Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

400-годдзе базыльянскай кангрэгацыі ў Нагародавічах 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 12-07-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. 400-годдзе базыльянскай кангрэгацыі ў Нагародавічах // НАША СЛОВА № 28 (1335), 12 ліпеня 2017.



У XVI-XVII ст. вёска Нагародавічы - уласнасць сям'і Вельямінаў-Руцкіх. Па другой версіі, на пачатку XVII ст. Нагародавічы належалі Наваградскай кафедральнай царкве, і потым маёмасць перайшла да будучага Мітрапаліта Язэпа Руцкога герба Воз з прыдомкам Вельямін (сына Шчаснага Вельямінавіча Руцкога, «служэбніка» Яна Кішкі, жмудскага старасты). Вельямiны (альбо Вельямiнавiчы) пражывалi на Наваградчыне ўжо ў канцы XV ст., валодалі маёнткам Рута і таму зваліся Вельямiнамi-Руцкiмi. Сама вёска Нагародавічы потым ўваходзіла ў Беліцкае графства, была часткай так званых Нойбургскіх маёнткаў і адміністрацыйна належала да Лідскага павета, зараз - Дзятлаўскі раён.


Вясной 1617 г. мітрапаліт Язэп Руцкі ездзіў у Рым, каб атрымаць ад Папы Паўла V зацверджанне рэфармаванай мітрапаліт Язэп Руцкі. канстытуцыі ордэна базыльянаў ды прадставіць справаздачу аб стане грэка-каталіцкай царквы ў ВКЛ. Між іншым, мітрапаліт дакладаў Папе, што ў Полацкай архідыяцэзіі, дзе ўладыкай быў 90-гадовы архібіскуп Гедэон Бральніцкі, царква знаходзіцца ў поўным заняпадзе. Папа парадзіў прызначыць туды памочніка біскупа з поўнымі правамі наступства. Мітрапаліт Руцкі назваў тады протаархімандрыта віленскага Язафата Кунцэвіча і атрымаў згоду Папы на гэтае прызначэнне. Вяртаючыся праз Варшаву, мітрапаліт сустрэўся з каралём Жыгімонтам і атрымаў ад яго намінальную грамату для Кунцэвіча. Адразу Язафат Кунцэвіч усялякімі спосабамі адмаўляўся ад пасады біскупа, прапаноўваў сваю дапамогу архібіскупу Гедэону Бральніцкаму як манах, але Руцкі свайго рашэння не змяніў.

З 19 па 26 ліпеня 1617 г. у Нагародавічах адбылася 1-я генеральная капітула (кангрэгацыя) базыльянскіх манастыроў ВКЛ: «Былі скліканы з усіх манастыроў, а менавіта з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Жыровіцкага, Быценскага старцы гэтых манастыроў, а з некаторых айцы ... у фальварак ягамосьці (Язэпа Руцкога) з'ехаліся ... дзевятнаццатага ліпеня, у суботу», - запісана ў дакументах Кангрэгацыі, якія я буду цытаваць таксама і ніжэй.

У паседжаннях прымалі ўдзел два езуіты, «каб радзіцца, а не для прыняцця рашэнняў». На капітуле ў Нагародзічах прысутнічаў Язафат Кунцэвіч, якога Язэп Руцкі ўжо прызначыў памочнікам Полацкага архіепіскапа.

Ва ўступнай прамове мітрапаліт Руцкі сказаў, што запланаваная ім рэформа мае на мэце славу Божую, а сродкам яе ёсць паляпшэнне духоўнага стану царквы, «стан духоўны немагчыма паправіць інакш, як толькі праз абнаўленне закону (базыльянскага ордэна - Л. Л.) менавіта ў грэцкім абрадзе, каб на ўсе вышэйшыя царкоўныя пасады браліся асобы з закону. Для абнаўлення закону іх патрэбна шмат, не могуць гэта быць старыя, але паправіць закон можна праз маладых, калі ім будзе дадзена адукацыя, выхаванне ў законе як ў духу, гэтак і ў навуках».

Ордэн ўзяў на сябе адукацыю і выхаванне насельніцтва, утрыманне ўсіх уніяцкіх вучэльняў, і капітула прыняла рашэнне аб стварэнні базыльянскай сістэмы адукацыі, якая мела вялікі пазітыўны ўплыў на ўсе далейшую гісторыю нашай Бацькаўшчыны. У дакуменце ўніяцкай царквы 1824 г. «О средствах умножения в Греко-униатском духовенстве просвещения» ёсць такі ўрывак: «Каля 1615 г. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі задумаў даць іншае ўладкаванне цэлай рускай іерархіі і ў ёй адукацыі духавенства. …Таму па радзе езуітаў і па узору іх ордэна ён даручыў ордэну базыльянаў клопат аб свецкіх вучылішчах і на гэта атрымаў дазвол у папы Паўла V. 3 снежня 1615 г. … мітрапаліт завёў такія вучылішчы, а ў 1617 г. яны ужо былі ў Наваградку і ў Менску, як сведчыць пра гэта першы базыльянскі сход які адбыўся ў Нагародавічах».

Кангрэгацыя вырашыла кожны год дасылаць маладых базыльян атрымліваць адукацыю ў розных універсітэтах.

Новы статут змяніў манаскае адзенне, быў уведзены чорны манаскі габіт. Унармавана было нават ужыванне манахамі піва: «Піва да стала толькі дзве кварты належыць наліваць (кварта, 0.8 л. - Л. Л.), а калі болей, дык падпіўка (маладога, не моцнага піва - Л. Л.) ... кожнаму брату наліваць па два разы ў кубкі ... памерам у кварту ...».

Галоўнае ў новым базыльянскім ордэне - цэнтралізацыя. Раней манастыры не былі з'яднаны і не мелі адзінага кіраўніцтва таму ў Нагародавічах быў прыняты статут, распрацаваны Руцкім на аснове правіл Св. Васіля на ўзор статутаў рымска-каталіцкіх манаскіх ордэнаў і ўтворана Віленская (Літоўская) кангрэгацыя Св. Тройцы, якая аб'яднала манахаў пяці падначаленых Руцкому манастыроў. Галоўныя рысы абноўленага ордэна бызыльянаў можна звесці да некалькіх пунктаў: 1) Адноўленыя манастыры паміж сабой будуць аб'яднаныя і будуць тварыць адно манаскае цела; 2) На чале ордэна будзе стаяць мітрапаліт, ён будзе клапаціцца пра яго рост; 3) Мітрапаліт будзе найвышэйшым настаяцелем ордэна, але кіраваць ім будзе протаархімандрыт, капітула (манаскі збор) выбірае яго на ўсё жыццё (да смерці) з звычайных манахаў, ён не можа быць біскупам; 4) Протаархімандрыту будуць дапамагаць кіраваць чатыры кансультары (дарадцы), выбраныя пажыццёва генеральнай капітулай. Калі адзін з іх памрэ (ці стане біскупам), протаархімандрыт і тры кансультары выберуць чацвёртага, які будзе выконваць гэты абавязак да новай генеральнай капітулы; 5) Манастырамі кіруюць ігумены, якіх протаархімандрыт, па парадзе сваіх кансультараў, прызначае на чатыры гады; 6) Генеральную капітулу без мітрапаліта склікае сам протаархімандрыт кожныя чатыры гады, ці, калі будзе неабходнасць, часцей. Калі протаархімандрыт памрэ, генеральным вікарыем (гэта значыць настаяцелем ордэна) будзе яго спавядальнік. У гэтым выпадку мітрапаліт павінен неадкладна склікаць генеральную капітулу для выбару новага протаархімандрыта: 7) Ордэн і іерархія павінны быць неразрыўна аб'яднаныя. Мітрапаліту Руцкому даручана атрымаць у караля прывілей, каб мітрапалітам быў толькі базыльянін.

Гісторык Жуковіч П. Н., цытуючы першага біёграфа мітрапаліта Руцкога, Рафаіла Корсака паведамляў: «Руцкі прыйшоў да думкі пра неабходнасць больш трывалай пастаноўкі ўсей справы ўладкавання жыцця манахаў, каб пасля яго смерці справы не прыпыніліся. З гэтай мэтай ён склаў статут Базыльянскага ордэна і на Нагародавіцкай кангрэгацыі палажыў заснаванне самага ордэна». І далей: «Як вядома, толькі да часу першай (Нагародавіцкай) базыльянскай кангрэгацыі 1617 г. Руцкі напісаў … першы том правілаў манаскага жыцця».

Генералам базыльянскага ордэна кангрэгацыя жадала выбраць Язафата Кунцэвіча, але мітрапаліт прачытаў каралеўскую грамату аб прызначэнні Кунцэвіча на пасаду полацкага біскупа. З'езд пагадзіўся з гэтым і Язафат замест генерала ордэна стаў біскупам-памочнікам. Яго ўрачыстая хіратонія адбылася 12 лістапада 1617 г. у Св. Троіцкім манастыры ў Вільні.

Тэксты Першай Нагародавіцкай кангрэгацыі былі знойдзены ў Жыровіцкім манастыры стацкім дарадцам О.В. Шчарбіцкім і цалкам надрукаваны ў Т. XII «Археографического сборника документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа» (Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1900. Т. XII. С. 7-17.).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX