Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Дзікушкі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Дзікушкі. Лічыцца, што ў 1442 г. прыход ў Дзікушках ўжо існаваў. Першапачаткова тут была драўляная царква. Інфармацыя аб старой драўлянай царкве ёсць ў "поданьи" (перадачы) 31 ліпеня 1732 г. дзікушскай царквы і прыхода лідскаму протапрасвітару Яну Скарымскаму. Дакумент змяшчае вопіс царкоўнай маёмасці: "Царква драўляная, з адным купалам, на ім жалезны крыж, дах нанова пакрыты гонтаю … Срэбная чаша старадаўняй работы, пазалочаная, паламаная … Евангелле рукапіснае старадаўняе … Цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Чанстахоўскі. Царкоўная адзежа, кнігі, пабудовы (плебанія), зямля і сяляне (12 мужчын з 2 канямі і 6 валамі). Прыпісная царква - лябёдская" [1]. 15 лістапада 1781 г. слухалася справа аб абвінавачванні дікушскага параха Антонія Свідэрскага "в неблагоповедении" [2]. Вядома, што на пачатку XVIII ст. дзікушскай уніяцкай царкве належыў адзін "дым" (сялянская гаспадарка).

Яшчэ ў канцы ХІХ ст. у царкоўнай рызніцы захоўвалася рукапіснае з кінаварру Евангелле (верагодна тое, што згадваецца ў вопісе 1732 г.). Дата напісання ў самім рукапісе не ўказана, але на срэбнай дошчачцы вокладкі пастаўлены 1587 г. У прытворы царквы ХІХ ст., у раме, знаходзілася перанесеная са старой драўлянай царквы пабітая мармуровая пліта памерам 3х1,5 аршыны (1 аршын = 0,711 м) і таўшчынёй у 0,5 аршына. На гэтай пліце быў стараславянскі надпіс, тэст якога занатаваў мясцовы настаўнік: "Тутъ лежитъ в томъ гробе положена Марина Мартиновна М…сковича Скуминовня Тышкевичая невеста побожностью и учтивостью вшелякую часу житія своего на свете всем людям в том панстве въ 20 летъ знаемая цнот вшелякихъ христіанскихъ взоръ и образъ видомыхъ дней добрыхъ благославенства божего пана пошедши за мужъ зъ дому родичевъ своих у году 14 лет отъ нароженія своего жила у малженском стани … 42 годы по смерти мужа своего удовою годовъ 32 учтиво своего провиденя до конаня своего о другомъ малженствіе не мыслечи оставивши … всего потомства своего душъ больше 838 … въ старости … не только матка маткомъ але бабкомъ и прабабкамъ маткою была дождавши пращурят т.е. четвертага поколеня своего оглядавши в року 88 отъ нароженія своего душу свою въ руки Творцы Своему отдала и до фалы его святое зъ сего света представилася у выменю отчинномъ малжонка … на которомъ отъ него оставлена была в Дикушкахъ Року божага нар. 1598 мца іюля 28 дня у воторокъ годину 4 и въ томъ же року 98 мца сентября 3 дня похована при церкве преображенія Христова отъ своихъ старшего Дмитра Скумина старосты менскаго маршалка его к. мсти у в. кн. лит. писаря замковъ волостеи украины а молодшаго Теодора Скумина воеводы Новгородскага старосты Городенскага, Олитскаго, Юрборскага и Нововольскаго" [3].

Скуміны-Тышкевічы - старажытны шляхецкі род (герба Ляліва), які прыняў прозвішча ад трэцяга сына Каленіка Мішковіча Цішкі (Цімафея), што жыў у першай палове XV ст. Унук другога сына Цішкі-Льва - Ян Тышкевіч, стараста Чарнобыльскі, меў сем дачок і двух сыноў. Яго сын Зміцер Скумін-Тышкевіч (маршлак ВКЛ, менскі стараста) быў бацькам чатырох сыноў. Разам са сваім другім сынам Тэадорам (Федарам) Скуміным-Тышкевічам ён фундаваў мармуровую дошку ў Дзікушскай царкве. Тэадор Скумін-Тышкевіч быў ў 1577 г. паслом ад караля Стэфана Баторыя ў Маскве. Потым прыняў удзел у вызваленні Полацку ад войскаў Івана Жахлівага.

Першапачаткова Тэадор Скумін-Тышкевіч выступаў супраць аб'яднання цэркваў. Але потым стаў прыхільнікам уніі [4]. Мітрапаліт Макары ў сваёй "Гісторыі Рускай царквы" пісаў: "…і наваградскі ваявода Скумін-Тышкевіч, які настолькі раней быў супраць уніі, зараз прыняў яе і зрабіўся яе заступнікам" [5]. Дарэчы, апошнім з роду Скумінаў-Тышкевічаў быў Людвік Скумін-Тышкевіч († 1808), польны гетман ВКЛ, жанаты на сястры апошняга караля Рэчы Паспалітай Канстанцыі Панятоўскай. Людвік валодаў маёнткам Гародна на Лідчыне [6]. З яго смерцю галіна Скумінаў-Тышкевічаў спынілася.

Пасля скасавання ўніі, у Дзікушскі прыход Літоўскай епархіі, на месца, дзе раней працаваў святар Канеўскі, будучы мітрапаліт Іосіф Сямашка ўладкаваў свайго бацьку, таксама Іосіфа Сямашку, які страціў месца святара ў Кіеўскай губерні. Пасля таго, як Іосіф Сямашка-бацька прыняў праваслаўе, ён быў высвечаны ў 1840 г. у Жыровіцах на званне саборнага протаярэя і ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам. Сямашка-бацька разам з жонкай пераехаў на Лідчыну. Дзікушкі спадабаліся старым Сямашкам, і яны пражылі тут 15 гадоў, адсвяткавалі залатое вяселле і дажылі да 80-летняга веку. Сын-мітрапаліт наведваў іх адзін-два разы ў год [7]. Усяго ў сям'і Сямашкаў было 5 сыноў і некалькі дачок, мітрапаліт Іосіф - малодшы сын.

Прэабражэнская каменная царква была пабудавана мясцовым абшарнікам Рафаілам Грабоўскім як уніяцкая і асвечана ў 1840 г. [8] Новая царква, адразу пасля заканчэння будаўнічых прац, часова была пакрытая саломай. 26 красавіка 1842 г. загарэлася карчма, размешчаная каля царквы. Пажар хутка перакінуўся на саламяны дах храма, у якім якраз ішло багаслужэнне. Усе драўляныя часткі царквы згарэлі, выратавалі толькі царкоўнае начынне. На ўзнаўленне і ўпрыгожванне Дзікушскай царквы настаяцель зрабіў значныя ахвяраванні. Ён набыў 130 пудоў ліставога жалеза і пабудаваў новы бляшаны дах, збудаваў каменную званіцу і каменную агароджу вакол царквы. Акрамя таго, быў уладкаваны іканастас, на двух ярусах якога стаялі абразы апосталаў, прарокаў, Спаса, Тайнай вячэры, а абраз Бога Айца быў прымацаваны да столі над прастолам. Стары Сямашка быў старанным і вельмі сумленным святаром. Ён шмат зрабіў для сваёй царквы і прыхажан, быў добрым бацькам сваім дзецям [9].

Сямашка-бацька адмоўна ставіўся да ліквідацыі ўніі, а адзін з братоў мітрапаліта - гранічна адмоўна. Паспрабуем разабрацца з гэтым пытаннем.

Хутка пасля смерці мітрапаліта Іосіфа Сямашкі протаіерэй А. Мацкевіч, у "благочинии" [10] якога знаходзіўся прыход Паўлаўка, радзіма Сямашак (пад Кіевам), сабраў пісьменныя і вусныя ўспаміны аб гэтым родзе. Г. Я. Кіпрыяновіч у кнізе "Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского …" прывёў гэтыя звесткі. З нагоды заўвагі архімандрыта Мадэста (потым архіепіскапа Валынскага) аб тым, што "бацька Іосіфа ахвотна прыняў праваслаўе", протаіерэй Мацкевіч пярэчыць: "Ведаўшы яго асабіста, і пры тым блізка, магу сцвярджаць толькі зваротнае: толькі пераехаўшы ў Літву … ён стаў праваслаўным і то больш па назве". Далей Мацкевіч кажа, што "фанатызм і нянавісць да праваслаўя асабліва выказваў сын протаіерэя Сямашкі, святар Ян (Иоанн) Сямашка" (родны брат мітрапаліта) [11]. Але аб браце мітрапаліта трохі ніжэй.

У 1827-1829 гг. стары святар "выпрабаваў шмат засмучэнняў". "Раўніцелі ўніі" абражалі яго з-за сына і пагражалі пазбавіць права на богаслужэнне (ён служыў у асобным уніяцкім алтары ў Ілінецкім каталіцкім касцёле). Кіпрыяновіч піша, што бацька таксама падазраваў свайго сына ў схільнасці да "схізмы" [12]. І таму стары быў у захапленні, прачытаўшы ў 1828 г. у "Віленскім весніку", што адкрытая ў Жыровіцах Літоўская семінарыя засталася ў "злучэнні з рымскай царквой", а не звернутая ў "схізму", як баяліся дбайныя ўніяты. Не зразумела і прычына, па якой стары Сямашка пакінуў месца службы пры сваім алтары ў касцёле: "з-за непрыязнасці ксяндзоў, а можа быць і ў сілу новых, выдадзеных урадавых распараджэнняў". З гэтага факта, прыведзенага Г. Я. Кіпрыяновічам, можна дапусціць, што бацька галоўнага ліквідатара ўніі мог быць пазбаўлены сваёй пасады з-за таго, што не адразу прыняў палітыку сына. Стары не прыняў праваслаўнай абраднасці, якая ўводзілася ў той час ва ўніяцкай царкве. Пасля страты месца, ён падарыў сваю хату каля касцёла сыну-лекару Мікалаю і купіў іншы дом, насупраць старога, дзе зрабіў з кухні малельню, упрыгожыўшы яе абразамі. У гэтай малельні стары Сямашка правёў па ўніяцкім абрадзе шлюб сваёй дачкі Алены. Па ўспамінах відавочцаў, маладыя падчас вянчання стаялі на каленах.

Ліквідацыя ўніі была нечаканасцю для Сямашкі-бацькі. Па словах мітрапаліта Іосіфа, стары Сямашка "нічога не ведаў папярэдне" аб кіруючай ролі свайго сына ў гэтай справе і не спагадаў яму ў гэтым. Мітрапаліт у сваіх лістах да бацькі пераконваў яго ісці за сабой і прыняць праваслаўе. Ён даслаў свайму бацьку багатую рызу і падрызнік узамен лацінскага "габіта" (габіт - манаская рыза), які святар насіў да гэтага часу.

У пачатку 1840 г. стары святар, не маючы места працы, даў падпіску аб далучэнні да праваслаўя. Далей Сямашка-бацька старанна і добрасумленна служыў праваслаўным святаром на Лідчыне [13]. Ён памёр 17 ліпеня 1856 г. (па старым стылі). Высокапастаўлены сын у гэты час быў у Маскве на каранаванні Аляксандра ІІ і ў пахаванні бацькі ўдзелу не прыняў. Святар Іосіф Сямашка быў пахаваны ў каменнай пячоры пад левым клірасам Дзікушскай царквы. Над магілай была прымацавана мармуровая пліта з надпісам: "Здесь покоится тело раба Божия протоиерея Иосифа Семашко. Родился 1776 г. 20 августа. Скончался 17 июля 1856 г." [14]. У 80-х гг. ХХ ст., калі царква стаяла зачыненай, злодзеі разрабавалі пахаванне. Парэшткі засталіся на месцы, але каштоўныя, па меркаванню злачынцаў, рэчы былі выкрадзеныя.

Інакшай была справа з родным братам мітрапаліта Іосіфа, святаром Янам Сямашкам. Аб сваім браце Ян Сямашка гаварыў так: "пракляты: ён і сябе ўтапіў, і народ загубіў". Калі, аднойчы, праваслаўны святар паказаў Яну партрэт яго знакамітага брата, "ён з шаленствам кінуў партрэт на падлогу і пры гуках пабітага шкла ўцёк". Паміраючы, Ян завяшчаў пахаваць сябе пры Ілінецкім касцёле, і ксяндзы былі гатовы выканаць яго волю. Але праваслаўныя святары забралі цела нябожчыка і пахавалі пры праваслаўнай царкве, чаму мітрапаліт быў рады, і даслаў ім за гэта грашовую ўзнагароду. Жонка Яна Сямашкі, дачка ўніяцкага святара, каб пазбегнуць пераводу ў пануючую веру, перайшла ў рыма-каталіцтва [15].

…Маркотная гісторыя падзелу сям'і верай…

Але і для вышэйшых бюракратычных кругоў імперыі Іосіф Сямашка заставаўся чужым. У 1843 г. дзяржаўны сакратар М. А. Корф прымеціўшы, што Мікалай I не дае Сямашку асабістых аўдыенцый, выказаў здагадку, што імператар дзейнічае згодна з прынцыпам "любяць здраду, але здраднікам пагарджаюць" [16].


Шмат цяжкасцяў перажыў прыход ў Дзікушках у ХХ ст., аднак у 1936 і 1956 гг. у храме рабіўся капітальны рамонт.

Прэабражэнскую царкву ў Дзікушках зачынілі ў атэістычным 1961 г., і аж да 1998 г. яна паступова прыходзіла ў запусценне.

Са зменай дзяржаўнай палітыкі адносна рэлігіі і царквы ў Беларусі, храм у Дзікушках аднавіў сваю дзейнасць. У 1999 г. на ім усталявалі новы купал з крыжам. Пасля доўгіх рамонтных прац, якія праводзіў настаяцель царквы а. Георгій Сеўрук, 10 кастрычніка 2009 г. храм быў асвечаны архіепіскапам Наваградскім і Лідскім Гурыем.



[1] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 68.

[2] Тамсама. С. 396.

[3] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 101.

[4] Niesiecki K. Herbarz Polski. Wyd. J. N. Bobrowicz. Lipsk, 1842. T. 9. S. 17-184.

[5] Макарий. История Русской церкви. Том 5. Отдел 1. [Электронный ресурс] - Рэжым доступу: zhurnal.ru/magister/library/history/makary/mak5102.htm - Дата доступу: 07.02.2010.

[6] Aftanazy, R. Dzieje rezydencji T. 4. Wroclaw, 1993. S. 122-139.

[7] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 419.

[8] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 550.

[9] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 419-420.

[10] Царкоўная акруга на чале якой стаіць "благочинный", які назірае за дзейнасцю і маральнасцю "белага" святарства на сваёй тэрыторыі.

[11] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 414-416.

[12] Раскол - у дадзеным выпадку маецца наўвазе не з'яднаная з Рымам усходняя царква.

[13] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 417-418.

[14] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 422-423.

[15] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 8.

[16] Долбилов М., Миллер А. Западные окраины Российской империи. Москва, 2006. С.110.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX