Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Маламажэйкаўская Багародзіцкая царква-крэпасць 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Маламажэйкаўская Багародзіцкая царква-крэпасць - адна з тых трох культавых пабудоў памежжа ХV-ХVI ст. (другая і трэцяя - гэта Сынкавіцкі і Супрасльскі храмы-крэпасці), дзякуючы якім Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры.

Згодна з нашымі звесткамі, яна пабудавана ў 1524 г. Фундатарам царквы лічыцца Шымка Мацкавіч. Існуюць розныя версіі часу заснавання гэтага ўнікальнага храма. У літаратуры ХІХ ст. ён датаваны пачаткам ХV ст. на падставе вельмі спрэчнага дакумента 1648 г., у якім гаворыцца наступнае: "Отец Феодосий Воротынский, протопоп Лидский, до книг митрополитных, … в Новогрудку будучи…, подал лист ограниченный церкви Мало Мажейковской Мурованой: грунтов, лесов, сеножатей, самого седлиска и прочих принадлежностей, сходно стародавнего фундуша, учиненного чрез зошлого его милости Шимка Мацкевича Шклёнского, подконюшего Виленского, державца Ушпальского, Пенянского и Радунского, наданых и належачих на тую ж церковь Мурованую, в повете Лидским лежачую и им побудованую, року 1407 мая 10 дня" [1]. На сённяшні дзень верыфікаваць гэты дакумент не ўяўляецца магчымым. Ён выклікае сумнеў тым, што ў 1407 г. Шымкі Мацкавіча яшчэ не было на свеце. У 1542 г. ён - і гэта дакладна ўстаноўлена - зрабіў завяшчанне на карысць Маламажэйкаўскай царквы, якая да таго часу ўжо была пабудавана.

Падчас рамонту храма ў 1871-1872 гг. быў знойдзены камень з надпісам "Христово раб Иерей Авраам, 1469 г.". З гэтага робіцца выснова, што царква ў ХV ст. ужо існавала, і пабудавана яна была ўдалечыні ад дарог і значных населеных пунктаў вялікім літоўскім князем Вітаўтам. Аднак невядома, як валун трапіў у царкву. Яго маглі пакласці тут у час цырымоніі перанясення астанкаў духоўнай асобы з ранейшага храма, што даволі часта тады практыкавалася. Дакладна невядома, хто фундаваў будаўніцтва. Магчыма, гэта быў князь Васіль Палубенскі, які ў 1514 г. атрымаў ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта І пацвярджальную грамату на маёнтак Мажэйкаў [2].

На карысць больш позняга за 1407 год узвядзення Маламажэйкаўскай царквы ўскосна сведчыць яе архітэктура. Названыя храмы абарончага тыпу ў Супраслі, Сынкавічах і Маламажэйкаве, на думку беларускіх і польскіх вучоных, узведзены прыблізна ў адзін перыяд (звычайна называецца памежжа XV-XVI ст. або пачатак XVI ст.) і з'яўляюцца, па меркаванню шэрагу дасладечыкаў той эпохі, вынікам і праявай распаўсюджвання ідэй Фларэнцкай уніі 1439 г. сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага княства Літоўскага [3]. Гэтыя храмы першыя ў гісторыі праваслаўнага культавага будаўніцтва ў Беларусі спалучылі ў сабе рысы візантыйскага тыпа і заходнееўрапейскай готыкі, што стала магчымым дзякуючы жывучасці ў ВКЛ традыцый уніі 1439 г.

Гісторык Ю. Ядкоўскі, які па даручэнню Маскоўскага археалагічнага таварыства даследаваў Маламажэйкаўскую царкву ў 1913 г., датаваў яе першай паловай ХVІ ст. З ім быў згодны беларускі мастацтвазнаўца М.М. Шчакаціхін. Спецыяліст па абароннаму будаўніцтву на Беларусі ў XVI-XVIII ст. М.А. Ткачоў таксама датаваў храм першай паловай ХVI ст. - паміж 1516 і 1542 г. [4]

Дойлід, які будаваў царкву, быў не толькі добрым архітэктарам і фартыфікатарам, але таксама і таленавітым мастаком-дэкаратарам. Вытанчаным малюнкам характарызуецца сістэма гатычных зводаў збудавання. Круглае вакно над уваходам - прыём, звычайны для культавых пабудоў гатычных і раманскіх храмаў. У аснову дэкора галоўнага фасада царквы пакладзена чаргаванне нішаў розных абрысаў і велічыні. Па задуме дойліда, на франтоне царквы павінны бялець толькі нішы, якія сваім белым колерам раней выразна кантраставалі з чырвоным фонам цаглянай муроўкі. Колеравыя кантрасты, пластыка франтона, гарызантальныя цягі на фасадах і ярусах храма сведчаць пра з'яўленне ў беларускім дойлідстве пачатку XVI ст. элементаў рэнесанснай архітэктуры [5].

Верагодна, з ХVIІ ст. царква становіцца ўніяцкай.

За сваю доўгую гісторыю Маламажэйкаўская царква зведала шмат выпрабаванняў. Падчас вайны сярэдзіны XVII ст. Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1656 г., была моцна пашкоджана. Але праз некалькі гадоў царкву аднавілі. У 1706 г. шведскае войска Карла ХІІ, ідучы на Палтаву праз Жалудок, абстраляла па загаду караля царкву, якая здзівіла яго сваім незвычайным выглядам. Пасля гэтага царква моцна запусцела. У інвентары 1804 г. ёсць запіс аб яе занядбаным выглядзе.

Адноўлена Маламажэйкаўская царква была, па адных крыніцах, у 1817 г., па іншых, у 1822 г., ужо як праваслаўны храм. Тады перарабілі верхнюю частку франтонаў і адрамантавалі дах. Больш значныя змены аблічча храма зведала пры перабудове 1871-1872 г. Заходнія вежы дабудавалі на сажань вышыні, у адной з іх уладкавалі званіцу. Да заходняга фасаду прыбудавалі прытвор. Ва ўсходніх вежах зніклі драўляныя лесвіцы, была замуравана частка байніц, знялі герсы над жалезнымі дзвярыма, якія апускаліся пры небяспецы.

У час чарговага рамонту змянілі інтэр'ер храма - у яго перадалтарнай частцы пабудавалі сцяну, якую, аднак, у часы другой Рэчы Паспалітай разбурылі. У ХІХ ст. храм абнеслі агароджай.

У сярэдзіне ХVIІІ ст. у Вялікім Мажэйкаве яго ўладальнікі Чапскія пабудавалі ўніяцкую капліцу, як філію Маламажэйкаўскай царквы. Калі храм-крэпасць прыйшоў у заняпад, капліца замяняла яго. Яе закрылі падчас ліквідацыі царкоўнай уніі ў першай палове ХІХ ст. Ад капліцы не засталося нават слядоў, і нам невядома, дзе яна размяшчалася ў вёсцы [6].

Дастаткова цікавую, аднак, верагодна, тэндэнцыйную інфармацыю аб Маламажэйкаўскай царкве знаходзім у дадатку да кнігі П. М. Бацюшкава "Белоруссия и Литва". У перакладзе С. Судніка гэта інфармацыя выглядае наступным чынам: "Маламажэйкаўская царква збудаваная ў 1407 г. падканюшым віленскім, дзяржаўцам ушпольскім, пенянскім і радуньскім панам Шымкам Мацкевічам-Шклёнскім. Характэрная архітэктура яе, якая нагадвае сярэднявечныя замкавыя будынкі, наводзіць на думку, што храм гэты быў не толькі домам малітвы, але і абаронай і сховішчам людскога скарбу ў былы час спусташальных войнаў і рабаванняў. Сцены царквы, складзенай з моцнай, як жалеза, цэглы, - у сажань таўшчыні; па вуглах яе ўладкованыя спічастыя вежы, у якія былі праведзеныя з царквы спіральнымі каменнымі лесвіцамі адмысловыя хады, знішчаныя ў 1817 г. разам з патаемным ходам і такімі ж адтулінамі ў сценах; пад царквой былі ўладкованы два склепы; уваход у царкву абараняўся цяжкавагавымі жалезнымі дзвярамі, якія апускаліся на ланцугах з нішы, зробленай у сцяне; на жаль, гэтыя дзверы не захаваліся, быўшы самавольна прысвоеныя "патронам" царквы, мясцовым абшарнікам Казімірам Кастравіцкім. Па аповядах старажылаў, шведы бамбардзіравалі царкву падчас стаянкі Карла XII лагерам у мястэчку Жалудку. Гістарычныя лёсы Маламажэйкаўскай царквы мала вядомыя. Старажытныя дакументы аб ёй былі спаленыя абшарнікам Кастравіцкім у XVIII ст.; засталіся толькі больш познія дакументы і мясцовае паданне. Паводле гэтых звестак аказваецца, што з абнародаваннем ўніі Маламажэйкаўская царква была захопленая ўніятамі і з таго часу падпала пад скажэнні лацінскімі новаўвядзеннямі, пазбавілася большасці вернікаў, якія перайшлі ў каталіцызм, і прыйшла ў спусташэнне і жабрацкі стан Як царква ўніяцкая яна не пазбавілася ад нападу і спусташэння з боку казакоў. Паны-патроны і самі базыліяне замест ахоўвання святыні і павелічэння яе дабрабыту абрабавалі царкву ў рухомай і нерухомай маёмасці. Асабліва абуральныя былі ўчынкі згаданага вышэй "патрона", абшарніка Кастравіцкага. Пачуўшы, што настаяцель Пётр Афанасевіч знайшоў у дамавіне заснавальніка царквы Шымкі Мацкавіча шмат золата, Кастравіцкі з лютасцю прыступіў да святара, жадаючы прысвоіць сабе ўяўны скарб; але сустрэўшы адмову, ён пачаў катаваць жонку святара, якая, па адных звестках, памерла ад катавання, па іншых - была задушаная служкаю пана; калі ж муж памерлай адправіўся да пана прасіць літасці сабе і сваім дзецям, то Кастравіцкі пад выглядам пачастунка напаіў святара дап'яна, адвёў на стайню і, пасадзіўшы яго на ланцуг, загадаў яму вучыць казла спяваць так, як спяваюць у царкве. Абуральная сцэна працягвалася цэлую ноч. Тым часам гаспадарка святара падвергнулася рабаванню панскай чэлядзі. Няшчасны айцец Пётр не вытрымаў і, прахварэўшы некаторы час, сканаў 19 красавіка 1794 г. ад голаду і холаду.

Пасля смерці святара Афанасевіча "патрон" Маламажэйкаўскай царквы Кастравіцкі пачаў адносіцца да падапечнага яму храма па-свойму. Паставіўшы ў царкве арган, ён запрасіў кармелітаў і прымусіў іх прапаведаваць, што веры праваслаўнай няма ва ўсім свеце, што ўнія паглынутая лацінствам, што толькі рымская царква і кіраўнік яе могуць адчыніць дзверы ў Царства Нябеснае. Потым ён выбудаваў супраць царквы велічны касцёл для прыцягнення ў яго сялян, але апошнія не вырашаліся пакінуць свой храм і славянскую абраднасць богаслужэння.

Падчас праезду імператара Аляксандра Паўлавіча з Вільні ў Гародню гасудар заўважыў убаку царкву і пажадаў агледзець яе. Гэта была Маламажэйкаўская царква, якая глыбока ўразіла цара сваім маркотным і жабрацкім станам. Васпан загадаў неадкладна рамантаваць царкву і нагляд за гэтым даручыў слонімскаму абшарніку Юндзілу. Наказ гэты застаўся, аднак, не выкананым, і пакуль збіраліся і надумваліся прыгатаваць матэрыялы, царкоўны дах абрынуўся ад удару маланкі ў алтарную частку. Гэта было ў 1805 г.; толькі праз пяць гадоў паправілі дах, але ўнутранасць царквы засталася без усякіх выпраўленняў, і нават рамы ў вокны не былі ўстаўленыя.

Поўнае аднаўленне старажытнага Маламажэйкаўскага храма і прыстасаванне яго пад звычаі праваслаўнай царквы належыць ужо бліжэйшаму да нас часу. Адрамантаваная з вонкавага боку і ўсярэдзіне, яна асвечаная 21 студзеня 1873 г. У іканастасе яе ў ліку абразоў знаходзіцца старажытны абраз Божай Маці, гісторыя якога характарызуе адносіны палякаў да рускіх святынь.

У сяле Воўчынках знаходзілася драўляная царква з трыма валокамі зямлі, якія належаць да яе. Самога прыходу ўжо не існуе, а зямля прысвоеная мясцовым абшарнікам. Настаяцель Маламажэйкаўскай царквы айцец Леў Савіцкі з дакументаў даведаўся, што ў Воўчынскай царкве знаходзіўся, між іншым, абраз Божай Маці ў срэбнай рызе з малюнкам месяцавага паўкола ў падножжы, а адна жанчына яму сказала, што абраз знаходзіцца ў мясцовага абшарніка, "у цёмным і смуродным месцы". Жадаючы выбавіць праваслаўную святыню з ганебнага становішча, святар адправіўся да абшарніка, але той адказаў, што абраза ў яго няма. Калі ж маёнтак быў здадзены ў арэнду шляхціцу, і апошні задумаў прадаць некаторыя будынкі, то святар паслаў двух сваіх вернікаў з той мэтай, каб яны, пад выглядам куплі будынкаў, пашукалі абраз. Вынік атрымаўся самы спрыяльны: абраз знайшоўся ў свіране. З гонарам ён быў ўзяты і перанесены ў Маламажэйкаўскую царкву. Гэта адбывалася ў 1868 г.

Не лішне дадаць, што царква ў Воўчынках прададзена за нікчэмную суму габрэям на лазню і перавезена імі ў мястэчка Васілішкі, а цвінтар царкоўны аддадзены пад каталіцкія могілкі" [7].

У канцы XIX ст. аб цудам захаваным старажытным абразе Божай Маці і аб знаходцы скарбу срэбных і залатых манет пад адной з вежаў Маламажэйкаўскай царквы пісаў дырэктар Віленскага музея старажытнасцей археолаг Ф. В. Пакроўскі [8].



[1] Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст. Мінск, 1993. С. 72-73.

[2] Тамсама. С. 73-74.

[3] Семянчук А. А. Распаўсюджанне ідэй Фларэнцкай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім ў канцы ХV - пачатку ХVІ ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна : ГрДУ, 2009. - C. 162.

[4] Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст. Мінск, 1993. С. 75.

[5] Лакотка А. І. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мінск, 1999. С. 175.

[6] Круцікаў У., Лаўрэш Л. Гісторыя парафіі ў Ішчалне // Наша Слова. 2005. 15 чэрвеня.

[7] Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. СПб., 1980. Дадатак В. Виды местностей и зданий. С. 129.

[8] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 100.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX