Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Апошні беларускі базыльянін XIX ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 31-07-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша Слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша Слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.



У канцы XIX ст. у Львове памерлі два апошнія манахі-базыльяніны гістарычнай Літвы. Вось пра аднаго з іх - апошняга базыльяніна - і будзе гэты артыкул.


Апошнім базыльянінам быў а. Кірыл Летаўт (1801-1887). Пра яго ў свой час напісаў рэдактар газеты «Беларуская крыніца» Ян Пазняк. Ён падаў тую інфармацыю, якую знайшоў у нашчадкаў вільнян, бацькі якіх у XIX ст. асабіста ведалі а. Кірыла. На пачатку артыкула Пазняк пісаў: «Невядомы нават самыя галоўныя даты і факты яго жыцця, і таму якімі сумнымі будуць гэтыя нататкі. Сэнс іх напісання бачым толькі ў тым, каб пачаць тую дарогу, якая вырве з цемры гісторыі імя і асобу "апошняга літоўскага базыльяніна"» [1].

Пойдзем па шляху, указаным Янам Пазняком. Адразу скажу, што інфармацыі пра а. Кірыла захавалася няшмат і, спадзяюся, даследчыкі працягнуць пошукі пасля мяне.

Каэтан Летаўт нарадзіўся ў 1801 г. [2] Род Летаўтаў быў дастаткова распаўсюджаны ў ВКЛ, і таму цяжка сказаць, з якой часткі Беларусі ён паходзіць. Ян Пазняк заўважае, што «Прозвішча Летаўт выразна кажа, што быў ён "gente Lituanus" і нарадзіўся дзесьці ў Літве паміж 1800 і 1810 гг.» [3]

а. Кірыл Летаўт. фота Юзафа Чаховіча, 1860-я гг.

Валыняк паведаміў, што апошні базыльянін даўняй літоўскай правінцыі а. Кірыл Летаўт з 1826 па 1831 гг. служыў кляштарным прапаведнікам [4] у Лядах (зараз - вёска Малыя Ляды Смалявіцкага раёна). Ужо ў 1831 г., калі пасля паўстання пачаліся ганенні на базыльянаў, Летаўта як «упорнага» саслалі ў вязніцу [5], у Тадулінскі кляштар, які сярод іншых кляштараў таксама быў месцам ссылкі базыльянаў. Напрыклад, менавіта туды саслалі іншага манаха-вязня, настаяцеля базыльянскага Ануфрэйскага манастыра з-пад Віцебска Іллю Андрушкевіча [6].

Шавельскі Г. І. пісаў, што манахамі вестка пра «ўз'яднанне» была прынятая вельмі дрэнна, у Полацкай епархіі, «у Тадулінскім кляштары, тры іераманахі - Фядосій Скарына, Фядосій Капусцінскі, Канстанцін Сташэўскі - і нізведзеныя ў царкоўныя служкі - Меркурый Галаўня, Віктар Зброжка, Кірыл Летаўт, Фёдар Сакалоўскі, Мікалай Іваноўскі, а таксама нізведзены ў дзячкі святар Сцяпан Сосна рашуча адмовіліся ад уз'яднання. ... Іераманах Махіраўскага кляштара Баніфацый Казакевіч, нізведзены ў служкі, публічна асуджаў праваслаўе», а «настаяцель Тадулінскага кляштара Букоўскі яшчэ ў 1838 г. быў заключаны ў Якабштадскі кляштар» [7]. З гэтага тэксту бачна, што да 1839 г. а. Кірыл Летаўт знаходзіўся ў Тадулінскім кляштары і быў «нізведзены» ў царкоўныя служкі. Цікава, што «упорным» быў манах са знакавым для Беларусі прозвішчам Скарына, якому тады было 65 гадоў.

Заўважу, што Шавельскі ўводзіць у зман сцвярджэннем, што Летаўт разам з іншымі да 1846 г. «воссоединился» [8]. Насамрэч крыжовы шлях манаха толькі пачынаўся. Як і належыць, Шавельскі ў сваёй кнізе аптымістычна рапартуе, што ўсе вышэйпералічаныя асобы ўсвядомілі сваю няправасць і хутка «далучыліся» да пануючай царквы [9], але гэта няпраўда. Пасля Тадулінскага кляштара епіскапам Лужыцкім а. Кірыл Летаўт быў накіраваны ў «древнеправославный» Полацкі Багаяўленскі манастыр [10].

У некралогу па а. Кірылу, надрукаваным у «Кур'еры Пазнанскім», падаецца, што апошні базыльянін 30 гадоў пражыў на выгнанні, у тым ліку і ў Смаленску [11]. Пра гэта сведчыць і аповед рэдактара «Беларускай крыніцы» - прыяцель Летаўта, будучы першы рэктар Івана-Франкоўскай семінарыі, а. Ерамія Ламніцкі, пасля смерці а. Кірыла прасіў, каб сябры ў Вільні паведамілі пра яго смерць у Смаленск ксяндзу-прэфекту Стэфану Дзянісевічу, пазнейшаму магілёўскаму біскупу-суфрагану і адміністратару гэтай жа дыяцэзіі, які асабіста ведаў Летаўта і сустракаўся з ім у Смаленску [12].

З таго факту, што паперы «ўніята іераманаха Кірыла Летаўта» за 1855-1857 гг. захоўваюцца сярод дакументаў Пафнуцьева Бароўскага манастыра ў Расіі (каля Калугі) можна з упэўненасцю сказаць, што гэты манастыр таксама стаў адной са стацый яго крыжовага шляху і там, каля Калугі, ён заставаўся ўніятам. Спадзяюся, будучыя даследчыкі змогуць вывучыць архіўныя дакументы [13]. Ян Пазняк піша пра дасланы ў Вільню ліст да Летаўта, які ён трымаў у руках: «Ці з таго часу паходзіць пажоўклы, напісаны на чацвяртушцы паперы, без даты і подпісу, ліст да а. Летаўта на рускай мове, змест якога наводзіць на думку, што базыльянін знаходзіўся ў праваслаўным манастыры?» [14]

З манастырскай вязніцы перакананы базыльянін выйшаў толькі ў ліберальныя часы цара Аляксандра ІІ, Ян Пазняк піша: «Нейкая амністыя магла ... моцнага старца звольніць з вязніцы. Вядома, што потым ён бываў на Полаччыне і Віцебшчыне, на землях, па якіх гуляў варожы да уніі ўраган» [15].

Праз нейкі час пасля атрымання волі а. Кірыл Летаўт пасяліўся ў Вільні. Тут ён меў шчырых сяброў - спадарства Рэнігераў і Мілераў. Рэнігеры валодалі нерухомасцю на Антоклі (дом 12 па вуліцы Касцюшкі, адрас 1930-х гг.). Менавіта тут, на Антоклі, у Рэнігераў а. Летаўт пазнаёміўся і хутка пасябраваў з суддзём Казімірам Максевічам які меў дом у сяродмесці.

З нашчадкамі гэтых вільнян ў 1930-я гг. і меў справу Ян Пазняк. Ён чытаў лісты апошняга базыльяніна, праглядаў фотаздымкі, на якіх Летаўт быў з сябрамі і аднаасобна. Для сваіх сяброў здымкі ён рабіў у слыннай у той час віленскай фатаграфіі Чаховіча, каля Батанічнага саду. Рэдактар «Беларускай крыніцы» апісаў адзін са здымкаў а. Кірыла Летаўта, старца з шляхетнымі і поўнымі дабрыні рысамі твару. Пад авальнай выявай меўся надпіс «X. Letowtt, bazylian». На адваротным баку партрэта ён напісаў наступныя словы:

«1884 г. 5 чэрвеня. Аўторак.

Святар Каэтан (Кірыл Летаўт).

На памяць спадарству Казіміру і

Яго сыну Дамініку

Максевічам,

як доказ удзячнасці і сяброўства

пры развітанні ў Літве,

пакідаю ў іх доме, з удзячнасцю,

у іх доме пакідаю - з блаславеннем» [16].


На другім здымку вялікага фармату, так званым кабінетным здымку, базыльянін сфатаграфаваўся з Мамертам Рэнігерам. Менавіта Рэнігер хаваў а. Кірыла ў сябе на вёсцы, а потым у сваім доме на Антоклі. Верагодна ганенні на старога базыльяніна пачаліся пасля 1863 г., калі тагачасная палітычная «адліга» закончылася і зноў пачалася шалёная русіфікацыя Краю. Хаваючыся, Летаўт жыў у адным з драўляных дамкоў Рэнігера (потым у ім жыў вартаўнік) і штодзённа служыў святую імшу. Тут пад страхой доўгі час захоўвалася перапіска Мамерта Рэнігера, і сярод яе, падобна, былі і лісты ад старога базыльяніна. Аднак ужо да часоў Пазняка ўсе гэтыя архівы зніклі.

Стары базыльянін моцна смуткаваў па манаскім жыцці ў сваім законе, і таму праз нейкі час Казімір Максевіч адвёз яго ў кляштар базыльянаў у Дабрамылю (Усходняя Галіцыя). Пераход праз добра ахоўваную мяжу патрабаваў вялікай смеласці, Летаўта везлі на малым вазку апранутага ў сялянскую вопратку [17].

Некралог паведамляў, што а. Кірыл «на схіле гадоў пасяліўся ў Вільні, а адтуль прыбыў у Добрамылю ў Галіцыі,… дзе вярнуўся ў закон Св. Базыля Вялікага. Астатак жыцця правёў у Львове і тут памёр, як жыў, пабожна» [18].

Яшчэ жывучы ў Вільні, а. Летаўт у значнай ступені страціў зрок. Шматгадовы пераслед, разлука з горача любімым родным Краем, хваляванні ў дарозе з Літвы ва Усходнюю Галіцыю настолькі аслабілі зрок старца, што калі ён ужо жыў у Добрамылі і 06.08.1885 г. захацеў напісаць ліст у Вільню да сп. Казіміра Максевіча, дык паперу для яго трэба было разлінеіць, каб стары змог сам нешта напісаць дрыжачай рукой. Гэты ліст чытаў Ян Пазняк. Ён паведамляў, што ў лісце а. Кірыл Летаўт узгадваў і кланяўся «прафесарам, якія адведвалі яго ў Вільні». Рэдактар «Беларускай крыніцы» лічыў, што магчыма меўся на ўвазе лекар, які яго лячыў, бо раней у Вільні, па традыцыі і з-за памяці пра прафесуру медыцынскага факультэта былога Віленскага ўніверсітэта, наогул усіх лекараў называлі прафесарамі. З ліста бачна, што добры настрой не пакінуў старога, ён пісаў: «Хоць калека, але здаровы. Свята 3 мая адзначыў весела ... Шануюць мяне, як патрыярха». І дадае пры канцы: «Што ў нас чутно?» [19]

Бадай, гэта быў апошні ўласнаручна напісаны ліст а. Кірыла. Хутка ён цалкам страціў зрок, і старому законніку прыйшлося шукаць сакратара сярод маладых манахаў. Шэраг такіх лістоў, напісаных пад дыктоўку, рэдактар таксама чытаў. У гэтай асабістай перапісцы для яго былі цікавыя толькі некалькі заўваг пра здароўе і ўмовы жыцця ў галіцыйскім кляштары.

Аднак увагі заслугоўвалі лісты, у якіх ішла размова пра дапамогу ад рускага ўраду. У першым лісце з гэтай серыі (без даты) Летаўт піша сябрам наступнае: «Адначасна з гэтым лістом падаў просьбу да Віленскага губернатара аб дасыланні мне ўтрымання за 1889 і 1890 гг. Ці атрымаю і калі - невядома. А можа мне ў гэтым адмовяць і ў мае старыя гады пакінуць без утрымання. Злітуйся, Пан, над цёмным, глухім і хворым старцам! Калі можна, даведайцеся пра гэту справу ў губернатара і, калі магчыма, пастарайся як хутчэй даслаць да мяне».

У адным з наступных лістоў ад 24.10.1890 г. а. Кірыл узгадвае пра «прызначанае мне міністрам утрыманне ў памеры 99 рублёў». Ці рэальна атрымаў базыльянін-эмігрант гэтую дапамогу, перапіска не давала адказу. Калі меркаваць па апошнім лісце да Дамініка Максевіча ад 13.05.1890 г., дык можна дапусціць, што атрымаў. «Ці жыве той губернскі сакратар, якога ведаў ваш с. п. бацька? Калі жывы, прашу яму пакланіцца ад мяне і павіншаваць са святам...», - магчыма, стары меў нагоду для ўдзячнасці чыноўніку, да якога ў папярэдніх лістах прапаноўваў сябрам звяртацца па справе сваёй пенсіі? [20]

Пасля гэтага законнік жыў яшчэ паўгода. Апошнія хвіліны жыцця і пахаванне, па жаданні самога а. Кірыла, сябрам у Вільню ў лісце ад 27.02.1892 г. апісаў а. Ерамія Ламніцкі: «С. п. Кірыл Летаўт хварэў нядоўга - толькі месяц. Хварэў на гангрэну (gangrena senilis)[21] якая пачалася ад нагі. На пачатку хваробы пацыент быў неспакойны, ірваўся ў Вільню, па якой заўсёды сумаваў, потым, аднак, супакоіўся. За два тыдні да смерці прыняў еўхарыстыю разам з іншымі св. Тайны і падрыхтаваўся да смерці. Спакойны і аддадзены Божай волі, ён не толькі не размаўляў пра смерць (што звычайна робяць такія старыя), але нават жартаваў з сябе. Не раз паўтараў словы нашай пахавальнай песні:

Плачуся і рыдаю,

Егда памышляю

На см ...

Прамовіўшы толькі гэтыя дзве літары апошняга слова, казаў мне: "Баішся, брацішка, памерці, бо ой! Цяжка паміраць!", альбо зноў: "Ой! Гэтая нага, гэтая нага, а каб не яна, дык бы яшчэ падскокваў, але, вось бяда, нага не дае!" ... За тыдзень перад смерцю ўжо нічога не еў і не піў, аднак прытомнасць захаваў да самага канца. За некалькі дзён да смерці паклікаў нас усіх і прасіў дараваць яму, а потым блаславіў. Апошнюю ноч сядзелі каля яго. Ужо быў у агоніі, але прытомнасць не страчваў. Баючыся, што страціць мову, яшчэ раз прасіў пра бласлаўленне. Пасля бласлаўлення сам блаславіў мяне. «Дзядуля, - запытаў я, а Дамініка (гэтак мы заўсёды шаноўнага пана называлі) і кс. Стэфана (Дзянісевіча ў Смаленску), ці блаславіш, дзядуля?" - "Бласлаўляю, бласлаўляю, напішы!" Больш не размаўляў да самай смерці. 1 студзеня 1892 г., а 9-й раніцы аддаў Богу душу» [22].

Нязвыклае і прыгожае пахаванне адбылося ў Львове ў першую нядзелю студзеня 1892 г. Службу вёў грэка-каталіцкі святар-інфулат [23] і ў пахаванні ўдзельнічала шмат белага і чорнага духавенства абодвух абрадаў. Сціплую труну добрую палову мілі неслі да могілак на руках, і за ёй ішоў вялікі натоўп свецкага народу. Усе, хто знаў нябожчыка ці чуў пра яго, задумліва паўтаралі: «Гэта апошні базыльянін Літвы!»

«Кур'ер Познанскі» паведаміў: «а. Кірыл Летаўт, апошні базыльянін былой літоўскай правінцыі, сумная ахвяра Сямашкі, які яго гнобіў да свайго канца, ... памёр 1 студзеня гэтага года ў Львоўскім кляштары айцоў базыльянаў [24] . .... Раней, 26 лістапада 1887 г., у тым жа кляштары памёр таварыш а. Кірыла, а. Самуэль Чарнаруцкі, перадапошні базыльянін Літвы, які здолеў раней уцячы з маскоўскіх рук» [25].

Вось і ўсё, што вядома пра апошняга базыльяніна гістарычнай Літвы.


А зараз трэба расказаць пра віленскіх сяброў апошняга базыльяніна а. Летаўта.

Пачнём пра з Казімірам Максевіча, пра якога вядома вельмі няшмат. Казімір Максевіч сын Станіслава (1813-1889), Ян Пазняк называе яго суддзём і гэта цалкам магчыма, але ён меў годнасць доктара медыцыны. У 1887 г. атрымаў чын надворнага саветніка. Меў сына Дамініка (1865-1829), пра якога а. Летаўту нагадалі перад смерцю. У 1913 г. Дамінік Масевіч быў членам Віленскага музычнага таварыства «Лютня» [26].


У беларускай навуковай літаратуры, браты Рэнігер таксама вядомы як Рэніер. Прафесар Хаўстовіч пісаў, што прозвішча Рэніер сустракаецца толькі ў некаторых Казімір Максевіч і яго сын Дамінік. дакументах, а на віленскіх могілках Росы, на помніку брата Мамерта - Аніцэта напісана: «Reniger Anicet Dr medycyny, członek Wileńskiego Towarzystwa Lekarskiego i innych (1805-1877)». Рэнігерамі браты запісаны і ў спісах выпускнікоў Першай Віленскай Гімназіі [27].


Яшчэ Генадзь Кісялёў пісаў: «Рэніер Мамерт - доктар, сябар беларускага рэвалюцыянера і паэта Ф. Савіча. У 40-я гады разам з братам Аніцэтам абвінавачваўся ў Той самы партрэт доктара Мамерта Рэнігера ў фесцы. сувязях з эміграцыяй і рэвалюцыйнай прапагандзе. Пісаў па-беларуску» [28]. Як бачым, Мамерт Рэнігер сябраваў з беларускім рэвалюцыянерам і паэтам, сынам ўніяцкага святара Францішкам Савічам.

Чатыры з шасці братоў Рэгіраў пакінулі свае запісы ў "Альбоме" Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Сярод іх быў і вядомы рэвалюцыянер Аніцэт Рэнігер (Рэніер) які ішоў па адной справе з лідзянінам Бальтазарам Калясінскім [29] і быў сасланы ў Сібір. Сябар манаха Летаўта - Мамерт-Дэзідэрый нарадзіўся 13.03.1814 г. Менавіта ён пакінуў у альбоме Вярыгі-Дарэўскага свой беларускамоўны верш.

Верагодна, з Рэнігерамі а. Кірыл пазнаёміўся праз святара Юзафа Рэнігера, аднаго з братоў. Юзаф Рэнігер атрымаў першапачатковую адукацыю ў Слуцкай і Віленскай гімназіях і ў 1842 г. паступіў у Віленскую семінарыю. Пасля рукапалажэння ў 1845 г. быў прызначаны вікарыем Слонімскага касцёла а ў 1847 г. пераведзены на аналагічную пасаду ў мястэчка Жырмуны, у 1852 г. - у Магілёўскі архікатэдральны касцёл. Там Юзаф Рэнгіер з 1858 г. выконваў абавязкі прэфекта, а ў 1860 г. узначаліў дэканат [30]. Верагодна, ён пазнаёміўся і пасябраваў са старым базыльянінам і дапамагаў а. Летаўту, калі той быў на пакутах у Расіі.

Акрамя Вярыгі-Дарэўскага, Мамерт Рэнігер сябраваў і перапісваўся з Адамам Кіркорам. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісце да Яна Карловіча ад 16 верасня 1868 г. пісаў: «Пан будзе вельмі рады знаёмству з Вішнеўскім, ... асабліва наш супольны прыяцель Мамерт Рэніер. Яны могуць даць пану матэрыялы для народнай літаратуры. У Рэніера, пан, можа, і Купалу знойдзеш» [31]. Таксама Дунін-Марцінкевіч адзначаў, што Мамерт Рэнігіер меў шмат беларускамоўных твораў свайго часу [32]. Як мы ведаем, архіў Мамерта Рэнігера, які захоўваўся «пад страхой» яго дома знік [33], таму, верагодна, зніклі і ўнікальныя тэксты беларускай літаратуры.

Цікавы ўспамін пра Мамерта Рэнігера пакінуў віленскі доктар Людвік Чаркоўскі, ён пісаў: «Дарога з Зарэчча на Антокаль ішла ў адным месцы паміж двума пясчанымі пагоркамі. ... Антокаль пачынаўся за мостам на Вілейцы і ад парому на Віліі. ... Палац Слушкаў служыў вязніцай для крымінальных злачынцаў прыгавораных для прымусовых работ. ... Толькі вулачка аддзяляла былы палац Слушкаў ад вялікай маёмасці Рэнігераў. Іх пляц спускаўся да самай Віліі і быў густа забудаваны дванаццаццю невялікімі аднапавярховымі (адзін з іх быў з паддашкам - як быццам двухпавярховы) драўлянымі дамкамі. Выглядалі яны досыць маляўніча і арыгінальна. У адным з іх жыў сам гаспадар, доктар Мамерт Рэнігер, надта характэрная постаць, чалавек вельмі шляхетны і вялікі патрыёт. Калі пазнаёміўся з ім ў 1871 ці 1872 г., гэта быў яшчэ дзёрзка трымаўшыйся стары з вялікай, спадаючай на грудзі барадой, сівымі спадаючымі бровамі, меў ён прыгожыя мужчынскія рысы. Ці меў ён валасы, а калі меў, дык якія - не ведаю, бо заўсёды бачыў яго ў феске. Бачыў яго на вялізным фотаздымку Маляшэўскага ў Варшаве ў 1875 г. Стэнд з некалькімі маленькімі фатаграфіямі і фатаграфіямі Маляшэўскага вісеў на глухой сцяне з боку Саскай плошчы насупраць Еўрапейскага гатэля, і многія людзі спыняліся, каб паглядзець на Ягамосць у фэске. Ён выглядаў незвычайна, як сын усходу» [34].

Менавіта ў гэтых дамах на Антоклю жыў а. Летаўт.

Нейкі час Мамерт Рэнігер хаваў а. Кірыла ў сябе на вёсцы. Вядомы, што Рэнігеры мелі маёнтак Захарышкі каля Яшунаў. Там і жыў манах, удалечыні ад вачэй рускіх уладаў. Цікава, што па адной з магчымых версій, бацька Мамерата - Фелікс Рэнігер працаваў у Яшунах па дамове з Міхалам Балінскім.

Недарэмна нашчадкі Мамерта Рэнігера падтрымлівалі сябравалі з Янам Пазняком, любоў і павага да беларушчыны ў гэтай сям'і з'яўлялася добрай традыцыяй. Сын Мамерта - Авіт Рэнігер (1853-1907), закончыў Медыка-Хірургічную акадэмію ў Пецярбурзе, у 1883 г. стаў доктарам медыцыны і працаваў лекарам у Вільні. Разам з жонкай Камілай з Бейняровічаў, меў двух дачок Яніну (1892-1956) і Ірэну (1899-1987). З кімсьці з іх і меў справу Ян Пазняк які расказаў нам пра апошняга базыльяніна Літвы [35].


І трэцяй асобай, з якой сябраваў і ўзгадваў перад смерцю стары манах, быў ксёндз Стэфан Дзянісевіч (Данісевіч). Лёс Стэфана Дзянісевіч (Данісевіча, 1836-1913) звязаны з Магілёўшчынай. Нарадзіўся ў Чарэйскай парафіі на Магілёўшчыне, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1859 г.) і доўгі час працаваў у парафіях Воршы і Магілёва. Аднак, як пісаў ксёндз Францішак Будзька, "ня доўга тутака пабыў, бо на другі год востра выступіў проціў навукі рэлігіі па-расейску і сам атказаўся ад капелянства" [36]. Потым, да 1872 г. служыў у Смаленску. Верагодна падчас гэтай працы пазнаёміўся з а. Летаўтам і дапамагаў яму. З 1895 г. стаў членам Магілёўскай архідэяцэзіі, і ўжо адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, прэлат Дзянісевіч выдае ў 1906 г. ў Пецярбургу «Элементар для добрых дзетак каталікоў», напісаны на беларускай мове [37]. У 1908 г. атрымаў годнасць біскупа.

Беларускі біскуп Данісевіч з'яўляўся прыхільнікам выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай працы і нават сам рэдагаваў беларускія рэлігійныя кнігі. Заахвочваў да гэтага духавенства і сам часта прамаўляў па-беларуску [38], быў ініцыятарам выдання беларускай каталіцкай літаратуры і дапамагаў маладым беларускім ксяндзам.

* * *

Не можа быць выпадковым тое, што ўсе сябры апошняга беларускага базыльяніна не толькі прыхільна адносіліся да беларушчыны але і ў меру сваіх сіл спрыялі яе развіццю. Гэтыя людзі, усе разам, пранеслі паходню нашай культуры праз XIX ст. і перадалі яе такім беларусам як Ян Пазняк. Менавіта яны зрабілі не толькі магчымым, але і безальтэрнатыўным адраджэнне беларускай культуры і дзяржавы на пачатку XX ст.



[1] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski // Pregląd Wileński. № 21-22, 20 grudnia 1932. S. 10.

[2] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[3] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[4] Духоўная асоба, якая прамаўляе казанні. Гэту пасаду займалі высокаадукаваныя манахі.

[5] Wołyniak. Monaster bazyliański w Ladach na Białej Rusi. 1891. S. 25.

[6] Марозава С. В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады). Гродна, 2014. С. 155.

[7] Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии. С.- Петербург. 1910. С. 353-354.

[8] Там жа. С. 354.

[9] Там жа.

[10] Там жа. Зноска № 1.

[11] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[12] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

[13] Российский государственный архив древних актов. Путеводитель. В четырех томах. Том 3. Часть 2. 1997. С. 781.

[14] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[15] Там жа.

[16] Там жа.

[17] Там жа.

[18] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[19] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[20] Там жа.

[21] Гангрэна, якая ўзнікае ў старэчым узросце ў сувязі з мясцовымі і агульнымі атэрасклератычнымі парушэннямі кровазвароту і нервовай трофікі.

[22] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

[23] Інфула - мітра, інфулат атрымаў яе як узнагароду.

[24] Валыняк піша што гэта быў кляштар Св. Ануфрыя ў Львове. Гл: Wołyniak. Monaster bazyliański w Ladach na Białej Rusi. S. 26.

[25] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[26] Sprawozdanie Wileńskiego Towarzystwa "Lutnia" za rok 1913-1914. Wilno, 1915. S. 30.

[27] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст // Acta Albaruthenica. 2015. Т. 15. С. 246.

[28] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. С. 236.

[29] Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, лідскі паўстанец і сябар Тараса Шаўчэнкі // Наша Слова. № 24 (1435), 12 чэрвеня 2019.; № 25 (1436), 19 чэрвеня 2019.

[30] Антановіч З. В. Змены ў асабістым складзе парафіяльнага духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі пасля паўстання 1863-1864 гг. (паводле фармулярных спісаў рымска-каталіцкага духавенства) // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 10. Мінск, 2015. С. 171.

[31] Цыт. па: Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 244-245.

[32] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 243-251.

[33] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski // Pregląd Wileński. № 21-22, 20 grudnia 1932. S. 11.

[34] Czarkowski Ludwik. Wilno w latach 1867-1875 (ze wspomnień osobistych) // Pamiętnik Wileńskiego Towarzystwa Lekarskiego 1929, R. 5 z. 4. Wilno, 1929. S. 29-30.

[35] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 246 - 247.

[36] Бачышча Ю.А. Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча // Весці БДПУ. 2003. №1 (35). С. 219-224

[37] Stankiewicz A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia. 1929. С. 74.

[38] Туронак Юры. Мадэрнай гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 451.

[39] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст // Acta Albaruthenica. 2015. Т. 15. С. 246.

[40] Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, лідскі паўстанец і сябар Тараса Шаўчэнкі // Наша Слова. № 24 (1435), 12 чэрвеня 2019.; № 25 (1436), 19 чэрвеня 2019.

[41] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 243-251.

[42] Антановіч З. В. Змены ў асабістым складзе парафіяльнага духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі пасля паўстання 1863-1864 гг. (паводле фармулярных спісаў рымска-каталіцкага духавенства) // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 10. Мінск, 2015. С. 171.

[43] Цыт. па: Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 244-245.

[44] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. С. 236.

[45] Рэзалютар выпадкаў сумлення - высокаадукаваная і адмыслова падрыхтаваная духоўная асоба, якая тлумачыла святарам розныя складаныя пытанні, якія маглі з'явіцца ў іх падчас спавядання вернікаў.

[46] Polski słownik biograficzny. Kraków, 1938. T. 4. S. 234.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX