Папярэдняя старонка: Metriciana T. 2.

Галерэя метрыкантаў 


Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Менск 2003.



Ліна АНУЖЫЦЕ. КАНСТАНЦІНАС ЯБЛОНСКІС І ЛІТОЎСКАЯ МЕТРЫКА


Abstract: Lina A NUŽYTĖ. Kanstantinas Jablonskis i Litoŭskaja Metryka [Konstantinas Jablonskis and the Lithuanian Metrica] // METRICIANA: Daśledavańni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litoŭskaha. Vol. II (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. VIII, 2003). P. 212-223.


In 1795, when the Tsarist Russia occupied Lithuania, the most important archive of the Grand Duchy of Lithuania, later called the Lithuanian Metrica, was taken to Russia. After the declaration of the independence of the Lithuanian State in 1918, an opportunity appeared to return archives from Russia. In 1921 and 1925-1926 negotiations were carried out about Lithuanian archives and the Lithuanian Metrica, but the Lithuanian Metrica was not returned.

In the article there is surveyd the activity of historian Konstantinas Jablonskis caring about the Lithuanian Metrica. In 1933 he made great efforts to begin negotiations about the archives, but they were unsuccessful. The authority of the Soviet archives only let him read a few books of Lithuanian Metrica in Moscow. After that it became clear to reach the Lithuanian Metrica for Lithuanian historians was impossible. Despite this K. Jablonskis endeavoured that the question concerning return of the Lithuanian Metrica from Moscow would not be forgotten in Lithuania. In 1936 he attempted to get permission for taking photographs of the Lithuanian Metrica's documents, but did not get it. K. Jablonskis stated that the unwillingness of the Soviet Russia to return the Lithuanian archives was closely connected with its political aims. In 1941 K. Jablonskis became a director of the Institute of History. In spite of complicated circumstances caused by the Soviet occupation, he actively sought to return the Lithuanian archives and the Lithuanian Metrica to Lithuania. After the Second World War K. Jablonskis oficially did not talk about the return of the Lithuanian Metrica, but concentrated on scientific investigations of manuscripts. In the 5th decade of the 20th century K. Jablonskis could read the books of Lithuanian Metrica in Moscow. Then he cared about accumulation of its material in Lithuania and use of it investigating Lithuanian history. Namely on his initiative the Lithuanian Institute of History acquired the first microfilms of the books of Lithuanian Metrica from Moscow.

"Літоўская Метрыка з'яўляецца для нас не толькі зборам гістарычных крыніц, але і рэліквіяй жыцця народа" пісаў у лісце да гісторыка Адолфаса Шапокі ў 1933 г. Канстанцінас Яблонскіс [1]. Найважнейшы архіў XV-XVIII стст. Вялікага Княства Літоўскага (далей - ВКЛ), названы Літоўскай Метрыкай (далей - ЛМ), вывезены ў 1793 г. з Вільні і Варшавы ў Санкт-Пецярбург, у канцы ХІХ ст. быў перанесены ў Маскву. Ён утрымліваецца там дагэтуль.

Калі ў пачатку ХХ ст. была адноўленая незалежнасць Літвы і 12 ліпеня 1920 г. падпісана мірнае пагадненне з Савецкай Расіяй, з'явілася магчымасць вярнуць вывезеныя культурныя каштоўнасці, таксама і архівы. Неаднаразова вяліся перамовы адносна вяртання ЛМ. Гэтае пытанне было асабліва актуальным для навукоўцаў, гісторыкаў і ўсіх аматараў мінуўшчыны. Шмат намаганняў вырашыць яго прыклаў і К. Яблонскіс.

Аб клопатах К. Яблонскіса пра ЛМ пісаў акадэмік Вітаўтас Мяркіс [2]. Ён раскрыў уклад К. Яблонскіса ў намаганні вярнуць гэты архіў і абзавесціся копіямі яго дакументаў у гады існавання незалежнай Літоўскай дзяржавы. Аднак і ў пазнейшыя гады К. Яблонскіс спрабаваў вырашыць праблему ЛМ.

Мэтай гэтага артыкула з'яўляецца як мага шырэй разгледзець дзейнасць К. Яблонскіса, звязаную з ЛМ, паказаць прадпрынятыя ім намаганні, каб ЛМ стала больш даступнай для даследчыкаў гісторыі Літвы. Для гэтага выкарыстаныя як апублікаваныя матэрыялы, так і архіўныя дакументы.

Найперш трэба адзначыць, што К. Яблонскіс у 1911-1916 гг. вывучаў права ў Маскоўскім універсітэце, а лекцыі па гісторыі на гісторыка-філалагічным факультэце ён наведваў дадаткова. Гісторыкі-пазітывісты аказалі на яго вялікі ўплыў. Таму, працуючы з 1919 г. ў Літве ў галіне права, ён паралельна даследаваў гісторыю Літвы, найбольш архіўныя крыніцы XV-XVI стст., такім чынам сутыкнуўшыся з бракам вывезеных літоўскіх архіваў.

Ужо ў 1921 г., калі адбываліся перагаворы Літвы і Расіі наконт вяртання культурных багаццяў, адным з высунутых Літвой патрабаванняў было вярнуць ЛМ. Да К. Яблонскіса дайшла непасрэдная інфармацыя аб пачатку перагавораў. Прызначаны экспертам музеязнавец і мастацтвазнавец Паўлюс Галаўне пісаў яму, што ўражанне вельмі песімістычнае, бо бальшавікі сабатуюць, калі адкрыта не ігнаруюць, а па-нашаму ухіляюцца ад выканання [3].

Першая спроба Літвы ў 1921 г. вярнуць ЛМ была беспаспяховай. Другая, у канцы 1925-1926 г., у час вядзення перагавораў з СССР адносна дагавору аб ненападзенні, -- таксама. Вывезеныя культурныя каштоўнасці Літвы, сярод іх і ЛМ, сталі сродкам Масквы для дасягнення палітычных мэт [4].

Пытанне вяртання архіваў з Расіі стала для Літвы асабліва актуальным у сувязі з набліжэннем дзесяцігадовага юбілею заключэння мірнага дагавору паміж Літвой і Расіяй. Яно было абмеркавана на пасяджэннях Літоўскага гістарычнага таварыства, да якога належаў і К. Яблонскіс. У канцы 1929г. праф. Ігнас Янінас, які прымаў актыўны ўдзел у перагаворах 1926 г. адносна ЛМ, на пасяджэнні таварыства паабяцаў звярнуцца з гэтым пытаннем у Міністэрства асветы [5]. Пра важнасць вывезеных архіваў для Літвы ў мемарандуме таварыства пісалі Аўгусцінас Янулайціс і Канстанцінас Яблонскіс [6]. Урад Літвы ў 1930 г. паспрабаваў пачаць перагаворы з Савецкім Саюзам [7]. Пасол Літвы ў Маскве Юргіс Балтрушайціс уручыў ноту адносна невыкананых Расіяй абавязкаў мірнага дагавору. У ёй патрабавалася найперш вярнуць Літве ЛМ і Вільнюскі Цэнтральны архіў, але Масква не збіралася выконваць патрабаванняў Літвы.

У 1933 г. была яшчэ раз прадпрынята спроба пачаць перагаворы. Міністэрства замежных спраў Літвы вырашыла паслаць у Маскву К. Яблонскіса, як спецыяліста, паклапаціцца аб вяртанні архіваў Літвы. Адзін з асноўных архіваў, аб якіх ён меў намер дамаўляцца, была ЛМ. Аднак з адпаведных устаноў СССР адказ аб перагаворах не быў атрыманы. Пасол Літвы ў Маскве Ю.Балтрушайціс пісаў, што "сп. Яблонскіс, не мог весці ніякіх перагавораў, асабліва аб канчатковым лёсе Літоўскай Метрыкі. Максімум, што я спадзяваўся здабыць для сп. Яблонскіса, быў дазвол агледзець матэрыял нашых архіваў у Маскве і ў іншым месцы, канстатаваць яго стан, даць парады супрацоўнікам савецкіх архіваў, якія павінны шукаць на месцы кніг Вільнюскага цэнтральнага архіва. якіх бракавала, і г. д. Усё гэта было б патрэбна, бо сп. Яблонскіс - адзіны знаўца нашых архіваў (падкрэслена мной - Л. А.) і дзякуючы яго працам мы тут можам здабыць тое, што здабываем" [8].

Усё ж установы СССР марудзілі з выдачай нават і згаданага дазволу. Пры гэтым візу на ўезд у Расію, якую К. Яблонскіс спадзяваўся атрымаць на працягу дзвюх гадзін, на жаль, давялося чакаць амаль тры тыдні. Па словах К. Яблонскіса, "мэтай яго паездкі было: 1) даследаваць некаторыя кнігі ЛМ, 2) знайсці некалькі патрэбных дакументаў са збораў Віленскай Публічнай Бібліятэкі, 3) разам са служачымі архіваў СССР прагледзець частку Віленскага Цэнтральнага Архіва, утрымліваемую ў Маскоўскім архіве, каб можна было выбраць кнігі, якіх неставала з вяртаемых серый, для вяртання якіх не было ніякіх перашкод" [9].

Аднак, прыбыўшы ў Маскву з жаданнем патрапіць у архівы, яшчэ было трэба атрымаць неабходныя дазволы. 6 дзён цягнулася гэтая справа, а К. Яблонскіса адсылалі ад аднаго кіраўніка да другога. Ён пісаў: "У рэшце рэшт на сёмы дзень майго знаходжання я атрымаў дазвол пакарыстацца некалькімі патрэбнымі мне кнігамі Літоўскай Метрыкі, але хаця ўбачыць самую Літоўскую Метрыку і тую частку Вільнюскага архіва, якая належала Літоўскай Рэспубліцы і якая знаходзіцца ў Маскве, дазволена не было" [10]. Пра Рукапісны аддзел Віленскай Публічнай Бібліятэкі было адказана, што пра яго нічога невядома, або што яго няма. Сховішча ЛМ не было паказана, патлумачыўшы, што архіў будуе прыбудову, і кнігі Метрыкі складзены ў штабелі, а абазнаны ў іх парадку супрацоўнік архіва ў адпачынку [11]. Аднак К. Яблонскісу працягнулі камандзіроўку яшчэ на адзін дзень, і калі замоўленыя ім іншыя кнігі ЛМ былі хутка прынесены, стала ясна, што Метрыка ўтрымліваецца непадалёк і складзена парадкам. У чытальнай зале ён выявіў таксама, каталог ЛМ, які выйшаў у 1887 г. і ў якім былі пазначаныя кнігі ЛМ, перададзеныя нядаўна Польшчы.

Пасля гэтай паездкі было відавочна, што ЛМ у Маскве недаступная для літоўскіх даследчыкаў. К. Яблонскіс пісаў: "Гэтую здольнасць справу некалькіх хвілін расцягнуць на цэлы тыдзень і выдачу дазволу адкласці на дзень ад'езду, каб і просьба была задаволеная, і не ўдалося пакарыстацца гэтым задавальненнем, магчыма лічыць здзекам з мяне, як асобы, камандзіраванай органамі ўлады Літвы і з урада Літвы" [12].

Як указана, у 1933 г. літоўскія дыпламаты лічылі К. Яблонскіса знаўцам асноўных архіваў Літвы. Яго думкі пытаў і А. Шапока, выкладаючы ў лісце прапанову дырэктара Віленскага архіва Вацловаса Студзінскіса. Па яго словах, усе, як літоўцы, так і палякі адчуваюць, што ўтрымліваемая ў Расіі Літоўская Метрыка недаступная і ад гэтага церпіць навука. Таму ўжо наспела патрэба вярнуць Метрыку з Расіі. Ён прапанаваў прызнаць уладальніцамі Метрыкі абедзве дзяржавы, а месцам яе захоўвання была б Вільня з гарантыяй, што ніколі яна не будзе вывезена і будзе ўсім даступная. "Я думаю, пісаў А. Шапока, што не памыляюся, звяртаючыся да Вас" [13].

Варта адзначыць, што гэты ліст К. Яблонскіс атрымаў у 1933 г., толькі вярнуўшыся з Масквы. Падкрэсліваючы, што гэта толькі яго асабістая думка, ён адказаў, што дадзеную прапанову лічыў цалкам непрымальнай і не падлягаючай абмеркаванню, а ад Метрыкі ніякім чынам няможна адмаўляцца і згаджацца трымаць яе ў чужых руках, яна павінна быць у Каўнасе [14]. З палякамі можна было б дамовіцца адносна іншых вывезеных віленскіх архіваў. Для К. Яблонскіса важней была думка сур'ёзных польскіх гісторыкаў і архівістаў па пытанню архіваў Вільні і Літвы, таму ён прасіў А. Шапоку, калі той ад'едзе ў Варшаву, гэтым пацікавіцца. Паведамляючы, што палякі разам з Кароннай Метрыкай атрымалі з Расіі і немалую частку Літоўскай Метрыкі, ён пісаў, што добра было б даведацца ў палякаў, што, па іх звестках, з Літоўскай Метрыкі яшчэ маецца ў Расіі [15]. Так К. Яблонскіс імкнуўся скапіць як найбольш інфармацыі пра раскіданы архіў ЛМ.

Сутыкнуўшыся з вялікімі цяжкасцямі пры спробе пакарыстацца фондам ЛМ у Маскве, пачалі шукаць іншых спосабаў дабіцца ЛМ. У пачатку 1934 г. прафесар Каўнаскага універсітэта і старшыня Літоўскага гістарычнага таварыства А. Янулайціс звярнуўся з мемарандумам да міністра замежных спраў. Ён прасіў паклапаціцца, каб было пазычана штомесяц па 10 кніг ЛМ для вырабу фотакопій, бо здабыць арыгіналы будзе цяжка. На жаль, з савецкай адміністрацыі станоўчага адказу атрымана не было [16].

У 1936 г. зноў была прадпрынята спроба дабіцца ЛМ. Канстанцінас Яблонскіс і Антанас Васіляўскас загадзя папрасілі дазволу чытаць кнігі ЛМ і сваім апаратам у чытальнай зале архіва адфатаграфаваць ЛМ і дакументы Віленскага архіва. Адказ быў адмоўны: паводле правілаў архіваў СССР у архівах сваім апаратам фатаграфаваць не дазваляецца, а фотакопіі патрэбных дакументаў за плату робіць сам архіў. К. Яблонскіс пазней пісаў: "Гэтая адмова дазволіць фатаграфаваць не можа быць зразумета інакш, як здзек з заяўленага жадання даследаваць Літоўскую Метрыку" [17]. Таму ён з А. Васіляўскасам у Маскву не ездзілі. К. Яблонскіс звярнуўся ў пасольства Літвы ў Маскве, каб замовілі фотакопіі ўказаных ім некалькіх дзясяткаў дакументаў ЛМ, аднак ён іх не атрымаў.

У 1936-1937 гг. К. Яблонскіс пісаў мемарандумы і паведамленні пра літоўскія архівы, якія засталіся ў СССР, і перашкоды, якія робяцца пры жаданні імі пакарыстацца. Ён вычарпальна інфармаваў універсістэт, міністэрствы асветы і замежных спраў [18]. У пачатку 1937 г. К. Яблонскіс канстатаваў, што ўсе перагаворы адносна вяртання архіваў Літвы ці карыстання імі будуць беспаспяховымі да таго часу, "пакуль СССР не паверыць, што Літоўская Рэспубліка не ў яго васальнай залежнасці і не адмовіцца ад прэтэнзій захапіць літоўскую тэрыторыю" [19].

Аднак, не могучы пакарыстацца архівамі Літвы, якія знаходзяцца ў Расіі, К. Яблонскіс тлумачыў, каб мы не аказаліся змушанымі пакінуць справы літоўскай гістарычнай навукі, трэба шукаць магчмымасцяў іх прасоўваць наперад" [20]. Для гэтага, па яго словах, маглі б паслужыць ЛМ і арыгінальныя дакументы, якія знаходзяцца ў Польшчы. У якасці прыкладу быў прыведзены Канстанцінас Авіжоніс, які больш за паўгода працаваў у архівах Кракава. Таму К. Яблонскіс прапанаваў скласці план даследавання архіваў Польшчы, прызначыць людзей і паклапаціцца пра сродкі для іх.

У пачатку 1939 г. быў заснаваны Інстытут літуаністыкі Антанаса Сметаны (далей ІЛАС), вызначаны важнейшыя задачы аддзела гісторыі Літвы - гэта даследаванне і выданне крыніц па гісторыі Літвы [21]. У плане дзейнасці аддзела побач з клопатам аб гістарычным матэрыяле, які меўся ў Літве, таксама было пазначана: а) збіраць надрукаваныя каталогі і апісанні архіваў замежных краін, дзе могуць быць матэрыялы для гісторыі Літвы; б) клапаціцца аб здабыцці фотакопій і спісаў важнага для гісторыі Літвы матэрыялу замежных архіваў; в) завязваць сувязі з замежнымі архівамі з мэтай пазычання архіваліяў; г) клапаціцца аб падрыхтоўцы новых навуковых сілаў пастаянных сваіх прадстаўнікоў пры архівах Ватыкана і Масквы [22]. На першым пасяджэнні Рады аддзела гісторыі Літвы гаварылася і пра ЛМ. Кіраўнік аддзела І. Янінас сцвярджаў, каб ІЛАС найперш паклапаціўся падступіцца да яе, а не імкнуўся адразу вярнуць [23]. Пазней, калі ужо быў вернены Вільнюс, была прыгаданая пасля перагавораў 1921 і 1926 гг. канфідэнцыйна выказаная думка эксперта расійскай дэлегацыі праф. Мацвея Любаўскага, што ўрад РСФСР згадзіўся б аддаць Літоўскую Метрыку, калі б Літва мела ў сваіх руках сваю сталіцу Вільнюс, дзе мелі б быць сканцэнтраваныя ўсе архівы, якія тычацца мінулага ВКЛ" [24]. На падставе гэтага сцвярджалі, што, вярнуўшы Вільнюс, усе дакументы, між іх і ЛМ, павінны захоўвацца ў Вільнюсе.

К. Яблонскіс таксама ўцягнуўся ў дзейнасць Інстытута літуаністыкі. Летам 1940 г. Вучоная рада інстытута абрала яго няштатным сябрам аддзела гісторыі Літвы [25]. У пачатку 1941 г. быў скасаваны Інстытут літуаністыкі і заснавана Акадэмія Навук, на аснове аддзела гісторыі Літвы быў створаны Інстытут гісторыі. Яго рэктарам 25 красавіка 1941 г. быў прызначаны К. Яблонскіс. Ён працягваў далей сфармаваны Інстытутам літуаністыкі кірунак даследавання гісторыі і клапаціўся аб вяртанні архіваў ды ЛМ. Утым жа годзе 15 траўня падрыхтаваў паведамленне Прэзідэнту Літоўскай Акадэміі Навук аб гістарычным матэрыяле ў архівах Савецкага Саюза. У ім пісалася: "Даследаванне дакументаў Метрыкі ў адрыве ад іншых дакументаў у адносінах да гістарычнай навукі немэтазгоднае, хіба толькі для таго каб спасцігнуць канцылярыю вялікага князя, але гэтае пытанне параўнальна невялікае. А сур'ёзна даследаваць датычныя якога-небудзь факта мінулага дакументы, адзін з якіх у Маскве, другі ў Вільнюсе, трэці ў Ленінградзе і г. д., немагчыма. Таму і Літоўская Метрыка і іншыя, што ўтвараюць архівы на тэрыторыі Літоўскай ССР, трэба было б вярнуць на месца іх паходжання, у іх сапраўднае асяроддзе… Не вярнуўшы Літоўскай ССР гэтых вывезеных літоўскіх архіваў, Інстытут Гісторыі, не маючы дастаткова матэрыялу для гістарычных даследаванняў, не можа плённа выконваць даручанай яму навуковай працы" [26]. Таму К. Яблонскіс прапанаваў звярнуцца ў Раду Народных Камісараў Літоўскай ССР, каб яна гэтыя архіўныя фонды (ЛМ, Віленскай Адукацыйнай Камісіі, Віленскага Цэнтральнага Архіва і Віленскай Публічнай Бібліятэкі) прызналі "важнымі для навукі Літоўскай ССР, вернутымі Літоўскай ССР і перададзенымі Акадэміі Навук Літоўскай ССР (Інстытуту Гісторыі) і звярнулася па пытанню іх вяртання ў Раду Камісараў Саюза ССР" [27].

У чэрвені месяцы 1941 г. у плане бліжэйшых прац Інстытута гісторыі, падпісаным Яблонскісам, было прадугледжана, што "праца гістарычнага даследавання ў гэтым годзе павінна абмежавацца толькі тымі пытаннямі, для якіх асноўны пісьмовы матэрыял ёсць на месцы і для якіх быў бы патрэбны толькі дадатковы матэрыял з іншых месцаў - Масквы, Менска, Ленінграда і г. д. І чым хутчэй вывезены матэрыял будзе вернены у Вільнюс і чым болей яго будзе вернена, тым шырэй будзе мажліва пашырыць гістарычную даследчую працу і тым больш пытанняў могуць ахапіць даследаванні" [28].

Цяжка сказаць, ці звярталіся ў Літоўскую Раду Народных Камісараў па прапанове К. Яблонскіса і ці што-небудзь больш у тым годзе было зроблена ў галіне вяртання архіваў Літвы. Аднак найважнейшы сам факт, што К. Яблонскіс ў 1941 г. ва ўмовах савецкай акупацыі, як дазвалялі яго паўнамоцтвы, актыўна клапаціўся аб вяртанні архіваў, таксама і ЛМ, з Расіі.

Пасля Другой Cусветнай вайны большасць архіваў Літвы, якія раней трапілі ў Расію, былі вернутыя Літве. Аднак ЛМ засталася ў Маскве і на пытанне яе вяртання было накладзена табу. Гэта цудоўна паказаў эпізод 7 дзесяцігоддзя ХХ ст., апісаны гісторыкам Сігітасам Ягялявічусам. Вяртаючы Маскве належаўшыя Літве архіўныя фонды, начальнік упраўлення архіваў Літвы Эўсеюс Разаўскас паспрабаваў гаварыць аб пытанні вяртання ЛМ з вышэйшым кіраўніцтвам сістэмы архіваў СССР. Аднак яму было катэгарычна адказана, што "пытанне ЛМ яснае, так што ў будучым яго няварта было б узнімаць ні ў пісьмовай, ні ў вуснай форме" [29].

Стала ясна, што клапаціцца аб вяртанні кніг ЛМ было бессэнсоўна. К. Яблонскіс гэта зразумеў, таму пасля вайны афіцыйна не ўзнімаў пытання вяртання ЛМ, аднак у сваіх навуковых даследаваннях стараўся скарыстаць як найболей архіўнага матэрыялу. Выкладаючы ў Вільнюскім універсітэце, ён працаваў таксама ў Інстытуце гісторыі і быў адным з першых гісторыкаў Літвы, які пачаў пасля вайны карыстацца фондам ЛМ у Маскве. Дабрацца да ЛМ было нялёгка. Гэта паказвае ліст ад 22 снежня 1954 г. дырэктара Інстытута гісторыі і права АН Літоўскай ССР Прэзідыуму Акадэміі, каб ён пачаў дабівацца дазволу ад Рады Міністраў Літоўскай ССР для камандзіроўкі праф. К. Яблонскіса ў Маскву, у Архіў Старажытных Актаў, у якім ён збіраў бы матэрыял для сваёй планавай тэмы "Крыніцы па гісторыі Літвы" [30]. К. Яблонскіс у Маскву адбыў. Аднак зробленыя ім архіўныя выпіскі былі правераныя. Толькі праз больш чым два тыдні пасля камандзіроўкі начальнік Цэнтральнага Дзяржаўнага Архіва Старажытных Актаў СССР выслаў чатыры сшыткі выпісак прарэктару Вільнюскага ўніверсітэта праф. Янкаўскасу [31]. У пазнейшыя гады атрыманне дазволаў спрасцілася, а праверка выпісак, відаць, рабілася хутчэй, бо больш падобнага характару дакументаў, звязаных з архіўнай дзейнасцю К. Яблонскіса, выявіць не ўдалося.

Вопыт даследавання крыніц К. Яблонскіса і кампетэнцыя былі ацэненыя і ў Маскве, бо ў 1955 г. ён быў абраны сябрам Археаграфічнай камісіі АН СССР. Гэта таксама прадаставіла яму больш магчымасцей карыстацца матэрыялам фонду ЛМ. У справаздачы аб навуковай рабоце за 1958 г. для Акадэміі Навук Літоўскай ССР акадэмік К. Яблонскіс пісаў: "Скарыстаўшыся з паездкі ў Маскву [32] і тым, што збор Сялянскіх спраў з уладальнікамі двароў яшчэ не быў аддадзены ў друк, у пачатку 1958 г. тыдзень папрацаваў у Літоўскай Метрыцы і выпісаў або замовіў фотаздымкі і пазней у Вільнюсе з іх выпісаў некалькі дакументаў для гэтага збору і ён быў аддадзены ў друк паўнейшы" [33]. А ў лісце ад 25 жніўня 1959 г. да Зянонаса Івінскіса ён указаў, што ўжо прагледзеў усе мікрафільмы кніг запісаў ЛМ часоў Жыгімонта Аўгуста [34].

Фотакопіі дакументаў ЛМ у Цэнтральным Дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве К. Яблонскіс найчасцей замаўляў сотнямі [35]. Пры гэтым стараўся скарыстацца кожнай меўшай месца нагодай. Напрыклад, у 1958 г. фотакопіі 25 лістоў 12-й кнігі ЛМ ён прасіў начальніка архіва, калі можна, зрабіць за 10 дзён, бо гэта дакументы адной кнігі, і ўручыць іх збіраючаму ў тым годзе ў архіве матэрыял малодшаму навуковаму супрацоўніку Рымантасу Ясасу [36]. Трэба заўважыць, што К. Яблонскіс таксама клапаціўся здабыць як найбольш звязанага з гісторыяй Літвы архіўнага матэрыялу, які быў у Польшчы. На гэта ўказваюць яго пісьмовыя просьбы да дырэктара Бібліятэкі АН. У адной з іх ён указвае, што жадае замовіць фотакопіі кніг і дакументаў ЛМ, якія захоўваліся ў Кракаве і Вроцлаве і якія патрэбны для прац Інстытута гісторыі і яго самога [37].

К. Яблонскіс рабіў выпіскі дакументаў ЛМ, замаўляў фотакопіі, але першы пачаў клапаціцца аб здабыцці мікрафільмаў кніг ЛМ. Дырэктар Інстытута гісторыі Юозас Жугжда ў 1963 г. пісаў, што з 1957 г. па ініцыятыве К. Яблонскіса і просьбе Інстытута гісторыі Літоўскай ССР Цэнтральны Дзяржаўны Архіў Старажытных Актаў ужо мікрафільмаваў частку кніг ЛМ [38]. Спіс мікрафільмаваных кніг склаў К. Яблонскіс [39]. Так кнігі ЛМ у выглядзе мікрафільмаў пачалі вяртацца ў Літву.

Абагульняючы, можна сказаць, што К. Яблонскіс з 1933 г. прыклаў шматлікія намаганні, каб пытанне вяртання ЛМ з Расіі не было забытае. Спрабуючы спосабы доступу да ЛМ, ён канстатаваў, што гэта звязана з палітычнымі мэтамі Савецкага Саюза. Стаўшы ў 1941 г. дырэктарам Інстытута гісторыі, нягледзячы на складаныя ўмовы савецкай акупацыі, ён актыўна клапаціўся аб вяртанні ЛМ. Пасля вайны ён афіцыйна не ўзнімаў пытанне вяртання ЛМ, але асноўную ўвагу ўдзяліў навуковым даследаванням. У 60-х гадах ХХ ст., могучы карыстацца фондам ЛМ у Маскве, ён клапаціўся аб накапленні матэрыялу ЛМ і яго выкарыстанні ў даследаваннях па гісторыі Літвы. Менавіта па яго ініцыятыве Інстытут гісторыі абзавёўся першымі мікрафільмамі кніг ЛМ.

Пераклад з літоўскай Уладзіміра Свяжынскага

Атрымана рэдакцыяй 5.VI.2003


Каментарый перакладчыка

Вядома, што ў гісторыі няма ўмоўнага ладу. І лёс Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага мы вымушаны прымаць такім, якім ён склаўся па волі гістарычных абставін. Можна, канечне, сказаць: маўляў, не ўдалося вярнуць літоўцам Метрыку - ну, дык гэта іх праблемы. Больш таго, у нас, беларусаў, такіх жа спадкаемцаў архіва, як і літоўцы, гэтыя намаганні апошніх вырашыць дадзеную праблему ў аднабаковым парадку, прычым на сваю карысць могуць выклікаць нават пэўную нездаволенасць: чаму гэта яны дзейнічаюць як аднаасобныя ўласнікі? Пэўная доля прэтэнзій у літоўцаў на аднаасобнае валоданне спадчынай ВКЛ, безумоўна, ёсць, і гэта, відаць, натуральна: хто адмовіцца ад такога багацця, асабліва калі ты яго гаспадар, хай сабе і не адзіны? Усё гэта, безумоўна, так. Але паколькі артыкул друкуецца ў беларускім выданні, то варта, відаць, звярнуць увагу на тое, што ў ім уяўляе цікавасць для нас. Безумоўна, паўтаруся, у гісторыі няма ўмоўнага ладу. Аднак давайце ўявім сабе іншы сцэнарый развіцця падзей. Зразумела, кожны народ павінен праследаваць свае мэты. З патрыятычных пачуццяў і беларусы маглі б намагацца вярнуць МВКЛ у Мінск. Як бы ні вырашылася праблема вяртання архіва, для некага з двух народаў-спадкаемцаў, на чыім баку не апынулася б удача, архіў аказаўся б за мяжой. Літоўцы, імкнучыся вярнуць архіў у Вільню, безумоўна, прэтэндавалі на адзінаасобнае ім валоданне, аднак аб'ектыўна ў гэтым іх імкненні быў свой сэнс, бо менавіта Вільня - гістарычнае месца архіва Вялікага князя. Таму вяртанне МВКЛ у Вільню, нягледзячы на тое, што апошняя па волі "отца народов" была "велікадушна", дзеля палітычных мэтаў, перададзена літоўцам, уяўляецца гістарычна аптымальным варыянтам вырашэння праблемы рэстытуцыі архіва. Такой думкі прытрымліваліся і расійскія эксперты на перагаворах Літвы і Савецкай Расіі 18 жніўня 1921 г. адносна вяртання культурных каштоўнасцей М. Любаўскі і У. Пічэта.

Да таго ж, як згадвае ў змешчаным вышэй артыкуле зямляк нашай аўтаркі Артурас Дубоніс, для беларусаў, якія на той час былі ўжо ў складзе "родины победившего социализма", гэтае пытанне ўжо стала як бы і не актуальным, бо савецкай Беларусі, як пазней і савецкай Літве больш не спатрэбілася, як піша далей А. Дубоніс, дзяліцца "з братнімі народамі" багаццем агульнанароднага архіва, а ініцыяванае народным камісарыятам замежных спраў СССР прыняцце Першым з'ездам археолагаў і археографаў Беларусі рэзалюцыі аб перадачы ЛМ беларускаму народу, як вядома, праследавала чыста палітычныя мэты і ніякім чынам не мела на мэце рэальныя дзеянні. Дык вось калі б у такіх умовах цвёрдая пазіцыя незалежнай Літоўскай Рэспублікі па вяртанні МВКЛ увянчалася поспехам, і Метрыка зноў апынулася б у Вільні, ці была б беларусам з гэтага якая-небудзь карысць? Думаецца, што ў выніку Метрыка аказалася б для нас больш даступнай, чым цяпер, найперш таму, што Вільня нашмат бліжэй, чым Масква, а значыць нашмат меней ішло б часу на камандзіроўкі. Да таго ж даследчыкі з Беларусі ў Літве, як у еўрапейскай краіне, верагодна, не сутыкаліся б з такімі праяўленнямі бюракратызму правілаў архіваў СССР і цяганіны, з якімі сутыкаўся ў Маскве ў свой час К. Яблонскіс і нашыя даследчыкі сутыкаюцца цяпер, а як нашчадкі жыхароў некалі адзінай дзяржавы ВКЛ, мелі б больш разумення і спагады замест імперскага высакамер'я і напышлівасці.



[1] Ліст К. Яблонскіса А. Шапоку ад 16.VIII.1933, Lietuvos Mokslų Akademijos bibliotekos Rankraščių skyrius (Аддзел рукапісаў бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук, далей - АР БАН), f. 256, b. 191, l. 5.

[2] V. M e r k y s. Konstantinas Jablonskis. Kaunas, 1991, p. 79-89.

[3] Ліст П. Галаўне К. Яблонскісу ад 7.VII.1921, АР БАН . f. 256, b. 132, l. 1.

[4] A.K a s p a r av i č i u s. Lietuvos Metrikos negrąžinimo istorija (1920-1930). In: Naujasis Židinys. 1996, nr.3, p. 117-118.

[5] V. M e r k y s. Konstantinas Jablonskis, p. 81.

[6] V. M e r k y s. Там же, Konstantinas Jablonskis , p. 79.

[7] A. K a s p a r a v i č i u s. Lietuvos Metrikos negrąžinimo istorija, p. 124.

[8] V. M e r k y sю Konstantinas Jablonskis, p. 82.

[9] K. J a b l o n s k i s. Informacinis pranešimas apie Lietuvos istorinius archyvus SSRS. In: Proskyna . l990, nr. 3, p. 166.

[10] Тамсама.

[11] V. M e r k y s. Konstantinas Jablonskis, p. 84.

[12] K. J a b l o n s k i s. Informacinis pranešimas, p. 166.

[13] Ліст А. Шапокі да К. Яблонскіса ад 5.VIII.1933, АР БАН, f. 256, b. 191, l. 4.

[14] Ліст К.Яблонскіса да А.Шапокі ад 16.VIII.1933, тамсама, 1. 5.

[15] Тамсама.

[16] V. M e r k y s. Konstantinas Jablonskis, p. 86.

[17] K. J a b l o n s k i s. Informacinis pranešimas, p. 166.

[18] V. M e r k y s. Konstantinas Jablonskis, p. 88.

[19] K. J a b l o n s k i s. Informacinis pranešimas, p. 168.

[20] Тамсама.

[21] A. T y l a. Istorija lituanistikos kontekste. In: Lituanistika: tradicijos, dabartis, perspektyvos. Vilnius, 1999. Р. 23-24.

[22] Тамсама, р. 24-25.

[23] Тамсама, р. 24.

[24] [I. Jonyno] Lietuvos valstybės archyvų apžvalga (Агляд архіваў Літоўскай дзяржавы) (без даты), Lietuvos Mokslų Akademijos archyvas ( Ахіў Літоўскай Акадэміі Навук, далей - АЛАН), f. 1, ap. 1, b. 12, l. 26-28.

[25] Копія акта прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі ад 18.VII.1940, АЛАН, f. 1, ap. 9, b. 2073, l. 1.

[26] Паведамленне К. Яблонскіса ад 15.V.1941 гістарычны матэрыял у архівах Саюза ССР, АЛАН, f. 1, ap. 1, b. 12, l. 31.

[27] Тамсама.

[28] Lietuvos SSR MA Istorijos instituto artimiausių darbų planas (План бліжэйшых прац АН Літоўскай ССР) ад 12.VI.1941, тамсама, l. 79.

[29] S. J e g e l e v i č i u s. Kaip Lietuvos Metrikos mikrofilmas pateko į Lietuvą. In: Lietuvos Metrikos Naujienos. 1999, nr. 3. P. 28; S. J e g e l e v i č i u s. Lietuvos Metrika: kada ir kaip į Lietuvą pateko jos mikrofilmas. In: Naujasis Židinys. 1999, nr. 4, p. 176.

[30] Ліст дырэктара Інстытута гісторыі і права Юозаса Жугжды ад 22.ХІІ.1954 Прэзідыуму Акадэміі Навук Літоўскай ССР, АЛАН, f. 16, ap. 1, b. 7, l. 75.

[31] Ліст начальніка Цэнтральнага Дзяржаўнага Архіва Старажытных Актаў СССР Г. Т. Фралова ад 20.І.1955, АР БАН, f. 256, b. 73.

[32] 22-23 студзеня 1958 г. у Маскве адбыўся сход Археаграфічнай камісіі (Запрашэнне К. Яблонскісу, АЛАН, f. 1, ap. 9, b. 2073, l. 96).

[33] Справаздача К.Яблонскіса аб навуковай працы за 1958 г., АЛАН, ф. 1, воп. 2, с. 539, ф. 144.

[34] Ліст К. Яблонскіса ад 25.VIII.1958 З. Івінскісу, АР БАН, f. 256, b. 142, l. 16.

[35] У 1955 г. яму было выслана 115 фотакопій ( АР БАН, f. 256, b. 75); 9 ліпеня 1956 ён замовіў 457 фотакопій (тамсама, b. 934, l. 3-4); падрыхтаваў спісы 116 і 129 фотакопій (тамсама, l. 1-2); 19 красавіка 1957 г. яму было выслана 603 фотакопій ( АЛАН, f. 16, ap. 1, b. 101) і г. д.

[36] Ліст К. Яблонскіса ад 14.ХІ.1958, АР БАН, f. 256, b. 934, l. 5.

[37] Ліст К. Яблонскіса (без даты) адносна фотакопій дырэктару Бібліятэкі АН Літоўскай ССР, АР БАН, f. 256, b. 803.

[38] Ліст дырэктара Інстытута гісторыі Літоўскай ССР ад 12.Х.1963, АЛАН, f. 16, ap. 1, b. 101, l. 219.

[39] Спіс ад 18.ІХ.1957, АР БАН, f. 256, b. 927, l. 1; Спіс без даты, тамсама, l. 2.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX