Вярнуцца: Мемуары

На суд гісторыі


Дадана: 02-07-2012,
Крыніца: Мінск, 1994.



ЗМЕСТ

Барыс Сачанка. Жывыя сведкі мінулага
Ю. Вітан-Дубейкаўская. Cor ardens. Успаміны npа Цётку - Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс
Стэпонас Кайрыс. З маіх успамінаў пра Цётку
Вацлаў Ластоўскі. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу
Людвіка Войцікава. Пяць месяцаў у Менску (3 жьщця Максіма Багдановіча)
Мікола Шыла. Алесь Гарун
Эдуард Будзька. Пясняр у жыцці
А. А-к. Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі)
А. Эссон. Мае ўспаміны аб Алесю Прушынскім
Ф. Кушаль. Сорак два гады таму (Жменя ўспамінаў
Кветка Вітан. "Наша ніва" і Іван Луцкевіч
Мікола Шыла. Мае сустрэчы
А. Уласаў. Якуб Колас і "Наша ніва"
Іна Рытар. На суд гісторыі
Іна Рытар. Якуб Колас
А. С. На Лысай гары
Аўген Калубовіч. Якуб Колас і Янка Купала
Масей Сяднёў. Юбілейныя сустрэчы (Зблізку ад Коласа і Купалы)
Мікола Шчаглоў (Куліковіч). Мае ўспаміны (Янка Купала)
Юрка Віцьбіч. Завулак імя Янкі Купалы
Антон Лёсік. З жыцця Язэпа Лёсіка
А. Саковіч. Язэп Лёсік
Яўхім Кіпель. Апошнія дні Уладзіміра Жылкі
Уладзімір Клішэвіч. Памяці паэта Уладзіміра Хадыкі
Масей Сяднёў. Ларыса Геніюш
Міхась Забэйда. Мастацтвам за мір
Наталля Арсеннева. З майго жыццяпісу
"Я толькі кропля ў акіяне...". Гутарка Барыса Сачанкі з Масеем Сяднёвым.
"Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым...". Інтэрв'ю карэспандэнта газеты "Беларус" з паэтам Міхасём Кавылём (Язэпам Лешчанкам)
Аляксандра Саковіч. Пра тое, што ў сэрцы
Леў Акіншэвіч. Балонкі з успамінаў
"Але думкай, сэрцам толькі я вас знаю..."Гутарка Барыса Сачанкі з Данчыкам і яго маці спадарыняй ЮляйКоратка пра аўтараў

Жывыя сведкі мінулага

Успаміны, сабраныя ў гэтай кнізе, пісаліся на працягу многіх гадоў самымі рознымі аўтарамі і друкаваліся ў пераважнай большасці на старонках выданняў, што выходзілі за межамі Беларусі, і таму не дзіўна, былі недаступныя шырокім чытацкім колам. Толькі сёння, быццам птушкі вясною, вяртаюцца яны з далёкага выраю ў родны край. Раней, да тых пазітыўных змен, што адбыліся за апошнія часы у нашым грамадстве, пра іх вяртанне не магло быць нават і гутаркі. I справа не толькі ў падзеях, фактах і імёнах, якім яны прысвечаны, але і ў іх аўтарах - людзях нялёгкага, а то і зусім незвычайнага, пакручастага лесу. Пра многіх з іх не згадвалася ў нашым друку, а калі і згадвалася, дык не інакш як пра нацыяналістаў, здраднікаў, ворагаў. Так, сёй-той з гэтых людзей сапраўды меў свае, адрозныя ад агульнапрынятых, прынцыпы і погляды; больш таго, у дні суровых выпрабаванняў, што выпалі на Беларусь, не пайшоў бараніць Бацькаўшчыну, а прымкнуў да акупантаў, зрабіўся вольным ці нявольным сведкам, а то і ўдзельнікам жудасных злачынстваў, што чыніліся на нашай зямлі. У кожнага з іх на тое был! свае прычыны, якія можна ўлічваць, а можна і не ўлічваць, асуджаць. Тым не менш, мы не абмінулі і такіх аўтараў, палічылі патрэбным уключыць у кнігу тое, што яны напісалі, пакінулі пасля сябе. Чаму? Ды таму, што яно ўяўляе несумненную цікавасць. Гэта ж жывыя галасы свайго часу, далёкага ці ўсім блізкага мінулага, уражанні і думкі сведак падзей, што так ці інакш прычыніліся да гісторыі Беларусі, тых, хто-потым стаў яе гонарам і славай. Ды і праліваюць жа яны святло на тое, што адбывалася на нашай Бацькаўшчыне, дадаюць шмат чаго новага, чаго мы не ведалі ды і ведаць не маглі, бо не жылі ж у тым часе, не бачылі ўсіх яго перыпетый, нават не ўяўлялі ўсіх складанасцей і цяжкасцей. Не лішне тут нагадаць і яшчэ пра адно: цікавых, напоўненых роздумам і фактамі, успамінаў у нашай літаратуры захавалася мала, а калі быць дакладным - лічаныя адзінкі. I каштоўнасць кожнага з іх на вагу золата. Вядома, не ўсё, што напісана ў гэтых успамінах, варта прымаць на чыстую веру. Трэба спадзявацца, вучоныя-даследчыкі з часам дадуць праўдзівыя ацэнкі кожнаму з іх, аддзеляць зерне ад плевел. Наша ж задача сціплейшая - пазнаёміць чытачоў з тым, што доўгія гады хавалася, было малавядома ці зусім невядома.

Барыс Сачанка


Ю. ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ.
COR ARDENS Успаміны пра Цётку - Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс

Мая большая сястра Жэня і я пайшлі вучыцца ў віленскую прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай таму, што ў казённую гімназію прымалі толькі дачок расейскіх чыноўнікаў і трэба было мець пратэкцыю, каб туды трапіць. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, яўрэйкі, была і караімка, і татарка, і колькі расеек. Тады (1895-1905 гады) быў час строгай русіфікацыі, і нам было забаронена гаварыць іншымі мовамі, як расейская. Памятаю, што мы, вучаніцы, знаходзілі гэта недарэчным і, каб пазлаваць нашую класную даму, гутарылі часта па-польску. Наагул мы раслі без расейскага патрыятызму, хоць нам стараліся яго ў гімназіі прышчапіць. А знаходзячыся паміж розных нацыянальнасцяў і вераў, мы раслі ў духу талеранцыйным і што да рэлігіі.

I беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшым класе разам з маёй большай сястрою вучылася Алаіза Пашкевічанка. Яна здала экзамен у ,4-ты ці 5-ты клас і была старэйшаю за іншых дзяўчатаў у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Трымалася яна асобна ад іншых, была малагаваркая, але з маёй сястрой зышлася бліжэй, бо сястра ей памагала адрабляць лекцыі французскай і нямецкай моваў, якімі Алаіза Пашкевічанка слаба валодала. Аб сваёй сям'і і сваім жыцці Алаіза Пашкевічанка наогул ніколі не гутарыла. Сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці.

Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох. Алаіза Пашкевічанка, вучаніца тады ўжо сёмага класа, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што гэта ад недаядання яна гэтак аслабела. Памятаю, мая сястра із слязьмі апавядала ў хаце, што Алаіза Пашкевічанка гэтак бедная, што на яду ей не стае, але яна вельмі амбітная і не хоча прымаць памогі. Мая маці сказала тады: "Я буду табе даваць булкі на дзвюх, а ты кладзі ў ейны столік, калі яе няма ў класе". Мне рабіла асаблівую прыемнасць прыходзіць у клас сястры і класці няўзнак булкі ў пюпітр Алаізы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта палажыў свае булкі ў ейны пюпітр, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі. З часам Алаіза Пашкевічанка мо і зацеміла, што гэта мы аб ёй дбаем, але нічога не казала і снедала разам з усімі ў сталоўцы, дзе нам давалі яшчэ гарачую гарбату.

Наагул гэты выпадак узварушыў не толькі нас, вучаніцаў, але і нашае начальства. Нашая Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на радзе бацькоў парупілася, каб Алаізе Пашкевічанцы прызначылі стыпендыю, бо яна была вельмі старанная і добра вучылася (плата за навуку была вельмі высокая: 100 рублёў на год, якраз удвая як у казённай гімназіі - 50 рублёў). Ад таго часу Алаіза Пашкевічанка, калі адчула агульную спагаду, мела больш даверу і апавядала сястры, што яна можа мала мець грошай ад бацькоў з вёскі, мусіць дарабляць лекцыямі і таму ёй гэтак цяжка прабівацца. Алаіза Пашкевічанка позна трапіла ў школу і з вялікімі натугамі і працаю на вёсцы прырыхтавалася да экзамену ў гімназію. Яна і сваімі гадамі і сваёй павагаю вылучалася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчатаў. Памятаю, яна кідалася ў вочы сваім бледным паважным тварам, які не бліскацеў свежынёй і красой маладосці, але сваімі паважнымі вачыма, крыху выступаючымі сківіцамі, тонкімі і сцятымі вуснамі казаў аб сіле і цвердзіні характеру. Да мяне яна мела асаблівую сімпатыю, бо калі выпуск сястры рыхтаваўся да апошніх экзаменаў, я прыходзіла пасля лекцыяў у VIII клас і памагала ўсім паўтараць арыфметыку, якая ўваходзіла ў экзамен агульнае матэматыкі. Я тады якраз закончыла арыфметыку і магла на свежую памяць выкладаць усе правілы працэнтаў, сумесяў і г. д.

Алаіза Пашкевічанка знаходзіла, відаць, што я вельмі здольная і паважаная дзяўчынка, і ахвоча гутарыла аб гісторыі, у якой я мела вялікую начытанасць. У нас у хаце Алаіза Пашкевічанка была рэдкі госць, хоць мая маці яе ветліва прымала і запрашала. Усё яна тлумачыла, што не мае часу, бо мусіць не толькі вучыцца, але яшчэ даваць лекцыі, каб зарабляць на свае ўтрыманне. Мы яе ўважалі за польку, бо яна была каталічка і ніколі ні слова не гаварыла аб сваёй беларускасці і палітычных ідэалах. Праўда, і сястра, і я былі шмат маладзейшымі за яе.

Па сканчэнні гімназіі Алаіза Пашкевічанка паехала ў Пецярбург на курсы прафесара Лесгафта (прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і рыхтавалі масажыстак ды настаўніцаў гімнастыкі). Гэтак мы згубілі сувязь з Алаізай Пашкевічанкай. Мая сястра, якая выйшла замуж у 1904 г., перад сваім выездам з мужам ва Ўладзівасток апавядала, што чула ад аднае прыяцелькі, што Алаіза Пашкевічанка сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху.

У 1905 годзе, пасля прайгранай японскай вайны, калі першая рэвалюцыя вылілася ў генеральную забастоўку і ўвесь рух на чыгунках спыніўся,- у местах кіпела і на частых мітынгах выносіліся розныя жаданні і рэзалюцыі. У гэтым часе я ўжо скончыла гімназію, збіралася на курсы і вучылася лацінскай мове. З вялікай цікавасцю пачала я прыглядацца да моднага тады сацыялістычнага руху і, ведама, хадзіла на мітынгі і зборкі. I вось на адным мітынгу я ў прамоўцы пазнала Алаізу Пашкевічанку, якую я ўжо колькі год не спатыкала. Як яна змянілася!

Я ж яе знала як малагаваркую, спакойную, а тут перад намі была аратарка, якая з вялікай сілай і перакананнем усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал 5 любасць да прыгнечанага рабочага люду і беларускага сялянства, за вызваленне і лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сілы і жыццё.

Слухаючы Алаізу Пашкевічанку, я добра разумела, што яна сапраўды адчувае тое, да чаго ўсіх заклікае, і таму, што тэта плыло ў яе ад душы, яна мела вялікі ўплыў на ўсю аўдыторыю. Пагутарыць мне з ей тады не давялося, за натоўпам нельга было дабіцца да прамоўцы.

Але неўзабаве ўздым першага рэвалюцыйнага руху быў здушаны, і ўсе дзеячы-правадыры гэтага руху апынуліся ў астрозе ці на эміграцыі. У лік апошніх транша і Алаіза Пашкевічанка. Яна выехала ў Кракаў, каб там закончыць сваю навуку. Аб ейным жыцці ў Кракаве мне апавядала сп. Алёна Бірыч-Л., якая была аднакласніцай маей сястры і Алаізы Пашкевічанкі ў гімназіі. Спаткаліся яны ў Кракаве. Алёна Бірыч-Л. з вялікай любасцяй і пашанай успамінала Алаізу Пашкевічанку і расказвала, з якой нязломнай энергіяй Алаіза Пашкевічанка прабівала сабе дарогу. Яна ўцякла за мяжу без грошаў і мусіла сама зарабляць сабе на жыццё. У Пецярбурзе яна гэтаксама зарабляла І вучылася, але там было лягчэй знайсці лекцыі або пацыентку для масажу, якому яна навучылася. У Кракаве ж было ей куды цяжэй, і трэба толькі дзівіцца, як яна патрапіла знаходзіць працу і заработан. Але не толькі навуцы і грамадскай дзейнасці аддавала яна ўсе свае сілы. Яна захаплялася думкаю ўзгадаваць свой беларускі народ і праз тэатр. I вось яна, не меўшы сцэнічнага навыку і асаблівых здольненняу ў гэтым кірунку, бярэ лекцыі дэкламацыі і ігры на сцэне ў ведамай польскай артысткі Нуны Млодзееўскай і ўпорыстаю працаю дасягае свае мэты: ейная ігра, у якую яна ўлівала ўсю сваю душу, не менш захапляла, як ейныя прамовы. Алаіза Пашкевічанка была прыкладам таго, што можа дасягнуць цвёрдая воля і сэрца, поунае любасці да свайго народа. Пауставала часта пытанне, адкуль яна бярэ сілы, каб так жыць, працаваць і вучыцца, калі ейнае здароўе было слабое і пачаткі сухотаў ужо тады падкопвалі ейныя сілы. Аб ей можна сказаць, што яна гарэла, як ахвярная свяча, і свяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцця. Гэтак характарызавала Алёна Бірыч-Л. Алаізу Пашкевічанку-Цётку ў часе нашае гутаркі ў 1926 годзе ў Вільні.

Я спаткалася яшчэ раз з Алаізай Пашкевічанкай, тады ўжо па мужу Кайрыс, пасля дзесяці год, тэта значьщца ў 1915 годзе, у Вільні, на памяшканні Івана Луцкевіча. Было гэта ўсяго колькі дзён пасля ўваходу немцаў у Вільню. Іван Луцкевіч уважаў, што трэба адразу шырэй паставіць беларускае пытанне перад новымі акупантамі, і запрасіў мяне на паседжанне "Беларускага камітэта помачы пацярпеўшым ад вайны". Сходкі камітэта адбываліся на Віленскай вуліцы, 33, на памяшканні Луцкевічаў. Вось тут, пасля даўгіх год, я спаткалася з Алаізай Пашкевічанкай-Кайрыс. Мы абедзве вельмі ўсцешыліся. Пачаліся пытанні і апавяданні. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс казала, што цяпер з мужам жыве ў Вільні і працуе як сястра Чырвонага Крыжа ў шпіталі. Я ж апавядала, што дзеля ваенных падзеяў я засталася ў Вільні, бо не хацела пакінуць мае сям'і і гэтым перапыніла маю навуковую працу.

"Нічога,- казала Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс,- будзем працаваць у роднай Вільні, тут твае веды і праца будуць больш прыдатныя. Асабліва мяне цешыць, што ты знайшла дарогу да нашага камітэта. Вось, не трацячы часу, перакладзі ў нямецкую мову наш мемарыял да нямецкіх акупацыйных уладаў у справе беларускіх школаў". Яна, з нязломнай сваей энергіяй, горача бралася за справы і была ў духу і энергіі найлепшай калегаю Івана Луцкевіча. Мала нас тады было ў Беларускім камітэце. Польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячаў можна пасадзіць на адной канапцы. Аднак праца ішла. Цётка, як усе звалі Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс, асабліва рупілася аб адчыненні беларускіх школаў і памагала знайсці памяшканні і інвентар. Хадзіла з роспытамі па раёне, вышуквала беларускія сем'і і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у свае школы. I як мы ўсе цешыліся, калі ў лістападзе 1915 года была адчынена першая беларуская пачатковая школа ў Вільні. Адсвяткавалі мы гэтую ўрачыстасць супольнай гарбаткай у Камітэце. Пірог на гэтае свята прынесла з хаты я.

Але гэта быў толькі пачын. Не ставала настаўнікаў. I вось супольнымі стараннямі Цёткі і Івана Луцкевіча былі адчыненыя беларускія курсы, на якіх выкладалі Іван і Антон Луцкевічы, яшчэ пара асобаў і я (нямецкая мова і педагогіка). Усе мы працавалі дарма, толькі кіраўнік курсаў, Пачобка, меў малую пенсію, якую трэба было пакрыць з малых даходаў Беларускага камітэта. Сама Цётка на курсах не выкладала, не мела часу, але цешылася, што калі 3-месячныя курсы закончацца, дык можна будзе адчыняць беларускія школы па ўсіх прадмесцях, дзе больш жыло беларусаў.

На жаль, гэтае радасці яна не дачакалася. Ейнае здароўе было кволае, благім надвор'ем яна вельмі кашляла, яе падточвалі сухоты, яна не магла выходзіць з хаты. I вось у адзін дзень, калі неба не было відаць за імглою, я прынесла ў камітэт пераклад матэрыялаў, якія мусіла падпісаць і Цётка. Іван Луцкевіч папрасіў мяне занесці гэты пераклад, як і яшчэ іншыя паперы, на перагляд і подпіс Цётцы, бо яна мела гарачку і не выходзіла з хаты. Пасля падпісання папераў і заканчэння гутаркі пра бягучыя справы Цётка перайшла на тэму агульнае палітыкі. I яна, як Іван Луцкевіч, была перакананая, што пасля вайны Беларусь будзе самастойная між іншымі вольнымі народамі. Трэба толькі панатужыць усе свае сілы, каб падрыхтавацца да гэтага вялікага моманту, калі беларускі народ сам будзе кіраваць сваю долю. Пасля яна перайшла ў гутарцы на Івана Луцкевіча і казала, што ў ягоны палітычны розум і ахвярную працу яна пакладае вялікія надзеі, але трэба, каб добрая душа рупілася аб ім і ягоным здароўі, і што яна вельмі радая, што я гэтак дзельна яму памагаю і добрая яму прыяцелька.

За тыдзень я пачула, што Цётка выехала ў Лідчыну, у сваю родную вёску. У камітэце мы яе больш не бачылі. Яна захварэла на тыфус. Ейны слабы арганізм не мог перамагчы гэткай цяжкой хваробы, і яна згасла, як ахвярная свяча на алтары свае Бацькаўшчыны.

Калі гэтая неспадзяваная вестка дайшла да ўсіх нас, што разам з ею працавалі, нас апанаваў вялікі сум і жаль. Асабліва Іван Луцкевіч доўга не мог з гэтым пагадзіцца, што ўжо няма яе, той, якая жарам сваей душы ўмела захапіць усіх да працы, што яна пакінула нас. Ен заўсёды казаў, што беларуская справа згубіла ў ей cor ardens - палымянае сэрца.

Нюрнсберг, ліпень 1953 г.

СТЭПОНАС КАЙРЫС
З маіх успамінаў пра Цётку

Алаізу Пашкевічанку-Цётку пазнаў я недзе ў 1902 годзе, калі быў студэнтам-тэхнолагам трэцяга курса. Пазнаёміліся мы ў Пецярбургу. Пасля сканчэння прыватнай гімназіі Прозаравай у Вільні Алаіза Пашкевічанка запісалася на Вышэйшыя педагагічныя курсы прафесара Лесгафта ў Пецярбургу і адразу трапіла ў самы вір усё мацнеючага рэвалюцыйнага руху акадэмічнай моладзі. Студэнцкія страйкі, дэманстрацыі, крывавыя экзекуцыі, арышты, ссыльныя канвоі - усё часцейшымі нарастаючымі сутаргамі сутракалі жыццё вышэйшых школаў Расеі. Студэнцтва было тады пульсам царскае імперыі, пульсам, што пачынаў біцца ўсё мацней і бескантрольней. Студэнцкаму рэвалюцыйнаму руху, што ахапляў розныя ідэалагічныя плыні з розных нацыянальных групаў, было супольным адно: змаганне з манархічным царскім рэжымам. Паасобныя нацыянальныя групы лучылі з гэтым і свае спецыфічныя заданні.

У асяроддзі вось гэтай усё больш распальванай моладзі Алаіза Пашкевічанка пачулася адразу "як у сябе дома". Вельмі чуйная на падзеі, выбуховага характару, не церпячы аніякіх кампрамісаў ані ў сябе, ані ў іншых, адкідаючы ды высмейваючы ўсякія канвэнансавыя формы ў дачыненнях,- яна уважала за свой абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супроць існуючага стану настрой. Яна акуратна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. Адразу самавызначылася беларускай і гэткаю засталася назаўсёды.

Алаіза Пашкевічанка, якая нарадзілася і вырасла ў Старым Двары, Васіліскай воласці, Лідскага павета Віленшчыны, на бацькавай гаспадарцы блізу ў 100 гектараў , у тагачасным Пецярбургу знайшла і сціплае сваё нацыянальнае асяроддзе. На тэхналагічным інсты-туце студыяваў тады ўжо Вацлаў Іваноўскі, Цётчын сусед з Двара Лябёдка, а ў пазнейшыя гады і ейны даўгагодны супрацоўнік. На той жа тэхналагічны інстытут запісаўся і вілянчук Пранцішак Умястоўскі, таксама беларус. Прыроднік Тодар Іваноўскі, брат Вацлава, ужо тады выразна хінуўся ў летувіскі бок, а найстарэйшы з Іваноўскіх, тэхнолаг-хімік Юры, уважаў сябе за паляка. З блізкіх Цёткі-Пашкевічанкі прыяцеляў прыпамінаю Сабіну Ячынаўскую, якая пасля выйшла замуж за Вацлава Іваноўскага. Беларусаў-студэнтаў было тады ў Пецярбургу вельмі мала.

З Алаізай Пашкевічанкай пазнаёміў мяне Тодар Іваноўскі, цяперашні прафесар прыродаведных навукаў на Віленскім універсітэце, якому я тады памагаў засвойваць летувіскую мову. Незвычайна жывога характеру, нештодзённая, яна выразнялася нават і ў шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне "чалавека з жывой душой". Па-свойму зблізілі нас Цётчыны апавяданні з дзён ейнага маленства, калі яна, яшчэ малою дзяўчынкаю, ездзіла з бацькам у Ночу прадаваць лён. Тамака яна першы раз пачула і летувіскую гутарку. Жартам нас, летувісаў, называла "гіргунамі". Ці і ў Цётчынах жылах не было нейкай крыхі "гіргунскай" крыві - мне не ўдалося выясніць. Аднак Пашкевічаў у Летуве - колькі хаця.

З першых студэнцкіх гадоў засталося ў мяне не шмат супольных успамінаў. Былі мы маладымі. Жылі пачуццём, умелі размахнуцца, будучыні не палохаліся. Летувісаў-студэнтаў на высокіх школах Пецярбурга было тады каля 30-40 чалавек. Сярод іх ужо зазначалася ідэалагічная дыферэнцыяцыя, і абсалютная бальшыня студэнтаў хінулася да Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Частка з іх гарнулася дзейна да партыйнай працы, рыхтавала партыйную літаратуру і збірала грошы на выданне яе. Ці рабілася тады нешта і сярод студэнтаў-беларусаў, цяпер не памятаю. З Алаізай Пашкевічанкай сустракаўся тады даволі рэдка. Ці яна і тады спробвала ўжо нешта пісаць - цяжка мне сказаць.

Жыццё як летувіскай, гэтак і беларускай акадэмічнай моладзі было тады вельмі цесна звязанае з Вільняю. З прычыны студэнцкіх страйкаў школы зачынялі, і мы ехалі "дамоў" весці далей рэвалюцыйную працу ўжо на сваіх палетках. Частка летувіскіх студэнтаў ужо ад 1900 года пераняла ад сасланых тварцоў Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі іхную працу, аднавіла заняпалую ўжо крыху партыйную арганізацыю і шпарка развівала яе. У часе падзеяў 1905 года ў Вільні, калі не браць Бунду, Летувіская сацыял-дэмакратычная партыя выступала як наймацнейшая палітычная група. З Вільні партыйная праца шырылася па ўсім краі і заносіла рэвалюцыйны рух усё далей у летувіскую вёску. У Вільні мне давялося жыць летнімі вакацыямі ад 1899 года; а з набліжэннем рэвалюцыі 1905 года - і праз увесь год.

Усё часцей сустракаўся я і з Алаізай Пашкевічанкай. Беларускіх дзеячаў у Вільні было ўжо больш. У Вільні жылі тады Антон і Іван Луцкевічы; часта наведваў Вільню Вацлаў Іваноўскі; у беларускай працы браў удзел студэнт Пранцішак Умястоўскі. За беларуса сябе ўважаў і грашыма беларускую справу падтрымліваў собснік вялікага складу земляробскіх машынаў у Вільні Зыгмант Нагродскі. У асяроддзі беларускіх дзеячаў часта ўспаміналіся імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы. Радзей і куды пазней - ксяндза Адама Станкевіча. Сталым Цётчыным ад'ютантам быў Бурбіс, летувіс з прозвішчам і беларус з пераканання. Асяродак беларускай дзейнасці канцэнтраваўся тады ,ў Вільні. Ад 1903 года дзеіла тут ужо Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, арганізацыя выразна сацыялістычнага кірунку, якая намагалася знайсці сувязь з работнікамі ды рамеснікамі і ў самой Вільні.

У 1906 годзе пачынаюць выходзіць у Вільні беларускія тыднёвікі, спачатку "Наша доля", а пасля "Наша ніва". Для Цёткі-Пашкевічанкі была гэта ці не найбольш інтэнсіўная пара ейнай палітычна-грамадскай працы. Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах, выступала як прадстаўніца Беларускай Сацыялістычнай Грамады на нарадах дэлегатаў рэвалюцыйных партыяў. На гэтым адрэзку напружанай грамадскай працы яна, здаецца, і пачынала спробваць свае паэтычныя здольнасці. Прынамсі, ейны "Хрэст на свабоду" ў 1905 годзе быў адным з найпапулярнейшых і публічна дэкламаваных вершаў. У асобе Цёткі малады беларускі рух здабыў не толькі адданую ўсёй душой працаўніцу, але і няўтомную ініцыятарку самога руху.

Тагачасныя летувіска-беларускія дачыненні ў Вільні адзначала шчырая прыязнь. Маладым летувіскаму і беларускаму рухам даводзілася здабываць сабе ў разнамоўнай Вільні месца і роўныя з іншымі грамадскія правы. Лёгка гэта не было. Над грамадскім, культурным, а часткова і палітычным жыццём "хрысціянскага віленскага грамадзянства" даміналі тады поўнасцю мясцовыя палякі. Эліту гэтых "тутэйшых" палякаў тварылі інтэлігенцыя, што паходзіла з летувіскай і беларускай шляхты, абшарнікі, што прыехалі ў места, часткова прадстаўнікі фінансавага капіталу, настаўлены па-польску каталіцкі клер ды збагацелыя часткі мяшчанства. Гэтая вось эліта абапіралася на апалячаны віленскі плебс і адчувала сябе за бясспрэчнага гаспадара ў касцёле, у справах места, на віленскіх вуліцах ды тварыла грамадскую думку Вільні. Гэтыя віленскія палякі, тутэйшыя людзі, што тут нарадзіліся і выраслі, былі на свой лад звязаныя з доляю гэтага краю. Яны па-свойму зжыліся з людзьмі, па-свойму асэнсоўвалі гістарычныя традыцыі краю, былі зайздросныя за сваю пазіцыю ў грамадзянстве і з злосным падозраннем сустрэлі новыя, што выйшлі з народа, рухі. У змаганні за сваю будучыню летувісы і беларусы стварылі тады супольны фронт супроць віленскіх палякаў і былі добрымі сябрамі. Пытанне тэрытарыяльнага размежавання абодвух рухаў, а разам і пытанне дзяржаўнай прыналежнасці Віленшчыны, тады ў паважнейшай форме не паўставала.

Будучы тады ў Вільні, Пашкевічанка-Цётка жыла сярод свае сям'і. Ейныя два браты, Вацлаў і Язэп Пашкевічы, абодва ахвіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, нежанатыя, мелі супольнае памяшканне на Сніпішках. Братоў наведвалі прыездам з правінцыі старэйшая сястра Стэфанія і маладзейшая Караліна. Наймаладзейшая Цётчына сястра - Зофія - паказвалася тады ў Вільні рэдка. У братоў жыла і Алаіза. Паводле нацыянальнай сведамасці Цётчына сям'я была неадналітая, а адначасна і своеасабліва "тутэйшая". Хатняя мова была польская, польская таго асаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Летувы і Беларусі і на які гэтак своеасабліва ўплывалі сінтаксіс, вымова і слоўнік мясцовых моваў. Цётчына матка была пад наибольшим уплывам польскай культуры. Старэйшая сястра Стэфанія была "па-панску" настаўленая і выразна аддавала першыню польскай мове. Прыхільнасць да польскай культуры выяўлялі брат Вацлаў і сёстры Караліна ды Зофія. Найбольш за ўсіх з беларускай вёскай і беларускай мовай зросся Цётчын бацька і ейны брат Язэп. Дзейнага падтрымання сваёй беларускай нацыянальнай працы ад сяброў свае сям'і Цётка не мела. Але і ейны ўдзел у беларускім руху не ўважаўся ў сям'і за нейкае няшчасце.

У канцы 1905 года, пасля залому работніцкага паўстання ў Маскве, пачала заломвацца і ўся рэвалюцыя. Пачала ўсё мацней бушаваць рэакцыя, налягаючы першым чынам на краі, што адзначыліся рэвалюцыйнымі днямі, гэтым самым - на Летуву, Беларусь, а разам і Вільню. Адначасна з рэвалюцыяй ападалі і рэвалюцыйныя настроі, слабела рэвалюцыйная праца, якую часткова даводзілася пераносіць у падзямелле. Цётка-Пашкевічанка з ейным выбуховым характарам і балючай пачуццёвасцю глыбей за іншых перажыла апаразу і хіба барзджэй за іншых паддалася часоваму песімізму. У Пецярбург канчаць курсы прафесара Лесгафта Яна больш не паехала. У адной беларускай хрэстаматыі я натрапіў на цверджанне, быццам за нелегальную працу Цётцы пагражала судовая справа і дзеля гэтага яна была змушаная перабрацца за межы. Нашыя дачыненні тады не былі яшчэ вельмі блізкія, і гэтага цверджання я не мог бы катэгарычна запярэчыць. Мне ўсё ж выдаецца, што не пагроза кары навяла Алаізу Пашкевічанку на думку выезду за межы на далейшыя студыі. На пачатку 1906 года яна ўжо напэўна была ў Кракаве і пачала студыяваць літаратуру на Кракаўскім універсітэце. У часе бытнасці ў Кракаве Цётка пазнала на сцэне і слаўную тады драматычную артыстку Сольскую ды была захоплена ейнаю ігрою. Пад уплывам ігры Сольскай Цётка зацікавілася тэатрам наогул і, калі не мыляюся, нейкі час наведвала драматычную студыю Сольскай, спрабуючы сваіх здольнасцяў на сцэне. Ужо ладна пазней, у 1913 годзе, калі яна стала жыла ў Вільні, Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакладала шмат натугаў, каб зарганізаваць і рыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па меншых мястэчках Віленшчыны. На адным такім паказе ў Вілейцы давялося і мне пабыць.

Алаіза Пашкевічанка, якая кожнай працы аддавалася ўсёй сваёй душою, не ўмела сцерагчы свайго здароўя. Яна не знала супачынку, калі трэба было нешта тэрмінова выканаць. За працаю часта забывалася, што трэба і есці. Калі была студэнткаю ў Кракаве, не хацелася зварачацца да блізкіх па дапамогу ды часта і галадавала. Як найменш рупілася пра свае ўборы - ёй усё ішло. Нядбайнасць пра сваё здароўе з часам памсцілася. Ранняю вясной 1907 года мне давялося браць удзел у агульным з'ездзе Расейскай сацыял-дэмакратычнай партыі ў Лондане. Па дарозе назад у Летуву я завярнуў у Закапанае. У Закапаным, у гуральскай хаціне, знайшоў хворую на лёгкія Цётку - як заўсёды жывую, чуйкую на падзеі і найменш дбайную пра сябе. Працэс у лёгкіх толькі пачынаўся, аднак для залячэння яго канечнымі былі чыстае горнае паветра, як найбольш сонца ды магчыма лепшая яда. Пра гэта, аднак, Цётка і ў Закапаным найменш рупілася. Засталася там на ўсё лета. З бліжэйшых прыяцеляў мела яна ў Закапаным хворага тады ж на лёгкія Вітаўта Чыжа, студэнта з Ашмянскага павета, што студыяваў тэхніку ў Львове. Яна там ссябравалася блізка і з Ёнасам ды Юліяй Білюнасамі. Енас Білюнас, цяжка вынішчаны сухотамі, дажываў у Закапаным тады свой апошні год.

Алаіза Пашкевічанка прабыла ў Закапаным ці не да канца 1907 года - наведваў я яе там яшчэ раз увосені таго ж года - паправілася з лёгкімі і перабралася на студыі ў Львоўскі універсітэт, на гістарычна-філалагічны факультэт. Для свае дыпломнае працы ўзяла спачатку гістарычную тэму: паўстанне Свідрыгайлы. Пазней тэму змяніла і пачала збіраць матэрыял пра "беларускую батлейку". Гэтага матэрыялу назбірала даволі шмат, працы, аднак, не напісала. (Можа, можна гэта спраўдзіць у Вітаўта Чыжа, калі яшчэ жыве; прынамсі, у Вільні гэтай працы не пісала.) На Львоўскім універсітэце Алаіза Пашкевічанка студыявала да 1911 года.

Гады 1906-1907 былі ў жыцці Пашкевічанкі гадамі перамены, але без балючых пераломаў. Выглядае, што акурат тады, пры ападанні рэвалюцыйнага руху ў Расеі, яна на даўжэйшы час адмежавалася ад палітычнай дзейнасці ды аддавалася нацыянальна-культурнай працы. Новы кірунак набылі ад гэтага часу і ейная паэтычная творчасць, і напісаныя ёю белетрыстычнага характару абразкі. Цётка прыціхла, хоць жывых сувязяў з навакольным жыццём і не зрывала. Яна брала цяпер яго такім, якім яно было. Не падыходзіла б да Цётчынага характару, каб яна і тады не верыла ў святлейшую будучыню свайго народа. Песімізм, які і на яе ці раз моцна нападау, ніколі не ўплываў на ейную станоўкасць працаваць і на ейную веру ў поступ чалавецтва, а разам і свайго краю. Гэтай культурнай працы Цётка аддала ўсю пазнейшую пару свайго жыцця, калі, пасля замужжа, зажыла настала - аж да пачатку першай сусветнай вайны - у Вкіьні. Найбольш працы і цёплай рупнасці аддавала тады выдаванню часопіса для моладзі "Лучынка".

Студыюючы на універсітэце ў Львове, Алаіза Пашкевічанка не мела большых клопатаў з хваробаю лёгкіх. Штовясны наведвала бацькавіну. Нашыя дачыненні, што ставалі ўсё больш прыяцельскімі, ад 1906 года былі нагэтулькі блізкія, што ўлетку 1909 года яна гасціла ў мяне ў Мелікесе Самарскай губерні, дзе я па сканчэнні ў 1908 годзе інстытута тэхналогіі працаваў ужо інжынерам пры пабудове чыгуначных мастоў. У 1911 годзе Алаіза Пашкевічанка другі раз наведала мяне, ужо ў Куршчыне, на Украіне, дзе мне давялося выконваць, разам з інжынерам Петрам Вілейшысам, пабудову мастоў Паўночна-Данской чыгункі.

У канцы 1911 года я вярнуўся з Украіны і асяліўся ў Вільні. У лютым 1912 года мы пабраліся, і ад гэтай пары Цётка-Кайрыс жыла ўвесь час, аж да свае смерці, у Вільні, наведваючы рэдчас Менск, сваю бацькавіну, маю бацькавіну і Віленшчыну. Уладзіліся мы вельмі сціпла, па-студэнцку, і напачатку зажылі на Звярынцы. Цётка не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця, і аж да першай сусветнай вайны мы абыходзіліся памяшканнем з двух пакояў з кухняй. Наймічкі мы не мелі, хоць майго заработку за працу ў самаўрадзе места Вільні стала б і на крыху раскашнейшае жыццё; на абаіх знаць было яшчэ нядаўнае студэнцтва.

Жонка не мела тады ніякай працы, што звязвала б яе, і ўвесь свой час аддавала справам беларускага руху. Шмат пісала. Не уважаю за свае задание выказвацца пра Цётчыну творчасць. У сваю творчасць яна заўсёды ўкладала душу. Не заўсёды было ей легка выказаць словамі перажыванні, пачуцці і думкі. Чарнавікі ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкі знаходзілі сабе адпаведную форму на паперы. Можа дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькі, колькі абяцаў ейны, перажываннямі наздзіў багаты, нутраны свет.

Першая сусветная вайна, якая заспела нас у Вільні, адлістала і ў Цётчыным жыцці новую балонку. Давялося ёй бадай зусім абарваць працу, якую раней вяла. Выбухлая вайна стала перад усімі намі і поўная будучых магчымасцяў і, адначасна, жудасная сваёю штодзённаю рэчаіснасцяй. Ваенныя падзеі закраналі ўвесь час ды беспасярэдня і Вільню. Катастрофа расейскіх арміяў ува Усходніх Прусах запоўніла віленскія больніцы раненымі і хворымі на заразныя хваробы. Цётка не ўмела быць абыякавай да падзеяў і ўвясну 1915 года падалася на працу сястрою міласэрдзя, у барак для заразных хваробаў у Вільні. Працавала да позняй восені. У беларускім друку можна сустрэць вестку пра тое, быццам Цётка была сястрою міласэрдзя на фронце. У сапраўднасці на фронце яна ніколі не была. Увосені гэтага ж года загінуў у франтавых баях каля Горадна Цётчын брат Язэп. I гэта быў пачатак ідучых на яе няшчасцяў.

У 1915 годзе Вільня ўжо чакала нямецкай акупацыі. Падахвочваныя расейскімі ўладамі, жыхары краю, асабліва мяшчане, масава збіраліся да эвакуацыі у Расею. Мы дамовіліся заставацца ў Вільні і у Вільні дачакаліся і немцаў. Нямецкая акупацыя адразу спаралізавала грамадскае жыццё, спыніла выхад прэсы; не дапушчала арганізаванае дзейнасці, праз вайскова-адміністрацыйны апарат скавала увесь край ды пачала бязлітасна ачышчаць яго. Вільня адразу апынулася пад пагрозаю голаду. Трэба было ратаваць ад галоднай смерці дзяцей галоты і арганізаваць ім прытулкі. Неўзабаве пачалі галадаваць масавыя віленчукі, і немцы былі змушаны даць дазвол на арганізаванне публічных сталовак для народа ды прыдзялялі ім крыху і харчоў. Гэтак пачалася праца ратавання ад голаду, і Цётка жвава у яе ўлучылася. Ды ненадоўга. У канцы 1915 года захварэў на сыпны тыфус ейны бацька, і яго павезлі ў больніцу ў Ліду. У студзені 1916 года бацька памёр. Па атрыманні паведамлення мы выехалі ў Ліду на паховіны. Пасля пахавання старога Пашкевіча мы зімоваю дарогаю, коньмі, пры вялікім марозе паехалі на жончыну бацькавіну. Ейная сям'я была раскіданая: апрача памерлага бацькі і двух сыноў на вайне, адзін з якіх ужо загінуў, эвакуавалася ў Расею Цётчына маці і ейная малодшая сястра Караліна. Стары Двор апусцеў, у ім засталася толькі старэйшая сястра Стэфанія.

Я працаваў у віленскім самаўрадзе і мусіў варочацца дамоў. Жонка засталася на некаторы час на бацькавіне. Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо ад колькіх дзён, хворая на той жа тыфус. Папрошаны з Васілішкаў лекар-немец мала знаўся на лячэнні тыфусу, не памог нічога. Шукаць іншых лекароў было немагчыма: на месцы іх не было, а дабрацца да Вільні гэтымі часамі было блізу немагчыма; ды на гэта было ўжо і запозна. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 года пад роднаю страхою, не прыходзячы да памяці. Пахавалі яе на бацькавіне. Паміж гасцінцам у Васілішкі, што ідзе каля самай сялібы Пашкевічаў, і дарогі, што адгалінаецца ад гэтага гасцінца ды ідзе ў сялібу, каля сялібнай агарожы, вырасла адзінотная магіла. Магілу сцеражэ дзервяны, зроблены вясковым дойлідам крыж з надпісам, хто ляжыць у магіле. Быць пахаванаю блізка свайго дому жадала сама Цётка.

Ваенныя гады і пасляваенныя падзеі шмат што змянілі і ў маім жыцці. Пасля нямецкай акупацыі Вільні мы з жонкаю перабраліся з Звярынца ў места ды асяліліся на Пясковай вуліцы. У гэтым памяшканні перажыў я да 1918 года. У канцы гэтага года, з пачаткам адбудовы незалежнай Летувы, я выехаў з Вільні ў Утэнскі павет на арганізацыю мясцовага самаўраду і назад не вярнуўся,- Вільню заняла Чырвоная армія, і з Капсуком сустрэцца мне не давялося: пакінутыя ў памяшканні мае рэчы - кнігі і Цётчыны рукапісы - узялі пад сваю апеку і перахавалі мае прыяцелі. Не знайшоў пазней толькі двух партрэтаў Цёткі, рысаваных вугалем мастаком Станейкам. Крыху пачакаўшы, знайшлася магчымасць забраць свае рэчы ў Коўню, дзе я асяліўся настала. Сярод захаваных рэчаў была і скрынка з рукапісамі Цёткі. Пасля я іх перагледзеў. Сярод іх нічога не знайшоў, што ўжо не паказалася ў беларускім друку, хіба найбольш у "Лучынцы". Гэта былі чарнавікі Цётчыных друкаваных вершаў і апавяданняў ды колькі незакончаных варыянтаў на тыя самыя тэмы. Адабраў тое, што мне выдавалася больш вартасным, у асобную папку і чакаў нагоды для навязання лучнасці з Цётчыным братам Вацлавам, каб выясніць, якой беларускай арганізацыі маю гэтую спадчыну перадаць. Зрабіць гэта мне не ўдалося. І калі я ўлетку 1944 года ўпотайкі пакінуў Коўню, Цётчыны рукапісы засталіся там. Ці хоць нешта з мае собскасці, мае бібліятэкі і рукапісаў яшчэ сёння існуе - вельмі сумляваюся.

Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакінула жыццё быццам скрадкам у абмерлай дзеля вайны вясковай глушы. Пакінула супраць свае волі. Жыць і быць дзейньш удзельнікам жыцця хацела Цётка. Сямейныя няшчасці апошніх месяцаў ударылі па ёй балюча; аднак жа тысячы ніцей, якімі яна была звязана з жыццём, засталіся мала кранутыя. Жыццё надзіла яе і далей. Вайна яшчэ не дайшла і да свае палавіны, але мы усе, разам і Цётка, чакалі, не без надзеі, ейнага канца. Ці не прынясе ён і нашым краем новую будучыню? Цётчыны творчыя сілы яшчэ толькі даспявалі. Калі на самым пачатку грамадскае працы ейную творчасць пабуджаў паўсталы настрой рэвалюцыйных абставінаў, што быў зменны і дзеіў больш на пачуцці, дык пазнейшымі гадамі Цётка супакоілася ды бралася за больш сталыя заданні, кіруючыся выразна больш да арганічнай працы ў галіне культурнага жыцця, да культурных заданняў беларускага руху першым чьшам. I хто ведае, мо вайна, што стварыла новыя, хай сабе і часовыя, жыццёвыя абставіны ды суліла новае, хоць яшчэ і невыразнае будучае жыццё,- ці яна не была б пачаткам новай і ў Цётчыным жыцці і творчасці пары? Магчыма. У гэткую новую пару, мне здаецца, Цётка ўвайшла б яшчэ больш сталаю, узбагачанаю дазнаннем мінуласці і працавала б з неаслабнай ахвярнасцю для выбранай мэты жыцця. Любасці да людзей і свайго краю Цётцы заўсёды стала б нагэтулькі доўга, колькі ёй было б прызначана жыць.

Кім была Пашкевічанка-Кайрыс паводле сваіх палітычна-сацыяльных паглядаў? Яна была адным з закладнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ды уважала сябе ўвесь час за сябру гэтай арганізацыі, не набіраючы, аднак, характэрных партыйнаму чалавеку якасцяў. Яе не вязалі пастановы партыйнае праграмы, і яна не гэтак ужо вельмі і пільнавала партыйнай дысцыпліны. Хоць Беларуская Грамада была сацыялістычнаю арганізацыяй, Цётку не шмат цікавілі асновы тэорыі сацыялізму. Была ёй, аднак жа, сваёй маральная існасць сацыялізму. Яна была арганічна зліўшыся з народам свайго асяроддзя, і яе, як у творчасці, гэтак і ў жыцці - заўсёды цягнула туды, дзе было больш гора, дзе больш крыўдзілі, паніжалі "малога" чалавека, дзе была ў ім паніжаная сама ягоная чалавецкасць. Гэта не выпадкам у сваёй творчасці Цётка шмат сэрца аддавала вясковаму асяроддзю, самагаротнай, самапрыбітай істоце - вясковай жанчыне. Мне здаецца, што Цётка была сацыялісткаю дзеля свайго сэрца і чуйкай справядлівасці: значыцца, самаспраўднай сацыялісткай, якая свае сілы і здольнасці прызначала змаганню з людской цемнатой, з людской крыўдай, з абесчалавечаннем і са злым рэжымам палітычнага ўціску і нягодамі сацыяльнага ладу.

Ці непадзельная адданасць Цёткі беларускаму руху і ягоным заданням не мела чагосьці, што вызначалася б надмерным вузкім зацікаўленнем толькі "сваёй" беларускай справаю? Хоць Цётка ўсюды і заўсёды падчырквала сваю беларускасць і не дазваляла нікому зачапіць беларускую справу, у гэтай, аднак, своеасаблівай ваяўнічасці не было нейкай агрэсіўнасці супроць якой-небудзь іншай нацыяльнасці. Наведваючы разам маю бацькавіну, мне не раз даводзілася дзівіцца, як легка і "натуральна" Цётка ўлучалася ў новае ёй асяроддзе. Пасля дня гасцявання яна была ўжо "свая" сярод маіх блізкіх, хоць гэта і былі "гіргуны". Што дапамагала Цётцы вельмі борзда злівацца, хай і з чужым сабе нацыянальна асяроддзем, дык гэта ейны людскі падыход да чалавека і пашана да яго. 3 летувісамі сябравала асабліва цёпла, і, у часе нашага жыцця ў Вільні, наш даволі сціплы "таварыскі" круг складаўся блізу вылучна з летувісаў і беларусаў - сярод іх мы абое чуліся "сваімі".

Ваенныя гады раскідалі часткова як віленскіх летувісаў, гэтак і віленскіх беларусаў. З канцом вайны пачаліся намаганні адбудовы незалежнай Летувы, і адначасна Беларусь паўстала як Савецкая Сацыялістычйая Рэспубліка з цэнтрам у Менску, залежная ад Масквы больш, як калі-небудзь на працягу свайго гістарычнага шляху. Шмат старых знаёмстваў абарвалася. Пасля авантуры Жэлігоўскага змянілася з грунту і само віленскае жыццё. I адно колькі год пасля вайны, калі беларусы пачалі разгортваць у Вільні сваё культурнае жыццё, давялося тады ізноў прыгадаць сабе з болем, што згубіў беларускі pyx у асобе Цёткі.

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ
Мае ўспаміны аб М. Багдановічу

Паяўленне творчасці Максіма Багдановіча ў крыўскай (беларускай) мове цесна звязана з рэдакцыяй тыднёвага беларускага часопіса "Наша ніва", які выходзіў у Вільні ад восені 1906 да восені 1914 года.

Дзеля гэтага, для лепшага выяснення некаторых момантаў з маіх успамінаў, лічу патрэбным найперш кароткімі рысамі ўвесці чытача ў круг унутранага жыцця рэдакцыі і парушаўшых яе сіл і імкненняў.

1909 год быў асабліва трудным у развіцці крывічанскага (беларускага) адраджэння. Рэвалюцыйны ўздым 1905-1906 гг. застаўся недзе далёка па-за сінімі лясамі. Маладая сялянская дэмакратыя, за гады наступіўшай пасля ўздыму рэакцыі, была разбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцця, чацвёртыя адкрыта пайшлі ў варожы адраджэнню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакцыі.

З сіл, якія дзеялі ў 1905 годзе, пры крывічанскім (беларускім) адраджэнні асталіся нячысленыя адзінкі, дый тыя неарганізаваныя, з разнароднымі імкненнямі і разумением ролі беларускага (крыўскага) адраджэння ў жыцці народа і для яго будучыні.

Склад рэдакцыі "Наша ніва" ў 1909 годзе быў гэткі: А. Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і, дарыўкамі,- Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а на пачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян.

Гэты склад рэдакцыі ў 1909 і 1910 гг. рэзка распадаўся на дзве групы, каторыя былі дамэтна характарызаваны свежа прыехаўшым з Кіева С. Палуянам "верхняй" і "ніжняй" палатамі. Да "верхняй" палаты належалі: А. Уласаў, браты Луцкевічы і, калі бывалі,- Чыж і Манькоўскі. "Ніжняя" палата складалася з Ядвігіна Ш., Купалы, Ластоўскага і Палуяна, а ў канцы 1909 г. да яе далучыўся мастак-маляр Я. Драздовіч. Рэдакцыя ў цэлым ніколі не сходзілася. На Віленскай, № 20, дзе памяшчалася рэдакцыя, магазін ад вуліцы займала "ніжняя" палата, святліцу ад падворку мела ў сваім выключным панаванні "верхняя" палата. Паміж сабою працаўнікі гэтых дзвюх "палат" рэдка сустракаліся; у тэхнічных справах рэдакцыі зносіліся праз замкнутыя на ключ дзверы па шчэлцы над парогам. Праз гэту шчэлку перасылаліся туды і назад рэдакцыйныя матэрыялы і карэспандэнцыя.

За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярыма ў гасподзе "верхняй" палаты вяршыліся "высокія" палітычныя матэрыі. Адгалоскі шырокіх планаў "верхняй" палаты даходзілі ў "ніжнюю" з трэціх і пятых рук, часта ў хаатычнай форме. Адно толькі было пэўным, што там ішла буйная ігра са значнымі стаўкамі з боку уніяцкай іерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы, палітычных краевых чыннікаў. Ад вуліцы ж у "ніжнюю" палату ішла публіка "чорная" і "шэрая". Ясна, што пры такім падзеле "верхняя" і "ніжняя" палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламі, насілі ў сабе зародкі розных кірункаў нацыянальнай мыслі.

На пачатку 1909 г. Максім Багдановіч прыслаў некалькі лісцікаў сваіх вершаў, падпісаных поўным уласным прозвішчам і імем. Вершы для кожнага нумара "Нашай нівы" падбіраў Янка Купала, бо, акрамя Я. Коласа, Купалы і яшчэ 2-3 паэтаў, 99 % вершаў, надасланых у рэдакцыю, былі з дэфектамі. Павіннасцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі ж адзін-два вершы кожнага новага "паэта", каб заахвоціць яго да пісання. Былі ці не былі зроблены якія папраўкі ў вершах "Над магілай" і "Прыйдзе вясна", я не памятаю, можа, памятае сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў і надрукаваныя пад праўдзівым прозвішчам і імем аўтара. На пачатку траўня месяца, таго ж года, Максім Багдановіч ізноў прыслаў у "Нашу ніву" маленькі сшытачак новых сваіх твораў, які абымаў 8-9 вершаў. Нябожчык Ядвігін ахрысціў гэты сшытачак "дэкадэнтчынай". Яго апінія падзялялася "вярхоўнай" палатай. Іншага погляду трымалася аб новым пісьменніку "ніжняя" палата, а ў першы чарод Я. Купала, які інтуітыўна вычуў у гэтых першых паэтыцкіх спробах у Максіме Багдановічы сапраўднага мастака. Спамянуты сшытак вярнуўся з перагляду "верхняй" палаты ў "ніжнюю", перакрэслены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава "В архів". Пад перакладам з Н. Святагора "Дзве песні" быў надпіс рукой А. Луцкевіча "можна надрукаваць пад псеўданімам": палітыка "верхняй" палаты строга прытрымлівалася лініі нераскрывання сваіх супрацоўнікаў, каб манаполія прадстаўніцтва руху была выключна ў яе руках.

"Дзве песні" пайшлі ў друк з папраўкамі ў мове Я. Купалы, але з іншым подпісам: у карэктуры Ядвігін падпісаў верш, прыдуманым ім для Максіма Багдановіча, псеўданімам "Максім Крыніца".

Праз некалькі тыдняў пасля надрукаванага верша "Дзве песні" Максім Багдановіч прыслаў яшчэ некалькі новых вершаў і ліст, у якім пратэставаў, што яго перарабілі ў "Максіма Крыніцу". Але вершы былі зноў "дэкадэнцкія" і дзеля гэтага трапілі ў тую ж папку, дзе быў папярэдні сшытак з надпісам "В архів". Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на свет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленнем стаў бараніць іх спярша перад Ядвігіным, а пасля перад "верхняй" палатай, з радоў якой за надрукаванне некаторых вершаў першы выказаўся Чыж, а пазней А. Луцкевіч. У выніку ў № 35-36 (падвойным) з перапрапраўкамі С. Палуяна пад праўдзівым ужо прозвішчам аўтара былі надрукаваны два вершыкі пад агульным загалоўкам "Лясун" (б. 516), у № 38 - "Край мой радзімы", у № 39-"3 песняў беларускага мужыка", далей у № $1 - два вершы з цыкла "Вадзянік", у № 42 - "На чужыне", у № 43 - "Пугач", у № 44 - пераклад з Гейнэ, у № 46 - павіншаванне "Нашай ніве", у № 47 - "Разрытая магіла", у № 50 - верш, пасвяточны С-ну, № 51-52 - "Цемень".

Пасля надрукавання "Край мой радзімы" і вершаў з цыкла "Вадзянік" у рэдакцыйным складзе, акрамя Ядвігіна, які ўпорна казаў: "А ўсё ж гэтыя вершы не для народа", усе аднагалосна выражалі прызнанне пісьменніцкага таленту М. Багдановічу. С. Палуян завязаў з ім частую перапіску на нацыянальна-літараратурныя тэмы. Пасля ж выезду С. Палуяна назад у Кіеў і яго трагічнай смерці перапіску з Багдановічам прадаўжаў аўтар гэтага нарыса.

Ядвігін меў рацыю, калі казаў, што вершы М. Багдановіча будуць незразумелымі радавому чытачу "Нашай нівы". Пераканацца ў гэтым мне давялося летам: 1910 года, калі з Менску, пачародна, прыязджалі ў Вільню Альберт Паўловіч і Галубок. Абодва паэтьі' нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва - А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы, паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчы, а "ваш Лесавік". Усе гэтыя нападкі прыходзілася выслухаць мне як сакратару рэдакцыі, прычым ніякія аргументы ў абарону М. Багдановіча не мелі ўплыву. Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашым мініяцюрным часопісе, замест іх твораў, займаецца месца пад вершы Багдановіча. Што нападкі з боку менчукоў былі няшчырымі, відаць з таго, што, у мэтах канкуравання з Багдановічам за месца ў часопісе, А. Паўловіч пачаў надсылаць замест сваіх вясёлых і дасціпных жартаў вершы на сур'ёзныя тэмы. Але з А. Паўловіча лепшы гумарыст, як філосаф і эстэт, і таму не ўдалося яму выціснуць з "Нашай нівы" творчасці М. Багдановіча, тым больш што-з кожнай новай прысылкай вершаў у развіцці яго таленту адчуваўся значны поступ.

На вясну 1912 года М. Багдановіч пісаў у рэдакцыю "Нашай нівы", што ён хацеў бы ў гэтым годзе выкарыстаць свае канікулы на першую паездку на Бацькаўшчыну і прабыць які месяц дзе-колечы на вёсцы, каб азнаёміцца з мовай і бытам таго народа, на служэнне якому хацеў пасвяціць свае сілы. Па нарадзе, якая адбылася паміж братамі Луцкевічамі і А. Уласавым, М. Багдановічу адпісаў А. Луцкевіч, запрашаючы на лета да свайго дзядзькі, дробнага шляхціца, які меў свой фальварак недзе між Вілейкай і Менскам.

У чэрвені месяцы прыехаў М. Багдановіч у Вільню. Пры першай сустрэчы з ім мне ўразіліся яго вочы з даволі праніклівым поглядам, але калі ён, гаворачы, запаляўся, вочы яго глядзел не на зне, а ўнутр, быццам былі звернуты ў мозг.

Драездам у вёску М. Багдановіч прабыў два дні ў Вільні. Абедзве ночы начаваў у рэдакцыі "Нашай нівы", якая тады месцілася на Завальнай вуліцы, № 7, у тым самым памяшчэнні, дзе цяпер Беларуская кнігарня. Абедзве ночы я правёў разам з ім, і кожны раз гутаркі нашы зацягваліся ад змяркання да світання.

Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі і з захапленнем пераймаў ад мяне мае ведамасці з беларускай (крыўскай) этнаграфіі і гісторыі, якія я пераказваў яму як ўмеў, дэманструючы быўшыя пры рэдакцыі калекцыі Івана Луцкевіча. Асабліва глыбокае ўражанне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакументаў, а такжа слуцкія паясы, якія ён па некалькі разоў пераглядаў.

- Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!- казаў М. Багдановіч аб помніках нашай старасвецкай культуры.

Мову М. Багдановіч знаў яшчэ дрэнна і, гаворачы, збіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысанансы, спыняўся і перапытваў: "Як трэба сказаць гэта правільна", "Прашу, папраўце мяне".

М. Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і свядомы працаўнік беларускага (крыўскага) адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры. Гэтыя яго думкі аб адраджэнні і былі галоўнай тэмай нашых начных бясед.

Мыслі яго былі больш-менш гэткія. Адзіная аснова нашага адраджэння - гэта сялянства. Усё, што па-за сялянствам,- чужое і варожае адраджэнню. Мозгам кожнай нацыі ёсць яго інтэлігенцыя, -- і вось першым і найважнейшым нашым заданнем павінна быць узгадаванне інтэлігенцыі, выведзенай з сялянскіх мае. М. Багдановіч верыў у інтэлект. Ен з запалам мроіў аб тым, каб з беларускай (крыўскай) інтэлігенцыі ўзгадаваць сапраўднага генія слова, які б паказаў свайму народу не толькі красу роднай мовы, але даў бы творы з агульналюдскімі цэннасцямі, каб знанне творчасці нашага генія было абавязковым для кожнага культурнага чалавека ўсяго свету. Інтэлігенцыя з народа і сама ў сабе народная, каторая будзе ў сябе ў сям'і гаварыць роднай мовай, будзе вучыць сваіх дзяцей дома спярша ў роднай мове, раней чым паслаць іх у чужую школу,- навучыць народ адносіцца з пашанай да яго пагарджанай усімі мовы; геніі ж слова павінны ўвекавечыць нашае нацыянальнае імя і паставіць яго нараўне са ўсімі іншымі культурнымі народамі свету.

Пераходзячы да тагачаснай беларускай (крыўскай) пісьменнасці, М. Багдановіч казаў, што, нягледзячы на ўсю яе беднасць, яна мае ў сабе зародкі новых дум, новых цэннасцяў. Край беларускі - лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць паэзію лесу, паэзію дрыгвы. Украінская стыхія - стэп, у нас наша стыхія - лес і балота. Тут ёсць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на шырокі свет...

Прабыўшы, здаецца, месяц на вёсцы, М. Багдановіч вяртаўся назад праз Вільню.

Ізноў панавіліся паміж намі гутаркі на тыя ж тэмы. Ён цяпер яшчэ пэўней глядзеў у будучыню. Між іншым, прывёз з сабой праект ацзнкі літаратурных твораў, прыдуманы ім у часе адпачынку. Ен шукаў матэматычна правільнага і вернага спосабу ацэнкі гэтых твораў і прыйшоў да вываду, што такі спосаб можна знайсці, калі разлажыць твор на паасобныя вобразы, звароты і словы. Адны вобразы і звароты будуць належаць да катэгорыі збітых, выцертых ад доўгага ўжытку, як хадзячая разменная манета, другія будуць зусім арыгінальнымі, не ўзятымі скульсці, не запазычанымі ад другіх, а створаныя самім пісьменнікам. Гэтая арыгынальнасць і становіць самае цэннае ў творчасці аўтара. Фаўняючы творчасць двух аўтараў, трэба падлічыць суму створаных ім вобразаў, зваротаў і думак, кожнага ў аддзельнасці,- і цыфравая розніца пакажа стасунковую вышэйшасць або ніжэйшасць аднаго і другога аўтара. Пазней М. Багдановіч уносіў карэктывы да гэтых сваіх думак: ён вымагаў не толькі арыгінальнасці, але і апрацавання арыгінальнага, шліфоўкі, што выказаў у сваім апавяданні аб Іконніку і Залатару.

На вёсцы М. Багдановіч не марнаваў часу, ён напісаў там цыкл вершаў "Старая Беларусь", у якіх адбіліся яго настроі з пабыцця ў рэдакцыі "Нашай нівы" і, цешу сябе,- часцю мае з ім начныя бяседы, акрамя таго - нізку вершаў "Места" і, урэшце, - "У вёсцы" і "Вераніка".

За некалькі месяцаў пасля выезду з Вільні М. Багдановіч надаслаў у рэдакцыю "Нашай нівы" рукапіс, у якім былі сабраны яго вершы, я,к некаторыя з раней друкаваных у "Нашай ніве", так і на-нова ім напісаныя, пад загалоўкам "Кніжка выбраных вершаў", з просьбай выпусціць асобнай кніжачкай. Рукапіс гэты пралежаў у рэдакцыі больш паўгода, бо не было грошай, каб надрукаваць яго. I толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы на надрукаванне рукапісу. Здарылася гэта такім парадкам. Мая швагерка, літоўская пісьменніца Пеледа (Lazdynu Peleda), прывезла мне з Кейдан старое антыпедзіум з гербам "Равіч". Гэтае антыпедзіум прадаў Іван Луцкевіч нейкаму памешчыку, каторы пячатаўся гербам "Равіч" (дзева едзе на мядзведзю), за трыста рублёў. 150 руб. з гэтых грошай пайшло на аплату друкарні за друкаванне "Нашай нівы", а другіх 150 руб. прызачаны на выданне вершаў М. Багдановіча. Вершы былі здадзены ў друкарню. У часе набору іх, перад надрукаваннем першага аркушу, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч дасталі яшчэ нейкую суму грошай ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць спраўнасць перад княгіняй, і дзеля гэтага на загалоўнай балоне памешчаны быў знак "лебедзь", што мела азначаць герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка). Рысунак на акладку даў я са свайго сабрання. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятаю яго прозвішча) Штыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючыся правамі выдаўца, надпісаць на кніжцы да аўтарскага яшчэ і свой загаловак "Вянок". Выходзіла нязгорш: "Вянок, кніжка выбраных вершаў". А каб апраўдацца перад чытачамі, чаму названа кніжка "Вянком", я на першым, пасля загалоўка лісце памясціў раз'ясненне: "Вянок на магілу С. А. Палуяна (8 красавіка 1910 г.)." Зрабіў я гэта без ведама аўтара, але асновуючыся на яго сардэчным адношанні да нябожчыка Палуяна. Між іншым, калі кніжка выйшла, М. Багдановіч быў вельмі здаволены з майго помыслу, што выразіў у форме падзякі вершам, які павінен быць у маіх архівах. Але, прыняўшы чула загаловак, М. Багдановіч у даўжэзным лісце выказаў мне нездаваленне, што ў кніжцы прайшлі, праз недагляд карэктуры, даволі чысленныя памылкі, а галоўная з іх - у вершы "Вераніка". Пры ламанні верша пераблытаны парадак яго: пасля пятага шасціверша (на 111 бал.) 9, 10 і 11-е шасцівершы, месца якім павінна быць на 113 балоне, пасля 8-га шасціверша.

Віна была мая, але я не чуўся вінаватым, што і тлумачыў аўтару ў сваім лісце. Аднак часовая астуда ў нашых стасунках была даволі хутка згладжана.

У нас з М. Багдановічам нанова завялася перапіска, якая цягнулася да лета 1914 года.

Вось пакаротцы галоўнейшае з маіх стасункаў з Максімам Багдановічам. Яго перапіска маецца ў мяне на схове ў глухой правінцыі пад польская акупацыяй. 3 часам, калі я дабуду яе, здужаю асобныя моманты гэтага нарыса шырэй асвятлщь фактычным матэрыялам".

ЛЮДВІКА ВОЙЦІКАВА
Пяць месяцаў ў Менску

(З жыцця Максіма Багдановіча)

"У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч",- пачулі мы голас А. Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку "Беларускай хаткі", трымаючы ў руках ліст. Усе прысутныя заварушыліся, пасыпаліся пытанні: "Калі? Надоўга? Што ён піша?"

"М. Багдановіч піша, што хоча пажыць у Менску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе - яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай". Нас ахапіла і радасць, і трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, і трывога за яго здароўе, яго жыццё. Як доўга ён паміж намі пабудзе?

Было гэта ў палове верасня 1916 г. У "Беларускай хатцы" на Захараўскай вул., № 18 у сталоўцы "Таварыства дапамогі ахвярам вайны" кожны вечар збіраліся як сябры і працаўнікі Камітэта таварыства, так і іншыя беларусы. Збіраліся, каб супольда скарыстаць вольны вечар, падзяліцца думкамі, уражаннямі перажытага дня.

Цяпер вестка аб прыездзе М. Багдановіча дала новую тэму да гутарак і адначасна новыя абавязкі. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, затрымаліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой у 3. Бядулі. 3. Бядуля з сёстрамі Роняй і Чэрняй жыў на маленькай ціхай вуліцы - Мала Геаргіеўскай у доме Рэдзькі. Дамок стаяў у глыбіні панадворка, за домам быў садок.

Ціха, спакойна, добрае паветра. Кватэра мела тры пакоі: у двух жыў Бядуля з сёстрамі, а трэці, вялйо, светлы, з асобным уваходам, стаяў пусты. З Бядуляй хутка дагаварыліся. Ён рады быў мець пад сваёй страхой такога госця...

Нарэшце ў канцы верасня М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у "Беларускую хатку", дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны, просты М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно паміж намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожылі нас яго бледнасць і бліскучыя гарачкай вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На прыгатаваную кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца ў "Беларускай хатцы", дзе будзе мець не толькі абеды, але і снеданні і вячэры. Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі там жа, на месцы. Так што я з Багдановічам бачылася па 3 разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай. Галубок, Фальскі, Смоліч, Багдановіч, часта Ядвігін, я... Праз пару дзён выявілася, што Багдановіч вельмі мала дбае аб свае здароўе. Найчасцей забываўся прыняць лякарствы, не прыносіў іх з сабой. Як кожны такі хворы, не любіў, каб яму прыпаміналі аб лякарствах, а тым самым аб хваробе. Тады ўмяшалася мая маці. Угаварыла Багдановіча, каб аддаў ёй у рукі ўсе лякарствы, і сама іх яму давала ў адпаведны час. Новыя дозы хто-небудзь з нас прыносіў з аптэкі, так што ён не патрабаваў аб сваім лячэнні думаць і клапаціцца. Адразу ў першы вечар здзівіла нас просьба Багдановіча не класці яму ў гарбату цукру... На пытанне, ці не любіць салодкага, адказаў: "Не ў тым справа... але з цукрам не п'ю". Дарма стараліся пераканаць, што гэта не здорава, што цукар яму неабходны... Не і не. Раз нехта, не помню ўжо хто, цішком перамяняў шклянку і гарбата аказалася салодкай. Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся. Ледзь удалося супакоіць і прыйшлося перапрасіць. Праз пару дзён пасля гэтага, калі мы снедалі ўдваіх, я запыталася: "Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?"

"Бачыце, кажа, я вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер пад час вайны церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей... Калі я сабе адмаўляю таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта хоць крыху пацяшае..."- "Выбачайце, кажу, але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае".- "А гэта пабачым..." - неяк загадкава адказаў. I сапраўды праз нейкіх тры месяцы пабачылі. Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам, апрача платы, выдавалі паёк, пераважна цукар. I вось у адзін дзень раніцай, выходзячы на працу, М. Багдановіч просіць маю матку, каб дала яму чыстую пошаўку. Увечары, калі ўсе сабраліся і дзівіліся, чаму няма Багдановіча, ён прыйшоў позна і прынёс на плячах больш як паўпуда цукру. Аддаў яго мне (я была сакратаркай "Камітэта дапамогі ахвярам вайны") і кажа: "Гэта для дзяцей уцекачоў". Усе былі ўзрушаныя. Толькі зрабілі вымаўку, што не сказаў каму-небудзь, каб памагчы прынесці, і сам цягнуў і мучыўся.

Неяк у канцы кастрычніка прыехала да мяне з фронту медсястра беларуска, мая сяброўка з Гродзенскага гуртка беларускай моладзі Марыся Бобрык. Прыехала на адзін дзень і ўвечары позна выязджала. Я сабралася яе праводзіць. Мы з ёю ўжо выходзілі, як падышоў да мяне Багдановіч і пытаецца: "Можна мне з вамі?" - "Разумеецца, калі ласка..." Вуліцы былі пустыя, нідзе нікога. Не ведаю чаму, мы ішлі не па тратуары, а пасярод вуліцы. Мы з сяброўкай успаміналі Горадню, нашае там жыццё, працу ў гуртку. Багдановіч з зацікаўленнем слухаў, заўважыўшы, што жыў у Горадні, як быў маленькі, і што там пахаваная яго маці. Варочаліся зноў па сярэдзіне вуліцы памаленьку, не спяшаючы. I тады ён пачаў гаварыць аб сабе...

"Я ўжо пагадзіўся са сваёй хваробай і з тым, што жыць асталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і. Я так люблю дзяцей. Ведаеце, як я пачаў пісаць і друкаваць вершы - на жаль, не на сваёй мове, а па-расейску, бо я гадаваўся ў расейскім асяроддзі, як не горка да гэтага прызнацца - я напісау калыханку і аддаў яе ў друк, падпісзўшы псеўданімам. Усе, хто чытаў, думалі, што гэтую калыханку напісала жанчына і што жцнчына - маці! У гэты твор я ўлажыў усё свае жыццё..."

Пасля наша гутарка перайшла на Менск і ўражанні ад усяго пазначанага і пабачанага. М. Багдановіч, паводле яго слоў, чуўся паміж намі добра, як у сям'і. "Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з мінчанкай N. Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось прыехаўшы і пазнаёміўшыся з N. асабіста, уся прыязнь развеялася... Не магу ей адказаць тым самым - не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць. Ці ж гэта можа не балець?" Як я пераканалася ў далейшым, чутнасць М. Багдановіча на нечую крыўду была выключнай. Жыццё праходзіла. "Камітэт дапамогі ахвярам вайны" вёў барацьбу з беспрацоўем. Асабліва балюча было мне, што г. зв. Таццянінскі камітэт адмовіў нам далейшай субсыдыі на ўтрыманне дзіцячага прытулку і запрапанаваў забраць нашых дзяцей пад сваю беспасрэдную апеку. Мы прымушаныя былі згадзіцца. Але паставілі варунак, што нашыя дзеці будуць вучыцца асобна па-беларуску і вучыць іх будуць нашыя вучыцелькі: дачка Ядвігіна Ванда Лявіцкая і яе памочніца Ядзя Раткевіч, якія і дагэтуль апекаваліся дзецьмі.

Нашыя дзеці на лета былі вывезеныя на вёску, і трэба было іх адтуль перавезці ў Ратамку і аддаць у прытулак Таццянінскага камітэта. Прыйшлося мне ехаць памагчы перавозіць дзяцей. Дні ўжо былі кароткія, холад, а ехаць трэба фурманкай кіламетраў 30. Падарожжа не вельмі мілае. Сядзелі мы ў сталоўцы ў поўным зборы і гаварылі аб гэтым. Была пятніца, ехаць мела я ў суботу. Раптам М. Багдановіч кажа: "I я паеду". Мы ўсе ахнулі! "Што вы кажаце! У такі холад 30 кіламетраў фурманкай! I не думайце!" Зазлаваў на нас Максім. "Што я, маленькі? Волі сваёй не маю? Сказаў паеду і - паеду". Ізноў пасыпаліся пратэсты. Адзін Галубок маўчаў і думаў нешта сваё. Калі ўжо даходзіла да праўдзівай сваркі, Галубок кажа: "Ціха, ша! Успакойцеся! Я пайду і хутка вярнуся, тады пабачым!.." Не было яго з гадзіну. Нарэшце крокі па сходах, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Галубок з аграмадным кажухом, якія насілі вартаўнікі ў дэпо.

- Маеце, дзядзька Максім, паедзеце.

Усе абступілі Галубка, дзякуючы за такое ўладжанне справы.

На другі дзень паехалі. Было ўжо цёмна. Выехалі за горад на тракт. Грукат сціх. Пачалі мы гутарку. Закранулі розныя тэмы. Дайшлі да паэзіі, да яе форм, да тэорыі паэзіі... I раптам нашую ўвагу звярнула нейкая незвычайная чырвань на небе. Пад'ехалі далей на ўзгорак, глядзім - пажар... гарыць вёска! Далека ад нас, але і так было відаць слупы агню, якія падымаліся аж да хмараў. Які жудасны вобраз! "А сколькі там гора людскога, сколькі слёз",- кажа Багдановіч. Мы змоўклі надоўга.

Прытулкі Таццянінскага камітэта ў Ратамцы мела візітаваць сястра Льва Талстога. Дзеля гэтага ладзілі спектакль-вечарыну. Нашая школа мела выступіць са сваёй асобнай праграмай ды ў беларускіх нацыянальных вопратках. Паставілі сцэнічны абразок "Пастушка"; дэкламацыі, хор. З Менска сабраліся паехаць і мы. М. Багдановіч, А. Смоліч, сёстры Бядулі (каб падтрымаць хор, яны абедзве прыгожа пяялі) і я. Дагэтуль стаіць мне ў вачах Багдановіч: у белай вышыванай кашулі, падпяразаны прыгожым паяском, вясёлы. Умяшаўся ў хор... Здавалася, і ён запяе...

Скончылася ўсё позна, цягніка ўжо не было, і прыйшлося праседзець ноч, бо спаць не было дзе. Школа беларускіх дзяцей змяшчалася ў летнім драўляным дамку - "дачы". Вучыцелькі мелі маленечкі пакойчык з жалезнай печкай, а клас не апаліваўся. Мы, дзяўчаты, сабраліся ў маленькім пакоі, а Багдановіч (Смоліч выехаў увечары, не чакаючы канца) пастанавіў сядзець у халодным класе. Як мы ні прасілі, нічога не памагала. "Там і так цесна",- кажа. На працягу ночы я разы тры хадзіла намаўляць яго, каб не рызыкаваў, адумаўся... "Мы не збіраемся спаць, сядзім, гаворым, ідзём". "Не,- кажа Максім,- я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым, мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце".

Прыйшла зіма. Снег, марозы. Калі пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся серабрыстай шэранню, і гэта было цудоўна, як у казцы. На работу мы з Багдановічам выходзілі разам і адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб ісці каля касцёла (ён стаяў амаль проціў "Бел. хаткі" крыху наскос) і нацешыцца яго цудоўным выглядам. Багдановіча проста адарваць не можна было, да таго быў захоплены. А стаяць на марозе або вільгаці для яго было забойствам, сказаць, што гэта яму пашкодзіць, не можна было, вось і прыходзілася нешта прыдумваць, або спяшацца на работу, або казаць, што мне зімна.

Надыходзіў Новы год. Пастанавілі спатыкаць яго ў "Бел. хатцы" ўсёй нашай грамадой. Усё наладзіць і выслаць усім запросіны даручылі Багдановічу, Смолічу і мне. Сабраліся, хто толькі з нашых быў у той час у Менску. На спатканні былі: М. Багдановіч, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем Я. Фарботкай, кс. Гадлеўскі, Ф. Шантыр (прыехаў з Бабруйска), Усев. Фальскі, У. Галубок, А. Смоліч, адв. Чаўсоў, Ванда Лявіцкая, Р. Земковіч, А. Уласаў, Я. Крыўка, мая маці Э. Сівіцкая і я. Настрой быў мілы, і ўсе былі рады з гэтай імпрэзы.

Далей усё ішло па-ранейшаму, толькі, на жаль, Багдановіч чуўся слабейшым. Калі ў сталоўцы ўсё заціхла, усе парасходзіліся, ён аставаўся і дапозна сядзеў у канцылярыі камітэта. Гэта быў невялікі пакой з балконам, які знаходзіўся паміж сталовым пакоем і тым, дзе мы жылі з маёй маткай. Там стаяў стол, некалькі крэслаў і глыбокі мяккі фатэль. У гэтым фатэлі сядзеў Багдановіч доўгія гадзіны папоцемку. Я не раз прапанавала лампу, пыталася, можа, што пачытаць, але не хацеў нічога. "Мне тут так добра",- казаў.

Прадчуваўся ўжо блізкі канец вайны і змены, якія могуць наступіць у жьіцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школаў, а падручнікаў да навукі няма. Лемянтары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасля лемянтароў няма. Смоліч запрапанаваў узяцца за апрацоўку такой чытанкі-хрэстаматыі. Складаць яе мы мелі ўтраіх: М. Багдановіч, А. Смоліч і я. Насамперад распрацавалі план. Мела кніжка дзяліцца на чатыры часці: 1-я - Вясна; 2-я - Лета, 3-я - Восень, 4-я - Зіма... Трэба было падбіраць матэрыялы, і працу падзялілі мы паміж сабой так: М. Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літараігуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць вершы самому. А. Смоліч браў на сябе тэмы геаграфічныя, гістарычныя і пераклады з расейскай мовы, а я - тэмы прыродазнаўчыя і пераклады з польскай мовы,

ІІІмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў познія гадзіны, калі ўжо нашы штодзённыя вячэрнія госці парасходзіліся. Кожны з нас ужо пакрысе напісаў, але далей супольна працаваць не прыйшлося. Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. Багдановіч чуўся горш. Тэмпература падымалася. Трэба было яму змяніць клімат. Пастанавілі на супольных парадах, што паедзе ён у Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі ўсё, што трэба на дарогу, і ў канцы лютага наступілі ад'ездзіны. Мы ўсе хацелі праводзіць на вакзал, але ён запратэСтаваў: "Развітаемся тут, у "Беларускай хатцы". Мне цяжэй будзе расставацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей". Жагналі мы яго са слязамі ў вачах, як бы прадчуваючы, што жагнаем назаўсёды. Маці мая абняла яго і пацалавала ў лоб; мне ён сказаў: "Я да вас напішу". I не напісаў, не хапіла, відаць, сілы. А мо і напісаў, ды ліста не выслалі чужыя людзі? Хто ведае...

Але калі прыйшла вестка аб яго смерці, такой цяжкай у адзіноцтве, мы не маглі сабе дараваць зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць яго, не парадзіўшыся з доктарам, не ўпэўніўшыся, што гэта яму паможа... Як глупа. Трэба было запэўніць тут на месцы больш выгады, больш сардэчнай апекі. Смерць яго не мінула б, надзеі на гэта не было, але няхай бы паміраў паміж намі, сваімі, адданымі яму шчыра прыяцелямі ў роднай старонцы. Ён жа гэтага хацеў... А можа, меў надзею, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае...

Прайшло паўвеку, а ўспаміны аб гэтых пяці месяцах усё жывыя.

МІКОЛА ШЫЛА
Алесь Гарун

Прыкра, жудасна і несамавіта адчувае сябе чалавек, папаўшы першы раз у астрог. Фізіяноміі дазорцаў суровыя, здаецца, што бязлітасныя. Кепска было і ў мяне на сэрцы. Прывялі, у канторы распранулі, абыскалі, забралі сякія-такія рэчы, запісалі і павялі. Адчынілі дзверы, буркнулі: "На палітычны карыдор" і выпхнулі на вялікі, вымашчаны каменем двор, пасярэдзіне якога стаяў чатырохпавярховы будынак з вежамі па кутох і з закратанымі вокнамі. Стаю і, як затраўлены звер, аглядаюся, не ведаючы, што з сабою рабіць. Раптам чую жаночы голас: "Таварыш, вы адкуль?" Аглядаюся - з акна, з другога паверха, махаюць рукой. Падышоў, разгаварыліся. Палітычныя жанчыны. Запрапанавалі на ручнікох, прывязаных да кратаў, забрацца да іх на акно на ранішні пачастунак. Адмовіўся і папрасіў, каб накіравалі мяне да сваіх. Растлумачылі і сказалі, што на трэцім паверсе мяне спаткае палітычны стараста, якому аб гэтым зараз перададуць.

Пайшоў у дзверы. Падняўся па сходах на трэці па-верх. Там мяне ў вялікіх крацяністых варотах і спаткаў стараста Кірыл. А з ім паўсотні палітычных вязняў, сярод якіх быў і той, аб якім я і хачу напісаць. Прывялі мяне ў чатырнаццатую камеру і даручылі высокаму, маладому, як і я, бязвусаму хлапцу, старасце восьмае камеры - Алесю Прушынскаму.

Павёў ён мяне ў камеру № 8. Па дарозе мяне абміналі, і я абмінаў дзесяткі вязняў, сярод якіх былі і з кандаламі на нагах. Звон кандалоў на, мяне зрабіў непрыемнае ўражанне. Прушынскі па маёй міне адчуў гэта і спакойна заўважыў, што не адзін із нас будзе насіць гэтыя бранзалеты. У камеры мяне абступілі з пытаннямі: адкуль і якой партыі. Даведаўшыся, што я належу да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, сказалі, што тут ёсць мае аднапартыйцы - Букавецкі (Алесь Бурбіс) і Караткевіч. Адвялі мне месца на, нарах, прынеслі сяннік і саламяную падушку. Пачалося мае новае жыццё, пачаў я прыглядацца да маіх сутаварышоў, да суадносінаў. Першыя веды турэмнага жыцця атрымаў я ад Прушынскага, які не пакідаў мяне, не даваў маркоціцца па волі, па блізкіх. Яго светлы, адкрыты твар з сінімі васільковымі вачыма свяціўся нейкай унутранай цеплынёй, дабратой, ласкавасцю. Часта ўначы, лежачы на нарах, перадаваў ён мне гісторыю свайго жыцця. Паходзіў ён з Менска. Бацька ягоны быў у Менску дворнікам. Шмат пазней я жыў з ім у адным доме. Вучыўся спачатку ў народнай школе, а потьш у рамесніцкай школе па аддзелу сталяркі, якую I скончыў на выдатна і атрымаў працу. Будучы яшчэ ў школе, прымаў удзел у рэвалюцыйнай працы сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістых. За арганізацыю падпольнай друкарні ён і папаў у астрог. Пісаць па-беларуску ён тады не пісаў, хаця адчуваў сябе беларусам. Кожны беларускі верш, які прыходзілася яму чытаць ці чуць ад А. Бурбіса, ён завучваў на памяць. Ледзь не кожны дзень ён дэкламаваў гэтыя вершы. Дэкламаваў ён вершы і Мацея Бурачка. "Дудку беларускую" ён знаў усю на памяць. На мае пытанне, адкуль ён ведае гэтыя вершы, была адповедзь, што ў школе ён ад вучняў дастаў кніжку, выдадзеную гадоў 10 назад таму ў Кракаве, якую перапісаў і завучыў. Памяць ён меў фенаменальную. Даволі было прачытаць яму верш два-тры разы, каб ён яго ўжо дэкламаваў, нідзе не збіваючыся. Па натуры ціхі, крыху саромлівы, спакойны, ён ніколі не высоўваўся наперад, але затое калі была ў турме сярод палітычных "валынка" (забурэнні, непаразуменні з начальствам), ён быў першым. Страху ён не знаў, быў перапоўнены адвагаю і станоўкасцю. Мяккі па характары, чулы, спагадлівы на кожную бяду, на кожнае няшчасце свайго блізкага, ён быў непакорны, няўмольны да сваіх палітычных ворагаў. Памятаю, чыталі камерай апавяданне, здаецца, Купрына, дзе рэвалюцыянер забіў у Адэсе граданачальніка. Ягоная жонка з'явілася да док"гара, каб той паспяшыў з дапамогай ейнаму мужу. Доктар адмовіўся ісці ратаваць жыццё ката рэвалюцыянераў і народа. Але настойлівасць кабеты, ейныя довады, што яе муж цяпер звычайны чалавек, які стаіць перад Богам і Божым Судом, падзеялі на доктара, і ён згадзіўся паехаць. Разбіралася тэма: ці добра зрабіў доктар, што паехаў, ці блага. Большасць выказалася за тое, што нават ворагу ў такой бядзе трэба памагчы. Тады з палкай прамовай, падмацаванай фактамі з жыцця менскае турмы, выступіў Алесь Прушынскі з наганаю, што доктар зрабіў блага, што паехаў ратаваць жыццё ката, жыццё прыгнятальніка народа.

"Чаму яны не мелі літасці,- гаварыў ён,- да Караткевіча (і шмат, шмат іншых), якога павесілі, абрэзаўшы вяроўку, на якой ён вісеў, укінулі ў воз і павезлі хаваць. А калі прывезлі на родную зямельку, ён раптам ачуняў. Ці яны яго пашкадавалі? Не! Прывезлі назад і зноў павесілі. Вось вам літасць, вось вам іх чалавечнасць і гуманнасць, аб якіх вы тут так многа гаварылі. На іх гвалты, на іх здзекі мы павінны адказаць няўмольным тэрорам, каб яны пабачылі нашу сілу, моц і цвёрдасць, каб пачулі перад намі страх, каб іх ад нашага аднаго слова кідала ў дрыжыкі".

Доўгія восеньскія вечары праводзілі мы на яго нарах. Расказваў ён мне аб сваім жыцці на вёсцы, а потым у месце, аб сваіх бацьках, асабліва аб маці, якую ён любіў неяк асабліва. Ён, як малое дзіця, называў яе ласкальнымі, пяшчотнымі словамі, ён думаў аб ёй, прыгадваў, што яна ў гэты момант робіць, дзе яе думкі. Недарма і зборнік сваіх вершаў ён назваў "Матчын дар". Яго гаротнае жыццё, яго пакуты, яго перажыванні, як мне думаецца, змусілі яго падпісаць свае першыя вершы, а потым і зборнік псеўданімам Алесь Гарун.

Радасці ў сваім жыцці ён бачыў мала. З малых гадоў памагаў бацькам, то падмятаць вуліцу, то маці мыць бялізну і разносіць яе на кватэры давальнікаў. "Ты не паверыш мне,- казаў ён мне,- як цяжка было мне слухаць абразлівыя заўвагі, што бялізна кепска вымытая. Здаецца, плюнуў бы ім у твар, але я плакаў і цярпеў, несучы ў сэрцы пагарду да іх і помету. Хацелася крывёю напісаць кнігу аб жыцці такіх, як я, пусціць на суд людзей, падняць іх да змагання за лепшае жыццё. Гэта і змусіла мяне ўступіць у партыю, арганізаваць падпольную друкарню, але не давялося кончыць".

У 1908 годзе Віленская судовая палата засудзіла яго на ссылку ў Сібір. Праз два месяцы яго з партыяй катаржнікаў і адправілі ў Сібір.

Жменька маіх успамінаў няхай будзе вянком на магілу выдатнага сына беларускага народа Алеся Гаруна.

ЭДУАРД БУДЗЬКА
Пясняр у жыцці

Чуваць было пра яго тут, на Бацькаўшчыне; чулі пра яго сведамыя беларусы, якія мелі ў сябе і чыталі беларускую газету "Наша ніва".

А ён, малады, шмат гадоў далека ад Бацькаўшчыны тужыў па ей, сасланы за тры тысячы кіламетраў ад яе,- як змагар з рэакцыйным царскім рэжымам, як змагар за лепшую будучыню свайго народа.

З надарванымі сіламі, з надламаным здароўем вярнуўся ён пасля рэвалюцыі 1917 г. з далёкай высылкі ў Менск.

Тут працаваў ён у рэдакцыі газеты "Вольная Беларусь", разам з вялікім беларускім дзеячам Язэпам Лёсікам; пісаў вершы і апавяданні; думаў і праектаваў, якой будзе наша Бацькаўшчына-Беларусь, як арганізаваць яе адміністрацыю.

Хоць слабы здароўем, хоць нястачы меў дома з харчаваннем, хоць у благіх абставінах - у цеснай хаце і без выгодаў жыў,- але насіўся з праектамі пра лепшую будучыню для Бацькаўшчыны.

Меў ён тады 31 год веку. Але выглядаў куды на старэйшага, на гадоў 5-6 выглядаў старэйшы за свой век.

У 1918 годзе жыць было цяжка, бо дрэнна было з ежай, цяжка было дастаць прадуктаў і цяжка было з заработкамі. Алесь Гарун дрэнна тады тут аджыўляўся. Здароўя не паправіў, чуць толькі трымаўся на сілах. Але пры тым меў на сваім утрыманні родную матку старую і недарослага ды няўдалага брата гадоў пятнаццаці, які сваім абыходжаннем, сваім характерам нерваваў Алеся, псаваў яму здароўе.

Жыў ён тады па Захараўскай (за бальшавіікамі Савецкай) вуліцы, побач з рэдакцыяй "Вольнай Беларусі". Меў памяшканне з аднаго пакойчьжа. Месца для гасця на начлег не было, дык я ў яго спаў на падлозе.

Любіў я чытаць ягоныя меладыйныя вершы, ягоныя апавяданні. Любіў я паслухаць яго крыху сіпучы, ценкі голас; а ён як што баіў - дык найчасцей быў у вясёлым настроі.

Цяжкая тады, у 1918 г., была праца Цэнтральнай Беларускай Рады ў Менску і Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі. Нямецкія вайсковыя ўлады, што, праўда, не рабілі ім цяжкасцей, а нават спагадалі ў рабоце беларускіх арганізацый,- але тут былі рэшткі царскіх установаў: расейскія суды, дзе беларускай нацыянальнай справе не было спагады; было тут земства, значыцца - Земсткая управа, дзе панавала маскоўшчына, як і за савецкім рэжымам у Менску - у беларускай сталіцы. Сведамай беларускай інтэлігенцыі было малавата,- каб забраць усю цывільную ўладу ў рукі беларускіх нацыянальных дзеячаў.

Алесь Гарун у палітыку тады не ўдаваўся, працаваў на літаратурным Парнасе. Але, з надыходам у канцы 1918 г. балынавікоў у Менск, пазнаў ён, "пачым хунт ліха" пад бальшавікамі. I вось калі ў 1919 годзе Менск быў акупаваны польскім войскам і калі Пілсудскі і Славэк запэўнілі беларусоў, што польская вайсковая ўлада паможа беларусам арганізаваць беларускае войска,- дык Алесь Гарун і паверыў у іхнія словы і прыстаў да арганізатараў. Утварылася тады Беларуская вайсковая камісія. Алесю Гаруну здавалася, што без ваеннай сілы, без ваеннай арганізацыі не ўдасца беларускім нацыянальным дзеячам утрымаць беларускую ўладу і ўтрымаць незалежнасць Беларусі. Арганізацыя беларускай ваеннай сілы сталася для яго ў 1919 г. найпільнейшай працай над найпільнейшай патрэбай.

Дзеля гэтага з беларускімі партыямі, з тымі, якія былі праціўныя згоднай працы з польскай ваеннай уладай на Беларусі - Беларуская вайсковая камісія абышлася востра. I тады польскія ўлады арыштавалі гэтых праціўнікаў, у тым ліку найбольш беларускіх эсэраў.

Неяк раз, адведваючы Алеся Гаруна у Вільні, у гасцініцы "Жорж", на праспекце святога Юрыя, дзе ён часова быў затрымаўся, прыехаўшы з Менску,- я ў яго спытаў: навошта так строга абышліся польскія ўлады з беларускімі дзеячамі з эсэраўскай партыі, між іншым - з Вацлавам Ластоўскім? Чаму Беларуская вайсковая камісія не заступілася за іх?

Алесь Гарун быў тады апрануты ў форму беларускай вайсковай арганізацыі; выглядаў паказней, чымся год назад, і выглядаў з гутаркі і з абыходжання на
энергічнага, на дзейнага вайскоўца.

Ён тады адказаў, што так трэба было зрабіць з праціўнікамі.

Значыцца, трэба было пазбыцца апазіцыі, каб Беларуская вайсковая камісія магла больш спакойна, больш скансалідаванымі сіламі і больш энергічна і з лепшымі вынікамі працаваць у сваім кірунку - у кірунку арганізацыі беларускай вайсковай сілы.

- Але, - дадаў А. Г., - рэжым для арыштаваных беларускіх эсэраў не цяжкі: Ластоўскі знаходзіцца як бы пад хатнім арыштам, іншыя ў грамадзе, разам дыспутуюць, спрачаюцца самі з сабой, знаходзячыся пад слабым арыштам.

Нічога не выйшла з арганізацыі беларускага войска. Скасавалі яго польскія ўлады і скасавалі Беларускую вайсковую камісію - здаецца, гэтага вымагала Рыжская ўмова аб міры між Польшчаю і Саветамі.

Але Алесь Гарун не дачакаўся гэтага прыкрага фіналу - канца натугаў беларускай вайсковай сілы.

ЁН у Хрыстовым веку, бо, маючы толькі 33 гады свайго жыцця,- здаўся, змёр малады, змёр проста ад выпадку. Падзяліў ён долю шмат беларускіх дзеячаў, як: Палуян, Максім Багдановіч, Іван Луцкевіч, Цётка (Пашкевіч) і інш.

Няхай ім усім ад нас жывых - няхай будзе шчыры ўспамін.

A. A-K.
Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі)

Гэта было ў 1918 годзе - у старым Менску. У скромнай зале, за немаляванымі простымі сталамі, сабраліся прадстаўнікі беларускага народа. Адбывалася сесія Рады Рэспублікі. Маладыя абліччы, гарачыя рэвалюцыйныя прамовы. Шмат тэмпераменту, шмат прыгожых рэзалюцый, але як мала натужнай працы, як мала патрыятызму! Словы і словы... Рэвалюцыя, паглыбленне рэвалюцыі, змаганне з нямецкім імперыялізмам...

I не дзіўна: мядовыя месяцы вялікае ўздойміцы яшчэ не былі перажытымі і цяжка было памірыцца з горкай праўдай, балюча было бачыць нямецкага шуцмана.

Старшыня Рады Рэспублікі абвясціў, што слова належыць раднаму Прушынскаму. Паднялася крыху згорбленая, апранутая ў сялянскую жакетку, павольная статура. Бледнае аблічча, цёмныя засмучаныя вочы, спакойны, роўны, але цвёрды голас. Пачаў гаварыць просты сталяр, быўшы "катаржнік", якога лепшыя гады жыцця прайшлі ў халоднае і дзікае Сібіры. Па волі расійскага цара - за лепшыя ідэалы, за абарону правоў вякамі няволенага беларускага селяніна дзевяць гадоў катаргі, дзевяць гадоў голаду і маральных здзекаў... Толькі мужыцкі сын, гарачы патрыёт мог знайсці ў сабе сілы і веру, каб перажыць увесь цяжар катаргі. Гэтая вера і гарачая любоў да свайго роднага выліліся ў яркіх "думках"-песнях, у прыгожых і ўталентаваных вершах.

"Паны радныя,- гаварыў А. Прушынскі.-Я чуў тутака гарачыя і прыгожыя прамовы. Шмат гаварылася тутака аб рэвалюцыі, аб заслугах блізкага нам расійскага пралетарыяту, аб патрэбе паглыбляць рэвалюцыю. Я шаную рэвалюцыю, я аддаю ёй сваю пахвалу. Я сам рэвалюцыянер, але аб адным забыліся вы: рэвалюцыі ў нас на Беларусі няма. Яе задушылі Гофман і Троцкі ў Бярэсці, падзяліўшы нашу Бацькаўшчыну, разарваўшы яе на часці. Вы гаворыце аб паглыбленні рэвалюцыі ў той час, калі нямецкі шуцман можа прыйсці сюды і разагнаць гэты Высокі Сход. Іншыя з вас раюць нават змагацца з нямецкімі акупантамі аружнай сілай, весці наш народ на барацьбу з узброеным немцам кулямётамі і гарматамі. А ці падумалі тыя, якія раюць гэта рабіць і сваімі харошымі прамовамі і другіх да гэтага шалёнага ўчынку падбухторваць, што магло б стацца, каб сапраўды наш селянін з голымі рукамі пайшоў біцца з немцам? Ці падумалі аб тым, што мітынговыя прамовы пара скончыць, што трэба цяперака займацца не прамовамі, а трэба, па маёй думцы, разважыць аб тым, як пачаць і з чаго распачаць нашае дзяржаўнае будаўніцтва. Трэба падумаць аб тым, як уцекачоў нашых пераправіць на Бацькаўшчыну, чым накарміць іх,- як школы адкрыць, як абараніць нашага селяніна ад рэквізіцыяў, як завесці суды і шмат, шмат яшчэ чаго.

Паны радныя, памятайце, што мы - прадстаўнікі народа, мы яго голас. Прыпомніце, што народ нас выбраў для працы, і працы цяжкой, а не для гульняў і прыемных гутарак і супярэчак. Наш селянін мала гаворыць, а шмат робіць. Вас - прадстаўнікоў народнае волі - я заклікаю да працы".

Вось прамова, якую я запісаў у сваім часе і якая даволі характарызуе нябожчыка Аляксандра Прушынскага.

1919 год. Нямецкую акупацыю змяніла бальшавіцка-маскоўская. Урадавыя беларускія ўстановы выехалі. Рада Рэспублікі сваю чыннасць спыніла. Сябры Рады Рэспублікі абвешчаны былі бальшавіцкай уладай "вне закона". Прушынскі застаўся ў Менску. "Нікуды не паеду,- казаў ён.- На Бацькаўшчыне шмат працы. Смерці ж я не баюся, дый і не расстраляюць мяне - пасаромяцца: усё ж такі я - стары рэвалюцыянер".

I застаўся працаваць, працаваў цяжка. Працаваў у дзіцячых прытулках, недаядаў часта, недасыпаў, хварэць пачаў. Меў шмат клопатаў і непрыемнасцяў ад бальшавіцкіх камісараў, але заставаўся, як заўсёды, спакойным і гумару не траціў. Па вечарах дапозна сядзеў і пісаў свае думы-вершы. Дзяліўся са сваёй матуляй-старушкай сваімі радасцямі і смуткамі.

Пад канец панавання бальшавікоў у Менску распачаўся нялюдскі тэрор. Кожны дзень расстрэльваліся сотні людзей. Чэка агарнула якоесьці шалёнства. Стала цяжка дыхаць. Алесь пачаў нервавацца, пачаў пратэставаць, і пратэставаць адкрыта, не хаваючыся і не палохаючыся за ўласнае жыццё. З велізарным трудом, проста сілком, удалося прыяцелям Гаруна ўгаварыць яго выехаць на нейкі час з Менска. I гэта было зроблена ў пару, бо чэка ўжо яго шукала...

Бальшавіцкая акупацыя змянілася польскай. Заварушыліся беларусы, забегалі. Шмат працы, шмат працы! Трэба ствараць усё спачатку, нанова. Няма газеты, няма грошай. Школы сталі - дзеці ў прытулках галадаюць.

Маніфест Пілсудскага акрыліў надзеямі, паддаў энергіі і веры.

"Як роўны з роўным, як вольны з вольным... Ідзём вызваляць вас з-пад чужацкага ярма, каб Вы самі пастанавілі аб сваёй дзяржаўнай прыналежнасці..."

Прыгожыя словы, падсалоджаныя. Шмат хто паверыў ім - у тым ліку быў і Гарун. Я памятаю яго сільную зместам прамову да Пілсудскага, калі апошні быў у Менску. Гарун гаварыў і верыў, што сапраўды прыйшлі палякі, каб вызваліць Беларусь ад чужынцаў з усходу, каб сапраўды даць нашаму народу распачаць будаўніцтва свайго гаспадарства. I доўга трымалася ў ім гэта вера. Шчыра пачаў працаваць у кірунку збліжэння двух блізкіх народаў - паляка, ужо аслабаніўшагася, і беларуса, яшчэ прыгнечанага.

1920 год. Польская акупацыйная пята пачала крэпка душыць беларушчыну. Аб прыгожых словах маніфеста Пілсудскага ўжо забыліся. Былі "ўсходнія крэсы" з жандармерыяй, з галіцыйскімі чыноўнікамі і польскім шалёным шавінізмам.

Пачаліся фармацыі беларускага войска. Гэтай справай верхаводзіла вайсковая камісія. На чале яе стаяў Прушынскі. I тут ён верыў, што палякі пойдуць на сустрач беларускаму грамадзянству - дадуць стварыць сваю збройную сілу. Алесь і тутака працуе, аддаючы гэтай справе свае, ужо надарваныя хваробай, сілы. Пры надзвычайных варунках вялася гэтая праца. Халодныя і галодныя афіцэры першага беларускага войска, лепшая беларуская інтэлігенцыя, напружалі сілы, каб стварыць свае войска, каб убачыць на родных вуліцах сталіцы беларускіх жаўнераў і пачуць беларускую жаўнерскую песню. Напружаліся, працавалі - але ўжо болей не верылі падсалоджаным словам польскага пана...

Перастаў ім верыць і Гарун. Не верыў і расчараваўся ў самой магчымасці штосьці зрабіць пад польскай пятой. Шалёная хвароба прыкавала бедака да ложка. Туберкулёз лёгкіх рабіў сваю работу. Алесь чах і відавочна слабеў. Але і тут знайшоў у сабе сілы не пакідаць каханай справы.

Ён пачаў пісаць свае знамянітыя "Дзіцячыя казкі". Кажу - знамянітыя, бо толькі чутная і крышталёвая душа Гаруна змагла даць такія прыгожыя, так глыбока разумеўшыя дзіцячую душу - казкі.

Пад навалай бальшавікоў польскае войска ўздрыгнулася, пачало паддавацца. Гарэлі вёскі і мястэчкі. Гэта палякі "каралі" беларускіх сялян. Пачаліся расстрэлы, пачаўся здзек. Агнём, крывёй і слязьмі беларускага селяніна генерал Шаптыцкі хацеў стрымаць наступление бальшавікоў...

Хворы, ледзь жывы, амаль што не з апошнім цягніком, выехаў Гарун з Менска.

"Куды едзеш і па што едзеш?"- пытаюся. "Еду,- адказвае,- бо цяперака, калі б застаўся, дык не мінуў бы бальшавіцкае кулі. А жыць я яшчэ хачу, дужа хачу".

I едзем. Едзем у таварным вагоне, на быдлячым гнаі. Шмат нас сабралася, усе мы пахмурыя, маўклівыя. I кожны з нас мае на думцы, напэўна, адно і тое: "Вось чым адплацілі палякі нашаму народу за наш давер - пажарам Беларусі! А нас, прадстаўнікоў яго, вязуць у гнаёўцы".

З цяжкімі і сумнымі думкамі даехалі да Ваўкавыска. Гарун зусім аслабеў. 3 болем у сэрцы прыйшлося палажыць яго ў паходны вайсковы шпіталь, які давёз у Кракаў.

У Кракаве, на чужыне, без ніводнага блізкага чалавека, знайшоў сабе Гарун вечны адпачынак...

Кажуць, што на вайсковых могілках можна знайсці магілку, на якой стаіць маленькі драўляны крыжык з ледзь-ледзь прыкметным надпісам:

Тутака пахаваны Аляксандр Прушынскі...

А. ЭССОН
Мае ўспаміны аб Алесю Прушынскім

Упершыню доля спаставіла мяне, паўночнага каўказца, з беларусам Алесем Прушынскім у аднолькава далёкай нам абодвум Сібіры ў 1909 годзе ў перасыльнай частцы славутай Аляксандраўскай Цэнтралкі, недалёка ад г. Іркуцка.

У гэтую перасыльную Цэнтралку з усіх канцоў імперыі зганялі асобныя партыі палітычных ссыльных, засуджаных ваеннымі і іншымі судамі на вечнае пасяленне. Пад канец 1909 года нас набралася шмат сотняў: былі тут латышы ў цёплых арыштанцкіх куртках, падшытых самымі ссыльнымі, так што цёплага падшыцця не было відаць з-пад звычайных арыштанцкіх халатаў з адмысловага грубага сукна. Тут былі беларусы, палякі і яўрэі з заходніх і паўдзённых губерняў Расеі, колькі грэкаў, ладна расейцаў, грузіны, армяне, асеціны і расейцы з Каўказа; было нават двух кіргізаў. З усіх перасыльных найгорш былі апранутыя на зіму мінгрэльцы. Іх было чалавек 25. Ад самага пачатку, як толькі апынуліся ў паўдзённай частцы Расеі, каля г. Растова, мы, каўказцы, пачалі хварэць на тыфус. Мінгрэлыіы былі апранутыя ў лёгкія чэркескі з башлыкамі на галаве, а зіма была ў самым гарце. Тэмпература часта трымалася на 25-35 градусаў ніжэй за нуль тэрмометра Рэамюра; плюнь - і сліна застыгала ў паветры ледзяной куляй, перш чым даляцець да зямлі. Перасыльныя турмы звычайна былі перапоўненыя, і таму колькасць хворых была страшэнная; блізу ўсе мінгрэльцы перамерлі яшчэ перад Самарай.

Наша партыя каўказцаў прыбыла нарэшце ў Аляксандраўскую перасыльную турму, але ў куды меншай колькасці, як яна была ў Растове. Тут нас размясцілі па бараках сярод іншых, што прыйшлі раней. Не лішне будзе сказаць колькі словаў пра гэтую турму. Яна складалася з колькіх карпусоў і баракаў рознага памеру, прычым катаржнікі, што адбывалі свой тэрмін да выхаду на вольнае пасяленне, займалі большую частку іх, і турэмная арганізацыя базавалася, казаў той, на гэтай сталай частцы зняволеных. Будынкі ўсе былі драўляныя. У кожным бараку ўздоўж сценаў было па два рады юрцаў. Прамежак паміж юрцаў быў калідорам, сюды звозілася ежа і ўсё іншае. Па канцах барака, тут жа, каля самых юрцаў, стаяла колькі парашак. Усе баракі I двары былі абгароджаныя высокімі частаколамі з бярвення ў 25-30 футаў увышкі, з завойстранымі вярхамі. Па рагах гэтай высокай агарожы ўзвышаліся будкі варты і вузкія пляцоўкі, па якіх вартаўнікі хадзілі ўзад і ўперад з стрэльбамі на плячах. Турэмная варта была ўкамплектаваная маладымі здаровымі сытымі хлопцамі, усе былі як на падбор. Бальшыню іх легка было падкупіць. Так праз іх можна было за грошы дастаць не толькі белы хлеб, масла, малако і іншыя прадукты, але і такія рэчы, якія былі строга забароненыя турэмнай адміністрацыяй: нажы, чаравікі, акуляры, нелегальную пошту, і нават можна было наладзіць сувязь з мясцовай палітычнай нелегальнай арганізацыяй.

У бараку звычайна змяшчалася да 200 чалавек, даводзілася бадай увесь час быць у бараку, хадзіць паміж юрцаў, сядзець на юрцах і чытаць або гуляць у карт" ці ў шахматы. 3 дазволу начальства мы нават арганізавалі даволі добры хор.

Неўзабаве па тым, як мы прыехалі, маю ўвагу прыцягнулі да сябе два перасыльныя, што прыехалі раней за нас з заходніх губерняў Расеі, яны былі ў адным з. намі бараку. Адзін быў Кулага, эсэр, здаецца, чыгуначнік, з вялікай шаўковай светлай барадой, хоць яму было не больш як 25-26 год. Гэта быў тыповы напышлівы чыноўнік. Ён быў за старасту ў нашым бараку, г. зн. вёў усе патрэбныя перамовы з наглядчыкамі і іншым начальствам у пытаннях нашага барачнага жыцця. Другі, Алесь Прушынскі, таксама беларус з Заходняга краю, быў поўнай супрацьлежнасцю да Кулагі. Высокага росту, крыху суглобы і блізу заўсёды сур'ёзны, але не гмырны, Алесь быў узорам спакойнага і ўдумлівага чалавека. У гутарцы з кім-небудзь ён заўсёды быў без афектацыі і, відаць, таму ад першага ж знаёмства вельмі гарнуў да сябе кожнага. Не ведаю, можа, таму, што мы з ім былі зусім супрацьлежных характараў - я пахопісты, нервовы і гарачы каўказец, а ён - спакойны назіральнік усяго навакольнага, непрайманны беларус, а можа, проста ягонае спакойнае і сур'ёзнае аблічча спадабалася мне, але мы неўзабаве пасябравалі. Алесь быў дасканальны шахматыст, найлепшы з усіх нас, хто гуляў з ім. Гулялі часта. Звычайна ён, гуляючы на памяць, г. зн. без дошкі, быў адна партыя, а колькі нас - другая партия, ён расцягаўся на юрцах, накрываў твар хустачкай, і гульня пачыналася. Мы рэдка выгравалі, дармо што часта перагаворваліся - кансультаваліся. У шахматнай гульні мяне найбольш уражала тое, што Алесь ніколі не нерваваўся. Хіба толькі, калі ён часам забываўся палажэнне тае ці іншае фігуры пасля нашых даўніх нарадаў, можна было згледзець незадаваленне на ягоным твары. Ведама, што гульня ў шахматы адна з самых нервуючых, газардавых; ніколі мы не бачылі, каб у Алеся дрыжэлі рукі, як у нас, ці каб ён хваляваўся.

Я не памятаю, каб я калі бачыў Алеся ў гневе ці ў злосці, за выняткам аднаго выпадку. Тым разам на ягоным, звычайна непрайманным і спакойным, твары было абурэнне. Гэта было аднойчы ў часе маёй спрэчкі з паляком-нацыяналістам. Калі не мылюся, гэта быў граф Чапскі, таксама ссыльны. Чапскі даводзіў канечнасць адлучэння польскай нацыяналістычнай партыі ад расейскіх рэвалюцыйных партыяў на той аснове, што расейцы нагэтулькі менш культурныя за палякоў, што не могуць мець аднае або аднолькавае з палякамі праграмы рэвалюцыйнага змагання. На мой бок неўзабаве стаў Алесь. ён, відаць, бачыў, што я не знаю ні палякоў, ні іхняе культуры і што таму бяру довады Чапскага за грунтоўныя; ён так даў майму апаненту, што ўсе навакол паднялі на смех небараку Чапскага.

Алесь не быў марксісты і наагул не выказваўся за ніводную лінію, што тады панавалі,- ні за народніцкую, ні за марксісцкую. Ад Алеся я ўпершыню даведаўся, што ёсць апрычоная беларуская мова, а не дыялект расейскай мовы. Ён пісаў вершы па-беларуску. Слухаючы яго ўважліва, я не мог нават ухапіць сэнсу, што ён чытаў. Для мяне гэта быў набор нейкіх незразумелых правінцыялізмаў. Агулам беручы, тое, што я чуў, рознілася ад расейскае гаворкі павольнаю плаўнасцю і мякчынёй зычных. Там, дзе расейская гаворка рэжа, як сякерай, або "ыкае", беларуская выдавалася мне расцягванай нароспеў. Гэта толькі мае ўражанне без крытычнага аналізу, без ведання мовы.

Мы прабылі ў Аляксандраўскай перасыльнай нядоўга. На пачатку вясны нашая партыя ссыльных, якіх размеркавалі на Поўнач у розныя месцы Іркуцкай губерні і Якуцкай вобласці, рушылі ў дарогу. Для мяне абставіны склаліся так, што я не мог нават зберці свае манаткі: за тры дні да нашага адыходу я спяваў з хорам у бараку і быццам за "парушэнне цішыні" ды за "фізічнае ўздзеянне" на аднаго з наглядачоў быў пасаджаны ў цёмны карцэр. Пасля бесперапыннага агульнага пратэсту ўсяе перасыльнае турмы і толькі пасля таго, як прыбыў памочнік пракурора, выкліканы з горада, мяне выпусцілі перад самым выхадам партыі. Дык я і не паспеў развітацца з нікім з тых, хто быў вызначаны на жыццё ў іншыя месцы, у тым ліку і з Алесем .

Ф. КУШАЛЬ
Сорак два гады таму (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну)

Першыя мае ўспаміны аб Алесю Гаруну, што друкаваліся недзе ўвосень 1941 г. у менскай "Беларускай газэце", былі, магчыма, паўнейшыя, чымся тая жменька, што даю тут, бо тады, у 1941 г., ад трагічных падзеяў на Беларусі ў 1920 г. і майго апошняга развітання з Алесем Гаруном мінула было адно 21 год, сёння ж да іх дайшло яшчэ гэтулькі сама, а сорак два гады ў жыцці чалавека шмат значыць, асабліва ў дачыненні да гэткай нясталай ды нетрывалай рэчы, як людская памяць.

Упершыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з За-бор'я, дзе жылі мае бацькі, з мясцовасці, якая ляжыць у сямідзесяці вярстах ад Менска і належала ў тыя часы да Ашмянскага павета. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжак для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я і мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня змяшчалася тады ў двухпавярховым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць "Новага" касцёла. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, а за ім - высокага худога чалавека, апраненага ў жакетку із саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, што развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на "зважай" перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозвішча.

- Прушынскі,- адказаў мне ён, падаючы руку да прывітання.

Я ўжо ведаў, што Аляксандр Прушынскі - гэта сапраўднае імя паэта Алеся Гаруна, творы якога я з вялікім захапленнем вучыў на памяць і дэкламаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы разгаварыліся. Алесь Гарун з вялікай цікавасцю распытваў мяне аб тым, што робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сведамасць сярод сялянства ды інш. Нарэшце ён напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.

Улетку 1918 г., апрача гэтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыязджаючы з івянецкімі балаголамі. Кожны раз я наведваў беларускую кнігарню і сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым жа доме на другім паверсе змяшчалася рэдакцыя беларускай газеты "Вольная Беларусь". Там я пазнаёміўся і з Язэпам Лёсікам і з ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой вядомага беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш.

На свеце ўсцяж не было супакою. Увосень 1918 г. выбухла рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаны капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Следам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходу ішло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі. Увесну 1919 г. пачалася новая вайна - польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасля 8 жніўня 1919 г. - заняла Менск. Неўзабаве па заняцці палякамі Вільні, у траўні 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі з'езд Віленшчыны і Горадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На з'ездзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваннем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасля вельмі даўніх намаганняў і перамоваў, бо толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудскі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым жа дэкрэтам паклікалася Беларуская вайсковая камісія (БВК), кожны сябра пайменна. У склад камісіі былі пакліканыя дэкрэтам гэткія асобы: на старшыню БВК прызначаўся Паўла Аляксюк, адвакат паводля прафесіі, вельмі актыўны ў тых часах беларускі дзеяч. На камандуючага беларускімі вайсковымі аддзеламі прызначаўся палкоўнік Канапацкі, беларус татарскага пахбджання. У склад камісіі быў пакліканы і Аляксаядр; Прушынскі, а апрача яго, як сябры камісіі, гэткія асобы: Антон Аўсянік, маёр Якубецкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, палкоўнік-інтэндант Якубоўскі і я, капітан Францішак Кушаль. Месцам урадавання Беларускае вайсковае камісіі вызначаўся Менск (аб БВК быў мною ў сваім часе напісаны даўжэйшы артыкул "Ад Менску да Лодзі", які друкаваўся ў 1952 г., у лістападзе, снежні і студзені ў газеце "Беларус", нумары 21, 23, 24 і 25).

У снежні 1919 г. БВК пакінула Вільню і прыбыла ў Менск, дзе заняла даволі вялікі менскі гатэль "Гарні". На першым паседжанні камісіі быў абраны ейны прэзідыум, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандр Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. I сапраўды, досыць было глянуць на яго, і кожны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек. Аднак, дармо што ўсе слушныя адмовы, Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію, і ён застаўся заступнікам старшыні Прэзідыуму БВК.

Паўла Аляксюк быў незвычайна энергічны чалавек, вельмі добры прамовец. Неўзабаве межы БВК сталіся яму зацесныя. Каб мець магчымасць шырэйшае дзейнасці, ён пачаў штораз часцей выязджаць у Варшаву, дзе, як казалі тады ў Менску, рабіў "высокую" палітыку, Паказаўшыся час-часом у камісіі, ён зноў на даўжэйшы час недзе знікаў. Ясна, што ўвесь цяжар працы ў БВК зваліўся на плечы хворага Прушынскага, а праца гэтая была вельмі цяжкая і нервовая. Бо, не зважаючы на дэкрэт найвышэйшага аўтарытэту, - галавы Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючага польскай арміяй, Язэпа Пілсудскага, справа арганізацыі беларускага войска ад пачатку сутыкнулася з немагчымымі да абладжання перашкодамі.

Перашкоды гэтыя вынікалі найперш і з палажэння, што існавала тады на Беларусі. Зламаўшы супраціў бальшавіцкае арміі, польскае войска рынула за ворагам на ўсход , не даючы яму магчымасці арганізаваць дзе-колечы абарону. На прасторах Беларусі, займаных польскай арміяй, зараз жа арганізоўвалася адмініетрацыйная ўлада, вядома, вылучна з паланізаваных паноў, панкоў ды паўпанкаў.

Неўзабаве ўсе адміністрацыйныя становілічы, а гэтаксама пасады ў паліцыі, былі занятыя гэтымі людзьмі. 3 вельмі малымі выняткамі, усе яны былі эндэцкае арыентацыі, а значыцца - зацятымі польскімі нацыяналістамі, ворагамі ўсяго беларускага, бо ж вядома, што няма горшага беларусаеда, як спаланізаваны беларус. Як і трэба было спадзявацца, гэтая зграя цалкам сабатавала дэкрэт Пілсудскага. Высыланыя БВК на правінцыю вербунковыя агенцты звычайна арыштоўваліся і траплялі ў турмы. Ахвотнікаў ісці ў беларускае войска не дапушчалі ў Менск і страшылі рознымі карамi. Можна сабе ўявіць, як перажываў усе гэтыя несправядлівасці і перашкоды фактычны старшыня БВК Аляксандр Прушынскі, знясілены цяжкой хваробай, а таму асабліва чулы на кожную прыкрасць ці няўдачу.

Тым часам дні ішлі, набліжаўся ліпень 1920 г. БВК удалося з вялікімі цяжкасцямі арганізаваць толькі адзін беларускі батальён. Сярод сяброў камісіі пачало расці і мацнець вялікае незадавальненне. Нарэшце недзе ў канцы чэрвеня 1920 г. у Менск прыехаў Паўла Аляксюк. Адбылося вельмі бурнае пленарнае паседжанне БВК, і Алексюку быў адназгодна выказаны недавер. Аляксюк падаўся ў дымісію. Toe самае зрабіў і палкоўнік Канапацкі. Беларуская Вайсковая Камісія апынулася ў крытычным палажэнні. Даць рады крызісу было вельмі цяжка, бо Аляксюк быў вызначаны на старшыню БВК дэкрэтам польскага галоўнакамандуючага. Справу трэба было ўзгадняць з польскім камандаваннем. Аднак усе перашкоды ўдалося абладзіць. Новым старшынёй БВК згадзіўся быць адзін з былых рэдактараў першае беларускае газеты ў Вільні ў 1904 годзе, "Нашай долі", Францішак Умястоўскі, запрошаны на гэтае становішча ўжо самой БВК. Прыняўшы становішча, Умястоўскі адылі ў Менск не прыбыў. Давялося Аляксандру Прушынскаму і надалей узначальваць БВК.

За часам польскае акупацыі, дармо што вайна і няпэўнасць заўтрашняга дня, у Менску шырока разгарнулася беларускае культурнае жыццё. Тут стала жылі гэткія выдатныя беларускія пісьменнікі, як Янка Купала і Змітрок Бядуля, даездам з Вільні падоўгу запыняўся драматург Францішак Аляхновіч, які сам рэжысыраваў свае рэчы дзеля паказу на менскай сцэне, часта выступаў вядомы хор Тэраўскага, стала выходзіла беларуская газета "Беларусь" пад рэдакцыяй выдатнага журналіста і пісьменніка Язэпа Лёсіка, якога лучыла з Гаруном асаблівая прыязнь, паўсталая яшчэ за часамі супольна адбыванае імі ў Сібіры ссылкі. У гэтым шырокім культурным жыцці Алесь Гарун браў заўсёды дзейны ўдзел, тым болей што быў ён у гэтым часе і старшынёю Беларускага нацыянальнага камітэта, які займаўся арганізацыяй і кіраваннем усяго беларускага жыцця ў Менску. Не было дня, каб у ягоным кабінеце ў БВК, пасля гадзінаў прыкрага і цяжкога ўрадавання, не збіраліся на нарады, што цягнуліся да позняе ночы, беларускія культурныя працаўнікі дзеля абмеркавання пільных справаў з галіны выдавецкай, школьнай ды інш. Гэтак, паважна хворы на сухоты, Алесь Гарун, стаміўшыся за дзень да апошняга, мусіў, пасля кароткага адпачынку, пачынаць назаўтра гэткі ж працоўны дзень, тыдзень па тыдні і месяц па месяцы. Нічога дзіўнага, што якраз да яго так хутка прычапілася яшчэ адна хвароба, стаўшыся беспасярэдняю прычынаю ягонае перадчаснае смерці.

5 ліпеня 1920 г. бальшавікі пачалі на шырокім фронце наступ на польскую армію. Палякам давялося адступаць. У Менску была абвешчаная эвакуацыя. Сябры Беларускае Вайсковае Камісіі зышліся, апошнія ў Менску раз, на паседжанне. Яны перагледзелі і адабралі найважнейшыя і найпатрэбнейшыя дакументы, бо забраць усяго не было магчымасці, падзялілі іх міжсобку, пехатою пайшлі на чыгуначную станцыю і селі ў апошні эшалон, што пакідаў Менск.

Ніхто з нас не ўяўляў сабе, якую жахлівую паразу дастала на Бярэзіне польская армія. Мы былі перакананыя, што бальшавікі будуць неўзабаве затрыманыя, праўдападобна на Нёмне, і наважылі далека не падавацца, а затрымацца дзе-колечы ў заходняй частцы Беларусі. Найдагаднейшым месцам супынку здаўся нам Ваўкавыск.

Лета 1920 г. было на Беларусі незвычайна гарачае. Рана і вельмі багата ўрадзіла гародніна. Беларускія сады аж хінуліся долу ад цяжкіх пладоў. Асабліва надзілі стомленых жаўнераў польскае арміі, што адыходзіла на захад, спелыя буйныя вішні. Яны рвалі іх, елі і запівалі вадой з прыдарожных студняў ды ручаёў. Неўзабаве скрозь выбухла эпідэмія крываўкі (дызентэрыі).

Мы прыехалі ў Ваўкавыск каля паўдня наступнага дня ды пайшлі ў горад уладжвацца. Зайшліся на рынак. Сяляне прывезлі сюды на продаж поўныя вазы вішняў. Вішні былі буйныя і сакавітыя. Мы ўсе ў ахвоту імі ласаваліся. Пад'еў усмак вішняў і Аляксандр Прушынскі. На другі дзень нашага пабыту ў Ваўкавыску сябры БВК зышліся ў зале мясцовае гасцініцы, каб абмеркаваць становішча, у якім мы апынуліся, ды пастанавіць, што рабіць далей. Алесь Гарун на нараду не прыйшоў. Не памятаю ўжо, хто з сяброў сказаў, што "Прушынскі не прыйдзе, бо ляжыць хворы ў сябе на гасподзе". Я і Антон Аўсянік зараз жа пайшлі да яго, каб даведацца, што з ім.. Гаспода Алеся Гаруна была на адной з ціхіх бочных вулічак Ваўкавыска і выглядала як звычайная сялянская хата. Калі мы ўвайшлі ў гэтую хату, дык адразу ж пабачылі на дзервяным сялянскім ложку, засланым саматканаю коўдраю, Аляксандра Прушынскага - Алеся Гаруна. Ён слабым голасам расказаў нам, што ўчора, пад'еўшы вішняў, пачуў вялікую смагу і напіўся, раз і другі, сцюдзёнай вады. Пад вечар яму зрабілася дрэнна, забалеў жывот. Мучыўся ён ім усю ноч і цяпер адчувае незвычайную слабасць. Пачуўшы гэта, Аўсянік пабег шукаць доктара, а за гадзіну прывёў лекара з вайсковае камендатуры. Агледзеўшы хворага, лекар сказаў, што Аляксандр Прушынскі захварэў на тыповую дызентэрыю, і дадаў: "Я вам дам паперу, адвязеце хворага на чыгуначную станцыю і чакайце. Неўзабаве праз станцыю будзе праходзіць санітарны цягнік, вось і здайце хворага дзяжурнаму лекару гэтага цягніка". Селянін, у хаце якога прыпыніўся Алесь Гарун, сведка ўсяе гэтае сцэны, згадзіўся адвезці хворага на станцыю сваім канем. Мы дапамаглі Прушынскаму апрануцца і, калі пад ганак пад'ехала каламажка, вывелі яго пад рукі і пасадзілі на воз, бо сам ён стаяць на нагах ужо не мог. Аўсянік сеў побач з хворым і трымаў яго, абняўшы рукою, усю дарогу, я ж з фурманам сеў у перадку. Прыехаўшы на станцыю, мы сапраўды вельмі мала чакалі санітарны цягнік. Ён прыйшоў за якія паўгадзіны. Я і Аўсянік увялі зусім саслабелага Гаруна у цягніку і перадалі санітару. Тут, у цягніку, мы - Антон Аўсянік і я, апошні раз паціснулі руку Алесю Гаруну, жадаючы яму барзджэй ачуняць.

Колькі год пасля - памёр і Антон Аўсянік. I сёння хіба жывы на свеце адзін я, што апошні з беларусаў бачыў жывога Алеся Гаруна. У 1922 г. у часопісе "Беларускі Сцяг", выдаваным у Коўне, з'явіліся ўспаміны аб Алесю Гаруну, падпісаныя крыптонімам А. А-к. Няма ніякага сумлеву, што аўтарам іх мог быць адно Антон Аўсянік, што разам са мною выпраўляў Алеся Гаруна ў апошняе ягонае падарожжа таго, гэтак памятнага і па сараку год, ліпеньскага дня на станцыі ў Ваўкавыску.

Падзеі тым часам не стаялі на месцы. Польская армія затрымалася адно пад самай Варшавай, дзе і разбіла нарэшце бальшавікоў. Прыйшло замірэнне. Польскае камандаванне вызначыла месцам дзеля рэарганізацыі і папаўнення БВК места Лодзь. Неяк увосень 1920 г. БВК атрымала ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя ў Кракаве, у якім паведамлялася, што Аляксандр Прушынскі, сябра БВК, памёр ад дызентэрыі, і падавалася дакладная дата смерці ды месца паховінаў.

Вестка аб смерці Алеся Гаруна вельмі цяжка нас уразіла. БВК пастанавіла дэлегаваць некага з беларусаў у Кракаў, каб дакладна даведацца аб абставінах Гаруновае смерці ды знайсці ягоную магілу, зазначыўшы яе так, каб заўсёды можна было яе адшукаць. Гэткім дэлегатам ахвоча згадзілася паехаць у Кракаў Паўліна Мядзёлка, тады жонка вядомага беларускага дзеяча Тамаша Грыба, які ў тым часе, як эмігрант, жыў у Лодзі. За тыдні два яна вярнулася з Кракава і расказала нам, што ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ёй далі ўсю патрэбную інфармацыю аб смерці Аляксандра Прушынскага ды паказалі ягоную магілу. Магіла гэтая знаходзіцца сярод магілаў польскіх жаўнераў, і на ёй стаіць просты дзервяны вайсковы крыжык з таблічкай, на якой напісаныя два словы: Аляксандр Прушынскі.

Гэткая доля нашых вялікіх людзёў, нашых вялікіх паэтаў і нацыянальных прарокаў. Косці Максіма Багдановіча тлеюць "над сіняй бухтай" у далёкім Крыме. Янка Купала знайшоў быў дамавіну ў Маскве. Алесь Гарун супачыў навечна ў чужым польскім Кракаве... Але прайдзе час, і ўсе яны знойдуць вечны супакой на роднай зямлі, у велічным пантэоне беларускіх нацыянальных герояў .

КВЕТКА ВІТАН
"Наша ніва" і Іван Луцкевіч

Колькі я памятаю, на з'яўленне ў продажы газеты "Наша ніва" віленчукі мала ўзялі ўвагі. Шмат з іх казалі з пагардай: "Ot chlopska gazeta". Але з часам яна, хоць і "хлопска", знайшла зацікаўленне сярод інтэлігенцыі, як польскай, так і расейскай. Некаторыя з палякоў глядзелі на гэта як на "хлопоманство" і выяўленне краёвага патрыятызму ды казалі, што прыпамінала гэта Яна Чачота з ягонай працай "Piosenki Wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny". Але бальшыня віленскіх палякоў-шавіністаў глядзела на з'яўленне беларускай прэсы варожа, бо гэта падрывала паланізацыю беларускага сялянства. А расейцы пабачылі ў беларускай прэсе праявы сепаратызму, што перашкаджала русіфікацыі гэтага краю.

Такія пагляды я чула сярод знаёмых, калі, пачынаючы ад 1907 года, прыязджала з Пецярбурга, з Вышэйшых жаночых курсаў, дахаты на святы і вакацыі. Мы часта спрачаліся на гэту тэму, бо, як студэнтка філалогіі, я трымалася таго пагляду, што народ выяўляе свае здольнасці і творыць найлепш у сваёй роднай мове. А што цяпер яшчэ мова гэтая мае адзнакі мовы "мужыцкай", дык гэта з'ява часовая, калі над мовай гэтай папрацаваць, яна станецца такой жа "панскай", я,к і іншыя мовы. Гэтым я злавала польскіх і расейскіх ша-віністаў, бо наагул не прызнавала неталеранцыі што да іншай веры ці нацыянальнасці. Гэтак я прызнавала беларускаму адраджэнскаму руху raisond'etre , але бліжэйшага сутыку з ягонымі прадстаўнікамі яшчэ не мела. Цётка, якую я знала з гімназіі, вярнулася ў Вільню, калі я была на курсах, дзеля гэтага мы і не спаткаліся. У часе вакацыяў я была занятая хатнімі справамі нашай вялікай сям'і, а у Пецярбурзе знала толькі сваю навуку.

Калі я на пачатку лета 1915 года (быў другі год вайны) пазнаёмілася з Іванам Луцкевічам, дык зацікавілася ім не толькі як чалавекам, але і ягонымі ідэаламі і працай, у якой я пасля ўзяла жывы ўдзел. "Наша ніва" тады яшчэ выходзіла, але я ў ейнай рэдакцыі не бывала, ды шмат каго з ейных колішніх працаўнікоў там не было ўжо, яны былі пакліканы ў армію або выехалі з Вільні дзеля ваенных падзеяў і пагрозы нямецкай акупацыі.

Актыўны ўдзел у працы "Беларускага камітэта дапамогі ўцярпелым" я пачала толькі пасля прыходу ў Вільню нямецкага войска і таму магла пазнаёміцца толькі з тымі супрацоўнікамі "Нашай нівы", што засталіся ў Вільні: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім ды зноў спаткалася з Цёткай. 3 Аляксандрам Уласавым, мастаком Язэпам Драздовічам і праф. Вацлавам Іваноўскім я пазнаёмілася ў 1919 г., калі яны вярнуліся ў Вільню.

Аб газеце "Наша ніва", ейнай ідэалогіі і фінансавых справах апавядаў мне Іван Луцкевіч. Утрыманне газеты ляжала вылучна на ягоных плячах. (Падаю тут тое, што апавядаў мне сам Іван Луцкевіч.) Па заканчэнні сваіх археалагічных студыяў у Вене Іван Луцкевіч варочаецца ў Пецярбург, дзе студыюе права. Але калі па рэвалюцыі 1905 года была скасаваная забарона беларускага друку ды паўсталі магчымасці пашырэння беларускае працы ў краі, Іван Луцкевіч, як і ягоны брат Антон, перапыняе сваю навуку і настала перабіраецца ў Вільню. (Антон Луцкевіч быў студэнтам універсітэта ў Дэрпце - цяпер Тарту ў Эстоніі, студыяваў прыродазнаўства.) Па смерці бацькі, калі браты Луцкевічы канчалі гімназію, на іхную долю прыпала невялікая спадчына па бацьку, што дала ім магчымасць вучыцца далей, але, яшчэ будучы студэнтамі, яны часта давалі грошы на беларускую справу. Калі ж яны перабраліся ў Вільню, дык арганізацыя беларускай працы, асабліва ж друку, неўзабаве праглынула рэшту іхнае спадчыны, і, каб не дапусціць да заняпаду гэтае працы, трэба было шукаць новых сродкаў. Параўнальна невялікая група беларусаў, што становіла фактычны актыў беларускага руху ў Вільні, была бедная і грошай на справу даць не магла. Апрача братоў Луцкевічаў, што былі фактычнымі рэдактарамі "Нашай нівы", да гэтае трупы належалі: Аляксандр Уласаў - афіцыйны рэдактар "Нашай нівы", Янка Купала, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, А. Чыж, Сяргей Палуян (памёр у 1910 г.), мастак Язэп Драздовіч ды яшчэ некалькі асобаў. Гэта былі маладыя ідэалісты, поўныя запалу і энергіі ў працы на адраджэнне Беларусі. Грошай яны не мелі. Мусілі не толькі дарма працаваць у газеце ці на іншых дзялянках беларускага руху, але і часам выціскаць з сваіх мізэрных заработкаў для гэтага руху. Адзін А. Уласаў быў замажнейшы, бо меў фальварак Мігаўку пад Радашковічамі, але з гэтага фальварка ён мусіў жыць сам, бо іншых прыбыткаў не меў. Аднак, працуючы ў газеце разам з братамі Луцкевічамі, ён памагаў аплачваць кватэру для ўсяго штаба "Нашай нівы". Мы бачылі, як грамадства Вільні, фактычна чужое, ставілася да "Нашай нівы", дык ясна, што хоць і заможнае, але падтрымаць гэтую газету яно не хацела. Выняткам быў Зыгмунт Нагродскі (собснік складу ралейных машынаў - сябра Францішка Багушэвіча), які часамі даваў хоць невялікае падтрыманне. Бальшыня ж віленчукоў глядзела на беларускі рух як на нешта варожае або недарэчнае. Гэтак нашаніўцы мусілі лічыць толькі на свае собскія сілы.

"Наша ніва" - асабліва спачатку - мела мала платных падпісчыкаў, на вёску высылалася пераважна дарма, а ў самой Вільні разыходзілася мала. З гледзішча гаспадарскага гэта было моцна дэфіцытнае прадпрыемства, і каб утрымаць яго, трэба было шукаць нейкіх пабочных крыніцаў. I вось гэтае задание ўзяў на сябе Іван Луцкевіч. Ён не мог пайсці на службу або заняцца нейкай сталай заработкавай працай, бо ўвесь час і энергію сваю мусіў аддаваць маладому беларускаму руху, будучы галоўным маторам і кіраўніком яго. Проста дзіву даешся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадскай працай, знаходзіў часу і спосабаў здабывання грошай на ўсю беларускую справу, ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў пра свае асабістыя патрэбы: што здабываў, тое ішло ў грамадскі кацёл. Ён бярэ прадстаўніцтва ад розных фірмаў, пасярэднічае ў трансакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод яўрэяў, у сваіх частых раз'ездах выконвае розныя гандлёвыя даручэнні, за што дастае пэўны працэнт. Але з усіх гэтых нясталых прыбыткаў ён не мог бы пакрываць выдаткаў на газету і іншыя грамадскія справы. Больш пэўны прыбытак прыносіў перапродаж антыкварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасветчыны і мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасвецкай разьбы, мастацкіх абразоў, свецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў ды іншых падобных рэчаў. Ён меў нейкі спецыяльны нюх ці здольнасці, каб вынаходзіць гэтыя рэчы там, дзе, здавалася б, зусім не месца ім. Ён знаходзіў іх на кірмашах, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупнікаў і рызнікаў або і ледзь што не на сметніках. Набываў ён іх пераважна як безвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку - пакідаў іх у сваіх музейных зборах, калі ж яны гэтай характарыстыкі не мелі - прадаваў за надежную ім цану і гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасці беларуская справа расла і дужэла, разам з тым раслі зборы беларускай старасветчыны, з якіх пасля склаўся музей - адзін з найбагацейшых у Вільні,- музей пад ягоным імем. Больш вартасныя рэчы не беларускага значэння ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або і за межамі - у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з большымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькі сот рублёў (раз нават за абраз якогась старога французскага маляра дастаў больш як тысячу рублёў). Такія большыя трансакцыі былі для яго святамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газету - за паперу і друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пенсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музея і, канечна, патрэбныя рэчы для сябе. Калі боты былі ўжо да немагчымасці дзіравыя або вопратка занадта зношаная, дык купляў сабе ці брату Антону. Але неўзабаве зноў браў напавер паперу і рабіў іншыя даўгі, пакуль зноў здабываў грошы перапродажам. Гэтак Іван Луцкевіч, жывучы вельмі сціпла з сваім братам Антонам, фінансаваў газету "Наша ніва" ды бадай усю беларускую працу ў Вільні ў часе ад 1906 да 1919 г. (У гадах 1913-1915 Іван Луцкевіч выкладаў у прыватнай школе рысункаў Рыбакова мастацтвазнаўства, але зарабляў там вельмі мала). Ад іншых супрацоўнікаў "Нашай нівы" нелыа было вымагаць грашовага падтрымання на газету. Досыць таго было, што яны ў ей задарма працавалі ды так ці інакш самі сябе ўтрымвалі.

Апошнімі гадамі свайго існавання "Наша ніва" мела ўжо ладна платных падпісчыкаў. З году ў год матэрыяльны стан газеты папраўляўся. Тады пачалася і выдавецкая праца. Было заложана Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. Тады ж паўстала і Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў Вацлаў Ластоўскі як ейны собснік - аж да 1918 г. Ён і жыў пры кнігарні з жонкай і дзвюма дачкамі ды там жа складаў зборы старасветчыны (збіраць іх навучыўся ў Івана Луцкевіча).

У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца...". Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. З цягам часу гэтае выдавецтва пакрывала свае выдаткі, і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасля праф. Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. Зразумела, што і Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні трэба было спачатку паставіць на ногі і фінансаваць яго. I тут зноў без грашовай дапамогі Івана Луцкевіча не абышлося.

Калі ў 1914 годзе выбухла вайна і Вільня адчула блізіню фронту, магчымасці здабывання грошай Іванам Луцкевічам звузіліся. Сувязі з замежжам былі перапыненыя, пошукі антыкварных рэчаў на правінцыі спыніліся дзеля блізіні фронту. Трэба было абмежыцца да малых купоўляў і продажаў у самой Вільні. Асабліва цяжкі быў 1915 год, калі фронт падышоў пад самую Вільню. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, а сярод іх і супрацоўнікі "Нашай нівы". Шмат падпісчыкаў было адрэзана фронтам. Дзеля ўсяго гэтага давялося спыніць далейшае выдаванне "Нашай нівы".

Аб сваіх удалых антыкварных трансакцыях апавядаў мне Іван Луцкевіч у часе нямецкай акупацыі, калі наракаў, што мусіць абмежыцца дл дробных трансакцыяў. Нямецкія вайсковыя ахвоча куплялі антыкі, але Іван Луцкевіч мала што мог прадаць, калі беларускія экспанаты пакідаў для беларускага музея. Я і так дзіўлюся, як ён мог пакрываць хатнія выдаткі праз увесь час нямецкай акупацыі, утрымваючы сябе і брата ды яшчэ падтрымваючы матэрыяльна беларускую справу. Праўда, браты Луцкевічы жылі вельмі ж сціпла (пра гэта гл. Кветка Вітан: "Мае ўспаміны") .

МІКОЛА ШЫЛА
Мае сустрэчы

Было гэта ў 1909 годзе, у познюю восень.

Па адбыцці кары ў астрозе я спыніўся на жыццё ў Вільні, дзе, дзякуючы стараниям Яна Луцкевіча, дастаў працу ў вайсковааружнай майстэрні К. Янкоўскага. Пасля працоўнага дня, а 6-й гадзіне вечара, я амаль заўсёды накіроўваўся ў рэдакцыю "Нашай нівы". У той час рэдакцыя была для беларусаў свайго роду клубам, месцам сустрэчаў і знаёмстваў. Тут жа я пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам.

Яшчэ да знаёмства я зачароўваўся ягонымі вершамi, развучваў іх і часта з захапленнем дэкламаваў у прыватных дамах. Чытаючы Купалавы вершы ў астрозе, я ўяўляў яго зусім інакшым. Паводле ягоных тагачасных твораў, поўных запалу, змагання клічаў і лозунгаў, ён здаваўся мне ўвасабленнем рэвалюцыянера, трыбунам, поўным энергіі і сілы. На гэтую тэму ў менскай турме я часта гутарыў з Я. Коласам, А. Гаруном і А. Бурбісам, якія асабіста Я. Купалу ў той час таксама не ведалі, бо апошнія два трапілі ў астрог яшчэ раней за мяне. Але іхная думка больш-менш сходзілася з маёю.

Гадзіна сёмая вечара. Пры газавым асвятленні Ядвігін Ш. расказвае мне аб сваіх студэнцкіх гадах у Маскве. А расказваў ён па-мастацку. Я ўзесь - слух і ўвага. Адчыняюцца дзверы. У рэдакцыю не то ўваходзіць, не то ўсоўваецца малады, вышэй сярэдняга росту чалавек у паношаным паліто. Вітаецца. Ядвігін Ш. нас знаёміць. У мяне расчыняюцца вочы. "Дык вось ты які..." Як быццам нешта абарвалася ўва мне. Пачынаецца гутарка. Я пільна сачу за Я. Купалам. Нічога рэзкага ў ягоных манерах і жэстах, няўзрушана спакойна гаворыць, час ад часу прамільгне усмешка, заіскрацца вочы, і зноў спакой пануе на ягоным твары.

Загаварылі аб паэзіі, аб новых яе формах. Тут Я. Купала, як відаць, сеў на свайго коніка. Трэба было чуць, як ён з узбуджэннем, ажыўлена стаў на абарону праўдзівага мастацтва, выступаючы супраць спробаў розных наватараў у паэзіі.

- Я лічу сапраўднай паэзіяй толькі тую, якая здольна разварушыць заснуўшыя сілы ў народзе, якая здольна разбудзіць народ ад спячкі,- казаў ён.- Гэта не паэзія, якую сёння прачытаў, а заутра па ей ніякага следу ў душы, як і не было. Праўдзівая паэзія - гэта тая, якая пакідае след, нібы зазубрынкі ў душы чалавека, і цягне сэрца чалаведа да тых ідэалаў, да якіх кліча паэт.

На гэта Ядвігін Ш. заўважыў, што ў нас такіх няма, што мы, на жаль, не маем Байранаў, Гётэ, Пушкінаў... - Калі няма, дык будуць,- лаканічна адказаў Я. Купала.

Працаваў ён тады ганарова ў рэдакцыі, дзе правіў усе вершы, прысыланыя ў "Нашу ніву". Праца гэтая рабілася вечарамі. Іншы раз ён браў папку з сабою ці то дадому, ці на месца свае платнае працы ў бібліятэку В. Даніловіча "Знание", якая месцілася на Юр'еўскім праспекце, № А. Там, між іншага, часта адбываліся і нашыя беларускія рэпетыцыі.

З натуры маўклівы, задумлівы, неразгаворлівы, Я. Купала рэдка калі прымаў удзел у спрэчках. Затое сам заўсёды ўважна прыслухоўваўся, каб не прапусціць ніводнага слова. З кнігаю ён ніколі не разлучаўся. Ён не чытаў, а еў іх, як казаў В. Ластоўскі. I гэта была праўда. Кожны вечар ён расказваў нам змест якогась апавядання ці вершаў, каторыя за дзень прачытаў.

- Гэта мая школа,- гаварыў ён.

...Жыў Я. Купала на Зарэччы. Блізу кожную суботу мы з ім наведвалі польскі тэатр "Лютня". Тэатр ён любіў неяк асабліва, "па-купалаўску", як гаварыў А. Уласаў. Як толькі адчынялася заслона, ягоных вачэй ніякім чынам нельга было адарваць ад сцэны. Ён, здавалася, разам з акторамі перажываў самую п'есу. Аднойчы мы загадзя купілі білеты на "Дзяды" А. Міцкевіча. Трэба аддаць справядлівасць, што ігра актораў была цудоўная. Пакінула яна на нас вельмі вялікае уражанне. Ідучы дадому, Я. Купала казаў:

- Бачыш, геній выхапіў з нашага беларускага жыцця такі маленькі кавалачак і стварыў з яго цудоўны твор. Не, не! Трэба вучыцца, трэба працаваць, каб чужынцы не рабавалі нашых скарбаў, нашага жыцця; трэба паказаць ім, што і мы патрапім "людзьмі звацца".

Кожны добры спектакль, кожнае якое-кольвек выдатнае мастацкае з'явішча, каторае пакідала па сабе след у душы, выклікала ў ім падобныя гутаркі.

Трэба было бачыць, як ён правіў вершы нашых песняроў, якія прабавалі свае сілы на літаратурным полі.

- Во, паглядзі, колькі новых маладых талентаў паўстала з нашага народа за якіх-небудзь два-тры гады дзейнасці нашае газеты. А што было б, каб даць нам свабоду, даць школы нашыя, скінуць з нас ланцугі няволі,- часта гаварыў ён.

Першыя вершы Ц. Гартнага, З. Бядулі, А. Гурло, X. Чарнышэвіча, Старога Уласа і шмат, шмат іншых прайшлі праз здольныя рукі Я. Купалы. Не памятаю, хто гэта быў, але адзін з пачынаючых пазтаў прыслаў у рэдакцыю свой верш. Я. Купала прачытаў і, сказаўшы, што верш вельмі добры, сеў правіць. Верш быў надрукаваны. Праз некаторы час ізноў прыйшоў ліст з вершам. Аўтар пісаў, што ён нават і не думаў, што можа так прыгожа і гладка пісаць.

У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка ножі і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд - малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма - цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К. Каганец у мяне, на Набярэжнай, каля шпіталя Св. Якуба. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатр, і малярства (К. Каганец у поўным значэнні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыццё і ягоныя праблемы.

У гэтым часе адбываліся рэпетыцыі да рыхтаванае беларускае вечарынкі. У праграме - п'еса М. Крапіўніцкага "Па рэвізіі", хор пад дырыжыраваннем кампазітара Л. Рагоўскага і беларускія танцы пад кіраўніцтвам I. Буйніцкага. Хоць Я. Купала ўдзелу не прымаў, бо ўжо збіраўся ехаць у Піцер на курсы Чарняева, але без ягонай прысутнасці не адбылася ніводная рэпетыцыя ці спеўка.

- Эх, братка, як добра выходзіць! Шкада, што еду. Але, дасць Бог, пабачу і я. Дзядзька Карусь,- гаварыў ён К. Каганцу, - трэба пісаць свае арыгінальныя п'есы. Пазычаць добра, ды пазычанае заўсёды трэба аддаваць... Няхай лепш у нас пазычаюць.

Праз некалькі дзён пасля гэтага мы гуртам правялі яго на станцыю. Ехаў ён у Піцер, каб, як ён сам казаў, вучыцца, як найбольш прынесці карысці і славы нашаму народу .

А. УЛАСАЎ
Якуб Колас і "Наша ніва"

(Успаміны)

Мне ўжо 62 гады. Я належу да пакалення, якое адышло ў гісторыю. 90 працэнтаў маіх равеснікаў ужо скончылі зямную кар'еру. Я яшчэ на пару гадоў затрымаўся. Варта было б мне напісаць свой "кінематограф" на працягу якіх 35 гадоў для беларускай моладзі. Можа, і ўдасца гэта зрабіць перад смерцю. Малады пясняр Жылка (ён ужо на тым свеце!) мне купіў ; тоўсты сшытак на гэта.

Калі я быў студэнтам, то мне прарочылі кар'еру літаратара-гумарыста, а я якраз усё жыццё пісаў на праклятыя палітычныя і эканамічныя тэмы. I цяпер прасілі мяне напісаць пра Якуба Коласа. Я па старой паганай прывычцы (як жартавалі з ваеннага пісара, каторы ўмеў танцаваць толькі ад печкі!) мушу трохі па-глядзець на жыццё кругом. На свет гляджу з заходнебеларускіх земляў. Хацелася б мне пабываць яшчэ ў Менску. Калісь старая Беларуская рэвалюцыйная грамада ў пракламацыях нясмела пісала ў 1905-1906 г.: "Аўтаномія Беларусі з соймам у Вільні альбо ў Менску". Менск неспадзявана выскачыў першы на сталіцу. Вось я хацеў бы паглядзець на новае там жыццё і "напіцца вады са Свіслачы". Кідаць мае бедныя, заняпалыя, з сумным жыццём народа, заходнебеларускія землі я не хачу. У мяне астаўся сантымент да скрыўджаных... У нас тут у хаду песня:

Rolnik nasz poczciwy,

Jaki on jest kciwy:

Pije liter z da ла tiny,

A w butach ma dziury...

Мне трэба адысціся ад цяперашніх часоў і з 1936 года пераскочыць на трыццаць гадоў назад. Бачыце, ніяк не магу адразу перайсці на "зададзеную тэму".

Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундамента. Дума... Народныя выбарныя...

Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Вера горы перасоўвала! Менск 1905-1906 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашковічах, дзе я гаварыў страшэнныя штукі: "Цара не трэба" і т. п.,- я, як кажуць далікатныя местачковыя нашы яўрэі, "трошкі" ўцёк, уначы, зімой, абсаджаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: "Гэй, пралетарый усіх старой... саедзіняйся!" У Менску я з Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахераў, музыкантаў.... Стацкевіч (Аганёк) друкаваў пракламацыі; пускалі іх па вёсках і г. д.

Я не меў кватэры, быў падпольнік. Начаваў кожны дзень у другім месцы, а пару разоў і на скверы, "пільнуючы ўсходу сонца"... Здароўе было жалезнае, энергія маладая! З паўгода так рыскаў, як воўк, але Іван Луцкевіч цэлы год у Вільні так бадзяўся. Гэта я пішу для характарыстыкі дэкарацыі таго часу.

Раз на вуліцы спатыкаю Леаніда Канстанцінаўскага , прыяцеля майго і друга са школьнай лаўкі ў Лібаве. Леанід ажаніўся, быў багаты, наймаў вілу ў Менску. Я знайшоў у яго і стол, і дом. Яго жонка была тыпам тургенеўскіх кабет. Зараз, мае чытачы, дабярэмся і да Якуба Коласа. Гэта я малюю фон абраза.

Ехаў я - раней, чым тое дзеялася,- у трэцім клася. Раптам увальваецца лапцяватая грамада беларусаў з Нёмана. Загналі плыты ў Коўну, едуць назад па Немане, каб ізноў гнаць дрэва. Мяне тады распірала, як кажуць цяпер, ад агітацыі; разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка. Тады не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа! Плытнікі з в. Мікалаеўшчыны. Гэта веска дастаўляла не толькі "рачных ваўкоў", але і вучыцялёў народных, як м. Валожын - рабінаў. Мне гавораць: "А ў нас адзін настаўнік "смешна" чытае па-нашаму!"

Праз нейкі час быў у Менску з'езд вучыцялёў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з'ездзе я спытаўся: хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларз'скія вершы фабрьь куе? Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не саўсім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.

Я павёў гэтае жамчужнае зерне да Леаніда Канстанцінаўскага. Ветлівыя гаспадары, шыкарная вячэра. Мой вучыцель развярнуўся. "Но лишь божественный глагол до слуха чуткого коснется, душа поэта встрепенется, как пробудившийся орел!" Хлапец пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго.

Мы ўсе зрдзумелі, што перад намі - узыходзячая зорка беларускай паэзіі.

Я шмат разоў адведваў людзей у турмах. Ніколі не трэба пытацца: як маешся? а найлепш расказачь што-небудзь вясёлае, анекдоты. Іх любіў слухаць і Пікулік.

Калі К. Міцкевіч адседзеў турму, Іван Луцкевіч, каторы ведаў увесь край - у кожным закавулку ён меў знаёмых,- намовіў адну сімпатычную старую паню Т. Гардзялоўскую (кабету тыпу Э. Аржэшчыхі) зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба зрабілі вучыцелем яе. Ён быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы. Як гэта ўсё было там, я не памятаю.

+++

Браце Якубе! Можа, прачытаўшы гэта, ты ўспомніш нашу залатую моладасць і моладасць беларускага адраджэння і наш стары "губернский город" Менск. Можа, пішучы аб Табе, я, адышоўшы ад актыўнай работы, стары, ужо не умею трымаць нос па ветру і не ўсім дагаджу: не прывык я гэтага рабіць. Чуў твой голас, Якубе, праз радыё, чуў і гарачае прывітанне менскай публікі. Прайшоў Ты праз жыццё, зрываючы, як і мае пакаленне, мала кветак і многа церняў і турмы. Для мяне ўсё ж гэта гонар, што я першы Цябе расшукаў - не праз звесткі ў газетах, а праз) лапцяватых мужыкоў! Я - твой хросны бацька. Нагародай мне было б, каб што-небудзь зрабіць для "Каласкоў" Беларусі, дзе я дажываю свой век! З маёй, цяпер нябожчыцы, радашкоўскай гімназіі выйшаў малады паэт Танк, і многа іх яшчэ выявілася б пры добрых варунках асветы....

+++

Помню, як я ў Менску хадзіў у турму да Коласа. За гэты самы вучыцельскі з'езд ён дастаў тры гады. Помню, недзе пад Брэсцкім вакзалам, у завулку, драўляную турму, тыпу павятовай турмы, досыць патрыярхальную. "Старшой" Пікулік, чалавек дабрадушны, убачыўшы мяне з дарамі прыроды, гаварыў: "Пазавіце Кінстанціна!" З нутра турмы выходзіць неяк баязліва наш паэт. Сядаем на лавачцы каля варат, "па-сямейнаму" неяк сядзяць Пікулік і стражнік...

+++

Цяпер пяройдзем да "Нашай нівы". Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазней з'явіліся памочнікі. Прыходзілі да нас як у Запарожскую сеч. Помню, зайшоў да нас хлапец, з выгляду падобны да клерыка, каторы адразу сеў пісаць сотні адрасоў. Піша дзень, другі, трэці... Прыклеіўся да работы. Пытаюся, у Івана, як яго прозвішча. Іван кажа: "А чорт яго ведае!- але малайчына". Аказалася, ніхто яго не ведае, а гэты малец прыклеіўся надоўга.

Так папаў да нас і "дзядзька Барадаты". Апрацоўваў матэрыял! Прыйшоў з сытым тварам, але, папрацаваўшы пару месяцаў, пабялеў, і нервы як скрыпка зрабіліся. Затое мысль, стыль зрабіўся лёгкі. Барадаты раніцай раз пісаў і кажа: "Я пасля абеду закончу, а цяпер бягу ў суд, як сведка". Няма яго ні на абед (тры абеды мы дзялілі на пяць чалавек), ні ўвечары. Іван паляцеў разнюхваць, дзе ён дзеўся. Барадатаму, што называецца, "пашанцавала": тры сведкі зрабілі яго вінаватым, дастаў дзесяць гадоў ссылкі ў Сібір за с.-р. партыю... Праз месяц Барадатага ў кайданах павялі з партыяй на вакзал. Потым мы яму паслалі ў вокладцы кнігі "акуляры", г. зн. фальшывы пашпарт, і ён у Сібіры ажаніўся ды абсеў.

+++

Прыбыў у рэдакцыю да нас урэшце і Якуб Колас. Далі яму адпаведную работу.

Прысылалі ў "Нашу ніву" многа вершаў, расказаў, карэспандэнцыяў. Колас меў многа працы. З благіх вершаў рабіў добрыя, і местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваім знаёмым, дзівіўся разам з імі: якія пекныя вершы!

Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю; чалавек ён быў жыццярадасны, у жьщцё нашае "багемы" ўносіў у вольныя хвіліны многа вяселля.

Помню, раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троцкай у Вільні. Колас а гадзіне 3-й уночы кажа: "Вот бы выпіў гарэлкі!"- "На грошы і купі!" Колас за паўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: "Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане!" Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: "Калі ласка, дзе тут можна дастаць гарэлкі?" - "Ды вось, у стоража пад № 58"...

+++

Маладыя мае чытачы! Вашае жыццё ўсё ўперадзе. Вашая вера ў шчаслівую будучыню, яна недзе за ружовымі хмаркамі-летуценнямі,- там адкрываюцца новыя і новыя далі. Я ўжо прайшоў праз уса далі: жыццё іх мне адкрывала год за годам. Нашае пакаленне несла свае ідэалы вызвалення народаў пакрыўджаных, занядбаных, - пашанавання ўсіх цяжка працуючых, на карысць не сваю, а чужую. Мае равеснікі і аднадумцы клалі свае маладыя гады, сваё асабістае шчасце, свае здароўе, сваё жыццё. Многа іх звалілася ў баразну, аддаўшы ўсе сілы да канца.

Дзе мае таварышы старыя? Большасць спіць у зямлі сырой. Праз іх трупы ідуць новыя барцы, утрымліваючыя заваяваныя папярэднікамі пазіцыі, смела імкнучыся далей - уперад. I як нашае пакаленне старалася вызваляць і дух народа з рабскае залежнасці ад чужынцаў, так і вы, маладыя, мусіце гэта рабіць і стварыць новы перыяд, які б адыграў не меншую ролю ў беларускім рэнесансе, як перыяд "нашаніўскі" .

ІНА РЫТАР
На суд гісторыі

I прыйдзе новых пакаленняў

На наша месца грамада

Судзіці суд, ці мы сумленна

Жыццё прайшлі...

Я. Купала, "І прыйдзе..."

У кабінеце на сцяне, у светлай дубовай рамцы,- вялікі партрэт Янкі Купалы. Побач, у такіх жа рамках,- Ф. Скарына і Цётка. Пад партрэтамі - нізкія шырокія шафы, поўныя беларускіх кніжак. На нашых сценах - беларускія краявіды.

За вокнамі сад. Увечары, калі на нашай вуліцы паволі заціхае аўтамабільны pyx i далёкі гул з цэнтра горада прыглушае шум дрэваў,- у гэтым пакоі забываешся, што паміж табой і Бацькаўшчынай ляжыць акіян.

Над пісьмовым сталом - павялічаная фатаграфія літаратурнай арганізацыі "Полымя": Я. Колас, Ц. Гартны, Я. Купала, М. Чарот, А. Гурло, М. Грамыка, У. Галубок, М. Зарэцкі, А. Дудар і іншыя. Якія цяжкія дазнанні выпалі на долю гэтых паэтаў і пісьменнікаў! Бальшыня з іх памерла не сваёй смерцю.

У першым радзе, у цэнтры паміж іх,- Янка Купала. Наш нацыянальны геній, наша нацыянальная сведамасць, нашае нацыяиальнае сумленне. Я гляджу на яго, і наплыў хвалюючых успамінаў ахапляе мяне. Янка Купала ласкавы, жартаўлівы, яшчэ малады - такім я пабачыла яго першы раз у 1921 годзе... I апошняя сустрэча ў Маскве - спачатку непраніклівы, застыглы твар, стомленыя вочы... і раптоўная цеплыня ў іх, калі ён даведаўся аб маіх нягодах.

На Бацькаўшчыне пра смерць Я. Купалы пішуць наўздзіў лаканічна: "Трагічна памёр". Тут, на чужыне, кажуць: "Скончыў жыццё самагубствам" і разумеюць, што ён адышоў змораны, духова паранены, але не пераможны.

Мне прыгадваецца ранні цёплы вечар у садзе Грамыкаў, першае зжоўклае лісце на траве, Я. Купала, Я. Лёсік і М. Грамыка ля садовага стала. Прыгадваецца і гутарка паміж імі пра Міхася Гурына і нечаканы гарачы выбух Я. Купалы ў абароне гэтага чалавека.

М. Гурын, ці Маразоўскі, як яго ўсе зналі ў Менску, у 1924 годзе быў пасланы ў падполле ў Заходнюю Беларусь. Увесну 1928 года на апошняй балонцы газеты "Савецкая Беларусь" петытам было набрана колькі радкоў, што ў Вільні забіты "правакатар" М. Гурын. Зацемка ў той самай газеце, у якой ён да 1924 года працаваў адказным рэдактарам. У. Ігнатоўскі і М. Чарот, блізкія сябры М. Гурына, мелі ў тым часе клопаты, бо яны абодва паручыліся за яго, калі ён ішоў у Заходнюю Беларусь. "Правакатар ці справакаваны?" - задумваліся людзі. Пра ўсё гэта гутарылі тады ў садзе.

Я сядзела недалёка ад іх і чытала кніжку, але адразу кінула чытаць, як толькі ў гутарцы пачула імя М. Гурына. У нашай сям'і яго зналі ад маленства. Ён, як і мае бацькі, паходзіў з Ярэмічаў. У нас захавалася ягоная фатаграфія - студэнта псіханеўралагічнага інстытута з надпісам: "На добры ўспамін. Пецярбург. 1912 г.". Год, калі і Я. Купала жыў там. Моладзь, якая нелегальна, праз мяжу, прыходзіла ў Менск, каб вучыцца ў Беларускім універсітэце, шанавала М. Гурына: ён шмат ей дапамагаў.

Словы Я. Лёсіка ўзрушылі Я. Купалу. Ён аж узняўся са свайго месца.

- Не кажыце так, Язэп, не можна! - запярэчыў ён востра.

На момант запанавала ціша: была нязвыклай узрушанасць заўсёды зраўнаважанага Я. Купалы.

- Не трэба так казаць,- паўтарыў ён ужо звычайным нягучным голасам і сеў.- Mo Гурын не такі ўжо і вінаваты, і суд гісторыі яго апраўдае.

"Суд гісторыі яго апраўдае"- гэтыя словы і ўзрушанасць Я. Купалы засталіся дагэтуль у маёй памяці. У дзень, калі я пачула аб ягонай смерці, я адразу прыгадала іх. I мне думаецца, што адной з прычынаў ягонага самагубства было жаданне апраўдацца перад судом гісторыі.

Першы раз я пабачыла Я. Купалу і ягоную жонку ў 1921 годзе на каляднай ялінцы ў дзіцячым доме. Калі не памыляюся, гэты невялікі прытулак для дзяцей малодшага веку мясціўся на рагу Правіянцкай вуліцы.

Чатыры маладзенькія настаўніцы і госці, паміж якіх і я са сваёй старэйшай сястрой Лідай, зышліся ў невялікай зале. Святочна прыбраная, зала выглядала па-свойму ўтульна. Зіхацела вышараваная да белага нефарбаваная падлога, было цёпла, а ад свежае ялінкі пахла лесам. Каля сцяны, паміж двух вокнаў, красавалася ялінка, уся рознакаляровая ад папяровых цацак, зробленых самімі дзецьмі.

У зале стаяў вясёлы гоман. Уздоўж сценаў на лавах і крэслах ужо сядзелі госці і найменшыя гадунцы. Настаўніца, Ніна Шарамеццева, расстаўляла хор і іншых удзельнікаў паказу ля ялінкі. Усё было гатова. Чакалі толькі Я. Купалу. Ён прыйшоў разам са сваёй жонкай. Малыя пасаскоквалі з лаваў і цесным колам абступілі Купалаў. Відаць было, што дзеці не першы раз бачаць паэта і ягоную жонку і што Купалам прыемная блізіня дзяцей.

Я глядзела на Янку Купалу ўва ўсе вочы. Бачыла светлыя мяккія валасы, акуратна расчасаныя на радок, правільныя рысы твару і ласкавую усмешку вачэй. Я, памятаю, надумала: "Гэта ж Купала зусім яшчэ малады". Выглядала вельмі міла і ягоная жонка. Уся нейкая ясная, яна мела тады даўгія льняныя косы, прыгожа ўкладзеныя на галаве, вельмі белую скуру твару і сінія вясёлыя вочы. Любасць дзяцей да яе выяўлялася не меншаю, як да Я. Купалы. Адразу яны абое рабілі ўражанне людзей чулых, якім ад першага спаткання пачынаеш верыць.

Я. Купала заняў месца на лаве паміж дзецьмі, ягоныя рукі - на плячах двух малых, што селі, цесна прытуліўшыся да яго. Ён вясёла ўсміхаўся, уважліва сачыў паказ маладых актораў і шчодра, разам з усімі пляскаў ім.

Слухаючы, як дзеці спяваюць і дэкламуюць Купалавы вершы, я ўспомніла выступы беларускага клуба ў Адэсе: хор, "Паўлінку", чытанне вершаў. У іх бралі ўдзел мае сёстры і брат, а я з бацькамі прыходзіла глядзець. Мяне заўсёды дзівіла, што мая маці і шмат іншых людзей у зале, гледзячы вясёлую "Паўлінку" ці слухаючы хор, пачыналі плакаць. "Чаго ты плачаш?"- пыталася я ў маці, і яна адказвала: "Бо чую нашую мову са сцэны". Я не зусім разумела тады сваю маці.

Я блізу не памятала Беларусі. Але мая маці не любіла зыркае Адэсы і часта ўспамінала лагодную Бацькаўшчыну. Яна расказвала мне пра Нёман, пра лясы, пра сакавітую, ніколі не выгаралую зялёную траву, пра снег, што не сходзіць праз усю зіму. Я любіла слухаць маці, ды ўсё ж мне больш рэальным быў шумны паўдзённы горад, стэпавая роўнядзь навокала яго, Чорнае мора і на ўзбярэжжы высушаныя сонцам і ветрам голыя скалы. Беларусь, наш край, месца, куды мы ўсей сям'ёй збіраліся некалі вярнуцца, заставалася нерэальнай, як прыгожая казка.

У лістападзе 1921 года мяне з Адэсы, што памірала ад голаду, забрала да сябе ў Менск старэйшая сястра. Нарэшце я апынулася ў Беларусі... толькі без бацькоў. Менск здаўся мне сцюдзёным... Ці раз я паціху плакала, каб ніхто не бачыў, бо была ў асяроддзі людзей, дзе кожны цешыўся, што вярнуўся на Бацькаўшчыну. Адкрыта выявіць сваю тугу мне здавалася не годным добрага беларускага патрыёта.

Таго вечара Янка Купала сказаў мне:

- Першы раз апынуцца далека ад бацькоў заўсёды маркотна.

Я хацела запярэчыць, але ягоныя вочы гаядзелі на мяне ўважліва - добрыя інтэлігентныя вочы, якія, здавалася, чытаюць усе твае думкі і спачуваюць табе. Перад такімі вачыма немагчыма маніць.

- Маркотна,- прызналася я.

Пасля дзіцячых выступаў усіх запрасілі на вячэру ў сталовы пакой. Госці селі паміж гадунцоў за даўгімі нічым не засланымі сталамі. На вячэру падалі салодкі рыс з малаком і ледунцы. Я. Купала адмовіўся ад цукерак, а рыс еў і паважна запэўняў дзяцей, што рыс яму вельмі смачны, што так смачна згатаванага ён ніколі яшчэ не еў. Дзеці верылі яму і чуліся шчаслівымі гаспадарамі.

Калі я прыгадваю Я. Купалу з гадунцамі дзіцячага дома, мне прыходзіць на памяць і любасць да Я. Купалы маіх малых пляменніцаў. Як толькі бачылі Я. Купалу, яны беглі яму напярэймы так, як беглі да сваіх найблізкіх. Я. Купала быў частым госцем у сям'і Грамыкаў. Замілаванне да яго нарадзілася яшчэ той парой, калі дзеці былі зусім малыя і лезлі да яго на рукі. Ён вясёла ўмеў забаўляць іх. Шчуплую Расціслаўку ставіў на сваю нагу і, разгойдваючы то павольна, то шпарка, прыгаворваў: "Едзе, едзе пан, пан, пан на коніку сам, сам, сам; а за панам жыд, жыд, жыд на коніку дрыг, дрыг, дрыг..." Для тлусценькай Марынкі меў іншы жарт. Наставіўшы два пальцы, як казіныя рогі, палохаў: "Ідзе каза рагатая, бадае дзіця пузатае".

На веснавыя канікулы ў першым годзе майго настаўніцтва я ехала ў Менск вельмі ўзрадаваная: я везла Я. Купалу ліст ад маіх вучняў. Яны прасілі дазволу назваць сваю школу ягоным імем.

Канікулы прыпалі якраз на Вялікдзень, і калі мы са шваграм прыйшлі да Купалаў, заспелі ў іх гасцей. У пярэднім пакоі спаткаліся мы з групай маладых пісьменнікаў, якія адыходзілі ўжо. Было відаць, што яны выпілі. Наперадзе найвышэйшым і найвесялейшым - іх было чатырох - выглядаў М. Зарэцкі. Ён нахінуўся да мяне і сказаў паціху: "Шкада, я не дачакаўся вас". Твар і вочы ягоныя смяяліся. Я не была знаёмая з ім і разумела, што ён жартуе.

Я. Купала, які праводзіў гасцей, наглядаў усю гэтую сцэну моўчкі, усміхаючыся. Мы прывіталіся з ім.

- Як жа самастойна працуецца?- папытаўся ён у мяне.

- Не магу жаліцца,- сказала я,- маю добрых вучняў.

Ува ўтульным сталовым пакоі Купалаў, за вялікім, прыгожа засерваваным сталом, застаўленым пітвом і закускамі, разам з Купаліхай сядзелі праф. Грэдынгер з жонкаю. Купаліха была рухлівая і гаваркая, як заўсёды. I хаця таго дня, як мы даведаліся пасля, у іхнай хаце перабыло шмат людзей з велікоднымі наведзінамі, яна не выглядала зморанай. Твар у яе забтаўся ружовы, ясныя вочы вясёла іскрыліся.

Мы заседзеліся ў Купалаў позна. Не хацелася ісці дадому, бо сястра тае вясны павезла дзеці на паўдня адведаць дзеда і бабу ды засталася там да восені. Між іншага, пару месяцаў пасля паехалі ў Адэсу і Купалы з Лёсікамі.

Я перадала Я. Купалу ліст ад вучняў. ён адразу прачытаў яго.

Пярэвіцкая сямігодка, дзе я выкладала беларускую мову і літаратуру, была невялікая і досыць далека ад чыгункі. Настаўнікі ў бальшыні былі людзі сямейныя і старэйшыя за мяне. Напачатку я вельмі адчувала там нястачу сваіх блізкіх і сяброў. Але гэта трывала, пакуль я не пазнала маіх вучняў.

Перад тым я знала толькі гарадскую школу. Мяне ўразіла розніца паміж гарадской і вясковай школай. Як цікавіліся, як лавілі кожнае слова настаўніка вясковыя вучні, як хацелі аб усім даведацца, як яны верылі настаўніку!

Пазашкольнымі гадзінамі ў мяне і ў маіх вучняў было шмат вольнага часу. Вечарамі мы зыходзіліся ў школе, каб чытаць творы з беларускае літаратуры. Старэйшыя вучні збіралі фальклор і выдавалі школьны краяведны часопіс.

Калі я пра ўсё гэта расказвала Я. Купалу, дык бачыла ізноў перад сабою вялікі, слаба асветлены газніцаю школьны пакой. Бачыла юнацкія твары, узнятыя да мяне, і на тварах радаснае здзіўленне. Яны мелі здаровую, чыстую душу, мае малодшыя сябры.

Больш за ўсё яны любілі слухаць, калі я расказвала ім пра Менск, пра універсітэт, пра нашых паэтаў і пісьменнікаў. Я таксама расказвала ім і пра Акадэмічную канферэнцыю, на якую прыехалі і вядомыя навукоўцы нават з-за мяжы. Сведамасць, што нашай мовай цікавяцца і яе вывучаюць не толькі свае, але і замежныя вучоныя, захапляла іхнае ўяўленне, абуджала пачуццё нацыянальнае годнасці.

Я казала Я. Купалу праўду. I з собскае ініцыятывы вучні Пярэвіцкае школы, што перад тым насіла імя Луначарскага, зажадалі змяніць яго на імя Янкі Купалы.

Таго вечара Я. Купала не толькі даў згоду, a i падараваў вучням школы "Шляхам жыцця" са сваім надпісам.

Я прывезла і перадала кніжку школе. Вучням кніжка, надпісаная для іх "самім" Янкам Купалам, выдавалася проста цудам. Першага дня, шчасліва ўсхваляваныя, яны не маглі спакойна сядзець на лекцыях: круціліся, перагаварваліся, бясконца распытваліся пра Я. Купалу. Я не спыняла выяву іхнае радасці, бо разумела іх.

Падараваў Я. Купала кніжку мне таксама, але гэта сталася колькі месяцаў пасля, калі я вярнулася ў Менск і жыла ў Лёсікаў.

+++

Ад сярэдзіны 20-х гадоў і да самае высылкі Міхася Грамыкі з Менска ў 1931 годзе мы жылі на Шпітальнай вуліцы, адразу за гарадскім садам. У вельмі блізкім суседстве да нас былі Гарэцкія, Лёсікі, Я. Колас і д-р I. Серада. Лёсікі мелі прыгожы вялікі дом. Калі ў сям'і Грамыкаў падраслі малыя і пачало рабіцца десна, Лёсікі прапанавалі мне пакой. Я перайшла да іх, і ад таго часу мае жыццё праходзіла паміж двума дамамі - Грамыкаў і Лёсікаў.

Цётка Ванда, жонка Язэпа Лёсіка, ад першага дня, як толькі я ўсталявалася ў іх, празвала мяне "Казачонкам" і ўзяла пад сваю апеку, не менш, чымся мае дзве старэйшыя сястры.

Яна шмат апавядала мне пра свайго бацьку, нашага пісьменніка Ядвігіна Ш., і пра Янку Купалу. Гэта ейны бацька першы вычуў паэтычны талент нікому яшчэ тады не вядомага юнака - Янкі Луцэвіча.

Сама Ванда Лёсік была жанчына рэдкае дабрыні. Усё, што звязана з сардэчнасцю, з людскою цеплынёю, было ў яе. Сваёй вясёласцю, жвавасцю, пачуццём гумару, яна, як і Купалава жонка, адразу выклікала сімпатыю. Мо таму гэтыя дзве мілыя жанчыны вельмі сябравалі. Трое дзяцей Лёсікаў - Юрка, Люцыя і Алеська - хадзілі ў дзіцячы садок, якім кіравала Купаліха- цётка Уладзя.

Неяк апавядаючы мне, які прыгожы юнак быў Я. Купала і як заглядаліся на яго дзяўчаты з-пад Радашковічаў, Лёсічыха сказала:

- Не маніце, Казачонак, я добра ведаю ўсе вашыя заляцанкі, - не згаджалася цётка Ванда.

Часта яна жартавала:

- Вы ж да мяне штодня на споведзь прыходзіце.

Гэта была праўда. У мяне ад яе бадай не было сакрэтаў.

Аднаго разу яна сказала:

- Вы ўсё хваліцеся, што маеце надзвычайных сяброў. Пакажыце іх нам з Уладкай (так яна звала Купаліху). Мы пабачым, паслухаем іх і выкажам вам свой
погляд - ці сапраўды яны такія ўжо выдатныя.

Так паўстала ідэя супольнае вечарыны маладых са старэйшымі, вечарыны, што неспадзявана для ўсіх ейных удзельнікаў дала зачэпку для абсурдных абвінавачанняў у часе арыштаў у 1930 годзе.

- Зробім вашы госці,- казала далей Лёсічыха.- Вы накажыце сястры з мужам і маладым, а я заутра ж, як павяду сваіх студэнтаў у акадэмію да Купаліхі,
перакажу ей і Янку вашыя запросіны.

Яна падумала крыху і дадала:

Я бачыла, што Лёсічыха ведае штось пра Ганку, чаго не хоча мне гаварыць.

У мяне было шмат сяброў, але я запрасіла найбольш цікавых з іх, як мне тады здавалася. Аднаго - Янку Юрашкевіча, літаратара, другога - Міколу Улашчыка - гісторыка. Абодва яны скончылі наш універсітэт, абодва цікавіліся старадаўняй парой гісторыі Беларусі крыніцаў. Трэцяга - лекара Язэпа Бараноўскага, ці Юзіка, як мы ўсе яго звалі. Ён быў не толькі добры лекар, але і вельмі вясёлы ў гутарцы, спрытны на жарты. Юзік падабаўся кожнаму, хто яго знаў, і на універсітэце каля яго заўсёды ракатала мора смеху.

Усё да прыйма дарыхтавала сама Лёсічыха. Зарадная гаспадыня, у сваім доме ўмела яна стварыць атмасферу ўтульнасці і камфорту. Кожнаму ў іх чулася прыемна.

Вечарына ўдалася. Мне цяжка прыгадаць цяпер, аб чым якраз гаварылі мы таго вечару. Памятаю адно, што ніякіх незвычайных ці палітычных гутарак не было.

Гасцінны Язэп Лёсік, родны дзядзька Якуба Коласа, як і пляменнік, меў прыемныя рысы тыповага беларускага жартаўніка. Валодалі гэтым мастацтвам у вялікай меры М. Грамыка, Лёсічыха і Купаліха. А Юзік прыклаў тады ўсе свае маладыя сілы, усю энергію, каб не паддацца старэйшым. Таму і было шмат смеху.

Я. Купала сядзеў у цэнтры стала, папіваў свой "Барзак" (на стале да закусак не было гарэлкі, а толькі віны), гаварыў няшмат, І разам з тым здавалася, што ён бярэ ўдзел у гутарках не менш за іншых.Ён выглядаў у добрым настроі.

Таго вечару я пазнаёмілася з Ганкай Ластоўскай. Яна, беленькая, худзенькая, у чорнай сукенцы, выдавалася мне прыемнай, хоць паводле ейнага твару цяжка было пазнаць, аб чым яна думае, ці сапраўды ёй весела, калі яна разам з усімі смяецца.

Па вячэры ўсе перайшлі ў гасцінны пакой. Я села каля старэйшай Ластоўскай на канапе. Быццам жадаючы апраўдаць сваю падчарку, яна сказала мне:

Ластоўская ўздыхнула:

- Яна рана выйшла замуж... вельмі рана. Мы з Вацлавам былі супраць гэтага...

Я чулася вельмі шчаслівай, што такія вялікія людзі, як Янка Купала, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, былі маімі гасцямі. Таго вечара Я. Купала падараваў мне "Жалейку". На тытульнай балонцы ён надпісаў: "Miлай дзяўчыне, Іне Рытар, на ўваходзіны. Шчыра адданы Янка Купала. 20.1.1930 г."

Цяжка даць веры, каб такая звычайная вечарына пасля, у абвінавачаннях "нацдэмаў", магла быць кваліфікаваная як "канспірацыйны сход" у доме Лёсікаў.

На шчасце, таго вечара мы яшчэ не ведалі, якая драма завязваецца вакол нас. Не ведалі, што блізу кожнаму рыхтавалася ў гэтай драме трагічная роля. Праўда, ужо былі трывожныя падзеі, але праз усе гады жыццё ў Савецкай Беларусі не было ні звычайным, ні лёгкім... а жывым людзям неўласціва заўсёды канцэнтраваць свае думкі толькі на тым, што турбуе, засмучае.

Пакуты нашага народа - "раскулачванні" сялянаў, арышты і вывазы на Сібір - сталіся першым актам гэтае драмы, у якой адразу змушаны былі ўзяць удзел Купала і Лёсікі.

"Раскулачылі" Лявіцкіх. Забралі іхны невялікі фальварак пад Радашковічамі. Братоў Ванды Лёсік - 22-гадовага Вацака і 18-гадовага Казіка - прымусова вывезлі пад Котлас. Там яны жылі ў зямлянках, секлі ад рана да начы лес, галадавалі, хварэлі на цынгу. У лістах прасілі сястру прыслаць сухароў. Язэпу Лёсіку пашанцавала выратаваць цешчу, Люцыю Лявіцкую, жонку Ядвігіна Ш. Яна, як стаіць, апынулася ў доме дачкі, бо ўлады, вывозячы на Поўнач, не дазвалялі людзям браць з сабою рэчы.

"Раскулачылі" і Купалавых сёстраў з маткаю. Колькі Янка Купала ні бегаў па ўстановах - нічога не памагала. Урэшце, калі ён дастаў дазвол ім застацца ў Беларусі, іх ужо везлі ў кірунку Котласа. Купаліха разам з Лёсічыхай дагналі іх у Барысаве, выцяглі з таварнага цягніка і прывезлі ў Менск.

У чэрвені 1930 года сядзелі арыштаваныя Юзік, Янка і Мікола, а ўжо да сярэдзіны ліпеня за кратамі былі Я. Лёсік, М. Грамыка, В. Ластоўскі і шмат іншых. Я. Купала заставаўся на волі. Ён не забываўся на сем'і арыштаваных сяброў. Разам з жонкаю прыходзіў ён адведаць асірацелыя разгубленыя сем'і.

Абвінавачванні і пагрозы не спыняліся. Такія словы, як "ворагі СССР", "працэс над нацдэмамі", "суровая кара", "расстрэл", не зыходзілі з балонак афіцыйнага савецкага друку. Надышоў канец лістапада, і нашая драма падыходзіла да свае кульмінацыі: Я. Купала зрабіў спробу самагубства. У лютым застрэліўся У. Ігнатоўскі.

Уся тая пара засталася ў маёй памяці шэрай, панурай. Да ўсіх бедаў у нас яшчэ не ставала дроў, каб добра апаліць хату, і мы ўсю зіму хадзілі па пакоях у польтах. Не ставала і ежы: таго, што выдавалася на карткі на тыдзень, ледзь выстачала на пару дзён, і мы былі галодныя.

Неяк у снежні месяцы я спаткалася з Купаліхай на Савецкай вуліцы, каля педагагічнага тэхнікума. Вечарэла. Крыху мяло. Я папыталася:

Блізка не было відаць нікога.

- Падобна, яны сочаць нашую хату. Калі Янку выклікалі ў ГПУ, заўсёды ведалі, хто ў нас бывае,- тлумачыла яна нервова.

Аднаго дня ў канцы красавіка 1931 года зноў у доме мае сястры, куды я вярнулася жыць, каб даглядаць малых, калі сястра хадзіла на працу, мы сядзелі за сталом і частавалі Купаліху. На стале да гарбаігы не было ні цукру, ні хлеба, а толькі талерка сухіх тараноў, ачышчаных ад касцей і скуры. Гэта было ўсё, чым тады мы маглі пачаставаць. Кожны з нас браў кавалак сухое салонае рыбы, доўга жаваў яе. Ад солі смягла ў роце, і незасалоджаная гарбата прыемна асвяжала.

За месяцы, што мы не бачыліся з Купаліхай, усе шмат адпакутвалі, але цяпер, увесну, ведалі, што працэсу і расстрэлаў нашым не будзе. Ведалі, што бальшыня арыштаваных высылаецца за межы Беларусі. Паміж іх і мой швагра. Сястра з дзецьмі збіралася ехаць за ім.

Купаліха ўсё яшчэ была вельмі сумная, і слёзы часта набягалі на ейныя вочы, калі яна расказвала нам пра свае пакуты.

Бадай усе найбліжэйшыя Купалавы сябры былі арыштаваныя; і Купалы, прызвычаеныя, што ў іхным доме не мінала, каб хтось да іх не завітаў, апынуліся на адзіноце. Ды ненадоўга: іх пачалі блізу штовечар наведваць агенты ГПУ, Яны чулі, як стукала брама ад вуліцы, чулі цяжкія крокі на сваім двары і праз акно бачылі дзве цёмныя постаці ў вайсковым... Тыя забіралі Янку Купалу з сабою, а яна заставалася дома, чакала і не ведала, ці ён вернецца.

ён вяртаўся. Праўда, іншым разам над раннем. Ад зморы не мог гаварыць, а толькі курыў, І яна бачыла, як дрыжэлі ягоныя рукі, калі ён запальваў цыгарэту. Часамі, вярнуўшыся, ён адразу ішоў у свой пакой і валіўся на канапу. Гадзінамі ляжаў моўчкі. Яна адчувала, што нешта страшное можа здарыцца з ім, і не спала сама, прыслухоўваючыся да кожнага шолаху ў ягоным пакоі.

Аднойчы ей здалося, што з пакоя мужа чуваць стогны. З часіну яна ляжала знямелая, не даючы сабе веры, прыпушчаючы, што гэта толькі ўяўленне ейных напятых нерваў. Але стогн паўтарыўся - ціхі, здушаны. Яна кінулася ў ягоны пакой, спатыкаючыся, мала не падаючы, клічучы яго.

Тае начы Я. Купала зрабіў харакіры, зрабіў першую распачлівую спробу вырвацца з маскоўскай няволі.

Я. Купала быў яшчэ слабы і не ўставаў з ложка, калі да яго ў адведзіны прыехаў У. Ігнатоўскі. Сам У. Ігнатоўскі чуўся і выглядаў вельмі блага, бо яго таксама штовечара цягала на допыты ГПУ. Яго, як і Я. Купалу, змушалі "прызнацца", што ён узначальваў "контррэвалюцыйную арганізацыю беларускіх нацдэмаў". Hi Я- Купала, ні У. Ігнатоўскі на гэтую правакацыю не згаджаліся.

- Табе трэба жыць, Янка... трэба жыць,- пераконваў сябра У. Ігнатоўскі.- Ты ў нас адзін...

Ён пераконваў, суцяшаў вялікага паэта, што прыйдзе лепшы час... але сам неўзабаве застрэліўся.

Янку Купалу адратавалі, вылечылі. У снежні 1930 года ён падпісаўся пад лістом, у якім ад ягонага імя ганьбавалася ўсё тое, у што ён верыў.

- Ён не можа сабе дараваць, што тае начы не вытрываў болю і застагнаў,- сказала нам Купаліха і заплакала.

Ад тае пары пачынаецца трагічны ранфлікт паэта з собскім сэрцам, што і прывёў яго да новае спробы самагубства, да смерці.

+++

Апошні раз бачыла я Я. Купалу ў Маскве ў часе Дэкады беларускага мастацтва ў 1940 годзе.

Пайшлі мы - я і мая сястра Валянціна - у тэатр на дзённы паказ. Ішлі "Партызаны" К. Крапівы. У антракце ў фае спаткалі Я. Купалу. На ім быў прыгожы шэры гарнітур і ордэн Леніна на грудзях. Мы прывіталіся і разам з ім, каб не стаяць на праходзе, адышліся крыху ўбок, да калоны.

Я не бачыла яго блізу дзесяць год, але мне здалося, што ён мала змяніўся.

Ён нічога на гэта не адказаў, і твар ягоны не зварухнуўся.

У роўным і ціхім голасе Я. Купалы, у ягоных вачах я адчула спагаду.

Гэта казаў Змітрок Бядуля і працягваў свае дзве рукі, каб прывітацца. Усхваляваная гутаркай з Я. Купалам, я не бачыла, як ён падышоў і стаў каля нас. З. Бядуля весела жартаваў, і мне было лягчэй перамагчы свае слёзы. Я нават рассмяялася, успомніўшы адзін эпізод з нашага з ім знаёмства.

У 1923 годзе 3. Бядуля часта заходзіўся ў дзіцячы дом імя А. Чарвякова, дзе Валянціна была за настаўніцу. Пры доме была свая школа і колькі маладых настаўнікаў. З. Бядуля любіў чытаць ім свае новыя творы. Чытаў ён неяк дзіўна: хутка, манатонна, быццам у ягоных творах не было ніякіх знакаў прыпынку. Аднойчы, слухаючы яго, я не вы.трывала і пырснула ад смеху. З. Бядуля пакінуў чытаць. Сястра і іншыя настаўніцы глядзелі на мяне з дакорам. "Выбачайце, калі ласка",- прамармытала я. "Нічога",- сказаў З. Бядуля, але голас ягоны быў больш ветлівы, чымся вочы. Я вучылася тады ў педагагічным тэхнікуме і жыла пры Валянціне, у дзіцячым доме. Аўтарытэту сястры не заўсёды прызнавала, і З. Бядуля гэта ведаў. Ці раз ён спачуваў ёй: "Я дужа добра разумею вас са свае практыкі... У мяне ж тое самае дабро ёсць". Пры ім жыў ягоны малодшы брат. Тым разам, калі З. Бядуля ўзлаваўся на мяне, адыходзячы, ён сказаў сястры: "Слухайце, давайце пажэнім нашых двух дурняў".

"Самі сябе выслалі". Гэты сказ часта ўжываўся тою парою і не патрабаваў тлумачэння. Кожны ведаў, што людзей, якія адбылі высылку, маглі арыштаваць ізноў. Некаторыя, больш прадбачлівыя, а спаміж іх і М. Грамыка, выбіралі самі тое месца, адкуль ужо не было куды далей высылаць. Перавага бьма тая, што той уважаўся за "вольнага" і карыстаўся правамі "вольнанаёмнага".

Паўз нас прайшоў Якуб Колас. Ён прывітаўся, але не запыніўся.

Пачаліся светлавыя сігналы. Антракт канчаўся. Трэ было развітвацца.

- Перадайце,- папрасіла я Я. Купалу,- прывітанні цётцы Уладзі, Дняпру і Менску...

Гэта быў чэрвень 1940 года. Не думала я тады, што бачу Я. Купалу і З. Бядулю апошні раз. Не думала, што ім абодвум засталося нядоўга жыць. Не спадзявалася я тады і вярнуцца на Бацькаўшчыну.

У чэрвені 1942 года памёр Я. Купала на чужыне. Над Нёмнам пачула я гэтую страшную вестку і плакала па ім .

ІНА РЫТАР
Якуб Колас

1930 год - нешчаслівы ў жыцці Якуба Коласа. У тым годзе трагічны лёс наканаваў арышты, выгнанне, гібель амаль усіх ягоных блізкіх сяброў. Сяброў, з якімі ён дзяліў мару пра незалежнасць Беларусі.

Я. Коласа не арыштавалі. Але ён апублікаваў у прэсе ліст, у каторым асудзіў свае палітычныя памылкі нацыяналістычнага характару.

Быў напісаны ліст з добрае волі паэта? Той, хто ведаў Я. Коласа да 30-га года, не хацеў, не мог паверыць.

Мае студэнцкія гады праходзілі ў Менску ў 20-х гадах, калі Я. Колас быў на вяршыні свае літаратурнае славы і, як і Я. Купала, быў сапраўдным народным паэтам Беларусі. Сярод нас, моладзі, ён карыстаўся вялікай павагай. Мы былі зачараваны ягонымі творамі, асабліва "Новай зямлёй" і "Сымонам-музыкам".

Я тады жыла ў сям'і старэйшай сястры - жонкі паэта Міхайла Грамыкі. Яны здымалі кватэру ў доме на Шпітальнай вуліцы. На той жа вуліцы, не болей за хвіліны тры хады ад нас, мелі ўласны дом Язэп і Ванда Лёсікі. Недалёка ад іх, на 2-м Шпітальным завулку, пабудаваў дом Я. Колас.

Блізкае суседства спрыяла досыць часта спатыкаць Я. Коласа на вуліцы ці ў хаце Грамыкаў. У адрозненне ад іншых нашых знаёмых, прыкладам Я. Купалы, Я. Лёсіка, ён рэдка ўсміхаўся. Mo дзеля таго здаваўся мне нібы суровым. А разам з тым ад маіх сяброў-студэнтаў я ведала, што кожны малады, пачынаючы паэт мог смела ісці ў дом да "дзядзькі Коласа", чытаць яму свае творы, прасіць ацэны іх і парадаў. I ён не шкадаваў для гэтага свайго часу. Здаралася, Я. Колас здагадваўся, што хтось з гэтых маладых у цяжкім матэрыяльным стане. Ён дапамагаў ім грашыма.

Не абмінаў гэтай добразычлівасці паэта і Нічынар Мяцельскі. Ён таксама пабываў у яго, чытаў яму свае спробы пяра, выслухоўваў парады. На бяду Я. Колас, у сакавіку 1926 года на працэсе "лістападаўцаў" у Менску Н. Мяцельскі аказаўся адным з падсудных.

"Лістападаўцы" - пяць юнакоў у веку ад 15-ці да 22-х гадоў, студэнтаў агульнаадукацыйных курсаў у Слуцку, і іхны настаўнік Юры Лістапад. Іх абвінавачвалі ў друкаванні і распаўсюджанні антысавецкай літаратуры, падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, планаванні ў змове з "буржуазией Польшчаю" адарваць БССР ад Савецкага Саюза. Фантастычныя абвінавачанні! А доказы? Мізэрныя! Колькі нумароў рукапіснага часопіса "Наша слова", выдаванага літаратурным гуртком на курсах. Творы часопісаў - вершы, апавяданні,- наіўныя, аматарскія, але прасякнутыя шчырым замілаваннем да Беларусі.

Візіт Н. Мяцельскага да Я. Коласа спрычыніўся да таго, што паэта ў ролі сведкі выклікалі на судовы працэс, абвінавацілі ў сувязях і ўплывах на "контррэвалюцыўную групу лістападаўцаў".

Працэс быў публічны. У часе ягоных паседжанняў у Доме працаўнікоў асветы зала заўсёды перапаўнялася, галоўна студэнцкай моладдзю. Мы бачылі, што судовы разгляд вядзецца паводле загадзя акрэсленага кірунку. Абвінаваўцы рэальных фактаў злачыну не мелі, таму спрабавалі інсцэніраваць іх. Падрыхтавалі двух правакатараў: аднаго - перабежчыка з Заходняй Беларусі, друтога - хлапца-случчака, студэнта Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску. Паказанні абодвух сведкаў хлуслівыя, прадыктаваныя ГПУ.

Найбольш абуралі нас газеты. Кожны дзень яны друкавалі з прабегу працэсу інфармацыі, але дужа фалыпывыя. "Лістападаўцы" трымаліся мужна, з годнасцю. У іхных паказаннях не адчувалася разгубленасці, а з газет выглядала, што яны прызнаюцца да віны.

Допыты Я. Коласа на працэсе былі адным з найбольш узрушаючых маментаў. Памятаю, як сёння, вялікую паўцёмную залу, да адказу набітую людзьмі. На зырка асветленай сцэне, з левага боку, за сталом, накрытым чырвоным сукном, сядзелі суддзі. Я. Колас павольна выйшаў на сярэдзіну сцэны. Ён стаў насупраць стала ў такім месцы, што быў тварам да нас не менш, як да суседзяў. Стоячы, адказваў на пытанні. Часам здавалася, што ён больш гаворыць да тых, хто ў зале, а не да суда і абвінаваўцаў. Што захапіла нас тады бязмерна - гэта поўны кантроль паэта над сабою. Ніводнага непатрэбнага жэсту, руху, выразу твару. Ягоны нягучны голас, без адзінае ноткі хвалявання, быў чутны ў кожным куточку занямелае залы. Адно незвычайная збялеласць твару выяўляла нутраную напружанасць.

Бальшыня прысутных разумела, што мэта гэтых допытаў - запалохаць выдатнага песняра, выклікаць да яго недавер моладзі, паралізаваць уплывы на яе. Аднак эфект быў адваротны: сэрцы маладых мацней, чымся калі-небудзь да таго, палымнелі сімпатыяй, пяшчотай да Я. Коласа і абурэннем супраць фальшывага суда.

Што Я. Коласу ўлады не давяраюць, што за ім пільна сочаць, не было сакрэтам для беларускае грамады. У 1924 годзе, калі ён вяртаўся дадому з адпачынку ў Кіславодску, на станцыі перад Растовам яго абакралі. Праз адчыненае акно вагона ў цягніку з верхняе паліцы жалезным крукам, нібы вудаю, выцягнулі ягоную валізу. Цягнік толькі пачынаў адыходзіць. На пероне стаялі людзі і начальнік станцыі. Злодзея не затрымалі. Я. Колас меў у валізе другую рэдакцыю паэмы "Сымон-музыка", падрыхтаваную ім да друку; уражанні, занатаваныя ў часе адпачынку; колькі лістоў ад крэўных і сяброў. Хто абакраў? Звычайны злодзей? Сам Я. Колас і блізкія да яго людзі схіляліся да думкі, што гэта зрабіў агент ГПУ.

Здарылася так, што праз некаторы час пасля працэсу я адведала Н. Мяцельскага ў менскай турме, дзе ўсе "лістападаўцы" адбывалі кару, ён прасіў мяне перадаць прывітанне Я. Коласу. Я паабяцала, але як я зраблю гэта - не ведала. Праблема была ў тым, што дома пра мае наведаннв турмы нічога не ведалі. Я перадам прывітанне, а дзядзька Колас выпадкам скажа пра гэта Міхасю. За "літасцівыя прыгоды" мне можа дома добра нагарэць. I не без падставы. Мой швагер не мог пахваліцца ні сялянскім, ні работніцкім паходжаннем. Ягоны малодшы брат Аляксандр, кадравы афіцэр царскай арміі, пасля рэвалюцыі застаўся на эміграцыі ў Польшчы. Ва ўмовах Савецкага Саюза ўсё гэта было вялікай заганай для чалавека. У сваіх учынках Міхась заўсёды павінен быў быць вельмі асцярожным.

I ад мяне таксама патрабавалі не зрабіць чагось неразважнага, не пашкодзіць сям'і.

Нагода перадаць прывітанне надарылася досыць хутка і шчасліва. Я сама была дома. Шарэла. Я чытала ля акна ў сталовым пакоі. Ленавалася ўстаць, каб запаліць святло.

- Добры вечар!- перарваў цішыню голас.

Я ўздрыганулася. Захопленая кніжкаю, я не пачула крокаў. На парозе пакоя, у дзвярах з калідора, стаяў Я. Колас.

Ён накіраваўся да выхаду.

- Дзядзька Колас!- гукнула я яму наўздагон. Ён спыніўся і павярнуўся да мяне.

- Нічыпар Мяцельскі прасіў перадаць вам прывітанне,- сказала я.

Некаторы час Я. Колас стаяў, нібы раздумваючы.

- Дзякую,- азваўся ён нарэшце.- Скажыце яму, дзякую,- паўтарыў ён яшчэ раз свам ціхім роўным голасам і пайшоў.

Я ўздыхнула з палёгкаю: Я. Колас не запытаўся ў мяне, дзе я бачыла Н. Мяцельскага і калі.

+++

Я. Колас застаўся ў маёй памяці звязаны і з другой трагічнай падзеяй, што адбылася ў тым жа годзе.

14 лістапада 1926 года ў Менску адкрылася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. На канферэнцыю былі запрошаны і прынялі ў ёй удзел не толькі шматлікія выдатныя славісты, але і беларускія нацыянальна-культурныя дзеячы з эміграцыі і Заходняй Беларусі. Спаміж іх Францішак Аляхновіч.

Паэт У. Жылка, які прыехаў з Чэхаславаччыны, назваў канферэнцыю "першым святам беларускай думкі". На канферэнцыі госці віталі беларускі народ і ягоную навуку, выступалі з навуковымі рэфератамі ці ў дыскусіях. Канферэнцыя мела велізарны поспех. Нашыя дзеячы з-за мяжы пачыналі верыць, што ў БССР мажліва працаваць для адраджэння роднага краю. На жаль, пазней усе тыя, хто гэтаму паверыў і пераехаў жыць у Савецкую Беларусь, згубілі свабоду, а бальшыня - і жыццё. Першай ахвярай у гэтым быў Ф. Аляхновіч.

Амаль штовечара, пасля паседжанняў канферэнцыі, усе ганаровыя ўдзельнікі атрымлівалі запросіны на канцэрт ці тэатральны паказ. Ф. Аляхновіч быў захоплены Першым беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-1). Калі гасцей запрасілі ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2, ён яшчэ да выезду туды пачаў рабіць захады перад уладамі, каб яму дазволілі застацца жыць у БССР. Спаткаўся з народным камісарам асветы А. Баліцкім, які быў больш беларусам, чымся камуністам. Той прыватна парадзіў яму не заставацца і не аддаваць свайго польскага пашпарта.

Адкрыццё БДТ-2 святкавалася не менш урачыста за адкрыццё Акадэмічнай канферэнцыі. З усіх канцоў БССР у Віцебск ехалі прадстаўнікі беларускага мастацтва і культуры. З Менска туды паехалі Купалы, Лёсікі, Я. Колас, шмат маладых паэтаў, акторы і г. д. Грамыкі таксама паехалі, пакінуўшы мяне даглядаць іхную малую дачку.

Праз колькі дзён па іхным звароце дадвму да нас завіталі Я. Колас і Я. Лёсік. Разам з імі прыйшла незнаемая кабета. Яна была старэйшага веку, невысокая, у даўгім чорным старамодным паліто і бэжавай ваўнянай хустцы на галаве. Я тады зразумела, што кабета - маці Ф. Аляхновіча. Яна жыла ў нашым раёне горада, дзесь бліжэй да Вайсковых могілак на Даўгабродскай вуліцы. У яе Ф. Аляхновіч і спыніўся, калі прыехаў на канферэнцыю.

Выдаўся рэдкі для лістапада ясны, пагодны дзень. Яны засталі ўсю нашу сям'ю ў садку каля хаты. Сястра запрасіла іх зайсці ў хату. Адмовіліся. Вельмі спяшаліся. Была нядзеля, і яны хацелі паспець наведаць шмат яшчэ каго з беларусаў. Паабяцалі зазірнуць пазней.

Размову вялі Я. Колас і Я. Лёсік. Кабета больш маўчала, адно часам выцірала рукою слёзы, што набягалі на ейныя вочы. Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага подпісу. Міхась падпісаўся. Дарэчы, гэтая заява з подпісамі вялікай колькасці выдатных беларусаў не дапамагла. Ф. Аляхновіча саслалі на Салаўкі.

Увечары таго ж самага дня Я. Колас з Я. Лёсікам, як і абяцалі, зазірнулі да нас. Ад іх мы даведаліся, што з Віцебска Ф. Аляхновіч ехаў з імі ў адным вагоне. Урачыстае адкрыццё тэатра, дасканалыя дэкарацыі сцэны, выкананне акторамі роляў, тэатральная зала, перапоўненая энтузіястычнымі гледачамі,- усё гэта не толькі радасна ўразіла, але і пераканала Ф. Аляхновіча застацца ў БССР, не вяртацца назад у Польшчу.

У Менск яны прыехалі пахмурным халодным ранкам. З вакзала дахаты вырашылі браць рамізніка (трамвая ў Менску тады яшчэ не было). Прапанавалі Ф. Аляхновічу ехаць разам. Ен адмовіўся. Паведаміў, што ў Віцебску яму наказалі па звароце ў Менск не адкладаючы зайсці ў ГПУ. Там дэкляравалі выдаць дакументы на права жыць у Савецкім Саюзе.

Яны паехалі. Ф. Аляхновіч пайшоў пехатою. На Савецкай вуліцы зайшоў у ГПУ, адкуль ужо і не вярнуўся.

+++

У кастрычніку 1928 года Я. Колас быў выбраны віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі Навук. У 20-я гады на адкрытых навуковых сходах Інстыітута беларускае культуры, а пазней Беларускай Акадэміі Навук любілі прысутнічаць студэнты. Трэба адзначыць, што ў тую пару менавіта там знаходзілася нашая нацыянальная навуковая трыбуна для абмену думкамі, для дыскусіяў. Асабліва мнагалюднымі і папулярнымі былі пашыраныя сходы кафедраў жывой беларускай мовы і літаратуры ў аддзеле гуманітарных навук. Мы ішлі туды, каб пачуць Я. Коласа, Я. Купалу, Я. Лёсіка, П. Бузука, С. Некрашэвіча і іншых. Усе яны са шчырым захапленнем працавалі над духовым скарбам нашай нацыі - над мовай.

Аднак такі стан працы ў Беларускай акадэміі навук трываў нядоўга. Надышоў 1929 г., з ім так званы "перыяд пераходу да сацыялізму", "перыяд пералому", які цяжкаю хваляю пракаціўся па ўсяму Савецкаму Саюзу і з асаблівай лютасцю абрушыўся на Беларусь.

У часопісах і газетах з'явіліся артикулы пра тое, што беларускае мовазнаўства ператварылася ў зброю-змагання ў варожых руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Вокамгненна ў акадэміі ўзнялі голас апаненты-фальсіфікатары тыпу С. Вальфсона, Л. Бабровіча, Я. Мацюкевіча. Пад іхным націскам адкрытыя сходы абярнуліся ў зацятыя бойкі за "чысціню марксісцка-ленінскай ідэалогіі". Склалася напружаная, неспрыяльная для навуковае працы атмасфера. Над беларускімі моваведамі, над Я. Коласам навісла навала цяжкіх выпрабаванняў.

У той неспакойны час Я. Коласа і Я. Лёсіка можна было асабліва часта бачыць разам. Яны былі крэўныя, пляменнік і дзядзька, і блізка сябравалі. Тыя, хто іх добра ведаў, уважалі, што Я. Лёсік меў вялікі ўплыў на пляменніка. Калі Я- Колас заходзіў да Я. Лёсіка, яны звычайна заставаліся ўдвух. Нярэдка да нознае начы сядзелі ў кабінеце гаспадара і пра штось сам-насам паціху гутарылі.

Аднойчы да Лёсікаў неспадзявана прыйшоў Аляксандр Цвікевіч. Ён прыйшоў не сам, а з братам свае жонкі. Гаспадары запрасілі іх і мяне ў сталовую на шклянку гарбаты (я тады кватаравала ў Лёсікаў). Крыху пазней з'явіўся Я. Колас і далучыўся да ўсіх.

Я. Колас скардзіўся, што папярэдняе начы зусім не спаў. А. Цвікевіч пажартаваў:

Я. Колас і Я. Лёсік рыхтаваліся на наступны дзень да "сутычкі" з сваімі апанентамі ў Акадэміі. Таму і размова хутка перайшла на тое, што найбольш варушыла іхныя душы. Я. Лёсік хваляваўся:

- Натуральна, усё, над чым мы працуем, патрабуе абмеркавання, патрабуе дыскусіі. Мы не супраць навуковае крытыкі. Гэта правідловы шлях для дасягнення станоўчых вынікаў у працы. Але, калі зробленае наш ганяць без разбору, калі нас таўруюць агентамі польскай інтэрвенцыі, ворагамі, шкоднікамі...

Я. Лёсік раптам змоўк, нібы ад абразы яму дух заняло.

- Уявіць сабе не магу... Ворагі беларускае навукі? Ці ж гэта не глум? Не здзек?- з нязвыклым узбуджэннем уставіў рэпліку Я. Колас.

Таўро "ворагі" і "шкоднікі" асабліва балюча абражала іх. Яны абодва ўважалі сябе заўзятымі праціўнікамі самаўладства, абодва з "нашаніўскіх" часоў бралі ўдзел у рэвалюцыйным нацыянальна-адраджэнскім руху, абодва за гэтую дзейнасць пацярпелі. Я. Лёсік ад 1906 г. і да сакавіка 1917 г. адбываў ссылку ў Сібіры. Я. Колас тры гады сядзеў у менскім астрозе.

За сталом усе павярнулі галовы ў ягокы бок.

- Прыгадайце сваім праціўнікам,- сказаў ён і змоўк на часінку, як гэта робяць дасведчаныя прамоўцы, калі жадаюць выклікаць да сябе найбольшую ўвагу ў слухачоў,- прыгадайце ім, што на той дарозе, па якой яны прыйшлі да перамогі, ёсць кроплі і вашае крыві.

У ліпені 30-га года Я. Лёсіка і іншых арышітавалі. У 42-м годзе Я. Купала скончыў самагубствам. Я. Колас без усіх сваіх блізкіх сяброў застаўся сам паміж жорсткіх жорнаў савецкага ідэалагічнага млына. I паступова, з году ў год, ён паслабляе свой супраціў тым жорнам, ідучы на кампраміс з уласным сумленнем і перакананнем.

А. С.
На Лысай Гары

Улетку 1926 года я з мужам наведала дом Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы.

Паблізу, у Акопах, гасцяваў у сваіх родзічаў Янка Купала з жонкаю. Мы разам хадзілі па квяцістых лугах, узмежках, палявых дарожках. Купала вельмі любіў такія паходы і ведаў цудоўныя маляўнічыя мясцінкі.

Аднаго разу Купала папытаўся, хто вытрывалы, падтрымае таварыства на далёкую экскурсію. Выйсці трэба рана, з расою. Пэўна ж, я адазвалася.

Назаўтра раніцою - была гэта нядзеля - мы выправіліся. Купала, Купаліха і я. Ішлі па дарогах і межах, праз росныя лугі. Рачулкі і раўчукі пераходзілі па дрыготкіх мастках і зыбкіх кладках або слізкіх бярвеннях, перакінутых праз канавы. Купала ішоў моўчкі паперадзе, апіраючыся на сваю неадлучную ляску. Ішоў упэўнена, відаць, што ці раз хадзіў і добра ведаў дарогу нацянькі. Мы з цёткай Уладзяй ледзь надужвалі за ім, перакідаючыся нязначнымі слоўкамі.

Сонца ўзнялося і пачало прыемна аграваць прамочаныя расою ногі, калі мы падышлі да падножжа стромкага ўздыму.

Мы пачалі ўзбірацца на гару. Спачатку проста і лёгка ішлося паміж нізкіх сасонак, але пасля часінаў 10-12 уздым стаўся больш стромкі, сасонкі радзейшыя, месца больш адкрытае. Сонца, што ўнізе пачало ўжо добра прыграваць, тут здавалася халаднейшым, бо вецер, якога зусім не адчувалася ў даліне, веяў тут бесперашкодна. Камяні, щто ніжэй на схоне ледзь тырчэлі з грунту, прыкрытыя расцінамі, тут пачалі выступаць вялікімі валунамі, абшліфаваныя ветрам або парослыя сухім мохам з паўночнага боку.

На адным з такіх валуноў Купала сеў, выразна змораны, і абапёрся барадою на зложаныя на кійку рукі, углядаючыся ў даль. Я хацела спыніцца тут жа, але Купаліха дала зразумець, што трэба Купалу пакінуць аднаго.

- Няхай, няхай,- толькі сказала яна і пайшла вышэй.

З кожным крокам уздыму мы знаходзілі бяднейшую расліннасць, якой цяжка было ўмацавацца на адкрытым ветру камяністым схоне: рэдкія карлаватыя сасонкі, сухі мох, мізэрная жорсткая трава. Сапраўды лысая гара.

Хутка мы вярнуліся да Купалы і прымасціліся поблч на сухой траве. Цікава глядзець з гары ўдаль на нізіну. Перад вачыма квітнеюць лугі абапал маленькіх рачулак і раўчукоў ды чатырохкутнікі розных формаў, велічыні і афарбавання: вялікія прасторы хвалявіднага сівога жыта; зялёныя чатырохкутнікі ярыны; меншыя, бы абрусы, квітнеючыя грэчкі; палоскі, бы стужкі, далікатна-зялёнага, кволага лёну. Дзе-нідзе, на папары, пастушок пільнаваў мізэрны статак. Дзеля нядзелі на полі ніхто не працаваў.

Было зусім ціха, нават птушак не чуваць было. Месца, дзе сеў Купала, відаць, было яго заўсёдным месцам, бо нават ад ветру яно было зацішное.

- Ну, вось мы на адным з самых высокіх пунктаў нашай Бацькаўшчыны,- задумліва працягнуў Купала, угледжаны ўдаль.

Мне прыгадаліся словы Купалавага твора, і я ціха пачала:

На высокай гарэ,

Дзе ніхто не арэ,

Сокал-птушка дзе толькі садзіцца,

Там збудую-ўзвяду

Нізі ўсёй на віду

Мураваную вежу-званіцу.

Паўза. Купала, не змяняючы паставы:

Купалаву усмешку не злавіла ні адно фота, ёсць шмат Купалавых здымкаў. Найлепшыя з іх: Купала задумлівы, зрокам углыбіўшыся ўнутро сябе; добрае фота - Купала задумлівы, угледжаны ўдаль; добра схоплена - Купала суровы, пахмурны; Купала пагодны; нават ветліва-афіцыйная усмешка ёсць, але гэта не купалаўская усмешка. Купала ўсміхаўся па-дзіцячаму шырокай, адкрытай усмешкай, пры гэтым не толькі вуснамі, а галоўна - яснымі блакітнымі вачыма і ямінкай на барадзе.

Падбадзёраная купалаускай усмешкай, я вяла далей:

Мне цяжка перадаць. Мы былі збянтэжаныя. Купала заўсёды гаварыў так мала, быў заўсёды такі філасофска спакойны, такі сціплы, а тут ён сыпаў сваім асаблівым "р", непараўнальным купалаўскім "р", як гарохам па таку. Раптам змоўк і пачаў бакавінкай спушчацца з гары. Купаліха мяне прытрымала, калі я памкнулася ісці назіркам:

- Няхай, няхай...

Як яна яго ведала! Як аберагала ягоныя маменты творчасці, уздыму, задумы. Мы пайшлі колькі крокаў адзаду. Пасля блізу паўгадзіны хады Купала пачакаў па нас і зусім спакойным, сваім звычайным тонам кажа:

Купала зноў пайшоў наперад. Ён быў выразна нездаволены сваім падарожжам на Лысую Гару. А відаць, хадзіў на яе часта і думаў там свае вялікія думы. I выліліся гэтыя вялікія думы-мроі ў сімвалічны твор "Песня званара". I шмат хто не зразумеў ягоных мрояў і летуценняў. Дык што ж меў перажыць гэты волат духу, калі пісаў свае "Прарок", "Перад будучыняй", "На Куццю", "Паўстань", "Над Нёманам"? Які пратэст мусіў клакатаць у ягонай душы, што выліўся ў зварот к "Цару Неба і Зямлі"! I выпадкам крыху прыўзняў ён заслону зместам аднаго твора, адкрыў кавалачак душы, вялікай, паланеючай, якой не змераць нашымі трохмернымі разуменнямі .

АЎГЕН КАЛУБОВІЧ
Якуб Колас і Янка Купала

Памяць! Памяць! Малю! Малю!

Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,

Аднаві мне маю зямлю!

У. Караткевіч

Я не магу пахваліцца, што быў сябрам ці блізкім да Я. Купалы і Я. Коласа. Але ў 1934-1941 гг. пры розных нагодах - юбілейных імпрэзах, сходах, службовых абвязках і прыватна - сустракаўся з імі. Мэта гэтых нататак - аднавіць з памяці колькі паасобных выпадкаў з жыцця вялікіх песняроў.

+++

28 сакавіка 1936 г. Зала сходаў у Доме пісьменніка. На сцяне выдзяляецца вялікі партрэт А. Александровіча; на ім "вядучы пралетарскі паэт" сядзіць на стале з цыгарэтаю ў руцэ. Над сцэнаю зверху - свежы лозунг: "Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць" (М. Горкі).

Як і часта, у зале, апрача пісьменнікаў, выкладчыкі беларускай літаратуры з вышэйшых і сярэдніх школаў Менска, спаміж якіх і я.

На адкрытым сходзе пісьменнікаў ідзе "дыскусія" пра фармалізм у літаратуры. Пачатак ёй даў артыкул М. Горкага ў маскоўскай "Правде". Усе разумелі, што і артыкул гэты, і "дыскусія" - чарговы сігнал для новых чыстак і арыштаў, якія неўзабаве і пачаліся.

У зале напружаны, прыгнечаны настрой. Пасля пагромных выступаў казённых крытыкаў Я. Бранштэйна і А. Кучара, падтрыманых А. Александровічам, нясмела выходзілі на трыбуну пісьменнікі і ціха штось няяснае гаварылі. Пасля некаторых прамоўцаў былі паўзы, і старшыня сходу М. Клімковіч настойліва паўтараў сваю просьбу: "Хто яшчэ хоча выступіць?"

У часе аднае з такіх замінак падняўся Я. Колас.

Павольнай хадой ён дайшоў да трыбуны. Твар ягоны быў усхваляваны. Голас - узбуджаны, глухаваты; інтанацыя - падкрэслена выразная. Ён не чытаў свае прамовы, як некаторыя іншыя (мажліва, не збіраўся і выступаць), а гаварыў - не зусім складна, з перарывамі. Прамова ягоная праз колькі дзён была апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва", а пазней - у зборах твораў; але далёка не ў той рэдакцыі, якую я чуў на свае вушы і ў іншай стылістычнай форме.

Напачатку Я. Колас заявіў, што ён адмоўна ставіцца да гэтай "дыскусіі", у якой няма "яснасці... і гаворыцца больш кругом ды навокала" і якая сама дзеля таго мае фармалістычны характар. Такое ж уражанне складалася ў яго, калі ён перад тым быў прысутны на такой жа "дыскусіі" ў Маскве. А тады загаварыў канкрэтна, болей-меней так (як я памятаю):

- Ужо чацвёрты вечар мы таўчэм ваду ў ступе. Усё не можам дашукацца фармалізму ў нашай літаратуры. I фармалістычных твораў... А я ведаю такі твор: мая аповесць "Адшчапенец". Сырая, схематычная, нерэальная. А чаму? Таму, што наша крытыка, а галоўна Бэндэ, з аглаблёю ў руках бегаў за мною і патрабаваў, каб я як найхутчэй адгукнуўся на калектывізацыю. Дык вось я і адгукнуўся! Цяпер я публічна
адмаўляюся ад яе...

У зале мёртвая цішыня. Я. Колас змоўк. Зрабіў крок ад трыбуны, але спыніўся, пастаяў крыху і дадаў (тут ужо я магу зацытаваць паводле публікацыяў, блізкіх да таго, што ён гаварыў):

- Гэта твор не апошні, пра які можна было б шмат пагаварыць... I калі б вы запыталіся ў мяне: "Дзядзька Якуб, якія ты творы лічыш беззаганнымі?!"- то я крэпка задумаўся б... Можа, каму-небудзь прызнанне гэтае непрыемнае і страшнае, як чалавеку, якому трэба скакаць з трампліна першы раз. Але скокне ён раз, скокне другі, і страх у яго пройдзе...

Цяпер я нават не памятаю, ці выступаў пасля Я. Коласа ў той вечар яшчэ хто. Выступ ягоны так ашаламіў, што заглушыў сабою ўсё іншае што было на тым сходзе перад ягоным выступам і пасля.

+++

У тым жа годзе, дзесь на пачатку кастрычніка, я меў нагоду пазнаёміцца з Я. Коласам. Было гэта ў сувязі з 30-гадовым юбілеем ягонай літаратурнай творчасці. Спаміж розных юбілейных імпрэсаў была рэспубліканская радыёперадача. У студыю радыёстанцыі быў запрошаны юбіляр і прамоўцы ад розных устаноў і арганізацыяў. Я выступаў там ад настаўнікаў Менска. Усе мы віталі яго перад мікрафонам. Тады Я. Колас пазнаёміўся з усімі намі.

+++

Аднойчы ўлетку 1939 г., калі я ўжо працаваў у Народным камісарыяце асветы, мне перадалі незвычайны ліст. Вялікі аркуш паперы з двух бакоў быў акуратна спісаны дрыжачай старэчай рукой. Пад лістом подпіс: Адам Багдановіч.

Няўжо гэта ліст ад бацькі Максіма Багдановіча - былога беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і мовазнаўцы, аднаго з кіраўнікоў партыі "Народная воля" ў Менску ў 1880-х - пачатку 1890-х гг.?

Гляджу на канверт, прыколаты да ліста. Так, сумніву няма: ліст з далёкага Яраслаўля ад бацькі паэта. У лісце ён не просіць, а моліць дапамагчы яму: мае 77 год; не здольны да ніякае працы; у пару рэвалюцыі згубіў усю сваю маёмасць, ратуючы ад. пажару Максімавы рукапісы; а цяпер - амаль што жабрак.

Ад 1928 г. урад БССР выдаваў яму персанальную пенсію. Аднак праз два гады, калі па БССР пакацілася хваля масавых арыштаў 1929-1930 гг. і пачалося "сацыялістычнае наступленне па ўсяму фронту", М. Багдановіч быў абвешчаны "буржуазным" паэтам, вывучэнне ягонай творчасці было выкраслена з усіх школьных праграмаў, а ягоныя "контррэвалюцыйныя" творы забароненыя і выкінутыя з бібліятэк. Тады і ў бацькі паэта, які ў тым годзе пайшоў на эмерытуру, адабралі персанальную пенсію. У 1931-1936 гг. ён так-сяк перабіваўся на мізэрнай пенсіі эмерыта і дапамозе сваякоў. 1937-1939 гг. былі самыя крытычныя, і ён звярнуўся з просьбаю ў Менск.

Што рабіць? Як дапамагчы бацьку М. Багдановіча?

У выніку абмену думкамі з маімі калегамі было вырашана парадзіцца з Саюзам пісьменнікаў БССР і Акадэміяй навук; асабіста - з М. Лыньковым, тады старшынёю СП, і Я. Коласам, віцэ-прэзідэнтам АН. Імя паэта к таму часу было зноў "рэабілітаванае", а банька ягоны мае вялікія заслугі перад беларускім народам: жывучы далека ад Бацькаўшчыны, ён узгадаваў сына на беларускага паэта, захаваў і перадаў Беларусі асноўны фонд ягонай спадчыны - архіў рукапісаў.

У той, жа дзень я паехаў да М. Лынькова, які прыхільна паставіўся да гэтай справы; а ад яго - да Я. Коласа.

Я. Коласа я застаў у ягоным кабінеце. Ён выслухаў мяне, папрасіў ліст А. Багдановіча, перачытаў яго. Узяў пяро і выпісаў у свой настольны блакнот адрас.

- Трэба неадкладна дапамагчы старому. Каб не было запозна...- Г Я. Колас выказаў свае меркаванні, як дапамагчы. Пасля таго працягваў:

- Самога Максіма я не ведаў. А бацьку яго добра памятаю. Улетку 1923 г. ён прыязджаў у Менск. У Інбелкульт прывозіў Максімавы рукапісы, фатаграфіі з сямейнага альбома і напісаную ім самім, на просьбу Інбелкульта, падрабязную біяграфію сына. На
той час не прыпадала ніякая юбілейная дата, звязаная М. Багдановічам, але Інбелкульт вырашыў з прычыны прыезду бацькі зрабіць літаратурны вечар . Здаецца, то быў наогул першы такі вечар у памяць М. Багдановіча. З дакладамі і ўспамінамі выступалі Піятуховіч, Бядуля, Грамыка...

Перавёўшы гутарку на М. Багдановіча, ён казаў:

- Максім Багдановіч быў не толькі выдатны паэт, але і крытык.

Я. Колас высунуў адну з бакавых шуфлядаў у сваім стале і выцягнуў адтуль другі том акадэмічнага Збору твораў М. Багдановіча.

- Нядаўна на пленуме Саюза пісьменнікаў у Кіеве, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, я рабіў даклад. Рыхтуючыся да яго, я перагледзеў гэты том і здзівіўся, які глыбокі і высокакультурны крытык быў М. Багдановіч. У дакладзе я зачытаў выпісаны адсюль аналіз Шаўчэнкавага верша.

Я. Колас адгарнуў кнігу і паказаў мне артыкул "Краса і сіла", перадрукаваны з часопіса "Украинская Жизнь", які па-расейску ў Маскве выдаваў С. Пятлюра (М. Багдановіч быў сталым супрацоўнікам таго часопіса).

- Калі я скончыў даклад, да мяне падыходзілі і пыталіся: "Няўжо вы да рэвалюцыі мелі такога крытыка?"

Наступнага дня я выслаў А. Багдановічу ліст, у якім падрабязна паведамляў яму пра нашыя захады.

...Хутка пасля таго на супольнае хадайніцтва Наркамасветы, Саюза пісьменнікаў і Акадэміі навук яму была прызначана персанальная пенсія. На жаль, бедны бацька геніяльнага паэта пакарыстацца ёю ўжо амаль не меў часу: яшчэ ў лютым 19(40 г. Я. Колас і я атрымалі ад яго лісты, а ужо 16 красавіка ён памёр. У лісце да Я. Коласа А. Багдановіч пісаў: "Ваша рэдкая спагадлівасць і Наркамасветы БССР мне глыбака кранулі. Шлю сардэчную ўдзячнасць Вам асабіста і прашу Вас перадаць маю ўдзячнасць у Камісарыят асветы кансультанту-метадысту па беларускай мове т. Калубовічу" .

+++

У канцы лістапада 1939 г. аддзел культуры ЦК КП(б)Б склікаў нараду, на якую былі запрошаныя філолагі Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук, пісьменнікі, прадстаўнікі Наркамасветы і выдавецтва. Нарада, згодна запросінаў, павінна была "выказацца ў паўстаўшых праблемах беларускай мовы і правапісу". Праблемы гэтыя сапраўды паўставалі і абвастраліся пасля русіфікацыйнае рэформы правапісу ў 1933 г., выклікаючы ў практыцы друку і пісьма штораз большы разнабой, супярэчлівасці і канфлікты.

Канкрэтнай зачапкай да парады была, праўдападобна, дыскусія, якая ў пытаннях мовы зноў разгарэлася ў тыя дні паміж газетамі "Літаратура і мастацтва" і "Звязда". Для валадароў Беларусі дыскусія была дужа не на руку, асабліва беручы на ўвагу толькі што "вызваленую ад польскага нацыянальнага прыгнёту" Заходнюю Беларусь. "Вызвольная" прапаганда была ў самым разгары, а тут такі прыкры дысананс! Загадаць змоўкнуць, прыкрыкнуць, як гэта перад тым звычайна практыкавалася, у тых акалічнасцях, відаць, уважалася за немэтазгоднае. Зноў жа, праз Заходнюю Беларусь былі крышачку прыадчыненыя дзверы ў вольны свет, а ну ж пачуюць і там.

Калі я збіраўся ехаць на тую нараду, да мяне па дарозе з педагагічнага інстытута, дзе ён чытаў лекцыі, зайшоў навуковы сакратар Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук дацэнт Кастусь Гурскі. Разам мы і паехалі. У думках нашых цяплілася, хоць і невялікая, надзея. Набалелае пытанне, прынамсі, пастаўлена на парадак дня.

У вестыбюлі ЦК дзяжурны міліцыянер, перад якім на стале ляжаў спіс запрошаных на нараду, выпісаў нам прапускі і растлумачыў, як знайсці патрэбны пакой. Але тут расчыніліся дзверы з вуліцы, і на парозе паказаўся Я. Колас. К. Гурскі пацягнуў мяне за рукаў, і мы адступілі назад, да акна вестыбюля.

Я. Колас заўважыў нас і падышоў. Прывітаўшыся, ён адразу звярнуўся да К. Гурскага:

- Я чуў, што ў Інстытут літаратуры і мовы званілі Папкоў і Грэкава , але не меў выпадку папытацца ў Вас. У якой справе яны званілі?

К. Гурскі паўтарыў Я. Коласу ўжо расказаныя мне па дарозе сюды новыя, не толькі абуральныя, але і анекдатычныя выпадкі з праблемы, якая пастаўлена на парадак дня сённяшняй нарады. Яны званілі, казаў ён, каб узаконіць навуковым аўтарытэтам інстытута тыя змены ў правапісе, якія яны ўжо загадалі ўвесці ў практыку газеты "Звязда". Папкоў - замену "е" на "і" ў слове "Менск", якое "Звязда" так ужо і набірае; бо, паводле яго, гэта імя аднае з рэспубліканскіх сталіцаў "нашае краіны", і яно ўсюды павінна пісацца аднолькава; і напісанне слова "вобласць" без прыстаўнога "в", з ім гэтае слова "рэжа вуха", як бы яно - ад "вобла"...

- А што ж Вы яму адказалі?- перабіў К. Гурскага Я. Колас.

К. Гурскі адказаў, што яму цяжка было згадзіцца з такімі аргументамі; што, калі правапіс абаперці на такую "этымалогію", то знойдзецца шмат іншых выпадкаў і слоў, у якіх трэба было б рабіць якіясь аперацыі, і прывёў Папкову прыклад: "камсамол" - ад "камса"...

- Ну а Грэкава?- зноў перапыніў яго Я. Колас. Відаць было, што ён спяшаўся.

Грэкава, працягваў К. Гурскі, загадала ўнесці ў правапіс дзве зробленыя ёю "папраўкі" ў лозунг "Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!". Па-першае, слова "злучайцеся" замяніць на "яднайцеся", бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае "дырэктывы" калгасам, што ўжо пара пачынаць "злучную кампанію для ската"; таму заклік "злучайцеся!" у дачыненні да пралетарыяту "неяк нядобра гучыць". Па-другое, у слове "яднайцеся" пачатковае "я", хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца праз "е"; бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсці "яд-". Для палітычнага лозунга гэта недапушчальна, ЦК партыі на гэта не можа згадзіцца.

Я. Колас нічога не адказаў. У вестыбюль увайшлі К. Крапіва і П. Глебка, ён далучыўся да іх, а мы пайшлі на другі паверх. У невялікай зале ўжо сядзела да 40 асобаў.

Нараду адчыніў У. Малін, сакратар ЦК. Пасля яго гаварыў Я. Колас. Як заўсёды ў такіх выпадках, сур'ёзны, заклапочаны і пачуццёвы. У руках ён трымаў экземпляр газеты "Звязда".

Гэтая ягоная прамова ніколі не была друкаваная. Мажліва, дзеля таго, што ў ёй Я. Колас не толькі выказваў патрэбу перагледзець і выправіць правапіс, але востра крытыкаваў "моўную практыку" газет, а галоўна "Звязды", якая, паводле яго, паглыбляла "правапісны хаос".

- Іншыя газеты і часопісы, а асабліва выдавецтва, дзе заўсёды шмат набранага,- казаў ён,- "Звязда" проста збівае з панталыку. I яны не ведаюць, як жа, урэшце, набіраць і выпраўляць карэктуру - ці згодна існуючага правапісу, ці так, як у "Звяздзе"...

Toe самае трэба сказаць і аб спробах "Звязды" ўвесці ў норму беларускай літаратурнай мовы без усялякае патрэбы і нат супроць натуральных законаў беларускай мовы некаторыя расейскія словы ў збеларушчанай форме. Нядаўна мы чыталі ў ёй справаздачу пра кастрычніцкія святы ў Менску. Там пісалася, што ў зале опернага тэатра адбылося "таржэсцвеннае" паседжанне. Чаму "таржэсцвеннае",- высака ўзнялася рука Я. Коласа са "Звяздою",- калі мы маем добрае беларускае слова "ўрачыстае"? Але калі ўжо "таржэсцвеннае", то чаму тады не "засяданне"?..

Ён прасіў перагледзець правапіс і не "нявечыць беларускае мовы".

На выступе Я. Коласа "дыскусія" была перарваная. З бакавых дзвярэй нечакана выйшаў першы сакратар ЦК П. Панамарэнка і пачаў расказваць, як колькі дзён перад тым ён быў у Беластоку, як у гатэль да яго быў выкліканы цырульнік, як той цырульнік яго галіў, і падрабязна пра сваю дыскусію з ім аб характары савецкай улады. На тым нарада і закончылася.

+++

Быў звычайны рабочы дзень у канцы снежня 1939 г. Зазваніў тэлефон. Я зняў слухаўку.

- Гаворыць Колас. Я даведаўся, што Вы едзеце на раённую настаўніцкую канферэнцыю ў Стоўбцы. Ці не былі б Вы ласкавымі перад тым, як паедзеце, а хоць бы і сёння пасля працы, заехаць да мяне дадому? Я маю пільную патрэбу ў гэтым.

Не згадзіцца я не мог, і мы ўмовіліся, што я прыеду сёння ж.

Пасля працы я сеў у трамвай, што ішоў Савецкай вуліцай, мінуў Эльвод, мост праз р. Свіслач і на Шпітальнай выйшаў. Ужо пачало змяркацца, але ісці было недалёка. Праз колькі хвілінаў ля гарадскога парку на 2-м Шпітальным завулку я спыніўся перад двухпавярховым драўляным асабняком. Гэта быў уласны дом Я. Коласа. У 1920-х гг. у гэтым зялёным куточку горада ў суседстве жылі Я. Лёсік, б. прэзідэнт БНР д-р I. Серада, М. Грамыка, адзін час М. Гарэцкі і шмат іншых. Усе яны павысыланыя. Застаўся тут адзін Я. Колас.

Калі я ўвайшоў у двор, Я. Колас калоў дровы. Ён паклаў сякеру, прывітаўся і павёў мяне ў хату. Па дарозе ў ягоную бібліятэку мы спаткалі жонку, і ён пазнаёміў мяне з ёю.

У бібліятэцы мы селі на канапу, і Я. Колас вытлумачыў мне сваю просьбу:

- Я маю лісты з Мікалаеўшчыны, дзе не быў ад 1915 года. Запрашаюць у госці, а я ўсё яшчэ ніяк не змог адведаць іх, хоць і думкамі ўвесь там. То адно, то другое стаіць на перашкодзе... А яшчэ яны просяць падручнікаў для школы і маіх кніг. Дык вось, даведаўшыся, што Вы едзеце ў Стоўбцы, я і вырашыў прасіць Вас завезці ім ад мяне пакуначак з кнігамі. Сёння я абегаў кнігарні і тое-сёе (праўда, мала) назбіраў.

Жэстам рукі ён паказаў на крэсла, якое стаяла пры ягоным рабочым стале. На крэсле ўзвышаўся стажок да 20 кніг. Я. Колас устаў і прапанаваў мне падысці, разам з ім, да тых кніг. Ён браў кожную з іх, называў, што гэта за кніга, і клаў на стол. Першыя ішлі падручнікі. Калі ж дайшоў да сваіх кніг, то хутка перакладаў дзіцячыя - "Дзед і мядзведзь", "Савось-распуснік", "Рак-вусач", тады - "Новую зямлю", "Сымона-музыку", "Дрыгву"... Але вось на зборніку вершаў "Нашы дні" запыніўся, пакруціў яго ў руках, падумаў і адклаў убок.

Мы звязалі ўсе кнігі шпагатам, уклаўшы ў сярэдзіну верхняй кнігі ліст Я. Коласа ў незаклееным канверце. Я. Колас вывеў мяне на вуліцу, развітаўся і папрасіў, каб па прыездзе са Стоўбцаў я абавязкова пазваніў да яго - у акадэмію ці дадому.

...Праз колькі дзён (хутчэй за ўсё - 3 студзеня 1940 г., бо Новы год я спатыкаў у Стоўбцах) я пазваніў Я. Коласу. Паведаміў яму, што ўжо вярнуўся назад і прывёз яму пачку з мікалаеўскім салам і каўбасою.

Я. Колас сказаў:

- То я Вам проста загадваю: адразу пасля працы, без аніякіх перасадак, да мяне дадому. У нас і павячэраем.

На гэты раз мы размясціліся ў сталовай. Пакуль жонка смажыла мікалаеўскую каўбасу і сала, Я. Колас чытаў два лісты, прывезеныя мною, разам з пачкам - ад сваякоў і ад старога сябра, Базыля Шчорса. Тады папрасіў падрабязна расказаць пра ўсё падарожжа ў Стоўбцы і пра спатканні там. Найбольш яго зацікавіла спатканне на канферэнцыі з братам ягоным Міхасём і адведзіны м. Новы Свержань, куды я быў запрошаны да Шчорсаў.

Памятаю, што загадчык райана Хількевіч, перш чым заехаць да Шчорсаў, хацеў пры выпадку паказаць мне Новасвержанскую школу. Таму, калі балагол пад'ехаў да райана і мы ўселіся ў вазок, ён коратка сказаў: "У Новы Свержань, да школы".

Хвілінаў праз дваццаць мы ўехалі ў мястэчка. Трохі праехалі па ім, і каля аднаго будынка балагол спыніў каня. Здзіўлены Хількевіч агледзеўся па баках і выпаліў: "Куды ж ты нас прывёз? Гэта ж сінагога!" Балагол спакойна павярнуўся да нас і адказаў: "Вы ж прасілі - да школы". Але тут жа спахваціўся і зразумеў сваю памылку. Завярнуў каня назад, зрабіў колькі паваротаў і на іншай вуліцы зноў затрымаў каня. Агледзеўшы школу, мы заехалі да Шчорсаў, дом якіх стаяў на самым краю мястэчка пры дарозе ў Стоўбцы.

Я. Колас шчыра смяяўся з гэтае прыгоды, увесь ажывіўся, наагул перарываў мой расказ пытаннямі, рабіў каментарыі і ўстаўкі са сваіх успамінаў. Потым выйшаў са сталовай, вярнуўся назад з кніжкаю і пачаў чытаць:

Ніякае ваабражэнне тады не магло дапусціць, што прататыпа гэтага персанажа з Коласавай аповесці праз восем год мы будзем хаваць на эміграцыі (на нямецкім могільніку ў Каме).

Пад канец вячэры настрой, аднак, змяніўся на сумны. Жонка Я. Коласа нават праслязілася, расказваючы, што ейнага брата, Камінскага, дзесь на Лідчыне арыштавала НКВД і яны нічога не ведаюць пра ягоны лес. А Я. Колас з сумам дадаў:

- Купала атрымаў нядаўна ліст ад жонкі Уласава, былога рэдактара газеты "Наша ніва". Яна паведаміла, што Уласаў арыштаваны, і прасіла заступіцца
за яго.

Некалі А. Уласаў быў актыўным беларускім публіцыстам і палітычным дзеячам - адным з ініцыятараў заснавання Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1902 годзе, рэдактарам газ. "Наша ніва" і час. "Саха", сябрам Рады БНР і ейнага прэзідыума, сенатарам Заходняй Беларусі ў Польскім сойме. У пазнейшым часе і ў часе арышту, будучы ўжо ў гадах і з слабым здароўем, стаяў у баку ад публічнага жыцця і ва ўласным фальварку пад Маладзечнам дажываў свой век.

- Мы з Купалам,- далей казаў Я. Колас,- хадзілі да Панамарэнкі. Прасілі за яго. Але Панамарэнка нам не дапамог. Ён быццам бы званіў у НКВД,
скуль яму адказалі, што Уласава ў БССР ужо няма. Таму ён нічога не можа зрабіць.

+++

Pyx за выпраўленне беларускага правапісу і за чысціню мовы ніколі не сціхаў ад часу правапіснае рэформы 1933 г. Праўда, быў ён мо заціхі, нясмелы. Паўсюдна выяўляўся болей у прыватных гутарках. Але скаргі, нараканні і галасы крытыкі часам узнімаліся на настаўніцкіх сходах, у кабінетах навуковых інстытуцыяў ці ў фельетонах газеты "Літаратура і мастацтва". Цяпер, у новых, больш спрыяльных акалічнасцях рух гэты пасмялеў і ледзь не выліўся ў бунт. Усё гэта прывяло да таго, што спецыяльнай пастановай СНК БССР для перагляду правапісу была пакліканая Правапісная камісія. Мне цяжка назваць дакладную дату, калі гэта было, але думаю, што дзесь увесну 1940 г.

У склад камісіі ўвайшлі: ад Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук - ягоныя дырэктар і навуковы сакратар, В. Барысенка і К. Гурскі; ад Саюза пісьменнікаў - Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, М. Лынькоў, П. Глебка і М. Клімковіч; ад Наркамасветы - кансультанты-метадысты па беларускай мове і літаратуры Гарачун і я. Старшыня камісіі - нарком асветы Е. Уралава; у ейным кабінеце камісія і збіралася на свае сходы.

На першым сходзе ішла агульная дыскусія: у якім кірунку рабіць змены, на якія арфаграфічныя прынцыпы абаперці іх. Думкі сяброў камісіі падзяліліся.

М. Клімковіч выказаўся ісці па той самай дарозе, на якую сталі аўтары рэформы ў 1933 г., гэта значыць узмацніць марфалагічны прынцып. Паводле яго, такія рысы беларускае мовы, як аканне, дзеканне і цеканне зусім не павінны перадавацца на пісьме. Супрацьлеглы пагляд выказаў Я. Колас. Ён горача адстойваў пераважнасць фанетычнага прынцыпу, які найбольш адказвае асаблівасцям беларускай мовы; настойваў узмацніць перадачу на пісьме акання, як гэта было да рэформы 1933 г. У канцы заявіў, што гэта не толькі ягоны пункт гледжання, але і Я. Купалы, які дзеля адсутнасці ўпаважніў яго на гэтую заяву.

Калі ўсе сябры камісіі выказаліся, выяснілася, што М. Клімковіча ніхто не падтрымаў. В. Барысенка і М. Лынькоў не занялі ніякае пазіцыі, а ўсе іншыя сябры сталі на бок Я. Коласа. Е. Уралава ў дыскусіях удзелу не брала, яна кіравала працаю камісіі і вяла сходы.

... Так злажылася, што мне выпала ехаць да Я. Купалы, каб ён падпісаў пратакол сходу камісіі. Я быў шчаслівы выпадку. Я. Купалу я шмат разоў бачыў і чуў, але мне не здаралася быць блізка да яго, каго я ўважаў за нацыянальнага правадыра. Дый ці толькі я. Я бачыў, як усе, а ў тым ліку нават і Я. Колас, пры кожнай нагодзе падкрэслівалі ягонае першынство. Я не сумняваўся, што і сам Я. Купала гэта разумеў. Ніхто з беларускіх пісьменнікаў не захоўваўся так незалежна, як Я. Купала, хоць гэта было і не так лёгка, ён сам дакараў сябе, што таксама

...Плечы гнуў у крук не раз;

Не йшоў з адкрытымі вачыма ў свет

I сцежкі не прастаў,

А ўсёй магчымасцю магчымай

Таптаў сляды, сябе таптаў.

"І прыйдзе..."

Перад тым як ехаць да Я. Купалы, я пазваніў. Жонка ягоная, цётка Уладзя, адказала: "Янка дома. Едзьце". I вось я на Садовай вуліцы. Заходжу ў двор з таполяй і садком. 3 якімсь хваляваннем падыходжу да дзвярэй.

У пярэднім пакоі мяне спатыкае цётка Уладзя.

- Янка - там. Ён чакае Вас,- і прыадчыніла мне дзверы ў гасціную.

Калі я праходзіў праз пярэдні пакой, я заўважыў Купалаву маці, Бянігну. Яна сядзела ў баку ад праходу з Кацярынаю - дачкою аднае з "раскулачаных" Купалавых сясцёр. Кацярына працуе ў 2-м Клінічным гарадку сястрою і, як і паэтава маці, жыве ў Купалаў.

Я. Купала спаткаў мяне сардэчна. Твар ягоны свяціўся прыемнай усмешкай, увесь ён быў ветлівы, далікатны, уважлівы і разам з тым просты, даступны; наагул быў у добрым настроі і жартаваў. Ён ведаў, па якой справе я прыехаў, падвёў мяне да стала, падпісаў пратакол і сказаў:

- Мне трохі нездаровіцца. То я і прасіў Коласа, каб ён выступаў там і за мяне. Ён расказвае мне пра сходы камісіі.

Мой візіт да Я. Купалы быў напярэдадні юбілейных урачыстасцяў 35-годдзя ягонай паэтычнай творчасці. Усе тыя дні Я. Купала атрымліваў віншавальныя тэлеграмы і падарункі. Таму, калі мы сядзелі і гутарылі, цётка Уладзя і Кацярына ўнеслі ў гасціную толькі што прывезены з пошты і ўжо раскрыты пачак-падарунак Я. Купалу ад ягонага старога прыяцеля, ведамага ў СССР мастака К. Ялісеева, былога ў пачатку 1920-х гг. дэкаратара Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Менску. Калі з пачка выцягнулі абраз у раме - на палатне стаялі жывыя палескія хвоі. Другі падарунак ад іншага маляра (не памятаю - якога) вісеў ужо на сцяне, над канапаю, на якой мы сядзелі. Гэта быў алейны партрэт Я. Купалы, у кунтушы з палосамі.

Хутка дзверы зноў адчыніліся, і цётка Уладзя сказала:

- Янка, да цябе тут яшчэ адзін інтэрэсант.

У гасціную ўвайшоў хлопчык гадоў 15-ці. Я ўстаў, каб развітацца, але Я. Купала затрымаў мяне.

Хлопчык назваўся, што ён кур'ер з рэдакцыі менскай польскай газеты "Sztandar Wolnosci". Ён прынёс, як гэта зараз жа выявілася, уступны артыкул да выдання вершаў і баладаў А. Міцкевіча. Артыкул гэты (колькі аркушаў машынапісу) Я. Купала павінен быў тут падпісаць. Але перад тым ён зацікавіўся самім

хлопчыкам і пачаў ставіць яму пытанне за пытаннем:

- А чаму ж ты працуеш кур'ерам? Хіба ты не вучышся ў школе?

Хлопчык адказаў, што ён вучыцца ў 8-м класе сярэдняй школы, але што мусіць плаціць за навуку, а маці не мае чым. Таму зрана ён на лекцыях у школе, а па абедзе "падрабляе грошы" (у тым часе была ўведзена плата за навуку ў 8-10 класах і ў вышэйшай школе).

Той адказаў, і гутарка пайшла далей. Відаць было, што Я. Купала пашкадаваў беднага хлопчыка ды яшчэ і земляка. Ён папрасіў цётку Уладзю прынесці яблыкі, і яны ўдваіх тут жа паўкладалі іх у кішэні хлопчыка. Толькі тады Я. Купала сеў да стала, павольна налажыў акуляры, адгарнуў апошні аркуш артыкула і хацеў падпісаць. Ды пяро, відаць, ужо не мела чарніла, і ён звярнуўся да жонкі:

Цётка Уладзя заўважыла:

I ён, не чытаючы, узяў з рук жонкі "асадку" і падпісаўся. Я падумаў тады, як трэба будзе ў будучыні быць асцярожным з публіцыстыкай Я. Купалы. У тыя змрочныя гады ён мог падпісаць тэкст, які не толькі не выказваў ягоных паглядаў, але нават і не быў чытаны ім. Імя паэта было вялікае, і ім злоўжывалі.

+++

На другі дзень вайны я выйшаў з 21-й сярэдняй школы, якая стаяла на рагу Савецкай і Пралетарскай вуліцаў. Неспадзявана насустрач мне - Я. Купала. З апушчанай галавою. I з неразлучнай палкаю-крывулькаю. Вочы - стомленыя, засмучаныя. Ён прыстаў мо толькі на хвілінку. Кудысь спяшаўся з дому.

Мне здалося, што ён не гаварыў, а ціха скардзіўся.

Толькі што вярнуўся з Рыгі, куды ездзіў на з'езд пісьменнікаў Латвіі. Па дарозе дадому затрымаўся ў Вільні, дзе да гатэля, у якім ён спыніўся (з ім былі таксама М. Лынькоў і П. Броўка), прыйшла дэлегацыя віленскіх беларусаў, але сакратар ЦК Ц. Гарбуноў, які ўсю дарогу іх суправаджаў, дэлегацыю не дапусціў.

Я. Купала быў дужа паранены гэтым выпадкам. З Менска збіраўся ехаць на сваю дачу ў Ляўкі.

Калі ён адышоў, я яшчэ колькі часінаў стаяў, праважаючы яго вачыма. Я бачыў, як ён мінуў педагагічны тэхнікум, дзе ў 20-х гг. працаваў Я. Колас, і крута на пад'ёме вуліцы пачаў падымацца ўгару, насустрач нерухомым слупам чорнага дыму, што стаялі над загарадным аэрадромам. Ужо пазней я не раз думаў: была якаясь таямнічая сувязь паміж тымі слупамі чорнага дыму і хуткай пасля таго трагічнай смерцю Я. Купалы.

+++

Ад тых часоў ужо шмат разоў ападала лісце з дрэваў... I Я. Купала і Я. Колас даўно памерлі. Але мне думаецца, што іхная смерць - гэта толькі пачатак іхнай несмяротнасці .

МАСЕЙ СЯДНЁЎ
Юбілейныя сустрэчы (Зблізку ад Коласа і Купалы)

1

Можна смела сказаць, што Я. Колас і Я. Купала адразу ж, яшчэ ў школьныя гады вызначылі ў ладнай меры маю жыццёвую пуцявіну - у нацыянальным і літаратурным сэнсе. Праўда, тое "нацыянальнае" тады не ўсведамлялася: яно было самой існасцю. Уважаю, што калі каго трэба ўсведамляць, дык гэта ўжо не зусім добра само па сабе - такая "ін'екцыя" не заўсёды ўдаецца. I мяне ніхто не ўсведамляў. Я самаўсведаміўся. I ўсё ж немагчыма ўявіць майго самаўсведамлення без Коласа і Купалы.

Я паставіў Коласа на першае месца. Думаю, што ўздзеянне Коласава на школьнікаў большае, чымся Купалава. А калі вы і самі спрабуеце пісаць, дык гэта яшчэ тым больш зразумела: у Коласа (празаіка і паэта) ёсць вобразы, сіла ўздзеяння якіх досыць вялікая і прывабная, каб загаварыць маладога летуценніка. Вы можаце ўявіць сябе Сымонам-музыкам з усёй ягонай рамантычнасцю. Больш эмацыянальнага вобраза, чымся Сымон-музыка, цяжка знайсці ўва ўсёй беларускай літаратуры. Дый не толькі ў беларускай. Вы можаце ўявіць сябе, нарэшце, Сцёпкам за парогам (так завецца другая частка Коласавага твора "На прасторах жыцця"). Асабіста я плакаў, чытаючы гэтыя творы, хоць мне цяпер і сорам за тыя слёзы. Сам толькі партрэт Коласа (у чытанках, на сценах у школе) "валодаў" мною цалкам.

Купала дайшоў да мяне пасля і заняў Коласава першае месца, не ведаю, чым і як. Кажуць, незагартаваная сталь яшчэ не сталь. Дык вось Купала гартаваў мяне - пад кожным паглядам. Я не хачу, аднак, сказаць, што з мяне выйшла загартаваная сталь.

Падагульняючы - Я. Колас і Я. Купала былі для мяне болей, вышэй, чым літаратура. Ніводзін з самых вялікіх класікаў свету, якіх я тады ведаў, не прамаўляў да мяне так, як яны. Помню, я зусім холадна ўспрымаў Пушкіна і Лермантава. Першая кніжыца Пушкінава, якую я прачытаў,- "Песни западных славян"- так і засталася незразумелай для мяне, і я дзівіўся, што яе напісаў Пушкін. Пушкін і Лермантаў былі для мяне толькі імёнамі, хоць тое-сёе з іхнага я ўжо і чытаў тады. Без Коласа і Купалы немагчыма ўявіць нашай Бацькаўшчыны, немагчыма пазнаць сябе. Для мяне, як нейкага Сымона-музыкі, што хацеў ляцець у свет,- Колас і Купала былі ўзлётам, песняй, наймацнейшым жаданнем і самым тым светам, у які ішоў, але які быў яшчэ недзе далёка, за даляглядам.

Можна ўявіць сабе маё жаданне пабачыць Коласа і Купалу зблізку (не гавару "жывымі", бо такімі яны былі для мяне заўсёды), калі я апынуўся ў Менску, пра які я сніў, як пра Мекку, і які, здавалася мне, выясніць маю долю на шляху Сымона-музыкі. I Менск сапраўды вызначыў маю долю. Але гэта іншая тэма.

Першая, найлепшая нагода пабачыць Коласа і Купалу выдарылася мне ў часе іхных юбілеяў у сувязі з 30-годдзем літаратурнае дзейнасці, адзначаных адзін па адным, урачыста, шырака. Я і перад тым бачыў ужо іх у Менску, але толькі назіркам: за Купалам аднойчы цёгся па Савецкай, каб разгледзець яго, Коласа ўгледзеў, калі ён ішоў з Акадэміі навук узімку ў высокай шапцы. Але гэта ўсё за сустрэчу я не ўважаў.

Дык пра іхныя юбілеі.

Пасля таго як яны адбыліся "афіцыйна" ў менскім тэатры БДТ-1, юбіляраў пачалі запрашаць "прадпрыемствы і ўстановы". Запрасіла іх і нашая ўстанова - Вышэйшы педагагічны інстытут (ВПІ), спачатку - Янку Купалу.

Актавая зала галоўнага корпуса універсітэцкага гарадка поўная студэнтамі. Вечар. Я сяджу на сцэне, недзе на апошняй лаўцы. Наперадзе, за сталом,- Купала разам з "галоўкай" інстытута. У сярэдніх радах - выкладчыкі і іншыя, усяго чалавек 35. Я трапіў на сцэну, у "прэзідыум", як чалавек, які будзе таксама вітаць юбіляра. "Лішніх" у "прэзідыум" не бяруць. Пасля афіцыйных прывітанняў з дакладам пра творчасць юбіляра выступіў акадэмік I. Замоцін. Заміж Янка Купала, ён часамі гаворыць Янка Купала. Я сяджу і чакаю свае радоўкі, пакуль пачнуць вітаць ад студэнтаў. Усе, хто на сцэне, нешта мусяць сказаць. Назіраю, як пасля прывітання падыходзяць да Купалы, каб паціснуць яму руку, вучуся. Некаторыя, відавочна, блізка знаёмыя Купалы, пасля прывітання ў дадатак яшчэ цалуюць яго ў шчокі, абняўшыся, старым звычаем. Я разважаю, ці падыходзіць мне да Купалы пасля вітання ці яе? Не падысці - можа, будзе няветліва. А як падысці, калі баішся? Пра тое, каб пацалаваць яго ў шчокі, пэўна ж, нават і думкі не было. Нарэшце даюць і мне слова. Іду да трыбуны. Заміж прывітальнай прамовы дастаю з кішэні верш. Абвяшчаю назоў не зусім пэўным голасам: "Янку Купалу", а сам ледзь стаю на нагах. "Што падумае Янка Купала?" Пачынаю, набраўшыся духу, чытаць. Верш - усяго, здаецца, тры звароткі - прачытаўся хутка. Чакаю, замёршы, як сустрэне сама зала. I вось - энтузіястычныя воплескі (мусіць, болей таму, што я "свой"). У ненаважанасці стаю каля трыбуны, не ведаючы, што рабіць далей: Ці падысці да Купалы, ці сесці на свае месца? Павярнуўшыся тварам да Купалы, але як укопаны стаю ўсё яшчэ ля трыбуны. Тады Купала, відавочна бачачы маю сарамлівасць і страх, узняўся і сам першы працягнуў руку ў кірунку да мяне. Я ўжо смялей, хоць усё яшчэ збянтэжаны, зрабіў тыя колькі крокаў, на якія не ставала адвагі раней. Не глянуўшы ў вочы, паціснуў Купалаву руку, хацеў ужо пайсці на свае месца, як, на немалое здзіўленне "прэзідыуму", Купала паціснуў мяне за плячо і пасадзіў каля сябе. Радасці, гордасці мае не было канца, хоць і прасядзеў я ўвесь час каля Купалы моўчкі.

Прысвечаны Я. Купалу верш быў надрукаваны ў "Полымі рэвалюцыі" (цяпер "Полымя"). У бібліятэцы Імя Пушкіна ў Менску на выстаўцы, прысвечанай Купалу, гэты юбілейны нумар быў адкрыты маім вершам, і я цэлы тыдзень хадзіў туды, каб паглядзець на яго. Як потым я даведаўся, разгарнула гэты часопіс сама Купалава жонка, якая працавала тады ў гэтай бібліятэцы і зладзіла купалаўскую выстаўку.

З юбілею ў ВПІ Купала запрасіў увесь "прэзідыум" да сябе ў госці. Я. Купала быў заняты гасцямі, і я не меў выпадку загаварыць з ім, хутчэй хацеў пайсці дахаты, але не ведаў як, і ўсё сядзеў, і ўсё чакаў канца. Як бы за ўсе мае пакуты ў канцы я быў шчодра ўзнагароджаны: Купала на развітанне падараваў мне колькі сваіх кніжак з аўтографам.

Колькі часу пасля, калі я быў арыштаваны, памятаю, на допыце ўначы мой "следчы" Цімафееў, разглядаючы падараваныя мне з подпісамі кнігі, забраны" разам з іншымі маімі рэчамі пры арышце, іранічна папытаўся: "Што гэта, Янка Купала ваш хросны бацька?"-Як я ганарыўся тады гэтымі словамі майго "следчага"!

2

Сустрэча з Коласам была таксама юбілейная. Юбілей Коласаў быў ужо не ў актавай зале, а ў нейкай аўдыторыі, меншай за актавую залу. Юбілей быў сціплейшы за Купалаў, і мне здавалася, што Колас, хоць не быў на Купалавым юбілеі ў ВПІ, вычуваў гэтую сціпласць і быў таму як бы не ў гуморы. Мне асабіста было крыўдна за Коласа. Пра юбіляраву творчасць гаварыў усё той жа I. Замоцін і гэтаксама, як і ў выпадку Купалы, імя Коласава вымаўляў не як Якуб Колас,. а як Якуб Колас. У "прэзідыуме" было ўсяго колькі чалавек. Я сядзеў з Коласавай жонкай на адной лаўцы, на нейкіх падмостках. Не ўмеў з ею гаварыць, як і з Купалам у "прэзідыуме". Сын Коласаў, студэнт БДУ, палыселы ўжо, сядзеў на першай лаўцы доле. Здаецца, ці не гэты сын Коласаў загінуў у часе вайны пад Смаленскам, і страту яго Колас цяжка перажываў, як гэта відаць з лістоў ягоных да Броўкі і іншых, апублікаваных у "Полымі".

Пасля казённых прывітанняў я выступіў з вершам Я. Коласу. Калі я прачытаў яго і сеў зноў побач Коласавай жонкі, яна падзякавала за верш і назвала яго "сардэчным" (верш быў надрукаваны потым у газеце "Літаратура і мастацтва"). Дарма што я цэлы вечар праседзеў з Коласавай жонкай, я нічога не здолеў бы сказаць пра яе: як яна выглядала, якая яна наогул, я толькі памятаю той голас яе, з якім яна сказала "сардэчным". Я не чуў, не бачыў яе, я глядзеў увесь час на Коласа, асабліва тады, калі ён чытаў свае вершы, на жаль, казённыя толькі. Але ўсё роўна, вобраз Коласаў застаўся для мяне ўсё тым жа: недасягальным, непера-вершаным, занадта апаэтызаваным, каб ставіцца да яго крытычна. Чытаў Колас трохі пісклява, але лепей, чымся Я. Купала. Калі Купала чытаў, кожны ягоны радок, якраз на самай рыфме, як бы сцякаў з правага, ніжэйшага кутка вуснаў, Купала як бы цягнуў радок і пяяў.

З юбілею пайшлі ціха дахаты. На развітанне Колас паціснуў руку "прэзідыуму", у тым ліку і маю, падзякаваўшы за верш.

Той вечар застаўся ў мяне як нейкі развітальны, сумны, апошні. Адчуванне было не юбілейнае - кожны, здавалася, гэта вычуваў, а чаму, ніхто не мог бы сказаць.

Па нейкім часе я сеў у турму, у якой сядзеу некалі і Я. Колас. Колькі разоў я ўспамінаў Коласа, і заўсёды ад гэтых успамінаў мне было лягчэй. Я "ўзвышаўся", гарэў і гас, бадай шчаслівы. Шчаслівы, што ведаю гэтага чалавека, шчаслівы ў няшчасці той доляю "пяснярскай каляіны", якая напаткала мяне і за якую даводзіцца расквітвацца .

МІКОЛА ШЧАГЛОЎ (Куліковіч)
Мае ўспаміны(Янка Купала)

Праз увесь час свайго жыцця пад Саветамі Янка Купала, нібы човен на ўзбураным моры, то ўзнімаўся на хвалі, то ляцеў уніз. Бо не трэба забывацца на тое, што ў савецкую літаратуру Я. Купала прыйшоў як ужо ведамы змагар за нацыянальную беларускую справу, іншымі словамі, быў тым, каго тады ахрысцілі "буржуазнымі нацдэмамі" і каго тады так старанна выкарчоўвалі. Імя Купалы ўжывалася савецкімі валадарамі адно дзеля спекуляцыі, і былі моманты, калі Купала сядзеў у хаце, баючыся выйсці, і чакаў "чорнага ворана". I сапраўды ўсе сябры Купалы былі вынішчаны і загінулі або былі выкінутыя на выгнанне. Памятаю, як сёння, гэткія дні... Менск быў як у агні. Усе пахаваліся. У Саюзе пісьменнікаў - пустэльня. Немаведама адкуль з'явілася хутка, што вось-вось будуць арыштаваныя "старыя" (Купала і Колас). Чутка была гэткая ўпартая, што ей усе верылі. Верылі і, хвалюючыся, чакалі... Аднак мінула...

Але вернемся да Кастрычніцкае вуліцы. Уявім сабе ціхі летні дзень баз асаблівае гарачыні. I ў паветры і ў палітыцы як быццам усё добра. З палёгкаю дыхае савецкі Менск. Вы адчыняеце брамку купалаўскае сядзібы і ўваходзіце на пясчаны двор. Перад вамі, як бы пераразаючы ваш шлях, вырастае сцяна з рознакаляровых пышных, прыгожых і пахучых кветак, асабліва незвычайных, чароўных ружаў. Дзесьці каля гэтае жывое сцяны туліцца высокая, але трошкі пахілая постаць у заношанай марынарцы. Гэта і ёсць Янка Купала, ён штодня штосьці варожыць над сваімі кветкамі: папраўляе, падчышчае, перакопвае, падразае. Калі ўвайсці да яго ціхенька - ён і не чуе, не, ўзнімае галавы, заняты сваей справаю. Той, хто быў тут неаднойчы, ужо ведаў, што, значыцца, дзякуй Богу, усё ў парадку.

Мне асабіста заўсёды здавалася, што тут менавіта, сярод гэтых прыгожых кветак і зялёнага лісця, і прыходзіць да Купалы жаданая госця муза і што тут нараджаюцца ў паэта тэмы, метры, рытмы і рыфмы.

Другім месцам, што ведаў кожны, хто наведваў Купалу, быў ягоны сціплы кабінет з шафаю і палічкамі кніжак, з шырокім пісьмовым сталом і крэсламі, з канапаю, пружыны якой бачылі аж зашмат гасцей і начлежнікаў. Сюды ад кветак прыходзіў Купала, каб запісаць на шматку паперы думкі, папрацаваць над вершам.

Купала гаварыў мала і не любіў без патрэбы гаварыць. На сходках і нарадах, калі хто з кіраўнікоў яшчэ не ведаў гэтае ягонае рысы і намагаўся прымусіць Купалу сказаць прамову, гэта яму ніколі не ўдавалася. Тыя ж, хто Купалу ўжо ведаў, да яго наагул з гэткімі справамі не звярталіся. I ён быў на сходах у бальшыні адно пачэсным госцем.

Але калі Купала не ўмеў гаварыць, дык затое ўмеў слухаць. А да гэтага трэба таксама мець талент. Такога ўважлівага і адданага слухача, як Купала, я не сустракаў. Хацелася адкрыць яму ўсю душу, усе патаемныя думкі. Ягоны твар быў зарукаю, што твая тайніца будзем ім захаваная вярней, чымся ў цябе самога.

+++

У казках гаворыцца, што пры народзінах дзіцяці над калыскаю ягонай нахіляюцца добрыя варажбіткі, якія дораць дзіця рознымі талентамі. А ў адной я чытаў, што, калі ў нейкай сям'і нарадзіўся хлопчык, усе жадалі яму стацца і багатым, і вучоным, і змагаром, і толькі адна асоба пажадала хлопчыку вырасці проста чалавекам. Усе гэткія казкі вельмі падыходзяць да Купалы. На ягоных народзінах пры калысцы мусілі стаяць дзве варожкі: адна надарыла яго імем Чалавека, а другая - талентам паэта. Абедзве гэтыя годнасці так перапляліся ў Купалы, што цяжка іх адну ад адной адарваць. Ды і не трэба. Але паколькі тэму "Купала - Чалавек" ніхто чамусьці дагэтуль не закрануў ні на Бацькаўшчыне, ні ў нас, на эміграцыі,- мне ў маіх успамінах, як бачыце, даводзіцца на ей спыніцца.

Я ўжо казаў аб некаторых рысах натуры Янкі Купалы. Дадам адно крыштальную чысціню гэтага чалавека, суцэльнасць, неразменнасць ягонае натуры, чэснасць і высокую дабрароднасць. Ён быў сапраўдным арыстакратам духу. Ніхто не можа абвінаваціць яго ў здрадзе, у тым, што ён адрокся, пайшоў супраць сваіх братоў, што ён зганьбіў каго, зрабіў каму благое, падставіў каму нагу, наманіў каму, напаў на слабейшага, перайшоў каму дарогу, заскочыў, насмяяўся з каго. Не! Нават да ворагаў сваіх ён ішоў адкрыта, не хаваючыся, чэсна змагаўся.

Хто ж быў ягонымі ворагамі? Думаецца, што ўсе бліжэйшыя да Купалы людзі любілі яго. Народ глядзеў на яго з пачуццём ганарлівасці і адданасці. Але Купала сам добра ведаў сваіх ворагаў. Гэта былі тыя, хто імкнуўся паняволіць беларускі народ, зганьбіць яго, сцерці ягонае нацыянальнае аблічча, Купалавая чалавечая годнасць спалучалася з глыбокім і незвычайна вострым адчуццём сябе як прадстаўніка беларускае нацыі, які мусіць будзіць і весці наперад беларускі народ. Купала быў не проста рыцар духу, а рыцар-змагар за нацыянальную беларускую ідэю, Нацыянальны Беларускі Герой.

Другая варажбітка з казкі, што мусіла надарыць Купалу паэтычным талентам, зрабіла не менш за першую. Я. Купала стаўся паэтам з Божае ласкі. Сціплы, стрыманы, негаваркі - дзе ён знаходзіў столькі словаў? I якіх словаў! Слова Купалы было перуном, маланкаю, гудзела вечавым звонам, палыхала полымем і ў той самы час цвіло маладым каханнем, атуляла матчынаю пяшчотаю., Слова Купалы заклікала да змагання І перамогі, да жыцця і да ахвярнасці. I ўсе гэтыя словы Купала чэрпаў з крыніцаў народнае мудрасці, з гісторыі народных змаганняў, з глыбінь душы беларускага народа.

Тэматыка Купалы здзіўляе нас сваім незвычайным багаццем, разнастайнасцю, шматграннасцю. Ен адказвае на кожнае пытанне, на кожны настрой.

I колькі раз я пераглядаю купалаўскія вершы - я заўсёды чытаю іх як новыя, знаходжу ў іх кожны раз штосьці нязгледжанае раней, штосьці іншае. Вершы Купалы жывуць, хай плыве год па годзе. Яны заўсёды - сучасныя. Мала гэтага... У адным вершы Купала робіць героем песняра, што стаўся прарокам. Ніхто не памыліцца, калі скажа, што тэты герой, пясняр-прарок і ёсць сам Купала. Я прабаваў пераглядаць вершы Купалы, што былі напісаныя ім яшчэ перад першай сусветнай вайной. I што ж? Яны ў бальшыні сваёй такія сучасныя, што яшчэ мацней уздзейнічаюць на чытача сёння, чымся тады, калі пісаліся. Быццам Янка Купала сваімі прарочымі вачыма ўжо даўно прадбачыў тую чорную пару, што перажывае цяпер наша Бацькаўшчына.

+++

Каля 1935 года човен Купалавага жыцця ўзняўся зноў угару. Партыйнае кіраўніцтва БССР выдае ў гэтым годзе дырэктыву абыходзіць 30-гадовы юбілей нашага песняра. А партыйная дырэктыва - гэта не жарты. Хочаш ці не, а мусіш рабіць. Хай гэты юбілей будзе пасля паховінаў ці, наадварот, паховіны пасля юбілею - што загадвае партыя, тое і мае быць. Па твары будучага юбіляра - Янкі Купалы - аніяк не можна было пазнаць, што гэтая пастанова прыйшлася яму да густу. Наадварот, твар паэта быў неспакойны, усхваляваны, быццам гаварыў: "Ой, браточкі, не націскайце вельмі. Я б лепш... таго... гэтага..." Але хто ж слухае ў Саветах самога юбіляра? Ён тут нявольнік, як і ўсе. Голас мае адно сапраўдны гаспадар - ЦК партыі. I хай ЦК - зусім не юбіляр, і пісаў купалаўскія вершы не ён, а Купала... але ўся пашана і гонар належыць як-раз ЦК, таму што, як у нас казалі, "усе мы пад ЦК ходзім".

Надышоў нарэшце і юбілей. I было б усё, як у Саветах пры такой нагодзе належыцца, г. зн. пачэсны прэзідыум на чале з "вялікім, непараўнальным", тэлеграма "мудраму з наймудрэйшых" і да таго яшчэ "лепшаму сябру пісьменнікаў і паэтаў", рэфераты, прывітанні... і нуда, казённая аднастайнасць, рэгламентаванасць, аб чым не варта нават гаварыць,- каб не нечаканыя, хай дробныя здарэнні, няўвязкі, што патрапяць надаць колер і вастрыню нат гэткаму сухому юбілею.

Кампазітар Аладаў у гэтым часе скончыў пісаць вялікую кантату, ці араторыю, на тэкст Я. Купалы "Над ракой Арэсай". Ну, як не выкарыстаць такую удалую нагоду? Спяшаючыся, змабілізавалі сімфанічны аркестр, хор, салістаў - усё як належыцца. I паставілі араторыю на сцэне перад перапоўненай залай. У першым радзе, вядома, сядзеў сам юбіляр, Янка Купала, з прадстаўнікамі партыі і ўрада. На эстраду выйшаў аўтар - кампазітар Аладаў. Крок ягоны быў няроўны, усхваляваны. Справа ў тым, што яму даводзілася самому дырыжыраваць сваёй кантатаю, бо ніхто з іншых дырыжораў за гэта не ўзяўся.

Як кампазітар Аладаў быў дзіўнаю з'яваю. Вельмі добры музыка, з выдатнымі ведамі, ён, найбольш за ўсё баючыся "шаблону", выдумляў гэткае, што для нікога не было зразумелым - ні для выканаўцаў,; ні для слухачоў. Ды Аладаў гэтым ані трохі не бянтэжыўся і нікому ніколі на сваю непапулярнасць не скардзіўся. Пісаў і складаў свае творы ў шафу, гаворачы:

- Бетховена таксама пры жыцці не прызнавалі.

У сваім творы "Над ракой Арэсай" Аладаў пакінуў, аднак, Бетховена далека за сабой. Калі той пісаў сімфоніі ў чатырох частках, якія займалі з невялікімі перапынкамі гадзіну часу, дык Аладаў напісаў кантату на Купалаў тэкст, што цягнулася без усялякіх перапынкаў ажно дзве гадзіны. Ну, пакуль зала слухала аб старой беларускай вёсцы, дык яшчэ нічога. Праўда, крыху гаманілі, перакідаючыся жартамі што да постаці Аладава, ягоных вусоў, рук-ветракоў... Але калі справа дайшла да індустрыялізацыі БССР, да трактароў і камбайнаў, дзе Аладаў быў шчаслівы выліць усё сваё кампазітарскае "мудраванне", дык вытрымаць было ўжо немагчыма. Трамбоны раўлі, "бухалі" трубы, ракаталі фаготы, свісталі прарэзліва флейты, грымотныя літаўры і барабаны "наганялі" тэмпы "сацыялістычных" палёў... Кажуць, добра ўдарыць раз, другі, але калі грыміць бесперасціханку, робіцца няёмка нат найбольш вытрываламу. Пачуўшы роў і грукат, людзі ўсхамянуліся, спалохаліся, але пабачыўшы, што рову аркестра канца няма, пачалі нервавацца і выходзіць з залы ў фае. Спа-чатку цішком, баючыся, па адным, а пасля дык і з шумам, натоўпам. Пакуль "Арэса..." дайшла да канца, у зале блізу ўжо нікога не было... I толькі ў першым радзе адзін, пакінуты прадстаўнікамі, сядзеў Купала. Ён, што прывык глядзець на музычную творчасць як на таямніцу, на варажбу, спярша шчыра перажываў усе "выкрутасы" Аладава. Потым пачаў хвалявацца, што ўсе выходзяць... Выйсці самому не выпадала: для яго ж пісалася гэтая вялікая грымотная рэч з больш чым соткай чалавек удзельнікаў, што стаялі перад ім на сцэне. I Купала, вельмі наагул ветлівы, цярплівы, сядзеў, аж... пакуль не задрамаў. Ачнуўся Купала ўжо тады, калі ўсё скончылася і да яго падыходзілі Аладаў і выканаўцы з прывітаннямі і віншаваннямі. Нічога, аднак, не сказаў ім Купала, наадварот, дзякаваў і выказваў сваё задавальненне. I толькі жонка Купалава, стоячы ў дзвярах, вачыма кідала перуны і маланкі на Аладава, які якраз мінаў яе. Выгляд кампазітара быў жалю варты: чырвоны, спацелы, ён выціраў твар вялікаю каляроваю хусткаю і штосьці вурчэў пад вусамі. Купаліха заступіла яму дарогу і мілым, пяшчотным голасам, што так не падыходзіў да ейнага абуранага твару, звярнулася да Аладава са словамі:

- I што вам, дзядзька Мікола, зрабіў такога дрэннага мой Яначка? За што вы яго так зганьбілі?

Аладаў глянуў на яе, не разумеючы. Думаю, што словы Купаліхі да яго тады "не дайшлі" і ўсю іхную "соль" ён зразумеў адно тады, калі ў газеце "Літаратура і мастацтва" была змешчаная карыкатура, што ўяўляла Аладава, які сядзеў у велізарнай трубе, дзьмучы адтуль на Купалу, тады як публіка ўцякала ўва ўсе бакі...

+++

Успомніўшы пра жонку Купалы, не магу тут не адхіліцца на часіну ад юбілейных падзеяў, каб не сказаць аб ёй хоць колькі словаў.

Купаліха, або, як мы ўсе называлі яе, цёткаі Уладзя,- вартая гэтага. У жыцці Купалы яна згуляла вялікую і дабратворную ролю. Натуры мужа і жонкі былі якраз гэткія, аб якіх кажуць, што "процілежнасці зыходзяцца". Паколькі Купала ўсцяж аб нечым, здавалася, марыў ці летуцеў - Купаліха была, наадварот, уся тут, на нашай грэшнай зямлі. Яна ніколі не разгублівалася, умела ўсё датарнаваць да сваіх патрэбаў. Як яна давала сабе рады з часам, я не ведаю. Працавала цётка Уладзя ў дашкольных установах. Праца была няўдзячная, клапатлівая. Даводзілася цётцы Уладзі дзень па дні бегаць па дзіцячых дамах ці садках, па аддзелах асветы, па розных культурных установах, каб штосьці ўхапіць, штосьці здабыць дзеля палепшання долі беларускіх дзетак. Цётка Уладзя бегала па ўрадах, сварылася, дамагалася, нат часамі і крычала, выведзеная з цярплівасці бюракратычнымі ўрадоўцамі. Дзеці абагаўлялі, цанілі і любілі яе, як чулую маці. А побач з гэтым цётка Уладзя паспявала і па мужавых справах зайсці ў выдавецтва, у рэдакцыю, у Дом пісьменнікаў, а адтуль на рынак, у краму. На працягу дня яе можна было пабачыць у сямі-васьмі месцах. А ў хаце трэба было зварыць абед, памыць, папрасаваць, прыняць наведвальнікаў... Усё гэтае яна рабіла без усялякае цяжкасці, напружанасці, нездавальнення, рабіла лёгка, вясёла, з гумарам. Нават у цяжкія часы, якіх ці мала было ў жыцці Купалы, цётка Уладзя захоўвала бадзёры настрой. Цяжка сказаць, што б Купала рабіў без яе. Яна апекавалася ім не як жонка, а як маці, даглядала яго на штодня, а ў часы небяспекі падтрымлівала ягоны дух. На якой-небудзь урачыстасці прыемна і вясёла было сачыць за гэтаю параю. Наперадзе, бывала, ідзе цётка Уладзя, а за ей, іншы раз здалёку, цягнецца Купала, ён не любіў гэтых урачыстасцяў, прысутнічаў на іх толькі з абавязку, імкнуўся заўсёды кудысьці схавацца, сысці з людскіх вачэй, залезці ў куточак, стацца непрыкметным. Часта лавіў момант і паціху і зусім уцякаў дахаты. Яго шукаюць: "Янка Купала! Дзе Купала?" А ўжо і ягонага следу няма. Дык вось ідзе, бывала, гэткім чынам купалаўская пара. Людзей шмат. Купала не пхаецца наперад, стаіць ля дзвярэй, чакае. Цётка ж Уладзя кіне вокам у бок людзей і, усміхаючыся, кажа:

- Прапусціце, калі ласка, разумніка майго. А потым адвернецца да Купалы:

- Ідзі ж, Яначка, ідзі. Ды ты наперад, наперад. Чаго ж хаваешся? Ты ж, дзякуй Богу, Купала.

Усе навокал смяюцца і з падчыркнутай ветлівасцю прапускаюць Янку Купалу. А той міла ўсміхаецца і кіруецца наперад, паціскаючы рукі і вітаючыся з сябрамі ды знаёмымі.

Цётка Уладзя, як спрытна навучаны і вышкалены ад'ютант, заўсёды была каля мужа, калі гэтага вымагалі абставіны; калі ж прысутнасць ейная была непатрэбиая, дык яе, бывала, і не пабачыш. Купала дзяліўся з жонкаю ўсім і без ейнае парады стараўся не рабіць нічога.

Цётка Уладзя была ў сваёй хаце незвычайна гасціннаю, ветліваю, шчыраю. Любіла запрасіць добрага чалавека, пачаставаць, пагутарыць з ім. Яна ўмела стварыць такі настрой, што госць адчуваў сябе лёгка, прыемна, як у собскай хаце... Думаецца, што ўвесь Менск ведаў цётку Уладзю і любіў яе і за яе самую, і за Купалу.

+++

Вяртаючыся да юбілейнае ўрачыстасці.

Не ведаю, чыя гэта была думка перанесці заключную юбілейную вечарыну ў хату самога юбіляра. Думка, праўда, была б зусім не дрэнная, каб усё ў Саветах не мела свайго адваротнага боку. Радыёкамітэт да гэтае выдумкі дадаў сваю: перадаць з кватэры Купалы прабег святкавання на ўсю БССР. На гэтую пару радыё-перадачы беспасярэдня з кватэраў былі ў БССР "цудам тэхнікі" і таму знайшлі падтрыманне і ў партыйных колах.

Дык вось запрошаныя госці накіраваліся ў знаёмы ўжо нам купалаўскі дамок. Увайшлі... і "ах" ды "ox"! Бачаць, ува ўсю шырыню пакоя стол стаіць. А на белым-белым абрусе, Божачка ты мой, чаго, чаго толькі няма! Закускі і халодныя і гарачыя, далікатэсы аж да чорнае ікры, садавіна, тарты, усялякая гарэлка, віны, лікёры. Хоць людзі былі запрошаныя ўсё пачэсныя, але бальшыня з іх даўно ўжо не бачыла і не каштавала такіх незвычайных прысмакаў. З вясёлым гоманам пачалося шуканне сваіх карткаў, і нарэшце ўсе занялі месцы. Але тут пачуўся голас:

- Таварышы! Нашае юбілейнае паседжанне будзе транслявацца па радыё на ўсю БССР. Таму папрашу быць дысцыплінаванымі і захоўваць парадак і прадугледжаны рэгламент. Зараз уключаецца мікрафон.

Тут толькі госці пабачылі на стале чорны, з серабранымі беражочкамі чатырохвугольнік - мікрафон. Ну, а калі мікрафон, дык, значыцца, і кантроль, цэнзура, органы НКВД. Без паперкі, якая дазволеная і падпісаная ўпаўнаважаным Галоўліту, ніводнага слова не дадуць сказаць перад мікрафонам, нават сябру Палітбюро.

Пабачылі, што на акне стаіць яшчэ і апарат, што памацняў гук, а пры ім тэхнік, а побач з ім яшчэ нейкая незнаемая постаць...

Госці ў імгненне згубілі святочны настрой, які вылецеў з пакоя, як гукі з Аладавае трубы. Стол змяніўся адно ў вітрыну савецкага універмага, на якую можна толькі глядзець, а купіць - нічога не купіш.

Юбіляр-Купала меў найсумнейшы ад усіх гасцей выгляд. Перад ім паклалі жмут друкаваных паперкаў. Гэта была "ягоная прамова", што напісалі спрытныя і дасужлівыя партыйныя рэдактары і якую ён мусіў выдаць за "свае" - адданыя партыі і правадыру словы ўдзячнага і шчаслівага юбіляра.

Усё пайшло паводле загадзя зацверджанага рэгламенту. Але было гэткае нуднае, вялае, нецікавае, што нават тыя, каму "ведаць належала", затурбаваліся, каб радыёслухачы не зрабілі якіх непатрэбных выснаваў з "хаўтурнага настрою" юбілейнага банкету, і неўзабаве загадана было спыніць трансляцыю. Тэхнік з апаратам і постаць незнаёмага зніклі. Мікрафон усё-ткі пакінулі на стале (ужо без дратоў) дзеля больш урачыстага выгляду. Усё гэта было зроблена неўпрыцям, але людзі даведаліся аб "вызваленні". А калі яшчэ і "правадыры" неўзабаве павыходзілі, твары аджылі, павесялелі, рукі пацягнуліся да чаркаў... і пачаўся ўжо сапраўдны юбілей нашага паэта. Святкавалі ўсю ноч. Было вясёла: гулялі, віншавалі, уздымалі, тосты, абдымаліся, жартавалі, чыталі вершы, спявалі песні.

Мінула колькі год. I калі ў 1935 годзе Купалу частавалі, дык у 1937 годзе човен ягонага жыцця паляцеў стрымгалоў уніз, ледзь-ледзь не затануўшы. Але навальніца мінула яшчэ раз, і ў 1939 годзе Купалаў жыццёвы човен ізноў узняўся на паверхню.

Станцыя Менск. Адсюль каля 11-е гадзіны ўвечары штодня адыходзіць кур'ерскі цягнік на Маскву. Хай у Саветах усе роўныя, няма ні багатыроў, ні беднаты, але цягнік гэты не для звычайных грамадзянаў шчаслівае Краіны Саветаў. Яны да яго не пасуюць ані кішэняй, ані выглядам. У ім ездзяць звычайна партыйныя і савецкія кіраўнікі ды савецкая "галоўка". Мяккія вагоны, рэстаран... Што зажадаеш - усё пад рукой; адно спытай - усё, калі ласка.

У гэты вечар на станцыі - натоўп. I ўсё больш "багема" - пісьменнікі, маляры, кампазітары, акторы. Яны выпраўляюць у Маскву на тыдзень беларускае літаратуры сваю беларускую дэлегацыю. Настрой у ўсіх усхваляваны. Шумная гаворка, смех, перакрыкванні намагаюцца пакрыць збянтэжанасць, няпэўнасць... Нарэшце - званок. Пад развітальныя пажаданні, маханне хустачкаў і капелюшоў цягнік нячутна і плаўна адрываецца ад дэбаркадэра і, набіраючы хутчыні, імкне ў далячынь. У адным з міжнародных вагонаў раскладаецца нанач беларуская дэлегацыя. Тут Купала, Колас, Бядуля, Броўка, Глебка - асноўны і галоўны касцяк, што будзе рэпрэзентаваць у Маскве беларускую літаратуру. А каб трохі развесяліць масквічоў, якія (як ні набліжаюць бальшавікі беларускую мову да расейскае) мала што з твораў нашых пісьменнікаў ухопяць, да дэлегацыі далучаныя два кампазітары - Шчаглоў і Любан, а таксама спевакі - Александроўская, Дзянісаў і Балоцін.

Едзе і яшчэ колькі асобаў. Ролі падзеленыя гэтак: пісьменнікі маюць чытаць свае творы, кампазітар Шчаглоў - граць на фартэпіяна свае апрацоўкі беларускіх песняў, спевакі - спяваць розныя рэчы на тэксты беларускіх паэтаў.

Стукацеў мерна цягнік. I што казаць - стукацелі і нашыя сэрцы. Як там будзе? Я з Бядулем выйшлі на калідор і сталі ля акна. Неўзабаве з купэ выйшаў Купала і спыніўся каля нас. Так утрох мы моўчкі глядзелі праз шырокае акно ў цемру начы. Купала выняў з кішэні цыгарэтніцу, пачастваў нас і сам закурыў. Агеньчыкі маленькімі знічкамі адбіваліся мітусіліся на шкле. З канца вагона далятаў перакатамі гучны смех: гэта Любан расказваў свае анекдоты.

Падарожжа кур'ерскім цягніком - хуткае. Пакуль пагутарылі, памарылі, паспалі - ужо і раніца. Давялося ўстаць, прыбрацца ды ісці снедаць. Вагон-рэстаран у гэтым цягніку быў дарагі, але ўсё ў ім было. Нарэшце пачало выплываць з ранішняе імглы тое, што даўней звалася "золатагаловаю", а сёння "чырваназорнаю" Масквою. Пачалася мітусня. Цягніковае радыё, хрыпата надрываючыся, захлыналася вядомаю абрыдлаю песняй "Широка страна моя родная"... Цягнік падыходзіў да станцыі. Вось яна - Масква, сядзіба тых, што столькі год ужо панявольваюць Беларусь.

Не паспеў наш вагон як след спыніцца, як насустрач нам лынула шумлівая група вясёлых людзей з бярэмамі краскаў у руках. Гэта былі маскоўскія пісьменнікі Катаеў, Гарадзецкі, Суркоў, Нікулін ды інш. У непарадку, мітусліва размясціліся па аўтах і з гудкамі панясліся да былога Ахотнага рада, дзе цяпер быў пабудаваны новы гатэль "Москва".

Вось сюды і прывезлі нашу дэлегацыю. Афармленне пакояў, запаўненне даўгіх анкетаў (без гэтага ў Саветах кроку не ступіш), здаванне пашпартоў - усё гэта заняло ці мала часу. Масквічы пакінулі нас да веча-pa, калі быў вызначаны банкет у клубе пісьменнікаў. Мы ж - хто галіцца пайшоў, хто на пошту паведаміць хатніх аб шчаслівым прыбыцці ў чырвоную сталіцу, хто купіць якую драбніцу, хто Маскву паглядзець.

Неўзабаве надышоў вечар. Трэба было ехаць на банкет. Мы зайшліся па Купалу. Ён стаяў у сваім пакоі каля акна і глядзеў на мігатлівую агнямі, вячорную рухлівую сталіцу. Спыніліся за ім і мы. Хтосьці кінуў: "Прыгаство!" Ды ні Купала, ні мы не маглі прадбачыць у гэты вечар, што і гэтае "прыгаство", і гэтая самая "Москва" будуць яшчэ сведкамі апошняе трагедыі Купалы.

Праз гадзіну мы былі на Арбаце. Арбат - раён Масквы, дзе жылі калісьці багацейшыя масквічы, арыстакраты... Забудаваны ён быў прыгожымі, розных стыляў будынкамі. У адным з гэткіх "панскіх" асабнякоў абсталяваўся клуб і Саюз пісьменнікаў СССР. Нас чакалі і неўзабаве запрасілі да стала. Пасярэдзіне пасадзілі Купалу, побач са старшынёю Саюза Фадзеевым. Фадзееў і ўзняў першы тост за беларускую літаратуру і "ейнага лепшага апекуна і натхніцеля... мудрага з наймудрэйшых". Рэшта была такая, як гэта звычайна бывае на савецкіх банкетах. Сардэчна, як, зрэшты, было загадана, прамаўляў Гарадзецкі, добрую прамову сказаў Катаеў. Сівавалосы "камсамолец" Безыменскі, падобны да пратадыякана, грымеў магутным голасам на ўсю залу. Хацелася смяяцца, гледзячы на паэтку Веру Інбер, што, старая і размаляваная, як танны абразок, сакатала, бы птушка, удаючы наіўнае дзіцянё...

Тыдзень беларускае літаратуры пачаўся паседжаннем праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаным "брацкай культуры БССР, што з дапамогаю вялікага расейскага народа выйшла на ўзровень перадавых культураў". Вёў паседжанне сам старшыня Фадзееў. Відаць, згары было загадана, каб на пахвалы не скупіліся, асабліва Купалу. А тады пачалася праца. Дзеля гэтага было вызначана колькі месцаў: Політэхнічны інстытут, Маскоўскі універсітэт, Дом Чырвонае Арміі... Удача ўсюды была вялікая. Хочацца трохі спыніцца тут на нашым выступе ў Політэхнічньш інстытуце - найбольш знаным і папулярным будынку для навуковых, музычных і грамадскіх рэфератаў, лекцыяў і дакладаў. Праз эстраду Політэхнічнага інстытута прайшло ці мала выдатных людзей. Тут у рэвалюцыю грымеў Маякоўскі, што сваёю пастаццю і модным голасам (а таксама і сталёвымі кулакамі) "граміў" ясеніншчыну, дэкламуючы:

В нашей жизни умереть не ново,

Сделать жизнь значительно трудней,

што не выратавала, аднак, і гэтага "лепшага паэта нашае эпохі", як ахрысціў Маякоўскага Сталін, ад капітуляцыі перад жыццём і самагубствам.

Цяпер на гэтай самай эстрадзе давялося выступаць нашаму Янку Купалу. Ён ані не быў падобны да Маякоўскага і стаяў перад залай з пахіленай галавою, ціхенька, аднаму хіба сабе чытаючы свае вершы. Велізарная зала была паўная, аж трашчала.

+++

Колькі тыдняў пасля пераходу мяжы савецкімі войскамі ў 1939 г. вялікі аўтатранспарт "зісаў" і "эмачкаў" адышоў пад вечар ад будынка менскага ЦК. Ехалі гэтым транспартам колькі адказных прадстаўнікоў партыі і даволі вялікая група беларускіх мастакоў - кампазітараў, актораў ды пісьменнікаў. Заданне гэтае групы было яснае, чыста прапаганднае - пазнаёміць грамадзянаў Заходняе Беларусі з Савецкаю Беларуссю.

У гэтай групе апынуўся і Я. Купала, а з ім пашчасціла ехаць і мне. Настрой у нас усіх быў крыху ўсхваляваны, бо каму ж не хацелася пабачыць тое нядаўняе яшчэ "замежжа", што, недаступнае пару тыдняў таму, сталася цяпер неад'емнаю часткаю нашае БССР.

Ужо цямнела, калі мы мінулі былую дзяржаўную мяжу Польшчы ў Негарэлым. Нашаю мэтаю былі насамперш Стоўбцы. Дарога ішла лесам. Там-сям гарэлі вайсковыя вогнішчы, ад часу да часу то зблізку, то здалёку чуліся адзіночныя стрэлы. Мы ўсе прыльгнулі да вакенцаў самахода і пільна сачылі за навакольнымі краявідамі. Купала ажио рукамі абняў шыбу, нібы гэта магло дапамагчы яму лепей бачыць. Пачалі паказвацца вёскі. Купала штурхнуў мяне ў бок, быццам гаворачы: "Бачыш, братку?" Я, ведама, бачыў. Вёскі былі прыгожыя, чыстыя. Хаты добра крытыя, з выразанымі, маляванымі аканіцамі, добра зашклёнымі вокнамі, з вясёлымі гародчыкамі, поўнымі пышных вяргіняў і мальваў. Усё гэта было так не падобнае да бедных, шэрых калгасных вёскаў савецкае зямлі, што не заўважыць розніцы было немагчыма.

Да Стоўбцаў даехалі мы, калі ўжо зусім сцямнела. Нас падзялілі на невялікія групкі і пачалі размяркоўваць на ноч. Мне давялося зноў трапіць у аднух хату з Купалам. Мы меліся начаваць у аднаго настаўніка гімназіі - беларуса. ён меў кватэру з колькіх пакояў. Былі тут і кабінет, і зала, і сталовая, і спальня... Усё добра абсталяванае, з дыванамі, абразамі на сценах. Гаспадары замітусіліся, прырыхтавалі гарбату, сухарыкі. Гаспадыня вінаватым голасам перапрашала:

- Даруйце, госцейкі, цяпер вайна, у нас ужо цяжка што-колечы дастаць.

Купала ўстаў, выйшаў і праз колькі часінаў вярнуўся, паклаўшы на стале пакунак з булкамі, кілбасой і цукрам - увесь той запас, які ўдалося наскрэбці яму на дарогу цётцы Уладзі з "зачыненных размеркавальнікаў". Гаспадары, не ведаю, ці шчыра, ці толькі так, для вока, здзівіліся. Айзік Кучар, без якога, ведама, не абышлася нашая кампанія, з гонарам прамовіў: "У нас усё ёсць! Хутка і ў вас тутака ўсё чыста будзе!"

Пачалася на гэтую тэму даўжэйшая гутарка. Мы распытвалі гаспадароў аб іхным жыцці, яны пыталіся ў нас аб нашым. Гаспадар прызнаўся, што ён зарабляў каля 400 злотых і што, адлічыўшы ўсе выдаткі на кватэру і пражыццё, у яго заставалася каля 150 злотых у месяц. Грошы гэтыя складаліся, а ўлетку яны за іх ездзілі ў горы ці на мора адпачыць. Мы, як кажуць, і вушы развесілі. У нас настаўнікі таксама атрымоўвалі па 400-500 рублёў, але гэтага хапала ім з сям'ёй адно на хлеб ды бульбу.

Мы толькі глянулі адзін на аднаго. У нас мужчынскі гарнітур каштаваў не менш 1000-1500 рублёў. Тут, пабачыўшы нашыя невыразныя міны, Кучар пачаў ужо хлусіць без аніякага сораму:

- У нас таксама кожны працоўны мае ўсё неабходнае. Адклаўшы грошы, ездзіць на курорты, ходзіць ледзь не штодня ў тэатры, мае шмат вольнага часу...

Цяпер ужо гаспадары наставілі былі вушы і ўважліва заслухаліся ў Кучараву гутарку. Мы ж сядзелі моўчкі. Нам было сорамна глядзець адзін аднаму ў вочы. Выратаваў справу Купала, што, паклаўшы руку на плячо Кучара, прагаварыў тонам, якім гавораць дарослыя да недалеткаў:

- Ну, годзе, братку, байкі баяць, час і класціся. Гаспадары кінуліся слаць ложкі. Нас было шэсць чалавек, і кожнаму з нас знайшлося месца. Спалі гэтую ноч мы на чыстых, свежых посцілках, пад узорнымі, шоўкам пацягнутымі коўдрамі.

На другі дзень мы былі ў Беластоку, дзе спыніліся ў будынку былога ваяводства. Хутка пасля нас у Беласток прыехалі акторы. Мы выступалі на сцэнах Беластока, Горадні, Берасця і інш. гарадоў. Кучар кожны раз выходзіў насамперш з прамовай аб савецкай культуры, а потым ужо выступалі мы. Купала чытаў свае вершы. Чытаць ён вельмі любіў, асабліва калі быў у добрым настроі, хоць чытаў дрэнна, як, зрэшты, велізарная бальшыня паэтаў наогул. Купалаву манеру чытаць вельмі ўдала паказваў Любан, і Купала сам шчыра і вясёла смяяўся з наследавальніка, просячы Любана яшчэ і яшчэ паўтарыць, як гэта ён, Купала, чытае свае вершы.

Да Купалы на працягу ўсяго гэтага часу прыходзіла вельмі шмат дэлегацыяў, прасілі яго выступіць і тут і там. Але Купалу найбольш цягнула на родную Вілейшчыну. Аднак, хоць ён і абяцаў шмат каму прыехаць выступіць, хоць і вельмі хацеў наведаць родныя мясціны, яму нікуды не давялося паехаць. Аднойчы ж яго паклікалі ў партыйнае бюро і там "ветліва" папрасілі не даваць нікому ніякіх абяцанак, бо гэта... парушае план. Дзеля ж узгаднення Купалавых учынкаў з партийным планам... да яго прыдзяляецца сакратар Кучар. Гэткім чынам да Купалы быў прыстаўлены афіцыйны камісар. I Купала цяпер на ўсе просьбы і запросіны, адно сумна і збянтэжана ўсміхаючыся, адказваў:

- Ведама, я б вельмі цешыўся... ды вось не ведаю, як план у нас... Звярнецеся, бр (аткі, да майго сакратара.

Назіраючы за Купалам, я, ведама, усведамляў сабе той нутраны боль, што даўно быў звіўшы гняздо ў сэрцы паэта, але я не ведаў ягонае трагічнае тайны. Цікава, што нават ніхто з блізкіх, што ўсцяж былі з Купалам і, пэўна ж, бачылі гэтуго ягоную дзіўную задуму, не аддавалі ей належнае ўвагі. Адзін Самуйлёнак, што ведаў аб сваей цяжкой хваробе, ад якой не маглі яго ўжо выратаваць ніякія лекі, толькі Самуйлёнак, што стаяў ужо тады адною нагою на парозе смерці, першы, а мо і наогул адзіны, разгадаў, вычуў Купалаву таямніцу. Калі, бывала, Купала забудзецца аб навакольнай рэчаіснасці, засумуе, задумаецца, Самуйлёнак падыходзіў да яго, абымаў рукою і казаў:

- Нічога, стары, нічога.

Тады я не ўдумляўся ў гэты просты сказ, але цяпер перад маімі духовымі вачыма ўстае тое глыбокае, вусцішнае, таямнічае пачуццё "таго свету", якое ахапляла ў тыя часіны аж двух людзей з нашага асяроддзя.

Перад самаю вайною Купала выехаў з колькімі беларускімі пісьменнікамі ў Рыгу на з'езд латвійскіх пісьменнікаў. Калі нечакана пачалася вайна з немцамі і нам, выпадкам прысутным у Менскім Доме пісьменнікаў, палітрук Модэль абвесціў, што нямецкія самалёты ўжо бамбяць Беласток, Баранавічы і Берасце, мы ўсе былі як громам аглушаныя. Адразу ж успомнілі аб нашай дэлегацыі, якая магла трапіць у страшэнную небяспеку. Аднак лёс яшчэ раз ці злітаваўся, ці мо насмяяўся, хто ж гэтае ведае, з Купалы. Ён вярнуўся ў Менск, каб гадзіны праз дзве выехаць адсюль у сваё апошняе падарожжа ў Маскву. Па праўдзе кажучы, Купала не самахоць пакінуў родны Менск, наадварот, ён быў нават абвесціўшы сваім хатнім, што нікуды адгэтуль не паедзе, але яго станоўка, у вялікім паспеху, ледзь не сілком адгэтуль вывезлі, нат не даючы часу на зборы. Падарунак савецкага ўрада - аўтамашына Купалы, саслужыла яму ў гэтым апошнюю службу.

Больш я Янкі Купалы не бачыў.

Перад Купалам мы ўсе ў вялікім даўгу. Усе мы яшчэ замала ведаем і разумеем Купалу і як чалавека і як творцу Некаторыя ягоныя рысы робяцца зразумелымі толькі сёння, а ёсць, пэўна, і гэткія, што яшчэ толькі будуць зразумелымі.

Купала - усцяж поўная скарбніца нацыянальнага багацця вартая належнага пазнання і вывучэння. Постаць Купалы нагэтулькі магутная, што нат і фізічная смерць не патрапіць аддаліць, схаваць ягоны воораз перад вачамі беларускага народа, які вінен яму адно - незабыўныя памяць, пашану і гонар .

ЮРКА ВІЦЬБІЧ
Завулак імя Янкі Купалы

У нас, безумоўна, няма аніякіх падставаў, каб адчуваць крыўду да газеты "Новое русское слово". Газета гэтая, як падкрэслівае самая ейная назва, не беларуская, а расейская. Таму калі мы, беларусы, ведаем гісторыю і літаратуру Расеі, дык расейцам, а тым больш на эміграцыі, зусім неабавязкова цікавіцца гісторыяй і літаратурай суседняе Беларусі. Адсюль зусім натуральна, што, разгарнуўшы нумар "Нового русского слова" ад 12 лістапада г. г., мы пабачылі і вялізны артыкул "Силуэты старой Москвы" і бюлетэнь Керэнскага, або "Лиги борьбы за Народную Свободу",- "Грядущая Россия". А беларускае імя, такое дарагое ўсім нашым суродзічам ад калыскі да труны, мы знайшлі сярод абвестак. Там на бізнесавай старонцы побач з рэкламай расейскага кабарэ "Две гитары" мы заўважылі:

Книги из СССР

Е. Мозольков - Янка Купала. Жизнь и творчество. 181 ст. В переплете. Цена 75 центов. Книга посвящена родоначальнику белорусской литературы, поэту-революционеру, лауреату Сталинской премии.

Янка Купала як лаўрэат Сталінскае прэміі? З узварушанага паклёпам мінулага ўсплыла нізка жывых непасрэдных успамінаў.

1919 год. Вяліж. Былая мужчынская гімназія, перайменаваная ў 5-ю школу 2-й стунені. Сярод настаўнікаў яе асабліва вылучаецца Міхаіл Навіцкі. Пазней яго бальшавікі закатуюць ужо як протаіерэя за тое, што ён разам з мітрапалітам Мэльхісэдэкам падпіша ў 1924 г. зварот аб арганізацыі Беларускае аўтакафедральнае царквы. А цяпер ён кідае выкладаць расейскую мову і літаратуру і, насуперак праграм Наркомпроса РСФСР, чытае нам лекцыі па геаграфіі, гісторыі і літаратуры Беларусі. Аднойчы Навіцкі прыходзіць на лекцыю надзвычай усхваляваны і, разгарнуўшы апошні нумар "Правды", голасна чытае:

Демьян Бедный

Янкин голос соловьиный

Превратился в шип змеиный,

Да, в змеиный,

Да, в змеиный.

I, чытаючы, Навіцкі добрасумленна стараецца данесці да нас і падкрэсліць усю нянавісць крамлёўскага прыдворнага пісакі да нашага роднага паэты. З паўхвіліны ён маўчыць і раптам, узняўшы да гары рукі, з вялізным натхненнем чытае:

На сход, на усенародны грозны, бурны сход

Ідзі, аграблены, закованы народ!

Навіцкі чытае з такім пачуццём, што твар ягоны стаўся белым, але голас не згубіў моцы:

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,

Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі -

Аддаці ўсё на суд, на усенародны сход,

Ідзі, аграблены, закованы народ.

Навіцкі закрыў далонямі твар і хутка выйшаў, амаль выбег, з класа. Шмат разоў пазней чуў я, як чыталі "На сход" Янкі Купалы, але ніколі ён не прагучаў для мяне з такой сілай, як тады, у 1919 годзе, у старадаўнім беларускім Вяліжы, што сцякаў крывёю, змагаючыся з расейскім бальшавізмам.

1924 год. Віцебск, які пасля ўпартых цатрабаванняў насельніцтва толькі што далучаны да БССР. Педагагічны інстытут, у сцены якога зляцелася моладзь з усяе маляўнічае азёрнае Віцебшчыны - з берагоў азёраў Няшчэрда і Езерышча, з наддзвінскіх салатных вёсак, з яблыневых хутароў пад Бешанковічамі і Чашнікамі, з-пад Цяпіна, дзе тварыў калісьці Васіль Цяпінскі, з Полацка Францішка Скарыны. Успамінаецца літаратурны вечар, на які адмыслова запрошаны з Менска Янка Купала. Перад вечарам паэта з уласцівай яму сціпласцю звяртаецца з просьбай да пачынаючых пісьменнікаў з мясцовае філіі "Маладняка":

- Вы ўжо, хлопцы, як-небудзь без мяне. А я вось пасяджу ў прэзідыі і разам з усімі паслухаю вас. Га?

Аднак сталася зусім інакш. Калі перапоўненая да краёў аўдыторыя пабачыла свайго паэту, дык здалося - усе дзвінскія парогі ўварваліся ў залю:

- Купала! Янка Купала!!! Купала!!!

Паэта ўзняўся з месца і пачаў чытаць. Голас ягоны быў глухі, і чытаў ён свае творы заўсёды манатонна. Аднак ён заўсёды даносіў да слухача тое натхненне, у якім гэтыя творы нарадзіліся. Ён прачытаў толькі адзін верш, але трэ было мець вялікую мужнасць, каб прачытаць яго. На пярэдніх крэслах сядзелі мясцовыя камуністы. Значная частка іх пазней загіне ў савецкіх катавальнях за падтрымку, як адзначаць суддзі, мясцовага нацыяналізму. Але ж паміж імі сядзелі чэкісты, на руках якіх не высыхала беларуская кроў. Янка Купала не бачыў іх, калі чытаў:

Чужак-дзікун, крывёю упіўшысь свежай,

Запрог цябе ў няволю, ў батракі,

I тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,

Жывую рве на часці, на кускі.

I калі Янка Купала скончыў, дык зноў зашумелі ранейшыя дзвінскія парогі. Сінявокія студэнткі ў даматканай вясковай вопратцы, так-сяк пераробленай на гарадскі ўзор, падносілі яму звычайныя беларускія палявыя кветкі - васількі, рамонкі. А потым нечакана на крэсла ўскочыў высокі, дужы, зграбны юнак у вышыванай кашулі. Пазней ён - Сцяпан Такеля, як нацдэм знікае назаўсёды ў капальнях Сібіры. А цяпер ён запяяў - уся аўдыторыя падхапіла ягоны моцны голас:

Не пагаснуць зоры ў небе,

Пакуль неба будзе.

Не загіне Край забраны,

Пакуль будуць людзі.

1932 год. Менск. Дом пісьменніка. Ён двухпавярховы з мезанінам і падвалам. На гэтых двух паверхах месціліся рэдакцыі "Полымя рэвалюцыі" і "Літаратура і мастацтва", Літаратурны фонд, кабінет сакратара парткома Гурскага, кабінет старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР Клімковіча, зала для агульных пасяджэнняў і г. д. У падвале знаходзіўся рэстаран. У той самы дзень наверсе ў зале адбывалася агульнае пасяджэнне, прысвечанае абгаварэнню Сталінскае канстытуцыі . Адсутнічаць на такім насяджэнні не рэкамендавалася. Таму ўнізе ў рэстаране за адным з ягоных столікаў сядзелі толькі Алесь Дудар, Уладзімір Хадыка і Валеры Маракоў. Алесь Дудар незадоўга перад гэтым вярнуўся з ссылкі, якую адбываў за свой верш "Вецер з Усходу". Пазней яго расстраляюць. Таксама праз некалькі год жорсткая скала на беразе Байкала раздушыць у часе выбуху савецкага катаржаніна Уладзіміра Хадыку. Звар'яцее ў адным з сібірскіх лагераў Валеры Маракоў . А тады яны моўчкі пілі горкае піва. Час ад часу да іх даляталі зверху выкрыкі Клімковіча:

- Вялікі Сталін... Адзіная ў свеце Канстытуцыя... Вялікі брацкі рускі народ...

Маракоў адштурхнуў убок кухаль і, працягнуўшы да гары руку, амаль шэптам прыгадаў Блока:

Ты будешь доволен собой и женой,

Своей конституцией куцей,

А вот у поэта всемирный запой,

И мало ему конституций.

Нечакана адчыніліся дзверы, і ўвайшоў Янка Купала. Ён прыйшоў не з залы, бо на ягоным паліто яшчэ не паспелі растаяць сняжынкі. Трох маладзейшых паэтаў агарнула радасць. Яны цяпер тут не адны. З імі Янка Купала. Яны сустрэлі яго з тэй непаўторнай цеплынёй, з якой сустракалі толькі Янку Купалу. Крыху счакаўшы, Уладзімір Хадыка звярнуўся да яго з просьбай:

- Дзядзька Купала, прачытайце нам што-небудзь сваё новае.

I Купала прачытаў першы радзел свае новае паэмы "Над ракой Арэсай". Паэма была прысвечана будаўніцтву камуны на Палессі і з'яўлялася спробай паэты зразумець савецкую рэчаіснасць. Тры маладзейшыя паэты ніколі яшчэ нічога не чулі больш убогага па форме і па зместу. Ім сталася сумна і страшна. Ім сталася балюча за Янку Купалу. Скончыўшы, ён запытальна паглядзеў на іх, што стараліся не глядзець яму ў вочы. Яны вельмі любілі Янку Купалу, каб сказаць яму няпраўду. I тады ён хутка ўстаў.

- Дзякую за шчырасць,- падняўшы руку да паверхаў, дадаў:- А там ёю захапляюцца.

I раптам, ужо ўзяўшыся за клямку дзвярэй, звярнуўся да Алеся Дудара радкамі ягонага верша:

Ішлі людзі праз Себеж на захад,

Не згубіўшы, шукалі чагосьці.

I пад замчышчам сохнуць і чахнуць

Беларускія белыя косці.

Ніхто ніколі не бачыў, каб мужны, нягнуткі, зацяты Алесь Дудар плакаў, але тады, у той вечар, у тым сутарэнні Дома пісьменніка, ён плакаў.

1936 год. Менск. Той жа Дом пісьменніка. Толькі замест таленавітае сям'і беларускіх песняроў у ім засталіся толькі тымчасовыя недабіткі і "ўдарнікі, закліканыя ў літаратуру". У калідоры сустракаю Янку Купалу.

- Чуў, Юрка, што вы ездзілі ў Полацк,- кажа ён.- Я вось збіраюся туды і ніяк не збяруся. Раскажыце, што цікавага там бачылі?

Я расказваю, што, вандруючы па полацкіх вуліцах, зусім выпадкова трапіў на завулак імя Янкі Купалы. Ён маленькі і здаецца фіялкавым ад бэзу, што з абодвух бакоў звісае над ім. Ён парослы травой, бо канчаецца абрывам. А пад гэтым абрывам цячэ Палата - тая самая, якое дзеля "прозвашася полочане". Направа відаць старадаўняя царква Спаса, пабудаваная Ефрасінняй, князёўнай полацкай. Налева, за ўзвышшам Ніжняга Замка, выглядаюць купалы Святое Сафіі. А крыху далей, за Дзвіной, усталі сцяной лясы і пайшлі, пайшлі далека, далека, на дзесяткі кіламетраў аж да самых Браслаўскіх азёраў. I з аднаго боку канчаецца завулак імя Янкі Купалы Палатой, а з другога - вуліцай імя Міхаіла Калініна.

- Завулак Янкі Купалы?- здзіўляецца паэта.- Няўжо яшчэ яго не перайменавалі?

1941 год. Смаленшчына. Стромкі ўзгорак невядомае рэчкі. Пачатак другое сусветнае вайны. Гараць паводле сталінскага і гітлераўскага загадаў тысячагадовыя беларускія гарады. Адным з апошніх пакідае Менск Янка Купала. I вось у Смаленшчыны, на стромкім узбярэжжы невядомае рэчкі, ён вылазіць з машыны. Падышоўшы да абрыву, ён нізка, нізка, да самае зямлі, кланяецца Беларусі, ахутанай у незлічоны раз за сваю гісторыю вайсковым дымам. А потым, звярнуўшыся да прысутных, кажа:

- Лепш мне кінуцца ўніз галавой з гэтага абрыву, чым ехаць далей.

1942 год. 28 чэрвеня ў адной з маскоўскіх гасцініцаў нечакана памірае Янка Купала. Пройдзе час, і гісторыя падыме заслону, за якой памёр на чужыне, у эміграцыі, наш нацыянальны Прарок. Нам сёння ягоная смерць здаецца і перадчаснай і загадкавай. Усяго 10 дзён заставалася да ягонага 60-годдзя, і па самаму складу свае натуры ён належаў да людзей даўгавечных. Тым часам нам застаюцца толькі прыпушчэнні. Яшчэ ў 1930 г. Янка Купала спрабаваў забіць сябе... Магчыма, трапіўшы ў сталіцу турмы народаў, ён у стане душэўнай дэпрэсіі забівае сябе. А магчыма, яго забіў кат у белым доктарскім халаце. Сваіх паэтаў расейцы калісьці забівалі на дуэлях, а ў нашыя часы атручвалі медыкаментамі, дык ці можна чакаць ад іх літасці да небяспечнага чужога паэта.

1 ліпеня хавалі Янку Купалу. Цярушыў дождж. Па вузкіх завулках сунуўся чорны фургон. Сустрэчныя масквічы не звярталі аніякае ўвагі на убогую пахавальную працэсію. Чорны фургон рушыў паволі з целам вялікага Народнага Паэты Беларусі не да сцяны Крамля, дзе хаваліся вялікія людзі краіны. Хіба ж так хавае Масква сваіх адданых наймітаў - сапраўдных сталінскіх лаўрэатаў, як хавала Янку Купалу? Але дарма

Не зрабіць нікому гэткай дамавіны

I не вырыць ямы гэтакай глыбіны,

Каб у іх з вачэй мне Беларусю-Маці,

Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.

А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца,

Устане день з зямлі мой, на крыж абапрэцца

I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,

Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

Янка Купала як лаўрэат Сталінскай прэміі? Хлусня! Недарэчнасць! Мана! Янка Купала ў той ступені з'яўляецца сталінскім лаўрэатам, у якой Аляксандр Пушкін з'яўляецца толькі і вылучна камер'юнкерам "двора его императорского величества государя императора Николая Первого" .

1950 г.

АНТОН ЛЁСІК
З жыцця Язэпа Лёсіка

Змест маіх успамінаў аб брату Язэпу Лёсіку абумоўлены тымі абставінамі, пры якіх яны пісаліся. Справа ў тым, што сектар навуковых працаўнікоў у інспектарыяце школ паводле сваей ініцыятывы пастанавіў збіраць матэрыялы аб беларускіх дзеячах як ранейшых, так і сучасных. Гэта ініцыятыва была прынята і кіраўнікамі інспектарыята.

Выходзячы з гэтага, калі збіраць матэрыялы аб Язэпу Лёсіку, то зразумела, матэрыял гэты павінен даць, галоўным парадкам, абраз яго як дзеяча палітычнага ці грамадскага і навуковага, інакш кажучы, трэба было даць нарыс таго, што зрабіў Язэп Лёсік для Беларусі, беларускага народа і для беларускай справы наогул. Але мае 70 гадоў і стан здароўя, як чалавека, які ў сваім жыцці перанёс пяць разоў запаленне лёгкіх і ў бясконца цяжкую зіму не раз занепадаў, накіравалі маю думку ў іншы бок. 3 маёю смерцю шмат якія моманты з жыцця Язэпа Лёсіка засталіся б ні для кога невядомымі. А ён заслугоўвае таго, каб хоць галоўнейшае з жыцця ягонага захавалася ў памяці будучых пакаленняў, бо жыццё Язэпа Лёсіка можа мець і выхаваўчае значэнне. Гэта жыццё можна ахарактарызаваць адным словам - змаганне, змаганне з тымі перашкодамі, якія спатыкалі яго бадай што на кажным важным кроку ягонага жыццёвага шляху. I гэта змаганне загартавала характар Язэпа Лёсіка, дало моцу волі, упорыстасць у працы і вялікую працаздольнасць.

Беручы пад увагу, што аб грамадскай і навуковай дзейнасці Язэпа Лёсіка захавалася шмат матэрыялаў у друку ды, апрача таго, жыве нямала сведкаў яго дзейнасці, якія могуць ахарактарызаваць яе лепш за мяне, я наважыў пакінуць на памяць малодшаму пакаленню свае ўспаміны "З жыцця Язэпа Лёсіка".

Я спяшаўся, покі ёсць сіла,- занесці на паперу тое, што захавалася ў маёй памяці з жыцця брата Язэпа, галоўным чынам факты біяграфічнага характару, і толькі ў сувязі з гэтым закрануў некаторыя моманты з палітычнай і навуковай дзейнасці яго. Гэты свой нарыс "З жыцця Язэпа Лёсіка" я і падаю.

Язэп Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1884 г. у сяле Мікалаеўшчына Менскага павета, у сям'і селяніна. Ён быў малодшы з сямі братоў і апошняе дзіця ў бацькоў. Як самы малодшы ў сям'і, зразумела, Язэп быў пестуном маці і бацькі, братоў і сёстраў. Маленства Язэпа, значыцца, прайшло для яго добра, без усякіх турбот і асаблівых абавязкаў, бо былі старэйшыя браты, якія выконвалі ўсе гаспадарскія справы; нават не прымушалі Язэпа пасвіць гусі, што звычайна ўскладалася на малых. Язэп жыў вольна і праводзіў час як хацеў. Гэта трэба адзначыць, бо ў далейшым жыцці Лёсіка, бадай што на кажным важным кроку жыццёвага шляху, спатыкалі перашкоды і цяжкі лес.

Першы раз ён спаткаўся з такімі перашкодамі на экзаменах у Нясвіжскую семінарыю. Нягледзячы на тое, што Язэп быў здольны, добра скончыў народную школу І яшчэ два гады рыхтаваўся да паступлення ў семінарыю, яго ўсё ж такі "зрэзалі" на экзаменах, як у тыя часы гаварылі.

Прычынаю гэтай няўдачы Язэпа міжвольна быў я. Здарылася так, што інспектар народных вучылішчаў Т. з Менска на рэвізіі маёй школы ў Койданаўскай воласці ў 1892 г. зрабіў такі запіс у класным журнале: "Настаўнік не толькі не папраўляў вучняў, калі яны гаварылі па-беларуску, але і сам гаварыў па-беларуску, як, прыкладам: "пяць", "чытаць", "хадзіць" і г. д.". Значыцца, у віну мне інспектар паставіў беларускае цеканне і дзеканне, чаго не магла выбіць у семінарскіх выхаванцах ніякая русіфікацыя. Гэты запіс з дырэкцыі народных вучылішчаў пераслалі ў Нясвіжскую семінарыю, якую я скончыў. Дырэктар вельмі абурыўся. Гэтаму факту надалі палітычны характар. Раней адносіны дырэктара да мяне як да прыкладнага вучня былі вельмі добрыя.

Пасля прыведзенага факту гэтыя адносіны змяніліся на варожыя. Звычайна калі адзін брат вучыўся ў семінарыі добра, дык і другі мог лёгка вытрымаць экзамен. Так было б і з Язэпам, каб не выйшла азначанага здарэння са мною. У выніку такога здарэння са мною, Язэпа на экзамене "зрэзалі". Русіфікатар-інспектар не мог прадбачыць, што ягонаму сыну давядзецца вывучаць беларускую мову, а ягоным унукам - вучьщца ў беларускіх менскіх школах. Ужо першы крок Язэпа на ягокым жыццёвым шляху сустрэў вялікую перашкоду; Зразумела, гэта вельмі цяжка адбілася на хлопцы, які так імкнуўся да навукі і толькі марыў аб гэтым. У Далейшым нечага было думаць пра паступленне Язэпа ў Нясвіжскую семінарыю, трэба было ехаць у другую.

У 1898 г. Язэп без усялякіх перашкод паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Але ён быў юнак свавольны, не паддаваўся суроваму семінарскаму рэжыму, часта рабіў сутычкі з настаўнікамі. Такім парадкам у семінарыі Язэп стаўся за непажаданага выхаванца, і яго звольнілі з другога класа без права паступлення ў другія навучальныя установи. Таму яму не давялося скончыць семінарыі. Другі раз ён спатыкнуўся на сваім жыццёвым шляху. Калі Язэп вярнуўся з семінарыі дадому, у Мікалаеўшчыну, бацькі, асабліва маці, сустрэлі яго з вялікім жалем і сумам, іх апанавала несупыннае гора, і яны не ведалі, што з Язэпам рабіць, бо ад гаспадаркі ён быў зусім адарваны, а навука яго, на думку бацькоў, была скончана. Аб сваім горы бацькі напісалі мне ў Ноўгарад-Северск на Чарнігаўшчыне, дзе я быў за настаўніка гарадскога вучылішча. Я напісаў, каб Язэп прыехаў да мяне ў Ноўгарад-Северск вучыцца ў гарадскім вучылішчы. Паступіў Язэп у апошні клас вучылішча і ў 1902 г. скончыў яго.

Тут ён больш захапляўся чытаннем кніг з бібліятэкі вучылішча. На шчасце Язэпа, бібліятэка ў Ноўгарад-Северскім вучылішчы была вялікая і каштоўная, бо гэта школа пад назовам "Малое вучылішча" заснавалася яшчэ пры царыцы Кацярыне II, калі Ноўгарад-Северск уважаўся за губернскі горад. У бібліятэцы вучылішча меліся ўсе выданні таго часу. Язэп праводзіў у ён больш часу, чымся траціў яго на вучэнне.

Далей я хацеў паставіць Язэпа на той шлях, на якім стаяў сам, і таму меўся рыхтаваць яго да наступления ў настаўніцкі інстытут. Але для гэтага Язэпу трэ было стаць за настаўніка народнага вучылішча. З гэтаю мэтаю яму давялося пры Ноўгарад-Северскай гімназіі трымаць экзамен на годнасць настаўніка народнае школы. Гэты экзамен ён легка вытрымаў, яму далі пасведчанне, што ён мае права быць за настаўніка ў народным вучылішчы. Язэп пажадаў працаваць на Меншчыне, адкуль ён родам. Яго прызначылі выкладчыкам расейскае мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу.

Працаваў ён у Бабруйску толькі адзін год і ў 1903 г. зноў прыехаў да мяне ў Ноўгарад-Северск і выказаў жаданне працаваць у Ноўгарад-Северскім павеце.

Яго прызначылі настаўнікам у добрую школу ў мястэчку Грамяч, якое на старой этнаграфічнай карце Беларусі ўважалася, але не зусім правільна, за апошні пункт беларускае мовы (на самай справе беларуская мова гучыць у большай частцы Ноўгарад-Северскага павета і даходзіць з аднаго боку да Чарнігава).

У Грамячы Язэп хутка наблізіўся да народа, зрабіўся для яго вялікім аўтарытэтам і цалкам увайшоў у грамадскае жыццё Грамяча. Надыходзіў 1905 год. У Расіі сталі падымацца хвалі пратэстаў супроць царскага самаўладства.

Язэп, будучы ўжо хлапцом 20 гадоў, вельмі захапіўся палітычнымі справамі і стаў знаёміць з палітычнымі пытаннямі грамяцкіх сялян. Сяляне збіраліся ў школу, дзе Язэп чытаў ім газеты. Зразумела, што гэтыя зборышчы сталіся ведамымі паліцыі. Паліцэйскія заходзілі ў школу і слухалі, што чытаў Язэп, як ён выясняў сялянству несправядлівасць валодання вялікімі абшарамі зямлі і нястачу зямлі ў сялян і даводзіў да выніку, што неабходна перадаць панскую зямлю сялянству. Такая неасцярожнасць у сваёй палітычнай дзейнасці прывяла да таго, што Язэпа ў 1905 г. арыштавалі і пасадзілі ў ноўгарад-северскую турму. Ужо трэці раз спаткаў яго сумны лёс. Тагачасны турэмны рэжым не быў вельмі суровы: дазвалялася прыносіць з волі розныя кнігі і яду.

Праседзеў Язэп у турме больш году і за гэты час прачытаў шмат кніг.

Арышт Язэпа вельмі абурыў жыхарства Грамяча, бо яго ўсе любілі і шанавалі, і таму ўзнікла імкненне вызваліць Язэпа з турмы. Да мяне ў Ноўгарад-Северск прыйшлі прадстаўнікі з Грамяча з парадаю, як вызваліць Язэпа з турмы. Паводле іхнае прапановы меркавалася, што прыйдзе сялянства з Грамяча да турмы арганізаваным парадкам і патрабуе вызвалення Язэпа з турмы.

Але беручы пад увагу, што такое з'явішча, як падыход да турмы грамадою, забаранялася і таму магло скончыцца стралянінай у грамаду і вялікімі ахвярамі, а не вызваленнем Язэпа з турмы і што гэта магло павесці да значнага пагоршання далейшага лесу Язэпа,- зважаючы на гэта, я не толькі не параіў здзейсніць план вызвалення Язэпа з турмы, але нават прасіў гэтага не рабіць. Ды і прадстаўнікі з Грамяча самі пераканаліся, што іх план вызвалення Язэпа не дасягне мэты і не палепшыць лесу Язэпа.

Калі маці даведалася, што Язэпа пасадзілі ў турму, то ўдалася ў роспач, бо ні дзяды, ні прашчуры нашы не ведалі такога выпадку, каб хто-небудзь з мікалаеўцаў сядзеў у турме. У Мікалаеўшчыне ніхто не карыстаўся замком, усё дабро было адчынена і нічога не прападала і ніхто ніякай кары не нёс, а тут яе сын Язэп, ды яшчэ ж адукаваны чалавек,- у турме. У галаве сялянскае жанчыны не знаходзілі месца такія, як ей здавалася, несумяшчальныя рэчы, як ейны сын і турма. Несуцешнае гора паскорыла заўчасную смерць нашай маці.

У 1907 г. Язэпа перавезлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося збегчы з горада і такім чынам унікнуць суда. Пасля гэтага Язэп некаторы час хаваўся ў Стоўбцах, адкуль напісаў да мяне ліст з просьбаю выслаць яму сто рублёў, каб ён мог выехаць за граніцу.

Я выслаў сто рублёў і пасля таго колькі месяцаў не меў ад яго ніякіх вестак і таму думаў, што Язэпу удалося выехаць за граніцу. Але нечакана я атрымаў ліст ад старэйшага брата - начальніка ст. Красноўка, недалёка ад Луганска на Украіне. У тым лісце брат пісаў, што да яго з Пецярбурга прыехаў Язэп з вялікай колькасцю кніжак.

У Красноўцы Язэп пражыў каля двух гадоў. Тут ён галоўным парадкам займаўся чытаннем купленых кніжак. Але далей заставацца нельга было, бо чыгуначны жандар пачаў браць увагу на маладога чалавека без асаблівых заняткаў. А між тым да мяне ў Ноўгарад Северску часта заходзілі паліцэйскія і наводзілі даведкі, дзе Язэп. Гэтае наведванне было часта яшчэ і таму, што я жыў пад наглядам паліцыі, бо як дэпутат працоўнай групы сялянства ў 2-й Дзяржаўнай думе быў зволены з настаўніцкай пасады, прычым працаваць у школе было забаронена. Пры такіх умовах Язэпу да мяне ў Ноўгарад-Северск нельга было прыязджаць, але і заставацца ў Красноўцы таксама было небяспечна і немагчыма.

Не зважаючы на мой стан у Ноўгарад-Северску, Язэп у 1911 г. з Красноўкі прыехаў да мяне, бо хавацца далей было цяжка, тым больш што ў яго не было чужога пашпарту. Зразумела, што ў Ноўгарад-Северску яго хутка арыштавалі і зноў перавезлі ў Старадуб на суд. Цяпер суд вынес значна цяжэйшае пакаранне за тое, якое магло быць у 1907 г. (за такія справы, у якіх абвінавачваўся Язэп, у 1907 г. засуджалі да двух-трох гадоў зняволення). Цяпер Язэпа прысудзілі да бестэрміновага высялення ў Сібір, дзе ён жыў да канца царскага самаўладства, да 1917 г., спачатку ў г. Кірэнску Іркуцкай губерні, а потым у некаторых сёлах Шрэнскага павета. Нядоўгі час Язэп жыў у Бадайбо.

Будучы ў ссылцы, Язэп заняўся самаадукацыяй. З гэтаю мэтаю я высылаў яму падручнікі па розных прадметах. Значнай дапамогі на свае існаванне ад мяне Язэп не мог атрымаць, бо я быў беспрацоўным і жыў прыватнымі ўрокамі, і таму ён здабываў сродкі на свае існаванне фізічнаю працаю і толькі ў Бадайбо быў за пісца, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці: настаўнік ці доктар маглі ўсё рабіць, толькі першы не вучыць, а другі - не лячыць.

У ссылцы Язэп жыў разам з сябрамі ў няшчасці - з іншымі палітычнымі. Аднаму з такіх сяброў удалося нелегальна прыехаць у Ноўгарад-Северск, дзе была ягоная радня.

Апавядаючы мне аб жыцці Язэпа у ссылцы, ён між іншага дабавіў жартуючы, што Язэп ужо атрымаў медаль... бульбяны, бо ён добры кухар.

У Сібіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся. Язэп прыслаў мне фотакартку, на якой былі зняты ён з Алесем Гаруном. На жаль, гэта картка згарэла ў Менску ў часе вайны.

Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, Язэп трымаў цесную лучнасць з ёю.

Ён супрацоўнічаў у "Нашай ніве" і з далёкага чужога краю пільна сачыў за тым, што рабілася ў краі родным, аб чым можна было меркаваць з тых лістоў, якія ён прысылаў мне ў Ноўгарад-Северск (лісты гэтыя таксама згарэлі).

Часам прысылаў мне адкрытыя лісты з узорам старога беларускага пісьменства 16-17 стагоддзяў. Ён падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі на Беларусі. Але сведамым, ідэйным нацыяналістам ён стаў яшчэ на семінарскай лаве. Калі Я. Лёсік вярнуўся да мяне з семінарыі ў Ноўгарад-Северск, дык прывёз з сабою колькі сшыткаў тагачасных беларускіх твораў, якія хадзілі ў спісах па руках, як, прыкладам, "Тарас на Парнасе", "Гапон", "Гутарка Паўлюка" і шмат паасобных вершаў. Ён любіў іх часта дэкламаваць мне і сябрам па школе, а са мною звычайна гаварыў па-беларуску.

З Сібіры Язэп вярнуўся на Беларусь у 1917 г. і спыніўся ў Менску.

У перыяд ад 1917 да 1923 г. сувязь з Язэпам была слабая, а часам зусім перарывалася, бо спачатку праз Менск праходзіў Заходні фронт, а далей вайна з Польшчаю.

У Менску Язэп Лёсік стаў палітычным дзеячам. Ён выступае на сялянскім усебеларускім з'ездзе за справу Бацькаўшчыны, за нацыянальную сведамасць, за родную мову, за адраджэнне Беларусь

Ён быў сябрам, а потым і старшынёю Усебеларускай Рады, якая выдала закон пра незалежнасць Беларусі і арганізацыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі ўсталявалася савецкая ўлада на Беларусі, бальшавікі арыштавалі Язэпа як беларускага дзеяча, аб чым паведаміла мне ягоная жонка, дачка Ядвігіна III. Я тэлеграмаю ў Аддзел асветы прасіў прыняць захады да вызвалення Язэпа з-пад арышту. Але з гэтага нічога б не выйшла, каб не ўзняў свайго голасу Ігнатоўскі. На гэты раз Язэпа неўзабаве вызвалілі. Як ён потым мне перадаваў, за ягонае вызваленне рашуча ходаўся Ігнатоўскі, які заявіў: "Калі не вызваліце Лёсіка, дык саджайце мяне".

Навуковая і педагагічная дзейнасць Язэпа ў Менску добра ведамая, бо ад ягонае працы засталася вялікая спадчына. Ён выдаваў газету "Вольная Беларусь", пісаў у шмат якіх часопісах, складаў граматыкі і правапіс, чытаў лекцыі ва універсітэце і адначасна быў за выкладчыка беларуСкае мовы на курсах беларусаведы, якія адбываліся ва ўсёй Беларусі. Гэтая ягоная праца была бадай што найкаштоўнейшая для таго часу, бо тут
ён выступаў як прапагандыст беларускае справы, што вельмі спрыяла развіццю нацыянальнай сведамасці сярод жыхарства Беларусі. :

За дзейнасць сваю ў Менску, якая праходзіла не больш як дзесяць гадоў, Язэп зрабіў вельмі многа. Ён, стоячы на варце чысціні беларускае мовы, актыўна ўдзельнічаў у тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры, пры гэтым па розных прадметах і ўстанавіў граматычную тэрміналогію. Ён пісаў граматыкі беларускае мовы для школ і тэхнікумаў, бо "Беларуская граматыка для школ" Тарашкевіча была занадта малая і не высвятляла ўсіх фактаў і законаў беларускае мовы.

Для школ Я. Лёсікам была складзена "Школьная граматыка". Для тэхнікумаў напісаны ў навуковым асвятленні "Фанетыка", "Марфалогія", "Сінтаксіс", прычым "Сінтаксіс" Я. Лёсік напісаў першым і самастойна, бо да яго не было сінтаксісу беларускае мовы. Тарашкевіч гэтага пытання не закрануў. Граматыкамі Я. Лёсіка карысталіся і вышэйшыя ўстановы.

Калі ўспомніць усё тое, што зрабіў Язэп за кароткі час для беларускае справы, то трэба здзіўляцца ягонай энергіі і працаздольнасці. Пры такой сваёй кіпучай дзейнасці ён яшчэ знаходзіў час пісаць артыкулы ў штодзённым друку і ў часопісах.

Апроч таго, не атрымаўшы нават сярэдняй асветы, Язэп самаадукацыяй дасягнуў таго, што паводле свайго разумовага развіцця і веды ён стаяў на ўзроўні тых, хто скончыў вышэйшую асвету. Але ўзяўшыся за працу над развіццём беларускае мовы, Язэп адразу адчуў, што ў галіне філалогіі яму трэба працаваць вельмі шмат, каб быць на ўзроўні сучаснага мовазнаўства. ён дастае навуковыя працы ў галіне беларускае мовы і народнай творчасці, а таксама расейскія кнігі ведамых філолагаў.

Праседжваючы цэлыя ночы над вывучэннем філалагічных навук, Язэп дабіўся ў гэтай галіне вялікіх поспехаў і мог уважацца за сапраўднага моваведа. Для сучаснае беларускае мовы за колькі гадоў Язэп адзін зрабіў гэтулькі, колькі не маглі зрабіць дзесяткі іншых. Натхняла яго ў гэтай працы асаблівая любасць да беларускае мовы. Аднойчы ён сказаў мне: "Калі я праходжу па вуліцах Менску і чую беларускую мову, то слухаю яе, як музыку".

Што зрабіў Язэп на карысць беларускае мовы, гэта патрабуе асаблівага даследавання, бо ягоныя працы сустракаюцца ў шмат якіх часопісах, газетах, у працах Інстытута беларускае культуры і Акадэміі навук. Калі Інстытут беларускае культуры быў рэарганізаваны ў Акадэмію, Язэп Лёсік атрымаў годнасць акадэміка, і гэта было зусім заслужана.

Дзякуючы такой дзейнасці Язэп Лёсік стаў самым ведамым чалавекам на Беларусі, і гэта было адной з галоўных прычын пераследвання яго з боку бальшавікоў, бо ўсякага, хто падымаўся занадта высока, бальшавікі звычайна апускалі так нізка, што ад яго і следу не заставалася.

Здавалася б, што, дасягнуўшы такой папулярнасці на ўсёй Беларусі, Язэп адчувае сябе вельмі добра, і таму мяне надта здзівіла, калі на мой ліст, у якім я прасіў напісаць, як ён жыве і адчувае сябе ў бальшавікоў, Язэп адказаў: "Жыву, як мыш пад мятлою". Гэтай характэрнай беларускай прыказкай ён даў зразумець, у якіх умовах яму даводзіцца жыць і працаваць. Калі ўзяць гэта пад увагу, дык яшчэ больш трэба здзіўляцца таму, якую сілу волі меў Язэп, каб праяўляць кіпучую дзейнасць пры такіх умовах, калі жыў, "як кыш пад мятлою".

Так адчуваў сябе Язэп у той перыяд бальшавіцкай улады, калі яшчэ не пачынаўся націск на беларускіх дзеячаў і баларускую культуру. Тады на чале ўлады стаялі Чарвякоў і Язэп Адамовіч - шчырыя прыхільнікі беларускіх справаў. З боку партыйных колаў таксама не адчувалася яшчэ асаблівага націску. Але калі меркавалася надаць Язэпу Лёсіку годнасць прафесара, дык гэта не ажыццявілася выключна з прычыны ягонага палітычнага светагляду.

Гэты націск быў зроблены з боку партыйных колаў. Усё ж трэба ўважаць, што да 1927 года яшчэ беларускія дзеячы мелі магчымасць рабіць усё тое, што яны уважалі за карыснае для дабра Беларусі і беларускага народа. Наяўны яшчэ націск з боку партыйных колаў на беларускую культуру і ейных дзеячаў пачаўся з часу Акадэмічнай канферэнцыі ў лістападзе 1926 года. Абвінавачванні былі рознага характару. 3 аднаго боку было нездавальненне камісарам асветы Баліцкім, што ён без узгаднення з цэнтральным партыйным камітэтам зрабіў даклад аб стане асветы ў савецкай Беларусі перад вучонымі замежных краін, бо на канферэнцыі былі філолагі з Нямеччыны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Нездаволеныя былі нават упрыгожаннем залі, у якой адбывалася паседжанне канферэнцыі; упрыгожанне было ў чыста беларускім стылі. Ніякіх бальшавіцкіх лозунгаў не было. Нават не было партрэта Леніна. Хоць гэты партрэт знялі і паставілі ў такім месцы, у якім яго было не відаць, але абвінавачвалі кіраўніцтва канферэнцыі ў тым, што партрэт Леніна быў выкінуты з залі на падлогу. Далей абвінавачвалі кіраўніцтва канферэнцыі ў тым, што было выдадзена на прыём членаў канферэнцыі і гасцей 3000 руб., што паводле таго часу складала вялікую суму. Гэты ўдала арганізаваны вечар зрабіў вельмі добрае ўражанне на замежных гасцей.

Калі гэта рабілася, то і партыйныя колы мелі на ўвазе асаблівую ўрачыстасць канферэнцыі, але пасля шырока разгорнутай працы яе яны схамянуліся, бо гэтая канферэнцыя паказала кіруючым партыйным колам, на якую вышыню падымаецца беларуская культура і беларуская справа наагул, а гэта зусім не ўваходзіла ў планы бальшавізму, які імкнуўся знішчыць нацыянальную культуру, і таму праца Акадэмічнай канферэнцыі ў гэтых колах выклікала перапалох. Вось чаму Акадэмічная канферэнцыя, якая ўзняла нацыянальную беларускую справу на такую вышыню, зрабілася тым зыходным пунктам, адкуль пачаўся пераслед беларускіх дзеячаў, беларускае культуры і ўсёй беларускай справы.

3 гэтага часу партыйныя колы сталі збіраць матэрыялы супроць беларускіх дзеячаў і ў асаблівасці супроць Язэпа Лёсіка. Першы зрабіў крытыку граматык Я. Лёсіка яўрэй, які прыехаў з Масквы ў Менск, як можна дагадацца, са спецыяльнаю мэтаю, дыскрэдытаваць працу Я. Лёсіка. (Пры бальшавіках яўрэі рабіліся "моваведамі" і складалі граматыкі спачатку расейскія, як, прыкладам: яўрэі - Шапіра, Фрындлянд, Шалыт, а потым па Беларусі яўрэі Шкляр, Рохкінд, а яўрэй Бязносік стаў за нязменнага рэдактара ды і аўтара беларускіх граматык.)

Гэты яўрэй вельмі абурыўся на Я. Лёсіка за тое, што ён пабудаваў усе свае граматыкі вылучна ў беларускай народнай мове і зусім не карыстаўся моваю бальшавікоў і іхнымі лозунгамі. Значыцца, выходзіла, што граматыкі Я. Лёсіка нібыта складзеныя не ў савецкай Беларусі, бо ў іх нічога савецкага не было.

Знайшліся партыйныя "філолагі", якія даводзілі, што Язэп Лёсік не садзейнічаў развіццю беларускай мовы, а псаваў яе, нават дайшлі да такой бязглуздзіцы, што абвінавачвалі яго ў сведамым псаванні мовы, бо ён пісаў толькі па-беларуску і ўжываў толькі беларускія словы і формы, а ўхіляўся ўжываць словы расейскія. З'явіліся ў друку наспех зляпаныя, без усякага абгрунтавання артыкулы аб тым, як псаваў беларускую мову Язэп Лёсік і ягоныя сябры. Пайшоў моцны націск на беларускую культуру наагул. 3 другога боку, пайшлі абвінавачванні і за палітычны светапагляд Язэпа. Але бальшавікі не ведалі яшчэ, што Язэп быў за сябра Беларускае Рады, якая была створана ў 1918 г., не ведалі, што ён пісаў супроць бальшавікоў у беларускім друку, бо ўсе такія выданні былі захаваныя, але, на вялікі жаль, захаваныя нядобра і ляжалі ў нізе бібліятэчных шафаў.

У бальшавіцкім друку 1927-1929 гадоў сталі з'яўляцца шматлікія артыкулы супроць Язэпа і ягоных сяброў дзейнасці: Сцяпана Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага і др.

Усіх беларускіх дзеячаў сталі называць нацыянал-дэмакратамі, або, скарочана, "нацдэмамі", і гэта слова ў бальшавікоў стала ганебным, бо пад гэтым словам яны разумелі "ворагаў народа", за якіх уважалі ўсіх, хто не спяваў дыфірамбаў бальшавізму.

Беларускіх дзеячаў абвінавачвалі ў тым, што яны нібыта імкнуліся прадацца панскай Польшчы, але да трасенняў на кватэрах у бальшавікоў было яшчэ мала абвінаваўчага матэрыялу. Толькі ведалі бальшавікі, што Язэп Лёсік, як і ягоныя сябры, быў супроць бальшавіцкай улады.

У 1930 г. Язэп Лёсік у канцы ліпеня быў нечакана арыштаваны на курорце ў Мацэсце (на Каўказе), дзе ён лячыўся ад ішыясу: ужо два гады не мог ён хадзіць без палкі.

Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказу арыштаваным прывезлі ў .Менск і пасадзілі ў турму ГПУ, так званую "амерыканку". Адначасна з яго арыштам у ягоным доме пры Гашпітальнай вуліцы трэслі. Пачалі трэсці а 10-й гадзіне ўвечары і трэслі аж да 8-й гадзіны раніцы. Спачатку зайшліся да мяне (я жыў у доме Язэпа) і прымусілі мяне быць за сведку пры вобыску брата.

Вобыск быў гэткі старанны, што літаральна не засталося нічога на кватэры, на гары і ў халодных пабудовах, чаго б не зачапілі агенты ГПУ. Нават разабралі на паасобныя часткі маленькі, але высокі вытачаны столік і чагось шукалі ў тых круглых вытулінах, якія былі ў мясцох, дзе столік звінчваўся. Hi Язэпу, ні каму другому і ў галаву не прыходзіла, што гэты столік разбіраецца.

Асаблівую ўвагу бралі на ўсё тое, што напісана рукою. Уся перапіска Язэпа, як асабовая, так і службовая, і ўсякія другія рукапісы былі забраныя. З бібліятэкі ўзятыя кнігі старых выданняў і ўсе старыя часопісы і газеты, у тым ліку і тыя, якія друкаваліся пры нямецкай і польскай уладах.

Апошняе было горш за ўсё, бо з гэтых выданняў бальшавіцкі пракурор знайшоў шмат абвінаваўчага матэрыялу. У гэтых выданнях знайшлі артыкулы Язэпа супроць бальшавікоў.

Было ўзята гэтулькі матэрыялу, што давялося везці на кані.

Беручы пад увагу, што ў гэтую ноч рабіліся арышты ўсіх дзеячаў і вобыскі ў іх, зразумела, якую вялікую колькасць абвінаваўчага матэрыялу знайшлі бальшавікі супроць беларускіх дзеячаў.

У часе вобыску адбылося непрыемнае для агентаў ГПУ здарэнне. Якраз у гэты вечар ішла ў тэатры такая пастаноўка, у якой патрэбна была страляніна ў гарадскім садзе, недалёка ад кватэры Язэпа. Гэта страляніна так напужала тых, хто рабіў вобыск, што яны прыпынілі сваю "працу". На спалоханых тварах відаць было, што агенты ГПУ палічылі страляніну ў тэатральнай пастаноўцы за адкрытае выступленне прыхільнікаў беларускіх дзеячаў, якіх у гэты час арыштоўвалі і ў якіх трэслі.

Дзесяткі бальшавіцкіх следчых і пракурораў "працавалі" над здабытым матэрыялам для абвінаваўчага акту. Гэты акт ГПУ "змайстравала" ужо ў кастрычніку. Ён быў надрукаваны ў газеце "Звязда", і ў той жа дзень, калі быў апублікаваны матэрыял, далі загад па прафесіянальных саюзах збірацца ў дом асветы на мітынг. Гэта быў адзін з метадаў бальшавіцкай агітацыі. На мітынгу выступалі партыйныя бальшавікі: рэдактар" "Звязды" Будніцкі і Валабрынскі з Цэнтральнага Камітэту партыі.

Якіх толькі праклёнаў не ўзводзілі гэтыя брахуны і на галовы беларускіх дзеячаў і якімі ганебнымі імёнамі не называлі іх! Асаблівы напад рабіўся на Язэпа Лёсіка. Агонь, што называецца, быў накіраваны супроць Язэпа, і цэнтрам усёй увагі гэтых прыспешнікаў ГПУ быў Язэп Лёсік: з яго пачыналася і з яго канчалася.

Вельмі здзекваўся з Язэпа яўрэй Валабрынскі. Ён насміхаўся нават з таго, што Язэп камусь калісь сказаў: "Я вельмі жадаю, каб каля хаты кожнага беларуса былі садок і кветнік, а сама хата была добрая, светлая і чыстая".

Гэтыя словы Язэпа палічылі за "кулацкія" імкненні.

I ўсе гэтыя здзекі і кпіны рабіліся смакуючы і з асаблівай злараднасцю.

Цяжка гэта ўспамінаць, бо было вельмі прыкра і агідна слухаць, як змешвалі з гразёю вялікія імкненні беларускіх дзеячаў, палкіх патрыётаў, якія аддалі ўсе свае сілы, а некаторыя і жыццё на карысць сваёй Бацькаўшчыны.

На мітынгу была адмысловая брахня ад пачатку да канца. Дагаварыліся да таго, што іх называлі здраднікамі. Але каму яны здрадзілі?

Галоўныя абвінавачванні былі лжывымі і прыдуманыя следчымі і пракурорамі-паслугачамі ДПУ.

Так беларускіх дзеячаў абвінавачвалі ў тым, што яны імкнуліся далучыць Беларусь да панскай Польшчы і з гэтаю мэтаю зносіліся і трымалі лучнасць з Віленскім цэнтрам і што ўжо быў складзены спіс будучых міністраў Беларусі, прычым Язэпу Лёсіку прапанавалася пасада міністра асветы. На самой жа справе ў часы бальшавіцкай улады яму зусім не было часу думаць і рабіць што іншае, апроч працы над падручнікамі беларускае мовы для школ, над беларускім правапісам і ў дабавак - чытанне лекцыяў ва універсітэце і педагагічным тэхнікуме і на розных курсах. Сюды трэба аднесці яшчэ працу ў штодзённым друку і ў часопісах. Але бальшавікам трэ было змайстраваць тэатральны працэс, падобны да працэсу ў Маскве над так званымі "шкоднікамі" і "ворагамі народу".

На падобных працэсах тыя, каго абвінавачвалі, пад прымусам і катаваннем узводзілі на сябе ўсялякія паклёпы і абвінавачвалі сябе ў тым, у чым яны былі зусім невінаватыя. Гэтага дабівалася ГПУ зрабіць і ў Менску. На чале ГПУ стаяў яўрэй Рапапорт, і бальшыня агентаў былі яўрэі. Вёў справу беларускіх "нацыяналістаў" прысланы з Масквы яўрэй Агураў. Гэты яўрэй рабіў усе захады, каб "тэатральны" працэс удаўся, але нічога зрабіць не змог.

У лютым 1931 г. прадбачыўся судовы працэс над беларускімі дзеячамі, але прайшоў люты, прайшоў сакавік, а працэсу не ўдалося зрабіць. У канцы красавіка сталася ведама, што ўсе беларускія дзеячы ў адміністрацыйным парадку будуць высланыя з Беларусі. Так і было зроблена. Язэпа Лёсіка выслалі на пяць гадоў у Саратаўскую губерню у г. Аткарск на Волзе. Тут яму было дазволена працаваць у педагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову і літаратуру. Потым Язэп перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. Жыў ён там у матэрыяльных адносінах нядрэнна і толькі ў першы год атрымоўваў некаторую дапамогу ад родных. Калі скончылася пяць год ссылкі, Язэп думаў, што можна будзе вярнуцца на Беларусь. 3 гэтаю мэтаю ён у 1935 і 1936 гадах прыязджаў у Менск і быў у НКУС, але, як і трэ было думаць, нічога не дабіўся: яму і пасля пяці гадоў высылкі не дазволілі жыць на Беларусі.

Мяне цікавіла, якім чынам ён падпісаўся пад такім абвінаваўчым актам, калі за сабою такой віны не адчуваў. Беручы пад увагу, што было сурова забаронена пад пагрозай пакарання смерцю гаварыць аб тым, як адбываліся ў бальшавікоў выпыты, Язэп на гэтую тэму не гаварыў, толькі сказаў: "Калі б падалі мне падпісаць свой смяротны прысуд, то я падпісаў бы".

У апошні раз бачыў я Язэпа ўлетку 1936 г. ён значна ўзмацнеў, хадзіў без палкі і выглядаў зусім здаровым. Відаць, стэповы волжскі клімат быў на карысць ягонаму здароўю, і ў той час ніяк нельга было думаць, што праз два гады ён можа памерці.

Працаваў Язэп у ссылцы таксама напружана, бо прыйшлося выкладаць ужо расейскую мову і літаратуру. Ён і там карыстаўся вялікім аўтарытэтам і пашанаю як з боку настаўніцкага складу, так і з боку студэнтаў, якія з глыбокім жалем праводзілі яго, калі ён пераходзіў у другі педагагічны тэхнікум.

Не адчуваючы ў ссылцы матэрыяльнай нястачы, ён вельмі адчуваў адарванасць ад роднае глебы, ад сваёй дарагой для яго Бацькаўшчыны, ад роднай прыроды і ўсяго роднага і сумаваў аб гэтым. Гледзячы на безлясныя стэповыя роўнядзі волжскага саратаўскага краю, Язэп Лёсік з вялікім сумам пераносіўся на далёкую радзіму, на родныя палеткі, у сасновыя лясы і зялёныя гаі. Перад ягонымі вачыма заўсёды ўставалі прыгожыя малюнкі роднага краю, беларуская вёска з яе жыхарамі, лясы і пералескі, рэчкі і азёры і ўсё тое, у чым ён быў так замілаваны.

I здавалася яму, што ён чуе і мілагучную беларускую мову, якую ў Менску "слухаў, як музыку". Асабліва было яму цяжка пераносіць высылку з Беларусі і ягонае сям'і. Змагаючыся за чысціню беларускае мовы, жывучы на Беларусі, Язэп і ў сваёй сям'і ахоўваў беларускую мову ад засмечвання расейшчынай і таму не любіў, калі да ягоных дзяцей заходзілі другія дзеці, якія гаварылі па-расейску. А ў ссылцы дзецям Язэпа прыйшлося вучыцца па-расейску, а потым і быць за настаўнікаў у расейскіх школах. Страціўшы надзею вярнуцца на Беларусь, Язэп стаў імкнуцца хоць наблізіцца да яе. Выпадкова ён сустрэўся з навуковым працаўніком з Бранска, які адразу ўбачыў у Язэпе значную навуковую сілу і таму прапанаваў яму перавесціся ў Бранск, значыцца, бліжэй да Беларусь Язэп гэтую прапанову прыняў з вялікай радасцю.

У Бранску яму не ўдалося знайсці падыходзячага становішча, і яго накіравалі ў Навазыбкаў, дзе прапанавалі становішча настаўніка ў школе каля станцыі Злынка. Гэта было ў 1936 г. Ад Злынкі недалёка да Гомеля, і таму Язэп з сям'ёй часта ездзіў у Гомель, каб паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі і хоць такім чынам адчуць сваю блізкасць да роднай Беларусь Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага года. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губерню, дзе ён пражыў пасля гэтага не больш двух гадоў.

Наведванне Язэпам Менска, перасяленне ў Злынку, бліжэй да Беларусі, а галоўнае - зварот у НКУС з просьбаю дазволіць яму жыць на Беларусі - усё гэта павяло да таго, што НКУС не спускаў з яго вачэй і заўсёды меў яго на ўвазе.

Нязначны выпадак сутычкі аднаго камсамольца-студэнта з Язэпам на педагагічным грунце - з прычыны дрэннай адзнакі - прывёў да таго, што знайшлі прычэпку, зрабілі лжывы данос на яго у справе працы ў педагагічным вучылішчы. А гэта было ў часы яжоўшчыны, калі ў Менску рабілі вялікія арышты ўсіх, хто меў хоць якое-колечы дачыненне да беларускае справы. У 1938 г. Язэп зноў быў арыштаваны і пасаджаны ў саратаўскую турму. У гэты час ён быў зусім здаровы і нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленне, што Язэп памёр.

Загадка ягонай смерці ў саратаўскай турме крыху высветлілася, калі аддалі жонцы тое з адзежы, што засталося ад Язэпа. У гэтым ліку аддалі і гнілыя камашы. Калі рэмень мог згнісці, значыць, Язэп сядзеў у якойсь мокрай камеры, відавочна з мэтаю барзджэй звесці яго з гэтага свету. Магчыма, што ад такіх цяжкіх турэмных умоў вярнулася ягоная старая хвароба, якая пры адсутнасці дапамогі давяла да смерці, а магчыма, адбылося і што горшае.

Паміраў Язэп Лёсік пры вельмі цяжкіх абставінах: у турэмнай камеры, у выгнанні, на чужыне, без родных і знаёмых і далёка ад дарагой для яго радзімы, за якую ён аддаў сваё жыццё. Апошнія дні жыцця Язэпа засталіся таямніцаю, як таямніцаю засталася і ягоная магіла, бо дзе пахаваны Язэп Лёсік, жонка і дзеці не маглі даведацца .

А. САКОВІЧ
Язэп Лёсік

Увосень 1928 года я жыла ў доме Язэпа Лёсіка. Якраз у тую пару ў Беларускім дзяржаўным універсітэце здарылася прыкрая падзея. У цэнтры яе апынуліся нашы маладыя пісьменнікі.

Пачалося з прыемнага. Каля дваццаці паэтаў і пісьменнікаў - студэнтаў атрымалі персанальныя стыпендыі. Імі былі М. Зарэцкі, Я. Пушча, А. Александровіч, Т. Кляшторны, П. Трус, А. Дудар, В. Маракоў, М. Лужанін, П. Глебка, Н. Вішнеўская, К. Крапіва і інш.

- Багаты наш народ на песню, багаты на песняроў,- радасна цешыўся Я. Лёсік.

Але прыемнае ў савецкім жыцці ніколі не трывае доўга. У студэнцкай насценнай газеце з'явіўся "сяброўскі шарж". На малюнку - сабака, у якога ляціць кій, і подпіс: "Куды ні кінь кіем, пападзеш у... беларускага пісьменніка".

Бальшыня студэнтаў абурылася. У шаржу яна бачыла свядомае жаданне абразіць нацыянальны гонар беларуса. Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч і Алесь Дудар запратэставалі. Яны апублікавалі ў прэсе гэтак званы "Ліст трох" і пакінулі універсітэт.

Раптам уся справа набыла надзвычайнага разгалосу і дзіўнага кірунку. Пагрозліва зарэгавала афіцыйная савецкая прэса. Ганілася ёю "антысавецкая сутнасць ліста трох". Кідаўся заклік "неабходнасці вострай барацьбы пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі з мутнымі антыпралетарскімі ўчынкамі". Склікаліся мітынгі.

Зрабілі мітынг і на рабфаку пры універсітэце, дзе я працавала за лабарантку-кансультантку ў кабінеце мовы і літаратуры. На мітынгу абвінавачвалі маладых пісьменнікаў. Адважыцца бараніць іх здавалася немагчыма. I я стаяла моўчкі.

Невясёлай вярнулася я дахаты. Ва ўсім, што адбылося на мітынгу, было нешта вельмі прыкрае. Нешта, што паніжае годнасць чалавека. Нешта, у чым я таксама адчувала сябе вінаватай. У той момант мне менш ад усяго хацелася спаткацца з цёткай Вандай, жонкаю Я. Лёсіка. Пачуўшы з калідора ейны голас у дзіцячым пакоі, я, каб унікнуць спаткання, пайшла да сябе праз гасціную.

Амаль палову гэтага прасторнага светлага пакоя займаў кабінет гаспадара. Я. Лёсік сядзеў за пісьмовым сталом і пісаў. Toe, што ён ужо ў хаце, было нечаканым для мяне, бо ён заўсёды шмат пазней прыходзіў дадому.

Не спыніўшыся пісаць, дзядзька Язэп запытаў:

Я. Лёсік паклаў пяро на чорную мармуровую падстаўку чарнільнага прыбора і павярнуўся да мяне тварам.

Хоць хвіліну перад тым я сама чула сябе вінаватай, мой першы імпульс быў - апраўдацца перад ім.

Твар ягоны спахмурнеў. Я разумела - чаму. I разам з тым мне хацелася запярэчыць, сказаць яму, што не можна строга судзіць і нас, моладзь. Не мы ва ўсёй гэтай падзеі маем апошняе слова. Партыя. Калі партыя загрозіць падпісаўшым ліст, яны могуць адрачыся ад усяго... ад свайго справядлівага абурэння і ад тых, хто іх бараніў. Друкуе ж А. Александровіч на жаданне партыі пашквільную паэму "Цені на сонцы".

Гэта я толькі думала, ды не адважвалася выказаць. Я ведала, што дзядзька Лёсік ніколі не згодзіцца з маёй філасофіяй. У сваім жыцці ён усё рабіў з непахіснай рашучасцю і энергіяй, асабліва ў палітычным змаганні. І я была пэўная, што яму балюча думаць аб нас, моладзі, якая так рана навучылася маўчаць. Балела ягонае сэрца і за А. Александровіча, бо "Цені на сонцы"- хлуслівы, брутальны твор. У ім няцяжка пазнаць злосныя карыкатуры на жыццё і дзейнасць лепшых людзей нашай нацыі - С. Некрашэвіча, др. I. Серады, А. Цвікевіча, В. Ластоўскага, М. Грамыкі, Я. Лёсіка, У. Ігнатоўскага і шмат каго іншага. Усе яны ўваходзяць у нашую гісторыю як сумленныя людзі. Людзі, якія марылі і змагаліся, каб правы і воля чалавека, справядлівасць, прыгаство сталіся рэальнасцю, а не абстрактнымі словамі на нашай Бацькаўшчыне.

Што штурхнула А. Александровіча напісаць такі твор? Што штурхнула яго правакаваць сваіх настаўнікаў? Партыйная дысцыпліна? Грошы? Лёгкі поспех? Імя пралетарскага паэты? Жаданне лічыцца першым, выдатнейшым ад усіх, нават ад Я. Купалы?

Я добра ведала Андрэя, бо мы амаль два гады разам вучыліся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме.

У памяці перад маімі вачыма паўстае студзень 1922 года і адзін з маіх першых дзён у тэхнікуме. Я прыйшла за колькі хвілінаў да званка. У вялікай светлай аўдыторыі студэнты стаялі і сядзелі групамі. Я адразу заўважыла, што ўсе яны аб чымсьці горача дыскутуюць.

Аўдыторыі ў тэхнікуме не апальваліся. На лекцыях усе засталіся сядзець у верхняй вопратцы. Дзяўчаты і хлапцы былі апрануты пераважна ў кароткія рыжыя кажушкі. Ад холаду свае рукі яны хавалі ў рукавы кажушкоў.

Я прайшла на свае месца ў сярэднім радзе. Перада мною на стале першае лаўкі сядзеў А. Александровіч. У тэхнікуме галоўна вучылася вясковая моладзь. Моладзь зраўнаважаная, удумлівая. Андрэй вылучаўся пасярод усіх. Ён выглядаў тыповым хлапцом горада, горада цяжкіх гадоў рэвалюцыі. Шаснаццацігадовы юнак, неспакойны, вельмі рухлівы, у старым жаўнерскім шынялі, пераробленым на ягоны невялікі рост, у кепцы, задранай угару на патыліцы. Шараватая скура твару, відаць, ад скупога харчавання.

Тым раннем Андрэй планаваў.

- Будзем вітаць дзядзьку Лёсіка...- казаў ён узбуджана.- Хай ведае, што мы, студэнты, з ім... Ты, Лявон, паставіш крэсла на сярэдзіне,-загадаў ён Л. Плашчынскаму, які сядзеў побач яго.

Я спыталася ў свае суседкі Фросі:

- Хто такі дзядзька Лёсік?

Лявон пачуў маё пытанне і ўмомант павярнуўся да Андрэя:

- Яна не ведае, хто такі дзядзька Лёсік. Андрэевы вялікія сінія вочы запыніліся на мне.

- Не ведае?- Ён глядзеў на мяне, як на якое дзіва.- Усе ведаюць Язэпа Лёсіка.- Ён правёў рукою навокала сябе, паказваючы на студэнтаў, і зняважліва
ўсміхнуўся: - Першую спатыкаю...

На шчасце, у маю абарону стала Фрося.

- Чаго ты прычапіўся да яе? Яна ж нядаўна прыехала з бежанства,- спыніла яна Андрэя.- Дзядзьку Лёсіка выпусціла ЧК з-пад арышту. Ён сёння першы
раз прыйдзе ў тэхнікум на лекцыі,- растлумачыла яна мне.

Фрося на хвіліну змоўкла, а тады амаль пяшчотна дадала:

- Язэп Лёсік - вялікі чалавек. Вялікага розуму і сэрца...

Зазвінеў званок. Адразу ўсе паселі на свае месцы. Дзверы аўдыторыі расчыніліся і захлопнуліся з сілаю. Я. Лёсік стаяў перад намі - высокі, хударлявы. Незвычайным быў ягоны твар: валявы, моцны, з двума глыбока прарэзанымі лініямі на высокім лысеючым ілбу і ля вуснаў.

Мы ўсталі.

I тады ўсё адбылося, як запланаваў Андрэй. Лявон падбег і паставіў крэсла ля Я. Лёсіка. Студэнты-хлапцы абкружылі яго, пасадзілі на крэсла і ўзнялі ўгару.

- Хай жыве дзядзька Лёсік!- гукалі мы дружным хорам.- Хай жыве!..

Некалькі разоў Я. Лёсік прабаваў спыніць нашу шумную дэманстрацыю, але дарэмна. Студэнты не адпусцілі яго, пакуль не ўзнялі ўгару тры разы.

Нарэшце крэсла паставілі на падлогу. Я. Лёсік устаў і сказаў: "Дзякую". Тады, падсунуўшы крэсла бліжэй да настаўніцкага стала, заняў сваё месца і расчыніў класны дзённік. Усё яшчэ з расчуленай усмешкай навокала вуснаў і ў вачах пачаў выклікаць прысутных. Дарэчы, на нашым курсе было шэсць маладых паэтаў. Спіс студэнтаў у дзённіку пачынаўся і канчаўся двума з іх: А. Александровічам і А. Якімовічам.

Пачалася лекцыя беларускае мовы. У аўдыторыі адразу запанавала працоўная атмасфера. Я. Лёсік, спакойна, цікава вёў лекцыю. Быццам не было перапынку ў ягонай працы, быццам не было арышту. Калі ён тлумачыў, адчувалася напружаная ўвага і зацікаўленне ўсяго курса. Я. Лёсік быў выдатны настаўнік. Ягоныя лекцыі мы разумелі вельмі добра, і ў яго не было дрэнных вучняў.

У 20-х гадах на "Правапісе", "Граматыцы і сінтаксу" Я. Лёсіка вучылася літаральна ўся Беларусь.

Тады вельмі часта студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта і педагагічнага тэхнікума хадзілі на адкрытыя пашыраныя сходы ў Інбелкульце, а пазней у Беларускай акадэміі навук. Там была наша нацыянальная навуковая трыбуна для абмену думкамі, для дыскусіяў. Там пры кафедры жывой беларускай мовы і літаратуры, у аддзеле гуманітарных навук можна было пачуць Я. Лёсіка, Я. Купалу, С. Некрашэвіча, П. Бузука, Я. Коласа і інш. Усе яны з шчырым навуковым захапленнем працавалі над духоўным скарбам нашай нацыі - над мовай.

Мы любілі слухаць іх усіх, але найбольш Я. Лёсіка. Ягоныя прамовы, асабліва на ўрачыстасцях, прамяніліся тымі жывымі іскрамі, якія запальваюць энтузіязм. Заўсёды, калі мы слухалі яго, у сэрца прыходзіла адвага і жаданне ахвярнасці. Прыходзіла пэўнасць абавязку перад Бацькаўшчынай, перад сваім народам. А самае лепшае было тое, што ён укладаў у нашыя душы веру. Веру, што для кожнага з нас ёсць нешта, што ён мусіць і можа зрабіць.

Сам ён аддаваў на працу не толькі ўвесь свой час, але і свае сэрца, свае здароўе. Здароўе, моцна падарванае даўгімі, цяжкімі гадамі выгнання на Сібіры.

Улетку 1929 года вымушаны быў Я. Лёсік ехаць лячыцца на Каўказ. Больш чымся за месяц да ад'езду ён пачаў адкладваць патрэбныя паперы і кніжкі для працы там. Не хацелася яму і на поўдні марнаваць дарма часу.

У тое ж лета паехала і я з групаю студэнтаў на поўдзень. Мы мелі шмат маладой энергіі, вялікую ахвоту вандраваць і зусім мала грошай. Недзе ў канцы другога месяца нашага падарожжа вярталіся дахаты

Наш настрой заставаўся не благім, але без папярэдняга энтузіязму. Хацелася есці. Было ў нас крыху хлеба, што купілі мы на ўсе свае грошы, як пакідалі Батум, ды па станцыях - дармовы кіпень.

Стаяў вельмі гарачы сонечны дзень, калі мы прыехалі ў Растоў. Я выйшла на станцыю дыхнуць свяжэйшым паветрам і набраць у кубак кіпеню. Раптам на платформе ўбачыла Я. Лёсіка. Я проста не магла паверыць свайму шчасцю. "Удача. Маю шанс дастаць грошы,- спявала мае сэрца.- Дзядзька Язэп напэўна пазычыць мне некалькі рублёў".

Мая радасная ўсхвалёванасць была такая вялікая, што я спачатку не заўважыла, што ён без акуляраў і твар ягоны заклапочаны.

Яго таксама абакралі перад Растовам, калі ён вяртаўся з Кіславодска. Дзіўна блізкі збег акалічнасцяў, Коласаву валізу ўкралі праз акно, з платформы станцыі. Выцягнулі яе жалезным круком, як вудай, з верхняй паліцы. Цягнік толькі пачынаў адыходзіць... На пероне стаялі людзі і начальнік станцыі. Злодзея не злавілі. Колас меў у валізе другі варыянт паэмы "Сымон-музыка", над якім ён працаваў тое лета.

Хто абакраў? Ці быў гэта злодзей? Сам Я. Колас і блізкія да яго людзі схіляліся да думкі, што гэта быў агент ГПУ.

Я. Лёсік кіўнуў галавою. Мне здавалася, што ён зразумеў бег маіх думак, калі адказаў:

Хуткі цягнік, якім ехаў Я. Лёсік, адыходзіў ад станцыі. На момант я ізноў убачыла яго ў акне вагона, ён усміхаўся на развітанне, але непакой і стурбаванасць не пакідалі ягоных вачэй.

Восень 1929 года прынесла багаты ўраджай вёскам і хутарам, нарэзаным З. Прышчэпавым. Прынесла багаты ўраджай і на нашай навуковай ніве.

Але ў тую ж восень пачаўся і новы курс палітыкі Камуністычнае партыі. 3 ім "раскулачванні", калектывізацыя, абвінавачванні нашых навукоўцаў і дзеячаў, арышты. Афіцыйная прэса цвердзіла, што асабліва мовазнаўства сталася зброяй змагання ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў. У гэтай галіне галоўным чынам на асобе Я. Лёсіка канцэнтравалася ейная ўвага.

Прыгадалі яму ягоную ролю на 1-м Усебеларускім кангрэсе, дзейнасць у БНР, рэдагаванне газеты "Вольная Беларусь", вострыя палітычныя выступы супроць маскоўскай палітыкі цэнтралізму і русіфікацыі. Уся навуковая праца, праробленая Я. Лёсікам, абвяшчалася шкоднай.

Я. Лёсіка, як і іншых беларускіх навукоўцаў, абвінавачвалі і судзілі. Яму не давалі права бараніцца. У хаосе разбурэння і цяжкіх выпрабаванняў адно заставалася добрым: Я. Лёсік не чуўся адзінокім. 3 ім былі ягоныя сябры. Hi пагрозы, ні правакацыі не былі здольнымі парушыць праўдзівага даверу, сімпатыяў у беларускай грамадзе. I самым блізкім для Я. Лёсіка, па-мойму, у тую пару быў ягоны пляменнік Я. Колас. (Дарэчы, пляменнік на два гады старэйшы ад дзядзькі.)

Нават цяпер, аглядаючыся назад, я бачу паўцёмную гасціную з паласой святла ўпоперак яе, што падае з сталовай... I дзве постаці на канапе недалёкага пісьмовага стала. Гэта Я. Лёсік і Якуб Колас. Часта тае зімы, так, не запальваючы агню, сядзелі яны да позняе ночы, схіліўшыся блізка адзін да аднаго, і аб чымсьці ціха размаўлялі.

Сярод людзей, хто добра ведаў іх абодвух, уважалася, што Я. Лёсік меў на Я. Коласа вялікі ўплыў. Калі Я. Колас у лістападзе 1930 года падпісаўся пад ганебным лістом у прэсе, цётка Ванда сказала: "Каб быў з ім Язэп, ён такога ліста не падпісаў бы".

Хоць Я. Колас пабудаваўся ў суседстве з Лёсікамі і часта прыходзіў да іх, я ніколі не бачыла там ягонае жонкі. Чаму? Я тады не вельмі задумвалася. Праўда, засталося ў памяці, што яе ўважалі за жанчыну, якая не хоча разумець свайго мужа і прыносіць расейшчыну ў сям'ю паэты.

Калектывізацыя вёскі таксама балюча закранула сям'ю Я. Лёсіка. Маці цёткі Ванды, Люцыю Лявіцкую (жонку нашага пісьменніка Ядвігіна Ш.), "раскулачылі". Цудам выратаваная ад вывазу ў Сібір, яна апынулася ў хаце дачкі.

Гэтая невялічкая, немаладая, але ўсё яшчэ прыгожая кабета назаўсёды засталася ў маёй памяці з слязамі на твары і тугою ў вачах. Двух яе малодшых сыноў вывезлі ў лес пад Котлас. Фальварк ля Радашковічаў забралі. Будучыня для сям'і дачкі не зычыла дабра.

Выглядала сумнай і цётка Ванда. Толькі Я. Лёсік не схіляўся. Прыходзячы дахаты, ён жартаваў. Адразу ўсім неяк рабілася весялей. Няраз чула я, як ён апавядаў цётцы Вандзе аб дыскусіях у Беларускай акадэміі навук. Ён перадаваў усё у форме дыялогаў паміж сабою і апанентамі. Асабліва хораша імітаваў ён свайго галоўнага крытыка С. Вальфсона. Без смеху немажліва было слухаць.

Ён знаходзіў сілы жартаваць, але ўжо тады выглядаў дрэнна. Было відаць, што ён змораны, хоць у ім усё яшчэ гарэла ягоная ваяўнічая непакорлівасць.

У канцы чэрвеня 1930 года, зусім хворы (у яго часта нямелі адна рука і нага, і ён адчуваў, быццам мурашкі бегаюць па іх), выехаў ён лячыцца на поўдзень. Пазней мы даведаліся, што ў той жа дзень, у тым самым цягніку і купэ, паехаў з ім на поўдзень агент ГПУ. Калі Я. Лёсік прыехаў у санаторый, яго арыштавалі. Назад у Менск павезлі пад канвоем.

Быў пачатак ліпеня, калі ў дом Я. Лёсіка прыйшлі з вобыскам. Мы зразумелі, што дзядзька Язэп ужо ў турме.

Вобыск цягнуўся ад гадзіны шостай увечары да самага рання. Перагледзелі ўсё, нават у маім пакоі. Лазілі і ў печку і на печку... ператрэслі ложак, валізу, пісьмовы стол...

Надышлі страшныя месяцы. Трывога, чорныя думкі, страх за лес блізкіх людзей. Уся радасць нацыянальнага жыцця ў Беларусі замерла. Беларуская навука ляжала патоптанай. Несумленныя, беспадстаўныя абвінавачванні дзівілі сваёй абсурднасцю.

Хто быў выканаўцамі волі Масквы? Хто атакаваў? Хто выносіў прысуд? У большасці - людзі чужыя, варожыя да нацыянальных аспірацыяў беларускага народа або камсамольцы тыпу А. Кучара. У сваёй аўтабіяграфіі, апублікаванай у 1963 годзе, ён цынічна зазначае: "Мы... без аглядкі прагаласавалі за генеральную лінію партыі". Toe, што тысячы нявінных, сумленных людзей загінулі ці без віны пакутавалі ў канцэнтрацыйных лагерах, відаць, і сёння не турбуе іхняга сумлення. Загінуў і Я. Лёсік. 3 успамінаў ягонага брата Антона мы ведаем, што "паміраў Язэп Лёсік пры вельмі цяжкіх абставінах: у турэмнай камеры, у выгнанні, на чужыне, без родных і знаёмых і далёка ад дарагой для яго радзімы, за якую ён аддаў сваё жыццё. Апошнія дні жыцця Язэпа засталіся таямніцаю, як таямніцаю засталася і ягоная магіла, бо дзе пахаваны Язэп Лёсік, жонка і дзеці не маглі даведацца" .

ЯЎХІМ КІПЕЛЬ
Апошнія дні Уладзіміра Жылкі

На ўсё жыццё запамяталіся нам тыя чэрвеньска-ліпнёвыя дні 1930 года ў Менску. "Чорныя вораны", набітая да адказу турма, НКВД, допыты і пачатак этапаў. Праз нявыказаныя пакуты, праз турмы: менскую, маскоўскія Бутыркі, валагодскую і, нарэшце, вяцкую наша група "нацдэмаў" прыбыла ў горад Кацельніч (Вяцкая, цяпер Кіраўская вобл.). Там мы спаткаліся з прыбылымі раней Кацярынічам і Савічам і тут жа пазней спаткаліся і з Жылкам. На рэгістрацыі ў камендатуры Кацярыніч заўважыў Жылку, але да яго не падышоў, бо не хацеў перад энкаведыстамі выяўляць сваё знаёмства. Каб не згубіць следу Жылкі, мы выправілі Адама Міцкевіча на вывед, і праз гадзіну Жылка ўжо быў сярод нас. З выгляду Жылка быў вельмі худы, але стараўся трымацца бадзёра. У часе хады задыхаўся, але ўсё ж не хацеў прысесці адпачыць. Паэта хварэў на сухоты і быў пэўны, што саманамовай можна перамагчы хваробу.

Жылка расказаў нам, што быў арыштаваны разам з намі і пасаджаны ў менскую турму. Але месяцаў за пяць ён гэтак аслаб, што турэмныя дактары азначылі,
што паэта не будзе жыць. Жылку адвезлі дахаты, дзе ён праляжаў месяцы з чатыры і крыху паправіўся, пачаў хадзіць. НКВД яго сачыла, і як ён толькі крыху ачуняў, яму абвесцілі, што ён засуджаны на пяць год высылкі. Аднак, з увагі на яго хворы стан, яму далі магчымасць выбару - ехаць пад канвоем або без канвою. Жылка, зразумела, выбраў апошняе і сам з'явіўся ў Кацельніч.

У Кацельнічы мы яшчэ пабылі пяць дзён. Да месца высылкі нам заставалася кіламетраў дзвесце пяцьдзесят у бок чыгункі. Нам быў дадзены выбар - ісці пехатой пад канвоем да месца высылкі або як-небудзь дабірацца самім. Мы наважыліся ехаць без канвою, па рацэ Вятцы да прыстані Мядзведак. Ад гэтае прыстані нам трэба было раз'ехацца ў розныя бакі, кажны да свайго месца, вызначанага НКВД: я, Азбукін і Улашчык у г. Налімск, Жылка і Сасіновіч - у г. Уржум, Міцкевіч, Гурскі і Корань. - у г. Малмыж.

На працягу пяцёх дзён мы шмат аб чым гаварылі. Жылка быў у Менску на Акадэмічнай канферэнцыі ў 1927 г. Яго акружалі ў часе канферэнцыі вылучна камуністы і ўсё ўгаворвалі застацца - не ехаць назад у Чэхію. Аднойчы неяк Жылка сустрэўся з намі - беларускімі патрыётамі - адзін на адзін і папытаўся ў нас, ці варта заставацца. Мы ўсе ў адзін голас параілі яму ехаць назад і жыць у Чэхіі. У гутарцы я і прыпомніў Жылку нашыя парады. Пачуўшы гэта, Жылка ўстаў і сказаў: "Ведаеш, браце, мае раны мне і так баляць - ты іх больш не цвялі". Я папрасіў выбачэння, ды больш аб гэтым ніхто нічога не ўспамінаў.

Мы купілі дзве лодкі - адну маленькую, а другую вялікую. У маленькую пасадзілі Жылку, каб яго ніхто не турбаваў і ён адчуваў сябе больш вольна. Маленькая лодка была, прывязана да вялікае, і пасажыру гэтае лодкі не трэба было веславаць. За капітана нашае "эскадры" быў Міцкевіч, бо ён нарадзіўся і выгадаваўся на Нёмане. З нейкае пасцілкі, ахвяраванае добрымі людзьмі, ён зрабіў ветразь, і мы цэлы дзень ехалі не вяслуючы, але пад вечар наляцеў буй-вецер, парваў сціплы ветразь і ледзь-ледзь нас не патапіў. Ехалі ўдзень, а ўначы раскладалі вогнішча і адпачывалі.

За тыдзень мы прыехалі на апошнюю прыстань Мядзведкі, адкуль мусілі разысціся на пяць гадоў у розныя бакі. Тут мы даведаліся, што ў тым горадзе, дзе будзе адбываць высылку Жылка, няма добрага доктара. Таму паэта папрасіў у тутэйшага НКВД дазволу паехаць з намі ў Налінск на тры дні на кансультацыю да доктара.

Тры дні быў з намі Уладзімір Жылка. На чацвёрты дзень мы нанялі хурманку і паэта паехаў да месца свае высылкі ў г. Уржум. Першы час мы досыць акуратна ліставаліся, Жылка ніколі ні на што не наракаў. Неўзабаве мы даведаліся, што ён знайшоў працу ў тамтэйшай бібліятэцы.

Але за колькі месяцаў мы атрымалі ад Сасіновіча ліст, у якім ён пісаў. што Жылка адчувае сябе вельмі дрэнна. Мы, параіўшыся паміж сабою, пастанавілі прапанаваць паэту кінуць працу і атрымваць ад нас сваіх суродзічаў, пасяродкі на жьщцё. Жылка вельмі пакрыўдзіўся. Ён напісаў нам ліст, у якім, дзякуючы за наш добры намер, заўважыў, што яму міласціна не трэба, бо ён заробіць і сам сабе на хлеб.

У канцы лістапада 1932 года Уладзімір Жылка лёг у бальніцу. I помню, што чацвёртага сакавіка 1933 года я атрымаў ад Сасіновіча ліст, у якім ён пісаў:

"Сябры, падаю вам сумную вестку - няма сярод нас Уладзіміра Жылкі. Першага сакавіка а сёмай гадзіне ўвечары ён памёр. Пахаваў я яго на тутэйшых могілках трэцяга сакавіка а пятай гадзіне ўвечары..." Далей мы даведаліся з ліста, што калі Уладзімір Жылка не мог падняцца з ложка, за тыдзень да ягонае смерці, да яго прыйшоў у бальніцу энкаведысты. Ён заявіў, што НКВД дазваляе Жылку змяніць месца высылкі і нават дазваляе выехаць на паўдня. У той жа час выклікалі ў гарадскі аддзел аховы здароўя Сасіновіча і сказалі, што калі толькі будуць патрэбныя грошы на пераезд Жылкі, дык гэтыя грошы асігнуе гарадскі аддзел. А ў паэты ў гэты час ужо пачалася агонія...

Тыдні за два пасля смерці Уладзіміра Жылкі я атрымаў ад Сасіновіча ліст, але ўжо не поштай, а праз знаёмых людзей. Адчыніўшы ліст, я прачытаў:

"Тэстамент, або духоўніца, адпісаная Уладзімірам з Адама і Таццяны сынам Жылкавым".

Я зрабіў усё, ад мяне залежнае, каб старанна перахаваць гэты выдатны мастацкі твор, а пасля сканчэння свае высылкі пазнаёміў з ім усю нашу грамадскасць.

Калі я ўспамінаю цяпер тыя апошнія дні, праведзеныя з Жылкам, на памяць усплываюць радкі з аднаго ягонага верша, які ён прачытаў нам у дарозе ад Кацельніча да Мядзведкаў:

Але нам будуць усё ж мілейшы

Часы, калі з нізін балот

3 надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых

Устане ўзбуджаны народ.

Не відна йшчэ ў завірусе,

Куды ляжыць ягоны шлях.

Але дух творчы Беларусі

Жыве й змагае долі жах.

...Бяжыць суровая Вятка. Чытае свае вершы Уладзімір Жылка. Мы, сцяўшы зубы, яшчэ мацней налягаем на вёслы, бо ў нас не згасла вера ў тое, што нашая ідэя правільная. Мы цвёрда перакананыя, што наш народ скіне гвалтоўную маскоўскую ўладу і Беларусь зробіцца вольнаю і самастойнаю .

УЛАДЗІМІР КЛІШЭВІЧ
Памяці паэта Уладзіміра Хадыкі

12 траўня 1940 г. трагічна загінуў у канцлагеры на Далёкім Усходзе беларускі паэт Уладзімір Хадыка. Хто быў блізкім да беларускіх пісьменнікаў, той добра ведаў Уладзіміра Хадыку як шчырага беларуса, як чалавека, які любіў свой беларускі народ, сваю дарагую Бацькаўшчыну - Беларусь.

Уладзімір Хадыка належаў да тых беларускіх пісьменнікаў, якія былі праз увесь час у няміласці. Колькі вылілася памыяў, бруднай лаянкі на галаву гэтага таленавітага, з чыстым сумленнем паэта! Колькі разоў "крытыкі" Бэндэ і іншыя адводзілі сваю душу, мяшаючы яго з гразёю, труцячы ягонае асабістае жыццё.

А за што?

Толькі за тое, што Уладзімір Хадыка глыбока любіў свой беларускі народ. Колькі ні намагаліся "перабудаваць" душу паэта - гэта не ўдалося, бо Уладзімір Хадыка, зносячы знявагу і здзек, заўсёды быў чалавекам цвёрдай волі, заставаўся з сваімі думкамі. ён не кінуў свайго народа, як іншыя, і не прадаў сваю музу за грошы, каб спяваць песні "роднаму бацьку" Сталіну.

У канцы 1936 г. блізка ўсе пісьменнікі Беларусі былі заарыштаваны і пасаджаны за краты. Я Уладзіміра Хадыку сустрэў 14 кастрычніка 1937 г. у 101 камеры менскай турмы, дзе былі яшчэ і іншыя паэты і пісьменнікі, як: А. З., С. Б., С. Д., С. Э. Гэта была перасыльная камера, адкуль усіх разам накіравалі ў Сібір. Уладзімір Хадыка быў засуджаны на 10 гадоў няволі як "нацдэм". Часта мне асабіста даводзілася гутарыць з Уладзімірам Хадыкам, будучы ў далёкай Сібіры, у Марыінскіх лагерах.

Уладзімір Хадыка з болем у сэрцы прыгадваў сваю Бацькаўшчыну - Беларусь, свае дарагія палі, дзе ён радзіўся, свае родныя шырокія абшары, дзе так прыгожа цвітуць кветкі, красуюць нівы, шумяць лясы... а слёзы міжволі падалі з вачэй...

Няма там прыгажосці беларускае прыроды, не спяваюць там птушкі, як на Бацькаўшчыне. Там усё выглядае дзіка і сурова. Толькі той, хто кахае сваю Бацькаўшчыну, будучы далёка на чужыне, адчуе ўсю любасць да роднага, свайго.

Сэрца разрываецца, калі падумаеш на чужыне, ды яшчэ ў няволі, аб сваёй Бацькаўшчыне... Дзесяць гадоў няволі... дзесяць гадоў катаргі... дзесяць гадоў не пабачыш ні дзяцей, ні сваіх родных, ні таварышоў... I вось у гэткія цяжкія часіны Уладзімір Хадыка ніколі не падаў духам. Хто быў у выгнанні і хоць адзін раз упаў духам, той адчуў, як вельмі і вельмі цяжка падняцца, а.іншыя і назаўсёды пакідалі жыццё, накладваючы на сябе рукі.

21 траўня 1938 г. я з часткаю пісьменнікаў быў накіраваны з сібірскіх лагераў праз Уладзівасток на Калыму. Уладзімір Хадыка пасля нас быў пасланы ў Забайкалле. Працаваў ён на чыгунцы каля горада Улан-Удэ.

Едучы ў ліпені 1940 г. з Калымы ў Менск сібірскаю чыгункаю ў вагоне нявольнікаў, я выпадкова сустрэў гр-на М. Ён быў разам са мною і Хадыкам у сібірскіх лагерах. Мы добра адзін аднаго ведалі.

Падарожны мне расказваў, хто быў на чыгунцы з нашых знаёмых сібірскіх нявольнікаў у Забайкаллі. (Заўважым, што гр-н М. - беларус з Гомельшчыны.) Размаўляючы далей, ён нечакана сказаў: "Уладзіка Хадыкі ўжо няма..."

- А што з ім?- запытаўся я, насцярожыўшыся.

- 12 траўня мы выйшлі на працу,- пачаў расказваць ён,- працавалі каля чыгункі, падрывалі скалу, а шчэбень адвозілі на тачках па трапе. Мы з ім працавалі на пару. Толькі ён паставіў яшчэ першую тачку і не паспеў адысціся, як... абарваўся з скалы камень і ўпаў... па Уладзіка Хадыку... Hi слова не прамовіў ён. Мы кінуліся ратаваць, адвярнулі камень, але Хадыкі ўжо не стала... Толькі моцна ішла кроў з рота і носа... Мы яму зрабілі дамавіну, пахавалі ў прыгожым месцы і паставілі земляку-беларусу крыж.

- Добры быў чалавек, вечная яму памяць!- дадаў ён.

А як хацеў нябожчык пабачыць сваю радзіму і свайго сына! Але заплюшчыліся ягоныя вочы, не дачакаўся ён гэтай сустрэчы...

Халодная Сібір, цяжкая праца ў забайкальекіх скалах не зламалі цвёрдай волі беларускага паэта, не вытруцілі ягонага замілавання да Беларусі Уладзімір Хадыка верыў у будучыню свае Радзімы, любіў Беларусь, і гэтая любоў сагравала яго там, куды кідалі яго ворагі.

Уладзімір Хадыка паміраў з глыбокай любасцю да Беларусі, як адданы сын беларускага народа, ён змагаўся за ягонае лепшае жыццё і свае жыццё аддаў за
беларускі народ. Гэтую замілаванасць, гэтую любоў да Бацькаўшчыны - Беларусі - Уладзімір Хадыка нёс у сваім сэрцы…

МАСЕЙ СЯДНЁЎ
Ларыса Геніюш

У Бельску-Падляскім мяне пусцілі з таварнага цягніка ў горад - засталіся там бацька і сястра, і канвой добра ведаў, што нідзе не дзенуся, вярнуся назад. У горадзе тым я хацеў знайсці Беларускі камітэт у надзеі, што ён можа дапамагчы мне ў маёй бядзе і я буду выратаваны ад лагера. У камітэце быў я ветліва прыняты нейкім Жамойдам. Я расказаў яму пра сябе, пра сваё палажэнне, не ўтаіў таксама, што я беларускі паэт, нядаўні вязень сталінскіх лагераў. Усё гэта, аднак, не мела поспеху - камітэт нічым не мог мне дапамагчы. На развітанне Жамойда падараваў мне кніжку вершаў "Ад родных ніў" Ларысы Геніюш, да таго невядомай мне паэтэсы. З гэтай кнігай я і вярнуўся на таварную станцыю, на "свой" транспарт, да бацькі і сястры.

Ужо толькі ў Беластоку ўдалося мне, разам з бацькам і сястрою, уцячы з транспарту. Рэдактар газеты "Новая дарога", паэт Хведар Ільяшэвіч, прыняў мяне карэктарам у сваёй газеце.

У вершах Ларысы Геніюш я не знайшоў нічога асаблівага, яны здаліся мне правінцыяльнымі - недасканалымі як паводле паэтычнага майстэрства, гэтак і сваімі адхіленнямі ад нормаў літаратурнай мовы. Што ж тычыцца матываў патрыятычнага зместу, што дамінавалі у кнізе, дык яны таксама надта не ўразілі мяне. Я ацэньваў кнігу перш за усе з эстэтычнага гледзішча, з гледзішча самой эстэтыкі, якой, як мне здавалася, якраз і не хапала вершам Ларысы Геніюш.

1 гэтак яна знікла з поля майго зроку. Яна не існавала для мяне як паэт, аж пакуль я не пазнаёміўся з ёю асабіста. Знаёмства адбылося ў 1944 годзе ў Менску на гэтак званым Другім усебеларускім кангрэсе. На гэты кангрэс я прыехаў з Беластока разам з групай "дэлегатаў" ад Беласточчыны. Я хацеў паглядзець, што гэта за кангрэс, пазнаёміцца з людзьмі, а найболей - пабываць у Менску, у сталіцы, якой я даўно не бачыў і дзе калісьці вучыўся, летуцеў, снаваў планы на будучае і дзе - гэтак неспадзявана - напаткала мяне бяда.

3 Геніюш мяне пазнаёміў Хведар Ільяшэвіч, мой апякун і дарадца. Ды сустрэча была кароткай - пад Менскам ужо стаяла Чырвоная Армія, і горад жыў вельмі напружаным жыццём. Трэба было спяшацца пакідаць яго. Спяшалася і Ларыса Геніюш. Не ведаю як, да нас прыстаў паэт Таўлай і паспеў зрабіць калектыўны здымак. На ім фігуравалі Арсеннева, Ільяшэвіч, Пятрок Шыракоў (Тодар Лебяда), я сам і некалькі іншых асобаў, якіх цяпер не магу прыгадаць. Ларыса Геніюш чамусьці не трапіла на гэта фота. Дый не да яго было. У Ларысы Геніюш было столькі рэчаў, што яна не ведала, як з імі быць. Яна папрасіла мяне, ужо знаёмага ёй чалавека, да таго ж без ніякіх рэчаў, узяць у яе цяжкі кажух Кушаля, мужа Арсенневай. Арсеннева, Геніюш і іншыя паважаныя асобы мелі гарантаваныя, ці што, месцы на цягніку, а мне з кажухом давялося браць той цягнік з боем. Складаўся транспарт з нармальных вагонаў і цяплушак з адчыненымі шырока дзвярыма. Чутка пабегла, што гэта апошні цягнік, і ў паніцы кожны, як толькі мог, лез у гэты цягнік. Куды б я ні ткнуўся, у якія б дзверы ні лез, мяне штурхалі ў грудзі назад тыя, хто ўжо дапяў. Праз буфер я пераскочыў на другую, тылавую старану цягніка і, учапіўшыся, стоячы на падножцы, за кастылі, ехаў ужо. Цягнік набіраў хуткасць, і я баяўся, што станцыйныя слупы, міма якіх цягнік імчаўся, расквасяць мне галаву. Я, канешне, кінуў той кажух. Цягнік на нейкім пераездзе затрымаўся, і я ўсё-ткі ўлез у вагон-цяплушку. Адчуваў сваю віну перад Ларысай Геніюш за страчаны кажух. Думаў, будзе крыўдзіцца на мяне, але нечакана з Прагі яна прыслала мне, яшчэ ў Беласток, віншавальную картку, на якой прыгожая дзяўчынка дае "буські" не менш прыгожаму хлопчыку.

У 1945 годзе мне пашанцавала з Берліна дабрацца да Прагі: хацеў быць хоць у якой, але ў славянскай краше. Не хацелася прабірацца далей на Захад. Думаў, ад Прагі бліжэй дахаты. Я ўсё не траціў надзеі, што маці жыве, і гатовы быў вярнуцца, каб пераканацца, ці гэта так. Ларыса Геніюш прывеціла мяне добра, старалася дапамагчы, чым толькі магла. Пазнаёміла мяне з некаторымі беларусамі, што былі тады ў Празе, у тым ліку з Забэйдам-Суміцкім, Янкам Станкевічам, Уладаімірам Сядурам (У. Глыбінным), Жарскім, Русаком і іншымі. Пазнаёміла таксама з адной мілай жанчынай-чэшкай, што працавала ў нейкай дабрачыннай арганізацыі. Гэта была на імя Ружана. Калі Ларыса Геніюш сказала, што я бедны і беспрытульны. беларускі паэт, Ружана, замужняя жанчына, была настолькі міласэрнай, што дала мне нават сваю ашчадную кніжку, з якой дзеля кароткага майго побыту ў Празе я гэтак і не мог скарыстаць. І па сённяшні дзень, назнаўшы, наколькі жорсткі свет, дзіўлюся, што ўсё ж ёсць у.гэтым свеце такія боскія людзі, як тая чэшка Ружана. Але вярнуся да Ларысы Геніюш. У Ларысы Геніюш жыў я, можа, які з тыдзень, пакуль яна не знайшла для мяне пакойчык, памятаю - на вуліцы Бубеннай. Едучы, бывала, стуль да Ларысы Геніюш трамваем, мне падабалася, як кандуктар-кантралёр звяртаўся да пасажыраў са сваім нямецка-чэшскім: "Фар-картэн-яздэнкі просімо". У Ларысы Геніюш была ў Празе нядрэнная кватэра. Яна жылі тады толькі з сынам, непаседлівым, не надта паслухмяным, зацятым дзевяцігадовым Юркам. Ён знікаў некуды на цэлы дзень, і маці турбавалася, шукала і не знаходзіла, ён прыходзіў толькі надвечар. Маці пыталася, дзе ён быў? Ён коратка адказваў: "Ездзіў". Юрка любіў ездзіць трамваем, ведаў.добра горад, ніколі не блудзіў. Мужа ў дому не было. Я так і не ведаў, дзе ён быў. Разглядаў у ягоным лекарскім кабінеце невялічкую бібліятэчку - у ён я знаходзіў заходнебеларускія і менскія выданні: часопісы, газеты, кніжкі. Быў Геніюш, наколькі я мог спасцігнуць, чалавекам левага кірунку.

Ларыса Геніюш умела і любіла гатаваць. Стоячы ля пліты, часам сцёбала мяне сваім фартухом, калі я, згаладалы, хапаў што-небудзь з патэльні. Аднойчы, стоячы з ёю ля пліты, я пачаў пісаць алавіком па кафлі - складаў эпіграму на яе. Яна, каб спыніць маю пэцканіну, сур'ёзна загадала мне: "Ідзі ў уборную і там пэцкай". Я пакрыўдзіўся і цэлы дзень не гаварыў з ёю.

За сталом у яе былі часта госці, абавязкова гады - Забэйда-Суміцкі. Забэйда-Суміцкі быў ужо і тады ў гадох. Юрка, седзячы за сталом . насупраць яго, чмыхаў, заціскаў нос, дражніў Забэйду-Суміцкага: "Казёл! Казёл!" У прысутнасці Забэйды-Суміцкага ніхто не важыўся курыць - ведалі, што спявак не церпіць табачнага дыму. Шанаваў горла.

Калі я, бывала, выходзіў з Ларысай Геніюш на вуліцу пагуляць, апынуўшыся на тратуары, яна заўсёды гаварыла: "Масейка, давай пабяжым!" I бегла. Але прабегшы колькі метраў, спынялася, хапалася за сэрца: "Не магу - калоціцца". Але бяжыць зноў. Была яна тады досыць поўнай, задыхалася, нібы не хапала паветра. Прыгадваючы гэта, дзіўлюся цяпер, як яна магла вытрымаць сваю катаргу.

Заставацца ў Празе яна быццам не хацела, збіралася адступаць далей на Захад. Быў вызначаны ўжо дзень і час ад'езду. Гатовыя да ад'езду, мы дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцой на вакзале, а калі мы прыйшлі ў назначаны час на вакзал, яе там не было. Для мяне яна знікла назаўсёды. Але ейны вобраз бачу выразна: паважаная, гатовая на ўсё, імпульсіўная, прынцыповая і адначасна - спагадная, міласэрная. Ларыса Геніюш - жанчына тыпу рэвалюцыянеркі Цёткі.

Як паэтэсу вялікага калібру, таленавітую, арыгінальную я ацаніў толькі цяпер, угледзеў ейную значнасць, прачытаўшы ейны зборнік "Невадам з Нёмну" і асабліва - некалькі еййых цыклаў выгнанніцкіх вершаў, што пабачылі свет у газеце "Літаратура і мастацтва". Ларыса Геніюш паўстала перада мной на ўсю сваю веліч як паэтэса-грамадзянка. Я не бачу ёй роўнай у нашай жаночай паэзіі. Яна паланіла мяне не толькі сваімі паэтычнымі магчымасцямі, а і не менш сваёй - наперакор усяму - мужнай паставай. Яшчэ з большай зыркасцю вырысавалася гэтая пастава ў ейным унікальным творы-ўспаміне "Споведзь", надрукаванай у часопісе "Маладосць". Перад гэтым творам блякнуць усе дасюлешнія гулагаўскія творы ў нашай мемуарыстыцы, уключна з "ГУЛАГам" самога Салжаніцына. Гэта творы аблітаратураныя, і дзеля гэтага яны шмат у чым трацяць сваю аўтэнтычнасць. "Споведзь" Ларысы Геніюш падкупляе сваёй непадробнасцю, маральнай вышынёй і падчас зайздросным бляскам выкладу.

1990 г.

Успаміны напісаны спецыяльна для гэтага зборніка.

З Менска - у Мінск

1

Хачу напісаць пра свае нядаўнія адведзіны Мінска, пра сваю сустрэчу з Беларусяй. Хачу і не магу. Пачаў ужо і тут жа адклаў. Не выходзіць. Не асэнсаваў яшчэ матэрыялу, не ўсё яшчэ адклалася. Паспрабую дзеля гэтага паглядзець на свае адносіны эмацыянальна. Бяру сённяшні Мінск. Я не пазнаў яго. У маёй памяці застаўся стары Менск - малы, больш утульны, асабісты, беларускі Менск, Менск пачатку 30-х гадоў, мой Менск. У ім я вучыўся, марыў, спадзяваўся, жыў у чаканні нечага вялікага, што мае вось сёння ці заўтра здзейсніцца. Я любіў ягоныя вуліцы і завулкі. Мне, сялянскаму хлопцу, ён быў зразумелым і ў нечым - родным. Гэта нішто, што ў тым Менску быў я галодным. Я перамагаў свой голад мацнейшай за голад прагай увасобіцца, знайсці сябе, так бы сказаць, у гісторыі. У Менску месцяцца - о святая наіўнасць - рэдакцыі сталічных газетаў і часопісаў. Я ў кожную з іх занясу свае вершы, і калі не ўсюды, дык хоць у адным з гэтых выданняў з'явяцца мае творы, і праз іх з'яўлюся і я, здзейснюся. З вясковай глушы я прыйшоў у беларускую сталіцу менавіта здзейсніцца, калі прызнацца - перадусім у літаратуры,

Прахаджваюся па Савецкай, часцей на тым адцінку яе, дзе Дом пісьменніка. Назіраю, як туды ўваходзяць і адтуль выходзяць людзі, думаю -усе паэты і пісьменнікі. Купалу, Коласа, Чарота я пазнаю - яны амаль такія, якімі я запомніў іх з фатаграфій у маіх школьных падручніках. Яны свяціліся са сцен нашых класаў у нашай сямігодцы.

Ага, вось выйшаў з Дому пісьменніка чалавек у белым вясеннім касцюме, з пухлай, трохі звіслай набок шчакой, бліснуў пры ўсмешцы залатым зубам, мне сказалі - гэта Сымон Баранавых, рэдактар часапіса "Беларусь калгасная". Я прачытаў ужо ягоную аповесць "Чужая зямля", і мне яна спадабалася. Я ўжо абагаўляю яго.

I што б вы падумалі - і па сённяшні дзень ён стаіць у маіх вачох такім жа самым - увесь у сонцы, у белых нагавіцах, з усмешкаю, якая, здаецца, выдала ягоную таямніцу - залаты зуб, і той, абрадаваны, што вызваліўся, бліснуў сваёй залатой іскрынкай. Калі мне пазней давялося разам з Баранавых ехаць у Сібір, у цяплушцы, усё роўна ранейшы вобраз пісьменніка - радасны, вясёлы - засланяў у мяне ягоны пакутлівы, рэальны вобраз.

Або вось ідзе з тросцю стройны, яшчэ малады, удумлівы, з сашчэпленымі моцна вуснамі Уладзімір Хадыка. На выгляд горды, ён адкідвае галавой, папраўляючы свае прыгожыя русявыя. валасы. А от ягоны светлы вобраз шарэе, калі бачу Хадыку каля грубкі ў бараку ў Новаіванаўскім лагеры. Хворы, ён мёрз і не адыходзіўся - нават уначы - ад гэтага ачага цяпла. Мне чамусьці прыгадваюцца ягоныя радкі: "І ў сэрцы тога не зглушыць, што перасніў я, перадумаў".

Ну, а вось Купала. Іду за ім назіркам усё па той жа Савецкай. У Купалы на плячы кастыль. Ён ідзе паволі, коратка спыняючыся ля вітрынаў. Тады мне ўдаецца пабачыць яго ў профіль. Для каго-небудзь іншага гэта быў бы звычайны профіль. Для мяне ж гэта быў цуд, які пабачыў я ўпершыню. Мне здалося, што Купалаў профіль павярнуўся да мяне ўсёй Беларусяй. Якое гэта шчасце магчы бачыць цуд!

Якуба Коласа я ўспрымаю выключна пачуццёва. Стаўляў сябе на месца Сымона-музыкі ці на месца Сцёпкі за парогам. Расчулены, чытаючы гэтыя творы, плакаў. На юбілей Якуба Коласа, памятаю, склаў юбіляру свой верш. Праслухаўшы яго ў маім чытанні, жонка Якуба Коласа, побач якой я сядзеў, узнагародзіла мяне сваім: "Сардэчны верш". Для мяне гэта было больш залатога медаля.

А вось недзе на Савецкай з падвала, з нейкай кухні, патыхае смачным дражлівым куродымам. Галодны, уцягнуўшы яго ў свае нутро, п'янею. Пачаўшыся было на хаду, верш абарваўся, перапыніўся.

Але гэта быў мой Менск.

300 грамаў хлеба на дзень, што па картцы належыўся мне, студэнту, я з'ядаў па дарозе, яшчэ не дайшоўшы да інтэрната. Ды нішто!

Гэта быў мой Менск. Мая сталіца. У ёй пачалі з'яўляцца ў друку мае першыя вершы. Калі пабачыў свой верш, упершыню надрукаваны ў "ЛіМе", здалося мне, падраслі дамы паабапал Савецкай, сталі вышэйшымі.

Адкрытыя лісты Янкі Купалы і Якуба Коласа, у якіх яны каяліся ў сваіх "нацыяналістычных" грахох, загартоўвалі нас, іх аўтары вырасталі ў нашых вачах у пакутнікаў за нацыянальнае. А калі Дом пісьменніка на Савецкай апусцеў - там ужо нельга было пабачыць шмат каго з ягоных наведвальнікаў (яны былі пераселены ў іншыя "дамы"), я адчуў, што мой Менск канчаецца. I я спяшаўся жыць. Ішоў туды, куды пайшлі і іншыя. Хоць для Беларусі яшчэ нічога я не паспеў зрабіць, ды, апынуўшыся за кратамі, я думаў, што і я сяджу за Беларусь. Узвышаў сябе тым, што ў маім Менску давялося і мне прычасціцца беларускім духам. Ды вывезены на Калыму, думаў, што ўжо ніколі не пабачу майго Менска.

А от давялося ўсё-такі пабачыць. Праз паўстагоддзе не думаў, што такое калі-небудзь можа здарыцца. Проста не дапушчаў такога. Не верылася - шмат было ўціску, здзеку, варожасці і ахвяраў, каб можна было паверыць. Але час апярэдзіў мяне і адчыніў магчымасць вярнуцца... у мінулае? Не, мінулага няма. На двары стаіць новая эпоха, незразумелая мне. Старога Менска, майго Менска, няма. Ёсць Мінск, вялікі прыгожы горад заходнееўрапейскага кшталту, з шырокімі вуліцамі і цудоўнымі плошчамі, але ўжо незразумелы, чужы мне. Я не паспеў яго яшчэ палюбіць - быў я паглынуты адным: як буду прыняты я новым Мінскам, маладым пакаленнем і калі зусім шчыра - новай (а мо старой?) уладай. Але страх мой быў дарэмным - прыняты быў я незвычайна добра, прыхільна, а самымі малодшымі, напрыклад. сябрамі літаратурнага аб'яднання "Крыніца", што існуе пры газеце "Чырвоная змена", нават, сказаць бы - энтузіястычна.

Адведзіны музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, гутарка з працаўнікамі музея, напрыклад, сынам Якуба Коласа Данілам Міцкевічам і спадарыняй Тамарай Андрэеўнай Сачанка, мілымі і дасведчанымі людзьмі; адрадзілі мяне і ў нейкай ступені вярнулі ў колішні Менск.

Былі вялікай падзеяй для мяне і адведзіны рэдакцый такіх беларускіх выданняў, як "Маладосць", "Полымя", "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная змена", "Голас радзімы", а таксама рэдакцыі рускамоўнай маладзёжнай газеты "Знамя юности". У кожнай з іх адбылася сустрэча з супрацоўнікамі. Зачапляліся самыя разнастайныя пытанні, у тым ліку заўсёды роспыты пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі, у тым ліку i пра ; маю сціплую асобу. Я быў прыемна ўражаны новым падыходам да беларускай праблематыкі, смеласцю думкі, адкрытасцю. Гавару "смеласцю думкі", бо ж мяне навучылі баяцца, і пачуць самастойную думку было для мяне прыемнай навінай. I гэта натуральна: страх - не лепшы дарадца.

Цікавым быў мой візіт і ў рэдакцыю газеты "Знамя юности". Вынікам сустрэчы было інтэрв'ю, падрыхтаванае супрацоўніцай газеты Галінай Айзенштадт. Неспадзёўкай было для мяне пачуць з вуснаў рэдактара газеты дасканалую беларускую мову. Дарэчы, ад нядаўняга газета дае некалькі разоў на месяц старонку па-беларуску.

Акрыліў мяне і вечар у Доме літаратара. Вершы, якія я там чытаў, успрымаліся (паводле майго вычуцця) актыўна, дружна, а часам і бурна, як напрыклад, калі прачытаў г;ерш, што канчаўся радкамі " Я хачу, каб у нас былі нашы імператары і каралі". Яны ўскалыхнулі аўдыторыю. Вечар дадаў мне ўпэўненасці ў самім сабе, скажу - нават узняў мяне самога ў сваіх собскіх вачах.

Але я мусіў бы пачаць гэты свой опус ад падзякі майму земляку, пісьменніку Васілю Фёдаравічу Хомчанку, які запрасіў мяне і дзякуючы запросінам якога мне ўдалося наведаць сваю Бацькаўшчыну. У гутарках з Васілём мы заглядалі ў сваю маладосць, у стары, ранейшы Менск. У 1936 годзе доля звяла нас у падвальнай камеры на рагу Савецкай і Урыцкага. Тая камера цяпер замуравана, і калі цяпер мы глядзелі на тое замураванае месца, нам здавалася, што і мы замураваныя там навекі.

Абмінуў, не прыгадаў яшчэ я тут дбайнага, умелага, дасведчага арганізатара майго паломніцтва ў святыя месцы - пісьменніка Барыса Іванавіча Сачанку. Дзякуючы яму я пабываў усюды, дзе хацеў. Шчыра ўдзячны яму за клопат, увагу, зразуменне, за ўступнае слова на вечары ў Доме літаратара, за гутарку, якую ён правёў са мной І якая мае быць надрукаванай у часопісе "Маладосць".

Дазволю сабе яшчэ вярнуцца да майго Менска. Менск - гэта мой лес, у ім я жыў, паміраў і ў ім цяпер нібы ўваскрос. Але Менск - гэта не толькі мой лес. Гэта лес цэлай нашай літаратуры, лес ейных творцаў, у вялікай колькасці - фатальны лес. Менск - гэта, можна сказаць, калыска нашай новай літаратуры і адначасна - ейная Галгофа.

Дык вось з старога Менска, з майго Менска, я наведаў новы, малавядомы мне Мінск, я сказаў ужо - прыгожы, шыкоўны горад, які мне трэба яшчэ вывучыць, палюбіць. Ды ўсё ж, калі я хадзіў ці ездзіў па ім - аўтобусам, тралейбусам, метро, машынай,- прыглядаўся, прыслухоўваўся, напрыклад, да суцэльнай небеларускай гаворкі, да саміх людзей, добрых, цярплівых, міласэрных і прыгожых, мне неяк міжволі прыходзіла думка - з'ехала некуды Беларусь, тая, што я ведаў, і пытаўся ў сябе самога, ці вернецца яна і калі? Песімістычна? Не!

1990 г.

МІХАСЬ ЗАБЭЙДА
Мастацтвам за мір

Радасна ўсведамляць, што на Бацькаўшчыне цікавяцца маёй скромнай працай. Прызнаюся, што гаварыць аб сабе, а тым больш пісаць, я не ахвотны, бо ўдалося зрабіць так мала ў параўнанні з тым, што хацелася зрабіць. Аднак надзея, што мой расказ дапаможа некаму зрабіць больш, дапаможа прадоўжыць маю працу, унікшы тых ці іншых хібаў, змушае мяне да пісання.

З чаго пачаць? Мусіць, як гэта найчасцей бывае, а нараджэння, бо аб гэтым найменш вядома. Паводле таго, што я чытаў аб сабе ў друку, павінен быў нарадзіцца, прынамсі, у трох ці нават чатырох месцах: гэта - Шэйпічы, Падароск, Несцяровічы і проста... на лузе - на сенакосе!

Перада мною ляжыць дакумент: выпіска з метрычнай кнігі аб нарадзіўшыхся ў 1900 г. Там напісана, што я "мужского пола", нарадзіўся 1 чэрвеня 1900 года (трэба памятаць, што тады быў у Расіі стары стыль, значыць, па новаму стылю нарадзіўся я 14 чэрвеня 1900 г.). Бацька мой Іван Андрэевіч Забэйда - селянін з вёскі Несцяровічы, маці Аляксандра Феліксаўна (дзявочае прозвішча Суміцкая) з вёскі Шэйпічы.

Гэта з дакументаў. А цяпер некалькі слоў ад сябе.

Бацька, як мне казала маці, быў беззямельным селянінам, працаваў, дзе мог і як мог: батраком, рабочым на будоўлі, нават, здаецца, у Падароску служыў млынаром. Гаварылі, быў здольны чалавек і прыгожа спяваў. На жаль, памёр, калі мне было толькі паўтара года. Дык рос я без бацькі.

Як нам жылося, можаце сабе ўявіць з таго, што з семярых дзяцей да пажылога веку дажыў я адзін. Астатнія памерлі маленькімі. Адзін брат Валодзя дажыў да 22 год і той памёр ад сухотаў.

Памятаю сябе больш-менш ад чатырох год. Жылі мы ў чвартку каля маёнтка Шэйпічы. Маці хадзіла працаваць да пана, а мяне зачыняла ў хаце, каб я не перашкаджаў ёй на рабоце. Потым, як трохі падрос, маці забірала мяне з сабой, і я жыў з ёю на кухні, дзе сталаваліся батракі і падзёншчыкі. Як мяне там не з'елі блохі, прусакі, мухі!

Год з 8-9 і я пачаў працаваць падзённа: паганяў коней у малатарні, вадзіў у повадзе іх, як асыпалі бульбу, зграбаў сена, вязаў за жняяркаю снапы.

Цікава наймаліся тады на работу. Вёска наша жыла бедна, былі нават курныя хаты. Кожны, хто хацеў зарабіць нешта, ішоў у маёнтак. Там на дзядзінцы станавіліся ў рад, а пан аканом выбіраў таго, хто яму спадабаўся. У гэты рад дарослых мужчын і жанчын станавіўся і я, хлапчук.

Спачатку мне плацілі 10 капеек у дзень, потым - залатоўку - 15 капеек, а перад вайной 1914 года атрымліваў ужо саракоўку - 20 капеек.

Хоць маці ў мяне была непісьменная, але мяне старалася вучыць. Сапраўднае школы ў Шэйпічах не было. Дзяцей збіралі ў большую хату і вучылі "чему-нибудь и как-нибудь". У такую хату два гады хадзіў І я. Потым мяне са стрыечным братам Ванем Урбановічам адвялі ў 3-е аддзяленне Зельзінскай аднакласнай школы. Там мы з ім спалі ў начлежцы ці, лепш кажучы, у раздзявальні. Так мы жылі пры школе цэлы тыдзень. У суботу прыходзілі дахаты, набіралі яды, а ў нядзелю зноў ішлі ў Зельзін, які знаходзіўся ад Шэйпічаў за 6 вёрст. Часам да школы нас падвозіў дзядзька Урбановіч.

Скончыўшы Зельзінскую школу, я перайшоў у двухкласную царкоўнапрыходскую школу ў Галоўчыцах, што былі за 7 вёрст ад Шэйпічаў.

Вучыцца я стараўся, бо разумеў, як цяжка быць непісьменным. Ды і маці ўсё наказвала: "Вучыся, сынок!", а маці я хацеў слухаць. Я бачыў, як яе часта крыўдзілі, а заступіцца за нас не было каму. Калі яна плакала, і я плакаў з ёю. Каб мяне суцешыць, яна пачынала спяваць. Я пераставаў плакаць і пачынаў ёй падцягваць. I так у песні мы вылівалі сваё гора.

У маці маёй быў вельмі добры голас - густы, аксамітны, мяккі. Ад маці я і пераняў любоў да песні. Ды не толькі любоў: песня стала маёю мовай. Гэта і адчуў Максім Танк, калі ў Вільні пасля майго канцэрта напісаў: "Зусім іначай спяваў М. Забэйда-Суміцкі. 3 першых слоў ён нябачнымі пальцамі адчування ўзяў гэта сэрца песні, палажыў яго на асцярожныя далоні дзіўнага голасу і, абвеяўшы чарам, задумай, панёс яго, здаецца, на растайныя дарогі, між саламяных стрэк, між каласоў, затопленых у сонцы, раскалыханых ветрам. I ці ж можна было не адчуць і не пайсці за песняром.

Зала доўга калацілася да эстрады хвалямі воплескаў...

Змоўклі. Пасля ўсяго мне здалося, у кожнага чагось не хапала, без чаго перш людзі стараліся жыць спакойна, быццам не заўважаючы, і нехта ім прыпомніў, што так няможна жыць далей, як жылі...

Часамі песні так патрапяць сказаць!.." ("Беларускі летапіс", № 2-3 за 1937 г.)

Цяпер яшчэ раз вярнуся да пытання: дзе ж я нарадзіўся. Спачатку мяне гэта не цікавіла, але потым, многа год спагадзя, калі трэба было ведаць дакладна, я звярнуўся з гэтым пытаннем да маці. Яна ўжо была старэнькая і проста мне сказала: "Сынок, было вас сямёра. Я нявучаная, запісваць не магла. Ці ж магу я памятаць, дзе каторы і калі нарадзіўся? Можа, у Падароску, а можа, і на лузе, бо быў у мяне і такі выпадак. Пайшла грабці сена ды там і рассыпалася. Можа, гэта якраз ты і быў?"

А калі я падумаю, як я люблю прыроду, то пачынаю згаджацца з тым, што, мусіць, гэта сапраўды быў я. У той час бедныя людзі радзіны не спраўлялі, дык не дзіўлюся, што праз якіх 50 гадоў хворая маці не памятала такога "важнага" факта, як мае нараджэнне. А мне гэта, праўду кажучы, і не баліць. Цяпер, калі людзі хутка паляцяць на іншыя планеты (а можа, і нараджацца там будуць), хопіць ведаць, што я нарадзіўся на Зямлі, а дзеля папер-дакументаў - у вёсцы Несцяровічы, дзе нарадзіўся і мой бацька. Магу хіба яшчэ дадаць, што мая бабуля Антаніна - маці маёй маці - яшчэ хадзіла на паншчыну, аб якой мне расказвала жахлівыя рэчы.

А цяпер зноў вернемся да вучобы. Галоўчыцкую школу я скончыў у 1914 годзе. Падрыхтаваўшыся за лета, восенню паехаў з Ванем Урбановічам у Маладзечна, каб здаваць конкурсныя экзамены ў настаўніцкую семінарыю. На станцыі ў Ваўкавыску першы раз у жыцці ўбачыў поезд з паравозам, а калі ён свіснуў, душа ў мяне ёкнула ў пяткі.

Экзамены вытрымаў.

Цягніком чацвёртага класа вярнуўся ў Ваўкавыск, а адтуль з торбаю і ботамі за плячыма, пехатою, босы ішоў 45 кіламетраў дахаты. Маці, убачыўшы мяне, абрадавалася і занепакоілася, даведаўшыся аб маім паступленні на вучобу: "Як жа ты, сынок, там будзеш адзін?" Я і сам быў засмучоны. Ваня, старэйшы і разумнейшы, праваліўся на экзамене, і мне прыходзілася "ісці ў свет" аднаму. I пайшоў. Пайшоў "у людзі".

У семінарыі дабіўся прыватнай стыпендыі - 45 рублёў у год. Пражыць на гэтыя грошы было немагчыма. Прыйшлося падрабляць урокамі "на даму" ды зацягваць папружку шчыльней. Іншыя хлопцы хадзілі ў сталоўку, дзе карміліся казённыя стыпендыяты, і даядалі там тое, што заставалася ў місах. Разы два хадзіў і я з імі, але было надта брыдка падбіраць чужыя недаедкі - і я больш не пайшоў.

Я шукаў іншага выйсця са свайго цяжкога становішча. Стараўся вучыцца як мага лепш, каб атрымаць казённую стыпендыю - 180 рублёў у год. Зубрыў многа, апрача вучобы нічога не бачыў. I дабіўся свайго: на экзаменах у канцы навучальнага года атрымаў права на поўную стыпендыю. Парадаваліся мы з маці, але ненадоўга: да Маладзечна набліжаўся фронт першай сусветнай вайны. Нам сказалі эвакуіравацца. "Ненадоўга",- запэўнівалі. Пасля трохмесячнага блукання ля фронту нас, бежанцаў, змардаваных бадзяннем, голадам і хваробай, пасадзілі ў Менску ў цяплушкі, у якіх мы ледзь вытрывалі ад марозу, і павезлі на ўсход. Вазілі доўга, пакуль не высадзілі ў Тамбоўскай губерні каля сяла Ілавайскага.

Маці з братам Валодзем засталася на месцы, а я з кошыкам за плячыма ізноў пайшоў у свет шукаць шчасця. Дабраўся аж да Пензы. I неяк даведаўся, што ў горадзе ёсць настаўніцкая семінарыя. Пайшоў туды, і мяне, як казённага стыпендыята, залічылі на вучобу. Пасля, як высветлілася, што Маладзечанская настаўніцкая семінарыя эвакуіравана і знаходзіцца ў Смаленску, мяне накіравалі вучыцца туды.

Памяшкання свайго семінарыя не мела, і мы займаліся ў другую змену ў гімназіі Вароніна. Жыць было вельмі цяжка. Адной стыпендыі не хапала, а грошы абясцэньваліся. Хлеба з мякінай і таго часта нельга было дастаць. Студэнты перабіваліся хто як мог.

У 1917 г. удзельнічаў у дэманстрацыях, разам з усімі хадзіў па вуліцах, насіў лозунгі з рэвалюцыйнымі плакатамі, крычаў: "Далоў цара!"

У 1918 г. скончыў семінарыю і выехаў у Сібір, дзе ў эвакуацыі знаходзілася мая адзінокая маці (брат Валодзя ўжо памёр). Маці знайшоў у сяле Бароўскім Барнаўльскага павета. Адразу ж падаў прашэнне ў аддзел народнай асветы, і мяне прызначылі настаўнікам у сяло Усць-Калманскае, што каля Барнаула.

Праца была цяжкая, але цікавая. Я арганізаваў там Калманскае культурна-асветнае таварыства. Мяне, васемнаццацігадовага хлопца, выбралі старшынёй. Праводзілі з сялянамі гутаркі на розныя тэмы, чыталі лекцыі, ставілі п'есы. У мяне многа было запалу. Сам я і іграў і спяваў. Так я прапрацаваў адзін год.

Але на свеце было неспакойна. Бушавала грамадзянская вайна. Яе віхуры дакаціліся да ціхага сяла Калманскага і зрушылі мяне з месца. У выніку я апынуўся ў 1920 годзе ў Харбіне.

На станцыі "Пагранічная" Кітайскай усходняй чыгункі атрымаў пасаду настаўніка. Настаўніцкі персанал быў неаднародны, дзяліўся на рэвалюцыйных і рэакцыйных. Я быў з першымі. Мы прайгралі, і я страціў пасаду. Працу знайшоў у Вэйшахэ - на маленькай станцыі той жа Кітайскай усходняй чыгункі - як настаўнік ад бацькоў. Праз два гады за добрую працу быў пераведзены ў Харбін.

Тут я сістэматычна пачаў займацца над удасканаленнем свайго голасу. Са мной стала займацца прафесар Юлія Канстанцінаўна Плотніцкая - былая супрацоўніца Шаляпіна - чалавек ужо пажылога ўзросту, але яшчэ добрая артыстка і педагог.

Я ўжо сказаў, што спяваць любіў з дзіцячых год: спяваў з маці, потым у школах выбіралі мяне ў салюты дзіцячага хору, спяваў у царкве і нават на вяселлях. Мог нядрэнна іграць на розных інструментах: на балалайцы, мандаліне, гітары, гармоніку і нават на скрыпцы, якая засталася ад бацькі. А на губным гармоніку я мог зайграць усё, што толькі пачую (зусім Сымон-музыка!). Памятаю, у маёнтку Шэйпічы, дзе працавала мая маці, быў раяль. Калі прыязджалі панскія дочкі (яны больш жылі ў Ваўкавыску) і пачыналі іграць, я гадзінамі стаяў за плотам і слухаў, забыўшыся аб усім на свеце. Добра ці дрэнна яны ігралі - не ведаю, але гэта была першая музыка, якую я пачуў на раялі. (Цяпер, калі радыё грае больш, чым трэба, мае пачуцці таго часу, можа, трудна нават зразумець.) Калі паны ад'язджалі з двара і маці дазваляла мне сцерці з раяля пыл, я не мог устрымацца і пачынаў падбіраць на клавішах адным пальцам знаёмыя мелодыі народных песень. Маці дзівілася і радавалася, але, баючыся, непрыемнасцей, адганяла мяне прэч.

Шкада, што не нарадзіўся я год 50 пазней, магло б быць з мяне нешта лепшае, Як цяпер у нас вышукваюць таленты! Як ім дапамагаюць развівацца! Як іх падтрымліваюць! Я сам удзельнічаю ў камісіях па адбору здольнай музычнай моладзі. I тады свет быў не без добрых людзей, але цяпер усё робіцца арганізавана.

У настаўніцкай семінарыі спевы былі пастаўлены добра: знаёмілі з тэорыяй музыкі, быў свой хор, вучылі дырыжыраваць. Таму к Плотніцкай я трапіў, маючы некаторую падрыхтоўку ў гэтай галіне. Аднак гэтага для сур'ёзнай музыкі было мала, і я пачаў у Тамашынскай вучыцца на раялі, а з дырыжорам Меттэрам праходзіў курс гармоніі.

Праца ішла добра, і аба мне сталі гаварыць як аб вельмі надзейным маладым спеваку. Так я займаўся два гады. Але чым больш займаўся, тым менш быў задаволены сабой, тым менш у сябе верыў. Стамляла праца ў школе, асабліва моцна адбіваючыся на горле, і я не мог спяваць так, як хацеў, так, як сабе ўяўляў.

Урэшце, ад кар'еры спевака адмовіўся. Гэта было нялёгка, бо са спевамі я даўно і моцна зросся.

Каб нешта рабіць, паступіў на эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта.

Заняткі там праходзілі ў другую змену, я працаваў у школе - у першую змену. Такім чынам, я мог спалучаць работу з вучобай. Працаваў многа і вучыўся добра. Усё гэта было для розуму, а сэрца ўсё ж заставалася ў песні. Сэрца хацела спяваць.

Ад вялікай нагрузкі арганізм не вытрымаў, здароўе падарвалася. Урачы знайшлі сэрца хворым, і самае небяспечнае - аказаліся хворымі лёгкія. Даведаўшыся, што брат памёр - ад сухотаў, дактары параілі неадкладна лячыцца. I ўсё ж вучобу ва універсітэце не пакінуў. Працаваў асцярожней, менш, але ішоў наперад. Не пакінуў і спевы.

У 1929 годзе скончыў універсітэт, і мне запрапанавалі асістэнтуру. Але я накіраваўся ў оперу. Думалі, што звар'яцеў чалавек...

А пачалося ўсё так.

У 1929 г. на Кітайскай усходняй чыгунцы адбыўся канфлікт паміж кітайскай і савецкай часткай праўлення. У знак салідарнасці з Савецкім Саюзам была аб'яўлена неафіцыйная забастоўка, у якой прыняла ўдзел і мая школа. Улады, варожа настроеныя да Савецкага Саюза, пазбавілі нас жалавання. Што было рабіць? Я звярнуўся да опернага калектыву, але там месца не знайшлося, усё было ўкамплектавана. Сезон тэатр планаваў пачаць "Русалкай" Даргамыжскага, і раптам бас Шушлін, які павінен быў спяваць мельніка, парушыў кантракт і выехаў у Шанхай. Такім чынам пастаноўка "Русалкі" была пад пагрозай зрыву. Калектыў шукаў выйсця. З Ленінграда мелі добрага барытона Вітэльса, які мог спяваць Анегіна (Чайкоўскага). Пачалі шукаць артыста на партыю Ленскага. На пробу паклікалі мяне. Спадабаўся. Тут жа рашылі замест "Русалкі" ставіць "Яўгенія Анегіна".

За два тыдні я падрыхтаваў партыю Ленскага. Што перажыў за гэты час, трудна расказаць. Мой дэбют меў поспех, і мяне залічылі ў трупу опернага калектыву.

Потым я спяваў Сінадала з оперы Рубінштэйна "Дэман", затым пайшлі і іншыя партыі. Да 1932 года я праспяваў 15 роляў. Гэта былі Фаўст з "Фауста" Гуно, Альфрэд з "Травіяты" Вердзі, герцаг з "Рыгалета" Вердзі, Альмавіў з "Севільскага цырульніка" Расіні, князь з "Русалкі" Даргамыжскага, цар Берэндзей з "Снягурачкі" Рымскага-Корсакава, Лыкаў з "Царскай нявесты" Рымскага-Корсакава, Уладзімір з "Князя Ігара" Барадзіна, Уладзімір з "Чарадзейкі" Чайкоўскага, Пінкертон з "Мадам Батэрфляй" Пучыні, Рудольф з "Багемы" Пучыні і іншыя.

Паралельна я працаваў і ў школе, куды зноў вярнуўся пасля забастоўкі.

Маё выступленне ў оперы мела поспех. I я пачынаў верыць у сябе, хацелася і надалей удасканальвацца ў спевах.

Увесь гэты час я жыў вельмі скромна, бо збіраў грошы для паездкі ў Італію, аб якой марыць кожны добры спявак.

У 1932 г. атрымаў візу, звольніўся са школы, пакінуў тэатр і паехаў у Мілан.

У Мілане сустрэўся са спявачкай Анджэлікай Краўчанка, якая раней была ў Харбіне. Яна пазнаёміла мяне з выдатным майстрам спеву Фернандо Карпі, які раней альтэрнаваў з Карузам і іншымі славутымі спевакамі.

З Карпі я працаваў амаль кожны дзень. Маэстра дзівіўся з маёй працавітасці, хваліў мяне і паказваў іншым. вучням. Цікава, што потым да мяне на лекцыі спеву. прыходзілі вучні - іншаземцы, і я сапраўды дапамагаў ім, бо ад прыроды меў добрае вуха і адразу адчуваў, каму чаго не хапае. У тыя часы і сам я вельмі ўважліва слухаў выдатных спевакоў, што выступалі ў Мілане, і, зразумела, многаму ад іх вучыўся. Тут я ўпершыню пачуў Шаляпіна. Ён спяваў Дона Базыля ў тэатры Ла Скала (La Scala). Поспех быў такі вялікі, што артыст вымушаны быў бісіраваць арыю, хоць у гэтым тэатры бісы не дазваляліся. (У кнізе аб Шаляпіне, выдадзенай у Савецкім Саюзе, якраз ёсць здымак з гэтага выступлення.)

У Мілане я сустрэўся і са слаўным Собінавым, які прыязджаў у Італію падшукаць добрага прафесара спеваў для Масквы. Собінаў быў надзвычай прыемны і добразычлівы. Запрасіў мяне да сябе. Мы доўга гутарылі, а потым спявалі. Калі я праспяваў арыю Ленскага, ён сказаў: "Как Вы припоминаете мои лучшие молодые годы!" Даў мне свой адрас і сказаў: "Совершенствуйтесь и приезжайте к нам в Москву".

Усё, аднак, склалася інакш. Нездарма кажуць: "Человек - раб обстоятельств". Я працаваў так многа, што ў лёгкіх зноў пачаўся працэс. Давялося лячыцца. Паехаў у Сан-Рэмо. Паправіўшы трохі здароўе, вярнуўся ў Мілан і працягваў спяваць. Я спяваў на італьянскай мове ў операх "Травіята", "Рыгалета", "Фауст", "Севільскі цырульнік" і інш. Мяне запрашаюць выступаць у канцэртах. Крытыка аб маіх выступленнях была вельмі станоўчая. Вось што пісаў "Corriere di Savona" (II Lavoro) (31.X.1934): "Тэнар Міхаіл Забэйда пацвердзіў поспехі, якія меў нядаўна на сваім артыстычным турнэ і якія паўторацца вечарам 31-га г. м. у Мілане. У Забэйды адразу адчуваецца пяшчотная душа славянскага мроючага паэта. Яго тонкая інтэрпрэтацыя захапляе слухачоў. Яго голас - гэта дасканалы інструмент, які здольны перадаць усе пачуцці, змешаныя ў вершы, нават і тады, калі спявае на чужой мове... Гэта пацвердзіла публіка сваімі апладысментамі, дамагаючыся паўтарэння".

L'ordine, 26.X.1934 - Como - піша: "Міхаіл Забэйда - тэнар надзвычайнай якасці, артыст высокай культуры, голас мяккі, гнуткі, падобны голасу свайго суайчынніка Собінава, інтэрпрэтаваў з выключнай чуллівасцю тонкія кампазіцыі Stein-Schneider, выклікаўшы захапленне ва ўсіх слухачоў".

I яшчэ "Ciornale dell Arte" (часопіс мастацтва), Мілан; 15.VI. 1935 г. у допісе "Поспехі тэнара М. Забэйды":

"У галіне канцэртнага і опернага жыцця трэба адзначыць тэнара Міхала Забэйду, які нядаўна выступіў з канцэртам у Міланскай кансерваторыі Вердзі. Забэйда і на тэты раз прадэманстраваў свае выдатныя якасці - галасавыя і інтэрпрэтацыйныя. Трудная праграма была выканана належным чынам, пахвальна, а ў серанадзе з оперы "Ius Primae Noctis" кампазітара P. di Cagno (Каньо), якую Забэйда праспяваў страсна, з экспрэсіяй, багатай гарманійнымі тонамі і сфуматурамі, што паказвае дасканалае майстэрства, публіка бурна апладзіравала мастаку, дамагаючыся паўтору.

Гэты малады артыст прыехаў у Італію ў 1932 г., да гэтага спяваў за граніцай у розных рускіх і італьянскіх операх ("Сівільскі цырульнік", "Рыгалета", "Фаўст" і інш.).

На музычным фестывалі ў Варэзе Забэйда выступіў з вялікай праграмай, спяваючы ў арыгінальнай мове творы рускіх, французскіх, іспанскіх і іншых кампазітараў, выклікаючы агульнае захапленне.

Італьянскія газеты параўноўваюць Забэйду з Ціта Скіпай за асалоду і хараство яго спеву. Іншыя зноў параўноўваюць яго з вялікім спеваком рускім Собінавым, што дазваляе прарочыць Забэйдзе вялікую артыстычную будучыню".

У гэты час я атрымаў з Шэйпічаў вестку аб тым, што мая маці, якая пасля вайны вярнулася на радзіму, моцна хварэе і хоча бачыць сына. Прыйшлося развітацца з Італіяй і ехаць на радзіму. (Праўда, я ўжо жыў тады ў Польшчы). 3 маці я не бачыўся 16 гадоў. Пры сустрэчы было многа радасці і слёз.

На сезон 1935-1936 гг. заключыў кантракт з Познанскай операю. Там усё спяваў па-польску. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: "Унос з сэралю" Моцарта, "Юлій Цэзар" Гендэля, "Барыс Гадуноў" Мусаргскага і іншымі, у якіх спяваў галоўныя тэнаровыя ролі. Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не з лепшых, бо я не ўтойваў таго, што я беларус.

Палітыка польскага буржуазнага ўрада тады была такая: "У Польшчы няма беларусаў". Вось адзін з фактаў тых адносін. Ставіцца "Яўгеній Анегін" Чайкоўскага. Я маю спяваць Ленскага. Раптам даведваюся, што маю ролю даюць другому. Проці ражна не папрэш! Я мусіў прымірыцца, бо такі быў загад дырэктара. Настаў час прадстаўлення. Сяджу ў зале сярод публікі, гляджу, слухаю. Тэнар спявае выдатную арыю "Куда, куда вы удалились". Напярэдадні на рэпетыцыі дамовіліся, што гэту арыю "тэнар" (паляк) будзе бісаваць (кажу "тэнар", бо Ленскага я там не бачыў). Артыст адспяваў арыю, але зала не выказала жадання слухаць паўторна арыю, "біса" ніхто не падаў. А калі "тэнара" "застрэлілі" на сцэне, раптам у наступіўшай цішыні з залы пачуўся голас: "Добра яму гэтак!"

На другое прадстаўленне запрапанавалі мне спяваць партыю Ленскага. Папярэдніх рэпетыцый з аркестрам не было, і, зразумела, "біс" не прадбачыўся. Але калі я скончыў арыю Ленскага, воплескам не было канца. Дырыжор спрабаваў некалькі разоў іграць далей і кожны раз быў змушаны спыніцца: публіка прасіла паўтарыць арыю. Хочучы не хочучы, дырыжор мусіў ізноў іграць уступ да арыі, якую я нечакана праспяваў два разы. "Нарэшце маем Ленскага",- гаварылі потым слухачы.

У тых умовах мне працаваць было трудна, і я пераехаў у Варшаву.

На мае выступленне па радыё адгукнулася Вільня. Рыгор Раманавіч Шырма запрасіў мяне на канцэрт. Як вядома, беларуская моладзь на канцэрце насіла мяне на руках.

Там я пазнаёміўся і з Максімам Танкам. Гэтыя сустрэчы дапамаглі мне ўтрымацца на той дарозе, па якой я іду і сёння. Гэта дарога не абяцала вялікай кар'еры, але яшчэ больш збліжала мяне з роднаю песняю - песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру.

Як ставіліся ў Польшчы да беларускай песні? Па-рознаму. Спачатку смяяліся, што Забэйда - спявак італьянскай школы - уключыў у канцэртную праграму мужыцкую песню. А потым? Калі пабачылі, што на мае. канцэрты не толькі ідуць слухаць, але прыязджаюць за дзесяткі кіламетраў, каб пачуць у маім выкананні гэтую мужыцкую песню, тады сталі мне забараняць спяваць у канцэртах беларускія, а разам і рускія песні. А кар'ера вырысоўвалася сапраўды вельмі "спакуслівая". Адзін раз я спяваў у польскім радыё праграму, якую перад гэтым выконваў славуты Кепура (сімфанічным аркестрам дысрыжыраваў г. Фітэльберг). I вось пасля майго выступлення, між іншым, напісалі: "У Забэйдзе-Суміцкім Кепура знайшоў небяспечнага канкурэнта". Знайшліся такія, што ўгаварылі мяне адмовіцца ад беларускай песні. Я быў няўмольны. Тады мне замест кар'еры паабяцалі Картузскую Бярозу... Гэта была турма,

Выдатныя майстры, нават з ліку шавіністаў, ставіліся да мяне добра (я ж спяваў і польскія песні!). Былі такія палякі, якія і падтрымлівалі мяне і дапамагалі мне. Да іх належаў, напрыклад, дырэктар польскага (варшаўскага) радыё Рудніцкі.

Памятаю такі выпадак. Спаткаў ён мяне на вуліцы. Прывіталіся. Глядзіць на мяне і кажа: "Чаго гэта вы сумны? Вясна ж на дварэ! Калі ў нас спяваеце?"- "Не ведаю!" - кажу. "Як гэта?" - "Ды ні адзін з вашых рэферэнтаў не прыняў маю праграму на гэты месяц."- "Вось як! Хадзем са мною". Зайшлі ў яго кабінет. Ён паклікаў сваіх рэферэнтаў. "Калі ў вас спявае Забэйда?" - спытаўся. "У нас не выходзіць",- адказалі. "Дык вы хочаце лепш вянкі на труну несці, як гэта было нядаўна з Шыманоўскім?"- "Можа, неяк уключым Забэйду",- сказалі адзін за другім.

Добра ставіўся да мяне і цяперашні дырэктар варшаўскага радыё Раман Ясінскі. Нават нядаўна Варшава перадавала мой канцэрт у запісу на грампласцінках.

Мае выступленні па Варшаўскаму радыё трансліравалі Парыж, Лондан, Прага, Нью-Йорк і іншыя радыёстанцыі. Пасля выступленняў атрымаў пісьмы з розных гарадоў, а лонданскі радыёчасопіс змясціў мой здымак і артыкул пад загалоўкам: "Спявак, які сам сябе зрабіў". Польскія кампазітары прыслалі мне свае творы з просьбай, каб я выконваў іх у сваіх канцэртах. Дзякуючы падтрымцы лепшых польскіх людзей, я наспяваў на грампласцінкі першыя ў Заходняй Беларусі і наогул у Польшчы беларускія народныя песні.

Гэта былі: 1) "Малады дубочак", 2) "Чаму мне не пець", 3) "Ляціць сарока", 4) "Конь бяжыць, зямля дрыжыць", 5) "Шчука - рыба ў моры", 6) "Ой, рана-рана куры запелі", 7) "Рабіна-рабіначка", 8) "Як памерла матулька", 9) "Ой у лесе-лесе", 10) "Лявоніха" ў апрацоўцы Туранкова, Красева, Грэчанінава і Казуры. Аднак, каб гэтыя грампласцінкі выпусціць, мне давялося таму-сяму "пазычыць" "пару злотых" (беззваротна). Але грампласцінкі ўдаліся і зрабілі сваю справу.

Песні карысталіся такім поспехам, што на баранавіцкім радыё іх забаранілі перадаваць. У гэты ж час я наспяваў на грампласцінкі і дзве польскія народныя песні: "Куявяк" і "Одэйдзь, Ясю, од окенка" ў апрацоўцы Новавейскага. Цікава, што калі прыехала з Японіі этнаграфічная камісія, каб выбраць нешта з польскага фальклору, то найбольш захапляліся гэтымі польскімі песнямі ў маім выкананні і ўзялі грампласцінку з сабой.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, я стаў у Польшчы жаданым спеваком. У маім рэпертуары былі арыі з опер, араторыі, кантаты, песні і рамансы розных народаў і стыляў - ад класікаў да сучасных кампазітараў. Выступаў многа, выязджаў у гастрольныя паездкі за граніцу.

У 1938 г. мяне запрасілі выступіць у Празе, але палітычная сітуацыя была такая, што ад паездкі я адмовіўся. Урэшце, у 1939 г. планавалася гастрольнае турнэ не толькі па Еўропе, але і па Амерыцы. Планы не здзейсніліся, перашкодзіла праклятая вайна.

Захапіла яна мяне ў Варшаве. Як вядома, нямецкія фашысты хутка акружылі горад і сталі бамбіць яго і абстрэльваць. I вось мне ўспамінаецца гераічны ўчынак майго стрыечнага брата Язэпа Урбановіча. Ён з адным сваім таварышам прабраўся праз акружэнне і пранік у Варшаву, каб вывесці мяне з пекла, у якім я апынуўся. На жаль, я быў хворы і не мог ісці. Крануты добразычлівасцю, я падзякаваў ім за чалавечыя адносіны да мяне; пры развітанні сказаў, што хоць застаюся ў Варшаве, але душою буду заўсёды з імі. Так яно і было.

У час бамбардзіроўкі Варшавы мяне аднойчы кантузіла на вуліцы, засыпала ў разбураным доме. У варшаўскім пекле я пражыў да мая месяца 19(40 года, а вясною пераехаў у Чэхаславакію. Трудна забыць тое ўражанне, якое зрабіла на мяне Прага - майская, квітнеючая, залатая Прага. Гэта быў рай! Калі сонечным днём я падняўся на зялёную горку Пэтршын і ўбачыў усю прыгажосць горада, мне здалося, што ў мяне выраслі крылы і што я вось-вось палячу.

Потым я пазнаў І другую старонку пражскага жыцця - цяжкі прыгнёт гітлераўскіх акупантаў.

Неўзабаве мяне запрасіў да сябе на работу Народны тэатр. Выступленне прайшло добра. Крытыкі напісалі, што ў Пражскім тэатры роля Ленскага звычайна адыходзіла на другі план, госцю, аднак, удалося паставіць гэту ролю ледзь не на галоўнае месца.

12 снежня 1940 года адбыўся і мой першы канцэрт у Празе. У перапоўненай Сметанаўскай зале, дзе было больш тысячы слухачоў, у першы раз прагучала і беларуская песня. Я праспяваў там і шырокавядомую песню выдатнага чэшскага кампазітара Б. Сметаны "Кдо в златэ струны заграт зна", якая канчаецца такімі словамі: "Той народ яшчэ не загінуў, якому вяшчун спявае, бо песня ў небе народжана і ў прах жыццё ўдыхае". Воплескі, якія дамагаліся паўтарэння, былі такія бурныя, што сапраўды "гатовы былі змыць і песняра і эстраду", як пісаў калісь Максім Танк. Мой насцярожаны акампаніятар папярэдзіў: "Не паўтарайце, бо пасадзяць на месца і вас і мяне з вамі".

Крытыка на канцэрт была вельмі добрая. Вось што пісаў "Народні стршэд" (Прага, 18.10.1940 г.):

"Сапраўднай мастацкай падзеяй было канцэртнае выступленне беларускага спевака Міхала Забэйды-Суміцкага, які зноў, як і ў ролі Ленскага ў оперы "Яўгеній Анегін" Чайкоўскага, паказаў сябе спеваком сусветнага маштабу. Ён валодае сваім сакавітым і гнуткім голасам з віртуозным майстэрствам. Захапляе буйнай сілай і незвычайнымі ціхімі тонамі.

I заўсёды добра разумееш кожнае яго слова, ці калі спявае на сваёй мове, ці з прыкладнай увагай па-чэшску. Стылёвая інтэрпрэтацыя італьянскіх майстроў (Качыні, Карыссімі), таксама як і Моцарта і Шуберта, знаходзіць у Забэйды заўсёды арыгінальнае тлумачэнне. Чайкоўскага спявае проста непераўзыдзена, гэтак жа, як і Рымскага-Корсакава. 3 чэшскіх песень, разам з Дворжакам і Новакам, асабліва ўдалася Сметанава "Хто ў залатыя струны". Найбольшага поспеху, натуральна, дасягнуў у беспадобна дасканалым выкананні ўкраінскіх і беларускіх песень, цудоўным хараством якіх здолеў захапіць прыдзірлівага слухача. Забэйда становіцца, такім чынам, сапраўдным энтузіяністам, які прапагандуе скарбы народнай творчасці з вялікім поспехам". Тое ж самае пісалі і іншыя крытыкі.

У Берліне мяне абвінавацілі ў тым, што я займаюся прапагандай славянства. Я апраўдваўся, спаслаўшыся на тое, што праграма маіх канцэртных выступленняў дазволена цэнзурай.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі нямецкія фашысты напалі на Савецкі Саюз. Праз колькі дзён пасля першых "маланкавых" нямецкіх перамог на маю
кватэру з'явіўся гестапавец і сказаў, што мяне выклікаюць у Берлін. Пасадзілі мяне ў самалёт і павезлі. У Берліне завялі да якогасьці "шэфа", які тут жа прапанаваў узначаліць "беларускія" радыёперадачы з Берліна і пераехаць у Берлін. Я адмовіўся. Мне параілі падумаць і з'явіцца на другі дзень. Але і на другі дзень я не змяніў свайго намеру. Калі выклікалі на трэці дзень, я ўжо думаў, што больш ніколі не ўбачу залатой Прагі. На мае шчасце, за гэты час "шэфы" знайшлі сабе некага больш "пакладзістага" і мяне адпусцілі. Можаце ўявіць, што я перажыў за тыя тры дні.

А ў Празе чакала іншая "прапанова". Мяне выклікалі ў аддзел нямецкай прапаганды і сказалі, што калі я хачу спяваць у тэатры, то павінен "праявіць сябе палітычна". Я не мог "праявіць сябе палітычна", і прыйшлося адмовіцца ад тэатра, сказаўшы, што мне не дазваляе працаваць здароўе. Мушу сказаць яшчэ аб адной прапанове. Вядомае канцэртнае бюро ў Дрэздэне, якое займалася арганізацыяй канцэртных выступленняў выдатнейшых спевакоў свету, такіх, як Джыльіго, Ціта Скіпа, Тоці даль Монтэ, раней Шаляпіна і інш., прыслала мне разам са спісам імён славутых вакалістаў, якім яно ўжо забяспечвала выступленні, запрашэнне, абяцаючы ўзяць на сябе ролю падрадчыка ў наладжванні маіх канцэртаў. Але і ад гэтай прапановы я адмовіўся. Я ведаў, што фашысты нацкоўваюць адзін народ на другі, выкарыстоўваючы іх спрэчкі ў сваіх інтарэсах. Я ж старайся песняю з'ядноўваць людзей, стараўся закрануць найдалікатнейшыя, самыя патаемныя і лепшыя струны чалавечага сэрца. Таму я спяваў і на роднай мове таго народа, перад якім выступаў. Родная песня адкрывала іх сэрцы, а з адкрытым сэрцам яны прымалі прыгажосць песень і іншых народаў, збліжаючыся з імі. Я спяваў на якіх 16 мовах розных народаў. Спяваў толькі на памяць. Але, як чэхі кажуць, "стало то за то". Мае выступленні ўспрымаліся з асаблівай цеплынёй і шчырасцю. Гэта не быў проста поспех: адбывалася нешта такое, што узбагачала людзей, збліжала, рабіла іх лепшымі, у тым ліку і мяне самога. Песня станавілася сапраўднай зброяй у барацьбе за лепшага чалавека, за лепшае жыццё.

Памятаю такі выпадак. Прыехаў я ў Рыгу. Якраз перад выхадам на сцэну арганізатары канцэрта папярэдзілі мяне, што тутэйшы слухач - народ паўночны, з халадком, знешне рэагуе мала, дык каб я на гэта не звяртаў увагі і не збянтэжыўся часам. (3 друку арганізатары ведалі, што мае канцэрты ўсюды праходзяць з вялікім поспехам.) Падзякаваўшы за папярэджанне, я выйшаў, як звычайна, на эстраду і адразу ж пераканаўся, што мне сказалі праўду: першыя воплескі былі стрыманыя. Аднак ужо на трэцяй песні лёд "паўночных" людзей растапіўся, а калі я заспяваў песні на латышскай мове, воплескам не было канца, і я вымушаны быў спяваць паўторна. Слухачы так захапіліся маёй песняй, што многія рэчы даводзіліся спяваць на "біс". Праспяваў паўтона і нашу "Лявоніху", якая не прадугледжвалася праграмай. Публіка не хацела разыходзіцца, не адпускала мяне са сцэны. Пасля выступлення арганізатары канцэрта падышлі падзякаваць мне і прасілі прабачэння за свае памылковае папярэджанне, гаворачы, што ў іх ніколі нічога падобнага не бывала, што і на выступленні самых выдатных артыстаў іх публіка так горача не рэагавала і што сёння яна проста перарадзілася.

Расказаў я аб гэтым не дзеля таго, каб пахваліцца поспехам. Хоць ён мяне і радаваў, але пасля канцэртаў я не спаў звычайна цэлыя ночы, ведаючы, што, калі б меў лепшае здароўе ды іншыя ўмовы, мог бы даць людзям значна больш. А гэта было маёю мэтаю.

Запрасілі мяне выступіць і ў Ваўкавыску, дзе я спяваў яшчэ перад вайной. Паведаміў аб гэтым сваёй маці і папрасіў, каб яна прыехала. Прывёз яе Уладзімір Урбановіч, брат Язэпа, ці Ёзіка, як мы яго звалі. Ёзік быў партызанам. Цераз Уладзіміра і маці я ўзнавіў з ім кантакт, які пачаўся яшчэ ў Варшаве. Растлумачыў яму, чаму спяваю. (Між іншым, калі б не спяваў, то вымушаны быў бы працаваць дзе-небудзь у Германіі, на ваенным заводзе, як працавалі іншыя, прымусова ўзятыя фашыстамі.) Ганарар ад канцэртаў у Ваўкавыску я аддаў Урбановічу, каб ён перадаў партызанам, папрасіўшы яго не гаварыць аб гэтым нават самым блізкім. Маці папрасіў, каб яна аддала партызанам на бінты маю тонкую бялізну (што яна і зрабіла, як я потым даведаўся). Я папрасіў тады маці дапамагаць Езіку, чым зможа, а сам паабяцаў ёй дапамагаць з Прагі, а пры зручным выпадку прывозіць самому ў Ваўкавыск тое-сёе. Так яно і было.

Але ці варта зараз аб гэтым пісаць: ні маці, ні Язэпа, ні Уладзіміра Урбановічаў цяпер няма ў жывых. Калі б яны былі жывыя, можа б, і маё жыццё склалася інакш...

Я перажыў цяжкія хвіліны, даведаўшыся, што гестапаўцы злавілі і катавалі Уладзіміра Урбановіча. Прызнацца, мяне мучыла, як ён вёў сябе на допыце, ці вытрываў, ці не выдаў чаго пад катаваннямі. Сумненні ўзраслі, калі мяне самога ноччу арыштавалі гестапаўцы і павялі ў турму.

Але аб гэтым іншым разам. Зараз хачу расказаць некалькі слоў пра тое, чаму цяпер нават трудна паверыць.

Неяк я спяваў у Літве. Дакладна не памятаю назвы мясціны. Канцэрт адбываўся ў нядзелю ў школе. Людзей было столькі, што памяшканне не магло змясціць усіх. Паадчынялі вокны і дзверы. Людзі сядзелі на падаконніках і залазілі нават на эстраду. Тыя, хто не трапіў у залу, тоўпіліся пад вокнамі. Я ледзь дабраўся да піяніна. Было горача, не было чым дыхаць. Спяваць было трудна, але бадай кожную беларускую песню спяваў на "біс".

Пасля канцэрта быў наладжаны гасцінны стол, за якім сядзела багата людзей.

Пераначаваўшы і застаўшыся адзін, я выйшаў падыхаць свежым паветрам. I вось, калі я падышоў да лесу, спаткаў маладога хлапца. Разгаварыліся. Ён мне сказаў, што ўчора слухаў мяне на канцэрце і быў таксама на гасціннай вячэры. I ўрэшце спытаў, ці падазраю я, што за сталом знаходзіліся партызаны.

Малады чалавек расказаў, што ведае мяне яшчэ з Вільні, дзе ён раней працаваў. "Спявайце больш,- сказаў ён,- вельмі нам дапамагаеце, вы абуджаеце волю да барацьбы за вызваленне ад акупантаў. Бачыце, як вас учора слухалі і прымалі?!" Заўважыўшы, што нехта набліжаецца ў нашым напрамку, незнаёмы падзякаваў за канцэрт і, паціснуўшы мне руку, пайшоў у лес. Я вярнуўся ў школу.

Пасля канцэртаў не раз здаралася гутарыць з моладдзю, часта адзін на адзін, і я пераконваўся, што песня рабіла сваю справу. Горш было, калі часамі ў Прагу мне пісалі вельмі адкрыта. Вось такія лісты: "Вельмі паважаны і найдаражэйшы наш мастак! Не толькі ў мяне выклікаюць натхненне і любоў да сваёй роднай песні вашы канцэрты, але ў кожнага, чый слых хоць раз сутыкнуўся з чароўнай мелодыяй вашага голасу.

Песня гэта несла на шырокія, залочаныя сонцам палі, на хвалюючыя загоны ніў, пад пагоднае сіняе неба нашай далёкай, дарагой краіны...

Песня гэта збліжала з даўно пакінутым, аднак ніколі не забытым жыццём, якое здаецца пры цяперашніх жудасных абставінах сном.

Песня гэта адкрыла заслону мінуламу, і яно, блізкае, роднае, так ярка устала перад вачыма, бо раптам з'явіўся той надзвычайны маляр, які асвяжыў гэтыя мілыя вобразы, пакрытыя смугою незлічоныя раны... Застаюся сэрцам і душою з вамі. Сергіевіч".

Атрымліваў і вастрэйшыя пісьмы, але я, жывучы няўпэўненасцю, што мяне могуць у любы момант "адведаць" гестапаўцы, папаліў іх.

Здаралася і такое. Аднойчы я прыехаў выступаць у Вільню. Іду па вуліцы, насустрач мне крочыць жанчына з двума гестапаўцамі. Параўняўшыся са мною, яна раптам крыкнула гестапаўцам, паказваючы на мяне: "Затрымайце яго! Ён учора быў са мною ў крымінале і ўкраў у мяне рэвальвер!" Гестапаўцы імгненна накіравалі "на мяне аўтаматы, скамандаваўшы: "Рукі ўгару!", адвялі ў цёмны двор і пачалі абшукваць мяне.

Заўважыўшы, што жанчына полька, кажу ёй па-польску: "Што вы робіце? Вы ж мяне зусім не ведаеце!" А яна: "Я вас добра ведаю і ведаю, што раблю. Вядзіце яго ў крымінал!"

З маіх дакументаў ясна было відаць, што ўчора я не быў у Вільні, і гэта мяне выратавала. Злосны правакатар пралічылася, і мяне адпусцілі.

Як я потым даведаўся, гэта быў правакацыйны метад фашыстаў, ад якога загінула шмат беларусаў. А вечарам таго ж дня я спяваў на канцэрце і Манюшку і Шапэна на польскай мове.

Неўзабаве з Варшавы ў Прагу прыйшоў данос, у якім паведамлялася, што я бальшавіцкі агент. Мяне пацягнулі ў гестапа. Зноў допыты, зноў высвятленне маёй палітычнай зарэкамендаванасці.

Пераканаўшыся, што ад мяне не дабіцца ніякай карысці, немцы распарадзіліся выселіць мяне з Прагі як непажаданую асобу.

Дапамаглі ў бядзе мае знаёмыя дактары: мне выдалі медыцынскае пасведчанне, у якім пацвярджалася, што я цяжка хворы на сэрца і што знаходжуся на лячэнні. Такім чынам, высяленне на нейкі час удалося зацягнуць. Затое нямецкія ўлады забаранілі мне выезд з Прагі без спецыяльнага дазволу, і на працягу цэлага года я павінен быў кожны месяц адзначацца ў пражскай паліцыі.

Але горш за ўсё жылося ў 1944 г.

Я павінен быў наспяваць новыя беларускія песні на грампласцінкі. Адчуваючы сябе дрэнна, звярнуўся да доктара, каб ён зрабіў ін'екцыю кальцыю ў жылу. Праз паўгадзіны я адчуў сябе яшчэ горш, тэмпература падскочыла да 40 °, пачаліся рвоты. Знаёмыя, куды я зайшоў, амаль непрытомнага адвезлі мяне дамоў. Гаспадыня, у якой я кватэраваў, паклікала іншага доктара, які, агледзеўшы мяне, сказаў: "Не ведаю, ці вытрывае хворы гэту ноч" і загадаў неадкладна адвезці мяне ў бальніцу. Як высветлілася, ін'екцыяй была атручана кроў. Папраўляўся я марудна.

Аднойчы ноччу мяне нехта разбудзіў. Расплюшчваю вочы і не веру: у пакоі цёмна, у промні кішэннага ліхтарыка бачу накіраваны на мяне рэвальвер, грубы голас у цемру рэзнуў: "Уставай, пойдзем з намі!" Слабы ад хваробы, ледзь трымаючыся на нагах, апранаюся, а на рукі ўжо надзяваюць ланцугі. I павялі ў цемру...

Вось тады я пазнаёміўся са "слаўным" Печкавым палацам - гняздом гестапа, з Панкрацкаю турмою і, нарэшце, з турмою ў Бенешаве. Гэта была Кальварыя, якая пакінула след на ўсё жыццё. Што ж здарылася? Чаму гестапаўцы надзелі мне наручнікі?

У доме, у якім я жыў, многа разоў начаваў без прапіскі чэх. ён, як нам казаў, трымаў сувязі са славацкімі партызанамі. За чэхам сачылі гестапаўцы і налучылі яго недзе ў другім месцы. Схапіўшы чэха, фашысты арыштавалі ўсіх жыхароў нашай кватэры, а за мной прыйшлі ў бальніцу... Я чуў, як чэха білі фашысты, ён крычаў... Я чакаў сваёй чаргі. I ведаеце, чаго я гады шкадаваў? Што не паспеў зрабіць новых запісаў беларускіх песень на грампласцінкі... Я застаўся жывы і, як бачыце, магу пісаць гэтыя радкі.

Нядаўна я глядзеў фільм аб Юліусу Фучыку, які, здаецца, дэманстраваўся ў Савецкім Саюзе. Там, між іншым, паказвалі і Панкрацкую турму і Пэчкаў палац. Фільм яшчэ раз ажывіў у памяці страшэнна перажытыя малюнкі.

Цяпер можаце ўявіць, з якім пачуццём мы сустракалі ў Празе Савецкую Армію. Яшчэ за некалькі дзён да прыходу арміі-вызваліцельніцы, па закліку чэшскіх патрыётаў перададзенага па радыё, на вуліцах чэхаславацкай сталіцы мы пабудавалі барыкады, каб дапамагчы савецкім воінам дабіваць фашысцкую нечысць.

Пасля вызвалення Прагі Савецкай Арміяй ад гітлераўскіх акупантаў пачалося новае жыццё, новая праца. Мяне запрасілі выступаць па радыё і ў канцэртах. Спяваў песні партызанскія, кампазітараў-класікаў, народныя - рускія, украінскія, беларускія, польскія і інш.

У той час у Празе на радыё працаваў кампазітар Альберт Пэк, які вёў аддзел народнай музыкі. Ён зацікавіўся паказанымі яму беларускімі песнямі і па майму жаданню апрацаваў 8 песень для канцэртнага выканання. Я выканаў іх разам з сімфанічным аркестрам, якім дырыжыраваў Пэк. Песні, перададзеныя па радыё, вельмі спадабаліся слухачу і паўтараліся неаднаразова. Гэта былі "Зялёны дубочак", "Ды ўжо сонейка", "Ой, валы мае", "Замуж пайсці", "Ой, ляцелі гусі ды з-пад Беларусь, "Ой, у лесе", "Калыханка" і "Ой, пайду я лугам, лугам".

Калі ў Прагу сталі даходзіць песні савецкіх кампазітараў, я ўсё, што мне падыходзіла па голасу, рыхтаваў і спяваў, як першае ў Празе выкананне. Так, у клубе кампазітараў, а потым па радыё я выканаў 5 рамансаў Шастаковіча - "День встречи", "День признания", "День обид", "День радости" и "День воспоминаний"; Кабалеўскага - "Дзесяць санетаў Шэкспіра":

  1. "Тебе ль меня придется хоронить".
  2. "Трудами изнурен, хочу уснуть".
  3. "Люблю, но реже говорю об этом".
  4. "Когда на суд безмолвный, тайных дум".
  5. "Бог Купидон дремал в тиши лесной".
  6. "Не изменяйся, будь самим собой".
  7. "Ты музыка".
  8. "Ты погрусти, когда умрет поэт".
  9. "Уж если ты разлюбишь".
  10. "Увы, мой стих не блещет новизной".

На гэтых нотах Д. Кабалеўскі мне напісаў: "Первому исполнителю этого цикла за пределами Советского Союза - товарищу Михаилу Забейде на добрую память о встрече в Праге. 16.5.1957 г. Д. Кобалевский".

Калі я праспяваў першы раз "Дзесяць санетаў Шэкспіра" Кабалеўскага (без нот, па памяці), адзін чэшскі кампазітар, віншуючы мяне, сказаў: "Ну, ведаеце, гэта проста гераічны ўчынак! Колькі ж Вы сіл мусілі ўкласці ў гэту ахвярную працу. Не ведаю, ці здолеў бы хто іншы ў нас гэта зрабіць".

У маім рэпертуары былі таксама творы Хачатурана, Шапорына, Чуркіна, Пукста, Аладава, Багатырова, Салаўёва-Сядога, Макраусава і іншых савецкіх кампазітараў.

Я наспяваў; многа песень на грамафонныя пласцінкі і больш за ўсё беларускіх народных. Сярод іх: 1) "Зялёны дубочак", 2) "Ды ўжо сонейка за лес коціцца", 3) "Ляціць сарока", 4) "Калыханка", 5) "Свадзьба камара і мухі", 6) "Ой, арол, ты арол", 7) "Ой, ды зарадзілі ягады ў бары", 8) "Што за месяц, што за ясны", 9) "Ці не дудка мая".

Дзве першыя песні я запісаў ад сваёй маці.

На грампласцінкі я наспяваў таксама дзесяць італьянскіх песень на італьянскай мове кампазітараў: Каччыні, Пергалезі, Джыардані, Моцарта, Глюка і інш. Адна з грампласцінак з творамі Моцарта (R'idente la calma) -"Радасны спакой" і Гендэля (О del mio dolce ardore) - "Маё гарачае каханне" была вызначана мастацкім дырэктарам чэхаславацкай грамафоннай фабрыкі як самая лепшая з грампласцінак, наспяваных за апошнія пяць год.

На грампласцінкі наспяваў яшчэ 7 іспанскіх песень на іспанскай мове (у апрацоўцы Мануэля дэ Фалы). Песні беларускія і іспанскія выйшлі і на доўгаіграючых грампласцінках, яны карысталіся такім поспехам, што ўжо даўно распрададзены. Апошняя грампласцінка з неапалітанскай і індзіанскай песнямі, наспяваная мною, таксама ўжо распрададзена.

Мае канцэрты носяць своеасаблівы характар. Я стараюся ўсе творы спяваць у арыгінале і на памяць, каб як мага найбольш прыблізіць выконваемую рэч да слухача, каб як мага найбольшы след пакінуць у яго душы. "Мастацтва - вялікая сіла",- заўважыў Здэнэк Нэедлы - вялікі чэшскі музыказнаўца. Гэту праўду заўсёды памятаю і сваім мастацтвам стараюся не толькі цешыць слухача, даваць яму духоўную асалоду, алё і выхоўваць яго, узнімаць, абуджаць у ім лепшыя якасці чалавека. З гутарак пасля канцэртаў і пісем, якія атрымліваю, відаць, што слухачы гэта адчуваюць і разумеюць. А гэта самая вялікая ўзнагарода за маю скромную, але цяжкую працу. Бо не заўсёды сустракаюся з разуменнем і падтрымкай. Ёсць у людзей нямала перажыткаў старога, як, напрыклад, шавінізм, з якім, праўда, адкрыта сёння ніхто не асмеліцца выступіць. А хто ведае, што робіцца ў душы чалавека? Многа яшчэ ёсць ваўкоў у авечай скуры. Усё гэта псуе працу і жыццё наогул. Аднак вынікі гэтай працы часта радуюць.

У мінулым і ў гэтым годзе я атрымаў падзяку і прэмію ад чэшскага музычнага фонду "За майстэрскае выкананне песень сучасных чэхаславацкіх кампазітараў". Удзельнічаю таксама ў аглядзе канцэртнага мастацтва Чэхаславакіі 1962 года. Гэта вялікі гонар і адказнасць: з цэлай рэспублікі выбраны толькі чатыры спевакі. З'яўляюся членам секцыі канцэртных мастакоў, якая аб'ядноўвае найлепшых артыстаў усёй рэспублікі. А трэба сказаць, музычнае жыццё Чэхаславакіі высока развіта і арганізавана. Мала якая краіна экспартуе столькі добрых артыстаў за граніцу, як Чэхаславакія. I каб тут утрымацца "над вадою", трэба сапраўды нешта ўмець і нешта свае мець.

Люблю спяваць дарма, тут няма канкурэнцыі! За такія выступленні атрымліваю шмат падзяк і спецыяльных пісьмаў з падзякамі, напрыклад, ад Саюза чэхаславацка-савецкай дружбы, ад Саюза чэхаславацка-польскай дружбы, ад Камітэта савецкіх грамадзян, ад Міністэрства школ і культуры Чэхаславакіі, ад розных школ і інш. Быў два разы старшынёю камісіі цэнтральнага круга рэспубліканскага агляду народнай творчасці па сольнаму спеву.

Адным словам, працу маю тут цэняць, мяне паважаюць і любяць. Ці ўсё? Зразумела - не! Ды ўсяго ж не дасягнуў нават геніяльны Шаляпін.

Тут "спаборнічаюць" два ўплывы: адзін старэйшы, гістарычны, - заходні, другі, навейшы,- усходні. Я - з апошнім, і гэта не ўсім падабаецца. I толькі таму, што я ніколі ў жыцці не карыстаўся нічыёй пратэкцыяй (хоць не раз спатыкаўся і з міністрамі і з прэзідэнтамі), мне бывала і бывае вельмі трудна. Але аб гэтым пісаць не буду.

Канчаю свае ўспаміны, якія вельмі сціслыя, бо складаюцца з адных фактаў. Няма афарбоўкі. Яны напамінаюць голае дрэва, без убору лістоў і колеру - усяго таго, што робіць дрэва жывым і прыгожым.

Хацеў бы некалькі слоў сказаць тым, хто, як і я, захоча мастацтвам служыць народу:

"Любіце мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве" (Станіслаўскі);

"Аднаго таленту мала,- трэба працаваць і працаваць" (Б. Сметана);

"Памятайце, што дасканальнасць у мастацтве не ведае меж" (Станіслаўскі).

А Радзіме?!

Toe, што сказаў Янка Купала:

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі.

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі

А сабе?

Палепшыць сваё здароўе настолькі, каб змог паказаць прыгажосць нашай песні і там, дзе яна нарадзілася.

Не знаю, калі я паспеў пастарэць,

Расстацца з юнацкімі марамі;

Амаль развучыўся смяяцца і пець,

Узброіў свой нос акулярамі.

(М. Танк "Роздум")

15(11-25)ІV. 1962 г. Прага.

НАТАЛЛЯ АРСЕННЕВА
З майго жыццяпісу

Хоць я і нарадзілася ў месце Баку, на Каўказе (20 верасня 1903 г.), але месцам майго народжання лічыцца ўлюбёная Вільня, бо жыць сведама я пачала ў Вільні, якую я й лічу сваёй бацькаўшчынай, якую люблю й па якой найбольш сумую. Было нас у сям'і чацвёра дзяцей, тры сястры і адзін брат, усе - адзін пад адным. Маці ўзгадоўвала нас строга. Увесь наш дзень быў дакладна заняты. Вучыліся мы ў хаце. Вучыла нас сама маці, былая настаўніца, рыхтуючы адразу ў сярэднюю школу, і вучыла куды шырэй, чымся вымагала праграма навучання. Маючы дзесяць год, я вельмі добра, на адны пяцёркі, здала ўступныя экзамены і паступіла адразу ў другі клас Віленскае Марыінскае гімназіі.

Але правучылася я тут адно два леты. Першая сусветная вайна падышла пад самую Вільню, і места прымусова эвакуавалася. Нашая сям'я мусіла кідаць усё і падавацца на ўсход, у Расею. Як бежанцы мы трапілі ў далёкі Яраслаўль, што пад Волгаю. Усё тут было нейкае інакшае, чужое. Але мы прадаўжалі вучыцца ў адной з тутэйшых жаночых гімназій, і навука, праца ў гімназіяльным літаратурным гуртку неўзабаве захапілі нас. Аднак скончыць школы і ў Яраслаўлі мне не давялося. Пачалася рэвалюцыя, разруха, голад... Супраць-бальшавіцкае паўстанне, што выбухла ўлетку 1918 года, ледзь не каштавала нам жыцця. Места напалову выгарала. Пачаўся тэрор. I бацькі наважыліся кідаць ізноў усё й брацца пакрысе, усімі магчымымі спосабамі, на Захад, у родную Вільню.

Дабіраліся мы туды этапамі больш года. Калі мы нарэшце дабраліся да Дзвінскае станцыі, мы усе, дзеці, зляглі покатам на бруднай падлозе - захварэлі адразу ўсе чацвёра на гішпанку, што шалела тады на свеце.

Як нас давезлі бацькі да Вільні, не памятаю, бо хварэлі мы доўга. А калі ачунялі, было нас ужо не чацвёра, а ўсяго трое, бо мая сястра Галіна ад гэтае пракутнае гішпанкі памерла. За часы нашага бежанства (а трывала яно блізу 5 год) уся нашая невялікая віленская маёмасць была парасцяганая, у кватэры жылі чужыя людзі. Давялося маім бацькам пачынаць склейваць неяк жыццё ад пачатку. Цяжка гэта было. Ды з прыгнечання, а часта й з гаркое роспачы ратавала мяне ў тыя цяжкія гады Першая беларуская гімназія. Маці ўдалося ўладзіцца на працу ў амерыканскую кухню, што дакармлівала тады галодную паваенную Еўропу, а у тым ліку і нас, вучняў беларускае гімназіі, куды якраз прынялі мяне, сястру й брата.

Успамінаю я сяння тыя гады, н сціскаецца сэрца. У глыбокай матэрыяльнай нястачы міналі дні. Не ставала блізу ўсяго. Ды не было, на шчасце, нястачы ў змагарах за долю Беларусі, у настаўніках, што самі, галодныя і халодныя, стараліся выхаваць нас, вучняў Першае Віленскае беларускае гімназіі, на людзей, што, здабыўшы навуку, перанялі б іхнюю працу, выкавалі б нарэшце лепшую долю Бацькаўшчьше.

Людзі, што вучылі нас у Вільні, у 1919-м, 1920-м, 1921-м, 1922-м ды пазнейшых гадах, навучылі на ўсё жыццё й мяне, і шмат каго з маіх аднагодкаў горача палюбіць Беларусь, стацца ейнымі пільнымі служкамі назаўсёды.

У чэрвені 1921 года ў маіх руках быў атэстат аб сканчэнні сярэдняе асветы - "матура". А ў верасні я пачала настаўнічаць у адной з беларускіх школаў, якіх, было тады ў Вільні, здаецца, аж 7, ды паступіла вучыцца ў Віленскі універсітэт. Пільна супрацоўнічала я ўвесь час і у тагачасных беларускіх часопісах ды газетах. А яшчэ праз год я выйшла замуж і выехала з Вільні.

Пачалося новае жыццё, новыя клопаты. I наступнаю восеняй, у невялікім пакойчыку на ўскраіне Слоніма, над спавітаю ў сцюдзёныя туманы Шчараю, я спявала ўжо калыханку свайму першаму дзіцяці, чарнавокаму Яраславу.

Неўзабаве з'явіўся і другі сын - Уладзімір. I я пазнала перажыванні, найглыбейшыя, на маю думку, і найшчаслівейшыя - пачуцці і перажыванні маці.

У 1939 годзе пачалася польска-нямецкая вайна. Вільню, падаючы нам "братнюю руку", занялі Саветы. Муж апынуўся недзе ў савецкім палоне. Я засталася сама ч малым; сынамі. Шукаючы заработку, каб пракарміць і іх, і сябе, бо працы ў "летувіскай" ужо Вільні не было, я падалася ў Вялейку, куды выехалі з Вільні мае сваякі і слалі цяпер лісты, каб прыязджаць да іх. Тут, у Вялейцы, 13 красавіка 1940 года, на золку сцюдзёнага, зусім не веснавога дня, мяне і забрала з хлопцамі НКВД...

Заладавалі ў набіты перапалоханымі жанчынамі й дзецьмі брудны таварны вагон і павезлі ў далёкі Казахстан. Там, у глухім стэпавым калгасе, у невымоўна цяжкіх абставінах, давялося нам пражыць шмат месяцаў...

Хутка пачалася новая вайна. Жахлівая й крывавая другая сусветная. Сапраўдным цудам удалося нам усім неяк дабрацца да Беларусі.

Пачаліся гады, якія не кожнаму даводзіцца перажыць нат у нашыя несамавітыя часы,- нямецкая акупацыя Беларусі, жорсткая й безаглядная. А 22 чэрвеня 1943 года доля не ашчадзіла мне найвялікшага гора, якое толькі можа стацца ўдзелам маці, ад міны, што ўзарвалася ў Менскім гарадскім тэатры, перапоўненым школьнай моладзяй, загінуў мой першародны сын.

Не ведаю, ці ёсць на свеце гайстрэйшы боль, чымся хаваць сваё дзіця? Думаю, што няма. Бо мінула ад таго чэрвеньскага дня ўжо блізу чвэрць стагоддзя, а боль гэты жыве ўва мне, недзе глыбака, і сяння.

Мінуў яшчэ адзін год. Штораз часцей, штораз гучней пачалі грымець на ўсходзе цяжкія гарматы. Уначы калаціліся вокны... і калацілася ці ў аднаго сэрца. Усё. часцей сыпаліся на Менск бомбы... А напрыканцы чэрвеня 1944 года давялося мне пакінуць Менск, каб не пабачыць ужо хіба ніколі.

Паплыло жыццё на чужыне. Нямеччына, канец вайны, лагеры ДП, пераезд за акіян... Усе мы скаштавалі ўсяго гэтага. I вось, пасля колькіх дзесяткаў год, пражытых у Амерыцы, пасля новых удараў долі, новых смерцяў, новых слёзаў,- азіраюся сяння назад. Іду напярэймы мінуламу. I дарма што ўсе крыўды, беды, магілы, я звяртаюся да свайго жыцця без жалю, адно з ціхаю просьбаю:

Жыццё, не шмат ужо дарогі,

Штораз цямней, цішэй наўкола,

Дык дай мне роднага парогу

Даткнуць, пакуль замкнецца кола!

Пісаць вершы я пачала, маючы ўжо год чатырнаццаць. Вучылася я тады ў Кацярынінскай жаночай гімназіі ў Багдановічавым месце Яраслаўлі. Памятаю, як сёння, што я вельмі зайздросціла маім сяброўкам, якія змяшчалі ў нашым вучнёўскім часопісе свае вершы. Ці раз, застаўшыся адна ў хаце, я марнавала гадзіны, сілячыся выліць на паперу пару радкоў,- нічога неяк не ўдавалася. Аж раптам, зусім нечакана, удалося! Памятаю, што быў гэта верш пра неба й аблокі, якія так лена плылі ў той дзень над яблынамі саду, куды выходзілі вокны нашага пакою, ды што пачынаўся ён словамі: "Па сініх нябёсах аблокі плывуць, бліскучыя, белыя горы...." Верш гэты быў, пэўна ж, яшчэ мала да сапраўднага верша падобны, але радасці маёй і ганарлівасці не было межаў!

Пачалася рэвалюцыя 1917 года. Цяжкія, нясталыя ўмовы жыцця, што зусім не спрыялі паэзіі, перапынілі на нейкі час развіццё маіх паэтыцкіх здольнасцяў.

Вершы пачала ізноў пісаць я ў Першай Віленскай беларускай гімназіі. Маім духовым настаўнікам стаўся блізу з першых дзён навукі ў гімназіі настаўнік беларускае мовы й літаратуры, аўтар "Руні" і "Патаёмнага" - Максім Гарэцкі. Памятаю, калі я пабачыла яго ўпершыню на лекцыі ў нашым 7-м класе, мяне самперш уразілі ягоныя вочы - вялікія, цёмныя, гарачыя, быццам два чорныя знічы (я гэтак і падумала тады - "знічы"), на худаватым, эстэтычным, крыху татарскага складу твары. Іншых вачэй, падумала я, аўтар "Патаёмнага" мець і не мог... Зразумела я тады таксама і тое, што я мушу цяпер як найхутчэй дасканала апанаваць беларускую мову і заўсёды, заўсёды, найляпей за ўсіх у класе, ведаць задаваныя нам Гарэцкім лекцыі з беларускае літаратуры.

I я дапяла свае мэты, як заўсёды ў жыцці патрапіць дапяць яе кожны, хто сапраўды шчыра нечага хоча. У восьмы клас я перайшла з добрымі ацэнкамі і з беларускае мовы й з літаратуры.

Тым часам мінула лета 1920 года, трывожнае, поўнае надзеяў і зменаў. Вільню занялі на колькі часу, а тады ў паспеху пакінулі бальшавікі... Аднак заняткі ў беларускай гімназіі, якую я ўжо моцна паспела палюбіць, пачаліся ў сваім часе, й я ўзноўкі сустрэлася з сябрамі й настаўнікамі, між імі з Максімам Гарэцкім. На вялікі мой жаль, ён не быў ужо выкладчыкам літаратуры ў нашым класе. Ды сувязь мая з ім дзеля гэтага не парвалася, а яшчэ памацнела.

Гэтага памятнага для мяне вечару першым выйшаў на сцэну Гарэцкі. Памаўчаўшы, ён абвясціў прысутным, што мае для іх добрую навіну. "У нас з'явілася новая Буйлянка,- сказаў ён, - новая паэтка, якая ўжо сяння ці не перавышае Канстанцыю Буйлу сваім талентам. Вось паслухайце..." I Гарэцкі пачаў чытаць.., дадзеныя яму нараніцы мае вершы. Было іх два: "Восень" і "Светлы дзень дагарае над сумнай зямлёю". Даю тут адзін з іх як "узор" маіх самых першых "твораў".

ВОСЕНЬ

Хай жаўцее, сціхае сад з кажнай гадзінай,

Сонца ласкі гарачыя ўсюды не сее,

Хай гарыць, як заход, ліст чырвонай асіны,

Хай апошнія кветкі ў садзе бялеюць,-

Будзем чакаць вясны!

Хай паўзуць паласою калматыя хмары,

Хай цямнее рака, хай жыццё замірае,-

Не агорнуць нас восені горкія мары,

Кажны з нас яшчэ светлае шчасце пазнае,-

Будзем чакаць вясны!

Хай у душах надзея на долю канае,

Усё мінецца, бы ў летні дзянёк навальніца.

Прыйдзе час - сонца сіняй вышою заззяе,

Закрасуець зялёнаю рунню зямліца... Будзем чакаць вясны!

Калі я пісала гэтыя вершы, мне было 17 год. Тады хіба і пачалася мая літаратурная "кар'ера". Месяцаў шэсць паслей мае вершы, якія я пякла ў тыя гады, як бліны, пачалі друкавацца ў беларускіх часопісах і газетах, а праз колькі год, у 1927 годзе, у Вільні выйшаў друкам першы мой зборнік "Пад сінім небам".

Зборнік гэты, хай і вельмі шчыры, але гэткі яшчэ недасканалы, быў адылі прыхільна сустрэты беларускай крытыкай. Літаратуравед А. Навіна (Антон Луцкевіч) і іншыя вельмі нават хвалілі яго. Перагортваючы бачынкі "Пад сінім небам" сяння, я выразна магу прасачыць па вершах зборніка шлях майго паэтычнага развіцця, узбагачання мовы. Якая розніца, прыкладам, паміж некаторымі зусім яшчэ школьнымі вершамі, напісанымі ў 1920 годзе, але датаванымі 1921 годам (калі яны былі ўпяршыню надрукаваныя), і вершамі, датаванымі, скажам, 1925 годам! Ды што ж зробіш? Якім бы мой першы зборнік ні быў, і сама кніжка і ейны аўтар маюць адно выбачэнне - сваю тагачасную зялёную маладосць!

Але вернемся да Першае Віленскае беларускае гімназіі, да М. Гарэцкага й іншага яшчэ чалавека, які меў таксама ці малы ўплыў на развіццё мае творчасці,- да настаўніка беларускае літаратуры ў нашым 8-м класе Антона Луцкевіча.

М. Гарэцкі быў вельмі суровым, маламоўным настаўнікам і крытыкам. Ён блізу ніколі не правіў слабейшых месцаў маіх вершаў, бо здараліся ж і такія, а проста аддаваў іх мне, зацеміўшы: "Гэтак па-беларуску не гаворыцца" або "Гэтае месца раджу перапрацаваць" ці штось іншае. Неўзабаве я навучылася разумець яго не толькі з паўслова, але гледзячы адно на яго шырокія цёмныя бровы, якія то насупліваліся, то ўзнімаліся ўгару, залежна ад уражання. Рух гэтых броваў, нячастая усмешка на вузкіх вуснах былі тым стымулам, што вёў мяне наперад, прымушаў упарта працаваць над сабою, над моваю...

Максім Гарэцкі ніколі не хваліў мяне, хіба за вочы, што б я ні напісала. Але ганіў часта. За русіцызмы ў мове, за памылкі ў правапісе. Аглядаючыся назад, я думаю, што гэны метад ўзгадавання паэткі Арсенневай быў не зусім правільны. Хай я й заслугоўвала суровае крытыкі, не можна нікога адно ганіць, не падбадзёрваючы час ад часу хай сабе маленькаю пахвалой. Я, напрыклад, адчувала вынікі гэнага метаду на сабе ўсё паслейшае жыццё, адчуваю нават і цяпер, бо "строгасць" Гарэцкага ўзгадавала ў мяне сумлеў, няверу ў свае сілы, у сваю вартасць. Што б ні пісала на працягу сарака год мае творчасці, мне заўсёды здавалася й здаецца, што хай іншыя хваляць, гэта няшчырасць з іхнага боку й вершы нічога не вартыя. I я вельмі перажывала свае, найчасцей уяўныя, няўдачы.

Але гэткі ўжо быў Гарэцкі ў дачыненні й да іншых і да сябе - суровы, справядлівы й вельмі паважны. Прынамся, гэткім ён заўсёды быў у гімназіі. Пазнаць жа ягоную сапраўдную істоту, тое, што ён адчуваў і думаў, я ніколі не мела нагоды. Завялікая розніца дзяліла мяне, нясмелую 17-ці гадовую дзяўчыну-вучаніцу ад класнага настаўніка й прызнанага беларускага пісьменніка Максіма Грэцкага. Як шкада, што паслей, падросшы, я ўжо не сустрэла яго на сваім шляху!

Два гады навукі у гімназіі прамінулі вельмі хутка. Дарма што гэта былі найцяжэйшыя ў матэрыяльным дачыненні гады майго жыцця й што вельмі часта на працягу гэтых гадоў даводзілася мне класціся спаць без вячэры ці выходзіць у гімназію не паснедаўшы,- я заўсёды ўспамінаю іх з нейкай асаблівай любасцю і ўсхваляваннем. Mo таму, што тут якраз я сталася паэткаю, а прынамся, зрабіла пачын...

"Я толькі кропля ў акіяне..."
Гутарка Барыса Сачанкі з Масеем Сяднёвым

У маі 1990 г. сваю радзіму Беларусь наведаў вядомы беларускі паэт і празаік Масей Сяднёў, які жыве ў ЗША. ён пабываў у выдавецтве "Мастацкая літаратура", дзе вялася размова аб выданні яго твораў, наведаў рэдакцыі часопісаў "Маладосць", "Полымя", штотыднёвік "Літаратура і мастацтва", Літаратурныя музеі Якуба Коласа і Янкі Купалы. У Доме літаратара ён сустрэўся з пісьменнікамі, чытачамі. Аўтар артыкула-эсе "Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні", які быў надрукаваны ў часопісе "Маладосць" (1988, №10- 11), Барыс Сачанка ўбачыўся з Масеем Сяднёвым, і між імі адбылася наступная гутарка.

Б. С. - Масей Ларывонавіч, мусіць, варта пачаць нашу размову з Вашай біяграфіі. I таму, што ў Савецкай Беларусі пра Вас і Ваша жыццё мала ведаюць, і таму, што Ваша біяграфія надзвычай цікавая, у нейкім сэнсе характэрная і ў той жа час не характэрная для беларускага пісьменніка. Вы нарадзіліся ў вёсцы Мокрае на Магілёўшчыне (Касцюковіцкі раён) 1 верасня 1915 года...

М. С. - Не, якраз год майго нараджэння падаецца няправільна. Нарадзіўся я не ў 1915 годзе, а ў 1913-м. Як атрымалася такая неадпаведнасць? Паспрабую растлумачыць. Калі я праходзіў камісію перад маім выездам у Амерыку, у розных анкетах сакратаркі напісалі то 1913, то 1915 год. I я гэтага не заўважыў. А калі мая справа дайшла да апошняга амерыканскага начальніка, які вырашаў, ці магу я быць дапушчаны ў Амерыку, то ён заўважыў гэтую неадпаведнасць, раззлаваўся і пытаў, якая ж дата нараджэння правільная - 1915 год ці 1913-ты? Я, доўга не думаючы, сказаў 1915. Я хацеў сябе памаладзіць, бо жанчына, якая ўжо жыла ў Амерыцы (мая будучая жонка), была на 4 гады маладзейшая за мяне. А ў нас у вёсцы, калі жаніх за сваю нявесту старэйшы на некалькі год, то гэта лічыцца нядобра. Жаданне памаладзіць сябе - дзіўнае, наіўнае, вясковае.

Але я сказаў: 1915. Высокі амерыканскі начальнік доўга вагаўся, гэта яму не падабалася. Ён на абед збіраўся, быў злосны і хацеў адкінуць маю справу, але паглядзеў памяне - такога мізэрнага, няшчаснага, злітаваўся і напісаў у маю паперу 1915 год. Але год майго нараджэння на самай справе 1913-ты.

Б. С. - Я многа разоў бываў на Магілёўшчыне, у тым ліку ў Касцюковіцкім раёне, але ніколі не быў у вёсны Мокрае. Раскажыце, калі ласка, пра Вашы родныя мясціны, дзе Вы правялі першыя гады жыцця. Мяркуючы па некаторых Вашых вершах, у Вас, вясковага хлапчука, было своеасаблівае дзяцінства.

М. С. - Мой бацька - селянін, І я - вясковы хлопец, сын бедняка, які нават напачатку вызваляўся ад падатку. Бацька, канечне, хацеў быць усё ж багацейшым і таму наймаўся ў пастухі. Вёска яго абірала пастухом, а мы, дзеці ягоныя (было нас чацвёра), пасвілі статак. I людзі гаварылі, што бацька добра глядзіць за каровамі, і абіралі яго пастухом зноў. Так было аж 4 гады, пакуль мая старэйшая сястра, яна ўжо ў дзеўкі выходзілася, не папрасіла маці: маўляў, ёй сорамна пасвіць кароў і каб маці пагаварыла з бацькам і ён больш не наймаўся ў пастухі. Бацька падзякаваў вяскоўцам за давер і адмовіўся. Ён быў не толькі працавіты, а і вынаходлівы чалавек, з фантазіяй. ён сам сабе будаваў хату, рабіў калёсы, вёдры, бочкі і іншыя рэчы, прадаваў іх на базары. Так, дзякуючы сваёй стараннасці, ён з беднякоў выбіўся у сераднякі, а потым, пазней, нават у падкулачнікі.

Б. С. - Быў "цвёрдазаданнікам"?

М. С - Так. Прыходзіць, скажам, да нас камісія, глядзяць у клеці і выносяць заключэнне: у цябе, Ларывон, больш хлеба, чымся патрабуе твая сям'я. Ты мусіш аддаць лішняе дзяржаве. Мы ссыпалі жыта ці ячмень у мяшкі, мяшкоў не хапала, бралі дзяругу. Я, малы, чытаў тады нейкую кніжку. Адзін з гэтай камісіі падышоў, паглядзеў: "Што ты чытаеш? Не трэба табе чытаць!"- і закрыў гэтую кніжку. I паехалі яны; хлеб забралі, маці плакала...

Б. С. - А як у вас у вёсцы праходзіла калектывізацыя? Помніце?

М. С. - Калі яна пачалася, я вучыўся ў сямігодцы ў Саматэвічах. I нават там патрабавалі: "Прынясі даведку, што бацька твой у калгасе". Бацька мой не хацеў ісці ў калгас. Але ён не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, служыў некалі ў царскай арміі на Балканах і разумеў, як дрэнна быць непісьменным. Казаў, што ён быў бы іншым чалавекам, каб быў пісьменным. Ён хацеў вучыць дзяцей сваіх. I вось дзеля нас, і ў прыватнасці мяне, бо мне нават пагражалі выключыць са школы, калі бацька не пойдзе ў калгас,- бацька пайшоў. А перад тым ён ужо стаў на ногі, мы зрабіліся заможнымі гаспадарамі. Нам нават зайздросцілі: і хата ў нас была, і выязная жаробка. Калі абагульвалі жывёлу, дык гэтая жаробка, угледзеўшы маці, іржала: маці яе даглядала, а я з ёй, як малы быў, наперагонкі бегаў, вадзіў на начлег...

Б. С - Вы апісваеце гэтыя падзеі, здаецца, у рамане "Раман Корзюк"?

М. С - Так. Яшчэ тады я несвядома напісаў пра ўсё гэта даўгі верш, амаль паэму - "Беларусь". Я цяпер не памятаю з яго нічога, але з ім я прыязджаў у Менск паступаць у педінстытут у 1933 г., чытаў гэты верш Якубу Ермаловічу (я потым разам з ім вучыўся). Чытаў, выбачайце, ва ўборнай. I ён сказаў: "Парві гэта і выкінь", што я і зрабіў...

Б. С - Вы амаль нічога не гаворыце пра Вашую маці. Пра яе Вы вельмі добра пісалі ў рамане "I той дзень надышоў...". Ды і ў многіх сваіх паэмах, вершах . Наколькі мне вядома, яна загінула ў вайну...

М. С. - Бацькі мае непісьменныя абодва і абодва працавітыя. Мне здаецца, што я болей узяў усяго ад маці, у прыватнасці лірычную, пачуццёвую аснову. Маці для мяне як святая. Яна не мела ніколі вольнага часу: і ўлетку і ўзімку прала і ткала, і скаціну даглядала, і есці варыла... Можна сказаць, уся наша гаспадарка і наша жыццё трымаліся на ёй. I вось такая яе доля трагічная... Маці - гэта мой боль.

Б. С. - Бацькі зрабілі ўсё, каб Вы вучыліся. Раскажыце трохі пра вашыя "універсітэты".

М. С. - Скончыўшы сямігодку, я паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум. Да мяне там вучыліся Змітрок Астапенка, Аркадзь Куляшоў і Юлі Таўбін. Ужо тады ў мяне былі літаратурныя зацікаўленні. У хуткім часе я надрукаваў першы свой верш у раённай газеце "Сталінскі прызыў". Называўся ён "Трактарная калона", але тады пісалі мяккае "л" і над "ё" не паставілі дзвюх кропак. Атрымалася "Трактарнае калена"... Я кінуў гэты педтэхнікум, бо мне там не спадабалася. Тады ў педагогіцы панаваў так званы лабараторна-брыгадны метад, і я сядзеў у брыгадзе гэтай, як дурань: нехта за мяне адказваў, а мне ставілі адзнакі. Ды яшчэ голад настаў. I я кінуў, нават не скончыў першы семестр...

Б. С. - У якім гэта было годзе?

М. С. Здаецца, у 1932-м.

Б. С. - Што ж Вы рабілі далей, як жылі?

М. С. - Вярнуўся ў вёску. Працаваў у калгасе. Тады была вясна, і вялася прапаганда "звышранняй" сяўбы. Прыязджаў з раёна ўпаўнаважаны і націскаў на сельсавет, каб было засеяна некалькі гектараў і ён мог паслаць зводку ў раён. А пагоды не было! Але ўсё роўна: грэчку сеялі ў дождж. Дзяўчаты і хлопцы сеялі, я баранаваў і спяваў такую частушку:

Сатварылі ў нас калгасы,

Сатварылі на бяду.

Заставілі ідыёты

Грэчку сеяць у ваду.

Частушку гэтую падхапілі і пачалі спяваць. А ўпаўнаважаны, які нічога не разумеў у сельскай гаспадарцы, кажа: "Хто гэта сачыніў?" Дзяўчаты не ведалі, што са мною маглі зрабіць, і паказваюць: "Ён". Мяне - у сельсавет. Праўда, абышлося: несвядомы яшчэ, вучань...

Б. С - Але ж Вы працавалі і настаўнікам?

М. С. - Так. Была позняя восень, я выкладаў у школе ў вёсцы Кавычыцы, там жа, у Касцюковіцкім раёне. Прынялі мяне на працу, бо я заяву пісьменную па-беларуску напісаў і нават з посткрыптумам, каб больш аўтарытэтна было. Працаваў у Кавычыцах, пісаў вершы, а ўсё ж цягнула мяне ў Менск. Скончыўся навучальны год, і мне, як беднаму настаўніку, выпісалі жоўтыя чаравікі, і я ў іх паехаў у Менск. Бацька быў незадаволены мной, казаў: ты ж маеш працу. I нядрэнную...

Б. С. - Які гэта быў год?

М. С. - 1933-ці. Тады былі ўпершыню ўведзены ўступныя экзамены. I я ў Менску падаў заявы ў палітэхнікум, у наргас і, зразумела, у педінстытут.

Б. С. - Адразу аж у тры навучальныя ўстановы?

М. С.- Так. Педінстытут тады называўся Вышэйшы педагагічны інстытут (ВПІ). Я, каб па-сапраўднаму падрыхтавацца да іспытаў, яшчэ ўлетку пераехаў у Менск, уладкаваўся на працу на цагельны завод. I, вядома ж, рыхтаваўся паступаць на вучобу. Часта не меў, дзе жыць, хадзіў "па-савецку", галадаваў. I вось іспыты пачаліся ў палітэхнікуме. Я там праваліўся. Падаўся ў наргас - там я вытрымаў іспыты, мяне залічылі на нейкае маслянае аддзяленне. Ужо ў інтэрнаце пасяліўся, і стыпендыя там большая, і хлеба больш давалі. Але ўсё гэта мяне не задавальняла...

Б. С. - Вы ўжо друкаваліся?

М. С. - У гэтым часе ў "Чырвонай змене" з'явіўся мой верш "Беспрацоўны Жан". Toe, што адбывалася са мной, я перанёс у Францыю... Верш пачынаўся так:

У горадзе хмурым устаў дзень на ногі,

Нястрымных машын пачалася хада...

Верш гэты чытаў нават Пятро Глебка, ён сказаў: "У горадзе хмурым устаў дзень на ногі" - гэта ўжо вобраз". Я быў шчаслівы, радаваліся і студэнты, з якімі я жыў у адным пакоі. I вось надыходзіць час, калі пачынаюцца іспыты ў педінстытуце. Там быў недабор, таму іспыты былі спозненыя. (Я падаваў заяву на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне, і мае зацікаўленні былі менавіта там). Трэба было здаваць хімію, фізіку, матэматыку. Я ў іх нямоцны, але стаяў у вялікай чарзе студэнтаў, дзверы ў аўдыторыю былі расчынены, таму чуў усе пытанні і ўсе адказы. Нават бачыў тое, што студэнты пісалі на дошцы. I як надышла мая чарга, я ўжо ўсё вывучыў. На вялікае маё здзіўленне, я вытрымаў іспыты і па хіміі, і фізіцы, але па матэматыцы ў вядомага Круталевіча, аўтара падручніка па алгебры, праваліўся. Ён мне сказаў: "Ужасно неудовлетворительно". Але, нягледзячы на гэта, я быў залічаны на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне ВПІ.

Б. С. - Калі Вы вучыліся там, у педінстытуце, разам з Вамі вучыліся многія маладыя паэты. Вы, вядома, з імі сустракаліся, сустракаліся і з некаторымі старэйшымі таварышамі па літаратуры. Пра сустрэчы з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Вы ўжо расказалі ў сваіх успамінах, што надрукаваны ў ЗША. Калі ласка, раскажыце пра Вашы студэнцкія гады, пра сустрэчы з тымі, пра каго мы, можа быць, і не чулі, не ведаем.

М. С. - Я нічым асаблівым не вызначаўся ў сэнсе акадэмічным, быў сярэднім студэнтам, але ўжо друкаваўся.

Б. С - У "Чырвонай змене"?

М. С. - I ў "ЛіМе", "Полымі рэвалюцыі", "Савецкай Беларусь, "Беларускай работніцы і сялянцы" і нават у "Паляўнічым Беларусі".

Б. С - Выдаваўся такі часопіс?

М. С. - Так. Аднойчы прынёс я свой верш у "Полымя рэвалюцыі". Прымаў яго ў мяне Кандрат Крапіва. Верш называўся "Пастушка", і трошкі ён расцягнуты быў. Чаму? Бо я пісаў яго ў жанры буколікі. I Кандрат Крапіва прачытаў яго пры мне. Сядзіць, маўчыць, глядзіць на мяне, тады кажа: "А што, калі вось тут кропку паставіць?" Я паглядзеў: сапраўды, верш толькі выйграе ад гэтага. Крапіва паставіў кропку якраз там, дзе яна павінна была быць. Верш надрукавалі ў "ЛіМе", змяніўшы назву: "Калгасная пастушка". Потым былі надрукаваны мае лірычныя вершы ў "Полымі", "ЛіМе"... Калі я ўжо апынуўся ў Сібіры і спаткаўся з Алесем Звонакам, дык ён дражніў мяне: "Чытаю быццам лірычны верш, а прозвішча Сяднёў-ў". Неяк мне трэба было, едучы дахаты, зарабіць на кашулю, і я напісаў апавяданне і надрукаваў яго ў "Беларускай работніцы і сялянцы". Атрымаў ганарар, купіў сабе чорную касаваротку і папяросаў, каб бацьку пачаставаць. (Я тады пачаў курыць легальна.)

Б. С. - А хто чытаў Вам лекцыі?

М. С. - Курс "Гісторыя беларускае літаратуры" чытаў Піятуховіч. У яго асістэнтам быў вядомы потым Барысенка, а тады - Барысёнак. Часта пасля лекцый казаў нам пра Піятуховіча, што ён - нацдэм. Гісторыю рускай літаратуры чытаў Замоцін, гісторыю педагогікі - Фрыдман...

Б. С - А з кім са студэнтаў Вы сябравалі?

М. С. - З Якубам Ермаловічам. Ён таксама ўжо друкаваўся.

Б. С - Мы з Якубам Ермаловічам сустракаліся даволі часта, у шасцідзесятыя - сямідзесятыя гады ў "Полымі", калі я там працаваў, а ён прыносіў у часопіс свае творы. Але што ён ведаў Вас, нават з Вамі вучыўся, сябраваў і сядзеў у турмах і лагерах, не казаў, не прызнаваўся...

М. С - Мусіць, баяўся. А было ж такое - калі пачалася вайна, і нас, зняволеных мінскай турмы, гналі па дарозе на Чэрвень калонаю, то ён так аслабеў, што не мог ісці, яго хлопцы нейкі час неслі на плячах. Кожны ж баяўся адстаць, хто адставаў, стралялі. Сын бацьку цягнуў або знаёмы знаёмага, вось як мы - Я. Ермаловіча.

Б. С. - З кім яшчэ Вы вучыліся разам?

М. С. - З Уладзімірам Клішэвічам. Вельмі таленавіты быў Мікола Гваздоў. ён друкаваўся нават у "Звяздзе". Пісаў вершы, вучыўся да ВПІ ў кінематаграфічным тэхнікуме ў Віцебску. Таксама быў арыштаваны. Нават следчы казаў пра яго: "Разумны чалавек, таленавіты". Я да гэтага часу не ведаю лесу Гваздова. Помню цікавы выпадак з яго жыцця. Гваздоў паехаў на Крычаўшчыну настаўнічаць. Аднойчы прыйшлі на яго урок з райана. А ён любіў выпіць. Зайшоў у клас - а там сядзяць правяральшчыкі. Хоць і не належалася пра Купалу па раскладу расказваць, але ён пачаў: "Іван Дамінікавіч..." Словам, яго выгналі з працы. Мяне пасля папракалі за такое знаёмства. Гэтакага чалавека загубілі! Гэта вялікая страта для нашай літаратуры. Я апісаў Гваздова ў сваім "Рамане Корзюку", як і Саланевіча. Саланевіч быў такі інтэлектуал, башкавіты хлопец...

Б. С. - Ён, здаецца, быў крытык?

М. С. - Так. Займаўся літаратурай. На жаль, не памятаю яго імя. Яшчэ Казека, з польскай секцыі Рамановіч, з яўрэйскай - Шведзік...

Б. С. - Праводзілі нейкія літаратурныя сустрэчы, вечары?

М. С. - Неяк Клімковіч арганізаваў прыём пачынаючых маладых у Доме пісьменніка. Ён называў нас заўсёды аднолькава: "пачынаючыя, якія звяртаюць на сябе ўвагу грамадскасці". На гэтым прыёме былі Пімен Панчанка, Рыгор Няхай, здаецца, Усевалад Краўчанка і я, са старэйшых - Янка Купала, Якуб Колас і інш. Я прачытаў там свой верш "Ляжаць дарогі нашыя вякамі" (гэта пра маіх дзеда і бацьку, як яны хацелі перасяліцца ў Сібір, ды з-за руска-японскай вайны вярнуліся. Іх не пусцілі далей, затрымалі дзесьці на Байкале, у вагонах яны месяц прастаялі, завяліся ў іх вошы, мая бабуля занудзілася, і яны вярнуліся назад. А падворышча іх крапівай зарасло ўжо). Дык майму вершу апладзіравалі Якуб Колас і Янка Купала, і ён трапіў у альманах "Аднагодкі", які выйшаў у 1936 ці 1937 г. пад рэдакцыяй Кузьмы Чорнага і Пятра Глебкі. Я гэтага альманаха не бачыў, бо быў ужо арыштаваны.

Б. С. - Вы часта бывалі ў Доме пісьменніка?

М. С. - Здаралася, што хадзіў, абіваў парогі. Часопісы выходзілі нерэгулярна, ведамасці на ганарар прыходзілі позна, а мне вельмі хацелася хутчэй атрымаць грошы (стыпендыя малая, цяжка жыць было на яе). Я саромеўся, а ўсё роўна хадзіў даведацца, ці ёсць ведамасць. I вось стаю я ў калідоры Дома пісьменніка... 3 аднаго боку раптам адчыняюцца дзверы - Кузьма Чорны высоўваецца і пытае: "Што ты тут ходзіш?" А я кажу: "Ганарар хацеў бы..." А ён: "А-а, гаўнарар!" Я плакаў ад крыўды, думаю, як жа так, такі выдатны пісьменнік, напісаў "Зямлю" і іншыя творы, а сапсаваў слова. У Доме пісьменніка быў кабінет пачынаючага аўтара, там я аднойчы напаткаў Міколу Хведаровіча - я прынёс верш "Хвала вясне, дажджу і грому". Хведаровіч чытаў мой верш, і я бачыў на ягоным твары незадаволенасць. I вось зайшоў выпадкова Змітрок Бядуля. Хведаровіч даў яму пачытаць гэты верш. Бядуля, уважліва ці не, прачытаў і даў характарыстыку хутчэй адмоўную: сказаў, што верш нейкі паганскі. Хведаровіч узрадаваўся: "Я не магу куды-небудзь пусціць верш твой, і ўсё". Канечне, тады я не мог, не смеў што-небудзь сказаць супраць, Змітрок Бядуля быў бог. Ведаеце, у той час барані божа, каб я на каго са старэйшых вядомых пісьменнікаў што-небудзь сказаў дрэннае. Я шанаваў іх.

Б. С. - Вас арыштавалі, калі Вы былі студэнтам ВПІ. Здаецца, на чацвёртым - апошнім курсе, у 1936 годзе. Цікава, у чым Вас абвінавачвалі?

М. С. - У тым, што я быў сувязным паміж ячэйкай у педінстытуце і Домам пісьменніка. Мяне рабілі лідэрам групы і таму далі на год больш. Між іншым, той самы Якаў Бранштэйн, які ўзначальваў крытычную секцыю на II пленуме Саюза савецкіх пісьменнікаў і раней запрасіў мяне на ўрачыстае адкрыццё гэтага пленума, пазней быў літаратурным экспертам у НКУС. ён даваў ацэнку маім вершам, і надрукаваным і ненадрукаваным. I сярод гэтых твораў быў жартоўны, напісаны ў часе нецікавай лекцыі (мы з М. Гваздовым часта пісалі на лекцыях эпіграмы ці жартлівыя вершы ў свой сшытак):

За цёмна-сіняю дубровай,

Паміж багатых хутароў,

Хадзіла чорная карова

Далёка ад другіх кароў.

Я. Бранштэйн ацаніў гэта, што я супраць калектывізацыі і за хутарскую сістэму. У Маскве, калі Вярхоўны Суд СССР адмяніў прыгавор Вярхоўнага Суда БССР, паказанні Я. Бранштэйна прызналі неправамоцнымі, абсурднымі.

Б. С - Што яшчэ палічылі падставай для Вашага арышту?

М. С. - У той час я чытаў творы Я. Пушчы, У. Дубоўкі, А. Моркаўкі, хоць яны ўжо былі забароненыя. Акрамя таго, аднойчы, калі я ліквідоўваў непісьменнасць на люстраной фабрыцы ў Ляхаўцы, там у захудалай бібліятэцы знайшоў "Матчын дар" А. Гаруна і "Крывавы плакат" Я. Пушчы. Я ўзяў іх пачытаць... Пры арышце ў мяне гэтыя зборнікі забралі, і "Матчын дар" фігураваў у маёй справе як рэчавы доказ. Дарэчы, мой следчы, Цімафееў, вельмі хацеў мець гэтыя кнігі ў сваёй бібліятэцы. Інкрымінавалі мне і тое, што аднойчы, калі ішло абмеркаванне сталінскай Канстытуцыі, рыхтуючыся да семінара па творчасці Якуба Коласа, я выпісаў яго радкі, якія датычыліся мікалаеўскай Канстытуцыі:

Канстытуцыю далі,

Адчынілі дзверы,

У астрог нас павялі

I таўкуць без меры.

У маёй справе гэтыя радкі разглядаліся следчым як мой водгук на праект сталінскай Канстытуцыі, які тады "ўсенародна" абмяркоўваўся. НКУС запрасіў і мой чытацкі фармуляр з інстытуцкай бібліятэкі, з якога выявілася, што я чытаў галоўным чынам "упадніцкую" літаратуру, а не класікаў марксізму-ленінізму. Не лепшым чынам я адазваўся неяк і пра Сталіна. Я лічыў яго і не тэарэтыкам, і не аратарам, аддаваў перавагу Троцкаму...

Б. С. - Словам, назбіралася. Слоў колькі пра атмасферу тых гадоў. Ці прадчувалі Вы, што з Вамі можа здарыцца, што Вас могуць арыштаваць, пасадзіць?..

М. С - Не, не, такога не было. Мы жылі звычайным студэнцкім жыццём. Праўда, на гэты час прыпадаюць адкрытыя лісты Я. Коласа, Я. Купалы, але гэта, як ні дзіўна, нас падбадзёрвала ў сэнсе беларускім. Мы разумелі, што калі абвінавачваюць, дык гэта нечага вартае, і імкнуліся тое прачытаць... У той час пра Я. Купалу, Я. Коласа і іншых пісьменнікаў на нашых занятках можна было адказваць па-руску і па-беларуску. Я. Ермаловіч, я і нашы сябры гаварылі на занятках па-беларуску. Гэта разглядалася як своеасаблівы гурток і ўспрымалася з падазронасцю. Напрыклад, адзін студэнт, Павел Дубовік, правакацыйна чытаў некага з "нацдэмаў" - прозу нейкую - і заўсёды клікаў мяне паехаць у парк Горкага, каб прачытаць тое новае, што напісаў гэты літаратар. Чытаў Дубовік яўна правакацыйныя рэчы, антысавецкія і пры гэтым сачыў: як я буду рэагаваць? Я разумеў гэта... Былі і тыя, хто мяне падтрымліваў: П. Галавач. 3 ім я аднойчы сустрэўся ў трамвайным вагоне, ён ехаў у педінстытут і сказаў мне: "Я люблю ў вашых вершах журботнае". Ён быў такі прывабны! Я некалькі разоў бачыў яго з прыгожымі жанчынамі і думаю, што як мужчына ён быў вельмі цікавы.

Б. С. - Вы ні слова не сказалі пра Андрэя Алексанровіча. А ён жа быў прыкметнай фігурай у літаратурным жыцці тых гадоў, пісаў не толькі паэмы і вершы, але і займаўся грамадскай і навуковай дзейнасцю, якая, на жаль, ішла не на карысць роднай Беларусь

М. С. - Аднойчы прыязджаю я да бацькоў на канікулы, а трэба зазначыць, што, прыехаўшы на лета, я касіў у калгасе, каб зарабіць працадзень. I вось у сельсавет прыязджае раённы ўпаўнаважаны з НКУС. А ў сельсавеце працаваў фінагентам мой сваяк. Я, не ведаючы, што прыехаў той упаўнаважаны, прыйшоў у нядзелю ў сельсавет (каля яго ў выхадны дзень збіралася моладзь). Мой сваяк выходзіць з сельсавета і кажа: "Падыдзі да мяне". Я падышоў. Ён кажа, што прыехаў упаўнаважаны з раёна і цікавіўся мною - пытаўся ў старшыні сельсавета пра мяне. Напэўна, упаўнаважаны будзе і са мною гаварыць. Дык, кажа, будзь асцярожны. I праўда, старшыня сельсавета, убачыўшы мяне сярод моладзі, паклікаў пальцам. Я падышоў. Ён пазнаёміў мяне з гэтым упаўнаважаным. Той кажа: "Вы жывеце праз мост. Я хачу бачыць старшыню калгаса вашага. Гэта вам па дарозе?" Я кажу: "Так". Ідзём мы з ім, гаворым пра тое-сёе. Потым ён пытаецца, ці знаёмы я з такімі паэтамі і пісьменнікамі, як Тодар Кляшторны, Кузьма Чорны, Андрэй Александровіч і іншымі (назваў яшчэ некага). Я адказваю: "Так". - "I што вы думаеце пра іх?" I я адчуў, што ён пытае не проста так, і пачаў кляйміць і Кляшторнага, і Кузьму Чорнага, а хваліць Александровіча, пра якога неяк: на лекцыі Кастусь Суднік напісаў: "У Александровіча Андрэя адна голая ідэя". Словам, я прайшоўся з гэтым упаўнаважаным, паказаў яму, дзе праўленне калгаса, і развітаўся. Вяртаючыся да сельсавета, фінагент цікавіцца: "Пра што ён у цябе пытаўся?" Я яму расказаў. Ён кажа: "Гэта дрэнна. Уцякай. Куды-небудзь змыйся. Паедзеш на Далёкі Усход, знойдзеш сабе працу, і ўсё будзе добра". Але я хацеў скончыць інстытут, у мяне былі літаратурныя зацікаўленні, я адчуў у сабе цягу да слова. У той час мой верш пра Ібаруры быў надрукаваны і "ЛіМам", і многімі раённымі газетамі. Дарэчы, я напісаў гэты верш дома ў Пятра Хатулёва (потым расстралянага),- там была нейкая вельмі цікавая карціна, што натхніла мяне.

Паехаў той упаўнаважаны. Я ўсё ж вярнуўся ў Менск і ў кастрычніку якраз і быў арыштаваны. Гэты арышт я як бы прадчуваў...

Б. С. - Вы жылі тады ў інтэрнаце?

М. С. - Так, на вуліцы Карла Маркса. Я адчуваў, што са мной будзе, і аднойчы на захадзе сонца, стоячы ў будынку галоўнага корпуса, развітваўся...

Б. С. - Гэта Вы надта хораша апісалі ў "Рамане Корзюку".

М. С. - Дзякуй, мае творы шмат у чым аўтабіяграфічныя. Дык вось, я стаяў і думаў: "Дай хоць нагляджуся". Падрыхтаваў свае рэчы, а то, думаю, арыштуюць, а ў мяне не будзе бялізны. Атрымаў грошы, бо я тады выкладаў беларускую мову на ўсебеларускіх курсах півавараў, былі і ганарары за вершы і пераклады. Я тады ўжо стаў на ногі, як бы даспеў. Жыў я сціпла. Ніколі не хадзіў ні ў рэстараны, ні ў кіно, ні ў тэатры. Аднойчы ўсё ж пайшоў на оперу "Яўгеній Анегін". Мне яна вельмі спадабалася. Іду позна, купіў па дарозе ў магазіне сайку і цукру, каб з'есці ў інтэрнаце. Прыйшоў у пакой, там нас было чалавек васемнаццаць, і, паеўшы, лёг на ложак і хутка заснуў. I праз кароткі час нехта мяне будзіць. Я не ўстаю, зноў тармусяць. Я падняў галаву, мне паперку паказваюць "Ордер на обыск и арест". Гэта да мяне не даходзіць; я апускаю галаву на падушку і сплю. Тады мне зноў падсоўваюць: "Ордер на обыск и арест". Да мяне нарэшце дайшло. "Собирайтесь". Я збіраюся. Просяць некага быць за сведку. Усе хлопцы-студэнты не спяць, але ніхто не хоча быць сведкам. Згадзілася быць за сведку тэхнічка, распісалася. "Пойдем". Вось так я быў арыштаваны ў кастрычніку 1936 года.

- Б. С. - I куды Вас павялі?

М. С. - У турму. Спярша мяне пасадзілі ў так званую "американку" - круглую адзіночную камеру, што была ў двары турмы. Потым перавялі ў падвал дома, што на вуглу вуліц Савецкай і Урыцкага. Дык вось, сяджу я ў гэтай адзіночцы, можаце ўявіць, што я думаю, адчуваю. I цяпер страшна, як успомню. Потым выклікаюць мяне на допыт. Следчы Цімафееў зачытаў мне абвінавачванне. Маўляў, я належу да антысавецкай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай ячэйкі ў педінстытуце, ячэйкі, якая была адгалінаваннем ад арганізацыі ўсебеларускага маштабу. Гэтая арганізацыя ставіла сваёй мэтай аддзяленне Беларусі ад СССР і г. д. Ён прасіў мяне падпісацца пад абвінавачваннем. Я кажу, што не магу гэтага зрабіць. Ён піша: "От подписи отказался". I гаворыць: "Масей Ларывонавіч, ведаю, што вы шчыры беларус. Я не знаю белорусского языка, но вы знаете русский, и я хотел бы вести следствие по-русски". Я згадзіўся. I пачалося... "Кто принадлежал к этой ячейке в пединституте?" Я кажу: "Такой ячэйкі не было, і ніхто да яе не належаў". Ён: "Ну, как же так? С кем вы дружили?" Я: "Дружбы асаблівай у мяне не было ні з кім". ён: "Ну, как же так? Студент молодой человек - не может быть, чтобы у вас не было друзей!" I так мучыць мяне доўгі час і пераканаў ужо мяне, што мусяць быць у мяне сябры. I я ўжо назваў гэтых сяброў. Я тады не думаў, што іх адразу ў арганізацыю ўпішуць і на наступны дзень арыштуюць. А так яно і было... Уначы часамі следчы мне пагражаў: "Мы не бьем. Мы не польская дефензива. Но мне было бы достаточно положить между вашими пальцами карандаш и пожать вам руку, так вы бы и сели. Мы вас абвиняем не потому, что вы совершили какое-либо преступление, а потому, что могли совершить. Это как профилактика: мы вас остановили перед пропастью". Гаварыў вось такую лухту. Мучыў мяне, мучыў кожны дзень; часамі ён ужо змораны, а ўсё вядзе псіхалагічную атаку. Бывала, сядзіць, маўчыць, толькі глядзіць на мяне, наводзіць страх. Бывала, выкліча другога следчага, робіць канвеер: адзін дапытвае, а другі стаіць, крычыць у вуха: "Говори! Признавайся! Говори! Признавайся!" Бывала, што яму трэба толькі адзначыць, што выклікаў на допыт (а на допыт звычайна выклікалі пасля дванаццатай гадзіны ночы), адпачывае, седзячы за сталом, а мне гаворыць: "Вы здесь почитайте контрреволюционную литературу: вот Зарецкий - кстати, интересный романист..."

Б. С. - У турме Вы, мусіць, сустракаліся з некаторымі пісьменнікамі старэйшага пакалення?

М. С. - У турме - не. Толькі ў час этапаў. Праўда, аднойчы мой следчы зачытаў мне паказанні Цішкі Гартнага-Жылуновіча (следчы дазваляў яму пісаць пра сябе ў камеры, і ён пісаў). I часта следчы гаварыў, што Ц. Гартны быў лідэр "арганізацыі", над якой хацелі зрабіць адкрыты працэс. У "обвинительном заключении" многіх фігуравалі Ц. Гартны, Дудар, Зарэцкі, Чарот...

Б. С. - "Чацвёрка"?

М. С. - Так.

Б. С. - I колькі Вам не пашкадавалі - далі на судзе?

М. С. - 6 год. Іншым - па 5, а я, паколькі быў "сувязным", атрымаў больш.

Б. С. - Хто яшчэ быў асуджаны разам з Вамі?

М. С. - Клішэвіч, Суднік (брат Аркадзя), Ермаловіч, Пятро Шыракоў...

Б. С. - Вас выслалі на Калыму?

М. С. - Так. Перад тым жа, як выслаць, нас уночы вялі па горадзе на вакзал. Там ужо стаялі вагоны, і, калі нас у адзін з іх загналі, я ўбачыў Астапенку, Мікуліча, Сяргея Знаёмага, Дарожнага, Багуна...

Б. С. - Усіх іх Вы ўжо, відаць, ведалі?

М. С. - Я іх ведаў нават асабіста. Чамусьці нас часова завезлі ў Магілёў. Там у турме мы правялі тыдні два. Памятаю, я ляжаў пад нарамі з братам Галадзеда: ён быў шаферам. Галадзед ужо скончыў жыццё самагубствам... Пасля нас павезлі ў Оршу, а тады ўжо на Калыму. Заспела зіма, і нас часова змясцілі ў "распред" у Новасібірску. Там памёр Міхась Багун, у яго сэрца не вытрымала. Жылі мы там у так званай "ліцейцы": падлогі не было, вошы елі, на прагулку не вадзілі. Змітрок Астапенка там у "прыдуркі" ўцёрся. Узлазіў на бочку і чытаў прозвішчы тых зэкаў, якіх бралі на этап; калі ж гэта тычылася "вуркачоў", то ён называў і клічку, напрыклад, "Разбей горшок" ці яшчэ штосьці ў гэтым родзе.

З Новасібірска нас гналі кіламетраў шэсцьдзесят у Іванаўскі лагер - перазімаваць. У лагеры былі дзве зоны: "уркі" і "няуркі". Там выявілася, што за чалавек кожны з нас, хто ёсць хто. Сяргей Знаёмы салідарызаваўся з "уркачамі". Лепш паводзілі сябе Сымон Баранавых, Янка Скрыган і камендант Дома пісьменнікаў, прозвішча якога я, на жаль, забыў. Яны трымаліся разам, тройкай. У Іванаўскім лагеры быў медыцынскі агляд: маладзейшых, здаравейшых бралі на Калыму. Не прайшоў яго Хадыка. Узімку ў гэтым лагеры была адзіная брыгада, якая хадзіла на працу з лагера ў саўгас, у "зону", дзе працавалі расканваіраваныя жанчыны. I ў гэтую брыгаду кожны хацеў трапіць, таму што там можна было здабыць гароху, хлеба. Я хацеў туды трапіць, але канвой не прымаў у скураным абутку, бо холадна было, а ў мяне на нагах якраз былі галёшы, дый тыя цесныя. Праўда, паспрыяў Дарожны: ён з брыгадзірам-меншавіком, яўрэем, дамовіўся. Я за чатыры пайкі купіў лапці, анучы і пайшоў. Як ішлі назад, кожны з нас нёс у кішэні віку, чачавіцу ці яшчэ што-небудзь. На вахце нас пачыналі "даіць", вытрасалі ўсё гэта на снег. Але я праносіў. Хадыку я карміў чачавіцай, у яго быў хворы страўнік, язва, ці што, і ён сушыў чачавіцу і жаваў яе. Ён не спаў, а сядзеў і грэўся каля грубкі. Між іншым, ён добрае ўражанне рабіў, бо не браў удзелу ў спрэчках, маўчаў і трымаўся асобна, сціснуўшы вусны ад болю, і заўсёды пісаў штосьці на тонкай паперы, зашываў гэта ў каўнер. У мяне з ім завязалася была дружба. Потым мы з ім развіталіся... Я толькі чуў, што ён недзе на Байкале працаваў, глыба звалілася і задавіла яго. Я гэта чуў, але пацвердзіць не магу.

Зноў нас павезлі далей. Сяргей Дарожны расказваў па дарозе нейкага польскага "Нікадыма Дызну", якога прачытаў: жулікі прасілі, каб ім расказвалі "романы". Ва Уладзівастоку нас заладавалі ў "Трансбалт", глыбока ў трум. Мы аддавалі свой паёк, каб толькі папіць вады, бо есці не хацелася, а хацелася піць. Калі мы апынуліся ў японскай зоне, пачалі даваць вады больш, накрылі брызентам, казалі: "Цішэй! Цішэй!" Бо быў такі выпадак, калі японцы прышвартавалі параход і выпусцілі ўсіх зняволеных. На параходзе я захварэў. Мяне паднялі з трума на палубу. Так нас пераправілі на Камчатку, тады - на Калыму....

Б. С. - I хто з пісьменнікаў быў з Вамі?

М. С. - Баранавых. Ён мне ва Уладзівастоку расказваў змест свайго рамана "Калі ўзыходзіла сонца", які быў тады ўжо набраны, калі яго арыштоўвалі. Расказваў падрабязна, але часам я яго не слухаў, думаючы пра свае. Быў з намі Клішэвіч. Высадзілі нас у Магадане. Там, нам казалі, працавалі Прышчэпаў і ўкраінскі сатырык Астап Вышня. Працавалі мы ў адкрытым забоі, здабывалі золата. Трэба было норму выконваць. Брыгадзір - угалоўнік, біў нас. Асабліва цяжка было маладому. Маглі ж за невыкананне нормы прыпісаць контррэвалюцыйны сабатаж... У 1938 г., калі ўскладніліся адносіны з Японіяй, гэта негатыўна адбілася на зняволеных: шмат каго расстрэльвалі, асабліва тых, хто абвінавачваўся паводле літарнага артыкула КРТД: "контррэвалюцыйная трацкісцкая дзейнасць". Часам у той брыгадзе, дзе я працаваў, на заходзе сонца спынялі працу, забіралі, каго хацелі, і везлі. На наступны дзень перад разводам на вышку ўзбіраўся чалавек і зачытваў: "За систематическое невыполнение технических норм, за порчу инструментов и механизмов, за контрреволюционную агитацию среди заключенных в забоях, за подготовку к побегу... приговорены к высшей мере социальной защиты". Так было кожны дзень. Аднойчы я не мог прыйсці ў забой, страціў прытомнасць. Мяне прынеслі ў так званую амбулаторыю. Там быў мінскі яўрэй. Я пачакаў, пакуль чарга да яго скончыцца, каб пагаварыць з ім. Дачакаўся, увайшоў. Ён пытаецца: "Што ў вас?" Я знарок "навукова" адказаў: "Поўная прастрацыя". Ён: "Што дакладна?" Разгаварыліся. Я даведаўся, што ён мінчанін, прызнаўся яму, што я студэнт. Ён злітаваўся нада мною: накіраваў у брыгаду для слабасільных, даў мне паёк - 30 грамаў спірту ў дзень,- каб падтрымаць. Потым маю "слабасільную" брыгаду паслалі на лесанарыхтоўкі. Там ужо канвою не было, быў дзесятнік, ён наглядаў за намі. Жылі мы ў юртах. Адтуль мяне і выклікалі на перагляд справы ў Мінск...

Б. С. - У Мінск ці ў Менск?

М. С. - Тады наша сталіца называлася ўжо Мінск. Дарэчы, калі я напісаў свой верш "Домік у Мінску" (а гэта было ўжо ў эміграцыі), некаторыя мяне пачалі папракаць гэтым... Дык вось, выклікалі мяне на перагляд маёй справы ў Мінск...

Б. С. - Гэта быў які год?

М. С. - 1940-вы. Мяне дастаўлялі да Мінска тры месяцы. Ужо іншыя асуджаныя па гэтай справе былі там, акрамя мяне. Я прайшоў-праехаў праз мноства турмаў, бо мяне ж аднаго не маглі везці, таму чакалі, пакуль набярэцца нас многа...

Б. С. - I што, Вы думалі, Вас выпусцяць?..

М. С. - Хацелася, каб было так. I ўсе развітваліся са мною, зайздросцілі, прасілі перадаць ім касу, бо ніхто не ўмеў так яе накляпаць, як я. А перад гэтым я сніў, што з бочкі сялёдкі ржавыя, чорныя ўздымаюцца і вылятаюць. Кожны дзень я гэта бачыў. Яшчэ сніў, быццам стаю каля стэнда ў Мінску і чытаю наклеены на яго артыкул Максіма Горкага "С кем вы, мастера культуры?". Вязлі мяне ў Мінск разам з "уркамі". У дарозе кармілі салёнаю рыбай, якую я не еў. I калі прывезлі ў Мінск і я пераступіў парог камеры, то тую рыбу ў мяне адразу ж адабралі "вуркачы". Месца мне выдзелілі каля парашы. Там было мокра, смуродна, але што было рабіць. Я, падаслаўшы ватоўку, лёг. Прынеслі суп, дык галоўны ў камеры перш за ўсё сваім хаўруснікам наліў, гушчу выбраў... Бачу, што дрэнна тут. Калі ў карты пачалі гуляць, дык я падышоў бліжэй, гляджу. "Ты грамотный?"- пытае галоўны. Кажу: "Трохі".- "А ты мог бы рассказать роман?" А да гэтага яшчэ пыталі: "Адкуль ты?" - "З Калымы". А яны баяліся Калымы, бо адтуль не ўцячэш. Да мяне адразу нейкая ўвага асаблівая, ды яшчэ і "роман" з працягам мог расказаць... Слухалі "роман". Галоўны даў каманду: "Слухайце, ляжыце ўсе, заўтра працяг будзе". Пасля першай маёй гутаркі ён сказаў: "Бяры сваю ватоўку і падымайся". Я падняўся. Ён недалёка ад сябе аднаго прыбліжонага свайго штурхель і мяне на яго месца. Кажа: "Кладзіся". Так я ў той камеры пражыў аж тры месяцы. А тут навісла вайна. Змянілася міжнародная сітуацыя; надзеі на тое, што нас выпусцяць, ужо не было. Выклікаў мяне следчы, я ўвайшоў, ён не прапанаваў мне сесці, а калі я сеў каля стала, то ён сказаў: "Нет, вы сядьте на почтительном расстоянии". Кажа: "А ў вас сократовский лоб" (я трошкі пачаў лысець). I зноў пачынае ўсё тое самае, што і ў трыццаць шостым годзе было. Спадзявацца на лепшае нечага было думаць. Выклікалі адзін раз на суд - сведкі не з'явіліся. Прыйшоў Алесь К. як літаратурны эксперт НКУС, я яго ведаў у твар да арышту. Засядалі суддзі і пракурор К. Кастусю Судніку некалькі пытанняў задаў. Але не хапала сведкаў, каб нас асудзіць.

Б. С. - Вы пісалі, што ў вайну разбамбілі "прыўратку", на вуліцы Валадарскага. У той "прыўратцы" сядзелі жанчыны. Помніце? Ды і у адным з Вашых вершаў ёсць такія словы: "Збамбілі ля турмы увесь квартал, і я пайшоў у свет раскутым".

М. С. - Я сядзеў у камеры палітычных зняволеных (следчы ўжо "забраў" мяне ад "уркаў"). Гэта было ўжо на Валадарскага, дзе былі замазаныя вокны і віселі "наморднікі". I раптам чую нейкую страляніну. Вайскоуцы, што сядзелі разам са мною у камеры, пачалі між сабою спрачацца. Адзін кажа: што гэта манеўры Цімашэнка праводзіць. А другі кажа, што гэта вайна. Нам ужо не прыносяць баланды. На калідоры маўкліва, цёмна. Узнікае нейкая трывога. Мы адчуваем, што нешта змянілася. I нарэшце мы зразумелі - пачалася вайна. Час ад часу нас папярэджваюць: "Соблюдайте тишину!" Мы сядзім у трывозе, усё гудзе І гудзе - гэтыя "манёўры". Нарэшце нам загадваюць выходзіць з рэчамі. Мы выходзім.

Б. С. - Ноччу?

М. С. - На світанні. Нас была вялікая калона.^ I камандзір скамандаваў: "Кому жизнь дорога, бросайте все ненужное!" А раней мне ўпершыню за ўвесь час было дазволена пайсці у бібліятэку і узяць кніжкі. Як ён скамандаваў, я гэтыя кніжкі і кінуў. Нас павялі праз Мінск. Людзі пакідаюць горад. Спынілі свой pyx машыны, трамваі. Нас вядуць. I некаторыя з нас перабягаюць да гэтых людзей - і ніякай рэакцыі канвою. Вывелі нас з Мінска на шашу. Ужо светла было. Вялікая-вялікая калона выцягнулася ўзвівамі... Раптам наляцелі нямецкія самалёты. Канвой хаваецца, і мы хто на зямлю, хто у трубы лезе. А я ўпаў з адным чалавекам побач. Ён мне кажа: "Давай абмяняемся адрасамі, можа, ты будзеш жывы, дык паведаміш маім, што са мною. Або я гэта зраблю". I ён мне ткнуў нейкую паперку з пячаткай "7-я исправительно-трудовая колония". Ён працаваў на пабудове Дома ЦК у Мінску, і ім выдавалі такія талончыкі, каб можна было пагаліцца ў цырульніка, бо так звычайна не галілі. Праляцелі самалёты. Нас зноў пагналі. Раптам зноў прывал... Тры ці чатыры хлопцы падняліся і пабеглі ўцякаць. Па іх стралялі. Двух забілі, а двое ўцякло. Вядуць нас далей. Спякота. Там былі хворыя людзі, некаторыя адставалі, і тых, хто не мог ісці і каго не неслі,- прыстрэльвалі. Некаторы час Ермаловіча неслі. У Чэрвені я страціў прытомнасць. Яўрэі з маёй камеры ўзялі мяне пад рукі і далі цукру. Канвой прывёў нас у двор чэрвенскай турмы, і там нас пачала дапытваць камісія. Мы не ведалі, што гаварыць: ёсць у іх нашы дакументы ці няма? Я сказаў праўду - і сваё імя, і прозвішча, і астатняе. I ў адпаведнасці з гэтым мне загадалі сесці ў адну з трох груп. Сеў я і гляджу, што там за людзі. У ёй я ўбачыў вайскоўцаў. Гэтая трупа ў маім разуменні здалася мне падазронай. Тут зноў наляцелі самалёты. Камісія пайшла ў сховішча. Я перапоўз за вугал, шапку насунуў на лоб, надзеў ватоўку, падняўся і стаў задам да сценкі. Самалёты праляцелі, камісія зноў выйшла са сховішча і пачала допыт. Адзін з камісіі заўважыў, што я стаю ля сцяны, падышоў да мяне і пытаецца: "Вас допрашивали?" Я кажу: "Нет". I тады я надумаўся: буду хлусіць, што я працаваў у сёмай "исправительно-трудовой колонии", што мне засталося да канца тэрміну толькі два тыдні... Ён выслухаў мяне і паказаў пальцам на іншую трупу людзей: "Сюда". Там ужо былі тыя яўрэі, з якімі я сядзеў у камеры, і яны былі вельмі радыя за мяне. Ужо была ноч. У двары было некалькі грузавікоў; нечакана канвой нас пакінуў, забраўшы вайскоўцаў - зняволеных з той трупы ў дваріы, куды былі накіравалі мяне. Так я апынуўся на волі. На світанні мы з Пятром Шыраковым (яго часам называлі Шырокаў, ён друкаваўся пад псеўданімам Тодар Лебяда) пакінулі турму...

Б. С. - Вершы Пятра Шыракова (Тодара Лебяды) я чытаў. У гады вайны выйшла кніжачка яго паэзіі "Песні выгнання". Які далейшы яго лес? Вы не ведаеце?

М. С. - Ён адступіў, але неўзабаве вярнуўся. Быў арыштаваны, правёў у лагерах яшчэ дзесяць гадоў. Але тады мы не думалі, што нас чакае наперадзе. Мы доўга не верылі, што мы на волі. I хоць пакінулі турэмны двор, але куды ісці - не ведалі. Неяк нават дзіўна было, што самому гэта трэба вырашаць. За гады няволі адвыклі мы ад такога. У горадзе было ціха... Мы пайшлі на Магілёў, а тады раптам Пятро апамятаўся, што яму не па дарозе са мною, бо родам ён быў з Віцебшчыны. Мы развіталіся. Я іду, трымаюся шашы, бо ў мяне - ні карты, нічога. У вёсках прашу хлеба, а дзеці, як убачаць мяне, бягуць следам і крычаць: "Шпіён!" (Тады такая прапаганда была, каб падазроных затрымліваць.) Некаторыя жанчыны, калі просіш есці, пускаюць у хату, некаторыя падаюць яду толькі праз акно, а іншыя плачуць і пытаюцца: "Можа ж, ты майго спатыкаў?" Іду далей. Пад Магілёвам у лесе бачу шмат нашага войска. Я трымаюся блізка шашы, паралельна. Раптам каля мяне спыняецца палутарка. У кузаве чырвонаармеец, а з кабіны вылазіць чалавек з вінтоўкай; не ведаю, у якім ён быў чыне. Ён да мяне: "Подойди". Я падышоў. "Документы". А ў мяне ж няма ніякіх... "Ты заключенный?" - "Да". - "Ты ушел самовольно?" Кажу: "Нет. Нас конвой бросил". - "Ага",- і маўчыць. Пралятаюць нямецкія самалёты, ён час ад часу прыкладае ствол вінтоўкі да сасны, як бы цэліцца, але не страляе. Войскі ідуць і ідуць, ён маўчыць і маўчыць, толькі глядзіць на мяне. Потым зноў пытаецца: "Ты шпион?" I больш нічога. Я кажу: "Нет, я не шпион". Зноў паўза. Пачынае цямнець... Я думаю: " Ён чакае, калі сцямнее, а тады мяне расстраляе". "А куда же ты идешь?" Я кажу: "Туда и туда". - "Ты врешь!"- і мяне ботам ударыў. Я заплакаў, упаў, ашчарэпіў яго за ногі. Ён тады: "Садись в кузов". Я сеў побач з чырвонаармейцам. Глыбей мы ўехалі ў лес. I раптам на нас упала некалькі кропляў. Гэта ж такая пагода стаяла, не было ні хмурынкі, а тут: лоплоп-лоп-лоп-лоп! Вартавы, што стаяў на дарозе, капюшон надзеў на галаву, машына спынілася. Начальнік, вылезшы з кабіны, загадаў мне: "Слазь!" I гаворыць вартавому: "Отправить по инстанции". I паехаў. Вартавы глядзіць на мяне: "Звідкіля ты?" Я зразумеў, што ён украінец, і, каб спадабацца яму, кажу па-ўкраінску: "З-пад Пілтавы". Ён: "У цябе ёсць сям'я?" - "Ёсць". - "Ты жанаты?"- "Жанаты". - "Дзеці ёсць?" - "Ёсць". - "Куды ідзеш?" - "Туды іду". Ён тады кажа: "Ідзі, ты вольны. Тількі ж не по дарозі!" Я пераначаваў у лесе, блізка ад нейкага паселішча: мяне разбудзілі каровы, якіх рана выгналі на пашу. Я падаўся ў той пасёлак, увайшоў у хату, папрасіў есці. Там былі жанчыны. Яны мяне пасадзілі за стол, накармілі, і добра, а тады ўбачылі, што ідзе старшыня іхняга калгаса. Яны мяне схавалі на печы за комін. Кажуць, можа, старшыня не зойдзе ў хату. Сапраўды, у хату ён не зайшоў; я вылез з-за коміна, падзякаваў і пайшоў далей, у Магілёў. Каля Магілёва мяне затрымалі нейкія хлопцы і дзеўкі, прывялі ў Магілёў у ваенкамат. Вайскоўцы, што там былі, пашапталіся і назвалі нейкую большую ваенную ўстанову, сказаўшы: "Ідзі туды". Затрымлівалі мяне яшчэ ў Саматэвічах, пыталі, дзе я працаваў на Поўначы. Але адпусцілі. Так я дайшоў да свайго Мокрага... Ужо вечарэла. Я лёг у жыта, каб мяне не заўважылі, Паглядзеў адтуль, убачыў бацькаву хату, могілкі. Так чакаў, пакуль сцямнее. Людзі пачалі вяртацца з працы дахаты. Я пачуў гэта і, не дачакаўшыся цемры, выбраўся з таго жыта і пайшоў дахаты. Бачу, са школы выйшла нейкая дзяўчына і стаіць, углядаецца ў мяне. Думаю: "Вось халерачка!" Але пайшоў у хату. Не буду апісваць сустрэчы гэтай... Праз нейкі час у хату зайшлі вясковыя жанчыны і кажуць маёй маці: "Ваш сын прыйшоў". Маці кажа: "Ды не, што вы!" А яны тады: "Што ж вы хаваецеся! Мы ж з добрым прыйшлі". Як я потым даведаўся, гэта настаўніца, якая мяне бачыла, ведала, што ў Ларывона ёсць сын-паэт, што ён сядзіць... У "Чытанцы" для другога класа быў надрукаваны мой верш "Элькіна радасць", які ў свой час змяшчаўся ў "Піянеры Беларусі".

Б. С. - А Вы з бацькамі ўвесь гэты час не перапісваліся?

М. С. - Калі дазвалялася, то пісаў: з турмы напісаў пару лістоў...

Б. С. - Так што яны ведалі, што Вы ў Сібіры, на Калыме?

М. С. - Ведалі. Там была цынга, я напісаў ліст бацькам, і, як ні дзіўна, ён дайшоў. Маці прыслала ў торбе цыбулі і цукру. Як мяне назад вярталі з Калымы, у кяче яшчэ засталося некалькі кавалкаў цукру. Я іх у мяшку паклаў пад галаву, каб не ўкралі, дык адзін "урка" ўсё роўна выразаў у мяне дзірку і выцягнуў гэты цукар.

Б. С. - Дома Вы яшчэ нейкі час хаваліся?

М. С. - Так, можа, з тыдзень нідзе не паказваўся. Дзядзька мой быў старшыня калгаса, ён павёз мяне ў ваенкамат у Касцюковічы. Але там мяне ў войска не ўзялі. Я цяпер дзіўлюся, як гэта я згадзіўся ехаць з дзядзькам, які хацеў легалізаваць мяне. Сельсавет тады ўжо спыніў сваю дзейнасць, толькі пакінуў нейкую "бронь". Гэтая "бронь" пасля зрабіўся бургамістрам... Дык вось я і вярнуўся дахаты разам з дзядзькам.

Б. С. - Вы засталіся жыць у вёсцы. I як там жылі ўсе гады вайны, добра расказалі ў рамане "I той дзень надышоў...". Відаць жа, раман гэты ў нейкім сэнсе таксама аўтабіяграфічны?

М. С. - Так. Я працаваў на гаспадарцы, потым бухгалтерам на масляным заводзе... Нават неяк дзяліў зямлю паміж калгаснікамі.

Б. С. - А пасля накіраваліся на Захад?

М. С. Сказаць, што я добраахвотна гэта зрабіў... Не. Былі абставіны такія. Я пакахаў дзяўчыну, а яе кахаў другі хлопец, ён, той хлопец, пайшоў у лес. I помсціў мне, лавіў, каб паквітацца. Я ўратаваўся, а вось мая маці... Рассталася з жыццём...

Б. С. - Вы адзін паехалі на Захад?

М. С. - Са мною былі бацька і сястра. Брат у гэты час быў на фронце. Адна сястра не паехала з намі, засталася дома. У рамане "I той дзень надышоў..." усё гэта апісана даволі падрабязна.

Б. С. - Я гэта адчуў, калі чытаў яго. Дарэчы, некаторыя моманты свайго жыцця ў вайну ў вёсцы Вы апісваеце і ў сваіх паэмах, вершах. У Вас, наколькі мне вядома, на Радзіме жыве не толькі брат і сястра, але і сын?

М. С. - Сястра І брат на пенсіі, а сын працуе трактарыстам...

Б. С. - Вы з бацькам і сястрой тады, у сорак трэцім годзе, паехалі ў Касцюковічы, а адтуль і далей...

М. С. - Мы нават узялі з сабой карову. Праўда, немцы адабралі яе ў нас у Брэсце. Вёз нас вялікі транспарт, там былі жанчыны і дзеці... Мы не ведалі, куды нас вязуць. Праязджалі Брэст-Літоўск, Роўна, Люблін, потым вярнуліся назад у Брэст-Літоўск. Далей нас павезлі ў Беласток... Там, у Беластоку, цягнік стаяў некалькі гадзін. Жанчыны хапалі вёдры і, і іх варта пускала набраць вады. Я таксама ўзяў вядро і хацеў пайсці ў горад. Але мяне не пусцілі. Змянілася варта, я зноў узяў вядро. Гэты раз мяне прапусцілі. Я пайшоў шукаць рэдакцыю газеты "Новая дарога", рэдактарам якой быў Хведар Ільяшэвіч. Я знайшоў, але яна была на замку - якраз быў абед. Вяртацца назад да транспарту мне не хацелася ні з чым. I я, папытаўшы, дзе жыве рэдактар газеты, пайшоў шукаць яго дома. Знайшоў, расказаў, хто я, папрасіў памагчы выбавіцца з бяды. Хведар Ільяшэвіч надрукаваў на машынцы па-нямецку нейкую даведку, каб мяне адпусцілі разам з бацькам і сястрою з эталона. Але адпушчаны я не быў: "фюрэру" транспарту трэба было здаць "тавар" поўнасцю. Тады, як сцямнела, мы самі ўцяклі - падлезлі пад вагон і схаваліся пад вагонамі другога эталона... Потым, калі той цягнік, які нас вёз, рушыў, я з бацькам і сястрою падаліся ў горад. Працы не было. Зноў я звярнуўся да Хведара Ільяшэвіча. Ён памог мне, мяне афіцыйна прызначылі на месца карэктара. Я не толькі вёў карэктуру, але і змяшчаў на старонках газеты свае вершы і артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў, з якімі сустракаўся ў Сібіры.

Б. С. - Вы ездзілі па Беларусі і расказвалі пра тое, што перажылі?

М. С. - Не! Я не ездзіў. Вось як было ўсё ў сапраўднасці. У 1944 годзе Ільяшэвіч, а разам з ім і іншыя супрацоўнікі газеты збіраліся паехаць у Мінск. Я папрасіўся, каб узялі і мяне, бо мне вельмі хацелася ўбачыць Мінск. Яны мяне ўзялі. У Мінску Ільяшэвіч падвёў мяне да Францішка Аляхновіча, драматурга, які якраз там быў, і сказаў, што я беларускі паэт. Так я пазнаёміўся з Аляхновічам. Ільяшэвіч пачаў дамаўляцца, каб мы разам, абодва былыя вязні, ездзілі па Беларусі і расказвалі пра сябе - зрабілі, як ён казаў, турнэ па гарадах і вёсках. Не ведаю, згадзіўся Аляхновіч ці не, але Ільяшэвіч раструбіў пра гэтае турнэ ў сваёй газеце, даў пра гэта абвестку. Гэта перадрукавала "Баранавіцкая газета". Але турнэ тое так і не адбылося...

Б. С. - Вы працавалі карэктарам, пісалі вершы, артыкулы...

М. С. - Перш за ўсё вершы. Я стаў беластоцкім паэтам, мае вершы вучылі на памяць, яны друкаваліся ў кожным нумары. А артыкулы з'явіліся толькі дзякуючы Ільяшэвічу. Ён у мяне іх проста выціскаў. Я не любіў іх пісаць, бо гэта не мае. Сёння я лічу тыя артыкулы наіўнымі, інфантыльнымі. Але Ільяшэвіч пасля нават аб'яднаў гэтыя артыкульчыкі пад назвай "Ахвяры бальшавізму". Потым, у 1944 годзе, калі Мінск быў вызвалены Савецкай Арміяй, прыйшоў час падумаць, што мне рабіць: заставацца ў Беларусі ці ўцякаць далей. Мой бацька сказаў: "Хочаш - уцякай, а мы - назад". Можаце ўявіць, якое гэта было развітанне... Я паехаў у Варшаву разам з Ільяшэвічам. У яго там былі знаёмыя ў манастыры пры праваслаўнай царкве. Мы спыніліся ў тым манастыры, жылі тыдні два. Але гэта быў час перад самым польскім паўстаннем. На вуліцу небяспечна было выходзіць. Трэба было ўцякаць з Варшавы. Там, у Варшаве, быў "Беларускі камітэт", у якім я ведаў Шчорса. Мне як беднаму чалавеку выпісалі штаны, бо я быў абарваны, і далі даведку, дзякуючы якой можна было атрымаць білет на цягнік, што мы і зрабілі з Ільяшэвічам. Паехалі ў Берлін, дзе ў Ільяшэвіча былі знаёмыя: у "Раніцы" і ў "Беларускім работніку".

Б. С - Хто рэдагаваў тады "Раніцу"?

М. С. - Не магу сказаць, на жаль. А рэдактарам "Беларускага работніка" быў Караленка, ён асабліва цікавіўся мною (збіраў нейкае дасье пра літаратараў, у тым ліку і пра мяне). Казалі, што ён працаваў савецкім разведчыкам...

Б. С. - Як склалася Ваша жыццё ў Берліне?

М. С. - Калі я апынуўся там, то ў мяне не было за што жыць. Мяне ніхто не ведаў, па-нямецку я не гаварыў, не разумеў гэтай мовы, таму не адставаў ад Ільяшэвіча, ён быў быццам маім апекуном. Як прыехалі, адразу ж зарэгістраваліся ў паліцыі. Праз нейкі час мяне выклікалі на біржу працы. Ільяшэвіч папрасіў Караленку, каб той залічыў мяне ў штат "Беларускага работніка". I той узяў мяне карэктарам. Я пайшоў з даведкай пра гэта на біржу, там мяне не затрымалі. Жыў я, памятаю, на Інвалідэнштрасе, у нейкага Лепеля. Аднойчы прыходжу дадому - майго пакойчыка няма, толькі дзверы вісяць: разбамбілі...

Б. С. - А што ў Берліне рабіў сам Хведар Ільяшэвіч?

М. С. - Ільяшэвіч працаваў у "Раніцы". Некаторыя з вершаў, напісаных мною ў Берліне, ён надрукаваў у гэтай газеце. Там, да слова, мы атрымалі ліст ад Змітрака Астапенкі. Ён прасіў дапамогі.

Б. С. - Змітрок Астапенка, наколькі я ведаю, загінуў у 1944 годзе ў Славакіі. Яго скінулі туды з самалёта з групай арганізатараў партызанскага руху ці разведчыкаў. Перад гэтым жа Астапенка быў у Маскве, сустракаўся з Максімам Лужаніным, іншымі беларускімі пісьменнікамі. Перадаў на захаванне Максіму Танку свае рукапісы - паэму "Эдэм" і вершы.

М. С. - Я расКазваю тое, што было, чаму быў сам сведкам. Ліст гэты пераслалі ў "Раніцу" з рускай газеты, што таксама выходзіла ў Берліне. Яго чытаў мне Уладзімір Дудзіцкі. Змітрака я ведаў, сустракаўся на этапах, у турмах. Ад Змітрака ўсяго можна было чакаць, чалавек ён быў неардынарны, адукаваны, таленавіты, адчайны. ён неаднаразова ўцякаў. Усё магло здарыцца, калі ён апынуўся ў Славакіі, мог ён там і не загінуць...

Б. С. - Ці можаце Вы што-небудзь сказаць пра так званую "Вінэту", што гэта за арганізацыя?

М. С. - А Вы адкуль пра "Вінэту" ведаеце?

Б. С. - Справа ў тым, што я разам з бацькамі таксама ў гады вайны жыў у Нямеччыне. Два месяцы прасядзеў у лагерах за калючым дротам у Беластоку. Якраз тады, калі Вы там працавалі ў газеце. Потым жылі мы на ферме ў пана. I там нам людзі з гэтай самай "Вінэты" жыцця проста не давалі, угаворвалі ўсіх мужчын, каб яны бралі зброю і ішлі ваяваць...

М. С. - Я ведаю, што была такая арганізацыя, а вось як расшыфраваць назву, што яна значыла... Гэта была нейкая прапагандысцкая ўстанова, якая праводзіла работу сярод "остарбайтэраў". Яшчэ да таго, як мне ўдалося ўладкавацца карэктарам у "Беларускі работнік", я, шукаючы працу, звярнуўся да Езавітава. Ён накіраваў мяне ў гэтую "Вінэту". Я там пабыў, можа, дні чатыры, і тады нейкі чалавек сказаў мне: "Вось ты вучыся. Паедзем у лагер "остарбайтэраў", і ты пачуеш, як я буду гаварыць да іх". Мы паехалі. Я толькі глядзеў і слухаў, як ён "ораторствовал", нешта накшталт: "Вот какая-то старуха шагает по болотам Белоруссии" і г. д., а людзі сядзелі І не ўспрымалі, мне было шкада іх. Я вярнуўся, прыйшоў да Езавітава і кажу: "Я не магу прыняць гэтае працы". I ў "Вінэце" не працаваў, ратаваўся як мог.

Б. С. - Але надышоў час, што і з Берліна трэба было ўцякаць? Так?

М. С. - А я нікуды далей ехаць не хацеў... У мяне і верш такі ёсць: "Але цягнік далей мяне ўсё тоўхаў, як назнарок - назад не йшоў". Зноў Ільяшэвіч кажа: "У Прагу". Зноў трэба білет на цягнік, а каб яго атрымаць, мусіць быць нейкая падстава. I ў Берліне мне зноў - не помню ўжо хто - даў даведку, што я, маўляў, хачу напісаць кнігу, а для гэтага ёсць матэрыялы ў Празе. Я атрымаў білет і прыехаў у Прагу, да Ларысы Геніюш. Яна мяне добра прыняла.

Б. С. - Мяркуючы па ўспамінах, што надрукаваны ў "Маладосці", жыла там яна някепска.

М. С. - Някепска. Ейнага мужа дома, у Празе, не было. Забэйда-Суміцкі досыць часта прыходзіў да Лярысы Геніюш, яна нас запрашала на абед, частавала, а сын яе Юрка - няўрымслівы такі хлопчык - дражніў Забэйду казлом. На кватэры ў Ларысы Геніюш я нават напісаў колькі вершаў. Там, у Празе, я жыў нядоўга, можа, з месяц. Але надышоў час, што трэба ўжо і з Прагі ўцякаць... Ларыса таксама збіралася са мной і Ільяшэвічам ехаць, рыхтавалася ў дарогу. Мужа ейнага пры гэтым не было. Я проста не ведаю яго, ніколі не бачыў, толькі думаю, што ён быў чалавекам левага напрамку. Я бачыў у іх кватэры беларускую літаратуру, савецкія часопісы, і Ларыса Геніюш гаварыла, што гэта муж выпісвае.

Б. С. - Хто яшчэ хацеў ехаць з Вамі?

М. С. - Быў там такі Жарскі - прафесар. Ён выкладаў у нас, у педінстытуце, методыку беларускай мовы. Жыў у Празе з жонкаю і дачкой Алай, якой прысвечаны мой акраверш. Хтосьці з чэхаў заляцаўся да гэтай Алы. Жонка Жарскага была настроена прасавецкі і казала: "Мы далей не паедзем, а назад". I мужа не ўгаварыла не ехаць, спадзеючыся, што іх абароняць чэхі. Ларыса Геніюш таксама прыжылася там і думала, што ёй можна застацца. Яна і засталася. Калі мы з Ільяшэвічам прыехалі на станцыю, каб рушыць далей, яе там не было.

Б. С. - I куды Вы накіраваліся з Прагі?

М. С. - Мы даехалі да Баварыі. Спыніліся недалёка ад граніцы, знайшлі сабе прыпынак у баўэра. Аднойчы я прачнуўся, гляджу: танкі!

Б. С. - З белымі зоркамі?

М. С. - Так, гэта былі амерыканскія танкі. Баўэр быў мнагадзетны, бедны, таму і ўзяў мяне; у яго я працаваў цэлае лета. У той час у Рэгенсбургу арганізаваўся беларускі лагер. Амерыканцы выгналі немцаў з пасёлка; беларусаў размяркоўвалі па іх прыгожых доміках. У адзін з гэтых домікаў пасялілі Ю. Віцьбіча з жонкай і маці, але яму сказалі, каб узяў да сябе яшчэ некага. I ён папрасіў мяне: "Вы хочаце?" Я, адзінокі, згадзіўся. Ю. Віцьбіч пачаў гаварыць па-беларуску толькі тады са мною, а так ён заўсёды гаварыў паруску і, канечне, лепш яе ведаў, чымся беларускую.

Б. С - Пра Юрку Віцьбіча мне шмат расказвала жонка П. Глебкі - Ніна Ларывонаўна. Ён жыў у часе акупацыі ў Мінску на кватэры ў Пятра Глебкі, дакладней, у бацькоў самой Ніны Ларывонаўны. I піў. Не было за што, дык ён краў кнігі і прадаваў. Я чытаў яго творы, выдадзеныя да вайны ў Мінску, і тыя, што выдаў ён за мяжою. Дзве з іх - "Плыве з-пад святое гары Нёман" і "Мы дойдем" здаліся мне цікавымі. Ён добра ведаў гісторыю Беларусі, умеў карыстацца фактамі з яе. Вядома, у сваіх мэтах. А вось ці зведаў ён турмы, лагеры?..

М. С. - Як ні дзіўна, але яго не арыштоўвалі, не судзілі, хоць ён і быў паповіч...

Б. С - Вернемся да Рэгенсбурга. Там, у гэтым гарадку ці пасёлку, выйшла некалькі беларускіх выданняў, сярод іх і Вашы дзве кнігі - "У акіяне ночы" і "Спадзяванні".

М. С. - Я ўключыў у гэтыя першыя свае кнігі вершы ваенных гадоў і новыя. Між іншым, некаторыя з напісаных і надрукаваных вершаў я не ўключыў у гэтыя зборнікі - меркаваў, што яны не вартыя таго. Цяпер я перачытаў сёе-тое і пашкадаваў, што быў тады такі патрабавальны да сябе.

Б .С. - I вы доўга жылі ў Рэгенсбургу?

М. С. - Даволі працягла. Туды таксама прыязджала савецкая місія. I амерыканцы напачатку дазвалялі бываць у лагерах савецкім афіцэрам і агітаваць, а таго-сяго і сілком забіраць. Кажуць, у Рэгенсбург прыязджаў да нас і Максім Лужанін. Ва ўсякім выпадку Антон Адамовіч апавядаў мне, як ён сустракаўся з былым сваім аднакурснікам, вёў перамовы наконт звароту ў Савецкую Беларусь...

Б. С. - Максім Лужанін быў у гэты час у Нямеччыне, яго паслалі туды як эксперта па каштоўнасцях, што вывезлі ў вайну з Беларусі гітлераўцы. Але што ён сустракаўся з Антонам Адамовічам?.. Ад вас упершыню чую. Хоць ведаю - з беларускай эміграцыяй сустракаліся калісьці ў двадцатых гадах у Берліне Цішка Гартны, а ў Празе - Янка Купала... Самі ці па чыёй-небудзь просьбе?.. Не магу сказаць...

М. С. - У Рэгенсбургу з'явіліся першыя згуртаванні беларусаў. Актыўнага ўдзелу ў іх я не браў. Жыў тугою па сваіх страчаных, пераплаўляў гэта ў вершы. З Рэгенсбурга мы пераехалі ў Міхельсдорф.

Б. С - Там Вы, здаецца, таксама выдалі кнігу вершаў. Яна называлася "На край святла".

М. С. - Гэта быў адзін з самых плённых перыядаў у маім жыцці. Там, нягледзячы ні на што, я знаходзіўся ў нейкім рамантычна-ўзнёслым стане. Ды і беларуская адміністрацыя пра мяне паклапацілася - выдзеліла асобны пакой. У той час гэта многа значыла. Туга па страчаным перапаўняла мяне, гэта стварала своеасаблівы настрой. З'явіліся вершы заглыбленага зместу, з філасофскім падтэкстам, тое, што называецца медытацыяй... Я жыў паэзіяй, паэзія давала мне крылы, глушыла боль... Як, дарэчы, і ў сталінскіх турмах, на Калыме... Каб, здаецца, не вершы - не жыў бы.

Б. С. - У адным са сваіх вершаў Вы пісалі:

Адно другога ўсё трагічней,

і страшна - гора без турбот

збываў я песняю лірычнай,

замест каб стаць на эшафот...

М. С. - У тым самым вершы, прысвечаным, дарэчы, сястры Дар'і, ёсць і такія радкі:

Што ж? Я не плачу й не каюся,

адно толькі даль імжыць...

Мне трэба казка якаясь,

каб мог я жыць.

Б. С. - З Міхельсдорфа Вас перакінулі ў нейкі іншы лагер?

М. С. - Так.

Б. С. - А дзе ж падзеўся Хведар Ільяшэвіч? Вы рассталіся з ім?

М. С. - Ён жыў у англійскай зоне. Там і загінуў, трапіўшы ў аўтамабільную аварыю. Пахаваны на могілках у Галендорфе паблізу Браўншвайга. Між іншым, у англійскай зоне я некалькі разоў бываў, выступаў там у лагерах, дзе жылі беларусы і ўкраінцы, чытаў свае вершы. Мяне даволі добра прымалі. У лагеры ДП у Брааўшвайгу выступаў я разам з Наталляй Арсенневай. Вітаўт Тумаш пасля гэтага выступлення сказаў: "Прыйшоў і перамог".

Б. С. - А потым што было?

М. С. - Потым пачалося афармленне на ад'езд у Амерыку. Прайшло яно даволі лёгка, нават удалося мне пазбыцца польскага грамадзянства, якое я ўзяў самавольна сам сабе, бо баяўся, што калі назавуся савецкім, дык мяне пераправяць у савецкую зону і зноў накіруюць у Сібір, у сталінскія лагеры. Адбылося гэта так. Я прыйшоў на камісію - "скрыбінг",- адчыніў дзверы, а мне кажуць: "Здравствуйте!". Я адказаў: "Здравствуйте". А потым і кажу: "Дазвольце зрабіць такую заяву: я ніякі не паляк, а савецкі грамадзянін. Ці не пашкодзіць гэта ў афармленні майго пераезду ў Амерыку?" Мне адказалі: "Не, наадварот, дапаможа. Было б горш, каб вы не сказалі пра гэта, не прызналіся". Аформілі ўсё, што трэба, я ўжо радаваўся. Аж тут паведамляюць раптам - згубіліся мае дакументы. Зноў трэба запаўняць анкеты... Ну, узяліся мне памагаць машыністкі і ўляпілі тую памылку, пра якую я ўжо расказваў,- замест 1913 года - года майго нараджэння - напісалі 1915...

Б. С. - Вы казалі, што ў Вас ужо была нявеста, жыла яна ў Амерыцы...

М. С. - Так, гэта цяперашняя мая жонка Вольга, мы з ёй пазнаёміліся ў Марбургу, ва універсітэце. Яна была студэнткай, як і іншыя нашы дзяўчаты і хлопцы, што аднойчы запрасілі мяне на літаратурны вечар, каб я пачытаў там свае вершы. Пасля літаратурнага вечара пачаліся танцы, і я там пазнаёміўся з ёю, маёй будучай жонкай. Яна раней за мяне пераехала ў Амерыку я з ёю перапісваўся.

Б. С - Як яна апынулася ў Нямеччыне?

М. С. - Прыкладна як і я, як і іншыя...

Б. С - У якім годзе Вы пераехалі ў ЗША?

М. С. - У 1950-м. У мяне там нікога не было знаёмых, адна Вольга. Яна працавала на швейнай фабрыцы, шыла. Гаспадыня падганяла яе: "Вольга, ты можаш лепш шыць і хутчэй". Ну, а потым я прыехаў. Выпісаў мяне у Амерыку Уладзімір Клішэвіч, ён быў мой спонсар.

Б. С. - А ён што, таксама раней за Вас туды пераехаў?

М. С. - Так, адчыніў у Брукліне сваю цырульню. Праўда, хутка прагарэў і працаваў, як мы смяяліся, падмятайлам - швейцарам пры гасцініцы... Ну а я... Прафесіі ў мяне не было ніякай. А жыць неяк трэба было. I я ўладкаваўся да нейкага дробнага прадпрыемцы агуркі рэзаць і саліць. 3 месяц папрацаваў, агуркі скончыліся, і я зноў застаўся без працы. Праз нейкі час мяне ўзяў на працу беларус, што прыехаў у Амерыку яшчэ да рэвалюцыі. Мы пажаніліся з Вольгай, гэты беларус выдзеліў нам пакой. Але жонцы пакой не спадабаўся, яна параіла з'ехаць з Нью-Йорка ў Саўт-Рывер. I гэта была мая памылка, бо ў той час беларусы ў Нью-Йорку арганізаваліся, пачалі выдаваць часопіс "Конадні", газету "Беларус" і іншыя друкі. Прыехалі сюды Наталля Арсеннева, Рыгор Крушына... Я ж змушаны быў уладкоўвацца на цагельню, потым на адну з фабрык, дзе прапрацаваў аж дзесяць гадоў. Мне спачувалі многія, бо тыя беларусы, што пазаставаліся ў Нью-Йорку, жылі, як мне здавалася, лягчэй, пачалі купляць свае машыны, дамы. Я ж абзавёўся дзецьмі. Ды і мовы ангельскай не ведаў, чытаў хіба толькі "Новое русское слово" ды кнігі...

Б. С. - А вершаў у гэты час не пісалі?

М. С. - Пісаў. Нават і ў час працы. Без вершаў я не мог жыць. Яны памагалі мне ўсюды, дзе б я ні апынуўся. Праўда, ніколі не думаў, што яны, гэтыя вершы, хоць калі трапяць на Бацькаўшчыну. Аднойчы ў "Новом русском слове" я прачытаў аб'яву, што патрабуюцца выкладчыкі ва універсітэт Індыяна, якія ведаюць рускую мову. Пажадана, каб яны былі родам з цэнтральных абласцей Расіі. Я быў родам не з Цэнтральнаи Расіі, а ўсё ж вырашыў паспрабаваць шчасця... Паехаў у Нью-Йорк, там запісалі на стужку касеты мой голас, каб можна было ацаніць, як я размаўляю па-руску. I паслаў ва універсітэт разам са сваёй заявай. Сказаў пра гэта адной сваёй знаёмай, якая вучылася ў Гарвардзе. Выявілася, што ў гэтай знаёмай ва універсітэце Індыяна ёсць знаёмы. Ён, той знаёмы, і памог мне ўладкавацца ва універсітэт выкладчыкам. Сем гадоў я там працаваў, выкладаў рускую мову, атрымаў ступень магістра. Потым мне прапанавалі месца выкладчыка рускай мовы ва універсітэце Мантана, але я, з'ездзіўшы туды, адмовіўся. У Нью-Йорку тады быў з'езд славістаў, там я пазнаёміўся з Янкам Запруднікам, які працаваў на радыёстанцыі "Свабода". Ён мяне папрасіў адказаць на некалькі пытанняў, пачытаць свае вершы. Паслаў касету з запісам майго голасу на радыёстанцыю ў Мюнхен. Гэтак я быў прыняты на працу на радыёстанцыю "Свабода".

Б. С. - Гэта было ў якім годзе?

М. С. - У 1969-м.

Б. С.- I колькі Вы там працавалі?

М. С. - Да 1983 года.

Б. С. - Жылі ў Амерыцы ці пераехалі ў Нямеччыну, у Мюнхен?

М. С. - Давялося пераехаць. Гэта таксама адзін з напружаных перыядаў майго жыцця. У 1983 годзе выйшаў на пенсію. Жыву цяпер у ЗША.

Б. С. - Вы маеце свой дом?

М. С. - Не, наймаю кватэру.

Б. С. - Колькі слоў, калі ласка, пра эмігранцкае літаратурнае жыццё. Мы тут, у Беларусі, так мала пра яго ведаем.

М. С. - Беларуская эміграцыя - нешматлікая, да таго ж расцярушана па ўсім свеце. Адразу пасля вайны, калі мы жылі ў Нямеччыне, у ДП лагерах, была распачата інтэнсіўная грамадская, культурная і палітычная праца. Можна сказаць, эмігранты пачалі ствараць Беларусь за межамі Беларусі. Выходзіў літаратурна-грамадскі часопіс "Конадні", газета "Бацькаўшчына", якая часта друкавала мастацкія творы, выдала нават вялікую анталогію паэзіі і прозы "Ля чужых берагоў". Цяпер выдаюцца газеты "Беларус", "Беларускі голас", часопіс "Беларускі свет". Але выходзяць яны нерэгулярна - не хапае сродкаў. Працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ён выдае зборнік "Запісы", рыхтуе аднатомнікі выбраных твораў пісьменнікаў эміграцыі. Выйшлі ўжо ў гэтым выданні кнігі Наталлі Арсенневай, Алеся Салаўя, Аляксандры Саковіч (Іны Рытар), некалькі бібліяграфічных даведнікаў - "Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе", бібліяграфія публікацый пра Ф. Скарыну ды іншыя. Раней гэты інстытут выдаваў тыя творы беларускіх пісьменнікаў, што не выдаваліся ў БССР. Большую частку працы цягнуў там, у гэтым інстытуце, Антон Адамовіч. Але цяпер ён стары, да таго ж хворы... Пастарэў зусім і самы меншы брат Якуба Коласа Міхась. Гэта да слова, ён, думаю, Вы ведаеце, жыве ў ЗША.

Б. С. - Так. ён напісаў успаміны пра народнага песняра і прыслаў у Беларусь. Між іншым, ён цікавы празаік, друкаваўся пад псеўданімам Галіна. Ці выходзілі там, у Амерыцы, яго кнігі?

М. С. - Не, здаецца, не выходзілі.

Б. С. - Доўгі час мы маўчалі пра яго, не гаварылі. Як, дарэчы, і пра ўсю нашу эміграцыю. Нядаўна мне пазваніла сястра Алеся Салаўя Аля. Яна жыве ў Харкаве, выдатна размаўляе па-беларуску. Мяркую, вы ведаеце лес гэтага чалавека. Бацьку і маці арыштавалі, ён, Алесь, ці, як тады яго звалі, Альфрэд, астаўся з трыма дзецьмі - двума братамі і сястрой. Яму было чатырнаццаць гадоў. Самы меншы яго брат, як расказала сястра, падабраў гранату, і тая разарвалася ў яго руках...

М. С. - Я пазнаёміўся з Алесем Салаўём у Беластоку. Ён - Вы пісалі пра гэта - працаваў у Рызе, выдаваў часопіс "Новы шлях", рэдактарам якога быў Уладзімір Сядура. Алесь з Рыгі прыслаў мне ліст, бо ведаў мае вершы яшчэ з даваеннага часу. Між намі пачалася перапіска, яна цягнулася аж да апошняга яго дня. Назбіралася лістоў тамы на два. Алесь быў чалавек захоплены, імпульсіўны, жыў, як і я, паэзіяй У Беласток прыехаў з Рыгі. Падараваў мне гадзіннік, на жаль, я яго хутка страціў. Ведаў я яго і жонку - яна з Талачына, была ў лагеры ў Нямеччыне. Мы яе проста ўкралі, выцягнулі адтуль на волю. I ён з ёю пайшоў у Аўстрыю, потым паехаў у Аўстралію. Нялёгка яму там жылося, ён цяжка працаваў, падарваў здароўе, а найперш сэрца. Памёр на 56 годзе жыцця. Ацэнак яго творчасці даваць не буду, але гэта быў сапраўдны паэт.

Б. С. - У свой час да нас у Мінск з Амерыкі прыязджалі Уладзімір Клішэвіч і Янка Ліманоўскі. З Янкам Ліманоўскім я сустракаўся, шмат гаварыў. Уладзіміра ж Клішэвіча не бачыў, чытаў толькі яго вершы і паэмы. Дарэчы, кніжачка яго вершаў "Сняцца сны мне залатыя" выйшла ў 1973 годзе ў Мінску ў выданні "Голасу Радзімы". Гэта не спадабалася некаторым у эміграцыі. Янка Золак, напрыклад, напісаў з выпадку гэтага некалькі эпіграм на Уладзіміра Клішэвіча:

Змяніўшы тройчы вехі,

Ён - "Голасу" падбрэхіч.

(Меў на ўвазе, вядома, газету і выдавецтва "Голас Радзімы".) У другой эпіграме, працытаваўшы радкі з верша У. Клішэвіча: "Трымайцеся вы роднае зямлі, як дзеці матчынай трымаюцца спадніцы", Янка Золак з'іранізаваў:

У Калыме - не знішчыў звер,

а ў Каліфорніі - яму не спіцца.

У вершах ныў: "Я - рабі" Але цяпер,

нажыўшы дом і камяніцу,

трымаецца "радзімай" БэСэСэР,

як колісь матчынай спадніцы.

М. С - Янку Ліманоўскага я зусім не ведаю, ніколі не сустракаўся. Што ж да Клішэвіча... З ім мы вучыліся, разам былі ў турме... Ён жыў не літаратурай, а іншым жыццём. Дый здольнасцей у яго вялікіх не было. Ён выклікаў мяне ў Амерыку, пра што я казаў ужо. У Нью-Йорку ён не прыжыўся, падаўся ў Каліфорнію. Калі я трапіў ва універсітэт Індыяна выкладчыкам, я выпісаў яго разам з жонкаю да сябе, памог ім уладкавацца таксама выкладчыкамі рускай мовы ва універсітэт, бо ў свой час і Клішэвіч мне памог, я хацеў аддзячыць яму. Уладкаваў я ў універсітэт і Дудзіцкага.

Б. С - Пра яго зусім мала звестак. Гэта - Уладзімір Гуцька, яго рэпрэсіравалі таксама, як і Вас, а вось потым як жыццё яго склалася?..

М. С. - Ён пакінуў сям'ю, паехаў у Венесуэлу. I там прапаў. Казалі, быццам вярнуўся ў СССР і там яго арыштавалі... Звяртаўся я да жонкі, дзяцей, каб высветліць яго лёс, але яны таксама нічога пэўнага не ведаюць. Знік чалавек - і ўсё.

Б. С. - З Наталляй Арсенневай Вы таксама сустракаліся.

М. С. - Мы былі доўга разам у розных ДП лагерах. Творчасць заўсёды яднала нас, нягледзячы на тыя ці іншыя разыходжанні. Я высока цаню яе як паэтэсу. Здаецца, такой прызнанасцю яна адплачвае і мне.

Б. С. - Сувязь між сабою падтрымліваеце?

М. С. - А-а, так-так.

Ь. С. - Я чытаў некаторыя яе апошнія інтэрв'ю. Яна захапляецца беларускай літаратурай, многімі творамі, што пішуцца ў нас, у Савецкай Беларусі.

М. С - Яна вялікая патрыётка. Але самай вялікай патрыёткай Беларусі ўсё ж была хіба Ларыса Геніюш. Такіх людзей, як Ларыса Геніюш, рэдка сустрэнеш.

Б. С - Відаць, яна і самая вялікая беларуская паэтэса. Я склаў зборнік яе паэзіі, куды ўвайшло шмат твораў, якія дагэтуль не друкаваліся. Мяркую, як паэтэсу яе па-належнаму ацэніць наша крытыка, калі выйдзе гэты зборнік. Ды і прозу ж яе пачалі друкаваць... Але вернемся да Наталлі Арсенневай. Ёй хутка будзе 90 гадоў...

М. С. - Так, яна ў добрым здароўі, цвяроза глядзіць на многія з'явы жыцця і літаратуры. Было яе васьмідзесяцігоддзе, потым васьмідзесяціпяцігоддзе... У Нью-Йорку наладжваліся ўрачыстасці з гэтых выпадкаў, запрашалі прыняць удзел у іх і мяне. На жаль, я не змог паехаць. Сустракаўся з ёю ў Кліўлендзе на сустрэчы беларусаў. Бадзёрая, жвавая...

Б. С. - Бачыліся Вы, пэўна ж, і з Рыгорам Казаком - Крушынай?

М. С. - О, так. Але шмат сказаць пра гэтага чалавека я не змагу. Выбачайце, у мяне з ім былі свае адносіны...

1 Б. С. - А пра Янку Золака-Даніловіча што Вы можаце сказаць?

М. С. - Ён жыве ў Нью-Джэрсі, у мяне з ім сяброўскія адносіны. Ён дужы чалавек, пры сустрэчы як сцісне руку, дык аж заскачаш. Выдаў ён два тамы сваёй паэзіі...

Б. С -Я прачытаў гэтыя тамы. Добрых вершаў там мала, на жаль. Як, дарэчы, і ў Міхася Кавыля...

М. С. - З Міхасём Кавылём у мяне таксама добрыя адносіны. Ды і з іншымі літаратарамі. З Юхнаўцом, напрыклад, са Змагаром...

Б. С. - I Юхнаўца, і Змагара я мала ведаю. Чытаў толькі асобныя іхнія творы ў часопісах...

М. С. - Юхнавец - мадэрны, у яго добрая мова. Што ж да Змагара, то ў яго шмат патрыятычных вершаў... Крытыка незаслужана яго абмінае.

Б. С. - А што Вы можаце сказаць пра Сяргея Хмару-Сіняка? Ён у Заходняй Беларусі некалі выдаў зборнік паэзіі, пісаў прозу. Жыве ў Канадзе, выдае там нейкі часопісік...

М. С. - Я яго мала ведаю, хоць не раз і сустракаўся з ім. З канадыйцаў ведаю лепш хіба Кастуся Акулу. Некалі напісаў пра ягоную "Дзярлівую птушку" добрую рэцэнзію, але ён не любіць чамусьці мяне...

Б. С. - Сяргей Ясень - гэта не Сяргей Хмара-Сіняк?

М. С. - Пад гэтым псеўданімам пісаў вершы Янка Запруднік. Наогул, я казаў ужо, беларуская эміграцыя невялікая, праслойка творчай інтэлігенцыі ў ёй яшчэ меншая. Тыражы нашых выданняў ад некалькіх дзесяткаў экземпляраў да тысячы. I тыя не заўсёды раскупляюцца.

Б. С. - Ці даходзяць да Вас нашы часопісы, газеты, кнігі?

М. С. - Даходзяць. Ва ўсякім разе я рэгулярна атрымліваю ўсё тое , што выпісваю. "Полымя", "Маладосць", "ЛіМ"... 3 кнігамі цяжэй. У Нью-Йорку ёсць магазін Камкіна, дзе прадаюцца савецкія кнігі. Беларускіх кніг там мала, і зваляны яны абы-як... Дарэчы, хацеў бы з Вамі я паспрачацца.

Б. С. - Наконт чаго?

М. С. - Наконт Уладзіміра Сядуры-Глыбіннага. Вы пісалі, што яго проза не ўяўляе ніякай мастацкай каштоўнасці. Але ў яго ёсць і навуковыя працы...

Б. С. - Я чытаў іх. Пра беларускае мастацтва, тэатр, пра Гогаля, Дастаеўскага. У навуцы ён больш самастойны, цікавы. Ён яшчэ жыве?

М. С. - Гадоў сем ляжыць спаралізаваны...

Б. С. - Якія ў беларусаў сувязі з рускім і ўкраінскім замежжам?

М. С - Вельмі добрыя. Да рускіх і ўкраінцаў я дадаў бы яшчэ і палякаў. Мы перакладаем адзін аднаго, друкуем у сваіх газетах і часопісах, папулярызуем. Наладжваюцца штогод і святы славянскай паэзіі, на якіх мы чытаем свае творы. На гэтых святах я пазнаёміўся з Іванам Ялагіным, Навумам Каржавіным, Іосіфам Бродскім, іншымі паэтамі. Дарэчы, у перакладах на рускую мову ў мяне выйшла нават кніга. Шмат мяне перакладалі ўкраінцы, трохі палякі... Раней друкаваліся і ў рускіх, і ў украінскіх, і ў польскіх выданнях рэцэнзіі як на тыя беларускія кнігі, што выходзілі ў эміграцыі, так і на тыя, што выдаваліся ў Савецкай Беларусь Асабліва шчыраваў Станіслаў Станкевіч, ён амаль пра кожную беларускую кнігу імкнуўся што-небудзь напісаць. Ды і Антон Адамовіч таксама ж не сядзеў склаўшы рукі... Цяпер, на жаль, такіх энтузіястаў у нас мала...

Б. С. - Як вы глядзіце на тое, што ўсё лепшае, што створана на эміграцыі, мы хочам вярнуць на Радзіму, у Беларусь?

М. С. - Станоўча. Няхай і няшмат намі зроблена, але ж гэта таксама нейкі ручаёк, які ўвальецца ў нашу агульную раку. Хоць, прызнацца, ні я, ні многія іншыя з нас ніколі не думалі, што такое можа быць. Пісалі ж у асноўным дзеля сябе...

Б. С. - Вы не знаёмы з тымі матэрыяламі, што ёсць і пры Беларускім інстытуце літаратуры і мастацтва, і ў Беларускім архіве?

М. С. - На жаль, не. Але ведаю, што там ёсць цікавыя рэчы. Варта б калі не вярнуць іх на Радзіму, дык хоць бы мець копіі тых матэрыялаў.

Б. С. - Апошняе пытанне. Вось Вы прыехалі ў Мінск, пабывалі на сваёй "малой радзіме". Якое ўражанне ў вас ад сустрэчы і з роднымі мясцінамі, і з людзьмі?

М. С. - Мінска я не пазнаў, гэта вельмі сучасны горад. Дома ж, у Касцюковічах, я сустрэўся з сястрою І... з бядотаю - вынікамі чарнобыльскай трагедыі. Не змог нават наведаць сваю вёску Мокрае - яе некалькі дзён таму назад выселілі... Так што мала радаснага... А людзі... Людзі залатыя тут. Вярнуўшыся ў Амерыку, я пастараюся пра ўсё, што ўбачыў на Бацькаўшчыне, расказаць. А пра сёе-тое, можа, і напісаць. Дзякуй усім, хто мяне сустрэў, прывеціў, памог многае ўбачыць І ўспомніць...

Чэрвень, 1990 г.

"Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым..."
Інтэрв'ю карэспандэнта газеты "Беларусь з паэтам Міхасём Ковылём (Язэпам Лешчанкам)

Пытанне:- Ад чаго (каго) пачала ў Вас цяга да літаратурнай творчасці? У якім тады асяроддзі Вы жылі?

Адказ: Я ў вершы "Паэт" пісаў:

Буду йсці ад сябе, як заўжды,

і прыпынкі

Рабіцьму над тым, што натхніць

і закратае.

Мне і цяпер думаецца, што паэт мусіць ісці толькі ад сябе, рабіць "прыпынкі" (пісаць) ці не, залежыць ад паэта, а не ад "прыпынкаў". Але адначасна нельга адмаўляць уздзеяння і быцця на сведамасць творцы. Не адмаўляе гэтага і паэтка Наталля Арсеннева ў сваім інтэрв'ю ("Беларус", № 314). А расейскі савецкі паэт і бард Булат Акуджава добра сказаў, і так добра, што адразу па-беларуску можна чытаць:

Хто што чуе, тое й піша,

Кожны чуе, як ён дыша,

Як ён дыша, так і піша...

Вось жа перад тым, як пачаць пісаць вершы, я шмат "надыхаўся" паэзіі Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Валерыя Маракова, Паўлюка Труса, Якуба Коласа. Парадокс, але Янкі Купалы я тады не чытаў, хоць у маёй творчасці шмат ад Купалы: грамадзянская тэматыка з патрыятычнымі матывамі.

Першы верш, памятаю, пісаў, лежачы пад ялінай і любуючыся сінім полымем лёну на нашай, яшчэ не калгаснай, палосцы зямлі, што межавала з лясной палянкай, дзе вялікая чарада авечак пасвілася пад маім наглядам. Было гэта ў 1928 годзе. Ніводнага радка з таго верша "Лён" я не памятаю, толькі два словы: "сіняе полымя".

Фальклору таксама надыхаўся на поўныя грудзі, бо ж ні вячоркі, што адбываліся часта і ў нашай хаце, ні вяселлі, ні нарадзіны, на якіх даводзілася бываць, не адбываліся без народнай песні. А на начлегах шмат наслухаўся казак.

Маё сямейнае асяроддзе ў часе першых спробаў пяра - маці, чатыры сястры. Маці непісьменная, набожная, лагодная жанчына, сёстры малапісьменныя, таксама веруючыя, Сёстры мелі добрыя галасы, любілі спяваць. Часамі і маці падпявала ім. Бацькі не памятаю, Маці казала, што быў ён вельмі смелы, граў на гармошку. Пайшоў на вайну, і, як пісаў ягоны сябра, яго разарвала снарадам. Ад бацькі ў мяне, бадай, спадчыннае жаданне граць. А вось ад каго жаданне маляваць і пісаць, не ведаю. Ад маці? Ад яе ў мяне - шчырасць і смеласць казаць праўду ў вочы. А вось вышыні баюся. Не ў бацьку ўдаўся. Можа, таму ў вольнай Амерыцы не дакарапкаўся да мільянера, а толькі да тысячніка. Затое пазбавіўся спадарожніка савецкага раба - страху.

П. - Раскажыце пра свае заняткі ў школе, асабліва пра лекцыі мовы і літаратуры.

А. - У нашай вёсцы Покаршаве дырэктарам пачатковае школы і настаўнікам мовы быў добра адукаваны, шчыры беларус Павел Барысевіч. Мову беларускую ён ведаў дасканальна і стараўся ўсякімі спосабамі прышчапіць веды і любасць да роднага слова. Карыстаўся ён для гэтага нават забароненым метадам фізічнага ўздзейвання: за невывучэнне "ўроку" біў лінейкаю па руцэ t ставіў у куток на калені. Мне, праўда, ні разу не давялося перажыць гэтага паніжэння, бо я, не хвалюся, вельмі любіў вучыцца.

Барысевіч меў багатую бібліятэку, даваў мне чытаць кніжкі маладнякоўцаў, узвышэнцаў, а таксама Якуба Коласа, Лермантава, Эптана Сінклера. На вокладцы твораў Сінклера быў партрэт пісьменніка. Чамусьці мне захацелася яго перамаляваць. I зрабіў гэта, паказаў настаўніку. Той вельмі хваліў і раіў развіваць гэты талент. Але мастацтва я занядбаў, бо нахлынула стыхія вершавання.

У 1925 годзе, скончыўшы пачатковую школу, я пайшоў у Грозаўскую, а пасля - у бліжэйшую да дому Грэскую сямігодку. Прозвішчы некаторых настаўнікаў памятаю - Шарупіча, дырэхтара і выкладчыка грамадазнаўства; Шарэку, выкладчыка фізікі,- але хто выкладаў мову і літаратуру - забі, не прыгадваю.

У 1930 годзе я залічыўся ў менскі Белпедтэхнікум. Тут ужо мне памяць не здраджвае: мову выкладаў брат Язэпа Лёсіка Антон. Добры быў настаўнік, але непатрабавальны. Студэнты на ягоных лекцыях шумелі, не было дысцыпліны.

Вельмі добрая была ў нас выкладчыца літаратуры - Алеся Александрович, сястра паэта Андрэя Александровіча. Яна чаравала і сваёй прыгажосцяй, і пявучым задушэўным голасам.

Прыпамінаю прозвішча Замбжыцкага, але што ён выкладаў, не прыгадваю.

Запамятаўся кампазітар Тэраўскі, як кіраўнік хору, у якім я спяваў тэнарам.

Дырэктарам Белпедтэхнікума тады быў перабежчык з Польшчы, камуніст Южык.

Пачатак 1930-х гадоў быў часам пагрому "нацдэмаў", выкідання са школаў, арыштаў. Гэтак за часам Южыкавага дырэктарства былі выключаныя з тэхнікума на пастанову агульнага студэнцкага сходу: Уладзімір Сядура, Сяргей Астрэйка, Францішак Гінтаўт, Сяргей Русаковіч, Уладзімір Гуцька, Сяргей Гайка. Я адхапіў "суровую вымову з папярэджаннем".

П. - За што?

А. - А вось за што. У 1932 годзе нас, студэнтаў, паслалі ў саўгас Сляпянка, што знаходзіўся за Камароўкаю, недалёка ад Менска, на гэтак званы "прярыў": збіраць бульбу, што замярзала на полі. Мы мусілі голымі рукамі выграбаць яе з мерзлае зямлі. Гэтаю нішчымнай падмерзлаю бульбай нас і кармілі. Я і яшчэ колькі студэнтаў не вытрымалі ды ўцяклі дадому. За гэта на агульным студэнцкім сходзе нам і дасталося: некаторых дэзерціраў павыключалі з тэхнікума, а мне далі строгую вымову з папярэджаннем. Ідэалагічна я тады яшчэ быў вытрыманы: перадавы савецкі юнак бядняцкага паходжання.

Вучыўся я ў педтэхнікуме на пазашкольным аддзяленні, на якім рыхтавалі палітычна-грамадскіх дзеячаў. Але і да мяне, савецкага "двараніна", прыйшоў з часам бунт, як да тых расейскіх сынкоў-дваранкаў - дзекабрыстаў. У паэме "Непакорныя" я пішу пра гэты бунт:

За тры дні вярнуўся на заняткі -

Атрымаў і ў хвост і ў грыву.

Недарма усё ж падмазаў пяткі:

Больш не пасылалі на прарывы.

Толькі ў асабістай справе чорным

Ды па белым мне звілі вяроўку:

"Сімулянт, шматдумны, непакорны".

Выпісалі ў ГПУ пуцёўку...

Пачала мая справа абрастаць і іншымі "грахамі". Аднаго разу пры Васілю Туміловічу, які, як я пасля даведаўся, быў сексотам, на пытанне аднае дзяўчыны - таксама, напэўна, недалёкай ад Туміловіча,- чаму я падпісваюся пад вершамі Язэп Маёвы, а не сваім прозвішчам, я ляпнуў: "Таму, што не жадаю целяпацца на вісельні, як прыйдуць палякі". Выходзіла, што я не верыў у сілу "непераможнай", якая трымала "граніцу на замку". "Абразіў" я таксама Чырвоную Армію, калі, падаўшы заяву ў Беларускую вайсковую школу (БВШ) і здаўшы экзамены, адмовіўся пасля ісці ў яе. Выпісаў я сабе і яшчэ адну "пуцёўку ў ГПУ", калі напісаў верш "Беспрытульны", якога не прынялі ў "Маладняку", хоць я лічыўся сябрам гэтае арганізацыі. Усё гэта напэўна было ведама таму, каму трэба было усё ведаць - ГПУ.

Аднаго дня ў Белпедтэхнікум завітала следчая гэтае страшное ўстановы Надзежда Навіцкая і, выклікаўшы мяне з класа, павяла на допыты ў ГПУ, што было размешчана на рагу Савецкай і Урыцкага вуліцаў.

Дапытваў мяне нейкі Браткоўскі: калі прыехаў у Менск, дзе жывеш, хто твае сябры, як вучышся, ці бярэш удзел у грамадскай працы, хто твае бацькі, ці меў якія спагнанні і г. д. А пасля раптам: "Чаму ўцяклі з працы ў Сляпянцы? Хто тады ўцёк і дзе цяпер дэзерціры?"

Я расказаў, як усё адбылося, бо было ясна, што следчы чытаў пратакол студэнцкага сходу, на якім гэтая справа разглядалася. Толькі на ягонае пытанне пра дэзерціраў я сказаў, што не ведаю, дзе знаходзяцца Сядура, Гуцька ды іншыя. А я ведаў, што амаль усе яны ўладзіліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Браткоўскі мне сказаў: "Калі не ведаеш, дык даведайся і паведамі нам".

Я падпісаў паперу аб "неразгалошванні таямніцы", і мяне выпусцілі. Свой настрой пасля допыту я перадаў у паэме "Непакорныя":

З ГПУ Алесь выйшаў, як з трупярні,

Дзе ўбачыў свой собскі труп.

Калаціліся на слупох ліхтарні,

Зуб не трапляў на зуб.

Можа, ад марозу? Быў сцюдзёны люты.

Не, гэта ад страху. Што там ні кажы,

Будзь ты канквістадар, бранёю акуты,

Як бяду пабачыш, сэрца задрыжыць.

А бяду Лучына вельмі добра бачыў:

"У ГПУ не водзяць, абы толькі так.

Правакатар трэба ім з душой сабачай,

Хто гатоў прадаць і маці за пятак.

Калі ты ідэйна вытрыманы гіцаль,

3 часам, пэўна, будуць грудзі ў ардэнох.

А які, скажэце, будзе з цябе рыцар,

Калі ўжо "вымова" ходзіць па слядох?"

I ішоў Лучына, сам сабе не рады:

ЦІ ж такім ён высніў шлях свой у жыцці?

Hi сказаць нікому, ні спытаць парады.

Як жа тую бездань абысці?

"Падпісаў паперу, памагаць згадзіўся

Антыбальшавіцкі разматаць клубок...

Радуйся, прадажнік. Сука, ганарыся.

Каін, будзь гатовы шаснуць вілы ў бок.

Сам сябе ўратуеш, а сяброў загубіш.

Што табе Нарэйка, Лойка, Рудзька? Што?.,"

3 бервяна аскепкі ў камунізму зрубе...

Пранізаў Алеся ліхаманкі ток.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вялікі свет, прастор шырокі,

Але нікуды не ўцячэш

Ад усёбачанага вока,

Ад усёчуючых вушэй.

I мне стаць вокам тым і вухам...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хваробу ў бок!.. Забойцаў слухаць?

Я не прадажная брыда.

Валею жыць з душой паэта,

Малітвы сэрца галасіць,

А не касою прайдзісвета

Галовы "ворагаў" касіць.

Дапытвалі мяне ў кастрычніку 1932 года. Адразу ж на допыце праз свайго сябра Сяргея Русаковіча я склікаў Сядуру, Астрэйку, Гайку, Гінтаўта, Лойку. Сабраліся мы ў нейкіх кусціках за будынкам, і я ім сказаў: "Мяне толькі што цягалі ў ГПУ і пыталіся пра вас, дзе вы знаходзіцеся..." Гэта выклікала перапалох. Сядура прапанаваў уцякаць у Польшчу. Астрэйка ж даводзіў, што ўцякаць туды нельга, бо Польшча мае з Масквою ўмову аб выдачы перабежчыкаў. Што тады больш гаварылася, я не памятаю, але мне было ясна, што я падпісаў сабе прысуд, што ГПУ пра ўсё гэта даведаецца, бо, калі мы ішлі назад па калідоры, я заўважыў у куце Васіля Туміловіча...

На заняткі я далей хадзіў, але нічога ў галаву не лезла. Надыходзіў дзень Чырвонай Арміі, 23 лютага. Каб крыху адчапіцца ад страшных думак, я запісаўся ў драмгурток. Рыхтавалі п'есу "Граніца на замку". Я меў ролю нейкага пагранічніка, страляў па кантрабандыстах, а мне здавалася, што гэта мяне расстрэльваюць... Па спектаклі я граў нешта на скрыпцы, а пасля пачаліся танцы. Гралі вальс "На сопках Манчжурыі". Я танцаваў з Бірутай Дакальскай. Яна вучылася раней у педтэхнікуме, а пасля, калі арыштавалі ейную маці, перайшла ў музычны тэхнікум. Яна мне падабалася, мабыць - і я ей. У часе танца нехта пакратаў мяне за плячо. Азірнуўся - незнаемы чалавек сярэдняга веку, апрануты ў хромавую тужурку: "Апраніся, пойдзем на хвілінку на двор..." Гэтая "хвілінка" расцягнулася на тры страшныя гады.

П. - Што ж Вам ставілі ў віну?

А. - Вінавацілі ў належнасці да Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). А за які месяц выклікалі і выставілі новае абвінавачанне: рыхтаванне збройнага паўстання.

Як ведама, аднак, ніякага Саюза вызвалення Беларусі не было, ніякага паўстання не рыхтавалася. Рэжысёры гэтае трагікамедыі аб гэтым добра ведалі. Якое магло быць збройнае паўстанне з адной іржавай паляўнічай стрэльбай, якую знайшлі пры арышце ў аднаго "нацдэма", у якога не было на тую стрэльбу дазволу? Гэты абсурд чэкісты хутка зразумелі і абвінавачанне ў паўстанні знялі. Але ўсялякімі спосабамі дамагаліся прызнання ў належнасці да СВБ. Не ведаю, як каго, але мяне на допытах давялі да таго, што маці родная, калі прыйшла пехатою за дзвесце кіламетраў на пабачанне, на якое "разрешили" пасля вынясення прысуду, не пазнала мяне.

Кулакамі мяне не білі, але вымарылі пагрозаю расстрэлу, голадам ды карцэрам.

Аднаго разу ў часе допыту следчая Навіцкая паклала перада мною паштоўку, на якой быў намаляванй герб Беларускае Народнае Рэспублікі. Я ўпершыню бачыў гэты герб, чытаў словы: "Беларуская Народная Рэспубліка". Што гэта магло значыць, я не ведаў, але ў мяне вырвалася: "Прыгожа выглядае". За гэтае "прыгожа выглядае" я апынуўся ў карцэры.

Допыты трывалі якіх пяць месяцаў. Як тая сава Навіцкая цягала мяне на допыты ўначы. Пасля таго як мяне пасадзілі зноў у карцэр ды пагразілі, што расстраляюць (Навіцкая махала мне пад носам паперкай і пішчэла: "Вось твой сябра (не называю ягонага прозвішча) прызнаўся, што завербаваў цябе ў арганізацыю), я пастанавіў не мучыцца далей, а пакончыць з сабой. Аскепкам шкла я перарэзаў сабе на левай руцэ вену (белы шрам гэтак і застаўся), але ў камеру ўляцеў вартавы, стукнуў мне прыкладам вінтоўкі па плячох і адразу ж вывалак на калідор. Кроў спынілі, рану зашылі ды... піхнулі назад у карцэр. Але пасля гэтага больш на допыты не клікалі. Па пэўным часе з будынка ГПУ (з камеры ў "американцы") мяне перавялі назад у турму, дзе ўжо былі Гуцька, Астрэйка, Гінтаўт і, здаецца, Сядура.

Пару месяцаў пазней мяне выклікалі ("с вещами") і прачыталі на калідоры прысуд: "за контррэвалюцыйную арганізацыю і агітацыю" - тры гады. Судзіла нас завочна Маскоўская калегія.

П. - Дык вучыцца больш Вам ужо не давялося?

А. - Па сканчэнні канцлагернага "універсітэта" жыць у Менску я не меў права. А ў іншыя гарады, дзе я мог жыць і дзе былі інстытуты, я не паехаў, бо не меў там нікога знаёмага, у каго можна было б затрымацца на пару тыдняў. Я паехаў у горад Варонеж, дзе жылі сваякі майго сябра з канцлагера Міці Красналуцкага. Я думаў у іх затрымацца. Праўда, з гэтага нічога не выйшла, але ў Варонежы я застаўся. Уладзіўся на машынабудаўнічым заводзе "Камінтэрн". Вучыўся, без адрыву ад вытворчасці, далей на рабфаку пры медыцынскім інстытуце. Правучыўшыся пару месяцаў там, здаў экзамены і быў залічаны на літфак Варонежскага педінстытута (у анкеце на пытанне "Ці быў рэпрэсіяваны сам або хто з сваякоў?" да рэпрэсіі і не прызнаўся), ды правучыўся там два гады. Ведаючы пра сваю "палітычную ненадзейнасць", адзначаную ў пашпарце сакрэтнай адзнакай, я стараўся быць савецкім чалавекам і паэтам. Пісаў я, праўда, вельмі мала, бо не меў часу. Выдрукаваў у гэным часе толькі адзін верш: да 20-годдзя Чырвонае Арміі быў выданы альманах "Непобедимая", які адчыняўся маім вершам "Полем, полем...".

П. - А як склалася Вашая доля ў часе вайны?

А. - Ваяваў я з немцамі на Украінскім фронце. У травені 1942 г. немцы абступілі нас пад Харкавам (трыма арміямі там камандаваў ведамы маршал Цімашэнка), і я трапіў у палон да румынаў. У палоне праседзеў больш за год. Выпусцілі мяне ў 1943 годзе, і я прыехаў у Менск.

П. - Як Вы схарактарызавалі б нямецкі перыяд?

А. - Агульную характарыстыку найлепш, можа, даць цытатай з мае паэты "Міжагнёўе":

Пакараў нас Бог, зямліца:

На тваіх пляцох, сталіца,

Апрычнікаў Берыя Змяніла фельджандармерыя.

П. - Ці шмат Вы пісалі і друкаваліся пад нямецкай акупацыяй?

А. - У часопісе "Новы шлях" была змешчаная мая паэма "Пад небам Случчыны каханай". На словы маіх вершаў пісалі музыку кампазітары Мікола Куліковіч і Алесь Карповіч. Культурнае, а ў тым ліку і літаратурнае жыццё ў Менску рухалася, набірала моцы. Музы не маўчалі, хоць бомбы і міны грымелі.

П. - Дзе Вы жылі ў Еўропе да прыезду ў Амерыку?

А. - К.алі Нямеччьша была занята войскамі аліянтаў , я знаходзіўся ў г. Троене на "амерыканскай" зоне. У Троене я працаваў на авіяцыйным заводзе. Пасля жыў у ДП лагеры ў Саксоніі, у Натэрнбергу. Там завербаваўся на працу ў капальні ў Бельгіі, каля Ля-Люверу. Але за паўгода ўцёк адтуль назад у Натэрнберг. Па некаторым часе перабраўся ў беларускі лагер у Бакнанг, адкуль у 1950 г. выехаў у ЗША.

П.- Застаўся па гэтым след у Вашай творчасці?

А. - Вядома, вандроўкі так ці інакш адлюстраваліся ў маіх вершах, але не вельмі шмат.

П. - Як Вы разумееце ролю паэзіі ў жыцці паэта і жыцці народа?

А. - Сваё разуменне паэзіі я выказаў коратка ў вершы "Паэт":

Паэзія - не табака,

малакроўным нюхаць,

Паэт не застыглая ў статыцы

мумія.

Паэзія ў сэрцы будзіць завірухі.

Паэт за стагоддзі адзін думае.

Хоць "за стагоддзі" - гіпербала, але без думання ніякае паэзіі на свет не з'явіцца.

Некаторыя літаратурныя тэарэтыкі называюць паэзіяй "прыгожыя словы ў прыгожым парадку" або гавораць пра "мастацтва для мастацтва". Для мяне гэткая паэзія - "табака малакроўным нюхаць". Калі не табакай, дык рэбусам лічу паэзію, якое і сам творца не разумее без камп'ютэра. Мая паэзія, хочацца думаць, будзіць у сэрцы завірухі кахання, патрыятызму, змаганыя за волю свайго народа. Вось гэтым "будзільнікам" завірухі ў сэрцы была і ёсць для мяне паэзія.

П. - У Вас ці мала вершаў, што сталіся патрыятычнымі песнямі. Прыкладам "Васмёчкі" - "Расцвіталі ў полі васількі" - ды іншыя. Якія ў Вас былі дачыненні з кампазітарамі? Апрача Куліковіча і Карповіча, хто яшчэ пісаў музыку на Вашыя вершы?

А. - У Менску ў часе ванны нехта напісаў музыку да майго верша "Мы Беларусі сваёй арляняты".

Ужо тут, у Амерыцы, напісалі музыку на мае словы кампазітары Дзмітрый Верасаў, Ксаверы Барысавец, Эльза Зубковіч, Мікола Куліковіч. З Дзмітрам Верасавым стукаліся адзін раз ілбамі, але цяпер гузы пазажывалі, і я спяваю ў царкоўным хоры ў нашай саўт-рыверскай царкве, дзе Верасаў рэгентуе.

П. - Чым у сваёй творчасці Вы найбольш займаецеся цяпер?

А.- Хоць я ўжо ў пенсійным веку, Муза мяне не цураецца, падштурхвае, каб пісаў далей паэму "Непакорныя". Трэ было б узяцца і за прозу, якую занядбаў. Што з гэтага выйдзе, цяжка сказаць.

П. - Якая ў Вас чытацкая сувязь з літаратурай сучаснае Беларусі?

А. - Амаль ніякая. Мой сябра паэт Янка Золак выпісвае часопіс "Полымя", дык пару нумароў даваў пачытаць.

П. - Калі пацікавіцца водгукамі ў друку на Вашыя творы, дык дзе іх шукаць? Я ўсведамляю сабе, што гэта пытанне, можа, і не лёгкае, бо не кожны збірае бібліяграфію пра сябе, дык назавеце тое, што Вам запамяталася.

А. - Маеце рацыю, на гэтае пытанне мне цяжка адказаць. Бібліяграфіяй свае творчасці я не займаўся. Памятаю толькі, што рэцэнзію на мае вершы, пад заг. "На шляху да паэтычнага ўзвышша", напісаў Уладзімір Сядура. Да якогась майго юбілею пісаў артыкул паэт Янка Золак. Адгукнуўся рэцэнзіяй у "Конаднях" крытык Антон Адамовіч (Р. Склют).

Пісаў я артыкулы ды рэцэнзіі: пра беларускіх савецкіх паэтаў, пра Юрку Віцьбіча, Ёсіфа Мандальштама, Андрэя Макаёнка, Кастуся Акулу, Янку Золака, Случанскага ды шмат каго іншага.

Ці мала лістоў пісаў у газету "Новое Русское Слово", што выходзіць у Нью-Йорку, у якіх палемізаваў з "единонеделимцами".

Прыгадваецца таксама, як на пачатку 1960-х гадоў кадэбэшнікі з "Голасу Радзімы" скадэбэшылі верш "Грэх на сэрцы цяжкі" ды падпісалі маім псеўданімам. У вершы тым я быццам бы прасіў прабачэння ў Радзімы. Я ім адказаў вершам "Правакатарам", які перадала на Беларусь радыёстанцыя "Свабода".

П. - Што б Вы хацелі сказаць яшчэ чытачам "Беларуса"?

А. Хачу шчыра падзякаваць тым з іх, што ахвяравалі або заняліся збіраннем ахвяраў і падпіскі на мой Збор твораў. Асабліва дзякую ініцыятарам гэтае задумы, кіраўнікам Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва. Я, прызнацца, не спадзяваўся, што маю гэтулькі прыхільнікаў свае творчасці. Як тут не ўспомніць словаў: "Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым".

Дык няхай жа гэтая душа і надалей застаецца замілаванай у беларускім мастацкім слове, шчырай і лагоднай, але непакорнай гвалту .

Саўт-Рывер, ЗША. Люты, 1984 год

АЛЕКСАНДРА САКОВІЧ
Пра тое, што ў сэрцы

Я дабралася да ветлых берагоў Злучаных Штатаў Амерыкі на вайсковым транспартным караблі General R. L. Howze ў траўні 1950 г. Цуда? Для мяне - безумоўна. З маленства прагнула я пабачыць далёкія, нязнаныя краіны. Ды ніколі, нават у сваіх лепшых летуценнях, не ўяўляла, што аднойчы здолею апынуцца за акіянам, застануся тут назаўсёды, адчую сябе роўнай сярод роўных.

Першыя пяць год я прабыла ў Нью-Йорку. Адразу давялося на маленькай фабрыцы складаць для засолу ў шкляныя банкі агуркі, тады на другой - пакаваць для крамаў здобныя булкі ды торты. Ашчадзіла трохі грошай і пайшла вучыцца ў The Cambridge School of Business. Магла б узяць патрэбны мне навучальны курс у коледжы, але спачатку моцна асцерагалася хваліцца савецкім універсітэцкім дыпломам.

Праца, навука ў школе забіралі шмат часу, іншым разам стамлялі. Затое ўсё іншае навокал захапляла. Уражалі размахам, багаццем І даступнасцю для ўсіх бібліятэкі, музеі, канцэртныя залы, опера. Не менш дзівілі ў цэнтры места шматпавярховыя небаскробы, вітрыны, раскошныя магазіны, перапоўненыя рознаякімі таварамі, на вуліцах і дарогах - неперарыўная чарада хуткіх гулкіх аўтаў.

Тэй парою ў Нью-Йорку існавала ладная беларуская грамада. Мы ладзілі сустрэчы, канцэрты, святкавалі свае нацыянальныя святы. Праўда, найбольш у тыя гады спраўлялі вяселлі. Жаніліся, выходзілі замуж маладыя. Яны спяшаліся ў новым краі абзавесціся сям'ёю. Ішлі да шлюбу і старэйшыя, якія шмат адпакутавалі, страцілі свае сем'і. Я таксама пабралася з Аўгенам Каханоўскім. З ім пасяліліся ў Кліўлендзе, дзе пражылі шчасліва ўжо 31 год.

Кліўленд - вялікае індустрыяльнае места. Яно прыгарнула нас да сябе настала, бо тут склалася людная беларуская калонія, пабудавана беларуская праваслаўная царква, паўстаў беларуска-амерыканскі цэнтр -Полацак.

Наш маляўнічы Полацак мае больш за 9 гектараў лугу і лесу. На ўзгорку стаіць аднапавярховы цагляны будынак, дзе жывуць галоўныя арганізатары і нязменныя кіраўнікі гэтага прывабнага беларускага кута. Вакол дому - стромкія хвоі, зялёны луг. Адсюль уніз віецца сцежка праз луг да азёрка, да іншых грамадскіх будынкаў, да лесу. Азёрка, невялікае, чыстае, адлюстроўвае ў сабе сіняе неба, раскідзістыя магутныя клёны, белы двухпавярховы дом. Глядзіш на чароўны малюнак зверху, і здаецца ён табе казачна прыгожым.

У Полацку я часты госць. Наогул, гасцей тут заўсёды досыць: свае людзі любяць збірацца разам. Але найбольшае свята для нас усіх - дні вялікай сустрэчы, калі едуць сюды беларусы з розных штатаў Амерыкі, з Канады, лятуць з Еўропы, з Аўстраліі, з Польшчы. У тыя дні ўсе мы чуемся ўзнятымі. Цешымся пабачыць знаёмых людзей. У памяці ўсплываюць падзеі, перажытыя разам у часе вайны, звязаўшыя нас назаўсёды сяброўствам. На сустрэчы мастацкія выступы маладых, народжаных ужо ў Амерыцы, з народнымі спевамі і танцамі не толькі захапляюць, не толькі выклікаюць замілаванне да нашае багатае нацыянальнае спадчыны, але ўзмацняюць веру, што Беларусь жыве і будзе жыць.

Усё ж самае мілае для мяне тут, у Кліўлендзе, -мая ўласная сям'я, мой муж. У нас з ім поўная хатняя згода, агульныя жаданні і мары. Мы абое стараемся па меры нашых сілаў творча працаваць у галіне беларускай літаратуры і гісторыі.

Я пачала пісаць, яшчэ жывучы ў Нью-Йорку. Праф. Янка Станкевіч (рэдактар "Веды") і др. Вітаўт Тумаш (рэдактар "Запісаў") ахвотна друкавалі мае першыя спробы пяра. Яны па-сяброўску падбадзёрылі, падтрымалі, надалі мне патрэбнае перакананне, што я павінна працягваць пісаць.

Нярэдка чытачы пытаюцца пра некаторыя мае апавяданні і аповесці: "Гэта вы пра сябе расказалі? Гэта аўтабіяграфія?" Не. Хоць мушу зазначыць, што аўтабіяграфічны элемент да некаторай ступені знайшоў^адбітак у маіх творах. Сюжэты, у якіх б'ецца пульс і кроў рэальнага жыцця, лягчэй тварыць тады, калі сам перажыў, сам зблізку наглядаў. Свае першыя публікацыі я не падпісвала маім сапраўдным імем і прозвішчам - Іна Рытар, а псеўданімам Аляксандра Саковіч.

Я нарадзілася 14(27) снежня 1906 г. у месце Адэсе, на Украіне. Бацькі мае - беларусы. Яны абое паходзілі з мястэчка Ярэмічы, што разлеглася на левым беразе Немана, насупраць Налібоцкае пушчы. У Ярэмічах мой бацька да старое дзедавае хаты дабудаваў другую палову - дачу для нас. Да першае сусветнае вайны маці штогод на летнія школьныя канікулы ехала туды з дзецьмі. Яна не любіла паўднёвае, спякотнае Адэсы. Ёй здаваліся найлепшымі ў свеце прахалодны гушчар з хваёвага бору, росныя сенажаці і лугі, спакойныя воды рэчак і азёр. Замілаваннем да роднага кута, уласцівым ёй, яна надзяліла і нас, сваіх дзяцей, пасяліла ў нас веру, што тут, дзе карэнне нашага роду, заўжды знойдзеш гаючы душу і сэрца адпачынак.

У нашай сям'і было чатырох дзяцей. Дзве сястры і брат - пагодкі. Калі мяне ў шэсць год аддалі вучыцца ў малодшы падрыхтоўчы клас жаночае гімназіі, старэйшая сястра, Ліда, была ў гэтай жа гімназіі ўжо ў восьмым класе.

Ад ранняга дзяцінства ў Адэсе засталіся ў памяці ўрачыстыя святы. На Каляды - ялін.са да столі, удэкараваная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі свечкамі, цукеркамі. На Вялікдзень - прыгожа прыбраны стол. На ім - вялікая здобная пасха, пісанкі, торты, шынка, каўбасы, на блюдзе - запечанае парасё з зялёнай галінкай у роце. Паміж смачнымі рэчамі на стале - пахучыя белыя і ружовыя гіяцынты.

Тады насунулася першая сусветная вайна, за ёю - расейская рэвалюцыя, грамадзянская вайна, голад. Пакінулі навуку і бацькаў кут старэйшыя сёстры і брат. Яны пайшлі працаваць у школы-інтэрнаты, арганізаваныя для адэскіх дзяцей-беларусаў. Я адна засталася з бацькамі.

У былым, так званым "дзіцячым пакоі" з'явілася чорная бляшаная печка - "буржуйка" з трубою праз увесь пакой. Майму баньку, службоўцу на чыгунцы, пашанцавала раздабыць для "буржуйкі" крыху каменнага вугалю. На распал яго патрабаваліся трэскі, а іх тады набыць было амаль немагчыма. Вакол Адэсы - стэпы ды Чорнае мора. Лясоў няма. Час ад часу, патайкі, чыгуначнікі разбіралі на трэскі таварныя вагоны. За гэта, калі лавілі, расстрэльвалі. Рызыкуючы жыццём, прыносіў дадому гэтыя трэскі і тата.

У нашай хаце заўсёды мелася шмат кніжок. Маці любіла чытаць, не шкадавала грошай на кніжку. Навучыла і мяне з маленства любіць і шанаваць добрую кніжку. На жаль, у тыя галодныя і халодныя часы мусіла яна, калі не ставала трэсак, ахвяроўваць якуюсь кніжку на распал.

Цікава, што частыя змены ўладаў, чужаземныя войскі на вуліцах места, страляніна сярод ночы, выбухі бомбаў, вобыскі па хатах, арышты і нават голад - усё ўспрымалася тады мною як штосьці непазбежнае. Сваіх школьных сяброў, Адэсу, Чорнае мора я моцна любіла.

Улетку 1921 г. старэйшая сястра з групаю адэскіх беларусаў наехала на працу ў Менск. У тым жа годзе, позна ўвосені, з галоднае Адэсы яна забрала мяне да сябе.

Менск спаткаў мяне холадам. Белымі, заснежанымі стаялі дрэвы, дамы, вуліцы. Нязвыклы для мяне мароз не вельмі прыемна шчыпаў шчокі і вушы. Пальцы на руках і нагах хутка дубянелі. Нават у сястры мне спачатку здалося няўтульна. Сумавала па бацьках. Аднак. такі настрой трываў коратка, бо мне пашчасціла трапіць у асяроддзе выдатных беларусаў.

Сястра працавала інспектарам дзіцячых прытулкаў. У адным з іх мела пакой. Праз сад ад нашага дому мясціўся дзіцячы садок, дзе загадчыцай была добрая, заўсёды ласкавая цётка Уладзя, жонка Янкі Купалы. Купалы жылі тады пры садку. Там жа меў сабе пакой і Змітрок Бядуля.

У тую пару блізкай сяброўкай мае сястры была Юлія Бібіла, будучы вядомы беларускі бібліёграф. Светлы вобраз гэтае маладое сардэчнае жанчыны застаўся са мною назаўсёды. Калі я пайшла вучыцца, яна шмат дапамагала мне з беларускаю моваю, якую, трэба прызнацца, я не зусім добра ведала. Дапамагала і іншым.

Памятаю, праф. Аляксандр Савіч, выкладчык гісторыі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, даручыў мне зрабіць рэферат аб творчасці расейскага пісьменніка-філосафа XVIII стагоддзя А. М. Радзішчава. Я старанна перачытала ў бібліятэцы масу матэрыялу, масу перапісала і разгубілася: не ведала, з чаго пачынаць, чым скончыць. У момант мае роспачы з рэфератам зайшла да нас Ю. Бібіла. Яна не пашкадавала свайго часу, засталася са мною на добрую гадзіну, перагледзела мае выпіскі, параіла, што найбольш трэба падкрэсліць, што абмінуць, якое зрабіць заканчэнне. Дзякуючы ёй рэферат меў надзвычайны поспех. Мой тагачасны аднакурснік па тэхнікуму шаснаццацігадовы імпульсіўны Андрэй Александровіч, будучы "вядучы пралетарскі паэт", пасля рэферату прапанаваў ушанаваць памяць Радзішчава ўставаннем і хвілінаю маўчання. "Нібы на жалобным мітынгу",- падумала я і глянула на прафесара. У ягоных вачах прамільгнула усмешка, але ён падняўся з крэсла, а за ім і ўсе студэнты.

Аднойчы Ю. Бібіла расказала мне пра Кастуся Каліноўскага, крэўнага ёй па маці, пра ягонае змаганне супраць Масквы. Мужная постаць К. Каліноўскага моцна зацікавіла мяне, абудзіла гордасць звацца беларускай, жаданне аддаць свае сілы і здольнасці для Бацькаўшчыны. Як? Набыць веды з гісторыі Беларусі, напісаць гістарычны раман пра К. Каліноўскага і ягоных сяброў-паплечнікаў. Юнацкія мроі збыліся не цалкам. Ва універсітэце я студыявала гісторыю, а вось раман напісаць не змагла.

Мая альма-матэр - Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе я правучылася 4 гады, зрабіў вялізны ўплыў на мой светапогляд, пакінуў найдаражэйшыя ўспаміны. Там я спаткалася і пасябравала з "Раднёю" - так жартам празвалі сябе сведамыя беларусы-студэнты. У сваім асяроддзі "Радня" не баялася выказваць асабістыя пагляды ў палітычных пытаннях, не хавалася з нацыянальнымі марамі і імкненнямі. Сярод "Радні" была не толькі моладзь, але і старэйшыя гадамі "дзядзькі" - ветэраны першай сусветнай ці грамадзянскай вайны, а часта і ўдзельнікі руху за незалежнасць Беларусь Не з свае волі яны згубілі гады навук і прыйшлі давучвацца. Амаль усе яны, каб мець мажлівасць вучыцца ва універсітэце, мусілі працаваць, бо мелі ўжо сем'і, якія ім трэба было ўтрымліваць.

"Радню" можна было знайсці на ўсіх факультэтах БДУ, але найбольш яе было на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педфака. На гэтым аддзяленні лекцыі чыталі высокакваліфікаваныя, вядомыя навукоўцы. Кожны студэнт-гісторык, які студыяваў у БДУ ў дваццатыя гады, можа з гонарам адзначыць, што ён быў вучнем праф. Мітрафана Доўнар-Запольскага, праф. Усевалада Ігнатоўскага, праф. Уладзіміра Пічэты. Неабходна далучыць да гэтых слаўных імёнаў і маладога таленавітага праф. Васіля Дружчыца, які распачаў сваю навуковую кар'еру ў нашым універсітэце дацэнтам. "Радня" любіла працаваць у галіне беларускай гісторыі на семінарах праф. В. Дружчыца, любіла самога маладога навукоўца. Яна часта запрашала яго сфатаграфавацца ррзам на памяць. Адно з такіх фотаў якімсь цудам збераглося ў мяне, не згубілася ў працягу майго складанага, нялёгкага вандравання па свеце. На ім маю сяброўку Броню Паўлоўскую і мяне, як малодшых з "Радні", пасадзілі ў цэнтры, побач прафесара.

У другой палове дваццатых гадоў сітуацыя на гістарычным аддзяленні педфака пачала мяняцца ў неспрыяльны для незалежнае беларускае навукі бок. У 1926 годзе ўлады загадалі праф. М. Доўнар-Запольскаму пакінуць Менск і Беларусь. Не шанцавала і студэнтам. Прыкладам, мне, якая ніколі не была ні камсамолкай, ні партыйнай, пасля заканчэння універсітэта прапанавалі выкладаць не грамадазнаўства (так тады зваўся курс гісторыі ў школах), а мову і літаратуру, на што я мусіла згадзіцца. Наогул, ад канца дваццатых гадоў на гістарычнае аддзяленне дапускаліся пераважна партыйцы ці камсамольцы. "Радня" там знікла.

Я ўжо працавала выкладчыцай на рабфаку пры БДУ, калі надышоў пакутлівы 1930 год, з за ім нешчаслівая дэкада, адна з самых трагічных у летапісу нашае нацыі. Тады брутальна была знішчана вялікая колькасць беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў. Сярод беларускае грамады панавала пачуццё няпэўнасці ў заўтрашнім дні. Арыштоўваўся не толькі той, хто аднойчы знаходзіўся ў апазіцыі да камунізму ці да камуністычнай улады, але кожны, хто ўважаўся ў стане выявіць супраціў. Тых, каго пакінулі на волі, прымушалі выступаць з пакаяннымі лістамі, з асудам свае папярэдняе нацыянальнае дзейнасці, з паклёпамі на блізкіх сяброў. Відаць, пад прымусам Змітрок Бядуля напісаў раман "Язэп Крушынскі". Заўсёды разважлівы, заўсёды ветлівы да людзей, З. Бядуля ў гэтым рамане фальшыва зганіў амаль усіх выдатных беларусаў, надзяліў іх адмоўнымі рысамі. Не ашчадзіў, найбольш ад усіх абразіў свайго сябра Я. Купалу, ягоную жонку, ягоных сваякоў. Ці дараваў яму Я. Купала? Казалі, што дараваў, толькі не хутка. Сам Я. Купала не згадзіўся адразу "сябе таптаць", зрабіў харакіры. Праф. Ігнатоўскі застрэліўся.

Усё, што адбывалася, не толькі ўражала, але і раніла. Для мяне, асабіста, Менск апусцеў. Дамы стаялі на старых месцах, людзі хадзілі па вуліцах, ды сярод іх амаль не засталося нікога з універсітэцкай "Радні", нікога з крэўных. Міхайлу Грамыку, майго швагра, асудзілі на ссылку. Сястра з дзецьмі паехала за ім.

Улетку 1930 года я выйшла замуж. Мой муж, Дамінік, як і я, нарадзіўся ў Адэсе. Як і я, прыехаў у Менск у 1921 годзе. Мы абое любілі спорт, спартовыя гульні. На гэтым грунце пасябравалі. Паходзіў ён з польскае сям'і, быў унукам паўстанца 1863-1864 гадоў, сынам прафесійнага рэвалюцыянера-партыйца ад 1905 года, сам камсамолец. Беларускае нацыянальнае пытанне яго мала кранала. Часта, дзе я асуджала палітыку савецкае ўлады, ён шукаў ёй апраўдання. Увогуле, яго найбольш цікавіла не палітыка, а фізіка, космас, тэхнічныя навукі. Ён скончыў тэхнічны інстытут у Маскве. Там застаўся працаваць інжынерам-канструктарам у навукова-даследчым інстытуце. Я не супярэчыла, паехала да яго. Менск без маіх крэўных, без маіх сяброў больш мяне не вабіў.

У Маскве я жыла адно сям'ёй. Гадуючы дзяцей, пазнала не толькі ўцеху, але і матчына гора, калі памёр наш пяршынец - сын Леанард.

Міналі гады. Клопаты і радасці нашае маладое сям'і, навуковыя поспехі мужа паступова пачалі засланяць перажытыя ў трыццатым годзе страхі. Я нават пачала спадзявацца, што ў Савецкім Саюзе можна быць хаця б у сям'і шчаслівай. Горка памылілася. Нахлынула яжоўшчына і захліснула сваёй безашчаднай хваляю нас. Мужа арыштавалі, пасадзілі ў Таганскую турму, збілі да непрытомнасці, абвінавацілі ў "контррэвалюцыйнай дзейнасці", вывезлі ў канцэнтрацыйны лагер на Калыму. Чула, што праз некалькі гадоў беззаконнага зняволення яго рэабілітавалі. Мажліва, і цяпер ён знайшоў апраўданне здзеку над сабою. Я - не.

Без мужа ў Маскве я адчула сябе адзінокай, безабароннай. На маіх руках засталася двухгадовая дачка Іна. Пагроза, што мяне таксама могуць арыштаваць, а дачку забраць у дзіцячы прытулак, кроіла душу і розум. Тады, у момант роспачы, нарадзілася няўтольнае жаданне пры першай нагодзе вярнуцца назад на Беларусь, вярнуцца ў Ярэмічы, да дарагіх з маленства мясцінаў. Нагода прыйшла ў часе другой сусветнай вайны.

Быў месяц студзень, калі я, трымаючы за руку сваю малую Іну, пераступіла браму роднага кута. Пасля першае сусветнае вайны Ярэмічы засталіся на польскім баку, зрабіліся для нас недасягальнымі. Toe, што я змагла вярнуцца сюды разам з сваім дзіцем, бязмерна цешыла. Пачуццё не толькі радасці, a i гордасці захлынала. Так, гордасці. I ўсё цяжкое, што выпала на маю долю ў апошнія гады, неяк палегчыла, нібы адышло.

Было радасна ізноў спаткацца з сваякамі. Цешыла мажлівасць ісці працаваць у школу-сямігодку, не марнаваць дарма часу.

Пражылі мы з дачкою там амаль цэлы год. I сёння перад вачыма зіхаціць у сонцы празрыстая вада Нёмана. Іна з сяброўкаю цягаюць каменьчыкі з мелкага дна, будуюць штось на беразе. Сіняе неба, сачыстая зеляніна поплаву. У мястэчку няма ні немцаў, ні паліцыі, пі партызанаў. Спакой навокала, спакой на душы.

На нашу бяду, у канцы 1942 года Ярэмічы, маючы ў блізкім суседстве Налібоцкую пушчу, апынуліся ў партызанскім раёне. Людзі пачалі пакідаць мястэчка. Падалася і я з дачкою далей ад небяспекі ў Наваградак. Уладзілася працаваць у Наваградскай настаўніцкай семінарыі.

Ярэмічы ў тым часе гарэлі тры разы: адзін раз іх палілі немцы, два разы - партызаны. За трэцім разам спалілі і маю хату. Вярнуліся пасля велікодных канікулаў семінарысты з суседняга мястэчка Турэц з навіною: "Спадарыня настаўніца! У Лазараву сыботу ваш "палац" спалілі партызаны". Студэнты, схільныя да жартаў, заўсёды маю хату называлі "палацам". Але для мяне гэтая вестка прынесла глыбокі боль.

Параскідаў лёс нашу сям'ю па свеце. Бацькі памерлі далёка ад Ярэмічаў. Далёка ад іх засталіся на жыццё сем'і сясцёр і брата. Мая дачка памерла ў Нямеччыне. Я жыву ў Амерыцы. I няма ў нас цяпер месца на зямлі, якое завецца бацькавым гняздом .

ЛЕЎ АКІНШЭВІЧ
Балонкі з успамінаў

Мушу сказаць, што навагу напісаць успаміны я прыняў не без некаторых хістанняў ды крыху пад націскам. Я і цяпер няпэўны, ці мае ўспаміны маюць вартасць, бо я ж не належу да людзей, якія "робяць" гісторыю, да правадыроў і дзеячаў, што прысвяцілі жыццё, каб дасягнуць пэўную мэту, ды апісваюць свой шлях да гэтае мэты. Не маю сумлеваў, што гэткія ўспаміны дзеячаў апраўданыя і карысныя.

Некаторае апраўданне маюць і ўспаміны тых людзей навукі і мастацтва, якія пакінулі па сабе глыбокі след у галіне, якой яны аддалі сваё жыццё. Мне цяжка вызначыць сваё месца сярод гісторыкаў украінскага права ды гісторыкаў Гетманшчыны - галінаў навукі, якім прысвечана бальшыня маіх друкаваных працаў. Але яны засталіся мала ведамыя і не выклікалі шырэйшага водгуку. Мая большая, і найважнейшая, на маю думку, праца пра Раду Старшыны, прыкладам, нават не ўспомненая ў зацемцы пра гэтую ўстанову ў энцыклапедыі і ўкраіназнаўства.

Урэшце, некаторых нават і невыдатных людзей жыццё ставіла ў ролі сведкаў падзеяў гістарычнага значэння, пра якія яны могуць сказаць нешта новае і дагэтуль невядомае. Маё жыццё ў гэткія пазіцыі мяне не ставіла.

Дзеля гэтага я адхіляў усе рады і прапановы пісаць успаміны, ды і цяпер няпэўны, што яны вартыя ўвагі. Вырашальным фактарам урэшце былі настойванні прафесара д-ра Я. Падаха, чалавека, ад якога я дазнаў шмат дабра, адмовіць яму было цяжка.

Магчыма, некаторым апраўданнем для маіх успамінаў можа быць апавяданне пра пакаранне мяне органамі ГПУ за адмову супрацоўніцтва з імі. Таксама цяжкасці з знаходам працы пасля звальнення з Нежынскага інстытута, якія наглядна паказваюць цяжкое палажэнне людзей працы ў дзяржаве, дзе яна адзіны працадаўца. Гісторыя майго звальнення з прафесарскае пасады на аснове цалком фальшывых звінавачванняў характарызуе стыль і звычаі сталінскае дыктатуры.

Для ўкраінскіх гісторыкаў таксама можа быць карыснаю гісторыя гібелі архіва галіцкае арміі, якая можа нешта сказаць пра настроі і пазіцыі людзей 20-х і 30-х гадоў. Калі справа ішла пра ратаванне сваіх людзей, тады і прэзідэнт Акадэміі Забалотны, і гэткі савецкі актывіст, якім быў Іваныцкі-Васіленка, і сціплы беларускі службавік, рызыкуючы сваім жыццём у выпадку выкрыцця факту знішчэння архіва, знаходзілі сваё месца ў акцыі ратунку.

Мне хочацца думаць, што апавяданне пра гэткія падзеі і з'явы можа нечым прыдацца для гісторыі.

Застаецца адказаць на пытанне пра мову. Гэта спецыяльная праблема чалавека ў маім палажэнні. Трэба тут узяць на ўвагу маё мяшанае паходжанне, тое, што ў памяць бацькі я вызначыўся як беларус, хоць ніколі стала на Беларусі не жыў (за выняткам канца 1930-х і пачатку 1940-х гадоў, калі быў у далучаным да РСФСР Смаленску).

Уплывы расейскае культуры, да якое я ніколі варожа не ставіўся, былі моцныя і ў сям'і, і ў школе. Украіна, дзе прайшла значная частка майго жыцця, была быццам маёю другою бацькаўшчынаю ды прадметам маіх даследных працаў. Урэшце, не магу забыцца і пра сваю "другую бацькаўшчыну", пра ЗША, дзе я ў меру маіх сілаў і магчымасцяў намагаўся ўзяць удзел у навуковай працы.

Пытанне пра мову давялося ўрэшце вырашаць на падставе меркаванняў практычнага характару. А выходзячы з іх, расейская мова, хоць у выпадку публікацыі магла б збольшыць лік магчымых чытачоў, была б непрыдатная ў сувязі з тым, што працы былі напісаныя не ў расейскай мове і пераважна датычылі да гісторыі ўкраінскага права, прадмету для расейскага чытача малацікавага. Дзеля гэтага і доля аўтара гэтых працаў у вачох гэтага чытача мае невялікае значэнне.

Маё месца ў амерыканскай навуцы таксама непрыкметнае, для чаго мае значэнне і тое, што добрая частка з іх падпісаная не маім імем, але псеўданімам Leo A. Yaresh. Маю тут на ўвазе маю манаграфію пра савецкі арбітраж і чарод артыкулаў пра савецкую гістарыяграфію. Гэта быў вынік двух з палавінай гадоў даследнае працы ў Research Project on the USSR. Праблемы, якія датычаць да нацыянальных "мяншыняў" СССР, для якіх мае ўспаміны маглі б даць матэрыял, мала, на жаль, цікавяць амерыканскага чытача.

Мне асабліва прыкра вылучаць сябе як аўтара ўспамінаў у беларускай мове. Але мне ясна, што я не маю права, зрабіўшы гэтак мала для беларускае справы, прэтэндаваць на ўвагу беларускага чытача. Успаміны хіба маглі б паказаць, як справядлівасць гэтае справы змагла выклікаць сімпатыі напалову беларуса, народжанага ў Расеі, які гады маладосці пражыў на Украіне. Але гэта, пэўна ж, не дастатковая падстава для пісання ўспамінаў.

Украінская мова ў гэтым выпадку выглядае найбольш прыдатнаю. I не толькі дзеля таго, што ўкраінскі бок выказаў найбольшае зацікаўленне ў маіх успамінах у асобе прафесара д-ра Яраслава Падаха, старшыні навуковага таварыства імя Т. Шаўчэнкі ў ЗША. Вырашальнае значэнне мае той факт, што бальшыня маіх працаў прысвечаная гісторыі ўкраінскага права ды што арганізацыйна, як супрацоўнік Украінскае акадэміі навук, з украінскай навукай я быў звязаны. Думаю, што мае ўспаміны даюць сёе-тое для гісторыі Акадэміі.

Урэшце, я хачу спадзявацца, што для ўкраінскага грамадзянства яны могуць паказаць, як і некаторыя людзі іншае нацыянальнасці, гэткія, як я, як расейка Н. Палонская-Васіленка, яўрэй О. Гермаізэ, ды шмат іншых, нешта зрабілі для ўкраінскае навукі, а гэтым самым для ўсяе справы ўкраінскага нацыянальнага адраджэння.

ВАЖНЕЙШЫЯ ЖЫЦЦЯПІСНЫЯ ДАТЫ I ФАКТЫ

Акіншэвіч, Леў (Окиншевич, Лев у ўкраінскіх працах, Okinshevic, Leo ў ангельскіх, частка апошніх падпісаная псеўданімам Leo A. Yaresh, a беларускіх псеўданімам Л. Вароніч), народжаны 7 лютага (25 студзеня паводле старога стылю) 1898 года ў Пецярбургу. Мае бацькі - Акіншэвіч Аляксандр, гэным часам адзін з юрысконсулаў кіраўніцтва Паўночна-Заходніх чыгунак, і ягоная жонка Лізавета, народжаная Ярэш. Мой бацька быў беларус, сын сельскага святара ў Гомельскім павеце. Ён скончыў Чарнігаўскую гімназію і юрыдычны факультэт Адэскага універсітэта.

Мая маці была мяшанага чэшска-расейскага паходжання. Яна скончыла жаночую гімназію ў Кіеве і два гады вучылася ў французскай сярэдняй школе аднаго з каталіцкіх жаночых канвентаў у ваколіцах Парыжа. Дзеля цяжкое хваробы - туберкулёзу косці, які зрабіў яе калекаю на ўсё далейшае жыццё,- наша сям'я была змушаная пакінуць Пецярбург ды пераехаць да Кіева, дзе мой бацька заняў пасаду дырэктара паўднёва-заходняга аддзела аднаго з прыватных страховачных таварыстваў.

Майго бацькі не стала ў 1906 годзе. Асірацелая, ачоленая хвораю жанчынаю сям'я перайшла жыць да бацькоў маці. Бацька маёй маці, Хведар Ярэш, больш за 25 гадоў выкладаў лацінскую мову ў калегіі Паўла Галагана. Год пазней, у 1907 годзе, памёр і мой дзед. Жаралом існавання сталася цяпер пенсія маёй бабкі, заработан маёй маткі з лекцыяў французскае мовы, які яна давала ў адной кіеўскай прыватнай жаночай гімназіі, ды невялікая арэндная плата за 30 гектараў зямлі, якую мой дзед Ярэш прыдбаў у Кіеўскім павеце.

У 1907 годзе я паступіў у падрыхтоўчы клас кіеўскай прыватнай гімназіі В. Петра. Выбар гімназіі быў абумоўлены тым, што Петра, які быў блізкім прыяцелем майго дзеда Ярэша, згадзіўся звольніць мяне ад платы за навуку. Калі я быў у 2-м класе, зайшлі змены ў кіраўніцтве гімназіі, і яна перайшла да камітэта бацькоў. I новае кіраўніцтва далей звальняла мяне ад платы за навучанне, цяпер беручы на ўвагу мае добрыя адзнакі.

У 1912 годзе я быў прыняты ў лік стыпендыянта ў калегіі Паўла Галагана. Чатыры гады, праведзеныя ў калегіі, далі вельмі шмат для кажнага з калігіятаў - высокі ўзровень выкладання школьных прадметаў, вялікая бібліятэка, экскурсіі да Пецярбургу і Маскве, спартовыя заняткі. Супольная навука ды жыццё спрыялі ўстанаўленню добрых сувязяў на ўсё жыццё.

Калегію Паўла Галагана я скончыў вясною 1916 года і ўвосень гэтага ж года быў прыняты ў склад студэнтаў юрыдычнага факультэта Кіеўскага універсітэта. Увосень 1917 года я паступіў у другую Кіеўскую вайсковую школу і ў травені скончыў яе ў рангу прапаршчыка. Пасля пары месяцаў у запасным палку я прызначаны да 134-га Феадосеўскага палка (усе даты з памяці і дзеля гэтага прыблізныя).

Вясною 1918 года - паварот з траншэі на берагох Серэту ў Румыніі да Кіева. Летам 1918 года - узноўленыя студыі на юрыдычным факультэце, удзел у дзейнасці беларускай арганізацыі места Кіева, у якой я быў сябрам кантрольнае камісіі. Як колішні афіцэр расейскае арміі я быў прымусова мабілізаваны, на параўнальна кароткі час, рознымі ўрадамі, апрача ўраду УНР (Украінскае Народнае Рэспублікі), які на просьбу беларускага кансуляту звольніў мяне як падданага беларускай рэспублікі ад мабілізацыі. У 1919 годзе - жанімства з Марыяй Савінай, якую знаў з маленства.

ПАЧАТКІ НАВУКОВАЕ ПРАЦЫ

да навуковае працы адчыніў мне выпадак. Перад Калядамі 1920 года, праходзячы вуліцай каля букініста, які расклаў свае кніжкі на тратуары, я пабачыў кнігі прафесара Сяргеявіча "Древности русского …". Паколькі я меўся ў хуткім часе складаць экзамен з гісторыі расейскага права, я пастанавіў кнігу купіць. Том быў прысвечаны адной тэме: баярскай думе Macкоўскае дзяржавы. З вялікім зацікаўленнем я прачытаў гэтую таленавіта напісаную працу.

На экзамене ў прафесара М. Васіленкі ён мяне запытаўся якраз пра баярскую думу. Я ведаў пра яе ці мала. Пры канцы экзамену прафесар выказаў сваё асаблівае задаваленне і пасуліў мне навуковую працу ў ачоленай ім Камісіі для вывучэння гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права ў Украінскай акадэміі навук. Мы пастанавілі, што працу пачну па заканчэнні ўсіх экзаменаў.

У чэрвені 1921 года апошні экзамен складзены, застаецца толькі дыпломная праца. Я прыйшоў да Акадэміі навук і быў аформлены як ейны навуковы супрацоўнік. На прапанову Васіленкі я меў працаваць над тэмай пра казацкія рады ў Украіне 17-18 стст. (генеральные і старшынскія).

Ужо назаўтра я ўзяўся за працу ды пачаў збіраць матэрыял для свае тэмы са зборніка "Акты, относящиеся к истории южной и западной России". Адначасна, не жадаючы быць спецыялістам аднае толькі тэмы, я пачаў, і працягваў наступныя чатыры гады, працу над усёй літаратурай з гісторыі ўкраінскага і беларускага права, а таксама над тымі працамі з гісторыі расейскага і польскага права, якія проста ці пасярэдзіне маглі прычыніцца да гісторыі права Украіны і Беларусі. Пры канцы 1921 года публічная абарона дыпломнае працы "Абіранне гэтмана на Украіне-Гетманшчыне" і атрыманне дыплома 1-е ступені.

У 1923 годзе, У выніку праведзенае грашовае рэформы, Акадэмія навук дастала абмежаваны лік пасадаў, якія аплачваліся цвёрдаю валютай. Нашая камісія дастала адну гэткую пасаду (апрача старшыні). Было дамоўлена; што гэты штатны супрацоўнік мае выконваць адначасна і абавязкі сакратара камісіі.

У іншых установах новыя штатныя пасады абсуджваліся паводле выбару іхных кіраўнікоў. У Камісіі заходнерускага і ўкраінскага права акадэмік Васіленка перадаў і гэтую справу на вырашэнне сяброў камісіі. Тайным галасаваннем штатным супрацоўнікам і сакратаром абралі мяне. Мушу тут сказаць, што дачыненні з папярэднім сакратаром камісіі, С. М. Іваніцкім, засталіся сяброўскімі, што робіць яму гонар. Для мяне ж гэтае прызначэнне забяспечвала навуковую працу на колькі гадоў.

Матэрыялы для сваёй тэмы я збіраў з друкаваных
зборнікаў актаў. З парады акадэміка Васіленкі я пераглянуў шматтомны зборнік копіяў архіўных матэрыялаў Судыенкі ў бібліятэцы Кіеўскага універсітэта. Магчымасць пашырыць матэрыял для маёй тэмы далі камандзіроўкі да пазакіеўскіх архіваў. Наколькі помню,
разоў чатыры ездзіў да Масквы, дзе кожны раз два месяцы працаваў у архіве колішніх расейскіх міністэрстваў юстыцыі і замежных справаў, які ў 20-х гадах называўся "Древлехранилище РСФСР". Адбыў я таксама камандзіроўкі да архіваў Харкава, Палтавы і Чарнігава.

На аснове гэтых матэрыялаў, ужо друкаваных і архіўных, былі падрыхтаваны тры большыя манаграфіі ды чарод артыкулаў у "Працах" камісіі ды ў іншых выданнях. Манаграфіі былі прысвечаны тэмам пра генеральную раду Гетманшчыны, пра раду старшыны ды пра "Знатнае вайсковае таварыства", якая пабачыла свет толькі ў 1947 годзе.

З задавальненнем успамінаю гэтыя гады працы ў Камісіі гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права. Гэта залежала ад атмасферы талерантнасці, якую ўносіў старшыня камісіі акадэмік М. Васіленка, што вяло да дружнага супрацоўніцтва ў працы ейных сяброў. Я не прыпамінаю якога-колечы спаборніцтва, непрыязні і непаразумення. У выніку гісторыя гэтае камісіі гэта гісторыя ейных працаў і дасягненняў, а не, як часта бывае, гісторыя змаганняў розных групаў і спаборніцтва між ейнымі паасобнымі сябрамі.

Асаблівая сітуацыя склалася ў 1924 (?) годзе. Гэта быў час арышту акадэміка Васіленкі, папярэдняга следства, судовага працэсу "Центра действий" ды ягонага колькімесячнага ўвязнення пасля прысуду. Мы, сябры камісіі, намагаліся працягваць ейную працу. Паседжанні камісіі рэгулярна адбываліся кожны тыдзень. Вельмі часта прысутных было толькі тры асобы: апрача мяне як сакратара стала наведвалі паседжанні С. Барысёнак і I. Чэркаскі. Гэты апошні і быў старшынёй пасяджэнняў.

ПРЫ КАФЕДРЫ ГІСТОРЫІ УКРАІНЫ М. С. ГРУШЭЎСКАГА

Аднаго дня, думаю, што было гэта на пачатку 1925 года, у вестыбюлі акадэміі да мяне падышоў акадэмік М. С. Грушэўскі. Да гэтага часу мае "знаёмства" з ім абмяжоўвалася тым, што на прывітальным вечары, зладжаным мясцоваю суполкаю асветы ў гонар ягонага павароту да Кіева, ён, абыходзячы ўсіх прысутных, падаў руку і мне. Цяпер М. Грушэўскі мне сказаў, што ў кіраванай ім навукова-даследчай кафедры гісторыі Украіны, у дадатак да прынятых пры канцы 1924 года аспірантаў, будуць стыпендыі для новых аспірантаў і ён прапануе гэткую стыпендыю мне. М Грушэўскі дадаў, што ён гаварыў пра гэтую прапанову з М. П. Васіленкам і той даў сваю згоду.

Я адразу згадзіўся і падзякаваў яму. Гэта, пэўна ж, паляпшала матэрыяльнае палажэнне ды давала змогу павысіць сваю кваліфікацыю пад кіраўніцтвам вялікага вучонага. М. П. Васіленка пацвердзіў, што ён нічога не мае супроць маёй дадатковай працы.

На жаль, навуковага кіраўніцтва вялікага вучонага я не здабыў. Наколькі прыпамінаю, гутарка ў вестыбюлі акадэміі была адзінаю з М. Грушэўскім. Галава кафедры не кіраваў працаю аспірантаў, гэтае кіраўніцтва належала да сяброў кафедры. Маім кіраўніком быў прафесар Аляксандр Грушэўскі, брат галавы кафедры. Колькі разоў у годзе я дакладваў яму пра сваю працу ды слухаў ягоныя парады.

Наведваючы паседжанні кафедры, я чуўся быццам у іншым свеце ў прыраўнанні да камісіі акадэміка Васіленкі. Там з першага дня я быў прыняты як роўны сярод роўных і пачуваў сябе між сяброў. Гэткая атмасфера людскіх дачыненняў залежала ад старшыні камісіі, які быў нібы старшым і паважаным прыяцелем ейных сяброў.

На кафедры Грушэўскага атмасфера была іншая. Часткова залежала гэта ад таго, што была гэта не гэтулькі даследная, як навучальная ўстанова. Мела знанэнне таксама тое, што падбор аспірантаў не зусім залежаў ад Грушэўскага. Супроць ягонае волі давялося прыняць на аспірантаў трох вучняў прафесара О. Аглобліна. Адзін з іх (Камінскі) быў сябрам Камуністычнай партыі, другі (Крэчэнка) былы сябра Кампартыі ды галава Радамысльскае Чэка. Прысутнасць гэткіх людзей безумоўна адбівалася на характары дачыненняў, якія набіралі фармальны тон.

Мне ніколі не было ясна, чаму прафесар М. Грушэўскі прыняў мяне на сваю кафедру, як таксама не магу і дагэтуль зразумець, чым пры канцы майго прабывання я выклікаў ягоную няласку...

Пасля заканчэння трох гадоў аспірантуры я меў быць пераведзены да навуковых супрацоўнікаў кафедры. Для гэтага я меў публічна абараніць даследную працу. 3 дазволу акадэміка М. Васіленкі для гэтае мэты я падаў манаграфію "Генеральная рада на Гетманшчыне", якая была надрукавана ў "Працах" Васіленкавае камісіі.

Аднаго дня да мяне ў акадэміі прыйшоў прафесар О. Гермаізэ, з якім у мяне былі сяброўскія дачыненні. Ён сказаў, што М. С. Грушэўскі даручыў яму пераказаць мне ягоную ультыматыўную прапанову: я мушу пагадзіцца на пераход да навукова-даследнае кафедры акадэміка Д. Багалія, які згаджаецца прыняць мяне да складу свае кафедры, і тады мая праца будзе апрабаваная. У іншым выпадку праца будзе прызнаная за
нездавальняючую.

Я адразу згадзіўся. Незадоўга адбылася публічная абарона мае працы, і яна была апрабаваная. У часопісе "Украіна" была змешчана інфармацыя пра гэтую абарону. Больш гэтага: М. Грушэўскі прасіў М. Васіленку дазволіць выдаць 200 экземпляраў адбіткаў маёй працы пад маркаю навукова-даследчае кафедры гісторыі Украіны. Дазвол быў дадзены, і гэтае выданне паказалася.

Магчыма, нездавальненне М. Грушэўскага было спрычынена ахалоджаннем дачыненняў між ім і Васіленкам. Тады Грушэўскі вёў зацятае змаганне з сябрамі управы акадэміі А. Крымскім і С. Яфрэмавым. На супольным сходзе акадэміі М. Васіленка падтрымаў управу. Магчыма, што ў сувязі з гэтым я, як блізкі супрацоўнік Васіленкі, выглядаў цяпер як "прадстаўнік варожых сілаў" на кафедры.

Калі я запытаўся ў Гермаізэ, што казаў яму Грушэўскі, ён адказаў: "Грушэўскі сказаў, што вы чужы". Гэта магло значыць - "не ўкраінец", але магло значыць і "васіленкавец". Урэшце, магло гэта значыць і тое і другое разам.

Няма што казаць, што пагроза не прапусціць маю працу была цалкам рэальная. Я сабе не ўяўляю, як я мог заставацца на кафедры супроць волі ейнага кіраўніка. Практычна я таксама нічога не губляў: на абедзвюх кафедрах, і ў Грушэўскага, і ў Багалія, пасады навуковых супрацоўнікаў не былі платныя.

Што б ні было, прынцыпова няправільна і недапушчальна ставіць ацэну навуковае працы ў залежнасці ад настаўлення да ейнага аўтара. Мой залік у наступным годзе навуковым супрацоўнікам навукова-даследчае кафедры акадэміка Д. Багалія ў Харкаве быў чыста намінальны.

БЕЛАРУСКІЯ СУВЯЗІ

Не зважаючы на працу ў украінскім асяроддзі, у якім я быў трактаваны як свой ды роўны, і ўсё большае зацікаўленне сваёю тэмай, якая належала да гісторыі ўкраінскага права, я не забываўся пра краіну майго бацькі і пачуваўся да абавязку дапамагчы ейнаму нацыянальнаму адраджэнню. Я сістэматычна працаваў над вывучэннем беларускае мовы і ўдасканаленнем свайго яе знання. Гэтыя заняткі далі мне магчымасць зрабіць нешта для беларускае навукі.

Ад 1925 года я супрацоўнічаў у беларускім літаратурна-навуковым часопісе "Полымя". У гэтым часопісе была надрукавана мая праца "Казацтва на Беларусі". Яна выклікала зацікаўленне, не зважаючы на тое, што пабудавана была на друкаваных, хоць да гэтага часу і не выкарыстаных матэрыялах. У "Полымі" было надрукавана і колькі маіх меншых артыкулаў ды рэцэнзіяў на ўкраінскія выданні, што датычыліся Беларусі.

Адначасна з гэтым у ўкраінскіх часопісах "Чырвоны Шлях" і "Украіна" я памясціў колькі рэцэнзіяў на беларускія выданні. У "Чырвоным Шляху" быў надрукаваны мой артыкул "Творчы шлях Цішкі Гартнага", прысвечаны ўгодкам 3. Жылуновіча, беларускага пісьменніка, першага старшыні Рады Народных Камісараў Беларусі а ў часе напісання артыкула кіраўніка дзяржаўнага выдавецтва Беларусі ды рэдактара часопіса "Полымя". Падпісаў я гэты артыкул "Л. Воронич" - украінізаваная форма прозвішча маёй бабкі па бацьку.

Недзе каля 1928 года, калі аднаго дня прыйшоў а Акадэміі дамоў, знайшоў запіску Жылуновіча, у якой ён пісаў, што ён праездам у Кіеве і хацеў бы бачыць кіеўскага супрацоўніка свайго часопіса. Назаўтра я яго адведаў у ягоным гатэлі і пару гадзінаў мы правялі ў цікавай для мяне бяседзе пра бягучыя праблемы беларускага культурнага жыцця.

У часе маіх трох ці чатырох паездак да Менска я меў нагоду сустрэцца з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам. Да Купалы мяне прывёў Янка Марук, сакратар "Полымя", сябра камсамолу і патрыёт Беларусі.

Мае адведзіны Купалы адбыліся колькі месяцаў пасля ягонага выхаду з шпіталя, калі ён пробаваў пакончыць жыццё самагубствам. Калі быў у яго, адчуваў глыбокую трагедыю гэтага светлага чалавека, нацыянальнага прарока, "беларускага Шаўчэнкі", якому жыць і тварыць давялося ў суровую, жорсткую эпоху "пралетарскай рэвалюцыі".

Якуба Коласа я адведаў "напаўафіцыйным" спосабам. Гэта было каля 30-га года, калі акадэмік М. Краўчук і я - ён ад агульнага сходу акадэміі, я ад калектыву ейных супрацоўнікаў як старшыня лакальнае акадэмічнае секцыі навуковых працаўнікоў,- прыехалі для падпісання дамовы пра "сацыялістычнае спаборніцтва" Украінскае акадэміі з Беларускай акадэміяй навук. Пад час нашага прабывання ў Менску Якуб Колас, які быў сябрам управы Беларускае акадэміі, запрасіў нас да сябе на вечар. Прыйшоўшы да яго, мы засталі колькіх іншых прадстаўнікоў беларускага культурнага свету. Сярод іх з асаблівай цікавасцю я прыглядаўся да Я. Лёсіка, актыўнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння.

У той самы прыезд давялося нам пабачыць і В. Ластоўскага, вядучага беларускага вучонага, аўтара манаграфіі з гісторыі беларускага друку ды колішняга старшыню ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі, які на сваю пагібель вярнуўся з эміграцыі ў БССР. Нас запрасілі наведаць этнаграфічны музей, дзе Ластоўскі ў той час працаваў навуковым супрацоўнікам. Паказваў нам музей ягоны дырэктар, малады чалавек, не беларускага тыпу. У працэсе агляду экспанатаў музея Ластоўкі падышоў да нас і хацеў уступіць у гутарку, але быў брутальна адсунуты дырэктарам музея.

У часе маіх прыездаў да Менска я навязаў кантакт з беларускімі гісторыкамі 3. Даўгялай, В. Дружчыцам, А. Бурдзейкам і Т. Забелам ды быў гасцінна імі прыняты. Тодара Забелу я знаў яшчэ з Кіева, дзе ён быў актыўным сябрам беларускага студэнцкага гуртка "Зорка", а пасля кіеўскай беларускай арганізацыі. 3 прыемнасцю таксама ўспамінаю свае спатканні а С. Некрашэвічам, віцэ-прэзідэнтам Беларускае акадэміі навук.

Некрашэвіч ці раз ставіў пытанне, што было б пажадана, каб я пераехаў да Менска і на Беларускім дзяржаўным універсітэце выкладаў гісторыю беларускага права. Гэтыя прапановы дайшлі, ясна, да ведама і рэктара універсітэта прафесара Ул. Пічэты. Калі аднаго разу я з ім сустрэўся ў Беларускай акадэміі навук, ён запрасіў мяне да сябе на абед. За бутэлькай чырвонага віна справу выкладання гісторыі беларускага права ён паставіў адкрыта. Ён казаў, што яму даводзіцца жыць на два дамы, бо ягоная сям'я ў Маскве, і гэта вымагае дадатковых выдаткаў. Дзеля гэтага ён хоча захаваць сабе плату за рэктарства, за выкладанне гісторыі Беларусі на гістарычным факультэце і гісторыі беларускага права на юрыдычным факультэце. Я запэўніў яго, што не прэтэндую на занятае месца.

Пічэта казаў мне, што ён піша гісторыю Беларусі ў 5-ці тамах. Першы том быў складзены, і з даручэння дзяржаўнага выдавецтва Беларусі я быў адным з ягоных рэцэнзентаў. Гэты том быў прысвечаны пераважна беларускай археалогіі ды данарманскаму перыяду. Я горача вітаў гэтую фундаментальную працу.

У часе маіх камандзіровак да Масквы, працуючы там у архівах "Древлехранилища", я ці раз бачыў новыя матэрыялы да тэмы пра казацтва ў Беларусі за часоў хмяльніччыны. Асабліва шмат іх было ў фондах "Разряду" (прыказу, які ў Маскоўскім гаспадарстве 17 ст. кіраваў вайсковымі справамі) і, чамусьці, у Сібірскім Прыказе. Гэтыя матэрыялы давалі тое-сёе для цэнтральнай тэмы пра "Беларускі полк", але больш характарызавалі дзейнасць партызанскіх аддзелаў на тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Рослаўшчыны, у паасобных выпадках каардынаваную з акцыяй .Беларускага палка. Я занатаваў сабе паказанні на гэтыя дакументы ў рэестрах архіўных фондаў.

Будучы ў Менску на пачатку 1930-х гадоў, я запрапанаваў Беларускай акадэміі навук напісаць большую манаграфію пра казацтва ў Беларусі за часоў хмяльніччыны і дадаць да яе том архіўных матэрыялаў. Скантактаваўшыся ў гэтай справе з дзяржаўным выдавецтвам Беларусі, яны пагадзіліся. Была складзена ўмова, у якой выдавецтва абавязалася прыняць на сябе абавязак аплаціць выдаткі на перапіску архіўных матэрыялаў. Гэтую перапіску я даручыў сёстрам Шуйскім, дазнаным перапісчыцам маскоўскага архіва.

Па колькіх месяцах, па заканчэнні працы над сваёй манаграфіяй пра "Знатнае вайсковае таварыства на Украіне-Гетманшчыне", я спарадкаваў том маскоўскіх архіўных матэрыялаў і пачаў пісаць працу пра беларускае казацтва. Але былі напісаныя толькі тры першыя раздзелы. Далейшая праца абарвалася ў сувязі з маім адыходам з Украінскае акадэміі навук. На пачатку другое сусветнае вайны гэтыя матэрыялы загінулі ў Смаленску ў пажары.

ЗАПАЛОНЕНАЯ НАВУКА

Палажэнне ў Украінскай акадэміі навук на пачатку 30-х гадоў рэзка змянілася. Шмат супрацоўнікаў было арыштавана і саслана, шмат было "вычышчана" і звольнена. Заміж іх да Акадэміі прыйшло шмат партыйных. Новая кафедра марксізму-ленінізму з вялікім лікам партыйных аспірантаў сталася дамінантнай установай Акадэміі. Пры гэткіх умовах усё больш ставалася ясным, што пагляд, быццам трэба старацца здаволіць вымогі ўдзелу ў "будаўніцтве сацыялізму", каб гэтым захаваць пачатую ў 20-х гадах даследную працу, сябе не апраўдаў. Гэткі пагляд не ўлічыў, што азначэнне прапорцыі паміж студыямі, якія мелі за мэту развіццё ўкраінскае (і беларускае) культуры і працы па "будаўніцтве сацыялізму", будзе залежыць ад тых, хто мае рэальную ўладу. А яе мела Камуністычная партыя.

Частка партыі была прыхільная нацыянальнаму адраджэнню свайго народа. Але "нацыянальна сведамыя" камуністы былі ў партыі заўсёды меншынёю. Бальшыня ж належала да людзей, не зацікаўленых у нацыянальным развіцці народа і часта яму варожых. Пачатак 30-х гадоў быў часам, калі нацыянал-камуністы згубілі свой уплыў. Бальшыня іх закончыла жыццё вязнямі савецкіх канцэнтрацыйных лагероў. Уладу ў нацыянальных рэспубліках перабралі людзі абыякавыя, а часта і варожыя да развіцця нацыянальных культураў.

СУСТРЭЧА З ГПУ

Аднаго дня, на пачатку 1932 года, папрацаваўшы дома, я, як звычайна, пайшоў у Акадэмію. Каля ейных дзвярэй да мяне падышлі двое людзей, апранутых у цывільную вопратку, якія сказалі, што яны супрацоўнікі ГПУ, ды запрапанавалі ісці з імі. Было каля 11-й гадзіны раніцы. Дзіўна, што хоць добра помню падзеі таго дня, не магу прыпомніць, як мяне давезлі ці давялі да будынку ГПУ на Банковай вуліцы. Далей усё прыпамінаецца яскрава.

Мы ўвайшлі ў будынак з бакавых дзвярэй, падняліся на другі паверх. Там мяне пакінулі на лаўцы ў другім калідоры. Было злавесна ціха. Часам цішыню перарывалі крокі канваіраў, якія вялі арыштаваных да дзвярэй кабінетаў следчых ГПУ. На калідоры я прасядзеў каля дзвюх гадзін. Пачуццё было непаўторнае: сведамасць таго, што тагачаснае ГПУ не было нічым звязанае ў вырашэнні долі сваіх ахвяраў.

Урэшце два канваіры падышлі да мяне і правялі да

кабінета аднаго з следчых. За колькі часінаў следчы прыйшоў, і я з здзіўленнем пабачыў, што я яго знаў. Дарма, што цяпер ён быў у уніформе афіцэра войска ГПУ, а перад тым я яго бачыў у цывільнай вопратцы. Бачыў я яго ў Акадэміі навук, дзе ён быў аспірантам кафедры марксізма-ленінізма. Ягонае прозвішча было Пагрэбінскі. Гэта быў малады яўрэй, гадоў 23-25, інтэлігентны і, прынамсі ў першай частцы нашае з ім гутаркі, ветлівы.

Гутарка была даўгая, цягнулася 9 гадзінаў, да позняга вечара. Перарвалася яна толькі на абед, які далі і мне.

Хутка мне стала ясна, што ішло пра маё супрацоўніцтва з ГПУ. Гэтая прапанова, аднак, была выказана не адразу. Падрыхтоваю да яе была гутарка пра мае "палітычнае аблічча". На мае сцверджанне, што я лаяльны грамадзянін савецкае дзяржавы, следчы адказаў, што ГПУ мае вялікія сумлевы ў гэтым - я хутчэй ейны асцярожны вораг. На довад гэтага ён дастаў даволі тоўстую папку з матэрыяламі пра мяне ды прачытаў колькі прыкладаў. Усе яны зводзіліся да сітуацыяў, калі нейдзе нехта з прысутных выяўляў сваё крытычнае настаўленне да савецкае ўлады, а я не даваў гэтаму адпору. Цяпер, казаў следчы, мне даецца магчымасць давесці сваю лаяльнасць ды прыхільнае настаўленне да савецкае ўлады.

Пасля таго як я адмовіўся падпісаць згоду на тайнае супрацоўніцтва з ГПУ, пачалося даўгое намаўленне "падумаць" пра кансеквэнцыі адмовы. Пад час гэтых намаўленняў следчы перайшоў з украінскае мовы, якою ён валодаў беззаганна, на мову расейскую.

Агульна беручы, гэтыя доўгія намаўленні ішлі па лініі, што будзе пры маёй згодзе ці нязгодзе - нагароды за згоду, пакаранне за адмову. Найбольшаю абяцанкай за маю магчымую згоду было ўзвядзенне мяне ў акадэмікі. Гэтая абяцанка, аднак, не дасягала свае мэты: славалюбнасць не належыць да ліку маіх, заганаў, ды я ні на хвіліну і не верыў у магчымасць гэткага раптоўнага ўзлёту, не гаворачы ўжо пра непрымальнасць ягонае цаны.

У ліку пагрозаў за адмову было папярэджанне, што ГПУ можа зруйнаваць мае сямейнае жыццё. Дасягнуць гэтага яны могуць, ці пераканаўшы маю жонку ў маёй "здрадзе", ці падаслаўшы да яе дазнанага зводніка жанчынаў. Галоўнаю пагрозаю было папярэджанне, што мая адмова будзе азначаць канец маёй навуковай працы. Пры гэтым следчы сказаў, што мэта ГПУ пакінуць на гэтай працы толькі тых, што дапамагаюць ГПУ ды ейнай дзейнасці.

Паколькі я не згаджаўся на тайнае супрацоўніцтва, гутарка прыняла больш непрыемны характар, і следчы часам павышаў голас. Абразу я дазнаў толькі ў трэцяй асобе, калі пачуў, як следчы, выйшаўшы на пару часінаў на калідоры, камусьці там скардзіўся: "Эта сволочь совсем меня измучила!" Час быў ужо позні, і намаўлянні трэ было канчаць. Следчы паклаў перада мной кусок паперы і запрапанаваў выкласці на пісьме прычыны мае адмовы. Утомлены да краю, я не мог нічога лепшага прыдумаць, як напісаць: "Отказываюсь по состоянию здоровья" (Адмаўляюся дзеля стану здароўя). Напаследак следчы мне сказаў, што ад гэтага часу я ў стане вайны з ГПУ і хутка зразумею ўсе гэтага кансеквэнцыі. I ён меў рацыю.

КАНЕЦ ПРАЦЫ У АКАДЭМІІ - НЕЖЫНСКІ ЭПІЗОД

Ішоў страшны 1933 год, год нялюдскае жорсткасці чалавека да чалавека. Вельмі цяжка было бачыць на вуліцах паміраючых з голаду людзей, цяжка было адчуваць сваю бяссільнасць хоць чым-колечы ім дапамагчы.

У Акадэміі навук з кажным месяцам ставала менш ейных кадраў, старых навуковых працаўнікоў, якія ў 20-х гадах гэтак шмат зрабілі для справы нацыянальнага адраджэння. Ішлі арышты і ссылкі ў канцэнтрацыйныя лагеры ГПУ. Шмат было "вычышчана" з Акадэміі з дакументамі, з якімі было цяжка знайсці іншую працу. Некаторыя з навуковых працаўнікоў пакідалі Украіну і пераязджалі да больш бяспечных частак СССР.

Дачыненні да мяне кіруючых колаў Акадэміі паступова пачалі мяняцца. Да гэтага часу я быў у ліку "лаяльных" сяброў калектыву. Маё імя паступова з іхнага ліку знікла, заміж гэтага яно ўсё часцей стала ўспамінацца ў ліку асобаў "сумлеўных". Усё яснейшаю ставала перспектыва таго, што пры чароднай "чыстцы" Акадэміі мне, як і іншым сябрам Камісіі заходнерускага і ўкраінскага права, пагражае звальненне.

Трэ было прымаць нейкую пастанову. Яна не была лёгкаю. Украіна, дзе прайшлі гады майго юнацтва, была быццам маёю другою бацькаўшчынай. Акадэмія навук, куды я трапіў выпадкова, сталася месцам заўзятае працы і цесных таварыскіх сувязяў. Тэматыка маіх працаў, не мною самым выбраная, усё больш і больш мяне цікавіла ды быццам абяцала мне сталае месца сярод даследнікаў Гетманшчыны.

Дачыненні з маімі калегамі, гісторыкамі ўкраінскага права, былі нязменна прыяцельскія. Настаўленне да мяне акадэміка М. Васіленкі, чалавека, "поўнага духоўным святлом дабра, такту і талерантнасці", як я пісаў у сваім, апублікаваным, колькі гадоў таму артыкуле пра яго, было нязменна прыхільнае. I ўсё ж, я адчуваў, што трэба пакінуць Акадэмію і, пакуль не запозна, выехаць з Кіева.

Пераехаць у Беларусь, бацькаўшчыну майго бацькі, было першаю думкаю. Але яе давялося адразу адкінуць. Палажэнне там гэным часам было гэткае ж, калі не горшае, як на Украіне. Ішлі арышты і праследы нацыянальных колаў.

Ранняй вясной 1933 года я паехаў да Масквы, да Камісарыяту асветы РСФСР, у аддзел вышэйшых школаў. Там аднесліся да мяне прыхільна і запрапанавалі пасаду прафесара гісторыі СССР у педагагічных інстытутах у Уфе або ў Волагдзе. Мяне больш цікавіла Уфа, але гэта была сталіца Башкірскай аўтаномнай рэспублікі, і там, ясна, гэтым часам таксама ішло праследаванне нацыянальных кадраў. Дзеля гэтага я выбраў Волагду, куды і паехаў з лістом ад Наркампросу РСФСР.

Волагда зрабіла на( мяне добрае ўражанне. Паўночнае паветра было неяк асабліва празрыстае. Шырокія вуліцы з драўлянымі будынкамі ўражалі сваёю цішынёй. На некаторых перакростках стаялі гандляркі з кошыкамі рэпы. "Нашыя паўночныя яблыкі", сказаў мне адзін валагджанін.

Педагагічны інстытут размясціўся на беразе вялікае ракі такой самай назвы, як і места. Там я сустрэўся з рэктарам і кіраўніком гістарычнага аддзела і без цяжкасці дамовіўся пра ўмовы свае працы ў інстытуце. Найважнейшае ў тагачасных умовах пытанне пра кватэру шчасліва ўладзілася прыдзелам мне двух пакояў у новазбудаваным доме для персаналу інстытута.

Да Кіева варочаўся я ў крыху спакайнейшым настроі.

Было, праўда, шкада кідаць сваю працу і сваіх прыяцеляў. Але мне было ясна, што працаваць, калі б застаўся ў Кіеве, можна было б толькі на шкоду нацыянальнай справе. Пераезд да Волагды даваў надзею, што там ГПУ пра мяне забудзе і не стане мсціцца за адмову супрацоўнічаць.

Вярнуўшыся да Кіева, я пайшоў да Акадэміі і паказаў там ліст валагодскага інстытута з запросінамі да працы. Ніхто з кіраўнікоў Акадэміі мяне не затрымліваў, і я звольніўся з Акадэміі без перашкодаў. Пара дзён пайшло на зборы для пераезду. Пакуль што ехаў я адзін, сям'я тым часам заставалася ў Кіеве. Квіток да Волагды быў у мяне ў кішэні. У дзень ад'езду - цягнік адыходзіў увечары - я пайшоў апошні раз да Акадэміі развітацца з маімі, нешматлікімі ўжо, прыяцелямі ды ўзяць апошнія паперы.

У Акадэміі мне сказалі, што на мяне нехта чакае. Быў гэта чалавек гадоў 27-28, ён сказаў, што ягонае прозвішча Ціхі (Тихий) ды што ён прарэктар Нежынскага педагагічнага інстытута. Прыехаў ён спецыяльна пабачыць мяне з даручэння рэктара Нежынскага інстытута, Карпекі. Рэктару, паводле ягоных словаў, учора званіў Дэмчэнка, сакратар Кіеўскага абкома КП(б)У. Дэмчэнка быццам прасіў Карпеку запрапанаваць мне прафесарскую пасаду ў Нежынскім інстытуце. Рабіў гэтую прапанову Дэмчэнка нібы ад імя Цэнтральнага Камітэта КП(б)У і свайго асабіста, як сябры Цэнтральнага Камітэта. Дэмчэнка даручыў сказаць мне, што партыя непакоіцца ўражаннем, якое можа выклікаць за межамі мой ад'езд з Украіны і, асабліва, у Заходняй Украіне, дзе нібы ідзе шырокая кампанія супроць уціскаў украінскае навукі ў Савецкім Саюзе.

Мяне адразу здзівіла, што гэткае важнае значэнне прыдавалася маёй асобе, даследніку малавядомаму паза вузкім параўнальна колам спецыялістаў гісторыі ўкраінскага права і гісторыі Украіны. З маіх працаў толькі манаграфія пра Раду Старшыны была дыскутаваная ў рэцэнзіі В. Заікіна ў часопісе "Суспільство" ў Заходняй Украіне.

Ды здзіўленне не ішло гэтак далёка, каб я сумляваўся ў праўдзівасці турботаў ЦК КП(б)У з прычыны майго выезду з Украіны. З вялікім сумам бачыў я залом майго плана ратавацца пераездам да Расеі. Бо, хоць дзіўнаю здавалася неспадзяваная ўвага да мае асобы, адкінуць "просьбу", а фактычна дамаганне ЦК Украінскае кампартыі ў тагачасных умовах было немагчыма. Да гэтага ж, калі б я нават не паслухаў ды выехаў да Волагды, даволі было Дэмчэнку ці камусь іншаму з ЦК пазваніць да Валагодскага інстытута, і мяне адразу звольнілі б з пасады. I гэтага вечара, з квітком да Волагды, я выехаў да Нежына.

У Нежыне я найперш зайшоў да Міколы Пятроўскага, ведамага ўкраінскага гісторыка, з якім у мяне былі прыяцельскія дачыненні. Ён паінфармаваў пра інстытут, ягонае кіраўніцтва і прафесуру. Пры гэтай нагодзе ён прасіў мяне адступіць яму курс гісторыі СССР - фактычна гісторыі Расеі, - а сабе ўзяць далёка больш кантраверсійны, а пры тагачасных умовах небяспечны, курс гісторыі Украіны. Адмовіць яму я не мог.

Калі я пайшоў да інстытута, там мяне прыняў рэктар па прозвішчы Карпека. Ён пацвердзіў тое, што казаў мне Ціхі пра тэлефон Дэмчэнкі, і пасуліў прафесарскую пасаду ў інстытуце з дадаткам - для павелічэння заработку - пасады бібліёграфа пры інстытуцкай бібліятэцы. Для жыцця адводзілася мне памяшканне з двух пакояў. Мне нічога не засталося, як даць сваю згоду. Гэтак на кароткі час я стаў прафесарам Нежынскага педагагічнага інстытута.

Спачатку да Нежына пераехаў я сам, адзін, сям'ю пакінуў у Кіеве. Жыццё паволі ішло быццам здавальняючым шляхам. Само места Нежын здавалася мне правінцыяльным, затое інстытут зрабіў добрае ўражанне. Адчувалася, што гэта хорам навукі з стогадоваю традыцыяй культурнае працы. Асабліва я быў рады бачыць бібліятэку: яна была багатая кнігамі і калекцыя ўкраінікі была вельмі добрая. Горш было з студэнтамі. Вучыліся яны вельмі ахвотна і дысцыпліна ў часе выкладаў была ўзорная. Але іхная падрыхтова ў сярэдніх школах была вельмі нізкая.

Паволі жыццё ў Нежыне і праца ў інстытуце наладзілася, і я меў магчымасць працягваць сваю працу над манаграфіяй "Казацтва на Беларусі". Пры канцы лістапада мая жонка зліквідавала кіеўскае памешканне, спакавала нашыя рэчы, пераслала да Нежына ды прыехала з сынам да мяне.

На трэці дзень пасля ейнага прыезду лекцыі ў мяне былі ў першай палавіне дня. Пасля заканчэння выкладу мне сказалі, што мяне хоча бачыць рэктар. Сустрэў ён мяне словамі "Не мне б гэта Вам казаць, Леў Аляксандравіч, і не Вам бы гэта слухаць!"- ды стаў чытаць мне загад, які, ягонымі словамі, ён "меў падпісаць". У загадзе казалася, што ў выніку недастатковай пільнасці адміністрацыі, прафесуры і студэнцтва ў інстытут пралез "нейкі Леў Акіншэвіч, які..." - далей ішлі звінавачванні. Вінавацілі мяне ў сямі грахах. Мая памяць захавала з іх пяць (копія загаду загінула пад час пажару ў Смаленску ў 1941 годзе).

Першае і найцяжэйшае звінавачванне, што ў сваіх лекцыях я быццам выступаў за незалежнасць Украіны ды, за ейны выхад з СССР. Параграф другі казаў, што я быў сувязным паміж беларускімі і ўкраінскімі нацыяналістамі. Далей мяне вінавацілі ў тым, што свае артыкулы пра нацыяналістычныя пазіцыі Грушэўскага і Слабчанкі я напісаў з гэткім разлікам, каб заміж крытыкі гэтых пазіцыяў іх прапагандаваць ды пашыраць іхнія ідэі. 4-е і 5-е звінавачванні закідалі мне, што ў сваіх лекцыях праслаўляў Багдана Хмяльніцкага ды будаваў свае выклады паводле схемы М. Пакроўскага.

Гэта ўсё была чыстая мана. Пачну з М. Пакроўскага. Пагляды гэтага савецкага гісторыка - зацятага і часта дасціпнага крытыка расейскае "буржуазнае гістарыяграфіі" - тады крытыкаваліся як "не ленінскія". Пра гэта я знаў і на яго не паклікаўся. Дарэчы, суладнае схемы працэсу расейскае гісторыі Пакроўскі ў сваіх працах не вырабіў - пра гэта я меў нагоду пісаць у артыкуле "Перыядызацыя расейскае гісторыі", надрукаваным у зборніку Rewriting Russian History (Нью-Йорк, 1956).

Украінскія гетманы ў савецкай гістарыяграфіі тады не былі папулярныя, і я рэдка ўспамінаў іхнія імёны. Толькі іранічна, што якраз Багдан Хмяльніцкі за гадоў колькі стаў улюбёным героем савецкіх гісторыкаў і "даслужыўся" да таго, што ягоным імем быў названы савецкі ордэн за вайсковыя заслугі.

Што да прапагандавання ідэяў Грушэўскага ды Слабчанкі, магу толькі сказаць, што я вельмі хацеў бы верыць, што савецкія дзейнікі сапраўды гэтак думаюць ды што ў іхніх словах ёсць доля праўды. Гэтыя артыкулы - балонка з гісторыі "запалоненае" савецкае навукі, калі адмова іх напісаць блізу немінуча азначала арышт, муку ды ссылку ў лагеры, з якіх на волю вярнуўся адзін з дзесяці сасланых.

Ніякім сувязным між беларускімі і ўкраінскімі нацыяналістамі я, пэўна ж, не быў, ніякіх даручэнняў ад адных да другіх не браў і ніякае інфармацыі не перадаваў. Мае адведзіны Менска мелі на мэце толькі жаданне не зусім адарвацца ад беларускага руху. Пра гэтыя паездкі я блізу нікому не гаварыў. Тэрмін "сувязны" мог бы з нацяжкай быць ужыты толькі да маіх, вельмі нялічных, артыкулаў у ўкраінскіх і беларускіх часопісах пра тыя ці іншыя праблемы беларускай ці ўкраінскай культуры. Ды, пэўна ж, звінавачванне мела на ўвазе не гэтыя спробы культурнае інфармацыі. Звінавачванне ў прапагандзе незалежнасці Украіны і разрыву яе з Савецкім Саюзам, пэўна ж, было самым цяжкім ды самым небяспечным - яно аўтаматычна ставіла мяне ў катэгорыю "ворага народа". Яно таксама было беспадстаўнае. У ўмовах таго часу на Украіне прапаганда ўкраінскае незалежнасці немінуча азначала б арышт і, як тады казалі, "ліквідацыю" таго, хто гэткую ідэю выказвае. Я не мог гэтага рабіць проста з нежадання перадчасна загінуць. Як беларус, я ўважаў, што Украіна мае права на незалежнасць. Але, ясная рэч, публічна гэтую думку я не выказваў нават у гутарках з прыяцелямі.

Мушу прызнаць, што калі ход пра мае друкаваныя працы, звінавачанне гэтае мела часткова рацыю. Артыкул пра "Навуку гісторыі ўкраінскага дзяржаўнага права", прымаючы канцэпцыю М. Грушэўскага, выразна стаіць на пазіцыі адрознага ўкраінскага гістарычнага працэсу. У сваіх працах пра генеральную раду і раду старшыні на Украіне 17-18 стст., я прыраўноўваў гэтыя інстытуцыі з аналагічнымі ўстановамі іншых еўрапейскіх дзяржаваў, улучаючы расейскую. Гэтым падчырквалася іхная незалежнасць ад расейскіх дзяржаўных інстытуцыяў ды раўнапраўнасць з імі. Але мае працы не былі ведамыя па-за вузкім колам гісторыкаў і гісторыкаў права, і звінавачванне выразна мела на ўвазе не іх.

Пры канцы загаду было зазначана, што мне даецца тры дні на звальненне памяшкання. У маёй "трудовой книжке" было зазначана, што "копія загаду пра звальненне выдадзена прафесару Акіншэвічу на рукі". Гутарка з рэктарам кончылася запрашэннем мяне прыйсці вечарам на агульны інстытуцкі сход, дзе будзе абмяркоўвацца справа майго "пранікнення" ў інстытут. Я адмовіўся, і рэктар сказаў, што ён мяне разумее.

Было ясна, што гэта была помста ГПУ за маю адмову супрацоўніцтва з імі. Для гэтае помсты яны выбралі час, калі яна мела ўдарыць мяне найбольш балюча: зразу ж пасля ліквідацыі кіеўскага памяшкання і пераезду сям'і да Нежына. Гісторыя з "званком Дэмчэнкі" была, пэўне ж, выдуманая з мэтаю трымаць мяне ў сферы нагляду ГПУ Украінскае ССР.

З цяжкім сэрцам выйшаў я з кабінета рэктара. Ягоны загад азначаў залом усіх маіх планаў і надзеяў. Ды канец навуковае кар'еры не быў самой цяжкой кансеквэнцыяй загаду. У ўмовах сталінскага тэрору 1930-х гадоў навуковая праца ў галіне сацыяльных навукаў губляла сваю цікавасць і ставалася непрыемнасцю.

Зважаючы на маю характарыстыку ў загадзе як контррэвалюцыянера, далёка страшнейшаю была справа немагчымасці знайсці хоць якую працу. Было страшна, у ўмовах цяжкога жыллёвага крызісу, апынуцца на вуліцы без прытулку. Прыгнятала таксама поўная немагчымасць запярэчыць паклёп. Мая бедная жонка, якая толькі канчала распакоўваць нашыя рэчы, была прыбітая неспадзяванаю бядой, але трымалася мужна, разумеючы, што ніякага ратунку быць не можа.

У той самы дзень мы мелі двух наведвальнікаў. Адзін быў не хто іншы, як сакратар інстытуцкага камсамолу. Быў гэта студэнт па прозвішчы Чайка - вельмі здольны юнак, які выразна быў зацікаўлены маімі лекцыямі. З слязьмі ў вачох ён казаў, што мае выступіць на сходзе гэтага дня супроць мяне ад імя камсамолу. Ён знае, што ў закідах мне няма ані слова праўды, але ён змушаны падтрымліваць гэтыя закіды. Прасіў зразумець ягонае палажэнне ды выбачыць яму. Я, зразумела, гэта і зрабіў.

Другім наведвальнікам быў Мікола Няонавіч Пятроўскі, які прыйшоў да нас вечарам пасля сходу калектыву. Ён расказаў, што прысутныя на сходзе востра засуджалі, як тады практыкавалася, адміністрацыю інстытута і, "у парадку самакрытыкі", самых сябе за недастатковую пільнасць, дзеля чаго ў інстытут змог пралезці гэткі небяспечны варожы "элемент", якім быў я.

Гэта быў цяжкі час у нашым жыцці. За два дні мы спакавалі рэчы, знайшлі возніка, які перавёз іх да чыгуначнае станцыі, і стуль паслалі да Кіева. Нам не было куды ехаць, як толькі да мае маці. Але ейны пакой быў невялікі, і мы маглі ўзяць з сабой толькі найбольш неабходныя рэчы. Скрыні з маёй бібліятэкай і архівам пазволіла нам паставіць у ейнай адрыні цётка мае жонкі. Рэшту рэчаў - валізы з вопраткай і скрыні з іншымі рэчамі - мой прыяцель Макоўскі перавёз да адрыні свайго прыяцеля Дэнісэнкі. Ужо назаўтра раніцай мне паведамілі, што дзверы адрыны былі адчыненыя ды ўсе чыста рэчы, уключна з мэбляй, прапалі. Трэба сказаць, што ў умовах незвычайнае беднасці савецкага жыхарства 1930-х гадоў ды пусціні тагачасных крамаў страта ўсіх рэчаў адчувалася незвычайна балюча, ды асабліва калі мець на ўвазе, што цяпер я не меў ніякага заработку.

Я чакаў арышту як лагічнае высновы звінавачванняў. Але, пакуль быў на волі, нешта трэба было рабіць. Пры ліквідацыі майго кіеўскага памяшкання я дастаў дзве тысячы рублёў. Цяпер гэтыя грошы нам прыдаліся. Але трэба было дзеіць, пакуль яны не разышліся.

Было ясна, што як прыхільнік незалежнасці Украіны, як гэта выходзіла з запісу ў маёй працоўнай кніжцы, дастаць працу на Украіне я не мог. Як "звязковы" паміж украінскімі і беларускімі нацыяналістамі, не мог я спадзявацца знайсці нейкі занятак на Беларусі. Да гэтага ж усе мае тамашнія знаёмыя і прыяцелі былі арыштаваныя, сасланыя ў лагеры ці расстраляныя. Адзіны шлях быў ехаць да Масквы, не зважаючы на тое, што надзея знайсці працу і там была малая. Але нічога іншага зрабіць было немагчыма.

Быў гэта хіба канец студзеня ці пачатак лютага 1934 года, калі я, пакінуўшы ў сваёй маткі жонку і сына, паехаў да Масквы. Паехаў з цяжкім сэрцам, бо надзеі знайсці там занятак былі больш як няпэўныя, але нешта трэба было рабіць.

Пошукі працы былі балючым працэсам. Усюды вымагалі ў мяне паказаць копію загаду пра маё звальненне і нязменна адмаўлялі ў працы, ці раз у вельмі непрыемнай форме. Колькі разоў я не мог прымусіць сябе ўвайсці ў памяшканне нейкае ўстановы, дзе я мог спадзявацца знайсці працу, і, пастаяўшы колькі часу на вуліцы, адыходзіў, праклінаючы сваю нерашучасць.

Час ляцеў. Мае грошы падыходзілі да канца. I ці раз з'яўлялася думка пра самагубства .

"Але, думкай, сэрцам толькі я вас знаю..."
Гутарка Барыса Сачанкі з Данчыкам і яго маці спадарыняй Юляй

Сваю духоўную радзіму - Беларусь наведаў вядомы спявак са Злучаных Штатаў Амерыкі Данчык (Багдак Андрусішын). Ён пабываў у Ленінградзе, Кіеве, Львове,, выступіў з канцэртамі ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гродне, Вільнюсе, Маскве. Выручаныя ад канцэртаў сродкі ён перадаў у фонд пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, а таксама Таварыству беларускай мовы. Пісьменнік Барыс Сачанка сустрэўся з Данчыкам і яга маці спадарыняй Юляй Андрусішынай. Іх гутарку прапануем вашай увазе.

Б. С. - Спадарыня Юля, калі ласка, раскажыце пра, сябе. Дзе Вы нарадзіліся, як апынуліся на чужыне?

Сп. Юля. - Я нарадзілася ў Менску. У гады вайны выехала ў Нямеччыну, пазней - у Амерыку. Выйшла там замуж. Мой муж украінец, маю двух сыноў - Юрку і Данчыка. Цяпер вось, пасля столькіх год ростані, прыехала на Бацькаўшчыну.

Б. С. - Слоў колькі пра беларускі асяродак у Амерыцы.

Сп. Юля.- У Нью-Йорку ёсць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, якое аб'ядноўвае сведамых беларусаў Амерыкі. Працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва, арганізацыя беларускай моладзі. Выдаецца газета "Беларус". У Нью-Джэрзі і ў Саўт-Рыверы ёсць свае мясцовыя культурныя цэнтры. Ёсць яны і ў іншых гарадах Амерыкі. У Кліўлендзе, напрыклад,-Полацак, у Нью-Йорку - Менск...

Б. С. - А як амерыканскія ўлады ставяцца да беларускай эміграцыі?

Сп. Юля.- Вельмі добра. Падтрымліваюць нас, да нашых нацыянальных святаў прысылаюць тэлеграмы, віншуюць, дазваляюць арганізоўваць фестывалі, выстаўкі...

Б. С. - Цяпер пытанне да Данчыка. Як ты пазнаў і вывучыў беларускую мову, як пачаў спяваць, як працаваў над сваім голасам, дзе вучыўся, словам, як з Багдана Андрусішына стаў Данчыкам?..

Д. - Не ведаю, з чаго пачаць... Па-беларуску мы гаварылі заўсёды, бо гэта наша родная мова. Тата - украінец, дык я з татам імкнуўся гаварыць па-ўкріаінску, а з мамай і бабцяй -па-беларуску. Для нас з братам гэта было натуральна, звыкла. Так што не было ніякіх праблем. Мяне вельмі дзівіць, чаму тут, у Беларусі, пра гэта пытаюць. Гэта ніякі не талент, калі з малога кожны дзень гаворыш на гэтай мове, дык гэта няцяжка. Праўда, тата іншы раз казаў маме, што пара дзецям пераходзіць на ангельскую мову, а то будуць з іх смяяцца ў школе. Але мы навучыліся размаўляць па-ангельску і не згубілі беларускай і ўкраінскай мовы. Я скончыў універсітэт у Нью-Йорку, факультэт журналістыкі. Але я ніколі не працаваў журналістам. Працую ў банку, набіраю новых супрацоўнікаў і звальняю тых, хто не справіўся з працай ці знайшоў лепшую. Дзесяць год вучыўся іграць на піяніна. Потым, належаў да ўкраінскіх скаўтаў. Вельмі прыгожыя там былі традыцыі - ля вогнішча спяваць пад гітару. Мне гэта падабалася. Я сам купіў сабе гітару і пачаў пад яе спяваць. Першыя песні былі амерыканскія, ну і беларускія, украінскія. Беларусам вельмі спадабалася першая кружэлка маіх песень. Я цяпер яе слухаю з жахам...

Б. С. - Чаму?

Д. - Там усё занадта недасканалае... У 1974 годзе беларуская моладзь зладзіла паказ талентаў, і я тады першы раз выступіў. Атрымаў прэмію... З таго ўсё і пайшло. Калі мяне добра слухаюць і ўсім падабаецца, дык гэта мяне натхняе. Хацелася больш спяваць. У дзевятнаццаць год я наспяваў тую кружэлку. Яна такая аматарская, голас у мяне там не развіты, і гітара зусім не настроена. У мяне і цяпер ёсць праблемы з голасам, бо працую я ў банку і часу няма на тое, каб спяваць. Ды і вучыцца спяваць вельмі дорага каштуе. За кожны урок - сорак пяць мінут - трэба плаціць 50 долараў. А тут, у Беларусі, кожны дзень у мяне канцэрты, бывае, і па два. На гэта сілы трэба мець... Але я наогул люблю спяваць і хацеў бы, каб гэта стала маім жыццём, кар'ерай...

Б. С. - Нам вядома, што табе ў нечым дапамаглі нашы "Песняры". Як ты з імі пазнаёміўся, пасябраваў?..

Д. - "Песняры" былі маім натхненнем. Мы ўсе, беларусы, захапляліся "Песнярамі", і асабліва - Лявонам Барткевічам. Калі "Песняры" прыехалі ў Нью-Йорк, то яны ў нашым знакамітым "Брадвэі" выступалі. Мы тады раскупілі ўсе білеты і гуртам пайшлі туды. Пасля канцэрта я зайшоў за сцэну і пазнаёміўся з Мулявіным, Барткевічам і ўсімі астатнімі. Вельмі прыемна было пачуць, што яны ўжо пра мяне таксама ведалі, з першай кружэлкі. 3 1977 года я з імі ў добрым кантакце, асабліва з Барткевічам. Перапісваемся, звонім адзін аднаму. Лявон Барткевіч і запрасіў мяне ў Менск. Было гэта дванаццаць гадоў назад... Думаю, вы разумееце, як я рады, што нарэшце прыехаў на Беларусь...

Б. С. - Спадарыня Юля, Вы прыехалі ў Мінск пасля доўгай ростані. Якім Вы ўбачылі горад свайго маленства, што абудзілася ў Вашай памяці, сэрцы?

Сп. Юля. - Я заўсёды марыла пабываць у Менску і пахадзіць па яго вуліцах, пабыць на тым месцы, дзе я нарадзілася. Я з цяжкасцю пазнаю горад, але старую частку пазнала, там яшчэ засталіся тыя будынкі, што бачыла ў маленстве. Хаты нашай няма - яна стаяла там, дзе цяпер купалаўскі парк. Але я знайшла дом, дзе жыла бабка па бацьку. Мы з Данчыкам каля яго сфатаграфаваліся. Мне вельмі прыемна, што гэтыя дамы маюцца рэстаўраваць. Сам Менск мне вельмі падабаецца. I калі мы з яго выязджаем, то вяртаемся як дадому...

Б. С. - А якое ўражанне Мінск зрабіў на Данчыка?

Д. - Ну, я ніколі не быў у Менску, дык не меў ніякага ўяўлення пра тое, які ён. Я бачыў яго толькі на паштоўках. Я проста ехаў у Беларусь. Кажуць, праўда, што гэта не мая Бацькаўшчына... ёсць слова "атавізм". Я думаю, у мяне вось такое падсвядомае пачуццё. Тут мае карані, таму ўсё вельмі блізкае. Увогуле, у нас, у Амерыцы, няма ніводнага сапраўднага амерыканца, усе паходзяць аднекуль. Але калі мы цягніком прыехалі ў Менск, то здалося, што прыехалі дадому. Мяне спаткалі на вакзале, ды так, што я быў проста ў шоку. Цэлы натоўп, многія ў беларускіх строях, з песнямі, з нацыянальным сцягам. Я гэтага ніколі не забуду, бо я заўсёды думаў, што на Беларусі няма Беларусі, няма беларускай мовы. Тыя, хто ездзіў сюды з Амерыкі, расчароўваліся, казалі, што ўсе гавораць толькі па-руску.

А тут... Праўда, я па вуліцах не хаджу, я ўвесь час разам са сведамымі беларусамі. Колькасць іх нямалая і будзе расці. Мы радыя, што калі вернемся, то можам паведаміць суродзічам пра ваша нацыянальнае абуджэнне. Людзі ж у Беларусі цудоўныя...

Б. С. - У Данчыка ёсць брат Юрка. Чым ён займаецца, ці спявае беларускія песні?

Сп. Юля. - Юрка мае добры голас, але не спявае. Працуе адвакатам...

Д. - Ён, відаць, баіцца канкурэнцыі са мною... Наогул, наша беларуская эміграцыя вельмі маленькая, і як кажуць амерыканцы, вялікая галава не зробіцца з усяго гэтага. У адной газеце напісалі, што я "самы лепшы беларускі спявак". Мая дваюрадная сястра жартавала: "I адзіны таксама". Так што я сваю вартасць выдатна ўсведамляю...

Б. С. - У Амерыцы жыве некалькі беларускіх пісьменнікаў. Што вы пра іх ведаеце?

Сп. Юля.- Мы часта сустракаемся з Наталляй Арсенневай. Яна сяброўка маёй мамы, некалі нават мы ў адным доме жылі. Гадоў пятнаццаць таму яна пераехала ў іншы штат, і цяпер мы бачымся радзей. Летась святкавалі ейнае 85-годдзе... Сустракаемся з Масеем Сяднёвым. Ён у апошні час выдаў некалькі сваіх кніг. Знаёмыя з Міхасём Кавылём, Янкам Золакам...

Д. - Мая бабця з Арсенневай яшчэ з менскіх часоў сябруюць. Калі яна прыязджала на святкаванне свайго юбілею, то спынілася ў нас начаваць. Думаеце, калі жанчыне 85 год, дык яна старая, і ўсё? А яны з маёй бабцяй (а ёй таксама 80 год будзе ў лістападзе), калі збіраліся на вечар, гаварылі, якія надзець панчохі, і Арсеннева сварылася на бабцю, што тая выбрала бежавыя, бо цяпер толькі чорныя панчохі ўсе носяць, а бежавыя не ў модзе. Арсеннева была на высокіх абцасах і з доўгімі завушніцамі. "Чым я не Клеапатра?"- спытала яна. Наогул, яна вельмі адукаваны чалавек, з ёю можна гаварыць на ўсе тэмы, яна ведае літаратуру, музыку...

Б. С. - На эміграцыі жывуць вядомыя беларускія спевакі Пётр Конюх і Мікола Стрэчань. Працуюць там і беларускія мастакі, вучоныя, кампазітары. Хацелася б пачуць што-кольвечы і пра іх.

Сп. Юля.- У нас кожны год адбываюцца выстаўкі ў штаце Нью-Джэрзі. Там выстаўляюць свае абразы Надзея Кудасава, Галіна Русак, Тамара Стагаловіч-Кольба, Людміла Каліноўская, Івонка Шыманец-Сурвіла... На Тыдні славянскіх культур яны таксама выстаўляюць свае абразы разам з мастакамі іншых славянскіх народаў...

Б. С. - 3 друку мы ведаем пра вашы танцавальныя і харавыя калектывы, некаторыя з іх мне ўдалося пабачыць у час майго прабывання ў Злучаных Штатах Амерыкі. Нядаўна адзін ваш ансамбль - "Васілёк" - наведаў Беласточчыну...

Д. - "Васілёк" - лепшы наш калектыў. У ім бяруць удзел людзі рознага ўзросту, ад 15 да 55 гадоў. Але, нягледзячы на гэта, усе яны сябруюць. Гэта цэнтр маладзёжнага беларускага руху. Калектыў не прафесійны. У ім танцуюць лекары, адвакаты, словам, усе працуюць па іншых спецыяльнасцях. Але час ад часу збіраюцца разам. У мінулым годзе "Васілёк" выступаў у вельмі славутай зале на Мантхэтане - у "Лінкольн-цэнтры". Там выступалі ўсе славянскія народы - украінцы, рускія, палякі, македонцы... Беларусы былі не горшыя ад іншых, яны таксама захаплялі ўсіх. Танцавалі яны тады "Польку-Янку" і "Лявоніху".

Сп. Юля. - Гэты калектыў танцаваў разам з іншымі і каля статуі Свабоды, калі адзначалася 200-годдзе Амерыкі... Вучыць танцаваць "Васілёк" Ала Орса-Рамана. Яна прафесар хіміі, выкладае ва універсітэце...

д. _ 3 "Васільком" хацеў паехаць на Беласточчыну і я, каб потым ужо адтуль прыехаць у Менск. Але ўсё ніяк не прыходзіла віза...

Б. С. - Ці ёсць сярод беларусаў у Амерыцы мільянеры і як яны ставяцца да беларускай справы?

Д. - Можа, іх нельга назваць яшчэ мільянерамі, але што некаторыя сямейкі жывуць добра, то гэта так. Некаторыя з іх вельмі дапамагаюць беларускай справе, ахвяруюць на гэта грошы. Напрыклад, апошняя кружэлка, якую наспявалі мы з Барткевічам, каштавала 20 тысяч долараў. Беларусы сабралі гэтыя грошы, і, дзякуючы ім, кружэлка выйшла...

Б. С. - Спадарыня Юля, што вы адчуваеце, калі чуеце, як спявае ваш сын?

Сп. Юля. - Мне гэта прыемна, але, здаецца, пасля гэтых канцэртаў я не змагу больш яго слухаць.

Б. С. - Ці чуў Данчык калі-небудзь беларускія песнi ў выкананні Забэйды-Суміцкага?

Д. - Так, чуў. Яго голас мне вельмі падабаецца. Але ці спадабаўся б яму я? Бо я люблю закурыць, а то і выпіць. Калі ў такія хвіліны мяне хто бачыць, то кажуць: "А вось Забэйда-Суміцкі ніколі не піў, не курыў, хадзіў заўсёды з завязаным горлам".

Б. С. - Ці думаў ты, што ў Беларусі цябе так шырока ведаюць, любяць, што маеш столькі прыхільнікаў твайго таленту, што на твае канцэрты будзе збірацца столькі людзей?

Д. - Гэта было для мяне нечаканым... Я тут шчаслівы, як ніколі ў жыцці...

Б. С. - Калі ты паедзеш з Беларусі, многім тут, у нас, цябе не будзе ставаць, бо ты наш беларускі салавей, што прыляцеў з-за акіяна.

Д. - А мне не будзе ставаць усіх тых, хто мяне любіць і так горача прымае.

Б. С. - Што ж, тады не парывайце з Бацькаўшчынай сувязі, часцей прыязджайце да нас, у Беларусь .

Верасень, 1989 г.


Коратка пра аўтараў

Ю. Вітан-Дубейкаўская (яна ж - Кветка Вітан) - жонка архітэктара, вядомага дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Л. Вітан-Дубейкаўскага. Іншых звестак пра яе няма.

Стэпонас Кайрыс - муж Цёткі (А. Пашкевіч), інжынер-тэхнолаг, публіцыст, прафесар. Вучыўся ў Шаўляйскай гімназіі, Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. За ўдзел у студэнцкім рэвалюцыйным руху двойчы выключаўся з інстытута (у 1899 і 1901 гг.). Быў членам Літоўскай сацыялістычнай партыі. У чэрвені 1916 г. удзельнічаў у канферэнцыі літоўскіх палітычных арганізацый.

Вядомы як актыўны дзеяч Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, выбіраўся членам ЦК.

Напісаў і выдаў публіцыстычныя творы: "Вока за вока, зуб за зуб", "Памяці забітага ўрадніка Матуляўцкаса", "Японія раней і цяпер", "Чаму знікла прыгоннае права ў Літве" і інш. Рэдагаваў газету "Барбінку Балсэс" ("Рабочы голас").

Вацлаў Ластоўскі - гісторык, пісьменнік, публіцыст, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся 20 кастрычніка 1883 г. у засценку Калеснікі на Дзісненшчыне. Скончыў народную школу ў Пагосце, слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце (1904 - 1905). Працаваў сакратаром рэдакцыі "Наша ніва" (1909-1914), выдаваў газету "Гоман" (1916-1917). Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускай Сацыялістычнай Грамады, партыі беларускіх эсэраў... 3 снежня 1919 г. узначальваў Раду Міністраў БНР. У снежні. 1923 г. выйшаў з урада БНР, займаўся навуковай і літаратурнай дзейнасцю.

У 1927 г. пераехаў у, БССР. Працаваў у Дзяржаўным музеі, Беларускай Акадэміі навук. 3 1928 г. - акадэмік БАН. У 1930 г. быў арыштаваны і высланы за межы БССР. Загінуў пасля паўторнага арышту ў 1938 г.

Выдаў "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" (Коўна, 1924), "Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі" (Коўна, 1926) і інш. Быў рэдактарам часопіса "Крывіч" (1923-1927).

Людвіка Войцікава (Зоська Верас, дзявочае прозвішча Сівіцкая) - пісьменніца, дзеячка нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзілася 30 верасня 1892 г. на Украіне. Пераехала ў Беларусь малой дзяўчынкай, жыла ў Гродне. Скончыла тут прыватную жаночую гімназію (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). Прымала ўдзел у рэвалюцыйным студэнцкім руху.ў рабоце Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Выдала "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік" (Вільня, 1924), надрукавала ў перыядычных выданнях шмат артыкулаў, апавяданняў. Рэдагавала дзіцячы часопіс "Заранка" (1927-І931), "Пралескі" (1934--1935), "Беларуская борць" (1934-1938).

Памерла ў 1991 г.

Мікола Шыла - настаўнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся ў 1888 г. на Міншчыне. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Быў членам Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Удзельнічаў у выданні "Нашай нівы", у арганізацыі Усебеларускага кангрэсу. Неаднаразова арыштоўваўся. Потым жыў у Заходняй Беларусі, прымыкаў да розных плыняў нацыянальна-вызваленчага руху. У 1944 г. выехаў у Германію, дзе і памёр 6 красавіка 1948 г.

Эдуард Будзька - настаўнік, выдавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся 22 сакавіка 1882 г. у Будславе на Вілейшчыне. Вучыўся ў Пецярбургу, выдаваў газету "Светач" (1916).. Быў сакратаром Камісіі па ўтварэнню Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1918). Прымаў удзел у арганізацыі беларускіХ: школ у Латвіі, Заходняй Беларусі.

У 1944 г. выехаў у Германію, потым - у ЗША. Памёр у Чыкага 14 жніўня 1958 г.

А. А-к - Антон Аўсянік - інжынер, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся ў 1888 г. у в. Кабылле на Вілейшчыне ў сялянскай сям'і. Скончыў тэхнічны інстытут у Харкаве і караблебудаўнічы інстытут у Пецярбургу. Член Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Займаў розныя пасады ва ўрадах БНР, быў віцэ-старшынёй Беларускай Вайсковай Камісіі. Удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі, абіраўся паслом у Польскі сейм.

А. Эссон - выхадзец з Паўночнага Каўказа, разам з А. Гаруном (А. Прушынскім) адбываў пакаранне ў Сібіры. Іншых звестак пра яго няма.

Францішак Кушаль - вайсковы дзеяч. Нарадзіўся ў 1895 г. у Пяршаях Валожынскага павета. Вучыўся ў Івянцы. У 1915 г. даслужыўся да штабс-капітана царскай арміі. У 1919 г. працаваў у Беларускай Вайсковай Камісіі БНР. Пасля перайшоў на службу ў польскую армію. 3 1939 г. - у палоне. У час Вялікай Айчыннай вайны, апынуўшыся ў Мінску, удзельнічаў у арганізацыі батальёнаў самааховы, быў камандзірам беларускіх афіцэрскіх курсаў, начальнікам штаба. 3 1944 г. - камандзір Беларускай Краёвай абароны. Па даручэнню БЦР арганізоўваў дывізію (брыгаду) "Беларусь", якая ў канцы красавіка 1945 г. здалася ў Баварыі амерыканцам.

Памёр у 1968 г. у ЗША.

Аляксандр Уласаў - журналіст, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся ў 1874 г. на хутары каля Радашковіч. Скончыў тэхнічны інстытут у Рызе. Ен і браты Луцкевічы былі заснавальнікамі Беларускай Рэвалюцыйнай (Сацыялістычнай) Грамады, "Нашай нівы" і многіх іншых арганізацый і выданняў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Усебеларускага кангрэсу, ва ўтварэнні БНР. Пасля Рыжскага мірнага дагавору (1921) жыў у Заходняй Беларусі. Быў абраны паслом у Польскі сейм, працаваў у Таварыстве Беларускай Школы (ТБШ).

У 1939 г. быў арыштаваны, сядзеў у мінскай турме. Памёр у 1941 г. у Марыінску (Сіблагер).

Іна Рытар (яна ж Аляксандра Саковіч, Іна Каханоўская) - празаік, малодшая сястра жонкі пісьменніка і вучонага М. Грамыкі. Нарадзілася 14(27) снежня 1906 г. у Адэсе. Жыла ў Мінску, Маскве, Скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт.

З 1944 г. у Германіі, потым - у ЗША. Выдала кнігу прозы (апавяданні, аповесці) "У пошуках праўды" (Нью-Йорк - Кліўленд, 1986).

А. С. - Апалонія Савёнак (дзявочае прозвішча Раткевіч) - аўтар некалькіх падручнікаў для дзяцей, разам з жонкай Я. Купалы Уладзіславай Францаўнай выдала невялікі спеўнік. Іншых звестак пра яе няма.

Аўген Калубовіч - працаўнік на ніве асветы, вучоны, палітычны дзеяч. Нарадзіўся 5 сакавіка . 1912 г. у мястэчку Ціхінічы на Рагачоўшчыне. Скончыў сямігодку ў Рэчыцы, вучыўся ў педтэхнікуме ў Бабчыне (Хойніцкі раён). У маі 1930 г. быў арыштаваны. Адбыў трохгадовае пакаранне ў адным з лагераў на Далёкім Усходзе. Вярнуўшыся ў Беларусь, працаваў настаўнікам, вучыўся ў Мінскім педінстытуце. 3 1939 г. - кансультант-метадыст у Наркамасветы БССР.

У гады вайны ўзначальваў так званае Беларускае культурнае згуртаванне, "сябра" Беларускай Рады Даверу і Беларускай Цэнтральнай Рады.

У 1944 г. выехаў у Германію, жыў у ЗША.

За мяжою напісаў і выдаў кнігі: "Пясняр свабоды і красы (у 30-я ўгодкі смерці М. Багдановіча)" (Баварыя, 1947); "Мова ў гісторыі беларускага пісьменства", кн. 1 (Мюнхен - Лондан, 1975), кн. 2 (Кліўленд, 1982); "Айцы БССР і іхны лёс" (Кліўленд, 1982); "На крыжовай дарозе" (Кліўленд, 1986).

Памёр 25 мая 1987 г. у Кліўлендзе (ЗША).

Масей Сяднёў - беларускі паэт, празаік, публіцыст. Нарадзіўся 1 верасня 1913 г. у в. Мокрае на Магілёўшчыне. Вучыўся ў Мінскім педінстытуце, аднак не скончыў - быў арыштаваны і высланы на Калыму. Перад самай вайною М. Сяднёва прывезлі на перагляд справы ў Мінск, дзе яго і заспела вайна.

Працаваў на гаспадарцы ў бацькоў у Мокрым, потым быў карэктарам у газеце "Новая дарога" ў Беластоку.

3 1944 г. у Германіі, потым пераехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.

Выдаў кнігі паэзіі "У акіяне ночы" (Мюнхен, 1946), "Спадзяванні" (Рэгенсбург, 1948), "Ля ціхай брамы" (Ватэнштэт, 1956), "Патушаныя зоры" (Нью-Йорк - Мюнхен, 1975), "Ачышчэнне агнём" (Глен-Коў, 1985), "А часу больш, чым вечнасць" (Глен-Коў, 1989), раманы "Раман Корзюк" (Нью-Йорк - Мюнхен, 1985), "I той дзень надышоў" (Глен-Коў, 1987), "Патушаныя зоры" (Мн, 1992).

У 1990 г. наведаў Савецкую Беларусь, быў у Мінску.

Мікола Шчаглоў (сапраўднае прозвішча Куліковіч) - беларускі кампазітар. Нарадзіўся ў 1897 г. Першы значны твор - опера "Кацярына".

У час Вялікай Айчыннай вайны пісаў музыку для пастановак у Мінскім тэатры, апрацоўваў народныя песні. 3 1944 г. - у Германіі, дзе арганізаваў Беларускі тэатр эстрады, потым - у ЗША. Выдаў кнігу "Беларуская музыка. Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва" (1953), а таксама некалькі спеўнікаў. Пісаў таксама вершы.

Памёр у 1969 г.

Юрка Віцьбіч (Г. Шчарбакоў) - пісьменнік, публіцыст. Нарадзіўся 15 чэрвеня 1905 г. у г. Вяліж у сям'і папа. Вучыўся ў гімназіі і педтэхнікуме. У 1922-1933 гг. працаваў у Маскве на хімічных заводах. Першае апавяданне надрукаваў у 1929 г. на старонках "Узвышша". Выдаў кнігі прозы "Смерць Ірмы Лаймінг" (Мн., 1932) і "Формула супраціўлення касцей" (Мн., 1937).

У час Вялікай Айчыннай вайны, апынуўшыся ў Мінску, супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі ўладамі, быў членам так званага Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, часта выступаў у друку з артыкулаыі асветніцкага характару. Быў прызначаны рэдактарам тоўстага літаратурна-мастацкага часопіса "Узвышша", які меўся выдавацца ў Мінску.

Адступіў разам з немцамі. Жыў некаторы час v Германіі, потым - у ЗША.

Памёр у 1975 г.

За мяжою выдаў кнігу-нарыс "Плыве з-пад Святое Гары Нёман" (Мюнхен, 1956) і кнігу публіцыстыкі "Мы дойдем" (на рускай мове, Нью-Йорк, 1975).

Антон Лёсік - старэйшы брат Язэпа Лёсіка. Нарадзіўся ў в. Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў у Ноўгарад-Северску на Чарнігаўшчыне, у Інбелкульце, выкладаў беларускую мову ў сярэдніх навучальных установах Беларусі. Памёр у 1949 г. Пахаваны ў в. Мікалаеўшчына.

Яўхім Кіпель - настаўнік, вучоны, палітычны дзеяч. Адзін з арганізатараў "Клуба беларускай моладзі", "Беларускай хаткі". Працаваў у Беларускай акадэміі навук. У 1930 г. быў арыштаваны і высланы на 5 год у Нолінск. Па адбыцці ссылкі арыштаваны зноў і высланы ў Байкала-амурскія канцлагеры. Кіраўнік Навуковага аддзела БІДР, старшыня Другога Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў 1944 г.

Эміграваў у Германію, жыў у ЗША.

Памёр у 1969 г.

Уладзімір Клішэвіч - беларускі паэт. Нарадзіўся 27 лютага 1914 г. у в. Краснадворцы на Случчыне. Скончыў педагагічныя курсы ў Слуцку, працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. У 1936 г. быў арыштаваны і высланы на Калыму.

У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у "Газэце Случчыны". З 1944 г. у Германіі, потым - у ЗША.

Выдаў зборнік паэзіі "Далячынь" (Саўт-Рывэр, 1964), паэму "Васіль Каліна" (Лондан, 1965), а таксама зборнік вершаў і паэм "Сняцца сны мне залатыя" (Мн., 1973).

Двойчы наведваў Савецкую Беларусь.

Памёр 14 лістапада 1978 г.

Міхась Забэйда-Суміцкі - беларускі спявак. Нарадзіўся 1(14) чэрвеня 1900 г. у в. Несцяровічы. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, скончыў эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта. Спяваў у Харбінскім, Міланскім і Познаньскім оперных тэатрах, доўгі час жыў у Чэхаславакіі, дзе і памёр 21 снежня 1981 г. Пахаваны на Альшанскіх могілках v Празе.

Наталля Арсеннева - беларуская паэтэса. Нарадзілася 20 верасня 1903 г. на Каўказе (г. Баку). Жыла ў Вільні, вучылася ў Віленскай гімназіі, у Віленскім універсітэце. Працавала. настаўніцай. У 1927 г. выдала кнігу паэзіі "Пад сінім небам".

У 1940 г. разам з дзецьмі была вывезена ў Казахстан. Вярнулася на Беларусь у маі 1941 г. У час вайны працавала ў "Беларускай газэце", была "кіраўнічкай" аддзела літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. З 1944 г. у Германіі, потым - у ЗША.

У 1949 г. выдала вялікі том паэзіі "Між берагамі" (Нью-Йорк - Таронта).

Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка) - беларускі паэт. Нарадзіўся 1 лістапада 1915 г. у в. Покрашаў на Случчыне. Скончыў Грэскую сямігодку, паступіў на пазашкольнае аддзяленне Мінскага Белпедтэхнікума. 23 лютага 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны на тры гады няволі за "прыналежнасць да Саюза вызвалення Беларусь, якога, як вядома, не існавала. Адбыў пакаранне на Далёкім Усходзе (4-е аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1936 г. датэрмінова быў вызвалены за "ударную працу і добрыя паводзіны".

Нейкі час жыў у Варонежы: вучыўся ў педінстытуце на літаратурным факультэце, працаваў настаўнікам.

З першых дзён вайны - на фронце. Ваяваў на Украіне, у маі 1942 г. трапіў у палон.

З 1944 г. у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.

Вершы пачаў пісаць рана. Першы свой паэтычны твор "Гудкі" змясціў у газеце "Беларуская веска " ў 1929 г. Друкаваўся ў "Піянеры Беларусі", у дадатку да бабруйскага "Камуніста" "Вясне", у часопісе "Маладняк". Быў сябрам "Маладняка". У друку выступаў пад псеўданімам Язэп Маёвы.

На эміграцыі выдаў кнігі паэзіі: "Ростань", (Рэгенсбург, 1947), "Першая рана" (Манчэстэр, 1960), "Пад зоркамі белымі" (Нью-Йорк, 1954), "Цяжкія думы" (ЗША, 1961), "Міжагнёўе" (Нью-Йорк, 1990). Піша таксама прозу (раман "Із агню ды ў полымя").

Леў Акіншэвіч - прафесар-гісторык. Нарадзіўся ў 1898 г. у Рэчыцы. Скончыў у Кіеве гімназію і універсітэт. Працаваў у АН УССР, падтрымліваў сувязь з Інбелкультам, быў сталым супрацоўнікам часопіса "Полымя".

У 1944 г. выехаў у Германію, жыў у ЗША. Працаваў у бібліятэцы кангрэса ў Вашингтоне. Напісаў шмат прац па-беларуску, па-англійску, па-ўкраінску. Даследаваў Вялікае княства Літоўскае, заходнерускае права, украінскі казацкі рух.

Памёр у 1980 г.

Данчык (Багдан Андрусішын) - беларускі спявак. Нарадзіўся ў 1958 г. (3 студзеня) у ЗША. Скончыў факультэт журналістыкі ў адным з універсітэтаў Нью-Йорка. У 1989 г. наведаў Савецкую Беларусь, выступіў з выкананнем беларускіх, украінскіх, англійскіх, іспанскіх, італьянскіх песень у Мінску, Вільнюсе, Гродне, Маскве. Цяпер працуе на радыёстанцыі "Свабода" (Мюнхен).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX