Вярнуцца: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Нам часта здаецца, што гісторыя робіцца ў сталіцах і буйных палітычных, культурных, рэлігійных цэнтрах. На матэрыяле аднаго кутка Беларусі Леанід Лаўрэш паказвае, як нашыя продкі - ад князёў і царкоўных ерархаў - да сялян і шараговых святароў "круцілі" гэта кола гісторыі.
Аўтар у сваёй працы на шматлікіх фактах раскрывае царкоўнарэлігійныя працэсы, якія адбываліся на Лідчыне ў кантэксце аналагічных ўсходнееўрапейскіх працэсаў. Спачатку падаюцца малавядомыя сюжэты і факты аб распаўсюджванні хрысціянства ў краі. Далей паказана выспяванне ідэі царкоўнай уніі у Вялікім княстве Літоўскім, стварэнне і дзейнасць у Лідскім павеце ў XVIІ-XVIII ст. уніяцкіх прыходаў і базыльянскіх манастыроў. Потым адлюстраваны падзеі рэфармавання і ліквідацыі ў першай палове ХІХ ст. уніяцкай царквы на Лідчыне. Завяршае працу сюжэт пра аднаўленне ўніяцкіх прыходаў у канцы ХХ ст. і іх сучаснае жыццё. Побач са штодзённасцю і мікрагісторыяй у кнізе прысутнічае і "вялікая" гісторыя: ў людскіх дзеях, гістарычных постацях, гісторыка-культурных рэліквіях.
Аўтар не абыходзіць ўвагай некаторыя дыскусійныя пытанні далёкай мінуўшчыны, якія не страцілі сваёй актуальнасці і сёння: аб часе заснавання Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці, аб адносінах святара з Дзікушак - бацькі Іосіфа Сямашкі - да сынавай палітыкі ліквідацыі ўніяцкай царквы.
Кніга напісана на аснове багацейшага фактычнага матэрыяла, вышуканага Леанідам Лаўрэшам, як правіла, з недаступных шырокаму чытачу крыніц і літаратуры ХІХ-ХХ ст. Большасць гэтых выданняў з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Хоць фрагментарнасць захаваных дакументальных звестак месцамі ператварае кнігу ў своеасаблівы даведнік пра храмы і прыходы Лідчыны, тым не менш, выкарыстаная крыніцавая база дазволіла даследчыку-краязнаўцу рэканструяваць шэраг унікальных малавядомых і зусім невядомых фактаў з гісторыі свайго краю. Абраны аўтарам храналагічны падыход - даць важнейшыя вехі гісторыі прыходаў ад найбольш ранняга выяўленага ім сведчання аб царкве да сённяшняга дня - звязвае мінулае з сучаснасцю і дае адчуванне свайго месца ў ланцугу пакаленняў.
Безумоўна, прыведзеныя ў кнізе звесткі можна дапаўняць з улікам найноўшых даследаванняў. Гэта ж праца, першая такога роду, раскрывае далёка не вычарпаныя магчымасці беларускага царкоўна-гістарычнага краязнаўства наогул і акрэслівае напрамкі далейшага даследавання канфесійнай гісторыі Лідчыны. Кніга, якую вы трамаеце ў руках, нібы папярэджвае людзей - вернікаў і атэістаў, святароў і прыхаджан: ведайце, пра ўсе вашыя добрыя і дрэнныя ўчынкі даведаюцца нашчадкі, як і мы даведваемся пра справы і намеры сваіх далёкіх і нядаўніх папярэднікаў, дзякуючы закаханым у гісторыю даследчыкам мясцовай даўніны, з кагорты якіх паходзіць Леанід Лаўрэш.
Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX