Вярнуцца: Мемуары

Ніжанкоўская Вера. Пра Аляксандра Уласава


Аўтар: Ніжанкоўская Вера,
Дадана: 13-06-2014,
Крыніца: Ніжанкоўская Вера. Пра Аляксандра Уласава // Спадчына №3-1995. С. 8-17.



Гэта, што называецца, позірк зблізку: успаміны пра Аляксандра Уласава ягонай пляменьніцы Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай, у мінулым жонкі Браніслава Тарашкевіча. Думаецца, яны дадуць некалькі штрыхоў да партрэту старага беларускага адраджэнца, аднаго зь нямногіх мужных i празарлівых, хто на золку нашага стагодзьдзя кінуў выклік цемрадзі i бездарожжу што былі зрабіліся лесам Беларусі.
Ведаем пра А. Уласава нешта збольшага, да крыўднага мала. Адно ў асноўным, што быў рэдактарам першай стабільнай i масавай беларускай газэты «Наша ніва». Той жа, хто ўсьвядоміў сабе, якую велізарную работу за дзевяць гадоў існаванъня прарабіла гэтае пэрыядычнае выданьне, ягоны рэдактарскі актыў дзеля ўсьведамленьня беларусамі сябе як народа, а сваёй мовы, культуры як самакаштоўных вартасьцяў, пэўна, аддаў ў душы належнае Аляксандру Уласаву. Быў ён сынам свайго няпростага часу i мусіў брацца за рознага віду дзейнасьць. Выў дасканалым журналістам-арганізатарам, бо акрамя «Нашай нівы» прычыніўся яшчэ да заснаванъня i рэдагаваньня часопісаў «Саха», і «Лучынка», апошні выдаваўся для моладзі. Належала пяру А. Уласава аўтарства актуальных арыгінальных публікацыяў па пытаннях мястовага грамадзкага самакіраваньня, землекарыстаньня, каапэрацыі, бягучай палітыкі. У пасьлярэвалюцыйны час насуперак розным панкам з польскай адміністрацыі здолеў адкрыць у родным мястэчку Радашкавічах беларускую гімназію i доўгі час утрымліваць яе. Абраны заходнебеларускім жыхарствам у сойм Польшчы як сэнатар, шмат зрабіў, каб абараніць беларускую школу, родную асьвету ад палянізацыі, Быў проста добрым, этычным чалавекам, годным сынам свайго народу.
У верасьні 1939 г. пачуўся на ўздыме, спадзяваўся, што новая прышлая ўлада будзе ўдзячная яму за немалую ахвярную працу на беларускай духоўнай ніве. Памыліўся. Таталітарызм за беларускую адраджэнскую працу прызначаў адну цану. Аляксандар Уласаў памёр у сакавіку 1940 г, у Сібіры, па дарозе ў Марыінскія лягеры. Шырэйшая гаворка пра жыцьцё i творчы набытак Аляксандра Уласава яшчэ наперадзе. А пакуль што некалькі згадак-драбностак паданых зь ціхай удзячнасьцяй у сэрцы.

Арсень Ліс.


ПРА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА

Ад дзяцінства памятаю, як да нас на сваім «верным таварышу» - ровары, зьяўляўся ці ў Калізбэрг [1] ці ў Менск брат маёй маці - Аляксандар Мікітавіч Уласаў. Здалёк быў ужо чуваць ягоны магутны бас i рогат i была відаць яго прыгожая атлетычная фігура.

Мы, дзеці i моладзь, з радасьцю спатыкалі яго i слухалі ягоныя справаздачы аб працы ў рэдакцыі «Нашай нівы», аб цікавых сустрэчах, а таксама анэкдоты, якія ён нам расказваў на ламаных іншаземных мовах, што нам страшэнна падабалася.

Ен ішоў у сад i глядзеў, якія посьпехі мы рабілі ў спорце на прыладах, зробленых у нас у асноўным над каманду дзядзькі.

А вечарам ён сядаў пад вялікую стаячую лямпу і, аблажыўшыся кнігамі, чытаў да позьняй ночы, курыў без канца папяросы, а старажытныя фатэлі трашчалі пад яго магутным целам.

Дзякуючы галоўным чынам дзядзьку, мы ад дзяцінства чулі аб беларусах i Беларусі.

Аляксандар Мікітавіч - Саша, як мы яго называлі, ці «рэдактар» - нарадзіўся ў 1874 годзе ў вялікай сям'і вялейскага паштовага начальніка. Часта ён з братамі i сёстрамі гасьціў у Рэчках, у свайго дзеда - сьвятара Адама Канчэўскага (ягоным унукам быў i вядомы дзяяч КПЗБ Арсень Канчэўскі).

Бацька Аляксандра Мікітавіча купіў фальварак Мігаўку каля Радашкавіч, куды высылаў сям'ю на лета. Зь Вялейкі бацьку Уласава перавялі ў Вільню, а пасьля ў Пінск, дзе ён i памёр. Таму Саша пачынаў вучыцца ў Вільні, пазьней яго аддалі ў духоўнае вучылішча ў Пінску, а нарэшце ён паступіў у рэальнае вучылішча ў Менску, куды, аўдавеўшы, пераяжджае маці з 7 дзецьмі.

(72KB) Аляксандр Уласаў з жонкай Аляксандрай Паўлаўнай. Радашкавічы, 15 ліпеня 1926 г.

Дзядзька быў здольны, але страшэнны гультай, аднак рэальнае вучылішча ўсё ж закончыў i ў 1899 годзе выехаў у Рыгу, дзе паступіў у палітэхніку.

У тыя часы студэнты маглі здаваць экзамены калі хто хоча i зацягваць навуку на доўгія гады; ix звалі «вечный студэнты». Дзядзька таксама ня надта сьпяшаўся канчаць навуку, тым больш што ён захапіўся рэвалюцыйным рухам i актыўна ўдзельнічаў у хваляваньнях студэнтаў i рабочых.

У 1905 годзе Саша ўступіў у Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду.

Пасьля рэвалюцыі 1905 году пачынаецца перадвыбарная кампанія ў Дзяржаўную Думу. Дзядзька распаўсюджвае праклямацыі супраць пажаданых дзяржаве кандыдатаў (кажуць, што. нядаўна людзі, разбураючы падмуркі калізбэрскага дому, знайшлі колькі гэтых праклямацыяў, замураваных там).

(135KB) У цэнтры - Аляксандар Уласаў з жонкай Аляксандрай. У сярэднім шэрагу - справа - сястра Уласава. У верхнім шэрагу - Браніслаў Тарашкевіч з жонкай Верай Андрэеўнай.

Дзядзька арганізаваў у Радашкавічах у чайнай востра рэвалюцыйны мітынг. Майго бацьку папярэдзілі, што паліцыя мае арыштаваць Сашу; ён змываецца i досыць доўгі час вандруе па знаёмых у ваколіцах Менску, пакуль справа не ўляглася.

У 1906 годзе Аляксандар Мікітавіч арганізуе ў Вільні разам з Луцкевічамі часопіс «Наша ніва» i амаль адначасова становіцца яго рэдактарам.

Наагул дзядзька пры сваёй «абломаўшчыне» меў талент арганізатара. Ен умеў зацікавіць, захапіць сваей ідэяй.

Матэрыяльныя цяжкасьці яго не спынялі, бо, калі трэба было, ёк абыходзіўся самым мінімальным. Спачатку сродкі на выдавецтва «Нашай нівы» ён часткова «вымантэчвае» ў замажнейшых знаёмых; пасьля ўжо грошы паступаюць i ад падпішчыкаў, i ад выдавецкай суполкі «Наша хата», у якую таксама ўваходзіць Саша. «Наша ніва» пачала выдаваць i асобныя кніжкі, а з 1910 году календары.

Асабіста ў дзядзькі грошай ніколі не было, а даўгоў хапала. Пасьля сьмерці сваёй маці ён сплачваў сваім чатыром братом іхныя часткі за Мігаўку, дзе сам часта жыў. 60 га зямлі ён аддаваў у арэнду i гэтым залатваў свае даўгі.

У дзядзькі неяк дзіўна спалучаліся флегматычнасьць i энэргія. Ен зьбіраў цікавы матэрыял для «Нашай нівы», шукаў цікавых людзей. Заахвочваў Купалу, Коласа, Бядулю да ўдзелу ў «Нашай ніве». У той час ён прывозіў да нас у Калізбэрг Рагоўскага [2], які нам іграў сваю музыку да «А хто там ідзе» Янкі Купалы.

За некаторыя артыкулы ў «Нашай ніве» газэту часта сканфіскоўвалі, а за адзін нумар дзядзька нават адседзеў колькі месяцаў у Бабруйскай крэпасьці.

У 1912 годзе дзядзька пераказвае рэдагаваньне «Нашай нівы» Купалу, а сам пераяжджае ў Менск, дзе арганізуе i пачынае рэдагаваць часопіс «Саха». Як ён піша ў сваіх успамінах, для гэтага трэба былі пакой, колькі скрынак замест крэслаў i сталоў, прымус, чайнік i пабольш энтузіязму. Спачатку рэдакцыя была недзе каля Шырокай вуліцы (каля Старажоўскага рынку - цяпер опэрны тэатар), а пасьля ў доме Касьцялкоўскага; гэты дом знаходзіўся супраць Дома ўраду i быў зьнесены ў 1968 годзе.

У тым жа памяшканьні была i рэдакцыя «Лучынкі». Там у пэўныя дні тыдня зьбіралася беларуская моладзь, рабочыя i інтэлігенцыя, якія пяялі, ігралі, танцавалі; арганізаваўся аматарскі тэатральны гурток. У той час у Менску была сельскагаспадарчая выстаўка. Дзядзька арганізаваў там i беларускі павільён, за які атрымаў срэбны мэдаль.

У Радашкавічах у 1913 годзе Саша з маім бацькам таксама арганізавалі выстаўку. За лепшую скаціну, гародніну, збожжа выдаваліся прэміі. Мастак Сукоўскі намаляваў некалькі прыгожых плякатаў. А мне i маёй сяброўцы Тані Зянюк пашылі беларускія касьцюмы, у якіх мы парадавалі па выстаўцы. Вечарам у той жа дзень менскія аматары, якія прыехалі ў Мігаўку, ставілі спэктакль «Паўлінка». На спэктакль прыехалі запрошаныя сваякі Купалы - прататыпы Пустарэвіча i Крыніцкага. Дзядзька, баючыся, каб яны сябе не пазналі i не абразіліся, добра ix падпаіў i яны ўсю пастаноўку праспалі, але былі задаволеныя ўвагай да сябе.

Саша наогул любіў рабіць «штучкі». Пасьля аднаго з паседжаньняў археалягічнага таварыства, на якім прысутнічаў акадэмік Шахматаў, у нас была вячэра, на якой меўся выступіць рэдактар Скрынчанка. Саша рэдактара гэтага не любіў як палітычнага праціўніка i, падсеўшы да яго, так напаіў, што той толькі прамармытаў нешта невыразнае i сеў.

Пачалася вайна. Дзядзьку мабілізавалі. Нашая сям'я выехала на Ўкраіну. Ізноў зь дзядзькам я спаткалася ўжо ў 1922 годзе. Тыповым для Сашы быў выпадак, пра які гаварыла Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. У двадцатых гадох Менск быў пад абстрэлам. Здаецца, наступалі палякі. Усе нэрваваліся. Пад бамбёжку да Купалаў зьяўляецца дзядзька i кажа: «Цётка Купаліха, у вас ёсьць малако, я прынёс цукар, будзем рабіць марожанае». Уладзіслава Францаўна кажа: «Дзядзька, вы звар'яцелі? Нас могуць у кожны момант забіць!». Але Саша гэтак прычапіўся, што нарэшце усе ўзяліся за справу, і, пакуль круцілі марожанае, прайшлі самыя страшныя моманты, i ўсе былі ўдзячныя дзядзьку.

Пакуль мая матка не пабудавала невялікі дом у Радашкавічах, мы часта гасьцілі ў Мігаўцы. Дзядзька зноў быў поўны энтузіязму.

Ён арганізаваў радашкаўскаё Таварыства беларускай школы i дабіваўся дазволу адчыніць у Радашкавічах Беларускую гімназію. За гэта палякі яго арыштавалі i на колькі месяцаў саслалі ў канцынтрацыйны лягер «Стшалково». Але Саша, выйшаўшы адтуль, дабіўся ўсё ж свайго, i яму далі канцэсію на адкрыцьцё гімназіі i зацьвердзілі Таварыства беларускай школы. У «Пшэглёндзе Віленьскім» (год 1925, № 3) была зьмещчана інфармацыя «Таварыства беларускай школы ў Радашкавічах»: «15/1.1925 г. адбыўся агульны сход. Сэнатар Уласаў даваў справаздачу аб становішчы беларускай асьветы. У чатырох гімназіях - у Вільні, Радашкавічах, Наваградку i Клецку - вучыцца 600 вучняў i вучаніц. Апрача гімназіі, Таварыства ўтрымлівае 9 пачатковых школ: у Путніках, Вушы, Гуце Вялейскага павету, а таксама ў Прудах, Хінявічах, Чамярах, Укрыню, Грабаве i Савічах Слонімскага нав. У склад Рады Таварыства выбралі: А. Уласава, Р. Парэцкага, А. Більдзюкевіча, Гаўрылікй, Рудзь i К. Тышкевіча».

Дзядзьку выбралі ў Сэнат па сьпісе нацыянальных меншасцяў. А ў Радашкавічах пачалася арганізацыя гімназіі, набор настаўнікаў, вучняў, наём памяшканьня. Саша быў у захапленьні.

Гімназія існавала з 1922 да 1929 году. 660 вучняў прайшло празь яе сьцены, атрымала сярэднюю адукацыю 120, зь якіх шмат хто паступіў i скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, найбольш у Чэхаславакіі i Францыі, бо ў Польшчы вымагалі яшчэ здачы польскай матуры (атэстата сталасьці).

Праводзячы шмат часу ў гімназіі, сам дзядзька жыве ў Мігаўцы, куды пераяжджаюць да яго беларусы з усіх канцоў Заходняй Беларусі. У Мігаўцы я пазнаёмілася i з Браніславам Адамавічам Тарашкевічам.

Дзядзька лічыўся вялікім арыгіналам. У яго зашклёным ганачку стаяў стол, кругом лавы, на маленькім століку незгасаючы прымус з чайнікам. На стале без абруса шклянка, цукар, бохан хлеба, кавалак вэнджанай шынкі. Дзядзька босы, у саматканым касьцюме, аблажыўшыся кнігамі, чытае i п'е гарбату.

Калі прыяжджалі госьці, Саша аглушальным басам гукаў сваю гаспадыню: «Анатоля, гоп, гоп!». Калі госьці былі Анатолі даспадобы, яна прыносіла яечню, масла, сыр, кіўбасу; калі ж не - яна казала, што нічога няма, i ніякія ўгаворы дзядзькі не памагалі.

Ў садзе былі спартовыя прылады, i ўся моладзь мусіла практыкавацца. А вечарам у старым доме дзядзька запальваў камін, перад ім клалі посьцілкі, мы сядалі на над логу, пілі каву i слухалі найчасьцей дзядзьку; а старэйшыя сядалі на надзвычайную канапу, якая мела, мусіць, каля 5 мэтраў даўжыні.

Калі было горача, дзядзька хадзіў у адных трусох (у тыя гады гэта было даволі рэдка), а такі волат, як ён, выглядаў досыць арыгінальна. Нават здараліся зь ім такія анэкдоты. Прыехаў нейкі беларус з ваколіц Вільні i зь дзядзькам пайшоў у сад. Тым часам прыйшоў нейкі селянін па раду. Яго паслалі ў сад, але ён хутка вярнуўся адтуль перапалоханы i кажа: «Taм нейкі голы вар'ят ходзе, а каля яго, мусіць, фэльчар круціцца i ўсё яго ўгаворвае». Раз прыйшла нейкая дзяўчына, i яе паслалі ў сад. Яна пайшла, клічучы: «Пан сэнатар!», i раптам пачула недзе згары: «Гоп, гоп!». Падняла галаву, а там на дрэве нейкае вялізнае, амаль голае цела. Гэта дзядзька пілаваў сукі на дрэве. Ад нечаканасьці дзеўка ледзьве што не самлела.

Калі ён зьбіраў гасьцей, то за вячэрай хадзіў каля стала i казаў: «А божа ж мой, ня ешце гэтак шмат, гэтак вы мяне зруйнуеце». I нідзе, здаецца, так шмат i з апэтытам ня елася, як у яго.

А сам Саша мог зьесьці яечню з 10 яек на сале, а калі ў пост - на алеі. Моладзь яго надта любіла: за яго жарты, за любоў да спорту, за кнігі, якія ён ca сваёй бібліятэкі ім пазычаў, за рады, якія ён ім даваў. А вечарамі прыходзілі суседзі, найбольш зь вёсак Мігаўка, Шалухічы, Пяцюлі; ён ім чытаў газэты ці расказваў, што дзеецца на сьвеце. Будучы сэнатарам, ён у Варшаве цераз Сэнат бараніў многіх пакрыўджаных.

Каб вучням гімназіі лягчэй было вучыцца, ён прыняў прапанову мэтадыстаў з Варшавы, якія арганізавалі ў Радашкавічах інтэрнаты для хлапцоў i для дзяўчат:

такім чынам яны мелі бясплатную кватэру, сьвятло i апал.

На новых выбарах ён ужо не трапляе ў Сэнат.

У 1926 годзе Саша жаніўся. Жонка яго, Аляксандра Паўлаўна, бярэцца за гаспадарку, бо грошай дзядзька ня мае, а арэнда невялікая. Да гэтага часу, праўду кажучы, усе рабілі што хацелі, i таму гаспадарка давалася цяжка, ды яна i ня ў стылі дзядзькі.

Але памалу робіцца парадак, замяняючы патульную, беспарадачную багему Мігаўкі. Аляксандра Паўлаўна таксама памагае Сашу ставіць спэктаклі ці ў гумне, ці ў доме, арганізоўваць «ёлкі», моладзь зьбіраецца на танцы, нават робяць выбары найпрыгажэйшай дзяўчыны. Ставілі «Паўлінку», «Зьбянтэжанага Саўку» i іншыя п'есы.

Калі разграмілі Грамаду, дзядзьку вызвалі ў Вільню, у ТБШ, каб ён памог наладзіць працу ў Таварыстве. Ен езьдзіў. З Рыгорам Шырмам на зьезды ТБШ. Саша ня быў ні камуністам, ні грамадоўцам, але ўсе яму давяралі - i камуністы, i грамадоўцы, як вельмі пэўнаму i сумленнаму чалавеку.

Яшчэ існуе яго любае дзецішча - гімназія, i гэта яго падтрымлівае. Але ў 1929 годзе палякі зачыняюць гімназію як «камунізуючую», i дзядзька траціць гумар, гасьнё. Ен зьбіраецца пісаць успаміны, але неяк лянуецца i пакідае толькі ўспаміны пра дзяцінства i пра тое, як арганізавалася «Caxa».

Толькі 17 верасьня 1939 году, калі ў Радашкавічы ўвайшла савецкая армія, ён прыйшоў да мяне поўны энтузіязму. Вось калі ён будзе пісаць i друкавацца як эканаміст.

Ен сам едзе ў Маладэчна прапанаваць свае паслугі ў рэдакцыю газэты. Адтуль яго, як супрацоўніка, пасылаюць у НКВД на зацьверджаньне. Там яму загадалі напісаць аўтабіяграфію. Дзядзька апісаў на 17 старонках усе свае заслугі ў беларускім i рэвалюцыйным руху.

З НКВД ён ужо ня выйшаў, i, здаецца, аўтабіяграфія фігуравала як акт абвінавачваньня. Ен дастае ў Маладэчне 5 гадоў зьняволеньня, яго высылаюць недзе на ўсход, i ён памірае па дарозе ў Марыйскай акрузе. А калі жонка вазіла яму падаянкі ў Маладэчна i пыталася турэмнага стоража, ці здаровы яе муж, то ён адказваў: «Такі вялікі, вусаты? Дык ад яго расказаў рагоча ўся камэра».

Жонцы i сыном дзядзькі спачатку пакінулі 5 га зямлі i карову, але пасьля арышту i асуджэньня мужа яе i сыноў вывезьлі ў Паўладарскую вобласьць, дзе яна спачатку мусіла пілаваць лес, а пасьля жыць i працаваць на ссылцы. Толькі праз многа гадоў яна вярнулася ў Гомель i дабілася рэгабілітацыі мужа i сабе пэрсанальную пэнсію.

Вера НІЖАНКОЎСКАЯ

На заканчэньне гэтага дужа непасрэднага, шчырага, а таму, без усялякага сумневу, верагоднага ўспаміну пра Аляксандра Уласава яго пляменьніцы варта нагадаць яшчэ некалькі успомненых ёю ягоных уласных словаў вельмі характэрных для лесу гэтага чалавека, Вось што напісаў ён Адаму Станкевічу з нагоды юбілею апошняга ў жніўні 1939 г.: «Я належу ужо да старэйшага пакаленьня i барабаню пра беларусаў гадоў 50. Усе нашы павадыры на беларускай справе карьеры не зрабілі. Жыцьцё іх горкае, мучаніцкае, i ідуць яны не па кветках а па калючках...». Ясна, што, пішучы гэтыя, словы, ён меў на у вазе i свой уласны лес, усё сваё жыцьцё, поўнае шчырых парываў, радасьці ад паасобных посьпехаў i дасягненьняў i горычы ад шматлікіх расчараваньняў. А было гэта сказана напярэдадні вялікага пералому, які прынёс яму асабіста яшчэ адно цяжкае i ужо апошняе расчараванъне ...
Арсень ЛІС



[1] Каліш. - Рэд.

[2] Людамір Рагоўскі (1881 - 1954) - польскі i беларускі кампазытар i дырыгент. - Рэд.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX