Папярэдняя старонка: Эканамічная гісторыя

Аб разьвіцьці гаспадаркі Беларусі ў пачатку XX ст. 


Аўтар: Дуж-Душэўскі Кляўдуш,
Дадана: 28-04-2021,
Крыніца: Дуж-Душэўскі Кляўдуш. Аб разьвіцьці гаспадаркі Беларусі ў пачатку XX ст. // Спадчына. 1998. №4. С. 100-113..



Прамысловасьць

У 1908-1909 гг. на Беларусі лічылася больш 13 тыс. (13 197) фабрык, заводаў i прамысловых установаў з 100 тыс. (99 552) рабочых i вытворчасьцю на суму 127 млн. руб. Зь ліку названых прадпрыемстваў фабрычнаму інспэктару было падуладна каля 1250, г.зн. каля 10% усяго ліку рабочых.

Кпяўдуш Дуж-Душэўскі. Коўна, 1930-я гг. (БДАМЯіМ).

Першае месца па прамысловасьці на Беларусі займае Меншчына (439 прадпр.) з коштам вырабу на 31,5 млн. руб., з каторых 22 зь лішкам прыпадае на шпіртагонныя, 3,5 - на лесапілкі. Далей ідуць хімічныя заводы (6 фабрык серчыкаў) запалак (з вытворчасьцю 1,5 млн. руб.) i фабрыкі шкла (9, з вытворчасьцю 765 тыс. руб.).

Другое месца займае Горадзеншчына (3619 прадпр.) - кошт вытворчасьці каля 26 млн. руб., дзе галоўнай галіной прамысловасьці зьяўляюцца тытунёвыя фабрыкі i заводы (8 фабрык пры 1000 рабочых вырабляюць на 11 млн. руб.), апрацоўка воўны i ткацтва (459 фабрык, пры 9 тыс. рабочых вырабляюць на 4 млн.руб.), фабрыкі скуры (гарбарні) (лікам 243 вырабляюць на 800 тыс. руб.) і, нарэшце, лесапілкі (39).

Далей ідзе Віленшчына (1920 фабрык вырабляюць на 17 млн. руб., лік рабочых - 13 тыс.). Галоўнай прамысловасьцю зьяўляецца апрацоўка спажывецкіх рэчываў (1234 фабрыкі i заводы пры 4 тыс. рабочых вырабляюць на 10 млн. руб.) - піваварэньне, выганка шпірту, аляярні, фабрыкі цукеркаў i млыны. Пасьля ідзе апрацоўка прадуктаў жывёлы (163 заводы), апрацоўка мінзральных рэчываў, мэтал i машынабудаўніцтва, апрацоўка валакністых рэчываў.

Потым беларуская частка Чарнігаўскай губэрні (936 фабрык пры 30 тыс. рабочых вырабляюць на 19 млн. руб.). Найгалоўныя прадпрыемствы - гэта суконныя фабрыкі, выганка шпірту, аляярні, лесапілкі, млыны, цагельні, воскасьвечныя, ганчарныя (цікава, што арцельныя), пянька-трапальныя.

Беларуская частка Смаленшчыны мае больш за 1500 прадпрыемстваў, каторыя даюць вырабы на 12 зь лішкам млн. руб. пры 10 600 рабочых. 3 прадпрыемстваў найбольш ёсьць прадзільных фабрык (3 фабрыкі прадуць на 8 млн. руб. пры 5 тыс. работнікаў), лесапілак, піваварняў, па выганцы шпірту, млыноў.

Магілёўшчына пры 3 тыс. прадпрыемстваў i 14 тыс. работнікаў вырабляе на 12,5 млн. руб. Галоўныя фабрыкі -Добруская паперня, па выганцы шпірту, лесапілкі.

Віцебшчына на 1200 фабрыках пры 9 тыс. рабочых вырабляе на 7 млн. руб. Галоўныя прадпрыемствы - гэта фабрыкі па апрацоўцы прадуктаў жывёлы, цагельні, ільнопрадзільні, хімічныя заводы, маслабойні, фабрыкі іголак, шкла i іншыя.

Па ліку прадпрыемстваў губэрні ідуць у такім парадку: 1. Горадзенская; 2. Магілёўская; 3. Віленская; 4. Смаленская; 5. Віцебская; 6. Чарнігаўская; 7. Менская.

Найбольш прамысловыя паветы такія:

1. Горадзенскі (14,5 млн. руб.)

2. Духаўшчынскі (8,5 млн. руб.)

3. Гараднянскі (8,5 млн. руб.)

4. Беластоцкі (7,5 млн. руб.)

5. Віленскі (6,5 млн. руб.)

6. Сураскі (6 млн. руб.)

7. Менскі (5 млн. руб.)

8. Слуцкі (4,5 млн. руб.)

9. Рэчыцкі (4,5 млн. руб.)

10. Бабруйскі (4,5 млн. руб.)

11. Сьвянцянскі (3,5 млн. руб.)

12. Пінскі (3,5 млн. руб.)

13. Навазыбкаўскі (3,5 млн. руб.)

14. Гомельскі (3,5 млн. руб.)

15. Наваградзкі (3 млн. руб.)

Па асобных галінах прамысловасьці вытворчасьць мае наступны выгляд.

I. Апрацоўка харчовых i смакавых рэчываў.

Налічваецца каля 7 тыс. прадпрыемстваў з 18 тыс. ра­бочых i з вытворчасьцю на 55 млн. руб. У гэтым шэрагу фабрык i заводаў першае месца займаюць шпіртагонныя. У былой Расейскай імпэрыі Беларусь па вырабу шпірту (сьпірытусу) стаяла на першым месцы паміж усімі шпіртагоннымі раёнамі. У 1911 г. у нашым краі было 726 шпіртагонных заводаў. Па губэрнях разьмяркоўваліся так:

Губэрня

Лік заводаў

Прадукцыя ў 1000-х вёдраў 40% водкі

Менская

229

5696

Магілёўская

150

3227

Горадзенская

103

2950

Віленская

102

2559

Бел. Частка Смаленскай

58

1460

Віцебская

44

663

Бел. частка Чарнігаўскай

40

332

Разам

726 [1]

17368

Найбольш заводаў маюць Менская i Магілёўская губэрні i ix суседкі - Горадзенская i Biленская. Куды менш маюць іншыя губэрні.

Ворнай зямлі пры заводах было каля 440 тыс. дзесяцінаў, з каторых каля 55 тыс. засаджаныя бульбай.

У 1911 г. Беларусь пераганяла на шпірт 2 622 тыс. пудоў збожжа, у т. ліку 284 тыс. пудоў жыта, 200 тыс. пудоў кукурузы. Акрамя таго, бульбы 40 480 тыс. пудоў i патакі 22,7 тыс. пудоў. Калі ўсё перавесьці на збожжа, то акажацца, што перагнана на шпірт каля 15,5 млн. пудоў збожжа [2]. Па меры разьвіцьця выганкі шпірту зьменшылася выкарыстаньне збожжа на карысьць бульбы.

У 1910-1911 гг. Беларусь выгнала 40%-най водкі больш 17,3 млн. вёдзер (Царства Польскае пры 499 заводах - 15,8 млн. вёдзер) - гэты лік складаў каля 13% выгнанай водкі ўсёй Расейскай імпэрыі [3]. Найбольш выгнала Меншчына, потым - Магілёўшчына, Горадзеншчына, Віленшчына, Смаленшчына i іншыя.

Акрамя шпіртагонных было каля 40 крухмальных i патачных заводаў, трэцяя частка якіх выпадала на Меншчыну, другая - на Горадзеншчыну, рэштка - на іншыя губэрні. Абарот гэтых заводаў складаў амаль 1 млн. руб. пры больш як 500 работніках.

Піваварных заводаў на Беларусі ў 1911 г. было 85.

Губэрня

Лік заводаў

Выварка піва ў мільёнах вёдраў

Горадзенская

31

1,4

Менская

15

0,5

Віленская

14

3,5

Віцебская

14

1,0

Смаленская

6

0,5

Магілёўская

5

0,7

Разам

85

7,6

Зварана піва каля 7,6 млн. вёдраў, што складала 9% вы­варю ўсёй Расейскай імпэрыі. Абароту было на суму каля 7 млн. руб. Лік работнікаў - 13 400. Найбольшыя заводы - Шопэна i Ліпскага ў Вільні.

Млыны. Усіх млыноў (ветракоў, вадзяных i паравых) перад вайной было на Беларусі 9-11 тыс. Яны перамолвалі збожжа на суму ня менш як 15 млн. руб. Вялікіх i доб­ра аснашчаных было каля 160: найбольш - у Меншчыне (42), пасьля - у Горадзеншчыне (29), Віцебшчыне (24), Віленшчыне (17) i г.д.

Маслабойных заводаў было каля 40-50, найбольш - на Віленшчыне.

Акрамя пералічаных фабрык i заводаў былі на Беларусі яшчэ фабрыкі цукерак i шакаладу (каля 8-10), некалькі воцатавых заводаў, фруктова-кансэрвавых, шмат заводаў сэльтэрскай вады i наагул лёгкіх напояў, саладовыя, мёдаварныя, па стэрылізацыі малака. Было шмат булачных, хлебных i кандытарскіх пякарняў, каўбасных - з экспер­там у Петраград i Маскву, дзе беларускія каўбасныя прадукты насілі назву «Літоўскіх».

II. Апрацоўка валакністых прадуктаў

Згуртаваная вакол 3 цэнтраў - Беластоку, Клінцоў (Сураскага павету Чарнігаўскай губэрні) i Ярцава (Духаўшчынскага павету). Першае месца належыць Горадзеншчыне, галоўным чынам - Беластоку з паветам.

У 1908 г. на Горадзеншчыне была 191 фабрыка прадзеньня воўны, ткацтва сукна i драпу зь лікам работнікаў 7,5 тыс. (выраблялі на суму каля 10 млн. руб). Больш за палову гэтага прыпадала на Беласток з паветам. Найгалоўныя беластоцкія фабрыкі - гэта фабрыка Моэса зь лікам работнікаў да 1 тыс. чал. i абаротам да 2 млн. руб. Беластоцкія фабрыкі вырабляюць найбольш танныя гатункі сук­на, якое ідзе пераважна на тандэтнае адзеньне.

За Беластокам ідуць Клінцы Сураскага павету, дзе ёсьць вялікія фабрыкі i вырабляецца галоўным чынам сукно. Кошт вырабленага - да 3,5 млн. руб. пры 4 зь лішкам тыс. работнікаў.

Ярцаўская мануфактура ёсьць цэнтрам усяго ткацтва Духаўшчынскага павету. Фабрыка прадзе бавоўну i танны паркаль. Кошт вытворчасьці - 3 зь лішкам млн. руб. пры 4 тыс. работнікаў.

Ёсьць яшчэ ў Пінскім павеце ў мястэчку Парэчча фабрыка сукна Скірмунта, якая вырабляла добрыя гатункі сук­на ў год на 180 млн. руб.

Акрамя фабрык сукна i бавоўны, існуе каля 25 фаб­рык па апрацоўцы лёну. Бальшыня ix - у Магілёўскай губэрні. Самая значная там фабрыка Этрыха ў вёсцы Высачаны Аршанскага павету, якая пры 500 работніках вырабляе на 0,5 млн. руб. Найбольшая такая фабрыка на Беларусі - «Дзьвіна», у вёсцы Маркаўшчына Віцебскага павету, дзе 1200 работнікаў даюць абароту да 2 млн. руб.

Ёсьць каля 15 прадпрыемстваў па апрацоўцы бавоўны i шоўку. Самыя галоўныя зь ix - Дняпроўская паператкацкая мануфактура ў мястэчку Дуброўна Горацкага павету Магілёўскай губэрні пры 600 работніках (абарот - да 0,5 млн. руб.).

Панчохі i трыко вяжуцца па ўсім краі, але найперш у Вільні (другое месца пасьля Лодзі). Фабрычных работнікаў больш за 500 i да 1200 працавала (1909 г.) на панчошных машынах у сябе дома. Вяжацца панчохаў на 2 зь лішкам млн. руб. У Новай Вілейцы на фабрыцы вышываньня Мозэра 800 работнікаў давала 800 тыс. руб. абароту.

Канатная прамысловасьць разьвіта па ўсім краі, але ў невялікіх памерах i носіць характар хатняй (кустарнай) вытворчасьці. Вяжуць канаты, вяроўкі, шнуркі, шпагат i некаI торыя вырабы з ix. Гэтая прамысловасьць абслугоўвала пераважна мясцовы рынак, нягледзячы на вялікі аб'ём лёну i пянькі, якія вывозіліся сырымі за межы Беларусі.

Варта адзначыць вялікі лік швейных майстэрняў, якія шыюць тандэт нават для экспарту на ўсход.

III. Табачныя [тытунёвыя.- А.В.] прадпрыемства

Ра­зам з фабрыкамі тытунёвых вырабаў было на Беларусі ў 1910 г. да 82 з коштам вытворчасьці 13 зь лішнім млн. i 2,5 тыс. работнікаў.

Горадзеншчына вырабляла тытунёвай прадукцыі на суму да 10 зь лішнім млн. руб. пры 1 тыс. работнікаў. Наиболь­шая фабрыка тытуню - Шарашэўскага ў Горадні, якая выпускала розныя гатункі i мела абарот да 5 млн. руб. пры 1 тыс. работнікаў. Былі значныя фабрыкі ў Пінску, Віцебску i на Чарнігаўшчыне. Тытунь-сырэц быў прывазны. За апошні час толькі зьявіліся ў нас плянтацыі краёвага тытуню, але культура яшча слабая. Менавіта таму фабрыкі на адным мясцовым сырцы працаваць не змаглі.

Акрамя фабрык табакі, было шмат папяросанабіўных прадпрыемстваў.

IV. Апрацоўка прадуктаў жывёлы

Гэта адна з важнейшыХ галін прамысловасьці на Бел ару ci. Усяго прадпрыемстваў да 1 тыс. (вытворчасьць на 8 млн. руб. i да 7 тыс. работнікаў). Ёсьць да 200 значных гарбарняў. Горадзеншчына мае да 50 (Крынкі, Заблудава, Скідзель) пры 1200 работніках. Каля 50 прадпрыемстваў на Віленшчыне (Вільня- 15 пры 1 тыс. работнікаў, Смаргонь - 25 пры 500 работніках). Некалькі маецца ў Дзьвінску, Магілёве i інш. Нашыя гарбарні працуюць як на сваім сырцы, так i прывазным. Сырую скуру прывозяць з усходняе Расеі, Каўказу, Сібіры. Вырабленую скуру ўсіх гатункаў экспартавалі ў Расею.

Беларускія гарбарні - гата найчасьцей невялічкія заво­ды з малым лікам работнікаў i слабым тэхнічным абсталяваньнем, таму ім цяжка канкураваць з загранічнымі вырабамі.

Фабрыкі абутку ёсьць на Беларусі (Стокліскага ў Вільні), але абутак робіцца пераважна рамесьніцкім спосабам. Вырабленае ішло пераважна на мясцовы рынак i экспартавалася ў Расею мала. Цікава, што беларускі абутак у Расеі часта называўся «варшаўскім».

Шчацінная прамысловасьць таксама іграе пэўную ролю (Дзьвінск, Невель, Краслаўка). Шмат прадпрыемстваў па вырабу шчотак, пэндзляў. Мылаварні раскіданыя па ўсім краі. Аднак самыя галоўныя - у Менску i на Меншчыне. Таксама ёсьць заводы стэарынавых сьвечак.

V. Мэханічная апрацоўка дрэва

Прадстаўлена ў 1910 г. 400 прадпрыемствамі з вытворчасьцю на 6 зь лішнім млн. руб. i лікам работнікаў да 5,5 тыс. чал. Найбольш лесапілак у лясістай Меншчыне. 3 250 у краі на Меншчыну прыходзіцца больш за 70, на Магілёўшчыну - да 40 зь лішнім лесапілак. Акрамя заводаў, якія займаюцца толькі апрацоўкай дрэва, ёсьць шмат тартакоў-млыноў, дзе ўтылізуюцца пілавіньне i абрэзкі, каб мець танны апал для млына.

Яшчэ ёсьць некалькі фабрык гнутай мэблі (у Вільні - Гіленса, Шыфэля), некалькі фабрык коркаў (Мураванка Слуцкага павету, 135 работнікаў). Шмат маецца прадпрыемстваў такарных i інш., але яны нязначныя.

VI. Паперняў

На Беларуci - да 10, з каторых 5 на Віленшчыне. Добрушская паперня пры 1 тыс. работнікаў дае абароту да 2 млн. руб. Смаляніцкая «скіна» ў Лепельскім павеце пры 400 работніках дае абароту да 1 млн. руб. Маецца да 30-35 гільзавых фабрык, з каторых найгалоўныя - у Берасьці. Трохі больш фабрык па вырабу з кар­тону. Яшчэ ёсьць тыпаграфіі, літатыпаграфіі - больш за 100.

VII. Мінэральныя i керамічныя прадпрыемствы

Бела­русь налічвае да 1 тыс. зь лікам работнікаў да 10 тыс. чалавек i абаротам 5,5 млн. руб.

Цагельні раўнамерна раскіданы па ўсёй Беларусі. Сярод ix вялікіх - да 120. Некаторыя маюць 100 i больш работнікаў.

Вапнавыя заводы знаходзяцца ў Вільні i ваколіцах, цэмэнтныя - на Горадзеншчыне i Магілёўшчыне.

Ганчарныя i фабрыкі кафлі разьмяшчаюцца пераважна на Магілёўшчыне.

Шкляная прамысловасьць разьвіта галоўным чынам у Менскай губэрні - больш за 10 заводаў зь лікам работнікаў у 3,5 тыс. чалавек i абаротам да 3 млн. руб. у год. Самыя буйныя - пры ст. Неман Лідзкага павету (550 работнікаў), у мястэчку Целяханы Пінскага павету - 2 заво­ды з 350 i 300 работнікамі i агульным гадавым абаротам да 2 млн. руб.

Астатнія прадпрыемствы - нязначныя, яны абслугоўваюць толькі свае раёны.

VIII. Хімічная прамысловасьць

Налічвала ў 1910 г. да 112 прадпрыемстваў з абаротам 3,7 млн. руб. i 4,5 тыс. работнікаў. Першае месца ў гэтай прамысловасьці займаюць фабрыкі серчыкаў (запалак) - 12, з каторых 6 - у Менскай губэрні, зь лікам працуючых да 3 тыс. чалавек i абаротам да 3,5 млн. руб. Самыя вялікія прадпрыемствы - гэта «Вікторыя» ў Барысаве (да 650 работнікаў), «Мол­ния» ў Мазыры (да 600 работнікаў), «Прагрэс» у Пінску (да 600 работнікаў), «Дзьвіна» ў Дзьвінску (да 500 работнікаў), «Вэзувій» у Гомлі (да 400 работнікаў).

Працуюць фабрыкі колавай мазі, анілінавых фарбаў, прадпрыемствы па сухой перагонцы дрэва (смалакурні, шкіпінарні), найбольшае зь якіх - «Шэрынг» у мястэчку Выдрыца Аршанскага павету [самы буйны завод у Расейскай імпэрыі.- А.В.].

Нягледзячы на слабое разьвіцьцё, хімічная прамысло­васьць i асобныя яе галіны маюць у нашым краі будучыню, дзякуючы вялікай колькасьці сырцу.

IV. Апрацоўка мэталаў

Разьвіта слаба. Гэтая галіна прамысловасьці налічвае да 89 прадпрыемстваў зь лікам работнікаў каля 3 тыс. i абаротам каля 3 млн. руб. Сярод ix буйнейшыя - гэта фабрыка іголак Ліксна ў Дзьвінскім павеце зьлікам працуючых да 500 чал., машынабудаўнічы завод Вячэрака ў Беластоку з 400 работнікамі, фабры­ка косаў Посэля ў Новай Вілейцы з 300 работнікамі i некалькі фабрык напільнікаў. На Віцебшчыне вырабляюць плугі, пад Воршаю - цьвікі. Астатнія прадпрыемствы - гэта пераважна майстэрні па рамонце сельскагаспадарчых прыладаў працы i інш.

У буйных чыгуначных цэнтрах ёсьць i чыгуначныя рамонтныя майстэрні, якія даюць многім працу.

* * *

Хатнія вырабы існуюць па ўсёй Беларуci, але значнай вагі ў прамысловасьці краю ня маюць i забясьпечваюць найперш мясцовыя патрэбы.

Дыпляматычны пашпарт Дзяржаўнага сакратара БНР К.Дуж-Душэўскага. (БДАМЛіМ.).

Найбольш разьвіта ткацтва. Ткуць сукно для адзеньня, палатно, ручнікі, сурвэткі, паясы. Гэтым займаюцца пераважна зімой кабеты, бо тады няма ў полі работы.

Ганчарства i наагул гліняныя вырабы - гэта другі распаўсюджаны хатні промысел. У Івянцы (Менскі павет) вырабляюць кафлю. Цэглу робяць па ўсёй Беларусі i асабліва ў Лепельскім павеце. Посудам займаюцца найбольш на Ашмяншчыне (Крэва), Дзісьне, Лепельшчыне (Чашнікі), Барысаўшчыне (Чарняўка), Піншчыне i інш.

Выраб колаў распаўсюджаны на Ігуменшчыне, Лідчыне, у Аршанскім, Чавускім i інш. паветах. Бондарства пашырана паўсюдна. Красенскі павет вырабляе драўляныя лыжкі i точаны посуд. Бабруйшчына (Глуск, Любань) славіцца драўлянай мэбляй.

У Ракаве Менскага павету вырабляюць драўляныя арфы i малатарні. На Магілёўшчыне (Клімавічы, Чавусы) пашырана вытворчасьць рэшатаў i бёрдаў.

Усюды распаўсюджаныя пляценьне з лазы i выраб кошыкаў, гарбарства, валеньне лямцаў i шапак, кравецтва, шавецтва i інш.

У Сеньненскім i Аршанскім паветах вырабляюць жорны.

Высновы

З гэтага кароткага агляду відаць, што прамысловасьць на Беларусі разьвіта слаба i раскідана па ўсім краі. Буйных фабрык i заводаў зь вялікім лікам работнікаў няма зусім. Уся прамысловасьць абапіраецца на невялікія фабрыкі, часта большыя майстэрні, якія абслугоўваюць патрэбы толькі свайго раёна. Аднак шпіртагонная вытворчасьць выходзіць за рамкі ўласных патрэбаў i ёсьць значным фактарам у экспарце Беларусі. У апошні час апрацоўка дрэва пачала павялічваць сваю інтэнсіўнасьць.

Слабая прамысловасьць на Беларусі не зьяўляецца вынікам яе беднасьці ці непрыстасаванасьці да вытворчасьці. Прычыны ў наступным:

Расейскі ўрад імкнуўся ў свой час за кошт ускраінаў умацаваць прамысловасьць у расейскіх цэнтрах - Маекоўскім, Петраградзкім i інш., не дазваляючы разьвівацца цэлай сыстэмай прамысловасьці на ўскраінах, сярод якіх ёсьць i Беларусь.

Акрамя таго, мясцовыя капіталы знаходзіліся ў асноўным у зямельнай буржуазіі, якая не клапацілася аб прамысловасьці, i гарадзкіх купцоў, што ўкладвалі свае капіталы ў гандаль, а не вытворчасьць.

Усё гэта азначае, што Беларусь ня мела клясы фабрыкантаў. Сталася так, што дзяржава сьвядома не спрыяе прамысловасьці, a памешчыкі i купцы ня ўмеюць i ня хочуць брацца за яе. Аднак само жыцьцё i добрыя варункі нарэшце прымусілі зьвярнуць у вагу на прамысловасьць. Мы бачым, што за апошніх пару дзясяткаў гадоў яна моцна пайшла наперад. Так, за час 1893-1903 гг. агульны стан прамысловасьці пасунуўся ўперад на 62%, а некаторыя галіны ўзрасьлі ў 2 зь лішнім (апрацоўка мінэральных рэчываў) i нават у 3 разы (апрацоўка дрэва, хімічная пра­мысловасьць i часткова мэталюргія).

Для прамысловасьці патрэбныя, акрамя капіталаў, 3 фактары: 1) Блізкасьць сырцу; 2) Апал [паліва]; 3) Кадры кваліфікаваных работнікаў. Усе гэтыя фактары на Беларусі існуюць, а значыць, для разьвіцьця прамысловасьці падставы ёсьць. Справа толькі за ініцыятарамі i капіталамі.

Можна спадзявацца, што прамысловасьць будзе разьвівацца ў такіх напрамках: 1) Апрацоўка дрэва; 2) Хімічная прамысловасьць; 3) Мінэральная; 4) Папяровая i 5) некаторыя віды мэталюргічнай прамысловасьці, якія патрабуюць мала руды i чыгуну, але добрага апалу i апрацоўкі - машын, інструмэнтаў, высокіх гатункаў сталі (электралітычнай, інструмэнтальнай, сталі-самаколкі).

Пасьляслоўе

Часопіс «Спадчына» раней зьвяртаўся да творчай спадчыны беларускага палітычнага дзеяча Кляўдуша Дуж-Душэўскага. Але ў сховішчах архіваў застаюцца ненадрукаванымі яшчэ шмат ацалелых працаў ягонага аўтарства. Сярод ix - прыведзены вышэй аглядны артыкул пра гаспадарчае разьвіцьцё Беларусi напярэдадні Першай сусьветнай вайны, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры i мастацтва (ф. 3, воп. 1, спр. 242, арк. 4-15). Гэтая справа, пазначаная пячаткаю Беларускага музэю імя І.Луцкевіча ў Вільні, утрымлівае ў дадатак да згаданага артыкулу больш за 8 дзясяткаў статыстычных матэрыялаў. З пазыцыяў сучаснага ўзроўню гісторыі эканамічнай думкі Беларусі прапанаваны матэрыял Кляўдуша Дуж-Душэўскага можа падацца занадта павярхоўным. Але трэба ўлічыць, што, магчыма, аўтар пачаў сур'ёзна цікавіцца эканамічным жыцьцём беларускіх губэрняў падчас вучобы ў Пецярбурскім горным інстытуце ў 1912-1918 гг. Менавіта гэты інтарэс студэнта j быў выкладзены пісьмова. Трэба мер­кавaць, што артыкул быў дапрацаваны ў 1920-я г. Безумоўна, ён саступае ў грунтоўнасьці й глыбіні дасьледаваньня тагачасным апублікаваным працам Г.Гарэцкага, М.Доўнар-Запольскага, гісторыкаў Інстытуту беларускай культуры i пазьнейшым працам беларускай савецкай i сучаснай гістарыяграфіі (З.Абезгаўз, Л.Ліпінскі, К.Шабуня, М.Біч, Х.Бейлькін i інш.). Але нельга адмовіць гэтай сьціплай, але арыгінальнай публікацыі ў трапнасьці аналізу. Высновы зробленыя на падставе зьвестак шматлікіх статыстычных выданьняў дарэвалюцыйнага часу. Хоць там ня выдзеленыя асобна беларускія губэрні i паветы, але якраз ix вылучае малады дасьледнік.

Свае накіды Кляўдуш Дуж-Душэўскі выкарыстаў у апублікаваным артыкуле «Даваенны бюджэт Беларусі» (Крывіч, 1923, № 2). Прааналізаваўшы статыстыку, ён прыйшоў да высновы, што бюджэт Беларусі i Літвы быў бездэфіцытны, значная астача ішла не на патрэбы краю, а дзеля задавальненьня інтарэсаў каляніяльнай палітыкі расейскага самадзяржаўя. Беларускія землі былі ўцягнутыя ў агульнарасейскі рынак i зьяўляліся часткай гаспадарчага комплексу імпэрыі, але, на думку Кляўдуша Дуж-Душэўскага, гэта ніяк не выключала будучай эканамічнай i фінансавай самастойнасьці Беларусі i Літвы. Як палітык, ён разумеў, што безь дзяржаўнай незалежнасьці зьдзейсьніць гэта было немагчыма: «Пры незалежным існаваньні Беларусь магла б больш лепш выкарыстоўваць фінансы i падняць сваю дзяржаву i народ на вышэйшую ступень культуры i эканамічнай моцы».

У дадатках да публікаванага артыкулу ёсьць вялізныя падборкі дэмаграфічных паказьнікаў - падзел насельніцтва паводле мовы, прафэсіі, адукацыі, яго шчыльнасьць, рух, антрапалягічныя адметнасьці. Прысутнічаюць зьвесткі пра плошчы сельскагаспадарчых культураў, разьвіцьцё асобных галінаў сельскай гаспадаркі - расьлінаводзтва, жывёлагадоўлі, промыслаў. Падрабязна даюцца аб'ёмы гандлёвых апэрацыяў, тавараабароту, руху грузаў празь беларускія i бліжэйшыя да Беларусі чыгуначныя станцыі. Прыведзеныя нават мэтэаралягічныя зьвесткі. Вядома, некаторыя моманты выклікаюць сумнеў. Так, з улікам сярэднегадавога прыросту, па­водле Дуж-Душэўскага, насельніцтва Беларусі павялічылася з 13 млн. чалавек у 1911 г. да 16 млн.- у 1921 г. Пры гэтым праігнараваныя людзкія страты, эвакуацыя на ўсход, вымушаная эміграцыя ў часы ваеннага ліхалецьця i рэвалюцыяў.

Але пры ўсіх недакладнасьцях ці памылках гэтая гара лічбавай інфармацыі служыць адной мэце - паказаць рэальнае становішча гаспадаркі беларускага краю ня толькі ў межах Расейскай імпэрыі, але i ў параўнаньні з эўрапейскімі краінамі, каб умела ўлічыць гэта ў пошуках шляху да заможнага жыцьця. Аднак нельга было спадзявацца на гэта, паку ль беларуская этнічная тэрыторыя i яе эканамічны арганізм у выніку Рыскае дамовы 1921 г. заставаліся разарванымі на часткі.

Падрыхтоўка да друку i пасьляслоўе Аляксандра ВАБІШЧЭВІЧА.



[1] Паводле К.Дуж-Душэўскага, ня ўлічана яшчэ 18 бровараў беларускіх земляў Ковенскай губэрні (Крывіч, 1923, № 1).

[2] Вядро = 20 гарэлачным бутэлькам = 12,299 л., дзесяціна = 1,09 га, пуд = 16,38 кг.

[3] Да «гарэлачнай» тэмы К.Дуж-Душэўскі зьвяртаўся ў сваім артыку­ле «Беларусь i водка» (Крывіч, 1923, № 1). Выкарыстоўваючы дарэвалюцыйную статыстыку, ён выступіў супраць неабгрунтаваных цьверджаньняў, што беларускае сялянства апанавала п'янства. Гэтая сацыяльная загана на Беларусі мела тэндэнцыю да зьмяншэньня. Аналізуючы зьвесткі, аўтар прыйшоў да высновы, што «Беларусь можна назваць краем цьвярозым, хоць вытворчасьць шпірту высока разьвіта». Сапраўды, на 1 жыхара беларускіх губэрняў даводзілася каля 1,4 вядра выганкі сьпірытусу. Аднак, паводле К.Дуж-Душэўскага, прыкладам, кабеты на Беларусі п'юць вельмі мала. Гэта пацьвярджаў i А.Цьвікевіч - «п'янства ня гэтак агідна i ня так шырока разьвіта, як у большасьці вялікарускіх губэрань» (Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». - Мн., 1929. - С. 96). П'ян­ства асуджалася i народным маральным кодэксам беларусаў, лічылася найвялікшым злом.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX