Вярнуцца: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Мастыка А. Беларускі студэнцкі саюз Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя (1919-1939) Mastuka A. The Belarusian students union in Vilnius University (1919-1939)


Аўтар: Мастыка Андрэй,
Дадана: 22-03-2011,
Крыніца: ЕГУ, 2010.

Спампаваць




ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ


Акадэмічны дэпартамент гісторыі


Праграма бакалаўра гісторыі

Беларусістыка


Спецыялізацыя

Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія


АНДРЭЙ МАСТЫКА

Студэнт IV курса


БЕЛАРУСКІ СТУДЭНЦКІ САЮЗ ВІЛЕНСКАГА УНІВЕРСІТЭТА СТЭФАНА БАТОРЫЯ Ў БЕЛАРУСКІМ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ РУХУ Ў ВІЛЬНІ (1919-1939)


БАКАЛАЎРСКАЯ ПРАЦА


Кіраўнік працы

Доктар гістарычных навук, прафесар

Алесь Фёдаравіч СМАЛЯНЧУК


Вільня, 2009



Мастыка, Андрэй

Ма 32 Беларускі студэнцкі саюз Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя ў беларускім нацыянальным руху ў Вільні (1919-1939) : бакалаўрская праца / Мастыка Андрэй; навуковы кіраўнік прафесар Алесь Смалянчук; Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Акадэмічны дэпартамент гісторыі - Вільня, 2009. - 82 с. - Бібліягр.: с. 76-81 (107 наз.).

UDK 947.6


Ключавыя словы:Гісторыя Беларусі, Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні, Заходняя Беларусь, ІІ Рэч Паспалітая, Беларускі студэнцкі саюз, беларускі студэнцкі рух, Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, студэнцкая карпарацыя "Скарынія", часопіс "Наш шлях", часопіс "Студэнцкая думка".


Аб'ектам бакалаўрскай працы -- з'яўляецца беларускі нацыянальны рух ў міжваеннай Вільні. Мэта працы -- высветліць месца і ролю Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя ў беларускім нацыянальным руху ў міжваенны перыяд.

Асноўныя задачы працы: аналіз развіцця беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Вільні, даследаванне дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя, напісанне гісторыі станаўлення і развіцця гэтай арганізацыі ў Вільні ў міжваенны перыяд.

Выкарыстоўваючы метады рэканструктыўнага спасціжэння, такія як гісторыка-генетычны і гісторыка-палітычны аналіз была адноўлена гісторыя міжваеннага беларускага студэнцкага руху і яго цэнтральнай арганізацыі Беларускага студэнцкага саюза. Гісторыка-параўнальны метад даў магчымасць вызначыць суадносіны заходнебеларускага нацыянальнага руху з рухам студэнцкім, вызначыць іх агульныя і адрозныя рысы падчас разнастайных падзей у гарамадска-палітычным жыцці краю. Сыходзячы з чаго была зроблена выснова, што беларускі студэнцкі рух, цэнтрам якога з'яўляўся Беларускі студэнцкі саюз, быў неад'емнай часткай беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час і адыгрываў у ім прыкметную ролю.

Беларускі студэнцкі саюз (БСС), узнікшы ў 1921 г., быў самай значнай і буйной беларускай арганізацыяй у Віленскім універсітэце, пры гэтым, і самай трывалай, праіснаваўшы да моманту скасавання самога універсітэта. За гады свайго існавання БСС ператварыўся ў сапраўдны цэнтр згуртавання беларускай студэнцкай моладзі, з'яўляўся уплывовай моладзевай арганізацыяй, каторая была неад'емнай часткай руху нацыянальнага. Студэнцкі саюз, дзякуючы свайму чалавечаму і інтэлектуальнаму патэнцыялу, меў вялікае значэнне для развіцця беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі увогуле. Моладзевы рух, як найбольш актыўная плынь беларускага грамадства, з'яўлялася крыніцай сілкавання для беларускіх партый і арганізацый, якія імкнуліся заручыцца падтрымкай студэнцкай моладзі, пашыраючы на яе свае ўплывы. БСС быў школай грамадскай і палітычнай дзейнасці для многіх маладых дзеячаў. Арганізацыя з'яўлялася "кузняй кадраў" для беларускіх нацыянальных сілаў.

Аснову працы БСС складала культурна-асветніцкая і навуковая дзейнасць, пры гэтым Саюз заўсёды актыўна рэагаваў на грамадска-палітычныя падзеі. Студэнцкі саюз выдаваў уласныя часопісы: "Наш шлях" і "Студэнцкая думка". Пры арганізацыі была шырока разгорнутая творчая студэнцкая самадзейнасць: дзейнічаў хор, танцавальны і музыкальны ансамбль, драматычны гурток. Сябры, якія прагнулі навуковай дзейнасці, уваходзілі ў навуковае кала: Таварыства прыяцеляў беларусаведы, якое праводзіла даследчую работу ў галіне беларусазнаўства, мела ўласную бібліятэку. У сітуацыі імклівай паланізацыі Заходняй Беларусі БСС стаяў на шляху барацьбы за захаванне нацыянальна-культурнай спадчыны і абароны інтарэсаў беларускага народа.

Бакалаўрская праца можа быць карыснай для гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў.



ЗМЕСТ

ЗМЕСТ. 4

СПІС СКАРАЧЭННЯЎ І АБРЭВІЯТУР. 5

УВОДЗІНЫ... 6


1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ... 9

1.1. Гістарыяграфія. 9

1.2. Крыніцы.. 12


2. БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ: АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ. 15

2.1. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у 1919-1927 гг. 15

2.2. Беларускі нацыянальны рух у Вільні пасля разгрому Грамады.. 28

2.3. Беларускае культурнае жыццё ў Вільні ў міжваенны час. 32


3. БЕЛАРУСКІ СТУДЭНЦКІ САЮЗ (1921-1939) ВІЛЕНСКАГА УНІВЕРСІТЭТУ СТЭФАНА БАТОРЫЯ 37

3.1. Заснаванне і станаўленне арганізацыі (1921-1927) 37

3.2. БСС пасля разгрому Грамады. Культурная і грамадская дзейнасць у зо-х гг. 51

3.3. БСС і Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Навуковая і асветніцкая дзейнасць. 70


ЗАКЛЮЧЭННЕ.. 74

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ... 76

Summary.. 82


СПІС СКАРАЧЭННЯЎ І АБРЭВІЯТУР

АБСА - Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый.

Белсялсаюз - Беларускі сялянскі саюз

БІГК - Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

БНК - Беларускі нацыянальны камітэт.

БНР - Беларуская Народная Рэспубліка.

БНТ - Беларускае навуковае таварыства.

БПК - Беларускі пасольскі клуб.

БПС-Р - Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

БРА - Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя.

БСС - Беларускі студэнцкі саюз.

БСДП - Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя.

БСРГ - Беларуская сялянска-работніцкая грамада.

БСРПК - Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб.

БХД - Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

ВБНК - Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт

КП(б)Б - Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі.

КПЗБ - Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

КПП - Камуністычная партыя Польшчы.

СД - "Студэнцкая думка" - друкаваны орган БСС

ТБА - Таварыства беларускай асветы.

ТБШ - Таварыства беларускай школы.

ТПБ - Таварыства прыяцеляў беларусаведы

УСБ - Універсітэт Стэфана Баторыя.

ЦДАЛ - Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы.

Цэнтрасаюз - Цэнтральны саюз беларускіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцый.


УВОДЗІНЫ

Праблематыка беларускага нацыянальнага руху ў межах ІІ Рэчы Паспалітай міжваеннай пары толькі распрацоўваецца сучаснымі беларускімі гісторыкамі. Наогул, гісторыя 20-30-х гг. Заходняй Беларусі пад польскім панаваннем гэта асаблівы перыяд жыцця нашай краіны, які патрабуе асобнага разгляду. Беларускі рух народжаны ў час нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя атрымаў на Заходняй Беларусі выразна іншае развіццё, адрознае ад усходняга руху з яго сацыялістычнай мадэллю. За 20 год існавання незалежнай ІІ Рэчы Паспалітай, на далучаных да яе заходнебеларускіх землях сфарміраваўся асобны беларускі нацыянальны асяродак. У значнай ступені ён абапіраўся на новую генерацыю маладых дзеячаў, выгадаваных ужо ў новых грамадска-палітычных варунках, для якіх існаванне польскай дзяржаўнасці было аб'ектыўнай рэчаіснасцю, а БНР ужо гісторыяй. Свае выразныя асаблівасці набыла тут беларуская культура і асвета, якія грунтаваліся на больш натуральных народных пачатках, чым на папулісцкіх, як то было на ўсходзе. Беларуская нацыянальнае жыццё атрымала свой уласны цэнтр, сваю неафіцыйную сталіцу - Вільню. Менавіта міжваенны час можна назваць росквітам беларускай Вільні, бо якраз тады беларускі чыннік зрабіўся яскравай неад'емнай часткай грамадскага жыцця былой сталіцы ВКЛ. З усяго гэтага вынікае, што заходнебеларускі нацыянальны рух ёсць з'ява унікальная, якая яшчэ патрабуе грунтоўнага вывучэння.

Адной з найбольш цікавых даследчых тэмаў з'яўляецца беларускі студэнцкі рух у міжваеннай Вільні. Як вядома, у 1919 годзе адрадзіў сваю дзейнасць Віленскі універсітэт, які стаў адзінай вышэйшай школай у Заходняй Беларусі. Нягледзячы на матэрыяльныя перашкоды студэнты-беларусы хлынулі ў Вільню па навуку з шырокіх абшараў "усходніх крэсаў". У хуткім часе ў Універсітэце Стэфана Баторыя (УСБ) склалася беларуская студэнцкая супольнасць. Універсітэт зрабіўся пляцоўкай станаўлення і развіцця беларускага студэнцкага руху як неад'емнай часткі руху нацыянальнага. Акадэмічныя свабоды дазвалялі студэнтам ствараць уласныя арганізацыі разнастайнага характару, за выняткам дзейнасці палітычнай. Найбуйнейшай масавай арганізацыяй беларускага студэнцтва быў Беларускі студэнцкі саюз (БСС).

Аднак ні гэтаму Саюзу, ні іншым віленскім студэнцкім арганізацыям не адводзіцца належнага месца ў беларускай гістарыяграфіі. Варта адзначыць толькі артыкул Уладзіміра Серпухава "Беларускія студэнцкія арганізацыі Віленскага універсітэта (1919-1939)", апублікаваны ў 2007 г., а таксама нарыс Юрыя Туронка, прысвечаны жыццю і дзейнасці аднаго з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза Браніслава Туронка. Зрэшты, адсутнічае даследчыцкая цікавасць і да самога Віленскага універсітэта міжваеннага часу, які звычайна ўважаецца амаль выключна як "аплот паланізацыі" заходнебеларускага краю. Такое стаўленне не дазваляе зразумець сапраўднае значэнне універсітэту ў культурным і грамадскім жыцці міжваеннай Вільні і тагачаснай беларускай моладзі. Агляд гісторыі БСС дае магчымасць па-іншаму зірнуць на значэнне універсітэту, а таксама ўзняць праблему ролі беларускіх студэнтаў у нацыянальным руху.

Галоўным аб'ектам дадзенага даследавання з'яўляецца беларускі нацыянальны рух ў міжваеннай Вільні.

Прадметам даследавання будзе дзейнасць Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя на беларускай нацыянальна-культурнай ніве ў міжваенны час.

Высвятленне месца і ролі Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя ў беларускім нацыянальным руху ў міжваенны перыяд будзе мэтай дадзенага даследавання. Дасягненне мэты даследавання патрабуе вырашэння наступных задач:

1. Аналіз развіцця беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Вільні.

2. Даследаванне дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя.

Працоўная гіпотэза, якая ставіцца перад дадзеным даследаваннем: Беларускі студэнцкі рух, цэнтрам якога з'яўляўся БСС, быў неад'емнай часткай беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час і адыгрываў у ім прыкметную ролю.

Навуковай базай дадзенага даследавання будуць з'яўляляцца метады рэканструктыўнага спасціжэння. Гісторыка-палітычны аналіз дазволіць нам супаставіць сведчанні разнастайных крыніц для аднаўлення гісторыі станаўлення і развіцця студэнцкага руху і яго арганізацыі. Гісторыка-генетычны метад будзе выкарыстоўвацца, каб вызначыць пэўныя заканамернасці ў дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза. Гісторыка-параўнальны метад дасць магчымасць вызначыць суадносіны заходнебеларускага нацыянальнага руху з рухам студэнцкім, вызначыць іх агульныя і адрозныя рысы падчас разнастайных падзей у гарамадска-палітычным жыцці краю. Метад перыядызацыі дазволіць вылучыць пэўныя этапы ў гісторыі Студэнцкага саюзу ў Вільні.

Згодна з вызначанымі мэтамі і задачамі складаецца структура бакалаўрскай працы. Яна ўключае уводзіны, тры раздзелы, заключэнне і спіс выкарыстаных крыніц.

У першым раздзеле ("Гістарыяграфія і крыніцы") разглядаецца стан даследавання праблемы, вызначаецца кола крыніц і навуковай літаратуры, якія будуць выкарыстаны падчас правядзення даследавання. У другім раздзеле ("Беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі: асноўныя падзе") дадзена кароткая характарыстыка беларускага руху ў Заходняй Беларусі і разгледжана дзейнасць беларускіх арганізацыяў і беларускае культурнае жыццё ў Вільні і на Віленшчыне ў міжваенны час. У трэцім раздзеле характарызуецца дзейнасць Беларускага студэнцкага саюза (БСС) пры УСБ (1921-1939), для чаго патрэбна будзе на падставе крыніц, вызначаных у першым раздзеле, аднавіць гісторыю станаўлення і развіцця гэтай арганізацыі ў міжваенны перыяд, якая дагэтуль не разглядалася у адмысловых працах гісторыкаў.. У Заключэнні падводзяцца галоўныя вынікі даследавання.

1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

1.1. Гістарыяграфія

Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час з'яўляецца адной з найцікавейшых і нераскрытых тэмаў сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Асаблівай увагі патрабуе вывучэнне станаўлення і развіцця беларускага нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыях Беларусі падпарадкаваных Польшчы ў 1919-1939 гг. Менавіта перамогі і дасягненні нацыянальнага руху далі магчымасць надалейшага развіцця беларускай нацыянальнай ідэі і фактычна стварылі падставу для станаўлення незалежнай Беларускай дзяржавы. Але падзеі, якія адбываліся у той час на Заходняй Беларусі і дзейнасць беларускіх партыяў і арганізацыяў у польскай дзяржаве дагэтуль мае не адназначную трактоўку ў нашай гістарыяграфіі, што, верагодна, абумоўлена спадчынай савецкай ідэалагізаванай гістарычнай навукі. Таму больш грунтоўнае і дасканалае вывучэнне дадзенага перыяду дасць нам больш аб'ектыўнае ўяўленне пра той час.

Яшчэ ў 1920-30-я гады заходнебеларуская тэматыка пачала цікавіць гісторыкаў БССР. Пры гэтым пытанні дзейнасці рэвалюцыйных арганізацый з ідэалагічна-кан'юнктурных меркаванняў займалі прыярытэтнае месца над астатнімі аспектамі грамадска-палітычнага жыцця. Пераважная большасць выдадзеных тады брашур і кніг была не столькі навуковага, колькі прапагандысцкага характару, таму мела ўсе характэрныя для падобнага роду літаратуры хібы. Разгорнутая ў пачатку 1930-х гадоў барацьба супраць "нацыянал-дэмакратызму", рэпрэсіі, а таксама слабая крыніцазнаўчая база, не спрыялі грунтоўным даследаванням нацыянальна-вызваленчага руху.[6, c.27]

Толькі з "хрушчоўскай адлігай" у другой палове 1950-х гадоў пачалося шырокамаштабнае вывучэнне гісторыі Заходняй Беларусі. На падставе ўведзеных у навуковы зварот архіўных крыніц былі надрукаваныя зборнікі дакументаў і матэрыялаў, манаграфічныя работы, артыкулы. У манаграфіях У.А.Палуяна, І.В. Палуяна, А. М. Мацко, Т.Ю.Глінскай, А.А.Сарокіна і інш. разглядаліся розныя аспекты нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 70-80-я гг. ХХ ст. ў беларускую гістарычную навуку прыйшло шмат новых даследчыкаў заходнебеларускай праблематыкі - П.І. Зялінскі, У.Ф. Ладысеў, С.У. Кабяк, А.А. Віхраў, Г. Б. Ватковіч, М.А. Ракевіч, С.В. Говін і інш. Працягвалі актыўную дзейнасць А.М. Мацко, У.А. Палуян, І.В. Палуян, Б.С. Клейн [51, c.8]. Адпаведна значна ўзрасла агульная колькасць прац па гісторыі міжваеннай Заходняй Беларусі, у першую чаргу па гісторыі КПЗБ. Дзейнасць іншых палітычных партый і арганізацый, што не былі пад уплывам камуністаў, звычайна не закраналася ці асвятлялася неаб'ектыўна і тэндэнцыйна. Прычынай гэтага было імкненне савецкай гістарыяграфіі да стэрэатыпізацыі гістарычнага працэсу, да яго ідэалагізацыі, што вынікала як са спецыфікі марксісцка-ленінскай метадалогіі, так і з ідэалагічнага ціску на яе ўладных структур[36, c.126].

Канец 80-х - пачатак 90-х гадоў ХХ ст. распачаў новы этап у гісторыі беларускай гістарыяграфіі. Пасля падзення камуністычнай сістэмы гісторыкі займелі магчымасць распрацоўваць тыя праблемы, даследаванне якіх раней не віталася. Не стала выключэннем і тэма Заходняй Беларусі. Адбылося агульнае павелічэнне колькасці даследаванняў, у якіх у той ці іншай ступені разглядаліся розныя аспекты культурнага і грамадска-палітычнага жыцця беларусаў у міжваеннай Польшчы. Абудзіўся інтарэс і да вывучэння біяграфій беларускіх парламентарыяў, у працэсе якога былі выяўлены шматлікія невядомыя раней факты з іх жыцця і дзейнасці. Артыкулы пра І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, С.Рак-Міхайлоўскага, Б.Тарашкевіча, В.Багдановіча, Ф.Ярэміча, А.Станкевіча, С.Якавюка апублікавалі У.Адамушка, М. Бандарэнка, А.Ліс, Ю.Лабынцаў, С.Ёрш, А.Пяткевіч, А.Сідарэвіч, А.Вашкевіч, Дз. Нарэль і інш [51, c.9].

На жаль, палітычная і культурная дзейнасць беларусаў у Польшчы чамусь выклікае ў нашых гісторыкаў куды меншую зацікаўленасць, чым напрыклад спроба беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ў 1918-1921 гг., ці палітыка беларусізацыі ў БССР у 20-30-х гг. Непасрэдна гэтай праблемай у нашай гістарыяграфіі займаюцца дастаткова сціплае кола беларускіх даследчыкаў, як то Я. Мірановіч [39; 104], Ю. Туронак [74; 76], А. Глагоўская [18; 103], А.Вабішчэвіч [5-10], А. Вашкевіч[11], А. Пашкевіч [49; 50], А. Чарнякевіч [97], А. Ліс [34; 35], У. Конан [30], А. Латышонак [31] ды некаторыя інш. У сваіх працах закранаюць дадзеная пытанне і даследчыкі беларускага нацыянальнага руху перыяду нямецкай акупацыі (гісторыкі С.Ёрш [22] і той жа Ю.Туронак [75]), які фактычна з'яўляецца працягам нацыянальна-вызваленчай барацьбы распачатай у міжваеннага часу, і ўзначаленай нацыянальнай элітамі віленскага асяродку.

Сярод названых аўтараў варта вылучыць Яўгена Мірановіча і яго працу "Найноўшая гісторыя Беларусі"[39]. Раздзелы прысвечаныя Заходняй Беларусі міжваеннага часу, гэтага агульны нарыс, з'яўляюцца вельмі важнымі для развіцця беларускай гістарыяграфіі, таму што аўтар імкнецца адысці ад стэрэатыпнага бачання гэтага гістарычнага перыяду, уласцівага нашай гістарыяграфіі. Наогул трэба падкрэсліць вартасць прац і артыкулаў гісторыкаў беластоцкай школы, бо свае даследаванні яны робяць у становішчы "паміж", то бок з аглядкай на беларускую і польскую гістарычныя традыцыі адначасова.

Апошняй значнай працай беларускай гістарыяграфіі датычнай гісторыі міжваеннага перыяду ёсць дысертацыя А. Пашкевіча, прысвечаная парламенцкім формам змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921 - 1930гг.)[51]. Да гэтага часу ў нашай гістарычнай навуцы парламенцкая дзейнасць беларускіх паслоў не была ацэнена належным чынам (калі наогул не ігнаравалася), як адна з форм дэмакратычнай барацьбы беларускага нацыянальнага руху. Аўтар жа манаграфіі прыходзіць да высновы, што вопыт парламенцкага змагання беларускіх арганізацый у міжваеннай Польшчы сведчыць, што беларускі нацыянальны рух пасля арганізацыйнага перыяду пачатку ХХ ст. да пачатку 1920-х гг. здолеў выйсці на палітычную арэну ў якасці самастойнай актыўнай сілы.

Адной з нявывучаных старонак гісторыі Заходняй Беларусі міжваеннай пары з'яўляецца беларускі моладзевы студэнцкі рух, які разгарнуўся у Вільні вакол універсітэта імя Стэфана Баторыя (УСБ). У сучаснай гістарыяграфіі існуюць толькі кароткія згадкі пра дзейнасць беларускіх студэнцкіх арганізацыях пры УСБ у Вільні. Прычынай такой сітуацыі з'яўляецца недаследаванасць архіўных матэрыялаў па студэнцкім таварыствам Віленскага універсітэта. Гэта можа тлумачыцца абмежаванасцю доступу для беларускіх навукоўцаў да непасрэдных крыніц для вывучэння дадзеных арганізацыяў. Асноўныя матэрыялы па дзейнасці студэнцкіх аб'яднанняў Віленскага універсітэта з'яўляюцца часткай архіву УСБ, які захоўваецца ў Вільні і змешчаны ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (ЦДАЛ). Варта яшчэ заўважыць, што нецікавасць да тэмы віленскага студэнцтва таксама можа тлумачыцца адсутнасцю ўсялякай увагі айчынных гісторыкаў да дзейнасці самога універсітэта. У беларускай гістарыяграфіі наогул адсутнічае разуменне вартасці Віленскага універсітэта ў дачыненні да беларускай справы з прычыны нацыянальна польскага характару гэтай вышэйшай навучальнай установы. Адпаведна няма даследаванняў, якія б паспрабавалі вызначыць значэнне і ролю УСБ для беларускага руху ў міжваенны час. Найбольш значнай працай прысвечанай беларускім студэнцкім таварыствам, з'яўляецца артыкул Уладзіміра Серпухава "Беларускія студэнцкія арганізацыі Віленскага універсітэта (1919-1939)"[57], а таксама нарыс Юрыя Туронка, прысвечаны жыццю і дзейнасці Браніслава Туронка, аднаго з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза пры УСБ [76]. У энцыклапедыі гісторыі Беларусі змешчаны сціплы артыкул пра БСС Г. Бабкіна [1], у якім у першых жа радках мы заўважаем крыўдную абмылку: часопісам беларускіх студэнтаў памылкова называецца "Новы шлях", замест "Нашага шляху".

Артыкул Уладзімір Серпухаў гэта наогул першая асобная праца прысвечаная непасрэдна студэнцкаму руху ў Вільні ў міжваенную пару. Аўтар першы, хто ў сваім даследаванні студэнцкіх арганізацый карыстаецца матэрыяламі фонду № 175 ЦДАЛ, датычнымі дзейнасці студэнцкіх таварыстваў УСБ. На падставе дадзеных дакументаў аўтар робіць кароткі агляд усіх беларускіх студэнцкіх арганізацый, уключаючы польскія па характару тэрытарыяльныя згуртаванні студэнтаў выхадцаў з Заходняй Беларусі. Пэўная ўвага надаецца ў працы і БСС. У артыкуле даецца дастатковае апісанне характару і ідэалогіі гэтай арганізацыі, выкладзены пэўныя сведчанні з гісторыі БСС, але падрабязны гістарычны агляд развіцця арганізацыі і аналіз дзейнасці Студэнцкага саюза не ставіцца за мэту працы У.Серпухава.

Намаганнямі беларускіх гісторыкаў і краязнаўцаў вяртаюцца ў нашу гістарыяграфію імёны выдатных дзеячаў заходнебеларускага нацыянальнага руху, якія воляй несправядлівага лёсу былі кінутыя ў паняверку. На старонках часопісаў гісторыка-краязнаўчых часопісаў "Куфэрак Віленшчыны" (рэдактар Міхась Казлоўскі), "Czasopis" (рэдактар Ежы Хмелеўскі), якія асвятляюць гісторыю ХХ ст заходняга рэгіёну Беларусі, перыядычна выходзяць артыкулы прысвечаныя паасобным дзеячам беларускага руху ў тым ліку і колішнім дзеячам студэнцкага руху. Захавальніку віленскага Беларускага музея Янку Шутовічу прысвечаны артыкул А. Вабішчэвічах [7], пра лёс Вацлава Пануцэвіча піша А. Вашкевіч [12; 13], С. Ёрш распавядае пра трагічнае жыццё Адама Дасюкевіча[21]. Кожны з гэтых слынных дзеячаў пачынаў сваю грамадскую працу ў складзе Студэнцкага саюза. Напярэдадні, ў сакавіку-траўні бягучага года выйшаў артыкул Лены Казлоўскай прысвечаны аднаму з лідэраў і заснавальнікаў БСС Францішку Пяткевічу [25-27].

1.2. Крыніцы

Важнай крыніцай па гісторыі беларускага студэнцкага руху у міжваеннай Вільні з'яўляюцца архіў Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя (1919-1939), які захоўваецца на дадзены момант ў фондзе 175 Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (ЦДАЛ). Архіў змяшчае вялізарную колькасць матэрыялаў, якія ахопліваюць ўсю імаверную поўнасць дакументальных сведчанняў зафіксаваўшых дзейнасць універсітэта. Асобную катэгорыю дакументаў складаюць матэрыялы па справах студэнцкіх таварыстваў, саюзаў, карпарацый і гурткоў пры УСБ. Вось назвы і тэматыка некаторых адзінак захавання: "Агульныя справы студэнцкіх таварыстваў"[77-84; 93; 94; 96], "Справаздача па працы студэнцкіх таварыстваў і дапамогі матэрыяльнай студэнцкай моладзі"[95]. Тут знаходзяцца матэрыялы справаводства студэнцкіх арганізацыяў, дакументы, якія рэгламентавалі працу арганізацыяў, даклады па нагляду за дзейнасцю студэнцкіх таварыстваў ды інш. Апроч таго фонд 175 утрымлівае асабістыя справы студэнтаў, выкладчыкаў, прафесарскага складу і супрацоўнікаў універсітэта. Сярод гэтых спраў знаходзяцца і асабістыя карткі студэнтаў беларусаў, удзельнікаў студэнцкіх арганізацый, іх куратараў, а таксама выкладчыкаў і прадстаўнікоў адміністрацыі УСБ , якія ў пэўнай ступені былі звязаны з беларускім рухам [88; 89; 90; 91; 92].

З блізу 80-ці студэнцкіх таварыстваў і аб'яднанняў, якія існавалі ў Віленскім універсітэце, уласна беларускімі арганізацыямі, справы якіх захаваліся ў фондзе 175, з'яўляліся: Беларускі студэнцкі саюз, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, Студэнцкая карпарацыя "Скарынія", Беларускае студэнцкае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускае студэнцкае краязнаўчае таварыства, Саюз студэнтаў-народнікаў імя Ф. Багушэвіча.

Беларускія студэнцкія арганізацыі прадстаўленыя тут шырокім спісам дакументальных сведчанняў. У першую чаргу гэта тычыцца Беларускага студэнцкага саюзу, дзейнасць каторага асветлена ў матэрыялах фонду дастаткова поўна [гл. 96; 77; 78; 79; 80; 82, c. 148-337]. На падставе прадстаўленых матэрыялаў можна прааналізаваць дзейнасць гэтай арганізацыі за ўвесь перыяд яе існавання. Гэтыя матэрыялы адлюстроўваюць станаўленне і развіццё дадзенай арганізацыі, дазваляюць пазнаёміцца з складам яе сяброў, дынамікай росту Саюзу, высветліць суадносіны гэтай арганізацыі з астатнімі беларускімі і іншымі студэнцкімі таварыствамі, стасункі з кіраўніцтвам універсітэту ды шмат іншай інфармацыі пра дзейнасць студэнцкага руху. Такім чынам матэрыялы фонда 175 утрымліваюць надзвычай карысныя дадзеныя, якія з'яўляюцца неабходнай крыніцай для вывучэння дзейнасці БСС Віленскага універсітэта ў міжваенны час.

Яшчэ адной цікавай крыніцай з'яўляецца падрыхтаваны ў 1928 г. афіцэрамі ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска "Кароткі нарыс беларускага пытання"[28], у якім падрабязна разглядаюцца многія праблемы палітычнай дзейнасці беларусаў у Польшчы, у тым ліку закранаецца пытанне ўдзелу ў ім студэнтаў з ліку сяброў БСС. Гэта выданне з'яўляецца перш за ўсё каштоўнай гістарычнай крыніцай з глыбокім аналітычным характарам выкладання фактаў. Дадзеная крыніца адносна нядаўна ўведзеная ў навуковы зварот. У 2007 г. гэтая крыніца была надрукаваная ў беларускім перакладзе, зробленым гісторыкамі А.Пашкевічам, А.Вашкевічам і А.Чарнякевічам, дапоўненая каментарамі і заўвагамі перакладчыкаў. "Кароткі нарыс…" вылучаецца як сваёй глыбінёй інфармацыйнага напаўнення, так і шырынёй аналізу. Задачай гэтага агляду было як мага паўней ахапіць дзейнасць беларускага нацыянальнага асяродку ў Польшчы і па-за яе межамі, высветліць стасункі паміж рознымі плынямі беларускага руху, таму увага надаецца усім больш-менш значным эпізодам і асобам. Адпаведна ў поле зроку дэфензівы трапляюць і беларускія студэнты і дзейнасць БСС.

Важнай асаблівасцю друкаванага варыянта "Кароткага нарысу..." з'яўляецца ацэнка аўтарамі перакладу факталагічнай верагоднасці крыніцы. Таксама каштоўнымі з'яўляюцца падрыхтаваныя біяграфічных зацемкі пра малавядомых ці нават зусім невядомых (не толькі для шырокага чытача, але нават для спецыялістаў) дзеячаў беларускага руху, імёны якіх сустракаюцца ў нарысе. Гэтыя біяграфічныя дадзеныя, падрыхтаваныя аўтарамі друкаванага выдання гэтай крыніцы на аснове рэдкіх архіўных дакументаў, таксама выкарыстоўваліся для ўдакладнення біяграфій некаторых дзеячаў БСС падчас дадзенага даследавання.

Адной з асноўных крыніцай для напісання гістарычнага агляду дзейнасці БСС быў таксама беларускі друк міжваеннай пары, а перад усім друкаваныя органы БСС і газеты беларускай моладзі, якія выходзілі ў Вільні ў 1921-1939 гг. Афіцыйнымі органамі Студэнцкага саюзу былі часопісы: "Наш шлях"[41-44] і "Студэнцкая думка"[59-72], мела свой часопіс і іншая студэнцкая арганізацыя - карпарацыя "Скарынія": "Новая варта"[45-47]. Прэзентавалі сябе як студэнцкія выданні таксама: "Вольная думка"[14] - часопіс беларускага паступовага студэнцтва, "25 сакавіка"[104] - часопіс беларускіх студэнтаў, "Студэнцкая трыбуна" - студэнцкі дадатак да газеты "Беларуская Крыніца". Голас беларускай нацыянальна арыентаванай моладзі прадстаўляў часопіс "Шлях моладзі"[98], да якога яшчэ выходзіў дадатак - "Шлях беларускага студэнта"[106].

Добрай дапамогай у асвятленні жыцця беларускай студэнцкай моладзі міжваеннай пары з'яўляюцца ўспаміны былых дзеячаў студэнцкага руху. Існуюць надрукаваныя ўспаміны колішніх сяброў БСС, якія пасля вайны апынуліся на эміграцыі, таксама апошнім часам у свет выйшлі мемуары беларускіх дзеячаў падрыхтаваныя нашымі гісторыкамі з замежжа: Антона Шукелойца [48], Марыяна Пецюкевіча [52], Алены Катковіч і Веранікі Катковіч-Клентак [29], Баляслава Грабінскага [20], Язэпа Малецкага [35], Віктара Ярмалковіча [32], Леаніда Галяка [16], Мітрафана Рэпкі-Смаршчка (Анатоля Бярозкі)[4]. Выдадзеныя шэраг зборнікаў твораў і прац былых прадстаўнікоў студэнцкага руху, дзе ва ўступных словах падаецца асноўныя этапы жыцця і дзейнасці гэтых дзеячаў, як то творы Станіслаў Грынкевіч [15], выбраныя працы Вітаўта Тумаша [73], вершы Анатоля Бярозка [3], публіцыстыку Яўгена Бартуля [2] і Янкі Шутовіча [102]. Прысвечана беларускаму нацыянальнаму руху, у тым лікі і студэнцкаму, выдадзенай яшчэ ў час нямецкай акупацыі кніжка Язэпа Найдзюка, Івана Касяка [40], непасрэдных удзельнікаў тых падзей, Касяк да таго ж быў актыўным членам БСС.

Такім чынам, наяўны комплекс крыніц і навуковай літаратуры, датычных заходнебеларускага руху у міжваеннай Польшчы, дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і ўдзелу яго сяброў у нацыянальным жыцці краю, дае нам магчымасць для правядзення больш глыбокага даследаванне гэтай тэмы.

2. БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ: АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ

У 1919 годзе адбылося аднаўленне дзейнасці Віленскага універсітэта, які быў зачынены расейскімі ўладамі яшчэ ў 1832 г. Аднаўленне славутае Віленскае акадэмічнае традыцыі сталася значнай падзеяй ў культурна-асветніцкім жыцці ўсяго рэгіёну. З гэтай пары беларускія жыхары ІІ Рэчы Паспалітай зноўку змаглі атрымоўваць вышэйшую адукацыю не толькі па-за межамі краіны ці ў Польшчы, але і непасрэдна ў сваім крае. Віленскі універсітэт стаў месцам прыцягнення беларускай студэнцкай моладзі з розных куткоў "усходніх крэсаў". Апынуўшыся ў Вільні, якая на той час з'яўлялася цэнтрам культурнага і грамадска-палітычнага жыцця Заходняй Беларусі згуртаванне студэнтаў-беларусаў ахвотна ўцягвалася ў працу на ніве беларускай справы. Такім чынам пад уплывам нацыянальнаскіраванага асяроддзя Вільні, але адначасова ва ўмовах польскага універсітэта паўстае беларускі студэнцкі рух.

Менавіта таму першы раздзел дадзенай працы мы прысвецім разгляду гісторыі беларускага руху ў Вільні ў міжваенны час. Веданне кантэксту ў якім адбывалася станаўленне і развіццё моладзевага беларускага руху дасць нам матэрыял для аналізу дзейнасці саміх студэнцкіх арганізацыяў, дапаможа высветліць тыя фактары і акалічнасці, якія ўплывалі на скіраванаць працы арганізацыяў і іх палітычную пазіцыю. Вядома, што цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця беларусаў у міжваенны час была Вільня, якую можна лічыць непрызнанай сталіцай Заходняй Беларусі. Усе значныя падзеі ў грамадска-палітычным і культурна-асветніцкім жыцці не маглі мінуць увагу віленскай беларускай моладзі, а наадварот прыцягвалі і заахвочвалі да непасрэднага ўдзелу. Таму можна казаць, што беларуская студэнцкая супольнасць была не проста аб'ектам, але з'яўлялася непасрэдным суб'ектам нацыянальнага руху і той разнастайнай дзейнасці, якая была шырока разгорнутая беларускімі арганізацыямі і партыямі міжваеннага перыяду.

2.1. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у 1919-1927 гг.

Як ужо згадвалася Віленскі універсітэт быў адчынены ў 1919 г., а першая беларуская студэнцкая арганізацыя пры гэтым універсітэце ўзнікла ў канцы 1921 г. Такім чынам за два гады быў назапашаны патэнцыял у асяроддзі беларускай моладзі УСБ для пераходу да актыўнай дзейнасці. Аднак чым абумоўлены быў гэты выбух студэнцкай актыўнасці? Час паміж 1919 і 1922 годам быў няпросты як для беларускага руху так і незалежнай польскай дзяржавы.

У 1919 годзе цэнтрам адзінага беларускага нацыянальнага руху заставаўся Мінск. 13 снежня 1919 года па прычыне рознага бачання ролі Польшчы ў беларускім пытанні здарыўся раскол у Радзе БНР. Адна яе частка, дзе пераважалі эсэры, прызнала немагчымасць супрацоўніцтва з Польшчай і перабралася ў Коўну. Другая ж частка Рады не пераставала верыць у магчымасць паразумення з Польшчай і ўтварыла г.зв. Найвышэйшую раду, якая, хоць і не прызнавалася польскімі ўладамі, заставалася ў Мінску. Такім чынам, сярод беларускіх дзеячаў паўстала канфліктная сітуацыя, раслі ўзаемныя абвінавачванні і нараканні ў згодніцтве з Польшчай або Літвой, што ў рэшце рэшт канчаткова спаралізавала і без таго невялікія сілы і дэвальвавірала іх вагу ў вачох польскага ўрада.

Аднак нягледзячы на цяжкасці палітычнага становішча на 1919 год намаганнямі беларускіх дзеячаў былі дасягнуты значныя поспехі ў галіне асветы і адукацыі. Аплотам асветніцкай дзейнасці былі Педагагічны інстытут і часовы Беларускі нацыянальны камітэт, вакол якога гуртаваліся прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, настаўнікі, літаратары, артысты, гаспадарчыя дзеячы ды інш. Дадзеныя ўстановы асаблівую ўвагу звярталі на арганізацыю школьніцтва. Рэктарам Беларускага педагагічнага інстытута ў Мінску быў Вацлаў Іваноўскі, дзякуючы асабістым заслугам якога дадзеная ўстанова мела вялікі плён. У склад выкладчыкаў уваходзілі выдатныя мовазнаўцы - Я. Карскі і Б. Тарашкевіч, гісторык Ігнатоўскі ды інш. [76, c. 203-205]

Інстытут закладаў падмурак для арганізацыі пачатковага і сярэдняга школьніцтва, настаўніцкіх курсаў, а таксама для створанай у жніўні 1919 г. Беларускай цэнтральнай школьнай рады, якая праз сваіх інструктараў ажыццяўляла нагляд за развіццём школьнай справы ў правінцыі. У рамках рады быў арганізаваны выдавецкі аддзел, які адразу ж распачаў выданне школьных падручнікаў і мастацкай літаратуры. Пра вынікі гэтай працы сведчаць факты: калі на пачатку 1919-20 навучальнага году ў Мінскай акрузе было ўсяго толькі 8 беларускіх пачатковых школаў, дык пад канец таго ж году іх колькасць павялічылася да 233, апрача таго былі створаныя дзве гімназіі - у Мінску і Слуцку [76, c. 207]. Агульная колькасць вучняў гэтых школаў дасягнула 12947. У Мінску паўстаў беларускі тэатр пад кіраўніцтвам выдатнага драматурга Ф. Аляхновіча і хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, а ў правінцыі - шматлікія мастацкія калектывы і культурна-асветніцкія гурткі [19, c.430].

Як мы бачым, дасягненні ў сферы адукацыі і культуры на пачатак 1920 году былі значнымі. Нават можа уражваць такі размах культурна-асветніцкая дзейнасць на той час у Беларусі, бо гэтыя паказчыкі перавышалі беларускія заваёвы на Міншчыне падчас нямецкай акупацыі. Дадзеныя поспехі зрабіліся магчымымі дзякуючы самаадданай працы беларускіх дзеячаў і таму ўздыму нацыянальнай і дэмакратычнай свядомасці, які назіраўся падчас Першай сусветнай вайны і развалу Расейскай імперыі ды паўставанню рэвалюцыйных рухаў.

Відавочна, што на момант адкрыцця УСБ на Беларусі была падрыхтавана поле для развіцця як сярэдняй, так і вышэйшай адукацыі, існавала вялікае запатрабаванне ў адукацыі і культуры, а галоўнае быў магутны патэнцыял, якому, на жаль, не дадзена было рэалізавацца па сродкам уласнай нацыянальнай асветы. То бок дзякуючы вялізнай сетцы пачатковых школаў, сярэдніх навучальных устаноў і настаўніцкіх курсаў было падрыхтавана вялікая колькасць таленавітай беларускай моладзі, якой патрабавалася далейшае навучанне ў вышэйшых школах, але па волі лёсу ўзнікненне беларускага нацыянальнага універсітэта не адбылося, як і не атрымалася абараніць дзяржаўны суверэнітэт.

Ва ўмовах заціснутага паміж Варшавай і Масквой становішча, тая частка беларускага руху, што засталася ў Мінску пайшла на перамовы з Польскім урадам. Беларусы мроіліся ідэяй федэралісцкага вырашэння адносінаў Польшчы і Беларусі. Аднак улетку 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў наступ і выцесніла польскія войскі з Беларусі. 12 ліпеня было зацверджана Савецка-літоўскае пагадненне, паводле якога Вільня і беларуская частка Віленшчыны адышлі да Літвы, а 30 ліпеня зноўку была абвешчана Беларуская ССР у складзе толькі 18 паветаў. Калі ў сярэдзіне жніўня Чырвоная Армія была разбітая пад Варшавай, польскія войскі зноў рушылі на ўсход і неўзабаве занялі 12 паветаў новаўтворанай БССР уключаючы і Мінск. Наступаць далей яны не захацелі. Нарэшце, пачаліся мірныя перамовы [76, c. 206].

8 кастрычніка 1920 г генерал Л. Жалігоўскі па загаду Ю. Пілсудскага рушыў на чале літоўска-беларускай дывізіі на Вільню і ўжо назаўтра заняў гэты горад. 12 кастрычніка ён абвясціў стварэнне новай дзяржавы - Сярэдняй Літвы - і стварыў яе ўрад г.зв. Часовую кіруючую камісію. У управу дадзенай камісіі уваходзілі і беларускія дзеячы: Вацлаў Іваноўскі быў дырэктарам дэпартаменту забеспячэння, а Браніслаў Тарашкевіч кіраўніком аддзелу беларускага школьніцтва ў дэпартаменце асветы. Беларусаў прываблівала канцэпцыя Сярэдняй Літвы, як дзяржавы падзеленай у адпаведнасці з нацыянальнай структурай насельніцтва на тры кантоны: Віленскі, Мінскі і Ковенскі з супольным краёвым сеймам у Вільні.[76, c. 207] Аднак па вынікам Рыжскіх перамоваў ідэя беларускага кантону была пахавана, як і перспектыва федэрацыйнага рашэння. Пераважная большасць польскай дэлегацыі ў Рызе адмыслова заблакавала разгляд пытання аб далучэнні Міншчыны да Польшчы.

Застаўшаяся Сярэдняя Літва ператварылася ў мікраскапічную дзяржаву плошчай 15 тыс. кв. км ды паўмільённым насельніцтвам. Яна не здолела адыграць ролю падмурка Вялікага Княства Літоўскага і была няздольнай да самастойнага існавання. Інкарпарацыя гэтай дзяржавы ў Польшчу рабілася пытаннем часу.

Аднак трэба адзначыць, што ў перыяд 1920-1922 гг. Сярэдняя Літва ператварылася ў месца даволі прыхільнае для развіцця беларускага руху. Найбольш спрыяльныя для яго развіцця ўмовы прыпалі на час перад выбарамі ў Віленскі сойм на тэрыторыі Сярэдняй Літвы. Тагачаснае палітычнае становішча і імкненне не раздражняць няпольскія нацыянальнасці давалі беларускім дзеячам гарантыю беспакаранага правядзення сваёй палітыкі. Таму ў гэты час пункт цяжару беларускай палітычнай кампаніі пераносіцца ў Вільню. Фактычна з гэтага моманту вылучаецца асаблівае віленскае беларускае асяроддзе, асобнае ад мінскага і ковенскага, якое ўвасабляецца ў яскравай супольнасці нацыянальных дзеячаў, якія разгорнуць беларускі рух на Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай.

У 1920 г. распачаў сваю актыўную дзейнасць Віленскі саюз кааператываў які узначаліў В. Іваноўскі. Апроч непасрэднай практычнай функцыі саюз нёс на сабе яшчэ і вялікую грамадскую нагрузку. Ён пакрыў густой сеткаю сваіх аддзелаў усю Віленшчыну. Папулярызацыя кааператыўнага руху ішла шляхам агітацыі праз чытанне рэфератаў і лекцый, выдання кааператыўнага часопіса, і адмысловай літаратуры, ішла падрыхтоўка інструктараў. Усё гэта намаганні былі павінны ўзняць узровень агратэхнічных ведаў, дапамагаць адбудове зруйнаваных падчас вайны гаспадарак і падвысіць матэрыяльны стан сялянства. Дзейнасць Саюзу фактычна была скіравана на развіццё беларускіх кааператываў , бо яны стваралі важную базу для актывізацыі беларускага нацыянальнага жыцця ў рэгіёне.[74, c. 43] Паводле звестак ІІ аддзелу Генеральнага штабу Войска польскага Саюз быў непасрэдна звязаны з віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам, для якога і рыхтаваў рэгіянальную арганізацыйную сетку. [28, c. 199] У канцы 1920 г. польскія ўлады абвінавацілі саюза ў беларускім сепаратызме і зрабілі такія адміністрацыйныя захады, якія пазбавілі Саюз магчымасць нармальна функцыянавання, што фактычна прывяло да спынення яго дзейнасці.

Пасля Рыжскай дамовы беларускі рух апынуўся на раздарожжы, якое ставіла перад ім патрэбу выбару далейшага шляху развіцця. Цяжкасць дадзенага выбару была абумоўлена давалі складанымі варункамі ў якія паставіла беларусаў тая ж дамова. Беларускі рух быў падзелены межамі новаўтвораных дзяржаў і кожная асобная плынь бачыла далейшае развіццё як самога руху так і будучыні ўсёй краіны па-свойму. У Вільні сутыкнуліся прадстаўнікі розных палітычных кірункаў і поглядаў, частка віленскіх дзеячаў рабіла стаўку на супрацоўніцтва з Польшчай і на атрыманне пэўных саступках з боку яе ўрада на ўмовах узаемапаразумення; тут жа ж былі паслядоўнікі левага кірунку, якія звязвалі далейшы лёс Беларусі ў яднанні з БССР шляхам рэвалюцыйнай барацьбы; распаўсюджвалі свае ідэі ў Вільні прадстаўнікі эміграцыйнага ўрада БНР, якія ўяўляў Беларусь вольную ад усялякіх захопнікаў і заклікалі на ўзброенную барацьбу; у віленскім асяроддзі праводзілі сваю дзейнасць і прыхільнікі больш памяркоўнага цэнтрысцкага кірунку, якія стаялі на дэмакратычных пачатках і за найлепшае для будучыні краю лічылі паслядоўную выніковую грамадскую і культурную дзейнасць на карысць Беларусі. У гэты вір разнастайных палітычных плыняў было зацягнутае ўсё беларускае грамадства Віленшчыны. Не выключаным з гэтага працэсу было і беларускае студэнцтва, таму што, па-першае, моладзевае асяроддзе для беларускіх партыяў уяўлялася месцам адкуль можна было чэрпаць свежыя сілы для мабілізацыі на барацьбу, а, па-другое, падтрымліваемы моладзевымі арганізацыямі палітычны рух атрымліваў дадатковы палітычны капітал і значную вагу. Можна меркаваць, што моладзь актыўна ўдзельнічала ў грамадскай працы на Віленшчыне і прымала непасрэдны ўдзел у палітычнай барацьбе, якая была разгорнутае паміж рознымі палітычнымі сіламі за лідэрства ў беларускім руху, пры гэтым тое ж палітычнае асяроддзе, якое існавала ў міжваеннай Вільні і разнастайныя яго плыні са свайго боку таксама ўплывалі на ўнутранае жыццё беларускай студэнцкай супольнасці.

Пасля інкарпарацыі Сярэдняй Літвы ў Польшчу па вынікам Віленскага сейму 22 лютага 1922 г. (ад удзела ў якім беларускія прадстаўнікі адмовіліся) усялякая надзея на аўтаномію ці федэралізм Беларусі была страчана. Акрамя таго перасталі існаваць тыя прыхільныя ўмовы для развіцця беларускай справы якія меліся ў Вільні падчас дзеяння ўрада Сярэдняй Літвы. З гэтага часу Віленшчына рабілася часткай Польшчы і падпарадкоўвалася адпаведна польскаму ўраду, які ў сваю чаргу вельмі "скептычна" адносіўся да спраў нацыянальных меншасцяў.

Як ужо ўзгадавалася, апынуўшыся ў рэаліях польскай дзяржавы беларускі рух не захаваў адзінства ў пытанні вырашэння беларускай справы ў новых варунках. Фактычна, далейшае развіццё руху характарызуецца змаганнем і канкурэнцыяй паміж рознымі палітычнымі кірункамі, альбо адносна паспяховымі спробамі дамінавання той ці іншай плыні над астатнімі.

Агульным для ўсіх беларускіх нацыянальных партыяў і груповак была ідэя стварэння незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Аднак спосабы і метады дасягнення дадзенай мэты для розных груповак бачыліся па рознаму, адрозніваліся і стаўлення да стасункаў з польскімі ўладамі. Адну з палітычных плыняў прадстаўляла Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (беларускія эсэры), на чале якой стаялі Ф. Грыб, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, А. Цвікевіч, ды інш. Партыя ставіла сваёй мэтай правядзенне дэмакратычных пераўтварэнняў - зямельнай рэформы, дасягненне палітычных свабодаў, нацыянальнага раўнапраўя, утварэння незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. У адносінах да польскага ўрада беларускія эсэры заставаліся ў апазіцыі. У пачатку 1920-х гг. Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) была найбольш уплывовай з сацыялістычных партыяў у Заходняй Беларусі. Яна абапіралася на бяднейшыя і сярэднія пласты сялянства, беларускую інтэлігенцыю, разгарнула ўзброеную барацьбу супраць польскіх улад. [19, c. 383]

На блізкіх да БПС-Р пазіцыях стаяла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), якую узначальвалі А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, В. Іваноўскі, Ф. Трэпка, Л. Дубейкаўскі ды інш. Яны мелі друкаваны орган - газету "Наша будучына". Аднак у адрозненні ад БПС-Р у сваёй палітычнай барацьбе гэтая партыя карысталася пераважна дэмакратычнымі парламенцкімі метадамі. Электарат партыі складала пераважна беларуская нацыянальная інтэлігенцыя. Сцэнар развіцця краю лідэрам партыі бачыўся ў захаванні дробнай сялянскай гаспадаркі, аб'яднанай у кааператывы і саюзы. Партыя выступала за дэмакратычныя свабоды, 8-гадзіннага рабочага дня, усеагульнага выбарчага права. Адной з асноўнай задач сацыял-дэмакраты таксама ставілі стварэнне незалежнай беларускай рэспублікі, што ахапіла б усе землі, заселеныя пераважна беларусамі, істотнае месца ў мэтах партыі займала развіцця беларускай культуры. Гэтая партыя была найбольш нацыянальна афарбаванаю і вылучалася культурна-асветніцкую заангажаванасьцю ў сацыялістычным крыле беларускага руху, бо на яе чале стаялі найвыбітнейшыя сілы беларускай інтэлігенцыі. [19, c. 384]

Адной з найбольш арганізаваных нацыянальна-дэмакратычных партый Заходняй Беларусі была Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А. Станкевіч. В. Гадлеўскі ды інш. Менавіта таму, што заснавальнікамі і кіраўнікамі партыі былі прадстаўнікі каталіцкага духавенства і што на сваім пачатковым этапе арганізацыя абмяжоўвалася клерыкальна-дэмаратычнымі ідэямі, за БХД замацавалася стэрэатыпнае ўяўлення як пра строга клерыкальную партыю [1]. Аднак ад самага пачатку імкнулася пашырыць сваю ідэалагічную платформу, адпаведна павялічыць свае ўплывы на ўсё беларускае грамадства. У сваім развіцці партыя прайшла пэўны эвалюцыйны шлях. Зведаўшы некалькі змен сваіх праграм, яна здолела пераадолець вузкаканфесійны характар, стала на нацыянальна-незалежніцкіх і агульнахрасціянскіх пазіцыях. Ідэалагічным апірышчам стаў ідэал незалежнасці, які не пярэчыў хрысціянскім догмам, у адрозненні ад разнастайных радыкальных кірункаў.

У сваёй палітыцы БХД прытрымлівалася ідэя сацыяльнай роўнасці, характэрная для большасці нацыянальных ідэалогій. Яна выступала за дэмакратычныя свабоды, адстойвала асновы дэмакратычнага ладу, такія як захаванне прыватнай уласнасці, роўнасці перад законам, усеагульнага выбарчага, права мясцовага самакіравання. БХД таксама патрабавала правядзення зямельнай рэформы (з выкупам) на карысць мясцовым сялянам.. БХД прынцыпова выступала супраць аддзялення царквы ад дзяржавы і школы ад царквы, дамагалася хрысціянскага выхавання дзяцей у школах. Яна стаяла на пазіцыі абароны нацыянальных правоў, ставіла задачу стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. [19, c.384]

Менавіта спалучэнне нацыянальнай ідэі з хрысціянскімі і дэмакратычнымі каштоўнасцям і строгая незалежніцкая пазіцыя дазволіла партыі хадэкаў прайсці праз выпрабаванні 20-30-х гг. і зрабіцца адной з магутных і трывалых беларускіх партый, пазбегнуць тых ператрусаў, які зведалі на сваёй гісторыі сацыялістычныя і паланафільскія кірункі. БХД стаяла на пазіцыях антаганізму як да камуністычнай лініі, так і да паланафільскіх арганізацыяў. Як тыповая дэмакратычная партыя, БХД цалкам арыентавалася на эвалюцыйны шлях развіцця і парламенцкую форму барацьбы.

Яскравай асаблівасцю, што вылучала БХД была адданая і зацятая праца на культурна-асветніцкай ніве. БХД разглядала культурнае пытанне не як пляцоўку для папулісцкіх і прапагандысцкіх выступленняў з мэтай падвышэння ўласнай палітычных вагі, а як поле цяжкай штодзённай працы, як хрысціянскі доўг заступніцтва над народнай культурай і асветай. Гэтым БХД прываблівала да сябе масы. Асабліва ў 30-я ў часы гвалтоўнай паланізацыі. У гэты перыяд БХД згуртавала вакол сябе нацыянальна-культурныя сілы, асноўныя матэрыяльныя сродкі партыі кідаліся менавіта на культурніцкія праекты, найперш друк і асвету. Партыя была адным з цэнтраў выдавецкай дзейнасці ў Заходняй Беларусі, мела сваю друкарню і кнігарню, падтрымлівала літаратурныя і маладзёвыя выданні. Асобна важнай галіной была адукацыі, БХД прыкладала шмат намаганняў каб пашырыць асвету сярод беларускіх дзяцей і моладзі, падтрымлівала беларускія гімназіі і непасрэднай навучэнцаў. Усё гэта не магло не прывабліваць да сябе нацыянальна свядомую моладзь, якая прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-культурных праектах БХД. Ідэалы незалежнасці і самаадданай працы на ніве нацыянальнага адраджэння БХД, не маглі не прывабліваць нацыянальна арыентаваныя беларускія студэнцкія арганізацыі, якія ў сваіх статутах абвяшчалі мэтай сваёй дзейнасці пашырэнне нацыянальнай свядомасці і працу ў культурна-асветніцкай галіне.

У канцы кастрычніка 1923 г. у Вільні адбылася канферэнцыя камуністычных арганізацыяў краю, якая абвясціла стварэнне Камуністычнай партыі заходняй Беларусі (КПЗБ) як складной часткі Кампартыі Польшчы (КПП). КПЗБ распаўсюджвала сваю дзейнасць на ўсходнія ваяводствы Польшчы з пераважным беларускім насельніцтвам, а менавіта: Віленскае, Навагрудскае, Палескае і большую частку Беластоцкага ваяводства, частку Высока-Мазавецкага павета. Мэтамі КПЗБ былі: барацьба за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Заходняй Беларусі і ўз'яднанне яе з БССР. Партыя павялічвала ўплыў на фарміраванне палітычных настрояў працоўных, садзейнічала развіццю і радыкалізацыі нацыянальна-вызваленчага руху. Адбываўся колькасны рост партыі з пачатковага 528 чалавек - у канцы 1924 г. у шэрагах КПЗБ налічвалася 2296 членаў, у канцы 1927 г. - 3254 члены. Першымі арганізатарамі партыі былі С. Мертэнс (Скульскі), А. Славіньскі, С. Мілер. Сакратаром ЦК КПЗБ з 1926 па 1936 г. быў І. Лагіновіч (Павел Корчык).

Адначасова з узмацненнем камуністычнага руху і пад яго ўплывам ішло станаўленне рэвалюцыйна-дэмакратычных сілаў. Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА) утварылася ў другой палове 1922 г. з левага крыла партыі беларускіх эсэраў. Яна налічвала кала 300 членаў, пераважна з сялян і інтэлігенцыі. На чале яе стаяў І. Лагіновіч, А Канчэўскі, паэт Л. Родзевіч. Арганізацыя выдавала радыкальную газету, якая з-за пераследавання пачаргова выходзіла пад назвай "Новае жыццё", "Наш сцяг", "Вольны сцяг", "Змаганне". У сваёй арыентацыі не адступала ад ідэі змагання з польскай акупацыяй і сімпатыі да БССР. Праз галету і непасрэдную агітацыю абуджала ў насельніцтва Заходняй Беларусі сацыяльную і нацыянальную свядомасць. БРА ўтваралася як рэвалюцыйна-дэмакратычная і нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, пастулатамі якой былі: канфіскацыі памешчыцкіх землеўладанняў і перадачы яе без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, спынення асадніцтва і каланізацыі заходнебеларускіх зямель, стварэння рабоча-сялянскага ўрада, самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у адзінай рабоча-сялянскай рэспубліцы. Да канца 1923 г. БРА ператварылася ў левасацыялістычную арганізацыю. Бо па ўсіх асноўных пытаннях яе пазіцыя цалкам супадала з ўстаноўкамі камуністычнага руху краю. Пасля канферэнцыі камуністычных сілаў у Вільні ў снежні 1923 г., на якой былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА і КПЗБ, рэвалюцыйная арганізацыя ўлілася ў склад КПЗБ. [19, c. 381-383]

Радыкальныя арганізацыі на працягу міжваеннага часу мелі багата сваіх аматараў. 20- 30-я гады грамадства ліхаманіла на фоне разнастайных эканамічных і палітычных узрушэнняў, якія перажывалі маладыя дзяржавы Усходняй Еўропы. Не выключэннем была і Польшча. Нестабільнасць эканомікі, спробы рэформ, фінансавы крызіс і яго наступствы - ўсё гэта выклікала абурэнне ў грамадстве, што кідала найбольш пацярпелыя ад гэтых закалотаў сацыяльныя групы да радыкальных форм змагання. Асабліва жыва перажывала ўсе перамены моладзь. У сітуацыі эканамічнага і ідэалагічнага крызісу, які суправаджаўся адчуваннем суцэльнай бязвыхаднасці, нават польская моладзь далучалася да радыкальных палітычных плыняў, не кажучы ужо пра беларускую, якая паходзіла з сацыяльных нізоў і была нацыянальнай меншасцю.

Свой уклад у абарону нацыянальных інтарэсаў уносіла і культурна-асветніцкая арганізацыя - Таварыства беларускай школа. У пачатку 1920-х гг. яно існавала толькі на Віленшчыне, але паступова яно пашырала свой уплыў на ўсю Заходнюю Беларусь.Спачатку дзейнасць ТБШ насіла лаяльны характар да ўлад Польшчы. На паседжанні Беларускай цэнтральнай школьнай рады ў Вільні 26 лютага 1921 г. быў адобраны праект статута ТБШ. Заснавальнікі арганізацыі беларускага школьніцтва Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч, Ф. Аляхновіч, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Станкевіч задачай таварыства бачылі "пашырыць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу". Каля вытокаў ды інш. [101, c. 259]. Кіраўнікі і актывісты ТБШ пазбягалі палітычных метадаў і сродкаў змагання, яны выключна былі прыхільнікамі асветніцтва.

Прынятая польскім сеймам канстытуцыя 1921 г. гарантавала правы нацыянальным меншасцям толькі фармальна. Вельмі хутка пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ўлады пачалі знішчаць беларускае школьніцтва на Віленшчыне. Урад спыніў фінансавую падтрымку, паколькі існаванне гэтых школ палічыў спрэчным з інтарэсам дзяржавы. Пад уздзеяннем агітацыі нацыяналістычных груповак у беларусаў была адабрана большасць асветных устаноў. У іншых ваяводствах беларускія школы былі закрыты на пачатку 1921 г. [101, c. 264]

Беларускія палітыкі не мелі між сабою згоды ў справе выпрацоўкі адзінай пазіцыі ў адносінах да той прыкрай сітуацыі, якую на населенай беларусамі тэрыторыі стваралі польскія ўлады. Прыхільнікі парламенцкага змагання Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, ксёндз А. Станкевіч, А. Смоліч, Л. Дубейкаўскі, Э. Будзька, Ф. Ярэміч - лічылі, што гэта адзіны шлях да абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў што ва ўмовах нездзяйснення нацыянальных памкненняў, паражэнняў у галіне будовы сваёй дзяржавы і раздзелу Беларусі. Прадстаўнікі гэтай плыні, аснову якой складала беларуская інтэлігенцыя, найпершай задачай у захаванні і пашырэнні нацыянальнай ідэі зыходзілі з прагматычных мэтаў: пашырэнне асветы і змаганні за адукацыю на роднай мове, стварэнне вытворчых кааператываў, удзел у парламенцкіх выбарах. Лідэры дадзенага кірунку былі перакананы, што парламенцкія выбары павінна значна паўплываць на абуджэнне ў беларускіх масах нацыянальнай самасвядомасці і на іх грамадскую актывізацыю [51, c.21]. Прыхільнікі пошукаў пагаднення з палякамі дэмакратычным і парламенцкім чынам, вясною 1921 г. утварылі Беларускі палітычны камітэт (БПК). Зыходзілі з меркавання, што змаганне з польскай дзяржавай можа толькі пагоршыць сітуацыю БПК супрацьборства на тэрыторыі Польшчы з уплывамі эміграцыйнага ўрада Вацлава Ластоўскага. Так як БПК быў неафіцыйным утварэннем, афіцыйна інтарэсы гэтай групы прадстаўляў віленскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). [39, c. 83]

У красавіку 1922 г. пры БНК была створана Палітычная камісія, якую састаўлялі Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч і Вячаслаў Багдановіч, задачамі якой было вызначэнне формулы пераходу да працы на грунце польскай дзяржаўнасці і выпрацоўка праграмы выбарчай кампаніі ў Варшаўскі сейм. Такім чынам гэтымі дзеячамі была выпрацавана ідэя адстойвання беларускіх нацыянальных інтарэсаў шляхам дэмакратычных формаў змагання, якія на той момант меліся ў Польскай дзяржавай і прадстаўляліся дзейсным механізмам.

Іншую пазіцыю ў адносінах да польскай дзяржавы прадстаўлялі дзеячы верныя эміграцыйнаму ўраду БНР на чале з В.Ластоўскім у Коўне. Яшчэ ў 1920 г. паміж урадам БНР у выгнанні і ўрадам Літоўскай Рэспублікі была падпісана дамова, згодна з якой беларусы абавязваліся знаходзіцца на баку Літвы ў час яе канфлікту з Польшчай і аддавалі ў яе распараджэнне свае вайсковыя фарміраванні. Літоўцы за гэта пагаджаліся аказваць беларусам матэрыяльную і дыпламатычную падтрымку. Згодна з гэтымі пагадненнямі беларускія сілы мусілі выступіць на баку Літвы ў супрацьборстве з Польшчай. Пры станоўчым вырашэнні гэтага змагання ў бок Літвы, беларускія тэрыторыі планавалася ўключыць у склад Літоўскай дзяржавы, але на правах аўтаноміі. Гэтая ідэя набыла папулярнасць у 1920-1921 гг. у беларускіх колах. На гэтай ідэі аднаўлення беларускай дзяржаўнасці ў складзе Літоўска-Беларускай саюза нават адбылося кароткачасовае яднанне беларускіх сілаў, гэтую ідэю пэўны час падтрымлівала і БНК. Менавіта з гэтай прычыны агульным фронтам беларусы сумесна з літоўцамі байкатавалі выбары ў Віленскі сейм. Аднак літоўцы пасля правалу выбараў не лічылі патрэбным надалей рабіць нейкія шырокія жэсты ў бок беларусаў, а памер зробленых імі саступак больш не мог задаволіць беларускі віленскі асяродак, які не дапускаў і радыкальных метадаў, на якія відавочна штурхаў урад БНР літоўскі бок. Урадам Ластоўскага ж не разрываў адносіны з Літвой і ішоў на рашучыя меры ў вырашэнні нацыянальнага пытання.

26 верасня 1921 г. па ініцыятыве прэм'ера ўрада Вацлава Ластоўскага ў Празе адбылася Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў партый сацыялістычнага кірунку: Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, нацыянал-сацыялістаў і беспартыйных дзеячаў. Асноўную вагу тут складалі дэлегаты БПСР. На канферэнцыі абмяркоўваліся наступная планы дзеянняў ў новых палітычных варунках. Канферэнцыя сваёй рэзалюцыі пастанавіла, што Беларусь павінна быць непадзельнай і незалежнай дзяржавай. Адзінай легальнай уладай абвяшчаўся ўрад БНР, Рыжская дамова трактавалася як гвалтоўны акт аб падзеле Беларусі дзвюма суседнімі дзяржавамі, якія ўсталявалі акупацыйны рэжым па абодвух баках рыжскай мяжы. Рэзалюцыя заклікала да барацьбы з акупацыйнымі сіламі любымі сродкамі і магчымасцямі. "Кожнага, хто прызнае рыжскі дагавор, трэба прызнаць ворагам беларускага народа", - заявілі ўдзельнікі канферэнцыі.[39, с. 84-85]

Таму дзеячы, звязаныя з урадам БНР, адкідалі ўсялякую магчымасць нават ускоснага прызнання дзяржаўнасці Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі і выказваліся за правядзенне ўзброенай барацьбы. Хаця ўсе прынятыя ў Празе дакументы аднолькава адмоўна ацэньвалі польскі і савецкі бакі, аднак партызанскі рух на практыцы арганізаваны быў толькі на заходнім баку рыжскай мяжы. Праўдападобна так дзеялася па волі літоўскіх і нямецкіх пратэктараў урада Ластоўскага. Менавіта Нямеччына і Літва падтрымлівалі фінансава і забяспечвалі зброяй і амуніцыяй узнікаючыя беларускія партызанскія атрады. У 1922 г. з невялікіх узброеных груп былі ўтвораны тактычныя фарміраванні, якія павінны былі праводзіць паўстанцкую акцыю з надзеяй на хуткі польска-літоўскі канфлікт. Дзейнічаў Паўстанцкі камітэт, быў створаны Галоўны беларускі штаб, які кіраваў беларускай паўстанцкай арганізацыяй у Польшчы (які месціўся верагодна ў Вільні). Таксама ў гэты час даволі шырока разгарнулася дзейнасць партызанскіх груп, арганізаваных камуністамі ці блізкімі да іх сіламі. З вясны 1922 г. партызанскія групоўкі перайшлі да актыўных дзеянняў. [101, c. 260-261] У 2-ой палове 1922 г. з вылучыўшыся з левае крыло партыі беларускіх эсэраў БРА выступіла за рэвалюцыйную барацьбу на аснове саюзу рабочых і сялян. У адказ польскія ўлады распачалі карныя мерапрыемствы па вынішчэнню партызанскага руху.

Магчымасць партызанскай барацьбы, марнай і безвыніковай па сваёй сутнасці, была цалкам перакрэслена 15 сакавіка 1923 г., калі Савет Лігі Нацый прызнаў усходнія межы Польшчы з СССР і Літвой. Перспектыва польска-літоўскай вайны стала нерэальнай. Гэта азначала пра знікненне падтрымкі літоўскага ўрада для беларускага асяродку ў Коўне, што прывяло да неабходнасці пераносу структур БНР у Берлін, а затым у Прагу. Спагадлівае стаўленне тагачаснай Чэхаславатчыны да беларускага руху, ператвары сталіцу гэтай краіны ў другой палове дваццатых гадоў галоўны цэнтр беларускай палітычнай эміграцыі.[39, c. 86] Прэферэнцыі чэхаславацкага ўрада для беларускіх студэнтаў прыцягнулі на навучанне ў Карлаўскі універсітэт вялікую групу беларускай моладзі, якая далучылася да грамадска-палітычнай працы нараўне са старэйшымі прадстаўнікамі беларускай эміграцыі.

Па сакавіцкай канстытуцыі 1921 г. Польшча абвяшчалася унітарнай парламенцкай рэспублікай. На 5 лістапада 1922 г. прызначаліся выбары ў польскі сейм. Дзякуючы сумесным намаганням беларускімі дзеячамі віленскага асяроддзя была выпрацавана агульнадэмакратычная платформа і створаны Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт на чале з А. Луцкевічам. У выніку, першы ў гісторыі арганізаваны ўдзел у парламенцкай выбарчай кампаніі завяршыўся для беларускіх арганізацый значным поспехам: беларусы атрымалі 11 мандатаў у Сейме і 3 у Сенаце Рэчы Паспалітай. Дэпутаты абедзвюх палат польскага парламента заснавалі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч. Суполку беларускіх парламентарыяў складалі: Аляксандр Уласаў, Вячаслаў Багдановіч, Міхал Кахановіч, Аляксандр Назарэўскі. У пасольскі клуб уваходзілі прадстаўнікі беларускіх сацыял-дэмакратаў Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Фабіянам Ярэмічам і сам Тарашкевіч. Дэпутатам Сейма стаў прадстаўнік беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. [101, c. 265-266] У выніку выбараў беларуская супольнасць у Польшчы заснавала сваё парламенцкае прадстаўніцтва, якое ў хуткім часе зрабілася цэнтрам нацыянальнага руху Заходняй Беларусі.

У студзені 1923 г. беларускія паслы выступілі з канкрэтным праект культурнай аўтаноміі для беларусаў. Дэпутаты высунулі наступныя патрабаванні: наданне тэрытарыяльнай аўтаноміі Заходняй Беларусі, правядзення зямельнай рэформы, ліквідацыі вайсковага асадніцтва, дзяржаўнай дапамогі ў адбудове зруйнаваных вайной гаспадарак, дапушчэння беларускай мовы ў дзяржаўныя ўстановы, увядзення дэмакратычных органаў мясцовага самакіравання і г. д Аднак парламенцкія выступленні беларусаў ігнараваліся польскай сеймавай большасцю, і кожным чарговы ўрад ім не надавалася належнай ўвага, таму рэальных саступак для беларусаў дзеячы пасольскага клубу так і не дамагліся. [39, c.90]

Непераадольныя цяжкасці легальнай палітычнай дзейнасці, з якімі сутыкнуліся беларускія паслы выклікала велізарнае расчараванне і прымушалі шукаць больш радыкальныя сродкі барацьбы. Позіркі беларускага руху паварочваюцца на ўсход да краіны Саветаў. Там у савецкай Беларусі набірае абарачэнні беларусізацыя. Яна здаецца цудам росквіту ўсяго беларускага, пад лозунгам - наданне савецкім нацыям права на самавызначэнне аж да поўнага дзяржаўнага аддзялення. Савецкае кіраўніцтва праводзіць паказальныя акцыі свайго лаяльнага стаўлення да нацыянальнага і культурнага развіцця БССР. Сярод дзеячаў Заходняй Беларусі пачало пераважаць добразычлівае стаўленне да гэтых станоўчых зменаў у нацыянальнай палітыцы саветаў.

12-16 кастрычніка 1925 г. у Берліне адбылася ІІ Усебеларуская канферэнцыя. На якой савецкім камуністам удалося пераканаць членаў урада БНР на чале з А. Цвікевічам прыпыніць сваю дзейнасць і прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальнага адраджэння Беларусі. Дзеячы Заходняй Беларусі і замежжа пачалі ўсё настойлівей прываблівацца на працу ў БССР. Бальшавізацыя захапіла лідэраў беларускага руху. У Мінск пераехалі А. Цвікевіч, В. Ластоўскі, за імі - іншыя нацыянальныя дзеячы. Беларускі рух і ўрад БНР заўсёды стаяў на блізкіх да сацыялістычных пазіцыях. Але стаўленне да бальшавіцкай улады яшчэ з першай сустрэчы ў 1918 г. было вельмі негатыўным, многія заходнебеларускія дзеячы адведалі "ласку" іх кантралюючых органаў. Аднак беларускі рух выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, не здолеў дабіцца сур'ёзных зрухаў нават у культурна-асветніцкай галіне ў польскага ўрада. А ў БССР быў проста разгул нацыянальнай і культурнай свабоды ў параўнанні з Польшчай. Здавалася б, калі такія вольнасці ў культурна-асветніцкай плыні, тады ідуць сур'ёзныя змены і ў савецкім кіраўніцтве, паварот да сапраўднай сацыялізацыі і дэмакратыі, тут ужо і да атрымання незалежнасці недалёка. Так, напэўна, бачылі сітуацыю беларускія дзеячы, калі ішлі на дамову з камуністамі. Паступова гэтая дамова аб супрацоўніцтве перарасла ў пэўнае падпарадкаванне заходнебеларускага руху камуністычнай партыі, кіраўніцтву з Мінска і Масквы. Такім чынам як сцвярджае гісторык сп. З.Шыбека: "так сумеснымі намаганнямі эндэкаўская Польшча і камуністычная Беларусь - адна бізуном, другая пернікам - істотна аслабілі незалежніцкую плынь у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху." [101, c. 267]

У выніку перамоваў з камуністамі 24 чэрвеня 1925 г. левыя паслы (Сымон Рак-Міхаўлоўскі, Пётр Мятла, Паўла Валошын і Юры Сабалеўскі) абвясцілі пра выхад з Беларускага клубу і стварэнні новай фракцыі - Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б. Тарашкевічам. У Беларускім пасольскім клубе засталіся тры чалавекі. Гэта былі тыя адзінкавыя якія, не паддаліся ажыятажу з боку сацыялістаў і засталіся вернымі ідэалам незалежніцкага руху (А.Станкевіч, Ф.Ярэміч і В.Рагуля). Але яны былі выключэннем. Тарашкевіч і яго паплечнікі пайшлі на поўнае супрацоўніцтва з камуністамі, увайшоўшы нават у шэрагі КПЗБ.

Праграма БСРГ змяшчала асноўныя дэмакратычныя і асобныя сацыялістычныя патрабаванні, сярод якіх найперш вылучаліся: самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, усталяванне дэмакратычных свабод, ліквідацыя прыватнай маёмасці і пераход яе да дзяржавы. Першы пункт сведчыў фактычна пра далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Галоўным сродкам у дасягненні пастаўленых мэт лічылася адкрытая барацьба народных мас з нацыянальнымі і класавымі прыгнятальнікамі. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, сябры клуба БСРГ разгарнулі шырокую дзейнасць па стварэнню масавай арганізацыі, пры гэтым карыстаючыся і сеймавай трыбунай. Вялікую дапамогу БСРГ аказвала КПЗБ. З гэтай нагоды У 1927 г. урад БССР выдаткаваў для КПЗБ каля паўмільёна рублёў[19, c.398].

Час для правядзення актыўных дзеянняў па ўзрушанні Заходняй Беларусі быў вылучаны выдатна. У маі 1926 г. Юзаф Пілсудскі ўзначаліў дзяржаўны пераварот, стаў дыктатарам і абвясціў праграму санацыі Польшчы. Мясцовая адміністрацыя ў Беларусі была ў разгубленасці. Грамадоўцы скарысталіся пасіўнасцю мясцовага дзяржаўнага апарату дзеля стварэння партыйныя структуры ўва ўсіх паветах, дзе жылі беларусы. Да канца 1926 г. БСРГ стварыла больш за 2 тыс. гурткоў, якія аб'ядноўвалі каля 120 тыс. чальцоў [40, c.54].

Цяжка дакладна адказаць на пытанне, чаму БСРГ атрымала такую вялізарную падтрымку ў грамадстве. Прыгожа гучала бы меркаванне, што гэта была кансалідацыя беларускага народа вакол ідэі вызвалення з-пад Польшчы і стварэння адзінай незалежнай Беларусі з дапамогай камуністычнай Расіі. Але не ўсё так было ідэальна. Па-першае ў самой Польшчы прыйшоў час пераменаў і гэта ўсе адчувалі і прыслухоўваліся да новых ідэй. У грамадстве існавала незадаволенасць існуючымі парадкамі. Па-другое тут мела месца праца магутнай савецкай прапагандысцкай машыны, добра адпрацаванай і не раз апрабаванай. КПЗБ на 1926 г. мала ў Заходняй Беларусі ўжо шырокую сетку сваіх падпольных ячэек. Іхняя прапагандысцкая праца добра лягла на ўрадлівую глебу сацыяльнай незадаволенасці беларускіх сялян. Вялізарную вагу мелі і грашовыя сродкі з-за мяжы, якія прыцягвалі ў чэргі БСРГ ўсялякіх авантурыстаў і беднату, пра што сведчыць далучэнне да грамады нават яўрэяў і палякаў[101, c.269].

БСРГ імкнецца падпарадкаваць сабе кіраўніцтва над усім нацыянальным рухам. Пад ціскам Грамады, застаяўшыся ў меншасці незалежніцкія нацыянальна арыентаваныя сілы, да якіх належалі БХД і Белсялсаюз (Ф. Ярэміча і В.Рагулі), вымушаны былі саступаць. У верасні 1926 г. адбываецца БХД і Белселсаюз выходзяць са складу ВБНК, кіраўніцтва якога пераходзіць да БСРГ. ВБНК страчвае свой статус галоўнай нацыянальнай арганізацыі, які перахоплівае Грамада. Такім чынам БСРГ ператвараецца ў асноўную і самую масавую палітычную арганізацыю Заходняй Беларусі [28, c.336].

Пад уплывам БСРГ актывізавала работу Таварыства беларускай школы, беларускія выдавецкія і дабрачынныя таварыствы. Намаганнямі гэтых арганізацыяў адбываецца засноўванне чытальняў, бібліятэк, структур Таварыства беларускай школы, сельскагаспадарчых кааператываў, пазыковых касаў, самадзейных калектываў і выдавецтваў. Кіраўнікі БСРГ, якія ў большасці былі культурнымі дзеячамі імкнуліся за час узмацнення грамады максімальна развіць культурна-асветніцкую дзейнасць.

Стыхійнасць БСРГ, яго памеры і рэвалюцыйны характар, прымусіў польскім улада сілай спыніць імкліва ўздымаючыйся антыпольскі рух грамады. Іншага нельга было і ўявіць, дзейнасць БСРГ і КПЗБ ужо сур'ёзна пагражала суверэнітэту Польскай дзяржавы, адкрыта гучалі заклікі да паўстання, сітуацыя ў краі выходзіла з пад кантролю. Польскія органы бяспекі перайшлі да рашучых дзеянняў. Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 г. былі арыштаваны кіраўнікі Грамады і беларускія паслы сейма былі арыштаваныя.[39, c. 95] А сам сейм ухваліў гэтыя арышты і забараніў БСРГ. Тым самым парушалася канстытуцыя 1921 г. і прынцыпы парламентарнага ладу Польшчы. Гэта гаворыць аб сур'ёзнасці справы і намеры польскай улады пакончыць з надакучлівым беларускім рухам. Рыхтаваўся судовы працэс над дзеячамі Грамады. Ён меў за мэту расправіцца не толькі з беларускімі камуністамі, але і з усімі прадстаўнікамі нацыянальнага руху. Польская дзяржава з некаторым спрашчэннем усё ж такі з'яўлялася прававой дзяржавай з пэўнымі дэмакратычнымі нормамі. Таму па прысуду польскага суда некалькі дзеячаў былі апраўданы, не ўсе беларускія арганізацыі і ўстановы былі аб'яўленны бальшавіцкімі і зачынены. Сярод вызваленых ад адказнасці дзеячаў быў беларускі лідэр Антон Луцкевіч, польская дэфензіва мела матэрыялы аб яго дачыненні да кіраўніцтва БСРГ, але ён быў апраўданы.[101, c. 271]

Кіраўнік БСРГ Б. Тарашкевіч і яе астатнія лідары трапілі за краты. Але іх не надта жадалі трымаць у польскіх турмах. Каб не мець лішніх клопатаў, іх прадбачліва адпраўляў іх у СССР у рамках абмену палітвязнямі. А там гэтыя беларускія дзеячы праз пэўны час патрапілі пад масавыя рэпрэсіі.

2.2. Беларускі нацыянальны рух у Вільні пасля разгрому Грамады

Сцяг народна-дэмакратычнай рэвалюцыі Грамады перахапіў Беларускі дэпутацкі сялянска-рабочы клуб "Змаганне", створаны пры садзейнічанні камуністаў у палове 1928 г. Галоўную ролю ў гэтай арганізацыі адыгрывалі дэпутаты І. Дварчанін, Я. Гаўрылік, Ф. Валынец. Па свайму характару клуб быў рэвалюцыйна-дэмакратычный і нацыянальна-вызваленчай арганізацыяй. У адрозненні ад Грамады, "Змаганне" насіла больш леварадыкальны характар. Гэта вынікала з цеснай сувязі яе з КПЗБ, сярод кіраўніцтва і мясцовага актыву было нямала камуністаў. Па загаду Камінтэрна клуб вёў барацьбу з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы. Паслы клубу "Змаганне" актыўна выкарыстоўвалі парламенцкую дзейнасць у прапагандысцкіх мэтах, крытыкавалі палітыку польскага ўраду, абвінавачвалі ў нацыяналізме, згодніцтве і кулацтве сваіх апанентаў з нацыянальна-дэмакратычныя лагеру.[19, c.402] БДСРК хоць і з'яўлялася ўплывовай арганізацыяй і прадаўжальніцай ідэй БСРГ, але ёй не ўдалося стварыць такі ж магутны грамадскі рух, якім была Грамада.

З моманту ўзнікнення Грамады у супрацьвагу ёй выступілі беларускія хрысціянскія дэмакраты. Хрысціянскія дэмакраты крытычна ставіліся да БССР не толькі за атэізацыю, але і за філасофскія асновы іхняга грамадска-юрыдычнага парадку, у якога аснове ляжала класавая барацьба і дыктатура пралетарыяту. Наогул, Беларуская хрысціянская дэмакратыя вылучалася найбольш памяркоўнай праграмай сярод беларускіх партый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай. Гэтая арганізацыя дзейнічала з 1917 г. пад назвай Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, пазней Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці. Цэнтрам гэтага руху і месцам найшырэйшага распаўсюджання яго ідэй была Вільня. Друкаваным органам партыі была "Беларуская крыніца".

У 1926 г. партыя прыняла назву Беларускай хрысціянскай дэмакраты і змагла пераадолець вузкія канфесійныя межы і выступіла з праграмай кансалідацыі беларускага каталіцкага і праваслаўнага насельніцтва, што значна пашырыла яе сацыяльную базу. Да пачатку 1930-х ішла напружаная праца па ідэйна-тэарэтычнаму, арганізацыйнаму ўмацаванню партыі. Згодна новай стратэгіі БХД станавілася лідэрам сярод партый і арганізацый, якія стаялі на нацыянальна-дэмакратычным грунце, з'яўляліся прыхільнікамі незалежнасці Беларусі, знаходзіліся ў парламенцкай апазіцыі да ўрада. [19, c. 404-405]

Асаблівае значэнне БХД надавала сваёй культурна-асветніцкай дзейнасці. Для развіцця працы ў гэтым кірунку ў чэрвені 1926 г. быў адкрыты ў Вільні Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГК), да стварэння якога далучыўся і Беларускі сялянскі саюз. БІГК меў на мэце найперш арганізацыю культурна-асветніцкай работы, аднак выступаючы ад БХД і Белселсаюза, вёў агітацыю супраць уплываў камуністаў. Нягледзячы на супрацьдзеянне ўлад, да 1930 г. узнікла 60 аддзяленняў Інстытута ў розных мясцовасцях Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў. Дзейнасць Інстытута асабліва актывізавалася ў 1931-1934, калі астатнія арганізацыі больш левага кірунку былі ліквідаваны. БІГК падтрымліваў развіццё рамяства, засноўванне сельскагаспадарчых кааператываў, стваранне машынных станцый на вёсках, арганізавалі сельскагаспадарчую асвету, прапагандавалі меліярацыю, што пашырала аграрныя веды сярод сялян і дапамагала захаваць беларускую культуру. [19, c. 405]

БХД будавала сваю ідэалогію на хрысціянскіх каштоўнасцяў і беларускай нацыянальнай арыентацыі. Сацыяльнае вучэнне рымска-каталіцкага касцёла дазваляла вернікам займацца палітычнай дзейнасцю. На аснове гэтага вучэння і распрацоўвалася ідэйна-палітычная платформа БХД, да якой дадаваліся яшчэ і нацыянальнае пытанне. У партыйнай ідэалогіі яны дэкларавалі прынцып дэмакратызму, узаемапаважлівых адносін да палітычных апанентаў, плюралізм поглядаў. Усё гэта разглядалася ў цеснай сувязі з нацыянальнай праблематыкай, наогул БХД выпрацоўвае ідэю яднання ўсіх дэмакратычных сіл на агульнанацыянальным падмурку, гэтая ідэя ўдасканальваецца з развіццём самой партыі.

У галіне нацыянальна-скіраванай асветы БХД ставіла задачу ўвядзення царкоўнай службы і імшы на нацыянальнай мове ў царкве і касцёле, ставіліся патрабаванні адукацыі для кліру на роднай мове. Дзеячамі беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху выдавалася газета "Крыніца" ("Беларуская крыніца"), часопісы "Хрысціянская думка", Партыя БХД наогул мела ўласнае выдавецтва, дзе з яе падтрымкі друкаваліся моладзевыя выданні: "Шлях моладзі", "Шлях беларускага студэнта", "Студэнцкая трыбуна", літаратурны часопіс "Калоссе". Трэба адзначыць той уплыў, які БХД мела на маладзёвы беларускі рух, а менавіта на дзейнасць Беларускага студэнцкага саюза. На думку гісторыка Ю. Туронка арганізацыя і стварэнне гэтай студэнцкай арганізацыі было інспіраванае непасрэдна беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі[39, с. 94-95].

На блізкіх да БХД пазіцыях стаяла створаная ў лістападзе 1925 г. дэпутатамі Фабіянам Ярэмічам і Васілём Рагуляй беларуская нацыянальная партыя парламенцкага тыпу - Беларускі сялянскі саюз (Белсялсаюз). Меў ён быць процівагай і альтэрнатывай левай Грамадзе. Белсялсаюз у сваёй праграме змяшчала ўсе ранейшыя патрабаванні Беларускага пасольскага клуба. Важнейшым сродкам ажыццяўлення сваіх патрабаванняў Саюз лічыў выхаванне народа на прынцыпах дэмакратызму і беларускай культуры. Як і БХД востра крытыкаваў КПЗБ і БССР. Дальнабачнай мэтай Белсялсаюза мела быць незалежная Беларусь, бліжэйшай - культурная аўтаномія для беларусаў у Польшчы.[28, c. 313]

Іншую канцэпцыю змагання за беларускія нацыянальныя інтарэсы прадстаўляла група дзеячаў, якія гуртаваліся вакол Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага. Дадзеную групу ахрысцілі "беларускай санацыяй" альбо "паланафіламі". Абодва кіраўнікі былі калісьці звязаныя з Грамадой. Гэтая група з'ялялася выразнікам той часткі нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, што ва ўмовах узмацнення ціску польскіх уладаў, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіным магчымым шляхам культурна-нацыянальнага развіцця лічыла пошук кампрамісу з "санацыйным" рэжымам Ю. Пілсудскага, не выключаючы парламенцкую барацьбу. Пад арганізацыйным кіраўніцтвам групы знаходзіліся розныя культурна-асветніцкія, грамадскія, дабрачынныя арганізацыі і таварыствы, у тым ліку Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай асветы, Беларускае дабрачыннае таварыства. "Паланафілы" выдавалі сваю газету "Наперад". [39, c. 96]

У верасні 1930 г. група заснавала грамадска-палітычнае ўтварэнне "Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый" (Цэнтрасаюз) з газетай "Беларускі звон". Вырашэннем аграрнага пытання "беларуская санацыя" бачыла ў паляпшэнні сельскагаспадарчай вытворчасці, што наўпрост было звязана з павышэннем узроўню адукацыі сялян. Таму Цэнтрсаюз займаўся арганізацыяй карэспандэнцкіх завочных курсаў па кааперацыі, засноўваннем бібліятэк на вёсках, распаўсюджваннем літаратуры ў галіне сельскай гаспадаркі і беларускай культуры пад агульнай назвай "Сялянская бібліятэка" [101, c.273].

Пазіцыя "беларускай санацыі" не знайшла асаблівага паразумення ў беларускім грамадстве, яна жорстка крытыкавалася як з боку камуністаў, так і хадэкаў. У асяроддзі самой арганізацыі таксама не было адзінства. Адзін з лідэраў "санацыі" Луцкевіч адстойваў свае незалежніцкія пазіцыі, таму не меў даверу ва ўладаў і нават пераследаваўся імі. Аднак сам Луцкевіч крытыкаваўся за яго марксісцкі светапогляд іншымі сябрамі арганізацыі. Найбольш актыўна браў курс на супрацоўніцтва з урадам Р. Астроўскі, за што быў не ў пашане ў беларускім асяродку. Рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненне польскіх уладаў унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу ў 1934 г. [39, c. 97]

Вясною 1927 г. пасля расправы над Грамадой урад пайшоў на пэўныя саступкі з мэтай суцішэння беларускага грамадства і адцягнення інтэлігенцыю яго ад прасавецкіх палітычных структур. Прыпыняюцца асіміляцыйныя працэсы. У 1927 г. ўводзіцца абавязковую навуку беларускай мовы ў польскіх гімназіях на землях населеных беларусамі, беларускім гімназіям у Вільні і Навагрудку надаюцца правы роўныя з дзяржаўнымі , дазваляецца стварэнне беларускамоўных і двухмоўных школ. Беларуская мова, пасля некалькіх гадоў перапынку, зноў была ўведзена ў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Акрамя таго беларусы ўдзельнічаюць у муніцыпальных выбарах, дзе атрымліваюць каля 20 адсоткаў месцаў у гарадскіх і гмінных радах.[101, c. 270]

Аднак ужо ў 1928 г. беларускага пытанне вырашаецца наўпрост адміністрацыйным чынам на месцах, дзе тутэйшым управам нададзена права самастойна фарміраваць нацыянальную палітыку. Зноўствораныя беларускія школы зачыняюцца ці ператвараюцца ў польскія. На беларускі рух кладзецца кляймо бальшавізму і палітычныя вырашэнні ў дачыненні да беларусаў часцей пачынаюць замяняцца рэпрэсіямі. А спачатку трыццатых гадоў характар дзеянняў дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў набывае выразны рэпрэсіўны характар.

На працягу 30-х гг. у беларускім руху узмацняецца тэндэнцыя на самазахаванне беларускага этнасу ва ўмовах разгрому арганізаваных структураў намаганнямі як санацыйнага, так і сталінскага рэжымаў, што натуральным чынам прымушаюць з'яднацца рэшткі ацалелых сілаў. Узнікаюць памкненне да аб'яднання і выступлення агульным фронтам супраць наступу паланізацыі. Ідэю аб'яднання пад нацыянальным сцягам нясе найперш БХД. Імкнучыся надаць сабе агульнанацыянальны характар, БХД адкрывае шляхі да супрацоўніцтва з усімі антыфашыстоўскімі партыямі Польшчы, у тым ліку і КПЗБ.

У сярэдзіне 30-х гг. зноў ажывілася дзейнасць ТБШ. У лютым 1936 г.ТБШ і БІГК заключылі пагадненне аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе. Быў створаны сумесны Школьны сакратарыят, які склаў дэкларацыю аб адкрыцці беларускіх школ. Дэкларацыя рассылалася ва ўсе куткі заходнебеларускага краю разам з інструкцыяй з даведкамі і парадамі па школьнаму заканадаўству. Разгорнутая школьная кампанія ў асобных паветах насіла масавы характар, пракацілася хваля школьны забастовак. Пачала аднаўляцца дзейнасць гурткоў ТБШ і БІГК на правінцыі. У рамках прапаганды беларускай нацыянальнай асветы адбыўся 13 снежня 1936 г. Дзень беларускай культуры ў Вільні прымеркаваны юбілею 15-годзя ТБШ і 10-годзя БГІК, які прадугледжваў шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў [40, c.112].

У адказ польскія ўлады распачалі жорсткае супрацьдзеянне школьнай кампаніі беларусаў. У хуткім часе школьны сакратарыят быў забаронены. Віленскі стараста ў снежні 1936 г. сваім рашэннем спыняе існаванне ТБШ і БІГК, што у пачатку 1937 г. было пацверджана ваяводскімі ўладамі. у 1937 г. - Саюза беларускіх настаўнікаў, 1938 г. - Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

Далейшае ўзмацненне палітычнай рэакцыі ў Польшчы вяло заходнебеларускі нацыянальны рух да заняпаду, што ўзмацнялася таталітарнымі захадамі з боку СССР. Як вынік, у 1938 г. ў Польшчы фактычна не было ніводнай рэальнай беларускай арганізацыі. Так характарызуе гэтае становішча гісторык Я.Мірановіч: "Напярэдадні ІІ сусветнай вайны польскі ўрад зрабіў надта многа, каб на беларускім баку на доўгія гады зніклі ўсялякія прапановы супрацоўніцтва з палякамі. Прынятая амаль усімі польскімі ўрадамі тэза, якая адмаўляла існаванне беларусаў як палітычнага фактара, аказалася згубнай для дзяржавы."[39, с. 102]

2.3. Беларускае культурнае жыццё ў Вільні ў міжваенны час

Культурнае жыццё заходнебеларускіх зямель у 1921-1939 гг. праходзіла ў дастаткова складаных умовах. Адмоўны ўздзеянне на развіццё нацыянальнай культуры аказвалі заняпад эканомікі, цяжкі нацыянальны прыгнёт, каланіяльная палітыка польскага ўрада. Толькі дзякуючы супраціўленню беларусаў паланізацыі і развіццю нацыянальна-вызваленчага руху культура атрымлівала магчымасць для захавання. Аднак пастаянныя абмежаванні і падаўленне культурнага жыцця беларусаў ніяк не маглі спрыяць засваенню духоўных каштоўнасцяў і ведаў, якія давалі польскія школы і культурна-асветніцкія ўстановы.

З-за высокай платы за навучанне, перашкод з боку ўлад, нацыянальнай прыналежнасці,палітычных матываў колькасць дзяцей з беларускіх сем'яў была невялікай у сярэдніх, прафесійных і вышэйшых навучальных установах. Студэнтаў ВНУ беларускай нацыянальнасці ў краіне ў 1937/38 навучальным годзе налічвалася ўсяго 218 чалавек. У 1930-1936 гг. доля беларусаў сярод студэнтаў УСБ вагалася ад 1,6 да 2,8 %. Доля ж палякаў узрасла з 63,3 % у 1930/31 да 72,6 % у 1937/38 акадэмічным годзе.[6, c. 82]

Цягам міжваеннага перыяда катастрафічна змяншалася беларускамоўнае навучанне. Калі ў 1936/37 навучальным годзе яшчэ дзейнічалі тры беларускія і 13 польска-беларускіх школ, то ўжо праз год у Заходняй Беларусі існавалі толькі пяць польска-беларускіх пачатковых школ, а ў 44 польскіх беларуская мова вывучалася як прадмет. Мелася толькі адна беларуская гімназія. Напярэдадні верасня 1939 г. беларускіх школ фактычна не засталося. Лёс адзінай беларускай гімназіі ў Вільні быў няпэўны. [103, c. 194]

Такое становішча ў культурна-асветніцкім жыцці Заходняй Беларусі напрыканцы 30-х гадоў тлумачыцца моцным нацыянальным уціскам з боку польскіх уладаў, які мог адбыцца толькі ва ўмовах заняпаду нацянальна-вызваленчага руху. Што і адпавядала рэчаіснасць, бо ўзмацненне палітычнай рэакцыі ў санацыйнага ўрада Польшчы і станаўленне таталітарнай сістэмы ў СССР прывялі да пэўнай дэмаралізацыі заходнебеларускага нацыянальнага руху. Не гледзячы на гэта, варта адзначыць, што заходнебеларускія культурна-асветніцкія ўстановы дастаткова рашуча адстойвалі ў 1920-1930-я гг. нацыянальныя інтарэсы, выступалі супраць паланізацыі нават у сітуацыі на рознасці ідэйна-палітычных арыентацыяў іх дзеячаў. І толькі ў другой палове 1930-х гг. арганізаваныя формы ў абарону беларускай культуры былі падаўленыя польскімі ўладамі. Таму больш падрабязна разгледзім культурна-асветніцкую дзейнасць найбольш паспяховых тагачасных арганізацыяў ТБШ і БІГК, якія ператварыліся ў масавыя арганізацыі і мелі шырокую падтрымку жыхароў Заходняй Беларусі.

Актыўна выступала супраць палітыкі паланізацыі і ў абарону беларускай культуры ТБШ. Гэтая арганізацыя праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыццю беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, узгадавання яго нацыянальную самасвядомасць. Кіраўніцтва і актыў ТБШ выкрывалі антыбеларускую сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы, агітавалі за і арганізоўвалі масавыя кампаніі падачы заяў аб адкрыцці беларускіх школ. Пэўны прарыў быў дасягнуты ў 1927-28 навучальным годзе, калі было адкрыта 78 беларускіх і польска-беларускіх школ, дадзена права выпускнікам Віленскай беларускай гімназіі здаваць экзамен на атэстат сталасці, наладжаны сіламі арганізацыі метадычныя канферэнцыі ды інш.[56, c. 308]

Пад уплывам Грамады ТБШ стала буйной культурна-асветніцкай арганізацыяй. Пасля разгрому БСРГ Таварыства ператварылася ў "другі шэраг абароны", у яго складзе апынулася шмат былых грамадоўцаў. Першы з'езд ТБШ, які адбыўся 28-29 снежня 1927 г. у Вільні, вызначыў асноўную мэту - выхоўваць свядомых грамадзян з дапамогай розных форм культурна-асветніцкай работы. Арганізацыя павінна была адкрыць народныя дамы, бібліятэкі-чытальні, курсы для непісьменных, наладжваць чытанне лекцый і дакладаў, ствараць харавыя і музычныя секцыі пры гуртках. [19, c. 403]

Своеасаблівымі пляцоўкамі культурна-асветніцкага жыцця краю былі беларускія гімназіі. Найбольш аўтарытэтнай была Віленская гімназія, заснаваная яшчэ ў 1919 г. Тут працаваў згуртаваны кваліфікаваны педагагічны калектыў, які прытрымліваўся патрыятычных пазіцыяў. У гэтай гімназіі працавала плеяда выбітных дзеячаў заходнебеларускага руху - М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Станкевіч, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Астроўскі ды шмат інш.

Ужо ў пачатку 1920-х у гімназіі быў створаны вучнёўскі гурток, дзейнасць якога мела культурна-асветніцкі характар. Гімназісты выдавалі ў 20-30-я гады друкаваныя і рукапісныя часопісы "Зорка", "Рунь", "Покліч", "Золак","Васілёк", "Усход", "Вучнёўскі звон". У гімназіі былі створаны чатыры скаўцкія дружыны, назіралася ажыўленне мастацкай самадзейнасці, дзейнічалі тэатральны, драматычны гурткі, хор, аркестр.[19, c. 425]

Такім чынам у Беларускіх гімназіях фарміраваліся кадры нацыянальнай інтэлігенцыі, якая ўсведамляла неабходнасць далучэння да вызваленчай барацьбы, патрэбнасць школ на роднай мове, захавання культуры, традыцый. Варта адзначыць, што большасць беларускіх студэнтаў УСБ, якія удзельнічалі ў беларускім студэнцкім з'яўлаліся выпускнікоў беларускіх гімназіяў. Найбольшую ж колькасць таленавітай і адукаванай беларускай моладзі для вышэйшай віленскай школы прадстаўляла Віленская і Навагрудская беларуская гімназія.

Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры быў створаны БХД сумесна з Беларускім сялянскім саюзам для правядзення ўласнай культурна-асветніцкай работы. У статуце БІГК (1926) была вызначана яго мэта: садзейнічаць развіццю сельскай гаспадаркі, промыслаў, народнага мастацтва, духоўнай культуры, навукі і адукацыі. Гурткі на месцах стваралі бібліятэкі-чытальні, самадзейныя музычна-драматычныя гурты, праводзілі канцэрты-вечарына і г.д. У ліпені 1926 г. БІГК заклікаў сваіх сяброў далучыцца да выступлення за школьнай кампаніі. На працягу 1926-1928 гг. гэтая арганізацыя падала заявы на адкрыццё некалькіх дзесяткаў прыватных школ, але толькі адна з іх пасля бюракратычных прыпон польскіх ўлад пачала працаваць. Арганізацыя павялічвала свой грамадскую вагу за конт беларусаў-каталікоў, пераважна ў Віленскім і Навагрудскім ваяводствах. У пачатку 1927 г. дзейнічала 50 гурткоў БІГК (каля 800 членаў), 22 бібліятэкі. [39, c. 94]

На фоне затухання працы ТБШ у пачатку 1930-х гг. ажывілася дзейнасць БІГК. У 1934-1935 гг. налічвалася больш за 80 яго гурткоў (каля 1,2 тыс. чалавек). На працягу 1934 г. было наладжана 100 вечарын, 40 лекцый, больш за 50 тэатральных пастановак. БІГК часткова кампенсаваў страту ўплыву ТБШ, але не змог стаць масавай арганізацыяй. У 1936 г. колькасць членаў гурткоў зменшылася да 600. [19, c. 427]

Таварыства беларускай асветы (ТБА), якое прыхільна ставілася да супрацоўніцтва з польскім урадам таксама дэкларавала сваю адданасць нацыянальна-культурным інтарэсам. Яго мэтай з'яўлялася праца над развіццём беларускай культуры, пашырэннем школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздымам маральнага ўзроўню і вывучэннем польскай культуры, культурных адметнасцяў іншых народаў, якія жывуць на супольных тэрыторыях з беларусамі. У 1933 г. ТБА здолела адкрыць у 33 месцах Віленскага ваяводства свае бібліятэкі-чытальні. Праводзіліся лекцыі, рэфераты, наладжваліся тэатральныя пастаноўкі. ТБА выступіла з прапановаю правесці сумесную школьную акцыю. Аднак ТБШ не падтрымала гэтай ініцыятывы, якая мела на ўвазе супрацоўніцтва з прыхільнымі Польшчы культурнымі арганізацыямі, бо лічыла гэта стратай свайго нацыянальнага твару. [19, c. 428]

Заходнебеларуская інтэлектуальная эліта прыкладала шмат намаганняў у справе навуковага даследавання нацыянальнай гісторыі і культуры. Сярод шэрагу іншых арганізацый на працягу 1918-1939 гг. у Вільні дзейнічала Беларускае навуковае таварыства (БНТ), якое гуртавала вакол сябе інтэлектуальны патэнцыял краю. Ля вытокаў гэтай установы стаялі В. Ластоўскі і браты Луцкевічы. Мэтай таварыства была рознабаковая навуковая праца, развіццё цікавасці да навуковых доследаў, прапаганда асветы і пашырэнне ведаў. Адным з выдатных прадстаўнікоў БНТ быў доктар Я. Станкевіч, які шмат зрабіў для развіцця беларускай філалогіі ў гэты час. Дзякуючы яго руплівасці існавалі лектараты беларускай мовы пры Віленскім універсітэце і Інстытуце па вывучэнню Еўропы ўсходняй у Вільні, выдаваўся мовазнаўчы часопіс "Роднае слова". Дзеячы БНТ найперш займаліся распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі, перакладам на беларускую мову педагагічнай, мастацкай ды іншай літаратуры, самі праводзілі даследаванні пераважна ў гуманітарнай сферы. Пры БНТ у 1921 г. быў адкрыты Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І. Луцкевіча. [101, c.259]

У міжваенны час менавіта Вільня была асноўным цэнтрам выдавецкай справы. З 233 найменняў беларускай перыёдыкі 221 выдавалася ў Вільні. З 466 беларускамоўных кніг і брашур, надрукаваных у 1920 - 1930-я гг. у Польшчы, 98% таксама прыпадала на Вільню. Менавіта там размяшчаліся друкарні і выдавецтвы, сярод якіх - Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецтвы У. Знамяроўскага, Б. Клецкіна, ТБШ, БІГК, Беларускае каталіцкае выдавецтва ды інш.[76, c. 299]

Такім чынам, прыходзім да высновы, што Вільня, дзе адбывалася разгортванне студэнцкага руху, з'яўлялася цэнтрам грамадскага і культурнага жыцця заходнебеларускага краю ў міжваенны перыяд. Тая насычаная падзеямі і вылучаючаяся разнастайнасцю дзейнасць беларускіх нацыянальных сілаў не магла пакінуць абыякавымі да сябе беларукую моладзь. У сваёй грамадскай працы беларускія студэнцкія таварыствы не маглі не пазбегнуць уплыву разнастайных палітычных плыняў, якія існавалі ў беларускім руху. Найбольш значнымі і ўплывовымі партыямі таго часу былі БСРГ, КПЗБ, БХД, Беларускі сялянскі саюз, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, пэўныя ідэйна-палітычнага кірункі прадстаўлялі арганізацыі Цэнтрсаюз, ВБНК, Беларускі пасольскі клуб. Уздзеянне гэтых палітычных груповак на студэнцкі беларускі рух, які быў асаблівай часткай віленскага грамадскага жыцця, безумоўна мелі месцам. Пэўная палітычная арыентацыя студэнцкія арганізацыі ў той ці іншай час павінна была вызначацца ўплывам адпаведнай партыі. Супрацьстаянне паміж рознымі палітычнымі сіламі таксама павінна было пакідала адбітак на дзейнасці моладзевых суполак, спараджаючы паміж прыхільнікамі розных палітычных кірункаў канфлікты і ўнутры студэнцкіх згуртаванняў .

Багатае і насычанае культурна-асветніцкае жыццё Вільні было непасрэдным полем для дзеяння беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, чые асноўныя мэты былі скіраваны на пашырэнне беларускамоўнай адукацыі і развіццё беларускай культуры. У гэты час у Вільні руплівасцю беларускай інтэлектуальнай эліты былі створаны і плённа дзейнічалі ТБШ, БІГК, БНТ, ТБА ды інш асветніцкія арганізацыі. У Вільні дзейнічаў беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І. Луцкевіча, працавала Беларуская гімназія, горад быў цэнтрам беларускага выдавецтва. Такім чынам дзейнасць беларускія студэнцкія арганізацыі гарманічна ўпісвалася ў агульную карціну беларускага грамадскага і культурнага жыцця міжваеннай Вільні. Відавочна, што гісторыя беларускага студэнцкага руху цесна звязана з лёсам ўсяго заходнебеларускага нацыянальнага-вызваленчага руху, з тымі перамогамі і паразамі, якімі была адзначана яго дзейнасць у міжваенны перыяд.

3. БЕЛАРУСКІ СТУДЭНЦКІ САЮЗ (1921-1939) ВІЛЕНСКАГА УНІВЕРСІТЭТУ СТЭФАНА БАТОРЫЯ

3.1. Заснаванне і станаўленне арганізацыі (1921-1927)

Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя адкрыўся 11 кастрычніка 1919 г. У лік першых студэнтаў адноўленага універсітэта былі залічаныя беларусы, якія прыязджалі ў Вільню па навуку з шырокіх абшараў г.зв. "усходніх крэсаў". Адным з першых, дарэчы, стаў Браніслаў Туронак, залічаны ў універсітэт ужо 22 кастрычніка 1919 г. [76, c.93] наогул, студэнтам-беларусам суджана было стаць стрыжнем нацыянальнага моладзевага руху ў Вільні. Прыкметнай арганізацыяй гэтага руху з'яўляўся Беларускі студэнцкі саюз (БСС), з якога выйшла плеяда выбітных беларускіх дзеячаў.

Аднаўленне Віленскага універсітэту ў 1919 г. сталася адраджэннем славутай віленскай акадэмічнай традыцыі. Ідэя аднаўлення універсітэту "вітала ў паветры" амаль з моманту яго закрыцця ў 1832 г. Але толькі крах Расійскай імперыі зрабіў магчымым яе ажыццяўленне. Нельга сказаць, што час для гэтага быў вельмі прыдатны. У першыя гады пасля заканчэння сусветнай вайны Віленшчыны нагадвала "праходны двор". Улады (нямецкая, польская, савецкая, літоўская, зноў польская) змяняліся як у калейдаскопе. Аднак прага да адраджэння уласных традыцый, вяртання тае славутасці, якая надавала гонар і сталічны статус Вільні, перамагла. Віленскі універсітэт паўстаў, распачаўшы новую эпоху мясцовага акадэмічнага жыцця, якая доўжылася 20 год.

Нягледзячы на тое, што аднаўленне універсітэту адбылося ў час уздыму польскага руху і станаўлення польскай нацыянальнай дзяржавы, нельга разглядаць універсітэт выключна ў межах палітыкі паланізацыі. Традыцыі віленскай вышэйшай школы адрозніваліся ад традыцый іншых універсітэтаў Польшчы. Тут заўсёды лунаў дух талеранцыі ці свайго роду "краёвасці", які істотна ўплываў на свядомасць студэнтаў і выкладчыкаў. Магчыма, менавіта ў ім захаваліся традыцыі універсітэту пачатку ХІХ ст., з якога выйшлі такія постаці як Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан ды інш.

Універсітэт імя Стэфана Баторыя быў унікальнай з'явай свайго часу ў параўнанні з іншымі універсітэтамі Польшчы. Гэта быў сапраўды еўрапейскі універсітэт. У пераліку асноўных палажэнняў ягонай канцэпцыі польскі гісторык Ірэна Славіньска назвала наступныя:

1) Ідэя універсалізму, стварэнне магчымасцяў раскрыцця і развіцця чалавечай асобы ва ўсіх яе вымярэннях;

2) Адкрытасць і разнастайнасць універсітэту як перш за ўсё шматкультурнасць і павага да ўсіх нацый і канфесій. Сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэту былі прадстаўлены розныя культуры і розныя нацыі.

3) Арыентацыя на культуру рэгіёну, г.зн. тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага. Ужо на пачатку 20-х гг. пачалося вывучэнне літоўскай, расейскай і беларускай моваў, а пазней былі нават створаныя кафедры гэтых культур. Беларускую мову і культуру выкладаў др Станіслаў Станкевіч. Кафедра гісторыі шмат увагі надавала вывучэнню мінулага ВКЛ як агульнай радзімы некалькіх народаў краю [106, c.247-255]. Пачуццё сувязі з рэгіёнам, з "малой радзімай" або "хатняй радзімай" было вельмі моцным, і безумоўна, уплывала на тую духоўную атмасферу, якая панавала ў універсітэце. Яшчэ больш узмацнялі гэтую повязь рэгіянальныя студэнцкія таварыствы і нацыянальныя саюзы студэнтаў. Пры гэтым выразны рэгіяналізм спалучаўся з далучэннем студэнтаў у працэсе навучання да агульнасусветных каштоўнасцяў. Прыхільнасць да "малой радзімы" спалучалася з разуменнем прыналежнасці да "вялікай культурнай радзімы" Еўропы.

Універсітэт з'яўляўся вялікім адукацыйным і асветніцкім цэнтрам на ўзроўні тагачасных еўрапейскіх універсітэтаў, нават, калі не па ўзроўню акадэмічных магчымасцяў вучэльні, так па тым ідэям, якія і ў наш час з'яўляюцца прыкметай еўрапейскай адукацыі.

Што датычыць беларускага руху, то адной з найпажаданых яго мэтаў было стварэнне нацыянальнай вышэйшай школы, цэнтра нацыянальнай асветы і адукацыі. Аднак крах беларускай дзяржаўнасці ў 1918 - 1920 гг. ператварыў яе ў нязбыўную мару. А Віленскі універсітэт, нягледзячы на дамінаванне пальшчызны, ствараў магчымасці ў атрыманні адукацыі і далучэнні да навуковай дзейнасці для беларускай моладзі. У пэўнай ступені ён задавальняў вострую патрэбу беларускага руху ў адукаваных дзеячах. Ён стаўся alma mater для Станіслава Грынкевіча, Браніслава Туронка, Янкі Шутовіча, Барыса Кіта, Міколы Шчорса, Станіслава Станкевіча, Міколы Шкялёнка, Мар'яна Пецюкевіча, Вітаўта Тумаша, Адама Дасюкевіч, Часлава Найдзюк ды інш.

У Віленскім універсітэце студэнцкая моладзь магла таксама задаволіць патрэбу ў грамадскай і культурнай дзейнасці. Магчымасці для гэтага стваралі студэнцкія таварыствы, мэты якіх маглі быць досыць разнастайнымі: ад навуковай і асветніцкай працы да заняткаў спортам і музычных гуртоў. Дзейнасць студэнцкіх арганізацыяў рэгламентавалася зборам статутаў "Аб акадэмічных школах" Міністэрства веравызнанняў і адукацыі Польшчы. Найбольш важнымі былі статуты 1920, 1933 і 1937 гг., у якіх прапісваліся правы і абавязкі студэнтаў [57, c.55]. Прычым з кожнай новай пастановай умовы дзейнасці студэнцкіх арганізацый усё больш абмяжоўваліся.

Беларускімі студэнцкімі арганізацыямі, зарэгістраванымі ва універсітэце Стэфана Баторыя за ўвесь перыяд яго існавання былі:

- Беларускі студэнцкі саюз,

- Таварыства прыяцеляў беларусазнаўства,

- Студэнцкая карпарацыя "Скарынія",

- Беларускае студэнцкае таварыства імя Ф. Скарыны,

- Беларускае студэнцкае краязнаўчае таварыства,

- Саюз студэнтаў-народнікаў імя Ф. Багушэвіча.

Усе яны падкрэслівалі менавіта беларускі нацыянальны характар і за мэту дзейнасці ставілі развіццё беларускай справы. Таксама існавалі зямляцкія або правінцыйныя гурткі як аб'яднанні студэнтаў па тэрытарыяльнай прыкмеце. Сярод якіх былі зямляцтвы з тэрыторыі Заходняй Беларусі, але большасць з іх вылучалася якраз выразным "польскім характарам" (напр., гурток студэнтаў Гродзенскай зямлі[57, c. 63]).

Беларускі студэнцкі саюз з'яўляўся самай значнай і самай трывалай беларускай арганізацыяй, праіснаваўшы да моманту скасавання самога універсітэта.

Датай заснавання БСС лічыцца 1 снежня 1920 г., прынамсі гэтую дату уважалі за дзень утварэння самі сябры Саюза, у гэты ж дзень арганізацыя святкавала свае ўгодкі. Калі ж казаць дакладна, то Беларускі студэнцкі саюз афіцыйна быў арганізаваны толькі ў снежні 1921 г., а ягоная паўнавартасная дзейнасць распачалася са студзеня 1922 г. Аднак, задума стварэння беларускай студэнцкай арганізацыі ўзнікла сапраўды крыху раней. Яшчэ ў 1920-21 навучальным годзе студэнты-беларусы пачалі думаць аб сваёй арганізацыі. Было праведзена некалькі сходаў, на якіх быў апрацаваны статут таварыства пад назвай "Гурток студэнтаў беларусаў". 1 снежня 1920 г. беларускімі студэнтамі і быў утвораны гэты гурток. Аднак атрымалася затрымка з зацвярджэннем статуту, які да канца акадэмічнага году не быў перададзены на паседжанне універсітэцкага сенату [41, c.28].

Восенню 1921 г. быў распрацаваны новы статут арганізацыі, якая атрымала ўжо новую назву - "Саюз студэнтаў беларусаў" (пазней ужывалася назва "Беларускі студэнцкі саюз"). Амаль адначасна, выпраўляючы ранейшыя памылкі, студэнты абралі Выканаўчы камітэт, галоўнай задачай якога было зацвярджэнне статута [41, c. 28-29]. Выканкам выканаў сваю ролю, і вось 9 снежня 1921 г. на паседжанні Сенату УСБ статут Беларускага студэнцкага саюза быў зацверджаны, такім чынам з гэтай пары арганізацыя афіцыйна ўступіла ў дзейнасць [ 82, c.335].

Структура БСС была агаворана ў статуце саюза і адпавядала агульным патрабаванням да ўсіх акадэмічных таварыстваў. Органамі кіраўніцтва з'яўляліся агульны сход, Управа саюза і Рэвізійная камісія. Вышэйшай уладай з'яўляўся агульны сходаў сяброў саюза, ён жа быў апошняй інстанцыяй у вырашэнні спрэчных пытанняў. Прадстаўнічыя органы (Управа і Камісія) выбіраліся большасцю галасоў на агульным сходзе. Непасрэднае кіраўніцтва БСС здзяйснялася Управаю, у яе ж кампетэнцыі было прыняцце новых сяброў і выключэнне з БСС. На пасяджэннях Управы, якія, звычайна, адбываліся двойчы на месяц разглядаліся бягучыя пытанні. Рэвізійная камісія стваралася з мэтаю праверкі і кантролю за дзейнасцю арганізацыі. Яна складалася з старшыні, двух намеснікаў і двух сяброў. Існаваў яшчэ і Таварыскі суд (5 чалавек), які вырашаў спрэчкі, што ўзнікалі паміж сябрамі арганізацыі [96, c.4-5, 62-65].

Кіраўніцтва універсітэта імкнулася кантраляваць дзейнасць студэнцкіх таварыстваў. З гэтаю мэтаю сенат выдаваў спецыяльныя пастановы, апроч якіх існавалі адмысловыя "Указанні універсітэцкіх уладаў па кантролю за дзейнасцю студэнцкіх арганізацыяў". Паводле гэтых дакументаў, за кожным студэнцкім таварыствам быў замацаваны куратар з ліку універсітэцкіх выкладчыкаў, якога зацвярджаў Сенат. Куратар сачыў за тым, каб дзейнасць студэнцкага таварыства адпавядала закону і статуту. Ён жа выконваў функцыі апекуна студэнцкай арганізацыі, прадстаўляў яе інтарэсы перад універсітэцкімі ўладамі, то бок з'яўляўся пасрэднікам паміж Управай таварыства і кіраўніцтвам універсітэта [84, 269]. Куратарамі БСС былі вядомыя і паважаныя не толькі ў Вільні, але і ва ўсё Польшчы ды за яе межамі прафесары Станіслаў Уладычка, Эрвін Кашмідэр, Ежы Гопен.

Станіслаў Уладачка прысутнічаў на многіх пасяджэннях управы БСС. Адстойваў інтарэсы беларускай моладзі перад вышэйшымі ўладамі, садзейнічаў развіццю беларускай культуры ў Заходняй Беларусі, актывізаваў дзейнасць беларускіх студэнцкіх арганізацый па правядзенню адукацыйнай і выхаваўчай работы. Прафесар Уладачка дапамагаў Саюзу і матэрыяльна, ён рэгулярна ўносіў ахвяраванні ў скарбонку студэнцкага часопіса [68, c.1; 65, c. 48]. Аб яго папулярнасці сведчыць тое, што кожны год, калі трэба было перавыбіраць куратара, сябры БСС выказвалі свайму куратару шчырую падзяку за працу і хадайнічалі перад рэктарам і сенатам універсітэта, каб доктар, а пазней прафесар Уладачка працягваў і надалей апекавацца справамі беларускага студэнцтва.[57, c.56]

У час унутранага ідэалагічнага крызісу ў БСС прафесар Уладачка адмаўляецца ад куратарства і з чэрвеня 1932 г. ды да сярэдзіны 1939 г. функцыі куратара выконваў прафесар славянскай філалогіі Эрвін Кашмідэр. Прафесар Кашмідэр з'яўляўся куратарам яшчэ адной беларускай студэнцкай арганізацыі Віленскага універсітэта - Таварыства прыяцеляў беларусаведы (ТПБ) - на працягу амаль усяго яго дзейнасці з канца 1933 да сярэдзіны 1939 г.

Эрвін Кашмідэр хоць і быў немец па паходжанню, але не заставаўся ў баку ад праблемаў беларускай моладзі. Будучы доктарам славістыкі ён мог нават з навуковага гледжання разглядаць беларускае пытанне. Ён актыўна наведваў паседжанні праўлення арганізацый, куратарам якіх ён быў, разам з беларускімі студэнтамі перажываў іх поспехі і праблемы. Ён шчыра апекаваўся справамі саюзу, прыкладаў усе свае намаганні на тое, каб аб'ектыўна знаходзіць выйсце ў канфліктных сітуацыях, якія ўзнікалі часам паміж сябрамі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. І толькі па прычыне ад'езду на сталае жыхарства з Польшчы ў нямецкі Мюнхен верны сябра беларускіх студэнтаў быў вымушаны пакінуць сваё куратарства над БСС і ТПБ.

У сувязі з ад'ездам доктара Кашэмідэра з Вільні, рашэннем сената і рэктара Віленскага універсітэта ад 23 чэрвеня 1939 г. куратарам БСС і ТПБ быў прызначаны Ежы Гопен дацэнт факультэта мастацтваў УСБ. Ежы Гопен (прафесійны мастак, які нарадзіўся ў Коўне, атрымліваў адукацыю ў Коўне, Кракаве, Пецярбургу) не змог унікнуць у справы беларускіх студэнтаў і свядома паўплываць на іх, бо існаваць як беларускім студэнцкім таварыствам, так і самому УСБ заставалася каля шасці месяцаў. [57, c.57]

Студэнцкі саюз павінен быў прадстаўляць у Сенат гадавыя справаздачы сваёй дзейнасці, спіс складу Управы, адрас і паведамляць аб усіх зменах, якія датычылі названых пазіцый. Усе плануемыя мерапрыемствы таксама ўзгадняліся з кіраўніцтвам універсітэту [84, с.270].

Паводле статута галоўнай мэтай БСС з'яўлялася "аб'яднанне студэнтаў беларусаў УСБ у адзіную ідэйна-выхаваўчую і культурна-таварыскую арганізацыю для ўзаемнай дапамогі як духоўнай, так і матэрыяльнай, а таксама для культурна-асветніцкай працы сярод беларускага народу." Дзеля дасягнення мэты Саюз меўся арганізаваць секцыі; ствараць касы ўзаемнай дапамогі, бібліятэкі, чытальні, хоры, курсы ды інш.; ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць; завязваць стасункі з іншымі акадэмічнымі таварыствамі і аб'яднаннямі; нарэшце, дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў на канферэнцыі, з'езды, акадэміі і сходы студэнцкіх таварыстваў і грамадскіх аб'яднанняў. Саюз абвяшчаў сваю дзейнасць апалітычнай. Меў уласную сімволіку ў бел-чырвона-белых колерах [96, c.4-5]. "Бацькаўшчына і навука" быў дэвіз віленскага беларускага студэнцтва [71, c.10].

У склад першай Управы саюзу, выбранай на арганізацыйным сходзе, увайшлі студэнты-медыкі Антон Абрамовіч (старшыня), Сяргей Малафееў (намеснік старшыні), Тодар Куніцкі (сакратар), Браніслаў Туронак (скарбнік) і Станіслаў Грынкевіч (сябры Управы). [82, c.331] Цікавым з'яўляецца той факт, што асноўную ролю ў заснаванні БСС адыгралі менавіта студэнты медычнага факультэта. Увогуле першыя гады існавання БСС ладную часціну ў кіруючых органах адыгрывалі менавіта студэнты-медыкі (прынамсі, першыя пяць год ва Управе БСС дамінавалі прадстаўнікі гэтага факультэта). Можна казаць, што тут сфарміравалася найбольш магутнае беларускае згуртаванне. Вартыя ўвагі і постаці заснавальнікаў БСС.

Асабліва цікавы жыццярыс Браніслава Туронка і Станіслаў Грынкевіча. Студэнт Туронак, удзельнік настаўніцкіх курсах, які удзельнічаў у арганізацыі школьніцтва на Браслаўшчыне, на мамант паступлення ва універсітэт быў ужо сфармаваным беларускім дзеячам. Ужо ў першыя студэнцкія гады ён гуртаваў вакол сябе беларускіх студэнтаў УСБ, з якіх пасля арганізаваўся Саюз. Відавочна, што гэта быў адзін з "бацькоў" БСС, маючы пэўны досвед і ўжо дасыць не юнацкі ўзрост (на момант утварэння БСС было 25 год), ён мог весці за сабой людзей і брацца за адказную і працаёмкую працу. Акрамя дзейнасці ва управе БСС, Б.Туронак быў адказным рэдактарам друкаванага органа Саюза - месячніка "Наш Шлях", выпуск якога пачаўся з сакавіка 1922 г. Яшчэ падчас універсітэцкага навучання і членства ў БСС, Браніслаў Туронак актыўна ўключаецца ў грамадска-палітычную дзейнасць. З лістапада 1923 сакратар Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1923-1925 гг. рэдактар газеты "Крыніца". Адзін са стваральнікаў і дзеячаў Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры. Выступаў у друку з публікацыямі на тэмы грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі. За сваю дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі. Адзін з актыўных дзеячаў беларускага руху 20-х гадоў, з'яўляўся прыхільнікам хрысціянскай дэмакратыі і Беларускага сялянскага саюза. На пачатку 30-х адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці, аднак аказваў грашовую падтрымку беларускаму руху ў тым ліку студэнцкаму саюзу. Ад 1928 г. працаваў лекарам у мястэчку Дукшты Свянцянскага павета, дзе і раптоўна памёр яшчэ ў досыць маладым узросце ў 1938 г.[76, c.81-110]

Адзін з пачынальнікаў студэнцкага руху Станіслаў Грынкевіч - таксама заўважная постаць у беларускім руху міжваеннага часу: выдатны лекар-псіханеўролаг, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі. Выхаванец Гродзенскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі. Падчас навучання ў гімназіі быў удзельнікам гуртку беларускай моладзі, дзе, верагодна, яму і была прышчэплена нацыянальная свядомасць. У 1921 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэту, дзе непасрэдна далучыўся да стварэння БСС. Аднак ягоны ўдзел у дзейнасці арганізацыі быў нядоўгі, бо неўзабаве ён перавёўся ў Познань, дзе і закончыў вучобу. Аднак і там заставаўся адданым сябрам БСС, прапагандаваў ідэі беларускага студэнцтва сярод нешматлікай групы беларусаў у Познані, выступаў з лекцыямі пра беларускае студэнцтва іншым нацыянальным супольнасцям. Працаваў у Познані, пасля ардынатарам аддзелу нервовых захворванняў у псіхіятрычнай клініцы ў Хорашчы. Вёў лабараторныя досведы і пісаў навуковыя працы. Адначасова перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы і рэлігійныя тэксты. Вярнуўшыся ў Вільню у 1931-36 віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі; член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта. Пісаў і дасылаў артыкулы ў разнастайныя беларускія выданні. Любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. Пераклаў з лацінскай мовы працу вядомага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага "Следам за Хрыстом". Трагічна загінуў у 1944 г. [15, c.11-12; 37, c.83]

Істотную ролю у станаўленні і развіцці БСС адыгралі сябры першай управы Малафееў і Куніцкі. Найперш іх дзейнасць праявілася менавіта ў актыўнай працы непасрэдна ў кіраўніцтве саюза. Куніцкі быў двойчы абраны ў сакратары ўправы, а ў 1927-28 г. на пэўны час абіраўся старшынёй БСС. Так як ягонае навучанне зацягнулася да 1933 г., ужо ў пачатку 30-х ён узначальвае секцыю нясталых даходаў БСС, гэтая справа ідзе дастаткова паспяхова, на той момант ажывілася выдавецтва часопіса, значныя сродкі на друк прыходзяць праз ахвяраванні, якія збірае секцыя руплівага скарбніка Куніцкага [70, c.31]. Малафееў жа быў абраны старшынёй другой управы БСС 1922-23 г.[44, c.28] Пасля заканчэнне універсітэту абодва прысвяцілі сябе лекарскай справе на правінцыі ў Заходняй Беларусі, таму былі адлучаны ад актыўнай грамадска-палітычнай працы, якой займаліся ў Вільні. Па вайне абодва перажылі цяжар эміграцыі. Найменш нам вядома пра асобу Антона Абрамовіча - першага старшыні БСС. Але судзячы па ягонай дзейнасці ў першыя гады існавання БСС (якая выкладзена на старонках "Нашага шляху"), гэты быў няўрымслівы малады чалавек, адданы беларускай справе.

Трэба адзначыць, што ўсе з першай кагорты сяброў БСС былі людзьмі ўжо заангажаваныя ў беларускую справу. З'яўляліся выхаванцамі беларускіх гімназій, удзельнікамі беларускіх гурткоў, некаторыя нават ужо былі актывістамі нацыянальнага руху, у якім прымалі непасрэдны ўдзел. Гэта было першае пакаленне моладзі ўзгадаванае за часоў нацыянальнага адраджэння. Такім чынам з'яўляліся парасткамі той нівы, якая была ўзараная рэвалюцыйнымі падзеямі і засеянымі нацыянальнымі будзіцелямі.

БСС паўстаў як адна з першых нацыянальных аб'яднанняў уперад за расейцаў, літоўцаў, украінцаў (раней утварылася, бадай, толькі жыдоўская арганізацыя). Гэта можа сведчыць пра развіццё нацыянальнай свядомасці сярод насельніцтва, а ў першую чаргу моладзі. Відавочна быў закладзены моцны падмурак у выглядзе шматлікіх арганізацый і адукацыйных устаноў (школ і семінарый), якія паўсталі за часамі рэвалюцыйных і ваенных падзей 1917-1919 гг. Цікава, што шмат хто з пачынальнікаў моладзевага руху ў Вільні (як то Туронак, Грынкевіч, Марцінчык, Зянюк ды інш.) перажыў цяжар эвакуацыі, зведалі на ўласным досведзе падзеі і нават прыняў удзел у рэвалюцыі і грамадзянскай вайны непасрэдна навідавоку ў Расіі. Магчыма гэта быў таксама адным з фактараў паўплываўшых на свядомасць гэтых маладзёнаў, на іх дух, перажытае пабудзіла прагу да барацьбы, рэвалюцыйных зменаў, сацыяльных пераўтварэнняў.

З першых дзён існавання БСС распачаў вельмі актыўную дзейнасць, якая між іншым уключала выданне свайго часопісу ("Наш шлях"), самапрэзентацыі, арганізацыю штотыднёвых публічных лекцыяў, а таксама экскурсіяў, вечарынаў мастацкай самадзейнасці. Вось пералік мерапрыемстваў Саюза за май - чэрвень 1922 г. 25 мая Беларускі студэнцкі саюз ладзіў у Вільні вечарыну з нагоды прыезду сына Адама Міцкевіча Уладзіслава, 28 мая арганізаваў публічную лекцыю кс. Адама Станкевіча "Гістарычныя пачаткі Беларусі і яе самабытнасць". У гэты ж дзень ў залі Беларускага музыкальна-драматычнага гуртка адбылася вечарына з пастаноўкай п'есы Караленкі "Лес шуміць" і выступленнем беларускага хору пад кіраўніцтвам Альбіна Стэповіча. 4-5 чэрвеня 1922 г. адбылася экскурсія ў Трокі. 16 красавіка дэлегацыя БСС у складзе Антона Абрамовіча і Францішка Пяткевіча наведала начальніка Польскае дзяржавы Юзафа Пілсудзкага. Як паведамляў "Наш шлях", "Начальнік Гаспадарства надта цікавіўся працай нашага Саюзу, а асабліва выдавецтвам часопісі, каторую прасіў прысылаць" [42, c. 25-26].

Паход да начальніка польскай дзяржавы быў учынкам эксцэнтрычным і авантурным. Невядома, якія мэты ставіла перад сабою дэлегацыя БСС і аб чым ішла размова на сустрэчы, таксама не ясна, якія вынікі ці наступствы мела гэтае спатканне. Аднак, відавочна, што гэта была добрая нагода беларускаму студэнцтву заявіць пра сябе. І не дзіва, што менавіта ў такім складзе выправілася да Пілсудскага, бо, як сцвярджаў пра асобы Абрамовіча і Пяткевіча іх былы паплечнік Мікола Марцінчык у сваіх успамінах: "гэта людзі былі экстравагантныя - кожны ў сваім стылі і таму зрабілі такую вылазку"[76, c.95]. Апроч таго Ф. Пяткевіч, верагодна быў асабіста знаёмы з самім Маршалкам (зарабляў грошы на навуку, карчуючы лес у Пікелішках - маёнтку Пілсудскага)[25, c.42], і хутчэй за ўсё гэта было залогам добразычлівага прыёму.

Аднак і да гэтай смелай "вылазкі" тандэм Абрамовіча і Пяткевіча паспеў заявіць пра сябе на публічнай арэне. Яшчэ 11 і 12 снежня 1921 г. яны ўдзельнічалі ў з'езде прадстаўнікоў Заходняй Беларусі, які адбываўся ў Вільні пад старшынствам Паўла Аляксюка. На гэтым мерапрыемстве студэнты Абрамовіч і Пяткевіч таксама выступалі як прадстаўнікі-дэлегаты ад усяго беларускага студэнцтва Заходняй Беларусі.[25, c.42] З'езд меў выразную палітычную афарбоўку. Яго ідэяй была падтрымка беларусамі выбараў у Віленскі Сойм - прадстаўнічы орган Сярэдняй Літвы, які павінен быў вырашыць лёс гэтай "незвычайнай дзяржавы". Міжволі прадстаўнікі БСС былі ўцягнутыя ў палітычныя валкі. Інспіраваны паланафільскай "Краёвай сувяззю" з'езд ставіў на мэту падтрымаць ідэю безумоўнага далучэння Віленшчыны да Польшчы. Са стэнаграмы паседжання бачна, што студэнты імкнуліся данесці да з'езда і думку іншай часткі беларускага грамадства, якая стаяла на пазіцыі байкатавання выбараў у Сойм [54, c.2; 55, c.2]. Аднак спробы ўзяць слова былі марныя: прамовы студэнтаў груба перарываліся, а ў дачыненні да самага няўрымслівага са студэнцкіх прадстаўнікоў (невядома каго канкрэтна), як сцвярджае "Наш шлях", была нават прымененая фізічная сіла [42, c.23]. Пасля гэтага БСС вымушаны быў ужо ў друку адбіваць атакі арганізацыі П.Алексюка і яе газеты "Раніца"[55, c.2].

Узгаданы намі Францішак Пяткевіч - адна з яскравых фігур сярод распачынальнікаў студэнцкага руху ў Вільні. На момант паступлення ў Віленскі універсітэт Франук быў ужо цалкам захоплены беларускім рухам. З'яўляўся выхаванцам Віленскай гімназіі, але дагэтуль паспеў павучыцца і папрацаваць у Пецярбурзе. Яшчэ там зацікавіўся беларускай справай, дзякуючы брату Язэпу вучню Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Ужо з 1913 г. (Франуку было 14 год) яго публіцыстычныя артыкулы і зацемкі з беларускага жыцця Пецярбургу сталі выходзіць у віленскай каталіцкай газеце "Беларус". Калі ў 1921 г. Пяткевіч паступіў на медыцынскі факультэт УСБ, ён адразу ж зрабіўся адным з актыўных членаў БСС. У 1922-23 г. уваходзіць у склад праўлення ў якасці намесніка старшыні. Часткова з яго актыўнай дзейнасцю ў першыя гады існавання БСС мы ўжо знаёмы. Акрамя таго ён яшчэ актыўна друкуецца на старонках "Нашага шляху". Артыкулы вылучаюцца рэзкасцю і крытычнасцю ў дачыненні палітыкі польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Верагодна з гэтай прычыны патрапіў у няласку універсітэцкіх уладаў і зведаў пераслед польскімі дзяржаўнымі структурамі. Вымушаны быў пераехаць у Чэхаславакію (1923 г.), дзе паступіў у Пражскі універсітэт. Відавочна і там далучыўся да студэнцкага руху, які на той момант набываў моц у Празе. Але, неўзабаве ў 1924г. вырашае вярнуцца на Бацькаўшчыну ў Савецкую Беларусь, дзе засталіся бацькі. У Саветах паступае ў тамтэйшы медфак і адразу ж бярэцца за развіццё беларускай справы. Выступае на студэнцкім сходзе Беларускага дзяржаўнага універсітэта з палымянай прамовай, якая захоплівае ўсю прысутную моладзь - 500 чалавек. А праз 2 дні Франук Пяткевіч быў ужо арыштаваны. Атрымаў 6 гадоў турмы, якія адбываў на Салаўках. Менавіта ён з'яўляецца адным з герояў "У капцюрох ГПУ" Ф. Аляхновіча. Францішак Пяткевіч - гэта той самы былы вучань Віленскай гімназіі П-віч, якога сустракае Аляхновіч у лагеры ў 1927 г. [25-27] Францішак паўстае ў вобразе нязломнага, упэўнены ў сабе змагара, які адважна заяўляе Аляхновічу: "Уцяку! Калі трэба будзе камусьці лоб расчапіць - расчаплю, а ўцяку!"[У капцюрох ГПУ. Ф. Аляхновіч, Выбраныя творы. Мінск, 2005, с. 304]. І ён уцёк: "прайшоў каля 3000 км, а жывіўся толькі травой, а пасля асядлаў жалезнага каня(таварны цягнік) і дабіўся да заходняй граніцы. Перайшоў на жываце да граніцы польскай, перайшоў у Польшчу, ізноў уступіў у Alma Mater Vilnensis і скончыў Wydziаł Lekarski..." [26, с.42 ]. Гэткі драматычны лёс Ф. Пяткевіча адлюстроўвае тыя цяжкія выпрабаванні, якія клаліся на плечы найбольш няўрымслівых дзеячаў. Можна сказаць, што на сваім жыццёвым прыкладзе Ф. Пяткевіч нёс ідэі беларускага студэнцкага руху - адданасці нацыянальнай ідэі, стойкасці і нясхільнасць перад любымі выпрабаваннямі лёсу.

Часопіс "Наш шлях" быў першым друкаваным органам БСС, выпуск якога пачаўся яшчэ ў сакавіку 1922 г. Выдаваўся штомесяц і падрабязна інфармаваў пра ўсе справы Саюзу за першы год яго існавання. Адказным рэдактарам быў адзін з заснавальнікаў Саюзу Б. Туронак. Менавіта тут Пяткевіч надрукаваў свае артыкулы, у якіх выступаў з крытыкай дзейнасці польскага ўрада ў адносінах да беларусаў і выказваў свае погляды адносна ўсвядомленай ролі беларускіх студэнтаў. У артыкуле "Аб Камісіі Кваліфікацыйнай" Франук Маркотны (псеўданім Пяткевіча)[43, c.13] крытыкаваў верыфікацыю гэтай камісіяй студэнтаў УСБ пасля польска-савецкай вайны 1920 г. Па доследах кваліфікацыйнай камісіі выганялі з універсітэта студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў вайне не на польскім баку, найперш, зразумела, гэта датычылася студэнтаў з "усходніх крэсаў". Пяткевіч жа высмейваў абсурднасць такога падыходу.

У апошнім нумары за 1922 г. паведамляе пра актыўны ўдзел сяброў БСС у выбарчай кампаніі ў Сойм. Наогул самі студэнты і адпаведна іх часопіс выступалі з сур'ёзнай агітацыяй за беларускія спісы на гэтых выбарах. Гэтая праца ацэньваецца вельмі станоўча, нават называюцца прозвішчы найбольш актыўных сяброў, сярод якіх фігуруюць ужо знаёмыя нам прозвішчы: Куніцкі, Малафееў, Пяткевіч і інш. [44, c. 27] На жаль, гэты нумар "Нашага шляху" стаў апошні. Вельмі верагодна, што да спынення друку мелі дачыненні і палітычныя аказіі. З пачатку 1923 г. прыйшла "расплата" за празмерную актыўнасць беларусаў на выбарах і агульны развой нацыянальнага руху на пачатку 20-х. Рэпрэсіям падвергнуліся як нам ужо вядома і студэнты. Рэакцыя польскіх уладаў магла закрануць і студэнцкі часопіс, які дапускаў вольнасці ў крытыцы польскай палітыкі ў краі. Але дакладных звестак пра гэта мы не маем, акрамя таго студэнцкі друк, як вядома, цярпеў і ад недахопу матэрыяльных сродкаў. Як бы там не было, але ўжо вясной 1923 г. часопіс перастаў выходзіць.

На старонках друкаваліся не толькі хроніка з жыцця беларускага студэнцтва, а яшчэ аналітычныя артыкулы, публіцыстычныя творы, беларуская паэзія і проза. З часопісам БСС супрацоўнічалі Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч (псеўданім Антон Навіна), пад мянушкай Зоська Верас друкавалася вядомая Людвіка Сівіцкая-Войцік, пісалі самі студэнты: Мікола Марцінчык, Ф. Пяткевіч, Л. Леўскі (прадстаўнік пражскага студэнцкага асяроддзя), пад псеўданімам С.Радзіміч і М.Крывічонак выступаў Б. Туронак.

У сваіх артыкулах дзеячы Студэнцкага саюза выкрышталізоўвалі ідэю беларускага студэнцтва. Заклікалі да ўдасканалення, да гуртавання пад сцягам беларускай нацыянальнай ідэі. Годнасць быць лепшым прыкладам беларускай інтэлігенцыі. Гістарычныя артыкулы, як напрыклад "Студэнцкая моладзь у Беларускім руху" (аўтар хаваўся пад ініцыяламі Н.А.) прысвечаныя гісторыі станаўлення беларускаму студэнцтва [44, c. 12]. На падставе чаго фарміравалі ўласную традыцыю. Чытачу даводзілася, што беларускі студэнцкі рух узнік не на пустой глебе, а на падмурках закладзеных яшчэ ў канцы 19 ст, калі фарміравалася першае свядомае беларускае студэнцтва, якое і стаяла ў авангардзе беларускага нацыянальнага адраджэння.

Дзейнасць БСС таксама асвятлялася ў газеце "Змаганне"(па канец 1924 г.)[23], а пасля ў "Беларускай крыніцы", дзе Саюзу была выдзеленая цэлая паласа ("Студэнцкая трыбуна"). З 1924 г. па 1935 г. друкаваным органам беларускага студэнцкага руху робіцца "Студэнцкая думка" - грамадска-палітычны, навуковы і літаратурны часопіс. Першы рэдактар-выдаўца Адольф Зянюк. Рэдакцыя імкнулася каб на старонках часопіса быў прадстаўлены "агульны ідэйны кірунак адраджэнскай беларускай моладзі". Друкаваў хроніку найважнейшых падзей грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцця насельніцтва Заходняй Беларусі, БССР, Чэхаславакіі, Прыбалтыкі. Падрабязна асвятляў дзейнасць БСС. Змяшчаў паведамленні аб працы разнастайных арганізацыяў Вільні. Размяшчаліся разнастайныя публіцыстычныя артыкулы і мастацкія творы. Друкаваліся паэтычныя творы Н.Арсенневай, В. Вальтара, Ф.Грышкевіча, студэнтаў І. Дварчаніна, Х.Іляшкевіча, Я. Бартуля, М. Тулейкі і інш. Змяшчаліся працы: А. Луцкевіча, Я. Станкевіча, І. Сланеўскага, А. Цвікевіча, Г. Плеханава. Рэпрадукцыі карцін П.Сергіевіча. Выйшла ўсяго 15 нумароў, з іх адзін быў канфіскаваны.

БСС не застаўся ў баку ад найбольш значных падзей у грамадска-палітычным жыцці беларусаў як на тэрыторыі Польшчы, так і ў Савецкай Беларусі ды ў замежжы. Саюз трымаўся незалежніцкай пазіцыі і не ішоў адкрыта на супрацоўніцтва з тымі ці іншымі палітычнымі сіламі. Але ўплыў на яе розных палітычных плыняў быў непазбежны. Занадта прыдатным асяродкам для распаўсюджвання разнастайных ідэалогіяў была студэнцкая грамада. Як слушна заўважыў, хтось з саміх жа беларускіх студэнтаў на старонках "Студэнцкай думкі": "Склад сіл у грамадстве, яго партыйны воблік адбіваецца на партыйна-ідэалагічнай групіроўцы студэнцкай моладзі"[59, c. 30]. Можна меркаваць, што сярод сяброў БСС былі прыхільнікі розных палітычных кірункаў, якія існавалі ў беларускім грамадстве, а найперш буйнейшых партый такія як Сацыял-дэмакратычная партыя, партыя беларускіх эсэраў, хрысціянская дэмакратыя Адама Станкевіча, пазней БСРГ, мелі ўплывы паланафільскія арганізацыі, значная вага КПЗБ была на працягу існавання арганізацыі.

Ні сакрэт, што маладая арганізацыя беларускіх студэнтаў патрабавала падтрымкі матэрыяльнай, маральнай і ідэалагічнай з боку старэйшага грамадства. Правамоцным з'яўляецца пытанне: на каго абапіралася БСС у час свайго станаўлення, якія сілы спрычыніліся да ўзнікнення арганізацыі? Калі аналізаваць этап станаўлення БСС, то ад самага пачатку можна заўважыць, што за плячыма арганізацыі стаяла Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). У прыватнасці, выданне часопіса "Наш шлях" амаль цалкам фінансавалася дзеячамі хрысціянскай дэмакратыі Знамяроўскім, кс. Германовічам і кс. Станкевічам.[76, c.95] Пра пэўную ідэйную сувязь з БХД сведчыць падабенства культурна-асветніцкай праграмы Саюзу і БХД, а таксама адмоўнае стаўленне Саюзу да вузкапартыйнай дзейнасці: "Нашая арыентацыя - гэта не арыентацыя на Польшчу, Расею, Літву ці кагось іншага, а на беларускі народ" [42, c. 24].

БХД з'яўлялася той крыніцай, якая інспіравала арганізацыю БСС і надалей мела пэўны ўплыў на кіраўніцтва БСС. Аб гэтым найяскрава кажа сувязь актывістаў БСС з БХД. Гэта робіцца відавочна крыху пазней, калі сябры БСС далучаюцца да непасрэднай грамадска-палітычнай справы, і калі становіцца яснай іх палітычная арыентацыя. Сярод заснавальнікаў БСС, хто непасрэдна супрацоўнічаў з А. Станкевічам і яго арганізацыяй былі: Б.Туронак (яшчэ будучы чальцом БСС робіцца рэдактарам "Крыніцы"), Грынкевіч (у 1931-36 гг. віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі; член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта). Важную ролю ва ўрадзе БСС гралі Баляслаў Грабінскі [2], Язэп Жук [3], Ігнат Гагалінскі [4], Альбін Стэповіч [5], якія надалей зробяцца вядучымі постацямі ў БХД.

Як мы бачым з самага пачатку свайго існавання БСС уключылася ў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. З развіццём арганізацыі, павялічэннем яе колькаснага складу падвышалася і вага беларускай студэнцкай супольнасці ў грамадстве. Пра тое, што БСС ператварылася ў сапраўдную моц, з якой ужо павінны былі лічыцца астатнія беларускія партыя і арганізацыі Вільні, сведчыць факт удзелу Саюзу ў складзе Віленскага беларускага нацыянальнага камітэту (ВБНК).

ВБНК альбо Вілнацбелкам з'яўляўся каардынацыйным прадстаўнічым органам беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый і арганізацый у Польшчы ў 1921-1938 гг. У розныя часы ВБНК аб'ядноўваў 19-40 прадстаўнікоў розных партый, арганізацый і таварыстваў. Імкнуўся стаць кіруючым цэнтрам усіх беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Праводзіў нацыянальную культурна-асветную і кааператыўную работу. Вакол ВБНК гуртаваліся найбольш значныя інтэлектуальныя сілы беларускага руху. У 1923 г. у склад ВБНК ўваходзіла 24 прадстаўнікі ад 11 палітычных партый, культурна-асветніцкіх, кааператыўных і інш. арганізацый, сярод якіх было 2 дэлегаты ад БСС. З гэтай пары студэнцкае прадстаўніцтва на пленумах ВБНК зрабілася сталай з'явай, дэлегаты ад БСС у Камітэт абіраліся тэрмінам на год [28, c. 273-275].

Сам саюз не мог быць самастойнай палітычнай адзінкай, бо па характару з'яўляўся культурна-асветніцкім таварыствам. Але розныя палітычныя плыні імкнуліся перацягнуць студэнтаў на свой бок. Асабліва ўзмацнялася гэты працэс падчас палітычнага расколу і ўнутранай барацьбы розныя сілы. Таму што заручыўшыся падтрымкай студэнцтва і яго друк хацелі узмацніць свае пазіцыі і па сродкам яго выдання ўзяць на ўзбраення студэнцкі голас.

Так у 1926 г. адбылося адкрытае супрацьстаянне "Часовай рады" Паўлюкевіча і аднаго з кіраўнікоў ВБНК А.Луцкевіча, якое выявілася перапалкай на старонках беларускага друку. Жорсткая крытыка абрынулася на Луцкевіча, абвінавачваючы ў сувязі з камуністамі і адначасова польскай выведкай. Арганізацыі аб'ядноўваючыя беларускае студэнцтва ў Празе выказала пратэст супраць дыскрэдытацыі заслужанага беларускага дзеяча. На што Паўлюкевіч адказаў не менш жорсткай крытыкай студэнцтва, якое падтрымлівае бальшавіцкія пачынання Луцкевіча, і прапанаваўшы больш свядомай моладзі падтрымаць ідэі Часовай рады. На апошнія заявы Паўлюкевіча абурылі сяброў БСС, быў заўчасны скліканы сход, які вынес пастанову [6] з заганай у бок апошняга. Такім чынам спробы Часовай рады паўплываць на беларускае студэнцтва былі марнымі, хоць з тэксту вынікае [7], што такія маглі мець месца, можна нават меркаваць сярод сяброў БСС меліся прыхільнікі такой лініі, але большасць выступіла супраць. Наогул з 1926 прыхільнасць БСС схілялася, верагодна, да ўтворанай БСРГ, якая сваёй ідэалогіяй рэвалюцыйных сацыяльных пераўтварэнняў апанавала значную частку тагачаснага беларускага грамадства.

Сябра БСС Мікола Марцінчык ёсць той постаццю з якой звязаны грамадоўскі ўхіл Саюза. Сам Марцінчык старшыня БСС, сябра Рэвізійнай камісіі, рэдактар "Студэнцкай думкі", прыняў актыўны ўдзел у заснаванні і дзейнасці БСРГ, зрабіўся адной з ключавых фігур гэтай партыі. Студэнт Марцінчык паходзіць з першага "медычнага пакалення" кіраўнікоў БСС, былы навучэнец Гродзенскай гімназіі і сябра беларускага гуртка пры ёй. Удзельнік устаноўчай канферэнцыі па стварэнні БСРГ (Гданьск, 1925 г.), на той жа момант старшыня БСС. У 1926 г. падчас змены палітычнага кірунку ў ВБНК, калі перавагу атрымлівае левае крыло на чале з прадстаўнікамі Грамады, абіраецца сакратаром прэзідыума Камітэта. Асноўная ягоная дзейнасць была скіравана на працу ў ТБШ, якое на той момант таксама трапляе пад кантроль БСРГ. З 1925 г. сакратар Галоўнай управы ТБШ. Скончыў УСБ у 1927 г. Пасля выкладчык Віленскай беларускай гімназіі і адначасова лекар клінікі УСБ. У 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, верагодна, па справе Грамады. Другі раз быў схоплены ўладамі ў 1930 г., а ў 1931 г. высланы з Вільні пад нагляд паліцыі. Працаваў урачом на Беласточчыне, адначасова працягваў супрацоўнічаць з ТБШ [24, c.410].

Аднак на пярэдадні "Грамадоўскай рэвалюцыі" ва ўрадзе БСС важкую ролю адыгрывалі яшчэ прыхільнікі БХД. У перыяд 1925-26 гг. на чале саюзу стаяў Ігнат Гагалінскі, намеснікам старшыні быў Язэп Жук, у склад Рэвізійнай камісіі ўваходзіў Баляслаў Грабінскі. [82, c.322] Але расклад сілаў ужо быў не на карысць гэтай групы маладых хадэкаў. У верасні 1926 г. адбываецца БХД і Белселсаюз выходзяць са складу ВБНК, кіраўніцтва якога пераходзіць да БСРГ. ВБНК страчвае свой статус цэнтральнай арганізацыі, які перахоплівае Грамада. Такім чынам БСРГ ператвараецца ў асноўную і самую масавую палітычную арганізацыю Заходняй Беларусі.

Гэтыя ж палітычныя узрушэнні адразу ж закранулі і БСС, які быў членам ВБНК. На той момант дэлегатамі ад саюза былі: М. Марцінчык (адначасова член Рэвізійнай камісіі БСС) і Марыя Касатая (сябра ўправы БСС). На паседжанні 18 красавіка Марцінчык быў абраны сакратаром ў прэзідыум ВБНК, гэтае ж паседжанне стала зразумела мэты БСРГ па падпарадкаванню Камітэта. У верасні БХД і Белсялсаюз канчаткова парываюць з ВБНК, БСС жа застаецца ў складзе камітэта, кіраўніцтва якім ужо здзяйсняе Грамада. Адначасова вонкавы палітычны крызіс прасочваецца ўнутр студэнцкай арганізацыі.

У кастрычніку 1926 г. БСС ахоплівае ўнутрыпалітычная барацьба. Сябры Саюзу падзяліліся на два лагеры: 10 сяброў выказваліся ў падтрымку БХД і Беларускага сялянскага саюзу, астатнія (каля 40 чалавек) за Беларускую сялянска-работніцкую грамаду. У выніку ідэалагічнага канфлікту і супрацьстаяння прыхільнікі БХД і Сялянскага саюзу вымушаны былі выйсці са складу студэнцкага саюзу [28, c.358-359]. Пакінула БСС ладная частка кіруючага складу БСС, якая ўзначальвала арганізацыю да 1926 г. Паводле справаздачы за 11.12.1926 г. аб выбарах новага урада БСС [82, c.320], склад яго змяніўся амаль цалкам, на месца ўчорашніх лідэраў прыйшлі новыя невядомыя дагэтуль асобы. На жаль, мы пакуль не маем сведчанняў як пра сяброў ўрада, так і пра яго старшыню В. Шурава, які на 1926-27 г. ўзначаліў БСС. Адлучаныя ад БСС дзеячы не марнуючы часу ўключыліся ў адкрытую грамадска-палітычную барацьбу, увайшоўшы ў кіруючы апарат партыі БХД, праводзілі актыўную дзейнасць на карысць беларускай культуры, асвеце, кааперацыі ў БГІК.

Палітычная, культурная, асветніцкая дзейнасць, якая была разгорнутая Грамадой у гэты час не магла не прывабліваць да сябе студэнцкую моладзь. Разгорнутая прапаганда і рэвалюцыйны ўздым павінны былі заахвочваць мабілізавацца ў шэрагі грамадоўцаў. Сярод студэнтаў вылучаліся такія актывісты як Марцінчык - зацяты прыхільнік Грамады. Зараз вядома, таксама, што звязаны з Грамадой былі наступныя студэнты: Адольф Зянюк, Шавель Марыя, Касатая Марыя (усе яны праявілі сябе і ў далейшай працы ў БСС). Аднак іх дзейнасць абмяжоўвалася ў асноўным асветніцкай і культурніцкай сферай. М. Шавель уваходзіла ў Управу ТБШ, разам з М. Марцінчыкам працавала ў аддзеле пазашкольнай асветы, які меў за задачу арганізацыю народных дамоў, бібліятэк, чытальняў, чытанне дакладаў і лекцый. А.Зянюк па сведчанням ІІ упраўлення меў пэўныя стасункі з кіраўніцтвам БСРГ, непасрэдныя кантактаваў з Марцінчыкам, прысутнічаў на сходах арганізацыі, ён жа разам М. Касатая з'яўляліся членамі ВБНК, падчас праўлення там лідэраў БСРГ.

Падчас палітычных закалотаў абумоўленых шырокамаштабнай дзейнасцю Грамады, якія бударажылі беларускую студэнцкую супольнасць цягам 1926-1927 гг., сябры БСС забыліся на працу на сваёй ўласнай ніве. Занядбала дзейнасць унутраных секцый арганізацыі, была прыпынена выданне студэнцкага часопіса (у 1926 г. выйшаў адзін нумар "Студэнцкай думкі", за 1927 г. нумароў наогул не было). Павелічэнне супярэчнасці паміж сябрамі на палітычнай глебе і празмерная палітызаванасць дзейнасці арганізацыі таксама не спрыялі развіццю эфектыўнай працы Саюза. Але на той час, вырашыць гэтыя (свае ўласныя) праблемы беларускаму студэнцтву не было магчымасці, бо ўсе намаганні былі кінутыя дзеля дасягнення мэтаў, які тады здавалася больш значнымі.

3.2. БСС пасля разгрому Грамады. Культурная і грамадская дзейнасць у зо-х гг.

Разгром Грамады і расчараванне падманутых савецкай "беларусізацыяй" нацыянальных дзеячаў ў камуністычнай ідэалогіі спрыялі выхаду на першы план БХД як выразнага лідэра партый і арганізацый, якія стаялі на нацыянальна-дэмакратычным грунце, з'яўляліся прыхільнікамі незалежнасці Беларусі, знаходзіліся ў парламенцкай апазіцыі да ўрада. У гэты ж час былыя грамадоўцы Радаслаў Астроўскі і Антон Луцкевіч стварылі г.зв. "Цэнтрасаюз", што многімі беларускімі дзеячамі ўспрымаўся як свайго роду "беларуская санацыя" [39, c. 96]. На перамены ў палітычным жыцці таксама адрэагавала беларуская студэнцкая моладзь.

10 лютага 1927 г. адбываецца надзвычайны агульны сход БСС, на якім выбіраецца новы Урад арганізацыі: старшыня Адольф Зянюк, віцэ-старшыня Мікола Шкялёнак, сакратар М.Гічаноўна, скарбнік Міхась Тулейка, сябра Яўген Бартуль. Мінулы урад, які адпрацаваў літаральна некалькі месяцаў, за выключэннем М.Тулейкі, быў зменены. Прычыны такіх пераменаў у кіраўніцтве БСС нам невядомы. Аднак відавочна, што палітычная кан'юктура змянялася, пасля разгрому Грамады змяняліся і расстаноўка сіл, фармаваліся новыя стасункі з польскай уладай. У новых варунках, пераасэнсаваўшы папярэднія падзеі, БСС бярэ новы курс дзеянняў.

Намаганнямі Адольфа Зянюка [8] - першага рэдактара "Студэнцкай думкі" аднаўляецца выданне часопіса, паступова фарміруецца новая рэдкалегія і выпрацоўваецца новая канцэпцыя студэнцкага выдання (Сам Зянюк у хуткім часе сыходзіць з пасады рэдактара ў сувязі з сканчэннем універсітэту, яго месца зойме І. Гагалінскі ). Паступова адраджаецца праца ва ўнутраных секцыях, скіраваных па разнастайным напрамкам навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасці. У 1927-29 гг. у склад кіраўніцтва ўліваецца новая кроў: Станіслаў Станкевіч, М. Амельяновіч, Ян Шутовіч, Канстантын Глінскі. Сярод старых лідэраў заўважна таксама, прынамсі вонкавая, кансалідацыя: у 1927-28 вяртаюцца на ключавыя пасады ў Саюзе Т. Куніцкі і І. Гагалінскі.[65, c 32-33]

Вынікам больш стараннай сумеснай працы сталася наладжванне пастаяннага выдання "Студэнцкай думкі", на старонках якой студэнты даводзяць свае абноўленыя мэты і новыя прыярытэты ў сваёй дзейнасць, з ўлікам мінулых параз і недахопаў. "У сучасны момант, калі адраджэнне беларускага народу прыняло формы хвараблівыя, калі ў беларускай атмасферы паўстаў чад ненавісці і ўзаемнай сваркі, калі розныя "свае" і чужацкія "дабрадзеі" безкарна спекулююць беларускім імем гатуючы беларускаму народу згубу - студэнцтва і агулам моладзь беларуская мусіць быць свядомае свайго пасланніцтва, мусіць быць свядомае ролі, адыграць наказуе любоў свайго народу і абавязак перад Бацькаўшчынай, асабліва - падкрэсліваем - у сённяшні дзень, калі Адраджэнне народу беларускага ідзе крывымі шляхамі" [65, c.2]. Вышэйшай задачай свядомага студэнта, пасля заканчэння студыяў - праводжанне ўсенацыянальнага аб'яднання.

На старонках СД у 1928-30 гг. раскрываецца, так бы мовіць, новая праграма арганізацыі: аб'яднанне, згуртаванасць вакол адной мэты дабрадзеі для Бацькаўшчыны, якой яна бачылася яе стваральнікам як найперш самаадданая праца на грамадскім полі на карысць народу (пазітывісцкая праца), захаванне нейтральнасці ў палітычным сэнсе, змагацца з усялякай палітычнай заангажаванасцю ў сваім асяроддзі.

Новая студэнцкая ініцыятыва да аб'ядноўваючай дзейнасці сярод моладзевай грамады было прадыктаваная тымі няпростымі рэаліямі ў якіх апынуўся нацыянальны рух і досведам непрыязных стасункаў паміж рознымі яго плынямі, чаго хацела пазбегнуць у далейшым маладая беларуская інтэлігенцыя. У гэты час на старонках Студэнцкай Думкі гучала крытыка беларускага руху, даставалася ўсім палітычным кірункам і партыям. Крытыкавалася ўцягванне студэнцтва ў палітычныя валкі, што дыферэнцавала і ўносіла рознагалоссе ў яго шэрагі, крытычна пераасэнсоўваліся нядаўнія падзеі захаплення прыгнечанага заходнебеларускага грамадства рэвалюцыйнымі ідэямі з усходу. [65, c.2-3] Студэнты слушна казалі, што размежаванае грамадства само не можа зкансалідавацца ў адзіны рух, таму сваімі партыйнымі заляцаннямі яны толькі раздзіраюць і студэнцкі рух. Па меркаванню студэнцкіх лідэраў нацыянальны рух скампраметаваў сябе ў асобах найвыбітнейшых прадстаўнікоў, таму наступае час для маладых. Відавочна фармулюецца памкненне да стварэння незалежнага студэнцкага руху, у супрацьвагу старэйшаму грамадству, заклапочанаму сваімі вузкапартыйнымі інтарэсамі[65, c.18].

Ставілася задача на аб'яднанне незалежнай беларускай моладзі, не толькі Заходняй Беларусі і Польшчы, але і замежжа, найперш буйнога Пражскага асяроддзя. З студэнцкімі арганізацыямі Прагі Чэшскай быў наладжаны шчыльны кантакт. Падобныя кансалідуючыя працэсы праходзілі і там. Планавалася развіццё студэнцкага руху па наступнаму сцэнару: кансалідацыя і ўзбуйненне руху на месцы ўва УСБ у Вільні, гуртаванне вакол АБСА у Празе, у шырокім міжнародным плане выхад на ўзровень Міжнароднай студэнцкай канфедэрацыі (СІЕ). Узбуйненне і набыццё вагі ў студэнцкім асяроддзі за конт збліжэння і супрацоўніцтва з групамі іншых нацыянальных меншасцяў. У першыню ставіцца пытанне аб замкнёнасць арганізацыі, яе адлучанасці ад жыцця ўсёй студэнцкай супольнасці УСБ. Прапануюцца планы паступовага ўключэння ў агульнауніверсітэцкія арганізацыі, спробы супрацоўнічаць з дэмакратычнымі таварыствамі студэнтаў-палякаў.[66, c.24;67, c.25-28]

На практыцы ідэі супрацоўніцтва рэалізаваліся ў аб'яднанне з студэнтаў-украінцаў і студэнтаў-літоўцаў [96, c. 30-31], якое прынесла плённыя вынікі. Быў створаны выканаўчы орган з прадстаўнікоў трох саюзаў, які вінен быў займацца арганізацыяй чытанняў рэфератаў, лекцый, правядзеннем канцэртаў, вечароў, гарбатак, экскурсій [68, c.28]. БСС гэтымі двума арганізацыямі былі наладжана цеснае супрацоўніцтва, якое далей не перарывалася. Нацыянальныя студэнцкія аб'яднанні былі падобныя ў мэтах сваёй дзейнасці. Іх сябры лёгка знаходзілі агульную мову, ладзілі сумесныя мерапрыемствы, дзяліліся досведам нацыянальнай дзейнасці. Стаў традыцыяй штогадовы сумесны баль гэтых таварыстваў - рэпрэзентацыйны "Беларуска-Літоўска-Украінаскі Канцэрт-Баль"[68, c. 35].

Галоўнай жа мэтай такога супрацоўніцтва было атрыманне як маральнай, так і матэрыяльныя падтрымкі. Толькі дзейнічаючы салідарна, гэтыя нацыянальныя саюзы маглі дабіцца пэўных агульных мэтаў на універсітэцкім форуме. Так разам яны былі ўступіўшы ў склад "Братняй самапомачы" - адной з магутных агульнауніверсітэцкіх студэнцкіх арганізацый УСБ. Там выступіўшы агульным фронтам яны праводзілі свае інтарэсы, якія якраз і заключаліся ў атрыманні матэрыяльнай дапамогі сябрам сваёй арганізацыі. Удзел у Братняй помачы павінен быў кампенсаваць недахоп сродкаў у БСС, і служыць мэтам рэпрэзентацыі беларускага таварыства ў польскім студэнцкім асяроддзі. Але здаецца гэтыя задачы БСС так і не былі выкананы станоўча, непераадоленымі для яго былі аб'ектыўныя перашкоды: негатыўнае стаўленне польскіх улад да любых праяў нац. меншасцей[68, c. 24; 69, c.2].

Актыўна развіваліся стасункі БСС з Аб'яднаннем беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе [9]. У вясну 1927 г. БСС уключаецца ў склад АБСА. З гэтай пары пачынаецца іх шчыльнае супрацоўніцтва. Шмат увагі аддае дзейнасці АБСА "Студэнцкая думка". У артыкулах даводзіцца роля і значэнне АБСА для развіцця беларускага студэнцкага руху. Прапагандуюцца ідэі гэтай арганізацыі, які збольшага з'яўляюцца супольнымі з ідэямі незалежніцкімі і пазітывісцкімі БСС. З 1927 штогод БСС вызначала дэлегатаў на агульныя з'езды членаў АСБА у Празе[67, c. 27], але за матэрыяльных альбо пашпартных праблем да 1930 г. прадстаўнікі БСС патрапіць туды не здолелі. Аднак вялася перапіска, пражскія дзеячы актыўна выступалі ў віленскім беларускім студэнцкім часопісе.

У студзені 1930 г. дэлегаты БСС у складзе С. Станкевіча і А. Бартуля прынялі ўдзел у V Юбілейным з'ездзе АБСА ў Празе. Падчас паседжання дэлегатаў Аб'яднання былі прынятыя важныя рашэнні звязаныя з дзейнасцю арганізацыі ў Вільні. Было вырашана перанесці тры аддзелы АБСА непасрэдна ў край, а менавіта: аддзелу прэсавага, спартовага і эканамічнага, як маючых большыя шанцы да працы на родным грунце. Таксама пастанавілі залажыць архіў АБСА у Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Згаданы студзеньскі з'езд АБСА з прысутнасцю прадстаўнікоў БСС прыняў таксама рэзалюцыю з пратэстам супраць палітычнай сітуацыі ў БССР і пераследу беларускіх нацыянальных дзеячаў, а таксама патрабаваў ад польскіх уладаў палепшыць становішча беларускіх студэнтаў [70, c.3-7].

Вялікія надзеі беларускі студэнцкі рух ускладаў на супрацоўніцтва з Міжнароднай студэнцкай канферэнцыі СІЕ. Confederation Internationale des Etudiants (CIE) была заложана з 1919 г. у Страсбургу і яднала пад сваім пачаткам студэнцкія арганізацыі з усё Еўропы. 26 жніўня 1926 г. да спісу сяброў СІЕ далучылася і АБСА. З гэтай пары ў з'ездах СІЕ, якія праходзілі штогод у розных сталіцах еўрапейскіх дзяржаў, прымалі чынны ўдзел і дэлегаты ад беларускіх студэнтаў. СІЕ з'яўлялася досыць уплывовай арганізацыяй, і членства ў ёй абяцала беларускаму студэнцтву пэўныя падтрымку на міжнароднай арэне.

Адным з вынікаў працы беларускіх арганізацый на міжнародных пляцоўках быў візіт сакратара Міжнароднай студэнцкай помачы І. Паркаса ў Вільню ў 1930 г. Гэты візіт быў прымеркаваны менавіта праблемам нацыянальных студэнцкіх меншасцяў у Польшчы. Прымалі прадстаўніка міжнароднай арганізацыі прадстаўнікі беларускай, украінскай і літоўскай студэнцкіх аб'яднанняў. [70, c.33] Размова вялася пра няпростае становішча нацыянальных саюзаў гэтых трох народаў, найперш непакоілі студэнтаў фінансавыя цяжкасці. Праўда, ці быў з гэтай сустрэчы рэальны плён не вядома.

З канца 1927 па 1930 гг. БСС атрымоўвалася непарушна прытрымлівацца сваіх ідалаў, якія трымаліся на незалежніцкім, па палітычнай арыентацыі, і нацыянальным, па сутнасці, грунце. Прынамсі знешніх прыкмет нейкіх асаблівых унутраных узрушэнняў у гэты перыяд не выяўляецца. Верагодна праваднікамі гэтых ідэй і такой арыентацыі былі С. Станкевіч, М.Тулейка, Я.Зянюк [10], М.Шкялёнак, - кіраўнікі арганізацыі і сябры рэдкалегіі СД, якая прапагандавала ідэі БСС на вонкі. Верагодна ў гэты час захоўваўся пэўны парытэт сіл у арганізацыі. Увогуле ў склад БСС уваходзіла досыць разнашэрсная публіка: ад прыхільнікаў БХД і былых грамадоўцаў ды камуністаў, да зацікаўленых новай ідэяй збліжэння з Польшчай (карыстаючыся пэўнымі саступкамі, якія прапаноўваў урад у першы час пасля скасавання БСРГ). У гэты час у беларускім грамадстве падвышаецца аўтарытэт БХД. Гэта была тая плынь, якая магла сапраўды паўплываць на студэнцкі рух. Аднак па сутнасці лінія БСС не супярэчыла агульнанацыянальным і незалежніцкім памкненням БХД, з БСС нават супрацоўнічае такі відны хадэк як Адольф Клімовіч (таксама адзін з лідэраў АБСА). Але катэгарычнасць некаторых кіраўнікоў БСС і нават пераслед прыхільнікаў БХД у студэнцкім асяроддзі, прыводзілі да рознагалосся паміж гэтай партыю і БСС.

Канфлікт выбухнуў падчас паседжання 11.05.1930 , калі паўстала пытанне аб уваходзе БСС ў склад ВБНК, які аднаўляў сваю дзейнасць пасля заняпаду, але ўжо пад патранажам БХД. Кіраўніцтвам БСС гэта было расцэнена як спроба падпарадкаваць Саюз інтарэсам пэўнага палітычнага кірунку. Галасаваннем дадзеная прапанова была адкінутая. Аднак падчас абмеркавання распалілася гарачая дыскусія, каторая пасля перакінулася ў прэсу. На ўваходзе ў ВБНК настойвалі, вядома, прыхільнікі хадэкаў, якія ў гэтым выпадку аказаліся ў меншасці. [70, c. 23] Пасля гэтага яны адмовіліся ўваходзіць ва урад, разам з астатнімі прадстаўнікамі незалежніцкага і радыкальнага крыла. Як бы не настойвалі адэпты нейтральнага шляху ва ўрадзе БСС, такія як Міхась Тулейка [11], на недапушчэнні да размежавання ўнутры Саюза - падзел на групоўкі зрабіўся відавочны.

Ужо з 1929 г. група студэнтаў БСС арганізавалася ў рэдакцыю новай моладзевай газеты "Шлях моладзі". Вакол гэтага друкаванага органа гуртаваліся Я. Шутовіч, М.Пецюкевіч, В.Тумаш. Газета з самага пачатку стаяла на пазіцыях БХД, адпаведна падтрымлівалася гэтай партыяй. Ужо ў той час БХД імкнулася кансалідаваць беларускія сілы пад сваім крылом. Газета павінна была стаць цэнтрам прыцягнення і кансалідацыі беларускай моладзі. У гэтым сэнсе прасочваецца канкурэнцыя з БСС.

Падчас, ўзгаданага ўжо, агульнага сходу БСС у вясну 1930 г быў прыняты план дзейнасці з улікам палітычнай кан'юнктуры, якая склалася на той час у беларускім руху. Асноўнымі накірункамі працы станавіліся барацьба супраць уплыву камуністаў і хрысціянскіх дэмакратаў на Саюз (прадугледжвалася нават выключэнне з Саюзу сяброў, якія супрацоўнічалі з Беларускім сялянска-работніцкім пасольскім клубам); падтрымка беларусізацыі царквы ў Польшчы і дэлегаванне сваіх прадстаўнікоў у Цэнтральны беларускі праваслаўны камітэт; рэгулярнае выданне часопіса "Студэнцкая думка"; правядзенне лекцый і тэатральных пастановак на беларускай мове; пошук сродкаў для культурна-асветніцкай дзейнасці; падтрымка беларускіх арганізацый, створаных Радаславам Астроўскім [57, c.57-58].

Відавочная пераарыентацыя палітычнай прыхільнасці БСС у бок курсу адмаўлення ад радыкальных і рэвалюцыйных формаў змагання і да збліжэння з Польшчай. Гэта было непасрэдна звязана з стварэннем "Цэнтрасаюзу" і ягонымі ўплывамі на беларускіх студэнтаў. Але, няўжо прыхільнікі гэтага кірунку пайшлі на збліжэнне з польскімі уладамі і, адпаведна, адмаўляліся ад ідэі незалежнасці, не зважаючы на той дагэтуль яскрава вызначаны шлях нейтральнасці і непахісны нацыянальна-незалежніцкі кірунак? Магчыма пытанне ляжала ўсё ж такі ў больш прагматычнай плоскасці - спадзяванні на рэальную дапамогу ад урада?

Сапраўды высвятляецца, што ідэя супрацоўніцтва, была абумоўлена аб'ектыўнымі прычынамі, якія, калі адкінуць папулісцкія закіды, носяць досыць пазітыўную афарбоўку. Намаганнямі Астроўскага, вядомага сваімі дыпламатычнымі здольнасцямі, узнікла дамова з польскімі ўладамі, паводле якой юрыстаў-беларусаў пасля сканчэння універсітэту дазвалялася прымаць на дзяржаўную службу, гэта значыць у суды, у адміністрацыю, адвакатуру і гэтак далей.[48, c. 6] Тут абавязкова трэба зацеміць, што гэты была добрая нагода не толькі для асабіста студэнтаў, але і для ўсяго беларускага руху здабыць сабе адукаваных адмыслоўцаў на дзяржаўных пастах. Але на жаль сама з'ява інтэрпрэтавалася цалкам у негатыўным святле.

Вясной 1931 г., зыходзячы з прапанаванай магчымасці, група студэнтаў, сяброў БСС (пераважна праўнікі, якія канчалі ўніверсітэт), заснавала карпарацыю "Скарынія", якая была падтрымана урадам. Пры гэтым сябры карпарацыі не пакінулі членства ў Саюзе. Гэтая група адразу атрымала ярлык "беларускіх санацый" з адпаведным адмоўным стаўленнем да сябе з боку астатніх сяброў БСС.

Да стварэння гэтай арганізацыі меў непасрэднае дачыненне сам старшыня БСС на 1930-31 г. Канстантын Глінскі [12], і сакратар ураду Я. Бартуль, папярэдні старшыня і член рэвізійнай камісіі М. Шкялёнак, якія і сталі на чале карпарацыі. Да арганізацыі далучыўся, а таксама да управы карпарацыі належалі А. Мілер, Л. Галяк. На майскім сходзе сяброў БСС 1931 г. было ж абрана новае кіраўніцтва Саюзу, у каторае, зразумела, "скарынаўцы" ўжо не ўваходзілі. А 12 чэрвеня 1931 г. Сенатам УСБ быў зацверджаны статут студэнцкай карпарацыі "Скарынія" [45, c. 32].

Адносіны паміж БСС і карпарацыяй адразу склаліся не проста. У БСС былі прэтэнзіі да сяброў, належачых адначасова і да Скарыніі, не прымаліся іх погляды, што вылілася ў вострую барацьбу Урада БСС са "скарынаўцамі". Каб вырашыць пытанне аб сябрах карпарацыі, якія заставаліся ў БСС, быў скліканы надзвычайны сход 13 снежня 1931 г. Напярэдадні Урад "завесіў" сяброў Саюзу: К. Глінскага, Я. Бартуля і А. Мілера па прычыне іх выступлення проціў АБСА, у які ўваходзіў БСС. Пад выступленнем супраць АБСА мелася на ўвазе непаразуменні, якія ўзніклі на глебе бюлетэня АБСА, адказнымі за выданне каторага былі прадстаўнікі прэзідыума карпарацыі, найперш Я. Бартуль [13], які адказваю за прэсавы сектар АБСА. Пярэчанні палягалі ў змесце бюлетэня, на які хацелі паўплываць скарынаўцы, зрабіць яго менш палітызаваным, больш лаяльным да польскіх уладаў. Гэта ўспрымалася як самаўпраўства і сабатаж з боку карпарацыі.[46, c. 30-31; 72, c. 24-25]

Паводле "Новай варты" арганізатарамі сходу і ініцыятарамі працэсу супраць "Скарыніі" была тройка: Я.Шутовіч, М.Тулейка і С.Станкевіч. Галоўная роля прыпісвалася Яну Шутовічу [14], які менуюецца не інакш, як "дзеяч хрысціянскай дэмакратыі", які насуперак хрысціянскай маралі выступіў супраць сваіх братоў, былых паплечнікаў. На сходзе Шутовіч і яго прыхільнікі выступаў за выключэнне скарынаўцаў з БСС. Скарынаўцы бачылі ж у гэтым падрыўную дзейнасць, якая вядзе да распаду Саюза на групоўкі і ў рэшце знішчэння самой арганізацыі. У выніку жорсткага антаганізму паміж групай Шутовіча і скарынаўцамі, які адбываўся непасрэдна падчас паседжання БСС, варожасць вылілася нават у фізічнае сутыкненне - напад сябра карпарацыі Маркевіча на Яна Шутовіча [46, c.30-32]. Але трэба аддаць належнае сябрам БСС і годнасці Я. Шутовіча, якія не адказалі жорсткасцю на жорсткасць і не дапусцілі, каб паседжанне перарасло ў бязглуздую бойку.

У выніку па пастанове сходу сябры карпарацыі былі выштурхнутыя з шэрагаў БСС, а сябрам БСС забаранялася належыць да карпарацыі і наогул да якіх-колечы арганізацый. Аднак куратар БСС прафесар Уладычка ануляваў пастанову агульнага сходу. Сход насіў выразны палітычны кантэкст, тое ў якіх варунках праходзіла паседжанне і атмасфера варожасці і нястрыманасці ва ўчынках і заявах, відавочна паўплывала на рашэнне куратара, які трэба адзначыць быў шчырым сябрам арганізацыі і наўрад ці ён мог дзейнічаць з аглядкай на палітычную кан'юктуру. Каб згладзіць канфлікт Куратар адхіляе рашэнне чыста з фармальных прычын, не акцэнтуючы увагу на палітычны характар ці парушэнні статута, якія мелі месца. Але гэта не выратоўвае сітуацыю, бо такое рашэнне не задавальняе урад БСС (на чале са старшынёй Барысам Арэнем і намеснікам Вітаўтам Тумашам), які ідзе на прынцып і, дэманструючы сваё незадавальненне, адмаўляецца ад кіраўніцтва арганізацыяй. Такім чынам выказваецца вотум недаверу куратару. Куратарам жа быў вызначаны Камісарычны (складзены з прызначаных куратарам камісараў) урад БСС у складзе: Т. Куніцкі - старшыня, А. Аніська - сакратар, Я. Бурак - скарбнік. З гэтае пары канфлікт паміж БСС і "Скарыніяй" яшчэ больш распальваецца, перарастае ў адкрытую супрацьборства.[72, c. 25]

Супрацьстаянне перакідваецца на старонкі друку. У сваім часопісе "Новая варта" скарынаўцы абвінавачваюць БСС у палітычнай заангажаванасці, прыхільнасці да беларускай хадэцыі і радыкальным кірункам. Закіды ў бок кіраўніцтва Саюза і яго сяброў у сувязі з "Беларускай крыніцай" і непасрэдна БХД, якія іх бароняць. Сама карпарацыя вызначала сябе адзінай сапраўды незалежнай студэнцкай арганізацыяй, якая выступае за яднанне беларускіх сілаў без палітычнай арыентацыі, таму і выступае за захаванне членства сваіх сяброў у Саюзе. А прыхільнікі хадэкаў у БСС выстаўляюцца як дэструктыўная сіла, размяжоўваючая сяброў Саюза па палітычнай арыентацыі.

Часовы Камісарычны урад БСС працягвае настойваць на скліканні надзвычайнага сходу з мэтай выключэння сяброў карпарацыі з БСС. Пасля снежаньскага сходу зрабілася відавочна, што, застаючыся сябрамі БСС, скарынаўцы правакуюць канфлікты знутры і дэмаралізуюць дзейнасць саюза. Аднак заклікі урада застаюцца не заўважанымі куратарам.

У выніку 30 мая 1932 г. сябры БСС складаюць пісьмовы зварот да пана прафесара Станіслава Уладачкі з просьбай аб скліканні агульнага сходу БСС па прычыне канфлікту са "Скарыніяй". У лісце выкладзена сутнасць канфлікту і кароткая гісторыя яго развіцця. З дакумента вынікае, што ў стане Саюза ўтварылася сапраўды ненармальны лад, панавала варожасці паміж студэнтамі-беларускамі. Сітуацыя вымалёўвалася досыць крытычная, супрацьборства даходзіла да фізічнага сутыкнення паміж сябрамі Саюзу і скарынаўцамі, што засведчана ў лісце, былі зняважаныя сябры БСС Сяргей Сарока [15] і Ян Шутовіч. Пэўную віну за такое становішча сябры Саюза ўскладалі на свайго куратара, які не дапусціў выключэнне скарынаўцаў з арганізацыі яшчэ ў снежні 1931 г. і ігнараваў папярэднія прашэнні аб скліканні датэрміновага сходу БСС. Пад лістом падпісалася 45 сяброў Саюза [96, c.279,280].

Куратар БСС мусіў даць хаду гэтай справе, якая ў рэшце рэшт трапляе пад непасрэдны кантроль рэктара УСБ. Магчыма пасля закідаў у свой боку сяброў Саюзу і адначасова разумеючы тое, што яму не атрымалася выратаваць арганізацыю ад нападкаўшага яе крызісу, прафесар Уладычка зракаецца куратарства над арганізацыяй пасля 10-ці гадовай плённай супрацы з беларускімі студэнтамі. 15 чэрвеня 1932 г. Сенат УСБ прызначае новым куратарам Саюза прафесара Эрвіна Кашэмідэра.[96, c.274, 276, 279] У хуткім часе сябры карпарацыі "Скарынія" (12 асоб) вымушаныя былі выйсці са складу Студэнцкага саюза.

Верагодна, у гэтай сітуацыі былі задзейнічаны і іншыя знешнія сілы. Бо надалей БСС пачынае прытрымлівацца нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі БХД.

Пасля адлучэння сяброў карпарацыі ад БСС супрацьстаянне дзвюх плыняў у беларускім студэнцкім руху аднак ніяк не аслабла. Полем бітвы зрабіўся беларускі віленскі друк, дзе гучалі няспынныя абвінавачвання адзін аднаго. У гэты час БСС не мела ўласнага выдання, бо "Студэнцкая думка" з 1930 ажно па 1935 не выходзіла, верагодна з фінансавых прычын, а магчыма і інтэлектуальнага застою, бо найбольш таленавітыя сябры былі занадта заангажаваныя ў дзейнасць БХД і яго друку, а астатнія яшчэ раней перайшлі да "Скарыніі". У гэты час хадэкі з ліку БСС выступалі з нападамі на Скарынію на старонках "Беларускай Крыніцы". Стаяла на пазіцыях БХД і выступала супраць "санацыі" Астроўскага і Луцкевіча, а таксама прыхільных да гэтай групы арганізацый, да ліку якіх адносілася і "Скарынія", газета "Шлях моладзі", рэдакцыя якой на той час складалася пераважна са студэнтаў, сяброў БСС. Скарынія мела свой уласны друкаваны орган "Новая варта" праз які даводзіла сваю пазіцыю, і свае закіды ў адрас БСС, абвінавачваючы ў хадэцкай і радыкальнай арыентацыі, адначасова адбівалася ад замахаў з боку "Беларускай крыніцы".

Гэтая сітуацыя цалкам падарвала той кансалідуючы падмурак, які, здавалася ўжо, быў закладзены руплівасцю ўправы БСС. Здзіўляе тая вострая непрыязнасць, якая склалася паміж студэнтамі. Сітуацыя даходзіла нават да абсурду. У канцылярскай кнізе карпарацыі ёсць скарга Галяка на калегу Самойлава, за тое, што той нібыта пакланіўся спадару С.Станкевічу пры спатканні, тым самым парушыўшы рашэнне Канвенту карпарацыі аб байкатаванні гэтай асобы.[85, c.15] І гэтая дробязь разглядалася як рэальны праступак. Такім чынам аб пагадненні паміж БСС і Скарыніяй не магло ісці і размовы, па розныя бакі барыкадаў апынуліся тыя, хто яшчэ ўчора выступаў за кансалідацыю і пісаў пра неабходнасць яднання студэнтаў (як то сярод актыўныя супрацоўнікі рэдкалегіі "Студэнцкай думкі" С. Станкевіч і М. Тулейка, Я. Шутовіч засталіся ў БСС, а К. Глінскі, Я. Бартуль, М. Шкялёнак і Я. Зянюк адышлі да карпарацыі ). Відавочна, ніхто ні каму не хацеў саступаць ні на крок.

Карпарацыя "Скарынія" пачынаючы з моманту свайго ўтварэння распачала дастаткова паспяховую дзейнасць у культурна-асветніцкай і навуковай галінах. Спрыяла таму падтрымка беларускіх арганізацый, такіх як Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай асветы, Беларускае дабрачыннае таварыства, дзеячы каторых выступалі за шлях кампрамісаў з польскімі ўладамі. Сама карпарацыя ў межах універсітэта таксама ішла на супрацоўніцтва з польскімі студэнцкімі арганізацыямі. Лаяльнае стаўленне польскай адміністрацыі УСБ і удзел у такіх студэнцкіх структурах як Братняя Помач (якія байкатавала БСС) забяспечвала рэальную фінансавую падтрымку карпарацыі. Тут варта адзначыць, што рэальнага паразумення з польскай моладдзю, верагодна, скарынаўцы так і не дасягнулі. Карпарацыя паспела выпусціць тры нумары свайго грамадска-навуковага і літаратурнага часопіса "Новая варта".

Ужо ў 1934 г. карпарацыю спасцігае ўнутраны крызіс, які яна не здолее перажыць. Прычынай зноў жа сталі палітычныя закалоты звонку, якія хутка адбіліся і на ўнутраным стане арганізацыі. Рознагалоссі сярод лідэраў групы, так званай "беларускай санацыі", выклікаюць раскол у гэтай партыі. Асобая роля ў гэтым канфлікце належала персоне Р.Астроўскага, да якога ў гэты час з антыпатыяй ставіліся ўсё беларускага грамадства, не выключаючы нядаўніх аднадумцаў, якія мелі да яго прэтэнзіі са свайго боку. Канфлікт узмацняецца ў сувязі з фінансавай спрэчкі паміж "паланафільскіх" арганізацый, ў цэнтры якой знаходзіўся Р.Астроўскі, і якая пэўным чынам датычыліся і студэнцкай карпарацыі.[98, c. 24] У канцылярскай кніжцы карпарацыі зафіксавана настойлівае патрабаванне прэзідыума "Скарыніі" да Р.Астроўскага аб найхутчэйшым звароце апошнім 260 зл. ў скарбніцу арганізацыі[85, c.16]. На рэшце рашэннем Канвенту карпарацыі Астроўскі быў зрачоны філістэрства ў карпарацыі, па прычыне канфлікту, які паўстаў на грунце фінансава-гаспадарчым і зробленых Астроўскаму закідаў у неэтычных паводзінах [47, c.16]. Дадзеная цёмная справа з грашовымі сродкамі і ўнутрыпалітычны(ўнутрыпартыйны) раскол выклікалі ідэалагічны крызіс у карпарацыі, які прывёў да яе занядбання.

У выніку 22 чэрвеня 1934 г. Сенат УСБ прыпыніў дзейнасць карпарацыі "Скарынія" [95, c.88]. За сітуацыяй унутры суполкі беларускіх студэнтаў пільна сачыла кіраўніцтва універсітэту. У сувязі з скасаваннем "Скарыніі" адміністрацыя універсітэта прысвяціла гэтаму здарэнню параграф у штогадовай справаздачы "Аб дзейнасці акадэмічных таварыстваў Універсітэту Стэфана Баторыя". Сцвярджалася, што падставай для ліквідацыі карпарацыі была "поўная дэмаралізацыя" адносінаў унутры самой арганізацыі. Прычыны бачыліся ва ўплывах на "Скарынію" з боку беларускай віленскай супольнасці, што абярнулася ўцягваннем арганізацыі ў палітычны канфлікт унутры беларускага руху і пагаршэннем адносінаў паміж студэнтамі-беларусамі [95, c.83]. Адначасна адміністрацыя універсітэту імкнулася ўзмоцніць праўрадавыя настроі сярод студэнцтва і выказвала ў справаздачы надзею на поспех новай арганізацыі, ў якую ўвайшла частка найбольш памяркоўных прадстаўнікоў "Скарыніі".

Беларускае студэнцкае таварыства імя Ф. Скарыны паўстала адразу пасля ліквідацыі "Скарыніі" (прысутнічае ў спісах таварыстваў за 05.34-03.35) [95, c.88]. Арганізатара таварыства з'яўляўся А. Мілер з рэшткай былых сяброў карпарацыі. Гэтая арганізацыя, як і яе папярэдніца, стаяла на пазіцыях лаяльнасці да польскіх уладаў.[94, c.4] Аднак з аслабленнем дзейнасці партыі Астроўскага і Луцкевіча, і гэтая арганізацыя распалася. У 1936 г. рашэннем Сенату Таварыства імя Ф.Скарыны было зліквідаваная [95, c.27].

Нягледзячы на разлад і супрацьборства са "Скарыніяй", БСС атрымалася заставацца дзейсным у гэты час. Сябры Саюза імкнуліся старанна выконваць ускладзеную на сябе культурна-асветніцкую абавязак: ладзяцца канцэрты, рэфераты, дыскусійныя вечары, гарбаткі і вечарыны. Дзесьці ў 1932 г. пры БСС ствараецца свой уласны хор пад кіраўніцтвам вядомага культурнага дзеяча Рыгора шырма. 21 лютага 1932 г. у Вільні адбываецца Студэнцкая выстава, у якой БСС бярэ чынны ўдзел, выстаўляючы беларускую студэнцкую прэсу, дыяграмы і фатаграфіі з арганізацыйнага жыцця. У чэрвені гэтага ж года БСС плануе выступіць з заявай у справе цяжкага палажэння беларускага школьніцтва ў Польшчы, што мелася адбыцца на надзвычайным агульны сходзе. Аднак мерапрыемства было адкінутае, бо куратар, па вядомым прычынам, не даў на тое згоды. [72, c. 24-26]

Пачатак 30-х гг. быў усё ж такі складаным перыядам для арганізацыі. Унутраны крызіс звязаны з ідэалагічнай барацьбой са "Скарыніяй" прынёс значную шкоду Саюзу: дэмаралізацыя унутранай атмасферы і страта ладнай колькасці чальцоў (пры гэтым вартых дзеячаў). У выніку, калі на пачатак 1931-32 г. навучальнага года у Саюзе было 77 чалавек, то на канец засталося толькі 62 [96, c.261]. Надыход 30-х гадоў адзначыўся новым выклікам часу - сусветным эканамічным крызісам, які ў 1929-1933 вельмі адчувальна закрануў гаспадарку тагачаснай Польшчы. Дадзенае агульнадзяржаўнае ўзрушэнне, не магло не паўплываць на студэнцкае жыццё. У першую чаргу пагоршылася, і без таго кепскае, матэрыяльнае становішча студэнцкай арганізацыі. У 1932-33 н. г. павялічваецца плата за навучанне на універсітэце ажно на 100 адсоткаў. Многім дзецям беларускай вёскі гэтае падвышэнне адрэзала дарогу да навукі. Гэтыя акалічнасці моцна на сябе адчуў і БСС: у гэтым годзе значна памяншаецца лік сяброў Саюза. У шэрагах арганізацыі застаецца 52 чалавека [72, c. 26].

Наступным ударам па дзейнасці БСС быў новае распараджэнне Міністра веравызнанняў і асветы Польшчы аб акадэмічных школах ад 1.04.1933 г. Па якому свабоды студэнцкіх таварыстваў значна абмяжоўваліся. Згодна з гэтым распараджэннем БСС быў змушаны выступіць з АБСА [72, c.26-27]. Гэта цалкам марнавала тыя высілкі, якія былі прыкладзеныя для таго каб БСС як буйнейшае студэнцкая арганізацыя ў Заходняй Беларусі і замежжы, заняла пачэснае месца ў цэнтральным аб'яднанні беларускага студэнцтва. БСС спрабаваў ухіліцца ад гэтага несправядлівага рашэння, у сувязі з чым урад БСС дасылае ў Міністэрства просьбу, каб можна было і далей належыць да АБСА. Адказ ад 25.01.1934 на гэта прашэнне быў адмоўны [96, c.252]. З гэтай пары Саюз не мае афіцыйных магчымасцяў належыць да сваёй Цэнтралі, то бок былі абарваныя міжнародныя сувязі, згубленая магчымасць прадстаўніцтва на ўсясветнай арэне. Хоць нефармальныя стасункі з АБСА відавочна захаваліся.

Нягледзячы на узмацненне ціску палітычнага рэжыму, абмежаванні свабоды дзейнасці, універсітэт захоўваў сваё права на аўтаномію. Гэта права забяспечвала адпаведныя свабоды студэнтам, якія ў межах універсітэта маглі пазбегнуць таго ціску, які быў звонку разгорнуты супраць палітычных апанентаў і нацменшасцяў. Студэнцкія арганізацыя пад патранажам універсітэта маглі праводзіць разнастайныя акцыі, прынамсі, культурніцкага і асветніцкага характару, якія ўсялякім чынам абмяжоўваліся і не дапускаліся да правядзення нацыянальным арганізацыям і партыям. Таму з сярэдзіны 30-х гадоў на БСС, як на рэальна дзейсную і афіцыйна легальную структуру, прыпадала агромістая доля грамадскай працы.

Вялікае значэнне ў захаванні пазітыўнага стаўленне да беларускіх арганізацыяў моцна залежала ад адміністрацыі універсітэту. Вельмі важнае значэнне мела постаць рэктара, ад перакананняў якога залежала тое, якім будзе лад ува універсітэце. Вялікую ролю ў справе БСС адыграў Вітальд Станевіч рэктар УСБ у 1921-22 і ў 1933-1936 гг. Ураджэнец Віленшчыны, паходзіў з дробнай лідскай шляхты. Эканаміст, доктарская праца на тэму сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі. Уваходзіў у Міністэрства сельскай гаспадаркі, дзе займаўся аграрнай рэформай. З'яўляўся паслом сейму ў двух кадэнцыях, належаў да безпартыйнага блоку. У 1932 г. выступіў супраць галасавання за закон аб абмежаванні аўтаноміі універсітэтаў, у знак чаго зрокся свайго мандату. [90, c.1-20; 48, c.32] Ад самага пачатку працы БСС быў адным з яго "вярхоўных" апекуноў. Менавіта руплівасці яго Магніфіцэнцыі рэктару В. Станевічы статут БСС быў прыхільна прыняты Сенатам УСБ і надта хутка зацверджаны ў 1921 г.[41, c.28] У час яго другога прыбывання на пасадзе рэктара беларускія студэнты мелі таксама пэўныя прэферэнцыі, што выявілася ў свабодзе нацыянальна-культурнай дзейнасці ў сценах універсітэта, а таксама фінансавай падтрымкай, што было выключнай з'явай для арганізацый нацменшасцяў. Са справаздачы БСС нам вядома, што напрыклад у 1934 годзе БСС атрымала 200 зл. з " Funduszu opłat akademickich"[72, c.28], а ў наступным годзе (12.05.1935) рэктара падпісвае загад аб выплаце субсідый Саюзу ў памеры 250 зл.[96, c. 220, 223] Такім чынам дзякуючы прыхільнасці рэктара Станевіча, беларускія студэнты атрымлівалі стыпендыі і разнастайныя дапамогі. Яго Магніфіцэнцыя быў ганаровым і самым шаноўным госцем на ўрачыстасцях з нагоды 15-х угодкаў Саюза ў 1935 г., на якіх сябры БСС аддалі належную пашану і падзяку за ўсю дапамогу і клопаты, якія былі аказаная Вітальдам Станевічам беларускаму студэнцтву і іх арганізацыі [100, c.19].

З сярэдзіны 30-х вялікая ўвага БСС надаецца нацыянальна-культурнай дзейнасці, захаванню культурнай спадчыны, папулярызацыя нацыянальнай ідэі пад пагрозай паланізацыі. У гэты час БСС робіцца адным з цэнтральных асяродкаў культурнага жыцця. Бо беларускае пад уладным прэсам выціскаецца з грамадскага жыцця Вільні, разнастайныя беларускія мерапрыемствы наўпрост забараняюцца. Таму, з увагі на тэрытарыяльную і адміністрацыйную аўтаномію УСБ, толькі БСС мела такую магчымасць з чаго актыўна карысталіся. Канцэрты, прадстаўленні музыкальнай і тэатральнай нацыянальнай творчасці. БСС меў свой уласны хор: "Беларускі хор Студэнцкага саюза пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы", танцавальны ансамбль з харэаграфіяй Янкі Хвораста [29, c.37], былі спробы стварэння ўласнага струннага ансамблю [71, c.41]. Актыўна дзейнічаў музыкальна-драматычная секцыя БСС, кіраўнікамі каторай былі па чарзе М. Амельяновіч, С.Сарока, Я.Хвораст: ставіліся тэатральныя пастаноўкі па творах прызнаных беларускіх аўтараў і маладых драматургаў з ліку сяброў Саюза.

Робяцца сталай з'явай выступленні мастацкай самадзейнасці, літаратурныя і тэатральныя вечарыны БСС ў славутай залі Снядэцкіх Віленскага універсітэта, на якую збіраецца не толькі беларуская публіка. Сапраўднай падзеяй ў культурным жыцці Вільні з'яляліся гастролі вядомага ва ўсім свеце беларускага опернага спявака Міхася Забэйды-Суміцкага ў 1936 і 1937 гг. У арганізацыі выступлення славутага тэнара непасрэдны ўдзел прымаў БСС. У Вільні Забэйда-Суміцкі выступаў разам з хорам БСС пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. У снежні 1938 г быў забаронены апошні канцэрт Забэйды-Суміцкага ў Вільні, бо польскія улады непакоіла непрыхаваная нацыянальна-асветніцкую дзейнасць спевака. Выступленне ўдалося арганізаваць ва універсітэцкай "Залі Снядэцкіх" толькі з дапамогаю БСС, які скарыстаў права "экстэрытарыяльнасці" віленскага універсітэта [102, c.50].

БСС браў дзейны ўдзел таксама ў арганізацыі беларускім грамадствам святкаванняў буйных юбілеяў. Угодкі з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, якія адбываліся ў 1932 г., 75-цігоддзе беларускай прэсы ў 1933 г. Штогод урачыста адзначалася угодкі абвяшчэння Незалежнасці Беларусі, да якіх сябры БСС рыхтавалі шырокую культурную і асветніцкую праграму. Намаганнямі БСС у той жа залі Снядэцкіх адбываецца літаратурны З'езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі, у якім бяруць удзел Максім Танк, Міхась Машара ды інш. З нагоды гістарычных падзей, ці прысвечаныя творчасці слынных беларускіх дзеячаў сябрамі БСС рэгулярна ладзяцца святочныя акадэміі. БСС актыўна супрацоўнічае з Беларускім музеем імя І. Луцкевіча, сябры Саюза арганізуюць экскурсіі ў музей, самі дапамагаюць у працы музея ў якасці асістэнтаў і экскурсаводаў. [72, c.24-31; 48, c. 30-33]

Пачынаючы з 1933 г. БСС імкнецца вынесці сваю дзейнасць як мага шырэй на правінцыю. У гэтым годзе было зложана 6 вечарын у Навагрудскім павеце, а таксама прачытана 7 рэфератаў, мерапрыемствы прыцягвалі болей за шэсцьсот наведвальнікаў. Па запрашэнню акружной управы ТБШ у Беластоку, сябры саюзу М.Мілючанка і П.Пяршукевіч дэлегаваліся на Беласточынну на чытанне навукова-папулярных лекцыяў. Летам 1933 г. лекцыі чыталіся ў мястэчках і вёсках павету, у самім жа Беластоку ТБШ ладзіла курсы для дарослых, на якіх М.Мілючанка чытала лекцыі з гісторыі беларускай літаратуры, а П.Пяршукевіч з матэматыкі і фізікі. З ініцыятывы гэтах жа студэнтаў у Беластоку адбылося прадстаўленне п'есы Тагабочнага "Змагары за ідэю"[72, c.26]. Наступныя буйныя выступленні на правінцыі планаваліся ў рамках акцыі за беларускую школу ўлетку 1935 і 1936 гг. БСС было напраўлена вялікая колькасць заявак да павятовых стараст і гарадскіх упраў аб дазволу правядзення асветніцкіх мерапрыемстваў у Гродне, Пружанах, Стаўпцах, Ашмянах у 1935 г.[96, c.208-214] і на чытанне рэфератаў і публічных лекцый у Валожыне, Гродне, Ашмянах, Баранавічах, Шчучыне, Паставах, Наваградку ў 1936 г.[ 96, c.161,188-199] Але разгарнуць сапраўды шырокую працу ў гэтым кірунку так і не атрымалася. З боку мясцовай адміністрацыі рабіліся Саюзу ў гэтым розныя перашкоды, павятовыя стараствы звычайна адмаўлялі дазвол " z uwagi na bezpieczeństwo, spokój i porządek publiczny".

У сітуацыі навісаўшай пагрозы этнічнай смерці народа БСС неаднаразова выступаў супраць антыбеларускіх акцый польскай адміністрацыі. Напрыклад, у 1931 г. быў выказаны рашучы пратэст супраць закрыцця Клецкай беларускай гімназіі. Занядбаны Стан беларускай і наступ паланізацыі заклікаў на адчайную барацьбу. У сувязі з гэтым узнікла ідэя аднаўлення дзейнасці ТБШ, дзейнасць якой прыпынілася ў канцы 20-х з разгонам Грамады. З штуршка Р. Шырмы аднаго з былых кіраўнікоў ТБШ і старэйшага сябра і апекуна БСС, сябры Саюза актыўна ўключаюцца ў справу аднаўляецца ТБШ і ў яго працу. У галоўную ўправу ТБШ увайшлі студэнты Мікалай Шчорс (старшыня БСС 1935 - 1937 гг.), Віктар Вайтэнка [16] і Яўген Аніська (сябра ураду напачатку 30-х), заступнікам старшыні адваката Фелікса Стэцкевіча быў абраны Вітаўт Тумаш (з 1931 займаў разнастайныя пасады ва ўрадзе БСС), сакратаром стаў Шырма. З часоў БСРГ лічылася, што ТБШ з'яўляецца левай арганізацыяй, у час адраджэння сэрэдзіны 30-х гг. ТБШ таксама заставалася пад пэўным уплывам КПЗБ. Аднак уваход моладзі БСС (выхаванай у нацыянальна незалежніцкім духу) і альянс з БХД і БІГК у справе змагання за беларускую школу, вызначае кірунак ТБШ у гэты перыяд як больш нацыянальны, чым камуністычны.[48, c. 34-35]

ТБШ і БІГК заключылі ў лютым 1936 г. пагадненне аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе. Быў створаны сумесны Школьны сакратарыят, які склаў дэкларацыю аб адкрыцці беларускіх школ. Дэкларацыя рассылалася ва ўсе куткі заходнебеларускага краю разам з інструкцыяй з даведкамі і парадамі па школьнаму заканадаўству. У агітацыю за беларускую адукацыю не апошняе месца занялі сябры БСС. Разгорнутая школьная кампанія ў асобных паветах насіліа масавы характар, пракацілася хваля школьны забастовак. У рамках прапаганды беларускай нацыянальнай асветы адбыўся 13 снежня 1936 г. Дзень беларускай культуры прымеркаваны юбілею 15-годзя ТБШ і 10-годзя БГІК. Гэтай падзі былі прысвечаны святочная акадэмія і канцэрт, дзе выступаў хор БСС, наведаў свята беларускай культуры і спявак М. Забэйда-Суміцкі. Падрыхтоўкай і правядзеннем урачыстасцей на раўне з БГІК, ТБШ, займаліся і сябры БСС.[7, c.8-10]

У адказ польскія ўлады распачалі жорсткае супрацьдзеянне школьнай кампаніі беларусаў. У хуткім часе школьны сакратарыят быў забаронены. Віленскі стараста ў снежні 1936 г. сваім рашэннем спыняе існаванне ТБШ і БІГК, што у пачатку 1937 г. было пацверджана ваяводскімі ўладамі.

Занепакоенасць у беларускіх студэнтаў выклікалі і падзеі на ўсходзе - у БССР. Імі балюча ўспрымалася згортванне там палітыкі беларусізацыі, рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. У сувязі з трывожнымі весткамі аб масавых арыштах, зняволеных, спробе самагубства Янкі Купалы, гібелі гісторыка Усевалада Ігнатоўскага БСС нават аб'явіў сакавік 1931 г. месяцам жалобы. Абурэнне выклікала і рэформа беларускага правапісу 1933 г.[7, c.7]

Вы ўмовах новых, больш жорсткіх выклікаў часу БСС застаўся верным свайму незалежнаму нацыянальнаму кірунку. У гэты час папаўнялася новымі сіламі, прызвычаенымі да рэчаіснасці, звычайна то былі выхаванцы беларускіх гімназій, узрошчаныя ў нацыянальным духу. Знаходзячыся ў цяжкім фінансавым становішчы БСС не даваў матэрыяльных выгод сваім сябрам, а наадварот патрабаваў ад іх аддачы. Таму ў БСС уступалі ўжо ідэйна загартаваныя асобы гатовыя да барацьбы. БСС не адступае ад сваіх ідэалаў: "у нас можа быць толькі адзін агульны погляд, адна арыентацыя і адзінае жарало нашага існавання - народныя гушчы, іх патрэбы і памкнення." Пакідаючы індывідуальную свабоду сваім сябрам у іх палітычных поглядах, Саюз востра змагаецца з навязваннем поглядаў нейкай палітычнай групы для арганізацыі, як цэласнасці.[72, c.28-29] Хоць на 15-я ўгодкі заяўляецца аб перамозе над паланафільскімі і леварадыкальнымі уплывамі ў БСС, але унутраная барацьба застаецца па ранейшаму прыкметнай.

На працягу 30-х гг. у беларускім руху узмацняецца тэндэнцыя на самазахаванне беларускага этнасу ва ўмовах разгрому арганізаваных структураў намаганнямі як санацыйнага, так і сталінскага рэжымаў, што натуральным чынам прымушаюць з'яднацца рэшткі ацалелых сілаў. Ініцыятарам і лідэрам гэтага збліжэння з'яўлялася БХД. Урад БСС знаходзіцца ў гэты час у блізкай сувязі з БХД, звязаны з хадэкамі былі старшыня Шчорс, А. Дасюкевіч [17], дзеячы БСС Язэп Малецкі, Віктар Ярмалковіч, Станіслаў Нарушэвіч ды некаторыя іншыя. Уплыў БХД на студэнтаў быў значны нават на тых хто не быў прыхільнікам БХД. Арганізацыя была найбольш уплывовай, а значыць і фінансава магутнай. БХД аказвала значную падтрымку беларускаму студэнцтву. Трэба адзначыць, што А. Станкевіч і вёў досыць прадбачлівую палітыку заахвочвання сярод беларускай моладзі, быў першым апекуном навучэнцаў. Праз сваякоў, знаёмых, прыхільнікаў з перыферыі таленавітую беларускую моладзь патрапляла ў Вільню, дзе з апекі А.Станкевіча, ёй давалася магчымасць адукацыі ў гімназіі, а надалей ва універсітэты, і пасля забяспечвалася праца на беларускай ніве. З гэтай моладзі вырасталі добрыя кадры для партыі і для беларускага руху агулам. У сваіх успамінах былыя сябры БСС успамінаюць А.Станкевіча толькі добрым словам, гэта быў той чалавек да якога студэнты заўсёды маглі звярнуцца за матэрыяльнай і маральнай падтрымкай.

У другой палове 30-х БСС знаходзіцца пад відавочным патранажам БХД. З 1934 г. сядзібай БСС размяшчаецца ў памяшканне БІГК, а фактычна рэзідэнцыю БХД на вул. Завальнай 1-1. Сюды ж пераязджае рэдакцыя "Студэнцкай думкі", тут жа існуе імправізаваны інтэрнат для студэнтаў беларусаў, у які ператвараецца памяшканне БСС уначы, калі сціхае праца. Акрамя ЦК БХД, тут месціцца і ВБНК, рэдакцыя "Беларускай крыніцы" - галоўнага інфармацыйнага выдання БХД, "Шляху моладзі", "Калоссяў", друкарня імя Ф. Скарыны, кнігарня "Пагоня". То бок на той момант тут знаходзіцца наогул цэнтр беларускага руху ў Вільні, і ўзначальвае гэты цэнтр партыя Адама Станкевіча, старшынёй каторай на той момант з'яўляўся Ян Пазняк. На Завальнай дзейнічае яшчэ адна студэнцкая група - рэдкалегія "Студэнцкай трыбуны" (студэнцкага дадатку да газеты "Беларуская Крыніца"), у склад якой уваходзілі сябры БСС: Вацлаў Пануцэвіч, А.Дасюкевічам, А.Смаршчком і М.Канцэлярчыкам. Супрацоўнікі БХД і сябры рэдакцыі партыйных выданняў з ліку Саюза атрымоўвалі ў будынку на Завальнай, дзе гаспадарыў Ян Пазняк, начлег і нават харчаванне за сваю працу. Студэнты, якія ўжо ўваходзілі ў актыў партыі (як то А. Дасюкевіч, В. Ермаковіч) мешкаліся ў апартаментах А. Станкевіча на Зарэччы. [48, c.20-30] Акрамя гэтага БСС атрымліваў фінансавую дапамогу ад БХД па сродкам Камісіі помачы беларускай студэнцкай моладзі пры ВБНК [99, c.18] і праз хадэцкі Беларускі кааператыўна-прамыслова-земляробскі банк [11, c.78].

Аднак варта адзначыць, што дакляруемы незалежніцкі характар не з'яўляецца толькі вонкавы прэзентацыяй. БСС не ўяўляе сабой адгалінаванне БХД, сябрам Саюзу не навязваецца членства ў хадэцыі. Сябры саюза жывуць сваім паасобным жыццём, у шэрагах застаецца шмат прыхільнікаў розных плыняў ад скрайне радыкальных элементаў да тых, хто прытрымліваўся нейтралітэту і цікавіўся толькі навукай. У гэты час у БСС уваходзіць група студэнтаў, якая атаясамлівае сябе з беларускімі эсэрамі. Да гэтага сацыялістычнага асяродку належалі: Аляксандр Барановіч, Антон Шукелойц, Яўген Аніська, Мітрафан Смаршчок (паэт Анатоль Бярозка). Ідэолагамі і лідэрамі гэтай група былі Томаш Грыб, а пазней Мікола Чарнецкі з пражскага беларускай акадэмічнай суполкі. У Вільні студэнты-эсэры выдаюць свой друкаваны орган газету "Золак". Пры гэтым заставаўся той сталы антаганізм паміж двума лагерамі правіцай і лявіцай. У час выбараў на агульным сходзе неаднаразова ледзь не даходзіла да бойкі. Адны хацелі правесці сваіх кандыдатаў ва урад БСС, а другія - сваіх.[29, c.39] У гэтым змаганні ўсё ж пераважалі прыхільнікі нацыянал-дэмакратычнага кірунку.

У другой палове 1930-х гг. у Еўропе ўжо пачуваўся подых новай вайны і значныя змены ў знешнепалітычнай сітуацыі не маглі паўплываць на ўнутраную палітыку еўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і Польшчы. Татальная мілітарызацыя краіны, абмежаванне грамадзянскіх правоў насельніцтва па канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай, прынятай у красавіку 1935 года, новая хваля польскага шавінізму, сімвалам якой быў створаны на беларускіх землях канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Надалей ісці шляхам беларуска - польскае ўзаемапаразуменне было практычны не магчыма. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, бясспрэчнымі лідэрамі якой былі ксяндзы Адам Станкевіч i Вінцэнт Гадлеўскі, хаця і заяўляла дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі як канчатковую мэту дзейнасці партыі, да сярэдзіны 1930-х гг. фактычна арыентавалася на палітычную барацьбу, што не выходзіла за межы канстытуцыі. У новых палітычных умовах пачалася барацьба за рэформу БХД, тады і выявіліся супярэчнасці паміж двума галоўнымі ідэолагамі партыі. Кс. Адам Станкевіч імкнуўся надаць БХД агульнанацыянальны характар, адкрыць шляхі да супрацоўніцтва з усімі антыфашыстоўскімі партыямі Польшчы, у тым ліку і КПЗБ. Менавіта такую палітыку праводзіла ўтворанае кс. А.Станкевічам і яго бліжэйшымі супрацоўнікамі Адольфам Клімовічам і Янкам Шутовічам Беларускае Народнае Аб'яднанне. Кс. В.Гадлеўскі у сваю чаргу застаўся на цвёрдых антыкамуністычных пазіцыях і бачыў перспектыву ў супрацоўніцтве беларусаў з краінамі нацысцкага блоку. Пасля расколу БХД летам 1936 года групоўка В.Гадлеўскага стварыла ўласную арганізацыю - Беларускі Народны Фронт.

У гэтай сітуацыі частка студэнтаў БСС таксама робіць пераарыентацыю ў сваіх палітычных меркаваннях. Але гэты раскол не адбіваецца так выразна на жыцці студэнцкай арганізацыі ў цэлым. Адным з тых студэнтаў, якому больш імпанавала выразная нацыянальная (ці нават нацыяналістычная) пазіцыя В. Гадлеўскага з'яўляўся Вацлаву Пануцэвічу, які і далучыўся да яго групоўкі [12, 46]. В. Пануцэвіч спачатку навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, адкуль быў выключаны за беларускую дзейнасць. Пасле паступае на юрыдычны факультэт УЗБ, дзе ўключаецца ў актыўную працу БСС. Адначасова супрацоўнічае з БХД, працуе ў рэдакцыі "Беларускай крыніцы" і "Студэнцкай трыбуны" разам з Дасюкевічам. Захапляецца ідэямі Гадлеўскага і узначальвае моладзевую плынь яго партыі.

У чэрвені 1936 года выходзіць у свет першага нумара газеты "Беларускі Фронт", дзе кс. Гадлеўскі заяўляе аб выхадзе з БНА і выкладае сваю прграму, паведамляецца таксама, што лінію Гадлеўскага падтрымалі Мікалай Шкялёнак, інж. Лявон Дубейкаўскі і студэнт Вацлаў Пануцэвіч. Вацлаў Пануцэвіч прымае абавязкі выдаўца "Беларускага Фронту", за што пераследуецца ўладамі. Акрамя таго, В.Пануцэвіч выдае і рэдагуе таксама і студэнцкі часопіс "25 сакавіка", вакол якога гуртуюцца прыхільнікі Фронту Гадлеўскага з ліку студэнтаў БСС. Разам са "Студэнцкай Думкай "25 сакавіка" быў адным з самых значных выданняў беларускай студэнцкай моладзі напрыканцы 1930-х гг. Як пісала "Хрысціянская Думка", "часапіс гэты да беларускіх нацыянальных і сацыяльных праблемаў спрабуе падыходзіць з гледзішча хрысціянскага"[12, c.47]. Да канца 1938 года выйшла 4 нумары "25 сакавіка". І "Беларускі Фронт", і "25 сакавіка" знаходзіліся ў апазіцыі да прэсы, што кантралявалася А.Станкевічам - "Хрысціянскай Думкі" і "Шляху Моладзі" - і прапагандавала неабходнасць стварэння Беларускай Народна-Радыкальнай Партыі, галоўнай мэтай якой павінна было быць падтрыманне ідэі незалежнай Беларусі [105, c. 2-8].

3.3. БСС і Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Навуковая і асветніцкая дзейнасць

Увагі заслугоўвае дзейнасць Таварыства прыяцеляў беларусаведы (ТПБ), узнікшае яшчэ ў пачатку 1931 г. [72, с. 29], але афіцыйна зацверджанае толькі ў лістападзе 1933 г. [93, с. 83], Фактычна, ТПБ, можна лічыць адгалінаваннем БСС. У асноўным у ТПБ уваходзілі толькі сябры Саюзу. Абедзве арганізацыі былі вельмі падобныя, але ТПБ вылучалася сваёй вузкаскіраванай дзейнасцю. Калі БСС уважаўся як таварыства ідэйна-выхаваўчае, мэтай якога была культурна-асветніцкая дзейнасць сярод шырокіх масаў беларускага народа, то ТПБ было навуковым колам праца якога была скіравана на даследаванні ў галіне беларусазнаўства. Сама неабходнасць стварэння навуковага таварыства кажа пра назапашванне ў асяроддзі БСС значнага чалавечага патэнцыялу і інтэлектуальнай магутнасці здольнай праводзіць паспяховую навукова-даследчую дзейнасць па вывучэнню беларускай мовы, гісторыі і культуры.

У сваім статуце ТПБ вызначала сваю працу як: "навуковая дапамога для сваіх чальцоў, якая заключаецца ў паглыбленні ведаў па беларусазнаўству праз арганізацыю навуковых сходаў і доступ да бібліятэкі" [93, с.39]. Мэта таварыства: пашырэнне ведаў у галіне беларусазнаўства, навуковая дапамога сябрам арганізацыі ў навучанні, паглыбленае азнаямленне з апошнімі дасягненнямі ў беларускай навуцы.

Непасрэдная дзейнасць ТПБ заключалася: у арганізацыі навуковых сходаў, вывучэнні і аналізу вядомых беларускіх твораў, выданні ўласных распрацовак і матэрыялаў па гісторыі, мове, літаратуры і этнаграфіі, у азнаямленні з архівамі, музеямі, бібліятэкамі, з беларускім тэатрам і прэсай, арганізацыі бібліятэкі, у падтрыманні сувязей з беларускімі гурткамі польскіх універсітэтаў. [93, с. 4]

Куратарамі ТПБ былі Эрвін Кашэмідэр і Ежы Гопен. Эрвін Кашэмідэр як славіст прымаў удзел у працы Таварыства, яго намаганнямі ТПБ атрымала сабе прапіску ў памяшканні "семінарыюму" славістыкі УСБ. Праца таварыства вялася па секцыях: філалагічная, этнаграфічная, літаратурна, гістарычна-эканамічная. Найбольшую дзейнасць праяўлялі секцыі мовазнаўства і этнаграфіі. У рамках секцыяў вялася актыўная праца па вызначаных накірунках: арганізоўваліся навуковыя сходы, тэматычныя вечарыны, дыскусійныя сустрэчы, чытанні лекцый, абмеркаванне літаратурных твораў.

За час дзейнасці таварыства былі прачытаныя лекцыі на разнастайную тэмы, найперш звязаныя з беларускай гісторыяй, мовай, літаратурай, этнаграфіяй. Дарэчы, на публічных лекцыях слухачамі маглі быць не толькі студэнты, але і ўсе жадаючыя. Лекцыі спрыялі развіццю нацыянальнай свядомасці, фарміраванню ўяўлення пра самабытнасць беларусаў, адметнасць ад сваіх суседзяў. [57, с. 61] На чале гэтай навуковай арганізацыі стаялі Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш і Антон Шукелойц. Навуковымі кіраўнікамі па розным секцыям ТПБ былі вядомыя беларускія дзеячы: А. Луцкевіч - літаратура, Я. Станкевіч - мова, Л. Дубейкаўскі - мастацтва і архітэктура, М. Шкялёнак - гісторыя. ТПБ непасрэдна супрацоўнічала з БНТ і музеям імя І. Луцкевіча.[48, c. 36]

Пры непасрэдным ўдзеле беларускай студэнцкай супольнасці ў 1929 годзе пры гуманітарным факультэце УСБ распачала сваю працу лектарат беларускай мовы [70, c.37], на базе каторага ўтварылася кафедра беларусазнаўства [57, c.62; 106, c.249]. Дзейнасць кафедры звязана найперш з імем вядомага беларускага дзеяча і навукоўцы Яна Станкевіча. Гэты выбітны беларускі мовазнаўца выкладаў на кафедры беларускую культуру і мову. У больш позні час выкладаў тут і іншы Станкевіч [18] - Станіслаў - філолаг, літаратуразнаўца, дзеяч БСС і ТПБ, выпускнік УСБ. Этналогію беларусаў і балтаў выкладалі на гэтай кафедры, вядомыя ва ўсёй тагачаснай Польшчы і па-за яе межамі, навукоўцы: прафесар К.Машыньскі і Ц.Эренкройц [106, c. 249].

Існаванне такой кафедры стварала у Віленскім універсітэце спрыяльныя ўмовы для развіццю беларусазнаўства. З гэтай пары распачынаюцца разнастайныя даследаванні ў галіне гуманітарных ведаў пра Беларусь. Да гэтага акадэмічнага пачынання актыўна далучаюцца і студэнты. Невыпадкова, у гэты ж час ствараюцца студэнцкія навуковыя гурткі: акрамя Таварыства прыяцеляў беларусаведы было яшчэ Беларускае студэнцкае краязнаўчае таварыства (1929), але яно не стала дзеяздольным [77, c.314]. Гэтыя таварыствы ставілі сабе за мэту паглыбленне ведаў па беларускай культуры, літаратуры, мове, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, таксама сябры навуковых колаў прымаюць актыўны ўдзел у даследчай працы ў галіне беларусазнаўства.

Найбольш плённая праца была распачата ў сферы беларускага мовазнаўства. Руплівасцю доктара Яна Станкевіч выходзіў часопіс "Родная мова: месячнік пасьвячоны пытаньням беларускае (крывіцкае) мовы". Гэта было акадэмічнае выданне, якое друкавалася нават з падтрымкі Міністэрства веравызнанняў і асветы. Тут публікаваліся даследаванні навукоўцаў па беларускай філалогіі, перад усім працы самога Я. Станкевіча, Б. Тарашкевіча, С. Станкевіча, таксама друкаваліся і маладыя навукоўцы - студэнты УСБ. Стала праводзіліся палявыя даследаванні па этнаграфіі, фальклору і мовазнаўству, удзельнікамі якіх, зразумела, былі студэнты УСБ, найперш прыхільнікі навуковых гурткоў.

Пад кіраўніцтвам Яна Станкевіча, было арганізавана даследаванне па вывучэнні заходнебеларускіх дыялектаў, маладыя даследчыкі павінны былі збіраць дыялектычныя асаблівасці рэгіёну. Дзеля гэтых мэт Таварыства прыяцеляў беларусаведы была выдадзены "Апытальнік для зьбіраньня дыялектычных і некаторых агульных асаблівасцеў беларускага (крывіцкага) языка" Яна Станкевіча, накладам у 500 асобнікаў.

У сядзібе сваёй арганізацыі беларускія студэнты мелі ўласную навуковую бібліятэку, якая налічвала сотні тамоў, дзе акрамя разнастайнай літаратуры, утрымліваліся шматлікія ўласныя напрацоўкі студэнтаў па этнаграфіі і мовазнаўству. Бібліятэка збіралася з ахвяраванняў беларускіх культурных арганізацый і інстытуцыяў. Калекцыі матэрыялаў таксама ўвесь час папаўняліся дзякуючы сістэматызаванай працы па збору этнаграфічных і мовазнаўчых дадзеных на Віленшчыне і на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі. З сабраных гэткім чынам матэрыялаў паўстаў у Таварыстве "Збор этнаграфічных і языкаведных матэрыялаў", які ўтрымліваў багатую калекцыю з дзесяткаў пазіцыяў па этнаграфіі, фальклору. Дарэчы, шматлікія перыядычныя выданні, якія зараз захоўваюцца ў архівах бібліятэкі Віленскага універсітэту і АН Літвы носяць штамп ТПБ: "Koło Przyjaciół Białorusoznawstwa / U.S.B. w Wilnie".

Па сродкам беларускіх студэнцкіх арганізацыяў былі выдадзеныя і іншыя навуковыя дапаможнікі, распрацаваныя маладых даследчыкаў у галіне беларусазнаўства: Скарыніч Б. Нашто і як зьбіраці географічныя і асабовыя назовы беларускія. - Вільны: выд. Беларускага Студэнцкага Саюзу, 1931. - 14 с., 1000 ас.; Пецюкевіч М. Увагі дзеля запісаваньня беларускае народнае творчасьці і абрадаў. - Вільня: выд. Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы пры УСБ у Вільні, 1933.; Karalenka M. Zaсhodniaja Bełaruś jak abšar faŭnistyčnyh dośledaŭ. - Viłnia: vyd. Bełaruski Studencki Zviaz, 1935. - 8 s., 200 as.

Вялікае значэнне кафедра мела і як адукацыйная інстытуцыя, якая давала веды студэнтам па беларускай мове, гісторыі і культуры. У 30-я гады беларуская асвета ў межах тагачаснай Польшчы перажывала не лепшыя часы. Санацыйнымі ўладамі былі скасаваны практычна ўсе беларускія школы, прыпынілася дзейнасць ТБШ. У той час студэнты-беларусы, якія атрымоўвалі сярэднюю адукацыю ў польскіх школах і гімназіях, маглі атрымаць сістэматызаваныя веды пра Беларусь і на беларускай мове, і нават проста авалодаць літаратурнай роднай мовы толькі на гэтай кафедры ці па сродкам гурткоў і курсаў пры БСС і ТПБ. Такім чынам кафедра беларусазнаўства УСБ адыграла важную ролю для захавання і развіцця менавіта беларускай гуманітарнай навукі ў досыць неспрыяльныя часы для беларускай справы наогул.

Беларускія студэнцкія арганізацыі пастаянна мелі праблемы фінансавання. Пра гэта сведчаць бюджэтныя справаздачы, у якіх рэгулярна адзначалася адсутнасць неабходных сум на выданне навуковых матэрыялаў ці пашырэнне бібліятэкі, не кажучы пра сродкі на дапамогу сябрам арганізацыі [93, с. 30; 96, с. 74] Зразумела, што паправіць фінансавае становішча коштам сяброўскіх складак і прыбытку з правядзення вечарын і канцэртаў было немагчыма. Беларускія арганізацыі таксама не мелі ўласнага памяшкання для нармальнага правядзення сходаў і разнастайных мерапрыемстваў. Найперш гэта тычылася Таварыства прыхільнікаў беларусаведы, якому патрэбна было месца для навуковых пасяджэнняў і для размяшчэння бібліятэкі. У просьбе выдзялення бясплатнага памяшкання рэктар адмовіў [93, с. 4, 18]. Сродкі, якія паступалі ў універсітэт з разнастайных дабрачынных фондаў дзеля падтрымкі студэнцкай моладзі, да суполак нацыянальных меншасцяў звычайна не даходзілі.[95, с. 24]

У канцы 30-х гг. улады Польшчы ўзмацнілі кампанію па асіміляцыі нацыянальных меншасцяў і распачалі татальны наступ на беларускі рух. Нормай сталі забароны беларускіх культурніцкіх імпрэзаў, лекцый, курсаў, а потым пачалася ліквідацыя паасобных гурткоў, бібліятэкаў ды інш. Беларускаму студэнцкаму саюзу забаранілі праводзіць публічныя лекцыі за межамі універсітэту і ладзіць беларускія канцэрты ў Вільні. Сябры саюзу не малі нават права насіць шапкі і значкі з сімволікай уласнай арганізацыі [40, с. 188]

Нягледзячы на ўсе праблемы і складанасці, Беларускі студэнцкі саюз шмат зрабіў дзеля пашырэння беларускай нацыянальнай свядомасці сярод студэнтаў універсітэту, рыхтаваў іх да актыўнай культурнай, грамадскай і асветніцкай працы сярод беларускага народа. У межаз Віленскага універсітэту Стэфана Баторыя была закладзена традыцыя беларускага студэнцкага руху, перарваная трагічнымі падзеямі 1939 г. Прыйшла навала акупацыі, і на плечы былых сяброў беларускіх студэнцкіх арганізацыяў ўсклалася няпростая місія - пранесці і захаваць беларускую ідэю праз ваенныя ліхалецці і часы савецкага панавання...

Агляд гісторыі БСС паказвае, што ў міжваенны час беларуская моладзь Віленскага універсітэта з'арганізаваюся ў магутную, масавую студэнцкую арганізацыю. БСС з'яўляўся буйным асяродкам беларускага студэнцкага руху, каторы быў неад'емнай часткай руху нацыянальнага. Гэтая арганізацыя, дзякуючы свайму чалавечаму і інтэлектуальнаму патэнцыялу, мела вялікае значэнне для развіцця беларускім нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Моладзевы рух, як найбольш актыўная плынь, з'яўлялася крыніцай сілкаванне для беларускіх партый і арганізацый, якія імкнуліся заручыцца падтрымкай студэнцкай моладзі, пашыраючы на яе свае ўплывы. БСС быў школай грамадскай і палітычнай дзейнасці для многіх маладых дзеячаў. З'яўлялася кузняй кадраў для беларускіх нацыянальных сілаў.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Мэтай дадзенага даследавання з'яўлялася высвятленне месца і ролі Беларускага студэнцкага саюза Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя ў беларускім нацыянальным руху ў міжваенны перыяд. У адпаведнасці з пастаўленымі на пачатку працы задачамі нам трэба было разглядзець гісторыю беларускаму нацыянальнаму руху і вызначыць месца ў ім студэнцкага руху. Значэнне беларускага моладзевага руху было прадстаўлена праз гістарычны агляд дзейнасці самага значнага і масавага студэнцкага аб'яднання - Беларускі студэнцкі саюз (БСС). Даследаванне ахапіла перыяд з 1919 па 1939 гг. (час дзеяння УСБ).

Вільня, дзе адбывалася разгортванне студэнцкага руху, з'яўлялася цэнтрам грамадскага і культурнага жыцця заходнебеларускага краю ў міжваенны перыяд. Тая насычаная падзеямі і вылучаючаяся разнастайнасцю дзейнасць беларускіх нацыянальных сілаў не магла пакінуць абыякавымі да сябе беларукую моладзь. У сваёй грамадскай працы беларускія студэнцкія таварыствы не маглі не пазбегнуць уплыву разнастайных палітычных плыняў, якія існавалі ў беларускім руху. Найбольш значнымі і ўплывовымі партыямі таго часу былі БСРГ, КПЗБ, БХД, Беларускі сялянскі саюз, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, пэўныя ідэйна-палітычнага кірункі прадстаўлялі арганізацыі Цэнтрсаюз, ВБНК, Беларускі пасольскі клуб. Уздзеянне гэтых палітычных груповак на студэнцкі беларускі рух можна лічыць бясспрэчным. Пэўная палітычная арыентацыя студэнцкія арганізацыі ў той ці іншай час вызначалася уплывам адпаведнай партыі. Супрацьстаянне паміж рознымі палітычнымі сіламі таксама пакідала адбітак на дзейнасці моладзевых суполак, спараджаючы паміж прыхільнікамі розных палітычных кірункаў канфлікты ўнутры арганізацыі.

Багатае і насычанае культурна-асветніцкае жыццё Вільні было непасрэдным полем для дзеяння беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, чые асноўныя мэты былі скіраваны на пашырэнне беларускамоўнай адукацыі і развіццё беларускай культуры. У гэты час у Вільні руплівасцю беларускай інтэлектуальнай эліты былі створаны і плённа дзейнічалі ТБШ, БІГК, БНТ, ТБА ды інш асветніцкія арганізацыі. У Вільні дзейнічаў беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І. Луцкевіча, працавала Беларуская гімназія, горад быў цэнтрам беларускага выдавецтва. Такім чынам дзейнасць беларускія студэнцкія арганізацыі гарманічна ўпісвалася ў агульную карціну беларускага грамадскага і культурнага жыцця міжваеннай Вільні. Відавочна, што гісторыя беларускага студэнцкага руху цесна звязана з лёсам ўсяго заходнебеларускага нацыянальнага-вызваленчага руху, з тымі перамогамі і паразамі, якімі была адзначана яго дзейнасць у міжваенны перыяд.

Беларускі студэнцкі саюз з'яўляўся самай значнай і самай трывалай беларускай арганізацыяй, праіснаваўшы да моманту скасавання самога універсітэта.. За гады свайго існавання БСС ператварыўся ў сапраўдны цэнтр згуртавання беларускай студэнцкай моладзі, з'яўляўся уплывовай моладзевай арганізацыяй, каторая была неад'емнай часткай руху нацыянальнага. Студэнцкі саюз, дзякуючы свайму чалавечаму і інтэлектуальнаму патэнцыялу, меў вялікае значэнне для развіцця беларускім нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі увогуле. Моладзевы рух, як найбольш актыўная плынь беларускага грамадства, з'яўлялася крыніцай сілкаванне для беларускіх партый і арганізацый, якія імкнуліся заручыцца падтрымкай студэнцкай моладзі, пашыраючы на яе свае ўплывы. БСС быў школай грамадскай і палітычнай дзейнасці для многіх маладых дзеячаў. З'яўлялася кузняй кадраў для беларускіх нацыянальных сілаў.

Варта зацеміць, што на працягу свайго існавання БСС заставаўся самастойнай арганізацыяй, якая вяла сваю асобную унутраную і знешнюю палітыку. Саюз заўсёды меў уласнае прадстаўніцтва на грамадскай і на палітычнай ніве. Беларускімі студэнтамі былі сфармуляваны свае ўласныя ідэалы, выкшталцавана была свая традыцыя. Згуртаванне беларускай моладзі кіравалася ў сваёй працы перад усім нацыянальнай ідэяй. У сваіх дзеяннях старалася прытрымлівацца незалежнай нейтральнай пазіцыі, аднак час ад часу трапляла пад уплывы прадстаўнікоў старэйшага беларускага грамадства. Аснову працы БСС складала культурна-асветніцкую і навуковую дзейнасць, пры гэтым Саюз заўсёды актыўна рэагаваў на грамадска-палітычныя падзеі. У сітуацыі імклівай паланізацыі Заходняй Беларусі стаяў на шляху барацьбы за захаванне нацыянальна-культурнай спадчыны і абароны інтарэсаў беларускага народа. Асобна трэба вылучыць дзейнасць БСС накіраваную на кансалідацыю моладзевых сілаў Заходняй Беларусі і эміграцыі і усенацыянальнае аб'яднанне, не зважаючы на палітычныя арыенціры, і памкненне Саюза да выхаду на міжнародную арэну, што вылучала БСС сярод большасці астатніх тагачасных беларускіх арганізацый, якія на той час былі раз'яднаныя вузкапартыйнай дзейнасцю і не мелі прадстаўніцтва на міжнародных форумах.

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

1. БАБКІН, Г.В. Беларускі студэнцкі саюз. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А - Беліца. Рэдкал.: М. В. Біч і інш. Мінск: БелЭН, 1993. 494 с.

2. БАРТУЛЬ, А. "У абліччы расейскага тэрмідору". Куфэрак Віленшчыны, 2000, № 1, с. 75-87.

3. Бярозка, А. Выбранае. Уклад. А. Белы, прадм. А. Лсіс. Мн.: УП "Тэхнапрынт", 2004. 193с.

4. Бярозка, Анатоль. Маё сэрца ўжо спынялася. Памяць, Згадкі. Дзеяслоў, 2007, №27, с. 280-284.

5. Вабішчэвіч, А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Брэст: БрДУ, 2004. 116 с.

6. Вабішчэвіч, А. З гістарыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі 1920 - 1930-х гадоў: пытанні перыядызацыі нацыянальна-вызваленчага руху. Гістарычны Альманах, 2002, №7, с. 27-30.

7. Вабішчэвіч, А. Захавальнік спадчыны: Янка Шутовіч. Куфэрак Віленшчыны, 2001, № 1, с. 4-20.

8. Вабiшчэвiч, А. Станкевіч Адам Вікенцьевіч. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2001. с. 403.

9. Вабiшчэвiч, А. Станкевіч Станіслаў Іосіфавіч. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2001. с. 404.

10. Вабiшчэвiч, А.; і Ляхоўскі, У. Станкевіч Янка. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2001. с. 404.

11. Вашкевіч, А. Грошы для партыі. Фінансаванне партыйнай дзейнасці Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1921-1939 гг.). Białoruski Zeszyty Historyczne, 2007, T. 28, с. 69-81.

12. Вашкевіч, А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядомы. КуфэракВіленшчыны, 2002, № 2(7), с. 41-48.

13. Вашкевіч, А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча. Куфэрак Віленшчыны, 2004, №1(9), с.99-100.

14. Вольная думка: грамадзка-навуковая i лiтэратурна-мастацкая часопiсь Бела- рускага Паступовага Студэнства. Рэд.-выд. Г. Вялецкi. Г. 1, 1929, № 1

15. Вяртанне да сваіх: Станіслаў Грынкевіч, Франук Грышкевіч, Уладыслаў Казлоўшчык. Прадмова, укладанне і каментарыі Сяргея Чыгрына. Беласток, 1999. 190 с.

16. Галяк, Леанід. Успаміны. У 2-х кнігах. Кн. 1. ЗША: Летапіс, 1982. 248 с.

17. Гарбінскі, Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя. Нав.-рэд. савет: У. Конан (адк. рэд.) і інш. Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. 752 с.

18. Глагоўская, Г. Стаповіч (Стэповіч) Альбін Мацвеевіч. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2001. 405 с.

19. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917-1945 гг. А. Вабішчэвіч [ды інш.]. Мн.: Экаперспектыва, 2007. 613 с.

20. Грабінскі, Баляслаў. Сакольшчына - Горадня - Вільня. Публiкацыя Iлоны Ўрбановiч-Саўкi й Зьмiтра Саўкi. ARCHE Пачатак, 2000, № 5(10), с. 159-185.

21. Ёрш, С. Жыццё і смерць Адама Дасюкевіча. Голас камбатанта, 2000, № 4, с. 9-14.

22. Ёрш, С. «Дзядзька Ярэміч»: 10 гадоў ГУЛАГу за патрыятызм. Наша слова, 1995, 19 крас., С. 4.

23. Змаганьне. Рэд.-выд. М. Шыла. Г.2, 1924, № 5.

24. Ігнатовіч, Ф. Марцінчык Мікалай Міхайлавіч. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2001. с. 410.

25. Казлоўская, Л. Быў у нас такі дохтар... Czasopis, 2009, №3, с 40-43.

26. Казлоўская, Л. Быў у нас такі дохтар...2. Czasopis, 2009, №4, с 39-42.

27. Казлоўская, Л. Быў у нас такі дохтар...3. Czasopis, 2009, №5, с 34-36.

28. Кароткі нарыс беларускага пытання. Падрыхтоўка да друку ВашкевічА., Пашкевіч А., Чарнякевіч А. пераклад з польскай мовы. ARCHE Пачатак, 2007, № 11, с. 104-422.

29. Катковіч, А. Катковіч-Клентак, В. Успаміны. Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999.142 с.

30. Конан, У. М. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. Мінск: Выд-ва "Про Хрысто", 2003.128 с.

31. Латышонак, А. Беларуская палітыка Пілсудскага ўвосень 1920 г. У: Рыжскі мірны дагавор 1921 г. і лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 16-17 сакавіка 2001 г.). Пад навук. рэд. У. Ф. Ладысева. Мінск: БДУ, 2001. с. 23 - 27.

32. Лёс аднаго пакалення (Успаміны): Кастусь Сідаровіч, Юстын Пракаповіч, Янка Жамойцін, Віктар Ярмалковіч. Пад рэд. Мірановіч, Я. Białуstok: Offset-Print, 1996. 213 c.

33. Ліс, А. Браніслаў Тарашкевіч: трагічны пошук свабоды. У: Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск: 2001. с. 47 - 53.

34. Ліс, А. Ярэміч Фабіян. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Усвея - Яшын. Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мінск: БелЭН, 2003. с. 306.

35. Малецкі, Я. Пад знакам Пагоні. Таронта: Пагоня, 1976. 137 с.

36. Мазько, Э. Савецкая гістарыяграфія Беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы (20-30-я гг. 20 ст.). Гістарычны Альманах, 2004, №10, с. 101-133.

37. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т., Т. 1. Абрамовіч-Кушаль. - Мінск.: ATHENAUEM, 2002. 480 с.

38. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т., Т. 2. Лавіцкі-Ятаўт. Мінск: ATHENAUEM, 2003. 380 с.

39. Мірановіч, Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб.: Неўскі прасцяг, 2003. 243 с.

40. Найдзюк, Я.; і Касяк, І. Беларусь учора і сяньня. 3-е выд. Мн.: Навука і тэхніка, 1993. 193с.

41. Наш шлях: штомесячнiк беларускага студэнцтва. Рэд.-выд. В.Туронак. Г.1, 1922, №1.

42. Наш шлях: штомесячнiк беларускага студэнцтва. Рэд.-выд. В.Туронак Г.1, 1922, №2.

43. Наш шлях: штомесячнiк беларускага студэнцтва. Рэд.-выд. В.Туронак Г.1, 1922, №3.

44. Наш шлях: штомесячнiк беларускага студэнцтва. Адк.рэд. Л.Мазалеўскi Г.1, 1922, № 4.

45. Новая варта: грамадзка-навуковая і літэратурная часопісь Беларускай студэнскай корпорацыі "Скорынія". Рыд.-выд. К.Глінскі. Г.1., 1931, № 1

46. Новая варта: грамадзка-навуковая і літэратурная часопісь Беларускай студэнскай корпорацыі "Скорынія". Рыд.-выд. К.Глінскі. Г.2., 1932, № 2

47. Новая варта: грамадзка-навуковая і літэратурная часопісь Беларускай студэнскай корпорацыі "Скорынія". Рыд.-выд. Т. Грышкевіч. Г.3., 1934, № 3.

48. Пазьняк, З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава: "Беларускія ведамасці", 2003. 144с.

49. Пашкевіч, А. Байкот беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі выбараў у Віленскі сейм у 1922 г.: аналіз вынікаў. Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук, 2005, № 5, Ч. 2, с. 53 - 55.

50. Пашкевич, А.В.; и Чернякевич, А.Н. Опыт легальной политической борьбы в белорусском национальном движении накануне выборов в парламент II Речи Посполитой 1922 года. В: Сельское хозяйство - проблемы и перспективы. Сб. науч. трудов УО «Гродненский государственный аграрный университет». Под ред. чл.-кор. НАН Беларуси Пестиса В.К. Т. 1. Гродно: УО «ГГАУ», 2005. с. 23 - 27.

51. Пашкевіч, А.В. Парламенцкія формы змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921 ‑ 1930 гг.): Дыс. ...канд. гіст. навук: 07.00.02. ІГ НАНБ. Мн, 2006. 162 с.

52. Пецюкевіч, М. У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня: Рунь, 1998.181 с.

53. Ранiца: штодзённая, грамадзская, палiтычная i лiтэратурная газэта. Рэд.-выд. В.Адамовiч . Вiльня, Г. 1, 1921, № 1.

54. Ранiца: штодзённая, грамадзская, палiтычная i лiтэратурная газэта. Рэд.-выд. В.Адамовiч . Вiльня, Г. 1, 1921, № 3.

55. Ранiца: штодзённая, грамадзская, палiтычная i лiтэратурная газэта. Рэд.-выд. В.Адамовiч . Вiльня, Г. 2, 1922, № 5.

56. Саракавік, І.А. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Мн.: "Современная школа", 2006. 456 с.

57. Серпухаў, У. Беларускія студэнцкія арганізацыі Віленскага універсітэта (1919-1939). Białoruski Zeszyty Historyczne, 2007, T. 28, с. 54-68.

58. Студэнская думка: грамадзка-навуковы i літэратурны месячнiк беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г. 1, 1924, № 1.

59. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.2, 1925, №1(2).

60. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.2, 1925, №2(3).

61. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.2, 1925, №3(4).

62. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.2, 1925, №4(5).

63. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.2, 1925, №5(6).

64. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд. А. Зянюк. Г.3, 1926, №1(7).

65. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. І. Гагалінскі. Г.4, 1928, №1(8).

66. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. І. Гагалінскі. Г. 4, 1928, №2(9).

67. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. Я. Шутовіч. Г.4, 1928, №3(10).

68. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. Я. Шутовіч. Г.5, 1929, №1(11).

69. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. М. Шкялёнак. Г.6, 1930, №1(12).

70. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. С. Станкевіч. Г.6, 1930, №2(13).

71. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Рэд.-выд. С. Станкевіч. Г.6, 1930, №3(14).

72. Студэнская думка: часопісь беларускага студэнства. Ад. рэд.-выд. М. Якімец. Г.6, 1935, №1(15).

73. Тумаш, В. Выбраныя творы. Менск: "Беларускі гістарычны агляд", 2002. 240 с.

74. Туронак, Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мн.: Медысонт, 2006. 180 с.

75. Туронак, Ю. Людзі СБМ. Вільня: Gudas, 2006. 224 с.

76. Туронак, Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006, с. 81-110.

77. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА557.

78. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА558.

79. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА569.

80. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА570.

81. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА571.

82. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА574.

83. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА576.

84. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА577.

85. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА431.

86. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА58.

87. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІА113.

88. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІВв168.

89. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІВв690

90. ЦДАЛ. Фонд 175, воп. 1, ад. з. ІВв116

91. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.2, ад. з. ІІСа4303.

92. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.7, ад. з. VІІСа186.

93. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.15, ад. з. 7.

94. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.15, ад. з. 14.

95. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.15, ад. з. 33.

96. ЦДАЛ. Фонд 175, воп.15, ад. з. 58

97. Чарнякевіч, А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909 - 1939 г.г. (біяграфічны даведнік ). Пад рэд. І.Коўкеля. Гродна: асацыяцыя «ВІТ», 2002. 177 с.

98. Шлях моладзi: месячная часопiсь беларускай моладзi. Рэд. Я. Найдзюк; выд. 1934, №5(65).

99. Шлях моладзi: месячная часопiсь беларускай моладзi. Рэд. Я. Найдзюк; выд. 1934, №12(72).

100. Шлях моладзi: месячная часопiсь беларускай моладзi. Рэд. Я. Найдзюк; выд. 1935, №13(87).

101. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2002). Мн.:"Энцыклапедыкс", 2003. 490 с.

102. Шутовіч, Я. "На вяршынях мастацтва". Куфэрак Віленшчыны, 2001, № 1(3), с.38-58.

103. Głogowska H. Białorusini w parlamentach II Rzeczypospolitej. W: Przemiany społeczne, kwestie narodowościowe i połonijne. Pod red. A. Chodubskiego. Toruń: Adam Marszałek, 1994. s.123 - 144.

104. Mironowicz E. Białoruś. Warszawa: Trio, 1999. 300 s.

105. 25 sakavika: časopiś biełaruskich studentau. Red.-vyd. V. Papucevič. Г. 1, 1936, № 1

106. Sławińska, І. Uniwersytet Stefana Batorogo wszechnica otwarta i europejska. W: Z dziejów Almae Matris Vilnensis. Księge pamiętkowa ku czei 400 lecia założenia i 75 lecia wskrzesienia Uniwersitetu Wilenskiego. Kraków: 1996. s. 247-255.

107. Šlach biełaruskaha studenta: dadatak da "Šlachu moladzi". Red. kalehija: J. Jaroška, V.Jermałkovič, Č. Najdziuk, St. Naruševič, U. Paсko, St. Miadolski. H. 1, 1938, № 1.

Summary

The Belarusian students union (BSU), formed in 1921, is considered to be the most important and largest Belarusian organization within Vilnius University, moreover, it can be described as the most steady one because it existed till the very termination of the University. During the years of its existence BSU was transformed from the ordinary union to the real centre of integration of Belarusian youth, became the influential youth organization that was an integral part of the national liberation movement. Student's union due to its human and intellectual potential, was of a great value for the development of Belarusian national liberation movement in the Western Europe on the whole. Youth movement as the most active branch of Belarusian society was the source of strengthening for Belarusian parties and organizations, that seeked broaden their influence on student youth, thus, to acquire their support. BSU was the school of social and political activity for many young figures. Organization was the "smith of personnel" for Belarusian national movement.

The basis of BSU aim was educational and scientific activity, and I have to admit that the Union always promptly reacted on the socio-political events. Student's union published it's own newspapers: "Our pathway" and "Student's thought". Within the organization was widely developed creative self-organization: was organized choir, dance and music group, amateur theatre. Figures that ached to apply themselves in the scientific activities established the Community of researches of Belarusian studies that not only carried out significant investigations in Belarusian studies but also had its own library. In the times of prompt polonization of Western Belarus BSU was struggling for saving national cultural heritage and stand guard over interests of Belarusian people.



[1] Дагэтуль мы сустракаем у беларускай гістарыяграфіі назвы кшталту: клерыкальная, клерыкальна-дэмаратычная, свецка-клерыкальная партыя дробна буржуазнай дэмакратыі, якія засталіся як перажыткі з часоў савецкай класавай ідэалогіі. Такія фармулёўкі сустракаюцца ў паважаных гістарычных выданнях [19], як напрыклад у Энцыклапедыі ГБ [Ладысеў, У.Ф. Беларуская хрысціянская дэмакратыя]

[2] Баляслаў Грабінскі- адна з цэнтральных постацяў беларускага асяроддзя Вільні ў 1930-я - перш. пал. 40-х. У 1922-23 і 1924-25 гг. уваходзіў ва ўрад БСС, пасля заканчэння УСБ працуе лекарам. Вядомы ў Вільні доктар-дантыст, матэрыяльна дапамагаў беларускім арганізацыям, найперш Беларускаму Навуковаму Таварыству, дзе быў намесьнікам старшыні, Беларускаму Музэю імя І.Луцкевіча, фундаваў беларускія выданьні. Адначасова выбіраўся старшынёй партыі БХД, старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Заходняй Беларусі.[20, c.160]

[3] Язэп Жук - у 1922 - 1928 гг. вучыўся ва УСБ, намеснік старшыні БСС ў 1925-26 г., медык, адзін з лідэраў БХД, у 1926 г. абраны ў ЦК партыі [28, c.382].

[4] Ігнат Гагалінскі - у сярэдзіне 20-х гг. студэнт медычнага факультэта УСБ, актыўны сябра БСС: скарбнік 1924-25 г., старшыня 1925-26 г., нам. старшыні 1927-28 г., рэдактар "Студэнцкай думкі" 1928 г., у канцы 1920-х гг. старшыня ЦК БХД, доктар медычных навук [28, c.358].

[5] Альбін Стэповіч - да 1924 г. вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. У 1923 годзе ўвайшоў у рэвізійную камісію БСС. Перапыніў вучобу па прычыне матэрыяльнага становішча. Надалей выкладаў спевы і музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзеяч БХД, кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Кіраўнік беларускага хору пры ім. Пасол польскага Сейму ў 1928-30 гг. У 1931 г. выйшаў з БХД, супрацоўнічаў з Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыяй [18, c. 405].

[6] "Беларускі cтудэнцкі cаюз", як арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ўніверсітэта без розніцы палітычных перакананняў, з агідай пратэстуе супраць абвінавачвання, кінутага беларускім студэнтам у згаданым лісце і выданні гр. Паўлюкевіча, які ўсіх студэнтаў-беларусаў, што не пагаджаюцца з ягоным палітычным кірункам і метадамі дзейнасці, назваў прадажнікамі і ўтрыманцамі некага." [28, с.361]

[7] "Беларускі студэнцкі саюз", як апалітычная арганізацыя, катэгарычна сцвярджае, што як сама арганізацыя, так і асобныя яе сябры не мелі і не маюць нічога агульнага з "Часовай беларускай радай", з яе працай і накірункам, і па той жа прычыне не маюць нічога агульнага з грамадзянінам Паўлюкевічам, які робіць сабе кар'еру, змагаючыся з заслужанымі і шанаванымі беларускімі дзеячамі, і які да 1920 г. не меў нічога агульнага з беларускай справай."[28, c.361]

[8] Адольф Зянюк - (1895-1938), з'яўляўся апошнім старшынёй Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Родам А. Зянюк з вёскі Сухаволя Сакольскага павета. У гуртку ўдзельнічаў у спектаклях, пісаў апавяданні. Скончыўшы гімназію ў Гродне, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта і вельмі чынна працаваў у беларускім студэнцкім гуртку.[61, c.28-30] У 1916 г. мабілізаваны ў войска. Скончыў у Кіеве ваенную вучэльню. У універсітэт паступіў ужо ў 20-я гады ў Вільні. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. З 1925 года рэдагаваў часопіс "Студэнцкая думка". Скончыў УСБ у 1927 г. З 1928 г. прызначаны кіраўніком беларускага аддзелу пры Віленскім радыё, дзе кожны тыдзень чытаў беларускія лекцыі.[66, c. 31] Верагодна з яго клопатаў у 30-я гады вельмі актыўна на радыё, якое транслявалася на ўсю Польшчу, выступае хор БСС пад кіраўніцтвам Р. Шырмы. Працаваў суддзёй на Палессі, у Вільні, дзе і памёр.

[9] АБ'ЯДНАННЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ (АБСА)

Незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі і на эміграцыі ў 1924-38 гадах і аб'ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыянал-дэмакратаў. Арганізацыя ўваходзіла ў Міжнародную студэнцкую канфедэрацыю ды на яе з'ездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены і падзелены акупантамі беларускі народ і Беларусь. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацый для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэння і нацыянальнага вызвалення. Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі ды іншыя. У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня - тысячы маладых людзей. Лідэрамі АБСА ў празе былі Тумаш Грыб, Адольф Клімовіч, В. Лаўскі. З АБСА супрацоўнічалі дзесяткі выдатных дзеячоў Беларускага вызваленчага руху:Міхал Вітушка, Яўгген Бартуль, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Мікола Чарнецкі ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаванне ў 1938 годзе, у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Еўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацый.

[10] Язэп Зянюк - дзеяч БСС, пасля карпарацыі Скарынія. Сябра рэдкалегіі СД, пасля ж актыўна выступаў на старонках Новай Варты. Пра яго маем мала інфармацыі. Складанасць узнікае таксама ў тым, што ёсць блытаніна з іншым Зянюком - Адольфам, які амаль у той жа час працаваў у БСС. Гэта не першая такая сітуацыя, якая ўзнікае пры вывучэнні дзейнасці студэнцкіх дзеячаў і іх жыцця. Як высветлілася таксама ў беларускім руху міжваеннага часу было двое Куніцкіх - Тодар і Іван, два Станіслава Грынкевіча - старэйшы і малодчы, прычым абодва актыўныя сябры БСС. Таму ў вывучэнні жыццярысаў асоб як студэнцкага, так і нацыянальна-вызваленчага руху яшчэ шмат белых плям.

[11] Міхась Тулейка - адзін з лідэраў БСС і беларускага студэнцкага руху агулам. Дакладных звестак пра яго жыццё і дзейнасць падчас гэтага даследавання знайсці не атрымалася. Але вядома, што гэта быў здатны паэт і публіцыст. Актыўна друкаваўся на старонках СД, сябрам рэдакцыі якой з'яўляўся, са сваімі літаратурнымі творамі і публіцыстычнымі зацемкамі. Яго артыкулы вылучаюцца крытычнасцю да сітуацыі, якая склалася ў заходнебеларускім нац. руху (напр. Артыкул "Рэфлексія" [79, с.23]). Адзін з ідэолагаў незалежніцкага кірунку пачатку 30-х у БСС. Выступаў за актыўны ўдзел БСС у АБСА і СІЕ.

[12] Канстантын Глінскі - адзін з выбітных лідэраў студэнцкага руху канца 20 - пач. 30-х гг. Вылучыўся на пасадзе старшыні БСС, рэдактара СД. Аднак нам засталося мала сведчанняў пра гэтую асобу. Вядома, што быў родам з Браслаўшчыны, паходзіў з занадта заможнай сям'і, што было рэдкасцю, для прадстаўнікоў беларускага руху. На універсітэце вывучаў права. У 1931 г. разам з Я. Бартулем і М. Шкялёнкам засноўвае карпарацыю "Скарынія". З сыходам Глінскага і астатніх заснавальнікаў, карпарацыя, не падтрыманая большасцю студэнцтва, спыняе сваю працу. Сам Глінскі працаваў суддзёй, пасля далучэння да БССР трапіў у ссылку, а адтуль у армію Андэрса. Пасля вайны патрапіў у Англію, дзе далучыўся да беларускай дыяспары.[48, c.6]

[13] Яўген Бартуль (1909(?) - (?)) - заходнебеларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся на Дзвіншчыне. Скончыў беларускую гімназію і юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Адзін з кіраўнікоў БСС, ўзначальваў прэсавую секцыю АБСА, пасля перайшоў да "Скарыніі" уваходзіў у склад рэдкалегіі "Студэнцкай думкі" і "Калосьсе". Працаваў юрыстам у Вільні і на Лідчыне, З 1944 - на эміграцыі. Жыў у Польшчы. Далейшы лёс невядомы. У заходнебеларускім перыядычным друку 20-х гадоў выступаў як паэт і празаік. З другой паловы 30-х - цалкам пераключыўся на публіцыстыку, падпісваючы свае артыкулы псеўданімам А. Бажанскі. [2, c.75]

[14] Шутовіч Янка - (11(24).1.1904 - 9.12.1973), літаратуразнавец, выдавец, грамадскі і культурны дзеяч. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Першыя публікацыі ў зах.-бел. друку з'явіліся ў 1927. У 1934 скончыў юрыдычны факультэт УСБ; магістр права. Член Беларускага студэнцкага саюза, адзін з яго лідэраў. Рэдактар СД. Прыхільнік нацыянал-дэмакратычнага крыла ў БСС і збліжэння з БХД. Належаў да партыі хрысціянскіх дэмакратаў. Працаваў карэктарам у бел. друкарні імя Ф.Скарыны. і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Вільні. У 1935-39 быў выдаўцом і рэдактарам літаратурна-навуковага час. «Калоссе». Апублікаваў артыкулы пра творчасць М.Машары, Я.Драздовіча. Кіраваў між арганізацыйным сакратарыятам па справах бел. школ. У пачатку 1939 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў лагеры Бяроза Картузская, адкуль вызвалены савецкімі войскамі. З 1941 да 1944 быў супрацоўнікам, загадчыкам Беларускага музея ў Вільні; ратаваў матэрыялы музея падчас акупацыі. Арыштаваны органамі НКДБ у 1944 г. Рашэннем Асобай нарады пры НКДБ прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены з лагера ў 1954. Да 1956 знаходзіўся ў ссылцы ў Карагандзінскай вобл. Пасля ссылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Рэабілітаваны ў 1958. Разам з жонкай, літоўскай паэтэсай Онай Міцютэ, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і бел. пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М.Гарэцкага «Віленскія камунары».[7]

[15] Сяргей Сарока - (1902-1941) Нарадзіўся у Вільні. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: Сарокі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Вучыўся на факультэце права УСБ (1930-1935?). Адзін з вядучых актывістаў студэнцкага руху, імя каторага зараз у забыцці. Сябра ТПБ (1934-1935). Прымаў удзел у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і студэнцкай карпарацыі "Скарынія". Як студэнт-праўнік пачаткова ўвайшоў у склад карпарацыі, але ў хуткім часе па прычыне ўнутранага канфлікту быў выключаны са складу "Скарыніі" па рашэнню акадэмічнага суда [45]. Далей актыўна працуе ў БСС, выступае ў супраціў карпарацыі. Узначальвае музыкальна-драматычную секцыю БCC. Пасля заканчэння студыяў, вiдны дзеяч заходнебеларускага царкоўна-рэлiгiйнага жыцця. Падтрымліваў ідэю аўтакефальнасці праваслаўнай царквы і яе беларусізацыi ў Заходняй Беларусі. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай групы праваслаўнага часопіса «Сьветач Беларусі». Выдаваў газету «Беларусь працы». Звязаны з нацыянальна-рэлігійнай групоўкай Ф.Вернікоўскага і У.Більдзюкевіча. У пачатку Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе пэўны час працаваў разам з Ф.Акінчыцам у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях. Пасля трох месяцаў працы не знайшоў з iм паразумення i выехаў на вёску. Пазней жыў на Белападляшшы. Займаў пасаду войта воласці Лазы, а пасля выконваў абавязкі бурмістра ў в. Янаў-Падляскі. Паводле звестак А.Клімовіча памёр 1.12.1941 ад запалення лёгкiх у Янаве-Падляскiм.[17, c.433]

[16] Віктар Вайтэнка (Войтанка) - (1912 - 1972) У эміграцыі - Васілеўскі. Адзін з выбітных дзеячаў БСС, уваходзіў у кіруючую групу разам з Тумашам і Шчорсам [29, c.37], але ў адрозненні ад сваіх паплечнікаў не так вядомы на Бацькаўшчыне. Паходзіў з Навагрудчыны з сям'і праваслаўных беларусаў: Войтанкі. Скончыў чатыры класы гімназіі ў Навагрудку, працягваў вучобу ў гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана ў Баранавічах. У 1931 г. паступіў на медыцынскі факультэт УСБ. Браў чынны ўдзел у дзейнасці БСС і ТПБ. Выбіраўся на кароткі час старшынёй у 1933-34, сакратар ураду БСС 1934-35 г., сябра рэвізійнай камісіі ў 1935-36 г. З восені 1937 г. служыў у польскім войску. Пасля дэмабілізацыі ўвесну 1939 г. здаў выпускныя экзамены ва універсітэце і атрымаў дыплом доктара медыцыны. На пачатку Другой сусветнай вайны зноў быў мабілізаваны, але ў хуткім часе, у сувязі з акупацыяй Польшчы нямецкімі войскамі, вярнуўся ў родныя мясціны. На пачатку 1941 г. знаходзіўся ў Мінску на курсах па ўдасканаленні ўрачоў-педыятраў. Пасля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi арганізаваў у Баранавічах медыцынскую школу з урачэбным, фармацэўтычным і адміністрацыйным аддзеламі. Звяртаўся да акупацыйных улад з просьбамі аб вызваленні з лагераў для ваеннапалонных беларусаў. Прыкладаў намаганні, каб не дапусціць вывазу ў Германію беларускай моладзі. У 1943 г. па загадзе нямецкіх акупацыйных улад быў пераведзены на пасаду акруговага ўрача ў Слонім. З 1944 г. - у эміграцыі. Удзельнічаў у адраджэнні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). У 1950 г. з сям'ёй пераехаў у ЗША. Пасля смерці бацькі, мітрафорнага протаіерэя БАПЦ Сцяпана Войтанкі, прыняў рашэнне стаць святаром. Рукапаложаны ў духоўны сан 15.6.1969 у Нью-Йорку архіепіскапам Васілём. Прымаў удзел у грамадска-культурным жыцці беларускага замежжа ў ЗША.[17, c.225]

[17] Дасюкевіч Адам - (5.6.1911 - 1.11.1943), журналіст, педагог, грамадскі дзеяч. У 1933 скончыў Віленскую беларускую гімназію. Затым вучыўся ў УСБ, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Адным з лідэраў студ. руху другой паловы 30-х У 1936-37 - намеснік старшыні БСС, сябра рэдкалегіі часопіса СД. У 1937-39 - старшыня БСС. З вер. 1936 да 1938 рэдактар газ. "Беларуская крыніца" - органа Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Неаднаразова трапляў пад суд за вострыя публікацыі газеты. 19.4.1938 асуджаны на 6 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на 2 гады. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Ужо за літоўскімі ўладамі 15.12.1939 атрымаў дыплом інжынера аграноміі. У 1940 віцэ-старшыня бел. групы пры Літоўскім Чырвоным крыжы. На пачатку фашысцкай акупацыі арыштаваны немцамі на Шаркаўшчыне паводле польскага даносу, але з дапамогай сваякоў вызвалены. Працаваў настаўнікам у мяст. Варапаева. З 1942 - старшыня Пастаўскага пав. Прымаў удзел у бел. нацыянальным падполлі. Расстраляны немцамі за невыкананне іх загаду.[21;92 ]

[18] Станкевіч Станіслаў - (23.2.1907 - 6.11.1980) беларускі нацыянальны дзеяч, лідэр студэнцкага руху, вызначыўся навуковай дзейнасцю. Адзін з актывістаў БСС, заснавальнік і кіраўнік ТПБ, рэдактар СД. Дэлегат у АБСА, узначальваў эканамічны аддзел гэтай арганізацыі ў Вільні. Аўтар "Гісторыі Беларускага студэнцкага руху" - першай падобнай навукова-публіцыстычнай працы ў беларускай гістарыяграфіі [71, c. 12-22]. Скончыў УСБ у 1933. Доктар філасофіі (1936). Выкладаў у Віленскім універсітэце, у 1937-38 працаваў у Югаславіі і Балгарыі.У перыяд акупацыі быў бурмістрам Барысаўскай акр., намеснік цэнтральнай рады ў Баранавічах. З 1944 г. - Германіі. Садзейнічаў адкрыццю філіяла Бел. інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене. З 1962 жыў у ЗША.[9]

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX