Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Голдава 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Голдава. Маёнтак Голдава (Олдава) у канцы XVI ст. купіў ў Чартарыйскіх каралеўскі дваранін Ян Рыгоравіч Трызна. У 1613 г. яго сыны Адам і Аляксандр (будучы лідскі падкаморы) падзялілі паміж сабой бацькоўскія ўладанні. Першаму дастаўся маёнтак Лябёда (зараз вёска ў Лідскім раёне), другому - маёнтак Голдава. Голдава, акрамя панскага маёнтка, было тады мястэчкам з праваслаўнай царквой Св. Спаса, якую заснавалі і надзялілі фундушамі продкі братоў Трызнаў. У 1633 г. Аляксандр Трызна заснаваў пры Голдаўскай царкве праваслаўны манастыр. Паміраючы бяздзетным, ён запісаў маёнтак Голдава ў пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Хрысціне Швяйкоўскай [1].

У сваім тэстаменце лідскі падкаморы Аляксандр Трызна завяшчаў жонцы заснаваць у маёнтку Голдава пры царкве, дзе ён прасіў сябе пахаваць, невялікі манастыр і даручыць тую царкву з манастыром у апеку манахам віленскага манастыра Св. Духа. А за гэта ён даручыў ёй адвесці віленскім манахам 3 моргі зямлі і аддаць пляц з домам у Наваградку на Ковенскай вуліцы. Сама ж яна магла карыстацца маёнткамі, якія засталіся ад мужа, кожны год выплачваючы голдаўскім манахам 200 злотых, а перад сваёй смерцю - яшчэ і аддаць ім у вечнае карыстанне свой фальварак або заплаціць за яго 3000 злотых.

Хрысціна выканала волю мужа часткова: перадала Свята-Духаўскім манахам 3 моргі зямлі і пляц з домам у Наваградку. Аднак, хутка ўзяўшы другі шлюб, 200 злотых за 1634 г. не выплаціла, а пакінутыя ў спадчыну маёнткі мужа прадала. Справа дайшла да суда з віленскім манастыром [2].

У 1634 г. маёнтак Голдава выкупіў брат нябожчыка Адам Трызна разам са сваёй жонкай, княжной Альжбетай Друцкай-Горскай. У пачатку 1660-х г. Голдавам валодаў іх сын Казімір Крыштаф Трызна, які развёўся са сваёй жонкай Ганнай Ломскай і, стаўшы манахам, узначаліў Свята-Духаў манастыр у Вільні, а ў 1680 г. быў абраны праваслаўным епіскапам. У манастве ён вядомы як Клеменс (Клемент) Трызна.

У 1685 г., перад сваёй смерцю, Клемент Трызна запісаў Голдаўскаму праваслаўнаму манастыру фундуш на землі і сялян. Пасля яго Голдавам валодала яго сястра Тэадора Соф'я Трызнянка, жонка Мікалая Стэфана Паца. У 1690 г. уладальнікам маёнтка быў ужо ваўкавыскі стольнік Уладзіслаў Юрый Трызна, які памёр пасля 1714 г. Голдава апынулася ў валоданні розных застаўных пасэсараў [3], у якіх у 1718 г. маёнтак выкупіў троцкі падсудак Францішак Міраслаў Вянцковіч.

У гэтым жа годзе Ф. Вянцковіч перавёў Голдаўскі праваслаўны манастыр з царквой ва ўнію, і ў 1721 г. запісаў Голдаўскаму базыльянскаму манастыру фундуш на зямлю і сялян.

У 1762 г. маёнтак Голдава ў якасці пасагу па жонцы атрымаў скарбнік ВКЛ Антоні Важынскі. У 1791 г. маёнткам валодаў яго сын Фелікс Важынскі, які ў 1795 г. пабудаваў новую царкву Раства Багародзіцы на месцы заняпалага манастыра.

Акрамя таго, на праваслаўных Голдаўскіх могілках існавала драўляная царква святых Канстанціна і Алены, пабудаваная на сродкі мясцовага святара Канстанціна Самсонавіча Брэна ў 1867-1870 г. Яна згарэла ў 1970-я г. [4]

Такім чынам, сучасная царква Раства Багародзіцы была пабудавана ў Голдаве ў 1795 г. з дрэва на месцы манастыра. Перад царквой устаноўлена двух'ярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі. На званіцы прымацаваны тры званы розных памераў: вялікі 1991 г., сярэдні 1928 г.; на малым звоне дата вырабу адсутнічае. Царква і званіца - помнікі беларускага народнага драўлянага дойлідства.

Асаблівую цікавасць уяўляюць два каваныя крыжы, устаноўленыя на цыбулепадобнай галоўцы і над апсідаю. Па форме крыжоў бачна, што царква будавалася як уніяцкая - яны маюць традыцыйную нацыянальную форму. Крыжы ўніяцкіх цэркваў звычайна вылучаюцца ажурнасцю, багаццем дэкору, глыбінёй сімвалічнага зместу. Уніяцкая царква - народная царква (у канцы XVIII ст. да 80% беларускіх сялян былі ўніятамі), і таму яе атрыбутыка ўтрымлівае шматлікія элементы традыцыйнай народнай культуры. Круглы дыск на месцы перакрыжавання разам са звілістымі палоскамі (ззяннем) сімвалізуе сонца, прамяні святла. Унізе - паўмесяц, сімвал ночы. Так увасабляецца ідэя перамогі жыццестваральнай сілы Бога над цемрай, перамога дабра над злом. Тры крыжыкі на канцах вялікага крыжа сімвалізуюць Святую Тройцу [5].

У Голдаўскай царкве захоўваўся старажытны абраз Божай Маці візантыйскага стылю [6].



[1] Брэгер Г. Гісторыя вёскі Голдава ў Лідскім раёне // ГЕРОЛЬД LITHERLAND. 2002. № 3-4 (7-8). С. 90.

[2] Макарий. История Русской церкви. Т. 5. отдел 1. глава 4. [Электронный ресурс] - Рэжым доступу: zhurnal.ru/magister/library/history/makary/mak5104.htm - Дата доступу: 07.02.2010.

[3] Застаўны пасэсар (лац. possesio) - уладальнік зямлі паводле права закладавага валодання (застаўны - закладны).

[4] Брэгер Г. Гісторыя вёскі Голдава ў Лідскім раёне // ГЕРОЛЬД LITHERLAND. 2002. № 3-4 (7-8). С. 91.

[5] Лакотка А. І. Нацыянальныя рысы Беларускай архітэктуры. Мінск, 1999. С. 67.

[6] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 100.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX