Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Глябовіч Адам. Рэлігійнае жыцце ў савецкіх лагерах, турмах i ссылках 


Аўтар: Глябовіч Адам,
Дадана: 19-06-2014,
Крыніца: Глябовіч Адам. Адроджаны касцел. Рэлігійнае жыцце ў савецкіх лагерах, турмах i ссылках // Спадчына №3-1995. С. 27-43.



Adam Hlebowicz. Kościół odrodzony. Katolicyzm w państwie sowieckim, 1944-1992. - Wydawnictwo Stella Maris, Gdańsk, 1993, стар. 205-219.

Вынікам праграмнага атэізму савецкай улады сталася тое, што пасля завяршэння другой сусветнай вайны шмат тысячаў людзей трапіла у турмы толькі за тое, што вызнавала якую-небудзь рэлігію. Не існавала аніякай розніцы паміж веравызнанйямі. Адзіным крытэрыем была толькі выснова савецкіх кіраўнікоў адносна незалежнасці духу i поглядаў канкрэтных людзей. У сучасны момант цяжка даць дакладныя лічбы асобаў, што былі рэпрэсаваныя толькі за свае рэлігійныя перакананні. У нейкай ступені меркаю могуць быць лічбы, што гавораць пра колькасць арыштаванага духавенства, якое трапіла пад варту найперш за веру ў Бога. Сярод каталіцкага святарства, а каталіцкі Касцёл на акупаваных у выніку вайны Савецкім Саюзам тэрыторыях стаў лершым з галоўных ворагаў, рэпрэсіі агарнулі 50 % клеру ў Літве, 50 % у Латвіі, 70 % у Беларусі i 70 % на Ўкраіне. Калі гавару рэпрэсіі, дык маю на ўвазе арышты, лагеры, ссылкі, бо такім абмежаванням, як забарона вучыць дзяцей i моладзь рэлігіі, абкладанне высокімі падаткамі, падлягалі ўсе, без выключэння, ксяндзы.

У правядзенні рэпрэсіяў да святарства можна вылучыць некалькі перыядаў. Першы, які адбываўся ў першыя пасляваенныя гады, звязаны быў з удзелам літоўскага, латышскага i польскага клеру ў імкненні да незалежнасці партызанскага руху гэтых пералічаных народаў. Другі перыяд, распачаты каля 1948 г., меў самы шырокі ўзровень пераслёдаў i быў скіраваны супраць кожнага святара. Дастаткова было слова мясцовай савецкай улады ці нават звычайнага, маленькага даносу, каб трапіць у лагер далёкіх Сібіры ці Казахстана. Нарэшце, у трэці, апошні перыяд, які распачаўся ў 1956 г. i доўжыўся аж да 80-х гг., рэпрэсіі скіроўваліся супраць тых, хто вылучаўся няскоранасцю духу, энергіяй, якую ўкладваў у святарскую дзейнасць, нелегальнымі дзеяннямі з гледжання савецкага права, г. зн. імкненнем да ўзмацнення каталіцкай веры сярод вернікаў.

Геаграфія размяшчэння вязняў, асуджаных па рэлігійных прычынах, не рознілася ад агульнай лагернай геаграфіі: Варкута, Інта, Нарыльск, Суслава, Кемерава, Тайшэт, Джэзказган, - усюды былі каталікі, асуджаныя за веру. На хвалі новай барацьбы з рэлігіяй у часы панавання Хрушчова, калі ўсё ж колькасць вязняў у лагерах значна паменшылася, былі створаныя спецыяльныя абозы для «религиозников», г. зн. для асобаў, арыштаваных за рэлігійныя перакананні. Прычынаю адлучэння гэтых вязняў ад іншых быў іхны ўплыў на духоўнасць, узбуджэнне рэлігійнага жыцця сярод абыякавых да веры людзей. Між іншым, такі абоз існаваў у Мардовіі. Там трымалі асобаў розных веравызнанняў - праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў i нават сведкаў Еговы.

БІСКУПЫ

Адзін з першых удараў НКВД па каталіцкім Касцёле быў скіраваны на іерархію. Яны разумелі, што ў выніку гэтага жыццё епархіі будзе аслаблена, бо пазбавіцца сваіх кіраўнікоў, а грамадства - натуральных маральных аўтарытэтаў.

У Літве арыштавалі 4 біскупаў: біскуп Барысевічус быў адразу ж расстраляны, астатнія апынуліся ў турмах i лагерах. З ix арцыбіскуп Віленскай арцыбіскупскай епархіі Мечысловас Рэйныс памёр у турме ва Ўладзіміры ў 1953 г. Літоўскі біскуп Тэафіліюс Maтyлёніс стаўся своеасаблівым рэкардыстам з гледжання колькасці гадоў, праведзеных ім у савецкіх лагерах.

Арыштаваны у 1922 г. як каплан Магілеўскай ардыбіскупскай епархіі, ён адбыў трохгадовы тэрмін. У 1929 г. ужо як біскуп Ленінграда быў выпраўлены на Салавецкія выспы, дзе i знаходзіўся да 1933 года, а затым у выніку абмену вязнямі вярнуўся на бацькаўшчыну. Пасля другой сусветнай вайны як ардынары ў Кашадарах быў арыштаваны трэці раз, каб адбыць у лагерах наступныя 10 гадоў. Вызвалены ў 1956 г., вярнуўся ў Літву, дзе патаемна, аж да смерці ў 1962 г., выконваў свае біскупскій абавязкі.

Іншай была сітуацыя з біскупамі польскай нацыянальнасці. Пасля таго як Чырвоная Армія ўвайшла на землі былой II Рэчы Паспалітай, усіх польскіх іерархаў НКВД прымусіў выехаць у новыя межы Польшчы. Мітрапаліт Львоўскай арцыбіскупскай епархіі арцыбіскуп Яўген Базяк шмат разоў выклікаўся ў сядзібу НКВД, дзе яго змушалі да выезду. У студзені 1945 г. у Вільні арыштавалі мітрапаліта віленскага Рамуальда Ялбжыкоўскага i пасадзілі ў турму на Афярнай вуліцы, дзе ён правёў месяц. З польскіх біскупаў найдаўжэй знаходзіўся ў турме ардынары Луцкай епархіі біскуп Пётр Адольф Шэлёнжэк. За адмову выехаць ён быў арыштаваны ў студзені 1945 года i, нягледзячы на свае 80 гадоў, вытрымаў здзек 1,5-гадовага следства ў кіеўскай турме. Толькі пад прымусам, супраць яго волі, быў пасаджаны на цягнік і , вывезены ў Польшчу. Пра рэлігійнае жыццё біскупа ў турэмнай камеры, i ягоны ўплыў на арыштантаў распавядаюць нам нататкі ксяндза Букавінскага:

«У куце на каленях біскуп падоўгу, маліўся кожны дзень раніцай i ўвечары. Акрамя гэтага, усе разам уголас тры разы на дзень адмаўлялі ружанец, а раніцай рэчытавалі па памяці святую імшу. Усё гэта вельмі ўражвала нашых сутаварышаў, а некаторыя з ix, не толькі палякі, пастаянна, засяроджана слухалі нашыя малітвы. Адносна ix біскуп меў наступную тактыку: сам першы ніколі не навязваўся, але кожнаму, хто гэтага хацеў, удзяляў увагу, i заўсёды з вялікім жаданнем. Многія карысталіся ягонымі паслугамі, а інтэлігенты i нешматлікія, дарэчы, палякі, усе, без выключэння (...). Калі біскупа ад нас забралі, ягонае месца ў кутку заняў адзін малады, вясковы хлопец. Ен не меў нічога агульнага з жулікамі. Калі ён паклаў сваю пасцель на месца, якое займаў біскуп, пачаўся агульны лямант, i найперш лямантавалі жулікі: «Гляньце, хто займае месца біскупа. Ен не варты быць на месцы такога чалавека...» Менавітй «такога чалавека». Тыя, хто так крычаў, мелі вельмі слабое, а то i ўвогуле не мелі ніякага разумения, што азначае капланства, а тым больш яго поўны сэнс - біскупства. Але біскуп Шэлёнжэк заімпанаваў ім i абудзіў у ix нейкія лепшыя, шляхетнейшыя пачуцці ўжо таму, што паказаў ім усім «такога чалавека» ў сваей асобе i ўчынках у вельмі цяжкіх турэмных умовах».

СВЯТАРСТВА

Расстрэлы каталіцкіх ксяндзоў у СССР распачаліся адразу пасля заканчэння II вайны. Затым самымі частымі карамі сталі дваццаціпяці- i дзесяцігадовыя высылкі ў лагеры. Толькі як выключэнні былі пакаранні ніжэй за гэты тэрмін.

Перад тым як выправіць у лагеры, вязняў звычайна трымалі некалькі месяцаў у гарадскіх турмах, дзе ішло следства па ix справах i дзе ім вызначалі віды пакаранняў. I ў гэтых умовах распачыналася рэлігійнае жыццё. Ксёндз Альбін Горба з Віленскай арцыбіскупскай епархіі, які адбываў на пачатку 1946 г. пакаранне ў горадзенскай турме, успамінае, што кожны дзень вязні разам адмаўлялі ружанец, незалежна ад вызнання - ці католік, ці праваслаўны. Адначасна спраўлялі свае малітвы арыштаваныя гэбраі.. Годам пазней у гэтай жа турме ксёндз Вацлаў Нуркоўскі праводзіў у часе Вялікага Посту гавенні. Кожныя тры дні прамаўляў па дзве навукі ў дзень. Большасць сутаварышаў па камеры выкарыстала магчымасць спавядацца. Дакладна вядома, што падобная сітуацыя была i ў іншых турмах.

У турмы i лагеры траплялі святары розных вызнанняў, розных нацыянальнасцяў. I калі раней яны былі антаганістамі, дык тут існавалі на роўных. Успамінае беларускі марыянін, айцец Язэп Германовіч:

«У лягерах я спатыкаў нямала рознага духавенства - так з Савецкага Саюзу, як зь іншых краёў, найбольш было летувісаў, украінцаў i мадзяраў. Хоць бальшавікі варожа адносяцца да ўсякай рэлігіі, аднак найбольшы ціск робяць на каталікоў, дзеля таго каталіцкіх сьвятароў у лягерах спатыкалі мы больш, як усіх іншых разам. Здарыўся са мною адзін рабін (Леў, з Харкава), адзін лютаранскі пастар, стараверскі настаўнік (Людвіноўскаў) з трыма манахамі, двух праваслаўных япіскапаў (адзін зь ix - Сьперанскі) i 5-6 праваслаўных сьвятароў. А з каталіцкага духавенства: па адным - немец, француз, румын, расеец, тры латышы, тры беларусы, тры палякі, пяць мадзяраў, восем украінцаў i адзінаццаць летувісаў - разам каля 40 чалавек. Залічыць трэба сюды двух студэнтаў-клерыкаў, аднаго манаха i трох каталіцкіх законьніцаў. (...) Адносіны ў нас паміж рознага тыпу духоўнымі складаліся добрыя: адны другім спагадалі й памагалі, а спрэчак - ані нацыянальных, ані рэлігійных у нас не заводзілі. Нават заўзятыя сэктанты вялі сябе ціха й прыкладна».

Напачатку лагерныя ўлады рашуча змагаліся з усімі формамі рэлігійнага жыцця. З часам, аднак, асабліва пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 года, глядзелі на рэлігійную практыку са значна большым лібералізмам. Шмат духоўных на працягу некалькіх, а то i дзесяткаў гадоў не мелі магчымасді праводзіць святую імшу. I як толькі здаралася аказія, выкарыстоўвалі яе. У большасці выпадкаў гэтай капланскай паслугай карысталіся як вернікі, гэтак i ix сутаварышы па лагеры. Свае ўражанні ад такой святой імшы занатаваў нольскі капуцын, айцец Рышард Чэслаў Грабскі:

«У хуткім масе сярод палякаў, веруючых каталікоў, я знайшоў жадаючых спавядацца i прыняць св. Камунію. Адшукаліся аплаткі, віно, зробленае з разынак. Паламаную сталовую лыжку выкарысталі замест келіха. У вялікай тайне i ад уладаў лагеру, i ад даносчыкаў я адпраўляў першую за 12 гадоў св. імшу».

Набажэнствы ў лагерах маглі адпраўляцца толькі дзякуючы людзям па-за кратамі. Часцей за ўсё ў пасылках, якія атрымлівалі капланы (нярэдка ix пасылалі з волі іншыя святары), былі аплаткі хатняга вырабу, а таксама разынкі, якія залівалі вадой, i выходзіў сурагат віна для імшы. Літургічныя прыстасаванні i рызы існавалі на ўзроўні ўяўленняў вязняў. Натуральна, не ўсе капланы адпраўлялі святую імшу. Не ўсе лічылі, што ў такіх умовах гэта справа абавязковая, што ў такіх ушовах яна можа быць паўнавартаснай. Выключнымі момантамі для ажыццяўлення рэлігійнага жыцця ў лагерах станавіліся найвялікшыя каталіцкія святы - Божае Нараджэнне i Вялікдзень.

«Памятаю куццю напярэдадні Божага Нараджэння, якую спраўляў разам з ксяндзамі-палякамі. Гэта быў 1954 год. Ксёндз Станіслаў парэкамендаваў мне адправіць пастэрку апоўначы. I вось сярод начной цішы, калі лагер быў агорнуты сном, наша невялікая грамада ў паўзмроку, пасля перадсвяточнай вячэры, распачала пастэрку. Дзіўная гэта была пастэрка, але польская. Ксёндз Міхал Варанецкі ад сваёй мамы з Вільні атрымаў у пасылцы маленькую елачку. Тут, у пустыні, няма драў (у Казахстане. - А. Г.). Сапраўдная елачка - не абышто і Пастаўленая на звычайны лагерны стол, накрыты звычайнай прасціной, яна запалала свечкамі. Белы куццёвы агілатак у гэтых умовах быў вельмі красамоўны. Дзелячыся ім, усе жадалі сабе свабоды i вяртання на бацькаўшчыну, бласлаўлення Божага Дзіцяці.

На перадсвяточнай вячэры елі кашу, праснак з Польшчы i іншыя прысмакі. У час гэтага «банкету» ў барак нечакана зайшоў начальнік калоніі. Усе ўсталі ў чаканні наганяю ці пакарання. Ен паглядзеў на застаўлены стол, на аплатак i кажа: «Гэта ў вас свята рождзества, водка ёсць?» «Не - адказаў ксёндз Станіслаў, - куццю святкуем без алкаголю». Упэўніўшыся, што палякі не парушаюць спакою, развітаўся i выйшаў з бараку». Гэта быў успамін Р. Грабскага.

Безумоўна, такія святкаванні сталіся магчымымі толькі пасля 1953 года, больш таго, не ўсе капланы мелі аказію знаходзіцца разам з іншымі духоўнымі. Шмат хто з ix быў у поўнай адзіноце, пазбаўлены кантактаў не толькі з каталіцкімі ксяндзамі, але i з ксяндзамі ўвогуле. Найперш такія сітуацыі мелі месца ў ссылцы, куды i траплялі духоўныя пасля лагераў. У невялікіх сібірскіх пасяленнях, дзе ўсяго насельніцтва налічвалася некалькі дзесяткаў, трэба было мець сапраўднае шчасце, каб натрапіць на людзей гэтай самай веры.

З успамінаў айца А. Янохі: «У Капацілаўцы былі дзве літоўскія сям'і: адна - бяздзетная, ён працаваў майстрам на лесапавале, а яна, здаецца, прадавала ў краме; другая - пасля доўгага расстання нарэшце сустрэлася ў Капацілаўцы, бо муж быў у лагеры, а жонка з двума сынамі у ссылцы. Ен быў настаўнікам, чалавекам салідным i рэлігійным, жонка была ігратэстанткай. Дзякуючы яго ініцыятыве для гэтых дзвюх сем'яў я адправіў на Божае Нараджэнне святую Імшу. Акрамя мяне там быў яшчэ адзін паляк, Перліц. Параменты, г. зн. металічны посуд тыпу шклянкі, іншыя прыстасаванні i рэчы для літургіі, як i віно, прыслаў мне ксёндз Янкоўскі. Святую Імшу я адправіў там толькі адзін раз, больш ніхто не звярнуўся да мяне з такой просьбай».

У некаторых большых пасяленнях, найперш тых, што месціліся непадалёку ад лагераў, напрыклад, у Нарыльску ці Карагандзе, ксяндзам, якія былі ў ссылцы, часам удавалася арганізаваць амаль нармальнае рэлігійнае жыццё.

Успамінае ксёндз В. Пянткоўскі: «Ужо на наступны дзень, 8 студзеня 1956 года, я выправіўся на пошукі ксяндза Букавінскага. Знайшоў сям'ю, у якой i спыніўся, але яго не было. Сустрэліся на наступны дзень, i ён мне сказаў, што мае тут багата працы сярод палякаў i немцаў. З гэтай пары пачаў адпраўляць св. Імшу «у людзей», даючы ім тое, што можа даць каплан. За адзін раз прыносілі хрысціць па некалькі дзетак. Шлюбаў было менш.

Трэба было рыхтаваць нарачоных, а часам i хрысціць іx іхных дзяцей... На набажэнствах заўсёды было шмат людзей. Калі немцы адчынілі капліцу, тады ўжо служыў там штодзень. (...) Нас, палякаў, было двое i яшчэ адзін літовец (Стоніс), а другі жыў крыху далей (20 км) у пасёлку Сарань. Было тут i некалькі святароў усходняга абраду. Двое з ix адпраўлялі набажэнствы разам з намі.

У Вялікі Тыдзень велікодная споведзь доўжылася часта да глыбокай ночы. Велікодная ютрань збірала натоўпы людзей. Каб больш людзей маглі бачыць алтар, мы злучылі два пакоі, выкінуўшы перагародку».

У цэлым у 1944-1956 гг. у турмах, лагерах, ссылцы знаходзілася каля 700 рыма-каталіцкіх ксяндзоў.

Духоўныя тых народаў, што не мелі на тэрыторыі СССР сваіх саюзных рэспублік, пакінулі месцы ізалявання да 1956 года, а літоўскія i латышскія капланы нярэдка яшчэ ў 60-х гг. адбывалі прызначаны ім тэрмін пакарання або былі ў ссылцы. У 1956-1958 гг. пачалася новая хваля арыштаў святарства, прычым арыштоўвалі найперш тых ксяндзоў, якія паверылі ў палітычную «адлігу» i распачалі шырокую, звычайную ў нармальнай дзяржаве душпастырскую дзейнасць. Прыкладам, ксёндз Енас Бальчунас з Тыльжы атрымаў у 1961 годзе 25 гадоў лагеру за тое, што арганізаваў для моладзі пілігрымку. У Латвіі ксёндз Алоіз Габрыс быў засуджаны на 10 гадоў лагераў, а годам пазней ксёндз Юліян Вайводс - на 2 гады турэмнага зняволення. У Беларусі двух польскіх езуітаў Вацлава Язевіча i Антонія Зомбэка, якія ўжо раней былі рэпрэсаваныя, зноў арыштавалі за іхную, з гледжання савецкіх уладаў, занадта актыўную працу. Ix засудзілі як рэцэдывістаў, а ў 1959 годзе дэпартавалі ў Польшчу.

У перыяд з 60-х да паловы 80-х гг., хоць ужо i не так часта, але найбольш бескампрамісныя духоўныя траплялі ў турмы i ў ссылкі. Літоўскі езуіт ксёндз Антанас Сескявічус у 1971 годзе, пасля 16 гадоў, якія ён адбыў у пасляваенны перыяд у лагерах i ссылцы, зноў быў засуджаны на год турмы за нелегальнае навучанне дзяцей рэлігіі. У 1974 годзе быў арыштаваны i вывезены у Стрый (Украіна) ксёндз Бернард Міцкевіч, засуджаны на 5 гадоў турмы за навучанне дзяцей i моладзі рэлігіі. У 1983 годзе ў Літве арыштавалі i засудзілі за «антысавецкую прапаганду» двух святароў. Ксёндз Альфонсас Сварынскас трэці раз пасля 1961 года быў арыштаваны i засуджаны на 7 гадоў лагеру i 3 гады ссылкі. Ксёндз Сігітас Тамкевічус атрымаў 6 гадоў лагеру i 4 гады ссылкі. У 1984 годзе ў Новасібірску арыштавалі i засудзілі на 3 гады цяжкіх працаў у лагеры Юзафа Свідніцкага, які гэтак успамінаў тыя часы: «Спачатку, калі я прыйшоў у лагер, начальнік ажно 4 гадзіны сварыўся са мной, што я тут начну ствараць парафію i да т. п. А мяне ж сюды прывезлі дзеля таго, каб я адкупіў сваю віну сумленнай працай. Праўда, я вельмі цяжка працаваў на працягу 4 месяцаў - дайшло да дыстрафіі, i я быў на мяжы інфаркту. I гэтыя звесткі трапілі на Захад».

У сярэдзіне 80-х гг., на шчасце, грамадская думка Захаду была ўжо ў стане вымагаць ад правадыроў СССР вызвалення чалавека ад пераследаў за яго перакананні. Ксёндз Юзаф Свідніцкі быў адным з тых апошніх каталіцкіх капланаў, якіх засудзілі ў СССР за веру.

ВЕРНІКІ

Рэлігійная вера для савецкіх вязняў была найпершым i асноўным элементам надзеі на выжыванне. Прымусова адарваныя ад звыклага жыцця, родных хатаў, блізкіх, вязні нярэдка ўпадалі ў крайнасць. Адны, больш шчыра, палка, чым раней, звярталіся да Бога, імкнуліся да паглыбленага духоўнага жыцця; іншыя, наадварот, уражаныя тым, што здарылася, страчвалі вартасці, якімі жылі дагэтуль, маральна апушчаліся, зусім адварочваліся ад Бога. З успамінаў i рэляцый, якія захаваліся, бачна што першыя сустракаліся часцей, вялікая колькасць вязняў былі людзьмі ідэі, якія прысвяцілі сябе справе вызвалення сваіх айчынаў. Гэтыя людзі, якія раней атрымалі рэлігійныя веды, хрысціянскія, што так моцна ўкараніліся ў гісторыі i культуры беларусаў, літоўцаў, латы шоў, немца ў, палякаў, украінцаў ці венграў. Рэлігійная дзейнасць вялася ў асяроддзі вязняў незалежна ад таго; быў сярод ix каплан ці не (хоць прысутнасць актыўнага святара надзвычай мабілізавала вязняў) ды незалежна ад умоваў рэжыму. Апошняе ўплывала толькі на інтэнсіўнасць рэлігійнага жыцця. Лявон Лось згадвае ўмовы, у якіх вялася рэлігійная дзейнасць у лагеры № 45 у Асташкаве ў 1944-1945 гг.:

«Адзіны духоўны ў лагеры, пробашч Павел Зубко з Вітуліна, напачатку быў сканфужаны тым, што апынуўся сярод нас i не меў мажлівасці адпраўляць імшу, бо не было ў яго ніводнай кніжачкі для набажэнства. (...) На Божае Нараджэнне ксёндз абыходзіў усе баракі i памяшканні, віншаваў вязняў, а дзе-нідзе нават прамаўляў кароткія казанні. Перад урачыстасцю куцці ў калідоры каля чацвертага пакою ў бараку 5 Алоіз Патапо павесіў нават вялікі крыж на пледзе, які ён рэквізаваў дзеля гэтай мэты ў Рагоўскага, сакратара гміны Вігры. На Вялікі Пост асабліва ўрачыста адправілі «Крыжовую дарогу» ў бараку 5, пакоі 1, дзе на чацвёртым паверсе нараў была рэзідэнцыя каменданта пакою Яна Харманскага. Госці з іншых пакояў вымушаныя был i размясціцца ўнізе, пераважна паміж нарамі вакол лечы. (...) Цяпер, у часе гэтых вялікапосных набажэнстваў, якія наладжваліся па вечарах, калі вярталіся брыгады, што вазілі дровы, два барадатыя старыя, млынар Баўтрук з Гайнаўкі i другі, таксама высокі i стары мужчына, прамаўлялі малітвы «Крыжовай дарогі» на памяць ці з малітоўніка. Тры ці чатыры такія кніжачкі знайшліся ў лагеры, нягледзячы на папярэднія асабістыя вобшукі. Значна раней, хіба яшчэ ў снежні, хтосьці ў бараку-сталоўцы сабраў шэсць ці восем арганістаў дзеля спеву, i яны ў адну з нядзеляў заспявалі вячэрню».

Гэтаксама, як сярод духавенства, так нярэдка i сярод вернікаў адбывалася збліжэнне прадстаўнікоў розных, колісь нават антаганізаваных, нацыянальнасцяў. Агульная нядоля, а можа найперш нават адна вера, прыводзілі да завязвання кантактаў. Ян Дзедушыцкі апісаў такую сітуацыю ў адным з лагераў у 1945 годзе:

«Г. Ліпчынскі аднаго разу каля баракаў абмінуў немца, які яго прывітаў «Gruss Gotti». Ліпчынскі, які добра ведаў нямецкую мову, адказаў яму тымі ж словамі, i паміж імі завязалася размова, з якой ён зразумеў^, што той немец быў колісь капеланам у нямецкай арміі i што ён штодня адпраўляе святую імшу ў ix бараку, у адзіночнай камеры, дзе можа змясціцца некалькі дзесяткаў чалавек. Дамовіліся, i Ліпчынскі разам з парай калегаў наведаў ix у бліжэйшую нядзелю на святой імшы. (...) Затым Ліпчынскі дамовіўся з немцамі адносна ксяыдза Карніляка, які пасля вызвалення шматразова адпраўляў святую імшу, выкарыстоўваючы нямецкія вопраткі i літургічныя прыстасаванні. Праз пэўны час пасля прыезду ў Шапятоў ксёндз распачаў дзейнасць, каб i там адпраўляць святую імшу, вышукваючы неабходныя аксесуары. На дапамогу яму прыйшлі кабеты, якія з кашуляў пашылі альбы, а з царкоўнай харугвы, што нейкім чынам ацалела i была знойдзеная пад сенніком, зрабілі шыкоўную рызу з бляшанак з-пад кансерваў яны змайстравалі ампулы i келіх з выгравіравайым надпісам «ессе panis angelorum». Табернакулюм - від пераноснай шафкі - меў выразную выяву ўкрыжавання на дзверцах. Найпрыгажэй выглядаў служэбнік, які, здаецца, выканалі яшчэ ў лагеры. Папераю паслужылі ачышчаныя мяхі з-пад цэменту. На адным баку быў вельмі прыгожа каліграфаваны гатычнымі літарамі, чырвонай нямецкай тушшу тэкст найкарацейшай св. імшы «Пра Маці Божую», а на адвароце кожнай старонкі выявы пячатак «lehre Sacke abgeben» i «vor Feuchtigkei schutzen». Служэбнік быў загорнуты ва ўзорысты брызент ад нямецкіх намётаў, з зялёнымі i карычневымі плямамі. Усё гэта захоўваў у вялікім пляцаку ксёндз Карніляк і, калі скончыўся яго побыт у Шапятове, перавёз праз усе лагеры аж у Польшчу».

Значна цяжэй было браць удзел у рэлігійным жыцці жанчынам. Лагеры падзяляліся на мужчынскія i жаночыя, i дзеля гэтага меліся перашкоды ў кантактах з капланамі, Але ў поўнай меры i кабеты мелі мажлівасць спавядацца ды ўдзельнічаць у сакраментальным жыцці.

Успамінае ксёндз Кучынскі: «Калі здаралася палёгка, брыгады з жаночых лагераў выходзілі пад наглядам кабеты-вязня, без канвою. Сястра Уршуля (Ляпко з Вільні.- А. Г.) рыхтавала каталічак - польку, літоўку і ўкраінку - да споведзі. Паведамлялася мне, дзе яны працуюць. Прыходжу, жартую: «Здравствуйте, а дзе мая сімпатыя?». Бяру лапату, дапамагаю грузіць. Калі прызвычаяцца да мяне, у якім-небудзь укрыцці спавядаю, камунікую i знікаю. Але былі i такія жанчыны, што за мяжу лагера не выходзілі. Ix таксама Уршуля рыхтавала. Я падыходзіў да калючага дроту, за якім стаялі людзі: «Пахвалёны! Ці падрыхтаваныя вы да споведзі? Рахунак сумлення, шкадаванне за грахі. Увага - шкадуйце за грахі, адпушчаю грахі... За пакуты... Пахвалёны?». Уцякаю, бо стражнік на вежы ўжо нервуецца. Камунікаты, кожны загорнуты ў палерку, нібы лекі, атрымлівае Уршуля i раздае, каб змаглі пыняць у найбольш зручны для засяроджанасці час».

З часам, калі лагерны рэжым пацяплеў, асабліва пасля 1953 года, а таксама ў ссылках праводзіліся i іншыя таямніцы, напрыклад, таямніца жанімства. Значна цяжэй было з апошнім намашчэннем хворых, а таксама пахаваннем памерлых. Тут існавалі жорсткія правілы, i толькі ў выключных выпадках каплан мог наведаць хворага ці аказаць апошнюю паслугу мёртваму. Крыжы на магілах пачалі ставіць толькі пасля 1953 года, паколькі ведалі месца пахавання i хто там спачывае. Як прыклад можа служыць апісанне М. Навіцкім пахавання ксяндза Люцыяна Перасвет-Солбана, які памёр у лагеры Інта ў Комі AСCP 21 студзеня 1951 года: «Назаўтра два вязні, латышы; зрабілі труну i разам ca стражнікамі вывезлі цела ксяндза Люцыяна за лагер. Усе вязні праводзілі труну да турэмнай брамы. Каля брамы стражнікі адчынілі труну, i адзін з ix стукнуў малатком па ілбе кс. Люцыяна так, што атрымалася ўгнутасць. У той дзень хавалі некалькіх памерлых; адзін з палякаў, які ўдзельнічаў у пахаваннях, запомніў месца, дзе пахавалі кс. Люцыяна. (...) Праз 4 гады дзевяць сяброў кс. Люцыяна знайшлі гэтае месца i паставілі крыж з тоўстай металічнай трубы. На крыж павесілі вянок i таблічку з адпаведным надпісам».

Заўсёды шмат каталікоў збіралася разам на святы Божага Нараджэння i Вялікадня. Практычна ва ўсіх лагерах Савецкага Саюзу найбольш урачыстыя абеды, вячэры, спевы i да г. п. адбываліся там, дзе меліся спрыяльнейшыя ўмовы i быў большы лік каталікоў. Часам гэта былі сумесныя спатканні людзей розных нацыянальнасцяў, а нярэдка i кожная нацыянальная група наладжвала свае, асобныя ўрачыстасці.

У лагерах i ссылках існавала i своеасаблівая рэлігійная творчасць. Складаліся ў вершах нават цэлыя набажэнствы. Тут прысутнічалі элементы апісанняў касцёлаў, алтара, літургічных шатаў, найбольш таго, чаго вязні былі цяпер пазбаўленыя. Стваралі i малітвы, што асабліва важным было для арыштантаў, пазбаўленых кантактаў з капланамі. Аўтарам адной з такіх малітваў быў Адольф Паплаўскі:

«Пан Бог Усемагутны. Адзіны ў Тройцы Святой, змілуйся над Айчынай нашай, якая крывавіць у сэрцах мільёнаў, скончы як мага хутчэй нашы пакуты i дазволь нам вярнуцца ў свае гнёзды, каб там правесці астаткі нашага жыцця. О Божа герояў i пакутнікаў, Божа ўсіх тых, хто церпіць, пакутуе ў суровай няволі, дай нам сілы. ўтрываць маральна, духам i фізічна, абы мы не зламаліся, не загінулі, не заблудзіліся i заўсёды захоўваліся так, як належыць. Але хто з нас i блукае, хай выйдзе на дарогу цноты i абавязку. Божа, апякуйся над нашымі дзецьмі, жонкамі i бацькамі, сябрамі i ўсімі тымі, хто церпіць праз нас, i над усімі тымі, хто нешчаслівы. Тым з нас, хто ўжо не жыве, дай вечны спакой пры сабе. Пані а за апеку, доказы якой я ў сваіх найцяжэйшых хвілінах бачу штодня, кажу Табе дзякуй, Божа дарагі, i малю - i надалей апякуйся мною, аж да шчаслівага выйсця з няволі, да прамяністай смерці ў Тваёй ласцы. Амінь».

Вядомым ва ўсім свеце, перакладзеным на шмат моў, стаў малітоўнік, які склалі 4 літоўскія дзяўчыны ў Сібіры ў 1953 годзе. У кніжачцы мікраскапічных памераў (2х3 цалі) сабраныя ранішнія i вячэрнія малітвы, малітвы пры споведзі i св. камуніі, роздумы Крыжовай дарогі i іншыя малітвы.

Большасць людзей, што былі вывезеныя за свае рэлігійныя перакананні ці па палітычных матывах, пакінулі лагеры i ссылкі ў 1954-1959 гг. Большасць, але не ўсе. Частцы асобаў, найперш тым, у чые краіны цалкам знаходзіліся на тэрыторыі СССР, не дазволілі адразу вярнуцца да сваіх айчынаў. Некаторыя змаглі гэта зрабіць толькі пасля таго, як адсядзелі поўныя прысуды, напрыклад, 25 гадоў лагеру. Частка каталікоў асімілявалася з мясцовым насельніцтвам у выніку доўгатэрміновага побыту на Далёкай Поўначы i вырашыла застацца там назаўсёды. Найперш гэта былі тыя, хто ў Сібіры , заклаў новыя сем'і. Аднак, нягледзячы на памяншэнне рэпрэсій у дачыненні да рэлігійна заангажаваных асобаў, i надалей, аж да 1987 года, свецкія асобы вывозіліся, траплялі ў лагеры i турмы за рэлігійныя перакананні.

У рапарце «Keston College» ад 1981 года змешчаны прозвішчы 26 каталікоў, што ў гэты час былі вывезены на тэрыторыі СССР, з ix - 22 літоўцы. Частка ix была арыштаваная i асуджаная за рэдагаванне i выданне нелегальнага часопіса «Хроніка каталіцкага касцёла у Літве». У 1987 годзе падобны спіс налічваў 20 чалавек, з ix - 15 літоўцаў. 20 верасня 1983 года арыштавалі 29-гадовую Зофію Беляк, польку, арганістку Жытомірскага касцёла. Як значылася у афіцыйным прысудзе, яе засудзілі на 5 гадоў лагеру i 5 гадоў ссылкі за распаўсюджванне кнігі пра аб'яўленні ў Фаціме, а таксама за кантакты з сябрамі польскай «Салідарнасці».

Пра рэлігійнае жыццё тых часоў у савецкіх лагерах успамінае Ніёле Садунайтэ, засуджаная ў 1975 годзе на 3 гады лагераў i 3 гады ссылкі за выданне i распаўсюджднне «Хронікі каталіцкага касцёла ў Літве»:

«Час ад часу ўсе праваслаўныя збіраліся ў адасобленым куце i разам спявалі ў паўголасу. Аднойчы, навучыўшыся ix спевам, i я далучылася да ix. У гэты момант адчула сябе нібы ў храме, такі спакой агарнуў маю душу. Нездарма гавораць, што малітва плыве з неба. Але супольныя малітвы ў лагеры былі забароненыя, а таму часта мы былі змушаныя разысціся, пасля зноў збіраліся, каб ухваляць Бога i дзякаваць Яму за Яго любоў да нас, грэшных. Агульная малітва, бясспрэчна, была найяснейшым i найшчаслівейшым момантам у лагерным жыцці».

Не зважаючы на тое, што з самых жахлівых гадоў уладарання Сталіна мінула ўжо дужа часу, у лагерах i надалей здараліся варварствы, Яшчэ раз даём слова Ніёле Садунайтэ:

«Успамінаецца, быццам гэта здарылася сёння, страшэнная трагедыя, якая адбылася ўвечар напярэдадні Божага Нараджэння 1977 года. У нашае аддзяленне прыйшла вельмі маладая санітарка, якая ўзрушаным голасам распавядала сваёй знаёмай, што тут ляжала, што ў гінекалагічным аддзяленні ў халоднае памяшканне кінулі нованароджаную дзяўчынку. Малое, якое плача два дні, яшчэ не памерла... Я папрасіла санітарку, каб тая ўзяла крыху чыстай вады i завяла мяне да дзіцяці. На белым століку ляжала загорнутая ў цянюткія пялюшкі істотка з фіялетавыя ад холаду тварам. Калі я дакранулася да яе, яна начала плакаць ужо амаль безгалосна. Ахрысціўшы дзяўчынку, я пабегла ў медкабінет, дзе санітаркі весела пляткарылі. Я гнеўна запыталася, чаму яны пакінулі нявіннае стварэнне на смерць ад голаду i холаду. I пачула сухі адказ: «Не твая справа! Лекарка лепш ведае, хто павінен жыць, а хто памерці...» Я зрабіла яшчэ адну спробу ўратаваць дзіця, звярнуўшыся да дзяжурнай лекаркі, але i тая нічога не зрабіла».

Працэс палітычных i грамадскіх пераменаў, у тым ліку i ў галіне веравызнанняў, якія адбываліся ў СССР у 80-х гг., прывёў да таго, што ў 1988 годзе былі адпушчаныя на волю ўсе вязні, асуджаныя за свае перакананні. Завяршылася яшчэ адна старонка гісторыі, безумоўна, адна з самых жахлівых, бязлітасных, пазбаўленых чалавечнасці. Савецкія лагеры - гэты тэрмін мае адназначны злавесны сэнс. I тым не менш у чарговы раз у гісторыі вера ў Бога аказалася мацнейшай за найжахлівейшыя палітычныя сістэмы, за найбольш цынічныя спосабы знішчэння чалавечай душы. Вера ў Бога вытрымала лагерныя выпрабаванні i перамагла ix.

Прадмова i пераклад Вячаслава РАКІЦКАГА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX