Папярэдняя старонка: Metriciana T. 1.

Археаграфія 


Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Менск 2001.



Алег ДЗЯРНОВІЧ. Прызабытая публікацыя матэрыялаў Метрыкі ВКЛ


Abstract: Aleh DZIARNOVIČ . The Forgotten Publication of Materials of the GDL Metrica // METRICIANA: Dasledavanni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litouskaha. Vol. I (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. 1 (3) - 2001).


The author analyzes a history of an origin and publication of materials of two books of the Metrica - No 566 and No 573. These books consist of the descriptions by the Moscow officials of Połack (Polotsk) region - in 1563-1579 Połack was seized by the Russian army. The materials of the descriptions have got in the GDL Chancery after clearing Połack and become a component of the GDL Metrica. These materials were published by Russian Geographical Society in 1877. The publication of these materials was not specified in the contemporary reviews of the publications of the Metrica.


Выданні Метрыкі ВКЛ маюць вялікі навуковы і грамадскі рэзананс, кожная публікацыя матэрыялаў Метрыкі трапляе пад пільную ўвагу метрыкантаў, уносіцца ў бібліяграфічныя агляды і потым тыражуецца ў розных выданнях. Між тым, у ХІХ ст. была апублікаваная тэматычна кампактная група матэрыялаў Метрыкі ВКЛ, якія апынуліся прызабытымі даследчыкамі і на якія, прынамсі ўжо ў другой палове ХХ ст., не рабілася спасылак у аглядах публікацыяў Метрыкі. Не названыя гэтыя публікацыі ў падрабязных археаграфічных аглядах Мікалая Улашчыка [1], Эгідыюса Банёніса [2], Альгірдаса Балюліса [3], Георгія Галенчанкі [4], у працы Патрыцыі Кенэды Грымстэд і Ірэны Сулковскай-Курасёвай [5], а таксама іншых сучасных выданнях па гісторыі вывучэння і публікацыі Метрыкі ВКЛ. Вядзецца пра публікацыю апісанняў Полацкага ваяводства др. пал. XVI ст., зробленых маскоўскімі пісцамі.

На пачатку спынімся на неардынарнай гісторыі паходжання саміх матэрыялаў. Пад час Лівонскай вайны расійскія вайскі 15.ІІ.1563 захапілі ў Вялікага Княства Літоўскага Полацк і валодалі ім шаснаццаць з паловаю гадоў - да канца жніўня 1579 г. Як адзначаў у 1880 г. слухач Археалагічнага інстытута Н. Аглоблін, "маскоўскі ўрад, авалодаўшы паветам… адразу ж прыняўся за складанне полацкіх пісцовых кніг. Гэта было звычайнаю справаю пры ўсякім новым далучэнні" [6]. У 1570 г. было заключанае перамірра на 3 гады, у 1572 г. распачаліся перамовы пра мір, спыніўшыя ваенныя дзеянні. Але летам 1577 г. баі распачаліся ізноў. Практычна ўсе гады расійскага валадарання на Полаччыне гэтая зямля так ці інакш заставался спрэчнаю тэрыторыяй. Спрэчкі вяліся з адміністрацыяй ВКЛ адносна межаў Полацкага ваяводства [7] з суседнімі паветамі ВКЛ. Таму асаблівае значэнне для маскоўскай адміністрацыі мела дакладнае вызначэнне межаў тэрыторыі - пачалі з'яўляцца апісанні межаў Полаччыны. Першае апісанне было праведзенае ўлетку 1563 г. - хутка пасля ўступлення расійскіх войскаў. Але цар вярнуў сваім ваяводам гэты акт разам са строгім патрабаваннем дапоўніць спісы новымі звесткамі [8]. Надалей апісанні рабіліся ў 1564, 1566, 1567, 1571 гг. Звесткі здабываліся галоўным чынам праз распыты мясцовых жыхароў, запісы папаўняліся па меры павелічэння інфармацыі. Такім чынам і паўстаў рукапіс, які меў назву "Татрадь (sic!) в ней писаны рубежи городу Полотцку и Полотцкому повету съ Виленскимъ поветом и съ Витебским и съ иными порубежными городы, и рубежи городу Озерищу съ Витебскимъ и съ Сурожомъ и съ иными порубежными месты» і за якім у гістарыяграфіі замацавалася назоў «Кніга рубяжоў». Апроч таго, маскоўскім чынавенствам складаліся ўласна «пісцовыя кнігі», мэтаю якіх была фіксацыя звестак пра землі, насельніцтва і павіннасці; пра зямельныя наданні маскоўскім дваранам.

Пасля таго, як войскі караля Стэфана Баторыя пераможна ўвайшлі ў Полацк, гэтыя пісцовыя кнігі патрапілі ў рукі адміністрацыі ВКЛ. Кнігі ўтрымлівалі бяспрэчна эўрыстычна карысную інфармацыю, таму яны былі «адаптаваныя» ў канцылярыі ВКЛ і сталі арганічнаю складоваю часткаю Метрыкі ВКЛ. У кан. XVIII - перш. трэці ХІХ стст. кнігі-копіі з тэкстамі полацкіх пісцовых кніг вядомыя як адпаведна Кнігі Метрыкі №№ 300, 304, 305, 308. Так пра іх піша С. Пташыцкі, называючы гэтыя нумары старымі [9]. Бо ў выніку працы Камісіі па ўпарадкаванню Метрыкі ў 1835-1837 гг. названыя кнігі як тэматычна аднатыповыя і храналагічна блізкія былі канчаткова аб'яднаныя ў дзве ды аднесеныя да новага чацвёртага разраду - "Кнігі перапісаў". Кнігі № 304 і № 308 тады склалі Кнігі перапісаў № 9 (з агульнай колькасцю аркушаў у той час 140), а Кнігі № 300 і № 305 - Кнігу перапісаў № 16 (з агульнай колькасцю аркушаў у той час 394). Як раз новыя нумары і падае С. Пташыцкі. Размеркаванне рукапісаў адбылося відавочна паводле тэматычнага прынцыпу: Кнігі № 304 і № 308 змяшчалі апісанні рубяжоў Полацкага павету на працягу 1563-1571 гг., а Кнігі № 300 і № 305 - уласна пісцовыя кнігі, змяшчалі, як гэта занатаваў С. Пташыцкі, "Ревизья повету Полоцкого и данины рознымъ бояромъ московскимъ" (1568-1572 гг.) [10]. С. Пташыцкі адзначаў, што "у аддзел перапісаў… унесеныя пісцовыя кнігі, якія утрымліваюць апісанні замкаў, старостваў, дзяржаваў, эканоміяў, асобных зямель і паветаў; межавыя кнігі, у якіх апісаныя межы з суседнімі дзяржавамі і размежаванні суседніх зямель і ваяводстваў; падатныя і пошліныя кнігі" [11].

Але складанасці з нумарацыяй кніг на гэтым не сканчаюцца. Рэч у тым, што ў ХІХ ст. "кнігі" № 304 і № 308, № 300 і № 305 ужо даўно існавалі як два асобных зборніка; звесткі пра тое, што гэта некалі былі 4 кнігі, засталіся толькі ў старых вопісах. У кан. XVIII - ХІХ стст. іх успрымалі як адпаведна Кнігі № 304 і № 300. Пра гэта сведчаць і адпаведныя адзнакі на першых аркушах саміх кнігаў.

Тут варта ўзгадаць перасістэматызацыя кніг Метрыкі, якую непасрэдна ажыццяўляў у 1780-х гадах натарыюс ВКЛ Адам Нарушэвіч. Матэрыяльнае сведчанне той перасістэматызацыі, якое засталося з тых часоў, гэта ўстаўлены ў большасць кніг Метрыкі аркуш з тэкстам на лацінскай мове з паведамленнем пра гэтую працэдуру і датаю - 1786 г. Э. Банёніс піша, што пад час тае перасістэматызацыі "не адчувалася ашчадных адносінаў да пераплеценых кнігаў - у некаторых кнігаў былі згубленыя фрагменты, былі выпадкі, калі ў адзін і той жа том перапляталіся фрагменты некалькіх кнігаў ці дзве цэлыя кнігі" [12]. Яшчэ адное важнае наступства рэарганізацыі Метрыкі ВКЛ у 1780-х гадах - складанне ў 1787 г. новага вопісу кніг Метрыкі. Тады былі зафіксаваныя тыя нумары кніг, якія С. Пташыцкі будзе падаваць як "старыя".

У др. пал. ХІХ ст. Расійскае Геаграфічнае Таварыства рэалізоўвала праект па публікацыі пісцовых кнігаў Маскоўскай дзяржавы. У 1877 г. пад рэдакцыяй члена Археаграфічнай камісіі, акадэміка Н. В. Калачова [13] былі апублікаваныя пісцовыя кнігі XVI ст., а сярод іх, як зазначае публікатар, Кніга № 304 [14] і значныя фрагменты Кнігі № 300 (аркушы 1-17, 23-55v., 62-64, 66-134v., 143-394) [15]. Тут Н. Калачоў успрымаў гэтыя кнігі як два цэльныя зборнікі (назавем іх "аб'яднанымі" Кнігамі № 304 і № 300), якія аб'ядноўвалі адпаведна кнігі № 304 і № 308, № 300 і № 305. С. Пташыцкі піша, што Н. Калачоў меў магчымасць рыхтаваць публікацыю паводле кнігаў Метрыкі, якімі карыстаўся ў сябе на даму; толькі перад смерцю археографа гэтыя кнігі вярнуліся ў архіўны фонд [16]. Тое, што аўтар публікацыі карысталіся старой нумарацыяй, сведчыць пра недастатковую пашыранасць сістэмы, распрацаванай у 1835-1837 гг. Падобна, што толькі выхад у свет у 1887 г. працы С. Пташыцкага, сістэматызацыя якога базавалася на вопісу, складзенага менавіта пад час рэарганізацыі архіўнага фонду Метрыкі ў 1830-х гадах, зрабіла гэтую сістэму і нумарацыю агульнапрынятаю [17].

Праз тры гады пасля публікацыяў кнігаў выйшла праца Н. Аглобліна па гістарычнай картаграфіі Полацкага павету ў др. пал. XVI cт. [18] Аўтар паклаў у аснову сваёй публікацыі інфармацыю менавіта з выдання Расійскага Геаграфічнага Таварыства. Характэрная дэталь - рэдактарам "Зборніка Археалагічнага інстытуту", у якім апублікаваў свай даследаванне Н. Аглоблін, быў Н. В. Калачоў, пад рэдакцыяў якога выходзілі ў свет і "Пісцовыя кнігі Маскоўскай дзяржавы".

Н. Аглоблін правёў тэксталагічны аналіз апублікаваных кніг, а таксама апрацаваў тыя Полацкія пісцовыя кнігі, якія ўваходзілі ў Кнігу № 300 Метрыкі ВКЛ, але не былі апублікаваныя і захоўваліся тады пры 1-м Аддзяленні 3-га Дэпартамента Сенату [19]. Н. Аглоблін прыйшоў да высновы, што рукапіс Кнігі № 300 не ўтрымлівае ў сябе поўнага збору ўсіх полацкіх пісцовых кнігаў XVI ст. Да нас (у гэтай "аб'яднанай" Кнізе № 300) дайшлі ў той ці іншай форме ўрыўкі 14-ці пісцовых кнігі, але існавала іх болей (хаця б пісцовая кніга самога горада Полацка) [20]. Н. Калачоў апублікаваў фактычна 85 % "аб'яднанай" Кнігі № 300 і 95 % "аб'яднанай" Кнігі № 304.

І тут мы зноў звяртаемся да пытання суадносінаў "старой" і "новай" (да правядзення валавай нумарацыі) нумарацыі кнігаў Метрыкі ВКЛ. Параўнанне саміх крыніцаў [21] і іх публікацыі дазваляе зрабіць выснову, што фактычна пад № 304 публікатары мелі на ўвазе Кнігі № 304 і № 308, а пад № 300 - Кнігі № 300 і 305. Публікатары крыніцаў у 1870-х гадах мелі справу ўжо з пераплеценымі ў дзве гэтымі чатырмя "кнігамі" і перадалі ў сваёй публікацыі нумары адпаведных першых "кнігаў". С. Пташыцкаму былі вядомыя як старыя, так і новыя нумары - Кнігі перапісаў № 9 і № 16 адпаведна. Усе гэтыя нумары ён і падаў у сваім "Апісанні". Адзінае, што напэўна з-за велізарных аб'ёмаў самой Метрыкі ён не мог дэтальна апісаць кожную кнігу, таму некрытычнае прачытанне ягоныя анатацыяў можа стварыць пэўную блытаніну.

Пры анатаванні Кнігі перапісаў № 9 С. Пташыцкі падаў назву першага дакумента Кнігі № 304 ("Кніга рубяжоў" 1563 г.) і дату апошняга, суправадзіўшы яе прыпіскаю: "Тоже - разграниченіе 1571 (7079) года». Рэальна Кнігі перапісаў № 9 утрымлівае 7 самастойных частак (тэкстаў размежаванняў) з 6-цю дадатковымі выпіскамі. Апошняя прыпіска ("лета 7079 (1571) по наказу боярина и воеводы князя А. И. Нохтева, да П. И. Тотаровъ, да подъячей… смечали и писали рубежъ Полотцкого повету и Полотцкихъ пригородов») дазволіла С. Пташыцкаму даць верхнюю храналагічную мяжу кнігі. Застаецца дадаць, што паводле сучаснай валавай нумарацыі Кнігі перапісаў № 9 - гэта Кніга № 566 Метрыкі ВКЛ, а Кніга перапісаў № 16 - гэта Кніга № 573 Метрыкі ВКЛ.

Кніга № 566 распачынаецца традыцыйным для кніг Метрыкі ВКЛ друкаваным лацінскаю моваю аркушам 1786 г., дададзеным пад час рэвізіі, якую праводзіў Адам Нарушэвіч. На арк. 1 пазначаная старая нумарацыя кнігі - № 304. Таксама на гэтым аркушы маецца польскі надпіс, які перадае змест кнігі: "Ograniczenie miast pogranicznych iako to Połocka z Wilenskim y z Witebskim y z innymi pogranicznymi miastamy". У Кнізе № 573 пачатковы лацінскі аркуш адсутнічае - звязанае гэта, пэўна, з меншымі па вышыні ў два разы памерамі кнігі. Асобна трэба сказаць, што Кнігі № 566 і 573 - гэта не копіі канца XVI - пачатку XVII стст., а арыгіналы другой паловы XVI ст.

Калі ў 1905 г. І. Лапо публікаваў тэкст "Полацкай рэвізіі" 1552 г. [22], дакумента, створанага ўжо прадстаўнікамі адміністрацыі ВКЛ, то ён таксама спыніўся на Полацкіх пісцовых кнігах у Метрыцы. І. Лапо адзначыў, што гэтыя кнігі захоўваліся ў Імператарскай публічнай бібліятэцы (сёння - Расійская Нацыянальная Бібліятэка ў Санкт-Пецярбурзе) [23], але Н. Калачоў выдаваў гэтыя кнігі паводле Метрыкі. Спасылкі на публікацыю Н. Калачова рабіў і В. Паноў у сваім даследаванні пра сацыяльны лад Полацкай зямлі паводле "Полацкай рэвізіі 1552 г." [24].

Праца Н. Аглобліна вядомая спецыялістам па гістарычнай картаграфіі Беларусі [25]; пра наяўнасць Полацкіх пісцовых кнігаў, створаных маскоўскім чынавенствам, узгадваюць гісторыкі Полацка [26]. Але публікацыя самой крыніцы як бы выпала з-пад увагі. Падобна, што сучасныя метрыканты шукалі публікацыі матэрыялаў Метрыкі ВКЛ у выданнях археаграфічных і гістарычных арганізацыяў і не бралі пад увагу выданні Геаграфічнага таварыства.

У нашыя дні варта далучыць выданне матэрыялаў Кнігі № 566 і Кніга № 573 да спісу публікацыяў Метрыкі ВКЛ. Гэтыя выданні дапаўняюць бібліяграфічную мазаіку. Апроч таго, гэтыя кнігі важныя і тым, што ілюструюць некаторыя прынцыпы працы канцылярыі ВКЛ - у прыватнасці, уключэнне ў склад Метрыкі матэрыялаў, якія паходзілі ад службоўцаў іншай дзяржавы.



[1] Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва: Наука, 1973; Улащик Н. Н. Публикации материалов Литовской метрики // Исследования по истории Литовской метрики. Сборник научных трудов. Ч. I. М., 1989. С. 142-157.

[2] Банионис Э. Введение // Lietuvos Metrika -- Lithuanian Metrica -- Литовская Метрика. Kn. 5 (1427-1506): Užrašymų kn. 5 / Parengė Egidijus Banionis. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1993. С. 10-14.

[3] Baliulis A. Iš Lietuvos Metrikos knygų ir dokumentų leidimo istorijos // Lietuvos archyvai. No 7. Vilnius, 1996. P. 43-61.

[4] Галенчанка Г., Спірыдонаў М. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн.: БелЭн, 1999. С. 121-128.

[5] Kennedy Grimsted P., Sułkowska-Kurasiowa I. The "Lithuanian Metrica" in Moscow and Warsaw: Reconstruction the Archives of the Grand Duchy of Lithuania. Cambridge (Massachusetts, USA), 1984.

[6] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка к карте Полоцкого повета во 2-й половине XVI-го века // Сборник Археологического института. Кн. III, Отделение II. СПб., 1880. С. 15.

[7] У расійскіх дакументах той эпохі ў дачыненні да Полаччыны скарыстоўваўся тэрмін павет.

[8] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка…, с. 7.

[9] Пташицкий С. Л. Описание книг и актов Литовской Метрики. СПб., 1887. С. 162-163.

[10] Рэальна - 1567-1573 гг.

[11] Пташицкий С. Л. Описание книг…, с. 40.

[12] Банионис Э. Введение… С. 6.

[13] Імя гэтага археографа варта аднавіць у спісе даследчыкаў, якія займаліся Метрыкаю ВКЛ.

[14] Писцовые книги Московского государства. Часть 1. Писцовые книги XVI века. Отд. II / Под ред. Н. В. Калачова. СПб.: Изд-е Императорского Русского Географического общества, 1877. С. 421-455.

[15] Тамсама, с. 455-566.

[16] Пташицкий С. Л. Описание книг…, с. 73.

[17] Гэтая сістэма заставалася асноваю архіўнага ўліку ў РДАСА фонду № 389 «Літоўская Метрыка» да 1952 г., пакуль не была праведзеная новая валавая нумарацыя адзінак захоўвання.

[18] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка к карте Полоцкого повета во 2-й половине XVI-го века // Сборник Археологического института. СПб., 1880. Кн. III, Отделение II. С. 3-53; Кн. IV, Отделение II. С. 3-75.

[19] Н. Аглоблін пералічвае наступныя неапублікаваныя аркушы: 18-22, 57-61, 92-94, 135-141, 373-394 (гл.: Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка… Кн. III, Отделение II. С. 4). Бачым тут несупадзенна ва ўказаных апошніх старонках у параўнанні са звесткамі Н. Калачова.

[20] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка… Кн. III, Отделение II. С. 13-15.

[21] Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі. КМФ-18, воп. 1, спр. 566, 573.

[22] Полоцкая ревизия 1552 года / Подг. И. И. Лаппо. М., 1905 // Чтения в Обществе истории и древностей российских. Кн. 2.

[23] Расійская Нацыянальная Бібліятэка ў Санкт-Пецярбурзе, Аддзел рукапісаў. F IV-80; Q IV-18; Q IV-70.

[24] Панов В. А. Социальный строй Полоцкой земли по данным «Полоцкой ревизии 1552 года» // Журнал Министерства Народного Просвещения. Часть LVI. 1915, № 4. С. 216.

[25] Насевіч В. Полацкае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн.: БелЭн, 1999. С. 524-525.

[26] Тарасаў С. В. Полацк IX-XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 7 (праўда, у гэтую працу патрапіла адная недакладнасць - маўляў "Полацкая рэвізія" 1552 г. "захавалася ў Літоўскай метрыцы сярод пісцовых кніг, складзеных маскоўскімі пісцамі ў XVI ст.").

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX