Папярэдняя старонка: Мемуары

Шукелойць Антон. Менск пад немцамі 


Аўтар: Шукелойць Антон,
Дадана: 13-08-2019,
Крыніца: Шукелойць А. Менск пад немцамі // Наша Ніва. 1992. № 9.



Разам з магутнай хваляй разбурэньня ўсяго жыцьцёвага складу, што прынесла ў Менск вайна, у горадзе пад гітлераўскай акупацыяй зь першых дзён зьявіліся й парасткі зусім іншага жыцьця. Вярталася нешта з дарэвалюцыі, з дарэпрэсійнага часу, нешта з самое існасьці гораду. Гэтак выяўляўся ўласны патэнцыял гораду, праз доўгі час дэфармаваны савецкай уладай. Тое, што ўзыходзіла, адразу сутыкалася з дэфармацыямі новага парадку, іншага таталітарызму. Можа быць, на нейкае імгненьне прамільгнула ў гэтай зьмене прыгнятальнікаў сапраўднае аблічча горада...

Аўтар гэтых успамінаў - Антон ІІІукелойць - паходзіць з Ашмяншчыны, скончыў польскую гімназію й гуманістычны факультэт Віленскага Ўнівэрсытэту. Займаўся вывучэньнем беларускай этнаграфіі, сьпяваў у студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Р. Шырмы. Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР арганізоўваў беларускія школы ў Ашмяншчыне, быў школьным інспэктарам-мэтадыстам, дэпутатам Ашмянскага гарсавету. На другі дзень вайны яго арыштавалі органы НКВД, і вызваліўся ён дзякуючы налёту нямецкае авіяцыі. Пад акупацыяй працаваў у аддзеле культуры й асьветы ў Менскай гарадзкой управе, упарадкаваў архівы ЗАГСу, быў кіраўніком гістарычнага музэю...

Нядзеля 22 чэрвеня 1941 году была для беларускай сталіцы днём урачыстага адкрыцьця штучнага возера, названага Камсамольскім. У сьвяце ўдзельнічалі мастацкія й спартовыя калектывы. Нечакана над галовамі сьвяточнае грамады зьявіліся нямецкія самалёты. Дзень, праўда, мінуў спакойна, хоць і даходзілі трывожныя весткі з фронту.

Бамбардаваньне пачалося назаўтра й трывала аж датулъ, пакуль на шосты дзень немцы не занялі горад. Налётамі ўжо былі разьбітыя большыя фабрыкі, вайсковыя аб'екты, будынкі й гасьцінцы, зьнішчаныя чыгунка, электрычныя й тэлефонныя лініі ды вадаправоды. Горад ахапілі пажары, якія не было чым гасіць. Панічна эвакуяваліся партыйныя й савецкія ўстановы, уцякалі з гораду жыхары. Спэцыяльныя атрады НКВД, праводзячы тактыку «спаленай зямлі», закідвалі ручнымі гранатамі дамы. Гэтак была зьнішчаная галоўная вуліца - Савецкая, цяперашні праспэкт Франьцішка Скарыны. Выконваючы сваё заданьне, энкавэдысты ўступалі ў канфлікты зь мясцовым жыхарствам. Вядомы выпадак абароны менчукамі Палацу піянэраў. А вы што, ня думаеце вяртацца? - крычэлі падпальшчыкам жанчыны.

Адказ на пытаньне, хто зьнішчыў Менск у часе войны? будзе няпоўны, калі не згадаць пра пазьнейшыя налёты савецкай авіяцыі. Бомбы падалі пераважна на Татарскія агароды, а аднойчы быў цалкам разьбіты будынак КІЖу (камуністычнага інстытуту журналістыкі) на вуліцы Карла Маркса - адзін з найпрыгажэйшых школьных будынкаў гораду.

Менск выглядаў вялізным зялёным колам: зруйнаваная й выпаленая сярэдзіна, а вакол яе, у зеляніне садоў, - дбайна дагледжаныя дамкі ўскраінаў.

Калі адыйшлі на ўсход танкавыя часьці і зматарызаваная пяхота ды прыгасьлі стыхійныя пажары, выявілася, што найбольш пацярпелі прамысловая й гаспадарчая часткі гораду. У нядрэнным стане засталіся Дом ураду, будынкі ЦК кампартыі і ўнівэрсытэту, іншых інстытутаў і школаў, шпіталі, а таксама сакральныя будынкі: цэрквы, касьцёлы, сынагогі. Часткова згарэлі толькі касьцёл сьв. Роха на Залатой горцы і прыгожая Харальная сынагога, перабудаваная па вайне ў Расейскі драматычны тэатар. Да тла згарэлі гістарычны дом І-га зьезду РСДРП і дарагая для беларусаў каталікоў капліца Дабрачыннасьці на Камсамольсхай вуліцы. Без найменшых пашкоджаньняў захаваліся цэнтральныя архівы, бібліятэкі й музэі, і далейшы лёс іх залежаў збольшага ад таго, як да іх ставіліся іхнія працаўнікі.

У Гістарычным архіве (у былым касьцёле бэрнардынцаў) засталася адна маладая прафэсійная працаўніца, сп-ня Дзяржынская, якая адважна бараніла фонды ад розных валацугаў і зарганізавала нармальную дзейнасьць гэтае установы. Архіў камплектаваў па тры асобнікі ўсіх выдаваных кніжак, газэт, лягучак, легальных і нелегальных. Заапекавалася сп-ня Дзяржынская таксама і Архівам рэвалюцыі, калі будынак, у якім ён месьціўся (былы касьцёл бэрнардынак, цяпер Праваслаўны катэдральны сабор), давялося звальняць для праваслаўнай царквы.

У будынках Акадэміі навук БССР знаходзіліся, апрача сваіх багатых архіваў, два архівы, прывезеныя з Заходняй Беларусі: Віленскі гістарычны архіў і Радзівілаўскі архіў зь Нясьвіжу. Гэтыя архівы былі пад загадам штабу Розэнбэрга (інстытуцыя, якая вывозіла бібліятэчныя, архіўныя ды музэйныя калекцыі ў Нямеччыну). Ад імя пггабу займаўся гэтымі архівамі др. Рыхэль, а ягоным давераным памочніхам быў былы дырэктар Віленскага архіву паляк Студніцкі. Віленскі архіў ён вярнуў у Вільню, а Радзівілаўскі - спачатку ў падвал каталіцкае катэдры, а пасьля - у Нямеччыну. Архіўныя зборы АН і бібліятэка таксама былі вывезеныя ў Нямеччыну. Архіў энкавэдыстаў парасьцягвалі менчукі. Архіўныя фонды ЗАГСу, будынак якога быў пашкоджаны нямецкімі бомбамі, пасьля ўпарадкаваньня перайшлі да пашпартнага аддзелу гарадзкое управы. У ваенным хаосе шмат хто згубіў дакумэнты і аддзел выдаваў копіі. Сюды ж трапілі і архівы менскіх праваслаўных, каталіцкіх і гэбрэйскіх прыходаў.

Багаты архіў знаходзіўся таксама ў Менскім гістарычным музэі ў Юбілейным доме (цяпер Дом мастацтваў), заснаваным пасьля ліквідацыі бальшавікамі Беларускага Дзяржаўнага Музэю. Архіў гэты ягоны загадчык мастак Габрыэль Віер перадаў часткова духоўным уладам Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. У асноўным жа ягоныя фонды былі вывезеныя ў Нямеччыну.

З надыходам акупацыі працаўнікі пакідалі музэі на волю лёсу. Таму музэі пацярпелі больш за іншыя установы культуры. Іх рабавалі і нямецкія ўрадоўцы з вайскоўцамі, і мясцовыя аматары даўніны й мастацтва, і проста п'яныя хапугі.

Гістарычны музэй сам на сабе вялікай вартасьці ня меў. Бальшыня ягоных экспанатаў - макеты, муляжы й дыяграмы. Але было тут і некалькі каштоўных абразоў. Абраз Якобі «Кардынал Гіз над галавой правадыра гугенотаў Калінія» мастакі ўважалі за найлепшы й найдаражэйшы ў горадзе. З прыходам немцаў гэты абраз быў моцна пашкоджаны. Зьнікла з музэю й шабля напалеонаўскага маршала Нэя ды шмат іншай каштоўнай зброі, народнай вопраткі, старых дакумэнтаў, кніг. Музэй заставаўся без апекі аж пакуль не вярнуўся зь вёскі Габрыэль Віер.

У найгоршым стане апынулася найкаштоўнейшая Беларуская Карцінная Галерэя ў будынку былой Марыінскай гімназіі, куды пасьля далучэньня Заходняй Беларусі прывезьлі абразы з Радзівілаўскага замку. Тут была багатая калекцыя слуцкіх паясоў. З надыходам акупацыі ў першыя ж дні лепшыя абразы, слуцкія паясы й мастацкія вырабы былі вывезеныя ў Кёнігсбэрг, а іншыя яшчэ доўга былі складзеныя ў калідоры генэральнага камісарыяту на пляцы Волі. Урэшце й яны былі вывезеныя ў мястэчка Гэгштат над Дунаем у Баварыі.

Быў яшчэ ў Менску вельмі дбайліва ўпарадкаваны заалягічны музэй пры ўнівэрсытэце. Ён захаваўся дзякуючы ягонаму дырэктару праф. Аўгену Вязовічу, былому асьпіранту праф. Азбукіна.

За тры гады акупацыі зьмяніліся тры нямецкія адміністрацыі й тры гарадзкія ўправы. Першая адміністрацыя была вайсковая, пастаўленая вэрмахтам. Галоўным начальнікам гораду быў ген. Крац, а ягоным памочнікам - балтыцкі немец маёр Бэкендорф. Прабылі яны тры месяцы. За гэты час беларускую адміністрацыю ў Менскай акрузе арганізаваў Радаслаў Астроўскі, а ў горадзе - др. Вітаўт Тумаш.

Пасьля, калі армія рушыла далей на ўсход, ад'ехала зь ёю і вайсковая адміністрацыя, а зь ёю і Р.Астроўскі. На іх мейсца прыйшла гітлераўская цывільная адміністрацыя. Узначаліў яе гаўляйтар Вільгельм Кубэ. На мейсца др. Тумаша праз нейкі час прыйшоў праф. Вацлаў Іваноўскі, які прабыў старшынём гораду аж да апошніх месяцаў 1943 году.

Трэцім і апошнім адміністратарам быў генэрал фон Готбэрг. Становішча старшыні гарадзкой управы заняў Анатоль Комар, колішні сакратар праф. У. Ігнатоўскага, былы вязень савецкай турмы.

Першая гарадзкая ўправа Менску, на чале якой стаяў др. Тумаш, складалася з розных людзей, якія прыйшлі, каб упарадкаваць горад: расчысьціць вуліцы, прыбраць трупы, забясьпечыць сякія-такія ўмовы жыцьця тым, каму давялося застацца ў Менску. Тут былі два камуністычныя дзеячы: праф. Манаў, які ўзяўся наладзіць банк і ўсю грашовую сыстэму, і Баляслаў Берут, пазьнейшы прэзыдэнт Польскай народнай рэспублікі, які арганізаваў картачную сыстэму на прадукты, а пасьля два гады быў загадчыкам гаспадарчага аддзелу. Пісьменьнік Антон Адамовіч быў спачатку загадчыкам жыльлёвага аддзелу, а пасьля - выдавецтва. Стары нэпаўскі гаспадарнік Сымон Кандыбовіч заняўся арганізацыяй вольнага рынку, а пасьля ўзначаліў центральную гандлёвую сыстэму. Інжынэр А. Комар, апроч агульнага нагляду за упарадкаваньнем гораду, асабліва вадаправодаў і электралініяў, заняўся рамонтам фабрыкаў, найперш спажывецкіх, наладжваньнем вытворчасьці, працаўладкаваньнем. Прыбылы з Польшчы др. Антановіч аднавіў зьнішчаны бальшавікамі Беларускі Чырвоны Крыж, арганізаваў даставу лекаў у шпіталі й санітарныя пункты, бо па горадзе пайшлі інфэкцыйныя хваробы, зьявіліся выпадкі тыфусу.

Аддзел культуры й асьветы Менскай управы ўзначаліў паэт Уладзімер Гуцька (Дулзіцкі), які мусіў адразу заняцца аховай ад рабаўнікоў музэйных і бібліятэчных калекцыяў і архіваў, а таксама падрыхтоўкай падручнікаў для школ.

Аднавілася й рэлігійнае жыцьце. Да пачатку вайны ў Менску, як і ва ўсёй Усходняй Беларусі не было ніводнай дзейнай сьвятыні. Шмат якія сакральныя будынкі, у тым ліку й помнікі архітэктуры, былі зьнішчаныя або перабудаваныя для іншых патрэбаў. Цяпер у акупаваны Менск прыехалі змабілізаваныя немцамі праваслаўны архімандрыт Уладзімер Фінкоўскі й каталіцкі сьвятар Рыбалтоўскі.

Яшчэ за савецкім часам неяк ацалелі ў Менску чатыры манашкі. Яны жылі на ўскраіне, шылі коўдры для бальшавіцкіх камісараў і, мусіць, дзеля гэтага ня трапілі ў Сібір. Цяпер яны вярнуліся ў свой манастыр пры Праабражэнскай царкве, якая была перабудаваная ў спартовы клюб, і пад кіраўніцтвам ігуменьні Антаніны пачалі аднаўляць царкву й манастыр (на Інтэрнацыянальнай вуліцы), зь якога й пачалося адраджэньне Праваслаўнай Царквы ў Менску і па ўсёй Беларусі. Неўзабаве з Жыровіцкага манастыра ў Менск перабраўся галава Праваслаўнай Царквы ўсёй Беларусі мітрапаліт Паньцялеймон, а з Варшавы - ягоны памочнік архіяпіскап Філафей. У 1942 г. адбыўся Ўсебеларускі Праваслаўны Сабор, які пастанавіў аднавіць аўтакефалію БПЦ.

Паколькі пры бальшавікох Петрапаўлаўскі сабор на пляцы Волі й Чыгуначны сабор каля Дому ўралу былі падарваныя дынамітам, а Архіярэйскую царкву перабудавалі ў Дом Чырвонай Арміі (цяпер Дом афіцэраў), - гарадзкая управа перадала ў карыстаньнс праваслаўных былы касьцёл і кляштар Бэрнардынак, у якім быў Архіў рэвалюцыі, а цяпер - Катэдральны сабор БПЦ. Тут знаходзіцца найбольшая сьвятая рэліквія гораду - абраз Менскай Божай Маці, якую бальшавікі выкінулі ў дрывотнік каля Юбілейнага Дому й якую адрэстаўраваў Г. Віер. Цалкам была адноўленая найстарэйшая менская царква - Петрапаўлаўская (у народзе - Жоўтая), пабудаваная яшчэ ў 1611 г. Іканастас зрабіў Г. Віер, а настаяцелем быў пратаіярэй Язэп Балай У царкве сьв. Аляксандра Неўскага служыў а. Іван Кушнер. Адноўленыя былі таксама царква на Старажоўскіх могілках і драўляная Чыгуначная каля Дому сьляпых. А ў 1943 г. была збудаваная зусім новая драўляная царква ў вёсцы Козырава пад Менскам. Каб забясьпечыць цэрквы сьвятарамі ў 1942 г. у Менску былі арганізаваныя пастырскія курсы. У 1944/45 годзе мелася пачаць працу духоўная сэмінарыя. Вялікай урачыстасьцю гораду, якую абыходзілі 15 жніўня, стаўся дзснь Менская Божай Маці, апякункі гораду. Менск - марыйны горад, а абраз Божай Маці, як вядома, знаходзіцца ў цэнтры гарадзкога гербу.

Першую каталіцкую службу ў акупаваным Менску ў Катэдральным касьцёле адслужыў нямецкі капэлян з вэрмахту. За бальшавікамі ў гэтым касьцёле быў гараж, і нямецкія жаўнеры разам з тутэйшымі каталікамі мусілі цяжка папрацаваць, каб прывесьці сьвятыню да годнага выгляду. Алтарная сьцяна складалася з прынесенага з тэатру вялікага кавалку дэкарацыйнага палатна з узорамі народнай дзяружкі чорна-жоўтага колеру ды расьпяцьця з музэйнага складу. Пры сьціплым алтары заўсёды стаяла шмат кветак. Аб парадку ў касьцёле дбалі менскія немцы, асабліва паволская немка Марыя. Аднаўленьне каталіцтва было даручана Віленскаму арцыбіскупу паляку Рамуальду Ялбжыкоўскаму. Праект гэты аднак пацярпеў няўдачу. Нямецкія ўлады загадалі польскім ксяндзом-місіянэрам, якія прыехалі нелегальна, накінуць Беларусь, а тых, хто не хацеў - адпраўлялі ў канцлягер або каралі сьмерцю. Не пашчасьціла й беларусам. Айцец Рыбалтоўскі быў застрэлены з-за вугла, айцы Ст. Глякоўскі і Дзяніс Малец былі высланыя ў канцлягер у Нямеччыну, дзе й загінулі. Айцец Вінцэнт Гадлеўскі быў зьнішчаны ў менскім СД. Толькі малады франьцішканскі манах брат Ст. Касюкевіч, які веў катэхізацыю дзяцей у беларускай мове, заставаўся ў Менску аж да эвакуацыі ў чэрвені 1944 г. Душпастырскую працу сярод менчукоў вялі капэляны нямецкага, летувіскага й славацкага войска. За кароткі час беларускія сьвятары аднавілі катэдральны касьцел Дзевы Марыі, касьцёл Сымона й Алены (Чырвоны) ды не дапусьцілі да поўнага зьнішчэньня касьцёл сьв. Роха.

Пратэстанты пад акупацыяй маліліся ў розных залях гораду. Прыгожая лютэранская кірха на Захараўскай вуліцы (цяпер праспэкт Фр. Скарыны) была разбураная (цяпер тут кавярня "Нёман"). А найбольш актыўныя былі баптысты, дзякуючы актыўнасьці прапаведніка Антона Лецкі й прыбылага з Наваградчыны Якуба Рапэцкага. Гарадзкая ўправа выдзеліла баптыстам вялікую залю на Ніжнім рынку. Баптысты арганізавалі два прытулкі для дзяцей-сіротаў, дзе былі й гэбрэйскія дзеці, бацькі якіх трапілі ў гета. З прытулкаў дзяцей страліся адпраўляць у вёскі. Пратэстаны пашыралі беларускую рэлігійную літаратуру, выдалі ў перакладзе Н. Арсеньневай зь нямецкай мовы кнігу рэлігійных гімнаў, а таксама некалькі нумароў часопіса «Эвангельскі прапаведнік».

За мінулы час шмат напісана пра савецкае падпольле ў акупаваным Менску. А ці было тут падпольле нацыянальнае?

Прыблізна празь месяц пасьля пачатку акупацыі менскі беларускі актыў (асабліва маладая інтэлігенцыя, якая працавала ў гарадзкой управе) зразумеў, што гітлераўцы не дадуць беларусам ня толькі будаваць незалежную дзяржаву, але й належных правоў для нацыянальнага разьвіцьця. У жніўні 1941 г. ў кабінэце А. Адамовіча, які быў тады загадчыкам жыльлёвага аддзелу, адбылася першая нелегальная нарада, у якой узяло удзел каля 20 асобаў, скліканых Усеваладам Родзькам. У ліку прысутных былі: А. Адамовіч, Антон Бяленіс, Лявон Савёнак, Алесь Сянькевіч, Антон Шукелойць, Алесь Матусэвіч, Юльян Саковіч, Барыс і Міхась Рагулі... Родзька расказаў, як на вуліцах Варшавы набіралася рабочая сіла ў Нямеччыну, як стралялі на нявінных людзях, праводзілі масавыя расстрэлы гэбрэяў. Пасьля абмену думкамі была прынятая наступная праграма дзейнасьці: арганізаваць падпольны рух у форме палітычнай партыі, а з часам і партызанскія аддзелы; арганізаваць дапамогу гэбрэйскаму жыхарству; правесьці беларусізацыю ўстановаў, школаў, тэатраў і інш.; катэгарычна адмаўляцца ад нямецкіх намаганьняў арганізаваць публічныя дамы. Наколькі дазвалялі абставіны, гэтыя пункты выконваліся на працягу году.

Улетку 1942 г. у доме Ю. Саковіча на вуліцы Ўзвышэнскай (раней - Ніжняя Лыхаўскам, савецкія назовы - Гарбарная, Кастрычніцкая) быў скліканы чарговы нелегальны сход, на якім была заснаваная Беларуская Незалежніцкая Партыя. БНП складалася з творчае інтэлігенцыі і афіцэраў беларускіх вайсковых фармацыяў, выдавала свой «Бюлетэнь БНП», якога выйшла 6 нумароў. Апроч БНП, у мяккім падпольлі дзейнічала Партыя Беларускіх Нацыяналістых, арганізаваная праф. В. Іваноўскім і др. Янкам Станксвічам.

Незалежныя ад савецкіх камісараў беларускія партызанскія аддзелы арганізаваліся ў 1941 г. На Меншчыне першы такі аддзел стварыў Уладзімер Шавель, выхаванец Віленскай беларускай гімназіі, выпускнік юрыдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту і польскай афіцэрскай школы. Шавель быў апантаны ідэяй тварэньня беларускага войска, а наколькі немцы ў 1941 г. пра гэта і слухаць не хацелі, ён, арганізаваўшы некалькі паліцыйных аддзелаў у Менскай акрузе, падаўся зь імі ў Бярэзінскія лясы.

Немцы не былі зацікаўленыя, каб мясцовая адміністрацыя мела нацыянальны беларускі характар. Іх задавальняў парадак, які дазваляў бесьперашкодна праводзіць вайсковым апэрацыі. Вось чаму ў Заходняй Беларусі адміністрацыя апынулася ў польскіх руках, а ва Усходняй - захоўвала папярэдні расейскі характар. Падобная сытуацыя была і ў Менску. Напрыклад, на становішча загадчыка аддзелу асьветы й культуры гарадзкое ўправы быў назначаны расеец праф. Прыляжаеў, які захоўваў старыя парадкі. Адноўлены тэатар пачаў працаваць таксама на расейскай мове. На першай жа згаданай нелегальнай нарадзе было пастаноўлена замяніць Прыляжаева Ул. Гуцькам. Тады ж дамовіліся стварыць камісію. якая прыстасуе савецкія школьныя падручнікі да новых умоваў. Камісію ўзначаліў Віктар Чабатарэвіч.

У першым навучальным годзе нацысцкія ўлады дазволілі арганізаваць толькі пачатковыя й сярэднія прафэсійныя школы. У 1943-ім у Менску працавалі яшчэ сярэдняя мэдычная школа, настаўніцкая сэмінарыя, сярэдняя музычная школа й прагімназія. Прызначаны Кубэ галоўным школьным інспэктарам айцец В. Гадлеўскі на працягу першага навучальнага году зьбеларусізаваў усё школьніцтва на тэрыторыі Беларускага Генэральнага Камісарыяту. Былі апрацаваныя новыя праграмы, пачалося выданьне новых падручнікаў. Бескампрамісная пазыцыя а. Гадлеўскага прывяла да яго зьнішчэньня ў падвалах менскага СД. Хутчэй за ўсе за кантакты з савецкай партызанкай былі зьнішчаныя нацыстамі старыя беларускія настаўнікі, аўтары школьных падручнікаў, дырэктар менскай сэмінарыі Саломенік, дырэктар аднае з пачатковых школаў Кіссль і яшчэ каля дзесятка ведамых беларускіх пэдагогаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX