Папярэдняя старонка: Кніга № 560. Кн. перапісаў 3

Прадмова 


Дадана: 24-06-2011,
Крыніца: Менск 2010.



22 cтудзеня 1542 г. Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары накіраваў сваіх «посланцевъ господарскихъ» Івана Глебавіча Корсака і Яна Кміту Сакаловіча, каб яны «границы пописовали стародавъныи пана Радивиловы долъгость и широкость, какъ долъго и широко Нεмцы забрали земъли господара Короля Его милости, земълями пана Мистра Лифлянтъского почонъшы отъ озера Курчомъ, аж до границъ Московъскихъ». Гэта было сапраўдным падарожжам у край, які для аўтараў XVI ст. усё яшчэ заставаўся крыху загадкавым і часам прыгадваўся ў паўміфічным кантэксце. Дэмаркацыі 1542 г. якраз і прысвечана Кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага № 560, альбо Кніга перапісаў № 3.

Матэрыялы Кнігі № 560 з'яўляцца цікавай крыніцай па гісторыі права, таму што ілюструюць юрыдычныя нормы, якія выкарыстоўваліся пад час дэмаркацыі, а таксама пры разглядзе скаргаў памежных жыхароў.

Кніга № 560 - важная крыніца інфармацыі па гістарычнай геаграфіі Паўночных Беларусі і Літвы, а таксама Паўднёвай Латвіі. Аналіз гэтай інфармацыі ўзбагачае нашыя веды пра стан ландшафту рэгіёна і дазваляе стварыць новыя, больш дакладныя гісторыка-геаграфічныя карты рэгіёна. На старонках кнінгі адлюстраваны многія геаграфічныя аб'екты, найперш гідралагічныя - рэкі, ручаі, азёры, балаты. Характарыстыкі названых аб'ектаў з'яўляюцца каштоўнай інфармацыяй для сучасных экалагічных даследаванняў, бо дае магчымасць супаставіць стан гідралогіі XVI ст. з сучаснай сітуацыяй.

Важнымі з'яўляюцца вынікі аналіза тэксту Кніга № 560 з пункту гледжання гісторыі беларускай мовы. Рэч у тым, што значнае месца ў кнізе займае запіс сведчанняў мясцовых жыхароў XVI ст., жывая мова якіх адлюстраваная на старонках кнігі. Апроч таго, нормы дзелавой (канцылярскай) старабеларускай мовы паказаныя ў кнізе вельмі выразна. Кніга № 560, апісваючы памежную сітуацыю, ілюструе таксама міжэтнічную сітуацыю ў рэгіёне, дзе ў паўсядзённы кантакт уступалі славяне, балты, немцы. Прадстаўляючы ў першую чаргу рыцарскае саслоўе ВКЛ і Лівоніі, Кніга Метрыкі № 560 утрымлівае вельмі багатыя біяграфічныя і гаспадарчыя звесткі пра вясковых жыхароў Браслаўшчыны, Полаччыны, Поўначы Віленшчыны, а таксама Латгаліі і Земгаліі.

Вось гэтыя тэматычныя кірункі і вызначылі ўвагу да Кнігі № 560 - адной з шматлікіх сярод неапублікаваных кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, якая з'яўляецца ўнікальным корпусам крыніц па гісторыі нашага рэгіёна Еўропы. Першапачатковая праца з тэкстам кнігі праводзілася паводле мікрафільма ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Далей, дзякуючы праекту, што падтрымліваўся Камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, удалося азнаёміцца з арыгіналам кнігі ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (Масква), зверыць і паправіць набраны тэкст, зрабіць палеаграфічнае апісанне рукапісу. Пад час працы над тэкстам кнігі аўтару гэтых радкоў сталую дапамогу сваімі кансультацыямі і парадамі аказвалі калегі: доктар гіст. навук Георгій Я. Галенчанка (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) кансультаваў у пытаннях гісторыі Метрыкі ВКЛ і крыніцазнаўства; канд. гіст. навук Валерый Мянжынскі (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) са сваім археаграфічным досведам шмат у чым паўплываў на абраную методыку выдання; неацэннай была дапамога мовазнаўцы і гісторыка канд. філал. навук Уладзіміра Свяжынскага (Інстытут гісторыі НАН Беларусі), які ласкава пагадзіўся вычытаць увесь набраны тэкст Кнігі № 560; архівіст Герман Брэгер (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі) дапамагаў у працы з тэкстам крыніцы; у выпрацоўцы аўтарам уласных поглядаў на методыку ідэнтыфікацыі і геаграфічнай лакалізацыі тапанімічных аб'ектаў гістарычных крыніц найбольшы ўплыў аказалі напрацоўкі і энтузіазм канд. гіст. навук Міхаіла Ф. Спірыдонава (Інстытут гісторыі НАН Беларусі); вельмі каштоўнымі былі парады і заўвагі сапраўднага знаўцы гісторыі Паўночнай Беларусі канд. гіст. н. Васіля Вароніна (Беларускі дзяўржаўны універсітэт). Мае працы ў варшаўскіх кнігазборах і архівах (што мела важнае значэнне ў генеалагічных і гісторыка-геаграфічных доследах) сталі магчымымі дзякуючы Касе ім. Юзафа Мяноўскага і Фундацыі Польскай Навукі, а таксама парадам праф. Анджэя Рахубы (Інстытут гісторыі Польскай Акадэміі Навук). Найбольш жа важна адзначыць, што асноўная праца над кнігай выконвалася мною ў Інстытуце гісторыі ў Аддзеле спецыяльных гістарычных навук, які на працягу 1991-2005 гг. быў сапраўднаю з'яваю ў беларускай гістарыяграфіі. Шчаслівая заканчэнне праца адбылося ўжо ў Аддзеле ўсеагульнай гісторыі, міждзяржаўных і міжнародных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі - прыязная і добразычлівая атмасфера гэтага аддзела спрыяе творчай дзейнасці і засяроджанай працы.

Усім сваім калегам я складаю шчырыя словы падзякі.

Алег Дзярновіч
25 лютага 2007 г., Мінск

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX