Папярэдняя старонка: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Міхалевіч В. Беларускае грамадска-культурнае жыццё ў гады другой сусветнай вайны 


Аўтар: Міхалевіч Валерыя,
Дадана: 27-03-2011,
Крыніца: ЕГУ, 2009.

Спампаваць




ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ


Акадэмічны дэпартамент гісторыі


Праграма бакалаўра гісторыі


Беларусістыка

Спецыяльнасць

Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія


ВАЛЕРЫЯ МІХАЛЕВІЧ

Студэнтка IV курса


БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДСКА-КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ Ў ГАДЫ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ (ПА МАТЭРЫЯЛАХ ГАЗЕТЫ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" 1942-1944 ГГ.)


БАКАЛАЎРСКАЯ ПРАЦА


Кіраўнік працы

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Ірына Раманава


Вільня, 2009


Змест

УВОДЗІНЫ 3

1.ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ 5

1.1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ 5

1.2. ГАЗЕТА "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ КУЛЬТУРНАГА, ГРАМАДСКАГА І РЭЛІГІЙНАГА ЖЫЦЦЯ Ў ЧАС ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ 8

2. КУЛЬТУРНАЕ І ГРАМАДСКАЕ ЖЫЦЦЁ ПА СТАРОНКАХ ВЫДАННЯ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" 13

2.1.ПАДЗЕІ КУЛЬТУРНАГА ЖЫЦЦЯ 13

2.2. ГРАМАДСКАЯ ПРАЦА 21

2.3. БЕЛАРУСКАЯ АДУКАЦЫЯ 23

3. ГІСТАРЫЧНЫЯ І ЛІТАРАТУРНЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ ВЫДАННЯ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" 29

3.1. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ НА СТАРОНКА "БЕЛАРУСКАГА ГОЛАСУ" 29

3.2. ЛІТАРТУРНЫЯ ТВОРЫ ВЫДАННЯ 36

4. РЭЛІГІЙНЫЯ ПЫТАННІ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" 41

4.1. ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА 41

4.2. БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ КАСЦЁЛУ 45

ЗАКЛЮЧЭННЕ 49

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ 51

BELARUSIAN PUBLIC AND CULTURAL LIFE WITHIN THE SECOND WORLD WAR (ON MATERIALS OF NEWSPAPER "BELARUSIAN VOICE" - "BELARUSKI GOLAS": (1942 -1944) (SUMMARY) 55


УВОДЗІНЫ

Актуальнасць дадзенай працы абумоўлена тым, што нягледзячы на вялікую колькасць прац, у якіх даволі грунтоўна вывучаюцца падзеі Другой Сусветнай вайны, а таксама некаторую колькасць прац, прысвечаных розным аспектам культурнага, грамадскага і рэлігійнага жыцця, вывучэнне дадзенай праблематыкі далёка ад завяршэння. Акрамя таго, ніхто з беларускіх і замежных даследчыкаў пры аналізе дадзенай праблематыкі не скарыстаў такую цікавую крыніцу, як т.зв. калабаранцкі перыядычны друк. Безмоўна, аўтары ўключалі асобныя матэрыялы выданняў такога тыпу для характарыстыкі ці ілюстрацыі асобных аспектаў. Але прац, дзе б перыядычнае выданне такога тыпу вывучалася комплексна (усе праблемы, якія закраналіся) і ў эвалюцыі - на сённяшні дзень няма. У той час, як такія выданні могуць даць нам шмат цікавай інфармацыі адносна розных аспектаў жыцця ў часы вайны. Гэта і грамадскае жыццё, і культурнае, і рэлігійные, яны месцяць значную колькасць артыкулаў аб ваеннай штодзённасці, даюць вельмі цікавы матэрыял для вывучэння ментальнасці і інш.

У дадзенай рабоце зроблена спроба даследаваць выданне такога тыпу на прыкладзе газеты "Беларускі голас". Пры вывучэнні матэрыялаў газеты за час яе існавання былі выдзелены асноўныя праблемы, да якіх выданне звярталася ўвесь час. У адпаведнасці з гэтымі тэмамі і была пабудавана структура дадзенай працы.

Такім чынам, аб'ектам дадзенага даследавання з'яўляецца беларуская штотыднёвая газета "Беларускі голас" у перыяд выдання 1942-1944 гады, якая пачала выходзіць у Вільні за часам нямецка-фашысцкай акупацыі пад рэдакцыяй Францішка Аляхновіча. Прадметам даследавання вызначана беларускае грамадскае, культурнае і рэлігійнае жыццё на акупаваных беларускіх землях ў час Другой Сусветнай вайны па старонках выдання.

Мэтай дадзенай работы з'яўляецца аналіз матэрыялаў беларускай газеты "Беларускі голас". Задачы пастаўлены ў адпаведнасці з праблематыкай, да якой звярталася газета: 1) даследаваць як асвятлялася выданнем беларускае культурнае і грамадскае жыццё падчас акупацыі, 2) прааналізаваць гістарычныя і літаратурныя публікацыі, што з'яўляліся на старонках газеты, 3) даследаваць праблематыку рэлігійнага жыцця ў час вайны паводле выдання.

Праца змяшчае ў сабе ўводзіны, заключэнне і 4 асноўныя часткі. Першая частка прысвечана гістарыяграфіі беларускіх выданняў часоў Другой Сусветнай вайны, грамадска-культурнага і рэлігійнага жыцця на Беларусі за часамі нямецка-фашысцкай акупацыі. Тут разгледжана таксама праблематыка калабаранцкасці выдання "Беларускі голас" і дадзены кароткі агляд штотыднёвіка. У другой частцы работы прааналізаваны артыкулы "Беларускага голасу" па праблемах беларускага грамадскага і культурнага жыцця (пытанні грамадскай дзейнасці БНС і БНК, сацыяльнай і матэрыяльнай дапамогі насельніцтву, развіццё беларускага школьніцтва і асветніцтва ўвогуле). Трэцяя глава прысвечана гістарычным і літаратурным публікацыям газеты (тэматыка творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў; ідэалагічнае скіраванне гістарычных публікацый і інш.). У чацьвёртай главе даследуюцца матэрыялы газеты, прысвечаныя рэлігійнай праблематыцы (праваслаўная царква і касцёл; праблемы аўтакефаліі і беларусізацыі).

Метадалагічную аснову даследавання склалі прынцыпы і метады гістарычнага пазнання - аб'ектыўнасць, сістэмнасць, гісторыка-параўнальны аналіз. Выкарыстанне праблемна-храналагічнага прынцыпу дазволіла вывучыць праблему ў развіцці, у цеснай узаемасувязі з іншымі сацыяльна-эканамічнымі і грамадска-палітычнымі працэсамі. Для правядзення даследавання і напісання работы аўтар карыстаўся комплексам метадаў: лагічным, параўнальна-гістарычным, сістэмна-структурным, дзякуючы якім у рабоце ўсеабдымна разглядаюцца пытанні грамадскага, культурнага і рэлігійнага жыцця насельніцтва ў ваенныя часы па матэрыялах штотыднёвіка "Беларускі голас".

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

1.1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

На пачатаку сваёй працы мушу звярнуцца да пытання гістарыяграфіі выдання "Беларускі голас". А дакладней звярнуць увагу на маладаследаванасць гэтага пытання ў сучаснай гістарычнай навуцы.

За савецкімі часамі перыёдыку часоў Другой Сусветнай вайны, якая выдавалася на акупіраванных тэрыторыях не даследавалі, далучаючы тыя выданні адразу да здрадніцкіх і варожых. Да таго ж усё, што выдавалася не пад савецкім кантролем захоўвалася ў закрытых фондах і архівах [1], што таксама не спрыяла ўзнікненню новых гістарычных прац азначанай тэматыкі. З развалам СССР сітуацыя змянілася, з'явіліся працы, прысвечаныя выданням такога тыпу. Аднак і на сённяшні дзень гэтых прац застаецца вельмі мала. Фактычна існуе толькі некалькі гістарычных манаграфій, дзе разглядаюцца выданні тых часоў, пералічваецца, якія кнігі перавыдаваліся, выдаваліся, якая існавала перыёдыка. У якасці прыкладу можна прывесці манаграфію Сяргея Жумара "Оккупационный период на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны", выдадзеная ў Менску ў 1996 годзе вельмі малым накладам - 300 асобнікаў. Аўтар у сваёй працы разглядае не толькі беларускую прэсу на тэрыторыі самой Беларусі, але і ў Нямеччыне, Літве і Беластоцкай акрузе. Зразумела, што пры такім ахопе выданняў, праца носіць больш аглядальны характар. У сваёй працы аўтар разглядае матэрыялы дурку пераважна ўсходняй часткі Беларусі, і звяртаецца да артыкулаў толькі двух выданняў - "Менская газэта" і "Голас вёскі". Не так даўно выйшла кніга Юрыя Туронка "Беларуская кніга пад нямецкім кантролем" ( Менск, 2002). Але гэтая праца пераважна прысвечана кніжнай справе, а не перыёдыцы таго часу. Выходзілі і артыкулы, дзе ўзгадвалася і разглядалася сама перыёдыка. Напрыклад артыкул Леаніда Лыча ў часопісе "Спадчына" "Міжнацыянальныя дачыненні ва ўмовах нацысцкай акупацы". Аўтар разглядае складанасць нацыянальнай сітуацыі, у якую патрапілі беларусы з нямецкай акупацыяй. Кранаецца публіцыстыка таго часу, датычная нацыянальнага пытання.

Больш дэталёва нацыянальныя пытанні разглядаюцца ў выданнях "Беларускі голас", "Менская газета", "Раніца". Але яны даследчыкамі мала скарыстаны.

Калі ж шукаць працы, прысвечаныя даследаванню менавіта беларускай перыёдыкі, асобным яе выданням часоў Другой Сусветнай вайны, як напрыклад штотыднёвіку "Беларускі голас", то тут бібліяграфія адсутнічае. Не існуе асобных публікацый, дзе разглядалася б непасрэдна само выданне, гісторыя стварэння і існавання, яго друкаваныя матэрыялы і архівы. Выданні тых часоў яшчэ толькі мусяць быць даследаванымі і вывучанымі, асэнсаванымі без штампаў "калабарацынізм" і "здраднікі".

Дадзеная праца прысвечана беларускаму грамадскаму, культурнаму і рэлігійнаму жыццю. Звернемся да гістарыяграфіі, прысвечанай гэтым пытанням. Грамадская дзейнасць у гістарыяграфіі прадстаўлена пераважна працамі, прысвечанымі даследаванню Беларускай Народнай Самапомачы, Саюзу Беларускай Моладзі, а таксама Беларускай Цэнтральнай Радзе, Беларускаму корпасу самааховы. Можна сказаць, што фундаментальным выданнем стала праца Юрыя Туронка "Беларусь пад нямецкай акупацыяй", дзе аўтар разглядае арганізацыю і развіццё БНС, як прыхільнасць Вільгельма Кубэ да беларускай нацыі і які спрыяў у гэтай краіне стварэнню нацыянальнага адміністрацыйнага апарату, хаця і пад нямецкім кіраўніцтвам. Туронак не аднойчы звяртае ўвагу на канфілікты, на якія ішоў Кубэ з сваім кіраўніцтвам з-за сваёй падтрымкі дзейнасці такіх грамадскіх арганізацый, як БНС і СБМ.

Па іншаму да Кубэ і да БНС ставіцца ў сваім артыкуле "Беларуская народная самапомач: яшчэ адна спроба атрымання незалежнасці (1941-1943)" Алег Гардзіенка. Тут аўтар кажа аб маніпуляцыі Кубэ беларускай інтэлегенцыяй магчымасцю атрымання пэўнай палітычнай незалежнасці. І дае вельмі станоўчую адзнаку дзейнасці БНС на ніве грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, бо грамадская праца БНС наноў пачало абуджаць самасвядомасць насельніцтва [2].

Праца А. Літвіна "Акупацыя Беларусі (1941-1944). Пытанні супраціву і калабарацыі" апісвае галоўным чынам ваенныя падзеі, што адбываліся на Беларусі за ваеннымі часамі. Аўтар звяртаецца пераважна да калабарацыі ваеннай, утварэння Арміі Краёвай, закранае дзейнасць БНС, БЦР, але пераважна дзейнасць палітычна-грамадскую. У змешчаным у той жа манаграфіі артыкуле "Саюз Беларускай Моладзі. А калі пастараемся зразумець?", А. Літвін спрабуе перагледзець ацэнкі дзейнасці СБМ і яе членаў, прадстаўляе іх не як калабаратаў і здраднікаў, а як патрыётаў Беларусі.

Апошнім часам з'явілася некаторая колькасць публікацый прысвечаных Саюзу Беларускай Моладзі, дзе цалкам пераглядаецца ідэалагічная скіраванасць СБМ, яе праца і яе склад. Саюз Беларускай Моладзі ўяўляе ціквасць як гісторыяй свайго сварэння, так і дзейнасцю. У беларускай гістарыяграфі можна акрэсліць два пункта гледжання на гэтую арганізацыю. Афіцыйная беларуская гістарыяграфія, дарэчы, як і савецкая, прытрымліваецца пастулата, што ўдзельнікі СБМ з'яўляліся калабарантамі, здраднікамі, памагатымі нямецка-фашысцкага ўраду. Саюз быў створаны гітлераўцамі з мэтай выхавання новага пакалення ў нацысцкай ідэалогіі, да таго ж яны разглядалі моладзь Беларусі, як патэнцыйны рэзерв працоўнай сілы для Германіі [3]. Іншае меркаванне выказвае другая частка гісторыкаў. Так, дапрыкладу Ю. Туронак у сваёй працы "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" звяртае ўвагу на тое, што немцы не вельмі прагнулі стварыць на акупаваных землях краёвыя мясцовыя арганізацыі. Гаўляйтэр Кубэ не аднойчы звяртаўся да Розэнберга па афіцыйную згоду на такую арганізацыю [4]. Да гэтага ж з ведама Кубэ ў Глыбоцкай акрузе дзейнічала неафіцыйная маладзёвая арганізацыя з восені 1941 г., але, як мы ўжо ведаем, афіцыйна СБМ ствараецца толькі ў ліпені 1943 г. Даследчыцца Ц. Клыкоўская ў сваёй працы "Саюз Беларускай Моладзі - вятранне з забыцця" у аспрэчванне слоў Анатоля Бадуліна [5] даводзіць, што БСМ з'яўлялася хутчэй арганізацыяй, служачай беларускай справе, куды моладзь ішла дабраахвотна. Саюз узнік не на пустым мейсцы толькі з сімпатый Кубэ, а з досведу Беларускае Незалежніцкае Партыі. Шмат хто з кіраўнікоў СБМ раней займаў кіруючыя пасады БНП. Да таго ж неабходна адзначыць, што СБМ неаднойчы ўлагоджваў канфлікты юнакоў з паліцыянтамі і нямецкай аховай [6]. Аўтарка таксама выказвае думку, што арганізацыя не можа мець поспеху ў грамадстве і паўнавартасна функцыянаваць, калі яно ўтворана штучна. СБМ жа не мела недахопу ў юнаках і дзяўчатах у сваіх шэрагах, дзе праца рабілася немалая.

Можна вылучыць таксама наступныя даследаванні. Праца Л. Юрэвіча "Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі" (Мінск, 2001), артыкул Ю. Туронка "Саюз Беларускай Моладзі ў Нямеччынне". У гэтых парцах аўтары пераважна паказваюць нацыянальна-патрытычныя пачуцці людзей, служачых у СБМ, іх дзейнасць на карысць Беларусі, а таксама і матэрыялістычныя разлікі да ўступу ў саюз (напрыклад, выезд у Нямеччыну). На трагізм лёсу гэтых людзей звяртае ўвагу І. Сервачынскі ў артыкуле "Незайздросная доля беларускіх калбарацыяністаў", дзе аўтар акцэнтуе ўвагу найперш на тым, што гэтыя людзі проста былі ваеннымі рэсурсамі ў руках нямецка-фашыскіх захопнікаў, якія пасля былі выкарыстаны ў жорсткія апошнія дні вайны [7].

Праца К'яры Бернгарда "Штодзённасьць за лініяй фронту: Акупацыя, калябарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944 гг.)" хаця і ахоплівае ў сваім даследаванні грамадска-палітычнае і рэлігійнае жыццё, аднак разглядае рэлігійныя пытанні паверхнасна, адзначаючы толькі палітычны бок, не разважаючы над беларускім нацыянальным аспектам пытання. Грамадскія падзеі, у тым ліку дзейнасць БНС і СБМ, разглядае з пункту гледжання простага насельніцтва і досыць супярэчліва. З аднаго боку, аўтар зазначае аб задзейнічанні БНС у тэрору нямецкіх улад супраць насельніцтва, з іншага боку аўтар узгадвае аб той сацыяльнай працы, якая праводзілася для змяншэння жабрацтва, паляпшэння матэрыяльнага забеспячэння насельніцтва, а таксама стварэнне сацыяльнай сеткі абслугоўвання дзяцей і хворых [8]. Кніга напісана не беларусам, што робіць яе больш цікавай. У працы адыходзяць на другі план усе нацыянальныя памкненні беларускай інтэлегенцыі. Найперш аўтар звяртае ўвагу на цяжкае матэрыяльнае становішча простых людзей у гарадах і асабліва ў вёсках.

1.2. ГАЗЕТА "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС" ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ КУЛЬТУРНАГА, ГРАМАДСКАГА І РЭЛІГІЙНАГА ЖЫЦЦЯ Ў ЧАС ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

Паколькі выданне "Беларускі голас" выходзіла ў 1941-1944 гг. у акупаванай нямецкімі войскамі Вільні, варта напачатку працы надаць крыху ўвагі і пытанню калабарацыі. Калі мы звернемся да сённяшняй афіцыйнай гістарыяграфіі, напрыклад, у "Гісторыі Беларусі" у 2-х частках (Менск, 2002) дадзена наступнае вызначэнне калабарацыі: "У гістарыяграфіі заходнееўрапейскіх краін і ЗША дзейнасць калабарацыяністаў класіфікуецца як палітычнае, ідэалагічнае і ваеннае супрацоўніцтва з акупантамі. Айчынная гістарыяграфія разглядае калабарацыю, як здраду сваёй радзіме і пераход на шлях супрацоўніцтва з ворагам. Такім чынам, згодна з крытэрыямі айчынннай і замежнай гістарыяграфіі, да калабарацыяністаў на Беларусі можна аднесці супрацоўнікаў інстытуту мясцовага самакіравання і паліцыі [9]". І пералічваюцца калабаранцкія арганізацыі - Беларуская Народная Самапомач, Беларускі Корпус Самааховы, Саюз Беларускай Моладзі, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларуская Краёвая Абарона. Але ў вызначэнні прысутнічае паняцце "ідэалагічнае супрацоўніцтва", пад якое можа быць аднесена выдавецкая справа - кнігі, часопісы, газеты. А якую ідэалогію можа змяшчаць у сабе выданне пры таталітарнай уладзе? Натуральна, што выданне наўрад ці атрымала б дазвол выходзіць і не змяшчаць у сабе пэўнай долі ідэалогіі нямецка-фашысцкага ўраду, але хто разглядае ў якой ступені гэтая ідэалогія прысутнічае на старонках выдання і хто разглядае, што там яшчэ існуе акрамя ідэалогіі? Можа газета змяшчае ў сабе куды большую нацыянальную думку, чым чужыцкую. Аднак гэтае пытанне застаецца на старонках падручніка не закранутым увогуле.

Звернемся да вызначэння калабарацыя ў юрыдычнай трактоўцы міжнароднага права. Вядомая віртуальная Вікіпідыя дае наступнае азначэнне калбарацыі - свядомае і дабраахвотнае супрацоўніцтва з ворагам у ягоных інтарэсах і ў шкоду сваёй дзяржавы ці саюзных з ёю краін [10]. Зыходзячы ўжо з гэтага вызначэння, адразу паўстае шэраг пытанняў. Ці супраць беларускага народу працаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт, дапамагаючы пацярпелым ад вайны? І ці супраць сваёй краіны працавала Беларуская Народная Самапомач, арганізуючы дамы-чытальні, школы, друк? Беларуская нацыянальная інтэлегенцыя мусіла ісці на супрацоўніцтва, але для карысці Беларускай дзяржаўнасці, хаця і выдатна разумела, што Гітлер не лепшы за Сталіна, аб чым яскрава сведчаць словы Ларысы Геніюш: "Наступіў Гітлер, быў жудасным, але ж ці меней жудасным быў Сталін? Між кім выбіраць, калі абодва нелюдзі? Якая трагедыя! Сталін-Гітлер, і адно, і другое нечалавечае і ніякае трэцяе магчымасці для народаў [11]". "Будучыня была яшчэ пісаная на вадзе, і арыентаваца на немцаў нам ніяк нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства, і адразу ж так сабе падумала: "Каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны навогул для нас не існуць, а калі закрануць, дык праўдзіва і з цэлай душы галубіць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль каланізатары нашай зямлі [12]". Такім чынам паўстае беларускі бок, які як мог ратаваў і адстойваў Беларусь, апынуўшыся паміж двух мацнейшых дзяржаў таго часу, якіх па сутнасці мала цікавілі нацыянальныя пытанні заваяваных народаў.

У "Віленскіх успамінах" Францішак Аляхновіч апавядае, як хаваўся ад бальшавікоў па ўсяму Віленскаму краю, каб не перажываць наноў ужо набыты досвед жыцця ў засценках ГПУ. Ён прызнаецца на старонках свайго твору "Замест аўтабіяграфіі - крыху ўспамінаў" як радаваўся ён гукам набліжаючыхся нямецкіх самалётаў, бо для яго гэта азаначала нарэшце жыць спакойным жыццём [13]. У газеце "Беларускі голас" ён змяшчае кароткую замалёўку са сваіх "Віленскіх успамінаў", але ўжо апісвае радасныя пачуцці іншых: "…калі ў памятную нядзелю 22 чэрвеня ў падвалах НКВД людзі даведаліся, што пачалася вайна, людзі ашалелі ад радасці, кідаліся адзін адному на шыю, плакалі ад шчасця [14]" . Гэтыя людзі яшчэ не ведалі жаху тэрору нямецка-фашысцкага, але і большавіцкая ўлада, відавочна, не была для беларускіх грамадска-культурных дзеячоў радзімай.

Калі закранём працу Юрыя Туронка "Беларусь пад нямецкай акупацыяй", то пабачым, што аўтарам не ўводзіцца панятак калабарацыянізму нідзе. Праца пісалася з пункту погляду таго, што Беларусь чарговы раз нехта заваёўвае, але метады кіравання акупантаў істотна розняцца. Абставіны для развіцця нацыянальнай беларускай справы больш спыяльныя.

Таму разглядаючы штотыднёвік "Беларускі голас" у маёй працы не будзе гучаць вызначэнне "калабаранцкае выданне". Гэта было выданне беларусаў, якія чарговы раз спрабавалі пасеяць у беларускім грамадстве насенне самасвядомасці і самапавагі.

Газета "Беларускі голас" выдавалася з 1 сакавіка 1942 года па чэрвень 1944 года ў акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі Вільні. Выданне з'яўлялася беларускамоўным і выходзіла лацінкай штотыднёва. Галоўным рэдактарам газеты з'яўляўся вядомы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Пасля забойства Францішка Аляхновіча 3 сакавіка 1944 года газета не знікла і працягвала выходзіць у свет. Рэдактарства пазначалася як выдавецтва "Беларускі голас". Згодна энцыклапедычнаму артыкулу свет пабачыў усяго 122 нумары [15]. У гэтай працы будзе разгледжана 118 нумароў, бо менавіта столькі захавалася ў архівах бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук. Архівы газеты распавядаюць, што падрыхтоўка да выдання пачалася яшчэ ў 1941 годзе. Распачаўся збор матэрыялаў на першыя публікацыі і пошук аўтараў для надалейшых выданняў.

Выданне распаўсюджвалася за грошы. Існавала падпіска, аб якой рэдакцыя ніколі не забывалася нагадаць, асабліва ў час, калі яна распачыналася - "яшчэ можна паспець". Надалей тлумачылася, куды і каму дасылаць грошы. Кошт падпіскі на год "з дастаўкай да хаты" складаў 6 RM, на паўгады - 3 RM. Таксама быў вызначаны кошт на размяшчэнне аб'яваў у газеце - "да 10 слоў - 10 RM", а за кожнае лішняе слова бралі яшчэ па 5 фон. "Для шукаючых працы 50% уступкі". Гэта дае падставы меркаваць, што выданне магчыма было на самафінансаванні.

"Беларускі голас" выдаваўся ў друкарні "Švyturys" у Вільні. У тым жа горадзе месцілася і рэдакцыя - вул. Гедыміна, 4. Пра тое, што газета распаўсюджвалася па-за межамі Вільні і Віленскага краю, сведчаць кароткія, ледзь заўважныя, адказы на разнастайныя просьбы людзей з іншых мясцовасцей - набыццё выданняў, перасылка іх, пошук людзей. Адметна, што ў газету звярталіся людзі і з самых усходніх рэгіёнаў Беларусі.

Газета актыўна супрацоўнічала з іншымі выданнямі таго часу, такімі як "Ranica"(Берлін), "Mienskaja hazieta", "Holas vioaski"(Менск). З 1943 года пачынаецца цеснае супрацоўніцтва з літоўскім выданнем "Naujoji Lietuva". Таксама сустракаюцца адзінкавыя пераклады артыкулаў з нямецкіх выданняў. Газета нярэдка перадрукоўвала артыкулы з названых выданняў, якія з'яўляліся як чыста інфармацыйнымі, так і аналітычнымі. Акрамя таго рэдакцыя рэгулярна нагадвала чытачам, калі пачынаецца падпіска на тое ці іншае выданне, куды пасылаць грошы на падпіску, садзейнічала ў перасылцы і атрыманні запытваемых нумароў. Перадрукаваныя артыкулы з іншых газет нярэдка састаўлялі немалую частку друкуемага матэрыялу штотыднёвіка. Часам такія перадрукаваныя навіны ці разважанні састаўлялі пераважную колькасць артыкулаў нумару. Дадзеная форма публікацый выконвала сваеасаблівую функцыю тыпу мясцовага карэспандэнта.

На васьмі старонках штотыднёйвай газеты чытач мог прачытаць самую разнастайную інфармацыю - ад міжнароднай панарамы да разнастайнай рэкламы. Так на першых палосах газеты кожнага нумару мы знойдзем міжнародную панараму навін, якая змяшчала ў сабе інфармацыю аб баявых дзеяннях на розных франтах, пасланні вялікага фюрэра і іншых кіраўнікоў ІІІ рэйха, падзеі ў Індыі, прыродныя катаклізмы ў свеце і іншыя навіны. Ваенныя падзеі размяшчаліся ў пастаяннай рубрыцы "Вайна за мінулы тыдзень", а астатнія навіны месціліся вялікімі артыкуламі ці нязначынымі нататкамі. Надалей штотыднёвік звяртаецца да спраў ужо больш блізкіх, прысвечаных падзеям беларускім, аб якіх распавядаецца ў рубрыках "З усіх куткоў Беларусі", "Гігіена і здароўе", "Гаспадарчыя парады", "Жарты", "Беларускае жыццё ў Латвіі", "Рэлігійныя справы". Побач з імі прысутнічалі рубрыкі, якія з'яўляліся ці вельмі рэдка, ці толькі ў некалькіх нумарах у выглядзе цыкла артыкулаў - "Фельетон", "Вольная трыбуна", "За чысьціню роднай мовы", "Расказы з гісторыі беларусі", " Філасоўскія разважанні", "Рэлігійнае жыцьцё". Друкуюцца матэрыялы пра Катынскія расстрэлы, успаміны Краўчанкі аб сталінскіх злачынствах "Як я быў нявольнікам Сталіна", Ф. Аляхновіча "З віленскіх успамінаў", аб тэрору НКУС з успамінаў відавочцаў. Асобная ўвага надаецца гістарычным публікацыям, аўтарамі якіх з'яўляецца В. Будзіловіч, М. Наваельскі, а таксама Андрэй Дубовіч, Я. Станкевіч і артыкулам прысвечаным беларускай мове пераважна аўтарства Я. Станкевіча. Таксама аўтарамі выдання з'яўляліся Уладзімір Казлоўскі, З. Байдацкі, М. Пяцюкевіч, К. Езавітаў, Л Крывіцкі, Я. Сяргіевіч.

2.КУЛЬТУРНАЕ І ГРАМАДСКАЕ ЖЫЦЦЁ ПА СТАРОНКАХ ВЫДАННЯ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС"

2.1. ПАДЗЕІ КУЛЬТУРНАГА ЖЫЦЦЯ

Як вядома, масавыя выданні з'яўляюцца адным з рычагоў кіравання народнымі масамі палітычнай улады. Кожнае масавае выданне нясе ў сабе пэўную ідэю, пэўны пасыл, змяшчае пэўную ідэалогію, не залежна ад таго ў краіне якога рэжыму яно выдаецца. Ідэалагічная прапагадна праз СМІ на мой погляд была моцнай ва ўсе часы і пры розных палітычных ладах (нават у дзяржавах з дэмакратычным укладам) - ці то Царскай Расеі, ці то ў Савецкім Саюзе, ці то ў фашысцкай Германіі. Таму гэты фактар, фактар прапаганды, прымушае асцярожна ставіцца да тых матэрыялаў, што змяшчаліся на старонках газеты "Беларускі голас". Не ўсё, што было надрукавана, магло мець месца насамрэч. Добрыя паказчыкі ў той ці іншай галіне маглі друкавацца толькі з прапагандысцкіх матываў і ціску нямецка-фашысцкіх улад на выданне. Аднак хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін фактар, які можа пазбаўляць аб'ектыўнасці пэўныя публікацыі.

Нельга забывацца на тое, што рэдактарам і аўтарамі выдання з'яўляліся асобы значна пацярпелыя ад савецкіх улад. Яны дабрасумленна працавалі на карысць беларускае справы, праз што і пацярпелі, былі асуджаны, арыштаваны і высланы. Яны цярпелі пераслед нават пасля вызвалення і вяртання, падавалася б, да нармальнага жыцця. Гэта нарадзіла не проста расчараванні, а вялікую нянавісць аўтараў выдання да савецкай улады. Шмат хто з аўтараў газеты, прайшоўшы праз катаванні ГПУ, сібірскія канцлагеры, усе пазбаўленні, быўшы вязнямі засценкаў НКУС прымалі і віталі з вялікай радасцю і няменшай надзеяй тых, хто вызваліў іх з таго беспрыпыннага жаху - армію фашысцкай Германіі. Да таго ж новая ўлада не проста вызваліла з вязніц, яна яшчэ дала магчымасьць беларускаму народу навучацца на роднай мове, чытаць і выдаваць кнігі, часопісы, газеты на роднай мове, даследаваць і развіваць сваю культуру. Да таго ж неаднаразова ўзнікала тэматыка аб самастойнасці і адметнасці гісторыі беларускага народа, аб яго праве на самастойнае існаванне ў "Новай Эўропе". Зразумела, што такія пасылы не маглі не захапіць беларускіх дзеячоў. А вялікае жаданне працаваць на карысць беларускага народу і захапленне беларускай справай проста маглі прывесці да неаб'ектыўнасці адзнакі стану спраў на старонках выдання.

Таму зыходзячы з вышэй напісанага, хачу толькі адзначыць, што выкарыстаныя матэрыялы газеты не заўжды будуць адлюстроўваць рэчаіснасць таго часу. І тым не менш гэта не пазбаўляе каштоўнасці інфармацыі, якую змяшчае выданне.

Пачынаючы гартаць "Беларускі голас", між волі чакаеш пабачыць амаль выключна ваенныя навіны, фашысцкую прапаганду з элементамі закліку да абароны беларускай бацькаўшчыны. Амаль гэта зрэшты і знаходзіцца на першых двух-трох старонках. Але наступныя старонкі прадстаўляюць чытачу зусім іншую карціну жыцця людзей на акупаваных землях. Артыкулы не расказваюць наколькі добра і лёгка стала жыць, але паказваюць, што робіцца, каб выправіць разбурэнні вайны. Актыўна разгортваецца праца як у матэрыяльных сферах жыцця, грамадскіх справах, так вялікая ўвага надаецца і аднаўленню культурнай дзейнасці, якая ў першую чаргу была накіравана на простых людзей не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў малых мястэчках. Тое было звязана з дзейнасцю Беларускай Народнай Самапомачы, якой у сваю чаргу кіраваў нямецка-фашысцкі ўрад.

Нагадаю, што Беларуская Народная Самапомач была створана нямецка-фашысцкімі ўладамі 21 кастрычніка 1941 года. Яна павінна была стаць апорай у ажыццяўленні палітычных намераў гаўляйтэра. Яна з'яўлялася адзінай легальнай грамадскай арганізацыяй на беларускіх тэрыторыях. Статутнай мэтай арганізацыі з'яўлялася сацыяльнае забеспячэнне і ахова здароўя насельніцтва, аднак яе дзейнасць з дазволу Кубэ крочыла шырэй - школьніцкая і культурная дзейнасць. Пазней БНС была прыцягнута і да адміністрацыйнага жыцця краіны [16]. БНС кіраваў Іван Ермачэнка, які карыстаўся вялікім даверам у нямецкіх улад. Кіраўніцтва БНС складалася з наступных асоб: Барыс Рагуля, Юры Сабалеўскі, Станіслаў Станкевіч, Іван Касяк, Антон Адамовіч, Юльян Саковіч. [17]

Але ж вернемся непасрэдна да культурнага жыцця на старонках выдання "Беларускі голас", якое згодна з публікацыямі выдання беларускія дзеячы стараліся зрабіць плённым і досыць насычаным. Амаль кожны нумар змяшчаў артыкул аб арганізацыі разнастайных тэатральных і харавых гурткоў услед за акрыццём Беларускага Народнага Дому, аб распачынанні рэпетыцый, аб выставах мастацкіх і фота, акадэміях, прысвечаных знакамітым дзеячам Беларусі сучаснасці і мінулага, аб адкрыцці бібліятэк і чытанні грамадскіх лекцый.

Як ужо зазначалася вышэй, асноўным штуршком для адраджэння ці распачынання грамадска-культурнага жыцця з'яўлялася дзейнасць БНС, якая мусіла арганізоўваць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленні і валасныя гурткі. [18] З арганізацыяй такіх аддзелаў і гурткоў адразу ж утвараліся Беларускія Народныя Дамы, дзе пачыналі сваю дзейнасць разнастайныя гурткі - харавыя, тэатральныя, музычныя. Там пачыналі сваю працу публічныя бібліятэкі, дзе праводзіліся лекцыі як прапагандысцкага характару, так і навуковага (дапрыкладу, даклады на гістарычную тэматыку). Таксама не меншых намаганняў да адраджэння і развіцця культурнага і грамадскага жыцця паклаў і БНК у Вільні. Яго дзейнасьць не так яскрава прадстаўлена, як дзейнасьць БНС, але шэраг невялікіх занатовак і адзін справаздачны артыкул дэманструе, што і там рупіліся аб беларускай справе па меры сваіх сіл.

Першыя нумары выдання распавядаюць нам, як актыўна ў грамадства пачалі прасоўваць усё беларускае - перайменаванне вуліц, утварэнне беларускіх школ, заснаванне беларускіх выданняў, утварэнне адзелаў БНС і Народных дамоў. Усё гэта паўставала хутка і гэтак жа хутка распачынала сваю дзейнасць. Таму першым годам выданне ўжо друкавала артыкулы аб першых поспехах распачатай дзейнасці - гастролі самадзейных хораў і тэатральных гурткоў, што зроблена, што пастаўлена, як успрымалася гледачом, што паказвалася на падмостках прафесійнага тэатру.

"Беларускі голас" друкуе кароткія занатоўкі аб разнастайных выставах, што ладзіліся ў гарадах Беларусі. Яны былі як прапагандысцкія, так і проста мастацкія. Так напрыклад у Вільні адбылася сваеасаблівая фота выстава, якую ладзіла новае кіраўніцтва: "У некалькіх пунктах Вільні выстаўлены серыі здымкаў ілюструючых праявы сучаснага жыцця. Здымкі гэтыя перыядычна змяняюцца, разгортваючы перад вачыма віленцоў абразы з усё новых галінаў жыцця [19]". Як адзначае газета, выстава мела поспех у жыхароў гораду. І гэта цалкам тлумачальна, бо карціны змяшчалі ў сабе выявы жыцця нямецкага, якое натуральна карэным чынам рознілася ад мясцовага. Да таго ж сама формы выстава мела наватарскі характар, за адно можна было дзівіцца фотаздымкам, якія самі перагортаваліся і былі размешчаны на вуліцах Вільні.

Іншая выстава прапагандысцкага характару адбылася ў той жа Вільні, але тэматыка была скіравана на супрацьлеглае, на жах бельшавіцкага тэрору: "У памяшчэнні Віленскага Музею Мастацтва ў мінулую нядзелю адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі " Чырвоны тэрор", ладжанае літоўскім бюро студыяў над бальшавізмам і жыдоўствам [20]". У якім шэрагу былі зроблены выставы робіць відавочным іх мэту - паказаць як добра і ладна там, і які жах творыцца тут, але ўсё гэта ў мінулым, нямецка-фашысцкія войскі прынеслі вызваленне і ідэю "Новай Эўропы". З інашага боку, выстава дала магчымасць казаць услых аб тым, аб чым нават баяліся думаць, што было тэмай "табу" досыць працяглы час. Людзям адкрыта паказвалі жах іхняга жыцця. Ім давалі магчымасць гэта ўсвядоміць, неяк рэфлексаваць на зусім нядаўнія падзеі. Выстава проста паказала рэчаіснасць, хаця і зусім дарэчную для новых кіраўнікоў. Канешне, хацелася б адзначыць, што менавіта змяшчала ў сабе выстава і наколькі яна была аб'ектыўнай, але дажалю артыкулы газеты аб тым маўчаць.

Наколькі прапагандысцкі характар насілі мастацкія выставы па матэрыялах газеты меркаваць складана. Можна казаць толькі аб тым, што калі напачатку газета заўсёды адзначала прысутнасць на такіх мерапрыемствах прадстаўнікоў нямецкіх улад, то пазней такая інфармацыя знікла. Што сабой уяўлялі самі творы казаць не выпадае, бо на гэты бок пытання журналісты выдання не звярталі ўвагі. І тым не менш абмінуць прысутнасць мастацкіх выстаў у культурным жыцці грамадства не магчыма, бо гэта значыла бы ўпусціць адну з дэталей тагачаснага жыцця. Так, напрыклад пяты нумар "Беларускага голасу" паведамляе: "Адкрыццё Беларускай Мастацкай выстаўкі ў народным Доме ў Менску. Люты. Вул. Рагнеды №2, Менск. Адбылося адкрыццё выстаўкі працы менскіх мастакоў. Выстаўку наладзілі пад'адзелы мастацтваў Менскага Гарадскога Камісарыяту [21]". На гэтай выставе прысутнічалі прадстаўнікі новых улад, якія прамаўлялі аб ролі Германіі ў новым лёсе Беларусі: "Пад кіраўніцтвам нямецкіх уладаў Беларусь можа заняць належнае месца ў Новай Эўропе. І пасля вайны тут наладзіцца новае Эўрапейскае жыццё" [22]. Адразу звярну ўвагу на тое, што падобныя прамовы досыць часта з'яўляліся на палосах газеты, асноўная думка якіх - Беларусь самадастатковая краіна, якая мусіць жыць вольна ў Новай Эўропе без прыгнёту "чырвонай" Масквы і панскай Польшчы. А нямецкі ўрад з задавальненнем у гэтым дапаможа ёй.

"26-га красавіка ў памяшчэнні Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні адбылося ўрачыстае адчыненне абразоў беларускага мастака Пётры Сяргіевіча [23]", - піша Андрэй Дубовіч ў сваім артыкуле "Мастацкая творчасць Пётры Сяргіевіча". Гэтая выстава можа сведчыць аб пэўнай ступені свабоды ад парпагандысцкага ціску і чыста мастацкай скіраванасці пэўнай часткі культурнага жыцця. Паколькі малаверагодна, што газета ў стане адсочваць абсалютна ўсе падзеі ў краіне, то можна меркаваць, што магчыма падобная выстава была не адзінай.

Газета таксама падымала пытанне аб рабаванні мастацкіх твораў з музеяў Беларусі:

"Баранавічы. Музей мастацтваў з 1929 года.

Вайна 1939 года паўстрымала наладжаную працу [музею]. Здавалася, што бальшавіцкая ўлада канчаткова скончыць з гэтым культурным мерапрыемствам, але дарма што вялікія цяжкасці. Усё ж такі часткова ўдалося захаваць хоць частку калекцыі.

У выніку рэарганізацыі забраны гістарычныя дакументы і вывезены ўвесь прыродазнаўчы аддзел. Аддадзена ў Ліду.

У час уцёкаў бальшавікоў шмат экзэмпляраў знішчана або зрабавана" [24]. Аднак пасля артыкул распавядаў пра паўнавартаснае функцыянаванне музеяў у Баранівічах і ў Лідзе. Такім чынам новыя заваёўнікі паспрыялі аднаўдленню музейнай працы, частковаму аднаўленню калекцыі экспанатаў. І выставы гэтых музеяў не змяшчалі ў сабе аніякіх прапагандысцкіх экспанатаў, а толькі экспанаты гісторыка-мастацкія і прыродазнаўчыя беларускага краю.

Варта зазначыць, што паводле Туронка, сам Кубэ клапаціўся аб аднаўленне мастацкіх твораў: "Для рэстаўрацыі часта без сэнсу пашкоджаных нажамі карцін прашу прыслаць сюды нацыянал-сацыялістычнага мастака Вілі Спрынгера" [25]. Ён таксама звяртаўся да вышэйшага кіраўніцтва з просьбай вярнуць усё тое, што ўжо паспелі вывезці з беларускіх зямель у Нямеччыну. Гэтыя факты даюць падставу думаць, што выставы мастакоў маглі быць не толькі заангажаванымі, але і проста быць мастацтвам для мастацтва, аднак пра тое газета мала піша.

Аднойчы толькі ўзнікае занатоўка аб саматужнай выставе ў Баранавічах [26]. Зразумела, што такія выставы маглі слугаваць больш прапагандысцкім мэтам, каб паказаць як аднавіўся і ўзняўся край пры новым кіраўніцтве, у пэўным сэнсе нават адраджэнню рамёстваў пасля татальнай індустыялізацыі краіны.

Прысутнічалі выставы і асветніцкага кшталту. Так чытаем у газеце аб функцыянаванні музея імя Івана Луцкевіча, дзе была сабрана не толькі багатая калекцыя артэфактаў і экспанатаў, але працавала і біблітэка: "Скарбніца беларускай культуры. У Вільні ё беларускі Музэй імя І.Луцкевіча, дзе сабрана многа цэнных беларускіх культурных і гістарычных памятак. Музэй гэты з'яўляецца сапраўднай беларускай скарбніцай культуры. Месціцца на вуліцы Вострабрамскай 9. Адчынены ад 9 да 15. Кожнаму беларусу будучы ў Вільні радзім наведаць гэты музэй і азнаёміцца з ягонымі багаццямі. [27]" Такім чынам, беларусы, наведваючыя Вільню, мелі магчымасць азнаёміцца з кароткай гісторыяй свайго краю. А самі віленчукі мелі магчымасць яшчэ скарыстацца і паслугамі бібліятэкі.

Можна сказаць, што час Другой Сусветнай вайны стаў сваеасаблівым новым вітком у развіцці беларускай дарматургіі. Старонкі газеты часта паведамляюць дзе і калі будзе якая п'еса, што паказваюць у Менску, якія аўтары ставяцца, і як прымала публіка новую пастаноўку п'есы Францішка Аляхновіча. Увогуле, п'есы Францішка Аляхновіча ў гэты час ставіліся часта, пры чым не толькі ў Вільні, але і ў розных гарадах беларускіх зямель. Ніколі яго не цанілі так высока як драматурга, як у тыя часы. Аляхновіч праз усю сваю творчую дзейнасць спрабаваў стварыць прафесійны беларускі тэатр. Са зменай чарговай улады яму прадставілася такая магчымасць, якой ён не прамінуў скарыстацца. На сённяшні дзень п'есы Аляхновіча нідзе не ставяцца, яго творы адсутнічаюць у школьных праграмах, што кажа аб забыцці гэтага драматурга. А між тым яго некалі называлі "беларускім Мальерам".

Як адзначалася вышэй, па Беларусі адчынялася шмат самадзейных тэатраў, а таксама даваў гастролі Менскі Драматычны Тэатр. Да адкрыцця прафесійнага драматычнага тэатра спрычыніўся Францішак Аляхновіч, што вынікае з архіваў газеты "Беларускі голас": "Беларускі тэатр. Вядомы беларускі драматург Фрацішак Аляхновіч арганізуе ў Вільні Беларускі Тэатр. Ужо ёсьць група артыстаў, якія прыгатаўляюцца да пастаноўкі опэрэткі "На Антокалі" [28].

Аб тым як прайшла аперэтка выданне не піша, але мы знаходзім там артыкулы аб іншых пастаноўках па Аляхновічу. Так у Вілейцы была пастаўлена п'еса "Дзядзька Якуб", [29] а пазней у Менску адбылася прэм'ера "На Антокалі": "У нядзелю 21-га лютага на сцэне Менскага Гарадскога Тэатру прэм'ера п'есы "На Антокалі". Сённяшні Менскі глядач, які адразу так цёпла прыняў і цяпер прымае Аляхновічавага "Пана Міністра", ізноў меў нагоду ўдосыць пасмяяцца каля жвава пададзеных абразкоў з жыцця віленскіх мяшчанаў" [30]. З гэтымі ж п'есамі і іншымі класікамі тэатр гастраляваў у Слоніме [31].

Ставіліся таксама і замежныя аўтары. Так у рэпертуар Менскага тэатру ўваходзілі творы такіх выбітных драматургаў, як Шылер, Мал'ер, К.Галдоні, Марцінк [32]. Таксама мела месца сучасная замежная драматургія, якая зразумела была пераважна нямецкага паходжання. Хаця само выданне аб п'есах нічога не гаворыць - ні аб іх кароткім змесце, ні аб праблемах, якія ўздымаюцца аўтарамі.

Паводле публікацый актыўна гастраляваў толькі адзін прафесійны тэатр з Менску. Яго гастролі маглі быць як аднадзённымі, так і расцягнуцца на некалькі тыдняў. Вывозіліся пастаноўкі не толькі ў іншыя вялікія гарады, але і па малых мястэчках. Аднак у малых гарадках краіны ўжо ўзнікаюць свае самадзейныя тэатры, якія робяць ўласныя тэатральныя пастаноўкі і прадстаўляюць іх гледачам як сваіх раёнаў, так і прадстаўляюць на суд гледачам суседніх гарадкоў. Іх гастролі былі больш разнастайнымі, бо з імі разам яшчэ давалі прадстаўленні харавыя і танцавальныя гурткі. А паколькі такія маленькія рэпартажы з'яўляліся не адзін і не два разы на старонках выдання, то асмелюся меркаваць, што гастролі мелі месца быць насамрэч і нават з пэўным поспехам.

Старонкі газеты пішуць аб яшчэ адным забытым беларускім тэатрам творы "Лясное возера", аўтарам якога з'яўляецца Наталля Анрсеньева і кампазітар М. Шчаглоў. Прэм'ера оперы адбылася ў Менску 27 лютага 1943 года [33]. Пазней газета друкуе справаздачны артыкул, як прайшла прэм'ера: "Перапоўненая зала прымала жвавы ўдзел у паказе і ня скупілася на бурныя падзякі, калі пасля канца трэцяга акту кампазытар, аўтарка і рэжысер былі прывітаныя кароткай прамовай і абдораныя краскамі [34]". Зазначу, што пасля гэты твор быў забыты і больш на падмосткі Беларусі не вяртаўся. Нават ужо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Гэтая прэм'ера яскрава сведчыць аб тым, што глядач бачыў не толькі даўно напісаныя п'есы і старыя пастаноўкі, тэатр таксама прадстаўляў яму і новыя працы.

Нямецка-фашысцкі ўрад спрыяў аднаўленню прац кінатэатраў. Бо калі казаць аб'ектыўна, то кіно з'яўляецца бадай што самым даступным баўленнем часу для ўсіх слаёў грамадства. А найперш магутным сродкам прапаганды. Таму ў хуткім часе газета пачынае друкаваць кароткія анонасы дзе і што будзе паказвацца. А таксама з'яўляецца занатоўка аб адчыненні другога кіно ў Менску, бо толькі "адзін тэатр і адно кіно не могуць задаволіць патрэбаў стодваццацітысячнага гораду" [35]. Таксама сустракаюцца невялічкія артыкулы аб аднаўленні кіно і ў іншых гарадах кріаны. Якія кіны існавалі ў Вільні і што там прадстаўлялася ўвазе гледача, можна знайсці на апошняй старонцы нумара пачынаючы з восені 1942 года. Так у Вільні дзейнічала шэсць кінатэатраў. Анонс паводле газеты на 4 верасня 1942: "SOLDATENTHEATER II - "Прэм'ера мадам Батэрфляй, CASINO - "Ротшыльд", ADRIA - "Вялікая прыгода", MUZA - "Рабізон", AUŠRA - "Дзяўчына мінулай начы", таксама круціліся фільмы ў Ашмянах, Свянцянах, Вілейцы [36]. Крыху пазней у анонсе з'яўляюцца Смаргонь, Трокі, Новая Вілейка, Эйшышкі (Eišyški) [37]. Зыходзячы з назоваў (напрыклад,"Трыум фрау Луна"), фільмы былі пераважна нямецкаіх рэжысёраў. Паказ жа адбываўся наступным чынам, напачатку дэмантраваліся нямецкія кінахронікі, дубляваныя на беларускую мову, пасля дэманстраваўся культурны ці прапагандысцкі фільм, які таксама быў прадубляваны на беларускую мову. І толькі пасля глядач мог пабачыць мастацкае кіно, якое ішло з беларускімі тытрамі, бо ўсе фільмы былі пераважна нямецкай вытворчасці [38].

Вялікімі гастрольнымі турамі прысутнічае на старонках выдання наш славуты зямляк Міхаіл Забэйда-Суміцкі. Ён вялікімі гастрольнымі турамі праехаўся па ўсёй Заходняй Беларусі. У апошні год газета вельмі часта друкуе абвесткі аб ягоным канцэрце ў Вільні. Чалавек, які некалі спяваў у Ласкале, ў траўні 1944 года віншаваў вучняў Беларускай Віленскай гімназіі.

Паводле выдання "Беларускі голас" за часамі нямецка-фашысцкай акупацыі адбывалася і пэўная навуковая дзейнасць. У Вільні дзейнічала Беларускае Навуковае Таварыства, якое ладзіла адкрытыя лекцыі, дзе зачытваліся рэфераты на самыя разнастайныя тэмы па гуманітырных і дакладных навуках: "Вільня. Паведамленне. У нядзелю 6.ХІІ.42 а гадзіне 12 чарговы сход Беларускага Навуковага Таварыства ў памяшчэнні Беларускага Нацыянальнага Камітэту (вул. Гедыміна 4-11) з рэфератам др.Грынкевіча на тэму "Да справы паходжання беларусаў" [39]

Шырэй аб Навуковы Таварыстве і яго даследчыцкай дзейнасці кажа наступны артыкул: " З жыцця Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні.

Беларускае Навуковае Таварыства існуе ад 1918 году. Дваццаць пяць гадоў працы Таварыства пакінула свае сляды ў вызвольных імкненнях беларускага народу. Адной з формаў дзейнасці ўстановы з'яўляюцца рэфераты сяброў, чытаныя на паседжаннях паасобных секцыяў.

…Рэфераты будуць чытацца кожную нядзелю ў 12 гадзін у памяшканні Беларускага Нацыянальнага Камітэту (Гедыміно 4-11) [40]" Відавочна, што Таварыства мае ўжо досыць парцяглую гісторыю, сваю аформленую структуру, падзел на секцыі, што можа сведчыць аб даследаваннях у розных галінах навук. Наступны спіс рэфератаў гэта можа толькі падцвердзіць: "Аляхновіч Фр. " Мая праца над драмамі", Адамовіч А. "Значэнне Карскага для беларускай навукі", Матэйчук М. "Біохімія як шлях да распаду тайніцаў быту", Станкевіч Я. "Як паўстаў ІІ Літоўскі Статут" [41].

Матэрыялы газеты сведчаць аб тым, што культурнае жыццё таго часу было даволі разнастайным. Працавалі музеі, ладзіліся выставы. Разгортваў сваю дзейнасць беларускі нацыянальны тэатр. Нямала рабілася і для прапаганды ведаў. Прадпрымаліся пэўныя захады да ўцягнення ў розныя формы культурнай дзейнасці шырокіх колаў насельніцтва (самадзейныя хоры, любіцельскія пастаноўкі і інш.). Аднак варта яшчэ раз падкрэсліць, што асноўнай крыніцай гэтай працы з'яўляецца газета. І трэба даволі крытычна ставіцца да звестак з перыёдыкі, бо інфармацыя можа быць ці вельмі скажонай, ці проста не апісана ў поўнай ступені, як дапрыкладу ў артыкулах аб музеях, дзе змоўчвецца, што немцы гэтак жа як і некалі бальшавікі, рабавалі беларускія мезеі.

2.2. ГРАМАДСКАЯ ПРАЦА

Пэўная, хаця і не занадта вялікая, колькасць матэрыялаў выднання "Беларускі голас" прысвечана грамадскай дзейнасці. Натуральна, палітычны накірунак яе жыцця ўжо быў вызначаны, але, важна падкрэсліць, матэрыялы выдання мала датычацца палітычных акцый. Пераважна акцэнт робіцца на гуманітарную дапамогу пацярпелым, на клопат аб лёсе і здароўі людзей.

Аднак калі зазірнуць у працы па гісторыі, прысвечаным падзеям таго часу, якія больш падрабязна разглядаюць дзейнасць усіх арганізацый, што ўтвараліся і дзейнічалі ў тыя часы, то нельга не заўважыць, там, дзе існуе грамадская дзейнасць, у хуткім часе пачне ўзнікаць дзейнасць, скіраваная ў палітычны бок. Прынамсі на такія роздумы наводзіць Туронак, пішучы аб тым, што паступова з БНС утвараўся "цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва [42]".

Паводле выдання БНС няблага выконвала абавязкі, для якіх і была афіцыйна заснавана. Газета не аднойчы паведамляла аб стварэнні дзіцячых дамоў: "Камітэт БНС у Іллі зарганізваў дзіцячы дом. Да гэтага прызначаны добры будынак, які абсталяваны ўсім патрэбным для выгоднага й здаровага жыцця дзяцей. У гэтым доме будуць мець прытулак дзеці бяднейшых мяшчан [43]". Ці яшчэ паведамляюць: "З ініцыятывы БНС праводзіцца акцыя апекі над сіротамі, перадусім быўшай Усходняй Беларусі - Клецкі, Нясвіжскі і Гарадышчанскі раёны [44]". Як бачым, апека арганізоваўецца не толькі над дзецьмі, якія пры тых ці іншых абставінах страцілі бацькоў, але і над тымі, аб якіх бацькі не ў стане па клапаціцца з розных прычын.

У нумары ад другога красавіка 1942 года месціцца паведамленне аб дапамозе галадаючым. "Пераважна насельніцтву ўсходняй частцы Беларусі", а таксама зазначаецца, што амаль кожны раён мае прытулкі для пацярпелых ад вайны [45]. На пачатку выдання рэгулярна з'яўляюцца абвесткі аб стварэнні касы ашчаднасці і ўзаемадапамогі з ініцыятывы і пры падтрымцы БНС. Звяртае на сябе асаблівую ўвагу наступны невялічкі артыкул: "Гебісткамісар памагае ахвярам вайны. Гэбісткамісар Крэстлетэр Гінгст загадаў выплаціць праз самапомач 3000 марак, якія прызначаны на дапамогу асобам, пацярпеўшым з прычыны ваеных падзеяў [46]".

Малыя, але вельмі змястоўныя запісы датычна дзейнасці Беларускага Нацыянальнага Камітэту. БНК у Вільні з'яўляўся на старонках выдання не толькі з нагоды ўтварэння аркестру ці зачытванняў у ягоным памяшканні рэфератаў Беларускага Навуковага Таварыства. БНК таксам актыўна прымаў удзел у развіцці беларускага школьніцтва, асабліва па Віленскаму краю, супрацоўнічаў з нямецкімі ўладамі ў пошуку людзей, вяртанні з палону беларусаў дахаты, дапамагаў бедным. У артыкуле Янкі Лугавога апавядаецца аб тым, што паасобныя сябры БНК клапаціліся аб перахаванні беларускіх кніжак і разнастайных беларускіх музейных здабыткаў. Менавіта сябры БНК выратавалі ад бальшавіцкага знішчэння экпанаты Беларускага Нацыянальнага Музею ім. І.Луцкевіча [47].

Не забыліся і аб выхаванні падрастаючага пакалення. 22 чэрвеня 1943 года быў арганізаваны Саюз Беларускай Моладзі "дзеля аднастайнага ўзгадавання і арганізацыі беларускае моладзі [48]". Належыць да Беларускага Саюзу Моладзі маглі толькі хлопцы ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў і дзяўчаты ва ўзросце ад 10 да 21 гадоў. "Беларускі голас" так фармуляваў задачы новай арганізацыі: "Заданне БСМ якраз углыбленне ў масы свае нацыянальнае культуры. Больш трэба расшукваць гэтыя скарбы, як народныя песні і танцы, запіваць іх у старых людзей, культываваць іх." [49] Гэта была адна з мэт арганізацыі - захоўваць і распаўсюджваць нацыянальную культру як сярод моладзі, так і сярод старэйшага пакалення. А таксама выхоўваць у беларускім нацыянальным духу новае пакаленне. Загад аб стварэнні СБМ быў падпісаны асабіста самім Кубэ: "Сп. Генеральны Камісар у Менску зацвердзіў з дзейнем ад 22.6.43 Саюз Беларускай моладзі. Дзеля кіравання Кіраўнічым штабам вызначаю шэфа гэтага штабу, які рэпрэзентуе СМБ і мае сваю сядзібу ў Менску. Шэф Кіраўнічага Штабу Беларускай Моладзі беспасрэдна падначальваецца мне. Генеральны Камісар у Менску. Сябар Рэйхстагу. Вільгельм Кубэ [50]". Штаб азначанага кіраўніцтва ў Менску быў цэнтральным, у малых гарадах краіны ўтваралася мясцовая адміністрацыя саюзу.

Аднак выданне "Беларускі голас" дажалю толькі радаваўся, афіцыйнаму ўтварэнню саюза, але яго дзейнасць асвячаў мала. Магчыма гэта было звязана з тым, што само нямецкае кіраўніцтва ўсё ж не вельмі падтрымлівала падобныя арганізацыі, дзе юнакі прывіталі адзін аднога "Жыве Беларусь".

"Беларуская Нацыянал-сацыялістычная Партыя. У Вільні ў 1933 была сарганізаваная Беларуская Нацыялнал-Сацыялістычная Партыя. Партыю гэтую польская ўлада закрыла, а цяпер яна зноў існуе і мае свой сакратарыят на вул. Гедыміна 4 [51]". Такое паведамленне было знойдзена ў архівах газеты. Аднак дажалю акрамя таго, што партыя аднавіла сваю дзейнасць, больш аніякіх паведамленняў ні аб самой партыі, ні аб яе жыццядзейнасці на старонках выдання не з'яўлялалася.

Гэта былі толькі малыя долі таго, што адбывалася ў рэчаіснасці і што патрапіла ў друк. З артыкулаў "Беларукага голасу" можна зрабіць высновы, што грамадскае жыццё фактычна абмяжоўвалася толькі дабрачыннай дзейнасцю, падтрымкай насельніцтва матэрыяльна, пошукам людзей і садзейнічаннем ў вяртанні іх дахаты. Што насамрэч яшчэ рабілі арганізацыі, як дапрыкладу БНС ці СБМ, старонкі выдання маўчаць.

2.3. БЕЛАРУСКАЯ АДУКАЦЫЯ

Вялікую ўвагу выданне надавала пытанню школы. Праблема беларускай адукацыі ўздымлася на старонках газеты досыць часта - недахоп падручнікаў, настаўнікаў, у адным артыкуле нават праблема наяўнасці вучняў. Бацькі падазрона ставіліся да новых дагэтуль малавядомых ім беларускіх школак (маецца на ўвазе школьніцтва Заходняй Беларусі) і па-ранейшаму вялі дзяцей у польскія школы, бо польская адукацыя гэта пэўная магчымасць павышэння сацыяльнага статусу, магчымасць атрымаць далейшую адукацыю. Да таго ж, калі немцы пачалі ствараць новую мясцовую адміністрацыю, новаствораныя пасады пераважна займалі палякі. Таму падстаў, што дзяцей трэба аддаваць менавіта ў беларускія школы існавала вельмі мала, а тыя што былі магчыма гучалі не зусім пераканаўча. Аднак агітацыйныя заклікі ў гэтым накірунку чытаюцца ў выданні вельмі часта:

"Беларусы места Вільні!

Пасылайце сваіх дзяцей у свае Родныя школы.

У Беларускую нацыянальную школу і ў Беларускую гімназію,

якія месцяцца пры Вастрабрамскай вуліцы Nr.29 [52]".

Пазней з'яўляецца агітацыя, каб дзяцей аддавалі проста менавіта ў беларускія школкі. Газета давала падрабязную інфармацыю пра тое, калі і дзе можна запісаць сваіх дзяцей у беларускую гімназію. І калі напачатку дадзеныя аб'явы-агітацыі з выгляду былі адносна сціплымі (хаця абмінуць іх вачыма нельга было ніяк), то праз пэўны час падобныя аб'явы мелі больш кідкі выгляд. З'явілася новае афармленне рэкламы, каб чытач не здолеў яе прапусціць ані ў якім разе. Гэта і разнастайныя абрамленні рэкламы, і падбор іншага шрыфту, што вылучае інфармацыю сярод іншых шэрых сціслых артыкулаў.

Звяртаецца ўвага і на катастрафічны недахоп вучэбнага матэрыялу - ад звычайных канцэлярскіх прыналежнасцяў да падручнікаў для вучняў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, што зрэшты ва ўмовах вайны цалкам натуральна. "Цяжка цяпер яшчэ нам выдаць усе патрэбныя беларускія кніжкі: вайна перашкаджае." [53] У гэты перыяд шукаюцца шляхі для вырашэння праблемы з друкаваннем падручнікаў у Рызе: " 14-19.ІІ. 42 у Рыгу. Мэтаю падарожжа гр.гр. Сівітзы і Найдзюка былі перагаворы з літоўскім выдавецтвам у справе выдання беларускіх падручікаў у Рызе, бо сучасныя абставіны не даюць магчымасці надрукаваць кнігі ў Менску". Наколькі паспяхова прайшлі перамовы ў пазнейшых нумарах не адзначаецца, затое ёсць артыкулы напачатку навучальнага году, што пэўныя паляпшэнні з падручнікамі і сшыткамі адбыліся. Пытанне не вырашана цалкам і недахоп усё ж адчуваецца, аднак ужо не так складана, як было на самым пачатку працы.

Аднак гэтыя праблемы актыўна вырашаліся. І падчас Другой Сусветнай вайны беларускае школьніцтва пабачыла новыя выданні, якія дапамагалі асвойваць новыя навукі, а таксама пашыраць кругагляд вучняў за межы школьнай праграмы. Так напрыклад, артыкул "З выдавецкай нівы" распавядае: "Днямі выйшаў з друку "Беларускі правапіс" Антона Лёсіка у выданні Выдавецтва Моладзі ў Менску. Кніжка мае 3 часткі і абыймае правапіс галосных і зычных, правапіс часцінаў мовы і іншамоўных словаў, собскіх іменняў, прозвішчаў і геаграфічных назоваў, правапіс знаку прыпынкаў. "Беларускі правапіс" мае быць падручнікам для школы. Тыраж кніжкі - 100 000 экзэмпляраў [54]". У тым жа артыкуле гаворыцца і аб зборніку апавяданняў М. Лясуна "На крыжы", якія змяшчаў у сабе 4 творы аўтара: "На крыжы", "Чужая зямля", "Кроў", "Жыдоўскае вяселле", дзе апавядаецца аб цяжкім жыцці сялян у часы панавання большавікоў. У Празе выйшаў падручнік па арыфметыцы ў 1942 годзе, аўтар Зофія Добрынская, выданне Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе. Нягледзячы на каштоўнасць кожнага выдадзенага падручніка, аўтар арыткула не спяшыўся ўхваліць яго: " Навялікі жаль вельмі добры падручнік крыху папсуты з боку беларускае мовы. У мове падручніка адчуваецца той напрамак у беларускай лінгвістыцы, які зусім не мае пачуцця культурнага развіцця беларускае мовы [55]". Клапаціліся аб вучэбных дапаможніках і малы гарадок Бранавічы - "здолелі выдаць хоць скромны беларускі лямантар "Зорку" [56].

Вялікай праблемай для школ з'яўляўся і недахоп настаўнікаў, здольных выкладаць на беларускай мове. Для гэтага ладзіліся кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ці курсы павышэння кваліфікацыі. Крыху пазней ужо чытаем аб заснаванні шэрагу настаўніцкіх семінарый, аб выпуску з якіх з'яўляюцца артыкулы ў апошніх нумарах газеты.

І ўсё ж у артыкуле "З Беларускага Нацыянальна Камітэту ў Вільні" аўтар зазначае, што не ўсё так добра. Дапрыкладу: "У падвіленскіх ваколіцах сарганізаваць беларускія школы сярод беларускага насельніцтва нам нажаль не ўдалося". Бачна, людзі не спяшаліся аддаваць сваіх дзяцей у невядомыя ім дагэтуль беларускія школы ў той час, як побач працуюць польскія. Зразумела, што немагчыма выкараніць за некалькі месяцаў са свядомасці, што існуе толькі польская адукацыя і што менавіта польская мова з'яўляецца мовай адукаваных асобаў і мовай кіраўнікоў.

Той жа артыкул "З Беларускага нацыянальнага Камітэту ў Вільні" распавядае нам аб тым, наколькі цяжка абстаяць справы з беларускім друкам і беларускай кнігай. Нягледзячы на разгарнуўшуюся дзейнасць БНК у Вільні і дзейнасць БНС у цэлым, дапрыкладу кнігарні, дзе беларус можа набыць сабе кнігу на роднай мове не існавала. Затое існавала літоўская кнігарня, пры якой беларусы сціпла і адчынілі свой аддзел: "…быў адчынены толькі аддзел пры літоўскай кнігарні" [57]. Ці вырашылася гэтае пытанне ў Вільні надалей выданне не піша, а вось у Лідзе з цягам часу адрылася кнігарня, дзе людзі маглі набыць не толькі кнігі, але і часопісы, газеты, падручнікі, школьныя дапаможнікі [58].

Аб'явы і артыкулы газеты, сведчаць што пасля заканчэння сярэдняй школы чалавек меў магчымасць працягнуць сваю адукацыю, атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў адпаведных установах. Баранавіцкая акруга праводзіць наступную адукацыйную статыстыку - 8 народных школ, трохгадовая медычная школа сясцёр, акушэрак, фельчароў і фармацэўтаў, адна мастацкая музычная школа з музычным аддзяленнем, чатырохгадовая адміністрацыйна-гандлёвая школа, тэхнічная школа, матуальныя курсы; у Нясвіжы працуе чатырохгадовая настаўніцкая семінарыя, у Свяцічах- трохгадовая земляробская школа, у Клецку - чатырохгадовая тэхнічная школа з тэкстыльным аддзелам [59]. Як бачым, можна было набыць адукацыю ў самых розных накірунках, якія былі неабходны для грамадства таго часу - адукацыя, медыцына, сельская гаспадарка і вытворчасць.

Таксама "Беларускі голас" абвяшчае і аб існаванні лінгвістычных курсаў - беларускай і нямецкай моваў у Ашмянах: "Існуюць ужо трэці месяц курсы для дарослых беларускай і нямецкай моваў. Учаснікаў шмат. Адкрываюцца ранішнія школы ў Ашмянах і Гальшанах." У Баранавічах працавалі мастацкая школа, школа сярэдняга персаналу, курсы беларускай мовы, на якіх выкладалася мова, літаратура і гісторыя. І хаця гэтым разам адзначыўся поспех, у астатніх нумарах да жалю не зазначаецца наколькі яны былі паспяховымі ці не паспяховымі. Аднак нельга абмінуць той факт, што ствараліся спецыяльныя моўныя курсы для асоб, што займаюць кіруючыя пасады: "Стоўпцы. У мінулым месцы ў Стоўпцах былі арганізаваны курсы нямецкай і беларускай мовы для урадаўцаў. Курсы наведалі 150 слухачоў. Кіраўнік курсу ёсць сп. Міцкевіч." [60] Як бачым, такія курсы не адчувалі недахопу ў слухачах, як адміністрацыя беларускіх зямель ва ўрадаўцах.

Працаваў і шэраг адукацыйных курсаў па разнастайным спецыяльнасцях. Да прыкладу, сельска-гаспадарчыя курсы былі ў Сваятычы (Ляхаўскі раён). Чым адметны былі гэтыя курсы - "прымаюць толькі хлопцаў беларусаў. Аплата 75 рублёў у месяц". І гэта не адзіныя такія курсы. Яшчэ можна сустрэць колькі аб'яў аб наборы на спецыяльна-прафесійныя курсы, аплата якіх бярэцца не толькі ў рублях, але і ў Рэйхсмарках RM. Хто навучаўся на такіх курсах, а дакладней хто быў здольны заплаціць за падобныя курсы - пытанне, якое на старонках "Беларускага голасу" не асвятляецца. Аднак калі меркаваць, што курсы адчыняліся з ініцыятывы мясцовага насельніцтва і з дазволу нямецкіх улад (і толькі з дазволу, а не пры іх фінансавай падтрымцы, іначай тое было б адзначана ў артыкулах выдання), то можа зрабіць выснову, што новаствораныя падобныя курсы былі адносна жыццяздольнымі і знаходзіліся слухачы, якія маюць патрэбу і магчымасці навучання на іх. Падцверджаннем таго можа служыць наступная аб'ява:

"З усіх кутоў Беларусі.

Дзякуючы нямецкім уладам, якія няўстанна клапоцяцца аб развіцці беларускае культуры, здзяйсняецца мара Валожынскіх беларусаў. На просьбу старшыні павету Мурашкі, Валожынскі школьны інспектарыят атрымаў дазвол ад сп. Гебісткамісара ў Вялейцы на Беларускую сярэднюю гандлёвую школу ў Валожыне. Заняткі ў школе распачнуцца 11 студня 1943 года. За першыя тры дні пасля паведамленне аб адчыненні школы паступіла ў Школьны Інспектарыят 35 заяваў аб прыняцці." [61]

На старонках газеты ўздымаецца і пытанне вышэйшай адукацыі на Беларусі, дакладней адсутнасці магчымасці атрымаць гэткую. Але патрэба ў стварэнні беларускай вышэйшай школы існавала [62]. Гэтая праблематыка толькі праскальзае малазаўважна ў кароткай занатоўцы ў чэрвеньскім нумары 1942 года. Аднак праз год падобная кароткая занатоўка ўжо паведамляе аб утварэнні Медычнага Інстытуту ў Менску, праўда толькі з двума курсамі. Набор вядзецца толькі на першы і другі курсы [63]. У 1943 годзе быў заснаваны медычны інстытут у Магілёве [64]. Аднак праз некалькі месяцаў з'яўляецца яшчэ адзін артыкул "Аргнаізацыя Беларускага Універсітэту" [65], дзе распавядаецца аб планах утварэння універсітэту на Беларусі. Паводле арыткула ўтвараецца чатыры факультэты, якія атрымоўваюць назовы інстытутаў і арганізуюцца як вышэйшыя школы. Па плану павінны былі ўтварыцца наступныя інстытуты - медычны, юрыдычна-адміністарцыйны, ветэрынарны і тэхнічны. А таксама азначаецца, што ўжо пачаўшы сваю працу медычны інстытут у Магілёве мусіў пераехаць ў Новую Вілейку ля Вільні. Для студэнтаў астатніх інстытутаў ужо ўсё падрыхтавана - інтэрнаты і уніформа, таксама будучыя студэнты мусяць прайсці курс "Служба бацькоўшчыне" [66]. Такім чынам, усё паглядала на тое, што нямецкія ўлады далі дазвол на ўтварэнне вышэйшай школы. Ці быў зроблены чарговы крок да атрымання новай працоўнай сілы. Аднак беларуская гістарыяграфія змоўчвае аб існаванні універсітэтаў пад нямецкай акупацыяй. Толькі Туронак згадвае аб тым, што перамовы аб адкрыцці універсітэту толькі вяліся, але нідзе няма інфармацыі аб тым, што можна было ўжо падаваць заяўленні на паступленне. Праз зацікаўленне немцамі добрага функцыянавання здраваахоўчых службаў існаваў толькі Медчыны інстытут у Магілёве, але ягоная дзейнасць была няўдалай спробай [67].

Пэўнай адукацыяй сваіх чытачоў займалася і само выданне. Газета асвятляла падзеі не толькі сучаснасці, але і мінулага, такім чынам распавядаючы чытачам аб гісторыі беларускіх зямель, аб яе славутых дзеячах. Артыкулы маглі быць як выключна апавядальнага характару, так і з пэўнай доляй палітыка-аналітычнага зместу. Але гэтыя публікацыі будуць разгледжаны крыху пазней больш падрабязна.

Публікацыі газеты звярталі ўвагу на неабходнасць людзей клапаціцца аб чысціні сваёй мовы. Меў месца шэраг публікацый прысвечаных беларускай мове, колькасці запазычаных слоў з замежных моваў на працягу гісторыі, паланізмам і русізмам. Друкаваліся таксама правілы звароту да асобаў.

Такім чынам, падводзячы папярэдняя вынікі, можна зазначыць наступныя моманты. Адукацыя ў часы Другой Сусветнай вайны паводле выдання "Беларускі голас" была не толькі не прыпынена, але і атрымала нацыянальную беларускую афарбоўку. Дзеці мелі магчымасць атрымоўваць беларускую адукацыю ў школках і гімназіях. Пры жаданні яны маглі парцягнуць сваё навучанне ў сярэдне-спецыяльных навучальных устновах - семінарыі, вучэльнях па розных спецыяльнасцях. Настаўнікі мелі магчымасць прайсці перападрыхтоўку. Натуральна не хапала навуковых дапаможных матэрыялаў, але і гэтае пытанне з цягам часу вырашалася. Хаця і мала, але выдаваліся кнігі, якія прадаваліся ўжо ў беларускіх кнігарнях. Натуральна нельга лічыць, што так было па ўсёй тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Заходняя частка магла мець такую раскошу толькі ў некалькіх гарадах, усходняя ўвогуле была гэтага пазбаўлена.

3. ГІСТАРЫЧНЫЯ І ЛІТАРАТУРНЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ ВЫДАННЯ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС"

3.1. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ НА СТАРОНКА "БЕЛАРУСКАГА ГОЛАСУ"

Асобнае месца сярод публікацый займаюць артыкулы, прысвечаныя гісторыі Беларусі. Частка артыкулаў насіла выключна апавядальны характар, мэта якіх распавесці чытачу, што было раней, якія і калі падзеі былі, чаму адбывалося менавіта так. Можна сказаць, што гэта проста храналагічнае выкладанне гістарычных фактаў, падзей, апісанне жыццядзейнасці гістарычных асоб. Аднак сустракаюцца і артыкулы, дзе робіцца спроба асэнсаваць мінулае, даць яму адзнаку, зразумець што адбывалася і якую ролю тады адыгыавалі беларусы, і ці былі яны ўвогуле. Аўтары тых артыкулаў былі не заўжды прафесійнымі гісторыкамі, а маглі проста пісаць папулярна-навуковыя гістарычныя замалёўкі з мэтай асветы. Як да прыкладу шэраг артыкулаў Васіля Будзіловіча "Расказы з гісторыі Беларусі", дзе аўтар апавядае аб мінулым беларускіх зямель ад ледавіковага перыяду да часоў княжання Альгерда, цыкл артыкулаў "Куток з гісторыі Беларусі" аўтара М. Наваельскага, шэраг публікацый Андрэя Дубовіча аб беларускіх дзеячах культуры і асветы. Таксама да гістарычных публікацый можна аднесці артыкулы д-ра Янкі Станкевіча аб беларускай мове. У іх аўтар не толькі разбірае русізмы, паланізмы і іншыя запазычанні, звяртаецца да праблемы недахопу слоў у беларускай мове для літаратурнага развіцця, але і прапаноўвае шляхі рашэння гэтых пытанняў, а таксама звяртаецца да гісторыі мовы, працэсу і акалічнасцяў яе развіцця.

Гістарычныя публікацыі разглядаюцца асобна не толькі па той прычыне, што займалі немалую колькасць друкаваных знакаў на старонках выдання. А галоўным чынам таму, што на маю думку гісторыя з'яўляецца неад'емнай часткай стварэння пэўнай ідэалогіі амаль кожнай нацыі. Да гісторыі звяртаюцца палітыкі пры будаванні моцнай дзяржавы, для ўзмацнення і аб'яднання нацыі, яе кансалідацыі, часам для абгрунтавання сваёй знешняй і ўнутранай палітыкі. Таму варта зазірнуць, што менавіта друкавалі тады беларускія выданні ў артыкулах, датычных гісторыі Беларусі, на што гэтыя публікацыі скіроўвалі людзей, якую новую ідэю ўкладалі ў іх галовы, хто называўся ворагам, сябрам, якімі беларусы былі стагоддзямі раней, якой была іх дзяржава і ці была яна ўвогуле. Таму гэтыя артыкулы будуць разгледжаны не толькі с пункту гледжання гістарычнага трактавання, але і з пункту гледжання ідэалагічнага.

Для разгляду пастаўленага пытання я абрала два буйныя цыклы гістарычных публікацый - Васіля Будзіловіча "Рассказы з гісторыі Беларусі" і М. Наваельскага "Куток з гісторыі Беларусі". Мушу адразу адзначыць, што самі артыкулы не носяць выключна навуковы характар. Хутчэй яны напісаны ў навукова-папулярным стылі. Там можна сустрэць пэўныя гістарычныя недакладнасці, аб чым сведчыць крытычны артыкул Янкі Станкевіча, дзе аўтар выпраўляе ўсе недакладнасці арыткулу Наваельскага. Аб аматарскім характары артыкулаў сведчыць і той факт, што для абазначэнняў сярэдневечных еўрапейскіх цэнтральна-усходніх прастораў аўтары выкарстоўваюць назвы сучасных дзяржаўных утварэнняў (Беларусь, Украіна, Польшча), пры чым выкарыстоўваюць іх побач з тагачаснымі геаграфічна-палітычнымі назовамі. Мапы некалькіх стагоддзяў быццам накладаюцца адна на адну і ўсе яе аб'екты перамешваюцца адзін з адным у часе і прасторы. Тэксты былі напісаныя простай даступнай мовай для азнаямлення шэраговага чытача з гісторыяй роднага краю. Адзначу таксама, што артыкулы В. Будзіловіча былі прысвечаны гісторыі беларускіх зямель ад ледавіковага перыяду да княжання Альгера, артыкулы ж М. Наваельскага звярталіся да канкрэтных асоб і гістарычных падзей, пэўных палітычных парцэсаў.

Калі пачынаць з самага пачатаку, то найперш варта звярнуцца да пытання паходжання беларускай нацыі. Усе артыку "Беларускага голасу" адзінагалосна кажуць аб крывіцкай тэорыі, чаму хутчэй за ўсё паспрыялі гістарычныя працы Вацлава Ластоўскага. Менавіта славянскае племя крывічоў стала ядром фарміравання беларускага народу. І іх мова стала плацдармам для з'яўлення сённяшняй беларускай мовы. Праўда, многія артыкулы выкарыстоўваюць паняцці "крывічы" і "беларусы" як цалкам тоесныя. Гэтак жа як ставяць знак роўнасці паміж мовай "беларускай" і мовай "крывіцкай", як гэта робіць у сваім артыкуле "За родную мову" Янка Станкевіч: "У артыкуле "У нас гэтак ня кажуць" […] было сказана, што крывіцкая мова народная, як і кожная іншая мова народная, мае мноства гаворкаў. Гэта найагульней надамо аб дыялектах беларускае мовы…" [68] Крыху ніжэй аўтар увогуле атаясамляе дзве розныя назовы беларускага краю: "…Ён [паўночна-усходні дыялект - В.М..] займае ўсю паўночна-усходнюю часьць Крыўі (Беларусі) [69]". Як бачна, перавага надаецца менавіта Крыўі і менавіта так называецца тагачасная тэрыторыя Беларусі. "Беларусь", сыходзячы з выкарыстання дужак, назова другасная. Аднак так радыкальна да выкарыстання назовы "крывічы" і "Крыўя" падыходзіць толькі Я.Станкевіч. Астатнія ж аўтары больш схільны да выкарыстання тэрмінаў "беларусы", "Беларусь". Прынамсі В. Будзіловіч ва ўсіх сваіх артыкулах выкарыстоўвае слова "беларускі" - "беларускае племя крывічоў", "беларускае племя дрыгавічоў", "беларуская Полаччына", "беларускае Смаленскае княства". Такім чынам выбудоўваецца наступная карціна паходжання беларусаў - пачатак меўся быць з крывічоў, але беларускіх крывічоў. Аўтары не тлумачаць у чым розніца паміж гэтымі двума назовамі і ці была розніца паміж людзьмі, называўшымі сябе так. Але маладасведчаны чытач можа ўспрыняць гэтыя паняткі як цалкам тоесныя. Такім чынам чалавека звяртаюць да яго гістарычных каранёў, якія непарыўна звязаныя з яго сённяшнім атаясамленнем - крывіч не хто іншы як беларус. Плямёны ж дрыгавічоў і радзімічаў узгадваюцца аднойчы ў сувязі з гістарычнымі аповядамі аб Турава-Пінскім княстве, аднак перад гэтымі паняткамі таксама акурат выкарыстоўваецца прыметнік "беларускі".

Паняцце "беларускі" ўвогуле займае асобнае мейсца ў артыкулах гэтых двух аўтараў. Гэты прыкметнік прымяняецца да ўсяго - да плямён, да тэрыторый, да дзяржаўных утварэнняў, блытана ўжываецца ў дачыненні да літоўскіх князёў. Паставіўшы перад усімі гэтымі словамі "беларускі" аўтары быццам акрэсліваюць тэрыторыю беларускай дзяржавы ў гістарычнай прасторы, людзей, якія належаць да Беларусі, літоўскіх князёў, якія напачатку хаця і не належалі да беларускага, але пасля сталі такімі. Дарэчы панятак "ліцвін", "літоўскі" ў пераважнай большасці артыкулаў азначае сучасную літоўскую нацыю. Толькі Янка Станкевіч звяртаецца ўжо з навукова-гістарычнымі тлумачэннямі хто ёсць "ліцвіны", "русіны" і адкуль узнікла назова "беларусы". Але гэта толькі адна публікацыя, як рэфлексія і крытыка на артыкул Наваельскага. Таму можна сказаць, гэты шэраг артыкулаў утвараў сваеасаблівую новую гісторыю беларускага народу, дзе добра паказвался што ёсць беларускае і хто ёсць беларус.

Зараз звернемся да першых палітычных утварэнняў, якія самі аўтары азначаюць як беларускія княствы з беларускім насельніцвам, пад якім, як ўжо казалася вышэй, мелася на ўвазе крывіцкае племя, а таксама дрыгавіцкае. Агулам з артыкулаў вынікае, што беларускімі княствамі з'яўляліся Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае княствы, да сваіх таксама прылічваецца Цверскае княства, бо "там жыло шмат беларусаў" [70]. Калі звярнуцца да артыкулу Я. Стенкевіча, то дыялекты крывіцкае мовы распаўсюджваюцца яшчэ далей на ўсход - на Пскоўшчыну, што таксама можа даць падставы прылічыць гэтыя тэрыторыі да беларускага краю ці разглядаць, як тэрыторыі, якія маглі быць беларускімі, але Маскоўскае княства замінула гэтаму. Насельніцтва гэтых княстваў пазначалася ў артыкулах па рознаму ці то беларусамі, ці беларускім племенем дыргавічоў. Дапрыкладу ў артыкуле прысвечаным Ізяславу чытаем: "Сам [Ізяслаў] прыняўшы хрысціянства, пашыраў яго сярод беларусаў [71]". Менавіта "беларусамі" аўтар назваў насельніцтва сярэднявечнай Полаччыны. Ці напрыклад з артыкулу аб Турава-Пінскім княстве: "Але беларускі дыргавіцкі народ знаходзіў сабе такіх князёў, якія спаўнялі яго волю і рашуча баранілі беларускае Турава-Пінскае княства [72]" Цікава, што некалькімі радкамі раней аўтар беларускіх дрыгавічоў называў племенем, а не народам. Як бачым, гэтыя паняцці не адрозніваліся ў артыкулах. Такім чынам крывічы і дыргавічы можа і былі рознымі плямёнамамі, але згодна з артыкуламі яны ўтваралі адзін беларускі народ і абодва іх княствы таксама былі беларускімі.

Асобна звярнуся да ліцвінаў, літоўскіх князёў, Вялікага княства Літоўскага і як гэтыя паняцці звязваліся з Беларуссю і беларусамі. На самым пачатку ліцвіны (не літоўцы) выступаюць у артыкулах як абсалютна асобны народ. Будзіловіч у сваім артыкуле дае ім характарыстыку, як адсталым плямёнам, якія не маюць ні сваё дзяржаўнасці, ні гарадоў, ні пісьменства і заставаліся паганцамі. "Жыццё іх было дужа простае і пачатковае [73]". І хаця аўтар канкрэтна адрознівае ліцівінаў ад беларусаў, утворанае ВКЛ ён называе "новай беларускай дзяржавай" [74], нягледзячы на прыметнік "Літоўскае" у назове гэтай новай дзяржавы. Наваельскі ў сваіх артыкулах таксама вырознівае паняткі беларуская шляхта і літоўская, "Беларусь" і "Літва": "У 1491 калі князем Беларусі (і Літвы) быў абраны Аляксандр Ягайлавіч (1491-1506) маскоўскі князь пайшоў вайной на Беларусь [75]". Але па чаргаванню назоваў бычна, што Беларусь займала пануючае становішча ў гэтым новым дзяржаўным утварэнні. Самі ж князі калі напачатку і называліся "князі з літоўскага роду [76]", то пазней яны пераўтвараліся ў проста беларускіх князёў, якія самаадана змагаюцца за беларускія землі. Аб іх ліцвінстве ўжо амаль не згадваецца.

Аднак мушу зазначыць, што ў артыкуле "Не так было ў гісторыі" Янка Станкевіч уносіць гістарычныя карэктывы з паняткамі "русіны","беларусы", "ліцвіны". Ён звяртае ўвагу на тое, што раней русінамі зваліся людзі хрысціянскай веры, праваслаўнага абраду. Таксама ў тым жа сэнсе выкарстоўваўся панятак "грэк". "Ад ХІІІ стагоддзя разам з назовам крывічы, - піша Станкевіч, - ужываецца ўсімі назоў ліцвіны, Літва [77]". Назова ж "белорусец" была уведзена з палітычнымі мэтамі і пайшла ад маскоўскага князя Аляксея Міхайлавіча ў XVII ст.

Перыяд Вялякага княства Літоўскага закранаецца Будзіловічам толькі ад княжання Міндоўга і да княжання Альгерда. Люблінская унія і звязаныя з ёю ваенныя падзеі апісваюцца Наваельскім. Будзіловіч так апісвае подзвігі Міндоўга і пачатак ВКЛ: "Пачаў гэта прадусім Міндоўг (1226-1263). Ён супакоіў літоўскіх дробных князёў, што між сабой сварыліся, забраў пад сваю ўладу ўсе літоўскія землі, стаўся сільным валадаром Літвы, якой сталіцу заложыў у Кярнаве і рушыў на Беларусь [78]". Падаецца, быццам пытанне, хто каго заваяваў асветлена яскрава і дакладна - літоўскі князь суняў сваіх суайчыннікаў і рушыў на беларускія раздробленыя землі. Але ўжо праз два абзацы мы чытаем, што Міндоўг пераносіць сваю сталіцу ў "беларускі Навагрудак" у 1235 годзе. Тлумачыцца гэты крок князя тым, што палітычны лад на гэтых землях яму вельмі спадабаўся, ён узяў яго на уласнае ўзбраенне кіравання дзяржавай, якую стварае, а таксама тое, што яму проста спадабаўся беларускі народ. І аўтар ужо піша наступныя радкі: "У склад гэтай новай беларускай дязржавы за часоў Міндоўга ўваходзілі Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Зьдзітоў, Горадня, а так жа беларускае Турава-Пінскае княства [79]". Аўтар кажа аб тым, што князям з літоўскага роду было суджана спалучыць усе беларускія княствы ў адзіную беларускую дзяржаву, а не вяртанне мінулай славы асобных княжанняў. Тое, што сам аўтар крыху вышэй напісаў аб заваяванні літоўцам беларускіх земляў, а значыцца лагічна было б меркаваць, што беларускі землі знаходзіліся ў стане васалаў, аўтар цалкам ігнаруе і з гонарам апавядае аб разрастанні беларускіх зямель, пераходзячы да княжання Гедыміна. І быццам у насмешку канстатуе: "такім прыпадкам Беларусь і Літва - гэта былі дзве самастойныя дружбанскія дзяржавы [80] ". І крыху ніжэй распавядае аб панаванні ў адзінай дзяржаве для гэтых "дружбанскіх народаў" адзінай беларускай мовы. Часы панавання Гедыміна і Альгерда апісваюцца, як час тэрытарыяльнага ўзбуйнення дзяржавы. Такім чынам, чытачу прадстаўляюць моцную супольную дзяржаву, якая ўтварылася з заваяванняў літоўскім князем беларусаў, але культурная перавага заваяванага народу робіць яго пануючым у гэтай новай краіне.

Наступным этапам развіцця беларускае дзяржаўнасці ў сучаснай гістарыяграфіі Беларусі прадстаўляецца Рэч Паспалітая, утвораная ў выніку падпісання Люблінскай уніі. Аднак аўтары гэты перыяд ужо не закранаюць. Палякі ўжо выступаюць як агрэсары і ворагі беларускай дзяржаўнасці і беларускага народу, а не як народ, з якім беларусы жылі ў канфедэратыўнай дзяржаве Рэчы Паспалітай. Такім чынам ужо паўстае іншае гістарычнае пытанне - хто быў суседзямі беларусаў і якія ў іх былі ўзаемаадносіны?

З суседзеяў беларускага народу найбольш часта ўзгадваецца Польшча і Масква ў сувязі з ваеннымі падзеямі. Узаемаадносіны з іншымі суседнімі народамі можна сказаць не ўзгадваюцца ўвогуле. Ліцвінскі народ, які ратуючыся ад крыжаносцаў прыйшоў на землі беларусаў, пазіцыяніруецца больш як сусед-партнёр. Калі знешняга ворага няма, то і паміж сабой паваяваць могуць, калі ж прыйшоў крыжак, то наступае кансалідацыя [81]. Паўднёвыя ж суседзі нідзе ніякім чынам не ўзгадваюцца, як і абмінаюцца ўвагай татары. Цэнтральнае месца ў гістарычных публікацыях займаюць усходні і заходні суседзі. Але суседзей гэтых пазіцыяніруюць як недабарзычлівых і каварных ворагаў, якіх трэба сцерагчыся. Так М. Наваельскі ў артыкуле "Масква і яе імкненне захапіць Беларусь" наступным чынам характарызуе заходняга і ўсходняга суседзей Беларусі: "Масква, як і Польшча, заўсёды была ворагам Беларусі і заўсёды імкнулася прыгарнуць беларускія землі, беларусаў пераўтварыць на маскоўцаў [82]". У супрацьлегласць маскавітам беларусаў аўтар прадстаўляе, як народ, які паважае свабоду сваю і свабоду сваіх суседзяў, таму заўжды мусіў сябе толькі бараніць ад агрэссіі прагавітых Польшчы і Маскоўскага княства.

Паводле Наваельскага Масква заўжды сама выступала адкрытым агрэсарам, яна распачынала бясконцыя крывавыя і спусташальныя войны. Гэтае княства, якое лічыла сябе вярхоўным уладаром над усімі русінскімі княствамі, падпарадкавала іх сабе, хаця аўтар звяртаецца да этнагенэзу маскоўцаў і піша, што першапачаткова на яе тэрыторыях жылі фіны і татары, а ўжо пазней там з'явіліся славяне і асімілявалі гэтыя народыя. Тым самым дэманструецца, што Масква безпадстаўна лічыць славянскія землі на захадзе ад сябе сваімі вотчыннымі тэрыторыямі і не можа прэтэндаваць на бяспрэчнае панаванне, у той час як беларусы пазіцыяніруюцца як чысты славянскі народ [83]. Заходнім недабразычліўцам з'яўлялася Польшча. Яе мэтай было апалячыць беларускае насельніцтва, але больш актыўна на сцэне палітычнага жыцця беларусаў яны з'яўляюцца з часоў Ягайлы, які, зразумела, прадстаўляецца здраднікам у дачыненні да беларускага народу. Аўтар кажа аб празе палякаў набываць тут землі і ўводзіць свае парадкі. Але адзначаецца супярэчлівы факт - беларускае баярства, шляхта з цягам часу пачынае пераходзіць у каталіцызм і прызнаваць сябе палякамі, выракаючыся сваёй культуры і свайго народу. Аўтар не аддзяляе выразна шляхту ад простага народу. Ці магчыма, правільней было б казаць, што аўтар не разгляае простых людзей як актора палітычных падзей. Народ выступае сінонімам шляхты. Паводле аўтара частка народу здраджвае Беларусі і выракаецца яе сама, без барацьбы, за шляхецкія вольнасці. І ўсё ж галоўную віну аўтар ускладае на Ягайлу, кажучы "ён прыадкрыў брамы для палякаў [84]".

Заключэнне Люблінскай уніі сталася вынікам экспансійнай палітыкі Польшчы, а не вынікам ваеннага ціску Масквы. Звяртаецца ўвага, што змагаліся за незалежнасць ВКЛ беларускія князі ледзь не да самапрыніжэння перад каралём, але ваенны ціск караля прымусіў падпісаць унію. У канцы артыкула аўтар, як заўжды, аптымістычна канстатуе, што ВКЛ усё адно засталося самастойным. Бо мае сваю армію, грошы, адміністрацыйны апарат. Ён выводзіць беларусаў пераможцамі.

На гэтым сканчваюцца публікацыі прысвечаныя гісторыі Беларусі. Аднак на старонках выдання можна сустрэць публікацыі аналітычнага кшталту, якія змяшчаюць пэўныя гістарычныя факты. Але яны ўжо скіраванны не на апісанне і пералік храналагічных падзей, а на аналітыку падзей, якія адбываюцца сёння ці адбываліся зусім нядаўна. Чаму здарылася менавіта так і што да гэтага прывяло. Сцвярджаецца аб самастойнасці беларускай нацыі, аб яе праве на ўласную самастойную дязржаву, чаму не адно стагоддзе заміналі Польшча і Масква. Аднак адзін артыкул усё ж звяртае ўвагу беларускага чытача на самога сябе: "Калі ж пачынаючы ад XVI стагоддзя пачалася на Беларусі заццятае рэлігійнае замганне, раскалоўшае наш народ і нашую тагачасную інтэлегенцыю на дзве непрымірыма варожыя групы, Беларуская нацыя пайшла да заняпаду [85]". Нельга абвінавачваць толькі знешнія акалічнасці. Унутры самога народу было не ўсё так ладна.

На жаль у большасці такіх артыкулаў змяшчаецца нямецка-фашысцкая прапаганда. Яны звяртаюцца да велічнай гісторыі Беларусі. Кажуць аб магутнасці беларускага народу. І заўжды нагадваюць, хто ім вярнуў гэтую гісторыю і хто можа зрабіць такое ж велічнае будучае. І што толькі ў Новай Эўропе беларусы змогуць свабодна развіваць сваю культуру і будаваць сваю нацыянальную дзяржаву [86].

Публікуюцца і асобныя біяграфічныя артыкулы аб беларускіх палітычных і культурных дзеячах, але такіх артыкулаў не так шмат - аб Францыску Скарыне, Максіме Багдановічы, Пётры Сяргіевічы, Францішку Аляхновічу, Льву Сапегу. Сустракаюцца артыкулы, што распавядаюць пра народныя святы і іх кароткую гісторыю - Купалле, Сёмуха.

Такім чынам, падводзячы вынікі з прачытаных і прааналізаваных гістарычных публікацый "Беларускага голасу", найперш хочыцца адзначыць наколькі пазітыўны і велічны характар неслі ў сабе гэтыя артыкулы, хай сабе і з большага аматарскага характару. Беларусь і беларусы пры любых гістарычных акалічнасцях пазіцыянаваліся як пераможцы, моцны, смелы, багаты народ з развітаю культураю. Артыкулы вяртаюць беларусам не толькі іх нацыянальную тоеснасць, але яшчэ і ўсе тыя тэрыторыі, якія некалі былі адабраны. Артыкулы фактычна даюць адказы на пытанні этнагенэзу беларускага народу і дзяржаўнай гісторыі.

3.2. ЛІТАРТУРНЫЯ ТВОРЫ ВЫДАННЯ

Газета "Беларускі голас" мела разнастайны змест, аб чым ужо неаднойчы згадвалася вышэй. Асаблівае мейсца адводзілася літаратурным публікацыям, якія сустракаліся досыць часта на старонках "Беларускага голасу" ў першы год выхаду. У друку з'яўляліся як проза, так і паэзія, таксама матэрыялы, прысвечаныя аўтарам гэтых твораў, іх біяграфіі, зрэдку больш дыталёваму разгляду іх творчасці. Пэўныя імёны вядомы і сённяшняму чытачу як напрыклад імя паэткі Ларысы Геніюш, а пэўныя імёны згубіліся за часам, як напрыклад аўтар Альбер Паўловіч. Многія аўтары карысталіся псеўданімамі. Гістарычныя архівы выдання змяшчаюць у сабе толькі матэрыялы, якія ўжо мусілі ісці ў друк, таму назваць сапраўдных аўтараў тых твораў дажалю пакуль не выпадае. Самі ж літаратурныя творы з'яўляліся на старонках выдання з нерэгулярнай перыядычнасцю. Са старонак апошніх нумароў яны амаль знікаюць.

Але звернемся непасрэдна да саміх аўтараў і іх твораў. Літаратурныя публікацыі ў газеце пачынаюцца з вершаў двух выбітнейшых паэтак беларускай літаратуры - Ларысы Геніюш і Наталлі Арсеньевай. "Беларускі голас" друкаваў іх вершы, якія былі прысвечаны як грамадскай тэматыцы, так і лірыцы кахання. У бясконцых войнах за родныя землі, іх незалежнасць, за захаванне нацыянальнай мовы і культуры, газета публікуе верш які прысвечаны аднаму з самых апявальных чалавечых пачуццяў - каханню. Гэта верш Ларысы Геніюш "Дзед", які апавядае аб каханні дзвух ужо старых людзей, што пражылі разам усё жыццё і пачуцці якіх не толькі не згаслі, але і захвалі сваю самаахвярнасць, калі "бабулька" просіць смерць не чапаць дарагога чалавека і "дзядулька" не ў стане прыняць такую ахвяру, і памірае хутка сам з тугі і самоты да той, хто яму быў больш за ўсё дарагі. Чытаць на старонках газеты ваенных часоў падобную лірыку можа стацца вельмі нечаканым, бо праехаўшы пару кіламетраў у бок фронта, там паўстаюць іншыя філасафічныя пытанні - жыцця і смерці. І тым не менш, мы знаходзім, што векавая тэма кахання не заціраецца нават сярод такіх глабальных тэм для беларусаў, як тэма выжывання і змагання за незалежнасць роднага краю.

Са знакамітых класікаў беларускай літаратуры на старонках выдання друкуецца твор Максіма Багдановіч "Апокрыф" Ад Максіма кніжніка пачатак [87]". Гэта сказанне аб трэцім прышэсці Ісуса Хрыста, ціхім і непрыкметным, бо прыйшоў ён на зямлю беларускую ў выглядзе жабрака. Я б сказала, што гэты твор можа з'яўляцца сваеасаблівым бласлаўленнем паэтаў і пісьменнікаў, бо ў вусны Бога аўтар укладае наступныя словы ў звароце да народняга песняра: "Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надыдзе да яго гадзіна горачы - і чым ён разважыць смутак свой апрыч песьні тваёй. Таксама ў дзень радасьці ён прызавець цябе [88]". Гэтымі словамі аўтар вызначае месца паэтаў ў жыцці простых людзей, істотнасць і неабходнасць іх твораў у жыцці чалавека з самымі рознымі лёсамі. І самае галоўнае - паводле аўтара гэта вызначыў сам Творца, што часткова надае мастацкім творцам боскую сакральнасць. Аднак наколькі суцяшае аўтар словамі Хрыста народнага пясняра аб сваім лёсе, настолькі азадачвае чытача апошнімі словамі: "І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым і мягкім пылі дарогі сляды. Але гора вам людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. Амінь [89]". Аўтар за бласлаўленнем кажа аб няшчасцях і бедах, якія пануюць сёння і будуць панаваць ледзь не вякі вечныя, бо людзі самі сябе на гэта асудзілі, забыўшыся на словы - заветы Хрыста. Гэтым пошнім сказам аўтар у смутку кажа чытачу аб тым, што адказанасць за цяжкі лёс, які сёння трывае народ, палягае на самім гэтым народзе. Няма віноўніка звонку, людзі самі абралі сабе такі лёс. Такім чынам гэтая публікацыя выдання звяртае чытача не проста да аднаго з нешматлікіх твораў класікі беларускай літаратуры, але і прымушае задумацца проста аб жыцці, аб сабе ў гэтым жыцці, спыніцца і паразважаць аб сваёй адказнасці за свой лёс.

Іншыя філасофска-маральныя пытанні, пытанні кахання і грошаў, разліку і маладой дурасці, паўстаюць у надрукаванай п'есе Аляхновіча "На Антокалі". Трэба зазначыць, што дадзеная п'еса была ледзь не самай першай з напісаных Аляхновічам п'ес, да якой не аднойчы звярталіся беларускія тэатралы ў часы Другой Сусветнай вайны. Сюжэт можа падацца досыць банальным: бедны хлопец закахаўся ў дачку сваіх гаспадароў, якія трымалі шавецкую майстэрню. І ён ужо гатовы да яе сватацца. Маці дзяўчыны не вельмі і супраць, асабліва калі даведваецца аб тым, што ў Горадні хлопец мае хатку. Аднак самой дзяўчыне больш падабаецца цалавацца дый фліртаваць з гэтым падмайстэрням, але ў якаясці будучага мужа яна аб ім не думае. Тым часам да яе сватаецца разбагацеўшы стары мелкі чыноўнік. Дзяўчына выбірае дабрабыт і ўладкаванасць, але і пылкі закаханы доўга не сумуе, абраўшы ў жонкі малодшую сястру гераіні. І хаця п'еса не падымае вострых сацыяльных праблем, яна падымае не менш істотныя праблемы - праблемы чалавечых заганаў, недахопаў, як, дапрыкладу, сквапнасці і лёгкадумства, абыякавасць да чалавечых пачуццяў і эгаізм.

Аднак цэнтральнай тэматыкай літаратурных публікай усё ж з'яўляецца тэма "чырвонага тэрору" бальшавікоў, канцлагеры і сасланыя туды. Так Францішак Аляхновіч у сваім сачыненні "Савецкая інквізіцыя" з цыклу дакументальных замалёвак "Віленскія ўспаміны" [90] апісвае гвалт савецкай улады над грамадствам, утрымання людзей у падвалах НКУС, лёс некаторых з беларускіх пісьменнікаў. Такія ж страшныя карціны, але ўжо з жыцця сялян малюе Мікалай Ніўка ў сваім творы "Бальшавіцкі рай", дзе аўтар стварае некалькі жыццёвых замалёвак- як галодны селянін прыйшоў па хлеб у горад, а атрымаў штраф за спекулянства, у яго адабралі і той бохан хлебу, які кожны мог атрымаць на рукі, і той, які яму ахвяраваў спачуваючы мінак. Другая замалёўка прысвечана маці з немаўляткам, затаптанай на смерць вакзальным натоўпам, страце людзьмі простай чалавечнасці. Тыя ж пытанні ўлады і грамадства, новай маралі гэтага грамадства, легальнага здезку спецслужбаў з чалавека, іх права ўмешвацца ва ўсе сферы чалавечага жыцця ўздымае Алесь Аер у творы "Басыя на лёдзе" [91]. Асобнае месца ў шэрагу такіх публікацый займае "Верш з канцлагеру", аўтар якога не пазначаны, але караценькая анатацыя да верша дае зразумець, што размова ідзе ад імя ўсіх тых, каго саслалі ў канцлагеры СССР. У прадмове зазначаецца, што аўтары не забываюцца на родную землю і хочуць, каб сама радзіма не забывалася на іх. Аўтары звяртаюцца і да тых, хто застаўся дома, ля родных хат і да тых, хто мусіць у выгнанні канаць, яны з крыўдай кажуць за што іх адпраўляюць на верагодную смерць ад цяжкіх прац, холаду і голаду: "а заўтра за працу ў выгнанне ісці [92]". І хаця аўтараў напачатку агортвае туга па родаму краю і смутак аб ягоным лёсе, канец верша сканчваецца досыць аптымістычна і ваяўніча: "Збянтэжаны вораг ня знае спакою - сабе ўжо самому складае труну". Можна сказаць, што верш з'яўляецца сваеасаблівым калектыўным пасылам да ўсіх жыхароў беларускага краю, да тых, хто арэ зямлю дома, і да тых, хто мусіць у зняволенні валіць сосны ў Сібіры, каб тыя не пакідалі змагання, бо перамога будзе.

За трагічным рэдакцыя не забывалася і пасмяцца з пэўных акалічнасцяў жыцця простых людзей, іх прадпрымальнасці і вынікаў тае прадпрымальнасці. А заадно правесці і пэўную прапаганду, дапрыкладу, не гнаць самагон. Аб гэтай шкодзе апавядае вершык П.Труса "Вось калі Сымон-Лайдак пачуў у самагонцы смак". Верш апавядае аб селяніне, які збіраўся выгнаць самагон да свят пакроўскіх, але недагледзеў куды паставіў першы выгнаны самагон, які не замінуў выпіць конь. Каня выратаваў своечасова прыехаўшы фельчар. Твор напісаны з вялікім гумарам і з няменшай мараллю: "Вось калі Сымон-Лайдак у самагонцы пачуў смак. Вам усім адзін закон - гнаць пакінуць самагон [93]". Відавочна, што твор змяшчае ў сабе пасыл пакінуць гэты міні-бізнэс, але робіцца гэта не са строгай вымовай і пагрозамі, а лагодна і з усмешкай. Аўтар не чытае натацыі аб шкодзе такіх спраў, а напаўжарт паказвае чаго гэта можа каштаваць селяніну. Да жалю, не выпадае судзіць з якой нагоды быў напісаны верш, аднак тое, што ён не можа не прымусіць добра пасмяяцца з рэчаіснасці, абмінаць таксама не варта.

З няменшай іроніяй аб сялянскай прадпрымальнасці піша Альберт Паўловіч у вершы "Чорт і баба", дзе прадбачная бабуля ў царкве паставіла свечкі ўсім святым і чорту, якога якраз пароў Святы Мікіта. На абурэнне грамадства бабуля спакойна заўважае: "З нас ніхто не знае добра , гдзе па смерці будзе: ці ў небе, ці ў пекле скажуць векаваці. Мець прыяцеля трэба ўсюды, каб нам мог спрыяці [94]". Такім чынам прад намі паўстае магчыма адзін з распаўсюджаных партрэтаў "хітрага селяніна". Але верш наводзіць на роздум адкуль мог паўстаць такі партрэт, калі "і вашым, і нашым". Магчыма пад святымі і нячысцікам аўтар схаваў розныя ўлады, на якія гісторыя беларускага краю досыць багатая. І пры тых, і пры іншых селяніну трэба неяк жыць, а жыць лягчэй, калі маеш некага, хто бы мог паспрыяць. Логіка не зацейлівая і магчыма не самая благародная, але пры колькасці ваеных падзей на беларускіх землях, логіка выжывання самая дзейная. Таму не дзіўна, калі падобнае стаўленне можа пераносіцца і ў сферу рэлігійнага.

Асобнае месца варта адвесці народнай творчасці, якая з'яўляецца на старонках "Беларускага голасу". Газета друкуе жарты, частушкі, прымаўкі, тэксты народных песень, байкі, якія ахопліваюць самыя розныя бакі народнага жыцця - ад звычайных лаянак мужа і жонкі да кпіна з бальшавіцкай улады.

Невялічкая рубрыка з "Народнай творчасці" змяшчае частушкі прысвечаныя жыццю ў калгасах: "У калгасе добра жыць - Адзін косіць сем ляжыць. Калі сонца прыпячэ, і апошні ўцячэ [95]". Публікацыі такіх частушак сутракаюцца не аднойчы, праўда, яны паўтараюцца. А вось кароткія выслоўі аб новай уладзе бальшавікоў больш красамоўныя і змястоўныя. Распавядаецца непроста аб цяжкім і складаным жыцці ў калгасах, але і аб прымусовасці парцы ў калгасе, дзе нічога не плоцяць : "Працуй за дарма, а не хочаш турма [96]". Таксама даецца адзнака кошту станаўлення бальшавіцкай улады - "Сталін ходзіць па балотах у крывавых ботах". У некаторых выказваннях яскрава прысутнічае антысемітызм: жыд і камуніст паняцці тоесныя. "Мы праўду шукалі, а нас жыды ашукалі". Такая народная творчасць з'яўляецца добрым паказчыкам наколькі простае насельніцтва вітае ці не вітае новую уладу, што яно аб ёй думае і якую адзнаку яе дзейнасці дае. Надрукаваныя выслоўі яшчэ раз зазначаюць адмоўнае стаўленне да бальшавіцкай улады сярод сялян.

"Байка аб камары" таксама з народнай творчасці, але ўжо больш філасофскага зместу. Пачынаецца з думак жабы, з'еўшай толькі, што камара, аб тым, што няма нікога ў гэтым свеце мацней за яе. І ўжо праз пэўны час яе паядае драпежная птушка. Надалей апісваецца увесь харчовы ланцуг прыроды сярод жывёл і птушак. І сканчваецца ўсё тым, што камар кусае чалавека, які так шчыра верыў, што самы моцны менавіта ён. Народная творчасць як заўжды мудрэйшая, нельга лічыць сябе самым моцным, бо ціха з'есці можа падавалася б самая слабая і малая істота. Быць абсалютна першым проста не магчыма. Прырода не так задумвала. Аднак складана даваць нейкія дакладныя адзнакі гэтаму народнаму твору. Мяркую, у часы ваенных падзей гэтая прытча заўжды будзе мець актуальнасць сваёй маралі.

Сыходзячы з вышэй напісанага, нельга не здзівіцца той разнастайнасці тэм, закранутых у літаратурных публікацыях. Улічваючы ваенны час выдання газеты і жадання беларускіх грамадска-культурных дзеяўчоў адстаяць незалежнасць і самастойнасць Беларусі, здзіўляе прысутнасць на палосах газеты твораў, прысвечаных філасафічна-маральным тэматыкам. Гэтыя творы не клічуць у бой і не заклікаюць быць смелымі да скону, але заклікаюць спыніцца, агледзецца і задумацца. Гэта кажа аб жаданні рэдакцыі, каб чытач атрымоўваў не толькі звесткі з фронту ці нейкія гістарычныя звесткі аб Беларусі, а адукаваць свайго чытача з усіх бакоў.

4.РЭЛІГІЙНЫЯ ПЫТАННІ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ "БЕЛАРУСКІ ГОЛАС"

4.1. ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА

Асвятлення падзей у рэлігійным жыцці мелася ў асобнай рубрыцы - "Рэлігійныя справы" ("Relihijnyja spravy"). Важна адзначыць, што пры разглядзе рэлігійнага пытання, рэдакцыя газеты, асвятляла жыццё толькі касцёла і царквы, аб справах іншых канфесій - мусульман і уніятаў - старонкі газеты маўчаць. (Аб юдаізму, мяркую, недарэчна будзе пісаць). На мой погляд, гэты факт сведчыць аб аднабаковым асвятленні рэлігійных падзей, што можна патлумачыць ці ціскам нямецка-фашысціх улад, ці ўласным нежаданні бачыць і асвятляць беларускае жыццё (ці ягоную адсутнасць) іншых канфесій. Таму гэтая частка парцы будзе кранацца толькі двух канфесій - праваслаўя і каталіцызму.

Артыкулы гэтай часткі газеты галоўным чынам асвятлялі падзеі стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Асобна можна было пабачыць артыкулы і заметкі прысвечаныя таму, дзе і калі пачалі спраўляць службы на беларускай мове, хто іх праводзіць, як ставіцца насельніцтва да гэтага. Асобныя артыкулы прысвечаны ксяндзам, што змагаліся за беларускую справу.

"Поўнае арганізацыя святой праваслаўнай Беларускай Царквы" - такім загалоўкам адчынялася ўпершыню на старонках выдання рубрыка "Рэлігійныя справы". Артыкул дае сціплыя звесткі аб саборы Беларускіх Епіскапаў і Менску, аб тым хто быў абраны і з чыёй ініцыятывы ўвоглуе адбыўся дадзены Сабор. Затое даецца хоць і кароткая, але, я бы сказала, гучная адзнака падзеяў:

"У апошнім часе ў жыцці Беларускай Праваслаўнай Царквы здараліся велізарныя гістарычныя факты, маючыя эпохавае значэнне не толькі для Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і ўсяго Беларускага Народу. Скончана поўная арганізацыя Беларускай Праваслаўнай Царквы. З гэтых падзей на асаблівую ўвагу заслугоўвае Сабор Беларускіх Япіскапаў у Менску.

Ад 3 да 11 сак. с.г. абрадаваў Сабор Япіскапаў Святой Беларускай Праваслаўнай Царквы над арганізацыйнымі справамі нашай Царквы. Удзел у гэтым Саборы прынялі ўсе дагэтульшнія Архірэі Беларускай Царквы пайменна: Высоканайсьвяшчэньнейшы Мітрапаліт Панцелеймон, Найсьвяшчэньнейшыя Япіскапы Філафей і Бэнэтыкт (Benedykt). Апошні спецыяльна прыехаў з Горадні на запрашэнне адносных дзейнікаў.

Перад Саборам Япіскапаў стаялі шмалікія пытанні, ад рашэння каторых залежыла хуткае і канчатковае рашэнне арганізацыі нашай Царквы" [97].

Як бачым змест артыкулу не зусім адпавядае самой назве. Беларуская Царква на момант пачатку сакавіка 1942 году была толькі ў стадыі арганізацыі. Дажалю змест прыводзіць толькі імёны, хто прымаў удзел. Аднак пра саміх асоб інфармацыя ў газеце не сутракалася ні да ні пасля публікацыі гэтага артыкулу. Чым гэта патлумачыць? Магчыма проста на агляд усіх падзей, усіх асоб не хапала месца - старонак толькі 8 і адзін раз на тыдзень. Аднак публікацыі прысвечаныя беларускай дзейнасці каталіцкіх ксяндзоў мы сутракаем дастакова часта. У той час, як пра праваслаўнага святара маленькую нататку я сустрэла толькі аднойчы за ўсе нумары 1942 году. Тлумачыць гэта пэўнымі канфесійнымі прыхільнасцямі рэдакцыі не даводзіцца. Хутчэй больш істотную ролю грала сама пасіўнасць праваслаўнай царквы. Пасіўнасць і магчыма амаль поўная адсутнасць жадання уводзіць нешта беларускае ў царкву.

Праз два нумары газета публікуе матэрыялы прысвечаныя зацверджанню Свяшчэннага Сіноду і падзелу Беларускай Мітраполіі на Епархіі. "У мінулым месяцы, як мы ўжо пісалі (Nr.10 "Biełaruski hołas") у Менску абраўся Сабор Япіскапаў Святой Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Сабор устанавіў Свяшчэнны Сынод Святой Беларускай Праваслаўнай Царквы, які з'яўляецца выканаўчым органам Святога Сабору Япіскапаў, г.зн. праводзіць у жыццё ягоныя пастановы й можа мець такія паўнамоцтвы, якія дастане ад Святога Сабору Япіскапаў. У склад Свяшчэннага Сыноду ўвайшлі: мітрапаліт Панцелеймон, як кіраўнік, Архіяпіскап Філайфей - ягоны саступнік, выбраны адначасна канцлерам Сабору Япіскапаў і напаследак, Архіяпіскап Бэнэдыкт (Benedykt).

Першай дзейнасцю Сыноду Выявілася ў выкананні пастаноў, прынятых Саборам Япіскапаў, а неадкладных у правядзенні суцэльнасці арганізацыі Беларускай Царквы" [98].

Надалей артыкул аспісвае ў якім выглядзе існаваў царкоўна-тэрытарыяльны падзел на Беларусі і як гэта ўсё перайначылі, а таксама даецца пералік асобаў, якія ўзначальваюць новаўтвораныя Епархіі:

"…Спачатку адна Мітраполія, на чале якой стаяў Мітрапаліт Панцелеймон і два вікарныя япіскапы Насвяшчэньнейшыя Філафей і Бэнэдыкт, як ягоныя супрацоўнікі, але без правоў кіраўнічых епархіяльных архірэяў.

Уся праваслаўная Беларуская Мітраполія падзяляецца на пяць самастойных епархіяў, якія ў суцэльнасці складаюць Святую Праваслаўную Беларускую Царкву." [99]

Надалей ідзе пералік Епархіяў, які я прывяду крыху ніжэй, адзначыўшы, што ў артыкуле пералік гэтых тэрытарыяльных адзінак ідзе па іх значнасці: "Першая па значнасці Менская епархія. На чале - Высоканайсьвяшчэньнейшы Панцелеймон з тытулам Архіепіскапа Менскага й Мітрапаліта Святой Беларускай Праваслаўнай Царквы." [100] Надалей "па значнасці" ідзе Магілёўская і Мсцілаўская епархія, на чале якіх стаяў Высоканайсьвяшчэньнейшы Архіяпіскап Філафей з тытулам Архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага, "ён за саступніка". Кіраўніком Віцебскай і Полацкай епархіі стаў Наясвяшчэньнейшы Апанас (Мартас). Чамусьці не здолелі прызначыць кіраўніцтва чацвертай "па значнасці" епархіі - Наваградска-Баранавічская. "…да гэтага часу не мае яшчэ свайго кіраўніка. Часова япіскап Апнас, які сваёй сялібай і цэнтрам эпархіяльных устаноў выбраў шырока ведамаю на Беларусі святыню - Жыровіцка Праваслаўны Манастыр, дзе адначасна парупіцца аб адкрыцці Беларускай Праваслаўнай Семінарыі і Пастарскіх курсаў для ўзгадвання вельмі патрэбных царкве беларускіх свяшчэннікаў". Смаленска-Бранской епархіяй было даручана кіраваць Асьвяшэчнству Архімандрыту Сцяпану. Цікава, што землі апошняй па значнасці епархіі тэрытарыяльна ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіліся ў складзе Расейскай Імперыі. Але як я зазначала ў папярэдніх главах гэтай працы, настроі беларускіх дзеячоў таго часу былі вельмі нацыяналістычнымі, яны гатовыя былі ўзгадаць і забраць назад, усё, што некалі забралі сабе больш моцныя суседзі. І як бачым па падзелу мітраполіі, тэрмін даўніны значэння не мае аніякага - дзесяцігоддзі ці стагоддзі страты некалі беларускіх зямель.

"Апроч гэтых пяцёх епархіяў, што знаходзяцца ў межах сённяшняга Генеральнага Камісарыяту Беларусі, існуе на этнаграфічных беларускіх землях яшчэ іншыя епархіі, як Палескае з цэнтрам у Пінску, Гомельскае і інш. Аднак з прычыны, што яны не маюць кантактаў з нашай Беларускай Царквой, аб іх тут гаварыць не будзем. Не можна не ўспомніць епархіі Беластоцка-Гарадзенскай, на чале якой стаіць Высоканайсвяшчэннейшы Бэнэдыкт, Архіяпіскап Беластоцкі і Градзенскі. Гэтая падтрымоўвае фактычна сувязі з цэнтрам нашай Царквы ў Менску і яе кіраўнік браў удзел у Святым Саборы Беларускім Япіскапаў, аб чым успомнена. Яна з'яўляецца як бы экстэрытарыяльнай адзінкай цэлай беларускай царквы з гледзішча на іншую дзяржаўную прыналежнасць тых абшараў" [101].

Такім чынам прад намі прадстае карціна амаль поўнай арганізаванасці беларускай Праваслаўнай Царквы - абраны Сінод, адбыўся падзел на епархіі, кіраўнікоў якіх таксама прызначылі. Адміністратыўныя, пасадавыя і тэрытарыяльныя пытанні падаецца вырашаны цалкам. Аб гэтым сведчаць артыкулы газеты. Аб гэтым друкуюць і іншыя выданні. Аднак узнікае пытанне, а як ідзе арганізацыя службаў на беларускай мове на месцах. Як бачам існуе нават Смаленска-Бранская епархія. Ці ладзяцца там службы на беларускай мове? Што кажуць самі вернікі? Дажалю, старонкі газеты пра гэта маўчаць. Не друкуецца інфармацыя аб праваслаўных царкоўных службах нават у Менску, аб дзейнасці святароў у пытанні беларусізацыі царквы і ўвогуле вяртання людзей да сваёй культурнай спадчыны. Толькі ў нумары за 18 снежня "Беларускі голас" друкуе наступную невялічку заметку: "Беларуская мова ў Ашмянскай і Гальшанскай царкве. Дзякуючы благачыннаму а.Ул. Южвюку з Гальшанаў, які абслугоўвае духоўныя патрэбы і Ашмянскіх праваслаўных пархвіян, ужо ў успомненых цэрквах вядзецца беларуская мова". І гэта больш чым праз паўгады пасля склікання Святога Сабору і ўтварэння Беларускай Царквы. На фоне рэгулярных артыкулаў аб буйной беларускай дзейнасці ксяндзоў, аб усё новых і новых службах у катэдрах, адна гэтая нататка напрыканцы 1942 года выглядае вельмі сціпла і не кажа на карысць дзейнасці праваслаўных святароў.

Такі стан рэчаў крыху тлумачыцца артыкулам Барыса Данілюка, які можна знайсці на сайце Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы: "У выніку сярод праваслаўнага сьвятарства ў Заходняй Беларусі знайшліся нацыянальна сьведамыя толькі адзінкі, япіскапаў наагул ня было, а ўва Ўсходняй уся іерархія й духавенства былі цалком выгубленыя", а пра япіскапа Філафея аўтар піша наступнае: "Нажаль і гэты герарх, хоць з паходжаньня беларус, а на словах і гарачы патрыёт, працягваў супраціўляцца запраўднай беларусізацыі Царквы ды абвешчаньню ейнае аўтакефаліі." [102] Такім чынам пасіўнасць праваслаўнага насельніцтва можна патлумачыць двума фактамі - моцны недахоп святароў пасля сумнавядомых рэпрэсіяў і адсутнасць сапраўды беларускасведамых свеятароў сярод тых, хто застаўся ў жывых. Стварэнне Беларускай Царквы пераважна ініцыятыва беларускай інтэлегенцыі.

"Сёння мы здабылі магчымасць зарганізавання сваёй нацыянальнай праваслаўнай царквы, каторая б служыла сапраўды мэтам нацыянальнага рэлігійнага ўзгадавання праваслаўнае часці нашага народу. Для поўнае нацыяналізацыі Царквы мала яшчэ ўстанаўлення незалежнае арганізацыйнае формы. Неадлучным маментам нацыяналізацыі з'яўляецца і ўстанаўленне ў Беларусі на ўсіх вышэйшых і ніжэйшых святарскіх становішчаў нацыянальна-думаючых беларусаў-духаўнікоў.

Сваіх беларускіх святароў мы павінны мець за ўсялякую цану ў найхутшэйшы час" [103].

Адметна, што артыкулы такога харатару, якія ўздымаюць праблему недахопу нацыянальна-свядомых духаўнікоў, друкуюцца толькі ў дачыненні да правасалаўнай царквы. Падобныя пытанні сярод каталіцкіх веруючых не сустракаюцца па старонках штотыднёвіка.

Калі ж зазірнем за старонкі выдання "Беларускі голас" і глянем на гістарыяграфію праваслаўнай царквы пад нямецка-фашысцкйа акупацыяй, то знойдзем там абсалютную пасіўнасць і скоранасць немцам праваслаўных святароў і поўнае падпарадкаванне і выканнане загадаў вышэйшага духавенства. Германія бачыла ў праваслаўнай царкве русіфікатарскі элемент, які яны бы хацелі вынішчыць з беларускіх зямель. Немцы ўвогуле вельмі падазрона ставіліся да праваслаўя, але вяртанне магчымасці наведваць храм быў адным з нешматлікіх станоўчых момантаў у нямецкай палітыкі да мясцовага насельніцтва [104]. І пазбаўляцца яго з ходу азначала яшчэ больш настроіць грамадства супраць сябе. Таму правасалаўную царкву на Беларусі аддзялілі ад царквы расейскай. Немцы кіраваліся самамымі прагматычнымі матывамі - ізаляцыя беларускай царквы ад расейскай, а не нацыяналістычная ідэя. Але безумоўна існавалі святары ў праваслаўнай царкве, якія шчыра працавалі на карысць БАПЦ.

"Беларускі голас" асвятляў актыўную дзейнасць па ўтварэнню Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Але дажалю акром гэтага на старонках газеты нічога не сустраецца - ні абвестак аб увядзенні мовы беларускай пры набажэнствах, ні аб рэакцыі вернікаў на гэтыя падзеі, ні думкі саміх святароў. Працэс распачаўся штучна пры ўплыве акупацыйных улад і запатрабаванасць у падобнай аўтакефаліі на старонках газеты аніякім чынам не праяўляецца. Магчыма гэта вынік таго, што падаўляючая колькасць святароў з Сіноду не зусім прагнулі гэтых пераўтварэнняў, а больш падпарадкоўваліся. Хаця існавалі і шчырыя прыхільнікі аўтакефаліі, дзякуючы якім яна і не знікла ў эміграцыі.

4.2. БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ КАСЦЁЛУ

Пытанні аб стварэнні нейкай асобнай беларускай каталіцкай царквы зразумела не разглядаліся ў "Беларускім голасе". Не сустракаюцца і артыкулы з пытаннямі аб размеркаванні кіруючых пасад сярод ксяндзоў, аб прыблематыцы іх беларускай свядомасці і неабходнасці ўзгадоўваць новых "нацыянальна-сведамых бларусаў-духаўнікоў". Праглядаючы артыкулы, якія распавядаюць аб рэлігійным жыцці католікаў, уздымаюцца ўжо пытанні аб нацыянальнай свядомасці саміх парахвіян і іхняе стаўленне да беларускай мовы ў касцёле. Самі ж ксяндзы выступаюць не агульнай шэрай масай, а асобамі, якія сумленна працуюць на карысць беларускай справе. Ім і іх дзейнасці прысвячаюцца цэлыя артыкулы. Я б сказала, што беларусізацыя касцёлу, у адрозненні ад беларусізацыі царквы, адбывалася знізу, пачынаючы з простых ксяндзоў, якія самі дбалі аб тым, каб не проста праводзіць службы на нацыянальнай мове, але каб і самі пархвіяне прынялі гэта і зразумелі.

Само асвятленне пытання стаўлення насельніцтва да беларускай мовы ў касцёлах носіць дастаткова супярэчлівы характар. З аданаго боку газета паказвае, што людзі імкнуцца, цягнуцца да беларускай мовы. Яны жадаюць чуць беларускую мову ў катэдрах і маліцца богу на ёй. З іншага боку хоць і ў жартлівай форме, але ўсё ж простаму люду не зразумела, як так можна чытаць імшу на беларускай мове. Ды і веру сваю называць не каталіцкай, а польскай. Людзі не вылучаюць самі рэлігіі. Рэлігія для іх - гэта адна з форм улады, якая пануе над імі зараз: "Польская вера была, руская была. А пра беларускую я нешта і не чула" [105]

"Ашмяншчына. Каталікі жадаючыя роднай мовы ў касцёле .

Каталіцкае насельніцтва Ашмяншчыны, даведаўшыся з "Беларускага голасу" і ад суседніх пархвіян чупраўскіх, што Арцыбіскуп Віленскі дазволіў чытаць Св. Евагелію па-беларускі і ў чупраўскім касцёле жыва гэтым заінцерасаваліся. І як даведаемся ўжо некаторыя пархвіі накіравалі просьбу да Арцыбіскупа ( а некаторыя маняцца прасіць, каб таксама ўвясці Св. Евангелію ў касцёл па-беларуску).

Нарэшце асвяціў Бог розум людзей праўдзівай верай і запальвае агонь любові і пашаны да роднай мовы." [106]

Увогуле пераважная большасць артыкулаў "Беларускага голасу" носіць дастаткова моцны эмацыйны характар. Гэты артыкул не стаў выключэннем. Апошні сказ наштурхоўвае на развагі, што хаця людзі папрасілі ўвесці Святое Евангелле па-беларуску, гэта яшчэ не носіць характар усеагульнасці і ўсепрынятасці. Людзі ў большасці сваёй не так ужо і імкнуцца да беларускай мовы ў касцёле. Іх да гэтага трэба падштурхоўваць. А яны не заўжды паддаюцца. Асмелюся меркаваць, што у тым выпадку магчыма нечый прыклад падштурхнуў людзей да прыняцця мовы.

Згодна з артыкулам Віктара Радзівона касцёл Св. Міхала ў Вільні быў перададзены беларускім вернікам па неаднарозовых просьбах саміх вернікаў: "Касцёл Св.Міхала перададзены беларусам. Просьба віленскіх беларусаў каб атрымаць для сябе касцёл аставалася доўгія гады без ніякага выніку.

У гэтым тыдні віденскі каталіцкі біскуп Мечыслаў Райніс перадаў віленскім беларусам-каталікам касцёл Св. Міхала. Рэктарам касцёлу назначаны шырока ведамы змагар за беларусізацыю каталіцкага касцёлу на Беларусі - кс.Адам Станкевіч.

Сёння толькі зацемім, што касцёл Св.Міхала быў збудаваны ў 1594 г. беларускім канцлерам і гетманам Лявонам Сапегам" [107].

Абвесткі аб тым, што ў касцёле ладзяцца набажэнствы на беларускай мове з'яўляюцца на старонках выдання дастаткова часта. Яны мелі месца і да таго, як касцёл быў аддадзены вернікам-беларусам. Толькі да таго беларускамоўныя набажэнствы ладзіліся выключна па нядзелях і святах. Са стварэннем беларускага касцёлу віленчукі атрымалі магчымасць кожны дзень наведваць імшу, дзе казанні і прамаўленне адбывалася па-беларуску [108].

Звяртае на сябе ўвагу і такая публікацыя, як "Па-просту"("Paprostu"), названая фел'етонам, аўтарам якога з'яўляецца OJA. Твор надрукаваны не ў рубрыцы "Рэлігійныя справы", магчыма, гэта толькі невялічкі літаратурны твор жартоўнага характару, але на мой погляд, ён прадстаўляе карціну рэлігійных меркаванняў і адчуванняў простага насельніцтва ў Вільні. Сюжэт незацейлівы - да адной яшчэ не старой кабеты забягае яе добрая сяброўка, уся запыхаўшаяся і ўсхваляваная. І пачынае распавядаць, як яна выпадкова гэтай нядзеляй патрапіла ў касцёл, дзе імша спраўляецца на беларускай мове. Абедзве на пастаку вельмі абураюцца - хіба можна маліцца Богу на беларускай мове, хіба было калі такое? І вось пані Дамінісёва апавядае: "Аж пачалася імша…" - "Ну як?" - "Ну, ведаеш, імша як імша і ксёндз як ксёндз. Усё як у кожным іншым касцёле". [109] Чытаецца і адчуваецца крыху расчараванне парахвіянкі - нічога звышнатуральнага ці няправільнага не адбылося. Надалей пані Дамініка ў захапленні пачынае апісваць, як добра прамаўляў пасля ксёндз аб усім - аб паненцы Марыі, аб нас, аб мове. І зазаначае, што ўсё гэта добра слухалася і разумелася нягледзячы на беларускую мову, пасля чаго кабеты прыходзяць да высновы, што ўсё ж яны не такія і палякі, яны "нейкія іншыя" і мова ў іх іншая, і што наступнай нядзеляй яны пойдуць да гэтага касцёла.

Такім чынам, "Беларускі голас" у сваіх артыкулах датычна каталікага касцёлу звяртае увагу галоўным чынам на беларускую мову ў набажэнтвах. Калі і дзе ўводзілася беларуская мова і як успрымалі яе веруючыя. Але зноў- такі звярну ўвагу на акалічнасць перыядычнага выдання. Па-за ўвагай пакідаецца сапраўдны настрой і сапраўднае стаўленне насельнітцва да беларускай мовы пры вядзенні багаслужэння.

Як бачым, на старонках выдання "Беларускі голас" рэігійнае жыццё было прадстаўленна падзеямі ў праваслаўнай царкве і каталіцкай. Дзейнасць правасалўнай црквы зводзілася да рэарганізацыя яе ў Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, ініцыятарамі якой насамрэч выступалі нямецка-фашысцкія акупанты. Каталітцва ж паводле выдання жыло справамі ўводжання беларускай мовы ў касцёлы і вяртання павагі парафіі да роднага слова. Астатнія веравызнанні заставаліся па-за ўвагай і аніяк не асвятляліся выданнем.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У выніку праведзенай даследчай працы было вывучана і прааналізавана выданне "Беларускі голас" і ягоныя архівы. Паводле друкаваных матэрыялаў выдання было разгледжана беларускае культурнае, грамадскае і рэлігійнае жыццё на акупаваных землях Беларусі.

Вывучэнне газеты "Беларускі голас" паказала, што перыёдыка таго часу змяшчае у сабе шмат карыснай інфармацыі па даследаванню розных бакоў жыцця грамадства за часамі нямецка-фашысцкай акупацыі. Пры гэтым большая частка гэтай інфармацыі не была заангжавана фашысцкай прапагандай, а несла ў сабе прапаганду беларускага нацыянальнага руху.

Артыкулы выдання змяшчаюць у сабе шмат цікавай інфармацыі па дзейнасці грамадскіх арганізацый, падзей у культурным жыцці людзей, адукацыйным і навуковым жыцці, а таксама рэлігійным.

У выданні грамадскае жыццё прадстаўлена дзейнасцю наступных арганізацый: Беларуская Народная Самапомач і Беларускі Народны Камітэт. Газета дазваляе прасачыць калі і дзе адчыняліся аддзелы БНС, што запачаткоўвалася ў гэтых аддзелах, што адбывалася на працягу трох год, якая праца праводзілася камітэтам. Так старонкі газеты апісваюць дзейнасць БНС у дапамозе бедным, арганізацыі школ і культурнага жыцця ў малых гарадах краіны. Але не адлюстроўваецца пераўтварэнне адміністрацыйнага апарату кіравання ў магчымую палітычную структуру кіравання краінай. Таксама знаходзім на старонках выдання і працу Беларускага Народнага Камітэту ў тым жа грамадскім жыцці. Узгадваецца ўтварэнне Саюзу Беларускай Моладзі, аднак якім чынам выражалася актыўнасць гэтай арганізацыі выданне не піша.

Культурнае жыццё грамадства згодна з матэрыяламі выдання прадстаўляецца ў мастацкіх выставах, тэатральных гастролях і разнастайных імпрэз у Народных дамах. На Беларусі актыўна арганізуюцца тэатры і драматычныя гурткі, пры якіх часта яшчэ працуюць гурткі харавыя і харэаграфічныя. Ставяцца новыя пастаноўкі адбываюцца гастролі па гарадках Беларусі. Ладзяцца акадэміі ў гонар беларускіх культурных дзеячоў мінуўшчыны і сённяшняга дня, як напрыклад акадэміі ў гонар Наталлі Арсеньевай і Францішка Аляхновіча. Працуюць мастацкія выставы.

Газета досыць падрабязна апісала школьніцкае жыццё. Вялікая ўвага надавался працы школак, дзейнасці гімназій, семінарый, курсаў і вучэлень. На старонках выдання востра падымалася пытанне недахопу дапаможнікаў і вучэбнага матэрыялу, вырашэнні гэтага пытання. Пісалася аб адкрыцці настаўніцкіх курсаў падрыхтоўчых і перападрыхтоўчых, адкрыцці настаўніцкіх семінарыяў. Таксама працавалі медычныя, тэхнічныя і сельска-гаспадарчыя вучэльні.

Былі прааналізаваны літаратурныя і гістарычныя публікацыя, якія былі прадстаўлены штотыднёвікам досыць шырока. Літаратурныя публікацыі публікаваліся як патрыятычнага зместу, так і зместу лірычнага. Гістарычныя матэрыялы прадстаўлялі гісторыю Беларусі слыннай і гераічнай, дзе беларуская краіна заўжды прадстаўлялася пераможцай і дзе яна мусіць быць такой і надалей. Закраналіся пытанні этнагенэзу беларускай нацыі. Аўтары прытрымліваліся крывіцкай тэорыі паходжання беларусаў. Звярталіся артыкулы і да першых дязржаўных утварэнняў на Беларусі - Полацкае і Турава-Пінскае княства, пасля звяртаюцца да Вялікага Княства Літоўскага. Але заўжды аўтары абазначаюць гэтыя дзяржавы як беларускія.

Рэлігійнае жыццё праяўлялася ў двух асноўных пытаннях - аўтакефаліі праваслаўнай царквы на Беларусі і беларусізацыі каталіцкага касцёлу. Выданне досыць падрабязна апісала ўтварэнне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкавы, але не закранаючы момант, што шмат хто з Сіноду не падтрымліваў гэтых пераўтварэнняў, асноўнымі надхніцелямі якой з'яўляліся нямецкія ўлады. Толькі аднойчы ўзгадваецца на старонках выдання ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўных набажэнствах. Дыспуты ж з нагоды беларускай мовы ў касцёле былі частымі і заставаліся незавершанымі.

У заключэнне яшчэ раз звярну ўвагу на асаблівасці крыніцы даследавання і акалічнасцяў яе выдання. "Беларускі голас" выдаваўся ў акупаванай нямецка-фашысцкімі войскамі Вільні з дазволу і пад строгім катролем акупантаў. Таму натуральна друкавалася толькі тое, што праходзіла цэнзарны катроль. З чаго вынікае, што старонкі выдання змяшчаюць у сабе шмат неаб'ектыўнасцей і змоўчваюць праўду аб нямецкіх ваенных дзеях у дачыненні да мірнага насельніцтва, іх сапраўдных намерах. Да таго ж выданне аглядала пераважна падзеі ў заходней частцы Беларусі, бо насельніцтва ўсходніх раёнаў Беларусі Германія ўспрымала як расейцаў, таму там заставалася ваенная адміністрацыя. Грамадска-культурнае і рэлігійнае жыццё значна рознілася ад жыцця ў заходніх Заходняй Беларусі. І зноў-такі фактар масавых выданняў, інфармацыя якіх нясе ў сабе пэўныя скажэнні рэчаіснасці і недакладнасці з пэўным ідэалагічным зместам.

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

АЛЯХНОВІЧ, Ф. Выбраныя творы. Уклад., прадм. А.Сабалеўскага; Камент. Г.Кажамякін і А. Сабалеўскага. Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. 544 с.

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. У 2ч. Ч. 2. ХІХ-ХХ стагоддзі. Мінск, РІВШ БДУ, 2002.

404 с.

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. У 6т. Т5. Беларусь у 1917-1945гг. Мінска. Экаперспектыва, 2007. 616 с.

КЛЫКОЎСКАЯ, Ц. Саюз Беларускай Моладзі - вяртаньне з забыцьця. Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2004. 230 с.

К'ЯРЫ, Б. Штодзённасць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944 гг.).Пер. Л. Баршчэўскага. Мінск, 2005. 390с.

МІРАНОВІЧ, Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб.: Неўскі працяг, 2003. 239с.

ТУРОНАК, Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. Менск, 2002. 140 с.

ТУРОНАК, Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. - 882 с.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6т. Т.1. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 1993. 1243 с.

ЛЫЧ, Л. Міжнацыянальныя дачыненні ва ўмовах нацыянальнай акупацыі. Спадчына, 2002, №1, с. 3 - 26.

СЕРВАЧЫНСАКІ, І. Незайздросная доля беларускіх калбарацыяністаў. Беларуская думка, 1997, №17, с. 136-145.

ГАРТЭШЛЕГЕР, У. Горад Менск пад нямецкай акупацыяй. ARCHE, 2008, №5, с. 94-259.

ШЛООТЦ, Ё., МАЙСЯЁНАК А. Нацысцкая прапаганда і медыцынская адукацыя на Беларусі 1943-1944 гг. Магілёўскі Медыцынскі (навукова-медычны) інстытут у люстэрку архіўных дакументаў. Седьмая научная конференция по истории медицины Беларуси, посвящённая 50-летию окончания Второй мировой войны: Сборник материалов. Минск, 1995. С. 24-29.

АЕР, А. Босыя на лёдзе. Biełaruski hołas, 16 красавіка 1942, №8.

АЛЯХНОВІЧ, Фр. Віленскія успаміны. Bielaruski holas, 2 красавіка 1942, №6.

Б.а. Верш з канцлагеру. Biełaruski hołas, 6 сакавіка 1942, №2.

Б.а. Рэлігійныя справы. Biełaruski hołas, 1 траўня 1942, № 10.

Б.а.Незалежная царква Беларусі. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13.

Б.а.Рэлігійныя справы. Biełaruski hołas, 18 ліпеня 1942, №21.

БАГДАНОВІЧ, М. Апокрыф. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13.

БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларускія князі Ізяслаў і Брачыслаў. Bełaruski hołas, 22 студзеня 1943, № 3 (47).

БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларускае Турава-Пінскае княства. Bełaruski hołas, 19 лютага 1943, № 7 (51).

БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларусь на дарозе да суцэльнасці. Bełaruski hołas, 26 красавіка 1943, № 8 (52).

ДУБ,№18 (62).

ЕЗАВІТАЎ, К. Беларусь -форпост Новай Эўропы і мост з Эўропы у Азію. Biełaruski hołas.11 ліпня 1943, № 23 (67).

НАВАЕЛЬСКІ, М. Масква і яе імкненні захапіць Беларусь. Bełaruski hołas, 28 красавіка 1944, № 17 (113).

НАВАЕЛЬСКІ, М. Абарона незалежнасці Беларусі на Люблінскай уніі. Biełaruski hołas, 12 траўня 1944, № 19 (115).

Оя. Па-просту. Biełaruski hołas, 27жніўня 1942. №27

ПАЎЛОВІЧ, А. Чорт і баба. Biełaruski hołas, 28 траўня 1942, №14.

РАДЗІВОН В. Касцёл Святога Міхала. Biełaruski hołas, 5 траўня 1942, №1, с. 7

ТРУС, П. Вось калі Сымон-Лайдак пачуў у самагонцы смак. Biełaruski hołas, 19 сакавіка 1942, №4.

СТАНКЕВІЧ, Я. За родную мову. Bełaruski hołas , 10 сакавіка 1944, № 11 (107).

СТАНКЕВІЧ, Я. Не так у нас было. Bełaruski hołas, 12 траўня 1944, № 19 (115).

Адкрыццё беларускай мастацкай выставы ў Народным Доме ў Менску. Beiłaruski hołas, 6 сакавіка 1942, №2, с. 4.

Выстаўка "чырвонага тэрору" ў Вільні. Belaruski holas, 2 красавіка 1942, №6, с. 5.

Беларускі тэатр. Bełaruski hołas, 13 сакавіка 1942, №3, с. 3.

Адкрыццё Беларускай Мастацкай выстаўкі ў народным Доме ў Менску. Belaruski holas, 26 сакавіка 1942, №5, с. 7.

З усіх кутоў Беларусі. Вільня. Bełaruski hołas, 2 красавіка 1942. №6, с. 5.

З усіх кутоў Беларусі. Вільня. Bełaruski hołas, 23 красавіка 1942, №9, с. 5.

Beiłaruski hołas, 8 траўня 1942, № 10, с. 3.

З народнай творчасці. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13, с . 6

З усіх кутоў Беларусі. Слонім. Bełaruski hołas, 2 ліпеня 1942, №19, с. 5.

Камітэт БНС у Іллі зарганізваў дзіцячы дом. Beiłaruski hołas, 4 верасня 1942. №15, с. 7.

Вышэйшая школа. Bełaruski hołas, 11 чэрвеня 1942, № 16, с. 8.

Рэлігійныя справы. Biełaruski hołas, 18 ліпеня 1942, №21, с. 3.

Арганізацыя Саюзу Беларускай Моладзі. Beiłaruski hołas, 18 чэрвеня 1943, №24, с. 5.

Па беларускіх справах. Beiłaruski hołas, 14 жніўня 1942, №25, с. 5.

Арганізацыя Саюзу Беларускай Моладзі. Beiłaruski hołas, 2 ліпеня 1943, № 26 (70), c. 3.

Кіно. Bełaruski hołas, 4 верасня 1942, №28, с. 3.

Беларускі тэатр. Bełaruski hołas, 18 снежня 1942, №39, с. 7

Bełaruski hołas, 27 лістапада 1942, № 40, с. 3.

З усіх кутоў Беларусі. Валожын. Bełaruski hołas, 4 снежня 1942, № 41, с. 4.

Ашмяны. Biełaruski hołas, 18 снежня 1942, №43, с. 5.

З усіх кутоў Беларусі. Вілейка. Bełaruski hołas, 5 сакавіка 1943, №9 (53), с. 6.

Прэм'ера оперы "Лясное возера". Bełaruski hołas, 19 сакавіка 1943, №11(55), с. 3.

З народнай творчасці. Biełaruski hołas, 9 красавіка 1943, № 14 (58), с. 7.

З усіх кутоў Беларусі. Менск. Bełaruski hołas, 16 красавіка 1943, №15(59), с. 3.

З усіх кутоў Беларусі. Слонім. Bełaruski hołas, 2 ліпеня 1942, №19, с. 5.

Кіно. Bełaruski hołas, 21 траўня 1943, №20 (64), с. 4.

З усіх кутоў Беларусі. Ліда. Bełaruski hołas, 25 траўня 1943, № 21 (65), с. 6.

Аргаізацыя Саюзу Беларускай Моладзі. Beiłaruski hołas, 2 ліпеня 1943, № 26 (70), с. 5.

На Антокалі. Bełaruski hołas, 20 жніўня 1944, №33 (77), с. 7.

Медычны універсітэт у Магілёве. Bełaruski hołas, 30 ліпеня 1943, № 29 (74), с. 8.

Бібліяграфія. Bełaruski hołas, 24 верасня 1943, № 39 (83), с.3.

З жыцця Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. Beiłaruski hołas, 30 верасня 1943, №39 (83), с. 3.

Арганізацыя Беларускага Універсітэту Beiłaruski hołas, 14 лістапада 1943, № 45(88), с. 5.

ЦДАЛ, F 641-1, арк. 163.

ЦДАЛ, F 641-1, арк. 164.

ЦДАЛ, F641-6, арк.39

ГАРДЗІЕНКА, А. Беларуская Народная Самапомач: яшчэ адна спроба атрымання незалежнасці (1941-1943). Беларускі гістарычны зборнік. 2001. №16. Беласток - [Прагледжана 10 чэрвеня 2009]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://kamunikat.org/czasopisy.html?pubid=2178>

ДАНІЛЮК, Б. Усебеларускі праваслаўны царкоўны сабор. [Прагледжана 24 чэрвеня 2008] Рэжым доступу:< http://belaoc.org/historyja/sabor1942.htm>

[Прагледжана 23 чэрвеня 2009] Рэжым доступу: http://ru.wikipedia.org/wiki Коллаборационизм


Belarusian public and cultural life within the Second World War (on materials of newspaper "Belarusian voice" - "Belaruski golas": 1942 -1944)

(summary)

The object of the research work is the Belarusian daily newspaper " Belaruski golas" in the period of 1942-1944, which was launched to printing during German-fascist occupation by Francishak Aljahnovich. The subject of the research is Belarusian social, cultural and religious life at the occupied territories during World War II according to the publications of the newspaper. The aim of the work is to analyze the Belarusian newspaper " Belaruski golas".

The tasks are as following: 1) to investigate how the Belarusian cultural and social life during the occupation was reflected on the pages of the newspaper, 2) to analyze historical and literary publications that appeared in the newspaper, 3) to investigate the problems of religious life during the war according to it.

The work describes Belarusian cultural and religious life according to the research made upon the publications of "Belaruski golas". The following aspects are examined: work of theatres, museums, the development of education and state of orthodox and catholic churches in Belarus during German-fascist occupation.



[1] Туронак, Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. Менск, 2002.

[2] ГАРДЗІЕНКА, А. Беларуская Народная Самапомач: яшчэ адна спроба атрымання незалежнасці (1941-1943). Беларускі гістарычны зборнік, 2001, №16, Беласток, с. 188.

[3] ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. У 6т. Т5. Беларусь у 1917-1945гг. Мінск: Экаперспектыва, 2007. С. 527

[4] ТУРОНАК, Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. . Вільня: Інстытут беларусістыкі 2008. С.620

[5] КЛЫКОЎСКАЯ, Ц. Саюз Беларускай Моладзі - вяртаньне з забыцьця. Беларускае Гістарычнае Таварыства. Беласток, 2004. С. 59

[5] Там жа, 62.

[7] СЕРВАЧЫНСКІ, І. Незайздросная доля беларускіх калбарацыяністаў. Беларуская думка, 1997, №17, с. 136-145.

[8] К'ЯРЫ, Б. Штодзённасць за лініяй фронту . Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944 гг.). Мінск, 2005. С. 135.

[9] ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. У 2ч. Ч. 2. ХІХ-ХХ стагоддзі. Мінск: РІВШ БДУ, 2002. С. 467- 468.

[10] Рэжым доступу : < http://ru.wikipedia.org/wiki>

[11] ЛЫЧ, Л. Міжнацыянальныя дачыненні ва ўмовах нацыянальнай акупацыі. Спадчына, 2002, №1, с.8.

[12] Там жа, с.8.

[13] АЛЯХНОВІЧ, Ф. Выбраныя творы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005г. С. 400.

[14] АЛЯХНОВІЧ, Ф. Віленскія успаміны. Bielaruski holas, 2 красавіка 1942, №6, с. 5.

[15] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6т. Т.1. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя. Пятруся Броўкі, 1993. С. 425.

[16] ТУРОНАК Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. Ст.604

[17] МІРАНОВІЧ Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб: Неўскі працяг, 2003. С.144

[18] ТУРОНАК, Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С.604

[19] З усіх кутоў Беларусі. Вільня. Belaruski holas, 23 красавіка 1942. №9, с. 6.

[20] З усіх кутоў Беларусі. Вільня Belaruski holas, 2 красавіка 1942. №6, с. 5.

[21] Адкрыццё Беларускай Мастацкай выстаўкі ў Народным Доме ў Менску. Belaruski holas, 26 сакавіка 1942.№5, с. 7.

[22] Там жа, с. 7.

[23] ДУБОВІЧ, А. Мастацкая творчасць Пётры сяргіевіча. Belaruski holas, 7 траўня 1943, №18 (62).

[24] З усіх кутоў Беларусі. Баранавічы. Bełaruski hołas, 23 красавіка 1942, №9, с. 5.

[25] ТУРОНАК Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С.572.

[26] Баранавічы як культурны цэнтр. Bełaruski hołas, 5 сакавіка 1943, №9(53).

[27] ЦДАЛ, F 641-1, арк. 163.

[28] ЦДАЛ, F 641-1, арк. 164

[29] Беларускі тэатр. Bełaruski hołas, 18 снежня 1942, №39, . 7.

[30] З усіх кутоў Беларусі. Вілейка. Bełaruski hołas, , 5 сакавіка 1943, №9 (53), с. 6.

[31] На Антокалі. Bełaruski hołas, 20 жніўня 1944, №33 (77), с. 7.

[32] З усіх кутоў Беларусі. Слонім. Bełaruski hołas, 2 ліпеня 1942, №19, с. 5.

[33] З усіх кутоў Беларусі. Менск. Bełaruski hołas, 5 сакавіка 1943, №9(53), с. 6.

[34] Прэм'ера оперы "Лясное возера". Bełaruski hołas, 19 сакавіка 1943, №11(55), с. 3.

[35] З усіх кутоў Беларусі. Менск. Bełaruski hołas, 16 красавіка 1943, №15(59), с.7.

[36] Кіно. Bełaruski hołas, 4 верасня 1942, №28, с. 3.

[37] Кіно. Bełaruski hołas, 21 траўня 1943, №20 (64), с. 4.

[38] ГАРТЭШЛЕГЕР, У. Горад Менск пад нямецкай акупацыяй. ARCHE , 2008, №5, с. 179.

[39] Вільня. Bełaruski hołas, 4 лістапада 1942, №41, с. 4.

[40] З жыцця Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. Beiłaruski hołas, 30 верасня 1943, №39 (83), с. 3.

[41] Там жа, с. 3.

[42] ТУРОНАК, Ю. Мадэрна гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С.605

[43] Камітэт БНС у Іллі зарганізваў дзіцячы дом. Bełaruski hołas, 4 верасня 1942, №15, с. 7.

[44] З усіх кутоў Беларусі. Bełaruski hołas, 8 траўня 1942, № 10, с. 3.

[45] Гебісткамісар памагае ахвярам вайны. Bełaruski hołas, 2 красавіка 1942, №6, с. 5.

[46] Там жа, 5.

[47] Беларускі Нацыянальны Камітэт. Bełaruski hołas, 6 сакавіка 1942, №2, с. 4.

[48] Арганізацыя Беларускага Саюзу Моладзі. Bełaruski hołas, 18 чэрвеня 1943, №24, с. 5.

[49] Там жа. 5.

[50] Арганізацыя Саюзу Беларускай Моладзі. Bełaruski hołas, 2 ліпеня 1943, № 26 (70), с..3.

[51] ЦДАЛ, F 641-1, арк. 163

[52] Bełaruski hołas, 6 сакавіка 1942, №2, с. 4.

[53] Па беларускіх справах. Bełaruski hołas, 14 жніўня 1942, №25, с. 5.

[54] Бібліяграфія. Bełaruski hołas, 30 верасня 1943, №39(83), с. 3.

[55] ЦДАЛ, F641-6, арк.39

[56] Баранавічы, як культурны цэтр. Bełaruski hołas, 5 сакавіка 1943, № 9 (53), с. 6.

[57] З Беларускага нацыянальнага Камітэту у Вільні. Bełaruski hołas, 13 сакавіка 1942, №3, с. 3.

[58] З усіх кутоў Беларусі. Ліда. Bełaruski hołas, 25 траўня 1943, № 21 (65), с.6.

[59] Баранавічы як культурны цэтр. Bełaruski hołas, 5 сакавіка 1943, №9 (53), с. 6.

[60] З усіх кутоў Беларусі. Стоўпцы. Bełaruski hołas, 27 лістапада 1942, № 40, с.3.

[61] З усіх кутоў Беларусі. Валожын. Bełaruski hołas, 4 снежня 1942, № 41, с. 4.

[62] Вышэйшая школа. Bełaruski hołas, 11 чэрвеня 1942, № 16, с. 8.

[63] Медычны універсітэт у Менску. Bełaruski hołas, 24 верасня 1943, № 38 (82), с. 6.

[64] Медычны універсітэт у Магілёве. Bełaruski hołas, 30 ліпеня 1943, № 29 (74), с. 8.

[65] Арганізацыя Беларускага Універсітэту. Bełaruski hołas, 14 лістапада 1943, № 45 (88), с. 5.

[66] Там жа, 5.

[67]ШЛООТЦ, Ё., МАЙСЯЁНАК А. Нацысцкая прапаганда і медыцынская адукацыя на Беларусі 1943-1944гг. Магілёўскі Медыцынскі (навукова-медычны) інстытут у люстэрку архіўных дакументаў. Седьмая научная конференция по истории медицины Беларуси, посвящённая 50-летию окончания Второй мировой войны: Сборник материалов. Минск, 1995. С. 24-29.

[68] СТАНКЕВІЧ, Я. За родную мову. Bełaruski hołas , 10 сакавіка 1944, № 11 (107), с.4.

[69] Там жа, 4

[70] НАВАЕЛЬСКІ, М. Масква і яе імкненні захапіць Беларусь.Bełaruski hołas, 28 красавіка 1944, № 17(113), с. 7.

[71] БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларускія князі Ізяслаў і Брачыслаў. Bełaruski hołas, 22 студзеня 1943, № 3 (47), с. 4-5.

[72] Там жа, 4-5.

[73] БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларусь на дарозе да суцэльнасці. Bełaruski hołas 26 красавіка 1943, № 8 (52), с. 6-7.

[74]Там жа, 6-7.

[75] НАВАЕЛЬСКІ М. Масква і яе імкненні захапіць Беларусь. Bełaruski hołas, 28 красавіка 1944. № 17 (113), с. 4.

[76]БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларусь на дарозе да суцэльнасці. Bełaruski hołas, 26 красавіка 1943, № 8 (52), с. 4-5.

[77] СТАНКЕВІЧ, Я. Не так у нас было. Bełaruski hołas, 12 траўня 1944. № 19 (115), с. 8.

[78] БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларусь на дарозу да суцэльнасці. Bełaruski hołas ,26 красавіка 1943. № 8 (52), с. 6-7.

[79] Там жа, 6-7.

[80] Там жа, 6-7.

[81] БУДЗІЛОВІЧ, В. Рассказы з гісторыі Беларусі. Беларусь на дарозу да суцэльнасці. Bełaruski hołas, 26 красавіка 1943, № 8 (52).

[82] НАВАЕЛЬСКІ, М. Масква і яе імкненні захапіць Беларусь. Bełaruski hołas, 28 красавіка 1944, № 17 (113), с. 4.

[83] Там жа, 4.

[84] НАВАЕЛЬСКІ, М. Абарона незалежнасці Беларусі на Люблінскай уніі. Biełaruski hołas, 12 траўня 1944, №19(115).

[85] ЕЗАВІТАЎ, К. Беларусь -форпост Новай Эўропы і мост з Эўропы у Азію. Biełaruski hołas,11 ліпня 1943, №23(67), с. 4.

[86] Там жа, 4.

[87]БАГДАНОВІЧ, М. Апокрыф. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13, с. 4.

[88] БАГДАНОВІЧ, М. Апокрыф. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13, с. 4.

[89] Там жа, 4.

[90] АЛЯХНОВІЧ, Ф. Віленскія успаміны. Biełaruski hołas, 2 красавіка 1942, №6, с.4.

[91]АЕР, АЛЕСЬ. Босыя на лёдзе. Biełaruski hołas, 16 красавіка 1942, №8, 4-5.

[92]Б.а. Верш з канцлагеру. Biełaruski hołas, 6 сакавіка 1942, №2, с.6.

[93] ТРУС, П. Вось калі Сымон-Лайдак пачуў у самагонцы смак. Biełaruski hołas, 19 сакавіка 1942, №4, с. 6.

[94] ПАЎЛОВІЧ, АЛЬБЕРТ. Чорт і баба. Biełaruski hołas, 28 траўня 1942, №14, с. 7.

[95] З народнай творчасці. Bełaruski hołas, 9 красавіка 1943, № 14 (58), с. 7.

[96] З народнай творчасці. Bełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13, с. 6.

[97]Б.а. Рэлігійныя справы. Biełaruski hołas, 1 траўня 1942, № 10, с. 5.

[98]Б.а. Незалежная царква Беларусі. Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13, с. 7.

[99]Б.а. Незалежная царква Беларусі. Biełaruski hołas Biełaruski hołas, 21 траўня 1942, №13.

[100] Там жа, 7.

[101] Там жа, 7.

[102] ДАНІЛЮК, Б. Усебеларускі праваслаўны царкоўны сабор. [Прагледжана 24 чэрвеня 2008] Рэжым доступу:< http://belaoc.org/historyja/sabor1942.htm>

[103]Б. а. Рэлігійныя справы. Biełaruski hołas, 18 ліпеня 1942 , №21, с. 8.

[104] К'ЯРЫ Б. Штодзённасць за лініяй фронту. Менск, 2005, с. 247.

[105] ОЯ. Па-просту. Bełaruski hołas, 27 жніўня 1942, №27, с. 8.

[106] Ашмяны. Bełaruski hołas, 18 снежня 1942, №43. с. 5.

[107]РАДЗІВОН В. Касцёл Святога Міхала. Bełaruski hołas, 5 траўня 1942, №1, с. 7.

[108] Рэлігійныя справы. Bełaruski hołas, 18 ліпеня 1942, №21, с. 3.

[109] ОЯ. Па-просту. Bełaruski hołas, 27жніўня 1942, №27.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX