Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Вашкевіч А. Грэка-каталіцкае насельніцтва Аўгустоўшчыны ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ стст. 


Аўтар: Вашкевіч Андрэй,
Дадана: 08-10-2012,
Крыніца: Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 24.



Агульнавядомы той факт, што тэрыторыя Заходняй Беларусі, і асабліва Гродзеншчына, з'яўляецца месцам, дзе на працягу многіх стагоддзяў суіснуюць прадстаўнікі розных народаў. І калі гісторыя з'яўлення на Беларусі яўрэяў, татараў, рускіх больш-менш вядомая даследчыкам, то паходжанне польскай нацыянальнай меншасці да сённяшняга дня выклікае дыскусіі. Часы Вялікага Княства Літоўскага, а пазней Расійскай Імперыі не ведаюць масавага перасялення заходнеславянскага насельніцтва на беларускія землі1, а між тым некаторыя часткі Гродзеншчыны (напрыклад, Воранаўшчына) у пераважнай большасці заселены людзьмі, якія адносяць сябе да ліку палякаў. У сваю чаргу, ні мова, ні асаблівасці побыту не адрозніваюць іх ад сваіх суседзяў, якія называюць сябе беларусамі. Саманазве "паляк" заўсёды спадарожнічае толькі адзін прызнак - каталіцкае веравызнанне. Многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ўжо на працягу больш чым ста гадоў гавораць пра "беларускіх палякаў" як пра вынік паланізатарскай работы Каталіцкага касцёла ў канцы ХVІ - ХІХ стст. Аднак такі пункт гледжання безумоўна з'яўляецца аднабаковым. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя тры чвэрці насельніцтва Беларусі належала да уніяцтва, не называла сябе ні палякамі, ні беларусамі, у асноўнай масе маючы саманазву "тутэйшыя"2. І толькі падзеі 1839 года, калі ў Паўночна-Заходнім краі адбывалася прымусовае далучэнне грэка-каталікоў да праваслаўя, змусілі многія тысячы беларускіх сялян "самавызначыцца" ў нацыянальным плане. Адны, што свядома прынялі праваслаўе, або былі загнаныя туды прымусам, трапілі ў лік "рускіх" (пазней на іх перамясціўся назоў "беларусы"); другія, што змаглі праўдамі і няпраўдамі перайсці з уніі ў рыма-каталіцтва, сталі "палякамі". Гэтую акалічнасць не абмінуў творчы геній Францішка Багушэвіча, які ў вершы "Хрэсьбіны Мацюка" дакладна апісаў як супрацьстаянне расійскага ўраду і Каталіцкага касцёла "рабіла з тутэйшых палякаў і рускіх"3.

Аднак работ, якія на канкрэтных прыкладах апісвалі б змены этнічнай самасвядомасці жыхароў Беларусі ў сувязі з канфесійнымі працэсамі, у беларускай гістарыяграфіі пакуль няма. Між тым у паўночна-заходняй частцы Гродзенскага раёна існуе невялікая тэрыторыя, вывучэнне этнаканфесійных працэсаў на якой дае нам выдатную магчымасць фактамі пацвердзіць выкладзеную вышэй тэорыю. Гэта ваколіцы мястэчка Сапоцкін (у нашай працы яны атрымалі назву Сапоцкінскі край), якія былі адзінымі землямі з этнічным беларускім насельніцтвам, што паміж 1815 і 1915 гадамі ўваходзілі ў склад Царства Польскага (аўтаномнай часткі Расійскай Імперыі). Мы ж вызначым мэту нашай працы наступным чынам: праз вывучэнне гісторыі грэка-каталіцкага насельніцтва Сапоцкінскага краю ў канцы XVIII - пачатку ХХ стст. высветліць сувязь паміж канфесійнымі зменамі і фарміраваннем этнічнай самасвядомасці насельніцтва, а таксама вызначыць прычыны і шляхі замацавання за мясцовым усходнеславянскім насельніцтвам саманазвы "паляк".

Аднак жа перад тым як перайсці да становішча мясцовага грэка-каталіцкага насельніцтва, паспрабуем хаця б коратка апісаць палітычную гісторыю краю. У 1795 годзе самыя заходнія землі ВКЛ з этнічна беларускім насельніцтвам былі захопленыя Прусіяй, якая валодала імі да 1807 года. У 1807 годзе, па ўмовах Тыльзіцкага трактату, разгромленае Напалеонам Прускае Каралеўства перадало расійскаму імператару Аляксандру І гэтак званую "Беластоцкую вобласць", што пазней была далучана да Гродзенскай губерні. Але і пасля 1807 года не ўсе беларускія землі трапілі пад скіпетр расійскага імператара. Праведзеная пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай у 1795 годзе паміж Прусіяй і Расіяй мяжа праходзіла з поўначы па Нёмане да сутоку з ім ракі Ласосны (або Ласасянкі). Далей яна паварочвала на паўднёвы захад ды ішла па Ласосне і такім чынам Гродзенскі павет Троцкага ваяводства ВКЛ аказаўся падзеленым на дзве часткі паміж дзяржавамі-агрэсарамі4. Ласосна і Нёман працягвалі дзяліць лёсы жыхароў былога Гродзенскага павета і пасля 1807 года. У адрозненні ад Беластоцкай вобласці, пруская палова павета не ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі, а была ўключана Напалеонам у створанае ім на польскіх землях Герцагства Варшаўскае. Ласосна стала для жыхароў, апынуўшыхся пад уладай расійскага цара земляў, сімвалам свабоды. За ёй была быццам бы адроджаная Польская дзяржава! Памкненні паланізаванай беларускай шляхты добра выказаў Адам Міцкевіч словамі героя сваёй знакамітай паэмы "Пан Тадэвуш":

А там я праз Ласосну ўплаў - і на той бераг,

У войска братнае, усім чарцям наўсперак,

Мне ж і ў тэстамэнце ў свой час мой бацька значыў

Быць у страі сваіх, ды нехта перайначыў

Бацькоўскі запавет5.

Граніца захавалася і пасля паразы Напалеона ды ліквідацыі Герцагства Варшаўскага, і толькі з 1815 года яна стала дзяліць землі Расійскай Імперыі і залежнага ад яе Царства Польскага. І хаця Царства Польскае было толькі аўтаноміяй у складзе Імперыі, аднак пераважна уніяцкаму і часткова рыма-каталіцкаму беларускаму насельніцтву падзеленага Гродзенскага павета давялося жыць паводле розных законаў, адміністрацыйных сыстэмаў і нават календара на працягу яшчэ цэлых ста гадоў.

Гэткім чынам, у сваім даследаванні пад назвай "Сапоцкінскі край" мы разумеем частку цяперашняга Гродзенскага раёна (прыкладна 450 кв. км), абмежаваную з усходу Нёманам, з поўдня Ласоснай, з захаду і поўначы беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межамі. Натуральным цэнтрам рэгіёна заўсёды было мястэчка Сапоцкін. У межы даследавання мы ўключылі таксама невялікую тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Польшча (прыкладна 300 кв. км), цэнтр - мястэчка Ліпск, які быў гістарычна да 1945 года непарыўна звязаны з Сапоцкінскім краем, калі паводле новай мяжы паміж Польшчай і БССР Ліпск з ваколіцамі апынуўся на польскай тэрыторыі. У ХІХ - пачатку ХХ стст. Сапоцкінскі край з'яўляўся паўднёва-ўсходняй часткай Аўгустоўскага павета спачатку Аўгустоўскай, а пасля Сувалкскай губерняў Царства Польскага і ахопліваў наступныя гміны гэтага павета: Галынка, Баля-Велькая, Валавічоўцы (Сапоцкін), Петрапаўлаўск (Ліпск), Лабна, Кур'янка.

Пасля 1795 года, калі федэрацыя абодвух народаў спыніла сваё існаванне, усё грэка-каталіцкае насельніцтва краю (а яго на прасторах Рэчы Паспалітай на канец XVIII ст. налічвалася каля 3 790 тыс. чалавек)6 апынулася адразу ў трох дзяржавах. Асноўная маса уніятаў трапіла пад панаванне Расіі (частка ВКЛ, заселеная этнічнымі беларусамі, часткова ўкраінцамі) і Аўстрыйскай Імперыі (поўдзень Падляшша і заходнеўкраінскія землі). На землях, што ўвайшлі ў склад Прусіі, уніятаў было найменш. Прусія захапіла пераважна тэрыторыю з этнічна польскім рыма-каталіцкім насельніцтвам. Аднак, на ўжо згаданай Беласточчыне жыло ў канцы XVIII ст. трохі больш за 50 тыс. уніятаў і існавала 70 грэка-каталіцкіх парафіяў. З іх, паводле ўказу прускага караля Вільгельма Фрыдрыха ІІ, у 1797 годзе была ўтворана Супрасльская уніяцкая дыяцэзія, што праіснавала аднак толькі да 1809 года. Ужо ў 1807 годзе ў сувязі з пераходам Беласточчыны да Расіі 59 са згаданых 70 парафіяў апынуліся пад уладай Аляксандра І, які праз два гады ліквідаваў Супрасльскую дыяцэзію, прылучыўшы яе да дыяцэзіяў у заходніх губернях Імперыі. Астатнія 11 парафіяў з 5 757 вернікамі апынуліся ў Герцагстве Варшаўскім7. Большая частка гэтых парафіяў знаходзілася на тэрыторыі Сапоцкінскага краю. Пералічым іх па чарзе: Баля (цяпер вёска Зарачанка) - уваходзіла 13 вёсак; Галынка - 9 вёсак; Ліпск - 10 вёсак; Лабна - 7 вёсак; Перстунь - 8 вёсак; Рыгалаўка - 11 вёсак; Сапоцкін - 30 вёсак. Цэнтрам яшчэ адной парафіі быў Аўгустоў. Яшчэ тры парафіі былі нязначныя па памерах (каля 500 чалавек) і размяшчаліся далёка па-за межамі Сапоцкіншчыны - у ваколіцах Высокага-Мазавецкага.

Становішча пералічаных на пачатку сямі уніяцкіх парафіяў Сапоцкінскага краю можна ахарактарызаваць наступнымі словамі: кампактнасць і адасобленасць. На адносна невялікай тэрыторыі было шчыльна размешчана уніяцкае насельніцтва, аддзеленае ад іншых уніятаў-беларусаў дзяржаўнай мяжой (Ласоснай і Нёманам), а ад уніятаў Падляшша, што з 1815 года таксама жылі ў Царстве Польскім, адлегласцю ў некалькі сотняў кіламетраў. Яшчэ адной характэрнай рысай была змешанасць уніятаў і рыма-каталікоў. Гэта асабліва характэрна для уніяцкіх парафіяў Сапоцкін і Баля, якія быццам накладваліся на рыма-каталіцкія парафіі Тэалін (цэнтр гэтай парафіі таксама ў мястэчку Сапоцкін) і Селіванаўцы. Такая сітуацыя тлумачыцца спецыфікай засялення і гаспадарчага засваення краю, якое актыўна разгарнулася толькі ў XV-XVI стст. Аўгустоўская пушча, якая шырокай дугой з поўначы і з захаду ахоплівае апісваемы намі рэгіён, хавае ў сваіх нетрах мяжу сутыкнення трох еўрапейскіх народаў: беларусаў, палякаў і літоўцаў. Паўднёва-ўсходні ўскраек пушчы ўжо, мабыць, з канца ХІ ст. асвойваўся ўсходнеславянскім насельніцтвам, якое прыйшло з поўдня і актыўна ўзаемадзейнічала з аўтахтоннымі балцкімі плямёнамі. Паводле польскага гісторыка Е. Вісьнеўскага, паўднёва-ўсходняя частка будучага Аўгустоўскага павета засялялася толькі з усходу і на ёй з часам сфарміравалася зона суцэльнага ўсходнеславянскага засялення8. Усходнія славяне - продкі сучасных беларусаў - спавядалі праваслаўе. Захаваўся акт фундацыі праваслаўнай царквы ў Балі з 1526 года (царква была пабудавана відавочна яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў раней)9. Прыкладна ў гэты час былі створаны праваслаўныя прыходы ў Лабне і Перстуні. У другой палове XVI ст. узніклі прыходы ў Аўгустове і Ліпску, пазней - у Галынцы і Сапоцкіне. Балты ў сваю чаргу хаця і перанялі мову ўсходніх славянаў, праваслаўных па веравызнанні, аднак надоўга захавалі традыцыі паганства. Толькі пасля ўтварэння ў 1494 годзе Гожскай рымска-каталіцкай парафіі (асноўная частка яе земляў знаходзілася на левабярэжжы Нёмана) сярод жыхароў Сапоцкінскага краю пачало распаўсюджвацца каталіцтва. Найперш, напэўна, сярод толькі нядаўна пакінуўшых паганства балтаў. Праваслаўнае ж насельніцтва пасля падзеяў 1596 года было пераведзена ва унію. Такім чынам, у канцы XVIII - пачатку ХІХ стст. і рыма-каталіцкае, і уніяцкае насельніцтва Сапоцкіншчыны складалася з усходніх славян з дамешкай балцкага элемента, які быў славянізаваны яшчэ ў сярэднявеччы.

У перыяд 1815-1875 гадоў усе уніяты Царства Польскага ўваходзілі ў Холмскую дыяцэзію (пасля 1839 года гэта была адзіная грэка-каталіцкая дыяцэзія пад панаваннем Раманавых). Паколькі уніяты лічыліся вернікамі ўсходняга абраду Каталіцкага касцёла, дык іх статус быў своеасаблівым. Хаця грэка-каталіцкія парафіі былі фактычна незалежнымі і мелі сваіх святароў, але фармальна падпарадкоўваліся мясцовым лацінскім пробашчам. Так у акце візытацыі Тэалінскай рыма-каталіцкай парафіі з 1819 года напісана, што "парафія ўключае ў сябе 4 касцёлы парафіяльныя руска-уніяцкія (...), уніятаў (...) ёсць значная колькасць па вёсках, якія фармуюць Тэалінскую парафію, змяшаных з лаціннікамі"10. Гэта былі вышэйзгаданыя Баля-Касцельная, Галынка, Перстунь і Сапоцкін. Кожная з іх мела сваю царкву. Паводле касцельных даных з 1821 года ў парафіі Тэалін жыло 7 256 асобаў, у тым ліку рыма-каталікоў 2 095 і аж 4 311 уніятаў (у чатырох уніяцкіх парафіях)11. Уніяцкая парафія Лабна фармальна ўваходзіла ў склад рыма-каталіцкай парафіі Адамавічы, а Ліпск і Рыгалаўка адносіліся да рыма-каталіцкай парафіі ў Ліпску.

Гаворачы аб асаблівасцях рэлігійнага жыцця уніятаў Сапоцкінскага краю ў 1815-1875 гадах спашлемся на словы даследчыцы Фларэнтыны Ржэменюк, якая апісвала жыццё уніятаў Холмскай дыяцэзіі наступным чынам: "Ва уніяцкіх святынях ужываліся арганы, званочкі, існавалі бакавыя алтары; песьні, гадзінкі, горкія жалі, спявалі па-польску, гаварылі ружанец, ксяндзы прынцыпова чыталі Евангелле і іншыя літургічныя тэксты толькі па-польску і ў гэтай мове гаварылі казанні. Гэтаксама і ўбраннем святары-уніяты падобныя былі да лацінскіх ксяндзоў"12. Гэтае выказванне датычыць асноўным чынам уніятаў Холмшчыны, цяжка сцвярджаць, ці былі уніяцкія цэрквы Сапоцкінскага краю таксама набліжаныя па сваёй абраднасці да каталіцкіх касцёлаў. Можна толькі меркаваць, што такое набліжэнне пачало адбывацца пасля 1815 года і менавіта яно стала адным з фактараў будучай прыхільнасці жыхароў краю да Каталіцкага касцёла. Варта аднак адзначыць, што прынамсі напярэдадні ліквідацыі уніі ў Царстве Польскім, ужо ў канцы 1860-х - пачатку 1870-х гг., магілы уніяцкіх святароў падпісваліся па-руску, напрыклад, магіла святара Феадосія Якаўлевіча Гейштара ў Лабне (цяпер в. Падлабене). Гэта можа быць ці сведчаннем наступаючай русіфікацыі, ці паказвае ўсё яшчэ значную набліжанасць Уніяцкай царквы краю да народнай традыцыі. На карысць другой версіі сведчыць нярэдкае выкарыстанне беларусізмаў у рускамоўных надпісах на магілах уніятаў і пасля праваслаўных Сапоцкіншчыны: "помёрла" на магіле жонкі земскага стражніка ў Галынцы (1879), "другов и знаемых" на магіле Ф. Я. Гейштара (1872).

Жыццё уніятаў Царства Польскага пагаршалася не так хутка як у Паўночна-Заходнім краі, аднак і тут улады ўсяляк намагаліся пашырыць сярод уніятаў русіфікатарскія ўздзеянні, адлучыўшы іх найперш ад уплыву рыма-каталіцкіх ксяндзоў і каталікоў-лаціннікаў наогул. Пасля падзеяў, звязаных з ліквідацыяй уніі ў заходніх губернях, уніяты Сапоцкіншчыны зразумелі, што хутка прыйдзе і іх чарга. У 1839 годзе біскуп Філіп Шумборскі інфармаваў Сейненскага біскупа, што большасць уніятаў у парафіі Ліпск вырашыла перайсці ў рыма-каталіцтва, каб такім чынам пазбегнуць прымусовага пераводу іх у праваслаўе (напэўна ўжо ў гэты час насельніцтва краю ў значнай меры прылічвала сябе да ліку палякаў). Натуральна, што каталіцкая адміністрацыя на такі крок не пайшла, бо гэта непазбежна выклікала б рэпрэсіі з боку расійскіх уладаў. Такім чынам паміж 1839 і 1875 гадамі 7 парафіяў Сапоцкіншчыны былі апошнімі уніяцкімі парафіямі з этнічна беларускім насельніцтвам. Усяго па даных на 1840 год у іх налічвалася 7 477 чалавек (прыкладна 5 200 чалавек жылі ў вёсках, што знаходзяцца цяпер у Рэспубліцы Беларусь, астатнія ў Польшчы). Самай буйной была Перстуньская парафія - 1 457 чалавек13. Гэта ўсё, што засталося ад мільённай масы беларусаў-уніятаў.

Дынаміка колькасці уніяцкага насельніцтва Сапоцкінскага краю (складзена паводле працаў Ф. Ржэменюк, В. Емелітага і Е. Шумскага)


Нягледзячы на вялікую рызыку, прадстаўнікі каталіцкага кліру агітавалі сапоцкінскіх уніятаў на карысць каталіцтва. Так у пачатку 1840-х гадоў па словах Варшаўскага генерал-губернатара манахі Гродзенскага Францысканскага кляштара аказвалі "самое вредное влияние на греко-униатское население смежного с монастырём Августовского благочестия, стараясь всеми мерами склонить прибывавших в Гродно униатов к уклонению их от церкви". Манахі не толькі прымалі уніятаў да споведзі, але прычашчалі іх і нават хрысцілі. Губернскія ўлады выселілі частку манахаў з кляштара, а з астатніх узялі падпіску аб тым, што прымаць да сябе уніятаў з-за Ласосны яны не будуць14.

Яшчэ ў сярэдзіне 1850-х гг. расійскія ўлады паспрабавалі арганізаваць у парафіях Ліпск, Перстунь, Баля-Касцельная і Лабна пачатковыя школы для мясцовага насельніцтва. Школкі гэтыя, дзе ўсе прадметы павінны былі выкладацца па-руску, а настаўнікамі былі дзякі з Холма, разглядаліся як адзін з найлепшых сродкаў русіфікацыі. Але сяляне занялі адносна іх адмоўную пазіцыю. Ніводная са школак так і не распачала нармальную працу аж да 1863 года, калі ўлады перайшлі да сілавых сродкаў русіфікацыі. Так настаўнік з Балі-Касцельнай Антон Грыневіч быў даведзены мясцовымі сялянамі "да заслугоўваючай на літасць галечы". У снежні 1858 года Аўгустоўскі дэкан інфармаваў біскупа, што "ў школе ў Лабне наогул няма вучняў, быццам бы з прычыны вялікай адлегласці вёсак, да парафіі належных". З рэляцыі настаўніка Стэфана Віньскага вынікае, што грамадскасць парафіі і ўлады палітычныя, асабліва войт гміны, былі вельмі негатыўна скіраваныя да парафіяльных школаў. Галоўнай прычынай была школьная складчына, якой сяляне даваць не хацелі, нельга аднак і пакідаць па-за ўвагай свядомае супраціўленне пачаткам русіфікацыі. Асабліва цікавым быў лёс настаўніка Юзафа Гурскага з Перстуні, які, паводле словаў парафіянаў, быў алкаголікам і авантурнікам. За збіццё аднаго з жыхароў Перстуні ён быў адміністратыўна пакараны. Свае паводзіны Гурскі тлумачыў дрэнным матэрыяльным становішчам і нядобрым стаўленнем мясцовых жыхароў. У гэтай сітуацыі гаспадары вёскі Перстунь "самі нанялі настаўніка, які ўмее па-польску й па-руску чытаць і ведае пачаткі арыфметыкі"15.

Пасля 1840 года колькасць уніятаў у вёсках Сапоцкіншчыны пачала паступова змяншацца. Калі ўлічыць, што апошні дэмаграфічны крызіс быў выкліканы эпідэміяй халеры ў 1831 годзе, а наступныя гады лік насельніцтва стаў даволі імкліва павялічвацца, то адзіным тлумачэннем гэтай з'явы з'яўляецца паступовы пераход мясцовых уніятаў у рыма-каталіцтва. З 1840 па 1874 год колькасць уніятаў у вёсках парафіяў Сапоцкін, Галынка, Перстунь, Баля-Касцельная зменшылася з 4 701 да 3 200 чалавек.

Чарод уніятаў Царства Польскага прыйшоў на пачатку 1875 года, калі ўлады па старым сцэнары, абапіраючыся на калабарацыю вышэйшых станаў уніяцкага святарства, арганізавалі "добраахвотнае вяртанне грэка-каталікоў ва ўлонне праваслаўя". Разам з 250 тысячамі уніятаў Падляшша прынялі праваслаўе і 9 982 уніяты Сапоцкіншчыны16. Урачыстасці па далучэнню уніятаў Аўгустоўскага павета да праваслаўя праходзілі 27 красавіка 1875 года ў Балі (настаяцель гэтага прыхода Філіп Троць фармальна выконваў абавязкі Аўгустоўскага дэкана, паколькі царква ў Аўгустове знаходзілася ў заняпадзе і амаль не мела прыхаджанаў)17. Цэрквы ў Ліпску, Рыгалаўцы, Перстуні, Лабне, Сапоцкіне, Галынцы і Балі сталі цэнтрамі праваслаўных прыходаў, а ў 1877 годзе з прычыны "шкодных уплываў на былых уніятаў суседняй праваслаўнай Сапоцкінскай парафіі" была ліквідавана Тэалінская рыма-каталіцкая парафія. Касцёл у Сапоцкіне працаваў спачатку як філія Селіванавецкай рыма-каталіцкай парафіі, а пасля быў наогул зачынены.

Такога зацятага супраціўлення ліквідацыі уніі як на Падляшшы на тэрыторыі Аўгустоўскага павета не было. Вядома, што ў Ліпску уніяты зачыніліся ў сваёй царкве і не пускалі ў яе царскіх чыноўнікаў і папа18, але такое супраціўленне было хутка зламана. Куды мацнейшы быў схаваны ці, інакш кажучы, пасіўны супраціў. Карыстаючыся недахопамі царскай бюракратычнай сістэмы, былыя уніяты ўсяляк спрабавалі схаваць сваё уніяцкае паходжанне і прыняць лацінскае каталіцтва або прынамсі хрысціць у касцёле сваіх дзяцей. У гэтым ім дапамагалі мясцовыя ксяндзы. Але адміністрацыя ўважліва сачыла за жыццём "вярнуўшыхся ў праваслаўе" і гэтыя акцыі не заўсёды ўдаваліся. Так пробашч Селіванавецкага касцёла Ян Гудоўскі ахрысціў па лацінскім абрадзе дачку былога уніята з вёскі Новікі Восіпа Сакалоўскага, а ў лісце ад 4 студзеня 1882 года начальнік Аўгустоўскага павета патрабаваў ад ксяндза пісьмовых тлумачэнняў сваіх дзеянняў19.

Патаемныя вянчанні былых уніятаў і хрост іх дзяцей у рыма-каталіцкім касцёле прывялі да ненармальнай з'явы, калі паводле афіцыйнай урадавай статыстыкі ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні (куды ўваходзілі вёскі Сапоцкіншчыны) да немаверных памераў вырасла колькасць незаконнанароджаных дзяцей. Так у 1888 годзе ў Аўгустоўскім павеце нарадзілася 1 887 дзяцей ад законных бацькоў і 329 дзяцей ад бацькоў, што афіцыйна мужам і жонкай не з'яўляліся20. На гэта звярнуў увагу адзін з аўтараў "Памятной книжки Сувалкской губернии на 1890 год", які прапанаваў наступнае тлумачэне з'явы: "Такое огромное количество незаконных рождений в Августовском уезде, как 14,8% (у цэлым па губерні - 4,5% - А. В.), находит себе очень вероятное объяснение в ненормальном положении бывших греко-униатов, возсоединённых в 1875 году. Униатское население губернии может быть разделено на две группы, из которых одна явно тяготеет к католичеству, другая же, будучи в душе преданной православию, не решается однако, открыто следовать ему. Под влиянием преданности католичеству лица, принадлежащия к 1-й группе, весьма часто прибегают, конечно тайно, к освящению брака по католическому обряду, но так как открыто заявить об этом не могут, то для православной церкви и администрации их союз остаётся ничем иным, как простым незаконным сожитием, и только в их глазахъ имеет значение брака, освящённаго церковью. Прижитыя в таком браке дети, не передаются на крещение православному духовенству и без сомнения заносятся в число незаконнорожденых даже в том случае, когда над ними совершается тайное крещение по обрядам католической церкви. Несколько в ином положении находятся те дети, которые происходят от родителей, принадлежащих ко второй категории. Эти не вступают в брак вовсе, за редкими исключениями, так как считают противным совести венчание по латинскому обряду, но не венчаются и в православных церквах, опасаясь открыто примкнуть к православию. Таким образом и эта вторая половина населения прибегает к конкубинату и производит на свет потомство, которое даже и в его глазах не может считаться законным. Только в этом печальном явлении и можно найти объяснение поразительнаго на первый взгляд явления в Августовском уезде"21.

Гэтая цытата дае нам уяўленне яшчэ аб адной форме рэлігійнага супраціву жыхароў Сапоцкіншчыны, аднак варта звярнуць увагу, што аўтар гаворыць таксама аб групе прыхільных да праваслаўя жыхароў краю, якія аднак баяліся выказваць гэту прыхільнасць перад сваімі суседзямі. Цікава ад чаго не маглі абараніць іх царскія чыноўнікі і паліцыя? Ад папрокаў каталіцкіх святароў ці рэпрэсіяў з боку суседзяў?

Наогул варта адзначыць, што многім былым уніятам такі ўдалося перайсці ў каталіцтва. Так у 1888 годзе былі цалкам каталіцкія вёскі (напрыклад, Яцвязь, Войтаўцы, Кодзеўцы), дзе перад 1875 годам налічвалася даволі значная колькасць уніятаў22. Урадавая статыстыка па Аўгустоўскім павеце ў тым жа годзе згадвае 1 621 чалавека, што перайшлі з уніі ў рыма-каталіцтва23. Такім чынам яшчэ да ліквідацыі уніі Каталіцкі касцёл паспеў значна павялічыць лік сваіх прыхаджанаў за кошт уніятаў, што прымалі каталіцтва, каб не трапіць у праваслаўе.

З моманту падпісання ў 1847 годзе паміж Пецярбургам і Апостальскай Сталіцаю канкардату канец 1860-х - 1880-я гады былі найбольш цяжкім перыядам у жыцці Каталіцкага касцёла на тэрыторыі Расійскай Імперыі. Ліквідаваліся рыма-каталіцкія парафіі, рабіліся спробы перавесці імшу на рускую мову, забаранялася правядзенне вялікіх рэлігійных святаў. На Сапоцкіншчыне ж кантакты ксяндзоў і мясцовых рыма-каталіцкіх парафіяў з былымі уніятамі давалі ўладам дадатковыя магчымасці для накладвання новых спагнанняў. Так 20 кастрычніка 1882 года начальнік Аўгустоўскага павета пісаў адміністратару Селіванавецкага касьцёла, ксяндзу Восіпу Сідаровічу: "Дошло до моего сведения, что по праздничным дням Ваше Преподобие собирает своих прихожанок для изучения костельных католических песней, в чём принимают также участие и бывшие униатки, именно Юлиянна Шарейко и Ева Балинская из д. Лойки гмины Балля-Велькая. Сообщая о вышеизложенном вашему преподобию, прошу уведомить меня в возможно не продолжительном времени насколько справедливы эти сведения, а равно пояснить, имеется ли у Вас на руках разрешение и от кого именно на устраивание подобных сборищ"24.

За асвячэнне пасхі для былых грэка-уніятаў з фальварку Калбаскі і вёскі Селіванаўцы 12 і 13 сакавіка 1883 года той-жа Восіп Сідаровіч быў аштрафаваны на 25 рублёў. Ксёндз у сваю чаргу апраўдваўся, сцвярджаючы, што пасху уніятам не асвячаў, і ў гэтыя дні запрашаў у Селіванавецкі касцёл для нагляду войта гміны Баля-Велькая з двума стражнікамі, а ў Тэалін - стражнікаў і жандараў, аднак тыя не з'явіліся25.

Адной з формаў пасіўнага супраціву былых уніятаў стала масавае пранікненне іх у касцёлы падчас святаў, дзе ксёндз, які не ведаў усіх сваіх парафіянаў з твару, ажыццяўляў над праваслаўнымі абрады па-каталіцку. 22 траўня (3 чэрвеня) 1881 года ксёндз з вёскі Селіванаўцы пісаў начальніку Аўгустоўскага павета ў справе Антона Янулевіча, былога ахоўніка Тэалінскага касцёла, наступнае: "Я лично могу заверить Ваше Высокоблагородие, что он не только не мешается в дела б. униятов, но на сколько может устраняет их и благодаря его бдительности никогда не случилось, чтобы кому-нибудь удалось из б. униятов обманом подкрасться к совершению над ними духовных треб"26. Як бачым, уніяты былі пакінуты самі сабе, а ксяндзы - вымушаны адганяць іх ад сваіх святыняў.

Аднак улады збіраліся ўздзейнічаць на былых уніятаў не толькі бізуном, але і пернікам таксама. Так будынкі зачыненага Тэалінскага парафіяльнага касцёла ў 1890 годзе былі перададзены праваслаўным і ў іх у верасні 1893 года быў заснаваны Тэалінскі Праабражэнскі жаночы праваслаўны манастыр27. Будынак касцёла перабудавалі, на чале манастыра стала ігумення Ляснянскага манастыра Сядлецкай губерні маці Кацярына. Мэта стварэння гэтай духоўнай установы абсалютна зразумелая - місіянерская дзейнасць сярод далучаных да праваслаўя сялян. Вось як сведка апісваў урачыстае богаслужэнне, якое адбывалася ў манастыры 1 кастрычніка 1894 года: "Крестьяне соседних деревень с ранняго утра заполнили церковь и церковный погост, а во время литургии, из смежных возсоединённых приходов, по случаю храмового праздника Покрова Пресвятой Богородицы, прибыли процессии с хоругвями, иконами и настоятелями приходов во главе.

Торжественное богослужение, при стройном пении прибывшаго хора Августовской церкви, располагало всех к благоговейной молитве, и, по-видимому особенно благоприятно воздействовало на присутствовавших в церкви крестьян возсоединённых приходов, между коими можно было заметить и некоторых неотрешившихся ещё от религиозного заблуждения, явившихся в церковь, как бы украдкой, ради любопытства. (...)

Наблюдения первых месяцев существования православной женской обители в Теолине, при открытом доступе к ней нуждающимся в той или иной помощи крестьянам, кротком и разумном обращении с ними монахинь, вселяющих к себе доверие и расположение населения, особенно крестьянок матерей и детей, - подают надежду, что монастырь этот, в более или менее недалёком будущем, с успехом проявит миссионерскую свою деятельность к укреплению православия в среде возсоединённаго и упорствующаго населения Августовскаго уезда"28.

Магчыма дзейнасць манашак і мела поспех сярод мясцовага насельніцтва, але ўся няўклюдная прапагандысцкая машына Расійскай Імперыі ніяк не магла супернічаць з дробязнай і напружанай работай каталіцкага духавенства. У любым выпадку, урачыстыя абеды са спяваннем дзяржаўнага гімна і тостамі ў гонар імператара, якія праводзіліся ў манастыры падчас прыездаў праваслаўных уладык, ніякай прыхільнасці ў жыхароў Сапоцкіншчыны не выклікалі.

Такая сітуацыя захоўвалася аж да пачатку ХХ ст., калі амаль палову насельнікаў Сапоцкіншчыны складалі праваслаўныя. Па даных на канец 1880 - пачатак 1890 гг. усе 325 жыхароў в. Баля належалі да праваслаўя. Цалкам праваслаўнымі былі такія буйнейшыя ў краі вёскі як Лойкі (700 чалавек), Канюхі (560 чал.), Навумавічы (361 чал.). Значная колькасць праваслаўных была і ў паселішчах местачковага тыпу: у Галынцы (з 1 128 чалавек 132 праваслаўных, 117 каталікоў і 879 іудзеяў), Ліпску (з 1 682 чалавек 412 праваслаўных, 771 каталік і 499 іудзеяў), у Сапоцкіне (з 6 595 чалавек 498 праваслаўных, 3 611 каталікоў і 2 486 іудзеяў). Агульны лік былых уніятаў, а ў гэты час праваслаўных, дасягаў на Сапоцкіншчыне 12-13 тысячаў чалавек29. У матэрыялах перапісу 1897 года ёсць больш дакладная лічба - 11 196 чалавек. Калі ж улічыць, што значная частка уніятаў яшчэ да 1875 года паспела перайсці ў рыма-каталіцтва, то можна меркаваць, што колькасць нашчадкаў грэка-каталікоў у вёсках Сапоцкіншчыны была шмат вышэйшая. Усяго ж паводле перапісу 1897 года ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні жыло 25 712 беларусаў (32,46% да агульнай колькасці насельніцтва) з іх 11 196 праваслаўных і 14 503 каталікі30. Амаль усе беларусы жылі ва ўсходніх гмінах павета: Баля-Велькая, Галынка, Валавічоўцы (Сапоцкін), Лабна, Петрапаўлаўск (Ліпск) і Кур'янка. Варта аднак звярнуць увагу на той факт, што перапісчыкі вызначалі нацыянальнасць не паводле саманазвы, а па моўным прынцыпе. А так як насельніцтва Сапоцкінскага краю карысталася беларускай мовай (што было безумоўным пацвярджэннем факту засялення гэтай зямлі ўсходнімі славянамі), то і было запісана беларусамі, хаця ўжо тады, мабыць, адносіла сябе да ліку палякаў.

Прыкладная колькасць праваслаўнага насельніцтва ў былых грэка-уніяцкіх парафіях, канец 1880-х г. (складзена паводле: Списки населённых мест Сувалкской губернии как материал для историко-этнографической географии края, собрал Э. А. Вольтер, Санкт-Петербург 1901, с. 87-111).

Праваслаўныя працягвалі звяртацца да каталіцкіх святароў, што было своеасаблівай формай рэлігійнага пратэсту. У пачатку 1890﷓х г. ксёндз Гільно быў высланы з Селіванавецкай парафіі за хрышчэньне дзіцяці былых уніятаў, а ксёндз Фэрдынанд Нававейскі ў пачатку ХХ ст. умудраўся патаемна хрысціць і спавядаць праваслаўных, калі прымаў у сябе царскіх ураднікаў31. Аб выпадках скрытага супраціву рэлігійнай палітыцы расійскага ўраду ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні пісаў часопіс "Polak", што выдаваўся ў Кракаве ў 1896-1906 гадах32.

У артыкуле, прысвечаным гісторыі беларускага насельніцтва Аўгустоўскага павета Сувалкскай губерні, нам ужо даводзілася цытаваць прафесара Я. Карскага, які летам 1901 года наведаў Сапоцкіншчыну і канстатаваў той факт, што мясцовыя беларусы, ужываючы ў хаце беларускую мову, цураюцца яе перад чужымі і нават да сваіх папоў звяртаюцца па-польску (мабыць, спрабуючы даказаць, што перавялі іх, палякаў, у праваслаўе зусім памылкова - А. В.)33. Падобныя сведчанні засталіся нам і ад чалавека, які ў палітычным плане стаяў на дыяметральна супрацьлеглых з Я. Карскім пазіцыях і якога ніяк нельга абвінаваціць у жаданні перарабіць сапоцкінскіх палякаў на беларусаў, у чым, як прадстаўнік расійскай навукі, можа падазравацца Я. Карскі. Наступная цытата паходзіць з успамінаў Браніслава Шушкевіча, дзеяча Польскай партыі сацыялістычнай ў Гродне: "Ещё во второй половине 1904 г. гродненская оргнизация завязала тесные контакты с дер. Лососно. (...) С другой стороны от Лососно, в 1,5 километрах на север за Неманом, находилось небольшое рыбацкое селение Пышки. В нескольких километрах на запад от Пышек была расположена шляхетская околица Адамовичи, а рядом деревни: Мицкевичи, Наумовичи, Соловьи и др. Здесь и далее до м. Сопоцкин живёт население, употребляющее между собой в повседневной жизни белорусский язык, а в городе на рынке и около костёла - польский. В большинстве своём это переведённые в православные униаты, из-за чего эта около 35-тысячная масса была в молчаливой оппозиции к церкви и правительству. И считали себя поляками. Вообще всё это население было прекрасным материалом для агитации и антироссийской пропаганды. (...) Организация имела большое количество брошюр, переведённых на белорусский язык Миневской. (...) Попытки распростарнения их среди католического и основной массы униатского населения, употреблявшего в домашних условиях белоруссий язык, натолкнулись на решительное неприятие по двум причинам: были изданы на белорусском и, кроме того, набраны русским шрифтом. Хотели же литературы польской"34. І далей: "Под нашим влиянием на сельских и волостных собраниях крестьяне требовали открытия польских школ и введения польского языка в учереждениях Сувалкской губернии. Войты лично приезжали в эти отдалённые волости и пытались им доказать, что они не поляки, а белоруссы, так как главным его аргументом был язык народа: «Ведь между собой вы говорите по-белорусски», на что крестьяне отвечали: «А если господин губернатор разговаривает дома с семьёй по-французски, значи ли то, что господин - француз»"35. Сапраўды наколькі розныя людзі Шушкевіч і Карскі, але сцвярджаюць падобныя рэчы - жыхары Аўгустоўскага павета бясспрэчныя беларусы, але цураюцца нават свае мовы, найперш таму, што ненавідзяць царскі ўрад і непрыхільныя да праваслаўя. Для іх польская мова - сімвал барацьбы за свае зганьбаваныя рэлігійныя правы. Ды і хто, як не ксёндз, мог укласці ў вусны беларускага селяніна гэтае параўнанне з губернатарам. Але, як бачым, такой сітуацыяй удала карысталіся не толькі ксяндзы, але і набіраўшыя сілу польскія палітычныя партыі.

17 красавіка 1905 года імператар Мікалай ІІ падпісаў знакаміты ўказ аб рэлігійнай талеранцыі. Паводле ўказа, праваслаўе заставалася пануючай рэлігіяй у Імперыі, але з яго цяпер можна было законна перайсці ў іншае веравызнанне. Менавіта тады пачаўся масавы пераход жыхароў Сапоцкіншчыны ў каталіцтва (уніі ж ужо не існавала). У 1905-1909 гг. ва ўсім Царстве Польскім каталіцтва прыняло 230 тысячаў былых праваслаўных. Дарэчы, важную ролю гэтыя адносна нядаўнія падзеі адыгралі ў фармаванні канфесійнай карты і Беларусі таксама. Сучасныя беларускія даследчыкі амаль не звяртаюць увагі на той факт, як рэзка павялічылася лічба каталікоў на беларускіх землях у гэты час. Аднак яшчэ ў 1920-1930 гг. ксёндз Адам Станкевіч, што быў навочным сведкам падзеяў 1905-1914 гг. пісаў: "Урэшце, калі наступіла сякая-такая свабода сумленьня ў 1905 годзе, многія масава з Праваслаўя пераходзілі ў лацінскае Каталіцтва. Былі гэта тыя Беларусы, быўшыя ўніяты, якім дзеля тых ці іншых прычынаў раней перайсьці ў Каталіцтва не ўдалося. І цяпер пераход гэты быў значны, масавы. (...) Вось гэткім чынам паявіліся ў Беларусі Беларусы каталікі лаціннікі. Гэта, як бачым, тыя-ж Беларусы, продкі якіх належалі да абраду ўсходняга: сьпярша ўсходня-каталіцкага, а пасьля праваслаўнага"36. Прыводзіў Адам Станкевіч і канкрэтную лічбу росту колькасці каталіцкага насельніцтва на беларускіх землях у 1905-1909 гадах - 232 705 душаў37.

На тэрыторыі Сапоцкінскага краю каталіцтва прымалі цэлымі вёскамі, намагаючыся як мага хутчэй забыцца аб сваім праваслаўным мінулым і гэтым сцвердзіць сваю прыналежнасць да Каталіцкага касцёла і польскага народа. Даходзіла нават да таго, што разам з верай людзі мянялі і імёны. Так у метрыцы жыхара вёскі Калбаскі Бараноўскага запісана, што ён быў ахрышчаны ў 1893 годзе ў Балянскай царкве пад імем Барыс38, а ўжо ў дакументах 1920﷓х гг. фігуруе як рыма-каталік Браніслаў Бараноўскі39. Гледзячы па ўсім такія выпадкі не былі рэдкімі. Па афіцыйных звестках расійскага ўраду, за перыяд 1905-1913 гг. у каталіцтва з праваслаўя ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні перайшло 16 012 чалавек40. Гэта было амаль усё праваслаўнае насельніцтва Сапоцкіншчыны. Пачалося аднаўленне каталіцкіх парафій (Ліпск, Сапоцкін), у сваю чаргу некаторыя праваслаўныя парафіі з-за недахопу парафіян былі далучаны да іншых парафій (напрыклад, Перстунь была далучана да Сапоцкінскага праваслаўнага прыхода, а Ліпск - да прыхода ў Рыгалаўцы)41. Колькасць праваслаўных імкліва скарачалася, а ўлады маглі толькі строга сачыць за выкананнем усіх неабходных фармальнасцяў пры пераходзе ў іншую веру. Так вясной 1912 года вікарый рыма-каталіцкага касьцёла ў Ліпску Юзэф Монтвіл ахрысціў дачку бацькоў, што перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва, але не паспелі гэта адпаведна аформіць. 27-гадовы Юзэф быў пазбаўлены пасады вікарыя ў Ліпску і права займаць пасады ў парафіях на тэрыторыі Расійскай Імперыі. Няшчасны ксёндз вымушаны быў пакінуць Радзіму, шлях яго ляжаў у Амерыку. Але бяда, як вядома, адна ня ходзіць: ксёндз апынуўся на легендарным цяпер "Тытаніку". Нежывога Юзэфа Монтвіла знайшлі толькі праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як лайнер патануў. Цела ксяндза прывезлі ў Вільню, дзе з усімі ўрачыстасцямі пахавалі42.

Перад пачаткам Першай Сусветнай вайны праваслаўныя парафіі ў Сапоцкінскім краі яшчэ існавалі, хаця колькасць прыхаджанаў была ўжо зусім мізэрнай. Даных па кожным прыходзе знайсці не ўдалося, аднак па звестках на 1913 год у гмінах Баля-Велькая, Галынка, Валавічоўцы, Лабна і Ліпск (гэта амаль усе гміны, куды ўваходзілі вёскі Сапоцкінскага краю, няма даных па гміне Кур'янка) было ўсяго 1 439 праваслаўных43. Дакументацыя Балянскай Свята-Праабражэнскай царквы за 1912-1915 гг., што захавалася ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь у Гродне дае нам магчымасць прасачыць апошнія гады існавання праваслаўных прыходаў Сапоцкіншчыны. Да 1912 году пераход асноўнай масы праваслаўных у каталіцтва ў Балянскім прыходзе ўжо завяршыўся, таму з ліпеня 1912 да ліпеня 1914 года ў каталіцтва перайшоў усяго 21 дарослы чалавек44. Гэта былі жыхары вёсак Баля, Баля-Сольная, Васарабы, Калбаскі і інш. (прозвішчы некаторых перайшоўшых - Макарчык, Гузевіч, Бойша, Пушкевіч, Максімік). Кожнага з іх поп запрашаў на размову, падчас якой угаворваў не пакідаць праваслаўя, аднак "пастырские увещевания" (так называлася гэтая размова) заўсёды заканчваліся безвынікова. Тым не менш у Балянскім прыходзе існавала невялікая суполка сялянаў, якая ўпарта трымалася праваслаўя, хаця і знаходзілася ў абсалютнай меншасці да ўсяго астатняга насельніцтва. Так у спісах братчыкаў Балянскай царквы ў 1913 годзе налічвалася 35 чалавек45. Царкоўнае брацтва было заснавана тут яшчэ ў 1894 годзе з мэтай актывізаваць удзел простых прыхаджанаў у рэлігійным жыцці і мела, гледзячы па ўсім, немалыя пазіцыі46. Аднак праваслаўнае духавенства замест таго, каб прыстасавацца да існаваўшай сітуацыі шляхам як мага большага збліжэння з народам, працягвала "карміць" сваіх прыхаджанаў рознымі афіцыйнымі мерапрыемствамі накшталт 300-годдзя сям'і Раманавых ці збору грошай на помнік Пятру Сталыпіну. Думаю, падобная сітуацыя была і ў іншых прыходах Сапоцкіншчыны. З пачаткам Першай Сусветнай вайны і набліжэннем немцаў да Гродна ў пачатку лютага 1915 года святар кінуў царкву і падаўся ў бежанства, тое ж зрабіла большасць праваслаўных святароў. Толькі ў Сапоцкіне да 1918 года жыў свяшчэннік Юстын, які пасля таго, як немцы перадалі ўладу палякам, таксама з'ехаў47. Так у пачатку 1915 года завершылася 390-гадовая гісторыя Балянскага праваслаўнага прыхода. Каля 1922 года Баля стала цэнтрам каталіцкай парафіі і змяніла назву з Баля-Царкоўная на Баля-Касцельная.

Пачатак Першай Сусветнай вайны, нямецкая акупацыя і ўздым барацьбы за адраджэнне польскай дзяржавы толькі паскорылі працэсы, аб якіх мы ўжо гаварылі вышэй. К 1918 году ў канчатковы заняпад прыйшлі праваслаўныя прыходы, большасць цэркваў была перароблена мясцовымі жыхарамі ў касцёлы, што было непасрэдным адлюстраваннем іх польскай нацыянальнай свядомасці. Праявы беларускай нацыянальнай свядомасці засталіся адзінкавымі і істотнага распаўсюджання сярод мясцовых жыхароў не мелі48.

Лёс жыхароў Сапоцкінскага краю паўтарылі таксама і праваслаўныя храмы. Скажам некалькі словаў аб гэтых помніках матэрыяльнай культуры народа.

Па даных на 1892 год у далучаных уніяцкіх прыходах было 8 прыходскіх (адна ў Аўгустове і 7 на тэрыторыі Сапоцкінскага краю) і 2 прыпісныя царквы (адна прыпісная, ці філіяльная царква была ў Лабне на могілках; дзе была другая пакуль невядома)49. У 1893 годзе распачаў дзейнасць Тэалінскі Праабражэнскі жаночы праваслаўны манастыр. Агулам было 11 праваслаўных храмаў. Як ужо гаварылася вышэй, да пачатку Першай Сусветнай вайны ўсе праваслаўныя прыходы яшчэ датрывалі, але са з'яўленнем немцаў летам 1915 года, калі большасць праваслаўных святароў пакідалі сваіх прыхаджан і паўцякалі ў глыб Расіі, цэрквы хутка прыйшлі ў заняпад. Апошні будынак царквы ў Аўгустове (знаходзілася на вуглу вуліцаў Царкоўнай (Сянкевіча) і Козей) быў разабраны перад Другой Сусветнай вайной50. Царквы ў Ліпску не існавала ўжо ў 1937 годзе, на яе месцы польскія ўлады насыпалі курган Вольнасці51. Па словах гісторыка Анатоля Вапа, царква ў Рыгалаўцы была перабудаваная ў касцёл. Што ж датычыць цэркваў, якія знаходзіліся на цяперашняй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то найвялікшую блытаніну тут уносіць А. М. Кулагін у сваіх даведніках, прысвечаных праваслаўным і каталіцкім храмам Беларусі. Напрыклад, ён апісвае адзін і той-жа храм ў Перстуні спачатку як царкву, а пасля як касцёл, падаючы розныя даты пабудовы52. У сапраўднасці храм у Перстуні быў пабудаваны ў 1848 годзе як уніяцкая царква, у 1875-1915 належаў праваслаўным, а з пачатку 1920-х гг. з'яўляецца касцёлам. Царква ў Лабне была ўзведзена ў 1882 годзе ўжо як праваслаўная на месцы старой уніяцкай. Цяпер гэта таксама каталіцкі касцёл. Падобна выглядае гісторыя Свята-Параскева-Пятніцкай царквы ў Галынцы, пабудаванай у 1891 годзе на месцы драўлянага уніяцкага храма 1714 года. Паміж 1915 і 1919 гадамі царква была ў заняпадзе і ў 1919 годзе там пачаў служыць імшу каталіцкі святар, а ў 1922 годзе ў Галынцы была заснавана рыма-каталіцкая парафія. Праабражэнскую царкву ў Балі напэўна ў канцы ХІХ ст. не перабудоўвалі, гэта быў драўляны будынак, які к 1915 году налічваў не адну сотню гадоў. Мясцовыя жыхары разабралі яго і ў 1937 годзе ўзвялі на месцы царквы касцёл. У Сапоцкіне Успенская прыхадская царква (гэты каменны храм быў узведзены для уніятаў яшчэ ў 1780 г.)53 пасля 1918 года не дзейнічала і выкарыстоўвалася сялянамі як сховішча для збожжа, а з пачатку 1950 гг. як склад тытуню54. Ад яе ацалела толькі абмуроўка, якая знаходзіцца на тэрыторыі сапоцкінскага дзіцячага садка. Як ужо гаварылася вышэй, Тэалінскі Праабражэнскі жаночы праваслаўны манастыр займаў будынкі Тэалінскага парафіяльнага касцёла. Касцёл быў пабудаваны хутчэй за ўсё недзе ў канцы XVIII - першай палове ХІХ стст., але радыкальная перабудова ў 1890-х гг. на праваслаўны лад (знесены званіцы-вежы, зроблены хоры і г.д.) значна змяніла яго знешні выгляд. Манастыр быў у пачатку 1915 г. эвакуіраваны, а ў жніўні 1916 г. будынку быў вернуты статус касцёла. Ужо ў 1989 г. на ім з цэглы дабудавалі дзве вежы-званіцы55. Яны і "ўвялі ў зман" А. М. Кулагіна і далі яму магчымасць сцвярджаць, што касцёл быў пабудаваны ў пачатку ХХ ст., як "помнік эклектычнай архітэктуры са стылізаванымі элементамі готыкі, барока і класіцызму"56.

Вынік папярэдніх 125 гадоў гісторыі Сапоцкінскага краю можна прасачыць па рэзультатах перапісу 1921 года. Колькасць беларусаў у цэлым па павеце склала ў 1921 годзе ўсяго 92 чалавекі з агульнай колькасці 62 384 жыхароў, што ў 288 разоў (!) менш, чым у 1897 годзе57. У пяці ўсходніх гмінах беларусаў стала толькі 51 чалавек, што агулам у 475 разоў (!) менш, чым у 1913 годзе58. Пры тым 47 з іх запісаліся беларусамі ў гміне Лабна. У гміне Кур'янка, апошняй беларускай гміне Аўгустоўскага павета, жыло 7 беларусаў, яшчэ 8 у Аўгустове. Астатнія 26 беларусаў жылі ў заходніх гмінах павета. Ці гэтыя 26 чалавек былі запісаныя беларусамі стараверы, ці беларусы-перасяленцы, якія, апынуўшыся ў сапраўды польскім асяроддзі, і адчулі сваю нацыянальную асобнасць, мы не ведаем. Варта адзначыць, што нават апошнія праваслаўныя ўсходняй часткі Аўгустоўскага павета, а іх было ва ўсходніх гмінах у 1921 годзе яшчэ больш чым 500 чалавек, у асноўнай масе падалі сябе палякамі (у міжваенны перыяд рэшткі праваслаўнага насельніцтва Сапоцкіншчыны належалі да праваслаўных прыходаў у Гродне)59.

На этнаграфічных картах Польскай Рэспублікі 1920-1930 гг. Сапоцкінскі край фігураваў як тэрыторыя з суцэльна польскім рыма-каталіцкім насельніцтвам. Такая сітуацыя захавалася і да сённяшняга дня.

Як бачым, на аснове гісторыі дадзенага мікрарэгіёна, мы маем выдатную магчымасць прасачыць працэс, які можна назваць псеўдаасіміляцыяй, калі падзеі па сутнасці палітычнай гісторыі краю прывялі мясцовае насельніцтва да прыняцця польскай нацыянальнай свядомасці пры захаванні асноўных этнічных прызнакаў беларускага этнасу. Унія праіснавала ў Сапоцкінскім краі даўжэй, як у іншых мясцінах Беларусі, і гэтыя 35 гадоў вырашылі лёс жыхароў на карысць польскасці. Гэта прызнаюць і польскія гісторыкі. Як піша Фларэнтына Ржэменюк, "пад уплывам спецыфічных гістарычных умоваў працэс лацінізацыі і паланізацыі ва уніяцкай Холмскай дыяцэзіі быў выразнейшы і хутчэйшы, чым у іншых дыяцэзіях гэтага абраду"60. Актыўная русіфікацыя пачалася тут толькі пасля 1875 года, але тады было ўжо запозна, бо вясной 1905 года яшчэ жыла асноўная маса грэка-каталікоў, за 30 гадоў да гэтага гвалтам пераведзеных у праваслаўе, яшчэ не сцёрлася памяць аб падзеях недалёкага мінулага. На іншых жа землях былога Гродзенскага павета унію знішчылі ўжо ў 1839 годзе. Дзяк праваслаўнай царквы ў вёсцы Лаша Іван Ануфрыевіч Карскі пісаў: "Да 1855 года амаль уся царкоўная служба праводзілася на уніяцкі лад. Калі святар прапанаваў спяваць "Господи помилуй", некаторыя сяляне адказвалі: "Мы - не маскалі, каб спяваць "Господи помилуй!" З 5 000 душ Лашанскага прыхода можа чалавек пяць зналі пацеры (малітвы) па-руску. Пацеры складалі самыя (пэўна ж на простай, народнай мове - А. В.)"61. Нягледзячы на такую жывучасць уніяцкай спадчыны, русіфікацыя ў Паўночна-Заходнім краі мела час разгарнуцца на поўную моц, хаця і там, па словах акадэміка Яўхіма Карскага, нават "в 1897 году были ещё упорствующие из бывших униатов, которые современем в большинстве случаев присоединились к католицизму, записав себя в «поляки»"62. На Сапоцкіншчыне ж унія паспела ўсё-такі стаць пераходным мосцікам ад праваслаўя да каталіцтва, а таксама і да саманазову "паляк". Уніятаў-беларусаў было там занадта мала, акружэнне было каталіцкае, уплыў паланізацыі сярод сялянства ў Царстве Польскім шмат мацнейшым чым нават у ВКЛ у XVIII ст. і нічога самастойнага з выразным этнічным тварам на гэтых землях сфарміравацца не магло, хаця сапоцкінцы заўсёды кажуць: "Мы-та паляке, але не такія, як тамака ў Польшчы". Некаторыя нават не баяцца назваць сваю мову беларускай.

На пачатак ХІХ ст. унія паспела стаць для беларусаў такой жа самай "старыной", якой да канца XVI ст. стала праваслаўе. Расійскае праваслаўе ўспрымалася як нешта чужое, нават варожае, за унію трымаліся як за веру дзядоў. Ва ўмовах жа, калі унія была знішчана гвалтоўна, у сялян-беларусаў былі толькі два шляхі - альбо прыняць праваслаўе (і, значыць, русіфікацыю), альбо прынамсі паспрабаваць нейкім чынам перайсці ў каталіцтва (адкрыўшы такім чынам паланізацыйныя ўплывы). Трэцяга шляху, своеасаблівай рэлігійнай і нацыянальнай сінтэзы, на жаль, не было. І паколькі унія ў той час была па сваёй форме набліжана да каталіцтва, а праваслаўе было нечым новым, многія зрабілі ўсё магчымае, каб застацца пад уладай Апостальскай Сталіцы, калі не ў якасці грэка-каталікоў, то прынамсі ў якасці каталікоў-лаціннікаў. Як пісаў Адам Станкевіч, "быўшым уніятам Беларусам імпанавала лацінскае каталіцтва й тым, што было ўцісканае й што гэта была вера іх дзядоў"63. Уніяты Сапоцкіншчыны пайшлі па гэтым шляху.

Такім чынам, падводзячы вынікі можна сказаць наступнае:

У ХІХ - пачатку ХХ стст. на тэрыторыі Сапоцкінскага краю, адмежаванага ў гэты час ад іншых земляў заселеных беларусамі, адбылася масавая дэфармацыя этнічнай свядомасці насельніцтва, якая выразілася ў замацаванні саманазвы "паляк".

Дэфармацыя этнічнай свядомасці стала вынікам барацьбы уніяцкага, а пасля праваслаўнага насельніцтва Сапоцкіншчыны за прыняцце каталіцтва, якая працягвалася ўсю другую палову ХІХ ст.

Такое імкненне да прыняцця каталіцтва можна разглядаць як вынік:

Па-першае - агульных гістарычных умоваў, якія вызначылі спецыфіку развіцця Сапоцкінскага краю і аб якіх мы пісалі вышэй.

Па-другое - агітацыі з боку Каталіцкага касцёла на карысць польскасці.

Па-трэцяе - рэлігійнай палітыкі расійскага ўрада, заснаванай на карных і адміністратыўных метадах уздзеяння на насельніцтва. Прымусова пераводзячы уніятаў у праваслаўе, царскія чыноўнікі, па словах В. Ластоўскага, "ускладалі вянок мучанічаства на польшчыну і каталіцтва, паднімалі іх у вачах народа, рабілі з каталіцкай веры веру польскую"64.

Такія самыя працэсы ў той ці іншай ступені назіраліся ў гэты час на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яны мелі менш востры характар, але ў значнай меры таксама спрычыніліся да фарміравання супольнасці людзей, якая ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь носіць назву "польскай нацыянальнай меншасці".

Streszczenie

Określenie pochodzenia Polaków na Białorusi nie jest możliwe bez uwzględnienia problemu Kościoła unickiego, którego wyznawcami na początku XIX wieku było trzy czwarte mieszkańców kraju. Unici nie nazywali siebie ani Polakami, ani Białorusinami, najczęściej określali się jako tutejsi. Mówili różnymi gwarami języka białoruskiego. Po likwidacji Kościoła unickiego w 1839 r. część unitów dobrowolnie lub pod przymusem przyjęła prawosławie, część natomiast katolicyzm. Prawosławnych do 1915 r. przekonywano, iż byli i są Rosjanami, natomiast katolików, że byli i są Polakami. Jedynie niewielka część ziem zamieszkałych przez białoruskojęzycznych unitów zalazła się po 1815 r. w Królestwie Polskim. Mieszkali oni w okolicy miasteczka Sopoćkinie, na południowo-wschodnim obszarze powiatu augustowskiego. Polityka władz carskich wobec unitów w Królestwie była podobna, lecz odłożona w czasie. W latach czterdziestych i pięćdziesiątych XIX w. o połączenie z katolikami intensywnie zaczął zabiegać kler tego kościoła. Liczba unitów zaczęła szybko się zmniejszać. Przełomowym był rok 1875, gdy władze carskie przy współpracy z klerem unickim na obszarze kraju sopoćkińskiego powtórzyły scenariusz białoruski z 1839 r. Unici jeszcze kilkanaście lat próbowali trwać przy swoim wyznaniu, ostatecznie jednak stali się prawosławnymi lub katolikami. U schyłku XIX w. w powiecie augustowskim mieszkało 11 196 prawosławnych i 14 503 katolików, których językiem ojczystym był białoruski. W przytłaczającej większości byli to potomkowie byłych unitów. Katolicy wkrótce zostali potraktowani jako Polacy.



1 А. Ф. Смалянчук, Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі нацыянальны рух на беларускіх і літоўскіх землях, Гродна 2001, с. 10-29.
2 Г. Сагановіч, Нарыс гісторыі Беларусі, Мінск 2001, с. 404.
3 Ф. Багушэвіч, Творы, Мінск 1998, с. 41-43.
4 М. Волаціч, Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Ўсходняй Эўропе, "Спадчына", 1993, № 5. с. 4-5.
5 А. Міцкевіч, Пан Тадэвуш, альбо апошні наезд на Літве (пераклад Я. Семяжона), Мінск 1985, с. 239.
6 F. Rzemieniuk, Unickie szkoły początkowe w Królestwie Polskim i w Galicji 1772-1914, Lublin 1991, s. 39.
7 Там жа, с. 26.
8 J. Wiśniewski, Dzieje osadnictwa w powiecie augustowskim od XV do końca XVIII wieku, [w:] Studia i materiały do dziejów Pojezierza Augustowskiego (pod red. J. Antoniewicza), Białystok 1967, s. 13-294; Е. Е. Ширяев, Русь Белая, Русь Чёрная и Литва в картах, Минск 1991, с. 69.
9 Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов, т. 7, Вильна1874, дак. № 3, с. 7-9.
10 J. Szumski, Parafja Teolin w latach 1789-1887, "Magazyn Polski" 1993, № 1/2, s. 80.
11 Там жа.
12 F. Rzemieniuk, Unickie szkoły..., s. 95.
13 Там жа, c. 226-228.
14 А. Ганчар, Міжканфесійныя адносіны на тэрыторыі Гродзенскай губерні ў п.п. ХІХ - пач. ХХ ст., [в:] Этносоциальные и конфессиональные процессы в трансформирующемся обществе, ч. 2, Гродно 2001, с. 20.
15 F. Rzemieniuk, Unickie szkoły..., s. 279-281.
16 G. Sosna, A. Troc-Sosna, Zapomniane dziedzictwo, http://kamunikat.net.iig.pl/www/knizki/historia/sosna/dziedzictwo/.
17 Там жа.
18 Pojezierze Augustowsko-Suwalskie. Przewodnik krajoznawczy i turystyczno-letniskowy, 1937, s. 118.
19 Дакумент з архіва Гожска-Селіванавецкай рыма-каталіцкай парафіі (захоўваецца пры касцёле ў в. Селіванаўцы Гродзенскага раёна - папка "Перапіска пробашча парафіі з губернскімі ўладамі і мясцовай адміністрацыяй за 1876-1883 гг.").
20 Памятная книжка Сувалкской губернии на 1890 год, Сувалки 1890, с. 24.
21 Там жа, с. 28-30.
22 Списки населённых мест Сувалкской губернии как материал для историко-этнографической географии края, собрал Э. А. Вольтер, Санкт-Петербург 1901, с. 108-111.
23 Памятная книжка Сувалкской губернии на 1890 год, Сувалки 1890, с. 19.
24 Дакумент з архіва Гожска-Селіванавецкай рыма-каталіцкай парафіі...
25 Там жа.
26 Там жа.
27 Памятная книжка Сувалкской губернии на 1896 год, Сувалки1896, с. 268-269.
28 Памятная книжка Сувалкской губернии на 1895 год, Сувалки1895, с. 87-88.
29 Списки населённых мест Сувалкской губернии как материал..., с. 87-111.
30 Первая всеобщая перепись населения Российской Империи, 1897 год, т. LIX, Сувалкская губерния, Санкт-Петербург 1904, с. ІХ, 72, 74.
31 Parafja Sylwanowce. Dekanat Teolin. Diecezja Grodno. Pod wezwaniem Przemienienia Pańskiego (інфармацыйны буклет).
32 D. Leśniewska, Problem unicki na łamach "Polaka", [w:] Martyrologia Unitów Podlaskich w świetle najnowszych badań naukowych, Siedlce 1996, s. 254.
33 А. Вашкевіч, Беларускае насельніцтва Аўгустоўскага павета Сувалкскай губерні (др. п-ва ХІХ - пач. ХХ стст), "Białoruskie Zeszyty Historyczne", 2004 nr 21, s. 163-164.
34 Б. Шушкевич, Гродненская организация ППС в 1898-1937 годах. Воспоминания, [в:] В. Черепица, ...Не потерять связующую нить. История Гродненщины ХІХ-ХХ столетий в событиях и лицах, Гродно 2003, с. 280.
35 Там жа, с. 286.
36 А. Станкевіч, Хрысьціянства і беларускі народ. Спроба сынтэзы, Вільня 1940, с. 131.
37 A. Stankіewicz, Rodnaja mowa u światyniach, Wilnia 1929, s. 74.
38 Пасведчанне аб нараджэнні Барыса Бараноўскага (асабісты архіў Г. Пячынскай).
39 Вайсковая кніжка Браніслава Бараноўскага (асабісты архіў Г. Пячынскай).
40 Праект мемарандуму ўрада БНР для Апостальскага Пасаду ад 7 лютага 1921 года, [у:] Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя, Мінск - Мюнхен 1999, с. 511.
41 G. Sosna, A. Troc-Sosna, Zapomniane dziedzictwo, http://kamunikat.net.iig.pl/www/knizki/historia/sosna/dziedzictwo/.
42 "Gazeta Świąteczna" 1912, № 1634 (13/26 maja).
43 Г. Гарэцкі, Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы, [у:] Матар'ялы да географіі і статыстыкі Беларусі, т. І, Менск 1928, с. 20.
44 Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь у Гродне (далей: НГАБ), фонд 1763 (Балянская Свята-Праабражэнская царква), вопіс 1, справа 17. Журнал зыходзячых папераў Балянскай Свята-Праабражэнскай царквы з 31 мая 1912 года, с. 3-96.
45 НГАБ, ф. 1763, в. 1, спр.12. Прыходна-расходная кніга царкоўным грошам Балянскай Свята-Праабражэнскай царквы за 1895-1914 гг., с. 2.
46 НГАБ, ф. 1763, в. 1, спр. 14. Прыходна-расходная кніга царкоўных грошай Балянскай Свята-Праабражэнскай царквы на 1913, 1914 і 1915 гг., с. 32адв.
47 Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (далей: ДАГВ), фонд 478 (Упаўнаважаны па справах Рускай Праваслаўнай Царквы на Гродзеншчыне), вопіс 2, справа 14. Справа інфармацыйных справаздачаў, статыстычных звестак і перапіска з Саветам Міністраў па гэтым пытанням з 2 студзеня па 31 снежня 1951 года, с. 37.
48 А. Вашкевіч, Беларускае насельніцтва..., с. 165-166.
49 Памятная книжка Сувалкской губернии на 1892 год, Сувалки 1892, с. 20.
50 J. Wiśniewski, Dzieje osadnictwa w powiecie augustowskim od XV do końca XVIII wieku, [w:] Studia i materiały do dziejów Pojezierza Augustowskiego (pod red. J. Antoniewicza), Białystok 1967, s. 115.
51 Pojezierze Augustowsko-Suwalskie. Przewodnik krajoznawczy i turystyczno-letniskowy, 1937, s. 118.
52 А. М. Кулагін, Каталіцкія храмы на Беларусі, Мінск 2000, c. 121; той жа, Праваслаўныя храмы на Беларусі, Мінск 2001, с. 157.
53 R. Sarnowski, Parafіa Teolin w Sopoćkiniach koło Grodna, Warszawa 2001, s. 21.
54 ДАГВ, ф. 478, в. 2, спр. 14, с. 37.
55 Parafja Rzymsko-katolicka w Teolinie. pw. św. Jоzafata Kuncewicza (інфармацыйны буклет).
56 А. М. Кулагін, Каталіцкія храмы на Беларусі, Мінск 2000, с. 138.
57 Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych, t. V, Województwo Białostockie, Warszawa 1924, s. 1-7.
58 Там жа, c. 1, 3-5, 7.
59 R. Sarnowski, Parafia Teolin w Sopoćkiniach koło Grodna, s. 8.
60 F. Rzemieniuk, Unickie szkoły..., s. 95.
61 А. Цыхун, Карскі - дзядзька Карскага, "Літаратура і мастацтва", 1994, 11 сакавіка, с. 13.
62 Этнографическая карта Белорусскаго племени, составитель Е. Ф. Карский, Петроград 1917, с. 27.
63 А. Станкевіч, Хрысьціянства і беларускі народ. Спроба сынтэзы, с. 131.
64 В. Ластоўскі, Выбраныя творы, Мінск 1997, с. 262.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX