Вярнуцца: Metriciana T. 1.

Linguistica: Мова і Метрыка Linguistica: Language and Metrics


Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Менск 2001.



Уладзімір СВЯЖЫНСКІ

Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага

Abstract: Uładzimir SVIAŽYNSKI. Problem of Identification of Official Language of the GDL // METRICIANA: Dasledavanni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litouskaha. Vol. I (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. 1 (3) - 2001).


Dublication, competition and migration of the ethnic names "Litva" and "Rus'" as the factor of complexity of formation of the self-name of Belarusian people, numerous change of the state status of the Belarusian territories have caused a variety in identification of official language of the GDL and people - its "carrier". The name of official language of the GDL was accepted already by many Polish, Lithuanian and Russian experts as "Old Belarusian". But the revival of national ideologies in a post-Soviet countries has revived also discussions about the political status of the Belarusian people and its language. It has reanimated already recognized is scientific unjustified of definitions of official language of the GDL as "Russian", "West Russian", "Slavic official". The author proves the thesis about independence of Old Belarusian language by arguments about its dialectic base, representation of features of alive language practically already in the first texts in national language created on the Belarusian territory (deed - hramata), system of differences of Belarusian language from Old Russian and Old Ukrainian.


Пісьмовая спадчына Вялікага Княства Літоўскага даследавана як айчыннымі, так і замежнымі вучонымі з боку мовы дастаткова глыбока, каб апошнюю ідэнтыфікаваць. Спецыялісты па гісторыі мовы ўжо між сабою пагадзіліся ўжываць для яе азначэння тэрмін "старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова" [1]. Вызначаны асаблівасці яе сістэмы пісьма, гукавога ладу, граматычнай сістэмы, лексічнага складу [2]. Закончана праца над капітальнай лексікаграфічнай картатэкай яе пісьмовых помнікаў, на аснове якой паспяхова ідзе падрыхтоўка і выданне унікальнай лексікаграфічнай працы - "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы" [3]. Робяцца спробы ўзнаўлення сістэмы форм яе існавання. У прыватнасці, у працэсе грунтоўнага вывучэння асаблівасцей літаратурнай формы вызначана сукупнасць яе функцыянальных стыляў (дзелавы, свецка-мастацкі і рэлігійны) [4], у працэсе падрыхтоўкі нашага даследавання намі былі апублікаваны працы па іншых формах існавання гэтай мовы - тэрытарыяльных і сацыяльных дыялектах, прастамоўі і інш [5]. Несумненна, на цяперашнім этапе нельга сказаць, што праблема спецыфікі старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы вычарпана. Прадстаяць дэталёвыя даследаванні асобных помнікаў, з якіх вывучаныя на сённяшні дзень толькі адзінкі, і падрыхтоўка на іх аснове сінтэтычных абагульняючых прац, у якіх атрыманыя дадзеныя могуць быць удакладненыя. Але і на падставе ўжо ажыццёўленых даследаванняў можна гаварыць пра старабеларускую літаратурна-пісьмовую мову як пра цалкам адпавядаючую азначэнню як мовы асобнага ўсходнеславянскага народа, а не мясцовага варыянта мовы суседзяў, як гэта вынікае са сцвярджэнняў некаторых аўтараў. Адсутнасць на сённяшні дзень адзінства ў ідэнтыфікацыі дадзенай мовы і вымагае вярнуцца да разгляду гэтага пытання ў святле існуючых фактаў.

Дыскусія аб нацыянальна-дзяржаўным статусе страбеларускай літаратурна-пісьмовай мовы мае сваю даўнюю гісторыю. Вытокі рознагалоссяў адносна гэтага ляжаць у глыбокай старажытнасці. Для таго каб іх усвядоміць, варта нагадаць асноўныя этапы гістарычнага лёсу нашай мовы. Як вядома, гісторыя любой мовы мае знешні і ўнутраны (функцыянальны і структурны) бакі, якія ўзаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя паміж сабой. "Змяненне грамадскіх функцый цягне за сабой і змяненне як асобных элементаў моўнай структуры, так і паступова структуры ў цэлым" [6].

Асаблівым гатункам канфліктаў і сутыкненняў паміж носьбітамі розных моваў ёсць моўная дыскрымінацыя. Яна выяўляецца ў прымяншэнні сацыяльнага значэння шэрагу моваў (разам з іхнаю культурнаю надбудоваю) і ў перабольшванні значэння мовы аднае пэўнае прывілеяванае нацыі, што азначае прызнанне няроўнасці правоў людзей, якія размаўляюць на розных мовах (напрыклад, пазбаўленне права размаўляць на роднай мове ў шэрагу сітуацый і прызнанне такога права за іншымі людзьмі, чыя мова абвяшчаецца годнай афіцыйнага выкарыстання ў гэтакіх самых сітуацыях) [7].

Моўная дыскрымінацыя старая як гісторыя цывілізацыі. У Старажытнай Грэцыі дыскрымінацыя зводзілася не толькі да падкрэслівання эстэтычных якасцей грэчаскай мовы ці інтэлектуальнай і маральнай перавагі тых, хто на ёй гаварыў. У пару ранняга сярэднявечча ў моўнай дыскрымінацыі з'яўляюцца ідэалагічны і рэлігійны элемент, які знаходзіць сабе апраўданне ў догме святарнага характару трох літургічных моваў - старажытнаяўрэйскай, грэчаскай і лацінскай. Прызнаныя адзіна годнымі, каб правіць богаслужэнне, ад якой усе іншыя мовы, як "варварскія" былі адлучаныя, гэтыя тры мовы мелі гэтакія ж функцыі і прывілеі, што і рабочыя мовы сучасных міжнародных арганізацый. Грэчаская, старажытнаяўрэйская і лацінская мовы захоўвалі сваё прывілеяванае становішча аж да Х ст., калі догмат гэтае моўнае тройцы быў аспрэчаны братамі Кірылам і Мяфодзіем (калі заходнехрысціянскае духавенства, следуючы рымскаму абраду, як правіла прызнавала для багаслужэння толькі лацінскую мову, мову Вульгаты, то візантыйская царква не толькі дазваляла сваім місіянерам у нягрэчаскіх краінах, як і мясцоваму духавенству, праводзіць багаслужэнне на мове краіны, але нават заахвочвала гэтую працу, што, натуральна, стварала больш спрыяльныя ўмовы для пашырэнне новай рэлігіі сярод шырокіх мас насельніцтва і складала значную перавагу ўсходнехрысціянскага місіянерства) [8]. Тады для адпраўлення хрысціянскіх абрадаў была прынятая чацвёртая мова - славянская, -- і на ёй у Ватыкане служылася літургія ў прысутнасці папы Адрыяна ІІ (867-872), які ў спецыяльным пасланні дазволіў Кірылу і Мяфодзію пашырэнне славянскіх кніг і славянскае богаслужэнне. Тады ўпершыню ў афіцыйных колах хрысціянскай царквы было рашуча пастаўлена пытанне аб праве кожнага народа навучацца і адпраўляць рэлігійныя службы на ўласнай мове [9].

Пасля Люблінскай дзяржаўнай уніі супраць беларускай мовы склалася пэўная апазіцыя з боку літоўскай знаці. Літоўцы імкнуліся да замены беларускай афіцыйнай мовы латынню, якая, на думку некаторых, была па паходжанню роднаснай літоўскай мове. Легенда аб рымскім паходжанні літоўскай шляхты адлюстравалася нават у летапісах поўнай рэдакцыі іншых хроніках таго часу (паводле М. М. Улашчыка, у цяперашні час вядомыя шэсць летапісаў, якія змяшчаюць легенду: Археалагічнага таварыства, Красінскага, Рачынскага, Альшэўская, Румянцаўская, Яўрэінаўская, а таксама Хроніка Быхаўца і Хроніка Літоўская і Жмойцкая) [10]. Пад уплывам гэтай легенды заклік у карысць латыні прагучаў з вуснаў літоўскага гісторыка таго часу Міхалона Літвіна, які ў 1550 г. напісаў спецыяльныя нататкі, у якіх выступіў супраць афіцыйнай беларускай мовы. На яго думку, беларуская мова не знаёміць літоўцаў са старажытнасцю і не развівае іх грамадзянскіх пачуццяў. Таму ад яе трэба адмовіцца [11]. Наступны крок у гэтым напрамку быў зроблены ў 1576 г., калі віленскі войт Аўгустын Ратундус напісаў на лацінскай мове "Хроніку Літвы" і пераклаў на гэтую мову Статут ВКЛ. У прадмове да гэтага перакладу А. Ратундус сцвярджаў, што лацінская мова з'яўляецца роднаснай для літоўцаў, г.зн італьянцаў, якія паходзяць з італьянскай крыві, і таму яе патрэбна ўвесці ва ўжытак у законах, пасланнях і нават у паўсядзённым жыцці ў якасці гутарковай мовы. Беларускую мову аўтар кваліфікуе як мову чужую, грубую і варварскую. Варожай яна была для яго таму, што,на яго думку, была агульнай з Маскоўскай дзярожавай, спрадвечным ворагам Літвы.У якасці самага моцнага аргумента супраць беларускай мовы А. Ратундус указвае недастатковую яе граматычную ўнармаванасць [12].

Пачатак аспрэчванню саматоеснасці беларускай мовы быў пакладзены пранікненнем польскай культуры на тэрыторыю ВКЛ і набыццём апошняй прэстыжнасці ў грамадстве ў выніку заключэння уній ВКЛ з Польшчай - спачатку Крэўскай, затым Люблінскай. Ужо ва ўмовах Крэўскай персанальнай уніі, паколькі апошняя была дакументальным пацвярджэннем вялікім князем Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду язычнікаў-літоўцаў, на тэрыторыі ВКЛ пачалі з'яўляцца дакументы на польскай мове.

У новых палітычных умовах, што склаліся пасля заключэння Люблінскай дзяржаўнай уніі, польская шляхта, з якой шляхта ВКЛ, зрабіўшыся буйной палітычнай сілай, пачала дамагацца аднолькавых правоў, стала для апошняй узорам для пераймання манер паводзін, у тым ліку і маўленчых . Так польскія культура і мова ў асяроддзі вышэйшых слаёў грамадства ВКЛ пачалі набываць прэстыжнасць [13]. У выніку яшчэ незахавання польскім бокам у асобе каралеўскай канцылярыі ўмоў Люблінскай уніі ў частцы дзяржаўных моў "суб'ектаў"федэрацыі пачалося актыўнае выцясненне польскай мовай беларускай мовы з адной з функцыянальных сфер, якімі ў найбольшай меры была абумоўлена прэстыжнасць апошняй - функцыі афіцыйнай мовы ВКЛ. Аж пакуль пастановай усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай 1696 г. яна зусім не была заменена ў дзяржаўным ужытку польскай мовай.

Паколькі крыніцамі па гісторыі сярэдневяковай не толькі беларускай, але і літоўскай дзяржаўнасці з'яўляюцца пераважна тэксты на старабеларускай мове, праблему ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы ВКЛ спрабавалі вырашыць многія літоўскія вучоныя. Так, вядомы гісторык і дыялектолаг літоўскай мовы З. Зінкявічус характарызаваў афіцыйную мову ВКЛ як "старажытнацаркоўнаславянскую, парадкам разбаўленую мясцовымі заходнеславянскімі моўнымі элементамі" [14]. На яго думку, гэтая мова была штучная, бо, стаўшы агульнадзяржаўнай канцылярскай, не стала гутарковай. Аўтар тым не менш прызнае, што ў адрозненне ад Маскоўскага княства на "славянскую канцылярскую мову" ВКЛ вельмі моцны ўплыў аказала гутарковая мова заходняй часткі ўсходнеславянскай тэрыторыі, з якой з цягам часу сфармаваліся сучасныя беларуская і ўкраінская мовы. У канцы ХVІ ст. канцылярская мова ВКЛ была ўжо цалкам "абеларушана". Яшчэ большую бездань паміж "рускай" канцылярскай мовай ВКЛ і беларускай мовай раскрывае не менш вядомы літоўскі гісторык права ВКЛ К. Яблонскіс, які лічыць яе агульнай у Беларусі, на Украіне і Маскоўскай Русі, выключна пісьмовай, узыходзячай да балгарскай, якая мела агульнага з беларускай мовай не болей, чым пісьмовая лацінская мова з італійскімі гаворкамі Міжземнамор'я. Таму, на яго думку, няправільна называць гэтую мову беларускай [15]. Крыху інакш вырашае гэтую праблему гісторык літоўскай мовы Ё. Палёніс. Ён сцвярджае, што "да з'яўлення першых літоўскіх летапісаў (ХШ-ХV стст.) у Вялікім Княстве Літоўскім у якасці пісьмовых выкарыстоўваліся 4 мовы: лацінская, нямецкая, старабеларуская (заходнеруская) і польская. Найбольш распаўсюджанай з іх была старабеларуская (заходнеруская) мова, якая на працягу доўгага часу выконвала функцыі канцылярскай мовы Вялікага Княства Літоўскага. Ё. Палёніс бадай ці не першы адзначае, што ў лінгвістычнай літаратуры аж да самага сучаснага моманту пакуль што цвёрда не ўсталявалася назва такой мовы. Адны лінгвісты называюць яе старабеларускай, іншыя - заходнерускай, старажытнарускай і да т. п. Прытрымліваючыся традыцыйнага схематызаванага пункту погляду, Палёніс лічыць, што аснову старабеларускай літаратурнай мовы складае старажытнаруская літаратурная мова, а механізм утварэння першай з іх заключаўся ў насычэнні старажытнарускай мовы асаблівасцямі заходнерускіх гаворак, літоўскімі і польскімі элементамі [16].

Бліжэй да ісціны аказаўся літоўскі гісторык кнігі Л. Уладзіміровас, які падверг крытыцы погляды згаданых даследчыкаў. Праявіўшы незвычайную для нефілолага дасведчанасць у пытаннях мовазнаўства, ён піша, што аснову пісьмова-літаратурнай мовы ВКЛ складала не царкоўнаславянская ці балгарская мова, а мясцовая гутарковая мова. У адпаведнасці з традыцыйным для беларускага савецкага мовазнаўства пунктам погляду вытокам гэтай мовы ён лічыць старажытнарускую. Аб істотнай розніцы паміж мясцовай гутарковай і літаратурнай мовамі з аднаго боку і царкоўнаславянскай мовай з другога, якая была выразна адзначана мясцовымі жыхарамі XVI ст., сведчыць тлумачэнне Ф. Скарынай на палях сваіх выданняў незразумелых яго сучаснікам царкоўнаславянскіх слоў на беларускую мову (інакш глосы - У. С.).

Л. Уладзіміровас, насуперак яго запэўніванням у некваліфікаванасці ў пытаннях мовазнаўства, аказаўся дасведчаным нават у такім вельмі спецыяльным пытанні, як розніца ў моўных сітуацыях у Вялікім Княстве Літоўскім і Маскоўскай Русі. Ён піша, што панаванне царкоўнаславянскай мовы як мовы пісьменнасці ў Маскоўскай Русі было значна больш працяглым, чым у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта тлумачыцца, на яго думку, тым, што традыцыі праваслаўнай царквы і яе манаполіі ў духоўнай сферы былі непараўнальна больш жорсткімі, чым у Вялікім Княстве Літоўскім. Таму ў Маскоўскай Русі нават не ставілася пытанне аб замене царкоўнаславянскай мовы ў царкоўным ужытку мовай народнай, хаця пры аналізе помнікаў расійскай пісьменнасці прыкметная тэндэнцыя набліжэння царкоўнаславянскай мовы да свецкага чытача. У Вялікім Княстве Літоўскім, дзе праваслаўная царква не карысталася такім моцным уплывам, такі білінгвізм перамог значна раней не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў пісьменнасці наогул. Тут прымаліся неаднаразовыя спробы перакласці царкоўныя тэксты на жывую мясцовую мову. Гэтая мова, сцвярджае яшчэ раз Л. Уладзіміровас, узнікла не з царкоўнаславянскай мовы, а з мясцовых народных гаворак. Важнымі прыкметамі яе адметнасці з'яўляюца так званы віленскі скорапіс, які ўзнік у канцылярыі Жыгімонта Аўгуста, а таксама даволі ранняе адбіццё на ёй уплыву суседняй польскай мовы. Л. Уладзіміровас упершыню ўдакладняе механізм стабілізацыі і пашырэння старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Стабілізацыі гэтай мовы, яе ўнармаванне і пашырэнне сярод жыхароў дзяржавы, якія ёю не валодалі, як ён слушна мяркуе, садзейнічала ўвядзенне ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім агульнага права, кадыфікаванага ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг., напісаных на беларускай мове і аддрукаваных масавым тыражом. Не толькі чыноўнікі, але і кожны адукаваны шляхціч абавязаны быў ведаць Статут ВКЛ, у якім былі вызначаны яго правы і прывілеі, а значыць і разумець тую мову, на якой Статут быў напісаны.

Згадаўшы асноўныя падзеі старажытнага перыяду гісторыі беларускай мовы, Л. Уладзіміровас прыступае да выканання асноўнай задачы свайго артыкула - адказу на пытанне, як належыць называць мову, на якой гаварылі і пісалі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прасочваючы эвалюцыю назвы афіцыйнай мовы ВКЛ, ён прыводзіць цікавыя назіранні: у XVI і нават XVIII стст. продкі беларусаў і ўкраінцаў называлі сваю родную мову рускай. Аднак к сярэдзіне XVII ст. усё мацней пачынае праяўляцца тэндэнцыя да дыферэнцыяцыі. Памва Бярында ў сваім "Лексіконе славянароскім" выразна адрознівае заходнерускія мовы і нават гаворкі: петухъ - петель (царкоўнаславянская мова), чески и руски - когут, волынски - певень, литовски (г.зн. па-старабеларуску) - петухъ [17]. Лаўрэнці Зізані, які некалі называў мову мясцовых жыхароў рускай, прыехаўшы ў Маскву з мэтай выдання беларускага катэхізіса, называе яе ўжо літоўскай ("Катехизис - по-литовски оглашение"). Тут назіраецца вядомая падмена этнонімаў. Руская мова прыпісваецца ўкраінцам, а беларуская замест раней агульнаўжывальнай назвы "руская" цяпер называецца літоўскай. Натуральна, што Л. Уладзіміровас, усведамляючы, як жыхар Літвы, розніцу паміж беларускай і літоўскай мовамі ў сучасным значэнні гэтых тэрмінаў, бачыць у гэтай замене блытаніну. Хаця такая назва ў пэўнай ступені адпавядала рэальнасці, паколькі частку Беларусі складала гістарычная (летапісная) вобласць Літва, а тая мова. якую Зізані называў літоўскай, была літаратурна-пісьмовай мовай і этнічнай Літвы аж да з'яўлення там выданняў М. Мажвідаса і М. Даўкшы (параўн.: і спрадвечная мова яўрэяў, і ўрыт і запазычаная ідыш аднолькава называюцца яўрэйскімі). Невыпадкова ў адпаведнасці з канцэпцыяй сучаснай літоўскай гістарыяграфіі літоўскія даследчыкі ў паняцці "Літва", "літоўскі" ўкладваюць як этнічную Літву, так і гэтую гістарычную вобласць - частку Беларусі. Тым не менш Л. Уладзіміровас, не будучы, паўторымся, паводле сваёй кваліфікацыі мовазнаўцам, прапаноўвае адзіна правільны, на яго (і нашу) думку выхад з гэтага становішча - у азначэнні гэтай мовы як старабеларускай, паколькі тапонім "Белая Русь" вядомы з XIV ст., а ў тытуле вялікага князя літоўскага ён не ўжываўся, відаць, таму, што ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі і "іншыя рускія землі". Тэрмін "старабеларуская" ў адносінах да разглядаемай мовы выкарыстоўваюць і літоўскія моваведы А. К. Антановіч і М. Закар'ян, якая, гаворачы аб лексіцы Статута ВКЛ 1588 г., падкрэслівае: "Ён (Статут) напісаны на старабеларускай пісьмовай мове, названай у Статуце і іншых літоўскіх помніках "рускай". Аднак нават павярхоўнае яе параўнанне з мовай рускіх судовых дакументаў XV-XVI стст. паказвае, наколькі яна адрозніваецца ад рускай літаратурнай мовы гэтага перыяду [18].

Здавалася б, пасля з'яўлення артыкула Л. Уладзіміроваса праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы ВКЛ у літоўскай гістарыяграфіі кваліфікавана вырашана. Аднак пры выпрацоўцы пасля ўзнаўлення незалежнасці Літоўскай рэспублікі новай, дзяржаўніцкай канцэпцыі літоўскай гістарыяграфіі, гэтае пытанне, мяркуючы па публікацыях апошняга часу, зноў падвяргаецца перагляду. Некаторыя аўтары, лічачы, відаць, ідэнтыфікацыю афіцыйнай мовы ВКЛ як старабеларускай залішне радыкальным, падыходзяць да яе азначэння наўмысна здалёк. Так, напрыклад, у прадмове да літоўскага выдання "Успамінаў" Ф.Еўлашоўскага яе аўтар Д. Вілімас вярнуўся да ранейшай назвы "канцылярская славянская мова ВКЛ"("kanceliarinė slavų kalba") [19]. Іншую, але таксама ранейшую назву выкарыстоўвае ў сваёй археаграфічнай інфармацыі пра ажыццёўленыя ў Літве выданні 1-й і 25-й кніг Метрыкі ВКЛ А. Дубоніс. Ён прымяняе да гэтай мовы выпрацаваны яшчэ ў афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі тэрмін заходнеруская [20].

Аб'ектыўна да вырашэння разглядаемай праблемы спрабуе падысці вядомы літоўскі гісторык, крыніцазнавец, археограф, аўтар першага пасляваеннага літоўскага выдання аднаго з тамоў Метрыкі ВКЛ С. Лазутка. У прадмове да падрыхтаванага пад яго кіраўніцтвам выдання 6-й кнігі судных спраў Метрыкі ВКЛ ён справядліва падкрэслівае, што справы кнігі даюць выключнай важнасці матэрыял менавіта для вызначэння яе мовы як мовы МВКЛ у цэлым [21]. Значыць, менавіта мова МВКЛ і з'яўляецца, як вынікае з яго слоў, канцылярскай мовай ВКЛ і менавіта яна і можа быць вызначана як канцылярская (дзяржаўная) мова Княства. Услед за Л. Уладзіміровасам ён адзначае, што пытанне сутнасці гэтай мовы ўсё яшчэ дыскутуецца, прычым якраз сярод філолагаў, праўда, аўтар не ўдакладняе, што дыскусія вядзецца фактычна толькі сярод літоўскіх філолагаў.У адной са сваіх апошніх прац - кнізе пра Льва Сапегу - ён піша, што выдадзены Казімірам Ягайлавічам на лацінскай мове прывілей берасцейскім яўрэям затым быў перакладзены на старабеларускую мову (į senają baltarusių kalbą) [22].

Аспрэчванню саматоеснасці беларускай мовы з польскага боку спрыяла дыскрымінацыя афіцыйнай мовы ВКЛ, якая распачалася ў выніку заключэння уній ВКЛ з Польшчай - спачатку Крэўскай, затым Люблінскай. Ва ўмовах, што склаліся на беларускіх і ўкраінскіх землях пасля гэтых палітычных падзей, польскія культура і мова пачынаюць набываць ўсё большую прэстыжнасць у асяроддзі мясцовых магнатаў і шляхты [23]. Актыўнае ж выцясненне беларускай мовы з функцыянальнай сферы, якой была абумоўлена яе прэстыжнасць - дзяржаўнай мовы ВКЛ, чаму садзейнічала пашырэнне паланафільскіх сімпатый ў асяроддзі беларускай шляхты, пачалося пасля заключэння Люблінскай дзяржаўнай уніі, у выніку якой польская мова ўсё шырэй пачынае ўжывацца ў якасці агульнай афіцыйнай мовы на ўсёй тэрыторыі новай федэратыўнай дзяржавы. Саматоеснасць гэтай мовы, так як і ў нас, пытанне вырашанае для сучасных польскіх філолагаў, асабліва мовазнаўцаў. Тэрмін "беларуская" ўжываюць найперш тыя польскія моваведы, якія супрацоўнічаюць са сваімі беларускімі калегамі -- рэальнымі прадстаўнікамі народа, саманазва якога - беларусы. Гэта, напрыклад, Эльжбета Смулкова, якая займаецца працэсам структурна-функцыянальнага ўзаемадзеяння польскай і беларускай моў у іх гісторыі [24]. Аднак сярод гісторыкаў па-ранейшаму бытуе гістарычная назва афіцыйнай мовы ВКЛ "руская мова"("język ruski"). Яе, напрыклад, выкарыстоўвае ў сваіх працах даследчыца моўна-культурнай сітуацыі ў ВКЛ пасля Люблінскай уніі Мажэна Лідке [25].

Пачатак аспрэчванню самастойнасці афіцыйнай мовы ВКЛ з боку расійскіх дзеячаў быў пакладзены ў працэсе ўкаранення на Беларусі пасля яе далучэння да Расіі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ідэалогіі «западно-руссизма», закліканай у мэтах хутчэйшай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расійскай імперыі абгрунтаваць спрадвечныя прэтэнзіі Расіі на "спадчыну Рурыкавічаў" [26]. Менавіта тады было адмоўлена беларускаму народу ў яго этнічнай і моўнай саматоеснасці. Пасля распаду бальшавіцкай імперыі СССР і ўзнікнення на яго месцы шэрагу новых незалежных дзяржаў, у працэсе станаўлення незалежнай Расійскай дзяржавы ва ўмовах папулярнасці дзяржаўніцкай ідэалогіі ў адносінах да Беларусі назіраецца фактычны зварот да тэорыі і практыкі "западно-руссизма", а разам з тым - і да ранейшай імперскай назвы беларускай мовы - "западно-русский язык" [27]. Не старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовай, а мясцовым варыянтам рускай (расійскай) мовы лічаць афійцыйную мову ВКЛ мясцовыя прыхільнікі гэтак званай інтэграцыі, а на самой справе рэстаўрацыі Расійскай імперыі [28].

Сярод філолагаў бадай адзіным, хто вельмі ўважліва паставіўся да гэтай праблемы, быў італьянскі літаратуразнавец украінскага паходжання Усевалад Шчэбедзеў [29]. Ён пісаў, што "відаць таму, што сучасныя беларусы займалі землі, якія мелі межы… на захадзе з польскімі плямёнамі… ад старажытных палякаў у беларусаў сустракаюцца некаторыя асаблівасці вымаўлення, звязаныя з моўным адценнем зубных гукаў, якое стварае памякчэнне". Да моманту ўладкавання на сучаснай тэрыторыі, беларуская мова ўжо валодала шматлікімі, толькі ёй уласцівымі характарыстыкамі, якія адрознівалі яе ад украінскай і рускай моў, да прыкладу: вымаўленне о як кароткага а. Пасля, у выніку гістарычнага развіцця (V-VІ стст.) гэтыя характарыстыкі ўзмацніліся, адначасова паглыбляючы, што ў далейшым садзейнічала вылучэнню з агульнай мовы-першаасновы трох розных моў.

Адзінства т. зв. Кіеўскай дзяржавы (якую з канца 1940-х гадоў сталі называць старажытнарускай, каб пазбегнуць прызнання прымата Кіева як больш ранняй сталіцы, чым Масква) было крайне кароткім, таму што адзіны князь кіраваў гэтай дзяржавай толькі восемдзесят год ( у кіраванне Уладзіміра Святога і Яраслава Уладзіміравіча), а ў астатні час на ўсёй гэтай тэрыторыі існавалі самастойныя ўдзельныя княствы, у тым ліку і Полацкае - адна з асноў беларускай дзяржаўнасці (пабач з Турава-Пінскім) [30]. Застаючыся не заняволенымі мангольскімі качэўнікамі, беларускія землі захавалі сваю старую культуру, звычаі і традыцыі народнага веча [31]. Што датычыць адной мовы на гэтай тэрыторыі , то яшчэ прафесар Чарнавіцкага універсітэта (а пазней Украінскага свабоднага інстытута ў Празе акадэмік Усеўкраінскай Акадэміі навук Сцяпан Смаль-Стоцкі (1859-1939) доказна абвяргаў правамоцнасць ідэі праўсходнеславянскай мовы. Ён даказваў, што тры ўсходнеславянскія мовы - руская, украінская і беларуская - узніклі неппасрэдна з праславянскай, а не з праўсходнеславянскай мовы ўсёй Кіеўскай Русі [32].

Прадметам шматлікіх дыскусій стала пытанне пра месца беларускай мовы ў сям'і моў славянскіх. Польскія філолагі называюць яе "руска-польскім дыялектам", спасылаючыся ў галоўным на тое, што ў ХVІ-ХVІІ стагоддзях беларуская мова запазычыла цэлы шэраг польскіх слоў, як, да прыкладу, maljonok, zurka, nebojcik [33], якія адсутнічалі ў беларускіх гістарычных дакументах, створаных напярэдадні ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, а замест іх сустракаліся "муж", "доч", "пакойнік" і г. д. Такая тэрміналогія з'яўлялася філалагічнай ерассю, паколькі характар той або іншай мовы вызначаецца не толькі яго лексікалогіяй, колькі фанетыкай і марфалогіяй, апошнія без сумнення належаць усходнеславянскаму адгалінаванню. Зрэшты, і лексічныя элементы польскай мповы досыць слаба адчуваюцца ў беларускай мове. У процівагу польскім даследчыкам многія рускія вучоныя назвалі беларускую мову "западно-русским диалектом", акцэнтуючы ўсю сваю ўвагу на яе агульных уласцівасцях, характэрных для ўсходнеславянскіх моў, але яе архаізмы і ўласныя спецыфічныя асаблівасці з'яўляюцца ўласцівымі толькі ёй самой настолькі, што філалагічная навука павінна прызнаць самастойнае месца беларускай мовы ва ўсходнеславянскай моўнай групе поруч з украінскай і рускай. А на сённяшні дзень філалагічныя даследаванні накіраваны не на дыскусіі пра "мову" ці "дыялект", а вядуць пошук вытокаў паходжання пэўных агульных прыкмет, галоўным чынам паміж беларускай мовай і паўднёва-рускім дыялектам, каб высветліць наступнае: узніклі яны ў выніку развіцця першабытнай карэннай супольнасці ці ўсё ж уяўляюць сабою вынік уплыву адной мовы на другую, большасць філолагаў, погляды якіх падзяляюць, дарэчы, і гісторыкі, схіляюцца да думкі, што размова ідзе пра ўплыў беларускай мовы на паўднёва-рускі дыялект і што, да прыкладу, вымаўленне ненаціскнога о, як а ў паўднёвым дыялекце з'явілася вынікам пранікнення беларускай мовы аж да Акі і Волгі [34].

Істотнейшым адрозненнем паміж старабеларускай і старарускай мовамі былі прынцыпова розныя ўзаемаадносіны кожнай з іх з царкоўнаславянскай мовай, вынікамі якіх у значнай меры і вызначалася іх фармаванне рознымі шляхамі. На беларускіх землях на складванне гэтых узаемаадносін радыкальна паўплывалі тагачасныя новыя ідэалагічныя павевы з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, а менавіта Рэфармацыя. Гэтая магутная ідэалогія абнаўлення грамадскага жыцця ўсюды, дзе яна авалодвала розумамі людзей, карэнным чынам мяняла моўную сітуацыю ў краі. Гэтая пераўтваральная роля рэфармацыйных ідэй і заключалася якраз у тым, што ў важнейшую сферу жыцця грамадства - ідэалогію - рашуча пранікалі народныя мовы, якім раней адводзілася роля непрэстыжных, другарадных сродкаў камунікацыі. Адным з асноўных здзяйсненняў заснавальніка Рэфармацыі ў Германіі Марціна Лютэра з'явіўся яго пераклад Бібліі на нямецкую мову, які з'явіўся першым кодэксам нямецкай літаратурна-пісьмовай мовы.

Паводле дастаткова абгрунтаванага погляду шэрагу даследчыкаў, ва ўсходніх славян аж да пачатку XVІ ст. уключна ўзаемаадносіны рытуальнай (царкоўнаславянскай) і свецкай (народнай) моў мелі форму дыгласіі, г. зн. узаемасувязі дзвюх моўных сістэм, якія стаялі ў цэнтры сацыяльна-камунікатыўнай сістэмы, на падставе функцыянальнага размеракавання або функцыянальнага ўзаемавыключэння (недапушчэння выкарыстання абедзвюх моўных сістэм у адной і той жа сферы) [35]. Аб прынцыповай несумяшчальнасці моўных сістэм, якія функцыянавалі ў межах аднаго моўнага калектыву або моўнай агульнасці - царкоўнаславянскай і ўсходнеславянскай, беларускай - у адных і тых жа кантэкстах у даскарынінскі час на Беларусі сведчыць, з аднаго боку, адсутнасць кананічных тэкстаў на народнай мове, з другога, паколькі паняцце нормы пры дыгласіі звязваецца выключна з кніжнай мовай - адсутнасць кадыфікацыі народнай мовы (слоўнікаў, граматык), тады як кадыфікацыя царкоўнаславянскай мовы мела сваю традыцыю (Л. Зізані, М. Сматрыцкі, І. Ужэвіч) [36].

Менавіта на Беларусі, дзякуючы геаграфічнаму і палітычнаму фактарам (суседства і Крэўская унія з Польшчай як пасрэдніцай ў перадачы на Беларусь з Заходняй Еўропы ідэй Рэнесансу, Гуманізму і Рэфармацыі (станоўчы вынік Крэўскай уніі)) адбыўся пераход ад коснай і тармозячай развіццё народнай мовы сітуацыі дыгласіі да прагрэсіўнай і дэмакратычнай сітуацыі дзвюхмоўя, каторы, на думку Б. А. Успенскага, і з'явіўся вынікам капіравання лацінска-польскага дзвюхмоўя, наступленне якога ў Польшчы азнаменавалася з'яўленнем ужо ў XIV ст. першых перакладаў рэлігійных кніг на польскую мову -- Свентакшыскіх казанняў, Фларыянскага і Пулаўскага псалтыроў і інш. [37]

Прадвеснікамі надыходу новай моўнай сітуацыі на Беларусі з'явіліся пераклады апакрыфічных аповесцей, змешчаныя ў рукапісным зборніку XV ст. - "Страсці Хрыстовы" (апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма), "Аб трох каралях-валхвах" і "Жыціе Аляксея, чалавека божага". Тое, што гэтыя пераклады, няхай сабе і некананічных, але ўсё-такі рэлігійных кніг, былі ажыццёўлены ў каталіцкім асяроддзі (на што ўказваюць іх моўныя асаблівасці) [38], прама ўказвае, што гэты факт з'яўляецца вынікам уплыву лацінска-польскага білінгвізму, уласцівага каталіцкаму духавенству.

Аб характэрнай для ідэалогіі рэнесанснага гуманізму ўзрастанні цікавасці да нацыянальных моў сведчыць спадчына Ф. Скарыны [39]. Менавіта яму належыць ініцыятыва Рэфармацыі на Беларусі, ідэя перакладу Бібліі на беларускую мову, якая і паклала пачатак пераўтварэння на беларускіх землях сітуацыі царкоўнаславянска-беларускай дыгласіі ў сітуацыю царкоўнаславянска-беларускага дзвюхмоўя, што мела вырашальнае значэнне для фармавання старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Першы даследчык мовы выданняў Скарыны П. У. Уладзіміраў наогул лічыў іх "помнікамі беларускага маўлення пачатку XVI ст." [40], хаця гэтая яго выснова не падмацоўвалася прыведзенымі ім самім у яго працы фактамі. А. І. Жураўскі, устанавіўшы рэальныя суадносіны ў выданнях беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара розных моўных стыхій, зрабіў выснову, што мова ягоных выданняў - гэта ў асноўным сінтэз беларускай і царкоўнаславянскіх моўных стыхій, сінтэз, у якім апошняя пераважае [41]. Гэтага пункту погляду прытрымліваецца і шэраг іншых беларускіх моваведаў - А. Я. Баханькоў, М. Г. Булахаў, А. М. Булыка, М. Р. Суднік, Л. М. Шакун.

Прадпрынятая Скарынай спроба перакладу Свяшчэннага пісання на блізкую да народнай мову была ўспрынята кансерватыўнымі праваслаўнымі коламі не толькі ў якасці новай, незвычайнай культурнай з'явы, але і ў якасці неартадаксальнай, ерэтычнай, рэфармацыйна-гуманістычнай з'явы ў вобласці ідэалогіі. Прадстаўнік гэтых артадаксальных праваслаўных колаў, расійскі палітычны эмігрант князь А. Курбскі пісаў, што скарынінская Біблія "растленна", супярэчыць "всем апостольским и святым уставам" і ва ўсім згодная з бібліяй Лютэра [42]. Як на Захадзе латынь у эпоху сярэднявечча з'яўлялася неад'емнай прыналежнасцю каталіцкай артадоксіі [43], так і ва ўсходнеславянскім праваслаўным свеце вернасць царкоўнаславянскай мове сімвалізавала вернасць існуючым ідэалагічным і рэлігійна-філасофскім устаноўкам.У сілу гэтых прычын праваслаўная грамадскасць ВКЛ аказалася не гатовай да прыняцця новых павеваў у грамадскім жыцці.

Аднак апасродкавана, праз скарынінскую Біблію Рэфармацыя пачалася на беларуска-літоўскіх землях у другой палавіне XVI ст. справу Скарыны завяршылі яго суайчыннікі, прыхільнікі гэтага руху Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Сымон Будны пры падрыхтоўцы свайго перакладу Бібліі на польскую мову, выдадзенага ў 1572 г., у поўнай меры выкарыстаў пераклады Скарыны, яго прадмовы і пасляслоўі. У Буднага яшчэ бачым уплыў сітуацыі дыгласіі. У яго Катэхізісе адбываецца пастаяннае пераключэнне коду ў адпаведнасці з устаноўкай: цытаты са Свяшчэннага пісання на царкоўнаславянскай мове чаргуюцца з іх тлумачэннямі на беларускай. Такім чынам, тут яшчэ мае месца выразнае проціпастаўленне кніжнай і някніжнай моў. Хаця ўжо само ўвядзенне ў рэлігійны тэкст у адпаведнасці з рэфармацыйнай ідэяй сегментаў на беларускай мове ўжо сведчыць аб тым, што аўтар Катэхізіса быў блізкі да пераходу на дзвюхмоўе. Большая рашучасць другога паслядоўніка Скарыны - В. Цяпінскага ў справе надання беларускай мове сакральнай функцыі выклікана яго прыналежнасцю да радыкальнай плыні Рэфармацыі - сацыніянства. Цяпінскі ў выдадзеным ім ва "убогой друкарни" Евангеллі, не адкідваючы цалкам па вядомых прычынах царкоўнаславянскай мовы, паралельна з царкоўнаславянскім тэкстам змяшчае ўласны беларускі пераклад. Такім чынам, выданне Цяпінскага азнаменавала сабой пераход характэрнай для дыгласіі прыватыўнай апазіцыі ў апазіцыю эквіпалентную, якая з'яўляецца асновай сітуацыі дзвюхмоўя, паколькі паралелізм тэкстаў сведчыць аб паралелізме функцый [44].

Пасля выхаду ў свет выданняў Буднага і Цяпінскага развіццё беларускай і царкоўнаславянскай моў пайшло тыповымі для сітуацыі дзвюхмоўя незалежнымі паралельнымі шляхамі. Пашырэнне грамадска-культурнай ролі беларускай мовы за кошт пранікнення яе ў 2-й палавіне XVI ст. ў сферу канфесіянальнай літаратуры вельмі станоўча адбілася на яе ўнутраным (структурным) і знешнім (функцыянальным) баках. Самай пашыранай галіной ужывання беларускай мовы ў гэты час была якраз дзелавая пісьменнасць - у выніку ажыццяўлення арганізацыі велікакняжацкай канцылярыі канцлерам Львом Сапегам [45], развіццё ўзрастаючымі тэмпамі дзелавой пісьменнасці на беларускай мове дзякуючы афіцыйнаму статусу апошняй.

У 2-й палавіне XVI ст. беларуская пісьмовая мова дасягнула небывалага дагэтуль уздыму. Пашырэнне маштабаў практычнага выкарыстання беларускай дзелавой мовы цягнула за сабой яе стабілізацыю, бо павелічэнне колькасці ўзораў пісьмовай мовы, кампенсуючы адсутнасць кадыфікацыі, вяло да уніфікацыі яе норм, паколькі павышала ўзровень кваліфікацыі пісцоў [46]. Аб аўтарытэце дзелавой пісьменнасці на беларускай мове ў гэты перыяд сведчыць як яе аб'ём (напрыклад, Метрыка ВКЛ), так і важнасць асобных яе твораў (перш за ўсё кодэксаў права -- Статуты ВКЛ, Статут Галоўнага Літоўскага Трыбунала, а таксама дакументы вальных сеймаў ВКЛ і інш.). Менавіта гэтая акалічнасць і пабудзіла канцлера ВКЛ Льва Сапегу з гордасцю заявіць у прадмове да шэдэўра прававой думкі свайго часу - Статута ВКЛ 1588 г.: "А естли которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем…" [47]. Гэты небывалы ўздым у развіцці беларускай літаратурна-пісьмовай мовы і з'явіўся крыніцай гістарычнага аптымізму, бязмежнай веры ў перспектывы развіцця беларускага народа і яго культуры, якім прасякнуты напісаны ў гэты час знакавы для эпохі верш Яна Казіміра Пашкевіча "Полска квитнет лациною", выкарыстаны ў якасці эпіграфа да Статута ВКЛ 1529 г. Аб надзвычай высокім прэстыжы беларускай мовы ў гэты перыяд сведчыць факт, што на яе пачалі перакладаць свае рэлігійныя кнігі неславянскія этнічныя меншасці ВКЛ. Першымі, ужо ў пачатку XVI ст., на мову карэннага насельніцтва Княства пераклалі Стары Запавет яўрэі [48]. З сярэдзіны XVI ст. на беларускую мову пачалі перакладаць мусульманскую літаратуру беларускія татары [49]. Такога ўзроўню развіцця беларуская мова змагла дасягнуць дзякуючы свайму незалежнаму ад царкоўнаславянскай мовы існаванню. Менавіта па гэтай прычыне старабеларуская дзелавая мова пазнейшага часу фактычна не ведае царкоўнаславянскага ўплыву. У дзелавой мове выпрацаваліся своеасаблівыя нормы ў галіне арфаграфіі, граматыкі і лексікі, якія можна растлумачыць уздзеяннем жывой народнай мовы або свядомым імкненнем наблізіць яе да народнай гутаркі. Дзелавая пісьменнасць аказалася самай прагрэсіўнай у галіне графікі, дзе былі адкінуты дублетныя графічныя сродкі, якія яшчэ працягвалі захоўвацца ў іншых відах старажытнай пісьменнасці [50]. Самадастатковасць і высокі аўтарытэт беларускай дзелавой мовы былі падкрэслены выданнем важнейшых юрыдычных кодэксаў ВКЛ - Статутаў 1588 г. і Галоўнага Літоўскага Трыбунала 1581 г. у віленскай друкарні братоў Мамонічаў асобным курсіўным шрыфтам у адрозненне ад традыцыйнага кірылічнага шрыфту, які замацаваўся за выданнямі рэлігійнага зместу. Тым самым нашмат раней намецілася тая тэндэнцыя, якая пазней, у эпоху Пятра Вялікага выявілася ў Маскоўскай дзяржаве ў выкарыстанні "грамадзянкі" для кніг свецкага зместу [51].

Мінімізацыі (на свецка-мастацкія і рэлігійныя творы) і наогул выключэнню (на дзелавую мову) ўплыву царкоўнаславянскай мовы садзейнічаў заняпад у сілу шэрагу фактараў царкоўнаславянскай моўнай кампетэнцыі у Вялікім Княстве Літоўскім.

Гэтую асаблівасць моўнай сітуацыі ў Княстве неаднаразова канстатавалі сучаснікі, прыхільнікі царкоўнаславянскай мовы - з заклапочанасцю, праціўнікі - з задавальненнем. Так, непрадузята аб гэтым сведчыў чалавек, надзвычай кампетэнтны ў гэтай справе - палітэмігрант з Масковіі князь Андрэй Курбскі. Па яго словах, у Заходняй Русі тады хутчэй можна было знайсці знаўцаў грэчаскай або лацінскай мовы, чым царкоўнаславянскай [52]. Заканамерным і безнадзейным у існуючых умовах лічыў наяўнае становішча царкоўнаславянскай мовы ў ВКЛ заснавальнік Віленскай акадэміі езуіт Пётр Скарга [53]. Аб тым, што царкоўнаславянская мова была ў тыя часы ўжо малазразумелай простаму народу, сведчыць факт выдання Сымонам Будным Катэхізіса, дзе царкоўнаславянскія цытаты са Свяшчэннага пісання тлумачацца ўжо па-беларуску. У прадмове да свайго выдання аўтар заклікае беларускіх феадалаў "того здавна славного языка словенъского розмиловати и онымъ ся бавити" [54].

Заняпад царкоўнаславянскай моўнай кампетэнцыі ў ВКЛ стаўся вынікам заняпаду самой сферы функцыянавання гэтай мовы - праваслаўнай царквы. Улада канстанцінопальскага патрыярха над царквою ў Княстве была намінальнай. Да таго ж Княства ў сілу свайго геаграфічнага і палітычнага становішча ў адрозненне ад Маскоўскай Русі было поліканфесійнай дзяржавай. Праваслаўе тут вельмі рана пачало суіснаваць з каталіцызмам. Вялікі князь ВКЛ Ягайла, ажаніўшыся на польскай каралеве Ядзвізе і стаўшы яшчэ і польскім каралём, па умовах Крэўскай уніі 1385 г. абавязаўся схіліць у каталіцызм народы ВКЛ [55]. Ад гэтага часу ва ўмовах персанальнай уніі каталіцызм становіцца фактычна дзяржаўнай рэлігіяй ВКЛ, паколькі ўслед за Ягайлам і яго пераемнікі былі адначасова вялікімі князямі ВКЛ і польскімі каралямі. Заняпад праваслаўя быў выкліканы яшчэ і тым, што вялікія князі літоўскія, будучы католікамі, не звярталі ўвагі на справы праваслаўнай царквы і абмяжоўваліся прызначэннем духоўных асоб. Пры гэтым яны не прымалі пад увагу ні ступень адукаванасці, ні маральныя якасці будучых мітрапалітаў і ігуменаў, а кіраваліся іх асабістымі заслугамі і паслугамі, хадайніцтвам знатных паноў, а часцей за ўсё грашовымі падарункамі. На гэта ўказваюць акты Віленскага сабора 1509 г. [56] Навагрудскі падсудак Ф. Еўлашоўскі піша ў сваіх успамінах пад 1572 г., што яму, каб атрымаць для свайго бацькі пасаду пінскага епіскапа, "до накладов пенезей не стало", і яму ніхто са знаёмых, нават тыя, "кторым се часто в потребах их згожал", не хацеў пазычыць, і выручыў яго толькі шляхціч Андрэй Жданавіч Дароўскі [57]. Такім чынам, духоўныя пасады разглядаліся як крыніцы даходаў. У выніку многія епіскапы і ігумены былі зусім неадукаванымі, няверуючымі [58]. Вядома, што менавіта крызісная абстаноўка ў праваслаўі, з аднаго боку, і прымусіла пэўную частку праваслаўных іерархаў звярнуцца да папы рымскага з ініцыятывай царкоўнай уніі, з другога - паслужыла повадам даля арганізацыі праваслаўных царкоўных брацтваў, закліканых аздаравіць абстаноўку ў праваслаўі на Беларусі і Украіне.У галіне рэлігійнай літаратуры гэты крызіс праявіўся ў крайняй рэдкасці царкоўнаславянскіх спісаў біблейскіх кніг. Набажэнскія кнігі, якія ўжываліся на Беларусі ў часы ВКЛ і якія захаваліся, як лічыў расійскі мовазнавец А. І. Сабалеўскі, звычайна не маюць у сабе нічога беларускага і павінны быць прызнаваемыя за прывезеныя з боку [59].

У адрозненне ад гэтага моўная сітуацыя Маскоўскай Русі, паводле даследчыка гэтай сітуацыі Б. А. Успенскага, ў спецыяльных лінгвістычных тэрмінах павінна быць вызначана не як сітуацыя царкоўнаславянска-рускага дзвюхмоўя, а як сітуацыя царкоўнаславянска-рускай дыгласіі [60]. Самі маскоўскія кніжнікі пільна сачылі за захаваннем гэтай сітуацыі. Зінові Оценскі, напрыклад, бачыў асноўную памылку Максіма Грэка менавіта ў тым, што той, будучы іншаземцам, не праводзіў адрознення паміж кніжнай і простай мовай [61]. Ён пісаў пра сучасных яму ерэтыкоў, што тыя "безсловеснейши свиней суть". Такім чынам, царкоўнаславянскія тэксты выразна проціпастаўляюцца народным граматам (дзелавым тэкстам на народнай мове) [62]. Паводле сведчання Лудальфа, царкоўнаславянскай мовай на Русі не карысталіся ва ўжытковых сітуацыях, значыць гэтая мова не з'яўлялася сродкам гутарковых зносін, злоўжыванне царкоўнаславянскай мовай у звычайным маўленні магло выклікаць адмоўную рэакцыю ў моўным калектыве. Дзеля большай доказнасці гэтага палажэння Б. А. Успенскі прыводзіць вельмі паказальныя і асабліва яскравыя для нас у гэтым плане нападкі на царкоўнаславянскую мову вядомага езуіта Пятра Скаргі, які ставіць пад сумненне сам лінгвістычны статус гэтай мовы з-за таго, што на царкоўнаславянскай - у адрозненне ад латыні і грэчаскай - ніхто не размаўляе: "… ніхто не можа яе разумець дасканала: таму што няма на свеце такога народа, які на ёй размаўляў бы так, як пішуць у кнігах…" [63].

Калі па-за дыгласіяй адна моўная сістэма нармальна выступае ў розных кантэкстах, то ў сітуацыі дыгласіі розныя кантэксты суаднесены з рознымі моўнымі сістэмамі. Адсюль, між іншым, члену моўнага калектыва ўласціва ўспрымаць суіснуючыя моўныя сістэмы як адну мову, тады як для знешняга назіральніка (уключаючы сюды і даследчыка-лінгвіста) натуральна ў гэтай сітуацыі бачыць дзве мовы. Такім чынам, калі лічыць увогуле вядомым, што такое розныя мовы, дыгласію можна вызначыць як такую моўную сітуацыю, калі дзве розныя мовы ўспрымаюцца (у моўным калектыве) і функцыянуюць як адна. Б. А. Успенскі звяртае ўвагу на цікавы факт, што ва ўмовах царкоўнаславянска-рускай дыгласіі ўвогуле не існавала якога-небудзь асобага наймення для абазначэння гутарковай (рускай мовы). Назва "руская" спецыяльна не абазначала менавіта гутарковую мову, але магла адносіцца і да кніжнай (царкоўнаславянскай) мовы, выступаючы пры гэтым як сінонім слова "славенскі", такім жа чынам і тэрмін "простая мова" мог ужывацца ў адносінах да кніжнай мовы. Такім чыгнам, рэзюміруе Б. А. Успенскі, гутарковая і кніжная мовы аб'ядноўваюцца ў моўнай свядомасці якдзве разнавіднасці адной і той жа мовы(правільная і няправільная,сапсаваная), а адсюль і называюцца аднолькавым чынам[64]. У гэтыя часы ў Беларусі, нягледзячы на тое, што трансфармацыя сітуацыі царкоўнаславянска-беларускай дыгласіі ў царкоўнаславянска-беларускае двухмоўе была ініцыяваная Ф. Скарынай і, значыць, распачалася ў параўнанні з Польшчай даволі позна, такой блытаніны ў тэрмінах ужо не назіралася. Так, сам Ф. Скарына піша, што яго кнігі надрукаваныя "рускими словами а словенским языком". Доўгі час вучоныя тлумачылі гэты выраз як характэрны для Скарыны сінкрэтызм царкоўнаславянскіх і беларускіх элементаў на ўзроўні граматыкі і лексікі. І толькі нядаўна беларускаму лінгвісту Н. Б. Мячкоўскай удалося ўстанавіць, што пад "словами" Скарына мае на ўвазе не словы і граматычныя формы, а толькі пісьмо: значыць, яго кнігі надрукаваныя, як ён лічыць, на царкоўнаславянскай мове, але беларускім ("рускім") пісьмом, г. зн. беларускім варыянтам кірыліцы, у якім ужо адсутнічаюць самыя архаічныя дублетныя літары старажытнай класічнай кірыліцы, што не мог не ўсведамляць адзін з самых адукаваных беларусаў свайго часу, якім быў Скарына [65]. Правільнасць інтэрпрэтацыі азначэння Скарынай мовы сваіх кніг пацвярджаецца тым, што такім жа чынам ён азначае аналагічную сітуацыю з мовай арыгіналаў біблейскіх кніг: у прадмове да кнігі Юдзіф ён піша, што кніга Юдзіф, як і кнігі Данііла, прарока Ездры " евреискими словами, но халъдеискимъязыкомъ… написана есть" [66], паколькі гэтыя кнігі першапачаткова пісаліся на халдзейскай (г. зн. арамейскай) мове [67]. Выразна размяжоўвае цакоўнаславянскую і беларускую мовы паслядоўнік Скарыны Васіль Цяпінскі, які, выдаўшы Евангелле паралельна на царкоўнаславянскай мове і ў беларускім перакладзе, завяршыў распачатую Скарынай трансфармацыю дыгласіі ў дзвюхмоўе. У прадмове да свайго Евангелля ён піша, што яно выдадзена " двемаезыкы, зараз и словенским и при нем тут жороускимъ" [68]. Адназначна "рускай", г. зн. беларускай мовай, называецца старабеларуская дзелавая мова ў артыкулах Статута Вялікага Княства Літоўскага ІІ і ІІІ рэдакцый, якімі заканадаўча замацоўвалася ўжыванне гэтай мовы ў якасці дзяржаўнай мовы Княства [69].

Асаблівасці беларускай мовы пачалі адлюстроўвацца практычна ўжо ў першых арыгінальных тэкстах, створаных на беларускай этнічнай тэрыторыі. У гэтых адносінах асабліва цікавымі ўяўляюцца беларускія граматы. Так, ужо ў самай ранняй беларускай грамаце полацкага епіскапа 1300 г. знайшлі адлюстраванне ўсе асноўныя спецыфічныя асаблівасці, якія вылучаюць беларускую мову. У галіне фанетыкі адзначана напісанне е на месцы h ( ехати, тобе, мне, у дворе, хотелъ, терпети), адпадзенне галоснага и ў пачатку слова ( шолъ), пераход е ў о пасля шыпячых ( бочокъ, пришолъ, хочомъ), пераход суфіксальнага л у в у формах дзеясловаў прошлага часу мужчынскага роду адзіночнага ліку ( оубоявся), замена в на у ў становішчы перад зычнымі ( у витьбескъ, у чомъ, у томъ, улюбилъ, оузяти), чаргаванне заднеязычных г, к, х са свісцячымі з, ц, с ( в Різh), чоканне (змяшэнне ч і ц) - асаблівасць смаленка-полацкіх гаворак ( доконцанъ, мецъ). У галіне марфалогіі часта сустракаецца ўжыванне рэчыўных і абстрактных, радзей канкрэтных назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку з канчаткам - у (- ю) ( воску), спалучэнне назоўнікаў мужчынскага роду з лічэбнікамі два, тры, чатыры ў форме множнага ліку з канчаткам - ы (- и) ( берковескы, копи), формы на - и ў назоўніках меснага склону з мяккай асновай ( у клети) , склонавыя формы неасабовых займеннікаў з каранёвымі галоснымі ы, и замест h(тымъ,чимъ), прыкметнае пашырэнне слоў -- назваў прадметаў хатняга ўжытку, якія і зараз выражаюць спецыфіку беларускай мовы ( жито, кривда, ыстобъка), спецыфічных беларускіх дзеясловаў ( боронити, ведати). Як слушна заўважае даследчык мовы старажытных беларускіх грамат У. В. Анічэнка, гэтых грамат было не так і шмат, аднак яны адыгралі значную ролю ў далейшым развіцці беларускай літаратурнай мовы, бо служылі ўзорамі ва ўсіх адносінах для стварэння дзелавых дакументаў на беларускай мове ў пазнейшы час [70].

У пэўнай ступені пункт гледжання аб наяўнасці беларускай мовы з яе асноўнымі спецыфічнымі рысамі падзяляе вядомы расійскі мовазнавец Ф. П. Філін. У сваёй спецыяльнай працы, прысвечанай паходжанню ўсходнеславянскіх моў ён піша, што ўжо ў агульнаўсходнеславянскую эпоху ў мове ўсходніх славян існавала дыялектнае драбленне. Напрыклад, напісанне а на месцы о (аканне) знайшло адлюстраванне ў ноўгарадскіх тэкстах ХІ-ХІІІ стст. Аканне на паўночным усходзе і ўсходзе Русі выявілася, на думку Ф. П. Філіна, з пачаткам прасоўвання ў VI-VII стст. усходнеславянскіх плямён з абжытых імі са старажытнасці зямель паміж сярэднім цячэннем Дняпра і Заходнім Бугам на поўнач, паўночны ўсход і ўсход, дзе яны асталяваліся. Сярод славянскіх плямён, якія падтрымлівалі сувязі з угра-фінамі ў раёне воз. Ільмень, яшчэ захоўвалася этымалагічнае о. Таму аканне не магло ўзнікнуць раней, чым гэты працэс закрануў ноўгарадцаў і крывічоў [71]. Гэткае ж старажытнае паходжанне, на думку Ф. П. Філіна, маюць і дыялектныя адрозненні ў вымаўленні гука г.

Асноўнай падставай для аб'яднання, збліжэння ці нават атаясамлівання старабеларускай пісьмовай мовы з царкоўнаславянскай ці старарускай з'яўляецца традыцыйнасць яе правапісу, якая і робіць фактычна гэтыя мовы ў пэўнай ступені падобнымі паміж сабой. Паводле А. М. Булыкі, шэраг істотнейшых асаблівасцей жывой гутарковай беларускай мовы, якія і абумоўліваюць яе адметнасць сярод іншых славянскіх моў (аканне-яканне, дзеканне-цеканне, пераход л у ў, падаўжэнне зычных, прыстаўныя в і г, пераход е ў о) на ўсім працягу старажытнага перыяду беларускай мовы так і не дасягнулі нормы нават у самай дэмакратычнай разнавіднасці пісьменнасці - дзелавой [72].

Аднак яшчэ Я. Ф. Карскі зусім слушна адзначаў, што некаторая штучнасць старажытнай беларускай пісьмовай мовы не пазбаўляе яе права на гутарковую: штучнай у пэўнай меры з'яўляецца кожная літаратурная мова, якая, аднак, заўсёды служыць органам сувязі адукаванага грамадства. Старая беларуская літаратурная мова была таксама гутарковай у вуснах адукаванага тагачаснага грамадства [73]. Як вядома, у любой мове не толькі асобныя літары, але і ўвесь інвентар гэтых элементарных графічных адзінак утварае зусім іншую сістэму, чым інвентар фанем. Адасобленасць графічнай сістэмы ад гукавой можна праілюстраваць матэрыяламі розных моў. Так, у літоўскай мове на падставе толькі пісьма ніяк не бачна, што літара е у словах studentas i menas абазначае ў першым з іх вузкі галосны (≈ е), у другім - шырокі (≈ я), а ў словах vesti i gyvena ў першым кароткі галосны, у другім - доўгі; што ў шведскай мове літара k ў словах kalla i kär абазначае ў першым з іх цвёрды глухі заднеязычны, у другім - мяккі шыпячы. Традыцыйнасць старабеларускай арфаграфіі тлумачыцца паходжаннем сістэмы пісьма. Як вядома, для запісу беларускіх тэкстаў пачала выкарыстоўвацца кірыліца, якая прыйшла да ўсходніх славян разам з ажыццёўленымі першавучыцелямі славян перакладамі на славянскую мову праваслаўных кананічных тэкстаў як форма іх фіксацыі. Мова ж гэтых перакладаў ва ўсходнеславянскім свеце была аб'яўлена "святой" і "збавіцельнай", паколькі яна, як заяўляў адзін з яе абаронцаў Іаан Вішанскі, "праўдаю Божаю заснавана", таму "хто спастися хочет и освятитися прагнет, если до простоты и правды покорного языка словенскаго не доступит, ани спасения, ани освящения не получит" [74]. У арыгінальным артыкуле аб стварэнні рускай (г. зн. царкоўнаславянскай) граматы, унесеным у склад Тлумачальнай Паляі, руская грамата побач з рускай верай прызнаецца «богооткровенной», такім жа чынам і ў былінах царкоўнаславянская грамата называецца "святой", "Гасподняй", "Божай". Царкоўнаславянская мова лічылася на Русі нават свяцей за грэчаскую, паколькі грэчаская мова створана паганцамі, а царкоўнаславянская - святымі апосталамі [75]. Такім чынам, традыцыйнасць старабеларускай арфаграфіі тлумачыцца "недатыкальнасцю", "свяшчэннасцю" царкоўнаславянскага (г. зн. кірылічнага) пісьма (як ужо гаварылася, як на Захадзе латынь у эпоху сярэднявечча з'яўлялася неад'емнай прыналежнасцю каталіцкай артадоксіі [76], так і ва ўсходнеславянскім праваслаўным свеце вернасць царкоўнаславянскай мове сімвалізавала вернасць існуючым ідэалагічным і рэлігійна-філасофскім устаноўкам). Аднак гэтая традыцыйная пісьмовая абалонка старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы была даволі ўмоўнай, што адразу станавілася відавочным пры пераходзе на іншыя, акрамя кірыліцы, сістэмы пісьма. Так, напрыклад, у вельмі многіх выпадках у беларускіх тэкстах, пісаных арабскім пісьмом, гукавыя асаблівасці жывога беларускага маўлення перадаюцца больш дакладна, чым у старой беларускай кірылаўскай пісьменнасці таго ж ХVІІ ст. [77]

Такім чынам, "агульнасць" пісьма, да таго ж, як было паказана, даволі ўмоўная, паколькі на Беларусі і ў Маскоўскай дзяржаве выкарыстоўваліся розныя па складу літар варыянты кірыліцы, не можа быць падставай для ідэнтыфікацыі старабеларускай і старарускай моў. Сістэма пісьма (графіка, арфаграфія, фанетыка) з'яўляецца яшчэ адным узроўнем, які адрознівае гэтыя дзве мовы. Так, асновай для старарускага і старабеларускага пісьма з'явілася старажытная, класічная кірыліца. Аднак агульнасць пісьма, як паказваюць назіранні, не можа быць падставай да ідэнтыфікацыі моў. Бо пры ўсёй агульнасці роднасных моў якраз адрозненні паміж іх алфавітамі найбольш наглядна сведчаць аб іх нятоеснасці. Стваральнікі алфавітаў свядома імкнуліся зрабіць алфавіт кожнай мовы непаўторным, асабліва калі мовы - роднасныя, каб тэксты на іх нельга было зблытаць паміж сабой (літоўская і латышская; шведская, дацкая і нарвежская; англійская, нямецкая і галандская; французская, іспанская, партугальская і італьянская; польская і чэшская і інш.). Вядома, што у славянскіх паселішчах Балгарыі, цесна звязаных з Візантыяй, да з'яўлення глаголіцы склалася традыцыя выкарыстання грэчаскага пісьма (грэчаскіх літар) для запісу славянскага маўлення [78]. Абсалютна агульныя алфавіты могуць выкарыстоўвацца зусім няроднаснымі мовамі (напрыклад, лацінская і фінская мовы) [79]. Хаця, калі кіравацца тэорыяй атаясамляльнікаў расійскай і беларускай моў, гэта павінны быць не дзве розныя, а адна і тая ж мова (вось толькі каторая з іх - невядома).

Старарускі і старабеларускі алфавіты маюць агульнае паходжанне. Аднак склад і функцыі літар старажытнай кірыліцы на беларускіх і маскоўскіх землях практычна адразу пачалі разыходзіцца. Дастаткова супаставіць паміж сабой першыя арыгінальныя тэксты з той і з другой тэрыторый. Напрыклад, ужо ў самых ранніх арыгінальных тэкстах з беларускай тэрыторыі - ужо згаданых старабеларускіх граматах -- адзначана напісанне літары е на месцы h[80]. Гэта што датычыць дублетных літар старажытнай кірыліцы. З другога боку, у сілу неідэнтычнасці гукавога ладу гэтых дзвюх моў, нават недублетныя літары абазначалі ў кожнай з іх свае гукі (напрыклад, о ў першым складзе перад націскам, д, т, з, с, ц перад галоснымі пярэдняга раду, шыпячыя). Такім чынам, пры знешняй агульнасці графічных абалонак, напрыклад, слоў голова і голова адпаведна ў старабеларускім і старарускім тэкстах яны, натуральна, павінны чытацца па-рознаму, адпаведна hалава і gалава. Так сама як, напрыклад, літара с ў роднасных лацінскай і італьянскай мовах [81].

Старабеларуская і руская мовы не могуць быць разнавіднасцямі адной мовы галоўным чынам па той прычыне, што кожная з іх мае сваё, мясцовае паходжанне - сфармавалася на сваёй уласнай дыялектнай аснове. Значыць, гэтыя мовы не могуць быць тоеснымі як не могуць быць тоеснымі паміж сабой маскоўскія і беларускія народныя гаворкі, паколькі яны знаходзяцца па розныя бакі мяжы пашырэння беларускіх гаворак, якая праходзіць, паводле вядомай карты Я. Ф. Карскага, паміж Себежам і Апочкай, перад Вялікімі Лукамі, Ржэвам, Вязьмай, Дарагабужам, перад Бранскам і Трубчэўскам [82]. А менавіта дыялектная аснова і вызначае асаблівасці мовы нават у межах тэрыторыі яе пашырэння. Так, асаблівасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў многім вызначаюцца сярэднебеларускімі гаворкамі, якія з'яўляюцца яе асновай [83]. Менавіта гэтыя гаворкі з'явіліся крыніцай такіх рыс беларускай літаратурнай мовы, як недысімілятыўнае аканне і яканне, якое адрознівае іх ад усіх астатніх гаворак Беларусі. Дыялектнай жа асновай якраз дзелавой старарускай мовы з'явілася маскоўская гутарковая мова [84]. Пры змене дыялектнай асновы літаратурнай мовы мяняюцца і яе асаблівасці. Напрыклад, да нядаўняга часу албанская мова існавала ў дзвюх формах - паўночнай (гегскай) і паўднёвай (тоскскай). Мяжа паміж абласцямі іх пашырэння праходзіла па р. Шкумбін. Гегская мова аж да 60-х гг. ХХ ст. служыла мовай нацыянальных зносін у паўночнай Албаніі. Аднак пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і абвяшчэння пад эгідай СССР камуністычнай Народнай Рэспублікі Албаніі агульнанацыянальнае пашырэнне як мова перыядычнага друку, школы, радыёвяшчання, тэлебачання, навукі стаў атрымліваць тоскскі варыянт албанскай мовы. Адрозненні паміж гегскім і тоскскім варыянтамі албанскай мовы праяўляюцца ў фанетыцы, некаторых граматычных формах і своеасаблівасці лексікі ўжытковага маўлення [85]. Паводле нарвежскага даследчыка мовы старабеларускай дзелавой пісьменнасці Хр. С. Станга, ужо з часоў Жыгімонта Аўгуста канцылярская мова Вялікага княства Літоўскага бліжэй за ўсё да гаворак мясцовасцей, размешчаных каля Вільні [86].


Заключэнне

Праведзеныя назіранні паказваюць, што адмаўленне афіцыйнай мове ВКЛ у статусе мовы асобнага ўсходнеславянскага этнасу дапускаецца як правіла нефілолагамі, або філолагамі-неславістамі, якія, не будучы дасведчанымі ў галіне гісторыі ўсходнеславянскіх моў, іх структур і сацыяльнай абумоўленасці апошніх, не ў стане вылучыць спецыфічныя рысы старабеларускай мовы на ўсіх яе ярусах - фанетыка-арфаграфічным, граматычным, лексічным. З другога боку, даказаная намі навуковая няслушнасць адмаўлення афіцыйнай мове ВКЛ, як і сучаснай мове тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь, ў яе асобнай назве, а значыць і ў яе асобнасці дапускаецца ў палітычных мэтах, каб тым самым паставіць пад пытанне існаванне самога адпаведнага этнасу. Бо азначэнне афіцыйнай мовы ВКЛ як «рускай» або «літоўскай» зацямняе этнічную прыналежнасць гэтай мовы і створанай на ёй пісьмовай спадчыны, паколькі адпаведныя этнонімы зараз належаць іншым народам. Менавіта таму ад такіх азначэнняў сваёй мовы перыяду ВКЛ і РП адмовіліся ўкраінцы. У існуючых сацыяльна-палітычных абставінах рэальнасць гэтай свядомай і несвядомай блытаніны заканамерная -- яна тлумачыцца гістарычна абумоўленай слабасцю нацыянальнай свядомасці і нацыянальна-культурнай еднасці патэнцыяльных абаронцаў і носьбітаў гэтай мовы як у дыяхраніі, так і ў сінхраніі. У адрозненне, напрыклад, ад палякаў, назва мовы якіх ніколі не змянялася, нягледзячы на тое, што яны перажывалі фактычна тыя ж гістарычныя катаклізмы, што і беларусы.



[1]Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1963;. Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Ч. І. Мн., 1967.

[2]Булыка А. М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970; Булыка А. М., Жураўскі А. І., Крамко І. І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979; Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мн., 1983.

[3]Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т. 1-19. Мн., 1982-2000.

[4]Жураўскі А. І. Да пытання аб асноўных тыпах старажытнай беларускай літаратурнай мовы // Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР. Вып. 8. Мн., 1961. С. 106-116.

[5]Свежинский В. М. К вопросу об источниках белорусской исторической диалектологии // Лингвистическая география и проблемы истории языка. Нальчик, 1981. С. 228-234.

[6]Филин Ф. П. Очерки по теории языкознания. М., 1982. С. 154.

[7]Джуджаў С. Моўныя канфлікты і дыскрымінацыя ў міжнародных дачыненнях // Спадчына. 1994, № 5. С. 98.

[8]Рижский М. И. История переводов Библии в России. М., 1978. С. 17.

[9]Джуджаў С. Моўныя канфлікты… С. 99.

[10]Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985. С. 130.

[11]Jakubowski J. Studia nad stosunkami narodowościowymi na Litwie przed Unią Lubelską.Warszawa,1912. S. 64.

[12]Martel A. La langue polonaise dans les pays ruthenes, Ukraine et Russie blanche. Lile, 1938. P. 51-54, 308-310; Maciūnas, Vincas. Senoji lietuvių literatūra // Lietuva. Lietuvių enciklopedija. Penkioliktas tomas.Vilnius, 1990. P. 597.

[13]Martel A. La langue polonaise dans les pays ruthеnes… P. 45-51.

[14]Zinkevičius Z. Lietuvių antroponimika.Vilniaus lietuvių asmenvardžiai XVII a. pradžioje. Vilnius, 1977. P. 12, 13. Гэту думку падзяляе і літоўскі літаратуразнавец Вінцас Мацюнас, гл . Mаciūnas V. Senoji lietuvių literatūra // Lietuva. Lietuvių enciklopedija. Penkioliktas tomas. Vilnius, 1990. P. 597.

[15]Jablonskis K. Lietuvos rusiškujų aktų diplomatika // Istorija ir jos šaltiniai. Vilnius, 1979. P. 223.

[16]Palionis J. Lietuvių literaturinė kalba XVI -- XVII a. Vilnius, 1967. P.10.

[17]Лексіконъ славенорωсскій и именъ тлъкованїе. Київ, 1627. С.11.

[18]Закарьян М. М. Древнерусская юридическая лексика в языке Литовского Статута 1588 года // LTSR MA MD. Kalbotyra,1962, t. 4, p. 171--195.

[19]Jevlašauskis, Teodoras. Atsiminimai. Iš senosios gudų kalbos išvertė N. Pranckevičiutė-Lužienė. Parengė D. Vilimas. Vilnius, 1998. P. 20.

[20]Новости Литовской Метрики. № 3, 1999. С. 7.

[21]Литовская Метрика: 6-я (Кн. 225) Книга судных дел (1528-1547) / Подгот. И Валиконите, С. Лазутка и др. Вильнюс, 1995. С. CXIX.

[22]Lazutka, Stanislovas. Leonas Sapiega (gyvenimas, valstybinė veikla, politinės ir filosofinės pažiūros). Vilnius: Margi raštai, 1998. P. 13.

[23]Martel A. La langue polonaise… P. 45-51.

[24]Смулкова Э. К вопросу о белорусских балтизмах (Проблема статуса балтизмов в белорусских говорах) // Балто-славянские исследования. 1980. М., 1981. С. 203-214. У пацвярджэнне можна прывесці і шмат іншых прац гэтай даследчыцы.

[25]Liedke, Marzena. System edukacji a przemiany językowe i kulturalne szlachty ruskiej Wielkiego Księstwa Litewskiego w II połowie XVI wieku // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1994, t.II. s. 7-19.

[26]Цьвікевіч, Аляксандр."Западно-руссизм". Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ в. Мн., 1993; Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967. С. 239.

[27]Гілевіч, Ніл. Перад высокім алтаром свабоды // Народная воля. 1 верасня 2000 г., № 162.

[28]Игнатищев, Руслан. На какой мове писал Скорина? // Новая народная газета. № 7, 25 июня 1994.

[29]Гарбінскі, Юрась. Вяртаючы гісторыі імёны // Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн.,1994. С. 308-330.

[30]Грицкевич, Валентин. Стереотипы уходят в прошлое // Народная газета. № 67, 13 жніўня 1993 г.

[31]Саганович, Генадь. "Русский вопрос" с точки зрения белоруса // Народная газетa. № 78-81, 30 кастрычніка 1993 г.

[32]Грицкевич В. Стереотипы уходят в прошлое.

[33] Г. зн. małżonek, córka, niebożczyk - У. С.

[34]Шчэбедзеў, Усевалад. Беларуская літаратура // Шляхам гадоў. С. 313-315; Шахматов А.А. К вопросу об образовании русского диалекта и русской нации // Журнал Министерства Народного Просвещения. Пг., апрель 1899.С.324-384.

[35]Успенский Б. А. Языковая ситуация и языковое сознание в Московской Руси: восприятие церковнославянского и русского языка // Византия и Русь. М., 1989. С. 206-226; Хюттль-Фольтер Г. Диглоссия в Древней Руси // WienerSlawistischesJahrbuch. 1978, № 24; Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. С. 335.

[36]Ботвинник М. Б. У истоков учебной книги. Мн., 1964; Східнослов'янські граматики XVI-XVII ст.: Матеріали симпозіуму. Київ, 1982; Мечковская Н. Б. Ранние восточнославянские грамматики. Мн., 1984; Яе ж: Религия и язык. М., 1997.

[37]Klemensiewicz Z. Historia języka polskiego. Сz. 1. Doba staropolska. Warszawa, 1961. S. 18-19.

[38]Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. І. Мн., 1967. С. 98; Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962. С. 288.

[39]Подокшин С. А. Скорина (Мыслители прошлого). М., 1981. С. 83-139.

[40]Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык. СПб., 1888. С. 247.

[41]Жураўскі А. І. Мова друкаваных выданняў Ф. Скарыны // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968. С. 277-304.

[42]Русская историческая библиотека. Т. 31. СПб., 1914. С. 402-403; Письма князя А. М.Курбского к разным лицам. СПб., 1913. С. 43-46.

[43]Аверинцев С. С. Судьбы европейской культурной традиции в эпоху перехода от античности к средневековью // Из истории культуры средних веков и Возрождения. М., 1976. С. 30.

[44]Свяжынскі У. М. Ідэі Рэфармацыі і моўная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім // Франциск Скорина и Вильнюс. Сборник материалов республиканской научной конференции, посвящённой 500-летию со дня рождения Франциска Скорины / Составитель Л. В.Судавичене. Вильнюс, 1991. С. 87-91.

[45]LazutkaS. Leonas Sapiega... P. 13.

[46]Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. С.240-263.

[47]Статут Вялікага княства Літоўскага. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. С. 48.

[48] Зборнік біблейскіх кніг пачатку XVI. Рукапіс Цэнтральнай бібліятэкі Літоўскай Акадэміі навук, RKF-262.

[49]Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом. Вильнюс, 1968.

[50]Жураўскі А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. С. 262.

[51] На гэта, між іншым, звярнуў увагу яшчэ ў пачатку XIX ст. польскі даследчык С. Б. Ліндэ. Гл. яго: O statucie litewskim ruskim językiem i drukiem wydanym wiadomość. Warszawa, 1816. S. 12.

[52]СказаниякнязяКурбского. СПб., 1842. С. 257.

[53]Skarga P. O jednośći kościoła bożego pod jednym pasterzem // ПамятникиполемическойлитературыЗападнойРуси. СПб., 1882. Кн. 2. С. 485-486.

[54]Будны С. Катехисісъ для детокъ хрістианскихъ языка руского коротко выложена. Клецк, 1562. Л. 46.

[55]Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta unji Polski z Litwą 1385-1791. Kraków, 1932. S. 1-3.

[56]Акты, относящиеся к историиЗападной России. Т. 1.СПб, 1846. C. 35.

[57]Еўлашоўскі Ф. Гістарычныя запіскі // Свяжынскі У. М. "Гістарычныя запіскі" Ф. Еўлашоўскага. Мн., 1990. С. 96-97.

[58]Соболевский А. И. История русского литературного языка. Л., 1980. С. 59-60.

[59] Тамсама, с. 58.

[60]Успенский Б. А. Языковая ситуация и языковое сознание в Московской Руси: восприятие церковнославянского и русского языков // Византия и Русь. Памяти В. Д. Лихачeвой 1937-1981. М., 1989. С. 206.

[61]Зиновий [Отенский]. Истины показание к вопросившим о новом учении. Казань, 1863. Прибавления к журналу « Православный собеседник». С. 964-965, 967.

[62]Корецкий В. И. Вновь найденное противоеретическое произведение Зиновия Отенского // ТОДРЛ. М.; Л., 1965. Т. ХХІ. С. 175-176.

[63]Skarga P. O jednośći kościoła bożego pod jednym pasterzem. Памятники полемической литературы Западной Руси // Русская историческая библиотека. Т. VII. СПб, 1882. Стл. 485-486.

[64]Успенский Б. А. Языковая ситуация и языковое сознание в Московской Руси: восприятие церковнославянского и русского языков. С. 207.

[65]Мечковская Н. Б. Религия и язык. М., 1997.С.256.

[66]Скарына Францыск. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступны артыкул, падрыхтоўка тэкстаў, каментарыі, слоўнік А. Ф. Коршунава. Мн., 1990. С.45.

[67]Podręczna encyklopedya kościelna. T. III-IV. Warszawa, 1904. S. 320-330.

[68] "Евангелле" ў перакладзе В. Цяпінскага // Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Частка першая. Мн., 1961. С. 163.

[69]Статут Великого княжества Литовского 1566 г. // Временник императорского Московского общества древностей российских. М., 1855. Кн. 23. С.; Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. С. 3.

[70]Анічэнка У. В. Беларускія граматы // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994.С. 90.

[71]Филин Ф. П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972. С. 142.

[72]Булыка А. М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970. С. 68-97.

[73]Карский Е. Ф. К вопросу о разработке старого западнорусского наречия. Вильна, 1893. С. 13; Лаппо И. И. Литовский статут 1588 года. Т. І, Ч. 2. Каунас, 1936. С. 357.

[74]Успенский Б. А. Языковая ситуация и языковое сознание в Московской Руси: восприятие церковнославянского и русского языка. С. 208.

[75] Тамсама, с. 208.

[76]Аверинцев С. С. Судьбы европейской культурной традиции в эпоху перехода от античности к средневековью // Из истории культуры средних веков и Возрождения. М., 1976. С. 30.

[77]Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом. Вильнюс, 1968. С. 363.

[78] Чарнарызец Храбр у сваім паданні піша, што да вынаходніцтва славянскай азбукі славяне «римскими и гречьскыми писмены нуждахуся писати словенску речь безъ оустроениа… и тако беша многа лета»: Сказания о начале славянской письменности. М., 1981. С. 102.

[79]Гиляревский Р.С., Гривнин В.С. Определитель языков мира по письменностям. М., 1961.

[80]Анічэнка У. В. Беларускія граматы // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 89.

[81]Алисова Т. Б., Муравьёва Г. Д., Черданцева Т. З. Итальянский язык. М., 1982. С. 8; Учебник латинского языка. М., 1969. С. 20.

[82]Карский Е. Ф. Этнографическая карта белорусского племени // Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мн., 1963. Карта VII.

[83]Жураўскі А. І., Прыгодзіч М. Р. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 154.

[84]Горшков А. И. История русского литературного языка. М., 1969. С. 105.

[85]Эйнтрей Г. И. Албанский язык. Л., 1982. С. 4.

[86]Stang Chr. S. Die westrussische Kanzleisprache des Grossfürstentums Litauen. Oslo, 1935. S. 118-123.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX