Вярнуцца: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

ШЛЯХ ДА ЯДНАННЯ


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Хрысціянства прыйшло на беларускую зямлю ў ІХ ст., яшчэ не будучы падзеленым на ўсходняе і заходняе. Да 1054 г. існавала адзіная хрысціянская царква. І нават царкоўны раскол не адразу атрымаў тут шырокі рэзананс. Існуе меркаванне, што нашы продкі трымаліся ў роўнааддаленнасці ад абодвух рассвараных цэнтраў хрысціянства - Царгарада і Рыма. Наступствы царкоўнага расколу да гэтага часу адчувае на сабе беларускі народ, які воляй гістарычнага лёсу апынуўся на месцы разлома хрысціянства - ў зоне сустрэчы-сутыкнення яго ўсходняга і заходняга адгалінаванняў.
Крэўская ўнія парушыла манаполію праваслаўнай царквы на духоўнае лідэрства ў ВКЛ. Паводле Гарадзельскага прывілея 1413 г. каталіцкая шляхта атрымала перавагі ў вышэйшых дзяржаўных сферах. У той жа час вялікія князі літоўскія не маглі ігнараваць ролю праваслаўнай шляхты ў дзяржаве, і ў пачатку 30-х г. XV ст. абмежаванні для праваслаўнай царквы і шляхты былі часткова адмененыя, а пазней, перад Люблінскай уніяй, скасаваныя цалкам [1].
Тым не менш, з канца ХІV ст. у Вялікім княстве Літоўскім набіраў сілу рэлігійны антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам, які вымагаў пошуку кампрамісаў у канфесійнай сферы, патрабаваў рэлігійна-культурнага дыялогу і ствараў спрыяльную глебу для выспявання і прарастання тут ідэі еднасці Царквы. Цесна знітаваная з праблемай адстойвання царкоўнага і дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ, гэта ідэя то ажывала, то затухала. Яе жывілі тут геапалітычны і экуменічны фактары.
Ранні экуменічны рух у хрысціянскім свеце ўвасабляўся ў форму ўсяленскіх царкоўных уній, заключаных на ўмовах прызнання Ўсходняй царквой каталіцкай эклезіялогіі і дагматыкі, але пры захаванні свайго літургічнага абраду. Такімі былі Ліёнская ўнія 1274 г. і Фларэнційская ўнія 1439 г.
Першы раз пытанне аб уніі у ВКЛ было ўзнята каля 1396 г. Ягайла і Вітаўт прапаноўвалі склікаць сабор, які мог бы заняцца пытаннем рэлігійнага аб'яднання хрысціянскага Ўсходу і Захаду, дзесьці на іх "рускіх" землях, паколькі ў тагачаснай рэлігійнапалітычнай сітуацыі такі сабор не мог быць скліканы ні на Захадзе, ні на Ўсходзе [2].
У 1396 г. у Вільні адбылася размова паміж кіеўскім (фактычна маскоўскім) мітрапалітам Кіпрыянам і Ягайлам аб неабходнасці ўніі паміж праваслаўнай і рыма-каталіцкай цэрквамі. Кароль і мітрапаліт звярнуліся да канстанцінопальскага патрыярха з прапановай склікаць "на Русі" агульнацаркоўны сабор і дамовіцца пра аб'яднанне з каталіцкай царквой. Саму ідэю патрыярх падтрымаў, аднак лічыў, што рэалізацыю яе патрэбна адкласці з-за неспрыяльных для праваслаўя часоў (турэцкая пагроза Візантыі).
У 1415 г. была створана аўтакефальная Літоўска-Наваградская мітраполія з цэнтрам у Наваградку. На чале яе стаў пляменнік Кіпрыяна балгарын Рыгор Цамблак, абраны на саборы ў Наваградку. Густынскі летапіс паведамляе пра гэта наступнае: "У год 6923 (1415 - Л. Л.) Вітаўт, Вялікі князь Літоўскі, бачачы, што святая Сафія (Сафійскі сабор у Кіеве - Л. Л.), стольная царква мітрапаліта, не мае гаспадара …, а мітрапаліты, прыйшоўшы з Масквы, толькі пра тое клапоцяцца, каб, што каштоўнае ў Сафіі знайшоўшы, сабе ўзяць, а таксама даніну ў святароў сабраўшы, ў Маскву з сабой завезці, … загадаў усім епіскапам і святарскаму кліру сабрацца на з'езд …, і калі сабраліся, паводле яго волі ў Наваградку ўсе епіскапы: Ісая Чарнігаўскі, Феадосі Полацкі, Дыяніс Луцкі, Герасім Уладзімірскі, Харытон Холмскі, Яўхім Тураўскі і іншыя святары і шмат баяраў, сказаў ім Вітаўт: "Пастаўце сабе мітрапаліта ў маёй дзяржаве, у Кіеве, па даўнім звычаі, бо хоць я і іншай веры, але шкадую, што так запусцела і збяднела ў маёй дзяржаве ваша Кіеўская мітраполія, бо Маскоўскія мітрапаліты клапоцяцца не пра вас, а пра прыбыткі ад вас. Калі не захочаце паставіць тут сабе мітрапаліта, то той, хто пойдзе за мітрапаліта ў Маскву, выносячы казну з маёй дзяржавы … смерцю загіне"[3].
Новаствораная мітраполія адразу праявіла цікавасць да пытання аб заключэнні ўсяленскай уніі. У 1418 г. Рыгор Цамблак выступіў на Кастанцкім саборы з праектам Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі.
Найбольш значнай гістарычнай спробай глабальнага аднаўлення адзінства хрысціянства была Фларэнційская ўнія 1439 г., адным з ініцыятараў і падпісантаў якой быў кіеўскі (маскоўскі) мітрапаліт Ісідор. Па вяртанні з Фларэнційскага сабора ён абвяшчаў унію ў "літоўскай" частцы сваёй (тады яшчэ не падзеленай) Кіеўскай мітраполіі і быў прыхільна сустрэты ў Кіеве, Полацку, Смаленску. У Маскве ж яго абвінавацілі ў заключэнні "ерэтычнай" уніі і заключылі ў манастырскую турму, адкуль яму ўдалося ўцекчы ў Вялікае княства Літоўскае.
У 1458 г. адбыўся афіцыйны падзел адзінай да таго Кіеўскай мітраполіі на дзве мітраполіі: Літоўскую і Маскоўскую. Падставай сталі прэтэнзіі літоўска-наваградскага мітрапаліта Грыгорыя на кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і яго спробы пашырыць унію. Падлічана, што з дзевяці мітрапалітаў, абраных у ВКЛ у XV ст., пяцёра былі ўніятамі або прыхільнікамі царкоўнай уніі [4].
Да канца ХVІ ст. выразна выяўляецца асобнасць гістарычнага лёсу праваслаўя ў ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Узмацненне ўлады вялікіх маскоўскіх князёў за кошт ліквідацыі правоў розных слаёў грамадства ставіла праваслаўную царкву ў поўную залежнасць ад самаўпраўства свецкіх уладаў. І, наадварот, у ВКЛ праходзіў працэс паступовай трансфармацыі грамадства ў бок шляхецкай дэмакратыі. Праваслаўная царква, як грамадскі і рэлігійны інстытут, а праваслаўнае духавенства, як саслоўе, знаходзіліся пад абаронай законаў. Праваслаўнае насельніцтва мела магчымасць выяўляць грамадскую актыўнасць, якая, напрыклад, у канцы XVI ст. праявілася ў стварэнні і актыўнай дзейнасці царкоўных братстваў.
Ідэя ўніі ў ВКЛ у XV-XVI ст. абумоўлена геапалітычным становішчам беларускіх земляў паміж хрысціянскім Захадам і Ўсходам, а таксама сінтэзам усходняй і заходняй еўрапейскіх культур. Лідэры беларускай праваслаўнай царквы, а таксама шляхта і мяшчане ў значнай ступені былі інтэграваныя ў заходнееўрапейскую культуру. Спробы абараніцца ад яе ўплыву ва ўмовах пашырэння сувязяў з Польшчай і краінамі Заходняй Еўропы вялі да культурнай і палітычнай ізаляцыі.
У другой палове XVI ст. праваслаўная царква Кіеўскай мітраполіі, якая ўнесла вялікі ўклад у духоўную культуру беларускага народа, зведала моцныя ўдары Рэфармацыі і контррэфармацыі. Процістаяць ім магла толькі царква з магутным інтэлектуальным патэнцыялам. Аднак, праваслаўе на беларускіх землях не мела тады ўласнай багаслоўскай школы і магутных інтэлектуальных цэнтраў. Праваслаўны Ўсход не мог аказаць рэальнай дапамогі ў рашэнні гэтых праблем, таму што Візантыя знаходзілася пад уладай турак. У другой палове XVI ст. праваслаўная царква ВКЛ апынулася ў стане крызісу, выкліканым слабым узроўнем адукаванасці яе духавенства і падзеннем царкоўнай дысцыпліны. Адмоўнае значэнне мела і традыцыйная залежнасць праваслаўнай царквы ад свецкай улады. У пошуках выхаду з крызісу сваёй царквы, прадстаўнікі праваслаўнай эліты прыйшлі да ідэі рэгіянальнай уніі з Рымам. Ужо згаданыя аб'ектыўныя геапалітычны і экуменічны фактары, узмоцненыя ростам міжканфесійнай напружанасці ў паслялюблінскі перыяд, вымагалі пошуку кампрамісаў у рэлігійнай сферы. Беларусь стала першапраходцам у практычным вырашэнні праблемы аб'яднання хрысціян. Разам з тым, Брэсцкая царкоўная ўнія мела і палітычнае адценне. Частка інтэлектуальнай і палітычнай эліты ВКЛ убачыла ў ёй шлях кансалідацыі грамадства на канфесійнай аснове [5].
Уніяцкая царква нарадзілася на царкоўным саборы 1596 г. у Брэсце. На пачатку яна сустрэла пэўны супраціў. Аднак у 1630-я г. тварам да ўніі паварочваецца беларуская шляхта, на працягу другой паловы XVII-XVIIІ ст. уніяцтва прымае большасць праваслаўных беларусаў.

[1] Васюк Г.В. Теоретико-методологические подходы к исследованию истории православной церкви на территории Беларуси в конце X - начале XX в. // Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2008. С. 43-47.

[2] Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej / Przekł. A.Niclewicz. Lublin-Rzym, 1997. - T. I. S 36-37.

[3] Падокшын С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мінск, 2000. С. 28.

[4] Абламейка С. Хай усе будуць адно // Беларуская мінуўшчына. 1994. № 4. С. 33-36.

[5] Васюк Г. В. Теоретико-методологические подходы к исследованию истории православной церкви на территории Беларуси в конце X - начале XX в. // Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна. 2008. С.47-50.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX