Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

РЭФАРМАВАННЕ І ЛІКВІДАЦЫЯ ЎНІЯЦКАЙ ЦАРКВЫ 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




Урадавы наступ на ўнію пачаўся ў хуткім часе пасля далучэння Беларусі да Расіі. Але шэраг абставінаў, у тым ліку супраціўленне ўніятаў знішчэнню іх веравызнання, забяспечыў іх царкве яшчэ амаль шэсць дзесяцігоддзяў існавання. У 1827 г. Іосіф Сямашка склаў план ліквідацыі Ўніяцкай Царквы і падаў яго расійскаму ўраду, які ацаніў яго старанні і стаў рыхтаваць Сямашку на мітрапалічы пасад. Галоўным было максімальна адарваць уніятаў ад рыма-католікоў (быў забаронена ўступ у базыльянскі ордэн рыма-католікам, створана самастойная Грэка-ўніяцкая духоўная калегія). Пачалі з ачышчэння ўсходняга абраду ад лацінскіх запазычанняў. Разам з уводзінамі праваслаўных літургічных кніг, гэта прывяло да збліжэння ўніятаў з праваслаўем. Смерць чатырох уніатскіх епіскапаў, якія не жадлі "ўз'яднання" з праваслаўем, палегчыла ўладам рэалізацыю планаў ліквідацыі ўніяцкай царквы. Рэформа сістэмы адукацыі падрыхтавала ніжэйшы клір да злучэння з праваслаўем. Важным элементам у паслабленні ўніяцкай царквы было абмежаванне незалежнасці базыльянскага ордэна і зачыненне базыльянскіх манастыроў. Дапамога ўніяцкага духавенства паўстанцам 1831 г. вызначыла няўсцешны лёс царквы. Яе ліквідацыя пачалася з пераабсталявання храмаў.

У 1834 г. усталяванне праваслаўных іканастасаў прыйшло ва ўніяцкія цэрквы Лідчыны: Голдаўскую, Ракавіцкую, Астрынскую. Арлянскую, Сабакінскую, Ганчарскую і Лябёдскую. Іх прыходы аказаліся настолькі беднымі, што сяляне былі няздольныя за ўласны кошт запрасіць сталяроў і мастакоў дзеля належнай змены інтэр'еру храма. Радзівонішскую царкву вырашылі наогул знішчыць - была ў вельмі дрэнным стане. Праўда, спачатку размова ішла аб захаванні храма, аднак пазней новаму Лідскаму благачыннаму Самсону Брэну (24 студзеня 1840 г.) дакладзена: "…сообщено лидскому уездному предводителю дворянства…, что-бы о починке этой церкви не оставил старание, и … Брену ежемесячно рапортовал" [1]. 29 студзеня 1840 г. лідскі прадвадзіцель інфармаваў С. Брэна, "что устройство Радзивонишской церкви поручено г. уездному судье Журавскому" [2]. Але адрамантаваць царкву так і не змаглі.

Святар і вернікі з вёскі Дакудава аказалі супраціў зменам у інтэр'еры свайго храма, таму, паводле афіцыйнага паведамлення, "употребляется деятельное настаивание" аб усталяванні тут іканастаса. 30 снежня 1835 г. гродзенскі губернатар Копцеў загадаў убраць з уніяцкіх цэркваў падведамнай яму тэрыторыі ўсе рэчы, неўласцівыя праваслаўю: арганы, лаўкі, званочкі. На выкананне загаду далі 5 месяцаў. 25 сакавіка 1836 года лідскі земскі спраўнік палкоўнік фон Берг інфармаваў губернатара, што такая работа ў Лідскім павеце ўжо распачата, і абяцаў прасачыць за дакладнасцю выканання загаду. Арганы - яны меліся ў Баброўскай, Голдаўскай, Сабакінскай і Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) цэрквах - падлягалі продажу, а калі не знойдзецца пакупнікоў разборцы. Арганісты пераводзіліся на іншыя духоўныя пасады [3]. 14 лютага губернскі вайсковы начальнік фон Берг нагадваў лідскаму благачыннаму С. Брэну аб "неприступлении к устройству иконостасов Остринской, Собакинской и Глембокской церквей, … а … церкви в Демброве и Дикушках ещё не построены…" [4].

На працягу 1834-1835 гг. пераўсталёўвалася, згодна з патрабаваннямі Голдаўская царква: быў усталяваны іканастас, разабраны арган, вынесены лаўкі, выдалены званочкі. Не абышлося без абурэння тутэйшых жыхароў. Лідскі земскі спраўнік Вітэнгоф 2 снежня 1834 г. дакладваў гродзенскаму губернатару М. Мураўёву: "У Голдаўскай царкве так мала бывае людзей з чэрні таго прыхода. Ёсць нагода зазначыць, што ў Баброўскай царкве, якая ў бліжэйшай адлегласці знаходзіцца, яшчэ няма інакастасу, і туды зараз павярнуліся прыхаджане Голдаўскага прыходу". Мураўёў з гэтай нагоды распарадзіўся "старацца ў дакладнасці выканаць ускладзенае на Вас прадпісанне: абсталяваць інакастасы і іншыя духоўныя прынады па грэка-ўсходняму абраду. Дакладваць мне толькі пра поспехі справы" [5]. Лідскі спраўнік адным з першых у губерні зрабіў справаздачу, што арганы знішчаны, лаўкі вынесены, іншыя неўласцівыя ўсходняму абраду рэчы ліквідаваныя [6].

Старыя ўніяцкія кнігі збіраліся па ўсіх прыходах і паліліся. Мітрапаліт Іосіф Сямашка пісаў у сваіх "Запісках", што толькі за 3 гады было сабрана і спалена па яго загаду больш за 2000 старадрукаў з друкарань Вялікага княства Літоўскага. Замест мясцовых выданняў з царкоўнаславянскімі тэкстамі беларускай рэдакцыі ў храмы прысылалі выданні маскоўскай сінадальнай друкарні з тэкстамі ў рускай рэдакцыі [7]. Для навучання службе па маскоўскіх кнігах у Жыровіцы па чарзе выклікаліся благачынныя. На працягу года тут прайшлі "испытания и наставления" 120 шэраговых святароў. Галоўным чынам, гэта былі тыя, хто адмовіўся прыняць маскоўскія служэбнікі. Сярод адмаўленцаў былі амаль што усе прыхадскія святары Лідчыны [8]. 29 ліпеня 1835 г. Сямашка зняў з пасады лідскага благачыннага, святара Яна Гарбацэвіча за адмову служыць па маскоўскіх кнігах большасці святароў Лідчыны ("паслухмяным" аказаўся толькі святар сабакінскай царквы Фармасевіч [9]), за тое, што ён сам па гэтаму "служебнику служить не в состоянии" і за "нелепые толки … и злонамеренность сего духовного". Абвінавачвані ў "нелепых толках" з'явіліся таму, што на пачатку Сямашка і яго аднадумцы дэкларавалі, што імі ўсё робіцца для выгоды кліру і ўмацавання ўніі [10], а святароў, якія разумелі, што справа ідзе да ліквідацыі іх царквы і не маўчалі, абвінавачвалі ў распаўсюдзе чутак.

Замест Яна Гарбацэвіча быў прызначаны Самсон Брэн. Былога ж благачыннага выклікалі у Жыровіцы "для надлежащего наставления" і падверглі тыднёвай епітыміі пры кафедральным саборы, а калі "он и после наставления окажет упорство, то отрешить его немедленно от прихода, воспретить всякое богослужение и самое употребление священнического одеяния, и выслать безотлагательно в Любарский монастырь". У Жыровіцы па чарзе выклікалі ўсіх святароў Лідчыны (акрамя Фармасевіча) дзеля "наставления их здесь в богослужении…". Калі хто з іх "окажет упорство, то … отрешать немедленно от занимаемых ими мест, воспретить всякое священнодействие … и назначить причетниками к церквам, … отдаленным от нынешнего местопребывания" [11].

Па ўсёй Беларусі вясковых святароў, не схільных кідаць унію, вінавацілі ў "самонадеянности" і "неблагонадежности". Такіх асоб Сямашка выдаляў з прыходаў, забараняў служыць, пераводзіў у дыяканы або ў панамары (прычэтнікі) [12]. Калі і гэта не дапамагала, іх высылалі ў манастыры, і яны там выконвалі працы нароўні з прыслугай, "пользуясь одинаковым с нею столом и помещением". Трымалі ў манастыры "впредь до совершенного раскания непокорных и исправления их образа мысли и характера". Для пакарання святароў, якія адмовіліся прыняць новыя маскоўскія кнігі, Іосіф Сямашка прапанаваў вікарнаму епіскапу Антонію Зубко пазбаўляць казённага ўтрымання дзяцей гэтых святароў выхаванцаў семінарый і духоўных вучэльняў [13].

У жніўні 1835 г., па даручэнню Сямашкі, старшыня Літоўскай кансысторыі Тупальскі асабіста правяраў Лідчыну і гутарыў з кожным святаром [14]. І усё ж восем святароў адмовіліся прымаць новыя малітоўнікі. Гэта былі: 1) Мацей Бараноўскі (Баброўская царква), 2) Язэп Кунаховіч (Голдаўская царква), 3) Антоні Грушэў скі (Ятвеская царква), 4) Ян Радкевіч (Лябёдская царква), 5) Рафаіл Журомскі (Астрынская царква), 6) Язафат Александровіч (Дакудаўская царква), 7) Ян Касцецкі (Ганчарская царква) і 8) Мікалай Будзіловіч (Жыжмянская царква). Нават пасля таго, як кансісторыя вырашыла "всех означенных восемь священников отрешить навсегда от занимаемых ими ныне приходов, … воспретить всякое священнодействие и употребление священнического одеяния …, определить их дьячками к церквам, не имеющих таковых и отдаленных от настоящего их местожительства, … прежде отправления их к дьячковским местам приготовить их к сей должности в дьячковском училище…" [15] цвёрдымі ў сваіх перакананнях засталіся чатыры святары: Мацей Бараноўскі, Язэп Кунаховіч, Рафаіл Жыромскі і Антоні Грушэўскі [16]. Яны і былі высланы "впредь совершенного их исправления и раскаяния". Вядома пра далейшы лёс толькі аднаго з іх: перавод у дыяканы і высылка не выправілі Антонія Грушэўскага, якога з дыяканаў перавялі ў панамары, некалькі разоў перакідвалі ў розныя цэрквы, саслалі напачатку ў Быценьскі манастыр, а потым, у 1841 г., ва "уединенный Загоровский монастырь под надзор тамошнего игумена". Пасля гэтага Сямашка прасіў обер-пракурора Сінода графа Пратасава дать дазвол, разам з іншымі святарамі і манахамі каб Грушэўскага "переместить в Курскую временную обитель, или же в другие великороссийские монастыри" [17].

24 студзеня 1840 г. лідскага благачыннага С. Брэна абавязалі аб неабходнасці "снабжения всех церквей проскомодийными листами согласно обрядов русской церкви" [18]. 30 чэрвеня 1840 г. у заходнія губерні паведамілі, што "Святейшый синод поможет … отпустить для воссоединения церквей 1442 экземпляров малого требника …" [19].

Святароў прымушалі падпісвацца пад паперай з адмовай ад уніі. Аднак 593 святары з Беларусі, не зважаючы на пагрозы, наадрэз адмовіліся даць свой подпіс і згадзіцца са скасаваннем уніі. Многіх з іх, у асноўным бацькоў шматдзетных сем'яў, чый сацыяльны статус не вельмі адрозніваўся ад сялянскага, заключылі ў манастырскія турмы, часткова ў манастыры Беларусі (Быцень, Жыровіцы), часткова Ўкраіны, некаторых выслалі ў глыб Расіі. 1243 святары далі патрабуемую ад іх падпіску [20].

Паводле канфідэнцыйнага загаду обер-пракурора Сінода, у Літоўскай епархіі ўказ пра "воссоединение" забаранялася абнародаваць "впредь до особого повеления". Брэсцкі япіскап Антоні Зубко выклікаў у Жыровіцы благачынных пад выглядам раздачы дапамогі бедным святарам (фактычна, гэта былі ганарары тым, хто згадзіўся кінуць унію), а сам знаёміў іх з фактам "воссоединения". Благачынных абавязвалі паведаміць пра гэта толькі самым "благонадёжным" святарам. Да такіх "добранадзейных" на Лідчыне адносіліся віцэ-благачынны, святар астрынскай царквы Ігнат Гінтаўт і вікарны святар лідскай царквы Клімент Брэн. Экс-уніяцкім святарам некаторы час дазвалялася прытрымлівацца мясцовых звычаяў: насіць неслужбовае адзенне, галіць бараду, спажываць дазволеную падчас посту ежу, захоўваць адрозненні ў малітвах, не парушаючы пры гэтым дагматаў праваслаўя [21].

2 красавіка 1838 г. Сямашка, сярод іншых благачынных, узнагародзіў Брэна скуф'ёй з фармулёўкай: "назначенные благочинными вместо прежних неблагонадежных, с ревностью и твердостью искоренили оказавшееся было в сих благочиниях сопротивление и доставили уже … по двадцати одной подписки от подчиненных священников о готовности их присоединиться к Православной Церкви" [22].

18 студзеня 1840 г. у Літоўскай кансісторыі слухалі ігумена Быценьскага манастыра Лявонція Аколава аб заключаным у тым манастыры "на искуплении" Іосіфе Тымінскім, пакараным за ўпартасць у сваёй адмове мяняць веру. Тымінскага перавялі на пасаду дыякана ў Астрынскаю царкву Лідскага павета, а мясцоваму благачыннаму С. Брэну даручылі "употребить меры по исправлению Иосифа Тыминскога" [23]. 22 чэрвеня той рапартаваў кансісторыі, што паміж святаром астрынскай царквы Гінтаўтам і дыяканам Тымінскім складзена пагадненне: Гінтаўт абавязаўся яму " давать одежду и пропитание, а также обыкновенный дьячковый от прихода доход, которого может иметь до 12 руб. серебром, на что дьячок Тыминский согласился" [24]. У ліставанні С. Брэна ёсць інфармацыя з Літоўскай кансісторыі ад ковенскага благачыннага Фурасевіча "о побеге … в Австрийскую Галицию священника Тупайской церкви Иоанна Балинского" [25]. Такая тэндэнцыя - ўцёкаў уніяцкіх святароў, якія не жадалі кінуць сваю веру, у Галіцыю, дзе аўстрыйскі ўрад не чапаў унію, назіралася ў Беларусі на мяжы 1830-1840-х гг. Шмат уніятаў, каб ухіліцца ад пераводу ў навязваемую ім веру, прымалі рыма-каталіцызм. 14 лістапада 1839 г. С. Брэн звярнуўся з запытам да гродзенскага губернатара, што рабіць з такімі вернікамі. Адказ быў наступны: да асобага распараджэння літоўскага епіскапа Іосіфа земскім судам і гарадской паліцыі не распачынаць следства па справах аб ухіленні ад пануючай веры, але дзейнічаць разам з праваслаўным духавенствам "благоразумными мерами посредством приличного внушения" [26]. Рыма-каталіцкаму духавенству "…строжайше предписывалось … бывшее греко-униатское духовенство и народ Литовский не называть греко-униатским, но православным…" [27].

24 студзеня 1840 г. губернскае праўленне даручыла лідскаму гараднічаму, каб ён "для возвращения учителя лидского городского училища Нестора Осовского из латинства в природное православие, поступил сообразно циркулярному предписанию, … следствие прекратил, … а действовал приличным внушением" [28]. У сакавіку 1840 г. Літоўская кансісторыя слухала справаздачу гродзенскага губернскага праўлення аб настаўніку Н. Асоўскім, які пісьмова засведчыў, што "исповедует природный православный обряд и в Римское исповедание не переходил" [29].

20 кастрычніка 1839 г. кансісторыя заслухоўвала паведамленне гродзенскага губернскага праўлення аб пастанове Лідскага земскага суда за нумарам 3708, на падставе якога прыхаджанін Баброўскай царквы, селянін з вёскі Хадзюкі Адам Мілька, "перешедший … в латинский обряд, в православное исповедание возвращён" [30]. 10 красавіка 1840 г. кансисторыя канстатавала, што "крестьянин имения Косовщина Адамовичевский Иван … в православное исповедание возвращён" [31]. 28 чэрвеня 1840 г. І. Сямашка "предложил Консистории … истребовать дополнительные сведения от благочинных … именные списки, по годам и по приходам, о … людях бывшего греко-униатского исповедания, как совращены были в прежние времена в Римский обряд, … согласно предложения данного Его высокопреосвященством от 8 ноября 1836 г. за № 951 возвратить к природному греко-восточному исповеданию, с наименованием каждого лица, места рождения, времени совращения, а также возвращения к своей вере" [32].

Стваралі клопатаў мясцовым духоўным і свецкім уладам так-сама жонкі ўніяцкіх святароў. Ужо вядомы нам С. Брэн "более двух лет старался благоразумными методами склонить жену настоятеля Гончарской церкви Терезу из Колендов Костецкую с дочерью Юлией к возвращению в природное православное исповедание, но … Костецкая столь упряма, что никак римского обряда оставить не может". 30 красавіка 1840 г. гэтай справай займалася Літоўская кансісторыя. Гаварылі пра тое, што на падставе "отношения Слуцкого благочинного Наркевича от 3 декабря 1837 г. … упомянутая Костецкая должна исповедать православную веру, ибо бабка ея - жена православного (хутчэй за ўсё ўніяцкага - Л. Л.) священника Ярошевича - состояла в том же обряде, и мать тоже", але гэта Касцецкая не слухае нават угаворы свайго мужа, святара, аб перамене веры. Разглядалася ў кансісторыі і такая справа: "Жена лидского священника Волчковича с дочерью и Докудовской церкви священника Сцепуры жена с четырьмя дочерьми по ныне состоят в Римском исповедании". Прадпісана даставіць "метрические выписки о рождении и крещении жен священников: лидской церкви Волчковича, докудовской Сцепуры, Гончарской Костецкой … для дальнейшего по сему рассмотрения". Вырашылі, "как жены священнические, для хорошего образования и, следовательно, для будущего благополучия своих детей должны исповедать веру своих матерей, тем паче, что они вероисповеданию родителей своих подлежат, то просит г. Виленского Епархиального Епископа Климовича (рыма-каталіцкага - Л. Л.) учинить распоряжение, дабы прописаным женам православных священников и их дочерем под никаким видом духовные требы Римско-Католическим священникам не преподовать" [33].

Аб справах у мястэчку Свіслач з-пад Гродна С. Брэну паведамілі наступнае: "Консистория слушала предложения Его преосвященства г. Литовского и Виленского Архиепископа и кавалера Иосифа Семашко от 5 июня за № 830 о … том, что Его Высокопреосвященство отнёсся, куда следует, насчёт письмоводителя Свислочской гимназии Феликса Ячиновского … и изволил предложить Консистории …. уволенных из свислочской гимназии сыновей Ромуальда и Станислава Ячиновских востребовать хотя бы через полицию в Жировичи и утвердить в православной вере. … Как о поступлении в свислочскую гимназию и совращении в латинство … Ячиновских должно быть известно священнику Одринской церкви, при которой они записаны, то потребовать от … священника и Благочинного объяснений" [34]. Аднак, не гледзячы на строгія меры, "генерал 9-го округа (гродзенскага - Л. Л.) внутренней стражи при инспектировании вверенного ему округа, удостоверился, … что бывшие греко-католики не знают о присоединении их к православию и называют себя по прежнему униатами …" [35].

Перапіска С. Брэна напоўнена інфармацыяй аб шлюбах паміж католікамі і праваслаўнымі, якія стваралі ўладам шмат праблем. Рыма-каталіцкае духавенства папярэджвалі, што "браки русских, совершенные одними римско-католическими священниками, не считаются действительными, пока необвенчаны русскими священниками" [36].

25 лістапада 1839 г. Літоўская кансісторыя слухала даклад С. Брэна аб тым, што "священник Собакинской церкви Бедрицкий рапортом от 23 ноября донёс ему, благочинному, што две женщины … католички … Тереза Михальковичова, девица … , и … Анна Лукашевичева, вдова …, приняли православие и обвенчались Бедрицким, первая с Семёном Сидляцевичем … , вторая с Иваном Омелевичем". Кансісторыя загадала Брэну "взять от этих женщин расписки, что они будут исповедать православную веру и детей своих обоего пола в ней же воспитывать" [37]. 15 студзеня 1840 г. нагадалі "при браке между православными и иноверцами всякий раз испрашивать архирейского разрешения" [38].

30 студзеня 1840 г. кансісторыя слухала даклад С. Брэна аб тым, што прыхаджанін Жалудокскага касцёла Якаў Смецюх жадае ажаніцца з Францішкаю Дарашэўнай, прыхаджанкай Дзікушскай праваслаўнай царквы. Якаў абавязаўся, што "не будет склонять своей супруги к принятию Римской веры (дал расписку) и детей своих обоего пола будет воспитывать в догматах православного исповедания" [39]. Аналагічна паступіў, як вынікае з дакумента ад 16 снежня 1840 г., салдат Брэсцкага пяхотнага палка, прыхаджанін Няцечскага касцёла, адносна яго шлюбу з прыхаджанкай Голдаўскай царквы Аленай Грынявіцкай.

У другой палове 1830-х гг. ішла перадача ўніяцкіх храмаў Лідчыны ў праваслаўнае ведамства, а пасля Полацкага сабора 1839 г. уніяцкая царква Беларусі наогул перастала існаваць. Супрацьстаяць палітыцы царызму і здрадзе вышэйшага духавенства беднае і часта слабаадукаванае ўніяцкае духавенства, забітае прыгонам сялянства, дробная шляхта і гараджане, пры адсутнасці сваёй дзяржавы, не змаглі.

* * *

У 1841 г., пасля пакаяння, ў Астрынскі прыход быў пераведзены магістр багаслоўя, святар з Любчы Адам Плаўскі. У Віленскай Галоўнай семінарыі ён вучыўся разам з галоўным "ліквідатарам" уніі Сямашкам. Сваю першую шасцімесячную епітымію ў Жыровіцкім манастыры ён атрымаў за процідзеянне ўвядзенню служэбнікаў маскоўскага друку на Наваградчыне [40]. Як высокаадукаваны чалавек, ён разумеў, што пераход на маскоўскія богаслужбовыя кнігі - гэта пачатак канца ўніі. Расказваў гэта малаадукаваным святарам і напісаў у духоўную кансісторыю дзве цыдулкі пра новыя служэбнікі. Па патрабаванню Сямашкі Плаўскі быў арыштавана паліцыяй і сасланы ў Магілёўскую епархію ў панамары [41]. Плаўскі быў бацькам васьмі дзетак і не мог пражыць на жабрацкія грошы дзячка, таму, пахаваўшы жонку, ён "раскаяўся" [42]. Быў пераведзены святаром "на бедный приход" у Магілёўскую епархію. Пасля шматлікіх прашэнняў святара перавялі ў "добры" Астрынскі прыход на Лідчыне. Іосіф Сямашка, "представил его к пособию в 200 рублей как совершенно обедневшего и принужденного воспитывать 8 человек детей, после смерти жены". Жыццём сваёй жонкі - маці васьмі дзяцей і галечай заплаціў беларускі святар-інтэлектуал за сваю веру і перакананні. Трактат Плаўскага супраць кніг маскоўскага друку і ліквідацыі ўніі быў выдадзены за мяжой, потым перакладзены на розныя мовы і неаднаразова перавыдаваўся на працягу XIX ст. "при помощи врагов России" [43].

Пра апошняга ўніяцкага і першага праваслаўнага благачынныга Лідчыны Самсона Брэна нам вядома наступнае. Протаіерэй Самсон Брэн (1790 г. - 28 чэрвеня 1866 г.) паходзіў з сялян Берасцейскага павета. Адукацыю атрымаў у Берасцейскай гімназіі і 6 ліпеня 1819 г. быў пасвечаны ва ўніяцкія святары. Пачаў служыць у Каменіца-Жыровіцкай царкве Берасцейскага павета і ўжо ў наступным годзе быў прызначаны духоўным дэпутатам ад Берасцейскага павета, пачаў выконваць розныя даручэнні кіраўніцтва епархіі. У 1835 г. узначаліў "ненадзейную" ўніяцкую царкву на Лідчыне і быў адным з найбольш гарачых прыхільнікаў знішчэння свайго веравызнання. За працу па "воссоединению" быў узнагароджаны Камілаўкай, наперсным Крыжам і Ордэнам Св. Ганны 3-й ступені, а пасля звальнення з пасады (за 4 месяцы да смерці) "за усердие и деятельность на пользу Православной церкви, особенно во время воссоединения Унии с Православной церковью", яму была прызначана пажыццёвая пенсія ў 400 рублёў штогод. Пахаваны ў Голдаве, дзе яго сын у той час служыў святаром [44].

31 год Самсон Брэн з'яўляўся лідскім благачынным. Аднак, новая царква ў горадзе так і не была пабудавана. Расійскі афіцэр І. В. Любарскі, які праз два дзесяцігоддзі пасля забароны ўніі, перад паўстаннем 1863 г., служыў у Лідзе, напісаў у сваіх мемуарах: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю. У царкве адначасова магло маліцца не болей за 50 багамольцаў, таму салдаты прыходзілі ў храм Божы па чарзе камандамі. Служыў святар без дыякана, а спявалі на клірасе салдаты, як ім Бог "положил на душу". … . Адсутнасць панікадзіла ў храме, бляшаныя пагнутыя падсвечнікі, чорныя абразы на сцяне, падрапаныя рызы на святару - усё гэта так не паходзіла на звыклыя ўражанні праваслаўнага чалавека, і мімаволі глыбокая нуда ахоплівала душу" [45].

Пра сустрэчу з "праваслаўным" святаром вёскі Дакудава: "З падручніка геаграфіі засталося ў мяне такое ўражанне, што нашы заходнія губерні да самай мяжы царства Польскага - суцэльна рускія … … Меў жа я вялікае расчараванне …, калі ў 1860 г. я апынуўся ў Паўночна-Заходнім краі … Насельніцтва - і праваслаўнае, і каталіцкае - размаўляе беларускім прыслоўем рускай мовы, але навучаецца польскай грамаце, і ўсякі мужык, як толькі высунуўся з сялянскага становішча, наровіць размаўляць па-польску і апранае канфедэратку … .

Паўсюль багата ўпрыгожаныя велічнай архітэктуры касцёлы, і рэдка-рэдка трапляліся драўляныя, трухлявыя цэрквы з падпоркамі і латамі, падобныя больш на адрыны, чым на храмы пануючай рэлігіі. Праваслаўнае духавенства знаходзілася ў поўным загоне, яно было прыніжанае сваёю беднатой … Знаёмячыся з мясцовымі святарамі і імкнучыся ўразумець сабе ўмовы іх побыту, я заўважаў агульную ім усім характэрную рысу нейкай вінаватасці ў тым, што яны існуюць у "чужым краі". …

Трапляліся паміж святарамі і такія …, якія проста дзівілі сваім цынічным стаўленнем да царквы і рэлігіі. Гэта былі дажываўшыя свой век апошнія магікане ўніі 1839 г. … Яны ўплывалі вельмі разбэшчана на сваю паству, прыводзячы яе паступова да поўнай рэлігійнай абыякавасці. З адным такім тыповым уніятам … пад святарскай маскай я выпадкова сустрэўся ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Спатрэбілася мне з'ездзіць у роту нашага палка, нядаўна размешчаную ў вялікай праваслаўнай вёсцы Дакудава з прыхадской царквой. Ротны камандзір і абодва субалтэрны [46] ў гэтай роце былі палякі [47].

Поп тутэйшай парафіі [48] (так у тэксце, святар размаўляе пераважна па-беларуску - Л. Л.), - адрэкамендаваўся ён … падаючы мне руку. Гэта быў сухі маленькі чалавек, рухомы і гаманкі, які захаваў нейкую дзіцячую наіўнасць не гледзячы на свой стары век …, рускай мовы не ведаў. За то, што я не мог размаўляць з гэтым дзіўным святаром на яго мове, ён адразу, без цырымоніі, абразіў мяне "завзентым маскалём".

Вось, пане, абрэвізуйце яго роту памацней, - сказаў святар, паказваючы на капітана, - ды прайміце яго добра за тое, што напужаў мяне, калі прыйшоў сюды з ротай. Уявіце, у нас па вёсцы пайшоў слых, што ідзе ў Дакудава з ротай архіправаслаўны камандзір. Прыпляліся сюды яны як раз пры канцы тыдня. Я на іншы дзень, досвіткам, давай званіць спачатку ў адзін звон, потым ва ўсё, думаю сабе: каб не прынесла яго нялёгкая ў такую рань, а сам сяджу ў алтары ды выглядваю, таму што боязна было. А калі б прыйшоў, я пачаў бы казаць: Госпадзі памілуй. Мінула гэтак з палову гадзіны, нікога з маскалёў няма. Ну, значыць, спіць пудзіла, задраўшы ногі, і стараннасці маёй не чуе, замкнуў я царкву і пайшоў каву піць. А потым дазнаўся, што ён такой жа "дъябел" як і я.

Чаго жа вы, ойча, так баяліся?

Як чаго? А калі бы ён і на самай справе аказаўся б "бла-го-на-ме-рен-ный", ды паслаў куды патрэбна цыдулку, што дакудаўскі поп імшу не спраўляе, то ізноў прыйшлося бы ў манастыр ісці на пакуту.

Дык чаму ж вы не служыце? - спытаў я, вельмі здзіўлены.

Вельмі проста, пане каханы, па вашаму не ўмею, а па нашаму нельга. Вось пахрысціць, павянчаць, пахаваць - гэта я з поўным задавальненнем, інакш папу з дочкамі няма чаго было бы есці. І ў нядзелю царква мая заўсёды адчыненая, прыйдуць, памоляцца, паспяваюць нашы хлопцы, і даволі з іх. Ды вы не думайце, зрэшты, што я такі ўжо адшчапенец, у царскі дзень рэдка калі набажэнства не "адкатаю". Вось толькі з кадзілам не магу зладзіць. Сапраўдны поп спрытна так "фуркает" ім наперад і назад, а ў мяне не выходзіць.

Я дзіўлюся, што вам цяжка служыць па-праваслаўнаму, - заўважыў я. Наколькі мне вядома, па ўмовам брэсцкай царкоўнай дамовы, … ўся абраднасць павінна быць тая жа, што і ў праваслаўных.

Калі гэта было! - запярэчыў ён. У той час, калі я стаў уніяцкім святаром, у нас … былі арганы, ружанцы, гадзінкі, "здровась Марыя", "анёл Панскі", званочкі … А зараз што: Госпадзі памілуй, ды падай Госпадзі. Адзін раз, усе ж, паплаціўся я за сваё няўменне. Прыязджае неяк праваслаўны біскуп такі важны, увесь у чорным, на галаве каўпак з шлейфам. Адслужы, кажа, а я пагляджу. Я ні жывы, ні мёртвы, пачаў плесці абедню і ўсё пазіраю на страшнага аргуса. Ён як быццам бы і нічога, прымасціўся ў кутку алтара, ды ўсе паклоны робіць. Мая старанная праца, можа і сышла бы, калі б не гэтая фатальная экценія. Тут ужо я зусім заблытаўся і стаў мармытаць імёны, якія толькі прыйшлі ў галаву. Па заканчэнні ўсяго, біскуп праняў мяне да дзясятага поту і, падзякаваўшы, з'ехаў, а потым піша: дакудаўскі "ксёндз ніцма не розуме", паслаць яго ў навуку на два месяца ў кляштар. А якая мне навука? Адлежаўся я тамака, … а потым такім жа … прыйшоў у Дакудава, якім і быў.

Чаму бы вам, "баценька", не павучыцца служыць, як належыць, - параіў я, - гэта зусім не цяжкая справа. Глядзіце ў трэбнік, і ўсё выйдзе добра.

Позна мне вучыцца, ды і няма сэнсу. Бо палякі выхваляюцца што адваююць сабе ўсю Літву. Тады мы ўжо не ва ўнію, а прама ў каталіцтва пойдзем …" [49].

Вышэй згадвалася, што дакудаўскія вернікі разам са святаром Язафатам Александровічам "аказалі супраціў зменам у інтэр'еры свайго храма". Пасля адмовы прыняць маскоўскі служэбнік Александровіча замянілі Янам Сцяпурам, жонка якога з чатырма дачкамі нарабіла клопату мясцовым уладам тым, што да ліквідацыі ўніі паспела перайсці у рыма-каталіцтва і не жадала "вярнуцца" ў праваслаўе - веру, у якой заканадаўствам імперыі прадпісвалася быць спаведнікам знішчанай уніі. Ды й сам Ян Сцяпура лічыўся недабранадзейным, таму і яго ў 1839 г. выклікалі ў Жыровіцы [50]. Гэты святар больш за 20 гадоў, аж да паўстання 1863 г., прынцыпова не служіў літургію па маскоўскаму служэбніку - нават "пакута ў манастыры" (верагодна, у манастырскай турме) не змагла прымусіць яго да гэтага. Зразумела, што такая пазіцыя стала магчымай толькі пры маўклівай згодзе вернікаў і падтрымцы калегаўсвятароў. Карэктнай нам уяўляецца здагадка, што і ў суседніх прыходах пазіцыя святароў мала чым адрознівалася ад паводзін Яна Сцяпуры з Дакудава. Новыя царкоўныя ўлады не мелі магчымасці замяніць іх усіх і рабілі выгляд, што ўсё, як мае быць. Гэта шмат што тлумачыць у далейшай беларускай гісторыі. Менавіта пра гэта пісаў "улюбёнец" Мураўёва-вешальніка пад час падаўлення паўстання 1863 г. Пётр Чарэвін [51]: "Я не згадваю праваслаўнага сялянскага насельніцтва краю, бо … я нічога не магу сказаць на яго карысць. Гэтае насельніцтва, паводле статыстыкі, вельмі шматлікае. Але, як яно было сапраўдным каталіцкім у часе ўніі, такім і засталося пасля переходу ў 1839 г. у праваслаўе. Мяркую, што, за выняткам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі - Л. Л.), няшмат людзей сапраўды сталі праваслаўнымі.

Святарства, былое ўніяцкае, не выключаючы Васіля [52]; Міхаіла [53], з захапленнем успамінала пра блаславёныя часы ўніі… каталікі ў сваёй душы, святары, ці працавалі ў польскім і лацінскім духу, ці … не былі ў стане супрацьдзейнічаць ксяндзоўскай прапагандзе … . Для селяніна адзін толькі касцельны арган гучыць красамоўней за ўсе доказы - довады праваслаўнага святара" [54].



[1] Лідскі гісторыка-мастацкі музей (далей - ЛГММ). Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 24 студзеня 1840 г.

[2] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 8 лютага 1840 г.

[3] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 19. Спр. 1004. Л. 3; Спр. 1005.

[4] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 14 лютага 1840 г.

[5] Лідскі летапісец. 1997. № 3. С. 17.

[6] Палуцкая С. В. З гісторыі ўніяцтва на Лідчыне // Наш радавод. Ліда, 1993. С. 66-73.

[7] Гарошка Л. Пад знакам рускае і польскае веры // Спадчына. 1999. № 5-6. С. 184.

[8] Киприанович г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна. 1893. С. 94.

[9] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 186-188.

[10] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 61.

[11] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 186-188.

[12] Панамар (прычэтнік) - служка ў царкве, абавязаны званіць у званы, спяваць на клірасе і прыслугоўваць пры набажэнстве.

[13] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна. 1893. С. 95.

[14] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 199-200.

[15] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 222-223.

[16] Тамсама. С. 231.

[17] Тамсама. С. 553-554.

[18] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 24 студзеня 1840 г.

[19] Тамсама. Загад ад 30 чэрвеня 1840 г.

[20] Гарошка Л. Пад знакам рускае і польскае веры // Спадчына. 2000. № 1. С. 169.

[21] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна. 1893. С. 139.

[22] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 2. С. 71.

[23] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 26 студзеня 1840 г.

[24] Тамсама. Загад ад 10 ліпеня 1840 г.

[25] Тамсама. Загад ад 21 лістапада 1840 г.

[26] Тамсама. Загад ад 24 студзеня 1840 г.

[27] Тамсама. Загад ад 31 студзеня 1840 г.

[28] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 24 студзеня 1840 г.

[29] Тамсама. Загад ад 8 сакавіка 1840 г.

[30] Тамсама. Загад ад 17 сакавіка 1840 г.

[31] Тамсама. Загад ад 10 красавіка 1840 г.

[32] Тамсама. Загад ад 1 ліпеня 1840 г.

[33] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 26 студзеня 1840 г.

[34] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 18 ліпеня 1840 г.

[35] Тамсама Загад ад 17 кастрычніка 1840 г.

[36] Тамсама. Загад ад 31 студзеня 1840 г.

[37] Тамсама. Загад ад 8 лютага 1840 г.

[38] Тамсама. Загад ад 15 студеня 1840 г.

[39] ЛГММ. Ф. 2741. Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. Загад ад 16 лютага 1840 г.

[40] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 165-167.

[41] Дело о низведенном в причетники священнике магистре богословия Адаме Плавском. Р., 01.06.1836, д. 3401, 22 л. // Архiў унiяцкiх мiтрапалiтаў. Дакументы да гiсторыi царквы ў Беларусi XV-XIX стст. у фондзе "Канцылярыя мiтрапалiта грэка-ўнiяцкiх цэркваў у Расii". Мiнск - Полацк, 1999. С. 176.

[42] Прошения оршанскому епископу В. Лужинскому о назначении и перемещении по службе, о выдаче метрических выписей, об облегчении наказания священнику Плавскому и др. П. Р., 14.05.1835 - 12.01.1836, д. 1564, 81 л. // Архiў унiяцкiх мiтрапалiтаў. Дакументы да гiсторыi царквы ў Беларусi XV-XIX стст. у фондзе "Канцылярыя мiтрапалiта грэка-ўнiяцкiх цэркваў у Расii". Мiнск - Полацк, 1999. С. 267.

[43] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна, 1893. С. 96.

[44] Литовские епархиальные ведомости № 18. 1866. С. 779-781.

[45] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 824.

[46] Субалтерн - малодшы афіцэр.

[47] Для Любарскага - аўтара гэтых мемуараў усе выхадцы з Беларусі, не гледзячы нават на іх веравызнанне - палякі.

[48] Верагодна - Ян Сцяпура.

[49] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 813-816.

[50] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 414.

[51] У час падаўлення паўстання 1863 г. Пётр Чарэвін палкоўнік, потым генерал-лейтэнант, таварыш міністра ўнутраных спраў і шэфа жандараў, набліжаны імператара Аляксандра III.

[52] Лужынскі Васіль (1791-1879), былы полацкі (беларускі) уніяцкі епіскап, у 1841-1866 гг. полацкі. праваслаўны архіепіскап.

[53] Галубовіч Міхаіл (1803-1868), былы ўніяцкі пратаярэй, з 1839 па 1868 гг. - пінскі праваслаўны епіскап.

[54] Чарэвін Пётр. Паўночна - заходні край (Успаміны) // Спадчына № 2 - 1998. С. 72-73.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX