Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Лаўрык Ю. Іпаці Пацей 


Аўтар: Лаўрык Юрась. Іпаці Пацей,
Дадана: 12-02-2013,
Крыніца: Лаўрык Юрась. Іпаці Пацей // Спадчына №2-1992. С. 58-65.



Постаць Іпація вельмі неадназначная. Расейскія дарэвалюцыйныя гісторыкі, будучы апалагетамі праваслаўя, падавалі ягоную дзейнасць у негатыўным святле. Гэтую ж традыцыю наследавалі i савецкія навукоўцы, якія, хоць i адмаўлялі існаванне Бога, але тым не меней надавалі прыярытэт «рускай веры» перад Іншымі канфесіямі. Біскуп уладзіміра-валынскі i берасцейскі, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Іпаці Пацей.

Процілеглыя ацэнкі даюць Пацею польскія i некаторыя беларускія даследчыкі. Выступаючы з пазіцыяў каталіцызму ці уніяцтва, яны малююць вобраз Іпація аднымі светлымі фарбамі. Хіба Вацлаў Ластоўскі намагаўся ў сваёй «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» апісаць асноўныя факты з жыцця знакамітага уніята незалежна ад таго, як характарызуюць яны Пацея. Паспрабуем i мы распавесці пра заснавальніка уніі на Беларусі.

Пацей зрабіўся ўладыкам Іпаціем (ці, дакладней, Гіпаціем) толькі на схіле жыцця; да таго часу ён быў беларускім шляхціцам панам Адамам, займаў досыць высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім i карыстаўся аўтарытэтам як палітык.

Адам нарадзіўся 12 красавіка 1541 г. у адным з маёнткаў сваіх бацькоў - сядзібе Ражанка. Хоць імя Пацеі замацавалася за гэтым праваслаўным шляхецкім родам толькі двума пакаленнямі раней, карані славы роду губляюцца ў цемры стагоддзяў. Адамавы продкі належалі да гербу Вага, а за гняздо свае мелі колішняе Каранёва блізу Юркаўшчыны ды Мажэек на поўдні Берасцейшчыны. Бацька Адама - прыдворны каралевы Боны Леў Пацеевіч Тышкевіч - займаў пасаду падскарбія i пісара вялікага літоўскага. Адамава матка - дачка берасцейскага войскага (намесніка кашталяна) Ганна Слушчанка. Пасля смерці мужа ў красавіку 1550 года яна ўзяла шлюб са смаленскім кашталянам Дамінікам Пацам.

Асабістая пячатка Іпація Пацея.

Адам жа тым часам быў уладкаваны пажам пры каралеўскім двары. Існуе легенда, што аднойчы каралева моцна занядужала, i юны паж, каб ёй дапамагчы, прынёс з палацавае капліцы кадзільніцу ды ўсю ноч абкурваў каралеўскую спальню святым дымам, чытаючы малітвы. Быццам бы з гэтае нагоды Жыгімонт Аўгуст прадказаў, што будзе Пацей біскупам. Як мы бачым, так яно з часам i сталася.

Крыху пазней паводле пракаветнага шляхецкага звычаю Адам быў аддадзены на выхаванне да двара князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Гады жыцця ў княскім палацы пайшлі юнаку на карысць: тут ён скончыў пратэстанцкую школу i атрымаў багатыя веды, а ў колах беларускай эліты набыў выкшталцонасць ды пэўны палітычны досвед.

Трэба адзначыць, што юнацтва Адама прыпадала на перыяд умацавання ў Вялікім Княстве Літоўскім рэфармацкіх ідэяў. На беларускім пасадзе ў той час сядзеў малады, выхаваны ў лепшых еўрапейскіх традыцыях вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, які прыхільна ставіўся да ўсяго новага, спрыяў усталяванню талерантнасці i свабоды думкі ў краі. Але найбольшым заўзятарам Рэфармацыі на Беларусі, безумоўна, быў Мікалай Радзівіл Чорны, ваявода віленскі i вялікі канцлер літоўскі. Заможны i ўплывовы магнат, ён усё сваё багацце ды аўтарытзт пакладаў на рэч узмацнення новай веры, з якой пазнаёміўся пад час вучобы ў замежных універсітэтах.

Новае вучэнне за кароткі час распаўсюдзілася па Беларусі, да яго далучыліся славутыя магнацкія роды Хадкевічаў, Глябовічаў, Зяновічаў, Сапегаў, Войнаў ды інш., не кажучы пра засцянковую шляхту. Праз дваццаць гадоў, напрыклад, у Наваградскім ваяводстве з 600 праваслаўных родаў у старой веры засталося толькі 16. А з 700 каталіцкіх парафіяў, што былі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, да 1566 года засталося толькі 6. Рэфармацыя нечакана стала ўсеагульным захапленнем, i не дзіва, што малады Пацей, які жыў у кальвінісцкім асяродку, перайшоў з праваслаўя ў пратэстанцтва.

Паводле агульнапрынятае версіі, пасля заканчэння школы Адам накіроўваецца на вучобу ў кракаўскі Ягелонскі універсітэт. Сёння немагчыма гаварыць пра гэта з пэўнасцю, бо ў спісах студэнтаў імя Пацея не значыцца, але, трэба думаць, вышэйшую адукацыю ён атрымаў (як не ў Кракаве, дык у Варшаве альбо ў іншым месцы), бо гэта таксама было традыцыяй заможнай шляхты i магнатэрыі.

Наступныя некалькі гадоў Адам спраўляе абавязкі сакратара пры князю Мікалаю, спасцігаючы азы дыпламатыі i палітыкі. Відаць, з гэтага часу i распачалася бліскучая кар'ера маладога шляхціца, а багаты ды слынны заступник Радзівіл забяспечыў яму падтрымку.

Дасягнуўшы паўналецця ды атрымаўшы права карыстацца з бацькавае спадчыны, Адам пастанавіў ажаніцца i ў лістападзе 1561 г. быў павянчаны з Ганнай, дачкою валынскага князя Хведара Галаўні-Астражэцкага. Шлюб гэты паўстаў з палкага кахання, чым, дарэчы, можна вытлумачыць i досыць малады для тых часоў век жаніха. А плёнам таго пачуцця з'явілася шасцёра дзяцей: сыны Крыштап, Ян ды Петра i дочкі Ганна, Аляксандра ды Кацярына.

Пацей пачынае пакрысе адыгрываць ролю ў жыцці Берасцейскага ваяводства. З моманту ўвядзення на Беларусі ў 1566 г. земскіх судоў ён прызначаны пісарам земскім, а заваяваўшы на гэтай пасадзе аўтарытэт разумнага i дзейнага чалавека, насланы ў 1569 г. на Люблінскі сойм прадстаўляць берасцейскую шляхту. Там Адам Пацей, дарэчы, браў удзел у падпісанні дзяржаўнай уніі між дзвюма магутнымі еўрапейскімі дзяржавамі - Вялікім Княствам Літоўскім i Каронай Польскай, што, пагодзімся, шмат значыць для 28-гадоввга маладзёна.

У 1577 годзе Пацей займае пасаду берасцейскага суддзі земскага, а праз два гады здабывае яшчэ больш прэстыжнае i даходнае прызначэнне - на Kipaванне зборам падаткаў у ваяводстве. Аднак тут ягоная цывільная дзейнасць на пэўны час перапыняецца, i Пацей едзе на вайну.

Адваяваўшы два гады i ўславіўшы сваё імя ў бітвах пад Полацкам ды Кесяй, Адам вяртаецца на Берасцейшчыну i пэўны час жыве досыць спакойна. Ягонае прозвішча з'яўляецца ў крыніцах толькі пад 1586 годам, калі памірае кароль Сцяпан Батура, Пацея абіраюць у склад «суду каптуровага» - адмысловай установы, што дзейнічала пад час бескаралеўя i займалася арганізацыяй выбару новага манарха. Такі давер шляхты, відаць, ускалыхнуў замёрлыя амбіцыі пана Адамё. У 1588 годзе новы кароль Жыгімонт III Ваза прызначае Пацея берасцейскім кашталянам i сенатарам. Гэтым заканчваецца свецкая дзейнасць пана Адама.

Духоўны шлях Пацея быў складаны i не пазбаўлены пошукаў ды хістанняў. Хрышчаны паводле праваслаўнага абраду, ён пераходзіць у пратэстанцтва i вызнае «новую веру» болыи як 20 гадоў. Але каля 1574 года зноў вяртаецца ў праваслаўе. Значна пазней у лісце да львоўскага дамініканскага правінцыяла Пацей так тлумачыць гэтыя ваганні: «...Немалы час я быў евангелікам, бо з маладосці маёй вучыўся ў такой школе, а потым i пану такому, пры якім ерась звіла сабе гняздо, немалы час служыў...» I далей: «Арыянская i новахрышчанская навука - тая мяне i ад евангелічнай адагнала, i я вярнуўся да сваёй старажытнай веры рускай, у якой нарадзіўся з дзеда, прадзеда i бацькі...»

Такім чынам, Пацей сам сведчыць, што ягонае павярненне ў лона ўсходняй царквы было выклікана менавіта нязгодай з некаторымі пастулатамі пратэстанцтва. Хаця, з другога боку, прыведзеныя словы могуць быць простым апраўданнем. Колішняя належнасць да «крайніх сектаў» магла стаць перашкодаю да ўзвядзення ў біскупскі сан i тым болей да займання мітрапалічай катэдры.

Трэба думаць, што на змены рэлігійных поглядаў Пацея паўплывалі таксама ягоная жонка i валынскі князь Канстанцін Астрожскі, з якім пан Адам у той час блізка сышоўся.

Ваявода кіеўскі, славуты пераможца маскоўцаў у бітве над Оршай, Астрожскі быў адным з нешматлікіх ужо вялікалітоўскіх магнатаў, хто не далучыўся ані да каталіцкага, ані да рэфармацкага лагеру. Больш таго, ён не застаўся ў баку ад канфесійнай барацьбы i ўжываў дзейсныя захады дзеля ўмацавання праваслаўя. У другой палове 70-х гадоў князь адчыніў у г. Астрогу грэка-славянскую школу i заснаваў друкарню, якая забяспечвала праваслаўнаю літаратурай ледзьве не ўсё Вялікае Княства. Езуіт Антоні Пасэвін пісаў у 1581 г. папу рымскаму Рыгору III: «Некаторыя князі, як Астрожскі I Слуцкі, маюць свае друкарні і школы, у якіх працягвае падтрымлівацца іхняя схізма».

Трэба адзначыць, што ў другой палове XVI стагоддзя стан праваслаўнае царквы на Беларусі быў дужа бядотны. Духоўныя пасады раздаваліся як узнагарода за вайсковыя i грамадзянскія заслугі або прадаваліся за грошы. Святары i манахі гібелі ў невуцтве ды распусце; дысцыпліна i субардынацыя адсутнічалі. Гледзячы на такое бязладдзе i разбзшчанасць «духоўных айцоў», паства пакідала старую веру ды сотнямі пераходзіла ў каталіцызм ці пратэстанцтва.

Прагнучы адрадзіць праваслаўе i вярнуць яму колішнюю моц ды ўплывовасць, АстрожскІ з аднадумцамі распрацаваў канцэпцыю выратавання становішча, якая грунтавалася на аб'яднанні Усходняй царквы з Заходняй. Магчыма, саму Ідэю уніі князь Канстанцін пазычыў з нашумелай тады кнігі польскага палеміста Пятра Скаргі «Аб адзінстве царквы Боскай...», якая выйшла ў 1577 годзе ў ВІльні. Галоўнай тэмай твору была думка, што для праваслаўнай царквы няма Іншага выйсця з перакрышу, як узнаўленне заключанай на Фларэнтыйскім саборы уніі з каталіцкім касцёлам пры захаванні ўсходніх абрадаў. У выніку ў праваслаўным асяродку з'явіўся план, асноўнымі пунктамі якога былі: 1) недатыкальнасць усходніх абрадаў; 2) недатыкальнасць праваслаўных бажніцаў i ix маёмасці; 3) пасля заключэння уніі - забарона переходу праваслаўных у каталіцызм; 4) роўнасць праваслаўных i каталіцкіх духоўных асобаў ды гарантыя ўдзелу мітрапаліта з уладыкамі ў справах Сенату i ў Соймах; 5) згода на заключэнне уніі патрыярхаў усходніх ды маскоўскага; 6) выпраўленне заганаў у праваслаўнай царкве; 7) клопат аб школах i вольны;( навуках, асабліва для духавенства як духоўных настаўнікаў, i г. д.

Да прыхільнікаў гэтай канцэпцыі далучыўся i Пацей, хутка стаўшы адным з найбольш дзейных яе апалагетаў.

Аднак каталіцкія ерархі ўяўлялі унію зусім інакш, чым яе праваслаўныя ініцыятары. Цвяроза ацэньваючы сітуацыю, яны, напрыклад, разумелі, што Маскоўшчына на злучэнне цэркваў ніколі не пойдзе, i таму вялі гаворку толькі пра беларускіх вернікаў. Галоўным жа прынцыпам уніі яны бачылі падпарадкаванне Усходняй Царквы папу рымскаму, а не аўтаномію, якой дамагаліся праваслаўныя.

I. Пацей i К. Тарлецкі ў папы Клімента VIII. З карціны XVII ст.

Пасля шматлікіх сустрэч з каталіцкім луцкім біскупам Бэрнардам Мацееўскім i Бэнэдыктам Гэрбзстам, а пазней i з вядомым тэолагам Аркудыюсам, які быў у 1591 годзе запрошаны біскупам у Польшчу, Пацей пакрысе далучыўся да гурту беларускіх праваслаўных духоўных асобаў, што праводзілі патаемныя перамовы з папскім нунцыем i прадстаўнікамі польскага клеру. Аднак ён пакуль трымаў свае перакананні ў таямніцы ад К. Астрожскага. Разам з тым пан Адам не спыніў дзейнасці на праваслаўнай ніве, а нават пашырыў яе. У 1590-1592 гг. ён удзельнічаў у саборах духавенства, спрыяў дзейнасці брацтваў, уваходзячы ў склад найболей уплывовага з ix - Львоўскага.

Але тым часам адбыліся дзве падзеі, што змянілі як лёс самога Пацея, так i ўсёй беларускай царквы - гэта смерць на пачатку 1593 года ўладыкі ўладзімірскага Мялеція Храптовіча-Багурынскага i аўдавенне ў сакавіку 1592 года пана Адама. Гэта дало магчымасць берасцейскаму кашталяну ўзнесціся на біскупскі пасад, хоць i без асаблівага на тое ягонага жадання. Канстанцін Астрожскі, даведаўшыся пра вакансію, пачаў схіляць Пацея даць згоду на пастрыжэнне. Дамовіцца аб прызначэнні менавіта Адама Пацея было прасцей, бо князь Канстанцін яшчэ летась займеў грамату, паводле якой вышэйшыя царкоўныя пасады маглі займаць толькі людзі, рэкамендаваныя ім асабіста. З боку Жыгімонта III пярэчанняў не было, тым болей што ён ведаў пра лаяльнасць кандыдата ў біскупы да ідэі падпарадкавання Рыму. Горш былі справы з самім кандыдатам, які ўсё вагаўся. Рэч у тым, што незадоўга перад смерцю Храптовіча пан Адам паслаў сватоў да таксама нядаўна заўдавелай Раіны Сапежынай - дачкі полацкага ваяводы князя Дарагастайскага. I цяпер чакаў адказу. Але ўрэшце княжна адмовіла, i Пацей пагадзіўся на пасвячэнне ў сан. У красавіку 1593 года ён быў пад імем Іпація пастрыжаны ў манаства ў саборнай царкве г. Уладзіміра на Валыні. Пастрыжэнне ўрачыста здзейсніў луцкі ўладыка Кірыла Тарлецкі ў прысутнасці князя Астрожскага, праваслаўных магнатаў ды шляхты. А 27 траўня Пацей быў рукапаложаны ў сан біскупа кіеўскім мітрапалітам Міхаілам Рагозам.

Зрабіўшыся біскупам уладзімірскім, Пацей пачаў парадкаваць унутраныя справы царквы. На ўсіх скліканых тады саборах ён рашуча выступаў супраць недысцыплінаванасці i разбэшчанасці духавенства, выкрываючы i ганьбячы распусныя паводзіны святароў. Іпаці дбаў пра царкоўныя брацтвы, ухваляў ix поспехі ў адукацыі I дапамагаў чым мог. Ен, напрыклад, заснаваў брацтва са школаю ў Вельску, здабыў фундуш для ўладзімірскай школы i г. д.

Падрыхтоўкай уніі Пацей непасрэдна заняўся толькі напрыканцы 1594 года. У першых днях снежня Пацей i Тарлецкі спаткаліся з біскупам Мацееўскім у ягоным маёнтку Торчыне, дзе не без уплыву гаспадара склалі новую дэкларацыю уніі: «Мы задумалі з Боскай ласкі злучыцца, як было раней, з браццяю нашай рымлянамі пад адным бачным вярхоўным пастырам i даем сабе перад Спадаром Богам абетніцу, што мы ўсім сэрцам i з усёй руплівасцю будзем намагацца, кожна паасобку, аб прывядзенні іншага нашага духавенства i ўсяго народу да таго ж злучэння. А для большага ўзбуджэння да гзтага мы склалі паміж сабою гэты пісьмовы акт, якім i сведчым аб нашай поўнай ды нязменнай волі на злучэнне з Рымскім Касцёлам».

Увесну наступнага года дэкларацыя была абвешчана на саборы праваслаўных біскупаў у Берасці, дзе яе падпісалі мітрапаліт літоўскі Міхаіл Рагоза i ўсе ўладыкі, акрамя двух - львоўскага біскупа Гедэона Балабана i перамышльскага Міхаіла Капысценскага. Сабор упаўнаважыў Іпація Пацея i Кірылу Тарлецкага на далейшыя перамовы з каралём i папам рымскім, i пры дасягненні згоды - на правядзенне акту уніі.

17 ліпеня 1595 года Жыгімонт III прыняў усе ўмовы праваслаўных біскупаў, якія залежалі ад яго, і Пацей з Тарлецкім пачалі рыхтавацца да ад'езду ў Рым. 23 снежня адбылося паседжанне Святой калегіі Ватыкана, на якім урачыста была абвешчана унія. Іпаці сказаў прамову на лаціне ды перадаў папу акты. Той загадаў чытаць іx уголас. Спачатку чытаў па-беларуску віленскі канонік Астафі Валовіч, затым па-лацінску - папскі сакратар. Пасля гэтага кожны з біскупаў прызнаў вызнанне рыма-каталіцкай веры з пералікам усіх догматаў.

Галава Заходняй Царквы абвясціў, што прымае паслоў пад сваё пастырства, а кардынал-прасвітар вызваліў ix ад усіх эпітылліяў, блаславіў застацца ў біскупскім сане ды працягваць служэнне Богу. Яны атрымалі права прымаць у каталіцтва ды бласлаўляць іншых беларускіх біскупаў і духавенства, а таксама ўвесь народ. Ім былі нададзены розныя прывілеі і дарункі на развіццё новай веры (напрыклад, на частковае фінансаванне уніяцкай семінарыі). У хуткім часе папа зацвердзіў унійную канстытуцьію, што рэгламентавала ўмовы уніі, сярод іx - дазвол на традыцыйнае адпраўленне абрадаў і таемстваў. У гонар уніі Ватыкан адбіў срэбныя ды залатыя медалі з выявай папы і беларускіх біскупаў, якіх той бласлаўляе.

Канчатковае зацверджанне уніі адбылося ў кастрычніку 1596 года на Берасцейскім саборы, падрыхтоўка да якога пачалася адразу пасля прыезду паслоў на Радзіму. На пачатку месяца ў Берасце пачалі з'язджацца запрошаныя мітрапалітам Міхаілам Рагозам госці і ўдзельнікі, а таксама паслы шляхты з розных паветаў, дэлегаты праваслаўных брацтваў. Было больш як 200 прадстаўнікоў як праваслаўнага, так і каталіцкага клеру, у тым ліку патрыяршыя экзархі - Нікіфар з Канстантынопаля ды Кірыла Лукарыс з Александрыі. Польскую каталіцкую царкву прадстаўлялі Пётр Скарга, Бэрнард Мацееўскі i інш. Сярод прысутных было шмат свецкіх асобаў - ужо згаданыя паслы ад шляхты, дзяржаўныя ўрадоўцы i магнаты: Мікалай Радзівіл, Леў Сапега, Канстанцін Астрожскі.

Сабор пачаўся ў Свята-Мікалаеўскай царкве па адпраўленні літургіі ды імшы. Праваслаўныя праціўнікі уніі ў царкву не пайшлі. Адасобіўшыся на самым пачатку, яны вырашылі правесці свой сабор. Паколькі ўсе іншыя бажніцы, апроч Мікалаеўскай царквы, загадам караля былі на гэтыя дні зачынены, праваслаўныя мусілі сабрацца ў доме пратэстанта пана Райскага, куды ix ветліва запрасіў гаспадар. Сход прыняў ухвалы, у якіх не прызнаваў уніяцкіх ерархаў за правадыроў, адлучаў ix ад царквы i адмаўляў еднасць цэркваў.

Адначасова праходзілі паседжанні грэка-каталікоў. Было абвешчана злучэнне беларускай праваслаўнай царквы з рыма-каталіцкай, што i зацвердзіў каралеўскі універсал з 15 кастрычніка 1596 года.

Дасягнуўшы мэты - афіцыйнага зацверджання уніі - Пацей вяртаецца ва Уладзімірскую епархію i распачынае бурлівую дзейнасць дзеля распаўсюджвання новага вызнання. I, трэба сказаць, ягоныя захады ўсё часцей набываюць гвалтоўны, супрацьзаконны характер. Шмат робячы, прыкладам, для паляпшэння i пашырэння адукацыі, ён нярэдка жывасілам адбіраў у праваслаўных школы i перадаваў ix уніятам, як гэта было ў 1601 годзе ў Вільні. Пасля заключэння уніі ён рэзка змяніў сваё стаўленне да брацтваў, беспамылкова бачачы ў ix галоўнага ворага сваёй палітыкі. Пацей адлучаў ад царквы i пераследаваў братчыкаў, гвалтоўна займаў вучэльні ды разганяў настаўнікаў. Цяжка прыходзілася i святарам, што трымаліся старой веры. Біскуп выклікаў ix да свае рэзідэнцыі i пагрозамі злажэння сану ды адлучэння прымушаў падпарадкоўвацца. Калі ж гэта не дапамагала, арганізоўваў «наезд» у парафію, дзе зачыняў царкву i часцяком забіраў царкоўную маёмасць. Гвалтоўныя метады вельмі хутка настроілі супраць Іпація значную частку праваслаўнага насельніцтва. Пацея двойчы - у 1598 i 1600 гадох - выклікалі на Соймавы суд як парушальніка варшаўскай канфедэрацыі «De religione» - талеранцыйнага пагаднення між вернікамі розных канфесій Рэчы Паспалітай. На Сойме 1601 года Пацей быў абвінавачаны ў парушэнні грамадскага парадку, а ў 1603 годзе ён так дапёк вернікам Уладзімірскага ваяводства, што яны абавязалі сваіх паслоў на Сойм дамагчыся ягонага змяшчэння.

Але Жыгімонт ІІІ быў заўзятым каталіком, i намаганні праваслаўных сыходзілі на марна. Толькі аднойчы трыбунал Вялікага Княства Літоўскага змусіў Іпація заплаціць вялікі штраф. Урэшце, паколькі прашэнні да караля i скаргі не дапамагалі, прыхільнікі старой веры ўбачылі адзінае выйсце - у фізічным знішчэнні ненавіснага мітрапаліта. У 1609 годзе віленскі братчык Іван Тупека з шабляй кінуўся на Пацея, калі той праходзіў ля віленскага рынку. Тупеку арыштавалі, мітрапаліт застаўся жывы, страціўшы два пальцы левай рукі.

Адным з найбольш плённых сродкаў пропаганды новага вызнання Іпаці Пацей слушна лічыў друкаванае слова. Пісаў ён па-беларуску i па-польску; часцяком, выпусціўшы кніжку ў адной мове, праз пэўны час выдаваў яе i ў іншай.

Дэбютам Пацея прынята лічыць працу «Унія, альбо Выклад праднейшых артыкулаў, ку з'едначэнню Грэкаў з Касцёлам Рымскім належных» (Вільня, 1595 год). Праз увесь твор аўтар праводзіць думку аб еднасці праваслаўя ды каталіцтва, падкрэслівае, што розніца між імі толькі ў вызнанні некаторых догматаў, якія не маюць значэння пры аб'яднанні цэркваў.

Апісваючы бездухоўнасць i маральны заняпад праваслаўнага духавенства, Пацей даводзіць, што найлепшае выйсце для вернікаў - прыйсці пад пастырства папы i такім чынам далучыцца да еўрапейскай культуры i адукацыі. Гэты твор фактычна стаў праграмнай працай беларускага уніяцтва.

Каб даць адпор праваслаўным i пасвойму прадставіць заключэнне уніі, Пацей у 1597 годзе выдае ў Вільні брашуру «Справядлівае апісанне паступку i справы сінодавай ды абарона згоды i еднасці звяршоная, якая ся стала на сінодзе Берасцейскім у року 1596». Аб пераканаўчасці ды моцы гэтага твору сведчыць імпэт, з якім праваслаўныя яго вышуквалі i знішчалі.

Славуты «Антырызіс, або Апалогія супраць Хрыстафора Філалета» напісаны ў сааўтарстве з Аркудыюсам. Зрэшты, спецыялісты дагэтуль спрачаюцца, ці браў Пацей удзел у напісанні твору, або толькі заахвочваў стварэнне ды ладзіў выданне кнігі. Так ці йнакш, згаданы допіс паўстаў з ініцыятывы ўладзімірскага біскупа.

«Антырызіс» быў рэзкім выпадам супраць напісанай паводле загаду князя Астрожскага брашуры «Апокрысіс, альбо Водпаведзь на кніжкі аб саборы Берасцейскім». У гэтай брашуры аўтар, падпісаны псеўданімам Хрыстафор (сучасныя даследчыкі ўважаюць, што ім быў валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі), з'едліва крытыкуе берасцейскае злучэнне. «Антырызіс» быў i закідам у адрас Канстанціна Астрожскага. Калі крыху раней Пацей даслаў князю ліст, спрабуючы навярнуць яго ва ўніяцтва, той загадаў свайму надворнаму клірыку адказаць публічна цераз друк i высмеяць біскупа. Абураны з такіх паводзінаў, Іпаці ў дадатак да асноўнай - палемічнай - часткі «Антырызісу» змясціў тэкст гэтага свайго ліста да князя, а таксама - «Вотпіс на ліст ніякага Клірыка Астрожскага безыменнага».

У літаратурнай дзейнасці Пацей часта звяртаўся да гісторыі рэлігійных узаемасувязяў між Усходам i Захадам, што, на яго думку, павінна было засведчыць традыцыйнасць унійных памкненняў на Беларусі. У 1603 г. ён пад псеўданімам Пятра Фёдаравіча выдае «Абарону Св. Сіноду Фларэнтыйскага», а ў 1605 годзе па-беларуску i па-польску публікуе рэляцыю кіеўскага мітрапаліта Місаіла, быццам бы знойдзеную ім у крэўскай царкве. Рэляцыя мела назву «Пасольства да папежа Сікста IV ад духавенства i ад князей ды паноў рускіх з Вільні року 1476» i апісвала захады праваслаўных аб заключэнні уніі з Рымам у канцы XV ст. Адразу пасля апублікавання дакументу з'явіліся чуткі, што ён не сапраўдны, а надроблены самім Іпаціем.

Праводзячы гістарычныя вышукі, Пацей не пдкідаў палемічнай дзейнасці. На пачатку 1600-х гадоў ён выдаў некалькі кніжак, накіраваных супраць праваслаўя i асабліва супраць брацтваў: «Размова берасцяніна з братчыкамі», «Уваскрослы Налівайка», «Ерасі, ігнараванні i палітыка паноў i мяшчанаў брацтва віленскага». Праўда, пасля прызнанйя Соймам 1607 года праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай катэгарычныя пазіцыі Пацея часова памякчэлі, што выявілася ў выданні ім кніжкі «Гармонія, або Канкардацыя веры, сакрамантаў i цырымоніі Царквы Св. Усходняй з Касцёлам Св. Рымскім», дзе ён спрабуе зрабіць крок да згоды. Аднак адліга была нядоўгай. У хуткім часе мітрапаліт зноў распачынае змаганне з праваслаўем. Лагічным заканчэннем гэтай барацьбы з'яўляецца апошні прыжыццёва апублікаваны твор Пацея - напісаная пасля замаху на яго «рэляцыя» (Вільня, 1609 год), дзе Іпаці абвінавачвае братчыкаў у розных грахох i нават у здрадзе дзяржаўным інтарэсам.

Пацей-прапаведнік пакінуў па сабе некалькі сотняў гутарак, казаняў i павучэнняў, якія, дарэчы, былі высока ацэнены за вучонасць i красамоўства на Сінодзе 1607 года, але, на жаль, дайшлі да нас далека не ўсе. Зборнік ягоных казаняў на мове арыгіналу - пабеларуску - быў апублікаваны толькі праз 60 гадоў пасля ягонай смерці - у 1674 г.

Ідэя аб'яднання цэркваў зрабілася для Пацея мэтаю жыцця. Ен прыступіў да унійнай дзейнасці, прагнучы духоўнага паратунку для свайго народу. У тастаманце біскуп напісаў: «А ижь никаторые противники наши смеють мовити, яко быхмо до тое светое единости (г. зн. да уніі.- Ю. Л.) для пожитковъ нашихъ дочасныхъ приступити мели, ино, очищаючи сумненьне мое предъ всими людьми, вызнаваю предъ Богомъ, которому вси тайны суть откровенны, ижемъ то не на взгарду светое Восточное церкви и преложоныхъ ее честнейшихъ патрыарховъ учынилъ, але съ потребы великое душевного спасенія моего и овечокъ моихъ, паметаючы на слова Исусъ Христа, Пана Збавителя моего, который пасъ самъ, до тое згоды и милости братерское ведучи, упоминаетъ: «О семъ познаютъ, яко мое ученицы есте, коли згоду и любовь промежку себе заховаете».

У гэтай дзейнасці яскрава праявіўся характар айца Іпація - сінтэз самаадданасці i жорсткасці, рашучасці i дыпламатычнасці. Біскуп прадаваў уласныя маёнткі, а грошы аддаваў на школу, як гэта было ў Берасці. Але ён мог учыніць збройны наезд на прыход непакорнага святара, жорстка з ім расправіцца, зачыніць бажніцу, забраць царкоўныя каштоўнасці. Ен мог пакінуць большую частку сваёй бібліятэкі Віленскай семінарыі ды ўладзімірскай царкве, а памяшканне для тае семінарыі адабраць жывасілам у праваслаўнага брацтва. Пацей не ўважаў гвалт за злачын i лічыў сілу дзейсным сродкам дасягнення мэты.

Пахаванне біскупа ўладзімірскага ды берасцейскага, мітрапаліта кіеўскага Іпація Пацея адбылося «року ... 1613, месяца августа 22 дня, при бытности в церкви соборной Володимерской велю кнежат, пановъ урядниковъ земскихъ, шляхты, обывателевъ воеводства Волынского».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX