Папярэдняя старонка: Мемуары

Гарошка Леў. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930-1944 


Аўтар: Гарошка Леў,
Дадана: 21-09-2022,
Крыніца: Гарошка Леў. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930-1944 (урыўкі) // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. 2016. №38. С. 178-367.

Спампаваць




ПРАЗ НАВАЛЬНІЦЫ І НЯГОДЫ

Успаміны з гадоў 1930-1944 (урыўкі)

а. Леў Гарошка

ЧАСТКА І. ПАД ПОЛЬСКАЙ УЛАДАЙ

Чаму сьвярбіць рука?

Апынуўшыся на Захадзе, часта прыходзіцца сьцьвярджаць павучаючы для нас, беларусаў, факт: ува ўсіх заходнеэўрапэйскіх краінах недзе зафіксаваныя ўсе падзеі з усіх галінаў іхняга жыцьця. Ня толькі падзеі агульнанацыянальнага жыцьця, але нават дробныя местачковыя, а часам і вясковыя недзе запісаныя, захаваныя, каб ня згінулі. Таму ня дзіва, што гэтыя народы і самі ведаюць добра сваё мінулае, і іншыя аб іх шмат ведаюць. У нас жа найчасьцей зь незалежных ад нас прычынаў паважная частка нашага мінулага пайшла ў забыцьцё. На жаль, тое самае дзеецца і сёньня, і цяпер ужо з залежных ад нас прычынаў. За апошнія дзясяткі гадоў адышло на той сьвет нямала людзей, якія былі ў першых радох беларускага грамадзкага і рэлігійнага жыцьця, забіраючы з сабою шмат важных вестак. У сучасны мамэнт, калі беларускую гісторыю і ўвесь беларускі адраджэнскі рух нашы суседзі стараюцца прадстаўляць тэндэнцыйна, а часта зусім фальшыва, жывое слова аб тых падзеях можа мець аграмаднае значэньне.

Мне давялося быць сьведкам, а часам і ўдзельнікам шматлікіх падзеяў, аб якіх захавалася мала пісаных дакумантаў, таму і сьвярбіць рука, каб апісаць тое, што яшчэ захавалася ў памяці з нашага грамадзкага і рэлігійнага жыцьця разам з асабістымі перажываньнямі.

Маё дзяцінства і юнацтва праходзіла падчас Першае cусьветнае вайны. Давялося бачыць на абшарах Беларусі царскую расейскую армію, нямецкую армію, сьледам за тым польскіх легіёнаў і баль шавікоў; давялося наслухацца сьвісту куляў і выцьця снарадаў - але на тыя падзеі я глядзеў дзіцячымі вачыма ды мала што бачыў далей свае роднае Трашчычы [1] над Вушаю. Таму пачну мае ўспаміны з таго часу, калі ўжо я мог глядзець паважней на ўсе падзеі з асабістага і грамадзкага жыцьця. Такім часам можна лічыць мой апошні год навукі ў Наваградзкай Беларускай Гімназіі [2].

Падзеі і зьмены

Майму пакаленьню выпала на долю ўжо ад самых дзіцячых гадоў быць сьведкамі выключна важных падзеяў, якія адбываліся ў Эўропе наагул, а на абшары Беларусі ў асаблівасьці, але паколькі на іх прыходзілася глядзець дзіцячымі вачыма, дык толькі пералічу іх коратка, бо ж яны пакінулі глыбокі адбітак у душы.

Самы першы ўспамін з майго дзяцінства - гэта мабілізацыя. Мне было тады ўсяго тры з палавінаю гады, калі ў нашай вёсцы Трашчычы над рэчкаю Вушаю, так як і ўва ўсёй Беларусі ў канцы лета 1914 году, жанчыны галасілі амаль у кожнай хаце. Горка плакала тады і мая мама разам з роднымі. Бацька ішоў на вайну. Пару тыдняў пасьля гэтага ў нашу вёску прыйшоў вялікі вайсковы расейскі аддзел правіць дарогі і рабіць бліндажы. На наступны год вайсковыя часьці ў нашай вёсцы пачалі хутка мяняцца; фронт пасоўваўся на ўсход. І аднае раніцы нейкі чыноўнік хадзіў ад хаты да хаты і загадваў усім жыхаром пакідаць вёску ды ехаць на ўсход [3]. Як жа селяніну пакідаць сваю гаспадарку?! Мой дзед ад'ехаўся ўсяго на паўвярсты ад вёскі, аглянуўся, перахрысьціўся і завярнуўся назад у вёску. Мама і баба не казалі нічога, а я з малодшым братам цешыліся. За намі вярнуліся амаль усе вяскоўцы.

Тым часам да нашае вёскі фронт не дайшоў нейкіх 25 кілямэтраў. Нашу і суседнія вёскі ператворана ў тылавую базу. Каля вёскі праведзена вузкакалейку. Тым часам у нашу хату прыйшла сумная вестка, што бацька трапіў у нямецкі палон падчас таго, калі ён з сваім аддзелам Чырвонага Крыжа перавязваў раненых пасьля бою.

Калі адбылася рэвалюцыя [4], у нашай ваколіцы было спакойна, бо ўсюды было многа войска. Але калі адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя [5], дык самыя вайсковыя арганізавалі паходы і дэманстрацыі з чырвонымі сьцягамі. Я разам з маімі аднагодкамі бегалі за паходамі і зь цікавасьцю прыглядаліся да відовішча. А потым яшчэ з большаю цікавасьцю глядзелі, як у перапоўненых вагонах і на дахах вагонаў вузкакалейнае чыгункі, што тады праходзіла каля нашае вёскі, што дня жаўнеры ўцякалі з фронту. Як толькі сьціх рух на вузкакалейцы і ў вёсцы не асталося ніводнага жаўнера, людзі кінуліся расьцягаць усё, што асталося пасьля войска, раскідалі такжа і вузкакалейку. І вось аднойчы халоднаю раніцаю нямецкія аддзелы ўвайшлі ў нашую вёску безь ніводнага выстралу. Пасьля некалькіх дзён ужо нямецкія жаўнеры па двох ці трох хадзілі па хатах і зьбіралі "айер" [6] ці "шпэк" [7] і часта загадвалі старасту ганяць гаспадароў у абоз. Так было да канца 1918 г., калі яны адышлі такжа спакойна, як і прыйшлі, безь ніякага бою.

Пасьля на пару месяцаў настаў супакой, у часе якога вярнуўся бацька з палону.

Калі вясною 1919 г. пачалася польска-бальшавіцкая вайна, зноў пачалася трывога. Фронт хутка пасоўваўся на ўсход і ў канцы вясны дакаціўся да нашае вёскі і затрымаўся на пару тыдняў на рацэ Вушы. Сьвіст куляў і гарматных снарадаў стаўся штодзённым зьявішчам. У тым часе я разам з маімі сябрамі пасьвіў каровы ў глухім закутку між узгоркамі, але і там нам некалькі разоў прыходзілася ўцякаць ад гарматнае атакі і двойчы абараняцца ад польскіх легіяністаў, якія хацелі паласавацца мясам нашых кароваў. Аднойчы палякі стралялі па нас цэлую гадзіну, але, на шчасьце, нікога ня ранілі, бо мы ўсьпелі схавацца ў роў.

Калі ж палякі адступалі, каля нас ніякага бою не было. Як другі раз фронт перасоўваўся праз нашую вёску, паўтарылася амаль тое самае, толькі трывала карацей.

Падчас зьмены ўладаў адбывалі[ся] паважныя зьмены ў грамадзкім жыцьці, але аб іх у нашай вёсцы мелі толькі агульнае паняцьце. Ясна было толькі адно, што падчас кожнае зьмены ваколічныя паны то падымалі, то апускалі галовы, а наш вясковы статак меў то больш, то менш пашы. Але ваенны настрой перадаваўся ўсім; нашымі штодзённымі гульнямі ў грамадзе сяброў былі гульні ў вайну.

Як адгрымела Першая сусьветная вайна і Рыжскі мірны дагавор падзяліў жывое цела Беларусі на часьці, нашая вёска знайшлася пад польскаю акупацыяю і польская адміністрацыя пачала весьці іншую вайну - вайну за душу народу. У нашай ваколіцы адразу ўсе школы ператворана ў польскія, толькі ў Ярэмічах [8] аставалася адзін год расейская школа. Туды разам зь іншымі 8 хлапцамі з нашае вёскі прышлося хадзіць штодзённа па 9 км. Толькі зімою бацькі нанялі кватэру.

Там, у Ярэмічах, давялося першы раз стрэнуць польскіх асаднікаў [9], якім распарцэлявана вялікі маёнтак у Паддзенявічах. Для нас, юнакоў, было вельмі агідна бачыць, што знаходзіліся беларускія дзяўчаты, якія ахвотна прыставалі ў таварыства халастых асаднікаў.

Калі ў наступным годзе Ярэміцкую школу пераменена на польскую, дык прыйшлося перайсьці ў бліжэйшую сяміклясовую школу ў Міры [10] - 7 км. Мне было дзіўна, што тут у польскай школе, дзе ўжо было нават некалькі палякаў, дзецяў урадоўцаў, беларускі дух між вучняў быў куды мацнейшы, чым у Ярэмічах. Гэта была спантанічная рэакцыя супраць некаторых настаўнікаў, якія рабілі стараньні, каб палянізаваць вучняў.

Па сканчэньні сямігадовае школы мне хацелася хутчэй стаць на свае ногі, дык надумаўся пайсьці ў тэхнічную школу ў Вільні. Экзамін здаў добра, але якое ж было маё гора, калі пасьля гэтага лекар адкінуў мяне дзеля слабога здароўя. Не памагла і інтэрвэнцыя [11] дырэктара. Праўда, маё здароўе было хірлявае.

Адпачыўшы адзін год удома, я накіраваўся ў Беларускую Гімназію ў Наваградку. Якраз у тым годзе - 1927 - вясною там быў апошні выпуск з расейскае клясы, і Гімназія стала чыста беларускай.

На ўсе вышэйпералічаныя падзеі так мяйсцовага, як і агульнаграмадзкага значэньня, якія суправаджалі маё дзяцінства і першыя гады юнацтва, я глядзеў дзіцячымі вачыма і мала што бачыў далей сваіх ваколіц, таму ня буду на іх затрымоўвацца, а пачну мае ўспаміны з таго часу, калі я ўжо мог глядзець паважней на ўсе падзеі асабістага і грамадзкага жыцьця. Такім часам можна лічыць мае апошнія гады навукі ў Наваградзкай Беларускай Гімназіі.

Наваградзкая Беларуская Гімназія

Цэнтрам беларускага грамадзкага, культурнага і рэлігійнага жыцьця ў Заходняй Беларусі перад Другой сусьветнай вайною была Вільня, а Наваградак быў толькі невялікім беларускім вогнішчам. І тым вогнішчам перадусім была Прыватная Беларуская Гімназія. Заснавалася яна як расейская гімназія, але адразу, пачынаючы ад першае клясы, пачала пераходзіць на беларускую. Здаецца, што ў 1927 г. быў апошні расейскі выпуск гімназістаў, і ад таго часу яна сталася чыста беларускаю. Пры тым яна адначасна замянілася з гуманістычнае на прыродна-матэматычную.

Для ўзгадаваўчае працы Наваградак меў шмат выняткова спрыяючых даных. Гэта ж горад з багатым гістарычным мінулым; гэта першая сталіца Вялікага Літоўскага (у сёньняшнім значэньні Беларускага) Княства. Узгорак Міндоўга, Замкавая Гара з руінамі магутнага замку, Барысаглебская і Фарная цэрквы, недалёкая Літвінка, цікавыя архэалягічныя знаходкі падчас розных раскопкаў - усё гэта жывыя сьведкі слаўных старонак беларускае гісторыі, якія кожнаму беларусу наагул, а вучням Беларускае Гімназіі ў асаблівасьці маглі прамаўляць сваім нямым маўчаньнем больш, чым пісаным словам. Гэтыя памяткі былі незвычайнымі настаўнікамі, ад якіх можна было навучыцца любіць родны край і народ.

Я вучыўся ў гімназіі якраз тады, калі яна перажывала свой лепшы час. Лік вучняў павялічваўся з году ў год, і стары наняты будынак на рагу рынкавае плошчы станавіўся зусім нездавальняючым для яе патрэбаў, і дырэкцыя парабіла адпаведныя захады, каб мець уласны адпаведны будынак. На пачатку 1929 г. быў створаны Камітэт будовы гмаху беларускае бурсы ў Наваградку. Старшынёю яго згадзілася быць старасьціха Т. Грынеўская [12], а заступнікам старшыні быў адвакат Павал Сьвірыд [13]. Камітэт адразу энэргічна ўзяўся за працу. Настаўнікі і вучні хадзілі па ваколічных вёсках з падпіснымі лістамі; нягледзячы на беднасьць сялянства, ахвярнасьць была вялікая, і ўжо да восені распачалі будову бурсы. Якраз увосень 1929 г. аб'яжджаў Наваградзкае ваяводзтва прэзыдэнт Масьціцкі [14] і на стараньні старасьціхі Грынеўскае згадзіўся прысутнічаць на ўрачыстасьці пасьвячаньня вугольнае цагліны і падпісаў разам з ваяводаю, старостаю і Горадзенскім япіскапам урачысты акт пасьвячаньня.

У 1930 г. наваградзкім ваяводаю быў назначаны Бэчковіч [15], і польскі наступ на ўсе беларускія культурныя здабыткі крыху прыціх. Нават з Наваградзкага павятовага сойміка давалі невялікую дапамогу для ўтрыманьня беларускіх бурсаў. Восеньню 1930 г. мне асабіста давялося пачуць з вуснаў ваяводы Бэчковіча вельмі суцяшальныя словы. Ваявода адзначаў нейкія ўгодкі, і дырэктар Беларускае Гімназіі Янка Цеханоўскі [16], узяўшы як дэлегатаў адну дзяўчыну зь дзявочае бурсы і мяне з хлапцоўскае бурсы, складаў ваяводзе звычайныя ў такіх выпадках пажаданьні. На пажаданьні дырэктара ваявода выказаў сваё шчырае задаваленьне, што бачыць перад сабою дэлегацыю зь Беларускае Гімназіі і ў канцы зазначыў, што пры гэтай нагодзе хоча перадаць запэўненьне ўсім беларусам у Наваградзкім ваяводзтве, што ён сваю дзейнасьць будзе выконваць так, каб "унікаць усяго таго, што нас розьніць, а зьвяртаць увагу на тое, што нас лучыць". У такім жа духу ў тым часе дзейнічаў наваградзкі стараста Грынеўскі [17] зь ягонаю дзейнаю жонкаю.

Праўда, і ў тым часе зыркае вока тайнае і яўнае паліцыі ўважна сачыла за кожным крокам ня толькі беларускіх дзеячоў і настаўнікаў, але і за вучнямі, аднак не рабілася ніякіх правакацыяў, як гэта дзеялася пару гадоў пазьней.

Узровень навукі ў Наваградзкай Гімназіі быў даволі высокі, як гэта можна сьцьвердзіць сёньня з далёкае пэрспэктывы. Паколькі гімназія была прыродна-матэматычнага тыпу, дык гэтыя прадметы стаялі на першым мейсцы, і выкладчыкі гэтых прадметаў, за выняткам аднаго, былі вельмі добрыя. Найбольшаю павагаю карыстаўся Аляксандар Данілевіч [18]. Ён выкладаў альгэбру, трыганамэтрыю, аналітыку, фізыку і касмаграфію. Вельмі добра знаў свае прадметы і моцна любіў іх. Кантрастам да яго быў А. Мілоў [19], які выкладаў альгэбру, хэмію і матэматыку. Гэты быўшы расейскі афіцэр выкладаў дрэнна і адносіўся варожа да ўсяго беларускага.

Паважным настаўнікам быў дырэктар гімназіі Янка Цеханоўскі. Ён выкладаў беларускую літаратуру і францускую мову. У ягоным цяжкім і адказным становішчы неабходна было няраз стрымаць неразважныя крокі юнацтва і за гэта на яго часам наракалі, але заўсёды паважалі. Біялёгію і прыродазнаўства ад 1930 г. выкладаў д-р Аляксандар Орса [20]. Нядаўна вярнуўшыся з Прагі, ён выкладаў свае прадметы заўсёды спакойна і заўсёды з жывым зацікаўленьнем. Гісторыю ўва ўсіх клясах выкладаў М. Чатырка [21] - маючы толькі сярэднюю асьвету, ён ведаў добра свой прадмет і быў першаклясным пэдагогам. Хорам і аркестраю кіраваў кампазітар Антон Валынчык [22]. Дзякучы яго стараньням штогод ладзілася некалькі беларускіх канцэртаў у Наваградку і ў некаторых мястэчках. Праз гэта папаўнялася крыху каса гімназіі. Аднойчы, вяртаючыся з канцэрту ў Нягневічах [23], здарылася катастрофа: аўтабус з вучнямі перавярнуўся і некалі чалавек было паважна раненых, шмат музычных інструмантаў паламалася.

Вельмі слабым мейсцам у Наваградзкай Гімназіі былі выклады рэлігіі. Прычынаю гэтага быў выкладчык а. Васіль Бабкоўскі, пазьнейшы арх[ірэй] Бэнэдыкт24. Ён выкладаў па-расейску, хоць вучні некалькі разоў катэгарычна дамагаліся ад яго, каб выкладаў па-беларуску, бо падчас матуральных экзамінаў нават прадстаўнікі зь Ві ленскае Кураторыі дамагаліся гэтага. Усе дамаганьні вучняў а. Васіль збываў катэгарычнай адмоваю, апраўдваючы сябе тым, што няма да рэлігіі беларускіх падручнікаў. Але ў гімназіі не было беларускіх падручнікаў да шмат якіх прадметаў, а іх выкладалі па-беларуску. Зьняважлівыя адносіны выкладчыка рэлігіі да роднае мовы вучняў і да самое Беларускае Гімназіі выклікалі адпаведную рэакцыю вучняў і да таго прадмету, які ён навучаў. Пры тым гэта дзеялася ў той установе, дзе адбывалася змаганьне за беларускасьць. Туды бацькі плацілі няраз апошнія шэлягі, каб іхнія дзеці атрымалі асьвету ў роднай мове. І тут сьвятар пляваў на іх родную мову. Яму часта вучні ставілі розныя прыдзірлівыя пытаньні на рэлігійныя тэмы з выразнаю мэтаю змарнаваць лекцыю. Часам ягоныя выклады дзейнічалі горш, чым бязбожная прапаганда, але ён на гэта не зьвяртаў увагі - адбыўшы свае выклады, абыякава йшоў дамоў. Іншых выкладчыкаў рэлігіі доўгі час не было. Толькі ў апошнія гады існаваньня гімназіі ў малодшых клясах пачаў выкладаць рэлігію па-беларуску а. Кляеўскі.

Высокі ўзровень выкладаў матэматыкі і фізыкі ў гімназіі мне даў магчымасьць даваць лекцыі вучням Польскае Дзяржаўнае Гімназіі і тым значна аблягчыць маё цяжкае матэрыяльнае палажэньне. Будучы ў восьмай клясе, я даваў штодзённа па 4 лекцыі. Праўда, гэта адбівалася шкодна на здароўі, бо часта я прыходзіў зь лекцыяў вельмі змучаны і падэнэрваваны, але нягледзячы на гэта мусіў адрабляць свае лекцыі.

Агульныя ўмовы жыцьця і навукі ў Наваградзкай Гімназіі былі цяжкія. Большая частка вучняў жыла ў бурсах - іх было тры: дзьве хлапцоўскія і адна дзявочая. А тым [?! - А. Н. [24]] харчаваньне было вельмі бедным. Харчы ў бурсы прывозілі бацькі вучняў паводле ўсталеных нормаў, а нормы былі невялікія. Сыстэматычную дапамогу плаціла староства толькі для аплаты будынкаў і гаспадыняў. Найцяжэй было вясною, бо тады харчаваньне абяднялася, а вучыцца трэба было больш. Тады калі хто меў у кішэні пару грошаў купіць сабе на падвячорак селядца або кусок вантрабянкі, мог адчуваць сябе шчасьлівым.

Нястача кнігаў такжа давалася вельмі ў знакі. Але тут на дапамогу прыходзіў сяброўскі дух вучняў. Падручнікамі дзяліліся, як толькі маглі, а творы прыгожае літаратуры, якія магчыма было знайсьці ў бібліятэцы толькі ў адным экзэмпляры, чыталіся супольна. Беларуская гімназіяльная бібліятэчка зьмяшчалася ў адной невялікай шафе. На ўзбагачэньне бібліятэкі ніякіх фондаў не было. Неабходныя кнігі да польскае літаратуры прыходзілася пазычаць з гарадзкое бібліятэкі. Толькі ад 1930 г. дырэкцыя Польскае Гімназіі дазволіла нам карыстацца з свае бібліятэкі.

Такжа і фізычны кабінэт Беларускае Гімназіі быў вельмі ж мізэрны - мясьціўся ў дзьвёх малых шафах. Толькі калі А. Данілевіч быў прызнаны этатным настаўнікам і выкладаў фізыку ў некаторых клясах Польскае Гімназіі, мы маглі карыстацца фізычным кабінэтам Польскае Гімназіі.

Затое культурна-ўзгадаваўчае жыцьцё ў гімназіі было на высокім узроўні. У 1928 г. зарганізаваўся вучнёўскі гурток, які рыхтаваў беларускія прадстаўленьні і часта ладзіў так званыя суботнікі ў мурох гімназіі; выпісваў некалькі газэтаў для агульнага карыстаньня, ладзіў вечары крытыкі пачынаючых пісьменьнікаў.

Звычайна на праграму суботнікаў складаўся рэфэрат на актуальную грамадзкую ці літаратурную тэму з дыскусіяю і канчаўся чытаньнем газэтаў або сяброўскімі гульнямі ці танцамі. Тэхнічную арганізацыю суботнікаў выконваў адзін з вучняў восьмае клясы па даручэньні ўправы гуртка. Кожны раз гэтую працу даручана іншаму вучню, каб даць магчымасьць кожнаму выпрабаваць свае сілы.

Калі мне давялося кіраваць суботнікам, здарыўся выпадак, які дайшоў аж да старасьціхі Грынеўскае. Уласьціва гэта быў дробны выпадак, але, магчыма, гэтая драбяза лепш, чым што іншае, сьведчыць аб тым, які быў пільны нагляд польскае адміністрацыі за жыцьцём і дзейнасьцю Беларускае Гімназіі. Таму варта аб ім расказаць.

Рэфэрат на тэму "Творчасьць Максіма Багдановіча" згадзіўся падрыхтаваць Юрка Д. [25]. Ведаючы добра, што ён ня моцны ў літаратуры, Янка Б. [26] пастанавіў высачыць, адкуль ён "сьцягне" свой рэфэрат. Аб гэтым я добра ведаў, але зусім не здагадваўся, у якой форме Янка выкажа свае "адкрыцьці". На суботнік прыйшлі амаль усе настаўнікі і вучні. І вось вечарам, як толькі пасьля рэфэрату я адчыніў дыскусію, дык Янка ўстаў, трымаючы ў руцэ нейкі часапіс, і зганіў увесь рэфэрат толькі за тое, што ён быў у большай часьці перапісаны з таго часапісу і што Юрка і словам ня ўспомніў, адкуль перапісаў. Вострыя словы крытыкі з наяўным матэрыялам "уліку" ў руцэ стварылі прыкрую атмасфэру для ўсіх прысутных у салі. Да таго трэба заўважыць, што бацька Юркі займаў паважнае становішча ў Наваградзкім магістраце і зь яго паслугі няраз карыстала дырэкцыя гімназіі. На шчасьце, я захаваў супакой і пасьля хвіліны развагі ў агульнай прыкрай цішыні сам адказаў Янку: "Абвінавачаньне Янкі ня ёсьць такім страшным, як магло б здавацца, бо ж мы - вучні гімназіі, і для нашых вечароў ня маем заданьня пісаць навуковыя даклады, а толькі рэфэраты. Іменна рэфэрат і напісаў Юрка. Ён рэфэраваў нам думкі тых літаратурных крытыкаў адносна названае тэмы, якія змог знайсьці і большую частку зацытаваў іх. Праўда, нядобра, што ён не назваў аўтараў тых цытатаў, але якраз падчас дыскусіі можна было спытаць яго, адкуль ён узяў матэрыял да свайго рэфэрату і ён, напэўна, сказаў бы. Пры тым, на маю думку, матэрыял ён падабраў добры, таму мы можам спакойна і карысна прадаўжаць дыскусію над тым матэрыялам".

Адказ спадабаўся ўсім, за выняткам Янкі. Настаўнікі пачалі ўсьміхацца, а суседзі Янкі пачалі штурхаць яго пад бакі. І вось раптам дырэктар з задаваленьнем на абліччы падняў руку: ён прасіў зарэзэрваваць яму апошняе слова перад закрыцьцём дыскусіі. Гэтая паднятая дырэктарава рука была для нас усіх такою лекцыяю дысцыпліны, якое не магла даць і гадзінная прамова. Дыскусія адбылася вельмі цікава. Наагул вечар прайшоў вельмі ўдала.

Былі на суботніку і настаўніцы польскае мовы. Іх было дзьве. Будучы ў сталай лучнасьці з старасьціхаю Грынеўскаю, яны, як бачна, данесьлі ёй аб інцыдэнце на суботніку і, відаць расьпісалі яго вельмі "ружова", бо яна сказала ім перадаць мне, што калі я так жа шчасьліва і на дадатак без адной тройкі здам матуральны экзамін, дык буду першым на лісьце тых, што атрымоўваюць з павятовага сойміка стыпэндыю ў Віленскі Ўнівэрсытэт. На гэта я адказаў настаўніцам жартам, што абяцанка абумоўлена так, каб яе не атрымаць, бо я мушу здаваць матуральны экзамін другі раз і хоць матэрыял ведаю добра, але можа здарыцца тое ж няшчасьце, як на папярэднім экзаміне.

Управа гуртка выбіралася агульным вучнёўскім сходам на пачатку школьнага году, і ані дырэкцыя, ані настаўнікі ня мелі ніякага ўплыву на выбары.

Адначасова з вучнёўскім гуртком існавала вучнёўская каапэратыва. Яе невялікі капітал складаўся з дробных паёў. Дырэкцыя гімназіі дала для патрэбаў каапэратывы невялікі пакойчык, дзе мясьцілася крама. Управа была такжа выбраная. Усе сябры ўправы мелі добрую нагоду пазнаёміцца з каапэратыўным рухам.

Гаворачы аб вучнёўскіх арганізацыях, нельга абмінуць маўчаньнем і таго сумнага факту, што ў гімназію няраз стараліся пранікнуць мацкі нелегальнае камуністычнае партыі. Паколькі мне ведама, гімназійнае ячэйкі не было, але прыхільнікі КПЗБ [27] былі, і на гэта складалася шмат прычынаў, незалежных ад гімназіяльнае моладзі. Я не гавару аб тым часе, пакуль гімназія ня мела зусім ніякіх правоў і яе вы пускнікі ня мелі права студыяваць у ніводным унівэрсытэце ў Польшчы; тады шмат хто з вучняў паціху рыхтаваўся да ўцёкаў у БССР, каб там магчы студыяваць праз удзел у КПЗБ. Так было і ў іншых беларускіх гімназіях. Гэта вельмі прыкры і жудасны факт, бо ўся моладзь, якая гэткім шляхам апынулася ў Менску, была зьнішчаная бальшавікамі. За маіх часоў ужо было магчыма здаваць прызнаную дзяржаваю матуру і таму і тым самым быў значна зьменшаны ўплыў для камуністычнае партыі. Але былі іншыя прычыны, якія існавалі і далей. Гэта варожы наступ польскае адміністрацыі супраць усяго беларускага, адсутнасьць беларускіх радыёперадачаў, насаджэньне польскага асадніцтва, гнобленьне беларускага культурнага жыцьця. На шчасьце, цьвярозы беларускі розум і нейкая шчасьлівая інтуіцыя падказвала моладзі, што і ў Савецкай Беларусі пад камуністычнаю ўладаю дзеецца ня лепш. На жаль, польская адміністрацыя, а нават і духавенства ўсякі праяў беларускасьці таўравалі як камунізм, і таму польская паліцыя ўсіх вучняў гімназіі лічыла падазронымі.

Як толькі вясною 1931 г. у Наваградзкім ваяводзкім урадзе адбыліся пэрсанальныя зьмены - ваяводу Бэчковіча перанесьлі на пасаду польскага пасла ў Латвію [28], а яго мейсца заняў Сьвідэрскі [29], якога хутка замяніў Костэк-Бярнацкі [30], - адразу павеялі сьцюдзёныя вятры на ўвесь беларускі рух у Наваградчыне. Пачалі хадзіць пагалоскі аб сумнай будучыні гімназіі. Агэнты тайнае і яўнае паліцыі ўзмоцнілі нагляд над вучнямі і настаўнікамі. У канцы красавіка якісьці агент нават быў спрабаваў залезьці ў хлапцоўскую бурсу. Ён зьявіўся да аднаго з вучняў быццам ад імені ягоных бацькоў. Добра гаварыў па-беларуску і ведаў усіх сямейнікаў таго вучня. Бурсакі ўжо зьбіраліся запрасіць яго на супольную вячэру, калі ён, адчуўшы давер, раптам пачаў выпытваць аб палітычных настроях вучняў і тым праявіў сябе. Каб не рабіць якое гісторыі і [?! - А. Н.] таго агента, старэйшыя вучні запрасілі яго ў свой пакой, выпыталі колькі маглі, што ён за птушка, і невялікаю грамадою вывелі яго на вуліцу. Ды яшчэ як вывелі! Матурысты пайшлі зь ім на рынак і там адзін за другім разьвіталіся зь ім, кожны "сьпяшаючыся" ці то на спатканьне зь сябрам-мешчанінам, ці да дырэктара, ці на лекцыю. Я разьвітаўся апошні, пакідаючы яго з кіслаю мінаю, бо я сапраўды йшоў на лекцыю і ён мог мяне спакойна сачыць. Хоць падобныя выпадкі здараліся рэдка, але яны былі цьвёрдаю жыцьцёваю школаю для гімназістаў і мелі ня меншае значэньне, чым самая навука ў гімназіі.

Прынагадна ўжо ўспаміналася, што ў Наваградку была такжа Польская Гімназія імя Адама Міцкевіча; якія ў нас былі адносіны тых гімназістаў? Наагул мы спатыкаліся даволі рэдка. Там вучыліся дзеці памешчыкаў, засьцянковае шляхты, урадоўцаў, багатых мяшчан і жыдоў; у нас жа была пераважна сялянская моладзь зь невялікім дадаткам сялян [мяшчан? - А. Н.] і сьведамае беларускае інтэлігенцыі. Зразумела, што "панствавякі" [31] глядзелі на нас згары, але мы на гэта не зьвярталі ніякае ўвагі, а з гімназістамі-жыдамі жылі даволі прыязна. У 1930 г. амаль усе гімназісткі-жыдоўкі з 7 кл. бралі ў мяне лекцыі з альгэбры. У 1930/31 школьным годзе мы часьцей, як перад тым, спатыкаліся з вучнямі і настаўнікамі Польскае Гімназіі, бо да папярэдніх дазволаў карыстацца бібліятэкаю было дазволена карыстацца фізычным кабінэтам і часам запрошвана на даклады. Пры гэтых нагодах настаўнікі Польскае Гімназіі стараліся быць да нас вельмі карэктнымі. Гэта можа з'ілюстраваць такі выпадак. Вясною 1931 г. я аднойчы прыйшоў у бібліятэку Польскае Гімназіі першым, калі там была толькі настаўніца, якая кіравала бібліятэкаю, і яе дзьве памочніцы-вучаніцы 7-ае клясы. Настаўніца нешта пісала за сталом і, адказаўшы на маё прывітаньне, далей углыбілася ў пісаніну, а яе памочніцы замест адказу на маё прывітаньне казалі: "Паўлюк прыйшоў! [32]" Я, нічога ня кажучы, скрыжаваў гукі і вострым позіркам глядзеў на вучаніцаў. Запанавала прыкрае маўчаньне. Настаўніца падняла галаву ад свае пісаніны, глянула на мяне, на сваіх памочніцаў і сказала:

- Чаго пан сабе жадае?

Я маўчаў і глядзеў далей. Тады яна ўскочыла з-за стала, падбегла да мяне і зноў:

- Чаго пан жадае?

Я павярнуўся і спакойна кажу:

- Сызыфовыя працы Жаромскага [33].

Як бачыш, кніга была ў мяне ў руках. Але як толькі я зачыніў за сабой дзьверы, у бібліятэцы ўзьнялася цэлая бура. Пасьля гэтага ніхто з нашых вучняў ня меў падобнага выпадку ў бібліятэцы.

Матуральныя экзаміны

Ад заснаваньня Наваградзкая Беларуская Гiмназiя ня мела нiякiх правоў i яе выпускнiкi маглi здаваць матуральныя экзамiны толькi экстэрнам, але нiхто не адважваўся на такую рызыку. Толькi ў 1928 г. Вiленская Школьная Кураторыя заклiкала матурыстаў з Наваградзкае i Клецкае Гiмназii [34] ў Вiльню на дзяржаўныя матуральныя экзамiны. Вучнi Наваградзкае i Вiленскае Гiмназiяў [35] ў вялiкай большасьцi экзамiны здалi, а з Радашкавiцкае [36] ўсе правалiлiся; гiмназiя была зачыненая. У наступных гадох для матуральных экзамiнаў у Наваградзкай Гiмназii вызначалася экзамiнацыйная камiсiя з настаўнiкаў гiмназii, але старшынёю камiсii заўсёды вызначаўся давераны чалавек з Кураторыi. Гэткiм чынам гiмназiя атрымоўвала дзяржаўныя правы нароўнi зь дзяржаўнымi гiмназiямi.

Уплыў старшынi камiсii на вынiк экзамiнаў быў даволi вялiкi. Мне асабiста i майму найлепшаму сябру дзякуючы старшынi камiсii Кляйндзiнсту, якi кiраваў матуральнымi экзамiнамi ў 1930 г., прыйшлося знайсьцiся ў лiку "зрэзаных". Мае размовы зь сялянамi падчас зьбiраньня ахвяраў на будову гмаху для гiмназii i некаторыя сказы зь пiсьмовае працы зь беларускае лiтаратуры былi ўзятыя "пад спэцыяльную ўвагу".

У 1931 г. старшынёю экзамiнацыйнае камiсii быў вызначаны ўрадовец Вiленскае Кураторыi Нарвойш, добра ведамы ў Вiльнi з свае строгасьцi. На яго аднойчы польскiя зрэзаныя матурысты рабiлi атэнтат [37]. Магчыма, дзякуючы гэтай абставiне нашы матуральныя экзамiны 1931 г. прыцягвалi да сябе ўвагу наваградзкага грамадзтва, а нам нiчога добрага не варажылi.

Экзамiнацыйную салю для пiсьмовых экзамiнаў сам Нарвойш выбраў у Польскай Гiмназii на другiм паверсе, каб нас поўнасьцю адрэзаць ад усяго "вонкавага сьвету". Такiя абставiны нас маглi прыгнобiць, аднак першая група з 13 чалавек трымалася надзiва бадзёра i гэта не засталося без увагi зыркага вока начальства. Падчас самых экзамiнаў настрой яшчэ палепшыўся; пэўна ж не без падставаў, хоць Мiлаў нас страшэнна падвёў, бо перад экзамiнамi казаў, каб мы рыхтавалiся найбольш з трыганамэтрыi, а аналiтыку пакiнулi ў спакоi, бо ён з трох тэмаў абавязкова выбярэ задачу з трыганамэтрыi, а зрабiў якраз наадварот. На трэцi дзень экзамiнаў, калi я першы выйшаў з салi i, не чакаючы iншых, накiраваўся ў бурсу, неспадзявана на Касьцельнай вулiцы стрэнуў старасьцiху Грынеўскую. Яна затрымала мяне i пачала распытвацца, як iдуць экзамiны. На ўсе пытаньнi я адказваў вельмi агульна.

- Э, я бачу, што вы толькi ўдаеце сьцiплых, а я чула, што вашыя экзамiны йдуць вельмi добра.

- Калi так панi старасьцiха чула, дык гэта мяне вельмi цешыць, - казаў я, вельмi ўсьцешаны, - бо ведаю, што вы маеце лепшыя iнфармацыi, чым хто iншы.

- Ну глядзi ты, якi зь яго дыплямат, - спахвацiлася яна, каб загаварыць тое, аб чым нехаця прагаварылася, - гэтыя iнфармацыi я маю з твайго аблiчча. Не дарма ж такi бадзёры!

- О, гэткiя iнфармацыi вельмi зводныя. Я ўжо маю сумнае дасьведчаньне зь мiнулага году.

- Што там мiнулы год! Вось калi сёлета здасi экзамiн безь нiводнае тройкi, дык запэўнiваю, што будзеш першым на лiсьце тых, якiя атрымаюць стыпэндыю з Павятовага Соймiка. Я ўжо даўно гаварыла аб гэтым вашым настаўнiцам i, спадзяюся, што яны вам пераказалi мае словы.

- Так, яны мне гаварылi, i я вам дзякую за абяцанку, толькi здаецца, што яна абумоўлена неасягальнымi засьцярогамi.

Мы разьвiталiся, i кожны з нас пайшоў у свой бок з сваiмi думкамi. Я нiяк ня мог уцямiць, чаму мне ставяць такiя ўмовы, калi iншым выдавалiся стыпэндыi безь нiякiх абумоўленьняў.

Пiсьмовыя матуральныя экзамiны прайшлi для нас сапраўды вельмi шчасьлiва - уся група была дапушчана да вусных экзамiнаў. Для мяне ж яны выпалi шмат лепш, чым я мог спадзявацца - я ня меў нiводнае тройкi i быў звольнены з вусных экзамiнаў аж з чатырох прадметаў, якiх я, праўда, i так не баяўся. Трэба было здаваць вусныя экзамiны з прыродазнаўства, як абавязковага прадмету, i з польскае мовы, зь якое я заўсёды кульгаў.

I вусныя экзамiны здалi ўсе трынаццаць чалавек. Лiшнiм было б пiсаць, як мы цешылiся. Ня менш за нас цешылiся настаўнiкi, бо такi вынiк экзамiнаў быў найлепшым сьведчаньнем аб высокiм навуковым узроўнi гiмназii.

Паводле адвечнае традыцыi, такую важную падзею мы належна "аблiлi" [38] ў найлепшым наваградзкiм рэстаране Лейпунера [39].

Матуральнае пасьведчаньне было здабытае, i я быў першым; былi адчынены дзьверы ў сьвет да вышэйшых студыяў, але… як жа многа зьявiлася гэтых "але", каб выкарыстаць як сьлед тыя магчымасьцi, якiя зазьзялi на далёкiм кругазоры жыцьцёвага шляху i да якiх iмкнуўся юнацкi дух!

Куды iсьцi далей?

Ад маленства я меў два розныя жаданьнi: або стацца лекарам, або iнжынэрам-мэханiкам. Цяпер, маючы матуральнае пасьведчаньне прырода-матэматычнага тыпу без лацiнскае i грэцкае моваў - мэды цына адпадала. Я адразу пастанавiў шукаць добрую палiтэхнiку. Ужо ня раз пры розных нагодах мне даводзiлася чуць аб Бэрлiнскай Палiтэхнiцы як адной зь лепшых у Эўропе, дык адразу пасьля экзамiнаў напiсаў туды лiст з помаччу настаўнiка нямецкае мовы з просьбаю аб iнфармацыi адносна магчымасьцi студыяў i атрыманьня стыпэндыi. Адказ з Бэрлiну прыйшоў вельмi хутка, але ён быў для мяне абезнадзейваючым, бо там стыпэндыi для чужынцаў прызначалiся толькi пад умоваю папярэдняга экзамiну зь нямецкае мовы. На жаль, у нашай гiмназii нямецкую мову вучылi так, што на добры вынiк экзамiнаў нiяк нельга было разьлiчваць. Пасьля гэтага сталася вельмi актуальнаю абяцанка стыпэндыi i Наваградзкага павятовага соймiку, бо ўмовы, якiя ставiла старасьцiха, на шчасьце, былi споўнены.

Каб упэўнiцца, цi тая абяцанка сапраўды нечага вартая, я выбраўся зь вiзытаю да павятовага старасты ў ягонае прыватнае памешканьне. Зразумела, што старасьцiха ўжо ведала аб вынiках матуральных экзамiнаў i ведала, што я яе ўмовы нават "перавыканаў". Наша гутарка была кароткаю, я атрымаў запэўненьне ад старасьцiхi, што яна датрымае сваё слова. Маючы такое запэўненьне, я мог спакойна адпачываць усё лета, а восеньню ехаць у Вiльню i спакойна запiсацца ў тамтэйшы ўнiвэрсытэт, толькi мусiў выбраць або фiзыка-матэматычны, або агранамiчны факультэт.

Далей шукаць не было чаго, i я напiсаў дамоў, каб прыехалi ў Наваградак забраць мае рэчы. Маючы крыху вольнага часу, я пайшоў да свайго сябра Юркi Д., за якога колiсь заступаўся на суботнiку, каб разам адвесьцi душу. Гаворачы аб розных плянах, у канцы перайшлi на жарты, i тады ён мне кажа:

- Ты хацеў ехаць за гранiцу, а да гэтага ёсьць добрая нагода i якраз для цябе адпаведная.

- Якая нагода? Хiба на якую плянэту?

- Не! Не на плянэту, а ў Францыю, - адказаў паважна Юрка.

- Дык гэта нагода больш для цябе, бо ж ты вучыш францускую мову; а што я там буду рабiць з маiм "я унд найн" [40]?

- Чакай, я табе скажу, у чым справа, дык ня будзеш сьмяяцца.

- Кажы, паслухаю.

- Пазаўчора я стрэнуў ажна чатырох беларускiх студэнтаў, якiя вярталiся зь нейкага багаслоўскага iнстытуту ў Францыi, здаецца, зь Лiль [41] цi што. Я iх усiх ведаю, бо гэта хлопцы з Далятыч [42] i зь Любча [43]. А ты ж рэлiгiю ведаеш добра, дык чаму не скарыстаць з магчымасьцi пабачыць сьвету?

- Ты дзiвак, - адказаў яму, - калi табе хочацца пабачыць сьвету, дык сам махай у той багаслоўскi iнстытут разам са сваiмi знаёмымi.

Далей гутарка перайшла на iншую тэму.

Назаўтра, маючы вольны дзень, я пайшоў разьвiтвацца з Наваградкам. Праходзячы каля касьцёла, чамусьцi прыпомнiў учарашнюю гутарку Юркi, i раптам прыйшла думка: усё роўна рабiць няма чаго, дык цiкава зайсьцi да ксяндза i даведацца, цi сапраўды ў Францыi ёсьць такi iнстытут, куды прымаюць студэнтаў аж з нашых ваколiцаў.

Падумана, зроблена! Мяне прыняў якiсьцi малады ксёндз, якi нi чагусенька ня ведаў аб iснаваньнi такога iнстытуту ў Францыi, але параiў мне зайсьцi да вiцэ-рэктара Люблiнскага Каталiцкага Ўнiвэрсытэту [44], якi зь нейкае нагоды якраз тады знаходзiўся ў Наваградку i напэўна мусiць ведаць аб падобных установах.

Вiцэ-рэктар затрымаўся насупраць фарнага касьцёлу. Мне вельмi карцiла пабачыць i пагутарыць з каталiцкiм сьвятаром - вiцэ-рэктарам вышэйшае навуковае ўстановы, бо гэта быў кантраст да тых праваслаўных сьвятароў, якiх я да гэтага часу сустракаў. Таму неадкладна пайшоў да яго. Ён якраз быў дома i прыняў мяне вельмi ветлiва, але аб тым багаслоўскiм iнстытуце ў Францыi, аб якiм расказваў Юрка, i ён нiчога ня ведаў. Затое пачаў мне гаварыць аб Люблiнскiм Iнстытуце (потым ператвораным у Каталiцкi Ўнiвэрсытэт) i ў канцы пачаў распытвацца, чаму мне прыйшла такая думка. Сам ён нiчым не азначаўся, i я зьбiраўся выходзiць, а ён яшчэ затрымоўваў.

- Цi вы даўно займелi думку стацца сьвятаром?

- Зусiм не. Я перш мроiў стацца лекарам, а потам iнжынэрам, - адказаў я, устаючы.

- Пачакайце; дык чаму ў вас зьявiўся намер пайсьцi iншаю дарогаю? Вы выбачце мне такую недыскрэтнасьць [45], але мяне моцна цiкавяць такiя пытаньнi. Я знайшоўся ў вялiкiм клопаце. Такое пытаньне было для мяне зусiм нечаканым, але трэба было нешта адказаць, i я задумаўся. Раптам як маланка прылятае думка:

- Бо я пераканаўся, што iнжынэры хоць робяць шмат добрага для людзтва, але ўсе iхнiя творы мiнушчыя; дактары хоць лечаць людзей i шмат памагаюць у цярпеньнi, але ад сьмерцi ўсё роўна нiкога выратаваць ня могуць, бо i самi ўмiраюць. А сьвятары, калi яны добрыя, могуць быць найбольшымi дабрадзеямi для людзей, бо ратуюць не якiясьцi дачасныя людзкiя дастаткi, але людзкую несьмяротную душу для вечнага жыцьця i вечнага шчасьця.

- Прыгожа, цудоўна! - захапiўся вiцэ-рэктар. - Пiшы заяву ў Люблiнскi Iнстытут i абавязкова напiшы вось аб гэтым, што цяпер сказаў, i цябе прымуць адразу.

Пiсаць заяву ў Люблiн я нават i ня думаў, але выйшаў ад вiцэ-рэктара зь дзiўным уражэньнем. "Нагаварыў жа я яму лiха ведае чаго; i адкуль мне такая думка прыйшла?" - думаў я.

Але далей падзеi пачалi iсьцi сапраўды дзiўным шляхам. Выходжу я на рынак, а там бачу: прэцца Юрка ў гiмназiю i адразу да мяне:

- Ты яшчэ не паехаў дадому? Дзе ж ты ходзiш?

- Шчэ бацька ня прыехаў. Магчыма, праз пару гадзiн будзе тут, а тым часам трэба ж i з Наваградкам разьвiтацца. - I тут я ня выцерпеў, каб ня выказаць яму дакору. - Але ж ты мяне i падвёў з тым багаслоўскiм iнстытутам; нiхто з ксяндзоў аб iм нiчога ня ведае. - I расказаў яму пра гутарку зь вiцэ-рэктарам.

Юрка аж за жывот узяўся са сьмеху i пагнаўся ў гiмназiю, а я пайшоў у бурсу чакаць бацькi i нават не прадчуваў таго, што той дзень быў зваротным у маiм жыцьцi.

Дамоў на адпачынак

Бацька прыехаў у Наваградак вечарам. Пераначаваўшы ў бурсе, назаўтра ранiцаю мы выехалi дамоў. Па дарозе бацька зацiкавiўся будучыняю:

- Можа ўжо за гэтых пару дзён знайшоў якую дарогу далей?

- Амаль што знайшоў, бо маю ўжо запэўненую стыпэндыю ў Вiленскi Ўнiвэрсытэт.

- Як гэтак, то добра.

Аб тым, куды будзе лепш накiравацца пасьля атрыманьня матуры, мне прыходзiла гаварыць з бацькам ня раз, але заўсёды нашыя намеры сустракалi непераможныя перашкоды. Мы мелi амаль падобныя ўпадабаньнi: або мэдыцына, або палiтэхнiка. Бацька падчас вайсковае службы скончыў аднагоднюю фэльчарскую школу i вельмi хацеў iсьцi далей, але, маючы толькi тры клясы народнае школы, атрымаў рашучую адмову. А мне ўпапярок дарогi сталi iншыя перашкоды. Каб iсьцi на палiтэхнiку, трэба было быць больш чым бедным сялянскiм сынам. Пры тым я мусiў яшчэ памятаць аб маiх малодшых братох - iх было чатырох. Трэба было хутчэй стаць на ногi, каб iм крыху памагаць.

Атрыманьне матуры нават i ў сем'ях iнтэлiгенцыi прыймаецца зь вялiкай радасьцю, тым больш у нашай сялянскай сям'i гэта было вялiкаю падзеяю. Калi мы з бацькам уехалi ў родную вёску, амаль паўсюдна сустракалi радасныя прывiтаньнi. Праўда, з нашае вёскi - Трашчычаў - да гэтага часу ўжо выйшла некалькi чалавек зь сярэдняю i вышэйшаю асьветаю. Адзiн кончыў у часе вайны ў нейкай расейскай палiтэхнiцы факультэт шляхоў злучэньня; трох аднавяскоўцаў канчала вышэйшыя студыi ў Празе-Чэскай [46], i двох хлапцоў, кончыўшы гiмназiю, пайшлi ў шырокi сьвет. Але са мною выйшла аж 9 юнакоў, i ўсе яны адсталi з розных прычынаў i былi сьведкамi, як цяжка сялянскiм дзецям пры няспрыяючых адносiнах улады вырвацца ў сьвет.

Удома на доўгi адпачынак не было часу. Ды як было сядзець у хаце падчас касавiцы? Панасiўшы першы тыдзень мазалi на руках, я не адставаў анi ад касцоў, анi потым ад жанцоў. Так i для гаспадаркi была карысьць, i ад палiцыi быў супакой.

У тым годзе мы сьпяшалiся ўправiцца са жнiвам магчыма хутчэй, каб потым магчы пайсьцi з малатарняю ў заработкi, бо ж неабходна было зарабiць мне на падарожжа i на вопратку. У нашай ваколiцы, акрамя мiзэрных заработкаў пры палявых работах у маёнтку Вуша, нiякiх iншых заработкаў не было. На шчасьце, мой бацька сам умеў выдумаць заработак у сябе ўдома. У нас была свая невялiкая кузьня i сталярскi варштат, якiя звычайна служылi для сваiх гаспадарскiх патрэбаў. Большых сталярскiх i кавальскiх заказаў бацька не прымаў, бо з гэтым была спалучана пагроза, што адмiнiстратыўныя ўлады маглi налажыць асобны падатак. Было нават некалькi выпадкаў, калi бацька навастрыў нарог суседзям цi падкаваў каня, дык знаходзiлiся зайздрасьнiкi, якiя даносiлi ў палiцыю, i прыходзiў камэндант палiцыi з пагрозаю розных адмiнiстрацыйных караў за "нелегальную" кузьню, якая ня мае патэнту i ня плацiць прамысловага падатку. На шчасьце, пагрозы канчалiся нiчым, бо за дробныя паслугi для сваiх родных i суседзяў бацька ня браў нiякае платы.

Але дзякуючы той невялiчкай кузьнi i сталярнi пачалi зьяўляцца розныя гаспадарскiя самаробныя машыны. Пачатак даў прывод. Знайшоў яго бацька прыпадкам у недалёкай вёсцы Радунь [47] у багатага селянiна, якi, ня ўмеючы карыстацца iм, паламаў яго, як толькi першы раз пусьцiў у рух малатарню. Той паламаны прывод бацька купiў за бясцэн i, папацеўшы каля яго якiх два тыднi, нiцуючы паламаныя шасьцярнi, мы мелi ў гаспадарцы спраўны прывод. А маючы прывод, неадкладна ўзялiся за малатарню. Яна была ўся самадзельная, за выняткам аднае вялiкае шасьцярнi, i працавала шмат лепш за фабрычныя малатарнi. Гэта было пару гадоў перад матуральным экзамiнам.

Свайго збожжа ў нас было мала - яго змалочвалi за дзень, а найбольш за паўтара дня. Пасьля гэтага праз усю восень i пачатак зiмы [бацька] абмалочваў малатарняю за невялiкаю аплатаю iншых гаспадароў з нашае i суседнiх вёскаў. Заработак быў цяжкi для слабога здароўя бацькi, але ўсё ж гэта быў заработак. Аднак праз такое ўжываньне малатарня хутка зношвалася, i яе штыфт трэба было падвострываць штогод.

Бог клiча на сваю службу, як Сам знае

Я крыху задоўга затрымаўся каля тае самадзельнае малатарнi, але яна i сёньня стаiць перад маiмi вачыма - ад яе Бог паклiкаў мяне на сваю службу.

Было гэта на пачатку верасьня. У адну прыгожую ранiцу бацька i я разьбiралi тую малатарню, аглядалi кожную частку, выбiраючы зношаныя штыфты i ачышчаючы ад дзёгцю шасьцярнi, аж раптам бачым - да нас iдзе вучань з Наваградзкае Гiмназii i нясе ў руках нейкую паперку. Гэта была тэлеграма ад Антона Луцкевiча [48] зь Вiльнi да дырэктара Наваградзкае Гiмназii Я. Цеханоўскага. Зьмест яе быў кароткi: "Няхай Гарошка прысылае дакуманты". Пасланец ня мог толкам паясьнiць, што значыць гэтая тэлеграма. Ён быў родам з Турца [49] i якраз прасiўся ў дырэктара па нейкай справе дамоў, дык [той] перадаў яму тэлеграму з наказам, каб я прыехаў у Наваградак.

Бацькi глядзелi на мяне i на тэлеграму пытлiвым поглядам, а я глядзеў на iх i ня ведаў, што гаварыць. Адно было ясна, што для выясьненьня справы трэба было ехаць у Наваградак. Усе згадзiлiся, што туды трэба ехаць неадкладна. Якраз яшчэ было каля гадзiны часу да аўтобуса, якi хадзiў з Стаўпцоў у Наваградак i праходзiў блiзка каля нашае вёскi. Я насьпех адмыў з рук дзёгаць, пераадзеўся i ў дарогу. Мама турбавалася больш за ўсiх такiм раптоўным выездам.

- Як жа так ехаць, а можа прыйдзецца затрымацца даўжэй цi ехаць далей, трэба ж з сабою нешта ўзяць, можа ня будзе позна i заўтра?..

- Ты лiшне ня турбуйся, - супакойваў яе бацька, - ён дасьць сабе рады. Разьвiтаўшыся з бацькамi i братамi, я пасьпяшыў да аўтобуса. У Наваградку дырэктар гiмназii сустрэў мяне з радаснаю ўсьмешкаю.

- Зьбiрайся скарэй i едзь у Вiльню!

- Чаго туды ехаць? - пытаюся, паважна зьдзiўлены.

- Там Антон Луцкевiч пастараўся забясьпечыць табе месца ў Грэка-Каталiцкай Багаслоўскай Акадэмii ў Львове [50].

- Як жа гэта сталася? Я туды зусiм ня думаў уступаць.

- Сталася вельмi проста. Мне расказалi, што ты хацеў ехаць у нейкi Багаслоўскi Iнстытут у Францыi цi нават у Люблiне, дык я падумаў, што табе было б лепш паехаць у Багаслоўскую Акадэмiю, гэта ж шмат паважнейшая ўстанова, чым тыя iнстытуты. А ведаючы, што Антон Луцкевiч мае добрыя стасункi зь Львоўскiм мiтрапалiтам [51], я напiсаў яму аб табе. У адказ атрымаў тую тэлеграму, якую табе перадаў праз умыснага пасланца. Цяпер ясна цi не?

- I ясна, i няясна, бо вам нагаварылi немаведама што з тымi iнстытутамi. Я зусiм ня думаў туды ехаць.

- Ну, усё роўна, як там нi было, а цяпер ужо трэба ехаць у Вiльню i там выясьнiць справу на мейсцы, так будзе лепш. Зрэштаю, ты ж ўсё роўна мусiш быць у Вiльнi ў справе сваiх студыяў. А калi я зрабiў памылку, дык я заплачу табе за дарогу.

На наступны дзень я ўжо быў у Вiльнi. Знайшоў Антона Луцкевiча ў Беларускiм Музэi [52]. Ён прывiтаўся са мною быццам з даўным знаёмым i пачаў расхвальваць Гр.-Кат. Акадэмiю, потым зьвярнуў увагу на патрэбу беларускага духавенства. У музэi было шмат памятак зь беларускага рэлiгiйнага мастацтва.

- Глядзiце, гэта ж бадай што найпрыгажэйшыя памяткi беларускае культуры, якiя захавалiся да нашых дзён, i аграмадная большасьць зь iх зьвязаная зь беларускiм рэлiгiйным жыцьцём. - Гаварыў ён з глыбокiм перакананьнем праўдзiвасьцi сваiх словаў. - А цяпер мы маем мала свайго духавенства…

Сапраўды, там было, аб чым паважна падумаць. У адной шафе мiж рэлiгiйных экспанатаў ляжаў напрэстольны крыж з рэльефным расьпяцьцем. Я глядзеў на той крыж, а з крыжа глядзела на мяне скульптура Хрыста. Цiхi, спакойны, цярпячы Хрыстос быццам клiкаў бяз слоў… Я мусiў Яму нешта адказаць. Што Яму адказаць? Цi адмовiцца ад ягонага заклiку?..

- Добра! - кажу Луцкевiчу. - Пiшыце ў Львоў, што я туды прыеду ў Акадэмiю.

Мы дагаварылiся з Луцкевiчам, што я ў Вiльнi пачакаю пару дзён, пакуль прыйдзе дэфiнiтыўны адказ ад Львоўскага Мiтрапалiта А. Шэптыцкага. На маё зьдзiўленьне, туды ёсьць шмат больш кандыдатаў, чым магчымасьцяў прыняцьця, i выбiраюцца кандыдаты паводле конкурсу матураў. Чакаць прыйшлося нядоўга. Вольны час чаканьня можна было выкарыстаць, каб блiжэй пазнаць сваю старую сталiцу i сучасны беларускi культурны цэнтар.

Вiльня

У 1931 г. беларускае культурнае жыцьцё ў Вiльнi пульсавала хоць i ня так моцна, але ўсё ж адчувальна. Праўда, на вулiцах чулася пераважна польская мова, i колькасна беларускiх культурных установаў было мала, але беручы пад увагу тыя ўмовы, у якiх знаходзiлася беларускае грамадзкае, рэлiгiйнае i наагул культурнае жыцьцё, а перадусiм маючы на ўвеце ўсьцяж узрастаючы польскi наступ на ўсе праявы беларускага жыцьця - беларускiх установаў у Вiльнi было нямала.

Агляданьне беларускiх установаў я пачаў на наступны дзень ранiцаю зь Беларускага Музэю. Гэтым разам А. Луцкевiч паказваў мне ня толькi выстаўленыя экспанаты, але i захаваныя. Прыкра было сьцьвердзiць, што такая вялiкая скарбнiца беларускае культуры месьцiцца ў невялiчкiм памешканьнi. У родным краю не было маг чымасьцi мець адпаведны будынак для тых каштоўнасьцяў, якiм з кожнага гледзiшча належалася пачэснае мейсца. Дырэктар музэю, шырокаведамы грамадзкi i культурны дзеяч, ня толькi паказваў мне экспанаты, але адначасна расказваў важнейшыя гiстарычныя падзеi, зьвязаныя з экспанатамi. Гэта былi цiкавыя i жыва iлюстраваныя мамэнты з гiсторыi Беларусi. Мiж экспанатамi знайшлiся i такiя, што паходзiлi з маiх родных ваколiц: старое Эвангельле зь Вялiкiх Жухавiчаў [53]. Яго знайшоў Iван Луцкевiч55 прыпадкам, заехаўшы да тамтэйшага старэнькага параха [54]. Перадаючы тое Эвангельле, парах узрушана гаварыў:

- Цябе, сынку, сам Бог прывёў сюды, каб захаваць гэтую каштоўную памятку з нашае дарагое мiнуўшчыны.

Аглянуўшы музэй, Луцкевiч павёў мяне ў Беларускую Гiмназiю, якая месьцiлася ў тым жа старым пабазыльянскiм будынку. Дырэктар гiмназii i загадчык бурсы ахвотна згадзiлiся, каб я затрымаўся ў iнтэрнаце, пакуль прыйдзе адказ зь Львова.

У тым жа будынку мясьцiлася Праваслаўная Духоўная Сэмiнарыя [55]. Разьвiтаўшыся з Луцкевiчам, я спынiўся каля ўваходных дзьвярэй, ля якiх стаяла трох матурыстаў зь Вiленскае Беларускае Гiмназii - значыць, маiх сяброў. Пазнаёмiўся зь iмi, i гаворым аб сваiх навiнах. Аж праходзяць каля нас пару сэмiнарыстаў i голасна гавораць па-расейску. Вось жа пытаюся ў маiх новых сяброў, цi ў Духоўнай Сэмiнарыi ёсьць беларусы. Кажуць, што ёсьць, i што перш нават часткава выклады адбывалiся па-беларуску, але потым калiшнi дырэктар сэмiнарыi за паважную "ўзнагароду" згадзiўся ўвесьцi польскую мову як выкладовую. Пры гэтым "пацяшаюць" мяне, што ў каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi справы маюцца яшчэ горш; там пануе ваяўнiчы польскi дух. Там нават Багародзiцу замяшалi ў палянiзацыйную работу. Яе цудатворны Вастрабрамскi абраз укаранаваны другi раз 2.VII.1927 г. на "Каралеву Кароны Польскае", а з самое Вострае Брамы зьдзёрты лацiнскi напiс i заменены польскiм: "Królowo Korony Polskiej módl się za nami" [56]. Пагутарыўшы крыху, мы i пайшлi да Вострае Брамы. Па дарозе расказвалi мне, як некаторыя польскiя ксяндзы нават зь Вiленскае Капiтулы не даюць разграшэньня, калi хто спавядаецца па-беларуску. Я затрымаўся каля Вострае Брамы, а яны пайшлi далей.

Пару гадоў потым мне давялося чытаць у беларускай прэсе, што сьвятакрадзкае надужываньне споведзi не зьяўляецца адзiночным выпадкам. У Шляху Моладзi [57] № 10 (70) 1934 г. у артыкуле "Кепска будзе з пастырамi" навочны сьведак апавядае, што "1-га верасьня сёлета 1934 г. а гадз. 5-6 вечара двох маладых беларусаў-каталiкоў пайшлi ў касьцёл сьв. Яна ў Вiльнi да споведзi i трапiлi да ксяндза пралата Савiцкага [58]. Вось-жа, калi першы зь iх стаў спавядацца па-беларуску, дык спавядальнiк захаваньнем сваiм змусiў беларуса спавядацца па-польску. Калi ж другi падышоў i таксама пачаў спавядацца па-беларуску, дык тады спавядальнiк ужо фармальна ўскiпеў са злосьцi i замест таго, каб спавядаць, пачаў лаяць беларусаў, называць iх камунiстамi, бязбожнiкамi, паскудзтвам, брыдзячы беларускую лiта ратуру i г. д.". У наступным годзе Шлях моладзi № 12 (85) i Беларус кая Крынiца [59] № 40 паведамiлi, што Вiленская Каталiцкая Духоўная Сэмi на рыя канчаткова выкiнула беларусаў. Але я зайшоў наперад, а тым часам я затрымаўся ў Вострай Браме, i там неяк сама наплывала думка, што мусiць i бесканечнае Божае цярпеньне хутка заклiча Божую караючую руку за крывадушнае надужываньне сьвятасьцяў. Сапраўды, хутка абрушылася Божая караючая рука, але як жа прыкра, што засьлепленыя шавiнiзмам ксяндзы яшчэ не абразумiлiся i да гэтага часу.

Мне моцна карцела пабачыць, як выглядае беларускае рэлiгiйнае жыцьцё ў Вiльнi. Здаецца, на другi цi трэцi дзень майго там перабываньня была нядзеля. Я ведаў, што для вучняў Беларускае Гiмназii правяцца дзьве Службы Божыя зь беларускiмi казаньнямi: для праваслаўных - у Пятнiцкай царкве [60], а для каталiкоў - у касьцёле Сьв. Мiкалая [61]. Хоць яны правiлiся амаль адначасна, але я здужаў пабыць на абедзьвёх службах. Абедзьве гэтыя сьвятынi невялiкiя, але колькi стараньняў мусiлi праявiць беларусы, каб iх займець?!! Беларускае рэлiгiйнае жыцьцё знаходзiлася ў вельмi цяжкiх умовах, але яно iснавала! Апiралася яно на нямногiх слупох, але на слупох моцных i беззасьцярожна адданых Божай i беларускай справе. Зразумела, што мне было вельмi цiкава адведаць беларускiх рэлiгiйных дзеячоў.

Каля гадзiны 10 ранiцы зайшоў да а. Адама Станкевiча [62]. Ён ужо ведаў ад А. Луцкевiча аб маiм намеры, дык прыняў мяне як багаслова. Калi ж у гутарцы даведаўся, што мая пастанова адносна багаслоўскiх студыяў яшчэ стаiць на хiсткiх нагах, дык моцным нацiскам казаў:

- Няма чаго хiстацца; трэба йсьцi ўпярод цьвёрда. У нас духавенства мала, а працы дык i не пералiчыш…

I сапраўды: дзе як дзе, але ў пакоi а. Адама, дзе сходзiлiся ўсе нiткi беларускага духовага i грамадзкага жыцьця, было аж да болю ясна, як шмат можа i мусiць зрабiць беларускае сьвятарства ўва ўсiх галiнах беларускага жыцьця. Праўда, прычына малое колькасьцi беларускага каталiцкага духавенства ляжала выключна на сумленьнi польскiх бiскупаў, i яны нясуць за яе страшэнную адказнасьць перад Богам [63].

У часе гутаркi з а. Адамам зайшоў у пакой iнж. Адольф Клiмовiч [64], ягоны блiзкi супрацоўнiк. Новае знаёмства. Крыху жартуюць зь мяне абодва, што я яшчэ як той дзядзька ў Вiльнi, i каб "асьмялiць" мяне, iнж. Клiмовiч падраджаецца паказаць мне цiкавейшыя вiленскiя помнiкi i перадусiм тое, што ёсьць беларускае.

У ягонай кампанii я накiраваўся ў рэдакцыю Беларускае Крынiцы. У рэдакцыйным пакоi засьпелi толькi самога рэдактара Янку Пазьняка [65]. Спакойны i маламоўны чалавек - ён быў шчыра адданы сваёй справе i не баяўся нiякiх цяжкасьцяў, анi нiякiх пагрозаў з боку польскае адмiнiстрацыi.

Пасьля кароткае гутаркi мы пайшлi аглядаць друкарню - адзiную беларускую друкарню ў Заходняй Беларусi [66]. Каля касы ўвiхаўся студэнт-наборшчык, а каля друкарскае машыны прыладжваў гранкi машынiст. Для мяне там было ўсё новае, таму слухаў тлумачэньнi iнж. Клiмовiча зь юнацкай цiкавасьцю. Праўда, аб самым найважнейшым, што было годнае ўвагi ў той друкарнi i рэдакцыi, анi iнж. Клiмовiч, анi iншыя не гаварылi нiчога. А тым найважнейшым была шчырая ахвярнасьць i моцная любоў да Беларусi тых людзей, якiя там так аддана працавалi.

Пры рэдакцыi ў адным пакоi адбывалася зборка беларускiх студэнтаў Вiленскага Ўнiвэрсытэту. Гэта былi пераважна тыя студэнты, якiя з розных прычынаў прыехалi ў Вiльню перад пачаткам акадэмiчнага году. Iнж. Клiмовiч пазнаёмiў мяне зь iмi на студэнцкi лад. Да "будучага багаслова" зацiкаўленьне ў студэнтаў было вельмi малое, i ня дзiва, бо ж тут у Вiленскiм Унiвэрсытэце быў каталiцкi багаслоўскi факультэт, у якiм панаваў варожы для беларусаў дух.

Ранiца наступнага дня, калi я зайшоў у Беларускi Музэй, каб даведацца ад Луцкевiча, што чуваць зь Львова, даведаўся, што адтуль яшчэ адказу не было, але што мяне хоча бачыць а. Уладыслаў Талочка [67].

Да гэтага часу я нiчога ня чуў аб а. Талочку, таму хацеў крыху даведацца аб iм ад Луцкевiча, але ён збыў маю цiкавасьць адным сказам:

- О, гэта цiкавы чалавек i вельмi вартасны сьвятар; пагаворыце зь iм, дык пазнаеце самi.

У назначанай гадзiне я ўжо быў каля касьцёлу Сьв. Ганны, недалёка ад якога жыў а. Талочка. Архiтэктурным мастацтвам гатычнага касьцёлу Сьв. Ганны нельга было не захапляцца. I я так заглядзеўся, што крыху спазьнiўся зь вiзытам. Памешканьне а. Талочкi было невялiкае i ўсё было завалена кнiгамi, так што за iмi нават гублялася асоба гаспадара. Ён сустрэў мяне вельмi радасна. Перапрасiў, што слаба гаворыць па-беларуску, i тут жа дадаў:

- Хоць мая "мутэршпрахэ" [68] польская, але я не паляк.

Калi ў папярэднiх вiзытах я больш слухаў, чым гаварыў, дык ця пер мне трэба было больш гаварыць, чым слухаць, бо а. Талочка распытваўся аб усiм. Мы разьвiталiся як шчырыя прыяцелi i ад таго i аж да 1939 г. былi ў блiзкай лiстоўнай лучнасьцi. Карпатлiвая працавiтасьць а. Уладыслава, ягоная цiхая i ахвярная праца для беларускага рэлiгiйнага жыцьця i глыбокая пабожнасьць - былi сапраўды ўзорнымi.

Блiзка ад ягонага памешканьня мясьцiўся Беларускi Банк [69] i рэдакцыя "Беларускага летапiсу" [70], дык я зайшоў туды, купiў пару гадавiкоў часапiсу i з сумам аглянуў iхняе сьцiплае ўладжаньне. Праўда, суцяшаючым быў той факт, што людзi хоць i ў вельмi цяжкiх абставiнах, але працуюць вытрывала, не здаюцца. Далей нельга было абмiнуць руiны Вiленскага замку, гару Трох Крыжоў [71], i адтуль я накiраваўся пехатою аж да Лукiскага пляцу, дзе скончыў свой жыцьцёвы шлях Кастусь Калiноўскi.

Ад 1925 г. iснавала ў Вiльнi ўсх.-каталiцкая царква ў быўшым пааўгустынскiм касьцёле [72]. Адведаў яе зь вялiкаю цiкавасьцю i з прыкрасьцю сьцьвердзiў, што там панавала расейскасьць больш яшчэ, чым у расейскiх цэрквах. Парахам быў айцец езуiт.

Яшчэ я ня кончыў свайго пляну агляданьня Вiльнi, як прыйшоў экспрэсам адказ ад мiтр. Шэптыцкага на мой лiст. Адказ быў вельмi прыхiльны. Я выслаў у Грэка-Каталiцкую Львоўскую Акадэмiю ўсе патрэбныя дакуманты, разьвiтаўся з кiм мог i паехаў дамоў, каб рыхтавацца ў доўгую i цяжкую дарогу. На разьвiтаньне А. Луцкевiч даў мне лiст да мiтр. Шэптыцкага, якi я забавязаўся даручыць яму асабiста, як толькi прыеду ў Львоў.

Нашы традыцыi - наш скарб

Шмат каму можа падацца дзiўным: як гэта i я сам, i мае сябры ў Наваградку, i дырэктар гiмназii, i беларускiя дзеячы ў Вiльнi - будучы афiцыяльна, паводле мэтрыкаў, праваслаўнымi, дзейнiчалi адносна Гр.-Кат. Акадэмii як каталiкi. Так, сапраўды некаторыя дзейнiчалi як каталiкi, а некаторыя i лiчылi сябе такiмi. На гэтую тэму аднойчы была ў бурсе вельмi цiкавая дыскусiя ў дзень сьвяткаваньня незалежнасьцi Беларусi. Навязваючы да слоў Трэцяе Устаўное Граматы, што трактаты, накiненыя Беларусi Расейскаю Iмпэрыяю, Беларусь не абавязваюць, мы адназгодна прыйшлi да выснаўку, што тым больш нас не абавязвае царскi ўказ аб скасаваньнi Вунii i шматлiкiя беларускiя "ўпорствуючыя" вёскi сьведчаць вымоўна, што i калiсь беларускi народ не лiчыў той акт абавязваючым. Калi ж хто прызнае насiльную касату Вунii як праўны i абавязуючы акт, будучы пасьлядоўным, мусiць прызнаваць сучасную Савецкую Беларускую Рэспублiку, за якую насельнiцтва аддае галасы аж у 99,9 %, i адмовiцца ад змаганьняза незалежнасьць Беларусi.

Не адзiн з вучняў Наваградзкае Беларускае Гiмназii не прызнаваў тых актаў, якiя варожыя нам дзяржавы накiдалi сiлаю, таму хоць i не належалi да Вунiяцкае (Усходне-Каталiцкае) Царквы, але прынамсi некаторыя, у тым лiку i я, лiчылi яе сваёю Царквою. З гэтаю Царквою зьвязана больш як двухвяковая гiсторыя Беларускага Народу, зь ёю звязана змаганьне за захаваньне нашае самабытнасьцi супраць наступу вынарадаўленьня з боку нашых суседзяў. Што нам нясло Праваславiе, мы ведалi добра - а. Васiль, выкладаючы рэлiгii нават у Беларускай Гiмназii, насупраць усiх дамаганьняў прадаўжаў сваю русыфiкацыйную дзейнасьць. Таму я сябе лiчыў вернiкам Усх.-Каталiцкае Царквы i мог безь нiякiх "пераходаў" студыяваць у Гр.-Каталiцкай Акадэмii, аформiўшы мэтрыкi згодна з маiм перакананьнем. Багаслоўскiя аргумэнты адносна Каталiцкае Царквы было даволi часу пазнаць падчас студыяў.

Пры гэтай нагодзе варта дадаць, што ў нашай ваколiцы ў часе майго юнацтва было яшчэ шмат жывых традыцыяў аб "Еднасьцi" - так называў Вунiю мой дзед. Ня раз падчас Вялiкага посту, калi здаралiся прыкрыя iнцыдэнты з платаю за споведзь i за картачкi, усе старэйшыя людзi з жалем гаварылi: "Калiсь за часоў Еднасьцi гэтага нiколi не было". Дзед Пракоп мне некалькi разоў расказаваў зь вялiкiм узрушэньнем, як аднойчы падчас паломнiцтва ў Жыровiчы [73] стрэнуў каля сьвiцязянскiх лясоў старога вунiяцкага сьвятара, якi хаваўся недзе каля Сьвiцязi [74]. А дзед Васiль вельмi рэдка хадзiў у праваслаўную царкву - ён у нядзелю малiўся даўжэй удома i меў вялiкую пашану да "ўпорствуючых". У сваiм юнацтве аднойчы ён гнаў чараду валоў аж на Палесьсе i там затрымаўся нанач у адной "упорствуючай" вёсцы. Была якраз субота. I вось бачыць: дзясятнiк зь некалькiмi каламi ў руках падходзiць да хаты, стукае ў акно i крычыць:

- Данiла, заўтра ў царкву!

- Сьцяпан, заўтра ў царкву!

Падышоў да хаты, дзе затрымаўся дзед:

- Язэп, заўтра ў царкву!

- Хоць i пайду ў царкву, дык iхняму Богу i губою ня кiўну! - адказаў гаспадар з хаты, нягледзячы на прысутнасьць незнаёмага чалавека.

У той вёсцы, каб усьцерагчыся ад прасьледу царскае ўлады за вернасьць сваёй прадзедаўскай веры, пасылалi штонядзелi i сьвята дзесяць гаспадароў у праваслаўную царкву, быццам пасланцоў ад вёскi, а тыя пасланцы для апраўданьня свайго сумленьня перад Богам заяўлялi, што йдуць у царкву не малiцца, а толькi адбыць рэлiгiйную паншчыну. Дзед Васiль ужо гэткае паншчыны не хацеў адрабляць.

Потым падчас студыяў мне ня раз здаралася чытаць глыбока ўзрушаючыя сцэны, як беларускае прыгнобленае паншчынаю i страшэннаю бядотаю сялянства ахвярна i па-геройску старалася абараняць свае рэлiгiйныя перакананьнi, ня маючы ад нiкога нiякага падтрыманьня i абароны. Царскi ўрад змог гвалтам зьнiшчыць вунiяцкiх сьвятароў, сiламоц насадзiць сваё духавенства, але народ усiмi сiламi стараўся не аддаць свае душы ў чужы палон. I гэтая традыцыя змаганьня за свабоду народнае душы ёсьць вялiкiм нашым скарбам.

Цяжкая пастанова

Зь Вiльнi я прыехаў дамоў ня ў радасным настроi, бо зрачыся самавольна ўнiвэрсытэцкае стыпэндыi i пайсьцi па шляху ахвяраў нават з адпаведнаю падрыхтоўкаю даецца нялёгка, а ў мяне гэта сталася амаль раптоўна, таму прыходзiлася паважна задумоўвацца над пастановаю i мераць свае сiлы: цi змагу датрымаць сваю пастанову. Бацькi былi незадаволены такою зьменаю. Ды як маглi быць задаволены? У нашых ваколiцах праваслаўнае духавенства, як i шмат дзе на Беларусi, агулам ня мела нiякае пашаны. Горш таго: яно было прадметам кпiнаў i насьмешак. Каталiцкае духавенства лацiнскага абраду рахавалася чужым i ненавiсным. Усходнекаталiцкае ў нас яшчэ было амаль няведамае; найблiжэйшая ўсходнекаталiцкая парахвiя была аж за 33 км у Стаўпцах. Толькi дзед Пракоп быў шчыра задаволены, хоць гэтага нiкому i не казаў.

Пасьля таго, як мае бедныя бацькi столькi гадоў самi недаядалi, стараючыся ашчадзiць якi грош, каб было чым заплацiць за навуку, i цяпер раптам пабачылi, што я, маючы магчымасьць выбрацца на якуюсь лепшую дарогу, пакiнуў яе i накiраваўся на шлях, якi ў iхнiх вачох быў такi непачэсны - цi ж дзiўна, што для iх мая пастанова была прыкраю. Але яны ведалi, што намовiць мяне зьмянiць яе ня змогуць, дык бацька абмежаваўся толькi кароткаю ўвагаю:

- Ты ўжо сам за сябе адказваеш, дык рабi, як сам знаеш.

Нават блiзкiм родным бацькi не гаварылi аб маiм намераньнi. А на запытаньнi аднавяскоўцаў адказвалi проста:

- Паедзе вучыцца ў Львоў. - I гэткi адказ здавальняў амаль усiх.

У такiм настроi трэба было рыхтавацца ў далёкую дарогу.

Грэка-Каталiцкая Багаслоўская Акадэмiя ў Львове

Час iшоў маланкава хутка, i 1-га кастрычнiка 1931 г. я накiраваўся ў "вялiкi сьвет". Прыехаў я ў Львоў 2-га кастрычнiка ранiцаю безь нiякiх прыгодаў. Вялiкi будынак Грэка-Каталiцкае Багаслоўскае Акадэмii пры вулiцы Капэрнiка, 36 выдаўся мне нават шмат большым, як ён быў у сапраўднасьцi, бо ж я мiмаволi прыраўноўваў яго да роднае нiзенькае вясковае хаты, зь якое выехаў учора. Студэнтаў у Акадэмii было многа; на пяцёх курсах у 1931 г. было 360 чалавек, у тым лiку на першым курсе было аж 90.

Спачатку для мяне там было ўсё дзiўным. Пасьля гiмназii, дзе рэлiгiйнае ўзгадаваньне было амаль нiякiм, уражала самая ўстанова - высока навуковая i глыбока рэлiгiйная з адпаведна дабраным штатам прафэсароў i дацэнтаў. Пры тым на мяне, як на беларуса, рабiла ўражэньне i тое, што гэтая ўстанова была шчыра ўкраiнскаю i амаль усе студэнты былi абсальвэнтамi ўкраiнскiх гiмназiяў.

Калi першы раз я слухаў сьпяваную Службу Божую ў акадэмiчнай царкве, на якой сьпявалi ўсе студэнты, дык здавалася, што тут ёсьць нацыянальная i духовая цьвярдыня. Пад уражэньнем тае магутнае малiтвы я малiўся на свой лад: "Божа мiлы, калi мая просьба можа нешта значыць, дык прашу цябе, прыймi ў ахвяры ўсё маё жыцьцё за тое, каб i Беларусь мела падобную ўстанову!"

Студэнты багасловы жылi закрытым жыцьцём, гэта значыць, што ў горад маглi выходзiць толькi з дазволу прэфэкта або рэктара. Парадак дня быў назначаны з дакладнасьцю да мiнуты. Распачынаўся дзень малiтваю, разважаньнем, Службай Божаю - а канчаўся такжа малiтваю. Усё гэта было новым i ўспрымалася ў меру ўмацаваньня ўнутранае дысцыплiны.

У навуковай галiне мяне стрэнулi паважныя цяжкасьцi i не прыемнасьцi. З усiх 90 першакурсьнiкаў толькi я адзiн быў з прырода-матэматычнае гiмназii i ня ведаў анi грэцкае, анi лацiнскае моваў; шасьцёх было з гуманiстычных гiмназiяў, а рэшта з клясычных гiмназiяў. Рэктар а. Язэп Сьлiпый [75] зажадаў, каб я на працягу першых двох гадоў безумоўна дапоўнiў лацiнскую i грэцкую мовы за гiмназiйны курс, гэта значыць на фiлязафiчным факультэце, бо пяцiгадовы курс навукi быў падзелены на два факультэты: 2 гады фiлязофii i 3 гады тэалёгii. Вось жа трэба было брацца за вывучэньне прадметаў, якiя мне давалiся цяжка, а тыя прадметы, "дзе я быў як удома", - матэматыка i прыродазнаўства - аставалiся мёртвым багажом.

Нiколi не забудуся, зь якою цiкавасьцю i нецярпеньнем я чакаў першага выкладу i якiм ён быў для мяне страшэнна прыгноблюючым. Гэта была лекцыя фiлязофii. Ува ўсiх каталiцкiх вышэйшых навучальных установах фiлязофiя i дагматыка ў асноўным выкладаюцца па лацiне. I малады выкладчык а. Максiмец [76] пачаў свой выклад фiлязофii па лацiне, а да таго яшчэ час ад часу пераплятаў свой выклад грэцкiмi словамi. Па-ўкраiнску сказаў усяго некалькi сказаў. Сядзеў я на тым выкладзе, як на турэцкiм казаньнi, i паглядаў на маiх суседзяў. Некаторыя сядзелi так, як i я, не пiсалi нiчога, але, вiдаць, выклад крыху разумелi, але некаторыя штосьцi нават запiсвалi ў сшыткi. Я спусьцiў галаву i думаў аб сабе: куды ты трапiў; што ты тут будзеш рабiць?

Праўда, iншыя прадметы выкладалiся па-ўкраiнску, але фiлязофiя была асноўным прадметам, таму пасьля першага дня "студыяў" я чуўся сам ня свой. Прыходзiла думка кiнуць усё i ўцякаць, але ад такое думкi рабiлася брыдка. На дапамогу прыходзiла iншая думка, што кiнуць заўсёды будзе час; перш неабходна спрабаваць свае сiлы. I гэтая думка брала перавагу над першаю.

Пасьведчаньне Льва Гарошкi як студэнта Грэка-каталiцкай багаслоўскай акадэмii ў Львове. 1931 г.

Недзе на трэцi дзень майго прыезду ў Львоў я занёс мiтрапалiту Шэптыцкаму лiст А. Луцкевiча. Якраз тады мiтрапалiт быў моцна хворы i ўсе афiцыяльныя вiзыты былi спынены, дзеля гэтага я, перадаўшы лiст ягонаму даверанаму слузе, студыйскаму манаху Атаназiю [77], i зазначыўшы, што гэта лiст ад беларусаў зь Вiльнi, хацеў выходзiць з палаты, але брат Атаназi параiў зачакаць пару хвiлiн, пакуль ён вернецца з адказам. На маё зьдзiўленьне, мiтр. Шэптыцкi прасiў мяне да сябе i прыняў з шчыраю радасьцю. Прызнаюся, што я спачатку быў разгубiўся: з аблiчча Мiтрапалiта сьвяцiла нейкая асаблiвая павага i дабрата, а з вачэй зьзяў пранiклiвы розум. Наагул ягоная асоба мела нейкi асаблiвы адпячатак, якога нельга назваць iначай, як адпячаткам сьвятасьцi. Магчыма, таму гутарка зь iм была прыемная i доўгапамятная. Нягледзячы на сваю хваробу, ён распытваў мяне аб сучасным беларускiм жыцьцi, аб настроях моладзi, аб маiх першых уражэньнях у Львове; шкадаваў, што са мною не прыехала больш беларусаў у Акадэмiю. Выйшаў я ад Мiтрапалiта ў бадзёрым настроi.

Потым, думаючы аб маiх цяжкасьцях у Акадэмii, мне мiж iншым прыходзiла на думку i такое пытаньне: што сказаў бы аб беларусах мiтр. Шэптыцкi, каб я спалохаўся цяжкасьцяў ды ўцёк? А з тымi цяжкасьцямi хутка выясьнiлася, што страх мой быў дарэмны. У гутарцы зь сябрамi я сьцьвердзiў, што i тыя, якiя вучылi лацiнскую мову ў клясычных гiмназiях найменш пяць гадоў i мелi зь яе добрыя ацэнкi, такжа мала што разумелi з выкладаў, але нiхто зь iх тым лiшне не праймаўся, згодна з радаю старэйшых сяброў. Да таго я хутка даведаўся, што ўсе прафэсары ведаюць добра, што студэнты маюць цяжкасьцi з лацiнскаю моваю, i дзеля гэтага перапляталi свае выклады выясьненьнямi па-ўкраiнску. "О, як так, дык няма чаго лiшне сумаваць!" - сказаў я сам сабе i спакойна ўзяўся за навуку, налягаючы на мовы. Толькi ж было вельмi цяжка пераставiць матэматычнае накiраваньне на фiлялягiчна-фiлязафiчнае, i гэтая цяжкасьць асталася назаўсёды.

Хоць да гэтага часу я мала цiкавiўся абрадова-рэлiгiйным жыцьцём, але мне адразу кiнулася ў вочы, што ў Галiцыi абрад шмат у чым розьнiўся ад таго, якi быў на Беларусi. Некаторыя запазычэньнi з лацiнскага абраду мне вельмi не падабалiся. I на першай жа аўдыенцыi ў рэктара Акадэмii а. праф. д-ра Сьлiпога я выказаў яму мае заўвагi аб тым абрадзе. Ён уважна выслухаў iх, нешта сабе запiсаў i ў канцы, на маё зьдзiўленьне, сказаў, што якраз цяпер робяцца паважныя захады ў Львоўскай Мiтраполii, каб адкiнуць некаторыя лацiнскiя за па зычэньнi, але захаваць усе стараўкраiнскiя абрады. Бо калiсь на Ўкраiне, як, напэўна, i на Беларусi, былi свае абрады, а не цяперашнiя сынадальна-расейскiя. I тыя нашыя абрады нам найбольш адпавядаюць. Да iх аднаўленьня i накiроўваецца сучасны наш лiтургiчны рух.

Абяцанка рэктара хутка пачала спраўджвацца. Яшчэ ў тым жа акадэмiчным годзе зьнiклi найбольш разячыя лацiнскiя запазычэньнi. Тыя зьмены студэнты прымалi з задавальненьнем i часам пыталiся прафэсара лiтургiкi а. Сьцяпана Рудзя80, калi тыя зьмены будуць абавязваць ва ўсёй Галiцыi.

Адразу пасьля Калядных канiкулаў былi васьмiдзённыя рэкалекцыi [78]. Яны зрабiлi на мяне вялiкае ўражэньне. У маўчаньнi i сканцэнтрованасьцi, разважаючы аб адвечных праўдах, аб мэце людзкага жыцьця, аб Божых плянах, адчыняўся новы велiчны сьвет, ясьней зарысоўваўся жыцьцёвы шлях, i воля набiрала сiлы для пераадольваньня цяжкасьцяў на тым шляху. Пасьля гэтага я ўзяўся за працу з новаю энэргiяю. "Раз Бог паклiкаў мяне сюды, дык дапаможа асiлiць усе цяжкасьцi", - сказаў я сабе i адкiнуў думку аб уцёках.

Прысутнасьць на выкладах у Акадэмii была абавязковая. Але мне, акрамя выкладаў, у першую чаргу неабходна было вучыць лацiнскую i грэцкую мовы, да таго трэба было яшчэ знайсьцi час, каб зарабiць пару грошаў на асабiстыя выдаткi, бо ўся мая "стыпэндыя" ў Акадэмii палягала на тым, што я не плацiў за ўтрыманьне i атрымоўваў ад Рэктара грошы, каб заплацiць за навуку ў квэстуру [79], а для такiх неабходных выдаткаў, як сшыткi, скрыпты [80], кнiгi i пад. я ня меў нi гроша. На шчасьце, спамiж студэнтаў нашага курсу ўтварылася невялiкая супалка для выдаваньня скрыптаў. Аднойчы я зацiкавiўся працаю цыклястыл [81] тае супалкi ды так i стаў яе ўдзельнiкам. Заработак быў невялiкi, але хапала на неабходныя выдаткi, i да таго яшчэ меў бясплатна ўсе выданьнi тае супалкi.

Першы год студыяў у Акадэмii быў для мяне цяжкi, але вынiкi экзамiнаў былi добрыя. Затое пасьля экзамiнаў страшэнна хацелася адпачыць. На летнiя канiкулы я паехаў дамоў.

Пехатою па Беларусi

Знаёмыя ваколiцы

Прыехаўшы дамоў, у першыя днi прыходзiла[ся] апавядаць родным i знаёмым аб Багаслоўскай Акадэмii i аб навуцы ў ёй. Але пры гэтай нагодзе прыходзiлася наслухацца шмат папрокаў пад адрасам мяйсцовага духавенства. Слухаючы розныя дакоры, мне прыйшла думка прыглянуцца да жыцьця i працы духавенства ня толькi ў сваёй ваколiцы, але такжа крыху далей; пры гэтай нагодзе пазнаць лепш свой край i, будучы ў Вiльнi, паспрабаваць iнкардынавацца [82] ў Вiленскую Архiдыяцэзiю, бо да гэтага часу я ня быў прыпiсаны да нiякае епархii.

Як толькi кончылася жнiва, я выбраўся пехатою на прошчу [83] ў Вiльню. Першы дзень я iшоў хутка па добра ведамых дарогах, але самая мэта падарожжа падказвала мне глядзець на ваколiцу больш пiльным вокам. Перад Карэлiчамi абапал дарогi расьселiся польскiя калянiсты. Тут яны жылi ўжо больш дзясятка гадоў, але iхнiя хаты i нешматлiкiя гаспадарскiя будынкi выглядалi быццам злабуданыя дачасу. Вiдаць, што iхнiя гаспадары ў падсьведамасьцi былi перакананыя, што яны тут затрымалiся толькi часова. Але мiж Карэлiчамi i Нягневiчамi было калянiстаў шмат больш. Было цiкава параўнаць, як тыя жывуць? Таму мiмаволi прысьпешаў крок. Праз гадзiну ўжо быў каля асаднiкаў. Тут некаторыя асаднiкi мелi дамы зусiм добрыя i больш гаспадарскiх будынкаў, але некаторыя жылi ў "хатах на курыных ножках". Ды як магло быць iначай?! Там нядаўна правiлi дарогу i чамусьцi не абдзернавалi адкосаў. Дык вось на гэтых гладка зрэзаных адкосах зьявiлася цэлая лiтаратура. Хоць напiсана яна была рознымi рукамi (уласьцiва каламi), але ўся ў адным духу: "Прэч, польская навалач!", "Беларуская зямля сялянам!"… i да таго розныя "Хай жыве…!". Некаторыя старэйшыя напiсы былi пазадрапаваныя, але каля iх зьяўлялiся сьвежыя. Пэўна ж асаднiкi чыталi iх у першую чаргу i, напэўна, чулi iх аддаўна, дык як маглi сядзець упэўнена? У навакольных вёсках было поўна малазямельных сялянскiх сем'яў, i тая зямля, якая iх магла жывiць, знайшлася ў руках чужых людзей, дык якi мог быць настрой у людзей?

Зь невясёлымi думкамi я ўвайшоў у Нягневiчы. Тым было некалькi сяброў з Наваградзкае Гiмназii, якiя студыявалi ў Вiльнi i Варшаве. Заходжу ў хату Мiколы [84], а там цэлы гурт старых знаёмых з Наваградку. Вiтаючыся, яны наперабой крычалi:

- Добра, што прыйшоў, бо якраз цябе тут не хапала!

- Да чаго гэта мяне тут не хапала? - пытаюся.

- Да самае важнае працы.

- Добра, давай важную працу, толькi што гэта за праца?

- Ты абвестку на рынку чытаў?

- Нiякае абвесткi на рынку я не чытаў, толькi ля калянiстаў чытаў "абвесткi" на адкосах.

- Гэта зусiм iншая справа, - гаворыць ужо паважна Васiль Б. [85]. - Сёньня ладзiм спэктакль на карысьць Беларускага Студэнцкага Саюзу [86], уласьцiва на стыпэндыяльны фонд, дык трэба ўсё магчымае зрабiць, каб быў большы даход, таму i патрэбен быў добры кантралёр бiлетаў, якога тут мала знаюць. Калi з нас хто будзе кантраляваць, дык зашмат знаёмых пройдзе на зайца, а ў цябе знаёмых тут няма, дык можаш ад кожнага вымагаць бiлет.

- Згода, буду кантраляваць. Толькi я крыху здарожыўся i мушу адпачыць, каб заўтра йсьцi далей.

- На гэтае ў гумне маеш мейсца, колькi хочаш аж да раньня.

Беларускiя прадстаўленьнi былi частым зьявiшчам, але гэтым разам глядзельнiкаў назьбiралася больш як звычайна. Студэнты зрабiлi ўдалую рэкляму, i прыйшло шмат людзей з ваколiчных вёсак. Прыемна было сьцьвердзiць суцяшаючы факт, якiм гэты куток Наваградчыны мог ганарыцца. Тут шмат сялянскае моладзi, нягледзячы на нiякiя цяжкасьцi, прабiвала сабе дарогу ў сьвет. I вiдаць было, што сяляне гэтым ганарылiся. Вось двох пажылых гаспадароў спынiлася каля мяне:

- Нешта вас мы нiколi ня бачылi ў Нягневiчах; мусiць, вы недзе здалёк? - пытаўся малодшы.

- Адкуль вы будзеце? - дадаў другi.

- Ажно з-пад Мiра, чулi такое мястэчка?

- А як жа ня чуць? Чуў, на кiрмашы нават аднойчы там быў.

- А дзе цяпер вучыцеся? - пытае далей старэйшы.

- У Львове, у Багаслоўскай Акадэмii.

- Во брат, i ў Львоў ужо нашы хлопцы трапiлi, - гаварыў з задавальненьнем малодшы, а старэйшы дадаў:

- Ну вось, можа ўжо нарэшце i нашыя духоўныя будуць, а гэта вунь у нас адзiн маскаль i цiкавiцца толькi тым, каб як выцягнуць у каго залатоўку, а другi паляк - займаецца толькi гэтаю навалаччу.

Да нашае гутаркi прыслухоўваецца пару старэйшых жанчын i некалькi дзяўчат. Раптам жанчына падышла блiжэй:

- Ты, Янка, на цяперашняга бацюшку лiшне не наракай, бо ён хоць молiцца як трэба; во той, што перад iм быў, дык той, праўда, быў нейкая халера…

Потым ня раз даводзiлася пачуць горкiя нараканьнi вернiкаў на ня годных сьвятароў, i кожны раз пацьвярджаўся жалюгодны факт, што нiхто ня робiць горшае шкоды для Царквы, як дрэнныя духоўныя. Так ужо дзеецца ад вякоў; i Хрыста прадаў нягодны апостал Юда.

Пасьля спэктаклю пачалiся танцы. I студэнты, i сяляне тварылi адну грамаду. Я, змучаны падарожжам, пайшоў у Мiколава гумно на сена. Са мною йшоў мой новы знаёмы, малады гаспадар, i на разь вiтаньне не бяз гонару казаў:

- Вот гэта мне падабаецца: з вучонымi вы вучоныя, а з намi вы такiя, як i мы, дык i наша галава крыху падымаецца.

На наступны дзень мае сябры прыйшлi з танцаў, як ужо ўсходзiла сонца. Яны занялi маё мейсца, а я, падсiлкаваўшыся сьвежым сырадоем, накiраваўся ў далейшую дарогу, але зайшоў усяго да Далятыч i тут спынiўся на цэлы дзень.

Далятычы

Затрымацца тут было чаго. Гэта была адна з старэйшых i большых усходнекаталiцкiх парахвiяў на Беларусi. Мяне вельмi карцiла пазнаць яе блiжэй. Думка аб утварэньнi ўсходнекаталiцкае (вунiяцкае) парахвii зьявiлася ў людзей безь нiякае прапаганды з боку каталiкоў. Хутка пасьля польска-бальшавiцкае вайны праваслаўнага параха з Далятыч перанесена ў iншую парахвiю. Тады праваслаўны парах зь Любча, маючы моцныя плечы ў кансiсторыi [87], пастараўся, каб далятыцкую парахвiю скасавана, а зямлю i царкву прылучана да Любча. Стараньнi вернiкаў атрымаць свайго параха аставалiся без адказу. Тады вясною 1925 г. яны зьвярнулiся да пiнскага каталiцкага бiскупа З. Лазiнскага [88], i той iм хутка прыслаў а. М. Кнурэнку [89], якi перайшоў у каталiцтва. На вялiкi жаль, ягоныя паводзiны сеялi згоршаньне. У 1929 г. яго мусiлi забраць i прыслалi а. Iвана Панько [90], якi перайшоў у каталiцызм 5.III.1928 г. разам з усёю сям'ёю. Рэлiгiйнае жыцьцё значна паправiлася. Вернiкаў было 1638 чалавек.

Калi ў Далятычах заснавалася ўсх.-кат. парахвiя, дык праваслаўная кансiсторыя прыслала праваслаўнага сьвятара, але яму ўжо не было чаго рабiць у Далятычах, нягледзячы на згоршаньне, якое было зь першым парахам. Таму праваслаўны сьвятар асялiўся ў суседняй вёсцы, а служыў у царкве пад Лiпкаю. У самых Далятычах да вунii належалi ўсе жыхары, за выняткам двох сем'яў, да таго было яшчэ нямала вернiкаў у Далятыцкiх хутарох, Еўсевiчах [91], Воўкаразi [92], Хадасох [93], Чарэшлi [94] i Падзагор'i [95].

Тагачасны парах а. Iван прыняў мяне вельмi гасьцiнна. Гэта ягоныя сыны Алесь i Анатоль разам зь iншымi двума юнакамi Корчыкам i Купрыянам з суседнiх вёсак вучылiся ў Лiлi. I гэта яны былi тымi студэнтамi, аб якiх калiсьцi гаварыў мне Юрка. Ад iх я даведаўся дакладна аб тым Iнстытуце, якi былi заснавалi айцы дамiнiкане, але якi ў тым часе стаяў перад закрыцьцём, i яны абодва рыхтавалiся ўступiць у Духоўную Сэмiнарыю ў Дубне [96], якая адкрылася ў 1931 г. Уласьцiва яна тады толькi аднавiлася, бо iснавала ад 1928 г., але ў мiжчасе была зачынена. У сваю чаргу, я iм шмат расказваў аб Багаслоўскай Акадэмii ў Львове, аб якой яны сёе-тое чулi ўжо, i пры тым ведалi, што анi пiнскi, анi вiленскi бiскупы ня хочуць прымаць адтуль сэмiнарыстаў у свае епархii. Пыталiся ў мяне, што я буду рабiць.

- Тымчасам цяжка сказаць, што буду рабiць, але ўсiмi сiламi буду старацца, каб працаваць у Беларусi. Вось i цяпер буду пробаваць пагутарыць аб гэтым зь Вiленскiм Архiбiскупам.

- Мусiць, нiчога з гэтых стараньняў ня выйдзе, - заўважыў Алесь.

- Хай сабе i ня выйдзе, але мушу зрабiць усё, што ад мяне залежыць, а што скажа архiбiскуп, дык гэта ўжо будзе ляжаць на яго сумленьнi.

Дочкi а. Iвана (а iх было тры) дыскрэтна цiкавiлiся, цi я буду жанатым, цi бязжэнным сьвятаром, ведаючы, што ў Галiцыi сьвятары пераважна жанатыя, але што цяпер робiцца нацiск, каб было больш бязжэнных. Я дыпляматычна ўхiлiўся ад адказу на iхняе пытаньне.

Вечарам была проба царкоўнага хору. Хорам кiраваў вельмi ўмела, бадай па-мастацку дзяк Якаў Сямашка. Харысты былi дабраныя з чыстымi i моцнымi галасамi, пры тым добра вырабленымi. У канцы пробы на зьмену царкоўных напеваў запяялi некалькi беларускiх народных песень. Такое красы беларускiх народных песень, як я пачуў у Далятычах, я яшчэ ня чуў, хоць чуў хор Наваградзкае Гiмназii пад кiраўнiцтвам здольнага кампазiтара А. Валынчыка.

Выходзячы зь дзякоўскае хаты, дзе адбывалася проба хору, я сустрэў быўшага лiльскага студэнтa Янку Корчыка. Ён жыў за Нёманам на хутарох, але ўжо i туды ўсьпела даляцець вестка, што "ў бацюшкi госьцiць нейкi малады багаслоў". Янка мала гаварыў аб Лiльскiм Iнстытуце, а больш аб справах Далятыцкае парахвii. Ён з маладым энтузiязмам абураўся нават на дробныя нелады ў парахвii i на iх больш зьвяртаў увагу, як на ўсё добрае, што рабiлася ў парахвii. Уся ягоная крытыка была прасякнута жаданьнем, каб у парахвii было лепш. Тамму мне было прыемна бачыць i чуць, што ў гэтай парахвii ёсьць людзi, якiя не здавальняюцца толькi фармальнымi зьменамi на лепшае, але ўсёю душою жадаюць уздыму рэлiгiйнага жыцьця i да яго iмкнуцца.

Зламаны дуб

На наступны дзень пасьля Службы Божае i сытнага сьнеданьня я вырушыў далей. Цяпер мой шлях быў на Iўе [97]. Iшоў я не сьпяшаючыся, каб там пераначаваць, таму па дарозе меў даволi часу, каб пагутарыць з сустрэчнымi сялянамi.

Парахам i дзеканам [98] у Iўi быў ад 1930 г. кс. д-р Iльдэфонс Бобiч [99]. Ягонае прозьвiшча я ўжо чуў ня раз i меў нават зборнiк ягоных беларускiх казаньняў [100], толькi ня ведаў, дзеля якiх прычынаў ад некаторага часу ён адышоў ад беларускага рэлiгiйнага руху, i дзеля гэтага хацелася пагутарыць зь iм.

Ужо вечарэла, калi я зайшоў да кс. Бобiча. Прыняў ён мяне ветлi ва i ахвотна згадзiўся, каб я пераначаваў у яго, аднак гаварыў толькi па-польску i ў гутарцы старанна ўнiкаў усякiх намёкаў на беларускiя тэмы. Толькi неяк прыпадкам ён прагаварыўся, што меў нейкiя нелады зь iншымi беларускiмi сьвятарамi. Гледзячы на яго, я меў уражэньне, што гэта зламаны дуб. Затое ягоная цётка гаварыла са мною па-беларуску, але такжа вельмi паўстрымана. Падчас вячэры спачатку гаварыў выключка кс. Бобiч аб сваiх выдавецкiх справах, а потым пераняў гутарку вiкарны ксёндз, i ён мiж iншым закрануў справу калiшняе беларускае дзейнасьцi кс. Бобiча, але той адразу перавёў гутарку на iншую тэму.

Толькi ў часе нямецкае акупацыi, калi дзякуючы стараньням беларускiх дзеячоў ён быў вызвалены з турмы, дык зноў вярнуўся да беларускага руху i меў улажыць цэлы зборнiк беларускiх казаньняў [101].

"Увага - злосны ксёндз!"

Назаўтра я выйшаў зь Iўя даволi рана i хутка быў у Лiпнiшках [102]. Ужо здалёк прыцягваў да сябе ўвагу прыгожы лiпнiшскi мураваны з гранiту касьцёл, выбудаваны ў 1890 г. Зблiзку ён выглядаў яшчэ прыгажэй i выклiкаў захапленьне будаўнiчым майстэрствам.

Аглянуўшы касьцёл, цiкава было пазнаёмiцца з парахам. На жаль, кс. Войдаг [103] быў страшэнным кантрастам да касьцёлу. У перадпакоi ягонае канцылярыi было поўна розных афiшаў i абвестак, быццам у якой падарожнай агэнцыi. Гаспадыня паведамiла параха, што я хачу зь iм бачыцца, i хоць у пачакальнi нiкога не было, прыйшлося нямала пачакаць, пакуль нарэшце парах запрасiў мяне ў сваю канцылярыю. Калi ён даведаўся, што я студэнт багаслоў ды йду пехатою ў Вiльню, адразу насьцярожыўся, а калi даведаўся яшчэ, што я беларус, дык i зусiм скрывiўся i раптам спытаў:

- Напэўна, зайшоў сюды, каб паабедаць?

- Да абеду яшчэ далёка, - адказваю, - ды ня так даўно я добра пасiлкаваўся ў Iўi.

- А чаму гэта пешкi iдзеш у Вiльню?

- Бо гэта маё паломнiцтва i адначасна добрая нагода пазнаць край i людзей.

Запанавала хвiлiна маўчаньня, i раптам парах, нiчога мне ня кажучы, выйшаў на кухню. А вярнуўшыся адтуль, кажа, каб я зайшоў туды, i адразу разьвiтаўся са мною. Заходжу ў паказаныя дзьверы, а там гаспадыня, ня кажучы нi слова, ставiць на стол халодную бульбу i нейкае вадзянiстае кiслае малако ды запрашае мяне да стала. Зачэрпаўшы пару лыжак таго малака, я ўстаў ад стала i сказаў гаспадынi, каб яна перадала параху падзяку за гасьцiннасьць, выйшаў зь перакананьнем, што гэтае спатканьне было вельмi навучаючым. Чамусьцi прайшла думка, што ў пачакальнi кс. Войдага мiж шматлiкiх плякатаў бракуе найважнейшага: "Увага - злосны ксёндз!".

Неспадзеванка за неспадзеванкаю

Далей я накiраваўся ў Геранёны [104], спадзеючыся зноў стрэнуць штосьцi цiкавае. Невялiкi мураваны касьцёл у Геранёнах з 1771 г. нiчым не вызначаўся, але прэзьбiтэрыя [105] была дзеравянная, старая i брудная. Ганак быў напаўгнiлы i гразкi - трэба было ўваходзiць асьцярожна. I неяк дзiўна было бачыць на ўваходных дзьвярох вiзытную картачку. Чытаю яе: Кс. парах Хлявiнскi [106]. I мiмаволi прыходзiла думка:

- Ну i дабралi ж прозьвiшча, быццам для жарту.

Але гэтым разам я памылiўся ў маiх меркаваньнях. Парах быў ветлiвы i талковы. Ягоная канцылярыя была зусiм непадобная да вонкавага выгляду прэзьбiтэрыi. Калi з гутаркi ён даведаўся, што я беларус, дык адразу загаварыў ажыўлена:

- Ведаеце, я вам раю адведаць кс. Шалкевiча [107] ў Тракелях [108]. Ён шчыры беларус i напэўна будзе задаволены, калi вы зойдзеце да яго.

- Як далёка адгэтуль да Тракеляў? - пытаюся.

- Гэта недалёка, толькi вам трэба крыху збочыць зь вiленскага напрамку i прайсьцiся лесам.

Як жа не адведаць такога сьвятара "на правiнцыi", якога суседзi палякi называюць шчырым беларусам?!

Круг сапраўды быў невялiкi, i я яшчэ задоўга да вечара быў у Тракелях. Кс. Мiхась Шалкевiч якраз канчаў працу ў пчальнiку, калi я зьявiўся ў ягоным садзе. Ён сапраўды вельмi ўсьцешыўся, што я за вiтаў да яго. Гаварылi мы з кс. Шалкевiчам да позьняе начы аб усiх нашых радасных i сумных справах. Там у ягонай парахвii больш, чым дзе, можна было назiраць, у якой атмасфэры жывуць беларускiя сьвятары i вернiкi ў Вiленшчыне. На абшырным дворышчы каля прэзьбiтэрыi працавала некалькi чалавек. Здалёк чуваць было, што мiж сабою яны гаварылi па-беларуску, але як толькi заўважылi, што я, незнаёмы для iх чалавек, праходжу каля iх, адразу сьцiхлi i працавалi моўчкам.

Назаўтра я ўстаў даволi рана, бо цяпер меў намер прысьпешыць сваё падарожжа. Хоць яно было вельмi цiкавае i надзвычайна павучаючае, але час праходзiў хутка, а да Вiльнi яшчэ аставаўся вялiкi кавалак дарогi. Ды якраз так здарылася, што наступных двох парахаў не засьпеў удома; былi ў школе на лекцыях катэхiзму, якраз пачаўся школьны год. Таму я пайшоў поўным крокам без затрымак. Аднак калi ўвайшоў у Беняконi [109], крыху спавольнiў хаду. Першы дом, якi стаяў на ўскраю гэтага мястэчка, здалёк кiдаўся ў вочы. Каля яго было шмат людзей, а над дахам высiлася зялёная хваёвая галiна. Падышоўшы блiжэй, убачыў над дзьвярыма надпiс: "Карчма".

Але чаму так людна ў буднi дзень каля гэтага дому? Адказ на гэтае пытаньне знайсьцi было вельмi лёгка. Тут жа правiлася дарога, i якраз тады работнiкi атрымоўвалi тыднёвы заробак ды тут жа складалi ахвяры "шкляному богу". Крыху воддаль ад карчмы хiстаўся апушчаны i сьпiты малады чалавек, яго падтрымоўвала стройная, чыста апраненая жанчына. Яна аб нечым прасiла яго на прамiлы Бог, а ён у адказ голасна лаяўся грубiянскiмi словамi. Сапраўды жалюгоднае вiдовiшча. Да якога ўпадку i ганьбы можа сапхнуць чалавека гарэлка!

У мястэчку на рынку кiдаўся ў вочы мураваны касьцёл (выбудаваны ў 1902 г.), а недалёка ад яго была дзераўляная, але ўтульная прэзьбiтэрыя. Праходзячы каля агарожы, я ўбачыў, што ў агародзе ксёндз адмаўляе брэвiярый [110]. Варта зайсьцi пазнаёмiцца. Прывiтаўся зь iм па-польску. Ён адказаў i, уважна гледзячы на мяне, запытаўся, хто я i адкуль. Адказаў яму коратка.

- Кажаш, багаслоў i беларус, дык чаму ж ты гаворыш па-польску? - адазваўся чысьцюсенькаю беларускаю моваю.

- Выбачце, але я ня ведаю, з кiм гавару, хiба вы такжа беларус?

- Не, я летувiс, называюся Язэп Дубецiс [111], тутэйшы парах i дзекан.

Бязь лiшняй гутаркi дзекан запрасiў мяне ў пакоi, крыху распытаўся аб Львове, а потым паклiкаў сваю сястру i загадаў рыхтаваць сытны абед. Гаварыў зь ёю па-летувiску, i хоць я першы раз чуў гэтую мову, але таму, што дзекан час ад часу паказваў на мяне ды пераплятаў сваю гутарку беларускiмi словамi, дык было лёгка здагадацца, аб чым яны гутарылi. Таму што я меў намер як найхутчэй дабрацца да Вiльнi, дык спрабаваў адмовiцца ад пачастунку, прадбачваючы, што ён можа зацягнуцца.

- Нават i ня думай адмаўляцца. Госьць у дом - Бог у дом.

Ён сапраўды справiў банкет, а да таго ж яшчэ даў грошы на квiток да Вiльнi. Так неспадзявана яшчэ таго ж вечара я iшоў па знаёмых вiленскiх вулiцах.

Назаўтра я выбраўся да вiленскага каталiцкага мiтрапалiта Рамуальда Ялбжыкоўскага [112]. У пачакальнi не было нiкога, дык прыняў мяне хутка. Я коратка расказаў яму, як знайшоўся ў Багаслоўскай Акадэмii i чаму да гэтага часу не iнкардынаваўся ды прасiў яго прыняць мяне ў сваю архiдыяцэзiю.

- Я ўжо маю двух клерыкаў усходняга абраду ў Дубенскай Сэмiнарыi; больш не патрэбна, - адказаў ён коратка.

- Усяго двох на такую вялiкую архiдыяцэзiю? - зьдзiвiўся я.

- Для нас даволi, - адказаў ён суха.

Было ясна, што гэты высокi ерарх меў за нiшто ўсе iнструкцыi з Рыму адносна вунiйнае акцыi, гледзячы на сваю дзейнасьць праз шавiнiстычныя польскiя акуляры. Нашто яму былi ўсходнекаталiцкiя багасловы, калi ягоныя пралаты, такiя хоць, як Кароль Любянец [113], засноўвалi "школы польскосьцi". Шырокаведамаю была такая школа ў маёнтку Мiнойты [114], дзе за пераход у каталiцызм лацiнскага абраду плацiлi 20 злотых, давалi двухтыднёвы курс катэхiзму ды, запiсаўшы каталiком i палякам, адсылалi на нейкую платную працу ў дзяржаўных цi адмiнiстрацыйных установах. Пралат В. Мэйштовiч [115] кажа ў сваёй кнiзе, што да 1939 г. у Вiленскай архiдыяцэзii 60 000 праваслаўных перайшлi ў каталiцызм лацiнскага абраду. Потым я даведаўся ад а. В. Гапановiча [116], што гэты каталiцкi ерарх адкiнуў ажно 22 заявы беларускiх праваслаўных сьвятароў, якiя праз пасрэднiцтва таго ж айца прасiлi прыняць iх разам зь iхнiмi парахвiямi ў лона Каталiцкае Царквы. Лiст а. Гапановiча ў гэтай справе знаходзiцца ў архiве Беларускага Ўсходне-Каталiцкага Экзархату.

Прабыў я ў Вiльнi амаль тыдзень i вяртаўся дамоў зь вялiкiмi пачкамi беларускiх кнiгаў - для пабольшаньня свае вясковае беларускае бiблiятэкi: ахвотна згадзiлiся дапамагчы дапоўнiць бiблiятэку Беларускае Каталiцкае Выдавецтва [117] ды А. Луцкевiч.

Руiны крычма крычаць

Летнiя канiкулы 1934 г. былi для мяне вельмi прыгнабляючымi. Ужо ў 1933 г. хадзiлi пагалоскi, што iснаваньне Беларускае Гiмназii ў Наваградку паважна загрожанае, бо тады яе заменена на фiлiю польскае гiмназii (19.V), а 19.VIII.1934 г. зусiм зачынена.

Наступ польскае адмiнiстрацыi на беларускае грамадзкае i культурнае жыцьцё ў Зах. Беларусi ўзрастаў штораз больш. У 1933 г. у Картускай Бярозе121 быў заснаваны канцэнтрацыйны лягер, якi сваiмi мэтадамi мог канкураваць з славутымi нацыстоўскiмi лягерамi Дахаў [118], Бухэнвальд [119] i iнш. На становiшча ваяводаў i старостаў у Зах. Беларусi назначалi людзей варожых да ўсякiх праяваў беларускасьцi. З Наваградку ваяводу Бэчковiча ўвосень 1931 выслалi на становiшча пасла ў Латвiю, а старосту Грынеўскага на Памор'(е). Ваяводаю быў назначаны Сьвiдэрскi, але ён пабыў нядоўга - яго замянiў Костэк-Бярнацкi i адразу ўвёў востры антыбеларускi дух ува ўсёй адмiнiстрацыi.

Будову памешканьня для Беларускай Гiмназii спынена ў 1932 г. Субсыдыяў, прызначаных соймiкам на будову гмаху, не выплочвана i настаўнiкi, якiя жыравалi вэксьлi [120] на закуп цэглы, праз гэта шмат пацярпелi. Будынку пагражала лiцытацыя [121], нягледзячы на тое, што акт заснаваньня будынку i пасьвячэньня вугольнага каменя быў падпiсаны прэзыдэнтам Польшчы I. Масьцiцкiм, наваградзкiмi ваяводаю i старостаю i Гарадзенскiм япiскапам ды ляжаў замураваны ў вуглу будынку. У такiм крытычным палажэньнi будаўляны Камiтэт згадзiўся перадаць будынак Наваградзкаму магiстрату, каб той дакончыў будову i сплацiў даўгi. Магiстрат там утварыў пасьля рамесьнiцкую бурсу.

I вось на пачатку жнiўня 1934 г. я спаткаў у Мiры на кiрмашы свайго малодшага сябру з Наваградзкай Гiмназii Хв. Русецкага [122] ды даведаўся ад яго, што ў канцы лiпеня г. г. зачынена нашу гiмназiю i што дырэкцыя гiмназii зьбiрае пратэсты беларускага грамадзтва да Вiленскае Кураторыi.

Праз маiх вясковых сяброў вестка аб закрыцьцi гiмназii маланкаю разьляцелася па ваколiцы. А сьледам за гэтаю весткаю, доўга не адкладаючы, я пайшоў у Трашчычах ад хаты да хаты зьбiраць подпiсы пад пратэстам. На жаль, падпiсвалiся ня ўсе. Адны адмаўлялiся таму, што гэта i так нiчога не паможа; iншыя - што яны туды сваiх дзяцей усё роўна ня змогуць паслаць, бо ня маюць магчымасьцi вучыць, а iншыя проста баялiся помсты палiцыi. Але было шмат, якiя падпiсвалiся ахвотна - адны моўчкi, а некаторыя дадаючы: "Гэта не на паперы трэба пiсаць… але хай хоць гэта йдзе ў сьвет" i пад.

У канцы жнiўня я выбраўся пехатою ў Наваградак, маю[чы] намер далей пайсьцi ў Вiльню крыху iншаю дарогаю, як iшоў 2 гады перш. Па дарозе надумаўся адведаць сваiх старых сяброў i знаёмых з гiмназii. Iх было некалькi ў Запольлi [123]. Дык мiнуўшы Карэлiчы, збочыў туды, але нiкога зь iх ня ўбачыў. Бацька аднаго зь iх расказаў аб усiх па дзеях, якiя здарылiся ў Наваградку. Каб мець хоць нейкi паважны прэ тэкст для закрыцьця гiмназii, Костэк-Бярнацкi ўплянаваў правакацыю, ведаючы, што калiсь было выкiнена некалькi вучняў за камсамольскую агiтацыю [124]. Дзеля гэтага летам 1933 г. некалькi агентаў тайнае палiцыi з студэнцкiмi шапкамi на галаве й iншыя ў нейкiх унiформах з тэхнiчных школаў адведвала гiмназiстаў, лаяла польскi ўрад i прапанавала залажыць у гiмназii камсамольскую ячэйку. На пачатку 1933/34 школьнага году гэтыя правакатары старалiся зарганiзаваць быццам тайную камсамольскую зборку на замчышчы i запрасiлi ўсiх тых гiмназiстаў, якiх адведвалi летам. Аб гэтым даведаўся кiраўнiк хлапцоўскае бурсы д-р А. Орса i дырэктар Я. Цеханоўскi. Яны забаранiлi вучням iсьцi на сходку. Тады адзiн з правакатараў, якi называўся "Сашка", прыходзiў у бурсу i выклiкаў вучняў. Правакацыя сталася яснаю для ўсiх i дырэктар, апытаўшы вучняў, напiсаў адпаведны акт. Бачучы, што пляны правакацыi разьбiваюцца, палiцыя пасьпяшыла арыштаваць усiх вучняў, якiя гутарылi з правакатарамi: Анiшчыка [125], Лiтвiна [126], Чэрнiка [127], Вiнара [128], Гуля [129], Главiнскую [130], Ханько [131], Аляксяевiча [132] i Еўтухоўскую [133]. Аднак акту абвiнавачаньня арыштаваным не далi i таму на дамаганьне дырэкцыi пасьля некалькi дзён арыштаваных вучняў звольнiлi, але забавязалi iх мэльдавацца кожны 2-i дзень. Усе яны мелi быць суджаныя, таму дырэкцыя да часу суду не магла iм дазволiць наведваць лекцыi. Але суд адбыўся аж пасьля некалькi месяцаў i за гэты час палiцыя падкупiла 2-х вучняў памагаць правакатарам. На судзе не зьвярталi нiякае ўвагi (на тое, што была пасольская iнтэрпэляцыя ў сойме) на сьведчаньне настаўнiкаў, сьвятароў i самых вучняў. Апiраючыся толькi на даносы правакатара "Сашкi" i 2-х падкупленых вучняў - усiх пазасуджвалi на 2 гады турмы. I гэта быў прэтэкст, каб у жнiўнi 1934 г. зачынiць Наваградзкую Беларускую Гiмназiю.

З такiмi сумнымi весткамi я выйшаў з Запольля i накiраваўся да гасьцiнца. Як толькi выйшаў на гасьцiнец у Тудораве [134], там убачыў палiцыянта.

- Стой, куды iдзеш?

- У Наваградак, - адказваю.

- А чаго хадзiў у Запольле?

- Да сваiх знаёмых.

- А хто ж вашы знаёмыя? - кажа больш лагодна.

- Усе быўшыя вучнi Наваградзкай Гiмназii, але нiкога зь iх не знайшоў.

- Пакажыце вашы дакуманты.

Паказваю яму акадэмiчную легiтымацыю. Палiцыянт паглядаў то на легiтымацыю, то на мяне.

- Дык пан грэка-каталiцкi багаслоў? - кажа.

- Так.

- А чаму пан па-цывiльнаму ўбраны?

- Бо яшчэ ня маю нiякiх сьвячаньняў.

- Добра, можаце iсьцi, - кажа, аддаюча легiтымацыю.

Ужо пачынала сутанець, калi я даходзiў да Ваўкавiч [135]. Каб крыху адпачыць, я зайшоў на магiльнiк. На сярэдзiне стаяла напаўразбураная старая вунiяцкая царква. На сьценах былi прыгожыя, хоць i пашкоджаныя малюнкi. Сеў я на парозе i думкi адна сумнейшая за другую пашлi чарадою.

Кажуць нам суседзi i мы самi паўтараем "Край наш родны, край наш бедны". Але чамусьцi да гэтага беднага краю ўсе працягваюць грабушчыя рукi, гэтага беднага краю нiхто ня дорыць, а ўсе грабяць, рабуюць, нiшчаць, руйнуюць. Колькi ж гэта зруйнаваў царскi ўрад!!! Стаптаў адвечныя беларускiя традыцыi. Зруйнаваў Беларускую Усх.-Каталiцкую Царкву - жывы сьведак тых руiнаў вось гэтая струхлелая царква. Цяпер палякi руйнуюць - усюды, дзе могуць i як могуць. У кiшэнi ў мяне дакумант-пратэст супраць руйнаваньня гiмназii. Ужо некалькi стагодзьдзяў трывае гэтае руйнаваньне, аднак беларускi народ жыве i нават ня думае апускаць галавы. I раптам мне захацелася сьпяваць гымн прарока Iсаi, якi сьпяваецца на Вялiкай Павячэрнi:

"З намi Бог, разумейце пагане i пакарайцеся, бо з намi Бог!

Магутныя, пакарайцеся, бо з намi Бог!

Бо калi вы адолееце, дык зноў будзеце пераможаныя, бо з намi Бог!"

Выйшаў я з тае апушчанае царквы быццам зь нейкае цалюшчае крынiцы. Усё змучэньне i сум быццам рукою зьняло.

У Наваградку дырэктара Цеханоўскага не было, дык пайшоў я да быўшага дырэктара П. Скрабца [136] i перадаў яму пратэст. Ад яго даведаўся, што ўжо падобных пратэстаў назьбiралася нямала, але напэўна польская адмiнiстрацыя ня будзе зь iмi лiчыцца. Аб судзе над вучнямi Скрабец гаварыў даволi асьцярожна.

Адведаўшы знаёмых i абышоўшы ўсе памятныя мейсцы i будынкi, у канцы пайшоў на замчышча. Магутныя руiны гэтым разам быццам крыч ма крычалi: "На Беларусi больш чым матэрыяльную сiлу, трэба мець ду ховую магутнасьць. Тады нiякiя ворагi ня будуць страшныя".

"Пашлi, Божа, беларускаму народу духовую магутнасьць!" - малiўся я, стоячы на замчышчы.

Пакуль я хадзiў па замчышчы, пачаў цярушыць дробны дождж. Неба зацягнула густымi хмарамi. Таму прышлося зьмянiць плян i замест iсьцi ў Вiльню пехатою, пайшоў на станцыю. Назаўтра ўжо быў у Вiльнi. Там, адведаўшы ўсiх знаёмых, набраў кнiгаў i, доўга не затрымваючыся, вярнуўся дамоў.

Летнiя канiкулы

Кожны год на летнiя канiкулы я прыяжджаў дамоў, але ўдома было немагчыма правесьцi летнi час, як належыцца тэолягу. Найблiжэйшая каталiцкая царква ўсходняга абраду была ў Стаўпцах за 30 км; найблiжэйшы каталiцкi касьцёл лацiнскага абраду быў у Мiры - 8 км; а найблiжэйшая праваслаўная царква знаходзiлася за 5 км у Турцы. Калi не было дажджу ў нядзелю, дык я хадзiў на службу Божую туды, куды было зручней - найчасьцей у праваслаўнай цэрквi. Няраз дзеля гэтага я сам сабе рабiў закiды, але потым даведаўся, што мая прысутнасьць на Службе Божай у праваслаўных цэрквах была маiм першым, зусiм нясьведамым, але плённым апостальствам. Божая ласка няраз дзейнiчае праз нас тады, калi мы аб гэтым нават i не дагадваемся, але калi мы шчыра выконваем свой абавязак.

Першымi сьведамымi крокамi мае рэлiгiйнае дзейнасьцi былi спатканьнi i размовы з баптыстамi.

Распаўсюджваўся баптызм у нашай аколiцы зь вёскi Церабостынь [137], адлеглае ад Трашчычаў усяго два кiлямэтры. А там за пачаткаваў гэты рух Iван Панько [138], якi перад Першаю сусьветнаю вайною быў некалькi гадоў у Адэсе i там прыстаў да баптыстаў. Вярнуўшыся па вайне ў родную вёску, актыўна пачаў прапагаваць новую веру. Зь Церабостынi баптысты час ад часу заходзiлi ў iншыя вёскi, дзе не было сьвятароў, i ладзiлi напаказ свае маленьнi. Такiм чынам празь некалькi гадоў зьявiлася даволi моцная група баптыстаў у Маласельцах [139] i там нават выбудавана малельны дом. У iншых вёсках iхнi ўплыў быў вельмi нязначны, але прыхiльнiкi сям-там зьяўлялiся.

Аднойчы я зайшоў на iхняе маленьне ў Церабостынi i ня вытрымаў, каб пасьля iхняга маленьня не паспрачацца зь iмi, бо ў сваiх выступленьнях яны вельмi ж нападалi на ўсе абрады, на iконы, знак крыжа i iнш.

На жаль, самога Iвана Панько не было, быў толькi ягоны заступнiк, дык вось я да яго кажу:

- Адзiн з вас у часе маленьня вельмi нападаў на праваслаўных i каталiкоў, што яны молячыся хрысьцяцца, а ўсе яму патаквалi, але гаварыў ён так, як можа гаварыць той, хто не разумее таго, аб чым гаворыць.

- А што тут разумець, ганяюць мухi рукамi i гэта называецца моляцца, - адазваўся з-за стала сусед старшага.

- Добра, але скажыце мне, цi былi вы калi ў кузьнi i цi бачылi, як каваль гартуе сякеры, малаткi, сярпы?

- Пэўна, што былi i бачылi, - загаманiлi ўсе.

- Ну, дык вось, калi хто першы раз будзе бачыць, як каваль награе да чырвана сякеру i потым кiдае ў ваду, каб яе раптам астудзiць, дык такжа можна падумаць, што ён робiць нейкую недарэчнасьць: халодную сякеру грэе, каб раптам яе астудзiць. А мiж тым у такiм награваньнi i раптоўным астуджаньнi ёсьць глыбокi сэнс, бо праз гэта сталь робiцца гартаванаю, цьвёрдаю. Вось i вонкавы знак крыжа мае глыбокi сэнс, i нават шмат большы, як вам здаецца, толькi яго трэба пазнаць.

- Добра гаворыць, - зашапталi глядзельнiкi, якiя стаялi ў дзьвярах.

- Э, тут няма нiякага параўнаньня, - злосна азваўся старшы.

- Як-то няма?! - i я павысiў голас. - А падчас вашага хрышчэньня што вы робiце? Калi для вас вонкавыя знакi i абрады ня маюць нiякага значэньня, дык навошта вы акунаеце ў ваду людзей?

- Бо так Хрыстос хрысьцiўся i iншых так хрысьцiў, - торапка адказаў старшы.

- Вось бачыце, цяпер вы самi сьцьвярджаеце, што вонкавыя абрады ўстанавiў ня хто iншы, а сам Хрыстос, i яны ёсьць не пустыя рухi, а бачымыя знакi нябачнага дзеяньня Божае ласкi. Дык чаго ж вы баронiце купаньня i сьмеяцеся з жагнаньня? Гэта ж ёсьць знак, празь якi мы, людзi, выказваем наша перакананьне, што Бог Айцец павiнен быць у нашых думках, Бог Сын - Iсус Хрыстос у нашых сэрцах, а Дух Сьвяты - наш натхнiцель ува ўсiх нашых дзеяньнях. Вось калi вы гэта зразумееце, тады ня будзеце сьмяяцца. Зрэштаю, хiба ж вы добра ведаеце, як называюць людзей, якiя сьмяюцца, калi iм выставiць палец.

[Калi я гэта гаварыў, старшы дзесь выйшаў i ягоная "правая рука" раптам пераскочыў на iншую тэму:

- Але вы iдалам кланяецеся. Бог выразна сказаў: "Не сатвары сабе кумiра", а вы абвешваеце хаты i цэрквi ўсялякiмi iконамi.

- Пачакайце. Ня блытайце двох розных рэчаў. Цi ж iкона i кумiр-iдал гэта тое самае?

- Пэўна, што так!

- Бачыце, адразу вiдаць, што вы нават ня ведаеце таго, аб чым гаворыце.

I тут мне давялося вытлумачыць розьнiцу мiж iдалам-бажком, якi ёсьць толькi творам рук чалавека, у небе iх зусiм няма, а iкона - гэта сымбалiчнае прадстаўленьне Бога цi сьвятых, якiя iснуюць.]

Аднак далей гутарка пачала пераскокваць з тэмы на тэму. Калi той, хто ставiў мне нейкi закiд, атрымоўваў належны адказ, больш не адзываўся, дык iншы выскокваў з новым закiдам. Большасьць адказаў прыходзiла мне на думку неспадзявана i пры тым так ясна, быццам хтосьцi падказваў, i гэта дадавала мне ўпэўненасьцi. Нарэшце старшы "заўважыў", што ўжо час разыходзiцца. Я пайшоў дамоў, а баптысты разыходзiлiся гурткамi, дыспутуючы мiж сабою.

У наступным годзе мне аж двойчы давялося "пагутарыць" з баптыстамi.

Аднойчы ў нядзелю я вяртаўся зь Ярэмiч, дзе быў на службе Божай. Там быў парахам а. Жалезьняковiч [140], добры прапаведнiк i абыходлiвы зь людзьмi. Вяртаўся я ў добрым настроi, бо пасьля службы Божае, калi праходзiў каля сьвятарскага дому, здарыўся такi выпадак. Каля варот дому стаяў сам парах, вiдаць, чакаючы царкоўнага старасту. Я даў дабрыдзень, ён адказаў i спытаўся:

- Вы магчыма да мяне?

- Не, айцец, я тут мiмаходам.

- Выбачце, а вы адкуль будзеце?

- З Трашчыч.

На далейшыя пытаньнi прышлося яму сказаць, што я студэнт Гр.- Кат. Акадэмii. Ён пасумнеў i кажа:

- Ох, гэтая Вунiя, гэта бяда на нашую галаву!

- Ойча, гэта не такая бяда, як здаецца. Пэўна ж, калi ў яе мяшаюцца ўсякiя "апекуны" з сваiмi далёкiмi ад рэлiгii меркаваньнямi, дык тады яна становiцца бядою. Але ж вы добра ведаеце, што ў iншых веравызнаньнях з гэтага гледзiшча дзеецца яшчэ горай.

- Гэта праўда, але на нас у Рыме глядзяць з прыдзiрствам.

- Наадварот. У Рыме нас лiчаць такiмi самымi вартаснымi вернiкамi, як i вернiкаў лацiнскага абраду; там ужо даўно роўнасьць у правох усiх абрадаў зьяўляецца бясспрэчным фактам.

На пацьверджаньне гэтага сказу пераказаў яму некалькi фактаў, аб якiх чуў у Львове.

- Калi сапраўды так маюцца справы, як вы кажаце, i калi так пойдзе далей, дык магчыма недалёкi той час, калi мы зможам падаць сабе рукi, - зрабiў высновак а. Жалезьняковiч.

Надыходзiў стараста, мы прыязна разьвiталiся, iдучы кожны ў свой бок. I вось якое паўгадзiны пасьля такое сустрэчы дождж мяне нiбы сiламоц загнаў у малiтаўны дом баптыстаў у Маласельцах. Дом стаяў пры дарозе, i як толькi я наблiзiўся да яго, лiнуў дождж. Дык убягаю я ў гэты дом, а там было яшчэ каля дзясятка баптыстаў i яны аб нечым ажыўлена гаварылi.

Прывiтаўся i кажу:

- Тут можна перачакаць, пакуль дождж пяройдзе?

- О, хiба толькi дождж вас сюды загонiць, - адказаў у форме згоды i папроку якiсьцi незнаёмы агiтатар.

- А чаго я сюды маю заходзiць?! Сягоньня ж нядзеля i ўсе вернiкi, калi толькi могуць, iдуць у цэрквi i касьцёлы, дзе правiцца Служба Божая. I я вось быў на багаслужэньнi ў Ярэмiчах.

- Гавары, гавары, ведаем мы, на якiя багаслужэньнi ходзiце, - казаў той жа агiтатар. Але яго як бачыш пераняў мяйсцовы баптыст, якi добра мяне ведаў зь Церабостынi.

- Ты так не гавары аб гэтым чалавеку.

Пачалася гутарка аб Службе Божай i апостальстве.

- У вас няма i ня можа быць анi сапраўднага апостальства, анi Службы Божай, бо вы самазванцы, - казаў я, - а ў справах Божых нiякiх самазванцаў быць ня можа. Хто прыслаў вас сюды? Такi саамы самазванец, як i ты сам. Хiба ж ведаеце, што ў лiсьце да Рымлянаў ап. Павал выразна кажа: "I як абвяшчаць, калi ня будуць пасланыя?" (Рым 10:15). А вашых верхаводаў хто паслаў? Напэўна ня Бог, хоць аб Богу гаворыце шмат, але зусiм ня лiчыцеся зь ягонай воляю, з тым парадкам, якi Ён устанавiў. Хрыстос да апосталаў найвыразьней у сьвеце казаў: "Ня вы мяне выбралi, а я выбраў вас" (Ян 15:16). I вось толькi гэтым выбраным апосталам Ён даў уладу i загад правiць Службу Божую на ўспамiн аб Тайнай Вячэры (Лк 22:19), i гэтым жа апосталам у канцы "перадаў усякую ўладу" i забавязаў, каб "iшлi навучаць усе народы" (Мц 28:18-19). А далей апосталы пасылалi iншых, перадаючы iм праз узлажэньне рук усю ўладу i абавязкi, якiя яны атрымалi ад Хрыста. I так будзе дзеецца да сканчэньня сьвету. Па гэтым i пазнаюць, цi хто прыходзiць з пропаведзьдзю ў iмя Хрыста, цi ў нейкiм iншым iменi.

Часу было даволi, бо дождж не спыняўся i мы маглi гаварыць, не сьпяшаючыся. Прыезны баптыст некалькi раз спробаваў пераскочыць на iншую тэму, але я адразу вяртаў яго да таго, аб чым мы гутарылi. У канцы ён, пачырванеўшы, мусiў сказаць:

- Я не магу гаварыць з такiм кнiжным чалавекам.

- Гэта нiякi адказ, - наставаў я. - Тут кнiжны чалавек нi пры чым. Праўда Божая для кожнага ясная, i для кнiжных, i для някнiжных. Хрыстос гаварыў да зусiм няграматных людзей i яны Яго разумелi. Я вам паказаў, што адносна гэтай праўды вы памыляецеся, i калi хочаце мець чыстае сумленьне, дык павiнны або даказаць мне, што я памыляюся, або прызнаць мне слушнасьць.

- У нас ёсьць такжа вучоныя i мы ў iх спытаемся: яны нябось разьбяруцца, што тут i да чаго.

Пасьля такога адказу гаварыць паважна далей не было сэнсу, але было дзiўна, што адзiн зь мяйсцовых баптыстаў пачаў яго дакараць, што перш перад iмi выстаўляў сябе як усязнайку, а тым часам нават у важных справах ня знае, што кажацца ў Сьвятым Пiсаньнi. Якраз дождж спынiўся, я разьвiтаўся з прынагаднымi субяседнiкамi i пайшоў дамоў.

Успамiнаючы аб гэтых спатканьнях, прынагадна заўважу, што яшчэ два разы давялося прыглядацца да маленьня баптыстаў у Церабостынi i замянiцца зь iмi некалькiмi словамi, ды кожны раз пераканацца, што гэта людзi зь нейкаю хвараблiваю псыхозаю. Яны па-сьля пому чапляюцца за некалькi сказаў Сьвятога Пiсаньня, тлумачаць iх на свой лад i не зьвяртаюць зусiм увагi на рэшту аб'яўленых праў даў, пiсаных у Сьвятым Пiсаньнi.

У Церабостынi здаралiся выпадкi, што хвараблiвая псыхоза да водзiла да духовага зьвiхненьня. Аднойчы двох баптыстаў, бацька i сын, скiдалi сена з возу на торп [141]. У пэўным мамэнце сын крычыць з торпу: "Бацька, на мяне зышоў Дух Сьвяты, глядзi, я буду лятаць!" I пакуль бацька ўсьпеў глянуць на сына ўверх, той ужо "ляцеў" стрымгалоў на ток. Сваё "лятаньне" адлежаў два тыднi ў ложку, пакуль раны загаiлiся, але пасьля гэтага стаўся яшчэ большым псыхапатам.

Словам, я пераканаўся, што асаблiва зь некаторых спатканьняў не было нiякай карысьцi, магчыма нават наадварот, бо сэктанты ста навiлiся яшчэ больш зацятымi, i таму я пастанавiў пакiнуць iх у супакоi. Аднак падчас маiх апошнiх акадэмiчных канiкулаў аднойчы ў нашай вёсцы загаварылi, што церабостынскiя баптысты на чале зь нейкiм прыежджым прапаведнiкам пайшлi малiцца ў Радунь - вёску, якая падобная да тысячы беларускiх вёсак, безь сьвятынi, безь сьвятара, якая адлеглая аж сем кiлямэтраў ад свае парахвiяльнае царквы ў Мiры.

Стала неяк цяжка на душы, што дзеля нядбайства сьвятароў шырыцца гэтае хвараблiвае зьявiшча. Вось жа выбiраюся ў Радунь - гэта ўсяго два кiлямэтры ад Трашчычаў.

Маленьне адбывалася ў прасторнай хаце аднаго баптыста. Людзей назьбiралася многа - ведама, цiкава паглядзець i паслухаць прыежджага прапаведнiка, якому, вiдаць, зрабiлi добрую падрыхтоўчую прапаганду. Згодна з заведзеным ужо звычаем баптыстаў спачатку сьпявалi, потым чыталi Сьвятое Пiсаньне, гаварылi нiбы казаньнi, а по тым пачалi малiцца, стаўшы на каленi, пры тым трасьлiся, крычалi неар тыкулёванымi галасамi - вiдовiшча было сапраўды несамавiтае. Потым зноў "прапаведвалi" - найбольш гаварыў прыежджы.

Пасьля таго маленьня я зьвярнуўся да прапаведнiка:

- Што гэта за такi вэрхал вы рабiлi, укленчыўшы?

- Гэта ня вэрхал, але шчырая малiтва, калi зышоў на нас Дух Сьвяты. Мы тады малiлiся рознымi мовамi.

- Дух Сьвяты даваў апосталам дар гаварыць рознымi мовамi, каб прапаведаваць да розных народаў, а што ў вас за такi дзiўны дар, што крычыце няма ведама што, а пропаведзь да беларусаў гаворыце па-расейску?

- Гэтых моваў мы не разумеем, каб гаварыць, а толькi каб Бога славiць.

- Як жа можна славiць Бога, не разумеючы таго, што гаворыш? Як жа тады можна ведаць, цi вы Бога славiце, цi зьневажаеце.

- Гэта нам сам Дух Сьвяты кажа.

- Добра, калi вам сапраўды Дух Сьвяты кажа, дык аб гэтым лёгка можна пераканацца.

I тут мне прыдалiся некаторыя гэбрэйскiя i грэцкiя цытаты зь Сьвятога Пiсаньня. Сказаў я iх павольна i выразна ды пытаюся:

- Вось вы казалi, што маеце дар моваў ад Сьвятога Духа. Дык цi зразумеў хто-колечы з вас хоць адно слова з таго, што я гаварыў?

Глядзельнiкi каля дзьвярэй i каля вакон пачалi нешта перашэптвацца, а прапаведнiк са злосьцю крычаў:

- Што тут выхваляецеся сваёю грэцкаю моваю, мы Бога славiм, а вы i вашыя сьвяшчэньнiкi адурманьваюць людзей.

- Пачакай, пачакай, - кажу спакойна, - мы зараз убачым, хто адурманьвае людзей. Тое, што я казаў, было зусiм не для хвальбы, але на тое, каб перад усiмi гэтымi сьведкамi i перад Богам выявiць, што гэта вы дурманiце людзей i як той злодзей, што, украўшы нешта, бяжыць i крычыць "Трымайце злодзея", так i вы крычыце на сьвятароў. Вось жа ўсе цяпер убачылi, што ваш дзiкi крык, якi вы называеце дарам Сьвятога Духа, ня мае нiчога супольнага з Духам Сьвятым. Дык прычым тут вашыя нападкi на сьвятароў?

- Як-то пры чым! - было вiдаць, што прапаведнiк стараўся ўсiмi сiламi пераскочыць на iншую тэму, дык ухапiўся за сьвяшчэньнiкаў. - А вось пры тым, што яны ня пастыры, бо толькi абдзiраюць людзей, толькi дбаюць аб сваiм дабрабыце…

- Ну добра, калi вы нiчога мне не адказваеце адносна дару моваў, дык значыць вы годзiцеся з тым, што гэтым крыкам вы толькi чмуцiлi людзей. А цяпер адносна сьвятароў. За тое, што яны абдзiраюць людзей, будуць адказваць перад Богам, i за гэта iх нiхто не апраўдвае, але дрэннаму яны ня вучаць - гэта адно, а другое, гэта тое, што мiж iмi ёсьць нямала i добрых душпастыраў, дык чаму вы iх мяшаеце з балотам?

- А як iх не мяшаць, - азвалася адна кабета з-за таўпы, - калi во Мiрскi бацюшка нават ад споведзi праганяе, калi не дасi 50 грошаў.

- Гэта вельмi нядобра. Каталiцкае духавенства за споведзь не бярэ нiчога i так павiнны рабiць праваслаўныя, некаторыя так i робяць. Калi ўжо прыйшла на гэта гутарка, дык абяцаю вам, што пагавару зь мiрскiм бацюшкам, каб ён спавядаў бяз грошаў. Думаю, што гэта будзе больш карысна, чым за вочы перамываць ягоныя косьцi.

У гэтым мамэнце сталася нешта, чаго нiхто ня мог спадзявацца. Адна дзяўчына-баптыстка ўстае з Эвангельлем у руках i кажа:

- Тут нападаюць на духавенства, хоць мы нiколi ня чулi, кааб яны навучалi чагосьцi дрэннага. Гэта не па-хрысьцiянску, бо Хрыстос казаў да сьвяшчэньнiкаў адносiцца iначай. Вось у Эвангельлi Матэя ў главе 23, сьцiх 3 кажацца: "На Майсеевым пасадзе заселi кнiжнiкi i фарызэi. Дык усё, што кажуць вам дзяржацца, дзяржыцеся i рабеце, але не рабеце паводле ўчынкаў iх, бо яны кажуць i ня робяць". Вось як кажа нам Хрыстос!

- Чуеце, якi прыгожы адказ на ўсе закiды. - Кажу я глыбока ўзрушаны, бо бачу, што прыйшоў сюды не дарма.

Прапаведнiк, абураны гэтым выпадкам, пачынае нападаць на моладзь за тое, што мала пабожная. На гэткiя закiды лёгка было адказаць.

- Вашыя дакоры цяпер накiраваны супраць вас. Як жа можаце дакараць калеку за тое, што ён без свае вiны стаўся калекаю. А з вашых папярэднiх закiдаў супраць духавенства якраз i выходзiць, што моладзь сталася ахвяраю дрэннага духавенства. Але ў вашым закiдзе ёсьць няпраўдаю тое, што моладзь зусiм непабожная. Во, глядзiце, колькi моладзi стаiць каля вакон i ў хаце, ды зь якою цiкавасьцю яны слухаюць гутаркi на рэлiгiйныя тэмы. Яны хочуць пачуць нешта добрае, а вы iм атруту несяце.

Моладзь была вiдавочна задаволена, некаторыя пачалi кiдаць рэплiкi пад адрасам прапаведнiка, але ў далейшым гутарка пачала пераскакваць з тэмы на тэму. У канцы прапаведнiк закрануў пытаньне хрышчэньня дзяцей:

- У Эвангельлi выразна кажацца: "Хто паверыць i ахрысьцiцца, будзе спасёны; а хто не паверыць, будзе асуджаны" (Мк 16:16). Значыць, хрысьцяцца толькi тыя, хто перш паверыць, а праваслаўныя i католiкi хрысьцяць дзяцей, якiя ня маюць веры. Што ж такi хрост значыць? Нiчога!

Сказаўшы гэта, прапаведнiк раптам пайшоў у сенi, вось жа я зьвярнуўся да ўсiх, што сядзелi за сталом:

- Такi хрост значыць шмат, толькi вось бяда, што не разумееце Сьвятога Пiсаньня. Вось тут жа ў гэтым сказе Сьвятога Пiсаньня ясна як сонца кажацца, што для спасеньня патрэбныя i вера i хрышчэньне. Значыць, калi нехта будзе неахрышчаны, дык ня можа быць спасёны, таксама як i той, хто ахрышчаны страцiць веру. А на iншым мейсцы ў Эвангельлi Iвана (3:5) кажацца яшчэ выразьней: "сапраўды, сапраўды кажу табе: калi хто не народзiцца з вады i Духа, ня можа ўвайсьцi ў Божае Валадарства". Гэтыя словы Хрыста адносяцца да ўсiх людзей без вынятку: i да старых, i да дзяцей.

- Аб дзецях тут нiчога не гаворыцца, - загаварыў церабостынскi старшы, - але затое ў першым тэксьце выразна кажацца, што перш трэба паверыць, а дзецi розуму ня маюць, дык ня могуць верыць i таму iх нельга хрысьцiць.

Весьцi багаслоўскi дыспут з такiмi людзьмi не было нiякага сэнсу, i мне прыйшла думка выкарыстаць фiлязофiю, каб выявiць iхнюю злую волю.

- Вы так аб дзецях адзываецеся, як бы яны не былi людзьмi. Цьвердзiце, што ня маюць розуму, дык скажыце мне, адкуль яны розум бяруць?

- Ну, ведаеце… вось як пачынаюць падрастаць, дык тады прыходзiць розум, - казаў абы-што старшы.

- Адкуль жа ён да iх прыходзiць? - наставаў я.

- Ну, як пачынае падрастаць…

- Чакайце, - перарваў я яго гутарку.- Вы мне адкажэце на пытаньне: вось радзiлася нармальнае здаровае дзiця; мае яно розум, цi не?

- Дзiця, ведама, як дзiця… Яно вось як пачне падрастаць…

- Пачакайце з падрастаньнем i адкажэце коратка: мае розум, цi не?

- Чаго вы хочаце ад малога дзiцяцi, яно як пачне падрастаць…

- Я нiчога не хачу ад малога дзiцяцi, але ад вас хачу яснага адказу на маё пытаньне. Калi ж вы ня хочаце на яго адказваць, дык пачакайце, я вам дам пытаньне, на якое вы павiнны адказаць: нармальнае нованароджанае дзiця мае здаровыя ногi цi не?

- Пэўна, што здаровыя, - адказаў нясьмела старшы.

- Дык чаму ж яно ня ходзiць?

- Бо яшчэ ногi ня моцныя.

- Вось сачыце, - кажу я, - такжа i розум яно мае, бо яму Бог даў разумную i несьмяротную душу, але не карыстаецца розумам, пакуль мазгi адпаведна не ўмацуюцца.

- Але гэтага няма ў Сьвятым Пiсаньнi, - падхапiўся старшы.

- Вось дык сказаў, - заўважыў я пад агульны выбух сьмеху.

Старшы пачырванеў i змоўк, а я зьвярнуўся да жанчын i, паказваючы на тых, што сядзелi за сталом, казаў:

- Бачыце, якiя людзi да вас прыходзяць; яны гавораць шмат аб Богу, а тым часам маюць на душы д'ябальскую справу - хочуць загубiць душы вашых дзяцей.

Гаварыў я зь юнацкiм жарам i бачыў, што словы знаходзiлi жывы водзыў у душах слухачоў. Але раптам убег зь сяней прыежджы прапаведнiк, стаў перада мною i крычыць:

- Не гавары да iх!

I, павярнуўшыся да жанчын:

- А вы ня слухайце яго, ён вас хоча зьвесьцi фiлязофiяю!

Жанчыны загаманiлi:

- Чаго ты крычыш, ён нябось добра гаворыць.

Баптыстам больш не было чаго там рабiць. Больш зборкаў у Радунi яны ня ладзiлi i, чуваць было, iхнiя нешматлiкiя прыхiльнiкi ў гэтай вёсцы ад iх адышлi.

* * *

У наступную нядзелю я быў на Службе Божай у Мiры. Пасьля багаслужэньня зайшоў да кс. дзекана Антона Мацкевiча [142]. Заходзiў я да яго няраз i заўсёды ён сустракаў мяне вельмi прыхiльна i гасьцiнна, так што я часам меркаваў заходзiць да яго ў такi час, каб ня трапiць на абед, але ўсё роўна без гасьцiны не абыходзiлася.

I гэтым разам дзекан адразу запрасiў мяне на абед, зазначыўшы, што ў яго сёньня не абы-якое сьвята, бо на абедзе будуць чатыры законьнiцы, якiя нядаўна прыехалi ў Мiр. Пазнаёмiў ён мяне зь iмi неяк урачыста, кажучы з прыцiскам:

- Яго чакае вялiкая праца, дык малецеся ў ягоным намераньнi.

Законьнiцы ахвотна абяцаюць выканаць гэтую просьбу, з жаночаю цiкавасьцю выпытваючы ў кс. дзекана мае пэрсаналii.

Па абедзе я адразу пайшоў да праваслаўнага Мiрскага сьвятара, айца пратаiярэя Уладзiмера, каб выканаць маю абяцанку, якую даў у Радунi. Калi я яму прадставiўся, дык адразу мусiў выслухаць усякiя дакоры пад адрасам Рыму i Вунii, але калi пабачыў, што гэтыя дакоры могуць працягвацца доўга, перапынiў яго:

- Ойча Ўладзiмер, пакiнем гiсторыю Царквы ў супакоi, бо я яе ведаю даволi добра i да вас прыйшоў у iншай справе.

Расказаў яму тое, што здарылася ў мiнулую нядзелю ў Радунi i дадаў:

- Ня ведаю, цi я зрабiў добра, цi не, але каб спынiць нараканьнi вашых прыхажан супраць вас, я абяцаў iм, што на маю просьбу вы iх будзеце спавядаць бясплатна.

- А, гэтыя баптысты, гэта шалёныя людзi, - а. Уладзiмер цяпер пачаў наракаць на сэктантаў.

- Можа, не зусiм шалёныя, - кажу яму, - але псыхiчна хворыя. Толькi ж нараканьнем iх ня вылечыш. Прынамсi ня трэба гэтае хваробы павялiчваць, даючы падставу да нападаў. Таму я i абяцаў радунцам пагутарыць з вамi. Выбачце, што я, малакасос, пхаю нос не ў свае справы, але ўжо так здарылася…

- Гэта нiчога, толькi ня знаю, як выканаць вашую просьбу, бо ж я благачынны [143], калi пачну спавядаць задарма i даведаюцца аб гэтым iншыя, дык могуць данесьцi япiскапу, але неяк гэта зробiцца. Я ўжо гэтых радунцаў ведаю. Толькi вось мне дзiўна, што вы так чыста гаворыце па-беларуску, - а. Уладзiмер раптам перайшоў на iншую тэму.

- Чаму дзiўна! Гэта зусiм нармальна, - адказваю. - I было б таксама нармальна, каб вы гаварылi па-беларуску.

- Ну, што гэта за мова?!

- Як то што?! Гэта родная мова вашых парафiян.

Падчас нашае размовы дзьверы ў суседнi пакой былi адчынены, i я бачыў на падлозе цень чалавека, якi сядзеў амаль нерухома на крэсьле. Мы гаварылi каля двох гадзiнаў, айцец пратаiярэй то выбухаў, то супакойваўся. Закончылася нашая гутарка больш прыязна, чым можна было спадзявацца. Айцец Уладзiмер прызнаўся, што ён пачувае сябе "тоже белоруссом", але ўзгадаваны ў расейскiх школах i цяпер ужо ў пажылых гадох ня можа зьмянiць сябе.

Калi я выйшаў з прэзьбiтэрыi, на дворышчы ўбачыў iншага сьвятара. Гэта ён слухаў нашую гутарку ў суседнiм пакоi. Малады яшчэ, з iнтэлiгентным спакойным аблiччам, ён першы падышоў да мяне i падаў руку, кажучы:

- Будзем знаёмы, айцец Анатоль, зяць а. Уладзiмера.

Гаварыў ён прыгожаю беларускаю лiтаратурнаю моваю. Вiдаць, быў моцна ўзрушаны. Колькi жыць буду, не забудуся ягоных слоў:

- Зачым вы нэрвы псуеце з гэтым старым? Ён жыве яшчэ царскiм духам i прасякнуты iм да шпiку косьцяў… Бачыце, што ён адразу пачынае з старое гiсторыi i длубаецца толькi ў тым балоце, якое натварылi нашыя суседзi. Мы, беларусы, не павiнны браць на сябе адказнасьцi за тое лiха, якое выраблялi на нашай бацькаўшчыне нашыя заграбушчыя суседзi. А нам, сьвятаром, патрэбна не сварка, а шчырая ўзаемная братняя любоў i тады мы з сабою хутка дагаворымся, як зьлiквiдаваць рэлiгiйны падзел…

- Шчырую праўду кажаце, ойча; дзякую вам за гэтыя прыгожыя словы. Даў бы Бог, каб яны хутка збылiся - гаварыў я, апа ноўваючы жаданьне пацалаваць ягоную руку.

- Некалi напэўна збудуцца!

На разьвiтаньне ён запрасiў мяне пры нагодзе адведаць яго ў парахвii Вольная [144]. Мне было радасна, што сярод праваслаўнага духавенства зьявiлiся такiя высока iдэйныя людзi. Праўдападобна, пад яго ўплывам а. Уладзiмер выканаў маю просьбу i радунцы маглi спавядацца бясплатна, толькi ня ведаю, як доўга.

* * *

Важным заняцьцем падчас летнiх канiкулаў была для мяне праца ў каапэрацыi. У нашай вёсцы заснавалася каапэрацыя (калi мяне памяць ня мылiць) у 1933 г. Заснавальнiкамi былi iнж. Мiкола Гарошка [145] i мой бацька.

Iнж. Гарошка (мой дваюрадны брат), вярнуўшыся з Прагi, падзяляў долю большасьцi ягоных сяброў, якiя, як i ён, вярнулiся на бацькаўшчыну, але дарма шукалi працы ў польскiх установах. Пачын каапэратыўнага руху ў нашай ваколiцы быў вельмi на часе i на мейсцы. Праз колькi месяцаў пасьля заснаваньня каапэратывы "Засеўкi" ў Трашчычах ужо былi створаны фiлiяльныя крамы ў суседнiх вёсках Церабостынi, Кожаве [146] i Пясочнай [147]. У наступным годзе была створана каапэратыва ў Скорычах [148], а фiлiя Кожава аформiлася ў самастой ную каапэратыву ды адчынiла фiлiяльную краму ў Крышылоўшчыне [149]. У нашай каапэратыве заснавалася такжа малачарня.

Ня маючы беларускага каапэратыўнага саюзу, новапаўсталыя каапэратывы мусiлi належаць да польскага каапэратыўнага саюзу "Сполэм" [150], аднак у сваёй нутранай дзейнасьцi захоўвалi свой беларускi характар, i дзеля гэтага польская адмiнiстрацыя глядзела на каапэратыўны рух вельмi крывым вокам. Каб спынiць гэты рух, палiцыя спачатку дакучала рознымi фармальнымi прыдзiрствамi. Але хутка каапэратыўныя дзеячы i нават звычайныя крамнiкi ведалi ўжо добра праўныя прыпiсы адносна каапэрацыi i прыдзiрствы мусiлi спынiцца, але ў гэтым часе павятовае староства ў Стаўпцах запрапанавала часовую працу iнж. Гарошку пры будове мосту, каб праз гэта пазбавiць каапэратыўны рух наймацнейшае пружыны i каб адначасна мець яго пад сваiм пiльным надзорам. Калi ён перш сам дарма шукаў усюды працы, дык цяпер да яго зьвярталiся з прапазыкаю. Хоць прапанавалася толькi часовая праца, адмовiцца ад яе было нельга [151].

Выяжджаючы ў Стаўпцы, iнж. Гарошка насьпех даручыў весьцi каапэратыўную бухгальтэрыю аднаму гаспадару, якi калiсь два гады вучыўся ў Ярэмiцкай сямiгодцы. На шчасьце, гэтая зьмена адбылася ўсяго некалькi тыдняў перад летнiмi канiкуламi. Калi я прыехаў дамоў на лета, дык адразу трэба было брацца за каапэратыўныя справы, i тут мне вельмi ж прыдалiся веды зь вячэрнiх курсаў у Акадэмii.

Дзеля зусiм iншых прычынаў намагалiся развалiць каапэратывы ў ваколiцы мiрскiя гандляры. Нават былi пагалоскi, што на гэтую мэту атрымалi ад сваiх суродзiчаў-жыдоў у Амэрыцы нейкiя фонды. Спраўдзiць верагоднасьць гэтае весткi не было нiякай магчымасьцi, але затое былi вельмi частыя факты, што сялянам з тых вёсак, дзе былi каапэратывы, мiрскiя жыды прадавалi тавары нiжэй сабекошту, калi пры гэтым у крамах не было сьведкаў, i пры гэтым агiтавалi супраць каапэратываў. Але гэтыя факты ў часе справаздачнага сходу сталiся добрымi аргумэнтамi для выясьненьня iдэi каапэрацыi i для ўсьведамленьня сяброў каапэратывы.

Словам, каапэратыўны рух шчасьлiва перамагаў i абыходзiў перашкоды, i думка аб утварэньнi Беларускага Каапэратыўнага Саюзу станавiлася ўсё больш актуальнаю. Тады польская адмiнiстрацыя парабiла мерапрыемствы, каб перашкодзiць гэтае ўтварэньне. Такi саюз ужо iснаваў пасьля Першае сусьветнае вайны ў Вiльнi, але быў зьлiквiдаваны польскаю ўладаю ў 1923 г. [152]. Ягоны старшыня Гэрмановiч [153] потым знайшоў сабе працу ў адмiнiстрацыi польскае каапэратыўнае супалкi "Сполэм" i якраз у гэтым часе, аб якiм iдзе гутарка, быў старшынёю павятовага саюзу "Сполэм" у Баранавiчах. Там жа двох беларускiх каапэратыўных дзеячоў былi рэвiзорамi, адзiн працаваў у бюры, там жа знайшлi працу, прыехаўшы з Прагi, iнжынэры Пятро Орса [154] i Гутоўскi [155]; у каапэратыўных крамах у Баранавiчах такжа працавала пару беларусаў. Прытым беларускiя каапэратывы, зьвязаныя з Баранавiцкiм цэнтрам, пакрыху ўсьцяж збольшвалiся [156]. Вось жа выглядала так, што з часам было б магчыма безь вялiкiх пэрсанальных зьменаў баранавiцкi "Сполэм" ператварыць у незалежную Цэнтралю Беларускiх Каапэратываў. I вось старога беларускага каапэратыўнага дзеяча Гэрмановiча перанесена з Баранавiч у Познань.

Прышлося беларускiм каапэратывам аставацца пры польскiм каапэратыўным саюзе "Сполэм", аднак паколькi кантралёрамi былi ў Баранавiчах беларусы, дык было магчыма прадаўжаць у каапэратывах беларускую грамадзкую працу.

У вясковых каапэратывах былi дзьве платныя асобы: крамнiк i бухгальтар, дзеля гэтага, вядучы бухгальтэрыю за час летнiх канiкул, я мог сабе крыху зарабiць i ў дадатку падрыхтаваў двох юнакоў на бухгальтараў. А калi ў краме вечарам зьбiралася многа людзей, дык меў добрую нагоду прачытаць услух для ўсiх беларускiя газэты i часапiсы. Наагул было прыемна сьцьвердзiць, што каапэрацыя мела паважны дабрадзейны ўплыў на гаспадарчае i нацыянальнае беларускае жыцьцё.

Разьвiтаньне з Акадэмiяю

Апошнi курс у Акадэмii (1935-1936 гг.) прыйшоў для мяне неяк аж лiшне шэра i нават сумна. Большасьць студэнтаў рыхтавалася на жанатых сьвятароў, толькi невялiчкi гурток, да якога належаў i я, былi кандыдатамi на бязжэнных сьвятароў, аднак практычна я астаўся адзiн, бо быў яшчэ неiнкардынованы. Мае бязжэнныя сябры за некалькi тыдняў да канца акадэмiчнага году ўжо атрымалi сьвятарскiя сьвячаньнi, а тыя, што мелi жанiцца, вялi ажыўленую карэспандэнцыю з сваiмi нарачонымi i няўпрыцям для сябе тварылi гурткi "швагроў" i розных iншых спародненьняў. Мне ж трэба было прызвычайвацца да адзiноцтва.

Леў Гарошка. 1930-я гг.

Неяк прынагодна ў 1935 г. адведаў Акадэмiю а. Iван Туронак, адзiны беларус, якi вучыўся там да майго прыезду. Зразумела, што мяне цi кавiла, чаму ён не вярнуўся на бацькаўшчыну.

- Пакуль там будуць кiраваць вунiйным рухам польскiя бiскупы i вы рабляць з гэтага руху нямаведама што, я на бацькаўшчыну не паеду, - паясьнiў ён.

- Але ж i ў Галiцыi няма сэнсу заставацца, - адказваю яму, - тут жа ёсьць шмат больш кандыдатаў на сьвятароў, чым iх патрабуюць.

- Так то яно так, - адказаў а. Iван, - але я ўжо так пастанавiў i буду чакаць, пакуль зьменiцца палажэньне.

Мяне зусiм ня вабiла йсьцi ягоным сьледам, дык трэба было думаць, што рабiць па сканчэньнi Акадэмii.

Рыхтуючыся да апошнiх экзамiнаў, думаць аб чым iншым не было часу, але тыдзень перад Сёмухаю 1936 г. быў зданы апошнi экзамiн, i цяпер трэба было меркаваць, што рабiць далей. Сябрыаднакурсьнiкi разьяжджалiся: адны ўжо на душпастырскую працу, другiя - да сваiх нарачоных, а я пiсаў просьбу да мiтрапалiта Андрэя Шэптыцкага, каб атрымаць стыпэндыю для прадаўжэньня студыяў. Мне хацелася зрабiць дактарат з багасловii ў Iнсбруку [157] i потым "прабiвацца" на Беларусь.

Гэтую заяву я асабiста даручыў Мiтрапалiту. Мiтрапалiт прыняў мяне, як звычайна, вельмi прыветна, прачытаў заяву, пагутарыў аб маiх намерах, аб вестках зь беларускага жыцьця, а ў канцы сказаў, што адказ на заяву дасьць толькi празь якiх дзён дзесяць, бо яна мусiць прайсьцi праз капiтулярную раду. Трэба было чакаць. I чакаў я адзiнадзiнокi ў аграмадным сэмiнарыйным будынку.

Каб не бязьдзейнiчаць, я хадзiў у бiблiятэкi i дапаўняў сваю працу, якую пiсаў на гiстарычным сэмiнары на тэму: "Гiсторыя Полацкае епархii ў гадох 1772-1795". Гэта была свайго роду дысэртацыя, i праф. д-р Чубатый [158] ацанiў яе як вызначаючую з заўвагаю: "Праца абаснаваная на шматлiкiх крынiцах, мае паважную навуковую вартасьць" (на вялiкi жаль, яна загiнула ў часе вайны, разам з усiм сабраным матэрыялам).

Роўна празь дзесяць дзён ад часу вiзыты ў Мiтрапалiта айцец рэктар Сьлiпый сказаў мне, каб я iшоў зноў у мiтрапалiчую палату ў справе мае просьбы. I гэтым разам прыняў мяне сам мiтрапалiт Шэптыцкi. Стыпэндыю мне прызналi, але з такiм выбарам: калi паеду ў Iнсбрук, дык атрымаю стыпэндыю толькi на адзiн год, а калi ў Люблiн - дык ажно на чатыры гады. Зрабiць дактарат у Iнсбруку за адзiн год я нiяк ня мог, бо да гэтага неабходна яшчэ было выслухаць два сэмэстры выкладаў на тамтэйшым унiвэрсытэце з багасловii. Але адносна Люблiнскага Вольнага Ўнiвэрсытэту я быў чамусьцi перакананы, што ён мне ня дасьць нiчога больш, як я здабыў у Акадэмii. Сам жа толькi доктарскi дэкаратыўны тытул уласьцiва мяне ня вабiў. Таму я выбраў Iнсбрук, хоць i на адзiн год. Зрэштаю, у глыбiнi душы тлiлася дробная iскра надзеi, што яшчэ можа ўдасца неяк вытаргаваць стыпэндыю на наступныя гады.

Прыехаўшы дамоў, я адразу парабiў усе патрэбныя захады для атрыманьня пашпарту ў Стаўпецкiм павятовым старостве.

Магчыма, што ўсе гэтыя захады кончылiся б нiчым, бо за мною, як i за большасьцю абсальвэнтаў Беларускае Гiмназii, быў заўсёдны нагляд палiцыi, нягледзячы на мае багаслоўскiя студыi, але, на шчасьце, год перад тым зьмянiўся камэндант гмiннае палiцыi ў Вялiкiх Жухавiчах, а новы камэндант, калi атрымаў з Стаўпцоў загад выдаць аба мне апiнiю, дык спытаўся пра мяне вясковага старасту, завiтаў нават да маiх бацькоў i выдаў аба мне добрую апiнiю.

Загранiца, загранiца…

Падчас маiх апошнiх летнiх канiкулаў трэба было шмат працаваць у каапэратыве, выясьняць некаторыя заблытаныя справы крамнiка i як штогод памагаць бацьком пры гарачай летняй працы ў гаспадарцы. У верасьнi з дня на дзень я чакаў паведамленьня з Стаўпцоў у справе пашпарту, але нiякага паведамленьня не прыходзiла. Нарэшце на пачатку кастрычнiка я ня вытрымаў i паехаў у Стаўпцы. Там у старостве зьдзiвiлiся, што я не атрымаў iхняга лiста, якi яны мне выслалi ў палове верасьня. Хто, дзе i чаму затрымаў урадовы лiст да мяне, я нiколi ня змог даведацца, ды разьведваць аб гэтым не было калi. Важным было для мяне тое, што назаўтра я мог атрымаць пашпарт.

Зборы ў дарогу былi невялiкiя, але не абышлiся безь неспадзяванак. Напярэдаднi майго выезду да нас у хату прыйшоў камэндант Вялiка-Жухавiцкага пастарунку. Як толькi ён увайшоў у хату, я з трывогаю глядзеў на яго, чакаючы нейкае нядобрае весткi. На шчасьце, ён прыязна ўсьмiхаўся i запэўняў, што прыйшоў умысна, каб пажадаць мне шчасьлiвага падарожжа, бо, маўляў: "з усяго Стаўпецкага павету сёлета выяжджае на студыi загранiцу толькi адзiн чалавек, i гэты чалавек знаходзiцца на абшары ягонае камэндатуры". Падзякавалi мы яму за прывет, пачаставалi, i ён задаволены пайшоў да сябе. Я i бацькi былi такжа задаволеныя, бо цяпер ужо можна было быць пэўным, што з боку адмiнiстратыўных уладаў ня будзе нiякiх перашкодаў.

Здаецца, што 9 кастрычнiка я ўжо ехаў у Львоў, каб там атрымаць стыпэндыяльную дапамогу, узяць некаторыя даведкi з Акадэмii i атрымаць аўстрыйскую ўездную i чэхаславацкую транзытную вiзы. Усе гэтыя справы занялi тры днi, i 13 кастрычнiка папалуднi першы раз у маiм жыцьцi я сеў у мiжнародны вагон.

Зь вялiкаю цiкавасьцю я чакаў пераезду праз гранiцу. Але мусiў расчаравацца, бо польска-чэхаславацкую гранiцу пераяжджалi каля поўначы, i было так цёмна, што нельга было нiчога ўбачыць. Так жа i чэхаславацка-аўстрыйскую гранiцу пераяжджалi на шэрай зары. Затое даязджаючы да Зальцбургу, можна было любавацца горамi; на вяршынях ужо ляжаў сьнег. Пераяжджаючы празь Вену, вельмi хацелася затрымацца хоць на дзень i аглянуць прынамсi некаторыя помнiкi, але я ўжо i так ехаў з апазьненьнем на 2 тыднi, дык трэба было адлажыць гэты намер на потым.

Прыехаў я ў Iнсбрук папалуднi, i хоць нямецкую мову ведаў вельмi слаба, але безь нiякiх клопатаў, дзякуючы ведамай ветлiвасьцi iнсбрукскiх насiльшчыкаў, знайшоў мiжнародную калегiю Канiзiянум [159], дзе я меў жыць. Тырольцы наагул ведамыя з свае абыходлiвасьцi з чужынцамi - гэта адразу прыемна кiдалася ў вочы.

Вялiкаю пацехаю было для мяне тое, што ў Канiзiянум было двох маiх сяброў з старэйшых курсаў львоўскае Акадэмii: а. Уладзiмер Стэцюк i а. Мiхайла Сапуляк [160]. Яны ўжо рыхтавалiся ад апошняга дакторскага экзамiну з тэалёгii - вось жа былi старажыламi. Прычым першы зь iх лiчыўся адным зь лепшых дагматыстаў, а другi - справаводам адносна ўсiх дапаможнiкаў для студэнтаў.

Двухтыднёвае спазьненьне мне адразу далося ў знакi: кароткi курс сiрыйскае мовы трэба было адразу даганяць усёю параю, бо праз паўтара месяца меў быць зь яе экзамiн. Але гэта можна было дагнаць без асаблiвых цяжкасьцяў. Затое вялiкая прыкрасьць спаткала мяне дзеля нястачы экзамiну з лацiнскае мовы. У львоўскай Ака дэмii я здаў экзамiн толькi з грэцкае мовы, бо да гэтага быў створаны лектарат, а лацiнскую мову вывучаў сам i апанаваў яе даволi, каб добра разумець выклады й адказваць на экзамiнах - гэтым айцец рэктар здавалiўся. Цяпер жа дэкан багаслоўскага факультэту а. праф. Мiцка [161] адмаўляўся ўпiсваць мяне як звычайнага студэнта, пакуль ня здам экзамiну з лацiнскае мовы паводле праграмы гуманiстычнае гiмназii. Аднак тымчасам упiсаў як надзвычайнага студэнта з правам слухаць усе патрэбныя мне выклады i здаваць зь iх экзамiны, якiя будуць залiчаны як i звычайным студэнтам. Добра яшчэ, што i так. Толькi зноў, як калiсь у Львове, прыйшлося займацца мовамi - нямецкую мову трэба было такжа вучыць не па-гiмназiйнаму. Але маючы стыпэндыю толькi на адзiн год, неабходна яе было выкарыстаць найбольш мэтазгодна, таму я запiсаўся на ўсе выклады, якiя былi прызначаны для 11-га i 12-га сэмэстраў тэалягiчнага факультэту.

Выклады ўсiх тэалягiчных прадметаў адбывалiся ў будынку старога ўнiвэрсытэту - гэта ўсяго 10 мiнут ходу ад Канiзiянум. Найбольшае мейсца ў выкладах тэалягiчнага факультэту займала дагматыка - аж 13 гадзiн тыднёва - чыталi iх двох прафэсароў трохгадовымi цыклямi. У 1936/37 годзе выкладалi: а. праф. Мiцка аб Трыадзiным Богу, а. праф. Лякнэр [162] аб Богу Сатварыцелю i Адкупiцелю. I тут мяне спаткала прыкрая неспадзеванка. Выклады а. Лякнэра слухалiся зь цiкавасьцю, а выкладаў а. Мiцкi я не разумеў. "Што за прычына?" - пытаўся я сам сябе i ня мог знайсьцi нiякага адказу, а ў сяброў пытацца было брыдка, бо ж я меў добра зданы экзамiн з гэтага прадмету ў Львоўскай Акадэмii. Iншыя выклады i ў лацiнскай, i нямецкай мовах я слухаў нават зь пяром у руках ужо ад першых дзён.

Так прайшло з паўмесяца. Нарэшце я ня вытрымаў i выказаў маю цяжкасьць майму найблiжэйшаму сябру а. Уладзiмеру Стэцюку. Ён шчыра сьмяяўся з гэтага клопату, але даў добрую раду, зь якое сам калiсь мусiў карыстаць, атрымаўшы яе ад старэйшых сяброў:

- Усе, хто прыяжджае сюды зь Львова i з шмат якiх iншых сэмiнарыяў, маюць тут такую цяжкасьць, так што ня маеш чаго саромецца, - казаў ён. - Бо тут неабходна мець не двухгадовую, а чатырохгадовую фiлязафiчную падрыхтоўку. Таму, браце, да сваiх дадатковых заняткаў з мовамi дакiнь яшчэ крыху фiлязофii - i ўсе цяжкасьцi зьнiкнуць.

Сапраўды, рада была вельмi добрая. Празь некалькi тыдняў дадатковае напружанае працы я ўжо свабодна рабiў зацемкi з выкладаў а. Мiцкi.

Зразумела, што для студэнта найважнейшаю справаю ёсьць навука - выклады прафэсароў, але ня толькi самыя выклады ўзбагачваюць веды студэнтаў. З гэтага гледзiшча студэнты багасловы ў Iнсбруку мелi асаблiва спрыяючыя ўмовы ўзбагацiць па-за выкладамi i свае веды, i духовае жыцьцё. Тут спатыкалiся студэнты даслоўна з усiх канцоў сьвету, i пры тым унутраны распарадак жыцьця ў Канiзiянум быў такi, што сустрэчы з студэнтамi iншых краёў адбывалiся немiнуча. Штодзённа па абедзе абавязвала ўсiх паў гадзiнная рэкрэацыя ў агародзе, i праводзiць яе трэба было з тым, з кiм сустрэнешся ў выхадных дзьвярах. Толькi ў канцы рэкрэацыi кожны iшоў у свой "ляндсманшафт" [163].

Большыя нацыянальныя групы: аўстрыйцы, немцы, амэрыканцы, мадзяры, швайцары - мелi свае нацыянальныя ляндсманшафты, а меншыя групы або далучалiся да тых большых, або тварылi мешаныя групы на аснове якогась далейшага спародненьня; такiмi былi славянскi i манашы ляндсманшафты. Толькi палякi, хоць iх было ўсяго 5 чалавек, мелi свой асобны ляндсманшафт, выклiкаючы ў сяброў вострыя насьмешкi.

Вырашаючым дзейнiкам пры ўтварэньнi ляндсманшафтаў было сужыцьцё студэнтаў, дзеля гэтага i створаны быў асобны польскi ляндсманшафт, а нямецкi падзелены на два: паўночнанямецкi i паўднёванямецкi, а паасобныя студэнты - швэды, iтальянцы, французы, японцы i iнш. - далучалiся паводле iх выбару да аднаго зь нямецкiх ляндсманшафтаў.

Акрамя штодзённых рэкрэацыяў, штотыдня ўсе студэнты хадзiлi на прагулку i пры тым заўсёды зь iншым сябрам з далейшых краёў. Усе гэтыя сустрэчы зь людзьмi розных звычаяў i абычаяў былi цiкавейшымi за найцiкавейшыя геаграфiчныя падручнiкi. Падчас гэтых сустрэчаў людзi ня толькi сябе ўзаемна пазнавалi блiжэй, але часта i запрыязьнялiся. Я з прыкрасьцю мусiў сьцьвердзiць сумны факт, што аб Беларусi мала ведаюць студэнты нават славянскiх краёў, а студэнты з далейшых краiнаў ня ведаюць зусiм нiчога. Таму кожная новая сустрэча была амаль немiнуча спалучана з выясьненьнем, дзе знаходзiцца Беларусь i чаму беларусы i ўкраiнцы, хоць маюць польскiя пашпарты, не належаць да польскага ляндсманшафту, а да агульнаславянскага.

Ваколiцы Iнсбруку - прыгожы куток Тыролю - захаплялi шмат каго сваiмi горскiмi краявiдамi. Мiж тымi "захопленымi" быў i я. Няраз я шкадаваў, што ня маю часу падзiўляць тую чароўную горскую красу. Усяго аднойчы я зь невялiкаю групаю хадзiў на гару Пачэркофэль [164], ды i гэтую прагулку перабiла нам сьнежная завея.

У напружанай навуцы час iшоў вельмi хутка. Аж аднаго дня вясною 1937 г. уваходзiць у мой пакой рэктар Канiзiянум а. Мiхаiл [165], вiдавочна нечым занепакоены, зь нейкiм лiстом у руках, i пасьля прывiтаньня пытаецца:

- Мой любы (гэта была ягоная заўсёдная фраза), як вы прыехалi сюды, што ваш бiскуп нiчога ня ведае аб вас?

- Прыехаў я сюды, як вы добра ведаеце, зь Львова дзякуючы шчодрай ахвярнасьцi мiтрапалiта Шэптыцкага, i да гэтага часу я залежу ад яго, але нiдзе не iнкардынаваны.

- Але ж вы належыце да Пiнскае дыяцэзii?

- Уласьцiва я мусiў бы належаць да Пiнскае дыяцэзii, але анi ў Пiнскую, анi ў Вiленскую дыяцэзii тамтэйшыя бiскупы лацiнскага абраду не прымалi абсальвэнтаў зь Львоўскае Гр.-Кат. Акадэмii.

- Я аб гэтым чуў, - кажа ўжо супакоiўшыся а. Мiхаiл. - Але вось цяпер сам Пiнскi бiскуп зьвяртаецца сюды ў вашай справе, дык маеце добрую нагоду напiсаць да яго i выясьнiць сваю справу. Гэта ж вось лiст ягоны.

- Так, сапраўды добрая нагода, - кажу я, - абавязкова напiшу яму.

Такая неспадзеванка мусiла быць для мяне радасным зьявiшчам, бо зьяўлялася магчымасьць вырашыць справу мае iнкардынацыi згодна з маiм жаданьнем, i да таго ажыла надзея атрымаць далейшую стыпэндыю, каб зрабiць дактарат.

Спачатку для мяне было незразумелым, як гэта Пiнскi бiскуп мог даведацца аба мне. Рэктар Канiзiянум выясьнiў гэтую загадку вельмi проста. Пiнскi бiскуп Казiмер Букраба [166] калiсьцi вучыўся ў Iнсбруку i жыў у Канiзiянум. Таму згодна з традыцыяю атрымоўваў штогоднi невялiкi бюлетэнь з Канiзiянум, у якiм мiж iншым заўсёды падаваўся сьпiс студэнтаў паводле дыяцэзiяў прыналежаньня. I вось у гэткiм сьпiсе з 1937 г. бiск. Букраба знайшоў аднаго студэнта зь Пiнскае дыяцэзii - мяне. Таму i зьвярнуўся да а. рэктара па выясьненьнi.

Вечарам таго ж дня я супольна з маiмi ўкраiнскiмi сябрамi плянаваў лiст да Пiнскага бiскупа. Лiст выйшаў даволi вялiкi, бо ў iм я выясьняў, як трапiў у Iнсбрук, i ў канцы прасiў прызначыць мне стыпэндыю на два гады далейшых студыяў для атрыманьня дактарату з тэалёгii. Адначасна напiсаў лiст мiтрапалiту Шэптыцкаму.

Зь Пiнску адказ на мой лiст прыйшоў даволi хутка. Бiскуп Букраба выказаў задавальненьне, што я змог прыехаць на студыi ў Iнсбрук, прызнаваў, што я належу да Пiнскае дыяцэзii, але адмаўляўся даць стыпэндыю, дзеля беднасьцi свае дыяцэзii i дзеля пiльнае патрэбы сьвятароў усходняга абраду. Потым я даведаўся, што акрамя тых двох прычынаў былi яшчэ iншыя, дзеля якiх бiскуп адмаўляў стыпэндыi для дактарату ня толькi мне. Ён сам, будучы ў Iнсбруку, дактарату не зрабiў i чамусьцi быў у няпрыязьнi зь некаторымi сьвятарамi свае дыяцэзii, якiя мелi дактараты. Зрэштаю, кожны iншы на ягоным месцы мог бы такжа сказаць: "Нашто дактарат сьвятару, якi мае працаваць у нейкай глухой палескай вёсцы?".

Праз пару дзён прыйшоў адказ ад мiтрапалiта Шэптыцкага. Ён пiсаў, што лiст Пiнскага бiскупа ёсьць правiдэнцыяльны [167], бо ён вырашае найбольш няпэўнае дагэтуль пытаньне iнкардынацыi, i на будучыню неабходна рабiць так, як скажа бiскуп Букраба.

Значыць, на далейшыя студыi ў Iнсбруку нельга было спадзявацца. Аставалася толькi выкарыстаць некалькi апошнiх месяцаў iдучага акадэмiчнага году. На жаль, узмоцненыя студыi далiся адчуць на зда роўi. Я заўсёды спаў дрэнна дзеля вялiкiх палiпаў у носе, а цяпер сон яшчэ пагоршыўся. Лекары прызналi, што найлепшым лекам на гэтую немач будзе апэрацыя ў носе. За апэрацыю ў унiвэрсытэцкай клiнiцы пла цiць ня трэба было, дык чаму ж не пазбыцца дакучлiвых палiпаў?!

Наблiжалiся вялiкодныя канiкулы, i я вырашыў, што гэта будзе найлепшы час для апэрацыi. Хiрург, якi меў рабiць апэрацыю, удакладнiў, што ў мяне, акрамя палiпаў, вялiкi перарост насавых косьцяў. "Але наагул гэта дробная апэрацыя", - заспакоiў мяне.

Адбывалася апэрацыя толькi зь мяйсцовым зьнячуленьнем [168] i спачатку нават суправаджалася жартамi. Вышчыкнуўшы першы палiп, хiрург паказваў мне яго ўсьмiхаючыся:

- Вось ужо адною перашкодаю менш.

- А колькi iх там такiх? - пытаюся.

- Ды столькi, што i не перарахуеш.

Калi, павышчыкваўшы палiпы з храшчамi, хiрург тымi ж ножнамi ўзяўся за косьцi, дык нiяк ня змог iх перашчыкнуць.

- Але ж у вас моцныя косьцi, - казаў ён, кладучы ножны i бяручы долата. - Якое вы нацыянальнасьцi?

- Беларус.

- Цi гэта ўва ўсiх беларусаў такiя моцныя косьцi?

- Бадай што так, бо як палякi i расейцы нас нi гнобяць, а зламаць ня могуць. - Асыстэнтка i хiрург голасна засьмяялiся.

- О, так! Ну але цяпер цiха.

Апэрацыя сапраўды была лёгкаю, але чамусьцi вельмi доўга не спынялася кроў. Цякла яна пакрысе аж да наступнае ранiцы. I калi я на пяты дзень пасьля апэрацыi вяртаўся пешкi дамоў, дык адчуваў моцную слабасьць. А як узышоў на трэцi паверх у Канiзiянум, дзе быў мой пакой, сэрца пачало так трапятацца, што я мусiў сесьцi на сходы i пачаў рахаваць пульс - ён быў як нiтачка тонкi i бiў аж 120 разоў у мiнуту.

Супачыўшы крыху, я адразу пайшоў да рэктара, каб зьмянiць пакой. Ён, глянуўшы на мяне, адразу паклiкаў слугу i сказаў перанесьцi мае рэчы на першы паверх.

Пасьля апэрацыi я спаў, як нiколi дагэтуль, i быў задаволены, што нарэшце пазбыўся хоць i невялiкае, але вельмi дакучлiвае немачы. Але за лiшнюю радасьць давялося адпакутаваць. Я зусiм не зьвяртаў увагi на агульную слабасьць дзеля вялiкае страты крывi i хадзiў пасьпешна, як заўсёды, хоць цяпер вельмi хутка пацеў. I два тыднi пасьля апэрацыi зноў мусiў легчы ў ложак. Лекар сьцьвердзiў прастуду i запаленьне ўнутранага правага вуха.

Прастуда прайшла хутка, а боль у вуху дакучаў даволi доўга i пры тым так моцна, што i навука была не на ўме. А час быў гарачы. Трэба было рыхтавацца да экзамiнаў. Ня дзiва, што ў такiм настроi я нават шкадаваў, чаму пасьпяшаў з апэрацыяю. Мог бы яе зрабiць i пасьля экзамiнаў, але хто мог ведаць, што станецца такая камплiкацыя? [169]

Калi нарэшце ачуняў ад усiх аслабленьняў i камплiкацыяў, трэба было даганяць страчаны час. За студыямi я занядбаў нават карэспандэнцыю i аднойчы атрымаў з дому лiст, у якiм бацька дакараў мяне за доўгае маўчаньне.

Прадметы, зь якiх трэба было рыхтавацца да экзамiнаў, я ведаў даволi добра зь Львова. I хоць у Iнсбруку яны былi амаль двойчы пашыраны, на добры лад мне да iх шмат рыхтавацца ня трэба было б, але экзамiны былi толькi пiсьмовыя, а да гэтага мае веды i лацiнскае, i нямецкае моваў былi вельмi кульгавыя. Ужо каторы раз прыходзiлася з сумам сьцьвердзiць, якою вялiкаю перавагаю для багаслоўскiх студыяў была падрыхтоўка з гуманiстычных i клясычных гiмназiяў у параўнаньнi да матэматычнае. Таму i прыходзiлася выкарыстоўваць на навуку кожную хвiлiну.

Экзамiны прайшлi лепш, як я спадзяваўся. Толькi зь Сьвятога Пiсаньня атрымаў пасрэдную адзнаку, бо там трэба было цытаваць цэлыя сказы па-грэцку i па-гэбрайску.

Звычайна кожны студэнт, здаўшы экзамiны, уздыхае з палёгкаю i весялей глядзiць на сьвет; такiя мамэнты перажываў калiсь i я ў Львове, цяпер жа ў Iнсбруку пасьля экзамiнаў апанаваў мяне сум. На шчасьце, сумаваць доўга не было калi.

З высокiх Альпаў у Пiнскiя балоты

Акадэмiчны год быў закончаны, стыпэндыя вычарпаная, мае пляны былi пакрыжаваныя - трэба было ехаць у Пiнск, а там яшчэ было невядома, як мяне прымуць.

Выехаў я зь Iнсбруку 20-га лiпеня. Цяпер сьпяшацца не было нiякае патрэбы, дзеля гэтага я меркаваў затрымацца на некалькi дзён у Вене, каб аглянуць яе гiстарычныя i мастацкiя памяткi. Там першы раз у маiм жыцьцi я пераканаўся, што ўважнае агляданьне мучыць ня менш, як напружаная навука.

На другi дзень пасьля агляданьня музэяў я з прыемнасьцю знай шоў цiхi куток у славутай катэдры Сьв. Сьцяпана [170] i сядзеў там больш гадзiны, нi аб чым ня думаючы. На наступны дзень трэба было зьменшыць намечаную праграму адведваньня музэяў, бо не было сэнсу хадзiць безуважна побач мастацкiх помнiкаў. Вый шаў шы з каралеўскага замку Шэнбрун [171], я знайшоў цiхую алею ў парку, пе рарахаваў мае "фiнансы" i з сумам сьцьвердзiў, што трэба разьвi тацца зь Венаю. На трэцi дзень я ўжо ехаў на станцыю.

У трамваi людзей было мала. Я папрасiў кандуктара, каб ён мне сказаў, дзе трэба высядаць да станцыi. Ён ахвотна згадзiўся i адразу заўважыў:

- Вы напэўна ня немец?

- Дзе там немец, беларус, - адказваю.

- О, дык крыху родны, а я славак, - кажа ўсьцешаны.

Славацкую мову я ведаў нязгорш, бо ў славянскiм ляндсманшафце ў Iнсбруку было найбольш славакаў, дык я да кандуктара пачаў гаварыць па-славацку. Родная мова ў вуснах чужынца, хоць i крыху прыкалечаная, заўсёды чуецца з радасьцю, дык ня дзiва, што мы з кандуктарам так загаварылiся, што ён нават забыўся прадаць мне бiлет.

У Львове я затрымаўся ўсяго на два днi. Быў у мiтрапалiта Андрэя Шэптыцкага, адведаў а. рэктара Сьлiпога i накiраваўся дамоў, бо трэба было ў Стаўпцах аддаць загранiчны пашпарт i атрымаць назад "довад асабiсты" [172] i, зразумела, крыху пагасьцiць у роднай хаце.

Прабыўшы дома ўсяго тыдзень, я паехаў у Пiнск.

Зь дзiўным пачуцьцём уваходзiў я ў перадпакой Пiнскага каталiцкага бiскупа Казiмера Букрабы, стараючыся ўгадаць, як ён прыме беларускага багаслова. Прыняў ветлiва, крыху распытаў аб навiнах зь Iнсбрука, аб падарожжы i адразу затэлефанаваў да рэктара Духоўнае Сэмiнарыi кс. Петранi [173], каб прызначыў мне пакой у Сэмiнарыi да часу, пакуль вырашыцца справа сьвятарскага сьвячаньня.

У Пiнскай Дух. Сэмiнарыi ўзгадаванцы на лета не выяжджалi нiкуды, вось жа я ўвайшоў у iхнюю грамаду. Праўда, яны глядзелi на мяне i зь цiкавасьцю, i з пытлiвасьцю; ведама, як на новага чалавека ды яшчэ з-за гранiцы i як на беларуса.

Мне было такжа цiкава прыглянуцца да парадкаў, якiя панавалi ў Пiнскае епархii i ў пiнскiх сэмiнарыстых. Што яны ўсе фармальна лiчацца палякамi, аб гэтым я ведаў даўно, але мяне цiкавiла: няўжо сапраўды яны ўсе палякi? На вялiкi жаль, афiцыяльны стан амаль адказваў праўдзе. "Амаль", бо было двох сэмiнарыстаў зь Вiленскае архiдыяцэзii, i яны аднойчы ў гутарцы са мною перакiнулiся некалькiмi беларускiмi словамi. А iншыя сэмiнарысты былi пераважна з цэнтральнае Польшчы… вось табе i Пiнская Сэмiнарыя!

Склад выкладчыкаў у сэмiнарыi i бiскупская курыя за выняткам аднаго кс. пралата Хвецькi [174] быў польскi. Пры тым i кс. Хвецька выкладаў расейскую мову. Беларусаў з сэмiнарыi выключалi паволi i дыпляматычна; палянiзацыйную работу сьвятары-беларусы весь цi не хацелi i таму мусiлi "дабравольна" адзiн за адным пакiдаць сэмiнарыю. Яе першы рэктар а. д-р Фабiян Абрантовiч [175] пераехаў у Друю [176], а потым знайшоўся аж у Харбiне [177]; кс. д-р Казiмер Кулак [178] ад некалькi гадоў быў у невялiкай парахвii Ляндвараў [179] каля Вiльнi; калiшнi духоўнiк кс. Эдвард Юневiч [180] - у Драгiчыне-над-Бугам [181].

Наагул атмасфэра ў сэмiнарыi была вельмi цяжкая для беларусаў, дзеля гэтага я не дзiвiўся, што i прафэсары, i сэмiнарысты назiралi за кожным маiм крокам, за кожным словам. Трэба было быць заўсёды прыгатаваным на розныя неспадзеванкi.

У зьвязку з маёю прысутнасьцю ў сэмiнарыi прынагодна парушалiся розныя беларускiя пытаньнi; у такiх выпадках я звычайна стараўся быць слухачом i часам даведваўся цiкавыя факты. Напрыклад, аднойчы кс. канонiк Васiлеўскi [182] ўспамiнаў, як ён калiсьцi, здаецца, у Пецярбурзе рыхтаваўся гаварыць казаньне па-беларуску. Для большае пэўнасьцi ня толькi напiсаў яго, але даў яшчэ беларускiм сьвятаром, каб паправiлi ягоную мову. Тыя паправiлi так, што жывога месца не пакiнулi. "А я думаў, што ведаю даволi добра беларускую мову", - закончыў ён свае ўспамiны.

Калi сэмiнарысты заўважылi, што я часта сам на сам гутару з пралатам Хвецькам, дык пачалi такжа сачыць i за iм уважней. Аднойчы падчас вячэры я сядзеў каля яго, i мы пацiху гутарылi па-беларуску. Насупраць нас сядзелi сэмiнарысты, але ў агульным гомане нашае гутаркi не маглi чуць. I вось раптам адзiн зь iх пытаецца:

- А ксёндз пралат якое нацыянальнасьцi?

- А ты што маеш у сваёй талерцы? - адказаў жартам пралат.

- Памiдоры!

- Дык глядзi на памiдоры i еш iх.

Аднак усе назiраньнi, прынамся навонках, ня мелi злоснага характару, i адносiны да мяне так з боку духоўных уладаў, як i з боку сэмiнарыстаў былi добрыя. Пэўне ж да гэтага прычынiлася найбольш загранiца, зьвязкi з шырэйшым сьветам. Таму што гэта быў час летнiх канiкулаў, дык сэмiнарысты часта езьдзiлi на прагулкi - i я зь iмi. Часам да гэтае маладое грамады далучалiся такжа бiскупы. Аднойчы падчас такое прагулкi зь бiскупамi на лодках мы купалiся ў Пiне. Паплаваўшы крыху, я выйшаў на бераг i захапiўся паляваньнем на кузурак да няўпрыцям для сябе сказаў пару слоў па-беларуску. Прысутныя тут сэмiнарысты бухнулi сьмехам. Гэта пачуў бiскуп суфраган Кароль Нямiра [183] i адразу востра iх зганiў:

- Чаго вы сьмяiцеся! Так брыдка! Ён жа беларус, дык нiчога дзiўнага, што можа па-свойму сказаць якое слова. - Сэмiнарысты пачырванелi i змоўклi. Больш такiх выпадкаў не паўтаралася. Такi дакор з вуснаў бiск. Нямiры мяне моцна задзiвiў.

У канцы летнiх канiкулаў 1937 г. у памешканьнi Духоўнае Сэмiнарыi рыхтавалася шостая з чаргi Вунiйная Канфэрэнцыя. Iнiцыятарам i першым арганiзатарам гэтых Канфэрэнцыяў быў кс. д-р Казiмер Кулак, калi за часоў бiскупа Лазiнскага быў прафэсарам у сэмiнарыi. Першая Канфэрэнцыя адбылася ў 1930 г. У канцы 1933 г. кс. Кулак мусiў выехаць зь Пiнску, i ад таго часу Канфэрэнцыi ставалiся менш атракцыйнымi i ладзiлiся толькi раз на два гады.

Шостая Канфэрэнцыя была назначана на 1-3 верасьня, i мiж iншым у праграме прадбачвалася, што 3-га верасьня мае быць урачыстая архiрэйская Служба Божая бiз[антыйскага] абраду зь сьвятарскiм сьвячаньнем - гэта я меў быць тады пасьвячаны на сьвятара. Аб такой пастанове бiскупа Букрабы я даведаўся толькi два тыднi перад пачаткам Канфэрэнцыi ад рэктара сэмiнарыi кс. Петранi. Я зрабiў 8-дзённыя рэкалекцыi i рахаваў днi да Канфэрэнцыi.

Але мае чаканьнi былi дарэмныя: бiскуп Мiкола Чарнэцкi [184] на Канфэрэнцыю не прыехаў. Ён па нейкiх важных прычынах быў у тым часе ў Англii. Наагул шостая Вунiйная Канфэрэнцыя была менш людная, як папярэднiя. Атмасфэра была неасаблiвая - удзельнiкi ведалi, што некаторых пытаньняў лепш не чапаць, бо яны сталiся зада лiкатныя для польскае "рацыi стану" [185], ды i парушаць iх няма сэнсу, бо ж кампэтэнтныя асобы зьмянiць iх на лепшае i ня хочуць, i ня могуць.

Вечарам першага дня Канфэрэнцыi прысутныя там бiскупы: Вiленскi, Пiнскi, Луцкi i прадстаўнiкi Падляскага i Люблiнскага - мелi асобную нараду ў справе вунiйнай акцыi. Якiя былi вынiкi тае нарады, можна дагадацца з таго, што яны пастанавiлi склiкаць Пiнскiя Канфэрэнцыi толькi раз на чатыры гады. Для злагоджаньня прыкрага ўражэньня ад гэтае пастановы было абвешчана, што ў 1939 г. мае адбыцца ў Вiльнi Канфэрэнцыя з нагоды 500-ых угодкаў Флёрэнтыйскае Вунii [186].

З усiх рэфэратаў на 6-ай Канфэрэнцыi найбольшае зацiкаўленьне выклiкаў даклад вiцэ-рэктара Варшаўскае Дух[оўнай] Сэм[iнарыi] кс. д-ра Станiслава Мысткоўскага [187] аб праўным стане бiз[антыйска]-слав[янскага] абраду ў Польшчы. Дакладчык прысьвяцiў шмат увагi iнструкцыi Кангрэгацыi для Усх. Царквы "Pro incenso studio" з 27.V.1937 г., аб якой да гэтага часу мала хто ведаў. Затое разячаю супярэчнасьцю да тае новавыданае iнструкцыi быў рэфэрат а. Даната Навiцкага [188] аб ягонай працы ў Тараканях [189], дзе ён палянiзаваў беларусаў.

Некалькi дзён пасьля Канфэрэнцыi я пытаўся ў рэктара Пiнскае Сэмiнарыi, як маецца справа з маiм сьвячаньнем. Ён адказаў, што бiскуп Букраба яшчэ чакае бiскупа Чарнэцкага з-за гранiцы, i тады адразу справа будзе вырашана. Аднак час iшоў, а бiскуп Чарнэцкi ня прыяжджаў; мне не аставалася нiчога iншага, як чакаць. На шчасьце, чаканьне цягнулася нядоўга; 22 верасьня бiскуп Букраба заклiкаў мяне да сябе i бяз доўгага ўступу пытае:

- Ты згодзен ехаць у Львоў па сьвятарскiя сьвячаньнi?

- Чаму ж не?! Магу хоць сёньня.

- Ну дык зараз табе выдадуць у канцылярыi "Litterae dimissoriae" [190], а рэшта, што патрэбна на дарогу, выдасьць у сэмiнарыi кс. Петранi. Толькi там у Львове доўга ня баўся.

Пэўна, што доўга ня буду, але тры з палавiнаю тыднi такi прыдзецца там пабыць.

- Добра! Толькi яшчэ адно пытаньне: ты нежанаты?

- Зразумела, што не.

- Ну дык з Богам у добры час!

Новаўнiйная акцыя

Пятая [191] Ўнiйная Канфэрэнцыя ў Пiнску, на якой мне давялося ўдзельнiчаць у 1937 г., чакаючы сьвятарскiх сьвячаньняў, мiмаволi сталася для мяне нагодаю, каб глыбей пазнаць пачаткi, актуальны стан i сутнасьць новаўнiйнага руху на Беларусi i ўсе мэтады, якiмi рух пашыраўся i якiя перашкоды спатыкаў. Ужо ад некалькiх гадоў вялася моцная супрацьунiйная акцыя з розных бакоў i гэта мяне забавязвала пазнаць прычыны тых супрацьунiйных атакаў, каб iх належна ацанiць. Пры тым - гэта ж станавiла новы пэрыяд нашае рэлiгiйнае гiсторыi i таму, што гэты пэрыяд выклiкаў i цяпер выклiкае шмат спрэчак з розных бакоў, тым самым ён вымагае ўважлiвых i карпатлiвых студыяў. Таму што ўжо зьявiлася нямала лiтаратуры датычна новаўнiйнага пытаньня, дык вынiкам такiх студыяў мусiла быць ёмiстая кнiга. Ня маючы магчымасьцi апублiкаваць такое працы, я змушаны абмежавацца толькi да галоўных рысаў гэтае акцыi i ўнiкаць усiх спрэчных пытаньняў.

Пачатак новае ўнiйнае акцыi (у далейшым я яе буду коратка называць усходнекаталiцкаю) на Беларусi палажылi беларускiя адраджэн скiя дзеячы. Гарачым абаронцам Усходнекаталiцкае царквы быў Кастусь Калiноўскi. Ягоная першая беларуская газэта "Мужыцкая Праўда" № 6 з 1863 г. прысьвечана абароне Унii. Потым усе беларускiя дзеячы, якiя гуртавалiся каля "Нашае Нiвы" рахавалi, што адраджэньне беларускае Ўсходнекаталiцкае царквы зьяўляецца непадзельнай часткаю беларускага адраджэнскага руху. Яшчэ перад выхадам "Нашае Нiвы" Iван Луцкевiч разам з сваiмi прыяцелямi рабiлi з помаччу мiтр. А. Шэптыцкага канкрэтныя пляны, каб заснаваць на Беларусi ўсходнекаталiцкiя парахвii. На жаль, польскiя абшарнiкi, даведаўшыся аб тых плянах, данесьлi мiнiстру Сталыпiну197, i ўсе тыя мерапрыемствы былi зьнiшчаны. (гл.: А. Луцкевiч, "Мiтрапалiт Шэптыцкi i беларускi рух". Богословiя, Том IV, кн. 1-2, с. 46, Львоў, 1926) [192].

Крыху пазьней, у 1907 г. мiтр. А. Шэптыцкi iнкогнiта наведаў Беларусь, гаварыў зь сьвецкiмi i духоўнымi дзеячамi, i ад таго часу iдэя адраджэньня Ўсходнекаталiцкае царквы пачала пашырацца больш рашуча. У календары "Нашае Нiвы" каляндарная частка мела тры калёнкi: "рыма-каталiцкую, праваслаўную i грэка-ўнiяцкую", нягледзячы на тое, што ў царскай Расеi нават i пасьля талеранцыйнага ўказу [193] Унiя была забаронена. Некаторыя беларускiя патрыёты не зьвярталi ўвагу на тую забарону. Напрыклад, пiсьменьнiк Карусь Каганец (Кастравiцкi) [194] называў сябе ўнiятам i сам улажыў сабе ўсходнекаталiцкi малiтаўнiк. У артыкуле "Праўда" [трэба "Парада". - А. Н.] ён выразна заклiкае беларусаў да аднаўленьня Унii (гл.: Е. Ф. Карскiй, Белоруссы, Том III, ч. 3, Варшава, 1908 [памылка: Петраград 1922. - А. Н.], с. 400).

Аб гэтым мне ўжо было ведама з выкладаў беларускае лiтаратуры ў Наваградзкай гiмназii.

Такжа i Цётка [195] ўлажыла беларускi ўсходнекаталiцкi малiтаўнiк для дзяцей падчас свае бытнасьцi ў Львове, i плянавала яго выдаць пры помачы базылiянаў, але не змагла ажыцьцявiць свайго праекту. Рукапiс малiтаўнiка астаўся ў Ануфрыеўскiм манастыры ў Львове (гл.: Ad. Stankievič, Biełaruski chryścijanski ruch. Raźdz. II, §3, Vilnia, 1939).

Варта ўспомнiць, што зь Львова Цётка аднойчы пiсала да праф. Эпiмаха-Шыпiлы [196]: "Скора вышлю кнiжку аб Унii для акадэмiкаў духоўных на ваш адрас… Вы, шаноўны прафэсар, закiньце перад iмi слова пра Ўнiю… Унiя для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацiнскае духавенства ў нас на нiшто" (Ю. Бiбiла, "Матар'ялы да бiяграфii Цёткi", Запiскi аддзелу гуманiтарных навук. Кнiга 2. Працы клясы фiлёлёгii. Том I. Менск, 1928, сс. 296-97).

Калi пачало разьвiвацца беларускае рэлiгiйнае жыцьцё, дык адраджэньне Ўсходнекаталiцкае царквы ўваходзiла ў праграму некаторых арганiзацыяў. Напрыклад, Беларуская Хрысьцiянская дэмакратычная злучнасьць203 у сваёй праграме мела такi пункт: "На Беларусi Хрысьць[iянская] Дэмак[ратычная] Злучнасьць ставiць сабе спэцыяльную мэту: зблiжыць католiкаў i праваслаўных i аб'яднаць iх у адной веры з рознымi абрадамi" (Ad. Stankievič, Bieł. Chr. Ruch, Vilnia, 1939, s. 142).

Беларускiя дзеячы спадзявалiся ажыцьцявiць свае ўнiйныя пляны пры помачы мiтр. Шэптыцкага, якi атрымаў 18.II.1908 г. надзвычайныя паўнамоцтвы ў гэтай справе ад папы Пiя Х [197]. I ён быў рашуча здэцыдаваны [198] гэту помач зрабiць. На пачатку I Сусьветнае вайны, калi сам быў арыштаваны царскiм урадам, мiтр. Шэптыцкi высьвяцiў у Кiеве тайна ў 1914 г. а. Язэпа Бацяна [199] на Луцкага ўсходнекаталiцка га япiскапа, i гэты ўладыка, вядучы тайна працу, адведаў у 1917 г. Беларусь, навязаў кантакты зь беларускiм духавенствам, прамаўляў да людзей па-беларуску (гл.: Антон Саладух, "Мiтр. Шэптыцкi". Богословiя). На жаль, у тым жа 1917 г., калi быў паданы да агульнага ведама факт аднаўленьня ўсходнекаталiцкае Луцкае епархii i хiратонiя яп. Бацяна, i калi гэты факт быў ужо прызнаны ў Рыме, наваствораны польскi ўрад i польскiя бiскупы паставiлiся да гэтага факту так варожа, што яп. Бацян ня змог заняць свае епархii [200]. Ён памёр у Львове у 1926 г. як япiскап-выгнанец.

Нягледзячы на […] [201] польскага ўраду i польскiх бiскупаў, мiтр. Шэптыцкi стараўся аднавiць усходнекаталiцкую епархiю ў Менску. Апостальскi Пасад прызнаў гэта магчымым i ў 1923 г. у "Annuario Pontificio" [202] ў сьпiсе епархiяў зьявiлася ўсходнекаталiцкая Менская епархiя, але нiколi ня мела свайго ерарха. У 1929 г. яна была скасаваная.

Раз запачаткованы ўсходнеўнiяцкi рух iшоў уперад, i ў 1922 г. былi створаныя першыя канкрэтныя захады для ўтварэньня ўсходнекаталiцкае епархii. Як нi дзiўна, але гэтая падзея здарылася ў падсавецкай Беларусi. Беларускi рэлiгiйны дзеяч кс. Язэп Белагаловы [203], Магiлёўскi дзекан, карыстаючы з асаблiвых паўнамоцтваў, якiя ён атрымаў ад Магiлёўскага катал[iцкага] мiтрапалiта, (кс. Белагаловы) запрасiў у Магiлёў на сьвята сьв. Антонiя 13.VI.1922 усходнекаталiцкага расейскага экзарха, а. Леанiда Фёдарава [204], прызначанага на гэтае становiшча мiтр. Шэптыцкiм. Усходнекаталiцкiя Службы Божыя былi адпраўленыя ў Магiлёўскай катэдры i ў Сафiйску [205]. Сьвятынi ылi перапоўненыя каталiкамi i праваслаўнымi. Харысты былi праваслаўныя з слаўным рэгентам Грайко [206] на чале. Узрушаньне i радасьць народу былi надзвычайныя. З вуснаў у вусны пералятаў воклiч Вярнулася Унiя!". Пасьля Службы Божае 18.VI да а. Экзарха зьявiлася дэлегацыя беларускае праваслаўнае iнтэлiгенцыi з падзякаю за Службу i за словы i просьбаю прыехаць зноў. Шматлiкiя заяўлялi, што яны ўжо чуюцца ўнiятамi, бо "Унiя ўваскросла". Тады ж некалькi лацiнскiх беларускiх сьвятароў i д-р Галынскi [207] выказалi гатоўнасьць прыняць усходнi абрад. У сваёй справаздачы мiтр. Шэптыцкаму аб Магiлёўскiх падзеях а. Фёдараў прасiў мiтр. Шэптыцкага хадайнiчаць у Рыме, каб хутчэй быў назначаны беларускi каталiцкi бiскуп (Копiя лiсту а. Фёдарава знаходзiцца ў Архiве Беларускага Ўсходнекаталiцкага Экзархату, а цытаты зь яго былi апублiкаваныя ў "Божым Шляхам", с. 7, № 64-65, 1955 г.). Але жорскi наступ ваюючага бальшавiцкага бязбожжа зруйнаваў усе тыя мерапрыемствы.

Тым часам у Заходняй Беларусi пад Польшчай зусiм незалежна ад нiкога вырынуў унiйны рух зьнiзу. Пачатак дало Падлясьсе, дзе Унiю царскi ўрад скасаваў толькi ў 1875 г. Аб ёй яшчэ захавалася сьветлая памяць, i таму ўжо ў 1923 г. зьявiлiся першыя парахвii, якiя жадалi мець усходнекаталiцкiх сьвятароў. Пры тым нiякае прапаганды з боку палякаў у тых вёсках не было. Вернiкi хацелi мець тую ж рэлiгiю, якую мелi i за якую цярпелi iхнiя бацькi i дзяды. Аднак ня маючы нiякай iншай магчымасьцi знайсьцi ўсходнекаталiцкiх сьвятароў, яны зьвярнулiся да Падляскага лацiнскага бiскупа Пшэзьдзецкага [208]. Ён жа, падобна як i iншыя бiскупы ў Зах. Беларусi i на Валынi, зусiм не былi падрыхтаваныя да такога зьявiшча. На iхняе вялiкае зьдзiўленьне, Усходнекаталiцкая царква (Унiя) уваскросла сама бязь iхняга ведама. Ня ведаючы, што зь ёю рабiць, бiск. Пшэзьдзецкi ў кастрычнiку 1923 г. паехаў у Рым з запытаньнем i дакладам.

У Рыме, прастудыяваўшы даклад бiск. Пшэзьдзецкага, уложана агульны плян працы мiж быўшых унiятаў у форме iнструкцыi (Zelum amplitudinis), якую 10.ХII.1923 выслана бiск. Пшэзьдзецкаму, а празь некалькi тыдняў пераслана яе такжа Вiленскаму, Менскаму (Пiнскаму), Люблiнскаму i Луцкаму бiскупам разам з адпаведнымi паўнамоцтвамi. Тая iнструкцыя загадвала захоўваць у цэласьцi ўсходнi абрад праваслаўных, якiя пераходзяць у каталiцтва, забараняла каталiцкiм сьвятаром перацягваць у лацiнскi абрад пераходзячых у каталiцтва. А хто будзе такiя намаганьнi рабiць, пагражала караю суспэнзы [209]. Новапаўсталыя ўсходнекаталiцкiя парахвii мелi падлягаць лацiнскiм бiскупам. I гэткi стан рэчаў быў зацьверджаны Ўсходняй Кангрэгацыяй [210] у 1925 г.

Калi ўнiйны рух пачаў ажываць, каталiцкiя бiскупы з Усх. Польшчы, разам з супэрыёрамi манашых чыноў, мелi ў днях 9-10.ХI.1926 г. канфэрэнцыю ў Вiльнi ў справе ўнiйнай працы. Агульны настрой тае канфэрэнцыi можа характарызаваць выпадак, якi здарыўся з а. Анд рэем Цiкотаю [211], супэрыёрам Друйскага Марыйскага Дому [212]. Ён запрапанаваў увесьцi беларускую мову ў унiйную працу. На гэта заўважыў мiтр. Ялбжыкоўскi: "Едзьце да бальшавiкоў i там гаварыце сабе па-беларуску!" Нiхто зь бiскупаў нiчога не сказаў на такую заўвагу (гл.: Архiў Айцоў Марыянаў у Рыме).

Маючы паўнамоцтвы i iнструкцыю, лацiнскiя бiскупы зусiм ня мелi ўсходнекаталiцкiх сьвятароў, а з Галiчыны iх рашуча не хацелi браць. Пачалiся экспэрымэнты з праваслаўнымi сьвятарамi, якiя дзеля розных прычынаў зьвярталiся да лацiнскiх бiскупаў. Часта i, на жаль, залiшне часта экспэрымэнты гэтыя былi няўдалыя, а часам зусiм скандальныя. Большасьць тых сьвятароў, якiя зьвярталiся да лацiн скiх бiскупаў, былi пакараныя праваслаўнымi ерархамi за розныя правiны i злачыны. У каталiцызьме яны i ня думалi паправiцца. З агульнага лiку 43 ведамых мне канвэртытаў адпала 20, пакiдаючы ў парахвiях вялiкае згаршэньне.

У сувязi з гэтым сумным фактам на 3-яй Унiйнай канфэрэнцыi ў Пiнску а. Пачопка [213] казаў: "Найбольшым працiўнiкам нашае акцыi ёсьць тое, што нам не далi патрэбнае лiчбы праўдзiва хрыстовых апосталаў мiсiянэраў… а на яшчэ большы жаль, пападаюцца мiж нас такiя, што Хрыстовую Царкву не будуюць, а развальваюць. Лепш было б, каб такiя да нас нiколi не прыходзiлi… Браць канвэртытаў з праваслаўя найчасьцей няма сэнсу. Бо прыходзяць адтуль такiя, для якiх няма месца ў праваслаўi" (гл.: B. Paczopka, "Абраз нашае ўнiйнае працы", с. 113-114; Pamiętnik III-ej Konferencji Kapłańskiej w sprawie Unji Kościelnej w Pińsku (30, 31 sierpnia i 1 września1932 roku). Pińsk, 1933). Потым мне прыходзiлася пачуць ад вернiкаў яшчэ горшае асуджэньне.

Было вялiкiм згаршэньнем для вернiкаў, што некаторыя сьвятары пераходзiлi па некалькi разоў. Будучы студэнтам i адведваючы ў Стаўпцах усходнекаталiцкага параха а. Сялецкага [214], я спаткаў там Н. Мядзьведзя [215], якi аж тройчы "перакiдаўся" i з гумарам апавядаў, нiбы вясёлы анэкдот, як падчас свайго апошняга пераходу на Валынi ён два днi стаяў з сваiм супернiкам каля царквы, не пушчаючы туды адны другiх i сьпяваючы розныя малебны i акафiсты. Калi яны абодва вычарпалi свае рэпэртуары, ягоны супернiк, пагражаючы яму кулаком, крычаў: "Ты… ты чорт лысы!" I адвярнуўшыся да царквы, сьпяваў: "Сьвяты лысы, малi Бога за нас!"

- Бачыце, ужо мая лысiна ў сьвятыя залiчаная, - казаў ён, бестурботна сьмеючыся.

На жаль, такi горкi сьмех няраз адбiваўся жуткiм рэхам у наваствораных усходнекаталiцкiх парахвiях. У епархiяльных архiвах захавалася шмат апiсаньняў згаршаючых падзеяў, шмат мне аб iх гаварылi вернiкi падчас мае душпастырскае працы. Даў бы Бог, каб iх ня трэба было выцягаць з архiваў.

Апостальскi Пасад, даючы iнструкцыi польскiм бiскупам у 1923 г., ужо бачыў цяжкасьцi адносна кадраў усходнекаталiцкага духавенства i таму тады ж запрапанаваў некаторым манашым лацiнскiм чынам i таварыствам стварыць усходнiя галiны. Першымi адгукнулiся айцы езуiты, за iмi пайшлi рэдэмптарысты [216], капуцыны [217], марыяне [218] i абляты [219]. Самыя ж польскiя бiскупы праявiлi карыгоднае нядбальства ў тварэньнi кадраў для ўсходнекаталiцкiх парахвiяў. Толькi ў 1928 г. была адкрыта ў Дубне i толькi на адзiн год сэмiнарыя для перашколеньня праваслаўных сьвятароў-канвэртытаў. I толькi ў 1931 г. на выразнае жаданьне з Рыму адчынена ў Дубне Духоўную Сэмiнарыю, даручаючы яе айцом езуiтам.

Паважныя зьмены ў унiйнай працы адбылiся ў 1929 г. Тады прыйшла да голасу створаная ў 1925 г. пры Кангрэгацыi для Ўсходняе Царквы камiсiя "Pro Russia" [220] зь бiск. Д'Эрбiнi [221] на чале. Той камiсii было даручана кiраваньне ўсiмi рэлiгiйнымi справамi ня толькi ў Расеi, але наагул на ўсiм абшары быўшае Расейскае Iмпэрыi, i над расейскай эмiграцыяю. I вось гэтая камiсiя 26.VIII.1929 г. выдала новую iнструкцыю адносна ўнiйнай працы. Гэтая iнструкцыя давала поўную свабоду выбару абраду пры пераходзе ў каталiцтва. Шырока адчынiлiся дзьверы для працягваньня праваслаўных адразу ў лацiнскi абрад. Для шматлiкiх польскiх рэлiгiйных дзеячоў i некаторых польскiх лацiнскiх ерархаў унiйная акцыя сталася зусiм непажаданаю. Праз гэта хаос у ўнiйнай працы яшчэ пабольшыўся.

Беларускiм сьвятаром было больш, чым каму, балюча глядзець на той разлад, якi панаваў у так важнай працы, як справа аб'яднаньня цэркваў. Таму ў 1930 г. кс. д-р Кулак з падтрымкаю i дапамогаю Пiнскага бiскупа Лазiнскага запачаткаваў Унiйныя Канфэрэнцыi ў Пiн ску, каб выявiць усе балючыя месцы ўнiйнае працы i знайсьцi на iх лякарства. Першая Ўнiйная Канфэрэнцыя адбылася ў Пiнску 23-24.IV.1930 i мела ўсяго 35 гасьцёў i 22 сэмiнарыстаў. Але парушаныя на ёй пытаньнi выклiкалi ў шмат каго зацiкаўленьне, i на другую Канфэрэнцыю 1-3.IХ.1931 г. прыехала 52 удзельнiкаў i 33 сэмiнарыстаў, а на трэцюю 30.VIII-1.IX.1932 г. аж 84 удзельнiкаў i 28 сэмiнарыстаў. Усе нястачы i балючыя месцы ўнiйнае акцыi на канфэрэнцыях былi выказаныя даволi ясна, але адпаведных прапановаў было прынята мала, ды i тыя прынятыя ў большасьцi аставалiся архiўным матэрыялам. Да таго найбольшы пратэктар канфэрэнцыяў бiск. Лазiнскi памёр 26.III.1932 г., а iхнi арганiзатар кс. д-р Кулак мусiў выехаць зь Пiнску, таму на чацьвертай Канфэрэнцыi 7-9.IХ.1933 г. была прынятая пастанова ладзiць яе раз на два гады, а на шостай Канфэрэнцыi 1-3.IХ.1937 г. - раз на чатыры гады.

I так для кожнага крыху асьвядомленага з прычынаю бязладзьдзя ў унiйнай працы была нястача свайго ерарха. А падчас унiйных канфэрэнцыяў гэты сумны факт станавiўся яшчэ больш вiдавочным. Апостальскi Пасад такжа добра ведаў гэтую нястачу i таму ў 1931 г. быў хiратанiзаваны ў Рыме ўладыка Мiкалай Чарнэцкi - рэдэмптарыст-украiнец - на апостальскага вiзытатара Валынi i Зах. Беларусi. Аднак ён ня меў нiякае юрысдыкцыi. Таму на Трэцяй Унiйнай Канфэрэнцыi ўсе беларускiя сьвятары рашуча дамагалiся не апост. вiзытатара, а правячага беларускага япiскапа ўсходняга абраду. Айцец Неманцэвiч [222] казаў: "Унiяты беларусы i ўкраiнцы слушна чуюцца пакрыўджанымi, ня маючы свайго бiскупа" (гл.: Pamiętnik III-ej Konferencji…, с. 122). Яшчэ больш рашуча дамагаўся а. Аношка [223]: "Унiй ная акцыя… павiнна абавязкова i як найхутчэй мець сваю ўласную ерархiю" (гл.: Тамсама, с. 126). Тое самае дамаганьне паўтарыў а. Б. Пачопка: "Унiйную акцыю ажывiла б назначэньне ардынарыйнага япiскапа ўсходняга абраду або нават стварэньне двох дыяцэзiяў таго ж абраду: адной для беларусаў, напр. у Вiльнi, а другое дзесь на Валынi для ўкраiнцаў" (гл.: Тамсама, с. 113). Але галасы гэтых ахвярных беларускiх сьвятароў былi голасам гукаючых у пустынi.

Беларуская прэса такжа ўважна сачыла за ўнiйнаю працаю i на яе старонках часта зьяўлялiся артыкулы i з крытычнымi заўвагамi, i з канкрэтнымi прапановамi. Напрыклад, у "Беларускай Крынiцы" № 34 з 29.Х.1931 г. Вясковец падаваў "Пункты ў справе рэлiгiйнае Унii", а Ўнiят у № 37 у тым жа 1931 г. выказваў "Некалькi ўваг аб Унii"; Католiк у № 3 з 24.I.1932 адважна гаварыў: "Шкодная для беларусаў дзейнасьць Камiсii Pro Russia". Праваслаўны дзеяч у № 36 з 23.Х.1932 закранаў пытаньне: "Праваслаўе i Ўнiя". Гэта толькi для прыкладу найважнейшыя артыкулы з двох гадоў.

Ад 1932 г. айцы езуiты выдавалi беларускi ўнiйны часапiс "Да Злучэньня" [224] пад рэдакцыяю а. А. Неманцэвiча. Пад яго ж рэдакцыяю ў 1932, 1933, 1934 гг. выхадзiлi "Беларускiя календары". Iхную праводную думку выказваў артыкул Беларуса Ўнiята "Аб патрэбе беларусам Унii", у якiм гаварылася: "Унiя… гiсторыяй паклiканая быць у пэўным сэнсе рэлiгiяй беларускай, народнай… яна была апорай беларускасьцi ў мiнуўшчыне i павiнна быць такой у сучаснасьцi" (гл.: Бел. Каляндар 1933, с. 65). Якраз дзеля гэтае прычыны частка польскага духавенства была настроена вельмi варожа да Ўсходнекаталiцкае царквы.

Калi ў зьвязку з унiйнымi канфэрэнцыямi на старонках прэсы часьцей зьяўлялiся паважнейшыя артыкулы датычна стану Ўсходнекаталiцкае царквы ў Польшчы, супрацоўнiк польскага мiнiстра замежных справаў Бэка [225], граф Генрык Лубенскi [226] апуб лiкаваў у Варшаве ў 1932 г. кнiгу "Droga Rzymu na Wschód przez Polskę" [227], якая выказвала сапраўдныя адносiны польскага ўраду да Ўсходнекаталiцкае царквы, i была настолькi варожай да гэтае Царквы, што кардынал Какоўскi [228] паставiў яе на iндэкс забароненых кнiгаў. У польскай прэсе зьявiлася шмат артыкулаў у зьвязку з гэтаю кнiгаю. Частка iх была выдана асобнаю кнiгаю (гл.: Dyskusja prasowa wokół książki 'Droga na Wschód Rzymu, Варшава, 1933).

Варожае да Ўсходнекаталiцкае царквы польскае духавенства такжа старалася падбухторваць грамадзкую апiнiю. Характэрнай з гэтага пункту гледжаньня была кнiга кс. канонiка Бародзiча [229]. Што гэта за пiсанiна, можа сьведчыць кароткi вынятак: "Калi Польшча ўваскросла, немцы ламалi сабе галаву, як бы ўбiць у Польшчу такi клiн, якi б яе разшчапiў. I знайшлi. Яны знайшлi спосаб зрабiць уплыў на Рым i асаблiва на Летуву, каб на памежжы Польшчы завесьцi расейскую унiю. Прыхiльнiкам такой унii быў Я. Эксц. Бiскуп Матулевiч [230], якi з гэтай мэтай перамясьцiў над Дзьвiну сьвятароў, вядомых з русыфiкатарскай агiтацыi i шавiнiстаў, якiя iмкнулiся вынiшчыць польскасьць на нашым памежжы. Асаблiва на гэтым полi вызначылiся кс. Iльдэфонс Бобiч, Мёрскi дэкан, Зянкевiч Антон [231], Глыбоцкi дэкан, Станкевiч Адам, дэпутат у сойм, Гадлеўскi Вiнцэнт [232] у Жодзiшках [233], Шутовiч Вiктар [234] у Барадзенiчах [235] i iншыя. Усе яны засяродзiлi сваю падрыўную дзейнасьць у кляштары аа. марыянаў пад кiраўнiцтвам супэрыёра Андрэя Цiкоты. Гэтыя ксяндзы не вагалiся супрацоўнiчаць з правадырамi грамадоўцаў, дэпутатамi: Мятлой [236], Тарашкевiчам [237] i Рак-Мiхайлоўскiм [238]. Заснавалi яны рэдакцыю "Беларускай Крынiцы" i iнш. Пераклалi i выдалi шмат кнiжак для народу, асаблiва Бобiч, Зянкевiч i Станкевiч, заснавалi пры кляштары марыянаў у Друi польскую гiмназiю iмя 'караля Сьцяпана Батуры', i ўся гэтая 'суполка' пачала навяртаць польскае насельнiцтва (lud polski) на 'беларусаў' i ўнiяцкi абрад" (гл.: X kan. J. Borodzicz, Kresy Polskie w niebezpieczeństwie, Wilno 1930, s. 28). Каб ня тытул ксяндза i канонiка, дык можна было б падумаць, што гэта пiсаньне чалавека, якому бракуе клёпкi. Аднак гэта ёсьць вымоўны дакумант свайго часу.

Вельмi востра выступiлi супраць Усходнекаталiцкае царквы некаторыя польскiя абшарнiкi. На адным з сваiх зьездаў у Слонiме ў 1932 г. яны ўлажылi мэмарыял да вiленскага бiскупа Ялбжыкоўскага з просьбаю, каб ён хадайнiчаў у Рыме забаранiць айцом езуiтам з Альбэртына [239] прапаведаваць усходнi абрад i каб апеку над тымi, хто хоча перахадзiць у каталiцтва, было даручана сьвятаром лацiнскага абраду.

На вялiкi жаль, у ўнiйнай працы з боку польскiх ерархаў, сьведама цi нясьведама, было зроблена шмат ня толькi памылак, але i фальшывых мерапрыемстваў. Айцы езуiты з Альбэртына, якiя надавалi тон унiйнай працы, былi настолькi загiпнатызаваныя сваiм русафiльствам, што нават у беларускай гушчы не хацелi бачыць беларусаў, а толькi расейцаў. Праўда, яны побач польскае i расейскае моваў крыху знаёмiлiся зь беларускаю моваю, але рэдка ёю карысталiся. Дзеля гэтага нават кс. Абрамовiч казаў iм: "А можа таму ваша мiсiйная праца iдзе як па груду. Што не гаворыце ўнiятам навукаў у зразумелай iм беларускай мове" (гл.: Nowe formy Unii Kościelnej w Polsce. Słonim, 1932, s. 101).

Толькi адзiн а. Неманцэвiч сапраўды шчыра адносiўся да беларускага рэлiгiйнага пытаньня, але ягоныя зьверхнiкi часта яму накiдвалi сваю бязглуздую лiнiю. Напрыклад, падчас Трэцяй Унiйнай Канфэрэнцыi ў Пiнску па загаду супэрыёра а. Неманцэвiч мусiў перакладаць свой рэфэрат, напiсаны ўжо па-беларуску, на польскую мову. Гэта дробны эпiзод, але характэрны.

Наагул слушных i няслушных закiдаў супраць айцоў езуiтаў у Альбэртыне было столькi, што iгумен манастыра быў змушаны выдаць кнiжку для свайго апраўданьня (гл.: Ks. Włodzimierz Piątkiewicz, Prawda o Albertynie. Kraków, 1932). Гэта было апраўданьне перад палякамi.

Бадай што найбольш яскравым выяўленьнем недарэчнасьцi ўнiйнае працы на Беларусi было тое, што нават Апостальскi Вiзытатар, уладыка Чарнэцкi - украiнец, - навучыўся не беларускую, а расейскую мову i да беларусаў зьвяртаўся толькi па-расейску.

Калi да ўсяго вышэй пералiчанага яшчэ дадаць розныя меркаваньнi польскiх урадоўцаў аб iхняй "рацыi стану" i вынiкаючыя з гэтага адмiнiстрацыйныя тайныя i яўныя распараджэньнi, дык будзе ясна, якая цяжкая атмасфэра ўтварылася вакол Усходнекаталiцкае царквы. Зразумела, ня ўсе палякi былi варожыя да яе. Але калi прыхiльнiкi Ўсход некаталiцкае царквы адзывалiся ў яе абароне, дык гэта выклiкала яшчэ больш вострыя выступленьнi ў прэсе яе ворагаў. Прытым выступалi ня толькi супраць нейкiх памылковых мерапрыемстваў, але супраць Усходнекаталiцкае Царквы наагул. Аб усiх гэтых выступленьнях у Рыме добра ведалi. Калi 22.VIII.1932 г. падляскi бiскуп Пшэзьдзецкi быў на аўдыенцыi ў папы Пiя ХI [240], дык папа востра асудзiў усiх тых, хто словам i пяром выступае супраць унiйнае працы, i двойчы сказаў: "Тыя не католiкi, што выступаюць супраць унiйнае працы", i дадаў: "На жаль, у радох гэтых апошнiх знайшлiся такжа духоўныя" (гл.: Pamiętnik III Konferencji… s. 19). На жаль, тыя, да каго гэтыя словы адносiлiся, не хацелi слухаць, i супрацьунiйныя выступленьнi прэсы не спынiлiся. Вядомы польскi гiсторык Халецкi [241] стараўся знайсьцi корань гэтага не [?! - А. Н.] у гiстарычных прычынах: "Яны закарэнены глыбока i якраз дзеля гэтага такiя вострыя, бо маюць за сабою традыцыю шмат стагодзьдзяў". Але пры тым ён мусiў сьцьвердзiць: "Атакi на Каталiцкую Царкву, на выдатных прадстаўнiкоў польскага бiскупства, а перадусiм на сам Апостальскi Пасад яшчэ нiколi не былi такiмi гвалтоўнымi" (гл.: Oskar Halecki, "U źródeł polskich uprzedzeń wobec akcji unijnej", Oriens, zeszyt 1, Kraków, styczeń-luty 1933, s. 8-10).

У выступленьнях супраць унiйнае акцыi часта ўспамiналася Камiсiя "Pro Russia", бо яна кiравала гэтаю працаю. Ужо сама юрысдыкцыя гэтае камiсii да беларускiх i ўкраiнскiх абшараў выклiкала агульнае незадавальненьне, а некаторыя яе распараджэньнi толькi апраўдвалi i пабольшвалi тое незадаволеньне. Ды як маглi быць задаволены, напрыклад, беларусы, калi па загаду тае камiсii беларускiя айцы марыяне пасылалiся для працы мiж расейцаў у Харбiне, а айцы езуiты, якiя так жадалi працаваць мiж расейцаў, аставаліся ў Альбэртыне? [242]

Пры тым для ажыўленьня ўнiйнае працы камiсiя "Pro Russia" нiчога канкрэтнага не зрабiла, а ў некаторых выпадках i зрабiць нiчога не магла. Напрыклад, у Вiленскай архiдыяцэзii ўжо ад 1928 г. мiтр. Ялбжыкоўскi спынiў усякую ўнiйную працу. Калi ж а. Гапановiч як архiдыяцэзiяльны мiсянэр сабраў 22 заявы праваслаўных парахаў i вернiкаў аб гатоўнасьцi перайсьцi ў Унiю, дык архiбiскуп Ялбжыкоўскi ня толькi што не прыняў, але i самога а. Гапановiча выслаў зь Вiльнi (гл.: Лiст а. Гапановiча да Сьвяцейшага Айца. Архiў Экзархату). Наагул ад 1932 г. у Вiленскай архiдыяцэзii пачалася лiквiдацыя лепшых пляцовак: Галамысьль [243], Мiкалаева [244], Зэльвяны [245], Iльля [246], Паставы [247]. Затое моцна падтрымлiвалi ўстанову кан. Бародзiча - маёнтак Мiнойты, дзе пераводзiлi праваслаўных у каталiцызм лацiнскага абраду.

У Пiнскай дыяцэзii пасьля сьмерцi бiск. Лазiнскага, калi атрымлiвалi просьбы заснаваць дзе ўсходнекаталiцкую парахвiю, дык туды пасылалi лацiнскага сьвятара, каб намовiць людзей адразу перайсьцi ў лацiнскi абрад. Так было ў Возьнiцы [248], Радзiвiловiчах [249] - людзi прапановы ня прынялi.

Усе гэтыя спрэчкi i замяшаньнi патрабавалi ад Апостальскага Пасаду сказаць сваё слова. У Рым былi выклiканыя на 3-7 кастрычнiка 1933 г. усе бiскупы з Усх. Польшчы разам з Апостальскiм Нунцыем бiск. Мармаджы [250]. Усе яны пасьля гэтых доўгiх нарадаў былi на аўдыенцыi ў папы Пiя ХI. На нарадзе не было старшынi камiсii "Pro Russia" бiск. Дэрбiньi. Ён вясною мусiў перацярпець паважны скандал у зьвязку з сваiм сакратаром а. Дойбнэрам, а ў часе нарады "мусiў аставiць Рым, каб паддацца 'паважнай апэрацыi' ў Бруксэлi".

Дымiсiя бiск. Дэрбiньi з сакратарства ў камiсii "Pro Russia" адбiлася галосным рэхам ува ўсёй эўрапэйскай прэсе. Калi нядаўна, у 1930 г., камiсiя "Pro Russia", пашыраючы свае асьпiрацыi, была аддзеленая ад Усходняй Кангрэгацыi, дык цяпер яе асьпiрацыi i абсяг дзейнасьцi пачалi зьмяншаць. У 1934 г. 29.ХII яна была прыдзелена да Кангрэгацыi Надзвычайных Справаў i абсяг працы зьменшана толькi да Савецкага Саюзу i да лацiнскага абраду.

Пасьля такiх паважных зьменаў у кiраўнiцтве трэба было чакаць i зьменаў у iнструкцыях адносна ўнiйнае працы. I гэтыя iнструкцыi зьявiлiся 27.V.1937 г. (Pro incenso studio). У iх значна дапоўнiлiся папярэднiя iнструкцыi, але iстотных зьменаў не было, бо i далей усходнекаталiцкiя парахвii пакiдалiся ў юрысдыкцыi лацiнскiх бiскупаў. Толькi цяпер бiскупы забавязаны назначыць генэральнага вiкарага для ўсходнекаталiцкiх парахвiяў i прытым спамiж усходне каталiцкага духавенства. Лацiнскiх сьвятароў забавязана належна ша наваць усходнi абрад. Бiскупаў забавязана падбаць аб падрыхтоўцы ўсход некаталiцкага духавенства. Усходнекаталiцкiм сьвятаром загадвалася ў казаньнях i катэхiзацыi карыстацца тою моваю, якою вернiкi карыстаюцца ў штодзённым жыцьцi.

Тое нямногае, што было новым у гэтай iнструкцыi для тых парахвiяў, якiя ўстаялiся да гэтага часу, магло выклiкаць надзею на лепшую будучыню. Але якраз гэты мамэнт выклiкаў з боку польскiх нацыяналiстаў новую хвалю супрацьунiйных выступленьняў.

З усяго вышэйсказанага можна бачыць ясна, чыiм творам быў новаўнiйны рух на Беларусi. Цяпер мо варта яшчэ пералiчыць усе ўсходнекаталiцкiя пляцоўкi на Беларусi, каб на канкрэтных фактах пабачыць, хто iх тварыў i хто нiшчыў. Падаю сьпiс у альфабэтычным парадку.

1. Альбэртын к. Слонiма. Вiленская архiеп. Пляцоўку адчынiлi айцы езуiты ў 1924 г. на жаданьне з Рыму. Першымi сьвятарамi былi француз а. Францiшак Буржуа [251] i беларус а. Антон Дуброўскi [252]. Але ўжо ў 1933 г. там было 55 чалавек: 9 айцоў, 8 братоў, 7 студэнтаў i 31 навiцыянтаў [253] - ажно 6 нацыянальнасьцяў. На жаль, дзеля iхняе агульнае арыентацыi на Расею, у iх расейская мова заняла ўпрывiлеяванае мейсца. Хоць айцы мусiлi вучыцца беларускае мовы, але рэдка ёю карысталiся. Таму што ў Альбэртыне надавалi агульны кiрунак унiйнай працы, дык на Альбэртын сыпалася найбольш нападаў з боку ўсiх ворагаў унiйнае працы. На жаль, мiж шматлiкiх зусiм безпадстаўных i перакручаных фактаў для нападаў, было такжа нямала зусiм слушных прычынаў для дакораў - гэта перадусiм тое, што, жывучы i працуючы мiж беларусаў, альбэртынскiя айцы мроiлi аб Расеi. Толькi ў прытулку для дзяцей, дзе працавалi сёстры полькi, беларуская мова была ўпрывiлеяваная.

На абшары альбэртынскага манастыра побач усходняй царквы пабудавана лацiнскi касьцёл, а тамтэйшыя айцы i на пiнскiх канфэрэнцыях i на старонках часапiсу "Oriens" [254] няраз падымалi пытаньне: у якiм абрадзе лепш весьцi ўнiйную працу. Хоць адказвалi рашуча ў абарону ўсх. абраду, усё гэта падрывала давер з боку насельнiцтва да iхняе шчырасьцi адносна ўсходняга каталiцтва.

2. Альпень [255]. Пiнская епархiя. Вернiкi, незадаволеныя парахам у Велямiчах264, злажылi ў 1926 г. просьбу бiскупу Лазiнскаму i хутка атрымалi ўсходнекаталiцкага параха, а. Вячаслава Аношку. Ён адразу ахвярна ўзяўся за арганiзацыю парахвiяльнага жыцьця i будову новае царквы, якую пасьвячана ў 1928 г. Актыўная праца гэтага шчырага беларускага сьвятара мела вялiкi ўплыў на ваколiчныя вёскi i таму хутка ўтварылася фiлiя ў Марылiнскiх хутарах [256]; але затое гэтая праца моцна не падабалася польскай адмiнiстрацыi i палiцыя рабiла розныя перашкоды.

3. Бабровiчы [257]. Пiнская епархiя. Вясною 1925 г. вернiкi з уласнага пачыну злажылi просьбу бiскупу Лазiнскаму, каб заснаваць у сябе ўсходнекаталiцкую парахвiю. У вёсцы была толькi старая невялiчкая каплiца. Для iнфармацыi восеньню прыехаў супэрыёр з Альбэртына а. Буржуа, адправiў Сл[ужбу] Божую i абяцаў пастарацца, каб хутка туды прыехаў сьвятар настала. Аднак замест сталага сьвятара яшчэ некалькi разоў прыяжджалi аднаразова iншыя айцы, i толькi ў студзенi 1926 г. прыехаў а. Раман Шчэсновiч, назначаны туды парахам. Ён перайшоў з праваслаўя толькi 25.VIII.1925 г. i, на жаль, паводзiўся так, што яго хутка трэба было пераносiць. На яго месца 4.VI прыслалi а. Шымкевiча [258], але i ён пабыў тут усяго 3 месяцы. Нарэшце 17.IХ.1926 г. прыслалi нядаўна высьвячанага а. Бранiслава [Баляслава. - А. Н.] Пачопку, беларускага рэлiгiйнага дзеяча. Парахвiяльнае жыцьцё пачало крыху разьвiвацца. У 1932 г. выбудавана новую царкву. Вернiкаў было 953 у Бабровiчах i суседнiх вёсках.

4. Бубель [259]. Падляская епархiя. Парахвiя заснаваная на просьбу часткi парахвiян у 1925 г., але хутка польская адмiнiстрацыя запячатала парахвiяльную царкву. Лiк вернiкаў зьменшыўся, паўсталi сваркi з праваслаўнымi, але парахвiя прадаўжала iснаваць. Багаслужэньнi адпраўлялiся ў лацiнскiм касьцёле ў Янаве [260]. У 1938 г. царкву разабрала польская адмiнiстрацыя [261].

5. Быцень [262]. Вiленская мiтр. Вернiкi з уласнага пачыну злажылi ў 1932 г. просьбу ў Вiльню, каб iм прыслалi ўсходнекаталiцкага сьвятара, але мiтр. Ялбжыкоўскi на просьбу доўга не адказваў i частка вернiкаў зьнеахвоцiлася, але паслала новую просьбу i гэтым ра зам 7.VII.1936 г. (аж чатыры гады пасьля першае просьбы) адчынена парахвiя, але ня ў быўшай унiяцкай цакве, анi ў быўшым манастыры, але ў маленькай каплiцы.

6. Вiльня. Усходнекаталiцкая парахвiя была адчыненая ў 1925 г. у пааўгустынскай царкве, i ўвесь час вялася ў чыста расейскiм духу. Там некаторы час працаваў архiмандрыт Марозаў [263]. Па яго адступстве, у 1929 г., парахвiю перанялi айцы езуiты i далей вялi працу ў расейскiм духу.

7. Гародна [264] Пiнскае епархii. Гэта парахвiя для ўкраiнскiх каланiстаў з Галiцыi [265]. Аб ёй дакладней… [266].

8. Галамысьль. Вiленская мiтр. Парахвiя мела быць адчынена на просьбу часткi парахвiян у 1928 г., але мiтр. Ялбжыкоўскi нiколi не прыслаў туды параха, паручыўшы апеку над вернiкамi лацiнскаму параху зь Дзiсны [267]. Вернiкi туды не пайшлi i парахвiя зьлiквiдавана ў 1932 г.

9. Галя [268] Падляскае епархii. Там была вельмi жывой традыцыя старое Унii i на просьбу вернiкаў адчынена ўсходнекаталiцкую парахвiю ў 1924 г. Парах, а. Мiкалай Галас [269], добра i бязьзьменна вёў працу да свае сьмерцi ў 1943 г. Вернiкаў было 1863.

10. Дакудова [270] Падляскае епархii. Вернiкi яшчэ добра памяталi, як iх сiламоц перапiсалi на праваслаўе ў 1875 г. i таму адразу пасьля вайны ў 1923 г. некалькi разоў прасiлi Падляскага бiскупа прыслаць iм усходнекаталiцкага сьвятара, але дзеля нястачы духавенства iхнюю просьбу здаволiлi толькi ў 1928 г. У мiжчасе шмат вернiкаў зьнеахвоцiлася, засталося толькi 300.

11. Далятычы Пiнскай епархii. Аб гэтай беларускай парахвii, заснаванай на просьбу вернiкаў у 1926 г., ужо ўспамiналася перш на ст. … [271].

12. Забалоцьце [272] Падляскае епархii. Гэтая невялiкая парахвiя - усяго 100 чалавек, - адчынена ў 1926 г.

13. Зарэчча [273]. Пiнская епархiя. Уласьцiва гэта жаночы манастыр новапаўсталае ў Галiцыi кангрэгацыi Мiсiянэрак Марыi [274], якiя мелi працаваць для Унii. Для iх украiнскi сьвятар а. Зэнон Калэнюк [275] купiў абток на Прыпяцi i ў 1932 г. там афiцыяльна адчынена парахвiя.

14. Збураж [276]. Пiнская епархiя. Парахвiю адчынена ў 1932 г. на просьбу групы вернiкаў. Аб ёй будзе гаварыцца на ст. … [277].

15. Зэльвяны. Вiленская мiтр. Парахвiю адчынена на просьбу вернiкаў у 1928 г., але ад 1932 г. туды больш не пасылалi параха. Парахвiю зачынiлi.

16. Iльля Вiленскае мiтр. На просьбу невялiкае групы вернiкаў парахвiю адчынена ў 1929 г., але хутка параха перанесена ў Вiльню, а парахвiю зьлiквiдавана.

17. Кастамлоты [278] Падляскае епархii. Вернiкаў сiламоц перапiсана на праваслаўных у 1875 г. Царкву перадалi католiкам толькi ў студнi 1927 г. i адразу адчынена ўсходнекаталiцкую парахвiю. Вернiкаў было ўсяго 180. За царкву ўзьнялiся спрэчкi. Калi пасьля вайны царкву ў Кастамлотах прыпiсана да Кабылянскае парахвii, вернiкi былi моцна незадаволеныя i прасiлi царкоўныя ўлады аднавiць парахвiю, але дарма. Тады зьвярнулiся да бiск. Пшэзьдзецкага.

18. Кiявец [279] Падляскае епархii. Невялiкая група вернiкаў у 1925 г. папрасiла ўсходнекаталiцкага сьвятара. Часам прыяжджалi да iх сьвятары i правiлi багаслужэньнi, але парахвii не было.

19. Карэнь [280] Падляскае епархii. Тут Унiю скасавана ў 1874 г., але вернiкi не прызналi акту касаты, хоць маскоўскiя жаўнеры жорстка катавалi iх за "ўпорства". Потым найбольш стойкiх адправiлi ў берасьцейскую турму i адчынена праваслаўную царкву, у якую даўжэйшы час людзi не хадзiлi. Дзякучы стараньням айцоў аблятаў усходнекаталiцкую парахвiю адчынена ў 1933 г.

20. Колкi [281] Пiнскае епархii. Гэта вёска прыналежная да парахвii Марылiнскiя Хутары. Там айцы студыты [282] хацелi адчынiць фiлiяльную царкву i навазiлi ўжо дрэва, але Столiнскi стараста ня даў дазволу на будову. У зьвязку з гэтым нават непрыхiльны да Унii Язэп Мацкевiч [283] пiсаў у Вiленскiм "Słowie". Рабiлi iнтэрвэнцыю ў Берасьцi i нават у Варшаве, але безь нiякага вынiку - нават не было адказу на лiст.

21. Косьная [284] Пiнскае епархii. Усходнекаталiцкую парахвiю адчынена на просьбу жыхароў усяе вёскi - каля 1000 - у 1928 г. Хоць двойчы парахi мянялiся, але парахвiя ўстоялася. У казаньнях i катэхiзацыi ўжывалася расейская [мова].

22. Курашэва [285] Пiнскай епархii. Вясною 1925 г. вернiкi прасiлi прыслаць iм усходнекаталiцкага сьвятара. Прыслалi iм а. Спытэцкага [286], быўшага манаха з Пачаеўскае лаўры [287], якi сваiмi паводзiнамi адстрашыў людзей так, што амаль уся парахвiя адпала i судом царкву перадана назад праваслаўным. Тады на мейсца а. Спытэцкага прыслалi а. Мiльлера [288], а потым а. Ржэцкага [289]. Яны абодва нават трапiлi пад суд. Гэта вернiкаў зусiм адстрашыла i ад 1932 г. парахвiя была ў стадыi лiквiдацыi, хоць туды яшчэ ў 1935 г. прыслалi а. Паньку.

23. Любяшоў [290] Пiнскае епархii. Тут знаходзiлiся руiны манастыра айцоў капуцынаў. Дзякуючы стараньням галяндзкае капуцынскае правiнцыi сюды прыехала ў 1933 г. некалькi айцоў усходняга абраду i па двох гадох цяжкае i ахвярнае працы манастыр i царква былi адрамантаваныя i ў 1935 г. урачыста пасьвячаны. У тым жа годзе айцы капуцыны адчынiлi малую сэмiнарыю, у якую адразу запiсалася 28 хлапцоў. Такая праца вельмi не спадабалася палескаму ваяводзе Костэк-Бэрнацкаму. Па ягонаму загаду супэрыёр манастыра а. Кiрыл з Тэрнэзii [291] мусiў пакiнуць Любяшоў i асялiўся ў Люблiне, i па загаду таго ж ваяводы неабходна было або зачынiць, або перанесьцi куды малую сэмiнарыю - яе перанесена ў Ломжу [292].

24. Марылiнскiя Хутары Пiнскае епархii. Там, карыстаючы з распродажы маёнткаў, пасялiлася некалькi сот украiнцаў з Галiцыi. Да iх часта прыяжджаў а. Аношка з Альпеня. Дзякуючы яго стараньням выбудавана парахвiяльны дом i ў 1931 г. прыслана туды ўкраiнскiх айцоў студытаў i перадана гэтую пляцоўку iхняй апецы. У 1932 г. афiцыяльна адчынена парахвiю. На жаль, парахi вельмi часта мянялiся - гэта адбiвалася шкодна на парахвiяльным жыцьцi. Але яшчэ больш шкодна адбiвалiся прыдзiрствы школьнае адмiнiстрацыi. Дзеля гэтых прыдзiрстваў немагчыма было адчынiць фiлiю ў в. Колкi, хоць там было даволi вернiкаў.

25. Мiкалаева Вiленскае мiтрап. Гл. Галамысьль.

26. Обрава (Аброва) [293] Пiнскае епархii. У канцы 1932 г. сяляне злажылi просьбу да Пiнскага бiскупа, каб iм прыслалi ўсход не каталiцкага сьвятара. Па загаду бiскупа а. Пачопка адправiў там Службу Божую на пачатку студзеня 1933 г., але на гэтым справа скончылася. Сьвятара туды не прыслалi.

27. Паставы Вiленскай мiтрап. На просьбу вернiкаў прыслаць усходнекаталiцкага сьвятара мiтр. Ялбжыкоўскi доўгi час не прысылаў нiкога. Потым на кароткi час прыехаў а. Шыманскi [294], а ў 1932 г. парахвiю зьлiквiдавалi.

28. Радзiвiлавiчы [295] Пiнскае епархii. Там была старая павунiяцкая зачыненая царква, а вёска прыпiсаная да Хаценiцкае царквы [296]. Незадаволеныя з гэтага сяляне на пачатку 1935 г. злажылi Пiнскаму бiскупу Букрабе просьбу прыслаць iм усходнекаталiцкага сьвятара, але бiскуп адказаў, што няма каго прыслаць туды.

29. Стаўпцы [297] Пiнскае епархii. Парахвiя адчыненая ў 1930 г. Аб ёй шмат гаворыцца на ст. … [298].

30. Сынкавiчы [299] Вiленскае мiтрап. Калi ў 1921 г. быўшую па-вунiяцкую царкву забралi ад праваслаўных i перадалi католiкам лацiнскага абраду, распачаўся рух мiж вернiкаў - каля 200 чалавек - аднавiць Унiю. На iх стараньнi ў 1926 г. адчынена ўсходнекаталiцкую парахвiю. Абедзьве карыстаюцца адной царквою.

31. Сьвiслач [300] Вiленскай мiтрап. Вернiкi доўгi час прасiлi ўсход-некаталiцкага сьвятара i афiцыяльна ў 1931 г. была адчынена парахвiя, але аж да 1939 г. параха ня мела.

32. Тараканi Пiнскае епархii. Там была прыгожая мураваная па-базылiянская царква з XVIII ст., якую ў 1921 г. вернена католiкам, але лацiнскага абраду. Незадаволеныя такою пераменаю вернiкi зьвярнулiся да Пiнскага бiск. Лазiнскага, каб заснаваць усход не каталiцкую парахвiю i пераняць сабе царкву. Iхнюю просьбу задаволена i ў 1925 г. утворана парахвiю, але, на жаль, першыя тры парахi адстрашылi частку вернiкаў. У 1932 г. iх асталося ўсяго 250, i тады назначана а. Даната Навiцкага, паляка, якi нядаўна вярнуўся з Савецкага Саюзу. Ён парахвiяльнае жыцьцё значна ажывiў, але пачаў уводзiць палянiзацыю. Аднак мiма гэтага польская адмiнiстрацыя была вельмi незадаволеная зь яго i ў 1935 г. забаранiла яму выкладаць рэлiгiю ў школе, а тым дзецям, якiя хадзiлi на выклады ў дом а. Навiцкага, настаўнiкi занiжалi паводзiны ў школе. Стараньнi ў Берасьцi i нават у Варшаве атрымаць дазвол на выклады рэлiгii асталiся безь нiякiх вынiкаў.

33. Тэрэсполь над Бугам [301] Падляскай епархii. Калi паўнiяцкую царкву ў 1918 г. вернена католiкам лацiнскага абраду, паўстала думка аднавiць усходнекаталiцкую парахвiю, але гэта сталася толькi ў 1926 г. Парахам ад 1927 г. быў а. Аркадзь Нiкольскi [302] - ён бязьзьменна працаваў тут аж да свае сьмерцi ў 1938 г.

34. Угрынiчы [303] Пiнскае епархii. Гэта была фiлiя Любяшоўскае ўсходнекаталiцкае парахвii i мая першая душпастырская пляцоўка. Аб ёй будзе гутарка пазьней на стар. …

35. Фасты [304] Вiленскае мiтрап. Парахвiя заснаваная ў 1928 г., але першы парах адстрашыў людзей. Потым яго замянiў а. Гапановiч. Праца вялася ў расейскiм духу.

У 1937 г., калi я рыхтаваўся да сьвятарства, з гэтых 35 пляцовак 9 ужо не iснавала, а некаторыя [былi] у стане лiквiдацыi. Падчас Унiйнае Канфэрэнцыi ў Пiнску старалiся нават не ўспамiнаць аб перашкодах, якiя робiць польская адмiнiстрацыя. Выглядала так, што бiскупы зусiм ня думаюць падымаць свайго голасу ў абароне ўсходнекаталiцкiх парахвiяў, хоць зьяўляюцца iхнiмi ардынарыямi. Горш таго, мiтр. Ялбжыкоўскi быў выразна непрыхiльны да ўсяе ўнiйнае працы. У яго архiдыяцэзii ўсякiмi спосабамi перацягвалi ў каталiцызм лацiнскага абраду: канонiк Любянец стварыў у Мiнойтах цэнтар гэтага перацягненьня. Пралат В. Мэйштовiч у сваёй кнiзе, выданай у Ватыкане ў 1944 г., хвалiцца, што ў Вiленскай мiтрап. перайшло ў лацiнскi абрад 60 000 праваслаўных. I гэты ж пралат усходнi каталiцызм называе "пераходнаю формаю" (гл.: Mgr. Walerian Meysztowicz, L'Église catholique en Pologne entre les deux guerres. Vatican, 1944, p. 69).

Праваслаўная царква ў Польшчы такжа не была чымсьцi сталым. Абвешчаная 17.IХ.1925 г. Аўтакефальная Праваслаўная царква ў Польшчы [305] паволi ператваралася ў Праваслаўную Польскую царкву i ад 1935 г. вялася акцыя тварэньня "праваслаўных палякаў" [306]. Праваслаўная ерархiя i духавенства былi бясьсiльныя. На Палесьсi па загаду ваяводы Костэк-Бярнацкага ў школах усiх праваслаўных пазапiсвана палякамi i нiхто, нi адна жывая душа, не запратэставала супраць такога самавольства. У iншых ваяводзтвах гэтая акцыя праводзiлася больш асьцярожна, але яна вялася ўсюды. Перад праваслаўнымi беларусамi паўставалi цёмныя пэрспэктывы: як Праваслаўная царква не была абаронцаю перад русыфiкацыяю, так яна не магла быць абаронцаю перад палянiзацыяю.

Таму, хоць мне было цяжка i прыкра пазнаць усе тыя цяжкасьцi, у якiх знаходзiцца ўнiйная праца, бачыць сумны стан некаторых усходнекаталiцкiх парахвiяў, але мне было ясна, што на Беларусi iдзе жорсткае змаганьне за душу беларускага народу i ў гэтым змаганьнi толькi Ўсходнекаталiцкая царква, нягледзячы на ўсе напады польскае адмiнiстрацыi можа нам працягнуць руку помачы з Апостальскага Пасаду. У гэткiм духу я адпраўляў мае рэкалекцыi перад сьвятарскiм сьвячаньнем.

Перад аўтаром

Зборы ў дарогу былi невялiкiя, i 23-га верасьня я ўжо ехаў у Львоў. Перш-наперш заехаў у Акадэмiю, каб там прыпынiцца на час сьвячаньня. Рэктар Акадэмii а. Iосiф Сьлiпый прыняў мяне, як свайго ўзгадаванца, вельмi гасьцiнна, i хоць Акадэмiя была перапоўнена, пры значыў мне асобны пакой.

Адразу з Акадэмii я пасьпяшыў у мiтрапалiчую палату. Мiтрапалiт Андрэй Шэптыцкi прыняў мяне адразу - на ягоным аблiччы сьвяцiлася шчырая радасьць, калi чытаў лiст бiскупа Букрабы. Гле дзячы на мiтрапалiта, не хацелася верыць, што ён моцна хворы.

- Бачыш, сыну, такi Божы правiд цябе добра вядзе, вось толькi шкадую, што я сам не магу цябе сьвяцiць, бо маё iмя ў тваiх дакумантах сьвячаньня табе магло б часам зашкодзiць. Але твае сьвячаньнi будуць у маёй каплiцы.

- Дык, Эксцэленцые, хоць багаславеце!

Мiтрапалiт пабагаславiў, i калi я цалаваў ягоную напаўспаралiжаваную правую руку, ён зь нейкiм дзiўным маўчаньнем, леваю рукою ўзяў мяне за галаву i прытулiў у сваю патрыяршую бараду.

З волi мiтрапалiта мяне меў сьвяцiць на сьвятара бiскуп Мiкiта Будка [307], дык адразу зь мiтрапалiчае палаты я пайшоў да яго. Гутарка зь бiскупам Будкаю была кароткая. Пераглянуўшы ўсе мае дакуманты i запiску мiтрапалiта, ён паведамiў, што мае першыя сьвячаньнi - лектарату [308] i субдыяканату [309] - адбудуцца ў каплiцы мiтрапалiчае палаты 3-га кастрычнiка.

Тыдзень перад тым у той жа каплiцы атрымаў першыя сьвячаньнi з рук таго ж бiскупа мой добры сябра з старэйшага курсу Акадэмii Тыматэй Працюк [310], якi ў мiжчасе ўступiў у манашы чын студытаў i цяпер атрымоўваў сьвячаньнi з рук бiск. Будкi з тых жа матываў, што i я. Такая зьбежнасьць абставiнаў мела нейкае таўро Божага правiду. Для мяне такiя абставiны мелi тую выгоду, што ня трэба было шукаць абслугi для архiрэйскае Службы Божае.

Праз тыдзень - 10 кастрычнiка - а. Тыматэй Працюк атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi, а я - дыяканат. У наступны тыдзень - 17 кастрычнiка 1937 г. - у той жа мiтрапалiчай каплiцы я атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi.

Падзякаваўшы бiскупу Мiкiту Будку, мiтрапалiту Шэптыцкаму i рэк тару Акадэмii а. Сьлiпому, падрыхтаваўшы прымiцыйныя абразкi, я вярнуўся ў Пiнск.

З усяго таго, што я да гэтага часу ведаў аб рэлiгiйным i палiтычным палажэньнi ў Заходняй Беларусi i асаблiва з таго, што я ўбачыў падчас летнiх канiкулаў у Пiнску, мне было ясна, што ў душпастырскай дзейнасьцi мяне чакаюць вялiкiя цяжкасьцi. Але ўсё ж, атрымаўшы сьвятарскiя сьвячаньнi, я цешыўся, што Бог выслухаў маю просьбу i дазволiў мне працаваць у родным краi. З такiмi думкамi я ехаў у Пiнск.

На некалькi дзён прабываньня ў Пiнску я затрымаўся зноў у сэмiнарыi i там у каплiцы служыў рэцытаваныя Службы Божыя. Згодна з даўным звычаем, пасьля першае Службы Божае я параздаваў бiскупам, прафэсарам i сэмiнарыстам Пiнскае Сэмiнарыi мае прымiцыйныя абразкi, друкаваныя па-беларуску. I вось хтосьцi гэтаю навiнаю быў так зьдзiўлены, што перадаў абразок палескаму ваяводзе Костэк-Бернацкаму. Даведаўся я аб гэтым у наступным годзе.

Прымiцыя [311]

Там жа, у Пiнску, падчас першых крокаў майго сьвятарскага жыцьця здарыўся вельмi характэрны выпадак. Аднойчы, калi я йшоў па калiдоры сэмiнарыi, насустрач iшоў духаўнiк сэмiнарыстаў - езуiт - зь невялiкаю групаю клерыкаў. Калi ён наблiзiўся да мяне, дык пачаў паказваць пальцам на маю бараду, голасна зарагатаў i гаворыць:

- Patrzcie, patrzcie, co za błazeństwo! [312].

Я спынiўся i голасна адказаў:

- Хрыстос меў яшчэ большае такое "błazeństwo". Цi вы з Хрыста так жа насьмiхаецеся?

- Chrystus, to co innego [313].

- Чаму гэта co innego?

Езуiт i клерыкi адразу змоўклi i, унурыўшы галовы, пайшлi далей. Я крыху пастаяў i глядзеў на iх i пачуў, што адзiн зь iх кажа:

- Dobrze powiedział [314].

Мне хацелася адправiць першую ўрачыстую Службу Божую ў роднай ваколiцы, таму i папрасiў бiскупа Букрабу, каб дазволiў мне на якi тыдзень паехаць дамоў. Ён ахвотна дазволiў мне пабыць удома нават два тыднi.

Першы раз я ехаў дамоў ужо ў вопратцы духоўнага, i першы раз бацькi, браты i сваякi вiталiся са мною зь нейкiм пытальным i адначасна дакорлiвым паглядам, але словамi нiякага дакору ня выказвалi. Калi я раздаваў iм прымiцыйныя абразкi, дык бралi iх зь вялiкаю пашанаю i ставiлi ў абразы на покуцi. Толькi адзiн з далейшых суседзяў выказаў сваю думку аж лiшне шчыра:

- Ну i што ты асягнуў? Вучыўся, вучыўся i папом стаўся. Навошта было патрэбна аж столькi навукi?

- Ведаеце, дзядзька, я ня поп, - казаў я па хвiлi развагi, - i зусiм ня думаю быць папом. Можа, чулi, што цяпер па-беларуску духоўных называць сьвятарамi, гэта значыць людзьмi, якiя забавязаны несьцi сваiм блiжнiм i асьвету, i сьвятасьць. Зразумела, што каб быць такiм чалавекам, трэба многа вучыцца, а яшчэ больш расьцi духова, i я напэўна вучыўся замала, каб быць годным такога высокага становiшча, якiм мае быць сьвятар. Таму вы i асьмельваецеся гаварыць з дакорам аб маiм становiшчы, але якраз таму i ваш дакор выходзiць супраць вашае гаворкi…

У хаце было шмат людзей, i гэты адказ выклiкаў грабовую моўчанку. Перабiла моўчанку старэйшая кабета i нашая далёкая сваячка:

- Ты, Iван, - так называўся сусед - гаворыш сам ня ведаеш што i мусiць не зразумеў таго, што табе адказаў… - Далей яна пачала яго дакараць аж залiшне моцна, бо таго ж дня ранiцаю яна была сьведкаю няшчаснага здарэньня, у якiм мне давялося першы раз выступiць перад маiмi сябрамi з духоўнай паслугаю. А было гэта вось як: некалькi маiх сяброў аднавяскоўцаў, ловячы рыбу ў рэчцы Вушы, знайшлi нейкага загадкавага ўтопленьнiка. Як бачыш, выцягнулi яго на бераг, i хоць ён быў ужо зусiм халодны, але меў яшчэ зусiм ружовыя ноздры, дык зьбiралiся ратаваць яго. Калi на беразе рэчкi ўчынiлася ваўтузьня i крык, я зь вясковым настаўнiкам i iнжынэрам Л. Ш. ,ылi на мосьце i неадкладна пасьпяшылi да ўтопленьнiка. Зь першага пагляду мне паказалася, што ратаваньне ўтопленьнiка больш чым сумнiўнае, дзеля гэтага я на хвiлiну спынiў спробы ратаваньня i даў умоўнае разграшэньне. I вось што было дзiўным нават для мяне: як толькi я перахрысьцiўся, усе быццам на каманду зьнялi шапкi, злажылi пабожна рукi i з такою ўвагаю сачылi за кожным маiм рухам, як гэта рэдка здараецца зь людзьмi. Калi пасьля гэтага зноў узялiся за ўтопленьнiка, выявiлася, што ён ужо быў утоплены даўно i ратаваць не было чаго. Вось жа пакiнулi яго на беразе, i быццам апраўдваючы сваё бясьсiльле перад магутнасьцю сьмерцi, настаўнiк казаў:

- Ну, але найважнейшае яму зробленае, наш айцец Леў памалiўся за яго!

А iнжынэр дадаў:

- Так, сапраўды людзi нiчога большага зрабiць для яго ня могуць.

Сваячка ўсё гэта бачыла i чула, дык цяпер прынагодна паўтарыла Iвану, дадаючы ад сябе крыху кусьлiвых заўвагаў.

Наступнага дня я адведаў мiрскага дзекана кс. Антона Мацкевiча. Ён адразу пасьля прывiтаньня запытаўся, дзе я думаю адпраўляць прымiцыю.

- Яшчэ дакладна ня ведаю, - адказаў я, - але спадзяюся, што дпраўлю ў Стаўпцах, дзеля гэтага сёньня ж еду туды.

- А чаму вам не адправiць у Мiры?

- Дык тут жа хору няма, - адказваю.

- А вы запрасеце сюды хор з Стаўпцоў; кошты падарожжа я пакрыю.

- Калi так, дык мушу даведацца ў Стаўпцах, цi гэта магчыма.

На вялiкi жаль, у Стаўпцах чакала мяне прыкрая неспадзеванка. 1937 г. тамтэйшая ўсходнекаталiцкая парахвiя хiлiлася да ўпадку. Парах а. Юстын Сялецкi з парахвiянамi быў у вялiкай нязгодзе. Зь дзяком, якi ад часу заснаваньня парахвii быў найбольш адданы парахвiяльным справам, ён так пасварыўся, што нават адмовiўся яго спавядаць на ложу сьмерцi. А калi беларусы дамагалiся ў яго, каб гаварыў казаньнi па-беларуску, як калiсьцi а. Шымкевiч, дык, паказваючы на свае зубы, казаў расейска-ўкраiнскаю "моваю":

- Хочэтэ, что бы я вашаю паганаю моваю паламал моi последнiя зубы?!

Нiчога дзiўнага, што пад кiраўнiцтвам такога параха парахвiя зьменшылася ўсяго да некалькi чалавек, а царкоўны "хор" складаўся ўсяго з трох асобаў. Вось жа было зусiм немагчыма ажыцьцявiць праект кс. дзекана i наагул мне адхацелася служыць там прымiцыю. Вярнуўся я ў Мiр зь нецiкаваю навiнаю i таго ж вечара дагаварыўся з бацькам, каб у суботу ехаць у Далятычы; гэта ад нас якiя 60 км.

Яшчэ з студэнцкiх часоў i маiх падарожжаў у Вiльню я добра ведаў Далятыцкую парахвiю i яе тагачаснага параха а. Вячаслава Аношку, якi замянiў а. Iвана Паньку 1.III.1935 г. Мой неспадзяваны прыезд у Далятычы з намерам адправiць там урачыстую прымiцыйную Службу Божую моцна ўсьцешыў а. Вячаслава i яго дзяка. Праз пару гадзiн пасьля майго прыезду ўжо ўсе Далятычы ведалi, што заўтра ў iхняй царкве будзе вялiкая ўрачыстасьць.

На Службе Божай царква была набiтая бiтком. Хор сьпяваў i прыгожа, i велiчна, i што найважнейшае - сапраўды з такiм пабожным настроем, што можна было "ўсякае жыцейскае атлажыць папячэнiе". Пасьля Эвангельля я сказаў казаньне аб абавязку чалавека iмкнуцца да сьвятасьцi; а ў канцы Службы Божае а. Вячаслаў гаварыў крыху аба мне, крыху аб сьвятарскай годнасьцi. Наагул гэтае багаслужэньне вiдавочна зрабiла вялiкае ўражэньне на ўсiх прысутных, а ў мяне пакiнула незацёрты ўспамiн.

Назаўтра ранiцаю мы паехалi дамоў, а праз тыдзень я ўжо ехаў у Пiнск па назначэньне на працу.

Першая парахвiя

У Пiнску мяне чакала ня толькi назначэньне, але i сам супэрыёр капуцынскага манастыра ў Любяшове а. Ян з Адэсы [315], у якога я меў быць вiкарым. Гэткае назначэньне мяне шчыра ўсьцешыла, бо ў манастыры я мог добра пазнаць наш абрад. Падчас маiх студыяў у Львове я меў дачыненьнi толькi з галiцыйскiм абрадам.

У Любяшове i айцы, i браты манастыра мяне прынялi сапраўды ад шчырае душы, i я цешыўся, што падчас першых крокаў мае душпастырскае працы знайшоўся ў сапраўдным будуючым асяродзьдзi. Нацыянальны склад манастыра быў такi: двох айцоў палякаў, адзiн галяндзец - заўсёды ў разьездах, - адзiн дыякан беларус, а другi неазначанае нацыянальнасьцi, двох братоў беларусаў, адзiн паляк i двох паслушнiкаў беларусаў.

Адносiны адмiнiстратыўных уладаў да ўсходнекаталiцкага капуцынскага манастыра былi вельмi варожыя. Першы супэрыёр манастыра, аднавiцель манастырскага будынку а. Кiрыл з Тэрнэзii, галяндзец, загадам палескага ваяводы быў выселены з Палескага ваяводзтва i жыў у Люблiне. Заснаваная iм малая сэмiнарыя такжа мусiла быць перанесена з абшару Палескага ваяводзтва i завандравала аж у Ломжу.

Да Любяшоўскае ўсходнекаталiцкае парахвii належала вёска Угрынiчы, адлеглая 15 км, i Аброва. Там пастаянна жылi дзьве сястры скрыткi [316], а сьвятар прыяжджаў толькi напярэдаднi сьвяточных дзён, адпраўляў у каплiцы вячэрню, у сам сьвяточны дзень - утрэню i Службу Божую з казаньнем, выконваў прынагодныя душпастырскiя запатрабаваньнi вернiкаў, адпраўляў нядзельную вячэрню i вяртаўся назад у Любяшоў. I вось мне было даручана даяжджаць у Угрынiчы.

Рэлiгiйная гiсторыя Угрынiчаў была вельмi сумная. Калi там айцы капуцыны пабудавалi царкву, дык Камень-Кашырскi староста [317] загадаў яе закрыць, бо сам жа ён перад тым ня даў дазволу на яе пабудову. I палiцыя апячатала каталiцкую царкву ў каталiцкай Польшчы. Аднак сёстры-скрыткi працавалi там далей i ўладзiлi каплiчку для свайго прыватнага ўжытку ў тым доме, дзе жылi. Тады палiцыя пачала пiсаць пратаколы на гаспадара дому i ён папрасiў сясьцёр выйсьцi зь ягонага дому, аднак знайшоўся iншы гаспадар, якi не пабаяўся пагрозаў палiцыi i прыняў на некаторы час сясьцёр, а потым яны выбудавалi сабе свой дом i ў тым доме ўладзiлi каплiчку. Вось у гэтай каплiчцы i адбывалiся багаслужэньнi, а царква стаяла запячатанаю, як немы сьведак варожых адносiнаў польскае адмiнiстрацыi да ўсходнекаталiцкага руху.

Пры гэтай нагодзе варта крыху забегчы напярод i сказаць, што i гэтая каплiца ў 1939 г. была запячатана загадам Палескага ваяводы Костэк-Бернацкага. Да таго апячатаньне каплiцы адбывалася ў такi дзень, калi ў Любяшове не было сьвятара, дык не было каму вынесьцi Найсьвяцейшае Эўхарыстыi - палiцыя гэтым не турбавалася, замкнула i запячатала Эўхарыстычнага Хрыста. З горкаю прыкрасьцю пiсаў аб гэтай падзеi польскi часапiс "Oriens" № 4, с. 125, год 1939, што "Госпад Iсус Хрыстос знайшоўся ў арышце", - i гэта ў каталiцкай дзяржаве - у Польшчы!

Мне давялося быць у Любяшове i даяжджаць у Угрынiчы толькi адзiн месяц. Аднак за гэты кароткi час я ўжо зжыўся зь людзьмi, асаблiва з моладзьдзю, дык i выяжджаць адтуль не хацелася. На ўсiх багаслужэньнях людзей была поўная каплiца, так што я гаварыў казаньнi нават на вячэрнях. Загад аб перанясеньнi на iншую працу прыйшоў зусiм неспадзевана… [318].

Царкоўнае жыцьцё [319]

"Белар[уская] Крынiца" N. 24, з 10.VI.1932, N. 26 [з] 29.VI.

Рэфэруе водзывы розных газэтаў аб жыцьцi i дзейнасьцi Прав[аслаўнай] ц[арквы] - кажа:

"Царква сталася ўстановаю бязь верных, нейкай iнстытуцыяй для рэгiстрацыi актаў стану, а з духавенства вытварыўся тып фармальна ляяльнага, але бескарыснага для верных i дзяржавы ўрадоўца. Вынiкам такога палажэньня… зьяўляецца страшэнны заняпад рэлiгiйнасьцi сярод праваслаўных беларусаў, а ў сувязi з гэтым - пашырэньне мiж iмi камунiзму, бязбожжа, амаральнасьць, праступствы i г. д.".

Прыводзячы факты, разбураючыя духовае жыцьцё праваслаўнага народу, хцiвасьцi кiруючых епархiямi кансысторыяў, аблажыўшых цэрквы вялiзарнымi падаткамi… прыходзiць да вываду, што так неабходная направа духовага жыцьця праваслаўных беларусаў магчыма толькi тады, калi замест чужынцаў кiруючыя мейсцы ў епархiях будуць заняты не беспрынцыповымi расейцамi, гатовымi ў кожную хвiлiну, дзеля кар'еры i асабiстае карысьцi, зьмянiць сваю нацыянальнасьць, а ведамыя беларускаму i ўкраiнскаму грамадзянству сапраўдныя прадстаўнiкi i сыны гэтых народаў.

Лепшая iдэовая частка духавенства перажывае страшэнную трагэдыю, але, будучы прыдушана кансысторскiмi загадамi, змушана маўчаць.

Польскае каталiцтва

"Вось 1-га верасьня сёлета (1934) а гадз. 5-6 вечарам двох маладых беларусаў-каталiкоў пашлi ў касьцёл Сьв. Яна ў Вiльнi да споведзi i трапiлi да ксяндза пралата Савiцкага. Вось-жа, калi першы зь iх стаў спавядацца па-беларуску, дык спавяднiк захаваньнем сваiм змусiў беларуса спавядацца па-польску; калi ж другi падышоў i таксама пачаў спавядацца па-беларуску, дык тады спавяднiк ужо фармальна скiпеў ад злосьцi i замест таго, каб спавядаць, пачаў лаяць беларусаў, называючы iх камунiстамi, бязбожнiкамi, паскудзтвам, брыдзячы беларускую лiтаратуру i г. д. Гэты да глыбiнi абражаючы факт пераходзiць усе гранiцы цярплiвасьцi. Бо трудна сапраўды нават у думках сабе дапусьцiць, што вытвараецца . I хто ж сапраўды зьяўляецца агiтатарам бязбожнасьцi, цi такi ксёндз-пралат, цi камунiсты!? Што за прафанацыя споведзi i сьвятынi!". а. G.

"Шлях моладзi" № 10 (70), Верасень 1934.

J.N. "Кепска будзе з "пастырамi"!

Кс. бiск. Нямiра

Летам 1936 г. вiзытаваў парахвii - у Гайнiне [320], Мядзьведзiцкае (гмiны) парахв[iяне] спаткалi яго з хлебам i сольлю i прывiталi па-беларуску - дык ён за гэта абразiўся.

"Б. Кр." 50 (691) 6.XII.1936.

Галасы прэсы аб Унii

"Пункты ў справе Унii"

Вясковец. "Бел. Крынiца" № 34, 1931, 29.Х.

"Аб рэлiгiйнай Унii на вёсцы чуваць што раз больш".

Ад iмя тых, што "ўжо разумеюць, што такое унiя", падае пункты.

"Чаго ж не павiнна быць у справе Унii?"

1. Перадусiм не павiнна быць польскага вышэйшага i нiжэйшага духавенства, якое ня хоча i слухаць аб патрэбе беларускага народу. Пад вышэйшым духавенствам разумею польскi епiскапат у нашым краю на чале з ар[ц]ыб. Ялбжыкоўскiм…

2. Другiм пунктам будзе асаблiўшы недавер беларускай iнтэлiгенцыi да езуiтаў. Ня буду гаварыць аб справядлiвасьцi цi несправядлiвасьцi гэтага недаверу, на каторы злажылася шмат гiстарычных абставiн…

3. Трэцiм нэгатыўным пунктам ёсьць праводжаньне Унii на нашых землях пад загадамi камiсii "Pro Russia". Сьведамыя беларусы баяцца ня толькi палянiзацыi, але i русiфiкацыi.

* * *

1. Першым пазытыўным дзейнiкам, безь якога масавага пашырэньня унii трудна сабе прадставiць, ёсьць стварэньне беларускага ўнiяцкага бiскупства, незалежна ад польскiх бiскупаў, а толькi ад Апостальскай сталiцы…

2. Унiйнай работай павiнна кiраваць духавенства беларускае…

Мiнойты

Гэты звычайны польскi маёнтак [321] з каплiцаю [322] ў Лiдзкiм пав. Не бязь ведама вiленскага арцыб. Ялбжыкоўскага там асеў кс. канонiк К[араль] Любянец i ўзяўся наварочваць праваслаўных беларусаў на каталiцтва ў лац. абрадзе.

Той жа канонiк заўзята змагаецца з Унiяю, выдаючы i пашыраючы лiстоўкi i брашуры супрацьунiйнага зьместу.

Ведама такжа, што гэткая палiтыка да ўспадобы палескаму ваяводзе Костэк-Бернацкаму.

А Гэнрык Любянец напiсаў цэлую кнiгу супраць Унii: "Droga na Wschód Rzymu".

Рэлiгiйная праблема

Каго як каго, але студэнта багасловii мусiла цiкавiць рэлiгiйная праблема на Беларусi; праблема, створаная цяжкiмi гiстарычнымi падзеямi i яшчэ цяжэйшымi сучаснымi абставiнамi. Праваславiе сталася "рускаю вераю", каталiцызм - "польскаю вераю". Рэлiгiя была ўпрэжана ў палiтычныя пляны нашых суседзяў, каб вынарадаўляць беларусаў. I гэткае грубае зьняважлiвае прызначэньне рэлiгii кiраўнiкi абедзьвёх цэ[р]кваў абстойвалi ўсiмi магчымымi i немагчымымi канонамi, пастановамi, прыпiсамi, распараджэньнямi. Да таго шматлiкiя парахi, i праваслаўныя, i каталiцкiя, лiчылi парахвii сродкам да нажывы. У багацейшых каталiцкiх парахвiях гэта ня так кiдалася ў вочы, але ў бяднейшых, асаблiва ў праваслаўных, на гэтым тле здаралiся сапраўды ганебныя ўчынкi. Аднойчы ў нашай вёсцы падчас споведзi на Вялiкдзень бедная дзяўчына палажыла замест 50 гр. усяго 30 гр. I вось духоўны накiнуўся на яе з лаянкаю:

- Ты знаеш[ь], что ты сделала? Ты ж в самого Господа Нашего Iсуса Христа уваравала 20 гр. И тепер[ь] после исповеди ты большая грешница, чем перед исповедью…

Дзяўчына то чырванела, то бялела i не магла баранiцца. Не сказала, што анi яна, анi яе бацькi ня мелi больш гроша пры душы i ня мелi за што солi купiць. Ад таго часу яна больш да споведзi не хадзiла.

Пэўна ж, праваслаўнае духавенства, маючы жонку i дзяцей, мусiла старацца здабыць пражыцьцё для сям'i, мусiла яшчэ плацiць у кансiсторыю, але сваiмi грубiянскiмi адносiнамi i задзiрствам яны самi выганялi людзей зь сьвятыняў i тым самым пазбаўлялi сябе даходаў. Амаль усюды ў тых парахвiях, дзе духавенства не таргавалася за выконваньне сьвятых Тайнаў, сьвятынi нiколi не пуставалi i парахi не наракалi на беднасьць.

Жуткi абраз паняволеньня

У Збуражы больш чым дзе кiдалася ў вочы калянiяльная польская палiтыка адносна Беларусi. Сялянства было беднае i не магло мець нiякае надзеi на паляпшэньне свае долi. А што чакала моладзь? - Яшчэ горшая бядота i свае зямлi вельмi ма[ла]. Нiякiх заработкаў у ваколiцы. Навакольных памешчыкаў мала i тыя мелi невялiкiя маг[чымасьцi] (?), плацiлi за працу так мала, што i на харчы не выстарчала. Нiякiх фабрыкаў у ваколiцы. Наагул палякi за час акупацыi Заходняе Беларусi не збудавалi нiводнае новае фабрыкi. Наадварот, нават шматлiкiя дробныя прадпрыемствы, якiя iснавалi перш, - зачынены або самi пазачынялiся. Вiленская Гандлёва-Прамысловая Палата падавала, што з 770 прадпрыемстваў, якiя былi на абшары Зах. Беларусi да 1914 г., у 1929 асталося толькi 249.

Епархiя i ерархi

Абшар пiнскага лацiнскага бiску[п]ства перш належаў да Менскае епархii. Як самастойнае бiскупства яно было створана ў 1924 г. i першым яго ерархам быў бiск. Жыгiмонт Лазiнскi. Ён у лiстападзе 1918 г. заснаваў першую на Беларусi каталiцкую беларускую сэмiнарыю, рэктарам якое быў а. д-р Фабiян Абрантовiч. Варта заўважыць, што нават сам бiск. Лазiнскi 6.XII.1918 г. сказаў у Менскай катэдры казаньне па-беларуску.

Калi ж у Менску аставалася бальшавiцкая ўлада i разам з гэтым прасьледаваньне рэлiгiй, бiск. Лазiнскi ўцёк у Заходнюю Беларусь - у Наваградак, а потым пераехаў у Пiнск. Разам зь iм перанесена туды i cэмiнарыю. Але ўжо ў Наваградку яе пачалi палянiзаваць, а ў Пiнску ад колiшняе беларускае сэмiнарыi асталiся толькi выклады беларускае мовы. Аднак i гэта шматлiкiм польскiм дзеячам моцна не падабалася. I вось аднойчы да бiскупа Лазiнскага зьявiўся якiсьцi генэрал з Варшавы i пачаў яго моцна дакараць, што ён "цацкаецца" зь беларусамi. Нарэшце, падняўшы голас, генэрал крычаў:

- Я вам кажу, што няма нiякае патрэбы цацкацца з гэтымi беларусамi, бо праз 20 гадоў тут ня будзе нiводнага беларуса!

Бiскуп такжа падняў голас.

- А я вас запэўняю, пане генэрале, што праз дваццаць гадоў тут ня будзе нiводнага паляка.

- Як?! - усклiкнуў генэрал.

- А так, што дайце мне супакой, i калi ласка, зачынiце дзьверы з другога боку.

Генэрал выскачыў з канцылярыi бiскупа як апараны i аб сваёй гутарцы пажалiўся аднаму канонiку.

Усюды ганяюць, усюды сьмяюцца, ну проста хоць крыкнi "ратуй".

Беларусь была замен[ен]а ў калёнiю, але гэтага было замала. Ужо ад пару гадоў iснавала ў Варшаве "Liga Morska i Kolonialna" [323], якая падбухторвала грамадзкую апiнiю, што Польшча патрабуе калёнiяў у […] i Азii. Беларусь мела […].

I пры ўсiм гэтым вельмi вымоўнае выяўленьне глыбокага перакананьня, што Беларусь будзе страчана.

Нiводнае новае фабр[ыкi], нiводнае […]. Эксплюатацыя багацьцяў лесу i iнш. - амаль грабеж.

ЧАСТКА II. ПАД САВЕТАМI [324]

У савецкiх школах

Сядзець удома без работы было немагчыма [325]. Трэба шукаць нейкую працу. Мне было ведама, што найбольшую нястачу кадраў адчувалася ў школьнiцтве, таму што аграмадная колькасьць польскiх настаўнiкаў паўцякала, а беларусаў было мала. Прыпадкам я даведаўся, што ў Слонiме нават манашкам, якiя прыпрацоўвалi ў школах, дазволена працаваць i далей у школах, толькi трэба было пераапрануцца ў сьвецкую вопратку. У Наваградку адзiн ксёндз быў запрошаны выкладаць лацiнскую мову. Вось жа i я пастанавiў шукаць працы ў школах. Але першыя мае пошукi выявiлi, што я яшчэ замала ведаў савецкую сыстэму.

Каб ведаць, дзе i як найлепш знайсьцi працу, я зьвярнуўся для iнфармацыi да кiраўнiка 10-годкi ў Мiры. Ён катэгарычна заявiў, што гэта анiяк немагчыма i нават ня раiў iсьцi да iнспэктара районо. Мiрскі раён [326] быў малы, i тут ужо школы ўсюды працавалi, дык сапраўды ня варта было iсьцi да iнспэктара. Большым быў Стаўпецкi раён, вось жа я паехаў туды. Там начальнiкам районо быў прысланы з Усх. Беларусi. Ён рашуча адмовiў мне працу, хоць прымаў на працу людзей амаль няграматных з 2-х класных царскiх школаў.

Доўга не адкладаючы, я паехаў у абласны цэнтар Наваградак. Там было облоно. Але тут, як у Стаўпцах, начальнiцаю была жанчына з Усх. Беларусi - Гусарава (?) - i да таго вельмi варожая да духавенства. Яна казала, што нават псаломшчыкаў не прымае, а аб сьвятарах дык i гутаркi быць ня можа. Было сапраўды дзiўна глядзець, як гэтая савецкая начальнiца тут жа прымала на працу настаўнiкаў людзей, якiя самi не маглi напiсаць заявы i адкiдала чалавека з вышэйшай асьветай. На першы погляд гэта выдавалася бязглуздым, але такое становiшча лягiчна выплывала з усяе бязглуздае савецкае сыстэмы.

Ня маючы нiчога да страчаньня, я паехаў яшчэ ў Баранавiчы - там такжа было облоно, але ягоным начальнiкам быў украiнец. I вось тут неспадзевана пасьля прывiтаньня i кароткае вуснае iнфармацыi аб сабе, ён мне кажа:

- Дык вы з Наваградзкае Беларускае Гiмназii, гэта добра, бо нам вельмi патрэбны настаўнiк беларускае мовы. Але, кажаце, як жа вы маглi трапiць у Аўстрыю на навуку?

- Я меў стыпэндыю ад мiтр. Шэптыцкага.

- А вы яго добра зналi?

- Так, знаў вельмi добра.

- Калi так, дык магу вам запрапанаваць мейсца ў сярэдняй Гандлёвай школе ў Баранавiчах.

- Добра. Шчыра дзякую.

Празь якую гадзiну я ўжо меў накiраваньне на працу, а на наступны дзень зьявiўся ў дырэктара Гандлёвае Школы - Крушынскага.

Ня знаю, цi разважна я зрабiў, цi не, але я не згалiў барады i праз гэта заўсёды прыцягваў да сябе лiшнюю ўвагу. I настаўнiкi i вучнi адразу старалiся выясьнiць "загадку": што гэта за новы настаўнiк з барадою? Але ў Гандлёвай школе адносiны да мяне i вучняў, i настаўнiкаў былi зусiм добрыя, нягледзячы на тое, што там было шмат палякаў, якiя да беларускае мовы адносiлiся непрыхiльна.

Таму што ў Баранавiчах сапраўды вельмi адчувалася нястача настаўнiкаў беларускае мовы, а ўва ўсiх школах беларуская мова выкладалася, дык хутка мне далi дадатковую працу ў вячэрнiх курсах расейскае i беларускае моваў i ў школе мэдыцынскiх сясьцёр - там яшчэ на дадатак трэба было выкладаць i лацiнскую мову. I на дадатак у вячэрняй сямiгадовай школе даручана выкладаць бiялёгiю.

Вячэрнiя курсы моваў шмат у чым розьнiлiся ад дзённых школаў. Калi ў дзённых школах вучнi зацiкаўлены ведаць добра ўсе прадметы, якiя выкладаюцца ў школе, прынамсi ня толькi каб мець зь iх добрыя адзнакi, дык на вячэрнiх курсах моваў былi нованабраныя савецкiя ўрадоўцы, якiя хацелi падвучыцца толькi тое, што для iх было патрэбна. I вось ужо на першай лекцыi выявiлася адразу, што яны хочуць вучыць толькi расейскую мову, бо такi дух панаваў ува ўсiх тых установах, дзе яны працавалi. На курсах было каля 40 чалавек - усе з Баранавiчаў [i] акругi. Склад курсантаў быў вельмi разнаякi: двох было з унiвэрсытэцкаю асьветаю, каля дзясятка зь сярэдняю асьветаю, рэшта зь нiжэйшаю i 2 прыбiральнiцы з НКВД ледва ўмелi расьпiсацца. Было сапраўды вельмi цяжка выбраць спосаб выкладаньня, якi б мог задаволiць усiх. Было вельмi прыкра чуць, як некалькi дзяўчат-жыдовак на першай лаўцы казалi голасна:

- Беларуская мова брыдкая i нам непатрэбная, дык нашто яе нам вучыць?

I мне здалося, што гэта не дзяўчаты гавораць, але празь iх вусны гаворыць сьвецкая ўлада. Дзеля гэтага наступную лекцыю я распачаў кароткiм уступам:

- Перш чым зачаць лекцыю, я хачу вам адказаць на вашыя засьцярогi адносна беларускае мовы. Некаторыя з вас казалi, што яна брыдкая, iншыя - што яна вам непатрэбная, але ж вы працуеце ў розных установах, якiя маюць дачыненьне зь беларускiм народам, дык як жа ня ведаць мовы таго народу, зь якiм вы штодзённа маеце розныя справы? Гэта ж было б зьнявагаю таго гаротнага народу, якi столькi цярпеў зьдзекаў i якi чуў кпiны i зьнявагi да сябе самых i да свае "мужыцкае" мовы ад царскiх чыноўнiкаў i польскiх паноў. Тыя ганьбiлi яго мову, абзывалi яе рознымi абразьлiвымi словамi. Дык савецкiм служачым, якiя маюць абараняць сялян i работнiкаў, зусiм не да твару патураць царскiм чыноўнiкам цi польскiм панам i адносiцца зьняважлiва да беларускае мовы. I я думаю, што ў савецкiх установах не павiнна быць мейсца анi для расейскiх чарнасоценцаў, анi для польскiх шавiнiстаў. А другая справа, цi беларуская мова прыгожая цi не - вось паслухайце верш Янкi Купалы "Курган" i потым мне скажаце.

Я прачытаў так верш, як толькi мог, i калi яго скончыў, у клясе была мёртвая цiшыня, а дзеўкi-жыдоўкi на першай лаўцы ўкрадкам выцiралi сьлёзы.

Па хвiлiне маўчаньня на маё запытаньне, цi гэта брыдкая мова, усе прызналi:

- Гэта вельмi прыгожая мова. Вельмi прыгожа!

- Добра, але каб у далейшым я ведаў, для каго я маю выкладаць i як выкладаць, скажэце мне, хто не хацеў бы прыходзiць на лекцыi беларускае м[овы].

- Будзем прыходзiць, - казалi ўсе за выняткам прыбiральнiцаў з НКВД - яны маўчалi.

Пасьля гэтае лекцыi трох хлопцаў затрымалi мяне на карыдоры i шчыра дзякавалi:

- Такая гутарка лепш чым усякiя граматыкi i правапiсы, - казалi наперабой.

У школе мэдыцынскiх сясьцёр былi iншыя цяжкасьцi. Хоць школа рыхтавалася беларускаю, але ўсе настаўнiкi за выняткам мяне выкладалi па-расейску. Так праяўлялася крывадушнасьць савецкае ўлады: гаварыць адно, а рабiць другое.

Так у турботах мiнуў першы месяц мае працы ў савецкiх школах. Усiм настаўнiкам у Баранавiчах у канцы сьнежня выплацiлi зарабатную плату польскiмi грашыма i даслоўна некалькi дзён пасьля выплаты ўняважнiлi польскую валюту. Усе стараньнi, каб хоць частку тых грошаў замянiць на савецкую валюту кончылiся нiчым. Жывi з чаго хочаш, i як хочаш… Савецкая ўлада паказвае сваё сапраўднае аблiчча.

Для школьнiцтва Заходняе Беларусi важнаю датаю быў новы 1940 г. Падчас навагоднiх канiкулаў было абвешчана, што ўва ўсёй Заходняй Беларусi ўводзiцца беларуская савецкая сыстэма. Пры тым некаторыя школы, якiя не адказвалi гэтай сыстэме, былi зьлiквiдаваны, у тым лiку i Гандлёвая Школа, дзе я выкладаў. Мяне перавялi на выкладчыка беларускае мовы ў расейскую 10-годку.

Згодна з савецкаю сыстэмаю з нагоды "беларусiзацыi" школаў быў арганiзаваны мiтынг усiх настаўнiкаў з Баранавiч, i на мiтынг прыехаў высокi ўрадавец з наркамату асьветы зь Менску - Вадэйка. Ён адчынiў мiтынг i, на зьдзiўленьне ўсiх, прамаўляў па-расейску. Больш наглядных кпiнаў з тае беларусiзацыi нельга было i выдумаць. Пасьля ягонае прамовы пачалi прамаўляць настаўнiкi. Некаторыя гаварылi па-расейску, некаторыя па-беларуску, але большасьць гаварыла толькi аб тым, як гэта было дрэнна ў панскай Польшчы. Было прыкра слухаць гэтае пералiваньне з пустога ў парожнае, i ў мяне засьвярбеў язык. Мне далi слова па-за чаргою. Маё кароткае выступленьне моцна розьнiлася ад маiх папярэднiкаў. Хоць я рыскаваў, але хацелася паказаць, што нягледзячы на ўсякiя небясьпекi "жыва яшчэ душа ў народзе гэтым".

Кароткi зьмест майго выступленьня быў такi: Нам было вельмi прыемна пачуць вестку, што школьнiцтва ў Зах[одняй] Беларусi мае быць беларусiзавана, але было вельмi дзiўна, што тав. Вадэйка гаварыў аб гэтым па-расейску. Мае папярэднiкi на гэтай трыбуне шмат гаварылi аб лiхой долi, якую мы перажылi пад палякамi. Гэта шчырая праўда, але ж нас паклiкалi сюды, каб выказацца адносна новых зьменаў у школьнiцтве, аб чым амаль нiхто нiчога не казаў i таму я аб гэтым хачу сказаць некалькi слоў. Я перакананы, што абвешчаная зьмена адказвае найжывейшым i найшчырэйшым жаданьням беларускага народу. Бо ж яшчэ перад Кастрычнiцкаю рэвалюцыяю Я. Купала пiсаў:

"К свабодзе, роўнасьцi i знаньню

Мы працярэбiм сабе сьлед.

I будзе ўнукаў панаваньне,

Там, дзе сягоньня плача дзед".

Колькi ж гэта было стараньня ў Зах[одняй] Б[еларусi], кабадчынiць там школы, наколькi незьлiчона дэклярацы[яў] [327]. Цяпер адчыняецца ня сьлед, але шырокi шлях.

Але той жа Купала пры iншай нагодзе пiсаў аб змагарах:

"Iдзем, брыдзем, а на дарозе,

То корч, то камень, то бадыль,

У брата станеш на парозе,

А ён, табе, о Божа крый!" [328].

Я думаю, што ўсiм тым, хто перажыў цяжкiя часы, хацелася б каб цяпер ужо не было тых нi корчаў, нi бадылёў, нi каменьняў на тым шляху, якi вядзе да лепшае будучынi.

Мая прапанова выклiкала буру. Адны горача вiталi, iншыя казалi, што яна была нацыяналiстычная. Апошняе слова на мiтынгу меў Вадэйка i, дзiўна, гаварыў па-беларуску. Ён шкадаваў, што на адкрыцьцi гаварыў па-расейску, а ў канцы напаў на мяне, называючы маё выступленьне шкодным. Мне было дзiўна, што пасьля такога выступленьня не адклiкалi майго назначэньня ў расейскую дзесяцiгодку.

Першае знаёмства з расейскаю дзесяцiгодкаю выявiла, што там аграмадную большасьць вучняў складалi беларусы. Прытым вучняў за пiсалася больш, чым было мейсц, а ў беларускай дзесяцiгодцы № 1 iх было замала. Бо агульна ўжо было ведама, што бальшавiкi адносяцца варожа да беларускасьцi, таму шмат хто баяўся беларускiх школаў, каб ня мець прыкрасьцi ад уладаў. Баязьнь да беларускасьцi ў вучняў расейскае дзесяцiгодкi была такая, што спачатку яны адносiлi[ся] непрыхiльна нават да выкладаў беларускае мовы i да мяне як да выкладчыка. Але хутка гэтая непрыхiльнасьць замянiлася ў прыязьнь.

У школах адразу арганiзавалiся гурткi пiянэраў i камсамольцаў i ладзiлi антырэлiгiйныя лекцыi. У зьвязку з гэтым вучнi часта сам на сам пыталiся ў мяне, што маюць рабiць, калi iх прымушаюць йсьцi туды, куды яны не хацелi.

Маё настаўнiцтва ў сьвецкiх школах трывала нядоўга. У канцы студзеня 1940 г. адбылiся зьмены ў аблоно i гороно. На мейсца Нахвацкага быў прысланы зь Менску камунiст Кобля. Даведаўшыся, што ў лiку падуладных яму настаўнiкаў ёсьць сьвятар, ён хутка паклiкаў мяне да сябе на размову.

- Як жа з вашым сьветапаглядам? - пытаўся т. Кобля пасьля прывiтаньня.

- Сьветапагляд хутка не зьмяняецца, - адказаў я корат[ка].

- Дык вы не адроклiся свайго сану?

- Не.

- А цi маглi б вы зрабiць публiчны даклад аб шкоднасьцi Царквыдля народу. Вы ж напэўна ведаеце гiсторыю Царквы i ведаеце шмат фактаў аб яе вялiкай шкоднасьцi.

- Гiсторыю Царквы я ведаю даволi добра i ведаю нямала фактаў, калi паасобныя духоўныя рабiлi дрэнна, але iх Царква асуджала, як камунiстычная партыя асуджала тых, што адхiляюцца ад партыйнае лiнii i дзейнiчалi на шкоду народу.

Зрабiўшы кiслую мiну, т. Кобля маўчаў. Разьвiталiся мы холадна, а праз два днi я атрымаў лiст з районо аб звальненьнi з працы. Калi аб гэтым даведалiся вучнi, адразу намервалiся выслаць дэлегацыю ў аблоно, каб там адклiкалi пастанову районо, але я iм адраiў гэта рабiць, бо ўсё раўно пастановы аб звальненьнi не адклiчуць, а вучням могуць зрабiць прыкрасьць. Ды i мне самому не хацелася далей быць савецкiм настаўнiкам. Культ Сталiна i культ бальшавiцкае ўлады ператвараў усе падсавецкiя лiтаратуры, а беларускую ў асаблiвасьцi, у нейкую прытарную агiтацыю. Таксама i ў граматыцы ўсе практыкаваньнi былi перапоўнены агiтацыяю. Калi да новага году яшчэ была магчымасьць самому выбiраць матэрыял для практыкаваньняў i для лiтаратуры, дык ад студзеня 1940 г. праграма дакладна азначала матэрыял, якi трэба было падаваць вучням. Таму звальненьне з настаўнiцтва я прыняў з палёгкаю на сэрцы.

Да таго ўжо маею асобаю пачыналi цiкавiцца якiясь няведамыя мне людзi. Адпраўляў я Службу Божую толькi ў нядзелi i ў часе мiж раньняю i сьпяванаю мшою, калi ў касьцёле амаль нiкога не было. Але на Каляды касьцёл увесь час быў поўны i для шмат каго была немалая сэнсацыя ўбачыць савецкага настаўнiка, якi адпраўляў Службу Божую. Паколькi яшчэ ў Зах. Беларусi моцнага перасьледаваньня не было, мне не хацелася хавацца з маiм сьвятарствам, аб гэтым будзе сказана больш у разьдзеле "Голад Бога".

У Баранавiцкiм музэi

У расейскай дзесяцiгодцы разам са мною працаваў Турскi [329], арганiзатар музэю ў Баранавiчах. Як толькi ён даведаўся, што мяне звольнiлi з настаўнiцтва, дык сам запрапанаваў працу ў музэi, бо ён якраз зьбiраў кадры супрацаўнiкоў згодна з iнструкцыяю наркамату культуры. За польскiх часаў гэты музэй абслугоўвала двох чалавек, а цяпер кадры разрасьлiся да 8 чалавек. Ужо шэсьць чалавек Турскi дабраў i бракавала толькi аднаго малодшага навуковага супрацаўнiка i рэстаўратара. Я ахвотна згадзiўся працаваць малодшым навуковым супрацаўнiком.

Першы тыдзень уласьцiва не было нiякае працы i ўсе супрацаўнiкi музэю праводзiлi час або ў гутарках, або ў чытаньнi якiх музэйных рэдкасьцяў. Я скарыстаў з гэтага, каб абзнаёмiцца з архэалогiяю i музэйнаю працаю.

Часам трэба было такжа выпаўняць розныя анкеты. Пры гэтым выяўлялася сапраўднае аблiчча савецкае ўлады. Напрыклад, у анкеце кадраў замест нацыянальнасьцi былi ўсяго дзьве рубрыкi: рускiя, iншыя. Тут расейскi расiзм пераплюнуў i гiтлераўскi, i паўднёва-афрыканскi расiзм. Трэба мець на ўвазе, што гэтая анкета адносiлася да ўстановы ў БССР.

Усе экспанаты музэю складалiся з тых рэчаў, якiя сабраў да вайны Турскi. А з тых музэйных рэчаў, якiя былi разграблены ў маёнтках магнатаў, нiчога ў Баранавiцкi музэй ня трапiла. З другога боку, i сам Турскi некаторыя больш вартасныя рэчы, як, напрыклад, беларускi старадрук з XVII ст., трымаў у сябе ўдома. Аднак экспанатаў i так было больш, чым можна iх было выставiць у невялiкiм доме, прызначаным пад музэй.

Мне здавалася, што ў музэi нiхто мяне ня будзе турбаваць, але, на вялiкi жаль, сталася iнакш. На другi месяц мае музэйнае працы пачалi часьцей заглядаць у музэй розныя начальнiкi з аблвыканкама. Аднойчы пасьля такiх адведзiнаў Турскага паклiкалi ў аблвыканкам. На другi дзень ён прыйшоў у музэй прыгноблены, бо яго начальства вылаяла за тое, што "музэйныя кадры вельмi засьмечаны". Ясна было, што тым "сьмецьцем" была мая асоба. I сапраўды два тыднi пасьля мяне звольнi[лi] з працы, не падаючы нiякiх прычынаў.

Дарэмныя пошукi працы

Ня знаючы яшчэ належна савецкае ўлады, мне здавалася, што пры той нястачы iнтэлiгенцыi, якая адчувалася ў Зах. Беларусi, знайсь цi працу ня будзе вялiкiх цяжкасьцяў. Побач адмiнiстратыўных установаў арганiзоўвалiся шматлiкiя арцелi i дробныя фабрыкi. Усюды патрабавалi бухгальтараў, а я бухгальтэрыю ведаў добра. У баранавiцкай газэце "Чырвоная звязда" [330] было нямала абвестак з за патрабаваньнем бухгальтараў. Выпiсаўшы адтуль некалькi найбольш мне адпаведных адрасаў, я пайшоў шукаць шчасьця. I ўсюды паўтаралася тая самая гiсторыя. Як толькi начальства пачула, што зьявiўся бухгальтар, радасна мяне вiталi, але як толькi, зiрнуўшы ў паспарт, даведвалiся, што я "служыцель рэлiг[iйнага] культу", казалi па адказ прыйсьцi заўтра, а заўтра заяўлялi, што ўжо знайшлi сабе iншага бухгальтара. Так каля двох тыдняў я вандраваў па розных бюрах.

Ходзячы [па] гэтых бюрах i ўстановах, можна было наглядна пераканацца, як за кароткi час панасылана з Усходу усякiх начальнiкаў, сакратароў, кiраўнiкоў, iнструктараў i асаблiва так званых адказных работнiкаў. Цi было больш з Усходняй Беларусi цi з РСФСР - цяжка сказаць. Але наогул я меў такое ўражэньне, што ў нiводнай калёнii мэтраполiя ня мела [с]толькi сваiх людзей, колькi было прыслана ў Зах. Беларусь за пару месяцаў.

Адзiн з тых прысланых - начальнiк воблторгу, якi жыў у суседнiм доме i зь якiм я часта спатыкаўся, - у прыватнай гутарцы мне сказаў:

- Вы дарэмна шукаеце працы ў канцылярыi цi ў якой установе. Вам нiводзiн начальнiк гэткае працы ня дасьць, бо ёсьць няпiсаны закон, паводле якога той, хто дасьць духоўнаму працу ў савецкай установе, атрымае сам тры гады прымусовых работ.

Раз iснуе такое права, нiчога ня зробiш. Цяпер я пераканаўся, як я мала ведаў савецкую ўладу i як зусiм ня быў падрыхтаваны працаваць у катакомбах. Дамоў ехаць я не сьпяшаўся, бо там маё становiшча было шмат горшым, чым у Баранавiчах.

Вывазы i арышты

Як толькi ўсталявалася савецкая ўлада, ужо зь першых жа дзён пачалiся вывазы сем'яў палiцыянтаў, лясьнiчых, калянiстаў i магнатаў. Гэта было для ўсiх самазразумелым. Але хутка пачалiся вы вазы багацейшых сялянаў. Людзi са страхам пыталiся: за што? I не знаходзiлi iншага адказу, як толькi той, што прычынаю вывазу было багацьце. Але якое ж было дзiва, калi пачалi арыштоўваць быўшых дзеячаў КПЗБ i беларускую iнтэлiгенцыю. У Наваградку былi ведамы Пранько [331] i Волько, якiя за прыналежнасьць да КПЗБ сядзелi больш у польскiх турмах, чым былi на волi. I вось iх аднаго дня арыштавалi. Чуваць было, што ў iншых раёнах дзеялася тое самае. Адзiн вясковы хлопец, працуючы ў Баранавiчах, неяк запрыязьнiўся з энкавэдыстам i, калi арыштавалi быўшага сябру з КПЗБ, пытаўся ў таго энкавэдыста, чаму гэта так робiцца. Той, будучы падвыпiўшы, паляпаў яго па плячы i сказаў:

- Ты, брат, яшчэ ня знаеш савецкае ўлады. Нам патрэбны людзi, якiя паслушна выковаюць усё, што iм начальства загадае, а тыя, што не баялiся польскiх турмаў, яны i нас ня вельмi слухаюць i крытыкуюць. Дык вось iм трэба прайсьцi савецкую школу ў савецкiх турмах. Зразумеў?

Так казаў па шчырасьцi энкавэдыст, але афiцыяльна як прычыну арыштаў падавалi быццам нейкiя забавязаньнi, якiя тыя камунiсты нiбыта мелi падпiсаць перад выхадам з польскае турмы ў 1939 г., калi ўжо КПЗБ была разьвязана.

Дзеля тых самых прычынаў арыштоўвалi i беларускую нацыянальную iнтэлiгенцыю. Але калi арыштавалi абласнога (акруговага) вэтэрынарнага д-ра Мiкалая Орсу, быўшага дэлегата на зьезду ў Беласток[у] [332], дык людзi пачалi пытацца:

- Што ж гэта дзеецца?

Арыштавалi яго зпадцiшка не ў Баранавiчах, а ў Стаўпцах, куды яго накiравалi па "кама[н]дзiроўцы". Але чым больш тайна рабiлiся такiя арышты, тым больш аб iх было гутаркi.

I трэба ж было так здарыцца, што пару тыдняў пасьля арышту сп. Орсы, я неспадзевана стрэнуў на Савецкай вулiцы майго i Орсы школьнага сябра з Наваградзкай гiмназii Алеся Мараўскага [333] ў форме НКВД. Я аж прыстаў са зьдзiўленьня. I ён затрымаўся.

- Што глядзiш так, не пазнаеш? - пытаець.

- Як не пазнаць, каб Мараўскага не пазнаў?

- Мусiць дзiвiшся, што служу ў НКВД?

- Гэта ты ўгадаў.

- Няма чаго дзiвiцца.

- Слухай, а ты чуў, што Мiколу Орсу арыштавалi?

- Як-жа, каб будучы ў НКВД ды ня чуў?

- Ну скажы мне, але шчыра, па-сяброўс[ку], за што яго маглi арыштаваць?

- Мусiць, было за што, калi арыштавалi, - адказаў, унурыўшы галаву.

- Алесь, ты так гаворыш, як бы мне зусiм ня верыў.

- Хiба табе што палягчэе, калi скажу?

- Пэўна што палягчэе, бо я хачу ведаць праўду аб маiм, зрэшты, i тваiм добрым сябры.

- Ён пачаў займацца контррэвалюцыйнаю дзейнасьцю.

- Алесь, ты гаворыш глупства, у якое, напэўна, i сам ня верыш.

- Я табе кажу, што гэта так.

Я бачыў, што зь iм больш не было сэнсу гаварыць. Вучыўся ён заўсёды слаба i службу сабе выбраў лiха ведае якую. Прыкра было, што такi чалавек быў калiсь сябрам.

Тым часам вывазы ў Сiбiр i Казахстан паўтаралiся хваля за хваляю [334]. А таму што Баранавiчы, як вузлавая станцыя, была зборным пунктам для адсылкi канвояў, дык тут жуткае вiдовiшча вывожваных сем'яў усьцяж сеяла прыгноблючую атмасфэру.

Гэта якраз i была атмасфэра савецкага раю.

Голад Бога

У доме настаўнiка, дзе я жыў у Баранавiчах, пасялiўся такжа ваенны пракурор зь сям'ёю - жонкаю, сынам i маткаю - родам дзесь з-пад Масквы. Мы зь цiкавасьцю прыглядалiся да iх, а яны да нас. I вось жонка пракурора, гатуючы на адной плiце ежу разам з жонкаю настаўнiка, пыталася ў яе зь цiкавасьцю:

- Чаму гэта ваш кватарант мае бараду?

- Хто яго ведае, я ў яго нiколi аб гэтым не пыталася.

Але пасьля трох тыдняў супольнага гатаваньня яны запрыязь нi-

лiся, i тады жонка пракурора даведалася, што я сьвятар.

- А цi мог бы ён ахрысьцiць нашага сынка? - пыталася яна ў жонкi настаўнiка.

- Ня ведаю, але я магу папытацца.

Я ахвотна згадзiўся ахрысьцiць дзiця пракурора. Гэтым вельмi ўсьцешылася ягоная мацi, бабулька малога. У назначаны час пракурор з жонкаю пайшлi "на прагулку". У пакоi астаўся хросьнiк i ягоная бабулька. Я апрануўся ў сьвятарскую вопратку i адзеў рызу. Калi ў суправаджэньнi настаўнiка i ягонае жонкi - якiя былi кумамi - я ўвайшоў у пракурораў пакой, ягоная старэнькая мацi хвiлiну ўзiралася на мяне, раптам замiгалi яе павекi, пацяклi буйныя сьлёзы i яна кiнулася цалаваць край рызы…

Якiх дзесяць мiнут пасьля хросту вярнуўся пракурор з жонкаю i запрасiлi мяне на пачастунак, падчас якога пракурор дакараў жонку i мацi, што на такое вялiкае сьвята пачастунак заскромны.

* * *

У суседнiм доме было больш савецкiх урадоўцаў. Мiж iмi быў начальнiк аблгандлю. Гэта быў расеец, але родам з Грузii, якi кончыў Маскоўскi ўнiвэрсытэт. Таму што гаспадар суседняга дому, банкавы ўрадовец, меў радыё, дык я часта хадзiў туды паслухаць апошнiя навiны i пры гэтай нагодзе заўсёды сустракаў начальнiка аблгандлю. Ён такжа зацiкавiўся маею барадою i даведаўся ад гаспадынi дому, якая ведала мяне яшчэ зь-перад вайны, што я сьвятар. I вось пасьля гэтага, як я прыйшоў слухаць радыё, ён адразу:

- Цi гэта праўда, што вы духоўны?

- Так, чыстая праўда.

- Але ж вы былi настаўнiкам?

- I гэта праўда.

- А дзе вы вучылiся?

- Скончыўшы гiмназiю, кончыў такжа Багаслоўскую Акадэмiю i ўнiвэр[сытэт] у Iнсбруку.

- I з такою асьветаю вы верыце ў Бога?!

- А хiба ж вы ня ведаеце, што найбольш вучоныя такжа верылi ў Бога?

I пачалася гутарка. Ня спрэчка i ня дыспут, але спакойная гутарка на розныя рэлiгiйныя тэмы. Так мы гутарылi праз цэлы тыдзень. I падчас тых гутарак у пакоi сядзеў зь люлькаю ў зубах раённы аграном, каля апарату сядзеў гаспадар дому, а гаспадыня насьцеж адчынiла кухонныя дзьверы, каб слухаць гутарку ў кухнi, толькi жонка начальнiка аблгандлю аставалася ў сваiм пакоi разам зь сямiгадоваю дачкою. Кожны вечар гутарку пачынаў начальнiк.

Пераскокваючы з тэмы на тэму, мы нарэшце закранулi справу мiсiяў i мiсiянараў. Зразумела, што гаварыў аб вялiкай i карыснай працы мiсiянараў.

- Ну што вы так хвалiце мiсiянараў, калi гэта ў сапраўднасьцi капiталiстычныя агенты?! - кажа начальнiк.

- Як жа яны могуць быць капiталiстычнымi агентамi, калi яны анi нiякага матэрыяльнага капiталу для сябе не зьбiраюць, анi карысьцi ня маюць з свае дзейнасьцi. Наадварот, яны ахвяроўваюць усё сваё жыцьцё i ўсе свае сiлы, каб несьцi эвангельскую навуку мiж чужых i найчасьцей вельмi бедных людзей. I найчасьцей мiж тых бедных людзей яны ўмiраюць у апошняй бедаце…

Калi я гэта гаварыў, да начальнiка прыбегла ягоная сямiгадовая дачка, ускочыла на каленi, абняла за шыю, пацалавала i пачала нешта шаптаць у вуха. Ён усьмiхнуўся i кажа ёй:

- Добра, добра, толькi пазволь мне крыху паслухаць.

Яна палажыла галаву на яго плячо, гатовая такжа слухаць.

Я прадаўжаў:

- Вось вам прыемна мець сваю сям'ю, пачуць ад роднага дзiцяцi шчырае i мiлае слова, а мiсiянары яны ж такжа нармальныя людзi i маюць такжа гэткае жаданьне, але ахвяроўваюць яго Богу i гэта ня дзеля якогась дачаснага капiталу, але дзеля тае капiтальнае справы, якая называецца збаўленьне людзкiх душаў…

- Вот знаеце, я аб гэтым нiколi ня думаў… Я мушу падумаць…

Вiдаць, што мае апошнiя словы яго моцна кранулi. Ён устаў, з дачкою на руках пайшоў у свой пакой. Больш ён каля радыё не паказваўся.

* * *

Але найцiкавейшае выяўленьне голаду Бога ў падсавецкiх людзей здарылася мне ў Мiрскiм райваенкамаце пару месяцаў пазьней.

Новыя парадкi [335]

Пасьля Новага 1940 году бальшавiкi пачалi ўводзiць свае парадкi ўва ўсiх галiнах жыцьця. Ужо ў папярэднiм разьдзеле я гаварыў, як адбывалася "беларусiзацыя" школьнiцтва [336]. Падобнаю ж крывадушнасьцю азначалiся ўсе iншыя новыя парадкi. Усiм урадоўцам прызнана плату нароўнi з служачымi ў СССР, але хутка абвешчана "дабравольную" пазыку дзяржаве ў вышынi аднамесячнага заробку. Уведзены падатак i культзбор на ўсе сьвятынi. Але найбольшы нацiск абрушыўся на сялянства - гэта мела быць падрыхтоўка да калектывiзацыi.

Наложана на ўсiх пада[т]кi i культзбор, а да тога шмат "дабравольных" паставак дзяржаве: мяса, збожжа, малака, яец; калi хто меў пчолаў - дык такжа i мёду. I ўсё гэта па сьмешна нiзкiх цэнах (яны былi больш, чым у дзесяць разоў меншыя ад сапраўдных). На дадатак яшчэ наложана прымусовую працу на кожнага гаспадара: вывозiць лес, i вазiць каменьне на аэрадром i адрабляць шараварку [337] на новых дарогах. А цэны за гэтую працу былi проста кпiнамi зь сялян: бо за цэладзённую працу з канём усяго можна было купiць 2 кг хлеба. Але вяршак задзiрства адбываўся пры выглядзе тых "заробкаў", бо ад iх яшчэ адлiчалi даходны падатак.

Уся праца, якую савецкая ўлада вымагала ад сялянства, мела характар жудаснае эксплюатацыi. Напрыклад, сяляне з нашае в. Трашч[ычы] i з суседнiх мусiлi кожны вывезьцi па 20 м3 зь лесу Крынiчнага [338] (за Нёманам). На кожнае падарожжа патрэба было 2 днi, бо выяжджалася апоўначы, каб быць у лесе рана; там наладаваць дрэва i прывезьцi на бераг Нёману, здаць кантралёрам i вярнуцца дамоў наступнага дня каля паўночы. Зь лесу да Нёмана можна было зьвiнуцца толькi адзiн раз i прывезьцi ўсяго 0,8 м3 або найбольш 0,9 м3. Значыць, на вываз 20 кубамэтраў патрэбна было каля 50 дзён. А калi здаралiся завеi i немагчыма было выехаць зь вёскi, дык пад вечар ужо зьяўляўся ў вёсцы якiсь працаўнiк з райкаму i пачынаў шукаць вiнаватых "сабатажнiкаў".

Але найбольш характэрнаю азнакаю савецкага ладу было вiжаваньне за кожным i за ўсiмi. Актывiсты самi дабравольна сачылi за ўсiмi, а некаторых энкавэдысты мабiлiзавалi на гэткую службу. У нас пад вокнамi часта ляжалi (?) розныя "ценi".

Савецкая ўлада [339]

Перад наблiжэньнем савецкiх войскаў амаль паўсюдна вясковае насельнiцтва грабiла маёнткi. Такi грабёж прадаўжаўся i ў першых днёх савецкае акупацыi - нiхто не казаў супраць нiводнага слова. Але былi выпадкi, дзе мяйсцовыя актывiсты замест грабяжу ладзiлi прапарцыянальны падзел. Недалёка ад сталiцы ў адной маёнткавай малачарнi двох актывiстаў падрахавалi ўсё сьперш i раздавалi па паўтары галоўкi на кожнага жыхара iхняе вёскi. I вось дзiўна - камэндант са Столiна востра асудзiў актывiстаў:

- Што за падзел? Хай бяруць хто колькi зможа.

А судзiлi такжа вельмi востра Хрыстовiча [340] ў Шчорсах [341] за тое, што ён сам казаў людзям:

- Не лiчыце сябе грабежнiкамi, я вам сам усё аддаю, бярыце, што каму трэба.

Тое ж было потым, калi ў некаторых вясковых крамах, дзе мяйсцовыя кiраўнiкi раздавалi тавары паводле сьпiсу насельнiцта, а ня тым, хто першы прыбег у краму.

- Так ня можна, хай становяцца ў чаргу.

- У чым справа? - думалi шматлiкiя. - Чаму бальшавiкi так баяцца парадку?

А яны парадку не баялiся, але баялiся такога ладу, якi ня зьвязваў людзей зь iхняю ўладаю. Затое iм былi на рукi ўсякiя нават дробныя ўчынкi, за якiя яны самi ня несьлi нiякае адказнасьцi, але станавiлiся быццам абаронцамi тых, хто тыя ўчынкi зрабiў.

Пэўна ж той, хто грабiў маёнтак, будзе заўсёды баяцца, каб не прыйшла такая ўлада, якая яго за гэта пакарае.

Таму не падабалiся бальшавiкам нават камунiсты з КПЗБ, якiя актыўна выступалi супраць бясчынстваў некаторых актывiстаў i нават супраць прысланых з Усходу розных гора-кiраўнiкоў.

Шмат сяброў КПЗБ, якiя перажылi польскiя турмы, налажылi галавою ў савецкiх турмах i канцлягерах.

Адзiн з камунiстаў Наваградзкага абкаму, падпiўшы ў "даверанага" актывiста, тлумачыў на запытаньне:

- Ну скажы ты мне, чаму гэта арышта[ва]лi нават некаторых людзей з КПЗБ?

- Яшчэ пытаешся "чаму?!", дык яны ж не баялiся выступаць супраць палякаў i пачалi ўжо нас крытыкаваць - такiя мудрагелi.

А крытыкаваць было за што. У 1940 г. пачаўся страшны наступ на сялянства. Эксплюатацыя сялян шмат у чым была горшаю за паншчыну.

Панакладалi на сялян вялiкiя падаткi - культзбор, абавязковыя пастаўкi збожжа, мяса, яец; калi хто меў пчолы - дык такжа мёду; да таго яшчэ вываз дроў зь лесу, даставы каменьня на нованамечаныя аэрадромы i шараварка на будову дарог i да гэтага ўсяго яшчэ "дабравольныя" пазыкi дзяржаве.

Экзархат [342]

Падчас маiх дарэмных пошукаў працы аднойчы зьявiўся да мяне а. В. Аношка. Глянуўшы на яго, я адразу дагадаўся, што зь iм мусiла нешта стацца нядобрае. Аблiчча яго было белае. У руках ён вёў самакат.

- Што сталася? - пытаюся.

- Сам ня знаю што, але памажы мне паправiць самакат, бо хачу заехаць у Альбэртын.

- Чаму ж гэта ў Альбэртын, а не ў Далятычы?

- Тут нiхто нас ня чуе? - запытаў цiха.

- Нiхто.

- Я сёньня ўцёк з НКВД i ня знаю, што з гэтага можа быць.

- Дык раскажэце толкам, як гэта сталася i ў чым справа.

- Налажылi на мяне вялiкi падатак - 7.000 руб. i 3.000 культ-збору. Дзе ж я мог назьбiраць [с]толькi грошай, дык вось паклiкалi мяне ў НКВД. Там нагаварылi, напагражалi на мяне, а потым пакiнулi мяне аднаго ў пакоi. Я чакаў, чакаў, а потым выйшаў на карыдор. Чамусьцi i на карыдоры нiкога не было. Цi гэта так зрабiлi наўмысна, цi так сталася прыпадкам, ня ведаю, але я, доўга не чакаючы, пакуль мяне зноў паклiчуць, адразу выйшаў на вулiцу, пайшоў да знаёмых, пазычыў самакат i еду ў Альбэртын да а. Неманцэвiча, але паветра выходзiць з задняга кола. Ты, здаецца, крыху знаешся на самакатах…

Я не распытваў, чаму ён мусiў пагутарыць з а. Неманцэвiчам, ды i гутарыць доўга не было калi. Як толькi я наладзiў яму кола, ён адразу паехаў. Але не прайшло i пару тыдняў пасьля гэтага, як да мяне ў Баранавiчах зьявiўся а. Неманцэвiч. Распытваўся аб маiх намерах, аб працы i пераказаў мне пад вялiкiм сакрэтам аб падзеi гiстарычнае важнасьцi, што мiтр. Андр[эй] Шэптыцкi ўтварыў чатыры экзархаты, мiж якiмi i беларускi [343]. Экзархам назначаны ён - а. А. Неманцэвiч. Тымчасам праца экзархату мела весьцiся ў сакрэце, але калi прыйдзе адпаведны час, усё мела быць падана да агульнага ведама. Пытаўся ў мяне, цi я згодзен удзельнiчаць у гэтай працы.

- Для такое працы ў мяне i згоды i ахвоты хапае.

Мы коратка абгаварылi найбольш пiльныя патрэбы Беларускага Экзархату i нашыя магчымасьцi. Адразу выявiлася, што на Беларусi асталося вельмi мала ўсходнекаталiцкага духавенства. Усе прыпадковыя людзi або паўцякалi, або зусiм адпалi. Цяпер было да болю ясна, чаму перш на кожным кроку адчувалася так шмат цяжкасьцяў у ўнiйнай дзейнасьцi.

(Найбольшаю недарэчнасьцю ў нашым палажэньнi было тое, што не было нiводнае парахвii, куды б я мог паехаць, бо большасьць усходнекаталiцкiх парахвiяў ужо была зруйнаваная польскiмi бiс купамi i адмiнiстрацыяю. Большая палавiна зь iх iснавала толькi на паперы для справаздачаў у Рым, каб там замыльваць вочы, што вядзецца нейкая ўнiйная дзейнасьць.)

Вечарам мы з а. Неманцэвiчам адведалi сясьцёр cэрцанак [344], якiя перш працавалi ў Альбэртыне, а цяпер мелi працу ў Баранавiцкiх дзiцячых дамах.

Супэрыёрка адразу ўцямiла, чаго да яе зьявiлася двох барадачоў.

- Бачу, што нам ня прыйдзецца забывацца беларускае мовы, - казала, сьмеючыся.

- Анi думайце! - кажа а. Антонi, - толькi малiцеся, каб Бог даў хутчэй магчымасьць узяцца за сваю працу.

Назаўтра мы разам адправiлi Сл. Божую i дагаварылiся спаткацца ў Далятычах для супольнае нарады.

У назначаны дзень у Далятычах нас было ўсяго трох: а. Неманцэвiч, а. Аношка i я. Пагаварылi мы аб тых нязьлiчаных цяжкасьцях, якiя вырыналi перад кожным нашым намераньнем; у канцы разьмеркавалi абавязкi, пастанавiлi, што на другiм зьезьдзе Экзархаў, якi меў адбыцца ў Львове ў днёх…. [345], ад Беларускага Экзархату разам з а. Неманцэвiчам маю ехаць i я, як заступнiк.

Назаўтра ранiцою мы ўтраiх адправiлi ўрачыстую Службу Божую ў намераньнi Белар. Экзархату. Таму што гэта быў буднi дзень, дык дзяк зь цiкавасьцю пытаўся:

- Што гэта ў вас сёньня за такая ўрачыстасьць?

- Хiба ж для вас у Далятычах гэта ўпяршыню бачыць такую ўрачыстасьць у буднi дзень? - адказаў жартам а. Антонi.

Спачатку ўсю працу ў Экзархаце вёў амаль выключна сам экзарх а. Неманцэвiч. Ён зьвяртаўся да бiскупаў [у] справе пераняцьця юрысдыкцыi, навязваў кантакты з духавенствам, вышукваў сродкi для пашырэньня дзейнасьцi, рыхтаваў матэрыял для будучага выдавецтва.

Калi ўжо пацiху [пачалi] расходзiцца трывожныя пагалоскi аб магчымасьцi нямецка-бальшавiцкае вайны, зьехалiся ў Львове 4 усход некаталiцкiя экзархi. Айцец Неманцэвiч мяне прадставiў як свайго заступнiка. Гэта была якраз тая падрыхтаваўчая праца, якая нават i пасьля пастановаў 2-га Ватыканскага Сабору [346] можа мець для буду чынi вялiкае значэньне. Пастановы абодвух зьездаў экзархаў ужо апублi каваны ў францускiм перакладзе, дык не зьяўляюцца сакрэтам.

Мiтрапалiт Шэптыцкi ў нарадах экзархаў ня ўдзельнiчаў, толькi перад нарадамi расказаў аб тым, што папа Пiй ХII [347] спачатку не хацеў прызнаць створаных Экзархатаў, бо лiчыў, што паўнамоцтвы папы Пiя Х для мiтр. Шэптыцкага ўжо перадаўненыя, i казаў Экзархаты скасаваць. На гэта мiтр. Шэптыцкi адказаў: "На паўнамоцтвах не азначана даты, калi канчаецца iхняя важнасьць, таму я стварыў Экзархаты ў добрай веры на iх важнасьць. Калi ж цяпер папа лiчыць, што паўнамоцтвы перадаўненыя, дык я ня маю права скасаваць Экзархатаў i перадаю ўсю гэту справу ў рукi вашае сьвятасьцi". Папа касаваць Экзархаты не захацеў i прызнаў iх…

Галоўнаю мэтаю нарады экзархаў было: устанавiць праўныя i практычныя нормы для далейшае дзейнасьцi. Маючы сумны досьвед з унiйнае дзейнасьцi пад кiраўнiцтвам польскiх бiскупаў у гадох 1923-1939, цяпер можна было безь перашкодаў вызначыць вытычнае [348] ўнiйнае дзейнасьцi для агульнага дабра i большае Божае славы.

У апошнi дзень паседжаньня экзархаў зьявiлiся ў Львове зусiм пэўныя весткi ад аднаго лётчыка (быццам умысна пасланыя Божым правiдам), што нямецка-бальшавiцкая вайна вiсiць на валаску. Таму а. Неманцэвiч i я сьпяшалiся дамоў.

Аб далейшай долi Экзархату будзе гутарка ў разьдзеле аб нямецкай акупацыi, а цяпер варта хоць коратка прыглянуцца савецкай гаспадарцы ў Зах. Беларусi.

Давай, давай, давай?

Калi за польскiх часоў сяляне наракалi на падаткi, дык бальшавiцкiх падатковых вымогаў нельга iнакш назваць, як грабленьнем. Пры тым усё гэта згодна з савецкаю сыстэмаю было прыкрыта гучнымi клiчамi: "савецкага патрыятызму", "ахвярнасьцi", "дзяржаўнымi пастаўкамi" i пад.

Грашамi трэба плацiць: падаткi, культурны збор i "дабравольную" штогоднюю дзяржаўную пазыку - гэта адносiцца i да сялян, i да работнiкаў.

Акрамя таго, сяляне мусiлi даваць дзяржаве па дзяржаўных цэнах абавязковыя пастаўкi: збожжа, мяса, малака, яец, вывозiць дрэва зь лесу, вазiць каменьнi на аэрадромы. Плата за ўсё гэта была горш чым мiзэрнаю, але i ад яе яшчэ адлiчвалi падаткi - бо ж гэта рахавалася заработкам.

Як у практыцы выглядалi гэтыя "заработкi", мне давялося пераканацца, як толькi вярнуўся дамоў з Баранавiч зiмою 1940/41 году. Таму што бацьку было больш як 50 гадоў, дык вываз дрэва зь лесу запiсалi на мяне. Трэба было вывезьцi 20 кубаметраў таварнiкоў [349] з Крынiчнага лесу на бераг Нёману. Каб на час заехаць з Трашчычаў у Крынiчнае, трэба было выяжджаць с поўначы. Там немагчыма было зьвiнуцца больш як адзiн раз i прывезьцi дзеравяку, якiх 0,8 або 0,9 кубамэтр[аў].

Адтуль вярталiся дамоў, калi ўжо […]

Гэта значыць, што магчыма было езьдзiць толькi раз на два днi, а для выкананьня ўсяе працы каля 50 дзён.

Нагляд за гэтаю працаю быў куды больш строгi i нялюдзкi, чым за часоў паншчыны. Аднойчы цэлы дзень i ноч бушавала завея. Усе дарогi так пазаносiла сьнегам, што нiхто ня мог выехаць зь вёскi. Вечарам таго ж дня зьявiўся якiсьцi "адказны работнiк" з райкома партыi (зь Мiра), склiкаў сход i потым кожнага паасобку прабiраў за тое, што не паехалi ў лес. Як толькi чарга дайшла да мяне, дык адразу накiнуўся:

- Вы служыцель рэлiгiйнага культу?

- Так, я сьвятар.

- Ага, дык вось дзе прычына сабатажу. Гэта вы настойвалi, каб ня ехалi ў лес. Вы за гэта панясеце адказнасьць.

- Якая агiтацыя, што вы гаворыце. Тут дарогi сьнегам замяло, што нельга зь вёскi выехаць, а вы…

- Знаемся мы на такiх нявiнных, - перабiў мяне i адразу ўзяўся пiсаць пратакол.

Назаўтра раненька замест ехаць у лес я пайшоў у Мiр i адразу накiраваўся да першага сакратара райкому. Ён ужо ведаў аб пратаколе i таму доўга не распытваў. Вiдаць было, што быў зьдзiўлены маiм прыходам.

- Як жа гэта так магчыма рабiць - завея дарогi замяла, а на мяне адказнасьць звальваюць? Выходзiць, нiбы я як сьвятар вымалiў у Бога гэтую завею. Выходзiць, што камунiсты, хаця ў Бога ня вераць, а на практыцы самi робяць рэлiгiйную прапаганду i за гэта я маю адказваць?

- Вы не зьвяртайце ўвагi на той пратакол, - кажа i разгублена разводзiць рукамi.

- Як жа не зьвяртаць увагi, калi мне пагражалi карамi?

- Калi я кажу, што нiчога ня будзе, дык будзьце спакойны, толькi пастарайцеся вывезьцi сваю норму.

Ад першага сакратара райкама я яшчэ зайшоў да раённага пракур[ор]а i той такжа мне сказаў, што таго пратаколу я ня маю чаго баяцца.

Была ясна, што пратакол напiсалi для пастраху, але для такога выпадку мая асоба зусiм не надавалася, дык зь яго не зрабiлi ўжытку.

Прыйшлося далей вывозiць лес. На беразе Нёмна ўжо ўздымалiся вялiкiя скiрды таварнiкаў. Аднойчы, калi я стаяў змучаны каля скiрды з друкам у руках, якiсь прыганяты актывiст пачаў голасна сьмяяцца:

- Во, глядзiце, поп замянiў крыж на друк!

- Так, замянiў, бо вось такiя, як ты, крыжа ня слухалi, а друка, напэўна, лепш паслухаюць.

Гурт мужчын, каля якiх стаяў прыганяты, накiнулiся на яго:

- Ты на каго гэта плявузгаеш, жаба разьлезлая?! - Iншыя адазвалiся мацнейшымi словамi.

Прыганяты пачырванеў, змоўк i пайшоў да iншае скiрды.

Шкода было глядзець на гэтыя скiрды першакляснага лесу. I ўсё гэта потым змарнавалася. Вясною, пакуль надумалiся пазьбiваць плыты, прыйшла павадка i пазносiла ўсе тыя скiрды немаведама куды. Тое ж было i на берагах Прыпяцi i Заходняе Дзьвiны.

Падобнае марнатраўства вельмi часта здаралася i з абавязковымi пастаўкамi. Як толькi пачалi жаць, адразу зьявiлiся з райкаму пасланцы:

- Здавайце збожжа дзяржаве!

Некаторыя малацiлi насьпех сырое збожжа i вязьлi. Для прылiку зьверху ў мяшок насыпалi крыху сухiх зярнят i так здавалi.

Кантралёры пераглядалi збожжа, але цi яны маглi пераглядаць як належыць, калi перад прыёмным пунктам стаяў цэлы абоз фурманак? Збожжа прэла, псавалася.

Амаль ува ўсiх адносiнах савецкае ўлады да сялянства панаваў злодзейскi падыход: "Хапай чым найхутчэй, бо заўтра можа быць запозна!".

Здаецца, што яшчэ параўнаўча менш марнавалася жывёлы, якую мусiлi аддаваць як абавязковую пастаўку мяса, але i тут няраз мелi мейсца [выпадкi] страшэннага марнаваньня.

Ужо ад 1940 г. вялася прапаганда калгасаў, але спачатку яна рабiлася вельмi асьцярожна. Насельнiцтва з Заходняй Беларусi вельмi хутка ведала аб страшэннай галоце, якая панавала ў Усх. Беларусi, хоць калiшняя польска-савецкая гранiца i далей ахоўвалася вельмi моцна, каб унемагчымiць узаемны кантакт насельнiцтва. Але праўды было немагчыма схаваць. З Усходняе Беларусi прысылалi шмат розных кiраўнiкоў, а сьледам за iмi прыяжджалi i iхнiя сем'i. Тыя, часам ня хочучы, прагаворвалiся аб жыцьцi ў калгасах.

Аднойчы ў кiрмашны дзень у Мiры жонка аднаго сакратара з райкому разам з сваею маленькаю дачкою купляла на рынку ежу. I вось яе дачка ўбачыла жабрака i крычыць да мацi:

- Мама, мама, паглядзi, во i тут ёсьць калгасьнiк, а ты казала, што тут няма калгасьнiкаў.

Мацi, як бачылi, пасьпяшыла "змыцца" з рынку, а людзi глядзелi то на яе, то на жабрака i перашэптвалiся:

- Гэта ж мусiць там усе калгасьнiкi, як жабракi.

Але з другога боку сяляне вечарамi, калi пачыналi гутарку аб калгасах, даходзiлi да сумнага высноўку, што iм ад калгасаў усё роўна ўцячы немагчыма, бо даведвалiся, што падчас калектывiзацыi ў 1929-1931 гадах аграмадная большасьць тых, што супрацiўлялiся калектывiзацыi, апынулiся ў Сiбiры. Таму ў некаторых вёсках, якiя знаходзiлiся побач вялiкiх маёнткаў, знаходзiлiся ахвотнiкi залажыць калгас з сваiх i з быўшых магнацкiх земляў.

Так зьявiлiся калгасы ў Кожаве i Малых Жуховiчах Мiрскага раёну, у Бабровiчах Тэлеханскага раёну i iнш.

ЧАСТКА III. НЯМЕЦКАЯ АКУПАЦЫЯ [350]

Нямецкi наступ

Даведаўшыся ў Львове аб хуткiм выбуху вайны, я сьпяшаўся ў Пiнск, каб атрымаць назначэньне на якую-небудзь пустуючую парахвiю. У суботу 21.VI пралат Iвiцкi [351] даў мне назначэньне ў Бабровiчы i параiў пераначаваць у яго. З ахвотаю скарыстаў прапанову.

Ранiцою 22.VI прыцягнуў нашу ўвагу якiсьцi небывалы гоман у недалёкiм доме, дзе была нейкая савецкая ўстанова. Там каля дзьвярэй таўпiлiся жонкi савецкiх урадоўцаў зь Пiнска i неспакойна крычалi аб "транспарце для эвакуацыi"…

Значыць вайна. Я адразу пасьпяшыў на станцыю, каб, яшчэ пакуль ходзяць цягнiкi, неяк даехаць да Тэлеханаў, а адтуль падвадою да Бабровiч. Але на цягнiк давялося чакаць доўга. I там у пачакальнi пачуў праз радыё прамову Молатава, што немцы напалi на Савецкi Саюз. Iдзе вайна. Нямецкiя самалёты бамбiлi вузлавыя станцыi, i чыгуначны рух зь першага дня вайны быў у разладзе. Я мусiў зьмянiць сваю пастанову i замест у Бабровiчы дабiрацца дамоў, каб перачакаць буру наступленьня. Думаў, як пяройдзе фронт i крыху прыцiхне, я адразу змагу паехаць у Бабровiчы. Але дамоў дабрацца было цяжка. Цягнiк на Лунiнец пайшоў позна, але прыехаў безь перашкодаў. Калi меў iсьцi цягнiк з Лунiнца на Баранавiчы, нiхто ня ведаў. На станцыi казалi чакаць, як будуць ведаць самi, тады павядомяць. Позна ўначы пачуўся гул самалётаў i была абвешчана трывога, але, на шчасьце, нямецкiя самалёты праляцелi спакойна. Дзесьцi каля паўночы абвесьцiлi, што хутка адходзiць цягнiк на Баранавiчы. Ехалася спакойна, але перад самымi Баранавiчамi, калi ўжо сьвiтала, цягнiк стаў. Над станцыямi ляталi нямецкiя самалёты. Бамбардыроўка трывала нядоўга, i каля якое гадзiны 9[-ае] мы былi ў Баранавiчах, але гэта быў апошнi савецкi цягнiк. Калi будзе йцi якi цягнiк з Баранавiч на Менск, каб iм даехаць да Гародзея, я ня мог дапытацца i рашыў пайсьцi на старую кватэру i там пера[ча]каць навальнiцу.

На маё зьдзiўленьне, дом быў замкнёны. Калi я стаў каля дзьвярэй з валiзкамi i думаў, што ж рабiць далей, мяне ўгледзела гаспадыня суседняга дому i сказала, што Аляксандр Р. змабiлiзаваны вартаваць горад, а яго жонка зь дзецьмi выехала да бацькоў на вёску. На шчасьце, гаспадары перадалi ёй ключы ад дому, i яна мне перадала iх. I я, няпрошаны госьць, зноў заняў колiшнi мой пакой ды пачаў гатаваць абед.

Якраз, як быў гатовы абед, зьявiўся гаспадар. Спачатку зьдзiвiўся, убачыўшы адчыненыя дзьверы, але, убачыўшы мяне ў кухнi, моцна ўсьцешыўся.

- Добра, што надумалiся зайсьцi да мяне, а то ж было ўсьцiшна аднаму.

- А мне, дык iсьцi ўжо не было больш куды, бо цягнiкi больш нiкуды ня ходзяць.

- Вось i добра, аставайцеся тут як у сваiм доме.

Хата стаяла на ўскраю горада, далёка ад станцыяў, дык бамбардыроўкi не былi страшныя, але ў сераду вечарам пачулiся магутныя выбухi каля ваеннага гарадка. Мы з гаспадаром схавалiся ў правiзарычнае [352] сховiшча. Выбухi безупынна то ўзмацнялiся, то слабелi да позна ўначы. Нам здавалася, што там iдзе заўзяты бой, але назаўтра даведалiся, што гэта бальшавiкi ўзрывалi склад амунiцыi. Немцаў яшчэ не было чуваць блiзка, як пачаўся пажар у цэнтры Баранавiч. Гэта НКВД, ня могучы эвакуiраваць дакумантаў, запалiлi дом i не давалi тушыць, аж пакуль увесь дом ня быў у агнi i займалiся суседнiя дзеравянныя дамы, а потым i тушыць не было каму.

Жыхары з ускраiны Баранавiч, ведаючы, што рана энкавэдысты стралялi на тых, хто наблiжаўся да пажару, з страхам паглядалi на пажар i бясьсiльна глядзелi, куды накiроўваецца вецер. Папалуднi ўжо не было чуваць анiякiх выстралаў, а пажар не сьцiхаў. Я запрапанаваў гаспадару i ягоным суседзям пайсьцi паглядзець, што робiцца на пажарышчы. Падыходзiм да скрыжаваньня вулiц. Направа пажар ужо затрымаўся, а налева цэлае мора агню i займаецца новы дом, за якiм густа йдуць дамы праз цэлы квартал. А там i да нашых дамоў недалёка.

- Глядзiце, калi гэты дом загарыцца, дык i нам ня будзе дзе падзецца, - кажу ўсiм.

- Дык што ж рабiць, на iм ужо дах дымiць?!

- А дзе ж людзей назьбiраць? - спытаў сусед.

Я заўважыў, што каля дому, па вулiцы [….] некалькi жыдоў.

- Давайце спрабуем затушыць. Я палезу на дах: тут ёсьць крыху людзей, яны мне будуць ваду падаваць, вы йдзеце платы паразвальвайце ўздоўж гэтага вогненнага поля.

- Добра, да працы,- адказалi згодна.

Навокал дома бегала каля двох дзясяткаў жыдоў. Я загадаў iм пазьбiраць усе вёдры з блiжэйшых хатаў, пастаць у рад i падаваць мне ваду на дах. Яны ахвотна кiнулiся выпаўняць загады. Не прайшло i дзьвёх мiнут, як я ўжо сядзеў на даху ўсяго якi мэтар ад агню, а вёдры падаваў мне дужы юнак - Iцка - праз праламаныя гонты, а я, седзячы верхам на даху, лiў ваду то на дах, то на сваю вопратку. Пры мацнейшым подыху ветру з пажарышча прыходзiлася хаваць галаву ў вядро з вадою, бо не было чым дыхаць. Але дом быў выратаваны, выбiлi толькi шчыт, бо ён ужо быў абсмалены, а пажар быў затрыманы.

Спатканьне з рабiнам

Назаўтра рана мы чакалi немцаў, але iх яшчэ нiдзе не было вiдаць; савецкiх жаўнераў ужо не было такжа. Мне карцiла паглядзець на пажарышча. Падходжу да таго дому, за якi ўчора йшло такое заўзятае змаганьне з агнём i ўзiраюся да абсмаленых краёў даху. Раптам з дому выбягае старэйшы чалавек з чорнаю барадою i адразу да мяне:

- Я вам мушу заплацiць.

- За што вы мне мусiце заплацiць? - пытаю зьдзiўлены.

- Вы мне выратавалi гэты дом, дык я вам за гэта мушу заплацiць. А я баранавiцкi рабiн.

- Мне прыемна, што я мог зрабiць вам прыслугу, але я не таму ратаваў дом, што ён ваш, а таму, што нам Хрыстос так казаў рабiць.

- Так! - рабiн хвiлiну памаўчаў. - Дык хай вам Хрыстос пашле ўсё найлепшае, чаго вы ад Яго жадаеце!.. - Пры тым ён паволi суклонiўся i задам пайшоў да дзьвярэй, яшчэ некалькi раз суклонiўшыся i зачыняючы дзьверы.

Прыйшлi вызвольнiкi

На наступны дзень ужо зматарызаваныя нямецкiя калёны йшлi праз Баранавiчы далей на ўсход. Перастрэлка з адыходзячымi савецкiмi аддзеламi была вельмi нязначная.

Беларусы зь непрыхаванаю радасьцю чакалi немцаў як вы звольнiкаў. Спадзявалiся, што нарэшце змогуць зажыць свабодна. Ужо даўно хадзiлi пагалоскi, што быццам у Нямеччыне мелi быць створаны нейкiя дзяржаўныя арганiзацыi для Беларусi i Ўкраiны. А тым часам iшлi нямецкiя войскi, а аб беларускiх нi слуху нi духу.

Здаецца, што на другi дзень прыходу немцаў нейкая большая часьць затрымалася на нашай ускраiне i адзiн зь нямецкiх афiцэраў зайшоў у наш дом. Калi я загаварыў да яго па-нямецку, крыху зьдзiвiўся, але хутка мы разгаварылiся. I вось ён мяне пытае:

- Што вы думаеце пра гэтую вайну?

- Што ж я магу думаць? Мне цiкава пачуць аб гэтым вашу думку i вашы пляны.

- А што я знаю, я радавы афiцэр: выконваю загады i цешуся зь перамогаў.

- Але ж вам павiнна быць вядома, што мае быць з гэтымi абшарамi, якiя цяпер займаеце.

- Паверце мне, што нiчога ня ведаю.

Пачуць такi адказ ад нямецкага афiцэра я нiколi не спадзяваўся. Мы якраз стаялi каля сьцяны, на якой вiсела карта СССР, дык кажу яму:

- Ну добра, разьбiць некалькi савецкiх часьцяў, набраць палонных - гэта, як бачыце самi, нават лёгка. Але ж гляньце, якi гэта абшар, колькi тут народаў жыве, i апанаваць яго без канкрэтнага пляну ня знаю, цi магчыма. Я быў пэўны, што такiя пляны нямецкае камандаваньне мае.

- Таму я вас i пытаў, бо i сам так думаю, але аб плянах нiчога ня ведаю, - I, не разьвiтаўшыся, паволi выйшаў, сумна схiлiўшы галаву.

Аб гутарцы з афiцэрам я расказаў Аляксандру Р., мы абодва такжа павесiлi насы. Але што ж рабiць?

- Пачакаем, што пакажа будучыня.

Чакаць прыйшлося нядоўга. Адзiн за другiм пачалi дзеяцца розныя здарэньнi, большыя i меншыя, якiя адназгодна выяўлялi намеры [i] пляны нацыстаў адносна Беларусi i адносна беларускага народу.

Яшчэ таго ж дня вярнулася жонка гаспадара зь вёскi разам зь дзецьмi, у лiку якiх быў нованароджаны сямiмесячны сын. Зьявiўся ён на сьвет пад грукат бамбардыровак i быў такi кволы, што бацькi ня мелi нiякае надзеi, што ён будзе жыць. Таму, хаця былi абое праваслаўныя, папрасiлi мяне, каб я таго ж дня ахрысьцiў малога, "пакуль ён яшчэ дыхае".

Ня маючы з сабою мiра, анi нiякiх рызаў, я пайшоў да кс. Дзекана Барысэвiча [353], дастаць усё неабходнае для хросту. Калi я йшоў назад, на адным скрыжаваньнi вулiц убачыў нямецкага жаўнера.

- Стой, куды йдзеш! - крычыць на мяне.

- Iду хрысьцiць хворае дзiця.

- Хрысьцiць пойдзеш потым, а цяпер пойдзеш ачышчаць дом для нямецкiх жаўнераў.

- Я каталiцкi сьвятар i я не магу адкладаць хросту, калi дзiцяцi ў небясьпецы сьмерцi.

- Нiчога знаць не хачу пра нейкi хрост, iдзеце за мною, а як не, дык я вас застрэлю!

Вось дык вызвольнiкi!!! Нават да каталiцкага сьвятара, якi гаварыў па-нямецку, той радавы жаўнер зьвяраўся як да дзiкуна!

Пару дзён пасьля я пазычыў самакат у гаспадара i выбраўся дамоў, бо ж бацькi яшчэ ня ведалi, дзе я, а я ня ведаў, што робiцца ўдома.

Хоць на дарозе было поўна нямецкага войска, але спачатку можна было ехаць безь нiякiх перашкодаў. Абапал дарогi ляжалi разьбiтыя савецкiя аўтамашыны i танкi. Сям-там былi магiлы нямецкiх жаўнераў з каскамi на крыжах. Усюды збожжа было моцна здрасаванае. Ад Сталавiчаў да Вольнае на дарозе войска не было, але разьбiтых танкаў было даволi многа i зь лесу каля Вольнае нясло моцным трупячым пахам. Там загiнула многа савецкiх жаўнераў. Толькi калi я выехаў з Кожава i накiраваўся ў Вушу, убачыў два нямецкiя аддзелы. Як толькi я зьехаў на луг, каб iх абмiнуць, пачуў грознае:

- Halt!.. [354].

Да мяне бегла двох жаўнераў i крычала:

- Скiдай свае рэчы i давай нам самакат!

- А гэта што за работа? - крычаў я па-нямецку. - Вы хто, жаўнеры цi марадзёры?

- Не гаварыць! - крычаў адзiн, i ўжо нажом адразаў мой багаж.

- Галё, афiцэры! Абаранеце ад марадзёраў, - крычаў я i пабег да аддзелаў.

Якiсь афiцэр, пачуўшы нямецкую мову з вуснаў мясцовага жыхара, крычыць:

- Гэй там, пакiньце яго ў супакоi i хадзеце ў строй!

Неахвотна жаўнеры пакiнулi самакат i не азiраючыся пабеглi ў свой аддзел. Затое яны далi сабе волю ў в. Радунь, шукаючы курэй, масла i сала.

Удома я быў усяго пару дзён i ў нядзелю выбраўся на Сл[ужбу] Б[ожую] у Мiр. Пагода была хмурная, i я на ўсякi выпадак узяў парасон. Праходзячы празь Пясочна, мяне дагнаў вялiкi абоз нямецкiх грузавiкоў. Наладаваныя яны былi вопраткаю i рэчамi хатняга ўжытку. I вось з аднаго такога самаходу крычаць на мяне:

- Стой!

Я ўдаю, што ня чую i йду далей… Зноў той жа голас крычыць мацней:

- Стой!

А другi голас дадае:

- Што там цырымонiцца, страляй!

Я затрымаўся i кажу:

- Чаго вам трэба?

- Аддавай парасон!

- А што вы, ваяваць будзеце парасонам, цi што? - стараўся я гаварыць як найбольш чыста па-нямецку.

Зь iншага самаходу якiсьцi старшы закрычаў:

- Пакiньце яго, хай iдзе.

Пайшоў я, але з страшэнным цяжарам на сэрцы. Такога дзiкунства i марадзёрства я яшчэ ня чуў i ня бачыў. Усё, што было на тых самаходах, было аграблена ад бедных беларускiх сялян.

З роднае вёскi я хутка вярнуўся ў Баранавiчы (i вярнуўся без прыгодаў), маючы намер, каб адтуль пры першай нагодзе паехаць на парахвiю ў Бабровiчы.

У Баранавiчах ужо было шмат навiнаў. Ваенны камэндант назначыў бурмiстра - паляка Гiбоўскага, родам з Галiчыны, - ён знаў добра нямецкую мову, бо калiсь быў афiцэрам у аўстрыйскай армii. Як бачым, зьявiлiся быўшыя польскiя ўрадоўцы ў новаарганiзаваны магiстрат, каб супрацоўнiчаць зь немцамi. Арганiзаваўся такжа iнспэктарат; iнспэктарам быў назначаны паляк Мазуркевiч. Арганiзавалася палiцыя, амаль выключна з палякаў. I так рабiлася ўва ўсiх гарадах Зах. Беларусi [355]. Дзiўна, што савецкая i польская прэса аб гэтых фактах маўчаць як заклятыя - а гэта ж былi першыя i найбольш руплiвыя нямецкiя супрацоўнiкi.

Для беларускае iнтэлiгенцыi зьявiлася грозная небясьпека. У малых мястэчках шмат каго немцы расстралялi на даносы розных асабiстых ворагаў i польскiх палiцыянтаў.

Нельга было сядзець апусьцiўшы рукi. У Наваградку, а сьледам за тым i ў Баранавiчах зарганiзавалiся Беларускiя Камiтэты. Правiзарычная ўправа Баранавiцкага Бел. Камiтэту складалася ўсяго з трох чалавек: д-р В. Войтэнка [356], iнж. А. Таранда i я.

Пару дзён пасьля залажэньня камiтэту зьявiўся ў Баранавiчах д-р Шчорс [357] з Варшавы. Ён хадзiў у нямецкiя Камандатуры С. Д. i паведамiў нам, што хутка магiстрат перададуць у беларускiя рукi, будзе выхадзiць беларуская газэта i будуць беларускiя перадачы з баранавiцкага радыё. Мне даручылi арганiзаваць рэдакцыю газэты i быць сьпiкерам у радыё. Беларускiя перадачы мелi быць кароткiя, але штодзённыя. Думаючы, што гэта будуць сапраўды беларускiя, я згадзiўся прыняць гэтыя абавязкi, але на кароткi час, пакуль будзе магчыма пераехаць у Бабровiчы.

Пакуль я зьбiраў супрацаўнiкоў рэдакцыi, з камэндатуры перадалi ў Камiтэт матэрыял для газэты. Яго трэба было толькi пералажыць на беларускую мову. I матэрыялу было ўсяго на адну старонку газэты.

- Што гэта мае значыць? - пыталi мы сябе наўзаем, але нiхто ня мог нiчога адказаць на гэтае пытаньне.

Занёс я пераложаны тэкст у друкарню, спадзею[чы]ся, што там спаткаю каго-небудзь i даведаюся больш аб газэце. Даведаўся толькi, што газэта мае выходзiць у трох мовах: 2 старонкi нямецкiя, адна польская i адна беларуская, i мае называцца "Baranowitscher Zeitung" - "Баранавiцкая газэта" [358]. I мясцовым рэдактарам быў зондэрфюрэр Карл Бэрэнд, родам зь Вены, а тэхнiчным рэдактарам Карл Хiзгэн. Але яшчэ не было пэўным, што яна заўсёды будзе шматмоўная i нават не было вядома, як часта будзе выхадзiць.

У такiм палажэньнi не было iншае рады, як склiкаць усiх сяброў Камiтэту i вырашаць супольна, што рабiць далей. Але пакуль мы змаглi сабрацца ў Камiтэт, на Марынскай [359] вул. зьявiлася двох вышэйшых нямецкiх урадоўцаў i адзiн афiцэр; зрабiлi вобыск у памяшканьнi i Камiтэт разьвязалi. На наша запытаньне [да немцаў]:

- Што ж гэта нам рабiць? Адмiнiстрацыя ў польскiх руках, палiцыя таксама, а беларусы на роднай зямлi ня могуць нiчога.

- Хутка адмiнiстрацыя будзе перададзена беларусам, - сказаў старэйшы зь iх, выходзячы з памяшканьня. Мы моўчкi выйшлi за iмi.

У гэтым часе якiясь людзi пачалi пускаць пагалоскi, што ў Галiцыi ўкраiнцы "распраўляюцца" з палякамi i немцы iм не перашкаджаюць. Калi беларусы так зробяць у Баранавiчах, дык немцы гэтаму зусiм ня будуць перашкаджаць. Цi гэта была правакацыя, цi ўмыснае нацкаваньне нацыi супраць нацыi, невядома, але беларусы адназгодна нават i слухаць не хацелi такое "рады".

Рэлiгiйнае жыцьцё

Як толькi зацiхла першая хваля ваеннае завiрухi, вернiкi ўсiх веравызнаньняў на Беларусi, за выняткам жыдоў, адчынiлi ўсе тыя сьвятынi, якiя ўцалелi, калi толькi зьяўлялiся сьвятары. Звычайна нiхто ў нiкога не пытаўся нiякога дазволу на адкрыцьцё сьвятыняў. I рэлiгiйнае жыцьцё быццам па iнэрцыi пайшло так, як вялося да 1939 г. - у праваслаўных цэрквах у расейскiм дусе, а ў каталiцкiх касьцёлах - у польскiм дусе. Аднак нямецкае С. Д. адразу ж зарганiзавала тайны нагляд за ўсiмi сьвятынямi i сьвятарамi. Я хоць ня быў парахам, працаваў у рэдакцыi i служыў толькi прыватную Сл[ужбу] Б[ожую] у касьцёле, быў такжа на ўлiку.

Даведаўся я аб гэтым даволi хутка, бо першы шэф баранавiцкага С. Д. - Бiшоф - заклiкаў мяне да сябе i правёў цэлы дапрос, праўда, у зусiм ветлiвай форме.

Я i так ня меў намеру доўга аставацца ў рэдакцыi "Баранавiцкай газэты" i ў радыё, а пасьля двох першых нумароў i пасьля пару дзён радыёперадачаў я ўбачыў, што мяне горка падвялi нямецкiя абяцанкi. Газэта так i аставалася трохмоўнаю з адною беларускаю старонкаю, на якую складалiся толькi пераклады нямецкiх артыкулаў i паведамленьняў вярхоўнага нямецкага камандаваньня, а ў радыё чыталiся толькi ваенныя паведамленьнi i больш нiчога.

Вось жа я пайшоў у Камэндатуру, каб атрымаць пропуск на чыгунку, даехаць да Тэлехан. На маё вялiкае зьдзiўленьне, атрымаў катэгарычную адмову. Вiдаць, што ў Камэндатуры ўжо добра ведалi маё прозьвiшча з рэдакцыi i з радыё. Тады я зьвярнуўся да зондэрфюрэра Карла Бэрэнда, каб мяне звольнiў i з рэдакцыi i з радыё.

- Не магу! - адказаў коратка.

- Але ж я сьвятар i мушу ехаць на сваю парахвiю, там мяне нiхто не заступiў.

- Ваша парахвiя мяне нiчога не абходзiць. А калi вам так вельмi хочацца водпуску, дык я магу даць валавяны… - пры гэтых словах дастаў з кабуры рэвольвэр i памахаў перад маiм аблiччам.

Пасьля такога адказу я сам ня знаў, што рабiць далей. Параiцца не было з кiм. Калi я спрабаваў пагутарыць з кс. дзеканам Барысэвiчам, дык ён толькi пацiскаў плячыма. Да экзарха а. Неманцэвiча ў Альбэртыне нельга было дабрацца, бо я ня меў нiводнага вольнага дня. Аставалася толькi здацца на Божы провiд.

Перамена адмiнiстрацыi

Абяцанка немцаў перадаць адмiнiстрацыю беларусам хутка збылася. Але гэта было зусiм ня тое, чаго беларусы маглi спадзявацца. На мейсца Гiбоўскага бурмiстрам быў назначаны д-р В. Войтэнка, на мейсца Мазуркевiча iнспэктарам назначана П. Мiхайлоўскага. У гарадзкой управе мейсца палякаў занялi бела[русы], але перамены ў палiцыi адбывалiся шмат павольней. Толькi зусiм не зьмянялася акружэньне нямецкiх афiцэраў, якiя на даўжэйшы час затрымоўвалiся ў га радах. Шмат хто зь iх меў пры сабе ў нейкiм афiцыяльным характа[ры] польскую дзеўку, цi хто з цэнтральнае Польшчы, цi з быўшых служачых: яны адыгралi вельмi няпрыгожую ролю ў адмiнiстрацыйных i нацыянальных дачыненьнях.

Калi нованазначаны беларускi бурмiстар Баранавiчаў выдаў сваю першую абвестку толькi ў нямецкай i беларускай мовах, дык мне прыйшлося быць сьведкам, як у вэстыбулi радыё тыя "прыжывалкi" апрацоўвалi сваiх афiцэраў i тэхнiчных працаўнiкоў радыё, пераважна падафiцэраў, супраць беларусаў. Назаўтра рэдактар "Баранавiцкае газэты" зондэрфюрэр К. Бэрэнд напiсаў супрацьбеларускi артыкул пад загалоўкам "Шэры зьвер". Я даў перакладаць артыкул Арыстарху К., а ён як толькi прачытаў яго, прыбег да мяне.

- Глядзеце, што тут павыпiсвана. Гэта ж лiха ведае што!

Артыкул абвестку ў беларускай мове расцэньва[ў] як праяў шкоднага нацыяналiз[му], за якi немцы могуць расправiцца згодна з ваенным часам.

Тут жа зьявiўся сам Бэрэнд.

- Аб чым дыскутуеце?

- А вось дзiвiмся, што вы тут павыпiсвалi.

- Напiсаў тое, што думаюць немцы аб вашым нацыяналiзьме, - казаў сьмеюч[ыся].

- Дык, па-вашаму, перш, калi да беларусаў зьвярталiся толькi па-нямецку i па-польску, было нармальна, а цяпер, калi беларуская адмiнiстрацыя зьвяртаецца па-нямецку i па-беларуску, гэта мае быць нечым ненармальным?

- Гэта больш як ненармальна, гэта праяў, якi трэба здушыць.

- Так можа гаварыць толькi той, хто бяздумна паўтарае нашэпты польскiх дзевак, - заявiў [я] вострым тонам.

- Я нямецкi афiцэр, - крычаў пачырванеўшы, - i вы мяне абражаеце такiмi закiдамi, я вас магу застрэлiць за гэта. - Ён выхапiў рэвольвэр i прыставiў мне да грудзей.

- А я сьвятар i маю ня толькi права, але абавязак сказаць вам праўду, што вы хоць i афiцэр, але бабнiк.

У Бэрэнда дрыжалi рукi, ён злосна глядзеў на мяне, а я глядзеў на яго, чакаючы, што ён сапраўды можа стрэлiць у мяне. Усе супрацоўнiкi рэдакцыi i з дырэкцыi друкарнi глядзелi на нас. Раптам ён апусьцiў рэвольвэр.

- Мы яшчэ пагаворым, - сказаў праз зацiснутыя зубы i пабег, на хаду хаваючы рэвольвэр.

Я сеў за стол, каб крыху супакоiцца. Арыстарх узяўся за артыкул. Усе iншыя кудысьцi павыходзiлi, перашэптваючыся. Я думаў, чым можа кончыцца гэты выпадак, а Арыстарх "студыяваў" артыкул. Па некалькi хвiлiнах ён ужо зусiм спакойна гаварыў.

- А цi не дарэмна мы нарабiлi толькi гоману? Гэты ж артыкул мае подпiс зондэрфюрэра, дык няхай людзi ведаюць, якiм духам яны да нас дыхаюць.

Я перачытаў яшчэ раз увесь артыкул i прызнаў яго заўвагу зусiм слушнаю.

- Сапраўды, артыкул [напiсаны] па-нямецку немцам i друкуецца ў нямецкай газэце i падпiсаны зондэрфюрэ[рам], а польская i беларускiя старонкi - гэта ж толькi пераклады. Няхай народ ведае, што гэта за птушкi. Перакладай i ў набор.

Выпадак быў каля гадзiны 10. I вось мiнуў абед, i артыкул ужо быў пераложаны i набраны, пачынала сутонець, убягае ў пакой Бэрэнд i зьвяртаецца да мяне надзiва лагодным голасам.

- Вы мелi некаторыя засьцярогi да майго артыкулу, цi не былi б вы ласкавы напiсаць мне, як вы думаеце яго паправiць.

- Я перадумаў i не лiчу патрэбным яго праўляць, бо артыкул мае ваш подпiс i выказвае вашыя думкi. Вось ужо артыкул набраны i скарагаваны.

- Выбачце, што я турбую, але я вас прашу зьмянiць заканчэньне артыкулу згодна з вашаю думкаю i так будзе ператлумачана па-нямецку i па-польску.

Просьба яго была выканана. Але першапачатковы тэкст я захаваў для сябе i для бурмiстра. На жаль, у часе эвакуацыi яны згiнулi. Куды хадзiў Бэрэнд, хто яму казаў зьмянiць той пагрозьлiвы артыкул, я ня ведаю, але пасьля гэтага ён зьмяк i хутка быў высланы далей на ўсход. Для мяне было дзiўна, што нехта зьверху казаў яму лiчыцца з думкаю беларуса. На мейсца Бэрэнда быў назначаны д-р Дамэн, малодшы музыкалёг, родам з Кёльна.

Пры першай нагодзе я яму паказаў маё назначэньне на парахвiю ў Бабровiчы i прасiў звольнiць мяне з рэдакцыi i радыё.

- Добра, толькi знайдзе[це] кагосьцi, каб вас заступiў; найлепш асобна для рэдакцыi, асобна для радыё, - казаў новы зондэрфюрэр.

Пакуль я шукаў заступнiкаў, трапiўся зноў небясьпечны выпадак.

Шукаючы спасобных людзей на сваё мейсца, адначасна я шукаў транспарту. Мне параiлi зьвярнуцца да ўправы Беларускае Каапэратывы: яны езьдзяць у Пiнск па запалкi, дык маглi i мяне па дарозе завезьцi ў Бабровiчы. Старшыня ўправы каапэратывы Патаповiч ахвотна згадзiўся памагчы, але пад умоваю, што я знайду бэнзыны, i адразу параiў пагаварыць з кiраўнiком гаспадарскае часьцi нямецкага гарнiзона ў Баранавiчах.

Неадкладна я знайшоў гэтае кiраўнiцтва. Мяне ветлiва прыняў палкоўнiк фон Швэнт. Выслухаў маю просьбу i кажа:

- З бэнзынаю ў нас скупа, але я магу вам даць мой асабiсты прыдзел, якi я ня выкарыстаў. У мяне ёсьць 20 лiтраў, гэта вам даволi?

Зь вялiкаю ўдзячнасьцю я прыняў яго падарунак. Пры гэтай нагодзе завязалася гутарка над рэлiгiйным палажэньнем у Баранавiчах. Ён яшчэ нiколi ня бачыў каталiкоў усх[одняга] абраду.

- Мяне цiкавiць пабыць на ўсходняй Службе Божай, цi маглi б вы мяне завясьцi ў якую царкву.

- Чаму ж не? З прыемнасьцю.

- Ведаеце, у мяне ёсьць добры прыяцель, гэта тутэйшы бэрайхскамэндант [360], ён такжа з ахвотаю пойдзе з намi. Iдзём я вас зь iм пазнаёмлю.

Праз пару хвiлiн мы ўжо знаёмiлiся з бэрайхскамэндантам (прозьвiшча ўжо не памятаю) i дагаварылiся ў блiжэйшую нядзелю iсьцi ў царкву на магiльнiку. Я папярэдзiў параха, што ў нядзелю будуць незвычайныя "малельнiкi". А яны пасьля Службы Божае падзякавалi за тлумачэньнi i мы разышлiся кожны ў свой бок.

I вось усяго пару дзён пасьля тое нядзелi, праходзячы праз друкарню, мне кiнулася ў вочы нейкая абвестка каля прэсу. Пад нямецкiм i польскiм тэкстам быў трэцi тэкст, якi меў быць беларускiм, але напiсаны такою моваю, што я нiколi ў маiм жыцьцi не спатыкаў такiх кпiнаў зь беларускае мовы. Пад нiзам быў подпiс "Бэрайхскамэндант".

Я ўзяў адзiн экзэмпляр тае абвесткi i паправiў чырвоным алоўкам усе моўныя i граматычныя памылкi: тэкст зрабiўся зусiм чырвоным, i адразу пайшоў да знаёмага ўжо бэрайхскамэнданта.

Прывiтаўшыся, паказаў яму тую абвестку ды кажу:

- Хiба ж пад такiм тэкстам вы не паставiце свайго падпiсу.

- Няўжо гэта так няграматна пераложана?

- На жаль, так!

Ён адразу выклiкаў загадчыка па аграрнай часьцi. Гэта быў iнжынэр паляк Чыжэўскi.

- Хто перакладаў гэтую абвестку на беларускую мову?

- Пералажыў iнжынэр Ваткевiч (такжа паляк).

- Паклiчце яго сюды.

Пры гэтай нагодзе выявiлася, што [у] Камэндатуры яшчэ ўсе цывiльныя супрацоўнiкi былi палякi. Калi абодва iнжынэры зьявiлiся да камэнданта, дык ён гаварыў зь iмi даволi востра i загадаў перадрукаваць усю абвестку, а потым зьвярнуўся да мяне.

- Цi маглi б вы згадзiцца на будучыню рабiць нам пераклады на беларускую мову? Працы будзе нямнога, - пытаўся камэндант.

- З ахвотаю, толькi, здаецца, я хутка маю выехаць з Баранавiч.

- Ну, але пакуль будзеце?

- Згода!..

Здаецца, што праз тыдзень пасьля тое размовы зьявiўся да мяне ў рэдакцыю iнж. Чыжэўскi з новаю абвесткаю для перакладу.

- Добра, - кажу, - але мне цiкава, як вы надрукавалi тамтую абвестку.

- Я яе з сабою ня маю.

- Магчыма, што тут у друкарнi можна знайсьцi якi экзэмпляр.

- Не. Сталася так, што мы не маглi надрукаваць, дык абрэзалi беларускi тэкст.

- Так?! Дык нашто я маю зноў перакладаць, трацiць час, каб вы выкiдалi на сьметнiк маю працу?

- Цяпер напэўна надрукуем.

- Надрукуйце перш тое, што я ўжо пералажыў, тады буду перакладаць гэта.

- А я вам загадваю ў iменi бэрайхскмэнданта перакладаць безь нiякiх умоваў.

- А вас знаць не хачу i выйдзiце адгэтуль, ды не перашкаджайцемне працаваць! - сказаў я катэгарычна i адчынiў дзьверы.

Назаўтра я прыйшоў у рэдакцыю зь невялiкiм спазьненьнем, i ўвесь пэрсанал друкарнi на маё прывiтаньне казалi.

- Вас шукала жандармэрыя!

Не чакаючы, пакуль зноў прыйдуць жандармы, я адразу пась пя шыў да бэрайхскамэнданта. Ён спаткаў мяне i з жартам i з гразьбою.

- Што ж гэта вы займаецеся сабатажам!

- Якiм сабатажам?

- Выкiнулi майго iнжынэра за дзьверы ды яшчэ пытаецеся?

- А вы ведаеце, што ён зрабiў?

- Што?

- Той пераклад, якi я паправiў i якi вы казалi нанова надрукаваць, ён адрэзаў i выкiнуў вон, а абвестку выслаў зусiм безь беларускага перакладу.

Камэндант ускочыў [зь] мейсца, загрукалi дзьверы, забегалi iнжынэры i перакладчыкi.

- Выбачце, такое сьвiнства больш не паўторыцца! - казаў мне камэндант на разьвiтаньне.

Тым часам рэдакцыю я перадаў А. Шышку, а радыё згадзiўся пераняць мой школьны сябра Барыс К. Др. Дамэн выдаў мне даведку, што я звольнены на ўласную просьбу i еду ў Бабровiчы. Але была затрымка з самаходам.

Вiвiсэкцыя [361]

Затрымка была выклiкана тым, што ў мiжчасе адбылiся вялiкiя перамены. 1.IХ на мейсца ваенных нямецкiх уладаў былi ўстаноўлены цывiльныя нацыстаўскiя адмiнiстрацыi. I пры тым страшэнна абрэзаны беларускi абшар. Ужо 1.VIII.1941 Беласточчына i Гродзеншчына (абшар 30.000 кв. км, 1. 300.000 жых.) па загаду Фюрэра былi далучаны да Ўсходняе Прусii. А 1.IХ.1941 частка Палесься (зь Пiнскам i Берасьцем) была далучана да Камiсарыяту Ўкраiна, узамен за Галiцыю, якую далучана да Генэральнага Губэрнатарства.

На рэштках беларускага абшару 1.IХ.1941 на мейсца нямецкае ваеннае ўлады была ўстаноўлена нямецкая адмiнiстрацыя - т. зв.

Weissruthenische Generalkomissariat на чале з гаўляйтэрам В. Кубэ [362] ў Мiнску.

У Баранавiчах знаходзiўся галоўны Камiсарыят для зах. Часткi Беларусi на чале з Франкам i gebitskommisariat на чале [з] палк. Вэрнэрам [363].

Але яшчэ пасьля ўстанаўленьня цывiльнае ўлады 4.VI.1942 далучана да Летувы 3 паветы: Сьвiрскi, Ашмянскi i Эйшышкаўскi - нiбыта для зьменшаньня партызанскага руху [364].

Адведзiны Бабровiч

Прыйшлося разьвiтацца з самаходам. Пазычыў у Барыса самакат i паехаў у Бабровiчы, каб на мейсцы ўбачыць, што рабiць далей.

Маё зьяўленьне ў Бабровiчах было неспадзеванкаю для ўсiх. На аблiччы ўсiх тых, з кiм я гаварыў, адчувалася нейкае дзiўнае запытаньне: "Што ж цяпер будзе?".

Дзеравянная, яшчэ новая i някончаная царква стаяла на невялiкайплошчы па сярэдзiне вёскi. Дзякаўскi дом, школа i сьвятарскi дом стаялi адчыненыя насьцяж, з павыбiванымi вокнамi, зь печам бязь дзьверцаў i бяз ложкаў.

- Што ў вас тут рабiлася? - пытаюся ў царкоўнага старосты.

- Ох, войча, i расказаць цяжка.

Iдзём да старэйшага дзядзькi, якi заступаў дзяка, i там расказваюць, што ў Бабровiчах, з прыходам савецкае ўлады, быў зарганiзаваны першы ў раёне калгас. Параху а. Пачопку i яго сям'i рабiлi ўсякiя прыцясьненьнi, каб яго выгнаць зь вёскi. Ён страшэнна цярпеў i бедаваў, але парахвii не пакiдаў. Тады актывiсты пачалi зь яго зьдзекавацца. Некалькi разоў кiдалi яго на капу саломы i падпальвалi яе. Пасьля такiх "пажараў" ён дастаў расстройства нэрваў i памёр у шпiталi, а ягоную сям'ю вывезьлi ў Сiбiр. Потым гэтую царкву ганебна спрафанавана [365].

Як прыйшлi немцы, дзесяцёх быўшых актывiстаў арыштавана i расстрэляна.

Пры тым немцы забаранiлi iх хаваць на агульным магiльнiку. I гэта сталася нядаўна. Мне адразу стала ясна, чаму на мяне глядзяць так дзiўна. Але тут жа моцна зьдзiвiў мяне староста, калi ў канцы свайго апавяданьня заявiў.

- А мы ведалi, што вы маеце прыехаць.

- Як жа вы маглi ведаць, калi я сам ня ведаў, калi i як сюды прыеду?

- У нас адна жанчына бачыла вас у сьне тыдзень таму i казала, што да нас прыедзе бацюшка ў акулярах i зь невялiкаю барадою. Як яна магла бачыць такi сон, гэта адзiн Бог ведае. Агледзеўшы ўсе будынкi, зямлю i пагутарыўшы зь людзьмi, рубам стала пытаньне:

- Як жа тут затрымацца? Дзе жыць i з чаго жыць?

Я прыехаў у суботу, вось жа i старосту i дзяку кажу, што заўтра будзем служыць Службу Божую.

- Заўтра мала хто прыйдзе ў царкву, - кажа дзяк, - бо на заўтра назначаны сход. Зь вёскi трэба даць дзьве каровы немцам.

- Дык усе ж на сход ня пойдуць.

- Пэўна што не, але гутаркам пасьля сходу канца няма, то тое, то гэта…

Ужо з гэтых слоў было ясна, што тут ёсьць шмат глыбокiх прычынаў, якiя паважна зруйнавалi рэлiгiйнае жыцьцё. I сапраўды, на Службу Божую людзей прыйшло вельмi мала. Нават не было цiкавасьцi да новага сьвятара. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя адстрашваючыя цяжкасьцi, я пастанавiў перабрацца ў Бабровiчы i з гэтаю думкаю я вярнуўся ў Баранавiчы, каб забраць, хоць на самакаце прывезьцi з сабою прынамсi самыя неабходныя рэчы. Але сталася iначай.

Беларускае школьнiцтва

У Баранавiчах я думаў затрымацца ўсяго некалькi дзён, каб вырашыць найбольш пiльныя справы бабровiцкага парафiяльнага ж[ыцьця]. Я меркаваў сам асялiцца ў дзякаўскiм доме, бо ён быў побач царквы, зразумела, перш адрамантаваўшы яго, а сьвятарскi дом, якi патрабаваў яшчэ больш рамонтаў, ператварыць у сiрацiнец i запрасiць туды тых сясьцёр, што вялi сiрацiнец у Альбертыне. Яны жылi ў Баранавiчах i працавалi ў дзiцячых дамах. Трэба было такжа пастарацца адчынiць школу. Для вырашэньня ўсiх гэтых справаў трэба было крыху (?) часу i турботаў. Сясьцёр я знайшоў хутка i супэрыёрка згадзiлася ў прынцыпе пераехаць у Бабровiчы, калi згодзяцца iншыя сёстры. На ўтрыманьне сiрацiнца я праектаваў перадаць парахвiяльную зямлю. Сiротаў у Бабровiчах i ваколiцы было многа.

Затое школьная справа, якая мне здавалася зусiм лёгкаю, зусiм паблытала мае пляны. Акруговы iнспэктар П. Мiхайлаўскi, як толькi ўбачыў мяне, кiнуўся насустрач:

- Вось добра, што я вас бачу, вось добра!

- Добра, што вы так цешыцеся, бо я маю да вас справу.

- I я маю да вас важную справу. Мы арганiзуем шасьцiтыднёвыя настаўнiцкiя курсы, i нам патрэбны назарэз настаўнiк беларускае мовы i гiсторыi Беларусi.

- Тут жа ў Баранавiчах былi беларускiя сямiгодкi i дзесяцiгодкi i Пэдагагiчны Iнстытут, няўжо нiкога не асталося?

- Можа дзе i ёсьць, але нам патрэбны добры квалiфiкаваны настаўнiк, каб вучыць будучых настаўнiкаў.

- Вось табе i маеш! А я спадзяваўся знайсьцi ў вас якога настаўнiка для аднае школы на Палесьсi, i зь iм зараз жа туды выехаць.

- Цяпер такiх настаўнiкаў зусiм няма. Вось памажэце нам добра наладзiць настаўнiцкiя курсы, i тады можаце ўзяць любога настаўнiка.

Цяжка было згадзiцца, але яшчэ цяжэй было адмовiцца ад прапановы. Шмат было прычынаў: i за i супраць. У канцы перамагла тая думка, што адзiн у Бабровiчах я нiчога не зраблю. Я хацеў абавязкова там адчынiць школу. Парахвiя была ў руiнах з кожнага гледзiшча. Да таго хацелася мець кантакт з настаўнiкамi, якiя да гэтага часу ня мелi нiякае рэлiгiйнае асьветы.

Шэсьць тыдняў выкладаў на настаўнiцкiх курсах мiнулi хутка. Выкладалася зь вялiкаю прыемнасьцю, бо курсанты - гэта была моладзь, якая з прагнасьцю ўбiрала кожнае слова, каб яго далей несьцi сваiм малодшым суродзiчам.

Аднак было вельмi сумна, калi з iнспэктарату даходзiлi жуткiя весткi аб нямецкiх плянах адносна школаў на Беларусi. Немцы катэгарычна адмовiлiся даць дазвол адчыняць гiмназii; аб унiвэрсытэце не магло быць i мовы. Дазвалялi толькi пачатковыя-сямiкласныя i прафэсыянальныя школы, розныя курсы; дазволiлi некалькi прагiмназiяў i настаўнiцкiх сэмiнарыяў, а ў iх не дазвалялi нiякiх выкладаў рэлiгii, хоць дазволена была малiтва перад i пасьля навукi. У Прыбалтыцы гiмназii i ўнiвэрсытэты былi дазволены.

Калi настаўнiцкiя курсы даходзiлi да канца, курсанты зьвярнулiся з просьбаю прадаўжаць навуку. Але ўжо пачаўся школьны год i адусюль дамагалiся настаўнiкаў. Iхнiя самазразумелыя просьбы здаволiць было немагчыма.

На заканчэньнi курсаў, 30.XI.1941, былi розныя прамовы. Я папрасiў iнспэктара даць мне слова апошняму i гаварыў ня толькi як настаўнiк, але i як сьвятар. I курсанты, i настаўнiкi i госьцi слухалi таго слова зь нязвычайнаю ўвагаю. Курсы закончыла 227 чалавек.

На курсах быў мой родны брат Косьця, i ён згадзiўся ехаць разам са мно[ю] у Бабровiчы.

Асьцярога: ня едзь!

Калi я зноў пачаў рыхтавацца ў дарогу, зноў упапярок дарогi стала цэлая купа розных перашкодаў. У гэбiтскамiсарыяце зноў катэгарычна адмовiлiся даць бiлет на цягнiк да Тэлеханаў. Самаходаў такжа нельга было знайсьцi: маю бэнзыну даўно праезьдзiлi. Выслаць лiст у Бабровiчы не было нiякае магчымасьцi, бо пошта не хадзiла i нiхто з тых ваколiц не паказваўся ў Баранавiчах. Зноў прыйшлося пазычаць самакат.

Ужо быў пачатак сьнежня i ранiцамi прымарожвала. Але Косьця прастудзiўся. Як толькi ён пачаў папраўляцца, мы дагаварылiся, што я паеду адзiн у Бабровiчы на самакаце i ў Бабровiчах найму падводу, каб прывезьцi туды нашы рэчы з Баранавiч.

Выбраўся я з Баранавiч халоднаю цiхаю ранiцаю. Але як толькi выехаў за горад, пачаў дзьмуць вецер у вочы. Трэба было мацней нацiскаць на пэдалi, але пасьля некалькi кiлямэтраў адна пэдаль пачала хiстацца. Як я яе нi прывiнчваў, яна разьлюзантвалася (?) усё больш. Два кiлямэтры перад Лясною [366] вецер шугнуў крыху мацней, я пахiснуўся на сьцежцы, пэдаль стукнулася аб камень i адляцела. Да Ба[б]ровiч было яшчэ каля 50 км, ад Баранавiч - 22. Назад iсьцi не хацелася. Пайшоў пехатою да Лясное, знайшоў каваля, прыбiлi наглуха пэдаль. Ужо даўно мiнула палудне. Хоць я быў змучаны i ветрам i прыгодамi, паехаў далей. У Дабрамысьлi [367] пачало сутонець, дык я заехаў да праваслаўнага параха, а. Аляксандра, каб пераначаваць i пазнаёмiцца з маiм будучым суседам. Гэта быў былы афiцэр царскае армii i надзiва сьведамы беларус. У сямейным жыцьцi ён меў няшчасьце, жонка яго кiнула, дык жыў сам. Зь людзьмi, вiдаць, жыў добра, бо як толькi суседкi ўбачылi, што да яго заехаў госьць, зараз жа прынесьлi яец i масла на пачастунак. Прыняў мяне вельмi гасьцiнна.

Назаўтра ранiцою, як толькi я глянуў у вакно, зьлякаўся - iшоў густы сьнег. Як жа цяпер ехаць далей? Але i назад не было як вяртацца. Да Бабровiч аставалася больш як 20 км - усё праз балоты, дзе няма нiводнае жывое душы, да таго, калi зьбiцца зь сьцежкi над зарослым каналам, дык можна загiнуць у багне. Айцец Аляксандар выясьнiў дакладна, як трапiць на той зарослы, а цяпер i закiданы сьнегам канал i я, узяўшы ў рукi самакат, здаўся на Божую ласку.

Увесь час сьнег iшоў вельмi густа, i ўсе тыя прыметы дарогi, якiя мне сказалi, былi засыпаны. Калi я дайшоў да лесу, спынiўся на раздарожжы. Навокал нiдзе нi жывое душы i не вiдно нiякае дарогi. Нiчога iншага не аставалася, як вярнуцца ў Дабрамысьль i распытаць дакладней дарогу. Толькi я завярнуўся назад, аж бачу йдзе да мяне хлапец.

- Ну, - думаю, - паслаў Бог ратунак.

Зь iм я дайшоў да каналу, а далей ужо раздарожжаў не было. Каля палудня я ўжо быў на Бабровiцкiм возеры. Яно добра ўмерзла i вецер зьмятаў зь яго сьнег, i я па[с]прабаваў ехаць на самакаце, але лёд быў такi сьлiзкi, што можна было ехаць толькi па простай лiнii - чуць павярнуўся ўбок, колы скоўзнулi i [я] паляцеў на лёд. Над возерам стаяць тры вёскi, i я ня знаў, каторая Бабровiчы, бо летам ехаў туды зь Сьвятое Волi [368]. Аж бачу, да сярэдзiны возера йдзе якiсь чалавек. Я да яго.

- Каторая гэта вёска Бабровiчы?

А ён нi слова, толькi размахвае рукамi. Гэта быў глуханямы. Вытлумачыў я яму рукамi, чаго мне трэба. Ён адразу дагадаўся, паказаў Бабровiчы, i пачаў мне паказваць, каб я ехаў назад, паказваючы на сабе ўсе мучэньнi, якiя актывiсты вычынялi а. Пачопку. Гэта была апошняя перасьцярога, але як яе было паслухаць, калi ўжо быў амаль на мейсцы?

Што рабiць, што чынiць?

За час мае адсутнасьцi агульнае становiшча ў Бабровiчах пагоршала ўва ўсiх дачыненьнях. Партызанаў яшчэ не было, але група актывiстаў з суседнiх вёсак, якая ўвесь час сядзела ў лясных гушчарах, ужо пачалi запугваць ваколiчных вясковых старастаў i палiцыю, каб ня важылiся iх чапаць.

- Мы нiкога не чапаемо, дык i нас няхай не чапаюць!

Але ўжо пару разоў быў перарэзаны тэлефон на дарозе да Тэлеханаў. А ўсе тыя, што грабiлi сьвятарскi i дзякаўскi дамы i школу, баялiся, каб я ня выкрыў iх, - усе яны былi настроены да мяне варожа.

Вясковы стараста, па мянушцы Козiк, пацiху дагаварыўся з суседнiм праваслаўным парахам з Глiнска [369] а. Васiлём, каб захапiць зямлю бабровiцкае парахвii, i ўжо за час мае адсутнасьцi адзiн раз а. Васiль служыў у Бабровiцкай царкве Сл[ужбу] Божую i распусьцi[ў] пагалоску, што я ў Бабровiчы не прыеду. Таму мой прыезд iх страшэнна азлобiў. Яны адразу пусьцiлi ў ход пагрозы: "Хто будзе хадзiць да а. Гарошкi на багаслужэньне, таго вывезуць за Буг". Глiнскi парах пачаў часьцей прыяжджаць у Бабровiчы i служыў у школьным памяшканьнi, i гэтую пагрозу паўтараў у сваiх казаньнях i пры тым страшэнна лаяўся. А стараста Козiк ужо не здавальняў пагрозамi, ён пачаў шырыць тэрор. Падчас вячэрняў ён станавiўся ў прытворы каля дзьвярэй (там было заўсёды цёмна), i як хто толькi намерваўся ўвайсьцi ў царкву, штурханцом у грудзi выкiдаў назад. Адна старэйшая кабета, падаючы ад такога штурханца, патаўкла сабе сьпiну, але баялася аб гэтым гаварыць, каб яшчэ не наклiкаць на сябе помсты Козiка. Я пайшоў да яго i кажу:

- У нас дзеюцца нечуваныя рэчы: нехта ў царкоўным пры твары нападае на малельнiкаў. Можа б вы дапiльнавалi, каб гэтага больш не было, бо будзе брыдка для нас усiх, калi я папрашу палiцыю.

- Пэўна, што будзе нядобра, калi аб гэтым даведаецца палiцыя. Я што змагу, то зраблю.

- Вось i добра. Буду шчыра ўдзячны вам за турботы. Яшчэ маю да вас просьбу. Цi маглi б вы памагчы мне знайсьцi падводу, каб з Баранавiч прывезьцi сюды настаўнiка i разам з тым мае рэчы?

- Ведаеце, гэта такая далёкая дарога, што я не магу назначыць падводу.

- Я разумею гэта добра i таму не прашу, каб вы вызначылi, а толькi каб памаглi знайсьцi якога ахвотнага, бо ж, думаю, i вам ляжыць на сэрцы, каб вашы дзецi маглi вучыцца. А за падводу я заплачу.

- Гэта праўду, што школу трэба адчынiць, але ж на гэта ёсьць i войт, i iнспэктар.

- Бачыце, што яны да гэтага часу нiчога не зрабiлi, бо цяпер такое палажэньне, што кожны мусiць клапацiцца сам аб сабе.

- Яно-то так, але неяк боязна.

Пасьля гэтае гутаркi Козiк ужо не адзываўся варожа супраць мяне. А войт зь Сьвятое Волi згадзiўся вызначыць мне падводу ў Баранавiчы на кошт воласьцi i прызначыў дровы на апал. Толькi трэба было чакаць спрыяючае пагоды, бо дзядзька Андрэй, якi згадзiўся ехаць, лiчыў, што трэба каля чатырох дзён на гэткае падарожжа, а пагода якраз была нясталая. Тым часам а. Васiль страцiў усякую меру i прызваiтасьць у натраўлiваньнi людзей супраць мяне. Брыдка нават i ўспамiнаць аб ягоных "подзьвiгах". Яму да помачы прышоў тэлеханскi праваслаўны сьвятар прат. Iван [370]. Ён запрашаў да сябе "на пачастунак" камэнданта нямецкае жандармэрыi i камэнданта палiцыi i нямецкiх госьцяў з Ганцавiч, загаварваючы зь iмi аб Бабровiчах. Рыхтавалася нешта нядобрае. Але што?

На Вадохрышча 10.I.1942 г., калi я пасьля Службы Божае i асьвячаньня вады пайшоў на абед, а. Васiль, вяртаючыся з вадасьвячаньня на возеры, разагiтаваў сваiх прыхiльнiкаў, яны напалi на царкву, зламалi замок i аб'явiлi, што займаюць царкву. Пры тым а. Васiль загроб сабе ўсе ахвяры на царкву, якiя ляжалi ў захрыстыi [371], забраў увесь невялiкi архiў царквы. Усё гэта ён рабiў апранены ў царкоўныя рызы.

Я прыйшоў у царкву. Людзi расступiлiся. Нiчога ня кажучы, я пась пяшыў забраць Найсьвяцейшую Эўхарыстыю з аганьбленае царк вы i выйшаў на салею, каб сказаць некалькi слоў людзям. Як толькi я пачаў гаварыць, а. Васiль кiнуўся да мяне з кулакамi, учапiў ся за грудзiну i крычаў:

- Людзi, памажэце выкiнуць гэтую халеру вон…

Ягоны дзяк i яшчэ нейкiя двое людзей кiнулiся да мяне. Вiдовiшча было несамавiтае: Чалавек, апранены ў царкоўныя рызы, у таварыстве падпiўшых дзядзькаў i трох памагатых зь вёскi Тупiчы [372], тузалi i штурхалi мяне. Я не баранiўся, ды i ня мог баранiцца, бо адною рукою прыцiскаў да грудзiны Эўхарыстычнага Хрыста, а ў другой быў напрэстольны крыж.

Назаўтра ранiцою я агледзеў царкву. На дзьвярох вiсеў новы вялiкi замок, але дзьверы ў захрыстыю былi адчынены. Я зайшоў усярэдзiну. На падлозе валялiся кускi паперы. З захрыстыi i аўтара зьнiкла шмат рэчаў. Толькi нейкiм дзiвам захаваўся сьпiс iнвэнтару. Сьпiс быў i так невялiкi, а цяпер зь яго не асталося i трэцяе часткi. Я пазазначыў усе зрабаваныя рэчы на палёх сьпiсу i пайшоў да царкоўнага старасты, якi быў заадно з а. Васiлём. Засьпеў я яго ў хаце. Ён сядзеў за сталом, сумна зьвесiўшы галаву.

- Пасьля ўчарашняга нападу на царкву, - кажу яму, - у царкве згiнула шмат рэчаў. Я маю сьпiс рэчаў, якiя былi падчас майго прыезду, а тут вось зазначана, што згiнула. Цi маглi б вы са мною спраўдзiць гэты сьпiс i падпiсаць яго.

- Ох, айцец, бачыў я ўчора, што там рабiлася, бачыў. Як жа я быў дурны, што дагэтуль ня бачыў таго разбойнiка? - Стараста горка заплакаў. Жонка моўчкам вышла з хаты. Крыху супакоiўшыся, ён прадаўжаў. - Ня трэба мне туды йсьцi, бо я вам i так веру. Дайце ваш сьпiсак. - I ён дрыжачаю рукою напiсаў сваё iмя i прозьвiшча.

Здаецца, што 23.I я атрымаў ад старасты павестку зьявiцца ў Тэлеханы ў справе царквы. У назначаны дзень ранiцою я быў ужо ў валасной управе у Тэлеханах i там засьпеў глiнскага параха. Ён аб нечым гаварыў зь перакладчыкам. Хутка нас паклiкалi ў канцылярыю. Там быў якiсьцi высокi нямецкi ўрадовец з Ганцавiч з свастыкаю на рукаве. Аказваецца, ужо ня толькi напад на царкву, але былi падрыхтаваныя даносы, каб зрабiць зь мяне польскага агента, i таму ўрадовец адразу зьвярнуўся да мяне даволi злосным чынам:

- Якiм правам вы захапiлi праваслаўную царкву ў Бабровiчах? - Перакладчык пачаў тлумачыць мне пытаньне па-расейску, я яго перабiў i па-нямецку расказаў аб тым, што здарылася i чаму гэта здарылася.

Як толькi я пачаў гаварыць, глiнскi парах пабялеў, а перакладчык зьмянiўся з твару, але хутка апанаваў сябе. Калi ж я расказваў, як ён падбухторваў людзей, як пагражаў, што немцы ўсiх маiх вернiкаў вывезуць за Буг, [а] перакладчык тлумачыць а. Васiлю. Той пачаўперабiваць мяне.

- Нiколi я гэтага не казаў, вось вам сьвяты крыж! - i пры тым размашыста хрысьцiўся.

Ён запярэчваў усё, што казаў публiчна i за кожным разам дзiвоснаразмашыста хрысьцiўся.

Немец глядзеў то на мяне, то на яго. Раптам зьмянiў тэму гутаркi.

- Вы адкуль ведаеце нямецкую мову?

- Я вучыўся ў нямецкiм унiвэрсытэце.

- I вы з такою асьветаю сядзiце тут у глухiм закутку?! Вам тут зусiм ня мейсца сядзець! Вы адкуль прыехалi?

- З Баранавiч.

- Дык я вашае справы разьбiраць не хачу, але вам загадваю вярнуцца ў Баранавiчы. Калi хочаце, можаце там апэляваць да вышэйшых уладаў.

Далей гаварыць не было чаго… Я мусiў ехаць у Баранавiчы.

Адразу ж быў высланы данос у Баранавiчы, каб апярэдзiць мой прыезд [373].

Страшнае падарожжа

Не дачакаўшыся нагоды i пагоды, каб прывезьцi ў Бабровiчы брата i мае рэчы, трэба было адтуль выяжджаць. Да сьлёз было жалка пакiдаць гурток тых шчырых людзей у Бабровiчах, якiя мне памагалi, колькi маглi.

Зборы ў дарогу былi невялiкiя: рэчаў было вельмi мала, але быў пазычаны самакат. Яго нельга было анi пакiнуць, анi выкарыстаць для язды - быў якраз пачатак лютага. Каб скарацiць дарогу i за адзiн дзень дабрацца да Баранавiч, я рашыў пайсьцi праз балота на Дабрамысьль i Мiлавiды, спадзеючыся, што ад Мiлавiд i самакат прыдасца. Выбраўся я яшчэ зацямна. На сьвiтаньнi пачаў церушыць сьнег i падзьмуў вецер. Дарогу засыпала, i самакат вязнуў у сьнезе - цягнуць было цяжка, а пхаць яшчэ цяжэй. Папрабаваў яго нясьцi на сабе, але ён быў зацяжкi. Калi я выхадзiў зь лесу перад Дабрамысьлем, дык быў ужо так змораны, што мусiў адпачы[ва]ць штонекалькi хвiлiн. Але як толькi садзiўся на сьнег цi на пень, страшэнна хацелася спаць. Я ўскокваў, каб iсьцi далей, аднак ногi адмаўлялi паслушэнства, трэба было зноў спыняцца. Як толькi я спыняўся, хiлiла да сну нават стоячы.

Мiнуўшы мост на Шчары, дарога была крыху ўтаптаная i я, змабiлiзаваўшы рэшткi сiлы, сеў на самакат. Але як праехаў праз Дабрамысьль, быў так зьняможаны, што ледва не звалiўся. Калi быў у Мiлавiдах, ужо сутонела. Рашыў пераначаваць у праваслаўнага параха. Гэта быў ужо старэйшы сьвятар. Безь нiякiх распросаў сказаў:

- Пераначаваць мейсца знойдзецца.

Сам сьвятар i ўся яго сям'я гаварылi мала, толькi трохгадовая ўнучка, на агульнае зьдзiўленьне, узьлезла мне на каленi i расказвала аб сваiх цацках i турботах.

Адразу па вячэры я лёг спаць i адразу заснуў, але каля поўначы прачнуўся. Ува ўсiм целе я чуў моцны боль, быццам мяне хтосьцi пабiў малатком. Як я не варочаўся, боль мяне дайшоў так, што аб сьне i думаць нельга было. Ранiцою, калi я выйшаў на двор, ногi былi быццам не мае, а ў галаву прыйшла дзiўная думка.

- Бог асьцерагаў, каб ня ехаў туды, не паслухаў, дык вось маеш цяпер пакуту.

Што ж, пакутаваць дык пакутаваць, я выбраўся ехаць у Баранавiчы, але сiлы пачалi здаваць. З жахам я заўважыў, што пачалi мерзнуць кончыкi пальцаў. Махаў i стукаў рукамi, каб крыху разагрэцца i сьпяшаўся ў Лясную. Там адразу пайшоў у плябанiю i кажу параху:

- Я страшна зьмерз, дайце мне гарачае гарбаты.

Ксёндз, як глянуў на мяне, бягом кiнуўся на кухню i крычаў.

- Марыся, каб за пяць мiнут была гарачая гарбата!

Сапраўды, за пяць мiнут яна нясла гарбату, а ксёндз на хаду лiў яшчэ нешта ў шклянку. Пробашч са мною гаварыў мала, ён быў зацяты паляк i варожа адносiўся да беларусаў, але прыняў мяне гасьцiнна [374].

Далейшае падарожжа да Баранавiч, дзе едучы, дзе йдучы, адбылася без прыгодаў. I так трэба было мучыцца, калi побач была чыгунка, але мне адмаўлялi дазвол карыстацца зь яе.

У Баранавiцкiх школах

Пагаварыўшы зь некаторымi знаёмымi, я пераканаўся, што апэляваць у справе Бабровiцкае парахвii няма сэнсу. Як потым я пераканаўся, што добра зрабiў, паслухаўшы iх рады. На Ўсх[одне]кат[алiц кую] царкву немцы глядзелi вельмi крывым вокам.

Крыху аддыхнуўшы, я зьбiраўся паехаць у Альбэртын да Экзарха а. Неманцэвiча, каб параiцца, што рабiць далей. Аднойчы вечарам я зайшоў да д-ра В. Войтэнка, ягоны дом быў блiзка м[айго] дом[у]. Пагутарыўшы аб агульных справах, ён паказаў мне дазвол з гэбiтскамiсарыяту на адкрыцьцё ў Баранавiчах Сярэдняе Мэдыцынскае школы i кароткi нарыс праграмы навукi. Праектаваў стварыць у ёй аж 6 аддзелаў: фэльчарскi, акушэрскi, аптэкарскi, дэнтыстычны, вэтэрынарскi i мэдыцынскiх сёстраў, а магчыма i сёмы - фiзычнага ўзгадаваньня.

- А дзе ж будзе мясьцiцца гэтая аграмадная школа? Хто будзе яе ўтрымлiваць? - зацiкавiўся я.

- Пакуль што нiчога няма. Усё трэба знайсьцi. Вось возьмецеся за гэтую працу, бо я па вушы заняты ў магiстраце.

- А дзе ж набраць [с]толькi настаўнiкаў, гэта ж для старшых курсаў мусяць быць прафэсары?

- Трэба зачаць ад двох першых курсаў, i ў меру разьвiцьця школы будзем дабiраць настаўнiкаў. Дахтароў я пастараюся знайсьцi сам, а вы шукайце настаўнiкаў для агульнаасьветных прадметаў.

Пры тым адразу дагаварымся, што вы будзеце кiраваць усёю школаю, а я буду фiгураваць як дырэктар.

- Плян вельмi прыгожы, але так пачынаць зь нiчога, з нуля, ды ў цяперашнiх абставiнах - вельмi цяжкая i рызыкоўная справа…

- Пэўна што цяжкая i рызыкоўная, - перабiвае мяне, - але ж нам патрэбны кадры i нiхто iх нам ня дасьць. Мусiм самi iх тварыць i ўзгадоўваць. Гiмназiяў i ўнiвэрсытэтаў няма, дык трэба шукаць нейкае iншае рады.

- Добра, шукаць, дык шукаць. Напiшэце мне якую паперку, каб я мог зь ёю ўсюды паказацца, i пачнём дзейнiчаць. Можа, Бог паможа нешта стварыць.

Назаўтра я ўжо быў у кватэрным аддзеле Баранавiцкага магiстрату i пераглядаў невялiкi сьпiс дамоў, зь якiх нядаўна выйшлi нямецкiя ваенныя аддзелы. Выбар быў вельмi невялiкi. Прыйшлося здаволiцца невялiкiм домам на вул. Фр. Скарыны.

Лаўкi давялося зьбiраць па панадворках быўшых школаў, якiя былi заняты войскамi. У некаторых школах лаўкi былi папалены, у некаторых асталiся дзякуючы таму, што былi засыпаны сьнегам. Мяне зьдзiвiла, што нiводзiн нямецкi афiцэр не адмовiўся перадаць мне лаўкi. Праўда, мне шмат памагла нямецкая мова.

Кандыдатаў на першы курс згаласiлася шмат больш, чым можна было спадзявацца, 200 чалавек. Вось жа на экзамiнах можна было зрабiць адпаведны выбар. Прынята 160. Пры тым праграма навукi была ўложана так, што неабходна было рабiць ня толькi выбар, але адбор. Школьны год складаўся з двох сэмэстраў, але сэмэстр меў трываць толькi тры месяцы, каб за адзiн каляндарны год прарабiць праграму двох школьных гадоў. На летнiя канiкулы прадбачваўся перапынак усяго на два тыднi.

З даборам настаўнiкам так для агульнасьветных прадметаў, як i для фахавых зьявiлася шмат больш цяжкасьцяў, чым iх можна было спадзявацца. Ужо ад верасьня працавала ў Баранавiчах 5 сямiгодак, затруднiўшы ўсiх настаўнiкаў, якiя былi ў Баранавiчах. На шчасьце, пакрыху прыяжджалi незатрудненыя настаўнiкi з правiнцыi. А дактары вельмi неахвотна гадзiлiся выкладаць у школе, бо аплата за выклады была вельмi нiзкая. Толькi больш сьведамыя згадзiлiся выкладаць у Мэд[ыцынскай] шк[оле] з нацыянальнага абвязку.

Навука ў Мэдыцынскай школе распачалася, здаецца, 20-га лютага 1942 г. у дзьвёх групах, але пасьля трох тыдняў прышлося тварыць зь iх трэцюю групу. З гэбiтскамiсарыяту папярэдзiлi акруговы аддзел аховы здароўя:

- Будзьце гатовы, што аднаго дня ў аптэках не астанецца анiводнага жыда.

- А хто ж iх заступiць?

- Гэта ня наша справа. Рабiце што хочаце.

Што ж было рабiць? Селi мы з д-рам Войтэнкам пераглядаць ацэнкi вучняў з абодвых груп першага курсу. Выбралi 19 чалавек найбольш здольных з тых, што жадалi пайсьцi на аптэкарскi ад[дзел], заклiкалi iх у канцылярыю i паведамiлi iх:

- Заўтра вы пераходзiце на другi курс.

- Нам i на першым курсе цяжка, - загудзелi ў адзiн голас.

- Не апраўдвайцеся, а бярэцеся за працу, - коратка спынiў iх д-р Войтэнка.

Зноў зьявiўся клопат з выкладчыкамi. Мiма ўсiх стараньняў д-р Войтэнка не знайшоў мiж лекараў нiводнага ахвотнага выкладаць бiялёгiю. Калiсьцi ў Наваградзкай Гiмназii выкладалi бiялёгiю, але там быў гiмназiйны ўзровень, ды гэта было 11 гадоў таму, пры тым я ўжо выкладаў беларускую лiтаратуру i гiсторыю Беларусi, на маёй адказнасьцi былi ўсе справы дырэкцыi Школы; але не было нiякае рады, давялося ўзяць яшчэ выклады бiялёгii - гэта значыць у першую чаргу самому студыяваць яе. Але гэта быў толькi пачатак.

Калi перад 1939 г. у Баранавiчах беларускае iнтэлiгенцыi было вельмi мала, аб беларускае нацыянальнае працы не было нi слуху, нi духу, дык у 1942 г. Баранавiчы сталiся цэнтрам беларускага культур[нага жыцьця] [375].

Харчаваньне ў гарадах [376]

Грабежнiцкая палiтыка нацыстаў ня ведала нiякiх межаў. Кожны вайсковы аддзел, якi праходзiў празь вёскi, бяскарна забiраў у сялян усё, што толькi траплялася пад рукi. Калi ўжо ачышчалi ў сялян "шпэк" i "яйка", пачыналi паляваць за курамi i сьвiнямi. У гарадох жыхаром падавалi харчовыя картачкi, але мала што зь iх можна было атрымаць. Толькi хлеб i крупу давалi рэгулярна, а мяса ў Баранавiчах на карткi мне ўдалося атрымаць усяго два разы за ўвесь час нямецкае акупацыi.

Зь вёскi ў горад правезьцi харчы было вельмi цяжка, бо на рагатках стаялi або палiцыянты, або нямецкiя жаўнеры i забiралi, што iм падабалася.

Для вучняў мэдыцынскае школы i для ўсiх iншых баранавiцкiх школаў паўставала паважная загроза лiквiдацыi школаў. Вось жа дырэкцыi школаў, акруговы iнспэктарат i гарадзкая ўправа зьвярнулiся да гэбiтскамiсара, каб ён спынiў грабёж на рагатках. Тады з гэбiтскамiсарыяту былi выданы пасьведчаньнi для бацькоў вучняў, каб ад iх не забiралi харчоў. На некаторы час палiц[ыянты] тыя даведкi рэспэктавалi, але потым зноў грабiлi…

Мэд[ычная] школа - перашкоды [377]

Першы сэмэстар мiнуў вельмi хутка i добра. Хоць вымогi былi вялiкiя, але адсеў вучняў быў параўнаўча нязначны. Замест летнiх канiкулаў быў усяго двохтыднёвы перапынак. У канцы чэрвеня адбыўся экзамiн другога набору. Наплыў кандыдатаў быў значна большы, чым у лютым, таму экзамiны былi больш строгiмi, але з новаўступаючых трэба было ўтварыць аж чатыры паралельныя клясы.

Пасьля такога набору школьны будынак у панадворку С. Д. быў зусiм нявыстарчаючы, бо трэба было арганiзаваць яшчэ анатамiчны, хэмiчны, фiзычны i вэтэрынарны кабiнэты. На шчасьце, якраз у тым часе перанесьлi шпiталь заразных хваробаў за Баранавiчы i памешканьне шпiталя (быўшы жыдоўскi хэдар [378]) немцы не адважвалiся займаць, а Мэдыцынскай школе гэта было якраз на руку. Праз дарогу быў агульны шпiталь, а побач вялiкi дом, дзе былi склады акруговага iнспэктарату, дзе было даволi мейсца для кабiнэтаў i нават для лябараторыi.

Затое значна ўзрасьлi цяжкасьцi з настаўнiкамi, бо ўжо заiснаваў трэцi аптэкарскi курс i трэба было ажно трох настаўнiкаўспэцыялiстаў. Пасьля некаторага ваганьня яны згадзiлiся. Але радасьць была невялiкая, бо якраз тады прыйшлося зьлiквiдаваць ад дзел фiзычнага ўзгадаваньня. Там вучняў было мала i адзiная настаўнiца-спэцыялiстка наадрэз адмовiлася далей выкладаць, хоць яе пляменьнiца вучылася ў мэдыцынскай школе.

Маючы [с]толькi вучняў, цяпер можна было арганiзаваць добры хор i гурток народных танцаў. Да гэтага знайшлiся добрыя настаўнiкi, дык ня дзiва, што хор i танцавальная група Мэдыцынскае школы здабылi сабе добрае iмя сваiмi канцэртамi.

Калi д-ра Войтэнку перавялi з Баранавiч у Слонiм, мне даручылi ня толькi дэ-факта, але i афiцыяльна дырэктарства школы, хоць гэта было зусiм ненармальна, бо ж у Баранавiчах было аж 30 лекараў. Таму пасьля пару месяцаў Акруговы iнспэктар i Акруговы Аддзел Аховы Здароўя прызначылi дырэктарам д-ра М. Смаршчка [379].

Ад гэтага назначэньня практычна нiчога не зьмянiлася, бо i далей мне прыходзiлася займацца ўсiм. Трэцi набор быў такжа вялiкi, бо ўжо немцы рознымi спосабамi набiралi моладзь на працу ў Нямеччыну, а вучнi Мэдыцынскае школы, падобна як i iншых школаў у Баранавiчах, атрымалi працоўныя карты i тым самым афiцыяльна не падлягалi вывазам. Таму, нiчога нiкому ня кажучы, мы прымалi, колькi маглi.

Калi пасьля трэцяга набору вучняў адчынена фэльчарскi, акушэрскi i вэтэрынарны аддзелы, Мэдыцынская школа ўжо ўвайшла ў сваю фаховую каляiну. Вучнi старэйшых курсаў мусiлi акрамя навукi адбываць такжа практыку. Найбольш практыкi мусiлi адбыць фэльчары - па два тыднi на кожным аддзеле ў шпiталi i ў дзiцячых дамох. З даборам выкладчыкаў было асаблiва цяжка. […] наадрэз адмовiлася выкладаць у Мэд. школе.

З гэтага скарыстаў акруговы лекар д-р Лукашэня [380], каб у першую чаргу паслаць вучняў у шпiталь заразных хваробаў, бо там не хапала абслугi. Гiгiенiчныя ўмовы ў шпiталi цяжка было захаваць у тым ваенным часе. Пры тым хворыя на тыф прывозiлi з сабою шмат вошаў. Здаецца, другi вучань, якi адбыў практыку ў тым шпiталi, Янка Палька, праз два тыднi сам захварэў на тыф i лёг мiж сваiх пацыентаў.

Гэты спакойны i цярплiвы юнак праз тыдзень аддаў душу Богу - гэта першая ахвяра будучых беларускiх мэдыцынскiх кадраў. Мне хацелася яго пахаваць урачыста ў Баранавiчах, але бацькi зажадалi пахаваць на могiлках роднае вёскi.

Пасьля такога выпадку iншыя вучнi былi больш асьцярожныя, але ўсё раўно большасьць зь iх пасьля практыкi самi перахварэлi на тыф, толькi ў часе хваробы мелi лепшы дагляд.

Ува ўсiх тых установах i аддзелах, дзе мелi практыку вучнi мэдыцынскае школы, я стараўся быць пры розных нагодах хоць некалькi хвiлiн, i кожныя такiя адведзiны мелi добрыя насьледкi.

На пачатку 1943 г. на мейсцы д-ра М. Смаршчка дырэктарам школы быў назначаны д-р М. Мiнкевiч [381]. Ён увайшоў размашыста ў канцылярыю з новым назначэньнем i голасна заявiў мне, што цяпер ён будзе кiраваць усiмi справамi школы.

- Ну, дзякуй Богу, - сказаў я такжа голасна, - можа хоць нарэшце я крыху адпачну.

Першы тыдзень сапраўды выглядала так, што мне будзе менш працы, аднак на другi тыдзень я зноў мусiў быць ад рана да вечара ў школе i заладжваць усе бягучыя справы, ды яшчэ чакаць новага дырэктара, каб падпiсаў розныя паперкi. А падпiсваць тады было што. Адных толькi працоўных вучнёўскiх картаў было 450. I трэба было iх падпiсваць штотыдня. А розныя накiраваньнi, даведкi i карэспандэнцыя, зь якою ледва спраўлялiся дзьве сакратаркi, такжа вымагалi нямала часу i ўвагi.

У сярэдзiне студзеня 1943 г. зьявiлася якаясь афiцыяльная нямецкая камiсiя зь Менскага Генэральнага Камiсарыяту у складзе трох чалавек. Яны вымагалi дакладных iнфармацыяў аб стане Мэдыцынскае школы i зажадалi паказаць iм вучняў. Д-ра Мiнкевiча не было, i я мусiў выконваць ролю дырэктара.

Агляд школы пачаўся ад чацьвёртага аптэкарскага курсу. Там было ўсяго 19 вучняў.

- Колькi iм яшчэ трэба да сканчэньня курсу? - пытаўся шэф камiсii.

- Усяго чатыры месяцы.

- Ну гэтыя яшчэ могуць скончыць, - зьвярнуўся ён цiха да iншых. Тыя на знак згоды кiўнулi галавамi.

Побач была кляса другога агульнага курсу - мела 60 чалавек.

Увайшлi туды. Паглядзелi моўчкi. Выйшаўшы пытае той самы:

- А гэтым колькi да канца?

- Гэтым трэба аж два гады.

- Два гады!!! - засьмяяўся голасна шэф i махнуў рукою.

- А колькi ў вас усiх вучняў?

- Усiх 450 чалавек.

- Ча-ты-рыста-пяцьдзесят чалавек; дзе-вяць-сот рук!!! - з пры цiскам i нарасьпеў гаварыў шэф. - Ого-го-го!

Больш аглядаць школы яны не хацелi, толькi спыталiся, дзе больш працуюць вучнi.

- У шпiталi, у клiнiках, у дзiцячых дамах i ў аптэках, - адказаў я коратка.

Не разьвiтаўшыся нават, яны адразу пайшлi ў шпiталь.

З паводзiнаў i тэмы гутаркi камiсii было ясна, што над школаю вiсiць грозная небясьпека.

У шпiталi камiсiя была моцна зьдзiўлена. Яны заявiлiся спачатку на гiнэкалягiчным аддзеле i пытаюцца:

- Дзе тут працуюць вучанiцы з Мэдыцынскае школы?

- А во разам з доктарам робяць абход, - адказала дыжурная сястра i паказала на iх праз адчыненыя дзьверы.

Адтуль пайшлi ў агульны аддзел i зайшлi ў перавязачную залю. Дырэктар шпiталю д-р Навумiк якраз рабiў апэрацыю, а ў перавязачнай працавалi самыя вучнi - будучыя фэльчары.

- Гм, дык яны добра спраўляюцца, - перашэптвалiся з сабою сябры камiсii, не зьвяртаючы ўвагi нават на прысутнасьць дыжурнае сястры, якая добра ведала нямецкую мову.

Мэдыцынская школа ў тым часе мела 12 групаў на ўсiх курсах i працавала на дзьве зьмены ў двох будынках. Пасьля тае камiсii я, нiчога нiкому ня кажучы, меркаваў, каб раскiдаць яе яшчэ больш. Старшы фэльчарскi курс запраектавана перанесьцi ў шпiталь. Узмоцнена (?) рассылаў старэйшых вучняў на практыку ў шпiталь i клiнiкi.

Аб тым, што гiтлераўцы задумалi лiквiдаваць беларускiя сярэднiя, нават фаховыя школы, было ясна з таго, што нядаўна зьлiквiдавалi ў Мэдыцынскай школе вэтэрынарны аддзел. Лiквiдацыя праведзена была падступна, бо абвешчана, [што] адчыняецца Вэтэрынарная сярэдняя школа ў Менску i туды маюць пераехаць вучнi з вэтэрынарнага аддзелу нашае школы. Але ў Менску нiчога не адчынiлi, а нам аддзел не аднавiлi.

Дакладна ўжо даты ня помню, але тады ж з распараджэньня гэбiтскамiсара ўведзены быў абавязак для ўсiх вучняў сярэднiх фахавых школаў у Баранавiчах працаваць у розных нямецкiх д[….] складах i лягерах прынамся паўдня ў тыднi. За працу нiчога не плацiлi.

У такой атмасфэры трэба было штодня быць гатовым на розныя неспадзеванкi.

Разгром школаў

Чакаць грознае неспадзеванкi прышлося нядоўга. 8-га лютага [382] 1943 г. я меў лекцыю зь бiялёгii аб iнтуiцыi ў другiм курсе. Толькi я кончыў лекцыю i выйшаў на карыдор, як у школу ўбег акруговы iнспэктар Мiхайлоўскi i адразу да мяне.

- Ёсьць загад з гэбiтскамiсарыяту, каб вы сабралi ўсiх сваiх вучняў на 12 гадзiну; мае прыйсьцi камiсiя з Ураду працы.

- У нас немагчыма сабраць на 12-ю гадзiну, бо ж другая зьмена пачынае заняткi толькi з 12.20 - адзначыў я.

- Рабеце, як хочаце, я вам перадаў загад, - сказаў iнспэктар i выйшаў.

Што ж, загад дык загад. Дырэктара д-ра Мiнкевiча не было, ды яго iнспэктар i не пытаўся. Трэба было выконваць загад уладаў.

Я адразу накiраваўся ў другi курс, дзе толькi нядаўна гаварыў аб iнтуiцыi. Вучнi, адчуваючы нешта грознае, усе ўсталi i быццам занямелi.

- Ёсьць загад ад нямецкiх уладаў, каб усе вучнi нашае школы былi сабраныя тут на 12 гадзiну, - сказаў я голасна.

- А што будзе? - хтосьцi спытаў нясьмела.

- Немцы прыйдуць! - адказаў я i пайшоў у суседнюю клясу.

Абышоўшы ўсе прысутныя на раньняй зьмене курсы, я пайшоў у канцылярыю i там паўтарыў загад. У школе зрабiлася незвычайна цiха. Я выйшаў на карыдор. Усюды было пуста. Я абышоў усе клясы, нiдзе не было жывое душы. Вярнуўся ў канцылярыю - i там нiкога. Да 12-е было яшчэ нам 2-х гадзiнаў.

Уцякаць, як гэта зрабiлi вучнi, не было сэнсу, бо мяне ўсё роўна гэстапаўцы шукалi б, але i аставацца было небясьпечна, бо калi замест усяе школы з 450 вучнямi гiтлераўцы ўбачаць мяне аднаго, дык са злосьцi могуць адразу застрэлiць.

- Дык што мне рабiць? - пытаюся я сам сябе.

I прыйшла думка: калi жыды арыштоўвалi Хрыста, дык Ён казаў, каб не чапалi апосталаў, i тыя ўцяклi, але Сам не ўцякаў. "Значыць, i мне ня трэба ўцякаць", - вырашыў я i пачаў малiцца, гатуючыся на ўсякую неспадзеванку. Цi гэта была малiтва, ня знаю, бо кожных некалькi мiнут я глядзеў на гадзiньнiк. Здавалася, што час iшоў вельмi марудна. Асаблiва доўжылiся апошнiя мiнуты перад 12-ю. Але вось настала i 12-ая гадзiна, а нiкога з Арбайтсамта [383] не было. Пачакаў яшчэ 3 мiнуты, прайшло яшчэ якiх 14 па 12-й, i, ня бачучы нiкога, рашыў пайсьцi ў Адмiнiстратыўна-гандлёвую школу. Там гiтлераўцы былi ранiцою а 10-й гадзiне, а дырэктар тае школы - Русак [384] - быў у блiзкiх адносiнах да вышэйшых уладаў. Ён сядзеў адзiн у канцылярыi, школа была пустая. Ён расказаў, што яго школу ранiцаю акружылi немцы з сабакамi, але шмат моладзi паўцякала праз вокны i тыя немцы, што стаялi каля вокнаў, зусiм не перашкаджалi ўцякаць. З усiх 250 вучняў захапiлi толькi два дзясяткi, але i тыя паўцякалi па дарозе.

Я расказаў яму, што сталася ў нас.

- Ну што ж, калi немцы спазьнiлiся на 3 мiнуты, дык вы мелi права пайсьцi, - зажартаваў ён.

Вечарам таго ж дня я зайшоў да д-ра Мiнкевiча. Ён жа быў дырэктарам школы, але ў ёй таго дня не паказаўся.

- Вы ведаеце, што сталася ў Мэдыцынскай школе? - спытаўся я.

- Так, ведаю, - казаў ён прыглушаным голасам.

- Дык вось, калi будуць якiя прыкрыя кансэквэнцыi [385], вы можаце гаварыць, што ў школе не былi i нiчога ня ведаеце, як так сталася, што ўсе вучнi паўцякалi. Усю адказнасьць я бяру на сябе. А тым часам бывайце!

На заўтра 8-га лютага ў Мэдыцынскую школу прыйшло толькi 5 настаўнiкаў i нiводнага вучня. Каля 10-е гадзiны ў канцылярыю ўвайшоў нямецкi афiцэр SD у таварыстве палiцыянта i замест прывiтаньня загадаў:

- Пакажыце вашы дакумэнты!

Я паказаў першы.

- Вы арыштованы!

Побач стаяў мой брат Косьця, ён працаваў у фiзычным кабiнэце. Я хацеў яму перадаць грошы - афiцэр строга мне забаранiў.

Нiкога больш не арыштавалi. Мяне павялi спачатку ў палiцыю, але там безь нiякiх допытаў адразу накiравалi ў турму.

Камэра, куды мяне замкнулi, i так была поўная. Не было нiякога мейсца, дзе прымасьцiцца. Я ледва працiснуўся ў куток, стаў на каленi i, не зьвяртаючы на нiкога ўвагi, пачаў малiцца. Раптам з карыдору дыжурны палiцыянт пачаў грымаць у дзьверы, крычучы:

- Эй, там, спынi маленьне.

Я не зьвярнуў на яго крык нiякае ўвагi. Памалiўшыся, пачаў пакрыху знаёмiцца зь сябрамi па няшчасьцi.

Тым часам напад гiтлераўцаў на сярэдняе школьнiцтва ў Баранавiчах выклiкаў агульную панiку. Апусьцелi такжа i пачатковыя школы. Нават малышы, як убачылi на вулiцы якога-небудзь у нямецкай унiформе, крычалi:

- Немец! - i ўцякалi ў панадворак хавацца.

Вучнi з па-за Баранавiч уцякалi дамоў.

Атмасфэра няпэўнасьцi цяжыла над усiм жыцьцём у Баранавiчах. Бурмiстар Юры Сабалеўскi [386] iнтэрвэнiяваў у гэбiтскамiсара Вэрнэра, каб неяк унармаваць палажэньне, i сугэраваў [387] яму выдаць публiчную заяву, што больш ня будуць чапаць школаў, i дамагаўся, каб мяне звольнiлi, бо iнакш усё роўна вучнi не паслухаюць нiякiх заяваў.

А тым часам [м]не ў турме было дзiўна, што нiхто не рабiў нiякiх анi допытаў, анi нават нiякага пратаколу нiхто не пiсаў. А баць кi вучняў ужо на другi дзень пачалi прыносiць у турму розныя дарункi.

О, тыя дарункi, той шчыры выяў прызнаньня, як глыбока яны запалi мне ў душу!!! I мне рабiлася да сьлёз жалка, што яшчэ аставалася ўсяго тры месяцы да першага выпуску аптэкараў i так раптам усё гэта можа быць зьнiшчана. Але гэтым разам жаль мой быў дарэмны.

Пасьля трох дзён турэмнага жыцьця, 10-га лютага, ранiцою ў нашую камэру увайшоў сам начальнiк турмы i казаў мне зьбiрацца з рэчамi.

Зборы былi невялiкiя - увесь хлеб, што мне прынесьлi за гэты час, я пакiнуў у камэры, каб яго разьдзялiлi мiж сабою, у канцылярыi турмы забраў мае дакумэнты i тыя дробныя асабiстыя рэчы, што знаходзiлiся ў кiшэнях падчас арыштаў, i мне адчынiлi дзьверы турмы.

Выйшаўшы на вулiцу, мусiў перажыць дзiўнае пачуцьцё свабоды. I тады я ацанiў, як невымоўна дорага адчуваць сябе свабодным.

Пасьля хвiлiны развагi я рашыў найперш зайсьцi да Сабалеўскага, потым - Мiхайлаўскага, каб даведацца, што чуваць у горадзе i зарыентавацца, што рабiць далей.

Усё, што я даведаўся, было вельмi сумным. Усюды панавала нейкая панiка, толькi бурмiстар Ю. Сабалеўскi трымаўся бадзёра i быў пэўны, што ў гэбiтскамiсарыяце прымуцца ягоныя сугэстыi [388]:

- Калi вас выпусьцiлi, дык напэўна выдадуць заяву, што больш ня будуць чапаць беларускiх школаў, - цьвердзiў ён.

Так яно i сталася. Хутка гэтая заява зьявiлася ў "Баранавiцкай газэце" i на дошках з абвесткамi. Паволi i нясьмела пачалi зьбiрацца вучнi ўва ўсе баранавiцкiя школы, аднак з далейшых ваколiцаў вельмi многа ня прыехалi зусiм. З колiшнiх 450 чалавек у Мэдыцынскай Школе зьявiлася ўсяго 350 - i тыя зьяўлялiся паволi.

Ня раз падчас тых прыездаў адбывалiся такiя сцэны, што ўзрушалi да сьлёз. Вось аднойчы селянiн з Клецку прывёз сваю дачку i выклiкае мяне з канцылярыi пагаварыць бязь сьведкаў. Мы зайшлi ў дырэктарскi пакой:

- Вось, ойча, я сьцярог сваю дачку, як мог, яна ў мяне адна, а цяпер ужо не магу, хапаюць моладзь усюды, дык будзьце вы ўжо ёй бацькам.

- Добра, але тут жа тая сама ўлада, вы ж ведаеце, што са мною было сталася, - адказваю.

- Ведаю, добра ведаю, але ўжо можа больш такога ня станецца.

- Пакуль ня станецца, дык я ўсiх вучняў у гэтай школе буду пiльнаваць як сваiх дзяцей.

- Ну дык вось, дачушка, аставайся тут далей, - зьвярнуўся ўсьцешаны дзядзька да свае дачкi.

Для мяне было вельмi цiкава, што хоць я быў да вучняў вельмi вымагаючы, аднак iхнiя адносiны да мяне былi наагул вельмi добрыя. А пасьля арышту яны сталiся яшчэ лепшыя. За тры днi, якiя я прасядзеў у турме, моладзь тварыла чуць не лягенды.

З нагоды майго арышту i разгрому школаў выявiлася сапраўднае аблiчча некаторых прыхаваных рэнэгатаў. Успомню прынамся аб адным. Акруговы iнспэктар лекар д-р Лукашэня, калi даведаўся аб маiм арышце, з радасьцi зацiраў рукi, хадзiў па сваiм кабiнэце i, не зважаючы на прысутнасьць сваiх служачых, голасна гаварыў:

- Даўно б так трэба было зрабiць. Даволi гэтых беларускiх школаў. Цяпер то ўжо будзе скончана з гэтаю беларусiзацыяю i з гэтым вунiятам Гарошкам.

Потым выявiлася, што ён належаў да расейскае арганiзацыi i праз свайго швагра Махнача, якi працаваў у аптэкарскай базе, перадаваў лекi партызанам.

Толькi заўчасна цешыўся Лукашэня i яму падобныя. Хоць i зь некаторымi цяжкасьцямi, але ўсе баранавiцкiя школы працавалi далей i на пачатку лета 1943 г. адбыўся першы выпуск - 19 аптэкараў выдатна закончылi чацьвёрты аптэкарскi курс i былi адразу накiраваны ў аптэкi. Наступны выпуск меў адбыцца праз тры месяцы. Цяпер ужо можна было звольнiць тэмпа навучаньня i наблiзiць яго да нармальнага.

У мiжчасе д-р Мiнкевiч зрокся дырэктарства, i на яго мейсца быў назначаны д-р Малецкi [389]. Зь iм мы дагаварылiся сэмэстры прадоўжыць з трох да пяцi месяцаў. Гэткiм чынам, трэба было праграму навучаньня амаль падвоiць. З гэтаю мэтою была склiкана агульная канфэрэнцыя ўсiх выкладчыкаў i прафэса[ра]ў. Калi iм абвесьцiлi, што праграма мае быць пашырана амаль удвая, дык адзiн з дактароў зьвярнуўся пацiху да мяне:

- Ойча, дык гэта ж робiцца ўнiвэрсытэт!

- Маўчыце, - шапнуў я.

I ён маўчаў. А школа сапраўды пачынала прымаць унiвэрсытэцкi характар. Нават прынагодна сярод беларускага актыву пацiху пагаворвалi аб тым, цi хапiла б у нас сiлаў стварыць поўны ўнiвэрсытэт. Як ужо перш успамiналася, з кадрамi выкладчыкаў было нямала цяжкасьцяў, але часам былi i прыемныя неспадзеванкi - самi зьяўлялiся добрыя фахоўцы, якiмi можна было замянiць менш адпаведных людзей. Толькi адзiн раз прыйшлося зьвярнуцца да бурмiстра Ю. Сабалеўскага, каб дапамог знайсьцi выкладчыка клiнiкi для фэльчарскага аддзелу. I цiкава, што хоць той прафэсар спачатку адносiўся непрыхiльна да Мэдыцынскае школы, але калi адбыўся выпускны экзамiн фэльчараў, дык сьцьвердзiў:

- Мушу прызнаць, што нават у Вiленскiм унiвэрсiтэце я ня меў лепшых вучняў.

Незабавам адбыўся другi выпуск аптэкараў i першы выпуск акушэрак - школа расла на вачах, нягледзячы на нутраныя цяжкасьцi i на ваенны час, але мне прыйшлося разьвiтацца зь ёю. Якраз на Новы Год, 1944 г., акруговы iнспэктар Мiхайлоўскi паведамiў мяне, што зь Менску прыйшоў загад звольнiць мяне з настаўнiцтва. Адзiная прычына да гэтага - што я сьвятар. Ужо пару месяцаў перш быў такi загад, але iнспэктар i бурмiстар, нiчога мне ня кажучы, адклiкалiся ў Рыгу да Ўсходняга Мiнiстэрства [390], i вось там рашуча адкiнулi ўсякую апэляцыю, катэгарычна загадваючы выключыць мяне з усякае настаўнiцкае працы.

Verzeihen Sie! [391]

Новы, 1944 год увесь актыў беларускае iнтэлiгенцыi сустракаў супольна ў сталоўцы Аўдзея. Сталы былi састаўлены ў два даўгiя рады i густа застаўлены рознымi паўмiскамi, мiж якiмi так жа густа стаялi пляшкi з самагонам i зрэдку пляшкi зь лiманадам.

Нягледзячы на неспакойны час i на яшчэ больш неспакойныя весткi з фронту, за сталамi хутка вытварылася вельмi мiлая, быццам сямейная атмасфэра. Крыху перакусiўшы, пачалiся прынагодныя прамовы. На агульнае дамаганьне i мне прыйшлося сказаць колькi слоў. Успрынялi iх гучнымi воплескамi.

I вось у гэтую грамаду неспадзевана ўвалiлася чатырох узброеных немцаў - гэта быў патруль С. Д. Вiдаць, яны хацелi пахмялiцца, бо, прывiтаўшыся зь некаторымi знаёмымi, хутка разышлiся мiж сталоў, каб знайсьцi парожныя мейсцы. Адзiн зь iх сеў якраз насупраць мяне на мейсцы М. Тулейкi [392], якi дзесьцi на хвiлiну выйшаў. Немец адразу ўхапiўся за пляшку i зьвярнуўся да мяне:

- Вып'ем за Новы Год.

- На жаль, я ня п'ю нiякiх алькагольных напiткаў.

- Што, ня п'еш?! - Вызьверыўся на мяне. - Я вам магу загадаць. Вы знаеце, хто я ёсьць? Я шэф баранавiцкага С. Д.

- Выбачце, што я ня ведаў, з кiм маю гонар гаварыць. Вашае становiшча вельмi паважнае, гэта праўда, але ж яно хiба не сягае аж да такiх рэчаў, як пiтво.

- Што там яшчэ гаварыць… - Тут немец прыглянуўся да пляшкi, яна была амаль пустая.

- Э, гэта для нас замала. - Ён рашуча адставiў яе ў бок i ўхапiўся за iншую пляшку, якая стаяла недалёка ад мяне i пачаў налiваць у сваю i ў маю шклянку.

Пры тым ён увесь час гаварыў аб важнасьцi свайго становiшча. Вiдаць, ён быў крыху падпiўшы. Пакуль ён гаварыў, я заўважыў на бакох шклянкi дробныя бульбаткi - у пляшцы была лiманада, а немец гэтага не заўважыў. Мы чокнулiся i выпiлi.

Калi б шэф С. Д. выпiў 90 % сьпiрту, вiдаць так не задзiвiўся б, як задзiвiўся з таго, што выпiў. Ён быў пэўны, што налiў у шклянкi самагон-пяршак, а выпiў… ваду! Ён асьцярожна паставiў шклянку на стол i ўтаропiўся на мяне. Я такжа глядзеў на яго. Пасьля некалькi хвiлiн такога сузiраньня шэф С. Д. нахiлiўся праз стол да мяне i сьцiшоным, быццам наляканым голасам пытаўся:

- Siend Sie Priester? [393].

- Jawohl! [394] - адказаў я такжа цiха.

- Also, verzeihen Sie! [395] - Пры тым ён схапiўся зь мейсца i хутка накiраваўся да выходных дзьвярэй. За iм пасьпяшылi ягоныя суправаджатыя.

Нямецкая палiтыка i прапаганда [396]

Аб тым, як самая ж нямецкая прапаганда шкодзiла сабе i памагала савецкiм партызанам, найлепш сьведчыць такi жарт.

Сталiн паслаў эскадрон бамбавозаў на Бэрлiн i так загадаў пiлётам: "Збамбеце вайсковыя аб'екты, калеi, нават цывiльнае жыхарства, жанчын i дзяцей. Але калi хто з вас збамбардуе будынак нямецкае прапаганды, дык таго загадаю неадкладна расстраляць".

Адносiны немцаў да польскiх партызанаў

Гэбiтскамiсар Вiленскага гэбiту (Land) Wulf [397] выдаў давераны загад летувiскай палiцыi на правiнцыi, каб унiкала канфлiктаў з польскаю партызанкаю i пад жадным прэтэкстам не ўваходзiла зь iмi ў вайну.

с. 252. Józef Mackiewicz, Nie trzeba głośno mówić. Paryż, 1969.

Адносiны палякаў да беларусаў у 1942-1943

Паводле: Józef Mackiewicz, Nie trzeba głośno mówić. Paryż, 1969. Str. 270-271.

Пералiчаецца зь нейкага сьпiсу забiтых беларусаў (iмёны сапраўдныя).

А далей: "ад мая 1943, калi палякi супрацоўнiчалi зь немцамi, дык на нарадах свайго актыву мiж iншым пастанавiлi… 4) прасiць палiцыю i немцаў, каб палiлi беларускiя вёскi пад прэтэкстам, што яны памагаюць савецкiм партызанам"…

12.V.1943 "аб забавязаньнi дзеячоў польскага падзямельля стасаваць тэрор адносна беларускага руху…".

Польская партызанка i немцы

"Na razie jest układ. Niemcy dają nam broń po cichu, nazywa się że my ją zdobywamy, i nie ruszają. W zamian chcą, żebyśmy przepędzili partyzantkę sowiecką. Jak spotyka się nasz oddział z żandarmami na drodze, to jedni patrzą w jedną stronę, drudzy w drugą i mijają jak te lale. Ale ostatnio lidzki gebietskomisarz oddal wlasciwie cały swój "Gebiet" w nasze ręce, w zamian za oczyszczenie powiatu z bolszewików. I my "oczyszczamy", jak sie da…".

с. 327. Józef Mackiewicz, Nie trzeba głośno mówić. Paryż, 1969.

Усх.-кат. Самадзельная Беларуская Грэка-Каталiцкая Царква

"Генэральны Камiсар Беларускi Вiльгэльм Кубэ зацьвердзiў вызначэньне рымскiм папаю айца Неманцэвiча, грэка-каталiцкага сьвятара, на экзарха (Кiраўнiка) Беларускай Грэка-Каталiцкай Царквы з цэнтрам у Альбэртыне каля Слонiма.

Экзарх Беларускай Грэка-Каталiцкай Царквы, Беларус з Сакольшчыны, былы гадунец Пецярбурскай каталiцкай духоўнай акадэмii, сябра беларускага гуртка ў гэтай акадэмii, за польскiх часаў а. Неманцэвiч быў прафэсарам сэмiнарыi ў Дубне i рэдактарам белар. рэл. часопiсу "Да злучэньня".

У Бел. Гр.-Кат. Ц. урадовай мовай i мовай казаньняў ёсьць выключна беларуская мова".

"Ранiца" [398] N. 18 (82) 17.V.1942.

Арганiзацыя Грэка-Каталiцкае Беларускае Царквы

2.V г.г. [1942] экзархам Грэка-Каталiцкае [унiяцкае] Беларускае Царквы а. Неманцэвiчам вызначана Рада Экзархату Грэка-Каталiцкае Царквы - як найвышэйшы ўрад Унiяцкае Царквы ў Беларусi.

У склад рады ўвайшлi сьвятары Гарошка Леў, Гэрмацюк Iван [399] i Аношка Вячэслаў.

3.V экзархам Гр.-Кат. Ц. вызначаны Духоўны суд Гр. Кат. Ц. Зь сядзiбаю ў Альбэртыне Слонiмскае акругi (з "Баранавiцкае Газэты") "Ранiца" N. 23 (87) 21.VI.1942.

ГРАМАДЗКАЯ БIЯГРАФIЯ [400]

Напiсаць маю грамадзкую бiяграфiю заняло б шмат часу; ды яна ўжо пакрыху пiшацца ў форме ўспамiнаў, толькi невядома, калi яе змагу канчаткова падрыхтаваць да друку. Тут абмяжуюся толькi коратка - важнейшымi фактамi i здарэньня[мi] з мае грамадзкае дзейнасьцi.

Мая грамадзкая дзейнасьць у беларускiм нацыянальным жыцьцi пачынаецца ад юнацтва - адразу па лiквiдацыi "Грамады" [401], калi я быў у Беларускай Наваградзкай Гiмназii. Тады ў нашай вёсцы Трашчычы ў Стаўпеччыне ўжо беларускае нацыянальнае жыцьцё было даволi моцнае, часта ставiлiся беларускiя спэктаклi, ладзiлiся канцэрты, прэнумаравалi [402] беларускiя газэты i часопiсы. Таму i пасьля лiквiдацыi гуртка "Грамады" ў нашай вёсцы i далей ладзiлiся спэктаклi, у якiх я заўсёды прымаў актыўны ўдзел i на маю прапанову часьць атрыманых з спэктакляў грошай iшла на закуп беларускiх кнiгаў, зь якiх я ў нашай хаце зарганiзаваў беларускую бiблiятэку. Гэтую ж працу прадаўжаў кожнае лета, будучы студэнтам.

Нягледзячы на польскi наступ, у нашай ваколiцы беларуская нацыянальная праца не спынялася. Каля 1933 г. з пачыну майго бацькi i дваюраднага брата, якiм я часта расказваў аб украiнскай каапэрацыi, заснавалася i ў нашай вёсцы каапэратыва. Кожнае лета я актыўна працаваў у ўправе каапэратывы i рыхтаваў бухгальтараў. I ў гэтым жа студэнцкiм пэрыядзе я навязаў вельмi блiзкую лучнасьць з нашымi нацыянальнымi i рэлiгiйнымi дзеячамi ў Вiльнi.

Стаўшы сьвятаром, мая душпастырская праца [стала] неразрыўна злучона з грамадзкаю працаю. За гэта давялося шмат цярпець ад палiцыi i адмiнiстратыўных польскiх уладаў. Падчас мае працы ў Гародне на Палесьсi палескi ваявода страшыў мяне не на жарт, што вышле ў Картускую Бярозу, а потым у злосьцi крычаў, што давядзе мяне да шыбенiцы. Тады пасыпалiся на мяне розныя прыдзiрлiвыя адмiнiстрацыйныя кары па 5, па 10 зл[отых]. За паўгоду iх назьбiралася аж на 200 зл[отых]. Я не заплацiў нi злотага i пачаў кпiць з палiцыi, каб пiсалi больш. Але пiсаць iм больш не ўдалося, мяне перавялi ў Стаўпцы. Тады аб маёй грамадзкай i рэлiгiйнай працы зьявiлiся зацемкi ў прэсе. Стаўпецкi староста аж пенiўся са злосьцi, але атрымаў ад мяне такi адказ, якога ён нiколi не спадзяваўся.

Калi ў мiжнародным жыцьцi ўзрастала напружаньне, польскi наступ на ўсё беларускае пачынаў прымаць дзiкiя формы. Адмiнiстрацыя пачала высяляць з так званае прыгранiчнае паласы, якую пашырона да 100 км - усiх, каго лiчылi непажаданым[i]. Мiж выселенымi знайшлося шмат беларускага духавенства [403]. I вось 15.V.1939 загадам наваградзкага ваяводы выселена i мяне з Стаўпцоў. I яшчэ як выселена: калi ксяндзоў Ад. Станкевiча, Ул. Талочку, Я. Гэрмановiча [404] выселена на 5 гадоў, дык мяне - назаўсёды. Такi iм быў страшны.

Тады пiнскi бiскуп мяне назначыў зноў на Палесьсе - у Збураж, Маларыцкага раёну, а палескi ваявода назначыў спэцыяльны нагляд нада мною.

Але i там я не спынiў працы, беларускiя кнiгi i газэты iшлi да мяне i туды, але каб менш чаплялася палiцыя, побач душпастырства займаўся зборам лекарскiх зёлак i народнаю мэдыцынаю. Гэткiм чынам хутка ў Збуражы i ваколiцах я меў блiзкi кантакт з насельнiцтвам, i палiцыя ня мела за што прыдрацца, ды камэндант палiцыi там даволi людзкi, ды гэта ўжо быў час, калi пачалi голасна гаварыць аб вайне.

З мамэнтам прыходу ў Зах. Беларусь бальшавiкоў i душпастырская i беларуская нацыянальная праца сталася цяжкаю i нават небясьпечнаю справаю. Для мяне яна была тым больш небясьпечнаю, што трэба было разам зь невялiкаю групаю беларускiх каталiцкiх сьвятароў усходняга абраду на чале з а. Неманцэвiчам заняцца арганiзацыяй Беларускага Экзархату.

Для ўсяго СССР было створана 5 экзархатаў - у тым лiку i Беларускi. Мне давялося ўдзельнiчаць на 2-iм саборы экзархаў у Львове. Толькi я вярнуўся зь Львова i выбiраўся ехаць на парахвiю ў Бабровiчы, як 22.VI нямецкая армiя рушыла на Ўсход. Я якраз ехаў у сваю парахвiю на Палесьсе, дык адразу вярнуўся назад, але даехаў толькi да Баранавiчаў i там дачакаўся прыходу нямецкай армii.

Першыя распараджэньнi нямецкiх ваенных уладаў у Баранавiчах моцна расчаравалi беларусаў. Бурмiстрам быў назначаны паляк з Галiчыны - Гiбоўскi, школьным iнспэктарам i камэндантам палiцыi такжа палякi. Яны пачалi набiраць урадаўцаў такжа толькi палякаў. Уся мясцовая ўлада знайшлася ў польскiх руках, i ў ваколiцы пачалiся арышты больш актыўных беларусаў. Тады падчас прыватных сустрэчаў беларусы рашылi зарганiзаваць Беларускi Камiтэт - у яго склад увайшлi: д-р В. Войтэнка, iнж. Таранда i я. Ад iменi гэтага Камiтэту я ўвайшоў у склад рэдакцыi "Баранавiцкай газэты", якую заплянавала выдаваць Камэндатура. I адначасна мне даручылi працу ў Баранавiцкiм радыё. Я згадзiўся, але адразу моцна расчараваўся, бо ў газэце трэба было ўсяго перакладаць артыкулы зь нямецкае мовы, а ў радыё чытаць толькi пераклады нямецкiх паведамленьняў з фронту. Пры тым i сам Камiтэт праiснаваў вельмi коратка. Якраз на другi тыдзень, калi я ў Камiтэце зьбiраў рэдакцыйную калегiю, увайшлi ў памяшканьнi тры нямецкiя афiцэры зь мясцовай Камэндатуры i абвесьцiлi, што разьвязваюць Камiтэт. На гэтую заяву я запратэставаў даволi востра:

- Што вы робiце? Усю ўладу аддалi палякам, якiя пад рознымi прэтэкстамi ўжо пачалi вынiшчаць беларускую iнтэлiгенцыю i цяпер разьвязваеце нашую адзiную арганiзацыю, якую мы стварылi для свае абароны!

На гэта яны спакойна адказалi:

- Ня бойцеся, хутка заменiм на лепшае; i магiстрат, i палiцыя пяройдзе ў беларускiя рукi.

Празь некалькi дзён сапраўды бурмiстрам быў назначаны д-р Войтэнка, але ў палiцыi зьмены адбывалi павольней.

У "Баранавiцкай газэце" i ў радыё нiякiх зьменаў на лепшае не было. Галоўны рэдактар зондэрфюрэр Карл Бэрэнд на маё запытаньне аб зьменах на лепшае, жартам адказаў, што для беларусаў лепшае газэты ня трэба. А беларуская ў газэце была толькi адна старонка; дзьве першыя былi нямецкiя, а чацьвёртая - польская.

Тады я заявiў, што я выходжу з рэдакцыi. Тады ён выцягнуў з кiшэнi рэвольвэр i казаў:

- Магу вам даць валавяны водпуск.

Праз колькi дзён, калi ў Баранавiчах была першы раз расклеена нейкая абвестка толькi ў нямецкай i беларускай мове, гэты ж Бэрэнд напiсаў востры артыкул супраць беларусаў. Я запратэставаў вельмi энэргiчна. Тады раззлаваны зондэрфюрэр выхапiў рэвольвэр, накiраваў мне ў грудзi, кажучы, што застрэлiць тут жа ў рэдакцыi, бо яго i нямецкiх афiцэраў абразiў.

- Я крыху больш як афiцэр, - адказаў я цьвёрда, - Я сьвятар i маю ня толькi права, але i абавязак сказаць вам праўду.

Дрыжучымi рукамi ён схаваў рэвольвэр i хутка выйшаў. Хадзiў да генэрала i вярнуўся толькi вечарам i лагодна прасiў мяне паправiць ягоны артыкул, каб не было пратэстаў.

Праз пару тыдняў на мейсца Бэрэнда зондэрфюрэрам для рэдакцыi i радыё быў прызначаны д-р Дамэн. Зь iм я хутка дагаварыўся, i ён ахвотна мяне звольнiў i з рэдакцыi i радыё, толькi я туды мусiў знайсьцi заступнiкаў.

Цяпер я зьбiраўся ехаць у парахвiю, але аднаго дня прыйшоў да мяне акруговы iнспэктар Мiхайлоўскi з просьбаю выкладаць беларускую мову на шасьцiтыднёвых настаўнiцкiх курсах. Таму, што мне такжа хацелася ехаць на парахвiю з настаўнiкам, прышлося згадзiцца. Але калi я пасьля шасьцi тыдняў прыехаў на парахвiю ў Бабровiчы, дык пераканаўся, што за той час сталася там шмат непапраўных здарэньняў. Там так заблыталiся адносiны мiж вернiкамi, уладамi i суседнiмi вёскамi, i людзьмi ў лесе, што я чуць ня трапiў пад кулi - выратавала толькi веда нямецкае мовы. Вярнуўся зноў у Баранавiчы.

Якраз тады быў зацьверджаны праект сярэдняе школы Мэдыцынскага пэрсаналу. Дырэктарам лiчыўся д-р Войтэнка, ён жа быў i бурмiстрам.

Я згадзiўся ажыцьцяўляць той праект. Трэба было пачынаць працу зь нiчога. Заняткi пачалiся ў лютым 1942 г. i адразу пайшлi ўзмоцненым тэмпам. Кожныя тры месяцы школа папаўнялася новымi вучнямi i ўжо на пачатку 1943 г. мела 430 вучняў у 12 класах i 4 факультэтах. За гэты час дырэктары мянялiся тройчы, а мне працы ўсё прыбывала.

Тым часам Баранавiчы станавiлiся найбольш актыўным культурным беларускiм цэнтрам: адчынiлiся адна за адною сярэдняя i агульнаадукацыйная школы, розныя курсы. I мне давялося, акрамя Мэдыцынскае школы, яшчэ выкладаць на Матуральных курсах, у Мастацкай школе, на настаўнiцкiх курсах i розных iншых курсах. Аднаго дня, вярнуўшыся вечарам дамоў, я як сеў на канапу, дык ня меў сiлы ўстаць. Парахаваў лекцыi - той дзень я меў 12 лекцыяў, а папярэднi дзень было столькi ж, а харчы былi вельмi слабыя. На шчасьце, гэта трывала два тыднi, потым лекцыi зьменшылiся да 60 у тыдзень. Падрыхтоў[ка] да лекцыяў, кiраўнiцтва школы i праўленьнi сшыткаў у гэты рахунак ня ўходзiла.

У лютым 1943 г. немцы надумалiся разграмiць беларускiя сярэднiя школы ў Баранавiчах. I вось 8-га лютага яны загадалi праз акруговага iнспэктара, каб усе вучнi Мэдыцынскай школы сабралiся на 12 гадз[iну], бо выклады вялiся ў школе на 2 зьмены. Загад я пераказаў вучням i зазначыў, што прыйдуць немцы. За пару мiну[т] школьны будынак спусьцеў. Паўцякалi i вучнi, i настаўнiкi. Я астаўся адзiн i чакаў найгоршага, але ўцякаць ня думаў. На другi дзень мяне арышта валi, хоць тады дырэктарам школы быў д-р М. Мiнкевiч. Вучнi паў цякалi нават з пачатковых школаў.

Праз тры днi, 11-га лютага, мяне выпусьцiлi з турмы, не рабiўшы нiякiх дапросаў. Але на новы, 1944 г. зь Менску прыйшоў загад - выкiнуць мяне з усiх школаў. Якраз у тым часе на дамаганьне беларускага актыву ў Баранавiчах немцы згадзiлiся палепшыць "Баранавiцкую газэту" i нават зьмянiць яе загаловак на "Пагоню" [405]. Я згадзiўся быць карэктарам на кароткi час, бо меў намер ехаць у Альбэр тын - там пасьля арышту а. Неманцэвiча пуставала парахвiя.

Калi я зьявiўся ў Слонiмскi гэбiтскамiсарыят, каб там зарэгiстравацца, шэф па царкоўных справах накiнуўся на мяне з лаянкаю, каб я за 24 гадзiны пакiнуў Альбэртын. Пры выхадзе з гэбiтскамiсарыяту мяне папярэдзiлi, каб я выехаў неадкладна, бо ўжо зьбiраюцца мяне арыштаваць вечарам i расстраляць.

Давялося вяртацца ў Баранавiчы i прадаўжаць працу карэктара.Да таго там зьбiралася шмат iншае працы сярод моладзi.

У чэрвенi таго ж 1944 г. пачалi гаварыць аб другiм Беларускiм Кангрэсе [406]. Тады ўжо ў Баранавiчах замацаваўся звычай склiкаць нараду актыву ў магiстраце на вырашэньне важнейшых грамадзкiх пытаньняў. На адной такой нарадзе вызначылi дэлегатаў на Кангрэс. Мiж дэлегатамi знайшоўся i я. Усе дэлегаты ня толькi з Баранавiч, але i з усiх iншых га[ра]доў i вёсак ехалi ў Менск з надзеяй, што гэта будзе сапраўды Кангрэс. Тым часам, як толькi яго адчынiлi, дык адразу было прыкрае расчараваньне. Я зьвярнуўся да старшынi Я. Кiпеля [407] па голас. Ён адказаў, што ўжо закрытая лiста прамоўцаў.

- Як жа вы яе маглi закрыць, калi яе яшчэ не адчынялi? - пытаюся голасна.

- Няма калi аб гэтым гаварыць.

- Я ў справе формальнай, аб якой неабходна гаварыць.

- Няма калi, - адказаў коратк[а].

- Тады гэта нiякi кангрэс, а звычайная манiфэстац[ыя], - заяўляў я.

На перапынку мяне пераняў мой школьны сябра Чэмер [408] з абурэньнем.

- Ён, гэты старшыня, мне адказаў тое самае, а я хачу сказаць моцнае слова. Мы павiнны тут афiцыяльна дамагацца, каб яны нам вярнулi Беласточчыну i ўсе тыя землi, што перадалi суседзям.

Я адразу ўзяў яго за руку i пайшлi атакаваць "прэзыдыю". Хутка стрэнулi Шкялёнка [409]. Той хуценька запiсаў толькi прозьвiшча Чэмера i зьнiк за кулiсамi.

На папалуднёвым паседжаньнi неспадзявана Чэмер атрымаў голас, але як толькi скончыў гаварыць, а гэта было сапраўды моцнае слова, Кiпель заявiў:

- Гэта не на тэму.

Даклады, якiя чыталiся на "Кангрэсе", мелi адзiн характар - гэта былi выступленьнi на антыбальшавiцкiм мiтынгу. Ды нават i таго мiтынгу не ўдалося належна закончыць.

На наступны дзень замест паседжаньня была абвешчана пасьпешная эвакуацыя. У гэтым вiры эвакуацыi я спаткаў на вулiцы Астроўскага [410] i, хаця ён быў моцна стурбаваны, я мiж iншым заўважыў:

- Чаму ж не абвясьцiлi незалежнасьцi Беларусi?

- Дык жа прынята пастанова, дзе кажац[ц]а, што пацьвярджаем усе пастановы першага Ўсебеларускага Кангрэсу i ўстаўныя граматы.

А якiсьцi чалавек, што стаяў побач, дадаў:

- А вы ня бачылi, што ў лёжах сядзелi немцы.

Вярнуўшыся ў Баранавiчы, трэба было адразу забiрацца на Захад. Я накiраваўся ў Бэрлiн. Там хутка знайшоў i Беларускi Камiтэт, i Прадстаўнiцтва, i там жа знайшлася Цэнтральная Рада [411].

Тады ў Нямеччыне было шмат беларусаў, але мяне моцна зьдзiвiла, што не было нiводнага беларускага духоўнага для гэтае эмiграцыi. Украiнцы мелi больш дзясятка сьвятароў для католiкаў i мiж iмi беларус а. М. Маскалiк [412]; для праваслаўных такжа было некалькi, а для беларусаў нiкога.

Я зьвярнуўся ў Kirchenministerium [413], i там мне сказалi, якiя патрэбна фармальнасьцi, каб атрымаць дазвол для рэлiгiйнага абслугоўваньня беларусаў. Выпаўнiў я ўсе гэтыя фармальнасьцi, панапiсваў заявы, у Цэнтральнай Радзе ахвотна за[ць]вердзiлi мае заявы, i адразу занёс iх да бiскупа Вiнкена [414], якi быў пасрэднiкам мiж япiскапатам i ўрадам.

Праз тыдзень прыйшло паведамленьне зь мiнiстэрства, што мае заявы атрымала i што трэба чакаць на вырашэньне справы. З гэтым лiстом я ўжо меў права служыць для Беларусаў Службу Божую i чытаць чытань[нi] па-беларуску, але ня меў права гаварыць казаньнi.

Першую Службу Божую для беларусаў адслужыў у той жа царкве, дзе служылi ўкраiнцы, на Папэн алее 27.VIII.1944. Прытым сьпяваў невялiкi хор пад кiр. Равенскага [415]. Аб гэтым [у] "Ранiцы" падалi зацемку [416]. Тады схамянулiся беларускiя праваслаўныя япiскапы, каб атрымаць адпаведны дазвол. Iм дазвол далi хутка. Я такога дазволу не атрымаў да канца ўладаў нацыстаў, але служыў штонядзелi. Ад 15.Х перанёс багаслужэньнi блiжэй Беларускага Камiтэту ў францiшканскую каплiцу.

Калi да Бэрлiну наблiжаўся фронт i беларусы рушылi далей на Захад, я накiра[ва]ўся ў Мюнхэн - прыехаў 10 лютага 1945 г., але там не было каму служыць. Чамусьцi ў Мюнхэне беларусаў было вельмi мала.

Там прышлося перажыць страшныя бамбардыроўкi, i толькi цудам астаўся жывы дзякуючы таму, што не разарвалiся ажно тры бомбы, якiя ўпалi ў дом i ля дому, дзе я жыў.

У Мюнхэне дачакаўся прыходу амэрыканцаў на пачатку траўня 1945 г. Калi супакоiлiся грабяжы i паляваньнi на эмiгрантаў савецкiх ка мiсiяў, усе эмiграцыйныя групы пачалi тварыць свае камiтэты i лягеры. Беларусаў асталося замала, каб заняць цэлы лягер, дык на нейкi час памясьцiлiся разам з украiнцамi, а камiтэт свой мы такi заснавалi. Я жыў на Каўльбахстрасэ. Там аднойчы сабралiся д-р Грабiнскi [417], д-р Я. Станкевiч [418], Родзевiч [419] i я ды пастанавiлi, што гэта будзе наш Камiтэт.

Я напiсаў лiст да амэрыканскага камэнданта Мюнхэну. Ён сам прыняў лiст, прачытаў, паглядзеў на мяне i сказаў "О'кэй!".

Для памяшканьня Камiтэту Родзевiч знайшоў дом на Bogenhausen. Там пачалiся рэгiстрацыi беларусаў. Для ўсiх зарэгiстраваных я атрымаў ад амэрыканскiх уладаў даведкi, што яны могуць аставацца ў Нямеччыне.

Аднаго дня ранiцою прыбег у Камiтэт задыханы юнак з просьбаю ратаваць цэлую групу беларусаў, якiм я перадаў даведкi ў мiнулым тыднi. Iх схапiлi савецкiя жаўнеры i загналi ў лягер для перавозаў. Я пасьпяшыў да амэрыканскага камэнданта, i там якраз быў савецкi афiцэр, якi схапiў беларусаў. Як толькi выйшаў савецкi афiцэр, я паведамiў амэрыканскага камэнданта аб здарэньнi. Ён адразу за клiкаў шафэра i накiраваўся ў лягер. Але праз два тыднi савецкiя жаўнеры зноў схапiлi тых жа беларусаў i адразу завязьлi на станцыю ды закiнулi ў вагон. Аднак той жа юнак здолеў выламаць падлогу ў вагоне, прыбег да мяне. i зноў амэрыканскi камэндант вызвалiў беларусаў, але гэтым разам з рэвольвэрам у руках.

Калi рыхтавалася нарада ў Рэгэнсбургу [420], мы зрабiлi фармальнае паседжаньне Камiтэту i аднагалосна пастанавiлi, што Цэнтральная Рада ўжо выканала сваю ролю i цяпер у новых абставiнах павiнна разьвязацца, а на яе мейсца трэба ўтварыць адпаведнае беларускае прадстаўнiцтва цi камiтэт. З такiмi iнструкцыямi дэлегавалi ў Рэгэнсбург Родзевiча, быўшага ад'ютанта Р. Астроўскага.

Ад iменi Мюнхэнскага Камiтэту вялiся перагаворы з нашымi суседзямi. З украiнскiм Камiтэтам было наладжана блiзкае супра цоўнiцтва.

Пад восень жыцьцё эмiграцыi ў Мюнхэне паспакайнела i працы ў Камiтэце было вельмi мала, ды i склад Камiтэту зьменшыўся, бо д-р Грабiнскi i д-р Я. Станкевiч выехалi, мне такжа карцiла заглянуць у Рым. Дык карыстаючы з паслугаў Папскае Камiсii, якая рэпатрыявала iтальянскiх палонных, я прыехаў у Рым 11 верасьня 1945 г.

У Рыме i ў самым Ватыкане да гэтага часу ведалi аб беларусах вельмi мала. Дык прыйшлося шмат пiсаць. На шчасьце, знайшлiся добрыя памоцнiкi, што ведалi добра iтальянскую i лацiнскую мову. Давялося такжа адведваць лягеры i нават польскiя школы, адшукваючы сваiх суродзiчаў. Падчас гэтых адведзiнаў стала ясна, што трэба дамагацца ад галоўнага камандаваньня польскае армii, каб дазволiлi хоць якую беларускую арганiзацыю для жаўнераўбеларусаў. Я напiсаў мэмарыял у гэтай справе да генэрала Андэрса [421], але адказу на мэмарыял не было, а дазвол такi далi, але ўжо ў Англii [422].

Пры тым мне было прыемна сьцьвердзiць, што ў Ватыкане да беларусаў наогул i да беларускага рэлiгiйнага пытаньня ставяцца вельмi прыхiльна. Там ахвотна згадзiлi[ся] пакрыць кошты выданьня беларускага малiтаўнiка, а потым i Энцыклiкi аб 450[-годзьдзi] Унii. Карыстаючы з гэтага, я падрыхтаваў малiтаўнiк "Голас душы" [423], якi выдаў у 1946 г.

Летам 1946 г. паўстала пытаньне ўтварэньня беларускага каталiцкага душпастырства ўсх[одняга] абраду ў Францыi. Я ахвотна згадзiўся ехаць у Парыж i пачаў рыхтавацца ў дарогу. 25.Х я ўжо быў у Парыжу i пачаў пошукi каплiцы для багаслужэньня i знаёмства з суродзiчамi. У тым жа часе была дэлегацыя ад беларусаў у папы Пiя ХII, а сьледам за тым з Ватыкану было даручана бiск. Слоскансу [424] зьвiзытаваць усе беларускiя асяродкi ў Нямеччыне, Францыi i Бэльгii.

У Парыжу адначасна з душпастырствам трэба было займацца шматлiкiмi iншымi справамi. Найбольш пiльным было пытань не сты пэндыяў для беларускiх студэнтаў. Для Францыi мне па шчасьцiла дастаць 5 стыпэндыяў на адзiн год, але тут не было столькi студэнтаў. Давялося старацца атрымаць стыпэндыi пры Лювэнскiм унi вэрсытэце [425]. Я адведаў Бэльгiю, пагутарыў з кiм мог, але не знайшоў там нiводнага студэнта. Вярнуўшыся з Бэльгii, я абгаварыў гэтую справу з прэз. Абрамчыкам [426] i раiў яму знайсьцi прынамсi двох ад важных студэнтаў з Марбургу [427], якiя б прыехалi ў Лювэн, i тады напэўна стыпэндыi можна будзе атрымаць. Так яго i сталася. Калi ўжо ў Лювэне зьявiлiся студэнты, дык я атрымаў лiст з Усходняе Кангрэгацыi ў гэтай справе. Зразумела, што я ручаўся за студэнтаў. Але ў далейшым я не займаўся лювэнскiмi справамi, бо там быў назначаны а. Робэрт ван Каўвэлярт [428]. Затое прыйшлося весьцi стараньнi, каб яшчэ атрымаць стыпэндыю для беларускiх студэнтаў у Мад рыдзе. Там адна дабрадзейная гiшпанская арганiзацыя, якая ўтрымоўвала пры мадрыдзкiм унiвэрсiтэце калегiю сьв. Якуба, згадзiлася прызнаць некалькi стыпэндыяў для беларусаў, але толькi для каталiкоў - добра было i гэта, але кандыдатаў у Мадрыд было мала, ды тыя, што прыяжджалi туды, у большасьцi хутка адыходзiлi (?). Аднак тыя, што затрымалiся ў Мадрыдзе, паведамiлi мяне, што там ёсьць магчымасьць мець беларускiя радыёперадачы. Я неадкладна паехаў у Мадрыд i там мiж 6-13 лiстапада 1952 г. разам зь Я. Сурвiлам [429] ха дзiлi ў розныя ўстановы i Мiнiстэрства iнфармацыi. Усюды сустракалi прыхiльна i абнадзейвалi, што хутка будуць уведзены беларуская радыёперадачы.

Таму што ў Францыi, як i ў iншых краiнах, беларусы былi вельмi расьцярушаны, дык моцна адчувалася патрэба часапiсу так для душпастырства, як i для грамадзкага жыцьця, для гэтага ад кастрычнiка 1947 г. я выдаваў спачатку месячнiк, а потым двумесячнiк "Божым шляхам" [430]. Гэта вымагала вельмi шмат працы, бо я стараўся, каб часапiс быў на адпаведнай вышынi з кожнага гледзiшча.

У гэтых стараньнях з дня на дзень даводзiлася ўваходзiць у адносiны зь людзьмi розных нацыянальнасьцяў. Маё становiшча як рэктара Беларускага душпастырства забавязвала мяне ўдзельнiчаць у пэрыядычных зборах рэктараў чужынецкiх мiсiяў, а iх было ў Парыжы 35. Аднак сапраўды шырока адчынiлiся для беларусаў дзьверы ў мiжнародныя арганiзацыi ў Люрдзе [431] 26.VII.1948 г. Тады адбываўся ў Люрдзе першы кангрэс мiжнароднае каталiцкае арганiзацыi "Pax Christi" [432]. Паехаў туды i я ды зарэгiстраваў, што прыехаў ад групы беларусаў. Папалуднi таго ж дня, калi фармавалася працэсiя, ужо былi падрыхтаваныя напiсы для ўсiх нацыянальных групаў, i я [зь] вялiкiм зьдзiўленьнем убачыў каля муру панкарту [433] з напiсам "Bielorussia" для беларускае групы, а я быў адзiн. I тут жа над галавою, быццам зь неба, азваўся голас "Biélorussiens, prenes votre place!" [434]. I на наступны год на гэткiм жа Кангрэсе, я ўжо быў з групаю беларускiх вернiкаў i ў працэсii мы занялi нашае беларускае мейсца. Да таго мне аднаго дня даручылi несьцi Найсьвяцейшыя Дары з каплiцы ў гроту, - быў i гонар i шчасьце, у горадзе Марыi былi шырока адчынены дзьверы для беларусаў у мiжнародную сям'ю.

Ад таго часу нам лёгка адчынялi дзьверы ўва ўсiх тых мiжнародных зборах i кангрэсах, дзе толькi мы мелi змогу ўдзельнiчаць.

Душпастырская праца мiж беларусаў у Францыi неяк увесь час была цесна зьвязана з грамадзкаю. Напрыклад, матэрыяльную помач для эмiгрантаў у Францыi з дабрадзейных амэрыканскiх арганiзацыяў выдавалi праз рэлiгiйныя мiсii, i праз мае рукi прайшло шмат вопраткi i ежы для нашых суродзiчаў якраз у той час, калi яны пачыналi будавацца i сапраўды гэтае помачы патрабавалi. Калi ж праз iнтрыгi палякаў i расейцаў у Мiнiстэрстве замежных справаў адмовiлiся прызнаваць беларускую нацыянальнасьць, дык гэта хiба дзякуючы апецы Мацi Божай Бог паслаў нам шчырага прыяцеля - вiцэ-прэзыдэнта сэнату, дзякуючы якому Францыя першая ў Эўропе пастанавiла прызнаваць беларускiх эмiгрант[аў] нароўнi зь iншымi дзяржаўнымi народамi.

Зь цягам часу душпастырскага i грамадзкага ўсьцяж збольшвалася. Супрацоўнiкi "Божым шляхам" павыпiсвалiся - даводзiлася пiсаць амаль усё аднаму рэдактару. А таму што ў iншых газэтах i часапiсах дзеялася тое самае, дык часта зьвярталiся да мяне. Да таго прыходзiлася пiсаць даклады i ўдзельнiчаць у канфэрэнцыях i кангрэсах у розных краiнах. У Вольнай Акадэмii навук i лiтаратуры ў Парыжу, у Iнстытуце Вывучэньня СССР у Мюнхэне [435], у Кангрэсах "Царквы ў бядзе" ў Кэнiгштайне [436], на Марыйскiх Кангрэсах [437] у Люрдзе i Рыме i на нашых "Тыднях студыяў" у Лёндане [438].

Падчас усiх гэтых кангрэсаў вельмi моцна адчувалася патрэба мець моцны беларускi рэлiгiйны i наагул культурны цэнтар. У Парыжы стварыць гэткi цэнтар было немагчыма дзеля дарагавiзны i няпэўнасьцi палажэньня, i я, параiўшыся зь некаторымi нашымi сьвятарамi, пастанавiў спрабаваць утварыць такi цэнтар у Лёндане. Таму прыйшлося на некаторы час разьвiтацца з Парыжам i пераехаць у Рым, дзе ў айцоў марыянаў ужо была беларуская група. Там, у Рыме, больш, чым дзе, было ясна, што для ўпарадкаваньня беларускiх рэлiгiйных справаў замала голасу паадзiночных сьвятароў, таму я запрапанаваў склiкаць зьезд усiх беларускiх каталiцкiх сьвятароў на эмiграцыi. Хоць некаторыя з нашых сьвятароў глядзелi на праектаваны зьезд скептычна, аднак зьезд адбыўся ў Рыме 3-5.II.1960 г.

Усiх удзельнiкаў зьезду прыняў папа Iван ХХIII460 на спэцыяльнай аўдыенцыi, у час якое быў перададзены яму наш мэмарандум, апрацаваны падчас зьезду.

З Рыму я пераехаў у Лёндан, дзе ў тым часе былi ў Марыйскiм Доме [439] а. Сiповiч [440] i а. Над[сан] [441]. Амаль адначасна са мною прыехаў туды а. Гэрма[новiч]. Туды ж я перавёз сваю бiблiятэку i архiў. Гэткiм чынам у Лёндане ўтварыўся паважны беларускi рэлiгiйны цэнтар.

У тым часе беларускае арганiзацыйнае жыцьцё было наладжана добра. ЗБВБ [442] стаяла на моцных нагах - мела 4 сэкцыi, 3 дамы [443] i старалася ўтварыць харытатыўную сэкцыю. Калi ў 1963 г. ангельскiя ўлады зацьвердзiлi статут Харытатыўнае сэкцыi, я быў выбраны старшынёю аж да 1970 г. Але ў гэтым годзе дзеля розных прычынаў я пакiнуў Лёндан i вярнуўся назад у Парыж [444].



[1] Трашчычы - цяпер вёска ў Жухавіцкім сельсавеце Карэліцкага раёну Гарадзенскае вобласьці.

[2] Наваградзкая беларуская гімназія - сярэдняя навучальная ўстанова, якая працавала ў Наваградку ў 1919-1934 гг. Яе гісторыі прысьвечаная асобная кніга аўтарства былога выпускніка гімназіі Аляксея Анішчыка (пад псэўданімам Андрэй Чэмер). Гл.: Чэмер, А. Наваградзкая Беларуская Гімназія. Вільнюс, 1997. - 133 с.

[3] У 1915 г., падчас адступленьня расейскай арміі пад ціскам немцаў, расейскія ўлады прынялі на ўзбраеньне тактыку "выпаленай зямлі", усяляк заахвочваючы насельніцтва тэрыторый, якія патраплялі пад нямецкую акупацыю, да пакіданьня сваіх сядзібаў і эвакуацыі ўглыб Расейскай імпэрыі. Часьцяком пры гэтым застасоўваўся прымус у дачыненьні да тых, хто не жадаў пакідаць родныя мясьціны добраахвотна. У выніку агульная колькасьць бежанцаў з этнічна беларускіх земляў дасягнула лічбы каля 1500000 чалавек. Многія зь іх падчас эвакуацыі загінулі і памерлі, а многія засталіся ў Расеі назаўсёды. Тыя ж, хто пасьля 1918 г. вярнуўся на бацькаўшчыну, мусілі аднаўляць свае разбураныя гаспадаркі фактычна з нуля.

[4] Маецца на ўвазе Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.

[5] У выніку чарговай рэвалюцыі, якая адбылася ў Петраградзе 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г., да ўлады ў Расеі прыйшла партыя бальшавікоў на чале з Уладзімерам Леніным. Новыя ўладары разгарнулі ў краіне грандыёзны сацыяльны экспэрымэнт, які працягваўся да 1991 г. і ахвярамі якога сталі мільёны людзей.

[6] Ад ням. Eіer - яйкі.

[7] Ад ням. Speck - сала-бекон.

[8] Ярэмічы - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Карэліцкім раёне Гарадзенскае вобласьці.

[9] Асаднікі - польскія каляністы, перадусім былыя жаўнеры Войска Польскага, якім урад міжваеннай Польшчы паводле адмысловага закону, прынятага ў 1920 г., выдзяляў зямельныя ўчасткі на тэрыторыі Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны. Сярод іншага польскія ўлады ўскладалі на гэтых людзей спадзяваньні, што яны будуць спрыяць палянізацыі краю.

[10] Мір - сёньня пасёлак гарадзкога тыпу ў Карэліцкім раёне Гарадзенскае вобласьці.

[11] Інтэрвэнцыя - умяшаньне.

[12] Тэкля Грынеўская (польск. Hrynіewska, дзявочае прозв. Нядзьвецкая (Nіedźwіecka); 1880 - ?) паходзіла з памешчыцкага роду Дзісенскага павету. У 1903 г. выйшла замуж за Ежы Грынеўскага, актыўна дапамагала яму ва ўсіх пачынаньнях, у тым ліку ў вядзеньні выведвальнай дзейнасьці ў Маскве на карысьць Польскай вайсковай арганізацыі падчас польска-савецкай вайны. Адказвала за сувязь з латвійскімі дыпляматамі, якім перадавалася здабытая мужам агентурная інфармацыя. У 1920 г. арыштаваная бальшавікамі, спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам, але была выратаваная. У 1921 г. была вызваленая ў рамках польска-савецкага абмену вязьнямі, выехала разам з мужам у Польшчу. Актыўна займалася грамадзкай дзейнасьцю, у тым ліку цікавілася беларускай этнаграфіяй. У 1931 г. у часопісе "Zіemіa" надрукавала артыкул "Пра народнае мастацтва на Наваградчыне".

[13] Павал Сьвірыд (1886-1948), наваградзкі адвакат, удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Падчас нямецкай акупацыі быў старшынём Наваградзкага акруговага суда. Браў удзел у правядзеньні Ўсебеларускага Праваслаўнага Сабору ў 1942 г., быў прыхільнікам аўтакефаліі Пра ва слаўнай Царквы ў Беларусі. У 1944 г. быў сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады. Ад 1944 г. - на эміграцыі ў Нямеччыне.

[14] Ігнацы Масьціцкі (польск. Moścіckі; 1867-1946), польскі палітык і навуковец, у 1926-1939 гг. прэзыдэнт Польскай Рэспублікі.

[15] Зыгмунт Казімер Бэчковіч (польск. Beczkowіcz; 1887-1985), польскі палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1926-1931 гг. наваградзкі, у 1931-1933 гг. віленскі ваявода. Выступаў за правядзеньне больш гнуткай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў.

[16] Янка Цеханоўскі (1888-1938), пэдагог, выпускнік Менскай настаўніцкай сэмінарыі й Політэхнічнага інстытуту ў Пецярбургу. У 1918-1921 гг. быў дырэктарам рэальнага вучылішча ў Ракаве, ад 1921 г. - дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі. Пасьля закрыцьця гімназіі працаваў у польскай школе ў Ашмянах.

[17] Ежы Грынеўскі (польск. Hrynіewskі; 1874-?), польскі палітычны й грамадзкі дзеяч, паходзіў са шляхты Дзісенскага павету. Скончыў гімназію ў Рызе й Маскоўскі ўнівэрсытэт. У 1899 г. быў адміністрацыйна сасланы ў Перм, пасьля вяртаньня з высылкі ў 1903-1914 гг. працаваў намесьнікам дырэктара ў мэталюргічным сындыкаце ў Маскве. Падчас Першай сусьветнай вайны служыў у штабе Маскоўскай вайсковай акругі, у 1917 г. зьвязаўся з Польскай вайсковай арганізацыяй, быў адзін са стваральнікаў яе выведніцкай пляцоўкі ў Маскве. У 1920 г., пасьля выкрыцьця арганізацыі бальшавікамі, быў арыштаваны. У Польшчу прыехаў у 1921 г., пасьля зробленага польска-савецкага абмену вязьнямі. Некалькі гадоў знаходзіўся пад падазрэньнем з боку польскіх спэцслужбаў, але пасьля перавароту Ю. Пілсудзкага ў траўні 1926 г. быў закліканы на дзяржаўную службу. У 1927-1932 гг. быў наваградзкім старастам, у 1932-1937 гг. - старастам Тухольскага павету на Памор'і.

[18] Аляксандар Данілевіч (1877-1954), пэдагог, выпускнік Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі. Працаваў у розных пачатковых школах, вучыўся ва ўнівэрсытэце Шаняўскага ў Маскве на фізыка-матэматычным факультэце. За палітычную дзейнасьць быў арыштаваны й высланы ў Верхаянск. У Наваградзкай беларускай гімназіі выкладаў альгэбру, геамэтрыю й трыганамэтрыю. Аўтар падручніка па альгэбры. Пасьля закрыцьця гімназіі пераехаў у Вільню, дзе выкладаў у розных установах вышэйшую матэматыку.

[19] Яўген Мілоў (?-1932), расеец паводле паходжаньня, выпускнік матэматычнага факультэту Казанскага ўнівэрсытэту. У 1914 г. мабілізаваны ў войска, пасьля рэвалюцыі служыў афіцэрам у генэрала Ўрангеля. У 1920 г. інтэрнаваны, пасяліўся на тэрыторыі Польшчы. Ад 1923 г. да канца жыцьця працаваў у Наваградзкай беларускай гімназіі выкладчыкам матэматыкі, фізыкі, хіміі й рысунку. У адрозьненьне ад Л. Гарошкі Аляксей Анішчык характарызаваў Я. Мілова выключна станоўча й нават захоплена: "…кваліфікаваны і таленавіты, на рэдкасьць сумленны і працавіты пэдагог. […] Нягледзячы на слабое засваеньне беларускай мовы, карыстаўся сярод настаўнікаў, вучняў і бацькоў павагаю і аўтарытэтам. Шырокі дыяпазон і глыбіня ведаў, рэдкая сумленнасьць і акуратнасьць, шчырае стаўленьне да ўсіх калегаў і працавітасьць здабылі яму вялікую пашану і добрую памяць у тых, хто яго ведаў" (Чэмер, Андрэй. Наваградзкая Беларуская Гімназія. Вільнюс, 1997. С. 31).

[20] Аляксандар Орса (1896-1959), грамадзка-палітычны й культурны дзеяч. У 1923-1928 гг. вучыўся ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе, а пасьля вяртаньня ў Заходнюю Беларусь выкладаў у Наваградзкай беларускай гімназіі, затым у польскіх школах. У час вайны быў школьным інспэктарам Наваградзкай акругі. У 1944 г. выехаў у Нямеччыну, у 1949 г. - у ЗША.

[21] Міхал Чатырка (1883-1940?), грамадзка-палітычны й культурны дзеяч, у 1924-1934 гг. выкладаў у Наваградзкай беларускай гімназіі фізыку й матэматыку. Быў старшынём Наваградзкай павятовай управы ТБШ. У 1927 г. быў выбраны дэпутатам і сябрам управы Наваградзкага павятовага сойміку.

[22] Антон Валынчык (1896-1985), кампазітар, хормайстар і пэдагог. Нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы на Слонімшчыне ў сям'і царкоўнага рэгента. Скончыў Жыровіцкую духоўную сэмінарыю. У міжваенны час працаваў выкладчыкам музыкі й сьпеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасьля ў Клецкай і Наваградзкай беларускай гімназіях, а таксама ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Слоніме. У гады Другой сусьветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі хорамі. Пасьля вайны працаваў у Ашмянах, Горках, Маладэчне, ад 1961 г. жыў і працаваў у Горадні. Пісаў харавыя кампазіцыі на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа й іншых паэтаў.

[23] Нягневічы - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету Наваградзкага раёну Гарадзенскае вобласьці.

[24] Тут і далей гэткім чынам пазначаныя заўвагі першага рэдактара ўспамінаў - а. Аляксандра Надсана.

[25] Магчыма, маецца на ўвазе Юрка Дзяковіч, выпускнік гімназіі 1929 г. Паводле А. Чэмера, меў немалы талент да маляваньня. Працаваў у школе й пры гарадзкой управе. Прызваны ў войска, праходзіў навучаньне ў афіцэрскай школе. Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай улады быў арыштаваны «за "грахі" бацькі» і адбыў 10 гадоў у лягеры. Пасьля вызваленьня жыў у Наваградку, памёр у пачатку 1980-х гг. (гл.: Чэмер, Андрэй. Наваградзкая Беларуская Гімназія. С. 93).

[26] Магчыма, маецца на ўвазе Янка Бізюк, аднаклясьнік Льва Гарошкі, выпускнік 1931 г.

[27] Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) - нелегальная партыя, якая існавала ў 1923-1938 гг. на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зьяўлялася аўтаномнай часткай Камуністычнай партыі Польшчы.

[28] Зыгмунт Бэчковіч пакінуў пасаду наваградзкага ваяводы не вясной, а летам (20 чэрвеня) 1931 г. Пры гэтым ён быў спачатку прызначаны на пасаду віленскага ваяводы, а паслом Польшчы ў Латвіі стаў толькі пасьля таго, як 27 студзеня 1933 г. яе пакінуў.

[29] Стэфан Сьвідэрскі (польск. Śwіderskі; 1895-1978), польскі палітык, у 1932-1935 гг. наваградзкі ваявода. Леў Гарошка ва ўспамінах зблытаў чарговасьць кіраваньня двух ваяводаў. На самай справе пасьля З. Бэчковіча непрацяглы час Наваградзкім ваяводствам кіраваў Вацлаў Костэк-Бярнацкі, а пасьля яму на зьмену прыйшоў Стэфан Сьвідэрскі.

[30] Вацлаў Костэк-Бярнацкі (польск. Kostek-Bіernackі; 1884-1957), польскі палітык, у 1931-1932 гг. наваградзкі, у 1932-1939 гг. палескі ваявода. Ініцыятар стварэньня канцэнтрацыйнага лягеру ў Картуз-Бярозе.

[31] Маюцца на ўвазе вучні дзяржаўнай навучальнай установы (ад польск. państwowy - дзяржаўны).

[32] Словы "Паўлюк прыйшоў!" у вуснах польскіх гімназістак, відаць, мусілі падкрэсьліць сялянскае, простанароднае паходжаньне Льва Гарошкі. Магчыма, гэтае акрэсьленьне нарадзілася пад уплывам ад прачытаньня аповесьці Элізы Ажэшкі "Хам", дзе галоўнага героя звалі аккурат Паўлюком.

[33] Стэфан Жаромскі (польск. Żeromskі; 1864-1925), польскі пісьменьнік і публіцыст, якога часта называюць "сумленьнем польскай літаратуры". Леў Гарошка згадвае пра ягоны аўтабіяграфічны твор "Сызыфава праца", напісаны ў 1897 г.

[34] Клецкая беларуская гiмназiя - сярэдняя навучальная ўстанова, якая iснавала ў Клецку ў 1924-1931 гг. Зачыненая польскiмi ўладамi за камунiстычную дзейнасьць.

[35] Вiленская беларуская гiмназiя - найстарэйшая беларуская сярэдняя навучальная ўстанова, якая працавала ў Вiльнi ў 1919-1944 гг. У 1932-1939 гг. была фiлiяй польскай дзяржаўнай гiмназii iмя Ю. Славацкага. Ад 1924 г. усе прадметы ў гiмназii выкладалiся выключна па-беларуску.

[36] Радашкавiцкая беларуская гiмназiя - сярэдняя навучальная ўстано ва, якая iснавала ў мястэчку Радашкавiчы ў 1922-1928 гг. Iнiцыятарам яе стварэньня быў ведамы беларускi дзеяч Аляксандар Уласаў. Зачыненая польскiмi ўладамi за камунiстычную дзейнасьць.

[37] Атэнтат (ад лац. attentatum) - тут: спроба замаху на жыцьцё чалавека.

[38] Маецца на ўвазе - адзначылi (ад польск. oblewać).

[39] Сын уладальнiка гэтага рэстарану (паводле А. Чэмера, увогуле "адзiнага ў горадзе"), Мiхель, быў вучнем Наваградзкай беларускай гiмназii. Вiдаць, менавiта дзеля гэтага зусiм небагатыя гiмназiсты атрымалi магчымасьць адзначыць урачыстую падзею ў гэтым прэстыжным месцы.

[40] "Так i не" (ням.).

[41] Вiдаць, маецца на ўвазе Каталiцкi iнстытут Лiля, якi быў заснаваны ў 1875 г. як прыватная навучальная ўстанова i першапачаткова называўся ўнiвэрсытэтам. Паколькi ў 1880 г. у Францыi быў прыняты закон, згодна зь якiм прыватным ВНУ было забаронена выкарыстоўваць у сваёй назьве слова "ўнiвэрсытэт", установа была перайменавана ў Каталiцкi iнстытут Лiля.

[42] Далятычы (Далятычы) - цяпер вёска ў Любчанскiм пассавеце Наваградз кага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[43] Любча - цяпер гарадзкi пасёлак у Наваградзкiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[44] Люблiнскi каталiцкi ўнiвэрсытэт - каталiцкая вышэйшая навучальная ўстанова, якая працуе ў Люблiне з 1918 г. да сёньня.

[45] Недыскрэтнасьць (ад польск. niedyskrecja) - нетактоўнае ўмяшаньне ў чужыя асабiстыя справы.

[46] У мiжваенны час нямала беларускiх студэнтаў навучалася ў вышэйшых навучальных установах Чэхаславаччыны дзякуючы праграме "Руская акцыя дапамогi" (Ruská pomocná akce), адкрытай у пачатку 1920-х гг. чэ хаславацкiм урадам. Хоць асобнага фiнансаваньня для беларускiх эмiгрантаў i студэнтаў гэтая праграма не прадугледжвала (асноўную частку фiнансавай дапамогi атрымлiвалi расейскiя арганiзацыi i ўстановы, пэўная доля прыпадала i ўкраiнцам), нязначныя субсiдыi чэхаславацкiя ўлады ўсё ж такi выдаткоўвалi й беларусам на адукацыйныя, культурна-асьветныя й выдавецкiя мэты. Акрамя таго, падтрымлiвала беларусаў i ўкраiнская дыяспара, нешта перападала й ад расейскiх арганiзацыяў. У вынiку ўсяго гэтага ў Чэхаславакii ў 1920-я гг. вучылася больш за 600 чалавек, зь iх каля 150 студэнтаў атрымалi месцы ў навучальных установах i iнтэрнатах дзякуючы пратэкцыi Таварыства беларускай школы ў Вiльнi, ураду БНР у Коўне, Беларускага аддзелу Мiнiстэрства беларускай асьветы Латвii ды iншых беларускiх арганiзацыяў.

[47] Радунь - сёньня вёска ў Жухавiцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[48] Антон Луцкевiч (1884-1942), грамадзкi дзеяч, адзiн з галоўных iдэолягаў беларускага нацыянальнага руху. У 1918-1919 гг. быў прэм'ерам БНР. У мiжваеннай Польшчы некаторы час быў нефармальным лiдарам беларускага руху.

[49] Турэц - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Карэлiцкiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[50] Грэка-каталiцкая багаслоўская акадэмiя ў Львове была заснаваная ў 1929 г. з iнiцыятывы мiтрапалiта Андрэя Шаптыцкага. Першым яе рэктарам стаў Ёсiф Сьлiпый. Пасьля 1944 г. працавала на эмiграцыi, у 1994 г. адноўленая дзейнасьць у Львове. Ад 2002 г. носiць назву Ўкраiнскi каталiцкi ўнiвэрсытэт.

[51] Маецца на ўвазе Андрэй Шаптыцкi (1865-1944), дзеяч Грэка-каталiцкай царквы, мiтрапалiт Галiцкi й арцыбiскуп Львоўскi ў 1901-1944 гг.

[52] Беларускi музэй iмя Iвана Луцкевiча - iснаваў у Вiльнi ў 1919-1945 гг., месьцiўся ў базыльянскiх мурах на Вастрабрамскай вулiцы. Антон Луцкевiч да 1939 г. кiраваў ягонай дзейнасьцю.

[53] Iван Луцкевiч (1881-1919), грамадзкi й культурны дзеяч, адзiн са стваральнiкаў Беларускай Сацыялiстычнай Грамады й газэты "Наша Нiва". Старэйшы брат Антона Луцкевiча.

[54] Парах (ад грэц. párochos цi лац. parochus - якi апякуецца) - адна з традыцыйных назваў хрысьцiянскага сьвятара, перадусiм грэка-каталiцкага, але часам можа ўжывацца таксама ў дачыненьнi да праваслаўных цi рыма-каталiцкiх (як у выпадку Льва Гарошкi).

[55] Вiленская (Лiтоўская) праваслаўная сэмiнарыя - навучальная ўстанова Праваслаўнай царквы, якая вяла гiсторыю ад 1828 г. (у Вiльнi працавала ад 1845 г.).

[56] "Каралева Польскай Кароны, малiся за нас" (польск.).

[57] "Шлях моладзi" - беларускi моладзевы грамадзка-палiтычны i лiтаратурна-мастацкi часопiс, якi выдаваўся ў Вiльнi ў 1929-1939 гг.

[58] Адам Савiцкi (1885-1968), каталiцкi дзеяч, паходзiў з ваколiцаў Гервят (сёньня ў Астравецкiм раёне Беларусi). Ад 1917 г. быў прафэсарам дагматычнай тэалёгii ў Вiленскай духоўнай сэмiнарыi, ад 1925 г. выкладаў таксама на тэалягiчным факультэце Ўнiвэрсытэту Стэфана Баторыя. У 1926 г. стаў канцлерам Вiленскай мiтрапалiтальнай курыi. Падчас Другой сусьветнай вайны супрацоўнiчаў з польскiм падпольлем, быў iнтэрнаваны немцамi разам зь мiтрапалiтам Р. Ялбжыкоўскiм. Пасьля вайны быў арыштаваны савецкiмi ўладамi, у 1947 г. вызвалены й выехаў у Польшчу. Жыў у Беластоку, у 1963 г. быў прызначаны Ватыканам беластоцкiм бiскупам.

[59] "Biełaruskaja Krynica" - газэта, друкаваны орган беларускiх хрысьцiянскiх дэмакратаў. Выдавалася зь перапынкам у 1917-1940 гг. (у 1917-1925 i ў 1939-1940 гг. насiла назву "Krynica").

[60] Пятнiцкая царква (Царква Сьвятой Параскевы Пятнiцы) - праваслаўная царква ў Вiльнi, храналягiчна першы вiленскi каменны хрысьцiянскi храм, якi быў пабудаваны ў 1345 г. Сучасны будынак узьведзены ў 1864 г. У 1920-я гг. у царкве служыў вядомы беларускi дзеяч а. Аляксандар Коўш, як дабiўся ад кансысторыi перадачы яе для патрэбаў Вiленскай беларускай гiмназii. Пасьля Другой сусьветнай вайны царква была зачыненая, вернутая вернiкам у 1990 г. Месьцiцца на вул. Дзiджоi, 2 (Didžioji g., 2).

[61] Касьцёл Сьвятога Мiкалая - каталiцкi храм у Вiльнi, пабудаваны ў канцы ХIV ст. у гатычным стылi. Яшчэ з пачатку ХХ ст. права праводзiць у iм уласныя набажэнствы дабiлiся вiленскiя лiтоўцы, у мiжваенны час гэты касьцёл увогуле стаў адным з цэнтраў лiтоўскай культуры. Праз дамоўленасьць зь лiтоўцамi карыстацца касьцёлам для адпраўленьня сваiх уласных рэлiгiйных патрэб мелi магчымасьць i вiленскiя беларусы.

[62] Адам Станкевiч (1891-1949), грамадзка-палiтычны, рэлiгiйны й культурны дзеяч, адзiн з заснавальнiкаў i лiдараў Беларускай хрысьцiянскай дэмакратыi. На працягу ўсёй сваёй сьвятарскай дзейнасьцi зьвяртаўся да вернiкаў з казанямi на беларускай мове. У 1922-1927 гг. быў паслом польскага сойму.

[63] У мiжваенны час польскiя каталiцкiя гiерархi, што ў пераважнай большасьцi нэгатыўна ставiлiся да iдэi беларусiзацыi Каталiцкага касьцёла, скарыстоўвалi ўсе наяўныя ў сваiх руках мэханiзмы, каб не дапусьцiць атрыманьня духоўнай адукацыi ў падуладных сабе навучальных установах асобамi, якiя залiчвалi сябе да беларускага народу. Дзеля таго за ўвесь мiжваенны пэрыяд высьвяцiцца на каталiцкiх сьвятароў удалося ўсяго некалькiм беларусам - як правiла, тым, якiя атрымлiвалi адукацыю за межамi Польшчы цi па-за юрысдыкцыяй рыма-каталiцкiх бiскупаў.

[64] Адольф Клiмовiч (1900-1970), грамадзкi дзеяч, журналiст, выдавец. Вучыўся ў Карлавым унiвэрсытэце ў Празе, якi скончыў у 1928 г. Падчас вучобы ў Празе актыўна ўдзельнiчаў у беларускiм студэнцкiм жыцьцi. Пасьля вяртаньня ў Вiльню ў 1932-1939 гг. рэдагаваў гаспадарчы часопiс "Самапомач", працаваў у Беларускай хрысьцiянскай дэмакратыi i ў Беларускiм iнстытуце гаспадаркi й культуры. У 1939-1940 гг. удзельнiчаў у выданьнi "Беларускай крынiцы". Падчас вайны працаваў у Беларускай Самапомачы ў Лiдзе. Арыштаваны МДБ БССР у 1952 г., прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня, замененай на 25 гадоў зьняволеньня. Амнiставаны ў 1956 г., вярнуўся ў Вiльню, дзе нават у тагачасных неспрыяльных умовах працягваў сваю нацыянальную дзейнасьць.

[65] Янка Пазьняк (1887 - пасьля 1939), палiтычны й культурны дзеяч. Сябра Хрысьцiянска-дэмакратычнай злучнасьцi з моманту яе заснаваньня ў 1917 г. У 1928-1936 гг. рэдагаваў газэту "Беларуская крынiца", ад 1938 г. - часопiс "Chryścijanskaja Dumka". У канцы 1930-х гг. - старшыня Вiленскага Беларускага нацыянальнага камiтэту. У 1939 г. арыштаваны НКУС, далейшы лёс невядомы.

[66] Маецца на ўвазе Беларуская друкарня iмя Францiшка Скарыны, якая працавала ў 1926-1940 гг. Iнiцыятарамi яе стварэньня былi беларускiя дзеячы хрысьцiянска-дэмакратычнай палiтычнай арыентацыi, а кiраваў працай друкарнi Язэп Найдзюк, якi ўжо пасьля вайны напiсаў пра яе невялiкую кнiгу. Гл.: Цыпрыяновiч, С. (Найдзюк, Я.) Беларуская друкарня iмя Францiшка Скарыны ў Вiльнi (1926-1940). Лёндан, 1991. - 32 с.

[67] Уладзiслаў Талочка (1887-1942), каталiцкi сьвятар, рэлiгiйны й культурна-асьветны дзеяч, адзiн з iдэолягаў i пачынальнiкаў беларускага хрысьцiянскага руху ХХ ст. Жыў i працаваў у асноўным у Вiльнi. Супрацоўнiчаў з польскiмi, лiтоўскiмi i ўкраiнскiмi культурна-грамадзкiмi й рэлiгiйнымi выданьнямi, падтрымлiваў шырокiя кантакты й вёў перапiску зь вядомымi эўрапейскiмi рэлiгiйнымi й культурнымi дзеячамi, у тым лiку зь мiтрапалiтам Андрэем Шаптыцкiм. Настойлiва й пасьлядоўна выступаў з пазыцый экумэнiзму й рэлiгiйнага яднаньня.

[68] "Мутэршпрахэ" (ад ням. Muttersprache) - родная мова.

[69] Беларускi каапэратыўны банк - фiнансавая ўстанова, якая iснавала ў Заходняй Беларусi ў 1925-1938 гг. У яе стварэньнi актыўную ролю iгралi беларускiя дэпутаты ў польскiм парламенце, перадусiм грамадоўскага кiрунку. У фiнансавых актывах банку ў 1920-я гг. значную ролю адыгрывалi грошы, што паступалi з СССР. Банк меў, акрамя цэнтральнага офiсу ў Вiльнi, два рэгiянальныя аддзяленьнi - у Глыбокiм i Пiнску.

[70] "Беларускi летапiс" - штомесячны культурна-грамадзкi й лiтаратурны часопiс дэмакратычнага кiрунку, якi выдаваўся ў Вiльнi з траўня 1933 г. да верасьня 1939 г. Быў заснаваны як орган Таварыства беларускай школы.

[71] Гара Трох Крыжоў - гара ў Вiльнi, разьмешчаная на правым беразе ракi Вiленкi. Раней называлася Лысай цi Крывой, сучасную назву набыла ад помнiка з трох белых бэтонных крыжоў, пастаўленых у памяць пра манахаў-францiшканцаў, забiтых паганцамi ў ХIV ст.

[72] Маецца на ўвазе касьцёл Божай Мацi Суцяшэньня, якi быў пабудаваны ў XVIII ст. i цяпер знаходзiцца па вул. Савiчаўс (Savičiaus), 13 у Вiльнi. На дадзены момант ня дзейнiчае. Пасьля Другой сусьветнай вайны ён выкарыстоўваўся савецкiмi ўладамi як склад для агароднiны, а ўнутраны iнтэр'ер быў зьнiшчаны бэтоннымi перакрыцьцямi.

[73] Жыровiчы - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Слонiмскiм раёне Гарадзенскае вобласьцi. Тут ад XVIII cт. разьмяшчаецца Сьвята-Ўсьпенскi манастыр, куды вернiкi робяць паломнiцтвы да цудатворнага абраза Божай Мацi Жыровiцкай.

[74] Сьвiцязь - возера за 22 км на поўдзень ад Наваградка.

[75] Ёсiф Сьлiпый (1892-1984), украiнскi царкоўны дзеяч. Быў рэктарам Львоў скай грэка-каталiцкай багаслоўскай акадэмii ад самага яе заснаваньня ў 1929 г. Ад 1944 г. галiцкi грэка-каталiцкi мiтрапалiт. У 1945-1963 гг. зьняволены савецкiмi ўладамi. Пасьля вызваленьня выехаў у Рым, дзе яму быў нададзены сан кардынала. Да самай сьмерцi заставаўся Вярхоўным архiяпiскапам Грэка-каталiцкай царквы.

[76] Уладзiмер Максiмец (?-1977), грэка-каталiцкi сьвятар, прафэсар Грэка-каталiцкай багаслоўскай акадэмii ў Львове. Выкладаў лёгiку, крытыку, анталёгiю, псыхалёгiю. Пасьля Другой сусьветнай вайны арыштаваны й высланы ў Сiбiр, пасьля вярнуўся на радзiму. Памёр у Моршыне на Львоўшчыне.

[77] Атаназiй Кальбенка, манах-студыт, пакаёвы слуга Андрэя Шаптыцкага, якi знаходзiўся пры мiтрапалiце апошнiя 15 гадоў ягонага жыцьця.

[78] Рэкалекцыi - у Каталiцкай царкве некалькiдзённы пэрыяд, прысьвечаны духоўнаму абнаўленьню праз малiтву й споведзь.

[79] Квэстура - падразьдзяленьне ўнiвэрсытэту, якое адказвала за гаспадарчую частку.

[80] Скрыпты - тут: рукапiсы.

[81] Цыклястылi - прыстасаваньнi рознай канструкцыi, якiя мелi за мэту атрыманьне больш цi менш шматлiкiх копiй з тэксту, напiсанага рукой цi пры дапамозе пiшучай машынкi.

[82] Iнкардынацыя - у кананiчным праве акрэсьленьне абавязковай прына лежнасьцi духоўнай асобы да пэўнай дыяцэзii цi iншай царкоўнай супольнасьцi.

[83] Прошча - месца (крынiца, камень i пад.), надзеленае, паводле ўяўленьняў вернiкаў, надзвычайнай сiлай.

[84] Вiдаць, маецца на ўвазе аднаклясьнiк Льва Гарошкi Мiкола Орса, якi паходзiў зь Нягневiчаў. Малодшы брат Аляксандра й Пётры Орсаў. Скончыўшы Наваградзкую беларускую гiмназiю, паступiў у Галоўную школу сельскай гаспадаркi ў Варшаве, на факультэт вэтэрынарыi, працаваў па спэцыяльнасьцi. У кастрычнiку 1939 г. быў удзельнiкам Народнага сходу Заходняй Беларусi ў Беластоку й выступаў на iм з прамовай. Быў прызначаны абласным вэтэрынарам Баранавiцкае акругi. У 1941 г. арыштаваны й высланы ў Сiбiр. Пасьля вызваленьня на радзiму не вярнуўся, памёр у 1970-я гг.

[85] Магчыма, маецца на ўвазе Васiль Бахар, якi ў гады Другой сусьветнай вайны апынуўся на Беласточчыне й стаў дырэктарам беларускай школы ў Гайнаўцы. У 1945 г. быў арыштаваны органамi НКУС i вывезены, паводле акрэсьленьня А. Чэмера, "на шахты ў Крывы Рог".

[86] Беларускi студэнцкi саюз - арганiзацыя студэнтаў-беларусаў Унiвэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вiльнi, якая iснавала ў 1921-1939 гг.

[87] Кансысторыя - у Праваслаўнай царкве ўстанова, якая iснуе пры архiрэi для кiраваньня япархiяй.

[88] Зыгмунт Лазiнскi (польск. Łoziński; 1870-1932), каталiцкi гiерарх, у 1917-1925 гг. менскi, у 1925-1932 гг. - пiнскi бiскуп.

[89] Мiхайла Кнурэнка, грэка-каталiцкi сьвятар, у 1925-1929 гг. працаваў на парафii ў Далятычах, у 1929 г. пераведзены ў парафiю ў Гарадную. Быў абвiнавачаны ў разбэшчваньнi сваёй 14-гадовай выхаванкi i асуджаны на 2 гады турмы.

[90] Iван Панька (Панько), праваслаўны, а пасьля ўнiяцкi сьвятар, былы настаўнiк. Быў праваслаўным сьвятаром у вёсцы Доры Валожынскага павету, у 1928 г. перайшоў у вунiю. У 1929-1935 гг. кiраваў Далятыцкай парафiяй, у 1935 г. пераведзены ў Курашава на Падляшшы.

[91] Маюцца на ўвазе Яўсеевiчы - сёньня вёска ў Вераскоўскiм сельсавеце Наваградзкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[92] Воўкаразь - у 1969 г. гэтая вёска перайменавана, атрымаўшы назву Пабеда. Сёньня яна знаходзiцца ў Любчанскiм пасялковым савеце Наваградз кага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[93] Хадасы - сёньня вёска ў Любчанскiм пасялковым савеце Наваградзкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[94] Чарэшля - сёньня вёска ў Вераскоўскiм сельсавеце Наваградзкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[95] Падзагор'е - сёньня вёска ў Любчанскiм пасялковым савеце Наваградзкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[96] Маецца на ўвазе Папская Ўсходняя сэмiнарыя, якая працавала ад 1931 г. у горадзе Дубна на Валынi. У гэтай сэмiнарыi рыхтавалiся да выкананьня сьвятарскiх абавязкаў кандыдаты, якiя павiнны былi працаваць на тэрыторыi ўсёй польскай дзяржавы, акрамя Галiчыны.

[97] Iўе - сёньня горад, раённы цэнтар у Гарадзенскай вобласьцi.

[98] Дэкан - кiраўнiк дэканату, у Каталiцкай царкве адмiнiстрацыйнай акругi ў складзе дыяцэзii, што аб'ядноўвае некалькi побач разьмешчаных парафiй.

[99] Iльдэфонс Бобiч (1890-1944), каталiцкi сьвятар заходняга абраду, рэлiгiйны й культурна-асьветны дзеяч, адзiн з пачынальнiкаў беларускага хрысьцiянскага руху ХХ ст. У беларускiм каталiцкiм пэрыядычным друку выступаў пад псэўданiмам Пётра Просты. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1915 г., на 1-м зьезьдзе беларускiх сьвятароў у Менску (24-25 траўня 1917 г.) уступiў у саюз ксяндзоў-беларусаў. У 1917-1920 гг. працаваў вiкарыем у Друi й душпастырам на Дзiсеншчыне, у 1921-1923 гг. быў законавучыцелем у Вiленскай беларускай гiмназii. Ад 1923 г. быў пробашчам у мястэчку Германавiчы, у 1930-1944 гг. - пробашч i дэкан у мястэчку Iўе. Супрацоўнiчаў зь беларускiмi каталiцкiмi выданьнямi, аўтар i перакладчык некалькiх папулярных брашур на рэлiгiйную тэматыку. У пачатку 1930-х гг. адышоў ад беларускай дзейнасьцi.

[100] Маецца на ўвазе кнiга Iльдэфонса Бобiча "Niadzielašnija ewanhielii i nawuki", выдадзеная ў Вiльнi ў некалькiх частках у 1921-1922 гг.

[101] Сапраўды, Iльдэфонс Бобiч падчас нямецкай акупацыi Беларусi падрыхтаваў да друку некалькi рэлiгiйных прац (у тым лiку двухтомную пад назвай "Навучайце ўсе народы"), але выйсьцi з друку яны не пасьпелi.

[102] Лiпнiшкi - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Iўеўскiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[103] Яраслаў Войдаг (1875-1944), каталiцкi сьвятар, у 1911-1921 гг. працаваў у Задарожжы на Глыбоччыне, у 1927-1940 гг. ксёндз касьцёла ў Лiпнiшках.

[104] Геранёны - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Iўеўскiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[105] Прэзьбiтэрыя - частка касьцёла, прызначаная для духавенства.

[106] Юзаф Хлявiнскi (1882-?), каталiцкi сьвятар, у 1913-1927 гг. служыў у Залесьсi-Сакульскiм у Польшчы, у 1927-1933 гг. - у Геранёнах, у 1934-1939 гг. - у Сьвiранках пад Астраўцом.

[107] Мiхал Шалкевiч (1891-1972), каталiцкi сьвятар заходняга абраду, рэлiгiйны дзеяч, удзельнiк беларускага хрысьцiянскага руху ХХ ст. Скончыў Вiленскую духоўную каталiцкую сэмiнарыю, пасьвячоны ў сьвятары ў 1915 г. Ад пачатку душпастырскай дзейнасьцi шырока выкарыстоўваў у ёй беларускую мову. Удзельнiк 1-га зьезду беларускiх ката лiц кiх сьвятароў у Менску 24-25 траўня 1917 г. Сябра саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1917-1921 гг. - вiкарый, а пазьней пробашч у парафii Мосар Дзiсенскага дэканату, ад 1922 г. служыў пробашчам у парафii Тракелi Лiдзкага дэканату. Распаўсюджваў сярод вернiкаў i насельнiцтва каталiцкую пэрыёдыку й рэлiгiйныя кнiжныя выданьнi на беларускай мове, перасьледаваўся польскiмi сьвецкiмi ўладамi. У 2-й палове 1920-х гг. быў абвiнавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасьцi. Ад канца 1930-х гг. i да пачатку 1950-х гг. вы конваў сьвятарскiя абавязкi ў Вiленскай архiдыяцэзii, у 1-й палове 1950-х гг. выехаў у Польшчу, жыў i служыў на Памор'i.

[108] Тракелi - сёньня аграгарадок у Бастунскiм сельсавеце Воранаўскага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[109] Беняконi - сёньня аграгародок, цэнтар Беняконскага сельсавету Воранаўскага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[110] Брэвiярый (ад лац. breviarium) - у Рыма-каталiцкай царкве лiтургiчная кнiга, якая ўстрымлiвае тэксты малiтваў кананiчных гадзiн, падзеленыя на паасобныя днi года.

[111] Юозас Дубецiс (летув. Dubietis; 1885-?), каталiцкi сьвятар, служыў у Беняконскiм касьцёле ў 1925-1937 гг. У 1937-1939 гг. быў сьвятаром у Сьвянцянах.

[112] Рамуальд Ялбжыкоўскi (польск. Jałbrzykowski; 1876-1955), польскi рэлiгiйны дзеяч. Ад 1926 г. быў вiленскiм арцыбiскупам. Адзiн з арганiзатараў рэпрэсiяў супраць лiдараў БХД.

[113] Караль Любянец (польск. Lubianiec; 1866-1942), каталiцкi ксёндз. Працаваў выкладчыкам у Вiленскай духоўнай сэмiнарыi, дайшоў да пасады яе вiцэ-рэктара. Быў таксама чальцом Вiленскай капiтулы. За часамi Расейскай iмпэрыi рупiўся пра пашырэньне польскага грамадзкага й культурнага жыцьця ў Вiльнi, быў iнiцыятарам пабудовы касьцёла Сэрца Езуса. У 1929 г. распачаў мiсiйную працу сярод праваслаўных, заснаваўшы пляцоўку ў Мiнойтах. У 1935 г. стаў ксяндзом фiлiяльнага касьцёла ў Плябанi й адначасова маладэчанскiм дэканам. У 1942 г. быў расстраляны немцамi.

[114] Мiнойты - сёньня вёска ў Трацякоўскiм сельсавеце Лiдзкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[115] Валяр'ян Мэйштовiч (польск. Meysztowicz; 1893-1982), каталiцкi сьвятар i тэоляг, гiсторык. У 1926-1929 гг. быў сакратаром вiленскага арцыбiскупа Р. Ялбжыкоўскага, ад 1932 г. працаваў дарадцам польскай амбасады пры Апостальскай Сталiцы. У 1936-1939 гг. выкладаў ва Ўнiвэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вiльнi. Падчас Другой сусьветнай вайны перабраўся ў Ватыкан, дзе жыў да канца жыцьця. У 1945 г. заснаваў Польскi гiстарычны iнстытут у Рыме. Аўтар шматлiкiх тэалягiчных i гiстарычных публiкацыяў.

[116] Васiль Гапановiч (1870?-?), рэлiгiйны дзеяч. У 1895 г. скончыў Вiленскае пяхотнае вучылiшча, ад 1899 г. праваслаўны сьвятар. У 1925 г. стаў протаiерэем Раманаўскай царквы ў Вiльнi, пасьля перайшоў у грэка-каталiцтва. У 1928 г. са згоды вернiкаў перавёў свой праваслаўны прыход у Фастах каля Беластоку ў каталiцтва ўсходняга абраду. У 1944 г. выехаў у эмiграцыю на Захад.

[117] Беларускае каталiцкае выдавецтва iснавала ў Вiльнi ў 1930-я гг., было заснавана дзеячамi Беларускай хрысьцiянскай дэмакратыi з мэтай выданьня рэлiгiйнай лiтаратуры на беларускай мове.

[118] Дахаў (ням. Dachau) - канцэнтрацыйны лягер, якi дзейнiчаў у нацысцкай Нямеччыне ў 1933-1945 гг. Першапачаткова ў яго зьмяшчалiся палiтычныя працiўнiкi гiтлераўскага рэжыму. Разьмяшчаўся на ўскраiне аднайменнага гораду, за 17 км ад Мюнхэну.

[119] Бухэнвальд (ням. Buchenwald) - канцэнтрацыйны лягер, якi дзей нiчаў у на цысцкай Нямеччыне ў 1937-1945 гг. Разьмяшчаўся каля гораду Вэймар.

[120] Жыраваньне вэксаляў (ад iтал. giro - абарачэньне) - выкананьне на вэксалi перадатачнага надпiсу (жыра) з прыняцьцем у вынiку гэтага на сябе адказнасьцi па даўгавым абавязку. Паводле А. Чэмера, "калi настала пара будаўнiцтва ўласнага будынка для гiмназii… калi прыйшлося браць пазыку, доктар Орса, дырэктар Цеханоўскi i адвакат Сьвiрыд ставяць свае подпiсы на вэксалях" (гл.: Чэмер, А. Наваградзкая беларуская гiмназiя. С. 30).

[121] Лiцытацыя (ад польск. licytacja) - продаж з аўкцыёну.

[122] Паводле агульнага сьпiсу гiмназiстаў, прыведзенага ў кнiзе Андрэя Чэмера, у Наваградзкай гiмназii вучылiся два вучнi з прозьвiшчам Русецкi - Астап i Пятро, а Хведар не пазначаны. Аднак жа сам аўтар прызнаваў, што пададзены iм сьпiс няпоўны й на самай справе "навучэнцаў было больш".

[123] Запольле - сёньня вёска ў Красьненскiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[124] Як ужо згадвалася вышэй, Леў Гарошка паблытаў чарговасьць, у якой розныя наваградзкiя ваяводы зьмянялi на гэтай пасадзе адзiн аднаго. Вацлаў Костэк-Бярнацкi да справы закрыцьця Наваградзкай беларускай гiмназii ня мог мець непасрэднага дачыненьня, паколькi ў той час кiраваў iншым ваяводзтвам - Палескiм.

[125] Павал Анiшчык паходзiў зь вёскi Мiрацiчы Наваградзкага павету. Пасьля гiмназii паступiў на дарожныя курсы й працаваў дарожным майстрам. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусi да Польшчы арыштаваны й вывезены ў лягеры Запаляр'я. Падчас вайны ўступiў у Войска Польскае, пасьля дэмабiлiзацыi ў чыне маёра жыў ва Ўроцлаве, дзе памёр у канцы 1980-х гг.

[126] Мiхась Лiтвiн паходзiў зь вёскi Глiняны Скiдальскай гмiны Гарадзенскага павету.

[127] Пётра Чэрнiк паходзiў з-пад Любчы.

[128] Мiкалай Вiнар паходзiў з Пачапаўскай гмiны, вучыўся ў Наваградзкай беларускай гiмназii ад 1928 да 1933 г., пакуль ня быў арыштаваны польскiмi ўладамi за камсамольскую дзейнасьць. Пасьля 1939 г. стаў настаўнiкам гiсторыi, напiсаў кнiжку пра Наваградак, якую, аднак, ня здолеў апублiкаваць.

[129] Уладзiмер Гуль вучыўся ў Клецкай беларускай гiмназii, пасьля яе закрыцьця перавёўся ў Наваградзкую гiмназiю. Асуджаны да году турмы без залiчэньня пэрыяду папярэдняга пазбаўленьня волi, у вынiку чаго мусiў праседзець агулам каля двух гадоў. Пакiнуў успамiны пра камсамольскую дзейнасьць у Наваградзкай беларускай гiмназii й барацьбу зь ёй з боку польскiх уладаў. Гл.: З успамiнаў Уладзiмiра Пятровiча Гуля - члена падпольнага КСМЗБ // Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Навагрудскага раёна. Мiнск, 1996. С. 267-269.

[130] Кацярына Главiнская паходзiла зь вёскi Палужжа каля Карэлiч, адна з найактыўнейшых камсамольскiх актывiстак Наваградзкай беларускай гiмназii, за што патрапiла ў польскую турму. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыла й працавала на радзiме.

[131] Канстанцiн Ханько паходзiў з Карэлiчаў.

[132] Канстанцiн Алексiевiч паходзiў з Наваградка.

[133] Паводле працы А. Анiшчыка (А. Чэмера), у Наваградзкай беларускай гiмназii вучылiся дзьве вучанiцы пад прозьвiшчам Еўтухоўская - Зiна i Шура. Цяжка сказаць, якая зь iх менавiта маецца на ўвазе, бо ў адмысловых прысьвечаных iм зацемках анiводным словам ня згадваецца пра iхнюю камсамольскую дзейнасьць. Паводле А. Анiшчыка, абедзьвюм дзяўчатам удалося давучыцца ў гiмназii й нават пасьля працягнуць адукацыю. Увогуле, Андрэй Чэмер прыводзiць у сваёй кнiзе на с. 57 i сьпiс вучняў, якiя былi выключаныя тады з гiмназii, кажучы пра "А. Алексiевiча, К. Главiнскую, Ул. Гуля, Мiкалая Вiнара, М. Лiтвiна, Гароха, Я. Бiзюка, В. Бахара, А. Мураўскага, П. Федараку". Як вiдаць, пералiчаныя iм прозьвiшчы толькi часткова супадаюць з тымi, якiя называе Леў Гарошка.

[134] Тударава - сёньня вёска ў Красьненскiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[135] Ваўковiчы - сёньня цэнтар сельсавету ў Карэлiцкiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[136] Пётра Скрабец (1882-1963), грамадзка-культурны дзеяч. У 1920-1940-я гг. настаўнiчаў на Наваградчыне, быў дырэктарам Наваградзкай беларускай гiмназii. У 1945 г. арыштаваны савецкiмi ўладамi й высланы на 8 гадоў у Магадан, пасьля адбыцьця тэрмiну вярнуўся ў Наваградак.

[137] Церабостынь - сёньня вёска ў Жухавiцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[138] Iван Панько, дзеяч пяцiдзясятнiцкага руху ў мiжваеннай Польшчы, у 1933-1940 гг. быў на пастарскiм служэньнi ў Вiленскай царкве хрысьцiян веры евангельскай (ХВЕ). На 7-м з'ездзе Ўсяпольскага саюза ХВЕ ў 1937 г. абраны намеснiкам старшынi Саюза. У 1940 г. вярнуўся на радзiму, у 1949 г. арыштаваны й да 1958 г. знаходзiўся ў лягерах.

[139] Маласельцы - сёньня вёска ў Турэцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[140] Васiль Жалезьняковiч (1900-1972), праваслаўны сьвятар, протаiерэй. У 1922 г. скончыў Вiленскую (Лiтоўскую) духоўную сэмiнарыю, у 1930-1931 гг. вучыўся на багаслоўскiм факультэце Варшаўскага ўнiвэрсытэту. Ад 1922 г. быў сьвятаром Увазьнясенскай царквы ў мястэчку Ярэмiчы. Займаўся лiтаратурнай дзейнасьцю, друкаваўся ў праваслаўных пэрыядычных выданьнях, што выходзiлi ў 1920-1930-я гг. у Польшчы. Актыўна змагаўся супраць палянiзацыi насельнiцтва, за што падвяргаўся рэпрэсiям з боку польскiх уладаў. У 1938 г. па патрабаваньнi польскiх уладаў выведзены за штат, ад сакавiка 1939 г. сьвятар Раства-Багародзiцкай царквы ў вёсцы Гудзевiчы Ваўкавыскага павету. У 1946 г. прызначаны сьвятаром Мiкалаеўскай царквы ў Ваўкавыску, ад лютага 1947 г. благачынны цэркваў тагачасных Ваўкавыскага i Поразаўскага раёнаў. У 1951 г. арыштаваны, асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў з канфiскацыяй маёмась цi. Пасьля вызваленьня жыў у Ваўкавыску.

[141] Торп (тарпа) - вялiкая сьцiрта снапоў або саломы, складзеная асаблiвым спосабам для захоўваньня пад адкрытым небам.

[142] Антонiй Мацкевiч (1892-1942), каталiцкi ксёндз, пробашч у Мiры, сталавiцкi дэкан. Падчас Другой сусьветнай вайны браў удзел у польскiм падпольным руху, закатаваны немцамi ў канцлягеры Калдычэва пад Баранавiчамi.

[143] Благачынны - у Праваслаўнай царкве адмысловая пасада, прызначаная для нагляду за парадкам у пэўнай царкоўнай акрузе ў складзе япархii. Зьяўляецца пэўным пасярэднiкам па шэрагу пытаньняў памiж прыходам i епархiяльнай управай. Аналяг дэкана ў Рыма-каталiцкай царкве.

[144] Маецца на ўвазе Вольна - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Баранавiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[145] Мiкола Гарошка (1902-1979), грамадзкi дзеяч, iнжынэр. Вучыўся ў Чэхаславакii, пасьля вяртаньня на радзiму працаваў у каапэрацыi. Пасьля Другой сусьветнай вайны - на эмiграцыi, быў старшынём Беларуска-амэрыканскага задзiночаньня ў 1949-1952 i 1965-1967 гг., таксама першым старшынём Фундацыi iмя П. Крэчэўскага.

[146] Кожава - сёньня вёска ў Жухавiцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[147] Пясочная - сёньня вёска ў Жухавiцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[148] Скорычы - сёньня вёска ў Ярэмiцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[149] Крышылоўшчына - сёньня вёска ў Луцкiм сельсавеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[150] Усеагульны спажывецкi каапэратыў "Сполэм" (Powszechna Spółdzielnia Spożywców "Społem") - найбуйнейшы польскi саюз каапэратываў, якi вядзе сваю гiсторыю ад 1868 г. i працягвае дзейнасьць да гэтага часу.

[151] Падрабязней пра гэта ва ўспамiнах Зiнаiды Гарошкi, жонкi Мiколы. Гл.: Юрэвiч, Лявон. Эмiгрант Францыск Скарына, цi Апалогiя. Мiнск, 2015. С. 546-554.

[152] Вiленскi саюз каапэратываў, якi аб'ядноўваў большасьць наяўных у той час на Вiленшчыне беларускiх каапэратыўных арганiзацый, iснаваў у 1920-1923 гг. у асноўным ва ўмовах Сярэдняй Лiтвы. На пэўны час ён стаў найбольш уплывовай гаспадарчай арганiзацыяй у краi. Фактычна працягваў традыцыi Цэнтральнага беларускага саюзу сельскай гаспадаркi (Цэнтрабелсаюзу) - беларускага сельскагаспадарчага каапэратыву, створанага за часамi польскай акупацыi ў Менску. У дзейнасьцi саюзу прымалi актыўны ўдзел такiя вядомыя беларускiя дзеячы, як Аркадзь Смолiч, Антон Трэпка, Уладзiслаў Сталыгва i iнш. Пасьля далучэньня Сярэдняй Лiтвы да Польшчы ня вытрымаў канкурэнцыi з польскiмi каапэратывамi, якiя карысталiся iльготамi з боку дзяржавы, i мусiў увайсьцi ў склад агульнапольскага саюзу спажывецкiх каапэратываў "Społem". Падрабязьней пра дзейнасьць гэтай арганiзацыi гл.: Радзюк, А. Л. Беларускi кааператыўны рух на тэрыторыi Сярэдняй Лiтвы (1920-1922 гг.) // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Янкi Купалы. Сер. 1. Гiсторыя i археалогiя. Фiласофiя. Палiталогiя.

2012. № 3. С. 27-32.

[153] У дадзеным выпадку Леў Гарошка штосьцi блытае, бо старшынём Вiленскага саюзу каапэратываў зьяўляўся Станiслаў Чыжэўскi, а дзеяч з прозьвiшчам Гэрмановiч калi й браў у яго працы ўдзел, то не на вядучых ролях.

[154] Пётра Орса (1898-1990), грамадзкi дзеяч. Выпускнiк Наваградзкай беларускай гiмназii, пасьля яе заканчэньня выехаў у Прагу, дзе атрымаў агранамiчную вышэйшую адукацыю. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, працаваў у каапэратыўных арганiзацыях. Падчас Другой сусьветнай вайны ўзначальваў аддзел сельскай гаспадаркi Беларускай Цэнтральнай Рады. Пасьля вайны эмiграваў, жыў у Нямеччыне й ЗША.

[155] Вiдаць, маецца на ўвазе Мiхась Гузоўскi (1898 - пасьля 1944), грамадзкi дзеяч. У 1918-1919 гг. сябра Беларускай вучнёўскай грамады ў Варонежы. У 1921 г. працаваў настаўнiкам. У лiстападзе 1921 г. прымусова накiраваны польскай школьнай адмiнiстрацыяй на настаўнiцкiя курсы ў Кракаў. У 1922 г. накiраваны па рэкамэндацыi ТБШ на вучобу ў Чэхаславакiю, скончыў агранамiчнае аддзяленьне Праскай вышэйшай палiтэхнiкi. Быў адным з кiраўнiкоў Аб'яднаньня беларускiх студэнтаў за гранiцай i Заходняй Беларусi (АБСА), сябрам Беларускай грамады, Беларускага сялянскага саюзу ў Празе, скаўцкай арганiзацыi "Беларускi Сакол" i iнш. У 1925 г. выбраны ў рэвiзiйную камiсiю Рады БНР. У 1929 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, быў сябрам Беларускага гаспадарчага зьвязу. Сярод iншага ўваходзiў у склад дырэкцыi Малачарскага таварыства ў Баранавiчах. Падчас Другой сусьветнай вайны жыў на Вiленшчыне. Летам 1944 г. арыштаваны НКУС. Далейшы лёс невядомы.

[156] Пра беларускую каапэратыўную дзейнасьць у Баранавiчах i iх ваколiцах гл.: Радзюк, А. Л. Да гiсторыi "Малачарскага таварыства" ў Баранавiчах (1932-1936 гг.) // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Сер. 2. Гiсторыя. Эканомiка. Права. 2013. № 1. С. 99-103.

[157] Маецца на ўвазе факультэт каталiцкай тэалёгii Iнсбрукскага ўнiвэрсытэту Леапольда й Франца (Leopold-Franzens-Universitat Innsbruck) у Аўстрыi.

[158] Мiкола Чубаты (1889-1979), украiнскi гiсторык царквы й права, пэдагог i публiцыст. У 1920-1923 гг. быў прафэсарам Львоўскага (патаемнага) украiнскага ўнiвэрсытэту, у 1927-1938 гг. прафэсарам Грэка-каталiцкае багаслоўскае сэмiнарыi (пасьля - акадэмii) у Львове. У 1939 г. эмiграваў у ЗША, быў заснавальнiкам амэрыканскага аддзяленьня Навуковага таварыства iмя Тараса Шаўчэнкi.

[159] Канiзiянум (лац. Canisianum) - езуiцкая калегiя ў Iнсбруку, закладзеная ў 1910-1911 гг. У першай палове ХХ ст. была папулярным месцам навучаньня сьвятароў i бiскупаў Украiнскай грэка-каталiцкай царквы.

[160] Мiхайла Сапуляк (1908-?), украiнскi царкоўны й грамадзкi дзеяч, грэка-каталiцкi сьвятар. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Львове й Iнсбруку. У 1940-1945 гг. быў кiраўнiком аддзелу грамадзкай апекi Ўкраiнскага цэнтральнага камiтэту, пасьля жыў на эмiграцыi ў Нямеччыне, Галяндыi, Канадзе.

[161] Франц Хаўер Мiцка (ням. Mitzka; 1895-1950), аўстрыйскi каталiцкi сьвятар, тэоляг. У 1926-1935 гг. дацэнт, у 1935-1948 гг. прафэсар тэалягiчнага факультэту Iнсбрукскага ўнiвэрсытэту. У 1935/36 i 1946/47 навучальных гадах зьяўляўся дэканам факультэту.

[162] Франц Лякнэр (ням. Lakner; 1900-1974), аўстрыйскi каталiцкi сьвятар i тэоляг, паходзiў са Славенii. Скончыў тэалягiчны факультэт Iнсбрукскага ўнiвэрсытэту, пасьля выкладаў на iм дагматыку. У 1937-1938 i 1946-1949 гг. быў рэктарам калегii Канiзiянум, у пасьляваенны час займаў пасады дэкана тэалягiчнага факультэту, а таксама прарэктара й рэктара Iнсбрукскага ўнiвэрсытэту.

[163] Ляндсманшафт (ад ням. Landsmannschaft) - зямляцтва.

[164] Пачэркофэль (ням. Patscherkofel) - гара ва Ўсходнiх Альпах, знаходзiцца на адлегласьцi каля 7 км ад Iнсбруку.

[165] Мiхаэль Хофман (ням. Hofmann; 1860-1946), аўстрыйскi тэоляг, кiраваў калегiяй Канiзiянум ад часу яе заснаваньня да 1938 г.

[166] Казiмеж Букраба (польск. Bukraba; 1885-1946), каталiцкi ксёндз. У 1919-1928 гг. быў пробашчам i дэканам у Наваградку, у 1928-1932 гг. - у Берась цi. Ад 1932 г. быў пiнскiм бiскупам. Пакiнуў Пiнск з-за хваробы адразу пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны ў 1939 г. i больш у яго не вярнуўся.

[167] Правiдэнцыяльны (ад лац. providentia) - тут: вынiк праяўленьня Божай волi.

[168] Зьнячуленьне (ад польск. znieczulenie) - абязбольваньне.

[169] Камплiкацыя (ад польск. komplikacja) - ускладненьне.

[170] Маецца на ўвазе сабор Сьв. Стафана - каталiцкi храм ХVI ст., якi зьяўляецца сымбалем як Вены, так i ўсёй Аўстрыi.

[171] Шонбрун (ням. Schloß Schönbrunn) - асноўная летняя рэзыдэнцыя аўстрыйскiх iмпэратараў з дынастыi Габсбургаў, разьмешчаная ў заходняй частцы Вены. Лiчыцца адным з найбольш прыгожых палацава-паркавых ансамбляў Эўропы.

[172] "Довад асабiсты" (ад польск. dowód osobisty) - пасьведчаньне асобы, унутраны пашпарт.

[173] Аляксей Пэтранi (польск. Petrani; 1900-1977), ксёндз, выпускнiк тэалягiчнага факультэту Iнсбрукскага ўнiвэрсытэту й Каталiцкага ўнiвэрсытэту ў Парыжы. Ад 1930 гг. выкладаў кананiчнае права ў Пiнскай духоўнай сэмiнарыi, ад 1936 г. быў яе рэктарам. Пасьля Другой сусьветнай вайны - прафэсар Люблiнскага каталiцкага ўнiвэрсытэту.

[174] Люцыян Хвецька (1889-1944), рэлiгiйны й грамадзкi дзеяч, публiцыст, выдавец, каталiцкi сьвятар; адзiн з пачынальнiкаў беларускага хрысьцiян скага руху ХХ ст. Да беларускага руху далучыўся падчас вучобы ў Мiтрапалiтальнай духоўнай каталiцкай акадэмii ў Пецярбургу. Адзiн з за снавальнiкаў Беларускай хрысьцiянска-дэмакратычнай злучнасьцi, iнiцыятар выданьня й першы рэдактар-выдавец газэты "Krynica". Пасьвячоны ў сьвятары ў 1915 г., служыў у Пецярбургу. У 1923 г. арыштаваны бальшавiцкiмi ўладамi, у 1925 г. вызвалены ў вынiку абмену вязьнямi й выехаў у Польшчу. У канцы 1920-х гг. працаваў рэктарам Мiсiянэрскага iнстытуту ў Люблiне, ад 1932 г. у Пiнскай дыяцэзii. Працаваў у духоўнай каталiцкай сэмiнарыi ў Пiнску. Зь верасьня 1939 г. працаваў у Хатаве (зараз Стаўпецкi раён).

[175] Фабiян Абрантовiч (1884-1946), каталiцкi сьвятар, адзiн з iдэолягаў i заснавальнiкаў беларускага хрысьцiянскага руху. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1908 г. пасьля заканчэньня Духоўнай акадэмii ў Пецярбургу. Вучыўся ў Лювэнскiм унiвэрсытэце ў Бэльгii, працаваў сьвятаром i выкладчыкам у Пецярбургу (Петраградзе). Яшчэ падчас вучобы належаў да культурна-асьветнага гуртка беларусаў-клерыкаў, адзiн з заснавальнiкаў Беларускай хрысцiянска-дэмакратычнай злучнасьцi. Пасьля рэвалюцыi 1917 г. працаваў у Менску, у пачатку 1920-х гг. - выкладчык эвакуяванай зь Менску ў Наваградак, а пазьней у Пiнск каталiцкай сэмiнарыi. У 1929-1938 гг. узначальваў каталiцкую мiсiю ўсходняга абраду ў Маньчжурыi й Кiтаi. Улетку 1939 г. знаходзiўся ў Польшчы. Арыштаваны савецкiмi ўладамi, памёр ад катаваньняў у Бутырскай турме ў Маскве.

[176] Друя - сёньня аграгарадок у Браслаўскiм раёне Вiцебскае вобласьцi, на самай мяжы з Латвiяй. У 1923-1939 гг. тут знаходзiўся кляштар айцоў марыянаў, у якi часова й перабраўся ксёндз Фабiян Абрантовiч.

[177] Харбiн - горад у паўночна-ўсходнiм Кiтаi, заснаваны ў 1898 г. у сувязi з будаўнiцтвам Расеяй Кiтайскай Усходняй чыгункi. Яшчэ да Першай сусьветнай вайны падданыя Расейскай iмпэрыi складалi ў горадзе амаль палову насельнiцтва, а пасьля Кастрычнiцкай рэвалюцыi й Грамадзянскай вайны ў Расеi горад напоўнiўся шматлiкiмi расейскiмi эмiгрантамi (каля 100 тыс. чалавек). Дзеля вядзеньня сярод iх мiсiянэрскай дзейнасьцi Ватыкан дасылаў туды адмысловыя мiсii, важнае месца сярод удзельнiкаў якiх займалi ксяндзы-беларусы.

[178] Казiмер Кулак (1896-1989), каталiцкi сьвятар, рэлiгiйны й культурна-асьветны дзеяч, удзельнiк беларускага хрысьцiянскага руху ХХ ст. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1920 г. Зь беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам зьвязаны з часоў вучобы ў Вiленскай сэмiнарыi. Вучыўся ў папскiм Усходнiм iнстытуце ў Рыме. Пасьля вучобы вярнуўся ў Пiнскую дыяцэзiю, дзе працаваў прафэсарам расейскай мовы ў мясцовай духоўнай сэмiнарыi, кiраваў унiяцкiм сэктарам. У 1933 г. - у Варшаве, выконваў абавязкi сакратара бiскупа М. Чарнэцкага. Пасьля праводзiў душпастырскую дзейнасьць у Ляндварове й Тургелях Троцкага дэканату.

[179] Ляндвароў - сёньня Лянтварыс (летув. Lentvarys), горад у Тракайскiм раёне Вiльнюскага павету Лiтвы, за 18 км ад Вiльнi.

[180] Эдвард Юневiч (1894-1989), каталiцкi сьвятар. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1917 г. У тым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасьць. Выкладаў Закон Божы ў прытулках для дзяцей зь бежанскiх сем'яў у Маскве. У 1918-1920 гг. служыў вiкарыем пры касьцёле Аб'яўленьня Найсьвяцейшай Дзевы Марыi ў Пецярбургу. У лiку 14 каталiцкiх сьвятароў быў арыштаваны органамi савецкай бясьпекi. Праходзiў па справе арцыбiскупа Я. Цепляка. Быў прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зьняволеньня з пазбаўленьнем усiх правоў. У студзенi 1925 г., пасьля двухгадовага знаходжаньня ў турме, вызвалены ў вынiку абмену палiтычнымi вязьнямi памiж урадамi Польшчы й Савецкай Расеi. Выконваў сьвятарскiя абавязкi ў Новай Вялейцы на Вiленшчыне. Пазьней быў пераведзены ў Пiнскую дыяцэзiю, працаваў у мясцовай дыяцэзiйнай духоўнай сэмiнарыi ў якасьцi прафэсара эстэтыкi й расейскай мовы. У 1926-1930 гг. вучыўся ў Рыме, дзе атрымаў лiцэнцыят па тэалёгii, пасьля заканчэньня вучобы вярнуўся ў Пiнск. Ад 2-й паловы 1930-х гг. i ў час Другой сусьветнай вайны - пробашч i дэкан у мясцовасьцi Драгiчын. У 1943-1945 гг. выконваў абавязкi генэральнага вiкарыя ў Пiнскай дыяцэзii. Пасьля вайны жыў у Польшчы.

[181] Драгiчын-над-Бугам - сёньня Драгiчын (польск. Drohiczyn), горад у Сямятыцкiм павеце Падляскага ваяводзтва Польшчы.

[182] Ян Васiлеўскi (польск. Wasilewski; 1885-1948), каталiцкi сьвятар, ураджэнец Латгалii. Скончыў Духоўную акадэмiю ў Пецярбургу, пасьля чаго ў гэтым горадзе й служыў. Пасьля бальшавiцкага перавароту 1917 г. падвяргаўся разнастайным рэпрэсiям з боку савецкiх уладаў. У 1923 г. выехаў у Латвiю, ад 1925 г. - у Польшчы. У 1925 г. стаў рэктарам Пiнскай духоўнай сэмiнарыi, займаў гэтую пасаду да 1933 г. У 1933-1937 гг. быў дырэктарам бiскупскай гiмназii ў Драгiчыне-над-Бугам, ад 1937 г. зноў быў прафэсарам Пiнскай духоўнай сэмiнарыi, выкладаючы фiлязофiю й маральную тэалёгiю. Падчас Другой сусьветнай вайны быў пробашчам катэдральнага касьцёлу ў Пiнску. У 1945 г. арыштаваны, памёр у сiбiрскай ссылцы.

[183] Караль Нямiра (польск. Niemira; 1883-1965), польскi каталiцкi сьвятар, ад 1933 г. - бiскуп-памочнiк Пiнскай дыяцэзii. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны быў выселены савецкiмi ўладамi зь Пiнску й больш у яго так i не вярнуўся.

[184] Мiкалай Чарнэцкi (1884-1959), дзеяч Украiнскай грэка-каталiцкай царквы, рэдэмпарыст. Ад 1931 г. - тытулярны бiскуп Лебядзянскi й апостальскi вiзытатар для грэка-каталiкоў Валынi й Палесься. У 1939 г. узначалiў створаны мiтрапалiтам Андрэем Шаптыцкiм экзархат Валынi й Холм шчыны. Пасьля 1945 г. арыштаваны савецкiмi ўладамi ды высланы ў Сiбiр. Вярнуўся на радзiму толькi ў 1956 г.

[185] Рацыя стану (польск. racja stanu) - дзяржаўны iнтарэс.

[186] Флярэнтыйская унiя - пагадненьне аб аб'яднаньнi Каталiцкай i Праваслаўнай цэркваў, прынятае на Фэрара-Флярэнтыйскiм саборы ў 1439 г. У жыцьцё яго, аднак, правесьцi так i не ўдалося.

[187] Станiслаў Мысткоўскi (польск. Mystkowski; 1892-1982), каталiцкi сьвятар, у 1920-1929 гг. сакратар варшаўскага арцыбiскупа, кардынала А. Какоўскага, у 1929-1940 гг. - вiцэ-рэктар Варшаўскай духоўнай сэмiнарыi. Падчас Другой сусьветнай вайны й пасьля яе працаваў у розных варшаўскiх парафiях.

[188] Данат Навiцкi (1893-1971), рыма-каталiцкi й грэка-каталiцкi сьвятар. Нарадзiўся ў Санкт-Пецярбургу. Вучыўся ў польскай гiмназii сьв. Кацярыны ў Пецярбургу, затым скончыў Пецярбургскi ўнiвэрсытэт i Пецярбургскую духоўную сэмiнарыю. У 1916-1921 гг. знаходзiўся на вайсковай службе, ад 1921 г. працаваў у Маскве. У 1923 г. арыштаваны савецкiмi ўладамi, асуджаны на 10 гадоў канцлягераў. 17 месяцаў правёў у Арлоўскiм палiтiзалятары, у 1925 г. адпраўлены на Салаўкi. У 1926 г. атрымаў там субдыяканскiя сьвячэньнi, 1928 г. - дыяканскiя й сьвятарскiя. У 1932 г. быў вызвалены ў рамках абмену вязьнямi з Польшчай. У канцы 1932 г. накiраваны ў Тараканьскую грэка-каталiцкую парафiю. Вёў набажэнствы, у тым лiку й на мясцовай гаворцы. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны выехаў у Зялёнку пад Варшавай, дзе стаў капэлянам жаночай манаскай абшчыны. Браў удзел у кансьпiратыўнай антыфашысцкай дзейнасьцi. Ад 1948 г. жыў i працаваў у розных парафiях у Польшчы (Сьвiдэр на Люблiншчыне, Нова Весь, Iзабэлiн пад Варшавай), быў актыўным удзельнiкам экумэнiчнага руху. Быў рэфэрэнтам-экспэртам па пытаньнях Усход нiх Цэркваў, Расеi й экумэнiзму пры прымасе Польшчы кардынале Стэфане Вышынскiм. Пакiнуў успамiны, якiя захоўваюцца ў архiве Рускай калегii (Russicum) у Рыме.

[189] Таракань - сёньня вёска Iмянiн, цэнтар сельсавету Драгiчынскага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[190] "Litterae dimissoriae" (лац.) - "даверчы лiст" - дакумэнт, якiм бiскуп пацьвярджае паўнамоцтвы сьвятароў.

[191] Вiдавочна, Л. Гарошка мае на ўвазе Шостую ўнiйную канфэрэнцыю, пра якую пiсаў вышэй.

[192] Падрабязьней пра спробы адраджэньня унii ў Беларусi ў пачатку ХХ ст. i ролю ў гэтым мiтрапалiта Андрэя Шаптыцкага гл.: Свирид, А. Роль Галицкого митрополита А. Шептицкого в распространении унии на территории Беларуси в первой половине ХХ века // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. 2002. № 1. С. 38-49.

[193] Маецца на ўвазе ўказ расейскага iмпэратара Мiкалая II ад 17 красавiка 1905 г., якiм абвяшчалася роўнасьць у Расейскай iмпэрыi ўсiх рэлiгiй i веравызнаньняў.

[194] Карусь Каганец (сапр. Казiмер Кастравiцкi; 1868-1918), пiсьменьнiк.

[195] Цётка (сапр. Алаiза Пашкевiч; 1876-1916), паэтка.

[196] Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла (1859-1934), адзiн з арганiзатараў беларускага грамадзка-культурнага руху ў Пецярбургу ў пачатку ХХ ст.

[197] Пiй Х (1835-1914), Папа Рымскi ў 1903-1914 гг.

[198] Здэцыдаваны (ад польск. zdecydowany) - тут: настроены.

[199] Ёсiф Бацян (1879-1926), грэка-каталiцкi сьвятар, у 1914-1926 гг. луцкi й астроскi бiскуп.

[200] На самай справе ў 1917 г. польскага ўраду яшчэ не iснавала, польская дзяржаўнасьць была афiцыйна адноўленая толькi ў наступным, 1918 г., а тэрыторыя Валынi канчаткова ўзятая палякамi пад кантроль яшчэ пазьней, толькi ў 1920 г.

[201] Тут i далей гэткiм чынам пазначаныя месцы ва ўспамiнах, якiя не ўдалося расчытаць.

[202] "Annuario Pontificio" ("Пантыфiкальны штогоднiк") - статыстычны што годнiк, якi выдаецца ў Ватыкане на iтальянскай мове з 1912 г.

[203] Язэп Белагаловы (1883-1928?), рыма-каталiцкi сьвятар, грамадзкi дзеяч, пэдагог. Пасьвячаны ў сьвятары ў 1906 г. У 1913-1918 г. працаваў у Духоўнай акадэмii ў Пецярбургу (Петраградзе). У 1918 г. прызначаны пробашчам i дэканам у Магiлёў. Выконваў абавязкi афiцыяла бiскупскай курыi ў Менску. Прыхiльна ставiўся да беларусiзацыi Каталiцкай царквы. Неаднаразова арыштоўваўся бальшавiцкiмi ўладамi, загiнуў у зьняволеньнi.

[204] Леанiд Фёдараў (1879-1935), рэлiгiйны дзеяч. Паводле паходжаньня расеец i праваслаўны, прыняў грэка-каталiцтва й быў адным з давераных супрацоўнiкаў мiтрапалiта Андрэя Шаптыцкага. У 1921 г. стаў апостальскiм экзархам для расейскiх грэка-каталiкоў. Перасьледаваўся камунiстычнымi ўладамi, памёр у ссылцы.

[205] Сафiйск - сёньня вёска ў складзе Сухараўскага сельсавету Магiлёўскага аёну Магiлёўскае вобласьцi. Была населеная ў асноўным этнiчнымi лiтоўцамi, якiя перасялiлiся на Магiлёўшчыну ў другой палове ХIХ ст.

[206] Магчыма, маецца на ўвазе Лука Грайко (1887-1937), нараджэнец Гарадзенскага павету, якi напрыканцы жыцьця, у 1936-1937 гг., служыў рэгентам царкоўнага хору ў Андрэеўскiм саборы ў Ленiнградзе. Арыштаваны расстраляны савецкiмi ўладамi.

[207] Пра гэтага чалавека дадаткова пакуль удалося высьветлiць толькi тое, што звалi яго Ўладзiмерам Андрэевiчам.

[208] Генрык Пшэзьдзецкi (польск. Przeździecki; 1873-1939), рыма-каталiцкi гiе рарх, у 1918-1925 гг. падляскi, у 1925-1939 гг. седлецкi бiскуп. Стаў iнiцыятарам заснаваньня нэаўнiяцкай Царквы вiзантыйска-славянскага абраду.

[209] Суспэнза (лац. suspensa) - у Каталiцкай царкве пакараньне, якое накладаецца на сьвятароў i ўтрымлiвае забарону цi абмежаваньне пакараным капланам магчымасьцi выкананьня сваiх функцыяў (адпраўленьня сьвятой iмшы, выкананьня актаў хрышчэньня, вянчаньня, пахаваньня,

зьбiраньня ахвяраў ад парафiян i г. д.).

[210] Кангрэгацыя па справах Усходнiх Цэркваў (Congregatio pro Ecclesiis Orientalibus) - кангрэгацыя Рымскай курыi, якая займаецца Ўсходнiмi каталiцкiмi цэрквамi. Як самастойнае падразьдзяленьне была створана ў 1917 г. папам Бенядзiктам XV.

[211] Андрэй Цiкота (1891-1952), рэлiгiйны й культурна-грамадзкi дзеяч, каталiцкi сьвятар. Адзiн з заснавальнiкаў Беларускай хрысьцiянскай дэмакратычнай злучнасьцi. Пасьля 1923 г. жыў у Друйскiм кляштары айцоў марыянаў, у 1933-1939 гг. двойчы абiраўся генэралам ордэна айцоў марыянаў у Рыме. У 1939 г. накiраваны ў Харбiн, дзе заняў пасаду адмiнiстратара каталiкоў усходняга абраду. У 1948 г. арыштаваны, скон чыў жыцьцё ў савецкiм лягеры.

[212] Маецца на ўвазе Друйскi кляштар айцоў марыянаў, якi дзейнiчаў у Друi ў 1923-1939 гг.

[213] Баляслаў Пачопка (1884-1940), каталiцкi сьвятар усходняга абраду, рэлiгiйны й культурна-асьветны дзеяч. У 1914-1915 гг. - рэдактар-выдавец першай беларускай каталiцкай газэты "Biełarus" (Вiльня). У гады Першай сусьветнай вайны працаваў дырэктарам Сьвiслацкай настаўнiцкай сэмiнарыi ў Гарадзенскай губэрнi. У мiжваеннае дваццацiгодзьдзе далучыўся да справы беларускага ўнiяцтва. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1925 г. Ад верасьня 1926 г. - пробашч унiяцкага Бабровiцкага прыходу ў Косаўскiм павеце. Перасьледаваўся польскiмi ўладамi.

[214] Юстын Сялецкi (1884-?), паходзiў з Луцкай каталiцкай дыяцэзii, высьвячаны на сьвятара ў 1921 г. Быў сьвятаром у Стаўпцах з 1935 г.

[215] Нiфант Мядзьведзь (1882-1941), праваслаўны й грэка-каталiцкi сьвятар. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1915 г. У 1930-я гг. быў вiкарыем у парафii Антонаўка Луцкай япархii. Забiты чырвонаармейцамi пры адступленьнi.

[216] Рэдэмптарысты - чальцы Кангрэгацыi Найсьвяцейшага Выкупiцеля (лац. Congregatio Sanctissimi Redemptoris), каталiцкай мужчынскай манаскай кангрэгацыi, заснаванай у 1732 г. у Iталii.

[217] Капуцыны - чальцы каталiцкага манаскага Ордэну Братоў Меншых Капуцынаў (лац. Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum), заснаванага ў 1525 г. у Iталii.

[218] Марыяне - чальцы мужчынскай каталiцкай манаскай Кангрэгацыi Без заганнага Зачацьця Прасьвятой Дзевы Марыi (лац. Congregatio Clericorum Marianorum sub titulo Immaculatae Conceptionis Beatissimae Virginia Mariae), заснаванай у 1673 г. у Польшчы.

[219] Абляты - прыватныя асобы цi супольнасьцi людзей, якiя прысьвячаюць сваё жыцьцё служэньню Богу, iдучы за пэўнай манаскай традыцыяй, але ня робячыся пры гэтым манахамi.

[220] Камiсiя "Pro Russia" ("Для Расеi") была створана ў 1925 г. спачатку як частка Кангрэгацыi для Ўсходнiх Цэркваў, а ад 1930 г. дзейнiчала як асобная ўстанова, непасрэдна падпарадкаваная Сьвятому Айцу. Аднак пасьля адхiленьня ад кiраваньня ёю Мiшэля д'Эрбiньi ў 1933 г. камiсiя страцiла сваё значэньне й стала звычайным дэпартамэнтам (аддзелам) Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратарыяту для справаў каталiкоў рымскага (заходняга) абраду. Тым жа, што тычылася ўсходняга абраду, стала займацца выключна Ўсходняя Кангрэгацыя.

[221] Мiшэль д'Эрбiньi (фр. d'Herbigny; 1880-1957) - каталiцкi дзеяч, езуiт. Ад 1922 г. быў рэктарам Усходняга iнстытуту й дарадцам Кангрэгацыi Ўсходняй царквы, у 1930-1933 гг. прэзыдэнт Папскай камiсii "Pro Russia". Быў патаемна пасьвячоны ў япiскапы. У 1933 г. адхiлены ад служэньня й высланы ў Бэльгiю.

[222] Антон Неманцэвiч (1893-1943), каталiцкi сьвятар усходняга абраду, манах-езуiт. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасьць распачаў у Колпiне недалёка ад Петраграду. Пасьля 1920 г. служыў вiкарыем пры парафii Сьвятых Пятра й Паўла ў Маскве. Арыштаваны органамi савецкай бясьпекi ў траўнi 1921 г. за "антысавецкую дзейнасьць", пасьля дэпартаваны ў Польшчу ў вынiку абмену палiтычнымi вязьнямi памiж польскiм i савецкiм урадамi. У 1925-1927 гг. вучыўся ў папскiм Усходнiм iнстытуце ў Рыме. У канцы 1920-х гг. вярнуўся ў Польшчу. Працаваў выкладчыкам Мiсiянэрскага iнстытуту ў Люблiне й Люблiнскага каталiцкага ўнiвэрсытэту. Выконваў сьвятарскiя абавязкi ў Альбэртыне й пры ўнiяцкай парафii ў Сынковiчах на Палесьсi. У 1932-1937 гг. рэдагаваў i выдаваў беларускi ўнiяцкi часопiс "Да Злучэньня". Ад 1934 г. - прафэсар папскай Усходняй сэмiнарыi ў г. Дубне (Заходняя Ўкраiна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 г. рэдагаваў часопiс "Złučeńnie". У 1939 г. мiтрапалiтам Шаптыцкiм узьведзены ў сан экзарха беларускай унiяцкай царквы. У гады Другой сусьветнай вайны разгарнуў шырокую дзейнасьць па арганiзацыi адмiнiстрацыйных структур навастворанага Беларускага экзархату. У жнiўнi 1942 г. арыштаваны нямецкай тайнай палiцыяй, памёр у бэрлiнскай турме.

[223] Вацлаў (Вячаслаў) Аношка (1899-1966), каталiцкi сьвятар. У другой палове 1920-х гг. стаў сьвятаром грэка-каталiцкага абраду, ад 1926 г. працаваў у Альпенскай парафii каля Давыдарадка на Палесьсi. У 1935 г. прызначаны ў парафiю Далятычы, дзе знаходзiўся да 1944 г. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у Польшчы.

[224] "Да Злучэньня!" - рэлiгiйны часопiс, якi выдаваўся езуiтамi ў 1932-1936 гг. у Альбэртыне пад Слонiмам пад рэдакцыяй Антона Неманцэвiча.

[225] Юзаф Бэк (польск, Beck; 1894-1944), польскi палiтык, у 1932-1939 гг. - мiнiстар замежных спраў Польшчы.

[226] Генрык Iгнацы Лубенскi (польск, Łubieński; 1901-1960), польскi пiсьменьнiк i публiцыст, сакратар Партыi нацыянальнай правiцы, супрацоўнiк вiленскай кансэрватыўнай газэты "Słowo", карэспандэнт у Бэрлiне.

[227] На самай справе гэтая кнiга мела крыху iншую назву - "Droga na wschód Rzymu" ("Шлях Рыму на ўсход").

[228] Аляксандар Какоўскi (польск. Kakowski; 1862-1938) - каталiцкi гiерарх, у 1913-1938 гг. варшаўскi арцыбiскуп, ад 1919 г. кардынал.

[229] Юзаф Бародзiч (1861 цi 1863 - пасьля 1939), каталiцкi сьвятар, ад пачатку ХХ ст. працаваў вiкарыем i ксяндзом у многiх парафiях на тэрыто рыi Белару сi й Лiтвы - у Лiдзе, Новых Троках, Даўгелiшках, Жозьлях, Клюшчанах, Мёрах. Быў вельмi энэргiчным сьвятаром, дзякуючы чаму яму ўдавалася пабудаваць некалькi новых касьцёлаў. У 1907 г. арыштаваны й адпраўлены ў ссылку ў Рыбiнск пад Яраслаўлем, дзе таксама не пакiдаў мiсiянэрскай дзейнасьцi. Затым быў асуджаны да зьняволеньня ў Дзьвiнскай крэпасьцi, але здолеў адтуль уцячы й пакiнуць тэрыторыю Расейскай iмпэрыi. Пасьля атрыманьня Польшчай незалежнасьцi на пэў ны час вярнуўся на радзiму, але пасьля зноў зьехаў у Iталiю, дзе жыў у Сан-Рэма. Тым ня менш рэгулярна наведваў радзiму й набыў шырокую вядомасьць тым, што фанатычна змагаўся зь любымi праявамi беларускасьцi ў касьцёле.

[230] Юры Матулевiч (Юргiс Матулявiчус; 1871-1927), каталiцкi сьвятар заходняга абраду, тэоляг, генэрал ордэну марыянаў. У 1918 г. абраны вiленскiм ардынатарам, у сьнежнi таго ж году кананiчна ўзначалiў Вiленскую дыяцэзiю. Як рэлiгiйны й культурна-грамадзкi дзеяч выступаў за нацыянальную й рэлiгiйную талерантнасьць, клапацiўся пра ўзровень рэлiгiйнага жыцьця ў дыяцэзii. Падтрымлiваў сярод iншых i беларускi нацыянальна-рэлiгiйны рух, заахвочваў маладых беларускiх клерыкаў i сьвятароў да шырокага ўжываньня iх роднай беларускай мовы ў штодзён ным жыцьцi й душпастырскай дзейнасьцi. Ад 1923 г. знаходзiўся ў кан флiкце з польскiм урадам, у 1925 г. адышоў ад кiраўнiцтва дыяцэзiяй.

[231] Антон Зянкевiч (1888-1949), рыма-каталiцкi сьвятар, доктар тэалёгii, культурны дзеяч. Падчас вучобы ў Вiленскай духоўнай сэмiнарыi ўключыўся ў беларускi нацыянальна-рэлiгiйны рух. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1911 г. Ад 1917 г. працаваў у Дзiсенскiм дэканаце, дзе з пачатку сваёй духоўнай працы зьвяртаўся да вернiкаў зь беларускiмi казанямi. Ад 1924 г. - дэкан i пробашч у Глыбоцкай парафii.

[232] Вiнцэнт Гадлеўскi (1888-1942), нацыянальны дзеяч, каталiцкi ксёндз. Адзiн з заснавальнiкаў i лiдараў Беларускай хрысьцiянскай дэмакратыi. У мiжваенны час за беларускую нацыянальную дзейнасьць арыштоўваўся польскiмi ўладамi. У другой палове 1930-х гг. быў выдаўцом i рэдактарам газеты "Беларускi фронт". З пачаткам Другой сусьветнай вайны пераехаў у Коўна, ад чэрвеня 1940 г. - у Варшаве. Заснавальнiк i iдэоляг Беларускай незалежнiцкай партыi. Ад верасня 1941 г. у Менску, прызначаны галоў ным школьным iнспэктарам пры Генэральным камiсарыяце Беларусi. Арыштаваны й расстраляны немцамi.

[233] Жодзiшкi - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Смаргонскiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[234] Вiктар Шутовiч (1890-1960), рыма-каталiцкi сьвятар, пэдагог, публiцыст. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1913 г. у Вiльнi. Быў вiкарыем у парафiях Барадзенiчы Браслаўскага павету, у польскай парафii Тжцяннэ, у Харошчы пад Беластокам (да 1943 г.). Пасьля адступленьня немцаў пераехаў у Менск, дзе стаў пробашчам катэдральнага касьцёла. Арыштаваны бальшавiкамi ў студзенi 1945 г., да 1956 г. знаходзiўся ў лягерах Комi АССР. Апошнiя гады быў пробашчам у Барысаве.

[235] Барадзенiчы - сёньня вёска ў Цяцеркаўскiм сельсавеце Браслаўскага раёну Вiцебскае вобласьцi.

[236] Пятро Мятла (1890-1936), грамадзка-палiтычны й культурны дзеяч. У 1922-1927 гг. - дэпутат польскага сойму. Адзiн са стваральнiкаў i лiдараў Беларускай сялянска-работнiцкай грамады. У 1927 г. арыштаваны й зьняволены. У 1930 г. датэрмiнова вызвалены, выехаў у БССР, дзе быў эпрэсаваны.

[237] Бранiслаў Тарашкевiч (1892-1938), грамадзка-палiтычны й культурна-асьветны дзеяч, аўтар "Беларускай граматыкi для школ". У 1922-1927 гг. - пасол польскага сойму, у 1925-1927 гг. - старшыня Беларускай ся лянска-работнiцкай грамады (БСРГ).

[238] Сымон Рак-Мiхайлоўскi (1885-1938), заходнебеларускi дзеяч, пасол польскага сойму (1922-1927), адзiн зь лiдараў Беларускай сялянска-работнiцкай грамады. У 1927 г. арыштаваны й зьняволены. У 1930 г. да тэрмiнова вызвалены, выехаў у БССР, дзе быў рэпрэсаваны.

[239] Альбярцiн - былое мястэчка пад Слонiмам, сёньня адзiн зь мiкрараёнаў горада. У мiжваенны час быў галоўным цэнтрам адраджэньня ў Беларусi царкоўнай унii, бо ў мястэчку разьмясьцiлася рэзыдэнцыя Ўсходняй мiсii айцоў езуiтаў.

[240] Пiй ХI (1857-1939), Папа Рымскi ў 1922-1939 гг.

[241] Оскар Халецкi (польск. Halecki; 1891-1973), польскi гiсторык i палiтык, прафэсар Варшаўскага ўнiвэрсытэту. Займаўся сярод iншага сярэднявечнай гiсторыяй Польшчы й Лiтвы.

[242] Харбiнская мiсiя сярод мясцовых расейцаў, якая актыўна праводзiлася ў мiжваенны пэрыяд Ватыканам, значна аслабляла беларускi патрыятычны элемэнт у Каталiцкай царкве на тэрыторыi Польшчы, паколькi сьвятары-беларусы, якiх i так было вельмi мала, высылалiся працаваць за тысячы кiлямэтраў ад радзiмы, фактычна трацячы пры гэтым магчымасьць рабiць нешта карыснае для ўласнага народу.

[243] Галамысла (Галамысьль) - сёньня вёска ў Завуцьцеўскiм сельсавеце Мёрскага раёну Вiцебскае вобласьцi.

[244] Мiкалаева - вiдаць, маецца на ўвазе цяперашняя вёска ў Лелюкiнскiм сельсавеце Iўеўскага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[245] Зэльвяны - вёска, якая ў 1940-я гг. зьлiлася з горадам Масты, сёньня раённым цэнтрам Гарадзенскае вобласьцi.

[246] Iльля - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Вялейскiм раёне Менскае вобласьцi.

[247] Паставы - горад, цяпер раённы цэнтар Вiцебскае вобласьцi.

[248] Магчыма, маецца на ўвазе вёска Гвозьнiца - сёньня цэнтар сельсавету ў Маларыцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[249] Вiдаць, маюцца на ўвазе Разьдзялавiчы - сёньня вёска ў складзе Хатынiцкага сельсавету Ганцавiцкага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[250] Франчэска Мармаджы (iтал. Marmaggi; 1876-1949), кардынал, ватыканскi дыплямат. У 1928-1935 гг. быў апостальскiм нунцыем у Польшчы.

[251] Шарль Буржуа (фр. Bourgeois; 1887-1963), францускi каталiцкi сьвятар, якi пры пераходзе ў усходнi абрад прыняў iмя Васiль. Нарадзiўся ў Парыжы. Быў першым нэаўнiяцкiм езуiтам ня толькi ў Альбярцiне, але й ва ўсёй Польшчы. Працаваў тут ад траўня 1924 г. да сьнежня 1925 г., выконваючы абавязкi кiраўнiка мiсii. Пра сваю працу напiсаў успамiны й надрукаваў iх у газэце "Études" (№ 191. 1927). Пасьля заканчэньня сваёй мiсii працаваў настаўнiкам францускай мовы ў Празе, у Эстонii, а ад 1950 г. жыў сярод рускiх эмiгрантаў у Сан-Паўлу ў Бразылii, дзе й памёр.

[252] Антон Дуброўскi (1896-1947), каталiцкi сьвятар усходняга абраду, тэоляг, прафэсар фiлязофii, пэдагог i публiцыст. Арганiзатар Усходняй мiсii, адзiн з iнiцыятараў нэаўнiяцкага руху ў Заходняй Беларусi.

[253] Навiцыянты - паслушнiкi, асобы, якiя праходзяць выпрабаваньнi перад пастрыжэньнем у манаства.

[254] "Oriens" - польскамоўны двухмесячны часопiс, створаны для прапаганды у Польшчы нэаунii. Выдаваўся ў 1933-1939 гг. спачатку ў Кракаве, а пасьля ў Варшаве пад рэдакцыяй езуiта Яна Урбана.

[255] Альпень - сёньня вёска ў Велямiцкiм сельсавеце Столiнскага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[256] Маюцца на ўвазе Мэрлiнскiя хутары (Мэрлiн), разьмешчаныя ў Альманскiх балотах. Цяпер вёска не iснуе, паколькi была лiквiдаваная падчас будаўнiцтва савецкага вайсковага аэрадрому ў пачатку 1960-х гг., жыхары пераселеныя ў iншыя населеныя пункты.

[257] Бабровiчы - сёньня вёска ў Выганашчанскiм сельсавеце Iвацэвiцкага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[258] Зянон Шымкевiч (1896-?), каталiцкi сьвятар, паходзiў зь Вялейкi. У сярэдзiне 1923 г. прыняў усходнi абрад, служыў у шматлiкiх парафiях на Палесьсi - звычайна нядоўгiя тэрмiны. У 1926 г. быў сьвятаром парафii ў Бабровiчах, у 1933-1934 - у Збуражы, затым у Любяшоўскiм манастыры капуцынаў, ад 1938 г. - у Гарадной. Адразу пасьля Другой сусьветнай вайны быў сьвятаром у сяле Мэдыка Перамыскага павету, далейшы лёс невядомы.

[259] Маецца на ўвазе вёска Стары Бубэль (польск. Stary Bubel) - сёньня у складзе Янава-Падляскай гмiны Бяла-Падляскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[260] Маецца на ўвазе вёска Янаў-Падляскi (польск. Janów Podlaski) - сёньня цэнтар гмiны ў Бяла-Падляскiм павеце Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[261] Дадзены акт адбыўся ў рамках кампанii па руйнаваньнi праваслаўных цэркваў на Холмшчыне й Паўднёвым Падляшшы, якая праводзiлася ў траўнi - лiпенi 1938 г. у рамках больш шырокай палянiзацыйна-рэвiндыкацыйнай кампанii. Падчас яе, паводле зьвестак Люблiнскай ваяводзкай управы, была зьнiшчана 91 царква, 10 каплiцаў, 26 малiтоўных дамоў, усяго 127 храмаў. Акрамя таго, 3 царквы былi перададзеныя Каталiцкаму касьцёлу.

[262] Быцень - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Iвацэвiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[263] Фiлiп Марозаў (сьвецкае iмя Павел; 1890 - пасьля 1944), праваслаўны сьвятар, архiмандрыт, рэлiгiйны й грамадзкi дзеяч. Паходзiў з расейскай праваслаўнай сям'i. Да 1921 г. - выкладчык Холмскай духоўнай сэмiнарыi, пасьля быў пераведзены ў Вiленскую епархiяльную сэмiнарыю. У 1922 г. прызначаны выконваць абавязкi настаяцеля Вiленскага Сьвята-Траецкага манастыра. У 1925 г. прыняў каталiцкае веравызнаньне ўсходняга абраду. У студзенi 1927 г. вярнуўся да

праваслаўя. Матэрыяльна падтрымлiваў выданьне беларускага рэлiгiйнага часопiса "Сьветач Беларусi". У гады Другой сусьветнай вайны знаходзiўся ў Жыровiцкiм манастыры. Арыштаваны ў 1944 г. савецкiмi органамi дзяржаўнай бясьпекi, дата, месца й акалiчнасьцi сьмерцi невядомыя.

[264] Маецца на ўвазе Гарадная - сёньня вёска, цэнтар сельсавету ў Столiнскiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[265] Перасяленцы з Усходняй Галiчыны зьявiлiся ў Гарадной у сярэдзiне 1920-х гг., падчас правядзеньня распродажу ў адпаведнасьцi з законам, прынятым польскiм соймам 17 сьнежня 1920 г., земляў, якiя да таго часу належалi Багдану Казiмеру Майжашовiчу, жыхару горада Куты ва Ўсходняй Галiчыне. У вынiку ў 1938 г. грэка-каталiцкая абшчына Гарадной, у якую ўваходзiлi пераважна перасяленцы-ўкраiнцы, складалася з пры блiзна 380 чалавек.

[266] На жаль, падрабязнага выкладаньня службы Льва Гарошкi ў Гарадной ва ўспамiнах няма, тэкст абрываецца.

[267] Дзiсна - горад, у той час цэнтар павету, сёньня у складзе Мёрскага раёну Вiцебскае вобласьцi.

[268] Маецца на ўвазе вёска Голя (польск. Hola) - сёньня ў складзе Старабрускай гмiны Ўладаўскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[269] Мiкалай Галас (?-1943), сьвятар усходняга абраду, паходзiў з Гуцульшчыны. У 1914 г. пасьвячоны ў сьвятары паводле праваслаўнага абраду. У часы Першай сусьветнай вайны быў капэлянам расейскiх i ўкраiнскiх войскаў. Перайшоў у каталiцтва каля 1923 г. Быў сьвятаром у Голi ў 1924-1935 гг., у Плосках у 1935-1938 i 1939-1941 гг., у Кастамлотах у 1938 г. З парафii ў Плосках быў выгнаны праваслаўнымi ўкраiнцамi. Памёр пасьля зьбiцьця, зробленага "невядомымi".

[270] Маецца на ўвазе вёска Дакудаў-Першы (польск. Dokudów Pierwszy) - сёньня ў складзе Бяла-Падляскай гмiны Бяла-Падляскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[271] Так у арыгiнале.

[272] Забалоцьце - сёньня вёска Заблоце (польск. Zabłocie) у складзе Кодэньскай гмiны Бяла-Падляскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[273] Грэка-каталiцкi жаночы манастыр у Зарэччы ўзьнiк каля вёскi Церабень - сёньня Лемяшэвiцкi сельсавет Пiнскага раёну Берасьцейскае вобласьцi. Манастыр месьцiўся на востраве сярод ракi Струмень. Пасьля вайны на гэтым востраве сталi здабываць пясок, у вынiку чаго ўтварыўся кар'ер, якi зь цягам часу запоўнiла вада.

[274] Задзiночаньне Сясьцёр Дзяцей Марыi - манаская жаночая кангрэгацыя, створаная адмыслова дзеля працы ў Пiнскай дыяцэзii. Пасьля Другой сусьветнай вайны сёстры збольшага вярнулiся на радзiму ў Галiчыну, але некалькi засталiся працаваць пры Пiнскiм катэдральным саборы. Апошняя з манахiняў, якiя засталiся, памерла ў 1980-я гг.

[275] Зянон Калянюк (1887-1979), грэка-каталiцкi сьвятар-мiсiянэр, выхадзец з Усходняй Галiчыны. Скончыў Рускi калегiюм у Рыме, пасьвячоны ў сьвятары ў 1911 г. У 1911-1928 гг. служыў у розных галiцкiх парафiях, у 1929 г. перайшоў у Пiнскую дыяцэзiю, арганiзоўваў у розных яе мясцовасьцях нэаўнiяцкiя парафii, зьяўляючыся сакратаром усходняга аддзелу дыяцэзii. Пасьля Другой сусьветнай вайны й лiквiдацыi ка му нiстамi Грэка-каталiцкай царквы быў прадстаўнiком мiтрапалiта Ёсiфа Сьлiпога ў Прыкарпацьцi, арганiзаваўшы патаемны прыход у Сколеўскiм раёне.

[276] Збураж - сёньня вёска ў Маларыцкiм сельсавеце Маларыцкага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[277] Падрабязнае выкладаньне службы Лява Гарошкi ў Збуражы ва ўспамiнах адсутнiчае.

[278] Кастамлоты (польск. Kostomłoty) - сёньня вёска ў складзе Кодэньскай гмiны Бяла-Падляскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы. Адзiнае ў сьвеце месца, дзе нэаўнiяцкая парафiя Сьв. Мiкiты iснуе дагэтуль (да яе належаць каля 120 вернiкаў).

[279] Кiявец (польск. Kijewiec) - сёньня вёска ў складзе Залескай гмiны Бяла-Падляскага павету Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[280] Вiдаць, маецца на ўвазе Кодэнь (польск. Kodeń) - сёньня цэнтар гмiны ў Бяла-Падляскiм павеце Люблiнскага ваяводзтва Польшчы.

[281] Вёска не iснуе, бо была лiквiдаваная разам з Мэрлiнскiмi хутарамi падчас будаўнiцтва савецкага вайсковага аэрадрому ў пачатку 1960-х гг., жыхары пераселеныя ў iншыя населеныя пункты.

[282] Студыты, цi манахi Студыцкага статуту (лац. Monachi e Regula Studitarum) - манаскае аб'яднаньне ў складзе Ўкраiнскай грэка-каталiцкай царквы, чальцы якога жывуць паводле Студыцкага статуту, рас працаанага ў IХ ст. Феадорам Студытам..

[283] Юзаф Мацкевiч (польск. Mackiewicz; 1902-1985), польскi пiсьменьнiк i публiцыст.

[284] Косьна (польск. Kośna) - сёньня вёска ў Кляшчэльскай гмiне Гайнаўскага павету Беластоцкага ваяводзтва Польшчы.

[285] Курашава (польск. Kuraszewo) - сёньня вёска ў Чыжоўскай гмiне Гайнаўскага павету Беластоцкага ваяводзтва Польшчы.

[286] Сяргей Спытэцкi (1877-1963), праваслаўны, а пасьля грэка-каталiцкi сьвятар, нараджэнец Бярдзянску. Высьвячаны на праваслаўнага сьвятара ў 1904 г., працаваў у Пiнскай япархii. У сакавiку 1924 г. прыняў каталiцтва ўсходняга абраду. Працаваў у шматлiкiх парафiях Падляскай дыяцэзii: Стары Паўлаў, Бубэль, Дакудаў, Тэрэспаль, Кастамлоты, Бяла-Падляска, - нiдзе не затрымлiваючыся надоўга. Увесь пасьляваенны час да самай сьмерцi жыў у доме ксяндзоў-пэнсiянэраў у Седльцах.

[287] Сьвята-Ўсьпенская Пачаеўская лаўра - найбуйнейшы праваслаўны манастыр у Заходняй Украiне, знаходзiцца ў Пачаеве сёньняшняй Цярнопальскай вобласьцi (у мiжваенны час Валынскага ваяводзтва).

[288] Магчыма, маецца на ўвазе Лявонцiй Мiлер, ведамы як заснавальнiк нэаўнiяцкай парафii ў Любяшове.

[289] Магчыма, маецца на ўвазе а. Юрый Ржэцкi, якi ў 1939 г. жыў у Далятычах. Таксама ведама, што ў 1931-1932 гг. курашаўскую праваслаўную парафiю ачольваў а. Канстанцiн Ржэцкi - магчыма, гаворка iдзе пра яго.

[290] Любяшоў (укр. Любешiв) - сёньня горад, раённы цэнтар у Валынскай вобласьцi Ўкраiны.

[291] Маецца на ўвазе Эдуард (манаскае iмя Гондульф, ад 1931 г. Кiрыл) Фэрмонт (фр. Fermont; 1988-1963), нараджэнец Тэрнаўзэна ў паўнёва-заходняй Галяндыi. Уступiў у ордэн капуцынаў у 1906 г., быў чальцом Нiдэрляндзкай правiнцыi братоў капуцынаў-меншых. Вучыўся ў Папскiм бiблiйным iнстытуце ў Рыме, працаваў мiсiянэрам на востраве Суматра. У 1920-1926 гг. выкладаў бiблiйныя мовы ў Люблiнскiм каталiцкiм унiвэрсытэце. У 1927 г. перайшоў ва ўсходнi абрад, у 1932 г. стаў протаiгуменам Любяшоўскага манастыра, адначасова выкладаючы ў духоўнай сэмiнарыi ў Пiнску. У 1940 г. арыштаваны немцамi, але вызвалены як грамадзянiн нэўтральнай краiны, пасьля хаваўся да канца вайны. У 1945-1949 гг. быў дэканам тэалягiчнага факультэту Люблiнскага каталiцкага ўнiвэрсытэту, пасьля вярнуўся на радзiму.

[292] Ломжа - горад у Польшчы, сёньня складае гарадзкi павет у Падляскiм ваяводзтве.

[293] Аброва - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Iвацэвiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[294] Магчыма, маецца на ўвазе Зянон Шымкевiч.

[295] На самай справе Разьдзялавiчы.

[296] Вiдаць, маецца царква ў вёсцы Хатынiчы - сёньня цэнтар сельсавету ў Ганцавiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[297] Стоўбцы - сёньня горад, раённы цэнтар у Менскай вобласьцi.

[298] Падрабязнае апiсаньне жыцьця Стаўпецкай парафii ва ўспамiнах адсутнiчае.

[299] Сынковiчы - сёньня вёска, цэнтар сельсавету ў Зэльвенскiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[300] Сьвiслач - сёньня горад, раённы цэнтар Гарадзенскае вобласьцi.

[301] Тэрэспаль (польск. Terespol) - сёньня горад у Бяла-Падляскiм павеце Люблiнскага ваяводзтва Польшчы, на самай мяжы зь Беларусьсю.

[302] Аркадзь Нiкольскi (?-1938), да 1927 г. праваслаўны сьвятар, працаваў у Бабiчах i Кабылянах на Паўднёвым Падляшшы. У 1927 г. перайшоў у унiю, пасьля чаго да самай сьмерцi працаваў у Тэрэспалi.

[303] Угрынiчы (укр. Угриничi) - сёньня сяло ў Любяшоўскiм раёне Валынскай вобласьцi Ўкраiны.

[304] Фасты (польск. Fasty) - сёньня вёска ў складзе Дабрынёўскай гмiны Беластоцкага павету Беластоцкага ваяводзтва Польшчы.

[305] Польская аўтакефальная праваслаўная царква - адна з кананiчных праваслаўных цэркваў, якая ахоплiвае сваёй юрысдыкцыяй усе праваслаўныя прыходы, што месьцяцца на тэрыторыi Польшчы. Афiцыйна аўтакефалiя Праваслаўнай царкве ў Польшчы была нададзена канстантынопальскiм патрыярхам 13 лiстапада 1924 г. Хоць Маскоўскi патрыярхат, а таксама пэўная частка ярархii й простых сьвятароў тады не прызналi гэтага акту, фактычна аўтакефалiя была праведзена ў жыццё, а ў 1948 г. атрымала прызнаньне й з боку Масквы. Iнiцыятарамi абвяшчэньня аўтакефалii Праваслаўнай царквы ў Польшчы фактычна выступiлi польскiя сьвецкiя ўлады, якiя разьлiчвалi такiм чынам падпарадкаваць сабе ўсю царкоўную ярархiю ды зрабiць Праваслаўную царкву iнструмэнтам палянiзацыi беларускага i ўкраiнскага насельнiцтва. У значнай ступенi iх разьлiкi апраўдалiся: большасьць праваслаўных сьвятароў паставiлiся да аўтакефалii й адпаведна да ўладаў ляяльна, у вынiку ў 1930-я гг. iшла ўжо гаворка пра тое, каб богаслужбовай мовай у праваслаўных цэрквах зрабiць польскую, i там-сям гэтыя намеры нават актыўна пра водзiлiся ў жыцьцё.

[306] Маецца на ўвазе стварэньне ў 1935 г. сэрыi грамадзкiх арганiзацый пад назвай Згуртаваньне праваслаўных палякаў (Stowarzyszenie Polaków Prawosławnych). Такiя арганiзацыi ўзьнiклi ў Беластоку, Гораднi, Вiльнi, Слонiме, Ваўкавыску, Наваградку, у iх кiраўнiцтве былi шырока прадстаўленыя праваслаўныя сьвятары i чыноўнiкi праваслаўнага веравызнаньня. На правядзеньне дзейнасьцi былi выдзеленыя адмысловыя сродкi з фондаў Мiнiстэрства рэлiгiйных вызнаньняў i публiчнай асьветы. Фактычным цэнтрам руху "праваслаўных палякаў" стала Горадня дзеля спрыяньня яму з боку адкрыта прапольскага мясцовага япiскапа Савы (Саветава).

[307] Мiкiта Будка (1877-1949), грэка-каталiцкi сьвятар. Арганiзоўваў рэлiгiйнае й культурна-асьветнiцкае жыцьцё для ўкраiнцаў замежжа, у 1912 г. прызначаны бiскупам для ўкраiнцаў-каталiкоў у Канадзе й тытулярным бiскупам Патары. У 1928 г. з-за пагаршэньня здароўя вярнуўся на радзiму, стаў генэральным вiкарыем Мiтрапалiчай капiтулы ў Львове. Пасьля Другой сусьветнай вайны арыштаваны савецкiмi ўладамi, памёр у лягеры. У 2001 г. бэатыфiкаваны.

[308] Лектарат - тут: пасьвячэньне ў лектары, г. зн. у асобы, якiя маюць права чытаць у касьцёле Сьвятое Пiсьмо.

[309] Субдыяканат (iпадыяканат) - тут: пасьвячэньне ў субдыяканы (iпадыяканы), г. зн. у царкоўныя служкi, якiя прыслугоўваюць архiрэю падчас ягоных сьвятадзеяньняў.

[310] Тыматэй Працюк (1909-?), iераманах, паходзiў з Валынi. Уступiў у манаскi ордэн студытаў, атрымаўшы iерэйскае пасьвячэньне ў 1937 г. i атрымаўшы iмя Цiт. Знаходзiўся ў розных манастырах на тэрыторыi Галiчыны. У 1949-1956 гг. быў высланы ў Чыцiнскую вобласьць, дзе перайшоў у праваслаўе.

[311] Прымiцыя - першая iмша, якую праводзiць нававысьвячаны ў Каталiцкай царкве сьвятар.

[312] Гляньце, гляньце, што за блазнаваньне! (польск.).

[313] Хрыстос - гэта iншая справа (польск.).

[314] Добра сказаў (польск.)

[315] Ян з Адэсы (1899-?), склаў манаскiя зарокi ў 1918 г., высьвячаны на сьвятара ў 1923 г. Па стане на 1939 г. быў кiраўнiком Славянскай мiсii айцоў капуцынаў, генэральным вiкарыем па справах славянска-бiзантыйскага абраду ў Пiнскай рыма-каталiцкай дыяцэзii.

[316] Скрыткi (польск. skrytki) - простамоўнае акрэсьленьне сябровак некаторых жаночых манаскiх згуртаваньняў, якiя ня носяць манаскага адзеньня, а апранаюцца як сьвецкiя асобы.

[317] Угрынiчы ўваходзiлi ў склад Камень-Кашырскага павету Палескага ваяводзтва, якi сёньня цалкам уваходзiць у склад Украiны.

[318] На гэтым рукапiс перапыняеццца. Падрабязнасцi яго сьвятарскай дзейнасьцi ў гэты час не асаблiва вядомыя. У бiяграфiях падаецца, што ў 1937-1939 гг. ён быў душпастырам "у розных мясцох дыяцэзii Пiнскай: Любешаў, Угрынiчы, Гародная, Стоўпцы". Ва ўласных успамiнах, выдрукаваных пад назвай "Праз навальнiцы i нягоды. Успамiн з гадоў 1930-1944. Фрагмэнты", а. Леў Гарошка адзначыў: "Я належаў да тых сьвятароў, якiя ня мелi дазволу на навуку рэлiгii ў школе. Калi я ўсё-ж стараўся навучаць дзяцей у сябе або ў хатах iхных бацькоў, дык ад палiцыi ня меў праходу. Палiцыя старалася даведацца вызначаны час i месца навукi, пiльнавала дзяцей, пераймала iх па дарозе i адпраўляла назад дамой. У Столiне я катэхiзаваў дзяцей у магiльнай каплiцы, на самых могiлках, у лесе i ў збожжы, разьдзялiўшы ўсiх дзяцей на некалькi групаў. Трэба было штодзённа праходзiць пешкi некалькi дзясяткаў кiлёмэтраў, унiкаючы спатканьня з палiцыяй. Каб маральна й матар'яльна зламаць вунiяскае духавенства, палiцыя мела загад пiсаць усякiя магчымыя пратаколы за найдрабнейшыя, а нават не iснуючыя адмiнiстрацыйныя правiны, як пабелка платоў, чысьцiня вулiцы, парадак каля хаты i iнш. На мяне гэткiх караў напiсалi ў суме на 200 злотых i столькi-ж сама на дзяка" (цыт. паводле: Юрэвiч, Лявон. Беларуская мэмуарыстыка на эмiграцыi. Нью-Ёрк, 1999. С. 197).

[319] Наступныя раздзелы "Царкоўнае жыцьцё", "Польскае каталiцтва", "Кс. бiск. Нямiра", "Галасы прэсы аб вунii", "Мiнойты", "Рэлiгiйная праблема", "Жуткi абраз панявеленьня", "Епархiя i ерархi" - гэта выпiскi з розных публiкацый i паасобныя нататкi Льва Гарошкi што да царкоўных справаў. Напiсаныя асобна, яны ўключаны сюды як храналягiчны працяг аповеду.

[320] Гайнiн - сёньня вёска ў Куршынавiцкiм сельсавеце Ляхавiцкага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[321] Маёнтак Мiнойты належаў роду Гадачэўскiх.

[322] Спачатку плянавалася будаўнiцтва каплiцы, але ўрэшце ў 1928 г. быў збудаваны касьцёл у iмя Сэрца Пана Езуса, асьвячоны у 1929 г. бiскупам Р. Ялбжыкоўскiм.

[323] Марская й калянiяльная лiга (Liga Morska i Kolonialna) - польская грамадзкая арганiзацыя, утвораная ў 1930 г. у вынiку пераўтварэньня Марской i рачной лiгi, якая iснавала перад гэтым. Сярод iншага арганiзацыя ставiла задачай змагацца за набыцьцё Польшчай заморскiх калёнiяў. Практычная праграма арганiзацыi заключалася ў набыцьцi зямлi на iншых кантынэнтах з мэтай iх наступнага засяленьня перасяленцамi.

[324] У арыгiнале гэта асобны тэкст на 20 старонках, якi мае назву "У савецкiх школах" i ўключае разьдзелы: "У савецкiх школах", "У Баранавiцкiм музэi", "Дарэмныя пошукi працы", "Вывазы i арышты", "Голад Бога".

[325] 15 траўня 1939 г. паводле загаду наваградзкага ваяводы а. Леў Гарошка за яго дзейнасьць на карысьць вунii быў афiцыйна выселены з памежнай паласы, што складала 100 км. Ён быў пераведзены на працу ў Збуражы, але з прыходам Саветаў займацца душпастырскай працай стала амаль немагчыма.

[326] Мiрскi раён iснаваў у складзе БССР у 1940-1956 гг., сёньня ягоная тэрыторыя ўваходзiць у склад Карэлiцкага раёну.

[327] Маюцца на ўвазе дэклярацыi на адкрыцьцё школаў зь няпольскай мовай выкладаньня, якiя прадстаўнiкi нацыянальных меншасьцяў у Польшчы павiнны былi падаваць у дзяржаўныя органы ў адпаведнасьцi з моўнымi законамi ад 31 лiпеня 1924 г. Калi за школу на няпольскай мове падавалi заявы бацькi 40 вучняў, то ў гэтай мясцовасьцi мусiла адкрывацца школа на гэтай мове, калi ж у той самай мясцовасьцi адначасова бацькi 20 вучняў выказвалiся за школу на польскай мове - адкрывалася дзьвюхмоўная (утраквiстычная) школа. Аднак на практыцы гэтыя палажэньнi звычайна не выконвалiся. Так, у 1925 г. заходнебеларускiя сяляне падалi 16 тысячаў заяваў на адкрыцьцё 400 школаў на роднай мове, але ў вынiку не атрымалi нiводнай новай чыста беларускай школы.

[328] Цытуецца ў крыху скажоным выглядзе верш Янкi Купалы "На папасе". Правiльная вэрсiя гэтага слупка:

Iдзем, брыдзем, а на дарозе,

То куст, то камень, то бадыль,

У брата станеш на парозе,

А ён табе… о, Божа, крый!

[329] Леанард Турскi (польск. Turski; 1881-?), культурны дзеяч, выпускнiк Каралеўскай акадэмii прыгожых навук у Мюнхэне. У 1922-1940 гг. працаваў настаўнiкам маляваньня й геаграфii ў дзяржаўнай гiмназii iмя Тадэвуша Рэйтана ў Баранавiчах. Адначасова ў 1929-1944 гг. бесьперапынна быў дырэктарам Рэгiянальнага (пасьля гарадзкога) музэю ў Баранавiчах. Пасьля Другой сусьветнай вайны выехаў у Польшчу, працаваў настаўнiкам маляваньня ў Дзяржаўным лiцэi й гiмназii iмя Генрыка Сянкевiча ў Чанстахове. У 1949 г. выйшаў на пэнсiю.

[330] "Чырвоная звязда" - абласная баранавiцкая газэта, якая выдавалася ў 1939-1954 гг.

[331] Магчыма, гаворка iдзе пра таго самага Пранько (Проньку), якi фiгураваў ва ўспамiнах Сяргея Хмары: "Быў так жа Пронька з Наваградчыны, якi таксама не падпарадкаваўся разьвязаньню КПЗБ i зарганiзаваў свой незалежны акруговы камiтэт. Iх арганiзацыя праводзiла тэрарыстычную акцыю й напады на палiцыю". Гл.: Хмара, Сяргей. Рабiнавы хмель: выбраныя творы. Мiнск: Кнiгазбор, 2009. С. 186.

[332] Маецца на ўвазе т. зв. Народны сход Заходняй Беларусi - бутафорскае мерапрыемства, праведзенае савецкiмi ўладамi 28-30 кастрычнiка 1939 г. у Беластоку дзеля фармальнай легiтымiзацыi ўключэньня тэрыторыi Заходняй Беларусi ў вынiку "верасьнёўскага паходу" Чырвонай армii ў склад СССР. "Выбары" на гэты сход былi праведзены 22 кастрычнiка 1939 г.

[333] Вiдаць, маецца на ўвазе Аляксандар Мураўскi, якога Андрэй Чэмер згадвае ў лiку тых, хто ў 1933 г. быў адлiчаны з Наваградзкай беларускай гiмназii за правядзеньне камсамольскай дзейнасьцi.

[334] Усяго зь верасня 1939 г. да чэрвеня 1941 г. Заходняя Беларусь перажыла чатыры буйныя хвалi вывазаў i дэпартацый. 23 лютага 1940 г. у аддаленыя рэгiёны СССР былi прымусова вывезеныя 33 749 асаднiкаў i 17 561 службовец лясной варты. Другая дэпартацыя была выканана 13 красавiка 1940 г., падчас якой з заходнiх абласьцей БССР было выселена 26 777 чалавек, галоўным чынам палiцыянтаў, чыноўнiкаў, настаўнiкаў, сьвятароў, удзельнiкаў антысавецкага руху i сяброў некамунiстычных партый. 29 чэрвеня 1940 г. адбылася трэцяя хваля дэпартацый, якая распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводзтваў Польшчы. Нарэшце, падчас чацьвёртай дэпартацыi ў чэрвенi 1941 г. было вывезена 22 353 чалавекi.

[335] У арыгiнале гэта асобны тэкст на трох невялiкiх старонках.

[336] Маецца на ўвазе разьдзел "У савецкiх школах"

[337] Шарварка - накладзеная на сялянаў павiннасьць будаўнiцтва ды рамонту дарог, мастоў i iншых камунiкацыйных шляхоў.

[338] Крынiчнае - сёньня вёска ў Мiрскiм пасялковым савеце Карэлiцкага раёну Гарадзенскае вобласьцi.

[339] У арыгiнале гэта асобны тэкст на васьмi старонках (4 невялiкiя аркушы).

[340] Магчыма, тут прозьвiшча пададзена скажона й маецца на ўвазе Апалiнарый Храптовiч-Буцянёў (1879-1945), апошнi ўладальнiк маёнтка ў Шчорсах.

[341] Шчорсы - сёньня аграгарадок, цэнтар сельсавету ў Наваградзкiм раёне Гарадзенскае вобласьцi.

[342] У арыгiнале гэта асобны тэкст на 18 старонках, што ўключае i наступны разьдзел.

[343] Мiтрапалiт Андрэй Шаптыцкi стварыў чатыры новыя экзархаты за межамi Галiчыны 9 кастрычнiка 1939 г. Гэта былi: экзархат Валынi й Холмшчыны на чале зь бiскупам Мiколам Чарнэцкiм; экзархат для Беларусi на чале з Антонам Неманцэвiчам; экзархат для Вялiкай Расеi й Сiбiры (на чале з айцом iгуменам Кляменцiем Шаптыцкiм); экзархат для Вялiкай Украiны (Надняпраншчыны) на чале з арцыбiскупам Ёсiфам Сьлiпым.

[344] Сэрцанкi - манахiнi з рыма-каталiцкага ордэну Аб'яднаньне служэбнiц Найсьвяцейшага Сэрца Езуса, утворанага ў 1894 г. у Кракаве.

[345] Так у аўтара.

[346] Другi Ватыканскi Сабор - ХХI Сусьветны сабор Каталiцкай царквы, якi прайшоў у 1962-1965 гг. На iм быў прыняты шэраг важных дакумэн таў, мэтай якiх было забесьпячэньне аднаўленьня царквы i яе рацыяналь най рэарганiзацыi ў адпаведнасьцi з выклiкамi часу.

[347] Пiй ХII (1876-1958), Папа Рымскi ў 1939-1958 гг.

[348] Вытычныя (ад польск. wytyczne) - дырэктывы, кiруючыя прынцыпы.

[349] Таварнiк - лес, якi нарыхтоўваўся для наступнага продажу.

[350] У арыгiнале гэта асобны незавершаны тэкст на 54 старонках.

[351] Вiтольд Iвiцкi (1884-1943), каталiцкi сьвятар. У 1907-1920 гг. служыў на парафiях у Слуцку, Мазыры, Пецярбургу. Быў арыштаваны савецкiмi ўладамi, у 1921 г. выехаў з Польшчы. Спачатку служыў сьвятаром у Нягневiчах на Наваградчыне, ад 1924 г. - рэктар Вышэйшай духоўнай сэмiнарыi ў Наваградку (пазьней пераехала ў Пiнск). Ад 1926 г. - пробашч Пiнскага катэдральнага касьцёлу, пiнскi дэкан. Ад 1939 г. - генэральны вiкарый Пiнскай дыяцэзii. Быў узяты немцамi ў закладнiкi й расстраляны.

[352] Правiзарычнае - тут: часовае.

[353] Маецца на ўвазе Ян Барысюк (1888-1953), каталiцкi сьвятар, у 1933-1942 гг. пробашч касьцёлу Ўзвышэньня Сьв. Крыжа ў Баранавiчах. Ад 1938 г. - баранавiцкi дэкан, кiруючы Ляхавiцкiм дэканатам. Ад 1945 г. - генэральны вiкарый Пiнскай дыяцэзii. У 1948 г. арыштаваны, загiнуў у ГУЛАГу

[354] Стой! (ням.).

[355] Пра тое, як палякi ў першыя месяцы нямецкай акупацыi ўзялi ў свае рукi ўсю дзяржаўную адмiнiстрацыю ў Заходняй Беларусi, i пра зьвязаныя з гэтым канфлiкты пiсаў у сваiм дасьледаваньнi "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" Юры Туронак. Гл.: Туронак, Юры. Мадэрная гiсторыя Беларусi. Вiльня, 2006. С. 551-553, 556-559.

[356] Вiктар Войтанка (1912-1972), грамадзка-культурны й рэлiгiйны дзеяч. У 1939 г. скончыў Вiленскi ўнiвэрсытэт Стэфана Баторыя, атрымаўшы дыплём доктара мэдыцыны. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады жыў зь сям'ёй у Баранавiчах, працаваў загадчыкам дзiцячай палiклiнiкi й лекарам хуткай дапамогi. Пасьля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi арганiзаваў у Баранавiчах мэдыцынскую школу зь лекарскiм, фармацэўтычным i адмiнiстрацыйным аддзеламi. У 1943 г. на загад нямецкiх акупацыйных уладаў быў пераведзены на пасаду акруговага лекара ў Слонiм. Ад 1944 г. - на эмiграцыi. Спачатку жыў у Нямеччыне, ад 1950 г. у ЗША. Меў мэдыцынскую практыку, у 1969 г. рукапаложаны на праваслаўнага сьвятара.

[357] Мiкола Шчорс (1913-1995), грамадзкi дзеяч, выпускнiк мэдыцынскага факультэту Вiленскага ўнiвэрсытэту. У 1935-1937 гг. быў старшынём Беларускага студэнцкага саюзу. У 1939 г. выехаў у Варшаву, ад 1940 г. быў старшынём Беларускага камiтэту ў Варшаве. 19 чэрвеня ў Бэрлiне на пасяджэньнi беларускага актыву быў абраны старшынём Беларускага нацыянальнага цэнтру - правобразу ўраду будучай Беларусi. Пасьля адмовiўся ад палiтычнай дзейнасьцi й вярнуўся ў Варшаву. Ад восенi 1944 г. жыў у Нямеччыне, у 1949 г. выехаў у ЗША. Адзiн са стваральнiкаў Беларускага кангрэсавага камiтэту Амэрыкi (БККА) i ягоны старшыня ў 1951-1955 гг. У 1955 г. - адзiн з заснавальнiкаў Камiтэту незалежнай Беларусi.

[358] "Баранавiцкая газэта" - газэта, якая выходзiла ў Баранавiчах ад 22 лiпеня 1941 г. да 24 чэрвеня 1944 г. ва ўмовах нямецкай акупацыi. У 1941 г. выдавалася пад назвай "Baranowitscher Zeitung" ("Baranavickaj hazeta") i публiкавала матэрыялы на нямецкай, польскай i беларускай

мовах. Па-беларуску тэксты спачатку друкавалiся лацiнкай, ад чэрвеня 1943 г. - кiрылiцай. Газета выходзiла два разы на тыдзень, ад 8 студзеня 1944 г. называлася "Пагоня". Усяго выйшла 313 нумароў.

[359] Сёньня колiшняя вулiца ў Баранавiчах, якая ў часы Другой сусьветнай вайны называлася Марынскай, носiць назву Савецкая.

[360] Бэрайхскамэндант (ням. Bereichskommendant) - раённы камэндант.

[361] Вiвiсэкцыя (ад лац. vivus - жывы i sectio - расьсяканьне) - тут у сэнсе: рэзаньне па жывым.

[362] Вiльгельм Кубэ (ням. Kube; 1887-1943), кiраўнiк нямецкай цывiльнай адмiнiстрацыi ў Генэральнай акрузе Беларусь у 1941-1943 гг.

[363] Рудольф Вэрнэр (ням. Werner), обэрфюрэр, у 1941-1944 гг. гэбiтскамiсар Баранавiцкай акругi.

[364] Першапачатковы варыянт, перакрэсьлены аўтарам: "Затрымка была выклiкана тым, што ў мiжчасе вялiкая частка беларускага Палесься зь Пiнскам i Берасьцем была прылучана да Ўкраiнскага Генэрал-камiсарыяту, затое ўся Галiцыя была ўключана да польскага Генэрал-губэрнатарства, Вiленшчына аставалася пры Летуве; а па некаторым часе ўся Беласточчына была далучана да Ўсходняе Прусii.

Такое рэзаньне жывога цела Беларусi i суседнiх народаў мела выразную мэту: растравiць нацыянальныя спрэчкi. А з другога боку, пасьля такога рэзаньня нямецкая адмiнiстрацыя не магла мець нiякага даверу да народаў з гэтых парэзаных абшараў".

[365] Падрабязьней пра лёс Баляслава Пачопкi гл.: Iльiна, А. Унiяцкi сьвятар на фоне заходнебеларускай рэчаiснасьцi 1920-30-х гг.: Баляслаў Пачопка // Асоба ў гiсторыi: гераiчнае i трагiчнае: матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi студэнтаў i аспiрантаў, 21-22 лiстапада 2003 г.: у 2 ч. Ч. 1. Брэст, 2004. С. 112-117.

[366] Лясная - сёньня вёска й чыгуначная станцыя ў Баранавiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi, цэнтар Лясьнянскага сельсавету.

[367] Дабромысьль - сёньня вёска ў Iвацэвiцкiм раёне Берасьцейскае воблась цi, цэнтар Дабромысьленскага сельсавету.

[368] Сьвятая Воля - сёньня вёска, цэнтар сельсавету ў Iвацэвiцкiм раёне Берасьцейскае вобласьцi.

[369] Вiдаць, маецца на ўвазе вёска Глiнная - сёньня у Амяльнянскiм сельсавеце Iвацэвiцкага раёну Берасьцейскае вобласьцi.

[370] Iван Струкоўскi (1895-1991), праваслаўны сьвятар, нараджэнец Мазырскага павету, паходзiў са сьвятарскай дынастыi. Скончыў Менскую духоўную сэмiнарыю. Ад 1921 г. служыў псаломшчыкам у мястэчку Гарадзея, пасьля быў сьвятаром у вёсцы Крывiчы Маладэчанскага павету, мястэчку Лахва Лунiнецкага павету. Ад 1932 г. служыў у Целяханах, дзе пабудаваў новы храм. У 1949 г. арыштаваны савецкiмi ўладамi, асуджаны на 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў. У 1956 г. вызвалены, ад 1958 г. зноў служыў сьвятаром у Целяханах.

[371] Закрыстыя - бакавое памяшканьне пры касьцёле, у якiм захоўваюцца царкоўныя ўборы й прылады, неабходныя для службы. Акрамя таго, у закрыстыi сьвятар рыхтуецца да правядзеньня iмшы.

[372] Вiдаць, маецца на ўвазе вёска Тупiчыцы (Тупiчычы), якая празь некаторы час была спаленая немцамi й пасьля вайны не аднавiлася.

[373] Язэп Малецкi, якi пэўны час працаваў з а. Львом Гарошкам у Баранавiчах, у сваiх пасьляваенных успамiнах выклаў бабровiцкую эпапэю сьвятара крыху iнакш, паблытаўшы храналёгiю падзеяў i акрамя канфлiкту зь мясцовымi праваслаўнымi сьвятарамi паспрабаваўшы далучыць да гэтай справы палiтычны фактар: «Леў Гарошка, каталiцкi сьвятар усходняга абраду, адзiн з выдатных беларускiх дзеячоў, у часе нямецкага паходу на Ўсход быў на беларускiм Палесьсi, якое, паводле гiтлераўскага пляну распадзелу ўсходнiх прастораў, адмiнiстрацыйна прыразалася да Райхскамiсарыяту Украiны. Там, у сваёй парафii, з прыходам Немцаў ён ня толькi дзеiў у кiрунку хрысьцiянскае рэлiгiйнае супольнасьцi, але й ставiў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адмiнiстрацыю й школьнiцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украiнскiм i мясцовым праваслаўным абстрэлам, i нямецкi камiсар загадаў высялiць яго зь Пiнскай акругi без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавiч, тут знайшоў падтрыманьне др. В. Войтэнкi, тагачаснага бурмiстра места, ды ўладзiўся ў рэдакцыi "Баранавiцкай газэты"» (гл.: Малецкi, Язэп. Пад знакам Пагонi: успамiны. Таронта, 1976. С. 96).

[374] У той час пробашчам у Лясной быў Уладзiслаў Зыгмунт Паўлоўскi (1879-1942), якi крыху пазьней, 13 лiпеня 1942 г., быў расстраляны немцамi ў Баранавiчах.

[375] У арыгiнале на гэтым тэкст часткi абрываецца.

[376] Асобны запiс на адным аркушы.

[377] Сярод накiдаў а. Льва Гарошкi ёсьць тэкст на 5 старонках пад назвай "Мэдыцынская школа", якi зместава паўтарае разьдзел "У Баранавiцкiх школах". У гэтай публiкацыi дзеля паўтарэньня звестак мы згаданы разьдзел апусьцiлi. Гэты ж разьдзел у арыгiнале ўяўляе зь сябе запiс на невялiкiм аркушы (2 старонкi).

[378] Хэдар - габрэйская рэлiгiйная пачатковая школа.

[379] Мiтрафан Смаршчок (творчы псэўд. Анатоль Бярозка; 1915-2008), грамадзкi дзеяч. У 1939 г. скончыў мэдычны факультэт Вiленскага ўнiвэрсытэту. Браў удзел у студэнцкiм руху. У 1939-1941 гг. працаваў лекарам у Баранавiчах i Пiнску. Падчас нямецкай акупацыi працаваў лекарам у Баранавiчах, быў дырэктарам мясцовай мэдычнай школы. У 1944 г. арыштаваны немцамi й зьняволены ў канцлягеры. Ад 1948 г. жыў у ЗША. Быў адным з заснавальнiкаў Крывiцкага навуковага таварыства iмя Пранцiша Скарыны.

[380] Лукашэня (?-1943) у 1939-1941 гг. быў галоўным лекарам Баранавiчаў, падчас нямецкай акупацыi - баранавiцкi акруговы лекар. Паводле Язэпа Малецкага, "у беларускi нацыянальна-вызвольны рух ён не ўлучаўся, радаў беларускiх прадстаўнiкоў як у Менску, так i ў Баранавiчах, ня слухаў, прыкiдваўся, што верна служыць толькi Немцам" (гл.: Малецкi, Язэп. Пад знакам Пагонi). Пасьля пералому ў вайне на карысьць СССР зьвязаўся з савецкiмi партызанамi, якiм пастаўляў лекi й iншыя мэдыцынскiя матэрыялы. Арыштаваны немцамi й расстраляны.

[381] Мiкалай Мiнкевiч (1909-1980), грамадзкi дзеяч, лекар, зяць Р. Астроўскага. Паходзiў зь сям'i праваслаўнага сьвятара. Скончыў Вiленскую беларускую гiмназiю. Вучыўся на мэдыцынскiм факультэце Вiленскага ўнiвэрсытэту. У 1942 г. скончыў унiвэрсытэт у Коўне. Ажанiўся з дачкой Р. Астроўскага. У 1942-1944 гг. працаваў лекарам у Баранавiчах, дырэктарам Баранавiцкай мэдычнай школы, ад сакавiка 1944 г. - галоўны лекар БКА. Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. - на эмiграцыi. Працаваў лекарам пры UNRRA i IRO ў брытанскай зоне акупацыi Нямеччыны. У 1949 г. выехаў зь сям'ёй у Аргентыну, дзе працаваў галоўным лекарам пры шпiталi ў Сан-Луiсе. У студзенi 1955 г. пераехаў у ЗША. Працаваў у шпiталях у штатах Iлiнойс, Агаё, Мiсуры, Iндыяна, Мiчыган. У 1976 г., пасьля выхаду на пэнсiю, пераехаў у Флярыду.

[382] З далейшага тэксту бачна, што аўтар дапусьцiў апiску, на самай справе гэтыя падзеi адбывалiся 7 лютага.

[383] Арбайтсамт (ням. Arbeitsamt) - бiржа працы.

[384] Аляксандар Русак (1907-1957), грамадзкi дзеяч. У 1939-1941 гг. быў iнiцыятарам стварэньня й старшынём Беларускага камiтэту ў Познанi, улетку 1941 г. - арганiзатар Беларускага нацыянальнага камiтэту ў Гораднi, у 1942 г. заснаваў Адмiнiстрацыйна-гандлёвую школу ў Баранавiчах, быў яе першым дырэктарам. Заснаваў арганiзацыю гандлёвых i прамысловых прадпрыемстваў. У 1943-1944 гг. - бургамiстар Баранавiчаў, удзельнiк Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. - на эмiграцыi, спачатку ў Нямеччыне, пасьля ў ЗША.

[385] Кансэквэнцыi (ад польск. konsekwencje) - наступствы.

[386] Юры Сабалеўскi (1889-1957), грамадзка-палiтычны дзеяч. У 1926-1927 гг. быў дэпутатам польскага сойму, уваходзiў у пасольскi клюб БСРГ, затым у Беларускi пасольскi клюб. Падчас нямецкай акупацыi быў шчыльна заангажаваны ў справу стварэньня беларускай адмiнiстрацыi, быў старшынём Беларускай самапомачы й вiцэ-прэзыдэнтам БЦР. Пасьля вайны жыў на эмiграцыi ў ЗША й Нямеччыне.

[387] Сугэраваць (ад польск. sugerować) - раiць, намаўляць.

[388] Сугэстыi (ад польск. sugestie) - тут: пераконваньнi.

[389] Язэп Малецкi (1906-1982), грамадзкi дзеяч. Скончыў мэдычны факультэт Вiленскага ўнiвэрсытэту, быў адным з актыўных сябраў Беларускага студэнцкага саюзу. Падчас акупацыi працаваў у беларускай адмiнiстрацыi, пасьля вайны на эмiграцыi. Ад 1950 г. жыў у Аўстралii, дзе быў адным зь лiдараў беларускай дыяспары. Ва ўспамiнах Язэпа Малецкага некалькi старонак прысьвечаныя й ягонай працы ў Баранавiчах (гл.: Малецкi, Язэп. Пад знакам Пагонi. С. 88-91).

[390] Маецца на ўвазе Iмпэрскае мiнiстэрства занятых усходнiх тэрыторый (Reichsministerium für die besetzten Ostgebiete), створанае ў 1941 г. для цывiльнага кiраваньня захопленымi ў ходзе вайны тэрыторыямi СССР. Ягоным нязьменным кiраўнiком быў Альфрэд Розэнбэрг.

[391] Прабачце! (ням.). У арыгiнале гэта асобны тэкст на трох вялiкiх старонках.

[392] Мiхась Тулейка (1915-1998), грамадзкi дзеяч. У 1936 г. скончыў Нясьвiскую настаўнiцкую сэмiнарыю, працаваў настаўнiкам у Нясьвiжы й Снове. Пры "першых саветах" працаваў у Нясьвiжы - спачатку настаўнiкам, пасьля намесьнiкам дырэктара настаўнiцкай сэмiнарыi. Пазьней працаваў у Баранавiцкай настаўнiцкай сэмiнарыi. Кiраваў камiтэтам БНС на Баранавiцкую акругу, быў дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Ад 1944 г. - на эмiграцыi, спачатку ў Нямеччыне, ад 1949 г. - у ЗША.

[393] "Вы - сьвятар?" (ням.).

[394] "Так ёсьць" (ням.).

[395] "Тады прабачце" (ням.).

[396] Наступныя шэсьць разьдзелаў уяўляюць зь сябе выпiскi Льва Гарошкi з розных публiкацый, зробленыя на асобных аркушах. Тут яны змешчаны паводле храналягiчнай адпаведнасьцi тэксту.

[397] Хорст Вульф (ням. Wulff; 1907-1945), нямецкi нацыянал-сацыялiстычны дзеяч, сябра нацысцкай партыi ад 1926 г. У жнiўнi 1941 г. быў прызначаны гебiтскамiсарам Вiльнi. Пры iм было зьдзейсьнена масавае зьнiшчэньне габрэйскага насельнiцтва гораду. Загiнуў падчас нямецкай абароны Бэрлiну вясной 1945 г.

[398] "Ранiца" - газэта, якая выдавалася ў Бэрлiне на беларускай мове са сьнежня 1939 г. да красавiка 1945 г.

[399] Iван Гермацюк (? - 1942 цi 1943), грэка-каталiцкi сьвятар. Выхадзец з Галiчыны, скончыў Папскую акадэмiю ў Дубне. У пачатку 1940-х гг. быў парахам царквы ў Сынковiчах, таксама служыў у Альбярцiне. У траўнi 1942 г. увайшоў у склад Рады Беларускага экзархату Грэка-каталiцкай царквы. Памёр ад тыфу, пахаваны ў Альбярцiне.

[400] Асобны тэкст, якi ў арыгiнале займае 24 старонкi.

[401] Беларуская сялянска-работнiцкая грамада (БСРГ) - масавая радыкальная левая партыя, якая дзейнiчала на тэрыторыi Заходняй Беларусi ў 1926-1927 гг. За кароткi час дасягнула колькасьцi сяброў больш за 100 тысяч чалавек, пасьля чаго была лiквiдавана польскiмi ўладамi, а асноўныя яе лiдары апынулiся ў турме.

[402] Маецца на ўвазе - падпiсвалiся на беларускую прэсу (ад польск. prenumerata - падпiска).

[403] У 1938-1939 гг. былi сярод iншага выселеныя беларускiя марыяне з Друi, а таксама ксяндзы Адам Станкевiч i Ўладзiслаў Талочка зь Вiльнi.

[404] Язэп Германовiч (1890-1978), каталiцкi сьвятар, паэт, публiцыст. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1913 г., працаваў у розных парафiях Беластоцкага дэканату. У 1924 г. уступiў у ордэн марыянаў у Друi. Служыў там пробашчам, адначасова выкладаў Закон Божы й лацiнскую мову ў мясцовай гiмназii. Пiсаў вершы й прозу, друкаваў iх пад псэўданiмам Вiнцук Адважны. Ад 1932 г. - на мiсiянэрскай працы ў Харбiне, дзе таксама быў дырэктарам гiмназii. У 1936 г. вярнуўся ў Вiльню, кiраваў Беларускiм марыянскiм домам студэнтаў. У 1938 г. дэпартаваны разам са студэнтамi ў Цэнтральную Польшчу. Зноў выехаў у Харбiн. У 1948 г. арыштаваны кiтайскай палiцыяй i перададзены савецкiм органам бясьпекi, асуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лягерах. Пасьля сьмерцi Сталiна вызвалены. Выехаў у Польшчу, а ў 1959 г. - у Iталiю, затым - у Вялiкабрытанiю.

[405] Пад назвай "Пагоня" былая "Баранавiцкая газэта" выдавалася вясной - летам 1944 г.

[406] Маецца на ўвазе Другi Ўсебеларускi кангрэс - зьезд прадстаўнiкоў беларускага народу, якi адбыўся 27 чэрвеня 1944 г., ва ўмовах нямецкай акупацыi Беларусi, у Менску. Падчас яго была абвешчана незалежнасьць краiны ад Расii, а Беларуская Цэнтральная Рада называлася пераемнiцай Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi.

[407] Яўхiм Кiпель (1895-1969), грамадзкi й палiтычны дзеяч, пэдагог, публiцыст. З 1921 г. у Менску, працаваў у Наркамаце асьветы БССР, Iнбелкульце, Менскiм пэдагагiчным тэхнiкуме. У 1930-я гг. двойчы арыштоўваўся й быў асуджаны, вызвалены ў 1940 г. Ад чэрвеня 1942 г. зноў жыў у Менску. Працаваў у Iнспэктараце беларускiх школ, Беларускай народнай самапомачы, рэдагаваў газэту "Голас вёскi". Ад сярэдзiны 1944 г. - у Нямеччыне, у 1950 г. пераехаў у ЗША.

[408] Маецца на ўвазе Аляксей Анiшчык (псэўд. Андрэй Чэмер; 1912-2007), пiсьменьнiк, мэмуарыст, пэдагог i грамадзкi дзеяч. Выпускнiк Наваградзкай беларускай гiмназii й магiстратуры эканамiчнага факультэту Познаньскага ўнiвэрсытэту. Пасьля 1939 г. працаваў у сыстэме адукацыi на Наваградчыне. У часы нямецкай акупацыi актыўна займаўся беларускай выкладчыцкай, журналiсцкай, культурнай i грамадзкай дзейнасьцю. Браў удзел у Другiм Усебеларускiм кангрэсе ў Менску ў 1944 г., дзе рэзка выступiў "супраць усiх акупантаў Беларусi". Пасьля вайны некалькi гадоў жыў у Польшчы, у 1948 г. арыштаваны й асуджаны на 25 гадоў ГУЛАГу. Вызвалены ў 1962 г., жыў у Вiльнi. Напiсаў i выдаў некалькi кнiжак прозы, вершаў i ўспамiнаў. Ачольваў Вiленскае беларускае таварыства палiтвязьняў i ссыльных.

[409] Мiкалай Шкялёнак (1899-1947), грамадзкi дзеяч, гiсторык, юрыст. Скончыў юрыдычны факультэт Вiленскага ўнiвэрсытэту, дзе кiраваў беларускай студэнцкай арганiзацыяй. У 1940 г. пасялiўся ў Бэрлiне, супрацоўнiчаў з газэтай "Ранiца", потым быў яе рэдактарам. У 1942 г. накiраваны ў Менск на работу ў Генэральны камiсарыят, у 1943 г. увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, быў яе першым вiцэ-прэзыдэнтам. У 1946 г. арыштаваны ў Польшчы й прывезены ў Менск. Расстраляны.

[410] Радаслаў Астроўскi (1887-1976), грамадзка-палiтычны дзеяч. У 1924-1936 гг. дырэктар Вiленскай беларускай гiмназii. Вiцэ-старшыня Беларускай сялянска-работнiцкай грамады ў 1925-1927 гг., дырэктар Беларускага каапэратыўнага банку. У 1928-1936 гг. - актыўны прапагандыст супрацоўнiцтва заходнебеларускага нацыянальнага руху з польскiмi санацыйнымi ўладамi. У 1943 г. абраны Прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. Пасьля вайны жыў у Заходняй Нямеччыне, Аргентыне, Вялiкабрытанii, ЗША.

[411] Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) - цэнтральная iнстытуцыя беларускай адмiнiстрацыi на акупаванай немцамi тэрыторыi Беларусi ў сьнеж нi 1943 г. - чэрвенi 1944 г.

[412] Мiхась Маскалiк (1903-1965), каталiцкi сьвятар усходняга абраду, доктар фiлялёгii, культурна-грамадзкi дзеяч. Паходзiў з Гарадзеi, вучыўся ў Вiленскiм унiвэрсытэце. У 1932 г., атрымаўшы стыпэндыю ад мiтрапалiта А. Шаптыцкага, выехаў на вучобу ў Нямеччыну, дзе вывучаў фiлязофiю й тэалёгiю ў калегiюме Сьв. Андрэя ў Мюнхене. Заснаваў i кiраваў Саюзам беларускiх студэнтаў у Нямеччыне. Пасьвячоны ў сьвятары ў лiпенi 1938 г., на кароткi час вярнуўся ў Вiльню, але хутка зноў вярнуўся ў Нямеччыну. У гады вайны выконваў сьвятарскiя абавязкi сярод ваеннапалонных, у 1943 г. быў арыштаваны, некалькi месяцаў правёў у канцлягеры Заксэнгаўзэн. Вызвалены дзякуючы намаганьням Папскай мiсii ў Нямеччыне. Пасьля вайны жыў у Заходняй Нямеччыне.

[413] Kirchenministerium (ням.) - мiнiстэрства рэлiгiйных спраў.

[414] Генрых Вiнкен (ням. Wienken; 1883-1961), тытулярны бiскуп Арэтусы (Arethusa), у апiсваны Львом Гарошкам час - кiраўнiк Бiскупскага камiсарыяту Канфэрэнцыi бiскупаў па перамовах памiж Каталiцкай царквой i ўрадам нацыянал-сацыялiстаў

[415] Мiкола Равенскi (1886-1953), кампазытар, дырыжор, музычны крытык. Сярод iншага, аўтар музыкi да гiмну "Магутны Божа". Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў на эмiграцыi.

[416] Ранiца. № 36 (198). 04.09.1944. С. 3.

[417] Баляслаў Грабiнскi (1899-1991), адзiн зь лiдараў БХД, абiраўся ў ЦК партыi. Паходзiў з Сакольшчыны. У 1941-1944 гг. старшыня вiленскага БНК. Пасьля вайны жыў на эмiграцыi, працаваў доктарам-стаматолягам у ЗША.

[418] Ян (Янка) Станкевiч (1891-1976), грамадзка-палiтычны дзеяч, мовазнаўца, доктар славянскай фiлялёгii й гiсторыi. Скончыў Праскi ўнiвэрсытэт. У 1928-1930 гг. быў паслом польскага сойму. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў на эмiграцыi ў ЗША.

[419] Усевалад Родзевiч (1916-1998), грамадзкi дзеяч. Нарадзiўся ў сям'I праваслаўнага вайсковага сьвятара. У 1939 г. быў мабiлiзаваны ў польскую армiю, трапiў у палон. Пазьней утрымлiваўся ў канцэнтрацыйным лягеры ў Трыры, адкуль здолеў вырвацца. У 1944 г. - ад'ютант Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскага, лейтэнант Беларускай Краёвай Абароны, удзельнiк Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. - на эмiграцыi. Спачатку быў у Нямеччыне, у Мюнхене. У 1949 г. выехаў у Аўстралiю.

[420] Маецца на ўвазе сход беларускага палiтычнага актыву 5 жнiўня 1945 г. у офiсе Беларускага нацыянальнага камiтэту ў Рэгенсбургу, у якiм удзельнiчалi 12 чалавек. На гэты сход сярод iншых прыехаў Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскi. У выступленьнях было канстатавана, што БЦР у наяўных варунках ня можа выконваць свае функцыi, i прапанавана, каб яна перадала свае паўнамоцтвы новай арганiзацыi, Беларускаму нацыянальнаму цэнтру, мандат на кiраваньне справамi беларускай эмiграцыi ў Нямеччыне.

[421] Уладзiслаў Андэрс (польск. Anders; 1892-1970), польскi генэрал, пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны стваральнiк польскiх узброеных фармаваньняў на тэрыторыi СССР, якiя пасьля праз Iран i Палестыну былi выведзеныя на Заходнi фронт.

[422] 2-i Польскi корпус пад камандаваньнем генэрала Ўладзiслава Андэрса да 1946 г. знаходзiўся ў Iталii ў якасьцi складовай часткi акупацыйных сiлаў заходнiх саюзьнiкаў, а затым быў перапраўлены ў Вялiкабрытанiю, дзе неўзабаве расфармаваны.

[423] Аўтар чамусьцi памылiўся з назвай уласнага малiтоўнiка, якi на самай справе меў назву "Божым шляхам".

[424] Баляслаў Слосканс (лат. Sloskāns; 1893-1981), каталiцкi гiерарх, паводле паходжаньня латыш. У 1926 г. патаемна рукапакладзены ў бiскупы, быў апостальскiм адмiнiстратарам у Магiлёве й Менску. У 1927 г. арыштаваны й зьняволены, у 1933 г. высланы ў Латвiю. У 1933-1941 гг. - прафэсар Рыскай каталiцкай сэмiнарыi ды тэалягiчнага факультэту Рыскага ўнiвэрсытэту. Ад 1944 г. - у эмiграцыi, у 1952 г. вышэйшымi духоўнымi ўладамi Ватыкану прызначаны апостальскiм вiзытатарам для беларусаўкаталiкоў у Заходняй Эўропе.

[425] Лювэнскi каталiцкi ўнiвэрсытэт - найстарэйшы бэльгiйскi ўнiвэр сытэт, якi быў заснаваны ў 1425 г. Разьмяшчаўся ў горадзе Лювэн у Фляндрыi.

[426] Мiкола Абрамчык (1903-1970), палiтык i грамадзкi дзеяч, якi ў сьнежнi 1947 г. афiцыйна аднавiў Раду БНР. Жыў у Парыжы, займаўся актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.

[427] Маюцца на ўвазе студэнты, якiя вучылiся ў Марбурскiм унiвэрсытэце ў Нямеччыне.

[428] Робэрт ван Каўвэлярт дэ Ўiльс (флам. Van Cauwelaert de Wyels; 1906-1986), каталiцкi сьвятар усходняга абраду зь бенэдыктынскага манастыру ў Шэветоне. Паходзiў са старажытнага флямандзкага роду. У 1948 г. cтаў сакратаром Камiтэту дапамогi беларускiм студэнтам у Лювэне.

[429] Янка Сурвiла (1925-1997), грамадзкi дзеяч. У 1942 г. падчас нямецкай акупацыi ўзначальваў пачатковую беларускую школу, пасьля вайны выехаў на эмiграцыю. Жыў у Нямеччыне, Францыi, Гiшпанii, Канадзе. У 1958-1965 гг. вёў штодзённыя беларускiя радыёперадачы Гiшпанскага радыё.

[430] "Божым Шляхам" - часопiс беларускае рэлiгiйнае думкi, якi выдаваўся ў Парыжы ў 1947-1957 гг. i ў Лёндане ў 1957-1980 гг. на беларускай мове. Рэдактарамi ў розныя часы былi айцы Леў Гарошка, Язэп Германовiч, Фэлiкс Журня, Аляксандар Надсан. Усяго выйшаў 151 нумар.

[431] Люрд (фр. Lourdes) - горад на поўднi Францыi. Мае важнае значэньне для каталiкоў як месца паломнiцтваў, бо тут 11 лютага 1858 г. чатырнаццацiгадовай мясцовай жыхарцы Бэрнадэце Субiру нiбыта зьявiлася Дзева Марыя.

[432] "Pax Christi" (з лац. "Мiр Хрыста") - мiжнародная хрысьцiянская арга нi зацыя, створаная ў Францыi ў 1945 г. Мела на мэце спрыяць прымiрэньню памiж францускiмi й нямецкiмi грамадзянамi ў пэрыяд пасьля Другой сусьветнай вайны. Неўзабаве, аднак, арганiзацыя значна пашырыла сфэру сваёй дзейнасьцi й распаўсюдзiла яе таксама на iншыя краiны сьвету.

[433] Панкарта (ад фр. pancarte) - аб'ява, афiша, плякат.

[434] "Беларусы, займiце ваша месца!" (фр.).

[435] Iнстытут па вывучэньнi гiсторыi i культуры СССР - навуковая ўстанова па вывучэньнi СССР, якая працавала ў Мюнхене ў 1950-1972 гг. Яго дзейнасьць фiнансавалася ЗША праз Амэрыканскi камiтэт барацьбы за вызваленьне народаў Расеi. Спыненьне дзейнасьцi Iнстытуту было зьвязана з правядзеньнем палiтыкi "разрадкi".

[436] "Царква ў бядзе" (ням. "Kirche in Not") - мiжнародная арганiзацыя, якая знаходзiцца пад юрысдыкцыяй Каталiцкай царквы. Асноўны яе цэнтар - нямецкi горад Кёнiгштайн. Заснаваная пасьля Другой сусьветнай вайны галяндзкiм сьвятаром Вэрэнфiльдам ван Страатэнам з галоўнай мэтай дапамагчы бежанцам-каталiкам. На дадзены момант арганiзацыя займаецца дабрачыннай дзейнасьцю па ўсiм сьвеце, мае 16 афiцыйных прадстаўнiцтваў у розных краiнах.

[437] Марыйскiя кангрэсы як адначасова рэлiгiйнае й навуковае мерапрыемства сталi праводзiцца з 1900 г., калi ў францускiм Лiёне адбыўся I Марыйскi кангрэс. Пасьля гэтага яны сталi праводзiцца рэгулярна ў розных эўрапейскiх краiнах, але пасьля традыцыя перарвалася Першай сусьветнай вайной i аднавiлася толькi пасьля Другой сусьветнай вайны. Арганiзацыю мерапрыемства ўзяла на сябе Папская марыйная акадэмiя, падзялiўшы iх на дзьве часткi: Марыялягiчныя кангрэсы навуковага характару i Марыйныя кангрэсы рэлiгiйнага характару. У 1950 г., такiм чынам, адбылiся I Марыялягiчны кангрэс i VIII Марыйны кангрэс, пасьля чаго мерапрыемствы сталi праводзiцца ў асноўным раз на чатыры гады. Ад 2000 г. нумарацыя кангрэсаў унiфiкаваная й праводзяцца Марыялягiчна-Марыйныя кангрэсы. Леў Гарошка, вiдаць, згадвае пра свой удзел у I i II Марыялягiчных кангрэсах у Рыме (1950 i 1954 гг.) i ў III Марыялягiчным кангрэсе ў Люрдзе (1958 г.).

[438] Тыднi студыяў - зьезды беларускiх каталiцкiх iнтэлектуалаў, якiя праводзiлiся Беларускiм акадэмiчным каталiцкiм аб'еднаньнем "Рунь". Першае такое мерапрыемства адбылося 15-22 лiпеня 1951 г. у Бэльгii, у манастыры бэнэдыктынцаў у Шэветоне. Наступныя тыднi студыяў (у 1952, 1953 i 1954 гг.) прайшлi ў Лёндане. У 1954 г. Тыдзень студыяў прайшоў у Рыме, у 1956 г. - у Кёнiгштайне (Нямеччына). Тыднi студыяў 1956 г. сталi апошнiмi ў гiсторыi правядзеньня гэтых мерапрыемстваў.

[439] Марыйскi Дом (Марыян Хаўз - Marian Haus) - будынак на Голдэн Авэню, 12 у Лёндане, у якiм пачынаючы ад 1947 г. месьцiлася Беларуская каталiцкая мiсiя ўсходняга абраду.

[440] Чэслаў Сiповiч (1914-1981), каталiцкi сьвятар усходняга абраду, бiскуп, апостальскi вiзытатар беларусаў-каталiкоў на эмiграцыi, манах-марыянiн, беларускi рэлiгiйны й культурна-грамадзкi дзеяч. Пасьвячоны ў сьвятары ў Рыме ў 1942 г., вучыўся ў папскiм Усходнiм iнстытуце. У 1947 г. перабраўся ў Лёндан як кiраўнiк Беларускай каталiцкай мiсii ўсходняга абраду. У 1960 г. пасьвячоны на бiскупа, пазьней быў прызначаны апостальскiм вiзытатарам для беларусаў за мяжой. У лiпенi 1963 г. прызначаны генэралам ордэну марыянаў, на гэтай пасадзе заставаўся да 1969 г. Быў заснавальнiкам Беларускага рэлiгiйна-культурнага цэнтру ў Паўночным Лёндане, часткай якога стаў iнтэрнат Сьв. Кiрылы для беларускiх хлапцоў, а таксама Беларуская бiблiятэка й музэй iмя Ф. Скарыны. У 1960 г. пасьвячоны на бiскупа, пазьней быў прызначаны апостальскiм вiзытатарам для беларусаў за мяжой. У лiпенi 1963 г. прызначаны генэралам ордэну марыянаў, на гэтай пасадзе заставаўся да 1969 г.

[441] Аляксандар Надсан (1926-2015), рэлiгiйны й культурны дзеяч. Вучыўся ў Нясьвiскай настаўнiцкай сэмiнарыi. Служыў у 2-м Польскiм корпусе ў Iталii, дзе браў удзел у баявых дзеяньнях i быў паранены. У 1946 г. прыбыў у Вялiкабрытанiю. Адзiн з заснавальнiкаў Згуртаваньня беларусаў у Вялiкабрытанii. Скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнiвэрсытэту. Увосень 1953 г. паехаў вучыцца ў Грэцкую калегiю ў Рыме. У 1958 г. атрымаў сьвячэньнi сьвятара ўсходняга абраду. У лiпенi 1959 г. вярнуўся ў Вялiкабрытанiю. Ад 1971 г. кiраваў Беларускай бiблiятэкай-музэем iмя Ф. Скарыны. Актыўна ўдзельнiчаў у працы ЗБВБ, Харытатыўнай сэкцыi, Англа-беларускага таварыства. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталiцкай мiсii ў Вялiкабрытанii. У 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага вiзытатара для беларусаў-каталiкоў у замежжы. Стваральнiк i кiраўнiк Камiтэту дапамогi ахвярам радыяцыi. Аўтар шэрагу перакладаў лiтургiчных тэкстаў на беларускую мову, публiкацый з гiсторыi беларускай царквы й культуры. Ганаровы доктар Эўрапейскага гуманiтарнага ўнiвэрсытэту.

[442] Згуртаваньне беларусаў Вялiкабрытанii (ЗБВБ, анг. Association of Belarusians in Great Britain) - беларуская арганiзацыя ў Вялiкабрытанii, заснаваная ў 1946 г. Асноўныя кiрункi дзейнасьцi - нацыянальна-культурная, грамадзка-арганiзацыйная, iнфармацыйна-выдавецкая праца, прадстаўнiцтва беларусаў i дапамога iм у Вялiкабрытанii i iншых краiнах.

[443] Маюцца на ўвазе аддзелы ЗБВБ у Манчэстэры, Брадфардзе, Лёндане i Ковентры, а таксама Беларускiя дамы ў першых трох са згаданых гарадоў.

[444] З Парыжу а. Леў Гарошка хутка выехаў у Ватыкан для працы ў Беларускай рэдакцыi Радыё Ватыкану, дзе й заставаўся амаль да канца жыцьця.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX