Папярэдняя старонка: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Быстрык А. Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Ігната Канчэўскага (1919-1923) 


Аўтар: Быстрык Аляксандр,
Дадана: 03-03-2012,
Крыніца: ЕГУ, 2011.

Спампаваць




ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ


Акадэмічны дэпартамент гісторыі


Праграма бакалаўра гісторыі

Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія


АЛЯКСАНДР БЫСТРЫК

Студэнт IІІ курса


ВІЛЕНСКІ ПЕРЫЯД ЖЫЦЦЯ І ДЗЕЙНАСЦІ ІГНАТА КАНЧЭЎСКАГА (1919-1923)


КУРСАВАЯ РАБОТА


Кіраўнік работы: доктар гістарычных навук, прафесар А. Ф. Смалянчук


Вільня, 2011



Змест

Змест ... 2

Уводзіны ... 3

Раздзел 1. Гістарыяграфія і крыніцы ... 5

Раздзел 2. Спроба біяграфічнага нарысу жыцця І. Канчэўскага (1896-1923) ... 12

2.1 Біяграфічныя звесткі "давіленскага перыяду" (1896-1919) ... 12

2.2 Жыццё ў Вільні (1919-1923) ... 15

Раздзел 3. Дзейнасць І. Канчэўскага ў Вільні (1920-1923) ... 19

3.1 Кааператыўная і культурніцкая дзейнасць ... 19

3.2 Публіцыстыка ... 22

Заключэнне ... 27

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры :... 29


Уводзіны

Жыццё і творчасць філосафа Ігната Уладзіміравіча Канчэўскага (творчыя псеўданімы - Ігнат Абдзіраловіч, Ганна Галубянка, І.К., І.А.) толькі пачынае адкрывацца беларускімі гісторыкамі. Ягоныя погляды, выяўленыя ў эсэ «Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду» (Вільня, 1921), дагэтуль не згубілі сваёй актуальнасці і ўражваюць сучасных даследчыкаў арыгінальнасцю думак і трапнасцю фармулёвак. Апроч дадзенага эсэ, Ігнат Канчэўскі пакінуў за сабой паэтычную і публіцыстычную спадчыну, якая яшчэ застаецца па-за ўвагай большасці гісторыкаў. Часткова і з-за гэтага, некаторыя даследчыкі, напрыклад Сяргей Дубавец, кажуць пра таямніцу напісання «Адвечнага шляху»[8], апелюючы да таго факта, што Канчэўскі не пакінуў больш ніякіх сур'ёзных твораў. Менавіта таму вывучэнне яго творчай спадчыны віленскага перыяду можа даць дакладны адказ на падобныя пытанні.

Нягледзячы на арыгінальнасць ідэй Канчэўскага, ягоная творчасць з'яўляецца адбіткам тагачасных падзей і рэалій. Менавіта таму нельга разглядаць яго дзейнасць і творчасць адасоблена ад атмасферы таго драматычнага часу. Такім чынам, аб'ектам гэтага даследавання з'яўляецца беларускі нацыянальны рух у міжваенны час. Прадмет майго даследавання - гэта вывучэнне жыцця і дзейнасці аднаго з прадстаўнікоў беларускага руху - Ігната Канчэўскага ў апошні і найбольш плённы перыяд яго жыцця.

Мэтай працы з'яўляецца спроба апісаць віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Ігната Канчэўскага, а менавіта, перыяд з вясны-лета 1919 года да ягонай смерці 21 красавіка 1923 г. Каб дасягнуць гэтай мэты былі пастаўленыя наступныя даследніцкія задачы:

ñ Зрабіць кароткі агляд біяграфіі Ігната Канчэўскага да яго вяртання ў Вільню ў 1919 годзе;

ñ Ахарактарызаваць асноўныя кірункі дзейнасці І. Канчэўскага ў 1919-1923 гг. на падставе ягонай публіцыстыкі, паэтычнай творчасці і архіўных звестак.

У раздзеле Гістарыяграфія і крыніцы зроблены аналіз гістарыяграфіі праблемы на падставе прац папярэдніх даследчыкаў - У. Калесніка, У. Конана, А. Бяляцкага і іншых. У раздзеле Спроба біяграфічнага нарысу жыцця Ігната Канчэўскага (1896-1923) сабраныя біяграфічныя звесткі пра І. Канчэўскага, ўзятыя як з прац ранейшых даследчыкаў, так і з архіўных крыніц. Трэці раздзел працы - Дзейнасць І. Канчэўскага ў Вільні (1919-1923) , - прысвечаны больш падрабязнаму аналізу дзейнасці і творчасць Канчэўскага. У прыватнасці дэталёва разглядзена публіцыстыка філосафа, яго паэтычная творчасць.

Пры напісанні гэтай працы быў выкарыстаны шэраг твораў папярэдніх даследчыкаў. Перадусім, гэта артыкулы біёграфаў І. Канчэўскага. Апроч раней згаданых У. Конана, У. Калесніка і А. Бяляцкага, былі разгледжаны працы С. Дубаўца, А. Марціновіча, І. Басюка, Н. Андрэйкаўца, І. Шумскай, Т. Слінкі. Сярод іншай літаратуры было ўжытае ліставанне Л. Родзевіча, аўтабіяграфія Вінцэнта Жук-Грышкевіча, праца польскай даследчыцы Крысціны Гамулкі (Krystyna Gomółka).

Дзеля вывучэння творчасці І. Канчэўскага была прааналізаваная віленская беларуская перыёдыка, у прыватнасці, выданні «Наша будучына», «Наша думка», «Беларускі звон», «Беларускія ведамасьці», «Новае жыццё», «Сялянская доля» і іншыя. Пры вывучэнні архіваў карысным стаўся 21 фонд рукапіснага аддзелу бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук (Вільня), 3-ці фонд Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск), што ўтрымліваюць дакументы з Беларускага Віленскага музея імя І. Луцкевіча.

Падчас даследавання былі выкарыстаныя як і агульнагістарычныя метады, такія як генетычны, параўнальны і сістэмны, так і элементы гістарычнай біяграфістыкі.

Такім чынам, працоўная гіпотэза працы заключаецца ў наступным: талент і здольнасці Канчэўскага змаглі цалкам раскрыцца толькі ў Вільні, пра што сведчыць ягоная творчая спадчына. Дзейнасць і творчасць Канчэўскага зрабілі з яго выбітнага беларускага дзеяча і філосафа.

Раздзел 1. Гістарыяграфія і крыніцы

А калісьці йзноў над змучанай зямлёю
Закрасуе вербай кволы красавік
Раніцаю сьветлай з агнявой зарою
На зямлю спушчуся пад дзіцячы крык
[6 c.21]
Ігнат Канчэўскі

Бадай што першым біёграфам І. Канчэўскага з'яўляецца Антон Луцкевіч. Луцкевіч стаў ім з сумнай нагоды смерці філосафа. У 8-ым нумары віленскай газеты «Новае жыццё» ад 27 красавіка 1923 г., Луцкевіч апублікаваў некралог пад назвай «Памяці Ігната Канчэўскага».[22] Некралог мае вялікую мастацкую каштоўнасць і напісаны высокім стылем: «Быццам дыямент цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыцьцёвага бруду, маны, крывадушнасьці».[22] Што ж тычыцца зместу, то тут Луцкевіч адзначае гуманізм Канчэўскага: «ў кожныя выяўленні Яго працы перш за ўсё відаць было гарачае ўмілаванне чалавекам. І чалавека хацеў ён вызваліць у беларусе».[22] Луцкевіч апісвае Канчэўскага як адданага і самаахвярнага ідэаліста, «культурніка», ворага усялякага гвалту і ўціску. Сама біяграфія Канчэўскага змешчаная ў «Новым жыцці» амаль што без змен пераходзіць з артыкула ў артыкул, з працы ў працу і трапляе нават у сучасныя энцыклапедыі. Апроч іншага, гэта паказвае на тое, што творчасць Канчэўскага толькі пачынае адкрывацца даследчыкамі.

А. Марціновіч кажа пра магчымасць таго, што аўтарства гэтага некралогу ў выніку адмоўна паўплывала на ўспрыняцце постаці І. Канчэўскага савецкімі гісторыкамі і літаратуразнаўцамі.[21, c.107] У часы СССР шматлікія заходнебеларускія дзеячы былі забытыя ці забароненыя. Нягледзячы на тое, што сам Канчэўскі прытрымліваўся сацыялістычных поглядаў, ён таксама трапіў у шэраг непажаданых. З пункту гледжання дзяржаўнай ідэалогіі гэта цалкам мела рацыю. Пражыўшы пэўны час у Савецкай Расіі і Беларусі, філосаф не меў ніякіх ілюзій наконт рэчаіснасці ў краіне працоўных і сялян:

«мы стары сьвет зруйнуем
Да аснаваньня... А затым
Мы наш, мы новы сьвет збудуем.
Хто быў нічым, той будзе ўсім»,

- так пяюць сучасныя актывістыя - прыхільнікі ІІІ Інтэрнацыяналу. Іх досьлед зроблены. Ад старой Расеі не засталося і каменя на камені. Грунт жыцьця стаў новым, але чаму ж у дэталях жыцьцё так прыкра падобна да старога? Чаму трудавая павіннасьць падобна да паншчыны, сучасныя адміністратары да старых гараднічых, чаму адкрыта кажуць: «Не абманеш - не паедзеш», чаму ў працоўнай рэспубліцы ніхто літаральна ня мае магчымасьці жыць з уласнай працы, а павінен шукаць непрацоўнага заробку: ў спэкуляцыі, хабарніцтве і іншым, што забаронена законамі? » [2, c.10]

Натуральна, што творца, які настолькі адкрыта крытыкаваў савецкую сістэму не мог быць прыняты уладамі СССР. Тым не менш, першая інфармацыя пра яго з'яўляецца яшчэ ў савецкіх даследчыкаў. Першым з іх быў Уладзімір Калеснік (1922-1994), беларускі пісьменнік, навуковец, даследчык заходнебеларускай літаратуры.[28, c.27] У 1975 годзе у сваім зборніку літаратурных партрэтаў, нарысаў і эцюдаў «Зорны спеў» ён апублікаваў працу пад назвай «Фантазмы Ігната Канчэўскага». Натуральна, што з-за часу выдання, артыкул Калесніка адпавядае тагачаснай ідэалогіі. Хоць аўтар і не малюе творчасць «дробнабуржуазнага інтэлігента» Канчэўскага ў чорных фарбах, ён крытыкуе яго «суб'ектывісцкія філасафаванні»[11, c.167]і па-свойму інтэрпрэтуе эсэ «Адвечным шляхам» у прыватнасці і светапогляд аўтара ўвогуле. Кепскае стаўленне «рамантыка-ідэаліста» Канчэўскага да бальшавікоў У. Калеснік напрыклад тлумачыць тым, што «сацыялістычную рэвалюцыю ён, на жаль, успрыняў цераз прызму сваіх згрызот, пакут, расчараванняў. Падзеі рэвалюцыі і разруха зліліся ў яго ўспрыманні ў адно.»[11, c.163]

У своеасаблівай («суб'ектывісцкі фантастычнай») філасофіі «Адвечнага шляху», Калеснік знаходзіць фетышызацыю чалавечых здольнасцяў - у прыватнасці творчасці, крытыку «нацыянал-буржуазнага палітыканства», а пазіцыя аўтара паводле Калесніка «навеяна горыччу смяротна хворага чалавека, а больш яшчэ заганамі той гуманітарнай адукацыі, якую ён атрымаў ва універсітэце».[11, c.167]

Калеснік па-свойму інтэрпрэтуе і некаторыя моманты з біяграфіі Канчэўскага. У «Фантазмах» ён кажа, напрыклад, што «у студэнцкія гады яму, сыну праваслаўнага свяшчэнніка, давялося парваць з традыцыямі набожнай сям'і, выпрацаваць свецкае светаразуменне.»[11, c.163] Ужо ў наступнай сваёй працы аўтар цалкам перайначвае гэты фрагмент з жыцця філосафа: «бацька яго […] быў вальнадумцам і не стрымліваў рэвалюцыйных памкненняў сыноў»[10, c.82] Нягледзячы на спрэчную крытыку і ідэалагізаваную інтэрпрэтацыю творчасці і асобы І. Канчэўскага, якія былі натуральным запатрабаваннем часу, трэба аддаць належнае У. Калесніку. Перш за ўсё за тое, што ён змог абысці муры савецкай цэнзуры і ідэалогіі. У сваёй працы ён змог перадаць асноўныя ідэі аўтара, станоўча ацаніў яго ўклад у развіццё заходнебеларускай думкі, першым напісаў яго біяграфію, адкрыў яго для даследчыкаў і чытачоў.

Каштоўнасць даследаванняў Калесніка адзначае Н. Андрэйкавец у працы «Філасофскія ідэі І.Абдзіраловіча (Канчэўскага) у крытычнай спадчыне У. Калесніка», дзе аўтар разглядае і падсумоўвае працы Калесніка па Канчэўскаму, і паказвае на іх вартасць і значнасць, нягледзячы на ідэалагічныя каноны, у якія Калеснік мусіў упісаць творчасць мысляра.[3, c.18]

У. Калеснік піша пра асобу Канчэўскага і ў іншай сваёй кнізе «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977). Тут ідэалагізаванасць вобразу Канчэўскага ўзрастае. У прыватнасці, Калеснік сцвярджае, што асноўным аб'ектам яго крытыкі месіянства з'яўляецца у першую чаргу Антон Луцкевіч, затым Пятро Крачэўскі (Крэчэўскі) і іншыя беларускія палітыкі. Аўтар сцвярджае нават, што Канчэўскі з'яўляўся антыподам Луцкевіча, і што іх погляды былі дыяметральна супрацьлеглыя.[10, c.85] Верагодна менавіта супрацьпастаўленне А. Навіны і Канчэўскага зрабіла магчымым «рэабілітацыю» апошняга на старонках твораў Калесніка.

Цікава, што У. Калеснік у сваіх арткулах спасылаецца на выданне «Адвечнага шляху» 1921 году, г. зн. што аўтар меў доступ да гэтага твору яшчэ ў 70-ыя. У адрозненні ад яго, большасць зацікаўленай аўдыторыі знаёмілася з «Дасьледзінамі» падпольна: «філасофская праца «Адвечным шляхам» […] у час брэжнеўшчыны, тады ж адфатаграфаваная і перададзеная мне [А. Бяляцкаму - А.Б. ] пад сакрэтам у якасці нашага нацыянальнага самвыдата».[6, c.23]

Вывучэнне Канчэўскага ў БССР аднавілася толькі ў часы Перабудовы . У прыватнасці, прысвечаны яму артыкул друкуецца ў Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі (Том 2) ў 1985 годзе.

Але цікавасць грамадства і даследчыкаў перш за ўсё прыцягвалі «Дасьледзіны беларускага сьветагляду». Паводле С. Дубаўца пасля прыжыццёвага выдання «Адвечнага шляху» у Вільні, эсэ было апублікавана ў 1989 годзе ў самвыдавецкай «Супольнасці», а ў 1990 было ўключана ў зборнік «Вобраз-90». У той жа час эсэ было апублікавана ў перакладзе на рускую мову ў часопісе «Нёман».[8] Нарэшце, ў 1993 годзе «Дасьледзіны» былі апублікаваныя асобнай кнігай у выдавецтве Акадэміі навук Беларусі «Навука і тэхніка».

У гэты ж час з'яўляюцца і публікацыі вершаў Канчэўскага. Адным з першых вершы філосафа («Вераснёвае пано», «На матывы Р. Тагора») друкуюцца Алесем Бяляцкім ў выданні «Крыніца»(№2 1988).[5, c.138] Яны ж уваходзяць у другі том «Анталогіі беларускай паэзіі», выдадзены ў 1993 годзе. Верш «Вераснёвае пано» друкуецца таксама ў кнізе «Ростані волі» (1990).[23, c.19-20] Вершы Канчэўскага «Так глыбока», «Сакавік», «Па сьвятой зямлі...» і інш. апублікаваў таксама А. Бяляцкі ў часопісе «Спадчына» за 1990 год.

Разам з перадрукам эсэ і вершаў з'явіліся і першыя даследніцкія артыкулы непасрэдна пра І. Канчэўскага. Так, У. Конан публікуе змястоўны артыкул-прадмову ў «Вобразе-90» пад назвай «У свабодзе і творчасці - ратунак для свету». Згаданы ўжо Алесь Бяляцкі ў публікацыі вершаў у «Спадчыне» друкуе пасляслоўе «Усё жыццё жыць хацеў я з людзьмі» з біяграфіяй Канчэўскага, гісторыяй пошукаў і публікацыі яго вершаў. У. Конан друкуе публіцыстычны артыкул у газеце «Голас Радзімы» пад назвай «Дзіўным хараством гарэла яго душа...» а таксама верш «Мы разам...». А. Марціновіч уключае постаць І. Канчэўскага ў выданне літаратурна-крытычных артыкулаў «Шляхам праўды» (1994).[23, c.19-20]

Адным з першых гісторыкаў, што разглядаў жыццё і дзейнасць І. Канчэўскага з больш ці менш ідэалагічна вольнага пункту гледжання, быў У. Конан. У сваім артыкуле «У свабодзе і творчасці - ратунак для свету» аўтар пераглядае некаторыя высновы папярэдніх даследчыкаў, у прыватнасці У. Калесніка. Так, Конан сцвярджае, што «Канчэўскі нідзе не выступае супроць Антона Луцкевіча, або іншых былых нашаніўцаў, ні гэтыя апошнія ніколі не лічылі яго чужаком. Думаецца, што мэта ў іх была адна, і толькі шляхі да яе неаднолькавыя...»[20, c.37]

Аўтарам праводзіцца больш дасканалы аналіз «Дасьледзінаў», у прыватнасці, з філасофскага гледзішча. У. Конан класіфікуе «Адвечным шляхам» як твор усходнеславянскай філасофскай традыцыі, у якую ўваходзяць У. Суліма, І. Франко, Пётр Чаадаеў і іншыя. Паводле Конана, «Дасьледзіны» з'яўляюцца апроч усяго іншага і філасофскім абагульненнем гістарычнага досведу нацыянальнай літаратуры. У адрозненне ад Калесніка, У. Конан сцвяржае, што адчуванне хуткай смерці не дало Канчэўскаму «горыч», але прымусіла яго «звяртацца да нас гранічна шчыра, быццам на споведзі перад Радзімай і ўсім светам».[20, c.39]

Аўтар таксама праводзіць аналіз крыніц філасофскіх уяўленняў І. Канчэўскага, залічваючы ў іх О. Шпэнглера, М. Данілеўскага і К. Лявонцьева. У артыкуле гэтага ж аўтара «Дзіўным хараством гарэла яго душа», надрукаваным ў газеце «Голас Радзімы», бадай што ўпершыню аналізуюцца не толькі «Дасьледзіны...», але і іншыя публіцыстычныя творы Канчэўскага. У прыватнасці, аўтар разглядае артыкулы ў віленскай прэсе «Кааперацыя ў 1922 годзе», «На кааператыўныя тэмы», «Закладайма народныя таварыствы», рэцэнзію на зборнік вершаў Л. Родзевіча «Беларусь». Аўтар таксама дае характарыстыку паэзіі Канчэўскага.[19, c.7]

Трэба адзначыць таксама прадмову С. Дубаўца да выдання «Адвечнага шляху» ў 1993 годзе. Апроч гісторыі выдання Дубавец дае кароткі аналіз твора, падкрэсліваючы ягоную актуальнасць у цяперашнім свеце і ўнікальнасць у прасторы беларускай філасофіі. Аўтар таксама гаворыць, што «дасканаласьць і унівэрсалізм кнігі «Адвечным шляхам» наводзяць на думку калі не пра містыфікацыю, дык, прынамсі, пра таямніцу стварэньня гэтага эсэ, пра неадказальную загадку».[8] Варта адзначыць, што некаторыя даследчыкі давялі гэтую думку таго, што ставяць пад сумнеў аўтарства працы.

Такім чынам, імя Канчэўскага ўваходзіць у беларускую інтэлектуальную прастору. Эсэ «Адвечным шляхам» і непасрэдна асоба І. Канчэўскага аналізуецца з розных бакоў рознымі даследчыкамі.

Артыкул даследчыцы І. Шумскай, што змешчаны ў зборніку «Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя» паглыбляецца ў праблемы асобы і творчасці ў канцэпцыі І. Абдзіраловіча. Аўтарка дэталёва апісвае феномены асобы і творчасці ў працы мысляра, адзначае этнаграфічны бок «Дасьледзінаў», да таго ж выяўляе крыніцу разыходжання канцэпцыі І. Канчэўскага з камуністычнай ідэалогіяй: «сістэма камуністычных каштоўнасцяў […] змушала асобу дзейнічаць насуперак яе сапраўднай сутнасці, якая згодна з пазіцыяй І. Абдзіраловіча заключаецца ў творчым імпэце ... »[27, c.66]

Грунтоўны артыкул І. Басюка аналізуе грамадска-палітычныя і прававыя погляды І. Абдзіраловіча (Канчэўскага). Даследчык падрабязна разглядае погляды мысляра на права і грамадства, звяртаючыся не толькі да «Адвечнага шляху», але і да згаданага артыкула «Кааперацыя ў 1922 годзе». Трэба адзначыць, што аўтар па-свойму інтэрпрэтуе стаўленне Канчэўскага да незалежнай дзяржавы. Калі Калеснік і да некаторай ступені Конан сцвярджаюць, што філосаф ставіў духоўнае развіццё грамадства вышэй за стварэнне незалежнай дзяржаўнасці, то Басюк сцвярджае, што «Абдзіраловіч галоўным у адраджэнні Беларусі лічыў яе дзяржаўную незалежнасць»[4, c.24]

Праца даследчыцы Таццяны Слінкі «Праблема беларускай ідэнтычнасці
ў тэксце Ігната Абдзіраловіча "Адвечным шляхам" », прапануе глыбокі аналіз філасофскіх разважанняў Канчэўскага ў «Дасьледзінах... ». Аўтарка апісвае інтэлектуальны кантэкст стварэння твора, яго жанр і структуру, падрабязна разбірае змест эсэ па раздзелах. Т. Слінка выдзяляе містычны і сацыяльны аспект творчасці. Таксама яна падкрэслівае, што дыскусія распачатая «Адвечным шляхам» у дачыненні да беларускай ідэнтычнасці ў сістэме каардынат Усход-Захад не сціхла і дагэтуль. Нягледзячы на тое, што Т. Слінка не разглядала іншыя працы І. Канчэўскага, хочацца адзначыць, што яе праца з'яўляецца ці не найбольш грунтоўным даследаваннем «Адвечнага шляху».[26]

Мы бачым, што жыццё і дзейнасць І. Канчэўскага сёння вывучаецца, прычым галоўны акцэнт натуральна надаецца асноўнаму яго твору - «Адвечнаму шляху». На жаль, пакуль што не існуе зборніка усёй творчасці Канчэўскага. Выданне, ў якое увайшла б уся ягоная публіцыстыка і паэзія, сталася б вельмі цікавым як для гісторыкаў, так і для шырокага кола грамадства. Недастаткова прааналізаваныя эканамічныя (кааператыўныя) ідэі Канчэўскага, асабліва ў параўнанні з яго філасофскімі ідэямі. Гэтаксама недастаткова падрабязна даследавана яго біяграфія - як казалася вышэй, яна ў асноўным паўтарае біяграфію напісаную А. Луцкевічам у 1923 годзе, што паказвае на адсутнасць сур'ёзнага біяграфічнага нарыса. Тым больш цікава даследаваць біяграфію мысляра, беручы пад ўвагу значнасць ягонай галоўнай працы для беларускай філасофіі і нацыянальнага руху.

Раздзел 2. Спроба біяграфічнага нарысу жыцця І. Канчэўскага (1896-1923)

2.1 Біяграфічныя звесткі "давіленскага перыяду" (1896-1919)

Як ужо згадвалася раней, асноўнай крыніцай звестак пра біяграфію Ігната Канчэўскага з'яўляецца некралог пад аўтарствам А. Луцкевіча, змешчаны ў газеце «Новае жыццё». Натуральна, што наступныя даследчыкі дадавалі некаторыя дробныя дэталі да гэтай біяграфіі. Таму ў гэтым раздзеле будзе зроблена спроба сабраць як мага больш дэталяў з усіх магчымых надрукаваных прац пра жыццё Ігната Канчэўскага да яго вяртання ў Вільню.

Будучы філосаф нарадзіўся ў Вільні ў 1896 годзе ў сям'і сакратара Вайскова-акруговага суда. Паводле У. Калесніка, ужо ў сталым веку Уладзімір Ігнатавіч Канчэўскі прыняў сан праваслаўнага святара. Бацька быў вальнадумцам і лібералам, і нават зрабіўшыся святаром, падтрымліваў стасункі як з Ігнатам, так і са сваім малодшым сынам - Арсенем Канчэўскім, які быў сябрам Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі.[10, c.83]

У 1913 годзе, ва ўзросце 17 гадоў, І. Канчэўскі скончыў Віленскую рэальную вучэльню і спрабаваў набыць вышэйшую адукацыю. Першапачаткова ён паступіў ў Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Даследчыкі даводзяць, што Ігнат далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху ўжо тады, у студэнцкія гады. Пазней Канчэўскі зразумеў, што дакладныя навукі не ягоны лёс, і перавёўся ў Маскоўскі універсітэт, спачатку на прыродазнаўчы, а пасля на гісторыка-філалагічны факультэт. Калеснік сцвярджае, што І. Канчэўскі здолеў атрымаць там спецыяльнасць настаўніка літаратуры.[11, c.163]

Але аддаць сілы гэтай мірнай прафесіі перашкодзіла Першая сусветная вайна. У 1916 годзе Канчэўскага забіраюць у войска, дзе ён праходзіць школу прапаршчыкаў, і трапляе на Румынскі фронт. Рэвалюцыю 1917 года ён сустрэў ва Украіне. Падзяляючы погляды і праграму эсэраў, Канчэўскі праводзіў агітацыю сярод жаўнераў 44-га ўкраінскага палка на грунце сацыял-рэвалюцыянераў. Уцягнуўшыся ў нацыянальна-вызвольны рух украінскага народу, ён удзельнічае ў стварэнні ўкраінскага нацыянальнага войска.[6, c.24] А. Луцкевіч піша, што жаўнеры новай украінскай арміі абралі яго афіцэрам.[22, c.1]

Канчэўскі кінуў войска ў 1917 годзе. Прычыны такога рашэння дакладна невядомыя, але Калеснік кажа пра расчараванне ў палітычных спекуляцыях на глебе украінскага адраджэння. Магчыма Ігнат проста не бачыў сэнсу ў вайне, асабліва пасля развалу Расійскай Імперыі і рускага фронту разам з ёй. Таму ў 1917 годзе ён ад'ехаў на Дон, дзе пабраўся шлюбам з сяброўкай школьных гадоў, дачкой казацкага афіцэра Людмілай Віктараўнай Паляковай.[10, c.83]

Адразу пасля шлюбу, увосень 1917 года І.А Качэўскі пераехаў у Маскву і паступіў на вышэйшыя кааператыўныя курсы пры Народным ўніверсітэце імя А. Шаняўскага.[22, c.1] Канчэўскаму пашанцавала вучыцца там яшчэ да нацыяналізацыі ўніверсітэта ў 1918 годзе. Трэба адзначыць унікальнасць гэтай навучальнай установы, якую беспадстаўна абмінаюць увагай даследчыкі біяграфіі Ігната Канчэўскага .

Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя А. Шаняўскага быў першай недзяржаўнай вышэйшай навучальнай установай у Расіі, заснаванай па тастаменту рускага генерала, золатаздабывальніка і мецэната, Альфонса Шаняўскага. Шаняўскі хацеў адкрыць універсітэт «дзе б маглі свабодна, без патрабавання атэстатаў спеласці і інш. вучыцца і мужчыны і жанчыны, і рускія і нярускія, адным словам, усе, хто жадаюць вучыцца».[25]Ва ўніверсітэце не было абавязковай праграмы, студэнты маглі наведваць тыя курсы, якія лічылі патрэбнымі. Да таго ж, студэнты мелі значныя паўнамоцтвы непасрэдна ў кіраванні універсітэтам.

Такім чынам, Народны ўніверсітэт быў сапраўды вельмі прагрэсіўнай установай для свайго і, бадай што, для нашага часу таксама. Такі тып навучальнай установы, супадаў з ідэаламі Канчэўскага, апісанымі ў «Адвечным шляху» - кааперацыя, «ліючаяся форма», дух свабоднай творчасці і інш. Можна меркаваць, што вучоба на кааператыўных курсах у народным універсітэце моцна паўплывала на светагляд мысляра, а магчым і сфарміравала яго.

Па сканчэнню курсаў, Ігнат працаваў каля Смаленску інструктарам Цэнтральнага саюза льнаводаў.[20, c.1] Ён быў накіраваны ў Сычоўку і працаваў там у Сычоўскім таварыстве кааператараў.[4, c.23]

Пасля абвяшчэння БССР пераехаў ў Менск і спалучаў там работу інструктара Саўнаргаса з культурніцка-асветніцкай дзейнасцю.[10, c.83] У лістападзе 1919 года Канчэўскі займаў пасаду кіраўніка інструктарскага аддзелу Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў. Некаторыя аўтары сцвярджаюць, што менавіта ў Менску Канчэўскі захварэў на сухоты, хоць ёсць і іншыя дадзеныя на гэты конт. Увогуле ж, пераезд у Менск можа сведчыць пра ягоныя нацыянальныя перакананні. З іншага боку, у «Адвечным шляху» Канчэўскі моцна крытыкуе савецкі лад, што паказвае на яго нежаданне заставацца ў «Саўдэпіі». Верагодна Канчэўскі пераехаў у Вільню пры першай жа магчымасці.

Праўда, пытанні ўзнікаюць наконт часу пераезду. Калеснік сцвярджае ў «Зорным спеве», што Ігнат вярнуўся на радзіму «недзе ў 1920»[11, c.163], у іншых жа крыніцах сцвярджаецца, што ён пераязджае ў Вільню пасля ўтварэння Літ-БелССР з жонкай і дачкой у 1919 годзе [19, c.1]. Апошняя версія, бадай што, больш праўдзівая, бо яго імя ўжо згадваецца ў дакументах у верасні 1919. Гэта значыць, Ігнат Канчэўскі мог прыехаць у Вільню да 19 красавіка 1919 (акупацыя горада палякамі). Але мажліва, ён пераехаў у Вільню, калі яна было ўжо пад польскай уладай, гэта значыць у перыяд пасля 9-га жніўня 1919 года (акупацыя палякамі Менску).

Што ж тычыцца матываў ягонага вяртання, то можна прапанаваць некалькі варыянтаў. Перш за ўсё, гэта вяртанне дадому пасля больш чым пяцігадовай адсутнасці. Па-другое, гэта магчымыя ўцёкі ад бальшавіцкай улады. Да таго ж, Вільня на той час заставалася асноўным цэнтрам беларускага Адраджэння, а як мы ведаем, Канчэўскі уключыўся ў культурна-асветніцкую дзейнасць ужо ў Менску, таму можна меркаваць, што ён хацеў вярнуцца ў Вільню, каб зрабіць свой унёсак у справу Адраджэння сваёй Бацькаўшчыны.

Як бачна, застаецца шмат невядомага ў давіленскай біяграфіі Канчэўскага. Перш за ўсё няма інфармацыі пра тое, як ён далучыўся да нацыянальнага руху, дзе ён успрыняў ідэалогію эсэраў. Гэта магло быць як ў Петраградзе, так і ў Маскве, ці нават у Вільні, да яго ад'езду на вучобу. Гэтаксама цікава было б даведацца больш, з-за чаго ён кінуў фронт, і ўкраінскае войска. Інтэрпрэтацыі і тлумачэнні У. Калесніка на гэты конт на сённяшні дзень выглядаюць занадта ідэялагізавана. Прыцягвае ўвагу і факт яго адыходу ад эсэраўскіх пазіцый. Дакладна вядома, што на час напісання «Адвечнага шляху» (1921) Канчэўскі ўжо ставіўся крытычна да большасці палітычных ідэалогій уключаючы эсэраўскую, крытыкаваў і бальшавізм, і капіталізм, і нацыянальны шавінізм.

Цікава было б даведацца яго матывы працы ў Савецкай Расіі і Беларусі. Натуральна, што ў яго магло не быць іншага выйсці. У любым выпадку было карысна адшукаць сляды дзейнасці Канчэўскага ў Менску і ў Смаленску.

Відавочна, што біяграфія Канчэўскага патрабуе больш дэталёвага вывучэння. Больш падрабязны жыццяпіс філосафа дазволіў бы адказаць даследчыкам на некаторыя пытанні, што тычацца яго ідэяў, перакананняў і светапогляду ўвогуле.

2.2 Жыццё ў Вільні (1919-1923)

Нягледзячы на тое, што дакладная дата вяртання Канчэўскага ў Вільню невядомая, мы маем адны з першых дакументальных згадак яго прысутнасці ў горадзе. Паводле Бюлетэня Цэнтральнай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны №1 ад 18 верасня 1919, Канчэўскі быў абраны ў Раду, як прадстаўнік ад Саюзу Кааператываў. Рада аб'ядноўвала такіх выбітных прадстаўнікоў беларускага руху як Клаўдзі Дуж-Душэўскі, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Міхал Кахановіч і інш. На жаль мы не знаходзім прозвішча Канчэўскага ў спісе сяброў Рады ад 11 кастрычніка 1919 году.[34, c.1-7]

Узнікае пытанне праз адсутнасць імя Канчэўскага ў дакуменце. Гэта можа казаць пра магчымасць блытаніны з Арсенем Канчэўскім. Але наколькі вядома, Арсень не праяўляў сябе як актыўны кааператар, таму няма важкіх падстаў, каб сумнявацца, што сябра Рады - гэта Ігнат Канчэўскі.

Верагодна ўжо ў 1920 годзе ён пачынае працу ў Віленскім саюзе кааператываў. Пра далейшы яго лёс мы даведваемся непасрэдна са словаў Ігната. У газеце «Наша думка» ад 14 траўня 1921 году, публікуецца ягоны ліст у рэдакцыю датаваны 4 траўня. Канчэўскі піша: « Захварэўшы ўлетку 1920 г. на тубэркулёз плюцаў (лёгкіх), я апынуўся ў дрэнным, бадай што не безнадзейным становішчы на зіму 1920-1921 г., дзякуючы нясур'ёзнаму лячэньню прыватных лекараў і немагчымасьці атрымаць праўдзівую мэдыцынскую помач [...]»[16]. Такім чынам, мы бачым, што захварэў ён на сухоты ўлетку 1920, г. зн. калі быў ужо ў Вільні.

Варта зазначыць, што гэты ліст у рэдакцыю з'яўляецца першай публікацыяй Канчэўскага, сярод тых, што здолеў адшукаць аўтар. Яшчэ адзін важны элемент ліста - гэта подпіс аўтара - «Б. інструктар коопэрацыі Ігнат Канчэўскі». Падаецца, што адзінае вытлумачэнне гэтага «Б.» - гэта «Былы». У такім выпадку, гэта пацвярджае, што Канчэўскі працаваў у Саюзе Кааператываў і перарваў працу праз сваю хваробу.

Падсумоўваючы інфармацыю, занатуем, што, захварэўшы летам 1920 года на сухоты, у зіму 1920-1921 гадоў Канчэўскі быў ледзь не ў безнадзейным стане, і быў выратаваны дзякуючы дапамозе грамадскасці, што сабрала грошы на яго лячэнне у прыватным габрэйскім шпіталі Мішмэрэс-Хойлім.[16]

Амаль што адразу пасля таго, як Канчэўскі вылечыўся і ў газеце «Наша думка» пачынае друкавацца эсэ «Адвечным шляхам» пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч . Ігнат Абдзіраловіч - псеўданім узяты Канчэўскім з аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» (1919). Эсэ выходзіць у чэрвені і ліпені 1921 году. Таму, можна меркаваць, што Канчэўскі пісаў гэтае эсэ ці то ў час хваробы, ці то ў час выздараўлення. У любым выпадку, ягоны стан мог, і, відаць, паўплываў на стварэнне гэтай выдатнай працы.

У тое ж лета 1921, у «Сялянскай долі» друкуюцца артыкулы «Наша мова» і «Утварэнне на Беларусі новае польскае вайсковае шляхты» пад крыптонімам І.К . Ці належыць аўтарства гэтых артыкулаў І. Канчэўскаму - спрэчнае пытанне, якое патрабуе больш дэталёвага тэксталагічнага даследавання.

Наступная згадка пра Канчэўскага з'яўляецца ў лістападзе 1921 года. У тыя дні, а менавіта 28-30 лістапада 1921 года, адбыўся з'езд паўнамоцнікаў Віленскага саюзу кааператываў. У пратаколе з'езду запісана, што на пасаду сакратара абіраецца «Steckiewicz i J. Konczewski».[30, c.26]

Праз некалькі дзён - 1 снежня, у газеце «Беларускія ведамасьці» публікуецца першы паўнавартасны артыкул Канчэўскага. Ён выйшаў пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч і называўся «П.П.С. і «unarodowenie» народнага гандлю».

Затым згадкі пра Канчэўскага знікаюць амаль што на цэлы год і з'яўляюцца толькі ў канцы 1922 году. Магчыма, прычынай стаў новы прыступ сухотаў, ці моцная яго занятасць у Віленскім саюзе кааператываў.

Тым не менш, найбольш актыўны перыяд ягонай публіцыстыкі трапляе якраз на канец 1922 году. Гэтаксама яго імя з'яўляецца ў папярэдніх спісах на выбары ў польскі сейм 1922 году, ад вёскі Дукшты Свянцянскага павету.[15, c.16,19]

У кастрычніку-лістападзе 1922 г. ў газеце «Беларускі Звон» з'яўляюцца ягоныя артыкулы «Ратуйце каапэрацыю», «Пашырэнне коопэратыўнага закона на Віленшчыну», а таксама рэцэнзія на зборнік «Маладая Беларусь».

Найбольш плённа Канчэўскі працуе з газетай «Наша будучына». Гэта не дзіўна, бо газета выдавалася Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыяй[7, c.436], узначальваў якую брат Ігната - Арсень.[28, c.95] Да таго ж рэдактарам газеты з'яўляўся Леапольд Родзевіч - сябар Ігната. За снежань-студзень 1922-1923 году, у «Нашай будучыне» было надрукавана пяць ягоных артыкулаў і тры вершы, якія публікаваліся пад псеўданімам «Ганна Галубянка». Апошні яго верш апублікаваны прыжыццёва быў надрукаваны ў сакавіку 1923 у газеце «Новае жыццё».

Трэба адзначыць, што І. Канчэўскі не друкаваўся ў газеце «Наш сцяг», што памылкова сцвярджаюць некаторыя даследчыкі.

Ігнат Канчэўскі быў хворы ўжо доўгі час. Можа прадчуваючы хуткую смерць, ён спрабаваў як мага лепш скарыстаць адведзены яму час.

Вось што мы знаходзім у ліставанню Л. Родзевіча і У. Жылкі - блізкіх сяброў Канчэўскага. Піша Леапольд Родзевіч у сваім лісце да Уладзіміра Жылкі ад 14 красавіка 1923 года - «[...] а вясна выбірае ахвяры: Канчэўскі сягоння-заўтра згасне, я чуць ківаюся - блага. Колькі ж, урэшце нашаму адраджэнню трэба ахвяр?!»[24, c.326]Ужо ў наступным лісце Родзевіч піша - «Уздыхні, браце, глыбока, тужліва - Канчэўскі памёр. Вялікая страта. Не апішаш, не аплачаш. А тым часам навокал патульная вясна...»[24, c.328]

Жонка выкладчыка Віленскай Беларускай Гімназіі І. Краскоўская, якая блізка ведала мысляра, таксама піша пра смерць Канчэўскага ў лісце да Жылкі: «А Вы ведаеце ўжо, што памёр Ігнат Канчэўскі? Як мяне уразіла гэтая звестка! От дзе была душа... Колькі высакародства...»[цытуецца па 10, c.84]

Пахаванне Канчэўскага апісаў у сваім некралогу А. Луцкевіч: «Выявілася гэта і ў сумным абразе пахавання Канчэўскага. Правадзіць цела Яго да магілы сабралася беларуская моладзь, беларускія культурныя і грамадскія працаўнікі, таварышы коопэратары. Шчыры сум ахапіў усіх, хто знаў нябожчыка і разам з ім працаваў».[22]

Як мы бачым, жыццё І. Канчэўскага ў Вільні было плённым, і нягледзячы на сваю смяротную хваробу, ён працягваў займацца творчасцю - як мастацкай, так і сацыяльнай. Тым не менш, і гэты перыяд яго жыцця мы не ведаем настолькі дасканала як хацелася б. Напрыклад, калі дакладна ён пачаў працаваць у ВСК, і чаму друкаваўся толькі ў пэўных газетах. Амаль што нічога не вядома пра яго прыватнае жыццё - пра жонку і дачку, якіх згадваюць некаторыя даследчыкі. Да таго ж мала вядома пра яго стасункі з бацькам і з братам Арсенем, які быў адным з лідэраў Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі. Варта адзначыць, што пазней Арсень уступіў у КПЗБ, а яшчэ пазней пераехаў ў БССР.[28, c.95]Выглядае так, што Ігнат ці не змог пераканаць брата, ці, што малаверагодна, сам змяніў сваё стаўленне да бальшавізму.

Раздзел 3. Дзейнасць І. Канчэўскага ў Вільні (1920-1923)

3.1 Кааператыўная і культурніцкая дзейнасць

Найбольш аддана і плённа Канчэўскі працаваў у Віленскім саюзе кааператараў. Увогуле беларускі кааператыўны пасляваенны рух нарадзіўся ў пачатку дваццатых гадоў у Сярэдняй Літве. Пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага, кіраўніка дэпартамента аправізацыі Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы, утварылася некалькі кааператываў, што займаліся арганізацыяй дастаўкі і продажу спажывецкіх і прамысловых прадуктаў для мясцовых людзей. Уладай быў таксама арганізаваны Віленскі саюз кааператываў, у якім апынулася шмат беларусаў[1]

З-за гэтага ў беларускай гістарыяграфіі паўстала блытаніна з назвамі. Шэраг даследчыкаў і выданняў гавораць пра тое, што Канчэўскі працаваў у Беларускім саюзе кааператываў ці Беларускім віленскім саюзе кааператываў і г.д. Насамрэч у 1919-1923 гады, у Вільні не было арганізацый з такой назвай, а існаваў толькі Віленскі саюз кааператываў. Такая блытаніна з назвай выглядае даволі іранічна на фоне таго, што ВСК як толькі мажліва адбіваўся ад ярлыка «беларускага саюзу». Самі чальцы Саюзу заўжды настойвалі на тым, што ён - арганізацыя краёвая і злучае як беларускія, так і габрэйскія, і польскія, і літоўскія кааператывы. Такая пазіцыя зацверджана ў «Прынцыпах кааператыўнага руху ў краю»: «- каапэрацыя павінна быць нацыянальна нейтральнай, - ні каапэратывы, ні іх Саюзы ня могуць быць нацыянальнымі арганізацыямі».[32, c.8]

У той жа час, польская ўлада і шавіністычная частка польскага грамадства не хацела прымаць ідэю краёвага саюзу: «Ёсьць тут ВСК [Віленскі саюз кааператываў - А.Б. ], які ворагі яго завуць і бальшавіцкім гняздом, і захопленым праз палітычную беларускую кліку, але ён ня ёсьць саюзам беларускім, хоць і злучае пры сабе коопэратывы ў якіх шмат сябраў-беларусаў»[17, c.2]

Да слова, пра характар Саюзу сведчыць дэкларацыя габрэйскіх кааператываў на з'ездзе ВСК: «Мы, жыдоўскія коопэратывы увайшлі ў кантакт з В.С.К., бо гэта адзіны саюз, каторы ў сваёй працы не рабіў розніцы між нацыянальнасцямі»[32, c.14]

Нягледзячы на адмоўнае стаўленне часткі польскага грамадства Сярэдняй Літвы, ВСК стаўся даволі вялікай арганізацыяй. На лістапад 1921 году Саюз аб'ядноўваў 40854 чалавекі[32, c.6]. Вось што піша пра Саюз Вінцэнт Жук-Грышкевіч: «Віленскі Саюз Каапэратываў - гэта была вялікая эканамічна-гандлёвая арганізацыя на ўсю Віленшчыну. Яна аб'ядноўвала каля 350 вясковых і гарадзкіх спажывецкіх каапэратываў. Бальшыня зь іх былі беларускія каапэратывы. Але былі й іншыя, як польскія, жыдоўскія й летувіскія. Таму й у Радзе Саюзу ды сярод працаўнікоў былі людзі розных нацыянальнасьцяў, якія згодна з духам каапэрацыі супрацоўнічалі дружна, не падкрэсьліваючы сваёй нацыянальнасьці. Блянкі Віленскага Саюзу Каапэратываў [...] былі надрукаваны на чатырох мовах: польскай, беларускай, летувіскай і жыдоўскай. Кнігаводзтва аднак вялося на польскай мове.»[9]

Нягледзячы на тое, што Саюз быў краёвай па сваёй ідэалогіі арганізацыяй, сапраўды, большасць яго сяброў былі беларусы. Таму, Саюз займаў важную пазіцыю ў беларускім жыцці. Пра гэта сведчыць хаця б пералік асоб, якія так ці інакш былі ўцягнутыя ў працу Саюза: Эдвард Будзька, Антон Нэканда-Трэпка, Клаўдзі Дуж-Душэўскі, Аркадзь Смоліч, Станіслаў Чыжэўскі, праф. Краскоўскі, Адам Станкевіч і іншыя.[9]

Абшар ВСК быў падзелены на 6 інструктарскіх раёнаў. У сярэднім на аднаго інструктара выпадала 19 таварыстваў.[32, c.6]Інструктары, кім і з'яўляўся Канчэўскі, займаліся наступнымі справамі: аглядалі таварыствы, рабілі грунтоўныя рэвізіі, абследаванні, агульныя сходы і паседжанні.[32, c.6] Паводле дакументаў выдатнага кааператара, Станіслава Чыжэўскага, які з'яўляўся сябрам Рады Саюзу, Ігнат Канчэўскі працаваў у Дукштанскім павеце.[29, c.58]

Справаздача Канчэўскага, запісаная Чыжэўскім, уключала сярод іншага апісанне даваеннага стану павета, эканамічныя сувязі з іншымі гарадамі, пералік існуючых арганізацый і іх стан, апісанне асноўных тавараў, што вырабляюцца ў павеце, перспектывы развіцця кааператыўнай справы. Да таго ж у справаздачы зроблена нататка аб пераводзе Канчэўскага ў малодшыя інструктары.[29, c.58]На жаль адсутнічае датаванне дакумента.

Інструктары мелі і права голасу. У дакументах Станіслава Чыжэўскага прысутнічае лісток на якім занатаваныя пазіцыі інструктараў, у тым ліку і Канчэўскага па пэўнаму пытанню і іх выніковы голас.[29, c.46]

Цікавую згадку пра працу Канчэўскага ў Дукштах можна знаходзім ва ўспамінах Ларысы Геніюш «Споведзь». У сваім творы Геніюш распавядае пра тое, як у 1922 годзе яе муж Янка мусіў перайсці мяжу паміж Польшчай і Літвой: «Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў сваяго ліста» [38]. З гэтага фрагменту вынікае, што апроч кааператыўнай працы Канчэўскі дапамагаў беларусам нелегальна пераходзіць у Літву. Да таго ж, робіцца вядомым, што Канчэўскі быў знаёмы з Браніславам Тарашкевічам.

Больш падрабязна апісваецца ўжо канторская праца Канчэўскага Уладзімірам Калеснікам: «у жыцці І. Канчэўскі паводзіў сябе больш чым сціпла, любіў заставацца непрыкметным, дароўваў няўважлівасць, нават нячуласць акаляючым. Працаваў ён на другараднай пасадзе ў ВС беларускіх кааператываў цярпліва зносячы прыхамаць старшыні, аднаго з эсэраўскіх «дзеячаў» Буцькі»[20, c.84] Калеснік таксама прыводзіць вытрымку з ліста жонкі Івана Краскоўскага Уладзіміру Жылку ў Чэхаславакію: «Я бывала ледзь не кожны дзень у кааператыве і бачыла, як Канчэўскі з раніцы да 3-х гадзін сядзіць і не мае работы, а ў тры гадзіны Буцьку [Эдвард Будзька - А.Б. ] прыходзіць у галаву якаясь з «геніяльных думак», і ён, не падумаўшы, што хвораму чалавеку пара ісці абедаць, дае яму цэлую кіпу паперак для працы. А той садзіцца і працуе да 5-6 гадзін. Я колькі разоў гаварыла з імі пра гэта, і - нічога. Іншы разумееце, паслаў бы яго пад тры чорта, а той сядзіць, працуе.[цытуецца па 10, c.84]

Паводле Антона Луцкевіча Ігнат Канчэўскі быў уцягнуты ў дзейнасці Віленскай Беларускай Гімназіі.[22] Па яго сведчаннях Канчэўскі вёў геаграфічны гурток, а таксама заснаваў вучнёўскі кааператыў. Хоць пакуль не было знойдзена прамых слядоў яго дзейнасці ў ВБГ, вядома, што вучнёўскі кааператыў у ВБГ дакладна быў. У вучнёўскім рукапісным часопісе Рунь №3 за верасень 1923 году была змешчана абвестка: «Вучнеўская коопэрацыя прадае па танным цэнам сшыткі, заметкі, блёкноты, пёры, паперу, алоўкі і ўсе іншыя пісьменныя прылады і розныя кнігі»[33, c.40]. Не атрымалася таксама знайсці дэталёвай інфармацыі пра дзейнасць Канчэўскага ў Беларускім Навуковым Таварыстве пра якую піша У. Конан[20, c.36]

Існуюць цікавыя звесткі пра тое, што Ігнат Канчэўскі арганізаваў у Вільні гурток ёгі.[6, c.24] Нягледзячы на тое, што дакладных дадзеных пры гэты факт таксама не знойдзена, відавочна, што Канчэўскі цікавіўся і ўспрыняў усходнюю філасофію. Пра гэта сведчыць верш «Па матывах Р. Тагора» (Наша будучына, №1, 1923) а таксама верш «Сакавік» у якім прысутнічаюць наступныя словы, вынесеныя аўтарам ў эпіграф:

«А калісьці йзноў над змучанай зямлёю
Закрасуе вербай кволы красавік
Раніцаю сьветлай з агнявой зарою
На зямлю спушчуся пад дзіцячы крык»
[6, c.22]

Паводле Алеся Бяляцкага, гэтыя радкі сведчаць пра ўплывы ўсходняй філасофіі на Канчэўскага, што выявіліся ў веры ў несканчальнасць жыцця і ў пераход жыцця ў іншую істоту пасля смерці.[6, c.24] Пацвярджэнне гэтаму факту знаходзім і ў сшытку вершаў Канчэўскага, перапісаных адным з яго знаёмых: «Тэосафы лічаць І.К. [Ігната Канчэўскага - А.Б. ] як чалавека прайшоўшага вышэйшае духовае развіццё - "яснавідзячым"». [33, c.19]

Можна зрабіць выснову, што Канчэўскі быў даволі моцна заангажаваны ў беларускае жыццё Вільні. Апроч працы ў Саюзе кааператываў, які на тое момант таксама быў асяродкам беларусаў, Канчэўскі супрацоўнічаў і з гімназіяй, і з Беларускім Навуковым Таварыствам, высоўваўся на выбары, быў у Цэнтральнай Беларускай Радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адпаведна можна казаць пра Канчэўскага як пра беларускага нацыянальнага дзеяча, а не толькі як пра кааператара ці публіцыста.

3.2 Публіцыстыка

Натуральна, найбольшую ўвагу даследчыкаў творчасці Ігната Канчэўскага прыцягвае яго эсэ «Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду» апублікаванае ў 1921 годзе. Даследчыкі адзначаюць таксама і артыкул «Аб літоўскай шляхце» апублікаваным у пецярбургскім «Гомане» у 1917 годзе пад крыптонімам І.К. [5, c.139] Але прыналежнасць гэтага артыкула да спадчыны Канчэўскага спрэчная - у той час ён быў на Украіне і ў Маскве. Але дакладна вядомыя з тузін артыкулаў на старонках віленскай прэсы, падпісаных крыптонімамі І.К. , І.А. і псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч .

Каб адказаць на пытанні скептыкаў, якія ставяць пад сумнеў аўтарства «Адвечнага шляху», патрэбна прааналізаваць гэтыя артыкулы, бо шмат якія ідэі, выказаныя там, пераклікаюцца з ідэямі напісанымі ў «Дасьледзінах».

У прыватнасці, шмат якія яго артыкулы працягваюць думку пра неабходнасць кааперацыі дзеля паўнавартаснага жыцця беларускага грамадства, выказаную ў чацвёртым раздзеле «Адвечнага шляху». Так, у артыкуле «Ратуйце кааперацыю», у якім ён апісвае гаротны стан беларускага кааператыўнага руху, Канчэўскі заяўляе аб жыццёвай неабходнасці яго дзеля існавання беларускага гармадства: «развіццё або заняпад каапэрацыі ёсьць пытаньнем адраджэньня ці знішчэньня духоўнай і матэрыяльнай культуры нашага народу». Там жа ён сцвярджае, што «нам, як нікому іншаму, патрэбна гэтая школа самадзельнасці, гэтая аддушына для новых творчых сіл народу. Толькі кааперацыя навучыць нас, як стаць на шырокі шлях грамадзянскай работы. Без кааперацыі мы заўсёды будзем кульгавымі ў сваім развіцьці.»[36] Гэтыя ідэі сапраўды паўтараюць ідэі «Даследзінаў», у прыватнасці, іх чацвёртага раздзелу, якія можна апісаць адной цытатай: «Але пеўна, што праўдзівы жыцьцёвы кірунак той, якім ідзе каапэрацыя.» [2, c.34]

Іншая паралель паміж эсэ і артыкуламі - гэта уяўленне пра кааперацыю, як пра нешта большае за звычайны эканамічны інстытут. Так, у артыкуле «Крэдытовая каапэрацыя», у якой аўтар апісвае дадзеную з'яву і магчымасць яе прымянення ва ўмовах Віленшчыны, ён піша: «Тут патрэбна вышэйшая форма грамадзянскай каапэрацыі, якой мы яшчэ не стварылі. У такіх выпадках апеку павінна прыняць на сябе гаспадарства, або дабрачынныя установы»[15]. Пра «формы грамадзянскай кааперацыі» аўтар піша і ў «Адвечным шляху»: «калі глянуць на сучасную, тым болей краёвую, каапэрацыю, якая ўся ўпэцкалася ў селядцовым сосе […] Але направер выходзіць, што каапэрацыя - адзінае грамадзянскае зьявішча, якое няпрымусова аб'еднавае сяброў і не дэкляруе прымусу для іншых.» [2, c.33]

Канчэўскі разумее кааперацыю не проста як эканамічны інстытут, але як нешта большае, прынамсі як новы ўзровень арганізацыі грамадства У кааперацыі ён прачытвае яе першапачатковы сэнс - супрацоўніцтва, прычым не толькі ў прадпрымальніцтву, але і ўва ўсіх сферах жыцця.

Увогуле, змест ягоных артыкулаў напоўнены гуманістычнымі ідэямі. Адна з іх з'яўляецца ў ягоным лісце падзякі, апублікаваным у «Нашай думцы» 14 чэрвеня 1921 года, пра які было напісана ў другім раздзеле. Канчэўскі дзякаваў тым людзям, якія нават не ведаючы яго, дапамаглі яго лячэнню. Узрушаны такой грамадскай салідарнасцю, ён піша: «Чалавечнасьць адносін паміж асобнымі адзінкамі-неабходная падстова згоды агулу. Толькі тады, калі наша грамадзянства, пасечанае на воражыя лягэры, ўцяміць гэтую простую праўду і пачне паважаць чалавечую сутнасьць, тады магчыма запраўднае, а ня толькі ў праэктах і на словах, паразуменьне паміж штучна падзеленымі грамадзянскімі групамі.[16] У канцы ліста ён просіць і іншыя газеты, зацікаўленыя ў сапраўдным пашырэнні думкі аб неабходнасці грамадзянскага паразумення, перадрукаваць ягоны ліст.

У шэрагу артыкулаў - «На коопэратыўныя тэмы», «Закладайма народныя выдавецтвы» - прысутнічае думка пра адказнасць беларусаў за свой уласны лёс: «Мы мусім прызвычаіцца і ведаць, што нам ніхто не працягне рукі паратунку, што мы самі мусім знайсьці сілы і спосабы бараніць нашу грамадскую справу»[17], «А калі так, то народ сам павінен збудаваць здаровыя гаспадарчыя падставы для свайго друкаванага слова[13]». Гэтая думка мусіць не згубіла сваёй актуальнасці і на сённяшні дзень, што яшчэ раз гаворыць пра патрэбу ў глыбокім вывучэнні творчай спадчыны І. Канчэўскага.

У сваім артыкуле «П.П.С. і «unarodowenie» (1921) народнага гандлю» аўтар крытыкуе польскі нацыяналізм і капіталістычныя ўхілы Польскай сацыялістычнай партыі, і адначасова акрэслівае сваю палітычную пазіцыю - сацыялізм. Па сутнасці гэта адзіны артыкул, дзе філосаф выяўляе свае палітычныя перакананні. Цяжка сказаць, ці сапраўды ён адданы сацыялістычнай ідэі, ці проста абураны здрадай польскіх левых. Калі ўлічыць, што ППС па сутнасці адвярнулася ад работніцкай кааперацыі - натуральнага саюзніка рабочага руху паводле Канчэўскага, замяніўшы яе на капіталістычны гандаль, то рэакцыя Канчэўскага здаецца натуральнай.

Апроч артыкулаў на кааператыўныя тэмы, філосаф напісаў і дзве рэцэнзіі на беларускія літаратурныя выданні. Першая з іх - рэцэнзія на зборнік вершаў «Беларусь» (1922) напісаных сябрам Канчэўскага Леапольдам Родзевічам.[12]Другая - на часопіс «Маладая Беларусь», выдадзены ў Маскве Беларускім Цэнтральным Бюро.

Другой, па значнасці працай Канчэўскага мусіла стаць гісторыя кааператыўнага руху на Віленшчыне. У зборніку грамадскай думка, навукі, літаратуры і мастацтва «Заходняя Беларусь» (1924) была пасмяротна апублікавана праца пад назвай «З мінуўшчыны коопэрацыі на Віленшчыне». Рэдактар зборніка пазначае ў зносцы: «Гэты нарыс - першая частка шырэйшае працы, задуманае перадчасна памершым аутарам, выдатным коопэратыўным дзеячом. Сьмерць перашкодзіла Ігнату Канчэўскаму давясьці, як плянаваў, свае нарысы да нашых дзён».[37, с.141]Апублікаваны нарыс апісвае гісторыю кааперацыі на Віленшчыне да Першай сусветнай вайны. Даволі змястоўны і падрабязны, ён можа стацца карысным будучым даследчыкам кааперацыі на Беларусі.

Асобна трэба сказаць пра паэтычную спадчыну І. Канчэўскага. Друкаваў ён свае вершы пад псеўданімам Ганна Галубянка . У канцы 1922 - пачатку 1923, у «Нашай будучыне» былі апублікаваныя тры вершы: «Gloria - слава ў вышыні», «Па матывах Р. Тагора», «Вераснёвае панно». Газета «Новае жыццё» апублікавала верш «У святочны дзень» у 1923 годзе. Нарэшце, у вышэйназваным зборніку «Заходняя Беларусь» быў пасмяротна надрукаваны верш у прозе «Мы разам...».

Але найбольш цікавы для гісторыка літаратуры з'яўляецца знойдзены Алесем Бяляцкім сшытак перапісаных вершаў, які знаходзіцца ў 21 фондзе рукапіснага аддзелу бібліятэкі АН Літвы. Апроч вершаў, у тым ліку неапублікаваных, у сшытку ёсць ліст у выдавецтва ад перапісчыка. Сшытак быў перапісаны адным са знаёмых Канчэўскага, верагодна - ўсё тым жа Антонам Луцкевічам. Гэта вынікае з павярховага аналізу почырку, а таксама з надпісу на унутраным баку вокладкі - «Jerzy Łuckiewicz». Верагодна, гэта мог быць сшытак сына Антона Луцкевіча - Юрыя.

У сшытку змешчаны шэраг вершаў - як надрукаваных, так і не выдадзеных: «Вераснёвае панно», «Так глыбока...», «Сакавік», «У святочны дзень», «Не хавайце мяне ў цмантары...», «Па святой зямлі...», «Чэрвень красаваў...», «Шэрыя вокны», «Мы разам», «Ты вялікі», «Слава ў вышыні». Вось якое апісанне паэзіі Канчэўскага знаходзім у лісце ў выдавецтва: «Пасылаю ў выдавецтва дзіўную, асабліва натхненую поэзію Ігната Канчэўскага. Тут Кожны радок дыхае абноўленай тэасофіяй. Што ні слова - развага з душой, духам, будучынай. А ўся гэтая вязанка настроевых рыфмаваных думак - гімн для надыходзячай, новай посьле матэрыялістычнай эпохі чалавецтва».[31, c.19]

Нягледзячы на адносна невялікі памер публіцыстычнай спадчыны Ігната Канчэўскага, яна адыгрывае важную ролю ў асэнсаванні гэтай асобы. На старонках газет, філосаф выкладаў свае ідэі і перакананні ў форме артыкулаў, а свае эмоцыі і перажыванні ў форме вершаў. Да таго ж даследчыкі павінны памятаць, што ўсе надрукаваныя артыкулы з'явіліся ўжо пасля «Адвечнага шляху», і адпаведна, могуць ілюстраваць змены ў асобе Канчэўскага. Асноўнымі тэмамі яго публіцыстыкі была, натуральна, кааперацыя. Апроч яе мысляр займаўся таксама і літаратурнай крытыкай. Падсумоўваючы, трэба сказаць, што вывучаючы спадчыну Канчэўскага важна браць ва ўвагу ўсе артыкулы мысляра.

Заключэнне

Такім чынам у гэтай працы была зроблена спроба стварэння нарысу давіленскага перыяду жыцця філосафа. Натуральна з-за абмежаванасці крыніц ён не можа прэтэндаваць на паўнату, але гэта дае абшар для наступных даследаванняў у гэтым кірунку.

Віленскі перыяд жыцця аналізаваны больш дасканала, але і тут застаецца прастора для вывучэння. Палітычная дзейнасць, асабістае жыццё, адукацыйная і рэлігійная дзейнасць - усе гэтыя сферы жыцця Канчэўскага патрабуюць большага ўдакладнення.

Публіцыстыка і ў меншай ступені паэзія Канчэўскага апынулася выдатным сродкам для інтэрпрэтацыі некаторых думак выказаных мысляром у «Адвечным шляху».

Ігнат Канчэўскі пакінуў пасля сябе цікавую і разнастайную творчую спадчыну. Апроч гэтага сама ягоная біяграфія адкрывае цікавыя старонкі беларускага руху, напрыклад такую недаследаваную праблему як кааперацыя.

Дадзеная праца паказвае, што ўся яго творчасць, улучна з «Дасьледзінамі» развівае адны і тыя ж ідэі, і, адпаведна, мусіць разглядацца як адно цэлае. Важна памятаць і пра жыццёвы лёс Канчэўскага, аналізуючы які, можна нашмат лепш зразумець яго ідэі і перакананні.

Перш за ўсё паўплываў на Ігната ягоны бацька-ліберал. Па-другое, вучоба ў Пецярбурзе - тады галоўным культурным цэнтры Расіі - мусіла пашырыць яго кругагляд. Тое самае можна сказаць і пра вучобу на філалагічным факультэце ў Маскве. Ведаючы гэты факт можна лёгка зразумець крыніцы высокай мастацкай вартасці «Адвечнага шляху». Франтавая школа таксама мусіла паўплываць на Канчэўскага. Верагодна, падзеі на фронце часоў рэвалюцыі сталіся ключавымі ў пераасэнсаванні каштоўнасцяў філосафа.

Вышэйшыя кааператыўныя курсы ў Народным універсітэце ў Маскве таксама, хутчэй за ўсё, моцна паўплывалі на Ігната. З іншага боку, жыццё ў бальшавіцкай Маскве, Смаленску і Менску паказала яму сапраўдную сутнасць бальшавіцкай улады. Магчыма расчараванне ў «Першай дзяржаве працоўных і сялян» прымусіла Канчэўскага выкрышталізаваць з беларускай культурнай спадчыны той «адвечны шлях», той уласна-беларускі шлях, на які наш народ мусіць вярнуцца.

З іншага боку, трагічныя падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны прымусілі яго звярнуцца да ідэй усходніх філасофіяў і ў прыватнасці да ёгі.

Так ці інакш, погляды і перакананні Канчэўскага збольшага сфармаваліся яшчэ да вяртання ў Вільню. Але толькі яго родная Вільня змагла стварыць прыдатныя ўмовы для творчасці. Абкружаны сваімі сябрамі, аднадумцамі і суайчыннікамі, што спрабавалі ствараць Беларусь, смяротна хворы Канчэўскі змог рэалізаваць свой творчы імпэт.

Увогуле, лёс Ігнат Канчэўскага як бы пацвердзіў ідэі «Адвечнага шляху»: «Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.» Перафразуючы, можна сказаць, што праз беларушчыну ён спазнаў тую самую лепшую частку чалавечнасці. Толькі па вяртанні ў Вільню, толькі пасля далучэння да беларускага руху Канчэўскі пачаў тварыць. А менавіта творчасць па ягоных жа перакананнях было сэнсам існавання чалавека. Прыкра, што жыццёвы шлях Ігната быў настолькі кароткі. Але праз сваю творчасць, Канчэўскі змог вярнуцца на свой Адвечны Шлях, і больш за тое, змог паказаць яго беларусам. Безумоўна, Ігнат Канчэўскі яшчэ зойме належнае месца ў нацыянальнай памяці нацыі, як адзін са стваральнікаў ідэі новай Беларусі, як адзін з яе прарокаў.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры :

1. GOMÓŁKA, K. Białoruskie instytucje życia gospodarczego w II Rzeczypospolitej // Białoruskie Zeszyty Historyczne, Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1997, №8, дата доступа: 01.04.2011, рэжым доступа: kamunikat.fontel.net

2. АБДЗІРАЛОВІЧ, І. « Адвечным шляхам ». Львоў: Парахвія сьв. Кірылы Тураўскага, 2007, - 34 с.

3. АНДРЭЙКАВЕЦ, Н. Філасофскія ідэі І. Абдзіраловіча (Канчэўскага) ў крытычнай спадчыне Ўладзіміра Калесніка // Праблемы сучаснай беларусікі : Матэрыялы навук. канф., прысвеч. 75-годдзю У.А.Калесніка, [20 верас. 1997 г., Брэст] / Рэдкал.: А.А.Майсейчык (гал. рэд.) і інш.. Брэст: БрДУ, 1999. - 121 с.

4. БАСЮК, І. Грамадска-палітычныя і прававыя погляды Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Серыя 4 Правазнаўства: навукова-тэратэтычны часопіс, 2009, № 3, с. 23―29

5. Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск: Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя 1992-1995;
Т. 3: Івашын ― Кучар Рэд А. Мальдзіс, 1994. - 585 с.

6. БЯЛЯЦКІ, А. «Усё жыццё жыць хацеў я з людзьмі...» // Спадчына , Мн.: Рэд. часоп. «Спадчына», 1990, №2, с. 21-24

7. ГРИБЕНЕ, А. Белорусская печать межвоенного времени в коллекции отдела старой периодики библиотеки АН Литвы (Издания Вильнюса и Каунаса) // Homo Historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі , Вільня: ЕГУ, 2008. - 520 с.

8. ДУБАВЕЦ, С. Прадмова // АБДЗІРАЛОВІЧ, І. «Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларусага сьветагляду», Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - б.с.

9. ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ, Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук - Грышкевіча , Таронта: Выдавецкі Фонд Успамінаў зь Беларускага Жыцьця, 1993. - б.с., дата доступу: 12.03.2011, рэжым доступу: lib.zbsb.org/node/163

10. КАЛЕСНІК, У. Ветразі Адысея (Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі) . Мн.: Маст.літ., 1977. 326 с.

11. КАЛЕСНІК, У. Фантазмы Ігната Канчэўскага // КАЛЕСНІК, У. Зорны спеў : літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. Мн.: Маст. літ., 1975. ― 398 с.

12. КАНЧЭЎСКІ, І Бібліяграфія Л. Родзевіч - Беларусь // Наша будучына , Вільня: «Друк», 1923, №1, с. 3

13. КАНЧЭЎСКІ, І Закладайма народныя таварыствы // Наша будучына, Вільня: «Друк», 1923, №2, с. 3

14. КАНЧЭЎСКІ, І Кооперацыя ў 1922 // Наша будучына, Вільня: «Друк», 1922, №3, с. 1-2

15. КАНЧЭЎСКІ, І Крэдытовая коопэрацыя // Наша будучына, Вільня: «Друк»,1922, №1 с.2

16. КАНЧЭЎСКІ, І. *** Ліст у рэдакцыю // Наша думка, Вільня: «Друк», 1921, №19, с. 5

17. КАНЧЭЎСКІ, І На коопэратыўныя тэмы. Улада і коопэрацыя // Наша будучына, Вільня: «Друк», 1922, №2, с. 2

18. КАНЧЭЎСКІ, І «П.П.С. і «unarodowenie» народнага гандлю» // Беларускія ведамасьці, Вільня: 1921, №14, с. 2

19. КОНАН, У. «Дзіўным хараством гарэла яго душа...» // Голас Радзімы , Мн., 1993, №6, с. 1, 7

20. КОНАН, У. У свабодзе і творчасці - ратунак для свету // Вобраз-90 , Мн.: Маст.літ, 1990. - 229 с.

21. МАРЦІНОВІЧ, А. Шляхам праўды: Выбраныя старонкі беларускай літаратуры у святле сённяшняга дня: Літ.-крыт.арт.: Дапаможнік для настаўніка. Мн.: Нар.асвета, 1994. - 288 с.

22. ЛУЦКЕВІЧ, А. Памяці Ігната Канчэўскага // Новае Жыццё , Вільня: 1923, №8, с.1

23. Памятныя даты беларускага календара : (сакавік ― май 1996 г.) рэдактар К. Дз. Варанько // Новыя кнігі: Па старонках беларус. друку: Штомес. бібліягр. бюл. Мн.: НББ, 1996, № 2

24. РОДЗЕВІЧ, Л. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты Мн.: «Мастацкая літаратура», 2008. 343 с.

25. СОТНИКОВА И. Спешите делать добро. Народный университет Шанявского. Традиция благотворительности на ниве просвещения // Истина и жизнь , М.: 2006, №6, дата доступу: 01.06.2011, рэжым доступу: istina.religare.ru

26. СЬЛІНКА Т. Праблема беларускай ідэнтычнасці ў тэксце Ігната Абдзіраловіча "Адвечным Шляхам", Мн.: 2005, дата доступу: 13.01.2011, рэжым доступу: baj.by/belkalehium/

27. ШУМСКАЯ, І. Асоба і творчаць у канцэпцыі І. Абдзіраловіча // Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя / Рэдкал.: А.І.Лугоўскі (гал. рэд.) і інш.: Матэрыялы ІІ Міжнар. кангр., 17-19 мая 2000 г., г. Мінск: 2 кн. Мн. : БДПУ, 2001 - 214 с.

28. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мiнск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1993-2003. Т. 4. Кадэты-Ляшчэня Рэд. Г.П. Пашкоў, П.Ц. Петрыкаў, Г.А. Фатыхава і інш. 1997. 432 с.

29. БАНЛ Ф21-77

30. БАНЛ Ф21-78

31. БАНЛ Ф21-212

32. БАНЛ Ф21-2072

33. БАНЛ Ф21-2204

34. БДАМЛІМ Ф3-1-154

35. БДАМЛІМ Ф3-1-209

36. КАНЧЭЎСКІ, І. Ратуйце кааперацыю! // Беларускі Звон, Вільня: 1922, №23

37. КАНЧЭЎСКІ, І. З мінуўшчыны коопэрацыі на Віленшчыне // Заходняя Беларусь. Зборнік грамадзкае мысьлі, навукі, літаратуры і мастацтва Зах. Беларусі , Вільня: Друкарня Віленскага Вытворчага Коопэратыву, 1924 - с. 156

38. ГЕНІЮШ, Л. Споведзь, Мн.: Мастацкая літаратура, 1993, дата доступу: 01.06.2011, рэжым доступу: pawet.net

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX