Папярэдняя старонка: Эканамічная гісторыя

Па старонках гiсторыi дваранскiх крэдытна-фiнансавых арганiзацый 


Аўтар: Мельнікаў Ігар,
Дадана: 29-11-2011,
Крыніца: Мельнікаў Ігар. Па старонках гiсторыi дваранскiх крэдытна-фiнансавых арганiзацый // Банкаўскі веснік, лістапад 2011. С. 68–69.



Свой папярэднi артыкул аўтар прысвяцiў асвятленню гiсторыi развiцця i дзейнасцi Мiнскага сельскагаспадарчага таварыства [1]. Безумоўна, мiнскае дваранства было адным з найбольш актыўных на тэрыторыi Паўночна-Заходняга краю Расiйскай Імперыi. Аднак i ў iншых губернях, што ўваходзiлi ў склад гэтай адмiнiстрацыйнай адзiнкi, шляхта таксама праявiла зацiкаўленасць да страхавой i крэдытна-фiнансавай сфер. Цэнтрамi дваранскай эканамiчнай дзейнасцi сталi сельскагаспадарчыя таварыствы [1, с. 151]. Увогуле першае сельскагаспадарчае таварыства на тэрыторыi Беларуска-Лiтоўскага краю з'явiлася ўвесну 1876 г. у Вiцебску.

Царскiя ўлады зацвердзiлi спецыяльны статут гэтай арганiзацыi 28 лiпеня таго ж года. Яе члены павiнны былi плацiць уступны ўзнос 5 рублёў i такую ж суму гадавога ўзносу. Старшыня i члены праўлення выбiралiся на агульным сходзе тайным галасаваннем на некалькi гадоў [2, с. 265]. Першым старшынёй Вiцебскага сельскагаспадарчага таварыства быў А. Свалiнскi, а вiцэ-старшынёй - граф А. Аскерка. Афiцыйным патронам таварыства 1 мая1878 г. стаў вялiкi князь Уладзiмiр Аляксандравiч. У 1880 г. па iнiцыятыве былога вiцебскага губернатара П. Растоўцава таварыства атрымала ад Губернскай управы па сялянскiх пытаннях суму ў 13 тыс. рублёў для арганiзацыi сельскагаспадарчай школы [3].

Названае таварыства ў 1882 г. арганiзоўвае дзве сельскагаспадарчыя выставы: у Дрысе i непасрэдна ў Вiцебску. Галоўнай мэтай гэтых выстаў было знаёмства землеўласнiкаў з новымi гатункамi збожжа i сучаснымi вiдамi мiнеральнага ўгнаення [4]. Разам з гэтым кiраўнiцтва Вiцебскага сельскагаспадарчага таварыства разумела неабходнасць стварэння крэдытна-фiнансавай установы, якая б дапамагла эканамiчнаму развiццю Вiцебскай губернi. У 1879 г. было створана Таварыства ўзаемнага крэдытавання землеўласнiкаў, а ўжо 16 верасня 1880 г. яго статут быў зацверджаны мiнiстрам фiнансаў [5]. Акрамя функцыi крэдытавання таварыства мела права на прыём закладных вэксаляў, а таксама скупкi iншых каштоўных папер. Вiцебскае таварыства ўзаемнага крэдытавання вельмi паспяхова супрацоўнiчала з фiлiялам Дзяржаўнага банка ў Смаленску, з Гандлёвым банкам у Рызе, а таксама са Смаленскiм таварыствам узаемнага крэдытавання [6, с. 1].

Пачатковы капiтал Таварыства ўзаемнага крэдытавання землеўласнiкаў Вiцебскай губернi складаў 11 385 рублёў, але праз тры гады ён ужо перавышаў 91 574 рублi, а колькасць членаў павялiчылася з 93 у 1879 г. да 551 у 1882 г. Пiкам развiцця таварыства лiчыцца 1900 г., час, калi яго статутны фонд складаў 135 000 рублёў, а колькасць членаў - 670 чалавек [7].

Даход таварыства ў 1880 г. складаў 9 тыс. рублёў, у 1882 г. - 20 157 рублёў, у 1889 г. - 15 500, у 1893 г. - 18 000, у 1899 г. i ў 1900 г. - 15 000 рублёў [8,с. 698]. Штогод 5% ад даходу прызначалася на стварэнне агранамiчнай школы. Першым старшынёй праўлення таварыства быў Х. Абранпальскi, а яго намеснiкам - М. Пачобут. У 1903 г. старшынёй праўлення гэтай крэдытна-фiнансавай установы стаў М. Рык [2, с. 269]. Яшчэ адным праектам вiцебскiх землеўласнiкаў была iдэя стварэння Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання. Ужо быў распрацаваны статут гэтай арганiзацыi, нават пачалiся тэхнiчныя работы. Аднак у 1885 г. царская адмiнiстрацыя забаранiла яе стварэнне, абгрунтоўваючы сваё рашэнне тым, што ў рэгiёне ўжо дзейнiчае сялянскае таварыства ўзаемнага cтрахавання.

Землеўласнiкi пiсалi лiсты да царскiх чыноўнiкаў, у якiх спрабавалi абгрунтаваць неабходнасць стварэння менавiта шляхецкай арганiзацыi. У адным з такiх лiстоў увага звярталася на тое, што ў Сялянскiм таварыстве страхавыя стаўкi вельмi нiзкiя, а зроблена гэта было спецыяльна для сялян. Такiя ўмовы страхавання не падыходзiлi буйным шляхецкiм гаспадаркам [9]. Аднак гэтыя аргументы не былi пачуты, i Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання ў Вiцебскай губернi так i не стварылi.

Ідэя заснаваць крэдытна-фiнансавую ўстанову была i ў кiраўнiцтва Вiленскага cельскагаспадарчага таварыства. Гэтая арганiзацыя была створана ў 1884 г., а першым на пасаду старшынi праўлення прызначылi графа Яна Тышкевiча. У вераснi 1885 г. таварыства арганiзавала першую выставу коней, кароў i авечак. У ёй узялi ўдзел землеўласнiкi з Вiленскай, Ковенскай, Гродзенскай i Мiнскай губерняў [10].

Трэба ўлiчваць тое, што кiраўнiцтва Вiленскага банка (І. Мантвiл) ад самага пачатку стварэння Вiленскага сельскагаспадарчага таварыства спрабавла падпарадкаваць названую арганiзацыю да свайго банка. Гэтаму супрацьстаяў адзiн з дзеячаў cельскагаспадарчага таварыства Іпалiт Корвiн-Мiлеўскi, у якога былi свае рахункi з крэдытнай установай. Яшчэ на пачатку 1880-х гг. старэйшы брат Іпалiта Корвiн-Мiлеўскага Ігнацiй абвiнавацiў Вiленскi банк у дзейнасцi, якая наносiць шкоду акцыянерам. У Кракаве iм быў выдадзены iнфармацыйны буклет "Адкрыты лiст да акцыянераў Вiленскага земскага банка", у якiм беларускi дваранiн дамагаўся павелiчэння дывiдэндаў акцыянерам банка за кошт заробкаў кiраўнiцтва крэдытнай установы [11]. У сваю чаргу, Іпалiт Корвiн-Мiлеўскi таксама выступаў за павелiчэнне сумы дывiдэндаў. Ён фiнансаваў газету "Северо-Западное слово" i "замаўляў" яе рэдактару артыкулы, накiраваныя супраць Вiленскага банка [12, с. 139].

У 1902 г. Іпалiт Корвiн-Мiлеўскi распачынае новую фазу "вайны" з банкам. Ён выступае з iдэяй стварэння Таварыства ўзаемнага крэдыту для землеўласнiкаў у структуры Вiленскага сельскагаспадарчага таварыства i падсправаздачнасцi яму [13, с. 6]. Калi б гэта iдэя атрымала развiццё, быў бы створаны неблагi канкурэнт для крэдытна-фiнансавага манапалiста ў губернi, якiм быў Вiленскi банк. Аднак падначаленыя І. Мантвiла паспрыялi таму, каб i гэта iдэя І. Мiлеўскага не атрымала падтрымкi. Праз два гады І. Корвiн-Мiлеўскi арганiзоўвае Саюз банкаўскiх даўжнiкоў. У сваiх тагачасных публiкацыях ён абвiнавачваў Вiленскi банк у падтрымцы русiфiкацыi Паўночна-Заходняга краю [14, с. 147]. Дарэчы, дапамагчы даўжнiкам Вiленскага банка спрабавала Мiнскае сельскагаспадарчае таварыства. Дзейнасць, накiраваная на рэструктурызацыю запазычанасцi землеўласнiкаў, ажыццяўлялася ў 1893 г., 1898 г. i 1902 г.

На пачатку ХХ ст. назiраецца развiццё ашчадных кас, якiя стваралiся пры сельскагаспадарчых таварыствах. У Вiленскай губернi ў 1901 г. працавала 9 такiх кас, у Гродзенскай - 5, Мiнскай - 16, Вiцебскай - 8, у Ковенскай, якая таксама ўваходзiла ў склад Паўночна-Заходняга краю Расiйскай Імперыi, было 33 ашчадныя касы. Агульная сума ўкладаў у кассах усiх пяцi беларуска-лiтоўскiх губерняў складала 3 млн. 659 тыс. рублёў [15]. Асноўнай мэтай ашчадных кас было стварэнне ўмоў дзеля зблiжэння землеўласнiкаў i нiжэйшых слаёў насельнiцтва: дробнай шляхты i сялянства. Гэтую функцыю з поспехам выконвалi, напрыклад, ашчадныя кассы ў Клецку i Парэччы.

Такiм чынам, можна ўпэўнена казаць пра тое, што дзейнасць беларускiх землеўласнiкаў Паўночна-Заходняга краю Расiйскай Імперыi спрыяла развiццю эканомiкi не толькi заходняга краю, але i ўсёй iмперыi Раманавых. Крэдытна-фiнансавыя i страхавыя арганiзацыi, створаныя беларускiмi дваранамi, з аднаго боку, былi праявай асноўнага пастулату лiтоўскага пазiтывiзму, а менавiта "арганiчнай працай ад пачаткаў", а з iншага - фармiравалi ўмовы для больш хуткага пераходу эканомiкi Расiйскай Імперыi ад феадалiзму да капiталiзму.


Лiтаратура:

1. Мельнiкаў, І. "Польскае" пытанне ў палiтыцы царскiх улад пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. / І. Мельнiкаў //Проблемы экономики и управления : сб. науч. cт. по материалам науч.-практ. конф. студентов и преподавателей, Минск, 28-29 апр. 2003 г. / Част. ин-т упр. и предпринимательства; под общ. ред. А.Е. Михневича. - Минск, 2003. - С. 151.

2. Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Połnocno-Wschodnich 1864-1904: działalność społeczno-gospodarcza /R. Jurkowski. - Warszawa: Przegląd Wsch., 2001. - 603 s.

3. Mienicki, W. Walne zebranie Witebskiego Tow. Rolniczego// Kraj. - №11. - 11(23).03.1884.

4. Rusticus, J.W. Stowarzyszenie ziemian witebskich //Kurier Warszawski. - №220. - 15 (27).07.1883.

5. Mienicki, W. Towarzystwo Wzajemnego Kredytu Ziemian Gubernii Witebskiej //Kraj. - №15. - 13(25). 04.1890.

6. Отчет о действиях Общества взаимного кредита землевладельцев Витебской губернии за 1893 год. - Витебск, 1894. - С. 39.

7. Z Witebska //Kraj. - №18. - 05(18).05.1900.

8. Jurkowski, R. Praca organiczna, czy tylko trwanie? Przyczynek do dziejów towarzystw rolniczych i organizacji gospodarczo-społecznych ziemiaństwa polskiego na kresach Północno-Wschodnich w latach 1876-1904 /R. Jurkowski //Przegląd Wsch. - 2000. - R. 6, z. 4. - S. 693-737.

9. Z Witebska //Kraj. - №26. - 30.06 (12.07). 1894.

10. Z Wilna //Kraj. - №40. - 6(18).10.1885.

11. Wilczyński, S. Korespondencja z Wilna //Kraj.- № 14. - 6(18).04.1886.

12. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień 1855-1925/ H. Кorwin-Milewski.- Poznań, 1930. - 350 s.

13. Журнал общего собрания членов Виленского общества сельского хозяйства. - Вильно, 1903 г. - С. 53.

14. Szwarc, A., Wieczorkiewicz, P. Bracia Korwin-Milewscy - patrioci czy apostaci //Francja - Polska XVIII - XIX w. Studia poświęcone Profesorowi Andrzejowi Zahorskiemu w sześćdziesiątą rocznicę urodzin. - Warszawa, 1987. - С. 142-162.

15. Towarzyswo pozyczkowo-oszczędnościowe na Litwie //Kraj. -№40. - 3(16).10.1903.


[1] Банкаўскi веснiк. 2011. № 16.


Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX