Вярнуцца: Мемуары

Уласаў А.М. Якуб Колас і "Наша Ніва"


Аўтар: Уласаў А. М.,
Дадана: 08-11-2011,
Крыніца: Наша Слова № 48 (887) 26 лістапада 2008 г.



Успаміны А.М. Уласава (16.08.1874-11.03.1941)

Мне ўжо 62 г. Я належу да пакалення, якое адыйшло ў гісторыю. 90 прац. маіх равеснікаў ужо скончылі зямную кар'еру. Я яшчэ на пару гадоў затрымаўся. Варта было б мне напісаць свой кінематограф на працягу якіх 35 гадоў для беларускай моладзі. Можа і ўдасца гэта зрабіць перад смерцяй. Малады пясняр Жылка (ён ужо на тым свете) мне купіў тоўсты сшытак на гэта.

Калі я быў студэнтам, то мне прарочылі кар'еру літаратарагумарыста, а я як раз усё жыццё пісаў на праклятыя палітычныя і эканамічныя тэмы. I цяпер прасілі мяне напісаць пра Якуба Коласа. Я па старой паганай прывычцы (як жартавалі з ваеннага пісара, каторы ўмеў танцаваць толькі ад печкі) мушу трохі паглядзець на жыццё кругом. На свет гляджу з заходне-беларускіх земляў. Хацелася б мне пабываць яшчэ ў Менску. Калісь старая "Беларуская Рэвалюцыйная Грамада" у пракламацыях нясмела пісала ў 1905/6 г.: "Аўтаномія Беларусі з соймам у Вільні альбо ў Менску". Менск неспадзявана выскачыў першы на сталіцу. Вось я бы хацеў паглядзець на новае жыццё там і напіцца вады са Свіслачы. Кідаць мае бедныя, заняпалыя, з сумным жыццём народу, Заходне-беларускія землі я не хачу. У мяне астаўся сентымент да скрыўджаных ... У нас тут у хаду песня:

"Rolnik nasz poczciwy

Jaki on jest kciwy.

Pije liter 2 denatury,

A w butach ma dziury."

Мне трэба адыйсwіся ад таперашніх часоў і з 1936 году пераскочыць на 30 гадоў узад. Бачыце, ніяк не магу адразу перайсці на "заданую тэму".

Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундаменту. Дума... Народныя выбраныя... Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Вера горы перасоўвае! Менск 1905/6 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашковічах, гдзе я гаварыў страшэнныя штукі: "Цара не трэба" і да т.п., я, як кажуць далікатныя местачковыя нашы жыды, "трошкі" уцёк, уначы, зімой, абсажаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: "Гей, пролетарый усіх старон... соедзіняйся!"

У Менску я з Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахэроў, музыкантоў... Стэцкевіч ("Аганёк") друкаваў пракламацыі, пускалі іх па вёсках т.д. Я не меў кватэры, быў падпольнік. Начаваў кожны дзень у другім мейсцы, а пару разоў і на сквэры, "пільнуючы ўсходу сонца"... Здароўе было жалезнае, энергія маладая! 3 паўгоду так рыскаў, як воўк, а Іван Луцкевіч цэлы год у Вільні так бадзяўся. Гэта я пішу для характарыстыкі дэкарацый таго часу.

Раз на вуліцы спатыкаю Леаніда Канстанціноўскага, прыяцеля майго і друга са школьнай лаўкі ў Лібаве. Леанід ажаніўся, быў багаты, наймаў вілу ў Менску. Я знайшоў у яго і стол, і дом. Яго жонка была тыпам тургенеўскіх кабет. Зараз, мае чытачы, дабярэмся і да Якуба Коласа. Гэта я малюю фон вобраза.

Ехаў я - раней, чым гэта дзеялася - трэцяй клясай. Раптам уваліваецца лапцяватая грамада беларусаў з Нёмана. Загналі плыты ў Коўню, едуць назад па Нёмане, каб ізноў гнаць дрэва. Мяне тады распірала, як кажуць цяпер, ад агітацыі; разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка. Тады не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа. Плытнікі з в. Мікалаеўшчыны. Гэта вёска дастаўляла не толькі "рачных ваўкоў", але і вучыцеляў народных, як м. Валожын рабіноў. Мне гавораць: "А ў нас адзін настаўнік "смешна чытае панашаму".

Праз нейкі час быў у Менску з'езд вучыцеляў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з'ездзе я спытаўся: "Хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларускія вершы фабрыкуе?" Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не саўсім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.

Я павёў гэтае жамчужнае зерне да Леаніда Канстанціноўскага. Ветлівыя гаспадары, шыкарная вячэра. Мой вучыцель развярнуўся. "Но лишь божественный глагол до слуха чуткого коснется, душа поэта встрепенется, как пробудившийся орел!" Хлапец пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго. Мы ўсе зразумелі, што перад намі - узыходзячая зорка беларускай паэзіі.

Браце Якубе! Можа парачытаўшы гэта, ты ўспомніш нашу залатую моладасць беларускага адраджэння і наш стары "губернский город". Можа, пішучы аб табе, я, адышоўшы ад актыўнай работы, стары, ужо не умею трымаць нос па ветру і не ўсім дагаджу: не прывык я гэтага рабіць. Чуў твой голас, Якубе, праз радыё, чуў і гарачае прывітанне менскай публікі. Прайшоў ты праз жыццё, зрываючы, як і маё пакаленне мала кветак і многа цернаў і турмы. Для мяне ўсё ж гэта гонар, што я першы Цябе разшукаў не праз абвесткі ў газетах, а праз лаптяваных мужыкоў. Я твой хросны бацька. Нагародай мне было б, каб што-небудзь зрабіць для "Каласкоў" Беларусі, дзе я дажываю свой век! 3 маёй, цяпер нябожчыцы "радашкоўскай гімназіі" выйшаў малады паэт Танк і многа іх яшчэ выявілася б пры добрых варунках асветы.

Помню, як у Менску хадзіў у турму да Коласа. За гэны самы вучыцельскі з'езд ён дастаў тры гады. Помню недзе пад Брэсцкім вакзалам, у завулку, драўляную турму, тыпу павятовой турмы, досыць патрыархальную. "Старшой" Пікулік, чалавек дабрадушны, убачыўшы мяне з дарамі прыроды, гаварыў: "Пазавіте Кінстінтіна!" 3 нутра турмы выходзіць неяк баязліва наш паэт. Сядаем на лавачцы каля варот, пасямейнаму, неяк сядзяць Пікулік і стражнік.

Я шмат раз наведваў людзей у турмах. Ніколі не трэба пытацца: як маешся?, а найлепш расказваць што-небудзь вясёлае, анекдоты. Іх любіў слухаць і Пікулік.

Калі К. Міцкевіч адсядзеў турму, Іван Луцкевіч, каторы ведаў увесь край, у кожным закавулку ён меў знаёмых, - намовіў адну сімпатычную старую паню Т. Гардзялоўскую (кабету тыпу Э. Арэшчыхі) зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба зрабілі вучыцелем яе. Ен быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы. Як гэта ўсё было там, я не памятаю.

Цяпер пяройдзем да "Нашай Нівы". Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазней з'явіліся памацнікі. Прыходзілі да нас, як у "Запарожскую сеч". Помню, зайшоў да нас хлапец, з выгляду падобны да клерыка, каторы адразу сеў пісаць сотні адрасоў. Піша дзень, другі, трэці... Прыклеіўся да работы. Пытаюся ў Івана як яго прозвішча? Іван кажа: "А чорт яго ведае! - але малайчына". Аказалася, ніхто яго не ведае, а гэты малец прыклеіўся надоўга. Так папаў да нас і "дзядзька Барадаты". Апрацовываў матарыял. Прыйшоў з сытым тварам, але, папрацаваўшы пару месяцаў, пабялеў, і нэрвы, як скрыпка зрабіліся. Затое мысль, стыль зрабіўся лёгкі. "Барадаты" апрацовываў раніцай, раз пісаў і кажа: "Я пасля абеду дакончу, а цяпер бягу ў суд, як сведка". Няма яго ні на абед (3 абеды мы дзялілі на 5 чалавек), ні ўвечары. Іван паляцеў разнюхаць, гдзе ён дзеўся. "Барадатаму", што называецца "пашанцавала". Тры сведкі зрабілі яго вінаватым, і дастаў 10 гадоў ссылкі ў Сібір за с/р партыю... Праз месяц "Барадатага" у кайданах павялі з партыяй на вакзал. Потым мы яму паслалі ў вокладцы кнігі "акуляры", г.з. фальшывы пашпарт, і ён у Сібіры ажаніўся ды абсеў.

Прыбыў у рэдакцыю да нас урэшце і Якуб Колас. Далі яму адпаведную работу.

Прысылалі ў "Нашу Ніву" многа вершаў, расказаў, карэспадэнцыяў. Колас меў многа працы. 3 благіх вершаў рабіў добрыя, і местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваім знаёмым, дзівіўся разам з імі, якія пекныя вершы!

Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю: чалавек ён быў жыццярадасны, у жыццё нашае "багемы" уносіў у вольныя хвіліны многа вясельля.

Помню раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троіцкай у Вільні. Колас а гадзіне 3 ночы кажа: "Вот бы выпіў гарэлкі!" - "На грошы і купі" - Колас за поўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: "Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане." - Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: "Калі ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкі?" - "Ды вось у стоража № 58".

Маладыя мае чытачы! Вашае жыццё ўсё ўперадзе. Вашя вера ў шчаслівую буду-чыню, яна недзе за ружовымі хмаркамі-лятуценнямі, - там адкрываюцца новыя і новыя далі. Я ўжо прайшоў праз усе далі: жыццё мне іх адкрывала год за годам. Нашае пакаленне несла свае ідэалы вызвалення народаў пакрыўджаных, занядбаных, пашанавання ўсіх цяжка працуючых, на карысць не сваю, а чужую. Мае равеснікі і аднадумцы клалі свае маладыя гады, сваё асабістае.

(Паводле тэксту Старадарожскага музея А. Белага.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX