Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Зноў пра святароў і царкву ў Малым Мажэйкаве 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-03-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Зноў пра святароў і царкву ў Малым Мажэйкаве // Лідскі Летапісец, 2020. 1(89). С. 21-31.



а. Міхал Сцепуржынскі

а. Леў Савіцкі

Новае пра царкву ў Малым Мажэйкаве

Летапіс Маламажэйкаўскай царквы, Лідскага дабрачыння за 1923 г.


У гэтым артыкуле падаю новую інфармацыю пра святароў Маламажэйкаўскай царквы Паўла Сцепуржынскага і Льва Савіцкага. Калі пра Сцепуржынскага ў сваіх папярэдніх матэрыялах я толькі ўзгадваў, дык пра Льва Савіцкага пісаў дастаткова падрабязна.

Таксама ў артыкуле падаюцца новыя матэрыялы пра саму царкву.

а. Міхал Сцепуржынскі

У Паўла Сцепуржынскага, які з 1795 па 1817 гг. служыў адміністратарам Радзівонішскай царквы, у Радзівонішках нарадзіўся сын Міхал, які адносіўся да тых прадстаўнікоў «новаправаслаўнага» духавенства (былых уніятаў), якія гэтак і не знайшлі сябе ў новай сістэме.

Міхал Сцепуржынскі нарадзіўся ў 1796 г. Свецкім навукам з 1812 па 1819 г. навучаўся ў Шчучынскай гімназічнай павятовай вучэльні, дзе скончыў 4 класы з «пахвальным пасведчаннем». Духоўныя навукі вывучаў у 1820-1821 гг. у Жыровічах. У духоўнае званне ўступіў і быў высвечаны ў святары грэка-каталіцкім біскупам Адрыянам Галаўнём у Вільні і 24 чэрвеня 1822 г. накіраваны ў Радзівонішскую Свята-Ганненскую царкву вікарыем да свайго бацькі, святара Паўла Сцепуржынскага. У тым жа годзе малады святар ажаніўся з Ганнай [1], дачкой Маламажэйкаваўскага святара Яна Плаўскага і быў пераведзены ў Маламажэйкаўскую царкву: «паступіў у прычт да свайго цесця святара Іаана Плаўскага» [2]. З 1831 па 1837 гг. служыў тут адміністратарам царквы, гэта значыць, цесць стаў вікарыем у свайго зяця.

З кліравых ведамасцей 1844 г. даведваемся, што святар Іван Дзям'янавіч Плаўскі, сын святара, першапачатковым навукам навучаўся ў свецкай павятовай Наваградскай вучэльні з 1800 г. Закончыў курс і ў 1804 г. паступіў Берасцейскую Літоўскую семінарыю Пасля заканчэння курса навук высвечаны ў святары мітрапалітам Булгакам у Наваградку ў 1805 г., а ў 1810 г. прызначаны парахам Маламажэйкаўскай царквы. У 1842 г. прызначаны духоўнікам Лідскага дабрачыння [3].


У Малым Мажэйкаве малады святар «перабудаваў старыя пабудовы плябаніі і пабудаваў некаторыя новыя ...» [4]. У цесця «Сцепуржынскі застаў стары жылы дом, два хлявы і старыя гаспадарчыя пабудовы - маёмасць Плаўскага, старыя пабудовы за некалькі гадоў ... Сцепуржынскі перабудаваў ...» Дачка Міхала Сцепуржынскага і жонка Льва Савіцкага Стэфаніда Міхайлаўна. [5]. З-за гэтага паміж зяцем і цесцем сапсаваліся адносіны і з'явіліся маёмасныя праблемы, але аналізаваць спрэчкі цесця з зяцем і ўчытвацца ў дзесяткі старонак рукапіснага тэксту ў архіве, мне было не цікава.

У 1837 г. епіскап Антон Зубко разам з дэканам Брэнам праводзіў праверку Маламажэйкаўскай царквы. Адзін з ліквідатараў уніі Зубко, сваімі вачамі ўбачыў, што «ў дзень Абразання Гасподняга ў царкве спявалі "Анёл Панскі"» [6]. З-за гэтага: «... святар Міхал Сцепуржынскі ... які быў настаяцелем Маламажэйкаўскай царквы, але не выканаў прадпісанняў … нізведзены ў вікарыі гэтай царквы, а яго цесць, святар Іаан Плаўскі ... як і раней, пастаўлены настаяцелем ...» [7]. Насамрэч Сцержынскага нават вывелі за штат [8].

Менавіта з 1837 г., з моманту знішчэння ўніяцкай царквы, у святара з'явіліся праблемы. У дакументах 1839 г. адзначалася, што ён знаходзіўся пад царкоўным судом за няправільнае здзяйсненне богаслужэння і непадпарадкаванне начальству - меўся на ўвазе той самы «Анёл Панскі». Святар характарызаваўся як няздольны з-за «неприлежания», запальчывы і ўпарты. Гэта азначала, што а. Міхал, як мог, супраціўляўся скасаванню сваёй царквы і, як бачна з дакументаў, нават спрачаўся з самім Зубко. Таму не дзіва, што быў рэпрэсаваны.

У 1844 г. Сцепружынскі ўжо меў «добрыя паводзіны». Аднак у 1849 г. ковенскім епіскапам (Яўсевіем) адзначалася, што «служыць не ўмее» і мае прыхільнасць да «горячительных» напояў. У 1859 г. запісана, што «нічым па царкве не займаецца, вельмі рэдка служыць, цалкам не здольны» [9].

Са справы 1843-1853 гг. аб накладанні епітыміі на Міхала Сцепуржынскага, бачна што, святар «Сцепуржынскі не выконвае да гэтага часу прадпісанне 1842 г. аб яўцы на адзін месяц у Кафедральны сабор для вывучэння богаслужэння». З даведкі бачна, што ён падчас рэвізіі 1849 г. «праасвяшчэнным Яўсевіем цэркваў Лідскага павета, запісаны слабым у богаслужэнні і зараз дабрачынны даносіць, што Сцепуржынскі не выказаў у гэтым поспеху» [10]. У сваё апраўданне Сцепуржынскі давёў, што ён ужо ў 1835 і 1839 гг. па некалькі тыдняў абучаўся ў Жыровіцкім кафедральным саборы [11]. Але, як і шмат хто з іншых былых уніяцкіх святароў, служыць на маскоўскі ўзор не навучыўся і не жадаў гэтага рабіць.

Цікава, што Сцепуржынскага абвінавацілі ў тым, што ён хаваў вернікаў (8 чалавек) не на могілках, а каля царквы, на пагосце. І жах! Дабрачынны Брэн заўважыў на адным з крыжоў на магіле каля царквы надпіс на польскай мове. Такі надпіс меўся на магіле селяніна вёскі Зенавічы Івана Змітровіча (у спісе парафіян Маламажэйкаўскай царквы 1829 г., у вёсцы Зенавічы Змітровіч ідзе пад № 2, у спісе - «Ян Змітровіч, 38 г.»). Сцепуржынскі адказаў, што крыж з польскім надпісам зрабілі самі сяляне і ён не мае да гэтага дачынення, да таго ж, ён не быў настаяцелем царквы і не вырашаў пытанне з месцам пахавання вернікаў [12].

На абвінавачванні ў п'янстве святар адказаў, што на прыходзе ён «жыве 30 гадоў і гатовы прадставіць сведкамі ўсіх сялян і суседніх абшарнікаў, што ён не п'е, а абвінавачванні дабрачыннага гэта паклёп. … Што датычыць бруду ў царкве, дык гэта таму, што царква, хоць і мураваная, але надта старая і патрабуе вялікага рамонту. Падчас дажджу працякае дах …» [13].

З дакументаў аб накладанні епітым'і на Сцепуржынскага, бачна, што не ўсё адназначна са справай адабрання зямлі абшарнікам Кастравіцкім, пра якую пісаў Леў Савіцкі [14]. Кансісторыя не ўпэўнена, «ці насамрэч у свой час фундушовая зямля ... была адабрана нябожчыкам, абшарнікам Кастравіцкім, якая па словам Сцепуржынскага была аддадзена толькі часткова? Колькі канкрэтна і калі яна была адабраная? І чаму дабрачынны як адказны за цэласнасць царкоўнай маёмасці ... не паклапаціўся аб яе вяртанні?» [15].

У выніку Міхал Сцепуржынскі атрымаў у епітымію: «20 зямных паклонаў, якія ён абавязаны пакласці ў Лідскай царкве пад наглядам протаіерэя Брэна» [16]. Здаецца, не вельмі моцны прысуд, пэўна ўсё ж святар быў не надта і вінаваты.

У ведамасці Маламажэйкаўскай Багародзіцкай царквы за 1844 г. чытаем, што царква «пабудавана ў 1542 г. абшарнікам Шымкам Мацкавічам з маёнтка Вялікае Мажэйкава.

Царкоўны прычт мае тры моргі сядзібнай зямлі і тры полі ворнай зямлі ( 9, 10, 9 моргаў), 15 моргаў сенакосу і зарослай хмызняком тры моргі.

Дом святара драўляны, новапабудаваны на сродкі святара.

На ўтрыманне святара і дзьячка - 160 рублёў срэбрам, утрыманне дастатковае.

Маюцца сапраўдныя метрычныя кнігі з 1776 г. аб нованароджаных, памерлых і шлюбах па сённяшні год, захоўваюцца ў цэласнасці» [17].

У 1849 г. пачаўся рамонт царквы, пра які можна даведацца ў «Деле о починке Маломажейковской церкви» [18]. Лідскі дабрачынны Брэн, святары Іван Плаўскі і Міхал Сцепуржынскі, а таксама дыякан Аляксандр Малішэўскі падпісалі акт наступнага зместу: «1848 года, жніўня, 16 дня ніжэйпадпісаныя Лідскі дабрачынны протаіерэй Самсон Брэн з прычтам Маламажэйкаўскай царквы, пасля яе агляду, прызналі неабходным зрабіць некаторыя папраўкі і купіць неабходныя рэчы, а менавіта: прыбудаваныя па кутах царквы чатыры вежы пакрыць новай гонтай і на адной з вежаў, з правага боку пры ўваходзе ў царкву, зрабіць жалезны крыж, фасад з самага фронту пры ўваходзе ў царкву паправіць і абтынкаваць, падлогу ў некаторых месцах выправіць, на паўночных і паўднёвых дзвярах напісаць абразы Архідыякана Стэфана і Архістратыга Міхала, напісаць два вялікія насценныя абразы на царскія вароты, напісаць малыя абразы чатырох евангелістаў, а над царскімі брамай - абраз Тайнай Вячэры а таксама дзве харугвы, зрабіць чатыры невялікія аналоі і покрыўкі на іх, купіць царкоўныя кнігі: Апостал, Актоіх, вялікі трэбнік і акафіст з канонам і дзве святарскія рызы з царкоўным прыборам, адну з іх жалобную, а другую светлую. Аб чым складзены намі акт, уласнаручнымі подпісамі пацвярджаем» [19].

Пачалася доўгая перапіска паміж маршалкам лідскай шляхты Буткевічам (які павінен быў прымусіць гаспадара маёнтка Малое Мажэйкава Рышарда Ромера да рамонту царквы) і Літоўскай кансісторыяй. Вынікам перапіскі стала тое, што ўсё ж была падлічана неабходная сума ў 303 руб. 44 кап., але справа рамонту царквы ўсяроўна з месца не зрушылася [20].

Абшарнік Ромер прасіў, каб царкву рамантавалі разам з ім абшарнікі Грабоўскі (Вялікае Мажэйкава) і Важынскі (Ішчална), бо сяляне гэтых маёнткаў з'яўляюцца прыхаджанамі царквы. У 1856 г. лідскі дабрачынны Брэн канстатаваў, што «рамонт царквы не робіцца, і яна ўсё больш і больш руйнуецца» [21].

У 1857 г. да перапіскі далучылася канцылярыя Віленскага генерал-губернатара, але справа не рухалася. У 1862 г. да планаванага рамонту царквы вырашылі дадаць яшчэ і пашырэнне могілак [22]. Аднак, здаецца, нічога не зрабілі, і справа аб рамонце была закрыта 27 лютага 1863 г. і адпраўлена ў архіў 28 сакавіка 1870 г.

Газета «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» паведаміла, што «заштатны святар Маламажэйкаўскай царквы Лідскага павета Міхал Сцепуржынскі памёр 10 лютага 1865 г., яго маёмасць засталася ўдаве і сіротам» [23].

Рамонт і перабудова Маламажэйкаўскай царквы адбылася толькі пры святары Льву Савіцкім.

а. Леў Савіцкі

Першая згадка пра святарскі род Савіцкіх, знойдзеная на сённяшні дзень, датуецца 1762 г. Гэта год нараджэння святара грэка-каталіцкай царквы Савы Савіцкага. Ён высвечаны біскупам Пінска-Тураўскай епархіі Гедэонам Дашкевічам-Гарбацкім 23.07.1788 г., інсталяваны Берасцейскім біскупам Язафатам Булгакам 05.04.1812 г. Служыў адміністратарам у царкве вёскі Пажог Пінскага павета з 3.07.1788 па 04.04.1812 г., потым у гэтай жа царкве парахам з 05.04.1812 г. па 23.01.1820 г. Зараз вёска Пажог знаходзіцца ў Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці (Украіна). Сям'я ў Савы Савіцкага на той час была параўнальна невялікая: жонка Мар'яна, 1768 г. н. і трое дзяцей: Іосіф (15.01.1800 г. н. ), Адам (1810 г. н.), Ганна (1804 г. н.).

а. Леў Савіцкі.

Пра дачку Ганну на дадзены момант нічога не вядома, а абодва сыны пайшлі па слядах бацькі і сталі святарамі. Адам Савіцкі ў 1838 г. змяніў свайго бацьку і стаў настаяцелем царквы ў вёсцы Пажог, Іосіф Савіцкі 23.01.1820 г. скончыў Любяшоўскі калегіюм піяраў.

У 1838 г. Іосіф Савіч Савіцкі - святар царквы ў сяле Спорава Слонімскага павета Гарадзенскай губерні. Яго жонка - Юстына Раманаўна, народжаная Ержыкоўская. 18 чэрвеня 1841 г. у вёсцы Спорава Слонімскага павета нарадзіўся Леў Савіцкі. Спярша ён скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а ў 1863 г. стаў выпускніком Літоўскай духоўнай семінарыі [24].

А ў кнізе «Кладзецца імгла на старыя прыступкі» А. П. Чудакова, ёсць цікавыя радкі пра будні семінарыстаў напісаныя па расказах дзеда А. Чудакова Леаніда Львовіча Савіцкага (сына Льва Савіцкага):

Сям'я а. Льва Савіцкага, 1907 г.

«Дзед расказваў пра Віленскую духоўную семінарыю. Айцец Панкрацій Дабранраваў потым стаў епіскапам. Яфім Фёдаравіч Карскі, будучы акадэмік, быў выкладчыкам рускай мовы ў другой віленскай гімназіі, а ў нас па сумяшчальніцтву, выкладаў царкоўна-славянскую мову. ...

... Старэйшыя семінарысты называліся філосафамі, сярэднія - прамоўцамі. ...

Дыспуты ў нас на дагматычныя тэмы ... вялі філосафы і, мабыць, прамоўцы. Як зменіцца свет пасля Страшнага суду? Што ёсць вера? Бог стварыў свет адразу або па частках? Мы, сінтаксісты, малодшыя, болей любілі размовы.

- Балбатаць адзін з адным?

- Не, так называлася нешта накшталт тэатральных паказаў, на якія прыходзіла і пабочная публіка - актавая залы часам не магла змясціць усіх. Якія размовы? Ставіліся спрэчкі паміж часткамі рэчы: кожная сцвярджала, што яна ў мове самая важная. ...

- А якія пытанні былі на іспытах?

- Розныя ... Напрыклад: у чым складалася ерась Арыя? Або: якія розныя рысы ў кожным з чатырох Евангелляў? Ці прасцей: выкласці любое з Паўлавых Пасланняў. Але гэта для нас было проста, а якога-небудзь гімназіста спытай - стане ў тупік. Хіба ён ведаў Евангелле? - дзед пачынаў камусьці пярэчыць, хвалявацца, гэтае пытанне і зараз, праз паўстагоддзя, чапала яго. - Гімназіст ведаў не Евангелле, а Святую гісторыю Новага Запавету - сачыненне святара Рудакова. Ды і то няцвёрда. Нагаворыць настаўніку закона ўсякага глупства, а той толькі: «засвоіў няўцямна», і ставіць здавальняльны бал.

Але гэта мне было ўжо нецікава, я спяшаўся змяніць тэму і пытаўся, як забаўляліся семінарысты.

- Як усе хлопчыкі. Гулялі ў чахарду, у карты, хоць яны строга забараняліся. Спявалі што? Свецкае не ўхвалялася. Але мы знаходзілі спосаб. Спявалі, - дзед пачынаў на царкоўны распеў, - такое: "Айцец дабрачынны купіў нож перачынны" [25] ... А хор: «У-дзі-ві-цель-на!» ... "і кажух аўчыны" ... Хор: «Ва-схі-ці-це-льна!» Спявалі вечарамі, але ўнізе сядзеў вартаўнік, і ён усё даносіў начальству. А тут - чыста: развучваем літургію на голас шосты ці сёмы ... Ну а ... калі ўсё ж, чуем, падымаецца па лесвіцы наш Аргус, пачынаем: «Et tonat, et donat» - стары бурсацкі пераклад украінскай песні: «И шуме, и греме, дрибен дощик иде, а кто мени молодую тай до дому доведе…»

Вартаўнік паслухае-паслухае: латынь! значыцца, усё ў парадку ..» [26].


10 лістапада 1863 г., закончыўшы курс Літоўскай духоўнай семінарыі, Леў Савіцкі быў рукапакладзены ў святары Маламажэйкаўскай царквы Віленскай губерні Лідскага павета [27]. Жонка святара - Сцепуржынская Сцефаніда Міхайлаўна, дачка маламажэйкаўскага свята Міхала Сцепуржынскга. Савіцкі ўспадкаваў месца ў царкве «па-кудзелі».

Леў і Сцефаніда Савіцкія мелі адзінаццаць дзяцей: Дар'я (1865 г. н.), Уладзімір (1866 г. н.), Стэфаніда (1867 г. н.), Міхаіл (1869 г. н.), Іосіф (1871 г. н.), Надзея (1873 г. н.), Аляксандр (1874 г. н.), Зінаіда (1876 г. н.), Леанід (1878 г. н.), Мікалай (1879 г. н.), Павел (1885 г. н.).


Трэба расказаць пра Маламажэйкаўскую царкоўна-прыходскую школу, якая была заснавана ў 1864 г. для цалкам непісьменных вернікаў царквы. Першапачаткова школа месцілася ў пакоі для прыслугі святарскага дома, у вучнях было 11 хлопчыкаў. 26 кастрычніка 1864 г. у доме здарыўся пажар, і школу перанеслі ў напаўзгнілы багадзельны дом. Вучоба ў ім не магла працягвацца ўсю зіму з-за холаду, і таму дзяцей перавялі ў дом псаломшчыка.

У 1866 г. былі адкрыты дзве рухомыя школы ў бліжэйшых да царквы вёсках, якія налічвалі 23 вучні. Гэтыя рухомыя школы былі вельмі бедна і непрывабна абстаўлены, і часта разам з дзецьмі кніжную мудрасць слухалі і свойскія жывёлы. Такое навучанне працягвалася да 1871 г. Клопатамі Льва Савіцкага для школы быў пабудаваны асобны дом і за грошы святара куплена мэбля. У розныя гады ў гэтай школе налічвалася ад 30 да 40 вучняў.

10 лютага 1882 г. згарэў і гэты будынак, але навучанне працягвалася ў рухомай школе. Пераканаць вернікаў у неабходнасці пабудовы новага будынка каштавала вялікіх высілкаў. Большасць з сялян, вядома ж, была за навуку, але меліся і праціўнікі. Супраць было і сельскае начальства (валасны старшына і пісар), яны казалі, што будаўніцтва школы фінансава зруйнуе прыход. Аднак, у 1883 г. Савіцкі змог пераканаць вернікаў падпісаць «вырак» за пабудову новай школы. З кожнага двара належала сабраць па 5 рублёў, што агулам павінна было скласці суму ў 305 рублёў. Але і тут не абышлося без складанасці. Па-першае, стаяла вясновая пара, і ў сялян ужо не заставалася харчовых запасаў, а не тое што грошай, па-другое, пажарам была знішчана адна з самых вялікіх вёсак парафіі. Для таго, каб выкупіць зруб для новага будынка школы ў яўрэя-лесапрамыслоўца бракавала 160 рублёў. Іх унёс сам святар і тым самым уратаваў зруб ад перапродажу іншым пакупнікам. Гэтая сума была ўнесеная авансам, г. зн., потым сяляне павінны былі вярнуць грошы святару.

4 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё і высвячэнне новай школы. Леў Савіцкі абвясціў, што дапамагаць у навучанні яму будзе старэйшая дачка Дар'я, якая скончыла курс навук у Віленскім жаночым духоўным вучылішчы. Гэтак жа святар абвясціў, што навучанне будзе бясплатным. Апошняе прыйшлося парафіянам па сэрцы, і праз тры дні школу ўжо наведвалі 52 вучні. Такую колькасць дзяцей нават не было дзе пасадзіць з-за недахопу парт.

Галоўнай праблемай з'яўлялася адсутнасць падручнікаў і кніг. У пачатку 1860-х гг. у мясцовага насельніцтва на руках практычна не было кніг, а калі і былі, дык на польскай мове, што ніякім чынам не пасавала для праваслаўнай школы. Першая дапамога кнігамі была атрымана ў 1865 г., гэта былі брашуры і настаўленні сялянам, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці, а таксама чатыры кнігі на стараславянскай мове. У наступныя гады новыя кнігі набываліся на асабістыя сродкі Савіцкага. Так працягвалася да 1880 г., калі школа атрымала 104 падручнікі. Аднак, неўзабаве падручнікі былі знішчаны пажарам. Таму, баючыся, што вучэнне можа перапыніцца святар быў вымушаны купіць 60 асобнікаў розных вучэбных кніг за свой кошт. Але неўзабаве школа дастала 44 кнігі ад Сінода, потым яшчэ 104 кнігі з Віленскай дырэкцыі навучальнай акругі, а ў 1885 г. на долю школы прыйшлося яшчэ 300 асобнікаў кніг. Багатае забеспячэнне школы кнігамі стала галоўнай прычынай павелічэння колькасці навучэнцаў, да вясны 1885 г. ў школе вучыліся ўжо да 60 чалавек.

Унутранае ўбранне школы не было багатым. У першым школьным памяшканні школы мэбля складалася з простых лавак, пазбіваных з дошак і пакладзеных на ўбітыя ў зямлю калы. Замест парт стаялі простыя доўгія сталы. Дошкай служылі ўваходныя дзверы, афарбаваныя ў чорны колер. У ізноў пабудаваным ў 1884 г. будынку стаялі доўгія класныя парты, адзін вялікі стол, стол і крэсла для настаўніка, класная дошка, а для кніг Савіцкі ахвяраваў новую вялікую шафу. У куце стаялі абраз Збавіцеля, Божай Маці, выява Св. Кірыла і Мяфодзія. Па сценках вісеў тэкст малітвы «Ойча наш», кароткі малітваслоў і славяна-руская азбука. Школа мела глінабітную падлогу. Для абагрэву выкарыстоўвалі зялёную кафляную печ. Пры ўваходзе вісеў пайменны спіс усіх вучняў, расклад заняткаў, а таксама ранішніх і вячэрніх малітваў, якія прамаўляліся вучнямі па чарзе.

Вучылі ў школе не толькі грамаце. Напамяць вывучалі малітвы, прычым «з правільным вымаўленнем і разуменнем сэнсу». У праграму штодзённых заняткаў уваходзілі царкоўныя спевы. Вывучалася свяшчэнная гісторыя Старога і Новага запавету. Арыфметыка выкладалася на прыкладах, запазычаных з жыцця, знаёмага сялянскім дзецям. З геаграфіі даваліся самыя элементарныя пазнанні аб зямлі, планетах, але галоўным чынам неабходныя звесткі аб Расійскай Імперыі з наглядным указаннем на карце галоўных рэк і гарадоў. З гісторыі выкладаліся кароткія звесткі аб заснаванні рускай дзяржавы. Але галоўная ўвага звярталася на славянскую і рускую мовы, поспехі ў якіх вышэй за іншыя навукі адзначалі інспектары. Гэта і зразумела, беларускія дзеці мелі вялікія праблемы з рускай мовай, пра гэта можна прачытаць у шматлікіх мемуарыстаў таго і пазнейшага часу. Па выніках адной з рэвізій поспехі дзяцей былі прызнаныя здавальняючымі па ўсіх прадметах, за што вучняў ўзнагародзілі кнігамі (па кнізе на кожнага і яшчэ 25 кніг школе), а Льву Савіцкаму аб'яўлена ўдзячнасць ад епархіяльнага начальства.

Спосабы выкладання ў школе былі далёкімі ад патрабаванняў педагогікі, гэта святар тлумачыў адсутнасцю неабходных дапаможнікаў. Ва ўсе часы існавання школы галоўным выкладчыкам з'яўляўся святар і часткова псаломшчык (спевы). Падчас адсутнасці настаўніка назіранне за вучнямі ўскладалася на аднаго з лепшых вучняў. Але Савіцкі знаходзіў гэта ненармальным. Ён быў вымушаны наймаць асоб, больш-менш здольных быць памочнікамі ў справе адукацыі і выхавання дзяцей. У новым будынку школы дапамагала вучыць дзяцей старэйшая дачка Савіцкага Дар'я. На святары ляжаў абавязак выкладання Закона Божага і тлумачэнне набажэнства.

Адукацыя патрабавала некаторых выдаткаў пры тым, што большасць сялян была вельмі беднай. Пры школе не мелася памяшкання для начлегу, і таму некаторыя дзеці былі вымушаны хадзіць у школу штодзень за 4-5 вёрст. Пры дрэнным надвор'і, асабліва ўзімку, школу яны наведвалі не рэгулярна.


Свецкія ўлады былі незадаволены ўзроўнем адукацыі, якую давалі царкоўныя школы. Недарэмна, нават і ў наш час пра неадукаванага і цёмнага чалавека кажуць: «Ён скончыў царкоўна-прыходскую школу».

Шматлікія праблемы з уладамі меў і Савіцкі. Часта валасныя старшыны прылюдна, на сходах, забаранялі вернікам Маламажэйкаўскай царквы аддаваць дзяцей у школу і нават пагражалі грашовымі штрафамі. Ад валасных старэйшын паступалі скаргі на царкоўную школу за супрацьдзеянне народнай адукацыі ў народных школах [28].

Малюнак Пятрова да перабудовы царквы Савіцкім, 1866 г.

11 сакавіка 1877 г. Савіцкага выклікалі ў вёску Дзікушкі, дзе яму ў прысутнасці дзікушскага святара і народнага настаўніка, інспектар народных вучылішч сказаў: «Гэта Вы адкрылі ў сябе патаемныя школы. Хто вам дазволіў? Якое Вы маеце права?» На што Леў Савіцкі адказаў, што яго школа не тайная, існуе ўжо 14 гадоў, а права вучыць дзяцей свайго прыходу дае яму сан святара і Палажэнне ад 25 мая 1874 года. Пасля гэтага інспектар сказаў святару, што калі ён не жадае быць адказным за падрыў справы народнай адукацыі, дык павінен перадаць сваю школу ў якасці аддзела, дзікушскаму народнаму настаўніку. Святар адказваў, што ён не можа быць памочнікам народнага настаўніка, бо гэта было б ненармальна і падрывала б яго аўтарытэт і сан, і, нарэшце, яго адукацыя дае яму, святару, права на званне настаўніка народа. Дадам, што Леў Савіцкі меў сярэднюю адукацыю.

Малюнак Пятрова да перабудовы царквы Савіцкім, 1866 г.

5 лютага 1880 г. народны настаўнік Дзікушскай школы зноў падаваў скаргу на царкоўную школу Савіцкага. Потым, каб зачыніць царкоўную школу, той жа настаўнік прыходзіў разам з валасным старшынём (гэты візіт Савіцкі назваў «набегам»), але яны толькі адабралі некалькі падручнікаў.

А 12 студзеня 1882 г. у адной з вёсак прыходу, якая была акружана каталіцкімі вёскамі, была выяўленая таемная польская школа. Савіцкі адразу ж данёс уладам. Польскія кнігі былі прадстаўлены міравому пасрэдніку, і святар падаў заяву з патрабаваннем, каб гэтых дзяцей, якія вучыліся польскай грамаце (відавочна, што католікаў), перадалі яму, у праваслаўную царкоўна-прыходскую школу. Але яго царкоўная школа мела такую рэпутацыю, што пасрэднік, замест таго, каб падтрымаць праваслаўнага святара, вярнуў польскія кнігі, матывуючы гэта словамі: «Хай лепш вучацца па-польску, чым нічому не вучацца».

Яшчэ да выкрыцця польскай школы, міравы пасярэднік заўсёды адхіляў заявы Савіцкага як асабістага характару, гэтак і заявы ў інтарэсах школы [29].

Заўважу, што ў 1882 г. на Лідчыне былі два міравыя пасрэднікі: Васілій Дзмітрыевіч Шышкоў (на пасадзе з 4 траўня 1873 г., меў баявыя ўзнагароды за Крымскую вайну) і Іван Захаравіч Зубоўскі (на пасадзе з 29 верасня 1880 г., таксама меў баявыя ўзнагароды за Крымскую вайну і медаль за «Усмирение польского мятежа 1863-1864 гг.»). Зразумела, што абодва былі праваслаўнага веравызнання [30]. Таму вычарпальная ацэнка вынікаў асветнай дзейнасці святара з боку праваслаўнага чыноўніка з'яўляецца надзвычай цікавай для разумення сутнасці справы.


З газеты «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» можна зрабіць наступную храналогію жыцця святара. У лістападзе 1876 г. Леў Савіцкі за старанную службу ўзнагароджаны набедраннікам [31]. У 1879 г. піша некралог па святары царквы ў Мыто а. Андрэі Пігулеўскім [32]. 19 чэрвеня 1882 г. Льву Савіцкаму выказана ўдзячнасць Епархіяльнага начальства [33]. У 1886 г. ён ахвяруе 5 руб. 50 кап. Віленскаму Свята-Духаваму брацтву [34]. У тым жа годзе ахвяруе 2 рублі на царкоўную харугву [35]. У 1894 г. Леў Савіцкі прызначаны на пасаду члена савета Лідскага дабрачыння [36] а ў 1895 г. ахвяруе 3 рублі Віленскаму Свята-Андрэеўскаму брацтву [37]. 18 лютага 1897 г. узнагароджаны скуф'ёй [38]. У 1899 г. святару выказана архіпастырскае дабраслаўленне за руплівую працу ў царкоўных школах [39].

Таксама Леў Савіцкі ўзнагароджваўся камілаўкай. 1 чэрвеня 1901 г. быў прызначаны памочнікам Лідскага дабрачыннага, але 6 верасня звольнены з пасады. Дзве нагэтулькі ўладалюбныя асобы, як Леў Савіцкі і Іосіф Каяловіч разам ужыцца не маглі.

Аднак з 10 студзеня 1902 г. прызначаецца духоўнікам Лідскага дабрачыння. 27 траўня 1907 г. узнагароджваецца наперсным крыжам, а 3 лютага - 1903 г. ордэнам св. Ганны 3 ст. Меў медаль «Усмирение польского мятежа 1863-1864 гг.»

Нагадаю, што гэты медаль быў заснаваны ў 1865 г. і меў два варыянты: светла-бронзавы і цёмна-бронзавы, імі ўзнагароджваліся розныя групы асоб. Адчаканена каля 370 тысяч светла-бронзавых і больш за 230 тысяч цёмна-бронзавых медалёў. Насілі медаль на грудзях на бел-памяранцава-чорнай стужцы. Медалямі з цёмнай бронзы ўзнагароджваліся тыя прадстаўнікі духавенства, якія спрыялі спыненню паўстання.

Цікава, што Савіцкі якраз пачаў служыць у 1863 г., а наяўнасць гэтага медаля з высокай верагоднасцю можа сведчыць пра, мякка кажучы, асведамляльна-даносніцкую працу гэтага чалавека. Ніякіх дакументаў покуль не знойдзена, але, у непасрэднай блізкасці ад Савіцкага за агітацыю на карысць паўстання быў арыштаваны і расстраляны эканом маёнтка Вялікае Мажэйкава Лідскага павета Юльян Ляснеўскі [40] , а ў яшчэ аднаго эканома гэтага ж маёнтка Аляксандра Марцінкевіча за «дачыненне да непарадкаў» была канфіскавана маёмасць [41]. Дрэнны медаль меў гэты святар.

Таксама Леў Савіцкі быў узнагароджаны медалём у памяць царавання Імператара Александра ІІІ, медалём у памяць 25-ці гадовага юбілею царкоўна-прыходскіх школ і срэбным знакам ад Імператарскага пажарнага таварыства [42].

Трэба заўважыць, што праз свае поспехі ў службе, на пачатку XX ст. а. Леў Савіцкі стаў багатым чалавекам, яму асабіста належала 300 дзесяцін зямлі [43].

Вярнуўшыся з бежанства, у 1923 г. Леў Савіцкі напісаў «Летапіс Маламажэйкаўскай царквы», у якім цікаўнасць мае апісанне стану царквы ў 1915-1923 гг. (гл. дадаткі).

Пры канцы трэба сказаць, што Леў Савіцкі быў пахаваны на могілках вёскі Аленкаўцы.

Новае пра царкву ў Малым Мажэйкаве

Калі я рыхтаваў кнігу пра Маламажэйкаўскую царкву, нейкі час ад яе апублікавання мяне стрымлівала тое, што ні ў адной беларускай бібліятэцы я не мог знайсці вялікага артыкула Юзафа Ядкоўскага, які ў свой час лічыўся базавым пра беларускія цэрквы-цвердзі. Зараз жа, уважліва вывучыўшы артыкул Ядкоўскага, уздыхнуў з палёгкай - ніякіх разыходжанняў паміж маімі ідэямі, выказанымі ў кнізе, і высновамі мэтра гісторыі няма.

Артыкул Ядкоўскага даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю [44] і таму я перакажу некаторыя новыя для мяне моманты ў гісторыі Маламажэйкаўскай царквы, якія ўбачыў у яго тэксце.

Жалезная труба, якая выходзіла вонкі з байніцы паўднёва-ўсходняй вежы Маламажэйкаўскай царквы, якая па-словах Юзафа Ядкоўскіl 'крычала пра вандалізм'.

Юзаф Ядкоўскі пісаў: «Маламажэйкаўская царква, называецца "Мураванай" ці проста, як завуць яе сяляне, "Мураванкай"». З тэксту бачна, што Ядкоўскі працаваў у архіве Маламажэйкаўскай царквы і сам бачыў тыя дакументы, пра якія пісаў Леў Савіцкі. Пра заснаванне царквы гісторык паведаміў, што ў архіве плябаніі меўся дакумент 1542 г. (я апублікаваў яго ў маёй кнізе). У адрозненні ад Савіцкага, які надрукаваў гэты дакумент наблізіўшы да сучаснай яму рускай граматыкі, Юзаф Ядкоўскі надрукаваў дакумент на аўтэнтычнай старабеларускай мове.

Абраз Маці Божай у прытворы, Юзаф Ядкоўскі вызначыў, што гэта абраз XVII – XVIII стст.

Каментуючы святкаванне 500-годдзя царквы ў 1907 г., Ядкоўскі называе Савіцкага «мясцовым "даследчыкам"», прычым слова «даследчык» бярэ ў двукоссі, таксама ў двукоссі ён бярэ і слова «даследаванне» ў дачыненні да працы Савіцкага [45]. Ядкоўскі пісаў, што Льву Савіцкаму немагчыма дараваць фальшаванне даты заснавання царквы з наступным святкаваннем несапраўднага 500-годдзя, бо святар меў сапраўдныя дакументы, чытаў і добра ведаў іх [46]. Нават у Кліравых ведамасцях за 1844 г., якія былі ў распараджэнні Савіцкага, напісана, што царква «пабудавана ў 1542 г. абшарнікам Шымкам Мацкавічам з маёнтка Вялікае Мажэйкава» [47]. Такім чынам святар пайшоў на свядомы падлог з мэтай даказаць яшчэ большую «ўкаранённасць» сваёй канфесіі ў нашым краі і такім чынам абгрунтаваць яе асаблівыя правы. З псіхалагічнага боку гледжання такія паводзіны святара якраз кажуць пра яго глыбокую асабістую няўпэўненасць у гэтым праве.

Ядкоўскі справядліва ўказвае на тое, што нават сама архітэктура храма дазваляе датаваць яго першай паловай XVI ст. [48] Тое, што Савіцкі «састарыў» царкву на 100 гадоў і лічыў сабе знаўцам гісторыі, якому гэта сыдзе з рук, кажа пра глыбокае, фундаментальнае неразуменне ім праблемы як з гістарычнага, гэтак і з мастацтвазнаўчага боку. Пры тым, што Леў Савіцкі, як я пісаў вышэй, вельмі ганарыўся сваёй, па-сучаснаму кажучы, сярэдне-прафесійнай адукацыяй і, верагодна, з яго боку гледжання, каб «састарыць» царкву, дастаткова было толькі ўжыць моцны на той час адміністрацыйны рэсурс, якім валодала яго канфесія. Дарэчы, у нейкай ужо сучаснай, таксама канфесійнай кнізе пра Сынкавіцкую царкву (назву кнігі і аўтараў, з-за нецікавасці, не памятаю), дата пабудовы Сынкавіцкай царквы таксама даецца на 100 ці нават болей гадоў старэйшай за рэальную. Як бачым, адносіны гэтых людзей да навуковых ведаў не патрабуюць каментарыяў, і пра нейкую каштоўнасць такога кшталту кніг, выдадзеных у наш час, таксама можна не казаць.

Але вернемся да гісторыі царквы. Юзаф Ядкоўскі ўдакладняе, што інфармацыя пра напад казакаў на Маламажэйкаўскую царкву ў 1655 г., падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй, калі быў забіты святар Фядосі Варатынскі, спалена забудова плябаніі, разрабаваны царкоўныя рэчы і раскіданы богаслужбовыя кнігі, выкладзена ў дакуменце пад назвай "List podawczy plebanÿ Możejkowskiey … X. Rożycowi po zamerdowaniu Przewielebnego Xiędza Worotyskiego … przez Moskwe na ten czas grasującą". Пасля рабавання ў царкве засталіся толькі ўніяцкія рызы святара, тры срэбныя пазалочаныя чашы з прыборам (адна з чаш была закладзена Фядосіем Варатынскім, каб заплаціць падатак ў памеры 10 коп літоўскіх грошаў для найму жаўнераў у наша войска), срэбны крыж, які меў назву «Можа», старажытнае рукапіснае Евангелле (гэта Евангелле ў 1864 г. у Вільню запатрабаваў Мураўёў-вешальнік, і, дзе яно зараз знаходзіцца, невядома, аднак па меркаванні Ядкоўскага, гэта кніга ў яго часы знаходзілася ў Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы пад № 15 і пад № 26.) Іншыя богаслужбовая кнігі былі падабраныя ў полі дзякам пасля таго, як казакі пайшлі. Аднак кнігі былі не цэлыя: Апостал быў без пачатку і канца, знойдзены чатыры кнігі Міней і г. д. [49]

На пачатку XX ст. захоўваўся дакумент ад 1664 г., у якім справа ідзе пра нявыдачу дзесяціны з маёнтка Красулі, святар Фёдар Гладкевіч пачаў патрабаваць дзесяціну ад абшарніка Нарушэвіча і ў 1673 г. дабіўся абяцання выплаты належнай дзесяціны ў дамоўлены тэрмін.

Каля 1717 г. як маламажэйкаўскі святар згадваецца Баеўскі.

У канцы XVIII ст. пагоршыліся стасункі паміж святаром Міцкевічам і цыбарскім старастам Казімірам Кастравіцкім. Кастравіцкі загадваў разганяць сялян, якія служылі ў святара, забраў 1 валоку зямлі і сенакосу на 15 вазоў, святара не пускаў ў царкоўны двор. Міцкевіч жаліўся на абшарніка лідскаму земскаму спраўніку, і Кастравіцкага выклікалі ў Ліду, але ён не з'явіўся, і справа не была вырашана. Як я пісаў у сваёй кнізе, прычынай такіх адносінаў абшарніка, верагодна, былі абуральныя паводзіны а. Андрэя Міцкевіча. Цікава, што пры а. Андрэі Міцкевічы ў царкве з'явіўся арган [50].

На пачатку XIX ст. Маламажэйкаўская царква знаходзілася ў сумным стане. Вось што пісаў візітатар Антон Наленч Тупальскі ў акце візітацыі ад 1804 г.: "Cerkiew Mało-Możeykowska, doprowadzona jest do tego stopnia ruiny, w którem powinna być interdykowana …". Таму вясной таго ж года было вырашана пачаць рамонт царквы, бо, як бачым, ёй пагражала закрыццё. Ужо ў 1811 г. візітатар знайшоў у царкве 4 новыя акны, вялікі алтар, дараносіцу, пафарбаваную ў белы колер з пазалочаным слупком і звон вагой каля 30 пудоў. Ядкоўскі адзначае, што на пачатку XX ст. гэтага звона няма, і невядома, куды ён знік.

У 1817 г. калятар царквы Кастравіцкі вырашыў пачаць рамонт, але невядома, што канкрэтна рамантавалася. Савіцкі даводзіў, што тады быў паніжаны царкоўны дах, пастаўлены новыя бэлькі і зроблена падлога з цэглы. Рамонт рабіўся на сродкі, якія былі атрыманы за здадзеныя ў арэнду царкоўныя землі.

Ядкоўскі лічыў, што падчас апошняга рамонту і пераробкі 1871-1872 гг. царква страціла свой гістарычны твар і аднавіць яго вельмі цяжка. Тады заходнія вежы былі ўзняты на 1 сажань, у адной з іх зроблена званіца, атынкаваныя і пафарбаваныя ў цёмна-чырвоны колер неатынкаваныя да гэтага часткі царквы (відочна, для ўзмацнення кантрасту). Ва ўсходніх вежах зламаныя хады і зроблена рызніцы, замест старой, цаглянай зроблена драўляная падлога і, самае цікавае, у алтары пастаўлена нікому непатрэбная печка з жалезнай трубой, якая выходзіла вонкі з байніцы паўднёва-ўсходняй вежы, Ядкоўскі піша, што гэтая труба «крычала пра вандалізм» [51].

Усе 4 вежы раней мелі аднолькавую канструкцыю, былі на 2 сажні вышэй за бакавыя царкоўныя сцены і мелі вінтавыя лесвіцы з выхадам на іх з царквы. Ва ўсходніх вежах гэтыя лесвіцы былі разабраныя (пры Савіцкім) і ў іх зроблены рызніцы. Падчас рамонту 1871-72 гг. заходнія вежы былі паднятыя на 1 сажань, і ў адной з іх зроблена званіца.

У былыя часы званіца знаходзілася на царкоўным пагосце, гэта бачна з рукапісу «Podanie cerkwi Możeykowskiey» ад 1801 г., у якім чытаем: «Званіца на чатырох слупах, крытая гонтай, на ёй два невялікія званы». У 1809 г. напісана пра новапабудаваную званіцу і ўсталяванне звона ў 30 пудоў. На пачатку ХХ ст. у званіцы меліся 4 званы, адзін з іх з надпісам «IEZUS ET MARIA SONET IN CORDIBVS NOSTRIS ANNO 1732».

Маламажэйкаўская царква ў 1899 ці 1900 г.

Новыя крыжы на царкве ўсталяваны ў 1871 г.

Маламажэйкаўская царква каля 1910 г.

На пярэдніх, заходніх вежах, ва ўніяцкія часы меліся дзве жалезныя фігуры анёлаў - адзін з мячом, а другі з трубой, гэта былі флюгеры, якія паказвалі напрамак ветру. Як у вежах, гэтак і ў сценах, вышэй царкоўных вокнаў маюцца байніцы. У вежах раней былі байніцы ў тры шэрагі, зараз шмат з іх замуравана. Асабліва цікавыя байніцы меліся ў заходніх вежах [52].

Існаванне паміж дахам і скляпеннямі вольнай прасторы давала магчымасць пераходзіць з вежы ў вежу падчас бою і мець доступ да байніц. Юзаф Ядкоўскі адзначыў, што круглае гатычнае акно-ружу мае яшчэ толькі Супрасльскі сабор.

Ядкоўскі не выключаў, што галоўныя вокны Маламажэйкаўскай царквы былі расшыраны на пачатку XIX ст. пры рамонце. Аконныя пралёты расшыраюцца як унутр, гэтак і вонкі, прычым падваконнікі маюць ухілы, што прадухіляе зацяканне вады [53].

Паўцыркульныя вокны Маламажэйкаўскай царквы з'явіліся пад уплывам форм рэнесансу, але сам спосаб апрацоўкі вокнаў застаўся яшчэ гатычны.

«Уваходны пралёт царкоўных дзвярэй апраўлены двума выступаючымі валікамі, якія пачынаюцца знізу і заканчваюцца ўверсе формай какошніка з крыжам», - пісаў Юзаф Ядкоўскі. Ён лічыў, што ўваходны партал Маламажэйкаўскай царквы нагадвае партал (porta della carta) палаца дожа Фрачэска Фаскары ў Венецыі (Palazzo Foscari), які быў пабудаваны ў сярэдзіне XV ст. Зараз партал знаходзіцца ўнутры царквы з-за потым дабудаванага царкоўнага прытвора.

Юзаф Ядкоўскі таксама пісаў, што сцяна, якая ў выглядзе слупа з пралётам аддзяляе алтар ад цэнтральнай часткі храма, верагодна, была дабудавана потым, пасля пабудовы храма. Бо, па-першае, яна рэзка вылучаецца ў тых месцах, дзе ўпіраецца ў арку прычым добра бачна правільны абрыс старажытнай паўцыркульнай аркі, і, па-другое, у візітацыі 1796 г. напісана, што «вялікі алтар некалі быў за Царскімі варотамі». А ў «Podanie cerkwi Możeykowskiey» ад 1801 г., якое захоўвалася ў архіве царквы, напісана: «Вялікі алтар некалі быў за пафарбанымі Царскімі варотамі сталярнай работы з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі. На прастоле дараносіца сніцарскай работы на два паверхі, пафарбаваная ў чорны колер. Падобных алтароў чатыры, з іх першы з новым абразом Усіх Святых. Другі з абразом Св. Юрыя ..., трэці з абразом Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Трэці з фігурай знятага ўкрыжаванага Збаўцы». Прастол у царкве, некалі быў квадратны, мураваны [54].

Ядкоўскі адзначае, што ніхто не зафатаграфаваў ці замаляваў магільны камень з надпісам «Христовъ рабъ Іерей Авраамъ» і год «1469». Леў Савіцкі патлумачыў Ядкоўскаму, што не памятае, якімі лічбамі была запісана дата. Але Савіцкі пацвердзіў, што гэты помнік быў пакінуты на месцы, г. зн., пад падлогай царквы.

У царкве знаходзіліся 2 шанаваныя абразы Божай Маці, адзін мясцовы, па левы бок Царскіх варот, другі ў асобым кіёце быў перанесены з ранейшай царквы ў Воўчынках. Юзаф Ядкоўскі заўважыў, што ў мастацкім сэнсе абодва абразы не маюць каштоўнасці. Гэта няўмелыя копіі, намаляваныя, верагодна, мясцовым майстрам не раней за XVIII ст. Ваўчынскі абраз меў надпіс на рызе: «JEZVS MARYA IOZEF KRZISZTOF OWSIANY KATARZINA OWSIANY».

Больш цікавы абраз меўся у царкоўным прытворы. Гэты абрах невялікага памеру (34 х 43 см), напісаны на дошцы. На светлым фоне намалявана Божая Маці ў кароне, якая трымае правай рукой Немаўля, а ў левай руцэ трымае тры кветкі. Ядкоўскі вызначыў, што гэты абраз добрай заходняй работы XVII - XVIII стст. [55]

Захавалася апісанне Воўчынскай філіяльнай царквы ад 1801 г.: «Царква ў Воўчыне ў маёмасці Вялебнага Пана Паплаўскага, каморніка Лідскага павета. Пабудавана з дрэва, унутры атынкаваная, крытая гонтай, з адным купалам ... Алтар прыстойна аздоблены, з абразом Панны Марыі, на ім срэбная шата і месяц пад нагамі». Царква была прададзена яўрэям пад лазню і перавезена ў мястэчка Васілішкі [56].

Летапіс Маламажэйкаўскай царквы, Лідскага дабрачыння за 1923 г.

...

Здымак 1925 г. Побач з царквой святар, 85-гадовы Леў Савіцкі.

Маламажэйкаўская царква да Сусветнай вайны была цалкам уладкавана. Але за час вайны царква падвяргалася рабункам і блюзнерству. Немцы, заняўшы нашу мясцовасць у верасні 1915 г., зрабілі ў царкве склад правіянту. З алтара вынесены святы прастол і ахвярнік, і тут пачалі ссыпаць зерне. Потым у царкве ўтрымліваліся ваеннапалонныя, якія бясчынствавалі і нішчылі богаслужбовыя і царкоўныя кнігі, дакументы і бібліятэку. Акрамя таго былі зняважаны святыя абразы, напрыклад абраз «Тайная вячэра» над царскімі варотамі мае пяць дзюрак ад рэвальверных стрэлаў, а абраз Збаўцы і Дабравешчання па адной гэтакай дзюрцы. Дах царкоўнай мураванай агароджы, а таксама брама і дзве брамкі сарваныя.

Увесну 1920 г. калі я вярнуўся ў прыход з 4,5 гадавых уцёкаў, Маламажэйкаўская царква была зачынена мясцовай польскай уладай, і службы ў ёй не вяліся. Таму я быў прымушаны клапаціцца і пасля пяцідзённых старанняў, даказаўшы старажытнасць ... Маламажэйкаўскай царквы, атрымаў неабходны дазвол ад польскіх уладаў, якія накіравалі мяне да Лідскага старасты, які выдаў дазвол адчыніць царкву і служыць у ёй.

Сумны від меў старажытны храм унутры: прастрэленыя абразы, драўляная падлога ў алтары і каля сцен сапсаваная падчас ссыпкі і захавання зерня, тынкоўка і афарбоўка сцен сапсавана ваеннапалоннымі, якія ўтрымліваліся ў царкве. Акрамя таго, усе лепшае царкоўнае начынне разам з богаслужбовымі і метрычнымі кнігамі, якія былі восенню 1915 г. падчас агульнай эвакуацыі адасланыя па камандзе епархіяльнага начальства ў Маскоўскую сінадальную кантору, а таксама эвакуяваныя пяць званоў, да гэтага часу не вернуты, і невядома, дзе знаходзяцца. Зараз звана на званіцы няма (верагодна маецца на ўвазе адна з фасадных вежаў царквы - Л. Л.).

У наш час царква патрабуе рамонту як звонку, гэтак і знутры: рамонту атынкоўкі вонкавай сцяны, асабліва франтальнай часткі і вежаў, афарбоўкі сцен і дахаў чатырох вежаў, а ўнутры - афарбоўкі столі і сцен, рамонту падлогі ў алтары.

З царкоўнага начыння захавалася самае старое, але і яно сапсаванае пацукамі. Богаслужбовых кнігі, акрамя Апостала, двух Актоіхаў святочнай Мінеі, няма.

Збудаваныя ў 1901 г. пабудовы прычту спалены датла рускімі войскамі ўвосень 1915 г. Ацалеў толькі адзін дом святара, але і ён за час вайны даведзены да запусцення і патрабуе капітальнага рамонту. З пабудоў псаломшчыка захаваўся толькі жылы дом і свіран, але і свіран напаўразбураны.

Летам 1923 г. польская ўлада зрабіла абмер царкоўнай зямлі і з 63 дзесяцін пакінула прычту толькі 33 дзесяціны, астатняя зямля адышла да скарбу. Гэтым прычту нанесена непапраўная грашовая шкода.

7 жніўня царкву наведаў Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Віленскі і Лідскі Феадосій, які рэвізаваў лідскія цэрквы. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на старажытны храм і падрабязна яго агледзеў.

а. Леў Савіцкі.



[1] Сужэнцы мелі дзяцей: сыноў Ануфрыя (1837 г.н.), Міхася (1838 г. н.), Восіпа (1844 г. н.) і дачок - Яну (1824 г. н.), Сафію (1826 г. н.), Касыльду (1828 г. н.), Антаніну (1835 г н.), Стэфаніду (1840 г. н.), Алену (1843 г. н.), Марыю ( 1847 г. н.).

[2] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 285. Дело о назначении эпитемии св. Маломожейковской церкви Михаилу Сцепуржинскому. 1842‐1853 годы. Арк. 50.

[3] ДГАЛ. Ф. 695. Воп. 6. Спр. 87. Клировые ведомости Лидского уезда за 1844 г. Арк. 42 адв - 43.

[4] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 285. Арк. 53.

[5] Там жа. Арк. 54.

[6] Там жа. Арк. 50 адв.

[7] Там жа. Арк. 52 адв.

[8] Там жа. Арк. 50 адв.

[9] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 6. Спр. 86. Формулярные списки Лидского благочиния 1839. Спр 87. Клировые ведомости 1844 года, Спр. 88. Клировые ведомости 1849, Спр. 91. Клировые ведомости 1859. Спр. 96. Клировые ведомости 1864.;

[10] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 285. Арк. 49.

[11] Там жа. Арк. 51 адв.

[12] Там жа. Арк. 56 адв - 58.

[13] Там жа. Арк. 59 - 60.

[14] Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017. С. 47.

[15] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 285. Арк. 65.

[16] Там жа. Арк. 63.

[17] ДГАЛ. Ф. 695. Воп. 6. Спр. 87. Клировые ведомости Лидского уезда за 1844 г. Арк. 41 - 41 адв.

[18] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 1482. Дело о починке Маломажэйковской церкви.

[19] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 2. Спр. 1482. Дело о починке Маломажэйковской церкви. Арк. 2.

[20] Там жа. Арк. 37 адв.

[21] Там жа. Арк. 62.

[22] Там жа. Арк. 71 - 74.

[23] Литовские епархиальные ведомости. 1865 - № 6. С. 215.

[24] Андреев И. А. Род православных священников Савицких. Генеалогический очерк. Н. Новгород, 2019. С. 5-7., 16.

[25] Отец благочинный купил нож перочинный».

[26] Чудаков А. П. Ложится мгла на старые ступени: Роман - идиллия. Москва, 2001. С. 309-310.

[27] ЛЕВ. 1863. № 20. С. 886.

[28] Народныя школы - агульная назва пачатковых вучылішч даступных для народных мас. Пачатковыя народныя вучэльні давалі толькі пачатковую адукацыю.

[29] Литовские епархиальнве ведомости. 1889. № 15. С. 124-126.

[30] Памятная книжка Виленской губернии на 1882 год. Вильна, 1882. С. 244.

[31] ЛЕВ. 1876. № 47. С. 392.

[32] ЛЕВ. 1879. № 8. С. 62-63.

[33] ЛЕВ. 1882. № 26. С. 204.

[34] ЛЕВ. 1886. № 39. С. 364.

[35] ЛЕВ. 1889. № 22. C. 177.

[36] ЛЕВ. 1894. № 13. С. 107.

[37] ЛЕВ. 1895. № 42. С. 390.

[38] ЛЕВ. 1897. № 9. С. 73.

[39] ЛЕВ. 1899. № 51. С. 556.

[40] Матвейчык Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў біяграфічны слоўнік. Мінск, 2016. С. 353.

[41] Матвейчык Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў біяграфічны слоўнік. С. 375.

[42] Вестник Виленского Св. Дух. Братства. 1914. № 12. С. 278.

[43] Виленские губернские ведомости. 1912. № 61.

[44] Гл: Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси // Древности. Труды комиссии по сохранению древних памятников. Москва, 1915. Т. 6. С. 245-311.

[45] Там жа. С. 271-273.

[46] Там жа. С. 279.

[47] ДГАЛ. Ф. 695. Воп. 6. Спр. 87. Клировые ведомости Лидского уезда за 1844 г. Арк. 41 - 41 адв.

[48] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 279.

[49] Там жа. С. 279 - 280.

[50] Там жа. С. 281.

[51] Там жа. С. 282.

[52] Там жа. С. 283.

[53] Там жа. С. 285.

[54] Там жа. С. 286.

[55] Там жа. С. 288.

[56] Там жа. С. 289.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX