Вярнуцца: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

РАСПАЎСЮДЖВАННЕ ХРЫСЦІЯНСТВА НА ЛІДЧЫНЕ


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў. Дата заснавання горада, як назва, выклікаюць спрэчкі ў даследчыкаў. Звесткі пра час узнікнення Ліды супярэчлівыя: ад 1180 да 1380 г. Тэадор Нарбут пісаў у сваёй "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" аб княстве Дайнова і заснаванні Ліды ў 1180 г. [1] Найбольш праўдападобнай датай з'яўляецца 1323 г. - пачатак будаўніцтва вялікім князем ВКЛ Гедымінам (1316-1341 г.) Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад [2]. На працягу 1323-1328 г. Гедымін узвёў каля балцкага паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ ст., магутны каменны замак з сотняй байніц і чатырохпавярховай вежай. З 30-х г. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзей на старонках летапісаў і хронік Вялікага княства Літоўскага [3]. Такім чынам, Ліда ўпершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй, і большасць яе насельнікаў былі язычнікі.
Каля магутнага замка расце горад, і ў ім паступова распаўсюджваецца хрысціянства. Спачатку сюды прыйшло хрысціянства ўсходняга ўзору - праваслаўе, якое мясцовыя жыхары прыстасоўвалі да сваіх паганскіх звычаяў, абрадаў, багоў. Вось як гэту ўнікальную з'яву зрастання язычніцкіх і хрысціянскіх вераванняў у Русі Літоўскай (беларускіх землях ВКЛ) апісвае кардынал П'ера д'Альі, які жыў у 1351-1420 гг. [4]: "Русіны першымі занеслі хрысціянства ў Літву каля першай паловы XI ст., але пасля гэтыя хрысціяне, заразіўшыся няправым вучэннем маніхейства, у такой ступені зблізілі сваё хрысціянства з паганствам, што цяжка было сказаць, што пераважала ў гэтай сумесі - хрысціянства, якое ўвабрала ў сябе паганскія пачаткі, ці паганства, якое паглынула хрысціянскае веравучэнне. Невуцтва духавенства, аддзяленне яго ад зносінаў з царквою (каталіцкай - Л. Л.), падзенне Кіеўскага княства да такой ступені сапсавалі… ўсходняе хрысціянства, што некаторыя лічаць іх хутчэй язычнікамі, чым хрысціянамі. Святары не пасвячаліся епіскапамі, а перадавалі сваю пасаду дзецям па спадчыне, збеглыя з Русі манахі жаніліся на іх дачках, самі прымалі маніхейства і дапамагалі яго пашырэнню. Вясковы люд наведваў цэрквы, калі такія былі паблізу, і прымаў святы хрост, вялікая ж частка насельніцтва трымалася старога паганства, ці, змяшаўшы абедзве рэлігіі, адразу ўшаноўвалі ідалаў і прызнавалі праўдзівага Бога. Князі і баяры ўжо з XIII ст. прынялі звычаі, мову і веру русінскую, але ж карысталіся навучаннем падобных святароў … і верылі ў мноства старых забабонаў"[5].
Паводле Т. Нарбута, адначасова з ўзвядзеннем Лідскага замка, г. зн. у 1320-я гг., на яго тэрыторыі была пабудавана праваслаўная царква Святога Юрыя [6]. Пазней, у 1553 г., яе перанеслі ў горад [7].
Пад 1524 г. згадваецца аб існаванні ў Лідзе яшчэ адной праваслаўнай царквы, акрамя замкавай [8]. У пачатку XVII ст. крыніцамі згадваюцца яшчэ 2 праваслаўныя царквы: Прачысценская і Св. Спаса [9].
Горад Ліда прысутнічае ў "Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх" - гістарычна-геаграфічным творы канца XIV ст., у якім змешчаны пералік "рускіх" гарадоў Усходняй Еўропы. Мяркуецца, што ён складзены ў 1396 г. у канцылярыі мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Кіпрыяна і адлюстроўвае населеныя пункты, падначаленыя ўладзе праваслаўнага ("рускага") мітрапаліта.
У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда становіцца цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Павет меў сваю харугву чырвонага колеру з выявай Пагоні [10].
Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, праз які ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае рязмяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаў сустрэчы, перагаворы, урачыстасці [11]. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.
Пачатак каталіцтва ў Лідзе адносіцца да часоў княжання Альгерда. Адзін з літоўскіх вяльможаў, Гаштольд, прыняўшы рымакаталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна Св. Францыска і пабудаваў для іх манастыр ў Вільні [12]. У 1366 г. тры францысканцы прыбылі ў ВКЛ з Польшчы, каб распаўсюджваць тут хрысціянскую веру, і пасяліліся ў Лідзе. Праз тры гады місіянераў забілі паганцы. Але новыя браты-францысканцы прыйшлі ў Ліду. Над магілай сваіх папярэднікаў яны пабудавалі капліцу, пры якой і пасяліліся. Лідскім старастам тады быў хрысціянін Даўгерд. У 1376 г. колькасць місіянераў павялічылася да 9 манахаў. Крыніцы паведамляюць, што яны прывезлі з сабой з Візны абраз Маці Божай [13]. Але ж вядома, што ў Візне ніколі не было францысканцаў, а ў той час не было нават касцёла, каталіцкая парафія там з'явілася толькі ў 1390 г. [14] Такім чынам, з 1360-х г. у Лідзе існавала францысканская місія. Горад згадваецца ў фундушавым дакуменце 1397 г., дадзеным францысканцам [15].
Новы этап хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Есць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы [16]. У 1387 г. была створана Віленская рымска-каталіцкая епархія. Ва ўласнасць епархіі вялікі князь перадаў воласць Дуброўна каля Ліды [17].

У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адчыніў пры касцёле францысканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага закону былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і пасвечаны пад назвай "Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых". Фрагмент прывілея касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілея, а таксама спіс пробашчаў лідскага касцёла [18].
У 1450 г. у вёсцы Крупа (зараз Крупава) пад Лідай пабудавалі філіяльны касцёл.
У 1672 г. лідскі войскі Адам Нарбут разам з жонкай Кацярынай фундаваў будаўніцтва кляштара кармелітаў. У другой палове XVIII ст. пры гэтым кляштары быў заснаваны касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ён існаваў да 1832 г., калі быў скасаваны. У 1908 г. будынак зруйнавалі [19].
У першай трэці XVIII ст. у Лідскім павеце з'явіліся піяры. У 1756 г. па прапанове лідскага старасты І. Сцыпіёна піярскі калегіум, які быў створаны ў 1730 г. у Воранаве, перанеслі ў Ліду.
Мясцовая шляхта ахвяравала піярам фальварк Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. У 1834 г. у піяраў была канфіскавана іх навучальная ўстанова і рэарганізавана ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча [20].
У 1747 (1765?) - 1770 гг. у Лідзе быў пабудаваны з цэглы ў стылі барока, верагодна па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, фарны касцёл Уздзвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу [21].
У сярэдзіне XVI ст. Лідчыну ахапіў рэфармацыйны рух. Кальвіністы з'явіліся ў павятовым горадзе і наваколлі. Іх колькасць так хутка расла, што лідскі касцёл быў на некаторы час зачынены з-за недахопу вернікаў [22]. Вучэнне Кальвіна ў гэтай мясцовасці карысталася падтрымкай князёў Радзівілаў і лідскіх старастаў Абрамовічаў. У Лідзе, Мацкішках, Дакудаве, Сяльцы, Беліцы, Ляцку і інш. былі збудаваныя зборы кальвіністаў. Поступ Рэфармацыі скончыўся са з'яўленнем тут езуітаў, якія на працягу апошняй трэці XVI-XVIII ст.ст. заснавалі некалькі сваіх місій у межах Лідскага павета: у Тракелях, Дворышчах, Ваверцы, Дылеве, Семякоўшчыне і шэрагу іншых населеных пунктаў [23].

[1] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[2] Коўкель І. Ліда // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4. Мінск, 1997. С. 362.

[3] Марозава С. В. Ліда на старонках летапісаў і хронік Вялікага княства Літоўскага // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада. Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. - Ліда, 2009. С. 8.

[4] Pierre d'Ailly, гл. http://en.wikipedia.org/wiki/Pierre_d'Ailly

[5] Смирнов М. Ягелло-Яков-Владислав и первое соединение Литвы с Польшей // Записки императорского Новороссийского университета. Одесса. 1868. T. 2. С. 161-162.

[6] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[7] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[8] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197.

[9] Тамсама.

[10] Насевіч В. Лідскі павет // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 198-199.

[11] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 196.

[12] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[13] Zmicorodzki J. Nowogrodek i okolice. Nowogrodek, 1931. S. 59.

[14] Pyzel K. Kościoł parafialny p. w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie .. Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Tom 2, część III. Kraków, 2008. S. 98.

[15] Тамсама. S. 93.

[16] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 196.

[17] Насевіч В. Віленская рымска-каталіцкая епархія // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 1. Мінск, 2007. С. 417.

[18] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197; Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 2008. С. 233; Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1. (In nomine Dni Amen. Vladislaus dei gratie Rex polonie lituanieque Princeps supremus e. t. c. Heres mie e. t. c. Ad perpctuam rei memoriam. Quamquam ex suscepli cura Regiminis universorum nostrorum Regimini subditoruM utilitale tenemur ad ea tanien que diuini cultui administracionem decus ac gloriam ac statum felicem et quietem, ac virium firmitatem Ministrorum Omnipotentis conspiciunt, tanio dignius intendimus quantum pro ceteris mundi Princibibus nomen Regale solum magniricencie extollit et mirabilius universorum prouidencie creatoris con-sideranles sane Omnipotenlis inimensam clemenciam qua nos ovem pridem perditam ad Begales dignitates solium Clementissimi sublimauit, volentesque tanquam fidelis commissorum gubernator pro infinibis heneficiis aliquibus licet tamen exilio meritis obuiare. Ecclesiam vetere nostre fundacionis olim pp. cc. ord. s. Francisci Apostolis Lituanie cominendandam in opido nostro Lida nunc de nouo conslructam et ad honorem Omnipotentis Dei Gloriosissime Virginis Marie Omnium Sanctorum specialiler Sancti Crucis...... dicalum......dotauirnus bonis prouenlibus et utilitatibus ut in nostris literis ........clare nitilur confirmamus et incorporamus donamus et appropriamus Lidensem..........Dougirdi........ommos thelonis vulgariter. На абаротным баку стаяла дата даданая потым: A. Domini M. CCC. XIIII. Feria iijj. in hebd. Pentecost... У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі... і г.д..... На вечную памяць... Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснаваны раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прывілеямі...).

[19] Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 184.

[20] Самусік А. Лідскі піярскі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 199; Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.

[21] Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 86; Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.

[22] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197.

[23] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX