Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча 


Аўтар: Бачышча Юрась,
Дадана: 15-07-2019,
Крыніца: Бачышча Ю.А. Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча // Весці БДПУ. 2003. №1 (35). С. 219-224.



Вывучэнне беларускага каталіцкага руху пачатка ХХ стагоддзя было пачата яшчэ самімі яго удзельнікамі. Першыя навуковыя працы аб ім выходзяць з пад пяра актыўнага змагара за беларускасць касцёла, старшыні беларускага гуртка ў Віленскай каталіцкай семінарыі, аднаго з арганізатараў З'езда беларускага духавенства ў Мінску ў 1917 годзе - айца Адама Станкевіча. Большасць яго твораў убачыла свет ужо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і, вядома, вызвала абурэнне партыйных органаў, якімі ён быў пасля рэпрэсаваны. У час савецкай улады сапраўдная гісторыя царквы была схавана за ідэалагічную шырму, а ў некалькіх надрукаваных агітацыйных брашюрах пераважаў атэістычны антыцаркоўны напрамак. Сапраўдная гісторыя царквы пісалася ў гэты час у эміграцыі. Вялікую цікавасць маюць артыкулы айца Льва Гарошкі, якія друкаваліся ў часопісе "Божым шляхам", выдаваўшымся ў Лондане. Там мы знаходзім звесткі не толькі па гісторыі царквы ў Беларусі, але і пра асобных хрысціянскіх дзеячоў. Гэтыя матэрыялы ляглі ў аснову больш пазнейшых публікацый Ю.Гарбінскага "Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя" і некалькіх артыкулаў Я.Траццяка. Апошнім, дарэчы, быў сістэматызаваны матэрыял па беларускаму каталіцкаму руху і напісана грунтоўная дыссертацыя "Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў (пач. ХХ ст. - 1939 г.)". Акрамя згаданых прац гісторыя царквы ў апошнія гады даследавалася В.В.Грыгор'евай, У.І.Навіцкім, айцом У.Завальнюком, У.Конанам і інш. Гэтыя творы ажывілі нашу духоўную спадчыну, паднялі з небыцця гісторыю царквы ў Беларусі і вярнулі народу яго герояў, якія змагаліся за нацыянальнае адраджэнне ў цяжкія часы панавання расійскага царызму. Перад намі паўсталі ў новым свеце постаці прафесара каталіцкай духоўнай акадэміі Б.Эпімах-Шыпілы, святароў Ф.Абрантовіча, Ф.Будзькі, В.Гадлеўскага, А.Станкевіча і іншых.

Аўтара артыкула ўразіла тое, што нават у энцыклапедыях, выдадзеных у савецкія часы, большасць з гэтых прозвішчаў адсутнічаюць. Недастаткова надрукавана аб гэтых выдатных асобах і зараз. Нажаль большасць звестак аб іх мы знаходзім у польскім, а не айчынным друку. Таму ў сваім артыкуле аўтар вырашыў пазнаёміць чытача з жыццём і дзейнасцю аднаго з піянераў беларускага каталіцкага адраджэння, шматгадовага адміністратара [1] Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам-суфраганам Сцяпанам (Стэфанам) Данісевічам.

У 1836 годзе, напярэдадні скасавання ўніяцкай царквы ў Беларусі, у незаможнай беларускай шляхецкай сям'і з Чарэйскай парафіі Магілёўскай губерніі нарадзіўся сын. У той час, напэўна, ніхто не ведаў, які лёс наканаваны гэтаму хлопчыку, але праз некалькі дзесяткаў год аб ім даведаліся не толькі на Беларусі, а і ў Расіі, Польшчы, Ватыкане. Аднак гэтаму папярэднічалі доўгія годы духоўнага развіцця. У 1856 годзе юнак становіцца вучнем Мінскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой ў 1859 годзе быў накіраваны як адзін з лепшых працягваць вучэнне ў Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. Па заканчэнні акадэміі з навуковай ступеню магістра тэалогіі ў 1863 годзе, 16 красавіка таго ж года ён быў пасвечаны ў капеланы і на працягу трох месяцаў працаваў законавучыцелем у Оршы, а пазней ў Магілёве. [2] Але, як пісаў беларускі ксёндз Францішак Будзька, "ня доўга тутака пабыў, бо на другі год востра выступіў проціў навукі рэлігіі па-расейску і сам атказаўся ад капелянства." [3]

Далейшы лёс прыводзіць яго ў горад Смаленск, які становіцца месцам актыўнай дзейнасці святара на пасадзе мясцовага пробашча аж да 1872 года. Менавіта дзякуючы яго намаганням у горадзе быў пабудаваны мураваны касцёл, заложаны прытулак для бедных дзяцей, а яго дабрачынная дзейнасць на доўгі час засталася ў сэрцы парафіян. Пасля нядоўгага знаходжання ў Магілёве, адбыўшы на працягу трох год магілёўскім дэканам, айцец Данісевіч зноў вяртаецца ў Смаленск да пастырскай дзейнасці. З 1891 года ён выконваў абавязкі клімавецка-мсціслаўскага дэкана, адкуль у 1895 годзе быў запрошаны арцыбіскупам Казлоўскім ў Пецярбург на становішча асэсара [4] ў духоўную рымска-каталіцкую кансісторыю. [5] Цэнючы вялікія заслугі смаленскага пробашча, арцыбіскуп назначае яго канонікам [6] ў магілёўскі капітул [7], дзе ён застаецца і пад час кіравання магілёўскіх мітрапалітаў Карла Недзялкоўскага і Баляслава Клапатоўскага. Пасля смерці апошняга, з 17 лютага 1903 года прэлат [8] Данісевіч быў абраны капітулам часовым адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі да выбрання новага арцыбіскупа Юрыя Шэмбека 9 мая 1904 года. [9] Пад час кіравання мітрапаліта Шэмбека Сцяпан Данісевіч атрымаў пасаду протанатарыўса апостальскага, а пасля смерці кіраўніка архідыяцэзіі зноў быў абраны адміністратарам мітраполіі, якую ўзначальваў з 30 ліпеня 1905 па 23 лістапада 1908 года. Гэта быў час частковага адраджэння каталіцкай царквы, зараджэння беларускага каталіцкага нацыянальнага кірунку і да ўсяго гэтага дачыніўся прэлат Данісевіч. Скарыстаўшы Указ аб верацярпімасці ад 17 кастрычніка 1905 года, тысячы былых уніятаў, прымусова прылічаных да праваслаўнай царквы, не пытючыся згоды ўрада, пераходзяць у каталіцтва. Данісевіч усяляк імкнецца дапамагчы ім, дамагаючыся ад урада прызнаць гэты пераход законным і спрасціць надзвычай складаныя правілы пераходу. Спрыяючы пашырэнню колькасці вернікаў касцёла, ён звяртаецца ў Рым з прапановай увесці ў касцёл і рускую мову побач з польскай, якую разумелі не ўсе парафіяне, на што з Апостальскай сталіцы прыйшоў станоўчы адказ. Згаданы вышэй указ аб верацярпімасці адмяніў таксама забарону друкаваць па-беларуску на лацінцы, што адразу было заўважана дзеячамі беларускага адраджэння. Будучы патрыётам свайго роднага краю і добра ведаючы, якую шкоду прыносіць касцёлу і беларускаму народу карыстанне ў святынях Беларусі чужой польскай мовай, адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі прэлат Данісевіч выдае ў 1906 годзе ў Пецярбургу "Элементар для добрых дзетак каталікоў", напісаны на беларускай мове. [10] "Шмат было посьля на Яго за гэта напасьці ад тых, каторым вера патрэбна толькі дзеля шырэньня сваёй народнасьці, але Ён ні зважаў на гэта, бо моцна быў пракананы, што беларускі язык нічуць ні зашкодзіць каталіцкай справе, а будзіць надта карысны да лепшаго познаньня праз беларуса сваёй веры. Дзеля гэтаго заахвочываў пісаць і выдаваць рэлігійныя кніжкі па-беларуску і сам нават нікаторыя з іх цэнзураваў перад даньнем апрабаты" - згадваў а. Ф. Будзька. [11]

Вельмі клапаціўся прэлат Данісевіч і аб выхаванні каталіцкай моладзі. Пад уплывам Данісевіча і Б.Эпімаха-Шыпілы ў першым дзесятку ХХ стагоддзя пашыраўся беларускі каталіцкі рух. Дзякуючы ім у Духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу быў створаны беларускі гурток, які аб'яднаў беларусаў-клерыкаў і даў цэлы шэраг выдатных дзеячоў беларускага адраджэння. [12] Прэлат Данісевіч быў асабіста знаёмы з многімі беларускімі каталіцкімі святарамі і заўсёды імкнуўся ім дапамагаць у іх дабрачыннай культурна-асветніцкай дзейнасці. Менавіта блізкія прыяцельскія адносіны яго з ксяндзом Францішкам Будзькам дапамаглі апошняму атрымаць святарскае пасведчанне, бо польскае каталіцкае кіраўніцтва не жадала высвячаць клірыка, баючыся яго беларускасці. У 1907 годзе Данісевіч дамагаўся дазволу адчыніць на тэрыторыі дыяцэзіі элементарныя каталіцкія школы пры парафіях, з выкладаннем навук на мясцовых мовах побач з польскай па жаданню бацькоў. Аднак царскі урад не згадзіўся на такія радыкальныя змены, баючыся ўзмацнення польскага ўплыву на беларускае насельніцтва і адтоку вучняў з дзяржаўных расійскіх школ. [13]

12 чэрвеня 1908 года па жаданню Папы Пія Х прэлат Данісевіч атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдыяпалітанскага з рук новага Магілёўскага арцыбіскупа Унукоўскага. Пасля смерці апошняга біскуп-суфраган [14] Сцяпан Данісевіч 29 мая 1909 года трэці раз становіцца адміністратарам мітраполіі. Усе свае добрыя пачынанні ён рабіў кіруючыся сваім уласным сумленнем, заўсёды меў на мэце прынесці як мага болей плёну свайму народу і ў гэтым яму нішто не магло перашкодзіць. З кожным годам ён усё больш рашуча адстойваў правы касцёла перад кіраўніцтвам імперыі, за што не заўсёды быў у міласці вышэйшай дзяржаўнай улады. Сустрэўшы ў архіве перапіску Данісевіча з магілеўскім губернатарам Эрдэлі наконт адкрыцця Гарадзішчанскага касцёла, ненаўмысна здзіўляешся яго смелай палеміцы з губернскай уладай. 18 лістапада 1909 года без ведама губернатара, але з дазволу кіруючага Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіяй епіскапа Данісевіча, ксяндзом Іваноўскім быў адчынены і асвечаны касцёл у вёсцы Гарадзішча Пінскага ўезда. Магілёўскі губернатар прыслаў да епіскапа ліст з патрабаваннем разабрацца з учынкам ксяндза Іваноўскага і не дазваляць далейшага багаслужэння ў касцёле, на што Данісевіч адказаў падкрэсліваючы незалежнасць касцёла: "Не только по законам Каноническим, но и по законам Государственным, как закрытие костёлов для богослужения, так и восстановление таковых относится к духовной власти, а светской власти предоставлялось это лишь в исключительных случаях, и то не иначе как путём законодательным… Закрытие костёла могло последовать со стороны католического Епископа не иначе, как в случаях, предусмотренных в Канонических Законах, чего в данном деле не имеется. В виду этого я, как Католический Епископ, распоряжения о недопущении богослужения в Городищенском костёле дать не могу…" [15] Пры гэтым Данісевіч не баяўся па-свойму тлумачыць указы і распараджэнні царскага урада, спасылаючыся на іх.

У час свайго апошняга кіраўніцтва архідыяцэзіяй у 1910 годзе біскуп Сцяпан Данісевіч цалкам аб'язджае з візітацыяй магілёўскі і смаленскі край, дзе сустракаючыся з мясцовым насельніцтвам "не толькі ксяндзам загадваў гаварыць казанні па-беларуску, але такжа і сам іх гаварыў." [16] 10 мая 1910 года яго змяніў на пасадзе кіраўніка мітраполіі новы арцыбіскуп Ключынскі, якому Данісевіч доўга яшчэ дапамагаў кіраваць архідыяцэзіяй, пакуль новая хваля рэакцыі не дасягнула і яго. Царскаму ўраду не падабаліся адносіны біскупа да касцёла, правы якога ён ацэньваў вышэй за дзяржаўныя, і тое, што ў сваіх дзеяннях ён кіраваўся сваім уласным сумленнем, а не міласцю ці няміласцю царскай. Прыпомнілі яму шматлікія парушэнні распараджэнняў грамадзянскай ўлады пад час кіраўніцтва мітраполіяй і 7 красавіка 1911 года царскім указам Данісевіч быў пазбаўлены ўсіх пенсій і афіцыйных пасадаў. [17] Пазней, дзякуючы намаганням Ключынскага, яму была вернута пасада прэлата ў капітуле і сціплая пенсія. Аднак пераслед уладамі і сталасць пакінулі свой адбітак на здароўі прэлата і вясной 1912 года ён вяртаецца ў Смаленск, дзе калісь пачынаў сваю святарскую дзейнасць і дзе была пахавана любая маці. "Ня доўга Смаленск цешыўся Біскупам, бо захварэў на рака і пажагнаўся з гэтым сьветам 3 снежня 1913 года. Неколькі раз у нядоўгай хваробе быў у споведзі і прыняў Сакрамэнт Астатняго Памазаньня. Са слязамі жагналіся парахвіяне са сваім пастырам, а найбольш усіх разчулялі дзеці з прытулку, каторыя вянком акружалі труну свайго апякуна і дабрадзея. Пахавалі яго побач з маткай на смаленскіх пры касьцёлах могілках…" [18]

Хацелася б каб памяць аб святым айцы Сцяпане Данісевічу захавалася не толькі на партрэце ў Смаленскім касцёле і сціплым артыкуле энцыклапедыі гісторыі Беларусі [19], а і ў сэрцах беларускага народа.


[1] Адміністратар - часовы кіраўнік мітраполіі, які выбіраецца капітулам пасля смерці ці змяшчэння былога арцыбіскупа і кіруе царквой да выбрання новага арцыбіскупа (мітрапаліта).

[2] Falkowski Cz. Denisewicz Stefan.// Polski Słownik Biograficzny. Krakow. 1939-1946. T. V. C. 120.

[3] Будзька П. Сьв. П. Біскуп Стэфан Данісевіч.// Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Мн. 1999. С. 307.

[4] Асэсар - духоўная асоба ў каталіцкай царкве, якая ўваходзіць у склад калегіяльнага органа кіраўніцтва епархіяй.

[5] Falkowski Cz. Denisewicz Stefan.// Polski Słownik Biograficzny. Krakow. 1939-1946. T. V. C. 120.

[6] Канонік - ганаровае званне святара епархіяльнага кафедральнага сабора, які адначасова з'яўляецца членам капітула.

[7] Капітул - вышэйшы духоўны савет, які дапамагае біскупу ажыцяўляць кіраўніцтва епархіяй.

[8] Прэлат- ганаровае званне асоб, якія займаюць вышэйшыя пасады ў іерархіі каталіцкай царквы.

[9] Wasilewski J. Arcybiskupi i Administratorowie Archidyjacezii Mahileŭskaj. Pinsk. 1930. C. 191.

[10] Stankiewicz A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia. 1929. С. 74.

[11] Будзька П. Сьв. П. Біскуп Стэфан Данісевіч.// Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХст. Мн. 1999. С. 308.

[12] Stankewicz A. Bielaruski chryscijanski ruch: histaryczny narys. Vilnia. 1939. С. 40.

[13] Falkowski Cz. Denisewicz Stefan.// Polski Słownik Biograficzny. Krakow. 1939-1946. T. V. C. 120.

[14] Біскуп-суфраган - намеснік біскупа, які дапамагае апошняму праводзіць багаслужэнні, а таксама выконвае функцыі главы епархіі ў час яго адсутнасці.

[15] НГАБ. Ф. 295 Воп. 1 Адз. з. 7680 Арк. 56 адв.

[16] Stankiewicz A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia. 1929. С. 75.

[17] Wasilewski J. Arcybiskupi i Administratorowie Archidyjacezii Mahileŭskaj. Pinsk. 1930. C. 155.

[18] Будзька П. Сьв. П. Біскуп Стэфан Данісевіч.// Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХст. Мн. 1999. С. 308.

[19] Ліс А. Данісевіч Сцяпан.// ЭГБ. Мн. 1996. Т. 3. С. 206.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX