Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай 


Аўтар: Белы Анатоль,
Дадана: 04-12-2010,
Крыніца: Наша Слова. № 29 (817) 1 жнiўня 2007 г.



Крыж Еўфрасінні Полацкай і яго функцыянальнае прызначэнне

Славуты крыж быў зроблены Лазарам Богшам у 1161 г. па заказу Еўфрасінні для Спаскага кляштара.

У геральдычнай навуцы такую форму шасціканцовага крыжа называюць патрыяршым ці падвоеным крыжом, пад якім разумеюць два грэцкія крыжы спалучаныя разам.

І так, патрыяршы крыж складецца з галоўнага стаўпа і двух паралельных папярэчак. Сустракаюцца варыянты розных па велічыні папярэчак ці роўных. Але гэта не мае істотнага значэння. У гэты ж час на каралеўскіх пячатках і манетах вугорскай зямлі пры каралі Вугорыі Бэле ІІІ (1173-1193гг.) з'яўляецца, так званы, вугорскі крыж, або патрыяршы крыж, або падвоены грэцкі крыж, з верхняй папярэчынай карацейшай ад ніджняй. Усе наступнікі караля Бэлы ІІ адбіваюць манеты з такім крыжом. Такая форма крыжа стала гербавай фігурай Вугоршчыны. А справа у тым, што віздантыйскі імператар Мануіл у 1163 г. заручыў сваю дачку з вугорскім прынцам Бэлам. Бэла прыехаў у Канстанцінопаль, хрысціўся, атрымаў імя Аляксея. Мануіл надаў яму тытул дэспата і абвясціў, што Бэла будзе ягоным спадкаемцам. Аднак, неспадзявана для Мануіла, ягоная жонка нарадзіла яму сына ў 1169 г. Мануіл змяніў сваю пастанову і адмяніў заручыны сваёй дачкі з Бэлам і ажаніў яго з братавай прынцэсай Ганнай. Пры гэтым дазволіў яму ўжыванне імператарскага падвоенага крыжа, які Бэлам ІІ і яго наступнікамі дынастыі Арпадаў пачаў ужывацца як герб Вугоршчыны. З цягам часу гэты герб замацаваўся ў Славакіі, якая была залежнай ад Вугоршчыны краінай, і цяпер ён з'яўляецца гербам незалежнай Славацкай дзяржавы. Адсюль узнікае заканамернае пытанне. А ці не з'яўляецца знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай сімвалам пакравенства Полацкага княства з боку імператараў Візантыі і менавіта таго ж самага Мануіла. У жыціі пр. Еўфрасінні Полацкай чытаем: "І посла слугу своего Міхаіла ў Царьград, ко царю, наріцаемому Мануілу, і к патриарху Луце с дары многоценнымі, просящи от него святой Богородицы, еже бо евангелист Лука написал 3 иконы еще при животе светой Богородицы. Постави едину во Ерусалиме, другую во Цариграде. І третюю во Ефесе". Імператар Мануіл і патрыярх Лука Хрысаверх падманулі Еўфрасінню і перадалі не арыгінал абраза Багамацеры Эфескай, але спісак з яе. Але згодна з хрысціянскімі канонамі спісак з цудатворнага абраза не розніцца ад арыгінала "новая аки старая" і мае тую ж цудатворую сілу. Еўфрасіння ўпрыгожыла абраз золатам і каштоўнымі каменнямі, паставіла яе ў Спаскай царкве. У 1239 г., калі ноўгарадскі князь Аляксандр Неўскі жаніўся на дачцы полацкага князя Брачыслава, яна ўзяла з сабою Эфескі абраз і паставіла яе ў Багародзіцкім саборы Тарапца, дзе яна вядомая пад імем Карсунскай і лічыцца цудатворнаю. Мы ведаем, што імператар і патрыярх па просьбе Еўфрасінні акрамя абраза далі усё святое хрысціянскае начынне для крыжа: кроплю крыві Ісуса Хрыста, частку крыжа Панскага, каменьчык ад труны Багародзіцы, частку мошчаў святых Панцеляймона і Стэфана і г.д. Але крыж абазначаў нешта большае, чым хрысціянскія святыні, заложаныя ў ім. Ён азначаў поўнае пакравіцельства Полацкаму княству з боку імператара, а таксама пакравіцельства і поўную юрысдыкцыю Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра з боку Візантыйскага патрыярха. Гэта значыць, што гэты манастыр падпарадкоўваўся не полацкай епархіі, а непасрэдна патрыярху Візантыйскаму. Як жа трапіў Крыж св. Еўфрасінні Полацкай на дзяржаўны герб "Пагоня". Гісторыя гэта даволі складаная. Пасля прымірэння стрыечных братоў Вітаўта і Ягайлы ў 1392 годзе, Вітаўт атрымлівае паўнамоцтвы Вялікага князя Літоўскага і робіць сваю пячатку, на якой рыцар-князь на кані з узнятым мячом у правай руцэ, у левай трымае шчыт, на якім не крыж, а геральдычная фігура "Калюмны". Ягайла пасля каранацыі ў Кракаве зрабіў сваю маестатычную пячатку, на якой вакол яго фігуры змешчана 7 шчытоў з гербамі, якія сімвалізавалі тыя земліўладанні, якія належалі каралю Польшчы. Уверсе з левага боку ад сябе ён змяшчае герб "Пагоня", на шчыце якога Еўфрасіннеўскі крыж. Тое самае на саркафагу Ягайлы, які знаходзіцца на Вавелі ў Кракаве. Збудавалі саркафаг ужо пасля смерці, але рабіўся ён пад наглядам Соф'і Гальшанскай. На саркафагу з двух бакоў змешчаны герб "Пагоня". На шчыце, які трымае рыцар - крыж, той жа формы, што і Еўфрасіннеўскі. Прымаючы каталіцызм, больш лагічным было б для Ягайлы ўзяць лацінскую форму крыжа. У жонкі Ягайлы, польскай каралевы Ядвігі, былі свае дынастычныя гербы-паясы і лілеі. Але Ягайла, а пасля яго нашчадкі не ўзялі ў сваё карыстанне Ефрасіннеўскі крыж як дынастычны герб. Падвоены крыж быў гербам даўно вымершай полацкай дынастыі. Гэты крыж быў сакральнай рэліквіяй для Полацка, для Полацкага княства, і Ягайла паклаў яго на шчыт герба "Пагоня". Гэтым актам Ягайла як бы падкрэсліваў сваё права спадкаемцы на Полацкую зямлю і яе вялікае дынастычнае мінулае, звязанае з Візантыяй. У гэтым заключаецца таямніца Еўфрасіннеўскага крыжа на гербе "Пагоня". Крыж пр. Еўфрасінні Полацкай стаў часткай, прычым, неад'емнай і вельмі значнай, усяго герба "Пагоня". І яшчэ адно функцыянальнае прызначэнне Крыжа пр. Еўфрасінні Полацкай. На ім змешчаны выявы, Ісуса Хрыста, Багародзіцы, Іаана Хрысціцеля, 4-х евангелістаў, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла. Святых Еўфрасінні, Сафіі, Георгія і іншых - усяго 21 выява. Гэта па сутнасці ўвесь іканастас царквы. Такім чынам, Крыж прызначаўся і як паходная капліца ці нават царква. Ці сустракаліся крыжы такой формы на тэрыторыі рускіх зямель? Вельмі многа. Зроблены некалькі выдатных даследаванняў аб гэтай цікавай з'яве. Даследчыкі сведчаць, што форма шасціканцовага крыжа была вельмі пашыраная на ўсіх землях не толькі Полацкага княства. Але ў Маскоўскай дзяржаве, ды іншых княствах рускіх зямель, форма шасціканцовага крыжа, праўда з другой касой папярэчкай, захавалася да нашых дзён, як у царкоўным, так і ў паўсядзённым народным і абрадавым кульце пахавання памёрлых на Украіне. Прывяду і свой непасрэдны прыклад сустрэчы з такім Крыжом. У 1990 г. я ладзіў выстаўку ў былым Спаскім манастыры г. Яраслаўля і менавіта там у выставачнай зале старажытнага рускага мастацтва я ўбачыў дакладна такі ж па форме і памерах і нават таго часу (ХІІ ст.) крыж. Я быў узрушаны. Не мог паверыць гэтаму. Мне здавалася, што гэта сам Еўфрасіннеўскі Крыж. Але ён быў з цэльнагасрэбра. На ім не было знакамітай каляровай змалі з выявамі святых. Але тое, што я бачыў, уражвала і зачароўвала мяне. У апісаннях даследчыкаў гэты крыж чамусьці не сустракаецца. Варта было б дадаць яго і ўвесці ў навуковы абарот.

Можна зрабіць вывад, што ў сярэднявеччы экспансія падвоенага крыжа з Полацка была вельмі моцнай і даволі пашыранай, калі яго форма трапіла аж у Яраслаўскае княства. Можа таму на стаглавым Саборы рускі цар Іван Грозны прымае рашэнне аб уніфікацыі формы крыжоў на купалах цэркваў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад "літоўскага, Полацкага крыжа". У Стаглаве глава 41, пытанне 8 запісана "водружен бысть и поставлен святый крест благочестивым царем Иваном на саборной церкви пречистыя Богородицы... и таковые святые кресты на церквях и впредь до поставляются же ".

Так што трэцяя касая папярэчына была зроблена па "благославению" Івана Васілевіча і ім жа ўніфіцыравана і замацавана на Стаглавым саборы 1551 года. Васьміканцовы крыж увайшоў у гісторыю як рускі праваслаўны крыж. Такая форма крыжа больш позняга часу і паходзіць з формы падвоенага грэцкага крыжа. Трэцяя папярэчка з'явілася з прычыны распаўсюджвання ўжывання падстаўкі для падвоенага крыжа.

Ну, а якое ж функцыянальнае прымяненне Крыжа пр. Еўфрасінні Полацкай у нашыя дні? Калі да нядаўняга часу на нашай Бацькаўшчыне такога функцыянальнага прымянення мы не бачылі, то гэта не значыць, што яго наогул не існавала. Яно існавал, але па-за межамі нашай краіны. Закон жыцця такі, калі хто-небудзь наўмысна не ўжывае тыя сакраментальныя каштоўнасці нацыі, то іх ужываюць іншыя. І што б не рабілі першыя і як бы ні паганілі гэтыя каштоўнасці, але дух нацыі, яго святыні пераадольваюць усе перашкоды, становяцца здабыткам усяго народа. Прыкладаў таму безліч. Нагадаем хаця б сітуацыю з нашым гербам "Пагоня" і бел-чырвона-белым сцягам. Прыйшла чарга і да Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Калі ў канцы 50-х гадоў у Кліўлендзе беларусы Амерыкі заклалі царкву Жыровіцкай Божай Маці, узнікла пытанне аб крыжы. Нават правялі навуковую дыскусію вакол гэтай праблемы, у выніку якой тагачасны архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Царквы, што ў Паўночнай Амерыцы, даў сваё дабраслаўленне на ўстаноўку Еўфрасіннеўскага крыжа на купал царквы. Гэты акт стаў прыкладам і для іншых пазнейшых царкоўных пабудоваў. 5 верасня 1988 г. у Канадзе ў г. Мідлянт быў узведзены і пасвечаны Памятны Крыж у гонар тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі. Ён быў названы "Беларускі памятны крыж". Форма і прапорцыі яго поўнасцю паўтараюць крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэты крыж стаў настолькі папулярным і святым для ўсіх беларусаў Паўночнай Амерыкі, што ва ўсе нацыянальныя ўрачыстасці і парафіяльныя святы тут адбыдваюцца набажэнствы, паломніцтвы. Праводзяцца штогадовыя піліграмкі з усіх куткоў Амерыкі і нават з Бацькаўшчыны да гэтага стаўшага ўжо святога для беларусаў месца. У той час, калі беларусы адзначалі 1000-годдзе хрышчэння на Беларусі, у Беласточыне Беларуская Асацыяцыя Студэнтаў (БАС) на знакамітай гары Грабарка, на якой стаіць царква Праабражэння Гасподня, паставілі сямімятровы Крыж, які па форме адпавядае Крыжу Еўфрасінні Полацкай. Трэба адзначыць, і тое, што на Беласточыне на многіх праваслаўных цэрквах, пабудаваных яшчэ за часы рэвалюцыі, стаяць шасціканцовыя крыжы. Ідэя Беларускага памятнага крыжа ўрэшце зноў вярнулася на Бацькаўшчыну. 26 красавіка 1991 г. у 6-я угодкі Чарнобыльскай трагедыі беларускі народ ішоў па вуліцах Менска пад сваім нацыянальным Еўфрасіннеўскім крыжам.

На святыя Дзяды, ды іншыя святы на многіх плакатах усё актыўней пачынае ўжывацца шасціканцовы крыж, які становіцца сімвалам Адраджэння Беларусі. Шасціканцовыя крыжы былі ўстаноўлены на памятных і мемарыяльных месцах змагання слуцкіх паўстанцаў 1921 г.

На навуковай нарадзе ў Віцебску і Полацку, якую ладзілі многія грамадскія таварыствы Віцебска ў тым ліку і Полацка-Віцебская праваслаўная епархія 16-17 лістапада 1991 г. "Да 830-годдзя стварэння Лазарам Богшам крыжа для пр. Еўфрасінні Полацкай", я выступіў з дакладам: "Функцыянальнае ўжыванне Крыжа пр. Еўрасінні Полацкай". У ім я прапанаваў Беларускай Праваслаўнай Царкве абвясціць Крыж Еўфрасінні Полацкай перш за ўсё як нацыянальную беларускую святыню, прыняць адпаведнае рашэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, каб ва ўсіх адноўленых і нанава адбудаваных цэрквах узводзіць крыж па форме Еўфрасіннеўскага.

Ці прыняў Сінод маю прапанову, мне невядома. Але само жыццё падказвае ім такую неабходнасць. Гэтыя ідэі праз тоўстую заслону ўсялякіх перашкод прабіваюць сабе шлях і пачынаюць ажыццяўляцца. Так на ўрачыстыя дні святкавання 1000-годдзя Праваслаўнай Царквы на Беларусі ў Віцебску на самым высокім пункце горада Успенскай гары намаганнямі Віцебскай епархіі быў пастаўлены жалезны шасціканцовы крыж. Самі ўрачыстасці ў Беларусі прайшлі пад эмблемай і знамам Крыжа Еўфрасііі Полацкай. Была выпушчана марка з выявай гэтага Крыжа, паштоўкі, канверты, а таксама значкі. Усе крыжовыя ходы ішлі пад штандарамі з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Неабходна выказаць падзяку Беларускай Праваслаўнай Царкве за тыя намаганні, якія яна праявіла ў справе вяртання ў свядомасці і памяць беларускага народа яго нацыянальнага сімвала - Крыжа Еўфрасінні Полацкай. У чэрвені 1993 г. у Менску праходзіў з'езд беларусаў свету, таксама пад знакам Крыжа Еўфрасінні Полацкай, выдатна распрацаванага мастаком Эдуардам Агуновічам. Эмблема гэтага з'езду - выява патронкі Беларусі Еўфрасінні Полацкай з крыжом у руках - была выдадзена масавым накладам у форме плаката-календара.

У 1997 г., дзякуючы таму ж Эдуарду Агуновічу, Крыж Еўфрасінні Полацай зноў вярнуўся ў культавыя збудаванні. У Рэчыцы на беразе Дняпра па яго праекту і мастацкім афармленні быў пабудаваны грандыёзны памнік-капліца. У цэнтры капліцы магутны Крыж з маронага дуба, які па форме адпавядае Крыжу Уўфрасінні Полацкай. Але самай вялікай і радаснай падзеяй стала тое, што на дні патронкі і заступніцы Беларусі і пр. Еўфрасінні Полацкай 5 чэрвеня 1998 г. у Полацку адбылося Узнясенне Святога Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, гэты Святы Крыж зноў вярнуўся на нашую зямлю. Дзякуючы намаганням Царквы, таварыства "Бацькаўшчына", Міжнароднага Дабрачыннага фонду Крыжа Еўфрасінні Полацкай, фундатару Анатолю Сіліванчыку і мастаку Мікалаю Кузьмічу.

У 1990 г. на сядзібе Музея выяўленчага мастатцтва фонд Анатоля Белага ў Старых Дарогах маімі намаганнямі быў пастаўлены вялізны каменны помнік, на якім быў выразаны шасціканцовы крыж пр. Еўрасінні Полацкай. Ён сімвалізіруе не толькі заступніцу а і ахову музея нашай беларускай апякункай ад усялякіх знешніх і ўнутраных напасцяў, нядобрых і варожых сілаў, нясе на сабе ўвесь сакраментальны сэнс ідэі Крыжа, яго вялікую ролю ў фармаванні свядомасці народа яе нашую дзяржаўнасць, нашу незалежнасць, нашу гістарычную памяць.

Мы падалі прыклады таго, як ідэя Крыжа Еўфрасінні Полацкай вяртаецца зноў на нашую Бацькаўшчыну, а ці вяртаецца яна ў нашыя душу, ці становіцца нашай свядомасцю, сакраментальным знакам і найвялікшай каштоўнасцю нацыі. Мяне ўразіла адна рэч, у свой час, пры высвечванні царквы Жыровіцкай Божай Маці было высвечана некалькі дзесяткаў кіпарысавых драўляных копій Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Цяпер гэты крыж кладуць у труну нябожчыка, каб і на тым свеце перад вачыма Пана Бога беларусы былі адметныя сваёй верай і сваім Беларускім Крыжам, і каб іх ніхто не змог зблытаць з іншымі хрысціянскімі народамі.

Ці прыйдзе такая свядомасць да большасці нашага народа на Бацькаўшчыне? Думаю і веру, што прыйдзе.

Некалькі гадоў назад у нашым друку было аб'яўлена, што створаны грамадскі Камітэт па пабудове помніка "Пакутнікам Беларусі!" у форме Крыжа Еўфрасінні Полацкай у Курапатах. У Камітэт увайшлі такія арганізацыі, як "Мартыралог Беларусі", Хрысціянская злучнасць "Курапаты", клуб "Спадчына", Міжнародны дабрачынны фонд Крыжа Еўфрасінні Полацкай, многія даволі вядомыя гісторыкі, літаратары, грамадскія дзеячы. Далі згоду ўвайсці ў гэты Камітэт святары розных хрысціянскіх канфесіяў. Усе пагадзіліся, што Крыж Еўфрасінні Полацкай з выявамі святых - найлепшае вырашэнне і найлепшы сэнсавы знак не толкі ўвасаблення ў помніку курапацкай трагедыі, але адлюстраванне пакутніцкага лёсу мільёнаў беларусаў, загінуўшых ад рэпрэсіяў.

Але знайшлліся людзі, якія па недасведчанасці, як у гісторыі, так і ў сакраметнальнай сутнасці гэтага крыжа, а можа і па сваёй заангаджаванасці, успрынялі гэтую ідэю не толькі ў штыкі, а надзвычай варожа і ваяўніча, заявіўшы, што "помнік не можа мець адбітак якой-небудзь адной канфесіі, а мусіць адлюстроўваць боль усіх ахвяраў, памяць усяго народа". Паўтаруся яшчэ раз, што для нас беларусаў Крыж Еўфрасінні Полацкай не проста крыж, а нешта значна большае. Ён з'яўляецца неад'емнай часткай нашага гістарычнага і нацыянальнага герба "Пагоня", які належаць не адной канфесіі, а ўсяму народу Беларусі.

Пара ўжо адмовіцца ад таго заганнага, бытуючага ў недасведчанай часткі народа погляду, што Крыж Еўфрасінні Полацкай - гэта чыста канфесійны крыж ці то праваслаўных беларусаў, ці то ўніятаў. Пара таксама адмовіцца і ад таго, неабгрунтаванага ніякімі навуковымі досведамі погляду, што крыжы як бы дзеляцца па канфесійных прыналежнасцях - праваслаўны, каталіцкі, уніяцкі. Няма нічога больш абсурднага за гэты погляд. Спецыялісты, па крыжах налічваюць боль за пяцьдзесят рознавіднасцяў канфігурацыі крыжоў. Па логіцы такіх людзей трэба, каб было і 50 канфесій. А як абгрунтаваць тады і такі факт, што канфігурацыя Крыжа Ефрасінні Полацкай поўнасцю супадае з канфігурацыямі так званага "вугорскага крыжа" у поўнасцю каталіцкай Венгрыі, Славакіі, дзе гэты крыж, як і на нашай "Пагоні" змешчаны на гербе дзяржавы, а знакаміты Латарынгскі Крыж у паўночнай Францыі, які ў часы Другой Сусветнай вайны сімвалізіраваў увесь французскі Рух супраціўлення. Прыклады можна працягваць. Але з прыведзенага выцякае наступнае: усе хрысціянскія крыжы маюць сваё функцыянальнае прызначэнне не столькі па канфесійнай прыналежнасці, колькі па рэгіянальнай, гістарычнай будучы звязанымі з тым ці іншым рэгіёнам ці дзяржавай. Так як, на прыклад, знакаміты Мальційскі Крыж ці Крыж Еўфрасінні Полацкай, які ўмацаваныя на шчыце герба "Пагоня".

Крыж Еўфрасінні Полацкай уяўляе сабой агульнанацыянальную Беларускую святыню, ён з'яўляецца сакраментальным сімалам усіх беларусаў, як Бацькаўшчыны, так і зямежжа. Сама пр. Еўфрасіння Полацкая з'яўляецца патронкай і заступніцай усёй зямлі Беларускай, яе святасць прызнюць усе канфесіі Беларусі.

Вось чаму мы лічым, што крыж Еўфрасінні Полацкай з'яўляецца найлепшым сэнсавым знакам для Курапатаў, які ні ў якім разе не будзе раз'ядноўваць людзей, а наадварот будзе спрыяць вяртанню народу яго гістарычнай памяці, яго нацыянальных сімвалаў, яго свядомасці, стане сімвалам пакутніцкага лёсу мільёнаў беларусаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX