Папярэдняя старонка: Эпiсталяцыя Сьвятога Язафата

Лявон Крэўза. Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй 


Дадана: 14-03-2012,
Крыніца: Эпiсталяцыя Сьвятога Язафата. Полацак, 2006.

Спампаваць




Лявон Крэўза 1)

" Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй " (Eccl.7) 2)

Ізрайлеўскі цар Салямон, Богам абдораны мудрасьцю, у якой яму не было роўні, калі назіраў за ўсімі створанымі рэчамі, як за тымі, што ў небе й на зямлі, гэтак і што ў вадзе, у паветры і ў агню паднябесным знаходзяцца, убачыў, што створаныя яны й упарадкаваныя мудра й разумна паводле памеру, колькасьці й вагі. Але калі зразумеў, што падлягаюць разнастайным зьменам дзеля уцехаў назіраньня й разважаньня людзям паспалітым, якія карыстаюць з раскошаў гэтага сьвету, у якіх ён сам (як сам пра сябе сьведчыць) амаль патанаў, зьмяніўся і кажа гэтак пра сябе: "Чаго толькі не пажадалі вочы мае не забараняў ім, і не адмаўляў сэрцу майму, каб усялякіх раскошаў магло ўжываць 3) . Прыдбаў сабе сьпевакоў і сьпявачак і раскошаў сыноў чалавечых" 4) (бо меў семсот жонак, як царыцаў, і трыста наложніц (3Reg.11 w.2) 5) , і багацьце ягонае перавышала багацьці ўсіх цароў (3Reg.10 w.22) 6) , якія былі да яго ў Ерусаліме, бо было гэтак шмат золата, як каменьня, а срэбра за ягоным часам уважалася за нішто) 7) , набудаваў сабе дамоў і насадзіў вінаграднікаў, нарабіў палісадаў і садоў, насадзіў у іх дрэваў розных, і набудаваў сабе сажалак, каб вільгаць была для лясоў, у якіх дрэвы ўзрасталі (Eccl.2 w.4,5,6) 8) . Набыў сабе слугаў і служанак і меў гэтаксама статкі й атары, большыя за ўсе, што да мяне былі ў Ерусаліме 9) . Багацьце было такім, што ўсе зямныя ўладары прагнулі бачыць аблічча Салямона і яму даніну аддавалі, і служылі праз усе дні жыцьця ягонага 10) . Распавёўшы пра ўсё гэта і пра падобныя рэчы, што пад сонцам зьдзяйсьняюцца, "убачыў я, што ўсё ёсьць марнасьцю і прыгнётам духу". І таму (даслоўна): "Абрыдла мне жыцьцё маё, бо ўсё дрэнна пад сонцам 11) . Калі паглядзеў на ўсе справы, якіх нарабілі рукі мае, і на стараньні, у якіх дарэмна змок, убачыў ва ўсім марнасьць і пакуты розуму" 12) . Нарэшце зьвярнуў увагу на занятак паганскіх філязофаў, у якім яны бачылі шчасьце людзкое: гэта глыбокія навукі і досьледы патаемных рэчаў усяго сьвету, і кажа, што гэты занятак ёсьць найгоршым, які даў Бог сынам чалавечым 13) , каб тым займаліся, бо (даслоўна): "Асягнуў сэрцам маім, што спазнаў мудрасьць і майстэрства, прыпавесьць і хітрасьць, памылкі і глупства, і даведаўся, што ў іх ёсьць цяжар і прыгнёт духу. Таму, што ад вялікае мудрасьці вялікія турботы, і хто набывае майстэрства, набывае і тугі 14) , і зразумеў, што няма нічога лепш, чым радавацца і рабіць дабро ў жыцьці сваім. Нібы прамовіў: "Няма нічога лепшага за чалавека справядлівага, які замілаваны і бавіцца жыцьцём пабожным і добрымі ўчынкамі, што вядуць да жыцьця вечнага" 15) . Таму, што (кажа) "хто захоўвае прыказаньні, ня зьведае зла (Prov.10) 16) , і наагул праца справядлівага дзеля жыцьця і блаславеньне Госпада над галавой ягонай, таго багатым робіць, і туга ня прыйдзе да сэрца ягонага". Таму гэтыя кнігі свае мудрасьцю і кароткім навучаньнем сканчаючы, кажа, канца прамовы супольна ўсе слухаем: "Бойся Бога і захоўвай прыказаньні Ягоныя, бо ў гэтым увесь чалавек" 17) . Нібы казаў: "Усе заняткі людзкія марныя, акрамя таго ад якога залежыць справядлівы суд кожнага, у чым удасканальвацца і чым займацца ўсе павінны", разумей, у страху Божым і ў захаваньні прыказаньня Ягонага. Ведаў бо, што справядлівы, як "тое дрэва пасаджанае ля вытоку ракі, што ў свой час дае плён і лісьце ягонае не асыплецца" (Psal.1) 18) , альбо як пальмавае дрэва (Psal.91) 19) , якое не ў каранях у зямлі, але на вершаліне сваёй ля неба моц і сілу сваю трымае, а ўсялякім перашкодам і цяжкасьцям супраціўнічае, плады заўсёды зялёныя й даўгагадовыя штогод на сабе носіць 20) , і таму кажа: "Справядлівы на векі не аслабне, а бязбож-ніку і на зямлі месца ня будзе" 21) . Але прыгледзеўшыся зь іншага боку, убачым, як на справядлівага грэшныя людзі вялікую сетку ставяць, з дапамогай якой яго хочуць злавіць, і на яго нібы на злачынцу ўзбураюцца, ладзяць сходкі й рады, кажучы: "Закінем [сеткі] на справядлівага, бо ён для нас некарысны ды з учынкамі нашымі нязгодны і паказвае нашыя грахі супраць закону, і выкрывае грахі жыцьця нашага, і г.д., засудзім яго на сьмерць самую ганебную і г.д." 22) На тое тады гледзячы ды ня маючы, што далей казаць, нарэшце прамовіў: "Усё бачыў за дні марнасьці маёй і амаль падмануўся". Што ж тады такога бачыў, мудры Салямоне, распавядзі нам? А вось што (даслоўна): "Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй".

Справядліва і нам сёньня зьдзівіцца разам з мудрым Салямонам, бо што ён у часе жыцьця свайго, тое мы ў нашым на ўласныя вочы бачым, гледзячы на такое бязьлітаснае і ў гэтай дзяржаве нечуванае гэтага сьвятога й нявіннага чалавека забойства. Трэба тады нам зразумець, што гэты сьвяты чалавек быў ня толькі справядлівым, але і ў справядлівасьці сваёй, што азначае за саму справядлівасьць ад людзей злосных сэрцам і душой неабрэзаных, сьмерць надзвычай ганебную прыняў. Дзеля чаго вас, справядлівы Салямоне і між сьвятых сваіх слаўны мудрасьці спрадвечнай Збавіцелю наш, аб дапамозе, а вас найлюбыя хрысьціяны аб ласкавым і нетужлівым слуханьні прашу.

Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй

Частка першая

З прычыны таго, што справядлівасьць бывае праз удзел існа-сьці Боскай і найсьветлае славы Ягонай, не магу лепш і выразьней паказаць справядлівасьць гэтага хвалебнага мужа, як толькі праз падабенства да хвалы Гасподняй, якую бачыў прарок Эзэхіль над ракою Хабар (Ezechiel 1 w.1 ) 23) : "Расчыніліся нябёсы (даслоўна) і ўбачыў выяву Божую і г.д.", "І вось паветраны віхор прыйшоў з поўначы і воблака вялікае, і агонь, што круціўся, і сьвятлыня ля яго (Ezechiel 1 w.4) 24) , а ў сярэдзіне яго нібы кшталту медзі, то бок у сярэдзіне агню, а ў сярэдзіне таго падабенствы чатырох зьвяроў, і гэтыя абліччы іх, падобныя да чалавечага... Чатыры абліччы ў кожнага зь іх: абліччы чалавека, ільва, вала і арла, і калі глядзеў на зьвяроў зьявілася па аднаму колу на зямлі ля зьвяроў, што мелі чатыры абліччы, і адно падабенства ва ўсіх чатырох, і выгляд іх і будова, нібы кола ў сярэдзіне кола і г.д. ... 25) Над галовамі зьвяроў падабенства купалу выглядам нібы крышталю страшнага і г.д. ... (Ezechiel 1 w.22) 26) А над купалам, што вісеў над іхнымі галовамі выглядам нібы з камяня шафіра падабенства пасаду, на якім была нібы асоба чалавека (Ezechiel 1 w.26) 27) , і ўнутры яго і вакол нібы кшталту бліскучага агню... нібы выява вясёлкі, што бывае на воблаку ў дажджысты дзень" 28) . Гэта значыць падабенства хвалы Гасподняй. І я на гэтым гаротным і неспакойным сьвеце бачу нібы на рацэ Хабар. Неба расчыненае над кожным справядлівым, а канкрэтна над тым, які добрымі ўчынкамі, што ніжэй будзе паказана, пацьвердзіў пакліканьне сваё да нябеснага Ерусаліму. І бачу, што з поўначы, дзе пракляты люцыпар сталіцу хацеў закласьці і самому падобным быць да Найвышэйшага 29) , віхурысты вецер злосьці ягонай, якая спра-вядлівых Божых, нібы леў, што шнырае, перамагчы й зжэрці намагаецца 30) , узбураецца нібы хмара, што цемраю бязьвер'я засьлепленая ды агнём адшчапенства без разумнае палкасьці рас-паленая, на чалавека справядлівага, які чысты нібы медзь, ня маючы ў сабе ніякага іншага драбка горшага дамешку, акрамя душы, што зьзяе золатам любові Божай, ды цела, срэбрам чысьціні аздоб-ленага; злоснымі за дапушчэньнем Госпада бывае катаваны гэтак, як сам Госпад праз свайго прарока кажа: "Паліць іх буду, як паляць срэбра, і выпрабоўваць, як выпрабоўваюць золата" (Zach.13 w.9) 31) . Калі ж золата й срэбра (з руды якіх атрымліваецца чыстая медь) агнём ачышчаюцца, гэтак людзі прыемныя Богу агнём цярпеньня.

Палачаны бунтуюць, магілеўцы змовы рыхтуюць, Ворша ды Мсьціслаў сьмерцю й утапленьнем пагражаюць, віцябчаны аднаго разу царкву, другога разу ратушу, нарэшце і сам двор абступаюць, калы, камяні, дзіды, кайданы ды іншую зброю на яго рыхтуюць. Мог разам з сь[вятым] Давыдам казаць: "Выпрабаваў мяне, Божа. Выплавіў мяне агнём, як выплаўляюць срэбра. Прывёў мяне ў сілкі, усклаў цяжар на сьпіну маю. Пасадзіў людзей на маю галаву. Прайшоў я праз агонь і праз ваду" (Psal. 65) 32) . І аднак зьзяньня Боскае ласкі ня страціў, але наадварот яшчэ больш прыдбаў сабе, здабываючы яе праз частыя споведзі і ўжываньне Сьвятых Таям-ніцаў. Будучы сьвецкім, тым ня менш заставаўся духоўным, і найболей на гэтай біскупскай пасадзе. Звыклым было для яго спавядацца часам тры альбо чатыры разы на тыдзень і на кожнае значнае сьвята. Калі сам не служыў (што рэдка здаралася) з сьвятарскіх рук у часе службы цела й кроў Гасподнія прыймаў. Гэтаму мы зьяўляемся відавочцамі з сьвятой ласкі Божай, празь якую ён станавіўся ўмяшчальняй Сь[вятога] Духа, адкуль нібы з крыніцы плынулі ўсе іншыя цноты. Найважнейшыя зь якіх праз зьвяроў у праяве Эзэхілевай, ім ва ўсім падобныя, паказаныя. І таму паводле сь[вятога] Амброза: "Connexae sibi sunt concatenataeo virtutes, ut qui unam habet plures habere videatur" (Ambr. in Luca cap.6) 33) . Тады свае розум і волю, і тую ў чалавеку частку гняўлівую і жарлівую паводле волі Божай скіраваўшы, гэта значыць тое аб чым Эзэхіль кажа, што абліччы тых чатырох зьвяроў былі выглядам чалавека ў іх, чалавека, скажу, справядлівага.

Разважлівасьць

Напачатку тады зьявіцца перад намі ў гэтым сь[вятым] чала-веку выгляд або твар чалавека разумнага. Бо ён, не навучаючыся ў школах, аднак жа аб Боскіх рэчах глыбока разважаў і тое без усялякае цяжкасьці, лягчэй чым той, што ім навучаў, разумеў і для ўразуменьня простым людзям лёгка падаваў. Разважлівасьць у справах сваіх, якую паводле эгіпецкіх мудрацоў звычайна паказ-вае твар чалавека, меў не малую. Таму асаблівасьцю ўласьцівай гэтай цноце ёсьць, каб без парады й разважлівасьці людзей разум-ных нічога не рабіць, і мудрэц гэтак кажа: "Qui agunt omnia cum consilio re guntur sapientia" (Prov. 13 w.10, 16) 34) . Пра тое ж пісьмо Божае: у разумных вусны ў сэрцы, а неразумныя ў вусны сэрца ўкладаюць (Eccl. 21 w.29) 35) . Што тутака прамовім аб гэтым сь[вятым] мужу, ці ж калі распачынаў ён што гарачліва й неразважна. Усім нам вядома як ён, калі быў старэйшым манастыра сь[вятой] Тройцы ў Вільні 36) , у справах складаных спачатку з гарачай маліт-вай зьвяртаўся да Госпада Бога просячы, каб асьвяціў розум. Потым сам насам разважаў. Нарэшце айцам таго манастыра, якіх ён сабе абраў дзеля парады, распавёўшы, зь імі раіўся. А калі зьяўлялася патрэба, асабліва ў справах найскладанейшых, у людзей вучоных зь іншых законаў дамагаўся разумнае парады. Гэтаксама рабіў цягам усяго свайго жыцьця.

Справядлівасьць

Пасьля бачу твар арла з позіркам імгненным і непахібным, што паводле эгіпецкіх філёзафаў азначае для нас цноту сь[вятой] справядлівасьці, як з прычыны хуткасьці позірку (таму завецца dikks ofqalmos 37) ), гэтак і таму што, калі гэтая птушка высока ўзаб'ецца, здаецца нібы ледзьве рухае сваімі крыламі, раскінуўшы іх роўна й справядліва. Ад чаго залежыць гэтая цнота сь[вяты] Бэрнард нас навучае: "Iustitia reddit cuiq, quod suum est: quando subditus reddit praelato reuerentiam & obedientiam; fratribus con-silium & auxilium: Carni suae, & subditis custodiam & disciplinam" (Bern. ser.3 de Aduentu) 38) . Якую павагу гэты сьвяты чалавек аддаваў свайму старэйшаму ўсім вядома, і самі старэйшыя могуць прызнаць. Послух быў такім, што ад аднаго ягонага знака рукой быў гатовы на ўсё. Ня толькі калі быў у манастыры, але і быўшы на гэтым высокім архібіскупскім пасадзе добра ведаў і паважаў уладу над сабой. Згадаю тутака адну рэч, што калі ён ў 1623 годзе ў адной патрэбе быў выкліканы Я[го] М[іласьцю] а[йцом] мітрапалітам з Полацку да Наваградку, у той час хваробай і нязручнасьцямі дарогі з Варшавы амаль зьнясілены, ды нават і коней, якія згарэлі разам з дваром, ня меў, аднак на гэта зусім не зважаючы, ехаць туды, куды быў пакліканы, надумаў. А калі яму заўважылі, што ня мае коней, адказаў (даслоўна): "Хай бы на вазах выпала ехаць, паеду, абы толькі загад майго пастыра цалкам выканаць". Што б без сумневу дзеяньнем даказаў, каб адзін з полацкіх жыхароў коней не пазычыў. Што датычна роўняў альбо братоў сваіх, для якіх заўсёды быў дарадцам і памочнікам, замоўчваць ня варта. Даходзіла да таго, што віленскія месьцічы пры кожным здарэньні за дапамогай і парадай да яго зьвярталіся. І гэтага полацкага ваяводзтва жыхары мне могуць быць за сьведкаў, якіх парадаў і дапамогі ад яго атрымалі. Пра гэткую ж ягоную дзейнасьць і ў віцебскім краі начуліся, і, кажучы адным словам, яго сьмела можна назваць прыстанкам і абаронцам усіх засмучаных. Тады калі ў справах штодзённых і дачасных быў гэткім памагатым для людзей ад яго незалежных і староньніх, што павінны разумець аб тых, якія яму Богам былі даручаныя, якую працу й стараньні дзеля іх прыкладаў. Пасьля заняцьця гэтага архібіскупскага пасаду 39) знайшоў вялікае бязладзьдзе між сьвятароў, а яшчэ большае між сьвецкага стану, бо шмат іх у распусным сужэнстве, бяз споведзі ды іншых Таямніцаў, і безь ніякай хрысьціянскай навукі жылі, мала чым розьнячыся ад паганцаў. Усё гэта праз свае руплівасьць і стараннасьць, калі не да шчэнту, дык з большага выкараніў.

Бо авечкам сваім прасьвітараў высьвяціўшы і навучыўшы тых абавязкам як хрысьціянскім гэтак і сьвятарскім, перашкоды ім да здаровай навукі, якімі ёсьць кніжкі гаратычныя й схізматычныя, ды іншыя забабоны, таксама ліквідаваўшы, і палка нагадаўшы, каб Божы люд да частае пакуты й прыйманьня Сьвятых Таямніцаў прыводзілі і яму добрым прыкладам самі былі, па цэрквах сваёй даволі разьлеглае дыяцэзіі разаслаў. Сьведкам таму зьяўляюцца рукапісныя статуты зь ягоным уласным подпісам, што захоўваюцца аж да гэтага часу 40) . Гэтаксама і чэлядзь сваю хатнюю тры-маў у вялікай абачлівасьці і, каб не было між іх цяжкіх правіннасьцяў, пільна даглядаў і пераконваў. Нават за сталом сыціў іх чытаньнем слова Божага, карацей кажучы, усе ў двары былі нібы ў манастыры зачыненыя, маюць даволі гадоў, няхай самі прызнаюць. Сваіх цар-коўных падданых без усялякіх выняткаў і перашкодаў, як ласкавы бацька, дапускаў да сябе, лагодна зь імі размаўляў і іх, прыгнечаных сваімі крыўдамі, з радасьцю выслухоўваў, а пасьля і дзейсна ад несправядлівасьці бараніў. Да хрысьціянскай пабожнасьці іх схіляў, да цэркваў, якія для іх меў у сваіх уладаньнях, пад пагрозаю віны, загадваў прыходзіць на кожнае сьвята й нядзелю, а вінаватых караў, аднак не безь міласэрнасьці, ведаючы, што сам мае Гаспадара над сабой у небе (Ephes.6 w.9, Colo.4 w.1) 41) . У стаўленьні да ўсіх быў добрым пастырам і ахоўнікам, паказваючы ім у сваіх рэгулярных і частых казанях, чаго трэба сьцерагчыся, а што рабіць, як сябе паводзіць, навучаючы іх таксама праўдзе й веры апостальскай, якой бы трымаліся, а ўсялякіх гаратычных аблудаў высьце-рагаліся. Але што значнейшае, усіх навучаў, асьвячаючы сваім добрым прыкладам і ніякага пасьля сябе згаршэньня не пакідаючы, што магу паказаць зь ліста, які пісаў да аднаго сэнатара 22 красавіка 1622 году, дзе пра сябе гэтак кажа: "Богам маім (даслоўна) сьведчу, які сэрца і справы мае бачыць, што ніводным дрэнным прыкладам жыцьця, ніякім вострым учынкам не адпіхваў ад сябе палачанаў і іншых парафіянаў маіх" 42) , гэты ліст і цяпер захоўваецца. Сапраўды гэты сьвяты муж, як калісьці сьвяты Майсей, у сваіх гарачых малітвах і надзвычай частых ахвярах за ўсіх перад Госпадам Богам заступаўся і быў ім памагатым.

Мужнасьць

Ідучы далей бачу ў гэтым чалавеку аблічча ільва мужнага й непужлівага, што для нас паводле старажытных эгіпецкіх філё-зафаў азнанае цноту мужнасьці, у якой ён адважны, нібы леў, пераўзыходзіў мноства людзей. Даволі ў яго было выпадкаў, калі хата зь ягонай маёмасьцю і стайня з коньмі згарэлі, калі ў яго было скрадзена грошай больш чым за 20 грыўняў, і аднак жа зусім не засмуціўся, толькі з сь[вятым] Ёвам прамовіў: "Бог даў, Бог жа і ўзяў" 43) . Крыўды зносіў гэтак цярпліва, што ня ведаю ці бачыў хто яго калі раззлаваным, альбо казаўшым нешта з палка-сьцю, мы ж да гэтага часу ня бачылі. І хаця ў часе дзейнасьці бываў да гневу падштурхнуты, лёгка яго ўтаймоўваў і адкідаў. Калі верым сь[вятому] Аўгустыну дык мужнасьцю ёсьць "con-siderata periculorum susceptio, & laborum perpessio" (Aug. lib. 83 g.31) 44) . Хто ж таго ня ведае, што гэты сь[вяты] муж меў у сэрцы вялікую надзею і ахвоту ня толькі да пачынаньня вялікіх і небясьпечных справаў, але і адметныя настойлівасьць ды цярплі-васьць дзеля іхнага выкананьня й заканчэньня. Акрамя вас саміх відавочцаў Вільня мне за сьведку, што гэта за сэрца было ў тых вялікіх блізу 1608 году навалах схізматыкаў на жменьку манахаў, якія ў сь[вятой] Еднасьці заставаліся, у якіх ён нібы леў паўстаў 45) . Належыць таксама і тое згадаць, калі праз старэйшых сваіх на гэты пасад быў прызначаны і Я[го] М[іласьцю] К[аралём] упры-вілеяваны, за прыкладам Сь[вятых] Базыля, Мікалая, Залатавус-нага, Рыгора Назіянскага ды іншых сь[вятых] айцоў, перад адным з нашых айцоў гэтак жаласна плакаў, бо ўзыходзячы на месца такой вялікай годнасьці, думаў і хацеў адступіцца. Калі ж яму было патлумачана, што воля Божая з воляй старэйшых, найменшыя жаданьні якіх ён звыкся выконваць, у згодзе, і даведзена, што супраціўнічаць ёй цяжка й неразумна, адразу Г[оспаду] Богу сябе даручыўшы, зь вялікім сэрцам і душой амаль што ільва адважыўся, што да таго самага айца словы годныя памяці вымавіў: "Калі б мне (даслоўна) і з адным кіёчкам прыйшлося ісьці да сталіцы, пайду" 46) . Што робіш, сь[вяты] мужу? Патрыярха Якуба, які некалі хуткую рэчку Ярдан перайшоў з адным толькі кіёчкам (Gen. 32 w.10) 47) у гэтай справе хочаш насьледаваць? Няўжо ты большы за яго, які вяртаючыся не з адным толькі кіёчкам, але з двума табарамі, аднаго свайго брата Эсава спужаўся і палка прасіў Г[оспада] Бога, кажучы: "Ухавай мяне ад рукі майго брата Эсава, бо яго пужаюся й баюся". Не з адным Эсавам табе сустракацца, але з такімі вялікімі й магутнымі гарадамі Полацкам, Віцебскам, Магілевам, Воршай і Мсьціславам, якія "нацягнулі свой лук і наклалі стрэлаў у свой сагайдак, каб пастраляць у прыцемку ў правых сэрцам" (Psal. 10 w.2) 48) . Як яго гэтыя проціборствы ад добрага пачынаньня адводзілі і як мужна ён на гэтай пасадзе змагаўся й зьневажаў небясьпеку самі зьяўляецеся несумненнымі сьведкамі. Бывала так, што часам шмат Іх М[іласьцяў] п[аноў] сэнатараў і духоўных кіраўнікоў, лісты якіх яшчэ маем, у тым пачынаньні перашкаджаць хацелі, зьвяртаючы ўвагу на вялікую небясьпеку 49) . Аднак ён, падобны да мужнага ільва, разам з сь[вятым] Пётрам, слухаючы, баяўся толькі голасу белага пеўня, гэта азначае Боскага, а не людзкога. Ведаючы добра, што "Iudicium durissimum in his qui praesunt fiet" (Sap. 6 w.6) 50) . Ведаў і тое, што "кожны пастыр за авечак сваіх мусіць рабіць справаздачу" (Hebr. 13 w.17) 51) і што Бог "кроў на руках іхных будзе вышукваць" (Ezech. 3 w.18) 52) , як у забойцаў людзкіх душаў. Бо ня менш забівае пастыр сваіх авечак, калі замест ежы дае ім атруту, як і тады, калі бачыць, што спажываюць атруту зь ежаю, але іх ад таго не адводзіць. Таму перад усялякімі небясьпекамі не адступаў і наадварот сам дабраахвотна аддаваў сябе на небясьпеку й страту здароўя, каб здолець авечак сваіх ад вечнае сьмерці выбавіць.

Устрыманасьць

Хацелі б гэтаксама прыгледзіцца да чацьвёртага аблічча, працавітага вала, якое нам паказвае ў ім вялікую ўстрыманасьць ад уцехаў цялесных. Убачым, што ў ёй ён ад самога дзяцінства практыкаваўся, так што ніхто ніколі ад яго слова непрыстойнага пачуць ня мог. Бачны быў сорам Гасподні на твары ягоным, калі хто нешта падобнае вымаўляў. Адтуль паходзіла, што каб ня страціць чысьціні, у якую закахаўся, вялікую ўстрыманасьць у ежы й напоях захоўваў, так, што ўступіўшы да манастыра, цягам некалькіх гадоў аднымі толькі вадой і квасам задавальняўся, і несумненна б да сьмерці сваёй тое рабіў бы, калі б яму старэйшыя пад неабходнасьцю сь[вятога] послуху не загадалі спыніць гэты пост, які ўжо значна яму шкодзіць пачаў. Аднак і надалей вялікую ўстрыманасьць у ежы й напоях захоўваў, быўшы ня толькі ў манастыры, але і на гэтым пасадзе. Усім вам вядома, што яго ніколі ня бачылі на падпітку. Цела сваё разнастайна ўтаймоўваў. Часьцяком у вялікія маразы яго бачылі, стаяўшым на малітве, на могілках за царквой сь[вятой] Тройцы на голым камяні ў адной сьвітцы безь ніякага абутку. Заўважана за ім і тое, што часьцяком насіў на сабе тры зялезныя ланцужкі, злучаныя востраканцовымі й кручкаватымі зьвёнамі, двума плечы наўскрыж, а адным стан апярэзваў. Што казаць аб штодзённых лупцоўках, якімі бывалі цяжкімі й працяглымі, лепш запытацца ў братоў, зь якімі ён жыў у манастыры. Што аб сьвітках і валасяніцах, якімі аж да сьмерці замест кашулі карыстаўся? Ня згадваю аб чуваньнях і трываньнях: аб тым маглі самі даведацца, калі першым заўсёды да хвалы Божай прыходзіў, папярэдне ў кельлі для сябе адправіўшы штодзённыя службу і разважаньне. Ня варта забывацца на пост, асабліва саракадзённы, цягам якога ён часьцяком увесь дзень, а калі і два дні нічога ня еў і ня піў. Добра ведаў гэты пабожны муж і тое, што бязьдзейнасьць вельмі шкодзіць усім цнотам і асабліва чысьціні, таму ў працы быў нязломным нібы нейкі вол. Бо быўшы старэйшым у манастыры сь[вятое] Тройцы, акрамя абавязкаў, што вынікалі зь ягонага начальніцтва, абавязкі іншых служкаў на сябе браў. Яму карцела будзіць братоў, служыць у царкве за панамара альбо шатніка, сьпяваць на хорах, слухаць споведзі, заўсёдна чытаць на хорах і ў кельлі. Адважуся казаць, што няма ва ўсім Княстве Літоўскім ніводнае славянскае кніжкі альбо падобнае польскай, якой бы ён не прачытаў. Пэўна тое і шмат каму з вас вядома. У такіх занятках сваёй чысьцінёю, замілаваны ў яе, знаходзіўся і займаў сябе.

Жыцьцё манаскае

Гэта ўбачыўшы і да аблічча згаданых зьвяроў прыгледзеў-шыся, бачу ля іх толькі кола, якое мае ў сабе чатыры выявы, нібы адно ў другім аднастайна зробленыя, што азначае дасканаласьць манаскую, празь якую ён сябе, нібы вол, на целапаленьне Г[оспаду] Богу ахвяраваў. Таму што кола зьяўляецца выяваю дасканаласьці ды паводле пашыранага матэматычнага выслоўя: "Sphaerae contactus non nisi in puncto sit" 53) , так і гэты сь[вяты] чалавек, узносячыся да неба, зусім ня дбаў пра рэчы зямныя, але іх толькі ў кропцы на гэтым сьвеце скарыстоўваючы, прамінаў. Калі нейкая яго частка да зямлі набліжалася на тое места [другая] нібы ў нейкім коле ад зямлі да вышыні ўзносілася, і тая, што была ззаду выходзіла наперад. Сапраўды мог казаць з сь[вятым] Паўлам: "Тое, што ззаду, забываючы і да таго, што наперадзе, цягнучыся, імкнуся да мяжы, да месца высокага пакліканьня Божага ў Ісусе Хрысьце" (Phil. 3 w.13) 54) . Ахвяраваў Г[оспаду] Богу душу сваю праз послух, цела праз шлюб чысьціні, а маёмасьць, якую меў альбо мог мець, праз сьвятое ўбоства, у якое ён вельмі быў закаханы, так што, быўшы на гэтай пасадзе, грошай ніколі ў рукі ня браў ды захоўваць іх пры сабе не хацеў. У ядвабных шатах ніколі не хадзіў, але карыстаўся толькі адпаведнымі манаскаму стану. У гэтым за сьведкаў бяру ягоных ворагаў і забойцаў, якія ўбачыўшы ўжо забітага ўладыку ў выцертым адзеньні з скураным пасам, у лапленых панчохах, ляжаўшага ў грубай валасяніцы, чаляднікаў прывялі да ягонага цела, сьмерцю ім пагражаючы калі не дазнаюцца праўды, кім ёсьць той імі забіты. Бо думалі, што забілі нейкага простага манаха, а не ўладыку. Але даведаўшыся ад іх аб сапраўдным стане рэчаў, вельмі зьдзівіліся ўбоству ягонаму. Адным словам быў дасканалым манахам, які ў справах сваіх меў вочы поўныя пільнасьці й разважлівасьці. Ён праз тыя згаданыя тры колы амаль усё на сьвеце адкінуў і стаптаў. Пыху жыцьця - праз кола послуху, жаданьні цела - праз кола чысьціні, прагу вачэй - праз кола ўбоства. Нарэшце праз чацьвёртае кола ўзяў на сябе крыж свой, будучы гатовым усялякі ўціск і цяжар манаскага жыцьця сьцярпець, і пайшоў за Госпадам Хрыстом, Збаўцам сваім. І таму несумнена паводле прысуду Гасподняга дасягнуў жыцьця вечнага.

Вера

Наглядзеўшыся на зьвяроў, паглядзім угару, гэта значыць па-над галовы згаданых зьвяроў, і на тое што паказвае нам разьлеглы над галовамі іхнымі firmamentum 55) купал, сапраўды азначае ня што іншае толькі тое, што мае паўсюдная апостальская вера. Гэты купал накшталт нейкіх акуляраў, празь якія яшчэ тутака ў нашым жыцьці глядзім на рэчы для вачэй неўспрыймальныя, паводле сь[вятога] Паўлы: "Цяпер бачым (даслоўна) нібы ў люстэрку, толькі падабенства, але ў той час тварам да твару" (1 Cor. 13. w.12) 56) .

Зьяўляецца яшчэ гэты купал на кшталт крышталю страшнага, якога некалі спужаўся прарок Абакум, кажучы: "Госпадзе, пачуў я слых Твой і напужаўся, Госпадзе, зразумеў я справы Твае і цяпер перапужаны" (Abac. 3 w.2) 57) . Мусім усе прызнаць, што ў гэтым сь[вятым] чалавеку была вера сь[вятой] паўсюднай і апостальскай Царквы, у якой ён ад сваіх юнацкіх гадоў аж да самае сьмерці трываў непахісна. Бо яшчэ да складаньня нашымі старэйшымі послуху біскупу рымскаму, калі яшчэ ўсе, і тое віленскае брацтва, што сьвятадухаўскім завецца, было пры манастыры царквы сь[вятой] Тройцы, ён таксама нічога ня ведаючы аб схізматычнай злоснасьці (бо на той час мы яшчэ былі ў супакоі) з добрым сумленьнем зь імі меў стасункі і да царквы сь[вятой] Тройцы паводле свайго звычаю хадзіў, тамсама і на службах быў. Але пасьля складаньня послуху, калі адразу большая частка гэтага вялебнага брацтва ўцякла, зьнесла начыньне й упрыгожаньні царкоўныя, і тамака, дзе цяпер месьціцца, новую царкву Сь[вятога] Духа збудавала ды новае брацтва заклала, гэты сь[вяты] муж, падзел такі бачучы, а да якога боку прыстаць ня ведаючы, зьвярнуўся (як сам нам апавядаў) з палкаю малітвай да Г[оспада] Бога, часта паўтараючы тыя словы сьвятога Давыда: "Госпадзе, пакажы дарогу, па якой мне належыць ісьці" (Psal. 142. w.8) 58) . О, пабожны чалавеча, сапраўды варты, каб і цяперашні люд пераймаў у гэтым цябе і не спадзяваўся на свой слабы розум, просячы ў Бога аб парадзе й прасьвятленьні. Без прамаруджаньня паказаў яму Г[оспад] Бог згуртаваньне сапраўдных сваіх вызнаўцоў. Пайшоў за сваім пастырам, пры якім, усім сэрцам сь[вятую] паўсюдную веру прыняўшы, непахісна трываў, не зважаючы ні на якія пагрозы й абяцанкі сваіх супраціўнікаў, якімі яго спаймаць хацелі. Сьмела з сь[вятым] Давыдам казаў: "Зьненавідзеў я згуртаваньне зламысьнікаў і зь непабожнымі ня сяду" (Psal. 25. w.5) 59) . А калі яму закідалі, што "ты ж (даслоўна) з намі быў", з сь[вятым] Паўлам адказваў: "Калі быў (даслоўна) дзіцём, размаўляў як дзіцё, разумеў як дзіцё, думаў як дзіцё. Але калі стаўся мужчынам адкінуў тое, што было дзіцячым" (1 Cor. 13 w.11 ) 60) .

Зыходзілі яшчэ з таго купалу галасы страшэнныя дзеля абароны сь[вятой] паўсюднае Веры, нібы грамы нейкія, каб напужаць гаратыкоў і схізматыкаў, ня толькі на катэдры ў царкве, але і на публічных банкетах і размовах. Таму заўсёды, кнігі сь[вятых] айцоў чытаючы, іхныя меркаваньні й разуменьні дзеля падтрымкі праўды каталіцкай і выкрыцьця фальшу гаратычнага сабе зьбіраў, і ўмеў у патрэбны момант іх скарыстаць, і гэтак магутна біў супраціўнікаў, што часьцяком яны з сорамам хаваліся, альбо зь ім у размовы ўдавацца не хацелі. Таксама іхныя кнігі, калі якая на сьвет зьяўлялася, хапаў і чытаў, а пасьля фальш і памылкі, якія ў іх знаходзіліся, у царкве з амбону ганіў і абвяргаў. Часта бывала так, што з кнігаў саміх гаратыкоў і схізматыкаў ганіў іх і перамагаў. Такім быў апірышчам сь[вятое] каталіцкае Веры, якога і між лепшымі тэалёгамі цяжка знайсьці.

Надзея

Ідучы далей, бачу над тым купалам, які вісеў над галовамі згаданых зьвяроў, нейкі пасад на выгляд з камня шафіра, нібы зь яго выразаны. Гэта і ёсьць той пасад надзеі, празь які гэты сь[вяты] муж меў сваё месца ў небе, там, куды і наш праважаты Ісус Хрыстос узыйшоў (Hebr. 6 w.18 ) 61) . Выявілася гэта ля 1608 году ў часе тых вялікіх навалаў, калі і найвышэйшыя асобы пачалі тур-бавацца, бачучы, што пакінутыя і тымі, на дапамогу якіх спадзяваліся. Аднак ён, нібы леў, спадзеючыся на самога Бога, сваіх старэйшых гэткімі словамі ўмацоўваў: "Калі (даслоўна) людзкая сіла адступае, прыходзіць Божая", нібы казаў: "Ня будзьма баяцца, Бог з намі". Напісана ж: "Хто спадзяецца на Госпада, той нібы гара Сыён, ня зрушыцца вечна" (Psal. 124 w.1) 62) . Сапраўды праз гэтае сваё спадзяваньне і за дапамогай Божай, па якую ён заўсёды зьвяртаўся, ніколі ніякім навалам супраціўнікаў перамагчы сябе ня даў. Хаця часам у ягоных сур'ёзных пачынаньнях амаль усе магнаты былі яму за супраціўнікаў. Ён перад гэтым казаў разам з прарокам Ярэмам: "Ня будзь жа Ты мне за пострах, Ты надзея мая ў дзень няшчасьця майго" (Ierem. 17 w.17) 63) .

Любоў

На версе гэтага пасаду бачым агністае сьвятло любові Божай, у якой ён зь дзяцінства дасканаліўся, і празь яго выяву альбо падабенства Сына Чалавечага, азначае гэта, што Збаўца наш быў у ім. І гэта ён сам пра сябе апавядаў: "Калі я (даслоўна) толькі дасягнуў разумнага ўзросту, аднойчы здарылася мне разам з бацькам увайсьці ў царкву дзе, разглядаючы абразы Божых сьвятых, між іншымі ўбачыў і выяву чалавека, да крыжа прыбітага. Запытаўся ў айца, што гэта быў за абраз. І калі ён мне патлумачыў (даслоўна), што гэта быў Божы Сын, які за грахі нашыя, прыняўшы на сябе цела, жорсткія пакуты крыжовыя ў ім сьцярпеў, празь якія нас выбавіў з шатанскае няволі і, адчыніўшы Валадарства Нябеснае, зрабіў нас Ягонымі спадкаемцамі. Адразу ж адчуў я нейкую іскрынку любові Божай і з гэтага моманту люба стала мне да царквы хадзіць і ў ёй, падвучыўшыся, чытаць і сьпяваць, і дабрачынствы Божыя захоўваць у такой ступені, што ня памятаю, ці спазьніўся калі ў царкву на службу Божую".

Адзнакі любові

Мноства адзнакаў яе паказаў на сабе, быўшы і ў нашым манаскім законе, да якога ўступіў з прычыны той самай Любові Божай. Між іншых было чытаньне зь вялікай стараннасьцю і ўвагай духоўных кніжак, адкуль ён прыдбаў сабе вялікага разуменьня аб рэчах Боскіх і высокіх, а пасьля і ў законе дасканаліўся ў прыказаньні Божым, якое ён зь дзяцінства намагаўся выконваць.

Была ў ім і ўлюбёнасьць у хвалу Божую ды царкоўнае аздабленьне, пра што сьведчыць маляваньне абразоў у царкве вілен[скага] манаст[ыра] сь[вятой] Тройцы, і гэтая царква сь[вятой] Сафіі абразамі аздобленая, шатамі ды іншым начыньнем узбагачоная, самі бачыце якою цяперака ёсьць і якой перад тым была ведаеце, і гэтыя самыя сьцены амаль ад падмурку адноўленыя, што таксама прызналі б, калі б таго і не хацелі. Сьмела мог з сь[вятым] Давыдам казаць: "Госпадзе, закахаўся я у прыгажосьць дому Твайго ды ў месца жыхарства хвалы Тваёй (Psal. 25 w.8 ) 64) . І тая любоў да дому Твайго зьядала мяне" (Psal. 68 w.10) 65) . Аб усім без вынятку, што тычылася хвалы Божае, колькі мог стараўся, не зважаючы на кошт, ані на сваё здароўе. Таму і не прамінуў аніводнага сойму, на якім альбо сам асабіста (што амаль заўсёды было), альбо празь іншых ня дбаў бы аб тым, што належала да хвалы Божае. У 1623 годзе напаўхворым выбраўся да Варшавы. А калі ў дарозе хваробай быў звалены, дык трохі ў супрасальскім манастыры адпачыўшы, вырашыў прадоўжыць сваё падарожжа. Тым, якія заўважалі, што рызыкуе здароўем, гэтак паводле звычкі сваёй адказваў: "Праца мая недарэмная, бо яе я ахвярую дзеля хвалы любага Бога, і ня толькі працу маю але і здароўе, і нават жыцьцё маё дзеля гэтага аддам". Сапраўднай адзнакай любові Божай зьяўляецца любоў да бліжняга, бо паводле навукі сь[вятога] Яна: "Хто любіць Бога, любіць бліжняга свайго" 66) . Гэтую любоў, якой ён няспынна палаў, відаць з таго, што калі быў толькі дыяканам падрыхтаваў некалькіх асобаў да споведзі, але таму што сам ня мог слухаць, пайшоў да аднаго сьвятара, просячы, каб ён выслухаў іхныя споведзі, калі ж той пачаў адмаўляцца, праз сваю на той час занятасьць і цяжкасьці, з плачам яго пачаў прасіць, каб зьмілаваўся над грэшнымі душамі. Гэтую сваю ахвоту задаволіў, калі стаўся сьвятаром, бо ўсяго сябе дзеля паслугаў бліжнім ад-даў, выслухоўваючы з ахвотай іхныя споведзі ня толькі ў царкве й па хатах, але і ў дарозе, на вуліцы ды ў заезных дварах. Звычайнай ягонай забавай было тое, што ніколі не выязджаў з заезнага двара, папярэдне ня выслухаўшы нечае споведзі. І наадварот чась-цяком бывала, што плаціў, асабліва простым сялянам, каб у яго спавядаліся, скіроўваючы іх да страху й любові Божай. А калі на апошні перад сваёй сьмерцю сойм ехаў, а ў дарозе вялікай хваробай быў звалены, з гэтае прычыны казаў, што "было (даслоўна) некалі маёй уцехай у дарозе, адпаведна часу й патрэбаў споведзі людзей слухаць". Хворых у шпіталі і вязьняў адведаць, і тых да пакуты заклікаць было для яго сапраўднаю асалодай. Таксама даваць міласьціну, асабліва ўбогім, удовам і сіротам ніколі не пераставаў. Таму, калі зь Вільні да Полацку ад'язжаў, трэба было бачыць тых, як плакалі па ім, нібы па бацьку й дабрадзею сваім, асіраценьню й сьвятлыні вачэй сваіх (якога рады былі бачыць). Наглядзецца можна было ўдосталь, асабліва калі ён ужо быў на гэтым пасадзе, як ён удоваў, сіротаў і манашак абдараў. Заўсёды на ягоным двары, нібы на кірмашы, было поўна ўбогіх. Некалькі разоў здаралася так, што ў каморы было надта мала альбо зусім не было нічога, загадваў насамперш рэшту даць просьбіту, звычайна ўжываючы гэткіх словаў: "Дай (даслоўна), дай, і нам Бог дасьць". З гэтае прычыны такую ў людзей да сябе любасьць прыдбаў, што калі з царквы, асабліва ў віленскім манастыры, выходзіў, у дзьвярах царкоўных дарогу яму загароджвалі, прагнучы пацешыцца з прыемнае зь ім размовы. Нарэшце ня меншай адзнакаю любові Божай было тое, што заўсёды быў гатовы памерці за праўду каталіцкую і дзеля свайго Бога, у якога быў надта замілаваны. Часьцяком тыя поўныя вялікай мужнасьці словы ня толькі ў звычайнай размове, але і ў лістах да магнатаў, якія шмат разоў яго ўшчувалі за вялікую палкасьць у справе памнажэньня хвалы Божай, паўтараў, кажучы: "Я ня мог бы памерці лепш, чым за Праўду сьвятую" 67) . Прыводзіў ім прыклады сь[вятых] айцоў Залатавуснага, Амброза, Станіслава ды іншых, якія, зусім не зважаючы на пагрозы магнатаў, хвалу Божую памнажалі 68) . За тое Г[оспад] Бог адпаведна жаданьню Ягонаму ўганараваць яго гэтым прызволіў, і ён сапраўды прароцкім духам аб сьмерці сваёй ведаючы, часта нават назаляючы тым, хто яго слухаў, загадваў рабіць сабе труну. А калі адзін з духоўных, седзячы за сталом, хацеў пакрытыкаваць яго, закідаючы, што праз такія размовы аб сьмерці й труне немагчыма спакойна паесьці, адказаў: "Мілы браце, што ж у гэтым крыўднага?" За тыдзень да сваёй сьмерці меў казань на дзень сь[вятога] пакутніка Зьмітра на тыя з Эвангельля словы: "Кожны, хто вас забівае будзе лічыць, што робіць паслугу Богу" (Ioan 16 w.2) 69) . Узрушаны, што няшмат людзей было ў царкве, з жалем разважаў, што "ад закладаньня Віцебску ніколі гэткіх бязладзьдзяў не было, якія (даслоўна) цяпер узьняліся, што і пастырам сваім сьмерцю пагражаюць і цэрквы пакідаюць. Шмат, - кажа, - уладыкаў было, зь якіх толькі два забітых, адзін гаратык, а другі падобны да новапаўсталых нахабных пастыраў, і тое паводле загаду князя Альгерда, а не ад вас простага люду: аднаго пасеклі, другога спалілі, больш нікога" 70) . У той самай казані жаданьне сваё і гатовасьць памерці за сь[вятую] каталіцкую Праўду засьведчыў перад усімі, кажучы, што ня мог бы памерці лепш. Чацьвёртага дня перад сваёй сьмерцю, гэта значыць 9 лістапада паводле новага [стылю], зноўку, пішучы да аднаго сэнатара, скардзіўся: "Нязносны (даслоўна) ўціск з маімі сьвятарамі церпім ад гэтых асобаў (якіх ў тым лісьце называў) і ад простага люду, які амаль увесь на мяне ўзбурыўся, жадаючы выгнаць мяне з уладыцтва, а маіх сьвятароў з цэркваў, пры нагодзе патапленьнем і забойствам нам пагражаючы" 71) . За дзень да сьмерці, быўшы надзвычай вясёлым, з чаляднікамі сваімі аб сьмерці сваёй размаўляў, кажучы, што з свайго боку заўсёды на тое гатовы. Што гэта, ведаеце, за любоў была, і якая, паводле выроку самога нашага Збаўцы, можа быць большай за гэтую, калі ён душу сваю за сяброў сваіх паклаў? (Ioan 15 w.12) 72) Дык вось маеце тую іскрынку любові Божай, якую гэты чалавек адчуў у сэрцы сваім на пачатку свайго наверненьня. У сталым узросьце полымя вырасла гэтак, што моц ягоную воды засмучэньня ўсяго гэтага сьвету спагасіць, а рэкі й навалы схізматыкаў, якія заўсёды на яго скрыгаталі зубамі, жадаючы з сьвету сьцерці, затапіць не маглі! І больш таго нельга ня верыць, каб там вясёлка з расістых воблакаў Сь[вятога] Духа і з промнямі праўдзівага сонца Збаўцы нашага, што выяўлялася ў ім праз палымяную любоў, і дарункамі рознымі Сь[вятога] Духа нібы нейкімі фарбамі ўпрыгожаная, не магла знаходзіцца. Сапраўды там спачываў Дух Божы: Дух мудрасьці й разуменьня, Дух парады й мужнасьці, Дух майстэрства й пабожнасьці, і Дух страху Гас-подняга. Вось жа маеце ў гэтым пабожным чалавеку выразнае падабенства хвалы Божае ды наагул выяву самога Бога, якая праз сьвятую справядлівасьць на душы кантэрфэктуецца 73) . Тое не-маўлятка добра знаёмага вам тутэйшага месьціча сапраўды прароцкім духам пра сьмерць гэтага сь[вятога] мужа сваім бацькам паведамляючы, прамовіла: "Бога (даслоўна) забілі, які царкву будаваў". Быў Богам, беззаганае аблічча Якога й славу ў сабе насіў, і месца Якога на духоўных садах займаў. Царкву будаваў ня толькі гэтую матэрыяльную, якую бачыце, але і царкву свайго цела, якую разнастайнымі цнотамі, як найпрыгажэйшымі абразамі аздобіў, а ў дадатак і паўсюдную Царкву Госпаду і Ўлюбенцу свайму будаваў, калі хрысьціянскі люд, нібы жывое каменьне, укладаў у сьцяну Сь[вятой] Царквы свайму Госпаду на падмурку сь[вятых] апосталаў і прарокаў (1Per. 2 w.4,5,6) 74) , пры кутнім камяні найвышэйшым Г[оспадзе] Хрысьце (Eph. 2 w.20) 75) , а пасьля Яго і на сь[вятым] Пятры. І калі разагнаных авечак у адзін статак гуртаваў ды разваленыя муры да аднае сьцяны зьбіраў з такой старанасьцю й палкасьцю, што мог казаць (і на самой справе часта казаў з сь[вятым] апосталам): "Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, таму што сьведкам мне сумленьне маё ў Духу Сь[вятым], што маю вялікі смутак і няспынна баліць сэрца маё, бо сам хацеў быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, якія родныя мне паводле цела" (Rom. 9 w.1) 76) . Сьведкамі гэтае рупнасьці ў здабываньні людзкіх душаў і далучэньні іх да сь[вятой] паўсюднай і апостальскай Царквы зьяўляюцца ўсе літоўскія гарады, асабліва Вільня, дзе з прычыны вялікае павагі клікалі яго найвялікшай пахвалой не Язафатам, але Душахватам (бо людзкія душы нібы хапаў і для Бога здабываў). Маю за сьведкаў і гэты горад Полацак зь іншымі да яго прылеглымі гарадамі ды нават з самім Віцебскам (які яго жорстка забіў) таго, што за рупнасьць і палкасьць была ў гэтым сь[вятым] чалавеку вакол памнажэньня Еднасьці сь[вятой] паўсюднае Царквы. Тут ужо, любыя ў Г[оспадзе] Богу хрысьціяны, на ўласныя вочы бачыце, што гэты вялікі муж быў справядлівым і ў справядлівасьці скончыў сваё жыцьцё. Застаецца мне яшчэ паказаць, што за сьвятую справядлівасьць жыцьцё дабраахвотна аддаў.

Частка другая

Не дастаткова дзеля ўшанаваньня гэтага сь[вятога] мужа паказаць толькі тое, што ён у самай адметнай справядлівасьці пайшоў з гэтага сьвету, бо і малыя дзеткі, якія адразу пасьля сь[вятога] Хросту паміраюць, і нават злачынцы, якія за несправядлівасьць і злачынства, аднак з жалем сардэчным і спавяданьнем сваіх грахоў перад сьвятаром (так як той нягоднік, якому Збаўца наш, вісеўшы на крыжы, прызволіў рай абяцаць), бываюць пакараныя, таксама паміраюць у справядлівасьці. Але ў тым вялікая хвала, што ён, цягам усяго жыцьця ў пабожнасьці хрысьціянскай і ў Божай ласцы (празь якую чалавек уласна і становіцца справядлівым) уз-растаючы, у ёй сваё жыцьцё скончыў. І яшчэ большая [слава], калі выявіцца, што за сь[вятую] справядлівасьць аддаў сваё жыцьцё і за гэта сапраўдным Хрыстовым пакутнікам стаўся. Каб лягчэй гэта паказаць, спачатку трэба ведаць, што тыя словы Збаўцы нашага: "Блаславёныя тыя, якія церпяць за справядлівасьць" (Math. 5 w.10) 77) на думку сь[вятых] айцоў і ўсіх тэалёгаў (Thom. 22 9. 124. w.5) 78) павінны разумець ня толькі аб Госпадзе нашым Хрысьце, які зьяўляецца нашай справядлівасьцю, і аб Веры сь[вятой], якой у Яго верым, але гэтаксама аб кожнай іншай цноце, якая, як было казана, робіць чалавека справядлівым. То бок колькі да Бога імкнемся абвяшчаем веру нашу, празь якую маем пэўнасьць, што ад нас Госпад Бог гэткіх самых учынкаў і цнотаў патрабуе і за іх нам абяцае ўзнагароду. Пра гэта сь[вяты] Якуб кажа: "Я табе пакажу веру маю з учынкаў", бо паводле таго самага апостала: "Праз учынкі вера выяўляецца" ( Iakob. 2 w.18 & 22) 79) . Калі нехта, за тое, што робіць дабро альбо ня робіць зла прыймае сьмерць, той сапраўды памірае за веру, якая яго навучае, каб рабіў дабро, а зла пазьбягаў. Нават і за самога Бога памірае, якога "верай сваёй вызнае, што Яго ведае і ўчынкамі ад Яго не адмаўляецца" (Tit 1 w.16) 80) , бо як праўдзівы хрысьціянін лічыць за лепшае сьмерць прыняць, чым абразіць Бога і парушыць прыка-заньне Ягонае. Выразны прыклад маем у старажытным Запавеце. Каін забіў свайго брата Абэля ні за што іншае толькі за тое, як кажа сь[вяты] Ян, што "учынкі ягоныя былі злоснымі, а брата яго-нага - справядлівымі" (1 Ioan 3 w.12) 81) . Таму і Збаўца наш між праўдзівых пакутнікаў яго шануе, калі кажа: "Прыйдзе на вас уся кроў справядлівая, што разьлітая па зямлі, пачынаючы ад крыві Абэля справядлівага аж да крыві Захара сына Барахіявага" (Math. 23 w.35) 82) . Маем прыклад і ў Запавеце пісаным, бо тыя сем братоў Махабэяў, што не хацелі рабіць зла і дадзенага Богам праз Майсея закону парушыць, сталіся праўдзівымі пакутнікамі, калі з гэтае прычыны былі забітыя Антыёхам (Machab.7 & seq.) 83) . Маем гэтаксама ў манастве шмат прыкладаў ласкі, асабліва між дзяўчынаў, з Богам заручаных, якія быўшы забітымі толькі за сваю чысьціню, вянок пакутніцкі здабылі.

Тады гэта выклаўшы, паглядзім чаму ж не адпавядае гэты пабожны муж, гэтак жорстка забіты, каб славу пакутніцкую ў яго маглі адабраць і сябе за невінаватых выдаць. Як за нейкае апірышча ў сваёй абароне ўзялі насамперш такую прычыну і кажуць, што: "Нашага папа забраў і, чынячы неспакой, соймавую канстытуцыю парушыў, таму мы, забіўшы яго, ёсьцека невінаватымі, а ён пакутнікам не зьяўляецца". Але гэты неадукаваны люд спачатку мусіў яго за тое правам суцішыць, а, пераконваючы паводле права, лепш узяць віну апісаную ў канстытуцыі, чым бяспраўна душу зь цела выймаць (чаго няма ў канстытуцыі). Але прыняўшы тое, што іхная прычына паважная, адсюль аднак не вынікае, што забіты ён быў не за справядлівасьць і таму не павінен быць праўдзівым пакутнікам. Бо поп той быў альбо ваўком, альбо авечкай. Калі быў ваўком, тады гэты сь[вяты] муж, бачучы яго, як добры пастыр, а ня найміт, не ўцякаў, але таго ад сваёй аўчарні адганяў, пераймаючы ў гэтым сь[вятога] Давыда, які пасьвячы авечак бацькі свайго, ільвоў ды медзьвядзёў ад іх адганяў (1Reg. 17 w.34) 84) і з пашчы іхнае тых вырываў, а калі супраціўнічалі яму, іх саміх разрываў і забіваў. З прычыны таго што ў абароне авечак сваіх ад ваўкоў "душу сваю паклаў за авечак сваіх" (Ioan 10 w.11) 85) , паводле вызначэньня Госпада добрым зьяўляецца пастырам. Таму славы пакутніцкай у яго ня толькі не паменела, але пэўна паболела: часткова таму, што гэткую вялікую, паводле навукі Гасподняй, любоў паказаў, большай за якую быць ня можа; част-кова таму, што ў гэтым насьледаваў свайго Збаўцу, які зьяўляецца пачынальнікам усіх пастыраў. Калі ж кажуць, што той быў авечкай, і гэта сапраўды так, дык ня толькі паводле Боскага права ўсе, хто знаходзяцца ў дыяцэзіі біскупа аднога зь ім абраду, яму павінны падпарадкоўвацца, але і ў сьвецкім праве, дадзеным Іх М[іласьцямі] каралямі Казімірам, Аляксандрам, Жыгімонтам І, тое самае замацавана і цяперашнім, шчасьліва пануючым, пацьверджана, каб кожны ўладыка над усімі асобамі рускага абраду, што жывуць у ягонай эпархіі, як духоўнымі гэтак і сьвецкімі, моцай і ўладай духоўнай вольна карыстаўся. Тады бяз сумневу і той поп быў ягонай авечкай, што была паршывай і іншых авечак заражала. Бог ад яго хацеў таго, каб адпаведна свайму пастырскаму абавязку гэтую авечку, узяўшы яе да сябе, лячыў і іншых ад ейнае заразы ахоўваў, бо інакш пачуў бы ад Бога гэткія словы, што: "Нямоглай не ўмацоўвалі, хворай не лячылі, пакалечанай не перавязвалі, а якая згубілася не вярталі" і г.д. (Ezech. 34 w.4) 86) . "Таму пастыры слухайце слова Гасподняе. Гэта кажа Г[оспад] Бог: "Вось Я Сам на пастырах буду і спаганю статку Свайго з рук іхных" (ibid. 9 & 10) 87) . Ён, той свой абавязак пастырскі выконваючы, таго як злачынцу, які яго ня слухаўся ды іншых бунтаваў, караў. Што ў яго пакутніцкага вянка адабраць не магло, як і ў тых сь[вятых] людзей: Аргульха, старэйшага лірынскага, і Бэрхорга, старэйшага манастыра пад назвай Альцыбэры (Suri. Septemb.7, Decemb.17) 88) , якія адпаведна сваім абавязкам свавольных братоў каралі і за тое імі былі забітыя. Гэта аднак пакутніцкае славы ў іх не адняло, і наадварот у сь[вятой] Царкве іх шануюць, як праўдзівых пакутнікаў, што і сам прыродны розум нам падказвае. Большым пакараньнем зьяўляецца караць некага няславаю, дакараючы яго ў вочы, публічна вычытваючы, чымсьці караць у целе, асабліва такой карай, якой той поп быў караны. Але ж ведаем, як шмат было пакутнікаў, якія ня толькі прыватных асобаў, але і саміх каралёў няславаю каралі, выкрываючы перад імі, адпаведна свайму абавязку, непрыстойнасьць жыцьця іхнага. За што сталіся забітымі і здабылі пакутніцкі вянок. Гэтак сь[вяты] Ян Хрысьціцель не за вызнаньне сь[вятой] Веры, але за тое, што цара Гэрада за чужалоства з жонкай ягонага брата Піліпа дакараў і вычытваў, быў пасечаны і пакутніцкі вянок атрымаў (Marc 6 w.28) 89) . Гэткім спосабам і сь[вяты] Кіліян, апостал нямецкі, быў забіты і стаўся пакутнікам за тое, што князя Гозбэрта за распуснае жыцьцё з Гезыляй, жонкай брата ягонага, упікаў і дакараў (Surig. Iulij 8) 90) . Гэтаксама і Лямбэрт, біскуп траэктынскі, які караля Піпіна публічна вычытваў, што ён пры ўласнай жонцы Альпаідзе распусьніцу меў, з падначваньня згаданай распусьніцы быў забіты і пакутніцкі вянок атрымаў (Surig. Octob. 26) 91) . Але, пакінуўшы іх у баку, маем тутака ўнутраны прыклад сь[вятога] Станіслава, біскупа кракаўскага (Mai. 8) 92) , які за тое, што польскага караля Баляслава за чужалоства і распусту цялесную публічна перад усімі сурова дакараў, ім самім у кракаўскім касьцёле ў часе сь[вятой] ахвяры быў жорстка забіты. Нягож і ў яго хто пакутніцкі вянок, якім яго сь[вятая] Царква ўганаравала, адбярэ. А калі ў гэтым пытаньні яго ды іншых лічым за праўдзівых пакутнікаў, чаму ж тады гэтага нашага архібіскупа не павінны шанаваць між пакутнікаў. Але, пакінуўшы ў спакоі гэтую схізматычную байку, знаходжу я больш важкіх прычынаў чаму гэты сь[вяты] чалавек забіты. З тых першая, што быў ён сь[вятой] паўсюднай каталіцкае Веры ў сь[вятой] Еднасьці з рымскай Царквой, бо ў Магілеве папа не было, і аднак у горад яго пускаць не хацелі. Гарматы падрыхтавалі, самі з вайсковай зброяй па валах, па вуліцах, у брамах сталі з той самай прычыны, што паслухмяным быў свайму пастыру і праўдзівае веры 93) . Так-сама тутака ў Полацку, дзе ж быў поп, калі ў ратушы такія бунты адбываліся, што пры тым ледзь не забілі гэтага сь[вятога] мужа і п[ана] ваяводу 94) ? А гэта ні зь якой іншай прычыны, толькі што ў прывілею на гэты пасад, дадзеным Я[го] М[іласьцю] каралём, мелася згадка Вуніі з рымскай Царквой. І ў тым самым Віцебску недзе тры гады таму як у Дабравешчанскай царкве такія бунты ўсчаліся, што шмат хто зь іх сабе пальцы кусалі за тое, што ў тым часе гэтага слугу Божага не забілі ды не ўтапілі 95) . І гэтак у тым самым годзе, калі просты люд ратушу абступіў ды вялікае мітусьні нарабіў, хочучы яго з тамтэйшым п[анам] войтам забіць 96) . Папа тамака не было, але толькі дамагаліся ў гэтага пабожнага мужа, каб веру ім не ламаў і да Вуніі не прымушаў, што і без таго мелі. Тады гэны поп быў толькі зачэпкай для забойства й сьмерці гэтага сьвятога чалавека. І з гэтае прычыны адразу пасьля ягонага ад'езду з Полацку ў Віцебск, шмат хто зь іх у Полацку, ведаючы аб задуме віцебскіх месьцічаў, выхваляючыся, казалі: "Нездаровым (даслоўна) прыедзе назад. Альбо яго прывязуць, альбо сам да нас прыплыве". Ведаў і сам нябожчык ад тым, што яны задумалі. Таму чацьвёртага дня перад сваёй сьмерцю, паведамляючы аб гэтай іхнай задуме, пісаў да аднаго зь Іх М[іласьцяў] п[аноў] сэнатараў, як вышэй было казана. Нарэшце і самі віцебскія бурмістры за дзень да ягонае сьмерці, наўмысна выехаўшы з гораду за паўмілі да аднаго фальварку віленскае капітулы 97) , тамтэйшым мужыкам пра здарэньне, што мусіла адбыцца ў Віцебску з уладыкам, паведамілі і тых, каб пайшлі ў горад на такую справу, падштурхнулі. Адсюль ужо можам зразумець выразна, што забіты не за папа, а за Веру й сь[вятую] Еднасьць. Чаго і мы не аднойчы зьведалі, калі ў нас камяні кідалі, крычаўшы: "Забі, утапі, веру нашую ідуць ламаць", і іншымі спосабамі, як маглі й умелі, шанавалі. Але ёсьць і другая прычына гэткага жорсткага забойства, ня толькі, што адпаведна свайму пастырскаму абавязку рабіў дабро, злых ад злога адварочваючы, а да добрага прыводзячы, адных словамі й ушчуваньнем, як прыватным гэтак і публічным, а іншых правам і штрафамі, некаторых жа караньнем, калі ня мог інакш, так як бы-ло казана пра таго злашчаснага папа, але і таму, што злога рабіць не хацеў. І да таго ж не дазваляў схізматыкам, альбо дакладней гаратыкам, у цэрквах, збудаваных дзеля хвалы Божай і яму даручаных, адпраўляць сваё непраўдзівае набажэнства ані трымаць пры тых цэрквах папоў-схізматыкаў. У чым насьледаваў сь[вятых] айцоў, а дакладна Сыльвэрыя, нашчадка сь[вятога] Пятра, які быў высланы жонкай цэзара Юстыніяна бязбожнай Фядорай за тое, што не хацеў зноўку вярнуць на першы пасад гаратыка Антыма, зьнятага з царгарадзкага пасаду ягоным антэцэсарам 98) Агапэтам 99) , і тамака разнастайнымі катаваньнямі замучаны, здабыў пакутніцкі вянок. Чаму ж тады і гэты хвалебны муж гэткага вянку не павінен атрымаць, бо як і згаданы Сыльвэры, не жадаючы ні ў якой ступені дазваляць гаратычнай злосьці й бязбожніцтва, а значыць і зла рабіць, так, як бачыце, забіты. Памёр тады кажу ў другі, у дзесяты раз гэты сь[вяты] чалавек ня толькі за тое, што не хацеў рабіць зла ды рабіў дабро, але і таксама за вызнаньне сь[вятой] паўсюднае Веры і за зьяднаньне сь[вятой] каталіцкае Царквы, за што і паводле сь[вятога] Яна наш Збаўца "памёр за народ, і ня толькі за народ, але каб расьцярушаных сыноў Божых злучыць у адно" (Ioan 11 w.52) 100) .

Нарэшце, калі б не было іншае прычыны сьмерці, толькі тая, што ў невінаватасьці сваёй забіты з такімі, як пачуеце, акалічнасьцямі, дастаткова і таго. Бо выпусьціўшы ім таго свавольнага папа, а чаляднікам загадаўшы, каб у часе таго хваляваньня нікога не забілі і кулямі ў сваіх супраціўнікаў не стралялі, аддаўся палкай малітве, без сумневу і за тых, якія на жыцьцё ягонае наступалі, і доўгі час на зямлі ляжаў наўскрыж, як нам распавёў той, хто ў гэты час быў зь ім побач, а дакладна дабравешчанскі панамар Ціхан. І зжаліўшыся над мілымі авечкамі і чэлядзьдзю сваёй, якую ўжо супраціўнікі ягоныя, нібы сабакі шалёныя, білі, секлі, стралялі й зьдзекваліся над ёй, як іх на той час злосьць навучыла, падняўся пасьля малітвы ды прамовіў да таго панамара: "Гаротны Ціхан, пушчай ты мяне, а сам схавайся, каб цябе не забілі". Тады, ад сябе яго выпусьціўшы, сам з сьвяцёлкі за ім выйшаў, дзьверы за сабой зачыніўшы, і годныя памяці лагодныя словы прамовіў да забойцаў сваіх: "Дзеткі мае найлюбыя, чым мая чэлядзь перад вамі вінаватая, што яе забіваеце. Калі я перад вамі ў нечым вінаваты, вось маеце мяне". Гэта сапраўдны пасьлядоўнік свайго Госпада й Збаўцы, які таксама калі Яго шукалі каб забіць, выдаючы Сябе самога, апосталаў сваіх бараніў, кажучы гэтак да тых забойцаў сваіх: "Калі (даслоўна) мяне шукаеце, бярыце мяне, а тых, што са мной, пакіньце ў спакоі" (Ioan 18 w.8) 101) . Як шалёна й жорста быў забіты, тутака ўжо ласкавы слых ваш напаўняць ня буду, выкажу толькі тое, калі ў тых рускіх князёў Барыса й Глеба, забітых у нявінаватасьці іхным родным братам Сьвятаполкам, пакутніцтва ніхто не адбярэ і наадварот уся традыцыя прызнае, а Г[оспад] Бог сваімі цудамі пацьвердзіў. Хто ж тады, бачучы невінаватасьць у гэтай і шмат іншых акалічнасьцях, знойдзецца гэткі сьмелы й нягодны, каб у гэтага сьвятога й нявіннага пастыра, забітага сваймі авечкамі гэтак ганебна й нечувана, высакародную пакутніцкую хвалу наважыцца адабраць, ці ня лепш тое ўсім сэр-цам прызнаць.

Але каб яшчэ некаторым прастакам, што пакутніцтва тое зьневажаюць, сталася даволі, ня варта мне забыцца на тую пры-чыну, якую яны ў гэтай справе між сабой згадваюць. Апавядаюць так, што: "Той ня можа быць пакутнікам за каго мноства людзей засуджана на сьмерць, бо не чыталі, каб за каго з праўдзівых пакутнікаў кроў іхных забойцаў пралівалі" 102) . Ня дзіва, што ня ведаюць, бо як самі прызнаюць не чыталі. Я ж блізу года таму чытаў у хроніцы Мацея Стрыйкоўскага і насуперак ім мушу прызнаць. Здарылася гэта, каб не хадзіць далёка, у нашым К[нястве] Літоўскім у Вільні (Strikowski Lib.12 Cap.3) 103) . Калі ў часы паганскія вера хрысьціянская была толькі што абвешчаная. Паганцы, азьверыўшыся, спаймалі чатырнаццаць чалавек з тых, што веры навучалі, і, на крыжах расьсякаючы, жорстка пазабівалі. Князь Альгерд загадаў адсекчы галовы пяцістам віленскім месьцічам. І не зважаючы на гэта, ніхто да гэтага часу ў тых пакутнікаў вянка іхнага не адабраў. Пра тое ж іншы польскі гісторык Кромэр (Crom. Lib. 6. ліст ) 104) пра іншае пакутніцтва біскупа плоцкага Вэрнара [піша], якога некалі на загад кашталяна віскага й намесьніка Прускае зямлі Балеста забілі за маёмасьць царкоўную. Калі за тое згаданага Балеста паводле загаду караля Баляслава ў Гнезьне, на той час сталіцы Польскага каралеўства, спалілі пася-род рынку, аднак Г[оспад] Бог уславіў між хрысьціянаў цудамі сваімі сь[вятога] Вэрнара, як пакутніка. Але навошта нам гэтыя ды шмат іншых прыкладаў прыводзіць? Нягож самому Госпаду і Ўладару пакутнікаў, Збаўцу нашаму можа быць нейкае памяншэньне хвалы Ягонай таму, што праз Боскае дапушчэньне помсты за нявінную кроў Сына Ягонага больш за адзінаццаць разоў па сто тысячаў габрэяў пры разбурэньні Ерусаліму ад паганцаў загінула (Iosef Lib. 7 Cap. 17 & 28) 105) . А значней тое, што большасьць іх вечнымі мукамі ў пекле караюць, бо зьяўляюцца яны тыранамі й перасьледнікамі: Нэронамі, Даміцыянамі, Траянамі, Дыяклецыянамі 106) ды іншымі, якія сь[вятых] апосталаў ды амаль незьлічоную колькасьць хрысьціянаў забілі. Яны цяпер былі б рады за сваю жорсткасьць часовымі пакутамі на гэтым сьвеце задаволіцца, каб толькі ад вечных пакутаў выбавіцца. Калі з тае прычыны, што тыя тыраны на вечныя пакуты аддадзеныя, забітыя імі хрысьціяны пакутніцкага вянку ня страцілі й страціць не маглі, чаму ж тады за часовае цялеснае караньне тых самых катаў маглі яго страціць, асабліва калі і сёньня да Г[оспада] Бога аб помсьце клічуць: "Дакуль жа Госпадзе (сьвяты й праўдзівы) ня судзіш і ня помсьціш тым, што жывуць на зямлі, за кроў нашу" (Apoc. 6 w.10) 107) . Тады такім самым чынам паводле ўяўленьняў тых прастакоў усім сьвятым, якія за сь[вятую] праўду цярпелі, маглі б пакутніцкі вянок з галавы іхнай сарваць, што зьяўляецца выразным і нечуваным вар'яцтвам. Таму, што тыя іхныя забойцы, як і тыя, што гэтага сь[вятога] мужа люта забілі, не за тое былі пакараныя, што імі забітыя атрымалі пакутніцкі вянок, але за сваволю сваю і ўчынак свой. Чаго каралі ды вышэйшыя асобы паводле свайго абавязку і зь любові да агульнага дабра пільнаваць павінны, каб гэткая злосьць і сваволя ў краінах іхных не памнажаліся. Паказаўшы тое, што гэты сь[вяты] муж быў справядлівым у справядлівасьці сваёй і за сь[вятую] справядлівасьць памёр, час бы тады нам гэткаму нечуванаму ўчынку зьдзівіцца. Дзе ж цяпер, мудры Салямоне, якому некалі дзіўна было, што справядлівы ў справядлівасьці памёр, вось і тутака чалавек сь[вяты] й нявінны ня толькі ў справядлівасьці сваёй, але і за справядлівасьць жорстка з гэтага сьвету зыходзіць. Здзіўляйся тутака з сваім бацькам сь[вятым] Давыдам, бачучы, што не паганцы прыйшлі на спадчыну Гасподнюю, але хрысьціяны, і спаганілі сьвятую Царкву (Psal. 78 w.1 & seq.) 108) , ня гэтую матэрыяльную, збудаваную вялікім коштам, але тую духоўную, Богам узьведзеную, у якой сам Бог жыў не на воблаку, але ў Духу Сьвятым. Кінулі труп слугі Божага на зьядзеньне птушкам нябесным, цела сьвятога Твайго - зьвярам зямным, і не было таго, хто б пахаваў. Паглядзі як разьлілі кроў сьвятых Божых ня толькі вакол Ерусаліму, але ў такой вялікай колькасьці, што і ў паўночным краі ў горадзе Віцебску ўдосталь яе хапіла. Зьдзіўляйся, як тое чыстае цела ля плоту падобна да іншых зьвяроў кінутае і зьняважанае валяецца. І ты, сь[вяты] Ёве (Iob 12 w.4) 109) , мусіў бы цяпер зьдзівіцца гэткаму неразумнаму ўчынку, як некалі зьдзіўляўся, калі за дапушчэньнем Божым зь цябе змучанага суседзі твае і нават жонка насьміхаліся, а ты казаў, што "насьміхаліся з прастаты справядлівага". Больш жа цяпер зьдзіўляйся, бо тыя сыны бацьку, вучні настаўніка, авечкі пастыра жорстка забіўшы, зь яго кпяць, зьдзекваючыся не пахрысьціянску, валасы з галавы й барады архірэйскай выдзіраюць, у твар ягоны плююць, нагамі топчуць, брудам і гноем закідваюць, на целе ягоным скокаюць, радуючыся свайму злачынству, якое даказалі, а іншыя, на ім седзячы, разнастайнымі сьпіртусовымі напоямі сябе напаўняючы, нявінную сьвятарскую кроў з крывёй пасечанага сабакі мяшаюць. Зьдзіўляйся, кажу, і глядзі, што падобны да цябе справядлівы й беззаганны для дзетак сваіх і авечак стаўся пасьмешышчам, ці маглі б над памерлым чалавекам больш зьдзеквацца і найдзічэйшыя паганцы. Зьдзіўляйцеся і вы сьвятары Божыя, якія зь ім супольна бяскроўную ахвяру Г[оспаду] Богу прыносілі, гледзячы на крывавую й лютую сьмерць айца й пастыра вашага. І вы, сіроты, убогія, удовы ды дзяўчыны-манашкі, зьдзіўляйцеся нечуванаму забойству апекуна, абаронцы й карміцеля вашага. Глядзіце на вопратку, што перад вашымі вачыма ляжыць, залітую крывёй з галавы расьсечанай бердышом. Глядзіце на валасяніцу, якая яму ў час сьмяротны замест меху служыла, нарэшце і на вяроўкі, што ля труны ляжаць, якімі пастыр і дабрадзей ваш быў зьвязаны і ўтоплены. Глядзіце і на прыцягальны дабрадзействамі келіх, бо ў ім гэты сь[вяты] муж кроў беззаганнага Ягнятка Г[оспаду] Богу прыносіў, які з самахоць расчыненае скрыні на кроў свайго дабрадзея выскачыў. Зьдзіўляйся ж Карона Польская й В[ялікае] К[няства] Л[ітоўскае] гэткаму мярзотнаму й нечуванаму ў нашай айчыне забойству. І тутака сьмела магу казаць: "Зьдзіўляйся Хамаў народзе лютасьці сваёй, бо як наважыўся на айца, настаўніка й пастыра свайго руку ўзьняць, мусіў бы павучыцца ў неразумнага сабакі, які гаспадара свайго, а пасьля сьмерці і цела ягонае да скону бараніў, удзячнасьць дабрадзею свайму выказваючы". Але ты стаўся ў гэтым падлейшым за таго зьвера, бо "адплаціў злосьцю за дабрыню, а за любоў - нянавісьцю" (Psal. 37 w.20 & Psal. 108 w.5) 110) , бо, пастыра свайго забіўшы, над целам ягоным зьдзекваўся. Пераўзышоў у гэтым свайго продка праклятага Хама, які не адкрываў сораму бацькі свайго, але адкрытага захінуць не схацеў 111) . А ты ад галавы да ног агаліў цела айца свайго, глядзеў на яго, дакранаўся, насьміхаўся, зьневажаў яго, вяроўкамі скруціўшы, за ногі па віцебскіх вуліцах цягаў голым. Бойся праклёну Божага, пакутуй і кайся за злоснасьць тваю, ведаючы аб тым, што "будзе радавацца справядлівы, калі пачуе аб помсьце, і абмые рукі свае ў крыві грэшніка" (Psal. 57 w.11) 112) . Калі надыйдзе час помсты з радасьцю гэты справядлівы муж спаласьне рукі свае ў вашай крыві. Плач і пакутуй, каб за грахі вашыя не пакараў Г[оспад] Бог голадам, пошасьцю, мечам і агнём усёй дзяржавы, як пачынаў. А ты, пастыру добры, які ваяваў за сьвятую справядлівасьць і аж да сьмерці за праўду змагаўся, быўшы ўгрунтаваным на моцнай і непарушнай скале, і які не пужаўся ні словаў, ні пагрозаў сваіх злосных ворагаў, але любіў Бога ў целе сваім, і прыняў жыцьцё вечнае, і стаўся сынам праз ласку й хвалу Таго, які сапраўды й рэальна зьяўляецца жыцьцём і "ня хоча сьмерці грэшніка, але каб навярнуўся і жыў" (Ezech. 33 w.11) 113) . Аддалі гнеў Гасподні ад гэтае краіны сваімі малітвамі. Ня кліч да помсты супраціўнікам тваім за кроў тваю, але прасі Г[оспада] Бога твайго, каб яны, адумаўшыся, да паўсюднай і апостальскай Царквы вярнуліся. Памнажай сьвятую Еднасьць, знаходзячыся там у небе з хорамі анёльскімі, пра якую, тут з намі на зямлі жывучы, настойліва ру-піўся і за якую аддаў сваё жыцьцё. А нас сваіх авечак прызволь блаславіць паводле пастырскае традыцыі, як звычайна пад час сь[вятой] Літургіі рабіў, кажучы: "Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і міласэрнасьць Бога Айца, і супольнасьць Духа Сьвятога няхай будуць з усімі вамі. Амін." 114)


1) Крэўза Лявон (2-я пал.ХVI ст.-1639). Манах віленскага Траецкага манастыру і вучань Сьв.Язафата. Навучэнец Грэцкае калегіі (Рым), архімандрыт віленскі (1617-1621), базылянскі протаархімандрыт (1621-1623), архібіскуп смаленскі (1623-1639). Аўтар кнігі "Абарона царкоўнага адзінства..." (Вільня, 1617). Шэраг дасьледчыкаў адносяць гэтую кнігу да супольнае працы Л.Крэўзы і Я.Кунцэвіча.

2) Эклезіяст 7: 15

3) Эклезіяст 2: 10

4) Эклезіяст 2: 8

5) 3-я Царстваў 11: 2 (гл. 11: 3)

6) 3-я Царстваў 10: 22 (гл. 10: 23)

7) 3-я Царстваў 10: 21, 27

8) Эклезіяст 2: 4, 5, 6

9) Эклезіяст 2: 7

10) 3-я Царстваў 4: 21

11) Эклезіяст 2: 17

12) Эклезіяст 2: 11

13) Эклезіяст 1: 13

14) Эклезіяст 1: 17-18

15) Эклезіяст 3: 12 і 8: 5

16) Прыпавесьці 10: 6, 9, 16, 22

17) Эклезіяст 12: 13

18) Псальм 1: 3

19) Псальм 91: 13

20) Прыпавесьці 11: 28

21) Прыпавесьці 10: 30

22) Прыпавесьці 11: 1; Мудрасьць Салямона 2: 12, 19, 20

23) Эзэхіль 1: 1

24) Эзэхіль 1: 4-7. Што традыцыйна перакладаецца як медзь, на самой справе ёсьць злучэньнем высакародных мэталяў золата й срэбра. Па-грэцку гэты матэрыял звалі электрам і зь яго біліся манэты. Таму далей пішацца пра згаданыя мэталі.

25) Эзэхіль 1: 10, 15, 16

26) Эзэхіль 1: 22

27) Эзэхіль 1: 26-28 і 2: 1

28) Адкрыцьцё Яна 4: 3

29) Ісая 14: 13-14

30) Псальм 21: 14

31) Захар 13: 9 (гл. Мудрасьць Салямона 3: 6; 1-ы да карынцянаў 3: 13)

32) Псальм 65: 10-12

33) "Хто сябе ўціхамірвае, той прывязвае да сябе цноты, так што, хто мае адну мноства будзе мець" - Ambrosius Mediolanensis. Expositio Evangelii secundum Lucam, cap. 6 (Амброз Мэдыялянскі. Выклад Эвангельля ад Лукаша, разьдзел 6)

34) "Мудрасьць кіруе тымі, якія ўсё робяць з парадай" (Прыпавесьці 13: 10, 16)

35) Царкоўная кніга або мудрасьць Ісуса Сырахава 21: 29

36) Пасаду старэйшага Сьв. Язафат займаў ад 28.06.1614 г. да 19.07.1617 г.

37) Справядлівае вока (грэц.)

38) " Справядлівасьць узнагароджвае кожнага , хто ёсьць такім : калі аддае старэйшаму належныя павагу і послух , братам - параду і падтрымку , цела сваё трымаючы пад наглядам і ў строгасьці " - Bernardus Claraevallensis. In advento Domini. Sermo 3.6 (Бэрнард Клервоскі. У чаканьні Госпада. Казань 3.6)

39) Сьв. Язафат прыехаў у Полацак 09.01.1618 г. як намесьнік полацкага архі-біскупа Гедэона Бральніцкага. Пасьля спачыну апошняга паводле рашэньня мітрапаліта і на падставе каралеўскага прывілею заняў пасад 31.03.1618 г.

40) Са зьместам згаданых дакумэнтаў можна азнаёміцца ў кнізе Вацлава Пану-цэвіча "Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі", Полацак, 2000, сс. 230-248.

41) Да эфэсцаў 6: 9; Да каласянаў 4: 1

42) Маецца на ўвазе ліст Я.Кунцэвіча да канцлера Сапегі ад 22.04.1622 г. (гл. с. 89)

43) Ёў 1: 21

44) "сьвядомае прыняцьцё на сябе небясьпекаў і цярпеньне пакутаў" - Augustinus Hipponensis. De diversis quaestionibus octoginta tribus 31.1 (Аўгустын Гіпонскі. Восемдзесят тры розныя пытаньні 31.1). Аднак сам сьв. Аўгустын спасылаецца на сэнтэнцыю Цыцэрона зь ягонай першай кнігі "Аб вынаходніцтве" (Marcus Tulius Cicero. De inventione. Liber 2.163)

45) Маюцца на ўвазе травеньская і сьнежаньская 1608 г. спробы віленскага праваслаўнага брацтва гвалтоўна захапіць манастыр Сьв. Тройцы.

46) Тут маецца на ўвазе сталіца архіэпархіі Полацак (параўнай Марк 6: 8).

47) Род 32: 10-11

48) Псальм 10: 2

49) Невядома хто з духоўных асобаў зьвяртаўся ў згаданай справе, але ўскоснае пацьвержаньне маецца і ў лісьце архібіскупа ад 22.04.1622 г. (гл. с. 93).

50) "Суровы суд для тых, хто ўзначальвае" (Мудрасьць Салямона 6: 5) і параўнай Лукаш 12: 48

51) Да габрэяў 13: 17

52) Эзэхіль 3: 18

53) "Сфэры кантактуюць толькі ў адной кропцы" (лац.)

54) Да піліпянаў 3: 13-14

55) падпорны (лац.)

56) 1-ы да карынцянаў 13: 12

57) Абакум 3: 2

58) Псальм 142: 8

59) Псальм 25: 5

60) 1-ы да карынцянаў 13: 11

61) Да габрэяў 6: 18-20

62) Псальм 124: 1

63) Ярэма 17: 17

64) Псальм 25: 8

65) Псальм 68: 10 (і таксама Ян 2: 17)

66) 1-ы ліст Яна 4: 21

67) Ліст дасьледчыкам невядомы

68) Зь ліста Сьв. Язафата да канцлера Сапегі ад 21.01.1622 г. (гл. с. 39)

69) Ян 16: 2

70) Маецца на ўвазе спаленьне 28.07.1435 г. у Віцебску князем Сьвідрыгайлам мітрапаліта Гарасіма.

71) Ліст дасьледчыкам невядомы

72) Ян 15: 13

73) адлюстроўваецца (лац.)

74) 1-ы ліст Пятра 2: 4-6

75) Да эфэсцаў 2: 20

76) Да рымлянаў 9: 1-3

77) Мацей 5: 10

78) Thomas Aquinas 22 9. 124: 5 (Тамаш Аквінскі 22 9. 124: 5)

79) Ліст Якуба 2: 18 і 22

80) Да Тыта 1: 16

81) 1-ы ліст Яна 3: 12

82) Мацей 23: 35

83) 2-я Махабэяў 7 і далей (гл. 7: 1-42). Уладар Антыёх IV Эпіфан (175-164 да н.Х.), сын Антыёха ІІІ Вялікага.

84) 1-я Царстваў 17: 34-35

85) Ян 10: 11

86) Эзэхіль 34: 4

87) Тамсама 9 і 10 (Эзэхіль 34: 9,10)

88) Дні памяці 7 верасьня і 17 сьнежня

89) Марк 6: 17-28

90) Кіліян Вюрцбурскі (~640-689), ірляндзкі місіянэр. Абвяшчаў у Турынгіі і Ўсходняй Франконіі. Забіты разам з сьвятаром Кольманам і дыяканам Тотнанам на загад жонкі князя Гозбэрта Гэляны (Гезылі). Дзень памяці 8 ліпеня.

91) Лямбэрт Маастрыхскі (~638-705), біскуп-місіянэр у Брабанце (часткова ў Бэльгіі і Нідэрляндах). Закатаваны ў Льежы за выкрыцьцё распусты Пэпіна Гэрстальскага з жончынай сястрой. Дзень памяці 26 кастрычніка.

92) Станіслаў (1030-11.04.1079). Навучаўся ў Гнезьне. Быў кракаўскім канонікам, а з 1072 г. - біскупам. Кананізаваны ў 1253 г. у Асізі. Дзень памяці 8 траўня.

93) У часе візытацыі архіэпархіі Я.Кунцэвіч 09.10.1618 г. ня быў упушчаны ў Магілеў узброеннымі месьцічамі.

94) Было гэта недзе ў траўні 1621 г. пры чытаньні ўнівэрсалу аб прызнаньні паўнамоцтваў Я.Кунцэвіча ў прысутнасьці ваяводы полацкага (1613-1621) Міхала Друцкага-Сакалінскага і полацкага кашталяна Міхала Тышкевіча.

95) Маюцца на ўвазе напады ў Віцебску на крыжовыя працэсіі на Дабраве-шчаньне й Сёмуху 1621 г.

96) Было гэта ў часе абвяшчэньня 03.03.1621 г. сурагатарам і войтам віцебскім Міколам Завішам каралеўскага ўнівэрсалу аб прызнаньні паўнамоцтваў Я.Кунцэвіча.

97) З матэрыялаў судовае справы вынікае, што бурмістры выехалі да Бешанковічаў.

98) папярэднік (лац.)

99) Папа Агапэт І (535-536) у часе наведаньня Канстантынопаля быў арыштаваны й зьмешчаны ў вязьніцу, дзе памёр. Папа Сыльвэры (536-537) быў на загад Фядоры схоплены й высланы. Памёр на востраве Пальмарыя ў Лігурыйскім моры. Антым І - канстантынопальскі патрыярх у 535-536 гг.

100) Ян 11: 52

101) Ян 18: 8

102) Артыкул 39 разьдзелу 11 Статуту ВКЛ 1588 г. "Аб скараньню людзей простага стану за забіцьцё шляхціча" (якім быў Я.Кунцэвіч) патрабуе, каб "усе людзі простага стану, якія наўмысна на дом або двор шляхецкі напалі і шляхціча забілі, і каго віна будзе даказаная, былі сьмерцю каранныя".

103) Стрыйкоўскі: кніга 12, разьдзел 3. Пра пакуты тых айцоў францішканаў зь віленскага манастыра Маці Божай маецца паведамленьне і ў нашай "Хроніцы Быхаўца" (гл. Беларускія летапісы, Мн, 1997, с. 98)

104) Кромэр: кніга 6. Вэрнар - шосты па ліку біскуп (1156-1170) плоцкай дыяцэзіі ад часу яе закладаньня. Ад XIII ст. шануецца як сьвяты.

105) Язэп: кніга 7, разьдзелы 17 і 28 (Ідзецца пра кнігу Язэпа Флавія. Юдэйская вайна. Але там канкрэтная колькасьць забітых у часе заваёвы й разбурэньня ў 70 г. рымлянамі Ерусаліму пазначаная ў кнізе 6, разьдзел 9: 3)

106) Даміцыян (51-96) рымскі імпэратар з 81 г. На загад імпэратара за прына-лежнасьць да хрысьціянаў быў забіты ягоны стрыечны брат Тыт Клемент, а жонка высланая з Рыму. Загінуў у выніку змовы.

Траян (53-117) рымскі імпэратар з 98 г. Кіраваньне вызначалася сыстэмным перасьледам хрысьціянства, як рэлігіі, што адмаўляла ўладу дзяржавы над асобаю. Акрамя таго гл. заўвагі на сс. 76-77.

107) Адкрыцьцё Яна 6: 10

108) Псальм 78: 1 і далей (78: 1-4)

109) Ёў 12: 4

110) Псальмы 37: 20-21 і 108: 5

111) Род 9: 21-23

112) Псальм 57: 11

113) Эзэхіль 33: 11

114) Урывак з анафары (ахвяраваньня), галоўнае часткі эўхарыстычнае Літургіі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX