Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Жыжма (Князюкоўцы) 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Жыжма (Князюкоўцы). Да 1860 г. тут была драўляная Пакроўская царква. Самая ранняя выяўленая намі згадка пра яе датуецца 1667 г.

У тэстаменце, складзеным 4 лютага 1667 г., мясцовы шляхціц Сільвестр Война Аранскі наказвае сваім дзецям пахаваць яго ў "Жижемской" царкве Лідскага павета, здаўна збудаванай і "уфундаванай" яго продкамі, у склепе, дзе ўжо "покоится" прах яго жонкі.

А каб у гэтай царкве заўсёды ўзносілася хвала Богу, абшарнік С. В. Аранскі запісаў на святара і царкву "данину" са свайго маёнтка Князюкоўцы: 2 валокі землі, якія ляжаць над ракой Жыжмай, званыя Татаршчына і Зарубоўшчына; "двух подданных, сидящих на двух четвертях грунта", а таксама штогадовую хлебную ссыпку з маёнтка Жыжма, а менавіта - бочку жыта віленскай меры і гарнец віна.

За гэта ў царкве, як завяшчае С. В. Аранскі, павінны "на сваём коште" ўтрымліваць "дьяка для пения" і штотыдзень служыць дзве абедні за спачын душы фундатара і яго продкаў. Ён патрабуе ад сваіх дзяцей і нашчадкаў строга выконваць тэстамент, уласнымі сродкамі падтрымліваць царкву, рамантаваць, а калі дрэва згніе, то пабудаваць новую. Сваю маёмасць землеўладальнік размеркаваў пароўну паміж сынам і дачкою. Ён выказаў жаданне, каб непаўнагадовы сын Іван быў аддадзены на вучобу ў езуіцкую школу [1].

Жыжмянская царква пералічваецца ў спісе ўніяцкіх храмаў Лідчыны 1753 г., які захаваўся ў Архіве ўніяцкіх мітрапалітаў [2].

З дакументаў гэтага ж Архіва даведваемся пра "неблагоповедение" "жизмянскаго" адміністратара Якуба Жухавецкага, у якім яго 7 жніўня 1780 г. абвінавачваў "новогородицки" адміністратар Станіслаў Пятроў [3].

У 1860 г. на месцы старой, прыйшоўшай у нягоднасць Пакроўскай царквы, кіраўнік Віленскай палаты дзяржаўнай маёмасці, сапраўдны стацкі дараднік Антон Андрэевіч Глушаноўскі на ўласныя сродкі ўзвёў новы храм з бутавага каменя ў выглядзе крыжа.

Вядома, што ў 1930-я г. у Пакроўскай царкве служыў святар Уладзімір Бука, які ў 1939 г. прыняў пакутніцкую смерць - быў расстраляны мясцовымі "змагарамі за ўстанаўленне ўлады Саветаў" [4]. Сам храм таксама зведаў людскую жорсткасць - у 1980 г. Быў часткова спалены маладымі людзьмі, якія ўбіралі ўраджай на вясковых палетках. Адноўленая ў 1992 г. царква дзейнічае і сёння.



[1] Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Акты Главного Литовского трибунала. Т. 12. Вильна, 1883. С. 593.

[2] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 153.

[3] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 388.

[4] Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2006. с.205.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX