Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

БАЗЫЛЬЯНЕ НА ЛІДЧЫНЕ 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Ордэн святога Васіля Вялікага, якога шанавалі як усходнія, так і заходнія хрысціяне, быў адноўлены (фактычна, створаны нанова) кіеўскім уніяцкім мітрапалітам Іосіфам Руцкім у 1617 г. у Наваградку, дзе адбылася першая кангрэгацыя новага манаскага ордэна. Кангрэгацыя зацвердзіла статут ордэна, распрацаваны І. Руцкім на аснове правілаў Св. Васіля і на ўзор статутаў каталіцкіх законаў. Руцкі быў абраны першым протаархімандрытам (генералам) базыльянскага ордэна, які для ўніяцкай царквы адыграў значную ролю, аналагічную ролі ордэна езуітаў у каталіцкай царкве. Рэзідэнцыяй базыльянскага ордэна стаў Тараканскі манастыр у Кобрынскім павеце. Падлічана, што на тэрыторыі Беларусі ў XVII - першай палове ХІХ ст. існавала 55 базыльянскіх кляштараў [1].
Базыльянскі ордэн шмат зрабіў для ўмацавання ўніяцкай царквы і ўзвышэння яе культурнага ўзроўню. Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці ордэна была асвета. Шырокую вядомасць набылі базыльянскія школы. Бліжэйшымі да Ліды навучальнымі ўстановамі ордэна, дзе маглі атрымліваць адукацыю і таленавітыя юнакі з Лідчыны, былі: "Філасофская школа" пры базыльянскім манастыры ў Барунах; "Вышэйшая тэалагічная школа" пры царкве Св. Тройцы ў Вільні; "Філасофская школа" ў Суцькаве Ашмянскага павета; "Філасофская школа" пры базыльянскім манастыры ў Жыровіцах [2]. Базыльянскія школы давалі добрую адукацыю, што прызнавалі нават непрыхільныя да ўніі сучаснікі [3]. Базыльянскі ордэн унёс значны ўклад у развіццё кніжна-пісьмовай культуры Беларусі XVI-XVIII cт. Ён стварыў свае друкарні ў Вільні, Супраслі, Менску, Львове, Пачаеве і выдаў у іх з 1628 г. па 1800 г. кнігі 1080 назваў, з якіх каля 40% складалі свецкія выданні. Пасля скасавання ўніі ў 1839 г., базыльянскія манастыры засталіся ў Галіцыі (зліквідаваны Сталіным у 1946 г.). Але Ордэн дзейнічаў у эміграцыі. Напрыканцы 80-х гадоў ХХ ст. базыльяне аднавілі сваю дзейнасць у Беларусі і Ўкраіне [4].
На Лідчыне дзейнічалі два базыльянскія манастыры: у вёсках Голдава і Глушні (Глушняны). Архіепіскап Афанасій Мартас лічыў Голдаўскі мужчынскі манастыр адным з найстаражытнейшых манастыроў Беларусі [5]. Мартас згадвае таксама Глушнянскі манастыр [6]. Ён размяшчаўся каля ўрочышча "Манастырышча" (недалёка ад маёнтка Вензаўшчына). Побач, ва ўрочышчы "Царкоўшчына", да пачатку ХVІІІ ст. ("да шведаў") стаяла царква, якая, верагодна, адносілася да базыльянскага манастыра [7]. Захаваўся фундушавы запіс смаленскага чашніка Аўгусціна Даўгірда і ягонай жонкі Марыяны Глушнянскаму манастыру на маёнткі Глушні і Земяпішы ад 09.01.1745 г. [8] У ХІХ ст. ў Глушнянскім манастыры жыло 6 манахаў [9]. У 1797 г. віцэ-правінцыял базыльянскага ордэна Сільвестр Антановіч абавязаўся ўтрымліваць конвікты (інтэрнаты, у якіх выхаванцы жывуць разам на поўным забеспячэнні) пры шэрагу базыльянскіх манастыроў, у тым ліку і конвікт на аднаго вучня ў Глушнянах [10].
У гістарачнай літаратуры згадваецца адукаваны, "здатны да гаспадаркi і высокамаральны" манах Антонi Сураж, які закончыў свой жыццёвы шлях у 1791 г. у Глушнянскiм манастыры. Перш чым патрапіць ў Глушняны, ён вучыўся ў Быценьскiм навiцыяте, з'яўляўся пракуратарам у базыльянскіх манастырах у Быценi, Вiльнi, Бязводзiчах, Барунах, Суцькаве, Гродне [11].
Постаць аўтарытэтнага ў народзе і ордэне базыльянскага каплана Атаназа Галаўні знайшла адлюстраванне ў мастацкім творы Генрыка Ржэвускага (1791-1866) "Аповяд старца". Вось такі цуд, здзейснены А. Галаўнёй у Лiдзе, падае Ржэвускі: "Базыльяне на Літве былі моцныя. … ён (Атаназ Галаўня - Л. Л.) ніколі не прагнуў кіраўніцтва ў сваім законе, ад уплывовых людзей уцякаў, толькі з сялянамі і ўбогімі бавіў час. … некалі пад час голаду, што панаваў на Лiтве ў 1744 годзе, у Лідзе на рынку сярод дня, стос камянёў у стос боханаў хлеба знакам святога Крыжа перамяніў. Аб тым сведчылі болей за тысячу сялян і некалькі дзясяткаў шляхты, тым хлебам накормленыя" [12].
Глушнянскі манастыр быў зачынены ў 1827 г. [13], а ўсю яго маёмасць разам з манастырскімі фундушамі перадалі лідскаму благачыннаму Гарбацэвічу і запісалі за лідскай царквой. Апошнімі ў манастыры заставаліся базыльяне - настаяцель Лаўрэнці Высоцкі і манах Ян Свірковіч, каторых са скасаваннем Глушнянскай абіцелі перавялі ў Віленскі манастыр [14]. Іераманах Лаўрэнці Высоцкі адмовіўся кінуць унію, таму быў высланы на Валынь, у Загорскі манастыр, што ва Ўладзімірскім уездзе, і памёр далёка ад радзімы [15].

[1] Кірэеў В. Р. Базыльяне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. C. 280.

[2] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 269.

[3] Уния в документах. Минск, 1997. С. 433.

[4] Кірэеў В. Р. Базыльяне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. C. 280.

[5] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990. С. 7-6.

[6] Там же. С. 218.

[7] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 109.

[8] Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Шчучынскага раёна. Мінск, 2001. С. 43.

[9] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie.Wilno, 1912. S. 269.

[10] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 319.

[11] Клiмаў С. Базыльяне на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага ў другой палове ХVIII ст. // Беларускi гiстарычны агляд. 1996. Т. 3, сш. 2.

[12] Rzewuski H. Opowiadania starca. T. 1. Warszawa, 1854. S. 220.

[13] Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Документы, относящиеся к истории церковной унии в России. Том 16. Вильна, 1889. С. 628.

[14] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 147.

[15] Там же. С. 533.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX