Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Орля 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Орля. Стараннямі гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла, князя на Біржах і Дубінках, у 1634 г. Орля атрымала права выбіраць войта і лаўнікаў, праводзіць раз на тыдзень кірмаш і іншыя правы, што набліжала яе да мястэчкаў з магдэбургскім правам. Орля мела свой кальвінскі збор - значыць, яе закрануў рэфармацыйны рух, які, аднак, у першай палове XVII ст. згасаў сам па сабе і пад ціскам контррэфармацыі. На пачатку ХVІІ ст. у Орлі ўжо не было свайго пратэстанцкага пастыра, бо амаль не засталося вернікаў. Час ад часу для набажэнства сюды прыязджаў святар з Падляшша.

У 1726 г. па загаду луцкага епіскапа ў кальвіністаў забралі звон (магчыма за даўгі). У 1732 г. кальвіністы яшчэ валодалі зборам, але ў 1754 г. яго ў Орлі ўжо не было. На яго месцы паўстала ўніяцкая парафія, якая ў 1775 г. налічвала 2488 вернікаў (1249 мужчын і 1239 жанчын) [1]. Праўда, уніяцкая царква ў Орлі згадваецца ўжо пад 1753 г.[2] Ёсць звесткі аб пабудове ў вёсцы драўлянай Пакроўскай царквы ў 1783 г.[3]

У канцы ХІХ ст. на званіцы Арлянскай царквы знаходзіўся звон 1665 г. з надпісам на нямецкай мове. Верагодна, гэта быў былы пратэстанскі звон. Але ў народзе хадзіла легенда аб тым, што гэты незвычайны звон быў знойдзены ў Нёмане разам з жонкай святара - тапельніцай [4].

У 1866 г. у межах шырока разгорнутага ў Беларусі па загаду віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва праваслаўнага культавага будаўніцтва, замест драўлянай царквы ў Орлі пабудавалі новую царкву з бутавага каменю.



[1] Słownik geograficzny królestwa Polskiego. Warszawa, 1886. T. 7. S. 583.

[2] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 153.

[3] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 550.

[4] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 102.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX