюсы ўжо дрыжаць,

шыбы аб шпоны грымяць,

гром блізкага выбуху

і самотней пачуваецца чалавек.

Тыповае апісальніцтва. Што ж рабіць? Не кожнаму давядзецца дасягнуць крэацыянізму. Затое досыць дакладна: якраз бамбілі нейкі квартал цэнтра...

Наплыў людзей з фронту, франтавыя настроі вельмі спецыфічныя. Велізарная рэстарацыйная зала ў "Маскве". Абслугоўванне яшчэ амаль нармальнае, яшчэ грае аркестр. Пры століках поўна вайскоўцаў. Паварочваюся. Дзіўны від. Трое п'яных цывільных цягнуць чацвёртага кампаньёна, налітага па корак. Гэта жанчына. Цягнуць яе за рукі і галаву, ногі валакуцца па зямлі. Так неяк атрымоўваецца, што сукенка яе задралася пад грудзі, ніжэй цалкам голая... Зала нічога, як бы таго не было. Нават кельнер не рэагуе.

У "Дзяржлітвыдаце" арганізавалі курсы "ўсявобучу", г.зн. вайсковага прыстасавання. Канешне, мы з Грэгарам запісаліся. Раз у тыдзень альбо і ў два адбываліся зборы. Была ўжо восень, калі мы пачалі выязджаць на стрэльбішча, недзе на поўнач ад Масквы. Усё было тое самае, трохкутнік памылак, разборка замка карабіна. Праходзіў гэта ў чацвёрты раз: гуфец, Жэшаў, Ружан.

Потым нават стралялі. Падмаскоўныя ваколіцы, густыя, але досыць маладыя лясы, шмат елак, ужо пажоўклыя прыгожыя бярозкі. Хвілямі мне здавалася, што гэта Банева. Нават грыбы: стараватыя бабкі, чырвоныя падасінавікі.

Начныя налёты сталі радзейшымі, у пачатку кастрычніка наогул перапыніліся. Мы не здавалі сабе справы, што гэта ў цэлым не абазначае паляпшэння на фронце, а проста адваротнае...

Аднойчы я ішоў да некага ў бок Арбату. Быў хмурны, ранні, кастрычніцкі вечар. Завулкі тут крутыя, поўна драўляных дамкоў за высокімі парканамі. У адным месцы камяніца вылезла на сярэдзіну завулка, трэба было яе абмінуць.

Адышоўся за некалькі паваротаў. Раптам з нізкіх хмар вырвалася выццё самалёта. Цёмны, злавесны сілуэт вынырнуў тут жа з-над дахаў, прамільгнуў над намі. Праз пару секунд грукат, аж забранчалі ўсе ваколічныя шыбы.

Вяртаюся. Няма дома-завалідарогі. Заміж яго куча дымнай цэглы і людзі, якія ў ёй грэбаюцца.

Такія пракрадванні пад самую Маскву без выклікання трывогі - бо самалёты адзіночныя, сталі мажлівымі, паколькі ад 2 кастрычніка немцы зноў перайшлі ў вялікае наступленне на Цэнтральным фронце, узламалі савецкую абарону і рушылі проста на Маскву. А гэта ўсё дзякуючы іхнім поспехам на поўдні, дзе яны ўжо раней выйшлі на магістраль Масква-Арол-Курск-Харкаў, і цяпер танкі Гудэрыяна павярнулі на поўнач, на паўночны ўсход, атакуючы Маскву з боку Тулы.

Афіцыйнае камюніке гаварыла пра тое завуалявана. Ва ўсякім разе падалі, што ўзяты Вязьма і Курск. Мы не здавалі сабе толькі справы, што пачалася вялікая аперацыя, мэтай якой непасрэдна была ўжо Масква.

Эвакуацыя, якая ішла ад ліпеня, была прыспешана. Саюз пісьменнікаў выслаў пару транспартаў у Казань. Нехта ад нас выехаў. Слабоднікі ўжо раней вярнуліся ў Уфу.

Найгоршая ноч

Вечарам 17 кастрычніка затэлефанавала мне адна з нашых каляжанак з "Дзяржлітвыдату". Маскуючы неспакой і старанна падбіраючы словы дала мне зразумець, што наступіла вельмі сур'ёзнае пагаршэнне сітуацыі на фронце, і што гэтай ноччу яны спадзяюцца на сігнал эвакуацыі.

"Дзяржлітвыдат" і так да яе рыхтаваўся. Але той званок значыў, што час планавых выездаў мінуў, што трэба думаць пра імправізацыю.

Званок гэты вельмі мяне ўзрушыў. Бо дагэтуль усе ведамасці ў Маскве дабіраліся да мяне цераз узважаную падачу афіцыйных камюніке. У Маскве я не сустракаў слядоў панікі ці нават хоць бы "катастрафічных" размоваў, наадварот, усе суразмоўцы былі вельмі ўпэўненыя і альбо нязносна аптымістычныя, альбо ў найгоршым разе, стрыманыя і маламоўныя.

Тут я ў першы раз сутыкнуўся з тонам, вядомым мне з Львова і Цярнопаля. Можна сабе ўявіць, як гэта на мяне падзейнічала. Успаміны выклікалі адназначную рэакцыю: ад гэтага часу разлічвай на сябе самога...

Паразумеўся з той знаёмай. Звалі яе Таня. Дамовіліся, што ў выпадку сігналу трывогі збіраемся ў некалькі чалавек і рушым разам далей.

Грэгары сядзеў збоку. Гэта з ім, уласна, дамаўлялася Таня. Патрывожыў Галана. Ён жыў на пару паверхаў вышэй. Пастарнакі ўжо выехалі з пісьменнікамі. Галан адразу зайшоў да нас. Адчуваў неспакой, які нарастаў у сталіцы. Не хацеў вяртацца да сябе.

- Разам будзе спрытней, - паўтараў.

Паклалі яго на крэслах. Леглі таксама. Я, пэўна, заснуў, калі зноў тэлефон.

Гэта была зноў Таня. Усё пацвердзілася. Ёсць сігнал неадкладна пакідаць горад. За вокнамі цёмная ноч. Але забарона перамяшчэння без прапускоў адменена. Збор перад Курскім вакзалам.

Паспешна збіраем нашыя сціплыя лахі. Праз некалькі хвілін сходзім уніз.

Тут жудасная завіруха. Хол "Масквы" поўны снаваўшых тыды-сюды людзей. Ноч за вокнамі. На вуліцы яе чарнату раз-пораз працінаюць слупы святла: адзін за другім з Крамлёўскіх варот выскокваюць асабістыя аўтамабілі.

Гэты від асабліва дзейнічае на свядомасць. Ужо здаецца, што ў такім карагодзе аўтамабіляў мусіць недзе знайходзіцца Сталін.

Смутныя ўспаміны: чорная вуліца, тлум нябачных пешаходаў на тратуарах. Не нас адных паднялі па трывозе.

Нейкія цяжкія высілкі канцэнтрацыі. Нарэшце сустракаемся: нас сямёра. Таня з сяброўкай, нас траіх і Карастылёва з падлеткам сынам. Усіевіч пару дзён назад выехала "рэгулярна" ў Сярэднюю Азію. Бранеўская выехала некуды ў Куйбышаў. Мы апошняе ядро рэдакцыі.

Плошча перад Курскім вакзалам. Досвітак. Уся плошча забіта людзьмі. Сама колькасць іх выклікае падтрымку, бо кожнаму гаворыць: сітуацыя мусіць быць сур'ёзнай, калі столькі людзей сабралася...

Нейкія аўтамабілі, нейкія грузавікі з клункамі. Прабіраемся да вакзала. Здаецца, недзе тут мае быць эвакуацыйны транспарт "Дзяржлітвыдату", але ў тым балагане цяжка нават марыць, каб дабрацца да яго.

Сядзім пару гадзін. Пачынаюцца плёткі. За гэты час не адышоў ні адзін цягнік. Шэпчуцца, што немцы прарваліся да Разані, што шлях на Волгу перарэзаны.

Раніца. Уся плошча загачана стаяўшымі людзьмі. Моўкне гоман: загаварылі рэпрадуктары.

Штодзённая "зводка" Саўінфармбюро. Слухаем... і шкура становіцца гусінай... Заміж "баёў", "упартых баёў", "цяжкіх" ці хоць бы "з пераважнымі сіламі непрыяцеля..." чуем зусім іншую мову, простую, без завулявання, якая называе рэчы па імені.

Але якімі страшнымі аказваюцца тыя рэчы, названыя па імені!

"На працягу дня 17 кастрычніка сітуацыя на Заходнім фронце пагоршылася. Непрыяцель прарваўся на адным з адрэзкаў фронту. Ідуць баі з яго танкавымі і матарызаванымі падраздзяленнямі...".

Гэта вестка пра тое камюніке, якое ўжо даспявала ў нечых мазгах, ужо пакрэсленае і папраўленае на нечым стале, нарадзіла тую начную хвалю панікі. А цяпер, слухаючы тыя пару фраз са здзіўленнем мы пераконваліся, што гэта не сонныя здані, што гэта сапраўды, нават, што сапраўды горай, чым ім падалося.

Феномен такой панічнай рэакцыі на талковае, сухое, але якое не хавае кепскіх навін, камюніке цалкам зразумелы. На працягу некалькіх месяцаў усе вучыліся дабаўляць да агульнапрынятых слоў камюніке адпаведны дадатак праўдзівасці. Калі чулі: "Упартыя", - дадавалі ў думках: "Напэўна зноў адступаем...".

А калі цяпер атрымалі сухую праўду, з разгону і да яе даклеілі свой дадатак. Выйшла страшна. Калі ўжо "зводка" прызнаецца ў пагаршэнні, то што ж там павінна рабіцца на самай справе!

Гэты прыклад - не заклік супраць праўдзівай нфармацыі. Ён толькі вучыць, што ў стасунках паміж іпфарматарам і інфармаваным заўсёды вырастаюць складаныя падтэкставыя ўклады, і што гэта небяспечная рэч усталяваную інфармацыйную канцэпцыю знянацку мяняць на іншую, хоць бы больш шчырую і лепшую.

Горкі Горкі

Чакаем доўга і безнадзейна. Ходзяць толькі прыгарадныя электрацягнікі. Нехта прапанаваў праект: а можа прынамсі такім цягніком? Галан адразу ж тым запаліўся. Я спрабую затрымаць групу, пачакаць на "наш" транспарт.

Выходжу на плошчу, праціскаюся праз тлум. Ён яшчэ пашчыльнеў. Ні пра якую планавую эвакуцыю мовы быць не можа, той тлум стопча ўсё. З горада, які раптам аддаліўся, хоць мы ў яго цэнтры, прылятаюць чуткі, што напады на крамы, што разграмілі краму з гарэлкай.

Вяртаюся. Яшчэ сядзім. Што 15 хвілін зайходзіць пануры Галан і бурчыць:

- Путрамант, электрычка адходзіць.

І нарэшце я не вытрымліваю. Падымаю ўсю групу. Прапіхваемся да білетных касаў, улазім у "электрычку". Гадзіна - і Масква за намі. Даязджаем да канца лініі. Ужо вакол лясы. Гэта каляя на Горкі.

Вылазім на перон, наважаныя далей пхацца пяшком. На бакавой каляі станцыйкі стаіць вельмі доўгі цягнік, увесь з каўпом нагружаны пабітымі танкамі. Спераду недзе адзін таварны вагон. Нехта там ідзе. О, дзіва, цягнік збіраецца ісці і якраз на Горкі. Вагон таксама пабіты, там дзірка ў даху. Запоўнены людзьмі, толькі пад той дзіркай трохі месца.

Пакуемся. Доўга чакаем, і нарэшце цягнік рушыць. І праз увесь той час ні аднаго транспарта з Масквы.

Едзем цэлую ноч. Нейкае немаўлё плача ў кутку. З раніцы сціхае, памерла. Холадна і голадна. Жанчыны ўзялі нешта там з дому, але яго не шмат.

Выглядаю цераз акно. Шэрань і сонца. Мінаем Уладзімір. Не гледзячы на распачлівую сітуацыю не магу адагнаць захаплення. Горад на невысокіх пагорках. Поўна цэркваў, вельмі прыгожых, гонкіх, з залацістымі галовамі.

І наогул пейзаж урачысты, такі свойскі, наднёманскі, сказаў бы. Пагорачкі, на пагорачках загайнікі бярозак, ужо залатых. Зрэдку малыя цэркаўкі. Трохі соснаў.

Другая ноч - і Горкі.

Увальваемся ў горад, як адна з апошніх хваль эвакуацыйнай паводкі. Падобна, звалілася на той горад з паўмільёна чалавек. Вынікі страшныя: поўны балаган, не вядома, дзе спаць, што есці.

Ідзём у мясцовы аддзел Саюза літаратараў. Нас нехта вітае, нехта, хто пазней здабыў пэўную вядомасць. Але вітае кісла. У адказ на нашую просьбу аб дапамозе закатвае дзіўную апастрофу на тэму Масквы і яе ролі. Што перад тым усім кіравала, а цяпер бы хацела, каб ёй дапамагалі. Нават не спрабуем яму тлумачыць, што ідэнтыфікаванне нас з маскоўскай бюракратыяй ёсць грубым перабольшваннем.

Наогул я з ім не спрачаюся, адразу выходжу. Досыць скамянелы, прызнаюся шчыра. Уцякаў ужо пару разоў, бачыў паніку, балаган, усякія непрыемныя аспекты тылу. Але першы раз у яго словах я пачуў нешта, што загучала як сумненне ў выніку вайны.

Дадам: першы і апошні раз. Няхай гэта будзе мерай трываласці савецкага ладу. У такіх цяжкіх акалічнасцях, перад тварам страшных паразаў людзі, так, крычалі, клялі, хацелі, былі ў роспачы. Ніхто нідзе ані паўслоўкам не здрадзіў, што хоць на хвіліну дапускае канчатковую паразу свайго краю.

Нарэшце нас размясцілі ў нейкай школе. Разлажыліся на ноч. Частка спала на сталах. Я - у шафе. Паклаў яе на падлогу, адной палавінай дзвярэй прыкрыўся, як коўдрай.

Два дні так жылі. Хадзілі па горадзе, шукаючы спажывы і выезду далей. Ніякіх шанцаў затрымацца тут не было. Хваля бежанцаў захліснула горад. Крамы пустыя, рэстараны замкнёныя. Недзе нехта нам сказаў, што адкрыта сталоўка для бежанцаў. Знайшлі яе. Стаялі мо з гадзіну, чакаючы ў чарзе. Потым далі нам талерку капусты. Ах, што за раскоша першая лыжка! Цэлая талерка знікла ў імгненне вока. Была гэта капуста "чыстая", сказаў бы: абстракцыйная, не забруджаная дробкай мяса, тлушчу ці хоць бы бульбы. Я быў такі згаладнелы, што адразу пасля гэтага зноў стаў у чаргу. Другая талерка спадабалася ўжо меней.

Хадзілі па горадзе. Падаваўся ён нам брыдкім, збянтэжаным, з купецкімі камяніцамі, якія яшчэ пераважалі над новай архітэктурай.

Затое цудоўныя віды. Стары Крэмль, недзе над Волгай. Фантастычная перспектыва на раку, на ўпадаючую ў яе Аку, на бясконцыя, цёмна-сінія лясы на тым баку. Тут недзе помнік Чкалаву.

Нарэшце мы даведаліся, што ходзяць караблі на Казань. Мы пайшлі ў "Параходства". Не хочуць прадавааць білеты. Розныя захады. Нарэшце, па блату, дастаём білеты на карабель "25 кастрычніка".

Аказваемся на прыстані. Велізарны натоўп. У вокамгненне захоплены плынню людзей, клункаў, драўляных "сундукоў", плеценых кашоў.

Пра ніякі кантроль білетаў мовы не было. Нас увапхнулі на карабель, там плынь цякла пад палубу, у "трум".

Мы аказаліся ў дзіўным памяшканні на носе карабля. Бляшаныя сцены, жалезная падлога. Густа, адзін каля аднаго ляжаць пасажыры. Дзіўны феномен: адначасова жудасна холадна і вельмі душна. Жалезныя сцены сцякаюць вільгаццю: столькі астыла тут выдыхаў.

Нарэшце рушым. Карабель цягне вялікую баржу, якая ў нармальных умовах возіць збожжа. Цяпер і там поўна пасажыраў, не толькі пад палубай, але і на ёй. А яна гладкая, слізкая, без ніякіх надбудовак, ніякіх парэнчаў. Глядзіш на натоўп людзей, якія атабарыліся на той гладкай паверхні, і плечы ў цябе дубеюць: як не пасаслізгваюць яны ў ваду.

Волга панурая, асенняя. Тут то нават і я не бачу пейзажу. Холадна і голад. На сем чалавек у Горкім мы здабылі з яды толькі дзве банкі кансерваў. Вельмі дзіўныя кансервы: вытрымалі штурмы ўсіх бежанцаў, і ніхто на іх не паквапіўся. Былі гэта каперсы ў воцаце. Ведаеце, нешта такое, падобнае да насення настурцыі. Ужываецца яно для дэкаравання фаршырованай рыбы.

На Волзе

Ноч. Не магу спаць: так холадна, душна, нязручна. Хапаюся за выпрабаваны сродак: пішу верш:

... я выведнік будучага часу,

марнею і галадаю тут, абы

тыя шчаслівыя маглі спазнаць смакі і закрасы

дзён, калі зло было магутным, а чалавек слабым.

Хай вароціць і гідзіць

глядзець у тую прорву без дна,

Раскажу ўсё, што бачу,

бо не здольны на іншае я ...

Дзень. Вылазім на палубу. Шпацыруем уздоўж смешных кабін. Голад скручвае кішкі. Адкрываем каперсы. Жанчыны дзяўбуць па зярнятку, пішчаць, што такія нядобрыя. Я дзелавіта схапіў цэлую лыжку. Хвілю перажоўваў, і сам рух шчок, здавалася, насычае. Потым кіслата гэтага свінства. Потым голад яшчэ большы. Нічога дзіўнага. Каперсы існуюць перш за ўсё для дадання апетыту...

Хаджу кругамі па караблі. На вузкім калідорчыку бачу абгрызеную скарынку хлеба. Іду раз, другі. Агарнае мяне пякельная спакуса: схапіць гэта згрызці. Агіда: пасля некага, на бруднай падлозе. За трэцім разам наважваюся: узяць. Але, калі даходжу, яе ўжо няма. Або нехта менш гамлетызаваў, або скінулі ў раку...

Раніца, шэрань, лёд. Стаім у Чабаксарах. Гэта сталіца Чувашскай АССР. Ляжыць на высокім, абрывістым беразе Волгі. Бягу на гару. Далі мне нейкую місачку, а раптам нешта знайду.

Мілае мястэчка: шырокія вуліцы, драўляныя домікі ў садзіках. Знайходжу нешта, як бы базарчык. Некалькі баб. У адной п'ю раз за разам тры шклянкі "варонкі", г.зн. кіслага малака. прыгатаванага нейк іначай. Купляю пару шклянак сланечнікавых семак і ў місачку столькі "варонкі", колькі ўлезла.

Цяпер сцэна з кашмару: я з той міскай маю сыйсці па драўляных сходах у некалькі дзясяткаў метраў да карабля. Яны вельмі стромыя і слізкія. У дадатак карабель трубіць, у любую хвіліну рушыць.

Дайшоў. Карміў потым тую шасцёрку лыжкай па чарзе. Была гэта іхняя адзіная яда аж да Казані.

Казань, Ахматава

Нарэшце прыехалі. Тут было неяк латвей. Прыстань далёка ад горада, але да дабраліся туды без асаблівых страхаў. Казань падалася мне прыгажэйшай за Горкі. У цэнтры трохі будынкаў даўняга ўніверсітэта ў стылі ампір. Крэмль і тут, вельмі маляўнічы, на пагорку, на ўскраіне горада, з шырокім відам на раўніну.

Размясцілі нас у дным з сучасных гмахаў цэнтра: Доме прэсы. Мы далучыліся да натоўпу пісьменнікаў, якія прыехалі спецыяльнымі цягнікамі.

Тут мяне чакала дзіўная прыгода. Ідзём у вялікую залу сходаў, у якой "разбіла намёты" пісьменніцкая брація. Гавораць мне: тут з Масквы і з Ленінграда. Тут, напрыклад, Ахматава...

Я стаў скамянелы. Быў аматарам яе паэзіі, пару вершаў пераклаў. Ніколі, канешне, не бачыў яе, хоць бы на здымку, ніколі не чуў, як выглядае.

- Чакайце, - сказаў. - Толькі мне яе не паказвай-це. Адзін увайду ў залу. Не можа быць, талент такой велічыні бачыцца па вачах.

Спыніліся на лесвіцы. Я ўвайшоў.

Зала велізарная. У ёй пару соцень чалавек. Галоўным чынам сем'і. Панастаўлялі крэслаў, парабілі з іх загарадкі, паразвешвалі бялізну. На сцэне нейкія выкрыкі - гэта венгерскія і нямецкія пісьменнікі камісійна дзеляць хлеб.

Іду, па чарзе аглядаю твары. Канешне, жанчын больш.

Калі абышоў залу быў пэўны, што Ахматава - адна з дзвюх: першая невысокая, досыць пульхная, ужо сівенькая, блакітнавокая, з акруглым, лагодным тварам, другая таксама сівая, але высокая з арліным профілем і палымянымі чорнымі вачыма.

Канешне - Ахматава - гэта тая другая, але тая першая - таксама някепска патрапіў, гэта Вера Інбер.

Як звычайна ў тылах, у эвакуацыі, велізарную ролю ў нашым жыцці ігралі сталоўкі і жыллё. Як моцна тая форма гаспадарчай базы ціснула на свядомасць усіх нас, сведчыць сцэнка з таго ж Дома прэсы.

Кармілі нас зносна. Няшчасці палягалі ў абслугоўванні і сталовых прыборах. Калі кельнерка ў пару не падала лыжкі аднаму з нашай групы (далучыўся да нас у Казані), той вытанчаны мысліцель наскочыў на яе і пачаў мясіць кулакамі. Зрабілася вялікае ўзрушэнне.

Праз нейкі час мы знайшлі пакой у завулку, які называўся Круты, і вельмі трапна. Было гэта недзе на ўскрайку горада, у драўляным, досыць старым, але ўтульным доміку. Пасяліліся там учацвярых, не вельмі ведаючы, што далей...

На фронце ў той час сітуацыя пастаянна была цяжкая, хоць на шчасце паніка аказалася фальшывай. Немцаў пад Масквой затрымалі. Але баі ішлі зацятыя. У "Праўдзе" з'явілася новая рубрыка: "Учора на фронце пад Масквой". Змяшчалі тут талковыя справаздачы пра ход баёў пад сталіцай, на шмат больш абшырныя і больш канкрэтныя, чым у "зводках".

Шостага лістапада - сумнае свята рэвалюцыі, яе дваццаць чацвёртая гадавіна. На наступны дзень мы сабраліся ў Доме прэсы каля радыёпрыёмніка. Перадавалі прамову Сталіна на парадзе войскаў Чырвонай Арміі, якія проста адтуль меліся рушыць на фронт.

Сам факт, што Сталін застаўся ў Маскве, ужо быў суцяшальны. Значыла гэта, што сітуацыя не такая кепская, што Масква будзе бараніцца. У прамове, вельмі кароткай, як звычайна нашпігованай прымаўкамі, знайшлася фраза, якая на нас усіх зрабіла велізарнае ўражанне: "Яшчэ колькі месяцаў, яшчэ паўгода, можа быць годзік - і гітлераўская Германія мусіць лопнуць пад цяжарам сваіх злачынстваў!"

Той "годзік", асабліва той малы годзік! Галан штурхнуў мяне ў бок:

- Чуеш, яшчэ годзік, і вернемся ў Львоў!

Было гэта так далёка, што я па-просту не мог сабе ўявіць таго вяртання. Але ўсе выйшлі з вельмі паднятым духам.

У той час былі яшчэ два эпізоды, якія давалі нагоду на асцярожную надзею. Нямецкія ўдары на абодвух флангах былі застопараны. На самым поўдні немцы знянацку занялі Растоў і адразу былі адтуль выкінуты. На поўначы іхняя група, якая дайшла да Ціхвіна і пагражала выхадам на паўднёвы бераг Ладагі, канчаткова адразаючы Ленінград, была разбіта і адкінута за раку Волхаў.

Скачок у Саратаў

Му тым часам вялі шэрае існаванне паміж пакойчыкам у Крутым завулку і сталоўкай у Доме прэсы. Думалі над усялякімі спробамі скантактавання з Усіевіч і аднаўлення "Новых гарызонтаў".

І вось раптам недзе нехта ловіць мяне.

- Вы павінны неадкладна з'явіцца ў абкам. Для вас ёсць дэпеша ад Молатава!

Я скамянеў. На такую карэспандэнцыю я, даль-бог, не мог спадзявацца.

Канешне з Грэгарам рушылі адразу ў абкам. Прынялі нас там выдатна. Адразу аказалася, што дробная памылка: не Молатаў, а Молакаў.

Але гэта таксама някепска: начальнік цывільнай авіяцыі. Даручыў, менавіта, адразу выслаць нас самалётам у Саратаў. Для чаго? Гэтага ніхто не ведаў.

Ляцелі ўтраіх: Грэгары, Пастарнак і я. Першы раз у жыцці я ўлез у самалёт. Быў гэта вайсковы транспартнік, здаецца "Дакота", халодны, бляшаны, з лавамі пры сценах. Цэлы час я сядзеў, павярнуўшы твар да акенца. Была ўжо зіма, снег. Не адчуў ніякіх сенсацый пры ўзлёце ці зніжэнні. Захапляльным было нешта іншае: гадзіна з нечым - і мы ў Куйбышаве. Затое, каб дабрацца да горада, страцілі пяць гадзін.

Размясцілі нас у нейкім інтарнаце ЦК, накармілі выдатна, на наступны дзень запакавалі ў іншы самалёт.

Няпоўныя 2 гадзіны - і Саратаў. Апошнія хвіліны ляцелі ўжо пры зямлі, ніжэй абрывістага правага берага Волгі.

Горад падаўся мне прыгожым - якраз дзякуючы таму абрыву. Усе вуліцы, якія выходзілі на Волгу, заканчваліся выдатнай перспектывай заволжскіх стэпаў, якія ішлі недзе на паўднёвы ўсход аж да вялікіх пустынь Сярэдняй Азіі, не перарваныя ўжо ані гайком.

Тыя стэпы ўрываліся ў сам горад. Я сядзеў неяк у рэстаране, калі нешта мне падказала падняць вочы на акно. Вуліцай цягнуліся адны за другімі звычайныя нашы сані. Але коні нейкія дзіўныя, высокія, нейкія няроўныя... Гэта былі вярблюды.

З другога боку Волгі, далёка ў снежным стэпе былі відны невысокія домікі горада, які ў той час называўся Энгельс і быў сталіцай аўтаномнай рэспублікі прыволжскіх немцаў, якраз ліквідаванай з-за выкрытых нейкіх спробаў кантакту з гітлераўцамі. Падобна, што ўсю рэспубліку, уключна з абкамам, упакавалі ў цягнікі і вывезлі ў Казахстан.

Радыё-мітынг

Але гаворка не пра тое. Адразу пасля прыезду мы даведаліся, для чаго нас выклікалі. Сустрэў нас малады маёр Чырвонай Арміі... Віктар Грош. У Саратаве была Ванда. Пастанавілі, менавіта, зрабіць нешта ў родзе радыё-мітынгу палякаў-неандарсаўцаў у Савецкім Саюзе.

Не ведаю, чаму выбралі гэты час. Ляжыць перада мной нумар "Ізвесцій" з датай 2 снежня 1941 года. Перадавіца прысвечана ўгодкам смерці Кірава. Побач пару карэспандэнцый на тэму вяртання Растова. "Зводкі" лаканічныя. Ранейшая ад 30 лістапада падае, што пару дзён назад савецкія войскі пасля зацятых баёў пакінулі горад Ціхвін.

А пасяродку, унізе старонкі, ёсць паведамленне пра прылёт у Куйбышаў генерала Сікорскага, якога прынялі адразу Калінін, а потым і Вышынскі.

Так, толькі што наш мітынг адбыўся 27 лістапада...

Дзіўны гэта быў мітынг. Мы сабраліся ў некалькі чалавек у адной са студый саратаўскай радыёвяшчальнай станцыі. Была Ванда, было нас пару з Казані, быў Ендрыхоўскі, быў пузаты і румяны друкар з Варшавы, Ёчыс, быў яшчэ больш ссівелы Юліян Брун, які выехаў з Масквы і трапіў акурат у Энгельс.

Акрамя таго прамаўляў Карняйчук. Украінская спявачка Зоя Гайдай выканала па-польску арыю Галькі. Максім Рыльскі прачытаў верш "Да братоў-палякаў".

Мы выходзілі па чарзе, станавіліся перад металічнай скрыначкай, павешанай на кій. Цяжка было ўявіць сабе, што твае словы дойдуць да каго-небудзь з тых, для каго былі прызначаны.

Наступны прамоўца - падаюць "Ізвесція", польскі літаратар Ежы Путрамант: "Гітлераўцы прынеслі нашаму народу голад, забойствы, ствараюць вырафінаваную сістэму пераследванняў і катаванняў, нішчаць усе скарбы польскай нацыянальнай культуры, масава выдаляюць палякаў з Познаньшчыны, Памор'я, Шлёнска і іншых адвечных польскіх зямель.

... Народ Баляслава Крывавустага, народ Касцюшкі не можа застацца бяздзейным у хвілю, калі вырашаецца справа яго свабоды і гонару!..."

Мітынг ухваліў два звароты - да польскага народа і да абаронцаў Масквы.

У першым мы знойдзем заклік да польскіх жаўнераў у Англіі і Канадзе, да польскіх лётчыкаў і партызанаў. Галоўным акцэнтам звароту быў заклік да актыўнай барацьбы з гітлярызмам плячо да пляча з Чырвонай Арміяй.

Зварот да абаронцаў Масквы гаварыў пра змаганне палякаў з гітлярызмам і пра значэнне абароны Масквы для ўсяго свету, для Польшчы ў прыватнасці.

Агучылі свае прамовы, зачыталі звароты. Не ведалі, што праз пару дзён у Саюз прыязджае Сікорскі. Усё гэта падавалася мне звычайнай прапагандысцкай імпрэзай, у дадатак - з-за вялікіх адлегласцяў - праўдападобна не чутнай для краю.

Толькі сёння, пераглядаючы пажоўклы і змяты нумар "Ізвесцій", пачынаю здаваць сабе справаздачу з сэнсу ўсёй імпрэзы. Была гэта першая публічная дэманстрацыя той палітычнай плыні, якая праз паўтара гады пакліча да жыцця І дывізію і ўсё, што з яе вынікла.

Канешне, усё гэта было звязана з Сікорскім. Яно падкрэслівала вырашальную для вызвалення Польшчы ролю прымірэння і дружбы з Савецкім Саюзам. Сікорскі не ўмеў зразумець усю вагу гэтага дакументу, не патрафіў давесці свайму атачэнню, што з усіх дарог да Польшчы найкарацейшая ёсць з Усходу.

Зварот падпісалі яшчэ пару чалавек, непрысутных у Саратаве, але цалкам з ім згодных: Якуб Парнас, Уладзіслаў Краснавецкі, Адам Важык.

Прафесар - падпаручнік

Мітынг скончыўся, мы яшчэ дзень жылі ў саратаўскай "Асторыі".

Былі ўжо вялікія марозы. Адным ранкам мы ішлі ўчацвярых - Грош, Пастарнак, Грэгары, я. Мы ішлі ў нейкіх футравых шапках, пара вырывалася з роту, насы мерзлі.

Тут з-за павароту вынікла дзіўная здань. Чалавек у летнім непрамакальным плашчы, у галёшах, але без ботаў, без шапкі, з доўгімі валасамі, якія сягалі да шыі. Глядзім на яго ў аслупяненні, а ён ужо нас мінае, але паварочваецца і крычыць:

- Леан!

Пастарнак кідаецца да яго. Аказваецца, што гэта ... Норберт, вядомы нелегальны моладзевы дзеяч са Львова, замешаны нават у справе Дамбінскага.

Уцяклі са Львова з жонкай і дзіцем. Дабраліся да Растова. Асенняе гітлераўскае наступленне змусіла іх да паўторных уцёкаў. Дзіця ў дарозе памерла. Жонка ў гэты час ляжыць на падлозе на вакзале, ён сам выйшаў у роспачлівай надзеі...

Канешне Грош адразу растрывожыў Ванду. Абоіх паклалі ў шпіталь - бо абое па чарзе захварэлі на сыпны тыф...

Потым паляцелі назад. У Куйбышаве спыніліся ў гатэлі "Гранд". Быў гэта невялікі старасвецкі гатэлік, якраз ачышчаны, прыведзены ў парадак для замежных гасцей, якіх было шмат, бо менавіта тут размясцілі эвакуяваны з Масквы дыпламатычны корпус.

Сядзелі з Грэгары за вячэрай, калі да нашага століка прымасціўся шчуплы і высокі чалавек у вайсковым мундзіры ангельскага пакрою, але з самотнай зорачкай падпаручніка - тыпова польскай, якая зрэшты дзіўна яму не пасавала, бо па ўзросце выглядаў прынамсі на маёра.

Належаў да світы Сікорскага. Той ужо быў у Маскве, наш падпаручнік заграз у Куйбышаве. Мы разгаварыліся.

Было гэта 2 ці 3 снежня 1941 года. Наш суразмоўца засведчыў, што ён прафесар Ягелонскага ўніверсітэта. Запыталіся ў яго, што думае пра сітуацыю.

- Сітуацыя мутная, - сказаў, - але дзве рэчы, проша паноў, не падлягаюць сумненню. Па-першае, Масква падзе ў любы дзень. Па-другое, Японія ў любы дзень нападзе на Савецкі Саюз.

Тыя блізкія па словах факты не здавалася, каб асабліва яго прыгняталі. Запыталі, як ён бачыць дальшы ход вайны, пачаў хваліць выбітныя абарончыя якасці Ірана, Афганістана, памежных індыйскіх гор...

Такая оптыка не магла не скончыцца катастрофай. Такое бачанне свету, такая ацэнка дзейных сілаў не маглі не прывесці да поўнага правалу ўсіх яе вызнаўцоў. Падаю гэты прыклад з асаблівым падкрэсліваннем даты той размовы. Бо рэдка гісторыя абвяргае палітыкаў так бліскавічна на працягу нямногіх дзён.

Сустрэў пазней яшчэ раз прозвішча нашага суразмоўцы. Недзе, мабыць, у сакавіку 1942 года было камюніке пра арышты сярод дэлегатаў "лонданскай" амбасады за злоўжыванні, антысавецкую прапаганду і нават шпіёнства. Наш падпаручнік-прафесар фігураваў у тым спісе. Былі яны, здаецца, высланы на Бліжні Ўсход.

У той час пачалося ўжо фармаванне частак арміі Андэрса. У Куйбышаве было поўна палякаў, прыязджаўшых у амбасаду з розных лагераў. Былі пераважна вельмі кепска апранутыя, галодныя і змучаныя. Амбасада не магла ўсім дапамагчы, але яе працаўнікі, згодна з найгоршымі традыцыямі бекаўскага МЗС, страшна задзіралі насы перад бежанцамі. У дадатак у асяроддзі амніставаных галоўнай тэмай размоваў былі антысавецкія пагрозы і звядзенне рахункаў з усімі, хто праявіў свае "чырвоныя" перакананні.

Прыходзілі да нас некаторыя з такіх бежанцаў, распавядалі. Канешне, нікому з нас і ў галаву не прыйшло, каб туды заглянуць. Чужынскасць той аджываючай буржуазнай дзяржавы была для мяне, напрыклад, звыш відавочнай.

Вяртанне і падарожжа

У пачатку снежня, адразу пасля той размовы мы вярнуліся ў Казань, у наш Круты завулак. Тут прыйшлі камюніке пра вайну Японіі з Амерыкай і Англіяй, а таксама, што найважней, пра паразу немцаў пад Масквой.

Я ўжо ўспамінаў, на працягу ўсяго лістапада сітуацыя на франтах па ціху праяснялася. Бадай што 30 лістапада прыйшла першая перамога - пад Растовам, вернутым савецкімі войскамі. Мы жылі ў чаканні станоўчых змен. Вяртанне Ціхвіна ўспрынялі з радасцю, але без нечаканасці.

А калі прыйшла вестка пра паразу пад Масквой, настроі нашыя развярнуліся. З нецярпеннем мы кідаемся да радыё, чакаючы на ранішнюю "зводку". Яшчэ на працягу некалькіх тыдняў былі весткі пра нямецкі адход. Пад самай Масквой адступілі немцы на сто - сто дваццаць кіламетраў. Зніклі іхнія высунутыя флангі ў кірунку Тулы і Разані, адступілі з Калініна. Аддалі Ялец.

Гэта было выдатна. Горш, што мы нічога не рабілі. Было вельмі цяжка з харчамі. Хадзілі на "рынак", на "таўкучку". Неяк удалося купіць трохі мёрзлай бульбы. Тлушчу не было. Сцерлі яе і спрабавалі спячы. Але і спечаная тоўстая пляцка яшчэ мела тую гнілую слодыч. Рэзалі яе на пласцінкі і зноў падпякалі...

Новы год у Крутым завулку... Прыйшлі некалькі знаёмых, у т.л. паэт Леў Ашанін, малады чалавек у акулярах, з абвіслымі, доўгімі, светлымі валасамі і яго жонка, унучка Глеба Ўспенскага. Мы мелі бутэльку гарэлкі, селядца, трохі ляндрынак. Дэкламавалі вершы, спявалі. Галоўнае, што займала нас, што з тым годзікам? Калі гітлераўская Германія лопне пад цяжарам сваіх злачынстваў?

Праз пару дзён дабралася да нас "тэлеграма-маланка", пасланая два тыдні таму назад. Выклікалі нас некалькіх у Саратаў для працы ў тамтэйшай радыёстудыі, дзе якраз адкрывалі спецыяльную польскую рэдакцыю.

Ехала нас некалькі: Грэгары, Пастарнак з жонкай, Галан, здаецца, Генрык Вернер, які недзе тут да нас далучыўся. Дасталі мы трохі спажывы - хлеб і сушаная вобла. Таксама білеты. Аднак, калі прыйшлі па вакзал і ўлезлі ў цягнік - аказалася, што месцаў, пазначаных на білетах, чамусьці няма. Было вольнае аддзяленне, але замкнёнае.

- Для чальцоў урада! - паведаміў кандуктар.

Доўга перамаўляліся. Сярод нас, на спрэчку, аднаго "чальца ўрада" ўдалося б знайсці, бо быў дэлегатам Вярхоўнага Савета адной з рэспублік. Пастарнак прымяніў моцны прыём, пагражаючы паскардзіцца...

- ... Лазару Маісеевічу..., - які тады быў яшчэ Народным камісарам шляхоў зносін.

Гэты скамбінаваны ўдар зламаў супраціў кандуктара, і першую частку падарожжа мы праехалі зносна, у асобным аддзяленні.

Але потым былі перасадкі. Памятаю Ружаеўку, вялікую вузлавую станцыю, забітую велізарным натоўпам пасажыраў. Тут трэба было чакаць амаль суткі. Нейкая дзяўчына-чыгуначніца запрасіла нас да сябе. Яна жыла каля станцыі ў вялікім пакоі, поўным дзяцей. Сядзелі там размаўлялі, некаторыя дон-жуаны спрабавалі фліртаваць з нашай гаспадыняй. Было звычайна і весела.Уражвала здольнасць гаспадароў - так проста і зычліва прымаць раней цалкам незнаёмых людзей... Развітваліся, як старыя прыяцелі або блізкія сваякі...

Нам паведамілі, што якраз грузіцца вялікі таварны цягнік. Бягом кінуліся на адну з бакавых калеяў. Канешне, доўгі, чырвоны ланцуг вагонаў. Але перад кожным людскі клубок.

Пакуль мы дабеглі, клубкі зніклі, затое ўсе дзверы былі пазачыняны. Нам толькі крычалі - няма месца. Прабіраліся далей.

Толькі пры адным вагоне яшчэ тлуміліся людзі. Дабеглі задыханыя. Але і тут якраз збіраліся зачыніць дзверы. І тут не было шанцу: увесь вагон быў поўны вайскоўцаў, маладзенькіх малодшых лейтэнантаў.

Раптам нехта з нас адважыўся. Пачаў крычаць:

- Тут польскія пісьменнікі!

Як звычайна, закляцце дапамагло. Начальнікам групы тых малодшых аказаўся старэйшы лейтэнант Пятроў, хлопец гадоў дваццаці з нечым. Паглядзеў на нас, павёў рукой. Малодшыя зараз жа нас усіх уцягнулі. Якая дзіўная ўласцівасць чалавечай душы. Яшчэ хвілю назад мы былі поўныя наступальнага запалу, гатовыя лезці наперад і ламаць прывілеі тых, якія здалелі пралезці перад намі. А цяпер недзе ў глыбіні істоты грукае ў нас кансерватыўная развага. Ужо першае, што прыходзіць у галаву: бараніць, зачыняць дзверы...

Дэзертыр

Якраз дзяжурны "малодшы" збіраўся гэта зрабіць, калі недзе ў канцы гэтага натоўпу, які яшчэ стаяў перад вагонам, нехта крыкнуў:

- Леан!

Я выглянуў. Быў марозны ранак, дрэвы ў інеі, малінавае сонца. Тлум змарнаваных людзей з "сундукамі" на плячах. Усе махаюць рукамі, крычаць, клянуць. Зноўку крык:

- Леан!

Пастарнак высоўвае галаву. Раптам крычыць:

- Люсяк!

Цяпер і я разгледзеў дзіўную постаць у апошнім шэрагу чакаўшых. У шэрай вушанцы, высокі. Мае два элементы твару, якія ўзаемна выключаюць адзін аднаго. Чорныя акуляры рабілі з яго абсалютную кніжную моль, калі б не велізарныя, кавалерыйскія вусы ні то ля Пільсудскі, ні то а ля Сталін. Яны зноў зрабілі б з яго зуха, калі б не тыя акуляры.

У тую хвілю зрэшты і адно, і другое не важнае. Акуляры замерзлі, вусы пакрытыя ледзякамі. Як разгледзеў Пастарнака, не вядома. Але Пастарнак ужо балбоча Пятрову, і той ківае рукой. Праз хвілю таямнічы Люсяк размяшчаецца ў вагоне.

Яшчэ праз паўгадзіны цягнік рушыць. У вагоне едуць пяцьдзесят малодшых з групы Пятрова. Яны толькі што закончылі афіцэрскую школу і прызначаны ў дывізію, якая фармуецца недзе перад Саратавам. Нас цяпер васьмёра. І нарэшце пару чалавек выпадковых, у тым ліку адзін у строі псеўдавайсковым. Ён мае адзін незвычайны атрыбут: блакітную шапку так зв. унутраных войскаў НКУС, праўда выразна без зорачкі, "неактуальная", але ўсё ж яшчэ блакітная. Мы даём яму мейсца пры верхнім акенцы. Калі пад'язджаем да станцыі, гэты тып мае заданне выглядваць праз акенца. Нібы нічога, а ўсё ж адпужвае колькіх там аматараў падарожжа ў нашым вагоне.

Гэта класічная "цяплушка", г.зн. нармальны таварны вагон з жалезнай печкай пасярэдзіне. Абедзве паловы вагона акрамя таго запоўнены "нарамі", г. зн. ляжанкамі з дошак, прыкрытых пэўнай колькасцю яловых галінак. Ляжанкі двухпавярховыя, на кожнай памесціцца з дзесяць чалавек.

Укладваемся покатам. Вусатага акулярніка размяшчаем у найцямнейшым закутку, на першым паверсе - г. зн. проста на вагоннай падлозе. Праз пэўны час Рыся Пастарнак адсоўвае дошку ляжанкі, усаджвае руку ў шчыліну і падае вусачу то шклянку "гарбаты" ці кіпятку, то кавалак хлеба. Вусач не вылазіць са сваёй нары, хіба ноччу. Стараецца не трапляць нікому на вочы. Ён злачынец - і вельмі цяжкі злачынец. Гэта дэзертыр.

Ноччу Вернер і Пастарнак паўшэптам распавядаюць мне гісторыю вусатага Люсяка. Львовец - гэта зрэшты чуецца ў першым яго слове. З левай сям'і - яго дзядзька вельмі вядомы дзеяч галіцкай ПСДП, блізкі кампаньён Дашынскага. Але сам Люсяк - ужо камуніст. Першы арышт - бадай што ў веку гадоў шаснаццаці. Пару гадоў працы ў прадстаўніцтве партыі ў Берліне. Бяроза Куртузская, дзе, падобна, трымаўся як герой. Адтуль і знаёмства з Пастарнакам...

Пасля верасня стаў дырэктарам фабрыкі мыла ў Львове...

І дызертыр? Як найсапраўдней. Едзе цяпер на ўдачу, без хоць якога дакумента. Злоўлены, рызыкуе...

Мабілізаваны адразу пасля выбуху вайны. Пару тыдняў баёў і адступлення на Букавіне і паўднёвай Украіне. Потым - як "заходнік" - адкліканы з фронту ў "будбат". Колькі месяцаў у будбаце (працоўным батальёне) ў Марыйскай АССР, за Волгай. Выпадкова трапіла да яго газета з тэкстам нашага звароту пасля саратаўскага мітынгу. Даведаўся, што Ванда недзе тут. Таму дэзертыруе...

Уцякае са свайго "будбата" шукаць Ванду. Лічыць, што пры яе дапамозе зноў трапіць на фронт.

Што за шчасліўчык! У такім стозе сена, якім ёсць Савецкі Саюз, трапіць на тую голку, Леана! Нічога дзіўнага, што больш, чым спартанскія ўмовы падарожжа зусім яго не ўразілі. Ведае, што цяпер да Ванды дабярэцца. Мармыча нешта, калі Рыся ўсоўвае да яго руку з пайкай хлеба. Ёсць у тым нешта ад кармлення мядзведзя.

Дзіўны пасажыр і штурм у Пензе

Паволі складваюцца стасункі ў "вагоне старшага лейтэнанта Пятрова". Дзяжуру пры печцы. Бухае ад яе жар, і, хоць сцены бліскаюць крышталікамі лёду, досыць цёпла. На станцыях мы ходзім па воду, з якой гатуем нешта в. а. гарбаты. Казанскую воблу мы ўжо з'елі. На большых станцыях на наш "выклік" атрымоўваем порцю хлеба і часам талерку супу. Хлопцы Пятрова выключна мілыя, таварысцкія, тактоўныя. Такая іх гурма - а ні слоўка брыдкага, ані зачэпкі на адрас нашай адзінай, вельмі прыгожай Рысі.

На кожнай станцыі вагон становіцца аб'ектам чарговага штурму. Наогул, мы адбіваемся досыць добра. Часам хапае той блакітнай шапкі. Часам адной фразы Пятрова, што вагон заняты вайскоўцамі.

Але часам здараюцца нахабнікі, рызыканты і камбінатары наогул выключныя.

Адным вечарам прыйшла іх цэлая калекцыя. Нехта прасіў. Нехта спрабаваў некага падкупіць. Потым нехта зазірнуў, кінуў вокам і закрычаў:

- Залазь!

Лейтэнант кінуўся, але было запозна. Увайшлі два тыпы. Адзін глядзеў з пад ілба алавянымі, "прафесійнымі" вачыма. Другі... ў кайданках.

Першы, прыціснуты да сцяны, паведаміў, што канваюе арыштаванага. Гэта, зрэшты мы бачылі на ўласныя вочы. Хапіла б тых кайданкаў для ўсякага, толькі не для нас. Уражвальны кангламерат збройнай сілы Пятрова і нашай брахлівасці зламалі чары той інсцэнізацыі. Нехта спытаў паперы.

- Не бачыце? - выкрыкнуў канвойны, ківаючы галавой на арыштанта.

Мы паўтарылі пытанне. Яны пераглянуліся і саскочылі. Я высунуўся, паглядзеў услед ім.

Канвойны зняў кайданкі. Пайшлі разам далей, раззлаваліся, плююць часта на снег. А потым дзверы зноўку адчыніліся. Як у "Дзядах", працэсія прывідаў яшчэ не скончылася. Гэта быў апошні, найбольш несур'ёзны.

- Хто там? - закрычаў дзяжурны "малодшы".

- Хто? - спытаў прывід. - А вось зараз убачыш. хто...

З'явіўся чалавек абсалютна ніякі. Не за стары, не за малады, не за тоўсты, не за худы, не цывільны, не вайсковы. Стаў, паглядзеў, як бы глыбока медытуючы, ці вагон яму адпавядае.

- Грамадзянін, што хочаш? - спытаў трохі збянтэжаны дзяжурны.

Той на яго не паглядзеў, і дзяжурны цяпер ужо выразна абамлеў ад страху.

Мы вылезлі са сваіх нор, прыцягнутыя раптоўнай цішай. Пяцьдзесят маладых твараў паміж ляжанкамі. Распаленая печка, чырвоныя танцы ценяў. Пасяродку дзіўны пасажыр.

- Так, так , - сказаў, уздыхнуў і сыкнуў з жалем. - Што ж, цяжка...

- Што цяжка, грамадзянін? - спытаў дзяжурны нават з адценнем прыніжанасці.

- Гэты вагон. Не адпавядае нормам прызначэння, - адказаў таямніча дзіўны пасажыр.

Мы пераглянуліся паміж сабой. Была гэта цалкам новая з'ява. Веданне савецкай рэчаіснасці не было ў нас дастаткова глыбокім. Не ведалі, што гэта такое. Можа б прыродны польскі скептыцызм зайграў, але выгляд пяцідзесяці малодшых быў звыш незвычайны. Як скамянелі.

Дзіўны пасажыр паглядзеў яшчэ, паўздыхаў і нарэшце паведаміў рашэнне. Паказаў рукой на "бельэтаж" найбліжэйшай ляжанкі і сказаў Пятрову:

- Тут!

- Што тут? - прамармытаў Пятроў.

- Зрабіць мейсца.

- Як гэта мейсца? Навошта?

- Давядзецца зрабіць, - паўтарыў дзіўны пасажыр і зрабіў крок да Пятрова.

Не памятаю, што сталася крыкам пеўня, які перарваў чары. Тып зрабіў нейкую дробную памылку. Можа з'явілася ў яго нейкая інтанацыя просьбы? Можа нават толькі ўсміхнуўся?

Досыць, што цяпер усе па-просту заварушыліся, нехта засмяяўся. Не трэба было ў яго нават прасіць паперы.

- Эх! - сказаў з жалем і злосцю, пэўна на сябе самога за тую ўсмешку і пайшоў сабе. А мы бухнулі смехам і рагаталі на працягу добрых пяці хвілін, што нас так абвялі вакол пальца...

А потым была Пенза. Цягнік павольна пад'язджаў да перона. Тып у блакітнай шапцы выглянуў - і адразу ж адхіснуўся ўражаны.

- Хлопцы! - закрычаў. - Канец свету!

Столькі было аматараў падарожжаў на пероне. Мы чым найхутчэй забарыкадавалі дзверы, абкруцілі замок некалькімі столкамі дроту. Высунулі наперад дзяжурных. Непатрэбныя пахаваліся па кутах.

Цягнік спыніўся, і гвалт натоўпу. У суседніх вагонах выбухлі адразу скандалы. Дзясяткі рук замалацілі ў нашыя дзверы. Дзяжурныя крычалі:

- Вайскоўцы! Тут вайскоўцы!

- Мы таксама вайскоўцы", - крычалі знадворку.

- Тут афіцэры!

- Мы таксама афіцэры!

- Без каменданта не адчынім.

Была хвіліна адноснай цішыні, а потым тып у шапцы рыкнуў:

- Хлопцы, канец! Камендант! Палкоўнік! Такі вялікі!

Адразу за двярыма загрымеў бас:

- Я камендант! Адчыніць!

Дзяжурныя абамлелі! Па знаку Пятрова пачалі нават адкручваць дрот. Але камендант спяшаўся. Тузануў дзверы - і дрот лопнуў! Дзверы загрукаталі і падаліся ўбок.

Дзённае святло. У тым святле некалькі дзясяткаў узбуджаных твараў - і на першым плане велізарнае тулава каменданта.

- Хто тут старшы? - рыкнуў.

Пятроў дзелавіта выйшаў наперад.

- Таварыш палкоўнік, - шапнуў канфіндэнцыяльна. - Тут чальцы ўраду...

Як жа ж быў у вагоне нейкі пасажыр у футравай, вельмі пушыстай шапцы з чырвоным сцяжком дэпутата Вярхоўнага Савета нейкай з рэспублік - на лацкане. Камендант паглядзеў на яго. Урад той яму не заімпанаваў. Рэспубліка была, як на злосць, нейкая ледзь аўтаномная.

Камендант рыкнуў зноў. Тады загаварыў бядовы чалец ураду і таксама вельмі даверліва...

- Ведаеце, палкоўнік, тут польскія пісьменнікі...

Але і гэта не заімпанавала палкоўніку.

- Пісьменнікі? - рыкнуў. - Якія яны пісьменнікі? А калі пісьменнікі, то няхай едуць на фронт!

Гэтыя досыць нелагічныя прапановы вельмі мяне закранулі. Быў гэта першы і апошні выпадак, калі мая прафесія не выклікала належнага ўражання ў масавага савецкага чытача.

Калі і гэтая лінія абароны лопнула, у шэрагах абаронцаў выбухнула паніка. Старшы лейтэнант, чалец ураду і польскія пісьменнікі дружна адступалі. І тады якраз з верхніх полкаў раздаўся нечаканы гром.

Галан у дарозе злавіў грып. Паклалі яго на верх, бо там было цяплей. Меў высокую тэмпературу, цэлы дзень не еў і нічога не гаварыў.

Цяпер сарваўся на ногі, растрапанымі валасамі датыкаючыся столі. Пальцам нацэліўся ў твар палкоўніку:

- Палкоўнік? - крыкнуў. - Ты не палкоўнік, ты ...

Тут ён вельмі даходчыва акрэсліў genus proximum палкоўніка. І, уявіце сабе, дапамагло. Палкоўнік неяк дзіўна зшарэў, галавой пакруціў.

- Тут нас абражаюць, - сказаў. - Тут нас абражаюць!

Махнуў рукой і пайшоў. Нават мне зрабілася шкада яго. За ім пайшлі ўсе, якія разлічвалі на мейсца ў нашым вагоне.

Саратаў

Думаеце, што выдумляю? Не памятаю толькі розных маляўнічых дробязяў. Што, напрыклад, здэмаскавала дзіўнага пасажыра? Таксама іншых розных сцэнак. Але не выдумаў ні паўслоўка. Як на выдумку, было б гэта ўсё надта трывіяльна.

Паехалі далей. У Рцішчаве мы пакінулі гасцінны вагон Пятрова. Тут здарылася гісторыя з чамаданам, вельмі дакладна апісаная мной недзе ў іншым месцы (апавяданне "Валізка" з кнігі "13 з Весялуна"). Потым з'явіліся мы ў Саратаве.

Польскую рэдакцыю радыёстанцыі імя Шаўчэнкі толькі стваралі. Яе ўзначаліў Віктар Грош.

Размясцілі нас у вялікай зале, дзе перад тым адбываліся сходы і прадстаўленні. На сцэне стаяла бюро Гроша. У глядзельнай зале нашыя пяць ці шэсць сталоў.

Грош меў свае велізарныя перавагі. Меў таксама, як гэта гаворыцца, сваю спецыфіку. Працу нашую падзяліў незвычайна арыгінальна.

Што дзень мы мелі пяць або шэсць перадач - па пяць, дзесяць, пятнаццаць хвілін. Заміж тэматычных рэфератаў Грош па-просту папрызначаў нам тыя перадачы, называючы кожнага з нас адказным за ўсё, што ў такую дзесяціхвілінаўку гаварылася. У перакладзе на мову эканомікі быў гэта пераход ад грашовай гаспадаркі да натуральнага абмену. Кожны пан на перадачы рабіў у сябе і палітыку, і літаратуру, і эканоміку. Нонсанс вялікі, абсалютны. Але Грош быў сабой задаволены. Непакоіла яго толькі, што будзе, калі яму павялічаць колькасць перадач і не дабавяць людзей...

Што дзень з раніцы мы ішлі ў вялікую залу. Сваю дзесяціхвілінаўку я рабіў за паўгадзіны - няйначай як пільны, старанны вучань X ці Y. Пацягваўся, уставаў. Грош быў неспакойны, намагаўся мяне пераканаць, што мушу "сваё адсядзець". Без цяжкасці разбіваў яго аргументацыю: паколькі даў нам акорд, калі яго хутчэй зраблю, рэшта дня мая... Гэта было перабольшванне, пасля паўдня трэба было яшчэ ісці на студыю, чытаць свае тэксты. Часам выпадала гэта позьнім вечарам. Сядзіш у халодным пакоі, дундзіш тую сваю дзесяціхвілінаўку, абсалютна пэўны, што цябе ніхто ў краі не слухае. Потым дадому. Тут толькі мароз. Снег скрыпіць, кавалак месяца, за горадам чырвоныя зорачкі ў небе і драўляны стук кулямёта: начныя вучэнні...

Гэтае пачуццё бяссільнасці перараджалася ў безадказнасць, калі так можна сказаць. Неяк рабіў справаздачу з такога чэшскага "радыёмітынгу". Была поўнач, ад нудоты хацелася выць. Пачаў ні з таго, ні з сяго польскі тэкст чытаць па-чэшску, акцэнтуючы першыя галосныя. Ніхто на гэта не звярнуў увагі: мы нават кантралёра не мелі!

Было нас, як ніяк, трое літаратараў: Пастарнак, Важык, я. Спрабавалі часам літаратурныя перадачы. Раз упяклі сатырычную перадачу з Гітлерам у галоўнай ролі. Мне даверылі гэтую ролю! Я ніколі Гітлера не чуў, не ведаю нямецкай. Па-просту сказалі мне, што я павінен раўці як найгучней, з найбольшым запалам.

Перадача зрабіла ў нас фурор: асабліва я! Прыбягалі да мяне знаўцы, паціскалі рукі - гаварылі, што я прамаўляў лепш, чым сам Гітлер. Асабліва ўражвальна атрымалася сцэна, у якой на Гітлера нападае фурыя. Падобна, я быў фенаменальны. На віншаванні адказваў кіўком галавы. Па-просту слова не мог сказаць. Ахрып ад таго крыку і на працягу двух тыдняў разумеўся з атачэннем на мігі.

Пастарнак пісаў шмат сатырычных вершаў. Вельмі яму ўдаўся жарт на аб'яўленне вайны японскім міністрам замежных спраў Тога:

То

га

бу

дзе

каш

та

ваць

до

ра

га.

Таксама і я напісаў пару ваенных вершыкаў. Адзін, пра савецкіх лыжнікаў, быў нават перакладзены на расейскую мову нейкім мясцовым паэтам, у якога веданне мовы Міцкевіча была хутчэй фанетычнае, чым семантычнае. Пішу: белыя завеі, белыя плашчы. Жвава перакладае: белае вые, белае плача...

Ляпсус, зрэшты, невялікі ў параўнанні з адным драматургам, які на гонар нашаму народу склаў у свой час драму пад назвай "Бітва пад Грунвальдам". Ёсць там дыялог паміж Ягайлам і Ульрыхам фон Юнгінгенам.

Вялікі магістр буркнуў:

- Данцыг...

Ягайла іранічна:

- Як вы сказалі? Данцыг? Вось не чуў... Гданьск і Гдыня - старажытныя польскія гарады...

Соя і Грош

Мы ўсе жылі ў адным вялікім пакоі такога "абшчажыцця". Кожны з нас меў велізарны спрунжынаваны ложак з нікеляванымі галкамі. У куце два ложкі былі аддзелены простынямі - быў гэта сямейны куток. Збоку спаў Вернер. Пры акне - Важык. У другім радзе - я, Грэгары, Галан і Люсяк.

Апошні нейкі час чакаў на Ванду, якая была на фронце. Ён не меў дакументаў, не атрымаў прымацавання да сталоўкі. Мы далі яму свае падарожныя нарады, з якімі ён хадзіў на вакзал і яшчэ некалькі дзён атрымоўваў пайкі хлеба і нават абеды. Хлеб прыносіў нам, абеды з'ядаў на месцы. Па сем абедаў за раз! Так, але адзін раз у дзень...

Наша сталоўка была сціпленькая. Я ніколі не еў кашы. Канешне, давалі яе раз за разам на абед ці вячэру. Іншыя стараліся заняць месца каля мяне: я ўступаў сваю кашу. Найчасцей карыстаўся з таго Норберт, адразу пасля тыфу, таму нялюдска выгаладнелы, альбо яго жонка, прыгожая і мілая Клара, якой пасля тыфу астрыглі валасы, і яна хадзіла ў нейкай панчосе на галаве.

У горадзе з прадуктамі было цяжка. Бо на працягу некалькі дзён усё харчаванне было выключна з соі. Суп яшчэ не кепскі, катлеты ўжо горшыя, кампот не вытрымаць.

Пастарнак не вытрымаў і захварэў. Выбраў сабе нешта такое, што атрымаў спецыяльную дыетычную кухню. Еў за суседнім столікам куранят і нават пірожныя, а мы перажоўвалі тоўчаную сою, якую садыстычна называлі раз "біфштэксам", раз "шарлоткай".

З тыфам справа выглядала досыць страшна. Вялікі рух людзей плюс недаяданне прывялі да таго, што на парозе горада стаяла эпідэмія. Я апісваў, як усіх нас паслалі на дэзіфекцыю (апавяданне з кнігі "13 ў Вясёлка"). Уся гісторыя абсалютна аўтэнтычная, уключна з тыпам, які жадаў, каб мы гаварылі па-расейску.

Але да эпідэміі, аднак, не дайшло. Былі толькі адзінкавыя ахвяры. Паміж іншымі тыф выцяў у Бруна. Той, чыім імем названы Дом журналіста ў Варшаве, захварэў неяк раптоўна і памёр вельмі хутка. Не памятаю нічога з пахавання: пэўна нас не было ўжо (ці яшчэ...) у Саратаве.

Ужо пасля нашага ад'езду прыехала ў рэдакцыю пару новых працаўнікоў. Распавядалі мне пра маляўнічыю гісторыю, якая там разыгралася летам. Немцы перлі на Волгу, у сувязі з чым атмасфера ў рэдакцыі зрабілася нярвовай. Адзін з працаўнікоў, літаратар, пасварыўся з Грошам. Пачалі павышаць голас - адзін і другі. Пачалі лаяцца - адзін і другі. Тады першы зажадаў, каб другі выйшаў за дзверы. Другі зрабіў першаму, як цяпер кажуць, інтэлектуальную прапанову. Першы паклікаў ахову.

І так вось на вачах многіх супрацоўнікаў адзін стары кумпел выкінуў другога пры дапамозе наёмнай сілы.

Адразу пасля інцыдэнту абодва высокія бакі кінуліся да пісання скаргаў і кляўзаў. Пакрыўджаны выслаў ліст... хвілю вагаўся: у "абкам". Крыўдзіцель (няма такой формы ў польскай мове, а шкода, яе патрэба проста гарачая...) зараз жа пра тое даведаўся і перасягнуў свайго праціўніка: паслаў антыскаргу проста ў ЦК ВКП(б). Пакрыўджаны хуценька пра тое даведаўся і таксама махнуў у ЦК.

Лета даспявала, пераходзіла ў восень. Немцы перлі ў Сталінград, дабраліся да Эльбруса, занялі радовішчы нафты ў Грозным. Пачалі контрнаступ пад Ржэвам. Сітуацыя была пякельна цяжкая. А нашыя два высокія пратаганісты дадавалі Усесаюзнаму ЦК высокагатунковай работы.

Сварка скончылася, як ўсе вялікія скандалы - нічым. Праз пару гадоў Грош, ужо выбітны дзеяч Саюза патрыётаў, пайшоў па нейкай справе ў той жа ЦК. Трапіў на досыць высокага функцыянера. Той паглядзеў на яго і мовіць:

- А, таварыш Грош! А я вас ведаю!

Тут Грошу (які мне апавядаў гэта асабіста) зрабілася прыемна, што ён такі вядомы ў Цэнтральным Камітэце магутнай партыі. Перамкнула яму па галаве: можа антыфашысцкія артыкулы ў перадваеннай прэсе? Можа праца ў Львове? Можа VІІ аддзел (па "разлажэнні войскаў непрыяцеля") нейкага з франтоў? Можа поспехі на ніве радыё? Можа "Вольная Польшча", якую ўласна Грош рэпрэзентаваў?

Але таварыш з ЦК досыць холадна паглядаў на Гроша. Сказаў:

- Ах, гэта вы той таварыш Грош, які выкінуў за дзверы пісьменніка?

Грош пачырванеў, як дзяўчына. Кінуўся ў бой, намагаючыся выказаць, што тое выкідванне было проста абавязковым.

Таварыш з ЦК не даў яму скончыць.

- Так ці не так, але выкідваць за дзверы? Пісьменніка? Вы ведаеце, таварыш Грош, што такое пісьменнік?

- Ведаю! - крыкнуў у роспачы Грош. - Гэта інжынер чалавечых душ.

Фактычна, аднак, не ведаў. Здаецца, тая сцэна пакінула яму на душы трывалую рану на пункце пісьменнікаў.

Ужо пасля вайны наракалі мы з ім разам на недахоп баявой мастацкай літаратуры, якая апавяла б будаўніцтва сацыялізму. Грош у той справе вызнаваў тэорыю сціслую, як вайсковая каманда.

Гаварыў:

- Гэта таму, што добра тым пісьменнікам жывецца. Усе супертворы сусветнай літаратуры былі напісаны на паддашках пісьменнікамі з галоднымі страўнікамі і дзіравымі ботамі!

- Так, - адказаў, - але ўсе былі накіраваны супраць ладу, у якім паўсталі!

Таксама здольнасць адкрываць таленты ў Гроша я не заўважаў. Сам распавядаў мне ў 52 годзе такую гісторыю:

У 43 годзе, пасля ўзнікнення "Вольнай Польшчы", працаваў у ёй нявідны, малы чалавечак на пасадзе "літрадактара", г.зн. спецыяліста, які папраўляе стыль. Не вельмі ён гарэў на той рабоце. Грош спрабаваў спакусіць яго перспектывай кар'еры.

- Вы старайцеся, таварышу! Калі папрацуеце над сабой, хто ведае, як далёка зойдзеце ў журналістыцы. Можа аж да сакратара рэдакцыі!

Чалавечак скрывіўся.

- А я не застануся ў журналістыцы.

- Як гэта? - аслупянеў Грош. - А кім жа вы хочаце быць?

- Я буду пісьменнікам.

Грош выбухнуў артыстычным смехам.

- Тады мне тут валасы вырастуць! - крыкнуў ён, тыкаючы сабе пальцам у далонь.

Я агледзеў тую далонь, калі ён мне гэта распавёў. Бо чалавечкам тым быў Юльян Стрыйкоўскі, а "Уцёкі ў Фрагал" якраз атрымалі дзяржаўную ўзнагароду.

Новыя "Новыя гарызонты"

Як толькі надарылася аказія, я пачаў старацца выехаць з Саратава. Праца ў Гроша мне не адпавядала, хоць быў ён да мяне добры. Зрэшты гэтае пачуццё - гаворка ў пустэчу...

Недзе ў сакавіку 1942 года мы з Грэгары завязалі кантакт з Усіевіч. Яна была ў Куйбышаве. Новыя гарызонты мелі быць адноўленыя ў новым фармаце. Неўзабаве Грэгары туды паехаў. Праз пару тыдняў я паехаў за ім. Чыгунка да Куйбышава ішла страшна акружна. Памятаю, што тады першы раз дакрануўся да Азіі. Падарожжа было зноснае і бясколернае.

Куйбышаў, як усе надволжскія гарады, меў адну найпрыгожую рэч: становішча. На высокім, маляўнічым беразе Волгі - адтуль шырокія лірычныя перспектывы на лугі другога берага, поўныя рэдка раскіданых дубоў, амаль як у Баневе. Сам горад дзівіў кантрастамі. Цэлыя кварталы аднапавярховых драўляных дамкоў - і велізарныя будынкі, якія часта тырчалі па-адным пры разлеглых плошчах. Адзін з іх быў тэатр з каланадаю, прыклеенай да магутнай каробкі, другі - нейкі адміністрацыйны дом. Бліжэй да Волгі было некалькі вуліц, забудаваных вялікімі камяніцамі.

Мы атрымалі пакой у гатэлі "Нацыяналь". Быў гэта некалькіпавярховы будынак у досыць запушчаным стане. За некалькі сот метраў ад яго, каля невялікай плошчы са скверыкам стаяў нібы аднапавярховы дом з пачатку ХІХ стагоддзя з тоўстымі сценамі і высокімі вокнамі. Даўней размяшчаліся тут суды. Пры ўваходзе памятная дошка: тут у якасці адваката выступаў Ленін...

Калі паглядзець улева, вуліца спадала ўніз паміж драўлянымі дамкамі. А ў далечыні - акенца на нешта вялікае: Волга.

У тым доме размяшчалася "Саўінфармбюро" або Савецкае інфармацыйнае бюро, гэта значыць яго частка хутчэй публіцыстычная. "Зводкі" рабілі ў Маскве. Тым куйбышаўскім аддзелам кіраваў адзін з намеснікаў міністра замежных спраў, Саламон Лазоўскі.

"Новыя гарызонты" былі прыкамандзіраваны да яго. Далі нам два пакоі. У першым сядзела Яніна Бранеўская, а таксама месцілася адміністрацыя. У другі ўпакавалі аж чатыры столікі: для Усіевіч, Ендрыхоўскага і мяне. Чацвёрты быў Лямпэ.

Пачалася вёрстка першых нумароў. Выданне цалкам змяніла сваю канцэпцыю. Заміж месячніка, адрасаванага польскай інтэлегенцыі, але савецкім грамадзянам, месячніка, прысвечанага перш за ўсё літаратуры, а нават канкрэтна белетрыстыцы і лірыцы, паўставаў грамадска-палітычны двухтыднёвік, прызначаны наогул для палякаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Савецкага Саюза, без адрознення іх прававога статусу.

Справа ў тым, што ў гэтым годзе дыпламатычныя стасункі паміж савецкім урадам і эміграцыйным урадам Сікорскага, хоць не найлепшыя, але ўсё-такі існавалі. Амбасада была якраз у Куйбышаве. Тут выходзіла амбасадаўскае выданне пад назвай "Польшча". Поблізу, тут і там фармаваліся дывізіі Андэрса.

"Новыя гарызонты" мусілі лічыцца з тым фактычным становішчам. Адсюль неабходнасць досыць складаных захадаў часам толькі стылістычных. Выданне мусіла стаць выразнікам касмагоніі Народнай Польшчы, голасам польскіх камуністаў, але ўсё гэта адбывалася без удакладнення фармальнай падставы выказвання ў такіх далікатных матэрыях.

Гэты тон, гэтую плынь у выданні рэпрэзентаваў перш за ўсё Лямпэ. Амаль год я працаваў з ім у адным пакоі. Я не аддаваў сабе да канца справаздачы, што ён азначаў як інтэлектуал і арганізатар. Таму мае адносіны да яго цалкам зыходзілі з жадання зрабіць на яго добрае ўражанне. Ёсць такія, хто мае за тое да мяне прэтэнзіі.

Што мяне ў ім уражвала - гэта яго стыль працы. Я маю здагадку, што ён пачынаў цягнуць выданне без хоць якой журналісцкай практыкі. Бачыў, як ён мучыўся над рэплікай Цата-Мацкевіча, якая мела быць першым палітычным матэрыялам у выданні. Першыя версіі артыкула вельмі яму не падабаліся. Былі ладныя. палеміка вострая, але без з'едлівасці. Палітычная сутнасць - як найбольш слушная - з-за той някемкай формы гублялася, у параўнанні са знакамітай формулай Цата траціла нейкую частку сілы пераканання.

Лямпэ гэта бачыў і раз-пораз вяртаўся да свайго тэксту. Перарабляў яго з верху да нізу, фактычна пісаў нанава. Можа ў чацвёртай версіі рэч набыла бляск. Я даўно махнуў бы рукой. Лямпэ сядзеў і сядзеў.

Бачыўшы яго мукі, якія я асабіста ніколі ў такой ступені не адчуваў, я пачаў досыць лёгка ставіцца да свайго суседа ў вобласці вузка пісьменніцкай і рэдакцыйнай.

Але праз пару месяцаў ён мяне правучыў.

Мы рыхтавалі вераснёвы нумар. Паколькі я рэгулярна пісаў агляды сітуацыі на фронце, мне даверылі апісанне ходу вераснёвай кампаніі. Я прачытаў кнігу Норвіда-Нойгебаўара на тую ж тэму і досыць бегла яе пераказаў.

Тады ўчапіўся ў мяне Лямпэ. Давёў, што я паддаўся ўплыву санацыйнага саноўніка, галоўнай задачай якога, было адбельванне перадвераснёвых уладаў Польшчы. Гэта, зрэшты, было проста. Але, калі пасля такой крытыкі, абражаны, поўны жалю, я засведчыў, што адмаўляюся ад тэмы, ён патрафіў прымусіць мяне адкінуць капрызы і нанава апрацаваць артыкул.

Я яшчэ сядзеў і бурчаў. Артыкул быў завялікі. Зноў сказаў: рабіце, што хочаце, я сваё зрабіў. І зноў ён змусіў мяне да страшнай рэчы: да перакройвання ўласнай пісьменніцкай кроўнай працы пад бязлітасныя патрабаванні калонак і слупкоў.

Ад таго часу я набраўся да яго павагі і пэўнага страху. Але той першай было больш. Ведаючы, колькі яму каштавала размова са мной, я з абурэннем глядзеў на некаторых іншых аўтараў, якія маглі гадзінамі спрачацца з ім за адно слова, ба, часам за адну коску.

Быў адзін такі, які асабліва цвёрда бараніў кожную сваю літару. Па дзве і па тры гадзіны тэрарызаваў Лямпэ. Той пад канец траціў сілы, хістаўся, вочы заплюшчваў. Я сядзеў за суседнім сталом. Не мог зразумець, адкуль тая заядласць, тым больш, што пісаў аўтар дубова, у найлепшым выпадку ватна. Потым пры паўтарэнні тых трагедый я пачаў дапускаць, што ў кожным дыскутаваным слове хаваецца, Бог ведае якая, разынка. Сёння ведаю, што па-просту тып той быў зануда, а Лямпэ хацеў выратаваць выданне ад нудоты.

Гэта Лямпэ - з нагоды таго артыкула - распавядаў гісторыю свайго маршу з Равіча, якая сталася, мабыць, найярчэйшай сцэнай "Верасня".

Лямпэ здзейсніў яшчэ адну вялікую рэч: першы сфармуляваў прэтэнзіі на гістарычныя польскія землі на захадзе. Была гэта справа нялёгкая. Тое, што сёння выглядае так натуральна, у той час натрапіла на цалкам нечаканыя псіхалагічныя супрацівы. Будзь, што будзе, азначала гэта адмаўленне ад канцэпцыі этнаграфічнай, якая адначасова прымалася адносна ўсходніх межаў, і прыняцце канцэпцыі гістарычнай - якая якраз адкідалася адносна ўсходу.

Вялікую ролю ў тым акрэсе справы адыграў Прушынскі. Не гледзячы на тое, што быў працаўніком "лонданскай" амбасады, часта заглядваў у рэдакцыю, а асабліва дадому да Усіевіч, з якой вёў доўгія размовы, не толькі таварысцкія. Мусіў сутыкацца і з Лямпэм.

Першы раз - я асабіста - пра Одру і Нісу (Найсэ) пачуў якраз ад яго. Неяк сказаў:

- Калі вы ўжо пагаджаецеся на адданне Львова і Вільні, зажадайце прынамсі Шчэціна і Ўроцлава.

Вельмі супала тая формула з маімі перакананнямі. Я не мог зразумець пазіцый некаторых нашых публіцыстаў, якія - яшчэ ў 43 і 44 гадах - абгаворвалі справы ўсходніх граніц найдзіўна бессэнсоўным чынам. Калі я вярнуўся з Роўна ў Маскву ў сакавіку 44 года, накінуўся на іх з лютасцю:

- Вы падаяце гэтую справу такім чынам: усе да нас. Толькі мы аддаём Львоў і Вільню!

А справа вельмі складаная. Рэч слушная, што мы адступаем з зямель, населеных у сваёй велізарнай большасці не-палякамі. Але трэба гэта вытлумачыць лагічна, без бессэнсоўных падкопаў.

Уласна Одра і Ніса давалі адзін з аргументаў для лагічнага доваду. Лямпэ сфармуляваў гэта яшчэ ў 42 годзе.

Па меры выхаду наступных нумароў "Новыя гарызонты" зрабіліся асяродкам згрупавання польскіх камуністаў, распарушаных пасля эвакуацыі на бязмерных абшарах Савецкага Саюза. Друкавалі ў іх артыкулы Рамана Замброўскага, які як бы прыязджаў у Куйбышаў. Якуб Правін прысылаў карэспандэнцыі з-пад Сталінграда, дзе браў удзел у баталіі, якая якраз распачыналася. Атрымоўвалі прозу Ўладзіміра Сакорскага. Моцна мы на ёю пацелі: страшна шмат было русізмаў. Відавочна, аўтар быў цалкам па-за польскім асяроддзем.

Часам я заходзіў да Лямпэ. Жылі яны ў цёмным пакоі ўчацвярых, Лямпэ меў жонку, дзесяцігадовага недзе сына і дачку, якая якраз нарадзілася.

Бывалі ў яго візіты незнаёмых мне людзей, пра якіх гаварыў паўголасам. Былі і такія, пра якіх пачутае паўслоўка гучала, калі не неспакоем - то агідай.

Дыктатар псеўданімаў

Ендрыхоўскі стаўся галоўным спецам па эканоміцы. Здзіўляла яго працавітасць. Запісаўся ў мясцовую бібліятэку і ўсюды лазіў з забойча нуднымі кніжкамі пра гаспадарчыя праблемы. Ішлі ў сталоўку, чакалі ў чарзе: адразу выцягваў кніжку з карткай паперы, чытаў, занатоўваў. Я дзівіўся, але не зайздросціў. Не ўсведамляў сабе таго, што ўжо тады ён выбірае для сябе цалкам інакшы стыль жыцця.

Пакуль я пісаў дробязі - агляды ваенных дзеянняў, напрыклад. Таксама зрэдку вершы. Доўга мучыў адзін, які меў быць роспачлівым лістом ад той, якая засталася ў краі. Паколькі не прыходзіла мне ў галаву добрая думка, абарваў верш на палове, назваў фрагмент і змясціў.

З іншым здарылася ў мяне забаўная гісторыя. Пасля Сталінграда я напісаў верш, у якім даў волю цалкам шчырым, напаўняўшым мяне пачуццям, якія вырываліся ў той час з душы. Не былі яны лішне гуманістычнымі. Шматгадовыя адступленні перад фашызмам прывялі да даго, што на першым месцы адчуваў па-просту фізічную сатысфакцыю, падобную, але ў шмат разоў большую, на тую, якая наведвае чалавека, калі яму першы раз удаецца даць па мордзе хулігану, які шматразова яму дакучаў. Адтуль у вершы столькі высілкаў, каб вобразна падаць амаль садыстычныя дэталі ламання хрыбта дзікаму зверу.

Я лічыў верш за вельмі добры. Менавіта таму вырашыў пажартаваць. Адчуваў, што Усіевіч мяне любіць, а Важыка - хутчэй не. Хацеў правесці эксперымент на тэму аб'ектыўнасці меркавання крытыкі. Занёс верш пані Гелене, сказаўшы, што Важыка.

Скрывілася.

- Гэты Важык! - сказала саркастычна. - Заўсёды ў яго гэты натуралізм!

У вершы было канешне пра юшку, якая цячэ з морды хрыпеўшага звера.

- Не для друку! - адрэзала рэдактарка.

Тады з уласцівым мне тактам і зграбнасцю крыкнуў:

- А, ку-ку! Гэта не Важык, гэта я!

Страшна разгневалася. Пачуў тады і на тэму ўласнай працы шмат мілых рэчаў.

У выніку верш не пайшоў. Быў гэта каштоўны ўрок на тэму - як гэта небяспечна зашмат ведаць, а асабліва, каб людзі пра гэта ведалі.

Яшчэ адно я рабіў у выданні: быў дыктатарам псеўданімаў. Сам прыдумаў сабе гэтыя функцыі, на што рэшта мусіла пагадзіцца.

Справа ў тым, што пісала нас жменька. Новых аўтараў знайсці было цяжка. Пачалі размнажацца шляхам вегетатыўным. Праз псеўданімы. Забаўна пры тым, што кожны хацеў "гучаць" як найпрыгажэй. Прыхільнікі ўлады рабочых і сялян хацелі называцца выключна, як шляхціцы. У часопісе пачало чарнець ад прозвішчаў на "-скі" і "-цкі" альбо залішне саладжавых, альбо нават антымоўных, г.зн., у якіх аўтар забываў, што коранем прозвішча на "-скі" заўсёды ёсць назва нейкай мясцовасці. Словам над часопісам разносіўся чад маргарыну: адразу было відаць, што аўтары выдуманыя.

Правёў пару размоў. Адразу ўсе мяне высмеялі. Потым мусілі згадзіцца. Падаў, зрэшты, прыклад, выбраў сабе нейкае мужыцкае прозвішча і прышыў да яго нямецкае імя. Гэта мела гучаць па-шлёнску. Тады паддаўся і Лямпэ. Я выдумаў яму псеўданім Раман Янчышын. Такім чынам гэта ўсё мела выглядаць з большага на паў-украінца.

Яніна Бранеўская пісала галоўным чынам "карэспандэнцыі з месцаў". Праз пару нумароў мы пачалі атрымоўваць шмат лістоў ад вывезеных з дэталямі на тэму метадаў амбасадарскіх "дэлегатаў". Метады гэтыя былі жыўцом скапіяваныя з санацыйных часоў. Дзіўнае відовішча: велізарны край, які змагаецца з велізарным намаганнем, не даядае, не дасыпае - у ім распарушаны анклавы дзясяткаў тысяч вывезеных, у нэндзы, у голадзе, халодныя і, па чарзе ў тых анклавах увіваюцца спрытнюгі, якія гандлююць, махлююць, па-просту крадуць дары розных амерык і канадаў для тых галадоўнікаў, пры аказіі гаўкаюць на бальшавікоў, звальваюць на іх усю адказнасць за свае зладзействы. Удзячны матэрыял для "побытавых абразкаў".

Неяк, мабыць ужо наступнай зімой, мы атрымалі ад нейкага былога сяржанта з Сярэдняй Азіі ліст з далучанай... сатырычнай паэмай. Было гэта апісанне перасялення афіцэрскіх жонак з-над Волгі недзе ў Ташкент. Чыталі тую паэму хорам, дасціпная рэпліка аднаго з герояў сталася рэдакцыйным лозунгам:

Так Польшча зноў пачынаецца!

Ад чаго ўсім твар мяняецца.

Надрукавалі фрагменты таго народнага эпасу. Быў ён не толькі дакументальны, выдаваў немалыя літаратурна-сатырычныя здольнасці аўтара.

Цяжкія часы

Была гэта вельмі цяжкая пара ў Савецкім Саюзе. Перамога пад Масквой не прынесла такіх вынікаў, на якія мы паціху разлічвалі. У сакавіку ваенныя дзеянні заштопарыліся. У траўні пачалося савецкая наступленне на Харкаў, закончанае цяжкай паразай: акружэннем і знішчэннем армій, якія задалёка прарваліся. У чэрвені паў Севастопаль. У канцы чэрвеня немцы распачалі магутнае наступленне на поўдні, прарваліся да Варонежа і, затрыманыя, павярнулі на поўдзень, развальваючы ўвесь паўднёвы фронт па Растоў уключна. Адначасова было вельмі цяжка ў тылах. Найбольш населеныя і найбольш прамысловыя тэрыторыі былі акупаваныя. Вывезеныя адтуль фабрыкі толькі пачыналі даваць прадукцыю. Мільёны бежанцаў рынуліся восенню 1941 года ў Сярэднюю Азію амаль падвойваючы колькасць яе насельнікаў. Зіма была там незвычайна цяжкай, часам людзі ўміралі з голаду на вуліцы. У т.л. спаткала гэта аднаго львоўца, дырэктара бібліятэкі, у якой працавала Ірэна. Я ўжо не гавару пра ленінградцаў.

Вызваленыя па амністыі палякі таксама ў сваёй большасці пацягнуліся ў Сярэднюю Азію. Мая сям'я была пад Навасібірскам. Шмат іхніх таварышаў па нядолі выбралася ў Ташкент. Бацькі засталіся на месцы і сто крат мелі рацыю.

Кожны чарговы нумар часопіса павялічваў нам трохі загінулых і расцярушаных. З Ташкента адазвалася Шамплінская, а дакладней яе муж, былы раварыст, Сабалеўскі. Ліст быў роспачлівы. У бежанстве памерла іхняе дзіця. Гаравалі ў Ташкенце (а можа ў Самаркандзе). Сама Шамплінская захварэла на дзіўную хваробу, г.зв. мальтыйскую гарачку. Якраз у Куйбышаве была Ванда. Не гледзячы на тое, што тая яе не выносіла, выцягнула яе бліскавічна, залатвіла жыллё і, што найважнейшае, нейкі спецыяльны прадуктовы паёк.

Калі я ўбачыў Шамплінскую, сапраўды не мог яе пазнаць. Была, што называецца, ценем сябе самой. Рукі, як у дзіцяці, твар - як бы ад яго застаўся адзін профіль. Не паказвалася, не пісала. Сабалеўскі пачаў працаваць у адміністрацыі.

Недзе адтуль прыехаў Стэфан Вярблоўскі. Той пачаў рэгулярна пісаць. Дакучаў мне часта, падкрэсліваючы лёгкаважкасць і маёй пазіцыі, і мяне асабіста. Я цярпеў доўга. Пэўнага дня выбухнуў.

- Што ты сабе думаеш? - крыкнуў. - Я тут для таго, каб рабіць гэтыя аглядзікі? Я тут сяджу, каб збіраць матэрыял для аповесці. Я там так цябе адмалюю!

Вярблоўскага заткнула. Яго рэпліка пра тое сведчыць.

- Што ты пра мяне ведаеш? Бачыш мяне ў нетыповай сітуацыі! Па-праўдзе, то я - народны трыбун! Прамаўляю да масаў! Вяду іх за сабой!

Але ад таго моманту на ўсякі выпадак супакоіўся з нападкамі на мяне.

З Аральска над морам той жа назвы прыехаў вядомы мастак Аляксандр Рафалоўскі. І ён быў у нэндзы, абадраны, выгаладнелы. І яго ўладкавала Ванда. Узяўся адразу за маляванне.

Гэта было не лёгка. Адчуваў, што трэба ўключыцца ў вялікую бітву. Пастанавіў зрабіць карціну пра змаганне ў краі. Доўга маляваў кампазіцыю. Гарадскі завулак, ідзе група людзей і зрывае ненавісныя гітлераўскія шыльды.

Каб жыць, вырашыў таксама маляваць партрэты герояў з фронту. Патрапіў у шпіталь. Быў там адзін цяжка паранены Герой Савецкага Саюза. Рафалоўскі зрабіў яго партрэт. Але партрэт на выставу не прынялі. Бо на твары знайшлі шкодныя, ідэйна няправільныя зялёныя таны.

- І каб жа гэта звычайны паранены! - тлумачылі Рафалоўскаму, - ну, цяжка! Але гэта перш за ўсё Герой Савецкага Саюза. І зялёныя таны пад вачыма!...

Рафалоўскі пасяліўся разам з намі, у "Нацыяналі". Быў страшна рассеяны. Аднойчы, зімой, дзяжурная на калідоры пачула дым. Глядзіць, а ў пакоі таго паляка-мастака дым клубамі. Адчыняе дзверы...

Рафалоўскі ў ложку спіць, а коўдра з ваты дыміцца. Курыў папяросу, заснуў...

Восенню ідзём галоўнай вуліцай. Усе ў напружанні, чакаюць на добрыя навіны з фронту, асабліва з-пад Сталінграда. Здалёк бачу Рафалоўскага. На мой від пачынае махаць рукамі.

Сэрца забілася мне мацней. Можа на фронце...

- Ежы! - лемантуе Рафалоўскі. - Ежы, Ежы!

Можа Сталінград. Прыспешваю крок.

- Ежы! - верашчыць Рафалоўскі на цэлую вуліцу. - Ежы, ведаеш, што сталася?

Сталінград, слова даю. Уцякаюць...

- Ведаеш, што сталася? Ежы! Ежы!

Дападаю да яго, хапаю за штрыфлі плашча. Рафалоўскі кідаецца мне на шыю.

- Дастаў вопратку!

Порткі

Што праўда, вопратку я меў кепскую, а атрымаць новую было д'ябальскі цяжка. Пераканаўся ў тым найбліжэйшым летам. Паехалі ўтраіх з Грэгарым і яго знаёмай за Волгу выкупацца. Была страшная гарачыня, я пайшоў без пінжака, у адзіных портках, якія меў. Дакументы паклаў у тыя порткі. Рукаў ракі на тым беразе. Пакінуў порткі пад апекай Грэгары і яго знаёмай і пайшоў купацца. Вяртаюся, ён і яна ёсць, портак няма. Заглядзеліся, нехта ў іх з-пад носа сцягнуў.

Грэгары змешаны паехаў у горад шукаць запасныя порткі. З усіх нашых знаёмых толькі Мікулку можна было ў тым падазраваць. Прыехаў якраз у Куйбышаў. Год таму вайна застала яго ў Маскве. Быў шалёна закаханы ў Ардонку, спрабаваў даехаць да Вільні, мусіў вярнуцца, размінуўся з ёй, ужо яе не ўбачыў. Прыткнуўся ў нейкай вёсцы над Волгай, някепска яму там было, ужо пачаў сваю гінекалагічную практыку, прыехаў у Куйбышаў добра апрануты, на твар поўны, хоць поўны меланхоліі з-за Ардонкі.

Добра, Грэгары паехаў да яго, а я схаваўся ў кусціках. Чакаў у іх да вечара. Было ўжо холадна, калі вярнуўся. Меў порткі. Мікулка не падвёў.

Але былі гэта так зв. брыджы, з пухірамі, званымі "галіфэ", прызначаныя для высокіх ботаў. А я меў толькі гумовыя тапачкі. Цяжка, хадзіў у тых брыджах пару тыдняў, абуджаючы зразумелае здзіўленне прыгожай паловы кавалерыйскім строем у бёдрах, расхрыстаным ніжэй калень. Нарэшце нехта мне парадзіў звярнуцца да Лазоўскага. Ёсць закрытыя крамы, да якіх прымацаванне можа даць толькі ён асабіста. Напісаў, матывуючы шчырую праўду, што застаўся без портак. Атрымаў адмоўны адказ. Матывацыя: недахоп дастатковых падставаў...

Раззлаваўся, пайшоў на "таўкучку" ці "цюхі". Недзе на прадмесці. Страшная цесната (адтуль назва). Натоўпы прадаўцоў. Значна большыя натоўпы пакупнікоў. Найбольш тых, хто па-просту глядзіць. Што прадаюць? Усё. Між іншым, параілі мне пахадзіць, можа патраплю на тыя мае ўкрадзеныя. Не патрапіў.

Што прадавалі канкрэтна? Напрыклад, два кавалачкі цукру. Стаіць жанчына і трымае кавалачкі на выцягнутай далоні. Таксама ўсякага роду лахманы і лахманчыкі. Мяшкі "самасаду", ці груба пасечанай махоркі ўласнага вырабу, якую прадавалі шклянкамі. І так далей.

Нарэшце купіў порткі з падшыўкі (падкладкі). Былі нават выгадныя, бо лёгкія, а гарачыня вялікая. Але выглядалі, ну, не цяжка сабе ўявіць.

Але ў тых меў усе дакументы. Вельмі непакоіўся. Праз некалькі тыдняў выклікалі мяне ў камісарыят міліцыі. Запыталі дадзеныя. Згадзіліся, уручылі цэлы пачак маіх папераў.

Аказваецца, што тутэйшыя зладзеі як агню баяцца дакументаў, бо калі зловяць, то абцяжарвае гэта кваліфікацыю злачынства. Таму дакументы, знойдзеныя ў скрадзенай вопратцы, чым хутчэй укідваюць у паштовыя скрынкі.

Вясна, лета, восень

Вясна ў Куйбышаве была д'ябальскі кароткай. У красавіку яшчэ маразы. Першага траўня сонца. У канцы траўня гарачыня, страшныя вятры, пыл, зелень ужо пашарэла.

Паромам ездзілі на пляж на тым беразе. Рэчка цудоўная. Горад за ёй вырастае, і ўжо не відно яго слабасцяў, бачыцца толькі размах, высокія дамы, высокія таполі, маляўнічыя драўляныя дамкі на абрывістым беразе.

Летам прыехалі Ванда з Карнейчуком. Атрымалі месяц адпачынку. Здаецца, былі на размове ў Сталіна, які прасіў іх пра нешта на тэму вайны. Сядзелі месяц пад горадам, амаль нябачныя, абое страшна працавалі.

У выніку Карняйчук зрабіў п'есу "Фронт", нейкім чынам адлюстраваўшы вясенняе харкаўскае наступленне, што закончылася страшнай паразай. Сутнасцю п'есы ёсць супрацьпастаўленне саманадзейным, крыклівым, бяздумным генералам новых кіраўнікоў, якія патрапяць вырачыся шаблону ў імя вышэйшага сэнсу: непазбежнасці перамогі. Праблема вельмі цікавая, важная, у той час пякельна гарачая. У Чырвонай Арміі хапала генералаў, якія выслужыліся падчас грамадзянскай вайны, але не разумелі яе розніцы з вайной сучаснай, тым часам дзякуючы сваім заслугам доўга яшчэ кіравалі і звычайна вельмі высока. "Фронт" ігралі тады на многіх сцэнах, і ён безумоўна спрычыніўся да змены стылю кіраўніцтва, якую ў тым годзе праводзілі ў арміі.

Ванда зрабіла "Вясёлку". Вялікая аповесць на працягу аднаго месяца! Была гэта першая аповесць пра нямецкую акупацыю. Напісаная без асаблівага досведу, затое з велізарным запалам. Яе хібы вынікалі з поспеху: была расцягнутая. Вядома, калі няма часу, пішацца хутка, але расцягнута. Бо больш часу забірае скарачэнне, а не пісанне. Довад: сучаснае.

Але кіжка таксама адыграла велізарную ролю. Зрабілі з яе фільм, які абышоў увесь свет. Зрэшты і кніжку пераклалі на дзясяткі моваў. Вядомасць Ванды звязана з гэтай кніжкай і фільмам як найцясней.

Прыйшла восень. У адну з нядзель пайшлі мы з Грэгары і Рафалоўскім на далёкі шпацыр. Восень была прыгожая, нагадвала нашую. Неба ясна-блакітнае. Залатыя таполі над Волгай. Патрапілі ў "Парк культуры і адпачынку", закладзены, як здаецца, некалькі гадоў таму назад вышэй ад горада. Наваколле цудоўнае, памеры вялікія. Трохі псавалі выгляд розныя павільёны, ужо досыць абадраныя, розныя гіпсавыя піянеркі з прывітальна паднятымі рукамі, якія таксама ўжо рассыпаліся. Нікога ў парку! Нічога дзіўнага, увесь горад працуе, нядзель няма!

Толькі мы, восень, дрэвы, сонца, гэтыя руіны. Ходзім як бы па рэштках загінуўшай культуры. Нічога не здарылася падчас гэтага шпацыру, але той настрой, неба, залатыя таполі памятаю, хоць пра столькі рэчаў больш важных не засталося ў галаве ні следу.

У рэдакцыі мы перажылі грозную трывогу. Карэктарскія памылкі трактавалі ў той час з вялікай падазронасцю: ці не палітычны падкоп. Таму карэктуру рабілі па некалькі разоў, і акрамя спецыяльных карэктараў кожны з нас праглядаў гранкі.

І вось аднойчы нехта заўважыў у выдрукаваным ужо накладзе страшную рэч. У апошні момант далі ў нумар апублікаваныя якраз адказы Сталіна на пытанні замежнага карэспандэнта. І вось у прозвішчы Сталіна акурат трапілася памылка!

Усіевіч прыняла гераічнае рашэнне: друкаваць нанава сапсаваную ўнутраную "чацвёрку". А потым уся рэдакцыя сядзела цэлы дзень, адкідвала ўнутраныя старонкі і ўкладвала свежа надрукаваныя. Некалькі тысяч накладу мы зрабілі нумар за нумарам.

Недзе ў той час памёр раптам наш лінатыпіст, Ёчыс. Быў гэта стары знаёмы Ванды і Бранеўскай, суўдзельнік барацьбы СПН (Саюза польскіх настаўнікаў) супраць санацыйнага камісарскага ўрада. Хавалі яго на мясцовых могілках за горадам. Памятаю пагорачкі поўныя крыжоў і надмагілляў амаль без дрэў.

Маю фатаграфію саратаўскага радыёмітынгу. Злева першы сядзіць Юльян Брун. Стаіць каля яго Ёчыс. Пасля яго смерці паказаў гэта іншым: глядзіце, па чарзе, як на здымку. Пасля Бруна - Ёчыс! Потым прыблізна на чатырнаццаць гадоў пра тое забыўся. Аж у студзені 56 - Грош! Якраз Грош на здымку наступны...

Рэха Сталінграда

Восень зноў пачыналася фатальна. Немцы дайшлі да Каўказа. Пад Сталінградам ішла страшэнная бітва. Часам адтуль прыязджалі людзі, распавядалі.З Саратава прыехала частка польскай радыёрэдакцыі. Ужо і там адчуваўся жар...

Мы разумелі значэнне той бітвы. З раніцы першае - гэта былі зводкі. Былі пастаянна нядобрыя. Контрнаступленне пад Ржэвам правалілася. Няцяжка было зразумець, што і вераснёвыя савецкія ўдары паміж Донам і Волгай не прынеслі палёгкі абаронцам горада. Зноў немцы пачыналі падавацца непераможнымі.

Дзіўная гісторыя здарылася ў звязку з Бранеўскай. Мы часта сустракаліся ў Усіевіч. Іхні даўні суразмоўца, Прушынскі, захварэў і выехаў з Куйбышава. Сядзелі ўдзвюх і медытавалі над сітуацыяй на фронце. Было гэта 22 кастрычніка. Бранеўская раптам зрываецца: закладаемся, што на працягу месяца адбудзецца нешта страшна радаснае! Усіевіч заклад прымае.

Ідзе месяц. 6 лістапада - чвэрць стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў такіх смутных акалічнасцях! Ідзём на ўрачыстую частку. Даклад чытае Вышынскі. Потым, бадай, ці не прапрэм'ера шастаковічавай ленінградскай сімфоніі. Нічога не разумею ў музыцы, а між тым і ў мяне скура мярцвее, калі пачынае нарастаць той марш драўляных палачак...

Назаўтра прамова Сталіна. Зноў чуем адну фразу для запамінання: будзе свята і на нашай вуліцы... Ніхто не памятае, што леташняе прадказанне не спраўдзілася, што той "годзік" прынамсі мінуў...

Ужо зіма. Тут жа перад святамі прыйшоў мароз, потым сыпнула снегам. Вострыя вятры са стэпаў, перамёты на вуліцах, якія вядуць да Волгі.

Дваццаць другога лістапада. Сядзім у халодным пакоі нашага "Нацыяналя". Раптам адзываецца гучнагаварыцель. Урачысты голас Левітана, таго самага, які папярэджваў у Маскве пра налёты. Цяпер гаворыць вольна, грунтоўна.

"В последний час" - "З апошняй хвілі":

Звесткі пра акружэнне арміі Паўлюса.

Свята на нашай вуліцы. Мы шалелі ў рэдакцыі. Асабліва трыумфавала Бранеўская - выйграла свой заклад за некалькі хвілін да тэрміну. Дазваляла сабе намёкі на тэму ўласнай повязі з надпрыроднымі сіламі. Можа, гэта і праўда.

Цяпер два з паловай месяцы мы жылі Сталінградам. Былі яшчэ прыступы неспакою: калі Маншэйн рушыў з паўднёвага захаду і дайшоў аж да Кацельнікава.

Але якраз у тую хвілю адбыўся другі па чарзе савецкі ўдар з-над Дона на Растоў, пагражаючы самой базе наступлення Манштэйна. Не толькі спроба вызвалення фон Паўлюса правалілася, але немцы пабеглі з усяго Паўночнага Каўказа.

У мяне захавалася карта, якую я сам рабіў у той час. Дзень у дзень занатоўваў на ёй вызваленыя мясцовасці. Пісаў артыкулы са стратэгічнымі аналізамі. Уся аперацыя падавалася мне закончаным творам стратэгічнага мастацтва, параўнальным, калі гаварыць пра абдумванне цэласці, з сімфоніямі ці вялікімі аповесцямі. Толькі пазней удзельнікі баёў расказалі, колькі ў тым - як ва ўсякай вайне - было імправізацыі і якіх нялюдскіх высілкаў вымагаў кожны крок той сапраўднай ваеннай сімфоніі.

Калі пачалося дабіванне арміі Паўлюса, мы здавалі сабе справу, што лёсы вайны вырашаныя. Гэта значыць - мы ні хвілю не сумняваліся, што Гітлер будзе разбіты. Можа, пару дзён, уцякаючы з Масквы, мяне наведваў кашмар мажлівасці перамогі Гітлера, але і тады я яму супраціўляўся...

Цяпер падавалася, што гэта канец. Я цалкам сур'ёзна разлічваў на крах гітлераўскай імперыі. Памылка мая палягала на недаацэнцы той вобласці, у якой працаваў, г зн. прапаганды. Разлічваў цяпер, што кожны немец зразумее непазбежнасць паразы і таму адмовіцца падпарадкоўвацца...

Тым часам яны не зразумелі. Дакаціліся да вяртання ў рэйх, а перад вачыма іх мільгала надзея перамогі.

Канешне, выдатна арганізаваная паліцэйская сістэма таксама адыграла ў тым сваю ролю. Хутчэй дзівосным у той антылюдскай нямецкай вытрымцы падаецца мне ўдзел рэсурсу не Гімлера, а Гебельса. Але і тая вытрымка пачынала хістацца.

Недзе ў лютым заскочыў да нас на пару дзён Галан. Пасля нашага выезду з Саратава і ён адтуль рушыў, здаецца, як франтавы карэспандэнт. Быў цяпер на лініі трэцяга па чарзе савецкага ўдару - з-пад Варонежа.

Распавядаў, як гэта выглядала. Стаяла тут венгерская армія. Здаецца, нямецкае кіраўніцтва само пачало адварот з-за савецкіх наступленняў на поўдні. Але ў ходзе таго адвароту аказалася яна пад савецкім ўдарам.

Былі там страшныя снягі. Дарогі - гэта былі амаль тунэлі паміж велізарнымі белымі сценамі. Галан бачыў месца, дзе адступаўшыя калоны дагнала група савецкіх танкаў. Звярнуць з дарогі было немагчыма. Гэта была адна каша - аўтамабіляў, вазоў, коней - і людзей...

Першы раз пад Сталінградам немцы пачалі масава здавацца ў палон. Датуль ў савецкай статыстыцы захоўвалася прапорцыя палонных і забітых - як адзін да дзесяці. Цяпер абедзве тыя лічбы зраўняліся, і нават першая пачала пераважаць.

Цяпер пасля Варонежа ў палон пайшлі дзясяткі тысяч венграў. Савецкі бок быў заспеты знянацку масавасцю з'явы, не падрыхтаваны быў да яе памераў. У існых лагерах ваеннапалонных узнікла цесната. Распавядалі, што цэлыя дывізіі, напрыклад, румынскія, складвалі зброю над Донам і ішлі пад кіраўніцтвам уласных афіцэраў у палон - не пад савецкім канвоем, бо не хапала людзей, а толькі з праваднікамі.

Цяжкая і радасная зіма

Вялікае псіхічнае расслабленне. І перад тым не бракавала нам гумору, але быў ён часта вісельны. Цяпер па-просту вярнуліся да свядомасці нармальныя, людскія страхі, прадбачанні і мары.

Новы Год быў досыць вясёлы. Сустрэлі яго ў нейкай абсалютна незнаёмай расейскай сям'і, потым былі ў некага з працаўнікоў Інфармацыйнага Бюро.

Адразу потым новая хваля марозаў. У "Нацыяналі" не працавала ацяпленне. Можна сабе ўявіць, як пачуваешся ў пакоі, калі за акном даходзіць да 49 градусаў марозу.

Выратаваў мяне Грэгары. Знайшоў у тым жа гатэлі цяплейшы куточак і пакінуў наш пакой. Таму я браў яго матрац і накрываўся ім зверху ўсіх коцаў (байкавая коўдра) і плашчоў. Было нават цёпла, толькі той пад'ём...

З гатэля раз на пару тыдняў нас спрабавалі выкінуць. Пачыналіся тэлефанаванні Ўсіевіч, і нас пакідалі да наступнай аказіі. Бо гатэль перастаў быць гатэлем, усё было занята такімі напаўсталымі жыхарамі, як мы.

Абедалі мы ў нейкіх сталоўках. Нейкі час я еў два абеды што дзень, бо атрымаў другі "пропуск" у сталоўку пісьменнікаў. Потым супакоіўся, было задалёка, калі глядзець на якасць тых абедаў.

Мы атрымлівалі шмат хлеба - апрача нармальнага карткавага - яшчэ дабаўкі з улікам працы ў рэдакцыі, сяброўства ў Саюзе пісьменнікаў, яшчэ, бадай, нечага. Праз нейкі час нешта парушылася з дастаўкамі. Акрамя чорнага хлеба давалі толькі чырвоную ікру. Гэта страшная рэч, ікра, калі яна - не закуска, але ўсё...

Грэгары захаваў пропуск у "Гранд", дзе ў рэстаране сталаваліся дыпламаты. Прыносіў часам пару канапак...

Дыпламаты! Я не выносіў гэтай прафесіі. Яшчэ перад вайной радзіўся ў мяне кароткі, але страшна пагардлівы верш на гэтую тэму. Тут бачыў іх у першы раз на ўласныя вочы.

Такі, напрыклад, амбасадар тагачаснай Балгарыі! Як вядома, Балгарыя далучылася да Гітлера, але вайны Савецкаму Саюзу не аб'явіла. Ад часу да часу моцна бэсцілі яе ўрад у "Праўдзе". Але гэты амбасадар сядзеў сабе ў Куйбышаве.

Неяк іду па вуліцы больш-менш з прыватнай забудовай. З ладнага доміка выходзіць нейкі насуплены тып з чорнымі брывямі. Ледзьве выйшў - некалькі зявак, якія стаялі сабе тут і там, адразу рушылі за ім, можа пяць метраў ззаду. І так ідуць, ён наперадзе, нахілены, рукі трымае за спіной, з-пад ілба глядзіць на кожнага сустрэчнага. Яны ззаду, цалкам недвухзначна аглядаюць кожны яго крок, кожны рух рукой, пагляд.

Хвіліну не разумею. Каля дома таблічка. Якраз амбасада балгарскага цара.

Пасля ад'езду Прушынскага перарваліся кантакты рэдакцыі з "лонданцамі". Зрэшты выхад андарсаўцаў з Савецкага Саюза ў акрэсе бітвы за Сталінград звёў ролю "лонданскай" амбасады да вельмі сціплых "рэпрэзентацыйных" абавязкаў.

Увесь наш дзень уласна займала рэдакцыя. Мы сядзелі ад рання ў нашым высокім пакоі. Вярбоўскі сварыўся з Лямпам за кожны знак прыпынку свайго артыкула. Бранеўская шапталася пра нешта з Усіевіч. Ендрыхоўскі выпісваў лічбы на шматку паперы. Я праглядаў "Вялікую Савецкую Энцыклапедыю"... Канешне, гэта ўсё "ў хвілях вольных ад заняткаў".

"Саўінформбюро" арганізавала шахматны турнір для сваіх працаўнікоў. Мы бралі ў ім удзел. Неяк прыйшоў сам грасмайстар Ліленталь, венгр, эмігрант, рабіў з намі сеанс адначасовай гульні. Вельмі хутка я сваю партыю прайграў, хоць уласна атрымаў з рук таго ж Ліленталя пасведчанне прысуджэння мне ІІІ шахматнай катэгорыі (о, невысокая ступень).

Я наогул то цікавіўся шахматамі. Уласна ў Куйбышаве быў арганізаваны шахматны чэмпіянат СССР. Хадзіў на той чэмпіянат, бачыў д'ябальскі маладога высокага рыжага Смыслова, прыстойнага літоўца Мікенаса, круглатварага Алаторцава. Углядаўся ў інфармацыйную табліцу. Не ўмеў і не ўмею аналізаваць шахматныя партыі, ацэньваць сітуацыі, прадбачыць пераможцаў. Шахматная партыя разглядаецца мной як мініяцюрная драма, калі паўтараў партыі чэмпіёнаў, стараўся не глядзець, хто выйграў, каб перапетыі драмы трымалі мяне як найдаўжэй у няпэўнасці...

Недзе перад зімой прыехалі ў Куйбышаў некалькі працаўнікоў польскай рэдакцыі саратаўскага радыё на чале з Ежы Панскім. Іх часова размясцілі ў нейкай клубнай зале. Панскі са сваёй мілай, у два разы ніжэйшай за яго жонкай атрымалі прывіліеванае месца: на сцэне. Яго прыезд развязаў пэўны таварысцкі клопат: аказаўся чацвёртым для брыджа.

Больш маляўнічым за яго быў трэці: шахматны грасмайстар Левенфіш. Быў гэта адзіны вядомы мне жыхар Краіны Саветаў, які намагаўся гуляць у брыдж. Ішло ў яго з цяжкасцю, з усёй практыкі меў трохі гульні ў вінта, яшчэ перад рэвалюцыяй. Гаварыў, канешне, па-польску, паходзіў з Любліна. Быў страшна нярвовы, чуць што, адразу крычаў. А што пра гульню паняцце меў вельмі смутнае, тое "чуць што" было гарантавана.

Мы сядзім на сцэне, тусклая лямпачка над столікам. Поўна шырмачак, за імі храпуць дзейныя польскія працаўнікі куйбышаўскага радыё, а тут гэты Левенфіш крычыць:

- Як пан ходзіць? За каго пан мяне мае?

- З-пад караля не ходзіцца, грасмайстар...

- Як гэта не ходзіцца, у нас заўсёды...

- Але тут брыдж, грасмайстар...

- А, то выбачаюся.

Канец Куйбышава

Мусіла быць ужо вясна, калі мы рушылі з Куйбышава. У кожным разе Волга рушыла перад намі. Памятаю хмуры ранак. Іду вуліцай, паралельнай рацэ - і праз кожныя некалькі дзясяткаў метраў ударае ў мяне хваля шумоў і скрыгатаў - якраз мінаю вулачкі, якія збягаюць да Волгі. Сыходжу ўніз. Гіганцкая рака поўная ў асноўным акруглых кавалкаў крыг. Усё гэта віруе, скрыпіць, сутыкаецца паміж сабой, у галавакружным тэмпе ляціць уніз. У галавакружным - даслоўна. Дастаткова на гэта даўжэй паглядзець, і ўсё пачынае круціцца ў вачах.

Некалькі нумароў таму назад мы змясцілі ліст аднаго з чытачоў, Т. В.*, які заклікаў тых, хто не ўцёк, да стварэння польскай дывізіі, якая б разам з Чырвонай Арміяй узяла б удзел у дабіванні гітлерызму.

Праз пару тыдняў пачалі прыходзіць новыя лісты. Ініцыятыва Т. В. знайшла шырокую падтрымку. Мы друкавалі тыя лісты спачатку без каментароў, але ў сталай, што раз больш абшырнай рубрыцы.

Сама ідэя мела ўжо свае прэцэндэнты. У шэрагах Савецкай Арміі змагалася пару латышскіх дывізій. Сфармавана літоўская дывізія, куды ў санітарны батальён былі накіраваны Ежы Стахельскі і яго жонка, Ірэна Дзявіцкая, якія пасля ўцёкаў з Вільні трапілі ў гарадок Мензялінск у Татарскай АССР, а цяпер як віленцы былі мабілізаваныя ў гэтую дывізію.

З другога боку ў СССР была сфармавана чэхаславацкая частка, адразу, здаецца, батальён, потым брыгада. Яна якраз цяпер узяла ўдзел у баях пад Харкавам. Тут зноў немцам удалося затрымаць залішне далёка высунутыя савецкія аддзелы, якія змагаліся ўжо пад Днепрапятроўскам. У сакавіку 43 года было апублікавана першае пасля лістапада непрыемнае камюніке - пра здачу Харкава, а потым Белгарада. На шчасце гэта не мела ніякіх больш сур'ёзных вынікаў. Быў гэта толькі эпізод, які закончыў выдатную зімовую кампанію, распачатую пад Сталінградам.

Так, але аналогіі з тымі нацыянальнымі аддзеламі не былі простыя. Латышскія і літоўскія - гэта былі войскі, якія складаліся з савецкіх грамадзян і нічым акрамя нацыянальнасці пераважнай часткі жаўнераў не адрозніваліся ад іншых аддзелаў Чырвонай Арміі. Чэшскія - гэта, наадварот, былі аддзелы чужыя, падпарадкаваныя свайму эміграцыйнаму ўраду, які сядзеў у Лондане.

У нашым выпадку справа была нялёгкая. Быў эміграцыйны лонданскі ўрад, меў яшчэ сваю амбасаду ў Куйбышаве, але яго стасункі з савецкімі ўладамі былі што раз больш нацягнутыя. Ніхто з нас, зрэшты, не лічыў яго за "свой" урад і ні ў якім выпадку не жадаў сабе мець з ім дачыненні.

У гэтай фармальна нялёгкай сітуацыі вялікую - хоць не па сваёй волі - дапамогу справе фармавання Першай дывізіі, а потым Першай арміі аказаў спачатку Андарс, потым увесь лонданскі ўрад.

Вывад арміі Андарса з Савецкага Саюза, быў непазбежнай уступнай умовай хоць якіх мараў пра польскія фармаванні - левыя, народныя - у Савецкім Саюзе. Андарс вельмі прыймальна аказаў нам гэтую паслугу. Канешне, не прадбачачы яе вынікаў. Але на лішак здольнасцяў прадбачання ніхто з "лонданскіх" дзяржаўных мужоў не мог паскардзіцца.

Довад: другі іхні стратэгічны кірунак - Катыньская справа. Я не маю ніякіх асаблівых матэрыялаў па той справе, але нават дзіця мусіла разумець усе імплікацыі, якія ўтрымлівала пазіцыя лонданскага ўраду, які дэ факта прымаў на веру сведчанні боку, які з ім ваяваў, і адкідваў сведчанні свайго саюзніка.

Не памятаю дакладных датаў. Ва ўсякім разе недзе ад сакавіка 43 года падзеі пайшлі хутка. Яшчэ ў Куйбышаве мы атрымалі знянацку першы нумар "Вольнай Польшчы". Яшчэ быў нехта з лонданскай амбасады, убачыў Бранеўскую і з'едліва працадзіў, тыкаючы пальцам у падзагаловак "Орган Саюза польскіх патрыётаў":

- Можа, прафсаюза?

А яшчэ перад тым, на самым пачатку "Новых гарызонтаў", мы друкавалі звесткі пра ўзнікненне ў краі Польскай рабочай партыі, пра паседжанне Краёвай нацыянальнай рады, пра дзейнасць Народнай гвардыі, а потым Народнай арміі. Гэта было вельмі далёка, звестак мы мелі мала, прыходзілі яны са спазненнем, былі скупыя. Маючы пэўнае паняцце пра гітлераўскі тэрор, калі раздумваў пра тых невядомых мне людзей, якія гэта ўсё там рабілі, адчуваў цалкам канкрэтна, як мне дрыжыкі хадзілі па спіне.

Прызнаюся: я не ўмеў у той час уявіць сабе ўсе, такія блізкія перспектывы разрастання гэтых яшчэ сціплых сілаў. Таксама і ў "Саюзе польскіх патрыётаў" адразу не разгледзеў яго буйнай будучыні на працягу найбліжэйшых месяцаў.

Па просту першая рэакцыя была чыста прафесійная: як часопіс зроблены. Не падаваўся мне добрым. Сапраўды быў больш жывы за наш, хутчэй газетны, але ўжо на самым пачатку ўдарала мяне яго залішняя ўрачыстасць. Адразу ў тым была толькі спецыфіка яго галоўнага рэдактара, бо пры наступным, Ежы Барэйшы, вельмі ажывіўся. Але наогул ўрачыстасць, ба, гэта здаецца неўнікальны атрыбут усялякай улады, незалежна ад ладу...

Незадоўга пасля гэтага прыйшло рашэнне - увесь часопіс вяртаецца ў Маскву. Падарожжа арганізавалі дасканала, без "цяплушак" і перасадак. Недзе ў красавіку 1943 года мы зноў убачылі Маскву.

Зноў Масква

Быў гэта іншы горад, чым каля двух гадоў таму назад, суровы, з заціснутым поясам. Крамы голыя, рэстараны пазамыканыя, у кіёсках толькі газеты. Амаль усё было на картачкі. Толькі на Горкага прадстаўніча шчэрыў вітрыны вялікі "Кактэйльхол", як стаяла на шыльдзе. Каля яго вялізарныя чэргі. Сам гэты факт дзейнічаў узнёсла. Аднаго дня стаў і я.

Чакаў гадзінку. Потым чарговую дзясятку ўпусцілі ў сярэдзіну. Тут чыста, цёпла, пры бары прыстойныя дзяўчаты. Можна было замовіць, што хочаш. Гэта значыць, адзін з больш, чым дзесяці гатункаў кактэйлю. Потым другі, трэці, здаецца, аж да паўтузіна. Досціп палягаў у тым, што не было ніякіх закусак. З сабой прыносіць таксама было нельга. Таму людзі пілі тыя пару кактэйляў і выходзілі, як гаворыцца, на брывях.

Выпіў адзін і выйшаў, хутчэй расчараваны. Не быў той кактэйль добрым, хоць быў д'ябальскі аўтэнтычным.

У той час з харчамі і ўсякімі матэрыяльнымі выгодамі было вельмі кепска. На тым фоне здарылася гісторыя, расказаная Вандай, будучы сваёй сучаснай версіяй казкі "Сезам, адчыніся".

Адзін савецкі пісьменнік змясціў у прэсе вельмі добрае апавяданне. Праз пару дзён выклікаюць яго ў Крэмль. Ідзе да сакратара Сталіна, не вельмі ведаючы, трэсціся са страху ці з радасці.

Але сакратар прымае яго добра.

- Ваша апавяданне вельмі спадабалася гаспадару, - кажа. - Даручыў мне паразумецца з вамі, даведацца, як вам жывецца, у чым можна вам дапамагчы.

Пісьменнік дзякуе. Жывецца яму, от, як на вайне.

- Гаспадар даручыў вас прэміяваць, - гаворыць сакратар і ўручае пісару канверт.

- Ну, а наогул? Як жывяце? Як з харчаваннем?

Пісьменнік паўтарае: як на вайне. Сакратар бярэ блакноцік, нешта піша.

- Вось аднаразавы пропуск у "закрыты размеркавальнік" ("магазін за жоўтымі фіранкамі"). Ідзіце туды...

Пісьменнік у захапленні выбягае з Крамля. У свой пакой у гатэлі "Масква" склікае найбліжэйшых прыяцеляў. Потым бяжыць у "размеркавальнік".

Заходзіць і вачам сваім не верыць. Там усяго па горла. Кансервы, мяса, птушка, слодычы, садавіна. Ужо кіруецца туды, калі бачыць... працёр вочы... цэлая сцяна ў каньяках.

Нясмела падходзіць.

- Ці можна бутэлечку?

- Калі ласка, - гаворыць прадавачка.

Бяжыць з квітком у касу. Напаўдарогі спыняецца, задумваецца, вяртаецца:

- А дзве?

- Калі ласка

Робіць крок - і новая думка працінае яму свядомасць.

- Прабачце, а тры?

- Але, калі ласка, хоць бы дзесяць...

- То, калі ласка, шэсць!

Хапае тыя шэсць бутэлек, прыціскае да чэрава, бяжыць у гатэль "Масква". Заскаквае ў пакой. Прыяцелі цярпліва чакаюць. Вывальвае ўсе бутэлькі, глядзіць на іх з гонарам. Яны без захаплення:

- А закуска?

Хапаецца за галаву. Пропуск аднаразавы...

Мы з Грэгары пасяліліся ў гатэлі "Гранд", прыбудоўцы "Масквы". Акно выходзіла на Манежную плошчу. Пакой быў вялікі, добры, выгадны. Калі Грэгары лятаў па бібліятэках, я сядзеў у пакоі і нават намагаўся пісаць аповесць.. Мела гэта быць нешта ў родзе далейшага працягу "Рэчаіснасці", са Стахам Максімовічам у галоўнай ролі. Я думаў пра яго часта, што з ім сталася? Ніякіх звестак хоць пра каго з краю. Як адцятае сякерай, усё дарагое, што на тым баку...

Але гэта не была "Рэчаіснасць". Пісалася цяжка. Не ўмеў зрабіць плану. Нарэшце застапорыўся пасля некалькіх старонак...

Рэдакцыю размясцілі пры "Дзяржлітвыдаце". Прыйшло пару новых працаўнікоў. Саюз польскіх патрыётаў пачынаў набіраць арганізацыйныя формы. На Марасейцы праз квартал за плошчай Дзяржынскага, паўстала "абшчажыце". Калі б палічыць яго жыхароў, го, го...Жыло там з дзесяць ці дванаццаць сямей у дзесяці пакоях...

Ёсць рашэнне...

Вясна была ранняя і сонечная. На фронце дзеянні замерлі, але ў палітыцы набралі тэмп. Абвешчана аб разрыве дыпламатычных адносінаў паміж Савецкім Саюзам і ўрадам Сікорскага.

А мы ўжо некалькі тыдняў чакалі на вынік прапановы савецкім уладам у справе стварэння дывізіі.

Васемнаццатага красавіка мы былі вечарам у Ванды. Яна жыла ў тым самым "Урадавым доме" на Серафімовіча, што і Ўсіевіч, толькі ў іншым блоку. Сядзелі, размаўлялі пра глупствы, было нудна.

Раптам тэлефон. Ванда выходзіць у суседні пакой. Чуем яе адказы па-расейску: "Так, так..., так... Заўтра а першай. Так. Разумею. Ну, так, канешне. Разумееце, што гэта для мяне значыць..."

Вяртаецца. Змянілася. Мае твар збянтэжанага дзіцяці.

- Ёсць рашэнне.

Маўчым з паўхвіліны. Устаю, хістаюся, падыходжу да яе, цалую ў шчаку. Нас пачынае агарнаць пранізлівая радасць. Выходзім з кружэннем галавы як пасля п'янкі.

На наступны дзень канешне п'яныя і нявыспаныя. Зноў у Ванды. Дыскусія на тэмы нібы канкрэтныя. Як з назвамі званняў? Ёсць такія, якія лічаць, што павінны застацца "яфрэйтары" і "старшыны", бо "статут Чырвонай Арміі..." Наогул, мы яшчэ не ведаем праўнага статусу гэтай дывізіі. Я гарлапаню за "старшага шарагоўца" і "старшага сяржанта". Грош бароніць "старшыну". Большасць за яго.

Справа прысягі. Такая самая дыскусія, і таксама розніца думак.

Зноў тэлефон. Невядомы размоўца пытае Ванду, ці не лепей было б, каб дывізія была палітычна падпарадкавана СПП?

Дыскусія гасне. Праз хвілю тыя ад "старшыны" становяцца зацятымі прыхільнікамі "старшага сяржанта"...

Ужо пару дыдняў курсавалі сярод нас весткі пра нейкага высокага афіцэра з арміі Андарса, які адмовіўся ад выезду на Блізкі Ўсход. Ванда нарэшце робіць невялікі прыём. Прыйшло "іх" трое. Высокі, лысы, трохі падобны да РыдзСміглага палкоўнік Берлінг. Нізкі, дабрадушны паручнік Юшкевіч. Нарэшце пані Марыя Міка.

Адразу настрой выключна строгі. "Абодва высокія бакі" аглядалі адзін другога з зацікаўленасцю, але і на дыстанцыі. Потым трохі выпілі - і ўсё паправілася, і рэшту ночы правялі як на нармальным інтэлегентным прыёме.

Вярталіся на світанні. Масква ў гэтую пару найпрыгажэйшая. Газоны каля крамлёўскіх муроў зялёныя і свежыя. Можа абаяльнасць таго ранку спрычынілася, каб пра новых знаёмых гаварылі як найлепей...

Потым пару тыдняў падрыхтоўчых работ. Адразу зрабіўся вакол нас тлум. Я не заўважыў, як апынуўся далёка ззаду за іншымі. Аказалася, што акрамя "Гарызонтаў" тут ёсць яшчэ колькі польскіх асяродкаў, часта значна больш сур'ёзных за нас. Не схаваю, быў вельмі пакрыўджаны лёгкасцю, з якой мяне аднеслі да "несур'ёзных", "неўраўнаважаных", "істэрыкаў". Пераглядаю цяпер пару нататак з тых дзён і даходжу да высновы, што аднак было ў тым нешта слушнае. Толькі, што многія, аднесеныя ў той час да "сур'ёзных", акзаліся на справе толькі надутымі.

Шасцёра ў аўтамабілі

У траўні я ўжо ўласна ў рэдакцыі не працаваў, толькі чакаў ад'езду ў дывізію.

Наступіў ён у сярэдзіне траўня. Я апісаў яго дакладна ("Гістарычныя папраўкі" ў томе "Тры павароты") хоць з фельетоннымі ноткамі. Мы доўга стаялі перад фасадам "Масквы". Грузавік прымусіў сябе чакаць, а калі нарэшце рушылі, то клопаты з маторам прывялі да таго, што няпоўныя дзвесці кіламетраў мы ехалі два дні.

Хто ж тады вырушыў? Было нас шасцёра. Я падаваў імёны з ініцыяламі. Цяпер можна, мабыць, расшыфраваць?

Нашым начальнікам быў адзіны прафесійны вайсковец, палкоўнік Букаемскі. Якая маляўнічая постаць! Львовец, легіянер. У сямнаццатым годзе Пільсудскі пасылае яго ў Францыю. Хлопец добра складзены, д'ябальскі прыстойны, з ваеннай практыкай. Словам, становіцца ад'ютантам Галера... Калі ў 1923 годзе, як падаецца, выбухнула дойлідская справа, яго прызнанні, як сведкі, мелі сапраўды бясцэнную каштоўнасць. Пасля траўня вяртаецца ў войска, даходзіць да звання палкоўніка. Жыве ў Дубне, дзе мае дом. Пасля верасня вывезены. У Андарса трапіў у вайсковую вязніцу, бо пасварыўся з камандуючым. Сядзеў у цяжкіх умовах. Быў выпушчаны толькі пасля выхаду Андэрса з Савецкага Саюза, але сляды той вязніцы яшчэ прысутнічалі на яго прыстойным твары з вялікімі шэрымі вачыма і жывапісным арліным носам.

Не ведае добра, як да нас адносіцца. Нібы старшы па званні, але ў палітыцы... Залазіць у кабіну.

На версе застаёмся ўпяцярых. Зыгмунт Мадзялеўскі, стары камуніст - браў удзел яшчэ ў легендарнай, эфімернай, Заглубяўскай рэспубліцы. Доўгі стаж у Францыі. Прыдбаў сабе псеўданім Фішар, што вельмі аблегчыла яго ворагам антыяўрэйскія выпады.

Выглядаў вельмі кепска: 37, 38 ці нават 39 год. Выпушчаны нядаўна. Мае рудыя вусы і мяшкі пад вачыма. Невысокі. Голас прыгожы, скрыпучы. Яшчэ сёння чую ў памяці цэлыя фразы, якія выказваў тым сваім голасам.

Прыняў мяне стрымана: пэўна ўразіла яго мая цялячая радасць. Толькі шмат пазней абодва паглядзелі на сябе іначай.

Праз адзінаццаць гадоў я стаяў у ганаровай варце каля яго труны, у зале Сойму. Ляжаў не змяніўшыся ў твары, з тымі сваімі рудаватымі, тырчаўшымі вусікамі, трохі сярдзіты, і ўжо напэўна расстроены, што так залішне рана падвяло тое непаслухмянае сэрца.

Болек Друждзь, высокі, вышэйшы за мяне хлопец. Малады, не мае яшчэ трыццаткі. Вялікія, чорныя вочы, абаяльная ўсмешка. З нейкай вясковай сям'і конюха. Камсамолец.

Пазнаёміўся з ім на машыне. Адразу адчуў да яго асаблівую сімпатыю. Блізкімі былі мы і падчас падрыхтоўкі Першай дывізіі і потым ў дарозе ў Польшчу.

Яго дарога была найтрагічнейшая. Прыехаў у свой родны горад, сустрэўся са знаёмымі. Была Люблінская Польшча, перадваенныя сяброўствы і знаёмствы важылі не многія. Пасля размовы пальнуў сабе ў лоб.

Цяпер смяяўся і спяваў разам са мною.

Мар'ян Нашкоўскі прыйшоў да аўтамабіля пасля цяжкай усяночнай працы, пра якую ведалі толькі я з Болькам. Меў прадстаўнічы твар і прыгожыя цёмна-блакітныя вочы. Зрэшты, хто ж яго не ведае?

Ян Караськевіч. Варшаўскі кіроўца трамвая, здаецца, ва ўсякім разе ўсе партыйныя інтэлектуалісты ў дывізіі асабліва цанілі яго пралетарскае паходжанне, прымушаючы яго спяваць розныя песенькі, з якіх найбольш аўтэнтычна "рэстаранна" ўдавалася яму "Гармонік на тры чвэрці ціха грае".

Таксама быў вясёлы, высокі, шараваты бландын з задзёртым носам і гулліва раздвоеным падбародкам. Сустрэў яго нядаўна. Ніколькі не змяніўся.

Спявалі з ім і Друждзем усё вайсковае, што нам прыходзіла ў галаву. Настроі былі добрыя: а як жа іначай магло быць? Машына імчыць, надвор'е выдатнае, перад намі захапляльная праца. Вяртанне дадому здаецца блізкім, але не настолькі, каб у ім бачыць што-небудзь іншае акрамя радасці...

Прыезд у Сельцы

Потым былі напасці з машынай. Начавалі ў нейкай разанскай вёсцы. Памятаю шырокую, парослую травою вуліцу, чыстыя домікі з разьбянымі ганкамі, велізарны месяц. Не мог заснуць: да позняй ночы швэндаліся пад вокнамі мясцовыя дзяўчаты на выданне ў кампаніі патнаццаці-, шаснаццацігадовых смаркачоў: старэйшыя былі на заводах або ўжо ў войску.

Тут, на вёсцы, бачылася больш яскрава, чым у горадзе, які велізарны ваенны высілак той край узяў на сябе: амаль усіх мужчын. У Маскве некалі пад канец вайны я ўбачыў у метро кампанію свежазмабілізава ных васямнаццацігодкаў. Гэта было ўражвальна: найвышэйшы з іх даставаў мне да пляча. Усе такія нізкія, бо якраз, калі раслі, атрымоўвалі ваенныя, скупыя пайкі.

Цяпер з гожымі дзяўчатамі швэндаліся смаркачы, ніжэйшыя за іх, пісклівыя і баязлівыя.

Ранак, я ўжо не думаў пра тыя начныя з'явы. Машына капрызнічала далей. Толькі пад вечар дабраліся на месца пастою.

Першы раз пасля Банева быў зноў у лесе. Быў падобны, пераважна сасновы, з моцным дамешкам бярозы.

Вёска Сельцы ляжала над Акою, ля заходняга краю вялікага лясіста-балоцістага абшару, які называўся "Мяшчэра". Здаўна размяшчаліся тут лясныя летнія лагеры розных вайсковых частак. Адзін з іх быў прызначаны для нас.

Мы размясціліся ў невялікім, аднапавярховым драўляным бараку. Першы вечар атруцілі нам жыццё камары, якіх аказалася ўражвальна шмат, столькі як і на Палессі. Позьнім вечарам прыехаў камандзір дывізіі. Наступным днём пачаліся першыя арганізацыйныя крокі.

Для мяне дывізія пачыналася вельмі няўдала. Я быў фатальна апрануты - яшчэ ў тых "падшэўкавых" портках і гумовых тапачках. У дадатак разбалеліся ў мяне зубы, шчака напухла, мусіў яе перавязаць хусткай. Выглядаў, як карыкатура "польскага пана" з "Кракадзіла".

Палкоўнік Берлінг увайшоў, аглядзеў нас. Канешне найбольш прадстаўнічы - Нашкоўскі - стаў яго ад'ютантам. Караськевіч меў хітрую міну: пайшоў у інтэнданты. Друзьджа прызначылі камандзірам рабочай роты.

Бо мы, прынамсі, не былі першыя. Ужо перад намі накіравалі сюды з Масквы некалькі дзясяткаў змабілізаваных, у якіх у пасведчанні "стаяла" - "паляк". Пераважна па-польску яны ўжо не размаўлялі. Праз колькі дзён, "прапускаючы" іх праз рэгістрацыю, я перажыў нямала ўзрушэнняў. Малады, прыстойны чалавек, не валодаючы добра польскай, на запытанне пра прозвішча, адказаў:

- Путрамант.

Спрабаваў яго распытваць. Нічога не мог сказаць пра продкаў. Жыў у Маскве, там нарадзіўся... Быў пазней у батальёне сапёраў.

Але гэта яшчэ нічога. У Львове, у нейкім таварыстве, перажыў гісторыю нашмат больш несур'ёзную.

Нейкая трыццацігадовая пані, невысокая, чорная, з лёгка негрыцянскімі рысамі, пачуўшы маё прозвішча, пляснула ў рукі: яна з дому таксама Путрамант.

- А якое бацька меў імя? - пытаю.

- Уладзіслаў.

Здубянеў. Як мой.

- А прафесія?

- Афіцэр расейскай арміі. Паручнік.

Падумаў, што кпіць. Але яна таксама была перапужана.

- Што з ім?...

- Загінуў.

Аддыхаўся. Запытаў для праформы:

- Дзе?

І зноў захліснула мяне ўражанне:

- У 1914 годзе. Пад Голдапам..

Там якраз мой прапаў без вестак і толькі праз некалькі месяцаў аказалася, што трапіў у няволю. Каб два Ўладзіславы Путраманты, паручнікі расейскай арміі аказаліся на тым самым адрэзку фронту і... Не сустракаў болей той пані.

Каб закончыць з дзівосамі: сярод савецкіх палякаў знайшоўся нехта, хто падаў - з Петрыкава. Канешне, я адразу спытаў пра доктара Руткоўскага. Змяшаўся. Буркнуў пару слоў. Зразумеў - 37 год...

Тры катэгорыі

Так, але гэта потым. Пакуль што я пайшоў у пякарню. Усё адбылося так, як я апісаў праз год ("Гістарычныя папраўкі" з тома "Тры павароты"), абураны спробамі "бранзавення" такой нядаўняй яшчэ гісторыі. Дадам толькі, што майстар па прыпеку, які так неахвотна прыняў мяне ў пякарні і так пужаў мрояй суду - не думаў пэўна, што акажацца прарокам. Застаўся ў пякарні - і праз пару месяцаў усё ж трапіў пад суд. Пагражала яму смяротная кара за раскраданне вайсковай маёмасці. "Выкруціўся" на некалькі гадоў турмы.

Калі палкоўнік Берлінг ласкава вызваліў мяне з той халернай пякарні, я пару дзён блытаўся каля камандавання дывізіі, потым паслалі мяне разам з Мадзалеўскім у дывізійны аддзел кадраў.

Мы сядзелі ў нейкай будзе. Перад намі чэргі змабілізаваных і добраахвотнікаў. Мы пыталіся імя, прозвішча, прафесію, адукацыю. Было яшчэ пару графаў у фармулярах - але не зашмат.

Тры катэгорыі - калі груба - паўставалі перад намі.

На пачатку былі савецкія палякі. Паразуменне савецкіх уладаў з СПП не было надта дакладным, справа грамадзянства па некалькіх важных пунктах - няясная. Акрамя таго розныя райваенкаматы прысылалі да нас усіх навабранцаў, у якіх у пашпарце ў графе "нацыянальнасць" было напісана "паляк". У Савецкім Саюзе графа гэтая ўспадкоўваецца па бацьку. Таму ў той першай, напрыклад, рабочай роце значная большасць змабілізаваных не гаварыла ўжо па-польску ні слова.

Але ў гэтай катэгорыі былі вельмі маляўнічыя выключэнні. Аб'явіліся, на прыклад, два маладыя хлопцы, якія размаўлялі па-польску беззаганнай мазурскай гаворкай, але з устаўленымі словамі тыпу "калхоз", якія вымаўлялі з расейскім акцэнтам.

Аказваецца, што недзе ў Сібіры пад Іркуцкам ёсць дзве польскія вёскі, зусім не вывезеныя, а якія складаюцца з нашчадкаў эмігрантаў, што дабраахвотна выехалі туды перад першай вайной, захавалі мову - і не літаратурную - але, канешне, прынялі новыя словы...

Адносна большая частка прадстаўнікоў той першай катэгорыі належала да афіцэраў. Амаль уся лінейная кадра гэта былі савецкія палякі рознай стадыі аддалення ад мовы. Былі такія, якія валодалі ёй дасканала - гэта пераважна красовыя, з Меншчыны, Палесся, Украіны. Намеснік камандзіра, палкоўнік Кяневіч, напрыклад, незвычайна маляўнічая постаць. Я прыпомніў абшарніцкую сям'ю Кяневічаў з Брынёва пад Петрыкавам. Пытаюся Кяневіча, ці не з Палесся. Пацвярджае. Пра тых абшарнікаў ужо не пытаюся...

Былі дваякія палярна супрацьлеглыя адносіны савецкіх палякаў да І дывізіі. Былі такія, якія з нязвыклай лёгкасцю знайходзілі забытыя сцежкі разумовыя, звычаёвыя, пачуццёвыя, якія ў павароце да пальшчызны ішлі нават далей, чым мы сабе зычылі. Здараліся, напрыклад, выпадкі вяртання да веры.

Была таксама рэакцыя наўпрост супрацьлеглая. 15 ліпеня - паколькі ўгодкі Грунвальда - мелася быць прысяга. Перад прысягай звярнуўся да мяне адзін з курсантаў школы падхарунжых, паведаміўшы, што прысягаць не можа. Развагі вельмі простыя: ён камсамолец, грамадзянін сацыялістычнай краіны. Не ведае, якая яна будзе, тая Польшча. Не збіраецца станавіцца грамадзянінам буржуазнай дзяржавы...

А ён акурат добра размаўляў па-польску. Правёў з ім доўгую размову. Не пераканаў.. Ён прасіў, каб яго адаслалі ў савецкую частку. Я стараўся яму гэта арганізаваць.

Большасць савецкіх палякаў не ўпадала аднак ні ў адну, ні ў другую крайнасць. Добра разумелі значэнне І дывізіі і яе спецыфіку.

Другая катэгорыя - гэта былі высланыя. Тых было, канешне, найболей. Гэта былі тыя, якія па-просту не здалелі адысці з Андэрсам. Не здалелі, бо былі залішне далёка, напрыклад, на Новай Зямлі. Можна сабе ўявіць іхнія настроі.

Былі сярод іх - нешматлікія - афіцэры, былі падафіцэры, леснікі, паліцыянты, вайсковыя асаднікі, трохі дзеці афіцэраў. Былі, канешне, кулакі.

Калі б мы хацелі падысці да тых людзей "анкетна" - не было б з кім працаваць. Усе былі для акідвання. Зрэшты, цалкам зразумела, паколькі аказаліся яны ў тых усіх Комі АССР, Варкутах і Карэліях якраз паводле пунктаў анкет.

Думаю, што найвялікшай заслугай І дывізіі ёсць адшуканне тых людзей для Народнай Польшчы, для сацыялізму. Не ваенныя перамогі - хоць іх і не недаацэньваю, - але гэтая перамога чыста людская ёсць найзнакаміцейшая "на шляху ад Леніна да Берліна".

Агітацыя і прапаганда

Як яе дасягнулі? Вельмі проста, праз агітацыю і прапаганду. Толькі гэта былі вельмі добрыя тыя агітацыя і прапаганда, вельмі трапныя, непараўнальна адрозныя і ад стылю, які быў перад тым - і, нажаль, ад таго, што пачалося пазней, у т.л. пасля вайны.

Першым элементам палітычнага выхавання была праўда. З таго пункту гледжання атмасфера І дывізіі адрознівалася ад атмасферы дывізій андэрсаўскіх.

Афіцыйна ў Савецкім Саюзе пра вывазкі не гаварылася. А тут гаварылася, і гэта ад пачатку.

Прыходзіла чарговая партыя навабранцаў. Мадзалеўскі з некалькімі памочнікамі запісваў звесткі, размяркоўваў іх па частках. Потым адзін з яго памочнікаў, часам ніжэйпадпісаны, рабіў шыхтаванне ў дзве шарэнгі, казаў палічыцца, выраўняцца, рабіў "зважай" і "спаволь".

Людзі ішлі ў гэтую дывізію дэзынфармаваныя. У іх асяродках гаварылі ім, што гэта ўсё ліпа, што аддадуць іх у нейкую савецкую частку. Нам вельмі на руку былі тыя гаворкі, бо танным коштам дазвалялі дэмантаваць усю варожую прапаганду на тэму дывізіі. Вядома, што як прыхопіш некага на адным відавочным абмане, то падрываецца вера да ўсяго, што ён гаворыць.

Рабілася: "Зважай. На права раўнуй!". Прыходзіў афіцэр з кіравання асветы. Так на пачатку называлася палітычна-выхаваўчая праца. Аддаваўся рапарт. Афіцэр казыраў і гаварыў пяці-дзесяціхвілінную прамову.

Казаў:

- Гэта не дывізія Чырвонай Арміі. Гэтая дывізія падпарадкаваная Саюзу польскіх патрыётаў. Будзе яна змагацца плячо да пляча з Чырвонай Арміяй за вызваленне Польшчы з-пад нямецкай акупацыі. За Польшчу - не савецкую рэспубліку, але сяброўскую да Савецкага Саюза...

Тыя некалькі так відавочных фраз выклікалі проста незвычайныя эфекты: перш за ўсё на фоне кантрасту з плёткамі. Гаварылі таксама пра асабістыя лёсы тых, хто прыйшоў. Так больш-менш:

- Мы ведаем, што вы прайшлі праз вельмі цяжкія выпрабаванні. Хочам, каб як найхутчэй пра іх забылі. Маем супольнага ворага. Няхай уся вашая нянавісць скіруецца супраць яго...

Назіраў за людзьмі пасля кожнай размовы. Былі гэта іншыя людзі. Была ў іх надзея. Можна было з імі нешта спрабаваць.

Канешне, здараліся і непажаданыя рэакцыі - і гэта ў двух кірунках. Бачыў людзей, якія стваралі вакол сябе групкі, гаварылі галоўным чынам супраць Савецкага Саюза, СПП, Ванды Васілеўскай. Аднаго з іх я заўважыў, узяў на адну і другую размову. Падаўся мне прыстойным і інтэлегентным. Пасля пары размоваў змяніў, здаецца, некаторыя свае погляды. Пазней пайшоў у школу падхарунжых (ужо не пры мне), стаў афіцэрам. У першыя гады пасля вайны атрымоўваў перамогі ў лёгкай атлетыцы.

Але аднаго дня я ўбачыў зусім іншае зборышча. Малы, гарачы навабранец размахваў рукамі:

- А я вам кажу, што гэта толькі так, для бачнасці. Быць не можа, каб Савецкі Саюз ствараў войска, якое будзе біцца не за Савецкую Польшчу. Гэта так, для Амерыкі... А напраўду то пойдзем усе за Польскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.

Быў ён вельмі здзіўлены, калі я яму сказаў адзін на адзін, што ён вядзе правакацыйную работу. Напэўна, зрэшты, ён таго не хацеў...

Ён належаў да трэцяй катэгорыі тых дабраахвотнікаў. У ёй таксама не бракавала драмаў...

Трэцяя катэгорыя

У выніку гвалтоўнасці гітлераўскага ўдару з даўніх польскіх зямель уцякло ў глыб Савецкага Саюза вельмі няшмат т. зв. "заходнікаў". Уцякалі наогул людзі вельмі актыўныя, настроеныя на барацьбу з гітлерызмам - акрамя невялікай жменькі такіх, якія свядома заставаліся пад акупацыяй для канспіратыўнай барацьбы.

З даўніх польскіх грамадзян вялікая група мужчын выйшла з Андэрсам. Пазасталіся такія, якія не здалелі - і такія, якім з Андарсам было не па дарозе. Гэтыя якраз пачалі прыбываць.

Канешне, гэта з трэцяй катэгорыі былых КПП-аўцаў, прыхільнікаў, левага актыву паўстала ядро "асветнага" апарата, якое здзейсніла цуд такой грунтоўнай перападрыхтоўкі дзесяці тысяч чалавек у рэкордна кароткі час некалькіх месяцаў.

І сярод тых, наймацнейшых, здараліся розныя перагіны. Я цытаваў прыклад класічнага "дагматызму". Хапала і наўпрост супрацьлеглых перабораў - калі розныя тактычныя зрухі некаторыя прымалі як праяву дзейснай і непазбежнай неабходнасці.

У той перыяд панавання культу асобы нарадзіўся класічны "дагматычны апартунізм". Гэта толькі на першы погляд парадаксальны набор словаў. Дагматычны ў ім быў падыход да рэчаіснасці, апартуністычныя адносіны да начальства. Усё, што зверху, прымалася не толькі як абавязковае, але і вартае энтузіязму.

Вось прыклад - не з І дывізіі. Адзін мой знаёмы ў той час быў у Сярэдняй Азіі. Было там тады вельмі цяжка, голадна, вядома. І быў разам з ім такі класічны падхалім. Якраз увялі назад пагоны ў афіцэраў, заміж "камандзіраў" пачалі іх нанава называць менавіта афіцэрамі і г.д.

Падхалімы пачалі ў тым бачыць грунтоўныя змены. Ужо хацелі не толькі слухаць загады, але іх апярэджваць. Мой знаёмы, не могучы даўжэй чуць трызненні гэтага тыпа, вырашыў з яго пажартаваць.

- Ведаеш, - распавядаў адным ранкам, - учора перадавалі па радыё дэкрэт Прэзідыюма Вярхоўнага Савета. З гэтага часу ў маскоўскія тэатры можна хадзіць толькі ў фраку або смокінгу...

Падхалім здзіўляецца, пару секунд, захоплены знянацку, хапае паветра. Але адразу вяртае прысутнасць духу:

- Вельмі слушна! Гэта падкрэсліць перад усім светам, як высока вырас жыццёвы ўзровень савецкага рабочага і ўсіх людзей працы.

У дывізіі такім "фракамі" для падхалімаў былі " Ўсе нашыя штодзённыя справы", спяваныя разам з "Ротай" што вечар, салюты, нават орлікі. Але, кане-шне, пераважная большасць гэтай трэцяй катэгорыі аказалася людзьмі не толькі дысцыплінаванымі, але і разумнымі. Пра іх узровень сведчыць, што пасярод іх можа з паўтузіна засядала пазней у Палітычным Бюро, іншыя многія сталі міністрамі, ужо не гаворачы пра генералаў. Гэта той незвычайна высокі ўзровень палітычнай кадры забяспечыў цуда перападрыхтоўкі тамтых дзесяці тысяч чалавек.

Орлікі

Орлікі... Мілыя, нязграбныя орлікі Першай дывізіі! Адзін з элементаў яе спецыфікі, які адрозніваў яе як ад частак Чырвонай Арміі, так і ад арміі Пілсудскага ці Андэрса.

Бо, ясная рэч, знайшліся такія, якія цалкам слушна пастараліся не дапусціць спаўзання дывізіі ў адзін ці другі бок. Орлік быў не без значэння. Былі такія, якія наогул прапанавалі яго выкінуць. Калі ім даводзілі, што гэта было б глупствам, адразу вылазілі іншыя, якія жадалі "звыклага", з каронай.

Абаронцы дывізійнай спецыфікі мусілі стварыць, як аказалася пазней, цэлую міфалогію.

Не ведаю хто, але досыць рана, яшчэ да нашага выезду ў Сельцы, пусціў версію: вяртаемся да орлікаў пястаўскіх, адкідваем ягелонаўскія. Пястаўскія глядзяць улева і маюць крылы зложаныя, ягелонаўскія глядзяць управа, і крылы распасцёртыя да палёту. Ясная сімволіка: тыя першыя глядзяць на захад і не маюць імперыялістычных замашак, другія глядзяць на ўсход, і ўжо іхнія крылы цягнуць да вайсковага...

Ніхто перад тым не звяртаў увагі на такія дэталі. У групе некалькіх арганізатараў ні адзін не памятаў, як тыя орлікі выглядалі дакладна. Пачаліся пошукі пястаўскіх арлоў.

У Маскве быў адзін такі выкапень польскасці - Павел Этынгер. Дзядок, тэатральны крытык, гісторык мастацтва, самотны, эвакуяваны з Варшавы яшчэ ў 1915 годзе. Пісаў у "Новыя гарызонты" нейкую дробязь. Меў вялікую бібліятэку.

Звярнуліся да яго. Выкапаў нейкі альбом з рэпрадукцыямі сярэднявечных артэфактаў. Сярод іх знайшлі пару арлоў з надмагілляў шлёнскіх Пястаў. Усе былі досыць вычварныя: у ХІІІ-ХІV стагоддзях не хапала Слюдкі Гёты. Выбралі найзноснейшага. Калі яго ўжо намалявалі, паслалі на манетны двор, адлілі некалькі тысяч штук і прыслалі ў дывізію - нехта з навабранцаў прыцягнуў старога "ягелонаўскага" арла. Гэтыя нашыя былі, як гаварылася, нязграбныя, цяжкія, нешта ў іх было мядзведжае. Тыя старыя былі хударлявыя, штыўныя, элегантныя.

Але, што горш, таксама глядзелі "на захад". І нават не сваволілі тымі крыламі!

А столькі трэба было тады і асабліва пазней тлумачыць, чаму такія, чаму, асабліва, без кароны. Нягледзячы ні на што, думаю, што слушна адкінулі тую карону. А тое, што мусілі тлумачыць, тым лепей, было гэта прычынай для размовы. Нават, што нязграбныя, мне таксама падабалася.

Калі ў студзені 44-га года мы ехалі некуды на Тулу, на нейкай станцыйцы ўбачылі нас савецкія кабеты і падлеткі. Апошнія адразу дарабілі да тых орлікаў дзіўную гіпотэзу:

- Арлоўская дывізія!

Быццам бы за ўзяцце Арла далі нам на шапкі орлікаў...

Першыя прызначэнні

Пасля некалькіх тыдняў у аддзеле кадраў атрымаў і я прызначэнне. На той час большасць частак ужо была сфармаваная. Некалькі маіх знаёмых уладкаваліся "на" палках. Грош трапіў у артылерыю, быў намеснікам палкоўніка Букаемскага. Страшна спадабалася яму войска. Рваўся, аж сыпаліся іскры! Адразу прыдбаў сабе верхавога каня, ардзінарца, усё, што трэба афіцэру.

З'явіўся Люсек-дызертыр. Дзякуючы Вандзе, трапіў тады ў VII аддзел штаба адной з армій, што было больш, чым слушна, таму што свабодна валодаў нямецкай. Прыехаў у званні капітана. Прызначылі яго намеснікам камандзіра 2 палка пяхоты.

Нашкоўскі пайшоў на трэці. На першым быў савецкі паляк, таксама капітан, Сакалоўскі, кемлівы, маленькі бландын.

З літоўскай дывізіі прыехалі Штахельскія. Ірку нейкі зласлівец прызначыў намесніцай камандзіра жаночага батальёна. Работа жудасная: пару соцень дзевак у атачэнні тысячы мужчын. Адразу пачаліся розныя скандалы. Памятаю: неяк застаў Ірку, якая выходзіла ад Сакорскага. Плакала. А той падсмейваўся. Лічыў, што ўсе гісторыі з выбарам "ад'ютантак" і "сакратарак" цалкам дазволеныя.

Штахельскі пайшоў у санітарны батальён. Якраз прайшоў праз вельмі цяжкі сыпны тыф. Уратавалі яго ягоныя калегі-лекары з літоўскай дывізіі, якія зрабілі цуда, здабылі недасяжныя ў той час лекі, стварылі для яго выключна спрыяльныя ўмовы - у вёсцы, размешчанай за пару кіламетраў ад фронту.

Леан Пастарнак з Рысяй трапілі ў дывізійны тэатрык, які пачынаў паўставаць. Ад пачатку быў вельмі актыўны. Напісаў між іншым першую дывізійную песню "Мы, першая дывізія" на мелодыю... "Брыгады".

Люцыян Шэнвальд вельмі прыйшоўся да густу камандзіру. Прыехаў, мабыць, недзе ў чэрвені. Прызначылі яго хранікёрам.

Генрык Вернер узначаліў рэдакцыю дывізійнай газеткі "Жаўнер свабоды". Было гэта нешта малое, фармацік машынапіснага аркуша альбо трохі большы. Змест таксама вялікім не быў...

Ані газетка, ані тэатрык дзіўны мяне не прыцягвалі. Сказаў сам сабе, што пяром буду забаўляцца пасля вайны, што застануся тут, у частцы. Меў два альбо і тры пункты перавагі над большасцю прыяцеляў. Паходжанне - вайсковае... Сам таксама, што ні кажы, быў пару месяцаў у войску. Нарэшце цэлы мінулы год рабіў вайсковыя агляды ў "Новых гарызонтах".

Нягледзячы на гэта, ішло вельмі цяжка з тым накіраваннем у частку. Раптам з роспачы ў адзін момант упаў ва ўпаенне. Прыходзіць вестка, што прызначылі мяне намеснікам камандзіра... Палка!... Танкавага!!!

Быў узняты ў неба! Пра танкі марыў тым больш, што з апісанняў дзеянняў на франтах ведаў пра іхнюю вырашальную ролю ў бітве. Уся астатняя іх спецыфіка падавалася мне другараднай.

Белаомут

Быў гэта, мабыць, канец траўня, калі я паехаў у Белаомут, дзе мела стварацца танкавая частка. Ад Сельцаў мусіла быць туды больш за дзесяць кіламетраў. Дарога добрая, увесь час цераз сосны і бярозавыя загайнікі.

Але сапраўды цудоўна было толькі на месцы: велізарныя, роўненькія сосны, густы арэхавы падлесак, трава. Усё адразу: цень, шум сосен, пах свежай зелені.

Пад дрэвамі стаялі ўтульныя домікі двух- трох-пакаёвыя для камандзіраў. Я пасяліўся з камандзірам палка. Быў мабыць падпалкоўнікам. Страшна мне імпанаваў: быў у Іспаніі, прывёз адтуль ордэн Леніна.

Быў невысокі, з круглым, звычайным тварам, з нерухомымі, блакітнымі вачыма. Прозвішча меў на - скі, здаецца, гэта была адзіная прычына прызначэння яго ў нашую дывізію, бо па-польску не гаварыў ні слова і нават не вельмі прызнаваўся ў польскім паходжанні.

Вельмі адметна - цэлы шэраг вышэйшых афіцэраў пяхоты, як намеснік камандзіра дывізіі палкоўнік Кяневіч, начальнік штаба палкоўнік Сівіцкі, камандзір 3 палка палкоўнік Пятроўскі - і так далей, і так далей - не толькі былі палякамі па паходжанні, але і размаўлялі па-польску наогул някепска. У танкістаў было інакш - ані аднаго афіцэра польскага паходжання!

Тыя іншыя, акрамя камандзіра, нават на -скі не называліся. Частка з іх была, зрэшты, у ролі інструктараў, напр., маёр Чайнікаў, вельмі мілы, культурны, спакойны. Або два маладыя лейтэнанты з Ленінграда, інструктары артылерыі, выключна інтэлігентныя, мілыя, чыстыя. Некаторыя пасля заканчэння вучобы засталіся ў палку, вывучылі мову...

Пакуль што ні адзін з іх не мовіў ні слова. Мы разам яшчэ з некалькімі афіцэрамі асветы былі адзінымі злучнікамі паміж імі і пяцістамі шарагоўцамі, якія знаходзіліся ў Белаомуце.

Я маю, зрэшты, як пазней аказалася вельмі добрыя кадры. Лектарам палка становіцца Павел Гофман. Інструктарам - Раман Пазінскі, адзін з герояў бітвы пад Леніна, стары КПП-овец. У роты, на намеснікаў, ідуць таксама зусім не найгоршыя людзі.

Атрымоўваючы прызначэнне на пасаду, я не атрымаў ніякіх інструкцый ад свайго начальніка, Сакорскага. Цяжка мець да яго за гэта прэтэнзіі - ён сам таксама ніякіх інструкцый не атрымаў. Раптам аказалася, што і маё паходжанне, і ўспаміны з Жэшава ці Ражана. і канешне справаздачы ў "Новых гарызон- тах" - усё гэта нічога не варта ў той вялікай жыццёвай прыгодзе, якая якраз перада мною адкрывалася.

У выніку найбольш карысці прынесла мне вывучэнне савецкай літаратуры, асабліва ваеннай, за якой я, зрэшты, ганяўся. Тыя ж Фурманаў з "Чапаевым", "Разгром" Фадзева. Шолахаў. Я быў усё ж такі камісарам! Міма волі вяртаўся да "Чапаева", шмат разоў трапляліся мне цяжкасці фундаментальныя.

На пачатку яны былі аднародныя: шалёная розніца ў кожнай пазіцыі паміж шарагоўцамі і афіцэрамі. У мове, у поглядах на свет, у перакананнях. Адны вернікі, другія - не, адны абучаныя, другія - не, адны і другія глядзяць на цябе недаверліва, чакаюць сабе ўзаемна ўсякіх нядобрых неспадзяванак.

Вось і заданне: зблізіць адных і другіх. Шарагоўцаў навучыць ваеннаму майстэрству, якім валодалі афіцэры, таксама прышчапіць погляд на свет, вылечыць ад антысавецкага комплексу. Афіцэраў навучыць Польшчы. Гэта таксама было вельмі важным і зусім не найлягчэйшым.

Пакуль не пачалася сапраўдная вучоба, пакуль не падышла зброя, я пастанавіў пазнаёміцца бліжэй з усім асабовым складам палка. Не было гэта немагчымым: па-першае, штат палка налічваў, здаецца, каля шэсцісот чалавек, па-другое, усё гэта было разбіта на невялікія (па 40 - 50 чалавек) і вельмі спецыялізаваныя роты - дзякуючы чаму можна было лягчэй запомніць кожнага шарагоўца.

Пару дзён ішоў падзел людзей на роты: танкавыя, аўтаматчыкаў, супрацьтанкавых ружжаў, тэхнічна-рамонтныя, кіравання. Я сядзеў за сталом, яшчэ раз размаўляў з кожным. Некаторыя здаваліся цікавейшымі, заходзіў пазней у роту, знайходзіў іх размаўляў яшчэ. Без цяжкасці засвоіў пару штучак, якія ў велізарнай меры палягчалі завязванне кантакту камандзіра з шарагоўцам. Вось тры найпрасцейшыя: старацца запомніць як найбольшую колькасць назваў. Хоць бы меў зубрыць. Па-другое - цікавіцца асабістымі клопатамі кожнага, па меры мажлівасці дапамагаючы ў іх ухіленні. Па-трэцяе - быцьзразумелым у дробязях. Толькі тады з'яўляецца поўная сіла пераканання ў важных справах.

Мушу прызнаць - стасункі з шарагоўцамі складваліся ў мяне зносна. Тыя правілы выраслі неяк самі з сябе. Кожны з "маіх" шарагоўцаў цікавіў мяне, быў блізкі і сімпатычны. Праз пару тыдняў я ведаў у твар, прозвішчы і біяграфіі ці не звыш паловы жаўнераў. пры знаёмстве кожны з іх, зрэшты, звычайна выігрываў...

Я адчуваў сябе выдатна. Мне падавалася, што нарэшце раблю нейкую сапраўдную работу. Не меў ніякага страху перад грандыёзнасцю задач, якія чакалі мяне ўжо ў найбліжэйшыя тыдні. Напэўна па-просту не ўяўляў іх сабе.

Адносіны афіцэраў да мяне таксама былі зносныя. Канешне, яны бачылі, што я быў поўным жаўтароцікам у вайсковай справе. Але, па-першае, я быў камісарам - а гэтае слова будзіла ў той час большую павагу ў вайскоўцаў, чым ксёндз-пробашч у дзяўчат. Па-другое, я быў ім неабходны, як злучнік, а яшчэ большш як перакладчык у стасунках з шарагоўцамі. Зрэшты, ані вучоба, ані баявая падрыхтоўка, віды дзейнасці, у якіх мая слабасць была найбольш відавочная, яшчэ не пачаліся.

Гэтыя старшыя ...

Быў канец траўня, доўгія, зялёныя вечары. Пад соснамі заўзята выціналі камары. За пару кіламетраў ад нас лес канчаўся, ладныя драўляныя домікі, гарадок Белаомут, магніт для нашых хлопцаў. Але паводзілі яны сябе добра, у той час ніякіх "надзвычайных выпадкаў" мы яшчэ не мелі.

Я вельмі прывязаўся да тых сваіх першых - не падначаленых, хутчэй выхаванцаў. Па сёння часам на якім-небудзь сходзе, у якой-небудзь мясціне хто-небудзь да мяне падходзіць, гаворыць нават прозвішча. Перажываю страшныя пакуты: нават прозвішча ўжо мне нічога не гаворыць. А так тады цешыўся з "раскусвання" кожнага чарговага танкіста, яго пазнавання, запамінання.

Памятаю па сёння толькі двух. Адзін неўзабаве быў адасланы ў авіяцыю, на сёння генерал.

Другі пайшоў разам з пяцюдзесяццю іншымі ў школу камандзіраў танкаў у Рыбінск. Гэты называўся Сяргей Смалей, паходзіў недзе з Беларусі, вялікі, светлы бландзін, сардэчны з улікам сухасці. Пісаў мне са школы, адзін ліст захаваўся ў канверце, склееным з вокладкі сшытка... Піша пра Белаомут: "... Гэты лес прыгарнуў мяне як бадзягу і сапраўды накарміў, у тым месцы якраз я зразумеў, што вяртанне нашае ў край мажлівае". Закончыў школу як адзін з найлепшых. Загінуў пад Леніна...

Спакойны і шчаслівы ў палку, я досыць хутка навучыўся баяцца ўсялякіх урачыстасцяў і наогул візітаў начальнікаў. Я не меў паняцця пра мастацтва манеўравання з мацнейшымі за сябе. Каго любіў, каго не любіў - звычайна гэта ўсё было відно па маім твары. Я меў незвычайна прасцецкія паняцці пра справядлівасць...

З камандзірам палка мы былі ў някепскіх стасунках. Імпанаваў мне біяграфіяй, хоць на што дзень падаваўся неарганізаваным, са схільнасцю да істэрыі і "мне здаецца". Быў ён вельмі непунктуальны.

Аднойчы ў дывізіі была ўрачыстасць. Я не меў гадзінніка, але некалькі разоў падганяў "свайго" камандзіра. Махаў рукой, што паспеем. Не паспелі.

Агіднае пачуццё! Вялікая, драўляная зала поўная афіцэраў. Я ўваходжу за палкоўнікам. Усе паварочваюцца да нас. На асветленай сцэне камандзір дывізіі.

Я ўваходжу другім. Але Берлінг называе мяне па прозвішчы:

- Напэўна, паручнік Путрамант начхаць хацеў на камандзіра дывізіі. Загады для яго не існуюць! Пляваць яму, што некалькі соцень афіцэраў сабралася тут і чакаюць, час трацяць...

І так далей, у тым жа духу. Стаю чырвоны з сораму. Я зялёны і нешта мармычу на тэму гадзінніка. Але гэта толькі нагода для красамоўства камандзіра!

Злосць і бяссільнасць. Як растлумачыць, што не мая віна. Што яшчэ падганяў гэтага палкоўніка. Што не я старшы...

Пазней Берлінг пры нагодзе растлумачыў мне, што ў войску заўсёды робяць наганяй наймалодшаму. Быццам бы таму, што гэты старшы і так тое ўсё бярэ на свой рахунак. Не чуў з іншых крыніц такой матывацыі. "Мой" ва ўсякім разе ні грош не адчуў намёку на сябе і глядзеў на мяне зласліва: малады папаўся, бывалы выкруціўся.

Сэнс усёй штукі палягаў, канешне, у нечым іншым. Камандзір дывізіі стараўся як найхутчэй умацаваць свой аўтарытэт, роўна перад палякамі "палітычнымі" і афіцэрамі савецкімі. Лічыў - і слушна - што трэба выкарыстоўваць нагоды такія, як са мной, калі можна было праехацца па пасажыру без ніякай рызыкі, бо быў цалкам безабаронны. Тыя іншыя, ужо "абароненыя" вучыліся адной з догмаў войска: страху перад камандзірам.

Трэба прызнаць, што камандзір дывізіі досыць хутка дабіўся паслушэнства сабе. Умеў роўна абыходзіцца як з шараговымі, так і з лінейнымі афіцэрамі ці палітычнымі. Не гледзячы на пару інцыдэнтаў хутка здабыў сабе паўсюдную павагу.

Травеньская ноч

Не навучаны тым прыкладам дзіўных сувязяў паміж справядлівасцю і гістарычнай неабходнасцю праз пару дзён перажыў нешта значна больш драматычнае.

Якраз заснуў пасля супольнай з камандзірам палка вячэры, калі мяне нехта раз і другі тузануў за плячо. Падхапіўся.

Было яшчэ відно. Стаяў перада мной начальнік штаба. Быў вельмі перапужаны. Балаболіў нешта па-расейску, каб хутка, бо... камандзір палка...

Бліскавічна апрануўся. Нарэшце навука Фурманава на нешта мне прыдалася: бягу ўтаймоўваць свайго Чапаева...

Таму, што тое, што распавядаў начальнік штаба, было рэальна клапатлівым. Камандзір палка напіўся і вытварае розныя рэчы, з якіх не самай дрэннай была стральба па шарагоўцах...

Бягом галопам па прыгожа дагледжаных сцежках. Ужо здалёк даходзяць да мяне выкрыкі на розныя "палітычна варожыя" тэмы. Потым: бах, бах!

Я з дзяцінства меў пункцік адносна п'яных і бяспамятных. Гідзіўся імі, ненавідзеў і, што найважней, вельмі іх баяўся. Тут чую, як гэты страляе. О, дзіва, не чую зусім страху! Гэта ёсць цудоўныя вынікі адчування адказнасці: не чуеш уласных псіхічных недамаганняў...

Дабягаем да палкоўніка. Пена з вуснаў, рэвальверам размахвае. Цераз некалькі сосен перапужаны сілуэт вартавога перад жаўнерскімі намётамі.

Хапаем палкоўніка пад пахі. Начальнік штаба нешта яму гаворыць. Я так уражаны, што маўчу. Толькі выдзіраю ў яго рэвальвер.

Палкоўнік супраціўляецца, не хоча ісці. Злёгку выкручваем яму рукі. Выкруціў бы мацней. Нарэшце рушым. Ідзе і кляне на цэлы лес. Каб жа так, "наогул". Кляне вельмі канкрэтна: дывізію, СПП, Васілеўскую. Ціхі, позьні травеньскі вечар. У далёкіх алешніках выцінаюць салаўі. А гэты кляне. Акустыка такая, як бы ўвесь лес быў радыёфікаваны.

Цягнем яго ў наш домік. У яго пакоі кажам ісці ў ложак. Не хоча. Пачынаем яго сілай распранаць. Не паддаецца. Тады начальнік штаба кідае яго на ложка і хапае за горла. Я карыстаюся з нагоды і сцягваю з яго порткі. Гэта дапамагае. Без портак дае сябе ўлажыць, гаворыць нават: "Дабранач", - і адразу засынае.

Запыханыя выходзім. Пытаюся, як гэта сталася, калі ён здалеў так напіцца? Начальнік штаба адказвае ўхіліста. Пазней я даведаўся, што яны пілі разам.

Але ж "выпадак надзвычайны", першы клас. Паводле загаду, я павінен такія выпадкі адразу дакладваць кіраўніцтву. Назаўтра сядаю ў машыну і еду ў дывізію.

У камандзіра нехта сядзіць. У прыёмнай сядзіць мой маскоўскі знаёмы, цяпер важная фігура ў аддзеле асветы. Пытаецца мяне, бачачы маё ўзрушэнне:

- Што такое?

Распавядаю: напіўся, страляў па жаўнерах.

- Дык, ты з гэтым да камандзіра? Я не пайшоў бы.

- Як гэта, страляў...

Варухнуў плячыма.

Абураны на яго больш, чым на таго палкоўніка, уваходжу да камандзіра. Слухае мяне, таксама абураны. Цераз зубы цэдзіць:

- Лайдак, я яму пакажу...

Выходжу, гледзячы з вышыні на асцярожніка, які яшчэ сядзіць у прыёмнай.

У той жа дзень прыязджае камісія. Выслухваюць сведкаў. Усе мае паведамленні пацвярджаюцца. Праз пару дзён прыходзіць загад з дывізіі: паручнік Путрамант адкліканы з пасады намесніка камандзіра Першага танкавага палка...

Можна ўявіць, як я сябе адчуваў. Такая відавочная несправядлівасць па-просту разрывала мне грудзі, забівала дыханне...

А тып з прыёмнай меў рацыю. Было гэта зрэшты вельмі складана. Не толькі меў рацыю, але яе напэўна арганізоўваў. Быў ён на досыць высокай пасадзе, каб яго ацэнка сітуацыі ўласна паўплывала на яе арганізацыю.

Ёсць гэта больш шырокая тэма, якая мяне пякельна цікавіць. У маім маленькім выпадку роля асобы ў гістарычным працэсе выглядала так:

- Гэтага Путраманта з танкаў трэба забраць, - гаворыць тып.

- Але ж гэта не ён напіўся, не ён страляў... - апаніруе нехта нясмела.

- Так, але афіцэраў-танкістаў з прозвішчам на - скі больш не маем...

Аргумент, як усякі іншы. Але з тыпам лічацца, лічаць яго за начальніка. Путраманта выкінуць, такіх, як ён, пад дастаткам. У кожным разе не ёсць ён у сваім родзе адзіным.

Тып, акрамя таго, не хоча з імі задзірацца. Гэта значыць, з нікім моцным. Прайшоў праз розныя цяжкасці, выкруціўся з розных небяспек. Ужо пасля вайны, вынесены на высокую неўралагічную пасаду, таксама намагаецца прымяняць тую сваю тактыку "неўмяшальніцтва", разумна выкручваецца ад заняцця пазіцыі па казытлівых справах. Але калі даходзіць да крызісу, нічога яму не дапамагае.

Сустракаю яго часам. Вельмі яму спачуваю. І адносна яго лёс аказаўся неласкавым. Маю тут сумніўную сатысфакцыю, што нічым таму лёсу не дапамог...

Мой "Чапаеў" не дасягнуў вялікіх поспехаў у дывізіі. Пасля майго адходу прыехала да яго жонка. Мела заданне супрацьдзейнічаць яго п'янству. Але гэта не шмат дапамагло. Пасля бітвы пад Леніна - менавіта тады! - з ім развіталіся. Камандзірам стаў мілы, спакойны Чайнікаў, які да гэтага часу навучыўся досыць зносна калечыць польскую мову.

Ці не лепей было тую аперацыю зрабіць раней. Ці ж не бачылі, як моцна перасычаны алкаголем і ўласнай славай характар таго пасажыра на -скі.

Відаць, не бачылі, не даацанілі. Дыялектыка! Мусіў абавязкова заваліць справу на шмат больш сур'ёзную, каб зразумелі сутнасць тых недвухзначных дробезяў...

Школа падхарунжых

Я быў зламаны, як пасля страты каго-небудзь блізкага: гэтае развітанне з людзьмі, з якімі толькі пачынаў знаёміцца і да якіх ужо адчуваў сябе прывязаным. Уласна гэта была мая першая сур'ёзная жыццёвая параза. Усе датыхчасовыя страхі або не датычылі мяне асабіста, або былі дзяцінна неістотныя...

Я быў у такім стане, што не заўважыў прыпіскі ў загадзе. А стаяла там, што мяне прызначаюць намеснікам камандзіра школы падхарунжых. Зрэшты, калі заўважыў, гэта мяне таксама не пацешыла: нейкія новыя, не гэтыя, такія блізкія танкісты...

Але з палка я выехаў адразу, і ўжо сама адсутнасць працы штурхала мяне да тога новага прызначэння. Герархічна яно было досыць заблытанае.

Пры дывізіі ўзнік вучэбны батальён. Складаўся ён з чатырох нармальных рот па падрыхтоўцы сяржантаў. Акрамя таго была створана адна рота, якая рыхтавала падхарунжых. Адміністрацыйна яна была падпарадкавана батальёну, у вучэбным плане была незалежная. Ідэальнае поле, каб спіцца! Але на працягу двух з нечым месяцаў яе існавання не ўзнік ні адзін канфлікт. Заслуга ў гэтым у першую чаргу абодвух начальнікаў з батальёна.

Абодва ўжо памерлі. Камандзірам быў маёр Лапацінскі, постаць незвычайна маляўнічая. Адзін з паўтузіна перадваенных кадравых афіцэраў дывізіі. Быў кавалерыстам. Ба, зрэшты, сумеў нейкі час быць нават камісарам паліцыі. Выглядаў тыпова: тыя вусікі, той акруглы твар, той жа жаргон, асабліва ў адносінах да шарагоўцаў і пры таварысцкіх урачыстасцях.

Пры тым усім абсалютная лаяльнасць. Не разумеў многіх рэчаў, спакойна ў тым прызнаючыся, але паводле сваіх сілаў і мажлівасцяў цягнуў гэты батальён, уносіў у яго лад, яго любілі.

Праз год, ужо на вызваленай Любліншчыне яго "джып" сутыкнуўся з грузавіком, які вёз бочкі з бензінам. Адна з бочак прыдушыла ехаўшага з ім разам Шэнвальда. Загінуў таксама.

Я напэўна - не гледзячы на найлепшыя памкненні - нарабіў бы розных глупстваў, па-просту з недасведчанасці. Знайшлося б досыць такіх, якія падвялі б пад гэта тэорыю: паходжанне, цёмныя планы на будучыню. Але я меў добрага "асветніка", майго кампаньёна з першага грузавіка, Болька Дрожджа. Пісаў пра яго, дадам толькі , што цяпер прыгледзеўся да яго ў працы. Меў адну вельмі добрую якасць: любіў людзей. з якімі працаваў. Таму, хоць усе вайсковыя парадкі былі для яго цяжкія і непрыемныя, ён дасканала спраўляўся з батальёнам.

Маім новым "Чапаевым" аказаўся маладзенькі хлопец, свежа спечаны старшы лейтэнант Вілкін. Не памятаю, адкуль паходзіў, ці не з Віцебска, фактам ёсць, што размаўляў па-польску цалкам зносна. быў незвычайна прыемны, нейкі чысты: улада, якая па словах з кожнага чалавека робіць нягодніка, зусім яму ў галаве нічога не перавярнула. Таксама любіў сваіх падначаленых, цікавіўся іхнім лёсам, стараўся перадаць свае свежа набытыя вайсковыя веды. Пасля заканчэння школы падзарунжых мы рассталіся з ім у найбліжэйшым сяброўстве. Нажаль, не ведаю, што з ім цяпер. Быў нейкі час начальнікам штаба аднаго з палкоў - што не азначае, каб скочыў далёка наперад...

Разбіты, без ахвоты зрабіў я чарговую аперацыю: падбору людзей у школу падхарунжых. Было нас некалькі ў такой камісіі. Прысылалі кандыдатаў з розных частак. Належалі яны да дзвюх катэгорый: цэнзаўцы і старшыя сяржанты. Той цэнз быў зрэшты вельмі расцягнуты - ад закончаных, напрыклад, адвакатаў аж да пары класаў гімназіі ўключна. "Цэнзаўцаў. было мабыць у тры разы болей, чым тых другіх. Было сярод іх шмат яўрэяў, шмат камуністаў. Былі таксама... проста не згодныя.

Мелі шмат такіх, якія не здалелі пайсці з Андэрсам. Адзін - сын ротмістра жандармаў, здаецца, быў на Новай Зямлі. Прывёз адтуль востры светламіноз, які праяўляўся ў нарывах і курынай слепаце.

Іншы быў сынам прафесара ўніверсітэта, вядомага эндэка. Яшчэ іншы....

Быў прыгожы, сонечны чэрвень. На фронце адносны спакой: абодва бакі рыхтуюцца да вялікай летней баталіі пад Курскам. Тым часам ад Севастопаля да Масквы ідуць над фронтам велізарныя, паветраныя бітвы. Вечарамі немцы высылаюць бамбардзіроўшчыкі. Бачым часам над гарызонтам чырвоныя іскаркі выбухаў супрацьпаветраных снарадаў.

Пару дзён падрад немцы бомбяць Горкі. Адзін з маршрутаў праходзіць над нашым лагерам.

І вось даведваюся, што адзін з курсантаў, чуючы ў небе прыкрае, двухтоннае выццё чарговага "Юнкерса" летуценна вымаўляе:

- Ах, каб Васілеўская была цяпер у штабе дывізіі і каб той самалёт адну бомбу на яе, на ўвесь той штаб.

Я прыгледзеўся да таго "летуценніка". Пры нейкай аказіі паразмаўляў з ім раз, другі. Ніякі не абшарнік, не фабрыкант, сын настаўніцы, здаецца. Пазней удзяляў яму больш увагі, чым іншым. Аказваў яму знакі даверу у справах, ясная рэч, невялікай вагі.

Сустрэў яго праз, бадай, пятнаццаць гадоў. Быў ён на дастаткова адказнай палітычнай працы. Мабыць не знае па сённяшні дзень, што я ведаў пра яго трызненні. Аднаго з курсантаў ведаў: быў з Ліды. Быў гэта малодшы брат вельмі спрытнай сям'і мясцовых "кавалераў". І ён скончыў школу, сустрэў яго недзе ў 47 годзе. Быў маёрам. Меў кучу ордэнаў.

Не ён, усё ж - рэкардсмен школы. На гэтую хвілю з яе выхаванцаў ёсць два генералы і на высокіх пасадах.

У школе было пару немаладых ужо камуністаў. Было ўзрушвальна, як яны стараліся адпавядаць вострым патрабаванням фізічнай формы, якія ставіла школа падхарунжых. Ні адзін з іх ніколі ні паўслоўцам не спрабаваў нагадваць пра нейкія правы з-за ўласных перакананняў...

Было нарэшце, мабыць, звыш дзясятка старых прафесійных сяржантаў. Часткова вывезеныя як асаднікі, часткова як палонныя - з-за тых ці іншых прычын не трапілі да Андэрса. Трапіўшы ў школу падхарунжых з лёту зразумелі свой жыццёвы шанец6 магчымасць вучобы, магчымасць пераступіць заклятае кола годнасці афіцэра. Усе яны належалі да найлепшых.. Аднаго з іх сустракаў пазней некалькіразова. Палкоўнік.

Пра яшчэ аднаго хадзілі смутныя чуткі, што хавае сваё званне. Бо было і так. Цалкам супрацьлеглае таму, што было ў легіёнах і пасля легіёнаў. Пасля першай вайны раз-пораз выбухалі скандалы на тэму прысабечвання афіцэрскіх званняў. Сам ведаю пра дзве такія гісторыі - адна здарылася ў батальёне бацькі, другая датычыла адной з кузін маці, якая выйшла якраз за такога містыфікатара. Відавочна, у гульню тут уступалі матэрыяльныя разлікі.

У нас было наўпрост супрацьлеглае. У дывізію трапіла прынамсі некалькі такіх, якія хавалі свае званні, баючыся - і слушна - што як да афіцэраў аднясуцца да іх больш сурова. І нават у дывізіі не праявіліся, можа, каб тым бальшавікам не служыць сваімі ведамі.

"Наш" меў неасцярожнасць назвацца цэнзавым. Накіравалі яго ў школу падхарунжых. Тут удаваў, што ўсяму вучыцца ў першы раз. Але было відно, што з паўслова, з выразаў твару. Усе яго калегі вельмі хутка пачалі пра яго шаптаць. Цяжка было, зрэшты, не звярнуць на яго ўвагі: быў правафланговым, на добрыя пяць сантыметраў вышэйшы за наступнага. У дадатак светлы бландын з вялікімі белымі вусамі, злёгку звісаўшымі, як у Пяста-Каладзея.

І з ім я праводзіў доўгія размовы, галоўным чынам на тэмы вузка палітычныя. Пачатковай методыкай была размова наўпрост пра цяжкасці, якіх столькі было навокал, якіх у той час не толькі нельга было называць па імені, але наўпрост супрацьлеглае, належала гучна іменаваць дасягненнямі.

Думаю, што тыя размовы для нечага яму прыдаліся. Але да канфедыцыяльных адносін не дапускаў. Зрэшты, я зусім на тое не напіраў.

Гаварылі, што ён афіцэр ваенна-марской флатыліі з Прыпяці. Што граф. Магчыма. Не быў ён, зрэшты, такі адзіны. Адным з афіцэраў у Лапацінскага быў раней паручнік граф Мыцельскі.

"Мой" здаў экзамен, атрымаў паўторна "зорачку". Не ведаю, што з ім сталася.

Надзвычайныя здарэнні

Я пачаў тады службу ў той школе падхарунжых з цяжкім сэрцам і без ніякага запалу. Лекцыі мяне нудзілі. Павінен быў іх слухаць, каб і самому трохі падцягнуцца. Не мог, быў лішне расстроены.

Доўгі час кожная сустрэча з кім-небудзь з танкістаў была для мяне стрэсам. Я стараўся не хадзіць у штаб дывізіі, каб не бачыць тых, якія мяне пакрыўдзілі. Сядзеў у школе падхарунжых.

Людзі спалі ў больш, чым дзесятку намётах. Для афіцэраў былі домікі. Мая хатка мела тры на тры метры і была, здаецца, без акна, бо памятаю, што заўсёды ў ёй было цёмна.

Да паўдня практычныя заняткі, пася паўдня лекцыі. Хадзіў з канкрэтнымі звязамі. Першы і другі былі стралковыя, трэці - кулямётны, чацвёрты - мінамётны. Маршыравалі цераз лес, выходзілі на разлеглыя лугі над Акой. Там нас часам знайходзіў хто-небудзь са штаба дывізіі. Калі гэта быў палкоўнік Кяневіч, то ўмешваўся ў заняткі, даваў незвычайна трапныя павучэнні. Напрыклад, выдатна тлумачыў неабходнасць позання без выстаўлення ўверх азадка, палачкай імітаваў палёт непрыяцельскй кулі...

Потым марш у лагер, хуткі са спехам: усе галодныя, каб хутчэй абед.

Ніколі ў жыцці так не хацеў есці, як у той перыяд. Мы атрымлівалі яды, мабыць, болей чым цывільныя, але свежае паветра, фарсаваныя прагулкі! Досыць, што там нарэшце здаўся і пачаў есці "пшонку", ці прасяную кашу, якую вельмі часта давалі нам на абед, часам са скрыдлікам "другога фронту". Елі разам з курсантамі, ані Вілкін, ані я не атрымоўвалі ніякіх дабавак. З голаду бегаў у гарадок. Там часам можна было сустрэць бабаў, які прадавалі нейкую харчовую драбязу...

Ніякіх забаваў. Вечарамі чалавек быў так замучаны, што валіўся на ложка і хроп.

Надзвычайныя падзеі. Пятнаццатага ліпеня, у гадавіну Грунвальда - прысяга дывізіі. Мы вельмі стараліся: школа падхарунжых мелася адкрываць пасляпрысягавае праходжанне. Памятаю толькі свой клопат: каб у ногу, каб раўненне на права! Успамінаў ніякіх, пэўна ўсё прайшло добра.

На прысягу прыехала шмат цывільных з Масквы з Васілеўскай на чале. Была вялікай фігурай, атачонай кучай дывізійнага начальства. Я вельмі хутка рэтыраваўся з нейкай вячэрняй залы. Д'ябальскі не люблю быць у другім шэрагу. Лепш ужо не быць зусім.

Недзе, мабыць, у чэрвені адбыўся ў Маскве ўстаноўчы з'езд Саюза Патрыётаў. Я не быў на ім, хоць хацелі мяне туды паслаць. На з'ездзе затое быў бацька. Прыехаў ён аж з-пад Навасібірска і быў выбраны ў кіраўніцтва. Быў пазней старшынём Саюза ў Алтайскім краі.

А перад прысягай была катастрофа ў Гіблартары, загінуў Сікорскі. У сувязі з гэтым дайшло да інцыдэнту. Дывізійная газетка напісала даволі вялікі аб'ектыўны артыкул. Але ў апошнюю хвілю заміж яго далі пяціслупковы верш. Забаранілі нам таксама што-небудзь гаварыць на тую тэму. Я не мог гэтага зразумець. Мне падавалася, што нашым элементарным абавязкам было ацаніць Сікорскага, падкрэсліўшы слушныя элементы яго пазіцыі і яго слабасці. Што за сэнс гэта замоўчваць?

Я сабраў роту. Можна было толькі зачытаць камюніке. Прачытаў камюніке, а пасля дзесяць секунд маўчаў. Не было гэта разумным, тая хвіліна цішыні. Але тое маўчанне начальнікаў было яшчэ дурнейшае.

Была гэта адна з першых праяваў прапагандысцкага стылю, які пачынаў якраз прымацца і столькі нарабіў пазней шкоды: лепш нічога на казаць, не чапаць казытлівыя справы.

Праз два дні прыйшла маскоўская прэса. У "Известиях" быў вялікі артыкул, які гаварыў пра Сікорскага аб'ектыўна і не без сімпатыі, хоць не хаваў яго памылак і слабасцяў...

Гэта ўжо не паправіла сітуацыі. Наадварот, сёйтой, хто ўпіраўся пры абмеркаванні справы Сікорскага, быў пераведзены на больш высокую пасаду.

Недзе ў той жа час пайшлі чуткі, што ў адным з палкоў пяхоты выкрылі шпіёнскую ячэйку. Не ведаю дэталяў. І пра тую справу афіцыйна маўчалі. Знаючы агульны склад дывізіі, а таксама яе найбліжэйшую гісторыю, не выпадае гэтаму дзівіцца. Хутчэй варта здзіўленню, што было гэта спарадычным і не ўплывала на настроі астатніх. Вядома, што нейкія аслёпкі той шпіёнска-дыверсійнай сеткі засталіся і далі пра сябе знаць пад Леніна. Нехта з тых рэштак перайшоў на бок немцаў, якія потым намагаліся распрацаваць гэта прапагандысцкі ў губернатарстве. Але і гэта было рудымітарнае, адрывістае. Не бачыў нагоды, каб гэта замоўчваць.

У школе падхарунжых мы мелі толькі адзін палітычны інцыдэнт. Мне паведамілі, што адзін з курсантаў дапусціў антысеміцкі выбрык супраць службоўца школы, нейкага К., немаладога, малога яўрэя. Я ўпаў у шаленства. Сабраў школу і страшна збэсціў вінаватага. Было мне не зазумець: якраз у краі немцы мардуюць тых яўрэяў толькі за тое, што яўрэі. А гэты тут...

Мой крык быў пэўна досыць пераканаўчы. Болей такіх інцыдэнтаў не здаралася, а адносіны курсантаў да мяне сталі больш блізкімі. Можа, што пасля таго збэшчвання не прымяніў супраць вінаватага спагнання.

Вучэнні і канец

Праз нейкі час пасля гэтага адбыліся першыя, агульнадывізійныя вучэнні. Школьны батальён атрымаў найцяжэйшае заданне.

Мы вырушылі за дзень перад астатнімі, фарсіраваным маршам ішлі цераз лес, што раз больш дзікі, што раз больш запушчаны. Потым лес скончыўся. Нейкія голыя пагоркі, на якіх дзіўныя канструкцыі, каркасы са счарнелых бэлек, нейкія дамы, нейкія ажурныя нібы фабрыкі. Каля кожнай такой гаргары плыткія, акруглыя ямы.

Быў гэта авіяцыйны палігон, на якім маладыя пілоты цалялі ў тыя нібы-масты, нібы-фабрыкі вучэбнымі бомбамі з малым зарадам трацілу.

Мы гэта прамінулі. Дальшыя пагоркі - тут нам сказалі ўмацавацца і чакаць непрыяцеля. Хлопцы заўзята махалі рыдлёўкамі. Не вядома было, калі надыдзе непрыяцель. Выкапалі сабе пазіцыю, замаскавалі пясок дзёрнам, а непрыяцеля ўсё не было.

Паволі надышоў позьні, чэрвеньскі вечар. Поўны ашаламляльнага пачуцця адказнасці за гэтых людзей, я доўга швэндаўся паміж пазіцыямі. Нарэшце сеў у "нашым" акопе. Сеў, абапёрся на пясчаную яго сцяну, гляджу, аж тут імгла і светла. Можа з гадзіну паспаў.

З той імглы вокрыкі. Нарэшце непрыяцель! Гэта адзін з палкоў пяхоты атакуе цяпер нашыя пазіцыі. Разыгрываюцца забаўныя сцэны. Досыць рана здэмаскаваны нашымі дазорамі "непрыяцель" даслоўна пасечаны нашымі кулямётамі. Толькі што, халера, ён нічога пра гэта не ведае і лезе нахабна на нас. Мы сапраўды маем вучэбныя патроны, якія страляюць, "як сапраўдныя", але, псякрэў, не хочуць страляць! Як у сне, устаўляю ў рулю патрон, за курок, нічога! А тыя ўжо тут-тут. Раз'юшаны выскакваю з акопа і хапаю першага з атакоўцаў за рулю настаўленага на мяне карабіна. Не хоча паддацца, пачынаем шматацца. З акопаў бягуць мне на дапамогу. Палонных дзясяткамі вядзём недзе ў тыл.

Так загарэліся хлопцы той забавай, што сям - там дайшло да боек!

Потым цэлы дзень шмат хаджэння і балагану. Адышлі некалькі кіламетраў у тыл. Потым атакавалі нас галоўныя сілы дывізіі. Тады хаос стаў поўным. Беглі некуды цераз голыя пагоркі, не маючы паняцця куды. Беглі, беглі, гляджу, аж я адзін. Куды ўсе падзеліся?

Бітва дайшла да апагею: злева забухалі танкі. справа нешта запішчала: гэта атакаваў жаночы батальён. Я дыпламатычна паказваў, што ні на адным, ні на другім баку. Бухалі нейкія ракеты. Сухая трава пачала дымець.

Нарэшце велізарная радасць: першая знаёмая морда! У той кашы патрапіць на сваю школу, гэта як бы вярнуцца дадому.

Цяпер вышыхтывалі школу ў калону па-чатыры. Ішла другая бяссонная ноч. Ішлі той ноччу адразу з песнямі, потым так сабе, але хутка. Было цёмна, холадна, зялёным бліскалі велізарныя, гнілыя пні таполяў. Неспадзявана з таго маршу зрабілася нешта як бы спартовае спаборніцтва, калона распаўзлася, лепшыя пачалі высоўвацца наперад.

Гэта было, канешне, недапушчальна. Што ж рабіць, улез у тую забаву, адразу высунуўся наперад. Ішлося незвычайна лёгка. Доўгі час вёў адзін. Потым чую, што нехта мяне даганяе. Аглядаюся, гэта К., той службовец, той гора-работнік! Трымаўся мяне аж да канца. Не абмяняліся паміж сабою ні слоўцам, але было з яго боку нешта, што няма сумнення: такім чынам, падтрымліваючы мой крок, дзякаваў мне за рэакцыю на той інцыдэнт.

Два месяцы праляцелі паміж пальцамі. Вось палова жніўня, экзамены. І тут пачуццё, як бы сам меў іх здаваць. Прыехалі розныя камісіі. Аказаліся не такімі страшнымі. Здаецца, што ўсе здалі. Пару найлепшых атрымалі адразу званне падпаручніка. Рэшта пайшла харунжымі: гэтае званне ўвялі, каб закрыць недахоп аднаго звання ў параўнанні з савецкай тэрміналогіяй.

Развітальны абед. Прамовы. Яшчэ не ўсведамляю сабе цалкам, што гэта значыць. Незаўважна забыў пра танкі. З абрыдлай школа падхарунжых сталася найбліжэйшай. Мабыць, на тых вучэннях гэтая перамена сталася фактам: глядзеў на танкі без ніякага калачэння сэрца, затое ў роспачы, што без школы. І вось з ёю таксама канец.

Не, не канец. Цяпер рабілі цэлы батальён пад харунжых у Разані. Не хацеў слухаць, каб пайсці туды. Бо якраз перажыў у першы раз у жыцці тое, што ёсць звычайным настаўніцкім хлебам: горыч расстання з любімым класам.

Колькі іх было? Не цяжка праверыць. Каля ста сарака здаецца. І страшна многа, мабыць, звыш дваццаці загінула ўжо праз два месяцы, пад Леніна.

Дарога на захад

Была восень. Пару дзён я швэндаўся без справы. Выходзіў на край лесу, глядзеў на далёкі бераг Акі, на чорныя дамы, белыя вокны, садзікі вакольных вёсак, якія чапляліся за гэты бераг. Ранішняя імгла была больш густая і больш упартая. Было мне смутна і радасна: восень, але і вяртанне.

Дывізія рыхтавалася да маршу. Атрымаў нарэшце прызначэнне: у асветны аддзел дывізіі намеснікам начальніка. У дывізіі адбыліся гіганцкія змены: яна распалавінілася. Якраз пачыналі ствараць другую дывізію. Першую ўзначаліў Кяневіч, на другой застаўся начальнік штаба, Сівіцкі. Узнікаў корпус.

Ужо пару тыдняў пад самымі Сельцамі разбіла лагер вельмі бясформенная частка - запасны батальён. Цяпер упершыню сустракаў афіцэраў, нават вышэйшых, якіх не ведаў ані з прозвішча, ані з твару. Па сёння, зрэшты, маю яшчэ такое бессэнсоўнае здзіўленне, убачыўшы незнаёмых генералаў нашай арміі...

Якраз з гэтага батальёна выдзяляліся ядры новых палкоў. Грош прэтэндаваў на намесніка камандзіра ўжо брыгады артылерыі. Шмат іншых асветнікаў засталося ў другой дывізіі. Я не хацеў пра гэта чуць.

Таму пайшоў у асветны аддзел. Яго начальнікам быў былы намеснік камандзіра сапёраў, мабыць, ужо маёр, Раман Замброўскі. Я не вельмі ведаў, што павінен рабіць. Аднаго дня камандзір дывізіі скамандаваў агляд падраздзяленняў: ці гатовыя да дарогі. На пляцы, перад камандаваннем размясціліся ў дзве шарэнгі жаўнеры. Кожны меў каля ног адкрыты заплечнік: каб можна было праверыць, ці мае ўсё, што належыць і ці не мае рэчаў лішніх.

Паслалі мяне, каб я тыя транты праглядаў. Ці ёсць іголка, ніткі, пару гузікаў, запасныя анучы, кашуля... Хаджу, ёсць. Гляджу, аж нешта чырвонае. Кніжачка. Бяру ў рукі - "Пан Тадэвуш" у танюткім выданні, бадай, Цукеркандля...

У самым канцы жніўня загрузілі нас у таварныя вагоны. Калі рушылі, я ўсвядоміў сабе, што нарэшце буду "нешта рабіць"! Тое, чаго чакаў ад першага дня вайны... Ані праца пяром, ані гаворка з людзьмі не падавалася мне работай. Толькі цяпер...

Канешне, адчуваў неспакой. Ехаў на захад, які спалучаўся для мяне з выццём самалётаў. Гаварыў сам сабе, што ўжо іншыя часы, што немцы ўжо не такія, як два гады назад. А ўсё ж паглядваў на неба... Найлепшым лякарствам ад такіх настрояў быў клопат пра іншых.

Нажаль, у асветным аддзеле з гэтым было цяжка: пару тых работнікаў... Хадзіў па вагонах, блытаўся пры частках. Адчуваў, што не здатны да папяровай. штабной работы. Напрыклад, не мог зляпіць дзвюх фраз. Бо тут тыя фразы мусілі быць узважаныя, безпамылковыя, адказныя, прадэзінфекцыяваныя, калі і не карысныя, то абсалютна не шкодныя...

Мы не ведалі, куды едзем. Гаварылі, што на Украіну, бо там цяпер рабіліся вялікія рэчы. Фронт, які рушыў у ліпені, пасля вялікай бітвы пад Курскам, ішоў на захад, з дня на дзень што раз хутчэй. Здавалася, што адтуль будзе найбліжэй да Польшчы.

Але раптам уехалі ў горад. Гадзіна за гадзінай цягнік імчаў паміж згрупаваннямі дамоў, нідзе не спыняючыся. Праляталі перад намі паразрываныя кавалкі вуліц, бедныя скверыкі, пустыя крамы, пустыя пероны станцый. З іхніх назваў вынікала, што мы прабіраемся праз прадмесці Масквы.

Значыць Смаленшчына! Фронт стаяў тут паўтара гады за нейкія сто кіламетраў ад Масквы. Толькі ў сакавіку гэтага года, пасля паразаў на поўдні немцы. здаецца, без асаблівага савецкага націску, адступілі аж да Вязьмы, аддаўшы са сто пяцьдзесят кіламетраў аўтастрады Масква-Менск. То едзем сюды... Фронт тут зноў цэлае лета быў знешне спакойны. Відаць, цяпер рыхтуецца нешта больш важнае...

Нейкая стаянка, яшчэ ў межах Масквы. Нехта пабег, затэлефанаваў у СПП. Прыехалі Васілеўская, Бранеўская, нехта яшчэ...

Потым яшчэ прадмесці. Нейкая станцыя, едзем трохі павольней. Пры каляі партыя савецкіх дзяўчат. І раптам у адзін з вагонаў улятае каменчык абгорнуты лістком: пару фраз, т.зв. лозунгавых. Не адзін раз будзем узрушаны, чытаючы тыя лозунгі. Былі яны толькі сімваламі пачуццяў сапраўдных, а не паказных...

Ноч, лясы. Ранняе світанне. Выгружаемся на маленькай станцыйцы, ад якой засталося толькі пару калеяў і рампа. Вельмі строгая інструкцыя, у шчыльным парадку - і адразу ў лес!

Не гледзячы на гэта чакаем сваёй чаргі. Дзень. Але блякла-блакітнае неба спакойнае. Вось і ў лесе. Зноў доўга чакаем. Нарэшце пару нашых грузавікоў далучаюцца да аўтамабільнай калоны, за якой маем ехаць. Павольна цягнемся наперад. Шаша. Строгая забарона абганяць... Рушым і зноў стаім. Нейкі прыпынак перад вяршыняй пагорка. Здаецца, што перад табой адна машына. Не вытрымліваю і кажу кіроўцу абмінуць яе. Рушым, о жах, перад намі як вокам сягнуць стаяць гуськом аўтамабілі. Няма гаворкі, каб павярнуць у нейкі паміж імі прамежак.

Спераду "віліс". Едзе на нас, і ўжо там нехта махае рукамі, каб мы далі назад. Паварочваюся. Яшчэ страшнейшае пачуцце: усе грузавікі рушылі за намі...

"Віліс" спыняецца, вылазіць генерал Берлінг. Ідзе да мяне і цэдзіць праз зубы. Выскакваю, станаўлюся на "Зважай". Усё ўва мне - узрушаная самакрытыка: стварыў такі затор!

На шчасце там наперадзе рушылі. Я чым найхутчэй скочыў у машыну.

Раптам лес скончыўся. Уехалі ў край непадобны да нічога, што бачыў і перад тым, і потым. Край без вёсак. Ну, гэта здараецца. Але і без лесу. Што яшчэ дзіўней, без апрацаваных палёў.

Пры сакавіцкім адступленні немцы спалілі ўсё, што засталося пасля моцных бітваў 41 года. На месцах вёсак тут і там тырчалі коміны, часцей кучы цэглы, найчасцей зараслі крапівы. Лясы высечаны, засталіся нейкія альхова-яловыя кусцікі, загайнікі бярозак, розныя такія рэчы. Замест палёў, замест руні ці хоць бы ржшча - бязмерныя зараслі пустазелля.

Мы жылі ў кусціках. Кожная іх кучка хавала ў сабе артэфакты спецыфічнай культуры 41-43 гадоў: зямлянкі. Стаялі тут нямецкія часткі, мы маглі пазнаць іх па іх клопату пра парадак і "ўтульнасць": альтанкі з бярозавых жэрдак. Некаторыя з зямлянак былі старыя, ператварыліся ў ямы з лужынай усярэдзіне і нават з калоніямі жабак. Іншыя ўдалося неяк давесці да ўжытку.

Толькі ў нас, у аддзеле асветы дывізіі, не было каму капаць. Было нас пару афіцэраў, пару пісараў, машыністка-сакратарка і вельмі маленькі артыстычны гурт. Не тэатр. Тэатр Першай дывізіі, пад кіраўніцтвам Вальдэна, стаў тэтрам корпуса і застаўся ў Сельцах. З намі была нейкая афіцэрша-дэкламатарка, нейкі разказчык анекдотаў, гітарыст, спявачка, здаецца...

Было ўжо холадна, раніцы поўныя расы, амаль іней. Без зямлянак мы былі прыгавораны да нашых студэбекераў. Было іх два. Натуральны падзел: у адным мужчыны, у другім жанчыны. Так вырашылі.

Аж тут ўбягае да мяне сакратарка-машыністка, жонка вядомага публіцыста, здавалася б, Бог ведае якая перадавая. Крычыць:

- Што, я разам з той акторкай? Ніколі!

Пераказваю гэтую дэталь, бо мае знамянальнае гістарычна-звычаёвае значэнне. Як далёка сягае шляхецкі склад розуму ў гэтым маім любімым народзе. Ад буржуазіі, да дробнага мяшчанства, да інтэлегенцыі (здавалася б), яшчэ далей...

Дывізія жыла ў кустах у чаканні сігналу выхаду. Адбываліся яшчэ нейкія вучэнні, але ўласна ўсё было падпарадкавана адной думцы: калі.

Не маючы вельмі канкрэтных задач я хадзіў па ўсёй дывізіі. Было ўсё і блізкае, і экзатычнае. Пагоркі з алешынкамі нагадвалі мне хвілямі Новую Вілейку. Але гэтыя зямлянкі, абрыўкі гітлераўскіх газет, нейкія каскі...

Вечарамі з кустоў то тут, то там бухалі спевы "Роты" - чарговая частка ішла спаць. Часам пасля "Роты" спявалі яшчэ "Усе нашыя дзённыя справы". Але было гэтага менш, чым у Сельцах.

У дзень бляклае неба прашывала бурчэнне нямецкіх разведвальных самалётаў. Ішлі так высока, што былі відны толькі белыя хвасты спаленых газаў. Начамі здараліся налёты - галоўным чынам на блізкія станцыі. Немцы чакалі тут удару і мацалі месцы магчымай высадкі войска. Нам удалося схавацца ад іхняй авіяцыі.

Усё рыхтавалася да таго скачка. Мне марылася, што той удар адчыніць дарогу, калі не да самай Варшавы - то прынамсі да Вільні. Але нецярплівасць мая была досыць моцна падманутая.

Я хадзіў з гутаркамі на тэму сітуацыі на фронце ў аддзелы. Дарожных указальнікаў не было, трэба было памятаць усе павароты сцежак, пні, зламаныя бярозкі. Аднаго дня захацеў мяне паслухаць санітарны батальён. Прыслалі па мяне аўтамабіль, прынялі вельмі сардэчна. Сустракаў Штахельскага ў дывізіі, быў, як звыкла, вельмі мілы, але толькі цяпер маглі нагаварыцца.

Пасля афіцыйнай часткі застаўся ў іх яшчэ на вячэру. Выпіў кілішак, упаў у добры настрой, пачаў апавядаць. Аж тут Штахельскі:

- Чакай, браце, чаго ж ты такі чырвоны? Дайце яму тэрмометр.

Аказалася 38 гр. з многімі рыскамі. Адразу мяне паклалі ў санітарную палатку. Канешне, калі даведаўся пра гарачку, адразу пачуўся хворым. Але і так па сённяшні дзень памятаю раскошнае пачуццё судакранання цела з чыстай пасцельнай бялізнай.

Быў гэта грып (праз пару дзён прайшоў). Але адначасова пачаў адчуваць цяжкасці з глытаннем. Лекары выявілі дзіўнае здранцвенне шыі. Зрабілі кансіліум. З іхніх размоваў я зразумеў, што справа досыць сур'ёзная. Сказалі: флягмона. Гэта такі ўнутраны нарыў, які можа... Тут станавіліся павярхоўнымі.

Быў ужо канец верасня, калі вырашылі эвакуяваць мяне ў Маскву. Якраз туды ехаў Штахельскі. Паехалі ўтраіх з шафёрам у кабіне яго грузавіка.

Перад Масквой шафёр маўкліва звяртае нашую ўвагу на шашу. Яе левы бок, які вядзе з Масквы, цямнейшы. Гэты правы святлейшы.

Простая і бязлітасная выснова: з Масквы едзе нашмат болей, чым у яе вяртаецца з гэтай вайны...

Размясцілі мяне ў дасканалым шпіталі. Пагражала мне прыкрая аперацыя. Тым часам рабілі прасвет шыі. І пасля некалькіх сеансаў нарыў сам зліквідаваўся.

Драбяза. Але ў гэты час якраз адбылося Леніна...

Вязьма, Смаленск

Першыя весткі пра бітву дайшлі да мяне, калі рыхтаваўся да абеду. Распавядалі шмат прыгожых эпізодаў. Неясны быў толькі аперацыйны эфект усёй бітвы. У канцы верасня чаканае наступленне на Смаленск сталася фактам.. Немцы досыць хутка адступалі на захад, але Смаленскіх варот не аддалі, і якраз недзе там, для ўзлому, як здаецца, іхняй галоўнай абароннай пазіцыі кінулі і нашую дывізію ў складзе 33-й савецкай арміі.

Не ясна было адно: пасля трох дзён баёў дывізію адвялі ў тыл, наступленне затрымалі. Ехаў нецярплівы, зайздросны і поўны апасення: як буду сябе адчуваць адносна тых нядаўніх сябрукоў, якія ў гэты час прайшлі пробу агнём. Ці вытрымаю іх натуральнае і заслужанае пачуццё вышэйшасці нада мной?

Цягнік даехаў да Вязьмы. Велізарная вузлавая станцыя - і ні аднаго будынка, усё пабурана. Іду ў горад і дзівуюся, як далёка ад вакзала і адно пустазелле. Аж бачу, што праз кожныя некалькі крокаў пустазелле буйнейшае. Прыглядаюся: у кожнай кучы рэшткі коміна. Увесь час іду праз горад, ад якога засталася толькі крапіва...

У цэнтры невялікая плошча. Тут некалькі недабітых камянічак і падзяўбаная цэркаўка. Чакаю доўга, пакуль мяне возьме якая-небудзь "палутарка". Едзем аўтастрадай Масква-Менск. Дадам наперад, што Леан Пастарнак назваў свой верш "Варшаўская шаша". Гэта зусім не тое. "Варшаўская шаша" - гэта такі стары тракт, які выходзіць з Масквы хутчэй на поўдзень і бяжыць каля Калугі, а потым аж недзе на Слуцк. Ні адзін з нашых аддзелаў там не крочыў.

Язда каркаломная. Смаленшчына тут - гэта плоская, знішчаная зямля, праз кожныя некалькі кіламетраў папраразана глыбокімі рвамі. Віадукі і масты былі, канешне, узарваныя, трэба было з'язджаць уніз па каркаломных абрывах, па раз'езджаных лужынах, выбоінах і па ўсім, што найгоршае. Наш аўтамабіль не меў ані святла, ані тармазоў. Таму, праз кожныя некалькі кіламетраў чарговая паўгадзінная трагедыя.

Потым прыйшоў халодны вечар. Мы ўехалі на на тэрыторыю, дзе нельга было з'язджаць з шашы, бо паўсюль маглі быць міны. Было холадна, абяцаўся прымаразак. Шафёр і пару пасажыраў разлажылі невялікі агенчык з нямецкіх, вельмі старанна зробленых скрынак пад міны. Мусілі чакаць, пакуль нам прывязуць бензін з нейкай палявой базы.

Мы сядзелі над маленькім агенчыкам, хістаючыся ад санлівасці. Недзе вельі высока, павольна і нудна паенкваў самалёт. Калі першы раз падляцеў, перапужаліся і чым хутчэй засыпалі зямлёй распаленыя вуглі. Але мароз адразу да нас падабраўся, і мы зноў раздзьмухалі агонь. Самалёт зноў падляцеў. Быў вельмі высока, здаваўся бяспечным. Пераглянуліся паміж сабой.

- Наш! - вырашылі.

Неяк праляцеў. Калі з'явіўся ў трэці раз, мы ўжо не звярталі на яго ўвагі. Толькі я, змучаны санлівасцю, устаў і, ляніва пацягваючыся, пайшоў да нейкай зямлянкі тут жа пры шашы, якую заўважыў яшчэ раней. Ішоў і думаў: замініравана ці не?

Раптам з нуднага енк самалёта стаў гучны і злосны, перайшоў у выццё. Пікіруе! - зразумеў я і сам спікіраваў у зямлянку. Ужо, ускакваючы ў яе, убачыў, з тры цёмна-чырвоныя, плоскія выбухі тут жа пры зямлі, можа за трыццаць метраў ад зямлянкі і чорныя чубы мёрзлай зямлі...

У зямлянцы было сена! Закруціўся з галавой і нагамі ў коц, улез у тое сена. Спаў шыкоўна, хоць пад раніцу прыйшлі да мяне сны пра вяртанне, пра тое, што ў вяртанні можа быці нямілае, што вяртання ўласна няма ніколі, бо заўсёды вяртаешся да нечага іншага. Словам, гэта былі сны пра пакінутую ў Львове Ірэну...

Нягледзячы на гэта прачнуўся бадзёры і адпачыўшы. Было холадна. Зямля была сцята шэранем такім густым, што здаваўся снегам. Нашыя шафёры рыхтавалі сабе снеданне. Распалілі вогнішча са старой пакрышкі: полымя яскрава чырвонае, адразу над ім дым чорны, як сажа, попел аранжаважоўты. Гэтыя колеры былі такія яскравыя, што памятаю яшчэ сёння, а праз іх і той ранак, і тыя сны.

Яшчэ некалькі яраў, і грузавік мяне высадзіў: быў Смаленск. Я ішоў праз горад пеша. Гэта быў страшны горад: не разбураны, як Вязьма, а спалены дашчэнту. У цэнтры горада ішоў з паўгадзіны паміж камяніцамі, з акон першых паверхаў якіх выглядала выбуялая крапіва. Гэта быў першы вялікі горад, які я аглядаў у тым макабрычным стане. Толькі адзін досыць вялікі гмах быў цэлы. Стаяў каля яго пост, які мне сказаў перайсці на другі бок. Калі быў на другім канцы горада, ляжаўшага ў катлавіне, таму добра бачнага, убачыў высокі слуп дыму, і адразу да мяне дайшоў глухі гук. Вяртаючыся праз Смаленск не заўважыў ужо і тога адзінага не спаленага... Напэўна быў замінаваны.

Пасля бітвы

Радаснае пачуццё: першы жаўнер у рагатыўцы! Як у дзяцінай забаве ў "цёпла-холадна"! Потым што раз іх болей. Потым першы знаёмы...

Дарэчы, мае апасенні не спраўдзіліся. Прыехаў да іншых людзей. Былі вельмі мілыя. Апавядалі шмат пра бітву. Ні слоўцам не згадвалі мне маю непрысутнасць. Але пачуваўся пры іх малым, недаспелым, несапраўдным.

Сказалі мне аглядаць часткі і збіраць звесткі пра прадстаўленых для заахвочвання. Такім чынам за пару дзён я наслухаўся кучы апісанняў бітвы, не ўмеючы спалучыць іх у адно. Найбольш маляўнічыя з тых эпізодаў надрукаваў у "Вольнай Польшчы".

З тых раз'ездаў памятаю адну драбніцу. Вечар. У зямлянцы пры стале маладзенькі тэлефаніст паўтарае што хвіліну: "Каса" слухае, "Каса" слухае...".

Мой суразмоўца закончыў і звяртаецца да хлопца, ужо не памятаю дакладна:

- Віткоўскі!

Хлопец маўчыць, заснуў. Крычу на яго:

- Віткоўскі! Віткоўскі!

Крычу:

- Янак!

Хлопец спіць.

- Падказваю: "Крыкніце "Каса".

І адразу:

- "Каса" слухае.

Дывізія стаяла на першым кавалачку вызваленай Беларусі. Перад тым, як я туды трапіў, быў у мястэчку Краснае, дзе стаіць помнік бітвы 1812 года. Тут зямля лёгка пагоркаватая, з рэдкімі гайкамі, журботная, вёскі не спаленыя, але бедныя, паміж пагоркамі - балотца, дарогі страшныя. Вечарамі перад намі расцвітаў частакол ракет: нямецкія перадавыя пазіцыі. Часцей бачыў іх як водбліскі ў аблоках, але часам трапляў у частку, высунутую бліжэй, там тыя ракеты расцвіталі як невысокія агнявыя знакі пытальнікаў.

Фронт тут затрымаўся ажно да чэрвеня наступнага года. Смаленскай брамы на гэты раз не ўдалося адчыніць.

Падчас хваробы я напісаў верш "Карабін". Ведаў ужо пра бітву, у маім перакананні адпавядаў ён краявідам і духоўнаму стану нашых людзей. Сон у прыдарожнай зямлянцы не быў выпадковы, мусіў пра тое самае разважаць і раней, пішучы перш за ўсё: "Пра блізкіх не пытай, пакуль іх не спаткаў. З таго, што палюбіў, няма нічога..."

Краявід згаджаўся: "Зямля з імглы вынырвае, голая і рудаватая, за далёкім пагоркам пабуркваюць цяжкія гарматы". Станы душэўныя ...

Занёс верш у дывізійную газетку. Адкінулі яго: залішне песімістычны. Гэта быў уласна той новы стыль, які што раз часцей замяняў метады першых дзён дывізіі, метады называння рэчаў па імені і неабмінання цяжкасцяў. Гэты новы быў ужо "рэпрэзентацыйны", ужо апераваў паняццем "Што пра нас падумаюць". Ненавідзеў і ненавіджу такія адносіны да таго, чым мы ёсць, за што змагаемся. Нажаль, як жа часта гэтая нянавісць аказваецца бяздарнай.

Верш надрукавалі толькі ў "Новых гарызонтах".

Нейк не мог знайсці сабе месца ў дывізіі. Тое, што людзі перажылі за тры дні, стварыла дыстанцыю паміж намі залішне вялікую.

Шмат знаёмых загінула. Як пісаў, з дваццаць маіх выхаванцаў са школы падхарунжых. Пазінскі і Смалей, з першага танкавага палка. Вусаты Люсек страціў малодшага брата ў вельмі цяжкіх акалічнасцях. На дванаццаць тысяч чалавек адзін аказаўся здраднікам. У ходзе бітвы перайшоў да немцаў і пачаў выклікаць па адным жаўнеры са свайго аддзялення. Тыя, не ведаючы, з кім маюць справу, прабягалі праз кусты, трапляючы ў рукі немцаў. Брат Люська, калі ўбачыў, што робіцца, паспрабаваў бараніцца. Яго забілі.

Многа, вельмі многа аказалася нашмат лепшых, чым думалі пра іх. Тыя, з якіх жартавалі, што няздары, балбатуны, інтэлектуалісты, раптам у агні пачуліся іншымі людзьмі. Патрафілі дзейнічаць, кіраваць іншымі, а хоць бы самімі сабой.

Канешне было вельмі шмат балагану. Па-за натуральным, вынікаючым з самой сутнасці бітвы, многае было вынікам недахому досведу і неразбярыхі ў адказнасці.

Напрыклад, было так з кіраўніцтвам. Быў ужо корпус, але ў бітве брала ўдзел толькі першая дывізія. Цяжка, аднак, было чакаць, каб камандзір корпуса на той першай бітве не прысутнічаў. Але яго прысутнасць зацяняла кампетэнцыю камандзіра дзывізіі. Той у сваю чаргу пайшоў у адзін з палкоў, свайго намесніка пасылаючы ў другі, а начальніка штаба - у трэці. У выніку ніхто з камандзіраў палкоў не меў абсалютнага пачуцця, за што адказвае...

Так, канешне, здаецца мне асабіста. Ніхто з іх не гаварыў мне гэтага...

Як я ўжо казаў, найбольшым поспехам была перамога маральная. За пару месяцаў з такога цяжкага элементу зрабіць адданую, загартаваную палітычную сілу - гэта быў вычын не слабы!

Але пасля бітвы пачалася псіхалагічная рэакцыя, натуральная, хоць і не заўсёды пажаданая.

Я мала ведаю пра "тэзізіс нумар адзін", эпізод, але вельмі цікавы, які сведчыць пра пэўныя законы эвалюцыі вайсковага асяроддзя, не падлеглага належнаму палітычнаму кантролю. Пасля бітвы нарадзілася, менавіта, вельмі дзіўная канцэпцыя будучай, вызваленай Польшчы, як краю без ніякай яўнай партыі і пра наяўнасць спецыфічнага грунту падбору кадраў дзяржаўнай адміністрацыі перадусім з касцюшкаўцаў...

Шчасліва, пасля першых некалькіх дзён існавання "тэзіс" узялі ў галаву і вельмі рашуча. Перамагла канцэпцыя, вядомая нам праз наступныя васемнаццаць гадоў.

Другі бок настрояў пасля бітвы выглядае з гісторыі, якую распавяду паводле Люська, у яго літаратурнай апрацоўцы.

Адзін з палкоў цяжка прайшоў бітву. Панёс вялікія страты, перажыў стрэс. Як вядома, ёсць тры станы жаўнерскай душы. Калі жаўнер спявае, гэта добра. Калі жаўнер кляне, гэта кепска, але не найгорш. Найгорш, калі жаўнер маўчыць.

У гэтым палку жаўнер маўчаў. Думалі, што б тут зрабіць, як яго гумор паправіць. Спыніліся на традыцыйным спосабе, праславянскім.

Ішло Божае Нараджэнне. Пастараліся пра лепшы харч, здабылі гарэлкі. Два дні тым спосабам працавалі, аж на трэці в.а. камандзіра, начальнік штаба, савецкі паляк, аказаўся залітым ушчэнт.

Усё яму ў галаве перакруцілася: сонца сталінскай канстытуцыі і "Усе нашыя штодзённыя справы", Божае Нараджэнне і Вялікдзень, Першае і Трэцяе Мая, усё.

У тым стане духу сабраў полк на збор. Стаў перад двухшэрагавым шыхтам і агучыў такую прамову:

- Жаўнеры! Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць нашага любімага Езуса Хрыстуса. Вялікая гэта страта для нас, палякаў, але мы, касцюшкаўцы, усё вынесем. Памяць пра яго занясём у Польшчу. Вольны, дэмакратычны і ад нікога незалежны Езус Хрыстус няхай жыве!

Што больш дзіўнае, жаўнеры крыкнулі:

- Няхай жыве! Няхай жыве! Няхай жыве!

Другі танкавы полк

Дыстанцыя паміж мной і імі, тымі пасля бітвы, не знікала. Акрамя таго я кепска пачуваў сябе ў працы тыпу шабной. Дастаткова, каб недзе каля лістапада я папрасіў перавесці мяне ў якраз новапаўсталую частку, у другі танкавы полк.

Задаволілі маю просьбу. Думаю, што часткова з погляду на паводзіны майго "Чапаева" з першага палка. Аказаўся не толькі п'яніцам, але і балаганшчыкам. Кінуў танкі ў атаку без належнага вывучэння тэрыторыі. Смалей і іншыя згінулі ў танках, якія ўгразлі ў балоце і былі немцамі расстраляныя з гарматаў.

Пасылаючы мяне ў другі полк, давалі мне частковую сатысфакцыю за тую, травеньскую несправядлівасць.

Не памятаю нічога з дарогі на Маскву і да Белаомута. Але на месцы адчуў сябе іначай, тое, на што падсвядома разлічваў, на аднаўленне вясенніх настроеў, расчаравала мяне цалкам.

Па-першае прырода. Была цяжкая, позьняя восень. Сяльцо аказалася кучай абыяк раскіданых, чорных ад дажджу драўляных хатак. Толькі сосны трымаліся выдатна, спускаючы яскрава-зялёныя галіны, страсаючы цяжкія, улеўныя кроплі на праязджаўшыя грузавікі.

Але не толькі прырода. Другі полк ужо не быў першым. Разам з ім фармавалася цэлая брыгада - г.зн. яе камандаванне. У тым я быў панам на ўласным сметніку. Тут жа побач быў мой герархічны начальнік, які меў незлічоную колькасць аказій, каб кантраляваць маю працу паў.-вых. Так ужо мы называліся пасля бітвы, ва ўзнагароду за бітву...

Мой "стыль" працы быў просты, дамарослы, без прэтэнзіі. Ён палягаў у як найхутчэйшым, найлепшым знаёмстве з людзьмі, у размовах, ухіленні дробных асабістых прблем, тлумачэнні, адкуль бяруцца праблемы большыя.

Яго стыль быў ужо дзяржаўны, палягаў на дзеяннях, якія можна падаць у справаздачнасць. Таму - колькі лекцый? Колькі і якія пытанні? Колькі мерапрыемстваў? Меў яшчэ свайго коніка: насценныя газеткі. Не хапала яму, каб рабілі палкавую. Хацеў, каб кожная рота, а калі я іранічна кінуў: можа і плутон, адказаў, не маргнуўшы вокам:

- А чаму не?

Трымаўся, як той інтэлігент з "Залатога цяляці": а можа і ёсць у тым нейкая сярмяжная праўда? Можа і ёсць непазбежнасць чыноўніцкіх элементаў у палітычнай працы, толькі хутка яна пераступіць перыяд асабістай знаёмасці з людзьмі? Зусім дакладна, Без справаздачнасці не абыйсціся. Мабыць, аднак, нават на вышэйшых узроўнях метад індывідуалізавання палітычнай працы мажлівы. Справаздачнасць сама па сабе ёсць і патрэбная, і непазбежная. Яе жудасць пачынаецца тады, калі становіцца маторам дзейнасці, а не яе паходняй.

Таксама і ў палку было неяк іначай. Камандзір не меў нават прозвішча на -скі. Прыціснуты да сцяны, гаварыў з усмешкай, што маці меў польку з Вільні.

Быў гэта малады яшчэ, невысокі, прыстойны бландын. Канешне, знаёмства з палком я пачаў з яго. Апавядаў мне пра першыя свае два гады вайны. Я апісаў ці хутчэй згадаў іх недзе яшчэ.

Пару малюнкаў таго жыцця засталося мне ў памяці. 41 год. Увесь яго танкавы батальён гіне недзе пад Смаленскам. Праз пару тыдняў прабіваецца з акружэння. Трапляе ў Маскву ў канцы кастрычніка. Даюць яму два танкі з музея танкавага ўзбраення, здабытыя бадай што ў Врангеля! З імі меў бараніць пераправу цераз нейкую рэчку каля Кліна.

Лета 42-га. Няўдачнае контрнаступленне пад Ржэвам. Бесперапынныя дажджы, рудая гліна. Усе танкі страціў. Блукае сам адзін над берагам глыбокай ракі, брыдзе па калена ў гразі, не можа трапіць да сваіх.

Восень 42-га. Атакуе над Донам. Мае батальён цяжкіх танкаў з агнямётамі. Мяцеліца. Нічога не відаць. Ноччу арыентуецца на пылаючыя казацкія хутары. Праз два дні застаўя ў яго адзін танк...

І так далей. Псіхалагічныя дэтэрміністы сцвярджаюць, што сталёвы характар гэта ўсё вытрымае без шкоды, яшчэ загартуецца. Думаю, што жыццё мае велізарны ўплыў на станаўленне характару, і значная частка людзей становіцца такой, а не іншай, дзякуючы атачэнню.

"Мой" стаў інакшым. Быў несумненна героем, заглядваў у вочы вайне, здзейсніў вялікія рэчы. Але не бясплатна! Мусіў за гэта атрымаць нейкія псіхічныя асаблівасці і цяпер не мог не ўтрымацца ў нейкай такой норме без унутраных сродкаў.

Гэта значыць, па-просту піў. Зрэшты, не толькі. Меў тую нязносную манеру трактавання палка, як "сваёй" уласнасці. Палка - значыць, перад усім, службаў тылу. Казаў, каб нешта было. І было. Нічога вялікага, пару банак кансерваў, хлеб, цукар, тлушч. Ужо гарэлка станавілася праблемай: трэба было яе здабываць злева, а то і збоку. Найгорш, што гэты прыклад зверху забойча дзейнічаў на ўсё "грона" штабное і "тылавое". Інтэндант браў, колькі хацеў, для сябе. Усе пісары і загадчыкі складоў і так далей...

Я глядзеў на гэта досыць бяссільна. Было мне цяжка захоўваць прынцыпіяльнасць адносна таго франтавіка. На пачатку я абмежаваўся прынцыпіяльнасцю адносна сябе самога: толькі тое, што мне належыць, ніякіх "блатаў"...

Нават гэта было не такім простым. Гэтыя з блізкага атачэння маёра глядзелі на мяне падазрона. Мая адмова карыстацца рознымі падачкамі трактавалася там крытыка камандзіра палка, стараліся раздзьмухаць у ім падазрэнне, што на яго пачынаю...

З другога боку ніжэйшыя афіцэры і шарагоўцы досыць хутка зарыентаваліся, што я не належу да той пачкі. Дзякуючы таму, я даведаўся пра шмат прыкрых і брудных дробязяў. Галоўныя на дзве тэмы: яда і піццё, а таксама дзяўчаты...

Я ўжо не меў сіл атакаваць наўпрост. Дзейнічаў паволі, размаўляў з пакрыўджанымі, шукаў мацнейшых у падраздзяленнях, каб, на іх апіраючыся, ізаляваць начальнікаў. Ба, але таго запалу з першага палка ўжо не мог у сабе знайсці.

Я жыў у асобным доміку: камандзір палка прывёз сабе жонку. Было гэта страшнае стварэнне: маладая, прыгожая, але таксама спапялёная жарам вялікай бітвы, у якой брала ўдзел са сваім будучым мужам. Таксама піла - і толькі тады была нейкай такой нармальнай. На цвяроза была абрыдлівай істэрычкай, жаданняў, думак і рэакцыі якой ніколі нельга было прадбачыць. Усе зрэшты былі дробязныя і недарэчныя.

Ну вось, жыў асобна. Быў гэта домік з фанеры, два метры на паўтара. Ішоў снег, пачаліся марозы. Меў жалезную печку. Калі палілася, у доміку было жудасна горача. Так, але толькі ад пояса ўверх. Ногі і тады мерзлі. Калі гасла, мерзла ўсё. Называўся той домік "хатка пустэльніка", бязбожна парадзіруючы Міцкевіча:

Бачыш мышы заляцанкі,

чуеш жоўты гул ад печы.

Для каханка і каханкі

досыць хаткі ў той пустэчы.

Камандзірам брыгады быў нехта невымерна маляўнічы: генерал (тады яшчэ палкоўнік) Мерыцан. Не ведаю добра, як ён апынуўся ў Саюзе, мабыць у 1915 годзе. Паходзіў з Лодзі і выдатна размаўляў па-польску. Моцны, уладны, але і людскі разам з тым. І ён апавядаў розныя ваенныя эпізоды, з якіх адзін, вельмі неймаверны я перанёс у "Верасень".

Таксама быў 41 год. Што за год! Мерыцан голым пераплывае рэчку Волхаў, цягнучы магільны крыж, на якім ляжыць п'яны камандзір толькі што цалкам разбітай дывізіі. Кяневіч недзе ў тых жа краях прадзіраецца праз лясы па нямецкіх тылах з групай жаўнераў і са сваім камандзірам дывізіі, які толькі што звар'яцеў...

Мерцан, аднак, лепей вытрымаў, чым мой камандзір палка. Піў, але трымаўся. Таксама меў жонку, вялізную, вельмі прыстойную ўкраінку, але і яна вяла сябе іначай, чым тая малая істэрычка.

Пару эпізодаў. Мы атрымалі танкі. Едзем на палігон. Мерыцан і камандзір палка кажуць мне страляць па цэлі. Гэта не так страшна. Шукаю ў візіры шчыт, цягну за нейкую ручку. Тузанне. Далёка вясёлы, чырвоны агеньчык.

Танкі моцна нагадваюць звяроў. Асабліва, калі кіроўца падымае бранявое прыкрыццё над акенцам. Зусім, як алавяныя павекі са страшнай гогалеўскай аповесці "Вій". Або, калі чалавек стаіць перад танкам і рухамі рук кіруе яго паваротамі: як прыручаным цыркавым зверам...

Страляюць весела, звонка. Іх цяжар і нашая бездапаможнасць ва ўсёй паўнаце бачыцца пры пагрузцы на чыгуначныя платформы: бэлькі трэскаюцца, як запалкі, выццё матора, фантаны снегу...

Былі нейкія вучэнні. Пачатак зімы. Сядаю на матацыкл. Якраз падае раскошны, далікатны, пушысты, павольны снег. Матацыкл рушыць - і праз хвілю тыя сняжынкі пачынаюць секчы твар, як розгі...

У пачатку снежня прыйшла змрочная вестка: памёр Лямпэ. Не было яго ў дывізіі, пару разоў толькі яе адведваў. Але яго роля ва ўсёй справе была надзвычай вялікая, надзвычай відавочная...

Паслалі нас пару дзясяткаў на грузавіках. Невялікі цёмны пакой. Гараць свечкі. Лямпэ ляжыць у труне "як жывы", з тымі сваімі вялізнымі чорнымі брывямі і лёгкім, іранічным скрывеннем губ.

У ганаровай варце што раз змяняюцца ўсё новыя чацвёркі. Яго старэйшыя партыйныя таварышы: сівыя, у акулярах, прыгорбленыя. Потым чацвёрка артылерыстаў-падпаручнікаў, адзін у аднаго, як лялькі, высокія, шчуплыя, прыстойныя. Адзін з іх называецца дзіўна: Пёра. Праз пару гадоў знайду другога з тым жа прозвішчам аж у Парыжы, будзе там мэрам аднаго з чырвоных раёнаў, ці не ХХ-га.

Стаю ў адной чацвёрцы з Берлінгам. Ён задумлівы, калі заканчваецца наша варта, мушу яго падштурхнуць...

Вялікая страта для ўсёй Справы. Выходзім адтуль прыгнечаныя. Не ведаю, што было непасрэдным стрэсам, які разбіў гэтае сэрца...

Новы год. Полк закончыў паскоранае, ваеннае фармаванне і вучобу. У любую хвілю ўся другая дывізія мае рушыць на фронт. Таму гэты Новы год сустракаем выключна горача.

Сустракаем яго ў Мерыцана. Тут мой маёр і мой палітычны начальнік. Вельмі моцна ў галовы ўдарае моцны спірт, змешаны з кропляй вады, які пахне бензінам. "Мой" недзе знікае. Вяртаецца праз хвіліну, адчыняе дзверы і рычыць магутным голасам:

- Ревела буря, гром гремел...

Абрывае, забыў далейшы працяг гэтай папулярнай песні пра Ярмака. Кляне, выходзіць. Праз секунду зноў адчыняе дзверы, заскаквае з мінай чалавека, які знайшоў згубу, яшчэ гучней рычыць:

- Ревела буря, гром гремел...

І зноў на гэтым месцы забывае астатняе.

Паўтараецца гэта так часта, што перастаём на яго звяртаць увагу. Далейшая ўрачыстасць пазначана тымі яго адрывістымі рыкамі, як факстрот - ударамі бубна.

Буду шчырым, я не аказаўся лешым. Пасля пару бляшаных кубкаў напою упаў у выдатны настрой і раптам узлез на стол, пачаў танцаваць не бачаны дагэтуль канкан...

Барвіха і Хвістак

А праз пару дзён быў ад'езд. Усё, як у вершы:

Праз пушчу сасновую

выючы ішлі цяжкія джыэмсы (GMC).

Замець бегла развеяна

не вядома, куды і адкуль.

Малая станцыйка Дзівава...

Доўга ішла пагрузка танкаў. Штабны транспарт атрымаў адзін пасажырскі вагон. Я залез на найвышэйшую багажную полку, хацеў спаць. Унізе, пры століку пару афіцэраў з нашага палка гулялі ў карты. А паміж імі і мной "мой" маёр размясціўся з жонкай пад коцам на шырокай полцы. Потым злез, схапіў яе за валасы і пачаў біць галавой аб дошкі. Вырвалася і ўдарыла яго ў твар. З рыкам схапіўся за рэвальвер. Спрабавалі яго супакоіць, не паддаваўся. На шчасце маёрша недзе знікла. Бегаў па ўсім вагоне, шукаючы яе з рэвальверам у руцэ, і сам Мерыцан, які ехаў у суседнім купэ, не мог яго супакоіць, хутчэй прасіў...

Пасля той сцэны сам выгляд няшчаснага і агіднага маёра прыводзіў мяне да млоснасці. Нявесела пачыналася выправа нашага палка...

Але на свеце было весела. Усю восень немцы адступалі на Украіне. Думаў, што зачэпяцца за Днепр, але рэкордна хутка Чырвоная Армія перайшла яго і на 6 лістапада Кіеў быў вызвалены. Потым былі новыя бітвы, здабыты Жытомір, немцы сабралі трохі танкаў, адбілі Жытомір, але якраз на Божае Нараджэнне, бадай, Жытомір зноў быў здабыты, яшчэ больш, савецкія войскі пайшлі наперад, сягаючы даўняй польскай мяжы.

Пэўна таму ўсе ў нас лічылі, што і мы гэтым разам пойдзем на Украіну. Адтуль было найбліжэй дадому.

Ніводзін з нас, канешне, не сумняваўся, што 44 год будзе апошнім годам вайны. Гэтая перспектыва ў першую чаргу спрычынілася да таго, што мы так гучна святкавалі Новы год.

Нашыя чаканні, здавалася, спраўджваюцца. Цягнік не пайшоў на Маскву, павярнуў на поўдзень. Мы былі на станцыі Тула ІІІ, калі з вялікім гвалтам пачалі бегаць па цягніку з крыкам: "Паручнік Путрамант, паручнік Путрамант!"

Уручылі мне дэпешу, якая загадвала неадкладна з'явіцца ў Маскву, у сядзібу СПП.

Паехаў туды з неспакойнай душой. Не меў паняцця, у чым справа, баяўся, што сталася нешта кепскае з сям'ёй, я ведаю, зрэшты...

Як звыкла ў такіх выпадках, поспех быў неабавязковы. Загадалі мне пасяліцца ў доме адпачынку, які СПП атрымаў пад Масквой, у Барвісе, пакуль справа даспее. Дом бы выдатны, кармілі знакаміта. Было затое нудна. З таварыства, якое там знаходзілася, памятаю Леана Хвістка. Знакаміты матэматык, скульптар, пісьменнік, дзеяч і філосаф быў якраз дастаўлены з Каўказа, дзе правёў пару гадоў вайны. Быў ужо ў дастатковым веку, але вельмі дзейны. Быў там з нябрыдкай дваццацігодкай, якую хутка прадставіў усім як пляменніцу. Ён спяваў сапраўдныя серэнады ў гонар барвіцкай кухні, што ж калі рэдка карыстаўся з яе высокай якасці: абжыраўся, атрымоўваў незварэнне, пяць дзён сядзеў выключна на адварах, потым папраўляўся, адразу абжыраўся і так далей. Акрамя таго быў вельмі крыўдлівы і, калі я нешта не так сказаў, выклікаў мяне на двубой. Пасля знаёмства з Хвісткам уражанне, якое меў пра прафесараў універсітэта, узбагацілася шэрагам рысаў надзвычай маляўнічых.

Я тэлефанаваў у Маскву з прыспешваннямі. Сказана чакаць. Было што раз цяжэй: фронт ішоў у Польшчу. Баяўся, што не змагу...

Тым часам напісаў вялікую паэму, якая была выразам настрояў нашага выезду з Белаомута. Барэйша вельмі хваліў, надрукаваў нават у "Вольнай Польшчы", выкінуўшы толькі адзін раздзельчык, сэнсава слабы і непатрэбны. Не мог стрымацца і звёў пры аказіі адзін парахунак на тэму мерапрыемстваў, рапартоў і насценных газетак. Мерыцан пазней страшна з гэтага пацяшаўся.

Харкаў, Кіеў, Жытомір

Але нецярплівасць не давала жыць: Сарны ўзятыя! Роўна ўзятае!

Выклікалі мяне нарэшце. Якраз справа ішла пра Сарны і Роўна.

На тую тэрыторыю пасылалі дэлегацыю Войска Польскага ў СССР у складзе 3 чалавек. На чале стаяў вусаты Люсек. Была яшчэ адна таварышка. Я быў трэці.

Місія мела некалькі заданняў. Перш за ўсё мела арганізаваць прызыў палякаў у нашую армію. Мы меліся, наогул, прадстаўляць гэтую армію на той тэрыторыі. Атрымаў яшчэ асабістае заданне ад Барэйшы: пісаць карэспандэнцыі ў "Вольную Польшчу".

Не патрэбна дадаваць, што я быў у захапленні. Перш за ўсё: мы першыя, хто вяртаецца на тую зямлю. Марылася нам, што зімовае наступленне дойдзе прынамсі да Віслы. Гэта значыць Львоў, сям'я... Наогул, першыя на паслягітлераўскай тэрыторыі. Што там застанем?

Нічагуткі амаль не ведалі пра край, па-за абагульненнямі, што тэрор. Пісалі пра тое ў кожным нумары "Новых гарызонтаў", але стэаратыпнасць тых нататак рабіла тое, што, нават, я найбольш даверлівы ва ўсёй рэдакцыі, таксама страціў здольнасць распазнаваць, што ў тым было праўдай. Зрэшты, тыя абагульненні былі лішне жудасныя. У хвілях роздуму гаварыў сам сабе: вайна, мусім тыя жудасці раздзімаць, каб падтрымліваць нянавісць да непрыяцеля.

Тым больш, нічога не ведалі пра палітычны твар польскага падполля, па-за фактам, што дзейнічала там Гвардыя Людова і ПРП, а таксама бліжэй не даследаваная арганізацыя лонданскай арыентацыі.

Нарэшце яшчэ адна прычына радасці: едзем туды, найбліжэй да фронту. Тое, што мяне дагэтуль абмінала, станавілася фактам. Убачу я тую вайну нарэшце зблізку. Бо ўжо ведалі, што другая дывізія пойдзе недзе пад Сумы, ці зусім далёка ад фронту.

Таму выезд з Масквы, хоць так запознены, радасны. Канец студзеня. Едзем на Тулу - Харкаў. Па дарозе аглядаем палі нядаўняй бітвы пад Курскам і Белгарадам. Памятаю на снежным полі вялікія зборышчы спаленых танкаў. Стосы нейкіх жалязяк. На чыстым снезе з тога стосу бліскае раптам найчысцейшы блакіт. Гэта крыло самалёта. Увесь стос - гэта рэшткі самалётаў. І гэтае крыло параўноўваецца ў мяне цяпер з адарваным крылом матыля.

Харкаў шэры. Галоўная вуліца выпалена. На велізарным пляцы досыць жахлівыя руіны велізарнага гмаха, які быў гонарам Харкава трыццатых гадоў: гмах дзяржаўнай прамысловасці. Расказваюць, што летам на тых выпаленых жалезных і каменных рыштаваннях жыла малпа, якая з'яўлялася з блізкага заапарку. Паказвалася раптам на папялішчах пятага ці дзясятага паверха. Пакідалі ёй на першым паверсе што-небудзь з яды.

Сядзім у Харкаве пару дзён: клопаты з білетамі. Вечарам трапляем у нейкую прыватную забягалаўку, адкрытую пры немцах і яшчэ не прычыненую. Нешта жудаснае. Два пакойчыкі, памаляваныя на бурачкова. Некалькі столікаў. Пуста, акрамя нас, бадай, пару чалавек. Але ёсць "джаз". Скрыпач, ён жа дырыжор, ураз нас распазнае, частуе серыяй куявякаў (куявяк - польскі народны танец, перакл.) Потым падходзіць, канешне, ён з Львова. Уцёк адтуль праз год пасля нас.

Аповесці яго былі ўражвальныя: расстрэлы, лагеры, голад... Мы слухаем, здзіўляемся і не давяраем.

З раніцы ад'езд. Ідзём праз выпалены Харкаў. Імгла, не відаць чорных вокнаў, дамы здаюцца цэлымі. Наша таварышка хапае раптам за руку Люська:

- Глядзі, глядзі, цалкам як Варшава!

Істотна, імгла зацерла "кантэкст". Пастараўшыся, можна было б сабе ўявіць нас каля помніка Каперніку...

Доўгая, павольная язда на Кіеў. Цягнік становіцца ў полі, адразу прыбягаюць жанчыны, ахвяруюць самагонку. Першы раз яе п'ю. Агідная - з буракоў.

Вечарам павольна едзем цераз Днепр. Каля нашага часовага моста будуецца з усёй хуткасцю новы, асвятляюць яго рэфлектарамі, хоць фронт за некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Вялікая, бетонная каробка галоўнага вакзала. Падумаў бы, што цэлы: імгла, вечар. Спалены, толькі што муры стаяць.

Але горад здаецца досыць цэлым. Толькі Крашчаціка няма. Галоўная вуліца нават не спаленая, па-просту разбурана дашчэнту.

У горадзе рух. Таксама ёсць яшчэ рэшткі нямецкай дзейнасці, прыватныя крамкі, шыночкі, "таўкучка" перанеслася ў цэнтр: тратуары забітыя гандлярамі ўжо ад пачатку няіснага Крашчаціка.

Хаджу па тым горадзе і прыпамінаю сабе пару папярэдніх візітаў. Якая розніца з атмасферай юбілею Тычыны! Тады гэта быў сыты, упарадкаваны, можа трохі правінцыйны, але і ўтульны, і свойскі горад. Цяпер у ім нейкая абшарпанасць, часовасць, ужо не кажучы пра холад і голад.

Зайходзім да Ванды. Яна тут з Карнейчуком ад пачатку лістапада, ад "адразу пасля вызвалення". Жыве ў вялікім, аднапавярховым доме ў цэнтры. Распавядае пра вайну, пра вызваленне горада, пра першыя дні Кіева...

Нехта іншы апавядаў нам пра Ванду з тых дзён наступную гісторыю.

Якраз прыехалі ў Кіеў. Бадай што, назаўтра званок з Масквы. Звоніць Молатаў. Гаворыць, што "гаспадар" на нейкі блізкі дзень запрашае да сябе дзеячоў СПП.

Ванда пытаецца:

- А такі і такі будзе?

Вельмі яго тады не любіла.

Молатаў адказвае:

- Але ж, канешне!

- Ну, то мяне не будзе.

- Але ж, Ванда Львоўна, у нас не прынята адмаўляць, калі гаспадар запрашае. У нас так не бывала!

- Ну, то будзе! - адразае Ванда.

Карняйчук арганізуе нам кантакты з уладамі вызваленых тэрыторый. Атрымоўваем накіраванне ў мясцовы партызанскі штаб. Гэта там яшчэ ўсё найбольш дзейная інстытуцыя.

Адным хмурным ранкам іду па такой свойскай вулічцы недалёка ад Саюза пісьменнікаў. Тут аднапавярховыя домікі. І каля аднаго, на ступеньках ганачка сядзіць нейкі дзядуля з бародкай. Не звярнуў на яго ўвагі, вельмі звычайны. Толькі, калі ўжо мінуў яго, нешта кажа мне аглянуцца. На грудзях, там дзе носяць ордэны, вісяць у яго дзве залатыя зоркі!

Двойчы Герой Савецкага Саюза. Канешне, адразу яго пазнаю. Гэта адзін з найслыннейшых партызан, Каўпак.

Сёння раніцай зразумеў, каго Каўпак задумліва нагадвае з твару: бачыў запаведнік зуброў. Зубра, маладога зубра. Мае абсалютна такую самую бародку і вельмі падобны, трохкутны твар з высунутым ілбом.

Назаўтра ад'язджаем з групай грузавікоў партызанскага штабу. Доўга чакаем, пакуль канвой будзе гатовы. Вязём харчы і боепрыпасы. На кожным возе пару партызан са зброяй. Вельмі маляўніча: вопратка паўвайсковая, паўцывільная, на футраных шапках кавалак чырвонай стужкі і зорка, часта высечаная з банкі ад кансерваў. Валёнкі, кажушкі. Шмат гранат на поясе.

Зімовы дзень. Снег. Хмурна: неба цямнейшае за зямлю. Ад самога віду хочацца спаць. Пад вечар прыязджаем у Жытомір. Горад цэнтр мае выпалены, прадмесці цэлыя. На вуліцах натоўпы партызан і трохі менш вайскоўцаў.

Замёрзлыя і агаладалыя ўлазім у мясцовы партызанскі штаб, які размяшчаецца ў разлеглай аднапавярховай камяніцы. Атмасфера чароўнага балагану, свойскага першаснага камунізму: хто хоча, заходзіць, сядаецца за стол, есць выдатную, тлустую вараную капусту з кавалкамі варанага мяса і грэцкую кашу, трубіць спірт або самагонку, потым кладзецца спаць у суседнім пакоі, на падлозе. Ніякіх накіраванняў, ніякіх анкет, ніякага чакання...

На наступны дзень караван рушыць далей. Тут на кожным кроку сляды вайны: папаленыя вёскі, узарваныя масты, аб'езды. Страціўшы кожнага дзясятага Звягель ці Ноўгарад Валынскі, драўлянае мястэчка з вялізнымі каробкамі казармаў у прадмесцях.

А потым кажуць: Карэц. Старая граніца. Нешта нас падкідае ўверх. Вось хвіля, якой чакалі блізка тры гады. Якая яна ёсць, тая праўда пра пакінуты край.

Роўна

Адразу іншы пейзаж: вялікі белы касцёл і некалькі дзясяткаў малых хатак. Холадна. Стаім тут некалькі хвілін, саскакваем з грузавікоў, забягаем у першую, лепшую хату трохі абагрэцца.

Кабеціна ў малой, бруднай кухні. Глядзіць на нас, а потым нейкая сутарга сціскае ёй губы, крывіць твар, пачынае плакаць.

Глядзіць на нашыя няформенныя плашчы, нязграбныя орлікі, незнаёмыя твары і плача, без крыку, без істэрыкі. Але гэта не слёзы радасці.

Распавядае нам пазней: тут былі бульбаўцы. Першы раз чуў тады гэтае панурае слова.

Былі бульбаўцы, прыйшлі да яе - бо полька - сагналі з суседніх хат рэшту палякаў, дзевяць ці адзінаццаць, загадалі легчы на падлогу, прыкрылі іх усіх палатнянымі простынямі. І пасеклі сякерамі.

Простыні, каб кроў на іх не пырскала.

Выходзім да машын. Край прыгожы, дзень таксама. Іней на бярозах. Касцёл такі свойскі. Але радасць вяртання, радасць спаткання засталася ў той бруднай кухні. Ёсць толькі неспакой і нецярплівасць.

Колькі кіламетраў да Роўна? Трыццаць ці пяцьдзясят? Урадлівая зямля, лясоў зусім няма, цэлы час палі і сады. Але дамоў няма. Толькі коміны. Не было тут - амаль - вёсак, былі калоніі. Усе спаленыя. Бульбаўцы выразалі палякаў, рэшта ўцякла, то ім спалілі сядзібы. А пазней вынішчылі ўкраінцаў, ці немцы, ці палякі, ці самі ўкраінцы? Усе патроху. Ацалелі толькі капмактныя вёскі. І там гінулі людзі, але нешта засталося.

Вечар цяплейшы. Падае мяккі сняжок. Гарызонт цямнее. У тым снезе ўязджаем у Роўна.

Мілае, цэлае мястэчка. Начуем у квартале аднародных домікаў, у палякаў. Прымаюць нас гжэчна, але з натугай. Назаўтра знайходзім выгаднейшую кватэру. перабіраемся да доктара Пятроўскага, шасцідзесяцігадовага дзядка, недалёка ад касцёла і чыгуначнай лініі. Тут знайходзім мілы, сямейны настрой. Пані доктарша, на шмат малодшая за мужа, бачыць, праўда, што мы не шыкоўныя, як перадваенныя афіцэры, але прымае нас гасцінна, ямо разам з усёй сям'ёй, укладаючы да кучкі нашыя слабыя вайсковыя дабаўкі. Ёсць таксама выхаванка, дзяўчына за дзесяць гадоў, якая падалася незвычайна прыгожай. Жыў таксама малады ксёндз, які "служыў" тут побач. Вядзём з ім размову дыпламатычна, але добразычліва.

Першае, што звалілася нам на галовы: нічога з жудасцяў, што мы чулі, не ёсць перабольшваннем. Апавядаюць пра ліквідацыю яўрэяў. Неяк у гэта, не тое, каб не верылася, не ўяўлялася, што гэта мажліва... Апавядаюць з дэталямі, але найстрашнейшае, гэта не дэталі, гэта тон іх апавяданняў. Тон натуральны, звычайны, чысты ад уражанняў і, нават, не вельмі асуджальны. Трэба з гэтым жыць, бачыць гэта штодзень, каб усё гэта прыняць да ведама, залічыць да з'яваў прыкрых, так, але звычайных.

Ходзім па горадзе. Запоўнены партызанамі. Яшчэ больш маляўнічыя, больш разадзетыя, стракатыя, узброеныя. На працягу двух гадоў Роўна - сядзіба высокіх акупацыйных уладаў - было для іх раўназначнае з нечым найбольш недаступным. Тым больш іх сцягаецца сюды зараз.

На платах яшчэ шмат нямецкіх абвестак. Чытаю, і нейкая сутарга сціскае мне горла. Вось перада мной чорным па белым тое, што найбольш ненавіджу. Гэта звесткі пра расстрэл закладнікаў за перашкоду "еўрапейскай барацьбе за лёс нямецкага народа..." Вось яшчэ нейкая, ужо толькі парадкавая абвестка. Але подпісы - гэтыя начальнікі паліцыі і СС, гэтыя рэйхсляйт...- як там называліся тыя варварскія тытулы? Дзікія, чужыя, адпіхваючыя, не да веры блізкія, руку працягнуць ...

Макс

Стаю так перад абвесткай, у доўгім плашчы, футранай шапцы, у якой тануў орлік з аранжавымі сцяжкамі на лацканах, апошнім знакам маёй прыналежнасці да танкавых войск - як раптам нехта ляпнуў мяне па плячы.

Адварочваюся: абсалютна незнаёмы партызан, у доўгіх ботах, вялікай шапцы, з-пад якой вылазілі космы забіяцкага чуба, трохі ніжэйшы за мяне, блакітнавокі, з вялікім, але бульбаватым носам.

- Як справы! - гукае. - Я - Макс!

Прывітаўся з пэўнай насцярожанасцю. Нічога мне гэтае імя не гаварыла. Быў выразна расчараваны.

- Як гэта, Макса не ведаеш?

Быў ён камандзірам польскага партызанскага атрада, які ўзаемадзейнічаў з Чырвонай Арміяй. Якраз выйшлі з нямецкіх тылоў. Атрад перажываў пэўную рэарганізацыю, частка людзей пайшла на цывільную працу, частка - па дамах.

Макс пацягнуў мяне з сабой у свой "штаб". Была гэта некалькіпавярховая камянічка, пустая, пасля ўцёкаў нейкага нямецкага амту. Але пакуль туды дабраліся, Макс арганізаваў такую сабе маленькую "tournee des grands ducs" па штабах сяброўскіх партызанскіх атрадаў. Аднаго з начальнікаў мы засталі ў вялізарным ложку разам з жонкай. Гаварыў, што быў хворы, жонка, пэўна, таксама. Але на наш від палез пад ложка і выцягнуў адтуль вялікую бутлю з буршты навай, празрыстай вадкасцю. Налілі ў кубак, падалі мне. Адчуваў падвох, але паколькі ўжо меў практыку палітычна-выхаваўчай працы, рэзнуў той келіх і ... страціў дыханне, а потым пачаў пішчаць, па-просту голас мне зарваўся і змяніўся ў рэзкі дыскант. Гэта быў неачышчаны спірт.

Макс сядзеў збоку, гаворачы без перапынку. Рушылі далей ужо салідна налітыя. "У сябе" склікаў штаб, нейкага лекара - яўрэя з атрада, страшна заўшывелага і пачаў з ім танцаваць. У шалёных паваротах дападаў да паліцы, дзе стаяла бедная аптэчка таго, і што раз хапаў то слоік, то бутэлечку і бац аб падлогу... Потым схапіў рэвальвер, паф, паф, паф, сем куль у столь....

Зрэшты, што я маю паўтараць, ужо ўсё гэта апісана пятнаццаць гадоў таму назад (апавяданне пад назвай "Пачатак эпасу" з тома "Выпадак у Красным Ставе").

Апавядаў мне фрагменты свайго партызанскага жыцця. Апісаў іх у апавяданні, пачатак якога павольны і расплыўчаты, а ўвесь астатак стрэсавы.. Не было ў гэтым ніякага схаванага сэнсу, па-просту не меў у той час сіл на аповесцеву эпіку, а шкода. Ужо да той тэмы вярнуцца не патрафлю.

Макс, зрэшты, нядаўна выдаў цэлую кніжку сваіх успамінаў, якая мела вялікі поспех. Слушна. Тое, што пісаў, было, будзь што будзе, толькі літаратурнай апрацоўкай, а тэма - як тое, пра што апавядаў нам некалі Паўленка - вымагала канвенцыі мемуарнага аўтэнтызму.

Макс жыў з маладой дзяўчынай, яўрэйкай, якая цудам уратавалася з масакры і якую прыгарнуў у атрадзе. Была мілая, маўклівая, здаецца, рэпрэзентавала ў тым статку элемент развагі. Акрамя таго выдатна гатавала. Мы з Люськам хадзілі нейкі час да іх проста на знакамітую гарохаўку на бачку.

Макс - гэта была незвычайная адвага, але і запальчывасць. Аднаго дня паведаміў мне, што мае затрыманага бульбаўца і пачне яго зараз дапытваць. Увялі нейкага хлапчыну. Макс доўга спрабаваў даведацца, хто ў гэтым раёне начальнік бульбаўцаў. Тып выкручваўся, што нічога не ведае, кляўся. Макс раптам выбухнуў, пачаў крычаць, урэзаў яму раз і другі...

Я стаяў анямелы. Агіднае відовішча. А тым не менш, не ўмеў запратэставаць. Дзікі свет акупацыі і тэрору паралізаваў свядомасць, ужо не гаворачы пра гуманізм. Можа, калі б не бачыў той жанчыны ў бруднай кухні ў Корцы...

Макс рэарганізаваў свой атрад, які меўся стаць брыгадай. Дыскутавалі над назвай, у канцы спыніліся на "Грунвальдзе". Быў гэта першы атрад, які, як бы цяпер сказалі, стаяў на платформе Народнай Польшчы.

Але не адзіны. На Валыні і паўднёвым Палессі дзейнічалі іншыя польскія атрады, незалежныя ад АК. Пазней сутыкнуўся з імі.

ТАП

Гэта быў толькі адзін з аспектаў нашай дзейнасці, гэтыя кантакты з партызанамі. Асноўнае заданне палягала ў дапільнаванні, каб мабілізаваныя адтуль палякі трапілі ў Сумы, дзе цяпер лакалізавалася Першая Армія.

Мы разлічвалі, што зімовае наступленне пойдзе далей, але тыя разлікі тут не споўніліся. Занялі Луцк, акружылі Ковель, але на паўднёвым усходзе немцы стаялі яшчэ над Дняпром! Мы былі на самым чубку вузкай паўвыспы, як стылет убітай у "тысячагадовы Рэйх".

Досыць хутка пачаліся налёты. Роўна і суседні Здалбунаў былі важнымі чыгуначнымі вузламі. Па меры набліжэння вясны немцы што раз больш баяліся, што з той паўвыспы рушыць новы магутны ўдар, які праз пару тыдняў можа аказацца над Віслай. Таму амаль ноч у ноч бамбавалі чыгуначную станцыю, "пры аказіі" разбураючы і горад. Хадзіў тут пануры каламбур: быццам бы немцы вырашылі Роўна зраўняць з зямлёй...

Трохі з той нагоды што вячэру мы пілі ў Пятроўскіх "сто грамаў". Наступаў налёт, мы ішлі ў суседні дом, які быў не закончаны. Сам не ведаю чаму, здавалася, што там бяспечней. Мабыць, таму, каб нешта рабіць, неяк рэагаваць на налёт. Без гэтага было прыкрае пачуццё поўнай уласнай бездапаможнасці...

Памятаю хмурную ноч, ідзе дождж, стаім у тым паўпадвале ў плашчах, накінутых на піжамы. Угары вые самалёт. А Люсек гаворыць:

- Ведаеш, Тувім прыслаў нам падарункі...

Нам, гэта значыць тым некалькім пісьменнікам, звязаным з Войскам Польскім у СССР. Некалькі чалавек атрымалі вечныя пёры (аўтаручкі), я - гадзіннік... Быў мне вельмі патрэбны. Перад тым, згодна з дзіўным звычаем танкістаў, знялі мне гадзіннік з танка. Быў памераў будзільніка. Насіў яго ў кішэні на грудзях, з-за чаго мой бюст падаваўся турботна абшырным.

Жэст Тувіма быў першым, вядомым нам, унёскам з боку польскага літаратара па-за СССР нашай палітычнай плоскасці. Бо, канешне, падарункі былі толькі зачэпкай для больш абшырнага сведчання.

Люсек паехаў у Сарны. Прывёз адтуль адну жудасную гісторыю.

Затрымаўся ў ксендза-пробашча. Накрывалі вячэру. Даў банку мясных кансерваў. У кухні круцілася адзінаццацігадовая дзяўчынка. Калі банку адкрылі, выпадкова яе ўбачыла. Атрымала прыступ істэрыі.

Была сірата. Яе бацькоў бульбаўцы пабілі, а потым парэзалі на кавалкі, паклалі ў паўміскі, паўбівалі відэльцы. Дзяўчына сама мела некалькі колатых ран. Адсюль на выгляд мяса ...

Мы хадзілі на мабілізацыйныя пункты. Адразу нас акружалі. Не трэба было нават агучваць прамоваў, хапала даць сябе агледзець і адказваць на пытанні. Людзі дзівіліся на нашыя мундзіры. Пару фраз хапала для каментару. Ішлі ў войска ахвотна, настроі былі някепскія. Залішне шмат польскай крыві пралілі на Валыні немцы і бульбаўцы.

Распавядалі нам пра нязвыклую мешаніну партызанскіх атрадаў, якія блыталіся тут. Ніколі не было вядома, хто вечарам стукае ў акно хаты. Галоўныя дзейныя сілы былі чатыры: немцы, бульбаўцы, чырвоныя партызаны і тапаўцы. Так там называлі атрады лонданскай арыентацыі. Мела гэта абазначаць "Таемная армія польская". Той крыптонім мы пераказалі ў Маскву. Бадай што ў "Новых гарызонтах" ці ў "Вольнай Польшчы" нехта нават накрапаў страшна "прынцыпіяльны" артыкул на гэтую тэму.

Пры першай бытнасці ў Маскве мы зрабілі з гэтага вялікую прыгоду. Мы мелі вельмі няшмат дадзеных пра ТАП, але хапала таго, каб яскрава бачыць палітычнае глупства звядзення яе ў нішто.

Ужо сам факт, што арганізацыя была масавай, загадваў абачліва да яе адносіцца. З пэўнасцю гэта не была самаабарона польскіх маёнткаў, як гэта часта было на Віленшчыне. Падмацоўваны немцамі ўкраінскі тэрор быў скіраваны супраць усіх палякаў. Апавядалі нам, што паміж Сарнамі і Роўнам быў адзін польскі цэнтр, які ператрываў - гэта было малое мястэчка з броварам ці цагельняй, у якім дзейнічала мясцовая самаабарона, якая складалася галоўным чынам з рабочых. Гэта меў быць наш класавы вораг?

Усялякая масавая арганізацыя ўжо ў самой сваёй аснове закладвае апор на масы. Толькі дурань будзе рабіць з яе прадстаўніка непрыяцеля.

Нажаль, знайшліся такія. Не хацелі слухаць нашыя аргументы. Мелі на вуснах беспамылковую апрыярычную асуджальную машынку. А называлі сябе дыялектыкамі...

Валынская дыялектыка палягала на тым, што ў той час існаваў трохкутны ўклад галоўных дзейных сілаў. Абмінаючы ўжо агульныя погляды, у канкрэтным валынскім выпадку стасункі паміж асноўнымі сіламі былі зменныя і неадналітныя.

Перад пагрозай вынішчэння палякі без погляду на палітычную арыентацыю сваіх правадыроў. прымалі ўсялякую дапамогу, якая толькі надаралася. Шматразова тапаўскія атрады ратавалі савецкія партызаны. Ведаю выпадкі сумесных выступленняў супраць бульбаўцаў і немцаў. Зрэшты на весну цэлая - ужо акаўская - "дывізія", гэта значыць некалькі соцень чалавек, пасля бою прарвала нямецкі кардон, прыйшла да нас і была ўключана ў Першую армію.

Таму належала разглядаць кожны выпадак, кожны атрад індывідуальна. Належала адрозніваць людзей ад палітыкі. Палітыка была ні к чаму. Людзі часта былі для ўратавання.

Але ў рэдакцыях не вельмі нас слухалі. Тыя там "ведалі лепей"!

Гэтыя дарогі да Масквы! Аказійнай машынай да Кіева. Па дарозе амаль заўсёды прыпынак і начлег у Жытоміры. Аднаго дня, чакаючы на машыну, зайшлі на мясцовыя старыя могілкі, засаджаныя вялізнымі старымі дрэвамі. Колькі ж там польскіх прозвішчаў на надмагіллях!

Недалёка адтуль малая, напаўвясковая вулачка. Як жа называлася, ці не Каракуліна? Аднаго дня мы шукалі начлег. Нам сказалі, што там далей жывуць палякі. Мы зайшлі. Старая маці з дачкой за дваццаць гадоў. Называлія Шчапаноўскія, але па-польску ведалі толькі пару слоў. Колькі разоў мы начавалі ў Жытоміы, ішлі туды. Часам нас частавалі жудаснай поліўкай з ячменных крупаў і некалькіх бульбін. Мы ратавалі справу кансервамі.

Гэта было ўражвальна: Ад Карца на захад ні адной польскай сям'і па-за горадам. Ад Звягла былі ўсюды, у горадзе, на вёсцы. Панурая бандэраўская зараза не пераступіла даўняй мяжы, не знайшла за ёй для сябе пажывы. Нацыяналізм не ёсць хваробай невылечнай.

Кіеў. Ёсць пэўныя навіны. Рыхтуемся, каб там у Маскве распавесці ўсё, чым жылі гэтыя пару тыдняў. пераказаць яшчэ свежыя, яшчэ смярдзючыя сляды акупацыі, распавесці пра ТАП, прапанаваць тое і тое.

Масква. Ніхто не мае часу. Якраз урачысты сход. Альбо прыём. Альбо па-просту ўсе занятыя - дома, ва ўстанове. Трэба бегаць з высунутым языком, каб хто захацеў выслухаць.

Пачне слухаць, а потым перапыніць:

- А ведаеш, што было з Х? Гэта такая апярэтачная акторка. Ведаеш, быў банкет, увесь СПП, з савецкага боку такі генерал, такі генерал. Пачынаюцца тосты. Раптам ускаквае Х, урачыстым голасам выгуквае: а цяпер за здароўе нашага любімага, вялікага маршала Юзафа... Усе ўстаюць, датуль кірунак быў адзін, а тут прамоўніца памылілася: Пілсудскага! Людзі скамянелі, мой сусед, савецкі генерал такі і такі, шыпіць мне на вуха: правакатарка ці ідыётка? Прыціскаю руку да сэрца, клянуся, што ідыётка...

Досыць, што за кожным разам мы вяртаемся ў Роўна не без палёгкі. У каторы чарговы раз бачу, што не падходжу для штабной працы...

Вуліца Белая

У сакавіку вяртаюся ў Маскву. Еду той самай шашой за Корцам. Спаленыя сядзібы, тут і там не зачэпленыя сады. Поўны спакой. А перад тым недзе тут паміж Корцам і Роўнам бандэраўцы зрабілі засаду і смяртэльна ранілі аднаго з найлепшых савецкіх генералаў - Ватуціна. Якраз цяпер, у канцы сакавіка.

У Роўне ўключылі мяне ў сабраную толькі што камісію па вывучэнні нямецкіх злачынстваў. У яе ўваходзіць таксама наш сужыцель, малады ксёндз, як жа яго, ці не Лявіцкі?

Гэта, мабыць, найжудаснейшыя ўспаміны з вайны. І Майданак, і Асвенцым бачыў я ўжо пасля Роўна.

Едзеце галоўнай вуліцай, мінаеце чыгунку, паварочваеце направа. Горад тут кволы, агародны. Адна з апошніх вуліц называецца Белай.

Гэта адна з найвялікшых катакомб. Знаходзіцца тут звыш дзясятка велізарных групавых магіл. Прыязджаем, калі там працуюць нямецкія палонныя. Бачым толькі розныя стадыі людскога бытавання пасля смерці.

Штабялі разложаных цел. Жудасны пах. Жудасныя чорныя клубкі: валасы невядома з якіх целаў. У размоклай гліне палонныя з адвіслымі сківіцамі грабуцца, тупаюць нагамі. Мокра, адліга. На палях яшчэ снег.

Прыходзяць суседзі, апавядаюць пра незамудраную тэхніку экзекуцый: глыбокі роў, гнаныя туды распранутыя людзі. Адзін эсэсавец, які страляе чарговай ахвяры ў патыліцу.

Часам экзекуцыя трохі іншая: людзі скачуць у роў, а потым іх расстрэльваюць з аўтамата. Гэта тут расстраляныя дзвесце з нечым закладнікаў, пра што чытаў абвестку пасля прыезду.

Але найбольш тут савецкіх ваеннапалонных. Звыш дзясятка велізарных доўгіх равоў, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек...

Тут найстрашнейшыя не словы, а міны, жэсты, тон тых, хто апавядае. Дзелавы, трохі прыглушаны. Ведаем ужо, што масавыя забойствы людзей тэхнічна магчымыя. Хочуць таго ці не, а засталося ім з той навукі нешта на дне свядомасці.

Потым едзем за горад. Рэдкія загайнікі, так зв. "сасёнкі", месца прагулак у перадваенным Роўне. Тут ліквідавана ровенскае гета. Але сляды менш прыкметныя: год таму назад немцы прыслалі сюды спецыяльны аддзел, які адкапаў трупы і спаліў. Лічыліся ўжо са сваім адступленнем, спрабавалі зацерці сляды.

Ідзём гразкім, валынскім чарназёмам. Палілі трупы ў чыстым полі. Велізарныя стосы: пласт паліва, пласт трупаў, усё зліта бензінам. Цяпер толькі невялікі ўзгорак попелу. Нехта з камісіі грабе ў ім кійком. Жалезны гузік, недапалены кавалак косткі...

Яшчэ ў турэмным падворку. Тут, у кутку каля муру, адкапалі няшмат, звыш дзясятка чалавек. Яшчэ мароз, расстрэльвалі ў спешцы, перад самымі ўцёкамі, таму трупы дасканала захаваліся.

Маладая дзяўчына. Вышэй калена мае вытатуіраваны надпіс па-расейску: "Мая любоў да мамы". Гаварылі мне пазней, што гэта лозунг нейкай разгалінаванай зладзейскай арганізацыі. Іншая, старэйшая, на пальцы мае залаты абручальны пярсцёнак. Яшчэ трэцяя, прыгожая, маладая дзяўчына, у дасканалым кажушку, ахутана фіялетавай суконнай хусткай з паўтузінам спадніц. Пад рукой паўбулкі хлеба. Савецкая лекарка, якая з'яўляецца сакратаром камісіі, лезе ёй у кішэню кашушка і раптам крычыць:

- Пашпарт!

Савецкі, знішчаны пашпарт. Адарка Гоман, з вёскі Оржаў, гадоў 22.

Стаю на тымі парэшткамі скамянелы. Бачыў пазней горы абутку Майданка ці Асвенцыма. Не засланілі мне той адной ахвяры.

Гэты хлеб, гэты абручальны пярсцёнак, гэтыя хусткі, кажушкі, спадніцы, гэты пашпарт, асабліва - усё гэта сведчыць пра адно: пра раптоўнасць экзекуцыі, пра яе агульнасць. Былая крымінальніца - і дзяўчына, апранутая, у што мела найлепшага, можа завярбованая на працу ў Рэйху - абедзве пайшлі пад кулі...

Вялікдзень і Крамянец

Ішла вайна. На поўдні кіпелі цяжкія бітвы. Немцаў канчаткова адкінулі ад Дняпра, былі цяжкія баі пад Шапятоўкай, новы савецкі ўдар прарваўся аж за Днестр, дайшоў да Прута, да дзяржаўнай мяжы. Аснова нашай паўвыспы расшырылася і ўзмацнілася. Першую армію перакінулі бліжэй да фронту, пад Жытомір і Бярдзічаў. Мы паехалі туды з Люськам. Красавіцкае сонца, чысцюткія ўкраінскія вёскі. Уваходзіш у хату - агарняе цябе дзіўны пах - ні то мята, ні то лімон. А гэта толькі нейкія мясцовыя зёлкі, развешаныя гаспадыняй уласна для таго, каб міла пахла.

Армія была раскідана на значнай прасторы. Удалося мне вырваць некалькі дзён, пастанавіў адведаць танкі. Былі страшныя разлівы, за метр ад дарогі ўжо нельга было зрабіць кроку. Танкі стаялі ў вёсцы, акружанай высокімі таполямі. Гэта там здарылася ўсё, апісанае ў "Вялікадні". Усё або амаль...

У штабе арміі даведаўся, што фронт рушыў каля нас: узялі Дубна і Крамянец. Я адразу загарэўся, каб туды паехаць: з візіту ў 1940 годзе ведаў, што там знаходзіцца шмат мастакоў і, наогул, польскай інтэлігенцыі. Аказалася, што камандзір брыгады артылерыі Букаемскі, якому ўжо прысвоілі генерала, якраз туды выбіраецца. Я папрасіў, каб узяў мяне. Вельмі ахвотна згадзіўся.

У Роўне сярод розных людзей мы пазнаёміліся з маладым, высокім хлопцам - без нагі. Апавядаў шмат пра сябе, пра ўцёкі ад немцаў. Ногу меў страціць пры той аказіі. Гаварыў таксама шмат пра Крамянец. Выпытваў у яго пра знаёмых, якія там былі. Распавядаў. Пра Рымоўскага распавёў, што ўцякаў пяшком з горада, калі яго арыштавалі, трымалі нейкі час у вязніцы, а потым расстралялі.

Калі цяпер мы рыхтаваліся да падарожжа, я ўважаючы сябе за вялікага спецыяліста ў акупацыйных справах, калі ж Букаемскі ні на хвілю не зачапіўся за даўнія польскія землі, апавядаў яму пра Роўна, пра Крамянец. Слухаў цярпліва, але калі дайшоў да Рымоўскага, перапыніў:

- Усё гэта праўда, што ўцякаў, што арыштавалі. Але яго не расстралялі. У гестапа быў наш чалавек. Пастараўся яго вызваліць. Цяпер хаваецца ў Крамянцы.

Я паглядзеў на Букаемскага, як на вар'ята. Адкуль ён можа пра тое ведаць? Не быў тут, не сутыкаўся ні з кім адтуль... Паехалі. Як вядома, усё, што гаварыў, цалкам спраўдзілася. Наш хлопец ведаў толькі пачатак гісторыі, Букаемскі ведаў усю. Адкуль? Не маю паняцця...

Не быў усяведным, зрэшты, і беспамылковым. Калі я яму гаварыў, што ў Роўна вынішчаны кожны дзясяты, махаў рукой:

- Пане, я там ведаю кожны дом. Каб я ды не знайшоў знаёмых?

А аднак жа не знайшоў. Пасля вандроўкі праз Роўна прыйшоў да панства Пятроўскіх прыгнуты, раптам пастарэлы: гэты выехаў, таго забілі....

Паездку ў Крамянец не забуду. Не забуду галоўна таго пейзажу, а ўжо асабліва паху багатай, вялікай вясны, якую мы напаткалі адразу за Роўнам. Апісваў гэта з вялікім аўтаэнтызмам, хоць на лірычны лад у рэпартажы ў "Вольнай Польшчы" пад назвай "Дубна-Крамянец". Ведаеце, што ў 1953 годзе выдавецтва той рэпартаж выкінула са зборніка "Ад Волгі да Віслы"? Знайшоўся такі мудрэц, які прызнаў яго за палітычна памылковы, бо замала там гавару пра ўкраінскіх партызанаў.

Крамянец, зрэшты, той Крамянец з зімы 40 года ўжо не існаваў. Польская інтэлегенцыя раз'ехалася. Сам горад страціў найпрыгажэйшую частку цэнтра, у якім немцы зрабілі спачатку гета, а потым зраўнялі з зямлёй. Было страшна здаць сабе справу, якое цуда знікла з паверхні зямлі.

Партызанскі штаб

Недзе ў канцы красавіка наша місія закончылася: мабілізацыя праведзена, армія падышла бліжэй, пачалі яе ўласна перакідваць пад Роўна і Луцк.

Але мы тым часам набраліся смаку незалежнасці і не вельмі спяшаліся вяртацца ў абцугі жаўнерскай дысцыпліны. Спадабалася нам быць у кантакце з партызанамі, у атмасферы першай лініі, у знаходжанні сярод людзей неперакананых і нават варожых. Таму прынялі прапанову ўступіць у вельмі асаблівую частку, якая якраз паўставала пад Роўнам.

Быў гэта польскі партызанскі штаб, інстытуцыя пакліканая да жыцця на падставе станоўчага досведу беларускай і ўкраінскай партызанкі. Люська прызначылі намеснікам начальніка штаба па аперацыйных справах, я стаў намеснікам палітычна-выхаваўчым.

Але не пра нас гаворка. Гаворка пра начальніка штаба. Ім стаў Сяргей Прытыцкі.

Была гэта незвычайна маляўнічая постаць. Недзе ў 1937 годзе, як член КПЗБ, па загаду партыі забіў у зале суда правакатара, які выдаваў бог ведая каторую па чарзе групу камуністаў. Калі выйшаў з судовай залы, кінуліся за ім паліцыянты. На вялікіх прыступках віленскага суда пачалі ў яго страляць. Зваліўся. Прывезлі яго ў шпіталь. Меў больш за дзясятак ран. Вылечылі яго і аддалі пад суд. Атрымаў смяртэльны прыгавор. Але быў няпоўнагадовы. Па Польшчы прайшла вялікая хваля пратэстаў. Замянілі яму ўрэшце вырак на пажыццёвае зняволенне.

Са здзіўленнем чыталі пра яго і яго чын. З вялікай нецярплівасцю чакалі, каб пазнаёміцца. Далейшая яго гісторыя пасля прыгавору: Святы Крыж, вайна, вязняў эвакуявалі, трапіў на сваю Беларусь. Там яго выбралі намеснікам старшыні ці не Беластока. У час вайны працаваў у беларускім партызанскім штабе, адтуль накіраванне да нас.

Наш штаб арганізоўвалі ў Шпанаве, радзівілаўскім маёнтку за пяць кіламетраў ад Роўна. Быў там прыгожы парк, някепскі палац. Прытыцкі аказаўся шчуплым, невысокім, яшчэ ўсё вельмі маладым.

Але тое, што зрабіў, не прайшло для яго без следу. Быў страшна нярвовы. Рашэнні прымаў бліскавічна, але часта яго заносіла. Здаецца мне, што меў тую ж самую слабасць, што і я, на дзялянцы арганізацыйнай.

Зрэшты, мы былі там усе пякельна нярвовыя. Мы з Люськам удваіх занялі пакойчык у доміку нейкага дваровага афіцыянта. Вельмі з ім пасябравалі. Але аднаго дня вяртаемся з праверкі аднаго з аддзелаў. На развітанне далі нам "хабар": бутэльку самагонкі. Прыехалі, вылазім з машыны, дзесяць метраў ад дому.

- Вазьмі, - кажа мне Люсек і выцягвае бутэльку.

- А нясі яе сам, - кідаю.

- Бяры, кажу табе!

Той тон мяне толькі абурыў.

- Сам нясі, сказаў!

- Нясеш ці не, - верашчыць Люсек, крывавыя плямкі бегаюць яму па вачах.

- Сам нясі, - крычу.

Люсек хапае бутэльку і аб сцяну, а сам за рэвальвер і да мяне...

Праца ў штабе была яшчэ вельмі часовая. Уласна палягала на "інвентарызацыі" аддзелаў ужо існых і на іхняй базе ў пазнейшым акрэсе ў стварэнні частак, якія мелі ісці на фронт ужо з канкрэтнымі заданнямі.

Атрымалі трохі спецыялістаў: радыстаў. пеленгатарак. Былі гэта савецкія дзяўчаты, мілыя спакойныя, якія зусім не перажывалі за тое, што іх будуць скідаць з парашутам у чужы край для цяжкай, няўдзячнай барацьбы.

Мы ездзілі па ваколіцы. На пачатку была толькі "брыгада Грунвальд" на чале з Максам. Дабраў ужо яе сабе, меў нейкія клопаты, здаецца са сваім намеснікам па палітычна-выхаваўчых справах. Меў быць перакінутым за Віслу, на Келеччыну.

Няхай жыве вялікі правадыр

Потым знайшліся ў нашым абсягу два іншыя аддзелы. Адзін прывёў харунжы даўняй польскай арміі Клім, пажылы, спакойны чалавек.

Аддзел быў невялікі, прайшоў шмат, асабліва цяжкую меў дарогу непасрэдна да нас. Акружаны немцамі на паўднёвым Палессі нейкі час галадаў на балотах, страшна заўшыўлены, прарэджаны тыфам, а потым прадзіраўся праз акружэнне, ідучы цераз балота, якое сягала па грудзі і вышэй. Калі я адведаў аддзел, былі гэта людскія цені. Клім падаўся мне вельмі дарэчным. Сам факт, што такі аддзел змагаўся разам з Чырвонай Арміяй, а потым прыйшоў да нас, гаварыў выразна, што на гэтай тэрыторыі ТАП-аўцы, а пазней АК-аўцы не мелі манаполіі на людскія душы.

Я вельмі баяўся, што знойдуцца такія, якія прычэпяцца да перадваеннай біяграфіі Кліма. Стараўся яго як найсалідней умантаваць яго ў нашую рэчаіснасць. Аддзел яго змагаўся пазней на Любліншчыне. Сам ён быў у Войску Польскім, памёр некалькі гадоў назад у званні падпалкоўніка.

Другі аддзел - гэта не быў аддзел, гэта было цэлае злучэнне. Называлася яно "Яшчэ Польшча не згінула" і налічвала звыш дзясятка аддзелаў.

Гісторыя тых аддзелаў, якую ведаю вельмі фрагментальна, ёсць павучальная і вельмі маляўнічая. У лясах паўночнай Валыні ці паўднёвага Палесся працавала перад вайной маладая настаўніца, якая кантактавала з КСМ-ам (Камуністычны саюз моладзі), а можа і была яго чальцом. Была гэта сястра майго любімага Болька Дрожджы, які, забягаючы наперад, прыняў у Першай дывізіі жаночы батальён і якраз рыхтаваўся сюды прымаршыраваць.

У 41 годзе, паблізу той вёскі аказаўся бежанец з Лодзі, з інтэлегентнай сям'і, студэнт політэхнікі. Сатаноўскі. Ён меў у той час настроі хутчэй анархічныя. Але гітлераўская акупацыя зблізіла абоіх маладых людзей. Пачалі "нешта" рабіць. Праз пару гадоў у ваколіцы паўсталі ўласна гэтыя аддзелы.

Сатаноўцы ляталі самалётам у Маскву, дамаўляліся з уладамі СПП. Калі на вясну сцягнуліся пад Шпанаў, паслалі да іх мяне з Люськам. Меліся "ахапіць" злучэнне, далучыць яго афіцыйна да ўзбоеных сіл нашага лагера.

Была цудоўная валынская вясна. У сонечны дзень заехалі мы ў штаб злучэння. Сатаноўскі, які для карысці справы (г. зн. для дадання сабе належнага аўтарытэту) называў сябе палкоўнікам, бачачы, што гэтыя яго высокага звання фунцыі ідуць к канцу, пастанавіў зрабіць гучны фініш.

Быў гэта малады, невысокі чалавек са светла-попельнымі валасамі і вусамі, з доўгім, злёгку гарбатым носам, з вельмі добрымі манерамі, прыпамінаў, мабыць, Валейку з "Маладосці Шапэна". А, можа, мне трохі так здаецца. Яго жонка і сукамандзірша была вышэйшая за яго, чорнавалосая, чарнавокая, гарачая, падобная знешне на Болька, непадобная па характары, бо зацятая, актыўная.

На нейкім прасторным дзядзінцы Сатаноўскі зрабіў збор сваіх афіцэраў. Сабралася некалькі дзясяткаў (можа, 50?) чалавек. Сатаноўскі ўзышоў на ганак, сказаў прамову. Вельмі лаяльна пахваліў СПП і Войска Польскае ў СССР за тое, што зрабілі. Але потым і перш за ўсё гаварыў пра "Яшчэ Польшча не згінула". Тут быў вельмі аптымістычны. Гаварыў нядоўга, узнёсла, хутка.

Потым яго начальнік штаба зачытаў загад. Былі там прысваенні званняў. Такому і такому - капітана. Такому - паручніка. Нават, здаецца, былі званні сяржанцкія. Потым гукнуў:

- Зважай!

А калі сталі на "зважай", закончыў:

- Падпісана: "Камандуючы партызанскім злучэннем палкоўнік Сатаноўскі". Вольна.

Мы разняволіліся за домам. Быў там прыгожы сад. Якраз цвілі яблыні. Пад іхнімі галінамі паставілі доўгія драўляныя сталы, заслалі сурвэтамі. У вялікіх місах - мара мужоў гэтай эпохі: вэнджаны бачок, гатаванае мяса, тоўста нарэзанае сала. Расселіся. Галіны над галовамі, пад насамі ружова-белыя кветкі, брынчаць пчолы, пялёсткі кветак падаюць, як на парашутах, на талеркі, на мяса, на размазаны хрэн.

Адразу ўнеслі напоі: бімбар (самагонку), нажаль бурачковы. Адразу пачалі піць. Адразу пачаліся тосты.

Устаў Сатаноўскі: за здароўе СПП і яго кіраўнікоў, Войска Польскага, вельмі ветліва, бо і за наша з Люськам.

Выпілі згодна і па поўнай. Дзюбнуў кавалак сала. Адразу быў тост за пагібель немцаў і іхніх прыслужнікаў з бульбаўцамі на чале. Выпілі. Загаманілі. Выпілі. Выпілі. Выпілі.

Тады ўстаў адзін са свежа павышаных у званні:

- За здароўе нашага любімага камандзіра! Няхай жыве камандуючы згрупаваннем партызанскіх аддзелаў "Яшчэ Польшча не згінула" палкоўнік Сатаноўскі!

Авацыя, усе ўстаюць. Сатаноўскі кланяецца. Стукаемся з ім тоўстымі шклянкамі, як з-пад гарчыцы. П'ём. Ледзь сядаем, як наступны са свежа атрымаўшых званне, малодшы, чырвоны з твару, махае поўнай шклянкай:

- Няхай жыве галоўнакамандуючы польскіх партызанаў на Валыні палкоўнік Сатаноўскі!

Усе ўстаюць, авацыя, воплескі. Усё, як вышэй. П'ём.

Ледзьве сядаем, падхопліваецца наступны з атрымаўшых званне, яшчэ малодшы.

- Няхай жыве камандуючы Войска Польскага на Валыні, палкоўнік Сатаноўскі!

Усе ўскакваюць на ногі, гучная авацыя. Мы з Люськам таксама ўскакваем, мімаходам зыркнуўшы на сябе, але п'ём.

Падаем на лавы, а ўжо стаіць наступны, поўны смаркач:

- Няхай жыве галоўнакамандуючы Войска Польскага палкоўнік Сатаноўскі!

Не гледзячы на ўсю выпітую гарэлку, спрабуем неяк "абрэзаць". Але як? Без дэманстрацыі ўжо не атрымаецца. Трэба было перасягнуць тастоўцаў і апярэдзіць. Але не прыйшло нам тады гэта ў галаву. Спрабуем прынамсі не піць. Але суседзі грозна на нас глядзяць. Зрэшты, вакол такі шал радасці! П'ём.

Не паспелі сесці, а ўжо наступны і апошні, наймалодшы:

- Няхай жыве вялікі правадыр польскага народа палкоўнік Сатаноўскі!

Што рабілася, што тады рабілася. Пілі, скакалі, крычалі: "Віват", стралялі з дубальтоўкі. Сатаноўскі сядзеў змешаны, трохі засаромлены перад намі. Нягледзячы на ўвесь выпіты бімбар, здаваў сабе справу з асноваў дыспрапорцыі ўсёй аказіі. Не памятаю канца прыёму, напэўна мы выехалі раней, прагнучы тым спосабам даць ім зразумець, што не цалкам згодныя з асаблівай гістарычнай оптыкай злучэння.

Далейшая гісторыя Сатаноўскага вядома мне вельмі коратка. Ведаю, што яшчэ перад канцом вайны паслалі яго ў Вышэйшую вайсковую школу ў Маскве. Была гэта добрая прыдумка. Не зрабілі праблемы з яго высокага звання, якое сабе ўзяў, будзь што будзе, на полі бою. Далі яму толькі аказію дайсці да таго звання ex post. Закончыў тую школу, наколькі ведаю, вельмі добра. Вярнуўся, атрымаў, здаецца, камандаванне сапраўднай дывізіяй. Але недзе каля 49-га года пачалі занадта да яго чапляцца, прыпамінаючы яму не зусім фармальны шлях да свайго звання і шмат іншага.

Тады махнуў рукой на войска, пайшоў у кансерваторыю, закончыў яе, быў нейкі час у ГДР дырыжорам адной з філармоній.

Не падаю тых дэталей, каб сумнявацца ў ваенным шляху аддзелаў Сатаноўскага. Але факты падаюцца мне маляўнічымі. Патрапілі яны тут толькі пад лёгкую літаратурную апрацоўку.

У Сатаноўскага, яшчэ перад урачыстасцю пад яблынямі сустрэў некалькі венграў. Адзін з іх, добра валодаючы расійскай, паведаміў мне, што ідуць з аддзеламі, разлічваючы, што неўзабаве рушаць да сябе, за Карпаты. Зрабіў мне лекцыю пра палітычную сітуацыю ў Венгрыі. Было гэта на такім узроўні, што я зразумеў адразу: гэта нехта з палітычных эмігрантаў найвышэйшай катэгорыі, катэгорыі Лямпэ, напрыклад.

Далёкі налёт

Іншы чалавек, таксама вельмі высокага ўзроўню, адведаў нас у Шпанаве. Гэта быў нехта з работнікаў ЦК ВКП (б) з Масквы. Прыехаў, каб зарыентавацца ў палітычнай сітуацыі на Валыні. Начаваў у мяне. Здзіўляў мяне сваёй нязвыклай сціпласцю, паслядоўнасцю ў меркаваннях, тактам. Зразумеў тады, што маё веданне партыйных кадраў, абапёртае на львоўскія прыклады, было вельмі няпоўнае.

Якраз быў налёт на Роўна. Мы доўга глядзелі на страшнае відовішча нішчанага горада. Нічога нам не пагражала, нічым мы не маглі дапамагчы гінуўшым. Зарыва пажару што хвілю перарывалі белыя фантаны новых выбухаў. Вораг, якому скруцілі карк, мог яшчэ агрызацца.

Разгаварыліся пра вайну. Была ў ёй адна цікавая дэталь. Я запытаў у яго, які момант быў для яго на вайне найцяжэйшым. І дадаў: для мяне 18 кастрычніка 41 года, дзень уцёкаў з Масквы.

Для яго было гэта 3 ліпеня таго ж года. Першая ваенная прамова Сталіна. Зразумеў тады, што будзе гэтая вайна у шмат разоў цяжэйшая, чым перад ёй пра яе думалі, чым думалі і гаварылі ў першыя дні яе ходу. Навучыўся па-просту чытаць паміж радкамі. На мяне прамова зрабіла ўражанне падмацоўваючае - але я бачыў тую вайну ад яе першай гадзіны. А ў Маскве доўга яшчэ трывалі настроі афіцыйнага ўра-патрыятызму. І там тыя самыя словы загучалі як сігнал трывогі.

Гэта быў цяжкі налёт. Роўна амаль дзень у дзень было прадметам атак нямецкай авіяцыі.

А дакладней - ноч у ноч. А таму ўвесь чыгуначны рух у тым закутку пераставілі на дзень.

Якраз пачалі перакідваць сюды нашу армію. Адзін з транспартаў не здолеў пад вечар выгрузіцца з вагонаў, нехта там нешта пракілбасіў, ён трапіў пад налёт і панёс страты. Было, здаецца, больш за дзясятак забітых.

Зрабілі ім пахаванне. Люсек і я былі на ім. Канешне, пастараліся пра ксендза. Не было з тым клопатаў, не так, як у Сельцах, дзе таго нашага любімага ксендза Кубша трэба было на кожную ўрачыстасць замаўляць як разрываную на ўсе бокі кіназорку.

Прамаўляюць, канешне, нашы з пал.- вых. Абсалютна безпамылкова. Усё на месцы: і дэмакратычная, і незалежная, але сяброўская і плячо да пляча з Чырвонай Арміяй. Слухаю адным вухам, а сам думаю пра таго дурня, які не сумеў забраць сваіх людзей удзень...

А на канец выходзіць ксянжышча. Таксама палітычна безпамылкова: ніякіх алюзій, ніякіх шпілек. вельмі тактоўна, таксама ў акрэсе свайго ведамства: несмяротнасць душы. Слухаю і раптам лаўлю сябе: вочы маю мокрыя...

Потым мы доўга размаўлялі з Люськам, чаму той ксянжышча патрафіў нас узрушыць, а гэтыя нашыя нічога і нікога. Дайшлі да высновы, што справа простая. Па-просту мы яшчэ знаходзімся на ўзроўні азбукі ў пэўнай, вельмі істотнай дзялянцы палітычнай дзейнасці: у дзялянцы красамоўства.

Тых ксяндзоў спецыяльна вучаць рыторыцы. Там тысячу гадоў назад заўважана, што не дастаткова гаварыць слушна, трэба яшчэ рабіць гэта прыгожа, ці ўмець зайграць на людскіх пачуццях. І тут, і там трапляюцца таленты красамоўства, такім, канешне, навука не вельмі патрэбна, але, пранятыя ёю, там падцягваюцца, у нас застаюцца тупымі піламі. Ба, некаторыя наўпрост лічаць, што камуніст павінен гаварыць нудна, у стылі лектараў. Бо іначай было б "несур'ёзна".

Гісторыя робіць скачок

Недзе ў траўні мы былі зноў у Маскве. Грымнула сенсацыя: дэлегацыя Краёвай Нацыянальнай Рады прыехала ў Маскву.

Можна сабе ўявіць, як мы былі ўзрушаны. Людзі "адтуль". Дагэтуль нашыя веды пра край былі нечувана фрагментарныя, іх найважнейшым элементам было, хіба, тое, што мы прывозілі з Валыні. Ясна было аднак, што Валынь - гэта прыклад нетыповы, што ў губернатарстве ўсё, калі не больш складанае, то іншае

Пра Краёвую Нацыянальную Раду, пра ПРП і Народную Армію (Армію Людову), канешне, мы ведалі, але толькі самае агульнае. Сустрэць жывых прадстаўнікоў нашай справы адтуль, з-пад акупацыі. было незвычайна цікава.

Дэлегацыя была ў дарозе нешта з два месяцы: мела цяжкасці з пераходам цераз фронт, прадзіралася, бадай што, праз Палессе. Пасля некалькіх дзён размоў з нашымі кіраўнікамі прыехала на пару дзён адпачынку ў Барвіху.

Я якраз таксама там аказаўся. Кінуўся на дэлегатаў з роспытамі. Было іх чацвёра, канешне, ні аднаго знаёмага. Ні адзін не выступаў пад уласным прозвішчам. Толькі адзін псеўданім быў апублікваны ў камюніке: Мараўскі.

Быў гэта невысокі, прыстойны, малады чалавек з доўгім прамым носам і незвычайна буйнай чупрынай, спадаўшай на вочы. Ён і іншыя - сярод іх адзін невысокі, тоўсты, лысы, адзін малады, вельмі прыстойны і задзірлівы, адзін з вялікім арліным носам, найпаважнейшы - выдавалі нам інфармацыю пра тэрор і пра расклад сілаў у падполлі, пра дзейнасць лонданчыкаў, пра партызанку на Любліншчыне і ў Келецкім ваяводстве, пра ліквідацыю яўрэяў, пра жыццёвы ўзровень.

Мы слухалі, не шмат разумеючы. Нават мая знаёмасць з Ровеншчынай не дапамагла мне ўслухацца ў жудасную рэчаіснасць акупацыі. Усяму верылі і з нічога не маглі здаць сабе справы.

Пад вечар сілы абодвух бакоў вычарпаліся. Мараўскі пачаў мурлыкаць пад нос:

Мы маладыя, мы маладыя,

Нам бімбар не зашкодзіць.

Мы старшыя, мы старшыя,

Нам бімбар да твару.

Быў гэта ўзор папулярнай акупацыйнай песенькі. Запытаўся:

- А што такое бімбар?

Мы не ведалі тады гэтага слова. На Валыні не сустрэлі яго ні разу.

Мараўскі адказаў:

- А гэта тое самае, што папойка. Значыць: гуляць, піць...*

Задумаўся, як мог правесці гады акупацыі, не ведаючы найпрасцейшага значэння гэтага слова...

Мы былі зноў у Шпанаве, калі адбыліся дзве ваенныя падзеі велізарнай вагі. На захадзе Другі фронт стаў рэчаіснасцю.

Тое пра што марылі два апошнія гады! Памятаю, у 1942 годзе, у момант разгару бітвы за Сталінград, заскочыў у нашыя "Новыя гарызонты" калега з Савінформбюро, Андрэйчын, якога Усіевіч называла "шалёным македончыкам". Ускочыў, задыханы, размахваючы белым аркушыкам:

- Другі фронт! - крычаў. - паведамленне "Рэйтар", сам пераклаў.

Перачытаў паведамленне. Давала падставы для надзеі, але слабую. Сказаў:

- А можа гэта толькі дэманстрацыя?

Андрэйчын абурыўся. Два дні сварыліся: працягваў яшчэ верыць у другі фронт. На трэці дзень замоўк. Англічане апавясцілі, што высаджаныя аддзелы пасля выканання вызначаных задач вярнуліся на караблі. Была гэта дыверсія пад Д'епам.

Гэтым разам справа была сур'ёзная. Гэта бачылася адразу. Зрэшты гэта было вядома таксама. Сама сітуацыя на Усходнім фронце загадвала заходнім саюзнікам спяшацца.

Праз дзесяць з лішнім дзён пачалося магутнае савецкае наступленне на Беларусі. Насуперак нямецкім разлікам першым рушыла не наша найдалей на захад высунутая паўвыспа, а наадварот фронт, які найбольш дагэтуль заставаўся ў тыле, з-над сярэдняй і ніжняй Беразіны.

Тут тэмпы былі шалёныя. На працягу некалькіх дзён войскі Ракасоўскага дасягнулі Менска, потым без хвіліны перапынку рушылі на Вільню.

Зноў выглядала, што немцы сыплюцца, як замак з пяску. Выглядала, што ўся наша партызанка, якую спрабавалі ствараць са Шпанава, не мае сэнсу, што пакуль рушым, будзе ўжо па ўсім.

Тыя настроі ўзмацняліся ўва мне тым хутчэй, што ў той час у маім асабістым лёсе зноў адбыліся змены.

Валынь, лета

Цяпер вяртаемся ў перыяд, калі запіс успамінаў будзе асабліва цяжкім, таму што ўжо адзін раз гэта ўчыніў - у "Трох вяртаннях". Часткова буду вымушаны паўтарацца, няма рады.

Пасля чарговага падарожжа зноў высадзіўся на Валыні. Было гэта апошняе маё падарожжа на спадарожных вайсковых машынах, той род перамяшчэння, які ў час вайны быў найхутчэйшы, найтанейшы, найцікавейшы.

Ідзеш на канец горада, бліжэй да КПП - гэта значыць да кантрольнага пункта, дзе правяраюць паперы, пераважна шафёраў. Пасярод шашы стаіць дзяўчына ў шынялі, у высокіх ботах, у футравай шапцы зімой, у фуражцы летам. Усе дзяўчаты былі языкастыя, у абвостраным сэнсе камандавання, хуткія да пакрыквання нават на афіцэраў, і адначасова нейкія ўдзячныя, у тым сваім медзведзяватым строі, мілыя вартыя жадання. Парадокс цалкам натуральны: мусілі прыапранацца ў важнасць і крыклівасць, бо іначай не справіліся б са страшным племенем дзікароў: з ваеннымі шафёрамі.

Ад такой дзяўчыны залежала, калі рушыш далей. Трэба прызнаць, былі паслужлівыя, не фармалісткі, стараліся пасадзіць чакаўшых як найхутчэй.

Вечарам начлегі ў выпадковых мястэчках, у незнаёмых людзей. Пра вуліцу Каракульную і сям'ю Шчапаноўскіх у Жытоміры я ўжо ўспамінаў. Нейкая ноч у Звяглі, хата выбрукавана спячымі покатам савецкімі афіцэрамі, недзе над цэнтрам налёт, а тут рушыцца ніхто не хоча, такія ўсе змучаныя.

Дзве заўвагі пра таварышаў падарожжа: незвычайна тактоўныя і таварысцкія. Мы ездзілі з Люськам у тых нашых мундзірах з орлікамі. Ад першай хвілі мы звярталі ўвагу атачэння. І ніколі ніхто нас не зачапіў, не спытаў, што гэта, тыкаючы ў орлікаў.

Толькі, калі ад нас зыходзілі першыя словы, тады, канешне, пыталі, што гэта такое. Гаварылі: "Польшча". Адказвалі: "А так, ведаем, Ванда Васілеўская".

Таварыства нараджалася на пятай, дзясятай хвіліне на грузавіку - з першай папяросай, першай запалкай. На прывалах харчы ставілі на стол, падмацоўваліся разам, без настойлівага частавання, натуральна і прыязна. Той жудаснай атмасферы грузавіка львоўскага аблвыканкама, на якім уцякаў 23 чэрвеня 1941 года, не сустрэў ужо ні разу.

Прыехалі на Валынь. Ужо не ў Роўна: адкамандзіравалі нас да камандавання арміі, якое перасуналася на захад ад Роўна і зашылася ў лясы пад Луцкам, на поўнач ад Ківерцаў.

Дзіўны гэта быў край, незвычайна багаты і прыгожы. Дарогі абсаджаны якраз даспяваўшымі чарэшнямі. Лясы - гэта часта дубровы, вялізныя, цяністыя і сонечныя, прыгажэйшыя за найвыдатнейшыя паркі. У вёсках буйныя сады, поўна кветак адцвітаўшага язвіну, не расцвіўшых яшчэ хрызантэм і вяргіняў.

І толькі: толькі зелень і кветкі. Вёскі бязлюдныя. Часам засталіся толькі цагляныя шкілеты печаў, заслоненых крапівой. Часам нават дамы, але ані жывой душы.

Д'яблы ведаюць, хто тут жыў пяць гадоў назад. Можа, нямецкія каланісты, якія ў 1940 годзе паспяшылі перасяліцца за Буг. Можа палякі, выбітыя бульбаўцамі ці бандэраўцамі. Можа ўкраінцы, якіх ліквідавалі эсэсаўцы. Той кантраст расліннай буйнасці і людской пустыні асабліва ўдарае. Цяпер падумалі б: так мусіць выглядаць край, знішчаны атамнай вайной.

Стаяць гэтыя вёскі-прывіды, і нават нашыя аддзелы не хочуць у іх жыць, хаваюцца ў лясах.Толькі пасты на скрыжаваннях, вельмі важныя, бо іначай заблудзішся. Бо дарожных указальнікаў няма!

Круціўся тут досыць шмат, бо ў штабе зацягвалі з новым маім прызначэннем. Уласна, была гэта досыць заядлая сутычка пры вельмі няроўным раскладзе сіл: з аднаго боку ўсе штабныя інстанцыі, з другога капітан Путрамант. Бо вясной атрымаў капітана, забыў пра гэта ўзгадаць.

Справа была ў тым, што ў прадбачанні нашага ўваходу ў Польшчу рыхтавалі вайсковае выданне, прызначанае для цывільнай люднасці. Галоўным рэдактарам стала Гелена Усіевіч. Ветэран "Гарызонтаў" зажадала, каб і мяне туды прызначылі.

Але часы змяніліся. Паўгода мы вялі з Люськам жыццё, якое нечакана нам адпавядала. Мы рабілі палітычную работу, але штодзень не былі нікому падпарадкаваны, не слухалі штодзённых распараджэнняў, не рабілі насценных газетак, не пісалі справаздач, хто і колькі пытанняў нам задае.

Я пачаў здаваць сабе справу, што не прыдатны да войска - хіба што на вельмі незалежную пасаду. Таму, калі Усіевіч зажадала мяне ў газету, было дастатковым заглянуць да мантаванай рэдакцыі, каб навеяла мінулае.

Размяшчалася яна ў даўняй нямецкай калоніі пад вялікімі ліпамі. У саракавым перасялілі сюды з Грубяшоўскага ваяводства ўкраінцаў. За пяць гадоў не сумелі прыстасавацца да новых варункаў, выглядалі ў тых загродах, як дзеці ў бацькоўскай, лішне вялікай вопратцы.

Заглянуў у рэдакцыйныя апартаменты. Усіевіч ужо мела сакратара рэдакцыі. Быў спакойны, паважны. Адразу адчуў: тут без насценнай газеткі ані кроку. Усіевіч спрабавала мяне ўгаварыць. Круціўся цэлы вечар, а з раніцы даў ходу.

Але абражаная рэдакцыя не згаджалася быць прайграўшаю. Калі я бегаў па высокіх інстанцыях, просячы літасці, усюды была перада мной. Заставаў высокіх суразмоўцаў папярэджанымі і непрыязнымі, просьбы да нічога не прыводзілі, бег вышэй.

А ўсё ж выкруціўся з той рэдакцыі. Сам ужо не памятаю, якім спосабам. Можа сама колькасць маіх захадаў перарасла ў якасць, і на мяне махнулі рукой.

Меў нюх, як аказалася. Нічога з таго выдання не выйшла, можа пару нумароў.

У Дрожджы ў цені дзяўчат

Бяздомны, у выніку той роспачлівай баталіі, трапіў на Болька Дрожджы. Ён камандаваў жаночым батальёнам. Была гэта выдатная задумка, каб яго паставіць на тую нялёгкую пасаду. Яго папярэднікі часам вызначаліся дысцыплінай, бліжэйшай да брутальнасці, чым да чаго іншага - і гэта ў адносінах да дзяўчат, не да сябе саміх. А Болек быў тактоўны і парадачны.

Сустрэў яго недзе выпадкова, забраў ён мяне да "сябе", як да гасціннага маёнтка. Батальён стаяў у велізарным паркавым лесе. Усюды парадак, чыстата, беднае дзявочае какецтва: букецік кветак, абабітае люстэрна.

Усе дзяўчаты былі закаханыя ў свайго камандзіра. Здаваў сабе з таго справу, саромеўся чужых, але напэўна да таго прызвычаіўся. Была гэта нявінная эпідэмічная хвароба. Сама яе агульнасць гарантавала, што шкоды не наробіць: за шмат было закаханых, каб некаторая магла быць выбранай, нават калі б Болек не змог справіцца з сабой.

Сядзелі з ім у намёце, размаўлялі, а што хвіля адхілялася заслона, чарговая "шараговая" станавілася на "зважай", дакладвала пра сваё прыбыццё і бралася - за падмятанне, за накрыванне стала, прыносіла вячэру, хлеб, гарбату. З раніцы ў бляшаных кубках прынеслі нам суніц. Болек станавіўся амаль грубым, збянтэжаным, а мяне гэта забаўляла.

Потым прыехаў джып, абняліся, Болек застаўся пад высокім дубам, махаючы рукой. І ўжо яго я больш не ўбачыў.

Тым часам прыйшло рашэнне адносна мяне. Наступленне на Беларусі перайшло Менск, ішло на Вільню. Фармавалі новыя групы, якія мелі быць прымацованымі да штабоў асобных франтоў. Люсек трапіў начальнікам групы пры ІІ Беларускім фронце генерала Захарава, які дзейнічаў у кірунку Беластока. Мяне ўключылі ў групу загадкавага палкоўніка Сарокі-Вішнявецкага, прымацаваную да ІІІ Беларускага фронту, якім камандаваў генерал Чарняхоўскі. Быў гэта кірунак Вільні.

Як звычайна вельмі доўга мусолілі ў вярхах чарговае рашэнне. Затое, калі нарэшце яго прынялі, загадалі групе быць гатовай на працягу аднаго дня. Паспешнасцю той я аддзячаны адным пажоўклым лісточкам.

Ёсць гэта картачка з датай 11.VII.1944 г., адрасаваная палкоўніку Бабяну ў кватэрмейстарства арміі. Змест яе вельмі празаічны:

"Забяспечыць, каб к-н Путрамант адразу, на працягу дня 12 гэтага месяца быў належна апрануты."

Подпіс надае картачцы гістарычны ранг: К. Свярчэўскі. Тагачасны генерал дывізіі, намеснік камандуючага І Польскай арміі ў СССР. Кароль Свярчэўскі асабіста кантраляваў высыланне нашых груп. Калі прадставіўся яму, агледзеў мяне досыць здзіўлены: я быў моцна абадраны пасля тых паўгода вандровак з Роўна праз Кіеў у Маскву і назад. А ў той момант мой асабісты выгляд набіраў палітычнае значэнне. Бо па мне жыхары Вільні мелі меркаваць пра выгляд усёй нашай арміі.

Не памятаю, ці тая картачка мела вынік. Непакояць мяне два факты. Па прыездзе ў Люблін я таксама быў досыць абадраны. Па-другое, каб я таго Бабяна злавіў, мусіў бы яму аддаць картачку замест квітанцыі. Пэўна, Бабян недзе схаваўся: гэта вельмі важна ў кватэрмайстрстве ўнікнуць ад атрымання загадаў!

Шукаў яго доўга. У выніку рэшта місіі, палк. Сарока-Вішнявецкі і мой любімы Анатоль Мікулка, капітан-лекар, выехалі выдзеленым нам "вілісам".

Зламаўся, прыгнечаны той серыяй няўдач. Але ў апошнюю хвілю, сам ужо не ведаю як, трапіў да начальніка штаба арміі, генерала Корчыца. Той пачаў ад праборкі мяне, а потым выдзеліў малы сувязны самалёт У-2 для перакідвання мяне цераз Палессе ў Менск, адкуль мог дабірацца далей аказійнымі машынамі.

Апошні вечар перад адлётам. Начую ў самотнай цудам ацалелай карчме. Размяшчаецца тут рэдакцыя "Zolnierza Wolnosci" ("Жаўнера свабоды"). Доўгія размовы...

На "кукурузніку"

Вось нататкі, якія я рабіў у самалёціку: "15 ліпеня, гадз. 6,25, вылецелі на У-2. Моцны вецер лупіць у твар. На хвілю зняў пілотку, і адразу мне патузаў валасы.

Дрэвы блізкія. Дзіўнае пачуццё - нешта сярэдняе паміж паездкай на самалёце і на аўтамабілі. Пейзаж успрымаеш не як геаметрычны план, не як карту, а якраз як у аўтамабілі: з колерамі, з высокай трохмернасцю, часам нават з пералётным пахам пажарышча або сушанага сена. Калі з'язджаем з-над лесу над луг, самалёт забаўна слізгае ўніз і нагадвае тады невялікі лыжны спуск.

Пры адлёце даручылі мне глядзець, ці дзе з тылу не выскачыць "мэрс". Што хвілю аглядаюся. Адзінае ўзбраенне самалёта - гэта, мабыць, мой рэвальвер...

Лясы. Пажар - дым уецца, у лясных палянках ляжыць нерухома, як стаячая вада... Ляцім над чыгункай. Пяскі. Абарончая лінія каля станцыі. Акопы ў кусціках - пэўна ад партызанаў, бо атачаюць станцыю вялікім паўколам.

Гарынь невярагодна звілістая.

Цень бяжыць за намі, вось павольна выпаўзае злева. На лузе некалькі коней. Пасуцца спакойна, прызвычаеныя да самалётнага пакрыквання. Раптам адзін скача перапужаны ўбок: спужаў яго наш разагнаны цень.

Лес сасновы, рэдкі, з густым падшыццем. Станцыя - кучка ўстрывожаных вагонаў. Вырвы ад бомбаў, яшчэ цёплыя, проста з печы.

У балотах - выдма, аточаная неразрыўным пасам акопаў - "гняздо супраціву", таксама супраць партызан.

Падымаемся. Вялікае балота. Высокі купы цёрну і аеру. І голая, тыпова палеская выдма. Луг пусты, шырокі. І тут вырвы - чорныя, напоўненыя тлустай вадой.

Рэдкі дубовы лес. Нейкія вігвамы. Зямлянкі падобныя на стагі сена. Шырокая рака - Прыпяць! Забаўна: толькі над вадой пачуўся не ў сабе, бо плаваю слабенька! Вёска, частка дамоў спалена. Зноў выкрунтасы ракі. Мокрыя лісты вадзяной лілеі блішчаць масіўна, як з зялёнага шкла. Велізарныя, не скошаныя лугі - і збоку імшары без травы, толькі сплеснелы мох.

Нейкае вельмі зялёнае мястэчка. Дарога абсаджана дрэвамі - без моста. Даспелае жыта ляжыць покатам. Нізкія тарфянікі - алешыны. Вада. На беразе зрываецца цэлая чарада чапляў. Каляя Лунінец - Мазыр. Спаленая станцыя пад велізарнай вярбой. Вырва - акурат у каляі. Тэлеграфныя слупы падпілаваныя.

Жыткавічы. Рэйкі пакручаныя выбухамі. Чад пажарышча.

Паварочваем на поўнач, на Менск. Прамы, як прарэзаны, канал у алеі дрэў.

Возера Князь, ці Жыд, ці Чырвонае. Не відаць берагоў. Доўгая паласа пены. Хвалі. З'явілася так раптам, што падумалася, ці гэта неба не абарвалася?

Хочацца курыць. Цень нас дагнаў, ідзе плячо ў плячо. Руіны вёскі. Толькі бяскрайні сасновы лес. Тая самая тайга, што аж у Сібіры...

Ужо па Палессі. Чыгуначная лінія, спаленыя дамы, нямецкія акопы. Шаша, побач іншая, нямецкая. Пры ёй доўгія пацеркі малых, глыбокіх акопаў, павернутых на ўсход.

Кукурузнік робіць раптам падскокі ўверх перад усё вышэйшымі дрэвамі. Трохі гушкае. Пад Менскам нарэшце большыя комплексы ворных палёў, не так, як дагэтуль, дзе былі толькі шматкі ў масівах лясоў і лугоў. Вёскі спаленыя. Людзі ў нейкіх ямах.

Змучыўся - тры гадзіны не змяняў позы!"

Першае вяртанне

Вялікае і пустое поле, адцвіўшыя кветкі і пустазелле. Кукурузнік спыняецца. Сардэчна развітваюся з пілотам, які таксама пацягваецца, выпроствае косці і нязграбна рушыць шукаць недзе камендатуру аэрадрома.

Ногі маю здранцвелыя, як бы сапраўды тыя пару гадзін ехаў рыссю на кані. Паволі рушу к гораду, які віднеецца з далёку некалькімі абломкамі камяніц, некалькімі комінамі.

Я тут нарадзіўся. Дасканала памятаю дом бабкі на Рабкораўскай. Бабка памерла, але я яшчэ на пачатку1941 года пісаў да жыўшай там цёткі. Таму Менск для мяне - не толькі этап падарожжа. Ён таксама - нейкая частка вяртання.

Павольна даходжу да першых руін. Не вельмі патрапляю ў тым зарыентавацца. Тады здалеў спазнаць толькі сваю вулічку, усю ў садзіках і драўляных дамках. І яшчэ нейкую бакавую і выхад на на галоўную вуліцу з чыгуначным мостам. Тут ніколі не быў.

Зрэшты, хоць бы быў, таксама нічога не пазнаў бы. Тое, што тут бачыў, гэта нейкая велізарнае спляценне руін. Людзей амаль няма. Іду наперад, стараюся трапіць у цэнтр. Метад просты: шукаю вышэйшых руін.

Што за страшны горад гэты Менск у палове ліпеня 1944 года! Ведаю, што тры гады таму быў страшна збамбаваны. Але ні тады, ані цяпер да вялікай бітвы тут не дайшло. Толькі гітлераўская "планавая акцыя".

Нарэшце я ў цэнтры. Тут пару дамоў ацалела. Знайходжу галоўную вуліцу, як старога знаёмага вітаю чыгуначны мост. З неспакоем выглядаю вулічкі, якія паварочваюць налева. Калі з вялікіх, мураваных блокаў гітлераўцы парабілі кучы бітай цэглы, то што значыла для іх тыя струхлелыя, драўляныя дамкі?

Ёсць вулічка. Іду лётам пад гару, але засопся, як быццам узлез на шосты паверх. Дзіўная мешаніна пачуццяў - не ведаю, што мацней прыспешвае мне дыханне - радасць, што ўбачу рэчы і людзей з такой даўніны, ці страх, што з іх застану.

Першае здзіўленне - вулачка цэлая. Парканы з дошак, струхлелыя, зялёныя ад імху. Пладовыя дрэвы. Драўляны тратуар пад парканамі. Памятаю - другі дом направа. Не адразу яго пазнаю. Быў прысадзісты, але зараз да паловы схаваўся ў зямлю. Вокны на вышыні пояса. Адчыняю брамку. Усё жудасна малое. Вялікі "новы" дом з успамінаў аказваецца хаткай. Стары - то па-просту развалюха. "Абшырны" некалі дзядзінец налічвае можа дзесяць крокаў. Садзік толькі не страціў прыгажосці, хоць таксама паменшаў бязлітасна.

Вось жыллё бабкі. Апошні раз тут быў васямнаццаць гадоў таму назад. Уваходжу, стаю згорблены - такі нізкі пакоік. Была тут сталовая. Прысягнуў бы, што памятаю пах жылля, сумны і ўтульны. Пуста. Ані людзей, ані старых рэчаў, ані тога паху.

- Ці ёсць хто? - пытаюся ахрыплым голасам.

Таксама адказвае цішыня. Трывае досыць доўга, каб зразумеў, што тая, якой шукаю...

- А вам каго?

Выходзіць маладая, дробная, вельмі збедаваная жанчына, глядзіць на дзіўнага госця ў экзатычным мундзіры.

Пытаюся пра цётку, гарбушку, санітарку. Памерла ў красавіку гэтага года. Не дачакалася, пару месяцаў ёй не хапіла. Не была старая, была збалелая. Не ўмела ў звярыным гітлераўскім свеце выгандляваць трохі харчу, выцыганіць, выдраць у іншых.

Жанчына глядзіць на мяне. Пытаюся, ці не ведае, што сталася з маім дзядзькам, доктарам, тым з Петрыкава на Палессі.

Вось другая версія смерці дзядзькі Міхала пасля той, пра якую мне даў зразумець хлопец з Петрыкава ў І дывізіі.

- А вы?... - пытаецца жанчына.

Гавару, што сваяк, што ў польскай арміі. Тады ўсмешка здагадлівасці раз'ясняе яе твар.

- Ах, гэта пра вас гаварыла? Не пазнала адразу, бо на фатаграфіі...

Выбегла ў дальшы пакой, праз хвілю вяртаецца з фатаграфіяй, салідна наклеенай на тоўсты картон з пазалочанымі краямі. На фатаграфіі маладая жанчына ў вялікім капелюшы са страўсавым пяром і паругадовым хлопчыкам у марской кашульцы. Забраў той здымак. З тым зматэрыялізаваным успамінам у вайсковым мяшку выйшаў з краіны дзяцінства. Падвойнае прадчуванне, якое мяне наведала ў дарозе, з большага спраўдзілася. Толькі тая радасць была ў ім непатрэбная.

Больш таго дома не бачыў. Колькі разоў праязджаючы праз Менск, выглядваў праз вокны вагона, бачыў чыгуначны мост, нічога болей. На завяршэнне, у баку, дзе павінна бы знайходзіцца вулічка Рабкораўская, бачу рыштаванні, будаваўшагася шматпавярховага гіганта. Таму і тых дамкоў, мабыць, няма чаго шукаць.

Іду, шукаю дарогі на Вільню. Гэтая паўночна-заходняя частка горада меней знішчана, хоць тут недалёка вакзал, чыгуначны вузел. Але немцам у знішчэннях не ішлося пра знішчэнне вайсковых аб'ектаў, ішлося пра знішчэнне.

Тыя дамкі. Гэта такая брыдота, якая пад старасць становіцца прыгажосцю. Як брыдка тут павінна было быць, калі тыя, збудаваныя з круглякоў дамкі былі маладыя! А цяпер трохі імху, трохі старасці, больш выбуялы бэз, таполя, пару вішань - і вось уражанне мінулай эпохі, якая ўжо стала антыкварыятам.

Адчуваеш незваротнасць тых часоў. Зноў жывеш сваёй маладосцю. Гэта значыць, табе сумна.

Кантрольны пункт і канец успамінаў. Тут трэба энергіі, хуткай увагі, звышбаявітасці, каб трапіць на аўтамабіль. Калі мне гэта ўдаецца, пакідае мяне цалкам той няўдачны паварот у краіну дзяцінства.

Новы паварот у горад маладосці, які чакае мяне, захапляе цалкам. І нецярплівасць, і радасць у тым чаканні засталіся, нягледзячы на менскі досвед. Бо тут была толькі адна, адзіная сямейная нітка. А там ведаў увесь горад. Там вяртанне мусіць быць іншым.

Дарога ў Вільню

Памятаю яе толькі з чарнавіка незакончанага рэпартажу. Пыл. Учэплены за заднюю сцяну грузавіка маладзенькі малодшы лейтэнант за гадзіну з загарэлага і чарнавалосага стаў сівым, мае нездаровую, зямлістую скуру, папялістыя вейкі, патоўшчаныя, як у якой-небудзь мадысткі, павекі.

Тут край больш паўночны, чым пад Масквой. Узгоркі, пакрытыя лесам. Рэдкія дамкі відаць толькі мімалётна. Лясы, адсунутыя немцамі ад шашы на адлегласць стрэлу з аўтамата, замыкаюць гарызонт пахмурай зелянінай амаль асенніх елак. Дарога дрэнная. Выбоіны. У равах патрушчаныя ваенныя жалязякі. Шкілеты легкавых аўтамабіляў, выцягнутыя як чарапы нейкіх гігантскіх ваўкалакаў. Знерухомелыя танкі, яшчэ здавалася б чырвоныя ад агню, які іх пажраў, а па-праўдзе ўжо ржавеючыя. Нехта з аўтамабіля крычыць, што трупы. У адной і другой вёсцы грамадкі жанчын і дзяцей каля прыдарожных магіл.

Палонныя. Першы раз бачу такія натоўпы. Ідуць, узбіваючы пыл, як чарада авечак. Мундзіры расшпіленыя, рудыя зарослыя, падцятыя падбародкі, гарбатыя насы, ружовыя вочы. Глядзяць пад ногі. Спераду вядзе іх нейкі хлопец... з палкай. Ззаду адзін канвойны з аўтаматам.

Адрау шафёр запавольвае машыну, выхіляемся, глядзім. Аднак іх столькі, што аўтамабіль набірае разгон, наш хвост пылу хуткі, амаль гарызантальны сутыкаецца з воблакам пылу, які вісіць спакойна над імі і праз хвілю ўжо далёка.

Радашковічы цэлыя. Найбліжэйшае мястэчка Краснае - толькі куча камянёў і попел.

Маладзечна знішчана амаль цалкам. Нейкая кабета стаіць каля вялікай вясковай печы і ў трагічнай рэальнасці адпраўляе містэрыю хатняга агню: гатуе страву, аточаная некалькімі дзецьмі. Праз некалькі гадоў я ўпакую гэты вобраз у "Верасень".

Далей слядоў баёў менш. Вёскі цэлыя, цэлыя каляі і нават чыгуначныя масты. Падаюць гудкі лакаматывы, доўгія ружанцы брудна-цагляных платформ сунуцца на захад. У небе дурэюць козлікамі "Які" з гучным выццём.

Смаргоні аднак зноў спаленыя. Тыя самыя Смаргоні, якія не адбудавалі яшчэ руін з 1916 года. На скрыжаванні дарог за імі бачым у першы раз учора яшчэ фанабэрысты і загадны, сёння ўжо толькі просты дарожны ўказальнік: "На Вільню і Кёнігсберг".

Ашмяна ацалела. Малыя домікі. З вокнаў праз буйныя пеляргоніі (герань) выглядваюць твары жанчын.

Недзе на тым шляху здарыўся мне цуд. Цэлы час, седзячы на версе грузавіка, выглядваў наш "Віліс", шукаючы бела-чырвоны сцяжок сярод соцень аўтамабіляў.

Як я заўважыў, не разумею. Мігнуў мне "Віліс" перад намі. Пачаў лямантаваць, махаць рукамі. Яшчэ больш дзіўнае, што пачулі ў тым пякельным шашэйным балагане.

Мікулка мусіў пасунуцца, каб зрабіць мне месца. Таксама быў вельмі знерваваны: пакінуў у Вільні жонку. Толькі наш шэф, досыць нечакана злучаючы ў сваім прозвішчы героя "Агнём і мячом" з героем "Патопу", захоўваў нічым не засмучаны пагодны настрой.

Апошнія кіламетры доўжыліся найбольш. Калоны аўтамабіляў пхаліся амаль нябачныя ад пылу. Мы прагна выглядваем на гарызонце знаёмы гарадскі сілуэт. Але толькі лагодна хвалістыя ўзгоркі з ужо жоўкнучым жытам, толькі далёкія сасновыя лясы.

Вільня з'явілася раптам, як бы хто тузануў тэатральную дэкарацыю. Невялікі ўзгорак, паварот - унізе ўвесь горад! Знаёмыя сілуэты касцёлаў, далёкія перспектывы вуліц, Замкавая гара. Здалёк усё, як даўней...

Другое вяртанне

Зблізку... Пры ўездзе застылі адзін пры другім разбітыя танкі, самаходкі, транспарцёры. Далей налева і направа папялішча. Жудасна разбіты віленскі Новы Свет, абломкі Гандлёвай, асмалены на чорна праём Вострай Брамы. Шкло хрумсціць пад нагамі. Дымяцца руіны Вастрабрамскай, Завальнай, Ягелонаўскай...

У цэнтры знішчэнняў меней, рухацца можна лягчэй. Куды едзем?

Канешне, першынства мае Мікулка - пакінуў тут жонку. Заязджаем на велізарны пляц Лукішкі, спыняемся каля пары старых дрэў. Мікулка злазіць, цяжка ідзе, пакідаючы нас з лёгкай усмешкай.

Чакаем не меней знерваваныя, чым ён. Нядоўга чакаем, найбольш чвэрць папяросы. Мікулка вяртаецца, шэры з твару, махае рукой: выехала.

Ад гэтага часу пачынаецца дзіўныя матанні "Вілісам". То я, то Мікулка прыпанінаем сабе чарговыя адрасы, найперш сваякоў, потым прыяцеляў. Гаворым шафёру - прама, направа, яшчэ раз направа. Аўтамабіль спыняецца часам перад руінай, часцей перад цэлым домікам. Тады ідзём - то ён, то я. Няма нікога! Выехалі ў Варшаву - гавораць найчасцей суседзі, аглядаючы нас падазрона. Часам разводзяць рукі - не ведаюць, не чулі нават пра такіх. Часам не глядзяць у вочы, буркаюць - арыштаваны, загінуў.

Вяртаемся да машыны. Іншы адрас. Праз нейкі час спіс прыяцеляў вычарпаны. Прыпамінаем сабе не без цяжкасці калег, знаёмых. Шафёр пачынае бурчаць - задоўга валэндаемся. Толькі наш талковы Сарока працягвае пагодна ўсміхацца.

Як у цяжкім сне. Дзесяць гадоў праведзены ў тым горадзе, найбуйнейшых, найрухлівейшых гадоў, у якіх было найлягчэй на ўсмешку, знаёмства, сяброўства. І ні аднаго са сваякоў, прыяцеляў, знаёмых.

А горад зусім не вылюднеў. Традыцыйныя месцы шпацыру - "Ерак", "Бернардынская", "Вялікая" - заліты людскім натоўпам. Бесперапыннай плынню цягнуцца тут чародкі смяшлівых, ладна прыбраных дзяўчат з прычоскамі, поўнымі дзіўных, зусім нам невядомых куклаў і локанаў. За імі сунуцца тройкі і пяцёркі маладзёнаў у забаўна доўгіх і расшпіленых не там, дзе трэба, марынарках, у высокіх ботах, з валасамі, якія спадаюць амаль на плечы, а ўжо на каўнер, як найменш. Стаім у роспачы, мяшаемся з натоўпам, не верым сабе самім, каб ні аднаго, прынамсі з выгляду...

Плыве каля нас рака іншай, чым наша маладосці. Ані аднаго знаёмага твару.

Куды маем ехаць? Ужо няма ніякіх адрасоў Сарока маўчыць. Вырашае шафёр: канчаецца бензін. Зварочваем у бакавыя вулачкі. Яшчэ раз спыняемся на Міцкевіча каля Лукішак.

І тады нарэшце ляціць крык з тратуара:

- Ежы!

Пераклічка палеглых

Прыціскаю яго да сэрца. Гэта Поль Буйніцкі, таксама яхтсмен, брат Дорка. Малая была наша Вільня, гэтай адной ніткі хапіла, каб разблытаць цэлы клубок.

Вечарам слухаем аповесць Поля. Ужо перад тым дайшла да нас вестка, што Дамбінскага расстралялі немцы. Не ведалі дэталей, неяк не хацелася верыць. Гаварылі, што Генрыка немцы злавілі ў мястэчку Ганцавічы, дзе ён кіраваў сярэдняй школай. Як мог застацца, не ўцякаць?

Поль вестку пацвярджае, дэталей таксама не ведае. Праз пару гадоў дойдзе да мяне пару дапаўненняў. Генрык уцёк з Ганцавіч, схаваўся, аднак, недалёка адтуль, у суседнім мястэчку. Выдала яго немцам лекарка-полька, нейкая Пімпіцкая ці Пумпянская. Арыштаваны і ведзены на экзекуцыю спрабаваў уцячы. Загінуў, застрэлены ў блізкім ляску. Лекарка не шмат атрымала ад сваёй подласці. Праз нейкі час нешта пачала круціць, гуляць падвойную гульню. Немцы яе расстралялі таксама.

У цэлым я не ўпэўнены ў тых дэталях. Чуў іх некалькі разоў з розных бакоў і заўсёды ў неабавязковай версіі. Дзіўна, што смерць такога выбітнага чалавека не стала дагэтуль прадметам судовага разгляду ці прынамсі гістарычных пошукаў.

Поль распавядае больш дэтальна гісторыі іншых прыяцелеў, якія былі бліжай.

У першыя дні чэрвеня, пяць тыдняў назад, немцы правялі вялікі ўдар, нацэлены ў паслядоўнае, левае інтэлегенцкае кола. Між іншымі быў разгромлены тутэйшы Саюз польскіх патрыётаў, свядома звязаны з нашым цэнтрам у СССР.

Арыштавалі ў т.л. кіраўніка тутэйшага СПП Казіміра Намыслоўскага і яго жонку Муху Жаромскую, нашую каляжанку з групы, а маю з паланістыкі.

Лёс не шкадаваў для гэтай пары драматычных перажыванняў. Муха пасля апраўдання ў нашым працэсе ў снежні 1937 года выехала ў Кракаў. Пазнаёмілася там з Намыслоўскім, які якраз кінуў "Легіён маладых" і ствараў групу левай інтэлегенцыі, падобную да нашай па характары. У верасні 39 года быді ў Варшаве. Муха была на апошніх днях цяжарнасці. Нягледзячы на гэта, вырашылі ўцякаць пехатой у Вільню. На палове дарогі аказаліся ў нейкай вёсцы, якраз быў налёт, людзі ўцяклі.

Тады якраз Муха і пачала раджаць. Намыслоўскі сам прыняў дзіця. Праз пару дзён Муха ўстала і зрабіла пеша другія дзвесце кіламетраў да Вільні.

Падчас акупацыі засталіся ў Вільні і абое папаліся. Поль не ведаў дэталей. Напэўна ў немцаў быў балаган, не ведалі, каго злавілі, досыць, што іх выпусцілі. І замест таго, каб выехаць з Вільні, дзе іх ведалі так шырока, засталіся, пачалі весці вялікую канспірацыйную працу.

Толькі пазней даведаўся я найстрашнейшыя рэчы: выдаў іх малады чалавек, які пасля нашага працэсу пачаў круціцца вакол рэшткаў групы. Быў гэта правакатар, падчас акупацыі працаваў адначасова на карысць віленскай АК і гестапа.

Намыслоўскі, арыштаваны, павесіўся ў камеры, каб падчас допытаў нікога не выдаць. Муху выслалі ў лагер, спачатку пад Коўню, потым у страшны Штутгоф пад Гданьскам. Праз некалькі месяцаў даведаліся, што памерла там ад тыфу.

Гэты малады правакатар не спыніўся на кіраўніках і актывістах. Сыпаў, каго ўдавалася. Аказаўся, зрэшты, не толькі шпіком, але і катам.

Я пісаў ужо шмат пра Уладка Барысевіча. Быў гэта дзівак, трохі калека, хворы на сэрца, "вечны студэнт" права, абсалютны жыццёвы недацёпа. Яго бацька, вайсковы лекар, бадай што з Сувалак, пасля паўторнай жаніцьбы занядбаў яго і давёў да таго, што Уладак кінуў дом. Вялікая асоба Генрыка захапіла яго цалкам. У часы "Па-просту" вёў бухгалтэрыю і сядзеў на лаве падсудных. Падчас акупацыі быў дазорцам нейкага дома і ажаніўся. Быў, што называецца, чалавекам, які не патрафіў бы зрабіць крыўды найгоршаму ворагу.

Правакатар сустрэў Барысевіча на вуліцы. Той абрадаваўся: сведка нашай забаўнай і някепскай маладосці. Правакатар забраў Барысевіча разам з парай апрычнікаў са сваёй "арганізацыі", зацягнуў на "маліну" і пачаў катаваць, змушаючы да здрады. Барысевіч нікога не здрадзіў і сканаў пад катаваннямі.

Яго жонка і Ганецкая J. пайшлі ў лагер разам з Мухай. Ім пашанцавала: у сакавіку наступнага года вярнуліся ў Варшаву, страшна змучаныя пасля тыфу, але ўсё ж такі жывыя. Прывезлі вестку пра смерць Мухі.

Поль нас гукнуў каля дома, у якім я часта бываў: тут жылі Загорскія, Ігнацы, стары эсдэк і яго сын, "Слон", мой супольнік з "Вільнядрамы". Хачу туды зайсці, але Поль стрымлівае. Мецэната Ігнацыя забілі немцы. Слон у "Доры". Першы раз пачуў тады гэтую панурую назву. Ужо ён адтуль не вярнуўся.

Тыя самыя колеры

Перш, чым распавёў нам гэта ўсё, яшчэ кароткая сцэнка з таго першага дня.

Едзем па спляценні сярэднявечных вулічак. Тут блукаў перад вайной, глядзеў на страшную яўрэйскую беднату і гаварыў сабе: я з імі, супраць тых, сытых, задаволеных. Сёння вулічкі пустыя. Бедната пагінула пад гітлераўскімі кулямі на блізкіх Панарах. Зрэдку толькі пройдзе крадком заблуканы пешаход або прамчыць вайсковы аўтамабіль.

Гэты, што нас мінае, звычайны, таму не звяртаем на яго ўвагі, захопленыя выгляданнем самой вулачкі, якая вынырвае з гэтага лабірынту..

Толькі, калі нас мінае, усведамляем сабе нешта і паварочваем галовы ўсе адначасова. І бачым, што тыя ў тым аўтамабілі таксама паварочваюць галовы адначасова з намі. І адначасова абедзве машыны тармозяць. Моўчкі, павольна вылазім з аўтамабіляў. Паволі, не ведаючы добра, што рабіць з рукамі, рушым на спатканне, углядваючыся ўзаемна ў значкі на шапках і сцяжкі на аўтамабілях.

Значкі розныя, сцяжкі такія самыя. Нашыя орлікі цяжкія, масіўныя, без карон, пястаўскія. Іхнія лягчэйшыя ў выкананні, але каранаваныя і з тарчамі ў кіпцюрах.

Запавольваемся, стаім за пару метраў адны ад другіх. Не вельмі вядома, што тыя рукі будуць рабіць, хапацца за рукаяткі рэвальвераў ці выцягваца для прывітання?

Ціха над мёртвай вуліцаю. Гаворым адначасова мы і яны:

- АК?

- Берлінгаўцы?

- Першая Армія! - папраўляем.

Зноў маўчым, падаём адны адным рукі. Яшчэ хвілю глядзім адны на адных. Пагляды тыя падобныя: так глядзяць на некага, хто не мае рацыі, без клёку, бязмозглы.

Маем тыя самыя колеры на сцяжках і едзем у два розныя бакі. Нехта ж з нас мусіць мыляцца, нехта з нас мусіць ісці памылковай дарогай, нехта з нас мусіць той няправільнай дарогай цягнуць за сабой у пропасць тых, чые нацыянальныя колеры носіць.

Не скажам гэтага цяпер. Толькі казырнём і ў маўчанні вернемся да сваіх аўтамабіляў. Павярнуўшыся, глядзім яшчэ назад. Яны таксама глядзяць.

Найбольш рэакцыйная

У тыя першыя дні на вуліцах Вільні можна было ўбачыць такія панямецкія аўтамабілі з групкамі АК-аўцаў. Іхняе кіраўніцтва змабілізавала вялікую частку сваіх прыхільнікаў і сцягнула іх у ваколіцы Вільні як-раз у момант набліжэння савецкіх войскаў.

Сэнс манеўру быў просты: на выпадак адступлення немцаў кіраўніцтва АК намагалася б заняць горад і дэманстраваць гэта пазней супраць Савецкай Арміі.

Немцы, аднак, ані думалі адыходзіць з Вільні без бою. Наадварот, тут якраз намагаліся затрымаць шалеўшае ад некалькіх тыдняў удач савецкае наступленне. АК-аўцы, падобна, спрабавалі атакаваць самі, адбітыя без цяжкасці, затаіліся, паўстання з голымі рукамі не адважыліся выклікаць. Вільня пазбегла пазнейшай трагедыі Варшавы.

Віленская АК была найбольш рэакцыйная з вельмі простых прычын. Галоўным элементам польскасці на вёсцы былі тут абшарнікі, часткова вернутыя ў маёнткі гітлераўцамі. Савецкая партызанка, рухлівая і шматлікая, мусіла недзе забяспечвацца прадуктамі. Дзе? У чужых дварах ці па беларускіх вёсках, дзе жылі іхнія прыхільнікі.

Таму збройныя аддзелы, якія АК трымала ў полі, залішне часта змагаліся з савецкімі партызанамі, залішне лёгка ўваходзілі ў кампраміс з немцамі. Была гэта хутчэй збройная самаабарона абшарнікаў, чым зародак нацыянальнай арміі.

Цяпер, аднак, пры святле вызвалення Вільні лакальныя верхаводы намагаліся задакументаваць сваю прысутнасць, актыўнасць, антынямецкасць. Савецкія ўлады распазналі гэта адразу, пазней, не маючы сумненняў, што да сапраўдных настрояў гэтых збройных сілаў, інтэрнавалі іх пад Вільняй, а потым выслалі ў лагеры пад Калугай і ў Данбасе. Як звычайна бывае ў падобных выпадках, сотні сумленных і прыстойных людзей адпакутавалі такім чынам за памылковую і палітычна шкодную канцэпцыю сваіх правадыроў.

Мы былі пасланы сюды, каб між іншым старацца растлумачыць памылковасць і шкоднасць гэтай канцэпцыі, каму толькі ўдасца, каб ратаваць ад вынікаў гэтай памылковасці.

Дзякуючы Полю, я вярнуўся назад у тое, што засталося з майго ўніверсітэцкага асяроддзя. М. ін. сутыкнуўся з адным юрыстам, афіцэрам рэзерву, які некалі быў нават досыць блізка да Дамбінскага, калі той быў яшчэ досыць блізка да санацыі.

Пасля кароткай размовы загарэлася жаданне спаткацца з нейкай часткай таго асяроддзя, параўнання, двубою, суда Божага паміж нашай палітычнай рацыяй і тым, што яны лічаць сваёй рацыяй. Юрыст вельмі ахвотна згадзіўся арганізаваць спатканне. У дамоўлены дзень я пайшоў туды адзін.

Памяшканне было вялікае. Адвык ад такіх пакояў, мяккіх тапчаноў, гуцульскіх "лыжнякаў" на сценах. У салоне я застаў з сорак чалавек. Апрануты па-цывільнаму, адвакаты, лекары, інжынеры, купцы - усе былі афіцэрамі рэзерву, звязанымі з мясцовай АК.

Не шмат дэталяў засталося мне ў памяці з таго спаткання. Але выдатна памятаю агульную аўру сустрэчы, стан сваіх нерваў, крывую драматычнага напружання.

Адразу было вельмі шмат пытанняў. Я рэпрэзентаваў сабой для тых людзей нешта як найбольш для іх чужое і варожае. Хаця ж некаторыя маглі мець на мэце па-просту знаёмства з новай сілай, якая надходзіла, не падлягала сумненню, што былі тут такія, якім даручана было любой цаной тую сілу скампраментаваць у вачах рэшты.

Я быў адзін. Адразу вакол мяне ўтварыўся нябачны мур. Усе былі вельмі халодныя і ледзве ветлівыя. Але пасля некалькіх маіх фраз, сухіх, узважаных для той атмасферы, адразу засыпалі мяне пытаннямі.

Першыя былі толькі цікавасцю: што за армія, ці сапраўды існуе, хто ёй камандуе, за што змагаецца. Адразу аднак далучыліся да гэтага пытанні зласлівыя, правакацыйныя, непрыхавана варожыя. А яшчэ праз хвілю пытанні пачалі пераўтварацца ў вялікую, хаатычную і гарачую дыскусію.

Засыпалі мяне зласлівасцямі. Стараліся падбіраць аргументы асабліва цяжкія для адказу.

А я ўсё ж адказваў без асаблівай цяжкасці. Сам таму дзівіўся, але ўсё ж з мінулага года быў на палітычнай рабоце ў нашай арміі. У той рабоце мы спазналі сілу нашай палітычнай рацыі. Пераканаўся, што і ў асяроддзі так выключна варожым гэтая зброя дае вынікі.

Сказаў, што быў адзін. Але тая адзінота была чыста фармальная. Былі са мной перамогі Чырвонай Арміі. Быў са мной падставовы аргумент існавання нашага народа.

Народу нашаму пагражаў фізічнай смерцю гітлераўскі фашызм. І вось знайшлася сіла, якая той фашызм б'е, і ўжо на парозе польскіх зямель.

Як небяспечную палітычную пазіцыю мушу прыбраць такіх, якія ненавідзяць тую сілу, хоць хочуць, як кажуць, ратаваць народ наш ад фашызму!

Калі, трохі раззлаваны іхнім напорам, запытаў сорак віленскіх інтэлегентаў пра іхнія ўласныя аргументы, не ўмелі знайсці нічога іншага, як жаласныя размовы пра англа-амерыканскі ўльтыматум, які меў бы затрымаць савецкае войска і...

І што? Пакінуць Польшчу гітлераўцам? Ці паверыць Бору, што расправімся з гітлераўцамі адзін на адзін?

Раптам пачалі замаўкаць віленскія інтэлегенты. Найбольш зацятыя яшчэ намагаліся, каб нешта выдумаць, нейкую камбінацыйку, яшчэ дзяўблі мяне зласлівасцямі, але - о, дзіва! - я мог дазволіць сабе памаўчаць, запаліць папяросу.

Таму, што скончыўся слоўны двубой сарака супраць аднаго. Дыскусія выбухнула сярод іх саміх. Розніца думак стала такой відавочнай у іхнім уласным асяроддзі, што забыліся на мяне, не саромеліся таго чужога, варожага тыпа, пачалі сварыцца паміж сабой.

Народная Польшча, агульнае папяровае бачанне якой мы вынеслі з Сялецкага лагера, Польшча зямельнай рэформы, нацыяналізацыі прамысловасці, дружбы з Савецкім Саюзам, тая адзіная Польшча, якая можа існаваць у нашу эпоху - нясмела з'явілася ў свядомасці тых інтэлегентаў. Мабыць наймацнейшым аргументам за яе была абсурднасць гіпотэз і запэўніванняў найзацяцейшых лонданчыкаў.

Канешне, найдаўжэй трымаліся яны Вільні і Львова. Цяжка мне было апераваць нашым асноўным аргументам у той справе: не можа быць вольным народ, які прыгнятае іншыя народы. Махалі рукамі, калі ім гэта падсоўваў. Махалі рукамі ў іншым сэнсе: цяжка.... Знайшліся і такія, якія пагражалі сваім правадырам: што ў свой час змарнавалі такую аказію. У свой - гэта значыць у 1941 годзе, за часы Сікорскага...

Сход закончыўся ў абсалютным разладзе. Змораны выйшаў на балкон, і тут даскочыў да мяне нейкі маленькі, нярвовы чалавечак, якога датуль у дыскусіі не заўважыў. Схапіў мяне за руку, пачаў шаптаць:

- Проша пана, па сакрэту пану скажу: я камендант Арміі Краёвай на Віленскае ваяводства. Два гады рызыкаваў што дзень. І ў адным пункце пан мае рацыю - гэта быдла, тыя абшарнікі.

Рука яго сутаргава сціснулася на маёй, вочы шалёна блішчалі. Меў маленькія вусікі, належаў да такіх рухавых, невялікіх мужчын, якім той уласна недахоп павялічвае безупыннае ўзвышэнне. У войску называюць іх "конусамі". Жаўнеры вельмі іх баяцца, бо яны зласлівыя, быццам бы калекі.

Заглянуў мне ў вочы. Я мусіў нахіліцца.

- Уявіце сабе, калі ласка, Па ўсім ваяводстве кідаўся, ведаеце, што за пекла гэта было, тут чырвоныя, тут немцы, тут літоўская міліцыя, ну, то жонку мусіў пасяліць у адным такім двары. То гэтае быдла, ведаеце, за асобным сталом сказалі ёй падаваць! Маёй жонцы! І пазней рахунак мне выставілі, кошты яе ўтрымання! А я, каму я маю выставіць рахунак? Што два гады шыю падстаўляў, каго баронячы, проша пана, каго баронячы?

Наша размова на тым скончылася. Нярвовы "конус" не складаў ніякіх асаблівых дэкларацый. нічога не прасіў, ні пра што не выпытваў. Чаму падскочыў да мяне на балконе?

Дзіўныя душы людскія. Я - першы напатканы ім прадстаўнік новага, варожага яму ладу - быў яму патрэбны, каб мог па-просту звычайна выказаць асабістую крыўду, якая мусіла яму моцна дакучаць, якую гонар не дазволіў яму даверыць нікому са сваіх, будзь - што будзь, падначаленых.

Сентыментальная гісторыя

Перад выездам у Вільню выклікаў мяне да сябе адзін з нашых вышэйшых афіцэраў, прозвішчам Z. Калі я пстрыкнуў перад ім абцасамі, сказаў мне:

- Паслухайце, капітан, у Вільні зайдзіце на вуліцу Татарскую, нумар такі і такі. Жыве там кравец N. Скажыце яму, што Z жывы і шле яму прывітанне.

- Так ёсць, грамадзянін Z!

- Адрас памятаеце?

Канешне, быў гэта суседні дом з тым, у якім жыў у 1933 годзе, пасля сваркі са Шрэдарамі і пакідання дома Краснадомскіх на Піўной.

Пайшоў цяпер на Татарскую. Дом быў цэлы, кравец жыў на першым паверсе, быў нават дома.

Выйшаў з-за нейкай занавескі ў класічнай кравецкай вопратцы: у камізэльцы і з метрам, перакінутым цераз плячо. Быў маленькі, нявідны. Не разумеючы глядзеў на мяне.

- Пан N?

- Так.

- Пан Z даручыў мне пераказаць пану, што жывы, што ў яго ўсё добра, і пасылае пану прывітанне...

N страшна змяшаўся, рукі яго пачалі лятаць, пачаў запрашаць мяне ўсярэдзіну. Я падзякаваў. Задаў пару пытанняў: у якім званні Z, на якой пасадзе. Калі сказаў, скамянеў. Падалося мне, што за сцяной, за драўлянай перагародкай нехта паварушыўся, нехта ўскрыкнуў.

Выйшаў, праведзены да дзвярэй краўцом. У цёмным калідоры быў нехта яшчэ.

Забыўся пра ўсю тую дробную гісторыю. Можа. праз чатыры гады прыехаў з Парыжа ў Варшаву. Зайшоў у "Чытэльнік", дзе меў нейкую выдавецкую справу.

Выскачыла адна з маіх універсітэцкіх каляжанак, мілая, вечна ўсмешлівая Блянка Барташэўская.

- Слухай, тут мая каляжанка з Вільні. Абавязкова хоча з табой паразмаўляць.

Выйшла кабета за трыццаць, нашага тыпу, гэта значыць: вялікая, моцная, з мілым, пухлым тварам, на якім якраз пачалі з'яўляцца першыя, бязлітасныя маршчынкі.

- Пан быў у нас, - сказала з моцным віленскім акцэнтам.

- Калі?

- У сорак чацвёртым. Мы жылі на Татарскай. Пан памятае, кравец...

Цяпер успомніў.

- Проша пана, няхай мне пан выбачыць, што з Z? Дзе ён? Што робіць?

Мушу сказаць, што ў той час пра Z распускалі розныя плёткі. Што арыштаваны, што Бог ведае, што.

- Але ж усё ў парадку. У акадэміі, праз пару гадоў скончыць яе.

- І вернецца?

- Відавочна. Жыве нармальна. Ён там з жонкай, з дзіцем, якое ходзіць у школу.

Не змянілася нават з твару, не паспела. Слёзы пырснулі ў яе з вачэй, праз хвілю затраслася ад плачу.

Стаяў, як дурань, не разумеючы, што з ёю, што на яе звалілася. Постаць Z была так нам усім знаёма, яго дзейнасць, яго сям'я, што па-просту не дасачыў дэталяў, якія для мяне былі вядомыя, а для яе, той пышнай здаровай, але перацвіўшай дзяўчыны сталіся панурай рэальнасцю: жонка, дзіця... Маё мімалётнае прывітанне прывяло да яшчэ некалькіх гадоў пустога чакання...

Кафка і чаравікі

Толькі праз пару дзён пачаў даграбацца да бліжэйшых знаёмых, прыяцеляў. Поль раздабыў нарэшце адрас аднаго з маіх літаратурных калег. Я прайходзіў у яго карпатлівае літаратурнае навучанне ў перадваенныя гады.

Быў страшна языкасты, хоць заікаўся. Заўсёды на два тыдні апераджаў мяне ў папулярызацыі новых кніжак, прозвішчаў, літаратурнай моды. Ледзве паспеў захапіцца "Вострым па вострым" Гукслея, як быў ужо пры Кафцы. Бязлітасны да слабейшых, умеў тым сваім двум тыдням надаць значэнне цэлай эпохі.

Таму я ішоў да яго з пэўным неспакоем: не бачыліся з ім не два тыдні, а пяць гадоў. У гэты час я не займаўся "авангарднай" літаратурайт і не здалеў дайсці нават да Кафкі. Ён жа тым часам - гэй жа га! - якіх інтэлектуальных вяршынь павінен быў дасягнуць.

Нейкі абадраны падворак, нейкая афіцынка. Быў дома! Прыняў мяне вельмі сардэчна. Селі адразу да размовы. Распытваў мяне не шмат, як звыкла, хацеў гаварыць пра сябе.

Але ж, не аднаму навучыўся падчас акупацыі. Між іншым стаў шаўцом, што дало яму сціплае, але рэгулярнае ўтрыманне. З пэўнай пагардай гаварыў пра пару нашых калегаў, лірычных паэтаў, якія пры Гітлеры сталі празаікамі асаблівага асартыменту: гандлярамі золатам і брыльянтамі. Ён жа толькі шыў чаравікі.

Пастаянна вяртаўся да тых чаравікаў! Так, як перад вайной умеў заўсёды гаварыць пра ўласныя (не лішне, на шчасце, часта ствараныя) вершы, так цяпер важнічаў чаравікамі. Хацеў нават зрабіць для майго ўжытку невялікую практычную лекцыю.

Я слухаў яго няўважліва. Бо праглядаў тое, што ён перахаваў з нашай перадваеннай дзейнасці і пісаніны. Якое багацце назваў! Колькі часопісаў, тыгоднікаў, нават газет выдавала тая малюткая група віленскай літаратурнай і палітычнай моладзі!

Канешне, шукаў перш за ўсё сваё: вершыкі, артыкульчыкі, нататкі, з якіх запомніў часам толькі назву, часам наогул нічога, але заўсёды нейкія агульныя ўражанні, што гэта добра, цікава...

Знайходзіў іх здзіўлены, як гэта далёка, якія малыя! Як бы глядзеў на іх праз перавернутую падзорную трубу.

Развітваўся з гаспадаром, поўны сораму, што гэтыя ўспаміны аказаліся сапраўды такія сціпленькія. І цяпер на вуліцы здаў сабе справу, што і ён падвёў мае чаканні, не ззяе ніякай інтэлектуальнай навізной. Што пасля Кафкі за ўвесь час акупацыі навучыўся толькі тым сваім чаравікам.

Дзяўчына з тварам, як маліна

Яшчэ адно спатканне, у прыгожых, як звыкла, Троках.

На руінах Троцкага замка (не таго на выспе) я прамаўляў да прызаўнікоў, якія мелі пайсці ў нашую Першую армію. Парк, рассыпаўшыеся замкавыя муры, найпрыгожы від на возера, выспы, ваколічныя гаі. Перада мной некалькі соцень чалавек, перш за ўсё прызыўнікі, таксама трохі сямей.

На першы погляд мястэчка не моцна пацярпела ад вайны. Ні баёў, ні бамбардзіровак не было, амаль нічога не спалена. Лакальная асаблівасць - караімы - захаваліся цэлымі. Яўрэі, аднак, зніклі, вымардаваныя на Панарах. Было іх не шмат, трохі рамеснікаў, трохі шынкароў. У адзін з такіх шынкоў мы хадзілі ў час прыезду на рэгаты на ветразевых лодках.

Якраз даведаўся пра смерць яго ўладальніцы, вясёлай, тоўстай яўрэйкі па прозвішчы Відэцкая.

І калі прамаўляў да прызаўнікоў, пачуццё, якое ад пачатку меў да нямецкага фашызму: нейкая мешаніна страху, нянавісці і абурэння, было падмацавана гэтым яго мясцовым злачынствам, хоць я не ўспомніў пра яго ні слова.

Калі скончыў, настроі прызыўнікоў былі някепскія, задалі пару рэальных пытанняў. Выходзіў з парку, сам не ведаючы, ці ісці пашвэндацца па вуліцах, ці вяртацца ў Вільню? У гэты час нехта звярнуўся да мяне.

Была гэта маладая, можа васемнаццацігадовая дзяўчына ўражвальнай прыгажосці. Блакітнавокая, светлавалосая, ружовавусная - мела ўсе дадзеныя, каб яе прыгажосць назваць уласна, прамяністай, чыстай, дзявочай. Я спыніўся аслупянелы.

Спытала, ці я сабе яе прыпамінаю. Буркнуў:

- Адкуль?

- Я то пана, аднак, добра памятаю, пан тут бываў у панства Фэкечаў.

Канешне, ездзілі да Нюські Фэкеч, прыяцелькі Іркі і прыгожай дзяўчыны. Пачало мне нешта праясняцца ў галаве. У час тых візітаў нешта там блыталася па падворку, нейкае стварэнне даўганогае, кірпатае. падрапанае.

- Гэта ж я! - сказала прыгожая дзяўчына, - гэта я была...

Пайшлі па вуліцы мястэчка, яна лапочучы нешта з грацыяй і без значэння, я ўглядаючыся ў яе і злуючыся, што ў два разы за яе старэйшы. Была аднак не толькі прыгожая, была мілая. Неўзабаве дала мне зразумець, што розніца ў веку не падаецца ёй істотнай. Ішлі, перайшоўшы да класічнай у такіх выпадках методы: прыпамінаць дэталі тых першых спатканняў і дадумваць іх значэнне. Такім спосабам цяперашняе спатканне траціць сваю мімалётнасць, абрастае перадгісторыяй, дазваляе прыспешыць бег падзей.

І калі маё захапленне ёю дасягнула вяршыні, дайшлі якраз да таго месца, дзе знайходзіўся наш любімы шынок. Быў спалены.

- Памятае, пані, - працягваў. - Быў тут шынок той тоўстай, вясёлай... як жа яна называлася? Мела такую выдатную караімскую халву!

- Памятаю, канешне. А тым часам..., - тут даверліва панізіла голас, - знае, пан. Гітлер, канешне, нарабіў страшных рэчаў. Але адно зрабіў добра з тымі яўрэямі!...

Спахапілася адразу, хоць не бачыла майго твару, не датыкаласяда маёй рукі. Яе даспяваўшая жаноцкасць мусіла яе ў тую хвілю абараніць. Ужо моўчкі. ужо толькі для спраўджання, якое вялікае ёсць глупства, што пальнула - паглядзела на мяне.

- Прабачце,- мармытнула. - Можа, пан - яўрэй?

- Што ж з таго, што не? - сказаў не гледзячы на яе, саромеючыся за яе, саромеючыся сябе самога, уражаны, зламаны, смутны.

Яшчэ нешта бубніла, яшчэ з робленай бадзёрасцю намагалася вярнуцца да свае нядаўняй бяскрыўднай балбатні. І я таксама намагаўся сябе пераканаць: дванаццаць гадоў мела перад вайной. Што ж яна ведае пра свет? Пачула тыя словы з вуснаў старэйшых, паважаных ёю людзей. Прыняла іх за свае, запомніла, бо няздольная да такога крытычнага аналізу...

І не мог ужо на яе глядзець. Усё, што складала праменнасць яе прыгажосці, падалося мне цяпер поўным нейкага іншага значэння, можа, аж панурага, можа толькі плюгавага...

Не ўсе былі такія

Канешне, не ўсе былі такія. Але вяртанне ў краіну маладосці аказалася таксама не латвым, мела досыць грозных значэнняў, больш чым краіна дзяцінства. Цяжка аказалася злапаць нашую маладосць, далёкую і - што горш, пасля злапання растрапаных нітак - зусім не такую, якую захавалі ва ўспамінах, якая заўсёды мае схільнасць да надання мінуламу ўрачыстых рысаў.

Праз пару тыдняў пасля нас прыехаў у Вільню той-сёй з "групы Дамбінскага". Стэфан Ендрыхоўскі даведаўся пра арышт і траплянне ў лагер Ганэчкі. Гаварылі пра нейкую мясцовасць пад Коўняй. Узяў ровар і паехаў на месца. Не даехаў: фронт яшчэ туды не дайшоў. Праз пару дзён вярнуўся ў Маскву.

Прыехала Ірэна Штрахельская. Ёй пашанцавала: брат Ежы і маці ацалелі. У іх доме недзе каля Пякелка, спаткаліся з недабіткамі нашага асяродка. Даведаліся пра далейшыя лёсы прыяцеляў, пераважна дрэнныя.

Пра Казіка Петрусевіча - што быў у партызанах на Беларусі. Яго жонка, Лілька, з ім разам. Была гэта прыгожая дзяўчына, сімпатычная, хоць куды. Вельмі мне падабалася.

Казік ажаніўся з ёю ў сваім стылі, павар'яцку. Была з нейкай зацятай эндэцкай сям'і. Ну, то Казік яе ўкраў, вырваў з асяроддзя, сілай накінуў ёй лад жыцця, схільнасці, бадай, ці не стыль вопраткі.

Казік быў баявіта, праграмна антымяшчанскі - але так, у стылі савецкіх дваццатых гадоў, калі і што да сям'і лічылася, ці не перажыткам. Ужо абое з Лількай закончылі вучобу, а жылі ў адным пакоі, дзе пры акне стаяў стол, па яго баках два ложкі шпітальнага тыпу і канец. На стале страшны балаган, усё разам: кніжкі, шклянкі, паперы, талеркі. Кожны зайходзь, калі хочаш, рабі, што хочаш, валіся на ложка, гавары, выходзь. Лілька ўсё зносіць, вокам не маргне, што мае гэтага вышэй галавы. Можа, ёй тое цыганскае жыццё падабалася.

Даведваемся, што памерла. Банальна, як на акупацыі: пры родах. Былі з Казікам у такіх умовах, што доктара не было, нейкае ўскладненне, як у цёмныя знахарскія часы, і Лілька загінула.

Сам Казік знойдзецца пазней. Таксама быў не раз на валасок ад смерці. Ацалеў.

Друта з Гугам ацалелі таксама: былі на вёсцы, працавалі недзе ў маёнтку парабкамі. Мута Дзявіцкая з мужам таксама.

Адна наша дзяўчына стала тэмай гонару і гамерычнага смеху. Была з мужам, як і тыя, на вёсцы. Працавалі на розных палявых работах. Праз нейкі час пачала таўсцець.

- Дзіўна, - гаворыць мужу. - Глядзі, зноў патаўсцела. Гэта ўсё ад той бульбы.

Таўсцела, таўсцела, аж пачаліся болі. Нарадзіўся моцны хлопчык...

У пані Дзявіцкай адбылася іншая сустрэча, чым у таго юрыста. Прыйшла моладзь, іншая, чым мы, так бы сказаць - цяперашняя. Разам з Ірэнай мы апавядалі пра Першую армію, пра нашую палітычную праграму.

Слухалі нас у цішыні. Я не адразу ўлавіў, што моладзь досыць няпростая. Тое, што я гаварыў, было вельмі звычайным, столькі разоў паўтараным мной у апошнія месяцы, што сталася для мяне проста руцінай.

Нашы маладыя слухачы глядзелі аднак на нас іначай. Некаторыя з іх ведалі нас некалькі гадоў таму назад, яшчэ з часоў "Групы". Толькі што мелі тады гадоў трохі за дзесяць, былі падлеткамі. Гэтыя некалькі гадоў зрабілі з іх маладзёнаў, а нас у іхніх вачах акружылі аўрай таямнічасці, амаль легенды.

Тут не было ніякіх правакацыйных пытанняў. Пыталіся галоўным чынам, як трапіць у І-ю армію. Найактышнейшая групка слухачоў праз пару тыдняў трапіла ў Люблін і была расхапана "на пні" сотняй узнікаючых якраз устаноў.

20 ліпеня, налёт

Колькі дзён быў тады ў Вільні? Тыдзень? Мабыць, не больш. Але тыя дні былі цяжкія на падзеі. Кожны з іх значыў больш, чым не адзін месяц.

У гэты час савецкія войскі дабраліся да мяжы Усходняй Прусіі, дайшлі пад Беласток, Ваўкавыск. Пачыналі рухацца ўкраінскія франты. Грозна набрыньвала лінія Прута. На захадзе саюзнікі нарэшце расшырылі свой Нармандскі плацдарм.

Усюды наспявалі вырашальныя падзеі. Зноў мяне агарнула нецярплівасць. Вырываўся з Валыні ў Вільню, бо па-першае, тут тады ішло найбольшае наступленне, па-другое, бо трохі спадзяваўся, што Ірка з Евай перабраліся ў Вільню, дзе, будзь - што будзе, Ірка мела сваіх цётак. Цяпер, калі на Валыні якраз мела рушыць новае настпленне, Вільня мне падалася ўжо ўпарадкаванай і нецікавай. Даў знаць у Маскву, што ўжо паехаў бы.

Аднак, пакуль Барэйша мяне выцягнуў, перажыў яшчэ ў Вільні адзін моцны налёт. Было гэта 20 ліпеня. Мы былі якраз у Дзявіцкіх. Загаварыліся, ноч была светлая, калі загулі самалёты.

Нічога такога не бачыў ад траўня, ад Роўна. Хутка здагадаліся, што галоўны аб'ект налёту - гэта ваколіцы вакзала. Стаялі на балконе. Неба рудое ад зарыва, няспынныя пробліскі выбухаў, яркае агністае святло "свечак", трасенне зямлі, жудасць.

Новы Свет, які пацярпеў ужо пры вызваленні Вільні, быў цяпер цалкам знішчаны. Пазней я даведаўся, што тады загінуў Зянон Шрэдар, які ажаніўся і жыў у доміку бабці, на Снежнай.

Гэты квартал наогул быў нешчаслівы. Канчаткова знішчыў яго падрыў гіганцкага цягніка з боепрыпасамі ў студзені 1945 года.

Той дзень, як аказалася, быў пераломны з многіх пунктаў погляду. Амерыканскія танкі рушылі на Брэтань і Лауру. Рушыла савецкае наступленне над Бугам. І ў той жа дзень прыйшлі весткі пра замах на Гітлера.

Нельга было ў той дзень нікога злавіць, усе сядзелі пры радыёпрыёмніках, выхопліваючы з трэскаў адрывачныя словы, склейваючы іх, намагаючыся надаць ім сэнс. Якраз цяпер канец вайны падаваўся за найбліжэйшым рогам вуліцы. Нават вестка пра расправу Гітлера над замахаўцамі не здолела парушыць нашай нецярплівасці.

На шчасце прыйшоў выклік у Маскву.

Масква, Барэйша

Апошні раз яе бачыў вайной. Некалькі дзён круціліся, чакаючы на адлёт групы, якую Барэйша якраз фармаваў для першай польскай газеты ў краі. Нецярплівасць страшная; ужо маем сенсацыі, пераход Буга, вызваленне Хэльма, маніфест, узнікненне ПНВК і выхад з падполля Краёвай нацыянальнай рады.

А тым часам яшчэ гэтая ваенная Масква. Толькі цяпер адрыўкі ўспамінаў набіраюць лірычныя колеры. Успамінаецца лета 41-га, маршыраваўшыя аддзелы, гаснуўшая - не вядома, на вуліцы ці ў галосніках песня:

Вставай страна огромная,

Вставай на смертный бой...

Цяпер усё цалкам іначай. Перамога гарантаваная. Ёсць, зрэшты, вельмі цяжка з харчаваннем, з усім, але гэтага не відно, толькі тое чаканне перамогі. Што вечар нецяплівасць - ёсць сёння салют ці няма. І калі ёсць, то якога рангу, звычайнага, гэта значыць дванаццаць залпаў, ці вышэйшага, г.зн. дваццаць чатыры залпы. А былі і найвышэйшыя, па трыццаць шэсць, здаецца. Гэта пры вызваленні сталіц.

Гэтая вайна, гэтая вайна, якая так страшна пачалася, так доўга працягвалася, усё-такі заканчваецца. Я ўвесь у нецярпенні, калі будзе па ёй. Ведаю з папярэдніх досведаў, хоць дробных, што вельмі неабачліва на нешта занадта чакаць: бо тады забываеш пра ценявы бок таго, што на што чакаеш, бачыш адзін толькі бляск і непазбежна перажываеш расчараванні ў момант спаўнення мараў. А ўсё ж цяпер не патрафлю хоць бы сілаю ўявіць сабе тыя цені часу "па вайне".

"Па вайне" - гэта і вызваленне ад ваеннага страху, ад бруду і жудасці, якіх столькі наглядзеліся, гэта і рэалізацыя вялікіх планаў пра гэтую нашу Польшчу, і свабода літаратурнай працы. І можа найдабітней, найканкрэтней, што надавала сэнс усяму, што добрае ў тым "па вайне" - адшуканне Іркі і Евы.

Перапоўнены нецярплівасцю, ці ж бы мог хоць хвілю думаць, што і час, які якраз заканчваецца, набярэ некалі для мяне каларыт пачуццёвага далёкага ад цемры. Цяпер часам, успамінаючы вайну, усміхаемся, такімі дробнымі падаюцца страхі, якія мяне наведвалі ў Сяльцах, так шмат знайшлося сапраўдных страхаў і "па вайне". Напэўна галоўнай прычынай тых мілых успамінаў была маладосць, якая ўласна скончылася, якая нават на вайну патрафіла накінуць нешта светлае.

Толькі цяпер усведамляю сабе і нешта іншае. Пасля вайны знайшоў шмат рэчаў, якія на чалавечай біржы ўважаліся за найвышэйшыя. Ніколі не шкадаваў пра ваенныя часы, ані, барані Божа, не марыў, каб яны вярнуліся. А тым не менш, калі маю акрэсліць сябе як характар, як асобу - то іначай, як чалавекам Другой вайны назваць сябе не патрафлю. Гэта была страшная эпоха. Мы не мусілі яе выбіраць, трапілі ў яе, як у транспартную катастрофу, яна выбрала нас і пазначыла да канца жыцця.

У той позьневаеннай Маскве намножылася польскіх пляцовак. Нарадзіліся першыя саноўнікі, яшчэ толькі смешныя, яшчэ аб'екты першых жартаў. Пачала паўставаць атмасфера сталіцы: гандляванняў, манёўраў, плётак, схаванага спаборніцтва. Былі больш нецярплівыя, якія вырываліся ў першыя вызваленыя гарады. Іншыя лічылі за лепшае сядзець, займалі пасля першых пакоі ў "абшчажыццях". Наз'язджалася шмат людзей з глыбінкі. З'явіўся Вітас, гэты меншы, Андрэй. Мелі таксама "свайго Стагля, якога, здаецца, ужо выцягнулі з войска. Быў Ржымоўскі, выграблены намі з Крамянца. З Сібіры з'явіўся Дробнер.

Бываў ужо ў нас у "Новых гарызонтах", у Куйбышаве. З уласцівай яму геніяльнасцю разуменя вялікіх, палітычных рацый і поўнага ігнаравання такой неістотнай рэчы, як "гістарычны момант", недзе ў 1942 годзе агітаваў нас за скліканне Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення і фармавання ўласных вайсковых частак. Калі гэта стала мажлівым праз год, не прамінаў, як Ірыкоўскі, сцвярджаць, што першым падаў такую ідэю.

Гэты выдатны апавядальнік. З'явіўся ў сваім сукмане ці то тужурцы, з вусамі, сівы. Апавядаў пра Сібір. Жукоўскаму апавядаў пра візіт да яго Завішы Чорнага, таго з "Вяселля". Я запомніў дробны малюнак: Дробнер пасе быдла ў стэпе, страшныя камары, раптам бачыць: дарогай едзе воз з труной, ззаду ідзе пару чалавек, танцуюць! Здзіўлены прыглядаецца. Не, толькі адганяюць камароў рукамі, нагамі, усім.

Холм і Люблін

Нарэшце адлёт! Сядаемся ў Кіеве, нічога з гэтага не памятаю, можа, трохі атмасферу, вядомую з аповесці Някрасава "У родным горадзе". Каля вакзала натоўпы гандляроў, нейкія яшчэ прыватныя латкі, пыл, гарачыня. А можа гэта з нейкага ранейшага прыезду? Быў тут, здаецца ў чэрвені, першы З'езд палякаў Украіны пасля вызвалення. Я прамаўляў на ім ад імя польскіх пісьменнікаў.

Зноў палёт. Выглядаем праз акенца Буг. Доўга яго няма. Сядаемся на нейкім лясным аэрадроме, трэба ісці некалькі соцень метраў да адзінага тут будынка, страшна далёка, як падаецца з самалёта...

Ляцім. Буг прагапілі, бо хмары. У Кіеве не маглі нам сказаць, дзе ПНВК, у Холме ці ўжо ў Любліне. Сядаемся ў Холме. 1 жніўня 1944 года.

Аэрадром палявы. Страшна рычаць пры пасадцы "Які". Ідзе дождж, праз хмары свеціць сонца, доўга чакалі, пакуль прыехала санітарка і па страшнай дарозе датарабанілі да горада.

Велізарны, непрапарцыянальна вялікі, як на двухпавярховае мястэчка, гмах былой дырэкцыі Польскіх чыгуначных ліній. Сцяг, пастарункі. Але ПНВК адтуль ужо выфыркнуў. Падаецца, у Люблін, а, можа, і далей. Камюніке смутна гавораць пра бітвы над Віслай. Хто ведае, ці нашы не дасягнулі ўжо да Варшавы.

Дождж лье, змяркаецца. Нягледзячы на гэта рушым у горад. Агарнула мяне нецярплівасць. Абавязкова, любой цаной, як найхутчэй хачу знайсці адзінага холмскага літаратара, вядомага ў Польшчы, ці КАЯ, Казіміра Андрэя Яворскага, паэта і перакладчыка, рэдактара і выдаўца мілай, непрэтэнзійнай "Камены".

Падавалася мне, што яго павінна тут ведаць кожнае дзіця. Але нейкі час наогул нтыкаўся на пацісканне плячамі, а калі нарэшце трапляю на след - то таму, што гавару: настаўнік гімназіі. Пра паэта тут не чулі.

Весткі невясёлыя. Быў у Араніенбургу. Цяпер, здаецца, недзе на вёсцы.

Дождж лье. Самалёты вяртаюцца. Начуем у нейкай чыгуначнай калоніі, занятай пазней немцамі, а цяпер пустой. На кожнага з нас прыпадае па некалькі пакояў. Аж страх...

На наступны дзень зноў самалёт, дзесяць з нечым хвілін палёту тут жа над дрэвамі. Люблін.

Так, як Холм бачу пастаянна ў дажджы, так пасля Любліна засталося мне ў памяці шмат сонца, гарачыні, пылу. Мы прыехалі ў момант, калі першы пад'ём, выкліканы свабодай, ужо прайшоў, а жыццё яшчэ не ўнармавалася. Было вельмі блізка ад фронту. Горад гуў ад аўтамабіляў. За магутнымі грузавікамі дробна тупалі, як таксы супрацьтанкавыя гарматкі або беглі рыссю гарбатыя, атуленыя ў брэзент, зеніткі. Праляталі адрыўкі песень і пакуль іх удавалася дачуць, спевакі ўжо міналі паварот, хіліліся ў кузаў аўтамабіля, знікалі. Кірунак быў адзін. Захад.

Было страшна мала часу. Дзень па дні міналі хутчэй, чым калі-небудзь. Сёння ўжо цяжка згадаць усё, чым яны былі напоўнены. А калі спрабую адкрыць сабе тагачасны пейзаж - вось галоўны матыў: распаленае жнівеньскае сонца, неба чыстае, блакітнае, на гарызонце ўжо па-асенняму прыбляклае. Недзе вельмі высока адзін нябачны самалёт. Яго вуркатанне, то сцішанае, то ўзрослае кружыцца над намі без перапынку.

Першыя ўражанні

Спрабуем раздзяліць успаміны. Найперш абагульненні, потым дробныя, канкрэтныя факты.

Маё галоўнае пачуцце: дзіўны, невядомы мне край. Пасля Сельцаў, пасля жытомірскіх і луцкіх вёсак, у Любліне выцяла мяне нешта вялікагарадское. Дзіўна, нават нядаўняя Вільня не аслабіла гэтага кантрасту.

З чаго гэта бралася? Не з велічыні горада, канешне, не з архітэктурнай прыгажосці. Думаю, што вялікую ролю ў тым адыграў такі празаічны момант як крамы ці рэстараны.

У Вільні нічога такога не было: толькі сталоўкі. Тут мы засталі шмат дробных прыватных крамак, якія гандлявалі, чым хочаш, не маючым пераважна ніякага значэння. Нейкія жудасныя ўпрыгожванні, сувеніры, паштоўкі. Бутэлечка лаку. Шчотка з рысавай саломкі. У тыя ваенныя часы можна было без гэтага дакладна абысціся, толькі таму, зрэшты, засталося гэта яшчэ ў крамках. А перш за ўсё сам факт, што можаш у любую хвілю ўвайсці ў крамку і зажадаць, што захочаш з тых скарбаў - стварала ў душы частку таго ж уласна паняцця вялікагародскасці. Яшчэ больш падтрымлівалі гэтае ўражанне забягалаўкі і кавярні, якія ўжо тут існавалі, хоць бедныя і непераборлівыя.

Люблін падаўся мне вельмі парадным, чыстым, з прэтэнзіямі на элегантнасць. Нешта такое бачыў перад тым - але ў меншай ступені - у Роўна. І гэта не цяжка расшыфраваць. Мы патрапілі перш за ўсё на будынкі панямецкія. Сядзелі там перад намі досыць высокія чыноўнікі або афіцэры. Гэтыя ж "з ідэалагічных поглядаў" стараліся свае афіцыны абставіць "рэпрэзентацыйна".

У першыя дні панаваў тут, канешне, вялікі балаган. На мурах і парканах яшчэ страшылі гітлераўскія абвесткі і загады, пачыналі жоўкнуць ліпеньскія маніфесты, выскоквалі з дня ў дзень усё больш шматлікія распараджэнні толькі ўзнікаючых уладаў. З'явіліся таксама першыя ўлёткі і надпісы, скіраваныя супраць нас.

Спазніўся, не быў пры ўваходзе нашай арміі ў Люблін. Апавядалі, што ў Холме здарылася прыкрая гісторыя: натоўпы былі велізарныя, усе выбеглі на вуліцы, і, калі аўтамабіль якраз пад'язджаў, упаў пад кола нейкі падлетак.

Калі я прыехаў, таго паўсюднага пад'ёму ўжо не застаў: вельмі хутка ад стыхійнай еднасці справа вярнулася да нормы, да барацьбы. Нажаль, вельмі хутка набыла яна крывавыя формы.

Як праз імглу прыпамінаю сабе расклееныя мабілізацыйныя загады, падпісаныя мясцовай камендатурай АК. А адразу на пачатку жніўня недзе пад Холмам здзейснены першы замах супраць народнай улады. Вайсковая машына, якой ехаў на мабілізацыю наш маёр, свежа прызначаны камендантам РКУ, трапіў на міну. Загінула некалькі чалавек на чале з маёрам.

Першыя акты барацьбы распачыналіся ў вельмі нявыгадных для нашых ворагаў акалічнасцях: ва ўмовах зямельнай рэформы. Першая вялікая акцыя ПНВК адразу сустрэла зацятае супрацьдзеянне розных лонданскіх агентаў. Не шкадавалі нічога: ад плётак, запужвання тых, хто браў зямлю, аж да нападу, біцця і забойства нашых пасланцаў, якія дзялілі зямлю, і лішне актыўных з тых, хто зямлю браў.

Але я быў у горадзе, увесь паглынуты новай для мяне працай, гэта ўсё даходзіла да мяне ў аповясцях і настроі, не бачыў на ўласныя вочы нічога з найтрагічнейшых частак тагачаснага жыцця.

"Рэчпаспаліта"

Нашую газету назвалі "Рэчпаспаліта" ("Рэспубліка"). Прынялі гэтую прадстаўнічую назву, хоць перад вайной было ўжо такое выданне, якое выдавалі памяркоўныя эндэкі і якое падупала разам з закатам памяркоўнасці. Барэйша аднак адважыўся назву забраць: была вельмі выгадная. Бо выданне мела быць не партыйнае, народна-фронтаўскае. Адначасова ўзнікалі органы ўзнікаючых партый, якія выходзілі з падполля. ПРП мела "Голас народа", ПСП - канешне, "Работніка", Народны блок - бадай што, "Зялёны штандар". Мы былі "агульныя".

Першы нумар газеты выйшаў з датай 4 жніўня. ці праз два дні пасля нашага прыезду. Узважыўшы ўмовы, вычын проста незвычайны.

Барэйша ў той час перажываў проста фантастычны перыяд. Яго энергія, кемлівасць, размах аказаліся непараўнальнымі. Мы прыехалі ў горад невялікі, але прызначаны на сталіцу. Усе лепшыя будынкі ўжо выбралі сабе мацнейшыя інстытуцыі з ПНВК і камандаваннем войска на чале.

А між тым ужо ў першы дзень Барэйша вытрас і загроб вельмі прыгожы і добра дагледжаны гмах на Кракаўскім прадмесці, 61. Цэлы паверх пайшоў пад рэдакцыю. Сабе ўзяў вялікі кабінет з прыгожым дываном, тэрасай і павойнымі раслінамі. Збоку пусты пакойчык, прызначаны для мяне. Я быў яго намеснікам. Мікулка, здаецца, быў сакратаром рэдакцыі. Яшчэ некалькі чалавек...

Ва ўсім Любліне была адна старэнькая друкарня, здаецца, без лінатыпаў і з вельмі прымітыўнай друкарскай машынай. Хоць наклады газет былі невялікія, было тых газет столькі, што друкарня працавала без хвілі перапынку, паводле вельмі шчыльнага пагадзіннага раскладу. На шчасце памеры газет таксама былі невялікія, наша мела чатыры палоскі фармату ў два разы меншага, чым сённяшняя "Трыбуна". Часам шэсць.

Гэта страшная рэч, газета. Як тэатр, становіцца прафесіяй - наркотыкам, засмоктвае чалавека без рэшты, не пакідае яму часу ні на што акрамя яе, а калі яе кіне, не шмат іншых заняткаў патрафіць яшчэ чалавека зацікавіць, так усё пасля яе падаецца кволым, нічога не вартым.

Цяпер я пачынаў у гэта ўцягвацца. Пісаў традыцыйныя агляды дзеянняў на франтах, вельмі павярхоўныя, бо абапёртыя толькі на афіцыйныя камюніке. Часам нешта большае.

Рабіў за тое шмат рэдакцыйных дробязяў. Нумар пасля дыскутавання, складання, вёрсткі, карэктуры - але перад пускам у друк, ішоў яшчэ раз да Барэйшы. Змучаны за цэлы дзень беганіны згрызоты за паперу, фарбу, машыну, канферэнцыямі і нарадамі, Барэйша вяртаўся дадому, еў абы што, абы шмат і хутка, а потым валіўся часта ў вопратцы на лежбішча. Каля першай кур'ер з рэдакцыі прывозіў яму калонкі. Барэйша прачынаўся, хвіліну чухаўся, непрытомны, потым сядаў да чытання. Некаторыя рэчы, якія маглі мець нейкае "алюзійнае" значэнне, чытаў па некалькі разоў, не адразу будучы пэўным у сваім меркаванні. Наогул, у той час гэта не былі жарты, карэктура. Даходзіла да таго, што ўжо пасля ўсіх чытанняў правяралі. ці першыя літары кожнай калонкі вершаў не ўкладаліся выпадкам у непрыемныя анаграмы.

Прагледжаныя на ўсе бокі аркушы ішлі ў друкарню. Барэйша вяртаўся на лежбішча.

Цяжка іначай назваць тое, на чым спаў. У той час як бы сумысля падкрэсліваў у сабе і вакол сябе абыякасць, неахайнасць, каб тым мацней давесці, што моцна заняты важнымі справамі, што было праўдай, і не мае часу на дробязі.

І таму паступова я пераймаў то гэты, то той з яго абавязкаў. Памятаю, колькі светлага трымцення перажыў, калі даручыў мне накрапаць уступны артыкул. Яны былі не падпісаныя - гэта значыць у тры разы больш адказныя. Страшна пацеў, пакуль вымучыў тыя дзесяць з нечым фраз: мусілі быць забяспечаны з усіх бакоў, гэта значыць на практыцы, дасканала нейтральныя. Пазней ішло гэта, як вада з крана...

Думаю, што для даследчыкаў "памылак і скажэнняў" у вобласці прапаганды цяжка знайсці больш удзячны матэрыял, чым перадавіцы. Тут клопат аб абароне таго, хто піша, ад лупцоўкі з боку начальнікаў так несумненна пераважае над клопатам аб здабыцці сабе прыхільнікаў сярод чытачоў, што з клінічнай дакладнасцю можна назіраць усе таямніцы выкручвання ад таго, каб не назваць рэч па імені, раздзімання аднаго, замочвання іншага, усе хітрасці і, Бог ведае, што яшчэ.

Ведаю нават тэарэтыкаў гэтага мастацтва гаварыць пра нішто. Праз некалькі гадоў адзін з іх цалкам сур'ёзна мне тлумачыў: калі хочаш хваліць дасягненні, каля адной дзясятай пасвяці паказу двух-трох недахопаў. Бо іначай будзе, што не бачыш далейшых мажлівасцяў развіцця. Наадварот. калі маеш крытыкаваць, што найменш адну трэць на пачатку пасвяці асвятленню пазітываў, каб не выглядала, што крытыкуеш самі асновы. Канец цытаты.

Так, але першая перадавіца падавалася мне амаль зыходным пунктам маршу чалавецтва да сацыялізму...

Пазней, калі Барэйшы не было, я праглядваў і падпісваў палосы. Дзіўна, не меў асаблівых уражанняў ад адказнасці. Вынікала гэта напэўна з адсутнасці ўяўлення.

Часам трапіцца мне нумар "Рэчыпаспалітай". Маю нават асобнік яе сотага нумара. На крэмавай, пакункавай паперы, залатой фарбай ціснены - але вельмі, вельмі вадзяністы... Адзіны яго больш-менш жывы акцэнт - гэта верш Яна Гушчы, наймалодшага з жагарыстаў, а можа, найстарэйшага з постжагарыстаў, які толькі вярнуўся з І Арміі і таксама працаваў у рэдакцыі.

Радзівілаўская, 9

Першыя дні жылі групай з некалькіх чалавек на зашклёнай верандзе нейкага дома каля Спакойнай, амаль насупраць гімназіі, дзе размясціўся ПНВК. Час быў так запоўнены, што я толькі прыходзіў на ноч, у поцемку (было зацямненне) валіўся на ложка, уставаў з сонцам. У куце падворка велізарная сцірта зграбных бутэлек рэйнскага віна, якое вытрубілі немцы. Нейкі налёт.

У той першы перыяд мы жылі ў стадыі "першабытнага камунізму". Была, напр., толькі адна сталоўка, таксама па суседству. У хвілю выдачы абедаў натоўп людзей запаўняў газоны. Сядалі за доўгія сталы, бадай што на лавах, а можа крэслах, якія часам трэба было прыносіць з сабой. Елі тут усе - ад шафёраў грузавікоў да свежа спечаных міністраў. Гэтыя мелі тэарэтычнае права на асобны стол, дзе тэарэтычна абслужваліся па-за чаргой. Але на практыцы націск чакаўшых быў такі вялікі, што любое пустое месца бралі штурмам, незалежна ад рангу.

З'еў тут неяк абед каля невысокага чалавека з цёмнымі валасамі, невялікімі вусікамі і дабрадушным, трохі змучаным поглядам. Не меў паняцця, што за ён. Але бачу, што пасля абеду размаўляе з маім адным знаёмым, а потым быў сапхнуты хваляй падыходзячых, сходзіць са сцежкі на газон.

Пытаюся ў знаёмага, хто гэта.

- Як хто, гэта ж Берут!

Мы яшчэ не ўмелі друкаваць фатаграфіі. Прозвішча ўжо ведаў, твара яшчэ не бачыў. З гэтым прозвішчам ужо дзеяліся розныя рэчы. Шапталі, што не сапраўднае, што сапраўднае Бярнацкі-Руткоўскі. Нібы для нечага ад двух прыгожых прозвішчаў адрокся на карысць трэцяга, для чаго, гэтага ўжо шатуны не тлумачылі. Важней было шапнуць: у іх усё - ліпа...

З той сталоўкі яшчэ дробязь. Была яна ў невялікім, вельмі "gemutlich" доміку. Канешне, што панямецкі, таму ў сталоўцы віселі рогі аленя. Віселі сабе віселі, аж раптам - бэнц, падаюць. Адна з нашых рэдакцыйных працаўніц атрымоўвае імі па галаве так моцна, што некалькі тыдняў мусіць ляжаць у ложку. Не цяжка на анекдоты. Што лёс бывае зласлівы, то ведаю, але каб меў такое пачуццё гумару - першы вядомы мне асабіста довад. Бо той выстрал рагамі быў выключна трапны.

Праз некалькі тыдняў, калі аказалася, што савецкае наступленне затрымалася на Вісле, Барэйша вытрас для нас цэлы асобны домік каля пляца Уніі, на Радзівілаўскай, 9. І тут размяшчалася нейкая афіцэрская сталоўка ці чыноўніцкі клуб. На першым паверсе была вялікая зала і бадай што тры асобныя пакоі, усе зробленыя ў стылі псеўда-старанямецка-народным, гэта значыць з шалёўкамі, з лавамі, якія з іх вырасталі, са сталамі, адпаведна зробленымі, яшчэ з нечым такім на сценах.

У час баёў у домік патрапіў адзін снарад, выбіўшы дзірку ў сцяне. Напэўна, таму не хапнулі яго мацнейшыя за нас інстытуцыі. Барэйша залатаў дзірку, і раптам стала тут вельмі прыемна. Быў нават садзік, ужо спустошаны грузавікамі, якія сюды ўрываліся, але яшчэ з нейкай разьбой.

Гэты домік стаў галоўнай кватэрай для літаратараў на ўвесь люблінскі перыяд. Дзякуючы Барэйшу, кожны літаратар, які прыязджаў у Люблін, перш чым атрымаць працу ці жыллё, ужо мог тут есці і спаць. Есці і піць, трэба разумець. Пілі, зрэшты, моцна. Мінкевіч, які аказаўся тут вельмі хутка, правёў гамерычны матч з Мікулкам, якога перамог па пунктах. Спаіў нават мяне. Гэта, мабыць, у перадапошні раз у жыцці я быў сапраўды п'яны. Знакаміты партызан Озга-Міхальскі, прыехаў якраз з сандамірскага плацдарма і прывёз у падарунак цэлую бутлю трафейнага спірту. Пілі яго пару дзён. Памятаю сваё здзіўленне: наліваецца сірт, наверх трохі вады. Тады ўсё прыгожа мігцела, а шклянка разагравалася.

Чалавек пасля выпівання таксама. На тым грунце дайшло амаль да драмы. Я якраз у той час ажаніўся (па пажаданні бакоў цалкам абмінаю дэталі). З гэтай нагоды мы атрымалі асобны пакой - той з дзіркай у сцяне, неяк залатанай.

І вось аднойчы я даведаўся, што адзін калега пасля ўжытку значнай порцыі спірту пачаў прыставаць да маёй жонкі, аж мусіла ўцякаць, хавацца ў іншым пакоі. Агарнула мяне непрытомная лютасць. Кінуўся на фраера... Адцягнулі мяне, таго адправілі ў рэдакцыю. Замкнуўся ў пакоі, пачаў нешта друкаваць на машынцы. Потым хадзіў па Кракаўскім і раскідваў улёткі з кароткім і выразным тэкстам: "Путрамант мяне б'е".

Але найбольш маляўнічая сцэна адбылася на другім паверсе. Там быў "супольны пакой", інтарнат для прыезджых. У пярэдняй стаяў ложак, на ім свежа прыбылы. Прыбыш - у ложку, бо з грыпам. Далей п'янка. Нягоднікі спаілі хворага. Ляжаў распалены і ўвесь час рагатаў сам з сябе.

Літаратары

Як ужо ўлез у гэтую тэму, скончу яе. Можа наймілейшым для мяне ў Любліне было разрастанне пісьменніцкага асяродка. На працягу трох гадоў было нас разам паўтузіна, ведалі адзін аднаго навылёт, перасталі ад сябе нечага спадзявацца. А тут выбух, столькі новых.

У самім горадзе на момант майго прыезду была толькі групка моладзі, якая адразу пачала вакол нас круціцца. Дзве пансіянаткі, якія вельмі сябравалі паміж сабой: вышэйшая, з дзіўным, няправільным, але цікавым тварам, Юлія Гартвіг, ніжэйшая, лагодная Анна Каменская. Круціўся каля іх пачатковец-крытык, тэатролаг і інтэлектуаліст Зыгмунт Калужынскі. Вельмі малады, а ўжо метафізік, Яцак Бахенскі. Трохі старэйшы, вядомы мне з даваеннага часу, выхаванец Мыслінскага, Ежы Плесняровіч.

У палове жніўня, каб нарэшце разгледзецца, каго маем у Любліне, усунуў у газету абвестку: дня такога і такога, там і там адбудзецца сход літаратараў. Усе, якія сябе за такіх лічаць, запрашаюцца...

З дрыжыкамі ў сэрцы чакаў гасцей. Прыйшло больш дзясятка. Нікога з іх не ведаў. З ліста прысутнасці даведаўся, што ў зале ёсць КАЙ-Яворскі. Астатнія - гэта была моладзь. Трохі пагаварылі. Разышліся...

Потым пачалі сходзіцца і з'язджацца. Было пару партызанаў. Пра Оздру ўжо згадваў. Падцягнуўся неўзабаве мой знаёмы на працягу 10 гадоў - Ян Аляксандр Круль. Быў, мабыць, яшчэ малодшы, чым 10 гадоў таму назад: вялізарны румянец, прыгожы твар і поўны інтэлектуаліст. Выступіў пару разоў з радыкальнымі праектамі, напрыклад, стажыроўкі літаратараў на фабрыках і ў мужыкоў, каб глыбей пазнаць жыццё народа. Потым заснаваў выданне "Вёска". Дачакалася яно найкаротшай рэцэнзіі ""Вёску" маю недзе". Цяпер паглынула яго (Круля) вялікая палітыка.

Прыйшоў другі партызан: Станіслаў Ежы Лец. Звычайна дагэтуль улюбёнай тэмай яго показак было знаёмства з Венай і ўласнае баронскае паходжанне. Цяпер пеналадзіўся на апісанне ваенных дзеянняў. Праяўляў таксама цягу да жанчын, і гэта прывяло мяне да напісання прафілактычнага жарту:

Лец не заляцаецца лёгка, як залётны малец.

Лец тварам і плячамі ўзлятае над спадзеўкай.

Калі выцягвае палец, хочацца сказаць: "Па, Лец!"

Бо Лец ляціць, каб з пані ўчыніць гуляшчую дзеўку.

Быў ён настолькі элегантны, што не абразіўся і нават насуперак рэчаіснасці вершык пахваліў.

Пра Мінкевіча ўжо згадваў. Трохі пазней з'явіўся Яструн з жонкай. На ім тры гады акупацыі адбіліся, можа, наймацней. Памятаў яго са Львова і быў здзіўлены зменамі ў яго твары, словах, вачах.

Кружылі смутныя чуткі, што Пшыбась знайшоўся ў Жэшаве. Гаварылі, што быў начальнікам інфармацыі і прапаганды ва ўтвораным самастойным Жэшаўшкім ваяводстве. Не хацелася мне верыць: Пшыбась - у прапагандзе! Бедны Пшыбась! Бедная, бедная інфармацыя і прапаганда!

Зрабілі цэлую выправу, каб яго даставіць. Канешне, далі мне таксама іншыя даручэнні - вытрасці паперу, неша там яшчэ. Паехалі грузавіком праз крутыя, пакапаныя дарогі - на Краснік, Янаў Люблінскі, Ніску. У Жэшаве, вельмі ваенным, цалкам непадобным да горада, які бачыў у 1929 годзе, спаткаў упаўнаважаных ураду Дробнера і Скшашэўскага. Яны чуць не хацелі пра адданне Пшыбася. Крычалі, што зноў пачынаецца агаленне правінцыі Варшавай. Бо калі Люблін быў в.а. Варшавы, Жэшаў быў в.а. Кракава - нават з тым "антываршаўскім" комплексам.

Не спаткаў Пшыбася, быў на тэрыторыі. Вярталіся іншай трасай - на Любачоў, Тамашоў Люблінскі, Красны Стаў. Адна сцэнка засела мне ў памяці. Ужо тут круціліся банды. Едзем праз пусты, панішчаны край, поўны пакінутых вёсак і разлеглых загайнікаў. Я сядзеў ззаду пад вялікай будой грузавіка. Побач пару выпадковых жаўнераў. Дарога пустая, раптам каля куста тып у невядома якім мундзіры, з ППШ. Паспрабаваў махнуць рукой, каб затрымаць машыну, кіровец не прыпыніўся, і, калі чалавек вынырнуў з пылу, ужо не махаў рукой, раз'юшаны, схапіў ППШ і прыцэліўся ў нас.

Бачу яго выдатна, ужо аддаліўся з тым сваім ППШ. Неяк зусім яго не баюся. Пагразіў яму пальцам. як няветліваму бахуру.

А ў Жэшаў мы везлі нейкага тыпа з канвойнымі. Апавядалі мне, што гэта касцюшкавец, адзін з тых, якія пад Леніна трапілі ў нямецкую няволю і, прымушаныя гітлераўцамі, раз'язджалі па Губернатарстве, апавядаючы байкі пра нашую дывізію.

Пшыбась з'явіўся ў Любліне сам. Барэйша яго скаапераваў. Яго прыход быў досыць ідылічны. Некаторыя з'яўляліся ва ўмовах значна больш драматычных.

Пра Парандоўскага першыя чуткі былі проста роспачлівыя. Быў у Келецкім ваяводстве, хаваўся ў нейкім маёнтку. Якраз там затрымалася лінія фронту. Пасля ўтварэння Чырвонай Арміяй Сандамірскага выступу двор аказаўся на нічыйнай зямлі. Што дзень трывалі артылерыйскія двубоі, і праз пару тыдняў у піўніцы сядзела некалькі дзясяткаў чалавек. Парандоўскі быў там з жонкай і двума дзецьмі. Трэцяе ў яго якраз нарадзілася.

Барэйша зноў арганізаваў ратунковую выправу. Парандоўскага знайшлі ўжо ў Дзікаве, у зносных умовах. Паслалі па яго самалёт. Але інструкцыі, якія атрымалі лётчыкі, былі смутныя, "на ўсялякі выпадак" шуканага пільнаваць, як бы мог уцячы. Канешне, адпаведныя сферы пусцілі плёткі пра яго арышт.

Даставілі яго з усёй сям'ёй у Люблін, а потым памясцілі ў маёнтку аднаго архітэктара, які той ахвяраваў на дом працы літаратараў. У найбліжэйшыя месяцы дом быў некалькі разоў атакаваны бандамі, яго жыхары абрабаваны да ануч, не гаворачы ўжо пра нешта каштоўнае.

Яшчэ адна выправа: у Сандамір. Ужо кастрычнік, прыгожае, але халоднае надвор'е. Едзем з Курылюком, бо даведаліся, што недзе тут знаходзяцца Бурак і Пентак.

Бурка мы знайшлі на вяршыне ўзгорка, на краі горада, недзе каля парку, у доме насупраць спаленага касцёла. Сандамір быў вельмі прыгожы; сонца і чырвань садоў, велізарная перспектыва "таго берага".

Вяртаемся. Вакзал і правабярэжнае прадмесце спалены. Немцы ляніва абстрэльваюць станцыю з аднаго, дзяжурнага мінамёта. Нешта, як цягнік, фурчыць у паветры, хвіля цішы, грукат.

Уязджаем у Вялоўсь, радзіму аўтара "Белавясковых начэй". Паміж двума выбухамі дапытваемся пра яго дом. Ён - асоба вядомая: усе навыперадкі махаюць рукамі.

Заскакваем у маленькую хатку і ловім Пентака на гарачым: сядзіць пасярод хаты і піша. Вакол завалы рукапісаў. Пад акном рыкаюць каровы, грукаюць міны, а ён сядзіць і піша. Угледзеў нас, устаў, ніколькі не здзівіўся. Пацягнулі яго з сабой у машыну. Спрабаваў супраціўляцца, але нас было болей. Па дарозе згубіў капялюш.

Першы з'езд і "Станьчык"

Першага верасня адбыўся ўстаноўчы сход Саюза польскіх пісьменнікаў (літаратараў). Спрабавалі яго неяк падрыхтаваць, але зрабіць маглі не шмат. У зале - у сталоўцы на Радзівілаўскай, сабралася з пяцьдзесят чалавек, у тым ліку, з нейкім літаратурным даробкам, можа з паўтузіна.

У паўсталым якраз рэсурсе культуры і мастацтва стварылі дэпартамент літаратуры, першым дырэктарам якога быў Леан Пастарнак. Прыслаў ён на з'езд невядома адкуль вытрасенага мужыцкага паэта. Паэт выступіў на з'ездзе з палымянай прамовай. Была гэта, мусіць, найдзіўнейшая ўрачыстая прамова, якую я чуў у жыцці. Гаварыў ён па-польску і з вялікім запалам, але ніхто ў зале не патрафіў ні слоўца зразумець. Ба, нават найгалоўнейшыя яго інтэнцыі засталіся для нас поўнай загадкай. Выслухалі яго ў магільнай цішы, а потым бурна пляскалі. Ніколі яго больш не сустракаў.

Я таксама прамаўляў: пра неабходнасць псіхічнай адбудовы. На гэтую тэму пазней накрапаў артыкул у першым нумары "Адраджэння". Была гэта мая тагачасная дзялянка. Пішу так бесклапотна пра Люблін, а там што дзень, што крок натыкаліся ўвесь час на жудасці, немагчымыя для разумення. Часам былі кепскія, сварлівыя - і гэта, мабыць, было найгоршае.

Зайшоў неяк у суд. Абвінавачаная, старэючая кабета, нейкая Містэрская. За тое, што малодшы за яе каханак пачаў ёй здраджваць, выдала яго гестапа. Я быў узрушаны, хацеў пісаць пра гэта навэлу...

Але скончым найперш з літаратарамі. Недзе пад канец восені выбухнуў першы (не апошні...) літаратурны скандал у Народнай Польшчы. Справа ішла пра сатырычнае выданне "Станьчык".

Рэдагаваў яго Пастарнак. Пісала шмат людзей з Мінкевічам на чале. Не было гэта кепска, хоць ужо мяне там абмазалі.

Аздобай "Станьчыка" былі карыкатуры Зарубы, які якраз знайшоўся. З яго акупацыйных рысункаў я больш даведаўся праўды тагачасных гадоў, чым з большасці апублікаваных у той час артыкулаў.

Вельмі добрыя рысункі змяшчаў там таксама лодзкі карыкатурыст і дзівак Зянон Васілеўскі, ведаў яго з Масквы. Здарылася з ім забаўная гісторыя ў Крамлі. Сам яе мне апавядаў.

Ён належаў да кіраўніцтва СПП. Аднаго дня запрасілі іх усіх у Крэмль. У абшырнай зале стаялі сталы са стравамі, падзеленымі на "дэпартаменты": тут перакускі селядцовыя, там кілбасы, далей кураняты, слодычы, садавіна. Васілеўскі, агаладалы, як мы ўсе, вокам стратэга ацаніўшы сітуацыю, пастанавіў выкарыстаць яе сістэматычна: ад селядцоў праз мяса да дэсертаў.

Пачаў дзяўбці тыя селядцы. І, уявіце сабе, нават да кілбас не дайшоў: запрасілі ўсіх у суседнюю залу на канферэнцыю.

Так, але гэта анекдот. "Станьчык" вельмі падабаўся. Што праўда ад нумара да нумара падрасталі ў яго рогі і кіпцюры. У пятым не без радасці, дзіўна змешанай з непакоем, прачытаў вершаваны ўступ Мінкевіча, а ў ім наступная праграма выдання:

... не зважаючы на асобку,

Дзяўбці кожнага лёгка ў попку,

Вось шанец (сціплей): шанцік,

Пайсці на які гатовы Станьчык.

Была гэта прарочая фраза. Бадай, у той самы дзень ускочыў у мой пакойчык за масіўным кабінетам Барэйшы Леан Пастарнак. Быў бледны, знерваваны. Хацеў, каб злучыў яго з Васілеўскай, якая адна - на яго думку - магла яго ўратаваць.

Аказваецца, пяты нумар выклікаў вялікае незадавальненне на вярхах. Акрамя Мінкевіча былі там яшчэ нейкія дробязі, м. ін. вершык Станіславы Шнапер-Закрэўскай, які высмейваў люблінскіх пляткарак. Але адпаведныя ўлады вырашылі, што Закрэўская "аб'ектыўна" плёткі тыя распаўсюджвае, бо іх называе ў вершыку.

Пастарнак падаўся мне вельмі занепакоеным. Сядзеў пару гадзін у маім пакойчыку, таму што тут яму найбяспечней. Спрабаваў туды і сюды тэлефанаваць, але натыкаўся на вельмі халодны прыём - калі гэта адразу не былі перуны. У выніку з Пастарнакам нічога не сталася, але выданне ляснулася.

Выпадак у Красным Ставе

Раней, мабыць, у палове жніўня адбылося нешта вырашальнае ў маім асабістым жыцці. Маё жыццё з Ірэнай было, як вядома, далёкае ад ідыліі. Але вайна склеіла разрыў. Калі я ўцякаў з Львова, пакінутая там сям'я сталася для мяне сімвалам і комплексам. Канец вайны, перамога суадносіліся ў маёй душы не са здабыццем Берліна ці смерцю Гітлера, але вельмі звычайна з адшуканнем пакінутых.

Таму так кідаўся, пачынаючы ад студзеня гэтага года. Было абсурдам лічыць, што Ірэна знойдзецца акурат у Роўне. Але ўсё ж жыла нейкая там падскурная надзея. Акрамя таго разлічваў, што наступленне пойдзе далей, можа дойдзе да Львова.

Не дайшло. З Вільняй быў ужо больш паважны шанец. Мусіла хавацца, як мая жонка. Магла паехаць у Вільню, дзе мела трохі крэўных і шмат сяброў.

Не паехала. Вырываўся па чарзе ў Люблін. І тут ніякіх звестак. Можаце сабе ўявіць, з якой нецярплівасцю я чакаў на камюніке пра Львоў.

Савецкія войскі былі пад Варшавай, перайшлі Віслу пад Сандамірам, але Львоў яшчэ трымалі немцы. Калі нарэшце фронт лопнуў і там, я арганізаваў туды выправу.

Апісаў яе вельмі дакладна ў "Выпадку ў Красным Ставе". Начальнікам Ірэны быў палкоўнік Плонскі, які памёр некалькі гадоў таму назад (як бачыце, нават прозвішча ледзве-наледзве змененае...). Што прапусціў? Можа тую дзяўчыну, якая дабраахвотна дапамагала краснастаўскаму доктару? Успомню пра яе праз хвілю.

Львоў быў страшны. Не, не таму, што знішчаны. Наадварот, падаўся мне досыць цэлым. Дрэвы, кветкі, фантастычная алея на Акадэмічнай. Але людзі, як у Вільні, былі іншыя, незнаёмыя, чужыя. І, як у Вільні, пад знаёмымі адрасамі - нікога са знаёмых.

Домік, у якім жыла Марыся, прыяцелька Ірэны? Наогул яго не знайшоў, куча крапіўнікаў. Вуліца Патоцкага? Цэлая, але пустая. Быў гэта раён кватэр эсэсаўцаў.

Пад канец дня ўдалося мне трапіць да Курылюка - Барэйша даручыў мне перацягнуць яго ў Люблін. Даведаўся ад яго розных невясёлых навін. Дзедзіч, малады, мужыцкі пісьменнік загінуў у Жэшаўскім ваяводстве. Амаль усе яўрэйскія пісьменнікі загінулі. Палякі паўцякалі ў Варшаву і Кракаў. З украінскіх знайшлося шмат такіх, якія пайшлі да немцаў. М.ін., зрабіў гэта наш былы кампаньён з вызздзе на Крым, стары Пятро Карманскі.

Курылюк скантактаваў мяне з Марысяй Леткі. Быў ужо вечар, недзе на цёмных сходах спаткаўся з той, якая прыгарнула Ірэну з Евай. Быў страшна расхваляваны. Марыся пачала з супакаення. Загукала: усё ў парадку ці нешта такое.

Аказваецца, нейкі час Ірэна была ў Львове, м. ін., карміла вошай у Вэйгла ў інстытуце супрацьтыфозных прывівак. Але потым з-за распытвання пра мяне гестапа перабралася некуды на вёску. Апошняе, і там пачуваючыся няпэўна, выехала пад Кракаў.

Маруся шчабятала, але нешта ў яе суцяшэннях падалося падазроным. З цяжкім сэрцам вяртаўся ў Люблін. Не памятаю, ці ўжо ехаў са мной Курылюк, ці не. У Красным Ставе пакінулі нашых таварышаў па падарожжы ў шпіталі ў нядобрым стане. У апавяданні прамінуў дэталь, драматычную, але выпадковую: за пару соцень метраў перад здарэннем падсеў да нас нейкі цывільны, просячы, каб яго падвезлі некалькі кіламетраў. Вось з ім было найгорай.

Рэшта таксама мусіла застацца. Зноў спаткаў мілую дзяўчыну, дабраахвотніцу-санітарку, якая змяніла мне павязку на галаве. Мела імя Вікторыя. Вечарам шпацыравалі недзе па палях. Быў страшна знерваваны недагаворкамі Марысі і цяпер у сваю чаргу кідаў недагаворкі... А яна ішла, загледзеўшыся на мяне. Мне падавалася, што я такі самы, як дзесяць гадоў таму назад, што дзяўчаты так сама глядзяць на мяне абыякава або іранічна... Не бачыў яе позірку, размовы падаваліся мне цалкам бяспечнымі.

Назаўтра, з галавой у павязцы, вяртаюся ў Люблін. Дадам наўздагон, што аўтамабільных здарэнняў было цяпер уражліва шмат. Згадваў пра найтрагічнейшае, у якім загінулі Шэнвальд і маёр Лапацінскі. Яшчэ адзін з герояў І дывізіі, палкоўнік, пазней генерал, Якуб Правін (пра якога Гаўрылюк распавядаў, што ў Бярозе паводзіў сябе, як сапраўдны чалавек), меў так развалены чэрап, што дрыжалі за яго жыццё. І так далей.

Добра, вяртаемся ў Люблін і трапляем у Барэйшы на прэсавую канферэнцыю з удзелам савецкіх і заходніх журналістаў. Памятаю м. ін. Сіманава. Барэйша ўстае, ідзе да нас... Але ж так, прывёз яму яго Курылюка! Вяду яго цяпер, як трафей, як здабычу, як каштоўнага нявольніка, ахвяраванага ў дар манарху. Барэйша свеціцца. А я ганаровы, з той абвязанай галавой, як у чалме.

Курылюк яшчэ паляцеў у Львоў. Калі вярнуўся, ужо на стала, уручыў мне ліст ад Марысі.

Гэта быў той удар, які прадчуваў у Львове. Цэлую старонку Маруся накрэмзала, перапрашаючы, што не сказала ўсяго. А потым усё ж выдушыла: Ірэна некага мае. Канец быў абязбройвальны: каб не траціў надзеі, каб змагаўся, то, можа, Ірэну вярну...

Калі б быў здольны да аналізу, толькі тая дапіска давяла мяне да лютасці: як гэта, гэта не надта паважная справа, паколькі мог бы старацца "вярнуць".

Але лютасць апанавала мяне адразу, нават, мабыць, не дачытаў да канца ліст, змяў яго, парваў на кавалкі, спаліў.

Некалькі тыдняў хадзіў у жудасным стане. Быў вылучаны з кола людзей, з якімі перажыў гэтыя гады. Усе былі радасныя і напружаныя: бітва іх жыцця даходзіла ўласна да пераможнага заканчэння. А я блукаў з непазбыўным усведамленнем: прайграў вайну. Не маю за што ваяваць, не маю на што чакаць.

Пэўнай пацехай у гэтым стане былі ўспаміны, мары, планы: знайду яе з тым "некім", застрэлю... І не ўцяку, не схаваюся. Суд мяне мусіць апраўдаць...

Калі б у тыя дні мог яе сустрэць, ба... Зрэшты, не ведаю. Папярэдні досвед хутчэй даводзіць, што ў абліччы вялікага няшчасця ў цэлым я не такі хуткі да рашучых дзеянняў.

Праз некалькі дзён усвядоміў сабе адно, гэта справа перакрэслена, і чым хутчэй я перакрэслю яе са свайго боку, тым для мяне лепей. Так зарадзілася мая другая жаньцьба, якая трывала ў тры разы даўжэй за першую. Але пра тое, па жаданні бакоў, маўчу.

"Адраджэнне"

Тым часам прывезены мной Курылюк змантаваў рэкордна хутка першы нумар літаратурнага выдання. Пасля дыскусіі назвалі яго "Адраджэнне". Я бараніў гэтую назву, нягледзячы на чужы нам кірунак моладзевай арганізацыі, якая так называлася перад вайной. Падавалася мне поўнай найістотнейшага зместу.

У першым нумары я дасягнуў не кепскай вышыні: толькі два вершы, якія аказаліся на першай старонцы пасля некралогу пісьменнікаў, памерлых і забітых немцамі - гэта была "Малітва" Тувіма і мой "Тост". Таксама "Святая куля", напісаная мной вясной і надрукавана ўжо ў "Новых гарызонтах", аказалася ў нумары.

Выданне адразу набрала вялікі разгон. У наступных нумарах друкаваліся шмат Яструн, Пшыбась, Важык, Мінкевіч, Лец, Пастарнак, усе ў той час прысутныя ў Любліне. Рознагалоссі, якія даліся ў знакі пазней, у той час былі ледзве чутны. Друкавалі шмат маладых. Аказаліся там таксама сур'ёзныя палітычныя артыкулы. М. ін., вялікі артыкул Антонія Рушкевіча (Зянона Клішкі) пра Варшаўскае паўстанне, адно з першых сведчанняў пра "лагеры знішчэння" пад заг. "Знішчэнне Трэбінкі" і г.д.

У той час якраз вершы ўва мне выгаслі. У "Адраджэнні" надрукаваў пару публіцыстычных артыкулаў пад прозвішчам і пад адным з куйбышаўскіх псеўданімаў як "Вінцэнты Беднарчук". Праглядаў іх нядаўна. Усё - страшная салома, хоць доўга падаваліся мне добрымі, а "Псіхічная адбудова" з 3 нумара прынесла мне першае віншаванне за публіцыстыку.

Восенню паўстаў "Чытэльнік". Канцэпцыя выдавецтва, яго палітычная роля была простая і ў тагачаснай сітуацыі дасціпная. Тварцом гэтага ўсяго быў Барэйша. Ад самага пачатку працавала пры тым Зося Дэмбінская.

Яна з'явілася ў Любліне недзе, мабыць, у верасні. Прыгожая, як заўсёды, як бы не было вайны, акупацыі, гэтай страшнай страты.

З'явіўся таксама Казік Петрусевіч. Быў пару гадоў у беларускіх партызанах. Апавядаў пра жудасныя падзеі, але не буду пра іх пісаць, сам патрафіць.

Быў прызначаны віца-міністрам, здэцца, харчовым. У той час зарадзілася ў ім новае захапленне - кіраванне аўтамабілем. Раскажу пра гэта пазней.

Ежы Штахельскі і Люсек Барковіч былі ў той час упаўнаважанымі ўраду на Беласточчыне. Адкапалі там маю калежанку Геню, якая цяпер адкрыла ў сабе палітычны тэмперамент. Вельмі падарослела. Што дзіўней, зрабілася нашмат больш прыстойнай, чым пятнаццаць гадоў таму назад, калі з ёй пазнаёміўся.

Яшчэ адна дэталь з таго перыяду: выйшлі ў Любліне чатыры першыя паэтычныя томікі: Пшыбася, Яструна, Важыка і мой. Надрукавалі іх у забаўнай, амаль аматарскай друкараньцы ў Замосці. Ездзіў туды пару раз рабіць карэктуру.

Томік маіх вершаў мелася выдаць выдавецтва на замежных мовах у Маскве. Усё ўжо было складзена, звёрстана, атрымаў апошнюю карэктуру. І раптам зажадалі ад мяне, каб вершу "Захад" вярнуў яго першапачатковае гучанне.

Як вядома, у "Новых гарызонтах" вясной 1941 года, друкуючы гэты верш, выкінулі з яго страфу:

Тут, на схілах скалы паўночнай

заспеты знянацку нарвег...

Зразумела, вярнуў яе адразу. І, уявіце сабе, зноў знайшліся такія, якія захацелі па-новаму яе выкінуць.

Не былі гэта націскі звонку, бо справа была залішне дробная. Гэта былі страхі ўнутраныя, чыста чыноўніцкія. Так ці гэтак, дэталь не без значэння для даследванняў ментальнасці дзеяча эпохі культу.

Не згадзіўся я прыбіраць. З-за гэтага складзены і звёрстаны зборнік пайшоў на злом. Застаўся ў мяне адбітак, адзіны довад, што не выдумляю.

Цяпер выдаў усе тыя вершы. Быў вельмі ганаровы. Ужо пятая мая кніжка! А агульны наклад не дасягаў нават 9 тысяч экзэмпляраў...

Майданак

Зноў мушу вярнуцца назад, такім шматгранным стала наша жыццё ў Любліне.

Журналісты ў Барэйшы якраз прыехалі пазнаёміцца з Майданакам, першым вялікім канцэнтрацыйным лагерам, які трапіў ў нашыя рукі амаль у некранутым стане.

Я аглядаў яго ўжо перад тым і цяпер з імі разам. Друкаваў з яго рэпартажы ў "Рэчы Паспалітай!". Загінулі ўсе. Перадрукаваў іх са скарачэннямі львоўскі "Чырвоны штандар", і толькі адтуль нешта з іх памятаю.

Памятаю дрот, баракі, раскапаныя ямы, страшных нямецкіх палонных, якія грэбаліся на моцным сонцы ў людскіх рэштках. Страшны смурод. Сунуцца калоны палонных. праходзяць каля раскапаных магіл, глядзяць на парэшткі. Нічога немагчыма пачытаць у іхніх вачах.

Рэшткі крэматорыя. Недапаленыя трупы дзяцей на жалезных ложах. Найстрашнейшае з усяго - сцірты абутку замардованых вязняў. Цэлае гумно запханае пад дах.

Нарасказвалі нам дэталей, якія цяпер ужо ёсць неадлучным элементам агульначалавечай свядомасці, дзякуючы так зв. лагернай літаратуры. Тады гэта былі жудасныя сенсацыі.

Нам, у "Рэч Паспалітую" гэтыя сенсацыі прынеслі новыя калегі з часопіса, з "Чытэльніка".

Апошні кантынгент Майданака немцы пагналі за Віслу досыць позна. У спешцы і балагане адходу частка вязняў уцякла. З'явіліся ў Любліне. Барэйша сустрэў іх на вуліцы, яшчэ, здаецца, у паласатым.

Са сваёй пазіцыяй неадкладнай дзейнасці Барэйша цэлую групу тых вязняў прыгарнуў, уводзячы ў рэдакцыю, часткова ва ўзнікаўшыя якраз канторы "Чытэльніка". Былі гэта пераважнв АКаўцы, пару заявіла пра НЗЗ. А паколькі пазіцыя Барэйшы, праца, на якую знянацку трапілі, адважуся сцвярджаць, адносіны нашыя да іх - усё гэта зрабіла, што яны вельмі хутка сталі нам блізкімі.

Да той групы належала пару чалавек, вядомых сёння шырока. Наш былы пасол у Осла, публіцыст Юзаф Гебултовіч, або віца-прэзідэнт Сталічнай нацыянальнай рады, інжынер Станіслаў Зэлент.

Іхнія аповесці ўвялі нас у жудасную лагерную рэчаіснасць. Не адразу мы маглі ўлавіць тое, што было для гэтай рэчаіснасці найтыповым і найбольш страшным. Прымусіла задумацца мяне пра тое чарговая жудасць.

Працэс

У Любліне злавілі некалькі немцаў з лагернай абслугі. Пастанавілі арганізаваць паказальны працэс. Спешнасць і патрэба такога працэсу былі зразумелыя. Належала даць нейкую хоць бы частковую, але хуткую сатысфакцыю народу, над якім пяць гадоў здзекаваўся безаглядны і жудасны акупант. Але нашыя ўлады, свежа паўсталыя, недасведчаныя і пазбаўленыя ўяўлення, застрэлілі быка на самым пачатку.

У перададзень суда горад быў абклеены ўлёткамі, у якіх абвяшчалася, што ў наступны дзень а той і той гадзіне, тымі і тымі вуліцамі будуць дастаўлены з турмы падсудныя, каты з Майданака. Нібы заклікалі людзей да захавання спакою...

На наступны дзень раннім ранкам, седзячы ў рэдакцыі, быў падхоплены страшнай стралянінай. Занепакоены выбягаю на балкон. Што за відовішча!

Цераз Кракаўскае прадмесце Любліна прэ велізарная плынь людзей. У яе сярэдзіне маленькая групка жаўнераў з ППШ, абапёртымі прыкладамі на плечукі. Ідуць і што хвіля пускаюць чэргі ў паветра. Пасярэдзіне таго агністага кола валакуцца абвінавачаныя.

Калі б не тыя ППШ - не дайшлі б да найбліжэйшага скрыжавання. Натоўп крычыць, плач, лямант жанчын, аглушальныя чэргі ППШ...

На гвалт падцягнулі падмогу. Шчыльныя аддзелы жаўнераў адапхнулі трохі натоўп, але і цяпер што хвілю праз кардон вайскоўцаў прадзіраліся адзіночныя людзі, даскоквалі да канвою, крычалі тамтым дватры словы, плявалі, потым сапхнутыя наступнымі, вярталіся на тратуары, яшчэ маючы туманны позірк, абціраючы пот з ілба.

Суд адбываўся ў доме, дзе цяпер размяшчалася афіцэрскае казіно ў Любліне. Дастаў пропуск, як прадстаўнік прэсы. Але пры кожным з уваходаў стаяў узбураны, усхваляваны натоўп. Не было магчымасці хоць бы паказаць пропуск. Сам не ведаю, як патрапіў ўсярэдзіну.

Памятаю затое, як патрапіў тагачасны міністр замежных спраў Вінцэнт Ржымоўскі. Стары, які ледзве соўгаўся, канешне, не мог марыць, каб прапхнуцца праз натоўп. Але яго пазналі, і нехта арганізаваў незвычайны транспарт. Дзясяткі рук узнеслі яго над галовамі натоўпу, і так у ляжачай пазіцыі, нагамі наперад уехаў над натоўпам у залу.

Працэс быў пакутны і пануры. Абвінавачаныя не належалі да кіраўніцтва лагера. Пераважна былі гэта дробныя шрубкі жудаснай гітлераўскай машыны. Адзін, здаецца, быў жандармам. Іншы працаваў у складах. Яшчэ іншы быў шматгадовым лагерным вязнем, крымінальнікам. Выконваў у Майданаку функцыі капо.

Сведкі даводзілі ўражвальныя факты на тэму Майданка "наогул". Гаварылі пра катаванні, пра голад, пра масавыя экзекуцыі. Але калі даходзілі да абвінавачаных, станавіліся маламоўнымі. Абвінавачаныя належалі да апарату Майданака, але да яго найніжэйшых ступенек, і ніводзін з іх не вызначыўся асаблівай заўзятасцю. Білі, марылі голадам, выконваючы даручэнні сваіх начальнікаў. І толькі.

На той лініі бараніліся. Ба, пачалі нават контратакаваць.

Было гэта нечакана і драматычна. Жыўцом узятае з ненапісанага яшчэ твора мастацтва, лепшае - гэта значыць страшнейшае - ад усяго, што на тую тэму напісана, бо канкрэтна без крэтынскіх, агістарычных абагульненняў, так модных сёння у літаратурным свеціку і паўсвеціку.

Пазнаваў якраз сведкаў - адзін з вязняў, здаецца, працаваў у нас, у "Чытэльніку". Гаварыў пра абвінавачаных:

- Білі. Марылі голадам. Гэты, напрыклад...

Тады абвінавачаны сарваўся:

- А сведка як выжыў? Дзякуючы мне! Узяў яго на кухню, мог есці больш, чым іншыя. Толькі тыя перажылі, якія былі на пасадах, на кухні ці ў складах. З'ядалі больш, гэта значыць, рэшце заставалася менш! То што ён мяне абвінавачвае? Я яму жыццё...

Падняўся страшны гвалт у зале. Зрабілі перапынак. Вечарам чуў размову сведкі з Барэйшам. Быў ён на мяжы нярвовага зрыву. Трэба было рабіць яму ўколы. Не контратака немца яго зламала, а рэакцыя некаторых нашых таварышаў, якія незвычайна лёгка прынялі на веру абвінавачванні падсуднага і яшчэ пачалі дарабляць тэорыю на тэму ўсіх, якія былі ў лагерах і не загінулі.

Я доўга думаў пра тую справу і дайшоў да некалькіх цяжкіх заключэнняў.

На чым палягала пякельнасць лагернай сістэмы? Пякельнасць - не ў сэнсе метафарычным, але даслоўным. Бо лагеры ў сваёй сваёй канцэпцыі рабіліся на ўзор пекла, вядомага нам з хрысціянскай міфалогіі, гэта дакладна.

Звычайна чалавек мае перад сабой тры дарогі: святога ці героя, звычайнага чалавека, злачынцы. Пякельнасць лагера палягала ў пазбаўленні чалавека той другой, звычайнай альтэрнатывы. У лагеры чалавек што хвілю станавіўся перад сітуацыяй, дзе мог быць толькі святым або злачынцам.

Найпякельнейшым лагерным прыёмам было пакіданне чалавеку толькі адной дарогі выжывання: дарогі катавання або і забівання іншага чалавека. такога ж вязня. Добра яшчэ (ах, вельмі дзіўнае "добра"!), калі такая альтэрнатыва ўставала перад чалавекам знянацку: бо лягчэй яму было выбраць уласную пакуту або смерць і пазбегнуць біцця ці забівання іншых. Але калі гэтая дарога з'яўлялася паволі, калі прыходзіла праз дробныя прывілеі, праз глыбокую дэмаралізацыю, якая выцякала з выкарыстання прывілеяў на фоне ўсеагульнай нэндзы і бяспраўя - тады наколькі ж цяжэй было адрачыся, адмовіцца, ісці на пакуту, абы каб не мучыць бліжніх!

Гэтай дарогай дайшлі якраз на сваю лаву падсудныя. І ў грунце рэчаў адзінай змягчаўшай акалічнасцю для іх было паступовае, падступнае ўцягненне іх на яе дэманамі фашысцкай дзяржавы.

Зразумеў яшчэ адно: нам, якія пекла не спазналі, не вольна судзіць нікога за тое, што рабіў у лагеры, як там сябе паводзіў. Па-просту трэба знаць атмасферу таго месца, каб магчы ацаніць паводзіны ў ім чалавека.

Таму з пенай на вуснах я граміў розных панюсяў (м. ін., адну пазнейшую страшную "лібералку"), якім пякло, каб судзіць і асуджаць...

Прыгавор

Працэс працягваўся некалькі дзён. Я сядзеў на ім цэлы час. Прыйшоў да высновы, што пасярод пяці ці шасці падсудных адзін ёсць вінаватым найменш - гэта той крымінальнік.

Мабыць з некім яшчэ мы прарваліся да аднаго знаёмага, назавём яго Гугонам, які якраз пачаў адыгрываць важную ролю.

Мы пачалі тлумачыць яму, што крымінальнік найменей вінаваты. Што павінен атрымаць іншы прыгавор, чым рэшта. Бо што рэшта атрымае пакаранне смерцю - то было пэўна.

Пэўнасць прыгавору была таксама нагодай нямілых разважанняў. Смяротная кара, ад пачатку найпраўдападобнейшая, падавалася цвёрдай, дзіўна не пасаваўшай да справы, завялікая ў адным, замалая ў іншым яе разуменні.

Спраўцы гітлераўскай сістэмы, вінаватыя ў смерці мільёнаў чалавечых істот, былі нечым так незвычайным у гісторыі, што найвышэйшая кара, якая магла іх спаткаць, здавалася карнай паблажкай. Уцёкі найбольш вінаватых - Гітлера, Гебельса, Гімлера, Герынга, якія мы мелі неўзабаве назіраць, былі кпінамі, жартам з чалавецтва.

Але тая самая кара смерці для нізавых выканаўцаў іхняй волі станавілася нечым, можа, апраўданым гістарычна, але вельмі адвольна звязаным з канкрэтнымі асобамі. Былі яны сімваламі сістэмы. Адказвалі ўласнай галавой трохі так, як гэта ёсць пры пакаранні кожнага дзясятага са збунтаванага аддзела.

Адной канкрэтнай прад'явай супраць іх было ў грунце рэчаў тое, што не патрафілі рызыкнуць на ўласную пакуту і пайшлі задаваць яе іншым.

Гітлерызм увёў у справядлівасць паняцце альтэрнатывы, паняцце выбару. Нешта іншае ёсць злачынец, які мог застацца звычайным чалавекам, а выбраў злачынства. Нешта іншае той, які, каб не стаць злачынцам, мусіў бы стаць героем.

З тымі думкамі ў галаве напіралі мы на Гугона. Пацярпепелі поўную паразу.

- Вельмі магчыма, - адказаў на нашыя заўвагі на тэму віны крымінальніка. - Але зразумейце ж гістарычны момант. Мы зрабілі гэты працэс так хутка, каб перасцярэгчы гітлераўцаў там за Віслай. Калі будзем гуляць у цюцюбабку, можа справакуем смерць яшчэ нейкай колькасці гітлераўскіх вязняў. А, ведаючы, што іх чакае за злачынства, гітлераўцы стануць больш асцярожнымі.

Я прамармытаў нешта на тэму справядлівасці. Пэўна, зачапіў сумніўныя і для яго моманты, бо трохі раззлаваўся.

- А, не! - выгукнуў. - Усялякую нашу паблажлівасць вораг выкарыстае для абвінавачвання нас у ліпе! Скажа: нават люблінскія камуністы мусілі прызнацца, што абвінавачванне дутае, калі аднаго з іх не прыгаварылі да пакарання смерцю.

Экзекуцыя

Мы пайшлі з пустымі рукамі, пустой галавой, у замяшанні і блізкія да млявасці. Прыгавор адбыўся неўзабаве: усіх на кару смерці. Арганізавалі публічную экзекуцыю на Майданку. Было гэта недзе ў канцы кастрычніка.

Паехаў туды. Перамагаючы агіду, з усёй адказнасцю вырашыў "гэта" ўбачыць. Сказаў сабе: трафіў у гэтую, а не ў іншую эпоху. Мусіш усё, што яе, убачыць. Звярнуўся да ўласнага верша трохгадовай даўніны.

... раскажу ўсё, што бачу,

на нішто болей не здатны.

На Майданку было звыш дзесяці тысяч чалавек. Процьма аўтамабіляў. Жанчыны. Штурхаліся, жартавалі, той і гэты выпівалі, пані смяяліся.

Я хадзіў сярод гэтага ўсяго з румянцам на шчоках і шырока расплюшчанымі вачыма. Паліў папяросу за пяпяросай. Хвілямі бываў блізкі да страты прытомнасці, як бы мяне тут чакала смерць.

Ралеглася плётка, што адзін з асуджаных ноччу павесіўся. Думаў: можа, "наш" крымінальнік. Не, нейкі эсэсавец.

Было хмурна, холадна, трохі імжыла. Шыбеніцы былі кшталту высокіх і вузкіх футбольных варот. У пэўную хвілю прыехалі пяць грузавікоў. У кузаве кожнага стаялі два чалавекі. Машыны заехалі пад свае "вароты". Тады на кожным адзін чалавек налажыў другому пятлю на галаву. Потым апусціў тыльны борт. Потым грузавікі паволі рушылі. Той з пятлёй хвілю стаяў, потым хіліўся, падаў, падлога сыходзіла яму з-пад ног, трохі падрыгаўся...

Здаецца накладалі ім перад гэтым мяшкі на галовы. Пару адмовілася. "Наш" меў той мяшок. Падобна, вельмі баяўся, плакаў.

Натоўпы раз'язджаліся ў вуркатанні аўтамабіляў. Настроі былі іншыя, панурыя. Кожны здаваў сабе справы, што "гэта" нічога не вырашае. Вечарам многія напіліся. Кожны адчуваў, што стаў трохі горшы. Зрэшты, не ведаю, як іншыя. Я сябе дакладна пачуваў горшым.

Паўстанне

Раней - у жніўні, мабыць - Барэйша прыцягнуў у рэдакцыю вязня Асвенцыма - Стэфана Ярача. Маю пару здымкаў. Ярач сядзіць на тэрасе, аточаны намі. Быў мілы і змучаны. Прымалі яго з вялікім гонарам.

Дзень за днём чакалі бамбардзіроўкі горада. Падавалася мне, што немагчыма, каб немцы не спрабавалі нас памацаць: як гэта, усё ж сталіца! Якраз пахваляліся сваімі V-1 i V-2.

Але ўвесь час Люблін быў спакойны. Толькі раз у халодную месячную ноч мы пачулі над горадам скрадзенае выццё "Юнкерса". Неўзабаве адзін нягучны выбух.

Уявіце сабе, тая адна кішэнная бомба ўпала акурат перад дзвярыма нашай друкарні, асколак прабіў дзверы і параніў, на шчасце не цяжка, аднаго наборшчыка.

Мабыць, недзе толькі ў палове жніўня дайшлі да нас весткі пра Варшаўскае паўстанне. У той час фронт ужо стабілізаваўся на Вісле. Наступленне, з такім імпэтам распачатая ў чэрвені над Беразіной, не магло, відавочна, ісці далей без даўжэйшага перадыху.

І вось паўстанне, як мы пазней даведаліся, выбухнула ў момант, калі на сярэднюю Віслу выходзілі рэшткі вялікай чырвонай хвалі. Немцы сцягнулі рэзервы, перад Варшавай, утрымалі плацдарм. Трапіла мне пазней нейкая варшаўская гадзючка (прадажная газетка). Крычалі ў ёй ні больш, ні менш пра "Цуд над Віслай". Што паўтараецца дакладна праз 24 гады пасля першага. Падавалі дэталі. Пісалі, што два савецкія танкавыя карпусы былі акружаны і знішчаны пад Радзымінам.

Справа паўстання належыць да гісторыі. Знаючы яе эластычнасць і зменлівасць, не адважваюся на ніякія абагульненні. Падам толькі некалькі фактаў, якія мне досыць добра вядомыя.

Па-першае, не падлягае сумненню, што савецкае кіраўніцтва хацела заняць як найхутчэй як найвялікшую тэрыторыю. Асаблівую вагу мела для яго Вісла. Таму ўсюды, дзе толькі можна, адразу пасля падходу да яе стваралі маставыя плацдармы і зацята іх баранілі.

Найвялікшы з іх, так зв. Бараноўскі - з Сандамірам уключна - паўстаў на пачатку жніўня. Другі - на поўдні ад вусця Піліцы, пад Варкай - стварылі недзе ў той жа час. Былі яшчэ іншыя, напр., пад Казімежам.

Пачынаючы ад паловы жніўня, усе плацдармы сталіся аб'ектам зацятых нямецкіх контратак. Пад Варкай білася м. ін. наша танкавая брыгада імя герояў Вастэрплятэ. Ездзілі туды нашы карэспандэнты, апавядалі пра вельмі цяжкія ўмовы бітвы за раку, з пераправамі пад агнём непрыяцельскай артылерыі.

Па-другое, канешне, уся справа мела і вузка палітычныя аспекты. Паўстанне выбухнула ў момант важнейшы палітычна, чым вайскова. Мікалайчык якраз ляцеў у Маскву. Станавілася важным падкрэсліць яго ўплывы ў краі. Іначай размаўляюць з кіраўніком эміграцыйнага ўраду, іначай з тым, у чыёй уладзе сталіца краю.

Палітычныя погляды ігралі ролю напэўна і на савецкім баку. Не падлягае, аднак, сумніву, што яны былі другасныя адносна вайсковых. Калі б гэта было мажліва, здабылі б Варшаву адразу. Залішне быў важны вайсковы бок, каб праігнараваць яго, каб зрабіць на злосць лонданчыкам. Зрэшты, былі прыклады: з Вільні і з Львова; як залатвілі падобныя канфлікты, як мала лічыліся пры тым з поглядамі вузка палітычнымі.

Мы былі так заняты ўласным тварэннем у Любліне, што першыя сігналы з Варшавы наогул не дайшлі да нашай свядомасці. Неўзабаве аднак стала ясна: Варшава змагаеца. І цяпер мы, аднак, трактавалі гэта перш за ўсё, як АК-аўскае паўстанне.

Эпахальным з гэтага пункту гледжання было прыбыццё ў Люблін некалькіх дзяўчат з АЛ (Армія Людова, Народная Армія), якія паўтарылі вычын Скжэтускага, пераправіўшыся цераз Віслу і пракраўшыся праз нямецкую абарону. Тады толькі дайшло да нас, што паўстанне агульнанацыянальнае, што АЛ бярэ у тым чынны ўдзел. Пачалі энергічна прыспешваць чарговае наступленне.

Пасля няўдачных спробаў расшырэння Варацкага плацдарма, там роспачліва бараніліся перад нямецкімі контратакамі. Але ў палове верасня быў нанесены новы наш удар па нямецкім перадваршаўскім плацдарме. Першыя поспехі прывялі да таго, што ў Любліне ўсе спакаваліся, такім блізкім падалося вызваленне сталіцы. 15-га вызвалілі Прагу.

Дым над гарызонтам

17 верасня Барэйша паслаў мяне і яшчэ пару чалавек з заданнем падрыхтоўкі базы для неадкладнага перакідвання "Рэчы Паспалітай". Дасталі "Додж".

Дзень прыгожы, машына добрая, вайна яшчэ раз, здаецца, закончылася.

Недзе пад Куравам, за 120 кіламетраў ад Варшавы заўважыў нізка над гарызонтам цёмна гранатовыя (цёмна-цёмна сінія) аблокі. Праз нейкія 20 кіламетраў зразумеў, што гэта дым. Уражаны памерамі пажару, выглядваў, якая гэта вёска, якое мястэчка? Але аўтамабіль гнаў праз сонечны перадполудзень, а дым не прыбліжаўся, наадварот пачаў як бы расставаць, нікнуць...

Толькі недзе каля Атвоцка зразумеў: гэта была Варшава. У светла-блакітным, асеннім небе зноў убачыў неверагодна высокія, тонкія і празрыстыя слупы дыму. У Варшаве шалелі адразу некалькі дзясяткаў пажараў. Пры бязветраным надвор'і дым імкнуўся ўверх і недзе на мяжы стратасферы збіраўся ў шчыльныя гранатовыя аблокі. Якраз тыя, бачныя на сто кіламетраў.

Даехалі да Аніна. Буйныя кветкі каля аэрадромных домікаў, салдаты, вазы, аўтамабілі. Наш "Додж" пакруціўся паміж дамкамі і вярнуўся на шашу. На краі Аніна нас папярэдзілі: гэты адкрыты кавалак шашы аж да Грохава знаходзіцца пад артылерыйскім абстрэлам. Хвілю глядзелі: перад намі была Варшава, налева - Чарнякоў, прама - самотная скала "Прудэнталя", направа - Старое Места. Пажары з гэтай адлегласці доўга падаваліся пагоднымі, спакойнымі, дымы ішлі вертыкальна ў высокі блакіт неба.

Нарэшце, як бы скачучы ў халодную ваду, аўтамабіль зрабіў кідок наперад. Вольны адрэзак у некалькі сот метраў, даступны нямецкай артылерыі з-за ракі, праляцелі, як бліскавіца. Прытармазілі пры першых дамках. І тады пры паркане мілага садзіку, можа за 50 метраў ад нас, нешта лопнула ў паветры са звонкім, але свежым, амаль радасным гукам. Шафёр машынальна крутнуў убок, як бы снарад пасля выбуху яшчэ мог нам нешта зрабіць. Мы пачалі крычаць на яго, каб наперад. Адвярнуў, з падвоенай хуткасцю памчаўся па шашы к Вісле.

Даехалі да пляцыка ля касцёла на Грохаве. Зайшлі ў браму нейкай камяніцы, адразу былі аточаны натоўпам, усё яшчэ экзатычныя, вартыя агляду, распытвання. Пасля дзесяці з нечым хвілін размовы вярнуліся да машыны.

Перад намі былі пабітыя пярылы маста Панятоўскага. Артылерыйскі абстрэл узмацніўся. Бліскавічна прамчаліся назад праз голы адрэзак шашы. Насустрач нам ішлі нашыя аддзелы з анінскіх лясоў, сцягваліся да ракі.

Цяпер ведаю, што тады ішлі баі на Чарнякоўскім і Бяланскім плацдармах, што немцы выбівалі нашыя дэсанты, адрэзаныя ракой ад дапамогі і агнявой падтрымкі. У той вечар мы ведалі адно: узяцце Прагі яшчэ не абазначае капітуляцыі Варшавы. Мы вярнуліся ў Люблін.

Манашка

У гэты ж дзень здарылася са мной гісторыя благая і рамантычная - у добрым значэнні гэтага слова.

Дванаццаць гадоў таму назад, у Вільні, я мімалётна пазнаёміўся з малодшай сястрой адной з нашых каляжанак. Была брыдчэйшая ад яе, шэрая, хваравітая. Толькі вочы - як часта бывае з туберкулёзнікамі - мела прыгожыя, вялікія, шэрыя, з нейкім бляскам.

Сам не ведаю, як я здагадаўся, што падабаюся ёй. Рэдка ў той час гэта здаралася, адчуў да яе ўдзячнасць, раз ці два недзе з ёй хадзілі ў тэатр ці на забаву ў "Агенчык". Але на тым справа скончылася, я не ўмеў прыкідвацца, была занадта ўражлівая.

Цяпер на ад'езд з Любліна яе сястра паведаміла мне, што тая пайшла ў кляштар, стала манашкай і працуе ў слынных Лясках. Прасіла, каб заехаў да яе, запытаў, ці не патрэбна што.

Знайшлі Ляскі. Я папрасіў, каб паклікалі сястру... ужо не памятаю, якое ўзяла імя ў ордэне. Не без хвалявання чакаў, пакуль з'явіцца. Не меў ніякага сумнення, што мяне не пазнае: такое мімалётнае было тое знаёмства, так я адрозніваўся ад таго студэнціка: цяжкі, у цяжкіх ботах, у досыць парваным мундзіры, ужо сіваваты, без зубоў.

Круціўся туды і назад перад ганкам, паліў. Уласна гэтая нярвознасць не была ў ніякіх стасунках да яўнай мэты спаткання. Быў яшчэ гэты другі сверб, падскурны.

Недзе ў глыбіні стукнулі дзверы. На ганачак выйшла невысокая, шчуплая дзяўчына ў шэрай з чорным манаскай сукенцы. Вельмі пастарэла, зжоўкла, але светлая. Усміхнулася.

- Не ведаю, ці сястра мяне пазнае? - сказаў раптам ахрыплым голасам.

- Але ж, канешне! - адказала цалкам спакойна, як бы чакала майго візіту. - Пан Путрамант.

Зрабілася мне прыемна і смутна. Перадаў ёй звесткі ад сястры. Былі ерундовыя. Не, адказала, ёй добра, нічога не трэба. Пару хвілін натуральнай - з яе боку - і вымушанай - з майго - размовы, развіталіся. Больш яе не бачыў, неўзабаве памерла.

Скарб і грушкі

Жыццё ў Любліне было дзіўнай мешанінай высокага і смешнага, узрушальнага і жудаснага. Смешнасці былі шматлікія і натуральныя. Вялікі ўстрэс, усякі пачатак прыводзіць да таго, што наверх выплываюць побач з вартымі людзьмі выпадковыя.

Хто сёння памятае першага кіраўніка ведамства нацыянальнай гаспадаркі і фінансаў? Ведаю пра яго пару гісторый, з іх налепшая - не для друку. Таму пару іншых.

Першыя грошы новага ладу. Першыя іх пятнаццаць тысяч. Надрукавалі іх спешна, з граматычнай памылкай: "Усялякая падробк... караецца судоўна" - ці нешта ў тым духу.

Кіраўнік ведамства бярэ тыя пятнаццаць тысяч у чамаданчык тыпу акушэрскага сакваяжу і носіць з сабой. На заўвагу, што не зручна, што лепш недзе яго пакінуць, адказвае:

- Альбо я міністр скарбу, альбо не.

Не быў міністрам, быў толькі кіраўніком ведамства, але падлізы так яго называлі. Канешне, прыпадала яму гэта да густу.

У той час ён вучыўся кіраваць машынай і закахаўся. Аднаго дня Кракаўскім прадмесцем едзе на машыне, аж бачыць: яго каханая з нейкім іншым мужчынам заходзіць у кавярню. Адразу за імі! Так ён спяшаўся, што забыў выйсці з аўтамабіля і з ім разам уязджае праз акно паміж столікамі...

Кіраўнік іншага ведамства з вёскі. Восень, у яго ўрадзілі грушкі. Прывёз воз у Люблін, прадае на кілаграмы ў сваім кабінеце...

Выпадковы чалавек. Да такой ступені, што ўжо і прозвішча яго не памятаю.

Адзін з нашых, так зв. афіцэр без звання. Мусіла яму тое "без звання" моцна дакучаць, стацца комплексам. У Любліне пэўны саноўнік бярэ яго на ад'ютанта. З той аказіі атрымоўвае адразу паручніка. Праз пару тыдняў упартай палітычна-выхаваўчай працы ўдаецца яму пераканаць свайго шэфа ў слушнасці сваіх поглядаў. Першы гэта яго поспех у прапагандыскай працы. Пераконвае менавіта свайго саноўніка, што не выпадае яму мець ад'ютанта ў рангу нейкага паручніка. Добра, шэф залатвівае яму прадстаўленне на капітана.

Праз пару дзён мае адбыцца нейкая цырымонія, на якой шэф павінен быць ва ўсёй пышнасці з ад'ютантам пры боку. За дзесяць хвілін да пачатку да шэфа ўпадае, як бомба, ад'ютант:

- Пане... (тут называе тытул шэфа) страшнае няшчасце!

- Што такое?

- Няшчасце, пане..., страшная, сапраўдная катастрофа!

- Гавары ж, ліха на цябе!

- Гэта не я, гэта кравец!

Аказваецца кравец памыліўся, замест знакаў адрознення капітана выгафтаваў маёрскія.

Пасля таго крыку пра катастрофу шэф чакаў Бог ведае чаго. Учынак краўца падаўся яму ерундой, махнуў рукой...

Недзе ў пачатку прэм'ер Асубка (пісалі яго тады неарфаграфічна, невядома чаму) пастанавіў сустрэцца з мясцовай творчай інтэлегенцыяй. Сабраліся ў ліку некалькіх дзясяткаў у нейкай вялікай, пустой зале, дзе ў адным з куткоў стаяла фартэпіяна. Як прыстала стратэгу, я вывучыў тэрыторыю. Суседні пакой быў замкнёны, але я бачыў, што там ставяць сталы з нечым з яды. Я стаў на ўсякі выпадак у стратэгічным пункце, у фрамузе тых дзвярэй.

Трэба сцвердзіць, што Асубка казаў нам дорага заплаціць за тыя сціплыя дэсерты. Гаварыў можа з паўтары гадзіны. Сам стаяў, усе таксама стаялі. Пра што гаварыў, дальбог, не памятаю. Увесь час думаў, што там за тымі дзвярыма.

Гэта не столькі значыць, што быў такі галодны, колькі, што вельмі насыціўся стравай духоўнай, якая плыла да нас ад фартэпіяна.

Нарэшце скончыў. Не марудзячы ні хвіліны, я адчыніў дзверы і скочыў наперад.

Дэсерты былі тонкія. На адной паўмісцы трохі пячэння, на іншай яблыкі. Была яшчэ трэцяя, таксама не вельмі, але з прыгожай румянай і блішчастай грушкай наверсе. Бліскавічна яе схапіў і адразу ў рот.

- Пане! - крыкнула пані ў белым фартушку. - Гэта для прэм'ера!

Запозна, ужо адгрыз ладны кавал. І ніколькі не шкадую, прамова цалкам таго заслугоўвала.

Вернярычная гісторыя

Мы мелі ўжо ў войску і такое. Восенню мінулага года падначаленыя паручніка Вернера, работнікі дывізійнай газеты, натрапілі недзе там, пад Красным на маладую, прыгожую і мілую дзяўчыну. Вандравала некуды праз прыфрантавыя вёскі, запрасілі застацца, ахвотна згадзілася. Заляцаліся да яе агулам, гралі ёй на гітары, спявалі па-польску і расейску. Гаварыла, што яна - санітарка. Іншым разам, што радыстка. Што шукае свой аддзел. Хлопцы Вернера прапанавалі ёй. каб засталася пры іх. І гэта яе згубіла, згадзілася. Тады нехта прафесійна пільны папрасіў у яе паперы. Аказалася, што не мае ніякіх санітарскіх пасведчанняў. Таксама ні папер, што радыстка. Наогул, не мае ніякіх папераў. Толькі накіраванне ў палявы шпіталь з нагоды ганарэі.

Гісторыю называю вернярычнай выключна для каламбуру. Паручнік Вернер не меў да гэтага ніякага дачынення.

Цяпер у нашыя журналісцкія колы, як з неба ўпала сапраўдная прыгажосць. Высокая, халерна зграбная, з тонкімі, расавымі рысамі твару, з прыгожым у меру з гарбінкай носікам, лёгенька высунутым наперад падбародкам, цёмнымі, блішчастымі вачыма.

Хто яе да нас прывёў? Ці не Поль? З'ехаў з Вільні, пасяліўся з жонкай і яе дачкой у пакоі побач. Ніколькі не пастарэў, быў, як у Троках, чароўны і безадказны. Цяпер зусім траціў галаву з-за прыгожай незнаёмкі.

Тая не думала нічога траціць. Папівала з Полем, але страляла вачамі налева і направа. Гаварыла пра сябе, што абшарніцкая дачка. Барэйша, на якога находзілі прыступы пільнасці, ужо называў яе агентам ніто гестапа, ніто НСЗ, ніто Амерыкі. Пазней выявілася, што дачка прачкі. Можа, гэта супакоіла Барэйшу. Ва ўсякім разе і яго ачаравала, і цэлую кучу іншых.

Мне таксама халерна падабалася. Але я быў толькі што пасля жаніцьбы, па-просту не выпадала. Глядзеў на тое ўсё зайздросны і раптам расчулены такім відавочным упадкам маральнасці.

Праз пару гадоў прыехаў на кароткі час з-за мяжы ў Варшаву. Трэба ж такі выпадак, сустракаю яе. Прыгожая, як заўсёды. У дадатак мілая, на від старога знаёмага расквітнела ўсмешкай... Дамаўляемся на вечар.

Сяджу ў сваім пакоі знерваваны, поўны чакання. Яшчэ гадзіна! Аж мяне дрыжыкі бяруць з нецярпення. Але такія дрыжыкі, аж зубы ляскаюць. У галаве пачынае муціць. Нецярпліва прысядаю на канапу, потым робіцца мне холадна, накрываюся плашчом. як праз сон чую стук, не магу адказаць, як у кашмары, поўная бездапаможнасць, дзверы стукаюць, яе прыгожы твар нада мной, кладзе далонь на лоб...

Ачуньваю ў клініцы на Гожай. Злавіла мяне нейкая ўразлівая, бліскавічная ангіна з тэмпературай пад сорак.

Больш той дзяўчыны не бачыў. Выехала за мяжу, мела там розныя дзіўныя прыгоды, выйшла замуж ці не за егіпцяніна. Даведаўся толькі, што цэлая мужчынская палова рэдакцыі адной сур'ёзнай газеты пасля некалькітыднёвай супрацы з ёй адбыла пазней калектыўнае лячэнне, не такое ўжо і дакучлівае пасля адкрыцця антыбіётыкаў...

Дорак

Поль прыехаў у Люблін, Дорак, які акупацыю перажыў на вёсцы ў сям'і сваёй жонкі, вярнуўся якраз у Вільню і таксама выбіраўся да нас.

Не прыехаў. Прыйшла вестка, што яго замардавалі. Была гэта помста некаторай з "лонданскіх" віленскіх арганізацый за тое, што супрацоўнічаў з намі.

Мы былі ўзрушаны і абураны. У "Адраджэнні" зрабілі старонку, прысвечаную яго памяці. А потым звыш дзесяці гадоў адбываліся дзіўныя манёўры, пакуль выдалі падборку яго вершаў.

Найбольш цяжкасцяў было з уступам. Адзін з яго калегаў напісаў. Давялося адкінуць: залішняе "звядзенне рахункаў" з паэтам. Папрасілі мяне. Таксама зацягнуў. Аказалася, што не ўмею знайсці тону, які пасаваў бы да той мілай, знамянальнай постаці.

Мабыць. гэта не справа тону, а справа эпохі. Дорак быў чалавекам акрэсленай эпохі, і калі яна скончылася, не ўмеў яе перажыць, прыстасавацца да вялікіх зменаў, не пасаваў ужо ні да аднаго з наступных этапаў, такіх хуткіх, дык адзін на другі непадобных, супрацьпастаўленых, адзін другога выключаўшых.

Дорак быў чалавекам Вільні дваццатых гадоў і пачатку трыццатых. Той кароткай эпохі, калі ў тым здрабнелым горадзе зарадзілася дзіўнае суіснаванне некалькіх народаў, некалькіх ідэалогій, калі так блізка падавалася ад камунізму да каталіцызму, калі асноўныя ворагі дасканала ведалі межы сваёй варожасці, ніколі іх не пераступаючы, калі было яшчэ месца на жарты з праціўніка, не выключна на яго дабіванне.

У палове трыццатых гадоў перыяд той мінуў разам з нарастаннем крызісу, нарастаннем фашызму, з антыяўрэйскімі скандаламі, паліцэйскімі рэпрэсіямі, антысавецкімі кампаніямі, рознымі крытынскім "Алказарамі" і г.д. Дорак спрабаваў ператрываць, не вельмі ў яго гэта атрымоўвалася. У той перыяд пачынаў яго падводзіць беспамылковы такт і пачуццё гумару.

Вайна была для яго ўжо катастрофай. Тое, што супрацоўснічаў у 1940 годзе з "Віленскай праўдзівай", розныя "лонданскія" колы залічвалі яму за здраду. Калі мы прыйшлі зноў, бандыты паднялі на яго руку, абы не дазволіць, каб служыў Народнай Польшчы.

Яго смерць неадступна прыводзіць мне на памяць адзін з найлепшых момантаў "Ціхага Дону". Пярэдадзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Казацкая сотня парывае са сваімі афіцэрамі і пакідае Зімовы палац. Праз хвілю адзін з афіцэраў, парадачны, прывязаны да сваіх людзей, перабягае цераз барыкаду і даганяе казакоў. Тады нехта з афіцэраў страляе ў яго і забівае. Нікога з бальшавікоў, а якраз яго.

Партыя

Гэтай восенню, бадай у лістападзе, я аказаўся нарэшце ў партыі.

Не сталася для мяне гэта нейкім пераломам. З гадоў дванаццаці лічыў сябе камуністам. Канешне, не здаваў сабе справы з вельмі многіх рэчаў, быў не вельмі начытаны марксісцкай літаратурай (праштудзіраваў уласна толькі "Дзяржаву і рэвалюцыю", астатняе праглядзеў...), палітычна зялёны і так далей. Але ў сваім разуменні не бачыў істотнай розніцы паміж сабой і ўсімі астатнімі маімі ідэйнымі сутаварышамі.

Выключная іх большасць не разбівала маіх ілюзій, успрымала мяне роўна і прыязна, як аднаго са сваіх. Не ўяўляеце, як такія адносіны дапамагаюць у авалоданні ідэалогіяй. Але былі і такія, якія ўсялякім спосабам падкрэслівалі нейкую арганічную нада мной перавагу, што выцякала перш за ўсё са свайго даўжэйшага стажу ў партыі. Гэта моцна адпіхвала.

Не меў рэкамендацый. Па-просту, аднаго дня нас некалькі, можа аж дванаццаць, з калектыву "Рэчы Паспалітай" сабралася ў кабінеце Барэйшы, і пасля некалькіх кароткіх прамоваў абвясцілі сябе мясцовым колам (мабыць так тады гэта называлася) Польскай рабочай партыі. Толькі пазней пайшлі розныя фармальнасці, анкеты, біяграфіі.

У першы перыяд маёй прыналежнасці да парыі, гэта асабліва не ўплывала на маё жыццё. Рабіў папросту тое, што і даўней. Ужо многія гады ўсімі даступнымі мне спосабамі бараніў сваё бачанне свету і пераконваў, каго ўдавалася, што гэта адзінае слушнае. Таксама і цяпер гэта рабіў. Партыя не падавалася мне ніякім молахам ні ордэнам. Паасобныя яе чальцы, якія і перад тым былі нацэлены на расшчапленне воласа на чатыры часткі, падаваліся мне звыклымі занудамі, якіх знойдзеш усюды.

Толькі пазней даліся мне ў знакі недахопы ў начытанасці марксісцкай літаратурай. Па-просту, кожны такі зануда забіваў мяне запытаннем: а пра Феербаха чытаў? Паколькі не чытаў, мог ужо плясці, што хацеў, па-просту, мае аргументы ўжо нічога не значылі.

Даліся мне ў знакі гэтыя перабольшаныя начытанасці! Не, каб жа лічыў чытанне за непатрэбнае. Толькі што ў іхнім выкананні марксізм станавіўся незвычайна задагматаванай навукай, у якой непасвечаны не мог зрабіць кроку без упадання ў два спрэчныя адхіленні адразу.

Досыць хутка навучыўся распазнаваць іх здалёк, тых спецыялістаў, і па меры магчымасці пазбягаць. Не прымножылі яны - прынамсі на маіх вачах - ані аднаго прыхільніка справе камунізму, наадварот адпужвалі і нават часам выгрызалі - але ў дыскусіях з тупымі неначытанымі майго пакрою былі па-за канкурэнцыяй.

Але гэта былі ўжо засмучэнні пазнейшых гадоў. Для мяне ўступленне ў партыю было крокам такім натуральным, як для дзіцяці пачаць хадзіць.

Люблінскія парэшткі

Тым часам мінула восень, пачалася апошняя ваенная зіма. У сярэдзіне снежня грохнула пра новае нямецкае наступленне ў Ардэнах. Як дзіўна: гітлераўскі рэйх ледзьве дыхаў, мы ж ведалі пра гэта. У цуды мы не верылі. А ўсё ж пару дзён былі неспакойныя: а ну ж як вайна зноў павернецца на іхнюю карысць?

Праз пару дзён усё вярнулася на месца. Немцы загразлі ў Ардэнах. Усе, хто прыязджаў цяпер у Люблін, гаварылі пра падрыхтоўку нашага ўдару. Новы Год абяцаўся быць добрым.

Я сустрэў яго аж на Спакойнай, на ўрадавым прыёме. Было незвычайна - як на тыя часы - урачыста. Быў Берут, Веслаў, урад (якраз перайменаваўся з Камітэту нацыянальнага вызвалення ў Часовы ўрад і яшчэ нават пра тое не апавясціў шырокі свет), кіраўнікі партыі. Былі першыя дыпламатычныя прадстаўнікі, акрэдытаваныя ў нас - савецкі амбасадар Булганін, не памятаю, мабыць, яшчэ як генерал, і прадстаўнік Францыі, высокі прыстойны камандор Фушэ.

Селі за сталы. Памятаю, што пачуваўся ніякавата: генеральскія мундзіры, сукні кабет, а я ў керзавых ботах і ў мундзіры з працёртымі локцямі. Таму прыткнуўся на ражку аднаго з дастаўленых сталоў.

Закускі былі простыя, але шмат. Хутка выпілі пару тостаў, рэшта вечара прайшла жвава і галасіста. Запомніў дзве сцэны.

Было пару замежных карэспандэнтаў, сярод іх Анна Луіза Стронг, высокая, сівая, моцная, у акулярах. Вядомая як камуністка, спецыялізавалася ў Кітаі, праз пару гадоў потым хуценька абазвалі яе амерыканскім шпіёнам, праз яшчэ некалькі гадоў рэабілітавалі. Цяпер ужо сам не ведаю, што з ёй.

Тады трохі падпіла і, калі афіцэры пачалі спяваць хорам па-польску і па-расейску, не захацела застацца ў тыле, выскачыла перад ганаровым сталом і пачала сола танчыць квакерскія танцы. Моцна ёй пляскалі.

Быў таксама генерал Роля-Жымерскі. Якраз спяшаўся недзе па калідоры, калі мы дагналі яго з адной з нашых журналістак, якая абавязкова хацела з ім пазнаёміцца. Ужо знікаў за нейкімі дзвярыма, калі я яму ўсё ж тую каляжанку прадставіў.

Нецярпліва слухаў маю гаворку. Не адчуваючы неадпаведнасці сваіх паводзін, я гаварыў яшчэ і тое, і гэта, хаця ж няцяжка было здагадацца па яго твары, што ён вельмі спяшаецца. Калі я скончыў, ён нешта мрукнуў. А я потым дзівіўся, што не ўпадае ў энтузіязм, калі бачыць мяне.

Потым зрабілася мне нудна, пайшоў праз скурчаны пад снегам Люблін. Праз кожныя некалькі дамоў з-пад зацямнення прабіваліся палоскі святла, білі з-за шыб плыні музыкі, крыкі і спевы. Увесь Люблін святкаваў Сільвестр, слушна лічачы яго за апошні ваенны.

Зайшоў з некім яшчэ ў нейкую вялікую, слаба асветленую залу. Учора тут адбываўся першы з'езд Звязу сялянскай самапомачы. Пасля з'езду дэлегаты засталіся на сустрэчу Новага Года.

Смутныя ўспаміны: вельмі змрочная зала. У аднфм яе канцы таўкатня. Тут пры стале з ядою дэлегаты дастаюць свае прыпасы: кавал кілбасы, булка, бутэлька піва. Уся астатняя зала ў аблоках тытунёвага дыму. Ні танцаў, ні аркестра, ні жанчын.

Потым яшчэ ў Доме афіцэраў. Гэта тут пару месяцаў таму назад адбываўся працэс над тымі з Майданка. Цяпер яркае святло, аркестр, галубцы. Танцуючых няшмат. Застаюся тут нядоўга, цягнуся на тую нашу Радзівілаўскую.

Назаўтра нявыспаны, пазяхаючы рушыў у рэдакцыю, трэба было прапіхваць чарговы нумар. Пацеў над уступам, калі раптам без ніякай трывогі страшны грукат страсянуў горад раз, другі і трэці. У рэдакцыі перапалох. Нехта кінуўся ў піўніцу.

Я быў таксама недалёка ад таго. У імгненне вока няясныя апасенні, якія меў у сабе праз тыя месяцы, матэрыялізаваліся. Немцы ўсё ж паспрабавалі напасці на гэтую сталіцу за сорак кіламетраў ад іх пазіцый.

Сам не ведаю чаму, выглянуў усё ж на балкон. Грукат прадаўжаўся, сыпаліся шыбы. Убачыў, аднак, што на вуліцы ніякай панікі.

Справа адразу ж высветлілася. Гэта ў гонар Часовага ўраду па маскоўскай модзе арганізавалі салют. Але нашыя феерверкеры мелі малы досвед і слабое ўяўленне. Зенітную батарэю паставілі на суседняй плошчы Уніі і давай лупіць у Пана Бога... і не толькі ў Пана Бога, але і ў вокны!

Зімовае падарожжа

Цяпер вялікае чаканне наступлення, якое нам падарыць левабярэжную Польшчу. На працягу некалькіх студзеньскіх тыдняў не здарылася нічога, што запомніў бы - хіба ўласна гэтае чаканне.

Выбух наступлення на поўдні, пад Сандамірам. Ліхарадачныя дні. Рушыла сярэдняя Вісла, рушыў Жукаў і адначасова Ракасоўскі над Нарвай. Вызвалена Варшава: зноў салют, але не такі шыбабіўны.

Усе цэнтральныя люблінскія ўстановы гвалтам пачалі фармаваць выязныя групы, пра якія забылі ад верасня. Барэйша не адставаў.

Пайшоў да яго, жадаючы, каб адправіў мяне ў Кракаў. Няцяжка здагадацца, чаму. Паміма поглядаў трохі турыстычных: ніколі там не быў і прафесійных - што сабралася там вялікая група пісьменнікаў, мясцовых і варшаўскіх, меў прычыны асабістыя. Не збіраўся, канешне, слухаць парады Марысі Леткі і ўступаць у разборкі з тым некім, "па-разумнаму" павінен быў нават пазбягаць спаткання, бо ўжо перакрэсліў справу раз і назаўжды. А ўсё ж нешта мяне цягнула, хацеў на ўласныя вочы ўбачыць тое перакрэсленне, хоць бы, каб упэўніцца ў яго незваротнасці.

Такім чынам у дваццацатых днях студзеня, раннім поўднем мы рушылі з-пад рэдакцыі. Было нас двое, трэці шафёр. Дасталі вайсковы "Віліс". Мы бралі з сабой шмат бензіну і харчоў: невядома было ці дастанем што дзе на тых бязмерных прасторах, якраз вырваных у Гітлера. Пачуваліся трохі падарожнікамі, якія маюць расшыфраваць велізарную белую пляму ў сэрцы Еўропы.

Гэта было не толькі ў пераносны сэнсе, тая белая пляма. Гэтай зімой упалі багатыя снягі, цяпер усталяваліся дваццаціградусныя марозы, якія раздуваліся моцным, парывістым ветрам.

Апрануўся ва ўсё, "што меў": свэтры і свэтрыкі, футраную камізэльку, ватнія порткі і куртку, на гэта ўсё з цяжкасцю нацягнуў сягаўшы да пят вайсковы плашч, пашыты год назад у танкавай брыгадзе. На галаву насадзіў велізарную футраную шапку. У выніку памерамі і рухомасцю стаў падобным да круглай тумбы для расклейвання абвестак.

Мусіў сесці ззаду, спераду ўсеўся, мабыць, ужо маёр Сідар, адзін з той чацвёркі, дэлегаванай у Маскву ад імя КНР. Быў гэта малады, прыстойны і вясёлы хлопец, партызан, народнік, перадваенны дзяяч "Віці".

Быў начальнікам нашай групы. Атрымаў ад Барэйшы нейкае таемнае заданне. Трымаў на каленях вялізную кардонную скрынку, старанна абгорнутую паперай і перавязаную амаль стужачкай.

Я сядзеў ззаду. Шафёр уціснуў мне пад правы бок тры каністры з бензінам. Здалося мне гэта нават выгадным: мог абаперціся і не падскокваць так на кожнай выбоіне. Разумення не меў, колькі за гэтую выгаду неўзабаве заплачу.

Як звычайна, найдаўжэй трывалі апошнія прыгатаванні. Аўтамабіль, гатовы ад раніцы, рушыў толькі перад змярканнем. Павярнулі пры выездзе з горада ўлева, на Краснік, Янаў Люблінскі. Пад Мадлібожыцамі ўжо сцямнела. На пытанне пра начлег Сідар таямніча махнуў рукой перад сабой. "Віліс" пёр наперад, скакаў на выбоінах, брынчалі каністры, мокра булькатаў бензін. Востры вецер вырываўся з-пад шафёрскіх плячэй, падымаў уверх прылбіцу шапкі, крок за крокам прарываўся ўнутр той тумбы, якой я стаў.

Што горш, раптам нешта халаднаватае ткнула мяне справа. Доўга не мог зразумець, што зрабілася. Толькі ў Сандаміры, дзе Сідар размясціў нас на начлег у забітай людзьмі хаце - спалі покатам на падлозе - зразумеў нарэшце, у чым справа.

Па-просту каністры былі няшчыльныя. Пры кожным устрэсванні чырвоны, едкі бензін пранікаў у плашч, ватнікі, свэтры, пакуль не дабраўся да цела. Са здзіўленнем аглядаў велізарную чырвоную пляму, якая з'явілася ў мяне ад калена па пояс. Узнік ад гэтага найвялікшы пухір, які я бачыў у жыцці. Аж да вяртання ў Люблін, да лячэння, хадзіў я са страшным болем, які выдатна тушаваў перажыванне мной тых непаўторных дзён.

Таямнічы візіт

З раніцы зноў быў вецер, мароз, хмары. Неўзабаве мінулі Тарнабрэг, Баранаў, моцна знішчаны Мелец. Тут павярнулі на Вялікі Радамысль, на Тарноў.

Тут мы пераадолелі лінію фронту, які стаяў паўгода. Калі гэты Радамысль вялікі, то які мусіць быць той малы? Потым некалькі кіламетраў зусім бязлюдных. Рэдкія купкі дрэў, некранутая бель снегу і тычкі з надпісамі па абодвух баках дарогі: "Увага, міны!".

У Тарнове рух: мы выехалі на вялікую франтавую артэрыю. Дзяўчаты ў белых кажушках размахвалі на скрыжаваннях сцяжкамі. Бесперапынныя караваны вазоў, аўтамабіляў, гармат. Тут і там заблукаўшыя цывільныя.

Сідар паляваў уласна на іх. Ледзве дзе бачыў мінака ў шапцы і вясёнцы, кідаўся на тратуар і нешта выпытваў.

Пэўна, нешта даведаўся, бо за горадам мы павярнулі на бакавую шашу ўправа. З дзесяць кіламетраў паршывай дарогі. Снег, балоцістыя лужкі па баках. Потым вёска, непрыглядная, без дрэваў, без садоў, хаатычна раскіданая на плоскім бязлесым пейзажы.

Прыпыніліся каля вялікага, драўлянага дома, пэўна, нядаўна збудаванага, бо без агароду, без саду.

З цяжкасцю выпрасталі акачанеўшыя ад марозу ногі. Сідар клапатліва нёс сваю вялікую скрынку. Цёмныя, вялікія сені. У першым пакоі, досыць цемнаватым, нейкія кабеты замерлі на наш від.

- А гаспадар дома? - спытаў Сідар пасля прывітання.

- Яшчэ не вярнуўся... - пачалі запаўняць адна за другой.

Былі досыць збянтэжаныя.

- Як жа з яго здароўем? Трымаецца? - спытаў праз хвілю Сідар.

- Дзякуй Богу.

- А калі вернецца?

- Адкуль жа мы ведаем? Недзе ў гарах, нават не ведаем, дзе.

- Ну, то, як вернецца, прашу яму перадаць, - уручыў скрынку. - Каб сіл набраўся пасля таго акупацыйнага здзеку. Калі ласка, скажыце, што былі з Любліна, з нашай прэсы. Там дробныя рэчы, шакалад, лекі. Можа яму прыдадуцца. Немалады.

Жанчыны правялі нас да аўтамабіля. Я аглянуўся на таблічку з назвай вёскі. Называлася Верхаславіцы. А адсутнічаўшы гаспадар, канешне, гэта быў Вінцэнт Вітас. Хаваўся ад немцаў, яшчэ не сумеў вярнуцца. Як вядома, зрэшты, нядоўга пажыў пасля вяртання, змардаваны Берасцем і хаваннем пры немцах.

У Войнічы бакавая сцежка гісторыі, як струмень упадае ў вялікую ваенную плынь шашы Львоў - Кракаў - Шлёнск. Злева падышлі падкарпацкія голыя пагоркі. Абганяючы калоны конных абозаў, самі абганяныя шпаркімі матацыклістамі, жвава імкнёмся наперад. Бжэска, Бохня, прысеўшая на кукішкі недзе ніжэй шашы Вялічка. Нарэшце шэракаменны горад Кракаў. Натоўпы на вуліцах. Аўтамабіль ледзве сунецца, без стомы трубіць. Амаль без руін! Вось першае, найвялікшае ўражанне. Не было таксама ўстаноў, крамаў, рэстаранаў, гатэляў. Не памятаю, дзе мы начавалі, памятаю толькі, што было цвёрда, холадна, цесна. Елі люблінскія прыпасы.

Нягледзячы на гэта, спадабаўся мне гэты горад. Сеў у "Віліс", з Сідарам вярнуліся ў Люблін іншай дарогай, праз Кельцы, Радам, спалены Казімір. Націснуў на Барэйшу. На працягу некалькіх дзён залатвіў фармальнасці, атрымаў прызначэнне галоўным рэдактарам паўставаўшай у Кракаве газеты.

Канец Любліна

Развітанне з Люблінам. Наш домік на Радзівілаўскай стаў ужо ўтульным. У суседнім пакоі жыў Поль з жонкай, мілай, дзёрзкай і курносай Люцынай, з яе дачкой і немаведама для чаго з Мікулкам. У нашым пакоі таксама знаходзіўся субарандатар - марская свінка, якую мы назвалі Гілярам у гонар героя ў адной з ранніх аповесцяў Івашкевіча. Гіляр быў сімпатычным і таварыскім. І рэшта, тыя зверху, з дальшых пакояў таксама неяк жылі...

Але дом рассыпаўся, людзі выязджалі ў Лодзь, у Варшаву. У імгненне вока Люблін вярнуўся да нармальных прапорцый, тыя, хто заставаўся, за штодзённыя выгады плацілі падвойнай настальгіяй: па ўласным горадзе і свежа нараджаўшайся новай сталіцы.

Дзве гадзіны самалётам, сядаемся ў Кракаве. За пару дзён Кракаў моцна змяніўся. Адчыніў свае дзверы "Французскі гатэль" з нейкай неверагодна паскуднай сталоўкай. Мы атрымалі ў ім пакой, вялікі і цёплы, але з акном ваўнутр, над смярдзючай кухоннай "студняй".

У горадзе натоўпы просьбітаў атакавалі некалькіх "упаўнаважаных ураду" з неяснай кампетэнцыяй. Адбываліся імправізаваныя ўстаноўчыя сходы розных прафесій. Я быў, напрыклад, на такім сходзе актораў, але не памятаю з яго зусім нічога. Хіба толькі Важыка, яго малую згорбленую постаць у мундзіры, вялікі нос, асядланы акулярамі, і велізарны рэвальвер, які абіваў худое сцягно. А над тым маячыць яшчэ дзівосная, футраная шапка, падобная да вавілонскай тэраснай піраміды, якая называлася "Зігурат".

Іншыя сходы, пісьменніцкія. Тут я прамаўляў смутна і без поспеху. Пісьменнікі былі ветлівыя, не задавалі каверзных пытанняў. Адзіны клопат меў з нейкім таксама невялікім тыпам, які атакаваў мяне як апартуніста, бо я не прапаную ўзнікнення сямнаццатай саюзнай рэспублікі.

Дадам, што другім байцом той жа справы аказаўся на год пазней, у Швейцарыі, адзін з князёў Любамірскіх, які пасля многіх кампліментаў на адрас уладаў Народнай Польшчы паведаміў, што аднак вярнуцца ў Польшчу цяпер не можа, бо:

- ... я - славянафіл, і маім ідэалам ёсць федэрацыя ўсіх славянскіх краёў у рамках Савецкага Саюза...

Гэта былі аднак другасныя, гэтыя сходы. Першае важнае, што я зрабіў - гэта быў візіт у будынак на Веляполі, 1.

Ужо пару дзён выходзіла тут газета пад назвай "Штодзённік кракаўскі". З незвычайным здзіўленнем я разглядаў гмах. у якім яна размяшчалася. Пасля нашых люблінскіх друкарняў, якія, напэўна, памяталі часы Берната з Любліна, было гэта сапраўдным цудам.

Я зажадаў, каб мяне прадставілі галоўнаму рэдактару. Сакратарка спрабавала супраціўляцца: галоўны вельмі заняты. Неяк з ёй парадзіў. Яе начальнік аказаўся схільным да саступак. Гэта быў Яцак Фруйлінг, вядомы мне мімалётна з Львова, з "Чырвонага штандара".

Правёў мяне па тым зачараваным каралеўстве. Як цяля на маляваныя вароты, глядзеў на чараду лінатыпаў і ўжо зусім здзервянеў каля ратацыйнай машы-ны. Як бачна, я не меў спецыяльных дадзеных, асабліва тэхнічных, да той работы. Але я ў цэлым не праймаўся. Пэўна, ні адзін з маіх новых падначаленых, бачачы маю недасведчанасць у розных тэхнічных дробязях, кпіў сабе з мяне.

Я быў аднак поўны веры ў людзей і папросту такой забавы не заўважаў. Зрэшты, была іншая дзялянка, на якой я зусім не пачуваўся жаўтароцікам, на якой жаўтароцікамі былі яны ўсе, г.зн. палітыка. Пасля "Новых гарызонтаў", пасля Першай дывізіі, пасля Любліна на той дзялянцы я пачуваўся цалкам упэўнена.

Выдзелілі мне пакой, у якім гаспадарыў з сям'ёй Мар'ян Дамброўскі, стваральнік, уладальнік і натхняльнік "Ікаца". Я не пераносіў гэтай газеты, была ад мяне найдальшай, найбольш агіднай за цкаванне Савецкага Саюза, за ганебную і хамскую антычэшскую кампанію, за дробныя, паршывыя інтрыгі супраць Варшавы, за ўвесь свой тон, свае сімпатыі і антыпатыі. Не без пачуцця помслівай сатысфакцыі засеў я за стол пана Дамброўскага.

Пакой быў невялікі, цемнаваты, выкладзены нейкім шэрым лямцам, з шэрымі сценамі і закопчанай столлю. З мэблі стаяў стол-бюро і нейкая шафка, рэшта пустая. У стале я знайшоў пару нумароў тутэйшай прадажніцы "Ганца кракаўскага", апошні нумар "Вераб'ёў на даху" з датай 3 верасня 1939 года, яшчэ лісток, які называецца "Пералом". У гэтых чатырох нумарах сабралася як бы рэзюме тых пяці гадоў.

"Вераб'і", як звычайна, жабрацкія, з абрыдлівымі карыкатурамі і ў танальнасці кпліва-пераможнай, асабліва пачварнай, калі паглядзець на даты. Нумар "Ганца" ад 10 лістапада таго ж года. Вялікі загаловак на "тройцы": "Немцы будуць пераможцамі ў вайне". Падзагаловак: "Вытрымкі з прамовы фюрара". Унізе другой паласы "літаратурны фельетон" Яўгена Шармянтоўскага (сённяшняга супрацоўніка лонданскіх "Ведамасцяў"...) пра вераломную жонку на прасторах гісторыі. На трэцяй лекцыя пра антысемітызм. Чацвёртая - дробныя абвесткі. Канешне, найцікавейшая. Пошукі сваякоў, пасярэдніцтва ў паездках у Вільню і Кракаў, і нават у Варшаву. Ёсць ужо першыя ластаўкі, тыпу: "Арыец, спецыяліст шукае супольніка - супольніцу. Рэстаран - кавярня" і г.д.

Потым той жа "Ганец" ад 28 красавіка1942 года. Зноў прамова Гітлера: "З найвялікшай верай гляджу ў будучыню". Вось фрагмент:

"Гаворачы сёння ў імя той сапраўднай еўрапейскай моладзі, а тым самым у імя маладога адроджанага свету, раблю гэта з пачуццём чалавека, які найцяжэйшую бітву свайго жыцця мае ўжо ззаду...".

У абвестках зніклі пошукі сваякоў. Пераважаюць прапановы продажу. Чаго там няма! Дзіцячыя каляскі, каракулевыя паліто, ужываная вопратка, нават мейсца ва ўсыпальніцы на новых кракаўскіх могілках!

Лістапад 1944 года. Дзіўная газетка, якая называецца "Пералом". Яна ўяўляе сабой нелегальны орган таго абломка польскай думкі, якая заклікала да неабходнасці пагаднення з Гітлерам. І тут, як у Гітлера, праходзяцца па той няшчаснай Еўропе:

"Гэтай мэтай ёсць і мусіць быць адно толькі такая пастаноўка польскай справы, каб была дасягнута найвышэйшая ступень самастойнага ўдзелу польскага народа ў жыцці, задачах і клопатах будучай супольнасці еўрапейскіх народаў (падкрэсленне рэдакцыі "Пералому")".

Чытаў тую газетку спачатку з цікавасцю, потым з непрыемным пачуццём духаты. Уставаў, адчыняў акно на мароз і імглу. Потым сама шэрасць пакою здавалася сціскае дыханне. Выходзіў.

Першыя тыдні ў Кракаве былі без сонца. Я быў, здаецца, у "Французскім", калі падышоў да мяне нехта, бадай што Важык, і шапнуў:

- Ведаеш, твая Ірка тут. Бачыў яе...

Як бы даў мне па галаве. Не пытаючыся, што, дзе? выйшаў у той хмурны поўдзень. Перасёк Мар'яцкі пляц, якраз павярнуў на Сенную, калі мне нешта падказала падняць галаву.

Хмурна, вузкая вулачка, плынь людзей. На супрацьлеглым тратуары... Так. Стаяла, глядзела на мяне. Каля яе нейкі невысокі, цёмны егамосць. Калі заўважыла, што я бачу яе, сказала яму нешта і рушыла да мяне.

Я стаяў у доўгім вайсковым плашчы да пят, у футраной шапцы. Вось тая хвіля, пра якую марыў тры гады, якой помсліва чакаў у Любліне. Вось той канец маёй вайны. Вузкая вуліца Сенная, колькі тых крокаў было, пятнаццаць? Я не сказаў ні слова, не крануўся. Ішла ўглядаючыся ў мяне, ужо гатовая заплакаць.

Ішла за мной да рэдакцыі. Я маўчаў, маўчала і яна, плакала. Я спытаў пра Еву. Была ў вёсцы пад Кракавам, у той, якую сёння праглынула Новая Гута. Сядзелі ў мяне ў кабінеце. Ірэна спрабавала нешта гаварыць. Мне хапіла адной фразы: пасля ліста Марусі я таксама...

Не хачу драматызаваць. Мая маўклівасць выразна паказвала, што драма ўжо скончылася, выгарала. Прынамсі для мяне. І адзіная мая помста, пра якую столькі думаў пасля вяртання з Львова, звялася да сцверджання, што ў яе гэтая драма толькі пачынаецца...

Каб скончыць: праз пару дзён я паехаў у Магілу. Ева была худая, танканогая, насатая. Не пазнаў яе твару - за гэтыя гады нос яе стаўся нейкі арліны. Траскатала весела, нічым не паказваючы нярвовасці з нагоды няяснай, напятай сітуацыі. Дзеці выдатна пераносяць найдзічайшыя скачкі гісторыі - гэта адзіная рацыя вытрываласці роду чалавечага. Недзе ў цяні мільгануў сілуэт цёмнага егамосця.

Шчыра кажучы, і гэтае спатканне мінула мне без вялікіх устрэсаў. Я не меў лішне развітых бацькоўскіх пачуццяў, покліч крыві на мяне не дзейнічаў. Нашмат мацней прывязвае сам факт жыцця разам, штодзённага кантакту, уплыву.

Варшава ў лютым

Недзе не пачатку лютага з камітэта партыі прыйшло распараджэнне, каб з'явіўся а той і той гадзіне ў Варшаву, на пленум ЦК. Ехала нас некалькі машын.

Быў мароз, смуга, моцны вецер. Дарогі абледзянелыя, пякельна небяспечныя.

Недзе перад Енджаёвам невялікі паварот, перавернуты грузавік у рове, некалькі салдат, на шашы адзін размахвае рэвальверам, намагаецца нас затрымаць.

Гэта савецкія салдаты, атачылі аднаго са сваіх. Стары з сівой некалькідзённай барадой ляжыць наўзніч, хрыпіць. Шафёр намагаецца ўліць яму ў рот гарэлкі. Нехта яго адпіхвае, адходзіць, плача, іншыя на яго з кулакамі: забіў чалавека!

Бяром аднаго параненага. Давозім да шпіталя ў Енджыёве. Калі вярнуліся да тых па нашага, які там застаўся, канаючы ўжо памёр.

Шаша забіта людзьмі. Цераз задымленне, мароз, вецер пхаемся, як можам, наперад. З таболамі, чамаданамі, клункамі. Найшчасліўшыя размясціліся ў аўтамабілях, сядзяць радамі, прытуленыя адзін да другога ў "Студэбекерах", чапляючыся за мяшкі на версе "палутарак". Іншыя тузінамі паўзлазілі на фурманкі. Некаторыя з намаганнем круцяць педалі на раварах. Але найбольш пешых.

Усё гэта пхаецца ў адным кірунку: у Варшаву.

Я смутна памятаю дарогу. За Белабжэгамі круціліся, пакуль не трапілі на моцны лёд на Піліцы. У Варшаву ўехалі ноччу. Высокія блокі дамоў чарнелі ў цемры, і можна было пераканацца, што гэтыя дамы не прывіды. Але хапала, каб фары коса зачапіліся за іх, каб кінулася ў вочы іх шкілетнасць, іх трупасць.

Назойліва прыпаміналіся мне Роўна і вуліца Белая, магілы, раскапаныя, пасля густа забітыя ярусамі трупаў. Было ў гэтых дамах нейкае ўнутранае, фармальнае падабенстства да жывога, якое ёсць найадчувальнейшым атрыбутам смерці. Уласна таму мы баімся трупаў, што прыпамінаюць яны нам чалавека.

Была ноч, і таму было лягчэй не заблудзіць. Помніўся генеральны кірунак. Праз Алеі, Новы Свет, Ксёнжыц, каля магутных руін моста Панятоўскага даехалі да вутленькага пантоннага моста.

Тут на гэтай беднай, бруднай, пераворанай Празе, з вырвамі на вуліцах, з фанерай заміж шыб, са звалкамі разбітых вакзалаў і фабрык даведваешся, наколькі жыццё, хоць бы і найгоршае, мацнейшае за смерць.

На наступны дзень паехалі на Старое Места. Да Замкавай плошчы можна было дабрацца аўтамабілем. Зыгмунт ляжыць на бруку. Яго ззелянелая постаць, нечакана вялікая і блізкая, траціць на зямлі сваю гератычную, стылізаваную позу, становіцца звычайнай, чалавечай. Толькі галава, павіслая ў паветры, падпёртая вузкім плячом, узбуджае нейкі клопат, хацелася б падкласці пад яе падушку. Меч і крыж зніклі з пустых далоняў, але акрамя гэтага статуя не кранутая.

Замак: ужо толькі патоўчаная цэгла. За ім барыкада. Вядзе да яе нешта, як бы сцежка. Хапаюся за мур, узлажу, балансую. Дальбог, вяршыня нонсэнсу: высакагорныя маршруты ў сэрцы Варшавы.

Сцежка бяжыць зігзагам, узбіраецца на пагорак бітай цэглы, спадае ўніз, абмінае вырвы, пераходзіць цераз равы. У пэўным месцы адхіляецца ўлева, справа велізарныя валуны, з аднаго боку паліраваныя на светла-зялёна. Толькі гэтыя ашчэпкі кафлі нагадваюць: тут стаяла катэдра Святога Яна.

Рынак - прывід Старога Места. Злева і перад намі франтоны камяніц стаяць з пустымі вачніцамі, з пусткамі за сабой. Справа і таго няма. Толькі пяцімятровыя курганы друзу. На плошчы некалькі неразарваўшыхся бомб. Вялікія, пузатыя і ўжо заржавелыя.

Камяніца Барычкаў. Тут прайшоў той вечар Пшыбася дзесяць гадоў таму. Скляпенні сеняў, але над імі і за імі нічога няма. У сенях рассыпаны пер'е і паперкі. Ашчэпкі мармуровай табліцы. Аўтахтоны гавораць, што ў падвале яшчэ ляжаць трупы.

Каменныя Сходкі. Велізарныя кратары вырваў замкнулі вулачку. З правага боку выцятая выбухам сцяна пахілілася, амаль датыкаючыся супрацьлеглаглага дома, і застыла на палове дарогі, не рухнула.

З найбольшай сцірты друзу, з чарнеючай у завалах пячоры вылазіць на чацвярэньках чалавек, цягне за сабой мяшок. Што ён тут шукаў?

Па дарозе прыплентаўся да нас нечы далёкі знаёмы. Угаварыў, каб цяпер звярнулі на Сенную: хоча ўбачыць, ці засталося што з яго жылля.

Класічная структура драмы. Акт першы: вядомыя руіны вакол. Цяжка сабе ўявіць, каб што-небудзь... Пад'язджаем. Дом ад фронту разбіты на горкую порхаўку.

Акт другі. Вылазім, праз друз прапіхваемся на падворак. О, дзіва, афіцына цэлая, нават шыбы не ўсе выбітыя. Чалавек бяжыць па сходах, ледзве паспяваем за ім. Дзверы цэлыя. Выцягвае ключ, адмыкае...

Акт трэці. Пустое, але цэлае памяшканне. Нацёрты паркет. Чалавек адчыняе адны дзверы, другія, у чарговым пакоі нахіляецца, аглядаецца, ці мы не заблізка, нешта націскае, кляне праз зубы, выпростваецца. Мы падходзім. Схованка ў падлозе пустая. Абрывак паперкі, на якім невядомы жартаўнік пацвярджае атрыманне дэпазіту...

У тым страшным месцы ацалелі пераважна дамы, пасечаныя артылерыяй. Немцы ўжо іх не падпальвалі. Цяпер, у лютым, найбольш людзей жыве як-раз на такіх астраўках.

Стыхійны працэс аднаўлення горада. Паўцёмныя пакойчыкі, запханыя хламам, з вокнамі пазастаўлянымі фанерай. На маленькай печцы сычыць каша. Састарэлыя жанчыны ў лахманах. Дзеці і тут пераносяць гэтыя пякельныя ўмовы найлепей.

На вуліцах рух. Пацеркі мінакоў з'яўляюцца тут і там з заплечнікамі, клункамі, санкамі. На скрыжаваннях палявыя рынкі. На рагу Маршалкоўскай і Алеі Керцаляк. З дзясятак баб з булкамі. Трохі тых, хто гандлюе на абмен. Тлум зявак.

Чалавечая стыхія, якая трыста і больш кіламетраў пхнецца да Варшавы праз мароз, снег і голад, першая стала на адбудову сталіцы. Грыб, якому выпадзе ўрадзіцца пад каменем, вырасце крывым, але падыме камень сваім мяккім, нетрывалым целам.

"Газета польская"

Пленум адбываўся недзе на Празе. Калі знайшоў у асабняк, з разгону хацеў трапіць у залу. У прылеглым пакоі сядзеў невысокі тып у пенсне з досыць растрапанай чупрынай. Сам ужо не ведаю, з-за чаго дайшло паміж намі да страшнай авантуры. Аказалася пазней, што гэта чалец ЦК Аляксандр Кавальскі.

Я сядзеў на пленуме, як на турэцкім казанні. Першы раз быў на паседжанні кіраўніцтва нашай партыі. Слухаў выступленні, часам адчуваў падскурнае напружанне, але не ўмеў адсачыць найважнейшы кірунак пленума.

Пры нагодзе адведаў Барэйшу. Быў вельмі заняты, але пару рэдакцыйных спраў мы залатвілі. Вярнуўся Кракаў ужо амаль, як дадому.

Гэты кракаўскі перыяд - як і люблінскі - адрозніваўся ад усяго майго жыцця незвычайнай рознапланавасцю. Жыццё, якое перад тым цякло адным руслам, цяпер набрала разгон, раздзялілася на некалькі адгалінаванняў, раўназначных, адначасовых і якія паміж сабой амаль не сутыкаліся. Адгэтуль неабходнасць пераскокаў і адступленняў у часе.

Што крок мушу сам сабе прыпамінаць, што гэта ніякая не гісторыя, гэта толькі разгорнуты жыццяпіс. Што павінен пісаць толькі тое, з чым сутыкнуўся асабіста. Што пра найвялікшыя нават здарэнні, пры якіх я не прысутнічаў, можна мне пісаць толькі ў дужках.

У "Газеце польскай" я пачуваўся добра. Адпіхвала мяне ікацаўская атмасфера, але да людзей "адтуль" я не меў ніякай перадузятасці. У газеце сутыкнуліся цяпер дзве групы журналістаў: даўнія ікацаўцы і варшавякі, часам з лісткоў, часам з газет больш паважных. Я не даўся быць уцягнутым у іхнія разборкі, а ўжо асабліва не ішоў на ніякія "антыкракаўскія" гаворкі.

Не толькі таму, што бачыў палітычную дурноту такой разборкі паміж Кракавам і Варшавай. Па-просту гэтыя кракавякі мне досыць падабаліся. Былі вясёлыя і ветлівыя. Не было з імі сутычак прынцыпіяльных. Выданне запаўнялі наогул цікавым матэрыялам.

Прамільгнула пры мне праз рэдакцыю нямала людзей. Сакратаром яе быў яшчэ не такі вялікі, як сёння, Станіслаў Вітольд Баліцкі. Рос "на вачах" у палітычным сэнсе. Калі я пачаў падумваць пра змену прафесіі, натуральна запланаваў яго на пераемніка.

Акрамя сталых працаўнікоў установы як Фруйлінг, Вітольд Зэхентар, Багдан Бжазінскі праз рэдакцыю прамільгнула шмат іншых цікавых людзей. З'явіўся, напрыклад, малады, вельмі прыстойны чалавек, які меў між тым велізарныя станоўчыя якасці: аўтахтон з Апольшчыны, якраз вызваленай. Пісаў вершы і артыкулы, не вельмі рашучы, што лепш. Канешне артыкулы былі вельмі, вельмі лепшыя. Завязаў з ім больш блізкі кантакт, пасылаючы яго як уласнага карэспандэнта пад Берлін.

Нажаль, хлопец ехаў праз Варшаву ці Лодзь, трапіў да Барэйшы. Той уміг улавіў, што гэта за неспадзяваная ўдача і скаапераваў яго ў сваю "Рэч Паспалітую". Меў рацыю, бо гэта быў Асманчык!

Аднаго дня на рынку бачу дзіўныя постаці, схуднелыя, у блакітна - белых паласатых апратках. Гэта першыя вязні з Асвенцыма, вызваленыя, мабыць, недзе толькі ў палове лютага.

Праз пару дзён два з іх зайшлі ў рэдакцыю. Правёў з імі доўгую размову. Адзін прыстойны, малады, выглядае на спартоўца. Сустракаў яго прозвішча пад вершамі перад вайной. Гэта быў Тадэвуш Галуй.

Другі быў вышэйшы, лысы, таксама малады, з глыбокім, нізкім голасам, з іскаркамі гумару ў цёмна-блакітных вачах. І яго прозвішча не было мне чужым. Быў гэта дзеяч мясцовай кракаўскай левай пэпээсаўскай моладзі. Гаварыў мне пра яго, здаецца, нябожчык Намыслоўскі.

Што дзеяч, то гэта відно. Паколькі ў газеце палітыкаў бракавала, спрабаваў яго ўгаварыць да больш сталай сувязі з газетай. Не гаварыў "не", але не звязаўся. Меў рацыю. Праз два гады стаў прэм'ерам.

Нейкі час "Газета польская" намагалася іграць ролю цэнтральнага агульнапольскага выдання. Я спрабаваў гэта неяк матываваць. Але хутка стала відавочным, што в.а. Варшавы - гэта, аднак, Лодзь, не Кракаў. Відаць гэта было хаця б па паводзінах некаторых знаёмых, якія пару тыдняў вагаліся, аднак потым ва ўсе ногі імчаліся ў Лодзь.

Я ані не думаў гэтага рабіць. Спрабаваў "Газету" ажывіць. Памятаючы вялікую ролю, якую ў гісторыі "Жагараў" адыграў Мацкевіч, я разгледзеўся па кракаўскай літаратурнай моладзі, шукаючы пераемнікаў Мілаша і Загорскага. Не, абодва яны былі тут, але пра гэта пасля гэтага.

Канешне, моладзі не бракавала. Найактыўнейшым падаўся мне невысокі, моцны бландын, Адам Улодак. Даручыў яму рэдагаванне дадатку: тыднёвую паласу. Ён меў поўную аўтаномію. Назваў той дадатак "Змаганне". Назва не вельмі адэкватная, бо ніякага змагання неяк там я не ўбачыў.

Хоць не выйшла з гэтага ніякіх "Жагараў" - усё ж маю з таго "Змагання" пэўную сатысфакцыю. Гэта ў ім дэбютавала такая добрая паэтка, як Віслава Шымборская. У той час гэта было нешта шчуплае з вялікімі вачыма.

Змагацца - гэта ўжо найбольш я сам змагаўся ў тым выданні. На маіх вачах нараджалася і расла дзяржава. Паколькі я быў пры яе пачатках, праўда, хутчэй як адзін з назіральнікаў, а не тварцоў, падаваўся сам сабе знаўцам прадмету значна глыбейшым, чым быў. На ўсіх, якія пачалі цяпер мяне апераджаць, глядзеў зверху, як на палітычных выскачак. Можаце сабе ўявіць, якія фуры ворагаў ствараў я сабе пры кожнай аказіі.

Маючы пад рукой газету, я пісаў розныя артыкулы на варшаўскія ці агульнапольскія тэмы. Напрыклад, высмейваў якраз узнікаўшую традыцыю з'ездаў і акадэмій, на якіх усё пачынаецца ад кучы прывітанняў і незаўважна пераходзіць у кучу развітанняў. Столькі там гэтага, што не застаецца месца на звыклае паседжанне.

Альбо бічаваў пэўныя, якраз паўсталыя міністэрствы, напр., інфармацыі і прапаганды, а таксама культуры і мастацтва. Нягледзячы на факт, што тое другое ператрывала і неяк прыдаецца, не думаю, што ў тых атаках я не меў рацыі. З той інфармацыяй і прапагандай рабіліся наогул страшныя рэчы. Можна смела сказаць, што вінаватае яно ў