Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Нагародавічы 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Нагародавічы. Царква Святога Мікалая. Вёска Нагародавічы ў XVI-XVII ст. - уласнасць сям'і Вельямінаў-Руцкіх. "Слоўнік геаграфічны…" піша, што тут адбыўся першы з'езд уніяцкай капітулы пад кіраўніцтвам мітрапаліта Іосіфа Руцкога. Першая драўляная царква была таксама пабудавана мітрапалітам Руцкім, аб чым сведчылі дакументы, якія знаходзіліся ў царкве яшчэ на пачатку XX ст. Пра царкву "Слоўнік геаграфічны…" паведамляе, што да перабудовы 1894 г. яна захоўвала свой першапачатковы выгляд [1]. У сучасных крыніцах напісана, што царква пабудавана ў 2-й палове XIX ст. Трохзрубны храм складаецца з прамавугольных у плане прытвора і малітоўнай залы і пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай. Архітэктурная выразнасць храма дасягаецца сродкамі аб'ёмнай кампазіцыі, яе прасторавым і ярусным нарастаннем да вертыкальнай дамінанты - ад нізкага прытвора да высокага цэнтральнага зруба і, нарэшце, да паліганальнай апсіды і нізкай рызніцы.

Гісторык Жуковіч П. Н., цытуючы першага біёграфа мітрапаліта Руцкога, Рафаіла Корсака паведамляў: "Руцкі прыйшоў да думкі пра неабходнасць больш трывалай пастаноўкі ўсей справы ўладкавання жыцця манахаў, каб пасля яго смерці справы не прыпыніліся. З гэтай мэтай ён склаў устаў Базыліянскага ордэна і на Нагародавіцкай кангрэгацыі палажыў заснаванне самага ордэна" [2]. І далей: "Як вядома, толькі да часу першай (Нагародавіцкай) базыльянскай кангрэгацыі 1617 г. Руцкі напісаў … першы том правілаў манаскага жыцця" [3].

У дакуменце ўніяцкай царквы 1824 г. "О средствах умножения в Греко-униатском духовенстве просвещения" ёсць такі урывак: "Каля 1615 г. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі задумаў даць іншае ўладкаванне цэлай рускай іерархіі і ў ёй адукацыі духавенства. …Таму па радзе езуітаў і па узору іх ордэна ён даручыў ордэну базыльянаў клопат аб свецкіх вучылішчах і на гэта атрымаў дазвол у папы Паўла V. 3 снежня 1615 г. …мітрапаліт завёў такія вучылішча, а ў 1617 г. яны ужо былі ў Наваградку і ў Мінску, як сведчыць пра гэта першы базыльянскі сход які адбыўся ў Навагародзічах (тут памылка - Нагародавічах, - Л. Л.)" [4]. Цалкам матэрыялы Першай Нагародавіцкай кангрэгацыі надрукаваны ў Т. 12 "Археографического сборника документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа" [5].

У купчай ад 26 кастрычніка 1635 г., якая была састаўлена пры продажы мітрапалітам Руцкім фальварка Нагародавічы Яну Булгаку, напісана: "в держанье … подали есьмо фольваркъ наш, … зъ церковью въ томъ фольварку, до которое церкви и грунту придано волокъ пулторы, то есть: подъ свещенником волока одна, а под подданымъ его полъ волоки, которая то церковь вечными часы застовати маетъ…" [6].

Неабходна сказаць і пра яшчэ адну сакральную пабудову ў Нагародавічах, пра якую піша "Слоўнік геаграфічны…" - старажытны касцёл у стылі італьянскага барока пабудаваны ў XVI ст. Першапачаткова гэта быў кальвінскі збор (айцец мітрапаліта Іосіфа Руцкога - Фелікс Руцкі быў кальвіністам, і будучы мітрапаліт ў маладосці менавіта з кальвінізму перайшоў у ўнію). З часам касцёл быў закінуты і ператвораны у склад, а часткова ў жылыя памяшканні і атрымаў назву "скарбец". Згодна з "Слоўнікам геаграфічным…", у варшаўскім часопісе "Каласы" за 1871 ці 1872 гг. друкаваліся малюнкі з выявамі "скарбца" [7]. Нажаль, часопіса пакуль знайсці не атрымалася. Можна меркаваць, што малюнкі ўладальніка маёнтка, мастака Вікенція Дмахоўскага, друкавалі ся ў артыкуле Е. Хлапіцкага "Малюнкі з тэкі падарожнай" у 1869 г. [8]

Дакладна вядома, што да 1939 г. "скарбец" яшчэ існаваў, бо гісторык і краязнаўца Антон Грыжайла-Прыбытка ў 1936 г. пісаў пра: "жылы панскі дом з лістоўніцы, пабудаваны Тызенгаўзам ў сярэдзіне XVIII ст. і добра захаваны "скарбец" - былы кальвінскі збор і касцёл з паловы XVI ст., верагодна пабудаваны Руцкім… У 1569 г. перад Люблінскай уніяй тут быў праведзены з'езд дысыдэнтскіх біскупаў" [9].



[1] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego… Warszawa. 1895. Т. 14. S. 558.

[2] Жукович П. Н. Жизнеописание митр. Иосиф Вельямина Рутского, составленное митр. Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улучшении внутреннего строя униатской церкви / П. Н. Жукович // Христианское чтение. - 1909. № 8-9. С. 1099.

[3] Тамсама. С. 1102.

[4] АВАК. Т. 16. Вильна. 1889. С. 521.

[5] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1900. Т. 12. С. 7-16.

[6] АВАК. Т. 11. Вильна. 1880. С. 114.

[7] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego… Warszawa. 1895. Т. 14. S. 558.

[8] Chlopicki E. Kartki z teki podróżnej // Klosy. 1869. № 9.

[9] Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S. 30.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX