Папярэдняя старонка: Кніга № 560. Кн. перапісаў 3

Адзінкі колькасці і вымярэння 


Дадана: 24-06-2011,
Крыніца: Менск 2010.



Адзінкі ліку і колькасці

Найбольш папулярная лікавая адзінка не дзесятковай сістэмы - капа: 1. адзінка лічэння - 60 аднародных прадметаў (штук); 2. грашовая адзінка ў 60 грошаў. Апроч грошаў (пенязей) капа актыўна выкарыстоўвалася для падлікаў зерневых культураў у снапах: жыта, пшаніцы, ячмяню, грэчкі, аўсу.

Асноўны падлік веўся паводле дзесяткавай сістэмы, але для пэўных з'яваў аграрнай вытворчасці выкарыстоўваліся спецыфічныя адзінкі ліку: саха - адзінка вымярэння колькасці рабочай жывёлы (найперш, валоў); лемехі лічыліся парамі (дваічная сістэма); сена вазамі; мяса - полцямі. Збожжавыя таксама маглі лічыцца пераплётамі (прыстасаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны). Ступень тэрміналагізацыі гэтых вызначэнняў не зусім зразумелая. У любым выпадку яны характарызуюцца полісеміяй.

Грошы ў копах (60 грошаў) лічыліся ў "гатовых пенезях" - гэта значыць у рэальных манетах, а не ў лікавым эквіваленце. Радзей выкарыстоўвалася паняцце рубель - грашова-лікавая адзінка, адпаведная 100 грошам ВКЛ (ці 125 польскім грошам).

Апроч таго, для пазначэння агульнай колькасці чаго-небыць выкарыстоўвалася паняцце сума.

Адзінкі масы

Бéркавец - мера масы. Пашыраным быў беркавец, роўны 12 пудам, альбо 500 фунтам (адпавядае 163,80 кг). Ужываўся таксама беркавец у 5 камянёў, ці 200 фунтаў (74,95 кг). Беркавец выкарыстоўваўся для важання мёду.

Таксама мёд (з удакладненнем "прэсны" - у адрозненні ад пітнога) узважваўся пудамі (16,3799 кг).

Для вызначэння масы сыпучых рэчываў (на прыкладзе Кнігі № 560 - попелу) выкарыстоўваўся лашт. Гэтая адзінка масы была роўная прыблізна 2 т. (польскі лашт змяшчаў 30 варшаўскіх карцаў ці, адпаведна, 2107-2124 кг; літоўскі лашт змяшчў 45 пур, ці 4725 фунтаў, і складаў каля 120 пудоў, ці 1965,588 кг).

Адзінкі аб'ёму

Бочка - мера сыпкіх і вадкіх рэчываў, роўная 406,54 л. Гэта адная з самых ужываных мераў і велічыня бочкі як адзінкі вымярэння была неаднолькавая ў розных рэгіёнах ВКЛ. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг. прыраўновалі бочку ВКЛ (літоўскую, віленскую) да кракаўскай з 4 карцоў. Таксама бочка выступала як мера зямельнай плошчы, роўная бочцы засеянага зерня. Паводле матэрыялаў Кнігі № 560 бочкамі вымяраліся аб'ёмы зерневых культураў, а таксама селядцы.

Адзінкі вымярэння адлегласці

Вярста - мера даўжыні, роўная 798 сажням (1559,6 м). 5 вёрст складалі 1 мілю (7798 м).

Вялікая вярста роўная 1000 сажням (1948,2 м). 5 вялікіх вёрст адпаведна складалі 1 вялікую мілю.

У ВКЛ у XVI-XVII ст. міля складалася з 300-315 шнуроў або 13230-16300 локцяў.

Адзінкі вымярэння даўжыні

Локаць адна з асноўных адзінак вымярэння даўжыні, якая адпавядае даўжыні рукі ад лакцявога згіну да канца сярэднага пальца, роўная 0,6496 см. У Кнізе № 560 локцямі вымяралася сукно.

50 локцяў складалі 1 пастаў (32,48 м).

Выкарыстаныя метралагічныя і лінгвістычныя даследаванні:

Гольдштейн С. Древняя метрология // Гольдштейн С. Польско-литовские древности. СПб., 1913.

Каменцева Е. И., Устюгов Н. В. Русская метрология / 2 изд. М., 1975.

Малчанава Л. А. Народная метралогія: (Да гісторыі народных мер даўжыні). Мн., 1973.

Петрушевский Ф. Общая метрология. Ч. 1-2. СПб., 1849.

Петрушевский Ф. Польские меры, или Описание польских мер, весов и монет / 2 изд. СПб., 1834.

Скурат К. У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974.

Шостьин Н. А. Очерки истории русской метрологии, XI - начало ХХ в. / 2 изд. М., 1990.

Черепнин Л. В. Русская метрология. М., 1944.

Юревич Е. К., Янович Е. И. Из истории метрологической лексики // Вопросы этнографии Белоруссии. Мн., 1964. С. 68-79.

Юрэвіч А. К., Яновіч А. І. Старажытныя беларускія меры // Беларускае і славянскае мовазнаўства. Мн., 1972. С. 286-303.

Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI-XVIII wieku. Warszawa, 1994.

Kula W. Metrologia historyczna // Przegląd Historyczny. 1959, z. 2.

Kula W. Miary i ludzie. Warszawa, 1970.

Szymański J. Metrologia // Szymański J. Nauki pomocnicze historii / 6 wyd. Warszawa, 2004. S. 154-199.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX