Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Бабры 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Бабры. Можна меркаваць, што менавіта ўніяцкая парафія ў Бабрах ускосна згадваецца ў крыніцы 1721 г. - судова-следчай справе духоўнага кансісторскага суда. Гэта справа была заведзена на ваўкавыскага лоўчага Казіміра Станіслава Калушэўскага. Уніяцкі мiтрапалiт Леў Заленскі абвінаваціў тады яго ў гвалтоўным пераводзе сялян-уніятаў яго вёсак Нецеч, Старажымавічы і Чаплічы (паблізу ад іх знаходзіцца вёска Бабры) у рыма-каталіцтва. Сведкаў па справе пыталі, якую веру сяляне вызнавалі да таго. Тыя адказвалі, што ў вёсках жылі і католікі, і ўніяты, была і "схізма" (праваслаўе), згадваюць веру пад назвай "старалітва" [1].

У ходзе следства высветлілася, што К.Калушэўскі і яго жонка Марыяна з Невяроўскіх фундавалі ў Нецечы касцёл і 19 жніўня 1715 г. надалі новастворанай рыма-каталіцкай парафіі фундуш: 3 валокі зямлі, 10 прыгонных сялян і карчму. Першым пробашчам парафіі стаў ксёндз Антоні, родны брат фундатара [2]. Вось тады Калушэўскія, каб новая парафія займела дастатковую колькасць вернікаў, і ўжылі "адміністрацыйныя захады" адносна ўніятаў з навакольных вёсак.

У цэнтры вёскі Бабры і сёння стаіць Свята-Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная з дрэва ў 1810 г. Фундатар царквы - абшарнік Карл Ляскевіч. Каля царквы пасадзілі тады дуб, які расце да гэтага часу. У 1880 г. над бабінцом надбудавалі званіцу, а пры ўваходзе зрабілі тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з якога найлепш захавалася фасадная частка. Храм рэстаўраваны ў 1935 г.

На царкоўным двары, на поўнач ад храма, знаходзіцца камень-следавік вышынёю 0,5 м з адбіткам жаночай ступні. Мясцовае паданне кажа, што гэты след належыць Маці Божай. Камень раней ляжаў на лузе, за царкоўнымі могілкамі. У 1920-я г. яго прывезлі да храма; мясцовы святар асвяціў гэту рэліквію [3].

Вядома, што праваслаўным святаром у 1920-я г. у Бабрах быў Александр Бяляеў. Ён распаўсюджваў сярод вернікаў беларускую газету "Крыніца", праводзіў беларускую асветніцкую працу [4].

На пачатку 1960-х г. атэістычныя ўлады зачынілі царкву і забаранілі набажэнствы. Вялікія стосы царкоўных кніг выкінулі тады ў гразь на вясковую вулiцу. Кнігі загінулі.

Царква ў Бабрах знаходзіцца сёння ў добрым стане і дзейнічае.



[1] Марозава С. В. Ваўкавыскія ўніяты. Ваўкавышчына: З гісторыі краю і лёсу людзей. Матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі. Ваўкавыск, 1997. С. 63-66.

[2] Piramidowicz D. Kościół parafialny Sw. Michała Archanioła w Niecieczy // Ziemia Lidzka 2007. № 1.

[3] Лідскі Летапісец. 2000. № 9. С. 21.

[4] Kuwalek R. Zycie spoleczno-polityczne ziemi Lidzkiej // Zemia Lidzka. 1997. № 25. S. 13.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX