Папярэдняя старонка: Metriciana T. 2.

Па слядах першага тому. Слова ад рэдактара 


Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Менск 2003.



Час, які прайшоў з моманту выхаду ў свет першага тому альманаха METRICIANA, быў перыядам развіцця выдання. Трэба адзначыць, што навуковая грамадскасць у розных краінах вельмі прыхільна сустрэла з'яўленне новага навуковага перыёдыка. Увага да альманаху і рэакцыя на яго не проста павялічылі інфармацыйнае поле нашага праекту, але і дазволілі яму набыць новыя арганізацыйныя формы ды ўзбагаціць рубрыкацыю.

У Беларусі на публікацыю METRICIANY звярнула ўвагу прэса [1]. Агляд выдання быў змешчаны на афіцыйным сайце НАН Беларусі [2]. З'явіліся таксама анатаваныя агляды і рэцэнзіі [3]. Даволі падрабязна прааналізавалі змест альманаху літоўскія [4] і ўкраінскія [5] даследчыкі. Можна сказаць, што склаўся своесаблівы "рэйтынг" тых матэрыялаў і тэмаў METRICIANY, пра якія пісалі ўсе рэцэнзенты. У інфармацыйна насычаным артыкуле Алеся Грушы "Службовы склад і структура канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV - першай паловы XVI ст." усеагульную ўвагу прыцягнулі звесткі пра рэарганізацыю Канцылярыі ВКЛ у 1516-1522/23 г. і аналіз спецыялізацыі службоўцаў Канцылярыі. Цікавасць выклікала праца Валерыя Мянжынскага і Алега Дзярновіча па апрацоўцы інфармацыі з Метрыкі ВКЛ па Ашмянскаму павету і лакалізацыя прыгаданых там населеных пунктаў. Лаймонтас Каралюс як дасягненне адзначыў менавіта гэты аспект матэрыяла, адначасова паставіўшы пытанне пра навуковы статус усяго артыкула, "які можна назваць першаснай апрацоўкай інфармацыі, сыравінай для будучых даследаванняў сацыяльна-эканамічнага становішча шляхты". Апрацоўка і сістэматызацыя інфармацыі якраз і былі задачай аўтараў, якія разглядаюць матэрыял пра Ашмянскі павет як пачатак маштабнага праекту па апрацоўцы звестак Метрыкі па іншых рэгіёнах Вялікага Княства Літоўскага. Статыстычныя выкладкі паступова набываюць сваю вартасць у параўнанні з новымі данымі. Украінскі рэцэнзент зрабіў каштоўнае для аўтараў удакладненне адносна князя Аляксандра Фёдаравіча Чартарыйскага, які быў не старостаю Луцкім, а старосцічам [6]. Як у пэўным сэнсе гісторыю з інтрыгай рэцэнзенты ацанілі аповед А. Дзярновіча пра ўкладанне маскоўскімі службоўцамі і абставіны перамяшчэння ў збор Метрыкі ВКЛ вопісаў межаў Полацкага ваяводства, а Валеры Пазьнякоў, апроч іншага, указаў на дадатковую публікацыю гэтых матэрыялаў.

Найбольшую ж палеміку выклікаў тэкст Уладзіміра Свяжынскага "Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага". Сама праблематыка мовы аказалася цікавай не толькі для даволі герметычнага кола метрыкантаў, але і для шырэйшай грамадскасці. У рэдакцыю METRICIANY па кансультацыі і з просьбай апублікаваць гэты тэкст на сваім Інтэрнэт-сайце звярнуліся Таварыства русінаў Паўночнай Амерыкі. Гэта прадстаўнікі якраз той часткі русінаў, якія жывуць у Сербіі (з цэнтрам у Новым Садзе), а ў Канадзе маюць даволі вялікую і арганізаваную грамаду. Розныя інтэрпрэтацыі культурнай і моўнай спадчыны Славіі ўяўляюць цікавасць для русінскіх інтэлектуалаў. Са згоды аўтара тэкст з METRICIANY з'явіўся ў эмісіі "Интернет радия Руского Дружтва Сиверней Америки" [7].

Але палемічна завостраныя тэзы Уладзіміра Свяжынскага выклікалі ажыўленую дыскусію і сярод даследчыкаў гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага. Лаймантас Каралюс, спаслаўшыся на слыннага літоўскага даследчыка Эдвардаса Гудавічуса, у гэтай сувязі прыгадаў яшчэ адно вызначэнне мовы Канцылярыі ВКЛ - "інтэрдыялект пісьменства ВКЛ, які сфармаваўся ў канцы XV ст. на аснове старарускай пісьмовай мовы і дыялектаў гутарковай мовы" [8].

Яшчэ большую палемічнасць у разглядзе праблемы надаў артыкул украінскага лінгвіста Віктара Майсіенкі [9] ва "Украінскім Гуманітарным Аглядзе" [10]. Аўтар паставіў за мэту рэцэнзіі "на основі пам'яток XVI-XVII ст. та сучасної лінгвогеографії окреслити поліський лінгвальний простір, або українсько-білоруське мовне пограниччя, яке часто ототожнюється з офіційною мовою Великого князівства Литовського». Рэцэнзент высока ацэньвае ступень распрацаванасці і статус гэтай мовы: «Починаючи із XV ст. на теренах сучасних Білорусі та півночі України (Волинське, Київське воєводства) функціонувала добре вироблена (а за литовських часів офіційна) мова. Вона мала широкий ужиток» [11]. Як сапраўдны палескі патрыёт В. Майсіенка разглядае Палессе як цэнтр усходняга славянства, у той час як Лесастэпавая Украіна, Цэнтральная Беларусь, Сярэдняе і Верхняе Падзісенне знаходзіліся на яго перыферыях. І далей: «Мовні особливості Полісся були настільки виразні та чіткі, що незабаром, за сприятливих умов (XIV-XVI ст.), проявилися на значних теренах, "підминаючи" під себе суміжні акаючі, цекаючі (дзекаючі) білоруські та ікаючі українські, витворивши своєрідне "койне" не зовсім строкатих, генетично близьких поліських говірок» [12]. Сваю рэцэнзію аўтар заканчвае высноваю: «Тому доречніше мову Великого князівства Литовського та Речі Посполітої на теренах українсько-білоруського пограниччя XV-XVII cт. називати саме полiським типом літературної мови, якою послуговувалася значна частина предків сучасних білорусів та українців, а саме - поліщуків» [13]. Важная місія тэкста В. Майсіенкі - ён прыцягнуў увагу да праблемы беларуска-ўкраінскага моўнага размежавання ў часы Вялікага Княства Літоўскага, хоць і зрабіў гэта ў даволі экзатычнай форме - праз наданне "кайнэ" палескіх гаворак статусу канцылярскай мовы. Праблема культурных, моўных і палітычных украінскіх уплываў на фармаванне і функцыянаванне дзяржаўнага механізму ВКЛ безумоўна існуе, але яе нельга звесці да тэмы ўкраінска-беларускага памежжа. Што тычыцца фанетычных і марфалагічных выкладак украінскага мовазнаўцы, то яны патрабуюць спецыялізаванага разгляду. Палеміка не завяршылася, прыкладам чаго з'яўляецца і гэты том METRICIANY. Апроч таго, як ужо нам вядома, тэма афіцыйнай мовы ВКЛ будзе абмяркоўвацца ў Мінску на лістападаўскай 2003 году Канферэнцыі па актуальных пытаннях даследавання і выдання Метрыкі.

Наколькі ўсе гэтыя дыскусіі важныя для нас, гісторыкаў і публікатараў Метрыкі ВКЛ? Тым больш, што рэдакцыя METRICIANY ад пачатку стаяла на пазіцыях прызнання супольнасці спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і Метрыкі ВКЛ. Менавіта прытрымліванне апошняга прынцыпу і прымушае звяртацца да дэфініцыяў, каб пазбегнуць сучаснай моды на ўніфікацыю і захаваць скарбы гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.


Яшчэ адзін сюжэт, узняты METRICIANAJ, атрымаў сваё развіццё - гэта тэма Электроннага архіву Метрыкі ВКЛ. На сённяшні дзень наладжана супрацоўніцтва альманаху з Інтэрнэт-сайтам «Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы», на якім змешчаны тэксты METRICIANY [14]. На гэтым жа сайце пачаў рэалізоўвацца праект публікацыі Метрыкі ВКЛ у Інтэрнэце. Упершыню апублікаваны не проста анонсы і змест, а цэлая кніга Метрыкі - № 28 [15]. Тэма Электроннага архіва і надалей застаецца ў сферы зацікаўленасцяў METRICIANY.


З такім назапашаным багажом альманах падышоў да публікацыі свайго другога тому. У пэўным сэнсе змяніўся статус выдання. Сфармавана Міжнародная рэдакцыйная калегія, куды ўвайшлі вядомыя спецыялісты ў галіне Метрыстыкі, даследчыкі, якія шмат зрабілі і робяць дзеля даследавання і публікацыі Метрыкі ВКЛ. Такім чынам, прадстаўлены ўсе краіны, дзе сёння вядуцца метрычныя працы. Пералічу тут прадстаўнікоў рэдкалегіі ў алфавітным парадку: Світлана Абросымава (Украіна), Артурас Дубоніс (Літва), Анджэй Рахуба (Польшча), Ганна Л. Харашкевіч (Расія). Таму мы можам казаць, што METRICIANА стала міжнародным выданнем, цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў Беларусі.

Будзем спадзявацца на пашырэнне кола аўтараў альманаха. Між іншым, нашыя рэцэнзенты выказвалі такое пажаданне. Але як я ўжо адзначаў, само кола людзей, што прафесійна займаюцца пытаннямі Метрыкі ВКЛ, зусім не шырокае ва ўсіх краінах. Тым не менш, чытачы заўважаць інтэрдысцыплінарнасць ужо ў гэтым томе. Апроч таго, больш разнастайнай робіцца рубрыкацыя METRICIANY. Спецыяльна для разгляду пытанняў гістарычнай геаграфіі і картаграфіі ўведзены раздзел "Geometricus" - паводле лацінскай назвы землямера, каморніка. З гэтага тому METRICIANА распачынае новы праект пад агульным тытулам "Галерэя метрыкантаў". У перспектыве бачыцца стварэнне даведачнага выдання па ўсіх постацях, якія спрычыніліся да стварэння, даследавання і выдання Метрыкі ВКЛ - ад старажытнасці да сучаснасці. Гэтая кніга будзе мець таксама падрабязную бібліяграфію. Папярэдне тэксты пра метрыкантаў будуць праходзіць апрабацыю на старонках METRICIANY і мы зможам стварыць галерэю біябібліяграфічных партрэтаў людзей, дзейнасць якіх была настолькі важнаю для нашай тэмы.


І яшчэ - вы будзеце здзіўлены, але вядзецца пра назву выдання, якая вельмі дакладна акрэслівае тэматыку альманаха. Пры вымаўленні, альбо пры перадачы назвы кірыліцай ўжо ўзніклі два варыянты: "Метрыкіяна" і "Метрыцыяна". Такім чынам, вядзецца аб прачытанні літары с. У класічнай лаціне гэтая літара ва ўсіх пазіцыях пазначала гук [k]. Не раней IV-V ст. н. э. адзначаныя выпадкі пераходу гука [k] у афрыкату [ts] перад е і і. Апошняя тэндэнцыя замацавалася ў сярэднявечнай лаціне. Рэдакцыя знаёмая з наступным меркаваннем - калі Метрыка бярэ свой пачатак усё ж не з Антычнасці, а з Сярэднявечча, то лагічней дысцыпліну, прысвечаную ёй, называць "Метрыцыяна". Абодва варыянты прачытання назвы альманаха правамоцныя з пункту гледжання сваёй традыцыі. Але, калі праект METRICIANY толькі генераваўся, то ён адразу атрымаў найменне «Метрыкіяна» - бо для нас важна, каб у назве выдання гучала гэтае слова - Метрыка.

Алег Дзярновіч



[1] Белорусская Деловая Газета. 2001.VIII.16. С. 12; А н д р у ш е в и ч, Анна. Метрику можно вернуть // Аргументы и факты в Белоруссии. 2002, № 27. С. 12з.

[2] http://www.ac.by/publications/belling/metrici1.html; http://www.ac.by/publications/belling/metrici0.html

[3] М я н ж ы н с к і, Валеры. METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага // Кантакты і дыялогі. 2001, № 9-10. С. 49-50; П а з ь н я к о ў, Валеры. Новая Мэтрыка // Наша Ніва. 2001.ХІ.19, № 47.

[4] К а р а л ю с, Лаймонтас. Белорусское периодическое издание, посвященное исследованиям Литовской Метрики // Новости Литовс кой Метрики. № 5, 2001. Вильнюс: Институт истории Литвы - LII leidykla, 2002. С. 20-23; літоўская версія: K a r a l i u s, Laimontas. Lietuvos Metrikos tyrimams skirtas baltarusių periodinis leidinys // Lietuvos Metrikos Naujienos. Nr. 5, 2001. Vilnius: Lietuvos istorijos institutas - LII leidykla. P. 18-21.

[5] П о л і щ у к, Володимир. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522-1552 гг.). Кніга запісаў 28. METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага // Український гуман i тарний огляд. Випуск 6, 2001. С. 250-254.

[6] П о л і щ у к В. Метрыка… С. 253.

[7] http://rusyn-radio.dns2go.com/index.html

[8] К а р а л ю с Л. Белорусское периодическое издание... С. 22.

[9] М о й с i є н к о, Вiктор. До проблеми виділення «західно-руського» наріччя, або якою мовою писали на теренах українсько-білоруського пограниччя у XVI-XVII столітті?: Уладзімір СВЯЖЫНСКІ. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. 1. - Мінск, 2001 // Український Гуман i тарний Огляд. Випуск 7, 2002. С. 92-115.

[10] Увогуле, гэтае выданне Нацыянальнага універсітэта «Києво-Могилянська Академія» і Таварыства даследчыкаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы стала дае агляды сучаснай Метрыстыкі, публікуючы рэцэнзіі на найноўшыя выданні ў гэтай сферы гуманістыкі: Д е м ч е н к о, Людмила. Lietuvos Metrika - Vilnius, 1987-1998 // Український гуман i тарний огляд. Випуск 3, 2000. С. 285-288; П о л и щ у к, Володимир. Руська (Волинська) метрика. Книга за 1652-1673 рр. // Пам'ятки історії Східної Європи. Джерела XV-XVII ст. Т. 5. / Підготував до друку Петро Кулаковський. Острог-Варшава-Москва, 1999 // Український Гуман i тарний Огляд. Випуск 4, 2000. С. 252-253; Т е с л е н к о, Ігор. Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559-1566) / Падрыхт. А. І. Груша. Мінск: Aрты-Фэкс, 2001 (Бел. гіст. б-ка). Руська (Волинська) метрика. Регести документів Коронної канцелярії для українських земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673. К., 2002 // Український Гуман i тарний Огляд. Випуск 8, 2002. С. 224-227.

[11] М о й с i є н к о В. До проблеми… С. 98; З гэтай пазіцыяй перагукаецца меркаванне літоўскага гісторыка Станісловаса Лазуткі, які займаецца даследаваннем і выданнем Статутаў ВКЛ і Судовых кнігаў Метрыкі ВКЛ. Менавіта аналіз спраў апошніх дазволіў даследчыку прыйсці да высновы, што «афіцыйная канцылярская мова Літоўскай дзяржавы [а ён называе яе старабеларускай - А. Дз.]… у пэўнай меры была і моваю публічных зносінаў». Прычым С. Лазутка, у параўнанні з В. Майсіенкам, пашырае арэал функцыянавання гэтай мовы, бо судовыя працэсы на Жамойці ў XVI-XVII ст. таксама адбываліся на ёй, а выпадкі, калі спраўцы ці сведкі пачыналі казаць па-літоўску, то гэта асобна фіксавалася службоўцамі суда - дзецкімі (гл. Lietuvos Metrika . К n. 225 (1528-15 47 ): 6 -oji Teismų bylų knyga / Spaudai parengė S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius: Vilniaus Universitetas, 1995. Р. СХХІ-СХХІІ).

[12] М о й с i є н к о В. До проблеми… С. 110-111.

[13] М о й с i є н к о В. До проблеми… С. 112.

[14] http://starbel.narod.ru/metr1/metr1_gal.htm; спасылка на галоўную старонку альманаха: http://starbel.narod.ru/5rir.htm

[15] http://starbel.narod.ru/metr_28/metr_28_gal.htm

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX