Вярнуцца: Мемуары

Праз навальніцы й нягоды


Аўтар: Гарошка Леў,
Дадана: 10-05-2018,
Крыніца: Айцец Леў Гарошка. Праз навальніцы й нягоды // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 135-144.



Успаміны з гадоў 1930-1944. Фрагмэнты

Апынуўшыся на Захадзе, часта прыходзіцца сьцьвярджаць павучальны для нас, беларусаў, факт: ува ўсіх заходне-эўрапэйскіх краінах недзе зафіксаваныя ўсе падзеі з усіх галінаў іхнага жыцьця. Ня толькі падзеі агульнанацыянальнага значаньня, але нават дробныя местачковыя, а часам і вясковыя недзе запісаныя, захаваныя, каб не загінулі. Таму ня дзіва, што гэтыя народы й самі добра ведаюць сваё мінулае і іншыя аб іх шмат ведаюць.

У нас-жа найчасьцей зь незалежных ад нас прычынаў паважная частка нашага мінулага пайшла ў забыцьцё. На жаль, тое самае дзееца й сёньня і цяпер ужо з залежных ад нас прычынаў. За апошнія дзясяткі гадоў адышло на той сьвет нямала людзей, якія былі ў першых радох беларускага грамадзкага й рэлігійнага жыцьця і з сваёю сьмерцю забралі з сабою шмат важных зьвестак. У сучасны момант, калі беларускую гісторыю і ўвесь беларускі адраджэнскі рух нашыя суседзі стараюцца прадстаўляць тэндэнцыйна, а часта зусім фальшыва, жывое слова аб тых падзеях можа мець аграмаднае значаньне.

Мне давялося быць сьведкам, а часам і ўдзельнікам шматлікіх падзеяў, аб якіх захавалася мала пісаных дакумэнтаў, таму й сьвярбіць рука, каб апісаць тое, што яшчэ захавалася ў памяці з нашага грамадзкага й рэлігійнага жыцьця разам з асабістымі перажываньнямі.

Маё дзяцінства і юнацтва праходзіла ў часе Першае сусьветнае вайны. Давялося бачыць на абшары Беларусі царскую расейскую армію, нямецкую армію, сьледам за тым польскіх легіянэраў і бальшавікоў; давялося наслухацца сьвісту куляў і выцьця снарадаў, але на тыя падзеі я глядзеў дзіцячымі вачыма ды мала што бачыў далей свае роднае вёскі над Вушаю. Таму пачну мае ўспаміны з таго часу, калі я ўжо мог глядзець паважней на ўсе падзеі з асабістага й грамадзкага жыцьця.

Мне найлепш ведамы перадваенны пэрыяд вунійнае працы на Беларусі ад 1937 году. Ад гэтага часу я сам прымаў актыўны ўдзел у гэтай працы або быў навочным сьведкам. На ўсходняй часьці Беларусі, якая ад 1919 году належала да Савецкага Саюзу і ўтварала так званую БССР, ніякай працы ў гэтым кірунку не было, бо там агулам адносіны да рэлігіі былі такія, што ўжо да 1939 году былі пазачыняныя ўсе цэрквы й касьцёлы.

У Заходняй Беларусі, якая належала да Польшчы, сяк-так магчымыя ўмовы для разьвіцьця вуніі былі ў 1924-1928 гадох толькі на пачатковай стадыі дзякуючы прыхільнасьці такіх людзей, як біскуп Лазінскі. У далейшым вунійная праца мела столькі цяжкасьцей і перашкодаў, што, гаворачы аб вунійнай працы на Беларусі, аб нічым іншым, як аб цяжкасьцях, і гаварыць нельга. Усяго тыя вуніяцкія парафіі, якія паўсталі ў тым першым пэрыядзе, ператрывалі да вайны, новых амаль не паўстала.

Цяжкасьці вунійнае працы былі наступныя:

· непрыхільнае становішча польскага рыма-каталіцкага духавенства;

· варожая пастава польскага ўраду;

· варожая прапаганда праваслаўнага духавенства.

Найтрагічнейшым для вуніі быў той факт, што праўна яна палягала тым людзям, якія яе ненавідзелі, - польскім біскупам і дэканам. Для разьвіцьця вуніі яны не рабілі нічога, але затое ўсякімі спосабамі стараліся спыніць яе разьвіцьцё.

Вось факты.

Калі я быў яшчэ студэнтам, жадаючы працаваць для вуніі на Беларусі, зьвярнуўся да віленскага мітрапаліта Р. Ялбжыкоўскага, дзе было найменш вуніяцкіх парафій, на маё зьдзіўленьне я даведаўся, што там больш і не патрэбна. " маю досыць вуніяцкага духавенства", − сказаў сам мітрапаліт.

Просьбы праваслаўных сьвятароў і цэлых парафій прыняць вунію з розных меркаваньняў адкідаліся.

У Пінскай дыяцэзіі, калі там стаўся ардынарыем біскуп К. Букраба, зрабілася іншая практыка спыняць пашырэньне вуніі. Калі туды прыходзілі заявы з жаданьнем пераходу на вунію, дык у такую вёску высылаўся лацінскі ксёндз, каб намовіць людзей адразу прыняць рыма-каталіцтва. Звычайна на гэта не згаджаліся, і таму іхныя просьбы прыняць вунію адкідаліся як "няшчырыя". Такія факты ведамы мне у в. Жоўтынь і іншых на Палесьсі.

У Папскай сэмінарыі у Дубне нацыянальныя адносіны былі такія ненармальныя, што клерыкам забаранялася аб іх расказваць навонках. Уступ у сэмінарыю для беларусаў быў вельмі ўтруднены, бо толькі той мог быць прыняты, хто меў ад якогась ардынарыя пісьмовае пацьверджаньне, што будзе прыняты на працу.

У Пінскай дыяцэзіі так стараліся разьмясьціць сьвятароў, каб беларус абслугоўваў украінцаў, а ўкраінец − беларусаў.

Асабліва кідалася ў вочы няроўнае матар'яльнае становішча вуніяцкага й лацінскага духавенства. Пінскі біскуп Букраба ў 1937 годзе толькі для асабістых прагулак купіў люксусовую лодку за 10 тысяч злотых, у 1938 годзе перабудаваў і так раскошны палац за 40 тысяч злотых, а ў вуніяцкіх цэрквах часта не было за што направіць дах, хоць гэта каштавала ўсяго 100 ці 200 злотых. Для вуніятаў гэткае становішча было тым больш крыўдным, што біскупы мелі гэткія сумы ад польскага ўраду за колішнія паўвуніяцкія маёмасьці.

Калі я пасьля двухразовае пісьмовае просьбы асабіста прыехаў да біскупа Букрабы ў справе дазволу на выклады рэлігіі ў школах, а таксама для выясьненьня ненармальных адносінаў суседніх польскіх парафій і абароны ад паліцыі, якая прыдзіралася да кожнай дробязі й складала пратаколы, дык замест помачы атрымаў загад сядзець ціха. Калі я сказаў, што аб гэтым напішу ў Нунцыятуру ў Варшаву, дык мне біскуп загразіў царкоўнымі карамі. І толькі мая заўвага, што калісьці апосталы ў такім выпадку адказалі: "нам належыць больш слухаць Бога, а не людзей" − і не зьлякаліся прыняць кару, крыху апамятала біскупа.

Не без прычыны інструкцыю Апостальскага Пасаду 1937 году аб вунійнай працы ў дыяцэзальных часапісах надрукавалі толькі ў 1938 годзе, аднак у практыцы трымацца яе аніяк не хацелі.

Польскі ўрад праз сваё Міністэрства Асьветы й Рэлігійнага веравызнаньня да вуніі адносіўся ня толькі непрыхільна, але ўпрост варожа. Аб гэтым некаторыя высокапастаўленыя ўрадоўцы ў Міністэрстве гаварылі зусім яўна, указваючы на той факт, што вунія як каталіцкае веравызнаньне ня можа быць давольнаю прыладаю іхнае рэлігійнае палітыкі бязь ведама Апостальскага Пасаду, да таго паважна баяліся, што вунія можа стацца беларускаю нацыянальнаю вераю. Польскі ўрад ахвотней хацеў мець дачыненьні з праваслаўнаю царквою, бо выкарыстоўваў яе слабасьць, зусім падпарадкаваў яе для сваіх палітычных мэтаў. Варшаўскі мітрапаліт Дыянісій, галава праваслаўнае царквы ў Польшчы, да гэтага надаваўся як найлепш.

Прыкладаў варожае дзейнасьці польскага ўраду да вуніі можна прывесьці безьліч. Думаю, што Апостальскі Пасад мае пра гэта адпаведныя справаздачы ад біскупа Чарнецкага.

Для прыкладу падаю некалькі фактаў з майго жыцьця. Асабліва стараўся зьнішчыць вунію палескі ваявода Костэк-Бэрнацкі, які ўславіўся на ўсю Польшчу з таго, што выбудаваў для палітычных вязьняў канцэнтрацыйны лягер, што не ўступаў нямецкім лягерам Дахаў, Бухэнвальд, Аўшвіц. Ён загадаў паліцыі закрыць новапабудаваную вуніяцкую царкву ва Ўгрынічах каля Любяшова (місія айцоў капуцынаў). Ён-жа выселіў з Палесься айцоў капуцынаў-галяндцаў з айцом Кірылам ван Тэрнэзіюсам на чале. Малую сэмінарыю для будучых сьвятароў усходняга абраду ў Любяшове ён загадаў перанесьці на польскую этнаграфічную тэрыторыю. Яе перанесьлі ў Ломжу, але й там у хуткім часе мусілі зусім зьліквідаваць. Над кожным вуніяцкім сьвятаром ён устанавіў суровы паліцыйны надзор, як аб гэтым дакладна апавядаў сам камэндант паліцыі з Маларыты (Палесьсе) пасьля развалу Польшчы ў 1939 годзе.

Сёстры Найсьвяцейшага Сэрца Хрыстова, па нацыянальнасьці полькі, якія памагалі ў вунійнай працы айцам капуцынам у Любяшове, мелі ад паліцыі столькі непрыемнасьцяў, што іхная настаяцелька Анна Бульбот у гутарцы із старастам з Камень-Кашырска даслоўна казала: "Маю ўражаньне, што мы жывём не ў каталіцкай Польшчы, але хіба ў бальшавіцкай бязбожнай Расеі".

Хто не згаджаўся па-польску выкладаць рэлігію ў школе, таму зусім забаранялі навучаць дзяцей у школе. Я належаў да тых сьвятароў, якія ня мелі дазволу на навуку рэлігіі ў школе. Калі я ўсё-ж стараўся навучаць дзяцей у сябе або ў хатах іхных бацькоў, дык ад паліцыі ня меў праходу. Паліцыя старалася даведацца вызначаны час і месца навукі, пільнавала дзяцей, пераймала іх па дарозе і адпраўляла назад дамоў. У Століне я катэхізаваў дзяцей у магільнай капліцы, на самых могілках, у лесе і ў збожжы, разьдзяліўшы ўсіх дзяцей на некалькі групаў. Трэба было штодзённа праходзіць пешкі некалькі дзясяткаў кілёмэтраў, унікаючы спатканьня з паліцыяю.

Каб маральна й матар'яльна зламаць вуніяцкае духавенства, паліцыя мела загад пісаць усякія магчымыя пратаколы за найдрабнейшыя, а нават не існуючыя адміністрацыйныя правіны, як пабелка платоў, чысьціня вуліцы, парадак каля хаты і інш. На мяне гэткіх караў напісалі у суме на 200 злотых і столькі-ж сама на дзяка.

Дзе былі вуніяцкія вернікі, але не было царквы й прыходзілася правіць богаслужэньні ў сялянскай хаце, дык паліцыя карала такіх гаспадароў за быццам-бы незахоўваньне якіхсьці санітарных прадпісаньняў. Такія выпадкі мелі месца ва ўспамінаных ужо Ўгрынічах і калёніі Макраны Столінскага павету.

За маю дзейнасьць на карысьць вуніі загадам наваградзкага ваяводы зь дня 15.05.1939 году я быў выселены назаўсёды з прыгранічнае паласы, што была ў папярэднім годзе пашырана на 100 км.

Пры гэтай нагодзе варта заўважыць, што агулам польская палітыка супраць беларусаў ў 1939 годзе прыняла застрашальны характар. Была забаронена амаль уся беларуская прэса, зачынены школы, сіламоц тварылі так званых праваслаўных палякаў, высялялі з прыгранічнае паласы ўсіх дзейных і сьведамых беларусаў, забаранілі беларусам купляць зямлю, насылалі на Беларусь новых польскіх асаднікаў, усіх рыма-каталікоў беларусаў зачысьлілі ў палякаў, у прыгранічнай паласе КОП (Korpus Ochrony Pogranicza) зачаў узмоцненую акцыю навяртаньня праваслаўных вёсак на рыма-каталікоў. Місыянэрамі былі польскія афіцэры й паліцыя, былі распушчаны ўсе беларускія арганізацыі, прымусова закладаліся розныя польскія арганізацыі. Усё гэта настроіла варожа да Польшчы нават пасыўныя сялянскія масы й стварыла спрыяльны грунт для бальшавіцкае прапаганды. Таму, калі выбухнула вайна, на працягу аднаго тыдня развалілася Польшча й бальшавікоў бальшыня народу чакала, як спасеньня. А тое, што потым дзеялася ў Польшчы, народ тлумачыў як Божую кару за дзяржаўныя грахі.

Прапаганда супраць вуніі ніколі не заціхала. З аднаго боку, рыма-каталіцкія ксяндзы не ўважалі вуніятаў за сапраўдных каталікоў і да тых, хто пераходзіў на вунію, казалі: "Лепш адразу перайсьці на праўдзівае каталіцтва", разумеючы пад гэтым лацінства. А з другога боку, праваслаўныя пашыралі думку, што вунія − гэта нейкая патайная палянізацыя, і паказвалі на факт, што вуніяты залежаць ад польскіх лацінскіх біскупаў. Тое, што праваслаўная царква ў Польшчы сама запраўды служыла палянізацыі, паясьнялі яе бясьсільнасьцю, а "вуніяты маюць абаронцаў у Апостальскай сталіцы і як-бы хацелі, дык маглі-б абараніцца ад палянізацыі, а таму, што не бароняцца, значыць, самі маюць якіясь падазроныя пляны". Пасьля 1937 году можна было не спасылацца на інструкцыю з Рыму аб вунійнай працы, але ўжо было запозна.

Да дрэннага рэнамэ вуніяцкае царквы ў значнай меры спрычыніліся некаторыя канвэртары з праваслаўя, што па некалькі разоў пераходзілі то ў адную царкву, то ў другую. Успомніць хоць-бы архімандрыта Марозава, архімандрыта Мядзьведзя, што аж па тры разы пераходзілі на вунію. Вялікі працэнт канвэртараў меў нядобрую маральную славу. З гэтага ўсяго ў некаторых аколіцах аб вуніі стварылася вельмі нядобрая думка. У 1939 годзе на Палесьсі сяляне вёскі Збураж мне самому гаварылі даслоўна: "Мы думалі, што праваслаўныя папы − гэта нікудышныя людзі, але вуніяты − дык такая дрэнь, што нават і праваслаўных нявартыя". Зьмяніць гэтую апінію было нялёгка.

Да таго варта зазначыць, што хоць вунійная праца на Беларусі была наскрозь місыйнаю працаю, аднак матар'яльнае становішча вуніяцкага духавенства зусім на гэта ня ўказвала, яно было больш чым сумным. Дапамога, якую атрымоўвалі вуніяцкія сьвятары ад польскіх біскупаў, была выстарчальнаю ўсяго на сьціплае прыватнае ўтрыманьне, а на місыйныя выдаткі й граша не атрымоўвалася. Такія сродкі прапаганды, як кніжкі, абразкі, газэты, аптэчкі, амаль нідзе на парафіях не спатыкаліся па-за тым, што мелі сьвятары для ўласнага ўжытку. Адпаведны царкоўны хор таксама рэдка дзе спатыкаўся.

Калі ў верасьні 1939 году ў Заходнюю Беларусь прыйшлі бальшавікі, сумны вобраз вуніі зьмяніўся на яшчэ горшы. Да гэтага часу некаторыя вуніяцкія парафіі існавалі толькі для справазданьняў у Рым. Напрыклад, у Пінскай дыяцэзіі такімі парафіямі былі Курашава, Збураж, Стаўпцы. Не чакаючы падаткаў ад бальшавікоў, такія парафіі самавольна ліквідаваліся, бо там вернікаў не было ўжо ад некалькіх гадоў.

У некаторых мясцовасьцях, дзе сьвятары дрэнна жылі з насельніцтвам, мелі месца жудасныя выпадкі супраць святароў. У вёсцы Бабровічы на Палесьсі мясцовыя камуністычныя актывісты вуніяцкага сьвятара айца Пачопку тэрарызавалі да тае ступені, што давялі да расстройства нэрваў. Яго кідалі на салому й намагаліся спаліць жыўцом, хворага выкідвалі з ложку. У канцы ён памёр ў шпіталі як нэрвова хворы. Настаяцель парафіі Таракані айцец Донат Навіцкі ўцёк ад актывістых і бальшавікоў, бо ўжо быў раз на Салаўках. У праваслаўных парафіях былі выпадкі яшчэ больш жорсткія. У вёсцы Ваўкавічы каля Наваградка вернікі павесілі свайго праваслаўнага сьвятара, абрэзаўшы яму перш зажыва вушы й нос. Але гэткія выпадкі здараліся спарадычна і ўсяго там, дзе сьвятары занядбалі сваю працу, пры тым усяго ў першых месяцах пасьля прыходу бальшавікоў.

На шчасьце, радасьць з прыходу бальшавікоў мінула досыць хутка. Калі бальшавікі аблажылі духавенства велічэзнымі падаткамі, пачалі арганізоўваць першыя калгасы й саўгасы, распачалі масавыя вывазы ў Сібір, народ убачыў і адчуў на сабе ўвесь нялюдзкі бальшавіцкі лад і зачаў шчыра ненавідзець бальшавізм і ўсё, што зь ім злучана, от-жа й бязбожнасьць. Аднак місыйная й вуніяцкая праца была выключана, за выняткам толькі прынагодных гутарак у адпаведных абставінах. Аб закладаньні новых парафій і гутаркі не магло быць, бо нават тыя, што ўжо існавалі, трудна было ўтрымаць з прычыны велічэзных падаткаў.

У гэтым часе сталася падзея гістарычнага значаньня для Беларусі − мітрапалітам Шаптыцкім на аснове адпаведных паўнамоцтваў з Рыму між іншымі экзархатамі быў створаны таксама грэка-каталіцкі экзархат Беларусі, але таму, што гэта рабілася ў найбольшай тайне, праца Экзарха і ягоных радных абмяжоўвалася толькі падрыхтоўкай рэлігійнае літаратуры й зьбіраньнем патрэбных інфармацыяў. На жаль, падчас акупацыі ўвесь гэты матар'ял загінуў.

Калі летам 1941 году немцы занялі Беларусь, рэлігійнае жыцьцё спачатку быццам ажывілася. Не было падаткаў на сьвятароў, парафіяльная зямля зноў вярнулася парахам, не было кантролю НКВД над царкоўным жыцьцём. Запраўднае аблічча гітлярызму таксама не было ведамае. Праўда, калі толькі замест вайсковае прыйшла нямецкая цывільная ўлада, дык адразу выявілася, што немцы ў сваёй царкоўнай палітыцы на Беларусі пастанавілі абаперціся на праваслаўную царкву. У Менску была ўтворана мітраполія, назначаны цэлы рад новых біскупаў на Беларусі, а ў канцы была ўтворана Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква. Аўтакефалію прагалошана ў Менску на адумысным Саборы ў 1942 годзе. Вартае аднак увагі тое, што склікаў гэты сабор і старшынаваў на ім заступнік мітрапаліта Панцеляймона архібіскуп Філафей, бо сам мітрапаліт з русафільскіх углядаў супраціўляўся аўтакефаліі.

Экзарх грэка-каталіцкай царквы Беларусі айцец Неманцэвіч выперадзіў праваслаўных у сваёй дзейнасьці. Ён вясною 1942 году дастаў дазвол ад Генэральнага камісара Беларусі пана Кубэ на легальнае выконваньне свае рэлігійнае дзейнасьці. На Вялікдзень 5 красавіка 1942 году ён выдаў першае і апошняе сваё пасланьне да беларускага народу. У "Баранавіцкай газэце" быў надрукаваны адпаведны артыкул самога Экзарха й паданы склад Рады Экзархату.

Духовым цэнтрам на Беларусі ў тым часе быў горад Баранавічы, там было найбольш школаў і самая актыўная беларуская інтэлігенцыя. Таму на радзе Экзархату было пастаноўлена, што хтосьці з радных абавязкова мусіць астацца ў Баранавічах і весьці магчымую прапаганду на карысьць вуніі. Гэты абавязак выпаў на маю долю, бо я быў знаёмы з рэдактарам "Баранавіцкае газэты" й меў доступ да ўсіх школаў і курсаў як настаўнік беларускае мовы, літаратуры й гісторыі; рэлігію выкладаць было агулам забаронена.

Сам Экзарх астаўся й надалей у Альбэртыне каля Слоніма й займаўся арганізацыйнымі і агульнацаркоўнымі справамі. Ён увайшоў у зносіны з лацінскімі ардынарыямі й перабраў ад іх юрысдыкцыю над уніяцкімі парафіямі. Самы першы перадаў юрысдыкцыю віленскі мітрапаліт Ялбжыкоўскі й да самога Экзарха паставіўся вельмі прыхільна. Труднасьці былі зь Пінскаю дыяцэзіяю, бо ў Пінску не было ардынарыя − біскуп Букраба яшчэ з бальшавіцкіх часоў уцёк у Львоў.

Між бежанцаў дзейнічаў айцец Гадуцэвіч, але ён хутка заразіўся тыфусам і памёр. Тыя сьвятары, якія ператрывалі бальшавізм, аставаліся далей на сваіх парафіях, але таму, што камунікацыя была надта ўтруднена, а пошты зусім не было, лучнасьць паміж імі і Экзархам была толькі прынагодная.

Гэтая дзейнасьць трывала вельмі нядоўга, бо таго-ж 1942 году ў ліпені месяцы Экзарх быў арыштаваны й больш волі не пабачыў. Паводле тых інфармацыяў, якія мне ўдалося сабраць, прычыны арышту былі наступныя.

Дэнунцыяцыя [1] праваслаўных біскупаў з Жыровіцкага манастыра на Экзарха, быццам ён як езуіт зьяўляецца патайным польскім дзеячам. Выклікана была дэнунцыяцыя жаданьнем Экзарха вярнуць назад сіламоц забраныя праваслаўнымі вуніяцкія цэрквы ў Сынкавічах і Курашове. Дэнунцыяцыя была паслана ў нямецкае СД у Слонім, дзе зь яго давераная асоба зрабіла копію й пераслала ў Віленскі Беларускі узэй на рукі М. Пецюкевіча: быццам у часе падарожжа Экзарха да Львова меліся якіясьці зьвязкі з падазронымі людзьмі, хоць падарожжа адбывалася ў нямецкім аўце і зь немцам-шафёрам.

Відавочнае жаданьне немцаў зьнішчыць грэка-каталіцкую ерархію й царкву, бо калі я некалькі месяцаў пасьля арышту спрабаваў асесьці ў Альбэртыне, дык атрымаў ад немцаў такі востры адказ, што мусіў хутчэй выбірацца з Альбэртына.

Праўда, Экзарх хутка пасьля свае намінацыі на выпадак неспадзяванае сьмерці назначыў сабе намесьнікаў у асобах айца Вечаслава Аношкі і айца Льва Гарошкі, але ў абліччы варожае паставы немцаў да вуніі нельга было прыдумаць, што рабіць, прытым даўжэйшы час усё яшчэ была надзея, што Экзарх яшчэ вернецца, так запэўніваў нас адзіны вышэйшы нямецкі ўплывовы афіцэр, які ў кастрычніку 1942 году ехаў па важных справах да Бэрліна й пасьля зь Бэрліну прыслаў ліст (напаўшыфраваны) на рукі быўшага бурмістра г. Баранавічы Гібоўскага, у якім запэўніваў, што за пару тыдняў Экзарха выпусьцяць.

Дзякуючы няздарнай нацыянальнай палітыцы немцаў становішча ў краю зь дня на дзень ставалася ўсё больш трагічным. Зачынаўся бальшавіцкі партызанскі рух. Немцы намагаліся спыніць гэты рух тэрарыстычным спосабам, яны выпальвалі й выстрэльвалі цэлыя вёскі, але ад гэтага партызанка ўзмагалася яшчэ горш. Рукамі нямецкага СС былі зьнішчаны сотні вёсак на Беларусі, між імі й вуніяцкія парафіі вёсак Збураж, Бабровічы ды іншых. У ваколіцы мястэчка Ганцавічы было зьнішчана зараз 40 вёсак разам з насельніцтвам. Ня толькі вёскі, але й мястэчкі гінулі ў гэтай завірусе.

Бальшавіцкі партызанскі рух і дзейнасьць нямецкага СС ад 1943 году так спараліжавалі жыцьцё на Беларусі, што аб якойсьці місыйнай працы нельга было й думаць. Нават нельга было даведацца, што дзеецца з тымі парафіямі, якія ператрывалі вайну. Хаос павялічваўся зь дня на дзень. У вёсках, адлеглых некалькі кілямэтраў ад гарадоў, днём улада была нямецкая, а ўначы − партызанская, а некаторыя ваколіцы былі зусім апанаваныя партызанамі.

У гэткім хаосе ў канцы ліпеня 1944 году пачалося гвалтоўнае адступленьне немцаў перад бальшавікамі. Зь Беларусі масы інтэлігенцыі й сялянства рушылі на захад, не жадаючы стрэнуцца з бальшавікамі. Аднак вялікую частку ўцекачоў партызанам удалося пераняць па дарозе й вярнуць назад. Тыя, што змаглі ўцячы і абараніцца ад партызан, былі накіраваны немцамі ва Ўсходнюю Прусію і ў бальшыні там засталіся, бо далейшы наступ на Шчэцін адрэзаў ім дарогу на захад, між імі астаўся таксама першы намесьнік Экзарха айцец Аношка. Усе ерархі Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы, падобна як украінскае й расейскае, разам у ліку 50 чалавек, таксама апынуліся на эміграцыі.



[1] Данос (польск. denuncjacja).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX