Папярэдняя старонка: Мемуары

З успамінаў Янкі Шутовіча 


Аўтар: Шутовіч Янка,
Дадана: 02-06-2014,
Крыніца: З успамінаў Янкі Шутовіча // Спадчына №1-1995. С. 32-46.



Мы адзначаем сумны юбілей - 50-годдзе ліквідацыі Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча. Музей гэты пачынаўся з дзіцячай калекцыі гімназіста Янкі Луцкевіча, у 1921 годзе набыў статус дзяржаўнай культурна-асветнай установы ў міжваеннай Вільні, праіснаваў 24 гады, перажыў гітлераўскую акупацыю i быў зліквідаваны (дакладней - разрабаваны) савецкімі ўладамі ЛітССР i БССР на загад Масквы. Ніжэй вы пазнаёміцеся з успамінамі апошняга беларускага дырэктара музея Янкі Шутовіча, які дастаткова падрабязна апісаў гэты працэс. Ганебны працэс, які доўжыўся з лістапада 1944 па чэрвень 1945 года.
Публікацыя i архіўныя здымкі Лявона Луцкевіча.

СЬВЯТОЕ ГЭТА МЕСЦА

У 1912 годзе ўпершыню наведаў Вільню беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля. Ён затрымаўся ў памешканьні рэдакцыі беларускай газэты «Нашай Нівы». Увагу пісьменьніка зьвярнула багатая калекцыя памятак беларускай старасьвеччыны, сабраная выдатным i самаахвярным высокакваліфікаваным беларускім археолягам i грамадзкім дзеячом Іванам Луцкевічам (радзіўся 28 траўня 1881 году паводле старога стылю, памёр 20 жніўня 1919 году).

У Бядулі багатыя зборы беларускай старасьвеччыны выклікалі патрыятычныя перажываньні i настроі, роздум пра багатую спадчыну нашага народу, пра яго гістарычную мінуўшчыну.

Што ж канкрэтна так усхвалявала пісьменьніка, што ён канкрэтна бачыў з калекцыі памятак старасьвеччыны ў памешканьні рэдакцыі «Нашай Нівы»?

Аб гэтым гаворыць ён у нарысе-імпрэсіі, зьмешчаным у кніжцы, прысьвечанай памяці Івана Луцкевіча, выдадзенай у першыя ўгодкі яго сьмерці (Вільня, 1920 г.).

Нарыс Зьмітрака Бядулі займае ў кніжцы чатыры старонкі i названы «Сьвятое гэта месца». Канчаецца ён так; «Сьвятое гэта месца, бо яно родзіць зярняты прасьветы для ўсяго вялікага Беларускага Народу».

ЗЬДЗЕЙСНЕНЫЯ МАРЫ...

Іван Луцкевіч марыў аб стварэньні беларускага нацыянальнага музэю i праз усё сваё працавітае i самаахвярнае Янка Шутовіч - дырэктар музэю ў 1941 - 1944 гг.. жыцьцё (пражыў 38 гадоў), апроч шырокай грамадзкай дзейнасьці, прысьвечанай нацыянальна-вызваленчым ідэалам беларускага народу, як выдатны вучоны-археоляг прысьвяціў зьбіраньню багатай спадчыны народу ў галіне археалёгіі, гісторыі, культуры, навукі, этнаграфіі...

Будынак на вул. Завальнай, 7, дзе месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва» i перахоўвалася калекцыя Івана Луцкевіча да заснаваньня музэю.

Зьняможаны цяжкаю рознабаковаю грамадзкаю працаю, неспрыяльнымі палітычнымі ўмовамі працы i цяжкімі бытавымі ўмовамі жыцьця, гэты незвычайны беларускі патрыёт за год перад сваёй заўчаснай сьмерцю (памёр ад сухотаў, пахаваны ў Польшчы, у Закапаным) падараваў свае зборы памятак беларускай мінуўшчыны Беларускаму Навуковаму Таварыству ў Вільні дзеля стварэньня асновы задуманага ім беларускага нацыянальнага музэю.

У 1921 годзе быў створаны гэткі музэй, які памяшчаўся ў славутых Базыльянскіх мурох, займаючы памешканьне, каторае было за малое i недастатковае для экспазыцыі ўсіх экспанатаў.

Дзеля ўвекавечаньня памяці ахвярадаўцы Беларускае Навуковае Т-ва (якое па яго ж ініцыятыве было арганізавана ў 1918 годзе) назвала музэй «Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча» (поўнасьцю: Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музэй ім. Івана Луцкевіча).

Такім чынам споўніліся мары закладчыка музэю, незабыўнага беларускага вучонага-патрыёта, ахвярнага сына нашага народу - Івана Луцкевіча.

МУЗЭИ - БЕЛАРУСКАЯ МЭККА

Беларускі музэй у Вільні стаўся сапраўды беларускай Мэккай, паводле слоў Зьмітрака Бядулі, сьвятым месцам ня толькі для жыхароў беларускай нацыянальнасьці б. Заходняй Беларусі, але i для беларусаў, што знаходзіліся па-за ейнымі межамі, а таксама атракцыйным месцам для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, што цікавіліся i вывучалі беларускую праблему.

Музэй ня толькі быў цікавым для наведальнікаў. Музэй ствараў у наведальнікаў патрэбу шукаць сьляды продкаў, сьляды багатай спадчыны мінулых пакаленьняў нашага народу, - шукаць прадметнае i праўдзівае сьведчаньне аб яго культуры, яго інтэлектуальным разьвіцьці. У музэі знаходзіліся скарбы матар'яльнай i духовай культуры беларускага народу, прадукт розуму i сэрца, творчыя здабыткі, у якіх выражаны эстэтычныя густы i ўпадабаньні яго зь перадгістарычнай i гістарычнай эпох існаваньня народу i да нашых дзён, прадметнае сьведчаньне аб творчай i самабытнай нацыянальнай індывідуальнасьці нашых продкаў.

Эмацыянальнае i патрыятычнае ўзьдзеяньне музэю на наведальніка стварала ў апошняга жаданьне павялічыць скарбы музэю, шукаць новыя экспанаты i папаўняць імі музэй.

Багатая калекцыя Івана Луцкевіча папаўнялася новымі экспанатамі i матар'яламі рознага профілю. Музэй рос, разьвіваўся, множыў свае скарбы. У некаторай ступені ён стаўся сапраўды беларускім нацыянальным музэем.

ДАВАЕННЫ ПЭРЫЯД

Ужо ад пачатку існаваньня музэю яго памешканьне было яўна цесным. Экспанаваліся найбольш цэнныя, характэрныя i цікавыя экспанаты, але i гэтыя прадметы ўжо сьведчылі аб багацьці i разнастайнасьці збораў музэю.

Памяшканьне музэю ў Базыльянскіх мурох. Тут музэй знаходзіўся ад 1921 да 1943 г.

Польскія дзяржаўныя ўлады, якія праводзілі палітыку дэнацыяналізацыі нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, палітыку нацыянальнага i сацыяльнага прыгнёту, не стараліся забясьпечыць элемэнтарныя культурныя патрэбы беларусаў. Нават маленькая грашовая дапамога, прызначаная на падтрыманьне музэю, у 1938 годзе была спынена. Музэй утрымліваўся коштам ахвярнага беларускага грамадзянства i зь сяброўскіх узносаў Беларускага Навуковага Таварыства. Помню, як я асабіста, у цяжкія для музэю часы, хадзіў з падпісным зьбіраць грошы - ахвяры ў фонд паддзержкі музэю. Фактычна гэта была жабраніна. Але ж трэба было ратаваць музэй, сьвятое сьвятых нашага народу. Атрыманьне большага памешканьня для музэю было пустой марай. Выў нават час, калі польскія ўлады хацелі апанаваць усімі Базыльянскімі мурамі i выкінуць зь ix усе беларускія ўстановы, у тым ліку i музэй, але гэта ім не ўдалося. Музэй астаўся ў сваім старым памешканьні да разгрому Польшчы ў 1939 годзе i пасьля яго. Толькі падчас нямецкай акупацыі музэй быў пераведзены на вул. сьв. Ганны, 4, дзе i знаходзіўся да поўнай яго ліквідацыі ў 1945 годзе.

Трэба аб'ектыўна сьцьвердзіць, што ў пэрыяд польскай акупацыі Заходняй Беларусі, якой Вільня была галоўным цэнтрам, музэю існаваць было вельмі цяжка. Плошча памешканьня музэю мела толькі 198 кв. мэтраў, асьвятленьне было кепскае.

У музэі працавалі ў той час толькі дзьве асобы - дырэктар музэю Антон Луцкевіч i бібліятэкар Уладзімер Самойла. Але беларускае грамадзянства дапамагала музэю сваімі ахвярамі i працай на грамадзкіх пачатках, асабліва студэнцкая моладзь.

Запісы ў інвэнтарнай кнізе музэю паказваюць, што працаўнікі музэю запрашалі спэцыялістаў з археалёгіі i зь іншых галін веды дзеля дасьледаваньня i навуковага выясьненьня паасобных экспанатаў.

На базе музэйнага матар'ялу вяліся распрацоўкі тэмаў з гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва, культуры, грамадзкай думкі, так супрацоўнікамі музэю, сябрамі Беларускага Навуковага Таварыства, пражываючымі ў Вільні i па-за Вільняй, як i іншымі навукоўцамі - беларусамі i ня толькі беларусамі. Ix працы апублікаваны ў «Гадавіку» Беларускага Навуковага Т-ва ў 1933 г. i ў «Запісах» гэтага ж таварыства ў 1938 годзе.

У музэі, у яго памешканьні, у перадваенным пэрыядзе канцэнтравалася навуковая дзейнасьць Беларускага Навуковага Таварыства. Тут паасобныя сэкцыі Таварыства (літаратурна-мастацкая, моваведная, гістарычная, краязнаўча-турыстычная i музэйная) арганізавалі даклады, дыскусіі з удзелам непасрэдным i пасрэдным сябраў Т-ва i яго карэспандэнтаў. У архіве музэю працавалі i прыежджыя навуковыя дасьледнікі з Польшчы i з заграніцы (Францыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Швэцыі, Нарвэгіі, Гішпаніі i інш.).

З музэйных матар'ялаў i кнігазбору карысталіся абсальвэнты i студэнты вышэйшых школаў для сваіх дыплёмных работ. Падрабязныя інфармацыі пра дзейнасьць Таварыства i яго сэкцыяў знаходзяцца ў успомненых вышэй публікацыях - «Гадавіку» i «Запісах» Т-ва.

ЦІ ШМАТ ЛЮДЗЕИ НАВЕДВАЛА МУЗЭИ?

У «Запісах» Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, выданых у 1938 годзе, падаюцца гэткія зьвесткі аб колькасьці наведальнікаў Беларускага музэю за пэрыяд з 1933 году (год выданьня «Гадавіка» БНТ) да 1938 году ўключна:

год - 1320 асоб (48 экскурсіяў)

год - 920 асоб (51 экскурсія)

год - 903 асобы (42 экскурсіі)

год - 1494 асобы (64 экскурсіі)

год - 4569 асоб (110 экскурсіяў)

год (толькі да канца кастрычніка) - каля 5000 асоб (звыш 70 экскурсіяў).

АБ ФОНДАХ ВЫЯУЛЕНЧАГА МАСТАЦТВА

Не магу не адзначыць i тых мамэнтаў зь дзейнасьці музэю, рэалізацыя якіх вызначалася пазытыўным разьвязаньнем пытаньня памешканьня: атрыманьнем новага ці расшырэньнем старога. Дырэкцыя музэю меркавала ў выпадку, калі б атрымала адпаведнае памешканьне, стварыць шырокую карцінную галерэю, у якой можна было б паказаць выдатныя творы з гістарычнага прошлага - творы такіх выдатных мастакоў, як Смуглевіч, Сьляндзінскі, Канеўскі (яго партрэт Адама Міцкевіча, пісаны ў 1845 г. у Пецярбурзе з натуры), Рустэм, Попольф, Пешка, Хруцкі, Лосенка, Канута Русецкі, Трутнеў, Брюллов, Шаламіцкі (яго копія партрэта Ўладыслава Ягайлы з 10.IX.1849 г.), Пятроўскі i інш., творы іншых шматлікіх ведамых i няведамых мастакоў пэндзля (партрэты вялікага князя Вітаўта, іншых выдатных дзяржаўных, грамадзкіх i культурных дзеячоў нашага краю).

Апроч партрэтнага мастацтва, меркавалася паказаць творы такіх выдатных скульптараў, як Антакольскі, Грубэрскі, Крэмень, Арлоўскі, Яхімовіч i інш. з галіны графікі - творы (зарысоўкі, гравюры, дрэварыты, літаграфіі) з рознага часу, асабліва творчасьць віленскіх гравюршчыкаў першай палавіны XIX стагодзьдзя - Маўрыцуса Кармэліта, Ставэцкага, Падалінскага, Кісьлінга, Эгерфэльдэра, Вэйса, Бальцэвіча, Навіцкага, Пятровіча, Пятроўскага, Пэрля, а ў першую чаргу - слаўныя беларускія дрэварыты (гэтак званыя лубкі - колерныя дрэварыты) Паўла Комара з 1750 г.

Знайшлося б месца ў галерэі i для выяўленчага народнага мастацтва, для калекцыі твораў народных разьбяроў, для іншай мастацкай творчасьці індывідуальнай i народнай. З індывідуальнай - творы такіх мастакоў, як Сергіевіч, Драздовіч i інш. Знайшлі б месца ў беларускай карціннай галерэі выдатныя творы літоўскіх, братніх нам, мастакоў - такіх, як Зікарас Е., Шымоніс, Шылейка, Варнас, Калпокас, Дыджокас, Мацкявічус i інш.

(Неабходна адзначыць, што ўсё ж большая частка вышэй пералічаных экспанатаў выстаўлялася на працягу ўсяго часу існаваньня музэю, нягледзячы на цеснату памешканьня. Гэтая старонка ўспамінаў Я. Ш., аднак, цікавая тым, што дае інфармацыю аб фондах аддзелу выяўленчага мастацтва музэю. - прып. Л. Л.)

ДАЛЕИШЫ ЛЕС МУЗЭЮ...

У пэрыяд літоўскай буржуазнай улады Ў Вільні, г. зн, ад кастрычніка 1939 да 15 чэрвеня 1940 г., музэй фактычна быў нячынны. У гэтым часе Беларускае Навуковае Таварыства ўжо нарастала існаваць, i музэй знаходзіўся Ў ведамстве Інстытуту літуаністыкі, які пасьля ўтварэньня Літоўскай ССР ператварыўся ў Акадэмію навук. Штатных работнікаў у музэй назначаў прэзыдэнт АН ЛССР праф. Вінцас Крэве-Міцкявічус. Дырэктарам музэю прызначыў абсальвэнта Віленскага ўнівэрсытэту, этнографа магістра Мар'яна Пецюкевіча. Штатнымі работнікамі музэю былі мастак Петра Сергіевіч, музэйнік Александровіч, а я працаваў бібліятэкарам.

Незадоўга перад прыходам гітлераўскіх захопнікаў Пецюкевіч выехаў на вёску. Увесь пэрсанал музэю, апроч Пецюкевіча, аставаўся ў Вільні i ў далейшым працаваў у музэі.

Вакол музэю i навуковага таварыства гуртавалася беларуская інтэлігенцыя розных кірункаў. На здымку: сустрэча зь беларускімі паэтамі Максімам Танкам i Натальляй Арсеньневай у памяшканьні сябра ўраду БНТ Антона Нэканды-Трэпкі.

7 ліпеня 1941 году новыя ўлады Літоўскай Акадэміі навук назначылі мяне дырэктарам музэю на месца Пецюкевіча. Ад самага пачатку акупацыі музэй празь некаторы час знаходзіўся ў сыстэме Літоўскай Акадэміі навук, пасьля быў выдавлены ў асобную самастойную адзінку з назовам «Віленскі беларускі музэй», падпарадкаваную непасрэдна дэпартамэнту навукі i мастацтва пры кіраўніцтве асьветы. Характар i стыль работы ў музэі амаль не зьмяніўся - астаўся такім, як у папярэднім пэрыядзе.

Зьмяніўся склад работнікаў музэю: выбыў Петра Сергіевіч, прынятыя былі ў якасьці штатных работнікаў мастак-графік, ён жа гісторык мастацтва, Владас Дрэма, нумізматык Янка Бэкіш, Уладыслаў Паўлюкоўскі - бібліятэкар i сакратар музэю. Няштатным работнікам музэю быў праф. Шэлігоўскі Тадэвуш, кампазытар i музыкалёг.

Апроч таго, згадзіліся працаваць у музэі на грамадзкіх пачатках Антон Антановіч (цяпер доктар філялягічных навук) i Генадзь Цітовіч (цяпер народны артыст СССР).

У пачатку 1944 году нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі музэю пакінуць займанае ім памешканьне ў Базыльянскіх мурох i заняць новае ў будынку пры вул. сьв. Ганны, 4. Цяпер там знаходзіцца Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут. У гэтым памешканьні музэй дачакаўся вызваленьня Вільні ад нямецкай акупацыі, а пазьней i сваёй ліквідацыі.

У гэтым памешканьні музэй перажыў вогненны час, найбольш небясьпечны для свайго існаваньня, час, калі празь Вільню праходзіла лінія фронту.

Пасьля таго як савецкая армія выгнала зь Вільні нямецкіх захопнікаў, я ўрэшце дабраўся да музэю. Аглядаю яго. Дзьверы, што вялі ў калідор, у пакоі i залы, занятыя музэем, парасчыняныя, там-сям раскінутыя кніжкі, экспанаты; запасу паперы, які мы захоўвалі дзеля праектаванага выданьня бюлетэня, няма, не хапае з аддзелу мілітарыяў некалькі пісталетаў i мячоў. Так, здаецца, усё ў парадку. Відавочна, савецкія воіны шукалі ў памешканьні ваенных трафэяў - ну i забралі хіба сабе на памятку ўспомненыя пісталеты i мячы. Таксама забралі i паперу, бо быў голад на гэты матар'ял. Шкадаваць ня было чаго. Добра i так. Я ўсьцешыўся, што фонды музэю асталіся амаль цэлымі, захаванымі. Іду наведаць падвалы суседняга касьцёла сьв. Міхала. Там знаходжу таксама амаль усё ў парадку. Скрыні некаторыя парасчыняны, але ўсё, што было ў ix, захавалася цалком.

Немцы не пасьпелі аграбіць музэй. Маланкавы наступ савецкай арміі перашкодзіў немцам аграбіць багацьце беларускага музэю.

Такім чынам, на вялікую i бязьмерную нашу радасьць, музэй выйшаў з вайны амаль цэлым, непарушаным, захаваным. Думка перавезьці цаньнейшыя экспанаты ў падвалы касьцёла сьв. Міхала была добрая, абгрунтаваная i рэальная. Аднак выкананьне яе было зьвязана зь вялікімі тэхнічнымі цяжкасьцямі. Трэба было запакаваць экспанаты ў скрыні, арганізаваць транспарт. На просьбу дырэкцыі музэю зрабіў гэта незабыўны прафэсіянал, спэцыяліст ад цясьлярскіх, сталярных i іншых работ - дзядзька Кэпэль, стары беларус, былы даўгалетні старшыня бацькоўскага камітэту Віленскай Беларускай Гімназіі. Памагаў яму i я. Ператранспартаваць скрыні ў касьцёл было нялёгкай справай, але калектыў музэю прылажыў усе свае сілы, i гэта было зроблена. Мы радаваліся, што зрабілі вялікую патрыятычную справу. Радаваліся, што частку экспанатаў здалі ў апеку крыштальнай чэснасьці чалавека, выдатнага беларускага грамадзскага дзеяча кс. Адама Станкевіча, які быў у гэты час адміністратарам касьцёла сьв. Міхала [1].

Пасьля вызваленьня Вільні ў ліпені 1944 году для музэю пачаўся новы, савецкі пэрыяд існаваньня, здавалася б, больш пэрспэктыўны i надзейны. Ен быў кароткім, бо трываў некалькі месяцаў...

Пакінулі музэй i перайшлі на іншую работу Владас Дрэма i Янка Бэкіш. На ix месца паступілі Стэцкевіч Фэлікс, Сергіевіч Пётра i Фёдараў Мікіта. Дырэктарам музэю быў у далейшым зацьверджаны я.

Музэй аставаўся спачатку ў ведамстве Камітэту для спраў мастацтва пры Совнаркоме Літ. ССР, пазьней у ведамстве Наркомпроса Літ. ССР (нарком праф. Жюгжда, намесьнік Мешкаўскене).

Цяпер найбольш актуальнай справай было адшуканьне новага, прасторнага, адпаведнага для музэю памешканьня. Такое памешканьне супрацоўнікі музэю знайшлі. Гэта быў асабняк на вул. Касьцюшкі, 16. На яго быў атрыманы ордэр 6 кастрычніка 1944 г.

25 кастрычніка былі нават перавезеныя ў новы будынак некаторыя экспанаты - каля 20 штук карцін, якія былі разьвешаны на сьценах. Але заняць будынак музэю не далі, бо канчаткова ён быў прызначаны іншай арганізацыі. Дырэкцыя музэю пастанавіла бараніцца - адстойваць свае правы на памешканьне пры вул. Касьцюшкі, 16. Яна піша 4 лістапада заяву пракурору Літоўскай ССР у Вільні. Адказу ад пракурора ў справе, так важнай для музэю, дырэкцыя не атрымала. Магчыма, ён i не патрэбны быў у сувязі знамерам Совнаркому Літ. ССР ліквідаваць беларускі музэй у Вільні, падзяліць яго маёмасьць паміж Літоўскай ССР i Беларускай ССР.

Прыпамінаю апошні час маёй працы ў музэі. 19 лістапада 1944 году ў беларускі музэй зьявілася ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераезду музэю ў Менск. Гаварылася, што для пэрсаналу будзе забясьпечана жыльлё i ўмовы для працы, сулілі прывабныя пэрспэктывы працы ў Менску...

Я, улічваючы адказнасьць усёй справы, ня мог рашыць сам. Прапанаваў склікаць на панядзелак 21 лістапада шырэйшую нараду з удзелам як найбольшага ліку прадстаўнікоў віленскага беларускага грамадзянства. Няхай яна рашыць гэтае, так важнае для лёсу беларускага музэю ў Вільні, пытаньне. Нарада не адбылася.

На заўтрашні дзень, г. зн. 20 лістапада, я быў пазбаўлены магчымасьці прабываць у Вільні на даўжэйшы час... I толькі вярнуўшыся ў Вільню ў 1956 годзе, я даведаўся, што сталася з музэем.

Яго зьліквідавалі. Пасьля майго выбыцьця зь Вільні на становішча дырэктара музэю быў назначаны Юозас Пятруліс. Пры ім i адбылася ліквідацыя музэю.

ЛІКВІДАЦЫЯ

Хутка, бо празь некалькі дзён, як я быў пазбаўлены магчымасьці працаваць у музэі, была вызначана Совнаркомам Літ. ССР ліквідацыйная камісія, у склад якой уваходзілі: старшыня - намесьнік народнага камісара асьветы М. Мешкаўскене, сябры - прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус i дырэктар музэю АН Літ. ССР кандыдат навук К. Мякас.

Ліквідацыйная камісія адбыла першае сваё паседжаньне 24 лістапада 1944 г. На паседжаньні былі разважаны такія пытаньні: 1) Устанаўленьне прынцыпу адбору экспанатаў, 2) Тэхнічная старана адбору экспанатаў, 3) Апісаньне i падрыхтоўка да вывазкі экспанатаў, 4) Правядзеньне інвэнтарызацыі выбраных да вывазкі экспанатаў, 5) Запакоўка выбраных да вывазкі экспанатаў, 6) Просьба адпусьціць крэдыты на аплату вышэй пералічаных работ.

У пратаколе было сказана: «Робячы адбор, усе экспанаты падзяліць на гэткія групы:

1) экспанаты, што маюць адносіны да літоўскага народу, Літ. ССР, а таксама гісторыі літоўскага народу;

2) экспанаты, што адносяцца да беларускага народу, Беларускай ССР, а таксама да гісторыі беларускага народу;

3) экспанаты, што адносяцца i да літоўскага народу, яго гісторыі, да Літоўскай ССР, i да беларускага народу, яго гісторыі, да Беларускай ССР;

4) экспанаты, што ня маюць адносінаў ні да літоўскага народу i яго гісторыі, ані да беларускага народу i яго гісторыі.

Усе экспанаты першай i чацьвёртай груп - пасьля адбору - пакінуць у Літве. Але дублікаты гэтых экспанатаў, альбо калі экспанатаў гэтых груп i зродненых зь імі ёсьць большая колькасьць, то паводле рашэньня адборачнай камісіі яны могуць быць адабраны для вывазкі.

Экспанаты другой групы адбіраюцца для вывазкі. Але дублікаты ix, альбо калі ёсьць зродненых зь імі большы ЛІК, i калі такіх экспанатаў у музэях Літ. ССР няма, альбо мала ёсьць, дык адборачная камісія рашыць, ці гэткія экспанаты могуць быць пакінуты ў Літве.

Петра Сергіевіч - мастак, шматгадовы супрацоўнік музэю.

Адбіраючы экспанаты трэцяй групы, трымацца прынцыпу: якой савецкай рэспубліцы ці народу экспанат мае большую навуковую, мастацкую, гістарычную, культурную ці іншую вартасьць, туды яго i прызначыць.

Да пункту 2-га парадку дня: Для адбору экспанатаў запрасіць спэцыялістаў-экспэртаў адпаведнага профілю. Пастаноўлена запрасіць такіх экспэртаў: праф. Пакаркліса, праф. Яблонскага, праф. д-ра Я. Вальджуса, дац. Кулікаўскаса, праф. Велюкаса, праф. мастака Гудайціса, мастака Дрэму, мастака Ст. Вайткуса, бібліёграфа А. Пошку, музэйніка В. Гвітаўтаса, геоляга В. Чэпулітэ. Для выкананьня тэхнічных працаў выкарыстаць служачых беларускага музэю i Народнага Камісарыяту Асьветы».

Тут трэба адцеміць, робячы дыгрэсію, што для ўчасьця ў працах ліквідацыйнай камісіі была вызначана ўрадавая дэлегацыя зь Менска на чале зь нейкім Сабіным, чалавекам абыякавым да спраў музэю, хіба тая самая, што гаварыла ca мною 19 лістапада 1944 г. Апроч таго, мастак Петра Сергіевіч, які быў тады штатным працаўніком музэю, атрымаў спэцыяльнае пісьмо ад сакратара па прапагандзе з ЦК КПБ Гарбунова, у якім ён запрашаў мастака ўдзельнічаць у працах ліквідацыйнай камісіі.

Петра Сергіевіч, як мне стала ведама, ня ўдзельнічаў у працах ліквідацыйнай камісіі. Відавочна, не дазволіла яму сумленьне ліквідаваць свой нацыянальны музэй, для якога так многа аддаў сэрца i працы... Ен жадаў, каб Музэй існаваў цэлым, непадзеленым у далейшым ці ў Вільні, ці ў Менску...

Варочаючыся да пратаколу - да п. 3: «Дзеля таго, што адабраныя для вывазу ў БССР экспанаты маюць вялікую вартасьць, то перад вывазам яны павінны быць адпаведна апісаны, сфатаграфаваны i зафіксаваны рысункамі. Да п. 4: Для экспанатаў, што адабраны для вывазу ў БССР, зрабіць інвэнтарны акт у двух экзэмплярах i дзьвюх мовах - іменна ў рускай i літоўскай мовах. Да п. 5: Дзеля запакоўкі адабраных для вывазу экспанатаў заказаць 150 скрынь рознай велічыні. Да п. 6: Прасіць Совнарком адпусьціць крэдыт у суме 20 тысяч рублёў для аплаты работнікам i экспэртам за працу».

Як мне стала ведама, ліквідацыйная камісія адбыла яшчэ адно паседжаньне, апошняе, у палавіне чэрвеня 1945 году. Яна скончыла сваю работу, якая трывала больш паўгода. Пратакол гэтага паседжаньня, як мяне паінфармавала Мешкаўскене, павінен быць у Гістарычным архіве Літ. ССР у Вільні.

Ведаю сягоньня, што многія экспанаты Беларускага музэю ў Вільні знаходзяцца ў сховішчах дзяржаўных музэяў i бібліятэк Літоўскай ССР, у першую чаргу ў такіх музэях: Гісторыка-этнаграфічны музэй АН Літ. ССР у Вільні i яго філіялы (Карцінная галерэя i інш.), У Літоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце, у бібліятэцы АН Літоўскай ССР. У ёй нават створаны Беларускі фонд зь перанятых зь Беларускага музэю матар'ялаў. Што знаходзіцца ў Вільні, можна адшукаць i ўстанавіць.

Лёс фондаў i ўсіх збораў музэю можна прасачыць па пратаколах ліквідацыйнай камісіі, якой апошняе паседжаньне адбылося ў чэрвені 1945 г., а таксама па інвэнтарных кніжках i запісах тых арганізацыяў i ўстановаў, якія па рашэньні гэтай камісіі атрымалі экспанаты з паасобных фондаў музэю.

Некаторыя зьвесткі аб лёсе паасобных экспанатаў ці архіўных фондаў музэю ў мяне ёсьць, але далека ня ўсе. Так, напрыклад, рукапісы Янкі Купалы «Шляхам жыцьця», паэмы «Сон на кургане» i «Паўлінкі» няўрымсьлівай жонкай Купалы Ўладыславай Францаўнай Луцэвіч (славутай цёткай Уладзяй) яшчэ ў 1945 годзе былі ўзяты з падвалаў касьцёла сьв. Міхала, дзе яны знаходзіліся на перахаваньні, i сёньня знаходзяцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску.

Некаторыя экспанаты з іканаграфічнага аддзелу музэю, з народнай разьбы, з індывідуальных твораў мастакоў знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музэі БССР.

З фатаграфічнага фонду музэю шмат адзінак знаходзіцца ў архіве фота-фонадакумэнтаў БССР. Доказам гэтага зьяўляецца тое, што 6 год таму назад зь Менску ў Вільню прыяжджала прадстаўніца гэтага архіву i прасіла мяне «адчытаць» некаторыя здымкі, што знаходзіліся ў зборах Віленскага беларускага музэю.

Відавочна, некаторыя архіўныя матар'ялы ў выніку падзелу збораў музэю апынуліся i ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР у Менску. Аб гэтым я даведаўся з газэты «Голас Радзімы» № 6 за люты 1971 г. Газэта падае (глядзі артыкул А. Заравай «Пакуль што загадка»): «У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР у Менску ёсьць сьпісы членаў таварыстваў, указы Мікалая I, прыгавор вярхоўнага крымінальнага суда а6 жорсткай расправе зь дзекабрыстамі. Усяго да сьледзтва i суда прыцягвалася 579 чалавек. Звыш ста дзекабрыстаў было саслана на катаржныя работы ў Сібір. П. Пэстэль, С. Мураўёў-Апостал, М. Бястужаў-Румін, П. Кахоўскі i К. Рылееў павешаныя на валу Петрапаўлаўскай крэпасьці». У Віленскім беларускім музэі ў картатэках было запісана: «Даклад «Верховного Уголовного Суда» Мікалаю I з анэксамі i маніфэст Мікалая I аб карах для ўчасьнікаў бунту дзекабрыстаў», 20 лістоў. Гэта адна пазыцыя. Другая: «Маніфэст Мікалая I аб амністыі - 1.1.1826. Ін фоліо». Ці ж ня тыя самыя матар'ялы, што знаходзяцца ў успомненым менскім архіве?

Невялікая частка збораў Беларускага музэю паступіла ў Фундамэнтальную бібліятэку АН БССР. Гэта зборы з кніжных i рукапісных фондаў музэю, фотаздымкі i рэпрадукцыі з экспанатаў музэю - з аддзелу жывапісу, графікі, этнаграфіі; з фатаграфічнага фонду i да т. п. Зборы гэтыя былі ў сваім часе здэпанаваныя ў музэі i былі вернутыя ix прыватным уласьнікам.

Ведаю таксама, што некаторыя экспанаты музэю папалі ў рукі адданага i ахвярнага працаўніка музэю мастака Петры Сергіевіча. Ен перахоўваў ix ад зладзейскага i варожага вока. У асобнасьці, ён заапекаваўся i добрасумленна перахоўваў некаторыя работы сваіх таварышаў-мастакоў - Язэпа Драздовіча i скульптара Рафала Яхімовіча. У яго ж знаходзіліся i вельмі цэнныя экспанаты гістарычнага профілю зь ліку тых, што былі вывешаны ў доме пры вул. Касьцюшкі, калі мы рэалізавалі ордэр на заняцьце гэтага будынку. Між імі дрэварыты Паўла Комара з 1750 г., карціна Брюллова, партрэт жонкі д-ра Лого i інш. Петра Сергіевіч часьць з гэтых экспанатаў перадаў у Менск.

Даведаўся я сёлета ад кандыдата філялягічных навук Генадзя Кісялёва, што ў 1961 годзе Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў шмат матар'ялаў, што былі ў архіве Віленскага беларускага музэю, перадаў Галоўнаму архіўнаму ўпраўленьню пры Савеце Міністраў БССР у Менску.

У выніку падзелу збораў Віленскага беларускага музэю ліквідацыйнай камісіяй часьць яго архіву i бібліятэчнага фонду ў 1945 годзе трапіла ў Цэнтральную бібліятэку АН Літ. ССР, у ейныя паасобныя аддзелы, а сярод ix - у аддзелы рукапісаў i старадрукаў. Што знаходзіцца ў гэтых аддзелах, мы можам даведацца з кніжкі «Собрания рукописей», выданай у Вільні Цэнтральнай бібліятэкай АН Літ. ССР у 1963 годзе. Яе злажыў Уладыслаў Абрамавічус. У кніжцы даецца кароткі агляд i апісаньне рукапісных фондаў XI-XX стагодзьдзяў - болей як 160 асобных рукапісных фондаў i калекцыяў, што складаюць каля двухсот тысяч адзінак на розных мовах. У кнізе знаходзім i Віленскі беларускі фонд (ф 21-ВБФ) - гэта фонд Віленскага Беларускага музэю. Складаецца 3 2306 адзінак перахаваньня, у каторых арыгіналы i копіі рукапісаў i рукапісных кніг XV-XX стагодзьдзяў на беларускай, літоўскай, рускай, польскай, лацінскай, італьянскай, францускай, татарскай, нямецкай мовах.

У кніжцы на 64-65 бачынах падаецца, што знаходзіцца ў Віленскім беларускім фондзе. А вось што ў ім знаходзіцца: аўтографы, рукапісы, машынапісы беларускіх пісьменьнікаў, моваведаў, фальклярыстаў ад 1850 да 1939 гг. З важнейшых аўтараў успамінаюцца: Ян Чачот, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Максім Танк, Піліп Пестрак, Зьмітрок Бядуля, Міхась Машара, Аляіза Пашкевіч-Цётка. У фондзе знаходзіцца рукапіс «Віленскіх камунараў» Мацея Мышкі - Максіма Гарэцкага. Есьць некаторыя рукапісы - астаткі архіваў беларускіх палітычных, культурных, асьветных арганізацыяў, а таксама рэдакцыяў газэт 1904-1939 гг. Есьць дакумэнты беларускіх i літоўскіх фэадалаў: акты жмудзкага біскупа А. Тышкевіча (XVІІІ ст.), Лагойскай i Палангскай лініі графаў Тышкевічаў XVI- XIX стст., акты роду Сапегаў 1571 - 1728 гг., роду Радзівілаў XVII- XVIII стст., Кастравіцкіх 1600- 1837 гг., Касьцюшкі 1530-1906 гг. акты манастыроў, сьвятыняў у Вялікім Княстве Літоўскім, многіх драбнейшых баяраў - уласьнікаў двароў дваркоў, фальваркаў; некаторыя дакумэнты г. Вільні, у тым ліку акты землеўладаньня друкароў Мамонічаў некаторыя дакумэнты, што адносяцца да паходу Напалеона на Расею 1812- 1814 гг.

У гэтым фондзе перахоўваецца i слаўны татарскі рукапіс XVII стагодзьдзя «Аль-Кітаб», пісаны арабскімі літарамі па-беларуску, машынапіс 2-га нумару журнала «Гомон, белорусское революционное обозрение» з 15-га лістапада 1884 г., паперы «Пецярбурскага таварыства студэнтаў беларусаў» (ВБФ-2219), «Таварыства працаўнікоў беларускага тэатру «Полымя», каталёгі бібліятэкі «Знание», у каторай працаваў Янка Купала, некаторыя дакумэнты таварыства «Беларуская драматычная майстроўня» за 1911-1915 гг., рукапісная спадчына беларускага фальклярыста Е. Р. Раманава i іншыя матар'ялы.

У аддзеле старадрукаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літ. ССР знаходзім такія друкаваныя выданьні зь Беларускага музэю: Літоўскі Статут з 1588 г., «Учительное эвангелье» з 1616 г. (два экзэмпляры), «Триодь цветная» з 1491 г., «Біблія доктара Францішка Скарыны» з 1517 г. (частка).

Із старых рукапісных кніжак, што знаходзяцца ў гэтым Беларускім фондзе, у аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Літ. ССР МІЖ многімі іншымі знаходзяцца такія: «Аглашэньні Тодара Студыты» зь пятнаццатага стагодзьдзя (сыгнатура ВБФ-798), «Слуцкі памяньнік» з 1513 г. (ВБФ-799), «Октоіх» канца XV ст. (ВБФ-801), Эвангельле XVI ст. (ВБФ-802), «Віленскае эвангельле» з пачатку XVI ст. (ВБФ803), «Апостал» XVI ст. (ВБФ-804), Эвангельле зь мініятурай XVI ст. (ВБФ-805), «Устав цэркевный» XVI ст. (ВБФ-806), «Апостальскія лісты» XV ст. (ВБФ-807). «Устаў праваслаўных малітв» XVI ст. (ВБФ-808), Эвангельлі 4-х эвангелістаў XVI ст. (ВБФ-809), «Із Трэбніка цара Міхаіла Фіодаравіча» XVII ст. (ВБФ-810), Тураўскае Эвангельле XI ст., копія - літаграфная адбітка (ВБФ-796), «Трэбнік» з 1545 г. (без сыгнатуры), «Устаў младзенчаскага брацтва» ў Дзісьне з XVIII ст. (ВБФ-795). Вільня, 1971 г.

ДАЛЕЙ ПРА ЛІКВІДАЦЫЮ...

Ліквідацыя Віленскага беларускага музэю была трагічнай для яго лесу памылкай, дапушчанай праваднікамі савецкай нацыянальнай палітыкі. А мо не памылкай, а сьвядомым курсам, настаўленым на ліквідацыю беларускага арганізаванага жыцьця ў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў пасьляваенным пэрыядзе. Калі так, а гэта паказваюць факты, то гэты курс ня толькі пярэчыць справядлівым асновам ленінскай нацыянальнай палітыкі, але ён нязгодны i супярэчлівы з агульнапрынятымі ў суадносінах паміж народамі Савецкага Саюзу прынцыпамі справядлівасьці, раўнапраўя i ўзаемнага пашанаваньня.

Гэты курс - на нашу думку - не апраўданы ані з пункту гледжаньня гістарычнага, ані сучаснага, бо, па-першае, Вільня была гістарычным цэнтрам як для літоўцаў, так i для беларусаў, ix культурнага i грамадзка-палітычнага жыцьця, па-другое, супярэчыць істотным прынцыпам справядлівай ленінскай нацыянальнай палітыкі.

Дзіву даешся, як гэта магло стацца: міма нацыянальнага гнёту польскіх фэадалаў з часоў шляхоцкай Рэчы Паспалітай (па заключэньні Люблінскай уніі), міма перасьледаваньняў царскіх русыфікатараў у XIX i пачатку XX стагодзьдзя, міма цяжкага становішча нацыянальных меншасьцяў у буржуазнай Польшчы - беларускае культурнае i грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Вільні існавала i разьвівалася. Буйным тэмпам яно разьвівалася ў пэрыядзе арганізацыі савецкай улады ў Вільні ў 1918-1919 гг. Найбольшае разьвіцьцё адбывалася пры аднаўленьні савецкай улады ў Літве ў 1940-1941 гг., калі масава арганізаваліся беларускія пачатковыя школы ў Вільні i ва ўсім Віленскім краю, калі ў гэтым пэрыядзе працавала ў самой толькі літоўскай сталіцы аж некалькі беларускіх пачатковых школаў i беларуская сярэдняя школа, калі ў гэтым часе выходзілі беларускія газэты, існавала кнігарня Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, а ў радыёфоне трэцяя часьць праграмы перадач вялася на беларускай мове. Нават пры гітлераўскай акупацыі ў Вільні існавалі беларускія сярэднія школы (гімназія i настаўніцкая сэмінарыя), выходзіла на беларускай мове газэта, у радыё - адпаведна - вяліся на беларускай мове перадачы.

Як жа раптоўна, нечакана i радыкальна ўсё зьмянілася ў пасьляваенным часе. Беларускае зарганізаванае жыцьцё ў Вільні i наагул у Савецкай Літве зьліквідавана, яно не існуе, яго няма зусім. I гэта ў той час, калі ў самой сталіцы Літвы існуюць i працуюць i польскія i рускія школы, установы, музэі, газэты, у радыё вядуцца перадачы i на рускай i на польскай мовах.

На тэрыторыі Савецкай Літвы ў вёсках, дзе насельніцтва ўжывае амаль выключна беларускую мову, існуюць польскія або рускія школы; у раёнах зь беларускім аўтахтонным насельніцтвам выдаюцца газэты на польскай ці рускай мове.

У Вільні ёсьць мэмарыяльныя музеі: рускі - Пушкіна i польскі - Адама Міцкевіча. У Павільнісе, дзе ў сваім часе пражываў беларускі народны паэт Якуб Колас, мелі заснаваць у яго чэсьць мэмарыяльны музэй. Музэй не заснавалі. Зрабілі замест яго нейкіх пару стэндаў пры бібліятэцы, на якіх у экспазыцыі пададзены сьмеху варты лік экспанатаў. Швагра Якуба Коласа Іван Дзімітравіч Каменскі меў вялікі дом. Перад сьмерцяй празначыў яго для мэмарыяльнага музэю. Будынак збурылі, новага не пабудавалі, i з мэмарыяльнага музэю нічога ня вышла. Вось так у адносінах да беларусаў рэалізуецца ленінская нацыянальная палітыка ў Савецкай Літве, у рэспубліцы, у сталіцы якой, паводле статыстычных дадзеных, пражывае амаль столькі беларусаў, колькі палякаў, колькі рускіх і, здаецца, ня так ужо менш ад літоўцаў.

Калі ліквідавалі беларускі музэй, быў 1945 год, час культу, час шматлікіх незаконнасьцяў, адхіленьняў ад генэральнай ленінскай нацыянальнай палітыкі ў пытаньнях культуры, навукі, асьветы i г. д. Шмат што з таго часу, з часу ліквідацыі культу зьмянілася ў лепшы бок. Толькі пасьледкі культу, як бачым, яшчэ асталіся не зьліквідаваныя.

Сягоньня, паўтараю, няма ў Літоўскай ССР ніякага зарганізаванага беларускага культурнага жыцьця - няма ані школаў, ані газэт, ані клюбаў, ані кнігарні, ані іншых установаў, неабходных для натуральнага духовага разьвіцьця беларуса - будаўніка камуністычнага грамадзтва.

Дык хто ж вінаваты ў гэтым, у гэткім ненармальным становішчы беларусаў у Савецкай Літве? Хто ж так безадказна паступіў у адносінах да вымаганьняў гісторыі, традыцыі, элемэнтарнай справядлівасьці, да вымаганьняў справядлівай ленінскай нацыянальнай палітыкі?

Віленскі беларускі музэй імені Івана Луцкевіча зьліквідавалі. Зьліквідаваны музэй, багаты скарбамі культуры, духовай творчасьці беларускага i суседніх народаў. Ня маю дадзеных пра тое, як вырашана справа грашовай кампэнсацыі за экспанаты, якія атрымала з падзелу старана, якая ня можа прэтэндаваць на ix уласнасьць. Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча быў уласнасьцю Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, утрымліваўся галоўным чынам коштам складак i ахвяраў заходнебеларускага грамадзянства. Ен зьяўляўся ўласнасьцю беларускага народу i таму, на нашу думку, павінен быць уласнасьцю Беларускай ССР, незалежна ад таго, дзе гэтая ўласнасьць знаходзіцца - на тэрыторыі сваей ці суседняй рэспублікі.

Культурнее багацьце Беларускага музэю, як i кожнага прадукту духовай творчасьці народу, цяжка перадаць i акрэсьліць грашовымі лічбамі. Гэта сфэра ўмоўнасьцяў. Супрацоўнікі музэю шчыра бераглі i папаўняді гэтае багацьце, гэтыя неацэнныя скарбы нашага таленавітага народу. Многія зь ix ужо ня жывуць.

Ня жывуць: закладчык музэю, выдатны вучоны i грамадзкі дзяяч Іван Луцкевіч; ягоны брат, даўгалетні дырэктар музэю Антон Луцкевіч; даўгалетні бібліятэкар музэю, вучоны-эрудыт, першаклясны публіцыст, той, што першы выкрыў талент народнага паэта Веларусі Янкі Купалы - Уладзіілер Самойла, неразлучны сябра Луцкевічаў; не жывець высокай грамадзянскай чэснасьці i пачцівасьці скарбнік Беларускага Навуковага Таварыства інжынэр Антон Нэканда-Трэпка (ён жа i фатограф музэю) памёр выдатны, самаахвярны мастак жывапісец і графік пачцівы Язэп Драздовіч; памёр у народнай Польшчы супрацоўнік музэю ў ваенным часе, выдатны кампазытар, даўгалетні старшыня Саюзу польскіх кампазытараў, крыштальнай чэснасьці чалавек i грамадзянін, сапраўдны польскі дэмакрат, задушэўны прыяцель беларусаў прафэсар Тадэвуш Шэлігоўскі. Усім ім чэсьць i слава. Мне робіцца прыкра i горка на душы, калі чытаеш у нашым савецкім друку хлусьлівыя агіткі, накіраваныя супраць некаторых зь ix i чэрнячыя ix сьветлы чалавечы i грамадзянскі воблік.

Тым жа былым супрацоўнікам музэю, што сягоньня яшчэ жывуць i пладатворна працуюць,- таварышам Владасу Дрэме, выдатнаму мастаку-графіку i гісторыку мастацтваў, Петру Сергіевічу, выдатнаму беларускаму мастаку-жывапісцу i графіку, Мар'яну Пецюкевічу, этнографу, былому дырэктару музэю, - выражаю шчырае пажаданьне доўгіх год радаснага творчага жыцьця i прызнаньня ix аграмадных заслуг у справе разьвіцьця музэю i перахаваньня яго бясцэнных скарбаў.

Сёлета - юбілейны год для Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча ў Вільні. Сёлета мінае роўна 50 год ад дня яго заснаваньня. З гэтых 50 гадоў амаль 25 музэй існаваў i працаваў як самастойная адзінка, рэшта гадоў - таксама існуе, ужо распарцэляваны, існуе пад іншай, не сваёй, фірмай.

Трэба радавацца, што экспанаты нашага музэю, што асталіся ў Савецкай Літве, добра ўпарадкаваны i дбайна перахоўваюцца ў адпаведных сховішчах. Некаторыя экспанаты зь Беларускага музэю ўкрашаюць залы Літоўскага гістарычна-этнаграфічнага музэю АН Літ. ССР, залы Віленскага дзяржаўнага мастацкага музэю, Карцінную галерэю гэтага музэю. Вялікае багацьце зь бібліятэчных фондаў нашага музэю беражліва перахоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літ. ССР ды ў іншых бібліятэках Літоўскай рэспублікі. Таленавіты, творчы суседзкі нам літоўскі народ па-гаспадарску i разумна апякуецца i карыстае ca сваіх i нашых скарбаў. У некаторай ступені карыстаюць з гэтых скарбаў i беларускія прадстаўнікі навукі, культуры, мастацтва, якія прыяжджаюць у Літоўскую рэспубліку найчасьцей па камандзіроўках, карыстаюць зь ix, часта ня ведаючы пра тое, што тыя скарбы не літоўскія, а беларускія. Ад гэтага робіцца мне i радасна i сумна. Радасна дзеля таго, што беларускія экспанаты служаць навуцы, служаць прадстаўнікам усіх нацыянальнасьцяў, што яны знаходзяцца ў руках добрых гаспадароў - літоўцаў, пад ix чулай i дбайнай апекай; сумна дзеля таго, што нашыя скарбы знаходзяцца не пад сваёй нацыянальнай фірмай...

Гэты мой нарыс пра Беларускі гістарычна-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні - юбілейны. Ен не пазбаўлены эмацыянальнай танацыі, але ўдакумэнтаваны i аб'ектыўны. Прызнаюся, што нарыс не абымае ўсей паўнаты гісторыі незабыўнай беларускай скарбніцы. Пацяшаю, аднак, сябе думкай, што ён споўніў сваё заданьне - данесьці хоць кароткую інфармацыю да чытача пра духовыя скарбы нашага народу, пра сьляды яго продкаў, перахаваныя ў нашым слаўным музэі.

Янка ШУТОВІЧ, б. дырэктар Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча ў Вільні. Вільня, люты - сакавік 1971 г.



[1] Неўзабаве быў арыштаваны НКВД i загінуў у савецкім лягеры.- Заўв. рэд.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX