Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая Царква на Лідчыне

АДНАЎЛЕННЕ ДЗЕЙНАСЦІ ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2012,
Крыніца: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012.

Спампаваць




За два з паловай пасляберасцейскія стагоддзі ўніяцкая царква стала традыцыйным культавым інстытутам, які ўвайшоў у жыццё многіх пакаленняў беларусаў, адпавядаючы іх нацыянальна-культурным памкненням. Ліквідацыя ўніяцкай царквы суправаджалася русіфікацыяй вернікаў.
Гісторыя ўніі не закончылася 1839-м годам. Уладам спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб знішчыць уніяцкі дух народа, які працягваў цягнуцца да афіцыйна пакінутай веры. Забароненая, яна стала для многіх яшчэ больш дарагой. З'явіліся тайныя ўніяты, якія ўпотай ад уладаў вызнавалі ганімую веру, прыкідваючыся лаяльнымі да праваслаўя. У заходніх раёнах Беларусі існавала асабліва моцная настальгія па страчанай уніі. Заклікі да адраджэння ўніяцкай царквы гучалі на хвалі патрыятычнага ўздыму 1863-1864 г. Вярнуць гістарычную ўнію намагаліся дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. У 1929 г. з'явілася "Дэкларацыя ініцыятараў новай царкоўнай уніі з Рымам".
У 1932 г. у Заходняй Беларусі дзейнічалі 32 грэка-каталіцкія прыходы. Яны з'яўляліся носьбітамі беларускай свядомасці. Пры іх існавалі драматычныя гурткі, школкі, выдаваліся часопісы на нацыянальнай мове [1]. Існаваў план рэвіндыкацыі на ўнію цэркваў Лідскага павета ў Бабрах, Дзікушках, Ганчарах, Мыце, Орлі, Радзівонішках, Ракавічах, Сабакінцах . Ёсць звесткі аб тым, што ў 1920-я г. уніяцкая парафія аднавілася ў Мураванкаўскай царкве, настаяцелем якой з'яўляўся Іосіф Міхневіч (1874-1930 г.). З гэтым, відаць, была звязана і тагачасная перабудова храмавага інтэр'ера. Але ўлады другой Рэчы Паспалітай не былі зацікаўлены ў пашырэнні ўніі, таму к канцу 1930-х г. уніяцкая справа ў Заходняй Беларусі згортваецца.
Калі гаворыць пра гісторыю пасля ІІ Сусветнай вайны, ёсць факты, якія сведчаць аб дзейнасці ў Лідзе ўніяцкіх святароў у брэжнеўскія часы. Яны жылі ў лідскага рыма-каталіцкага пробашча ксяндза Роека. Выконваць духоўныя абавязкі ім было забаронена, таму сродкаў на пражыванне яны не мелі. Дапамаглі ім айцы піяры, якія далі магчымасць адпраўляць т. зв. інтэнцыяльныя імшы, звязаныя з грашовымі ахвяраваннямі. Але, падчас вобыску ў доме аднаго з уніяцкіх святароў, карткі са спіскам імшальных інтэнцый трапілі ў рукі адпаведных органаў. Пасля гэтага праблемы ўзніклі і ў саміх піяраў [3].
На мяжы 1980-1990-х г. грэка-каталіцкая царква адраджаецца ва Ўкраіне і Беларусі. У нашай краіне з'явілася 15 уніяцкіх парафій, якія дзейнічаюць і сёння.
Спачатку прыхільнікі ўніі ў Лідзе збіраліся ў мясцовым Слабадскім касцёле. Іх гуртаваў ксёндз Ігар Лашук, які першым сярод святароў пачаў праводзіць службу на беларускай мове.
У 1994 г. у Лідзе была адроджана грэка-каталіцкая парафія Св. Язафата. Арганізацыйную працу па яе стварэнню ўзялі на сябе лідзянкі Святлана Канапацкая і Антаніна Залеская: знайшлі памяшканне ў прыватнай мастацкай майстэрні і абсталявалі яго пад капліцу. У арганізацыйнай працы ўдзельнічаў і аўтар гэтых радкоў. Драўляныя лавы і рамы для абразоў зрабіў Юры Мандрык. Новаствораны прыход наведаў протапрасвітэр а. Ян Матусевіч. Ён правёў у Лідзе, у памяшканні музычнага вучылішча, першую грэка-каталіцкую літургію. У хуткім часе прыход пачаў арэндаваць невялікі склеп мастацкай майстэрні па вуіцы Суворава, 7а. У 1996 г. для парафіі быў набыты дом па вуліцы Каліноўскага, 16. З'явілася сваё памяшканне. Пасля рамонту і перабудовы, у капліцы на першым паверсе гэтага дома пачаліся рэгулярныя набажэнствы. Першую службу ў новай капліцы правёў а. Казімір Ляховіч. Ён жа стаў і першым настаяцелем Лідскай парафіі - кожную нядзелю прыязджаў з Мінска.
Ідэю стварыць уніяцкі прыход у Лідзе падказала само жыццё. Сяргей Чарняк успамінае на гэты конт наступнае: "У 1994 г. у нас з'явілася праблема - мая будучая жонка Тамара, праваслаўная, не жадала браць шлюб у касцёле. Ксёндз Ігар Лашук падказаў мне, што нас абодвух задаволіць шлюб ва ўніяцкай царкве. У лютым 1994 г. у Гародні нас шлюбаваў грэка-каталіцкі святар а. Віктар Данілаў. А ў снежні 1994 г. наш сын Яўген быў хрышчоны ў лідскай уніяцкай капліцы а. Казімірам Ляховічам".
Успамінае Антаніна Залеская: "Да нас з Мінска стаў прыязджаць а. Казімір Ляховіч. З 1997 г. нашым прыходам пачаў апекавацца а. Андрэй Абламейка. Гэта быў вельмі плённы час для ўсіх нас. Наладзілася духоўнае жыццё, рэгулярна праводзіліся нядзельныя службы, біблійныя спатканні, летнія пілігрымкі з Віцебска ў Полацак, сямейныя рэкалекцыі. Асабліва ўспамі на юцца мне сустрэчы с Папам Рым скім Янам Паўлам ІІ у г. Седль цы (Польшча) і ў Кіеве. З упэўненасцю можна сказаць, што лепшыя хвіліны жыцця звязаныя ў нас менавіта з нашым прыходам Св. Язафата. Сёння мы маем вельмі добрага святара а. Андрэя Буніча, які апякуецца нашым прыходам і шмат робіць для нас".
Усё парафіяльнае жыццё канцэнтруецца вакол настаяцеля, якімі ў Лідзе былі: а. Казімір Ляховіч, а. Андрэй Абламейка (з 1997 г.), а. Андрэй Крот (з 2006 г.), а. Аляксандр Шаўцоў (з канца 2007 г.), а. Андрэй Буйніч (з восені 2008 г.). Усе яны - людзі высокаадукаваныя, інтэлігентныя, паважаныя парафіянамі. Падзеяй для прыхода заўсёды становіцца прыезд архімандрыта Сяргея Гаека - апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
Штогод лідскія грэка-католікі адзначаюць сваё парафіяльнае свята - Дзень Св. Язафата (16 верасня паводле старой уніяцкай традыцыі).

[1] Падокшын С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мінск, 2000. С. 101.

[2] Палуцкая С. В. З гісторыі уніяцтва на Лідчыне // Наш Радавод. Ліда, 1993. С. 69.

[3] Стасевіч-Ясюкова І. Ксёндз Станіслаў Роек. Варшава - Ліда, 2007. С. 56.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX