Вярнуцца: Мемуары

Жыцьцяпіс


Аўтар: Равенскі Мікола,
Дадана: 11-05-2018,
Крыніца: Равенскі Мікола. Жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 193-197.



Рукапіс захоўваецца ў архіве БІНіМа (Нью-Ёрк). Як выглядае, аўтабіяграфія напісаная ў канцы 1951 або ў 1952 годзе. Памёр Мікола Равенскі 9 сакавіка 1953 году ў Лювэне (Бэльгія).

Равенскі Мікола, сын Якуба, нарадзіўся 5 сьнежня 1886 году ў маёнтку Капланцы Чэрвеньскага раёну (былы Ігуменскі павет). У гэтым маёнтку бацька ўсё сваё жыцьцё працаваў садоўнікам. Маючы нізкую аплату за працу й вялікую сям'ю, ён ня мог забясьпечыць ейных мінімальных патрэбаў, а тым больш даць асьвету сваім падрастаючым дзецям. Гэтае цяжкое становішча вымусіла яго шукаць нейкага выхаду. Цераз нейкі час гэткі выхад знайшоўся, і хутка мне − першаму зь дзяцей − прыйшлося адарвацца ад сям'і ў веку васьмігадовага хлапчука.

Першыя пачаткі граматы я атрымаў ад бацькі, а маючы сем гадоў, пачаў наведваць вясковую школу. Валодаючы вельмі добра дзяцінным голасам, музычным слыхам і здольнасьцямі, ад пяцёх год сьпяваў у царкоўным хоры, а ў 1895 годзе быў прыняты ў Менскі архірэйскі хор на поўнае ўтрыманьне й бясплатную навуку. Там прабыў я да 1903 году, дзе і атрымаў агульную пачатковую музычную асьвету.

У 1903 годзе атрымоўваю накіраваньне ў Менскі мужчынскі манастыр у якасьці дырыгента хору, дзе набываю салідную практыку дырыгаваньня. У 1905 годзе атрымоўваю ад архірэя накіраваньне ў Наваградак на працу дырыгентам царкоўнага хору, выкладчыкам сьпеваў і музыкі ў школах.

Адчуваючы свае музычна-тэарэтычныя веды недастаткова моцнымі, праходжу трохгадовыя дырыгенцкія курсы ў Маскве й Петраградзе, якія канчаю ў 1914 годзе. У гэтым-жа годзе я вымушаны пакінуць Наваградак у сувязі зь Першай сусьветнай вайной і эвакуацыяй. У 1915 годзе як уцякач працую ў вайсковым будаўніцтве ў якасьці канторшчыка, а ў далейшым − на пасадзе загадчыка будаўнічымі складамі. З 1917 г. працую ў Ігумене выкладчыкам сьпеваў і музыкі ў школах гораду.

На пачатку 1919 году пераяжджаю ў Менск на працу дырыгента царкоўнага хору пры Кяцярынінскім Саборы і адначасна працую ў школах у якасьці выкладчыка сьпеваў і музыкі. У 1920 годзе прымаю запросіны ад Беларускага Работніцкага Клюбу на арганізацыю й працу ў беларускім хоры. Ва ўспомненым клюбе сумесна з Уладзімерам Галубком ставім сыстэматычныя паказы й канцэрты, але масавы арышт у 1922 годзе ня толькі сяброў клюбнага камітэту і ягонага загадчыка (загадчыкам быў у той час мой родны брат, які як нацдэм загінуў у 1937 годзе ў Менскім НКВД), а нават усю беларускую інтэлігенцыю, якая ў той час прысутнічала на канцэрце, як, напрыклад, Лёсіка, Ільлючонка, Ляжневіча, Калевіча й шмат іншых (пераважна чыгуначнікаў), − цалкам спараліжаваў шпаркія крокі разьвіцьця клюбнае працы. Зразумела, гэты арышт не абмінуў гэтаксама Галубка й мяне.

У 1921 годзе прымаю ўдзел у вялікай экспэдыцыі па зьбіраньню народных песьняў, арганізаванай Інбелкультам, на чале з мастаком Полазавым, накіраванай у Слуцак і ягоны раён. У 1922 годзе выходзіць з друку мой першы зборнік песьняў − народных апрацовак і собскіх твораў на вершы беларускіх паэтаў. У гэтым-жа годзе я напісаў музыку на словы Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» (апэрэта), якая, на жаль, загінула, і кантату для хору «Курган» Канстанцыі Буйлы. У 1923 годзе прымаю абавязкі хормайстра ў Менскім Гарадзкім тэатры. У гэтым-жа годзе атрымоўваю ад Наркамату Асьветы накіраваньне ў Маскву для атрыманьня вышэйшае музычнае асьветы. Паступаю ў Музычны тэхнікум імя В. В. Стасава, які ў 1927 г. канчаю й пасьля іспытаў пераходжу ў кансэрваторыю.

У 1930 годзе здаю дзяржаўныя іспыты і атрымоўваю дыплём аб заканчэньні поўнага курсу навукаў у Маскоўскай кансэрваторыі. У гэтым-жа годзе ад Наркамату Асьветы атрымоўваю адкліканьне й пераяжджаю на музычную працу ў Менск.

Ад 1924 да 1930 зьяўляюся сябрам-карэспандэнтам Беларускае Акадэміі Навукаў. За час навукаў у Маскоўскай кансэрваторыі маю напісаныя наступныя музычныя творы: 22 фугі для фортэпіяна, зь іх 2 дзьвюхгалосныя, 5 − трохгалосных, 11 − чатырохгалосных і адна васьмігалосная для выкананьня на драўляных музычных інструмэнтах (флейта, габой, клярнэт і фагот); кантату для хору, салістых і сымфанічнай аркестры на словы Янкі Купалы; харавыя творы ў малой форме, апрацоўкі беларускіх народных песьняў для хору й салёвых выкананьняў. Шматлікія зь іх былі надрукаваныя, у гэтым ліку "Ліпнёвы гімн" на словы Ўладзімера Дубоўкі, а крыху пазьней і фортэпіянная прэлюдыя. Супрацоўнічаў у часапісе "Узвышша", у якім зьмешчаны мае два музычна-крытычныя артыкулы. Апрача гэтага, на словы Ул. Дубоўкі напісаны вялікі хор "О Беларусь, мая шыпшына". Партытура загінула ў 1942 г., узноўлена на эміграцыі. У 1929 г. супольна з Уладзімерам Дубоўкам прыступаем да працы над опэрай "Браніслава".

У 1930 г. выкладаю музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў Менскім Беларускім Музычным тэхнікуме, а пазьней у новазакладзенай у Менску Беларускай кансэрваторыі. Побач з гэтым, выконваю абавязкі загадчыка навуковай часткі Музычнага тэхнікуму, не пакідаючы музычнае творчасьці. Зь вялікіх формаў напісаная музыка для смычковага квартэту й сюіта. Абодва гэтыя творы пабудаваныя на беларускіх народных матывах. Да гэтага ліку належыць і шэраг масавых і харавых песьняў. Бальшыня дробных рэчаў была выдадзеная ў Менску Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам, а пазьней БДВ выдала й фортэпіянную прэлюдыю. Летнія месяцы скарыстоўваў на паездкі па вёсках для запісу народных песьняў.

Амаль бесьперапыннае перасьледаваньне за нацдэмаўшчыну ды розныя непрыемнасьці параліжавалі ў мяне імкненьне да творчае працы. Каб хоць часова ўхіліцца ад гэтага перасьледаваньня, у 1940-41 навучальным годзе пераяжджаю ў Магілёў.

У 1941 годзе вяртаюся ў Менск. 23 чэрвеня 1941 − дзень пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны. Амаль увесь Менск ахоплены морам агню; уся мая хатняя маёмасьць і ўся праца ў выданьнях і рукапісах, а ў гэтым ліку і захаваныя чарнавікі опэры "Браніслава", гінуць.

У 1943 годзе пераяжджаю зь Менску ў горад Чэрвень (Ігумен). Тут ствараю пры мясцовым клюбе вялікі мяшаны хор, жаноцкі ансамбаль і драматычны гурток. Пішу музыку на царкоўныя малітвы. Тут-жа напісана зноў музыка першага й другога актаў апэрэты "Залёты". У 1944 годзе пераяжджаю ў Менск, дзе здаю два акты гэтае апэрэты ў аддзел мастацтва пры БЦР. Крыху пазьней заканчваю й трэці акт.

У гэтым-жа годзе адбываецца эміграцыя ў Нямеччыну. Увесь музычны матар'ял, які знаходзіўся ў музычным аддзеле, быў вывезены ў Нямеччыну, але першы акт мае апэрэты загінуў дзесь па дарозе і атрымаць мне яго не прыйшлося. Такім чынам, і паўторная праца над апэрэтай аказалася дарэмнай.

Прыгатаваны да друку зборнік беларускіх народных песьняў і ўласных твораў на словы беларускіх паэтаў, які складаўся з 75 нумароў, загінуў у друкарні ад пажару ў Бэрліне.

На эміграцыі арганізоўваю шырокавядомы сярод эмігрантаў беларускі ансамбаль пры драматычнай групе "Жыве Беларусь".

У Рэгенсбургу (1945 год) узнаўляю музыку, якая загінула ад пажару ў Менску − вялікі харавы твор на словы Ўладзімера Дубоўкі "О Беларусь, мая шыпшына", арыі Браніславы з опэры "Браніслава" й "Ноч над Менскам", абедзьве таксама на словы Ул. Дубоўкі. Гэтую працу заканчваю ў 1946 г.

У 1947 г. пішу фантазію для скрыпкі й фортэпіяна на беларускія народныя тэмы. У гэтым-жа годзе напісана скарочаная тэорыя музыкі для самаадукацыі. Напісана музыка на словы Н. Арсеньневай "Магутны Божа".

У 1948 г. музычна аформлены п'есы "Пінская шляхта", "Нечаканыя заручыны" й "Вясёлы майстра". Апрацаваны шэраг народных беларускіх песьняў для хору і ансамблю.

1950 г. − пераезд зь Нямеччыны ў Бэльгію. У гэтым годзе напісана "Grand Suite" для фортэпіяна на беларускія народныя тэмы (выконваецца на канцэртах у 1950-1951 гадох), трохгалосная фуга для фортэпіяна "На выгнаньні", хор для мужчынскага ансамблю "Слуцкія ткачыхі" з солё барытона ў суправаджэньні ансамблю й фортэпіяна, "Чаму-ж мне ня пець" у шырокай распрацоўцы, таксама ў суправаджэньні фортэпіяна, і песьні "Мароз", "Свадзьба камара", "Ой, на моры зялёным", "Вечарком за рэчкаю", "Паласа", "Хмель лугамі", "Вярба", "Халімон", "Бабка", "Ой, вяду бяду" (надрукаваная), "Пагоня" − усе ў суправаджэньні фортэпіяна, выконваюцца на канцэртах і напяваюцца на пліткі. Апрача гэтага, напісана дзьве оды для мужчынскіх галасоў, беларуская калыханка для жаночага квартэту й фортэпіяна, "Мой родны кут" − дуэт для жаночых галасоў з фортэпіяна, апрацаваны для хору шэраг беларускіх народных песьняў, малых харавых твораў, скаўцкіх і для жаночага ансамблю. Распрацаваны народныя песьні: "Ты, чырвоная каліна", "Дарагая мне староначка", "Песьня бабыля", зроблена шмат іншых апрацовак, усе яны ў саправаджэньні фортэпіяна. Узноўлена з апэрэты "Залёты" песьня Сабковіча "Маю грошы, маю я...". Апрацавана народная песьня для салёвага выкананьня з фортэпіяна "Чалавек жонку б'е, бічуе". Для акардэона распрацавана музыка "Лявоніхі", "Крыжачка", "Мяцеліцы" й дзьве беларускія полькі.

У 1951 годзе напісаны вялікі твор на беларускія народныя тэмы пад назвай "L'exil".

Сабрана 270 нумароў беларускіх народных песьняў. Падрыхтаваны да выданьня зборнік беларускіх народных песьняў, які складаецца з 80 нумароў.

Апрача гэтага, на працягу гадоў ствараў царкоўную музыку: два нумары "Иже херувимы", "Благослови душа моя Господа", "Во царствии Твоем", "Милость Мира", "Верую" для хору й солё барытона, "Отче Наш", "Достойно есть", "Хвалите Господа", "Многолетие", екценіі: вялікая, сугубая й прасіцельная − і невялікі канцэрт "Славя в вышних Богу".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX