Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Сыцько К. В. Дакументы Рымска-каталіцкай царквы канец XIX- пачатак XX стст. у даследваннях дынамікі развіцця Заходняй Беларусі


Аўтар: Сыцько К.В.,
Дадана: 02-03-2016,
Крыніца: Сыцько К. В. Дакументы Рымска-каталіцкай царквы канец XIX- пачатак XX стст. у даследваннях дынамікі развіцця Заходняй Беларусі / К. В. Сыцько // Молодость. Интеллект. Инициатива: сборник работ студентов и аспирантов / ВГУ. - Витебск, 2014. - С. 161-162.



Адной з характэрных рысаў чалавечага мыслення асобнага індывіду з'яўляецца разуменне ўласнай персоны як непарушнай кропкі адліку - назад альбо наперад. Усе падзеі, якія адбываюцца да ўмоўнай кропкі адліку і пасля яе можна вызначыць як гістарычную дынаміку. Іншымі словамі, кажучы прымітыўна, мы гаворым аб клопаце аб нашчадках і памяці аб продках, якія вымяраюцца паняццем «ідэнтычнасць». Ідэнтычнасць - гэта тое, што адказвае на пытанне «кім з'яўляецца яе носьбіт?» [4, с. 54] Калі фарміруецца нацыя, то гэтая рыса становіцца калектыўнай. Дакументы, якія былі створаныя ў выніку дзейнасці царкоўных органаў, з'яўляюцца важнай крыніцай даследвання дынамікі гістарычнага развіцця, бо царква, атаясамляючы сябе як «пасярэдніка паміж чалавекам і Богам», непазбежна набывае рысы, уласцівыя той ці іншай нацыі.

Галоўнай праблемай даследвання дынамікі гісторыі з'яўляецца накіраванасць гістарычнага працэсу. Яна вырашаецца вывучэннем дакументаў пэўнага інстытуту за перыяд ад пачатку яго існавання да нашых дзён. Кожны дакумент, з'яўляючыся прадуктам прычынна-выніковых сувязяў, захоўвае сваё генетычнае адзінства з гістарычнай рэяльнасцю, якая яго стварыла. [1, c. 200] Тут варта засцерагчыся, на нашую думку, ад выкарыстання метадаў дакладных навук, а менавіта ад мадэлявання. Любая навуковая мадэль прадстаўляе сабой абстрагаванае адлюстраванне сутнасці з'яваў і працэсаў, якія мы даследуем. [3, c. 91] Абстракцыя вычляняе элемент са мноства, тады як патрэбная сукупнасць усіх элементаў, вычляненне ж прама ўздзейнічае на ступень аб'ектыўнасці. Куды больш карыснымі выступаюць метады семіотыкі і герменэўтыкі - асэнсаванне сукупнасці знакаў, іх інтэрпрэтацыя і тлумачэнне. Ханс-Георг Гадамер заўважыў, што тэкст крыніцы больш не залежыць ад аўтара і ад яго ідэі. Аднак разуменне тэксту гэта ёсць разуменне голасу таго самага «другога» - аўтара. [2, с. 247]

Канец XIX - пачатак ХХ стст. шмат у чым з'яўляецца вырашальным этапам фармавання беларускай нацыі. Традыцыйна беларуская гісторыаграфія ўказвае на тое, што ў гэты час палітыка ўрада Расійскай імперыі ажыццяўлялася скрозь прызму атаясамлення веравызнання з нацыянальнасцю. Як вынік такой палітыкі - пачатак складвання двух розных ментальнасцяў - усходняй і заходняй. Неабходнасць вывучэння дакументаў рымска-каталіцкай царквы паўстае ў той момант, калі яна трапляе пад ціск і становіцца чыннікам протанацыянальнага руху. Энтані Сміт заўважае, што Польшча (з якой атаясамляўся каталіцызм) у гэты час была адным з цэнтраў моцных нацыяналістычных рухаў [5, c. 107]. Аднак таксама ён заўважае, што і ў коле рускай інтылегенцыі панавалі моцныя нацыяналістычныя настроі з наяўным расісцкім адценнем [5, c. 108]. Такім чынам, Беларусь аказалася паміж двума нацыяналізмамі. Каталіцкая царква аператыўна рэагавала на змены тэмпаў развіцця сацыяльных адносінаў, што адлюстроўваецца ў дакументных крыніцах за розны перыяд часу, а кансісторыя пачынае выступаць не як духоўны орган, але як інструмент ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі. Разгледзеўшы супроцьстаянне рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы ў дакументным кантэксце, мы будуем канструкцыю, якая дапамагае зразумець амаль усе галіны жыццядзейнасці насельніцтва, бо царква ў гэты перыяд часу ўяўляе сабою не інстытут, але інстытуцыю як абсалют, рэгулюючы большую частку грамадзянскіх адносінаў. Прычым дакументы, што былі складзеныя ў межах дзейнасці адной выпадковай парафіі, перш за ўсё ўказваюць на нежаданне змен у традыцыйным ладзе жыцця і, як вынік - адсутнасць яскрава выражанай дынамікі. Мы падкрэсліваем выпадковасць выбару парафіі, бо кожная з іх падобная на іншую, а сукупнасць парафій утварае своеасаблівы фрактрал - дыяцэзію.

Трэба думаць, неабходнасць шырокага выкарыстання дакументаў рымска-каталіцкай царквы напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ стст. выцякае з непарыўнай псіхалагічнай сувязі вялікіх групаў з гэтым інстытутам. Аднак паўстае пытанне аб'ектыўнасці даследвання, заснаванага на культавых крыніцах, якія, сыходзячы са спецыфікі дзейнасці асобаў, што іх стварылі, могуць утрымоўваць некаторую долю папулізму. Нажаль, у беларускім крыніцазнаўстве дакладнага адказу на гэтае пытанне няма.

Літаратура:

  1. Антонов Д.Н., Антонова И.А. Метрические книги России XVIII - начала ХХ / Д.Н. Антонов, И.А. Антонова. - М.: РГГУ, 2006. - 385 с.
  2. Гадамер Х.-Г. Герменевтика и деконструкция / Под ред. Штегмайера В., Франка Х., Маркова Б. В. Спб: Б.С.К.,1999. - С. 243-254.
  3. Ковальченко, И. Д. О моделировании исторических явлений и процессов / И. Д. Ковальченко // Вопросы истории. - 1978. - № 8. - С. 91.
  4. Самахвалаў Дз.С. Межы сістэматызацыі ў гістарычных даследаваннях / Дз.С. Самахвалаў // XXI век: актуальные проблемы исторической науки: Материалы междунар. науч. конф., посвящ. 70-летию ист. фак. БГУ. Минск, 15-16 апр. 2004 г. / Редкол.: В. Н. Сидорцов. (отв. ред.) и др. - Мн: БГУ, 2004. - С. 54-55
  5. Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі / Э. Сміт. - Мн.: Беларускі фонд Сораса, 1995. - 272 с.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX