Папярэдняя старонка: Аўдыеархіў Галіны Жарко

Раскопкі Дамініканскага касцёла ў Мінску 


Аўтар: Жарко Галіна,
Дадана: 29-10-2011,
Крыніца: pawet.net.



Раскопкі Дамініканскага касцёла ў Мінску

Дыктар: -- "Маюць рацыю тыя, хто ўзнімае голас трывогі за архітэктурны воблік нашых слаўных старажытных гарадоў. Партыйнае спагнанне за нядбайнасць к нацыянальным святыням павінна быць строгім. Гісторыя, рэвалюцыя, іх помнікі - гэта магутная крыніца выхавання народу. І людзей нашых трэба выхоўваць так, каб яны былі дбайнымі захавальнікамі духу народнага, які жыве ў помніках гісторыі і культуры, у камяні, у бронзе, у непаўторным гучанні назваў нашых гарадоў, вёсак, вуліц". З дакладу таварыша Лігачова на 27 з'едзе КПСС.

Пра захаванне старажытнай спадчыны - у перадачы Галіны Жарко.

(музычная адбіўка)

Зянон Пазняк: -- Хіба гэта не катастрофа, калі ўзрываецца помнік гісторыі? Землятрусаў у нас няма. Метэарыты таксама не падаюць на архітэктурныя помнікі. Дык дзе яны? Адзіная сіла, якая знішчае нашы помнікі - гэта бюракратыя. Прычына заключаецца ў адмоўным стаўленні бюракратыі да спадчыны.

Кар.: -- Так здарылася і з Дамініканскім саборам і манастыром. Трагічную гісторыю гэтай старажытнай святыні распавядае мастацтвазнаўца, кіраўнік археалагічных раскопак Зянон Пазняк.

Зянон Пазняк: -- Маладыя людзі, якія праходзяць па скверы Цэнтральнай плошчы, не здагадваюцца, што пад іх нагамі - падмуркі і руіны помніка архітэктуры 17 ст. Дамініканскі кляштар і манастыр.

Будаваўся ён доўга, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў, але пачатак будаўніцтва - 1605 год. Мінск у той час быў у асноўным драўляным. Дамініканскі касцёл быў першы мураваны, самы высокі, вялікі, самы капітальны гмах у Верхнім горадзе, як увогуле ўсе пабудовы Дамініканскага ордэна. Касцёл быў пабудаваны ў стылі ранняга барока і сваёй архітэктурай уздзейнічаў на развіццё манументальнага архітэктуры Мінску. У прыватнасці, на пабудовы Бернардынскага манастыра, якія захаваліся цяпер на вуліцы Бакуніна.

Пабудаваны ён быў недалёка ад краю горада. Тут, дзе цяпер Цэнтральная плошча, Ленінскі праспект, была ў старажытнасці мяжа горада. Тут праходзілі абарончыя валы. І касцёл, які стаяў на адлегласці нейкіх 70-100 метраў, быў фарпостам на паўднёвым баку Менска. Прарвацца ў горад, абмінуўшы Дамініканскі касцёл было немагчыма. Абавязкова вораг трапляў пад абстрэл.

Кар.: -- Проста ў саборы стаялі гарматы?

Зянон Пазняк: -- Так. У вежах сабора быў верхні мушкетны бой. Ваяры, абаронцы Менску, маглі страляць зверху. А ўнізе, на ніжніх паверхах, быў ніжні гарматны бой. Маглі страляць з гакаўніц, з гармат, з марцір, якія былі ў той час. Трэба сказаць, што беларускі пушкары былі вельмі слаўныя ў сярэднявеччы. Надзвычай слаўныя. Асабліва нясвіжскія, радзівілаўскія.

Што тут гарматны бой быў, пра гэта сведчаць дакументы. Дакументальныя запісы маскоўскіх шпіёнаў, якія даносілі цару-бацюшку, як выглядаў Дамініканскі манастыр. І пацвярджаецца гэта нашымі знаходкамі. Мы знаходзім тут ядры, іншую зброю.

Дзе ні капні Мінск, усюды знаходзяцца прастрэленыя чарапы, рэшткі зброі. Ад самага заснавання Мінска. Уся тэрыторыя Дамініканскага манастыра і прылеглая выслана касцямі нашых продкаў. У 1654 годзе, у час вайны з Аляксеем Міхайлавічам, Мінск быў спалены дарэшты. Салдаты ваяводы Трубяцкога, якія ўварваліся ў горад, выразалі амаль усё насельніцтва. Апроч таго, яны занеслі сібірскую язву. І хто не быў забіты, памёр ад эпідэміі. Мы раскопваем слаі сярэдзіны 17 ст., якраз гэты перыяд. Літаральна ўся тэрыторыя выслана ў тры слаі касцякамі.

Пад сценамі касцёла, безумоўна, былі пахаваны мінчане, абаронцы. Прытым, яны ляжаць у непарадку. Галавой і на захад, і на ўсход. Відаць, іх кідалі ў брацкія магілы. Гэта цяжка перадаць. Адчуваеш нейкую супрычаснасць. Нараджаецца адчуванне вялікага болю, жалю да гэтых людзей.

І што дзіўна, мы прывыклі лічыць, што 300 гадоў - гэта такая даўніна, якую і ўявіць нельга. І вось, калі бачыш гэтых продкаў нашых, адчуванне часу, нібы, знікае. Яно нібы спрасоўваецца. Пачынае здавацца, што 300 гадоў - гэта, нібы, учора.

Зямля зафіксавала наш боль. Наша зямля самым кроўным чынам звязана з намі. Гэта аб'ектыўны сведка нашай гісторыі.

Кар.: -- Пра тое, што было 300 гадоў назад, памятае ўжо толькі зямля наша. А памяць аб мінуўшчыне 40-х, 50-х гадоў яшчэ жывая ў людзей. Марыя Аляб'ева з часу фашысцкай акупацыі і па сённяшні дзень жыве на плошчы Свабоды, якраз недалёка ад таго месца, дзе стаяў Дамініканскі кляштар.

Марыя Аляб'ева: -- После войны развалины там были. Только стены стояли жёлтого цвета с выделками такими. Вход был с Энгельса. Мы были малые дети. Лазили по этим подвалам. Искали чего-то. Потом провалились… один мальчик… и кричит оттуда. Мы разобрали немного ход и сами полезли туда со свечками. Вниз спускалась лестница. Ход этот к церкви шёл. Была на Интернациональной церковь. Там, где кинотеатр Победа сейчас. На Немиге есть церковь Петропавловская, так и туда ход был. Было какое-то сообщение между церквями. Проход был небольшой, каменный, заваленный… Мы прошли туда, дальше, а там скелеты лежали… Мы, как увидели эти скелеты, так назад и полетели.

Зянон Пазняк: -- Аказваецца, што ў Дамініканскім касцёле быў падземны ход. Уваход быў з фасада. Трэба было спусціцца ў падвал левага нефа. Налева, пад сцяну быў праход. Гэтым праходам можна было дайсці да касцёла Бернардынаў, дзе зараз архіў на плошчы Свабоды.

Кар.: -- А для чаго гэтыя хады былі трэба?

Зянон Пазняк: -- Я думаю, што гэта было звязана ў першую чаргу з абаронаю. Калі былі падземныя хады паміж манастырамі, дык у выпадку аблогі абаронцы маглі пазбегнуць смерці. Вораг гэта ведаў. Можна было боепрыпасы падносіць, ваду. Невыпадкова, што гэтымі хадамі былі звязаныя манументальныя помнікі - манастыры, касцёлы.

Адна з задач нашых раскопак была ў тым, каб пранікнуць у гэты ход. Але гэта наўрад атрымаецца. Там, дзе знаходзіўся левы неф, пракладзеныя зараз інжынерныя камунікацыі. А сама сцяна, пад якую быў праход, амаль супадае з чырвонай лініяй вуліцы Інтэрнацыянальнай. Раскапаць немагчыма. Трэба перакладваць інжынерныя камунікацыі, тэлефонны кабель. Археолагі не ў сілах зрушыць такую задачу.

Каб нам удалося гэтыя хады адкрыць, а ў будучым, думаю, атрымаецца гэта зрабіць, гэта было б вельмі карысна для старажытнага Мінска. Калі горад будзе рэстаўравацца, калі будуць адноўленыя яго мураванкі, хады, функцыянальныя прыстасаванні… Гэта, безумоўна, выстаўляла б нашу гісторыю больш прэстыжна, больш поўна. Не выключана, што ў гэтых хадах засталіся старажытныя рэчы, якія могуць праліць святло на гісторыю Мінска.

Кар.: -- А зараз мы знаходзімся на раскопках Дамініканскага манастыра, які быў узяты пад ахову Саветам Народных Камісараў ў 1926 годзе. Гэта быў першы ўзяты пад ахову помнік у Мінску.

Зянон Пазняк: -- У 1944 годзе ён быў спалены фашыстамі. Выгарала ўся сталярка, рамы пагарэлі, а сам гмах застаўся. Менавіта таму, што ён быў узяты пад ахову, адразу пасля вайны ў 1945 годзе была створаная Дзяржаўная камісія, якая вызначыла страты, нанесеныя нямецка-фашысцкімі акупантамі. Страты дасягалі двух з паловаю мільёнаў рублёў па курсу 1913 году. А дзе гэтыя сцены падзеліся? Не карова ж рогам скавырнула...

У 1950 годзе помнік быў узарваны. І на гэтым месцы быў разбіты сквер.

Кар.: -- Старажытны касцёл загінуў другі раз. Пры падрыхтоўцы матэрыяла меркавалася спаслацца на Пастанову, або загад, або іншы дакумент, паводле якога сцены касцёла былі зруйнаваныя. Такога дакумента не існуе.

Зянон Пазняк: -- Ён не лічыўся загінуўшым. Ён стаяў. Без вакон. Дах быў часткова папсаваны. Але яго можна было адрэстаўраваць. Альбо ў крайнім выпадку, закансерваваць і пакінуць, як помнік, само сабой, але і як помнік нямецка-фашысцкага вандалізму. Такія помнікі ёсць, напрыклад, у Ковентры, у Англіі. Там пакінулі сабор, разбураны фашысцкай авіяцыяй. Гэтак як у Хірасіме пакінулі дом, як напамін варварскай атамнай бамбардыроўкі.

На жаль, пра гэта тады не думалі. І помнік проста знішчылі. Гэта злачынства, якое цалкам на сумленні бюракратыі 50-х гадоў.

Цяпер наша пакаленне стараецца выправіць гэта. Цяжка, вельмі цяжка. Аб рэстаўрацыі помніка няма гаворкі. Побач пачата будаўніцтва Палаца Рэспублікі. Выкапалі катлаван. Падмуркі манастыра ўжо зруйнаваныя, яны ўвайшлі ў катлаван. А падмуркі і падвалы касцёла захаваліся. Вось мы і праводзім тут археалагічныя раскопкі.

Задача нашых раскопак, па-першае, даследаваць падмуркі, бо касцёл быў узарваны без абмерных абследаванняў і шмат што не зразумела. Мы хочам высветліць тып пабудовы касцёла, дату пабудовы. Гэта задачы ў навуковым плане.

Па-другое, у нас задача ўскрыць падвалы, якія засталіся дзесьці на паўтара метра пад зямлёю ў бакавых нефах. І закансерваваць гэтыя падвалы, каб уключыць іх у экспазіцыйную зону Палацу Рэспублікі. Калі будзе пабудаваны Палац, жыхары Мінска і госці маглі б спускацца ў гэтыя падвалы. Там можна выставіць знаходкі, якія мы тут знайшлі. Вельмі цікавыя рэчы. Зрабіць там экспазіцыю археалагічных матэрыялаў. І адначасова самі гэтыя падвалы, самі рэшткі помніка…

Мы рыхтаваліся да раскопак цэлы год. З цяжкасцямі ўсё ішло. Раскопкі пачалі са спазненнем, таму што будаўнікі нам перашкодзілі. Яны прывезлі 70 кубаметраў грунту і засыпалі пляцоўку. Дык раскопкі пачаліся толькі 11 чэрвеня. Мы раскапалі цэнтральны неф, дзе падвалаў амаль не засталося, бо там была закладзеная ўзрыўчатка. Засталіся мізэрныя рэшткі.

У навуковым плане раскопкі цікавыя. А ў сэнсе экспазіцыйным мы залежым ад будаўнікоў. Калі гэта гара зямлі будзе прынятая, дык да восені, мы, можа, паспеем раскапаць частку падвалаў. І такім чынам выратаваць хоць частку помніка. Калі мы гэтага не паспеем зрабіць, пачнецца пракладка каналізацыі, інжынерных камунікацый, і нічога зрабіць ужо не атрымаецца. Калі будаўнікі нам не пойдуць насустрач, мы не зможам закансерваваць гэтыя падвалы, якія цяпер пад гарою зямлі апынуліся. Значыць, можна лічыць, гэты помнік загіне.

Кар.: -- Загіне трэці раз і ўжо назаўсёды. У вайну старажытны касцёл загінуў ад фашысцкага вандалізму. У 50-я - ад самаўпраўства бюракратыі. Зараз яго лёс залежыць ад графіка будаўнічых работ. Цвярдыня, якая прымала на сябе ўдар ворага, якая ратавала горад, пад сценамі якой ляжаць нашы продкі, гіне ў нас на вачах.

Зянон Пазняк: -- У пасляваенныя гады ў свядомасці мінчан склалася ўяўленне, што наш горад малады. І пабудаваны ў асноўным пасля вайны. Склалася ўражанне, што ўся гісторыя зруйнаваная падчас нямецкай акупацыі, што ў архітэктуры нічога не засталося. Гэта вялікая памылка. Яна падтрымліваецца тым, што большасць насельніцтва Мінска не карэнныя мінчане. Насельніцтва абнавілася пасля вайны. Гісторыю горада яны не ведаюць. У пэўнай ступені Мінск не стаў для іх родным горадам. Але ён павінны стаць ім родным.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX