Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Сыцько К. В. Канфесійныя архівы ў пострэлігійную эпоху 


Аўтар: Сыцько К. В.,
Дадана: 22-01-2017,
Крыніца: Сыцько К. В. Канфесійныя архівы ў пострэлігійную эпоху / К. В. Сыцько // Архіварыўс – 2016. – Вып. 14. – С. 34–44.



Постмадэрн (тут варта не блытаць гэтае паняцце з паняццем «постмадэрнізму» як філасофскай плыні) як стан цяперашняй эпохі (як бы не абвяшчалі яго неіснаванне на постсавецкай прасторы) нівеліруе ўсе сэнсава-каштоўнасныя дасягненні соцыуму. На ўвазе маецца тое, што перад сусветнай цывілізацыяй паўстала патрэба ў аргументацыі важнасці дзейнасці архіваў, інакш гэта вядзе да іх сацыяльных дэградацыі і дэпрэсіі. Канфесійнаму архівазнаўству таксама патрэбна гэтае абгрунтаванне, і як вынік - метатэарэтычная надбудова над ім.

Расійскі рэлігіязнавец Кірыл Тоўбін праводзіць аналогію паміж атэістычнымі плынямі і мадэрнам, лічачы, што ў эпоху мадэрну рэлігійнасць і ўсё, што звязана з рэлігіяй, разглядалася ў якасці прамых апанентаў інтэлектуальнаму прагрэсу, і ў сваёй найвышэйшай кропцы гэтыя рэвізіянісцкія тэндэнцыі выліліся ў з'яўленні ідэі аб адміранні рэлігіі ў будучыні [10, c. 210]. Гэта ж сцвярджаў і Ганс Блюменберг з папраўкай, аднак, на тое, што мадэрн не замяніў сакральнае вымярэнне рэальнасці на матэрыяльнае і нават не набыў зямное жыццё ў абмен на тагасветнае, але проста аказаўся адкінутым ад рэлігіі [13, c. 26].

Калі развіваць гэтую думку, то становіцца бачнай яе скіраванасць на падпарадкаванне грамадства іншым, адрозным ад рэлігіі імператывам - напрыклад, суцэльнаму імператыву існавання дзяржавы як механізму кантролю і рэгуляцыі соцыуму. Такім чынам, кантроль і адказнасць за захаванне, а таксама выкарыстанне культавых архіўных дакументаў у трактоўцы мадэрністаў суцэльна павінны падпарадкоўвацца нерэлігійным інстытутам з прычыны выціскання і штучнай дэвальвацыі ролі рэлігіі. У гістарычнай рэальнасці бачым, што такім інстытутам, напрыклад, у савецкім грамадстве, сталі дзяржаўныя гістарычныя архівы.

Аднак постмадэрнізм з яго неагрэсіўным адмаўленнем мадэрну ў існаванні рэвальвіруе ролю рэлігіі, ствараючы вымярэнне пострэлігійнасці (ідэі Бога як «тэксту»), адпаведна права на існаванне канфесійных архіваў у сучаснасці як аднаго з элементаў пострэлігіі павінна быць таксама разгледжаным.

У сваёй класічнай працы, якая адносіцца да праблемы архіваў, Жак Дэрыда бачыў дуалістычны характар гэтай з'явы - «архэ» ў дадзеным выпадку выступае, з аднаго боку, як нешта прыроднае, або гістарычнае - менавіта тое, адкуль пайшла тая або іншая рэч - у дадзеным выпадку размова ідзе аб метафізіцы, ці гістарызме факта існавання пэўнага аб'екта; з другога ж боку, «архэ» выступае як праява ўлады, або сацыяльнага парадку [14, с. 9]. Пры гэтым пад уладай тут разумеецца не ўласна орган кантролю, але пэўны імператыў - у дадзеным выпадку імператыў «неабходнасці захавання гістарычных крыніц», які і нараджае структуру сацыяльнага парадку.

Прыгадаем, аднак, што рэальнасць ніколі не з'яўлялася лінейнай - прадстаўленая ў выглядзе рызомы, яна заўжды знаходзіла альтэрнатывы існавання самой сябе. Такім чынам, імператываў для адной і той жа з'явы можа быць некалькі, таму імператыў «неабходнасці захавання канфесійных крыніц у гістарычных дзяржаўных архівах» можа быць цалкам падменены іншым.

Прама апазіцыйным у гэтым выпадку традыцыяналісцкім поглядам на суперцэнтралізацыю архіўных дакументаў культу, напрыклад, можа выглядаць пункт гледжання рымска-каталіцкай царквы на гэтае пытанне, які замацоўваецца ў сучаснасці ў некалькіх крыніцах партыкулярнага права - Кодэксе кананічнага права ў рэдакцыі 1983 г. [16] і праграмным дакуменце, названым «Die pastorale Funktion der kirchlichen Archive» («Пастарская функцыя царкоўных архіваў») [15], прынятым Апостальскай сталіцай у чэрвені 1998 г.

Пры гэтым у дадзеных дакументах канфесійныя архівы разглядаюцца дуалістычна - з аднаго боку ўводзіцца паняцце «парафіяльны архіў» (ці ў залежнасці ад узроўню - дыяцэзіяльны архіў, архіў курыі, кафедральны, калегіяльны і г. д.) [16, kk. 486, 895], з другога боку - «гістарычны архіў» [16, k. 491]. У дадзеным выпадку нас цікавіць толькі ніжэйшы, парафіяльны ўзровень існавання канфесійных архіваў і яго пераходны стан.

Для пачатку разглядзім значэнне тэрміну «парафіяльны архіў», пад якім маюцца на ўвазе тыя сукупнасці дакументаў, якія не згубілі на дадзены момант сваёй практычнай значнасці (менавіта архіў арганізацыі, або «бягучы» архіў). Кожная сацыяльная сістэма арганізуецца там, дзе ўзнікае ўяўна альбо сапраўдна рэлевантнае чаканне соцыуму на пэўны від аперацый [13, c. 112]. Як вынік, узнікае сістэма зваротнай сувязі - з бюракратызацыяй грамадскага жыцця роля парафіяльнага архіва як пасрэдніка паміж царквой і грамадствам пашыраецца. Цяпер кожнаму прадстаўніку грамадства неабходны доказ, звестка, нешта, што будзе замацоўваць яго сацыяльную ролю ў жыцці рэлігійнай абшчыны, пострэлігійнага соцыуму. У адказ на такое ўяўна альбо сапраўдна рэлевантнае чаканне з'яўляюцца, напрыклад, сацыяльныя даведкі аб хрышчэннях, шлюбах, пахаваннях і г. д., якія выдаюцца на падставе дакументаў парафіяльных архіваў.

Так, натуральна можна сказаць, што ў перыяд, калі рэлігійныя ўстановы мелі вялікае значэнне, напрыклад у часы Расійскай імперыі, таксама выдаваліся даведкі (напрыклад, у выглядзе метрычных выпісаў), і нават больш - такія даведкі мелі юрыдычную моц і прымаліся дзяржаўнымі органамі. Аднак нельга забываць, што ў вызначаны перыяд царква, улічваючы высокі ўзровень традыцыйнасці і рэлігійнасці грамадства, выступала не толькі ў якасці пасрэдніка «паміж чалавекам і Богам», але і ў якасці пасрэдніка «паміж чалавекам і дзяржавай», ведучы, напрыклад, дакументы дэмаграфічнага ўліку, неабходныя як элемент кантролю дзяржавы за якасна-колькасным станам насельніцтва [1, c. 14]. Такі стан царквы як пэўнага сацыяльнага інстытута, убудаванага ў дзяржаўны апарат Расійскай імперыі, разрываў сувязь паміж знакам «царква» і яго значэннем, некалькі нівеліруючы сакральную ролю гэтай установы.

На сённяшні час, пасля эпохі савецкага пераследу, рымска-каталіцкая царква аднавілася ў сваіх правах, аднак аказалася аддзеленай ад дзяржавы, што паспрыяла аднаўленню сувязі паміж знакам і значэннем. Архіўны дакумент, на падставе якога выдаецца даведка, цяпер не мае юрыдычнай моцы, аднак атрымлівае сакральны налёт, які звязвае кожнага прадстаўніка абшчыны з Богам праз замацаванне акта Сакраманта на фізічным носьбіце (паперы). Падобнае звяно ў руху ад суб'ектыўных вобразаў (збіральнага вобраза Бога) і яго інтэрпрэтацыі (Сакрамант як рух да Боскага) да іх аб'ектыўнага адлюстравання ў выглядзе сімвалаў і знакаў (матэрыяльны носьбіт са сведчаннем Сакраманта як абазначэнне акта таінства) практыкавалася рымска-каталіцкай царквой дастаткова працяглы прамежак часу (тут варта прыгадаць хаця б індульгенцыі), і толькі цяпер, у эпоху пострэлігійнасці, вылілася ў нешта большае - у знак сувязі ацаркоўленага чалавека з царквой (да гэтага такім знакам было ўласна наведванне касцёла).

У гэтым усім бачыцца спроба вырашэння цэнтральнай праблемы Біблейскага Бога - ён нябачны, неўявімы, невыразны, аднак блізкі да кожнага хрысціяніна праз замацаванне сваёй Волі ў знакавай сістэме дакументнай крыніцы (ці гэта Біблія, ці метрычная кніга). Рух Бога Айца да яго сімвала цяпер залежыць ад іншых сімвалаў, якія не належаць да сферы Айцоўскага, сакральнага [8, c. 648].

Такім чынам, як мы бачым, архіў у дадзеным выпадку з'яўляецца не проста пэўным «сховішчам дакументаў», не першаснай формай мнемічнага пратэзу, якой з'яўляецца ўвядзенне гістарычнага факта ў «архіў» у тым выглядзе, у якім яго бачыў Мішэль Фуко - як сістэму перадачы «выказвання - падзеі» ў яе матэрыяльным абліччы [11, c. 167] (пэўнай структурай назапашвання сацыяльнай памяці, якая можа выкарыстоўвацца менавіта як «памяць», г.зн. для ўвядзення дакументаў у навуковы ўжытак), але перадусім структурай, якая падмацоўвае сацыяльныя сувязі, з'яўляючыся прамым адказам на чаканне грамадства. Такім чынам архіў становіцца фактарам інструменталізацыі Сакраманта.

Гэта першая з метатэарэтычных падстаў канфесійнага архівазнаўства, якая ўяўляе сабой апісанне на простай, даступнай кожнаму прадстаўніку постсавецкага соцыуму, мове дакумента акта здзяйснення Святога Таінства (захаванне крыніцы не проста дзеля захавання, але захаванне як сакральны знак).

Аднак дакумент з цягам часу можа страціць функцыю, з мэтай якой ствараўся і стаць толькі «сведчаннем аб гістарычнай рэальнасці». У гэтым выпадку ён пераходзіць у катэгорыю, названую ў Кодэксе кананічнага права «гістарычным архівам» [16], кожная з крыніц якога павінна захоўвацца належным чынам і выкарыстоўвацца як прыкмета мемарыяльнай фіксацыі рымска-каталіцкай ідэалогіі, якая імператыўна адлюстроўваецца праз дыскурс крыніц па гісторыі касцёла і фактычна вядзе да рэвальвацыі каштоўнасцей, якія ён спрабуе захаваць і выхаваць [9, c. 173-174].

Наогул, гаворачы пра неабходнасць захавання дакументаў і кіравання імі ў «гістарычным» архіве, а таксама ўвядзення ў навуковы ўжытак, неабходна ўзгадаць, напрыклад, М. Фуко. Так, падчас чытання яго класічнай працы «Нараджэнне клінікі» рэфлексіўна ўзнікае пэўная аналогія гісторыі з медыцынай. Клініка ва ўсе часы з'яўлялася элементам пазітыўнага назапашвання: пастаянны позірк, скіраваны на хваробу; тысячагадовая, у кожны адрэзак часу новая ўвага да старой хваробы, якая дапамагала медыцыне цалкам не знікаць са сваімі спекуляцыямі, але захоўвацца, прымаючы рысы «ісціны» [12, c. 93-94]. Усё гэта шчыльна асацыюецца з пазітыўнай гістарычнай думкай, якая прымушае гісторыкаў кожны раз ускрываць даўно сканструяваныя гістарычныя патэрны пад уплывам усё «новых і новых» фактаў.

Аўтар дадзенага артыкула адмыслова ўзяў гэтую лексему ў двукоссе для таго, каб сказаць, што «новых» фактаў у гістарычнай рэальнасці не існуе - існуе толькі кропка біфуркацыі ў выглядзе факта, якая падзяляе патэрн на да- і пасляслоўе, выцягваючы яго элементы з зоны бязмоўя. Кожны «гістарычны» архіў з'яўляецца такой кропкай, становячыся не проста пазбаўленым надпрактычнай надбудовы «месцам захавання дакументаў», але месцам захавання перш за ўсё інфармацыі, якая дзякуючы існаванню архіўнай сістэмы перацякае з зоны бязмоўя ў зону славеснасці.

Пры гэтым зусім не варта прыніжаць ролю класічнай постсавецкай трактоўкі дэфініцыі «архіў», наадварот - сухая практыка працы з дакументам, выпрацоўка правілаў і аптымізацыя ўмоў захавання павінны існаваць і ўдасканальвацца з мэтай не згубіць сацыяльную інфармацыю.

Аднак тут узнікае пытанне, што ёсць уключэннем дакумента ў «архэ» і дзе той шлях, які прайшло хрысціянства на сваім шляху «ад пачатку да метафізікі», і які праходзіць сёння культавы архіў і архіўны дакумент.

Кожны дакумент з'яўляецца дынамічным вынікам дзейнасці асобы або групы асоб. Гэтая дынамічнасць праяўляецца ў змене яго функцый, а таксама ў непазбежнай страце той прававой функцыі, з мэтай выканання якой ён ствараўся ва ўмовах гістарычнай рэальнасці [1, с. 5].

Дакументы з цягам часу могуць быць выняты з натуральнага асяроддзя свайго існавання і перанесены ў гістарычны архіў або прыватную калекцыю, што пакідае за імі частку функцый, пазбаўляючы іх, тым не менш, функцыянальнасці. Такім чынам, дакумент пераўтвараецца ў прадмет калекцыі, якому ўласціва адсутнасць функцыі, з мэтай якой ён ствараўся, і найменне функцыі «быць тым, чым валодае асоба» [5, с. 37].

Калі сыходзіць з высноў бадрыйяраўскага постструктуралізму, на сённяшні дзень кожны з архіўных дакументаў канфесійнага «гістарычнага» архіва з'яўляецца аб'ектам, абстрагаваным ад функцыі - часткай пэўнага фонду. Тут не трэба блытаць першапачатковую, метафізічную функцыю з той, якая навязваецца гістарычнай крыніцы са стратай ёю функцыянальнасці, гэта значыць, з актам выкарыстання ў межах навуковых даследаванняў. Пры гэтым такія дакументы могуць быць названы ўнікальнымі, бо іх выняцце з натуральнага асяроддзя існавання і перанясенне ў «гістарычны» архіў адбываецца толькі намінальна - шляхам змены функцыянальнасці (фізічна яны застаюцца на захаванні ў тым жа месцы, дзе і знаходзіліся да страты сваёй ролі). Тут назіраецца непарыўнасць «гістарычнага архіва» і «гістарычнага дакумента», якія практычна зліваюцца ў «архэ» - пачатак у выглядзе факта, які меў месца ў гістарычнай рэальнасці, і канец у выглядзе факта, якога больш не існуе ў сённяшняй рэальнасці. Такім парадкам надыходзіць канец гісторыі, па той бок якога ўжо іншая рэальнасць, існуючая ў выглядзе знака, што замацоўваецца праз архіўны дакумент, змешчаны ў архіў.

Адзначаны падыход выводзіць архіў на постструктуральны ўзровень існавання - калі ён губляе адзіны першапачатак, але не адмаўляе ў існаванні метафізічнага першапачатку ў прынцыпе, аднак такі яго стан усяго толькі канстатуе яго іманентную паўтаральнасць, структурнасць і расцярушанасць.

У кожнай рэчы ёсць дзве функцыі - быць выкарыстанай і быць тою, якой валодаюць [5, с. 42]. Успомнім, аднак, што гістарычны дакумент у тым сэнсе, які ўкладаецца ў яго ў дадзенай працы, у пэўны прамежак часу меў сваю сацыяльную і, мажліва, юрыдычную моц, якая знікла са зменай сацыяльнага становішча - раней ён быў часткай «парафіяльнага архіва» (пры гэтым тут можна ўвесці яшчэ адзін узровень знакавай сістэмы - гістарычны архіў як знак страты дакументам сваёй першапачатковай функцыі). Такім чынам, пры працы з гістарычным царкоўным дакументам, які захоўваецца ў культавай установе, варта памятаць, што культ валодае не прадметам, які адсылае яго да рэальнага свету, але толькі рэччу, абстрагаванай ад сваёй функцыі і суаднесенай з суб'ектам [5, с. 43].

Гэта азначае, што калі разглядаць архіўныя крыніцы як семіялагічную сістэму, варта памятаць, што ў любога кшталту семіялагічнай сістэме пастуліруюцца адносіны паміж двума элементамі - тым, які абазначае, і тым, штó ён абазначае. Гэтыя адносіны звязваюць аб'екты рознага парадку, таму з'яўляюцца прыкметай эквівалентнасці, але ні ў якім выпадку не роўнасці [7, с. 393]. Варта растлумачыць на прыкладзе. Так, «Інвентар фундушу 1801 г. касцёлу Найсвяцейшай Троіцы» абазначае ў сваёй гістарычнай праекцыі юрыдычны акт, у якім замацоўваліся ўсе тыя фундушы, што былі дадзены касцёлу Найсвяцейшай Троіцы фундатарамі; у цяперашняй рэальнасці гэта - рэч, абстрагаваная ад функцыі і суаднесеная з суб'ектам - касцёлам Найсвяцейшай Троіцы, змешчаная ў «архэ» як сімулякр трэцяга парадку (акт фундушу існуе як «гістарычная крыніца», але ў цяперашняй рэальнасці апісанага ў крыніцы фундушу не існуе як акту). Гэтую рэч можна назваць «рэліквіяй», «архіўным дакументам», «артэфактам», «прадметам калекцыі», аднак ні ў якім выпадку не «юрыдычным дакументам».

Архіў захоўвае крыніцу, абстрагаваную ад функцыі не таму, што яна мае нейкі практычны сэнс, але таму, што гэты прадмет выбіваецца з сістэмы, адасабляючы некаторае пасведчанне, настальгію, памяць, пабег ад цяперашняй рэальнасці [5, с. 35]. Гэта практычна абазначае, што пачаткі арганізацыі канфесійнага гістарычнага архівазнаўства ў сучаснасці - псіхалагічныя, але не нарматыўна-прававыя.

Так, звернемся, каб не быць галаслоўнымі, да дакумента з назвай «Пастарская функцыя царкоўных архіваў». Прэамбула дадзенага дакумента ўтрымлівае словы, якія не толькі дазваляюць карыстальнікам працаваць з касцельнымі крыніцамі, але і падкрэсліваюць неабходнасць даследаванняў на іх глебе:

«… Царква за сваю 2000-гадовую гісторыю прыняла шмат пастарскіх ініцыятыў, мэтай якіх было абвяшчэнне Евангелля… Неабходнасць вывучэння дакументаў мінулага ў тым, каб прадставіць Царкву як лепшага «эксперта ў чалавецтве», які зрабіў немалаважны ўнёсак і паказаў сябе як неабходны элемент развіцця культуры… Даследаванні падобнага кшталту [на глебе царкоўных дакументаў. - К.С.], якія пачынаюцца з прадуманага збору ўсіх зафіксаваных узгадак аб важнасці і неабходнасці Хрысціянства, маюць мэтай прадставіць будучыню, якая заснавана на ўкладзе Царквы ў традыцыі, будучыню, у якой гістарычная памяць можа служыць як прароцтва…» [15, c. 2].

У гэтай вытрымцы, як і ў цэлым тэксце «Пастарскай функцыі царкоўных архіваў» мы бачым адну з галоўных ідэй Жана Бадрыйяра ў дачыненні да гісторыі цывілізацыі - гісторыя выкарыстоўвае тэхніку паўтору, каб ісці наперад, у той час як фактычна яна ідзе назад [2]. Адпаведна, рэлігійныя ўстановы выкарыстоўваюць тэхніку паўтору для руху наперад і ў той час прадпрымаюць уцёкі ад рэальнасці назад, у перыяд, дзе іх сацыяльная роля была значна шырэйшай за цяперашнюю.

Такім чынам, як мы бачым, канстатуецца неабходнасць вывучэння гісторыі хрысціянства, збору і захавання гістарычных канфесійных крыніц менавіта з мэтай пазначэння паўсюднай прысутнасці ў жыцці грамадства, а таксама ўзвелічэння яго ролі праз даследаванні касцельных дакументаў - г.зн. тэхніка паўтору, прайграванне на паперы знакаў гістарычнай рэальнасці, фактычнае яе адраджэнне як знак руху наперад. Архіў выглядае ўжо як некаторая абсалютная велічыня, скіраваная не на захаванне мінуўшчыны, але на пабудову будучай рэальнасці, накіраванай на рэвальвацыю ролі царквы ў вачах грамадства. У гэтым яўна бачныя некаторыя характарыстыкі пострэлігіі, калі сакральнасці царквы не хапае на тое, каб яе аўтарытэт быў захаваны, калі без «архэ», якое абазначае і пачатак і канец яе падстаў, немагчыма аргументаваць традыцыю.

У гэтым выпадку бачыцца другая метатэарэтычная падстава канфесійнага архівазнаўства - важнасці сувязі дакументастваральніка з крыніцай, якую ён стварыў.

Гэтае палажэнне базіруецца на думцы, што кожны дакумент, з'яўляючыся прадуктам прычынна-выніковых сувязяў, захоўвае сваё генетычнае адзінства з гістарычнай рэальнасцю, якая яго стварыла. Сэнс жыцця дакумента ў архіве заключаецца ў патэнцыяльнай магчымасці гістарычнай канструкцыі падзей і фактаў, якія сталі прычынай яго з'яўлення. Менавіта з гэтай прычыны важна захаваць дакумент у кантэксце рэалій мінуўшчыны, паблізу ад тэрыторый яго паходжання. Неабгрунтаванае штучнае аддаленне дакумента ад гістарычнай тэрыторыі разрывае сувязь з дакументным кантэкстам, зніжае яго патэнцыял, збядняе культурны фонд тэрыторыі [1, c. 100].

Значыць, пры выманні канфесійных дакументаў з натуральнага асяроддзя іх існавання заўжды існуе пагроза разрыву канцэптуальных сувязяў у знакавай сістэме сакральнай установы.

Захаванне дакументаў у натуральным асяроддзі дазваляе пазбегнуць галоўнай праблемы архівазнаўства ў цэлым - архівазнаўства «грамадства спажывання», калі пад уплывам суперцэнтралізацыі гістарычныя крыніцы нагрувашчваюцца, ператвараюцца ў фонды і калекцыі, падобна таварам у краме [6, c. 21], да якіх, магчыма, даследчыкі і не дакрануцца. Пры гэтым актыўна насаджаецца ідэя «захавання», калі «архэ» занявольвае сабой дакументы падобна турме, замест ідэі «выкарыстання», калі б яны актыўна вылузваліся са знака «архіў», даючы магчымасць шырокага да іх доступу.

Вылузванне, аднак, са знака зусім не сведчыць пра тое, што крыніцы не павінны захоўвацца ў архіве, шкодзячы свайму фізічнага стану. Як адзначаў французскі постструктараліст Ж. Дэрыда, архіў заўжды існуе як антаганіст страты так названай «памяці» (або існуе ў прамой апазіцыі страце памяці). Няма такога архіва, які б існаваў без месца здачы на захаванне, без тэхнікі для прайгравання гістарычных фактаў, без некаторага знешняга характару (гэта значыць, фізічнага складніку). Архіў з'яўляецца гіпамнэзічным фрагментам грамадства, яго мнемічным пратэзам [14, c. 18].

Аднак у выпадку з канфесійнымі архівамі Беларусі, напрыклад, акурат адбываецца тое, што апісана ў двух абзацах вышэй - іх адносная недасяжнасць для даследчыкаў і адсутнасць арганізацыі не могуць не насцярожваць. Па сутнасці сваёй, накіраваныя на пастаяннае выцягванне з зоны бязмоўя гістарычных фактаў, такіх важных і актуальных у даследаваннях канфесійнай гісторыі Беларусі, яны з'яўляюцца прадметам, які адначасова прадметам не з'яўляецца, гэта значыць архівам, які падмяняе захаванне памяці на забыццё.

Шматлікія даследчыкі адзначалі, што гістарычныя канфесійныя архівы адшукваюцца ў самых нечаканых месцах - на гарышчах, у сценах касцёлаў, наўпрост у плябаніі ў разабраным, неўпарадкаваным стане, святарства з неахвотай дапускае да іх і г.д.

У гэтым бачыцца яшчэ адна падстава - нетранзітыўнасць канфесійных архіваў. Царква па сваёй прыродзе антыкамунікатыўная або нетранзітыўная, яна не мае атрыбутаў «адказу - адказнасці» перад грамадствам, аднак выступае ў якасці асабістаснай карэляцыі аднаго і другога бакоў камунікацыі ў працэсе абмену, гэта значыць, уяўляе сабой тое, што забараняе адказ, робіць немагчымым працэс адказу (хіба толькі сімуляцыі адказу) [3, с. 199]. Архіў у гэтым выпадку пераймае якасці ўстановы, ва ўлонні якой ён народжаны. Такая закрытасць, нежаданне дапускаць чужых у свае ўнутраныя справы ўласцівы культу ў цэлым.

Аднак пад гэтай нетранзітыўнасцю чытаецца ўнутраны сэнс - роўна як мастацтва стала іканаборніцкім у прыродзе сваёй, гэтак і архівазнаўства эпохі мадэрнізму стала ў сваёй прыродзе антырэлігійным - у канфесійным дакуменце больш няма знакавага, адсутнічае сакральнае. Архівістам ён бачыцца як пэўная сукупнасць фактаў, але не як сукупнасць знакаў таінства.

Абаронцы ікон былі вытанчанымі асобамі, якія настойвалі на напісанні большай колькасці выяў Госпада дзеля яго праслаўлення [4]. Абаронцы канфесійных дакументаў сталі больш жорсткімі, настойваючы на праве царквы валодаць дакументамі, якія яна стварыла для таго, каб пацвердзіць сваё права на будучыню праз прайграванне мінуўшчыны. У рэшце рэшт, ва ўсім гэтым бачыцца абарона хрысціянства ад яго супраціўнікаў.

Крыніцы і літаратура

1. Антонов, Д. Н., Антонова, И. А. Метрические книги России XVIII - начала ХХ в. - Москва : РГГУ, 2006. - 194 с.

2. Бодрийяр, Ж. В Тени Тысячелетия, или Приостановка Года 2000 // Цифровая библиотека по философии [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://filosof.historic.ru/books/item/f00/s00/z0000326/, дата доступа: 01.07.2016.

3. Бодрийяр, Ж. Реквием по масс-медиа // Поэтика и политика. Альманах Российско-французского центра социологии и философии Института социологии Российской академии наук. - Москва : Институт экспериментальной социологии; Санкт-Петербург, 1999. - С. 193-226.

4. Бодрийяр, Ж. Эстетика утраты иллюзий // Электронная библиотека RoyalLib.com [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://royallib.com/read/bodriyyar_gan/estetika_utrati_illyuziy.html, дата доступа: 01.07.2016.

5. Бодрийяр, Ж. Система вещей. - Москва : Добросвет, 2001. -215 с.

6. Бодрийяр, Ж. Общество потребления: его мифы и структура. - Москва : Культурная революция, 2006. - 268 с.

7. Гадамер, Х. Г. Деконструкция и герменевтика // Герменевтика и деконструкция / Под ред. Штегмайера В., Франка Х., Маркова Б. В. - Санкт-Петербург : Издательство Санкт-Петербургского государственного университета, 1999. - С. 243-254.

8. Рикёр, П. Конфликт интерпретаций. Очерки о герменевтике. - Москва : Академический Проект, 2008. - 695 с.

9. Сыцько, К. В. Архівы рыма-каталіцкіх парафій Заходняй Беларусі XIX - першай паловы XX ст. (на прыкладзе архіва касцёла Найсвяцейшай Троіцы ў в. Ішчална) // Теоретические и практические проблемы документоведения и архивоведения: ретроспектива и современность. Материалы Международной научно-практической конференции (Минск, 2-3 декабря 2015 г.) / Редкол.: Э.М. Савицкий, С.В. Жумарь, П.А. Левчик и др. - Минск : БелНИИДАД, 2016. С. 173-181.

10. Товбин, К. М. Постмодернистская религиозность: традиционалистическое восприятие // Известия Уральского федерального университета. Серия 3. Общественные науки. - 2013. - № 1. - С. 210-222.

11. Фуко, М. Слова и вещи. Археология гуманитарных наук. - Санкт-Петебург : А-cad, 1994. - 408 с.

12. Фуко, М. Рождение клиники. - Москва : Академический проект (Психологические технологии), 2010. - 256 с.

13. Blumenberg, H. Die Legitimität der Neuzeit. - Frankfurt am Main : Suhrkamp, 1966. - 707 s.

14. Derrida, J. Dem Archiv verschrieben. Eine Freudsche Impression. - Berlin : Brinkmann und Bose, 1997. - 179 s.

15. Die pastorale Funktion der kirchlichen Archive / Päpstliche Kommission für die Kulturgüter der Kirche. 3 Juli 1998. - 105 s.

16. Kodeks prawa kanonicznego 1983 // Stolica Apostolska [Электронны рэсурс]. - 2014. - Рэжым доступу: http://www.katolicki.net/ftp/kodeks_prawa_kanonicznego.pdf - дата доступу: 10.03.2016.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX