Папярэдняя старонка: УНІЯЦКІЯ ПРЫХОДЫ І ХРАМЫ ЛІДЧЫНЫ

Радзівонішкі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Радзівонішкі. Царква Св. Ганны была пабудавана з дрэва "дзедічам" - законным спадчыннікам і гаспадаром маёнтка ў Радзівонішкі Халхоўскім у 1696 г. [1]

Архіў уніяцкіх мітрапалітаў захаваў толькі асобныя фрагменты з гісторыі гэтай парафіі. Дакументы 1725 і 1748 г. прыводзяць факты неналежнага выканання святарскіх абавязкаў: адпаведна Янам Герасімовічам і Стэфанам Паплаўскім (невыкананне ўмоў утрымання фундушу, з'яўленне ў прыход без "презенты" (дазволу) калятара [2], пропускі набажэнстваў) і строгага рэагавання на гэта духоўнага начальства [3]. Напэўна, і іх нядбайнасцю царква ў ХІХ ст. прыйшла ў поўны заняпад і была разабрана.

У студзені 1797 г. інстыгатар Лідскага дэканату Ян Мыслевіч разбіраў справу пра "цуд", які адбыўся ў Радзівонішскім прыходзе, якім кіраваў адміністратар [4] царквы Палікарп Хазановіч. Хазановіч абвінавачваўся ў тым, што ён ці яго падначалены прымацаваў на ліпе, якая расла на могілках каля царквы, абраз Найсвяцейшай Панны Чанстахоўскай. Потым, зняўшы кару, абраз усталявалі ў дрэва, так, як быццам ён цудоўна там з'явіўся, пра што было разгалошана людзям і "цудоўнаму" абразу пачалі публічна чыніць "чэсць", а потым усталявалі яго ў царкве. Адміністратар пакляўся, што ні ён сам, ні Яго падначалены не займаліся падманам, пра цуд нікому не казалі і не ведаюць, хто здзейсніў гэтую справу. Хазановіч быў прысуджаны падчас кангрэгацыі Лідскага дэканату прасіць прабачэнні у інстыгатара, супраць яго ён зласловіў, а потым, пачынаючы з 15 лютага - да рэкалекцый пры царкве дэкана Гарбацэвіча ў Моўчадзі [5].

У Радзівонішках частку жыцця правёў актыўны дзеяч Камісіі нацыянальнай адукацыі, навуковец, ксёндз, перакладчык, аўтар першага польскамоўнага падручніка логікі Казімір Нарбут. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 г., ён адышоў ад грамадскага жыцця і падаўся на Лідчыну, у Радзівонішкі, у маёнтак свайго брата Дамініка. У сваёй кнізе "Казімір Нарбут" прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова на гэты конт піша наступнае: "У гэтыя гады нацыянальнай паразы Нарбут вырашае таксама адмовіцца ад пасады пробашча, як у Радзыміне, так і ў Лідзе, пакідаючы толькі тытулярную годнасць парадыскага абата…

Радзівонішкі, якія павінны былі стаць жыццёвым прыстанкам Казіміра Нарбута, знаходзяцца недалёка ад Ліды і ракі Дзітвы. Засмучаны ходам палітычных падзей, пазбаўлены веры і ўсялякіх аўтарытэтаў, 57-гадовы ксёндз вырашыў правесці рэшту свайго працавітага жыцця ў цішы братавага маёнтка. І так сталася, што гэтаму рашэнню ён быў верны 12 гадоў, г. зн. да часу сваёй смерці. Адзіным выключэннем быў выезд у Ліду ў 1801 годзе, каб асвяціць краевугольны камень пад касцёл, які меліся будаваць піяры. Гэта было цалкам зразумела, таму што Нарбут, нягледзячы на секулярызацыю, заставаўся ў вельмі добрых адносінах са сваімі ордэнскімі братамі, дапамагаючы ім у розных абставінах…. Але гэта было ўжо мінулае, да якога ён не хацеў вяртацца. Што ён рабіў у маёнтку брата, невядома, але мы можам здагадацца. Напэўна, заняўся гаспадаркай. Біёграф Антоні Машынскі, піяр, запісаў толькі, што Казімір Нарбут пасля кароткай хваробы, у здаровым розуме, пасля прыняцця святых таінстваў памёр у Радзівонішках 17 сакавіка 1807 года. Ён быў пахаваны ў папярэдне падрыхтаваным адзенні святара "ў склепе ўніяцкай царквы", якая знаходзілася на тэрыторыі маёнтка" [6].

Слядоў магілы Казіміра Нарбута, як і слядоў уніяцкай царквы, у крыпце якой ён быў пахаваны, не захавалася.

У 1895 г. ў вёсцы ўзвялі новы, з цэглы і бутавага каменя, будынак царквы Ўспення Прасвятой Багародзіцы непадалёк ад таго месца, дзе на 200 гадоў раней паўстала ўніяцкая царква Св. Ганны.



[1] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 551.

[2] Калятар - асоба, якая ўнесла сродкі на пабудову царквы, касцёла і мае адпаведнае права адносна яе.

[3] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 86, 124.

[4] Калі царква поўгода не мела параха, для часовага кіравання ёй прызначаўся адміністратар.

[5] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 128-129.

[6] Стасевіч-Ясюкова І. Казімір Нарбут. Варшава - Ліда, 2004. С. 65-66.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX